КНІГА ПРАРОКА ЯРЭМІІ
Разьдзел 1
1 Словы Ярэміі, сына Хэлькіі, са сьвятароў, якія [былі] ў Анатоце ў зямлі Бэн’яміна.
2 Да яго было слова ГОСПАДА ў дні Ёсіі, сына Амона, валадара Юды, у трынаццатым годзе валадараньня ягонага,
3 і ў дні Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, аж да канца адзінаццатага году Сэдэкіі, сына Ёсіі, валадара Юды, аж да няволі Ерусаліму ў пятым месяцы.
4 І было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:
5 «Перш, чым Я ўфармаваў цябе ва ўлоньні [маці], Я ведаў цябе; перш, чым ты выйшаў з чэрава, Я пасьвяціў цябе, прарокам для народаў Я паставіў цябе».
6 А я сказаў: «Госпадзе ГОСПАДЗЕ! Вось, я ня ўмею гаварыць, бо я яшчэ юнак!»
7 І сказаў ГОСПАД мне: «Не кажы: “Я юнак”, бо да ўсіх, да каго Я цябе пашлю, ты пойдзеш, і ўсё, што Я табе загадаю, будзеш казаць.
8 Ня бойся абліччаў іхніх, бо Я з табою, каб цябе захоўваць, кажа ГОСПАД».
9 І выцягнуў ГОСПАД руку Сваю, і дакрануўся да вуснаў маіх, і сказаў ГОСПАД мне: «Вось, Я кладу слова Маё ў вусны твае.
10 Глядзі, Я стаўлю цябе сёньня над народамі і валадарствамі, каб вырываў і разбураў, каб нішчыў і руйнаваў, каб садзіў і будаваў».
11 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы: «Што ты бачыш, Ярэмія?» І я сказаў: «Бачу галінку дрэва мігдалёвага».
12 І сказаў ГОСПАД мне: «Добра бачыш, бо Я пільную слова Маё, каб споўніць яго».
13 І было слова ГОСПАДА да мяне другі раз, кажучы: «Што ты бачыш?» Я адказаў: «Бачу кацёл, які кіпіць, і аблічча ягонае [нахілена] з паўночнага боку».
14 І сказаў мне ГОСПАД: «З поўначы прыйдзе загуба на ўсіх жыхароў зямлі.
15 Бо вось, Я паклічу плямёны валадарстваў поўначы, кажа ГОСПАД, і яны прыйдуць, і паставяць кожны пасад свой каля ўваходу ў брамы Ерусаліму і супраць усіх муроў ягоных навокал, і супраць усіх гарадоў Юды.
16 І Я выдам прысуд на іх за ўсю ліхоту іхнюю, што пакінулі Мяне, і кадзілі багам чужым, і пакланяліся творам рук сваіх.
17 А ты падперажы сьцёгны твае і ўстань, і прамоў да іх усё, што Я табе загадаю. Ня бойся абліччаў іхніх, каб Я не напоўніў цябе страхам перад абліччам іхнім.
18 І вось, сёньня Я раблю цябе горадам умацаваным, слупом жалезным і мурам мядзяным супраць усёй зямлі гэтай, супраць валадароў Юды, супраць князёў іхніх, супраць сьвятароў іхніх і супраць народу зямлі гэтай.
19 І яны будуць ваяваць супраць цябе, але не перамогуць цябе, бо Я з табою, кажа ГОСПАД, каб ратаваць цябе».
Разьдзел 2
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Ідзі і абвяшчай у вушы Ерусаліму, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД. Я памятаю міласьць маладосьці тваёй і любоў, калі ты была нарачонаю, калі ты хадзіла за Мною ў пустыні, у зямлі, якой ніхто не засявае.
3 Ізраіль — гэта сьвятасьць для ГОСПАДА, першы плод Ягоны. Усе, што ядуць яго, робяцца вінаватымі, няшчасьце прыходзіць на іх, кажа ГОСПАД.
4 Слухайце слова ГОСПАДА, дом Якуба і ўсе сем’і дому Ізраіля!
5 Гэта кажа ГОСПАД. Што благога знайшлі ў-ва Мне бацькі вашыя, што адыйшлі ад Мяне і пайшлі за марнотай, і самі сталіся марнасьцю.
6 І яны не казалі: “Дзе ГОСПАД, Які вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, вёў нас праз пустыню, праз зямлю неабжытую і поўную ямаў, праз зямлю сухую і цёмную, праз зямлю, па якой ніхто ня ходзіць, і ніводзін чалавек там не жыве?”
7 А Я ўвёў вас у зямлю ўрадлівую, каб вы елі плады ейныя і даброцьці ейныя. І вы ўвайшлі, і спаганілі зямлю Маю, і зрабілі агідай спадчыну Маю.
8 Сьвятары не казалі: “Дзе ГОСПАД?” І тыя, што трымаюць Закон, ня ведалі Мяне; і пастухі паўсталі супраць Мяне, і прарокі прарочылі на карысьць Баала і пайшлі за тымі, якія не даюць дапамогі.
9 Дзеля таго буду далей спрачацца з вамі, кажа ГОСПАД, і сыноў сыноў вашых буду вінаваціць.
10 Пайдзіце на астравы Кіттым і паглядзіце, пашліце ў Кедар і прасачыце добра, ці сталася там нешта падобнае?
11 Ці [нейкі] народ зьмяніў багоў? А яны зусім ня Бог! А народ Мой зьмяніў славу сваю на тое, што ня можа дапамагчы!
12 Аслупянейце, нябёсы, дзеля гэтага, і дрыжыце, і палохайцеся, кажа ГОСПАД.
13 Бо падвойнае ліха ўчыніў народ Мой: пакінулі Мяне, крыніцу вады жывой, каб выкапаць для сябе сажалкі, сажалкі дзіравыя, якія ня могуць трымаць вады.
14 Ці ж Ізраіль — слуга? Ці ён — [нявольнік], які народжаны ў доме? Чаму ж ён стаўся здабычай?
15 Над ім рыкаюць ільвы, выяўляючы голас свой; яны перамянілі зямлю ягоную ў пустэчу, і гарады ягоныя спаленыя, няма каму жыць у іх.
16 Таксама сыны Нофу і Тахпанхэсу абгалілі табе галаву.
17 Ці ж не зрабілася з табою гэта з-за таго, што ты пакінуў ГОСПАДА, Бога твайго, калі Ён вёў цябе дарогаю?
18 І цяпер, навошта табе шлях у Эгіпет, каб піць ваду з Нілу? І навошта табе шлях у Асірыю, каб піць ваду з ракі?
19 Карае цябе ліхота твая, і адступніцтва тваё асуджае цябе. Дык ведай і пабач, што ліхім і горкім ёсьць тое, што ты пакінуў ГОСПАДА, Бога твайго, і ня маеш страху Майго ў табе, кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў.
20 Бо здаўна ты зламала ярмо тваё, парвала путы твае і сказала: “Ня буду служыць!” На кожным узгорку высокім і пад кожным дрэвам зялёным ты лажылася як распусьніца.
21 А Я пасадзіў цябе як выборную лазу вінаградную, лазу з насеньня праўдзівага. І як жа ты ператварылася ў Мяне на дзічку вінаграду звыраднелага?
22 Нават калі ты будзеш мыцца содаю і будзеш ужываць шмат мыла, пляма беззаконьня твайго [застанецца] перад абліччам Маім, кажа Госпад ГОСПАД.
23 Як ты можаш казаць: “Я не апаганеная, я за Бааламі не хадзіла”? Паглядзі на шляхі твае ў даліне, даведайся, што ты зрабіла, маладая, хуткая вярблюдзіца, якая кідаецца ў-ва ўсе бакі.
24 [Ты — як] дзікая асьліца, якая прывыкла да пустыні, якая ў пажаданьні душы сваёй уцягвае паветра, і жарсьць ейную хто стрымае? Усе, хто шукаюць яе, ня мусяць намагацца, яны знойдуць яе ў месяцы ейныя.
25 Стрымай нагу тваю ад голасьці, і горла тваё ад прагненьня. А ты кажаш: “Надарма, ніколі! Бо я люблю чужынцаў і пайду за імі!”
26 Як асаромлены злодзей, калі зловяць яго, так асаромлены дом Ізраіля, яны і валадары іхнія, і князі іхнія, і сьвятары іхнія, і прарокі іхнія,
27 якія кажуць дрэву: “Ты — бацька мой”, і камяню: “Ты мяне нарадзіў”. Бо яны павярнуліся да Мяне плячыма, а не абліччам, але ў часе гора свайго клічуць: “Устань і ратуй нас!”
28 Дзе богі твае, якіх ты для сябе зрабіў? Няхай яны ўстануць, каб ратаваць цябе ў час гора твайго. Бо які лік гарадоў тваіх, столькі багоў тваіх, Юда!
29 Навошта вы спрачаецеся са Мною? Усе вы адступіліся ад Мяне, кажа ГОСПАД.
30 Надарма Я караў сыноў вашых, настаўленьня вы не прынялі. Прарокаў вашых пазьядаў меч ваш нібы леў нішчыцель.
31 Што вы за пакаленьне? Даведайцеся слова ГОСПАДА. Ці ж Я быў пустыняй для Ізраіля або зямлёй цемры? Дзеля чаго кажа народ Мой: “Мы вызваліліся! Ня прыйдзем больш да Цябе!”
32 Ці ж дзяўчына забудзецца пра аздобы свае, а нарачоная — пра стужкі свае? А народ Мой забыўся пра Мяне ўжо безьліч дзён.
33 Якая спраўная ты на шляху сваім, каб шукаць каханьня! Таму ты прывучыла шляхі свае да ліхоты!
34 На краях шатаў тваіх — кроў душаў нявінных і ўбогіх, якіх ты не злавіла на зладзействе. Але ты не глядзіш на гэта.
35 Ты кажаш: “Я невінаватая, гнеў Ягоны хіба адвярнуўся ад мяне”. Вось, Я буду судзіць цябе, бо ты сказала: “Я не саграшыла”.
36 Як лёгка ты мяняеш шляхі твае! Таксама Эгіпет асароміць цябе, як асароміла цябе Асірыя.
37 Таксама ад яго зыйдзеш ты, і рукі твае [будуць] на галаве тваёй, бо ГОСПАД адкінуў тых, на якіх ты спадзявалася, і ты ня будзеш мець посьпеху з імі”».
Разьдзел 3
1 І [было] сказана: «Калі муж адпусьціць жонку сваю, і яна адыйдзе ад яго і пойдзе замуж за іншага мужа, ці можа ён вярнуцца да яе? Ці ж, апаганіўшыся, не апаганена зямля тая? А ты чужаложыла з многімі каханкамі. І ты вернешся да Мяне? — кажа ГОСПАД.
2 Падымі вочы твае на ўзгоркі і паглядзі, дзе [месца], на якім бы ты не лажылася для распусты? Пры шляхах сядзела ты, [чакаючы] на іх, як Араб у пустыні, і апаганіла зямлю распустаю тваёй і ліхотаю тваёй.
3 І спыніліся залевы, і дажджу вясновага не было, але было ў цябе чало жанчыны чужаложнай і ты страціла сорам.
4 Ці ж цяпер, клічучы, ты будзеш клікаць Мяне: “Ойча мой! Ты — сябра маладосьці маёй!
5 Ці будзеш гневацца вечна або захоўваць крыўду?” Вось, ты, кажучы, казала, а [сама] рабіла ліхоту, калі была магчымасьць».
6 І сказаў мне ГОСПАД у дні валадара Ёсіі: «Ці ты бачыў, што зрабіла [дачка] Ізраіля, адступніца? Яна хадзіла на кожную гару высокую і пад кожнае дрэва зялёнае, і чыжаложыла там.
7 І Я падумаў: “Калі яна ўсё гэта зробіць, тады вернецца да Мяне”. Але яна не вярнулася. І гледзячы, угледзела гэта здрадлівая сястра ейная Юда.
8 І ўгледзела яна, што за ўсе ўчынкі, якімі чужаложыла [дачка] Ізраіля, адступніца, Я адпусьціў яе і даў ёй ліст разводны. І не ўстрывожылася здрадлівая Юда, сястра ейная, і пайшла, і таксама чужаложыла.
9 І сталася, праз розгалас пра распусту сваю яна апаганіла зямлю гэтую і чужаложыла з камянём і дрэвам.
10 І таксама пасьля ўсяго гэтага здрадлівая сястра ейная, Юда, не навярнулася да Мяне ўсім сэрцам, але толькі фальшыва, кажа ГОСПАД».
11 І ГОСПАД сказаў мне: «Больш праведная душа адступніцы, [дачкі] Ізраіля, чым у здрадлівай Юды.
12 Ідзі, і абвяшчай словы гэтыя на поўнач, і кажы: “Вярніся, адступніца, [дачка] Ізраіля, кажа ГОСПАД. Я не адвярну аблічча Маё ад вас, бо Я міласэрны, кажа ГОСПАД, ня буду гневацца на вякі.
13 Толькі зьведай беззаконьне тваё, што ты бунтавалася супраць ГОСПАДА, Бога твайго, і што бадзялася па ўсіх шляхах з чужынцамі пад кожным дрэвам зялёным, а голасу Майго ня слухала, кажа ГОСПАД.
14 Вярніцеся, сыны адступнікі, кажа ГОСПАД, бо Я — Гаспадар ваш; і Я вазьму вас, аднаго з кожнага гораду, і двух з кожнай сям’і, і завяду вас на Сыён.
15 І дам вам пастыраў паводле сэрца Майго і яны будуць пасьвіць вас разумна і разважна.
16 І будзе, што вы памножыцеся і будзеце пладзіцца на зямлі ў тыя дні, кажа ГОСПАД. Ніхто ня будзе больш казаць: “Каўчэг запавету ГОСПАДА”, і ня прыйдзе ён на сэрца ягонае, і ня будуць памятаць пра яго, ані адчуваць яго нястачы, і больш ня будзе зроблены.
17 У той час Ерусалім назавуць Пасадам ГОСПАДА. І зьбяруцца ў ім, у Ерусаліме, усе народы ў імя ГОСПАДА, і ня будуць ужо хадзіць паводле закамянеласьці сэрца ліхога свайго.
18 У тыя дні пойдзе дом Юды ў дом Ізраіля, і выйдуць разам з зямлі паўночнай у зямлю, якую Я даў у спадчыну бацькам вашым.
19 І Я сказаў: “Як Я залічу цябе як сына і дам табе найкаштоўнейшую зямлю, найпрыгажэйшую спадчыну сярод народаў!” Я сказаў: “Вы будзеце клікаць Мяне ‘Ойча мой!’ і ад Мяне не адвернецеся”.
20 Але як жонка здраджвае каханаму свайму, так вы здрадзілі Мне, дом Ізраіля, кажа ГОСПАД.
21 Чутны голас на ўзгорках, плач і лямант сыноў Ізраіля, бо яны апаганілі шлях свой, забыліся пра ГОСПАДА, Бога свайго.
22 Вярніцеся, сыны адступнікі, Я вылечу адступніцтва вашае. “Вось, мы прыйшлі да Цябе, бо Ты — ГОСПАД, Бог наш.
23 Сапраўды, узгоркі і гоман на гарах — падман. Сапраўды, у ГОСПАДЗЕ, Богу нашым, збаўленьне Ізраіля.
24 Сорам зьядаў працу бацькоў нашых ад маладосьці нашай, авечак іхніх і валоў іхніх, сыноў іхніх і дочак іхніх.
25 Мы ляжым у сораме нашым, і ганьба нашая нас пакрывае, бо мы зграшылі супраць ГОСПАДА, Бога нашага, мы і бацькі нашыя, ад маладосьці нашай аж да дня гэтага, і ня слухалі мы голасу ГОСПАДА, Бога нашага”.
Разьдзел 4
1 Калі вернешся, Ізраіль, кажа ГОСПАД, вернешся да Мяне, і калі адкінеш ідалаў сваіх ад аблічча Майго, ня будзеш бадзяцца.
2 І калі будзеш прысягаць: “Як жывы ГОСПАД!” у праўдзе, судзе і праведнасьці, народы будуць дабраслаўляцца і будуць хваліцца ў Ім.
3 Бо гэта кажа ГОСПАД да людзей Юды і Ерусаліму: “Разорвайце разоры вашыя, і ня кідайце насеньня ў церні.
4 Абрэжцеся дзеля ГОСПАДА і адкіньце скуравінкі сэрцаў вашых, мужы Юды і жыхары Ерусаліму, бо выйдзе гнеў Мой, як агонь, і будзе гарэць, і не затухне з прычыны ліхіх учынкаў вашых”.
5 Абвяшчайце ў Юдзе, і агаласіце ў Ерусаліме, і скажыце: “Трубіце ў трубы па ўсёй зямлі, крычыце моцна і кажыце: ‘Зьбіраймася і хадземце ў гарады ўмацаваныя!”
6 Падыміце знак у напрамку Сыёну! Уцякайце! Не затрымлівайцеся! Бо Я прыводжу гора з поўначы і няшчасьце вялікае.
7 Выйшаў леў з гушчара свайго і нішчыцель народаў вырушыў. Пакінуў ён сваё месца паселішча, каб зрабіць зямлю тваю пусткаю; гарады твае будуць разбураны і без жыхароў.
8 Дзеля гэтага апраніце зрэбніцу, лямантуйце і галасіце, бо не адвярнулася ад вас ярасьць гневу ГОСПАДА.
9 І станецца ў тыя дні, кажа ГОСПАД, спыніцца сэрца валадара і сэрца князёў, і аслупянеюць сьвятары, і прарокі зьнямеюць.
10 І скажуць: “Госпадзе ГОСПАДЗЕ! Падманваючы, падмануў Ты народ гэты і Ерусалім, калі казаў: «Супакой будзе вам», а вось меч дакрануўся да душы”.
11 У той час будуць казаць народу гэтаму і Ерусаліму: “Вецер гарачы з гораў, што ў пустыні, [прыходзіць] на шлях дачкі народу Майго не для прасяваньня і не для ачышчэньня.
12 Вецер, мацнейшы за яго, прыйдзе ад Мяне. Цяпер Я праслаўлю суд над імі”.
13 Вось, ён падымаецца, нібы хмары, і як бура калясьніцы ягоныя, хутчэйшыя, чым арлы, коні ягоныя. “Гора нам, бо мы будзем зьнішчаны!”
14 Абмый ад ліхоты сэрца тваё, Ерусалім, каб ты быў уратаваны! Дакуль жа будуць у табе думкі твае нягодныя?
15 Бо голас абвяшчае з Дана і агалашаюць загубу з гор Эфраіма.
16 Паведамце народам: “Вось яны!” Абвясьціце гэта ў Ерусаліме: “Прыходзяць з зямлі далёкай, каб аблягаць яго, супраць гарадоў Юды ўзносяць голас свой!
17 Як вартаўнікі палёў, яны атачаюць яго навокал, бо ён збунтаваўся супраць Мяне, кажа ГОСПАД.
18 Шляхі твае і ўчынкі твае зрабілі гэта табе. Беззаконьне тваё такое горкае, што сягае нават сэрца твайго!”
19 “Улоньне маё, улоньне маё! Я качаюся ад болю! Сьцены сэрца майго! Трапеча ў-ва мне сэрца маё! Не магу маўчаць, бо гук трубы чуе душа мая, гармідар ваенны”.
20 “Бяда за бядою абвяшчаюцца, бо зруйнаваная ўся зямля, зьнянацку зьнішчаны намёты Мае, у момант — заслона Мая.
21 Дакуль Я буду глядзець на знакі і слухаць голас трубы?
22 Бо неразумны народ Мой, ня ведае Мяне; сыны дурныя і бязглуздыя; мудрыя, каб чыніць зло, але добрага рабіць ня ўмеюць.
23 Я зірнуў на зямлю, і вось, яна бязладная і пустая; [зірнуў] на неба — і няма сьвятла ягонага.
24 Зірнуў на горы, і вось, яны трасуцца, і ўсе ўзгоркі хістаюцца.
25 Зірнуў, і вось, няма чалавека, і зьніклі ўсе птушкі нябесныя.
26 Зірнуў, і вось, зямля ўрадлівая [сталася] пустыняй, і ўсе гарады зьнішчаныя перад абліччам ГОСПАДА, перад абліччам полымя гневу Ягонага”.
27 Бо гэта кажа ГОСПАД: “Спустошана будзе ўся зямля, але загубы поўнай Я не зраблю.
28 Дзеля гэтага будзе галасіць зямля і зацемрыцца неба ўгары. Бо Я прамовіў гэтак, і так вырашыў, і ня буду шкадаваць, і ад гэтага не адступлюся”.
29 Ад голасу вершніка і страляньня з луку ўцякуць усе гарады. Кінуцца ў гушчары, ушчэпяцца на скалы, усе гарады будуць пакінутыя, ніводзін чалавек ня будзе жыць у іх.
30 А ты, зруйнаваная, што будзеш рабіць? Хоць апранешся ў кармазын, хоць начэпіш аздобы залатыя і падмалюеш фарбай вочы твае, надарма ўпрыгожваешся, бо пагарджаюць табою палюбоўнікі твае, цікуюць яны на жыццё тваё.
31 Чую голас быццам парадзіхі, нібы стогн жанчыны, якая першы раз нараджае, голас дачкі Сыёну, якая памірае і выцягвае рукі свае: “Гора мне, бо млее душа мая між забойцаў!”
Разьдзел 5
1 Аббяжыце вуліцы Ерусаліму, паглядзіце і прасачыце, і абшукайце на пляцах ягоных, ці знойдзеце чалавека, ці няма таго, хто чыніць суд, шукае праўды, і Я прабачу ім.
2 Калі яны кажуць: “Як жывы ГОСПАД!”, яны прысягаюць фальшыва.
3 ГОСПАДЗЕ, ці ж вочы Твае ня [зьвернуты] да праўды? Ты ўдарыў іх, а ім не баліць, Ты панішчыў іх, а яны адмовіліся прыняць настаўленьне; яны закамянілі абліччы свае горш за скалу і адмовіліся навярнуцца.
4 І Я сказаў: “Толькі людзі простыя робяць неразважна, бо яны ня ведаюць шляху ГОСПАДА, суду Бога свайго
5 Дык Я пайду да людзей вялікіх і прамоўлю да іх, бо яны ведаюць шлях ГОСПАДА, суд Бога свайго”. Але яны таксама паламалі ярмо і парвалі путы.
6 Дзеля гэтага зьнішчыць іх леў з лесу і воўк стэповы выгубіць іх, пантэра будзе цікаваць каля гарадоў іхніх, кожны, хто выйдзе з іх, будзе разарваны, бо шматлікія грахі іхнія, пашырыліся адступніцтвы іхнія.
7 Навошта Я маю быць да цябе літасьцівы? Сыны твае пакінулі Мяне і прысягалі на тых, якія ня богі. І Я насыціў іх, а яны чужаложылі і зьбіраліся ў доме чужаложніцы.
8 Яны сталіся як коні незацугляныя, кожны іржэ да жонкі бліжняга свайго.
9 Ці ж Я за гэта ня буду караць, кажа ГОСПАД, і ці народу такому не адпомсьціць душа Мая?
10 Узыйдзіце на муры ягоныя і разбурайце іх, але поўнага зьнішчэньня не рабіце, зьнішчыце падпоры ягоныя, бо яны не для ГОСПАДА.
11 Бо здраджваючы, здрадзіў Мне дом Ізраіля і дом Юды, кажа ГОСПАД.
12 Яны выракліся ГОСПАДА і казалі: “Няма Яго. Ня прыйдзе на нас ліха, мы ня ўбачым ані мяча, ані голаду”.
13 Прарокі будуць як вецер, і ня будзе ў іх слова. І гэтак ім станецца.
14 Таму гэта кажа ГОСПАД, Бог Магуцьцяў. За тое, што вы гаварылі слова гэтае, вось, Я зраблю словы Мае ў вуснах тваіх агнём, а народ гэты — дровамі, і [агонь] зжарэ іх.
15 Вось, Я навяду на вас, дом Ізраіля, народ здалёк, кажа ГОСПАД, народ дужы, народ старадаўні, народ, мовы якога ты ня ведаеш, і не разумееш, што ён гаворыць.
16 Сагайдак ягоны — быццам труна адкрытая; усе яны — волаты.
17 І зьесьць ён жніво тваё і хлеб твой, зьесьць сыноў тваіх і дочак тваіх, зьесьць авечак тваіх і быдла тваё, зьесьць вінаграднікі твае і дрэвы фігавыя твае, зьнішчыць мячом умацаваныя гарады твае, на якія ты спадзяваўся.
18 Але ў тыя дні, кажа ГОСПАД, Я не зраблю, [што будзе] вам канец.
19 І станецца, калі скажуць: “За што зрабіў нам усё гэта ГОСПАД, Бог наш?”, ты скажаш ім: “Як вы пакінулі Мяне і служылі багам чужым у зямлі сваёй, так будзеце служыць чужынцам у зямлі ня вашай”
20 Паведамце пра гэта дому Якуба, і абвясьціце гэта ў Юдзе, кажучы:
21 “Паслухай гэта, прашу, народ бяз розуму і бяз сэрца, які мае вочы, і ня бачыць, мае вушы, і ня чуе.
22 Вы не баіцёся Мяне, кажа ГОСПАД, не трымціце перад абліччам Маім. Я паставіў пясок мяжой для мора як мяжу вечную, якую яно не пераступіць; хоць паўстануць [хвалі], але ня змогуць, і будуць шалець хвалі, але не перакрочаць [мяжы].
23 А ў гэтага народу сэрца ўпартае і бунтаўнічае; яны адступіліся і адыйшлі,
24 і не сказалі ў сэрцы сваім: “Мы будзем баяцца ГОСПАДА, Бога нашага, Які дае нам дождж у свой час, дождж раньні і позьні, Які захоўвае для нас вызначаныя тыдні жніва”.
25 Беззаконьне вашае ўхіліла гэта, і грахі вашыя стрымалі даброцьці гэтыя,
26 бо знайшліся ў народзе Маім бязбожнікі, якія цікуюць як птушкаловы, стаўляюць пасткі, ловяць людзей.
27 Як клетка поўная птушак, так дамы іхнія поўныя падману, і такім чынам яны становяцца слаўнымі і багатымі,
28 сытымі і гладкімі, і перакрочваюць усякую меру зла. Яны ня судзяць справядліва справу сіраты, і маюць посьпех, і судовую [справу] ўбогіх не разглядаюць.
29 Ці ж за гэта Я ня буду караць іх, кажа ГОСПАД, і ці ж народу такому не адпомсьціць душа Мая?
30 Дзіўнае і жудаснае дзеецца ў зямлі гэтай:
31 прарокі прарочаць ілжыва, сьвятары навучаюць як хочуць, і народ Мой любіць гэта. Але што вы будзеце рабіць, калі [прыйдзе] гэтаму канец?”
Разьдзел 6
1 Уцякайце, сыны Бэн’яміна, з сярэдзіны Ерусаліму і ў Тэкоа трубіце ў трубы, і над Бэт-Гакерэмам падыміце знак, бо з поўначы надыходзіць бяда і спусташэньне вялікае.
2 Я спустошу дачку Сыёну, прыгожую і далікатную.
3 Да яе прыйдуць пастухі са статкамі сваімі, паставяць намёты навокал яе, і будуць пасьвіць кожны, дзе хоча.
4 “Падрыхтуйцеся да вайны супраць яе, устаньце, і нападзем апоўдні”. “Гора нам, бо дзень мінае, бо даўжэйшыя сталі цені вечаровыя!”
5 “Устаньце, і мы нападзем уначы і зьнішчым палацы ейныя”.
6 Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Сьсячыце дрэвы і насыпце вал кругом Ерусаліму. Гэты горад мае быць пакараны, усякая поскудзь у сярэдзіне яго.
7 Як крыніца вылівае ваду сваю, так ён вылівае крывадушнасьць сваю. Гвалт і ўціск чуваць у ім, раны і хвароба заўсёды перад абліччам Маім.
8 Будзь навучаны, Ерусаліме, каб не адвярнулася душа Мая ад цябе, каб Я не замяніў цябе ў пустэчу, зямлю бязьлюдную”.
9 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Абіраючы, абяруць, як вінаград, рэшту Ізраіля. Выцягні руку тваю, як вінаградар да гронак”.
10 Да каго я маю казаць і каго перасьцерагаць, каб паслухаў? Вось, неабрэзанае вуха іхняе, і ня могуць яны чуць. Вось, слова ГОСПАДА сталася для іх у насьмешку, і яны не жадаюць яго.
11 І я поўны гневу ГОСПАДА, я змучыўся, стрымліваючы [яго]. Выльлю яго на дзяцей на вуліцы і на сход юнакоў! Бо будуць забраныя муж разам з жонкаю, стары і чалавек у гадах пажылых.
12 І пяройдуць дамы іхнія да іншых, падобна як палі і жанчыны, бо Я выцягваю руку Маю на жыхароў зямлі гэтай, кажа ГОСПАД.
13 Бо ад найменшага аж да найбольшага ахапіла ўсіх прагнасьць зыску, ад прарока аж да сьвятара, усе робяць падман.
14 І яны лечаць рану народу Майго легкадумна, кажучы: “Мір, мір”, а міру няма.
15 Ці засаромеліся яны, што брыдоту рабілі? Але сорамам яны не саромеюцца і чырванець ня ўмеюць. Дзеля таго яны ўпадуць сярод тых, якія падаюць, і ў час, калі Я наведаю іх, спатыкнуцца, кажа ГОСПАД.
16 Гэта кажа ГОСПАД: “Спыніцеся на шляхах, і паглядзіце, і спытайцеся пра сьцежкі старадаўнія, дзе шлях добры, і ідзіце па ім, і знойдзеце супакой душам вашым”. Але яны сказалі: “Ня пойдзем!”
17 І Я паставіў вартаўнікоў для вас [кажучы]: “Слухайце голас трубы!” Але яны сказалі: “Ня будзем слухаць!”
18 Дык слухайце, народы, і зразумейце, грамада, што [станецца] з імі.
19 Слухай, зямля! Вось, Я навяду гора на народ гэты, плод намераў іхніх, бо яны не зважалі на словы Мае і Закон Мой адкінулі.
20 Навошта Мне кадзіла, прывезенае з Шэвы, і трысьнёг пахкі з зямлі далёкай? Цэласпаленьні вашыя недаспадобы [Мне], і ахвяры вашыя не падабаюцца Мне.
21 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: “Вось, Я дам народу гэтаму перашкоды, аб якія спатыкнуцца бацькі і сыны, таксама сусед і сябар ягоны, гінучы, загінуць”.
22 Гэта кажа ГОСПАД: “Вось, народ прыходзіць з зямлі паўночнай, і народ вялікі падымаецца з канцоў зямлі.
23 Лук і дзіду яны трымаюць, жудасныя яны і ня маюць літасьці, голас іхні як мора шуміць, і яны на конях едуць, пашыхтаваныя, як чалавек да бою супраць цябе, дачка Сыёну!”
24 Мы пачулі вестку пра яго, і самлелі рукі нашыя, трывога ахапіла нас і боль як у той, якая нараджае.
25 Не выходзьце, выходзячы, у поле і не зьбірайцеся, зьбіраючыся ў дарогу, бо меч ворага і трывога навокал.
26 Дачка народу Майго, апраніся ў зрэбніцу і качайся ў попеле; учыні жалобу, як па сыну адзіным, лямантуй горка, бо раптоўна прыйдзе на нас нішчыцель.
27 Я паставіў цябе як вежу ў народзе Маім і як цьвярдыню, каб ты даведаўся і выспрабаваў шлях іхні.
28 Усе яны — адступнікі з адступнікаў, ходзяць нахабна, усе яны — медзь і жалеза, усе папсаваныя.
29 Разагрэты мяхом кавальскім агонь, зьнікла волава, але надарэмна ператапляе той, які ператапляе, бо ліхія не аддзяляюцца.
30 Называюць іх срэбрам адкінутым, бо адкінуў іх ГОСПАД».
Разьдзел 7
1 Слова, якое было да Ярэміі ад ГОСПАДА, кажучы:
2 «Стань у браме Дому ГОСПАДА і абвяшчай там слова гэтае, і кажы: “Слухайце слова ГОСПАДА, усе з Юды, якія ўваходзіце праз брамы гэтыя, каб пакланіцца ГОСПАДУ.
3 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Выпраўце шляхі вашыя і ўчынкі вашыя, і Я дазволю вам жыць на месцы гэтым.
4 Не спадзявайцеся на словы хлуслівыя, якія кажуць: “Сьвятыня ГОСПАДА, сьвятыня ГОСПАДА, сьвятыня ГОСПАДА!”
5 Бо калі вы, выпраўляючы, выправіце шляхі вашыя і ўчынкі вашыя, і калі, чынячы [суд], будзе чыніць суд адзін адносна другога,
6 калі ня будзеце крыўдзіць чужынца, сірату і ўдаву, і ня будзеце праліваць крыві нявіннай на месцы гэтым, і калі ня пойдзеце за іншымі багамі сабе на гора,
7 Я дазволю вам жыць на месцы гэтым, у зямлі, якую Я даў бацькам вашым ад вякоў і на вякі.
8 Вось, вы спадзяецеся на словы фальшывыя, якія не дапамагаюць.
9 Вы будзеце красьці, забіваць, чужаложыць, прысягаць фальшыва, паліць кадзіла Баалу, хадзіць за іншымі багамі, якіх ня ведаеце,
10 а [потым] прыйдзеце і станеце перад абліччам Маім у Доме гэтым, над якім клічуць імя Маё, і скажаце: “Мы выратаваныя”, каб і далей рабіць усе гэтыя брыдоты?
11 Хіба пячорай разбойнікаў стаўся ў вачах вашых Дом гэты, над якім клічуць імя Маё? Але Я гэта бачу, кажа ГОСПАД.
12 Ідзіце, прашу, да месца Майго ў Шыло, дзе даўней выбраў Я сялібу для імя Майго, і паглядзіце, што Я зрабіў яму з прычыны ліхоцьця народу Майго, Ізраіля.
13 А цяпер, за тое, што вы ўчынілі ўсе справы гэтыя, кажа ГОСПАД, і Я прамаўляў да вас, прамаўляючы безупынна, а вы ня слухалі, і клікаў вас, а вы не адгукаліся,
14 Я зраблю Дому гэтаму, над якім клічуць імя Маё і на які вы спадзяецеся, і месцу гэтаму, якое Я даў вам і бацькам вашым, тое самае, што Я зрабіў з Шыло.
15 І Я адкіну вас ад аблічча Майго, як Я адкінуў усіх братоў вашых, усё насеньне Эфраіма.
16 А ты не маліся за народ гэты, і ня ўзнось просьбы і малітвы за іх, і не заступайся перада Мною, бо Я ня выслухаю цябе.
17 Ці ты ня бачыш, што робіцца ў гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліму?
18 Сыны зьбіраюць дровы, бацькі распальваюць агонь, а жанчыны месяць цеста, каб нарабіць аладак для “валадаркі нябеснай”, і выліваюць ахвяры вадкія для багоў чужых, каб абражаць Мяне.
19 Ці Мяне яны абражаюць, кажа ГОСПАД, ці больш сябе, на ганьбу абліччаў сваіх?
20 Таму гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, гнеў Мой і ярасьць Мая выліваецца на месца гэтае, на чалавека і на жывёлу, на дрэвы палявыя і на плады зямлі, ён гарыць і не затухае”.
21 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Дадавайце цэласпаленьні вашыя да ахвяраў вашых і ешце мяса!”
22 Бо Я не прамаўляў да бацькоў вашых і не загадваў ім у дзень, калі выводзіў іх з зямлі Эгіпецкай, адносна цэласпаленьняў і ахвяраў,
23 але загадаў ім слова гэтае, кажучы: “Слухайце голас Мой, і Я буду вам Богам, а вы будзеце Мне народам. Хадзіце ўсякім шляхам, якім Я загадаў вам [ісьці], каб вам добра было”.
24 Але яны не паслухалі і не прыхілілі вуха сваё, і пайшлі паводле закамянеласьці сэрца свайго ліхога, і павярнуліся [да Мяне] плячыма, а не абліччам.
25 Ад дня, калі бацькі вашыя выйшлі з зямлі Эгіпецкай аж да дня гэтага Я, пасылаючы, пасылаў да вас усіх слугаў Маіх, прарокаў, штодня безупынна,
26 але вы ня слухалі Мяне, і не прыхілілі вуха сваё, і зрабілі цьвёрдым карак свой, і сталіся горшымі, чым бацькі вашыя”.
27 І ты прамовіш да іх усе словы гэтыя, але яны не паслухаюць цябе, і будзеш клікаць іх, але яны не адгукнуцца.
28 І ты скажаш ім: “Гэта народ, які не паслухаў голасу ГОСПАДА, Бога свайго, і не прыняў настаўленьня”. Зьнікла праўда, счэзла з вуснаў іхніх!
29 Абстрыжы валасы твае і адкінь [іх], і падымі лямант на вышынях, бо адкінуў ГОСПАД і пакінуў пакаленьне гневу Ягонага.
30 Бо сыны Юды чыняць зло на вачах Маіх, кажа ГОСПАД, паставілі ідалаў сваіх у доме, над якім клічуць імя Маё, каб зьняважыць Яго.
31 І пабудавалі ўзгорак Тафэт у лагчыне Бэн-Гінном, каб паліць у агні сыноў сваіх і дачок сваіх, а гэтага Я не загадваў ім, і не прыйшло гэта на сэрца Маё.
32 Дзеля гэтага прыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і ня будуць казаць пра Тафэт або пра лагчыну Бэн-Гінном, але пра Даліну забойства, і ў Тафэце будуць хаваць памёршых дзеля нястачы [іншага] месца.
33 І стануцца трупы народу гэтага пажывай для птушак нябесных і для зьвяроў зямлі, і ніхто ня будзе адганяць [іх].
34 І Я зраблю, што зьнікне ў гарадах Юды і ў Ерусаліме голас радасьці і голас вясёласьці, голас жаніха і голас нявесты, бо пусткай станецца зямля гэтая.
Разьдзел 8
1 У той час, кажа ГОСПАД, выкідаючы, выкінуць з магілаў іхніх косткі валадароў Юды, косткі князёў іхніх, косткі сьвятароў, косткі прарокаў, косткі жыхароў Ерусаліму.
2 І выкінуць іх перад сонцам, і перад месяцам, і перад усім войскам нябесным, якія яны любілі, і якім служылі, і за якімі хадзілі, і якіх шукалі, і якім пакланяліся.
3 І будзе выбіраць лепш сьмерць, чым жыцьцё, уся рэшта, якая застанецца з роду гэтага ліхога ў-ва ўсіх месцах, у якія Я выганю іх, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
4 І ты скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД. Хіба падаюць, і не ўстаюць? Хіба той, які адступіў, ня вернецца [назад]?
5 Чаму адступіў гэты народ Ерусаліму і ўсьцяж у адступніцтве [трывае]? Яны ўхапіліся за падман, і ня хочуць навярнуцца”.
6 Я зважаў і слухаў. Ніхто не прамаўляе [праўдзіва], няма нікога, хто каецца з прычыны ліхоты сваёй, кажучы: “Што ж я нарабіў?” Кожны бяжыць у бегу сваім, як конь, які нясецца ў бітве.
7 Нават бусел у небе ведае пару сваю, туркаўка, ластаўка і жораў захоўваюць час прылёту свайго, а народ Мой ня ведае суду ГОСПАДА.
8 Як вы можаце казаць: “Мы — мудрыя, з намі Закон ГОСПАДА”? Сапраўды, хлуслівае пяро пісараў зрабіла яго хлусьнёю.
9 Мудрыя будуць асаромлены, спалоханы і злоўлены. Вось, яны адкінулі слова ГОСПАДА, навошта ім мудрасьць?
10 Дзеля таго жонак іхніх Я аддам іншым, палі іхнія — [іншым] уласьнікам, бо ад найменшага да найбольшага яны хцівыя да зыску. Ад прарока да сьвятара ўсе робяць хлусьню.
11 І лечаць раны дачкі народу Майго легкадумна, кажучы: “Мір, мір”, а міру няма.
12 Яны павінны саромецца, бо брыдоту рабілі. Але сорамам яны не саромяцца і чырванець ня ўмеюць. Дзеля таго ўпадуць яны паміж тых, якія падаюць, і ў час, калі Я наведваю іх, яны спатыкнуцца, кажа ГОСПАД.
13 Зьбіраючы, зьбяру іх, кажа ГОСПАД, ня будзе ані гронак на вінаградзе, ані фігаў на дрэве фігавым, і лістота зьвяне.
14 “Чаму ж мы сядзім? Зьбірайцеся і пойдзем у гарады ўмацаваныя, і там загінем, бо ГОСПАД, Бог наш, аддаў нас на загубу, і поіць нас вадой атрутнай, бо мы саграшылі супраць ГОСПАДА.
15 Мы чакаем міру, але няма нічога добрага, [чакаем] часу аздараўленьня, а вось, трывога!”
16 Ад Дана чуваць хрыпеньне коней іхніх, ад голасу іржаньня жарабцоў іхніх дрыжыць уся зямля. І прыйдуць яны, і зжаруць усю зямлю і поўню яе, горад і жыхароў ягоных у ім.
17 Вось, Я пасылаю супраць вас зьмеяў атрутных, ад якіх няма замовы, і яны будуць кусаць вас, кажа ГОСПАД.
18 Вясёласьць мая [перамянілася] ў смутак, і сэрца маё млее ў-ва мне.
19 Вось, голас ляманту дачкі народу Майго з зямлі далёкай: “Няўжо няма ГОСПАДА на Сыёне? Няўжо няма ў ім валадара Ягонага?” Навошта яны зьневажалі Мяне ідаламі сваімі, марнымі [багамі] чужымі?
20 Прайшло жніво, скончылася лета, а мы ня збаўленыя!
21 Дзеля няшчасьця дачкі народу майго я зламаны і сумны; жах ахапіў мяне.
22 Няўжо няма бальзаму ў Гілеадзе? Няўжо няма таго, хто лечыць? Дык чаму няма аздараўленьня для дачкі народу майго?
Разьдзел 9
1 Хто зробіць галаву маю [крыніцай] вады, а вочы мае — фантанам сьлёзаў, і я буду ўдзень і ўначы плакаць дзеля забітых дачкі народу майго?
2 Хто дасьць мне ў пустыні прыстанішча, каб я мог пакінуць народ мой і адыйсьціся ад яго? Бо ўсе яны — чужаложнікі, зборышча здраднікаў.
3 Яны напінаюць язык свой [быццам] лук, хлусьня і няпраўда ўмацаваліся на зямлі, бо ад ліхоты ідуць да ліхоты, а Мяне ня ведаюць, кажа ГОСПАД.
4 Высьцерагаюцца адзін аднаго, і брат да брата ня мае даверу, бо кожны брат, ашукваючы, ашуквае, і кожны бліжні ачарняе падступна.
5 Чалавек падманвае бліжняга свайго і праўды ня кажа, яны прывучылі язык свой прамаўляць хлусьню, стаміліся, робячы ліхое.
6 Ты жывеш сярод падману, праз падман яны ня хочуць ведаць Мяне, кажа ГОСПАД.
7 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Вось, Я ператаплю іх і выспрабую іх, бо што іначай магу ўчыніць адносна дачкі народу Майго?
8 Як страла згубная язык іхні, ашуканства кажуць вуснамі сваімі, гавораць бліжняму свайму “супакой”, а ў нутры сваім рыхтуюць пастку.
9 Ці за гэта Я ня маю караць іх? — кажа ГОСПАД. Ці народу такому не адпомсьціць душа Мая?
10 У гарах Я ўзьніму плач і галашэньне, а на пашах у пустыні — сьпеў жалобны, бо яны спаленыя, няма нікога, хто там праходзіць, і не чутно там рыку быдла; ад птушкі нябеснай аж да дзікага зьвера ўсе разьбегліся, зьніклі.
11 І Я зраблю Ерусалім купай друзу і лежышчам цмокаў, а гарады Юды замяню на пустэчу, дзе ніхто не жыве”.
12 Хто чалавек мудры і зразумее гэта? Да каго вусны ГОСПАДА прамовілі і абвясьцілі, чаму загінула зямля, спаленая, як пустыня, дзе няма каму хадзіць?
13 І сказаў ГОСПАД: “За тое, што яны пакінулі Закон Мой, які Я даў перад абліччам іхнім, і ня слухалі голас Мой, і не хадзілі паводле [Закону],
14 але пайшлі паводле закамянеласьці сэрца свайго і за Баалам, як навучылі іх бацькі іхнія”.
15 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Вось, Я накармлю народ гэты палыном і напаю іх вадой атрутнай.
16 І Я расьцярушу іх сярод народаў, якіх ня ведаюць яны і бацькі іхнія, і пашлю ўсьлед за імі меч, аж пакуль ня выгублю іх”.
17 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Зважце [на гэта] і паклічце плачак, няхай яны прыйдуць, пашліце па мудрых, і няхай прыйдуць.
18 І няхай пасьпяшаюцца, і няхай узьнімуць дзеля нас галашэньне, і няхай пацякуць сьлёзы з вачэй нашых, і няхай вада пацячэ з павекаў нашых”.
19 Бо голас галашэньня чуваць з Сыёну: “Як мы зьнішчаны, мы вельмі асаромленыя, бо мусім пакінуць зямлю сваю, пакінуць паселішчы нашыя!”
20 Паслухайце, жанчыны, слова ГОСПАДА, і няхай прыймуць вушы вашыя слова вуснаў Ягоных, і навучыце дочак вашых галашэньням, а адна другую — песьням жалобным.
21 Бо сьмерць улезла праз вокны нашыя, увайшла ў дамы нашыя, нішчыць дзяцей на вуліцах і юнакоў на плошчах.
22 Прамаўляй гэтак, кажа ГОСПАД. І будуць ляжаць трупы чалавечыя, як гной на абліччы поля і як снапы за жняцом, і няма каму зьбіраць [іх].
23 Гэта кажа ГОСПАД: “Няхай ня хваліцца мудры мудрасьцю сваёй, і няхай ня хваліцца асілак сілаю сваёй, і няхай ня хваліцца багаты багацьцем сваім,
24 але хто хваліцца, няхай хваліцца тым, што ён разумны і ведае Мяне, што Я — ГОСПАД, Які чыніць міласэрнасьць, суд і праведнасьць на зямлі, бо гэта падабаецца Мне, кажа ГОСПАД.
25 Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я наведаю ўсіх абрэзаных, але са скуравінкай,
26 Эгіпет, Юду, Эдом, сыноў Амона, Мааў і ўсіх, якія падразаюць валасы і жывуць у пустыні, бо ўсе народы неабрэзаныя, а ўвесь дом Ізраіля — з неабрэзаным сэрцам”.
Разьдзел 10
1 Слухайце слова, якое прамовіў ГОСПАД да вас, дом Ізраіля!
2 Гэта кажа ГОСПАД. Не вучыцеся шляху народаў гэтых і ня бойцеся знакаў нябесных, бо іх баяцца народы гэтыя.
3 Бо боствы народаў — марнасьць, бо гэта дрэва, высечанае ў лесе, зробленае долатам у руках разьбяра.
4 Аздабляюць іх срэбрам і золатам, прымацоўваюць іх малатком і цьвікамі, і яны не хістаюцца.
5 Яны — як пудзіла на гародзе, яны не гавораць і, носячы, носяць іх, бо ня ходзяць яны. Ня бойцеся іх, бо ня могуць яны рабіць ані ліхое, ані добрае.
6 Няма такога, як Ты, ГОСПАДЗЕ! Ты вялікі, і вялікае імя магутнасьці Тваёй!
7 Хто ня будзе баяцца Цябе, Валадару народаў? Бо Табе належыць [гэта], бо паміж усіх мудрацоў народаў і паміж усіх валадарстваў іхніх няма такога як Ты!
8 Усе яны дурныя і неразумныя, і пустое вучэньне іхняе, гэта [толькі] дрэва.
9 Срэбная бляха прывезена з Таршышу, і золата — з Уфазу, праца майстра і рук залатара. Адзеньне іхняе з пурпуру і блакіту, усё яно — праца спраўных [майстроў].
10 А ГОСПАД — Бог праўдзівы. Ён — Бог жывы і Валадар вечны. Ад гневу Ягонага дрыжыць зямля, і народы ня могуць устаяць перад гневам Ягоным.
11 Вось так кажыце ім: “Богі, якія не стварылі неба і зямлю, зьнікнуць з зямлі і з-пад неба гэтага”.
12 Ён зрабіў зямлю моцай Сваёй, умацаваў сьвет мудрасьцю Сваёй, і розумам Сваім расьцягнуў неба.
13 Калі голас Ягоны загучыць, шумяць воды ў небе. Ён узьнімае хмары ад краёў зямлі, Ён выклікае маланкі і дождж і выводзіць вецер з камораў Сваіх.
14 Кожны чалавек бяз веданьня — дурны, будзе асаромлены кожны залатар, [які робіць] ідала, бо тое, што зрабіў, падман, і няма духа ў іх.
15 Яны — марнота, праца, вартая сьмеху, у час наведваньня іхняга яны загінуць.
16 Не такая, як яны, частка Якуба, бо Ён —Той, Які ўкшталтаваў усё, а Ізраіль — племя спадчыны Ягонай. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.
17 Пазьбірай з зямлі клункі твае, ты, што сядзіш у аблозе!
18 Бо гэта кажа ГОСПАД: “Вось, Я гэтым разам выкіну далёка жыхароў зямлі гэтай, і прыцісну іх, каб яны знайшлі [Мяне]”.
19 Гора мне дзеля няшчасьця майго, рана мая невылечная! А я казаў: “Гэта толькі хвароба мая, і я вытрымаю яе”.
20 Намёт мой зьнішчаны, усе вяроўкі мае пазрываныя, сыны мае адыйшлі ад мяне і няма іх, няма ўжо нікога, хто б расьцягнуў намёт мой і хто б павесіў заслоны мае.
21 Бо неразумныя [былі] пастыры і не зьвярталіся да ГОСПАДА, таму не пашанцавала ім, і ўвесь статак іхні расьсеяўся.
22 Голас весткі: “Вось, лязгат вялікі ідзе з зямлі паўночнай, каб перамяніць гарады Юды ў пустку, у лежышча цмокаў”.
23 Ведаю, ГОСПАДЗЕ, што не чалавек [вызначае] шлях свой, і ня ў [моцы] чалавека кіраваць крокамі сваімі, калі ён ідзе.
24 Карай мяне, ГОСПАДЗЕ, але паводле правасудзьдзя, ня ў гневе Тваім, каб Ты ня зьнішчыў мяне.
25 Вылі ярасьць Тваю на народы, якія ня ведаюць Цябе, і на плямёны, якія імя Твайго ня клічуць, бо яны праглынулі Якуба і зжэрлі яго, і спустошылі сялібы ягоныя».
Разьдзел 11
1 Слова, якое было да Ярэміі ад ГОСПАДА, кажучы:
2 «Паслухайце словы запавету гэтага і прамоўце іх да мужоў Юды і жыхароў Ерусаліму.
3 І ты скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Пракляты чалавек, які ня слухае словаў запавету гэтага,
4 якія Я загадаў бацькам вашым у дзень, у які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, з печы жалезнай, кажучы: «Слухайце голас Мой і рабіце ўсё так, як Я вам загадваю. І вы будзеце народам Маім, а Я буду Богам вашым,
5 каб Я споўніў прысягу, якою прысягаў бацькам вашым, што дам ім зямлю, дзе цячэ малако і мёд, якую [маеце] сёньня»”». А я адказаў і сказаў: «Амэн, ГОСПАДЗЕ!»
6 І сказаў ГОСПАД мне: «Абвясьці ўсе словы гэтыя ў гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліму, кажучы: “Слухайце словы запавету гэтага і выконвайце іх.
7 Бо просьбай прасіў Я бацькоў вашых ад дня, калі вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, аж да дня гэтага, ад раніцы ўмольваў іх, кажучы: “Слухайце голас Мой!”
8 Але яны ня слухалі і не прыхілілі вуха сваё, і кожны хадзіў паводле закамянеласьці ліхога сэрца свайго. І Я прывёў на іх усе словы запавету гэтага, якія Я загадаў, каб яны рабілі, а яны не рабілі”».
9 І сказаў ГОСПАД мне: «Выяўлена змова сярод мужоў Юды і жыхароў Ерусаліму.
10 Яны вярнуліся да беззаконьня бацькоў сваіх даўнейшых, якія не хацелі слухаць словаў Маіх, і яны пайшлі да багоў чужых, каб служыць ім. Дом Ізраіля і дом Юды зламалі запавет Мой, які Я заключыў з бацькамі іхнімі.
11 Дзеля гэтага так кажа Госпад: “Я навяду на іх ліха, з якога яны ня змогуць выйсьці, і яны будуць клікаць да Мяне, але Я ня выслухаю іх”.
12 І пойдуць гарады Юды і жыхары Ерусаліму, і будуць клікаць багоў, якім яны кадзілі, але яны ня выратуюць іх у час бяды.
13 Бо паводле ліку гарадоў тваіх, Юда, былі богі твае, і паводле ліку вуліцаў у Ерусаліме вы паставілі ахвярнікі на ганьбу, ахвярнікі, каб кадзіць Баалу.
14 А ты не маліся за народ гэты і не прынось за іх просьбы і малітвы, бо Я ня выслухаю іх у час, калі яны будуць клікаць Мяне ў горы іхнім.
15 Навошта каханай Маёй у доме Маім зьдзяйсьняць намеры ліхія з многімі? Ці ж мяса пасьвячонае ўхіліць ад цябе гора тваё і тады ты будзеш радавацца?
16 Зялёнай аліўкай з прыгожымі пладамі назваў ГОСПАД імя тваё. Але з гукам вялікага шуму загарэўся над ёй агонь і былі паламаныя галіны ейныя.
17 І ГОСПАД Магуцьцяў, Які пасадзіў цябе, прадказаў табе бяду дзеля ліхоцьцяў дому Ізраіля і дому Юды, якія рабілі яны, каб гнявіць Мяне, каб кадзіць Баалу.
18 І ГОСПАД даў даведацца мне, і я даведаўся, і тады Ты выявіў мне ўчынкі іхнія.
19 І я быў быццам ягнятка ціхае, якога вядуць на зарэз, і ня ведаў, што супраць мяне яны задумалі думкі [ліхія]: “Зьнішчым дрэва з пладамі і сьсячэм яго з зямлі жывых. Няхай імя ягонае ня ўзгадваецца болей”.
20 Але ГОСПАД Магуцьцяў судзіць праведна і даследуе ныркі і сэрца. Няхай я ўбачу помсту Тваю над імі, бо Табе я выявіў справу маю.
21 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра людзей з Анатоту, якія шукаюць душу тваю, кажучы: “Не прароч у імя ГОСПАДА, і не памрэш ад рукі нашай”.
22 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Вось, Я наведаю іх. Юнакі іхнія памруць ад мяча, а сыны іхнія і дочкі іхнія памруць з голаду.
23 Ніхто з іх не застанецца, бо Я навяду ліха на людзей з Анатоту ў год наведваньня іхняга”.
Разьдзел 12
1 Праведны Ты, ГОСПАДЗЕ, калі б я судзіўся з Табою. Аднак пра суд буду гаварыць з Табою. Чаму шлях бязбожных мае посьпех і жывуць у супакоі ўсе крывадушнікі здрадлівыя?
2 Ты пасадзіў іх, і яны запускаюць карані, узрастаюць і даюць плады; блізкі Ты да вуснаў іхніх і далёка ад нырак іхніх.
3 А Ты, ГОСПАДЗЕ, ведаеш мяне, бачыш мяне, і дасьледуеш сэрца маё, [што яно] з Табою. Аддзялі іх, як авечкі на зарэз, і прызнач іх на дзень зьнішчэньня.
4 Як доўга будзе ў жалобе зямля, і трава на ўсякім полі будзе сохнуць? З-за ліхоты жыхароў ейных пагінулі быдла і птушкі, бо яны казалі: “[Бог] ня бачыць канца [шляхоў] нашых”.
5 Калі ты бег з пешымі і змучыўся, як будзеш бегчы з коньнікамі? І калі ў краіне супакою ты пачуваеш сябе бясьпечна, што ты будзеш рабіць у гушчары Ярдану?
6 Бо нават браты твае і дом бацькі твайго, нават яны будуць здраджваць табе і будуць крыкам крычаць за табой, а ты ня вер ім, калі будуць прамаўляць да цябе прыхільна.
7 Я пакінуў дом Мой, пакінуў спадчыну Маю. Тое, што любіла душа Мая, Я аддаў у рукі ворагаў Маіх.
8 Спадчына Мая сталася для Мяне, як леў у лесе; яна падняла супраць Мяне голас свой, таму Я зьненавідзеў яе.
9 Ці ж спадчына Мая [сталася] для Мяне птушкай стракатай, над якою кружляюць птушкі драпежныя? Прыходзьце, зьбярыцеся, усе зьвяры палявыя, сьпяшайцеся на жыраваньне.
10 Шматлікія пастухі разбурылі вінаграднік Мой, стапталі ўласнасьць Маю і зрабілі поле Маё ўлюблёнае пустыняй бязьлюднай.
11 Ператварылі яе ў пустку, галосіць да Мяне пустэча; спустошана ўся зямля, бо няма нікога, хто б узяў [гэта] да сэрца.
12 На ўсе ўзгоркі пустыні прыйшлі рабаўнікі, бо меч ГОСПАДА ўсё зьядае ад краю зямлі да краю зямлі, і няма супакою ніводнаму целу.
13 Пасеялі пшаніцу, а сжалі церні, працавалі, але ня мелі карысьці. Вы асароміцеся дзеля пладоў сваіх з прычыны палючага гневу ГОСПАДА!
14 Гэта кажа ГОСПАД супраць усіх ліхіх суседзяў Маіх, якія чэпяцца да спадчыны, якую Я прызначыў народу Майму, Ізраілю: “Вось, Я вырву іх з зямлі іхняй, і дом Юды вырву спасярод іх.
15 І станецца, калі яны будуць вырваныя, Я вярнуся і зьлітуюся над імі, і вярну іх, кожнага чалавека ў спадчыну ягоную і ў зямлю ягоную.
16 І станецца, калі яны, навучыўшыся, навучацца шляхам народу Майго, каб прысягаць у імя Маё: “Як жывы ГОСПАД!”, як яны навучылі народ Мой прысягаць Баалам, тады яны будуць будавацца сярод народу Майго.
17 А калі не паслухаюць, тады Я вырву народ гэты, вырываючы і нішчачы, кажа ГОСПАД”».
Разьдзел 13
1 Гэта сказаў мне ГОСПАД: «Ідзі і купі сабе пояс ільняны, і падперажы ім сьцёгны свае, але не кладзі яго ў ваду».
2 І я купіў пояс паводле слова ГОСПАДА, і падперазаў сьцёгны мае.
3 І другі раз было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
4 «Вазьмі пояс, які ты купіў і які на сьцёгнах тваіх, устань і ідзі да Эўфрату, і схавай там яго ў шчыліне скалы».
5 І я пайшоў, і схаваў яго каля Эўфрату, як загадаў мне ГОСПАД.
6 І сталася, калі скончылася шмат дзён, сказаў мне ГОСПАД: «Устань і ідзі да Эўфрату, і забяры адтуль пояс, які Я загадаў табе схаваць».
7 І я пайшоў да Эўфрату, адшукаў і выцягнуў пояс з месца, у якім я схаваў яго, і вось, пояс збутвеў і не надаваўся да нічога.
8 І было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:
9 «Гэта кажа ГОСПАД. У такі спосаб Я зьнішчу пыхлівасьць Юды і пыхлівасьць вялікую Ерусаліму.
10 Народ гэты ліхі ня хоча слухаць словаў Маіх і ходзіць у зацьвярдзеласьці сэрца свайго. Яны пайшлі за багамі чужымі, каб служыць ім і пакланяцца ім. І станецца [з імі], як з гэтым поясам, які ні на што не надаецца.
11 Бо як прылягае пояс да сьцёгнаў мужчыны, так Я прытуліў да Сябе ўвесь дом Ізраіля і ўвесь дом Юды, кажа ГОСПАД, каб яны былі для Мяне народам, і імем, і хвалой, і аздобай, але яны не паслухаліся.
12 І ты скажаш ім слова гэта: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Кожны збан напаўняецца віном”. А яны скажуць табе: “Ці ж мы ведаючы, ня ведаем, што кожны збан напаўняецца віном?”
13 І скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я напоўню п’янствам усіх жыхароў зямлі гэтай, валадароў, якія сядзяць на пасадзе Давіда, сьвятароў, прарокаў і ўсіх жыхароў Ерусаліму,
14 і паразьбіваю іх адзін аб другога, бацькоў разам з сынамі, кажа ГОСПАД, не пашкадую і ня зьлітуюся, аж пакуль ня зьнішчу іх”.
15 Слухайце і прыхіліце вуха, не вывышайцеся, бо ГОСПАД прамовіў.
16 Аддайце славу ГОСПАДУ, Богу вашаму, перш, чым прыйдзе цемра, і перш, чым спатыкнуцца ногі вашыя ў гарах цёмных. І вы будзеце чакаць сьвятла, а Ён заменіць яго ў цемру сьмерці і зробіць імглою.
17 А калі вы гэтага не паслухаеце, будзе плакаць таемна душа мая з прычыны пыхі вашай. І плачучы, буду плакаць, і зальюцца сьлязьмі вочы мае, бо чарада ГОСПАДА ідзе ў няволю.
18 Скажыце валадару і [маці] валадара: “Сядаючы, сядзьце [нізка], бо ўпала з галавы вашай карона славы вашай!”
19 Гарады Нэгеву замкнутыя, і няма таго, хто адчыніць іх. Увесь Юда пайшоў у няволю, у няволю пайшоў цалкам.
20 Узьнімі вочы свае і паглядзі на тых, якія прыходзяць з поўначы. Дзе тая чарада, якая даручана табе, авечкі славы тваёй?
21 Што ты скажаш, калі яны наведаюць цябе? Бо ты сама прывучыла іх быць над табою, прыяцеляў на галаву [сваю]. Ці ж не ахопяць цябе болі, як жанчыну, што нараджае?
22 А калі ты скажаш у сэрцы тваім: “Чаму гэта ўсё напаткала мяне?” Дзеля мноства беззаконьняў тваіх былі адкрытыя прыполы адзеньня твайго і аголены ногі твае.
23 Ці ж можа мурын зьмяніць скуру сваю, а леапард — плямы свае? Таксама і вы, ці можаце рабіць добрае, калі вы навучаныя рабіць зло?
24 І Я рассыплю вас як мякіну, якую разносіць вецер пустыні.
25 Гэта доля твая, частка, якую Я адмерыў табе, кажа ГОСПАД, за тое, што ты забылася пра Мяне і спадзявалася на хлусьню.
26 І Я ўзьніму прыполы адзеньня твайго аж на аблічча тваё, і будзе бачная ганьба твая,
27 чужалоствы твае і іржаньне тваё, бессаромнасьць распусты тваёй. На ўзгорках і на полі Я бачыў брыдоты твае. Гора табе, Ерусалім, ня хочаш быць ачышчаны! Як доўга яшчэ [чакаць]?»
Разьдзел 14
1 Слова ГОСПАДА, якое было да Ярэміі ў справе засухі:
2 «Галосіць Юда, і брамы ягоныя саслабелі, хіляцца да зямлі, і ўзьнімаецца крык Ерусаліму.
3 Магнаты ягоныя пасылаюць слугаў сваіх па ваду; яны прыходзяць да сажалак і не знаходзяць вады, вяртаюцца, пасудзіны іхнія пустыя, яны асаромленыя і зьбянтэжаныя, і закрываюць галовы свае.
4 Ад таго, што глеба сьпечаная, бо не было дажджу на зямлі, саромеюцца земляробы, закрываюць галовы свае.
5 Нават ланя нараджае ў полі і пакідае [малое], бо няма травы.
6 Дзікія аслы стаяць на ўзгорках, хапаюць паветра, як цмокі; вочы іхнія мутнеюць, бо няма пашы.
7 Хоць беззаконьні нашыя сьведчаць супраць нас, ГОСПАДЗЕ, Ты ўчыні [з намі] дзеля імя Твайго, бо павялічыліся адступніцтвы нашыя, мы саграшылі супраць Цябе.
8 Надзея Ізраіля, ГОСПАД, Збаўца ягоны ў часе трывогі! Чаму Ты быццам чужынец у зямлі і як падарожнік, які расьцягвае [намёт], каб [толькі] пераночыць?
9 Чаму Ты быццам чалавек разгублены, як волат, які ня можа ратаваць? Ты ж сярод нас, ГОСПАДЗЕ, і імя Тваё ў нас заклікаюць. Не пакідай нас!
10 Гэта кажа ГОСПАД народу гэтаму: “Яны любяць блукаць, ног сваіх не шкадуючы. Але ГОСПАДУ не даспадобы гэта”. Цяпер Ён узгадаў беззаконьні іхнія і грахі іхнія карае».
11 І сказаў ГОСПАД мне: «Не прасі дабра для народу гэтага.
12 Калі яны будуць посьціць, Я ня выслухаю маленьняў іхніх; і калі яны будуць складаць цэласпаленьні і ахвяры хлебныя, Я ня буду мець упадабаньня ў іх, але вынішчу іх мячом, голадам і пошасьцю».
13 А я сказаў: «О, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, вось, прарокі кажуць ім: “Ня ўбачыце мяча, ня будзе ў вас голаду, бо праўдзівы мір дам вам на месцы гэтым”».
14 І сказаў ГОСПАД мне: «Прарокі гэтыя хлусьню абвяшчаюць у імя Маё. Я не пасылаў іх, і не загадваў ім, і не прамаўляў да іх. Відзежы хлусьлівыя, прадказаньні пустыя, мары сэрцаў сваіх — вось што яны прарочаць вам.
15 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра прарокаў, якія прарочаць у імя Маё, але Я не пасылаў іх. Яны кажуць: “Мяча і голаду ня будзе ў зямлі гэтай”. Ад мяча і голаду загінуць прарокі гэтыя,
16 а народ, якому яны прарочылі, будзе выкінуты на вуліцы Ерусаліму перад абліччам голаду і мяча, і ніхто ня будзе хаваць іх, жонак іхніх, сыноў іхніх, дочак іхніх; і Я выльлю на іх злачыннасьць іхнюю.
17 І ты скажаш ім слова гэтае: “Няхай вочы мае выліваюць сьлёзы ўначы і ўдзень, і няхай не спыняюцца, бо біцьцём вялікім пабітая дзяўчына, дачка народу майго, ударам вельмі вялікім.
18 Калі я выйду ў поле, вось, забітыя мячом! Калі я пайду ў горад, вось, замучаныя голадам! Нават прарок і сьвятар бадзяюцца па зямлі і нічога ня ведаюць”».
19 Ці адкінуўшы, адкінуў Ты Юду, або абрыдзіў Сыён душы Тваёй? Чаму Ты ўдарыў нас плягаю і няма аздараўленьня? Мы чакалі міру, але няма [нічога] добрага; [чакалі] часу аздараўленьня, і вось, трывога!
20 Прызнаем, ГОСПАДЗЕ, бязбожнасьць сваю, беззаконьні бацькоў нашых, бо саграшылі мы супраць Цябе!
21 Не адкідай Ты [нас] дзеля імя Твайго! Не выстаўляй на ганьбу пасад славы Тваёй! Памятай, не разрывай запавет Твой з намі!
22 Ці ёсьць сярод марных [багоў] паганскіх такія, што маглі спасылаць дождж? Ці неба [само] дае залевы? Ці ж ня Ты, ГОСПАДЗЕ, Божа наш? У Табе мы маем надзею, бо Ты ўчыніў усё гэта.
Разьдзел 15
1 І сказаў ГОСПАД мне: «Калі б [нават] Майсей і Самуэль сталі перад абліччам Маім, душа Мая ня [зьвернецца] да народу гэтага! Выгані [іх] ад аблічча Майго, няхай яны адыйдуць!
2 І будзе, яны скажуць табе: “Куды мы пойдзем?” І ты адкажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД. Хто на сьмерць, той [пойдзе] на сьмерць, хто пад меч, той пад меч, хто на голад, той на голад, хто ў палон, той у палон.
3 І Я наведаю вас чатырма спосабамі, кажа ГОСПАД, мячом, каб забіваў, сабакамі, каб валачылі, птушкамі нябеснымі і зьвярамі зямнымі, каб жэрлі і нішчылі.
4 І Я аддам іх на страхоцьце для ўсіх валадарстваў зямлі з-за Манасы, сына Эзэкіі, валадара Юды, за тое, што ён учыніў у Ерусаліме”.
5 Бо хто мае літасьць над табою, Ерусаліме? Хто будзе спачуваць табе? Хто зьверне [з дарогі], каб запытацца пра супакой у цябе?
6 Ты адкінуў Мяне, кажа ГОСПАД, павярнуўся плячыма. І Я выцягнуў руку Маю над табою і зьнішчыў цябе. Я стаміўся шкадаваць [цябе]!
7 І Я разьвеяў іх веялкай у брамах зямлі, пазбавіў нашчадкаў, выгубіў народ Мой, але яны не зьвярнулі са шляхоў сваіх.
8 Удоваў іхніх стала ў Мяне больш, чым пяску марскога. Я прывёў на іх, на маці юнакоў, апоўдні нішчыцеля, паслаў на іх раптоўна трывогу і жах.
9 Самлела тая, якая сямёх нарадзіла, аддала душу сваю, зайшло сонца ейнае, калі яшчэ дзень [быў], засаромілася і зьбянтэжылася. А рэшту іхнюю Я аддам пад меч перад абліччам ворагаў іхніх, кажа ГОСПАД».
10 Гора мне, маці мая, што ты мяне нарадзіла, чалавека, які спрачаецца, і чалавека нязгоды для ўсёй зямлі! Не пазычаю і не даю пазыкі, але ўсе мяне праклінаюць.
11 Сказаў ГОСПАД: «Я, вызваляючы, вызвалю цябе для дабра [твайго]. Я буду заступацца за цябе ў час бяды і ў час уціску ад ворагаў.
12 Ці крышыцца жалезам жалеза з поўначы і медзь?
13 Багацьце тваё і скарбы твае Я аддам на рабунак бяз платы за ўсе грахі твае ў-ва ўсіх межах тваіх.
14 І Я аддам цябе служыць ворагам тваім у зямлю, якой ня ведаеш, бо агонь загарэўся ў гневе Маім і будзе гарэць над вамі».
15 Ты ведаеш [усё], ГОСПАДЗЕ, узгадай пра мяне і заступіся за мяне, і адпомсьці за мяне тым, якія перасьледуюць мяне. У цярплівасьці гневу Твайго не забірай мяне, ведай, што дзеля Цябе цярплю я зьнявагу.
16 Я знайшоў слова Тваё і праглынуў яго, і сталася слова Тваё для мяне пацяшэньнем і радасьцю сэрца майго, бо заклікалася імя Тваё нада мною, ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў.
17 Не сядзеў я сярод насьмешнікаў і не весяліўся, а сядзеў я самотна перад абліччам рукі Тваёй, бо Ты гневам напоўніў мяне.
18 Чаму боль мой безупынны, а рана мая невылечная, ня хоча загаіцца? Няўжо Ты станешся для мяне як воды падманлівыя, [крыніца] няпэўная?
19 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: «Калі ты навернешся, Я вярну цябе, і ты станеш перад абліччам Маім. І калі ты здабудзеш каштоўнае з нікчэмнага, ты будзеш як вусны Мае. Яны самі зьвернуцца да цябе, а ты ня будзеш зьвяртацца да іх.
20 І Я зраблю цябе для народу гэтага моцным мурам мядзяным, і яны будуць ваяваць супраць цябе, і не перамогуць цябе, бо Я з табою, каб збаўляць і ратаваць цябе, кажа ГОСПАД.
21 І Я выратую цябе з рук ліхотнікаў, і вызвалю цябе з рук гвалтаўнікоў».
Разьдзел 16
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Ня бяры сабе жонкі, і няхай ня будзе ў цябе сыноў і дачок у месцы гэтым.
3 Бо гэта кажа ГОСПАД пра сыноў і дачок, якія будуць народжаныя ў месцы гэтым, і пра маці іхніх, якія народзяць іх, і пра бацькоў іхніх, якія будуць даваць ім жыцьцё ў зямлі гэтай.
4 Ад сьмяротных хваробаў яны паўміраюць, ня будуць яны аплаканыя і ня будуць пахаваныя, будуць гноем на абліччы зямлі. Будуць гінуць ад мяча і голаду, і трупы іхнія будуць ежай для птушак нябесных і зьвяроў зямных.
5 Бо гэтак кажа ГОСПАД: “Не ўваходзь у дом смутку, і не ідзі на галашэньне, і не спачувай ім, бо Я забраў ад народу гэтага супакой Мой, кажа ГОСПАД, міласэрнасьць і спагаднасьць.
6 Паўміраюць вялікія і малыя ў зямлі гэтай, ня будуць яны пахаваныя і ня будуць плакаць па іх, ня будуць рабіць нарэзаў [на скуры] і ня будуць стрыгчыся [дзеля іх].
7 І ня будуць ламаць хлеб для іх у жалобе, каб пацешыць па памёршым, і не дадуць ім выпіць з келіха пацяшэньня па бацьку іхнім і маці іхняй.
8 І не ўваходзь у дом банкетаваньня, каб сесьці з імі есьці і піць.
9 Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я зраблю, што спыніцца на гэтым месцы, на вачах вашых і ў дні вашыя голас вясёласьці і голас радасьці, голас жаніха і голас нявесты”.
10 І станецца, што ты абвесьціш народу гэтаму ўсе словы гэтыя, і скажуць табе: “Чаму ГОСПАД прамовіў супраць нас пра ўсе гэтыя няшчасьці вялікія? І якое беззаконьне нашае, і які грэх наш, якім мы саграшылі супраць ГОСПАДА, Бога нашага?”
11 І ты скажаш ім: “Бо пакінулі Мяне бацькі вашыя, кажа ГОСПАД, і пайшлі за іншымі багамі, і служылі ім, і пакланяліся ім, а Мяне пакінулі, і Закон Мой не захоўвалі.
12 А вы яшчэ горш робіце, чым бацькі вашыя, і вось, кожны з вас ідзе паводле сапсутасьці сэрца свайго ліхога, каб ня слухаць Мяне.
13 І Я выкіну вас з зямлі гэтай у зямлю, якой вы ня ведаеце, ані вы, ані бацькі вашыя, і вы будзеце там служыць іншым багам удзень і ўначы, бо Я не зьяўлю для вас літасьці”.
14 Вось таму прыходзяць дні, кажа ГОСПАД, калі ўжо ня будуць казаць: “Як жывы ГОСПАД, Які вывеў сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай”,
15 але толькі: “Як жывы ГОСПАД, Які вывеў сыноў Ізраіля з зямлі паўночнай і з усіх земляў, у якія раскідаў іх”. І Я вярну іх у зямлю, якую даў бацькам іхнім.
16 Вось, Я пасылаю шмат рыбаловаў, кажа ГОСПАД, і будуць лавіць іх, а пасьля пашлю шмат паляўнічых, і будуць паляваць на іх на ўсіх гарах, і на ўсіх узгорках, і ў-ва ўсіх шчылінах скалаў.
17 Бо вочы Мае — на ўсе шляхі іхнія, і яны не схаваныя перад абліччам Маім і не схаванае беззаконьне іхняе перад вачыма Маімі.
18 І Я перш за ўсё аднагароджу ім падвойна за беззаконьне іхняе і за грэх іхні, за тое, што яны апаганілі зямлю Маю трупамі брыдоты сваёй і агідай сваёй напоўнілі спадчыну Маю».
19 «ГОСПАДЗЕ, сіла мая і цьвярдыня мая, і прыстанішча маё ў дзень трывогі! Да Цябе прыйдуць народы ад канцоў зямлі і скажуць: “Толькі хлусню і марнасьць атрымалі ў спадчыну бацькі нашыя, і няма ад іх карысьці”.
20 Ці ж можа чалавек зрабіць сабе багоў? А яны — ня богі».
21 «Дзеля таго вось, Я дам пазнаць ім, гэтым разам дам пазнаць ім руку Маю і магутнасьць Маю, і яны даведаюцца, што імя Маё — ГОСПАД!
Разьдзел 17
1 Грэх Юды запісаны разцом жалезным, вастрыём дыямантавым высечаны на табліцы сэрцаў іхніх і на рагах ахвярнікаў іхніх,
2 каб памяталі сыны іхнія пра ахвярнікі іхнія і пра астартаў іхніх каля дрэваў зялёных на ўзгорках высокіх, на гары ў полі.
3 Багацьце тваё, усе скарбы твае Я аддам на рабунак, [зьнішчу] ўзвышшы твае за ўсе грахі твае ў-ва ўсіх межах тваіх.
4 І ты згубіш спадчыну тваю, якую Я даў табе; і Я зраблю, што ты будзеш служыць у ворагаў тваіх, у зямлі, якой ня ведаеш, бо вы распалілі агонь гневу Майго, і ён будзе гарэць вечна».
5 Гэта кажа ГОСПАД: «Пракляты чалавек, які спадзяецца на чалавека і які цела робіць рамяном [сваім], а ад ГОСПАДА адварочваецца сэрца ягонае!
6 І ён будзе як хмызьняк у стэпе, і ня ўбачыць ён, калі прыходзіць добрае. Ён будзе жыць у месцы сухім у пустыні, на зямлі салёнай і бязьлюднай.
7 Дабраслаўлёны чалавек, які спадзяецца на ГОСПАДА, і ГОСПАД — надзея ягоная!
8 І ён як дрэва, якое пасаджана над вадою і да струмянёў пускае карані свае, і ня будзе бачыць яно, калі прыйдзе спякота, і лісьце ягонае будзе зялёным, і ў год засухі ня будзе журыцца, і не перастане даваць плады.
9 Сэрца [чалавека] больш здрадлівае, чым усё [астатняе], і невылечнае; хто спазнае яго?
10 Я, ГОСПАД, дасьледую сэрца і выпрабоўваю ныркі, каб аднагародзіць кожнаму паводле шляхоў ягоных і паводле пладоў учынкаў ягоных.
11 Курапатка выседжвае [яйкі], якіх ня зьнесла, і [такі самы] той, хто набывае багацьце няпраўдаю. У сярэдзіне дзён сваіх ён пакіне яго, і пры канцы сваім станецца дурнем».
12 «Пасад славы, узвышаны спрадвеку — гэта месца сьвятыні нашай!
13 Надзея Ізраіля, ГОСПАДЗЕ! Усе, якія пакідаюць Цябе, будуць асаромленыя. Тыя, якія адварочваюцца ад Цябе, будуць запісаныя на зямлі, бо яны пакінулі ГОСПАДА, крыніцу вады жывой.
14 Аздараві мяне, ГОСПАДЗЕ, і буду аздароўлены! Збаў мяне, і буду збаўлены! Бо Ты — хвала мая!
15 Вось, яны кажуць мне: “Дзе слова ГОСПАДА? Няхай яно прыйдзе”.
16 Але я не ўцякаў, каб быць пастырам у Цябе і ня прагнуў дня зьнішчэньня. Ты ведаеш, тое, што выходзіла з вуснаў маіх, было перад абліччам Тваім.
17 Ня будзь для мяне жахам, Ты — прыбежышча маё ў дзень няшчасьця!
18 Няхай будуць асаромленыя тыя, якія перасьледуюць мяне, а я няхай ня буду асаромлены. Няхай яны будуць зьбянтэжаны, а я няхай ня буду зьбянтэжаны. Спашлі на іх дзень ліхі, і падвойным ударам удар іх».
19 Гэта сказаў мне ГОСПАД: «Ідзі і стань у браме сыноў народу, праз якую ўваходзяць валадары Юды і праз якую выходзяць, і ў-ва ўсіх брамах Ерусаліму,
20 і кажы ім: “Слухайце слова ГОСПАДА, валадары Юды, і ўвесь Юда, і ўсе жыхары Ерусаліму, якія ўваходзяць праз брамы гэтыя.
21 Гэта кажа ГОСПАД. Сьцеражыцеся, каб [захаваць] душы вашыя, і не насіце цяжараў у дзень суботы, і ня ўносьце іх праз брамы Ерусаліму.
22 І не выносьце цяжараў з дамоў вашых у дзень суботы, і не рабіце ніякай работы, але сьвяткуйце дзень суботы, як Я загадаў бацькам вашым”.
23 Але яны ня слухалі, і не прыхілілі вуха сваё, але зрабілі цьвёрдым карак свой, каб ня слухаць і не прыняць настаўленьня.
24 І станецца, калі, слухаючы, будзеце слухаць Мяне, кажа ГОСПАД, і ня будзеце ўносіць цяжараў праз брамы гораду гэтага ў дзень суботы, і будзеце сьвяткаваць дзень суботы, і ня будзеце рабіць у гэты [дзень] аніякае работы,
25 будуць уваходзіць праз брамы гораду гэтага валадары і князі, якія сядзяць на пасадзе Давіда, будуць езьдзіць на калясьніцах і конях яны, князі іхнія, мужы Юды і жыхары Ерусаліму, а горад гэты будзе абжыты на вякі.
26 І будуць прыходзіць з гарадоў Юды і з ваколіцаў Ерусаліму, з зямлі Бэн’яміна, з Шэфэлі, з гор і з Нэгеву, прыносячы цэласпаленьні і ахвяры, ахвяры хлебныя і кадзіла і прыносячы ахвяры падзякі ў Дом ГОСПАДА.
27 А калі ня будзеце слухаць Мяне, каб сьвяткаваць дзень суботы, і не насіць цяжараў, уваходзячы праз брамы Ерусаліму ў дзень суботы, Я запалю агонь у брамах ягоных, і ён праглыне палацы Ерусаліму, і ня згасне».
Разьдзел 18
1 Слова, якое было ад ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:
2 «Устань і зыйдзі ў дом ганчара, і там пачуеш слова Маё».
3 І я зыйшоў у дом ганчара, і вось, ён акурат працаваў пры кружале.
4 І папсулася пасудзіна, якую ён рабіў з гліны, у руцэ ганчара, і ён зноў зьвярнуўся [да яе], і зрабіў з яе іншую пасудзіну, якая даспадобы была ў вачах ганчара, каб ён зрабіў яе.
5 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
6 «Ці не магу Я зрабіць з вамі, дом Ізраіля, як гэты ганчар? — кажа ГОСПАД. Вось, як гліна ў руцэ ганчара, так вы, дом Ізраіля, у руцэ Маёй.
7 Часам Я прамоўлю адносна народу і валадарства, што Я выкарчую і павалю, і зьнішчу яго.
8 Але калі народ гэты, супраць якога Я прамаўляў, адвернецца ад ліхоты сваёй, Я пашкадую [ўчыніць] зло, якое Я задумаў учыніць для яго.
9 Іншым разам Я прамоўлю адносна народу і валадарства, што збудую і ўгрунтую [яго].
10 Але калі ён будзе рабіць ліхоту ў вачах Маіх, ня слухаючы голас Мой, Я пашкадую [ўчыніць] дабро, якое казаў, што зраблю для яго.
11 І цяпер кажы, прашу, мужам Юды і жыхарам Ерусаліму, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я рыхтую супраць вас зло і задумаў супраць вас намер. Навярніцеся, прашу, кожны ад шляху свайго ліхога і зрабіце добрымі шляхі вашыя і ўчынкі вашыя”.
12 А яны сказалі: “Надарма! Бо мы будзем хадзіць паводле думак нашых, кожны будзе рабіць паводле закамянеласьці ліхога сэрца свайго”.
13 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: “Спытайцеся, прашу, у народаў, ці хто чуў пра такое? Агідную [рэч] учыніла дзяўчына Ізраіля.
14 Ці зыходзіць сьнег Лібану са скалы ў полі? Ці высыхаюць воды чужыя, халодныя і плыткія?
15 Бо народ Мой забыўся пра Мяне, для марноты яны паляць кадзіла! І будуць яны спатыкацца на шляхах сваіх, на сьцежках старадаўніх, будуць хадзіць па сьцежках, па дарозе няходжанай.
16 І пераменіцца зямля іхняя ў пустэчу, [будзе] пасьмешышчам на вякі. Кожны, хто будзе праходзіць, аслупянее і будзе ківаць галавою сваёй.
17 Як вецер усходні, Я раскідаю іх перад абліччам ворага. Патыліцу, а не аблічча Я пакажу ім у дзень зьнішчэньня іхняга”».
18 І яны сказалі: «Хадземце і змовімся супраць Ярэміі, бо ня зьнік Закон у сьвятара, і рада ў мудраца, і слова ў прарока. Хадземце, ударым яго языком, і не зьвяртайма ўвагі на ўсе словы ягоныя».
19 Паслухай мяне, ГОСПАДЗЕ, і пачуй голас супраціўнікаў маіх.
20 Ці ж за дабро аднагароджваюць ліхам? Бо яны выкапалі яму для душы маёй! Узгадай, як я стаяў перад абліччам Тваім, каб прамаўляць пра іх добрае і каб адвярнуць гнеў Твой ад іх.
21 Дзеля гэтага аддай сыноў іхніх на голад і вылі [кроў] іхнюю ад вострыва мяча! Няхай жонкі іхнія стануць бязьдзетнымі ўдовамі, а мужы іхнія няхай будуць сьмерцю забітыя, юнакі іхнія няхай будуць пазасяканыя мячом на вайне.
22 Няхай чуецца крык у дамах іхніх, бо Ты навядзеш на іх раптоўна арду злачынцаў, бо яны выкапалі яму, каб схапіць мяне, і пад ногі мае пасткі паставілі.
23 А Ты, ГОСПАДЗЕ, ведаеш усе намеры іхнія, каб забіць мяне. Не даруй ім беззаконьня іхняга і грэху іхняга не прымай ад аблічча Твайго. Няхай яны спатыкнуцца перад абліччам Тваім.
Разьдзел 19
1 Гэта сказаў ГОСПАД: «Ідзі і купі ў ганчара збан гліняны, і [вазьмі] старшыняў народу і старшыняў сьвятароў.
2 І выйдзі ў даліну Бэн-Гінном, якая пры ўваходзе ў браму Харсіт, і там будзеш абвяшчаць слова, якое Я прамоўлю табе.
3 І скажаш: “Слухайце слова ГОСПАДА, валадары Юды і жыхары Ерусаліму! Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я навяду няшчасьце на месца гэтае, так што ў кожнага, хто гэта чуе, зашуміць у вушах ягоных,
4 за тое, што вы пакінулі мяне і апаганілі месца гэтае, і кадзілі іншым багам, якіх ня ведалі ані вы, ані бацькі вашыя, ані валадары Юды, і вы напоўнілі месца гэтае крывёю нявінных,
5 і пабудавалі вышыні Баалу, каб паліць там сыноў сваіх у агні цэласпаленьняў для Баала, чаго Я не загадваў і не гаварыў, і гэта не прыходзіла ў сэрца Маё.
6 Дзеля гэтага, вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і больш ня будзе называцца месца гэтае Тафэт і даліна Бэн-Гінном, але [назавецца] Даліна забойства.
7 І Я зьнішчу раду Юды і Ерусаліму на месцы гэтым, і яны ўпадуць ад мяча перад абліччам ворагаў іхніх і ад рукі тых, якія шукаюць душы іхняй. І Я дам целы іхнія на жыраваньне птушкам нябесным і зьвярам зямным,
8 і зраблю народ гэты пустэчаю і насьмешкаю. Кожны, хто будзе паўз яго праходзіць, аслупянее і засьвішча дзеля ўсіх ранаў ягоных.
9 І Я зраблю, што яны будуць есьці целы сыноў сваіх і целы дочак сваіх, і кожны будзе есьці цела бліжняга свайго ў аблозе і прыгнёце, якім будуць прыгнятаць іх ворагі іхнія, і тыя, якія шукаюць душу іхнюю”.
10 І ты разьбі збан перад вачыма мужчынаў, якія пойдуць з табой,
11 і скажы ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Я гэтак разаб’ю народ гэты і горад гэты, як разьбіваецца посуд ганчара, які ня можа ўжо быць напраўлены. Будуць хаваць у Тафэце, таму што ня будзе месца на пахаваньне.
12 Я так зраблю месцу гэтаму, кажа ГОСПАД, і жыхарам ягоным, што горад гэты будзе такім, як Тафэт.
13 І стануцца дамы Ерусаліму і дамы валадароў Юды нячыстымі, як месца Тафэт, усе дамы, на дахах якіх палілі кадзіла для моцаў нябесных і складалі ахвяры вадкія для іншых багоў”».
14 І прыйшоў Ярэмія з Тафэту, куды яго паслаў ГОСПАД прарочыць, і стаў на панадворку Дома ГОСПАДА, кажучы ўсяму народу:
15 «Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я навяду на горад гэты і на ўсе паселішчы ўсялякія беды, якія прамаўляў супраць іх, бо яны зрабілі цьвёрдым карак свой, каб ня слухаць словаў Маіх».
Разьдзел 20
1 І пачуў Пашхур, сын Імэра, сьвятар, які быў начальнікам і наглядчыкам над Домам ГОСПАДА, Ярэмію, які прарочыў словы гэтыя.
2 І загадаў Пашхур біць прарока Ярэмію і закуць яго ў калоду, якая [была] ў верхняй браме Бэн’яміна, у Доме ГОСПАДА.
3 І сталася назаўтра, што вызваліў Пашхур Ярэмію з калоды. І сказаў яму Ярэмія: «Не Пашхур называе цябе ГОСПАД, але Магор-Місавіў.
4 Бо гэта кажа ГОСПАД: “Вось, Я зраблю цябе страхоцьцем для цябе і для ўсіх, хто любіць цябе. Яны ўпадуць ад мяча ворагаў сваіх, а вочы твае будуць глядзець на гэта! Усяго Юду Я выдам у рукі валадара Бабілону, і ён павядзе іх у няволю ў Бабілон, і будзе забіваць іх мячом.
5 І Я аддам усе багацьці гораду гэтага, увесь набытак ягоны і ўсе каштоўнасьці ягоныя, і ўсе скарбы валадароў Юды Я аддам у рукі ворагаў іхніх, каб іх зрабавалі, і забралі, і вывезьлі ў Бабілон.
6 А ты, Пашхур, і ўсе хатнія дому твайго пойдзеце ў палон. І ты пойдзеш у Бабілон, і там памрэш, і будзеш пахаваны ты і ўсе, хто любіць цябе, якім ты прарочыў фальшыва”».
7 «Ты зьвёў мяне, ГОСПАДЗЕ, і я быў зьведзены, Ты дужэйшы [за мяне] і перамог мяне, я стаўся пасьмешышчам увесь дзень, усе зьдзекуюцца з мяне.
8 Бо колькі разоў прамаўляю, крычу і клічу: “Гвалт і зьнішчэньне”. І слова ГОСПАДА сталася для мяне зьнявагай і насьмешкай увесь дзень.
9 І я сказаў: “Ня буду ўзгадваць Яго, і ня буду больш прамаўляць у імя Ягонае!” І стаўся ў сэрцы маім нібы агонь, які палае, што замкнуты ў костках маіх, і я змучыўся трымаць яго, і ня мог.
10 Я чуў абмовы ад многіх: “Жах навокал! Паведаміце, і мы паведамім пра яго!” Усе людзі, якія ў міры са мною, чакаюць падзеньня майго: “Можа, ён будзе падмануты і мы пераможам яго, і адпомсьцім яму”.
11 Але ГОСПАД са мною як волат магутны; таму тыя, што перасьледуюць мяне, спатыкнуцца і не перамогуць, моцна асаромяцца, бо не даб’юцца посьпеху, [атрымаюць] ганьбу вечную, якая не забудзецца.
12 А Ты, ГОСПАД Магуцьцяў, выспрабоўваеш праведніка і бачыш ныркі і сэрца. Няхай я ўбачу помсту Тваю над імі, бо Табе адкрыў я справу маю.
13 Сьпявайце ГОСПАДУ, хваліце ГОСПАДА, бо Ён збавіў душу беднага з рукі злачынцаў.
14 Пракляты той дзень, у якім я нарадзіўся, дзень, у якім нарадзіла мяне маці мая, няхай ня будзе ён дабраслаўлёны.
15 Пракляты той чалавек, які паведаміў бацьку майму, кажучы: “Нарадзіўся ў цябе сын, хлопец”, і радасьцю ўзрадаваў яго.
16 Няхай будзе той чалавек як гарады, якія зьнішчыў ГОСПАД і не пашкадаваў! Няхай чуе ён крык раніцай і гармідар [ваенны] апоўдні,
17 за тое, што не забіў мяне ва ўлоньні [маці], каб сталася для мяне маці мая магілай маёй, а ўлоньне ейнае было цяжарным вечна.
18 Навошта я выйшаў з улоньня [маці]? Каб бачыць гора і смутак, і скончыць дні мае ў ганьбе?»
Разьдзел 21
1 Слова, якое было да Ярэміі ад ГОСПАДА, калі валадар Сэдэкія паслаў да яго Пашхура, сына Малькія, і сьвятара Сафонію, сына Маасэі, кажучы:
2 «Парайся, просім, у імя нашае ў ГОСПАДА, бо Навухаданосар, валадар Бабілону, ваюе супраць нас. Можа, ГОСПАД учыніць для нас цуды Свае, і ён адступіць ад нас».
3 І сказаў ім Ярэмія: «Так адкажыце Сэдэкіі:
4 “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Вось, Я адвярну назад прылады ваенныя, якія ў руках вашых і якімі вы ваюеце з валадаром Бабілонскім і з Халдэйцамі, што аблягаюць вас звонку муроў, і зьбяру іх у сярэдзіне гораду гэтага.
5 І Я буду ваяваць супраць вас рукою ўзьнятаю і рамяном дужым, з гневам, ярасьцю і абурэньнем вялікім.
6 І Я ўдару жыхароў гораду гэтага, і чалавека, і жывёлу; паўміраюць яны ад пошасьці вялікай.
7 А пасьля гэтага, кажа ГОСПАД, Я выдам Сэдэкію, валадара Юды, слугаў ягоных і народ, і тых, хто застанецца ў горадзе гэтым пасьля заразы, мяча і голаду, у рукі Навухаданосара, валадара Бабілонскага, і ў рукі ворагаў іхніх, і ў рукі тых, якія шукаюць душы іхняй, і ён заб’е іх вострывам мяча, і не памілуе іх, і ня будзе шкадаваць іх, і ня будзе мець літасьці”.
8 А народу гэтаму скажы: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я стаўлю перад абліччам вашым шлях жыцьця і шлях сьмерці.
9 Хто застанецца ў горадзе гэтым, памрэ ад мяча, голаду і пошасьці. А хто выйдзе і патрапіць да Халдэйцаў, якія аблягаюць вас, будзе жыць і атрымае, як здабычу, душу сваю.
10 Бо Я зьвярнуў аблічча Маё на горад гэты на злое, а не на добрае, кажа ГОСПАД. Ён будзе выдадзены ў рукі валадара Бабілонскага, і той спаліць яго агнём”.
11 Адносна дому валадара Юды слухайце слова ГОСПАДА:
12 “Доме Давіда, гэта кажа ГОСПАД. Судзіце справядліва ад раніцы і вызваляйце прыгнечанага з рукі крыўдзіцеля! Бо іначай гнеў Мой разгарыцца як агонь, і будзе гарэць, і ніхто ня зможа патушыць яго з прычыны ліхіх учынкаў вашых.
13 Вось, Я супраць цябе, жыхарка даліны, скала на раўніне, кажа ГОСПАД. Вы гаворыце: “Хто прыйдзе на нас, і хто ўвойдзе ў памяшканьні нашыя?”
14 Я пакараю вас паводле пладоў учынкаў вашых, кажа ГОСПАД, і запалю агонь у лесе ягоным, і ён праглыне ўсё вакол яго”».
Разьдзел 22
1 «Гэта кажа ГОСПАД. Зыйдзі ў дом валадара Юды і прамоў там слова гэтае.
2 І скажаш: “Слухай слова ГОСПАДА, ты, валадар Юды, які сядзіш на пасадзе Давіда, ты, і слугі твае, і народ твой, які ўваходзіць у брамы гэтыя.
3 Гэта кажа ГОСПАД. Чыніце суд і праведнасьць, вызваляйце прыгнечанага з рукі крыўдзіцеля, і чужынца, сірату і ўдаву не прыгнятайце. Не рабіце гвалту і крыві нявіннай не пралівайце ў месцы гэтым.
4 Бо калі вы, выконваючы, выканаеце слова гэтае, будуць уваходзіць у брамы дому гэтага валадары, якія сядзяць на пасадзе Давіда і ўяжджаюць на калясьніцах і конях, яны, слугі іхнія і народ іхні.
5 А калі ня будзеце слухаць словаў гэтых, прысягаю на Сябе Самога, кажа ГОСПАД, дом гэты станецца руінай.
6 Бо гэта кажа ГОСПАД пра дом валадара Юды: «Ты для Мяне як Гілеад, вяршыня Лібану. Але Я зраблю з цябе пустыню, горад бязьлюдны.
7 Я падрыхтую супраць цябе нішчыцеляў, кожнага са зброяй ягонай, і яны зрэжуць найлепшыя кедры твае і кінуць у агонь».
8 І будуць праходзіць шмат народаў праз горад гэты, і скажа кожны бліжняму свайму: «Чаму зрабіў так ГОСПАД гораду гэтаму вялікаму?»
9 І адкажуць: «За тое, што яны пакінулі запавет ГОСПАДА, Бога свайго, і пакланяліся іншым багам, і служылі ім».
10 Ня плачце дзеля памёршага і не галасіце дзеля яго. Плачце, плачучы, дзеля таго, хто адыходзіць, бо ён ня вернецца ўжо і ня ўбачыць родную зямлю сваю.
11 Бо гэта кажа ГОСПАД пра Шальлюма, сына Ёсіі, валадара Юды, які заваладарыў пасьля Ёсіі, бацькі свайго і які выйшаў з месца гэтага: «Ён ня вернецца больш сюды.
12 Бо ў месцы, у якое завялі яго, там ён памрэ, і зямлі гэтай больш ня ўбачыць»”.
13 Гора таму, хто будуе дом свой на няправеднасьці, і сьвятліцы свае — на судзе несправядлівым, бліжняму свайму кажа працаваць задарма, і заробку ягонага не аддае яму.
14 Ён кажа: “Пабудую сабе дом прасторны і сьвятліцы шырокія”, і высякае вокны сабе, і ашалёўвае [дрэвам] кедровым, і малюе [фарбай] чырвонай.
15 Ці ты будзеш валадарыць, таму што жывеш у [доме] кедровым? Ці ж бацька твой ня еў і ня піў? Але ён чыніў суд і праведнасьць, і добра было яму.
16 Ён разьбіраў справу ўбогага і беднага, і добра было яму тады. Ці ж ня гэта [значыць] ведаць Мяне? — кажа ГОСПАД.
17 А вочы твае і сэрца тваё [прагнуць] толькі карысьці тваёй, каб праліваць кроў нявінную, каб чыніць крыўды і гвалты.
18 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды: “Ня будуць галасіць па ім: “Аёй, браце мой! Аёй, сястра мая!” Ня будуць галасіць па ім: “Аёй, пане! Аёй, яснавяльможны!”
19 Будзе ён пахаваны, як хаваюць асла. Выцягнуць яго і кінуць па-за брамамі Ерусаліму”.
20 Узыйдзі на Лібан і крычы, і на Башане ўзьнімі голас твой, і гукай з Абарыму, бо зьнішчаны ўсе, якія любілі цябе.
21 Я прамаўляў да цябе ў [час] бясьпекі тваёй, а ты адказаў: “Ня буду слухаць!” Гэта шлях твой ад юнацтва твайго, што ты ня слухаўся голасу Майго.
22 Усіх пастыраў тваіх будзе пасьвіць вецер, а тыя, што любілі цябе, пойдуць у няволю. Вось тады ты засаромішся і пачырванееш з прычыны ўсёй ліхоты тваёй.
23 Ты, што жывеш на Лібане і маеш гняздо на кедрах, як ты будзеш стагнаць, калі прыйдуць на цябе болі, як болі той, якая нараджае.
24 Як жывы Я, кажа ГОСПАД, калі б Ехонія, сын Егаякіма, валадар Юды, быў пярсьцёнкам на правай руцэ Маёй, нават адтуль Я сарву яго!
25 Я аддам цябе ў рукі тых, якія шукаюць душы тваёй, і ў рукі тых, абліччаў якіх ты баішся, у рукі Навухаданосара, валадара Бабілонскага, і ў рукі Халдэйцаў.
26 І Я выкіну цябе і маці тваю, якая нарадзіла цябе, у зямлю чужую, у якой вы не нарадзіліся, і там вы памрацё,
27 і ў зямлю, у якую прагнеце душою сваёй, каб вярнуцца, ня вернецеся.
28 Ці ж чалавек той, Ехонія, — [гэта] пасудзіна пагарджаная і пабітая? Ці ж ён — рэч, у якой ня маюць упадабаньня? Чаму адкінуты ён і насеньне ягонае, і выкінутыя ў зямлю, якой яны ня ведаюць?
29 Зямля, зямля, зямля! Слухай слова ГОСПАДА!
30 Гэта кажа ГОСПАД: “Запішыце чалавека гэтага як мужчыну, пазбаўленага патомства, якому няма шчасьця ў днях ягоных, бо ня будзе мець шчасьця ніхто з насеньня ягонага, каб сядзець на пасадзе Давіда і панаваць у Юдзе”».
Разьдзел 23
1 «Гора пастырам, якія губяць і разганяюць авечак статку Майго, кажа ГОСПАД.
2 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля пра пастыраў, якія пасьвяць народ Мой: “Вы расьцярушылі авечак Маіх, і разагналі іх, і ня рупіліся пра іх. Вось, Я наведаю вас за ліхоту ўчынкаў вашых, кажа ГОСПАД.
3 І Я зьбяру рэшту авечак Маіх з усіх земляў, у якія Я выгнаў іх, і вярну іх на пашы іхнія, і будуць яны расьці, і памножацца.
4 І Я пастаўлю над імі пастыраў, і яны будуць пасьвіць іх; і ня будуць яны больш палохацца і баяцца, і ня будуць загубленыя, кажа ГОСПАД.
5 Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я вырашчу Давіду Парастак праведны, і будзе валадарыць Валадар, і Ён будзе справядлівы, і Ён будзе чыніць суд і праведнасьць на зямлі.
6 У дні Ягоныя будзе збаўлены Юда, і Ізраіль будзе жыць бясьпечна. А гэта імя Ягонае, якім назавуць Яго: «ГОСПАД — праведнасьць нашая».
7 Дзеля гэтага вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і ня будуць больш казаць: «Як жывы ГОСПАД, Які вывеў сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай!»,
8 але: «Як жывы ГОСПАД, Які вывеў і прывёў насеньне дому Ізраіля з зямлі паўночнай і з усіх земляў, у якія выгнаў іх, і будуць яны жыць у зямлі сваёй»”».
9 Пра прарокаў. «Разрываецца сэрца маё ў нутры маім, дрыжаць усе косткі мае. Я стаўся, як п’яны, як муж, які перапоўнены віном з прычыны ГОСПАДА і сьвятых словаў Ягоных.
10 Бо зямля напоўнена чужаложнікамі, бо з прычыны праклёну ў жалобе ўся зямля, высахлі пашы ў пустыні, і хада іхняя сталася ліхой, і сіла іхняя — у няправасьці.
11 Бо і прарок, і сьвятар сапсаваныя, і нават у Доме Маім знайшоў Я ліхоту іхнюю, кажа ГОСПАД.
12 Дзеля гэтага шлях іхні будзе сьлізкі для іх, у цемры будуць спатыкацца і ўпадуць, бо Я прывяду на іх ліха ў год наведваньня іхняга, кажа ГОСПАД.
13 І сярод прарокаў Самарыі Я бачыў бязглуздасьць, яны прарочылі ў [імя] Баала і падманвалі народ Мой, Ізраіля.
14 І ў прарокаў Ерусаліму Я бачыў брыдоту, чужалоства і хаджэньне ў хлусьні, яны ўмацоўваюць рукі злачынцаў, каб ніхто не навярнуўся ад ліхоты сваёй. Сталіся яны ўсе для Мяне, як Садом, і жыхары ягоныя, як Гамора.
15 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў пра прарокаў гэтых: “Вось, Я накармлю іх палыном і напаю іх вадою атрутнаю, бо ад прарокаў Ерусалімскіх выйшла бязбожнасьць на ўсю зямлю гэтую”.
16 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Ня слухайце словаў прарокаў, якія прарочаць вам. Яны зводзяць вас; прамаўляюць прыдумкі сэрца свайго, а ня [слова] з вуснаў ГОСПАДА.
17 Яны, кажучы, кажуць тым, якія абражаюць Мяне: “Прамовіў ГОСПАД. Будзе мір вам”. І кожнаму, хто ходзіць у зацьвярдзеласьці сэрца свайго, кажуць: “Ня прыйдзе да вас зло”.
18 Бо хто стаяў на нарадзе ў ГОСПАДА, і бачыў, і чуў словы Ягоныя? Хто прыслухоўваўся да слова Ягонага і пачуў?
19 Вось, бура ад ГОСПАДА, лютасьць выходзіць, і віхор шалее і спадае на галаву бязбожнікаў.
20 Ня вернецца гнеў ГОСПАДА, пакуль Ён ня зьдзейсьніць і пакуль ня выканае намераў сэрца Свайго. У апошнія дні зразумееце гэта ў поўні.
21 Я не пасылаў прарокаў гэтых, а яны [самі] пабеглі. Я не прамаўляў да іх, а яны прарочаць.
22 Калі б яны стаялі на нарадзе Маёй, яны б абвесьцілі словы Мае народу Майму і адвярнулі б іх ад ліхога шляху іхняга і ад ліхоты ўчынкаў іхніх.
23 Ці ж Я — Бог, [калі Я] блізка, кажа ГОСПАД, а ня Бог, [калі Я] далёка?
24 Калі чалавек схаваецца ў схове, ці ж Я ня ўбачу яго? — кажа ГОСПАД. Ці ж Я не напаўняю неба і зямлю? — кажа ГОСПАД.
25 Я чуў, што кажуць прарокі, прарочачы ў імя Маё хлусьню і кажучы: “Меў я сон, меў я сон”.
26 Як доўга будзе [гэта] ў сэрцы прарокаў, якія прарочаць хлусьню і праракуюць прыдумкі сэрца свайго?
27 Яны задумалі зрабіць, каб праз сны іхнія, якія яны распавядаюць адзін аднаму, народ Мой забыўся на імя Маё, як забыліся бацькі іхнія на імя Маё з прычыны Баала.
28 Прарок, які мае сон, няхай распавядае сон, а хто мае слова Маё, той няхай абвяшчае слова Маё праўдзіва! Што [мае] салома з зернем? — кажа ГОСПАД.
29 Ці ж словы Мае ня ёсьць, як агонь, кажа ГОСПАД, і быццам молат, які крышыць скалу?
30 Дзеля гэтага Я — супраць прарокаў, кажа ГОСПАД, якія крадуць адзін у аднаго слова Маё.
31 Вось, Я — супраць прарокаў, кажа ГОСПАД, якія карыстаюцца языком сваім і прарочаць, нібы кажа [Бог].
32 Вось, Я — супраць прарокаў са снамі фальшывымі, кажа ГОСПАД, яны распавядаюць іх і падманваюць народ Мой хлусьнёй сваёй і махлярствам сваім. Я не пасылаў іх і не загадваў ім; і няма ад іх карысьці для народу гэтага, кажа ГОСПАД.
33 Калі народ гэты, або прарокі, або сьвятар спытаюцца ў цябе, кажучы: “Які цяжар ад ГОСПАДА?”, адкажаш ім: “Вы — цяжар, і Я адкінуў вас, кажа ГОСПАД”.
34 І прарока, і сьвятара, і народ гэты, які кажа: “Цяжар ад ГОСПАДА”, Я пакараю, і яго самога, і дом ягоны.
35 Гэта будзе казаць кожны бліжняму свайму і кожны брату свайму: “Што адказаў ГОСПАД?”, або: “Што прамовіў ГОСПАД?”
36 І ня ўзгадвайце больш пра “цяжар ад ГОСПАДА”, бо [таму, хто кажа так,] станецца цяжарам кожнае слова ягонае, бо вы перакруцілі словы Бога жывога, ГОСПАДА Магуцьцяў, Бога нашага.
37 Гэтак скажаш прароку: “Што адказаў табе ГОСПАД?”, і: “Што прамовіў ГОСПАД?”
38 А калі вы скажаце “Цяжар ад ГОСПАДА”, тады гэта кажа ГОСПАД: “За тое, што вы кажаце слова гэтае “Цяжар ад ГОСПАДА”, а Я паслаў да вас, кажучы: “Не кажыце: «Цяжар ГОСПАДА»”,
39 вось, Я падымаючы, падыму вас і выкіну ад аблічча Майго вас і горад, які Я даў вам і бацькам вашым,
40 і аддам вас на сорам вечны і на ганьбу вечную, якая ня будзе забытая”».
Разьдзел 24
1 ГОСПАД паказаў мне, і вось, два кашы фігаў пастаўлены перад сьвятыняй ГОСПАДА пасьля таго, як Навухаданосар, валадар Бабілонскі, вывеў з Ерусаліму Ехонію, сына Егаякіма, валадара Юды, і рамесьнікаў, і кавалёў, і завёў іх у Бабілон.
2 У адным кашы фігі вельмі добрыя, фігі раньнія, а ў другім кашы фігі вельмі кепскія, якія нельга есьці, бо яны сапсутыя.
3 І сказаў мне ГОСПАД: «Што ты бачыш, Ярэмія?» І я сказаў: «Фігі. Фігі добрыя, вельмі добрыя, і кепскія, вельмі кепскія, якія нельга есьці, бо яны сапсутыя».
4 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
5 «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Як на гэтыя фігі добрыя, так Я гляджу на выгнанцаў Юды, якіх Я выслаў з месца гэтага ў зямлю Халдэйцаў, дзеля дабра [для іх].
6 І Я зьвярну вочы Мае на іх дзеля дабра іхняга, і вярну іх у зямлю гэтую, і адбудую іх, і не зруйную, і пасаджу іх, і ня вырву.
7 І дам ім сэрца, каб ведалі Мяне, што Я — ГОСПАД, і яны будуць для Мяне народам, а Я буду для іх Богам, бо яны навернуцца да Мяне ўсім сэрцам сваім.
8 І як фігі кепскія, якія нельга есьці, бо яны сапсутыя, кажа ГОСПАД, так Я аддам Сэдэкію, валадара Юды, і князёў ягоных, і рэшту Ерусаліму, тых, якія засталіся ў зямлі гэтай, і жыхароў зямлі Эгіпецкай,
9 аддам іх на страхоцьце і на ліхоцьце для ўсіх валадарстваў зямлі, на ганьбу і на показку, на пасьмешышча і на праклён на ўсякім месцы, куды Я выганю іх.
10 І Я пашлю на іх меч, голад і пошасьць, пакуль яны ня будуць зьнішчаныя з аблічча зямлі, якую Я даў ім і бацькам іхнім».
Разьдзел 25
1 Слова, якое было Ярэміі пра ўвесь народ Юды ў чацьвёртым годзе Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, гэта значыць, у першым годзе Навухаданосара, валадара Бабілону,
2 якое Ярэмія прамовіў пра ўвесь народ Юды і пра ўсіх жыхароў Ерусаліму, кажучы:
3 «Ад трынаццатага году Ёсіі, сына Амона, валадара Юды, аж да дня гэтага, гэта значыць дваццаць тры гады, было слова ГОСПАДА да мяне, і я прамаўляў да вас, устаючы ноччу, прамаўляў, а вы ня слухалі.
4 І паслаў ГОСПАД да вас усіх слугаў Сваіх, прарокаў, устаючы ноччу і пасылаючы, але вы ня слухалі, і не прыхілялі вушэй вашых, каб пачуць.
5 І яны казалі: “Адвярніцеся кожны ад шляху свайго ліхога і ад ліхоты ўчынкаў вашых, і жывіце ў зямлі, якую даў ГОСПАД вам і бацькам вашым адвеку і на вякі.
6 І не хадзіце за багамі чужымі, каб служыць ім і пакланяцца ім, і не гнявіце Мяне справамі рук вашых, і Я не прывяду на вас няшчасьце.
7 Але вы не паслухалі Мяне, кажа ГОСПАД, каб не гнявіць Мяне справамі рук вашых на ліха для вас.
8 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “За тое, што вы не паслухалі словаў Маіх,
9 вось, Я пашлю і зьбяру ўсе плямёны поўначы, кажа ГОСПАД, і Навухаданосара, валадара Бабілону, слугу Майго. І Я прывяду іх на зямлю гэтую, і на жыхароў ейных, і на ўсе народы навокал, і зраблю іх закляцьцем, і ўчыню іх страхоцьцем, і пасьмешышчам, і руінай вечнай.
10 І Я зьнішчу ў іх голас вясёласьці і гоман радасьці, голас жаніха і голас нявесты, грукат жорнаў і сьвятло лямпы.
11 І станецца ўся зямля гэтая руінаю і пусткаю, і будзе пакінутая, і будуць служыць народы гэтыя валадару Бабілонскаму семдзясят гадоў.
12 І станецца, калі споўніцца семдзясят гадоў, Я пакараю валадара Бабілонскага і народ гэты, кажа ГОСПАД, за беззаконьні іхнія, і зямлю Халдэйцаў, і зраблю яе пустэчай вечнай.
13 І, выконваючы, выканаю на зямлі гэтай усе словы Мае, якія Я прамовіў супраць яе; усё, што напісана ў кнізе гэтай, што прарочыў Ярэмія адносна ўсіх народаў.
14 Бо зьняволяць іх народы шматлікія і валадары вялікія, і Я аднагароджу ім паводле ўчынкаў іхніх, паводле справаў рук іхніх”.
15 Бо гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля да мяне: “Вазьмі з рукі Маёй келіх віна гневу гэтага і дай яго піць усім народам, да якіх Я пасылаю цябе.
16 І яны будуць піць, і будуць хістацца, і ашалеюць перад абліччам мяча, які Я пашлю супраць іх”.
17 І я ўзяў келіх з рукі ГОСПАДА, і напаіў усе народы, да якіх паслаў мяне ГОСПАД,
18 Ерусалім і гарады Юды, валадароў іхніх і князёў іхніх, каб зрабіць іх руінамі, на аслупяненьне, на пасьмешышча і на праклён, як гэта ёсьць сёньня;
19 фараона, валадара Эгіпецкага, і слугаў ягоных, князёў ягоных і ўвесь народ ягоны,
20 і ўсе разнастайныя [народы] і ўсіх валадароў зямлі Уц, усіх валадароў зямлі Філістынскай, Ашкелён, Газу, Экрон, і рэшту Ашдоду,
21 Эдом, Мааў і сыноў Амона,
22 усіх валадароў Тыру і ўсіх валадароў Сідону, усіх валадароў астравоў, якія на тым баку мора,
23 Дэдана і Тэму, Буза і ўсіх, якія стрыгуць валасы на скронях;
24 усіх валадароў Арабіі, усіх валадароў разнастайных народаў, якія жывуць у пустыні;
25 усіх валадароў Зімры, усіх валадароў Эляму і ўсіх валадароў Мадаю,
26 усіх валадароў поўначы, блізкіх і далёкіх, адных за другім; і ўсе валадарствы, якія на абліччы зямлі, а валадар Шэшаху будзе піць пасьля іх.
27 І ты скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Піце, і напівайцеся, і ванітуйце, і падайце, і не ўставайце перад абліччам мяча, які Я пашлю супраць вас”.
28 І станецца, калі яны ня будуць хацець узяць келіх з рукі тваёй, каб піць, ты скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. П’ючы, піць будзеце!
29 Бо вось, у горадзе, над якім клікалі імя Маё, Я пачынаю чыніць зло, а вы мелі б застацца без пакараньня? Не застанецеся без пакараньня, бо Я клічу меч супраць усіх жыхароў зямлі, кажа ГОСПАД Магуцьцяў”.
30 А ты будзеш прарочыць ім усе словы гэтыя і скажаш ім: “ГОСПАД грыміць з вышыняў, з Сялібы Сваёй сьвятой дае голас Свой, грымотамі грыміць супраць паселішчаў Сваіх, падымае крык, як выціскачы [віна], адказвае да ўсіх жыхароў зямлі.
31 Даходзіць гармідар аж да канцоў зямлі, бо ГОСПАД вядзе спрэчку з народамі, кліча на суд кожнае цела, злачынцаў аддае пад меч, кажа ГОСПАД”.
32 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Вось, гора пераходзіць з народу да народу, і бура вялікая прачынаецца з канцоў зямлі.
33 І будуць забітыя ГОСПАДАМ у дзень гэты ад канца зямлі да канца зямлі, ніхто ня будзе [па іх] плакаць, ані зьбіраць іх, ані хаваць іх; і стануцца яны, як гной на абліччы зямлі.
34 Лямантуйце, пастыры, і галасіце! Качайцеся ў пыле, пастухі авечак, бо надыйшлі дні зарэзу вашага і расьцярушаньня вашага, і вы ўпадзеце, як начыньне каштоўнае.
35 І ня будзе схову для пастыраў, і ня будзе ратунку для пастухоў авечак.
36 [Чутны] голас крыку пастыраў і лямант пастухоў авечак, бо ГОСПАД пустошыць статак іхні.
37 І нішчацца пашы спакойныя перад абліччам полымя гневу ГОСПАДА.
38 Ён пакінуў як леў сховішча сваё, бо зямля Ягоная сталася пусткаю з прычыны ярасьці прыгнятальніка, з прычыны полымя гневу [Госпада]”».
Разьдзел 26
1 На пачатку валадараньня Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, было слова гэтае ад ГОСПАДА, кажучы:
2 «Гэта кажа ГОСПАД. Стань на панадворку Дому ГОСПАДА і прамаўляй да [жыхароў] усіх гарадоў Юды, якія прыходзяць у Дом ГОСПАДА пакланіцца, усе словы, якія Я загадаў табе казаць, не абміні ані слова!
3 Можа, яны паслухаюць і адвернуцца кожны ад шляху свайго ліхога, і Я пашкадую [ўчыніць] зло, якое Я задумаў зрабіць ім з прычыны ліхоты ўчынкаў іхніх.
4 І скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД. Калі вы не паслухаеце Мяне, каб хадзіць паводле Закону Майго, які Я паставіў перад абліччам вашым,
5 каб слухаць словы слугаў Маіх прарокаў, якіх Я пасылаў да вас, устаючы ўначы і пасылаючы, але вы ня слухалі.
6 І Я зраблю з домам гэтым, як з Шыло, і горад гэты дам на праклён усім народам зямлі”».
7 І чулі сьвятары, і прарокі, і ўвесь народ Ярэмію, які прамаўляў словы гэтыя ў Доме ГОСПАДА.
8 І сталася, калі Ярэмія скончыў прамаўляць усё, што загадаў яму ГОСПАД прамовіць да ўсяго народу, схапілі яго сьвятары, і прарокі, і ўвесь народ, кажучы: «Ты сьмерцю памрэш!
9 Навошта ты прарочыў у імя ГОСПАДА, кажучы: “Як Шыло будзе Дом гэты, і горад гэты будзе зруйнаваны і [будзе] бязьлюдным”?» І ўвесь народ сабраўся супраць Ярэміі ў Доме ГОСПАДА.
10 І пачулі князі Юды словы гэтыя, і выйшлі з дому валадара ў Дом ГОСПАДА, і селі каля ўваходу Новай Брамы [ў Доме] ГОСПАДА.
11 І сказалі сьвятары і прарокі да князёў і да ўсяго народу, кажучы: «Прысуд сьмерці для чалавека гэтага, бо ён прарочыў супраць гораду гэтага, як [гэта] вы чулі ў вушах вашых».
12 І сказаў Ярэмія да ўсіх князёў і да ўсяго народу: «ГОСПАД паслаў мяне, каб прарочыць супраць Дому гэтага і супраць гораду гэтага ўсе словы, якія вы чулі.
13 І цяпер выпраўце шляхі вашыя і ўчынкі вашыя, і слухайце голас ГОСПАДА, Бога вашага, і ГОСПАД пашкадуе [ўчыніць] ліха, якое Ён прамовіў супраць вас.
14 А я, вось, у руках вашых. Рабіце са мной, што добра і справядліва ў вачах вашых.
15 Толькі, ведаючы, ведайце, што калі вы заб’яцё мяне, кроў нявінную вы сьцягнеце на сябе, і на горад гэты, і на жыхароў ягоных, бо сапраўды паслаў мяне ГОСПАД да вас, каб прамовіць да вас усе словы гэтыя».
16 І сказалі князі і ўвесь народ да сьвятароў і да прарокаў: «Не для чалавека гэтага прысуд сьмерці, бо ён прамаўляў да нас у імя ГОСПАДА, Бога нашага».
17 І падняліся мужы спаміж старшыняў зямлі, і сказалі ўсёй царкве народу, кажучы:
18 «Міхей з Марэшэту прарочыў у дні Эзэкіі, валадара Юды, і ён казаў да ўсяго народу Юды, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Сыён будзе заараны як поле, Ерусалім станецца руінамі, а гара Дому [Божага] — узгоркам лясным”.
19 Ці сапраўды забіў яго Эзэкія, валадар Юды, і ўвесь Юда? Ці ж не спалохаўся ён ГОСПАДА і ці не маліў аблічча ГОСПАДА, і ГОСПАД пашкадаваў, і [не ўчыніў] зла, якое прамовіў супраць іх. А мы [хочам] учыніць зло вялікае адносна душаў нашых».
20 Быў таксама чалавек, які прарочыў у імя ГОСПАДА, Урыя, сын Шэмаі з Кірыят-Ярыму. Ён прарочыў супраць гораду гэтага і супраць зямлі гэтай [словамі], як усе словы Ярэміі.
21 І пачулі валадар Егаякім і ўсе магнаты ягоныя, і ўсе князі словы ягоныя; і валадар шукаў, каб забіць яго. І пачуў Урыя пра гэта, і спалохаўся, і ўцёк, і прыйшоў у Эгіпет.
22 І паслаў валадар Егаякім у Эгіпет Эльнатана, сына Ахбора, і людзей з ім у Эгіпет.
23 І яны вывелі Урыю з Эгіпту, і прывялі да валадара Егаякіма, і той ударыў яго мячом, і парэшткі ягоныя ўкінуў у магілу сыноў народу.
24 Аднак рука Ахікама, сына Шафана, была з Ярэміем, каб ня быў ён аддадзены ў рукі народу, каб забілі яго.
Разьдзел 27
1 На пачатку валадараньня Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:
2 «Гэта сказаў мне ГОСПАД. Зрабі сабе путы і ярмо, і ўзлажы сабе на шыю.
3 І пашлі іх да валадара Эдому, і валадара Мааву, і валадара сыноў Амона, і валадара Тыру, і валадара Сідону праз рукі пасланцоў, якія ўвайшлі ў Ерусалім да Сэдэкіі, валадара Юды.
4 І загадаеш ім [перадаць] для паноў іхніх, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Так маеце сказаць панам вашым:
5 «Я ўчыніў зямлю, чалавека і жывёлу, якія на абліччы зямлі, сілай Маёй вялікай і рамяном Маім узьнятым; і Я даю яе таму, хто правы ў вачах Маіх.
6 І цяпер Я аддаў усе землі гэтыя ў рукі Навухаданосара, валадара Бабілонскага, слугі Майго. Я аддаю яму таксама зьвяроў палявых, каб служылі яму.
7 І будуць служыць усе народы яму, і сыну ягонаму, і сыну сына ягонага, пакуль ня прыйдзе час таксама для зямлі ягонай, і зьняволяць яе народы шматлікія і валадары вялікія.
8 І станецца, што валадарствы, якія ня будуць служыць Навухаданосару, валадару Бабілонскаму, і якія ня схіляць карку свайго пад ярмо валадара Бабілонскага, Я наведаю народы гэтыя мячом, голадам і заразай, кажа ГОСПАД, аж пакуль не [ўчыню] канец ім у руках ягоных.
9 І вы ня слухайце прарокаў вашых, і варажбітоў вашых, і сноў вашых, і прадказальнікаў вашых, і чараўнікоў вашых, якія вам гавораць, кажучы: “Ня будзеце служыць валадару Бабілонскаму”.
10 Бо яны прарочаць вам хлусьню, каб выгнаць вас з зямлі вашай, і Я вас выганю, і вы пагінеце.
11 А народ, які схіліць карак свой пад ярмо валадара Бабілонскага і будзе служыць яму, Я пакіну яго ў зямлі ягонай, кажа ГОСПАД, і ён будзе абрабляць яе і будзе жыць на ёй»”.
12 І да Сэдэкіі, валадара Юды, Я прамовіў паводле ўсіх словаў гэтых, кажучы: “Скарыце каркі свае пад ярмо валадара Бабілонскага, і служыце яму і народу ягонаму, і будзеце жыць.
13 Дзеля чаго вы маеце паміраць, ты і народ твой, ад мяча, голаду і заразы, як гэта прамовіў ГОСПАД пра народ, які ня будзе служыць валадару Бабілонскаму?
14 І ня слухайце словы прарокаў, якія кажуць: “Ня будзеце служыць валадару Бабілонскаму”, бо яны прарочаць вам хлусьню.
15 Бо Я не пасылаў іх, кажа ГОСПАД, і яны прарочаць у імя Маё хлусьню, каб Я выгнаў вас, і пагінеце вы і прарокі, якія прарочаць вам [гэта]”.
16 І да сьвятароў і да народу гэтага Я прамовіў, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД. Ня слухайце словы прарокаў вашых, якія прарочаць вам: “Вось, начыньне Дому ГОСПАДА цяпер вернецца хутка з Бабілону”, бо яны прарочаць вам хлусьню.
17 Ня слухайце іх, служыце валадару Бабілонскаму, і будзеце жыць. Навошта горад гэты мае стацца руінамі?
18 А калі яны [сапраўды] прарокі і слова ГОСПАДА з імі, няхай яны заступаюцца ў ГОСПАДА Магуцьцяў, каб начыньне, якое засталося ў Доме ГОСПАДА, і ў доме валадара Юды, і ў Ерусаліме, не перайшло ў Бабілон.
19 Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў пра слупы, пра мора мядзянае, пра падставы і пра рэшту начыньня, якое засталося ў горадзе гэтым,
20 якое не забраў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, калі павёў у няволю з Ерусаліму ў Бабілон Ехонію, сына Егаякіма, валадара Юды, і ўсіх шляхетных Юды і Ерусаліму.
21 Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля, пра начыньне, якое засталося ў Доме ГОСПАДА, і ў доме валадара Юды, і ў Ерусаліме:
22 «Будзе яно перанесена ў Бабілон і там будзе аж да дня, у які Я наведаю іх, кажа ГОСПАД. І Я вазьму яго, і вярну на месца гэта»”».
Разьдзел 28
1 І сталася ў той год на пачатку валадараньня Сэдэкіі, валадара Юды, у чацьвёртым годзе, у пятым месяцы сказаў мне Хананія, сын Азура, прарок, які з Гібэону, у Доме ГОСПАДА перад вачыма сьвятароў і ўсяго народу, кажучы:
2 «Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Я зламлю ярмо валадара Бабілонскага.
3 На працягу двух гадоў Я вярну на месца гэтае ўсё начыньне Дому ГОСПАДА, якое забраў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, з месца гэтага, і вывез у Бабілон.
4 І Ехонію, сына Егаякіма, валадара Юды, і ўсіх выгнанцаў з Юды, якія пайшлі ў Бабілон, Я прывяду на месца гэтае, кажа ГОСПАД, бо Я зламлю ярмо валадара Бабілонскага».
5 І сказаў прарок Ярэмія прароку Хананіі перад вачыма сьвятароў і перад вачыма ўсяго народу, які стаяў у Доме ГОСПАДА.
6 І сказаў прарок Ярэмія: «Амэн! Няхай так зробіць ГОСПАД! Няхай ГОСПАД споўніць слова тваё, якое ты прарочыў, вяртаючы начыньне з Дому ГОСПАДА і ўсіх выгнаных у няволю з Бабілону на месца гэтае!
7 Паслухай, аднак, слова гэтае, якое я прамаўляю ў вушы твае і ў вушы ўсяго народу.
8 Прарокі, якія былі перада мной і перад табой ад вякоў прарочылі супраць земляў шматлікіх і супраць валадарстваў вялікіх, [кажучы] пра вайну, гора і заразу.
9 Прарок, які прарочыць пра супакой, калі споўніцца слова прарочае, будзе прызнаны за прарока праўдзівага, якога паслаў ГОСПАД».
10 І ўзяў прарок Хананія ярмо з шыі Ярэміі прарока, і паламаў яго.
11 І сказаў Хананія перад вачыма ўсяго народу, кажучы: «Гэта кажа ГОСПАД. Гэтаксама Я зламлю ярмо Навухаданосара, валадара Бабілонскага, [якое] на шыі ўсіх народаў, на працягу двух гадоў». І пайшоў Ярэмія прарок сваёй дарогай.
12 І было слова ГОСПАДА да Ярэміі пасьля таго, як паламаў прарок Хананія ярмо з шыі Ярэміі прарока, кажучы:
13 «Ідзі і скажы Хананіі, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД. Ты паламаў ярмо драўлянае, але Я падрыхтаваў замест яго ярмо жалезнае.
14 Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Я ўскладу ярмо жалезнае на шыі ўсіх народаў гэтых, каб яны, служачы, служылі Навухаданосару, валадару Бабілонскаму, і таксама зьвяроў палявых падпарадкую яму”».
15 І сказаў прарок Ярэмія прароку Хананіі: «Слухай, Хананія! Не паслаў цябе ГОСПАД, але ты дазволіў народу гэтаму мець надзею на хлусьню.
16 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: “Вось, Я выкіну цябе з аблічча зямлі. Ты памрэш у гэтым годзе, бо ты абвясьціў бунт супраць ГОСПАДА”».
17 І памёр Хананія прарок у гэтым годзе, у сёмым месяцы.
Разьдзел 29
1 А гэта словы ліста, які Ярэмія прарок паслаў з Ерусаліму да рэшты старшыняў, якія на выгнаньні, і да сьвятароў, да прарокаў і да ўсяго народу, які Навухаданосар вывеў у няволю з Ерусаліму ў Бабілон,
2 пасьля выхаду з Ерусаліму валадара Ехоніі, маці валадара, эўнухаў і князёў Юды і Ерусаліму, кавалёў і рамесьнікаў з Ерусаліму.
3 [Ён паслаў яго] праз рукі Элеасы, сына Шафана, і Гемарыі, сына Хількіі, якіх паслаў Сэдэкія, валадар Юды, да Навухаданосара, валадара Бабілонскага, у Бабілон, кажучы:
4 «Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля, да ўсіх выгнаных у няволю, якіх Я выгнаў з Ерусаліму ў Бабілон.
5 Будуйце дамы і жывіце ў іх, садзіце сады і спажывайце плады іхнія.
6 Бярыце жонак і нараджайце сыноў і дачок, і бярыце жонак для сыноў вашых, і дачок вашых давайце мужам, каб яны нараджалі сыноў і дачок; і памнажайцеся там, і не зьмяншайцеся!
7 І клапаціцеся пра супакой для гораду, у які Я выгнаў вас, і маліцеся за яго да ГОСПАДА, бо ў супакоі ягоным будзе і для вас супакой.
8 Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Няхай ня зводзяць вас прарокі вашыя, якія сярод вас, і варажбіты вашыя; не зьвяртайце ўвагі на сны вашыя, якія вы сьніцё.
9 Бо яны прарочаць вам хлусьню ў імя Маё. Я не пасылаў іх, кажа ГОСПАД.
10 Бо гэта кажа ГОСПАД. Калі споўніцца для Бабілону семдзясят гадоў, Я наведаю вас і зьдзейсьню для вас добрае слова Маё, каб вярнуць вас на месца гэтае.
11 Бо Я ведаю намеры, якія Я маю адносна вас, кажа ГОСПАД, намеры супакою, а ня гора, каб даць вам будучыню і надзею.
12 Вы будзеце клікаць Мяне, і пойдзеце, і будзеце маліцца да Мяне, і Я выслухаю вас.
13 І будзеце шукаць Мяне, і знойдзеце, калі будзеце шукаць Мяне ўсім сэрцам вашым.
14 І Я буду знойдзены вамі, кажа ГОСПАД, і Я адмяню няволю вашую і зьбяру вас спасярод усіх народаў і з усіх месцаў, у якія Я выгнаў вас, кажа ГОСПАД, і вярну вас у месца, з якога Я выгнаў вас.
15 Бо вы кажаце: “Паставіў нам ГОСПАД прарокаў у Бабілоне!”
16 Але гэта кажа ГОСПАД да валадара, які сядзіць на пасадзе Давіда, і да ўсяго народу, які жыве ў горадзе гэтым, да братоў вашых, якія ня выйшлі з вамі на выгнаньне:
17 “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Вось, Я пашлю на іх меч, голад і заразу, і зраблю з імі так, як з сапсутымі фігамі, якія нельга есьці, бо яны сапсутыя.
18 І Я буду перасьледаваць іх мячом, голадам і заразай, і аддам іх на страхоцьце для ўсіх валадарстваў зямлі, на праклён, на аслупяненьне, на насьмешку і на ганьбу сярод усіх народаў, да якіх Я выгнаў іх,
19 за тое, што яны ня слухалі словаў Маіх, кажа ГОСПАД, якія Я пасылаў да іх праз слугаў Маіх прарокаў, устаючы ўначы і пасылаючы, а яны ня слухалі, кажа ГОСПАД”.
20 А вы, усе выгнанцы, якіх Я выгнаў з Ерусаліму ў Бабілон, слухайце слова ГОСПАДА.
21 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля, пра Ахава, сына Каляі, і Сэдэкію, сына Маасэі, якія прарочаць вам хлусьню ў імя Маё. Вось, Я аддам іх у рукі Навухаданосара, валадара Бабілонскага, і ён заб’е іх на вачах вашых.
22 І будзе ўзяты з іх [прыклад] праклёну для ўсіх выгнанцаў Юды, якія ў Бабілоне, [і будуць казаць], кажучы: “Няхай зробіць табе ГОСПАД як Сэдэкіі і Ахаву, якіх валадар Бабілонскі смажыў на агні”,
23 за тое, што яны ўчынілі агіду ў Ізраілі, і чужаложылі з жонкамі бліжніх сваіх, і прамаўлялі ў імя Маё слова хлусьні, якога Я ім не загадваў. Я ведаю [гэта], і Я — сьведка [гэтага], кажа ГОСПАД.
24 А Шэмаі з Нэхеламу скажаш, кажучы:
25 “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. За тое, што ты паслаў лісты ў імя сваё да ўсяго народу, які ў Ерусаліме, і да Сафоніі, сына Маасэі, сьвятара, і да ўсіх сьвятароў, кажучы:
26 «ГОСПАД паставіў цябе сьвятаром на месца Егаяды сьвятара, каб ты быў наглядчыкам у Доме ГОСПАДА над кожным чалавекам, які шалее і прарочыць, каб яго аддаў у вязьніцу і ў кайданы.
27 І цяпер, чаму ты не забараніў [гаварыць] Ярэміі з Анатоту, які прарочыць да вас?
28 Бо ён прыслаў да нас, у Бабілон, кажучы: ‘Доўга гэта [будзе]. Будуйце дамы і жывіце ў іх, садзіце сады, і ешце плады іхнія!’»”
29 І прачытаў сьвятар Сафонія ліст гэты ў вушы Ярэміі прарока.
30 І было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:
31 “Пашлі да ўсіх выгнанцаў, кажучы: «Гэта кажа ГОСПАД да Шэмаі з Нэхеламу. За тое, што прарочыў вам Шэмая, а Я не пасылаў яго, і ён умацоўваў спадзяваньне вашае на хлусьню,
32 за гэта, кажа ГОСПАД, Я наведаю Шэмаю з Нэхеламу і насеньне ягонае. Ня будзе ён мець чалавека, які будзе жыць сярод народу гэтага, і ня ўбачыць ён дабра, якое Я зраблю народу Майму, кажа ГОСПАД, бо ён прамаўляў бунтоўнае супраць ГОСПАДА»”».
Разьдзел 30
1 Слова, якое было ад ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:
2 «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Напішы ў кнізе ўсе словы, якія Я прамовіў да цябе.
3 Бо вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я вярну з выгнаньня народ Мой, Ізраіля і Юду, кажа ГОСПАД, і прывяду іх у зямлю, якую Я даў бацькам іхнім, і яны возьмуць яе на ўласнасьць».
4 А гэта словы, якія прамовіў ГОСПАД да Ізраіля і Юды:
5 «Гэта кажа ГОСПАД. Пачулі мы голас страху і трывогі, і няма супакою.
6 Спытайцеся, прашу, і паглядзіце, ці можа нараджаць мужчына? Чаму ж Я бачу ўсіх мужчынаў з рукамі на сьцёгнах іхніх, як у той, якая нараджае, і ўсе абліччы зьбялелі?
7 Гора, бо вялікі той дзень, няма падобнага яму! Будзе гэта час прыгнёту Якуба, але ён будзе збаўлены ад яго.
8 І будзе ў той дзень, кажа ГОСПАД, Я скрышу ярмо на шыі іхняй і путы іхнія парву, і ня будуць больш зьневаляць яго чужынцы.
9 І будуць яны служыць ГОСПАДУ, Богу свайму, і Давіду, валадару свайму, якога Я пастаўлю для іх.
10 А ты ня бойся, слуга Мой, Якуб, кажа ГОСПАД, і не палохайся, Ізраіль, бо вось, Я вызвалю цябе з [зямлі] далёкай і насеньне тваё — з зямлі палону іхняга. І вернецца Якуб, і адпачне, і будзе ў бясьпецы, і ніхто ня будзе трывожыць [яго].
11 Бо Я з табою, кажа ГОСПАД, каб збавіць цябе. Бо Я зраблю канец усім народам, сярод якіх Я расьцярушыў цябе, але табе не зраблю канца, аднак пакараю цябе паводле суду і не пакіну цябе без пакараньня.
12 Бо гэта кажа ГОСПАД: “Невылечны пералом твой, незагойная рана твая,
13 няма таго, хто рупіцца пра справу тваю, няма лекаў для раны, каб вылячыць цябе.
14 Усе, што любілі цябе, забыліся пра цябе, і не шукаюць цябе, бо Я ўдарыў цябе ўдарам варожым, жудаснай карай за шматлікія беззаконьні твае, бо памножыліся грахі твае.
15 Чаго ты крычыш пра пералом твой? Невылечны боль твой. За шматлікія беззаконьні твае і [за тое,] што памножыліся грахі твае, Я зрабіў гэта табе.
16 Дзеля гэтага ўсе, што зьядаюць цябе, самі будуць зьедзеныя, і ўсе прыгнятальнікі твае пойдуць у няволю, і тыя, што нішчылі цябе, стануцца здабычай, і ўсіх, што рабавалі цябе, Я аддам на рабаваньне.
17 Бо Я вярну здароўе тваё і аздараўлю цябе ад ранаў тваіх, кажа ГОСПАД, бо “адкінутым”, “якога ніхто не шукае”, назвалі цябе, Сыёне.
18 Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я зноў вярну з няволі намёты Якуба і зьлітуюся над сялібамі ягонымі. І будзе адбудаваны горад на ўзгорку сваім, і палац будзе стаяць на месцы сваім.
19 І выйдзе з яго падзяка і голас тых, якія радуюцца, і Я памножу іх, і ня будуць зьмяншацца, і Я праслаўлю іх, і ня будуць пагарджаныя.
20 І будуць сыны ягоныя як даўней, і сход ягоны будзе моцны перад абліччам Маім, і Я наведаю ўсіх, якія ўціскаюць яго.
21 І будзе з яго Магутны ягоны, і Пан ягоны паўстане спасярод яго. І Я набліжу яго да Сябе, і ён наблізіцца да Мяне, бо хто ёсьць той, хто адважыцца ў сэрцы сваім наблізіцца да Мяне? — кажа ГОСПАД.
22 І вы будзеце для мяне народам, а Я буду для вас Богам.
23 Вось, віхура ад ГОСПАДА, гнеў [Ягоны] прыходзіць, віхура страшэзная спадзе на галовы бязбожнікаў.
24 Ня спыніцца полымя гневу ГОСПАДА, пакуль Ён ня споўніць і ня зьдзейсьніць намераў сэрца Свайго. У апошнія дні зразумееце гэта.
Разьдзел 31
1 У гэты час, кажа ГОСПАД, Я буду Богам для ўсіх родаў Ізраіля, а яны будуць Маім народам”.
2 Гэта кажа ГОСПАД. Знайшоў ласку ў пустыні народ, які ўратаваўся ад мяча. Ізраіль пойдзе да месца супачынку свайго.
3 Здалёк зьявіўся мне ГОСПАД [і сказаў]: “Любоўю вечнаю Я палюбіў цябе, дзеля гэтага Я выяўлю міласэрнасьць табе.
4 Я зноў адбудую цябе, і будзеш ты адбудаваная, дзяўчына Ізраіля. Ты зноў аздобішся бубнамі тваімі і выйдзеш у карагодзе тых, якія радуюцца.
5 Ты зноў будзеш садзіць вінаграднікі на гарах Самарыі, і будуць садзіць іх земляробы твае, і будуць спажываць [плады].
6 Бо надыйдзе дзень, калі вартаўнікі закрычаць на гары Эфраіма: “Уставайце, узыйдзем на Сыён да ГОСПАДА, Бога нашага”.
7 Бо гэта кажа ГОСПАД: “Усклікайце для Якуба з радасьцю, весяліцеся перад галавою народаў! Абвяшчайце, хваліце і кажыце: «Збаў, ГОСПАДЗЕ, народ Твой, рэшту Ізраіля!»
8 Вось, Я прывяду іх з зямлі паўночнай і зьбяру іх з канцоў зямлі, між імі сьляпы і кульгавы, цяжарная і тая, што нараджае, разам, як царква вялікая, яны вяртаюцца сюды.
9 Яны выйшлі з плачам, Я прывяду іх з малітваю, Я павяду іх да струмянёў вады шляхам простым, ня будуць яны спатыкацца на ім, бо Я стаўся для Ізраіля бацькам, і Эфраім — першародны Мой.
10 Паслухайце слова ГОСПАДА, народы, і абвясьціце на астравах далёкіх, і кажыце: “Той, Які расьцярушыў Ізраіля, зьбярэ яго, і будзе пільнаваць яго, як пастух статак свой”.
11 Бо адкупіў ГОСПАД Якуба і вызваліў яго з рукі дужэйшага за яго.
12 І прыйдуць яны, і будуць весяліцца на вяршыні Сыёну, і прыгарнуцца да даброцьцяў ГОСПАДА, да збожжа, і віна, і алею, авечак і быдла; і станецца душа іхняя як сад напоены [вадой], і ня будуць больш жыць у нястачы.
13 Тады будзе радавацца дзяўчына ў танцы, і юнакі, і старыя разам [з ёю]. І Я перамяню жалобу іхнюю ў радасьць, і суцешу іх, і ўзьвесялю іх ад смутку іхняга.
14 І Я напоўню душу сьвятароў тлустасьцю, і народ Мой будзе насычаны даброцьцямі Маімі, кажа ГОСПАД”.
15 Гэта кажа ГОСПАД: “Чуецца голас у Раме, галашэньне і горкі плач. Рахель плача над сынамі сваімі і ня хоча быць суцешанай дзеля сыноў сваіх, бо іх няма”.
16 Гэта кажа ГОСПАД: “Стрымай голас твой ад плачу і вочы твае ад сьлёзаў, бо ёсьць нагарода за працу тваю, кажа ГОСПАД, і яны вернуцца з зямлі варожай.
17 І ёсьць надзея дзеля будучыні тваёй, кажа ГОСПАД, і вернуцца сыны твае ў межы свае”.
18 Чуючы, Я чуў Эфраіма, які скардзіцца: “Ты пакараў мяне, і я пакараны, як цяля ненавучанае. Навярні мяне, і я навярнуся, бо Ты — ГОСПАД, Бог мой!
19 Бо калі Ты навярнуў мяне, я каяўся, і калі я быў навучаны, я ўдарыў па сьцёгнах [сваіх], засаромеўся і зьбянтэжыўся, бо я нашу ганьбу маладосьці маёй”.
20 Ці ты, Эфраім, не дарагі сын для Мяне і ці не дзіцё любае? Бо колькі разоў прамаўляю супраць яго, заўжды, памятаючы, памятаю яго. Таму хвалюецца ўнутранасьць Мая дзеля яго, і, літуючыся, зьлітуюся над ім, кажа ГОСПАД.
21 Пастаў сабе ўказальнікі, парастаўляй сабе знакі на дарогах, зьвярні сэрца тваё на бітую дарогу, на шлях, па якім ты ішла, і вярніся, дзяўчына Ізраіля, вярніся ў гарады твае!
22 Дакуль будзеш бадзяцца, дачка бунтоўная? Бо ГОСПАД стварыў рэч новую на зямлі: жанчына збавіць мужа”.
23 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Усьцяж будуць паўтараць слова гэтае ў зямлі Юды і ў гарадах ейных, калі Я перамяню долю іхнюю: «Няхай дабраславіць цябе ГОСПАД, жытло праведнасьці, гара сьвятая».
24 І будзе жыць у ёй Юда, і ў-ва ўсіх гарадах ейных, разам земляробы і тыя, што ходзяць за статкам.
25 Бо Я напаю душу спрагнёную, і кожную душу саслабелую насычу”».
26 На гэтым я прачнуўся і разгледзеўся, і сон мой быў прыемны для мяне.
27 «Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я засею дом Ізраіля і дом Юды насеньнем людзей і насеньнем быдла.
28 І станецца, як Я чуваў на імі, каб вырываць і раскідаць, руйнаваць і нішчыць, і рабіць зло, так буду чуваць на імі, каб адбудаваць і засадзіць, кажа ГОСПАД.
29 У тыя дні ня будуць яны больш казаць: «Бацькі елі горкія ягады, а зубы сыноў здрантвелі»,
30 бо кожны памрэ за беззаконьне сваё, і кожнаму, хто будзе есьці горкія ягады, здрантвеюць зубы ягоныя.
31 Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я заключу з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет.
32 Не такі запавет, які Я заключыў з бацькамі іхнімі ў дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпецкай. Той запавет Мой яны парушылі, хоць Я быў Гаспадаром іхнім, кажа ГОСПАД.
33 Бо вось запавет, які Я заключу з домам Ізраіля пасьля дзён тых, кажа ГОСПАД. Я разьмяшчу Закон Мой у нутры іхнім, і ў сэрцы іхнім напішу яго, і буду для іх Богам, а яны будуць для Мяне народам.
34 І ня будзе вучыць больш чалавек бліжняга свайго і кожны брата свайго, кажучы: “Пазнайце ГОСПАДА”, бо ўсе, ад найменшага з іх да найбольшага, будуць ведаць Мяне, кажа ГОСПАД, бо Я прабачу беззаконьні іхнія, і пра грахі іхнія ня буду больш узгадваць.
35 Гэта кажа ГОСПАД, Які дае сонцу сьвяціць днём, парадак месяцу і зоркам сьвяціць ноччу, Які хвалюе мора, і шумяць хвалі ягоныя, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.
36 Калі адыйдзе парадак гэты ад аблічча Майго, кажа ГОСПАД, тады насеньне Ізраіля перастане быць народам перад абліччам Маім на ўсе дні.
37 Гэта кажа ГОСПАД. Калі магчыма зьмераць неба ўгары і дасьледаваць падваліны зямлі ўнізе, тады Я адкіну ўсё насеньне Ізраіля за ўсё тое, што яны зрабілі, кажа ГОСПАД.
38 Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і будзе адбудаваны горад ГОСПАДА ад вежы Хананээль аж да Кутняй Брамы.
39 І будзе цягнуцца далей шнур меральны аж да ўзгорку Гарэб, і зьверне да Гааты.
40 І ўся даліна трупаў і попелу, усе палі аж да ручая Кедрон, да рагу Брамы Конскай на ўсход [будуць] сьвятыняй ГОСПАДА, і ня будуць яны больш зруйнаваныя і зьнішчаныя на вякі».
Разьдзел 32
1 Слова, якое было ад ГОСПАДА да Ярэміі ў дзясятым годзе Сэдэкіі, валадара Юды, значыцца, у васямнаццатым годзе Навухаданосара.
2 Тады войска валадара Бабілонскага трымала ў аблозе Ерусалім, а Ярэмія прарок быў увязьнены на панадворку вартоўні ў доме валадара Юды.
3 Увязьніў яго там Сэдэкія, валадар Юды, кажучы: «Навошта ты прарочыш, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я аддам горад гэты ў рукі валадара Бабілонскага, і ён здабудзе яго.
4 А Сэдэкія, валадар Юды, не ўцячэ з рук Халдэйцаў, але выдаваньнем будзе выдадзены ў рукі валадара Бабілонскага, і будзе прамаўляць вуснамі сваімі ў вусны ягоныя, і вачыма сваімі ўбачыць вочы ягоныя.
5 І ён павядзе Сэдэкію ў Бабілон, і ён будзе там, пакуль Я не наведаю яго, кажа ГОСПАД, бо калі вы будзеце ваяваць з Халдэйцамі, не пашчасьціць вам”».
6 І сказаў Ярэмія: «Было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:
7 “Вось, Ханамээль, сын Шальлюма, дзядзькі твайго, ідзе да цябе, кажучы: «Купі сабе поле маё, якое ў Анатоце, бо ты маеш права выкупу, каб набыць [яго] «”.
8 І прыйшоў да мяне Ханамээль, сын дзядзькі майго, паводле слова ГОСПАДА на панадворак вартоўні, і сказаў мне: “Купі, прашу, поле маё, якое ў Анатоце ў зямлі Бэн’яміна, бо ты маеш права спадчыны і выкупу. Купі [яго] сабе!” І я зразумеў, што гэта [было] слова ГОСПАДА.
9 І я купіў поле ад Ханамээля, сына дзядзькі майго, поле, якое ў Анатоце, і адважыў яму срэбра, сямнаццаць сыкляў срэбра,
10 і напісаў дамову, і запячатаў, і ўзяў сьведкаў, і адважыў срэбра на вагах.
11 І потым я ўзяў дамову куплі, запячатаную паводле прыказаньня і пастановаў, і [дамову] адкрытую.
12 І даў я дамову куплі Баруху, сыну Нэрыя, сына Махсэя, на вачах Ханамээля, [сына] дзядзькі майго, і на вачах сьведкаў, напісаных у дамове куплі, і на вачах усіх [людзей] Юды, якія былі на панадворку вартоўні.
13 І я загадаў Баруху на вачах іхніх, кажучы:
14 “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вазьмі лісты гэтыя, дамову куплі запячатаную і дамову адкрытую, і зьмясьці [іх] у пасудзіну гліняную, каб захаваліся на шмат дзён.
15 Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: «Будуць яшчэ купляць дамы, палі і вінаграднікі ў зямлі гэтай»”.
16 І маліўся я да ГОСПАДА пасьля таго, як аддаў дамову куплі Баруху, сыну Нэрыя, кажучы:
17 “О, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, вось, Ты ўчыніў неба і зямлю вялікай сілаю Тваёю і рамяном Тваім узьнятым. Не складаная для Цябе ніякая рэч.
18 Ты зьяўляеш міласэрнасьць для тысячаў [пакаленьняў], але адплачваеш за беззаконьні бацькоў ва ўлоньне сыноў іхніх пасьля іх. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Тваё.
19 Ты вялікі ў радзе і магутны ў справах. Вочы Твае адкрытыя на ўсе шляхі сыноў чалавечых, каб даць кожнаму паводле шляхоў ягоных і паводле пладоў учынкаў ягоных.
20 Ты чыніў знакі і цуды ў зямлі Эгіпецкай, і аж да дня гэтага ў Ізраілі і сярод людзей, і Ты зрабіў Сабе імя, [якое маеш] сёньня.
21 І Ты вывеў народ Твой, Ізраіль, з зямлі Эгіпецкай знакамі і цудамі, і рукою магутнаю, і рамяном узьнятым сярод трывогі вялікай.
22 І Ты даў ім зямлю гэтую, якую запрысяг даць бацькам іхнім, зямлю, якая ацякае ў мёд і малако.
23 І яны прыйшлі, і ўзялі яе на ўласнасьць, але ня слухалі голасу Твайго, і не хадзілі паводле Закону Твайго, і не рабілі ўсяго таго, што Ты загадаў ім. І Ты навёў на іх усё ліха гэтае.
24 Вось, валы падыходзяць да гораду, каб здабыць яго, і горад будзе аддадзены ў рукі Халдэйцаў, якія ваююць супраць яго, на пажыву мяча, голаду і заразы. Тое, што Ты прамовіў, зьдяйсьняецца, і, вось, Ты бачыш [гэта]!
25 А Ты, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, сказаў мне: «Купі сабе поле за срэбра і пакліч сьведкаў», а горад будзе аддадзены ў рукі Халдэйцаў!”»
26 І было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:
27 «Вось, Я — ГОСПАД, Бог кожнага цела. Ці можа быць для Мяне нечаканай нейкая справа?
28 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: “Вось, Я аддам горад гэты ў рукі Халдэйцаў і ў руку Навухаданосара, валадара Бабілонскага, і ён здабудзе яго.
29 І ўвойдуць у яго Халдэйцы, якія ваююць супраць гораду гэтага, і падкладуць агонь пад горад гэты, і спаляць яго, і дамы, у якіх складалі ахвяры Баалу на дахах іхніх і вылівалі ахвяры вадкія іншым багам, каб гнявіць Мяне.
30 Бо ад маладосьці сваёй сыны Ізраіля і сыны Юды рабілі толькі ліхоту на вачах Маіх, бо сыны Ізраіля толькі гнявілі Мяне ўчынкамі рук сваіх, кажа ГОСПАД.
31 Бо прычынай гневу Майго і абурэньня Майго стаўся для Мяне горад гэты ад дня, калі пабудавалі яго, аж да дня сёньняшняга. Я адкіну яго ад аблічча Майго,
32 за ўсе злачынствы сыноў Ізраіля і сыноў Юды, якія яны рабілі, каб гнявіць Мяне, яны, валадары іхнія, князі іхнія, сьвятары іхнія і прарокі іхнія, і мужы Юды, і жыхары Ерусаліму.
33 І яны павярнуліся да Мяне патыліцаю, а не абліччам, і, хоць Я навучаў іх, устаючы ўначы і навучаючы, але яны не хацелі слухаць, каб прыняць настаўленьне.
34 І яны паставілі брыдоты свае ў Доме, над якім клікалі імя Маё, каб зьневажаць яго.
35 І яны пабудавалі ўзгоркі для Баала, якія ў даліне Бэн-Гіном, каб праводзіць праз агонь сыноў сваіх і дочак сваіх дзеля Малоха. Я не загадваў ім гэтага, і не прыходзіла на сэрца Маё, каб рабіць такую брыдоту і давесьці Юду да грэху”.
36 І цяпер гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, пра горад гэты, пра які вы кажаце, што ён будзе выдадзены ў рукі валадара Бабілонскага мячом, голадам і заразай:
37 “Вось, Я зьбяру іх з усіх земляў, у якія Я выгнаў іх у гневе Маім і ў абурэньні вялікім, і вярну іх на месца гэтае, і дам ім жыць бясьпечна.
38 І будуць яны для Мяне народам, а Я буду для іх Богам.
39 І дам ім адно сэрца і адзін шлях, каб баяліся Мяне ў-ва ўсе дні, каб добра было ім і сынам іхнім пасьля іх.
40 І Я заключу з імі запавет вечны, што не адвярнуся ад іх, каб рабіць дабро ім, і страх Мой укладу ў сэрца іхняе, каб яны не адступаліся ад Мяне.
41 І Я буду цешыцца з іх, калі буду рабіць дабро для іх, і пасялю іх у зямлі гэтай у праўдзе, з усяго сэрца Майго і з усёй душы Маёй”.
42 Бо гэта кажа ГОСПАД: “Як спаслаў Я на народ гэты ўсякае ліха вялікае, так Я спашлю на народ гэты ўсё дабро, якое абяцаў ім.
43 І будуць набываць палі ў зямлі гэтай, пра якую вы кажаце: «Гэта пустэча, без чалавека і бяз быдла, і яна аддадзена ў рукі Халдэйцаў».
44 І будуць купляць палі за срэбра, і будуць пісаць дамовы, і запячатваць іх, і клікаць сьведкаў у зямлі Бэн’яміна, у ваколіцах Ерусаліму, у гарадах Юды, у гарадах горных, у гарадах лагчынных і ў гарадах Нэгеву, бо Я вярну палонных іхніх, кажа ГОСПАД”».
Разьдзел 33
1 І было слова ГОСПАДА да Ярэміі другі раз, калі ён быў яшчэ ўвязьнены на панадворку вартоўні, кажучы:
2 «Гэта кажа ГОСПАД, Які ўчыніў [зямлю], ГОСПАД, Які ўкшталтаваў і ўмацаваў яе, ГОСПАД — імя Ягонае.
3 Пакліч Мяне, і Я адкажу табе, і абвяшчу табе вялікае і недасяжнае, чаго ты ня ведаеш.
4 Бо гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, пра дамы гораду гэтага, пра дамы валадароў Юды, якія руйнуюцца на ўмацаваньні і ад мяча,
5 якія ідуць на змаганьне з Халдэйцамі, і якія напоўняцца трупамі людзей, якіх Я заб’ю ў гневе Маім і ў лютасьці Маёй, і Я схаваў аблічча Маё ад гораду гэтага за ўсе ліхоты ягоныя.
6 Вось, Я загаю ім рану, і вылячу, і аздараўлю іх, і выяўлю ім шчодрасьць супакою і праўды.
7 І Я вярну палонных Юды і палонных Ізраіля, і адбудую іх як раней.
8 І Я ачышчу іх ад усіх беззаконьняў, якімі яны грашылі супраць Мяне, і прабачу ўсе беззаконьні іхнія, якімі яны грашылі супраць Мяне, і праз якія яны адыйшлі ад Мяне.
9 І станецца [Ерусалім] у Мяне імем радасьці і хвалы, і славы для ўсіх народаў зямлі, якія пачуюць пра ўсе дабарадзействы, што Я зрабіў яму. І будуць яны баяцца, і будуць трымцець дзеля ўсяго дабра і дзеля ўсяго супакою, якія Я зрабіў для яго.
10 Гэта кажа ГОСПАД. На гэтым месцы, пра якое вы кажаце: “Гэта руіны, без людзей і без жывёлы”, у гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліму, спустошаных, без людзей, без жыхароў, без жывёлы, зноў будзе чутны
11 голас вясёласьці і голас радасьці, голас жаніха і голас нявесты, голас тых, якія кажуць: “Хваліце ГОСПАДА Магуцьцяў, бо добры ГОСПАД, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная!”, і якія складаюць ахвяры падзякі ў Доме ГОСПАДА, бо Я вярну як [было] раней долю зямлі гэтай, кажа ГОСПАД.
12 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. На месцы гэтым зруйнаваным, без людзей і без жывёлы, і ў-ва ўсіх гарадах ягоных будзе зноў прыстанішча для пастухоў, якія прыгналі авечак на адпачынак.
13 У гарадах горных, у гарадах лагчынных, у гарадах Нэгеву, у зямлі Бэн’яміна, у ваколіцах Ерусаліму і ў гарадах Юды зноў будуць праходзіць авечкі праз рукі таго, хто [іх] лічыць, кажа ГОСПАД.
14 Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я споўню добрае слова, якое Я прамовіў дому Ізраіля і дому Юды.
15 У тыя дні і ў той час Я вырашчу Давіду Парастак праведны, і будзе Ён чыніць суд і праведнасьць на зямлі.
16 У тыя дні Юда будзе збаўлены, і Ерусалім будзе жыць у бясьпецы. І вось імя, якім будуць клікаць яго: “ГОСПАД — праведнасьць нашая”.
17 Бо гэта кажа ГОСПАД. Не застанецца Давід бяз мужа, які сядзіць на пасадзе дому Ізраіля.
18 І сьвятары лявіты не застануцца бяз мужа перад абліччам Маім, які будзе складаць цэласпаленьні, паліць ахвяры хлебныя і прыносіць ахвяры ў-ва ўсе дні».
19 І было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:
20 «Гэта кажа ГОСПАД. Калі можаце парушыць запавет Мой [адносна] дня і запавет Мой [адносна] ночы, каб не было ані дня, ані ночы ў часе іхнім,
21 тады можа быць парушаны запавет Мой з Давідам, слугою Маім, каб ня меў ён сына, які будзе валадарыць на пасадзе ягоным, і з лявітамі сьвятарамі, слугамі Маімі.
22 Як незьлічоныя войскі нябесныя і як нязьмерны пясок марскі, так Я памножу насеньне Давіда, слугі Майго, і лявітаў, слугаў Маіх».
23 І было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:
24 «Ці не заўважыў ты, што народ гэты кажа: “ГОСПАД адкінуў абедзьве сям’і, якія выбраў!” І яны пагарджаюць народам Маім, як быццам ён ужо не народ перад абліччам іхнім.
25 Гэта кажа ГОСПАД. Калі няма запавету Майго адносна дня і адносна ночы, калі Я не паставіў статуты для неба і зямлі,
26 тады Я адкіну насеньне Якуба і Давіда, слугі Майго, і не вазьму з насеньня ягонага тых, хто пануе над насеньнем Абрагама, Ісаака і Якуба, бо Я, перамяняючы, перамяню долю іхнюю і пашкадую іх».
Разьдзел 34
1 Слова, якое было ад ГОСПАДА да Ярэміі, калі Навухаданосар, валадар Бабілонскі, і ўсё войска ягонае, і ўсе валадарствы зямлі, падуладныя руцэ ягонай, і ўсе народы ваявалі супраць Ерусаліму і ўсіх гарадоў ягоных, кажучы:
2 «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Ідзі і скажы Сэдэкіі, валадару Юды, і скажы яму: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я аддам горад гэты ў рукі валадара Бабілонскага, і ён спаліць яго агнём.
3 І ты не ўцячэш ад рукі ягонай, будзеш схоплены і выдадзены ў рукі ягоныя, і вочы твае ўбачаць вочы валадара Бабілонскага, і вусны твае будуць прамаўляць да вуснаў ягоных, і ты пойдзеш у Бабілон.
4 Аднак паслухай слова ГОСПАДА, Сэдэкія, валадар Юды. Гэта кажа ГОСПАД пра цябе. Ты не памрэш ад мяча.
5 Ты памрэш у супакоі, і падобна, як палілі пахошчы для бацькоў тваіх, валадароў даўнейшых, якія былі перад табою, так будуць паліць і для цябе. І будуць галасіць па табе: «Аёй! Аёй!», бо Я прамовіў слова, кажа ГОСПАД”».
6 І прамовіў прарок Ярэмія Сэдэкіі, валадару Юды, усе словы гэтыя ў Ерусаліме.
7 А войска валадара Бабілонскага ваявала супраць Ерусаліму і супраць усіх пазасталых гарадоў Юды, супраць Ляхішу і Азэкі, бо толькі гэтыя гарады ўмацаваныя трымаліся спаміж усіх гарадоў Юды.
8 Слова, якое было да Ярэміі ад ГОСПАДА пасьля заключэньня валадаром Сэдэкіем запавету з усім народам Ерусаліму, каб абвясьціць для іх свабоду,
9 каб кожны адпусьціў на свабоду нявольніка свайго і нявольніцу сваю, Гебрая і Гебрайку, каб ніхто не трымаў у нявольніцтве брата свайго Юдэя.
10 І згадзіліся ўсе князі і ўсе людзі, якія заключылі запавет, выпусьціць на свабоду кожны нявольніка свайго і кожны нявольніцу сваю і не трымаць іх у нявольніцтве. І яны згадзіліся, і адпусьцілі [іх].
11 Але потым яны, вяртаючы, вярнулі нявольнікаў і нявольніцаў, якіх адпусьцілі на свабоду, і прымусам прымусілі, [каб яны былі] нявольнікамі і нявольніцамі.
12 І было слова ГОСПАДА да Ярэміі ад ГОСПАДА, кажучы:
13 «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Я заключыў запавет з бацькамі вашымі ў дзень, калі вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі, кажучы:
14 “Як пройдзе сем гадоў, вызваліце кожны брата свайго, Гебрая, які запрадаўся табе ў няволю і служыў табе шэсьць гадоў, і пусьціце яго ад сябе вольным”. Але бацькі вашыя ня слухалі Мяне і не прыхілілі [да гэтага] вуха свайго.
15 Вы навярнуліся сёньня і зрабілі тое, што справядлівае ў вачах Маіх, абвяшчаючы свабоду кожны бліжняму свайму, і заключылі запавет перад абліччам Маім у Доме, у якім клічуць імя Маё.
16 Але вы адступіліся і зьняважылі імя Маё, і вярнулі кожны нявольніка свайго і нявольніцу сваю, якіх адпусьцілі вольнымі, [каб ішлі] паводле жаданьня свайго, і прымусілі іх, каб былі для вас нявольнікамі і нявольніцамі.
17 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД. Вы не паслухалі Мяне, каб абвясьціць свабоду кожны брату свайму і кожны бліжняму свайму. Вось, Я абвяшчаю вас свабоднымі, кажа ГОСПАД, [ісьці] пад меч, заразу і голад, і Я аддам вас на страхоцьце для ўсіх валадарстваў зямлі.
18 І аддам тых людзей, якія парушылі запавет Мой, якія ня споўнілі словаў запавету, што заключылі перад абліччам Маім, якія расьсеклі на дзьве [часткі] бычка і прайшлі паміж імі,
19 князёў Юды і князёў Ерусаліму, эўнухаў, сьвятароў і ўвесь народ зямлі гэтай, які праходзіць паміж часткамі бычка [ахвярнага],
20 Я аддам у рукі ворагаў іхніх і ў рукі тых, якія шукаюць душу іхнюю. І стануцца трупы іхнія пажываю для птушак нябесных і зьвяроў зямных.
21 А Сэдэкію, валадара Юды, і князёў ягоных Я аддам у рукі ворагаў іхніх, у рукі тых, якія шукаюць душы іхняй, у рукі войска валадара Бабілонскага, якое [цяпер] адыйшло ад вас.
22 Вось, Я загадаю, кажа ГОСПАД, і прывяду іх зноў супраць гораду гэтага, і будуць яны ваяваць супраць яго, і здабудуць яго, і спаляць агнём, і гарады Юды Я зраблю пусткаю, без жыхароў».
Разьдзел 35
1 Слова, якое было Ярэміі ад ГОСПАДА ў дні Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, кажучы:
2 «Ідзі ў дом Рэхавічаў, і паразмаўляй з імі, і прывядзі іх у Дом ГОСПАДА ў адзін з пакояў, і дай ім піць віно».
3 І я ўзяў Яазанію, сына Ярэміі, сына Хабацыніі, і братоў ягоных, і ўсіх сыноў ягоных, і ўвесь дом Рэхавічаў,
4 і ўвёў іх у Дом ГОСПАДА, у пакой сыноў Ханана, сына Ігдаліі, чалавека Божага, які блізка пакою князёў, над пакоем Маасэі, сына Шальлюма, які пільнаваў парог.
5 І я паставіў перад абліччам сыноў дому Рэхава начыньні, напоўненыя віном, і келіхі, і сказаў ім: «Піце віно!»
6 А яны сказалі: «Ня будзем піць віна, бо Ёнадаў, сын Рэхава, бацька наш, загадаў нам, кажучы: “Ня будзеце піць віна ані вы, ані сыны вашыя на вякі.
7 І ня будзеце вы будаваць дамоў, ня будзеце сеяць насеньне, ня будзеце садзіць вінаграднікі і ня будзеце мець іх, але будзеце жыць у намётах усе дні вашыя, каб жылі вы шмат дзён на абліччы зямлі, на якой вы вандруеце”.
8 І мы паслухаліся голасу Ёнадава, сына Рэхава, бацькі нашага, у-ва ўсім, што ён загадаў нам, каб мы ня пілі віна ўсе дні нашыя, мы, жонкі нашыя, сыны нашыя і дочкі нашыя,
9 і каб мы не будавалі дамоў на пражываньне, і ня мелі ані вінаграднікаў, ані палёў, ані насеньня.
10 І мы жывем у намётах, і мы паслухмяныя і ходзім паводле ўсяго, што загадаў нам Ёнадаў, бацька наш.
11 І сталася, калі Навухаданосар, валадар Бабілонскі, напаў на зямлю гэтую, мы сказалі: “Хадзем, схаваемся ў Ерусаліме перад войскам Халдэйскім і перад войскам Араму!” Імы пасяліліся ў Ерусаліме».
12 І было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:
13 «Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Ідзі і скажы мужам Юды і жыхарам Ерусаліму: “Ці вы не прынялі навучаньня, каб слухацца словаў Маіх? — кажа ГОСПАД.
14 Выкананыя словы Ёнадава, сына Рэхава, у якіх згадаў ён сынам ня піць віна, і яны ня п’юць да дня сёньняшняга, бо яны паслухмяныя загаду бацькі свайго, а Я прамаўляў да вас, устаючы ўначы і прамаўляючы, але вы не паслухалі Мяне!
15 І Я пасылаў да вас усіх слугаў Маіх, прарокаў, устаючы ўначы і пасылаючы, і кажучы: «Адвярніцеся, прашу, кожны ад шляху свайго ліхога і выпраўце ўчынкі вашыя, і не хадзіце за іншымі багамі, каб служыць ім, і будзеце жыць у зямлі, якую Я даў вам і бацькам вашым». Але вы не прыхілілі вуха сваё і не паслухаліся Мяне.
16 Бо выканалі сыны Ёнадава, сына Рэхава, прыказаньне бацькі свайго, якое ён загадаў ім, а народ гэты не паслухаўся Мяне!
17 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я навяду на Юду і на ўсіх жыхароў Ерусаліму ўсялякае ліха, якое Я прамовіў супраць іх. Бо Я прамаўляў да іх, а яны ня слухалі, і Я клікаў іх, а яны не адказвалі”».
18 А да дому Рэхавічаў сказаў Ярэмія: «Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. За тое, што вы былі паслухмянымі прыказаньню Ёнадава, бацькі вашага, і захоўваеце ўсе прыказаньні ягоныя, і ходзіце паводле ўсяго, што ён загадаў вам,
19 дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Не застанецца Ёнадаў, сын Рэхава, бяз мужа, які будзе стаяць перад абліччам Маім праз усе дні”».
Разьдзел 36
1 І сталася ў чацьвёртым годзе Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, і было слова да Ярэміі ад ГОСПАДА, кажучы:
2 «Вазьмі сабе скрутак кнігі і запішы на ім усе словы, якія Я прамовіў да цябе пра Ізраіль, пра Юду і пра ўсе народы ад дня, калі Я [пачаў] прамаўляць да цябе, ад дзён Ёсіі аж да дня сёньняшняга.
3 Можа, пачуе дом Юды пра ўсё ліха, якое Я маю намер учыніць ім, і адвернецца кожны ад шляху свайго ліхога, і Я прабачу беззаконьні іхнія і грахі іхнія».
4 І паклікаў Ярэмія Баруха, сына Нэрыя, і напісаў Барух з вуснаў Ярэміі ў скрутку кнігі ўсе словы ГОСПАДА, якія Ён прамовіў яму.
5 І загадаў Ярэмія Баруху, кажучы: «Мне забаронена і я не магу ўвайсьці ў Дом ГОСПАДА.
6 Таму пойдзеш ты і прачытаеш са скрутка словы ГОСПАДА, якія ты напісаў з вуснаў Маіх, у вушы народу ў Доме ГОСПАДА ў дзень посту. Таксама ў вушы ўсяго Юды, які прыходзіць з гарадоў сваіх, прачытаеш [гэта].
7 Можа, дойдзе маленьне іхняе перад аблічча ГОСПАДА, і яны адвернуцца ад шляху свайго ліхога? Бо вялікі гнеў і лютасьць, пра якія прамовіў ГОСПАД народу гэтаму».
8 І Барух, сын Нэрыя, зрабіў усё, што загадаў яму Ярэмія прарок, каб прачытаў з кнігі словы ГОСПАДА ў Доме ГОСПАДА.
9 І сталася ў пятым годзе Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, што ў дзявятым месяцы быў аб’яўлены пост перад абліччам ГОСПАДА для ўсяго народу ў Ерусаліме і для ўсяго народу, які прыходзіў з гарадоў Юды ў Ерусалім.
10 І прачытаў Барух з кнігі ў вушы народу словы Ярэміі ў Доме ГОСПАДА ў пакоі Гемарыі, сына Шафана, пісара, на верхнім панадворку каля ўваходу ў Браму Новую Дома ГОСПАДА.
11 І пачуў Міхей, сын Гемарыі, сына Шафана, усе словы ГОСПАДА з кнігі.
12 І ён зыйшоў у дом валадара ў пакоі пісара. І вось, там сядзелі ўсе князі: Элішама, пісар, і Дэлая, сын Шэмаі, і Эльнатан, сын Ахбора, і Гемарыя, сын Шафана, і Сэдэкія, сын Хананіі, і іншыя князі.
13 І паведаміў ім Міхей усе словы, якія пачуў, калі Барух чытаў з кнігі ў вушы народу.
14 І паслалі ўсе князі да Баруха Егудыя, сына Нэтаніі, сына Шэлеміі, сына Кушы, кажучы: «Вазьмі ў руку тваю скрутак, з якога ты чытаў у вушы народу, і прыходзь!» І ўзяў Барух, сын Нэрыі, скрутак у руку сваю, і прыйшоў да іх.
15 І яны сказалі яму: «Сядзь, калі ласка, і прачытай гэта ў вушы нашыя». І прачытаў Барух [словы] ў вушы іхнія.
16 І сталася, калі яны пачулі ўсе словы гэтыя, яны спалохаліся адзін перад адным і сказалі Баруху: «Паведамляючы, паведамім валадару ўсе словы гэтыя».
17 І запыталі яны ў Баруха, кажучы: «Скажы, калі ласка, нам, як ты напісаў усе словы гэтыя з вуснаў ягоных?»
18 І Барух сказаў ім: «Вуснамі сваімі ён дыктаваў мне ўсе словы гэтыя, а я запісваў іх атрамантам у кнізе».
19 І сказалі князі Баруху: «Ідзі, схавайся, ты і Ярэмія, і няхай ніхто ня ведае, дзе вы».
20 І яны пайшлі да валадара на панадворак [палацу], а скрутак пакінулі ў пакоі пісара Элішамы, і паведамілі ў вушы валадара.
21 І паслаў валадар Егудыя, каб прынёс скрутак. І Егудый узяў яго з пакоя Элішамы пісара, і прачытаў яго ў вушы валадара і ў вушы ўсіх князёў, якія стаялі пры валадары.
22 А валадар сядзеў у доме зімовым у дзявятым месяцы, і перад абліччам ягоным [стаяла] жарніца з распаленым [вугольлем].
23 І сталася, калі Егудый прачытваў тры ці чатыры слупкі, адразаў іх валадар сьцізорыкам пісарскім і кідаў у агонь, які [быў] у жарніцы, пакуль увесь скрутак не згарэў у агні, які [быў] у жарніцы.
24 І не спалохаліся, і не разьдзёрлі шатаў сваіх валадар і ўсе слугі ягоныя, якія слухалі ўсе словы гэтыя.
25 І хоць Эльнатан, Дэлая і Гемарыя прасілі валадара не паліць скрутак, ён іх не паслухаў.
26 І загадаў валадар Ерахмээлю, сыну валадара, і Сэраі, сыну Азрыэля, і Шэлеміі, сыну Абдээля, схапіць Баруха пісара і Ярэмію прарока, але ГОСПАД схаваў іх.
27 І было слова ГОСПАДА да Ярэміі пасьля таго, як валадар спаліў скрутак са словамі, якія Барух напісаў з вуснаў Ярэміі, кажучы:
28 «Павярніся і вазьмі сабе іншы скрутак, і напішы на ім усе словы папярэднія, якія былі ў першым скрутку, які спаліў Егаякім, валадар Юды.
29 А пра Егаякіма, валадара Юды, скажаш: “Гэта кажа ГОСПАД. Ты спаліў скрутак гэты, кажучы: «Навошта ты напісаў у ім, кажучы: “Прыходзячы, прыйдзе валадар Бабілонскі і зьнішчыць зямлю гэтую, і вынішчыць з яе людзей і быдла”?»
30 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра Егаякіма, валадара Юды. Ня будзе ў яго таго, хто будзе сядзець на пасадзе Давіда. Труп ягоны будзе выстаўлены на сьпёку ўдзень і на холад уначы.
31 І Я наведаю яго і насеньне ягонае, і слугаў ягоных за беззаконьні іхнія, і навяду на іх, і на жыхароў Ерусаліму, і на мужоў Юды ўсё ліха, пра якое Я прамовіў да іх, а яны ня слухалі”».
32 І Ярэмія ўзяў іншы скрутак, і даў яго Баруху, сыну Нэрыі, пісару, і той напісаў на ім з вуснаў Ярэміі ўсе словы кнігі, якую спаліў Егаякім, валадар Юды. І было дададзена да іх яшчэ шмат падобных словаў.
Разьдзел 37
1 І заваладарыў Сэдэкія, сын Ёсіі, замест Коніі, сына Егаякіма. Яго паставіў як валадара ў Юдзе Навухаданосар, валадар Бабілонскі.
2 Але ані ён, ані слугі ягоныя, ані народ зямлі гэтай ня слухалі словаў ГОСПАДА, якія Ён прамаўляў да іх праз рукі Ярэміі прарока.
3 І паслаў валадар Сэдэкія Егухаля, сына Шэлеміі, і Сафонію, сына Маасэі, сьвятара, да Ярэміі прарока, кажучы:
4 «Памаліся, прашу, за нас да ГОСПАДА, Бога нашага!» А Ярэмія [тады] хадзіў і выходзіў сярод народу і ня быў яшчэ ўкінуты ў вязьніцу.
5 І войска фараона выйшла з Эгіпту, і пачулі вестку пра гэта Халдэйцы, якія аблягалі Ерусалім, і адступілі ад Ерусаліму.
6 І было слова ад ГОСПАДА да Ярэміі прарока, кажучы:
7 «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Так скажаце валадару Юды, які паслаў вас да Мяне шукаць [параду]: “Вось, войска фараона сьпяшаецца вам на дапамогу. Яно вернецца ў зямлю сваю, у Эгіпет.
8 І вернуцца Халдэйцы, і будуць ваяваць супраць гораду гэтага, і здабудуць яго, і спаляць яго агнём”.
9 Гэта кажа ГОСПАД. Не ашуквайце душаў вашых, кажучы: “Адыходзячы, адыйдуць Халдэйцы!”, бо яны не адыйдуць [ад вас].
10 Нават калі б вы пабілі ўсё войска Халдэйцаў, якія ваююць з вамі, і засталіся б з іх [толькі] параненыя, і тады кожны з іх падымецца з намёту свайго, і яны спаляць горад гэты агнём».
11 І сталася, калі адступіла войска Халдэйцаў ад Ерусаліму ад аблічча войска фараона,
12 выйшаў Ярэмія з Ерусаліму, каб ісьці ў зямлю Бэн’яміна і там падзяліць [спадчыну] сярод народу.
13 І калі ён быў пры браме Бэн’яміна, быў там начальнік варты на імя Ірыя, сын Шэлеміі, сына Хананіі, і ён схапіў Ярэмію прарока, кажучы: «Ты пераходзіш да Халдэйцаў».
14 І сказаў Ярэмія: «Хлусьня! Я не пераходжу да Халдэйцаў!» Але той ня слухаў яго. І схапіў Ірыя Ярэмію, і завёў яго да князёў.
15 І разгневаліся князі на Ярэмію, і білі яго, і ўкінулі ў вязьніцу ў доме Ёнатана пісара, бо з яго зрабілі вязьніцу.
16 І зыйшоў Ярэмія ў лёх, у сутарэньні, і быў там шмат дзён.
17 І паслаў валадар Сэдэкія, і прывялі яго, і пытаўся ў яго валадар таемна ў доме сваім, і сказаў: «Ці ты маеш слова ад ГОСПАДА?» І сказаў Ярэмія: «Маю». І сказаў [далей]: «Ты будзеш выдадзены ў руку валадара Бабілонскага».
18 І сказаў Ярэмія валадару Сэдэкіі: «Чым саграшыў я перад табою, і перад слугамі тваімі, і перад народам гэтым, што ўкінулі мяне ў вязьніцу?
19 Дзе прарокі вашыя, якія прарочылі вам, кажучы: “Ня прыйдзе валадар Бабілонскі супраць вас і супраць зямлі гэтай”?
20 І цяпер паслухай, прашу, гаспадару мой, валадар! Няхай маленьне маё прыйдзе, прашу, перад аблічча тваё! Не вяртай мяне ў дом Ёнатана пісара, і я не памру там».
21 І загадаў валадар Сэдэкія, і трымалі Ярэмію на панадворку вартоўні, і давалі яму штодзень па кавалку хлеба з вуліцы пекараў, пакуль ня скончыўся ўвесь хлеб у горадзе. І заставаўся Ярэмія на панадворку вартоўні.
Разьдзел 38
1 І пачулі Шэфатыя, сын Матана, і Гедалія, сын Пашхура, і Юхаль, сын Шэлеміі, і Пашхур, сын Малькіі, слова, якое прамовіў Ярэмія да ўсяго народу, кажучы:
2 «Гэта кажа ГОСПАД. Хто застанецца ў горадзе гэтым, памрэ ад мяча, голаду і заразы. А хто пяройдзе да Халдэйцаў, застанецца жыць, і будзе для яго душа ягоная, як здабыча, і будзе жыць.
3 Гэта кажа ГОСПАД. Горад гэты выдаваньнем будзе выдадзены ў рукі войска валадара Бабілонскага, і ён здабудзе яго».
4 І сказалі князі валадару: «Няхай памрэ, просім, чалавек гэты, бо ён аслабляе рукі ваяроў, якія засталіся ў горадзе гэтым, і рукі ўсяго народу, калі да іх прамаўляе падобныя словы. Бо чалавек гэты не шукае супакою для народу гэтага, але толькі ліха!»
5 І сказаў валадар Сэдэкія: «Вось, ён у руках вашых! Бо валадар ня можа нічога зрабіць супраць слова вашага».
6 І яны ўзялі Ярэмію, і ўкінулі яго ў яму Малькіі, сына валадара, якая [была] на панадворку вартоўні, і спусьцілі [туды] Ярэмію на вяроўках. А ў яме не [было] вады, але толькі балота; і загруз Ярэмія ў балоце.
7 І пачуў Эбэд-Мэлек з Кушу, адзін з эўнухаў, які быў у доме валадара, што Ярэмія ўкінуты ў яму, а валадар сядзеў у Браме Бэн’яміна.
8 І выйшаў Эбэд-Мэлек з дому валадара, і сказаў валадару, кажучы:
9 «Пане мой, валадару! Людзі гэтыя ўчынілі зло ў-ва ўсім, што зрабілі Ярэміі прароку, якога ўкінулі ў яму. І ён памрэ з голаду ў месцы гэтым, бо няма ўжо хлеба ў горадзе!»
10 І загадаў валадар Эбэд-Мэлеку з Кушу, кажучы: «Вазьмі ў руку тваю адсюль трыццаць чалавек і выцягні прарока Ярэмію з ямы перш, чым ён памрэ».
11 І Эбэд-Мэлек узяў людзей у руку сваю, і пайшоў у дом валадара пад скарбніцаю, і ўзяў адтуль падзёртую адзежу і зношаныя лахманы, і спусьціў іх на вяроўках да Ярэміі ў яму.
12 І сказаў Эбэд-Мэлек з Кушу Ярэміі: «Падлажы, прашу, сабе падзёртае адзеньне і зношаныя лахманы пад пахі рук тваіх і пад вяроўкі». І Ярэмія зрабіў гэтак.
13 І пацягнулі Ярэмію на вяроўках, і выцягнулі з ямы. І сядзеў Ярэмія на панадворку вартоўні.
14 І паслаў валадар Сэдэкія, і ўзяў Ярэмію прарока да сябе, да трэцяга ўваходу, які ў Доме ГОСПАДА. І сказаў валадар Ярэміі: «Спытаюся ў цябе пра адну рэч, і ты не схавай нічога ад мяне!»
15 І сказаў Ярэмія Сэдэкіі: «Калі я распавяду табе, ты, забіваючы, заб’еш мяне. А калі я дам табе раду, ты не паслухаеш мяне».
16 І прысягнуў валадар Сэдэкія патаемна Ярэміі, кажучы: «Як жывы ГОСПАД, Які зрабіў нам душу нашую, не заб’ю цябе, і ня выдам у рукі людзей, якія шукаюць душу тваю».
17 І сказаў Ярэмія Сэдэкіі: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Калі ты, выходзячы, выйдзеш да князёў валадара Бабілонскага, будзе жыць душа твая, і горад гэты ня будзе спалены агнём, і ты будзеш жыць, і дом твой.
18 А калі ня выйдзеш да князёў валадара Бабілонскага, тады горад гэты будзе выдадзены ў рукі Халдэйцаў, і яны спаляць яго агнём, і сам ты не ўцячэш ад рукі іхняй».
19 І сказаў валадар Сэдэкія Ярэміі: «Я баюся людзей Юды, якія перайшлі да Халдэйцаў, каб яны часам ня выдалі мяне ў рукі іхнія і каб тыя ня зьдзекваліся з мяне».
20 І сказаў Ярэмія: «Ня выдадуць. Паслухай, прашу, голаса ГОСПАДА [адносна таго], што я кажу табе, і будзе табе добра, і будзе жыць душа твая.
21 А калі ты адмовішся выйсьці, вось слова, якое паказаў мне ГОСПАД.
22 І вось, усе жанчыны, якія засталіся ў доме валадара Юды, ведзеныя да князёў валадара Бабілонскага, і яны галосяць: “Падманулі цябе і ашукалі цябе сябры твае; ногі твае ўгразьлі ў балоце, а яны ўцяклі”.
23 І ўсе жонкі твае і сыны твае будуць заведзены да Халдэйцаў, і ты не ўцячэш ад рук іхніх, бо схопіць цябе рука валадара Бабілонскага, і горад гэты будзе спалены агнём».
24 І сказаў Сэдэкія Ярэміі: «Няхай ніхто ня ведае пра словы гэтыя, і ты не памрэш!
25 А калі пачуюць князі, што я гаварыў з табой, і прыйдуць яны да цябе, і скажуць: “Скажы нам, што ты гаварыў да валадара? Нічога не хавай перад намі, і мы не заб’ем цябе! Дык што табе гаварыў валадар?”,
26 тады ты скажаш ім: “Я прынёс маленьне маё перад аблічча валадара, каб мяне не вярнулі ў дом Ёнатана, каб я не памёр там”».
27 І прыйшлі да Ярэміі ўсе князі, і спыталіся яго. І ён адказаў ім паводле ўсіх тых словаў, якія загадаў яму валадар, і яны моўчкі [адыйшлі] ад яго, бо не пачулі словаў тых.
28 І сядзеў Ярэмія на панадворку вартоўні аж да дня, калі быў здабыты Ерусалім. І сталася, што быў здабыты Ерусалім.
Разьдзел 39
1 У дзясятым годзе Сэдэкіі, валадара Юды, у дзясятым месяцы, прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, і ўсё войска ягонае пад Ерусалім, і абляглі яго.
2 У адзінаццатым годзе Сэдэкіі, у чацьвёртым месяцы, у дзявяты [дзень] месяца быў зроблены вылом у горад.
3 І ўвайшлі ўсе князі валадара Бабілонскага, і сталі каля Сярэдзіннай Брамы: Нэргал-Сарэцэр, Самгар-Нэво, Сар-Сэхім, галоўны эўнух, Нэргал-Сарэцэр, галоўны маг, і ўся рэшта князёў валадара Бабілонскага.
4 І сталася, калі ўбачыў гэта Сэдэкія, валадар Юды, і ўсе ваяры, яны ўцяклі, і выйшлі ноччу з гораду па дарозе праз сад валадара, праз браму паміж двума мурамі, і выйшлі на шлях у Арабу.
5 І пагналася войска Халдэйскае за імі, і дагнала Сэдэкію ў стэпе Ерыхонскім. І ўзялі яго, і прывялі яго да Навухаданосара, валадара Бабілонскага, у Рыўлю ў зямлі Хамат, і ён прамовіў на яго прысуд [свой].
6 І забіў валадар Бабілонскі сыноў Сэдэкіі ў Рыўлі на вачах ягоных, і ўсіх магнатаў Юды забіў валадар Бабілонскі.
7 І вырваў вочы Сэдэкіі, і закаваў яго ў кайданы мядзяныя, каб завесьці ў Бабілон.
8 І спалілі агнём Халдэйцы дом валадара і дамы народу, а муры Ерусаліму зруйнавалі.
9 А рэшту народу, якая засталася ў горадзе, і ўцекачоў, якія здаліся яму, і рэшту народу, якая засталася, Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, выгнаў у Бабілон.
10 А частку людзей убогіх, якія ня мелі анічога, пакінуў Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, у зямлі Юды і даў ім вінаграднікі і палі ў той дзень.
11 І загадаў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, адносна Ярэміі праз рукі Нэвузарадана, начальніка целаахоўнікаў, кажучы:
12 «Вазьмі яго і зьвярні на яго вочы твае, і не рабі яму нічога благога, але паводле таго, што ён будзе гаварыць табе, так зрабі яму».
13 І паслаў Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, і Нэвушазбан, галоўны эўнух, і Нэргал-Сарэцэр, галоўны маг, і ўсе начальнікі валадара Бабілонскага,
14 і паслалі яны, і ўзялі Ярэмію з панадворку вартоўні, і далі яго Гедаліі, сыну Ахікама, сына Шафана, каб той адпусьціў яго дадому, і ён жыў сярод народу.
15 І да Ярэміі было слова ГОСПАДА, калі быў ён яшчэ ўвязьнены на панадворку вартоўні, кажучы:
16 «Ідзі і скажы Эбэд-Мэлеку з Кушу, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я выконваю словы Мае супраць гораду гэтага на ліха, а не на дабро. І яны зьдзяйсьняюцца перад абліччам тваім у дзень гэты.
17 Але Я выратую цябе, кажа ГОСПАД, і ты ня будзеш выдадзены ў рукі людзей, якіх ты баішся.
18 Бо Я, выбаўляючы, выбаўлю цябе, і ты не ўпадзеш ад мяча, і будзе ў цябе душа твая, як здабыча, бо ты спадзяваўся на Мяне, кажа ГОСПАД”».
Разьдзел 40
1 Слова, якое было да Ярэміі ад ГОСПАДА пасьля таго, як вызваліў яго з Рамы Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, калі ён узяў яго, а ён быў закуты ў кайданы сярод усіх выгнанцаў з Ерусаліму і Юды, якія мелі быць выведзеныя ў Бабілон.
2 І ўзяў начальнік целаахоўнікаў Ярэмію, і сказаў яму: «ГОСПАД, Бог твой, прамовіў пра ліха гэтае супраць месца гэтага.
3 І зьдзейсьніў, і зрабіў ГОСПАД, як прадказваў, бо вы саграшылі супраць ГОСПАДА і ня слухалі голас Ягоны, і сталася з вамі такая рэч.
4 І цяпер вось, я вызваляю цябе сёньня з путаў, якія на руках тваіх. Калі добра ў вачах тваіх ісьці са мною ў Бабілон, ідзі, і я скірую вочы мае на цябе. А калі дрэнна ў вачах тваіх ісьці са мною ў Бабілон, заставайся. Глядзі, уся зямля перад абліччам тваім, куды добра і слушна ў вачах тваіх ісьці, туды ідзі».
5 І калі ён яшчэ не павярнуўся, [сказаў]: «Вярніся да Гедаліі, сына Ахікама, сына Шафана, якога валадар Бабілонскі прызначыў над гарадамі Юды, і жыві з ім сярод народу, або ідзі туды, куды слушна ў вачах тваіх». І даў яму начальнік целаахоўнікаў харчоў і падарункі, і адпусьціў яго.
6 І пайшоў Ярэмія да Гедаліі, сына Ахікама, у Міцпу, і жыў з ім сярод народу, які застаўся ў зямлі [Юды].
7 І пачулі ўсе князі войскаў, якія [былі] ў полі, яны самі і людзі іхнія, што валадар Бабілонскі вызначыў над краем Гедалію, сына Ахікама, і што даручыў яму мужчынаў і жанчынаў, дзяцей і ўбогіх зямлі, якія не былі выгнаныя ў Бабілон.
8 Тады яны прыйшлі да Гедаліі ў Міцпу: Ізмаэль, сын Нэтаніі, Ёханан і Ёнатан, сыны Карэаха, Сэрая, сын Танхумэта, сыны Эфая з Нэтофы, Езанія, сын Маахіцяніна, яны самі і людзі іхнія.
9 І Гедалія, сын Ахікама, сына Шафана, запрысягнуў ім і людзям іхнім, кажучы: «Ня бойцеся служыць Халдэйцам! Заставайцеся ў зямлі гэтай і служыце валадару Бабілонскаму, і будзе вам добра.
10 А я вось, буду жыць у Міцпе, каб заступацца перад абліччам Халдэйцаў, якія прыйдуць да нас, а вы зьбірайце віно, плады і алей, і складайце ў пасудзіны вашыя, і жывіце ў гарадах, якія вы маеце на ўласнасьць».
11 І таксама ўсе Юдэі, якія [былі] ў Мааве і сярод сыноў Амона, і ў Эдоме, і ў-ва ўсіх землях, пачулі, што валадар Бабілонскі пакінуў рэшту [людзей] у Юдзе і паставіў над імі Гедалію, сына Ахікама, сына Шафана.
12 І вярнуліся ўсе жыхары Юдэі з усіх месцаў, у якія былі расьцярушаныя, і прыйшлі ў зямлю Юды да Гедаліі ў Міцпу, і сабралі віно і пладоў вельмі багата.
13 А Ёханан, сын Карэаха, і ўсе князі войскаў, якія [былі] ў полі, прыйшлі да Гедаліі ў Міцпу
14 і сказалі яму: «Ці табе вядома, што Бааліс, валадар сыноў Амона, паслаў Ізмаэля, сына Нэтаніі, каб забіць цябе?» Але не паверыў ім Гедалія, сын Ахікама.
15 А Ёханан, сын Карэаха, сказаў патаемна Гедаліі ў Міцпе, кажучы: «Я пайду і заб’ю Ізмаэля, сына Нэтаніі, і ніхто ня будзе ведаць. Навошта ён мае забраць душу тваю, і ўсе Юдэі, якія зараз сабраўшыся пры табе, расьцярушацца, і загіне рэшта Юды?»
16 І сказаў Гедалія, сын Ахікама, Ёханану, сыну Карэаха: «Не рабі гэтай рэчы, бо хлусьню ты гаворыш пра Ізмаэля».
Разьдзел 41
1 І сталася ў сёмым месяцы, прыйшоў Ізмаэль, сын Нэтаніі, сына Элішамы, з насеньня валадарскага, і начальнікі валадара, і дзесяць чалавек з ім да Гедаліі, сына Ахікама, у Міцпу, і елі там разам хлеб у Міцпе.
2 І ўстаў Ізмаэль, сын Нэтаніі, і дзесяць чалавек, якія былі з ім, і ўдарылі Гедалію, сына Ахікама, сына Шафана. І забіў [Ізмаэль] таго, каго валадар Бабілонскі прызначыў [начальнікам] у зямлі [Юды].
3 І забіў Ізмаэль усіх Юдэяў, якія былі з Гедаліем у Міцпе, і Халдэйцаў ваяроў, якія там былі.
4 І сталася на другі дзень пасьля забойства, калі яшчэ ніхто [пра гэта] ня ведаў,
5 прыйшлі людзі з Сыхему, з Шыло і Самарыі, восемдзясят чалавек з паголенымі бародамі, разьдзёртымі шатамі і нарэзамі на целе, і ў руках іхніх [былі] ахвяры хлебныя і кадзіла, каб прынесьці [гэта] ў Дом ГОСПАДА.
6 І выйшаў Ізмаэль, сын Нэтаніі, насустрач ім з Міцпы, а яны, ідучы, ішлі і плакалі. І сталася, калі ён сустрэў іх, сказаў ім: «Ідзіце да Гедаліі, сына Ахікама!»
7 І сталася, калі ўвайшлі яны ў сярэдзіну горада, пазабіваў іх Ізмаэль, сын Нэтаніі, ён і людзі, якія [былі] з ім, і [ўкінуў] іх у сярэдзіну ямы.
8 І знайшлося дзесяць чалавек сярод іх, і яны сказалі Ізмаэлю: «Не забівай нас, бо маем у полі схаваныя запасы: пшаніцу, ячмень, алей і мёд». І ён спыніўся, і не забіў іх разам з братамі іхнімі.
9 А яма, у якую Ізмаэль кідаў усе трупы людзей, якіх забіў разам з Гедаліем, [была] тою ямаю, якую зрабіў валадар Аса супраць Баашы, валадара Ізраіля. Гэтую яму Ізмаэль, сын Нэтаніі, запоўніў забітымі.
10 І паланіў Ізмаэль усю рэшту народу, які [быў] у Міцпе, і дочак валадара, і ўвесь народ, які застаўся, якіх Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, даручыў Гедаліі, сыну Ахікама. І забраў іх з сабою Ізмаэль, сын Нэтаніі, і адыйшоў, каб перайсьці да сыноў Амона.
11 І пачуў Ёханан, сын Карэаха, і ўсе князі войска, якія [былі] з ім, пра ўсё ліха, якое ўчыніў Ізмаэль, сын Нэтаніі,
12 і сабралі яны ўсіх людзей, і пайшлі ваяваць з Ізмаэлем, сынам Нэтаніі. І знайшлі яны яго пры водах вялікіх, якія ў Гібэоне.
13 І сталася, калі ўвесь народ, які быў з Ізмаэлем, убачыў Ёханана, сына Карэаха, і ўсіх князёў войска, якія [былі] з ім, яны ўзрадаваліся,
14 і адвярнуўся ўвесь народ, якога вывеў Ізмаэль з Міцпы, і вярнуліся, і перайшлі да Ёханана, сына Карэаха.
15 А Ізмаэль, сын Нэтаніі, уцёк з васьмёма людзьмі ад аблічча Ёханана і перайшоў да сыноў Амона.
16 І ўзяў Ёханан, сын Карэаха, і ўсе князі войска, якія з ім, усю рэшту народу, якую вывеў Ізмаэль, сын Нэтаніі, з Міцпы пасьля таго, як забіў Гедалію, сына Ахікама, ваяроў, жанчынаў, дзяцей і эўнухаў, якіх [Ёханан] вярнуў з Гібэону,
17 і пайшлі яны, і затрымаліся ў Герут-Кімгаме, які блізка Бэтлеему, каб ісьці далей і [перайсьці] ў Эгіпет
18 далей ад аблічча Халдэйцаў, бо яны баяліся іх, бо Ізмаэль, сын Нэтаніі, забіў Гедалію, сына Ахікама, якога валадар Бабілонскі прызначыў над зямлёй [Юды].
Разьдзел 42
1 І наблізіліся ўсе князі, і Ёханан, сын Карэаха, і Езанія, сын Гешаі, і ўвесь народ ад малога да вялікага,
2 і сказалі Ярэміі прароку: «Няхай прыйдзе перад аблічча тваё просьба нашая! Маліся за нас да ГОСПАДА, Бога твайго, за ўсю рэшту гэтую, бо засталося нас нямнога з вялікае лічбы, як бачаць вочы твае.
3 І няхай ГОСПАД, Бог твой, пакажа нам шлях, якім маем ісьці, і тыя рэчы, якія мы маем рабіць».
4 І сказаў ім Ярэмія прарок: «Я чую. Вось, я памалюся да ГОСПАДА, Бога вашага, паводле словаў вашых, і кожнае слова, якое ГОСПАД адкажа вам, я паведамлю вам, і не схаваю перад вамі [ніякага] слова».
5 А яны сказалі Ярэміі: «Няхай ГОСПАД будзе супраць нас сьведкам верным і праўдзівым, калі мы ня будзем рабіць паводле ўсіх словаў, якія ГОСПАД, Бог твой, пашле табе для нас.
6 Ці будзе гэта добра, ці кепска, мы будзем слухацца голасу ГОСПАДА, Бога нашага, да Якога мы пасылаем цябе, каб нам было добра, бо мы паслухаліся голасу ГОСПАДА, Бога нашага».
7 І сталася, калі скончыліся дзесяць дзён, было слова ГОСПАДА да Ярэміі.
8 І ён паклікаў Ёханана, сына Карэаха, і ўсіх князёў войска, якія былі з ім, і ўвесь народ ад малога да вялікага,
9 і сказаў ім: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, да Якога вы паслалі мяне, каб я прынёс перад аблічча Ягонае просьбу вашую.
10 Калі, жывучы, будзеце жыць далей у зямлі гэтай, Я адбудую вас, а ня зьнішчу, і насаджу вас, а ня вырву, бо Я шкадую адносна ліха, якое Я зрабіў вам.
11 Ня бойцеся аблічча валадара Бабілонскага, аблічча якога вы баіцёся, не палохайцеся яго, кажа ГОСПАД, бо Я з вамі, каб збавіць вас і вызваліць вас з рукі ягонай.
12 І Я дам вам літасьць, і ён зьлітуецца над вамі і верне вас у зямлю вашую.
13 А калі вы скажаце: “Ня будзем жыць у зямлі гэтай”, і ня будзеце слухацца голасу ГОСПАДА, Бога вашага,
14 кажучы: “Не! Мы пойдзем у зямлю Эгіпецкую, дзе ня будзем бачыць вайны, і ня будзем чуць голас рогу, і ня будзем прагнуць хлеба, і там будзем жыць”,
15 дык цяпер слухайце слова ГОСПАДА, рэшта Юды. Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Калі вы, зьвярнуўшы, зьвернеце абліччы вашыя, каб ісьці ў Эгіпет, і пойдзеце, каб там пасяліцца,
16 станецца, што меч, якога вы баіцёся, дасягне вас там, у зямлі Эгіпецкай, і голад, якога вы палохаецеся, будзе спадарожнічаць вам у Эгіпце, і там вы паўміраеце.
17 І станецца, што ўсе людзі, якія зьвярнулі абліччы свае, каб ісьці ў Эгіпет, каб там пасяліцца, памруць ад мяча, голаду і заразы, і ніводзін з іх ня выратуецца і не ўцячэ ад ліха, якое Я спашлю на іх”.
18 Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Як выліўся гнеў Мой і абурэньне Маё на жыхароў Ерусаліму, так будзе выліты гнеў Мой на вас, калі вы прыйдзеце ў Эгіпет. І станецеся вы праклёнам, страхоцьцем, зьнявагаю і ганьбаю, і больш ня ўбачыце месца гэтага”.
19 Прамовіў да вас ГОСПАД, рэшта Юды: “Не ідзіце ў Эгіпет”. Ведаючы, ведайце, што я перасьцярог вас сёньня.
20 Бо блукаючы, вы заблукалі ў душах вашых, бо вы паслалі мяне да ГОСПАДА, Бога вашага, кажучы: “Маліся за нас да ГОСПАДА, Бога нашага, і паведамі нам усё, што скажа ГОСПАД, Бог наш, і мы зробім [гэта]”.
21 І я паведаміў вам сёньня, але вы ня слухаеце голасу ГОСПАДА, Бога вашага, у-ва ўсім тым, з чым Ён паслаў мяне да вас.
22 І цяпер, ведаючы, ведайце, што вы паўміраеце ад мяча, голаду і заразы ў месцы, куды хочаце ісьці, каб там пасяліцца».
Разьдзел 43
1 І сталася, калі Ярэмія скончыў прамаўляць да ўсяго народу ўсе словы ГОСПАДА, Бога іхняга, якія паслаў да іх ГОСПАД, Бог іхні, усе словы гэтыя,
2 сказалі Азарыя, сын Гашаі, і Ёханан, сын Карэаха, і ўсе людзі дзёрзкія, кажучы да Ярэміі: «Хлусьню ты гаворыш! Не пасылаў цябе ГОСПАД, Бог наш, кажучы: “Не ідзіце ў Эгіпет, каб там пасяліцца!”
3 Бо Барух, сын Нэрыі, намовіў цябе супраць нас, каб выдаць нас у рукі Халдэйцаў, каб забіць нас або выгнаць нас у Бабілон».
4 І Ёханан, сын Карэаха, і ўсе князі войска, і ўвесь народ не паслухалі голасу ГОСПАДА, каб жыць у зямлі Юды.
5 І Ёханан, сын Карэаха, і ўсе князі войска ўзялі ўсю рэшту Юды, якія вярнуліся з усіх народаў, куды былі выгнаныя, каб жыць у зямлі Юды,
6 мужчынаў, жанчынаў, дзяцей, дочак валадара і кожную душу, якую Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, пакінуў разам з Гедаліем, сынам Ахікама, сынам Шафана, і Ярэмію прарока, і Баруха, сына Нэрыі.
7 І пайшлі яны ў зямлю Эгіпецкую, бо не паслухаліся голасу ГОСПАДА, і прыйшлі ў Тахпанхэс.
8 І было слова ГОСПАДА да Ярэміі ў Тахпанхэсе, кажучы:
9 «Вазьмі ў рукі твае камяні вялікія і схавай іх у гліне цагельнай пры ўваходзе ў дом фараона ў Тахпанхэсе на вачах мужоў Юдэйскіх.
10 І скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я пашлю і прывяду Навухаданосара, валадара Бабілонскага, слугу Майго. І ён паставіць пасад свой на камянях гэтых, якія Я схаваў, і ён расьцягне намёт свой над імі.
11 І ён прыйдзе, і ўдарыць зямлю Эгіпецкую, і хто прызначаны на сьмерць, [той пойдзе] на сьмерць, хто ў палон, [той пойдзе] ў палон, хто пад меч, [той пойдзе] пад меч.
12 І ён падпаліць агонь у дамах багоў Эгіпецкіх, і спаліць іх, і возьме ў палон, і ачысьціць зямлю Эгіпецкую, як чысьціць пастух адзеньне сваё, і выйдзе адтуль у супакоі.
13 І паломіць ён слупы Бэт-Шэмэшу, які ў зямлі Эгіпецкай, і дамы багоў Эгіпецкіх спаліць агнём”».
Разьдзел 44
1 Слова, якое было да Ярэміі адносна ўсіх Юдэяў, якія жылі ў зямлі Эгіпецкай, якія жылі ў Мігдоле, у Тахпанхэсе, у Нофе і ў зямлі Патрос, кажучы:
2 «Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вы бачылі ўсё ліха, якое Я спаслаў на Ерусалім і на ўсе гарады Юды. І вось, яны зруйнаваныя ў дзень гэты, і няма ў іх жыхароў
3 за ліхоту, якую яны ўчынілі, каб гнявіць Мяне, ходзячы кадзіць і служыць іншым багам, якіх ня ведалі ані яны, ані вы, ані бацькі вашыя.
4 І Я пасылаў да вас усіх слугаў Маіх, прарокаў, устаючы ўначы і пасылаючы, і кажучы: “Не рабіце, прашу, рэчаў, якія Я ненавіджу!”
5 Але яны ня слухалі, і не прыхілілі вушы свае, каб адвярнуцца ад ліхоты сваёй і каб не кадзіць багам чужым.
6 І выліліся гнеў Мой і лютасьць Мая, і запалалі ў гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліму, і сталіся яны руінаю і пусткаю, як [гэта бачыце] сёньня.
7 І цяпер гэта кажа ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Навошта вы чыніце зло вялікае душам вашым, каб былі вынішчаныя ў вас пасярод Юды мужчыны, жанчыны, дзеці і немаўляты, каб не засталося з вас рэшты?
8 Навошта вы гнявіце Мяне ўчынкамі рук вашых, калі кадзіце багам чужым у зямлі Эгіпецкай, куды вы прыйшлі, каб там пасяліцца, каб былі вы зьнішчаныя і каб сталіся праклёнам і пасьмешышчам для ўсіх народаў зямлі?
9 Ці вы забыліся пра ліхоту бацькоў вашых і ліхоту валадароў Юды, і ліхоту жонак іхніх, пра ліхоту вашую і пра ліхоту жонак вашых, якую вы чынілі ў зямлі Юды і на вуліцах Ерусаліму?
10 Да дня сёньняшняга вы не ўпакорыліся, і не баіцёся, і ня ходзіце паводле Закону Майго і прыказаньняў Маіх, якія Я даў вам перад абліччам вашым і перад абліччам бацькоў вашых.
11 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я зьвярну аблічча Маё супраць вас на зло, каб зьнішчыць усяго Юду.
12 І прыбяру рэшту Юды, якія зьвярнулі абліччы свае, каб ісьці ў зямлю Эгіпецкую, каб там пасяліцца, і загінуць усе ў зямлі Эгіпецкай, і ўпадуць ад мяча і ад голаду, і загінуць ад малога да вялікага, і паўміраюць ад мяча і ад голаду, і стануцца праклёнам, страхоцьцем, зьнявагаю і ганьбаю.
13 І Я наведаю тых, якія жывуць у зямлі Эгіпецкай, як наведаў Ерусалім, мячом, голадам і заразаю.
14 І ня будзе ўцекача і выратаванага з рэшты Юды, якія прыйшлі, каб пасяліцца ў зямлі Эгіпецкай, каб [потым] вярнуцца ў зямлю Юды, куды яны прагнуць усёй душою вярнуцца і жыць там. Але ня вернецца [ніхто], хіба [толькі] недабіткі».
15 І адказалі Ярэміі ўсе мужчыны, якія ведалі, што жонкі іхнія кадзяць багам чужым, і ўсе жанчыны, якія стаялі ў царкве вялікай, і ўвесь народ, які жыў у зямлі Эгіпецкай у Патросе, кажучы:
16 «Слова, якое ты прамаўляў да нас у імя ГОСПАДА, мы ня будзем слухаць ад цябе.
17 Бо, выконваючы, мы выканаем усе словы, якія выйшлі з вуснаў нашых, і будзем кадзіць валадарцы неба, і будзем выліваць для яе ахвяры вадкія, як рабілі мы, і бацькі нашыя, валадары нашыя і князі нашыя ў гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліму, і мы былі насычаны хлебам, і было нам добра, і ліха мы ня бачылі.
18 Але з таго часу, калі мы перасталі кадзіць валадарцы неба і выліваць для яе ахвяры вадкія, бракуе нам усяго, і мы гінем ад мяча і голаду».
19 [А жанчыны казалі]: «Калі мы кадзім валадарцы неба і калі выліваем для яе ахвяры вадкія, хіба [робім гэта] бяз [згоды] мужоў нашых, ці робім для яе печыва з вобразам ейным і выліваем ахвяры вадкія?»
20 І сказаў Ярэмія ўсяму народу, мужчынам, жанчынам і ўсім людзям, якія адказалі яму [такім] словам, кажучы:
21 «Хіба тое кадзіла, якое вы палілі ў гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліму, вы і бацькі вашыя, валадары вашыя і князі вашыя, і народ зямлі, князі і просты народ, [хіба] ГОСПАД ня памятае яго і не ўвайшло яно ў сэрца Ягонае?
22 І ня мог ГОСПАД больш зносіць ліхоцьце ўчынкаў вашых і брыдоты, якія вы чынілі. І сталася зямля вашая руінаю, пустэчаю і праклёнам, без жыхароў, як [бачыце гэта] сёньня.
23 За тое, што вы кадзілі і што грашылі супраць ГОСПАДА, і ня слухалі голасу ГОСПАДА, і не хадзілі паводле Закону Ягонага, паводле прыказаньняў Ягоных і паводле сьведчаньняў Ягоных, спаткала вас гэткае ліха, як [бачыце гэта] сёньня».
24 І сказаў Ярэмія ўсяму народу і ўсім жанчынам: «Слухайце слова ГОСПАДА, увесь Юда, які ў зямлі Эгіпецкай!
25 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля, кажучы: “Вы і жонкі вашыя прамаўляеце вуснамі вашымі і робіце рукамі вашымі, кажучы: «Выконваючы, выканаем шлюбаваньні нашыя, якія мы абяцалі, каб кадзіць для валадаркі неба і выліваць для яе ахвяры вадкія». Выконваючы, выконвайце шлюбаваньні вашыя і, зьдзяйсьняючы, зьдзяйсьняйце абяцаньні вашыя!”
26 Дзеля гэтага паслухай слова ГОСПАДА, ты, увесь Юда, які жыве ў зямлі Эгіпецкай. Вось, Я прысягаю на імя Маё вялікае, кажа ГОСПАД, што ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай ня будзе больш клікаць імя Маё вуснамі [сваімі] ніхто з мужоў Юды, кажучы: “Як жывы Госпад ГОСПАД!”
27 Вось, Я чуваю над вамі на зло, а не на дабро. І загінуць усе мужы Юды, якія ў зямлі Эгіпецкай, ад мяча і голаду аж да зьнішчэньня іх.
28 Тыя, што ўратуюцца ад мяча, вернуцца з зямлі Эгіпецкай у зямлю Юды ў малой лічбе, і даведаецца ўся рэшта Юды, якія прыйшлі ў зямлю Эгіпецкую, каб пасяліцца там, чыё слова зьдзейсьніцца, Маё ці іхняе.
29 І гэта будзе для вас знакам, кажа ГОСПАД, што Я наведаю вас у месцы гэтым, каб вы даведаліся, што спаўняючыся, споўняцца словы Мае пра вас на зло.
30 Гэта кажа ГОСПАД: “Вось, Я аддам фараона Хофру, валадара Эгіпецкага, у рукі ворагаў ягоных і рукі тых, якія шукаюць душы ягонай, як Я аддаў Сэдэкію, валадара Юды, у рукі Навухаданосара, валадара Бабілонскага, ворага ягонага, які шукаў душу ягоную”».
Разьдзел 45
1 Слова, якое прамовіў Ярэмія прарок да Баруха, сына Нэрыі, калі ён запісаў словы гэтыя ў кнігу з вуснаў Ярэміі ў чацьвёртым годзе Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, кажучы:
2 «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, да цябе, Барух.
3 Ты кажаш: “Гора мне, бо ГОСПАД дадае смутку да болю майго. Я змучыўся ад уздыханьняў, не знаходжу супачыну!”
4 Так скажаш яму: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я руйную тое, што пабудаваў, а тое, што пасадзіў, вырываю, усю зямлю гэтую.
5 А ты шукаеш для сябе вялікага? Не шукай! Бо вось, Я прыводжу ліха на кожнае цела, кажа ГОСПАД, а табе дам душу тваю як здабычу ў кожным месцы, куды ты пойдзеш”».
Разьдзел 46
1 Слова ГОСПАДА, якое было да Ярэміі прарока пра народы.
2 Супраць Эгіпту, супраць войска фараона Нэхо, валадара Эгіпецкага, якое было каля ракі Эўфрат у Каркемішы і якое пабіў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, у чацьвёртым годзе Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды:
3 «Падрыхтуйце тарчу і шчыт і ідзіце ў бой!
4 Запрагайце коней і сядайце, вершнікі, і пашыхтуйцеся [тыя, што] ў шаломах, навастрыце дзіды і апраніце панцыры!
5 Што я бачу? Яны напалоханыя, адыходзяць, і волаты іхнія пабітыя, уцякаюць у страху і не аглядаюцца! Жах вакол, кажа ГОСПАД.
6 Не ўцячэ хуткі і ня выратуецца волат. На поўначы, на беразе ракі Эўфрат спатыкаюцца яны і падаюць.
7 Хто той, які падымаецца як рака, воды ягоныя хвалююцца як ручай?
8 Эгіпет падымаецца як рака, і воды ягоныя хвалююцца як ручай, і ён кажа: “Падняўшыся, пакрыю зямлю, зьнішчу горад і жыхароў ягоных”.
9 Імчыце, коні, ляціце, калясьніцы, і ідзіце наперад, волаты. Куш і Пут няхай трымаюць шчыты, і Людыйцы няхай нацягваюць лук!
10 Гэта дзень Госпада, ГОСПАДА Магуцьцяў, дзень помсты, каб адпомсьціць ворагам Ягоным. І меч будзе есьці, і насыціцца, і нап’ецца крыві, бо гэта ахвяра для Госпада, ГОСПАДА Магуцьцяў, у зямлі паўночнай каля ракі Эўфрат.
11 Пайдзі ў Гілеад і вазьмі бальзам, дзяўчына, дачка Эгіпту! Надарма, памнажаючы, ты памнажаеш лекі, няма аздараўленьня для цябе!
12 Пачулі народы пра ганьбу тваю, і галашэньне тваё напоўніла зямлю, бо волат спатыкнуўся аб волата, і абодва ўпалі разам».
13 Слова, якое прамовіў ГОСПАД да Ярэміі прарока пра прыйсьце Навухаданосара, валадара Бабілонскага, каб захапіць зямлю Эгіпецкую:
14 «Паведаміце Эгіпту і паслухайце ў Мігдоле, паслухайце ў Нофе і Тахпанхэсе! Скажыце: “Стань і рыхтуйся, бо меч праглыне [ўсё] вакол цябе”.
15 Чаму ўпаў асілак твой? Не ўстаяў ён, бо ГОСПАД штурхнуў яго.
16 Моцна захістаўся і ўпаў чалавек на бліжняга свайго, і сказаў: “Падыміся і вернемся да народу нашага і ў зямлю нараджэньня нашага ад аблічча мяча забойчага”.
17 Назавіце фараона, валадара Эгіпецкага, “Гармідар”, ён прапусьціў час адпаведны.
18 Як жывы Я, кажа Валадар, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае, як Табор сярод гор і як Кармэль пры моры, прыйдзе ён.
19 Падрыхтуй рэчы на выгнаньне, жыхарка, дачка Эгіпту, бо Ноф стане пустэчаю, і будзе спалены, без жыхароў.
20 Эгіпет — цялушка ладная, прыгожая, але авадзень з поўначы прыходзіць, прыходзіць.
21 Найміты ягоныя пасярод яго як цяляты кормныя, але і яны вярнуліся і ўцяклі разам, ня вытрымалі, бо прыйшоў на іх дзень загубы іхняй, час наведваньня іхняга.
22 Голас [Эгіпту] загучыць як [сычэньне] зьмяі, бо набліжаюцца з войскамі, і прыйдуць да яго з сякерамі, як дрывасекі.
23 І сьсякуць яны лес ягоны, кажа ГОСПАД, хоць ён непраходны, бо іх больш ад саранчы, і няма ім ліку.
24 Асаромлена дачка Эгіпту і аддадзена ў рукі народу паўночнага.
25 Кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Вось, Я наведаю Амона ў Но, і фараона, і Эгіпет, і багоў ягоных, і валадароў ягоных, і фараона, і тых, якія спадзяюцца на яго.
26 І аддам іх у рукі тых, якія шукаюць душу іхнюю, у рукі Навухаданосара, валадара Бабілонскага, і ў рукі слугаў ягоных, але потым ён будзе абжыты як у дні старадаўнія, кажа ГОСПАД.
27 А ты ня бойся, слуга Мой Якуб, і не палохайся, Ізраіль, бо вось, Я збаўлю цябе з [зямлі] далёкай, і насеньне тваё — з зямлі палону іхняга. І вернецца Якуб, і супачыне, і будзе ў бясьпецы, і ніхто ня будзе трывожыць [яго]!
28 Ты ня бойся, слуга Мой, Якуб, кажа ГОСПАД, бо Я з табою, бо Я зраблю канец усім народам, у якіх Я расьцярушыў цябе, а табе не зраблю канец, але пакараю цябе паводле правасудзьдзя, і непакараным не пакіну цябе”».
Разьдзел 47
1 Слова ГОСПАДА, якое было да Ярэміі прарока адносна Філістынцаў, перш, чым фараон здабыў Газу:
2 «Гэта кажа ГОСПАД. Вось, воды падымаюцца з поўначы, і будуць яны як ручай залеўны, і зальюць зямлю і ўсё, што на ёй, горад і жыхароў у ім, і будуць крычаць людзі, і загалосяць усе жыхары зямлі.
3 Ад тупату капытоў дужых [коней] ягоных, ад лязгату калясьніцаў ягоных і грукату колаў іхніх бацькі ня зьвернуцца да сыноў, бо самлеюць [ім] рукі,
4 бо надыйшоў дзень, каб зьнішчыць усіх Філістынцаў, каб выгубіць у Тыры і Сідоне ўсіх памочнікаў, якія засталіся. Бо ГОСПАД зьнішчыць Філістынцаў і рэшту вострава Кафтор.
5 Аблысела Газа, зьнямеў Ашкелён. Рэшта даліны іхняй, як доўга будзеце рабіць сабе нарэзы?
6 Гора! Меч ГОСПАДА, як доўга ты не супачынеш? Вярніся ў похвы свае, супакойся і суцішся!
7 Але як ён супакоіцца, калі ГОСПАД загадаў яму, супраць Ашкелёну і супраць узьбярэжжа мора скіраваў яго».
Разьдзел 48
1 Адносна Мааву. «Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Гора Нэво, бо ён зьнішчаны, і Кірыятаім асаромлены і здабыты, асаромлены замак і напалоханы.
2 Няма больш славы ў Мааве! У Хешбоне задумляюць ліхоту супраць яго: “Хадзем, выгубім яго спаміж народаў”. Таксама ты, Мадмэн, замоўкнеш, за табою прыйдзе меч.
3 Голас крыку з Харанаіму: “Спусташэньне і бяда вялікая”.
4 Мааў пераможаны! Чуваць крык аж да Цаару.
5 Праз вандол у Люхіт узыходзяць, плачучы, на схіле Харанаіму чутна галашэньне пра загубу:
6 “Уцякайце! Ратуйце душы вашыя і будзеце як той верас у пустыні”.
7 За тое, што ты спадзяваўся на справы твае і на скарбы твае, ты таксама будзеш здабыты, і Кемош пойдзе на выгнаньне, і разам [з ім] сьвятары ягоныя і князі ягоныя.
8 І прыйдзе руйнаваньне ў кожны горад, і [ніводзін] горад не ўратуецца, і загіне даліна, і будзе зьнішчана раўніна, бо [гэта] сказаў ГОСПАД.
9 Дайце крылы Мааву, і ён паляціць, і гарады ягоныя стануцца пустэчаю, і ня будзе жыхароў у іх.
10 Пракляты, хто выконвае справу ГОСПАДА нядбала! Пракляты, хто меч Ягоны стрымлівае ад крыві!
11 Мааў цешыўся супакоем ад юнацтва свайго і адпачываў спакойна на дражджах сваіх, і ня быў пераліваны з пасудзіны ў пасудзіну, і не ішоў на выгнаньне. Таму захаваў ён смак свой, і пах ягоны не зьмяніўся.
12 Дзеля гэтага вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я пашлю да яго тых, якія наліваюць [віно], і яны перальюць яго, і посуд ягоны спустошаць, і збаны ягоныя патаўкуць.
13 І будзе саромецца Мааў дзеля Кемоша, як дом Ізраіля саромеўся дзеля Бэтэлю, на які спадзяваўся.
14 Як вы [можаце] казаць: “Мы — волаты і ваяры ў бітве”?
15 Той, хто зьнішчыць Мааў і гарады ягоныя, прыходзіць, і найлепшыя юнакі ягоныя пойдуць на зарэз, кажа Валадар, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.
16 Набліжаецца загуба Мааву, вельмі сьпяшаецца бяда ягоная.
17 Спачувайце яму, усе, хто навокал яго, і ўсе, якія ведаеце імя ягонае, і кажыце: “Як зламаны скіпетр моцны, кій слаўны!”
18 Зыйдзі са славы сваёй і сядзь у сухой [зямлі], дачка Дыбону, бо прыйшоў да цябе нішчыцель Мааву, і ён зруйнуе цьвярдыні твае.
19 Стань каля дарогі і глядзі, жыхарка Араэру, і пытайся таго, хто ўцёк, і таго, хто ўратаваўся, і кажы: “Што сталася?”
20 Мааў асаромлены, бо зламаны. Крычыце і галасіце, і паведамце ў Арноне, што спустошаны Мааў.
21 Прыходзіць суд на зямлю раўнінную, на Халён, на Ягцу, на Мэфаат,
22 на Дыбон, на Нэво, на Бэт-Дыблатаім,
23 на Кірыятаім, на Бэт-Гамуль, на Бэт-Мэон,
24 на Керыёт, на Боцру і на ўсе гарады зямлі Мааў, далёкія і блізкія.
25 Адсечаны рог Мааву, і зломлена рамяно ягонае, кажа ГОСПАД.
26 Напаіце яго, бо ён узьвялічваўся супраць ГОСПАДА, і няхай паваліцца Мааў у ванітаваньні свае і станецца пасьмешышчам.
27 Ці ня быў для цябе пасьмешышчам Ізраіль? Хіба ён знойдзены сярод злодзеяў, што ты ківаеш галавою, калі пра яго гаворыш?
28 Пакідайце гарады і жывіце сярод скалаў, жыхары Мааву, і будзьце як голуб, які віе гняздо на збоччах на краі стромы.
29 Мы чулі пра пыхлівасьць Мааву, ганарыстасьць вялікую, пра фанабэрыстасьць ягоную і пра зухвальства ягонае, пра пыхлівасьць ягоную і надзьмутасьць сэрца ягонага.
30 Я ведаю, кажа ГОСПАД, дзёрзкасьць ягоную, і што пустая пахвальба ягоная, і нявартае тое, што робяць яны.
31 Дзеля таго Я галашу дзеля Мааву, і дзеля ўсяго Мааву лямантую, і бядую дзеля людзей Кір-Хэрэсу.
32 Больш, чым дзеля Язэру, Я плачу дзеля цябе, вінаграднік Сібмы! Парасткі твае дайшлі аж да мора і сягаюць аж да мора Язэру, але напаў нішчыцель на сьпелы плод твой і на вінаград твой.
33 І забраныя радасьць і пацеха з вінаградніку і з зямлі Мааў, і Я скончу віно ў тоўчнях, [ніхто] яго не выціскае з радаснай песьняй, і радасная песьня [ўжо] ня радасная песьня.
34 Ад крыку з Хешбону аж да Элеале, аж да Ягацу даходзіць голас іхні, ад Цаару да Харанаіму і да Эглят-Шэлішыі, бо нават воды Німрыму стануць сухой [зямлёю].
35 Я выгублю ў Мааве, кажа ГОСПАД, таго, хто ўзыходзіць на ўзгоркі і кадзіць багам сваім.
36 Дзеля гэтага сэрца Маё дзеля Мааву як жалейка стогне, і дзеля людзей Кір-Хэрэсу як жалейка стогне, бо ўсё, што яны сабралі, прапала.
37 Бо кожная галава аблысела, і кожная барада абголена, на ўсіх руках — нарэзы, і на сьцёгнах — зрэбніца.
38 На ўсіх дахах Мааву і на плошчах ягоных лямант вялікі, бо Я раструшчыў Мааў, як посуд [гліняны], які не падабаецца, кажа ГОСПАД.
39 Які ён раструшчаны! Галасіце! Як Мааў уцякаў асаромлены! І стаўся Мааў пасьмешышчам і страхоцьцем для ўсіх навокал.
40 Бо гэта кажа ГОСПАД. Вось, ён прыляціць, як арол, і раскіне крылы свае над Маавам.
41 Керыёт будзе здабыты, і крэпасьці захопленыя. І будзе сэрца волатаў Мааву ў той дзень, як сэрца жанчыны, якая нараджае.
42 І будзе зьнішчаны Мааў як народ, бо ўзьвялічваўся супраць ГОСПАДА.
43 Жах, яма і пастка для цябе, жыхар Мааву, кажа ГОСПАД.
44 Хто ўцячэ ад жаху, упадзе ў яму, а хто вылезе з ямы, будзе схоплены ў пастку, бо Я прывяду на Мааў год наведваньня іхняга, кажа ГОСПАД.
45 У ценю Хешбону стануць зьнясіленыя ўцекачы, але агонь выйдзе з Хешбону, і полымя — з сярэдзіны Сыгону, і праглыне бакі Мааву і цемя сыноў бунту.
46 Гора табе, Мааў! Загінуў народ Кемоша, бо сыны твае ўзятыя ў палон, і дочкі твае — у няволі.
47 Але Я вярну палонных Мааву ў будучыя дні, кажа ГОСПАД. Аж дасюль суд над Маавам».
Разьдзел 49
1 Адносна сыноў Амона. «Гэта кажа ГОСПАД. Хіба няма сыноў у Ізраіля? Хіба няма ў яго спадкаемцы? Навошта Мільком узяў спадчыну Гада, і народ ягоны жыве ў гарадах іхніх?
2 Дзеля гэтага надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і пачуюць гармідар ваенны ў Раббе сыноў Амона, і яна станецца руінаю і пусткаю, і дочкі ейныя будуць спаленыя агнём. І ўспадкаеміць Ізраіль спадчыну сваю, кажа ГОСПАД.
3 Галасі, Хешбон, бо зруйнаваны Гай! Лямантуйце, дочкі Раббы, апраніцеся ў зрэбніцу, галасіце і бегайце кругом муроў, бо Мільком пойдзе ў няволю разам са сьвятарамі ягонымі і князямі ягонымі.
4 Чаго ты хвалішся далінамі сваімі? Расьцяклася даліна твая, дачка няверная. Ты спадзявалася на скарбы твае [і казала]: “Хто прыйдзе да мяне?”
5 Вось, Я прывяду на цябе страх, кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, ад усіх, хто вакол цябе, і вы паўцякаеце, кожны ў свой бок, і ня будзе каму зьбіраць уцекачоў.
6 Але потым Я вярну палонных сыноў Амона, кажа ГОСПАД».
7 Адносна Эдому. «Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Ці ўжо больш няма мудрасьці ў Тэмане? Хіба спынілася рада разумных, і непатрэбнай сталася мудрасць іхняя?
8 Уцякайце, бяжыце назад, хавайцеся ў ямы, жыхары Дэдану, бо Я прывёў загубу Эзава на яго, час, калі наведваю яго.
9 Калі зьбіральнікі вінаграду прыйдуць да цябе, яны не пакінуць недазьбіранага, і калі злодзеі [прыйдуць] уначы, яны панішчаць, колькі хочуць.
10 Бо Я агалю Эзава, адкрыю сховы ягоныя, нічога ён схаваць ня зможа. Зьнішчана будзе насеньне ягонае, і браты ягоныя, і суседзі ягоныя, і ня будзе яго.
11 Пакінь сіротаў тваіх, Я ўтрымаю [іх] пры жыцьці, і ўдовы твае няхай спадзяюцца на Мяне.
12 Бо гэта кажа ГОСПАД: “Вось, тыя, якім не прысуджана піць келіх [гэты], п’ючы, будуць піць, а ты як застанешся непакараным? Ня будзеш непакараным, але п’ючы, будзеш піць [келіх гэты]”.
13 Прысягаю на Самога Сябе, кажа ГОСПАД, што Боцра станецца спусташэньнем, і ганьбаю, і пустэчаю, і праклёнам, і ўсе гарады ейныя стануцца руінамі на вякі.
14 Я пачуў вестку ад ГОСПАДА, і весьнік пасланы да народаў: “Зьбірайцеся і ідзіце на яго! Падрыхтуйцеся да бою!”
15 Бо вось, Я зраблю цябе малым сярод народаў, пагарджаным між людзьмі.
16 Падманула цябе фанабэрыя твая і пыхлівасьць сэрца твайго, цябе, які жывеш у пячорах скальных і трымаешся ўзгоркаў высокіх. Бо хоць ты высока зьвіў гняздо сабе, як арол, Я і адтуль скіну цябе, кажа ГОСПАД.
17 Эдом станецца пустэчай, і кожны, хто будзе праходзіць праз яго, аслупянее і засьвішча дзеля ўсіх ранаў ягоных.
18 Як пасьля зьнішчэньня Садому і Гаморы і суседзяў іхніх, кажа ГОСПАД, ня будзе жыць там чалавек, і не паселіцца там сын чалавечы.
19 Вось, ён выходзіць як леў з гушчара над Ярданам на паплавы зялёныя. Я ў момант змушу яго ўцякаць ад іх, а выбранага юнака пастаўлю над імі. Бо хто [падобны] да Мяне, або хто пакліча Мяне [на суд]? І які пастыр устаіць перад абліччам Маім?
20 Дзеля гэтага паслухайце пра намер ГОСПАДА, які Ён мае адносна Эдому, і думкі Ягоныя, якія Ён мае адносна жыхароў Тэману. Выцягнуць нават найменшых авечак, і будуць спустошаны пашы іхнія.
21 Ад гуку зьнішчэньня іхняга задрыжыць зямля, і крык будзе чутны над Морам Чырвоным.
22 Вось, як арол, падымаецца ён, і ўзьлятае, і раскідвае крылы свае над Боцраю, і сэрца волатаў Эдому ў той дзень станецца як сэрца жанчыны, якая нараджае».
23 Адносна Дамаску. «Асаромеюцца Хамат і Арпад, бо пачулі яны вестку ліхую, і трывожацца яны, як мора, якое супакоіцца ня можа.
24 Аслабеў Дамаск, павярнуўся, каб уцякаць, ахапіў яго страх, мучэньні і болі апанавалі яго як жанчыну, якая нараджае.
25 Як ты спустошаны, горад слаўны, горад вясёласьці?
26 Таму ўпадуць юнакі ягоныя на плошчах ягоных, і ўсе ваяры змоўкнуць у той дзень, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
27 І Я распалю агонь на мурах Дамаску, і ён спаліць палацы Бэн-Гадада».
28 Адносна Кедару і валадарства Хацор, якія пабіў Навухаданосар, валадар Бабілонскі. «Гэта кажа ГОСПАД: “Устаньце, ідзіце на Кедар і нішчыце сыноў Усходу!”
29 Забяруць намёты іхнія і авечак іхніх, і накрыцьці іхнія, і ўсе начыньні іхнія, павядуць вярблюдаў іхніх сабе і будуць крычаць на іх: “Жах навокал”.
30 Уцякайце, выходзьце хутчэй, хавайцеся ў ямы, жыхары Хацору, кажа ГОСПАД, бо супраць вас радзіць раду Навухаданосар, валадар Бабілонскі, і задумаў супраць вас намер.
31 “Устаньце і ідзіце на народ спакойны, які жыве бясьпечна, кажа ГОСПАД, няма ў іх брамаў, і няма засавак, і жывуць яны самотна”.
32 І стануцца вярблюды іхнія здабычаю, а мноства чародаў іхніх — на рабунак. І Я расьцярушу іх на ўсе вятры, тых, якія падразаюць [валасы] на скронях, і з усіх бакоў прывяду загубу на іх, кажа ГОСПАД.
33 І станецца Хацор прыстанішчам цмокаў і пусткаю на вякі. Ня будзе жыць там чалавек, і не паселіцца там сын чалавечы».
34 Слова ГОСПАДА, якое было да Ярэміі прарока адносна Эляму на пачатку валадараньня Сэдэкіі, валадара Юды, кажучы:
35 «Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Вось, Я зламлю лук Эляму, пачатак сілы ягонай.
36 І прывяду на Элям чатыры вятры з чатырох канцоў неба, і расьцярушу іх на ўсе вятры гэтыя. І ня будзе такога народу, да якога ня прыйдуць выгнанцы з Эляму.
37 І Я напужаю Элям перад абліччам ворагаў іхніх і перад абліччам тых, якія шукаюць душу іхнюю. І прывяду на іх ліха і лютасьць гневу Майго, кажа ГОСПАД, і пашлю за імі меч, пакуль ня [вынішчу] іх да канца.
38 І Я пастаўлю пасад Мой у Эляме, і выкіну адтуль валадара і князёў, кажа ГОСПАД.
39 Але будзе ў будучых днях, Я вярну палонных Эляму, кажа ГОСПАД».
Разьдзел 50
1 Слова, якое прамовіў ГОСПАД пра Бабілон і пра зямлю Халдэйскую праз рукі Ярэміі прарока:
2 «Паведаміце сярод народаў і абвяшчайце, узьніміце сьцяг, абвяшчайце, не хавайце, кажыце: “Здабыты Бабілон! Асаромлены Бэль! Зламаны Мэрадах! Асаромлены балваны іхнія, паразьбіваныя ідалы іхнія!”
3 Бо ідзе супраць яго народ з поўначы. Ён пераменіць зямлю іхнюю ў пустэчу, і ніхто ня будзе жыць у ёй, ад чалавека да жывёлы, [усе] ўцякуць і адыйдуць [адтуль].
4 У тыя дні і ў той час, кажа ГОСПАД, прыйдуць сыны Ізраіля разам з сынамі Юды, ідучы і плачучы, і пойдуць, і будуць шукаць ГОСПАДА, Бога свайго.
5 Яны будуць пытацца пра шлях на Сыён, і [зьвернуць] абліччы свае да яго: “Хадземце, злучымся з ГОСПАДАМ запаветам вечным, якога не забудзем”.
6 Народ Мой як авечкі заблуканыя, пастыры іхнія завялі іх бадзяцца па гарах; ад гары да ўзгорку яны хадзілі, і забыліся пра месца адпачынку свайго.
7 Усе, якія знаходзілі іх, зьядалі іх, і прыгнятальнікі іхнія казалі: “Не вінававтыя мы, бо яны саграшылі супраць ГОСПАДА, Пашы праведнасьці і надзеі бацькоў іхніх, ГОСПАДА”.
8 Уцякайце з Бабілону, выходзьце з зямлі Халдэйскай, і будзьце як казлы перад авечкамі.
9 Бо вось, Я абуджу і прывяду на Бабілон грамаду народаў вялікіх з зямлі паўночнай; і яны пашыхтуюцца супраць яго і адтуль здабудуць яго. Стрэлы іхнія — як у спраўнага волата, не вяртаюцца дарэмна.
10 І станецца Халдэя здабычаю, і насыцяцца ўсе, хто пустошыць яе, кажа ГОСПАД.
11 Радуйцеся і цешцеся, рабаўнікі спадчыны Маёй! Бо вы скачаце, як цяляты па траве, і іржыцё, як жарэбчыкі.
12 Зьбянтэжылася маці вашая, асаромленая тая, якая вас нарадзіла. Вось, яна будзе апошняй з народаў, пустыняй, сухою [зямлёй] і стэпам.
13 Дзеля гневу ГОСПАДА ня будзе ніхто жыць на ёй, але ўся яна станецца пусткаю. Кожны, хто будзе праходзіць праз Бабілон, аслупянее і засьвішча дзеля ўсіх ранаў ягоных.
14 Пашыхтуйцеся супраць Бабілону навокал усе, якія нацягваеце лукі! Страляйце ў яго, не шкадуйце стрэлаў, бо ён саграшыў супраць ГОСПАДА.
15 Гаманіце супраць яго вакол яго, бо ён падняў руку сваю. Упалі слупы ягоныя, разбураны муры ягоныя, бо гэта помста ГОСПАДА. Адпомсьціце яму. Як ён рабіў, так зрабіце яму.
16 Зьнішчыце ў Бабілоне таго, хто сее, і таго, хто трымае серп у час жніва. Перад абліччам мяча забойчага кожны вернецца да народу свайго і кожны ўцячэ ў зямлю сваю.
17 Ізраіль — заблукалая авечка, ільвы пагналі яго. Першы еў яго валадар Асірыйскі, а апошні, Навухаданосар, валадар Бабілонскі, паламаў яму косткі.
18 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Вось, Я наведаю валадара Бабілонскага і зямлю ягоную, як наведаў валадара Асірыйскага.
19 І Я прывяду Ізраіль на пашы ягоныя, і ён будзе пасьвіцца на Кармэлю і ў Башане, і на гары Эфраіма, і ў Гілеадзе, і насыціцца душа ягоная”.
20 У тыя дні і ў той час, кажа ГОСПАД, будуць шукаць беззаконьне ў Ізраіля, і ня будзе яго, і [шукаць] грахі ў Юды, і ня знойдуць іх, бо Я прабачу тых, якіх пакіну.
21 Выруш супраць зямлі Мэратаім і супраць жыхароў Пэкоду! Руйнуй і зьнішчы з закляцьцем, кажа ГОСПАД, і зрабі ўсё, што Я табе загадаў!
22 Гармідар ваенны ў зямлі і зьнішчэньне вялікае.
23 Як пабіты і зламаны молат усёй зямлі! Як стаўся пустэчаю Бабілон сярод народаў!
24 Я паставіў на цябе сіло, і ты схоплены, Бабілон, а ты ня ведаў. Ты знойдзены і схоплены, бо ты паўстаў супраць ГОСПАДА.
25 Адкрыў ГОСПАД скарбніцу Сваю і дастаў начыньні гневу Свайго, бо справу мае Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, у зямлі Халдэйскай.
26 Прыходзьце да яе з канцоў [зямлі], адкрыйце ўсе клуні ейныя, і раскідайце яе як снапы, і зрабіце яе закляцьцем, няхай ніхто не застанецца ў ёй.
27 Пазабівайце ўсіх валоў ейных, няхай ідуць яны на зарэз. Гора ім, бо надыйшоў дзень іхні, час наведваньня іхняга.
28 Голас тых, якія ўцякаюць, і тых, якія выйшлі з зямлі Бабілонскай, каб абвясьціць на Сыёне пра помсту ГОСПАДА, Бога нашага, пра помсту за сьвятыню Ягоную.
29 Склічце лучнікаў супраць Бабілону. Вы ўсе, якія нацягваеце лукі, станьце табарам вакол яго, няхай ніхто не ўцячэ. Аднагарадзіце яму паводле справаў ягоных і тое, што ён вам рабіў, зрабіце яму, бо ён выхваляўся супраць ГОСПАДА, супраць Сьвятога Ізраіля!
30 Дзеля гэтага пападаюць юнакі ягоныя на плошчах ягоных; і ўсе ваяры ягоныя змоўкнуць у той дзень, кажа ГОСПАД.
31 Вось, Я супраць цябе, пыхлівец, кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, бо прыйшоў дзень твой, час наведваньня твайго.
32 І спатыкнецца пыхлівец, і ўпадзе, і ня будзе каму яго падняць, і Я запалю агонь у-ва ўсіх гарадах ягоных, і ён спаліць усё навокал.
33 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Уцісканыя сыны Ізраіля і сыны Юды разам з імі, і ўсе, якія зьняволілі іх, трымаюць іх і ня хочуць адпусьціць іх.
34 Адкупіцель іхні магутны. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае. Баронячы, Ён будзе бараніць справу іхнюю, каб даць супакой зямлі і ўстрывожыць жыхароў Бабілону”.
35 Меч на Халдэйцаў, кажа ГОСПАД, і на жыхароў Бабілону, і на князёў ягоных, і на мудрацоў ягоных!
36 Меч на варажбітоў, і яны стануцца дурнямі; меч на волатаў ягоных, і яны напужаюцца!
37 Меч на коней ягоных і на калясьніцы ягоныя, і на ўсю мешаніну [людзей], якая пасярод яго, і будуць яны, як жанчыны; меч на скарбы ягоныя, і будуць яны разрабаваныя.
38 Меч на воды ягоныя, і яны высахнуць, бо гэта зямля ідалаў, яны хваляцца балванамі сваімі.
39 Дзеля гэтага будуць жыць у ім зьвяры пустыні, і шакалы, і страусы, і ня будзе больш ніколі ён абжыты, і ніхто там не паселіцца з пакаленьня ў пакаленьне.
40 Як збурыў Бог Садом і Гамору і суседнія гарады, кажа ГОСПАД, ня будзе жыць там чалавек і не паселіцца там сын чалавечы.
41 Вось, прыходзіць народ з поўначы, народ вялікі, і шматлікія валадары паўстаюць з канцоў зямлі.
42 Яны трымаюць лук і дзіду, яны жорсткія і бязьлітасныя. Голас іхні — нібыта шуміць мора, і яны едуць на конях, яны пашыхтаваныя як адзін чалавек да бою супраць цябе, дачка Бабілону!
43 Пачуў валадар Бабілону вестку пра іх, і аслабелі рукі ягоныя, жах ахапіў яго і боль як тую, якая нараджае.
44 Вось, ён выходзіць як леў з гушчару над Ярданам на паплавы зялёныя. Я ў момант змушу яго ўцякаць ад іх, а выбранага юнака пастаўлю над імі. Бо хто [падобны] да Мяне? І хто пакліча Мяне [на суд]? І які пастыр устаіць перад абліччам Маім?
45 Дзеля гэтага паслухайце пра намер ГОСПАДА, які Ён мае супраць Бабілону, і думкі Ягоныя, якія Ён мае адносна зямлі Халдэйскай. Выцягнуць нават найменшых авечак, і будуць спустошаны пашы іхнія.
46 На вестку, што здабыты Бабілон, задрыжыць зямля, і крык будзе чутны сярод народаў.
Разьдзел 51
1 Гэта кажа ГОСПАД: “Вось, Я збуджу супраць Бабілону і супраць жыхароў Лэб-Камай вецер марскі.
2 І Я пашлю ў Бабілон тых, якія веюць, і яны разьвеюць яго і спустошаць зямлю ягоную, бо адусюль зьвернуцца супраць яго ў дзень ліхі [для яго].
3 Няхай ніякі лучнік не нацягне лук свой, і няхай не апране панцыр свой! Не шкадуйце юнакоў ягоных, зьнішчыце ўсё войска ягонае!”
4 І пападаюць забітыя ў зямлі Халдэйскай, і параненыя — на вуліцах ейных.
5 Бо не аўдавеў Ізраіль і Юда ў Бога свайго, у ГОСПАДА Магуцьцяў, бо зямля іхняя перапоўненая злачынствамі супраць Сьвятога Ізраіля.
6 Уцякайце з сярэдзіны Бабілону! Няхай кожны ратуе душу сваю. Ня гіньце ў беззаконьнях ягоных! Бо гэта час помсты ГОСПАДА. Ён аддасьць яму належную плату.
7 Бабілон у руцэ ГОСПАДА быў келіхам залатым, які напаіў усю зямлю. Віно ягонае пілі народы, і дзеля таго шалелі народы.
8 Раптоўна ўпаў Бабілон, і зруйнавалі яго. Галасіце дзеля яго, вазьміце бальзам на боль ягоны, можа, будзе аздароўлены.
9 “Лекавалі мы, лекавалі Бабілон, але ён не паздаравеў. Пакіньце яго, і хадзем кожны ў зямлю сваю! Бо аж да неба дайшоў прысуд над ім і ўзьняўся аж да хмараў.
10 Зьявіў ГОСПАД праведнасьць нашую. Хадземце і распавядзем на Сыёне пра справы ГОСПАДА, Бога нашага!”
11 Вастрыце стрэлы, вазьміце шчыты! Узбудзіў ГОСПАД дух валадара Мадаю, бо супраць Бабілону намер Ягоны, каб зьнішчыць яго, бо гэта помста ГОСПАДА, помста за сьвятыню Ягоную.
12 Супраць муроў Бабілону ўзьніміце сьцяг! Умацуйце варту, растаўце вартаўнікоў, падрыхтуйце засады! Бо так вырашыў ГОСПАД, і ўчыніў тое, што прамовіў супраць жыхароў Бабілону.
13 Ты, які жывеш над водамі вялікімі, са шматлікімі скарбамі, прыйшоў канец твой, [напоўнілася] мера хцівасьці тваёй.
14 ГОСПАД Магуцьцяў прысягнуў на душу Сваю, што напоўніць цябе людзьмі як саранчою, і яны ўзьнімуць над табою гармідар [ваенны].
15 Ён учыніў зямлю сілаю Сваёй, угрунтаваў сусьвет мудрасьцю Сваёй і розумам Сваім расьцягнуў неба.
16 Калі гучыць голас Ягоны, шумяць воды ў небе, Ён прыносіць хмары з канца зямлі, маланкамі суправаджае дождж і выклікае вецер са сховішчаў Сваіх.
17 Бязглузды кожны чалавек, які ня ведае [гэтага], асаромлены кожны залатар з прычыны ідала [свайго], бо хлусьня — тое, што ён зрабіў, няма ў ім духа.
18 Марнота яны, праца, сьмеху вартая. У час наведваньня іхняга яны загінуць.
19 Не такая частка [спадчыны] Якуба, бо Ён укшталтаваў усё, і [Ізраіль —] племя спадчыны Ягонай. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.
20 Ты — молат Мой, прылада вайны. Табою Я паб’ю народы і зьнішчу табою валадарствы.
21 Табою Я паб’ю каня і вершніка ягонага, табою паб’ю калясьніцу і возьніка ейнага.
22 Табою Я паб’ю мужчыну і жанчыну, табою паб’ю старога і маладога, табою паб’ю юнака і дзяўчыну.
23 Табою Я паб’ю пастыра і чараду ягоную, табою паб’ю земляроба і воз ягоны, табою паб’ю ваяводаў і ўрадоўцаў.
24 І Я аднагароджу Бабілону і ўсім жыхарам Халдэі за ўсю ліхоту іхнюю, якую яны зрабілі супраць Сыёну на вачах вашых, кажа ГОСПАД.
25 Вось, Я на цябе, гара зьнішчэньня, кажа ГОСПАД, якая зьнішчыла ўсю зямлю, і Я выцягну руку Маю да цябе, і сапхну цябе са скалы, зраблю цябе гарой, што палае.
26 І ня возьмуць з цябе ані камяня кутняга, ані камяня на падмурак, але будзеш спустошаная на вякі, кажа ГОСПАД.
27 Узьніміце сьцяг на зямлі! Трубіце ў рог сярод народаў! Пасьвяціце супраць яго народы, склічце супраць яго валадарствы Арарат, Міньні і Ашкеназ! Пастаўце супраць яго гетмана, прывядзіце коней як саранчу калючую!
28 Пасьвяціце супраць яго народы, валадароў Мадаю, князёў ягоных, усіх ваяводаў ягоных і ўсю зямлю панаваньня ягонага.
29 Дрыжыць зямля і трасецца, бо зьдзяйсьняецца намер ГОСПАДА супраць Бабілону, каб зрабіць зямлю Бабілонскую пусткай бязьлюднай.
30 Волаты Бабілонскія кінулі ваяваць, сядзяць у крэпасьцях, зьнікла сіла іхняя, і сталіся яны як жанчыны. Сядзібы іхнія спалены, і засаўкі іхнія паламаныя.
31 Пасланец за пасланцом бяжыць, і вестка за весткаю, каб паведаміць валадару Бабілонскаму, што здабыты горад ягоны ад канца [да канца],
32 што броды захопленыя, умацаваньні спаленыя агнём, а ваяры ў трымценьні.
33 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Дачка Бабілону [сталася] як ток у час малацьбы. Яшчэ крыху, і прыйдзе для яе час жніва”.
34 “Зьядаючы, зьеў мяне і, трушчачы, струшчыў мяне Навухаданосар, валадар Бабілонскі, і, кідаючы, кінуў мяне як пустую пасудзіну, як цмок праглынуў мяне, і напоўніў жывот свой асалодамі маімі, і выпіхваючы, выпхнуў мяне [з сябе].
35 Пакуты мае і цела маё — на Бабілоне”, — кажа жыхарка Сыёну. “І кроў мая — на жыхарах Халдэі”, — кажа Ерусалім.
36 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: “Вось, Я абараню справу тваю, адпомшчу помсту тваю, і высушу мора ягонае, і высушу крыніцу ягоную.
37 І станецца Бабілон руінаю, прыстанішчам цмокаў, страхоцьцем і пасьмешышчам, і бязьлюдзьдзем.
38 Заравуць яны разам быццам ільвы, замуркочуць як малыя львяняты.
39 Калі яны будуць разагрэтыя, Я падрыхтую для іх гасьціну, і напаю іх, каб усьцешыліся і заснулі сном вечным, і не прачнуліся, кажа ГОСПАД.
40 І Я павяду іх на зарэз як ягнятаў, як бараноў з казламі”.
41 Як здабыты Шэшах, як узята хвала ўсёй зямлі! Як стаўся Бабілон пусткаю паміж народаў!
42 Нахлынула мора на Бабілон, і закрыла яго безьліч хваляў ягоных.
43 Гарады ягоныя сталіся пустэчаю, зямлёю сухою і стэпам, зямлёю, дзе ніводзін чалавек не жыве і ня ходзіць па ёй сын чалавечы.
44 І Я наведаю Бэля ў Бабілоне, і вырву з вуснаў ягоных тое, што ён праглынуў, і ня будуць больш да яго плысьці народы, і мур Бабілону ўпадзе!
45 Выйдзі з яго, народзе Мой, і няхай кожны ратуе душу сваю ад лютасьці гневу ГОСПАДА.
46 Няхай ня млее сэрца вашае, і ня бойцеся весткі, якую чуеце на зямлі, бо ў [адзін] год прыйдзе вестка, а пасьля яе [другая] вестка ў год [гэты], і на зямлі [будзе] гвалт, і валадар [паўстане] на валадара.
47 Дзеля гэтага вось, надыходзяць дні, і Я наведаю Бабілон, і ўся зямля ягоная будзе асаромленая, і ўсе забітыя будуць ляжаць пасярод яго.
48 І засьпяваюць над Бабілонам неба і зямля, і ўсё, што ў іх, бо з поўначы прыходзіць на яго спусташальнік, кажа ГОСПАД.
49 Бабілон упадзе за забітых Ізраіля, як упалі за Бабілон забітыя ўсёй зямлі.
50 Хто ўратаваўся ад мяча, уцякайце, ня стойце! [Хоць вы] далёка, памятайце пра ГОСПАДА, і Ерусалім няхай узыйдзе ў сэрцы вашым.
51 “Мы асаромленыя, бо чулі зьнявагу, і ганьба пакрыла абліччы нашыя, бо ўвайшлі чужынцы ў сьвятыню Дому ГОСПАДА”.
52 Дзеля гэтага вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я наведаю ідалаў ягоных, і на ўсёй зямлі ягонай будуць стагнаць параненыя.
53 Калі нават да неба падымецца Бабілон, і на вышынях умацуе сілу сваю, ад Мяне прыйдуць да яго нішчыцелі, кажа ГОСПАД.
54 Голас крыку чуцён з Бабілону, і зьнішчэньне вялікае на зямлі Халдэйскай,
55 бо ГОСПАД нішчыць Бабілон і сьцішае ў ім голас вялікі. І шумяць хвалі іхнія як воды вялікія, і ўздымаецца плёскат голасу іхняга.
56 Бо ідзе на яго, на Бабілон, нішчыцель, і будуць схоплены волаты ягоныя, і будуць зломленыя лукі ягоныя, бо Бог помсты, ГОСПАД, адплачваючы, адплаціць [яму].
57 І Я напаю князёў ягоных, і мудрацоў ягоных, і ваяводаў ягоных, і ўрадоўцаў ягоных, і волатаў ягоных, і яны заснуць сном вечным, і не прачнуцца, кажа Валадар. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.
58 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Шырокі мур Бабілону разбурэньнем будзе разбураны, і брамы ягоныя высокія будуць спаленыя агнём, і надарма мучаліся народы, і для агню марнавалі [сілы] плямёны”».
59 Слова, якое загадаў Ярэмія прарок Сэраі, сыну Нэрыі, сына Махсэі, калі той пайшоў з Сэдэкіем, валадаром Юды, у Бабілон у чацьвёртым годзе валадараньня ягонага, а Сэрая [быў] падкаморым.
60 І напісаў Ярэмія ў адной кнізе ўсё ліха, якое мела прыйсьці на Бабілон, усе словы гэтыя, напісаныя супраць Бабілону.
61 І сказаў Ярэмія Сэраі: «Калі ты прыйдзеш у Бабілон, тады ўбачыш і прачытаеш усе словы гэтыя,
62 і скажаш: “ГОСПАДЗЕ, Ты прамовіў пра месца гэтае, што зьнішчыш яго так, што ня будзе ў ім жыхароў, ані людзей, ані быдла, бо будзе яно пустэчаю вечнай”.
63 І станецца, калі скончыш чытаць кнігу гэтую, прывяжы да яе камень і ўкінь яе ў сярэдзіну Эўфрату,
64 і скажы: “Так патоне Бабілон і не падымецца дзеля ліха гэтага, якое Я прывяду на яго, і будуць яны зьнішчаныя”». Дасюль словы Ярэміі.
Разьдзел 52
1 Сэдэкія меў дваццаць адзін год, калі заваладарыў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Хамуталь, дачка Ярэміі з Лібны.
2 І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА, усё так, як рабіў Егаякім.
3 Бо сталася гэта з прычыны гневу ГОСПАДА на Ерусалім і Юду, бо Ён адкінуў іх ад аблічча Свайго. І збунтаваўся Сэдэкія супраць валадара Бабілонскага.
4 І сталася ў дзявятым годзе валадараньня ягонага, у дзясятым месяцы, у дзясяты [дзень] месяца прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, ён і ўсё войска ягонае, да Ерусаліму і аблажыў яго, і пабудаваў кругом яго валы.
5 І горад быў у аблозе аж да адзінаццатага году валадара Сэдэкіі.
6 У чацьвёртым месяцы, у дзявяты [дзень] месяца запанаваў голад у горадзе, і не было хлеба для народу зямлі.
7 І быў зроблены вылом у муры гораду, і ўсе ваяры ўцяклі і выйшлі з гораду ўначы праз браму між падвойным мурам, які каля саду валадара, а Халдэйцы былі вакол гораду. І выйшлі яны дарогай у бок Арабы.
8 І войска Халдэйскае гналася за валадаром, і дагналі Сэдэкію ў стэпе каля Ерыхону, і ўсё войска ягонае рассыпалася ад яго.
9 І схапілі валадара, і завялі яго ў Рыўлю ў зямлі Хамат да валадара Бабілонскага, і ён выдаў на яго прысуд.
10 І забіў валадар Бабілонскі сыноў Сэдэкіі на вачах ягоных, а таксама ўсіх князёў Юды пазабівалі ў Рыўлі.
11 І [Навухаданосар] вырваў вочы Сэдэкіі і закаваў яго ў кайданы, і завёў яго валадар Бабілонскі ў Бабілон, і ўкінуў у вастрог аж да дня сьмерці ягонай.
12 А ў пятым месяцы, у дзясяты [дзень] месяца, а [быў] гэта дзевятнаццаты год Навухаданосара, валадара Бабілонскага, увайшоў у Ерусалім Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, які стаяў перад абліччам валадара Бабілонскага.
13 І спаліў ён Дом ГОСПАДА, і дом валадара, і ўсе дамы ў Ерусаліме, і кожны вялікі дом спаліў агнём.
14 І зруйнавала ўвесь мур вакол Ерусаліму войска Халдэйскае, якое [было] з начальнікам целаахоўнікаў.
15 А галоту народу і рэшту народу, якая засталася ў горадзе, і ўцекачоў, якія перайшлі да валадара Бабілонскага, і рэшту людзей простых выгнаў [у няволю] Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў.
16 А [некаторых] з галоты народу зямлі пакінуў Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, як вінаградараў і земляробаў.
17 І паламалі Халдэйцы слупы мядзяныя, якія [былі] ў Доме ГОСПАДА, і падставы, і мора мядзянае, якое [было] ў Доме ГОСПАДА, і ўсю медзь вывезьлі ў Бабілон.
18 І ўзялі яны катлы, лапаткі, нажніцы, крапільніцы, лыжкі і ўвесь посуд мядзяны, якім [карысталіся] пры служэньні.
19 І місы, папяльніцы, крапільніцы, збаны, сьвечнікі, келіхі і лыжкі, і што было з золата, [усё] золата, і што было са срэбра, [усё] срэбра забраў начальнік целаахоўнікаў.
20 І два слупы, адно мора, дванаццаць валоў мядзяных, [медзь] ад падставаў, якія зрабіў для Дому ГОСПАДА валадар Салямон, і нельга было зважыць медзі з усіх тых рэчаў.
21 Слупы [былі такія:] васямнаццаць локцяў вышыні адзін слуп, і шнур у дванаццаць локцяў апаясваў яго, таўшчыня ягоная — чатыры пальцы, а ў сярэдзіне — пусты.
22 На ім [была] галавіца з медзі, а вышыня адной галавіцы — пяць локцяў, і сеціва, і яблыкі гранатовыя кругом галавіцы, усё з медзі. І другі слуп быў такі самы, і яблыкі гранатовыя.
23 І было дзевяноста шэсьць яблыкаў гранатовых уздоўж, а ўсяго было вакол на сеціве сто яблыкаў гранатовых.
24 І схапіў начальнік целаахоўнікаў Сэраю, галоўнага сьвятара, і сьвятара-намесьніка Цэфанію, і трох прыдзьвернікаў.
25 А ў горадзе схапіў ён аднаго эўнуха, які быў начальнікам войска, і сем чалавек, якія бачаць аблічча валадара, якіх знайшлі ў горадзе, і пісара начальніка войска, які рабіў попіс народу зямлі, і шэсьцьдзясят людзей простых, якіх знайшлі ў горадзе.
26 І ўзяў іх Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, і завёў іх да валадара Бабілонскага ў Рыўлю.
27 І забіў іх валадар Бабілонскі, і замардаваў іх у Рыўлі ў зямлі Хамат. І быў выгнаны Юда з зямлі сваёй.
28 Вось народ, які выгнаў [у няволю] Навухаданосар: у сёмым годзе — тры тысячы дваццаць тры Юдэі;
29 у васямнаццатым годзе Навухаданосара — васемсот трыццаць дзьве душы з Ерусаліму;
30 у дваццаць трэцім годзе Навухаданосара Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, выгнаў [у няволю] семсот сорак пяць душаў Юдэяў. Усіх [разам] — чатыры тысячы шэсьцьсот душаў.
31 І сталася ў трыццаць сёмым годзе выгнаньня Егаяхіна, валадара Юды, у дванаццатым месяцы, у дваццаць пяты [дзень] месяца, Эвіль-Мэрадах, валадар Бабілонскі, у год, калі заваладарыў, падняў галаву Егаяхіну, валадару Юды, і вывеў яго з вязьніцы.
32 І ён прамаўляў да яго добра, і ўзьняў пасад ягоны па-над пасады валадароў, якія [былі] з ім у Бабілоне.
33 І зьняў Егаяхін шаты свае вязьнічныя, і еў хлеб заўсёды перад абліччам ягоным у-ва ўсе дні жыцьця свайго.
34 І [адносна] ежы ягонай, ежа заўсёды давалася яму ад валадара Бабілонскага дзень у дзень аж да сьмерці ягонай у-ва ўсе дні жыцьця ягонага.