Беларуская Біблія

КНІГА ЭКЛЕЗІЯСТА

 

Разьдзел 1

1 Слова Эклезіяста, сына Давіда, валадара ў Ерусаліме.

2 Марнасьць марнасьцяў, сказаў Эклезіяст, марнасьць марнасьцяў, усё — марнасьць.

3 Якая карысьць чалавеку з усёй цяжкай працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам?

4 Пакаленьне адыходзіць і пакаленьне прыходзіць, а зямля на вякі трывае.

5 Узыйшло сонца, і зайшло сонца, і сьпяшаецца на месца сваё, дзе яно ўзыходзіць.

6 Вецер ідзе на поўдзень і паварочвае на поўнач, кружляючы, кружляе, дзьме вецер і вяртаецца вецер на кружэньне сваё.

7 Усе рэкі цякуць у мора, і мора не перапаўняецца; да месца, з якога рэкі цякуць, вяртаюцца яны, каб [зноў] адтуль выцякаць.

8 Усе словы стамляюць, ня можа чалавек выказаць [усяго]. Не насыціцца вока гляджэньнем, і не напоўніцца вуха слуханьнем.

9 Што было, тое і будзе, а што рабілася, тое і будзе рабіцца, і няма нічога новага пад сонцам.

10 Бывае рэч, пра якую кажуць: “Глядзі, вось гэта новае”, але гэта было ўжо ў вяках, што былі перад намі.

11 Няма памяці пра тых, што раней жылі, і таксама пра тых, што потым жыць будуць, ня будзе памяці ў тых, якія бу­дуць пасьля іх.

12 Я, Эклезіяст, быў валадаром Ізраіля ў Ерусаліме.

13 І аддаў я сэрца маё, каб шукаць і дасьледаваць з мудрасьцю ўсё, што дзеецца пад небам. Гэты кепскі занятак даў Бог сынам чалавечым, каб былі занятыя ім.

14 Глядзеў я на ўсе справы, якія робяцца пад сонцам; і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам.

15 Крывое ня можна зрабіць простым, і тое, чаго няма, нельга палічыць.

16 Сказаў я ў сэрцы маім, кажучы: “Вось, я ўзьвялічыўся і прыдбаў мудрасьці больш за ўсіх, што былі раней за мяне ў Ерусаліме; і сэрца маё ўбачыла шмат мудрасьці і веданьня”.

17 І аддаў я сэрца маё, каб пазнаць мудрасьць і пазнаць шаленства і глупоту; і спазнаў, што і гэта — турбаваньне духа.

18 Бо з вялікай мудрасьці шмат смутку, і хто павялічвае веданьне, павялічвае боль.

 

Разьдзел 2

1 Сказаў я ў сэрцы маім: “Вось жа цяпер паспрабую радасьць і пагляджу на тое, што добрае”, але гэта таксама марнасьць.

2 Пра сьмех сказаў я: “Шаленства!”, і пра радасьць: “Што яна зробіць?”

3 Вырашыў я ў сэрцы маім дазволіць целу майму віно, але каб сэрца маё кіравалася мудрасьцю, і трымацца глупоты, аж пакуль ня ўбачу, што добра для сыноў чалавечых, каб рабіць пад сонцам у палічаных днях жыцьця свайго.

4 Я павялічыў справы свае: пабудаваў сабе дамы і пасадзіў для сябе вінаграднікі,

5 залажыў для сябе сады і гаі, і пасадзіў у іх усялякіх дрэваў пладовых,

6 і зрабіў сабе сажалкі з вадою, каб напойваць лес, у якім растуць дрэвы.

7 Я набыў нявольнікаў і нявольніц, і чэлядзь была ў мяне, таксама статкі валоў і чароды авечак былі ў мяне большыя, чым у-ва ўсіх, што былі раней за мяне ў Ерусаліме.

8 Я назьбіраў сабе таксама срэбра і золата, і каштоўнасьці валадароў і акругаў; завёў сьпевакоў і сьпявачак, і асалоду сыноў чалавечых, мноства наложніцаў.

9 І зрабіўся я вялікшым і заможнейшым за ўсіх, якія былі раней за мяне ў Ерусаліме; а мудрасьць мая была са мною.

10 І ўсё, чаго жадалі вочы мае, я не адмаўляў ім, і не забараняў сэрцу свайму ніякай радасьці, бо сэрца маё радавалася з усёй цяжкай працы маёй, і гэта была доля мая ў-ва ўсёй цяжкай працы маёй.

11 І азірнуўся я на ўсе справы свае, якія зрабілі рукі мае, і на цяжкую працу маю, якую рабіў, працуючы, і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам, і няма карысьці з гэтага пад сонцам.

12 І азірнуўся я, каб паглядзець на мудрасьць, і шаленства, і глупоту, бо што можа зрабіць чалавек, які прыйдзе пасьля валадара, звыш таго, што раней рабілася.

13 І ўбачыў я, што з мудрасьці большая карысьць, чым з глупоты, падобна як карысьць са сьвятла большая, чым з цемры.

14 Мудры [мае] вочы свае ў галаве сваёй, а дурань хо­дзіць у цемры. І пазнаў я таксама, што тая самая доля спаткае іх усіх.

15 І сказаў я ў сэрцы маім: “Калі адна доля будзе для мяне і для дурня, навошта мне вялікая мудрасьць?” І сказаў я ў сэрцы маім: “Гэта таксама марнасьць”.

16 Бо ня будзе на вякі памяці пра мудрага, як і пра дурня. Тое, што цяпер ёсьць, у дні наступныя ўсё забудзецца, і мудры памірае гэтак сама, як і дурань.

17 І зьненавідзеў я жыцьцё, бо ліхімі былі для мяне справы, што робяцца пад сонцам; бо ўсё — марнасьць і пагоня за ветрам.

18 І зьненавідзеў я ўсю цяжкую працу маю, якой працаваў пад сонцам, якую мушу пакінуць чалавеку, які будзе пасьля мяне.

19 І хто ведае, ці мудрым ён будзе, ці неразумным? А ён будзе панаваць над [пладамі] ўсёй цяжкай працы маёй, дзеля якіх я працаваў і якія мудрасьцю зьбі­раў пад сонцам. І гэта таксама марнасьць.

20 І павярнуўся я, каб адцурацца сэрцу майму ад усёй цяжкай працы, якой я працаваў пад сонцам.

21 Бо ёсьць так, што чалавек, які працуе з мудрасьцю, і з веданьнем, і пасьпяхова, аддае набытак свой чалавеку, які не працаваў над гэтым. І гэта таксама марнасьць і вялікае зло.

22 Бо што будзе мець чалавек з усёй цяжкай працы сваёй і турбаваньняў сэрца свайго, якімі ён спрацаваны пад сонцам?

23 Бо ўсе дні ягоныя — боль, і занятак ягоны — смутак, нават уначы не адпачывае сэрца ягонае. І гэта таксама марнасьць.

24 Няма нічога лепшага чалавеку, як есьці і піць, і даваць душы сваёй [карыстацца] дабром цяжкай працы сваёй. Таксама ўбачыў я, што гэта з рукі Божай [паходзіць].

25 Бо хто еў і хто пасьпяшаўся [мець усё] так, як я?

26 Бо чалавеку, які добры перад абліччам Ягоным, Ён дае мудрасьць, і веданьне, і радасьць, а грэшніку дае занятак, каб зьбіраў, і назапашваў, і [потым] аддаў таму, хто добры перад абліччам Божым. І гэта таксама марнасьць і пагоня за ветрам.

 

Разьдзел 3

1 Для ўсяго ёсьць свой тэрмін, і час для кожнай рэчы пад небам;

2 Час нараджацца і час паміраць, час садзіць і час вырываць тое, што пасаджана.

3 Час забіваць і час лекаваць, час разбураць і час будаваць.

4 Час плакаць і час сьмяяцца, час галасіць і час танчыць.

5 Час кідаць камяні і час зьбі­раць камяні, час абдымаць і час пазьбягаць абдымкаў.

6 Час шукаць і час губляць, час захоўваць і час пакідаць.

7 Час разьдзіраць і час сшы­ваць, час маўчаць і час гаварыць.

8 Час любіць і час ненаві­дзець, час вайны і час міру.

9 Што за карысьць мае з працы сваёй той, хто працуе?

10 І я ўбачыў занятак, які даў Бог сынам чалавечым, каб яны займаліся ім.

11 Усё Ён зрабіў прыгожым у свой час; і даў ім вечнасьць у сэрца, аднак чалавек не спасьцігне справаў, якія робіць Бог, ад пачатку аж да канца.

12 І даведаўся я, што няма для іх нічога лепшага, як весяліцца і рабіць добрае ў жыцьці сваім.

13 І тое, што кожны чалавек есьць і п’е, і бачыць добрае з усёй цяжкай працы сваёй, — гэта дар Божы.

14 І даведаўся я, што ўсё, што робіць Бог, трывае на вякі; нельга да таго дадаць і нельга ад таго адняць, і Бог робіць так, каб баяліся аблічча Яго.

15 Тое, што было, цяпер ёсьць, і тое, што мае быць, ужо было, і Бог знаходзіць тое, што прамінула.

16 І яшчэ бачыў я пад сонцам: месца суду, а там беззаконьне, месца праведнасьці, а там няправасьць.

17 Сказаў я ў сэрцы маім: “Праведніка і бязбожніка будзе судзіць Бог, бо там ёсьць час на кожную рэч і на кожную справу”.

18 Сказаў я ў сэрцы маім пра сыноў чалавечых, што Бог ачышчае іх і паказвае, што яны самі па сабе — як тая жывёла.

19 Бо доля сыноў чалавечых і доля жывёлы — аднолькавая доля; як тыя паміраюць, так і гэтыя паміраюць, і дух [жыцьця] аднолькавы для ўсіх, і няма ў чалавека перавагі над жывёлаю, бо ўсё — марнасьць.

20 Усё ідзе ў адно месца, усё з пылу паўстала, і ўсё ў пыл вяртаецца.

21 Хто ведае, ці дух сыноў чалавечых узыходзіць угору, ці дух жывёлы зыходзіць уніз, у зямлю?

22 І ўбачыў я, што нічога няма лепшага для чалавека, як радавацца са справаў сваіх, бо гэта доля ягоная. Бо хто прывядзе яго паглядзець на тое, што будзе пасьля яго?

 

Разьдзел 4

1 І я павярнуўся, і ўбачыў усякі прыгнёт, які робіцца пад сонцам, і вось, слёзы прыгнечаных, і няма для іх суцяшэньня; і ў руцэ прыгнятальнікаў — сіла, і няма для іх суцяшэньня.

2 І я больш пахваліў памёршых, якія ўжо памерлі, чым жывых, якія яшчэ жывуць.

3 А лепшы за іх абодвух той, якога яшчэ няма, які ня бачыў ліхія справы, што робяцца пад сонцам.

4 І ўбачыў я, што кожная цяжкая праца і кожны посьпех у справах выклікае зайзд­расьць да чалавека ў бліжняга [ягонага]. Гэта таксама мар­насьць і пагоня за ветрам.

5 Дурань складвае рукі свае і зьядае цела сваё.

6 Лепшая адна поўная жменя са спакоем, чым абедзьве жмені напоўненыя, а з імі цяжкая праца і пагоня за ветрам.

7 І я павярнуўся, і ўбачыў марнасьць пад сонцам.

8 [Чалавек] адзін, і няма другога, таксама няма ані сына, ані брата ў яго, і няма канца ўсёй цяжкай працы ягонай, і вока ягонае не насычаецца багацьцем, [і кажа ён:] “Для каго я працую і пазбаўляю душу сваю дабра?” Гэта таксама марнасьць і кепскі занятак.

9 Лепш двум, чым аднаму, таму што маюць добрую ўзнагароду за цяжкую працу сваю.

10 Бо калі адзін упадзе, другі падыме таварыша свайго. Але гора аднаму, як ён упадзе, і няма другога, каб падняць яго.

11 Таксама, калі ляжаць двое, будзе цёпла ім; а як адзін можа сагрэцца?

12 І, калі хто зможа перамагчы аднаго, дык двое супрацьстануць яму, і вяроўка патройная ня хутка парвецца.

13 Лепш хлопец бедны і мудры, чым валадар стары і дурны, які ня можа ўжо прый­маць парады.

14 Бо той выходзіць з вязьніцы, каб валадарыць, а гэты ў валадарстве сваім можа стаць бедаком.

15 І я бачыў усіх, хто жыве і ходзіць пад сонцам, з тым хлопцам, другім, які стане на месца ягонае.

16 Няма канца ўсяму народу, усім, якія былі перад ім, але тыя, што пасьля будуць, ня будуць радавацца дзеля яго. І гэта таксама марнасьць і турбаваньне духа.

17 Захоўвай ногі свае, калі ідзеш у Дом Божы, і набліжайся туды, каб слухаць, а не складаць ахвяры як дурні, бо яны ня маюць веданьня, робячы зло.

 

Разьдзел 5

1 Ня будзь хуткі вуснамі тваімі, і сэрца тваё няхай не сьпяшаецца вымавіць слова перад абліччам Божым, таму што Бог у небе, а ты — на зямлі. Дзеля гэтага няхай словы твае будуць нешматлікімі.

2 Бо ад мноства заняткаў прыходзіць сон, і мноства словаў [мае] голас дурня.

3 Калі абяцаеш абяцаньне Богу, не марудзь выканаць яго, бо Ён ня мае ўпадабаньня да дурняў. Калі што абяцаеш — споўні.

4 Шмат лепш не абяцаць, чым паабяцаць і ня споўніць.

5 Не дазваляй вуснам тваім уводзіць у грэх цела сваё і не кажы перад анёлам, што гэта памылка; навошта [табе], каб Бог загневаўся на голас твой і зьнішчыў справы рук тваіх.

6 Бо ў мностве сноў і ў памнажэньні словаў — марнасьць, але ты бойся Бога!

7 Калі ты будзеш бачыць прыгнёт беднага і парушэньне суду і праведнасьці ў нейкай акрузе, не зьдзіўляйся гэтым [рэчам], але мей суцяшэньне, бо высокага пільнуе вышэйшы, а над імі — яшчэ вышэйшы.

8 І карысна для зямлі ў-ва ўсім, калі валадар абрабляе поле.

9 Хто любіць срэбра, той не насыціцца срэбрам, і хто лю­біць багацьце, той ня будзе мець карысьці [з яго]; і гэта таксама марнасьць.

10 Памнажаюцца даброцьці, памнажаюцца і тыя, што іх зьядаюць; і што за карысьць уласьніку з гэтага, хіба, гледзячы, глядзець вачыма сваімі?

11 Салодкі сон таго, хто працуе, ці мала, ці шмат ён пад’еў, але сытасьць багатага не дае яму заснуць.

12 Ёсьць ліхая нядоля, якую я бачыў пад сонцам, — багацьце, якое захоўваецца на шкоду таму, хто мае яго.

13 І загінула багацьце тое ў нешчасьлівым выпадку; і нарадзіў ён сына, і няма нічога ў руках ягоных.

14 Бо як выйшаў ён з улоньня маці сваёй голы, так і вернецца назад, як прыйшоў, і нічога не забярэ рукою сваёю з таго, што прыйшло праз цяжкую працу ягоную.

15 І гэта таксама ліхая нядоля: якім прыйшоў, такім і адыйдзе, і якая карысьць яму з таго, што працаваў на вецер?

16 Таксама ўсе дні свае ён еў у цемры, у смутку вялікім, у немачы і прыкрасьці.

17 Вось што я ўбачыў: добра і прыгожа [чалавеку] есьці і піць, і бачыць добры [плод] кожнай цяжкай працы сваёй, якой працаваў пад сонцам у палічаных днях жыцьця свайго, якое даў яму Бог, бо гэта доля ягоная.

18 Таксама калі якому чалавеку Бог даў багацьце і маёмасьць, і даў уладу спажыць гэта, і браць частку сваю, і радавацца з цяжкай працы сваёй, дык гэта дар Божы.

19 Бо ня будзе ён шмат памятаць пра дні жыцьця свайго, таму Бог дае радасьць у сэрца ягонае.

 

Разьдзел 6

1 Ёсьць ліха, якое я бачыў пад сонцам, і цяжкае яно для чалавека:

2 Чалавек, якому Бог дае багацьце, і маёмасьць, і славу, і няма ніякай нястачы для душы ягонай ні ў чым, чаго не пажадаў бы ён, і не дае яму Бог улады, каб спажыць гэта, але чужы чалавек спажывае тое. Гэта марнасьць і ліхая немач.

3 Калі б нарадзіў чалавек сто [дзяцей], і пражыў шмат гадоў, і было б шмат дзён гадоў ягоных, але душа ягоная не насыцілася дабром, і нават не было б магілы для яго, я скажу, што лепшая [доля] спарона, чым таго [чалавека].

4 Бо ён прыйшоў як мар­насьць, і ў цемру ідзе, і цемраю пакрыта імя ягонае,

5 нават ня ўбачыў ён сонца, і нічога не спазнаў, [але] мае большы спакой, чым [чалавек] той.

6 І хоць бы той [чалавек] жыў дзьве тысячы гадоў, і ня ўбачыў дабра, ці ж не ў адно месца ўсе ідуць?

7 Уся цяжкая праца чалавека — дзеля вуснаў ягоных, але душа ягоная не насычаецца.

8 Бо чым лепшы мудры за дурня? Чым [лепшы] прыгнечаны, які ведае, як хадзіць перад жывымі?

9 Лепш тое, што бачаць вочы, чым тое, куды імкнецца душа. Таксама гэта — марнасьць і пагоня за ветрам.

10 Хто як названы, такое імя ягонае; і вядома, што ён — чалавек, і ня можа ён судзіцца з тым, хто мацнейшы за яго.

11 Дзе шмат слоў, там памнажаецца марнасьць; і што мае з гэтага чалавек?

12 Бо хто ведае, што добра для чалавека ў жыцьці, у палічаных днях марнага жыцьця, якое праходзіць, як цень? І хто распавядзе чалавеку, што будзе пасьля яго пад сонцам?

 

Разьдзел 7

1 Лепш [добрае] імя, чым добры алей, і [лепш] дзень сьмерці, чым дзень нараджэньня.

2 Лепш ісьці ў дом жалобы, чым ісьці ў дом сьвяткаваньня, бо там — канец кожнага чалавека, і [чалавек] жывы складае гэта ў сэрцы сваім.

3 Лепш смутак, чым сьмех, бо праз засмучанае аблічча будзе лепшым сэрца.

4 Сэрца мудрых — у доме жалобы, а сэрца дурняў — у доме радасьці.

5 Лепш чалавеку слухаць дакараньні мудрага, чым слухаць сьпеў дурняў.

6 Бо сьмех дурня — як трэс­кат трэсак пад гаршчком. І гэта таксама марнасьць.

7 Бо прыгнёт [іншых] мудрага робіць шалёным, і падарунак псуе сэрца.

8 Лепш канец справы, чым яе пачатак, лепш павольны [на гнеў], чым фанабэрысты.

9 Ня будзь хуткі да гневу ў духу тваім, бо гнеў жыве ў заўлоньні дурняў.

10 Не кажы: “Што гэта такое, што ранейшыя дні былі лепшыя, чым цяперашнія?”, бо ня з мудрасьці ты пытаешся пра гэта.

11 Добрая мудрасьць разам са спадчынай, асабліва для таго, хто бачыць сонца.

12 Бо ў ценю мудрасьці як у ценю срэбра; і карысьць веданьня [ў тым, што] мудрасьць дае жыцьцё таму, хто мае яе.

13 Паглядзі на справы Божыя, бо хто можа выпрастаць тое, што Ён скрывіў.

14 У дзень добры карыстайся з добрага, а ў дзень ліхі ўбач, што адно зрабіў Бог насупраць другога, так што не знойдзе чалавек, што будзе пасля яго.

15 Усё гэта я бачыў у дні марнасьці маёй: вось, праведнік гіне ў праведнасьці сваёй, і вось бязбожнік доўга жыве ў ліхоце сваёй.

16 Ня будзь залішне праведны, і ня будзь надта мудры! Навошта маеш нішчыць сам сябе?

17 Не асуджай залішне і ня будзь дурнем! Навошта табе паміраць ня ў свой час?

18 Добра, калі будзеш трымацца аднаго, і ад другога не прыбірай рукі тваёй, бо той, хто баіцца Бога, пазьбегне ўсяго гэтага.

19 Мудрасьць робіць мудрага мацнейшым за дзесяць уладароў, якія ў горадзе.

20 Бо няма на зямлі чалавека праведнага, які робіць дабро і не грашыць.

21 Таксама кожнае слова, што гавораць, не ўкладай у сэрца тваё, і ня слухай, як слуга твой праклінае цябе;

22 бо ведае сэрца тваё, што ты шмат разоў таксама праклінаў іншых.

23 Усё гэта я выпрабаваў мудрасьцю. Я сказаў: “Я буду мудрым”, але [мудрасьць] далёка ад мяне.

24 Далёка тое, што ўжо было, і глыбокае, глыбокае. Хто знойдзе яго?

25 Зьвярнуў я сэрца маё, каб спазнаць і дасьледаваць, і шукаць мудрасьць і разуменьне, і каб спазнаць, што бязбожнасьць — дурасьць, а глупота — шаленства.

26 І знайшоў я, што гарчэйшая за сьмерць жанчына, у якой сэрца як пастка і сіло, а рукі ейныя — як путы. Хто добры перад абліччам Бога, той уратуецца ад яе; а грэшнік будзе злоўлены ёю.

27 Вось гэта я знайшоў, сказаў Эклезіяст, адно з другім [параўноўваючы], каб знайсьці разуменьне.

28 Чаго яшчэ шукала душа мая і не знайшла? Чалавека аднаго з тысячы я знайшоў, а жанчыны сярод усіх іх не знайшоў.

29 Вось толькі гэта я знайшоў, што Бог зрабіў чалавека правым, а яны шукаюць усялякія прыдумкі.

 

Разьдзел 8

1 Хто як мудрэц, і хто ведае значэньне рэчаў? Мудрасьць чалавека прасьвятляе аблічча ягонае, і суровасьць аблічча ягонага зьмяняецца.

2 Я [раю]: [Словы] вуснаў валадара захоўвай дзеля словаў прысягі перад Богам.

3 Не сьпяшайся зыходзіць ад аблічча ягонага, не стой пры словах ліхіх, бо ўсё, што захоча, ён зробіць.

4 Дзе слова валадара, там улада, і хто скажа яму: “Што ты робіш?”

5 Хто захоўвае прыказаньне, не дазнае ніякага ліха. А сэрца мудрага спазнае і час, і суд,

6 бо для кожнай рэчы ёсьць час і суд, а вялікае ліха чалавеку з-за таго,

7 што ня ведае ён, што будзе, і як гэта будзе, хто паведаміць яму?

8 Няма чалавека, які мае ўладу над ветрам, каб утрымаць вецер, і няма ўладара над днём сьмерці, і няма звальненьня ў гэтай вайне, і не ўратуе беззаконьне таго, хто мае яго.

9 Усё гэта я бачыў, і прыкладаў сэрца маё да ўсіх справаў, якія робяцца пад сонцам, [бачыў] час, калі чалавек мае ўладу над чалавекам на гора яму.

10 Таксама бачыў я злачынцаў пахаваных, і прыходзілі [да іх], і адыходзілі ад месца сьвятога, і забываліся ў горадзе, што яны так рабілі. І гэта таксама марнасьць.

11 Бо не адразу выносіцца прысуд супраць ліхіх учынкаў. Дзеля гэтага сэрца сыноў чалавечых напоўнена імі, каб чыніць зло.

12 Хоць грэшнік сто разоў чыніць зло, але доўга жыве. Але я ведаю таксама, што будзе добра тым, якія баяцца Бога, якія баяцца аблічча Ягонага.

13 І ня будзе добра бязбожніку, і не падоўжыць ён дзён сваіх, падобны да ценю той, хто ня мае страху перад абліччам Божым.

14 Ёсьць такая марнасьць, якая робіцца на зямлі, што ёсьць праведнікі, з якімі здараецца тое, на што заслугоўваюць учынкі бязбожнікаў, і ёсьць бязбожнікі, з якімі здараецца тое, на што заслугоўваюць учынкі праведнікаў. І я сказаў, што гэта таксама марнасьць.

15 І пахваліў я радасьць, бо няма нічога чалавеку лепшага пад сонцам, як есьці і піць, і весяліцца, і гэта няхай будзе з ім у цяжкай працы ягонай у дні жыцьця ягонага, якія даў яму Бог пад сонцам.

16 Калі прыклаў я сэрца маё, каб спазнаць мудрасьць і ўбачыць заняткі, якімі займаюцца на зямлі, бо дзень і ноч ня бачыць [чалавек] сну для вачэй сваіх,

17 тады ўбачыў я ўсе справы Божыя, што чалавек ня можа зразумець справы, якія робяцца пад сонцам; і колькі б чалавек ні намагаўся шукаць гэта, нічога ня знойдзе; і хаця б мудры сказаў, што ведае, ён ня можа знайсьці.

 

Разьдзел 9

1 Да ўсяго гэтага я прыклаў сэрца сваё, каб спасьцігнуць усё гэта, што праведныя і мудрыя, і ўчынкі іхнія — у руцэ Божай, і таксама любоў і нянавісьць. І чалавек ня ведае ўсяго таго, што перад ім.

2 Усё для ўсіх адно: адна доля для праведніка і для бязбожніка, для добрага і чыстага і для нячыстага, для таго, хто ахвяроўвае, і для таго, хто не ахвяроўвае, як для добрага, так і для грэшнага; як для таго, які прысягае, так і для таго, які прысягаць баіцца.

3 І тое кепска ў-ва ўсім, што робіцца пад сонцам, што адна доля для ўсіх; і таксама сэрца сыноў чалавечых поўнае зла, і шаленства [маюць яны] ў сэрцы пад час жыцьця свайго, а потым [адыходзяць] да памёршых.

4 Бо той, хто знаходзіцца між усімі жывымі, мае надзею, бо лепш жывы сабака, чым здохлы леў.

5 Бо жывыя ведаюць, што памруць; а памёршыя нічога ня ведаюць, і ня маюць больш ніякай платы, бо забытая памяць пра іх.

6 Таксама любоў іхняя і нянавісьць іхняя, і зайздрасьць іхняя ўжо счэзьлі, і ня ма­юць яны ўжо часткі на вякі ў-ва ўсім, што робіцца пад сонцам.

7 Ідзі, еш з радасьцю хлеб твой і пі са спакойным сэрцам віно тваё, калі даспадобы Богу справы твае.

8 Увесь час няхай будзе белым адзеньне тваё, і алею на галаве тваёй няхай не бракуе.

9 Пражыві жыцьцё з жонкаю, якую кахаеш, у-ва ўсе дні марнага жыцьця твайго, якія дадзены табе пад сонцам на ўвесь час марнасьці тваёй, бо гэта частка твая ў жыцьці і ў-ва ўсёй цяжкай працы, якою працуеш пад сонцам.

10 Усё, што можа зрабіць рука твая, рабі паводле сілы тваёй, бо ў адхлані, у якую ты ідзеш, няма ані справаў, ані разуменьня, ані веданьня, ані мудрасьці.

11 І павярнуўся я, і ўбачыў пад сонцам, што ня шпаркім [даецца пасьпяховы] бег і не магутным — [перамога ў] вайне, і ня мудрым — хлеб, і не разумным — багацьце, і ня знаўцам — зычлівасьць, бо ад часу і выпадку залежыць усё гэта.

12 Бо таксама ня ведае чалавек часу свайго. Як рыбы трапляюць у згубную сетку, і як птушкі заблытваюцца ў сіле, так сыны чалавечыя патрапляюць у ліхі час, які прыходзіць на іх нечакана.

13 Таксама бачыў я такую мудрасьць пад сонцам, і вялікай яна [падалася] для мяне:

14 Горад малы, і людзей у ім няшмат, і прыйшоў да яго вялікі валадар, і атачыў яго, і насыпаў супраць яго вялікія валы.

15 І знайшоўся ў ім чалавек бедны і мудры, і выратаваў горад той мудрасьцю сваёю; і ніводзін чалавек не ўзгадаў гэтага беднага чалавека.

16 І я сказаў: “Мудрасьць лепшая за сілу, але мудрасьцю беднага пагарджаюць, і словаў ягоных ня слухаюць”.

17 Спакойныя словы мудрых паслухаць [лепш], чым крык таго, хто пануе сярод дурняў.

18 Мудрасьць лепшая за зброю ваенную, а адзін грэшнік зьнішчыць шмат добрага.

 

Разьдзел 10

1 Мёртвая муха робіць сьмярдзючым алей, і вылівае яго знаўца пахошчаў. Больш важыць малое глупства, чым мудрасьць і слава.

2 Сэрца мудрага [зьвяртаецца] ў правы бок, а сэрца дурня — у  левы.

3 Нават калі дурны ідзе дарогаю, яму не хапае розуму, і ён пакажа ўсім, што дурны.

4 Калі гнеў вялікага пана ўзьнімецца супраць цябе, заставайся на месцы сваім, бо цьвярозыя паводзіны залагоджваюць вялікія правіны.

5 Ёсьць ліха, якое я бачыў пад сонцам, нібыта памылка, якая выходзіць ад аблічча ўладара:

6 дурань пастаўлены на высокасьці вялікай, а багатыя сядзяць нізка.

7 Бачыў я слугаў на конях, і князёў, якія як слугі, ідуць па зямлі.

8 Хто капае яму, той упадзе ў яе, а таго, хто ломіць агароджу, укусіць зьмяя.

9 Хто перасоўвае камяні, можа скалечыцца імі, і хто коле дровы, можа быць у небясьпецы ад іх.

10 Калі ступіцца жалезная [сякера] і лязо яе не навострана, трэба больш прыкладаць сілы, але больш карысьці будзе скарыстацца мудрасьцю.

11 Калі ўкусіць зьмяя незагавораная, няма ўжо карысьці ад таго, хто ўмее загаворваць.

12 Словы вуснаў мудрага — прыемнасьць, але вусны дурня губяць яго самога.

13 Пачатак словаў вуснаў ягоных — глупота, а канец [прамовы] вуснаў ягоных – ліхое шаленства.

14 Бязглузды памнажае словы, хоць ня ведае чалавек, што будзе потым, і што пасьля яго станецца, хто распавядзе яму?

15 Праца дурняў стамляе іх, бо ня ведае ён [нават], як дайсьці ў горад.

16 Гора табе, зямля, калі валадар твой — юнак, і калі твае князі ад раніцы ядуць.

17 Шчасьлівая зямля, калі валадар — сын шляхетных, калі князі ядуць у час [адпаведны] для спасіленьня, а не каб нажэрціся.

18 Дзе лянота, там правісае столь, і дзе апушчаны рукі, там працякае дом.

19 Дзеля забавы ладзяць банкет, і віно разьвесяляе жыцьцё, а срэбра адказвае за ўсё.

20 Нават у думцы сваёй не кляні валадара, і ў спальні сваёй не кляні багатага, бо птушкі нябесныя занясуць голас твой, і тыя, што маюць крылы, распавядуць слова.

 

Разьдзел 11

1 Пускай хлеб свой па вадзе, таму што праз шмат дзён знойдзеш яго.

2 Давай частку сямі, і нават васьмі, бо ня ведаеш, якая бяда будзе на зямлі.

3 Калі хмары будуць напоўненыя дажджом, яны выльлюць [яго] на зямлю, і калі дрэва ўпадзе на поўдзень або на поўнач, на месцы, дзе ўпадзе, там і застанецца.

4 Хто назірае за ветрам, ня будзе сеяць, і хто глядзіць на хмары, ня будзе жаць.

5 Калі ты ня ведаеш, які шлях ветру і як [паўстаюць] косткі ва ўлоньні цяжарнай, падобна ня ведаеш дзеяў Бога, Які робіць усё.

6 Раніцаю сей насеньне тваё, і ў вечары не спыняй рукі тваёй, бо ты ня ведаеш, з чаго будзе больш карысьці, з аднаго ці з другога, ці з абодвух будзе аднолькава добра.

7 Салодкае сьвятло, і добра вачам бачыць сонца.

8 Бо калі шмат гадоў жыве чалавек, няхай радуецца з іх усіх, і няхай памятае пра дні цемры, бо будзе іх шмат. Усё, што надыйдзе — марнасьць.

9 Радуйся, юнача, у маладосьці сваёй, і няхай сэрцу твайму будзе добра ў дні юнацтва твайго, і хадзі шляхамі сэрца твайго і паводле таго, што бачаць вочы твае, і ведай, што за ўсё гэта Бог прывядзе цябе на суд.

10 І прыбяры смутак з сэрца твайго, і аддалі ліхоцьце ад цела твайго, бо маладосьць і цёмнасьць валасоў — марнасьць.

 

Разьдзел 12

1 І памятай пра Творцу твайго ў дні юнацтва твайго, пакуль ня прыйдуць дні ліхія, і пакуль не сустрэнуць цябе гады, пра якія скажаш: “Не падабаюцца мне яны”,

2 пакуль не зацемрыцца сонца, і сьвятло, і месяц, і зоркі, пакуль ня вернуцца пасьля дажджу хмары,

3 у дні, калі будуць дрыжэць вартаўнікі дому і хістацца мужы моцныя, і кінуць малоць млынары, бо іх будзе мала, і пацямнеюць тыя, што глядзяць праз вокны,

4 і будуць замкнутыя дзьверы на вуліцу, і сціхне голас жорнаў, і будуць ускокваць на голас птушкі, і змоўкнуць усе дочкі сьпеваў,

5 і будуць баяцца вышыняў, і жахацца на дарозе; і заквітнее дрэва мігдалёвае, і пацяжэе саранча, і асыпецца капэрс, бо пойдзе чалавек у дом вечнасьці сваёй, і будуць хадзіць вакол яго па вуліцы плачкі,

6 пакуль не парвецца срэбны ланцужок, і не раструшчыцца залатая чаша, і не паб’ецца збан пры крыніцы, і ня зломіцца калаўрот над студняю,

7 і вернецца парахно ў зямлю, чым яно і было, а дух вернецца да Бога, Які даў яго.

8 Марнасьць марнасьцяў, сказаў Эклезіяст, усё — марнасьць.

9 Акрамя таго, што Эклезіяст быў мудры, ён вучыў таксама людзей ведам, і прыслухоўваўся, і дасьледаваў, і склаў шмат прыповесьцяў.

10 Імкнуўся Эклезіяст знайсьці прыгожыя словы, і запісаць шчыра словы праўды.

11 Словы мудрых — як джалы, і як цьвікі моцна ўбітыя — тыя, што сабралі іх; яны дадзены адзіным Пастырам.

12 А што звыш гэтага, сыне мой, таго сьцеражыся: складаньню шматлікіх кнігаў няма канца, і доўгае вучэньне — стома для цела.

13 Сутнасьць усяго слова, што было пачута: бойся Бога і захоўвай прыказаньні Ягоныя, бо ў гэтым — усё для чалавека!

14 Бо ўсе ўчынкі Бог прывядзе на суд, і ўсё схаванае, і добрае, і ліхое.