КНІГА РОДУ
Разьдзел 1
- Спачатку стварыў Бог неба і зямлю.
- Зямля была пустая i неабжытая; і цемра ахутвала бяздоньнi. А Дух Божы ўзносіўся над водамі.
- І сказаў Бог: “Хай станецца сьвятло!” І сталася сьвятло.
- І бачыў Бог, што сьвятло было добрае, і аддзяліў сьвятло ад цемры.
- І назваў Бог сьвятло днём, а цемру – ноччу. І мінуў вечар і раніца – дзень першы.
- Потым сказаў Бог: “Хай паўстане цьвярдыня сярод водаў і хай аддзеліць воды ад водаў”.
- І зрабіў Бог цьвярдыню, і разьдзяліў воды, каторыя былі над цьвярдыняй, ад тых, каторыя былі пад цьвярдыняй. І сталася гэтак.
- І назваў Бог цьвярдыню небам. І мінуў вечар і раніца – другі дзень.
- Сказаў зноў Бог: “Хай зьбяруцца воды, каторыя пад небам, у адно месца, і хай зьявіцца сухмень”. І гэтак сталася.
- І назваў Бог сухмень зямлёю, а сабраньне водаў — морам. І бачыў Бог, што гэта добра.
- І сказаў Бог: “Хай расьціць зямля зеляніну, травы, якія маюць насеньне па сорту свайму, і дрэвы, якія даюць плады і маюць у сабе насеньне паводле гатунку свайго”. І сталася гэтак.
- І выдала зямля расьліны зялёныя, травы, якія маюць насеньне па сорту свайму, і дрэвы, якія даюць плады і маюць у сабе насеньне паводле гатунку свайго. І бачыў Бог, што гэта добра.
- І мінуў вечар і раніца – дзень трэці.
- Потым кажа Бог: “Хай сьвецяць сьвяцілы на цьвярдыні неба і хай аддзяляюць дзень ад ночы, і хай будуць на знак часоў, днёў і гадоў.
- Хай сьвецяць на цьвярдыні неба і асьвятляюць зямлю”. І гэтак сталася.
- І стварыў Бог два сьвяцілы вяліза-рныя: сьвяціла вялікшае, каб сьвяціла днём, і сьвяціла меншае, каб сьвяціла ноччу, і зоркі.
- І памясьціў іх Бог на цьвярдыні неба, каб сьвяцілі яны на зямлю,
- і валодалі днём і ноччу, і аддзялялі сьвятло ад цемры. І бачыў Бог, што гэта добра.
- І мінуў вечар і раніца – дзень чацьвёрты.
- Сказаў таксама Бог: “Хай ажывуць воды жывунамі воднымі, і птушкі хай лётаюць над зямлёй пад цьвярдыняй неба”.
- І стварыў Бог вялікія рыбы ды ўсё жывое, што рухаецца і што вывелася ў водах, па сартах сваіх, і ўсякія птушкі паводле свайго гатунку. І бачыў Бог, што гэта добра.
- І паспагадаў Ён ім, кажучы: “Пладзі-цеся і размнажайцеся, і запаўняйце воды мораў, а птушкі хай размнажаюцца над зямлёю”.
- І мінуў вечар і раніца – дзень пяты.
- Сказаў таксама Бог: “Хай выдасьць зямля жывую істоту па роду свайму: жывёлы, паўзуноў і зьвяроў зямных паводле сваіх гатункаў”. І сталася гэтак.
- І стварыў Бог зьвяроў зямных паводле сваіх сартоў, і жывёлу паводле сваіх сартоў, і ўсякіх паўзуноў зямных на свой сорт. І бачыў Бог, што гэта добра.
- І кажа Бог: “Учыньма чалавека на вобраз і падобнасьць Нашую; і хай мае ён уладу над рыбамі марскімі і птушкамі паднебнымі, і зьвярамі, і над усёй зямлёй, і над усякім паўзуном, каторы рухаецца па зямлі”.
- І стварыў Бог чалавека на вобраз Свой; на падобнасьць Богу стварыў яго: мужчынай і жанчынай стварыў іх.
- І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: “ Пладзіцеся і размнажайцеся, і запаўняйце зямлю, і падпарадкоўвайце яе сабе, і валодайце рыбамі марскімі і птушкамі паднебнымі, ды ўсім жывым, што рухаецца па зямлі”.
- Потым сказаў Бог: “Вось Я даў вам усякую расьліну, што дае насеньне па ўсёй зямлі, і ўсякія дрэвы, што маюць у сабе насеньне і сеюць насеньне, каб былі вам на яду.
- І ўсім жывунам на зямлі, усякай птушцы паднебнай ды ўсім, што рухаюцца па зямлі і ў каторых ёсьць зародак жыцьця, Я даў усякую расьліну зялёную на яду”. І гэтак сталася.
- І бачыў Бог усё, што стварыў, і ўсё было вельмі добрае. І мінуў вечар і раніца – дзень шосты.
Разьдзел 2
- Такім чынам былі закончаны неба і зямля, поруч усё мноства іхняе.
- У сёмы дзень закончыў Бог тварэньне Сваё, што стварыў, і ў дзень сёмы спыніўся ад усякага тварэньня, што даканаў.
- І дабраславіў Бог дзень сёмы і ўсьвяціў яго, бо ў ім супачыў ад усякай працы Сваёй, якую зрабіў Бог, творачы.
- Такое вось паходжаньне неба і зямлі, калі былі яны створаны. Калі Госпад Бог стварыў зямлю і неба,
- не было яшчэ ніводнага куста палявога на зямлі, ані ніводнай палявой траўкі ўзыйшоўшай, бо Госпад не спасылаў дажджу на зямлю, ды не было чалавека, каторы б абрабляў зямлю,
- але крыніца выцякала зь зямлі і абвадняла ўвесь паверх зямлі.
- Тады ўфармаваў Госпад Бог чалавека з пылу зямлі і ўдыхнуў у ноздры ягоныя дых жыцьця, і чалавек стаўся душою жывою.
- І заснаваў Госпад Бог рай у Эдэне, на ўсходзе, у якім памясьціў чалавека, каторага Сам уфармаваў.
- І вырасьціў Госпад Бог зь зямлі ўсякае дрэва, прыгожае на від і салодкае на яду, а ў сярэдзіне раю – дрэва жыцьця і дрэва пазнаньня дабра і зла.
- З Эдэну выцякала рака для абва-дняньня раю, каторая адтуль разьдзялілася на чатыры ракі.
- Назва адной – Пішон. Яна тая, што акружала зямлю Хавіля, дзе знаходзіцца золата.
- А золата тое зямлі найлепшае, там пахкая жывіца і камень чырвоны.
- А назва другой ракі – Гіхон; акружае яна ўсю краіну Куш.
- Трэцяя ж рака называецца Тыгар: цячэ яна на ўсход Асырыі, чацьвёртая рака – Эўфрат.
- Вось жа ўзяў Госпад Бог чалавека і памясьціў яго ў раі Эдэне, каб даглядаў яго і сьцярог яго.
- І загадаў Госпад Бог чалавеку: “З кожнага райскага дрэва еш,
- а з дрэва пазнаньня дабра і зла ня еш! Бо ў які-колечы дзень будзеш есьці зь яго – сьмерцю памрэш”.
- Таксама сказаў Госпад Бог: “Ня добра быць чалавеку аднаму: зраблю яму дапамогу, падобную да яго”.
- І ўфармаваў Госпад Бог зь зямлі ўсіх жывуноў палявых і ўсіх птушак паднебных, і прывёў іх да чалавека, каб пабачыць, як ён назаве іх, і як чалавек назаве кожную істоту жывую, такое і імя ёй уласьцівае.
- І так чалавек назваў сваімі імёнамі ўсе жывёлы, і ўсе птушкі паднебныя, і ўсіх зьвяроў палявых. Аднак чалавеку не знайшоўся памочнік, падобны яму.
- Дык упусьціў Госпад Бог сон на чалавека. Калі ён заснуў, выняў яму адно зь яго рэбраў, а месца гэта запоўніў целам.
- А з рабра, якое выняў з чалавека, Госпад Бог уфармаваў жанчыну і прывёў яе да чалавека.
- І сказаў чалавек: “Гэта цяпер косьць з касьцей маіх ды цела зь цела майго. Яна будзе называцца жонкаю, бо ўзята ад мужа”.
- Таму пакіне чалавек бацьку свайго і матку сваю і злучыцца з жонкай сваёй так, што будуць адным целам.
- І былі абое голыя, чалавек значыць і жонка яго, але не адчувалі сораму.
Разьдзел 3
- А зьмей быў хітрэйшы за ўсіх жывуноў палявых, каторых стварыў Госпад Бог. Ён сказаў жанчыне: “Ці гэта праўда, што Бог забараніў вам, каб вы ня елі з кожнага дрэва райскага?”
- Жанчына адказала яму: “З плоду дрэваў, якія знаходзяцца ў раі, ямо;
- а з плоду дрэва, якое сярод раю, забараніў нам Бог, каб ня елі і не дакраналіся яго, каб не памерлі”.
- Дык сказаў зьмей жанчыне: “Ніякім чынам не памрыцё!
- Бог бо ведае, што ў дзень, у каторы будзеце есьці зь яго, адкрыюцца вочы вашыя і будзеце як Бог, ведаць будзеце дабро і зло”.
- Дык убачыла жанчына, што дрэва добрае да яды і мілае вачам, і прывабнае для здабыцьця веды; і сарвала зь яго плод, пакаштавала сама і дала мужу свайму, каторы быў зь ёю, і ён зьеў.
- І адкрыліся вочы ў абоіх. І калі пазналі, што яны голыя, дык сплялі лісты фіговыя і зрабілі сабе перапаяскі.
- І калі пачулі голас Госпада Бога, ходзячага па раi ў пару прахалоды дня, схаваўся чалавек і жонка яго ад аблічча Госпада Бога сярод дрэваў райскіх.
- І паклікаў Госпад Бог чалавека і сказаў яму: “Дзе ты дзеўся?”
- Ён кажа: “Пачуў голас Твой у раi і спалохаўся, таму што голы я, і схаваўся”.
- І сказаў яму Бог: “Хто вось табе адкрыў, што ты голы? Хіба што з дрэва, зь якога Я забараніў табе есьці, ты ўсё ж такі еў?”
- Чалавек сказаў: “Жанчына, каторую Ты мне даў за сяброўку, сама дала мне з дрэва, і я еў”.
- Дык сказаў Госпад Бог жанчыне: “Што ты гэта зрабіла?” Яна сказала: “Зьмей зьвёў мяне, і я зьела”.
- Тады кажа Госпад Бог зьмею: “За тое, што ты зрабіў гэта, пракляты будзь між усіх жывёлаў і ўсіх зьвяроў палявых! На жываце сваім поўзаць будзеш ды будзеш пыл есьці ўсе дні існаваньня свайго.
- І Я пакладу варожасьць між табой і жанчынай, і патомствам тваім і ейным патомствам. Яно сатрэ галаву табе, а ты сатрэш яму пяту”.
- А жанчыне сказаў: “Памножу мучэньні твае ў родах тваiх: з болем будзеш радзіць дзяцей, і да мужа твайго пацяга твая, ён жа будзе панаваць над табою”.
- Чалавеку вось што сказаў: “За тое, што ты паслухаў голасу жонкі сваёй і еў з дрэва, зь якога Я табе забараніў есьці, будзе праклятая зямля дзеля цябе. У трудзе будзеш жывіцца на ёй усе дні жыцьця свайго.
- Пустазельле і асот будзе радзіць яна табе, і будзеш карміцца расьлінамі зямлі.
- У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, аж пакуль ня вернешся ў зямлю, зь якой ты ўзяты, бо пыл ты і ў пыл вернешся”.
- Чалавек даў імя сваёй жонцы Эва, таму што яна была маткай усіх жывых.
- І зрабіў Госпад Бог чалавеку, а таксама жонцы яго адзеньне са скуры і прыадзеў іх.
- Потым кажа Госпад Бог: “Вось жа чалавек стаўся як адзін з Нас, што ведае дабро і зло. Дык цяпер хай ня выцягне ён рукі сваёй і ня возьме таксама плоду з дрэва жыцьця, зьесьць яго і жыць будзе вечна”.
- Дзеля таго Госпад Бог выгнаў яго з раю Эдэн, каб абрабляў гэтую зямлю, зь якой быў узяты.
- І выгнаўшы чалавека, (Бог) паставіў перад раем Эдэн на ўсходзе хэрубіма і зьзяючы меч, каб сьцерагчы дарогу да дрэва жыцьця.
Разьдзел 4
- Чалавек жа пазнаў жонку сваю Эву, і яна пачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: “Нарадзіла мужчыну з волі Госпада”.
- А потым нарадзіла брата яго Абеля. Абель быў пастухом авец, а Каін – земляробам.
- Калі па нейкім часе Каін складаў Госпаду ахвяру з пладоў зямлі і рук сваіх,
- Абель складаў таксама зь пяршынаў статку свайго і зь іх тлустасьці, i Госпад узглянуў на Абеля і дар ягоны,
- а на Каіна і дар ягоны ня ўзглянуў. Моцна ўзлаваўся Каін і панурым стаўся воблік яго.
- І сказаў Госпад яму: “Чаго злуешся і чаго крывіцца воблік твой?
- Калі б ты рабіў добрае, меў бы воблік спагадны; калі ж ня будзеш рабіць добрае, грэх цікуе ў дзьвярах і лашчыцца да цябе, а ты павінен панаваць над ім”.
- І сказаў Каін Абелю, брату свайму: “Хадзем у поле”. А калі яны былі ў полі, Каін кінуўся на брата свайго Абеля і забіў яго.
- Тады Бог спытаўся ў Каіна: “Дзе брат твой, Абель?” Ён адказаў: “Ня ведаю. Ці ж я стораж брата свайго?”
- І сказаў Бог: “Што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго кліча да Мяне з поля.
- Дык цяпер будзь пракляты на той ральлі, каторая адкрыла вусны свае прыняць кроў брата твайго з рук тваіх!
- Калі гэтую зямлю абрабляць будзеш, ня дасьць яна ўжо больш ураджаю. Выгнанцам i ўцекачом будзеш на зямлі!”
- І сказаў Каін Госпаду: “Надта вялікая кара мая, каб я мог яе зьнесьці.
- Калі мяне сёньня выганіш з гэтай зямлі, і ад аблічча Твайго схаваюся і буду бадзякай і ўцекачом на зямлі, дык кожны, хто напаткае мяне, заб’е мяне”.
- І сказаў яму Госпад: “Гэтак ня будзе, але кожны, хто забіў бы Каіна, – у сем разоў больш будзе пакараны!” І палажыў Госпад Каіну знак, каб не забіваў яго, хто-колечы сустрэне яго.
- Пасьля Каін адышоў ад аблiчча Госпада і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад Эдэну.
- І пазнаў вось Каін жонку сваю, і яна пачала, і нарадзіла Геноха. І пабудаваў (Каін) горад і назваў яго ад імя свайго сына – Генох.
- Генох быў бацькам Ірада, а Ірад быў бацькам Мэвiяэля, а Мэвiяэль быў бацькам Мэтушаэля, а Мэтушаэль быў бацькам Лямеха.
- Лямех узяў сабе дзьве жонкі. Імя адной – Ада, а другой – Цыля.
- Ада нарадзіла Ябэля; гэта ён быў прабацькам пражываючых у палатках і пастухоў.
- Брат ягоны называўся Юбаль; гэта ад яго вядуцца ўсе граючыя на гусьлях і на флейце.
- А Цыля нарадзіла Тубаль-Каіна; ён быў кавалём, што рабiў усе прылады зь медзі і жалеза. Сястрой Тубаль-Каіна была Наэма.
- Лямех сказаў сваім жонкам: “Ада і Цыля, паслухайце, што я скажу! Жоны Лямеха, уважце на словы мае! Забіў я чалавека за рану сваю і юнака за скалячэньне сваё.
- У сем разоў больш павiнна быць адпомшчана за Каіна. А за Лямеха — у семдзесят сем”.
- І пазнаў зноў Адам жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і назвала імя яго Сэт, кажучы: “Даў мне Бог патомка іншага ў замену за Абеля, каторага забіў Каін”.
- А Сэту нарадзіўся сын, каторага той назваў Энош. Тады пачалі прызываць імя Госпада.
Разьдзел 5
- Вось радавод патомкаў Адама. Калі Бог стварыў чалавека, стварыў яго на падобнасьць Божую.
- Ён стварыў мужчыну і жанчыну, і дабраславіў іх, і назваў іх “чалавек” тады, калі іх стварыў.
- Калі Адам меў сто трыццаць гадоў, нарадзіўся ў яго сын, на вобраз і падобнасьць яго, і ён даў яму імя Сэт.
- А па нараджэньні Сэта Адам пражыў васемсот гадоў, меў яшчэ сыноў і дачок.
- І памёр Адам, пражыўшы агулам дзевяцьсот трыццаць гадоў.
- Таксама Сэт пражыў сто пяць гадоў і меў сына Эноша.
- Па нараджэньні Эноша пражыў Сэт васемсот сем гадоў, меў яшчэ сыноў і дачок.
- А агулам пражыў Сэт дзевяцьсот дванаццаць гадоў і памёр.
- Энош, пражыўшы дзевяноста гадоў, меў сына Кенана.
- Па нараджэньні Кенана пражыў яшчэ Энош васемсот пятнаццаць гадоў і меў сыноў і дачок.
- Агулам Энош пражыў дзевяцьсот пяць гадоў і памёр.
- Таксама Кенан пражыў семдзесят гадоў і меў сына Малялiэля.
- А па нараджэньні Малялiэля Кенан пражыў васемсот сорак гадоў і меў яшчэ сыноў і дачок.
- Агулам Кенан пражыў дзевяцьсот дзесяць гадоў і памёр.
- Пражыў вось Малялiэль шэсьцьдзесят пяць гадоў і меў сына Ярэда.
- А па нараджэньні Ярэда Малялiэль пражыў васемсот трыццаць гадоў і меў сыноў і дачок.
- Агулам пражыў Малялiэль васемсот дзевяноста пяць гадоў і памёр.
- Пражыў вось Ярэд сто шэсьцьдзесят два гады і меў сына Геноха.
- А па нараджэньні Геноха Ярэд жыў васемсот гадоў і меў сыноў і дачок.
- Агулам Ярэд пражыў дзевяцьсот шэсьцьдзесят два гады і памёр.
- Вось жа Генох жыў шэсьцьдзесят пяць гадоў і меў сына Мэтушаляха.
- Генох па нараджэньні Мэтушаляха жыў з Богам трыста гадоў і меў сыноў і дачок.
- Агулам Генох пражыў трыста шэсьцьдзесят пяць гадоў.
- І жыў ён у прыязьні з Богам, і зьнік, бо забраў яго Бог.
- Таксама Мэтушалях жыў сто восем-дзесят сем гадоў і меў сына Лямеха.
- Па нараджэньні Лямеха Мэтушалях жыў семсот восемдзесят два гады і меў сыноў і дачок.
- Агулам Мэтушалях пражыў дзе-вяцьсот шэсьцьдзесят дзевяць гадоў і памёр.
- Пражыў вось Лямех сто восемдзесят два гады і меў сына,
- і даў яму імя Ной, кажучы: “Ён пацешыць нас у рабоце нашай і ў працы рук нашых на зямлі, якую Госпад пракляў”.
- Лямех па нараджэньні Ноя жыў пяцьсот дзевяноста пяць гадоў і меў яшчэ сыноў і дачок.
- Агулам Лямех пражыў семсот семдзесят сем гадоў і памёр.
- А калі Ной меў пяцьсот гадоў, меў (трох сыноў): Сэма, Хама i Яфэта.
Разьдзел 6
- Калі людзі пачалі множыцца на зямлі, радзіліся ім дочкі.
- А сыны Божыя, бачачы, што дочкі чалавечыя прыгожыя, бралі сабе за жонак усіх, якія ім толькі падабаліся.
- І сказаў Бог: “Ня вечна прабываць Духу Майму ў чалавеку, бо ён – цела. Ён будзе жыць сто дваццаць гадоў”.
- У тых часах на зямлі жылі вяліка-люды, а таксама пазьней, калі сыны Божыя сталі хадзіць да дачок чалавечых і тыя ім радзілі; былі гэта волаты, каторыя мелi славу ў тых даўніх часох.
- Госпад, бачучы вялікую разбэш-чанасьць людзей на зямлі, і што ўсе іхнія думкі сэрца накіраваныя ўвесь час да зла,
- шкадаваў, што стварыў чалавека на зямлі. І, крануты болем сэрца, вырашыў:
- “Сатру вось чалавека, каторага стварыў, з паверху зямлі, ад чалавека да жывёлы, аж да паўзуна, аж да птушкі паднебнай. Шкадую вось, што стварыў іх”.
- Толькі Ной знайшоў ласку ў Госпада.
- Вось такія дзеі Ноя. Ной, чалавек справядлівы і беззаганны ў родзе сваім, жыў у баязьні Божай.
- Ён меў трох сыноў: Сэма, Хама і Яфэта.
- І сапсутая была зямля на віду Бога і перапоўнена ліхотаю.
- І ўбачыў Бог, што зямля сапсутая, бо вось усякае цела скрывіла дарогу сваю на зямлі.
- І сказаў Ён Ною: “Вырашыў Я прынесьці канец усім людзям, бо зямля поўная ліхоцьця адносна Мяне, і вось Я сатру іх зь зямлі.
- Зрабі сабе каўчэг з дрэва жывічнага; зрабі ў каўчэгу перагародкі і пацягні яго смалой звонку і з нутра.
- Вось так маеш яго зрабіць: трыста локцяў даўжыня каўчэга, пяцьдзесят локцяў шырыня яго і трыццаць локцяў вышыня ягоная.
- Зрабі вакно ў каўчэгу, і высокасьць яго на локаць падымі. Уваход у каўчэг зробіш збоку; у iм зрабі перагароды: споднюю, сярэднюю і вышэйшую.
- Я ўзьвяду на зямлю патоп, каб зьнішчыць усё жывое, у якім ёсьць зародак жыцьця пад небам; усё, што iснуе на зямлі, – прападзе.
- І заключу Я з табою запавет, дык увайдзі ў каўчэг ты і сыны твае, жонка твая і жонкі сыноў тваіх з табою.
- З усіх жывуноў (вазьмі) па пары ў каўчэг, каб жылі з табою, мужчынскага роду і жаночага, самца і самку, каб ацалелі разам з табою ад гібелі.
- З кожнага гатунку птушак, з жывёлы паводле гатунку свайго ды з усіх паўзуноў паводле роду свайго, з усіх па пары хай ўвойдуць да цябе, каб засталіся жывымі.
- А ты вазьмі сабе ўсякай ежы, якою яны кормяцца, і зьбяры яе да сябе; і будзе яна табе, як і для іх, на корм”.
- І Ной зрабіў усё, што загадаў яму Госпад зрабіць.
Разьдзел 7
- Пасьля сказаў Госпад Ною: “Увайдзі ты з усёю сям’ёй у каўчэг; бо пераканаўся Я, што толькі ты справядлівы ў сваім пакаленьні перада Мною.
- З усіх зьвяроў чыстых вазьмі з сабою сем самцоў і сем самкаў, са зьвяроў нячыстых па адной пары: самца і самку;
- таксама з птушак — па сем самцоў і па сем самкаў, каб такім чынам зьберагчы іх патомства для ўсёй зямлі.
- Бо вось па сямі днях Я спушчу дождж на зямлю, які будзе iсьцi сорак дзён і сорак начэй, каб зьнішчыць усё, што існуе, з паверху зямлі, усё, што Я стварыў”.
- І споўніў Ной усё, што загадаў яму Госпад.
- Ной меў шэсьцьсот гадоў, калі воды патопу нахлынулі на зямлю.
- І ўвайшоў у каўчэг Ной з сынамі, з жонкаю і з жонкамі сыноў сваіх, каб ухавацца ад водаў патопу.
- Са зьвяроў чыстых і нячыстых, з птушак і са зьвяроў палявых
- па двое, самец і самка, увайшлі да Ноя ў каўчэг, так, як яму Бог загадаў.
- Калі мінула сем дзён, воды патопу нахлынулі на зямлю.
- У шэсьцьсотым годзе жыцьця Ноя, у другім месяцы году, сямнаццатага дня месяца, у гэты дзень выбіліся ўсе жаролы Вялікага Бяздоньня і вокны нябесныя адкрыліся,
- і ліўся на зямлю дождж сорак дзён і сорак начэй.
- У той вось дзень Ной, поруч яго сыны: Сэм, Хам i Яфэт, жонка Ноя і тры жонкі сыноў ягоных увайшлі ў каўчэг.
- А разам зь імі ўсе гатункі зьвяроў, жывёлаў, зьвяроў палявых і ўсякія паўзуны, што рухаюцца па зямлі, усякія птушкі паводле свайго гатунку, усе птушкі i ўсе крылатыя,
- увайшлі па пары, самец і самка, з кожнага цела, у каторым быў зародак жыцьця, у каўчэг да Ноя.
- Калі ўжо ўвайшлі ў каўчэг самец і самка з усякага цела, як Бог загадаў Ною, Госпад зачыніў каўчэг знадворку.
- А патоп трываў на зямлі сорак дзён, і разьліліся воды, і паднялі каўчэг над зямлёю.
- Воды раптоўна падымаліся і закрылі паверх зямлі, а каўчэг плаваў па водах.
- Воды падняліся высока над зямлёю, так, што пакрылі ўсе высокія горы пад усім небам.
- Воды падняліся на пятнаццаць локцяў вышэй гор, каторыя пакрылі.
- Усё жывое, якое рухалася па зямлі, птушкі, жывёлы, зьвяры і ўсе паўзуны, якiя поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі – пагінулі.
- Усе жывуны, каторыя мелі зародак жыцьця на зямлі, – пагінулі.
- І зьнішчыў Бог усё жывое, што існавала на зямлі, ад чалавека аж да жывёлы, аж да паўзуна і ажно да птушак паднебных; усё было зьнесена зь зямлі. Застаўся толькі Ной і каторыя былі зь ім у каўчэгу.
- І воды ахлынялі зямлю сто пяцьдзесят дзён.
Разьдзел 8
- І ўспомніў Бог пра Ноя і пра ўсіх жывуноў, і пра ўсе жывёлы, каторыя былі зь ім у каўчэгу, і павеяў вецер на зямлю, і зьменшыліся воды.
- І закрыліся крыніцы Бяздоньня і вокны нябесныя, і былі спынены дажджы зь неба.
- І варочаліся воды зь зямлі, сьцякаючы і сплываючы, і пачалі памяншацца па ста пяцідзесяці днях.
- У сёмы месяц, сямнаццатага дня месяца, затрымаўся каўчэг на гары Арарат.
- Але воды плылі і спадалі аж да дзе-сятага месяца; бо дзесятага месяца, у першы дзень месяца, паказаліся вярхі гораў.
- Калі мінула сорак дзён, Ной, адчыніўшы вакно каўчэгу, каторае зрабіў, выпусьціў крука.
- Ён вылятаў і варочаўся, пакуль ня высахла вада на зямлі.
- Выпусьціў ён таксама галубку, каб пераканацца, ці спалі ўжо воды з паверху зямлі.
- Яна, не знайшоўшы месца для ног, дзе магла б супачыць, вярнулася да яго ў каўчэг; воды бо пакрывалі яшчэ ўсю зямлю. Ной выцягнуў руку і схапіў яе, і забраў у каўчэг.
- Пачакаўшы яшчэ сем дзён, зноў выпусьціў галубку з каўчэгу.
- А вось яна вярнулася пад вечар, несучы ў дзюбе аліўкавую галінку зь зялёнымі лісткамі. І зразумеў Ной, што сплылі ўжо воды зь зямлі.
- А ўсё ж такі, прачакаўшы сем іншых дзён, выпусьціў галубку, каторая не вярнулася ўжо да яго.
- У шэсьцьсот першым годзе, у першым месяцы, у першы дзень месяца воды на зямлі павысыхалі. І Ной, адкрыўшы дах каўчэгу і глянуўшы, убачыў, што ўжо абсох паверх зямлі.
- У другім месяцы, у дваццаць сёмы дзень месяца зямля зусім высахла.
- І сказаў Бог Ною:
- “Выходзьце з каўчэгу: ты і жонка твая, сыны твае і жонкі сыноў тваіх разам з табой.
- Усе жывуны, каторыя разам з табою з кожнага цела, як зь лятаючых, так i з жывёлаў і з усіх паўзуноў, каторыя рухаюцца па зямлі, хай плодзяцца і размнажаюцца на ёй”.
- Дык выйшаў Ной і сыны яго, і жонка ягоная, і жонкі сыноў ягоных разам зь ім.
- Разам усе жывуны, жывёлы, птушкі і паўзуны, каторыя рухаюцца па зямлі, паводле роду свайго павыходзілі ўсе чыста з каўчэгу.
- І збудаваў Ной ахвярнiк Госпаду і, узяўшы з усіх жывёлін чыстых і птушак чыстых, склаў іх у ахвяру цэлапаленьня на ахвярнiку.
- Калі Госпад пачуў мілы пах, сказаў у сэрцы Сваім: “Ніколі больш ня буду праклі-наць зямлю з-за людзей, бо настаўленьне сэрца чалавечага схільным ёсьць да зла ад юнацтва ягонага. Дык ужо болей ня буду нішчыць тых, хто мае душу жывую, як гэта зрабіў.
- Ва ўсе дні зямлі ня спыняцца сяўба і жніво, холад і сьпякота, лета і зіма, дзень і ноч”.
Разьдзел 9
- Пасьля дабраславіў Бог Ноя і сыноў ягоных, і сказаў ім: “Пладзіцеся і раз-мнажайцеся, і залюдняйце зямлю.
- Хай усе жывёлы, зьвяры зямныя і ўсе птушкі паднебныя з усімі тымі, што рухаюцца па зямлі, усе рыбы марскія баяцца вас і дрыжаць перад вамі, бо яны аддадзеныя ў рукі вашыя.
- Усё, што рухаецца і што жыве, хай будзе вам на яду, як расьліны зямныя, усё даю вам.
- Толькі цела з душою яго, гэта значыць з крывёю ягонай, ня ешце.
- Запатрабую вось кроў жыцьцяў вашых ад усіх зьвяроў, i ад чалавека, ад кожнага брата ягонага запатрабую (адказнасьцi за) жыцьцё чалавека.
- Хто праліе кроў чалавечую, і таго будзе праліта кроў рукою чалавека, бо чалавек створаны на вобраз Божы.
- А вы пладзіцеся і размнажайцеся, залюдняйце зямлю і валодайце ёю”.
- Вось што яшчэ сказаў Бог Ною і сынам ягоным:
- “Я вось заключаю запавет Мой з вамі і з патомствам вашым пасьля вас
- ды з усякаю істотаю жывою, каторая з вамі: з птушкамі, з жывёламі хатнімі і палявымі, якія пры вас, з усімі, каторыя выйшлі з каўчэгу, з усякімі зьвярамі на зямлі.
- Я заключаю запавет з вамі так, што ўжо болей ніколі ня будзе зьнішчана ніводная істота жывая водамі патопу і ўжо ніколі ня будзе патопу, што нiшчыць зямлю”.
- І далей казаў Бог: “А гэта знак запавету, якi Я заключаю з вамі і кожнай істотай жывой, якая з вамі, на вечныя часы.
- Вясёлку Маю кладу на хмарах, яна будзе знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю.
- Калі расьцягну воблакі над зямлёю і калі пакажацца вясёлка на воблаках,
- тады ўспомню на Мой запавет, якi заключыў з вамі і ўсякаю жывой істотай, з кожным чалавекам, і ня будзе ўжо ніколі водаў патопу на гібель якога-колечы жывуна.
- Калі будзе гэтая вясёлка на воблаках, гледзячы на яе, Я ўспомню на вечны запавет між Мною і ўсякімі жывунамі ў кожным целе, каторае ёсьць на зямлі”.
- І сказаў Бог Ною: “Гэта будзе знак запавету, якi Я заключыў між Мною і ўсімі жывунамі, якія на зямлі”.
- Сынамі Ноя, каторыя выйшлі з каўчэгу, былі: Сэм, Хам і Яфэт. Хам быў бацькам Ханаана.
- Гэтыя тры былі сынамі Ноя, і ад іх залюднілася ўся зямля.
- Ной быў земляробам, і ён пасадзіў вінаграднік.
- П’ючы віно, ён ап’янеў і ляжаў голы ў сваёй палатцы.
- Хам, бацька Ханаана, убачыўшы голасць бацькі свайго, сказаў аб гэтым двум сваім братам, каторыя былі па-за палаткай.
- Тады Сэм і Яфэт узялі плашч і, трымаючы на плячох сваіх, пайшлі задам і накрылі голасць бацькі свайго; твары іх былі зьвернуты назад, і яны ня бачылi голасцi бацькі свайго.
- Ной, прачнуўшыся па ап’яненьні ад віна і даведаўшыся, што яму зрабіў найма-лодшы сын,
- сказаў: “Пракляты Ханаан! Хай будзе ён слугою слугаў у братоў сваіх”.
- Потым сказаў: “Багаслаўлены Госпад, Бог Сэма! Хай Ханаан будзе ягоным слугою.
- Хай распаўсюдзіць Бог Яфэта. І хай ён пражывае ў палатках Сэма, і хай Ханаан будзе яго слугою”.
- І жыў Ной па патопе трыста пяць-дзесят гадоў.
- Усіх жа дзён Ноя было дзевяцьсот пяцьдзесят гадоў, і ён памёр.
Разьдзел 10
- Вось гэтыя патомкі сыноў Ноя: Сэма, Хама і Яфэта. Па патопе нарадзіліся ім сыны.
- Сыны Яфэта: Гамэр, Магог, Мадай, Яван, Тубаль, Мэшэх і Тырас.
- Сыны Гамэра: Ашкеназ, Рыфат і Тогарма.
- Сыны ж Явана: Эліша i Таршыш, Кіттым і Роданім.
- Ад іх паходзяць жыхары ўзьбя-рэжжаў і астравоў, падзеленыя паводле сваіх рэгіёнаў i сваёй мовы, па плямёнах і паводле сваіх народаў.
- Сыны Хама: Куш і Міцраім, Пут i Ханаан.
- Сыны Куша: Сэба і Хавіля, Сабта, Рэгма i Сабтэха. Сыны Рэгмы: Шэба і Дэдан.
- Куш быў бацькам Німрода. Ён быў першым магутным на зямлі,
- і ён быў дужы паляўнічы на віду Госпада. Адсюль пайшла пагаворка: “Як Німрод, дужы паляўнічы перад Госпадам”.
- Спачатку валадарыў ён у Бабілёне, Эрэху, Акадзе і Кальне ў зямлі Шынэар.
- З гэтае зямлі ён выйшаў у Асырыю і пабудаваў Нініву, Рэхабот-Ір і Калах,
- і Рэсэн, вялікі горад між Нінівай і Калахам.
- А Міцраім быў бацькам Люда, Анама, Ляаба, Нафтуха,
- Патруса, Касьлюха і Кафтора, ад каторых паходзяць Філістынцы.
- Ханаан жа меў сыноў: першароднага Сідона, Гета.,
- пасьля Ебусея, Амарэя, Гіргашэя,
- Гівэя, Аркея, Сінэя,
- Арвада, Цэмарэя і Хаматэя; пасьля іх расьсеяліся Хананэйцы.
- Мяжа Хананэйцаў праходзіла ад Сідону ў напрамку Герару аж да Газы, а пасьля ў напрамку Садомы і Гаморы, Адмы і Цэбоіма, аж да Ляшы.
- Гэта патомкі Хама паводле іх плямёнаў, моваў, земляў і народаў.
- Таксама Сэм, бацька ўсіх сыноў Гебэра, старэйшы брат Яфэта,
- меў сыноў: Эляма, Ашура, Арпах-шада, Люда і Арама.
- Сыны Арама: Уц, Гуль, Гетэр і Мэшэк.
- А Арпахшад меў сына Шэляха, з каторага нарадзіўся Гебэр.
- Гебэр жа меў двух сыноў: аднаго імя Пэлег, таму што ў днях яго разьдзялілася зямля, а імя брата яго – Ектан,
- Ектан жа быў бацькам Альмадада, Шэлефа, Хацар-Мавэта i Ераха,
- Гадарама, Узаля, Дэклi,
- Абаля, Абімаэля, Шэбы,
- Афіра, Хавіля і Ёбаба. Гэтыя ўсе сыны Ектана.
- Месца іх пражываньня цягнулася ад Мэшы ў напрамку Сэфару аж да ўсходняй гары.
- Яны сыны Сэма паводле плямёнаў, моваў, зямель і народаў.
- Гэта вось плямёны сыноў Ноя паводле сваяцтва і паводле народаў. Ад іх распаў-сюдзiліся народы на зямлі па патопе.
Разьдзел 11
- Жыхары ўсёй зямлі мелі адну мову, значыць, аднолькавыя словы.
- І калі яны вандравалі з усходу, суст-рэлі раўніну ў зямлі Шынэар і там абжыліся.
- І сказалі яны адзін аднаму: “Хадзіце, наробім цэглы і абпалім яе агнём”. Дык замест каменьняў мелі яны цэглу, а смалу на месцы цэменту.
- І вось сказалі яны: “Хадзем, зробім сабе горад і вежу, каторай верх будзе датыкацца неба, і гэтым зробім сабе імя, каб не расьцярушыліся мы па ўсёй зямлі”.
- І зыйшоў Госпад, каб убачыць горад і вежу, якую збудавалі сыны чалавечыя.
- І сказаў Госпад: “Вось адзін народ і адна для ўсіх мова. Гэта вось пачатак іхняй працы, у далейшым нічога ня будзе для іх трудным, і ўсё, што задумаюць – зробяць.
- Хадзем вось, зыйдзем, памяшайма іх мову, каб не маглі зразумець адзін аднаго”.
- І гэтак вось расьсеяў іх Госпад з таго месца па ўсёй зямлі, таму перасталі будаваць горад.
- І дзеля таго быў названы ён (горад) Бабель, бо там была памяшаная мова ўсяе зямлі, і адтуль расьсеяў іх Госпад па ўсёй зямлі.
- Гэтыя вось патомкі Сэма. Калі Сэм меў сто гадоў, нарадзіўся яму сын Арпахшад, праз два гады пасля патопу.
- Па нараджэньні Арпахшада Сэм жыў пяцьсот гадоў і меў сыноў і дачок.
- Арпахшад, пражыўшы трыццаць пяць гадоў, меў сына Шэляха.
- А па нараджэньні Шэляха жыў Арпахшад чатырыста тры гады і меў сыноў і дачок.
- Шэлях, пражыўшы трыццаць гадоў, меў сына Гебэра.
- Па нараджэньні Гебэра жыў Шэлях чатырыста тры гады і меў сыноў і дачок.
- Калі Гебэр меў трыццаць чатыры гады, нарадзіўся яму сын Пэлег.
- А па нараджэньні Пэлега жыў Гебэр чатырыста трыццаць гадоў і меў сыноў і дачок.
- Калі Пэлег меў трыццаць гадоў, нарадзіўся яму Рэў.
- Па нараджэньні Рэва Пэлег жыў яшчэ дзьвесьце дзевяць гадоў і меў сыноў і дачок.
- Рэў жа пражыў трыццаць два гады і меў сына Сэруга.
- Па нараджэньні Сэруга пражыў яшчэ Рэў дзьвесьце сем гадоў і меў сыноў і дачок.
- Сэруг пражыў трыццаць гадоў і меў сына Нахора.
- Па нараджэньні Нахора Сэруг пражыў дзьвесьце гадоў, меў яшчэ сыноў і дачок.
- Нахор пражыў дзьвесьце дзевяць гадоў і меў сына Тэраха.
- Па нараджэньні Тэраха Нахор пражыў яшчэ сто дзевятнаццаць гадоў і меў сыноў і дачок.
- Калі Тэрах меў семдзесят гадоў, нарадзіліся яму сыны Абрам, Нахор і Аран.
- Такія вось дзеі патомкаў Тэраха. Тэрах быў бацькам Абрама, Нахора і Арана, а Аран быў бацькам Лёта.
- Аран памёр яшчэ за жыцьцё Тэраха, бацькі свайго, у зямлі, у каторай нарадзіўся, у Уры Хальдэйскім.
- Абрам і Нахор узялі сабе жонак. Імя жонкі Абрама – Сарай, а імя жонкі Нахора – Мілька.
- Яна – дачка Арана, каторы меў яшчэ другую дачку імем Іска.
- Сарай была бясплодная і ня мела дзяцей.
- Тэрах, узяўшы з сабой свайго сына Абрама, Лёта, сына Арана, а значыць свайго ўнука, і Сарай, сваю сыновую, жонку Абрама, падаўся зь імі з Уру Хальдэйскага, каб пайсьці зь імі ў зямлю Ханаан. Калі аднак прыбылі ў Харан, абжыліся там.
- Тэрах дажыўся там дзьвесьце пяць гадоў жыцьця і памёр у Харане.
Разьдзел 12
- І сказаў вось Госпад Абраму: “Выйдзі зь зямлі тваёй і ад радні тваёй, і з дому бацькі твайго ў зямлю, якую Я табе пакажу.
- І Я зраблю зь цябе вялікі народ, і буду табе дабраславіць, і праслаўлю імя тваё, і ты будзеш дабраславенствам.
- Я буду дабраславіць тым, каторыя будуць цябе дабраславіць, а тых, каторыя цябе будуць праклінаць, Я пракляну. У табе будуць дабраслаўлены ўсе народы зямлі”.
- І падаўся Абрам у дарогу, як яму загадаў Госпад, а за ім пайшоў і Лёт. Абрам меў семдзесят пяць гадоў, калі выйшаў з Харану.
- І забраў Абрам з сабою сваю жонку Сарай, Лёта, сына брата свайго, і ўсю сваю маёмасьць, якую мелі, поруч слугаў, якіх набылі ў Харане, ды выйшлі, каб пайсьці ў зямлю Ханаан. Потым прыбылі яны ў зямлю Ханаан.
- І прайшоў Абрам гэтую зямлю аж да мясцовасьці Сыхем, аж да дубровы Морэг. А ў той зямлі жылі тады Хананэйцы.
- І вось явіўся Госпад Абраму і сказаў яму: “Гэтую зямлю Я дам патомству твайму». Дык ён пабудаваў там ахвярнiк Госпаду, Які явіўся яму.
- Адтуль перайшоў ён на ўзгорышча на ўсход ад Бэтэлю і паставіў палатку сваю, маючы Бэтэль на захадзе, а ад усходу – Гай. І там таксама пабудаваў ахвярнiк Госпаду і прызываў імя Госпада.
- Адсюль вандраваў Абрам зь месца на месца ў бок Нэгебу.
- І запанаваў голад у той зямлі. Дык Абрам павандраваў у Эгіпет, каб пажыць там.
- А калі набліжаліся яны да Эгіпту, сказаў ён жонцы сваёй: “Ведаю, што ты жанчына прыгожая,
- дык калі ўбачаць цябе Эгіпцяне, скажуць: “Гэта жонка яго”. І заб’юць мяне, а цябе пакінуць.
- Дык кажы, што ты сястра мая, каб мне было добра дзеля цябе і каб я застаўся жывы з ласкі тваёй”.
- І сталася, калі Абрам прыйшоў у Эгіпет, Эгіпцяне ўбачылі, што Сарай ёсьць вельмі прыгожай жанчынай.
- Убачылі яе таксама вяльможы фа-раона і вельмі хвалілі яе перад ім. І забралі жанчыну ў дом фараона,
- а Абраму аднагародзілі шчодра дзеля яе. Атрымаў ён авечкі і валы, нявольнікаў і нявольніцаў, поруч аслоў і вярблюдаў.
- Госпад жа наведаў фараона і дом ягоны страшнымі карамі дзеля Сарай, жонкі Абрама.
- Дык паклікаў фараон Абрама і сказаў яму: “Што ты мне зрабіў? Чаму не сказаў мне, што яна жонка твая?
- Чаму ты казаў: яна сястра мая, так што я ўзяў яе сабе за жонку? Вось табе жонка твая, бяры яе і ідзі!”
- І даў фараон загад людзям сваім, каб Абрама і яго жонку, і ўсё, што ён меў, вывелі (да мяжы).
Разьдзел 13
- І выйшаў Абрам з Эгіпту сам і жонка ягоная, і ўсё, што ён меў, ды разам зь Лётам, у Нэгеб.
- І стаўся Абрам вельмі багатым жывёламі, серабром і золатам.
- І вандраваў ён зь месца на месца з Нэгебу ў Бэтэль, аж да месца, дзе раней быў паставіў палатку між Бэтэлем і Гаем,
- да таго месца, дзе раней быў пабудаваны ахвярнiк і дзе ён прызываў імя Госпада.
- Таксама Лёт, каторы вандраваў разам з Абрамам, меў авечкі, валы і палаткі,
- і не хапала ім зямлі, каб жыць сумесна, бо маёмасьць іх была вялікая і не маглі яны жыць супольна.
- Таму ўзьнікла сварка між пастухамі статкаў Абрама і пастухамі статкаў Лёта. А ў той час Хананэйцы і Пэрэзэі пражывалі ў той зямлі.
- Дык сказаў Абрам Лёту: “Хай ня будзе сваркі між мной і табой, і паміж пастухамі маімі і пастухамі тваімі, браты ж мы !
- Уся краіна перад табою! Дык прашу, адлучыся ад мяне! Калі пойдзеш налева, то я буду трымацца правага боку, а калі выбярэш правы бок, то я падамся ўлева”.
- Падняўшы тады вочы, Лёт убачыў усю ваколіцу каля Ярдану аж да Цаару, усю абвадняную, пакуль ня зьнішчыў Госпад Садомы і Гаморы, як рай Госпада і як Эгіпет.
- І выбраў сабе Лёт усю мясцовасьць каля Ярдану і адступіў на ўсход. І так аддзя-ліліся брат ад брата свайго.
- І абжыўся Абрам у зямлі Ханаан; Лёт жа апынуўся ў гарадах каля Ярдану і пашырыў палаткі аж да Садомы.
- А Садомцы былі ліхімі і вялікімі грэшнікамі перад Госпадам.
- Па адыходзе Лёта Госпад сказаў Абраму: “Падымі вочы свае і паглядзі з гэтага месца, дзе цяпер стаіш, на поўнач і на поўдзень, на ўсход і на захад,
- бо ўсю зямлю, якую бачыш, Я дам табе і патомству твайму на вечнасьць.
- І зраблю патомства тваё, як пясок зямлі. Калі хто зь людзей зможа палічыць пясок зямлі, тады і тваё патомства палічыць.
- Устань і прайдзіся па зямлі ў даўжыню і шырыню яе, бо яе Я дам табе”.
- Дык зьняў Абрам палатку сваю і пайшоў, і абжыўся каля дубровы Мамрэ, каторая ў Геброне, і пабудаваў там ахвярнiк Госпаду.
Разьдзел 14
- У час Амрафэля, караля Шынэару, і Арыёха, караля Эльлясару, і Кедор-Ляга-мэра, караля Эляму, і Тыдаля, караля паганскага,
- пачалі яны вайну супраць Бэры, караля Садомы, і супраць Біршы, караля Гаморы, і супраць Шынаба, караля Адамы, і супраць Шэмэбэра, караля Цэбоіма, і супраць караля Бэлы, або Цаару.
- Гэтыя апошнія каралі прымірыліся між сабой у лагчыне Сідзьдзім, дзе сягоньня Салёнае Мора.
- Дванаццаць гадоў служылі яны Кедор-Лягамэру, а ў трынаццатым годзе паднялі бунт.
- А ў чатырнаццатым годзе прыйшоў Кедор-Лягамэр і іншыя каралі зь ім разам і пабілі Рэфаімаў у Аштэрот-Карнаіме, і Зузімаў у Гаме, і Эмімаў у Шавэ-Кірыятаіме,
- і Харэяў у гарах Сэір аж да Эль-Парану, што ў пустыні.
- І, вярнуўшыся адтуль, яны прыйшлі да Эн-Мішпату, значыць Кадэш, і пабілі Амалекцаў на ўсёй іхняй зямлі, а таксама Амарэйцаў, пражываючых у Хацанон-Тамары.
- Тады каралі Садомы і Гаморы, кароль Адамы і кароль Цэбоіма, а таксама і кароль Бэлы або Цаару выступілі і ўшыкаваліся ў лагчыне Сідзьдзім да бою
- з Кедор-Лягамэрам, каралём Эляму, і Тыдалем, каралём паганскім, і Амрафэлем, каралём Шынэару, і Арыёхам, каралём Эльлясару; чатыры каралі супраць пяці.
- Лагчына ж Сідзьдзім мела многа смалавых ямаў. І вось каралі Садомы і Гаморы кінуліся ўцякаць і схаваліся ў тых ямах, а астатнія ўцяклі ў горы.
- А пераможцы ўзялі ўсю маёмасьць Садомы і Гаморы і ўсе запасы харчоў і пайшлі.
- Узялі яны таксама Лёта, сына брата Абрама, каторы жыў у Садоме, і маёмасьць яго.
- А адзін з ацалеўшых прыбыў і паведаміў Абраму, Гебраю, каторы жыў каля дубровы нейкага Амарэйца, імем Мамрэ, брата Эшколя і брата Анэра, якія заключылі запавет з Абрамам.
- Калі даведаўся Абрам, што ягоны брат Лёт у палоне, сабраў спасярод слугаў сваіх трыста васемнаццаць найбольш спраўных мужчынаў і пусьціўся ў пагоню аж пад Дан.
- І, падзяліўшы сваіх людзей на дружыны, ноччу кінуўся на ворагаў і разьбіў іх, і гнаў іх аж да Гобы, што налева ад Дамашку.
- І вярнуў ён усю маёмасьць, а таксама брата свайго Лёта зь ягонай маёмасьцю, жанчын і слугаў.
- Калі Абрам па перамозе над Кедор-Лягамэрам і каралямі, каторыя зь ім былі, вяртаўся, пераняў яго ў лагчыне Шавэ, або Каралеўскай кароль Садомы.
- А Мэльхісэдэк, кароль Салему, прынёс хлеб і віно, бо быў сьвятаром Бога Ўзвышняга,
- і дабраславіў яго, і сказаў: “Хай будзе дабраслаўлены Абрам Богам Узвышнім, Каторы стварыў неба і зямлю.
- Хай будзе дабраслаўлены Бог Узвышні, Каторы аддаў у рукі твае ворагаў тваіх”. І даў яму (Абрам) дзесятую частку з усяго.
- А кароль Садомы сказаў Абраму: “Аддай мне людзей, а маёмасьць вазьмі сабе”.
- Абрам адказаў каралю Садомы: “Падымаю руку сваю да Госпада, Бога Ўзвышняга, Творцы неба і зямлі,
- што ані ніткі, ані раменьчыка ад сандалаў, нічога не вазьму з усяго таго, што табе належыцца, каб ты пасьля не казаў: “Гэта я ўзбагаціў Абрама”,
- за выняткам таго, што пайшло на пракармленьне юнакоў, ды апроч часткі здабытай маёмасьці для тых, каторыя хадзілі са мною, – для Анэра, Эшколя і Мамрэ; хай яны возьмуць найлепшыя іх часткі”.
Разьдзел 15
- Пасьля гэтых здарэньняў прамовіў Госпад у зьяве да Абрама: “Ня бойся, Абраме! Я – апякун твой, нагарода твая вельмі вялікая”.
- Абрам сказаў: “О, Госпадзе Божа, што Ты дасі мне? Я пайду без дзяцей, спадкаемцам дому майго будзе Эліэзэр з Дамашку”.
- І дадаў Абрам: “Вось жа ня даў Ты мне патомка, дык народжаны мною слуга будзе маім спадкаемцам”.
- Але Госпад зноў прамовіў да яго: “Ня ён будзе спадкаемцам тваім, але той, каторы выйдзе з нутра твайго, яго будзеш мець спадкаемцам”.
- І вывеў яго Бог на двор і сказаў яму: “Глянь на неба і палічы зоркі, калі зможаш”. І сказаў далей: “Такім будзе патомства тваё”.
- І паверыў ён Госпаду, і Ён залічыў гэта яму за заслугу.
- І сказаў яму: “Я – Госпад, Каторы вывеў цябе з Уру Хальдэйскага, каб даць табе гэтую зямлю на ўласнасьць”.
- А ён сказаў: “Госпадзе Божа, з чаго магу ведаць, што я займею яе?”
- Адказаў Госпад: “Вазьмі Мне трацячку ялаўку, і трохгадовую казу, і трохгадовага барана, турка і галубку”.
- Дык узяўшы ўсё гэта, Абрам папе-расякаў іх уздоўж на палавіны і папера-сяканыя часткі паклаў адну насупраць другой; але птушак не перасякаў.
- Калі ж да гэтага мяса пачалі зьлятацца птушкі драпежныя, Абрам адагнаў іх.
- А калі сонца хілілася на захад, моцны сон ахапіў Абрама, і вось страх вялікі апанаваў яго, і ахутала яго цемра.
- І было сказана яму: “Ведай гэта добра, што патомкі твае будуць прыхаднямі ў зямлі не сваёй, і чатырыста гадоў будуць паня-волены і перасьледаваны;
- але народ, катораму будуць яны служыць, Я асуджу, і пасьля таго выйдуць яны зь вялікай маёмасьцю.
- Ты вось пойдзеш да бацькоў сваіх у супакоі, у добрай старасьці будзеш пахаваны.
- Твае патомкі вернуцца сюды ў чацьвёртым пакаленьні, калі ўжо дапоўніцца мера злачынстваў Амарэйцаў”.
- І калі ўжо зайшло сонца і стала непраніцальная цемра, паказаўся дым, як бы зь печы, і агонь, як гаручае полымя, прайшоў між расьсечанымі жывёламі.
- У той дзень вось заключыў Госпад з Абрамам запавет, кажучы: “Я даю гэтую зямлю патомству твайму, ад ракі Эгіпецкай аж да вялікай ракі Эўфрат:
- разам з Кенэямі, Кенэзэямі, Кад-манеямі,
- Гетытамі, Пэрэзэямі, Рэфаімамі,
- Амарэйцамі, Хананейцамі, Гергесеямі і Ебусеямі.”
Разьдзел 16
- А Сарай, жонка Абрама, не нарадзіла яму дзяцей, але мела яна нявольніцу Эгіпцянку імем Агар.
- І сказала яна мужу свайму: “Вось, зачыніў Госпад мне ўлоньне, каб я не радзіла; дык увайдзі да служанкі маёй, можа зь яе атрымаю дзяцей”. І Абрам паслухаў рады Сарай.
- І Сарай, жонка Абрама, узяла служанку Агар, Эгіпцянку, і дала яе за жонку мужу свайму Абраму, калі ўжо мінула дзесяць гадоў, як Абрам пасяліўся ў зямлі Ханаан.
- І Абрам уваходзіў да Агары, і яна пачала. Але убачыўшы, што пачала, яна стала пагарджаць гаспадыняй сваёй.
- Тады сказала Сарай Абраму: “Крыўдзіш ты мяне; я табе дала служанку маю на ўлоньне тваё, і яна, чуючыся, што пачала, ганьбуе мною. Хай Госпад будзе судзьдзёю між мною і табой”.
- Абрам ёй адказаў: “Ведаеш, служанка твая ў рукох тваіх, зрабі зь ёй, як табе падабаецца”. Сарай тады стала ўпакараць яе, і яна ўцякла ад яе.
- Калі Анёл Госпадаў знайшоў яе каля крыніцы вады ў пустыні, пры крыніцы пры дарозе на Цур,
- спытаўся ў яе: “Агар, нявольніца Сарай, адкуль ты прыйшла і куды ідзеш?” Яна адказала: “Я ўцякаю ад пані сваёй Сарай”.
- Сказаў ёй Анёл Госпадаў: “Вярніся да пані сваёй і пакорна падпарадкуйся ёй”.
- І Анёл Госпадаў паведаміў ёй: “Багата размножу патомства тваё, нельга будзе зьлічыць яго дзеля вялікасьці”.
- І далей сказаў ёй Анёл Госпадаў: “Вось, ты пачала і народзіш сына, і назавеш яго імем Ізмаэль, таму што Госпад пачуў пра гора тваё.
- Ён будзе чалавекам, падобным да дзікага асла, будзе ён ваяваць супраць усіх, і ўсе – супраць яго; і будзе ён ставіць палаткі ва ўсіх акругах братоў сваіх”.
- І (Агар) назвала Госпада, пра-маўляючага да яе: “Ты Бог, Каторы бачыш мяне”. І сказала яна: “Напэўна бачыла я тут Таго, Хто бачыць мяне”.
- Дзеля таго студню гэтую назвалі Бээр-Ляхай-Рой. Яна паміж Кадэшам і Барэдам.
- І нарадзіла Агар Абраму сына. І Абрам назваў народжанага яму Агарай сына імем Ізмаэль.
- Абрам меў восемдзесят шэсьць гадоў, калі Агар нарадзіла яму Ізмаэля.
Разьдзел 17
- А калі Абрам меў дзевяноста дзевяць гадоў, явіўся яму Госпад і сказаў яму: “Я – Бог Усемагутны. Хадзі перада Мной і будзь беззаганны.
- Я заключу запавет Мой паміж Мной і табой і павялічу цябе вельмі-вельмі”.
- Абрам упаў вобліч, а Бог казаў яму:
- “Вось угода Мая з табой. Ты будзеш бацькам многіх народаў.
- Ня будзеш называцца Абрамам, але Абрагам будзе імя тваё. Устанавіў бо Я цябе бацькам многіх народаў.
- Я дам табе разрастацца вельмі хутка, і выведу ад цябе народы, і будуць паходзіць ад цябе каралі.
- І Я заключу запавет Мой паміж Мною і табой, і патомствам тваім па табе як запавет вечны, каб Я быў Богам тваім і па табе Богам патомства твайго.
- І Я дам табе і патомству твайму па табе зямлю пілігрымаваньня твайго, усю зямлю Ханаан на ўласнасьць вечную, і Я буду ім Богам”.
- І зноў прамовіў Бог да Абрагама: “Ты вось беражы запавет Мой, ты і патомства тваё па табе з пакаленьня ў пакаленьне.
- Гэта вось запавет Мой, які вы павінны захаваць паміж Мной і вамі, і патомствам тваім па табе. Хай будзе ў вас абрэзаны кожны мужчынскага роду.
- Вы будзеце абразаць крайнюю часьць плоці вашай, каб было гэта на знак запавету паміж Мною і вамі.
- У восьмы дзень ад нараджэньня хай будзе абрэзана ў вас дзіця мужчынскага роду з пакаленьня ў пакаленьне, і слуга, народ-жаны ў вашым доме або куплены за грошы, і кожны чужынец, каторы ня ёсьць тваім патомкам.
- Мае быць абрэзаны народжаны ў доме тваім і куплены за грошы; вось гэтакі будзе запавет Мой на целе вашым, запавет вечны.
- Неабрэзаны ж мужчынскага роду, каторы не абрэжа крайняй плоці сваёй (у восьмы дзень), хай будзе вылучана душа тая з народу свайго, бо ён парушыў запавет Мой”.
- І сказаў яшчэ Бог Абрагаму: “Сарай, жонку тваю, ня будзеш называць Сарай, але Сара будзе імя яе.
- І Я буду дабраславіць ёй, і дам зь яе табе сына. Я буду дабраславіць ёй, і будзе яна маткай народаў, і зь яе паўстануць каралі народаў”.
- Абрагам упаў вобліч, і ўсьміхнуўся, і падумаў у сэрцы сваім: “Ці ж стогадоваму чалавеку можа нарадзіцца сын? Або дзевяностагадовая Сара ці можа радзіць?”
- І сказаў Богу: “О, каб хоць Ізмаэль жыў перад воблікам Тваім!”
- А Бог кажа яму: “Сара, жонка твая, народзіць табе сына, і ты назавеш імя яго Ізаак; і Я заключу запавет Мой зь ім як запавет вечны і з патомствам яго па табе.
- Таксама адносна Ізмаэля Я выслухаў цябе: вось жа Я буду багаславіць яму, і дам расьці, і размножу яго вельмі; ён будзе мець дванаццаць князёў, і Я разрашчу яго ў вялікі народ.
- Але ўстанаўлю запавет Мой зь Ізаакам, каторага народзіць табе Сара ў гэты час у наступным годзе”.
- І перастаў зь ім гаварыць, і адыйшоў Бог ад Абрагама.
- Дык узяў Абрагам Ізмаэля, сына свайго, і ўсіх ураджэнцаў дому свайго, і ўсіх купленых, і ўсіх хатнікаў мужчынскага роду, і яшчэ таго самага дня абрэзаў крайнюю плоць іх, як загадаў яму Бог.
- Абрагам меў дзевяноста дзевяць гадоў, калі абразаў плоць цела свайго,
- а Ізмаэль, сын яго, меў трынаццаць гадоў, калі была абрэзана плоць яго.
- Таго самага дня былі абрэзаны Абрагам і сын яго Ізмаэль,
- а разам зь імі былі абрэзаны ўсе яго хатнія, слугі, народжаныя ў яго доме, або чужыя, купленыя за грошы.
Разьдзел 18
- І явіўся Госпад Абрагаму каля дуб-ровы Мамрэ, калі ён сядзеў ля ўваходу ў палатку ў самую сьпякоту дня.
- Калі ён падняў вочы, убачыў: вось,тры чалавекі стаяць насупраць яго. Калі ён ўбачыў іх, то пасьпяшаўся ад дзьвярэй палаткі сваёй на спатканьне ім. І, пак-ланіўшыся ім да зямлі,
- сказаў: “О, Госпадзе мой, калі знайшоў я ласку на віду ў Цябе, не мінай слугі Свайго.
- Прынясуць крыху вады, і абмыеце ногі вашыя ды адпачніцё пад дрэвам.
- А я прынясу лусту хлеба, і пасіліце сэрца вашае, а потым пойдзеце далей; бо вось павярнулі вы да слугі свайго”. Яны сказалі: “Зрабі так, як сказаў”.
- І пасьпяшаў Абрагам у палатку да Сары і сказаў ёй: “Замяшай хутка тры меркі найлепшай мукі і напячы бондачак хлеба”.
- А сам пабег да статку і адтуль выбраў найсыцейшае цялё, і даў яго слузе, каб ён хутка сьпёк яго.
- І прынёс таксама масла і малака, і цялё, якое сьпёк, і даў ім, а калі яны елі, стаяў перад імі пад дрэвам.
- І папыталіся ў яго: “А дзе жонка твая, Сара?” Адказаў ім: “У гэтай вось палатцы”.
- І сказаў (адзін зь іх): “Калі ў гэты час за год зноў наведаю цябе, Сара, жонка твая, будзе мець сына”. Пачуўшы гэта, Сара, стоячы за імі ля ўваходу ў палатку, засьмяялася.
- Бо былі абое старыя падошлай старасьці, і звычайныя аб’явы ў жанчыны спыніліся.
- Усьміхнулася яна ўнезаметку, думаючы: “Калі ўжо я састарэлася, і муж мой стары, ці маю мець асалоду?”
- І сказаў Госпад Абрагаму: “Чаго сьмяецца Сара і кажа: ці сапраўды магу нарадзіць старая?
- Ці ж Госпаду ёсьць што немагчымае? Калі наведаю цябе за год у гэты час, Сара будзе мець сына”.
- А Сара запярэчыла, кажучы: “Я не сьмяялася,” бо ахапіў яе страх. Але Госпад сказаў: “Не, сьмяялася!”
- Дык тыя людзі падняліся і накіравалі вочы свае на Садому, а Абрагам разам пайшоў, праводзячы іх.
- І сказаў Госпад: “Ці ж магу хаваць перад Абрагамам, што маю зрабіць?
- Ён бо станецца народам вялікім і магутным, і ў ім атрымаюць дабраславенства ўсе народы на зямлі.
- Бо выбраў Я яго, каб загадваў сынам сваім і радні сваёй па сабе, каб пільнаваліся дарогі Госпадавай і чынілі справядлівасьць і суд, каб выканаў Госпад Абрагаму ўсё тое, што сказаў яму”.
- І сказаў Госпад: “Скарга на Садому і на Гамору павялічылася, і грэх іхні надта цяжкі.
- Дык зыйду і пагляджу, ці скарга, якая дайшла да Мяне, збываецца на дзеі, ці не?”
- І павярнулі тыя людзі, і накіраваліся ў Садому. А Абрагам ўсё стаяў перад Госпадам.
- І, падыйшоўшы да Яго, спытаў: “Ці загубіш справядлівага разам зь бязбожным?
- Калі б прыпадкам у горадзе было пяцьдзесят справядлівых, ці сапраўды загубіш і не пашкадуеш таго месца дзеля пяцідзесяці справядлівых, калі б у ім былі?
- Не рабі так, каб загубіў Ты справя-длівага ды зь бязбожным, каб справядліваму было таксама, як і бязбожнаму! Не рабі! Ці ж судзьдзя ўсёй зямлі паступіць несправядліва?”
- Госпад адказаў: “Калі знайду ў Садоме пяцьдзесят справядлівых сярод жыхароў, то дзеля іх прабачу ўсяму гораду”.
- І зноў Абрагам прамовіў: “Вось жа пачаў я прасіць Госпада майго, хоць я пыл і парахно.
- А што, а калі б не хапала пяці сярод гэтых пяцідзесяці справядлівых, ці дзеля нястачы пяці зьнішчыш увесь горад?” Бог кажа: “Ня зьнішчу, калі знайду там сорак пяць”.
- Зноў зьвярнуўся Абрагам у гэтыя словы: “Калі б прыпадкам было там толькі сорак?” Кажа Бог: “Ня зьнішчу дзеля сарака”.
- “Ня гневайся на мяне, прашу, Госпадзе, калі папытаюся: Калі б часам знайшлося там трыццаць?” Адказаў Бог: “Ня зьнішчу, калі знайду тамака трыццаць”.
- “Дазволь, — кажа, — Госпадзе, зноў спытацца. Можа часам знайшлося там дваццаць?” Бог кажа: “Ня зьнішчу дзеля дваццаці”.
- “Вось жа, — кажа, — хай ня гневаецца Госпад мой, калі папытаюся яшчэ раз. Можа часам знайшлося б там дзесяць?” Адказаў Бог: “Ня зьнішчу дзеля дзесяці”.
- І скончыўшы размову з Абрагамам, Госпад пайшоў, а Абрагам вярнуўся ў сваё месца.
Разьдзел 19
- Вечарам, калі Лёт сядзеў у браме гораду, прыбылі тыя два анёлы ў Садому, і ён, калі ўбачыў іх, падняўся і пайшоў на спатканьне ім, і ўшанаваў іх, паўшы на зямлю,
- і сказаў: “Малю, валадары мае, загляньце ў дом слугі вашага і пераначуйце. Памыйце ногі вашыя і нараніцы выбярэцеся ў дарогу вашу”. Яны адказалі: “Ніякім чынам, мы пераначуем на двары”.
- Але ён прасіў іх моцна, і яны накіраваліся да яго. І калі прыйшлі ў дом ягоны, ён справіў гасьціну, напёк прэсных бондаў, і яны пасіліліся.
- Не ляглі яны яшчэ спаць, як людзі з гораду, жыхары Садомы, акружылі дом, ад малога да старога, увесь натоўп разам.
- І выклікалі яны Лёта, і сказалі яму: “Дзе тыя людзі, што ўвайшлі да цябе ноччу? Выведзі іх да нас, каб мы пазналі іх”.
- Выйшаў да іх Лёт, замкнуўшы за сабою дзьверы, і кажа:
- “Прашу, браты мае, не рабіце нічога благога.
- Вось маю дзьве дачкі незамужнія. Выведу іх да вас, і вы, што вам падабаецца, рабіце зь імі, толькі мужчынам гэтым нічога не рабіце, бо яны прыйшлі ў цень даху майго”.
- Але яны сказалі: “Ідзі адсюль”. І дадалі: “Сам прыблуда, і хоча судзіць? Дык вось цябе самога мы болей прыжмём, нячым іх”. І накінуліся зь вялікай сілай на Лёта , і ўжо ледзь не выламалі дзьверы.
- Тады тыя людзі выцягнулі рукі і ўцягнулі Лёта да сябе, і зачынілі дзьверы.
- А тых, што былі на двары, ад найменшага да найбольшага, пакаралі сьлепатою так, што не маглі яны знайсьці дзьвярэй.
- І сказалі тыя людзі Лёту: “Маеш тут яшчэ каго свайго? Зяця, сыноў або дачок, усіх, хто з тваіх ёсць у горадзе, выведзі з гэтага месца,
- бо мы зьнішчым гэты горад, таму што скарга на яго дайшла да Госпада, і Ён паслаў нас, каб мы зьнішчылі яго”.
- Тады выйшаў Лёт і сказаў зяцям сваім, каторыя мелі жаніцца зь ягонымі дочкамі, і падганяў: “Уставайце, бяжым з гэтага месца, бо Госпад мае зьнішчыць горад”. Ім жа здавалася, што ён жартуе.
- На сьвітаньні анёлы падганялі Лёта, кажучы: “Уставай, бяры жонку сваю і дзьве дачкі, якія маеш тут, каб не загінуў ты праз злачыннасьць гораду”.
- А калі марудзіў, падхапілі тыя людзі яго за рукі, і жонку, і дзьве дачкі ягоныя, бо Госпад пашкадаваў іх,
- і вывелі яго, і пакінулі за горадам. Там сказаў адзін зь іх: “Ратуй жыцьцё сваё, і не аглядайся назад, і не затрымоўвайся нідзе ў гэтай мясцовасьці, але ў гарах шукай ратунку, бо інакш прападзеш!”
- Лёт сказаў ім: “Не, Госпадзе мой!
- Вось жа, калі слуга Твой знайшоў ласку ў Цябе, і Ты ўславіў міласэрдзе Сваё, аказваючы яго мне, каб уратаваць жыцьцё маё , не магу хавацца ў гарах, каб не напаткала мяне гора, і не памёр я.
- Вось жа горад гэты блізка, у які я магу ўцячы, малы, але ў ім уратуюся, дык што малы – захаваю жыцьцё сваё”.
- І сказаў яму: “Я ў гэтым таксама прыняў просьбу тваю, каб ня зьнішчыць гораду, у які ты прасіўся.
- Сьпяшайся і ратуйся там, бо не магу нічога рабіць, пакуль туды ня ўвойдзеш”. Таму і дадзена імя тому месцу Цаар.
- Сонца паднялося ўжо над зямлёю, калі Лёт прыбыў у Сэгор.
- Тады Госпад спусьціў на Садому і Гамору дождж серкі і агня ад Госпада зь неба,
- і зьнішчыў гарады гэтыя і ўсю мясцовасьць кругом, усіх жыхароў гарадоў гэтых і ўсю зеляніну зямлі.
- А жонка Лёта, аглянуўшыся за сябе, стала слупом солі.
- Абрагам жа, падняўшыся рана, пайшоў на тое месца, дзе стаяў раней перад Госпадам,
- і глянуў на Садому і Гамору, і на ўвесь той абшар. І ўбачыў дым густы, быццам зь печы, які падымаўся над зямлёй,.
- Так вось Бог, нішчучы гарады гэтай мясцовасьці, памятаючы на Абрагама, ухаваў Лёта ад гібелі з гарадамі, у якіх ён пражываў.
- І выйшаў Лёт з Цаару, і абжыўся разам з дзьвюма дачкамі сваімі ў гарах, бо баяўся заставацца ў тым горадзе . І жыў у пячоры сам і абедзьве дачкі яго.
- І сказала старэйшая малодшай: “Бацька наш стары, а ніводнага з мужчынаў не засталося на зямлі, каторы б мог прыйсьці да нас па звычаю ўсёй зямлі.
- Хадзі, напоім бацьку нашага віном і будзем спаць зь ім, каб зьберагчы маглі патомства ад бацькі нашага”.
- І далі яны ў тую ноч бацьку свайму піць віно; і ўвайшла старэйшая, і спала з бацькам. Ён жа ня чуў, ані калі яна лягла, ані калі ўстала.
- На другі дзень кажа старэйшая малодшай: “Я вось учора спала з бацькам маім. Дайма яму піць віно таксама ў гэтую ноч, і ты ўвойдзеш, і будзеш спаць зь ім, каб захаваць патомства ад бацькі нашага”.
- І далі яны і ў гэтую ноч бацьку свайму піць віно, і ўвайшла малодшая дачка, і спала зь ім. А ён таксама ня чуў, ані калі яна лягла, ані калі ўстала.
- І так абедзьве дачкі Лёта пачалі ад бацькі свайго.
- І нарадзіла старэйшая сына, і назвала імя яго – Мааб. Ён ёсьць бацькам Маабцаў аж па сёньняшні дзень.
- Малодшая таксама нарадзіла сына і назвала яго імем Бэн-Амі . Ён ёсьць бацькам сыноў Амона аж да сягоньня.
Разьдзел 20
- Адсюль Абрагам перабраўся ў зямлю Нэгэб, і абжыўся між Кадэшам і Шурам. А калі прабываў ён у Герары,
- казаў аб сваёй жонцы: “Яна мая сястра”. Дык Абімэлех, кароль Герару, паслаў людзей і забраў яе.
- І прыйшоў Бог да Абімэлеха ноччу ўва сьне і кажа яму: “Ты вось памрэш дзеля жанчыны, каторую ўзяў, яна бо мае мужа”.
- А Абімэлех не дакранаўся яе, дык адказаў: “Госпадзе, ці ж і народ справядлівы будзеш забіваць?
- Ці ж ён сам не сказаў мне: “Яна сястра мая”, і яна казала таксама: “Ён брат мой”. У прастаце сэрца свайго і ў чыстасьці рук маіх я зрабіў гэта”.
- І сказаў яму Бог ува сьне: “Я ведаю, што ў прастаце сэрца ты зрабіў гэта, і таму бярог цябе, каб ты не саграшыў адносна Мяне, і не дапусьціў, каб ты дакрануўся яе.
- Цяпер вось вярні жонку мужу ейнаму, бо ён прарок, і будзе маліцца за цябе, і ты будзеш жыць. Калі ж не захочаш вярнуць, то ведай, што памрэш ты і ўсе, хто твае”.
- І зараз жа нараніцы, падняўшыся, склікаў Абімэлех усіх слугаў сваіх і расказаў ім усе гэтыя словы. І людзі дужа спужаліся.
- І паклікаў Абімэлех Абрагама і сказаў яму: “Што ты зрабіў нам? Чым я саграшыў табе, што ты навёў на мяне і на каралеўства маё вялікі грэх? Што ты не павінен быў зрабіць, зрабіў мне”.
- І зноў сказаў: “Што ты думаў, робячы гэта?”
- Абрагам адказаў: “Я разважаў так: на гэтым месьце напэўна няма страху Божага, дык заб’юць мяне дзеля жонкі маёй.
- Дарэчы, яна сапраўды сястра мая, як дачка бацькі майго, але зь іншай маткі. І яна сталася маёй жонкай.
- Калі мне Бог казаў выйсьці з дому бацькі майго і вандраваць, я сказаў ёй: “Акажы ты мне гэту ласку: у кожным месцы, куды прыбудзем, ты кажы, што я брат твой”.
- Дык узяў Абімэлех авечак, валоў і слугаў, і служанак і даў Абрагаму. І вярнуў яму Сару, жонку ягоную,
- і сказаў: “Вось зямля мая перад табой, дзе б табе падабалася – жыві”.
- А Сары сказаў ён: “Даю брату твайму тысячу сыкляў серабра. Хай для ўсіх, каторыя з табой, будзе табе доказам, што ты безь віны”.
- І Абрагам памаліўся да Бога, і Бог аздаравіў Абімэлеха і жонку ягоную, і ягоныя нявольніцы, каб маглі мець патомства.
- Госпад бо дакрануў бясплоднасьцю ўсе ўлоньні ў доме Абімэлеха за Сару, жонку Абрагама.
Разьдзел 21
- Наастатак аказаў Госпад сваю ласку Сары, як абяцаў, і зьдзейсьніў тое, што прадказваў.
- І яна пачала, і нарадзіла Абрагаму сына ў той вось час, які Бог вызначыў.
- І Абрагам даў сыну свайму, каторага Сара нарадзіла яму, імя Ізаак.
- І абрэзаў Абрагам Ізаака, калі той меў восем дзён, як яму Бог загадаў.
- Абрагам меў сто гадоў, калі яму нарадзіўся сын ягоны, Ізаак.
- І Сара казала: “Прычыну да сьмеху даў мне Бог, хто ні пачуе пра мяне, будзе сьмяяцца”.
- І зноў казала: “Хто б адважыўся сказаць Абрагаму: Сара будзе грудзьмі карміць дзяцей, а ўсё ж такі я нарадзіла сына міма старых гадоў майго мужа”.
- І дзіця вырасла, і было аднятае ад грудзей. І Абрагам справіў вялікі баль у той дзень, у які Ізаак быў адняты ад грудзей.
- А Сара, бачучы, што сын Эгіпцянкі Агары, каторага яна нарадзіла Абрагаму, насьміхаецца зь Ізаака,
- сказала Абрагаму: “Выгані гэтую нявольніцу разам зь яе сынам, бо сын гэтай нявольніцы ня будзе спадкаемцам з сынам маім, Ізаакам”.
- Прыкра прыняў гэта Абрагам дзеля сына свайго.
- Але вось Бог сказаў яму: “Хай табе не здаецца прыкрым тое, што сказала Сара пра хлопца і пра тваю нявольніцу. Паслухай яе, бо толькі ад Ізаака будзе названа патомства тваё.
- Але і з сына нявольніцы Я зраблю вялікі народ, бо ён ёсьць тваім патомкам”.
- І ўстаў назаўтра Абрагам рана, узяў хлеба і мех вады, і даў Агары, ускладаючы ёй на плечы, і адправіў яе разам зь дзіцем. Яна ж пайшла і цягалася па пустыні Бээр-Шэба.
- А калі ня стала вады ў мяху, яна палажыла дзіця пад адным кустом,
- потым адыйшла і села далёка, на стрэл лука, і сказала сабе: “Няхай ня ўбачу сьмерці дзіцяці”. І седзячы насупраць, пачала ўголас плакаць.
- І Бог пачуў крык дзіцяці. І Анёл Госпадаў азваўся зь неба да Агары, кажучы: “Што табе, Агар? Ня бойся, пачуў вось Бог крык дзіцяці адтуль, дзе знаходзіцца.
- Устань, падымі дзіця, вазьмі яго рукою сваёй, бо Я зь яго зраблю вялікі народ”.
- І адкрыў Бог ёй вочы, і ўбачыла яна студню з вадой. Яна пайшла, напоўніла мех вадой і дала хлопцу напіцца.
- І Бог быў зь ім, і ён рос і жыў на пустыні, і зрабіўся стральцом з лука.
- І пражываў ён на пустыні Паран, а маці падабрала яму жонку зь зямлі Эгіпецкай.
- У той час Абімэлех і Піколь, начальнік ягонага войска, сказалі Абрагаму: “Бог з табой у-ва ўсім, што ты робіш.
- Дык злажы тут, на гэтым месцы, прысягу на Бога, што ты ані адносна мяне, ані адносна майго патомства бліжэйшага не дапусьцішся здрады, але як я абыходзіўся з табой, так і ты будзеш абыходзіцца са мной і зь зямлёй, у каторай гасьціш прыбыльцам”.
- Абрагам сказаў: “Прысягаю”.
- Прытым аднак упікнуў Абрагам Абімэлеха за студню з вадой, якую слугі яго забралі сілай.
- Адказаў Абімэлех: “Ня ведаю, хто гэта зрабіў. Але ані ты мне гэтага не казаў, ані я ня чуў пра гэта аж да сёньня”.
- Дык узяў Абрагам авец і валоў і даў Абімэлеху, і так абодва заключылі запавет.
- І паставіў Абрагам сем ягнят са стада асобна.
- І спытаўся Абімэлех у яго: “Пашто сем ягнят гэтых ты паставіў асобна?”
- А ён адказаў: “Сем ягнят атрымаеш з рукі маёй, каб былі мне сьведчаньнем, што я выкапаў гэтую студню”.
- Таму месца тое названае Бээр-Шэба, бо тут абодва прысяглі.
- Так у Бээр-Шэбе ўвайшлі яны ў запавет.
- Пасьля вось Абімэлех і Піколь, начальнік войска ягонага, вярнуліся ў зямлю Філістынцаў. А Абрагам пасадзіў лес у Бээр-Шэбе і прызываў там імя Госпада, Бога Вечнага.
- І жыў Абрагам як чужынец у зямлі Філістынцаў многія дні.
Разьдзел 22
- Па гэтых падзеях Бог захацеў выспрабаваць Абрагама, і сказаў яму: “Абрагаме!” Ён адказаў: “Вось я”.
- І сказаў Бог: “Вазьмі сына адзінага свайго, якога любіш, Ізаака, і ідзі ў зямлю Морыя, і ахвяруй там яго ў цэлапаленьне на адной гары, якую Я табе пакажу”.
- Дык Абрагам устаў рана, асядлаў асла свайго, узяў з сабою двух юнакоў сваіх і Ізаака, сына свайго. І нанёс ён дроваў на паленьне, і ўстаў, і выбраўся ў мясцовасьць, пра якую загадаў яму Бог.
- У трэці вось дзень, падняўшы вочы, убачыў ён у далечыні гэтую мясцовасьць,
- і сказаў юнакам сваім: “Застанецеся тут з аслом; а я з сынам пайду туды і паклонімся Богу, і вернемся да вас”.
- І ўзяў Абрагам дровы на спаленьне ахвяры, і ўзлажыў іх на сына свайго, Ізаака. А сам нёс у рукох агонь і нож. Калі так абодва ішлі разам,
- Ізаак спытаўся ў бацькі свайго: “Айцец мой”, ён адказаў: “Што хочаш, сыне?” “Вось жа, — кажа ён, — агонь і дровы, а дзе ж ахвяра на спаленьне?”
- Адказаў яму Абрагам: “Бог угледзіць сабе ахвяру на спаленьне, сын мой”. Ды ішлі абодва далей.
- І прыбылі да месца, якое Бог паказаў. На тым месцы Абрагам пабудаваў ахвярнiк і палажыў наверх дровы. Пасьля зьвязаў Ізаака, сына свайго, і палажыў яго на ахвярнiну на дровы,
- і выцягнуў руку сваю Абрагам, і хваціў нож, каб злажыць сына свайго ў ахвяру.
- А вось жа Анёл Госпадаў азваўся да яго зь неба: “Абрагаме, Абрагаме”. Ён адказаў: “Вось я”.
- Анёл сказаў: “Не падымай рукі сваёй на хлопца, і не рабі яму нічога благога! Цяпер пераканаўся Я, што ты баішся Бога і не пашкадаваў сына свайго адзінага дзеля Мяне”.
- І падняў Абрагам вочы свае, і ўбачыў барана нейкага, увязанага за рогі ў церні. Узяў ён яго і злажыў у цэлапальную ахвяру замест сына.
- І назваў Абрагам месца тое: “Госпад бачыць”. Адсюль і да сягоньняшняга дня кажуць: “На гары Госпад даецца ўбачыць”.
- І азваўся другі раз Анёл Госпадаў зь неба да Абрагама:
- “Прысягаю на Самога Сябе, — кажа Госпад, — за тое, што ты ўчыніў гэта і не пашкадаваў сына свайго адзінага,
- буду дабраславіць табе і дам табе патомства так многае, як зоркі на небе і як пясок на беразе мора. Патомства тваё завалодае гарадамі ворагаў сваіх;
- і атрымаюць дабраславенства ў патомстве тваім усе народы зямлі, бо ты паслухаў голасу Майго”.
- І вярнуўся Абрагам да юнакоў сваіх, і падаўся зь імі ў дарогу, і пайшлі ў Бээр-Шэбу, і абжыўся Абрагам ў Бээр-Шэбе.
- Пасьля гэтых падзеяў паведамілі Абрагаму, што Мілька таксама нарадзіла ягонаму брату Нахору сыноў:
- Уца, сына першароднага, і Буза, брата яго, і Кемуэля, бацьку Арама,
- і Кесэда, і Хазо, і Пільдаша, і Едляфа,
- і Бэтуэля, зь якога нарадзілася Рэбэка. Восем гэтых сыноў нарадзіла Мілька Нахору, брату Абрагама.
- А наложніца ягоная імем Рэўма нарадзіла таксама Тэбаха і Гахама, Тахаша і Мааху.
Разьдзел 23
- Сара жыла сто дваццаць сем гадоў.
- І памерла яна ў Кірыят-Арбе, значыць Геброне, у зямлі Ханаан; і прыйшоў Абрагам, каб смуткаваць па Сары і плакаць па ёй.
- А па заканчэньні абраду паховінаў прамовіў ён да сыноў Гета, кажучы:
- “Я ў вас чужынец і пасяленец, дык прадайце мне тут у вас магілу на ўласнасьць, каб мог я пахаваць сваю памёршую”.
- А сыны Гета адказалі Абрагаму:
- “Паслухай нас, гаспадару, князь Божы ты ў нас; дык пахавай сваю памёршую ў найлепшай з магілаў нашых. Ніхто з нас табе не забароніць, каб ты пахаваў сваю памёршую ў яго магіле”.
- Тады Абрагам паўстаў і, аддаўшы паклон народу зямлі гэтай, значыць сынам Гетавым,
- сказаў ім: “Калі вы згаджаецеся, каб я пахаваў памёршую сваю, то паслухайце мяне, папрасіце за мяне Эфрона, сына Цахара,
- каб даў мне пячору Махпэля, якую мае ён на канцы поля свайго. За адпаведную цану хай мне прадасьць яе, каб сярод вас меў я магілу на ўласнасьць”.
- А Эфрон сядзеў сярод сыноў Гета. І Эфрон Гетыт, пры ўсіх сынах Гета, каторыя зыйшоўшыся былі пры браме гораду іхняга, адказаў Абрагаму ў гэтыя словы:
- “Ніколі ня будзе так, пане мой, паслухай мяне. Даю табе поле і пячору, якая на ім, у прысутнасьці сыноў народу майго, хавай нябожчыка свайго”.
- Абрагам пакланіўся перад народам той зямлі,
- і сказаў Эфрону ўслых народу той зямлі: “Прашу, паслухай мяне. Я даю грошы за гэтае поле, прымі іх, і тады пахаваю памёршую сваю на ім”.
- А Эфрон адказаў Абрагаму, кажучы яму:
- “Гаспадару мой, паслухай мяне. Зямля вартая чатырыста сыкляў серабра, сума невялікая для мяне і цябе – хавай сваю памёршую!”
- І паслухаў Абрагам Эфрона, і адважыў грошы на суму, якую Эфрон назваў у прысутнасьці Гетытаў, чатырыста сыкляў серабра, якія былі тады ў ужытку.
- Так вось поле Эфрона ў Махпэлі блізка Мамрэ, дзе была пячора на ім, ды ўсе дрэвы на ім уздоўж граніцы кругом
- сталіся ўласнасьцяй Абрагама, у прысутнасьці Гетытаў і ўсіх, каторыя былі ўвайшоўшы ў браму іхняга гораду.
- Пасьля пахаваў Абрагам Сару, жонку сваю, у пячоры на полі Махпэлі, блізка Мамрэ, значыць Геброну, у зямлі Ханаан.
- Адсюль поле і пячора, што была на ім, перайшлі ад Гетытаў да Абрагама, як магіла на ўласнасьць на хаваньне памёршых.
Разьдзел 24
- І састарэўся Абрагам, і быў многіх гадоў, і Госпад дабраславіў яму ў-ва ўсім.
- І сказаў Абрагам слузе, загадчыку дому свайго, каторы распараджаўся ўсім, што ў яго было: “Палажы руку сваю пад бядро мне
- і прысягні на Госпада, Бога неба і Бога зямлі, што ня возьмеш жонкі для сына майго з дачок Хананейскіх, сярод якіх жыву,
- але пойдзеш у зямлю маю і да радні маёй, і адтуль возьмеш жонку сыну майму, Ізааку”.
- Слуга адказаў: “Калі б жанчына не хацела са мною прыйсьці ў гэту зямлю, ці павінен я тады завесьці сына твайго ў зямлю, зь якой ты паходзіш?”
- Абрагам сказаў: “Сьцеражыся, каб не завесьці туды сына майго.
- Госпад, Бог неба, Каторы забраў мяне з дому бацькі майго і з радзімай зямлі маёй, Ён сказаў мне і запрысягнуў мне, і сказаў: “Гэтую зямлю Я дам патомству твайму”. Ён пашле анёла Свайго перад табою, і ты возьмеш адтуль жонку сыну майму.
- Калі б жанчына не хацела ісьці з табою, тады ты ня будзеш зьвязаны прысягай. Сына толькі не завядзі туды”.
- І палажыў слуга руку сваю пад бядро Абрагама, гаспадара свайго, і прысягнуў яму ў гэтай справе.
- Дык вось слуга ўзяў з сабою дзесяць вярблюдаў, запар каштоўнасьці свайго гаспадара і падаўся ў Арам-Нагараім, у горад, дзе пражываў Нахор.
- І пакінуў ён вярблюды для адпачынку па-за горадам каля студні пад вечар, у той час, калі жанчыны выходзяць чэрпаць ваду.
- І маліўся ён: “Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама, прашу, пашлі яе мне сёньня насустрач і акажы міласэрдзе гаспадару майму Абрагаму.
- Вось жа я стаю каля студні з вадой, і дочкі жыхароў гэтага гораду прыходзяць чэрпаць ваду.
- Дык хай дзяўчына, каторай я скажу: “Нахілі мне збан твой, каб мог напіцца”, а яна адказала б: “Пі сам, і вярблюдам тваім я дам напіцца”, вось гэта тая, якую выбраў Ты слузе Твайму, Ізааку, і з гэтага зразумею, што Ты аказваеш міласэрдзе гаспадару майму”.
- Ня скончыў ён словаў гэтае малітвы, аж вось Рэбэка, дачка Бэтуэля, сына Мількі, жонкі Нахора, брата Абрагама, выйшла, маючы збан на плячы.
- А была дзяўчына тая вельмі прыгожая, дзеўка не замужняя. Яна зыйшла да крыніцы і зачэрпнула поўны збан, і вярталася.
- І пераняў яе слуга, і кажа: “Дай мне крыху напіцца вады з твайго збана”.
- Яна адказала: “Пі, гаспадару мой”, і шыбка спусьціла збан свой на руку сваю, і напаіла яго.
- І, калі напаіла яго, сказала: “Я начэрпаю для вярблюдаў тваіх вады, пакуль усе нап’юцца”.
- І зараз жа выліла ваду са збана ў паіла, і пабегла зноў да студні зачэрпнуць вады, і начэрпала для ўсіх яго вярблюдаў.
- Ён жа моўчкі са зьдзіўленьнем глядзеў на яе, каб пераканацца, ці ўшчась-лівіць Госпад падарожжа яго, ці не.
- А калі вярблюды напіліся, дастаў ён залаты кольчык у паўсыкля вагі і разам узлажыў на яе рукі дзьве залатыя бранзалеты ў дзесяць сыкляў вагі,
- і папытаўся: “Скажы мне, чыя ты дачка, і ці ў доме твайго бацькі знойдзецца месца для нас на начлег?”
- А яна сказала: “Я дачка Бэтуэля, сына Мількі, каторага яна нарадзіла Нахору”.
- І дадала, кажучы: “Хопіць у нас саломы і пашы, а такжа месца на пераначаваньне”.
- Тады чалавек той схіліў галаву і, пакланіўшыся Госпаду,
- сказаў: “Няхай будзе дабраслаўлены Госпад, Бог гаспадара майго Абрагама, Каторы ня ўхіліў міласэрдзя Свайго і вернасьці Сваёй ад гаспадара майго. Мяне ж Госпад прывёў да дому братоў гаспадара майго”.
- І пабегла дзяўчына, і расказала дома маці сваёй усё, што здарылася,
- А Рэбэка мела брата імем Лябан, каторы пасьпешна пайшоў да чалавека туды, дзе была крыніца.
- Калі ўбачыў ён кольчык і бранзалеты на руках сваёй сястры і пачуў, як Рэбэка гаварыла, што ёй той чалавек сказаў гэта, ён пайшоў да чалавека, каторы стаяў каля вярблюдаў недалёка ад студні з вадой,
- і сказаў яму: “Увайдзі, дабраслаўлены Госпадам, чаго стаіш на двары? Я прыгатаваў дом і месца для вярблюдаў”.
- І ўвёў яго ў сьвятліцу, а сам рась-сядлаў вярблюдаў і даў саломы і корму вярблюдам, і падаў вады на ўмыцьцё ног яму і мужчынам, што прыйшлі разам зь ім.
- Калі падалі таму чалавеку пасілак, ён сказаў: “Ня буду есьці, пакуль не скажу справы сваёй”. І сказалі (яму): “Кажы”.
- І ён пачаў: “Я – слуга Абрагама.
- Госпад дабраславіў у асаблівы спосаб майму гаспадару, дзеля таго стаўся ён багатым. Ён даў яму авечак і валоў, серабро і золата, слугаў і служанак, вярблюдаў і аслоў.
- А Сара, жонка ягоная, нарадзіла гаспадару майму сына ў сваёй старасьці. Яму вось аддаў ён усё, што меў.
- І гаспадар мой загадаў мне прысягнуць, што споўню яго даручэньне: “Ня возьмеш сыну майму жонкі з дачок Хананейскіх, у зямлі каторых жыву,
- але падасіся ў дом бацькі майго і ў радню маю, і возьмеш адтуль жонку сыну майму”.
- Я тады сказаў гаспадару майму: “А калі б жанчына не хацела са мной ісьці?”
- “Госпад, — кажа ён, — на віду ў Якога жыву, пашле анёла Свайго з табой, і ён пакіруе дарогай тваёй. Возьмеш сыну майму жонку з радні маёй і з дому бацькі майго.
- Не вінаваты будзеш у клятве маёй, калі прыбудзеш да сваякоў маіх, і не дадуць табе; тады вольны будзеш ад клятвы маёй”.
- Дык прыбыў я сёньня да крыніцы і сказаў: “Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама, каб жа Ты кіраваў дарогай маёй, у якой цяпер знаходжуся.
- Вось я стаю каля крыніцы вады; і дзяўчына выйдзе чэрпаць ваду, і я скажу ёй: “Дай мне крыху вады напіцца са збана твайго”.
- І скажа яна мне: “І ты пі, і вярблюды твае я напаю”, — гэта тая жанчына, якую прызначыў Госпад сыну гаспадара майго.
- Заледзь перастаў я так у духу маліцца, паказалася Рэбэка, прыходзячы са збанам, які несла на плячы. І зыйшла яна да крыніцы, і начэрпала вады. А я кажу ёй: “Дай мне крыху піць”.
- Яна хутка зьняла збан з пляча і сказала мне: “І ты пі, і дам напіцца вярблюдам тваім “. Напіўся я і напаіў вярблюдаў.
- І спытаўся ў яе: “Чыя ты дачка?” Яна адказала: “Я – дачка Бэтуэля, сына Нахора, якога нарадзіла яму Мілька”. Дык павесіў я кольчыкі ў ноздры яе і ўзлажыў бранзалеты на рукі ейныя.
- І, упаўшы, пакланіўся Госпаду, дабраславячы Госпада, Бога гаспадара майго Абрагама, Які прывёў мяне простай дарогай, каб узяў дачку брата гаспадара майго сыну ягонаму.
- Дзеля таго, калі акажаце ласку і вернасьць гаспадару майму, паведамiце мне, а калі не – скажыце, я тады падамся направа або налева”.
- Тады Лябан і Бэтуэль так адказалі: “Ад Госпада выйшла гэтае намярэньне; мы ня можам сказаць па-за воляй Яго што іншае табе.
- Вось Рэбэка перад табой. Вазьмі яе і ідзі, і хай будзе яна жонкаю сына гаспадара твайго, як сказаў Госпад”.
- Калі пачуў гэта слуга Абрагама, упаў на зямлю і пакланіўся Госпаду.
- Затым, выняўшы серабраныя і залатыя рэчы і шаты, даў іх Рэбэцы, і даў каштоўныя рэчы брату яе і маці.
- Тады елі і пілі ён сам і мужчыны, якія былі зь ім, і там пераначавалі. А ўстаўшы нараніцы, сказаў слуга: “Пусьціце мяне, каб вярнуўся я да гаспадара майго”.
- Брат ейны і маці адказалі: “Хай застанецца дзяўчына прынамсі дзесяць дзён у нас, а потым адыйдзе”.
- “Не затрымоўвайце мяне, — кажа ён, — бо Госпад кіраваў дарогаю маёй. Адпусьціце мяне, каб я пасьпяшыў да гаспадара майго”.
- Сказалі яны: “Паклічам дзяўчыну і запытаемся пра яе волю”.
- Калі пакліканая прыйшла, запыталіся яе: “Хочаш ісьці з гэтым чалавекам?” Яна кажа: “Пайду”.
- Дык адпусьцілі Рэбэку, сястру сваю, і карміліцу яе, і слугу Абрагама, і людей ягоных.
- І дабраславілі Рэбэку, і сказалі ёй: “Сястра наша, расьці ў тысячы тысячаў, і хай патомства тваё здабудзе брамы сваіх ворагаў!”
- Тады Рэбэка і ейныя нявольніцы селі на вярблюдаў і падаліся ў дарогу за тым чалавекам. І слуга Абрагама забраў так Рэбэку, і выехаў.
- А Ізаак, каторы ў той час жыў у Нэгэбе, акурат вяртаўся ад студні Ляхай-Рой.
- І выйшаў Ізаак на поле наадвячорак разагнаць думкі. Калі падняў ён вочы, убачыў вярблюдаў надыходзячых.
- Рэбэка таксама падняла вочы і ўбачыла Ізаака, і зьсела зь вярблюда.
- І папыталася ў слугі: “Што гэта за чалавек, што ідзе праз поле на спатканьне нам?” Ён сказаў ёй: “Сам гаспадар мой”. Тады Рэбэка ўзяла вэлюм і закрыла сабе твар.
- А слуга ўсё, што чыніў, расказаў Ізааку.
- І той увёў яе ў палатку Сары, маці сваёй, і ўзяў Рэбэку за жонку, і пакахаў яе, і яна была пацехай яму па сьмерці маткі яго.
Разьдзел 25
- Абрагам узяў яшчэ іншую жонку імем Кетура.
- Яна нарадзіла яму Зімрана, Екшана, і Мэдана, і Мадыяна, і Ішбака, і Шуаха.
- А Екшан быў бацькам Шэбы і Дэдана. Сынамі Дэдана былі Ашурым, і Летушым, і Леумім.
- А з Мадыяна нарадзіліся Эфа, і Эфэр, і Генох, і Абіда, і Эльдаа. Усё гэта сыны Кетуры.
- І аддаў Абрагам усё, што меў, Ізааку.
- Сыноў жа наложніцаў сваіх абдарыў дарамі і аддзяліў іх ад Ізаака, сына свайго, яшчэ пры жыцьці сваім, на ўсход.
- Абрагам пражыў сто семдзесят пяць гадоў.
- І наблізіўся канец яго жыцьця, і памёр Абрагам у позьняй, але шчасьлівай старасьці, насычаны жыцьцём, і палучыўся са сваімі бацькамі.
- Ізаак і Ізмаэль, сыны ягоныя, пахавалі яго ў пячоры Махпэля, на полі Эфрона, сына Цахара Гетыта зь мясцовасьці Мамрэ,
- якую Абрагам купіў ад сыноў Гета. Там пахаваны сам і Сара, жонка ягоная.
- А па сьмерці яго дабраславіў Бог Ізааку, сыну ягонаму, каторы жыў каля студні Ляхай-Рой.
- А вось патомкі Ізмаэля, сына Абрагама, каторага нарадзіла Абрагаму Эгіпцянка Агар, нявольніца Сары.
- Вось імёны сыноў Ізмаэля, імёны патомкаў іхніх: Нэбаёт, першародны сын Ізмаэля, далей Кедар, Адбээль, і Мібсам.
- Мішма, Дума і Масса,
- Гадад і Тэма, Етур, Нафіш і Кедма.
- Вось сыны Ізмаэля, і такія разам мясцовасьці, у якіх яны прабывалі або пасяліліся, дванаццаць князёў іх плямёнаў.
- Ізмаэль у сто трыццаць сем гадоў дайшоў да канца жыцьця, і памёр, і палучыўся з бацькамі сваімі.
- А патомкі яго пражывалі ад Хавілі аж да Шура, насупраць Эгіпту па дарозе ў Асырыю. І пасяліліся яны на віду ўсіх сваіх братоў.
- Гэта дзеі патомкаў Ізаака, сына Абрагама. Абрагам быў бацькам Ізаака.
- Ізаак меў сорак гадоў, калі ўзяў сабе жонку Рэбэку, дачку Бэтуэля, Арамейца з Паддан-Араму, сястру Лябана Арамейца.
- І маліўся Ізаак за сваю жонку да Госпада, бо была яна няплоднай. І Госпад выслухаў яго, і Рэбэка, жонка Ізаака, сталася цяжарнай.
- А калі біліся ў ейным улоньні дзеці, яна падумала: “Калі так бывае, дык чаму ў мяне?” І пайшла папытацца Госпада.
- І Госпад адказаў ёй: “Два народы ў тваім лоне, і два народы выдзяляцца з нутра твайго: адзін будзе дужэйшы ад другога, і старэйшы будзе слугой малодшага”.
- Калі надыйшоў час родаў, выявілася, што ва ўлоньні яе двайняты.
- І выйшаў першы сын чырвоны, увесь, як кажух, касматы; і назвалі яго Эзаў.
- Потым паказаўся брат яго, трымаючы Эзава за пяту. Таму дадзена яму імя Якуб. Ізаак меў шэсьцьдзесят гадоў, калі яны яму нарадзіліся.
- А калі яны выраслі, Эзаў стаўся спрытным паляўнічым, чалавекам палёў; а Якуб быў чалавекам ціхім і пражываў у палатках.
- Ізаак любіў Эзава, таму што любіў страву з упаляваных ім зьвяроў, а Рэбэка любіла Якуба.
- Калі аднойчы Якуб варыў нейкую страву, надыйшоў з поля Эзаў надта змучаны
- і прасіў Якуба: “Дай мне хоць крыху гэтай чырвонай стравы, бо я надта стомлены”. Дзеля гэтай прычыны дадзена яму імя Эдом.
- Якуб сказаў яму: “Прадай мне перш сваё першародзтва”.
- Ён адказаў: “Калі ледзь не ўміраю з голаду, што мне паможа першародзтва?”
- Якуб кажа: “Дык прысягні мне”. І прысягнуў ён, і прадаў першародзтва.
- І так атрымаў хлеб і сачэвіцу, зьеў і выпіў, і ўстаў, і пайшоў, мала зважаючы, што прадаў першародзтва.
Разьдзел 26
- Калі настаў голад на зямлі, другі з чаргі па тым, які быў за часоў Абрагама, Ізаак падаўся да Абімэлеха, караля Філістынскага, у Герар.
- 2. І явіўся яму Госпад, і кажа: “Не ідзі ў Эгіпет, але жыві ў той зямлі, якую Я пакажу табе.
- Вандруй па той зямлі, а Я буду з табой і буду дабраславіць табе. Бо табе і твайму патомству Я аддаю ўсю гэтую зямлю і стрымаю прысягу, якую даў твайму бацьку Абрагаму,
- што размножу патомства тваё, як зоркі на небе, поруч дам твайму патомству ўсе гэтыя землі. І ў тваім патомстве будуць дабраслаўлены ўсе народы зямлі,
- таму што Абрагам паслухаў голасу Майго і выконваў прыказаньні і загады Мае, і даручэньні, і закон”.
- І абжыўся Ізаак у Герары.
- А калі людзі таго месца пыталіся яго пра жонку ягоную, ён адказваў: “Гэта сястра мая”. Бо баяўся прызнацца, што яна зьвязана зь ім сужонствам, каб дзеля прыгажосьці яе не забілі яго часам.
- Калі так пражываў даўжэйшы час, аднойчы Абімэлех, кароль Філістынскі, гледзячы праз вакно, угледзіў Ізаака, каторы сьмяяўся міла да Рэбэкі, як да жонкі.
- І паклікаў тады Абімэлех Ізаака, і сказаў: “Дык яна жонка твая! Чаму ты хлусіш, што яна – сястра твая?” Адказаў (Ізаак): “Бо баяўся, што памру дзеля яе”.
- І сказаў Абімэлех: “Чаму ты зрабіў гэта нам? Мог бы хто з народу ўвайсьці да жонкi тваёй, і гэтым зацягнуў бы вялікі грэх на нас”. І загадаў ён усяму народу, кажучы:
- “Хто дакрануўся б гэтага чалавека і жонкі ягонай, будзе пакараны сьмерцю”.
- І вось сеяў Ізаак у той зямлі, і сабраў у тым годзе стакротны плён, і дабраславіў яму Госпад.
- І ставаўся штораз багацейшы той чалавек, і паступова стаўся дужа багаты.
- І меў ён многія статкі авечак і валоў, і мноства слугаў. Дзеля таго Філістынцы з зайздросьцілі яму,
- i засыпалі зямлёй усе студні, каторыя калісьці выкапалі слугі бацькі яго, Абрагама.
- Сам жа Абімэлех сказаў Ізааку: “Адыйдзіся ад нас, бо ты багацейшы за нас!”
- Дык Ізаак адыйшоў адтуль і паставіў палаткі каля ракі ў Герары, і там абжыўся.
- І зноў капаў студні, каторыя выкапалі ў час бацькі яго, Абрагама, а каторыя па сьмерці Абрагама засыпалі Філістынцы. І назваў ён іх тымі ж назвамі, якімі назваў іх бацька.
- І капалі слугі Ізаака ў даліне (ручаю), і натрапілі там на крыніцу жывой вады.
- Але і там паднялі звадку пастухі Герарскія супраць пастухоў Ізаака, якія казалі: “Гэта наша вада!” Таму і студню тую назвалі Эсэк, бо вадзіліся за яе.
- І выкапалі яны іншую студню, і за яе спрачаліся, і назвалі яе Сітна.
- І выбраўся Ізаак адтуль, і выкапаў іншую студню, пра якую ўжо не спрачаліся, і назваў яе Рэхабот, кажучы: “Цяпер пашырыў нас Госпад, і мы разрастаемся на зямлі”.
- І перасяліўся ён з таго месца ў Бээр-Шэбу.
- І аб’явіўся яму Госпад у тую ноч, і сказаў: “Я – Бог Абрагама, бацькі твайго. Ня бойся, бо Я з табой, Я буду дабраславіць табе, і размножу патомства тваё дзеля слугі Майго, Абрагама”.
- І ён пабудаваў там ахвярнiк і, прызваўшы імя Госпада, паставіў палатку, а слугі яго выкапалі там студню.
- Пасьля прыбылі з Герару Абімэлех і Ахузат, прыяцель яго, поруч Піколь, начальнік войска.
- Ізаак сказаў ім: “Чаго вы прыйшлі да мяне, чалавека, якога зьненавідзелі і выгналі ад сябе?”
- Яны адказалі: “Бачылі мы, што з табой Госпад, і таму сказалі: Хай будзе паміж намі і табой клятва, і мы ўвойдзем з табой у запавет,
- каб ты нам нічога не зрабіў благога, як і мы ня скрыўдзілі цябе, і нічога табе не зрабілі апрача дабра, і спакойна адпусьцілі цябе. Бо ты дабраслаўлены Госпадам”.
- І ён зрабіў ім банкет, і яны напіліся і наеліся.
- І, устаўшы нараніцы, запрысягліся ўзаемна. Правёў іх Ізаак, і яны пайшлі.
- У той дзень прыйшлі слугі Ізаакавы і паведамілі яму пра студню, што выкапалі, кажучы: “Знайшлі мы ваду”.
- Адсюль назвалі яе Шыбэа, і гэта назва дадзена гораду Бээр-Шэба аж па сягоньняшні дзень.
- Калі Эзаў меў сорак гадоў, узяў за жонку Юдыту, дачку Бээры Гетыта, і Басэмат, дачку Элёна Гетыта.
- Яны былі прычынай прыкрасьці для Ізаака і Рэбэкі.
Разьдзел 27
- Калі Ізаак састарэў, зацягнула вочы яму, і ён ня мог бачыць. І паклікаў ён сына свайго старэйшага, Эзава, і сказаў яму: “Сын мой!” Ён адказаў: “Вось я”.
- І бацька кажа яму: “Бачыш, што я састарэў, і ня ведаю дня сьмерці сваёй.
- Дык вазьмі зброю сваю, сагайдак і лук, і ідзі ў поле. Калі на паляваньні што ўпалюеш,
- прыгатуеш мне з таго страву, якую люблю, і прынясеш, каб я паеў, а я ад душы табе дабраслаўлю перш, чым памру”.
- А Рэбэка чула, як Ізаак гаварыў з сынам сваім, Эзавам. І пайшоў Эзаў у поле, каб упаляваць штосьці і прынесьці,
- а Рэбэка сказала сыну свайму, Якубу: “Я вось чула, як бацька твой гаварыў з Эзавам, братам тваім, і казаў яму:
- “Прынясі мне з паляваньня твайго і зрабі мне яду, каб я паеў, і я дабраслаўлю цябе перад Госпадам, перш, чым памру”.
- Дык цяпер, сын мой, слухай, што я табе скажу і што загадаю табе.
- Пасьпяшы да статка і прынясі мне двух найлепшых казьлянятаў, а я зраблю зь іх бацьку твайму пасілак, які ён вельмі любіць.
- Як прынясеш яго бацьку твайму, ён зьесьць і дабраславіць цябе, перш, чым памрэ”.
- Ён ёй адказаў: “Ведаеш жа, што брат мой, Эзаў, касматы чалавек, а я гладкі.
- Калі памацае мяне бацька і пазнае, баюся, каб не падумаў, ён што я яго ашукваю, бо навяду тады на сябе праклён, а не дабраславенства”.
- Кажа яму маці: “Хай на мяне спадзе гэты праклён, сын мой, толькі паслухай, што я кажу, і пасьпяшы прынесьці, што я загадала”.
- І ён пайшоў, і прынёс, і аддаў маці. І прыгатавала яна ежу, як хацеў бацька ягоны,
- і адзела яго ў самае добрае адзеньне Эзава, якое мела ў сябе дома.
- А рукі яго абкруціла скуркамі казьлінымі, і таксама шыю закрыла.
- І дала яна найлепшую страву і хлеб, які сьпякла, у рукі сына свайго, Якуба.
- І ён, увайшоўшы да бацькі свайго, сказаў: “Бацька мой!” А той адказаў: “Слухаю. Хто ты, сын мой?”
- Сказаў Якуб бацьку свайму: “Я Эзаў, першародны твой. Зрабіў я, як ты мне загадаў; уставай, сядзь і еш з упаляваньня майго, каб дабраславіла душа твая мяне”.
- І зноў азваўся Ізаак да сына свайго: “Як гэта так скора мог ты знайсьці дзічыну?” Ён адказаў: “Воля Госпада, Бога твайго, была, што гэта мне ўдалося”.
- Ізаак сказаў Якубу: “Хадзі бліжэй сюды, каб дакрануцца цябе, сын мой, і пра-верыць, ці ты – сын мой Эзаў, ці не?”
- І падыйшоў ён да бацькі, а той, дакрануўшыся яго, сказаў: “Голас Якуба, але рукі, рукі Эзава”.
- І не пазнаў яго, бо касматыя рукі яго былі, як рукі старэйшага, і дабраславіў яго.
- І спытаў яго: “Ці ты сын мой, Эзаў?” Той адказаў: “Я”.
- Кажа яму: “Прынясі мне, што ты ўпаляваў, сын мой, каб дабраславіла цябе душа мая”. І прынёс яму, і ён спажыў, і даў яму таксама віно, і ён пакаштаваў.
- І сказаў яму (Ізаак), бацька ягоны: “Хадзі да мяне і пацалуй мяне, сын мой”.
- Ён прыйшоў і пацалаваў яго. Адразу, як пачуў Ізаак пах адзеньня яго, дабраславіў яму: “Вось жа пах сына майго, як водар поля запоўненага, каторае пабагаславіў Госпад.
- Хай дасьць табе Бог расу зь неба і шчодрасьць зямлі, і ўраджайнасьць збожжа і віна.
- Хай служаць табе народы і пакла-няюцца плямёны. Будзь гаспадаром над братамі тваімі, і хай даюць табе паклон сыны маткі тваёй! Кожны, хто будзе цябе дабра-славіць, хай будзе дабраслаўлены”.
- Калі Ізаак кончыў дабраславіць Якуба, і Якуб выйшаў ад бацькі свайго, Ізаака, надыйшоў Эзаў, брат яго,
- і прынёс звараную ежу з упаляваньня свайго, і сказаў бацьку: “Устань, айцец мой, і еш з упаляваньня сына твайго, каб дабраславіла мяне душа твая”.
- І сказаў яму бацька ягоны: “Хто ты?” Ён адказаў: “Я – сын твой першародны, Эзаў”.
- Ізаак стрывожыўся надта і спытаўся: “Дык хто ж гэта быў, што ўпаляваў дзічыну і прынёс мне, і я еў яе перш, чым ты вярнуўся, і дабраславіў яго? Дык жа гэта ён атрымаў дабраславенства!”
- Калі Эзаў пачуў гэтыя словы бацькі свайго, заплакаў горка, і лямантаваў, і казаў бацьку: “Дай і мне дабраславенства, мой тата!”
- Але Ізаак сказаў: “Прыйшоў падступна брат твой і забраў тваё дабраславенства!”
- Тады сказаў Эзаў: “Справядліва назвалі імя яго Якуб! Двойчы мяне ашукаў: пазбавіў мяне першародзтва, а цяпер адабраў ад мяне дабраславенства!” І сказаў ён: “Ці не захаваў ты мне дабраславенства?”
- Ізаак на гэта сказаў: “Устанавіў вось я яго гаспадаром тваім і ўсіх братоў яго падпарадкаваў яму; абдарыў яго шчодрасьцю збожжа і віна, дык што ж магу для цябе ўчыніць, мой сыне?”
- Але Эзаў сказаў бацьку: “Ці ж ты меў толькі адно дабраславенства, мой тата? Дабраслаў таксама і мяне, айцец мой!” І Эзаў расплакаўся ўголас.
- На гэта Ізаак даў яму такі адказ: “Ня будзе ўраджайная зямля, у каторай будзеш жыць, і ня будзе там расы зь неба,
- зь мяча жыць будзеш і будзеш слугою твайго брата! А прыйдзе час, калі супрацівішся і скінеш ярмо яго з сваіх плячэй”.
- Дык зьненавідзеў Эзаў Якуба дзеля дабраславенства, якім дабраславіў яго бацька, і сказаў у сваім сэрцы: “Калі прыйдуць дні жалобы па бацьку маім, заб’ю Якуба, брата свайго”.
- Калі Рэбэка даведалася пра тое, што казаў Эзаў, ейны старэйшы сын, загадала паклікаць Якуба і сказала яму: “Эзаў, брат твой, пагражае забіць цябе.
- Дык вось, сын мой, паслухай мяне і, рана ўстаўшы, уцякай да Лябана, брата майго, у Харан.
- Пажывеш зь ім нейкі час, пакуль ня спыніцца ярасьць брата твайго,
- а калі праміне абурэньне ягонае, ён забудзе пра тое, што ты зрабіў яму. Потым я пашлю і забяру цябе адтуль сюды. Чаму ў адзін дзень мела б згубіць аднаго і другога сына?”
- І сказала Рэбэка Ізааку: “Ня мілае мне жыцьцё з гэтымі Гетыткамі. Калі яшчэ Якуб возьме сабе жонку Гетытку, або адну з гэтых жанчын, каторыя жывуць у гэтай зямлі, то няма чаго мне жыць!”
Разьдзел 28
- Тады паклікаў Ізаак Якуба, і дабра-славіў яго, і загадаў яму: “Не бяры сабе жонкі з дачок Ханаану.
- Устань, ідзі ў Паддан-Арам, да сям’і Бэтуэля, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе там за жонку адну з дачок Лябана, дзядзькі свайго.
- А Бог Усемагутны будзе табе дабра-славіць і зробіць цябе плодным, і дасьць табе шматлікае патомства, і ты станеш бацькам многіх плямёнаў.
- Дабраславенства, атрыманае Абрагамам, дасьць таксама табе і твайму патомству, каб займеў ты на ўласнасьць зямлю, у якой пражываеш, і якую калісьці Бог даў Абрагаму”.
- І выправіў Ізаак Якуба ў дарогу, і ён пайшоў у Паддан-Арам да Лябана, сына Бэтуэля, Арамейца, брата Рэбэкі, маці Якуба і Эзава.
- А Эзаў, бачучы, што бацька яго дабраславіў Якуба і паслаў яго ў Паддан-Арам, каб адтуль узяў жонку, ды што на дабраславенстве загадаў яму: “Не бяры жонкі з дачок Ханаану”,
- і што Якуб, паслухмяны бацькам сваім, пайшоў у Паддан-Арам,
- і, даведаўшыся таксама, што ягоны бацька ня любіць дачок Ханаану,
- пайшоў да Ізмаэля і ўзяў жонку — апрача тых, што меў, – Махалат, дачку Ізмаэля, сына Абрагама, сястру Нэбаёта.
- А Якуб выйшаў з Бээр-Шэбы і павандраваў у Харан.
- І вось трапіў ён на адно месца, і там заначаваў, бо ўжо сонца зайшло. І ўзяў ён ляжачы там камень, і падлажыў сабе пад галаву, і заснуў на тым месцы.
- Ува сьне бачыў ён драбіну, што абапіралася на зямлю, а верхам дасягала неба, і запар анёлаў Божых, узыходзячых па ёй і зыходзячых уніз.
- І бачыў ён Госпада, Які стаіць на версе яе і кажа яму: “Я – Госпад, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ізаака. Зямлю, на якой сьпіш, Я дам табе і патомству твайму.
- Патомства тваё будзе так вялікае, як пыл зямлі, і ты распаўсюдзішся на захад і на ўсход, на поўнач і на поўдзень. У табе і ў патомстве тваім усе пакаленьні зямлі будуць дабраслаўлены.
- І вось, Я з табою, і буду берагчы цябе, куды б ты не пайшоў, і прывяду цябе ў гэтую зямлю, і не пакіну цябе, пакуль ня выпаўню, што табе абяцаю”.
- Калі Якуб прабудзіўся зо сну, сказаў: “Сапраўды, Госпад прабывае на гэтым месцы, а я ня ведаў”.
- І, праняты трывогай, сказаў: “Як страшным ёсьць гэтае месца! Ні што іншае тут, як, хіба, дом Божы і брама ў неба”.
- Дык устаўшы нараніцы, Якуб узяў камень, які быў падложаны пад галаву, і паставіў, як слуп, і абліў зьверху алеем.
- І назваў месца гэтае Бэтэль, а ранейшая назва гэтага месца была Люз.
- І злажыў Якуб такое шлюбаваньне: “Калі Бог будзе са мной і будзе мяне берагчы ў гэтай дарозе, якою я вандрую, і дасьць мне хлеб есьці і адзежу адзявацца,
- і калі шчасьліва вярнуся ў дом бацькі свайго, і Госпад будзе Богам маім,
- то гэты камень, які я паставіў як слуп, будзе домам Бога. І з усяго, што Ты дасі мне, я ахвярую Табе дзесятую частку”.
Разьдзел 29
- Так вандруючы, прыйшоў Якуб у зямлю сыноў Усходу.
- І ўбачыў там студню ў полі, а таксама тры стады авечак, ляжачых каля яе, бо зь яе паілі жывёлу. А вусьце студні прыкрываў вялікі камень.
- І быў звычай, што калі зьбіраліся ўсе авечкі, то адпіхвалі камень і па напаеньні стадаў зноў закладалі вусьце студні.
- І запытаўся ён у пастухоў: “Браты, адкуль вы?” Яны адказалі: “З Харану”.
- Ён запытаў зноў іх: “А ці ведаеце Лябана, сына Нахора?” Яны сказалі: “Ведаем”.
- І запытаўся: “А здаровы ён?” яны адказалі: “Здаровы, а вось і дачка яго, Рахель, надыходзіць са стадам”.
- Ён сказаў: “Яшчэ многа дня застаецца, і ня час зганяць стады, дык дайце піць авечкам і яшчэ іх папасіце”.
- Яны ж сказалі: “Ня можам паіць, пакуль ня згоняць усе стады і не адпіхнуць каменя з-над вусьця студні, і тады будзем паіць авечак”.
- Калі так Якуб зь імі размаўляў, Рахель падыйшла са стадам авечак бацькі свайго, бо яна пасьвіла іх.
- І калі Якуб убачыў Рахелю, дачку Лябана, брата маці сваёй, а таксама статак таго ж Лябана, падыйшоў, адсунуў камень з-над вусьця студні
- і напаіў статак Лябана, брата маці сваёй. А потым пацалаваў Рахелю і расплакаўся ўголас,
- і сказаў ёй, што ён сястранец бацькі яе, сын Рэбэкі. А яна пабегла і распавяла гэта бацьку свайму.
- А калі Лябан пачуў навіну, што
Якуб – сын сястры ягонае, выбег яму на спатканьне, абняў яго і пацалаваў, і ўвёў у дом свой. Тады вось Якуб расказаў Лябану пра ўсё.
- І сказаў Лябан Якубу: “Ты сапраўды косьць мая і цела маё!” А калі Якуб пражыў у Лябана месяц,
- сказаў яму Лябан: “Ці за тое, што ты брат мой, ты мне задарма будзеш служыць? Скажы, якую плату хочаш?”
- А меў Лябан дзьве дачкі: імя старэйшай Лія, а малодшая называлася Рахель.
- Вочы Ліі былі хворыя, а Рахель была складная і мілага выгляду.
- Яе пакахаў Якуб, дык сказаў: “Буду табе служыць за Рахелю, дачку тваю меншую, сем гадоў”.
- Лябан адказаў: “Лепш табе яе аддам, чым другому юнаку, заставайся ў мяне”.
- І служыў Якуб за Рахелю сем гадоў, і выдаваліся яму кароткія дні дзеля вялікай любові.
- І сказаў ён Лябану: “Дай мне дачку сваю за жонку, каб мог я зь ёй жыць, бо дагавораны час мінуў”.
- Дык той, склікаўшы ўсіх людзей гэтай мясцовасьці на баль, зрабіў вясельле.
- А вечарам узяў Лію, дачку сваю, і ўвёў яе да яго, і ён увайшоў да яе.
24 І даў Лябан служку імем Зільпа для дачкі. Нараніцы агледзеўся Якуб, што гэта была Лія.
- І сказаў ён Лябану: “Што ты гэта мне зрабіў? Ці ж не за Рахель я служыў табе? Чаму ты мяне ашукаў?”
- Лябан адказаў: “У нашай мясцовасьці няма звычаю, каб малодшую выдаваць замуж перад старэйшай.
- Будзь тыдзень з гэтаю, а потым дамо табе другую, за каторую, аднак, адслужыш у мяне сем іншых гадоў”.
- І Якуб згадзіўся на гэта, і пражыў тыдзень з гэтаю, а потым Лябан даў Рахелю, дачку сваю, яму за жонку.
- І Рахелі даў Лябан таксама няволь-ніцу, Більгу, каб ёй дапамагала.
- І Якуб увайшоў да Рахелі і кахаў яе болей, чым Лію. І служыў ён у Лябана яшчэ сем гадоў.
- А Госпад, бачучы, што (Якуб) зьнелюбіў Лію, адкрыў яе лона, а Рахель была няплоднай.
- І Лія пачала, і нарадзіла сына, і дала яму імя Рубэн, кажучы: “Глянуў Госпад на маё ўпакарэньне, цяпер муж мой будзе мяне любіць”.
- А калі зноў пачала і нарадзіла сына, сказала: “Госпад пачуў, што я зьнялюблена, і даў мне гэтага сына”, і назвала яго імем Сымон.
- Потым зноў пачала і нарадзіла сына, і сказала: “Ужо цяпер муж мой прытуліцца да мяне, бо я нарадзіла яму трох сыноў”, і таму назвала яго імем Леві.
- І чацьвёрты раз яна пачала, і нарадзіла сына, і сказала: “Цяпер я буду славіць Госпада”, і дзеля таго назвала яго Юда, і перастала нараджаць.
Разьдзел 30
- А Рахель, бачучы, што ня можа даць Якубу патомства, зайздросьціла сваёй сястры, і сказала мужу: “Дай мне дзяцей, інакш памру”.
- Раззлаваны, адказаў ёй Якуб: “Ці гэта я, а ня Бог пазбавіў цябе патомства?”
- А яна сказала на гэта: “Вось няволь-ніца мая, Більга. Увайдзі да яе, каб нарадзіла яна на маіх каленях, і буду я мець дзяцей зь яе”.
- І дала яна яму сваю нявольніцу Більгу за жонку,
- якая па тым, як увайшоў да яе Якуб, пачала і нарадзіла сына.
- І сказала Рахель: “Судзіў мяне Бог, і выслухаў просьбу маю, даючы мне сына”. І таму назвала яго Дан.
- І зноў Більга, нявольніца Рахелі, пачала, і нарадзіла Якубу другога сына.
- І сказала Рахель: “Ваяваньнем Божым ваявала я зь сястрою сваёй, і перамагла”. І назвала яго Нэфталі.
- А Лія, чуючы, што перастала нарад-жаць, узяла нявольніцу сваю, Зільпу, і дала яе за жонку Якубу.
- І тая нарадзіла Якубу сына.
- І сказала Лія: “Шчасьце!” І дзеля таго дала яму імя Гад.
- Нарадзіла таксама Зільпа, нявольніца Ліі, другога сына Якубу.
- І сказала Лія: “На шчасьце маё! Шчасьлівай мяне назавуць жанчыны”. Таму назвала яго Асэр.
- І выйшаў аднойчы Рубэн на поле ў час жніва пшаніцы, і знайшоў мандрагоры, і прынёс іх Ліі, маці сваёй. Тады Рахель сказала: “Дай мне мандрагоры твайго сына”.
- А Лія адказала на гэта: “Ня досыць табе, што ты мне мужа забрала, дык яшчэ хочаш забраць мандрагоры майго сына?” Рахель загаманіла: “Хай ён сьпіць з табой гэтай ночы за мандрагоры твайго сына”.
- І калі Якуб вяртаўся з поля вечарам, Лія пераняла яго і сказала: “Прыйдзі да мяне, бо я купіла цябе за мандрагоры майго сына”. І ён спаў зь ёй у гэтую ноч.
- І выслухаў Бог Лію, і яна пачала, і нарадзіла Якубу пятага сына,
- і сказала: “Даў мне Бог заплату, бо я дала мужу свайму сваю нявольніцу”. І назвала яго імем Ісахар.
- І зноў Лія пачала, і нарадзіла Якубу шостага сына,
- і сказала: “Надарыў мяне Бог добрым падарункам, гэтым разам уганараваў мяне муж мой тым, што нарадзіла яму шэсьць сыноў”. І таму назвала яго імем Забулён.
- Наастатак нарадзіла дачку імем Дзіна.
- І прыпомніў Бог таксама Рахелю, і выслухаў яе, і адкрыў улоньне яе.
- І яна пачала, і нарадзіла сына, і ска-зала: “Зьняў зь мяне Бог ганьбу маю”.
- І назвала імя яго Язэп, і сказала: “Хай дасьць мне Госпад яшчэ аднаго сына!”
- Калі Рахель нарадзіла Язэпа, Якуб сказаў Лябану: “Адпусьці мяне, бо хачу вярнуцца на бацькаўшчыну, у зямлю сваю.
- Дай мне жонак і дзяцей маіх, за каторых я служыў табе, бо хачу вярнуцца. Ты ведаеш добра, як я табе служыў”.
- Кажа яму Лябан: “О, каб я знайшоў ласку на віду ў цябе! Я пераканаўся, што Госпад дабраславіў мне дзеля цябе.
- Устанаві, якую заплату маю даць табе”.
- А ён кажа Лябану: “Ты сам ведаеш, як верна я служыў табе, і як разрасталіся твае стады дзякуючы рукам маім.
- Ня многа ты меў, калі я да цябе прыбыў, а цяпер павялічылася вельмі маёмасьць твая, дабраславіў бо табе Госпад з прыходам маім. А цяпер я хачу паклапаціцца і пра сваю сям’ю”.
- На гэта Лябан сказаў: “Што маю табе даць?” А ён адказаў: “Нічога мне не давай! Калі споўніш, пра што цябе папрашу, то зноў буду пасьвіць і берагчы твае стады.
- Я прайду сягоньня па ўсіх стадах авечак тваіх; і аддзялю зь іх усякую жывёліну крапкаваную і пярэстую, усякую жывёліну чорную з авец, а такжа з плямамі і кропкамі з козаў, і гэта будзе маёй заплатай.
- Пераканае цябе заўтра мая справядлі-васьць: калі прыйдзеш, каб праверыць заплату маю, усё, што ня будзе крапкаванае і пярэстае ў козах і чорнае ў авечак, можаш уважаць за скрадзенае мною”.
- І сказаў Лябан: “Добра, хай будзе, як просіш!”
- І яшчэ ў той самы дзень аддзяліў Лябан усіх крапкаваных казлоў і ўсіх козаў крапкаваных і пярэстых, усіх, каторыя мелі крыху воўны белай, а таксама чорныя авечкі, і даў іх сваім сынам.
- І вызначыў ён адлегласьць, якую трэба было прайсьці на працягу трох дзён, паміж сабой і Якубам, які пасьвіў рэшту авечак Лябана.
- А Якуб назьбіраў зялёных пруткоў тапалёвых, мігдалевых і яворавых, і выразаў на іх белыя палосы, зьняўшы кару да белага, каторае на прутах,
- і так нарэзаныя пруты прымацаваў да карытаў з вадой, пры вадапоях, каб іх бачылі стады, каторыя прыходзілі піць ваду. І калі жывёлы прыходзілі піць ваду, парыліся.
- І так парыліся жывёліны са стадаў перад тымі прутамі, і радзілася жывёла пярэстая, з кропкамі і плямамі.
- І аддзяляў Якуб авечак белых, і гнаў іх наперадзе перад чорнымі і пярэстымі, як стады Лябана, а для сябе трымаў стады асобна, ня лучачы іх са стадамі Лябана.
- І пры гэтым Якуб клаў тыя пана-рэзаныя галіны на відомым месцы пры вадапоях толькі тады, калі мелі парыцца асобнікі моцныя.
- Калі ж авечкі былі слабыя, прутоў ня клаў. Такім чынам жывёлу слабую атрымаў Лябан, а моцную – Якуб.
- І так Якуб стаўся чалавекам дужа багатым; і меў ён многа стадаў, слугаў і нявольніцаў, вярблюдаў і аслоў.
Разьдзел 31
- І Якуб чуў, як сыны Лябана гаварылі: “Якуб забраў усё, што меў наш бацька, і з маёмасьці нашага бацькі набыў такія багацьці”.
- І бачыў Якуб, што Лябан зьмяніўся адносна яго і ня быў такі, як раней.
- І сказаў Госпад Якубу: “Вяртайся ў зямлю бацькоў сваіх і да радні сваёй, а Я буду з табой”.
- І Якуб, каторы быў на полі пры сваім стадзе, казаў паклікаць да сябе Рахелю і Лію,
- і сказаў: “Бачу па выглядзе твару вашага бацькі, што ён не такі для мяне, як даўней, але Бог майго бацькі быў са мною.
- Вы самі найлепш ведаеце, што хоць з усіх сілаў я служыў бацьку вашаму,
- ён, аднак, ашукваў мяне і многа раз зьмяняў мне плату, і толькі Бог бараніў мяне ад крыўды.
- Калі вось (бацька) казаў: авечкі з кропкамі будуць тваёй заплатай — усе радзіліся крапкаваныя; а калі казаў ён наадварот: “Каторая пярэстая, тую атрымаеш як плату” — усе радзіліся пярэстыя.
- І так Бог выдзяліў частку маёмасьці бацькі вашага і даў мне.
- Бо калі надыходзіў час параваньня статку, бачыў я ў-ва сьне, як самцы, што пакрывалі стады, былі пярэстыя, крапкаваныя і ў плямах.
- І ў-ва сьне тады клікаў мяне анёл Божы: “Якуб!” А калі я адказваў: “Вось я”,
- Ён сказаў: “Падымі вочы свае і пабач усіх самцоў, што пакрываюць стады: яны пярэстыя, крапкаваныя і ў плямах, бо Я бачу, што Лябан з табой робіць.
- Я – Бог з Бэтэлю, дзе памазаў ты слуп і дзе злажыў шлюбаваньне. Дык цяпер рыхтуйся ў дарогу, і пакінь гэтую зямлю, і вярніся да сваёй радні і роднай зямлі”.
- На гэтыя словы Рахель і Лія сказалі яму: “Ці маем мы яшчэ частку і спадчыну ў маёмасьці бацькі нашага?
- Ці ж не лічыў ён нас за чужых, бо прадаў нас, і зьеў заплату за нас?
- Таму вось усё багацьце, каторае Бог забраў у бацькі нашага, нам даў і дзецям нашым. Таму ўсё, што Бог загадаў табе, рабі”.
- Дык устаў Якуб і пасадзіў дзяцей сваіх і жонак сваiх на вярблюдаў,
- і ўзяў з сабой усе стады свае і ўсю маёмасьць сваю, што здабыў у Паддан-Араме, і падаўся ў дарогу да свайго бацькі Ізаака, у зямлю Ханаан.
- У той час Лябан выбраўся стрыгчы авечкі, і Рахель скрала балваны хатнія.
- А Якуб ашукаў сэрца Лябана Ара-мейца, не папярэджваючы яго, што мае ўцячы.
- І ўцёк ён з усім, што меў, і, перай-шоўшы рэчку, направіўся на гару Гілеад.
- А трэцяга дня паведамілі Лябану, што Якуб уцёк.
- Дык Лябан, сабраўшы братоў сваіх, сем дзён даганяў яго і дагнаў яго на гары Гілеад.
- І явіўся Лябану Арамейцу Бог ноччу ў-ва сьне, і сказаў яму: “Сьцеражыся, не гавары благога супраць Якуба!”
- Якуб на гары ўжо расьцягваў палатку, калі Лябан дагнаў яго са сваякамі сваімі, і на той жа гары паставіў палатку.
- І сказаў ён Якубу: “Чаму ты так зрабіў? Чаму ашукаў сэрца маё і вывеў дачок маіх, як паланянак?
- Чаму ты патаемна ўцёк і ашукаў мяне, і не паведаміў мне, каб я мог правесьці цябе з радасьцю і сьпевамі, з бубнамі і цытрамі?
- Ты ня даў мне пацалаваць маіх унукаў і дачок, дрэнна зрабіў ты!
- А цяпер магла рука мая адгадзіцца табе ліхам, але Бог бацькі твайго ўчора сказаў мне: “Сьцеражыся, не гавары нічога ліхога супраць Якуба!”
- Хай бы ты пайшоў, бо цягнула цябе да дому бацькі твайго, але чаму ты скраў багоў маіх?”
- Якуб адказаў: “Бо я баяўся. Я бо думаў, што ты сілай адбярэш дачок сваіх ад мяне.
- А ў каго знойдзеш багоў сваіх, хай той не жыве! У прысутнасьці сваякоў нашых правер, і што знойдзеш свайго ў мяне – забірай!” А ня ведаў Якуб, што Рахель скрала балваноў.
- І Лябан, увайшоўшы ў палаткі Якуба і Ліі, і абедзьвух нявольніцаў, не знайшоў нічога, і, выйшаўшы з палаткі Ліі, увайшоў у палатку Рахелі.
- А яна ўзяла балваноў і падлажыла іх пад вярблюдавае сядло, і села на іх. А калі абшукаў Лябан усю палатку, і не знайшоў,
- сказала: “Хай ня гневаецца гаспадар мой, што перад табою ўстаць не магу, бо дзеля слабасьці жаночай не магу”. Дык абшукаў ён (усё), але балваноў не знайшоў.
- Тады Якуб узлаваўся і стаў вадзіцца: “Дзеля якой віны маёй і дзеля якога грэху майго ты так перасьледуеш мяне?
- Навошта ператрасаеш усе рэчы мае? Што ты знайшоў з маёмасьці сваёй у мяне? Палажы тое ў прысутнасьці сваякоў маіх і сваякоў сваіх, і хай яны рассудзяць гэта між мной і табой.
- Вось дваццаць гадоў я жыў з табой. Твае авечкі і козы не скiдалi, і бараноў са статку твайго я ня еў.
- 39. Разьдзёртай дзікім зьверам не прыносіў табе, усякую шкоду – аднагароджваў. Калі што было скрадзена ці ўдзень, ці ўначы – ты вымагаў ад мяне.
- Было, што днём мучыла мяне сьпякота, а ноччу холад зганяў мне сон з павек.
- Так праз дваццаць гадоў я служыў табе! Чатырнаццаць за дочкі, а шэсьць за стады твае. Дзесяць разоў таксама зьмяняў ты плату маю.
- Каб Бог бацькі майго, Бог Абрагама, і Той, Каго з боязьзю славіць Ізаак, не ўспамагаў мне, то ты пусьціў бы мяне зь нічым. Што я нацярпеўся і колькі я напрацаваўся рукамі, Бог бачыць! Ён мінулай ноччу сказаў табе”.
- Лябан адказаў яму: “Дочкі – мае дочкі, дзеці – мае дзеці, стады – мае стады ды ўсё, што бачыш, – маё. Але што я магу зрабіць цяпер маім дочкам або іхнім дзецям, каторых яны нарадзілі.
- Дык хадзі, заключым запавет, я і ты, хай будзе ён сьведчаньнем між мною і табой”.
- Тады вось Якуб прынёс камень і паставіў яго, як слуп,
- і сказаў сваякам сваім: “Назьбірайце каменьняў!” Яны назьбіралі каменьняў і зрабілі капец. І елі там на ім.
- І назваў Лябан яго Егар-Сагадута , а Якуб назваў яго Галедам.
- І сказаў Лябан: “Хай капец гэты будзе доказам згоды сёньня між мной і табой”. І таму ён быў названы Галед,
- а таксама Міцпа, бо ён сказаў: “Хай наглядае Госпад за мной і табой, калі разыйдземся між сабой.
- Калі б ты крыўдзіў дачок маіх і калі б узяў сабе акрамя іх іншых жонак, то хоць ня будзе нікога зь людзей між намі, глядзі: Бог будзе сьведкам між мной і табой!”
- І яшчэ сказаў Лябан Якубу: “Гэты вось капец і слуп, каторыя я паставіў (як доказ згоды) між мною і табой,
- будуць сьведчаньнем, што ані я не прайду каля гэтага капца да цябе, ані ты ня пройдзеш каля гэтага капца і гэтага слупа да мяне зь ліхім намерам.
- Бог Абрагама і Бог Нахора хай будзе судзьдзёю нам”. І Якуб запрысяг на Таго, Каго з боязьзю славіў Ізаак, яго бацька.
- Потым забіў Якуб на той гары жывёлін на ахвяру і пасьля запрасіў сваіх сваякоў банкетаваць. А калі наеліся, ляглі спаць на той гары.
- І Лябан назаўтра рана пацалаваў сваіх унукаў і сваіх дачок, дабраславіў іх і падаўся з паваротам у сваё месца.
Разьдзел 32
- Якуб таксама падаўся ў дарогу, якую распачаў, і перанялі яго анёлы Божыя.
- Калі ён убачыў іх, сказаў: “Гэта табар Божы”, і гэтае месца назваў Маханаім.
- І паслаў ён перад сабой пасланцоў да Эзава, брата свайго, у зямлю Сэір, у мясцовасьць Эдом.
- І загадаў ён ім: “Так скажыце гаспадару майму Эзаву: Гэта кажа слуга твой Якуб: Быў я аж да сёньняшняга дня ў Лябана.
- Маю валоў, аслоў, авечак, слугаў і служанак. І пасылаю вось пасланцоў да гаспадара майго, каб знайсьці ласку перад воблікам тваім”.
- І вярнуліся пасланцы да Якуба, і сказалі: “Прыбылі мы да Эзава, брата твайго, а вось жа ён сьпяшаецца на спатканьне табе з чатырмастамі людзей”.
- І спалохаўся вельмі Якуб, і, напу-жаны, падзяліў народ, які зь ім быў, і стады таксама, і авечак, і валоў, і вярблюдаў на два табары.
- І казаў: “Калі Эзаў нападзе на адзін табар і паб’е, то другі, каторы застанецца, будзе ўратаваны”.
- І маліўся Якуб: “Бог бацькі майго Абрагама і Бог бацькі майго Ізаака, Госпадзе, Ты сказаў мне: “Вярніся ў зямлю сваю, у месца нараджэньня свайго, і Я буду апякавацца табою!”
- Ня варты я ўсякай міласьцівасьці і вернасьці ўсякай, якою акружаеш Ты слугу Свайго. З палкаю сваёй я перайшоў Ярдан гэты, а цяпер вяртаюся з двума табарамі.
- Ухавай мяне ад рукі брата майго, ад рукі Эзава, бо я напалоханы, каб часам, напаўшы, не забіў ён матак зь дзяцьмі.
- А Ты казаў, што будзеш аказваць мне дабро і зробіш патомства маё, як пясок марскі, які дзеля вялікасьці ня можа быць палічаны”.
- І прачакаў ён там тую ноч, і ўзяў з усяго таго, што меў, дары Эзаву, брату свайму:
- дзьвесьце козаў і дваццаць казлоў, дзьвесьце авечак і дваццаць бараноў,
- трыццаць дойных вярблюдзіцаў разам зь вярблюдзянятамі, сорак кароў і дзесяць быкоў, дваццаць асьліцаў і дзесяць асьлянятаў,
- і аддаў слугам сваім кожнае са статкаў, кажучы: “Будзеце ісьці перада мной у водпустах паміж кожным статкам”.
- І загадаў ён тым, што ішлі наперадзе, кажучы: “Калі спаткаеш брата майго Эзава, і ён запытае цябе: “Чый ты і куды ідзеш?” і “Чыё гэта, што ідзе за табой?”,
- то ты адкажаш: cлугі твайго Якуба. Ён паслаў дары гаспадару свайму Эзаву, і ён ідзе за намі.
- Падобны загад даў і другому, і трэцяму, ды ўсім, каторыя ішлі за стадамі, кажучы: “Падобнымі словамі кажыце Эзаву, калі спаткаеце яго,
- і дадасьцё: І ён, слуга твой Якуб, ідзе дарогаю за намі”. І казаў ён: “Умалю яго дарамі, якія мяне папераджаюць, а потым сам спаткаюся зь ім; можа даруе мне”.
- Так вось папераджалі яго дары, а ён сам застаўся ў тую ноч у табары.
- А калі ўстаў нараніцы, узяў дзьве жонкі свае і дзьве іх нявольніцы з адзінаццацьцю дзяцьмі і пераправіўся праз брод ручая Ябок.
- І ўзяў і пераправіў іх, і ўсё, што да яго належала, праз ручай.
- І застаўся ён сам адзін. І вось Нехта змагаўся зь ім аж да раніцы.
- І калі Той убачыў, што ня можа яго (Якуба) перамагчы, дакрануўся састава сьцягна яго, і пашкодзіў састаў сьцягна ў Якуба, калі ён дужаўся зь Ім.
- І сказаў Той: “Пусьці Мяне, бо ўжо ўзыйшла зараніца”. Якуб адказаў: “Не пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне”.
- Той кажа яму: “Якое імя тваё?” Адказвае: “Якуб”.
- Той кажа: “Ніколі ўжо больш ня будзе называцца імя тваё Якуб, але Ізраэль, бо змагаўся ты з Богам і зь людзьмі, і перамог!”
- І запытаўся ў Яго Якуб: “Скажы мне, якім імем называешся?” Адказаў: “Чаму пытаешся пра імя Маё?” І дабраславіў яго ў тым самым месцы.
- І Якуб назваў тое месца імем Пэнуэль, кажучы: “Бачыў я Бога тварам ў твар, але зьбярог сваё жыцьцё”.
- І сонца было ўжо ўзыйшоўшы, калі ён праходзіў Пэнуэль. А ён накульгваў на сьцягно сваё.
- Дзеля гэтае прычыны сыны Ізраэля не ядуць жылы, каторыя на сьцягне, аж да сягоньняшняга дня, таму што Той, Каторы змагаўся, закрануў жылы сьцягна Якуба.
Разьдзел 33
- І Якуб, падняўшы вочы свае, убачыў прыбываючага Эзава, а зь ім чатырыста мужчынаў. І (Якуб) падзяліў дзяцей Ліі, Рахелі і абёдзьвюх нявольніцаў,
- і памясьціў нявольніцы зь іхнімі дзяцьмі наперадзе, Лію зь яе дзяцьмі крыху за імі, а пасьля іх Рахелю і Язэпа.
- А сам, ідучы перад усімі, сем разоў пакланіўся да зямлі, пакуль падыйшоў да брата свайго.
- І Эзаў падбег на спатканьне брата свайго, абняў яго за шыю і пацалаваў яго, і расплакаліся абодва.
- Эзаў, падняўшы вочы, убачыў жанчынаў і дзяцей іхніх і спытаўся: “Хто яны табе?” Ён адказаў: “Гэта дзеці мае, якімі надарыў Бог мяне, слугу твайго”.
- Тады падыйшлі нявольніцы з сваімі дзяцьмі, і пакланіліся.
- Падыйшла такжа Лія са сваімі дзяцьмі, і пакланілася; а наастатак Язэп і Рахель аддалі паклон.
- І папытаўся Эзаў: “Чые гэта стады, каторыя я напаткаў?” Якуб адказаў: “Каб знайшоў я ласку перад гаспадаром маім”.
- На гэта сказаў Эзаў: “Маю я многа, браце мой, хай твае будуць табе”.
- Якуб адказаў: “Але ж не, прашу. Калі я знайшоў ласку ў цябе, прымі ад мяне гэты мой дар з рук маіх. Бо калі я ўбачыў воблік твой, як быццам бачыў аблічча Бога, і ты аказаў мне вялікую спагаднасьць.
- Дык прымі дар мой, каторы я для цябе прызначыў, бо Бог міласьцівы для мяне, маю ўсё”. І так налягаў на яго, аж наканец прыняў
- і сказаў: “Хадзем разам, буду спадарожнікам тваім”.
- Якуб адказаў: “Ведаеш, мой гас-падару, што маю дзеці кволыя, авечкі і каровы кормяць малых; калі буду іх гнаць хоць бы адзін дзень, то прападзе ўсё маё стада.
- Дык ідзі, гаспадару мой, перад слугою тваім, а я буду ісьці памалу, так, як пойдзе мой статак, каторы ганю, і як будуць ісьці дзеці, аж прыйду да цябе, гаспадару мой, да Сэіру.”
- Эзаў адказаў: “Можа табе пакінуць некалькі маіх людзей, каторыя са мною?” На гэта Якуб сказаў: “Няма патрэбы ў гэтым, калі знайшоў я спагаднасьць на віду гаспадара майго”.
- І Эзаў вярнуўся ў той дзень у паваротную дарогу ў Сэір.
- А Якуб прыбыў у Сукот, дзе збудаваў сабе дом, а для сваіх стадаў паставіў буданы. Дзеля таго тую мясцовасьць назвалі Сукот.
- Калі вярнуўся з Паддан-Араму, пераправіўся Якуб пасьпяхова ў горад Сыхем, які ў зямлі Ханаан, і абжыўся каля гораду.
- І купіў ён частку поля, на якім паставіў палатку сваю, ад сыноў Гамора, бацькі Сыхема, за сто сярэбранікаў.
- І пабудаваў там ахвярнiк, і назваў яго: “Бог ёсьць Богам Ізраэля”.
Разьдзел 34
- Аднойчы Дзіна, дачка Якуба, каторую нарадзіла яму Лія, выйшла, каб паглядзець на жанчынаў той мясцовасьці.
- А калі яе ўбачыў Сыхем, сын Гамора Гівэя, князя той зямлі, закахаўся ў яе, і схапіў яе сілай, і спаў зь ёй, і знахаліў яе.
- І ўсім сэрцам пакахаў ён Дзіну, дачку Якуба, і міла да яе прамаўляў.
- І прасіў Сыхем свайго бацьку Гамора: “Вазьмі гэту дзяўчыну для мяне за жонку!”
- Калі Якуб даведаўся, што Сыхем зганьбіў яго дачку Дзіну, сыны яго былі пры статку на полі, дык ён нічога не сказаў, чакаючы пакуль вернуцца.
- А Гамор, бацька Сыхема, выбраўся да Якуба, каб зь ім пагаварыць.
- У той час сыны Якуба вярнуліся з поля і, пачуўшы, што здарылася, засмуціліся і ўзлаваліся моцна, бо ганьбу зрабіў (Сыхем) Ізраэлю і, згвалтаваўшы дачку Якуба, злачынства ўчыніў.
- А Гамор сказаў ім: “Сыхем, сын мой, прыляпіўся душой да дачкі вашай. Дайце яму яе за жонку.
- Пасваячыцеся з намі: дочкі вашыя дайце нам за жонкі, а дочкі нашыя вазьміце сабе.
10 Будзеце жыць з намі, і зямля гэтая будзе для вас. Можаце на ёй пасяляцца, рухацца свабодна і купляць зямлю на ўласнасьць”.
- Сыхем сказаў таксама да бацькі і братоў Дзіны: “Пакажыце толькі спагаднасьць, і дам, што запатрабуеце ад мяне.
- Прызначце мне хоць бы найбольшую плату і дарунак, і я гатовы даць столькі, колькі скажаце, абы толькі далі дзяўчыну за жонку”.
- Тады сыны Якуба адказвалі падступна Сыхему і яго бацьку Гамору, таму што зганьбіў ён іх сястру Дзіну.
- І сказалі ім: “Ня можам зрабіць гэтага, каб маглі выдаць сястру нашую за чалавека неабрэзанага, бо гэта было б нам ганьбай.
- У гэтым можам мы згадзіцца з вамі толькі тады, калі вы захочаце быць падобнымі нам, калі кожны з вашых мужчынаў будзе абрэзаны.
- Тады толькі дадзём вам нашых дачок, а дачок вашых будзем браць сабе за жонкі, і будзем жыць разам з вамі, і станемся адным народам.
- Калі не захочаце быць абрэзанымі, возьмем дачку нашую і пойдзем далей”.
- Прапанова іхняя спадабалася Гамору і Сыхему, сыну ягонаму,
- і юнак не адклаў, каб адразу выпаўніць, што патрабавалася, бо моцна любіў дачку Якуба, а быў ён найбольш паважаны ў-ва ўсёй радні бацькі свайго.
- Дык, увайшоўшы ў браму гораду, Гамор і Сыхем, сын яго, так прамовілі да людзей свайго гораду:
- “Людзі гэтыя прыязныя нам; хай застаюцца на гэтай зямлі і ходзяць па ёй; яна прасторная і шырокая для іх. Дачок іхніх будзем браць за жонак, а нашых ім будзем аддаваць.
- Пад той аднак умовай згаджаюцца яны жыць разам з намі, творачы адзін народ, калі ў нас кожны мужчына наш будзе абрэзаны так, як яны абрэзаныя.
- Тады іхнія жывёлы, і маёмасьць, і іхнія авечкі нашыя будуць. Каб толькі згадзіліся мы на гэта, і будуць жыць разам з намі”.
- І згадзіліся ўсе з Гаморам і Сыхемам, сынам яго, і абрэзаліся ўсе мужчыны, што выйшлі з брамы гораду свайго.
- А калі на трэці дзень адчувалі яны вялікі боль, два сыны Якуба, Сымон і Леві, браты Дзіны, схапіўшы мячы, уварваліся ў горад, каторы пачуваўся бясьпечна, і вымардавалі ўсіх мужчынаў.
- І забілі мячом Гамора і яго сына Сыхема, і забралі Дзіну, сястру сваю, з дому Сыхема.
- Потым другія сыны Якуба напалі на забітых і абрабавалі горад за тое, што зганьбілі іх сястру,
- і забралі дробную і буйную жывёлу іхнюю, і аслоў, ды ўсё, што ў горадзе і на палёх было.
- І ўсю маёмасьць, усіх дзяцей і жанчынаў забралі ў палон, абрабаваўшы ўсё, што знайшлі ў дамох.
- Тады Якуб сказаў Сымону і Левію: “Выклікалі вы вялікае няшчасьце, бо праз вас будуць мець у нянавісьці мяне жыхары гэтай зямлі: Хананейцы i Пэрэзэі. Нас жа нямнога, а яны, сабраўшыся, нападуць на мяне, і буду зьнішчаны я і сям’я мая”.
- Яны адказалі: “А ці ж можна паводзіць сябе зь сястрою нашай, як з блудніцаю?”
Разьдзел 35
- І сказаў Бог Якубу: “Устань і ідзі ў Бэтэль, і там жыві. І зрабі ахвярнiк Богу, Каторы явіўся табе, калі ўцякаў ты перад Эзавам, братам тваім”.
- І Якуб, склікаўшы ўсю радню сваю, сказаў: “Кіньце багоў чужых, каторыя знаходзяцца пасярод вас, і ачысьціцеся, і зьмяніце адзеньне вашае.
- Устаньма і ўвойдзем у Бэтэль, і зробім там ахвярнiк Богу, Каторы выслухаў мяне ў час гора майго і апякуном быў у дарозе маёй”.
- І аддалі яму ўсіх багоў чужых, якіх мелі, і завушніцы, якія былі ў вушах іхніх, і ён закапаў іх пад дубам, недалёка ад гораду Сыхема.
- А калі выбраліся яны ў дарогу, страх Божы ахапіў навакольныя гарады, і не адважыліся яны нападаць на сыноў Якуба.
- І Якуб так прыбыў у Люз, каторы ў зямлі Ханаан, значыць у Бэтэль, ён сам ды ўвесь народ зь ім.
- І пабудаваў ён там ахвярнiк, і назваў тое месца Эль-Бэтэль. Там вось явіўся яму Бог, калі ўцякаў ён перад братам сваім.
- У той час памерла Дэбора, кар-міцелька Рэбэкі, і пахавана была пад дубам блізка Бэтэлю, таму месца тое назвалі Дуб Плачу.
- Там другі раз явіўся Бог Якубу, калі ён вярнуўся з Паддан-Араму, і дабраславіў яму,
- кажучы: “Ня будзеш больш называцца Якуб, але Ізраэль будзе імя тваё”, і назваў яго Ізраэлем.
- І сказаў яму Бог: “Я – Бог Усемагутны. Расьці і размнажайся. Ты – народ, і многа народаў зь цябе будзе, каралі з паясьніцы тваёй выйдуць.
- І зямлю, якую Я даў Абрагаму і Ізааку, дам табе, і патомству твайму па табе дам гэтую зямлю”.
- І адыйшоў ад яго Бог.
- А Якуб паставіў камень на тым месцы, дзе Бог да яго прамаўляў, слуп каменны. І, складаючы ахвяру вадкую, выліў на яе алей.
- І назваў Якуб тое месца Бэтэль.
- А калі выбраліся яны з Бэтэлю і мелі яшчэ кавалак дарогі да Эфраты, Рахель пачала радзіць, і роды былі цяжкія.
- А калі нараджала ў вялікіх болях, сказала ёй павітуха: “Ня бойся, бо маеш ужо сына!”
- І яна, калі жыцьцё выходзіла зь яе, бо канала, назвала сына свайго Бэнані. А бацька назваў яго Бэн’ямін.
- І памерла Рахель, і пахавана была ля дарогі, якая ідзе ў Эфрату, гэта Бэтлеем.
- І Якуб паставіў камень на яе магіле. Камень гэты стаіць на магіле Рахелі па сёньняшні дзень.
- І выбраўся Ізраэль у дарогу, і паставіў палаткі за Мігдаль-Эдэрам.
- І калі яны жылі ў той мясцовасьці, Рубэн пайшоў і спаў зь Більгаю, наложніцай бацькі свайго. І даведаўся пра гэта Ізраэль. Сыноў Якуба было дванаццаць.
- Сыны Ліі: першародны сын Якуба Рубэн, Сымон, Леві, Юда, Ісахар і Забулён.
- Сыны Рахелі: Язэп і Бэн’ямін.
- Сыны Більгі, нявольніцы Рахелі: Дан і Нэфталі.
- Поруч сыны Зільпы, нявольніцы Ліі: Гад і Асэр. Гэта сыны Якуба, каторыя яму нарадзіліся ў Паддан-Араме.
- А потым прыбыў Якуб да бацькі свайго Ізаака, у Мамрэ, у Кірыят-Арбу, значыць у Геброн, дзе калісьці жыў Абрагам, а потым Ізаак.
- А Ізаак меў тады сто восемдзесят гадоў.
- І, дажыўшы глыбокай старасьці, Ізаак памёр і далучаны быў да народу свайго стары, насычаны жыцьцём. І пахавалі яго Эзаў і Якуб, сыны ягоныя.
Разьдзел 36
- Вось патомкі Эзава, або Эдому.
- Эзаў узяў сабе жонкі спаміж дачок Ханаану: Аду, дачку Элёна Гетыта, і Агалібаму, дачку Аны, сына Цыбэона Харэя,
- і Басэмат, дачку Ізмаэля і сястру Нэбаёта.
- Ада нарадзіла Эліфаза; Басэмат нарадзіла Рэўэля,
- а Агалібама нарадзіла Еуша, Яляма і Караха. Гэтыя сыны Эзава, каторыя нарадзіліся яму ў зямлі Ханаан.
- І ўзяў Эзаў сваіх жонак, сыноў і дачок, і ўсіх людзей дому свайго, свой статак і ўсю жывёлу, поруч усю маёмасьць, каторую нажыў у Ханаане, і падаўся ў зямлю Сэір, і адыйшоў ад брата свайго Якуба.
- Былі яны дужа багатыя, і разам не маглі яны жыць. Не зьмяшчала іх зямля качаваньня іхняга дзеля мноства стадаў.
- І пражываў Эзаў на гары Сэір, Эзаў, ён жа Эдом.
- Вось патомкі Эзава, бацькі Эдому, на гары Сэір.
- Вось імёны сыноў Эзава: Эліфаз, сын Ады, жонкі Эзава, Рэўэль, сын Басэмат, жонкі Эзава.
- Сынамі Эліфаза былі: Тэман, Амар, Цэфо, Гатам і Кеназ.
- А Тымна, што была наложніцай Эліфаза, сына Эзава, нарадзіла яму Амалека. Гэта патомкі Ады, жонкі Эзава.
- Вось сыны Рэўэля: Нагат, Зэрах, Шамма і Міза. Гэта сыны Басэмат, жонкі Эзава.
- Гэта сыны жонкі Эзава Агалібамы, дачкі Аны, унучкі Цыбэона: яна нарадзіла Эзаву Еуша, Яляма і Караха.
- Вось князі сыноў Эзава. Сыны Эліфаза, першароднага сына Эзава: Тэман, Амар, Цэфо, Кенац,
- Карах, Гатам і Амалек. Гэта князі плямёнаў у зямлі Эдом, сыны Эліфаза, патомкі Ады.
- Вось сыны Рэўэля, сына Эзава, князі плямёнаў: Нагат, Зэрах, Шамма і Міза. Гэта князі плямёнаў у зямлі Эдом, сыны Рэўэля, патомкі Басэмат, жонкі Эзава.
- Вось сыны Агалібамы, жонкі Эзава, князі плямёнаў: Еуш, Ялям і Карах. Гэта князі плямёнаў, патомкі Агалібамы, жонкі Эзава, дачкі Аны.
- Гэта патомкі Эзава, а запар князі іх. Гэта Эдом.
- Вось сыны Сэіра Харэя, жыхары той зямлі: Лётан і Шабаль, Цыбэон і Ана,
- Дышон, Эцэр і Дышан. Гэта князі плямёнаў Харэя, сыны Сэіра, у зямлі Эдом.
- Сынамі Лётана былі: Хоры і Геман, а сястра Лётана – Тымна.
- Вось сыны Шабаля: Альван, Манахат і Эбаль, Шэфо і Анам.
- Сыны Цыбэона: Ая і Ана. Гэты Ана знайшоў гарачую крыніцу ў стэпе, калі пасьвіў аслы Цыбэона, бацькі свайго.
- А вось дзеці Аны: Дышон і Агалібама, дачка Аны.
- Сыны Дышона: Гемдан, Эшбан, Ітран і Керан.
- Сыны Эцэра: Більган, Зааван і Акан.
- Сыны Дышана: Уц і Аран.
- Вось князі плямёнаў Гарэяў: Лётан, Шабаль, Цыбэон, Ана,
- Дышон, Эцэр і Дышан. Гэта князі плямёнаў Харэйскіх у зямлі Сэір.
- Вось каралі, каторыя каралявалі ў зямлі Эдом, перш чым сыны Ізраэля мелі караля.
- У Эдоме каралём быў Бэла, сын Бэора, а назва гораду яго – Дынгаба.
- І памёр Бэла, і пасьля яго караляваў Ёбаб, сын Зэраха з Боцры.
- Калі памёр Ёбаб, замест яго караляваў Хушам зь зямлі Тэман.
- А калі памёр Хушам, па ім караляваў сын Бэдада, Гадад, каторы паканаў Мадыянцаў на раўніне Мааб. Назва гораду яго – Авіт.
- Па сьмерці Гадада каралём быў Самля з Масрэкі.
- А па сьмерці Самлі каралём быў Шаўль з Рэхаботу, што каля ракі.
- А як памёр Шаўль, стаў каралём Баал-Ханан, сын Ахбора.
- А калі ён памёр, па ім караляваў Гадад, горад каторага зваўся Паў, а імя жонкі – Мэгетабэль, дачка Матрэда, сына Мэзагаба.
- Вось імёны князёў плямёнаў Эзава паводле іх плямёнаў і мясцовасьцяў, названых іх імёнамі: князь Тымна, князь Альва, князь Етэт,
- князь Агалібама, князь Эля, князь Пінон,
- князь Кеназ, князь Тэман, князь Мібцар,
- князь Магдыэль і князь Ірам. Гэта князі Эдому паводле прастораў, імі абжытых. Вось Эзаў, бацька Эдому.
Разьдзел 37
- І пражываў Якуб у зямлі Ханаан, па катораў вандраваў бацька яго.
- Вось дзеі патомкаў Якуба. Язэп, сямнаццацігадовы юнак, разам са сваімі братамі, сынамі жонак яго бацькі Більгі і Зільпы, пасьвіў статак. І паведамляў ён бацьку благое пра гэтых сыноў.
- А Ізраэль любіў Язэпа болей за ўсіх сыноў сваіх, таму што заімеў яго ў старасьці, і справіў яму доўгую шату.
- І браты яго, бачучы, што бацька любіць яго болей за ўсіх другіх, зьненавідзелі яго і не маглі зь ім спакойна гаварыць.
- І здарылася таксама, што ён расказаў братам сваім бачаны сон, і было гэта прычынай яшчэ большай нянавісьці.
- Ён казаў ім: “Паслухайце сна майго, што я бачыў:
- Сьнілася мне, што мы вязалі снапы на полі, і тады сноп мой падняўся і стаў, а вашыя снапы акружылі яго і пакланіліся яму”.
- І сказалі яму браты: “Ці ж меў бы ты як кароль панаваць над намі і валодаць намі, як валадар?” І яшчэ горш яго зьненавідзелі з прычыны яго сноў і словаў.
- А потым меў ён яшчэ іншы сон, і так расказваў яго братам сваім: “Сьнілася мне яшчэ, што сонца і месяц, і адзінаццаць зорак кланяліся мне”.
- А калі гэта расказваў бацьку і братам, бацька пасварыўся на яго, кажучы: “Што меў бы значыць гэты сон? Ці ж я і маці твая, і браты твае мелі б прыйсьці да цябе і пакланіцца табе аж да зямлі?”
- Дык браты зайздросьцілі яму, а бацька застанаўляўся моўчкі.
- І калі ягоныя браты, пасучы стады, прабывалі ў Сыхеме,
- сказаў Ізраэль Язэпу: “Браты твае пасуць авечкі ў Сыхеме, хадзі, пашлю цябе да іх”. А ён адказаў: “Я гатовы”.
- І сказаў ён яму: “Схадзі і паглядзі, ці ўсё ў парадку ў братоў тваіх з жывёламі, і раскажы мне, што чуваць”. І паслаў яго з даліны Геброну, і прыбыў ён у Сыхем.
- І вось напаткаў яго, калі ён блукаў па полі, адзін чалавек, і запытаў яго, што шукае.
- А ён адказаў: “Братоў сваіх шукаю. Скажы мне, дзе яны пасуць статак?”
- І сказаў яму тады чалавек: “Перайшлі яны з гэтага месца. Чуў, як казалі яны: Хадзем у Датаін”. І падаўся Язэп да братоў сваіх, і знайшоў іх у Датаіне.
- Калі яны яго ўбачылі яшчэ здалёку, пакуль прыйшоў да іх, надумаліся яго забіць.
- І гаварылі адзін аднаму: “Вось снавідзец ідзе,
- хадзем, заб’ем яго і ўкінем у студню, і скажам, што дзікі зьвер яго зьеў. І тады пабачым, ці дапамогуць яму сны ягоныя”.
- Чуючы гэта, Рубэн стараўся вызва-ліць яго з рук іхніх, і сказаў: “Ня будзем забіваць яго”.
- І сказаў далей: “Не пралівайце крыві, але ўкіньце яго ў гэтую студню, каторая ёсьць на пустыні, і рукі свае захаваеце нявіннымі”. Гэтак казаў, хочучы вырваць яго з рук іхніх і вярнуць бацьку ягонаму.
- І калі прыйшоў Язэп да братоў сваіх, зараз жа зьнялі зь яго доўгую шату,
- і ўкінулі яго ў студню, каторая была без вады.
- І селі яны, каб пасілкавацца, а калі паднялі вочы, убачылі купцоў Ізмаэльскіх, што ехалі з Гілеаду, і іхніх вярблюдаў, на каторых везьлі пахкія карэньні, жывіцу і пахкія алейкі ў Эгіпет.
- Тады Юда сказаў сваім братам: “Што нам з таго, што заб’ём брата нашага і схаваем кроў ягоную?
- Лепш прадаць яго Ізмаэльцам, і рукі нашыя не спаганім. Брат ён наш і цела наша”. І згадзіліся браты на яго прапанову.
- І калі купцы Мадыянскія ішлі паўзь іх, яны выцягнулі Язэпа са студні і прадалі яго Ізмаэльцам за дваццаць сярэбранікаў, а тыя павялі яго ў Эгіпет.
- А калі Рубэн вярнуўся да студні і не знайшоў хлопца,
- дык разарваў на сабе адзеньне і прыбег да братоў сваіх, і закрычаў: “Хлопца няма, а я, куды я пайду?”
- І ўзялі яны тады адзежу яго, і памачылі ў кроў забітага казла,
- і паслалі бацьку свайму, кажучы: “Вось што мы знайшлі. Паглядзі, можа гэта доўгая шата сына твайго?”
- І калі пазнаў бацька яе, залямантаваў: “Гэта ж адзежа сына майго, дзікі зьвер разарваў Язэпа”.
- І разьдзёр ён адзеньне сваё, і надзеў зрэбніцу, і аплакваў сына свайго доўгі час.
- І калі сабраліся ўсе дзеці ягоныя, каб суцішыць боль бацькі, ня слухаў пацехаў іхніх і казаў: “Са смуткам пайду за сынам у адхлань”. І плакаў дзеля яго бацька яго.
- А Мадыянцы прадалі Язэпа ў Эгіпце Патыфару, урадоўцу фараона, начальніку варты.
Разьдзел 38
- У той час Юда пакінуў братоў сваіх і накіраваўся да чалавека Адулямца, імем Хіра.
- І ўбачыў там дачку аднаго Хананейца на імя Шуа, і ўзяў яе за жонку, і перайшоў да яе.
- І яна пачала, і нарадзіла сына, і далі яму імя Гэр.
- І зноў яна пачала, і народжанага сына назвала імем Анан.
- І трэцяга нарадзіла таксама, і назвала яго Шэля. Яна прабывала ў Кезібе, калі яго нарадзіла.
- Юда даў свайму першароднаму сыну Гэру жонку імем Тамар.
- Першародны Юды Гэр быў ліхі на віду ў Госпада, і Ён паслаў на яго сьмерць.
- Тады Юда сказаў Анану: “Ідзі да жонкі брата свайго і жыві зь ёй, каб вырасьціць брату свайму патомства”.
- А Анан, ведаючы, што патомства ня будзе ягоным, уваходзячы да жонкі брата свайго, насеньне зьліваў на зямлю, каб ня даць патомства брату свайму.
- Дзеля таго і на яго спаслаў Госпад сьмерць, бо ліхоту чыніў ён.
- З гэтай прычыны Юда сказаў Тамары, сыновай сваёй: “Будзь удавой у доме бацькі свайго, пакуль ня вырасьце Шэля, сын мой”. Баяўся бо, каб і той не памёр, як браты ягоныя. I яна пайшла , і жыла ў доме бацькі свайго.
- І прайшло многа гадоў, і памерла дачка Шуа, жонка Юды. Ён па жалобе суцешыўся і выбраўся ў Тымну да стрыгачоў авечак сваіх, ён сам і прыяцель яго Хіра Адулямец.
- І нехта паведаміў Тамары, што сьвёкар яе выбіраецца ў Тымну стрыгчы авечкі.
- І яна, скінуўшы ўдовія шаты, і абкрыўшыся вэлюмам, і зьмяніўшы выгляд, села ў браме Энайм каля дарогі, каторая ідзе ў Тымну. Бо бачыла яна, што Шэля вырас, а яна ня дадзена яму за жонку.
- І ўбачыў яе Юда, і, думаючы, што яна блудніца, бо была закрыўшы твар свой,
- павярнуў да яе з дарогі і сказаў: “Хадзі, хачу з табой пагуляць,” а ня ведаў ён, што гэта яго сыновая. А яна папыталася: “Што мне дасі за тое, што са мною пагуляеш?”
- Ён сказаў: “Пашлю табе казьлянё са стада”. Яна зноў сказала: “А ці дасі мне заруку, пакуль прышлеш мне яго?”
- Юда кажа: “Якую даць табе заруку?” Адказала: “Пячатку тваю, і пасак, і кій, які трымаеш у руцэ”. І ён даў ёй, і ўвайшоў да яе, і жанчына пачала.
- Потым паднялася яна і пайшла, і зьняўшы вэлюм, адзелася зноў ва ўдовія шаты.
- А Юда паслаў казьлянё праз сябру свайго Адулямца, каб зьвярнуў заруку, якую ён даў жанчыне. Той жа, як не знайшоў жанчыны,
- распытваўся людзей таго месца: “Дзе блудніца, каторая сядзела ў Энайм пры дарозе?” А многія адказвалі: “Не было на гэтым месцы блудніцы”.
- Тады той, вярнуўшыся да Юды, сказаў яму: “Не знайшоў яе, і людзі таго месца казалі мне, што там ніколі не сядзела блудніца”.
- І сказаў Юда: “Хай сабе мае. Каб толькі з нас не сьмяяліся. Я паслаў казьлянё, каторае абяцаў, але ты яе не знайшоў”.
- І вось па трох месяцах паведамілі Юду: “Твая сыновая Тамар зацяжыла з распусты”. І сказаў Юда: “Прывядзіце яе, каб была спалена”.
- А калі яе выводзілі на пакараньне, яна паслала да свайго сьвёкра сказаць яму: “Я пачала ад таго мужчыны, каторага гэтыя рэчы. Пазнавай: чыя пячатка, пасак і кій”.
- І ён, пазнаўшы заруку, сказаў: “Яна справядлівейшая за мяне, бо я не хацеў яе аддаць Шэлі, майму сыну!” І Юда болей да яе не ўваходзіў.
- І калі настаў час радзіць, выявілася, што мае двайняты.
- Калі пачала радзіць, адно зь дзяцей высунула ручку, на каторую павітуха завязала чырвоную стужку, кажучы: “Гэты народзіцца першы”.
- Але яно ўцягнула ручку, і выйшаў брат ягоны. І сказала жанчына: “Як ты прарваў сабе перагароду?” І з той прычыны назвала яго імя Пэрэс.
- А па ім нарадзіўся брат ягоны, у каторага на руцэ была стужка; і ён названы Зэрах.
Разьдзел 39
- А Язэп быў завезены ў Эгіпет. І купіў яго Патыфар, урадовец фараона, начальнік варты, Эгіпцянін, з рук Ізмаэльцаў, якімі быў ён прыведзены.
- І Госпад быў зь Язэпам, і ён быў чалавекам, катораму добра вялося, і ён жыў у доме гаспадара свайго.
- І той зразумеў, што Госпад быў зь ім, і ў-ва ўсім, што ён рабіў, рука Госпада ім кіравала.
- І Язэп знайшоў ласку ў гаспадара свайго, і паслугаваў яму. Нават той паставіў яго загадчыкам над домам сваім і ўсё, што меў, даручыў яму.
- І дабраславіў Госпад дому Эгіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславенства Госпада ва ўсім доме і на полі.
- І той аддаў усё, што меў, у рукі Язэпа, і ня меў ніякага клопату, толькі пра ежу, якой пасіляўся. А меў Язэп прыгожую постаць і прывабны воблік.
- Дык зьвярнула вочы свае на Язэпа жонка гаспадара яго і кажа яму: “Сьпі са мною”.
- Але ён не згадзіўся і сказаў ёй: “Вось жа гаспадар мой усё мне даручыў, і ня рупіцца ні пра што ў доме сваім,
- і ня можа ніхто быць важнейшым у доме гэтым, чым я; і нічога мне не забараніў, апроч цябе, ты ж жонка ягоная. Дык як я магу дапусьціцца вялікага злачынства і грашыць супраць Бога?”
- І падобнымі словамі штодзень дакучала жанчына юнаку, але ён адмаўляўся ад чужалоства.
- Аднойчы, калі Язэп увайшоў у дом спаўняць свае абавязкі і не было сьведкаў,
- яна схапіла яго за плашч і сказала: “Пасьпі са мной”. А ён, пакінуўшы плашч у яе руках, уцёк і выйшаў на двор.
- Калі жанчына ўбачыла, што ён пакінуў плашч у яе руках і ўцёк на двор,
- паклікала дамоўнікаў сваіх і сказала ім: “Вось прывялі мужчыну Гебрая, каб ён зьдзекаваўся з нас; ён увайшоў да мяне, каб спаць са мною. Калі я закрычала,
- і пачуўся голас мой, пакінуў ён плашч, які трымаю, а сам уцёк на двор”.
- І затрыманы плашч паказала мужу свайму, каторы вярнуўся дамоў,
- і сказала падобныя гэтым словы: “Прыйшоў да мяне слуга Гебрай, якога ты прыняў, каб спаганіць мяне;
- а калі пачуўся крык мой, пакінуў плашч, які трымаю, і ўцёк на двор”.
- Гаспадар, выслухаўшы словы гэтыя, моцна раззлаваўся,
- і пасадзіў Язэпа ў вязьніцу, дзе знаходзіліся вязьні фараона. І быў там Язэп у вязьніцы.
- А Госпад быў зь Язэпам, і шкадаваў яго, і даў яму мець ласку ў начальніка вязьніцы.
- І ён аддаў у рукі Язэпа ўсіх вязьняў, трыманых пад вартай, і што толькі трэба было там зрабіць, ён рабіў.
- А начальнік вязьніцы не сачыў ужо за тым, што ў яго руцэ было, бо Госпад быў зь Язэпам і кіраваў усімі ягонымі справамі.
Разьдзел 40
- Па ўсіх гэтых падзеях здарылася, што падчашы караля Эгіпецкага і пекар правініліся перад валадаром сваім.
- І разгневаўся фараон на ўрадоўцаў: на падчашага, і на загадчыка пекараў.
- І пасадзіў ён іх пад нагляд начальніка варты ў вязьніцу, у якой увязьнены быў Язэп.
- І вось начальнік варты перадаў іх Язэпу, каторы прыслугоўваў ім. І прабылі яны пад вартай нейкі час.
- Адной ночы яны абодва бачылі сны, кожны свой сон.
- І калі да іх нараніцы прыйшоў Язэп, убачыў іх сумнымі.
- І спытаўся ў іх: “Чаму сягоньня сумнейшы твар ваш, чым звычайна?”
- Яны адказалі: “Бачылі мы сон, і няма каму нам выясьніць яго”. І сказаў ім Язэп: “Ці не да Бога належыць выясьненьне? Скажыце, што вы бачылі?”
- Тады падчашы расказаў свой сон: “Бачыў я ў-ва сьне ўшчэп вінаградны, які рос перада мной,
- на каторым былі тры галінкі. Ён рос паволі ў пупышкі, а па цьвеце насьпелі ягады.
- І ў маёй руцэ трымаў я келіх фараона. Я ўзяў ягады і выціснуў іх у келіх, які я трымаў, і падаў келіх фараону”.
- Язэп сказаў: “Такое выясьненьне сну: тры галінкі – гэта яшчэ тры дні,
- па каторых фараон падыме галаву табе і верне цябе на тваё ранейшае месца. Падаваць будзеш яму келіх паводле свайго абавязку, як гэта звычайна раней рабіў.
- Толькі памятай пра мяне, калі табе будзе добра, ды акажы мне ласку і падкажы фараону, каб выпусьціў ён мяне зь вязьніцы.
- Бо я ўкрадзены зь зямлі Гебраяў; і тут нявінна ўкінуты ў гэтую яму”.
- А загадчык пекараў, бачучы, што ён добра выясьніў сон, сказаў: “І я бачыў сон. Трымаў я на галаве тры кашы белага печыва.
- У кошыку адным, каторы быў найвышэй, уся ежа фараона, якая вырабляецца ўмеласьцю пекара для фараона, і птушкі выдзёўбвалі яе”.
- Язэп адказаў: “Вось такое выясьненьне сну: Тры кошыкі, значыць яшчэ тры дні.
- Па іх здыме табе фараон галаву і павесіць цябе на шыбеніцы, і птушкі будуць дзяўбсьці цела тваё”.
20 Ад гэтага на трэці дзень выпадаў дзень нараджэньня фараона. І ён справіў для сваіх слугаў вялікі баль. І тады ў іх прысу-тнасьці прыпомніў галоўнага падчашага і загадчыка пекараў.
- І галоўнага падчашага вярнуў на сваё месца, каб падаваў яму чашу,
- а загадчыка пекараў загадаў павесіць на шыбеніцы, як прадказаў ім Язэп.
- Аднак загадчык чашнікаў не прыпом-ніў Язэпа і забыўся пра выясьніцеля.
Разьдзел 41
- У два гады пазьней фараон бачыў сон. Здавалася яму, што стаіць ён над ракой.
- Зь яе вось выйшла сем кароваў прыгожых i сытых, i яны пасьвілiся на балоцiстым поплаве.
- Таксама iншых сем кароваў, брыдкiх i худых, выйшла за iмi з ракi i сталi на самым беразе ракi.
- I пажэрлi яны гэтых сем прыгожых i сытых кароваў. І прачнуўся фараон,
- ды зноў задрамаў i ўбачыў другi сон: На адным сьцябле вырасла сем каласоў поўных i прыгожых.
- I столькі ж вырасла iншых каласоў, пустых i зьнiшчаных усходнiм ветрам,
- i яны зьнiшчылi ўсю прыгажосьць першых каласоў. Фараон прабудзiўся i зразумеў, што гэта толькi сон.
- З надыходам ранiцы, стрывожаны, паслаў ён па ўсiх варажбiтоў Эгiпецкiх i па ўсiх мудрацоў сваiх. I сабраўшымся расказаў сон, але не было нікога, хто б выясьнiў.
- Тады нарэшце загадчык чашнікаў прыпомнiў і сказаў: “Прызнаюся да грэху свайго.
- Разгневаны кароль слугаў сваiх, мяне i загадчыка пекараў, загадаў пасадзiць у вязьнiцу пад нагляд начальнiка варты.
- Там у адну ноч мы абодва бачылі сон, прадказаньне будучыні.
- І быў там юнак Гебрай, слуга начальнiка варты, катораму мы расказалi сны.
- I сталася так, як ён нам iх выясьнiў. Я вернуты да свайго абавязку, а ён павешаны пры дарозе”.
- Скора на загад караля быў зь вязьнiцы прыведзены Язэп. Падстрыглi яго, зьмянiлi адзежу i прадставiлi яму.
- І сказаў ён Язэпу: “Бачыў я сон, i няма нікога, хто б яго разгадаў. Чуў, што ты можаш сны наймудрэй вытлумачыць”.
- Язэп адказаў: “Не я, але Бог дасьць адказ фараону для дабра!”
- І фараон расказаў, што бачыў: “Сьнiлася мне, што я стаю на беразе ракi,
- i раптам выйшлі з ракi сем кароваў прыгожых з выгляду i сытых целам, i пасьвілiся ў чароце.
- I вось жа па гэтых выйшлі iншыя сем кароваў так непафарэмных i худых, што я ў Эгiпце такiх нiколi ня бачыў,
- і яны зжэрлі і зьнішчылі першых,
- але ня было на iх заўважна поўнасьцi, але яны былi такiя самыя худыя, як раней. Я прабудзiўся, і зноў сном замораны,
- бачыў сон: Вырасла сем каласоў на адным сьцябле, поўных i прыгожых.
- Але iншыя таксама сем каласоў, пустых і зьнiшчаных сухiм усходнім ветрам, вырасьлі за імі
- і праглынулі прыгажосьць тых першых. Расказаў я сон варажбiтам, але нiводзiн зь іх ня змог вытлумачыць”.
- Язэп сказаў: “Сон караля адзiн. Што мае стацца – Бог выявiў фараону.
- Сем кароваў прыгожых i сем каласоў поўных – гэта сем гадоў ураджайных: яны адзiн сэнс маюць.
- А сем кароваў худых i брыдкiх, каторыя выйшлi за тымi, i сем каласоў пустых i зьнiшчаных сухiм ветрам – гэта сем гадоў будучага голаду.
- Гэта такiм парадкам споўнiцца, як Бог выявіў фараону.
- Вось жа пачынаецца сем гадоў надзвычай ураджайных ва ўсёй зямлi Эгiпту,
- па каторых наступяць сем гадоў голаду страшнага, што ў няпамяць пойдзе ўся папярэдняя шчодрасьць. І ахопiць голад усю зямлю,
- i вялiкая ўраджайнасьць заменiцца ў вялiкую нястачу.
- А калi ты бачыў другi раз сон у той самай справе, гэта ёсьць моцным доказам, што тое, што Бог сказаў, у хуткiм часе Богам будзе споўнена.
- Дык хай цяпер прадбачыць валадар разумнага і мудрага чалавека i паставiць яго над зямлёй Эгiпецкай.
- I хай паставiць ён наглядчыкаў на ўсе правiнцыi, і пятую частку збораў зярна сем гадоў ураджайных,
- каторыя ўжо цяпер надыйдуць, зьбiрае ў гумны. Хай усё збожжа пад уладай фараона зьбiраецца i захоўваецца ў гарадах.
- I прыгатуюцца гэтыя запасы для будучых сямёх гадоў голаду, якi прыцiсьне Эгiпет, і не загіне зямля дзеля нястачы”.
- І спадабалася гэтая парада фараону i ўсiм яго слугам,
- і фараон сказаў iм: “Цi ж можам мы знайсьцi такога чалавека, як ён, поўнага духа Божага?”
- І сказаў ён Язэпу: “Калi табе Бог аб’явiў усё, што ты сказаў, то цi магу знайсьцi мудрэйшага, падобнага табе чалавека?
- Ты будзеш над маiм домам, i на загад вуснаў тваiх паслухаецца ўвесь мой народ. Адно толькi дастойнасьцю каралеўскай перавышаю цябе”.
- I дадаў фараон: “Вось я ўстанаўляю цябе над усёй зямлёй Эгiпту”.
- І зьняў фараон свой пярсьцёнак з пальца i ўзьдзеў яго на палец Язэпа, i загадаў адзець яго ў шаты з найчысьцейшага лёну, і павесiў яму на шыю залаты ланцуг.
- I загадаў вазiць яго на другiм сваiм возе i клiкаць перад iм “Абрэк!”, i каб усе перад iм кленчылi i ведалi, што ён правiцель над усёй Эгiпецкай зямлёй.
- І сказаў кароль Язэпу: “Я – фараон. Без тваёй волi нiхто не паварухне рукой або нагой ва ўсёй зямлi Эгiпту”.
- І замянiў iмя яго, i назваў яго ў мове Эгiпецкай: Цафнат-Панэах, і даў яму за жонку Асэнат, дачку Патыфэра, сьвятара з Ону. I так Язэп стаў над усёй зямлёй Эгіпецкай.
- Язэп меў трыццаць гадоў, калi стаў перад абліччам фараона, і аб’яжджаў ён усе правiнцыi Эгiпту.
- I прыйшоў ураджай сямi гадоў, i Язэп зьбiраў збожжа ў гумны ў Эгiпце,
- награмаджаючы ў кожным горадзе ўраджай, сабраны ў акрузе.
- І была такая многасьць пшанiцы, як пяску марскога, i запасы перавышалi меру.
- І нарадзiлася Язэпу два сыны перад тым, як настаў голад, якiх яму нарадзiла Асэнат, дачка Патыфэра, сьвятара з Ону.
- Першародны быў названы iмем Манаса, бо казаў (Язэп): “Даў мне Бог забыцца пра ўсе цяжкасьцi мае i пра дом бацькi майго”.
- А другога назваў iмем Эфраiм, бо казаў: “Даў мне Бог расьцi ў зямлi нядолі маёй”.
- Так прайшлі сем гадоў ураджайных, якiя былi ў Эгiпце.
- І надыходзiлi сем гадоў нястачы, каторыя прадказаў Язэп, і на ўсiм сьвеце запанаваў голад. Ва ўсёй жа зямлi Эгiпецкай быў хлеб.
- І калi настаў голад, увесь народ зьвяртаўся да фараона, просячы хлеба. Ён жа iм адказаў: “Iдзiце да Язэпа, i што вам скажа, рабiце”.
- I нахлынуў голад на ўсю зямлю. І Язэп адкрыў усе гумны, i прадаваў хлеб Эгiпцянам, бо i iх прыжаў голад.
- І ўсе правiнцыi Эгiпецкiя прыбывалi да Язэпа, каб купiць харчоў, бо голад лютаваў па ўсёй зямлі.
Разьдзел 42
- Калi пачуў Якуб, што збожжа прадаецца ў Эгiпце, сказаў сынам сваiм: “Чаму вы аглядаецеся адзiн на другога?
- Я чуў, што ў Эгiпце прадаюць пшанiцу. Выберыцеся і купiце сабе што патрэбна, каб мы маглi пражыць i не памерлі з голаду”.
- І дзесяць братоў Язэпа выбраліся ў Эгiпет купляць збожжа.
- А Бэн’ямiна, брата Язэпа, Якуб затрымаў дома, кажучы ягоным братам: “Каб у дарозе не здарылася чаго нядобрага”.
- Калi сыны Iзраэля прыбылi зь iншымi ў зямлю Эгiпецкую, каб купіць збожжа, бо голад панаваў у зямлi Ханаан,
- Язэп быў правiцелем у зямлi Эгiпецкай, i за яго згодай прадавалася збожжа народам. Браты Язэпа, прыбыўшы да яго, пакланiлiся аж да зямлi.
- І ён пазанаў iх, і, як бы ў чужых, строга запытаўся ў iх: “Адкуль прыбылi вы?” Яны адказалi: “Зь зямлi Ханаан, каб купiць харчоў для пражыцьця”.
- I ён пазнаў братоў, але iмi ня быў пазнаны.
- I, прыпомнiўшы сны, якiя калiсьцi сьнiў, сказаў iм: “Шпiёны вы, прыйшлi вы, каб агледзець месцы неўмацаваныя!”
- Яны адказалi: “Не, пане, мы – слугi твае, прыбылi, каб купiць харчоў.
- Усе мы сыны аднаго чалавека, шчырыя мы, i нiчога слугi твае ня думаюць благога”.
- Ён iм адказаў: “Не, прыбылi вы ў неўмацаваныя месцы, каб гэтую зямлю агледзець!”
- А яны сказалі: “Было нас дванаццаць братоў, слугаў тваiх, сыноў аднаго чалавека ў Ханаане. Наймалодшы застаўся з бацькам нашым, а аднаго ўжо няма”.
- Язэп сказаў iм: “Так ёсьць, як я вам сказаў: вы шпiёны!
- Таму праверым вас. На жыцьцё фараона! Ня выйдзеце адсюль, пакуль не прыбудзе наймалодшы ваш брат!
- Пашлiце з вас аднаго, і хай ён прывядзе яго. Вы ж застанiцёся ў вязьнiцы, пакуль высьветліцца, што вы гаварылi цi праўдзiва, цi фальшыва. Iнакш, на жыцьцё фараона, шпiёны вы!”
- І аддаў iх пад варту на тры днi.
- На трэцi дзень, вывеўшы iх зь вязьнiцы, сказаў: “Рабiце, што загадаў, i будзеце жыць, бо я баюся Бога.
- Калi шчырыя вы, адзiн брат ваш застанецца ў вязьнiцы, а вы iдзiце i вязiце збожжа, каторае купiлi, да дамоў вашых,
- а брата вашага наймалодшага да мяне прывядзiце, каб я мог праверыць вашыя словы, i вы не памрыцё”. І яны зрабiлi, як ён загадаў,
- i гаварылi памiж сабою: “Заслужана гэта церпiм, бо правiнiлiся мы адносна брата нашага. Бачылі мы гора душы яго, як прасiўся ў нас, а мы ня выслухалi. Таму i на нас прыйшла гэтая бяда”.
- А Рубэн казаў: “Цi не казаў я вам: “Не грашыце супраць хлопца?” I не паслухалi мяне. Кроў ягоная помсьцiцца”.
- І ня ведалi яны, што Язэп разумее, бо зь iмi размаўляў празь перакладчыка.
- І адыйшоўшыся ад iх, расплакаўся (Язэп). Потым вярнуўся і, размаўляючы зь iмi, адлучыў ад iх Сымона, i ў iх прысутнасьцi загадаў яго зьвязаць.
- І загадаў напоўнiць мяшкi iх збожжам, i каб ў кожным мяшку былi ўложаны дадзеныя iмi грошы, і каб далi iм яшчэ харчоў на дарогу. Так i было зроблена.
- І яны, усклаўшы сваё збожжа на аслоў, падалiся ў дарогу.
- Калi адзiн зь iх адкрыў мяшок свой, каб пакармiць асла ў заезьдзе, убачыў грошы наверсе ў мяшку,
- і сказаў братам сваiм: “Зьвярнулi мне грошы, вось яны ляжаць у мяшку!” Яны зьдзiвілiся і стрывожылiся запар, і казалi: “Што гэта такое, што нам гэтак Бог зрабiў?”
- І вярнулiся яны да Якуба, бацькi свайго, у зямлю Ханаан, i расказалi яму ўсё, што зь iмі было ў Эгiпце, кажучы:
- “Гаварыў з намi правiцель зямлi строга i думаў, што мы – шпiёны ў гэтай правiнцыi.
- Мы яму адказалi: Мы чэсныя, i ня маем намеру рабiць ніякіх подступаў,
- дванаццаць братоў у аднаго бацькi, аднаго ўжо няма, наймалодшы з бацькам нашым ў зямлi Ханаан.
- Дык сказаў нам правiцель зямлi: Вось праверу, цi вы чэсныя: аднаго брата вашага пакiньце i адпраўляйцеся.
- Брата вашага найменьшага дастаўце да мяне, каб я пераканаўся, што вы не шпiёны. А таго, што ў путах, аддам вам, i далей будзеце мець дазваленьне хадзіць па гэтай зямлi”.
- Па гэтай размове, калi апаражнiлi яны мяхi, кожны знайшоў у сваiм мяшку капшук з грашыма. І ўсе разам надта спалохалiся.
- І сказаў бацька Якуб: “Зрабiлi вы, што мы застанёмся безь дзяцей: Язэпа няма, Сымон у вязьнiцы, Бэн’ямiна забiраеце. На мяне ўсе гэтыя беды нахлынулi”.
- А Рубэн сказаў яму: “Калi не вярну яго табе, забi двух сыноў маiх. Аддай яго ў рукi мае, а я яго вярну табе”.
- А Якуб адказаў: “Ня пойдзе сын мой з вамi. Брат яго памёр, ён толькi адзiн застаўся: калi яму што нядобрае здарыцца ў дарозе, загонiце сiвiзну маю з болем у адхлань”.
Разьдзел 43
- Тым часам голад страшна прыжымаў усю зямлю.
- Па спажыцьцi харчоў, якiя прывезьлi з Эгiпту, Якуб сказаў сваiм сынам: “Вярнiцеся і купiце сабе крыху харчоў”.
- Юда сказаў: “Той правiцель пад прысягай заявiў: Ня ўбачыце аблiчча майго, калi не прывядзiцё з сабой наймалодшага брата вашага.
- Дык калi згаджаешся паслаць яго з намi, выбярэмся адначасна i купiм табе што найпатрэбнейшае.
- Калi ня згодзiшся, ня пойдзем, бо правiцель той, як часта табе казалi, выразна нам заявiў: Ня ўбачыце мяне без малодшага брата вашага”.
- І сказаў iм Iзраэль: “Чаму на маю бяду вы гэта зрабiлi, што прызналiся яму, што маеце iншага брата?”
- Яны адказалi: “Распытваў той чалавек аб нас i раднi нашай i пытаўся: “Цi жывы яшчэ бацька ваш? Цi ёсьць яшчэ ў вас брат?” I мы пасьлядоўна адказвалi паводле таго, што пытаўся. Цi ж маглi здагадацца, што скажа: Прывядзiце брата вашага з сабой?”
- І сказаў Юда ўпэўнена бацьку свайму, Iзраэлю: “Пусьцi хлопца са мною, каб выбрацца i магчы пражыць, бо памром самi, i ты, i малыя нашыя.
- Я адказваю за хлопца, зь мяне будзеш патрабаваць за яго. Калi не зьвярну i не аддам табе яго, бяру на сябе грэх назаўсёды.
- Калi б ня марудзiлi, два разы вяр-нулiся б”.
- Тады бацька iх, Iзраэль, сказаў iм: “Калi так трэба, рабiце, што хочаце; вазьмiце найлепшых пладоў нашай зямлi ў посудах сваiх як дары тому чалавеку: крыху пахкай жывiцы, мёду, пахкіх карэньняў і ладану, алейкаў, фісташак i мiгдаляў.
- Вазьмiце з сабой удвайне грошаў, каб маглi аддаць i тыя грошы, каторыя вам назад уложаны ў вашыя мяшкi, мабыць, праз памылку.
- Таксама вазьмiце вашага брата i вырушыце ў дарогу паваротную да таго правiцеля.
- Хай Усемагутны Бог дасьць, каб той чалавек пашкадаваў вас i пусьцiў свабодна вашага брата i Бэн’ямiна. Калi маю заставацца сам у адзiноце, хай так ужо будзе”.
- І ўзялi яны падарункi i падвойныя грошы, i Бэн’ямiна, i накіравалiся ў Эгiпет, i прадсталi перад Язэпам.
- Калi ён убачыў iх i Бэн’ямiна разам, загадаў загадчыку дому свайго, кажучы: “Завядзi людзей у дом i забi найлепшую жывёлiну, i спраў баль, бо будуць яны са мною есьцi апоўдні”.
- І загадчык зрабiў, што яму было загадана, i ўвёў гэтых людзей у дом Язэпа.
- Там, напалоханыя, яны казалi адзiн аднаму: “Дзеля грошай, якiя раней затрымалi мы ў мяхах сваiх, увялi нас, каб напасьцi раптам на нас i зрабiць нас нявольнiкамi, i аслоў нашых забраць”.
- Дзеля таго ў самых дзьвярах падыйшлi яны да загадчыка дому
- i сказалi: “Просiм, гаспадару, паслухай нас. Ужо раней, калi прыбылi мы купiць харчоў,
- i, купiўшы iх, калi прыбылi ў заезд i адкрылi мяхi свае, знайшлi наверсе грошы, якiя цяпер у той самай вазе прывезьлі з сабой.
- Але мы прывезьлі і іншае серабро, каб купіць сабе харчоў. Мы ня ведаем, хто ўлажыў серабро ў нашыя мяхі”.
- Але ён адказаў: “Будзьце спакойныя, ня бойцеся. Бог ваш і Бог бацькі вашага даў вам гэты скарб у вашыя мяхі. Бо грошы, каторыя далi мне, мною пацьверджаны”. I прывёў да iх Сымона.
- I ўвёўшы iх у дом, прынёс вады, i яны памылi ногi свае, і даў таксама корм для аслоў iхнiх.
- А яны падрыхтавалi дары перш, чым прыйшоў Язэп апоўднi. Даведалiся бо, што там будуць палуднаваць.
- І калi ў дом свой увайшоў Язэп, прынесьлi яму дары, трымаючы ў руках сваiх, і пакланiлiся яму да зямлi.
- Ён, ласкава запытаўшыся пра здароўе, запытаўся ў iх: “Цi здаровы бацька ваш, стары, пра каторага расказвалi вы мне? Ці яшчэ жыве?”
- Яны адказалi: “Здаровы слуга твой, бацька наш, яшчэ жыве”. I яны ўкленчылi, і пакланiлiся яму.
- І падняўшы вочы свае, Язэп убачыў Бэн’ямiна, брата свайго, сына сваёй мацi, i спытаўся: “Гэта брат ваш малодшы, пра якога гаварылi вы мне?” I сказаў далей: “Хай Бог мае ў ласцы цябе, сын мой”.
- I хуценька выйшаў ён, бо ўзварушылася сэрца яго дзеля брата свайго i вырывалiся сьлёзы. І пайшоў ён у пакой свой, i там расплакаўся.
- Пасьля, абмыўшы твар, вярнуўся i трымаў сябе, і загадаў: “Падайце яду”.
- І падалi яму асобна, яго братам асобна, i Эгiпцянам таксама асобна. Бо Эгiпцяне не маглi есьцi разам з Гебраямi, бо было б гэта для Эгiпцянаў рэчай паганай.
- І Язэп пасадзiў братоў сваiх перад сабой ад найстарэйшага да наймалодшага, па старшынству. Яны дзiвiлiся і глядзелi адзiн на другога.
- Потым загадаў ён са свайго стала занесьцi iм стравы. І страва для Бэн’ямiна была ў пяць разоў большая. І яны пiлi, i падпiлi разам зь iм.
Разьдзел 44
- І загадаў Язэп загадчыку дому свайго: “Напоўнi мяхi iхнiя збожжам да поўнасьцi i палажы грошы наверх у кожны мех.
- А чашу маю серабраную i плату за пшанiцу палажы наверх мяха наймалодшага”. Так ён i зрабiў.
- I на сьвiтаньнi ён адправiў iх разам зь iх асламi.
- Заледзь аднак выбралiся яны з гораду i крыху адыйшлiся, Язэп сказаў загадчыку дому: “Уставай, i даганi людзей гэтых, i скажы iм: Чаму адгадзiлiся вы лiхам за дабро? Чаму ўкралi ў мяне серабраную чашу?
- Гэта ж тая (чаша), з каторай п’е гаспадар мой i на каторай ён звычайна варожыць! Ліхое вы ўчынілі!”
- І зрабiў загадчык, як загадана, i затрыманым па парадку сказаў усё гэта.
- Яны адказалi: “Чаму так кажа гаспадар наш? Слугi твае ня робяць гэтак.
- Грошы, якiя мы знайшлi на версе мяхоў, вярнулi табе зь зямлi Ханаан. І як маглi мы ўкрасьцi золата цi серабро ў доме гаспадара нашага?
- У каторага са слугаў тваiх знойдзецца (тая чаша), што шукаеш, той хай памрэ, а мы будзем слугамi гаспадара нашага”.
- Ён сказаў iм: “Хай станецца па вашым рашэньні: у каго будзе тое знойдзена, ён будзе слугою маiм. Вы ж будзеце невiнаватыя”.
- I так напосьпех, зьняўшы мяхi на зямлю, паадкрывалі кожны.
- І ён, абшукваючы iх, пачынаючы ад старэйшага да наймалодшага, знайшоў чашу ў мяху Бэн’ямiна.
- І яны, з жалю разьдзёршы адзеньне і ўсклаўшы мяхi на аслоў, вярнулiся ў горад.
- І Юда з братамi ўвайшоў да Язэпа, а ён быў яшчэ там, і ўсе ўкленчылi перад iм на каленi.
- I ён сказаў ім: “Як маглi вы так зрабiць? Цi вы ня бачылi i ня ведаеце, што няма падобнага мне чалавека ў гаданьнi?”
- Юда адказаў: “Што маем адказаць гаспадару нашаму? Або чым можам перад iм апраўдацца? Бог знайшоў беззаконьне ў слугах тваiх. Усе мы сталiся слугамi гаспадара майго, i мы, і той, у каго была знойдзена чаша”.
- Язэп адказаў: “Я гэтага не зраблю! Хто ўкраў чашу маю, той хай будзе слугою маiм, вы ж iдзiце свабодна да бацькi свайго”.
- Тады Юда, падыйшоўшы блiжэй, сказаў даверлiва: “Малю, гаспадару мой, хай скажа слуга твой словы табе, i хай ня гневаецца гаспадар мой на слугу твайго, бо ты як фараон!
- Гаспадар мой спытаў перш слугаў тваiх: “Цi маеце бацьку або брата?”
- А мы адказалi гаспадару нашаму: “Маем бацьку старога i хлопца маладога, якi ў старасьцi яго нарадзiўся, каторага родны брат памёр, i ён адзiн застаўся ад маткi сваёй, бацька таму вельмі любiць яго”.
- I сказаў ты слугам сваiм: “Прывядзiце яго да мяне, я пагляджу на яго”.
- Мы даказвалi гаспадару майму: “Ня можа хлопец пакiнуць бацькi свайго, бо калi яго пакiне, той памрэ”.
- Тады сказаў ты слугам сваiм: “Калi ня прыйдзе брат ваш наймалодшы з вамi, вы больш ня ўбачыце мяне”.
- Дык калi мы прыйшлi да слугi твайго, бацькi нашага, i расказалi яму ўсё, што сказаў гаспадар наш,
- то сказаў бацька наш: “Вярнiцеся i купiце крыху пшанiцы”.
- Мы сказалi яму: “Пайсьцi мы ня можам, калi брат наш наймалодшы ня пойдзе разам з намi, пойдзем разам, iнакш безь яго ня ўбачым аблiчча гаспадара нашага”.
- На гэта слуга твой, бацька наш, адказаў: “Вы ведаеце, што жонка мая нарадзiла мне двух.
- Аднойчы адзiн ад мяне пайшоў, i я сказаў: “Дзiкi зьвер зьеў яго!” I дасюль не знайшоўся.
- Калi возьмеце i гэтага ад мяне, ды яму што здарыцца ў дарозе, загонiце сiвiзну маю са смуткам у цемру”.
- Дык, калi ўвайду да бацькi майго, слугi твайго, бяз хлопца, iм умiлаванага,
- то калi ўбачыць, што яго няма з намi, – памрэ. I так давядуць слугi твае сiвізну яго ў адхлань.
- Слуга твой злажыў прысягу бацьку за сына: калi не вярну яго, цяжка саграшу адносна бацькi свайго на ўсё жыцьцё.
- Дык застануся я, слуга твой, за хлопца ў службе гаспадару майму, а хлопец хай iдзе з братамi сваiмi.
- Бо не магу вярнуцца да бацькi майго бяз хлопца, каб ня быць сьведкам няшчасьця, якое нахлыне на бацьку майго”.
Разьдзел 45
- І ня мог Язэп больш апанаваць сябе ў прысутнасьцi ўсiх, і закрычаў: “Выйдзеце ўсе адсюль!” І нікога не было зь iм, калi ён даўся пазнаць братам сваiм.
- І ў голас заплакаў ён, так, што чулi Эгiпцяне ды ўвесь дом фараона.
- І вось сказаў Язэп братам сваiм: “Я –Язэп! Цi жыве яшчэ бацька мой?” І не маглi адказаць яму браты дзеля вялiкага страху.
- Ён жа сказаў iм ласкава: “Падыйдзiце да мяне!” I калi падыйшлi блiзка, сказаў: “Я– Язэп, брат ваш, каторага прадалi вы ў Эгiпет.
- Не шкадуйце i хай не здаецца вам страшным, што мяне прадалi ў гэтую мясцовасьць. Для паратунку вашага паслаў мяне Бог перад вамi ў Эгiпет.
- Два гады прайшло, як пачаўся голад на зямлi, а яшчэ застаецца пяць гадоў, у якiх нельга будзе анi араць, анi зьбiраць.
- Раней паслаў мяне Бог, каб былi вы захаваныя на зямлi i каб выратаваць жыцьцё вашае збаўленьнем вялікім.
- Не па вашаму рашэньню, але па волi Божай пасланы я сюды Тым, Хто зрабiў мяне як бы бацькам фараона i гаспадаром усяго дому ягонага, i князем на ўсю Эгiпецкую зямлю.
- Сьпяшайцеся i iдзiце да бацькi майго, i скажыце яму: “Гэта загадвае сын твой Язэп: Бог учынiў мяне гаспадаром усёй зямлi Эгiпецкай. Прыходзь да мяне, каб не памёр (з голаду).
- I абжывайся ў зямлi Гашэн. Будзеш блiзка мяне i ты, i сыны твае, i дзецi сыноў тваiх, авечкi твае i статак твой, i ўсё, што маеш.
- Там буду цябе кармiць, бо яшчэ пяць гадоў голаду, каб не прапаў i ты, i дом твой ды ўсё, што маеш”.
- Вось жа вочы вашыя i вочы брата майго Бэн’ямiна бачаць, што вусны мае гавораць да вас.
- Раскажыце бацьку майму пра ўсю славу маю ў Эгiпце i пра ўсё, што вы бачылi. Сьпяшайцеся i прывядзіце яго да мяне”.
- І кiнуўся ён на шыю брату свайму Бэн’ямiну, i абняў яго, і плакаў, а ён таксама плакаў на яго шыi.
- I цалаваў Язэп усiх братоў сваiх i плакаў над кожным. Тады толькi адважылiся гаварыць да яго.
- І разыйшлася вестка ў палацы фараона: “Прыбылi браты Язэпа”. І радаваўся фараон i ўвесь дом фараона.
- І сказаў ён Язэпу, каб загадаў братам сваiм: “Абладуйце жывёлу вашу збожжам i iдзiце ў зямлю вашу, у Ханаан,
- i вазьмiце адтуль бацьку вашага i радню, i прыбывайце да мяне, i я дам вам у Эгiпце ўсё, каб пражылi на зямлi.
- Загадай такжа: Вазьмiце вазы зь зямлi Эгiпецкай для перавозкi дзяцей вашых i жонак. I вазьмiце бацьку вашага i сьпяшайцеся як найхутчэй прыбыць.
- Не турбуйцеся дзеля прыладаў вашых, бо ўсякую дапамогу атрымаеце ў Эгiпце”.
- І сыны Iзраэля зрабiлi ўсё, што iм было загадана. І даў iм Язэп вазы па загаду фараона i харчы, патрэбныя ў дарозе.
- Па-за тым кожнаму зь iх падараваў вопратку на зьмену, Бэн’ямiну ж даў трыста штук серабра i пяць адзеньняў на зьмену.
- А свайму бацьку паслаў дзесяць аслоў, наладаваных найлепшымi пладамi Эгiпту, поруч дзесяць асьлiцаў, абладаваных збожжам, хлебам i харчамi на дарогу.
- І выпраўляючы братоў сваiх у дарогу, сказаў iм, калi ўжо адыходзiлi: “Не сварыцеся ў дарозе!”
- І яны, выбраўшыся з Эгiпту, прыбылi ў зямлю Ханаан да бацькi свайго Якуба,
- i паведамiлi яму: “Язэп жыве, i ён валадарыць над ўсёй Эгiпецкай зямлёю!” Але ў яго сэрца заставалася халодным, бо ён не паверыў iм.
- Тады пераказалi яму ўсе словы, якiя сказаў Язэп. І калi ўбачыў ён вазы i ўсё, што на прывозку яго прыслаў (Язэп), аджыў дух яго,
- i ён сказаў: “Хопiць мне, калi яшчэ жыве Язэп, сын мой. Пайду i пабачу яго, перш чым памру”.
Разьдзел 46
- І выбраўся Iзраэль з усiм, што меў, і прыбыў у Бээр-Шэбу, і склаў ахвяру Богу бацькi свайго Iзаака.
- I пачуў, як Бог клiкаў яго ў начной зьяве: “Якубе, Якубе!” Ён адказаў: “Вось я!”
- І сказаў Ён яму: “Я – Бог, Бог бацькi твайго. Ня бойся перабiрацца ў Эгiпет, бо вялiкiм народам зраблю Я цябе там.
- Я пайду разам з табой туды i адтуль выведу цябе назад, а Язэп заплюшчыць вочы твае”.
- І рушыў далей Якуб з Бээр-Шэбы. І везьлi яго сыны зь дзецьмi i жонкамi сваiмi на вазах, каторыя прыслаў фараон на прывозку старога,
- а таксама ўсё, што мелi ў зямлi Ханаан. І прыбылi яны ў Эгiпет, Якуб i ўсё патомства ягонае,
- сыны яго i ўнукi, дочкi i ўсё патомства.
- Такiя вось iмёны сыноў Iзраэля, каторыя прыйшлi ў Эгiпет, Якуб зь дзецьмi сваiмi: Першародны Рубэн.
- Сыны Рубэна: Генох і Пальлю, Хецрон і Кармi.
- Сыны Сымона: Емуэль, Ямiн, Огад, Яхiн, Цахар i Шаўль, сын Хананейкi.
- Сыны Левiя: Гершон, Кегат і Мэрары.
- Сыны Юды: Гэр, Анан, Шэля, Пэрэс i Зэрах. Але Гэр i Анан памерлi ў Ханаане. Сыны Пэрэса: Хецрон i Хамуль.
- Сыны Iсахара: Тола, Пува, Яшуб і Шымрон.
- Сыны Забулёна: Сэрэд, Элён i Яхлэль.
- Гэта ёсьць патомкi гэтых сыноў Якуба, каторых, падобна як дачку Дзiну, нарадзiла яму Лiя ў Паддан-Араме. Усiх гэтых асобаў, сыноў яго i дочак, было трыццаць тры.
- Сыны Гада: Цэфон і Хагi, Шунi і Эцбон, Эры, Арод i Арэлi.
- Сыны Асэра: Імна, Ішва, Ішвi, Бэрыя i iхняя сястра iмем Сэрах. А сыны Бэрыі: Гебэр і Мальхіэль.
- Гэта ёсьць патомкi сыноў Зільпы, каторую даў Лябан дачцы сваёй Лii, i каторая нарадзiла iх Якубу, усяго шаснаццаць асобаў.
- Сыны Рахелi, жонкi Якуба: Язэп i Бэн’ямiн.
- Язэпу нарадзiлiся ў Эгiпце сыны, каторых нарадзіла на сьвет Асэнат, дачка сьвятара Патыфэра: Манаса i Эфраiм.
- Сыны Бэн’ямiна: Бэла і Бэхэр, Ашбэль, Гера, Нааман, Эхi, Рош, Мупiм, Хупiм i Ард.
- Гэта ёсьць патомкi сыноў Рахелi, каторыя нарадзiлiся Якубу. Усiх чатырнаццаць асобаў.
- Сын Дана: Хушым.
- Сыны Нэфталi: Яхсээль, Гунi, Ецэр i Шылем.
- Гэта ёсьць патомкi сыноў Бiльгi, каторую даў Лябан Рахелi, сваёй дачцэ, і каторая нарадзiла iх Якубу. Усiх сем асобаў.
- Усiх, каторыя прыбылi зь Якубам у Эгiпет, а каторыя выйшлi зь яго паясьніцы, было агулам, апроч жонак сыноў Якуба, шэсьцьдзесят шэсьць.
- Сыноў жа Язэпа, каторыя яму нарадзiлiся ў Эгiпце, было двух. Усiх таму членаў сям’i Якуба, каторыя прыбылi ў Эгiпет, было семдзесят.
- І выслаў ён Юду перад сабой да Язэпа, каб мог ён яго выперадзiць у Гашэне перад iх прыбыцьцём.
- А калi яны прыйшлi ў зямлю Гашэн, Язэп загадаў запрэгчы калясьнiцу сваю i выехаў на спатканьне Iзраэля, бацькi свайго, у Гашэн. І калi ўбачыў яго, кiнуўся яму на шыю i доўга плакаў на ягонай шыi.
- І сказаў Iзраэль Язэпу: “Цяпер магу ўжо памiраць, бо ўбачыў цябе, што ты яшчэ жывеш!”
- А Язэп сказаў братам i ўсёй сям’i бацькi свайго: “Пайду i паведамлю фараону, і скажу яму: “Браты мае і сям’я бацькi майго, каторыя пражывалi ў зямлi Ханаан, прыбылi да мяне.
- Яны пастухi авечак i займаюцца гадаваньнем жывёлы; жывёлу буйную i ўсё, што маглi мець, прывялi з сабою”.
- Калi паклiча ён вас i запытае: “Чым вы займаецеся?”
- Вы адкажаце: “Мы ( слугi твае, пастухi ад дзяцінства i аж да цяперашняга часу, i мы, i бацькi нашыя”. Гэта вось скажаце, каб маглi жыць у зямлi Гашэн, бо брыдзяцца Эгiпцяне пастухамi авечак”.
Разьдзел 47
- І Язэп, увайшоўшы да фараона, сказаў: “Бацька мой i браты, авечкi i жывёла ды ўсё, што маюць, прыбылi зь зямлi Ханаан і знаходзяцца ў зямлi Гашэн”.
- І з усiх братоў сваiх пяць мужчынаў паставiў перад каралём.
- Той iх запытаў: “Чым займаецеся?” Яны адказалi: “Мы – слугi твае, пастухi авечак, i мы, i бацькi нашыя”.
- I сказалi фараону: “Мы – перасяленцы, бо ў нас няма травы для статку слугаў тваiх, узмогся бо голад у зямлi Ханаан. Просiм, каб дазволiў нам, слугам тваiм, пасялiцца ў зямлi Гашэн”.
- І сказаў фараон Язэпу: “Бацька твой i браты твае прыбылi да цябе.
- Уся зямля Эгiпецкая адкрыта табе. Пасялi iх на найлепшым месцы. Аддай iм зямлю Гашэн. А калi ведаеш мiж iмi людзей здольных, устанавi iх наглядчыкамi над маёй жывёлай”.
- І прывёў Язэп бацьку свайго да караля, i паставiў яго перад фараонам. I дабраславiў Якуб фараона.
- Фараон спытаўся ў яго: “Колькi гадоў жыцьця твайго?”
- Ён адказаў: “Дзён пiлiгрымаваньня майго – сто трыццаць гадоў. Кароткiя i лiхiя днi жыцьця майго, не дасяглi да гадоў жыцьця бацькоў маiх, якiх яны дажылiся”.
- I дабраславiўшы фараона, выйшаў ад яго.
- А Язэп, па загаду фараона, бацьку i братам сваiм даў на пасяленьне ў Эгiпце найлепшае месца – зямлю Рамэсэс.
- I зааглядаў ён бацьку i братоў, i ўсю сям’ю свайго бацькi ў харчы адпаведна лiчбы дзяцей.
- А на ўсёй зямлi не хапала хлеба i ўцiскаў страшны голад. І прападала зямля Эгiпту і Ханаану дзеля голаду.
- А Язэп праз продаж збожжа выбраў з усiх грошы i занёс iх у скарбніцу фараона.
- І калi ў купляючых не было на куплю грошаў, усе жыхары Эгiпту прыйшлi да Язэпа i казалi: “Дай нам хлеба! Бо памiраем на вачах у цябе, бо ня маем ужо грошаў!”
- Ён iм адказваў: “Прыводзьце жывёлу сваю, i за яе дам вам хлеба, калi ня маеце платы”.
- І прыводзiлi жывёлу, і (Язэп) даваў iм харчы за коней, авечак, валоў i аслоў. I кармiў iх ў той год у замену за жывёлу.
- У другiм годзе таксама прыходзiлi да яго і казалi яму: “Не хаваем перад гаспадаром нашым, што ня маем грошы, жывёла перайшла да гаспадара нашага, i ведаеш, што акрамя целаў i зямлi, нiчога болей ня маем.
- Дык чаму маем памiраць на вачах тваiх i мы, i зямля нашая! Купi нас i зямлю нашую за хлеб, будзем нявольнiкамi фараона, а наша зямля будзе яго ўласнасьцю. Дай нам зярно, каб мы выжылi i не памерлi, i каб зямля не ператварылася ў пустыню”.
- І Язэп купiў усю зямлю Эгiпецкую, бо кожны прадаў паселасьць сваю дзеля вялiкага голаду. І так падпарадкаваў зямлю фараону,
- а ўвесь народ, ад найблiжэйшых межаў Эгiпту аж да найдалейшых яго канцоў, паддаў у няволю.
- Сьвятарскай жа зямлi не купляў, бо яны карысталiся харчамi па фараонавым распараджэньні, таму ня былi вымушаны прадаваць свае паселасьцi.
- І сказаў Язэп людзям: “Вось бачыце, што i вы, i зямля вашая належаць да фараона. Вазьмiце насеньне і засейце палi,
- каб маглi мець збожжа. Пятую частку аддасьцё фараону, а чатыры астатнія аддаю вам на насеньне і на яду сем’ям i дзецям вашым”.
- Яны адказвалi: “Ты ўратаваў нас! Спагадным толькi будзь нам, гаспадару наш, а мы з радасьцю будзем служыць фараону”.
- З таго часу аж па сёньняшнi дзень даецца пятая частка з усёй зямлi фараонам Эгiпту, толькi землi сьвятароў па праву Язэпа выняты з-пад гэтага закону.
- І абжыўся Iзраэль ў Эгiпце, у зямлi Гашэн, і ўзяў яе на ўласнасьць, і разрастаўся, i вельмі размножыўся.
- I пражыў Якуб у зямлi Эгiпецкай сямнаццаць гадоў, і дачакаўся ста сарака сямi гадоў жыцьця.
- А калi заўважыў, што наблiжаецца дзень сьмерцi ягонай, паклiкаў сына свайго Язэпа i сказаў яму: “Калi я знайшоў ласку ў цябе, палажы руку сваю пад бядро на доказ мiласьцi i вернасьцi тваёй, што не пахаваеш мяне ў Эгiпце,
- але калi засну з маiмi бацькамi, вывязеш мяне з Эгiпту i пахаваеш мяне ў iх магiле”. Адказаў ён: “Зраблю, як ты сказаў”.
- Тады ён сказаў: “Прысягнi мне!” А калi ён прысягнуў, Iзраэль апаў на свой ложак.
Разьдзел 48
- Па гэтых падзеях было паведамлена Язэпу, што захварэў бацька ягоны. Дык ён узяў з сабой двух сыноў, Манасу i Эфраiма.
- І сказалi старому: “Вось жа сын твой Язэп прыйшоў да цябе”. Ён, сабраўшы сiлы, сеў на ложку
- i сказаў Язэпу: “Усемагутны Бог аб’явiўся мне ў Люзе, у зямлi Ханаан, і дабраславiў мяне,
- i сказаў: “Я вырашчу цябе i размножу, i зраблю цябе шматлюдным народам. Дам табе і патомству твайму па табе гэтую зямлю на вечную ўласнасьць”.
- Дык два твае сыны, каторыя нарадзiлiся табе ў Эгiпце перш, чым я перабраўся да цябе, мае будуць: Эфраiм i Манаса будуць маiмi, як Рубэн i Сымон.
- Аднак патомства, каторае табе па iх народзiцца, – тваiм будзе. Будзе яно называцца ад iмёнаў сваiх братоў, абжытых на ўласнасьцi сваёй.
- Мне вось, калi я варочаўся з Паддан-Араму, памерла Рахель, мацi твая, у зямлi Ханаан у той жа дарозе, калi заставаўся яшчэ нейкi кавалак да Эфраты, i я пахаваў яе ля дарогi ў Эфрату, каторая iншым iмем называецца Бэтлеем”.
- Бачучы ж сыноў ягоных, спытаўся ў яго: “Што за яны?”
- Язэп адказваў: “Гэта сыны мае, каторых даў мне Бог у гэтым месцы”. “Падвядзi, – кажа, – да мяне, я iх дабраслаўлю”.
- А вочы Iзраэля дзеля вялiкай старасьцi былi зацьмёныя i невыразна бачылi. Дык калi падвёў Язэп iх да яго, ён абняў iх i пацалаваў,
- i сказаў сыну свайму: “Не спадзяваўся я бачыць цябе, але Бог паказаў мне цябе i дзяцей тваiх”.
- Язэп, адсунуўшы дзяцей ад грудзей бацькi, пакланiўся яму тварам аж да зямлi.
- Затым, маючы абодвух сыноў, – Эфраiма па правай руцэ, або зь левага боку Iзраэля, а Манасу па левай руцэ, або з правага боку Iзраэля, – падвёў iх да бацькi.
- Але Iзраэль, выцягнуўшы правую руку, палажыў яе на галаве Эфраiма, малодшага брата, а левую руку – на галаве Манасы, старэйшага гадамi, зьмяняючы рукi.
- І дабраславiў Якуб Язэпа, i сказаў: “Бог, у прысутнасьцi Каторага хадзiлi бацькi мае, Абрагам i Iзаак, Бог, Каторы пасьвiў мяне ад юнацтва майго аж па сёньняшнi дзень,
- Анёл, каторы вырываў мяне з усякiх бедаў, хай дабраславiць гэтым хлопцам! Хай iмя маё, а таксама iмёны бацькоў маiх, Абрагама i Iзаака, прызываюцца над iмi, i хай яны растуць у вялiкую многасьць на зямлi!”
- Калi Язэп убачыў, што бацька ягоны палажыў правую руку на галаве Эфраiма, не спадабалася гэта яму. І ўзяў ён руку бацькаву, каб як пералажыць з галавы Эфраiма на галаву Манасы.
- I сказаў бацьку: “Невыпадак так, ойча, бо гэты першародны: палажы руку сваю на ягоную галаву!”
- Але бацька, пярэчачы, сказаў: “Ведаю, сын мой, ведаю, i зь яго вырасьце племя, каторае такжа размножыцца, аднак брат яго малодшы будзе большы ад яго, бо патомства ягонае разрасьцецца ў мноства плямёнаў”.
- І дабраславiў iм у той дзень, кажучы: “Табою будзе дабраславiць Iзраэль, кажучы: Хай учынiць табе Бог як Эфраiму i як Манасе!” І даў ён пяршынства Эфраiму перад Манасам.
- I сказаў ён Язэпу, сыну свайму: “Вось я паміраю, але Бог будзе з вамi, і верне вас у зямлю бацькоў вашых.
- І я дам табе болей, чым братам тваiм, на адну частку, каторую здабыў я на Амарэйцах мячом i лукам сваiм”.
Разьдзел 49
- I паклiкаў вось Якуб сыноў сваiх, i сказаў iм: “Зьбярыцеся, каб расказаць вам, што чакае вас у пазьнейшых часах.
- Зьбярыцеся i паслухайце, сыны Якуба, паслухайце бацькi вашага, Iзраэля!
- Рубэн, першародны мой, ты – моц мая i пачатак сiлы маёй; першы па дастойнасьцi, старэйшы па сiле!
- Пенячыся, як вада, ня будзеш першынстваваць, бо ты ўвайшоў у ложак бацькi свайго i апаганiў пасьцель маю.
- Сымон i Левi – браты, начыньне гвалту зброя іхняя.
- У iхнюю нараду ня ўвойдзе душа мая, i ў сабраньнi iхнiм хай ня будзе славы маёй, бо ў шале сваiм забiлi яны чалавека i ў свавольлi сваёй падрэзалi жылы быкоў.
- Праклятая лютасьць iхняя, бо ўпорыстая, і заядласьць iхняя, бо тупая! Падзялю iх у Якубе i раскiну iх у Iзраэлю.
- Юда, цябе будуць хвалiць браты твае, твая рука на карках ворагаў тваiх; будуць пакланяцца табе сыны бацькi твайго.
- Юда – малады леў, сын мой, ад здабычы падняўся ты, адпачыць лёг, як леў, i быццам львiца, і хто настрашыць яго?
- Ня будзе аднята бэрла ад Юды, i кій пастыра – з-пад ног ягоных, пакуль ня прыйдзе Той, чыiм яно ёсьць, i Каму скорацца народы.
- Прывязваючы да вiнаграднiка асьлянятка сваё i да ўшчэпу вiнаграднага сына асьлiцы сваёй, памые ў вiне адзеньне сваё ды ў крывi вiнаграду плашч свой.
- Пацямнеюць вочы яго ад вiна, i зубы яго стануць бялейшыя ад малака.
- Забулён на беразе мора жыць будзе i ў прыстанi караблёў, пашыраючыся аж да Сідону.
- Iсахар – асёл дужы, што ляжыць паміж загарадаў.
- Ён бачыць, што супачынак добры i што зямля найлепшая; i падстаўляе плячо сваё да нашэньня, стаўшыся слугою падняволеным.
- Дан будзе судзiць народ свой як адно з пакаленьняў Iзраэля.
- Дан станецца зьмяёю на дарозе, гадзiнай на сьцежцы, што кусае ногi каня, каб коньнiк ягоны падаў назад.
- Чакаць буду, Госпадзе, збаўленьня Твайго!
- Гад – разбойнiкi будуць нападаць на яго, а ён будзе наступаць iм на пяты.
- Асэр – сыты хлеб ягоны, i ён будзе ўдзяляць раскошы каралеўскiя.
- Нэфталi – ланя на свабодзе, што дае прыгожыя рогi.
- Язэп – урадлівае дрэва, урадлівае дрэва над крынiцаю: галінкi яго выстаюць па-за мурам.
- Але дражнiлi яго i сварылiся, i працiўныя яму былi тыя, каторыя маюць стрэлы.
- Ды зламаўся лук iхнi, i аслаблi мышцы плечаў іхніх дзякуючы рукам Усемагутнага Якуба, дзеля iмя Пастыра, Каменя Iзраэля.
- Бог бацькi твайго будзе ўспамогай тваёй, і Ўсемагутны будзе дабраславiць табе дабраславенствамі нябеснымi з гары, дабраславенствам бездані, што ляжыць унізе, багаславенствам грудзей i ўлоньня.
- Дабраславенствы бацькi твайго, узмацаваныя па-над дабраславенствы гораў адвечных і па-над пажаданьнi ўзгоркаў спрадвечных, хай сплывуць на галаву Язэпу i на верх галавы выбранца мiж братоў сваіх.
- Бэн’ямiн – воўк драпежны, штораньня будзе есьцi здабычу, а вечарам дзялiць здабытае”.
- Усе яны – гэта дванаццаць пакаленьняў Iзраэля. Вось гэта сказаў iм бацька iхнi i дабраславiў кожнага паасобку асабiстымi дабраславенствамi.
- А потым даў iм загад у гэтыя словы: “Я далучаюся да народу свайго; дык пахавайце мяне з бацькамi маiмi ў пячоры Махпэля, каторая знаходзiцца на полi Эфрона Гетыта,
- насупраць Мамрэ, у зямлi Ханаан, каторую купiў Абрагам з полем ад Эфрона Гетыта як магілу на ўласнасьць на пахаваньне памёршых.
- Там пахавалi яго (Абрагама) i жонку яго, Сару, там пахаваны Iзаак з Рэбэкай, жонкай сваёй, там i Лiя ляжыць пахаваная.
- Поле i пячора, каторая на iм, набытая ў сыноў Гета».
- І па заканчэньнi даручэньняў сынам сваiм, палажыў ён ногi свае на ложку i сканаў, і быў далучаны да народу свайго.
Разьдзел 50
- І Язэп прыпаў да твару бацькi, і плакаў, i цалаваў яго.
- І загадаў слугам сваiм, лекарам, каб забальсамавалi яго бацьку.
- І прайшло сорак дзён, пакуль яны споўнілі загад, бо столькi дзён было патрэбна на бальсамаваньне памёршага. І аплаквалi яго жыхары Эгiпту семдзесят дзён.
- Па заканчэньнi часу жалобы Язэп прамовiў да сям’i фараона: “Калi я знайшоў ласку ў вас, скажыце фараону так:
- Бацька запрысяг мяне, кажучы: “Вось я паміраю; у магіле маёй, якую я выкапаў сабе ў зямлi Ханаан, пахавай мяне”. Дык я вось цяпер пахаваю бацьку свайго i вярнуся”.
- Фараон сказаў яму: “Iдзi i пахавай бацьку свайго, як прысягнуў яму”.
- І калi Язэп iшоў хаваць бацьку свайго, пайшлi зь iм усе слугi фараона, старэйшыя дому ягонага, усе магнаты зямлi Эгiпецкай,
- сям’я Язэпа зь яго братамi, за выключэньнем дзяцей i стадаў, якiя засталiся ў зямлi Гашэн.
- Пайшлі зь ім такжа вазы i коньнiкi, творачы немалую дружыну.
- А калi прыбылi ў Гарэн-Гаатад, што ляжыць на другім баку Ярдану, там адправiлi лямант i жалобныя з плачам вялiкiм, трываючы сем дзён.
- Калi гэта ўбачылi жыхары Ханаану, казалi: “Гэта вялiкая жалоба Эгiпцянаў”, i дзеля таго названа тое месца Абэль-Міцраiм.
- І зрабiлi сыны Якуба так, як iм ён загадаў.
- І занесьлi яго ў зямлю Ханаан, i пахавалi яго ў пячоры Махпэля, якую купiў Абрагам разам з полем на ўласнасьць на хаваньне ад Эфрона Гетыта, насупраць Мамрэ.
- Пахаваўшы бацьку, вярнуўся Язэп у Эгiпет з братамi сваiмi i з усёй дружынай.
- Па сьмерцi бацькi Якуба, браты Язэпа баялiся i казалi памiж сабой: “Ён, памятаючы на крыўду, якую перацярпеў, можа адпомсьцiцца на нас за тое, што яму зрабiлi”.
- І перадалi яму: “Бацька твой загадаў нам перад сьмерцяй,
- каб мы табе ягонымi словамi сказалi: “Прашу, забудзь пра злачынства братоў сваiх, i грэх, i злосьць, якой дапусьцiлiся адносна цябе”. Мы таксама просiм, каб зь мiрам Бога бацькi твайго дараваў нам Язэп гэтую лiхасьць”. Выслухаўшы iх, Язэп заплакаў.
- І прыйшлi да яго браты ягоныя i, упаўшы перад iм, казалi: “Слугi мы твае”.
- Ён iм адказаў: “Ня бойцеся. Цi ж можам працiвiцца волi Божай!
- Вы задумалi для мяне блага, а Бог перамянiў на дабро, каб узвысіць мяне, як цяпер бачыце, i каб уратаваў я многiя народы.
- Не палохайцеся: я кармлю вас i вашых дзяцей”. І пацешыў ён iх, ласкава i зычліва гаворачы зь iмi.
- I жыў ён у Эгiпце з усёй сям’ёй бацькi свайго, і пражыў сто дзесяць гадоў,
- i бачыў сыноў Эфраiма аж да трэцяга пакаленьня. Таксама дзецi Махiра, сына Манасы, нарадзiлiся на каленях Язэпа.
- І сказаў Язэп братам сваiм: “Калi я памру, Бог пашкадуе вас i выведзе з гэтай зямлi ў зямлю, каторую запрысяг Абрагаму, Iзааку i Якубу”.
- І забавязаў ён сыноў Iзраэля прысягай, што споўняць гэткае даручэньне: “Калi Бог акажа вам ласку, забярыцё з сабой мае косьцi з гэтага месца”.
- І памёр Язэп, маючы сто дзесяць гадоў. І забальсамавалі цела яго, i паклалі ў труну ў Эгiпце.