Беларуская Біблія

САБОРНАЕ ПАСЛАНЬНЕ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ЯКАВА

Разьдзел 1

 

1 Якаў, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, дванаццаці родам, якія ў расьсеяньні, — радавацца!

2 Зь вялікай радасьцю прымайце, браты мае, калі ўпадаеце ў розныя выпрабаваньні,

3 ведаючы, што выпрабаваньне вашай веры робіцца цярплівасьцю,

4 а цярплівасьць павінна мець дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалыя ва ўсёй паўнаце, бязь ніякай пахібы.

5 Калі ж каму-небудзь з вас не хапае мудрасьці, хай просіць у Бога, Які дае ўсім проста і без дакораў, — і дасца яму.

6 Але няхай просіць зь вераю, і зусім не сумняваецца, бо хто сумняваецца, падобны да марское хвалі, якую гоніць і распырсквае вецер;

7 Хай не спадзяецца такі чалавек атрымаць што-небудзь ад Госпада.

8 Чалавек двудушны — ня цьвёрды на ўсіх шляхах сваіх.

9 Хай славіцца пакорлівы брат у высокасьці сваёй,

10 а багаты ў пакоры сваёй, бо ён мінецца, бы краска ў траве:

11 узыходзіць сонца, настае сьпёка, і высушвае траву, краска яе ападае, прападае хараство яе; так вяне і багаты ў шляхах сваіх.

12 Дабрашчасны чалавек, які вытрывае выпрабаваньне, бо пасьля выпрабаваньня ён атрымае вянок жыцьця, які паабяцаў Гасподзь тым, хто любіць Яго.

13 У выпрабаваньні ніхто хай ня кажа: «Бог мяне спакушае»; Бог бо не спакушаецца злом і сам не спакушае нікога,

14 а кожны спакушаецца, калі ваблены і наджаны сваім пажаданьнем;

15 а пажаданьне, зачаўшы, родзіць грэх, а ўчынены грэх родзіць сьмерць.

16 Не ашуквайце сябе, браты мае любасныя:

17 Усякае даньне добрае і ўсякі дар дасканалы зыходзіць згары, ад Айца сьвятла, у Якога няма перамены, ані ценю пераменнасьці.

18 Захацеўшы, спарадзіў Ён нас словам ісьціны, каб сталіся мы нейкім пачаткам Ягоных твораў.

19 Дык вось, браты мае любасныя, кожны чалавек няхай будзе борзды ў слуханьні, марудлівы ў словах, марудлівы ў гневе;

20 бо гнеў чалавечы ня творыць праўды Божай.

21 Таму, адклаўшы ўсялякую нячыстасьць і лішнюю злосьць, у пакоры прымеце пасеянае ў вас слова, якое можа ўратаваць вашы душы.

22 Будзьце ж выканаўцы слова, а не слухачы толькі, што ашукваюць самі сябе.

23 Бо хто слухае слова і ня выконвае, той падобны да чалавека, які разглядвае прыродныя рысы аблічча свайго ў люстры:

24 ён паглядзеў на сябе, адышоўся — і адразу забыўся, які ён ёсьць.

25 А хто пранікне ў закон дасканалы, закон свабоды, і застанецца ў ім, той, ня будучы слухачом забыўлівым, а выканаўцам дзеі, дабрашчасны будзе ў сваім дзеяньні.

26 Калі ж хто з вас думае, што ён пабожны, і не таймуе свайго языка, а ашуквае сваё сэрца, у таго пустая пабожнасьць.

27 Чыстая і беспахібная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць тое, каб дагледзець сірот і ўдоваў у іхніх скрухах і захоўваць сябе неапаганенага сьветам.

 

Разьдзел 2

 

1 Браты мае! майце веру ў Ісуса Хрыста, нашага Госпада славы, бяз увагі на асобы.

2 Бо калі на сход ваш увойдзе чалавек з залатым пярсьцёнкам, у багатым убраньні, увойдзе і бедны ў гаротнай адзежы,

3 і вы глянеце на таго, хто ў багатым убраньні, і скажаце яму: табе трэба сесьці тут, а беднаму скажаце: ты стань там, альбо: сядзь тут, каля ног маіх,

4 дык ці ня робіце розьніцы між сабою і ці ня робіцеся вы зламыснымі судзьдзямі?

5 Паслухайце, браты мае любасныя: ці ж ня бедных сьвету выбраў Бог быць багатымі вераю і спадчыньнікамі Царства, якое Ён абяцаў тым, хто любіць Яго?

6 а вы пагрэбавалі бедным. Ці не багатыя ўціскаюць вас, і ці ж не яны цягнуць вас у суды?

7 Ці не яны няславяць добрае імя, якім вы называецеся?

8 Калі вы выконваеце закон царскі, паводле Пісаньня: палюбі блізкага твайго, як сябе самога, — добра робіце.

9 Але калі робіце з аглядкаю на асобы, дык грэх чыніце, і перад законам вы злачынцы.

10 Хто выконвае ўвесь закон і згрэшыць у чым-небудзь адным, той робіцца вінаватым ва ўсім.

11 Бо Той, Хто сказаў: не распусьнічай, сказаў і: не забі; таму, калі ты не распусьнічаеш, але заб’еш, дык ты таксама адступнік ад закона.

12 Так гаварэце і так рабеце, як тыя, што маюць быць суджаныя згодна з законам свабоды.

13 Бо суд ня мецьме літасьці да таго, хто не літасьцівы; літасьць узьнесена над судом.

14 Якая карысьць, браты мае, калі хто кажа, што ён мае веру, а дзеяў ня мае? Ці можа гэтая вера ўратаваць яго?

15 Калі брат альбо сястра безадзежныя і ня маюць на дзень пражытку,

16 а хто-небудзь з вас скажа ім: ідзеце зь мірам, грэйцеся і кармецеся, але ня дасьць ім патрэбнага целу: якая карысьць?

17 Гэтак і вера, калі ня мае дзеяў, мёртвая сама ў сабе.

18 А скажа хто-небудзь: ты маеш веру, а я маю дзеі: пакажы мне веру тваю бязь дзеяў тваіх, а я пакажу табе веру маю празь дзеі мае.

19 Ты верыш, што Бог адзіны: слушна робіш; і дэманы вераць, і трымцяць.

20 Але ці хочаш ведаць, марны чалавеча, што вера бязь дзеяў мёртвая?

21 Ці ж ня дзеямі апраўдаўся Абрагам, бацька наш, паклаўшы на ахвярнік Ісаака, сына свайго?

22 Ці бачыш, што вера спрыяла дзеям ягоным, і дзеямі вера дасягнула дасканаласьці.

23 І спраўдзілася слова Пісаньня: вераваў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць, і ён названы прыяцелем Божым.

24 Ці бачыце, што чалавек апраўдваецца дзеямі, а ня вераю толькі?

25 Гэтак сама і Рааў распусьніца ці ж ня дзеямі апраўдалася, прыняўшы выведнікаў і выпусьціўшы іх іншаю дарогаю?

26 Бо, як цела бяз духу мёртвае, так і вера бязь дзеяў мёртвая.

 

Разьдзел 3

 

1 Браты мае! ня многія рабецеся настаўнікамі, ведаючы, што мы тым большай асуды дастаём.

2 бо ўсе мы шмат грэшым; хто ня грэшыць у слове, той чалавек дасканалы, ён можа ацугляць і ўсё цела.

3 Вось, мы ўкладваем кілзы коням у храпу, каб яны пакорыліся нам, і ўсім целам іхнім кіруем.

4 Вось, і караблі, хоць якія вялікія яны і хоць якімі моцнымі вятрамі гнаныя, невялікім стырном кіруюцца, куды хоча стырнік;

5 гэтак сама і язык — невялікі чэлес, але многа робіць. Паглядзі, невялікі вагонь як многа рэчыва паліць;

6 і язык — вагонь; як сьвет няпраўды; язык так пастаўлены сярод чэлесаў нашых, што апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцьця, і сам запальваецца ад геены;

7 бо ўсякая прырода зьвяроў і птушак, плазуноў і марскіх жывёлін таймуецца і ўтаймавана прыродаю чалавечай,

8 а язык утаймаваць ніхто зь людзей ня можа: гэта — неўтаймавальнае ліха; ён поўны сьмяротнай атруты.

9 Ім дабраславім Бога і Айца, і ім праклінаем людзей, створаных у падабенстве да Бога.

10 З тых самых вуснаў сыходзяць дабраславеньне і праклён; не павінна, браты мае, гэтак быць.

11 Хіба цячэ з адных вуснаў крыніцы салодкая і горкая вада?

12 Ня можа, браты мае, смакоўніца радзіць масьліны альбо вінаградная лаза смоквы; гэтак сама і адна крыніца ня можа выліваць салёную і салодкую ваду.

13 Ці мудры і разумны хто з вас, дакажы гэта ў дзеях добрымі паводзінамі з мудрай пакораю.

14 Але калі ў сэрцы вашым вы маеце горкую зайздрасьць і сварлівасьць, дык не хвалецеся і ня хлусеце на праўду:

15 гэта бо ня мудрасьць, што згары прыходзіць, а зямная, плоцкая, дэманская;

16 бо дзе зайздрасьць і зьвяга, там незлагадзь і ўсё ліхое.

17 А мудрасьць, якая прыходзіць згары, найперш — чыстая, потым — згодлівая, лагодная, пакорлівая, поўная мілажальнасьці і добрых пладоў, неадступная, і некрывадушная.

18 А плод праўды ў міры сеецца творцамі міру.

 

Разьдзел 4

 

1 Адкуль у вас свары і раздоры? ці не адгэтуль, ад пажаданьняў вашых, што варагуюць у чэлесах вашых?

2 Хочаце — і ня маеце; забіваеце і зайздросьціце — і ня можаце дамагчыся; зводзіцеся і варагуеце — і ня маеце, бо ня просіце;

3 Просіце — і не атрымліваеце, бо просіце не на добрае, а каб ужыць на пажаданьні вашыя.

4 Пералюбнікі і пералюбніцы! ці ж ня ведаеце, што дружба са сьветам ёсьць варожасьць супраць Бога! Дык вось, хто хоча быць сябрам сьвету, той робіцца ворагам Богу.

5 Альбо вы думаеце, што дарэмна кажа Пісаньне: «да зайздры любіць дух, які жыве ў нас»?

6 Але тым большую дае мілату; таму і сказана: «Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату».

7 Дык вось, упакорцеся Богу; усупраціўцеся д’яблу, і ўцячэ ад вас;

8 да Бога наблізьцеся, і наблізіцца да вас; ачысьціце рукі, грэшнікі, папраўце сэрцы, двудушныя;

9 смуткуйце, плачце і галасеце: сьмех ваш няхай абернецца ў плач, а радасьць — у смутак.

10 Упакорцеся перад Госпадам, і ўзвысіць вас.

11 Не ліхаслоўце адзін аднаго, браты: хто ліхасловіць брата альбо судзіць брата свайго, той ліхасловіць і судзіць закон; а калі ты судзіш закон, дык ты не выканаўца закона, а судзьдзя.

12 Адзін Заканадаўца і Судзьдзя, Які можа і ўратаваць і загубіць: а ты хто, што судзіш іншага?

13 Цяпер паслухайце вы, што гаворыце: сёньня ці заўтра мы выправімся ў такі-а-такі горад і пражывём там адзін год, і будзем гандляваць і зарабляць;

14 вы, што ня ведаеце, што будзе заўтра: бо што такое жыцьцё ваша? пара, якая зьяўляецца на кароткі час, а потым зьнікае.

15 Замест таго, каб вам сказаць: як захоча Гасподзь і будзем жывыя, дык зробім тое ці іншае,

16 вы, у ганарыстасьці сваёй, славалюбнічаеце: усякае такое пустахвальства ёсьць зло.

17 Дык вось, хто ўмее рабіць дабро і ня робіць, на тым грэх.

 

Разьдзел 5

 

1 Паслухайце вы, багатыя: плачце і галасеце над вашымі злыбедамі, якія на вас.

2 Багацьце ваша спрахла, і вопратку вашу патачыла моль.

3 Золата ваша і срэбра паржавела, і ржа іхняя засьведчыць супраць вас і зьесьць плоць вашу, як вагонь: вы назапасілі сабе скарб на астатнія дні.

4 Вось плата, якую вы затрымалі ў працаўнікоў, што жалі палеткі вашыя, лямантуе, і лямант жняцоў дайшоў да вуха Госпада Саваофа.

5 Вы раскашавалі на зямлі і асалодамі цешыліся; упасьвілі вашыя сэрцы, як бы на дзень заколу.

6 Вы засудзілі, забілі Праведніка: Ён не супрацівіўся вам.

7 Дык вось, браты, будзьце доўгацярплівыя, да прышэсьця Гасподняга. Вось, араты чакае каштоўнага плоду зямлі і дзеля яго церпіць доўга, пакуль атрымае дождж раньні і позьні.

8 Доўгацярпеце і вы, умацуйце сэрцы вашыя, бо прышэсьце Гасподняе блізіцца.

9 Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб не асудзілі вас: вось, Судзьдзя стаіць каля дзьвярэй.

10 Вазьмеце, браты мае, за прыклад ліхія пакуты і доўгацярпеньні продкаў, што прамаўлялі імем Гасподнім.

11 Вось, мы дагаджаем тым, што цярпелі. Вы чулі пра цярпеньні Ёва і бачылі канец ягоны ад Госпада, бо Гасподзь вельмі міласэрны і спагадлівы.

12 А найперш, браты мае, не прысягайце ні небам, ні зямлёю, ані якою іншаю кляцьбою; а хай будзе ў вас: так-так і не-не, каб вам не падупасьці асудзе.

13 Ці ліха пакутуе каторы з вас? хай моліцца. Ці вясёлы хто? хай сьпявае псальмы.

14 Ці занядужаў хто з вас? хай пакліча прасьвітэраў царквы, і хай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Гасподняе,

15 і малітва веры ацаленьне дасьць хвораму, і падыме яго Гасподзь; і калі ён учыніў грахі, даруюцца яму.

16 Прызнавайцеся адзін аднаму ў правінах і малецеся адзін за аднаго, каб ачуняць: на многае здольная шчырая малітва праведніка.

17 Ільля быў чалавек падобны на вас, і малітваю памаліўся, каб ня было дажджу: і ня падаў дождж на зямлю тры гады і шэсьць месяцаў;

18 і зноў памаліўся: і неба дало дождж, і зямля ўрадзіла плод свой.

19 Браты! калі хто з вас ухіліцца ад праўды, і наверне хто яго,

20 хай той ведае, што, хто грэшніка навярнуў з аблуднай дарогі ягонай, той уратуе душу ад сьмерці і пакрые мноства грахоў.

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАРКА

Разьдзел 1

1. Пачатак Эвангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага.

2. Як напісана ў Прарокаў: «Вось Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою.

3. Голас таго, хто кліча ў пустыні: Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яго».

4. Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрышчэньне навяртаньня дзеля адпушчэньня грахоў.

5. І выходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерусалімцы, і ўсе былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае.

6. І быў Ян апрануты ў вярблюдавы волас, і скураны пояс на паясьніцы яго, і еў ён саранчу і дзікі мёд.

7. І абвяшчаў ён, кажучы: «Ідзе за мной Дужэйшы за мяне, Якому я ня варты, нахіліўшыся, разьвязаць рамень сандалаў Ягоных.

8. Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым».

9. І сталася ў тыя дні, прыйшоў Ісус з Назарэту Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане.

10. І адразу, як выходзіў з вады, убачыў адкрытае неба і Духа як галуба, што зыходзіў на Яго.

11. І голас быў з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне».

12. І адразу Дух вядзе Яго ў пустыню.

13. І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны шатанам; і быў між зьвяроў, і анёлы паслугавалі Яму.

14. А пасьля таго, як Ян быў выдадзены, прыйшоў Ісус у Галілею, абвяшчаючы Эвангельле Валадарства Божага

15. і кажучы, што споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае: «Навярніцеся і верце Эвангельлю!»

16. І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, што закідвалі [нерат] у мора, бо былі яны рыбаловамі.

17. І сказаў ім Ісус: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей».

18. І адразу, пакінуўшы сеткі свае, яны пайшлі за Ім.

19. І, адыйшоўшыся адтуль недалёка, убачыў Ён Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, як яны ў чаўне напраўлялі сеткі.

20. І адразу паклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чаўне з работнікамі, пайшлі за Ім.

21. І ўваходзяць у Капэрнаум. І адразу ў суботу, увайшоўшы ў сынагогу, Ён навучаў.

22. І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.

23. І быў у сынагозе іхняй чалавек, [апанаваны] духам нячыстым, і закрычаў ён,

24. кажучы: «Пакінь! Што нам і Табе, Ісус Назарэец? Ты прыйшоў загубіць нас? Ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы!»

25. Але прыгразіў яму Ісус, кажучы: «Замаўчы і выйдзі з яго!»

26. І нячысты дух, тузануўшы яго і загаласіўшы моцным голасам, выйшаў з яго.

27. І аслупянелі ўсе, таму пыталіся адзін аднаго, кажучы: «Што гэта? Што гэта за новае вучэньне, што з уладаю загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?»

28. І адразу пайшла чутка пра Яго паўсюль ва ўсёй ваколіцы Галілейскай.

29. І, адразу выйшаўшы з сынагогі, прыйшлі яны ў дом Сымона і Андрэя разам з Якубам і Янам.

30. Цешча ж Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.

31. І, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку, і адразу пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім.

32. А калі настаў вечар, як сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі;

33. і ўвесь горад сабраўся перад дзьвярыма.

34. І Ён аздаравіў многіх хворых на розныя хваробы, і многіх дэманаў выгнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, што яны ведаюць, што Ён — Хрыстос.

35. І раніцай, на самым досьвітку ўстаўшы, выйшаў, і пайшоў у пустыннае месца, і там маліўся.

36. І пайшлі за Ім Сымон і тыя, што з ім [былі],

37. і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: «Усе шукаюць Цябе».

38. А Ён кажа ім: «Хадзем у бліжэйшыя паселішчы, каб і там Я абвяшчаў, бо Я дзеля гэтага прыйшоў».

39. І Ён абвяшчаў у сынагогах іхніх па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.

40. І прыходзіць да Яго пракажоны, просячы Яго і падаючы перад Ім на калені, і кажучы Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».

41. Дык Ісус, зьлітаваўшыся, працягнуў руку і дакрануўся да яго, і кажа яму: «Хачу, будзь ачышчаны.

42. І калі сказаў, адразу зыйшла з яго праказа і стаў ачышчаны.

43. І, грозна глянуўшы на яго, адразу выправіў яго,

44. і сказаў яму: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся сьвятару і прынясі за ачышчэньне сваё тое, што загадаў Майсей, дзеля сьведчаньня ім».

45. Але ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і шырыць кругом гэта слова, што [Ісус] ужо ня мог адкрыта ўвайсьці ў горад, але быў вонкі, у мясьцінах пустынных. І прыходзілі да Яго адусюль.

Разьдзел 2

1. І праз [некалькі] дзён Ён зноў увайшоў у Капэрнаум, і пачулі, што Ён у доме.

2. І адразу сабралася мноства, што нават пры дзьвярах не маглі зьмясьціцца, і Ён гаварыў ім слова.

3. І прыходзяць да Яго са спараліжаваным, якога несьлі чацьвёра.

4. І, ня здолеўшы прайсьці да Яго дзеля натоўпу, раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусьцілі ложак, на якім ляжаў спараліжаваны.

5. І Ісус, убачыўшы веру іхнюю, кажа спараліжаванаму: «Дзіця, адпускаюцца грахі твае».

6. Былі ж там некаторыя кніжнікі, якія сядзелі і разважалі ў сэрцах сваіх:

7. «Што гэта Ён кажа блюзьнерства? Хто можа адпускаць грахі, калі ня сам Бог?»

8. А Ісус, адразу пазнаўшы духам Сваім, што яны гэтак думаюць, кажа ім: «Што вы гэтак разважаеце ў сэрцах вашых?

9. Што лягчэй, сказаць спараліжаванаму: «Адпускаюцца твае грахі», ці сказаць: «Устань, вазьмі ложак свой і хадзі».

10. Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі», — кажа спараліжаванаму:

11. «Табе кажу: Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой».

12. І той адразу ўстаў і, узяўшы ложак, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Мы такога ніколі ня бачылі».

13. І зноў выйшаў [Ісус] да мора, і ўвесь натоўп пайшоў да Яго, і Ён навучаў іх.

14. І, праходзячы, убачыў Ён Левія Альфеявага, які сядзеў на мытні, і кажа яму: «Ідзі за Мною!» І той, устаўшы, пайшоў за Ім.

15. І сталася, калі Ён узьлягаў у доме ягоным, узьлягалі разам з Ісусам і вучнямі Ягонымі шмат мытнікаў і грэшнікаў, было бо многа іх, і яны ішлі за Ім.

16. А кніжнікі і фарысэі, бачачы, што [Ісус] есьць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: «Чаму Ён есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?»

17. І, пачуўшы гэта, Ісус кажа ім: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя. Я прыйшоў клікаць не праведнікаў, але грэшнікаў да навяртаньня».

18. І посьцілі вучні Янавы і фарысэйскія. Дык прыходзяць і кажуць Яму: «Чаму вучні Янавы і фарысэйскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?»

19. І сказаў ім Ісус: «Ці ж могуць посьціць сыны вясельля, калі малады з імі? Пакуль маюць жаніха ў сябе, ня могуць посьціць.

20. А надыйдуць дні, калі жаніха забяруць ад іх, і тады будуць посьціць у тыя дні.

21. Ніхто не прышывае латы з новай тканіны да старога адзеньня, бо новая лата разьдзярэ старое, і дзіра зробіцца большая.

22. І ніхто не ўлівае новага віна ў старыя мяхі, бо новае віно прарве мяхі, і віно выцячэ, і мяхі прападуць; але новае віно трэба ўліваць у новыя мяхі».

23. І сталася Яму ў суботу праходзіць праз палеткі, і вучні Ягоныя пачалі дарогаю зрываць каласы.

24. І фарысэі гаварылі Яму: «Глядзі, чаму яны робяць у суботу, што ня сьлед!»

25. А Ён сказаў ім: «Ці ж вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і галодны сам і тыя, што з ім?

26. Як увайшоў ён у дом Божы за Абіятара першасьвятара і еў хлябы пакладныя, якія нельга яму было есьці, а толькі сьвятарам, і даў таксама тым, што з ім былі?»

27. І казаў ім: «Субота для чалавека, а не чалавек для суботы.

28. таму Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы».

Разьдзел 3

1. І зноў увайшоў у сынагогу. І быў там чалавек, які меў сухую руку.

2. І сачылі за Ім, ці не аздаровіць яго ў суботу, каб абвінаваціць Яго.

3. І кажа сухарукаму чалавеку: «Стань на сярэдзіне!»

4. І кажа ім: «Ці належыць у суботу рабіць добрае, ці рабіць благое? Душу выратаваць ці загубіць?» Але яны маўчалі.

5. І, глянуўшы на іх з гневам, смуткуючы дзеля скамяненьня сэрца іхняга, кажа чалавеку гэтаму: «Выцягні руку тваю!» І ён выцягнуў, і зрабілася рука яго здаровая, як і другая.

6. Фарысэі ж, выйшаўшы, зрабілі адразу нараду з ірадыянамі супраць Яго, каб Яго загубіць.

7. І Ісус разам з вучнямі Сваімі адыйшоў да мора, і вялікае мноства пайшло за Ім з Галілеі, і з Юдэі,

8. і з Ерусаліму, і з Ідумеі, і з-за Ярдану, і з ваколіцаў Тыру і Сідону, вялікае мноства, пачуўшы, што Ён рабіў, прыйшло да Яго.

9. І сказаў вучням Сваім, каб быў падрыхтаваны для Яго човен дзеля натоўпу, каб ня ціснулі Яго.

10. Бо многіх Ён аздаравіў, таму пхаліся да Яго ўсе, што мелі немачы, каб дакрануцца да Яго.

11. І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі, кажучы: «Ты — Сын Божы!»

12. Але Ён строга забараняў ім, каб не выяўлялі Яго.

13. І ўзыходзіць на гару, і кліча тых, якіх Сам хацеў, і прыйшлі да Яго.

14. І вызначыў Дванаццаць, каб былі з Ім і каб пасылаць іх абвяшчаць,

15. і каб мелі ўладу аздараўляць хваробы і выганяць дэманаў:

16. Сымона, і даў яму імя Пётар,

17. і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якуба, і даў ім імя Боанэргес, што значыць «Сыны грому»,

18. і Андрэя, і Філіпа, і Баўтрамея, і Мацьвея, і Тамаша, і Якуба Альфеявага, і Тадэвуша, і Сымона Кананіта,

19. і Юду Іскарыёта, які выдаў Яго.

20. І прыходзяць у дом; і зноў зыходзіцца натоўп, так што не маглі яны нават хлеба паесьці.

21. І, пачуўшы [гэта], сваякі Ягоныя пайшлі ўзяць Яго, бо казалі, што Ён зьдзівачэў.

22. А кніжнікі, што прыйшлі з Ерусаліму, гаварылі, што мае Бэльзэбула і што моцай князя дэманаў выганяе дэманаў.

23. І, паклікаўшы іх, гаварыў да іх [Ісус] у прыповесьцях: «Як можа шатан выганяць шатана?

24. І калі валадарства разьдзеліцца ў сабе, ня можа ўтрымацца валадарства тое.

25. І калі дом разьдзеліцца ў сабе, ня можа ўтрымацца дом той.

26. І калі шатан паўстаў на сябе самога і разьдзяліўся, ня можа ўтрымацца, але канец яму.

27. Ніхто, увайшоўшы ў дом асілка, ня можа захапіць маёмасьць яго, калі перш ня зьвяжа асілка, і тады абрабуе дом ягоны.

28. Сапраўды кажу вам, што будуць адпушчаны сынам чалавечым усе грахі і блюзьнерствы, якімі б яны ня блюзьнілі,

29. але хто будзе блюзьніць на Духа Сьвятога, ня будзе яму адпушчана ў вякі, але падлягае вечнаму асуджэньню».

30. Бо яны гаварылі: «Мае духа нячыстага».

31. І прыходзяць браты Ягоныя і маці Ягоная, і, стоячы вонкі, паслалі да Яго клікаць Яго.

32. І сядзеў кругом Яго натоўп, і сказалі Яму: «Вось, маці Твая і браты Твае вонкі, шукаюць Цябе».

33. І, адказваючы ім, гаворыць: «Хто маці Мая і браты Мае?»

34. І, агледзеўшы наўкола тых, што каля Яго сядзелі, кажа: «Вось маці Мая і браты Мае!

35. Бо хто выконвае волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці».

Разьдзел 4

1. І зноў Ён пачаў навучаць каля мора; і сабраўся да Яго вялізарны натоўп, так што Ён, увайшоўшы ў човен, сядзеў у моры, а ўвесь натоўп быў на беразе каля мора.

2. І навучаў іх шмат у прыповесьцях, і гаварыў ім у Сваёй навуцы:

3. «Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць.

4. І сталася, калі сеяў, адно [зерне] ўпала пры дарозе; і наляцелі птушкі нябесныя і падзяўблі яго.

5. Іншае ўпала на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі, і адразу ўзыйшло, бо зямля была неглыбокая;

6. а калі ўзыйшло сонца, зьвяла, і, як ня мела кораня, высахла.

7. А іншае ўпала ў церні, і вырасьлі церні, і заглушылі яго, і не дало плоду.

8. А іншае ўпала ў добрую зямлю і дало плод, які ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла адно трыццаць, адно шэсьцьдзесят, і адно сто».

9. І сказаў ім: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».

10. Калі ж Ён застаўся Сам, тыя, што з Ім былі, разам з Дванаццацьцю спыталіся ў Яго адносна прыповесьці.

11. І сказаў Ён ім: «Вам дадзена разумець таямніцу Валадарства Божага; а тым, якія вонкі, усё стаецца ў прыповесьцях,

12. каб гледзячы глядзелі, і ня бачылі, і каб слухаючы слухалі, і не разумелі, каб не навярнуліся і не былі ім адпушчаны грахі».

13. І кажа ім: «Не разумееце гэтай прыповесьці? А як жа ўсе прыповесьці зразумееце?

14. Сейбіт слова сее.

15. Вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова, калі пачуюць яго, адразу прыходзіць шатан і забірае слова, пасеянае ў сэрцах іхніх.

16. Таксама і тыя, што на камяністым месцы пасеяны, пачуўшы слова, адразу з радасьцю прыймаюць яго,

17. але ня маюць у сабе кораня, таму нетрывалыя; калі надыйдзе прыгнёт ці перасьлед дзеля слова, адразу ж горшацца.

18. А тыя, што ў цернях пасеяныя, чуюць слова,

19. але клопаты веку гэтага і ашуканства багацьця ды іншыя пажаданьні, уваходзячы, заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным.

20. А тыя, што пасеяныя ў добрую зямлю, гэта тыя, што чуюць слова, і прыймаюць, і прыносяць плод: адзін — трыццаць, іншы — шэсьцьдзесят, а іншы — сто».

21. І сказаў ім: «Ці на тое прыносіцца сьвечка, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Ці не на тое, каб была пастаўлена на сьвечніку?

22. Бо няма нічога тайнага, каб не выявілася, і няма нічога схаванага, каб не сталася яўным.

23. Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».

24. І сказаў ім: «Глядзіце, што слухаеце! Якою меркаю мерыце, такою вам будзе адмерана і будзе дададзена вам, якія слухаеце.

25. Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, дык і тое, што мае, будзе забрана ў яго».

26. І сказаў: «Гэтак ёсьць Валадарства Божае, як быццам чалавек кідае насеньне ў зямлю.

27. І ці ён сьпіць, ці ўстае ноччу і днём, а насеньне ўзыходзіць і расьце, і ён ня ведае як.

28. Бо зямля сама сабою родзіць спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе.

29. Калі ж плод сасьпее, адразу пасылае серп, бо надыйшло жніво».

30. І сказаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае? Або ў якой прыповесьці выявім яго?

31. Як гарчычнае зерне, якое, калі сеецца ў зямлю, ёсьць меншым за ўсе насеньні на зямлі;

32. а калі пасеянае, узыходзіць і робіцца большым за ўсе расьліны, і пускае галіны вялікія, так што птушкі нябесныя могуць хавацца ў засені яго».

33. І многімі падобнымі прыповесьцямі гаварыў ім слова, колькі маглі яны слухаць,

34. і без прыповесьці не гаварыў ім, а вучням асобна тлумачыў усё.

35. І ў той самы дзень, калі надыйшоў вечар, кажа ім: «Пераплывем на другі бок».

36. І яны, пакінуўшы натоўп, бяруць Яго, бо Ён быў у чаўне, і іншыя чаўны былі з Ім.

37. І сталася вялікая бура, і хвалі білі ў човен, так што ён ужо напаўняўся [вадою].

38. А Ён спаў на карне на падушцы. І будзяць Яго, і кажуць Яму: «Настаўнік! Ці ж Цябе ня рупіць, што мы гінем?»

39. І Ён, падняўшыся, забараніў ветру і сказаў мору: «Замаўчы, суцішся!» І сьціх вецер, і сталася вялікая ціша.

40. І кажа ім: «Чаму вы так палахлівыя? Ці ж ня маеце веры?»

41. І яны спалохаліся страхам вялікім і гаварылі адзін аднаму: «Хто ж Ён, што вецер і мора слухаюцца Яго?»

Разьдзел 5

1. І прыйшлі на другі бок мора ў край Гадарэнскі.

2. І калі выйшаў Ён з чаўна, адразу пераняў Яго чалавек з магілаў, [апанаваны] нячыстым духам,

3. які меў жытло ў магілах, і ніхто ня мог яго зьвязаць ланцугамі.

4. Бо шмат разоў зьвязвалі яго кайданамі і ланцугамі, і ён рваў ланцугі і разьбіваў кайданы, і ніхто ня мог утаймаваць яго.

5. І ён заўсёды днём і ноччу ў магілах і ў гарах крычаў і біў сябе каменьнямі.

6. І, здалёк убачыўшы Ісуса, прыбег, і пакланіўся Яму,

7. і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: «Што мне і Табе, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Заклінаю Цябе Богам, ня мучай мяне».

8. Бо [Ісус] сказаў яму: «Выйдзі, духу нячысты, з гэтага чалавека».

9. І спытаўся ў яго: «Якое імя тваё?» А ён адказаў, кажучы: «Маё імя — легіён, бо нас многа».

10. І вельмі прасіў Яго, каб не выганяў іх прэч з гэтага краю.

11. А там каля гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіняў.

12. І прасілі Яго ўсе дэманы, кажучы: «Пашлі нас у сьвіняў, каб мы ў іх увайшлі».

13. І Ісус адразу дазволіў ім. І, выйшаўшы, духі нячыстыя ўвайшлі ў сьвіняў, і рынуўся гурт са стромы ў мора, а было іх каля дзьвюх тысячаў, і патанулі ў моры.

14. А тыя, што пасьвілі сьвіняў, уцяклі і абвясьцілі ў горадзе і вёсках, і [людзі] выйшлі паглядзець, што сталася.

15. І прыходзяць да Ісуса, і бачаць, што апанаваны дэманамі, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры здаровым розуме, і спалохаліся.

16. І тыя, што бачылі, расказалі ім, што сталася з апанаваным дэманам, і пра сьвіняў.

17. І пачалі прасіць Яго, каб адыйшоў ад межаў іхніх.

18. І калі Ён увайшоў у човен, той, што быў апанаваны дэманам, прасіў Яго, каб быць з Ім.

19. Ісус жа не дазволіў яму, але гаворыць: «Ідзі ў дом твой да сваіх, і раскажы ім, што Госпад учыніў табе і зьлітаваўся над табою».

20. І ён пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкапалі, што ўчыніў яму Ісус, і ўсе дзівіліся.

21. І калі Ісус зноў пераправіўся ў чаўне на другі бок, зыйшлося да Яго мноства людзей, і Ён быў каля мора.

22. І вось прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, на імя Яір, і, убачыўшы Яго, падае да ног Ягоных,

23. і вельмі просіць Яго, кажучы: «Дачка мая канае, прыйдзі, ускладзі рукі на яе, каб была выратаваная і жыла».

24. І Ён пайшоў з ім. І ішоў за Ім вялізарны натоўп, і ціснулі Яго.

25. І нейкая жанчына, хворая на цячэньне крыві дванаццаць гадоў,

26. якая шмат нацярпелася ад шматлікіх лекараў, і выдаткавала ўсё, што мела, і не атрымала аніякай карысьці, але яшчэ горш пачувалася,

27. пачуўшы пра Ісуса, падыйшла ў натоўпе ззаду і дакранулася да шаты Ягонае,

28. бо казала: «Калі толькі дакрануся шаты Ягонае, буду выратаваная».

29. І адразу высахла ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе, што паздаравела ад немачы.

30. І адразу Ісус, адчуўшы ў Сабе, што моц выйшла з Яго, павярнуўся да натоўпу і сказаў: «Хто дакрануўся шаты Маёй?»

31. І сказалі Яму вучні Ягоныя: «Бачыш натоўп, які цісьне Цябе, і кажаш: «Хто дакрануўся да Мяне?»»

32. Але Ён паглядзеў кругом, каб убачыць тую, што зрабіла гэта.

33. А жанчына, спалохаўшыся і дрыжучы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла і ўпала перад Ім, і сказала Яму ўсю праўду.

34. Ён жа сказаў ёй: «Дачка! Вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі і будзь здаровая ад немачы тваёй».

35. Яшчэ Ён гаварыў, прыходзяць ад начальніка сынагогі людзі і кажуць: «Дачка твая памерла, нашто яшчэ турбуеш Настаўніка?»

36. Ісус жа, пачуўшы сказанае слова, кажа да начальніка сынагогі: «Ня бойся, толькі вер».

37. І не дазволіў нікому ісьці за Ім, акрамя Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба.

38. І прыходзіць у дом начальніка сынагогі, і бачыць замяшаньне, плач і лямант вялікі.

39. І, увайшоўшы, гаворыць ім: «Чаму вы ўзрушаныя і плачаце? Дзіцятка не памерла, але сьпіць».

40. І сьмяяліся з Яго. Ісус жа, адправіўшы ўсіх, бярэ бацьку і маці дзіцяці ды тых, што з Ім былі, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзіцятка.

41. І, узяўшы руку дзіцяці, гаворыць ёй: «Таліта кумі», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!»

42. І адразу ўстала дзяўчынка, і хадзіла, а мела яна дванаццаць гадоў. І [ўсе] дзівіліся з захапленьнем вялікім.

43. І перасьцерагаў іх, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў, каб далі ёй есьці.

Разьдзел 6

1. І выйшаў адтуль, і прыйшоў у бацькаўшчыну Сваю, і вучні Ягоныя ідуць за Ім.

2. І калі сталася субота, пачаў вучыць у сынагозе. І многія, слухаючы, дзівіліся і казалі: «Адкуль у Яго гэтае? І што за мудрасьць дадзеная Яму, што нават цуды гэткія стаюцца праз рукі Яго?

3. Ці ж гэта не цясьляр, сын Марыі, брат Якуба, Ёсіі, Юды і Сымона? Ці ж ня сёстры Ягоныя тут сярод нас?» І горшыліся з Яго.

4. А Ісус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне сваёй і сярод сваякоў сваіх, і ў доме сваім».

5. І ня мог там учыніць ніводнага цуду, толькі некалькіх нямоглых, усклаўшы рукі на іх, аздаравіў.

6. І зьдзіўляўся з недаверства іхняга. І абыходзіў навакольныя мястэчкі, навучаючы.

7. І паклікаў Дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі.

8. І загадаў ім, каб ня бралі нічога ў дарогу, акрамя аднаго кія: ані торбы, ані хлеба, ані медзі ў поясе,

9. але ў сандалы абувацца і не апранацца ў дзьве вопраткі.

10. І сказаў ім: «Дзе толькі ўвойдзеце ў дом, там заставайцеся, пакуль ня пойдзеце адтуль.

11. І калі хто ня прыме вас і ня будзе вас слухаць, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з вашых ног на сьведчаньне ім. Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень суду, чым гораду гэтаму».

12. І яны, пайшоўшы, абвяшчалі, каб навярталіся,

13. і мноства дэманаў выганялі, і многіх нямоглых мазалі алеем і аздараўлялі.

14. І пачуў валадар Ірад [пра Яго], бо імя Ягонае сталася ведамым, і сказаў: «Гэта Ян Хрысьціцель уваскрос з мёртвых, і таму цуды дзеюцца праз Яго».

15. Іншыя казалі: «Гэта Ільля», а іншыя казалі: «Гэта прарок, або як адзін з прарокаў».

16. Пачуўшы гэта, Ірад сказаў: «Гэта Ян, якому я сьцяў галаву. Ён уваскрос з мёртвых».

17. Бо Ірад сам паслаў і ўзяў Яна, і ўвязьніў яго ў вязьніцы дзеля Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго, якую ён узяў за жонку.

18. Бо Ян гаварыў Іраду: «Нельга табе мець жонку брата твайго».

19. А сама Ірадыяда злавала на яго і хацела яго зьнішчыць, але не магла,

20. бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек праведны і сьвяты, і сьцярог яго і шмат што рабіў, слухаючыся яго, і ахвотна яго слухаў.

21. І як надарыўся зручны дзень, калі Ірад з нагоды сваіх урадзін справіў вячэру для магнатаў сваіх, тысячнікаў і начальнікаў Галілейскіх,

22. дачка Ірадыяды ўвайшла і таньчыла, і спадабалася Іраду і тым, што з ім узьлягалі. І сказаў валадар дзяўчыне: «Прасі ў мяне, што хочаш, і я дам табе».

23. І прысягнуў ёй: «Што папросіш у мяне, дам табе, хоць бы нават палову валадарства майго».

24. Яна, выйшаўшы, спыталася ў маці сваёй: «Што мне прасіць?» Тая ж сказала: «Галаву Яна Хрысьціцеля».

25. І яна, адразу шпарка вярнуўшыся да валадара, прасіла, кажучы: «Хачу, каб неадкладна даў ты мне на місе галаву Яна Хрысьціцеля».

26. І валадар, хоць засмуткаваўшы, але дзеля прысягі і тых, што ўзьлягалі, не захацеў ёй адмовіць.

27. І адразу, паслаўшы ката, валадар загадаў прынесьці галаву яго.

28. Той, пайшоўшы, сьцяў яго ў вязьніцы, і прынёс галаву ягоную на місе, і даў дзяўчыне, а дзяўчына дала яе маці сваёй.

29. І, пачуўшы [пра гэта], вучні ягоныя прыйшлі і ўзялі цела ягонае, і палажылі яго ў магілу.

30. І сабраліся апосталы да Ісуса, і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі, і чаго навучылі.

31. І Ён сказаў ім: «Ідзіце адны ў пустыннае месца, і супачыньце крыху». Бо многа было тых, што прыходзілі і адыходзілі, і нават паесьці ня мелі часу.

32. І паплылі ў пустыннае месца на чаўне адны.

33. І бачыў натоўп, як яны адплывалі, і многія пазналі іх, і зьбегліся туды пешшу з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх, і зыйшліся да Яго.

34. І, выйшаўшы, Ісус убачыў вялікі натоўп, і зьлітаваўся з іх, бо яны былі як авечкі, што ня маюць пастуха, і пачаў навучаць іх шмат.

35. І калі мінула шмат часу, вучні Ягоныя, прыйшоўшы да Яго, кажуць: «Месца гэтае пустыннае, а гадзіна ўжо позьняя.

36. Адпусьці іх, каб, пайшоўшы ў навакольныя вёскі і мястэчкі, купілі сабе хлеба, бо яны ня маюць што есьці».

37. Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Вы дайце ім есьці». І кажуць Яму: «Няўжо маем пайсьці і купіць за дзьвесьце дынараў хлеба, і даць ім есьці?»

38. Ён жа гаворыць ім: «Колькі маеце хлябоў? Ідзіце і паглядзіце!» Яны, даведаўшыся, кажуць: «Пяць, і дзьве рыбы».

39. І загадаў ім пасадзіць усіх грамадамі на зялёнай траве.

40. І паселі шэраг за шэрагам па сто і па пяцьдзясят.

41. І Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, глянуўшы ў неба, дабраславіў і паламаў хлябы, і даў вучням Сваім, каб яны раздалі ім; і дзьве рыбы разьдзяліў для ўсіх.

42. І елі ўсе, і наеліся.

43. І сабралі кавалкаў дванаццаць поўных кашоў, і рэшткі рыбы.

44. А тых, што елі хлябы, было каля пяці тысячаў мужчынаў.

45. І адразу змусіў вучняў Сваіх увайсьці ў човен і плысьці наперад на другі бок, у Бэтсаіду, пакуль Ён адпусьціць натоўп.

46. І, адпусьціўшы іх, пайшоў на гару маліцца.

47. І як надыйшоў вечар, човен быў на сярэдзіне мора, а Ён адзін на зямлі.

48. І ўбачыў іх, як мучыліся, плывучы, бо вецер быў супраціўны, і каля чацьвёртай варты ночы прыходзіць да іх, ідучы па моры, і хацеў абмінуць іх.

49. Яны, убачыўшы Яго, як ішоў па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі.

50. Усе бо бачылі Яго, і стрывожыліся. І Ён адразу прамовіў да іх, і кажа ім: «Будзьце пэўныя, гэта Я, ня бойцеся!»

51. І ўвайшоў да іх у човен, і вецер сьціх. І яны празьмерна здумеліся ў сабе, і зьдзіўляліся,

52. бо не зразумелі з хлябамі, бо сэрца іхняе было скамянелае.

53. І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генэсарэт, і прысталі да берагу.

54. І калі яны выйшлі з чаўна, адразу пазналі Яго,

55. абеглі ўвесь той край, і пачалі на ложках прыносіць хворых туды, дзе, як чулі, быў Ён.

56. І, калі Ён уваходзіў у якое паселішча, або горад, або вёску, клалі нядужых на плошчах, і прасілі Яго, каб хоць крыса шаты Яго дакрануцца; і колькі іх дакранулася Яго, былі аздароўлены.

Разьдзел 7

1. І сабраліся да Яго фарысэі і некаторыя кніжнікі, што прыйшлі з Ерусаліму.

2. І, убачыўшы некаторых з вучняў Ягоных, што елі хлеб нячыстымі, гэта значыць нямытымі, рукамі, вінавацілі іх.

3. Бо самі фарысэі і ўсе Юдэі не ядуць, не абмыўшы чыста рук, трымаючыся традыцыяў старэйшых.

4. І пасьля рынку, пакуль не абмыюцца, не ядуць; і ёсьць шмат іншага, чаго яны прытрымліваюцца: абмываньня келіхаў і конавак, мядніцаў і сталоў.

5. Пасьля пытаюцца ў Яго фарысэі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае ня ходзяць паводле традыцыяў старэйшых, але нячыстымі рукамі ядуць хлеб?»

6. Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Добра пра вас, крывадушнікаў, прарочыў Ісая, як напісана: «Народ гэты губамі шануе Мяне, а сэрца іхняе трымаецца далёка ад Мяне.

7. але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньняў і пастановаў чалавечых».

8. Бо вы, пакінуўшы прыказаньне Божае, трымаецеся традыцыі чалавечай, абмываньня конавак і келіхаў, і шмат іншага, да гэтага падобнага, чыніце».

9. І сказаў ім: «Ці добра, што вы адкідаеце прыказаньне Божае, каб захаваць вашую традыцыю?

10. Бо Майсей сказаў: «Шануй бацьку твайго і маці тваю», і: «Хто праклінае бацьку або маці, няхай сьмерцю памрэ».

11. А вы гаворыце: «Калі скажа чалавек бацьку або маці: ‘Карбан’, гэта значыць дар [Богу] тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся»,

12. і ўжо дазваляеце яму нічога не рабіць для бацькі свайго або маці сваёй,

13. пазбаўляючы сілы слова Божае праз традыцыю вашую, якую вы перадаеце, і шмат да гэтага падобнага чыніце».

14. І, паклікаўшы ўвесь натоўп, гаварыў ім: «Слухайце Мяне ўсе і разумейце.

15. Няма нічога, што звонку чалавека, што ўваходзячы ў яго, можа яго апаганіць, але тое, што з чалавека выходзіць, апаганьвае яго.

16. Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае».

17. І калі Ён увайшоў у дом ад натоўпу, пыталіся Яго вучні Ягоныя пра прыповесьць.

18. І кажа ім: «Няўжо і вы такія няцямкія? Няўжо не разумееце, што ўсё, што звонку ўваходзіць у чалавека, ня можа яго апаганіць,

19. бо ўваходзіць ня ў сэрца ягонае, але ў жывот, і выкідаецца прэч, ачышчаючы ўсякую ежу».

20. І сказаў: «Тое, што выходзіць з чалавека, тое апаганьвае яго,

21. бо з нутра, з сэрца чалавечага выходзяць благія думкі, чужалоства, распуснасьць, забойствы,

22. крадзяжы, хцівасьць, зласьлівасьць, подступ, бессаромнасьць, злое вока, блюзьнерствы, пыха, глупота.

23. Уся гэтая ліхота знутры выходзіць і апаганьвае чалавека».

24. І, устаўшы адтуль, Ён адыйшоў у межы Тыру і Сідону. І, увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не даведаўся, але ўтоіцца ня змог.

25. Бо пачула пра Яго жанчына, у якой дачка мела ў сабе нячыстага духа, і, прыйшоўшы, упала да ног Ягоных.

26. А жанчына гэтая была Грэчанка, родам Сірафінікіянка; і прасіла яна Яго, каб выгнаў дэмана з дачкі ейнай.

27. Але Ісус сказаў ёй: «Дазволь перш насыціцца дзецям, бо ня добра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам».

28. Яна ж адказала і кажа Яму: «Так, Госпадзе, але ж і сабакі пад сталом ядуць крошкі ад дзяцей».

29. І сказаў ёй: «Дзеля такога слова ідзі; дэман выйшаў з дачку тваёй».

30. І адыйшоўшы ў дом свой, яна знайшла, што дэман выйшаў і дачка ляжыць на ложку.

31. І зноў, выйшаўшы з межаў Тыру і Сідону, пайшоў Ён да мора Галілейскага пасярод межаў Дэкаполя.

32. І прыводзяць да Яго глухога, які з цяжкасьцю гаварыў, і просяць Яго ўскласьці на яго руку.

33. І, узяўшы яго ад натоўпу на бок, уклаў пальцы Свае ў ягоныя вушы, і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага.

34. І, глянуўшы ў неба, уздыхнуў, і гаворыць яму: «Эффата», што значыць: «Адчыніся».

35. І адразу адчыніліся вушы ягоныя і разьвязаліся путы языка ягонага, і ён пачаў добра гаварыць.

36. І Ён перасьцерагаў іх, каб нікому не расказвалі, але колькі ні забараняў, яны яшчэ шырэй абвяшчалі.

37. І надзвычай дзівіліся, кажучы: «Усё добра зрабіў, і глухім робіць, каб чулі, і нямым, каб гаварылі».

Разьдзел 8

1. У тыя дні, калі сабраўся вельмі вялікі натоўп і ня мелі што есьці, Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, кажа ім:

2. «Шкада Мне гэтых людзей, бо ўжо тры дні са Мною, і ня маюць што есьці.

3. І калі іх галоднымі адпушчу ў дамы іхнія, саслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёк».

4. І адказалі Яму вучні Ягоныя: «Адкуль мог бы хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні?»

5. І спытаўся ў іх: «Колькі маеце хлябоў?» Яны сказалі: «Сем».

6. І загадаў натоўпу сесьці на зямлю, і, узяўшы сем хлябоў і падзякаваўшы, паламаў, і даў вучням Сваім, каб раздалі; і яны раздалі натоўпу.

7. І мелі яны некалькі рыбаў. І, іх дабраславіўшы, сказаў раздаць і тыя.

8. І елі, і наеліся, і сабралі кавалкаў, што засталіся, сем кашоў.

9. А тых, што елі, было каля чатырох тысячаў; і адпусьціў іх.

10. І адразу, увайшоўшы з вучнямі Сваімі ў човен, прыйшоў у межы Дальмануты.

11. І выйшлі фарысэі, і пачалі з Ім спрачацца, дамагаючыся ў Яго знаку з неба, спакушаючы Яго.

12. І Ён, уздыхнуўшы ў духу, гаворыць: «Чаму гэтае пакаленьне патрабуе знаку? Сапраўды кажу вам: Знак ня будзе дадзены пакаленьню гэтаму».

13. І, пакінуўшы іх, увайшоў у човен і выправіўся на другі бок.

14. І забыліся ўзяць хлеб, і нічога ня мелі з сабою ў чаўне, апрача аднаго хлеба.

15. І Ён перасьцерагаў іх, кажучы: «Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і кісьлі Ірадавай».

16. І яны разважалі між сабой, кажучы: «Гэта таму, што хлеба ня маем».

17. І, зразумеўшы, Ісус кажа ім: «Чаму разважаеце, што ня маеце хлеба? Ці яшчэ ня цяміце і не разумееце? Ці яшчэ скамянелае маеце сэрца вашае?

18. Маючы вочы, ня бачыце? І маючы вушы, ня чуеце? І ня памятаеце?

19. Калі Я пяць хлябоў падзяліў між пяці тысячаў, колькі поўных кашоў кавалкаў вы назьбіралі?» Кажуць Яму: «Дванаццаць».

20. «А калі сем між чатырох тысячаў, колькі поўных кашоў кавалкаў назьбіралі?» Яны сказалі: «Сем».

21. І сказаў ім: «Як жа не разумееце?»

22. І прыходзіць у Бэтсаіду, і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць Яго, каб дакрануўся да яго.

23. І, узяўшы сьляпога за руку, вывеў яго за мястэчка і, плюнуўшы на вочы ягоныя і ўсклаўшы на яго рукі, спытаўся ў яго, ці што бачыць.

24. І той, зірнуўшы, сказаў: «Бачу людзей, што як дрэвы ходзяць».

25. Потым зноў усклаў рукі на вочы яго і зрабіў, каб бачыў. І той зрабіўся здаровым, і ясна мог усё бачыць.

26. І паслаў яго ў дом ягоны, кажучы: «Не заходзь у мястэчка і не кажы нікому ў мястэчку».

27. І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў паселішчы Цэзарэі Філіпавай. І ў дарозе пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «Кім называюць Мяне людзі?»

28. Яны адказалі: «Янам Хрысьціцелям, а іншыя — Ільлём, а іншыя — адным з прарокаў».

29. І Ён кажа ім: «А вы кім называеце Мяне?» І адказваючы, Пётар кажа Яму: «Ты — Хрыстос!»

30. І забараніў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго.

31. І пачаў іх навучаць, што трэба, каб Сын Чалавечы шмат перацярпеў, і быў адкінуты старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і быў забіты, і па трох днях уваскрос.

32. І гаварыў пра гэта адкрыта. І Пётар, адклікаўшы Яго, пачаў забараняць Яму.

33. Ён жа, павярнуўшыся і глянуўшы на вучняў Сваіх, забараніў Пятру, кажучы: «Адыйдзі ад Мяне, шатан, бо думаеш не пра тое, што Божае, але што чалавечае».

34. І, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі Сваімі, сказаў ім: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца самога сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за Мною.

35. Бо хто хоча выратаваць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне і дзеля Эвангельля, той збавіць яе.

36. Бо што за карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць?

37. Або што дасьць чалавек у выкуп за душу сваю?

38. Бо хто пасароміцца Мяне і словаў Маіх у гэтым пакаленьні, чужаложным і грэшным, таго і Сын Чалавечы пасароміцца, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з анёламі сьвятымі».

Разьдзел 9

1. І сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Валадарства Божае, што прыходзіць у моцы».

2. І праз шэсьць дзён бярэ Ісус Пятра, і Якуба, і Яна, і вядзе іх асобна адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі.

3. І адзеньне Яго сталася бліскучым і такім белым, як сьнег, такім, што на зямлі бялільшчык выбеліць ня зможа.

4. І зьявіўся ім Ільля з Майсеем, і вялі гутарку з Ісусам.

5. І, адказваючы, Пётар гаворыць Ісусу: «Раббі, добра нам тут быць, зробім тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і Ільлі адзін».

6. Бо ня ведаў, што гаворыць, бо яны былі напалоханыя.

7. І сталася воблака, ахінуўшае іх, і голас выйшаў з воблака, які казаў: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце!»

8. І раптам, разгледзеўшыся наўкола, нікога больш ня ўбачылі, апрача аднаго Ісуса.

9. Калі ж яны зыходзілі з гары, Ён загадаў ім, каб нікому не расказвалі пра тое, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне з мёртвых.

10. І яны затрымалі гэтае слова, пытаючыся адзін аднаго: «Што гэта значыць: уваскрэснуць з мёртвых?».

11. І спыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што спачатку павінен прыйсьці Ільля?»

12. А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Ільля, прыйшоўшы спачатку, направіць усё; і як напісана пра Сына Чалавечага, што шмат перацерпіць і будзе лічыцца за нішто.

13. Але кажу вам: і Ільля прыйшоў, і ўчынілі з ім, што хацелі, як напісана пра яго».

14. І, прыйшоўшы да вучняў, убачыў вакол іх вялікі натоўп і кніжнікаў, што спрачаліся з імі.

15. І адразу ўвесь натоўп, убачыўшы Яго, здумеўся, і, падбягаючы, вітаў Яго.

16. І Ён спытаўся ў кніжнікаў: «Пра што спрачаецеся з імі?»

17. І, адказваючы, адзін з натоўпу сказаў: «Настаўнік, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога.

18. І ён, дзе схопіць яго, кідае яго на зямлю, і ён пеніцца, і скрыгоча зубамі ды пруцянее. І я казаў вучням Тваім, каб выгналі яго, і яны ня здолелі».

19. Ён жа, адказваючы яму, гаворыць: «О, пакаленьне бязьвернае! Як доўга буду з вамі? Як доўга буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне».

20. І прывялі яго да Яго. І, убачыўшы Яго, адразу дух тузануў яго, і ён упаў на зямлю і качаўся, выпускаючы пену.

21. І спытаўся Ён у бацькі ягонага: «Як даўно гэта зрабілася з ім?» А ён сказаў: «Ад дзяцінства;

22. і шмат разоў кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб яго загубіць. Але, калі што можаш, дапамажы нам, зьлітаваўшыся над намі».

23. Ісус жа сказаў яму: «Калі можаш верыць, усё магчыма таму, хто верыць».

24. І адразу, загаласіўшы, бацька хлопца сказаў праз сьлёзы: «Веру, Госпадзе! Дапамажы майму недаверству».

25. Ісус, убачыўшы, што зьбіраецца натоўп, забараніў духу нячыстаму, кажучы яму: «Духу нямы і глухі! Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!»

26. І той, закрычаўшы і моцна тузануўшы ім, выйшаў; і ён зрабіўся як мёртвы, так што многія гаварылі, што ён памёр.

27. Але Ісус, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.

28. І калі ўвайшоў у дом, вучні Ягоныя ўжо адны пыталіся ў Яго: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?»

29. І Ён сказаў ім: «Гэты род ніяк ня можа выйсьці, адно толькі праз малітву і пост».

30. І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і Ён не хацеў, каб хто даведаўся.

31. Бо навучаў вучняў Сваіх і гаварыў ім, што Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей і заб’юць Яго, але забіты праз тры дні ўваскрэсьне.

32. Але яны слова гэтага не разумелі, а спытацца ў Яго баяліся.

33. І прыйшоў у Капэрнаум, і як былі ў доме, спытаўся ў іх: «Пра што ў дарозе вы між сабою разважалі?»

34. Але яны маўчалі, бо дарогаю вялі гутарку між сабою, хто большы.

35. І, сеўшы, паклікаў Дванаццаць, і кажа ім: «Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і служыцелем для ўсіх».

36. І, узяўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх, і, прытуліўшы яго, сказаў ім:

37. «Хто прыйме адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прыймае, а хто Мяне прыйме, той не Мяне прыймае, але Таго, Хто Мяне паслаў».

38. І адказаў Яму Ян, кажучы: «Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяе дэманаў, але ня ходзіць за намі, і мы забаранілі яму, бо ён ня ходзіць за намі».

39. А Ісус сказаў: «Не забараняйце яму, бо няма нікога, хто, учыніўшы цуд у імя Маё, мог бы хутка праклінаць Мяне.

40. Бо хто ня супраць вас, той за вас.

41. Бо хто напоіць вас кубкам вады ў імя Маё, таму што вы — Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, ня страціць нагароды сваёй.

42. А хто згоршыць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, такому лепш было б, каб прычапілі млынавы камень на шыю ягоную і кінулі яго ў мора.

43. І калі рука твая горшыць цябе, адсячы яе; лепш табе калекаю ўвайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве рукі, ісьці ў геенну, у агонь нязгасны,

44. дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.

45. І калі нага твая горшыць цябе, адсячы яе; лепш табе кульгавым увайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве нагі, быць укінутым у геенну, у агонь нязгасны,

46. дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.

47. І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго, лепш табе з адным вокам увайсьці ў Валадарства Божае, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у геенну вогненную,

48. дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.

49. Бо кожны агнём будзе пасолены, і ўсякая ахвяра сольлю будзе пасоленая.

50. Соль добрая, але калі соль станецца несалонай, чым яе прыправіце? Мейце ў сабе соль і супакой мейце між сабою».

Разьдзел 10

1. Устаўшы адтуль, прыходзіць у межы Юдэі за Ярданам. І зноў зьбіраецца вакол Яго натоўп, і Ён, як меў звычай, зноў навучаў іх.

2. І, падыйшоўшы, фарысэі спыталіся ў Яго, спакушаючы Яго: «Ці можна мужу кінуць жонку?»

3. Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «А што загадаў вам Майсей?»

4. Яны ж сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць яе».

5. І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Дзеля жорсткасьці сэрца вашага напісаў ён вам гэткае прыказаньне.

6. Але на пачатку стварэньня мужчынай і жанчынай стварыў іх Бог.

7. Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прылепіцца да жонкі сваёй,

8. і будуць двое адным целам; дык іх ужо ня двое, але адно цела.

9. Што вось Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае».

10. І ў доме вучні Ягоныя зноў пра тое самае пыталіся ў Яго.

11. І кажа ім: «Хто пакіне жонку сваю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць з ёю.

12. І калі жонка пакіне мужа свайго і пойдзе за іншага — чужаложыць».

13. І прыносілі дзетак да Яго, каб Ён дакрануўся да іх; вучні ж забаранялі тым, што прыносілі.

14. Бачачы гэта, Ісус абурыўся і сказаў ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо гэтакіх ёсьць Валадарства Божае.

15. Сапраўды кажу вам: хто ня прыйме Валадарства Божага як дзіця, ня ўвойдзе ў яго».

16. І, прытуліўшы іх і ўсклаўшы на іх рукі, дабраславіў іх.

17. І калі выходзіў у дарогу, хтосьці, падбегшы і ўпаўшы перад Ім на калені, спытаўся ў Яго: «Настаўнік добры! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?»

18. Ісус жа сказаў яму: «Чаму Мяне называеш добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.

19. Ведаеш прыказаньні: «Не чужалож», «Не забівай», «Не крадзі», «Ня сьведчы фальшыва», «Не рабі крыўды», «Шануй бацьку твайго і маці»».

20. А ён, адказваючы, сказаў Яму: «Настаўнік, усё гэта я захаваў ад юнацтва майго».

21. Ісус жа, паглядзеўшы на яго, узьлюбіў яго і сказаў яму: «Аднаго табе не хапае: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі за Мною, узяўшы крыж».

22. Той жа, спахмурнелы ад гэтага слова, адыйшоўся сумны, бо меў вялікую маёмасьць.

23. І Ісус, паглядзеўшы вакол, кажа вучням Сваім: «Як цяжка тым, што маюць грошы, увайсьці ў Валадарства Божае».

24. Вучні аслупянелі дзеля словаў Ягоных. Але Ісус зноў кажа ім у адказ: «Дзеці, як цяжка ўвайсьці ў Валадарства Божае тым, хто ўскладае надзею на багацьце.

25. Лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае».

26. А яны яшчэ больш дзівіліся, гаворачы між сабою: «Хто ж тады можа быць збаўлены?»

27. Ісус, паглядзеўшы на іх, гаворыць: «У людзей гэта немагчыма, але ня ў Бога, бо ў Бога ўсё магчыма».

28. І Пётар пачаў гаварыць Яму: «Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою».

29. Адказваючы, Ісус сказаў: «Сапраўды кажу вам: Няма нікога, хто б пакінуў дом, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або палі дзеля Мяне і дзеля Эвангельля,

30. і не атрымаў бы цяпер, у гэты час, сярод перасьледаваньняў, у сто разоў больш дамоў, і братоў, і сёстраў, і маці, і дзяцей, і палёў, а ў будучым веку — жыцьцё вечнае.

31. І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі».

32. Калі яны былі ў дарозе, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус ішоў наперадзе іх, а яны жахаліся і, ідучы за Ім, былі ў страху. І, узяўшы зноў Дванаццаць, пачаў гаварыць ім пра тое, што з Ім мае здарыцца:

33. «Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім; і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасьвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго паганам,

34. і будуць зьдзекавацца з Яго, будуць бічаваць Яго і пляваць на Яго, і заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне».

35. І падыйшлі да Яго Якуб і Ян, сыны Зэбэдэевы, кажучы: «Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам, пра што будзем прасіць».

36. Ён жа сказаў ім: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?»

37. Яны ж сказалі Яму: «Дай нам, каб нам сесьці аднаму праваруч Цябе, а другому — леваруч Цябе ў славе Тваёй».

38. Ісус жа сказаў ім: «Ня ведаеце, пра што просіце. Ці ж можаце піць келіх, які Я п’ю, або хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?»

39. Яны сказалі Яму: «Можам». Ісус жа сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны.

40. Але сесьці праваруч Мяне або леваруч Мяне ня Мне даваць, але каму падрыхтавана».

41. І, пачуўшы, дзесяць пачалі абурацца на Якуба і Яна.

42. Ісус жа, паклікаўшы іх, гаворыць ім: «Вы ведаеце, што тыя, якія лічацца князямі народаў, пануюць над імі, і магнаты іхнія маюць уладу над імі.

43. У вас няхай будзе ня гэтак, але хто хоча стацца між вамі большым, няхай будзе служыцелем вашым.

44. І хто хоча ў вас стацца першым, няхай будзе слугою ўсіх.

45. Бо і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю на адкупленьне многіх».

46. І прыходзяць у Ерыхон. І калі Ён выходзіў з Ерыхону з вучнямі Сваімі і вялікім натоўпам, сьляпы Бартымей, сын Тымея, сядзеў пры дарозе, жабруючы.

47. І, пачуўшы, што гэта Ісус з Назарэту, пачаў крычаць і казаць: «Ісусе, Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!»

48. І сварыліся многія на яго, каб замаўчаў, але ён тым мацней закрычаў: «Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!»

49. І, спыніўшыся, Ісус сказаў паклікаць яго. І клічуць сьляпога, гаворачы яму: «Будзь пэўны, уставай, кліча цябе». 50. Ён, пакінуўшы адзеньне сваё, устаў і прыйшоў да Ісуса.

51. І, адказваючы, гаворыць яму Ісус: «Што хочаш, каб Я табе ўчыніў?» Сьляпы сказаў Яму: «Раббоні, каб мне бачыць».

52. Ісус жа сказаў яму: «Ідзі, вера твая збавіла цябе». І адразу ён стаў бачыць, і пайшоў за Ісусам па дарозе.

Разьдзел 11

1. І калі наблізіліся да Ерусаліму, да Бэтфагі і Бэтаніі на гары Аліўнай, Ён пасылае двух вучняў Сваіх

2. і гаворыць ім: «Ідзіце ў мястэчка, што перад вамі, і адразу, уваходзячы ў яго, знойдзеце асьляня прывязанае, на якога яшчэ ніхто з людзей не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзіце.

3. І калі хто скажа вам: «Што вы гэта робіце?», скажыце, што Госпад яго патрабуе, і адразу пашле яго сюды».

4. Яны пайшлі і знайшлі асьляня пры дзьвярах звонку на вуліцы, і адвязалі яго.

5. І некаторыя, што там стаялі, гаварылі ім: «Што вы робіце, адвязваючы асьляня?»

6. Яны ж сказалі ім, як загадаў Ісус, і пусьцілі іх.

7. І прывялі асьляня да Ісуса, і ўсклалі на яго адзеньне сваё; і Ён сеў на яго.

8. І многія пасьцілалі на дарозе адзеньне сваё, а іншыя рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.

9. І тыя, што ішлі наперадзе, і тыя, што ішлі за Ім, крычалі, кажучы: «Гасанна! Дабраслаўлёны Той, Хто прыходзіць у імя Госпада!

10. Дабраслаўлёнае валадарства бацькі нашага Давіда, якое прыходзіць у імя Госпада! Гасанна на вышынях!»

11. І ўвайшоў Ісус у Ерусалім і ў сьвятыню; і, агледзеўшы ўсё, бо гадзіна ўжо была вечаровая, выйшаў у Бэтанію з Дванаццацьцю.

12. І назаўтра, калі ішлі яны з Бэтаніі, Ён адчуў голад.

13. І, убачыўшы здалёк фігавае дрэва, пакрытае лісьцем, падыйшоў, ці ня знойдзе што на ім; але, падыйшоўшы да яго, нічога не знайшоў, акрамя лістоты, бо не была пара на фігі.

14. І, адказваючы, Ісус сказаў да яго: «Няхай ніхто ўжо да веку ня есьць з цябе плоду». І чулі гэта вучні Ягоныя.

15. І прыходзяць у Ерусалім. І Ісус, увайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць тых, што продалі і куплялі ў сьвятыні, і сталы мяняльнікаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў,

16. і не дазваляў, каб хто насіў хоць якую рэч праз сьвятыню.

17. І навучаў, кажучы ім: «Ці ж не напісана: «Дом Мой домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў»? А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».

18. І пачулі гэта першасьвятары і кніжнікі, і шукалі, як Яго загубіць, бо баяліся Яго, бо ўвесь натоўп захапляўся Яго навукаю.

19. І калі зьвечарэла, Ён выйшаў з гораду.

20. І раніцаю, праходзячы міма, убачылі фігавае дрэва, ссохшае ад кораня.

21. І, узгадаўшы, Пётар кажа Яму: «Раббі, вось, фігавае дрэва, якое Ты пракляў, засохла».

22. І, адказваючы, Ісус гаворыць ім: «Мейце веру Божую!

23. Бо сапраўды кажу вам: калі хто скажа гэтай гары: «Будзь узятая і кінутая ў мора», і ня будзе сумнявацца ў сэрцы сваім, але будзе верыць, што станецца так, як гаворыць, — будзе яму, што б ні сказаў.

24. Дзеля гэтага кажу вам: Усё, пра што ў малітве будзеце прасіць, верце, што атрымаеце, і будзе вам.

25. І калі стаіце ў малітве, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш, Які ў небе, дараваў вам грахі вашыя.

26. Калі ж вы не даруеце, дык і Айцец ваш, Які ў небе, не даруе вам грахоў вашых».

27. І зноў прыходзяць у Ерусалім. І калі Ён хадзіў у сьвятыні, падыйшлі да Яго першасьвятары, кніжнікі і старшыні,

28. і гаварылі Яму: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто даў Табе ўладу рабіць гэтае?»

29. А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Спытаюся і Я ў вас адно слова, і вы адкажыце Мне, і Я вам скажу, якою ўладай Я раблю гэта.

30. Хрышчэньне Яна з неба было ці ад людзей? Адкажыце Мне».

31. І яны разважалі між сабой, кажучы: «Калі скажам: «З неба», — Ён скажа: «Дык чаму тады не паверылі яму?»»

32. А сказаць: «Ад людзей», баяліся натоўпу, бо ўсе мелі Яна за праўдзівага прарока.

33. І, адказваючы, гавораць Ісусу: «Ня ведаем». І Ісус, адказваючы, гаворыць ім: «І Я вам не скажу, якою ўладаю Я гэта раблю».

Разьдзел 12

1. І пачаў гаварыць да іх у прыповесьцях: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў вінатоку, і збудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў.

2. І паслаў у свой час да вінаградараў слугу, каб узяў у вінаградараў пладоў з вінаградніку.

3. Яны ж, схапіўшы яго, зьбілі і выправілі ні з чым.

4. І зноў паслаў да іх іншага слугу, і тому камянямі разьбілі галаву, і выправілі, зьняважыўшы.

5. І зноў паслаў іншага, і яго забілі, і многіх іншых адных білі, другіх забівалі.

6. Дык маючы яшчэ адзінага сына, улюбёнага свайго, урэшце паслаў і яго да іх, кажучы: «Пасаромеюцца сына майго».

7. Але вінаградары сказалі адзін аднаму: «Гэта спадкаемца! Пойдзем, заб’ем яго, і нашаю будзе спадчына».

8. І, схапіўшы яго, забілі, і выкінулі з вінаградніку.

9. Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і выгубіць вінаградараў, а вінаграднік аддасьць іншым.

10. Няўжо вы не чыталі гэтага Пісаньня: «Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла.

11. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых»».

12. І шукалі схапіць Яго, але баяліся натоўпу, бо ведалі, што пра іх сказаў гэтую прыповесьць. І, пакінуўшы Яго, адыйшлі.

13. І пасылаюць да Яго некаторых з фарысэяў і ірадыянаў, каб злавіць Яго на слове.

14. Яны, прыйшоўшы, гавораць Яму: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не дагаджаеш нікому, бо не глядзіш на абліччы людзей, але шляху Божаму паводле праўды навучаеш. Ці належыцца даваць даніну цэзару, ці не? Даваць ці не даваць?»

15. А Ён, ведаючы крывадушнасьць іхнюю, сказаў ім: «Чаму Мяне спакушаеце? Прынясіце Мне дынар, каб Я пабачыў».

16. Яны прынесьлі. І гаворыць ім: «Чый гэта вобраз і надпіс?» Яны сказалі Яму: «Цэзараў».

17. І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Аддавайце тое, што цэзарава, цэзару, а што Божае, — Богу». І зьдзіўляліся з Яго.

18. І прыходзяць да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і спыталіся ў Яго, кажучы:

19. «Настаўнік, Майсей напісаў нам: «Калі памрэ нечый брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, дык брат ягоны мае ўзяць жонку яго і адновіць насеньне брату свайму».

20. Было сем братоў, і першы ўзяў жонку, і, паміраючы, не пакінуў насеньня.

21. І другі ўзяў яе, і памёр, і не пакінуў насеньня, і трэці гэтак сама.

22. І бралі яе сямёра, і не пакінулі насеньня. Пасьля ўсіх памерла і жанчына.

23. Дык пры ўваскрасеньні, калі яны ўваскрэснуць, якога з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку».

24. І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ці ж не таму вы памыляецеся, што ня ведаеце ані Пісаньня, ані моцы Божай?

25. Бо калі ўвасрэснуць з мёртвых, ня будуць ані жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы, якія ў небе.

26. А пра мёртвых, што яны ўстануць, ці ж вы не чыталі ў кнізе Майсея, як Бог з куста сказаў да яго, кажучы: «Я — Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба?»

27. Ён ня ёсьць Бог мёртвых, але Бог жывых! Таму вы моцна памыляецеся».

28. І адзін з кніжнікаў, падыйшоўшы і пачуўшы, як яны пыталіся, і бачачы, што добра ім адказаў, спытаўся ў Яго: «Якое першае з усіх прыказаньняў?»

29. Ісус адказаў яму: «Першае з усіх прыказаньняў: «Слухай, Ізраіль! Госпад, Бог наш — Госпад адзіны»,

30. і: «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам сваім, усёю душой тваёй, усім разуменьнем тваім і ўсёю моцаю сваёю».

31. І другое, падобнае да яго: «Любі бліжняга свайго як самога сябе». Іншага прыказаньня, большага за гэтыя, няма».

32. І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік! Праўду Ты сказаў, што адзін ёсьць Бог, і няма іншага апрача Яго,

33. і любіць Яго ўсім сэрцам, усім розумам, усёю душою ды ўсёю моцаю, і любіць бліжняга як самога сябе больш, чым усе цэласпаленьні і ахвяры».

34. І Ісус, бачачы, што разумна ён адказаў, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо болей не адважваўся пытацца ў Яго.

35. І, адказваючы, гаварыў Ісус, навучаючы ў сьвятыні: «Чаму кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсьць сынам Давіда?

36. Бо сам Давід сказаў праз Духа Сьвятога: «Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх».

37. Сам Давід называе Яго Госпадам, дык як жа Ён — сын ягоны?» І вялізарны натоўп з ахвотай слухаў Яго.

38. І гаварыў ім у навуцы Сваёй: «Паглядзіце на кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах і прывітаньні на рынку,

39. і першыя месцы ў сынагогах, і ўзьлягаць на першых месцах на вячэрах,

40. якія аб’ядаюць дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць цяжэйшы прысуд».

41. І Ісус, сеўшы насупраць скарбніцы, глядзеў, як натоўп кідае медзь у скарбніцу. І многія багатыя кідалі шмат.

42. І, прыйшоўшы, адна ўбогая ўдава кінула дзьве лепты, гэта значыць кадрант.

43. І, паклікаўшы вучняў Сваіх, Ён гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам, што гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбніцу.

44. Бо ўсе кідалі з лішку свайго, а яна з нястачы сваёй укінула ўсё, што мела, усё сваё ўтрыманьне».

Разьдзел 13

1. І калі выходзіў Ён са сьвятыні, гаворыць Яму адзін з вучняў Ягоных: «Настаўнік, паглядзі, якія камяні ды якія пабудовы!»

2. А Ісус, адказваючы, сказаў яму: «Бачыш усе гэтыя вялізарныя пабудовы? Не застанецца каменя на камені, які б ня быў зруйнаваны».

3. І калі Ён сядзеў на гары Аліўнай насупраць сьвятыні, спыталіся ў Яго насамоце Пётар, і Якуб, і Ян, і Андрэй:

4. «Скажы нам, калі гэта станецца, і які знак, калі ўсё гэта мае скончыцца?»

5. Ісус, адказваючы ім, пачаў гаварыць: «Глядзіце, каб вас хто не падмануў.

6. Бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я, і многіх падмануць.

7. А калі пачуеце пра войны і чуткі ваенныя, не трывожцеся, бо ўсё гэта павінна стацца, але гэта яшчэ не канец.

8. Бо паўстане народ на народ, і валадарства на валадарства, і будуць месцамі землятрусы, і будуць голад і замяшаньні. Гэта пачатак мукаў.

9. Глядзіце ж і вы самі, бо будуць вас выдаваць у сынэдрыёны і біць у сынагогах, і будзеце пастаўленыя перад ваяводамі і валадарамі дзеля Мяне на сьведчаньне ім.

10. І ўсім народам павінна спачатку быць абвешчана Эвангельле.

11. І калі павядуць вас, каб выдаць, не клапаціцеся наперад, што маеце гаварыць, і не абдумвайце, але што дадзена вам будзе ў гэты час, тое кажыце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты.

12. І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына; і дзеці паўстануць супраць бацькоў і будуць забіваць іх,

13. і будзеце вы ў нянавісьці ў-ва ўсіх дзеля імя Майго. Але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.

14. А калі ўбачыце агіду спусташэньня, як сказана праз Данііла прарока, што стане там, дзе не павінна, — хто чытае, няхай разумее, — тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы,

15. а хто на даху, няхай не зыходзіць у дом і не ўваходзіць узяць нешта з дому свайго,

16. і хто ў полі, няхай не вяртаецца назад узяць адзеньне сваё.

17. Але гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі, у тыя дні.

18. Дык маліцеся, каб не былі ўцёкі вашыя ў зіму.

19. Бо ў тыя дні будзе такі прыгнёт, якога не было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе.

20. І калі б Госпад не скараціў гэтых дзён, не выратавалася б ніводнае цела, але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скараціў гэтыя дні.

21. І тады калі хто вам скажа: «Вось тут Хрыстос», ці: «Вось, там», — ня верце.

22. Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі, і будуць рабіць знакі і цуды, каб зьвесьці, калі магчыма, і выбраных.

23. Вы ж глядзіце: вось, Я вам усё наперад сказаў.

24. Але ў тыя дні, пасьля прыгнёту таго, зацьмее сонца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго,

25. і зоркі нябесныя падаць будуць, і сілы, што ў небе, захістаюцца.

26. І тады ўгледзяць Сына Чалавечага, Які прыходзіць на аблоках з вялікай моцаю і славаю.

27. І тады Ён пашле анёлаў Сваіх, і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.

28. У дрэва фігавага навучыцеся прыповесьці: калі ўжо галінка ягоная робіцца мяккай і пускае лісты, разумееце, што блізка лета.

29. Гэтак і вы, калі ўбачыце, што гэта адбываецца, разумейце, што блізка, у дзьвярах.

30. Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленьне гэтае, аж усё гэта станецца.

31. Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.

32. А пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, ані анёлы, што ў небе, ані Сын, а толькі Айцец.

33. Глядзіце, ня сьпіце і маліцеся, бо ня ведаеце, калі прыйдзе пара.

34. Як чалавек, які, выяжджаючы, пакінуў дом свой, і даў уладу слугам сваім, і кожнаму свой абавязак, і загадаў прыдзьверніку, каб чуваў.

35. Дык чувайце, бо ня ведаеце, калі гаспадар дому прыйдзе: вечарам, ці апоўначы, ці як певень засьпявае, ці раніцай,

36. каб, калі вернецца неспадзявана, не знайшоў вас, што сьпіце.

37. А што вам кажу, усім кажу: Чувайце!»

Разьдзел 14

1. Праз два дні была Пасха і сьвята Праснакоў, і шукалі першасьвятары і кніжнікі, як узяць Яго подступам і забіць,

2. але казалі: «Не на сьвята, каб не было замяшаньня ў народзе».

3. І калі Ён быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага, і ўзьляжаў [за сталом], прыйшла жанчына з алябастравым збанком міра нардовага, чыстага і каштоўнага, і, пабіўшы алябастар, выліла Яму на галаву.

4. І былі некаторыя, якія абураліся ў сабе і казалі: «Навошта такое марнаваньне гэтага міра?

5. Можна ж было прадаць яго даражэй, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім». І наракалі на яе.

6. А Ісус сказаў: «Пакіньце яе! Навошта робіце ёй прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне.

7. Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою і можаце ім дабро рабіць, калі захочаце, а Мяне маеце не заўсёды.

8. Яна, што магла, зрабіла: наперад памазала цела Маё на пахаваньне.

9. Сапраўды кажу вам: дзе толькі будзе абвешчана Эвангельле гэтае ва ўсім сьвеце, будзе сказана і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін пра яе».

10. І Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, пайшоў да першасьвятароў, каб выдаць Яго ім.

11. Яны ж, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі даць яму грошы. І ён шукаў, як у адпаведны час Яго выдаць.

12. І ў першы дзень Праснакоў, калі закалваецца пасхальнае [ягня], кажуць Яму вучні Ягоныя: «Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есьці Пасху?»

13. І пасылае двух вучняў сваіх, і гаворыць ім: «Ідзіце ў горад, і сустрэнецца вам чалавек, які будзе несьці збан вады; ідзіце за ім.

14. І куды ён увойдзе, скажыце ўладальніку: «Настаўнік гаворыць: ‘Дзе сьвятліца, у якой буду есьці Пасху разам з вучнямі Маімі?'»

15. І ён пакажа вам залю вялікую, засланую, падрыхтаваную; там падрыхтуйце нам».

16. І пайшлі вучні Ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як Ён сказаў ім, і падрыхтавалі Пасху.

17. І калі настаў вечар, прыходзіць з Дванаццацьцю.

18. І калі ўзлягалі за сталом і елі, Ісус сказаў: «Сапраўды кажу вам: Адзін з вас, што есьць са Мною, выдасьць Мяне».

19. Яны ж засмуціліся і пачалі адзін за адным гаварыць Яму: «Ці ня я?» І іншыя: «Ці ня я?»

20. Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Адзін з Дванаццаці, што мачае са Мною ў місе.

21. Што праўда, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца! Лепш было б, каб чалавек той ня быў нарадзіўшыся».

22. І калі яны елі, Ісус узяў хлеб, дабраславіўшы, паламаў і даў ім, і сказаў: «Бярыце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё».

23. І, узяўшы келіх, падзякаваўшы, даў ім; і пілі з яго ўсе.

24. І сказаў ім: «Гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, якая за многіх праліваецца.

25. Сапраўды кажу вам, што больш ня буду піць з гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць новае віно ў Валадарстве Божым».

26. І, засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную.

27. І кажа ім Ісус: «Усе вы згоршыцеся дзеля Мяне ў гэтую ноч, бо напісана: «Удару пастуха, і будуць расьцярушаныя авечкі»,

28. але пасьля Майго ўваскрасеньня прыйду перад вамі ў Галілею».

29. А Пётар сказаў Яму: «Калі нават усе згоршацца, але ня я».

30. І кажа яму Ісус: «Сапраўды кажу табе, што ты сёньня, у гэтую ноч, перш, чым певень двойчы запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне».

31. Але той тым мацней гаварыў: «Хоць бы мне трэба было памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Гэтак сама і ўсе гаварылі.

32. І прыходзяць у месца, званае Гетсэманія, і гаворыць вучням Сваім: «Пасядзіце тут, пакуль Я памалюся».

33. І бярэ з Сабою Пятра, і Якуба, і Яна, і пачаў тужыць і сумаваць.

34. І кажа ім: «Смутная душа Мая аж да сьмерці, застаньцеся тут і чувайце».

35. І, адыйшоўшыся трохі, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзіна.

36. І гаварыў: «Абба, Ойча! Усё магчыма для Цябе, пранясі ад Мяне гэты келіх, але ня тое, што Я хачу, але што Ты!»

37. І прыходзіць, і знаходзіць іх, што яны сьпяць, і гаворыць Пятру: «Сымоне! Ты сьпіш? Ня маеш сілы аднае гадзіны чуваць?

38. Чувайце і маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу, бо дух ахвочы, а цела кволае».

39. І зноў, адыйшоўшыся, маліўся, гаворачы тое самае слова.

40. І, вярнуўшыся, знайшоў зноў, што яны сьпяць, бо вочы іхнія абцяжэлі, і ня ведалі, што Яму адказаць.

41. І прыходзіць трэці раз, і кажа ім: «Сьпіце яшчэ і адпачываеце? Даволі! Прыйшла гадзіна. Вось Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў.

42. Уставайце! Хадзем! Вось, наблізіўся той, хто Мяне выдае».

43. І адразу, калі Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім вялікі натоўп з мячамі і каламі ад першасьвятароў, і кніжнікаў, і старшыняў.

44. А той, што выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён, бярыце Яго і вядзіце асьцярожна».

45. І, прыйшоўшы, адразу падыйшоў да Яго і кажа: «Раббі! Раббі!», і пацалаваў Яго.

46. Яны ж усклалі рукі свае на Яго і схапілі Яго.

47. А адзін з тых, што стаялі там, выхапіўшы меч, ударыў слугу першасьвятара і адсек яму вуха.

48. І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі, каб схапіць Мяне.

49. Штодзень быў Я з вамі ў сьвятыні, навучаючы, і вы ня бралі Мяне, але няхай споўніцца Пісаньне».

50. І, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.

51. І адзін юнак, апрануўшы палатніну на голае цела, ішоў за Ім, і жаўнеры схапілі яго,

52. але ён, пакінуўшы палатніну, голы ўцёк ад іх.

53. І прывялі Ісуса да першасьвятара, і зьбіраюцца да яго ўсе першасьвятары, і старшыні, і кніжнікі.

54. І Пётар здалёк ішоў за Ім ажно на панадворак першасьвятара, і сядзеў з паслугачамі і грэўся пры агні.

55. А першасьвятары і ўвесь сынэдрыён шукалі сьведчаньня супраць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць, і не знаходзілі.

56. Бо шмат хто фальшыва сьведчыў супраць Яго, але іхнія сьведчаньні не былі згоднымі.

57. І некаторыя, падняўшыся, фальшыва сьведчылі супраць Яго, кажучы:

58. «Мы чулі, як Ён казаў: «Я зруйную гэтую бажніцу, зробленую рукамі, і праз тры дні збудую іншую, якая не рукамі зробленая»».

59. Але і іх сьведчаньні не былі згоднымі.

60. І першасьвятар, стаўшы на сярэдзіне, спытаўся ў Ісуса, кажучы: «Нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сьведчаць?»

61. А Ён маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасьвятар спытаўся ў Яго і гаворыць Яму: «Ці Ты — Хрыстос, Сын Дабраслаўлёнага?»

62. А Ісус сказаў: «Гэта Я, і вы ўгледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Моцы і Які ідзе на аблоках нябесных».

63. Тады першасьвятар, разьдзёршы вопраткі свае, кажа: «Нашто патрэбны нам яшчэ сьведкі?

64. Вы чулі блюзьнерства? Як вам здаецца?» Тыя ж усе прысудзілі, што Ён варты сьмерці.

65. І некаторыя пачалі пляваць на Яго, і засланяць аблічча Яго, і біць Яго, і гаварыць Яму: «Праракуй!» І паслугачы білі Яго па шчоках.

66. І калі Пётар быў на панадворку ўнізе, прыходзіць адна са служак першасьвятара

67. і, убачыўшы Пятра, які грэўся, і прыгледзеўшыся да яго, кажа: «І ты быў з Ісусам з Назарэту?»

68. Але ён адрокся, кажучы: «Ня ведаю і не разумею, што ты гаворыш». І выйшаў вонкі на пярэдні панадворак, і запяяў певень.

69. І служка, зноў убачыўшы яго, пачала казаць тым, што стаялі побач: «Гэты адзін з іх».

70. А ён зноў адрокся. І, неўзабаве, тыя, што там стаялі, зноў кажуць Пятру: «Праўда, ты з іх, бо ты — Галілеец, і гаворка твая падобная».

71. А ён пачаў клясьціся і прысягаць: «Ня ведаю Чалавека Гэтага, пра Якога гаворыце».

72. І другі раз запяяў певень, і ўзгадаў Пётар слова, якое сказаў яму Ісус: «Перш, чым певень двойчы запяе, ты тройчы адрачэшся ад Мяне». І пачаў плакаць.

Разьдзел 15

1. І адразу раніцою, зрабіўшы нараду, першасьвятары са старшынямі і кніжнікамі, і ўвесь сынэдрыён, зьвязаўшы Ісуса, павялі і выдалі Пілату.

2. І спытаўся ў Яго Пілат: «Ты — Валадар Юдэйскі?» А Ён, адказваючы, гаворыць яму: «Ты кажаш».

3. І вінавацілі Яго першасьвятары ў многім.

4. А Пілат зноў спытаўся ў Яго: «Нічога не адказваеш? Глядзі, як шмат сьведчаць супраць Цябе?»

5. Але Ісус больш нічога не адказваў, так што Пілат зьдзівіўся.

6. А на сьвята ён звальняў ім аднаго з вязьняў, за якога прасілі.

7. Быў жа адзін, называны Барабба, увязьнены разам з супольнікамі, якія пад час паўстаньня ўчынілі забойства.

8. І, закрычаўшы, натоўп пачаў прасіць таго, што рабіў ім заўсёды.

9. А Пілат адказаў ім, кажучы: «Хочаце, адпушчу вам Валадара Юдэйскага?»

10. Бо ведаў, што першасьвятары праз зайздрасьць выдалі Яго.

11. Але першасьвятары падбухторылі натоўп, каб лепш адпусьціў ім Бараббу.

12. Дык Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: «Што вы хочаце, каб я зрабіў з Тым, Каго называеце Валадаром Юдэйскім?»

13. Але яны зноў закрычалі: «Укрыжуй Яго!»

14. Пілат жа сказаў ім: «Што ліхога ўчыніў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Укрыжуй Яго!»

15. Дык Пілат, хочучы дагадзіць натоўпу, адпусьціў ім Бараббу, а Ісуса, убічаваўшы, выдаў на ўкрыжаваньне.

16. І жаўнеры завялі Яго на панадворак, што завецца прэторыя, і склікаюць усю кагорту.

17. І апранаюць Яго ў пурпур, і, сплёўшы вянок з церняў, ускладаюць на Яго.

18. І пачалі вітаць Яго: «Радуйся, Валадару Юдэйскі!»

19. І білі Яго трысьцінай па галаве, і плявалі на Яго, і, кленчучы, пакланяліся Яму.

20. І калі назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго пурпур, і апранулі Яго ў адзеньне Ягонае. І вядуць Яго, каб Яго ўкрыжаваць.

21. І прымушаюць нейкага Сымона Кірэнэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля і праходзіў міма, каб узяў крыж Ягоны.

22. І прыводзяць Яго на Гальготу, месца, што перакладаецца Месца Чэрапа.

23. І далі Яму піць віно, зьмяшанае са сьмірнай, але Ён не прыняў.

24. І тыя, што крыжавалі Яго, падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабя, хто мае яго ўзяць.

25. А была гадзіна трэцяя, і ўкрыжавалі Яго.

26. І быў надпіс віны Ягонай напісаны: «Валадар Юдэйскі».

27. І разам з Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч Яго.

28. І споўнілася Пісаньне: «І да беззаконьнікаў залічаны».

29. І тыя, што праходзілі міма, блюзьнілі на Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Гэй, Ты, Які руйнуеш бажніцу і ў тры дні адбудоўваеш,

30. выратуй Сябе Самога і зыйдзі з крыжа».

31. Падобна і першасьвятары, насьмяхаючыся, гаварылі з кніжнікамі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а Сябе ўратаваць ня можа.

32. Хрыстос, Валадар Ізраіля, няхай зыйдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». І тыя, што былі ўкрыжаваныя з Ім, зьневажалі Яго.

33. А калі настала гадзіна шостая, сталася цемра па ўсёй зямлі ажно да гадзіны дзявятай.

34. І а дзявятай гадзіне Ісус загаласіў моцным голасам, кажучы: «Элёі, элёі, ламма сабахтані», што перакладаецца: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»

35. І некаторыя з тых, што вакол стаялі, пачуўшы, казалі: «Вось, Ільлю кліча».

36. А адзін, пабегшы і напоўніўшы губку воцатам ды ўсклаўшы яе на трысьціну, даваў Яму піць, гаворачы: «Пакіньце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго».

37. Ісус жа, усклікнуўшы моцным голасам, аддаў духа.

38. І заслона ў бажніцы была разьдзертая надвое ад верху да нізу.

39. Сотнік жа, што стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што так закрычаўшы, аддаў духа, сказаў: «Праўда, Чалавек Гэты быў Сын Божы».

40. Былі таксама жанчыны, што глядзелі здалёк, між імі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба меншага і Ёсіі, і Салямэя,

41. якія, калі Ён быў у Галілеі, хадзілі за Ім і паслугавалі Яму, і шмат іншых, што прыйшлі з Ім у Ерусалім.

42. І калі ўжо настаў вечар, — а быў гэта дзень прыгатаваньня, які ёсьць перад суботаю, —

43. прыйшоў Язэп з Арыматэі, паважаны ратман, які сам чакаў Валадарства Божага. Адважыўшыся, ён увайшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса.

44. А Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр, і паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці даўно памёр,

45. і, даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу.

46. І той, купіўшы палатніну і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і палажыў Яго ў магілу, якая была высечаная ў скале, і прываліў камень да ўваходу ў магілу.

47. А Марыя Магдалена і Марыя Ёсіева глядзелі, дзе палажылі Яго.

Разьдзел 16

1. І калі мінула субота, Марыя Магдалена, і Марыя Якубава, і Салямэя купілі духмянасьцяў, каб пайсьці памазаць Яго.

2. І вельмі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, калі ўзыходзіла сонца.

3. І гаварылі між сабою: «Хто нам адваліць камень ад уваходу ў магілу?»

4. І, глянуўшы, бачаць, што камень адвалены, а быў ён надта вялікі.

5. І, увайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў па правым баку, адзетага ў белую шату, і напалохаліся.

6. А ён кажа ім: «Не палохайцеся, шукаеце Ісуса з Назарэту, укрыжаванага? Ён уваскрос. Няма Яго тут. Вось месца, дзе палажылі Яго.

7. Але ідзіце, скажыце вучням Ягоным і Пятру: «Ён ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам»».

8. І яны, выйшаўшы, пабеглі ад магілы, і ахапіла іх трымценьне і захапленьне, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.

9. Уваскросшы раніцаю ў першы дзень тыдня, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдалене, з якой выгнаў сем дэманаў.

10. Яна, пайшоўшы, паведаміла тым, што з Ім былі, якія плакалі і галасілі.

11. Але тыя, пачуўшы, што Ён жывы і яна бачыла Яго, не паверылі.

12. Пасьля гэтага Ён зьявіўся ў іншым выглядзе дваім з іх у дарозе, як ішлі ў вёску.

13. І тыя, вярнуўшыся, паведамілі іншым, але і ім не паверылі.

14. Нарэшце Ён зьявіўся Адзінаццаці, калі ўзьлягалі пры стале, і дакараў за недаверства іхняе і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскросшага.

15. І сказаў ім: «Ідзіце на ўвесь сьвет і абвяшчайце Эвангельле ўсяму стварэньню.

16. Хто паверыць і ахрысьціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны.

17. А тым, што павераць, будуць такія знакі: у імя Маё выганяць будуць дэманаў, новымі мовамі гаварыць будуць,

18. зьмеяў браць будуць, і калі што сьмяротнае вып’юць, не пашкодзіць ім, на нямоглых рукі ўскладуць, і яны будуць здаровыя».

19. Госпад жа пасьля размовы з імі ўзьнёсься ў неба і сеў праваруч Бога.

20. А яны, пайшоўшы, абвяшчалі паўсюль Госпада, Які ўспамагаў іх і сьцьвярджаў словы знакамі, якія іх суправаджалі. Амэн.