Беларуская Біблія

ПЕРШАЕ ПАЎСЮДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ АПОСТАЛА ПЯТРА

 

Разьдзел 1

1 Пётар, апостал Ісуса Хрыста, — выбраным вандроўнікам, расьцярушаным у Поньце, Галятыі, Кападокіі, Азіі і Бітыніі,

2 паводле прадбачаньня Бога Айца, праз асьвячэньне Духа, дзеля паслухмянасьці і пакрапленьня крывёю Ісуса Хрыста: ласка і супакой няхай вам памножацца!

3 Дабраслаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які паводле вялікай літасьці Сваёй адрадзіў нас праз уваскрасеньне Ісуса Хрыста з мёртвых дзеля жывое надзеі,

4 дзеля спадчыны незьнішчальнае і беззаганнае, якая не завяне і якая захоўваецца ў небе дзеля нас,

5 якія сілаю Божаю праз веру захаваныя дзеля збаўленьня, гатовага адкрыцца ў апошні час.

6 З гэтага радуйцеся, крыху цяпер, калі трэба, ад розных спакусаў пасмуткаваўшы,

7 каб выпрабаваньне веры вашае, якая шмат каштоўнейшая за золата, што гіне, хоць і агнём выпрабоўваецца, было знойдзена на хвалу, і пашану, і славу ў адкрыцьці Ісуса Хрыста,

8 Якога, ня бачыўшы, любіце і дзеля Якога, хоць не аглядаючы, але верачы [ў Яго], радуецеся радасьцю невымоўнаю і найслаўнейшаю,

9 атрымліваючы вынік веры вашае — збаўленьне душаў.

10 Гэтага збаўленьня шукалі і дапытываліся прарокі, якія прарочылі пра ласку адносна вас,

11 дасьледуючы, пра што ці пра якую пару паведамляў у іх Дух Хрыстовы, прадвяшчаючы пакуты Хрыстовыя і славу пасьля іх.

12 Ім было адкрыта, што ня ім, але нам служыла абвешчанае вам цяпер тымі, якія дабравесьцілі вам у Духу Сьвятым, Які пасланы з неба, да чаго анёлы жадаюць прыхіліцца.

13 Дзеля гэтага, падперазаўшы паясьніцы розуму вашага і будучы цьвярозымі, да канца спадзявайцеся на ласку, якая прыносіцца вам у адкрыцьці Ісуса Хрыста.

14 Як паслухмяныя дзеці, не прыпадабняйцеся ранейшым пажаданьням у няведаньні вашым,

15 але, паводле [прыкладу] Сьвятога, Які паклікаў вас, і самі будзьце сьвятымі ў-ва ўсім ладзе жыцьця,

16 бо напісана: «Будзьце сьвятыя, бо Я — Сьвяты».

17 І калі называеце Айцом Таго, Які судзіць кожнага паводле справаў ягоных, не ўзіраючыся на аблічча, са страхам праводзьце час вандраваньня вашага,

18 ведаючы, што не зьнішчальным срэбрам ці золатам выбаўлены вы ад марнага ладу жыцьця, перададзенага ад бацькоў,

19 але каштоўнай крывёю Хрыста, як Ягняці беззаганнага і неапаганенага,

20 прадвызначанага яшчэ да стварэньня сьвету, але зьяўленага ў апошнія часы дзеля вас,

21 якія паверылі праз Яго ў Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых і даў Яму славу, каб вера вашая і надзея была ў Богу.

22 Ачысьціўшы душы вашыя паслухмянасьцю праўдзе праз Духа дзеля некрывадушнага браталюбства, з чыстым сэрцам шчыра любіце адзін аднаго,

23 як тыя, што адроджаныя не са зьнішчальнага насеньня, але з незьнішчальнага, праз слова Бога Жывога, Які трывае на вякі.

24 Бо ўсякае цела — як трава, і ўсякая слава чалавечая — як кветка на траве; засохла трава, і кветка яе ўпала,

25 але слова Госпада трывае на вякі. А гэта ёсьць тое слова, якое вам дабравешчана.

 

Разьдзел 2

1 Дык адклаўшы ўсякую ліхоту, і ўсякі подступ, і крывадушнасьць, і зайздрасьць, і ўсякія абмаўляньні,

2 як нованароджаныя немаўляты, зажадайце чыстага слоўнага малака, каб ад яго вы расьлі,

3 бо вы пакаштавалі, што Госпад добры.

4 Падыходзячы да Яго, жывога Камяня, адкінутага людзьмі, але выбранага Богам, каштоўнага,

5 і самі, як жывыя камяні, будуйцеся ў дом духоўны, сьвятарства сьвятое, каб узносіць духоўныя ахвяры, адпаведныя Богу, праз Ісуса Хрыста.

6 Дзеля гэтага і зьмешчана ў Пісаньні: «Вось, Я кладу ў Сыёне кутні Камень, выбраны, каштоўны, і хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены».

7 Дык Ён для вас, якія вераць, — каштоўнасьць, а для тых, якія ня вераць, — камень, які адкінулі будаўнікі, які стаўся галавой вугла,

8 камень спатыкненьня і скала згаршэньня для тых, якія спатыкаюцца аб слова, не скараючыся, дзеля чаго і пакінутыя.

9 А вы — выбраны род, валадарнае сьвятарства, народ сьвяты, людзі, атрыманыя як удзел, каб абвяшчаць цноты Таго, Які паклікаў вас з цемры ў дзівоснае сьвятло Сваё,

10 некалі не народ, а цяпер — народ Божы; [некалі] не мілаваныя, а цяпер — памілаваныя.

11 Улюбёныя, прашу вас, як прыхадняў і вандроўнікаў, высьцерагайцеся цялесных пажаданьняў, якія змагаюцца супраць душы,

12 і мейце добры лад жыцьця між паганамі, каб яны за тое, за што ачарняюць вас, як ліхадзеяў, гледзячы на добрыя справы [вашыя], славілі Бога ў дзень адведзінаў.

13 Дык падпарадкоўвайцеся ўсякаму стварэньню чалавечаму дзеля Госпада, ці то валадару, як вышэйшай [уладзе],

14 ці то ваяводам, як праз яго пасыланым дзеля помсты ліхадзеям і дзеля пахвалы тым, якія робяць дабро.

15 Бо гэткая ёсьць воля Божая, каб мы, робячы дабро, прымушалі замаўчаць невуцтва неразумных людзей,

16 як свабодныя, і не як тыя, што свабоду маюць як падставу для ліхоты, але як слугі Божыя.

17 Усіх паважайце, брацтва любіце, Бога бойцеся, валадара шануйце.

18 Слугі, з усякім страхам падпарадкоўвайцеся ўладарам, ня толькі добрым і спагадным, але і круцельскім.

19 Бо гэта ласка [Божая], калі хто дзеля сумленьня Божага пераносіць смутак, церпячы несправядліва.

20 Бо што за слава, калі вы трываеце, як б’юць вас за грахі? Але калі робячы дабро і церпячы, трываеце, гэта ласка ў Бога.

21 Бо вы на гэта пакліканыя, бо і Хрыстос перацярпеў за нас, пакінуўшы нам прыклад, каб мы ішлі па сьлядах Ягоных.

22 Ён не зрабіў аніякага грэху, і не было подступу ў вуснах Ягоных.

23 Ён, зьневажаны, не зьневажаў у адказ, церпячы, не пагражаў, а перадаў [суд] Таму, Хто судзіць справядліва.

24 Ён грахі нашыя Сам узьнёс у целе Сваім на дрэва, каб мы, памёршы дзеля грахоў, жылі ў праведнасьці; ранамі Ягонымі вы аздароўленыя.

25 Бо вы былі як авечкі, што заблукалі, але цяпер вярнуліся да Пастыра і Епіскапа душаў вашых.

 

Разьдзел 3

1 Таксама і вы, жонкі, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, каб і тыя, што не скараюцца слову, ладам жыцьця жонак бяз слова былі здабываныя,

2 гледзячы на чыстае жыцьцё вашае ў страху [Божым].

3 Няхай будзе [аздобаю] ня вонкавае заплятаньне валасоў і залатыя ўпрыгожваньні або апрананьне ў шаты сьвету,

4 але таемны сэрца чалавек у незьнішчальнасьці ціхага і спакойнага духа, што вельмі каштоўна перад Богам.

5 Бо гэтак некалі аздаблялі сябе, падпарадкоўваючыся сва­ім мужам, і сьвятыя жанчыны, якія спадзяваліся на Бога.

6 Гэтак Сара слухалася Абрагама, называючы яго гаспадаром, і вы сталіся дзецьмі яе, калі робіце дабро і не палохаецеся аніякага страху.

7 Таксама і вы, мужы, жывіце з разуменьнем з жонкамі, аддаючы ім, як найслабейшай пасудзіне, пашану, бо і яны — суспадчыньніцы ласкі жыцьця, каб не было перашкоды ў малітвах вашых.

8 Нарэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спачувайце адзін аднаму, [будзьце] браталюбныя, спагадлівыя, пачцівыя,

9 не аддавайце ліхам за ліха ці зьнявагай за зьнявагу, а, наадварот, дабраслаўляйце, ведаючы, што вы дзеля гэтага пакліканыя, каб узяць у спадчыну дабраслаўленьне.

10 Бо хто хоча жыцьцё любіць і бачыць добрыя дні, няхай стрымлівае язык свой ад ліхоты і вусны свае, каб не гаварылі падступна,

11 няхай ухіляецца ад ліха і робіць дабро; няхай шукае супакою і імкнецца да яго.

12 Бо вочы Госпада — на праведных, і вушы Ягоныя — да просьбаў іхніх, але аблічча Госпада — супраць тых, якія робяць ліхое.

13 І хто зробіць вам зло, калі вы станецеся пераймальнікамі добрага?

14 Але калі вы і пацярпелі за праведнасьць, вы шчасьлівыя. А страху іхняга не палохайцеся і не трывожцеся.

15 Госпада Бога сьвяціце ў сэрцах вашых. Будзьце заўсёды гатовыя даць адказ кожнаму, хто просіць у вас слова адносна вашае надзеі, з ціхасьцю і са страхам,

16 маючы добрае сумленьне, каб у тым, за што ачарняюць вас, як ліхадзеяў, былі асаромленыя тыя, якія ганяць ваш добры лад жыцьця ў Хрысьце.

17 Бо, калі хоча воля Божая, лепш цярпець, робячы добрае, чым робячы благое.

18 Бо і Хрыстос, каб прывесьці нас да Бога, раз пацярпеў за грахі, Праведны — за няправедных, забіты целам, але ажыўлены Духам,

19 у Якім Ён, пайшоўшы, абвяшчаў духам, што ў вязьніцы,

20 тым, якія некалі не скарыліся, калі чакала іх Божае доўгацярпеньне ў дні Ноя, пры будаваньні каўчэга, у якім некалькі, гэта значыцца восем душаў, былі ўратаваныя ад вады.

21 Гэтак і нас цяпер на ўзор гэтага хрышчэньне — не абмыцьцё бруду цела, але абяцаньне Богу добрага сумленьня, — збаўляе праз уваскрасеньне Ісуса Хрыста,

22 Які, узыйшоўшы ў неба, знаходзіцца праваруч Бога, і Яму падпарадкаваныя анёлы, і ўлады, і сілы.

 

Разьдзел 4

1 Дык як Хрыстос цярпеў за нас целам, і вы ўзброй­цеся такой думкаю, што той, хто церпіць целам, перастае грашыць,

2 каб рэшту часу ў целе жыць не паводле чалавечых пажаданьняў, але паводле волі Божае.

3 Бо досыць ужо, што мы ў мінулы час жыцьця выконвалі волю паганаў, ходзячы ў бессаромнасьці, пажаданьнях, абпіваньні віном, гулянках, банкетаваньнях і агідным ідалапаклонстве.

4 Таму яны зьдзіўляюцца, што вы не бежыцё з імі на гэты разьліў распусты, і блюзьняць.

5 Яны дадуць справаздачу Таму, Хто гатовы судзіць жывых і мёртвых.

6 Бо дзеля гэтага і мёртвым было дабравешчана, каб яны, суджаныя па-чалавечаму целам, жылі па-Божаму духам.

7 А канец усяму набліжаецца. Дык будзьце пры розуме і цьвярозымі ў малітвах.

8 А перш за ўсё мейце нязьменную любоў адзін да аднаго, бо любоў прыкрые мноства грахоў.

9 Будзьце гасьцінныя адны да адных без нараканьняў.

10 Служыце адзін аднаму кожны тым дарам [ласкі], які атрымаў, як добрыя аканомы разнастайнае ласкі Божае.

11 Калі хто гаворыць — як словы Божыя; калі хто служыць — па сіле, якую дае Бог, каб у-ва ўсім славіўся Бог праз Ісуса Хрыста, Якому слава і ўлада на вякі вякоў. Амэн.

12 Улюбёныя! Не зьдзіўляйцеся вогненнаму [выпрабаваньню], якое стаецца дзеля спакушэньня вас, нібы нешта дзіўнае здарылася.

13 Але, як супольнікі ў пакутах Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў адкрыцьці славы Ягонай радавацца і весяліцца.

14 Калі зьневажаюць вас за імя Хрыста, вы шчасьлівыя, бо Дух славы, Дух Божы супачывае на вас. Тыя блюзьняць [на Яго], а вы славіце.

15 Абы толькі не цярпеў хто з вас мукі як забойца, або злодзей, або ліхадзей, або той, хто квапіцца на чужое;

16 а калі як Хрысьціянін, не саромся, але слаў Бога за гэткі ўдзел.

17 Бо час пачацца суду ад дому Божага. А калі спачатку ад нас, дык які канец тых, якія не скарыліся Эвангельлю Божаму?

18 І калі праведны ледзьве збавіцца, дык бязбожнік і грэшнік дзе апынуцца?

19 Так што тыя, якія церпяць паводле волі Божай, няхай перададуць Яму, як вернаму Творцу, душы свае, робячы дабро.

 

Разьдзел 5

1 Старостаў, якія сярод вас, прашу я, сустаршыня і сьведка пакутаў Хрыстовых і супольнік славы, якая мае адкрыцца:

2 пасьвіце Божы статак, які ў вас, гледзячы за ім не пад прынукаю, але добраахвотна, і не дзеля прыбыткаў, але з ахвотаю,

3 і не пануючы над спадчынай, але даючы прыклад статку,

4 і калі зьявіцца Найвышэйшы Пастыр, атрымаеце вянок славы, які ня счэзьне.

5 Таксама і вы, маладыя, падпарадкоўвайцеся старостам, а ўсе, падпарадкоўваючыся адзін аднаму, апраніцеся ў пакорнасьць, бо Бог пыхлівым працівіцца, а пакорным ласку дае.

6 Дык скарыцеся пад уладную руку Божую, каб Ён узьвялічыў вас у свой час.

7 Усе турботы свае ўскладайце на Яго, бо Ён клапоціцца пра вас.

8 Будзьце цьвярозымі, чувайце, бо супраціўнік ваш, д’ябал, як леў рыклівы, ходзіць, шукаючы, каго праглынуць.

9 Супрацьстаньце яму цьвёрдай вераю, ведаючы, што такія самыя пакуты здараюцца з братамі вашымі ў сьвеце.

10 А Бог усякае ласкі, Які паклікаў нас, што крыху цярпелі, у вечную славу Сваю ў Хрысьце Ісусе, няхай Сам удасканаліць вас, няхай умацуе, няхай узмоцніць, няхай угрунтуе.

11 Яму слава і ўлада на вякі вякоў. Амэн.

12 Гэта коратка напісаў я вам праз Сілуана, вернага, як лічу, брата, каб суцешыць і засьведчыць, што праўдзівая ласка Божая, у якой вы стаіцё.

13 Вітае вас [царква], што ў Бабілоне, выбраная разам з вамі, і Марк, мой сын.

14 Прывітайце адзін аднаго пацалункам любові. Супакой вам усім, якія ў Хрысьце Ісусе. Амэн.