Беларуская Біблія

Сума або кароткае апісаньне усяго Пісьма Сьвятога,
гэта значыцца Кнігаў Старога і Новага Запавету

Бог

Кнігі Старога Закону навучаюць нас, што Бог, Якога славілі Ной, Абрагам, Ісаак, Якуб, Давід і іншыя сьвятыя патрыярхі, ёсьць адзіным праўдзівым Богам, Усемагутным і Вечным, Які з добрасьці Сваёй стварыў Словам Сваім неба і зямлю і ўсё, што на іх ёсьць, ад Якога ўсе рэчы паходзяць, без Якога ня ёсьць ніякая рэч, Які ёсьць справядлівы і міласэрны, Які ўсё ў-ва ўсіх чыніць паводле Сваёй волі, і нікому нельга сказаць Яму: “Чаму так або іначай робіш?”

Стварэньне

Больш за тое, гэты Усемагутны Бог, стварыўшы ўсе іншыя рэчы, стварыў таксама Адама, першага чалавека, на Свой вобраз і Сваё духоўнае падабенства, і паставіў яго панам усіх рэчаў, створаных на зямлі.

Грэх

Гэты Адам, праз зайздрасьць і здраду шатана, ня будучы паслухмяным загаду Створцы Свайго грахом сваім увёў гэты сьвет у такі вялікі грэх, што мы паводле цела прыходзячы на гэты сьвет ад яго, ёсьць па прыродзе сваёй дзецьмі гневу, і таму застаемся адданымі сьмерці, нішчэньню, няволі і зьдзекам шатана.

Хрыстос абяцаны

Але пасьля Бог Айцец абяцаў дабраславёнае несеньне, ІСУСА ХРЫСТА, Сына Свайго, Збаўцу нашага, таму Адаму, Абрагаму, Ісааку, Якубу, Давіду і іншым патрыярхам, каб іх ад грэху і зьдзекаў шатана выбавіць, каб верай жывой і дзейснай у тое убяцаньне верылі, каб Ісусу Хрысту давяраліся, спадзеючыся гэтага збаўленьня ад Яго і празь Яго.

Закон

Але яшчэ нас гэтыя кнігі вучаць, што тады, калі патрыярхі ізраэльскія чакалі абяцанага збаўленьня і адкупленьня, паколькі прырода чалавечая пыхлівая і так сапсаваная, што ня хочуць людзі самі прызнаваць сябе грэшнымі і маючымі патрэбу ў збаўленьні, даў Бог праз Майсея Закон, напісаны на табліцах каменных, каб людзі, пазнаўшы празь яго грэх і ліхоту сэрца свайго, тым больш прагнулі прыйсьця Хрыста, Які іх ад грэху адкупіць і збавіць, бо гэтага ані закон учыніць ня можа, ані ахвяры, паводле закону складаныя, бо яны толькі цені і вобразы той сапраўднай ахвяры цела Хрыстовага, якая ўсе грахі мае змыць.

Хрыстос, Бог Збаўца, прыйшоў

Кнігі Новага Закону вучаць нас, што гэты абяцаны Хрыстос, (Які ёсьць над усім стварэньнем Богам, дабраславёным на вякі), Які нам быў у Кнігах Старога Закону праз ахвяры і вобразы прадказаны, быў пасланы Айцом у час, вызначаны Айцом, у час, калі шмат зла намножылася ў сьвеце. Гэты Ісус Хрыстос, Збаўца наш, уцелавіўшыся, прыняў сьмерць і ўваскрос зь мёртвых, каб не дзеля чыіхсьці добрых учынкаў, (бо ўсе зграшылі), але каб Бог і Айцец наш, Які ёсьць Праўдзівы, даў нам шчодрае багацьце ласкі Сваёй, якое нам абяцаў, і нас, паводле міласэрнасьці Сваёй, збавіў.

Ягня, Ахвяра, Мір, Усынаўленьне

Новы гэты Закон ясна нам паказвае, што Ісус Хрыстос, сапраўднае Ягня і сапраўдная ахвяра за ўвесь сьвет, прыйшоў у сьвет, адкупляючы грахі людзей, каб нам мір і ласку ў Айца здабыць, абмываючы нас ад грахоў нашых у Сваёй Крыві, і каб нас збавіць з няволі шатанскай (якому мы служылі, грэшучы), каб мы таксама атрымалі празь Яго усынаўленьне як сыны Божыя і разам зь ім сталіся суспадчыньнікамі тэтага найслаўнейшаа і вечнага Валадарства

Дух Сьвяты, Вера, Любоў, Надзея, Апраўданьне і асьвячэньне

І каб мы маглі зразумець гэтае асаблівае і вельмі вялікае дабрадзейства Божае адносна нас, даў нам Бог Духа Свайго Сьвятога, плодам і вынікам чаго ёсьць вера ў Бога і Хрыста Яго. Бо без Духа Сьвятога, якім мы навучаны і запячатаныя, ня можам верыць тому, што Бог айцец паслаў Мэсію, ані таксама верыць, што Ісус ёсьць Хрыстос. Бо як кажа сьвяты Паўла, ніхто ня можа сказаць Госпад Ісус, як толькі Духам Сьвятым. Той самы Дух дае сьведчаньне духу нашаму, што мы сыны Божыя, і напаўняе нашае нутро любоўю, якую сьвяты Паўла апісвае Карыньцянам. Акрамя таго Дух дае нам таксама надзею, якая ёсьць ўпэўненым чаканьнем жыцьця вечнага, якога Ён сам ёсьць зарукай і закладам, надзяляе нас таксама іншымі дарамі духоўнымі, пра якія сьвяты Паўла піша да Галятаў. Ня можам таму занядбоўваць або легкадумна ставіцца да плоду веры, бо праз гэты давер  веру ў Хрыста, якая празь любоў плод свой прыносіць і выяўляецца праз учынкі любові, пабуджаючы да іх чалавека, мы будзем апраўданыя і асьвечаныя, гэта значыць. Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, які стаўся таксама нашым Айцом праз гэтага нашага брата, прыймае нас за справядлівых і сьвятых паводле ласкі Сваёй праз заслугу Сына Свайго Ісуса Хрыста, не залічваючы нам нашых грахоў на вечныя мучэньні.

Добрыя ўчынкі

Нарэшце , Хрыстос прыйшоў у сьвет, каб мы, будучы празь Яго ачьвечаныя і ачышчаныя ад грахоў, насьлядуючы добрымі ўчынкамі паводле волі Яго, адмовіліся рэчаў цялесных, а Яму свабодна служылі ў спавядлівасьці і сьвятасьці ва ўсе дні жыцьця нашага, і каб мы праз добрыя ўчынкі, якія прыгатаваў для нас Бог, каб мы ў іх хадзілі, паказвалі тое, што мы пакліканы да гэтай ласкі і да гэтага дару веры. Калі хто добрых учынкаў ня мае, то праз гэта дае зразумець, што ня мае веры ў Хрыста, якую Ён у нас мець жадае.

Хрыстос Настаўнік, Першасьвятар, Пасярэднік, Заступнік

Таму так да гэтага трэба нам ставіцца і насьлядаваць Хрыста з ахвотным сэрцам, каб Ён нас навучыў, бо Ён – Настаўнік наш, сэрцам ціхі і пакорны, Ён – прыклад для нас, зь якога павінны мы вучыцца спосабу добрага жыцьця на сьвеце. Ён таксама наш Першасьвятар, Які Сам за нас Сваю Кроў ахвяраваў, будучы адзіным пасярэднікам між Богам і людзьмі, Які сядзіць цяпер праваруч Бога Айца, стаўшыся нашым заступнікам, молячыся і заступаючыся за нас. Ён абавязкова дасьць або тое, што ў Яго, або тое, што ў Айца ў Яго Імя просім, калі толькі просячы, будзем моцна верыць, што Ён так зробіць, бо Ён так абяцаў. Не сумняваймася таму, калі зграшым, з пакаяньнем, (да якога Ён нас адразу на пачатку Сваёй пропаведзі кліча і пабуджае) і з даверам наблізіцца да Пасаду ласкі Яго, цалкам верачы ў тое, што атрымаем міласэрнасьць, бо Ён дзеля таго ў сьвет прыйшоў, каб грэшнікаў ласкай Сваёй збавіць.

Апошні Суд, жыцьцё вечнае, агонь вечны

Гэта Той Хрыстос Ісус, Які ў пэўны час, вызначаны Айцом, прыйдзе, і засядзе ў Велічы вялікай, каб усіх судзіць і даць кожнаму паводле ўласных учынкаў цела яго, якія рабіў, або добрыя, або ліхія. І Ён скажа тым, якія будуць праваруч Яго, якія ў гэтым сьвеце будучага дабра, гэта значыцца жыцьця вечнага чакаюць: Прыйдзіце, дабраславёныя Айца Майго, атрымайце Валадарства, прыгатаванае для вас ад стварэньня сьвету. А тым, якія будуць леваруч, скажа: Адыйдзіцеся ад Мяне, праклятыя, ў агонь вечны, які прыгатаваны д’яблу і анёлам ягоным. І тады будзе канец, калі Хрыстос, перамогшы ўсіх Сваіх ворагаў, перадасьць Валадарства Богу і Айцу Свайму.

Каб мы гэтыя рэчы зразумелі, праз добрасьць Божую праз Духа Сьвятога дадзеныя нам гэтыя Кнігі сьвятыя, якія называем Бібліяй, і прапаведваньне вучэньня, якое ў гэтых Кнігах, і таямніцы, якімі запячатваецца праўда гэтага вучэньня, каб мы, так скажу, пазналі і ўверылі, што толькі адзін ёсьць Бог праўдзівы, і Той, Які паводле абяцаньня Свайго паслаў Ісуса Хрыста, і каб мы, верачы, мелі жыцьцё ў Імя Яго.

Акрамя гэтага падмурку ніякага іншага нельга закласьці ў Царкве Хрыстовай, каб на ім стаяць, і таго жадае сьвяты Паўла, каб быў пракляты кожны, хто іншую веру або збаўленьне абвяшчае, як не празь Ісуса Хрыста, хоць бы гэта быў анёл зь неба, бо празь Яго, зь Ім і ў Ім усе рэчы ёсьць, і Яму разам з айцом і Духам Сьвятым няхай будзе вечная слава і пашана на вякі вечныя. Амэн.