КНІГА ПСАЛЬМАЎ
Псальм 1.
- Шчасьлівы чалавек, што ня ходзе на раду бязбожных, ня ўзыходзіць на шлях грэшнікаў і паміж насьмешнікаў не засядае,
- але любасьць знаходзе ў Законе Госпада і аб Законе Ягоным разважае ўдзень і ўначы.
- Той ёсьць быццам пасаджанае ля патоку воднага дзерава, што плод дае ў сваім часе, а лісьце яго ня вяне, і ўсё, што ён робіць, удаецца яму.
- Ня гэтак бязбожныя: яны да паловы падобны, што вецер разносе.
- Дык ня ўстояць бязбожныя на судзе, ані грэшнікі ў зграмаджэньні справядлівых,
- бо Госпад ведае шлях пабожных, але дарога бязбожнікаў счэзьне.
Псальм 2.
- Чаму народы бунтуюцца, і людзі дарэмнае задумляюць?
- Узьнімаюцца цары зямныя, і князі радзяцца адзін з адным супраць Госпада й Памазанца Ягонага:
- Парвема кайданы іх і путы іхнія скіньма з сябе!
- Той, што жыве ў небе, сьмяецца: Госпад зьдзекуецца над імі.
- І кажа да іх у гневе Сваім і ярасьцяй Сваею пужае іх:
- Гэта Я паставіў Цара Майго на Сыоне, гарэ Маёй сьвятой!
- Дайце мне абвясьціць, што Госпад сказаў да мяне: Ты-ж Сын Мой, сягоньня спарадзіў Я Цябе!
- Зажадай ад Мяне, і дам Табе народы зямлі ў спадчыну і межы зямныя ў валаданьне Табе.
- Паліцай зялезнай паб’еш іх, быццам начыньне глінянае скрышыш.
- Дык апамятайцеся, цары, зразумейце перасьцярогу, судзьдзі зямныя!
- Служыце Госпаду са страхам і радуйцеся з дрыжаньнем.
- Слаўце Сына, каб не разгневаўся, ды каб вы ня згінулі на дарозе сваей, бо неўзабаве ўзгарыцца гнеў Яго! Шчасьлівыя ўсе, што ў Ім прыпынку шукаюць.
Псальм 3.
- Псальм Давіда, калі ён уцякаў ад Абсалёма, сына свайго;
- Госпадзе! Як намножылася ворагаў маіх! Многа іх паўстае супраць мяне!
- Многія кажуць аб душы маей: Няма яму ратунку ад Бога (Зэля).*)
- Але Ты, Госпадзе, шчыт для мяне, Ты слава .мая і падыймаеш галаву маю.
- Голасна гукаў я да Госпада, і пачуў мяне з гары Свае сьвятое. (Зэля).
- Кладуся я й засыпаю; і прабуджаюся, бо Госпад бароніць мяне.
- Не палохаюся я безьлічы ваякаў, што абступілі мяне наўкола.
- Устань, Госпадзе! Збаў мяне, Божа мой! Бо ты біў ворагаў маіх па сківіцах, Ты крышыў зубы бязбожнікам.
- Ад Госпада збаўленьне і над народам Тваім багаслаўленьне. (Зэля.)
*) Зэля — гэта знак музычны, быццам сгеsсеndо; ён паказуе, што музыка, якая ціха падыгрывае, павінна зайграць мацней і адзначыць гэтым канец адрыўку, або заканчэньне песьні.
Псальм 4.
- Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Псальм Давідавы.
- Калі гукаю, пачуй мяне, Божа, Справядлівасьць мая! У цясноце даваў Ты мне прасторнасьць. Зьмілуйся нада мною і пачуй малітву маю!
- Сыны людзей: дакуль слава мая зьняважацца будзе? Дакуль марноту любіць будзеце ды ілжы шукаці? (Зэля.)
- Ведайце-ж, што Госпад выдзяліў Сабе пабожнага Свайго; Госпад чуе, калі гукаю да Яго.
- Дрыжыце й не грашыце! Разважайце ў сэрцах вашых на ложках вашых і маўчыце! (Зэля.)
- Нясеце ахвяры праўдзе і спадзявайцеся на Госпада!
- Многія кажуць: Хто пакажа нам добрае? Ты, Госпадзе, узьнімі над імі сьветласьць аблічча Твайго!
- Ты напоўніў сэрца маё вялікшай радасьцяй, чым маюць яны, сабраўшы збожжа й віна багата. (Зэля.)
- Супакойна лягу я і засну, бо Ты, Госпадзе, даеш мне жыці спакойна сярод небясьпекі.
Псальм 5.
- Кіраўніку хору: на трубах. Псальм Давідавы.
- Выслухай словы мае, Госпадзе, зваж на ўздыханьні мае.
- Пачуй гучны крык мой, Цару мой і Божа мой, бо да Цябе малюся.
- Спазаранку пачуй, Госпадзе, голас мой; удосьвіткі стану перад Табою і буду спадзявацца.
- Бо Ты Бог, якому недаспадобы бяспраўе; злому нельга быці пры Табе!
- Свавольнікі ня ўстояць перад вачыма Тваімі; усіх злачынцаў Ты ненавідзіш.
- Ты выгубляеш ілжывых; крыважаднымі й круцялямі брыдзіцца Госпад.
- Але я, праз вялікую ласку Тваю, увайду да дому Твайго і — ў баязьні Тваёй — пакланюся Сьвятыні Тваёй.
- Госпадзе, вядзі мяне ў справядлівасьці Тваёй; насупраць ворагам маім выпрастуй шлях Твой прада мною.
- Бо нямашака шчырасьці ў вуснах іхніх; іх сэрца — распуста; горла іх — магіла расчыненая; язык у іх — падлыжны.
- Засудзі іх, Божа! Няхай скрышацца ад імкненьняў сваіх! За множства праступкаў адкінь Ты іх, бо супраць Цябе збунтаваліся.
- Ды няхай радуюцца ўсё, што на Цябе спадзяюцца; няхай весяляцца навекі, бо Ты іх бароніш; і хай узрадуюцца Табою, што мілуюць імя Тваё.
- Бо Ты багаслаўляеш пабожных, Госпадзе, і ласкай Тваёю, бы шчытом, засланяеш.
Псальм 6.
- Кіраўніку хору: на васьміструнным. Псальм Давідавы.
- Госпадзе! У гневе Сваім не асудзі мяне і ў ярасьці Сваёй не карай мяне!
- Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, бо я нядужы; вылячы мяне, Госпадзе, бо нутро маё ўстрывожана,
- і душа мая вельмі спалохана. Ты-ж, Госпадзе, дакуль?
- Агляніся, Госпадзе, вырві душу маю, спасі мяне дзеля ласкавасьці Тваёй!
- Бо ў сьмерці няма памяці аб Табе, і ў магіле хто-ж бы Славіў Цябе?
- Я замарыўся ад уздыханьня; што-ноч паліваю я ложак мой, сьлязамі паліваю пасьцель маю.
- Ад тугі запала вока маё, састарэлася ад множства перасьледавацеляў маіх.
- Адступіцеся вон ад мяне, ўсе злачынцы! Бо Госпад пачуў голас плачу майго.
- Госпад выслухаў маленьне маё; Госпад прыймае малітву маю.
- Асаромлены будуць ворагі мае ды крэпка ўстрывожаны: яны павернуцца назад і мігам будуць асаромлены.
Псальм 7.
- Лямант Давіда, што пяяў ён Госпаду з прычыны Куша, Бэніямінавага сына.
- Госпадзе, Божа мой! У Цябе я шукаю прыпынку! Спасі мяне ад усіх перасьледавацеляў маіх і вызваль мяне!
- Хай ня возьме, бы леў, жыцьця майго і не разарве мяне, калі некаму ратаваці!
- Госпадзе, Божа мой! Калі я ўчыніў гэткае, калі беззаконьне да рук маіх прыляпілася,
- калі зло я зрабіў таму, хто жыў са мной мірна, ды не ратаваў таго, хто чапаў мяне бяз прычыны, —
- тады няхай гоніць вораг мяне і дагоніць, хай жыцьцё маё ўтопча ў зямлю і чэсьць маю кіне ў пыл! (Зэля.)
- Паўстань, Госпадзе, у гневе Тваім! Узьніміся проці лютасьці перасьледавацеляў маіх! Збудзіся дзеля мяне на суд, што Ты запаведаў!
- Няхай зграмадзяцца народы навакол Цябе; Ты засядзь над імі на высачыні.
- Госпад судзіць народы. Судзі-ж мяне. Госпадзе, паводле справядлівасьці маёй і паводле нявіннасьці маёй, што ёсьць у-ва мне!
- Зваюй злосьць бязбожнікаў і ўмацуй пабожных, — Ты, што выспрабовуеш сэрцы й нутро, Божа Справядлівы!
- Трымае шчыт мой Той, хто шчырых сэрцам ратуе.
- Бог ёсьць Судзьдзя Справядлівы і Бог, што строга што-дня зыскуе.
- Калі не наварачываюцца, ён вострыць свой меч, ужо нацягнуў Ён Свой лук і мае напагатове
- ды кладзе на яго прылады сьмерці: стрэлы Свае Ён робіць палючымі.
- Вось, ліхое бязбожнік зачаў, цяжарны злом ходзіць і здраду спародзіць.
- Яму капаў ён і выкапаў, але сам уваліцца ў дол, што зрабіў.
- Ліха, якое надумаў, спадзе на галаву яму, і на цемя ягонае зваліцца беззаконьне яго.
- Дзякую Госпаду за суд справядлівы і хвалу пяю іменьню Госпада Найвышэйшага.
Псальм 8.
- Кіраўніку хору: на Гацкі*) лад. Псальм Давідавы.
- Госпадзе, Валадару наш! Як узьвялічана імя Тваё па ўсёй зямлі! Слава Твая ўзьняслася панад нябёсы!
- Праз вусны дзетак, малых і пры грудзёх, збудаваў Ты апору супраць ворагаў Тваіх, каб замаўчалі ворагі і мсьціцелі.
- Углядаючыся на неба Тваё, твор пальцаў Тваіх, на месяц ды на зоркі, што Ты панастаўляў.
- я думаю: што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш аб ім, і сын чалавечы, што Ты даведываешся яго?
- Ня шмат Ты паменшыў яго перад Ангеламі,**) ды славай і чэсьцяй ахутаў Ты яго,
- і зрабіў яго гаспадаром над творамі рук Тваіх, і ўсё Ты паклаў пад ногі яму:
- авечак і валоў усіх, дый зьвяр’ё палявое,
- птахаў пад нябёсамі й рыбаў у моры — і ўсё, што ходзе сьцежкамі марскімі.
- Госпадзе, Валадару наш! Як узьвялічана імя Тваё па ўсенькай зямлі!
*) З Гату ад Хвілістынаў.
**) У жыдоўскім тэксьце: перад Богам
Псальм 9.
- Кіраўніку хору: на лад песьні: Памры за сына. Псальм Давідавы.
- Выслаўляціму Госпада ад усяго сэрца; усе цуды Твае абвяшчаць буду.
- Буду радавацца й весяліцца дзеля Цябе, буду выслаўляць імя Тваё, о, Найвышэйшы,
- бо ворагі мае, уцякаючы, спаткнуліся й пагінулі перад абліччам Тваім.
- Ты правёў суд мой і завяршыў справу маю; як справядлівы Судзьдзя, Ты сеў на пасадзе.
- Ты ўзбурыўся на паганаў, вынішчыў бязбожнікаў, імя іхняе на вечныя вякі загладзіў
- Ворагі зьнішчаны — руіна навекі! І месты разбурыў Ты, памяць аб іх счэзла.
- Але Госпад існуе навекі; Ён паставіў пасад Свой, каб чыніці суд,
- і будзе судзіць увесь сьвет па праўдзе і чыніць суд над народамі паводле справядлівасьці.
- І будзе Госпад прыпынкам для прыгнечаных, апорай у час тугі.
- На Цябе спадзявацца будуць тыя, што ведаюць імя Тваё, бо Ты не пакідаеш тых, хто шукае Цябе, Госпадзе!
- Хваліце Госпада, што сядзіць на Сыоне, апавядайце між народамі ўчынкі Яго!
- Бо Ён, што зыскуе за кроў, прыпомніў аб іх: Ён не забыўся аб плачу ўцісканых.
- Зьлітуйся нада мною, Госпадзе! Глянь на муку маю ад тых, што ненавідзяць мяне, — Ты, што падыймаеш мяне ад брамы сьмерці,
- каб я абвяшчаў усю хвалу Тваю, у брамах дачкі Сыонавае радаваўся з збаўленьня Твайго.
- Паўваліваліся пагане ў яму, што самі выкапалі; у сеці, што ўкрадкам панастаўлялі, ублуталася нага іхняя.
- Госпад даў пазнаць Сябе, учыніўшы суд; у ўчынках рук сваіх заблутаўся бязбожнік. (Зэля.)
- Зыйдуць бязбожнікі ў пекла — усе народы ў пекла, што Бога забылі.
- Бо не навекі забыты будзе ўбогі, надзея нешчасьлівых ня згіне назаўсёды.
- Паўстань, Госпадзе, ня дай людзям здабыць перавагу; пагане мусяць быць суджаны перад абліччам Тваім.
- Напусьці жах на іх, Госпадзе! Няхай пазнаюць пагане, што яны людзі! (Зэля.)
Псальм 10.
- Чаму стаіш воддаль, Госпадзе, хаваешся ў часе напасьці?
- Праз сваволю бязбожнікаў мусіць палохацца ўбогі; пападаецца на хітрыках, што яны павыдумлялі.
- Бо выхваляе бязбожнік, што яму жадаецца, грабежца пахваляе і разам зьняважае Госпада.
- Бязбожнік у пысе сваёй пагарджае Госпадам: Ня ўзышча! Няма Бога! — вось усе думкі ў яго.
- Што ён пачынае, усё ручыць яму; суды Твае высака ад яго аддалёныя; на ўсіх сваіх ворагаў грэбліва дзьмухае ён.
- Ён гаворыць у думцы сваёй: Ніколі я не пахіснуся, з роду ў род у бяду не пападуся.
- Вусны ягоныя поўны праклёнаў, крывадушнасьці й зьдзеку; пад языком у яго — мука й пагібель.
- Ён сядзіць у засадзе на пазадворках, украдня забівае нявінных; вочы ягоныя сочаць за нешчасьлівым,
- ён падпілноўвуе ў засадзе, быццам леў у гушчары сваім; сочыць, каб улавіць убогага; хапае гаротніка, уцягваючы яго ў свае сеці;
- ён туліцца к зямлі, падкрадаецца, і ад моцы ягонае гіне многа нешчасьлівых.
- Ён кажа ў сэрцы сваім: Бог забыўся, закрыў аблічча Сваё, ня ўбачыць ніколі!
- Паўстань, Госпадзе Божа! Узьнімі руку Тваю, не забывайся аб прыгнечаных!
- Чаму бязбожнік зьняважае Бога, кажучы ў сэрцы сваім: Ты ня ўзышчаш!?
- Ты-ж бачыў гэта! Бо Ты пазіраеш на муку й гора, каб узяць у руку Сваю. Табе пакідае іх нешчасьлівы; Ты — помач сіраце.
- Зламай руку бязбожніку, прыпомні нягодніку беззаконьне ягонае, каб болей яго не знайсьці!
- Госпад — Цар навекі, назаўсёды; пагане счэзнуць із зямлі Яго.
- Ты чуеш пажаданьні пакорных, Госпадзе! Ты ўмацняеш сэрцы ім, Ты схіляеш вуха Тваё,
- каб даць справядлівасьць сіраце і прыгнечанаму. Няхай людзі сьмяротныя адгэтуль не палохаюцца больш на зямлі!
Псальм 11.
- Кіраўніку хору: псальм. Давідавы. У Госпада шукаю я абароны. Як можаце вы мне казаці: Адляці на горы вашыя, як птушка?
- Бо-ж вось бязбожнікі нацягнулі лук, палажылі стралу сваю на цяціве, каб упоцемках страляць у справядлівых сэрцам.
- Калі падваліны будуць раскіданы, што рабіці пабожнаму?
- Госпад у сьвятым храме Сваім; Госпад, пасад Якога на нябёсах. Вочы Ягоныя бачаць, павекі Яго прыглядаюцца да сыноў чалавечых.
- Госпад выпрабовывае пабожнага, але бязбожніка і таго, што гвалт любіць, ненавідзіць душа Ягоная.
- Дажджом пасыпле Ён кары на бязбожнікаў; агонь і серка і вецер палючы — вось іхняя доля із чары,
- бо Бог справядлівы й любіць праўду; праведнікі ўгледзяць аблічча Яго.
Псальм 12.
- Кіраўніку хору: на васьміструннай. Псальм Давідавы.
- Памажы, Госпадзе, бо нястала пабожных, і верныя счэзьлі сярод сыноў чалавечых.
- Манліва прамаўляе адзін да аднаго; лісьлівымі вуснаму із сэрца крывадушнага гавораць яны.
- Няхай-жа Госпад зьніштожыць усе вусны лісьлівыя, язык, што дзёрзка прамаўляе,
- гаворачы: Языком нашым пераможам; вусны нашыя памогуць нам! Хто гаспадар над намі?
- За ўцісканьне нешчасьлівых, за ўздыханьні ўбогіх паўстану цяпер, — кажа Госпад: забясьпечу таго, на каго настаўляюць сеці.
- Словы Госпада — шчырыя словы: срэбра ў горне ад зямлі ачышчанае, семкрот ператопленае.
- Ты, Госпадзе, нас абароніш, навекі ад роду гэнага захаваеш!
- Усюды наўкола нас пахаджаюць бязбожнікі, бо спасярод сыноў чалавечых узвысіліся найбольш нягодныя.
Псальм 13.
- Кіраўніку хору: Псальм Давідавы.
- Дакуль, Госпадзе: ці навекі забудзеш мяне? Дакуль будзеш аблічча Сваё ўкрываць ад мяне?
- Дакуль пеставаці мне сум у душы маёй, тугу ў сэрцы маім з дня ды на дзень? Дакуль вораг мой будзе мець нада мной перамогу?
- Глянь і выслухай мяне, Госпадзе Божа мой! Прасьвятлі вочы мае, каб не заснуў я сном сьмяротным,
- каб ня мог сказаці мой вораг: Я перамог яго! Каб перасьледавацелі мае ня ўзрадаваліся, калі пахіснуся.
- Я-ж спадзяюся на ласку Тваю; цешыцца сэрца маё з помачы Тваяе. Хваліціму Госпада за дабро, што Ён мне зрабіў.
Псальм 14.
- Кіраўніку хору: псальм Давідавы. Казаў дурны ў сэрцы сваім: Няма Бога! Папсаваліся яны ды агідныя рэчы рабілі; ня было нікога, каб рабіў дабро.
- Глянуў Госпад з неба на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць разумны, што Бога шукае.
- Усе чыста адхінуліся, усе аказаліся папсаванымі; ня было нікога тамака, хто-б рабіў дабро: нікагусенькі!
- Няўжо-ж не апамятаюцца ўсе злачынцы, што народ мой зьядаюць, быццам хлеб ядуць, ды Госпада не прызываюць?
- Дык задрыжаць яны там ад страху, бо ёсьць Госпад сярод роду справядлівых!
- Радай убогага вы пагарджаеце, але Госпад — надзея для яго.
- Ах, каб-жа прыйшло збаўленьне з Сыону для Ізраіля! Калі Госпад адменіць лёс народу Свайго, усьцешыцца Якуб, і радавацца будзе Ізраіль!
Псальм 15.
- Псальм Давідавы. Госпадзе! Каму дадзена будзе гасьціці ў палатцы Тваёй, каму жыці на гарэ Тваёй сьвятой?
- Таму, хто жывець беззаганна і робіць справядлівасьць і ад сэрца ўсяго праўду гаворыць,
- хто языком сваім не абмаўляе, нічога благога другому ня робіць і ня ўзводзіць ганьбы на бліжняга свайго.
- Таму, у вачох якога пагарда для адкіненага і пашана для багабойных; хто, хоць-бы са шкодай для сябе прысягаўся, ды гэтага не зьмяняе;
- хто грошы сваіх не аддае на квоту і подкупу проці нявіннага ня прыймае. Хто гэтак робе, не пахісьнецца навекі!
Псальм 16.
- Залатая песьня Давідава. Захавай мяне, Госпадзе, бо на Цябе спадзяюся!
- Кажу я да Госпада; Ты Госпад мне; няма для мяне дабра апрача Цябе!
- Да сьвятых-жа, што на зямлі, і да слаўных Тваіх: у іх уся радасьць мая!
- Бязьмежна туга тых, што вымянялі сабе бога чужога; не хачу я складаць жэртвы іх крывавае, ані імёнаў іхніх успамінаць вуснамі маімі.
- Госпад доля мая із спадчыны і із чары; Ты дзержыш лёс мой.
- Межы мае выпалі ў мясцох вясёлых, і спадчына мая прыемна для мяне.
- Хвалю я Госпада, што навучыў мяне; і ўначы нутро маё мяне ўшчувае.
- Усьцяж маю я Госпада перад вачыма маімі: калі Ён стаіць праваруч мяне, дык не пахіснуся.
- Дык радуецца сэрца маё й весяліцца душа мая, і цела маё спачывае бясьпечна,
- бо не пакінеш душы маёй у пекле і не дасі сьвятомуТвайму ўбачыць тленьне.
- Ты мне пакажаш дарогу жыцьця; перад абліччам Тваім поўна радасьці, праваруч Цябе раскоша навекі.
Псальм 17.
- Малітва Давідавая. Выслухай, Госпадзе, справу справядлівага! Зваж на лямант мой! Прыймі маленьне маё із вуснаў нефальшывых!
- Ад аблічча Твайго няхай выйдзе прысуд мой; вочы Твае бачаць, што справядліва.
- Калі Ты выпрабовываеш сэрца маё, уначы адведываеш ды грунтоўна распазнаеш мяне, дык не знаходзіш ніякіх благіх думак у-ва мне, і вусны мае не грашаць.
- У справах чалавечых, паводле слова вуснаў Тваіх, я высьцерагаўся шляхоў гнібіцеляў.
- Крокі мае дзяржаліся каляінаў Тваіх; стопы мае ня хісталіся.
- Да Цябе я гукаю, бо Ты, Божа, выслухаеш мяне; прыхілі да мяне вуха Тваё, пачуй словы мае!
- Пакажы дзіўную ласку Тваю, бо Ты Збавіцель тых, што ў правіцы Тваёй шукаюць абароны ад ворагаў.
- Захавай мяне, як зрэнку вока; у цяню крыльляў Тваіх укрый Ты мяне
- ад бязбожнікаў, што гвалт учынілі нада мной, ад ворагаў маіх, што прагавіта абступілі мяне:
- яны схаваліся ў туку сваім, вуснамі .сваімі яны дзёрзкае гавораць.
- На кожным кроку цяпер яны нас абступаюць; іх думкі шукаюць, каб нас да зямлі прыбіці.
- Яны падобны да льва, што шукае дабычы, і да львянятка, што ў засадзе ляжыць.
- Паўстань, Госпадзе! Выйдзі супраць іх, павалі Ты іх! Мячом Тваім ратуй жыцьцё маё ад бязбожніка,
- ад людзей — Тваёй рукой, Госпадзе! — ад людзей сьвету, што толькі ў гэтым жыцьці надзею сваю пакладаюць, а чэрава іх Ты із скарбніцы Тваёй напаўняеш; многа сыноў яны маюць і лішак свой дзецям кідаюць сваім.
- Я-ж за справядлівасьць маю ўбачу аблічча Тваё: збудзіўшыся, буду Тваім абразом насычацца.
Псальм 18.
- Кіраўніку хору: ад раба Гасподняга Давіда, які высказаў словы песьні гэтае да Госпада, калі Госпад вызваліў яго із рук усіх ворагаў ягоных і із рукі Саўлавае. І ён казаў:
- Узьвялічваць буду Цябе, Госпадзе, сіла мая! Госпад ёсьць скала мая ў тузе маёй, мой Збавіцель!
- Мой Бог — апора мая, у Яго я шукаю прытулішча; Ён шчыт мой, рог збаўленьня майго і замчышча маё!
- Паклічу я Госпада, Дастойнага хвалы, і ад усіх ворагаў маіх вызвалены буду.
- Бо абступілі мяне хвалі вадзяныя, і патокі пагібелі спалохалі мяне;
- путы пякельныя абнялі мяне, і сеці сьмерці аблуталі мяне.
- Спалохаўшыся, паклікаў я Госпада і загаласіў да Бога майго. З хораму Свайго Ён пачуў голас мой, і лямант мой дайшоў да вушэй Ягоных.
- Ён глянуў сюды, — і задрыжэла зямля, і затрэсьліся падвалівы гор ды захісталіся, бо ўгнявіўся Ён.
- Узьняўся дым ад гневу Ягонага і з вуснаў Ягоных агонь пажараў; вугальле распаленае сыпалася ад Яго.
- Нахіліў Ён нябёсы й зыйшоў, і цемра была пад нагамі Ягонымі.
- Ён сеў на Хэрувіма й паляцеў ды на ветравых крыльлях насіўся.
- Цемру зрабіў Ён заслонай Сабе; цёмнымі водамі, густымі хмарамі ахутаў Сябе, бы шатром.
- Ад зьзяньня прад Ім цераз хмары Ягоныя прарываліся град і вугальле вагністае.
- Тады загрымеў на небе Госпад. Найвышэйшы падаў голас Свой — град і вугальле вагністае.
- Пусьціў стрэлы Сваё і раскінуў іх — множства маланак, ды ўскаламуціў іх.
- Тады расчыніліся глыбіні марскія, і адкрыліся падваліны сусьвету на страшны голас Твой, Госпадзе; ды пад подыхам ноздраў Тваіх.
- З вышыні працяг Ён руку, схапіў мяне й выцягнуў із водаў вялікіх,
- вырваў мяне ў ворага майго сільнага дый у тых, што мяне ненавідзяць, бо яны былі дужэйшыя за мяне.
- Яны напалі на мяне ў дзень няшчасьця майго, ды Госпад быў мне падпорай.
- Ён вывеў мяне на вольны прастор, Ён вырваў мяне, бо мне спагадае.
- Ён мне даў нагароду за справядлівасьць маю, за чыстасьць .рук маіх мне аддзячыў.
- Бо дзяржаўся я шляху Гасподняга ды не грашыў проці Бога майго;
- бо ўсе запаведзі Яго былі перада мною, і ад загадаў Ягоных я ня ўхіляўся.
- Я быў шчыры перад Ім і высьцерагаўся, каб не саграшыць.
- Дык аддзячыў мне Госпад за справядлівасьць маю, за чыстасьць рук маіх перад вачыма Ягонымі.
- З міласэрным паступаеш Ты міласьціва, з шчырым паступаеш па шчырасьці,
- для чыстага сэрцам і Ты чысты сэрцам, і для крывадушнага паказуеш Сябе паводле хітрасьці ягонае;
- бо людзей прыгнечаных ратуеш, а гордыя вочы паніжаеш.
- Ты запаліш сьветач мой; Госпад Бог мой асьвеціць цемру маю.
- Бо праз Цябе я скрышу муры і з Богам маім пераскочу праз акопы.
- Шлях Божы дасканалы; слова Госпада чыстае; Ён — шчыт для ўсіх, хто на Яго спадзяецца.
- Бо хто-ж Бог, апрача Госпада, і хто абарона, апрача Бога нашага?
- Бог падпяразывае мяне сілай і прастуе дарогу маю;
- Ён робіць ногі мае падобнымі да ног лані і на высачыні стаўляе мяне,
- і рукі мае навучае бароцца, і мускулы мае нацягіваюць лук зялезны.
- І даў Ты мне шчыт збаўленьня Твайго, і правіца Твая падтрымлівала мяне, а ласкавасьць Твая ўзвышала мяне.
- Ты стварыў шырокі прастор для кроку майго, і ня хісталіся ногі мае.
- Я гнаўся за ворагамі маімі і даганяў іх ды не варочаўся назад, пакуль ня зьніштожыў іх.
- Я гэтак скрышыў іх, што больш не маглі паўставаць і валіліся пад стопы мае.
- Ты падперазаў мяне сілай дзеля барацьбы, Ты паклаў ворагаў маіх пад стопы мае.
- Ты прымусіў ворагаў уцякаць ад мяне, і ўсіх, што мяне ненавідзілі, вынішчыў я.
- І загаласілі яны, але ня было для іх збавіцеля; яны да Госпада, але Ён ім не адгукнуўся.
- Я расьцярушыў іх, як той пыл пад ветрам; як балота вулічнае, таптаў я іх.
- Ты спас мяне ад бунтаў народных, паставіў мяне за галаву паганам. Людзі, якіх я ня ведаў, пакарыліся мне.
- Па слыху толькі аба мне яны слухаюцца мяне; сыны чужакоў падлыгіваюць мне.
- Сыны чужацкія ныюць і дрыжаць у замках сваіх.
- Жыве Госпад, і пахвалёна апора мая; і высака ўзвышаны Бог збаўленьня майго,
- Бог, Які памсьціўся за мяне і перамог усе народы,
- вырваў мяне ў ворагаў маіх і ўзьнёс мяне над тымі, што паўсталі супраць мяне; ад чалавека гвалтоўнага збавіў мяне.
- Дык буду за гэта хваліць Цябе, Госпадзе, сярод народаў і псальмы пяяці іменьню Твайму.
- Бо Ты вызваліў цара Твайго і ласку даеш памазанцу Твайму, Давіду, і насеньню яго навекі.
Псальм 19.
- Кіраўніку хору: псальм Давідавы.
- Нябёсы апавядаюць славу Божую, і прасторы выяўляюць творчасьць рук Ягоных.
- Дзень дню наказуе вестку, і ночка ночцы яе адкрывае.
- Няма мовы, няма слова, але чуцен голас іх.
- Па ўсенькай зямлі гук іх разыходзіцца, а словы іхнія ажно па край сьвету. У ім Ён паставіў шацёр сонцу.
- Яно падобнае да жаніха, што выходзе із спальні вясельнае, яно радае прабегчы, бы волат, свой кругабег.
- Ад краю неба выходзе яно і бяжыць да краю свайго, і нішто ня ўкрыецца ад гарачыні яго.
- Закон Гасподні дасканалы: ён душу пасілкуе. Аб’ява Гасподняя пэўная, яна прастака навучае.
- Загады Госпада справядлівыя, яны радуюць сэрца; запаведзь Гасподняя прачыстая, яна вочы прасьвятляе.
- Служэньне Госпаду чыстае, яно навекі трываціме; прысуды Гасподнія правільныя, яны ўсё справядлівыя.
- Яны больш пажаданыя, чым золата — чыстае золата — і саладзейшыя за мёд і сок сотавы.
- І раб Твой праз іх захаваны будзе; хто дзяржыцца іх, нагароду меціме вялікую.
- Каму ўсьвядомлены ўсе памылкі яго? Ад тайных грахоў ачысьці Ты мяне!
- Ды захавай раба Твайго ад самавольства: няхай яно над ім не запануе. Тады буду я беззаганны і чысты ад блуду вялікага.
- Няхай словы вуснаў маіх і мысьлі сэрца майго будуць Табе даспадобы, Госпадзе, Скала мая і Спасе мой!
Псальм 20.
- Кіраўніку хору: псальм Давідавы.
- Каб Госпад пачуў цябе ў дзень суму! Каб засланіла цябе імя Бога Якубавага!
- Каб прыслаў Ён табе помач із Сьвятыні і паддзержыў цябе з Сыону!
- Няхай Ён прыпомніць усе жэртвы твае і цэлапаленьні твае няхай знойдзе тлустымі. (Зэля.)
- Няхай дасьць табе, чаго сэрца тваё жадае, і споўніць усе твае замыслы,
- каб мы ўзрадаваліся збаўленьнем тваім і ў імя Бога нашага сьцяг паднялі. Каб Госпад споўніў усе просьбы твае!
- Цяпер я ведаю, што Госпад спасае Памазанца Свайго; Ён адгукаецца яму з сьвятога неба Свайго праз магутную помач правіцы Сваёй.
- Іншыя (спадзяюцца) на калёсы ды коні; мы-ж прызываем імя Бога нашага.
- Яны пахіснуліся і зваліліся; мы-ж паўсталі і стаімо проста.
- Госпадзе, памажы цару і выслухай нас, як паклічам!
Псальм 21.
- Кіраўніку хору: псальм Давідавы.
- Госпадзе! З моцы Тваёй радуецца цар, падмогай Тваёй ён вельмі ўсьцешаны.
- Ты даў яму, чаго сэрца яго пажадала, і, чаго вусны прасілі, Ты не адмовіў. (Зэля.)
- Бо Ты сустрэў яго багаслаўленьнем і ласкаю, вянок із шчырага золата ўзлажыў яму на галаву.
- Жыцьця ён прасіў у Цябе, — Ты даў жыцьцё даўгое на вечныя вякі.
- Вялікая слава ягоная праз помач Тваю; чэсьць і веліч Ты ўзлажыў на яго.
- Бо багаслаўленьне вялікае даў Ты яму навекі, разьвесяляеш яго радасьцяй перад абліччам Тваім.
- Цар спадзяецца на Госпада і праз ласку Найвышэйшага не пахісьнецца,
- Рука Твая дасягне ўсіх ворагаў Тваіх, правіца Твая дасягне тых, што ненавідзяць Цябе.
- Ты зробіш з іх печ агністую, як зьявішся; Госпад у гневе Сваім выгубіць іх, і агонь іх пажрэць.
- Ты вынішчыш плод іхні на зямлі і насеньне іх спасярод сыноў чалавечых.
- Пачынаючы ліхое супраць Цябе, надумываючы хітрыкі свае, яны ня зробяць нічога,
- бо Ты іх павернеш наўцекі, із луку Твайго пусьціш стрэлы ў твар іхні.
- Узьніміся, Госпадзе, у сіле Тваёй! Мы будзем выслаўляць і хваліць магутнасьць Тваю.
Псальм 22.
- Кіраўніку хору: на лад: Лань да сьвітаньня. Псальм Давідавы.
- Божа мой, Божа мой! Чаму Ты пакінуў мяне — далёкі,ад помачы мне, ад словаў стагнаньня майго?
- Божа мой! — уздыхаю я ўдзень, але Ты не адгукаешся, і ўначы, ды не знаходжу патолі.
- Але Ты ўсёж ёсьць Сьвяты, Ты сідзіш панад слаўленьнем Ізраіля!
- На Цябе спадзяваліся айцы нашыя, спадзяваліся, і Ты спасаў іх.
- Да Цябе крычэлі яны і былі вызволены; на Цябе спадзяваліся, і не зазналі сораму.
- Я-ж чарвяк, а не чалавек, зьняважаны людзьмі і пагарджаны народам.
- Усе, што бачаць мяне, насьмяхаюцца нада мною, крывячы вусны ды ківаючы галовамі:
- ён спадзяваўся на Госпада! Дык няхай спасае яго, няхай вызваляе яго, калі Яму любы!
- Але-ж Ты дастаў мяне із улоньня матчынага, пры грудзёх маёй маткі ляжаў я бясьпечна.
- На Цябе я пакінены ад чэрава маткі; ад улоньня маткі маёй Ты — мой Бог!
- Ня стой воддаль ад мянё, бо блізка няшчасьце, і няма абаронцы!
- Мяне абступаюць дужыя быкі, бугаі Базанскія абступаюць мяне.
- Яны разявілі ляпы свае на мяне, быццам леў дзікі, што рыкае.
- Я выліўся, быццам, вада, і ўсе мае косткі рассыпаліся; сэрца маё, быццам воск, растапілася ў нутры маім.
- Дзясны мае павысахлі, быццам чарапок, язык мой прыліп да паднябеньня майго, і ў парахно сьмерці Ты кідаеш мяне.
- Бо сабакі абступілі мяне, грамада злачынцаў аблягае мяне; пракалолі яны рукі й стопы мае.
- Усё косткі мае можна-б налічыць; яны-ж глядзяць, быццам на відавішча ўглядаюцца.
- Яны дзеляць вопратку маю паміж сабою і аб шаты мае кідаюць жэрабе.
- Не аддаляйся-ж ад мяне Ты, Госпадзе! Сіла мая, пасьпяшы мне на ўспамогу!
- Ад мяча вырві душу маю, з моцы сабак адзінокую маю.
- Із ляпы львінае вызваль мяне і ад рагоў буйвалавых, учуўшы, спасі Ты мяне!
- Дык апавядаціму братом маім імя Тваё, у грамадзе буду хваліці Цябе.
- Вы, што баіцёся Госпада, выхваляйце Яго! Чці Яго, усё насеньне Якубавае, і бойся Яго, усё насеньне Ізраіля!
- Бо Ён не адцураўся й не пагардзіў горам нешчасьлівага, ды не схаваў аблічча Свайго ад яго, але выслухаў яго, калі той крычэў да Яго.
- Праз Цябе хвала мая ў вялікім зграмаджэньні; абяцаньне маё я споўню перад абліччам тых, што баяцца Яго.
- Убогія будуць есьці й насыцяцца; хваліцімуць Госпада тыя, што шукаюць Яго; няхай сэрца вашае навекі жыве!
- Усё межы зямлі схамянуцца й навернуцца да Госпада, і ніцма кінуцца перад Табою ўсе пляменьні паганаў.
- Бо Госпада ёсьць царства, і Ён — Валадар над народамі.
- Толькі прад Ім пахіляціся будуць усё тучныя зямлі; перад абліччам Ягоным суклоняцца ўсе, што ў пыл абяртаюцца й ня ў сілах жыцьцё сваё захаваці.
- Насеньне-ж (маё) служыціме Госпаду й будзе Гасподнім звацца навекі.
- Аб Госпадзе апавядацімуць пакаленьню, якое народзіцца, — і народу, што мае нарадзіцца, абвяшчаць будуць справядлівасьць Яго, што Ён, учыніў.
Псальм 23.
- Псальм Давідавы. (На першы дзень у тыдні.) Госпад ёсьць Пастыр мой, ні ў чым мець ня буду нястачы!
- На пасьвішчах зялёных Ён пасьвіць мяне й да водаў сьвежых водзіць мяне.
- ён узмацняе душу маю, на сьцежкі праўды вядзе мяне дзеля іменьня Свайго.
- Дык навет праходзячы далінаю ценю сьмяротнага ня буду баяцца напасьці, бо Ты-ж са мною: Твая паліца й падпора Твая — яны мяне пацяшаюць.
- Ты прада мной застаўляеш стол перад абліччам уціскаючых мяне; галаву маю Ты памазаў алівай і чару маю даверху наліў.
- Шчасьце й ласка Твая будуць са мною ўсе дні жыцьця майго; і ў доме Гасподнім астануся навекі.
Псальм 24.
- Псальм Давідавы.
Гасподня ёсьць зямля і што напаўняе яе, сусьвет ды ўсё, што жывець у ім.
- Бо Госпад паклаў асновы яго на морах — і на водах угрунтаваў яго.
- Каму можна ўзыйсьці на гару Гасподнюю, і хто на месцы Яго сьвятым стаяць мае?
- Той, у каго рукі бязьвінныя і сэрца чыстае, хто душы сваёй да марноты не нагінае й ня божыцца крывадушна, —
- той атрымае багаслаўленьне ад Госпада й справядлівасьць ад Бога, Які дапамагае яму.
- Гэта род тых, што шукаюць Яго, што шукаюць аблічча Твайго, Божа Якубавы! (Зэля.)
- Расчыняйцеся, вароты высокіяі Але, расчыняйцеся, вароты адвечныя, каб увайшоў Цар Славы!
- Хто-ж ёсьць Цар Славы? Госпад магутны і сільны, Госпад, дужы ў барацьбе.
- Расчыняйцеся, вароты высокія! Але, расчыняйцеся, вароты адвечныя, каб увайшоў Цар Славы!
- Хто-ж ёсьць Цар Славы? Госпад войск нябесных — Ён ёсьць Цар Славы! (Зэля.)
Псальм 25.
- Псальм Давідавы. Да Цябе, Госпадзе, узьнімаю я душу маю.
- Божа мой! На Цябе спадзяюся; ня дай жа мяне асароміць, ня дай ворагам маім быць нада мной пераможцамі.
- Бо-ж ніколі ня будуць асаромлены ўсе, што на Цябе спадзяюцца; асаромлены будуць тыя, што адступаюцца без дай прычыны.
- Госпадзе, пакажы мне шляхі Тваі, навучы, дзе сьцежкі Твае.
- Дай мне хадзіці ў праўдзе Тваёй і навучы; бо Ты ёсьць Бог, Які мяне ўспамагае: на Цябе спадзяюся заўсёды.
- Прыпомні аб міласэрнасьці Тваёй, Госпадзе, ды аб ласках Тваіх, бо яны ад вякоў.
- Аб грахох моладасьці маёй ды аб праступках маіх не ўспамінай: успомні аба мне паводле ласкавасьці Тваёй, паводле дабраты Тваёй, Госпадзе!
- Госпад добры й справядлівы, дык паказуе дарогу грэшнікам.
- Ён вядзе пакорных да праўды і ўбогім сьцежкі Свае паказуе.
- Усе шляхі Гасподнія — ласка ды праўда для тых, што заховываюць запаведзь Яго і аб’явы Ягоныя.
- Дзеля іменьня Твайго, Госпадзе, даруй мне віну маю, бо-ж надта яна вялікая!
- Хто ёсьць чалавек, што Госпада баіцца? Яму Ён пакажа дарогу, якую выбраць яму.
- Душа яго бытаваціме ў шчасьці, а насеньне ягонае зямлю ў спадчыну дастане.
- Тайна Госпада выяўляецца тым, што баяцца Яго, і запаведзь Сваю ім Ён абвяшчае.
- Вочы мае заўсёды на Госпада ўзіраюцца, бо Ён выцягне з сеці ногі мае.
- Зірні на мяне і зьлітуйся нада мною, бо адзінокі я й уцісьнёны.
- Тузе сэрца майго дай прастору і вывядзі мяне з бедаў маіх!
- Глянь на мукі мае і нядолю маю і даруй мне ўсе грахі мае!
- Глянь на ворагаў маіх, як многа іх, ды як мяне ненавідзяць яны несправядліва!
- Захавай душу май і спасі мяне, каб ня быў я асаромлены, бо ў Цябе я шукаю прыпынку.
- Няхай захаваюць мяне нявіннасьць і справядлівасьць, бо на Цябе спадзяюся.
- О, Божа! Выбаў Ізраіля з усіх бедаў ягоных!
Псальм 26.
- Судзі мяне, Госпадзе, бо хадзіў я ў беззаганнасьці маёй і на Госпада спадзяваўся ды не пахіснуўся.
- Выпрабуй мяне, Госпадзе, і дасьведчы: растапі нутро маё і сэрца маё!
- Бо ласка Твая прад вачыма маімі, і хадзіў я ў праўдзе Тваёй.
- Не засядаў я з людзьмі ілжывымі і ня куміўся з крывадушнымі.
- Ненавідзіў я зборкі зламысных ды з бязбожнікамі разам не сядаю.
- Абмыю ў нявіннасьці рукі мае і абыйду навакол ахвярніку Твайго, Госпадзе,
- каб голасна падзякаваць Табе ды апавядаці ўсе цуды Твае.
- Госпадзе! Я ўлюбіў красу Твайго дому і месца, дзе слава Твая.
- Не загубі Ты душы маёй з грэшнікамі, ані жыцьця майго з людзьмі крывавымі,
- да чыіх рук прыліплі ўчынкі ганебныя, чыя правіца напоўпена хабарамі.
- Я-ж буду хадзіці ў беззаганнасьці маёй; дык збаў Ты мяне і зьлітуйся нада мною!
- Стапа мая на роўнай сьцежцы стаіць; у зграмаджэньнях буду я Госпада славіць.
Псальм 27.
- Псальм Давідавы (перад памазаньнем). Госпад ёсьць сьветласьць мая і збаўленьне маё: каго-ж мне баяцца? Госпад ахова жыцьця майго: каго-ж мне палохацца?
- Калі злачынцы зьбяруцца насупраць мяне, каб пажэрці цела маё, — праціўнікі й ворагі мае — яны самі спаткнуцца ды ўпадуць.
- Калі войска азброіцца супраць мяне, сэрца маё не спалохаецца, калі ўзьнімецца супраць мяне вайна, я й тады спадзяваціся буду.
- Аднаго я прашу ў Госпада й гэтага толькі жадаю: каб жыці мне ў доме Гасподнім усе дні жыцьця майго, каб бачыць хараство Госпада й адведываць сьвятыню Ягоную.
- Бо Ён засланяе мяне ў палатцы Сваёй у дзень напасьці, Ён укрывае мяне пад заслонай сялібы Сваёй, ды ўзносіць мяне на скалу.
- Гэтак узносіцца цяпер галава мая панад усімі ворагамі навакол мяне, і складаціму Госпаду ахвяры ў палатцы Ягонай пад трубныя гукі, буду Госпаду пяяці й іграці.
- Пачуй, Госпадзе! Голасна я гукаю. Зьлітуйся-ж нада мною й адгукніся!
- Аб Табе гаворыць сэрца маё, мовячы: Шукайце аблічча Майго! Я буду шукаці аблічча Твайго, Госпадзе!
- Не хавай ад мяне аблічча Твайго, не гані ў гневе раба Твайго! Ты быў мне ўспамогай! Не адцурайся-ж мяне і не пакінь мяне, Божа, Спасе мой!
- Бо і бацька і маці мая пакінулі мяне, а Госпад прыймае мяне.
- Пакажы мне, Госпадзе, шлях Твой і вядзі мяне простай сьцежкай, насупраць ворагам маім!
- Не аддавай мяне ярасьці праціўнікаў маіх, бо сьведкі фальшывыя паўсталі проці мяне і той, што дыхае беззаконьнем.
- Але я веру, што ўгледжу дабрату Госпада ў краіне жывых.
- Спадзявайся на Госпада! Будзь мужны і сэрца тваё ўмацуй. Але, спадзявайся на Госпада!
Псальм 28.
- Псальм Давідавы. Да Цябе, Госпадзе, гукаю я. Скала мая, не маўчы па мой кліч, каб праз маўчаньне Тваё ня быў я падобны да тых, што зыходзяць у магілу.
- Пачуй Ты маленьне маё галоснае, калі крычу да Цябе, калі рукі свае да сьвятыні Тваёй узьнімаю.
- Не загубі мяне разам з бязбожнікамі ды злачынцамі, што з бліжнімі ветліва гутараць, а ў душы ліхое маюць!
- Дай ім паводле ўчынкаў іхніх і злачынства іх; паводле таго, што рабілі іх рукі, дай ім; адплаці ім за тое, што зрабілі яны.
- Бо яны не зважаюць на ўчынкі Госпада і на творы рук Ягоных. Дык Ён зруйнуе іх і не адбудуе.
- Няхай будзе Госпад пахвалены, бо пачуў маленьне маё галоснае!
- Госпад – заслона мая і мой шчыт; на Яго спадзявалася сэрца маё, і Ён успамог мяне; і ўзрадавалася сэрца маё, і песьняй маёю дзякаваць буду Яму.
- Госпад – апора народу Свайму; Ён – вал, што бароніць памазанца Ягонага.
- Спасі люд Твой і багаславі ўласнасьць Тваю; пасі яго й насі аж навекі!
Псальм 29.
- Псальм Давідавы. (Пасьля сканчэньня сьвята Кучак.) Аддайце Госпаду, вы, сыны Божыя, аддайце Госпаду хвалу і чэсьць!
- Аддайце Госпаду хвалу іменьня Ягонага, ніцма ўпадзеце прад Госпадам у прыгожай сьвятыні!
- Голас Гасподні над водамі; Бог Славы загрымеў: Госпад над водамі вялікімі.
- Грымот Гасподні магутны, грымот Гасподні вялічэзны.
- Пярун Гасподні крышыць кедры, Госпад крышыць кедры Ліванскія!
- Ён прымушае іх скакаць, быццам цяляты, Ліван ды Сырыён, як маладых буйвалаў.
- Пярун Гасподні выкрасае полымя агністае.
- Грымот Гасподні ўстрасае пушчай, Госпад устрасае пушчай Кадэс.
- Ад грымоту Гасподняга лані зьлягаюць і лясы асыпаюцца, і ў храме Ягоным усё кажа: Слава!
- Над патопам сядзеў Госпад, дый сядзеціме Госпад, як Цар, навекі!.
- Госпад дасьць сілу народу Свайму, Госпад пабагаславіць народ Свой супакоем.
Псальм 30.
- Псальм Давідавы. Песьня пры абнаўленьні храму.
- Аддам хвалу Табе, Госпадзе, што Ты вырваў мяне і ня даў маім ворагам пацяшацца нада мною.
- Госпадзе Божа мой! Я крычэў да Цябе, і Ты вылячыў мяне.
- Госпадзе, Ты вывеў душу маю з пекла дый ад тых, што зыйшлі ў магілу, увёў мяне йзноў у жыцьцё.
- Хвалеце Госпада, вы, сьвятыя Ягоныя, дзякуйце іменьню Яго сьвятому!
- Бо гнеў Ягоны трывае імгненьне, ласка-ж Яго – усё жыцьцё: увечары плач, а нараніцы – радасьць!
- А я думаў у бясьпечнасьці сваёй: Не пахіснуся навекі!
- Праз ласку Тваю Ты паставіў мяне на горах непарушных; Ты аблічча Тваё адвярнуў, і я устрывожыўся.
- Да Цябе, Госпадзе, клікаў я, і Госпада я маліў:
- Што за карысьць у крыві ў маёй, у тым, што зыйду я ў магілу? Ці пыл можа хваліці Цябе? Ці можа праўду Тваю абвяшчаць?
- Пачуй, Госпадзе, зьлітуйся нада мной! Госпадзе, будзь мне ўспамогай!
- У радасьць зьмяніў Ты нараканьне маё; Ты скінуў з мяне жалобны лахман і радасьцяй мяне падперазаў,
- каб душа мая выслаўляла Цябе й не маўчала. Госпадзе Божа мой, навекі я буду хваліці Цябе!
Псальм 31.
- Кіраўніку хору: псальм Давідавы.
- У Цябе, Госпадзе, я шукаю падпоры, ня дай мне асароміцца навекі, паводле справядлівасьці Тваёй спасі Ты мяне!
- Прыхілі да мяне Тваё вуха, пасьпяшыся выбавіць мяне! Будзь мне скалой, замчышчам крэпкім, каб даць мне ўспамогу!
- Бо Ты – скала мая й замчышча маё, і дзеля іменьня Твайго вадзіць мяне будзеш і мной кіраваці.
- Ты мяне выцягнеш з сеці, што ўкрадкам наставілі мне, бо Ты – абарона мая.
- У рукі Твае аддаю я дух мой; Ты збавіў мяне, Госпадзе, Божа праўдзівы!
- Ненавіджу я тых, што чтуць ідалаў марных: я-ж спадзяюся на Госпада!
- Дай мне радавацца й весяліцца з ласкі Тваёй, што Ты глянуў на муку маю, рупіўся аб патрэбы душы маёй.
- Ты ня даў мяне ў рукі ворага, паставіў стопы мае на вольны прастор.
- Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, бо жах мяне ахапляе. Ад суму высахла вока маё і душа мая і цела маё.
- Бо ў жудасьці зыйшло жыцьцё маё і гады мае ў уздыханьні. Зьнямаглася сіла мая ў грахох маіх, і павысахлі косткі мае.
- Пасьмешышчам стаўся я для перасьледавацеляў маіх ды навет для суседзяў маіх, страхацьцём для знаёмых маіх: хто мяне бачыць на вуліцы, уцякае ад мяне.
- Забыты я ў сэрцах, як мёртвы; я падобны да начыньня разьбітага.
- Чуў я словы нягодныя ад многіх, — жах наўкола! — як змаўляліся між сабою проці мяне, манючыся адняць мне жыцьцё.
- Ды я на Цябе спадзяюся, Госпадзе! Я кажу: Ты мой Бог!
- У Тваіх руках мае дні; вызваль мяне із рук ворагаў маіх і перасьледавацеляў маіх!
- Няхай над рабом Тваім сьвеціць аблічча Тваё: памажы мне праз ласкавасьць Тваю!
- Госпадзе, ня дай Ты мне асароміцца, бо да Цябе я гукаю! Няхай бязбожнікі асаромяцца, няхай счэзнуць у пекле,
- няхай занямеюць вусны ілжывыя, што ў пысе й з пагардай дзёрзка проці пабожных гавораць!
- Як вяліка дабрата Твая, шго хаваеш Ты для тых, хто баіцца Цябе, і паказуеш тым, хто ратунку шукае ў Цябе, перад абліччам людзей!
- Пад заслонай аблічча Твайго Ты бароніш іх ад бунтаў людзкіх, хаваеш іх, як у палатцы, ад языкоў сварлівых.
- Багаслаўлены Госпад, што мне дзіўную ласку зьявіў у ўмацованым месцы!
- А я-ж думаў у страху маім: я адкінены ад вачэй Тваіх! Але Ты пачуў галоснае маленьне маё, калі я крычаў да Цябе!
- Любеце Госпада, усе сьвятыя Яго! Верных бароне Госпад, але тым, што ў гордасьці жывуць, адплачвае Ён з наддаткам.
- Будзьце мужны і крэпкія духам — усе, што чакаеце на Госпада!
Псальм 32.
- Псальм Давідавы. Навука. Шчасьлівы, каму даравана беззаконьне, каму пакрыты грахі яго.
- Шчасьлівы чалавек, якому не палічыць Госпад правіннасьцяў ягоных, і ў душы якога няма ілжы.
- Пакуль я маўчаў, сохлі косткі мае ад няўпыннага стагнаньня майго,
- бо дзень і ноч абцяжала мяне рука Твая; сокі мае павысахлі, быццам у летнюю сьпёку. (Зэля.)
- Дык прызнаўся Табе ў граху маім і ня ўкрыў беззаконьня майго; я сказаў: Вызнаваю Госпаду праступкі мае! — і Ты дараваў мне віну грэху майго. (Зэля.)
- Дык няхай кожны пабожны моліцца да Цябе ў часе, калі Бог дае знайсьці Сябе; хаця-б і вялікія воды разьліліся, Яго не дасягнуць яны.
- Ты — заслона мая! Ты мяне ад бяды захаваеш, радасьцяй спасеньня акружыш мяне. (Зэля.)
- Навучу цябе й пакажу табе сьцежку, якой ты павінен ісьці, і дам табе раду, бо вока Маё над табою.
- Ня будзьце, як коні ды мулы, што развагі ня маюць: вуздой і цуглямі ў шчэляпах трэ іх зануздаць, каб пакарыліся табе.
- Бязбожніку шмат тугі выпадае, а хто спадзяецца на Госпада, таго Ён ласкай Сваёй агартае.
- Радуйцеся ў Госпадзе і весяліцеся, пабожныя! Радуйцеся ўсе, шчырыя сэрцам!
Псальм 33.
- Псальм Давідавы. Радуйцеся ў Госпадзе, пабожныя; справядлівым выпадае выхваляць Яго.
- Слаўце Госпада на гусьлях, іграйце Яму на арфе дзесяціструннай!
- Сьпявайце Яму новую песьню; крэпка ўдарайце па струнах пры радасных гуках!
- Бо праўдзівае слова Гасподняе, і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя.
- Праўду і справядлівасьць любіць Ён; ласкай Гасподняй напоўнена зямля.
- Словам Гасподнім створаны нябёсы, подыхам вуснаў Ягоных усе войскі іх.
- Ён воды марскія зьбірае, быццам у мех, Ён кладзе іх на схоў.
- Няхай усенька зямля баіцца Госпада, няхай усе жыхары сусьвету дрыжаць перад Ім.
- Бо Ён даў загад — і сталася, Ён сказаў — і зьявілася.
- Госпад разьбіў мяркаваньні паганаў, зьнішчыў замыслы народаў.
- Прысуд Гасподні вякі трывае, думкі сэрца Ягонага із роду ды ў род.
- Шчасьлівы народ, Богам якога ёсьць Госпад, — народ, што Ён выбраў на ўласнасьць Сабе.
- З неба Госпад паглядае і бачыць усіх сыноў чалавечых;
- з пасаду Свайго Ён глядзіць на ўсіх жыхараў зямлі.
- Сэрца кожнага з іх Ён стварыў, на ўсе ўчынкі іх Ён зважае.
- Ня множствам войска цар перамагае, ня сіла вялікая бароніць волата:
- ашукаецца той, што жджэ ад каня перамогі, і ня выратуе яго веліч сілы ягонай.
- Запраўды, вока Гасподняе над тымі, хто баіцца Яго, хто спадзяецца на ласку Ягоную,
- што іх душы ад сьмерці Ён вызваліць, а падчас галадухі жывымі іх захавае.
- Чакае душа наша Госпада: Ён — помач нам і Ён – шчыт паш.
- Але, у Ім радуецца сэрца нашае; але, мы на імя Яго сьвятое спадзяемся.
- Ласка Твая, Госпадзе, хай так будзе над намі, як мы на Цябе спадзяемся!
Псальм 34.
- Псальм Давідавы: калі ён перад Абімэлехам удаваў варята і быў выгнаны ім ды пайшоў сабе.
- Я буду хваліці Госпада кожную часіну; хвала Яго ўсьцяж будзе на вуснах маіх.
- Госпадам будзе хваліцца душа мая; нешчасьлівыя пачуюць і разьвесяляцца.
- Слаўце Госпада разам са мною, і ўзьвялічым імя Ягонае!
- Я шукаў Госпада, і Ён даваў мне послух ды спасаў мяне ад усяго, чаго я баяўся.
- Хто ўзіраўся на Яго, той быў асьветлены, і твару ягонаму не даводзілася бялець.
- Вось нешчасьлівец, які гукаў, і Госпад пачуў яго ды вызваліў яго з усіх напасьцяў.
- Ангел Гасподні вартуе каля тых, што баяцца Бога, і вызваляе іх.
- Паспытайце й даведаецеся, які добры Госпад; шчасьлівы той чалавек, каторы ў Яго шукае патолі.
- Бойцеся Бога, вы сьвятыя Ягоныя! Бо тыя, што баяцца Яго, ня ведаюць ні ў чым нястачы.
- Львяты бядуюць і церпяць голад; але тыя, што шукаюць Госпада, ня церпяць ад нястачы якога-хоч дабра.
- Хадзеце сюды, дзеці, паслухайце мяне: я навучу вас баяцца Госпада.
- Хто ёсьць чалавек, які хоча жыці, жадае доўгага жыцьця, каб убачыць шчасьце?
- Узьдзержывай язык свой ад ліхога і вусны свае ад слоў крывадушных.
- Ухіляйся ад ліхога й рабі добрае; шукай супакою й рупіся аб яго.
- Вочы Госпада на справядлівых скіраваны, а вушы Ягоныя — на плач іхні.
- Але аблічча Госпада проці тых, што робяць ліхое, каб вынішчыць памяць аб іх на зямлі.
- Справядлівыя крычаць да Госпада, і Ён чуе іх ды вызваляе іх з усіх іхніх бедаў.
- Госпад блізкі да тых, што сэрца маюць зламанае, і памагае тым, у каго душа разьбітая.
- Шмат мук у пабожнага, ды Госпад з усіх яго вызваляе;
- Ён пілнуе ўсе косткі ягоныя, каб ніводнае не паламалі.
- Ліха забець бязбожніка, і будуць каяцца тыя, што ненавідзяць Справядлівага.
- Госпад спасае душы рабоў Сваіх, і ўсе, што шукаюць патолі ў Яго, ня будуць каяцца.
Псальм 35.
- Псальм Давідавы. Змагайся, Госпадзе, з тымі, што йдуць супраць мяне; перамажы тых, што боруцца са мною.
- Вазьмі шчыт і зброю ды ўстань на падмогу мне.
- Дастань меч і загарадзі дарогу тым, што гоняцца за мною. Скажы душы маёй: Я — збаўленьне тваё.
- Асаромяцца ўсе, што шукаюць душу маю; адступяцца й расчаруюцца тыя, што надумалі ліхое супраць мяне.
- І будуць яны, як палова пад ветрам, калі Ангел Гасподні пражане іх.
- Няхай дарога іх будзе цёмная і сьлізкая, калі Ангел Гасподні гнацца за імі будзе.
- Бо бяз прычыны наставілі яны мне ўкрадкам сець сваю, бяз прычыны выкапалі мне яму.
- Няхай зьнячэўку пагоня нападзе на яго, няхай самога зловіць сець, што ён мне ўкрадкам наставіў: на пагібель уваліцца ён;
- А мая душа будзе ў Госпадзе весяліцца, будзе радавацца з помачы Яго.
- Скажуць усе косткі мае: Госпадзе, хто падобны да Цябе, Які ратуеш слабога ад дужога, беднага й убогага ад абдзіралы?
- Выступаюць супраць мяне сьведкі фальшывыя: чаго ня ведаю, аб тым выпытваюць мяне;
- плацяць мне злом за дабро; асірацела душа мая.
- А я-ж падчас іх хваробы апранаўся ў шаты жалобныя, пастом марыў сябе, і малітва мая варачалася да сэрца майго.
- Быццам то быў друг мне, брат мне, хадзіў я сумны, апусьціўшы галаву, як той, што плача па матцы.
- Калі-ж я спаткнуўся, яны ўсьцешыліся ды грамадой сабраліся супраць мяне. Зграмаджаюцца супраць мяне чужыя, каго я ня ведаю, і зьняважаюць мяне бязупынна;
- разам з крывадушнымі насьмешнікамі, скрыгочуць яны нада мною зубамі.
- О, Госпадзе, як доўга будзеш углядацца? Адвядзі ад рыканьня іх душу маю, адзінокую маю — ад львят маладых!
- Славіць Цябе буду ў зграмаджэньні вялікім; сярод чысьленага народу хваліць Цябе буду,
- каб не пацяшаліся нада мною тыя, што бяз віны маёй сталіся ворагамі мне; каб ня міргалі вачмі між сабою тыя, што бяз прычыны ненавідзяць мяне.
- Бо не аб супакоі гавораць яны, але проці ціхіх зямлі снуюць здрадлівыя думкі.
- Шырака разявіўшы ляпы свае супраць мяне, яны крычэлі: Добра! Добра! Бачыла нашае вока!
- Ты бачыў гэта, Госпадзе! Дык не маўчы! Госпадзе, ня цурайся мяне!
- Збудзіся! Але, збудзіся на суд, Госпадзе Божа мой, каб вясьці маю справу!
- Судзі мяне паводле справядлівасьці Тваёй, Госпадзе Божа мой, каб ня былі яны нада мной пераможцамі,
- каб не казалі ў сэрцы сваім: Добра! Мы гэтак хацелі! Няхай не гавораць: Гэта мы загубілі яго!
- Няхай асаромлены будуць, няхай расчаруюцца ўсе, што радуюцца з няшчасьця майго; няхай ганьбай і сорамам тыя акрыюцца, што нада мной вывышшаюцца.
- Хай весяляцца й радуюцца тыя, што для мяне справядлівасьці хочуць ды няўстанна гавораць: Вялік Госпад, Які для раба Свайго жадае спакою!
- І будзе язык мой хваліць справядлівасьць Тваю і славу Тваю кожын дзень.
Псальм 36.
- Кіраўніку хору: ад раба Гасподняга, Давіда.
- У сэрцы бязбожніка паўстае думка грэшная: у вачох яго страху Божага няма.
- Бо ў уласных вачох падлыгвае сабе, нібы шукае беззаконьня свайго, каб зьненавідзець яго.
- Словы вуснаў ягоных — няпраўда й мана: ён ня хоча ў думку ўзяці, каб чыніці дабро.
- На ложку сваім беззаконнае ён абдумляе; на благую дарогу ўзыходзе і ня брыдзіцца злом.
- Госпадзе! Ласка Твая да нябёсаў, а праўда да аблокаў сягае!
- Справядлівасьць Твая — быццам Божыя горы, суды Тваі — як вялізны патоп! Людзей і скаціну Ты, Госпад, хаваеш.
- Як дорага, Божа, ласкавасьць Твая! Сыны чалавечыя супачынак маюць у цяню Тваіх крыльляў;
- ад туку дому Твайго насычаюцца, з патоку раскошаў Тваіх ты іх поіш;
- бо крыніца жыцьця — у Табе; у сьвятле Тваім бачым мы сьветласьць.
- Ласку Сваю тым дай заўсёды, што знаюць Цябе; справядлівасьць Тваю — людзям справядлівага сэрца,
- каб нага гордасьці на мяне ня ступіла, каб рука грэшнікаў не дасягла мяне.
- Паваліліся кіненыя злачынцы і ня здолелі падняцца.
Псальм 37.
- Псальм Давідавы. Не палай гневам на злачынцаў, не завідуй тым, што беззаконнае робяць,
- бо яны, як трава, будуць хутка скошаны й павянуць, як зельле ў полі.
- Спадзявайся на Госпада й добрае роб, жыві на зямлі і цноту хавай;
- уцяшайся Госпадам, і Ён табе дасьць, што сэрца тваё пажадае.
- Пакінь Госпаду лёс свой, мей надзею ў Ім, Ён усё табе зробіць,
- і справядлівасьць твая ўзыйдзе, бы раніцы сьветласьць, і праўда твая — быццам сьветласьць палудня.
- Ціхі будзь прад Госпадам, чакай на Яго; не распальвай гневу на тога, каму шэньціць у плянах ягоных, або хто здраду куець.
- Ад гневу ўхіляйся, кінь ярасьць; не распальвайся гневам, каб благога табе не зрабіць;
- бо злосьнікі будуць зьніштожаны, тыя-ж, што чакаюць на Госпада, будуць зямлёй валадаць..
- Яшчэ крыху толькі, і ня станець бязбожніка; глянеш на месца ягонае, а яго й няма!
- А ціхія возьмуць зямлю ў валаданьне і цешыцца будуць лішкам спакою.
- Бязбожнік ліхое куе насупраць пабожнага ды зубамі на тога скрыгоча.
- Госпад сьмяецца з яго, бо бача, што йдзе дзень ягоны.
- Бязбожнікі меч абнажылі і лук нацягнулі, каб нешчасьлівага й беднага ім паваліці, каб высечы тых, што йдуць простай дарогай;
- меч іх уласнае сэрца праткне ім, і лукі ў іх паламаюцца.
- Малое, што мае пабожны, ляпей за багацьце многіх бязбожнікаў.
- Бо рукі бязбожных пакрышаны будуць, пабожных жа Госпад паддзержыць.
- Ведае Госпад дні беззаганных, іх спадчына будзе навекі.
- Ня будуць яны ў час ліхі асаромлены, а ў дні голаду будуць насычаны.
- Бо згінуць бязбожнікі, і ворагі Госпада, як палёў тых краса, счэзнуць, як дым яны счэзнуць.
- Возьме бязбожнік у доўг — і доўгу ня верне; пабожны-ж — ён, шчодры й дае.
- Багаслаўлёныя Госпадам зямлю ў спадчыну возьмуць, а хто выкляты Ім, тыя будуць загублены.
- Умацоўвае Госпад крокі чалавека, калі ўпадабае дарогі ягоныя.
- Калі часам упадзе, не заб’ецца, бо Госпад руку яго падтрымае.
- Я быў малады й пастарэў, ды ніколі ня бачыў, каб пабожны быў кінены, каб род яго хлеба прасіў.
- Заўсёды ён шчодры й пазыкі дае, і род яго будзе багаслаўлёны.
- Ухіляйся ад зла і роб добрае, дык будзеш жыці навекі.
- Бо Госпад любіць праўду й сьвятых Сваіх не пакіне навекі. Несправядлівыя зьнішчаны будуць, і нашчадзь бязбожных выгублена будзе.
- Пабожныя возьмуць зямлю ў валаданьне і жыць на ёй будуць навекі.
- Вусны пабожнага мудрасьць выказваюць, і язык яго праўду гаворыць.
- Закон Бога ў сэрцы ягоным; яго крокі хістацца ня будуць.
- Бязбожнік сочыць за пабожным і шукае, каб зьвесьці са сьвету яго.
- Госпад ня дасьць яго ў рукі ягоныя, не дапусьціць, каб быў ён засуджан, як будуць з яго спаганяць.
- Спадзявайся на Госпада, ідзі шляхам Ягоным, дык узвысіць цябе, каб узяў ты зямлю ў валаданьне; і бязбожных загубу ты ўбачыш.
- Я бачыў бязбожніка, гордага й моцнага, быццам Ліванскія кедры,
- калі-ж (потым) праходзіў, яго ня было; шукаў я яго, але нельга было адшукаці.
- Зважай на беззаганнага і ўзірайся на цнатлівага, бо будучына такога чалавека ёсьць супакой.
- А адступнікі ўсе будуць зьнішчаны чыста; і насеньне бязбожных счэзьне.
- Збаўленьне пабожным ад Госпада, Ён — абарона іх у час бяды;
- і Госпад ім памагае й спасе іх; Ён вызваліць іх ад бязбожных ды іх успаможа, бо ў Яго шукалі патолі.
Псальм 38.
- Псальм Давідавы: напамінаньне аб субоце.
- Госпадзе, ў гневе Тваім не засудзі Ты мяне! І ў ярасьці Тваёй мяне не карай Ты!
- Бо стрэлы Твае пранізалі мяне, і рука Твая на мяне лягла.
- Няма цэлага месца на целе маім ад гневу Твайго; ад грэху майго ў косьцях маіх нічога цэлага няма.
- Бо праступкі мае вышэй галавы ўзьняліся; як бярэмя цяжкое яны прыгнятаюць мяне.
- Сьмярдзяць, гнаяцца раны мае праз дурасьць маю.
- Зусім я сагнуўся, скрывіўся; усе дні я хаджу ды сумую.
- Бо крыжы мае паранены, няма цэлага месца на целе маім.
- Зусім я зьнямогся й змарыўся бясконца; за льва, што рыкае, я стогну мацней.
- Госпадзе, ўсенька жаданьне маё яўна перад Табою, дый уздыханьне маё ад Цябе ня ўкрыта.
- Крэпка б’ецца сэрца маё; пакінула мяне сіла мая, і сьветласьць вачэй маіх — няма яе ў мяне.
- Тыя, што любілі мяне, і прыяцелі мае ўцякаюць ад ранаў маіх, і радня мая воддаль стаіць ад мяне.
- А тыя, што шукаюць душу маю, мне сеці стаўляюць; а тыя, што жадаюць няшчасьця майго, пра пагібель гавораць маю ды ўсьцяж разважаюць аб здрадзе.
- Я-ж, быццам глухі, ня чую, і да нямога падобны, што вуснаў не расчыняе сваіх.
- І стаўся я, як чалавек, што ня чуе, што ў вуснах ягоных няма апраўданьня.
- Бо на Цябе спадзяюся я, Госпадзе; Ты пачуеш, Госпадзе, Божа Ты мой!
- І кажу: Каб толькі яны не пацяшаліся нада мной! Калі пахіснулася стапа мая, яны крэпка пышацца пачалі прада мною.
- Я блізкі ўпадку, і сум мой усьцяж прада мною.
- Бо віну маю вызнаць я мушу, сумую дзеля грэху майго.
- Няшчысьлёныя тыя, што бязьвінна мяне вінавацяць, і многа такіх, што бяз прычыны мяне ненавідзяць.
- Злом за дабро мне плацяць яны; за тое варожа яны супраць мяне выступаюць, што я за добрым ганюся.
- Не пакінь мяне, Госпад і Бог мой! Не адыходзь ад мяне Ты!
- Пасьпяшы на ўспамогу мне Госпадзе, Спасе Ты мой!
Псальм 39.
- Кіраўніку хору, Ядутуну. Псальм Давідавы.
- Я казаў: Пілнавацца буду сьцежкі маёй, каб не саграшыць мне языком маім! На вусны мае ўзьдзену вузду, пакуль бязбожнік перада мною.
- Я быў нямы й безгалосны; аб добрым я навет маўчаў, але смутак мой узмацняўся.
- Распалілася сэрца ў нутры ў маім; у думках маіх заняўся агонь; і пачаў я маім языком гаварыці.
- Госпадзе, выяў Ты мне каанец мой, дзён маіх меру, дай мне даведацца, які будзе мой век!
- Вось, на некалькі пядзяў зрабіў Ты даўгімі маі дні, і век мой — нішто прад Табою! Адно подмух ёсьць кожны чалавек. (Зэля.)
- Адно толькі, як здань, жыве чалавек; яны за нішто клапацяцца, прагавіта зьбіраюць ды самі ня ведаюць, каму дастанецца гэта.
- Чаго-ж мне чакаць цяпер, Госпадзе? Уся надзея мая — на Цябе!
- Выбаў мяне ад усіх праступкаў маіх; ня дай мне пасьмешышчам стацца для дурняў.
- Я занямеў і вуснаў маіх не адчыняю, бо Ты зрабіў гэта.
- Зьнімі з мяне кару Тваю; ад удараў рукі Тваёй я гібею.
- Абвіненьнем за віну караеш Ты чалавека і робіш, што, як ад молі, хараство яго рассыпаецца. Але, толькі подмух ёсьць кожны чалавек! (Зэля.)
- Пачуй малітву маю, Госпадзе! І зважай на крык мой! Не маўчы на сьлёзы мае! Бо госьць я ў Цябе і праходжы, як і ўсе айцы мае.
- Ня руш мяне, каб разьвесяліўся я перад тым, як зыйсьці, і больш ня будзе мяне!
Псальм 40.
- Кіраўніку хору: псальм Давідавы.
- Тужліва чакаў я на Госпада, і вось Ён схіліўся ка мне і плач мой пачуў.
- І вывеў мяне із ямы пагібельнай, з твані балотнае, і ногі паставіў мае на скале, і ўзмоцніў Ён стопы мае.
- І новую песьню мне ў вусны ўлажыў — хвалу нашаму Богу. І многія гэтае ўбачаць і ўбаяцца ды будуць надзею ўскладаці на Госпада.
- Багаслаўлен чалавек, што надзею сваю ўскладае на Госпада і ня йдзе к непакорным і к тым, хто да ілжы прыхіляецца.
- Чысьлены цуды Твае і замыслы Твае, якія Ты, Госпад і Бог мой, зьдзейсьніў дзеля мяне. Нічога няма Табе роўнага. Хацеў-бы я іх абвяшчаць і казаці, ды лішне іх многа, каб мог я іх палічыць.
- Ахвяры з крыві і хлеба недаспадобы Табе: вушы мае Ты мне расчыніў. Цэлапаленьняў ды жэртваў за грэх Ты не вымагаеш.
- Тады я сказаў: Вось я йду! У зьвітку кніжным напісан загад мне.
- Волю Тваю выпаўняць, Божа мой, роскаш мая, і Закон Твой — у сэрцы маім.
- Я абвяшчаў справядлівасьць Тваю на вялізарным зборы; і, запраўды-ж, вуснаў сваіх я ня спыняў, — Ты гэта ведаеш, Госпадзе!
- Праўды Тваёй ня ўкрываў я ў сэрцы маім, я пра вернасьць Тваю гаварыў і ўспамогу Тваю, ласкі Твае й справядлівасьці прад зборам вялізным ня ўтоіваў.
- Госпадзе, не адхіляй міласэрдзя Твайго ад мяне; ласка і вернасьць Твая захавае навекі мяне,
- бо мукі бяз ліку абступілі мяне, праступкі мае дагналі мяне, ажно нельга мне іх агарнуць: іх балей, чым валосься на маёй галаве, — і мужнасьць мая мяне кінула.
- Рач, Госпадзе, збавіць мяне! пасьпяшы на ўспамогу мне, Госпадзе!
- Няхай асаромяцца й расчаруюцца ўсе, што шукаюць пагібелі для душы маёй; няхай наўцёкі павернуць ды асаромяцца тыя, што жадаюць няшчасьця майго.
- Няхай адубеюць у сораме сваім тыя, што мне гукаюць: Ха, ха!
- Няхай весяляцца й цешацца ўсе ў Табе, хто шукае Цябе; і тыя, што жадаюць спасеньня Твайго, хай гукаюць няспынна: Вялікі ёсьць Госпад!
- Хоць я й нешчасьлівы й убогі, ды Госпад будзе аба мне клапаціцца. Ты — ўспамога мая і мой Спас! Ня баўся, мой Божа!
Псальм 41.
- Кіраўніку хору: псальм Давідавы.
- Багаслаўлены, хто на мізэрных зважае; у дзень няшчасьця Госпад спасець яго.
- Госпад яго ўсьцеражэ і жыцьцё захавае яму; на зямлі ён будзе шчасьлівы, і ярасьці ворагаў Ты не аддаш яго.
- Госпад яго ўзмацуе на ложку нядужным; увесь яго ложак Ты зьменіш у хваробе ягонай.
- Я казаў: Госпадзе, будзь да мяне Ты ласкавы! Вылечы душу маю, бо я саграшыў прад Табою.
- Абмаўляюць мяне мае ворагі й кажуць: Калі ён памрэ, счэзьне і імя ягонае!
- І, калі прыдзе ў адведзіны хто да мяне, гаворыць няшчыра; сэрца ягонае злосьцяй напоўнена; а выйдзе, дык лаець мяне.
- Усе, што мяне ненавідзяць, шэпчуцца міжы сабою ды супраць мяне, на мяне выдумляючы ліха:
- Прычапілася к яму безнадзейнае; калі зьлёг, не паўстаць яму болей!
- Навет той, што жыў мірна са мною, на якога надзею ўскладаў я, хто еў хлеб мой, — і той падняў пяту ды супраць мяне!
- Дык, Госпадзе, Ты нада мною зьмілуйся і мяне падыймі зноў, каб ім я аддзячыў!
- І з таго я пазнаю, што да мяне Ты прыхільны, калі вораг мой мець нада мной перамогі ня будзе.
- За шчырасьць маюТы мяне падтрымаў і паставіў мяне прад абліччам Тваім ды навекі.
- Няхай будзе пахвалены Госпад, Бог Ізраілявы, ад веку й навекі. Амін, амін!
Псальм 42.
- Кіраўніку хору із сыноў Карэявых: песьня навучальная.
- Як лань, што прагне вады із патоку, так душа мая, Божа, імкнецца к Табе!
- Душа мая прагне Бога, Бога Жывога! Калі-ж я прыйду й пакажуся прад Божым абліччам?
- Сьлёзы мае былі ежай маёй дзень і ноч, калі да мяне гаварылі няўстанна: Дзе Бог твой?
- Успамінаючы гэта, я душу маю выліваю, бо хадзіў я ў таўпе мнагалюднай, вядучы яе к Божаму Дому, сярод радасьці гучнай і падзякі грамады сьвяточнай.
- Чаму ты сумуеш, душа мая? Чаму ў-ва мне ты калоцішся? Спадзявайся на Бога! Я-ж буду йшчэ славіць Яго, успамогу і Бога майго.
- Душа сумуе ў-ва мне; дык з зямлі Іорданскае, з гор Гармонскіх, з гары Міцар Цябе ўспамінаю.
- Бяздоньне гукае бяздоньню пры шуме Тваіх вадаспадаў; усе воды Твае ды ўсе хвалі прайшлі праз мяне.
- У дзёнь Госпад зьяўляе ласку Сваю, а ўначы Яму песьня ў мяне, малітва да Бога жыцьця майго.
- Да Бога кажу я, што ёсьць мне скала: Чаму Ты забыў аба мне? Чаму я ў суме хаджу ад уціску варожага?
- Як парахніца ў косьцях маіх, насьмяхаліся ворагі мае нада мною, гаворачы ўсьцяж: Дзе-ж твой Бог?
- Чаму ты сумуеш, душа мая? Ды чаму ў-ва мне ты калоцішся? Спадзявайся на Бога! Бо йшчэ буду хваліці Яго, успамогу і Бога майго!
Псальм 43.
- Судзі мяне, Божа, і справу маю Ты вядзі супраць народу бяз сэрца! Ад людзёй крывадушных і несправядлівых вызваль Ты мяне!
- Бо Ты — Бог, абарона мая. Чаму Ты мяне адцураўся? Чаму я ў суме хаджу праз уціск варожы?
- Пашлі Тваю сьветласьць і праўду Тваю, каб вялі мяне ды завялі на гару сьвятую Тваю і да сялібы Тваёй!
- І прыйду я к ахвярніку Божаму, к Богу радасьці, ўцехі маёй, ды на гусьлях буду хваліць Цябе, Божа, мой Божа!
- Чаму ты сумуеш, душа мая? І чаму ў-ва мне ты калоцішся? Бо йшчэ буду хваліці Яго, успамогу і Бога майго!
Псальм 44.
- Кіраўніку хору із сыноў Карэявых: навука.
- Божа! Мы чулі вушыма сваімі, і бацькі нашы наказуюць: вялікае дзела зрабіў Ты ў іхнія дні, у дні старадаўныя.
- Тваёю рукою Ты павыгнаў народы, а іх абсадзіу; паганаў зьніштожыў, а іх Ты размножыў.
- Бо ня ўласным мячом яны землю здабылі, перамогу дала ім ня ўласная сіла, а правіца Твая і рука Твая, і сьветласьць аблічча Твайго, бо Ты быў прыхільны да іх!
- Ты-ж Цар мой, о Божа! Дык пашлі ўспамогу Якубу!
- Праз Цябе мы паб’ём гнібіцеляў нашых ды ворагаў нашых раздавім,
- бо не на лук спадзяюся я, і ня меч мой мне дасьць перамогу,
- а Ты нам даеш перамогу над ворагам нашым і тых выгубляеш, што нас ненавідзяць.
- Усе дні мы хвалімся Богам, і навекі імя Тваё будзем мы славіць! (Зэля.)
- І ўсё-ж Ты нас адцураўся і нас асароміў, ды больш ня йдзеш разам з войскамі нашымі.
- Ты павярнуў нас наўцёкі прад тым, хто, нас уціскае, а ненавісьнікі нашыя нас рабавалі.
- Ты нас аддаў, як авечкі, каб нас паелі, і расьцярушыў нас між паганаў.
- Ты прадаў Твой народ за марную плату і нічога не скарыстаў праз гэта.
- Ты аддаеш нас на ганьбаваньне суседзям нашым, на лаянку й насьмешкі тых, што навакол нас.
- Ты ў прыказку ўвёў нас міжы паганамі, і народы ківаюць галовамі над намі.
- Ганьба мая ўсьцяж стаіць прад вачыма маімі, і сорам, што выпаў мне, пакрывае мяне,
- бо мушу выслухіваць тых, што саромяць ды лаюць мяне, і бачыць ворагаў ды мсьціцеляў.
- Усё гэта звалілася на нас, хоць мы не забылі Цябе і вернасьці запаведзі Тваёй не зламалі.
- Не адступілася сэрца нашае, не адхіліўся крок наш ад сьцежкі Тваёй,
- аднак Ты скрышыў нас у зямлі шакаляў, і цемрай сьмяротнай Ты нас атуліў.
- Калі-б мы забылі імя нашага Бога і да чужога нашы рукі цягнулі,
- ці-ж бы наш Бог не дазнаўся аб гэтым? Тайны сэрца вядомы-ж Яму!
- Але-ж дзеля Цябе забіваюць нас штодня, лічаць нас за гавечкі, празначаныя на зарэз.
- Збудзіся! Што сьпіш, Пане? Прачхніся, не адкінь нас навекі!
- Чаму Ты хаваеш аблічча Тваё, забываеш тугу і прыгнечаньне нашае?
- Бо наша душа ўкінена ў пыл; к зямлі наша цела прыліпла.
- Паўстань на ўспамогу нам, збаў дзеля ласкі Тваёй!
Псальм 45.
- Кіраўніку хору із сыноў Карэявых навука: на ліры шасьціструннан. Песьня вясельная.
- Сэрца маё пераліваецца ад словаў прыемных. Я кажу: песьня мая — пра цара. Язык мой, як пёрка лоўкага пісара.
- Ты харашэй за ўсіх сыноў чалавечых! Ласкавасьць ліецца із вуснаў тваіх! Дык багаславіў цябе Бог за гэта навекі.
- Аперажы, волаце, паясьніцу тваю мячом і сілай тваёй і красой!
- Ідзі, змагайся за праўду й лагоднасьць, і правіца твая навуча цябе дзівачынаў.
- Вострыя стрэлы твае, ад іх палягуць народы, і праткнуць яны сэрцы ворагам царавым.
- Пасад Твой, о Божа, навекі! Кій справядлівасьці — бэрла царства Твайго.
- Ты праўду любіш, ненавідзіш бяспраўе; за гэта-ж і Бог, Твой Бог, алеем радасьці памазаў цябе панад сябрамі Тваімі.
- Усе шаты Твае — быццам міра, алёэ і касья; у хорамах з косьці сланёвае ігра струнная цябе пацяшае.
- Дочкі царавы між улюбёнымі Тваімі; малжонка стаіць праваруч Цябе ў золаце із Офіру.
- Пачуй, дочка, і глянь ды прыхіль тваё вуха, і забудзь ты народ твой і дом бацькі твайго.
- І калі Цар красы тваёй зажадае, ты сукланіся яму, бо ён – пан твой.
- I, дочка Тыру, з дарамі найбагацейшы з народу будзе аб тое рупіцца, каб здабыць прыхільнасьць тваю.
- Найпрыгажэйша цароўна ў сабе, з золата тканы шаты яе.
- У вопратках пышных вядуць яе да Цара; за ёй дружак-дзяўчатак вядуць да Цябе.
- Іх вядуць у радасьці, вясёлых, і ўваходзяць яны ў хорам Царавы.
- Заміж айцоў Тваіх будуць сыны Твае; іх князямі па ўсенькай паставіш зямлі.
- Імя Тваё Я зроблю памятным з роду ў род; і будуць народы славіць навекі Цябе.
Псальм 46.
- Кіраўніку хору із сыноў Карэявых: на аламот. Песьня.
- Бог нам прыпынак і сіла, магутная ў бядзе ўспамога.
- Дык не спалохаемся, хоць-бы зямля захісталася і горы ў сэрца мора зваліліся.
- Хоць-бы раўлі й уздымаліся воды ягоныя, хоць-бы ад шалу ягонага горы трасьліся: з намі Госпад сілаў нябесных, крэпасьць наша – Бог Якубавы. (Зэля.)
- Патокі рачныя ўзьвесяляюць Божае места, сьвятую сялібу Найвышэйшага.
- Бог пасярод яго, дык не захістаецца; Бог вызваліць яго, як настане раніца.
- Зварухнуліся народы, захісталіся царствы; Ён падаў голас Свой, і зямля растапілася.
- Госпад сілаў (нябесных) з намі, крэпасьць наша – Бог Якубавы. (Зэля.)
- Хадзеце ды паўзірайцеся на дзела Госпада: якое спусташэньне зрабіў Ён на зямлі,
- Госпад, што войны спыняе ажно па край зямлі, ламае лукі й рагатыны рассякае, ды паліць агнём вазы.
- Спынецеся ды пазнайце, што Я — Бог! Узвышаны Я між народамі, узвышаны на зямлі!
- Госпад сілаў з намі, крэпасьць наша — Бог Якубавы! (Зэля.)
Псальм 47.
- Кіраўніку хору із сыноў Карэявых: псальм.
- Ляскайце далоньмі, усе народы, сьпявайце Богу з радасьці вялікае!
- Бо страшны Госпад Найвышэйшы, вялікі Цар над усенькай зямлёй.
- Ён пакарыў нам народы й паганаў пад ногі нашыя.
- Ён выбраў для нас нашу спадчыну, красу Якуба, якога Ён палюбіў. (Зэля.)
- Узьнёсся з крыкам радасьці Бог, Госпад пры гуках трубных.
- Слаўце Бога, слаўце! Выслаўляйце Цара нашага, выслаўляйце!
- Бо Бог ёсьць Цар над усенькай зямлёй; сьпявайце-ж мудра.
- Бог царыць над усімі паганамі; Бог уссеўся на сьвятым пасадзе Сваім.
- Шляхотныя спасярод народаў сабраліся да народу Бога Аўраамавага, бо шчыты на зямлі — Божыя; Ён высака ўзвышан.
Псальм 48.
- Песьня: псальм сыноў Карэявых.
- Вялік Госпад і вельмі хвалёны ў месьце нашага Бога, на сьвятой гарэ Яго.
- Як аздоба для ўсенькай зямлі, узьнімаецца гара Сыонская; на краю паўночным места вялікага Цара.
- Бог у харомах ягоных вядомы, як крэпасьць яго.
- Бо вось сабраліся цары і грамадай падходзілі разам,
- ды, паглядзеўшы, здумеліся; спалохаўшысь, у жаху ўцяклі.
- Напаў на іх жах, трапятаньне, як-бы ў жанкі, што раджае.
- Ты ветрам усходнім крышыш караблі Тырсыйскія.
- І чулі мы гэта, і бачылі ў месьце Госпада сілаў нябесных, у месьце нашага Бога: Бог навекі яго ўмацаваў. (Зэля.)
- Аб міласэрнасьці Тваёй разважаем, о Божа, пасярод сьвятыні Тваёй.
- Як імя Тваё, Божа, так і слава Твая разьляглася да ўзьмежкаў зямлі; правіца Твая справядлівасьцяй поўніцца.
- Дзеля судоў Тваіх, Госпадзе, гара Сыонская радуецца, весяляцца дачкі Юдэйскія.
- Пайдзеце наўкола Сыону, абайдзеце яго і вежы яго палічыце,
- прыгледзьцеся к валам ягоным, агледзьце харомы яго, каб наказаць пакаленьням, што будуць;
- бо гэты Бог ёсьць наш Бог навекі. Ён будзе нам павадыром аж да сьмерці.
Псальм 49.
- Кіраўніку хору із сыноў Карэявых: псальм.
- Чуйце гэта, усе народы! Зважайце ўсе, што жывеце ў сусьвеце!
- Усе вы сыны чалавечыя — і багачы, і ўбогія.
- Вусны мае мудрае кажуць, думкі-ж сэрца майго — развага.
- Прыхілю вуха маё да прыповесьці, пад ігру гусьляў выкрыю загадку маю:
- чаму мне палохацца ў дні няшчасьця, калі абступае мяне беззаконьне напасьнікаў маіх,
- якія на сілы свае спадзяюцца ды множствам багацьця свайго нахваляюцца?
- Ніхто выкупіць брата ня можа і даць за яго выкуп Богу,
- (лішне дорага была-б цана за іх душу, дык навекі зрачыся гэтага мусіць),
- каб жывы ён навекі астаўся ды ня ўгледзіў магілы.
- Кожны бачыць: паміраюць мудрыя, і дурны ды шалёны разам прападаюць ды іншым багацьце сваё пакідаюць.
- Магілы — памешканьне ім па век векаў, дамы ім на ўсенькую прышласьць, хаця-ж бы яны сваім імем назвалі цэлыя землі.
- І чалавек у чэсьці доўга трываці ня будзе: ён да жывёлы падобны, што назарэз.
- Гэткі лёс пэўных сябе і тых, каму словы іх даспадобы:
- як авечкі, яны ў край сьмерці зыйдуць; сьмерць пасьвіць іх будзе; і нараніцы будуць на іх паляваць справядлівыя; сіла іх вычарпецца, магіла — жыльлё ім.
- Маю-ж душу нызваліць Бог спад улады сьмяротнай краіны, бо Сам мяне прыйме.
- Не абурайся, калі хто багацее, калі множыцца слава дому ягонага:
- бо, як памрэ, нічога ня возьме з сабой із таго, і слава яго ня пойдзе за ім,
- хаця-б за жыцьця душы ён сваей патураў, і людзі хвалілі цябе, калі добра рабіў для сябе.
- Але ён пойдзе да роду айцоў сваіх, што не пабачаць ніколі сьвятла.
- Чалавек у славе, ды без развагі, падобны да жывёлы, што назарэз.
Псальм 50.
- Псальм Асапа. Бог над багамі, Госпад прамовіў і кліча зямлю ад усходу сонца да захаду яго.
- З Сыону, вяршыны хараства, зазьяў Бог.
- Надыходзе наш Бог і не маўчыць: перад Ім — агонь пажыраючы, навакол Яго – бура страшэнная.
- Ён кліча неба, што ўверсе, і зямлю на суд народу Свайго:
- Зьбярэце ка Мне сьвятых Маіх, што Мой запавет прынялі пры ахвяры!
- І нябёсы тады справядлівасьць Яго абвясьцілі, бо Судзьдзя гэты — Бог. (Зэля.)
- Слухай, народзе Мой: Я гаварыціму. Я буду сьведчыць проці цябе, Ізраілю; Госпад, твой Бог, — гэта Я!
- Не за ахвяры твае буду карыці цябе: цэлапаленьні твае заўсёды ёсьць прада Мною!
- Не хачу Я валоў браць з дому твайго, ані казлоў із абораў тваіх,
- бо Мае ўсе зьвяры ў лясох ды скаціна, што тысячмі ходзіць па горах.
- Ведаю Я ўсе птушкі ў гарах дый усё, што жывець у палёх.
- Калі-б згаладаўся Я, дык табе-б Я таго не казаў, бо Мая ўся зямля дый усё, што яе напаўняе.
- Ці-ж Я ем мяса валоў або п’ю кроў ад казлоў?
- Богу ў ахвяру падзяку аддай, і Ўсявышняму дасі абяцанае табой.
- І кліч Мяне ў дзёнь няшчасьця: Я спасу цябе, і славіць будзеш Мянё.
- А да бязбожніка Бог гавора: Нашто пералічаеш пастановы Мае і ў вусны бярэш запавет Мой,
- а ў той час ненавідзіш паслухмянасьць і словы Мае за сябе кідаеш?
- Бачучы злодзея, ты з ім зыходзіўся й вёў сяброўства з распусьнікамі.
- Вусны свае расчыняў ты дзеля абмовы, і язык твой здраду сплятаў.
- Ты сядзіш і супраць брата твайго нагаварваеш, абмаўляеш і ганьбуеш сына маткі тваёй.
- Гэтак ты рабіў, а Я маўчаў. Дык здалося табе, што Я гэткі самы, як ты! Але Я пацягну цябе да адказу і пастаўлю гэта перад вочы табе.
- Зразумейце гэта вы, што Бога забываеце, каб Я не злавіў вас, бо ня будзе каму ратаваць вас.
- Той, што прыносе ў ахвяру падзяку, той славіць Мяне; і хто жыве беззаганна, спасеньнем Божым усьцешаны будзе.
Псальм 51.
- Кіраўніку хору: псальм Давідавы;
- калі прарок Натан прыйшоў да яго, пасьля тога, як увайшоў да Вірсавіі.
- Зьмілуйся нада мною, Божа, з ласкі Тваёй, ды праз вялікую міласэрнасьць Тваю даруй мне беззаконьні мае!
- Абмый мянё ўсёга ад правіннасьцяў маіх і ачысьці мяне ад грэху майго.
- Бо ведаю добра беззаконьне маё, і грэх мой усьцяж прада мною.
- Прад Табой, Табой адзіным саграшыў я і зрабіў прыкрае Табе, дык Ты справядлівы ў прысудзе Тваім і чысты ў судзе Тваім.
- Аджа я ў беззаконьні ўрадзіўся, і ў грэху пачала мяне мая маці.
- Ты вымагаеш праўды ў сэрцы, дык зьяві-ж Ты мне мудрасьць у сэрцы маім.
- Акрапі мяне ізопам, каб я ачысьціўся; абмый мяне, каб я стаўся бялейшым за сьнег.
- Дай Ты мне радасьць пачуць і вясёласьць, каб вясяліліся косткі, што Ты пакрышыў.
- Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і даруй мне ўсе мае віны.
- Ствары ў-ва мне, Божа, чыстае сэрца і ўзнаві ў-ва мне духа дужога.
- Не адкінь Ты мяне ад аблічча Твайго й не пазбаў мяне Духа Твайго Сьвятога!
- Усьцеш мяне йзноў успамогай Тваёй, падмацуй духам добрае волі мяне.
- Шляхі Твае буду я адступнікам паказваць, і грэшнікі вернуцца йзноў да Цябе.
- Вызваль мяне ад помсты за кроў, Ты, Госпадзе Божа, мой Спасе, каб язык мой славіў справядлівасьць Тваю.
- Расчыні Ты, Госпадзе, вусны мае, каб вусны мае хвалу Тваю абвяшчалі.
- Бо Ты не жадаеш крывавых ахвяраў, — інакш я-б іх даў! — і цэлапаленьні ня любы Табе.
- Запраўдная Богу ахвяра — дух пакаянны; сэрцам зламаным, што каецца, Ты, Божа, не пагарджаеш!
- Шчасьці Сыону з ласкі Тваёй, узьвядзі нанова муры Ерузаліму.
- Тады Ты прыймеш ласкава ахвяры праўды, цэлапаленьні й жэртвы агністыя; тады валоў пакладуць на ахвярнік Табе.
Псальм 52.
- Кіраўніку хору: навука Давідава
- пасьля таго, як Ідумэй Доэг прыйшоў да Саула і паведаміў, кажучы: Давід увайшоў у дом Абімэлеха.
- Чаму пахваляешся злачынствам тваім, ты, волаце? Ласка Божая заўсёды са мною!
- Выдумляе загубу язык твой; як вострая брытва ён у цябе, о, ты, здрадніку!
- Ліхое больш любіш, чым добрае; ілжу ахватней, чым праўду, гаворыш. (Зэля.)
- Любіш толькі словы пагібелі ды языкі крывадушныя.
- За гэта Бог скрышыць цябе навекі й адкіне цябе і вырве із дому твайго; із зямлі жывых цябе выкараніць. (Зэля.)
- І ўбачаць пабожныя гэта, і ўбаяцца ды будуць сьмяяцца з яго, прыгаварваючы:
- Вось чалавек, што ня Бога сабе меў падпорай, а на веліч багацьця свайго спадзяваўся ды пышаўся сваімі дастаткамі?
- Я-ж, як аліўнае дзерава, што зелянее ў доме Божым, на вякі вечныя ў ласцы Божай маю надзею.
- Нясупынна я буду хваліці Цябе за тое, што Ты ўчыніў, і прад абліччам сьвятых Тваіх буду казаці, што імя Тваё – добрае.
Псальм 53.
- Кіраўніку хору: на лад сумны. Навука Давідава.
- Казаў неразумны ў сэрцы сваім: Няма Бога! Распусьціліся яны й паступаюць агідна; ніхто з іх ня робіць добрага.
- Бог глянуў з неба на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць разумны, які-б Бога шукаў.
- Усё адступіліся, усё папсаваліся; ня было нікога, хто-б рабіў дабро, – аніводнага!
- Няўжо-ж не апамятаюцца злачынцы, што зьядаюць народ Мой, быццам хлеб ядуць, ды Бога не прызываюць?
- Дык дрыжаць яны будуць ад страху, дзе няма дзеля страху прычыны; бо Бог расьцярушыць косьці тых, што абступілі цябе. І ты асароміш іх, бо Госпад ад іх адцураўся.
- Ах, каб прыйшло Ізраілю спасеньне з Сыону! Калі паверне Бог лёс народу Свайго, будзе радавацца Якуб, будзе весяліцца Ізраіль.
Псальм 54.
- Кіраўніку хору: на струнных. Навука Давідава,
- калі прыйшлі Зыхвеі й сказалі Саулу: Хіба-ж ты ня ведаеш, што Давід схаваўся у нас?
- Памажы мне, Божа, імем Тваім і вядзі маю справу сілай Тваёй!
- Пачуй, о Божа, малітву маю, зваж на словы вуснаў маіх.
- Бо падняліся дзёрзкія супраць мяне, і разбойнікі шукаюць душы маёй; яны ня маюць Бога перад вачыма. (Зэля.)
- Запраўды, Бог – успаможнік мой; Госпад душу маю ўзмацняе.
- Ліха спадзе на ворагаў маіх; Ты іх зьніштож праўдай Тваёй!
- Тады прынясу Табе жэртвы з добрае волі; выслаўляціму імя Тваё, Госпадзе, бо яно – дабрата!
- Бо Ты вызваліў мянё з усялякае бяды, і вока маё ўсьцешылася (пагібельлю) ворагаў маіх.
Псальм 55.
- Кіраўніку хору: на струнных. Навука Давідава.
- Пачуй, о Божа, малітву маю і не хавайся ад маленьня майго!
- Зваж на мяне і выслухай мяне; я стогну ў тузе і ўздыхаю
- ад крыку ворага, ад уціску бязбожнікаў, бо беззаконьне наводзяць на мяне і заўзята змагаюцца са мною.
- Сэрца трапеча ў-ва мне, і напаў на мяне жах сьмяротны;
- страх і дрыжаньне найшло на мяне, і жах зьнімае мяне.
- Дык я сказаў: О, каб мне крыльле, як галубінае! Паляцеў-бы тады й супакоіўся!
- Так, паляцеў-бы далёка дый астаўся-б у пушчы. (Зэля.)
- Хутка-б схаваўся прад ветравым шалам, прад бурай!
- Зьніштож іх, Госпадзе, расшчапі языкі ім, бо бачу я гвалты й сваркі ў месьце.
- Дзень і ноч яны ходзяць па сьценах яго навакол, няшчасьце-ж ды гора ў сярэдзіне ў ім.
- Пагібель у ім, ды мана і здрада з рынку яго ня зыходзяць.
- Бо ня вораг мяне зьняважае, — гэта-б сьцярпеў я! — ня той, што мяне ненавідзіць, што прада мной надымаецца, — ад яго-б я схаваўся! —
- — але ты, чалавеча, як я, прыяцелю мой і мне блізкі,
- з кім мы вялі між сабой шчырыя гутаркі, з кім у Дом Божы хадзілі сярод натоўпу народнага.
- Каб сьмерць напала на іх! Каб зыйшлі жывыя ў край сьмерці! бо злачынства ў іхніх дамох, у іх сэрцы.
- Я-ж буду клікаць да Бога, і Госпад мяне успаможа.
- Увечары й раніцай дый у палудзень я буду плакаць і галасіць, і Ён пачуе мой голас.
- Ён збавіць душу маю й дасьць супакой ад тых, што падняліся супраць мяне; бо многа было проці мяне.
- Пачуе Бог, і Прадвечны іх давядзе да пакорнасьці, бо ня было ў іх паправы, ды не баяліся Бога,
- руку сваю падыймалі на тых, што з імі ў згодзе жылі, дый нарушалі ўгоду;
- вусны ў іх гладкія, як тое масла, а ў сэрцы варожасьць; словы ў іх лагадней за аліву, яны-ж — мячы абнажоныя.
- Пакінь бярэмя тваё на Госпада: Ён цябе забясьпечыць; ня дасьць Ён ніколі, каб пахіснуўся пабожны.
- Ты-ж, Божа, іх кінеш у найглыбейшыя ямы; тыя, што прагнуць крыві, ды здраднікі паловы сваіх дзён не дажывуць. А я на Цябе спадзяюся!
Псальм 56.
- Кіраўніку хору: на лад: Галубка бязмоўная ў мясцох далёкіх. Залаты псальм Давіда, калі яго ў Гаце злавілі Хвілістыны.
- Зьмілуйся нада мною Ты, Божа, бо людзі скрышаць мяне; ціснуць ваякі мяне, усьцяж нападаючы.
- Усьцяж разьбіваюць мяне мае ворагі, бо многа ваюе іх проці мяне, Найвышэйшы!
- Калі страх мяне агартае, я на Цябе спадзяюся.
- Дзеля Бога хваліціму слова Яго, на Бога я спадзяюся й не пабаюся; што цела можа зрабіць мне?
- Што-дня перакручваюць словы мае; усе думкі іх супраць мяне скіраваны на зло.
- Яны зьбіраюцца й сочаць мяне, падглядаюць крокі мае, каб схапіць маю душу.
- За іх беззаконьне адплаці Ты ім; адкінь, о Божа, у гневе народы!
- Туляньне маё Ты мне залічыў; сабраны сьлёзы мае ў судзіну Тваю, ды напэўна ў кнізе Тваёй!
- Тады павернуць наўцёкі мае ворагі, калі гукну: я ведаю тое, што Госпад за мною!
- Дзеля Бога хваліціму слова Яго, у Госпадзе ўслаўлю Ягонае слова.
- На Бога я спадзяюся й не пабаюся: што могуць зрабіці мне людзі?
- Табе, о Божа, я даў абяцаньні: дык аддам Табе жэртву хвалебную,
- бо Ты спас маю душу ад сьмерці і стопы мае ад упадку, каб хадзіў я ў сьветласьці тых, што жывуць, перад Богам.
Псальм 57.
- Кіраўніку хору: на лад: Не загубляй! Залаты псальм Давіда, калі ўцякаў ад Саула ў пячору.
- Зьмілуйся нада мною, о Божа, зьмілуйся! Бо ў Цябе я шукаю патолі і ў цяню Тваіх крыльляў шукаць буду прыпынку, пакуль ня мінецца загуба.
- Клічу да Бога Ўсявышняга, да Бога, што справу маю вядзе за мяне.
- Ён з неба пашле і ўспаможа мяне; Ён тых асароміць, што хочуць мяне праглынуці; ласку Сваю пашлець Бог ды праўду Сваю.
- Душа мая міжы львоў, я ляжу сярод тых, што палаюць агнём, сярод людзей, што зубы іх — дзіды і стрэлы, языкі-ж — мячы вострыя.
- Узьнясіся над неба, о Божа, каб слава Твая па ўсенькай зямлі лунала.
- Дзеля ног маіх сетку наставілі, прыгнялі яны душу маю,
- прада мною яму капалі, ды самі ў яе ўваліліся. (Зэля.)
- Сэрца маё гатова, о Божа, маё сэрца гатова пяяці й іграці Табе.
- Ачуняй, мая слава! Збудзіцеся, гусьлі мае і псалтыр! Я разбуджу сьвітаньне.
- Буду славіць Цябе між народамі, Госпадзе, буду славіць Цябе між паганамі!
- Бо аж да неба вялікая ласка Твая і праўда Твая да аблокаў.
- Узьнясіся над неба, о Божа, каб слава Твая па ўсенькай зямлі лунала!
Псальм 58.
- Кіраўніку хору: на лад: Не загубляй! Песьня Давідава.
- Ці запраўды выслаўляеце, судзьдзі, прысуд справядлівы? Ці судзіце людцаў па праўдзе?
- Не! Беззаконнае робіце вы! Злачынствы рук вашых на зямлі на вагу кдадзецё!
- Ад нараджэньня свайго адступіліся людзі бязбожныя; ад улоньня маткі сваёй блукаюцца й кажуць ілжу.
- У іх атрута, як яд у зьмяі, у гада глухога, што вушы свае затыкае
- і ня чуе слоў чарадзея, які заклінаці ўмее.
- Божа, у вуснах іх зубы скрышы ім! Зламай зубы львянятам, о Госпадзе!
- Няхай счэзнуць яны, як вада, што разьлілася; няхай паламаюцца стрэлы ім, як будуць нацягіваць!
- Няхай счэзнуць яны, як сьлімак, што ледзьве паўзе! Няхай яны сонца ня ўбачаць, як неданосак жанчыныі
- Перш, чымся вашы гаршчкі угледзяць агонь ад цярніны, хай раскідае вецер цярніну, пакуль яшчэ сьвежа й распалена.
- Зрадзее пабожны, бачучы помсту; абмые ён стопы свае ў крыві бязбожнікаў!
- І скажуць людзі: Дык ёсьць справядлівым аддзяка! Запраўды, запраўды ёсьць Бог, Які на зямлі чыніць суд!
Псальм 59.
- Кіраўніку хору: на лад: Не загубляй! Песьня Давіда, калі Саул паслаў пілнаваць яго дом, каб яго забіць.
- Ад ворагаў маіх вызваль мяне, мой Божа! Пастаў мяне на высакосьці, дзе буду бясьпечны ад праціўнікаў.
- Вызваль мянё ад злачынцаў ды памажы проці тых, што прагнуць крыві.
- Бо вось яны сочаць мяне; гуртуюцца волаты супраць мяне, ды не за праступак ці грэх мой, о Госпадзе!
- Бяз ніякай віны маёй яны зьбягаюцца й зброяцца. Паўстань на ўспамогу Ты мне й паглядзі!
- Узьніміся Ты, Госпадзе, нябесных сіл Божа, Божа Ізраіля, каб усіх пакараці паганаў! Ніводнага не пашкадуй із тых здраднікаў і беззаконьнікаў! (Зэля.)
- Што-вечар яны варачаюцца, выюць, быццам сабакі, і места абходзяць яны навакол.
- Вось, яны вырыгаюць атруту, у іх вуснах — мячы, бо — хто гэта чуе?
- Але Ты, Госпадзе, з іх пасьмяешся, Ты асароміш усіх паганаў!
- Цьвярдыня мая! Аб Табе пяяць буду, бо Госпад — Цьвярдыня мая!
- Бог мой ласкай сустрэне мяне; над ворагам Бог мне усьцешыцца дасьць.
- Не забівай іх, каб мой народ не забыўсяі Расьцяруш іх сілай Тваёй і адкінь іх, наш Госпад і шчыт!
- Словы языка іх — гэта грэх іхніх вуснаў. Няхай злоўлены будуць у пысе сваёй за праклёны й ілжу, што гавораць яны.
- Зьніштож іх у ярасьці, зьніштож, каб больш ня было іх, каб людзі пазналі, што Бог над Якубам пануе да узьмежкаў зямлі!
- I што-вечар яны варачаюцца, выюць, быццам сабакі, і места абходзяць яны навакол.
- Бадзяюцца, ежы шукаючы; калі-ж не насыцяцца, яны бурчаць.
- А я буду пяяці аб сіле Тваёй і што-раніцы славіць ласку Тваю. Бо Ты мне ў нядолі Цьвярдыняю быў і Прыпынкам.
- Сіла мая! Аб Табе я буду пяяці, бо Госпад — Цьвярдыня мая, Бог мой ласкавы!
Псальм 60.
- Кіраўніку хору: на лад: Лілея аб’яўленьня. Навука. Песьня Давіда,
- калі ён змагаўся з Сырыяй Мэзапатамскай ды з Сырыяй Зованскай, і калі Іоаб, варочаючыся, пабіў дванаццаць тысяч Ідумэяў у Саляной даліне.
- Божа, Ты нас пакінуў, нас расьцярушыў! Ты угнявіўся, – падыймі нас ізноў!
- Ты затрос зямлёй, расшчапіў яе; загаі шчыліны яе, бо яна хістаецца!
- Даў Ты народу Свайму пазнацца з горкаю доляй, віном зьдзіўленьня нас напаіў.
- Тым, што баяцца Цябе, даў Ты сьцяг, каб яго паднялі дзеля праўды. (Зэля.)
- Каб спасьліся, каго Ты ўлюбіў. Дык цяпер памажы нам правіцай Тваёй ды выслухай нас.
- Бог казаў у Сьвятыні Сваёй: Я узрадуюся! Я падзялю Сыхэм, і даліну Сукот разьмераю.
- Мой Галад, Мой Манаса, і Яхрэм — цьвярдыня Маёй галавы; Юда — бэрла Маё!
- Моаб — умывальная чара Мая; на Эдом пасталы Мае кіну, над Хвілістынамі разьвесялюся.
- Хто да места мяне завядзе абароннага? Хто завядзе мяне у Эдом?
- Ці-ж ня Ты нас, о Божа, пакінуў і ня вырушыш, Божа, з войскамі нашымі?
- Дай успамогу Ты нам супраць ворага, бо помач людзкая — марнота!
- З Богам мы ўчынім слаўныя ўчынкі, Ён ворагаў нашых растопча.
Псальм 61.
- Кіраўніку хору: на струнных. Псальм Давідавы.
- Пачуй, о Божа, малітву маю і зваж на маленьне маё!
- Ад краю зямлі гукаю я да Цябе, бо ные сэрца маё; узьвядзі мяне на скалу, што для мяне недасяжна!
- Бо Ты быў прыпынкам маім, крэпкай вежай супраць ворага.
- Дай мне жыці навекі ў сялібе Тваёй, пад заслонаю крыльля Твайго знайсьці мне прытулак. (Зэля.)
- Бо Ты, о Божа, чуў абяцаньні мае, Ты даў мне спадчыну тых, што баяцца іменьня Твайго.
- Дадай дні да царавых дзён, каб гады яго былі з роду ды ў род,
- каб навекі прад абліччам Божым сядзеў; накажы Ты ласцы ды праўдзс, каб пілнавалі яго!
- Дык буду няўстанна пяяці іменьню Твайму, буду з дня ды на дзень выпаўняць абяцаньні мае.
Псальм 62.
- Кіраўніку хору Ядытунавага: псальм Давідавы.
- Толькі ў Богу супакойваецца душа мая, ад Яго ўспамога мая.
- Але: Ён – скала мая й помач мая, Ён – цьвярдыня мая; дык не пахіснуся.
- Дакуль будзеце насядаць на чалавека? Вы ўсіх маніцёся зьніштожыць, як тая сьцяна, што скранулася, як агарожа, што валіцца.
- Але, задумалі скінуць яго з высакосьці; ім люба ілжа; яны вуснамі багаслаўляюць, але ў сэрцы сваім праклінаюць! (Зэля.)
- Але, толькі ў Богу спачынеш, душа мая! Бо на Яго спадзяюся.
- Але: Ён – скала мая й помач мая, Ён – цьвярдыня мая; дык не пахіснуся.
- У Богу збаўленьне маё і слава мая; скала мая крэпка, прыпынак у Богу.
- На Яго спадзявайся, грамада народная! вылівайце прад Ім сэрца вашае: бо Бог – наш прытулак. (Зэля.)
- Але: сыны чалавечыя — подмух, людзі — мана; калі пакладзеш на вагу, яны разам лягчэй за подмух!
- Не ўскладайце надзеі на крыўду, ня пышайцеся зрабаваным; калі-ж вам прыбудзе багацьця, сэрца свайго да яго ня прыклейце!
- Раз сказаў Бог, а я двойчы чуў гэта, што сіла — у Бога.
- І ў Цябе ласка, Госпадзе, бо кожнаму водле учынкаў даеш.
Псальм 63.
- Псальм Давіда, калі ён быў у пушчы Юдэйскай.
- Божа! Ты — Бог мой! Цябе я шукаю ад самае раніцы!
- Цябе душа мая прагне, па Табс тужыць цела ў пустой, сухой і бязводнай зямлі,
- каб сілу і славу ўбачыць Тваю, што я бачыў у Сьвятыні Тваёй.
- Бо ласка Твая — ляпей за жыцьцё; вусны мае хваліць Цябе будуць.
- Гэтак буду я славіць Цябе за жыцьцё маё, у імя Тваё рукі мае узьнімаць.
- Быццам шпікам і тукам сыцее душа мая, і радасным сьпевам Цябе славяць вусны мае,
- калі я на ложку маім аб Табе ўспамінаю, калі ў час чуваньня начнога аб Табе разважаю.
- Бо Ты мне быў успамогай, і ў цяню Твайго крыльля сьпяваю ад радасьці.
- Душа мая к Табе прыляпілася, правіца Твая мне дае падтрыманьне.
- Тыя-ж, што загубы душы маёй шукаюць, у глыбіні зямлі яны зыйдуць:
- мячом яны будуць пабіты і будуць дабычай шакаляў.
- А цар узрадуецца ў Богу; і кожны будзе хваліцца, што Ім прысягае; а вусны брахлівых будуць заткнёны.
Псальм 64.
- Кіраўніку хору: псальм Давідавы.
- Пачуй, о Божа, мой голас у модлах маіх! Ад страху ворага жыцьцё Ты маё захавай!
- Схавай Ты мяне ад натоўпу злачынцаў, ад банды беззаконьнікаў,
- што язык свой, як меч, навастрылі, свае стрэлы — калючыя словы — паклалі на лук,
- каб украдкам страляць у бязьвіннага: зьнячэўку страляюць яны ў яго й не баяцца.
- Ад замыслу ліхога яны не адступяцца; і змаўляюцца тайна сеці наставіці; яны думаюць: хто будзе бачыць?
- Злачынствы надумваюць: Гатовы мы! Замах прыдуманы! Нутро-ж кожнага й сэрца яго — непрагледны.
- А тады іх Бог паражае: стралою зьнячэўку паранены яны,
- языком сваім самі павытнуць сябе. І дрыжаць усе, хто на іх пазірае.
- І людзі ўбаяцца. раскажуць пра Божыя дзеі і сьцемяць, што гэта Ягоная справа.
- Пабожны усьцешыцца ў Госпадзе і будзе шукаці прыпынку ў Яго, і шчырыя сэрцам усе будуць хваліцца.
Псальм 65.
- Кіраўніку хору: псальм Давідавы. Дзеля пяяньня.
- На Цябе надзея, Табе, о Божа, хвала на Сыоне; няхай споўнены будуць Табе абяцаньні.
- Ты, што чуеш малітву, — да Цябе ўсё жывое імкнецца.
- Віны мае перамаглі мяне; але Ты пакрываеш праступкі нашы.
- Шчасьце таму, каго выбраў Ты і прыблізіў, каб жыў ён у сенях Тваіх; насычаціся будзем дабром Твайго дому, сьвятога храму Твайго.
- Страшнымі ўчынкамі даеш нам адказ паводле Тваёй справядлівасьці, Божа, — Ты, што ёсьць наша спасеньне, усіх канцоў сьвету й далёкага мора надзея!
- Што ўгрунтаваў Сваёй сілаю горы і моцаю падперазаўся.
- Што ўсьцішаеш шум мора, шум хваляў ягоных і хваляваньне народаў.
- Дык жыхары канцоў сьвету далёкіх баяцца знаменьняў Тваіх: землі на ўсходзе й на захадзе Ты славіць Цябе пабуджаеш.
- Ты адведаў зямлю й напаіў яе; Ты яе ўзбагачаеш мнагаводным Божым патокам. Ты прыгатоўваеш хлеб для яе, бо гэтак спасобіш зямлю.
- Ты навадняеш разоры яе і скібы яе разрыхляеш, дажджовымі кроплямі яе разьмякчаеш, багаславіш яе ўраджаі.
- Ты год завяршаеш дабратою Тваёй, і тукам сьцежкі Твае аплываюць.
- Парастаюць буйна пожні і стэпы, і ўзгоркі радасьцяй падпяразваюцца.
- Пасьвішчы стадамі авец апранаюцца, і даліны атулены жытам: і радасна міжы сабой гукаюць, і песьні пяюць.
Псальм 66.
- Кіраўніку хору: песьня. Псальм. Слаўце Бога, ўсе землі!
- Сьпявайце аб славе іменьня Ягонага, абвяшчайце славу й хвалу Яго!
- Кажэце да Бога: Які Ты страшны ў дзеяньнях Тваіх! Дзеля велічы моцы Тваёй падлыгваюць Табе Твае ворагі.
- Усе землі будуць Табе пакланяцца й славіць Цябе, будуць імя Тваё выхваляці. (Зэля.)
- Пайдзеце-ж, пагледзьце дзеяньні Бога, страшнога ў справах проці сыноў чалавечых.
- ён абярнуў мора ў сушу, пеша яны перайшлі праз раку; тамака радаваліся мы ў Ім!
- Ён Сваёй моцай пануе навекі; вочы Яго за народамі сочаць, каб не паўставалі бунтары. (Зэля.)
- Слаўце, народы, нашага Бога й гучна абвяшчайце хвалу Яго,
- што душы нашай жыцьцё дараваў і нашай стапе ня даў пахіснуцца.
- Бо Ты дасьведчыў нас, Божа! Ператапіў нас агнём, як срэбра ператапляецца.
- Ты заганяў нас у сеці, цяжкімі путамі бёдры нам ціснуў.
- Ты нам садзіў чалавека на голаў; ішлі мы ў вагонь і ваду, але Ты нас на волю выводзіў.
- З цэлапаленьнямі ў Дом Твой пайду і споўню Табе абяцаньні мае,
- што вусны мае прыракалі, што ў горы маім мой язык вымаўляў.
- Цэлапалёньні з тлустых авечак прынясу Табе з пахам ахвярным баранаў; валоў і казлоў прынясу на ахвяру. (Зэля.)
- Хадзеце, паслухайце ўсе, хто Бога баіцца: я раскажу вам, што для душы маёй Ён учыніў.
- Яго я клікаў вуснамі маімі, і хваленьне было на маім языку.
- Калі-б меў я ў думцы сваёй беззаконнае, Госпад мяне-б не паслухаў!
- Ды Бог пачуў і зважыў на голас маленьня майго.
- Няхай будзе пахвалены Бог, што малітвы маёй не адкінуў і ласкі Сваёй не пазбавіў мяне!
Псальм 67.
- Кіраўніку хору: на струнных. Псальм да пяяньня.
- Божа, будзь нам ласкавы й багаслаў нас; асьвяці нас абліччам Тваім, (Зэля.)
- каб на зямлі мы пазналі Твой шлях, між усімі народамі збаўленьне Тваё.
- Тады Цябе, Божа, хваліць будуць народы; будуць славіць Цябе усе людзі.
- Усьцешацца й узрадуюцца ўсе пляменьні, што Ты судзіш народы па праўдзе й плямёнам кірунак даеш на зямлі. (Зэля.)
- Хваліць Цябе, Божа, будуць народы; будуць славіць Цябе ўсе людзі.
- Зямля плод свой выдала; няхай Бог, наш Бог, нас багаслаўляе!
- Няхай Бог нас багаслаўдяе, няхай усе ўзьмежкі зямлі Яго ўбаяцца!
Псальм 68.
- Кіраўніку хору: Псальм Давідавы дзеля пяяньня.
- Няхай устане Бог, і рассыплюцца ворагі Яго, і ўцякуць прад абліччам Ягоным, хто Яго ненавідзіць.
- Як разьвяваецца дым, так яны разьвеяны будуць; як таець воск ад агню, так бязбожнікі згінуць прад абліччам Божым.
- А пабожныя ўзрадуюцца, весяліціся будуць прад Божым абліччам і славіць ад радасьці.
- Сьпявайце Богу, імя Яго выслаўляйце! Дарогу рабеце Таму, што праз пустыню праносіцца, — Госпад імя Яму! — і прад абліччам Яго весяліцеся,
- перад Бацькам сіротаў і Заступнікам удоў, Богам у сьвятой сялібе Ягонай,
- Богам, што выгнанцаў варачае ў бацькаўшчыну, што вязьняў із путаў іх вызваляе, але ў пустыні сьпякотнай пакідае упорыстых.
- Божа, калі Ты йшоў прад народам Тваім наперадзе, калі праз пустыню праходзіў, (Зэля.)
- дык траслася зямля, і нябёсы прад абліччам Тваім тапіліся, дый гэты Сыон дрыжэў перад Госпадам, Богам Ізраіля.
- Ты шчодрым дажджом акрапляў Тваю спадчыну, Божа, ды падмацовываў тое, што зьнямагалася.
- Там народ Твой асеў; з дабраты Тваяе Ты наладжываў для гарапашных.
- Госпад кліч клікнуў, і многае множства весьніц адолі было:
- Цары войск уцякаюць, бягуць, гаспадыня-ж у доме дзеліць дабычу!
- Між абораў ці хочаце легчы? Вы сталіся, быццам галубка, што крыльле ў яе з серабра, а пёры золатам зелянявым пакрыліся.
- Калі Ўсемагутны рассыпаў цароў зямлі гэтай, яна пабялела, як сьнег на гары Сальмонскай.
- Гара Божая ёсьць гара Базанская! многа вяршын мае гара Базанская.
- Чаму вы, горы шматверхія, завісна глядзіцё на гару, што Госпад выбраў яе на сялібу Сабе? Але, і навекі Госпад жыць тамака будзе.
- Божых вазоў мірыяды, тысячы тысячаў Ангелаў; сярод іх Госпад, як на Сынаі, бытуе ў Сьвятыні.
- Ты ўзышоў на гару й вёў палон; Ты дары прыняў дзеля людзей; і навет Твае супраціўнікі мусяць пры Госпадзе жыці.
- Няхай будзе пахвалены Госпад! З дня на дзень Ён нас носе, Бог — наша ўспамога. (Зэля.)
- Бог ёсьць нам Бог спасеньня, і брамаю сьмерці Госпад Бог валадае.
- Запраўды, скрышыць Бог галаву сваіх ворагаў, цемя тых, што закаранеўшы ў беззаконьні ходзяць.
- Сказаў Госпад: З Базану вярну іх, дастану з глыбіняў марскіх,
- каб стапу тваю ты замачыў у крыві, а сабакі твае — языкі ў крыві ворагаў.
- І бачылі, Божа, паход Твой яны, паход Бога майго і Цара майго у Сьвятыні:
- сьпявакі наперадзе йшлі, наканцы — гусьляры, пасярэдзіне – дзевы з цымбаламі.
- Слаўце Госпада Бога ў грамадзе, вы, што з насеньня Ізраіля!
- Там Бэньямін, наймалодшы, пануе над імі; старшыні Юдзіны — іх валадары; старшыні Забулонавы, старшыні Нахталімавыя з іх грамадою.
- Пашлі, о Божа, сілу Тваю! Умацуй, Божа, тое, што для нас учыніў!
- Дзеля Сьвятыні Тваёй цары будуць прыносіць дары ў Ерузалім.
- Угамуй зьвера ў чароце, стада быкоў сярод цялятаў народных: яны пахваляюцца зьліткамі срэбра; расьцяруш народы, што жадаюць вайны!
- Прыйдуць волаты з Эгіпту, Этыопія працягне рукі свае да Бога.
- Царствы зямныя! Сьпявайце Богу, выслаўляйце Госпада, (Зэля.)
- Які носіцца па нябёсах найвышэйшых, адвечных. Там Ён голас Свой падае – гоолас магутны!
- Прызнайце моц Божую! Веліч Ягоная над Ізраілем, магутнасьць Яго – у хмарах.
- Страшны зьяўляецца Бог із Сьвятыні Сваёй; Бог Ізраіляў, Ён сілу ды моц народу даець. Няхай будзе пахвалены Бог!
Псальм 69.
- Кіраўніку хору: на лад: Лілеі. Псальм Давідавы.
- Памажы мне, о Божа, бо воды да душы маёй даходзяць!
- Я заграз у глыбокім балоце бяздонным; я папаў у глыб водную, і цячэньне мяне залівае.
- Я зьнямогся ад крыку, засохла горла ў мяне; змарыліся вочы мае, выглядаючы Бога майго.
- Тых, што мяне бяз віны ненавідзяць, больш, чым валасоў на маёй галаве; больш чысьлены, чым косьці, мае ворагі, што несправядліва мяне перасьледуюць. Чаго не ра-баваў, мушу аддаваці.
- Божа, Ты ведаеш неразумнасьць маю, і грахі мае ад Цябе не схаваны.
- Ня дай праз мяне асароміцца тым, што на Цябе спадзяюцца, о Госпадзе, Валадару сілаў нябесных; ня дай праз мяне асароміцца тым, што шукаюць Цябе, Божа Ізраіля!
- Бо дзеля Цябе я ганьбу цярплю, і сорамам твар мой пакрыты.
- Я стаўся чужым для братоў маіх, незнаёмцам для сыноў маткі маёй.
- Бо рупнасьць аб Дом Твой зжорла мяне, і лаянкі тых, што Цябе зьняважаюць, на мяне папалі.
- Я душу маю пастом марыў, і гэта за ганьбу мне сталася;
- я валасяніцу ўзьдзеў замест вопраткі і прыповесьцяй стаўся для іх;
- яны абмаўляюць мяне, ля варот пасядаўшы, і прыпеўкі пяюць, віно папіваючы.
- Я-ж да Цябе малюся, о Госпадзе, у час спрыяньня Твайго: о Божа, праз веліч ласкі Тваёй пачуй Ты мяне і спасі мяне!
- Вырві з балота мяне, каб я не заграз; ратуй ад тых, што мяне ненавідзяць, дый із водных глыбіняў!
- Цячэньню водаў ня дай Ты мяне затапіць, ня дай, каб глыб праглынула мяне, каб бяздоньне ляпу сваю нада мной сашчыміла.
- Пачуй мяне, Госпадзе, бо вялікая ласка Твая! Праз веліч Твайго міласэрдзя зірні на мяне.
- Ад раба Твайго не хавай Ты аблічча Твайго, бо жах зьнімае мяне; пасьпяшы мяне выслухаць!
- Да душы прыбліжся маёй, ратуй Ты яе; насупраць ворагам маім, вызваль Ты мяне!
- Ты ведаеш ганьбу маю і мой сорам і зьняважэньне; усе, што мяне перасьледуюць, ёсьць прад Табою.
- Ганьба разьбіла мне сэрца, дык роспач мяне агартае; чакаў зьмілаваньня, ды ня маю яго, і пацяшыцеляў, ды не знайшоў іх.
- Замест стравы яны жоўць далі мне; і, калі прагнуў, мяне напаілі воцатам.
- Няхай стол іх абернецца ў сетку для іх, і бясьпечнасьць — у сіло.
- Няхай ночы зацьмяцца ім, каб ня бачылі сьвету, няхай ім заўсёды лыдкі дрыжаць!
- Вылі на іх Ты ярасьць Тваю, і полымя гневу Твайго няхай іх дасягне!
- Няхай апусьцее сяліба іх, няхай ніхто ня жыве ў палатках іхніх!
- Бо таго перасьледуюць, каго Сам Ты скараў, бо над мукамі тых пацяшаюцца, каго Ты паражаеш.
- Далічы беззаконьне да іх беззаконьня і ня дай Ты ім праўды Тваёй дасягнуць.
- Няхай вычыркнуць іх із кнігі жывых і не запішуць разам з пабожнымі.
- Я-ж нешчасьлівы й поўны тугі; Твая помач, о Божа, хай падыме мяне!
- Я буду хваліць імя Божае ў песьнях, буду славіць Бога у гімнах.
- Будзе Госпаду гэта больш даспадобы, чымся бык, вол з рагамі й капытамі.
- Угледзяць сумныя гэта ды ўцешацца; вы, што шукаеце Бога, хай сэрца вам акрыяе!
- Бо Госпад слухае ўбогіх і ня грэбуе тымі, што ў няволю папалі.
- Дык няхай Яго хваляць і неба й зямля, і мора ды ўсё, што варушыцца ў ім.
- Бо Госпад збавіць Сыон, адбудуе Ён месты Юдэйскія, і тамака будуць сяліцца ды імі ўладаць.
- I насеньне рабоў Яго ў спадчыну іх атрымае, і той, хто імя Яго любіць, жыць тама будзе.
Псальм 70.
- Кіраўніку хору: псальм Давідавы на ўспамін.
- Рач, о Божа, збавіць мяне! Пасьпяшы на ўспамогу мне, Госпадзе!
- Няхай асаромяцца й расчарованы будуць усе, што шукаюць душы маяё! Наўцёкі зьвярні й асаром усіх, што мне ліха жадаюць!
- Хай павернуць наўцекі за зьнявагі ўсе тыя, што гукаюць Ха! Ха! на мяне.
- Няхай весяляцца й узрадуюцца ў Табе ўсе, што шукаюць Цябе; няхай няўстанна клічуць: Вялік Бог! тыя, што прагнуць спасеньня Твайго.
- Я-ж нешчасьлівы й убогі; дык сьпяшы да мяне, о Божа! Ты мне ўспамога і мой Збавіцель; Госпадзе, не запярэч!
Псальм 71.
- Пры Табе, о Госпадзе, шукаю прыпынку. Ня дай мне навек асароміцца!
- Збаў нас, вызваль мяне паводле Тваёй справядлівасьці! Прыхілі да мяне Тваё вуха і дай мне ўспамогу!
- Будзь мне скалой, што бароніць мяне, цьвярдыняю моцнай, каб мне памагчы; бо Ты і скала і цьвярдыня мая.
- З моцы бязбожнага вызваль мяне, Божа мой, з рукі беззаконнага і прыгнятацеля.
- Бо Ты, о Госпадзе, надзея мая, спадзяваньне маё змалку год!
- На Цябе я здаваўся ад матчына чэрава; з улоньня маткі Ты вывеў мяне; дык навекі Табе хвала ад мяне!
- Шмат хто глядзіць на мяне, як на дзіва; але Ты мне заслона магутная.
- Вусны мае поўны славы Тваёй, што-дня яны славяць веліч Тваю.
- Не адцурайся мяне ў маёй старасьці; калі счэзнуць сілы мае, Ты не пакінь мяне!
- Бо змаўляюцца ворагі мае на мяне, і тыя, што сочаць за душою маёй, раяцца міжы сабою,
- кажучы: Бог пакінуў яго; дык ганіцеся за ім і схапіце яго, бо няма ў яго абаронцы!
- Божа, ня будзь далёка ад мяне! Пасьпяшы, мой Божа, на помач да мяне!
- Каб былі асаромлены й зьнішчаны тыя, што ненавідзяць душу маю! Каб ганьбай і сорамам тыя пакрыліся, што жадаюць нядолі маёй!
- Я-ж заўсёды буду чакаць і множыць славу Тваю.
- Справядлівасьць Тваю будуць вусны мае абвяшчаць, пра збаўленьне ўсьцяж гаварыць, бо ім лічбы ня ведаю я!
- Выступаць буду сілай вялікаю Госпада, буду славіць Тваю справядлівасьць, толькі Тваю!
- Змалку дзён Ты вучыў мяне, Божа, і дагэтуль я цуды Твае абвяшчаю.
- І да старасьці, і да сівізны не пакідай мяне, Божа, пакуль я пра сілу Тваю не накажу пакаленьню вось гэтаму ды пра моц Тваю — ўсім, што народзяцца йшчэ.
- Бо справядлівасьць Твая, о Божа, ажно да неба высокая; вялізнае, Божа, Ты учыніў, каму-ж зраўняцца з Табою?
- Ты нам даў перажыць многа бед і нягод, але Ты ажывіш нас нанова і з бяздоньняў зямлі зноў выцягнеш нас.
- Ты памножыш сілу маю і пацешыш мяне;
- дык і я на псалтыры, мой Божа, буду хваліці Цябе і праўду Тваю! Буду на гусьлях іграці Табе, о Сьвяты Ізраіля!
- Радыя вусны мае, як Табе я пяю, і душа мая, што Ты спас яе.
- І язык мой будзе што-дня абвяшчаць справядлівасьць Тваю, бо сорам і стыд на тых, што мне ліха шукаюць.
Псальм 72.
- Аб Салямоне. Псальм Давідавы. Божа, дай суд Твой цару й справядлівасьць Тваю сыну цараваму,
- каб судзіў народ Твой паводле справядлівасьці і ўбогіх Тваіх водле права,
- каб прынесьлі горы супакой народу і ўзгоркі — справядлівасьць,
- каб ён людзям убогім даваў справядлівасьць, памагаў-бы дзецям гарапашнікаў ды скрышыў гвалтаўнікоў.
- Няхай мецімуць страх прад Табой з роду ў род, пакуль будзе сонца ды месяц.
- Хай зыходзе, як дождж на луку сьвежаскошаную, як кроплі дажджовыя, што зямля ад іх вільгатнее.
- Хай пабожны ў яго дні з-красуе, і супакой запануе, пакуль месяц ня спыніцца.
- І няхай ён пануе ад мора да мора і ад ракі аж да краю зямлі.
- Калені прад ім схіляць будуць праціўнікі, а ворагі ягоныя лізацімуць пыл.
- Цары Тарсу й астравоў дары яму панясуць; цары Арабіі й Сабы прынясуць яму даніну.
- І ўсе цары будуць яму пакланяцца, усе народы яму служыць будуць.
- Бо ён ратуе ўбогага, які помачы кліча, і ўцісьнёнага й тога, што ўспамогі ніякай ня мае.
- Над мізэрным і ўбогім літуецца ён і спасае душу бедакоў.
- З уціску й гвалту вызваляе іх душы, і ў вачох яго кроў іх мае цану.
- І будзе ён жыць, і даваць яму будуць з Арабіі золата; будуць маліцца ўсьцяж за яго, багаслаўляць што-дня будуць.
- Будзе дастатак збожжа ў зямлі, на горных вяршынах; каласы яго будуць шумець, як Ліван, і па местах размножацца людзі, быццам зельле у полі.
- Навекі ўхаваецца імя ягонае, пакуль сонца будзе трываці. Багаслаўлены будуць у ім усе плямёны, будуць славіць яго ўсе народы.
- Няхай будзе пахвалены Госпад, Бог Ізраіляў, што Сам Сабой робіць цуды.
- І імя Яго слаўнае хай будзе хвалёна навекі, і ўсе землі хай поўняцца славай Яго! Амін! Амін!
- Канец малітвам Давіда, сына Ясьсейвага.
Псальм 73.
- Псальм Асапавы. Які добры Бог для Ізраіля, для тых, што чыстыя сэрцам!
- Мае-ж ногі чуць незахісталіся, чуць не пакаўзнуліся стопы мае.
- Бо распаляўся я супраць гордых, бачучы шчасьлівы лёс бязбожнікаў,
- што не зазнаюць гора ніякага, цёла-ж крэпкае ў іх і добра ускормлена,
- і ў бяду яны не пападуцца як іншыя людзі, і туга невядома для іх, што ў іншых людзей.
- Дзеля гэтага пыха — нашыйнік іх, гвалт замест вопраткі іх атуляе.
- З перасычэньня паходзяць грахі іх, цераз край пераліваюцца думкі іх сэрца.
- Над усім яны зьдзекуюцца й зласьліва абмаўляюць; звысака гавараць аб нядолі.
- Да неба ўзьнімаюцца вуснамі сваімі, язык жа іхні па зямлі гуляе.
- Дык туды-ж і народ Яго зварачаецца і п’е ваду поўнаю чарай.
- Яны кажуць: Як Богу аб гэтым даведацца? Ці меў-бы веданьне аб тым Найвышэйшы?
- Вось гэткія ёсьць бязбожнікі, ды ў поўным спакоі зьбіраюць яны свае скарбы.
- А ці-ж гэта зусім дарэмна, што я захаваў сваё сэрца ў чыстасьці дый у нявіннасьці рукі мае абмываў,
- мяне-ж усьцяж мучылі, й кожную раніцу цярпеў я кару маю?
- Калі-б я падумаў: Гэта я буду расказваць!, я-б гэтым адрокся ад роду сыноў Тваіх!
- І пачаў разважаці я, каб сьцяміць гэта, і нядоляй здавалася гэта ў маіх у вачох,
- ажно пакуль не ўвайшоў я да Божай Сьвятыні ды не пазнаў іх канца.
- Але, на коўзкім стаўляеш іх груньце і на пагібель скідаеш!
- Вось яны мігам зьніштожаны, згінулі, счэзьлі ад страху!
- Як сном пасьля прабуджэньня, так Ты грэбуеш, Госпадзс, устаўшы, вобразам іхнім.
- Калі сэрца маё занямела і нутро маё калацілася,
- дык я розум утраціў і ня ведаў нічога, ды быў прад Табой, як жывёла.
- Але астаўся я пры Табе назаўсёды! Ты трымаеш мяне за правую руку маю.
- І вядзеш Ты мяне паводле Тваёй пастановы, і посьле сустрэнеш мяне ды ў пашане.
- Каго-ж маю на небе? І на зямлі — кром Цябе — не жадаю нічога.
- Хаця-б зьнямагалі мае цела і сэрца, Бог скала майго сэрца й удзел мой навекі.
- Бо, запраўды, гінуць тыя, што ад Цябе адыходзяць; Ты нішчыш кожнага, хто ад Цябе адступіўся.
- Для мяне-ж блізкасьць Бога ёсьць шчасьце; надзею маю паклаў я ў Госпадзе, каб паведаць усе Твае ўчынкі.
Псальм 74.
- Псальм Асапавы. Навука. Чаму Ты, о Божа, нас назаўсёды адкінуў? Чаму ўзгарэўся Твой гнеў на гавечкі пасты Тваёй?
- Успомні народ Твой, што Ты адпачатку прыдбаў Сабе, адкупіў, як спадчыну Сваю, гару гэту Сыонскую, на якой Ты асеў!
- Зьвярні стопы Твае да руінаў адвечпых: усё чыста ў Сьвятыні вораг разбурыў.
- Рыкаюць ворагі Твае пасярод Тваіх зграмаджэньняў; панастаўлялі знакоў сваіх замест нашых сьцягаў.
- Яны падобны да тых, што ў гушчары лясным падыймаюць сякеру,
- і цяпер тапарамі і молатам разьбу ўсю ў ёй (Сьвятыні) крышаць.
- Яны пусьцілі з агнём Сьвятыню Тваю, сялібу іменьня Твайго апаганілі да грунту.
- Сказалі ў сэрцы сваім: Усё зруйнуем дазваньня! — і ўсе месцы зграмаджэньняў Божых на зямлі папалілі.
- Знакоў нашых ня бачым мы болей; няма больш прарока, і нікога няма, хто-б ведаў, дакуль гэта будзе.
- Дакуль, о Божа, лаяцца будзе Твой вораг? Ці вечна зьняважаць будзе вораг імя Тваё?
- Чаму стрымваеш руку Тваю і правіцу Тваю? Вым яе з-за пазухі Тваёй і ўдар па іх!
- Аджа Бог ёсьць Цар мой спрадвеку, што ўспамогу даваў на зямлі.
- Ты моцай Тваёй разьдзяліў мора, пачварам марскім галовы скрышыў у вадзе.
- Ты скрышыў галаву левьятану, яго-ж аддаў на корм у пустыні.
- Ты выкрасаў крыніцу й паток, Ты высушыў рэкі мнагаводныя.
- Твой ёсьць дзень і ночка Твая: Ты стварыў сьвятло і сонца.
- Ты ўсе межы назначыў зямлі; лета й зіму — Ты іх стварыў.
- Успомні: вораг зьняважыў Госпада, а люд шалёны над імем Тваім зьдзекуецца!
- Не аддай зьверу лютаму душу турка твайго; не забудзь навекі грамаду бяздольнікаў Тваіх.
- Успомні запавет Твой! Бо ў закутках зямлі поўна месц гвалту.
- Ня дай уцісьнёнаму адыйсьціся з сорамам: няхай нешчасьлівыя й убогія хваляць імя Тваё!
- Паўстань, о Божа’ Вядзі справу Тваю! Успомні зьнявагі штодзённыя, што церпіш ад неразумнага.
- Не забудзь Ты голасу ворагаў, каламучаньня праціўнікаў Тваіх, што ўсьцяж узьнімаецца!
Псальм 75.
- Кіраўніку хору: на лад: не выгубляй. Псальм Асапавы.
- Хвалім Цябе, Божа, хвалім Цябе, і тыя, што імя Тваё прызываюць, абвяшчаюць цуды Твае.
- Калі Я бачу, што час настаў, Я суджу па справядлівасьці.
- Калі зямля хістаецца і, хто жыве на ёй, гіне, — Я умацоўваю слупы яе. (Зэля.)
- Да гордых кажу Я: не надымайцеся! да бязбожных: не падыймайце ўверх рогу!
- Не падыймайце высака рогу, не кажэце дзёрзка супраць Скалы!
- Бо не з усходу, ні з захаду, ні з пустыні вывышшэньне,
- але Бог есьць Судзьдзя: гэтага Ён паніжае, таго-ж вывышшае.
- Бо мае ў руцэ Госпад чару з віном, якое ў ёй пеніцца; яна поўна напою зьмяшанага, і Ён із яе налівае. Ды толькі фуз яго піць будуць бязбожнікі ўсе на зямлі.
- Я-ж весяліціся буду навекі, буду славіць Бога Якубавага.
- І адсяку Я ўсе рогі бязбожнікам, рогі-ж пабожных высака узьнясуцца.
Псальм 76.
- Кіраўніку хору: на струнных. Псальм Асапавы. Песьня.
- Ведамы Бог у Юдэі, вялікае ў Ізраілю імя Яго.
- Аджа ў Саліме палатка Ягоная і жыльлё Яго на Сыоне.
- Там Ён скрышыў стрэлы луку, шчыт і меч ды вайну. (Зэля.)
- Ты бліскучы, Ты зьяеш, Ты магутней за горы адвечныя.
- Крэпкія сэрцам дабычай зрабіліся, сон іх зьняў, і мужы дужыя рук сваіх не знайшлі.
- Ад пагрому Твайго, о Божа Якубавы, і воз ды з канём сном абняты.
- Ты страшны, і хто можа ўстаяць прад абліччам Тваім у час гневу Твайго?
- З неба Ты абвясьціў Свой прысуд, і зямля спалохана й сьціхла,
- калі Бог падняўся на суд, каб даць успамогу ўсім пакорным на зямлі. (Зэля.)
- І гнеў чалавечы абернецца ў славу Табе, і астачу сердаваньня Ты ўсьцішыш.
- Давайце і спаўняйце абяцаньні Госпаду Богу вашаму: усе, што навакол Яго, нясеце дары Страшному.
- Ён пазбаўляе духу князёў, Ён страшны для цароў зямных.
Псальм 77.
- Кіраўніку хору: паводле Ядутуна. Псальм Асапавы.
- Голас мой да Бога, і буду галасіці; голас мой да Бога, каб пачуў мяне.
- У дзень тугі маёй шукаю я Госпада; уначы рука мая працягнулася і ня спускаецца; душа не дала пацешыць сябе.
- Бога ўспамінаю і стогну; разважаю, а душа ўстрывожана. (Зэля.)
- Ты не даеш мне заплюшчыць павекі мае; трывога прыйшла на мяне, і не магу гаварыць.
- Разважаю аб днях даўных, аб гадох вякоў мінулых.
- Уначы ўспамінаю песьні мае, разважаю ў сэрцы маім, і дух мой дапытываецца:
- Няўжо-ж адцураўся Госпад навекі і ня будзе больш спагадаць?
- Няўжо-ж назаўсёды канец ласцы Ягонай, і вернасьць з роду ды ў род прыпынілася?
- Няўжо-ж Бог забыў міласэрнасьць Сваю і ў гневе Сваім літасьць Сваю?
- І сказаў я: Гэта-ж мука мая, што правіца Ўсявышняга зьмянілася.
- Успамяну я дзеяньні Госпада; але, успамінаці буду дзіўныя дзеяньні Твае спрад вякоў.
- Буду разважаці аб усіх учынках Тваіх і аб вялікіх дзеяньнях Тваіх апавядаціму.
- У сьвятасьці, Божа, Твой шлях; хто-ж гэткі вялікі, як наш Госпад Бог?
- Ты Бог, што цуды робіць. Ты выявіў магутнасьць Тваю пасярод народаў.
- Рукой Тваёй Ты народ Твой вызваліў, сыноў Якуба й Язэпа. (Зэля.)
- Убачыўшы Цябе, о Божа, убачыўшы Цябе, воды задрыжэлі, і глыбіні бяздонныя зварухнуліся.
- Патокамі воднымі люнулі хмары густыя; грымелі аблокі, і лёталі стрэлы Твае.
- У віхры голас грымоту Твайго разнасіўся; маланкі ўвесь сьвет асьвятлялі; зямля дрыжэла й гудзела.
- Праз мора йшоў шлях Твой, і праз воды вялікія сьцежка Твая, і сьлядоў Тваіх нельга пазнаці.
- Ты вёў Твой народ, як авечкі, рукой Маісея й Аарона.
Псальм 78.
- Навука Асапава. Чуй, мой народзе, навуку маю, вуха сваё да слоў вуснаў маіх прыхілеце!
- Адчыню я вусны мае ў прыповесьці, казаць буду загадкі старадаўныя.
- Што чулі мы і даведаліся, ды што нам бацькі расказалі,
- гэта ня ўкрыем ад іхніх дзяцей, што народзяцца, абвяшчаючы слаўныя ўчынкі Госпада і магутнасьць Ягоную й цуды Яго, што Ён робіў.
- Ён сьведчаньне Сваё ў Якубе паставіў і паклаў Закон у Ізраілю, загадаўшы бацьком нашым, каб сыном сваім пераказвалі,
- каб ведаў род патомны, дзеці, якія народзяцца, ды каб яны ў свой час сыном сваім наказалі,
- каб на Бога надзею сваю ўскладалі, аб дзеяньнях вялікіх Бога не забываліся ды запаведзі Ягоныя захоўвалі,
- і ня былі-б падобныя да бацькоў сваіх, роду адступнікаў і непакорных, роду, што сэрца свайго не спасобіў, каб дух ягоны верны быў Богу.
- Сыны Яхрэмавы, уваружаныя лукамі, у дзень бітвы назад павярнулі.
- Яны не захавалі запавету Божага й не хацелі хадзіць паводле Закону Ягонага.
- Яны забыліся аб вялікіх дзеяньнях Ягоных ды цудах, што Ён ім зьявіў.
- Перад бацькамі іх цуды рабіў Ён у Эгіпце, на полі Цоанскім.
- Ён мора расьсек і іх перавёў праз яго, і воды паставіў, як сьцены,
- удзень вёў іх хмарай, а ўначы — зьяньнем агністым.
- Ён скалы ў пустыні ра-шчапляў і паіў іх так шчодра, быццам з бяздоньня;
- патокі із скалаў плылі, і воды цяклі ракамі.
- І ўсё-ж яны і далей грашылі проці Яго, бунт у пустыні ўзьнімаючы проці Найвышняга.
- Яны Бога ў сэрцы сваім спакушалі, просячы корму водле жадобы сваёй.
- І проці Бога бурчэлі, гаворачы: Хіба-ж Бог у пустыні можа нам стол прыгатовіць?
- Вось, па скале Ён удэрыў, і люнулі воды і ручаі пацяклі; але ці можа Ён даць такжа й хлеба — ды мяса народу Свайму прыгатовіць?
- Дык абурыўся Госпад, пачуўшы, і ўзгарэўся агонь на Якуба, і ўзьняўся гнеў на Ізраіля
- за тое, што Богу яны не паверылі й не спадзяваліся на ўспамогу Ягоную.
- Але хмарам высока Ён даў загад і расчыніў дзьверы неба,
- і пасыпаў ім манну, як дождж, і даў ім хлеба нябеснага.
- Хлеб Ангелаў кожны меў есьці; Ён ім корму паслаў ды ўволю.
- Вецер усходні адвярнуў Ён на небе і сілай Сваёю навёў вецер паўдзённы;
- і, быццам пыл, спусьціў на іх мяса — птушак крылатых, як пясок ля мора.
- Скінуў іх сярод іх табору, навакола іхніх палатак.
- І елі яны многа ўдосыць, і Ён даў ім жаданае.
- Ды йшчэ не зракліся яны жадобы сваёй, яшчэ ежа іх была ў іх вуснах.
- Дык гнеў Божы ўзьняўся на іх, і губіў тлустых, і дзяцюкоў Ізраілявых паваліў.
- Пры ўсім гзтым яны йшчэ грашылі далей і ў цуды Яго ня веравалі.
- Дык зыходзілі дні іх марна і леты ў страху.
- Калі Ён зьніштажаў іх, дык шукалі Яго, наварачываліся і зварачаліся да Бога,
- дый успаміналі, што Бог — іх прыпынак, Найвышэйшы — Спас іхні.
- Яны лесьцілі Яму вуснамі Сваімі і языком сваім ілгалі перад Ім,
- ды сэрца іхняе ня было Яму вернае, і не захоўвалі верна Закону Ягонага.
- А Ён, ласкавы, дараваў ім грэх іхні і ня зьніштожыў іх, неаднакроць супыняў Свой гнеў і не даваў ходу ўсёй ярасьці Сваёй,
- бо памятаў, што яны — цела, подмух, які адыходзе й ня вернецца.
- Як часта яны паўставалі супраць Яго ў пустыні, засмучалі Яго ў зямлі бязьлюднай!
- Ізноў ды ізноў яны спакушалі Бога і абражалі Сьвятога Ізраілявага.
- Не памяталі яны рукі Ягонае, дня, калі Ён іх вызваліў з уціску,
- калі знакі Свае рабіў у Эгіпце і цуды Свае на палёх Цоанскіх:
- бо абярнуў Ён іх рэкі й патокі у кроў, каб піць не маглі,
- наслаў ім кузурак, што іх кусалі, ды жабаў, што іх губілі;
- плады зямныя аддаў рабацтву, а працу рук іхніх — саранчы.
- Вінаградныя лозы градам пабіў, фіговыя дрэвы — шэраньню.
- Скаціну іхнюю граду аддаў, а стады — маланкам;
- паслаў на іх полымя гневу Свайго, абурэньне і ярасьць ды пошасьці, навалу злых ангелаў.
- Даў попуст гневу Свайму, ад сьмерці іх душ не спасаў, жыцьцё іх на мор аддаў;
- пабіў усіх першакоў у Эгіпце, зачаткі расплоду ў палатках Хамавых;
- і, як авечкі, вывеў народ Свой і вёў праз пустыніо, як стада;
- вёў іх бясьпечна, і нечага было ім баяцца, а ворагаў іхніх мора накрыла;
- і давёў іх да краіны Сваёй сьвятой, да гары, што здабыла правіца Ягоная;
- і спрад аблічча іх выгнаў народы, зямлю-ж падзяліў паміж імі у спадчыну, у іхніх палатках калены Ізраіля Ён абсадзіў.
- Ды ўсё йшчэ яны спакушалі Найвышэйшага Бога, паўставалі супраць Яго, запаветаў Яго не захоўвалі.
- Яны адступаліся й здрайцамі былі, як і бацькі іх, выварачваліся, быццам той лук няверны.
- Яны абуралі Яго высакосьцямі сваімі й ідаламі сваімі дражнілі Яго.
- Пачуў Бог і гневам узгарэўся, і зусім адапхнуў Ён Ізраіля.
- Адапхнуў Ён сялібу ў Сіломе, палатку, дзе жыў між людзьмі;
- аддаў у палон Сваю моц і славу Сваю ў рукі ворага.
- Пад меч аддаў Свой народ, на спадчыну Сваю разьярыўся.
- Дзяцюкоў ягоных агонь пажыраў, і дзяўчаты бяз песень вясельных аставаліся.
- Сьвяшчэньнікі яго гібелі ад мяча, і ўдовы яго не галасілі.
- Ды быццам зо-сну прачнуўся Госпад, як той волат, што віно разварушыла яго,
- і адбіў Ён ворагаў, на вечны сорам аддаў іх.
- І адапхнуў Ён палатку Язэпаву, і ня выбраў калена Яхрэмавага,
- а выбраў калена Юдава, гару Сыонскую, якую ўлюбіў;
- і збудаваў Ён пад неба высокую Сьвятыню Сваю; навекі, як зямлю, умацаваў яе.
- І выбраў раба Свайго Давіда, і ўзяў яго ад абораў авечых,
- і ад дойных авечак забраў яго, каб пасьвіў Ягоны народ, Якубавы, і спадчыну Ягоную, Ізраіля.
- І той пасьвіў іх у прастаце сэрца свайго і вадзіў іх мудрай рукой.
Псалым 79.
- Псальм Асапавы. Божа, пагане напалі на Тваю спадчыну, апаганілі храм Твой сьвяты, Ерузалім у руіну абярнулі.
- Трупы рабоў Тваіх аддалі на жыр птушкам нябесным, целы пабожных Тваіх — зьвяром зямным.
- Іх кроў, як ваду, пралілі навакол Ерузаліму, і некаму было іх хаваць.
- Мы сталіся пасьмешышчам у суседзяў нашых, наруганьнем і ганьбай у акружаючых нас.
- Дакуль, Госпадзе, будзеш гневацца бясспынна, дакуль ярасьць Твая паланець будзе?
- Вылі гнеў Твой на народы, што ня ведаюць Цябе, ды на царствы, што іменьня Твайго не прызываюць,
- бо зжэрлі Якуба і жыльлё яго зруйнавалі.
- Не палічы нам грахоў даўнейшых; няхай нас сустрэне міласэрнасьць Твая чым хутчэй, бо вельмі мы зьнемагліся.
- Памажы нам, о Божа, Збавіцелю наш, дзеля чэсьці іменьня Твайго; ратуй і даруй грахі нашы дзеля іменьня Твайго!
- Дзеля чаго-б казаці паганам: Дзе Бог іх? Няхай на паганах, у нас на вачох, ведама станецца помста за кроў рабоў Тваіх, што праліта!
- Няхай дойдуць да Цябе стогны вязьняў! Магутнай сілай Тваей на сьмерць празначаных вызваль
- і нашым суседзям вярні сямікротна ў нутро іх зьнявагу, якой яны, Госнадзе, Цябе зьневажалі!
- А мы, Твой народ і авечкі пасты Тваёй, будзем вечна хваліць Цябе й з роду ў род славу Тваю абвяшчаць.
Псальм 80.
- Кіраўніку хору: на лад: Лілеі. Псальм Асапавы.
- Пастыру Ізраіля! Пачуй! Ты, што, як авечак, водзіш Язэпа, што над Хэрубінамі сядаеш, зьяві Сябе!
- Перад Яхрэмам і Бэніямінам і перад Манассай узьнімі Ты сілу Сваю і выйдзі нам на ўспамогу!
- Божа, вярні нас назаді Няхай аблічча Тваё нам зазьяе, і спасемся!
- Госпадзе, Божа нябесных сілаў, дакуль будзеш Ты ў гневе пры малітве народу Твайго?
- Ты іх хлебам сьлёзным карміу і шчодра сьлязамі паіў іх.
- Ты зрабіў з нас прадмет барацьбы дзеля нашых суседзяў, і ворагі нашы зьдзекі строяць над намі.
- Божа сілаў! Адбудуй Ты нас! Зазьяй абліччам Тваім, і спасемся!
- Ты куст вінаградны вынес з Эгіпту, выгнаў народы й яго пасадзіў.
- Ты расчысьціў месца яму, і ён укараніўся ды напоўніў зямлю.
- Горы пакрыліся ценем ягоным, а вецьце яго, як кедры Божыя.
- Ён галіны свае пусьціў аж да мора, а парасткі сваі да ракі.
- Чаму Ты раскінуў агарожу ягоную, і кожын, хто міма праходзе, абрывае яго?
- Вяпрук лясны падкапывае яго, і зьвер палявы аб’ядае яго.
- Божа сілаў! Павярніся, зірні з неба, паглядзі й адведай вінаграднік гэты!
- Захавай тое, што правіца Твая пасадзіла, ды парасьці, што Ты для Сябе ўзмацаваў.
- Ён агнём апалены ды пасечаны і гіне ад гневу аблічча Твайго.
- Хай рука Твая будзе над мужам правіцы Тваёй, над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў для Сябе!
- Мы-ж ад Цябе не адступімся; ажыві нас, і мы будзем імя Тваё прызываці.
- Госпадзе, Божа сілаў нябесных! Вярні нас назад! Няхай зазьяе аблічча Тваё, і спасемся!
Псальм 81.
- Кіраўніку хору: на лад Гацкі. Псальм Асапавы.
- Радасна сьпявайце перад Богам, нашай Цьвярдыняй; слаўце Бога Якубавага!
- Зацягнеце псальм, зайграйце на цымбалах, на гусьлях мілагучных ды з псалтырам.
- Трубіце на трубах у маладзік ды ў поўню, у дзень нашага сьвята,
- бо гэткі закон у Ізраіля, запавет Бога Якубавага.
- Ён устанавіў гэта дзеля сьведчаньня для Язэпа, як ішоў із Эгіпту. І пачуў я мову, якое дагэтуль ня ведаў:
- Я звольніў сьпіну яго ад цяжару, яго рукі вольныя ад карзінаў.
- У бядзе ты паклікаў Мяне, і Я ратаваў цябе; пачуў цябе з хмары грымотнае, пры водах Мэрыбскіх выспрабаваў цябе. (Зэля)
- Слухай, народзе Мой; Я цябе буду вучыць, Ізраілю! О, каб ты паслухаўся Мяне!
- Каб ня было ў цябе бога чужога, каб не пакланяўся ты богу чужацкаму!
- Я Госпад, Бог твой, што вывеў цябе із зямлі Эгіпецкай; расчыні шырака вусны твае, і Я іх напоўню.
- Ды народ Мой не паслухаўся голасу Майго, і Ізраіль ня быў паслухмяны.
- Дык Я іх пакінуў упорству іхняга сэрца, каб хадзілі паводле думак сваіх.
- О, калі-б жа народ Мой мяне быў паслухаўся, каб Ізраіль хадзіў сьцежкамі Маімі!
- Я-б хутка ворагаў іх пакарыў, і рука Мая проці перасьледавацеляў іхніх павярнулася-бы.
- І тыя, што Госпада ненавідзяць, мусілі-б лесьціць, а іхняе шчасьце трывала-б навекі.
- І пшаніцай найлепшай карміў-бы Я іх, і насычаў-бы іх мёдам з скалы.
Псальм 82.
- Псальм Асапавы. Бог стаіць сярод зграмаджэньня Божага, сярод багоў Ён суд спаўняе:
- Дакуль будзеце судзіць несправядліва і паказваць бязбожнікам староннасьць сваю? (Зэля.)
- Вядзеце справу ўбогіх і сіротаў; нешчасьлівым і бедным акажэце справядлівасьць.
- Ратуйце мізэрных і ўбогіх, із рук бязбожнікаў вызваляйце!
- Ды нічога ня ведаюць, не разумеюць, і ў цемры ходзяць яны; захісталіся ўсе падваліны зямлі!
- Хоць і сказаў Я: вы — багі, ўсе вы сыны Найвышэйшага, —
- аднак, вы памрэцё, як людзі, паўпадаеце, як кожны з князёў.
- Паўстань, о Божа, судзі зямлю, бо-ж Ты ўладар, дзедзіч усіх народаў.
Псалым 83.
- Песьня. Псальм Асапавы.
- Божа! Не маўчы й не аставайся моўчкі ды ў супакоі, о Божа!
- Бо вось узварухнуліся ворагі Тваі, і ненавісьнікі Тваі паднялі галаву.
- Проці народу Твайго куюць яны замыслы здрадніцкія і змаўляюцца проці тых, каго Ты ахоўваеш.
- Яны сказалі: Вось, зьніштожым мы іх, каб яны ня былі больш народам, каб імя Ізраіля не ўспаміналася болей.
- Бо ўрадзілі яны аднадушна і змову супраць Цябе ўчынілі:
- палаткі Эдомавы ды Ізмайліты, Моаб і Агаране,
- Гэбал і Аммон і Амаліх, Хвілістыны й жыхары Тыру;
- і Ассур далучыўся да іх: яны падаюць руку сваю сыном Лотавым.
- Зрабі-ж Ты ім тое самае, што Мадыяму, што Сысары, што Ябіну ля патоку Кіссону,
- якія зьніштожаны каля Эндору, сталіся гноем дзеля зямлі.
- Зрабі Ты з імі, з старшынямі іхнімі, як з Арэбам і Зэбам, ды з усімі князямі іх, як з Зэбам і Салманам,
- якія казалі: Заўладаем загонамі Божымі!
- Мой Божа! Зрабі іх, як пыл у віхры, як салома пад ветрам!
- Як агонь лясы пажырае і полымя горы апальвае,
- гэтак жані Ты іх бурай Тваёю і віхрам Тваім напалохай!
- Напоўні сорамам твар іх, каб іменьня, о Госпадзе, шукалі Твайго.
- Асаром Ты іх ды спалохай навекі, каб у сораме згінулі,
- каб пазналі, што імя Тваё — Госпад, ды што Сам Ты над усёй зямлёй Найвышэйшы.
Псальм 84.
- Кіраўніку хору: на лад Гацкі. Сыноў Карэявых. Псальм.
- Як-жа прыемна сяліба Твая, о Госпадзе сілаў!
- Нудзілася душа мая і тужыла па панадворках Госпадавых; сэрца маё і цела маё весяляцца ў Богу Жывым.
- Знайшла-ж птушка прыпынак, і ластаўка гняздо знайшла, дзе птушанятак сваіх укладае: ля ахвярнікаў Тваіх, Госпадзе сілаў нябесных, Цару Ты мой і мой Божа!
- Багаслаўлены тыя, што ў Доме Тваім маюць жыльлё, нясупынна яны выхваляюць Цябе. (Зэля.)
- Шчасьлівы чалавйк, сіла якога ў Табе, і ў сэрцы якога дарога к Табе!
- Праходзячы далінаю сьлёзаў, яны робяць яе месцам крынічным, і дождж веснавы пакрывае яе багаслаўленьнем.
- Гэтак ад сілы да сілы ідуць яны і прыходзяць да Бога на гару на Сыонскую.
- Госпадзе, Божа сілаў! Пачуй малітву маю, выслухай яе, Божа ЯкубавыІ
- Божа, наш шчыце! Зірні й паўзірайся на аблічча памазанца Твайго!
- Бо адзін дзень на панадворку Тваім лепшы за тысячу іншых; ляпей ля парога ў Доме Божым стаяць, чым жыць у палатках беззаконьня.
- Бо Госпад ёсьць сонца і шчыт; Госпад ласку дае і славу, дый не адмовіць дабра аніякага тым, што ў беззаганнасьці ходзяць.
- Госпадзе сілаў нябесных! Шчасьлівы той чалавек, што на Цябе спадзяецца!
Псальм 85.
- Кіраўніку хору: сыноў Карэявых. Псальм.
- Ты зьлітаваўся над зямлёй Тваёй, Госпадзе, Ты палон Якубавы вярнуў.
- Ты зьняў віну з народу Твайго, дараваў ім усе грахі іхнія. (Зэля.)
- Ты зьдзяржаў Тваю ярасьць і гнеў Твой палючы адвярнуў.
- Адбудуй Ты нас, Божа, Успамога наша, супыні абурэньне Тваё на нас.
- Няўжо-ж навекі на нас будзеш гневацца і гнеў Твой пашырыш на пакаленьні патомныя?
- Няўжо-ж не дасі нам аджыць нанова, каб народ Твой узрадаваўся ў Табе?
- Дай нам, Госпадзе, ўбачыць ласку Тваю, даруй нам спасеньне Тваё!
- Паслухаю я, што Госпад Бог кажа: Ён гаворыць аб супакоі для народу Свайго і для пабожных Сваіх, для тых, што сэрца сваё да Яго кіруюць. (Зэля.)
- Запраўды, блізка ўспамога Яго дзеля тых, што баяцца Яго, каб слава Божая на зямлі нашай залунала.
- Ласка і праўда з сабой сустракаюцца, справядлівасьць і супакой цалуюцца.
- Праўда вырастае із зямлі, а справядлівасьць з нябёсаў пазірае.
- І абдорыць нас Госпад добрым, а зямля наша дасьць свой плод.
- Ідзе справядлівасьць наперадзе Яго і стопы Ягоныя на шлях стаўляе.
Псальм 86.
- Малітва Давідава. Прыхілі, Госпадзе, вуха Тваё ды пачуй Ты мяне, бо я бедны й убогі.
- Захавай маю душу, бо я прад Табою скарыўся. Памажы Ты, мой Божа, рабу Твайму, які на Цябе спадзяецца.
- Памілуй мяне, Госпадзе, бо ўвесь дзень да Цябе я гукаю.
- Пацеш душу раба Твайго, бо душу да Цябе я ўзьнімаю, о Госпадзеі
- Бо Ты, о Госпадзе, добры й літасьцівы ды шчодры на ласку для ўсіх, што Цябе прызываюць.
- Пачуй, о Госпадзе, малітву маю і выслухай маленьне маё галоснае!
- У час тугі маёй я клічу Цябе, бо Ты мяне выслухаеш.
- Няма між багамі роўнага Табе, Госпадзе, і няма дзел, як Твае.
- Усе народы, што Ты іх стварыў, прыйдуць і ніцма ўпадуць прад Табою, о Госпадзе, і імя Тваё будуць славіць.
- Бо Ты вялікі і цуды робіш, — Ты Бог, Ты адзін.
- Навучы мяне, Госпадзе, шляху Твайго, каб хадзіў я ў праўдзе Тваёй; сэрца маё украпі ў баязьні іменьня Твайго.
- І буду ўсім сэрцам маім хваліць Цябе, Госпадзе, Бог мой, і імя Тваё буду славіць навекі.
- Бо ласка Твая нада мною вяліка, і Ты вырваў душу маю з бяздоньня пякельнага.
- Божа, гордыя супраць мяне збунтаваліся, і натоўп перасьледавацеляў шукае душу маю, ды на Цябе не зважаюць яны.
- Але Ты, Госпадзе, Бог міласэрны й ласкавы, да гневу няскоры і ласкай ды праўдай багаты.
- Да мяне зьвярніся й зьмілуйся нада мной; дай сілу Тваю рабу Твайму і сыну рабыні Тваёй памажы!
- Зьяві Ты на мне знак Тваёй дабраты, каб угледзілі гэта і тыя, што ненавідзяць мяне, і паўстыдаліся-бы, што Ты, о Госпадзе, мне дапамог і пацешыў мяне.
Псальм 87.
- Сыноў Карэявых. Псальм. Песьня. Угрунтаваньне на сьвятых гарах.
- Любіць Госпад брамы Сыонскія больш за ўсе іншыя сялібы Якубавыя.
- Слаўныя рэчы прадказаны аб табе, места Божае! (Зэля.)
- Эгіпт і Бабілён успамяну я прад тымі, што ведаюць мяне; навет Хвілістыны і Тыр з Этыопіяй разам скажуць; той там нарадзіўся.
- Аб Сыоне-ж будуць казаці: той і той нарадзіўся ў ім, і Госпад яго ўзмацняе.
- Госпад напіша, сьпісуючы народы: гэты нарадзіўся ў ім. (Зэля.)
- Дык пяяць аб табе будуць усе чыста сілы жыцьця майго.
Псальм 88.
- Пёсьня. Псальм сыноў Карэявых. Кіраўніку хору: дзеля пяяньня. Навука Эмана Эзрахіта.
- Госпадзе, Божа мой! Удзень я помачы клічу і ўначы крычу прад Табою!
- Няхай малітва мая ўзыйдзе прад аблічча Тваё; вуха Тваё прыхілі да маленьня майго:
- бо перасычана мукамі душа мая, і жыцьцё маё блізка магілы.
- Залічылі мяне да тых, што ў магілу зьбіраюцца; я стаўся, як чалавек, што сілы ня мае.
- Паміж мёртвых кінены, быццам забітыя, што ляглі ў магіле, што Ты ўжо іх не ўспамінаеш, і далёка яны ад рукі Тваяе.
- Ты кінуў мяне ў найглыбейшую яму, у цемру, ў бяздоньне.
- Налягла на мяне ярасьць Твая, усімі хвалямі Тваімі прыгнёў Ты мяне. (Зэля.)
- Знаёмых маіх Ты аддаліў ад мяне, зрабіўшы мяне агідным для іх; вось, я ў нядолі і выйсьці ня здолею.
- Павысахла вока маё ад тугі; кожын дзень я крычу да Цябе, о Госпадзе, і рукі мае да Цябе выцягаю.
- Ці-ж зробіш Ты цуд над нябожчыкамі? Ці-ж ускрэснуць умёршыя ды хваліць Цябе будуць? (Зэля.)
- Ці ў магіле абвешчана будзе ласка Твая, а праўда Твая ў месцы тленьня?
- Ці ў цемры пазнаюць цуды Тваі, праўду Тваю ў зямлі забыцьця?
- Але я, Госпадзе, крычу да Цябе, і зраньня малітва мая сустракае Цябе.
- Дзеля чаго адпіхаеш, о Госпадзе, душу маю, хаваеш аблічча Тваё ад мяне?
- Змалку я нешчасьлівы ды змораны; пераносячы страхі Твае, я зьнямогся.
- Нада мной праляцела ярасьць Твая, страхі Твае зьніштажаюць мяне:
- акружаюць мяне, як вада, кожын дзень, абступаюць мяне грамадою.
- Ты аддаліў ад мяне прыяцеля і знаёмага: заступіла іх цемра.
Псальм 89.
- Навука Этама Эзрахіта.
- Ласкі Гасподнія буду навекі я славіць; з роду ды ў род буду праўду Тваю маімі вуснамі абвяшчаць.
- Бо сказаў Ты: навекі ласка заснована будзе, — і на нябёсах Ты праўду Тваю ўгрунтаваў:
- Я даў запавет Мой выбранцу Майму, пакляўся Давіду, рабу Майму:
- навек забясьпечу насеньне тваё, збудую пасад твой із роду ды ў род. (Зэля.)
- І нябёсы славяць цуды Твае, Госпадзе, і вернасьць Тваю ў зграмаджэньні сьвятых.
- Бо хто роўны Госпаду па-над аблокамі, хто спасярод сыноў Божых упадобіцца Госпаду,
- Богу, што гэткі страшнй ў зграмаджэньні сьвятых, страшны для ўсіх, што Яго акружаюць?
- Госпадзе, Божа сілаў нябесных! Хто гэткі магутны, як Ты, о Госпадзе? І праўда Твая навакол Цябе.
- Ты над ярасьцяй мора пануеш, і калі хвалі яго ўздымаюцца, Ты іх сьцішаеш.
- Ты растаптаў Эгіпт, быццам забітага; моцнай рукой Тваёй Ты ворагаў Тваіх расьцярушыў.
- Тваё ёсьць неба й Твая зямля; сусьвет і ўсё, што яго напаўняе, стварыў Ты.
- Поўнач і палудзень — Ты іх стварыў; Табор і Гэрмон радасна імя Тваё апяваюць.
- Плячо Тваё поўнае сілы; рука Твая крэпкая, высака ўзьнята правіца Твая.
- Справядлівасьць і правы суд — падваліны пасаду Твайго; ласкавасьць і праўда йдуць прад абліччам Тваім.
- Шчасьлівы народ, які ведае трубны Твой кліч, што ходзе ў сьвятле аблічча Твайго, Госпадзе!
- У іменьні Тваім весяляцца яны ўвесь дзень, і Тваёй справядлівасьцяй будуць узьнесены.
- Бо Ты — краса іхняе сілы, і ласкай Тваёй высака ўзьняты наш рог.
- Бо ад Госпада шчыт наш, і ад Сьвятога Ізраілявага цар наш.
- Калісь Ты ў зьяве казаў да сьвятога Твайго: Я ўзлажыў дыадэму на волата, узвысіў выбранца з народу.
- Адшукаў Я Давіда, раба Майго, сьвятым алеем Маім памазаў яго.
- Заўсёды з ім будзе рука мая, і плячо Маё дасьць яму сілу.
- Не пераможа вораг яго, і сын беззаконьня не асіліць яго.
- Прад абліччам ягоным скрышу Я тых, што яго прыгнятаюць, і паражу ненавідзячых яго.
- З ім будзе праўда й ласка Мая, і імем Маім высока ўзьнясецца рог яго.
- Зроблю, што рука яго ляжа на мора й правіца яго — на рэках.
- Будзе ён клікаць Мяне: Ты мой ацец, Ты мой Бог і скала збаўленьня майго!
- Гэтак зроблю яго першаком, над царамі зямлі найвышэйшым.
- Ласку Маю для яго навекі Я захаваю, і Мой запавет з ім астанецца верным.
- І зроблю, што насеньне яго трываць будзе вечна, і пасад ягоны — пакуль неба істнуе.
- Калі сыны яго кінуць закон Мой і ня будуць хадзіць водле запаведзяў Маіх,
- калі паганьбяць уставы Маі і загадаў Маіх захоўваць ня будуць,
- дык пакараю праступкі іх паліцай і ўдарамі іх беззаконьне,
- але ласкі Маёй назад не вазьму і вернасьць Маю захаваю.
- Не апаганю Я запавету Майго і не зьмяню таго, што выйшла із вуснаў Маіх.
- Раз Я пакляўся сьвятасьцяй Маёю, ніколі не зманю Давіду.
- Навекі будзе насеньне ягонае, і пасад ягоны, як сонца прада Мною.
- Як месяц, будзе стаяць ён навекі, а сьведка ў аблоках — верны. (Зэля.)
- І ўсё-ж Ты цяпер адапхнуў і адрокся, разгневаўся на памазанца Твайго!
- Ты пагардзіў запаветам з рабом Тваім, дыадэму яго паганьбіў і кінуў яё на зямлю.
- Ты збурыў усе сьцены яго, усе замкі ягоныя ў руіну абярнуў.
- Усе, што праходзілі міма, усе рабавалі яго; для суседзяў сваіх ён стаўся пасьмешышчам.
- Ты даў перамогу правіцы тых, што ўціскаюць яго, і ўсіх ворагаў яго Ты усьцешыў.
- Ты назад павярнуў джала мяча ягонага і не ўспамог яго ў барацьбе,
- узяў ад яго бліск ягоны і пасад яго паваліў на зямлю.
- Ты дні моладасьці скараціў яму, ганьбай ахутаў яго. (Зэля.)
- Дакуль, о Госпадзе, будзеш усьцяж Ты хавацца? як агонь, будзе гнеў Твой палаці?
- Прыпомні, які век мой кароткі, якой марнасьцяй стварыў Ты ўсіх сыноў чалавечых!
- Хто-ж із людзей мог-бы жыць ды ня ўгледзіў-бы сьмерці, хто-б вызваліў душу сваю ад бяздоньня сьмяротнага?
- Дзе-ж, о Госпадзе, даўнейшыя ласкі Твае? Ты-ж кляўся Давіду праўдай Тваёю!
- Прыпомні, о Госпадзе, ра-оў Тваіх ганьбу, што ў нутры я нашу ад усіх народаў магутных,
- якою ворагі Твае зьневажаюць, о Госпадзе, якой зьневажаюць сьляды стоп памазанца Твайго!
- Няхай будзе пахвалены Госпад навекі. Амін! Амін!
Псальм 90.
- Малітва Майсея, мужа Божага. Госпадзе, Ты нам прыпынак з роду ды ў род!
- Перш, чымся горы паўсталі, і Ты даў кшталт зямлі і сусьвету, ад веку й да веку ёсьць Ты, о Божа!
- Ты йзноў вяртаеш у пыл чалавека ды кажаш: вярнецеся, сыны чалавечыя!
- Бо тысяча лет прад вачыма Тваімі — як учорашні дзень, што мінуў, і варта начная.
- Ты іх зносіш разводзьдзем; яны — як сон зраньня, як трава, што гібее.
- Наранку красуе яна й зелянее, а ўвечары вяне ды сохне.
- Вось гэтак праз гнеў Твоій мы нікнем, ад ярасьці Тваёй мы ўстрывожаны.
- Ты праступкі нашы прад Табою паклаў, грахі нашы ўкрытыя прад сьветласьцяй аблічча Твайго.
- Бо ўсе дні нашы зьніклі ад гневу Твайго, гады нашы мінулі, быццам той уздох.
- Дзён веку нашага гадоў семдзесят, а як пры сіле — гадоў восемдзесят; а пара ў іх найлепшая — толькі праца ды марнасьць, бо плывуць яны шыбка, і мы адлятаем.
- Каму ведама сіла гневу Твайго ды ярасьць Твая, што да страху прад Табой адпаведная?
- Лічыць нашы дні — навучы Ты нас гэтага, каб прыдбаці нам мудрае сэрца.
- Абярніся, о Госпадзе! Дакуль Ты? Над рабамі Тваімі зьлітуйся!
- Зраньня нас ласкай Тваёй насычай, каб мы радаваліся й весяліліся ў-ва ўсе нашы дні.
- Пацеш Ты нас на гэтулькі дзён, колькі Ты гнуў нас, ды на столькі гадоў, колькі жылі ў нядолі.
- Хай над рабамі Тваімі зьявіцца дзела Тваё, і над сынамі іх — слава Твая.
- Няхай ласка Госпада, Бога нашага, будзе над намі і ўмацуе дзела рук нашых. Замацуй Ты дзела рук нашых!
Псальм 91.
- Шчасьлівы той, хто жыве пад заслонай Найвышэйшага ды пад ценем Усемагутнага.
- Кажу я да Госпада: Ты мой прыпынак і цьвярдыня мая, мой Бог, на якога спадзяюся.
- Бо-ж Ён ратуе цябе ад сеці лаўца, ад мору сьмяротнага.
- Пер’ем Сваім закрывае цябе, і пад крыльлем Ягоным схаваешся; праўда Яго — шчыт і заслона.
- Не палохайся страхаў начных, ні стралы, што ўдзень ляціць,
- ня бойся мору, што ў цемры крадзецца, заразы, што ў палудзень пустошыць.
- Хоцьбы тысячы побач з табой паляглі й мірыяды праваруч ад цябе, да цябе яна не падыйдзе.
- Толькі вачыма тваімі глядзець будзеш і ўбачыш з бязбожнымі расплату.
- За тое, што ты казаў: Госпад — надзея мая, — ды Найвышэйшага выбраў сабе за прыпынак,
- ня сустрэне няшчасьце цябе, і пошасьць не падыйдзе да палаткі тваёй.
- Бо Ён дасьць загад аб табе Сваім Ангелам, каб цябе сьцераглі на ўсіх сьцежках тваіх.
- На руках сваіх панясуць цябе, каб нага твая не спаткнулася аб камень.
- На львоў і гадаў ступаці будзеш, львянятаў і зьмеяў патопчаш.
- За тое, што Мяне ўзьлюбіў ён, спасу яго; узвышу яго, бо імя Маё ведае.
- Будзе клікаць Мяне, дык Я выслухаю яго; пры ім Я ў тузе, вызвалю яго ды услаўлю.
- Насычу яго доўгім векам і спасеньне Маё дам угледзіць.
Псальм 92.
- Псальм. Песьня на дзень суботні.
- Добра хваліці Госпада й славіць імя Тваё, Найвышэйшы!
- Абвяшчаць спазаранку ласку Тваю і праўду Тваю ўначы
- на дзесяціструннай і арфе, на струнах гусьляў іграючы.
- Бо Ты ўзьвесяліў мяне, Госпадзе, Тваімі дзеяньнямі, аб творах рук Тваіх радасна пяю.
- Як вялікі дзеяньні Тваі, о Госпадзе; назьдзіў глыбокія мысьлі Твае.
- Чалавек бязглузды ня зьведае гэтага, і сьляпак ня сьцяміць.
- Калі бязбожныя растуць, як трава, і злачынцы цьвітуць, — дык каб навек яны былі зьніштожаны!
- Ты-ж, Госпадзе, навекі ў вышыні нябёсаў!
- Бо-ж вось ворагі Тваі, Госпадзе, бо-ж вось ворагі Тваі гінуць, і расьцярушываюцца ўсе, што робяць беззаконнае.
- Але мой рог Ты ўзносіш, як-бы ў аднарожца, а я памазаны алеем сьвятым.
- І вока маё пацяшацца будзе над ворагамі маімі, і чуюць вушы мае аб злачынцах, што супраць мяне збунтаваліся.
- Пабожны быццам пальма разрастаецца, ён расьце, як той кедр на Лібане.
- Насаджаныя ў доме Гасподнім, яны расцьвітаюць на панадворках Бога нашага.
- Яны плод свой даюць і ў старасьці, яны сакавіты і сьвежыя,
- каб абвяшчаць, што Госпад справядлівы, цьвярдыня мая, і няма ў Ім няпраўды.
Псальм 93.
- Госпад царуе, у веліч прыбраўся Ён. Апрануўся Госпад і падперазаўся сілай, і сусьвет умацаваў Ён, што не захістаецца.
- Умацованы пасад Твой ад спрадвечных часоў; і Ты ад вякоў!
- Падыймаюць рэкі, Госпадзе, падыймаюць рэкі свой голас, узьнімаюць рэкі хвалі свае.
- Але Госпад у высі нябеснай дужэйшы за шум вод вялікіх, магутнейшы за хвалі марскія.
- Аб’явы Твае вельмі пэўныя; сьвятасьць – аздоба Дому Твайго навекі, о Госпадзе!
Псальм 94.
- Божа помсты, Госпадзе, Божа помсты, зьявіся!
- Узьніміся, Судзьдзя зямлі, адплаці гордым за тое, што зрабілі яны!
- Дакуль-жа, Госпадзе, дакуль-жа весяліціся будуць бязбожнікі?
- Словы дзёрзкія гавораць яны, пышаюцца ўсе, што беззаконнае робяць.
- Прыгнятаюць яны народ Твой, о Госпадзе, Тваю спадчыну яны ўціскаюць.
- Удавіц і захаджалых душаць яны, і сіротак яны забіваюць,
- і кажуць: Ня ўгледзіць гэтага Госпад, і ня зьведае Бог Якубавы!
- Апамятайцеся, людзі бязглуздыя! І калі, сьляпакі, набярэцёся розуму?
- Ці-ж Той, што вуха стварыў, не пачуе? Ці, хто кшталт воку надаў, не пабачыць?
- Ці-ж Той, што навучае народы, ня будзе вінаваціць, — Ён, што чалавеку веду дае?
- Госпад ведае думкі чалавечыя, што яны – подмух марны.
- Шчасьлівы чалавек, якога Ты, Госпадзе, навучаеш і вучыш законаў Тваіх,
- каб даць яму супакой у дні ліхія, пакуль выкапан будзе дол для бязбожніка.
- Бо Госпад народу Свайго не адапхне, і не пакіне Ён Сваёй спадчыны.
- Бо зьвернецца суд к справядлівасьці, і пойдуць за ім усе шчырыя сэрцам.
- Хто за мяне супраць злачынцаў паўстане? Хто заступіцца супраць тых, што беззаконнае робяць?
- Каб ня Госпад мне быў успамогай, дык хіба ўжо душа мая супачывала-б у маўчаньні.
- Калі я думаў: Хістаецца нага мая! — дык ласка Твая, Госпадзе, падтрымала мяне.
- Калі шмат дум цяжкіх было ў сэрцы маім, пацяшэньні Твае напаўнялі душу мне раскошай.
- Ці-ж можа лучыцца з Табою пагібелі судзішча, што супраць права й закону гвалт чыніць?
- Грамадай яны выступаюць супраць душы справядлівага і бязьвінную кроў засуджаюць.
- Але Госпад стаўся цьвярдыняй маёй, Бог мой — скала мая, што дае мне прытулішча.
- І зьвярнуў Ён на іх беззаконьне іхняе і ў злосьці іхняй іх зьніштажае; зьніштажае іх Госпад, Бог наш.
Псальм 95.
- Хадзеце, сьпяваць будзем Госпаду, выслаўляці скалу збаўленьня нашага!
- Станьма прад абліччам Яго ды з падзякай, псальмы сьпявайма Яму!
- Бо Госпад ёсьць Бог вялікі і Цар вялікі над усімі багамі.
- У руцэ ў Яго глыбіні зямныя, і Ягоны-ж вярхі найвышэйшыя гор.
- Ягонае мора, бо Ён стварыў яго, і сухаземле рукі Яго кшталтавалі.
- Хадзеце, суклонімся і ўпадзем, укленчым прад Госпадам, Тварцом нашым!
- Бо Ен ёсьць Бог наш, а мы — народ, што Ён пасьвіць, авечкі Ягонай рукі. О, каб вы паслухалі сяньня Ягонага голасу:
- Ня робце жорсткімі сэрцы вашыя, як у Мэрыбе, як у дзень спакушэньня ў пустыні,
- дзе вашы айцы спакушалі Мяне, прабавалі Мяне, хоць і бачылі рук Маіх дзела!
- Сорак гадоў гэты род абураў Мяне; дык Я сказаў: яны — народ, што блукаецца сэрцам і не пазналі шляхоў Маіх.
- Дык Я пакляўся ў гневе Маім, што ня ўвойдуць яны ў мой супакой.
Псальм 96.
- Сьпявайце Гоепаду новую песьню, сьпявайце Госпаду, усенька зямля!
- Сьпявайце Госпаду, багаслаўце імя Яго! З дня на дзень абвяшчайце спасеньне Ягонае!
- Апавядайце між паганамі славу Яго, між усімі народамі цуды Ягоныя.
- Бо вялікі ёсьць Госпад і годны хвалы, страшней за ўсіх чыста багоў!
- Бо ўсе богі народаў — нішто, а Госпад нябёсы стварыў.
- Веліч і краса прад абліччам Яго, сіла й вялікасьць у сьвятыні Ягонай.
- Аддайце Госпаду, плямёны народаў, аддайце Госпаду хвалу і чэсьць!
- Аддайце Госпаду славу, што іменьню Яго прыналежыць, нясеце дары ды йдзеце ў падворкі Ягоныя.
- Кіньцеся ніцма прад Госпадам у велічы сьвятыні; дрыжыце прад абліччам Яго, усе землі!
- Кажэце паганам: царуе Госпад! Ён сусьвет умацаваў, каб не пахіснуўся. І будзе судзіць Ён народы па праўдзе.
- Хай узьвесяляцца нябёсы і ўзрадуецца зямля; хай мора ўзварухнецца і ўсё, што ў ім.
- Хай усьцешыцца ральля і ўсё, што на ёй; і ўзьвесяляцца тады ўсе дрэвы лясныя,
- перад Богам, Які йдзе, Які йдзе судзіці зямлю. Судзіць Ён будзе сусьвет па справядлівасьці і народы паводле праўды Сваёй.
Псальм 97.
- Царуець Госпад; няхай радуецца зямля, няхай весяліцца безьліч астравоў!
- Хмары й цемра навакол Яго; справядлівасьць і права — падставы пасаду Ягонага.
- Агонь ідзе наперадзе Яго і паліць наўкола ворагаў Ягоных.
- Маланкі Ягоныя сусьвет асьвятляюць; бачыць гэта зямля і дрыжыць.
- Горы, быццам воск, таюць ад аблічча Госпадава, ад аблічча Госпада ўсенькае зямлі.
- Абвяшчаюць нябёсы справядлівасьць Яго, і ўсе народы бачаць славу Ягоную.
- Асаромяцца ўсе, што ідалам служаць, што ідаламі сваімі пахваляюцца: пакланецеся Яму, усе богі, да зямлі!
- Чуе гэта Сыон і цешыцца, і весяляцца дачкі Юдзіны дзеля судоў Тваіх, Госпадзе!
- Бо Ты, о Госпадзе, над усенькай зямлёй Найвышэйшы, Ты ўзьнёсся пад усімі багамі.
- Вы, што любіце Госпада, зьненавідзьце вы зло! Ён хавае душы сьвятых Сваіх, із рукі бязбожных вырывае іх.
- Сьветласьць на пабожных зыходзе, і радасьць на шчырых сэрцам.
- Радуйцеся ў Госпадзе, справядлівыя, і выслаўляйце імя Ясо сьвятое!
Псальм 98.
- Псальм. Сьпявайце Госпаду песьню новую, бо Ён цуды ўчыніў! Правіца Яго і сьвятое плячо Яго здабылі Яму перамогу.
- Госпад спасеньне Сваё аб’явіў, прад вачыма народаў адкрыў праўду Сваю.
- Прыпомніў Ён ласку Сваю і вернасьць для дому Ізраіля; усе ўзьмежкі зямлі збаўленьне Бога нашага ўгледзілі.
- Сьпявайце Госпаду, усенька зямля! радуйцеся і ў песьні хвалеце!
- Выслаўляйце Госпада на гусьлях, на гусьлях і галосным пяяньнем!
- На трубах і гукам рагоў спраўляйце ўрачыстасьць прад Царом Госпадам!
- Няхай мора гудзе і ўсё, што яго напаўняе, сусьвет і што ў ім жыве!
- Няхай ляскаюць далонямі рэкі, і горы ўсе радуюцца
- перад абліччам Госпада, бо йдзе Ён судзіці зямлю. Сусьвет Ён будзе судзіць справядліва і народы па праўдзе.
Псальм 99.
- Госпад царуець — дры-жыце народы! Ён сядае на Хэрубінах — дрыжы, зямля!
- Вялікі Госпад на Сыоне, узвышаны над усімі народамі.
- Няхай выхваляюць імя Тваё — вялікае і страшное: сьвятое яно!
- І сілу цара, што любіць справядлівасьць. Ты права ўстанавіў, Ты суд і справядлівасьць здьзейсьніў у Якубе.
- Вывышшайце Госпада, Бога нашага, сукланецеся ніцма прад стоп Яго падножжам: сьвятое яно!
- Майсей і Аарон між сьвяшчэньнікаў Ягоных, і Самуіл міжы тых, што імя Яго прызывалі; яны клікалі Госпада, і Ён выслухаў іх.
- У слупе воблачным прамаўляў Ён да іх; яны хавалі аб’явы Яго і устаў, што Ён даў ім.
- Ты, Госпадзе, Божа наш, слухаў іх. Ты быў для іх Богам прабачаючым і мсьціцелем за благія ўчынкі.
- Вывышшайце Госпада; Бога нашага, і скланецеся ніцма прад гарой Яго сьвятою, бо сьвят Госпад, Бог наш!
Псальм 100.
- Псальм хвалебны. Клічце Госпаду, ўсенька зямля!
- Служыце Госпаду з радасьцяй, з песьнямі прыходзьце прад аблічча Яго!
- Ведайце, што Госпад ёсьць Бог! Ён нас зрабіў, і мы — Ягоныя: народ Ягоны, стада пасты Яго.
- Уваходзьце ў брамы Яго з хваленьнем, у падворкі Яго — з пяяньнем хвалебным! Дзякуйце Яму, слаўце імя Ягонае!
- Бо добры ёсьць Госпад: вечная ласка Яго і вернасьць Яго з роду ў род!
Псальм 101.
- Псальм Давідавы. Аб ласцы й справядлівасьці буду я пяяць, — хвалу Табе, Госпадзе, пяяць буду.
- Дзяржацца буду шляху беззаганнага, — калі да мяне завітаеш? — у чыстасьці сэрца хадзіць буду пасярод дому майго.
- Не пастаўлю сабе прад вачыма непатрэбныя рэчы; праступства мне ненавісна, ня прыліпне яно да мяне.
- Здалёк ад мяне будзе фальшывае сэрца, зла не хачу я й ведаць.
- Я выжану таго, хто ўкрадня чэрніць свайго бліжняга; пышнага й гордага сэрцам не пацярплю.
- Вочы мае на верных зямлі, каб жылі пры мне; хто шляхам беззаганнасьці ходзе, будзе мне служыці.
- Ня будзе ў доме маім жыць ніхто, хто здраду снуець; хто ілжу гаворыць, ня ўстоіць прад вачыма маімі.
- Што-ранак нішчыць я буду ўсіх бязбожных зямлі, каб з места Гасподняга выкараніць усіх, што робяць ліхое.
Псальм 102.
- Малітва нешчасьлівага, калі ён ные й прад Богам свой сум вылівае.
- Госпадзе, пачуй малітву маю, і плач мой дойдзе да Цябе!
- Не хавай аблічча Твайго ад мяне ў дзень тугі маёй; прыхіліТваё вуха ка мне, калі клічу; борзда мяне Ты выслухай.
- Бо зьніклі, як дым, мае дні, і косьці мае як на горне апалены.
- Абгарэла ды высахла сэрца маё, як трава, ажно хлеб свой я есьці забываюся.
- Ад галоснага стагнаньня майго косткі мае да цела ліпнуць.
- Я падобны да пэлікана ў пустыні, да савы, што сярод руіны.
- Сну мне няма, і наракаю, як птушка на страсе адзінокая.
- Усьцяж зьняважаюць мяне маі ворагі; і тыя, што супраць мяне паўстаюць, праклінаюць мяне.
- Ем я попел за хлеб і напой мой з сьлязамі мяшаю
- праз гнеў Твой і абурэньне; бо падняў Ты мяне ды вон кінуў.
- Маі дні, быццам цені, зьнікаюць, і сохну я, быццам трава.
- А Ты, Госпадзе, будзеш навекі, і памяць Твая з роду ў род.
- Ты паўстанеш, над Сыонам зьлітуешся, бо пара дараваці яму, бо настаў назначаны час.
- Бо рабы Тваі палюбілі й камні ягоныя ды плачуць над руінамі яго.
- І ўбаяцца пагане іменьня Гасподняга, і цары ўсе зямныя — славы Тваёй,
- бо адбудаваў Госпад Сыон і зьявіў Сябе ў славе Сваёй.
- Да малітвы нагога прыхіліўся Ты і маленьнем іх не пагрэбаваў.
- Хай запісана гэтае будзе пакаленьнем патомным, і народ, што народзіцца, няхай Госпада хваліць,
- бо Ён глянуў з сьвятое Сваёй вышыні, глянуў Госпад з нябёсаў на землю,
- каб пачуць стагнаньне вязьня, каб на сьмерць празначаных вызваліць,
- каб імя Госпада на Сыоне абвяшчалі, а славу Яго — ў Ерузаліме,
- калі разам зьбяруцца народы і царствы, каб Госпаду паслужыці.
- Змардаваў у дарозе Ён сілу маю, скараціў дні жыцьця майго.
- Кажу я: Мой Божа, не вазьмі Ты мяне ў палове дзён маіх! Ты, што леты Твае з роду ў род!
- Прад вякамі зямлю заснаваў Ты, і неба ёсьць твор Тваіх рук.
- Яны згінуць, Ты-ж астанешся; як шаты, струхлеюць яны, як вопратку іх пераменіш, і яны пазьмяняюцца;
- але Ты — ўсё Той самы, летам Тваім нет канца!
- Сыны рабоў Тваіх будуць жыці, і насеньне іх будзе ўсьцяж прад Табою.
Псальм 103.
- Псальм Давідавы. Багаслаў, душа мая, Госпада, і ўсё нутро маё — імя Яго сьвятое!
- Багаслаў, душа мая, Госпада і не забывайся аб тым, што Ён табе зрабіў!
- Ён, Каторы дароўвуе табе ўсе грахі тваі, вылечвае ўсякую немач тваю,
- Каторы жыцьцё тваё ад магілы спасае, ласкай і міласэрдзем вянчае цябе,
- Каторы тваю старасьць дабром насычае, тваю моладасьць, як у арла, аднаўляе.
- Справядлівасьць робіць Госпад і суд для ўсіх прыгнечаных.
- Ён паказаў шляхі Свае Майсею, сыном Ізраілявым учынкі Сваі.
- Міласэрны Госпад і добры, да гневу няскоры й шчодры на ласку.
- Не назаўсёды Ён гневам палае і не навекі помніць ліхое.
- Ня водле грахоў нашых нам Ён дае і не адплачвае па правіннасьцям нашым,
- але, як высака неба над зямлёю, так вяліка ласка Яго дзеля тых, што баяцца Яго.
- Як далёкі ад захаду ўсход, так далёка Ён нашы праступкі ад нас аддаліў.
- Як літуецца бацька над дзяцьмі, гэтак Госпад літуецца над тымі, што баяцца Яго.
- Бо ведае Ён, з чаго зьлеплены мы, памятае, што мы — толькі пыл.
- Чалавек — як трава, яго дні; як краска ў полі, так ён цьвіце.
- Праляціць подмух ветру, і няма ўжо яго, і ўжо месца ягонае не пазнае яго.
- Але ласка Гасподня ад веку й да веку над тымі, што баяцца Яго, і справядлівасьць Ягоная над сынамі сыноў
- тых, што хаваюць запавет Яго ды закон Яго памятаюць, каб спаўняці яго.
- Госпад паставіў пасад Свой на нябёсах, і царства Ягонае над усім пануе.
- Багаслаўце Госпада вы, Ангелы Яго, вы, волаты сільныя, што загады Яго выпаўняеце, пакорныя голасу слова Ягонага!
- Багаслаўце Госпада ўсе войскі Ягоныя, слугі Яго, што волю Яго выпаўняеце!
- Багаслаўце Госпада ўсе творы Ягоныя па ўсіх месцах валадарства Яго! Багаслаў Госпада ты, мая душа!
Псальм 104.
- Багаслаў, душа мая, Госпада! Госпадзе, Божа мой, Ты вялікі назьдзіў! У веліч і красу апрануўся Ты!
- Сьвятлом, быццам шатай, ахўтаўся Ты, нябёсы раскінуў, як палотны шатра.
- Харомы Тваі Ты паставіў над водамі, хмары ў воз для Сябе абяртаеш, на ветравых крыльлях Ты ходзіш.
- Ты робіш вятры пасланцамі Тваімі, служкамі Тваімі — агонь, што палае.
- Ты паставіў зямлю на слупох яе, і ня можа яна пахіснуцца навекі.
- Бяздоньнямі, як шатай, пакрыў Ты яе; панад горамі воды стаялі.
- Прад пагрозай Тваёй уцякалі яны, перад гукам грымотаў Тваіх адступаліся.
- Паўзьнімаліся горы, западалі даліны — на месцы, што Ты ім назначыў.
- Ты паклаў ім мяжу, праз якую ня могуць ступіць; ім нельга ізноў пакрыці зямлю.
- Із крыніц пасылаеш патокі ў даліны: цякуць яны паміж гораў;
- пояць яны ўсіх зьвяроў палявых, праганяюць дзікія аслы сваю смагу.
- Над імі жывуць нябесныя птахі, праз вецьце голас свой падаюць.
- З вышыні Тваяе Ты поіш горы; пладамі тварэньня Твайго зямля насычаецца.
- Ты ўзрашчаеш травы для скаціны й расьліны людзям на карысьць, каб збожжа з зямлі вырастала
- і віно, што сэрца людзям весяліць, і алей, ад якога твар іх блішчыць, і хлеб, што чалавёку сэрца пасілкуе.
- Насычаюцца дрэвы Гасподнія, кедры Лібанскія, якія Ён насадзіў;
- на іх птушкі гнязьдзяцца, і бусел дамок свой на кіпарысе знайшоў.
- Высокія горы — для сарнаў прытулішча, абрывы скалаў—для трусікаў.
- Ён месяц стварыў вызначаць часы пэўныя; сонца захад свой ведае.
- Як Ты цемру раскінеш, і ноч наступае, дык у ёй варушацца ўсё зьверы лясныя.
- Рыкаюць львяняты аб дабычу сваю, просячы ў Бога пажывы сабе.
- А сонца ўзыйдзе, дык хаваюцца яны і ў логвах сваіх залягаюць.
- Чалавек-жа выходзе на дзела сваё й на работу сваю аж да вечара.
- Як-жа многа, о Госпадзе, твораў Тваіх! Усё Ты прамудра стварыў, зямля поўна тварэньняў Тваіх.
- Вось мора: вяліка яно ды шырока на абодва бакі; у ім варушйцца безьліч жывёлін малых і вялікіх;
- караблі па ім ходзяць, Левьятан, якога стварыў Ты гуляць у ім.
- Усе яны ждуць на Цябе, каб даў Ты ім есьці ў свой час.
- Ты даеш ім, яны падбіраюць; Ты разгартаеш руку Тваю, і яны дабром насычаюцца.
- Ты хаваеш аблічча Тваё, і жах іх зьнімае; дух адымаеш у іх, і здыхаюць яны ды ў пыл назад абяртаюцца.
- Пашлеш Твайго духа, і творацца ячы, і аблічча зямлі Ты абнаўляеш.
- Слава Госпада навекі трывае, Госпад рады з твораў Сваіх.
- На зямлю Ён зірне, і яна дрыжыць; да гор дакранецца, і яны дымяцца.
- Буду пяяць я Госпаду ўсё жыцьцё маё; выслаўляць буду Бога майго, пакуль жыці буду.
- Няхай будзе прыемна Яму мая песьня! І ўзьвесялюся я ў Госпадзе.
- Няхай грэшнікі счэзнуць з зямлі, няхай больш ня будзе бязбожнікаў! Багаслаў, душа мая, Госпада! Альлілуя!
Псальм 105.
- Слаўце Госпада, прызывайце імя Яго! Абвяшчайце між народамі дзеяньні Яго!
- Сьпявайце Богу, выслаўляйце Яго! Апавядайце аб усіх цудах Ягоных!
- Хвалецеся імем Яго сьвятым; няхай весяліцца сэрца тых, што шукаюць Госпада.
- Шукайце Госпада й сілу Яго, шукайце ўсьцяж аблічча Ягонае!
- Прыпамінайце цуды Яго, якія зрабіў, знакі Яго і прысуды вуснаў Ягоных.
- Вы, Аўраамава семя, рабы Яго, сыны Якубавы, выбранцы Яго!
- Ён, Госпад, — Бог наш; суды Яго над усенькай зямлёй.
- Навекі памятае Ён запавет Свой: слова, што на тысячу пакаленьняў запаведаў,
- умову Сваю з Аўраамам ды прысягу Сваю Ізааку.
- І паставіў Якубу яе, як закон, і Ізраілю, як вечны запавет,
- кажучы: Табе Я дам зямлю Канаанскую, як долю ў спадчыне вашай,
- калі іх было йшчэ мала на лік, вельмі мала, і яны там былі прыхаджалымі,
- і пераходзілі ад народу к народу, ад аднаго царства да другога народу.
- Нікому ў крыўду Ён іх не даваў, дзеля іх цароў Ён караў,
- кажучы: Не чапайце памазанцаў Маіх і прарокам Маім крыўды ня робце!
- I, як Ён голад наслаў на зямлю ды кожну сьцяблінку збожжа зьніштожыў,
- дык наперад ужо паслаў чалавека: Язэп быў прададзены ў рабства.
- Ногі яго зашчамілі ў калоду, у зялеза скавалі яго
- аж да часу, калі зьдзейсьнілась слова ягонае, слова Госпада зьявіла чыстасьць яго.
- Тады цар паслаў, каб звольніць яго, валадар народаў вызваліў яго
- і паставіў гаспадарам над домам сваім і загадчыкам над усенькім дабром сваім,
- каб магнатаў вучыў, як душы зажадалася, ды старшыняў мудрасьці сваёй навучаў.
- І прыйшоў Ізраіль уЭгіпт, і асеў Якуб у зямлі Хамавай.
- І Бог Свой народ учыніў вельмі плодным і зрабіў яго дужэйшым за ўціскаўшых яго.
- У сэрцы-ж гэных ненавісьць збудзіў да народу Свайго, на рабоў Сваіх напастлівасьць.
- Ён паслаў Майсея, раба Свайго, Аарона, што выбраў Сабе.
- Ён зрабіў праз іх Свае цуды й знаменьні Свае ў зямлі Хамавай.
- Ён цемру паслаў, і цёмна зрабілася, а яны ўсё працівілісь слову Ягонаму.
- Дык воды іхнія ў кроў абярнуў і рыбы ў іх вымарыў.
- Зямля іх ад жаб зараілася навет у хорамах царскіх.
- Загадаў, і кузурак розных наляцела, аваднёў ды камароў — у-ва ўсіх іхніх межах.
- Заместа дажджу даў ім град, на зямлю іх агонь палючы паслаў.
- Пабіў вінаград іх і смакоўніцы іхнія і дрэвы ў межах іх паламаў.
- Загадаў, і прыйшла саранча ды гусеніц безьліч.
- Яны ўсе расьліны пажэрлі ў зямлі іх, паелі плады з іх палёў.
- І ўсіх першакоў у зямлі іх пабіў, зачаткі ўсенькае сілы іх.
- А іх вывеў з срэбрам ды золатам, і ня было ў іх родах нядужага.
- Эгіпт цешыўся з выхаду іхняга, бо зьняў іх страх перад імі.
- Ён хмару ім разгарнуў на заслону ды агонь, каб ноч асьвятляць.
- Зажадалі, і ім перапёлак прывёў і хлебам карміў іх нябесным.
- Ён скалу расшчапіў, і люнулі воды, і ракой пацяклі па ссохлай зямлі.
- Бо прыпомніў Ён слова сьвятое Сваё да Аўраама, раба Свайго,
- вывеў народ Свой у радасьці, выбранцаў Сваіх у вясёласьці.
- І даў ім зямлю народаў, і тым, што народы трудом прыдбалі, заўладалі яны,
- каб спаўнялі загады Ягоныя і закон Яго каб хавалі. Альлілуя!
Псальм 106.
- Альлілуя! Хвалеце Госпада, бо добры Ён, бо ласка Яго навекі.
- Хто выскажа магутнасьць Госпада, абвесьціць усю славу Ягоную?
- Шчасьлівыя тыя, што праўду захоўваюць і ў кожну часіну справядлівасьць чыняць.
- Успамяні аба мне, о Госпадзе, праз ласкавасьць да народу Твайго! Адведай мяне з успамогай Сваёй,
- каб мне ўсьцешыцца дабрабытам выбранцаў Тваіх, каб мне радавацца радасьцяй народу Твайго, з Тваёй спадчынай разам хваліціся!
- Саграшылі мы ды з бацькамі нашымі, правініліся й беззаконьне чынілі.
- Бацькі нашы ў Эгіпце ў цям не ўзялі цудаў Тваіх, ня помнілі ласк Тваіх множства ды проці Ўсявышняга паўставалі ля мора Чырвонага.
- Але Ён дапамог ім дзеля іменьня Свайго, каб зьявіці магутнасьць Сваю.
- Крыкнуў Ён мору Чырвонаму, і яно высахла; і правёў іх праз бяздоньне, як праз стэп.
- I вырваў іх із рук ненавісьніка іхняга, і вйзваліў із рук ворага.
- Воды пакрылі перасьледавацеляў іхніх, і ніводзін із іх не астаўся.
- Ды хоць і паверылі словам Ягоным і пяялі хвалу Яму,
- але хутка аб дзеяньнях Яго забыліся, не даждаліся прысуду Яго.
- Захапіла іх жадоба ў стэпох, пачалі Бога яны спакушаць у пустыні.
- І даў Ён ім, чаго зажадалі, але паслаў зьнемажэньне на іх.
- I пазайздросьцілі Майсею ў таборы, Аарону, сьвятому Гасподняму.
- Тады расступілася зямля й праглынула Датана ды пакрыла банду Авірамаву,
- і бухнуў агонь пад бандаю, і спаліла полымя бязбожнікаў.
- Яны зрабілі цяля пад Харыбам і ніцма сукланіліся перад ідалам;
- і замянілі Славу сваю на абраз быка, што траву жарэ.
- Яны Бога забылі, Збавіцеля свайго, Які вялікае ўчыніў у Эгіпце,
- цуды ў зямлі Хамавай, страшное ля мора Чырвонага.
- Дык хацёў Ён вынішчыць іх, калі-б не Майсей, выбранец Ягоны, што стануў у прорве прад Ім, каб ярасьць Яго ад зьнішчэньня іх адхіліць.
- Пасьля адракліся ад зямлі пажаданае, не паверылі слову Ягонаму.
- Наракалі ў палатках сваіх, ня слухаліся голасу Госпада.
- Дык падняў Ён руку Сваю, каб іх трупам пакласьці ў пустыні
- і насеньне іх між паганаў расьцярушыць і рассыпаць іх па зямлі.
- Яны прыляпіліся да Баал-Пэгора і елі ахвяры мёртвых
- ды абуралі Яго паступкамі сваімі, і тады на іх напаў мор.
- Дык паўстаў на суд Пінэас, і тады мор прыпыніўся.
- І залічана яму гэта за праведнасьць з роду ды ў род навекі.
- Пасьля яны Бога ўгнявілі ля водаў Мэрыбскіх, і за іх пацярпеў Майсей.
- Бо гэтак дадзелі духу ягонаму, што неразважна гаварыў вуснамі сваімі.
- Яны ня зьнішчылі народаў, як ім Госпад казаў,
- а з паганамі зьмяшаліся ды спраў іхніх навучыліся
- і ідалам іхнім служылі, што сеткай сталіся для іх,
- бо чартом у ахвяру сыноў і дачок сваіх прынасілі
- і пралівалі бязьвінную кроў, кроў сыноў і дачок сваіх, што ў ахвяру ідалам Канаанскім яны прынасілі, і зямля ад крыві апаганілася.
- І апаганілі сябе ўчынкамі сваімі, блуд рабілі паступкамі сваімі.
- І ўзгарэўся гнеў Госпада на народ Ягоны, абрыдла Яму спадчына Яго.
- І аддаў іх у рукі паганаў, і запанавалі над імі тыя, што іх ненавідзелі.
- І ўціскалі іх ворагі іх, і іх моцы яны пакарыліся.
- Шмат разоў Ён іх выбаўляў, ды яны гнявілі Яго справамі сваімі й паніжаны бывалі за беззаконьне сваё.
- І ўсё-ж зважаў на іх гора, пачуўшы маленьне іх,
- і ўспамінаў запавет Свой з імі, шкадаваў праз ласкавасьць Сваю вялікую.
- І будзіў Ён спогад да іх у ўсіх, што іх паняволілі.
- Успамажы нас, Госпадзе, Божа наш, і зьбяры Ты нас разам ад гэтых паганаў, каб нам славіць сьвятое імя Тваё і славай Тваёю хваліцца!
- Багаслаўлены Госпад, Бог Ізраілявы, ад веку й да векуі І няхай скажа ўсенькі народ: Амін! Альлілуя!
Псальм 107.
- Хвалеце Госпада, бо Ён добры, і ласка Яго навекі!
- Няхай гэтак скажуць спасёныя Госпадам, якіх Ён вызваліў із рукі ворага
- ды сабраў із земляў ад усходу й ад захаду, ад паўночы й ад мора.
- Па стэпох блукаліся яны, па бездарожжы пустыні, ды не знайшлі сабе месца, каб асесьці.
- Голад і смагу цярпелі яны, і душа ў іх зьнемаглася.
- Дык крычэлі да Госпада ў тузе сваёй, і Ён вызваляў іх із бед іхніх.
- І павёў Ён іх простым шляхам, каб прыйшлі да месца, дзе-б асесьці ім.
- Дык хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цуды Яго для сыноў чалавечых,
- бо Ён насыціў душу спрагнёную і душу галодную напоўніў дабром.
- Сядзелі яны ў цемры і ў цяню сьмерці, скаваныя мукамі й путамі
- за тое, што непакорныя былі Божаму слову і волю Найвышэйшага зьневажалі;
- і Ён спакорыў іх сэрца бядою; спаткнуліся, і помачы ім ня было.
- Тады крычэлі да Госпада ў тузе сваёй, і Ён вырваў іх з іхніх бедаў,
- вывеў іх з цемры й ценю сьмяротнага і путы ім раскаваў.
- Няхай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цуды Яго для сыноў чалавечых,
- бо брамы із медзі зламаў і скрышыў зялезныя засаўкі,
- Шалёныя — яны за жыцьцё сваё грэшнае і за віны свае пакуту цярпелі,
- ажно ад ежы ўсялякае душу ў іх вярнула, і блізка былі ўжо яны ад варотаў сьмяротных,
- дык тады да Госпада крычэлі яны ў тузе сваёй, і Ён вызваліў іх із бяды іх:
- Ён паслаў Сваё слова і вылячыў іх ды спас ад магілы.
- Няхай дзякуюць Госпаду за ласку Яго ды за цуды Яго для сыноў чалавечых!
- Хай ахвяры хвалы прынясуць, хай учынкі Яго песьняй славяць!
- Тыя, што па моры на караблёх вандравалі й вялі торг на водах вялікіх,
- тыя бачылі творы Госпада й цуды Яго ў глыбінях.
- Ён скажа, і ўзьнімецца бура гвалтоўная, што высака хвалі на моры ўздымае,
- пад неба кідае, ў бяздоньне іх валіць; душа іх у горы аж млее,
- бадзяюцца й хістаюцца, як п’яныя, і ўсенька іх мудрасьць на нівошта зыходэе.
- Але да Госпада яны закрычэлі, і вырваў Ён іх з бяды.
- Абярнуў Ён буру ў цішу, I хвалі ўціхамірыліся.
- І зрадзелі яны, што сьціхлі воды, і Ён іх правёў да жаданае прыстані.
- Няхай дзякуюць Госпаду за ласку Яго ды за цуды Яго для сыноў чалавечых!
- Няхай вывышшаюць Яго ў зграмаджэньні і на радзе старэйшых хай славяць Яго!
- Рэкі ў пустыню Ён абяртаў і крыніцы ў сухую зямлю,
- і ўрадлівыя землі ў стэп салоны — за бязбожнасьць тых, што тамака жылі,
- Ён абяртаў пустыню ў возера водаў і сухую зямлю ў крыніцы водныя,
- і там Ён сяліў галодных, і строілі месца сабе на жыльлё,
- і зямлю засявалі, і вінаграднікі засаджалі, што плод багаты давалі.
- І Ён багаслаўляў іх, і множыліся вельмі; і даў ім скаціны ці мала.
- Але пасьля іх паменшала, і пад цяжарам гора ды суму яны ўпадалі.
- Ён вылівае сорам на князёў і ў пустыні непраходнай іх кідае блукацца.
- Ён з нядолі падняў убогага і пакаленьні яго зрабіў, як-бы стады.
- Пабожныя бачаць гэта ды цешацца; і ўсякая несправядлівасьць вусны свае затыкае.
- Хто мудры, той гэта сьцям, і няхай пазнаюць ласкі Гасподнія!
Псальм 108.
- Песьня, псальм Давідавы.
- Сэрца маё ўмацавалася, Божа! Буду пяяць і іграць я. Паўстань, май чэсьць!
- Збудзіся, псалтыр і гусьлі! Я сьвітаньне збуджу!
- Буду славіць Цябе між народамі, Госпадзе, і пяяці Табе між паганамі!
- Бо вышэй за нябёсы ласка Твая і праўда Твая да аблокаў.
- Панад неба ўзьніміся, о Божа, і хай слава Твая над усенькай лунае зямлёй!
- Каб тыя, каго Ты ўлюбіў, былі збаўлены, успамажы правіцай Тваёй і паслухай мяне!
- Бог казаў у Сьвятыні Сваёй: Перамагу і Сіхем падзялю Я і даліну Сукот разьмераю.
- Мой Галаад, мой Манасса, і Яхрэм — цьвярдыня Маёй галавы, Юда — бэрла Маё!
- Моаб — чара Мая ўмывальная; на Эдом Я вобуй скіну; над зямлёй Хвілістынаў буду радасна клікаць!
- Хто ўвядзе мяне ў места ўмацаванае? Хто давядзе мяне да Эдому?
- Ці ня Ты, о Божа, Які нас адкінуў, ці ня выйдзеш, о Божа, разам з войскамі нашымі?
- Дай успамогу нам проці ворага, бо марная помач людзей.
- З Богам мы сілу пакажам, і Ён ворагаў нашых растопча.
Псальм 109.
- Кіраўніку хору: псальм Давідавы. Божа, хвала мая! Не маўчы Ты!
- Бо расчыніліся супраць мяне вусны бязбожныя й вусны здрадлівыя, языком ілжывым са мною гавораць.
- І словамі ненавісьці акружылі мяне, і без дай прычыны зброяцца супраць мяне.
- За любоў маю яны ворагі мне; а я ўсё малюся.
- Яны злом за дабро мне плацілі, а ненавісьцяй — за любоў маю.
- Пастаў над ім бязбожніка, і абвінавальнік хай стане праваруч яго;
- калі будзе судзіцца, няхай выйдзе вінаватым, а малітва ягоная хай абернецца ў грэх.
- Хай дзён веку яго няшмат будзе, а ягоны ўрад няхай возьме іншы.
- Няхай дзеці яго сіротамі зробяцца, і жонка яго — удавою.
- Хай усюды блукаюцца дзеці яго ды жабруюць, выгнаныя з родных руінаў!
- Хай захопіць ліхвяр усю маетнасьць ягоную, хай чужыя рабуюць, што прыдбаў ён з трудом.
- Хай ня будзе нікога, хто-б яму аказаў міласэрдзе; хай ня будзе нікога, хто-б меў літасьць над сіротамі яго.
- Семя ягонае няхай будзе зьніштожана; у пакаленьні, якое народзіцца, няхай імя яго затрэцца!
- Няхай будзе ўспомнены грэх бацькоў яго перад Госпадам, і матчын праступак няхай не загладзіцца!
- Няхай будуць заўсёды яны прад вачыма у Госпада, каб Ён памяць іх вынішчыў на зямлі
- за тое, што ён і ня думаў быць міласэрным, а ўціскаў чалавека да сьмерці, які быў нешчасьлівы й убогі і з сэрцам зламаным.
- Любіў ён пракляцьце, — хай прыйдзе яно на яго! Не жадаў ён багаслаўленьня, — хай будзе далёка яно ад яго!
- Апрануўся праклёнам ён, быццам шатай, — дык няхай, як вада, у нутро яму ўвойдзе, як алей, у косьці ягоныя!
- Хай за вопратку будзе яму, у якую ён адзяваецца, ды за пояс, якім што-дня апяразываецца!
- Няхай гэткая будзе заплата ад Госпада тым, што мяне ненавідзяць, і тым, што благое кажуць на мяне! .
- А Ты, о Госпадзе Божа, будзь ласкавы са мной дзеля іменьня Твайго, бо шчасьце мець ласку Тваю; ратуй Ты мяне!
- Бо я нешчасьлівы й убогі, і сэрца маё ў нутры маім зранена.
- Я нікну, як цень, што доўжыцца; ганяюць мяне, як саранчу.
- Калены ў мяне ад посту хістаюцца, і цела ссохла бяз туку.
- І я пасьмешышчам стаўся для іх; на мяне паглядаючы, галовамі сваімі ківаюць.
- Памажы Ты мне, Госпадзе, Божа мой! захавай мяне водле ласкі Твасй,
- каб пазналі яны, што Твая тут рука, што Ты, Госпадзе, гэта зрабіў!
- Хай яны праклінаюць, я Ты багаслаў! Хай асромлены будуць, што проці мяне паўстаюць, а раб Твой няхай узрадуецца!
- Хай пакрыюцца ганьбаю ворагі маі, сорамам сваім, быццам шатай, атуляцца!
- І буду я вуснамі маімі голасна славіць Госпада і сярод грамады выхваляць Яго,
- бо Ён стаіць праваруч убогага, каб яго ўспамагчы проці тых, што яго засуджаюць.
Псальм 110.
- Псальм Давідавы. Казаў Госпад Валадару майму: Сядай праваруч Мяне, пакуль ворагаў тваіх пакладу за падножжа пад стопы твае!
- Бэрла сілы тваёй пашле Госпад з Сыону: царствуй сярод тваіх ворагаў!
- Народ твой у дзень перамогі тваёй зьбярэцца ў аздобе сьвятой самахоць; як раса із улоньня сьвітаньня, народзяцца дзеці твае.
- Госпад пакляўся й не пашкадуе: Ты навекі сьвяшчэньнік па ўставу Мэльхісэдэка.
- Праваруч цябе Госпад у дзень гневу Свайго пакрышыць цароў,
- будзе народы судзіць, дый усё напоўніцца трупамі. Ён галаву скрышыць, што пануе над многімі землямі.
- Па дарозе нап’ецца з патоку й уздыме галаву.
Псальм 111.
- Альлілуя! Слаўлю я Госпада ўсім сэрцам пасярод пабожных і ў зграмаджэньні.
- Вялікія дзеяньні Госпада, дастойны яны ўвагі ўсіх, што любуюцца імі.
- Дзела Яго — краса і веліч, і справядлівасьць Яго – навекі.
- Ён памятнымі зрабіў цуды Сваі; Госпад ласкавы і міласэрны.
- Тым, што баяцца Яго, Ён пажыву дае; навекі Свой запавет памятае.
- Народу Свайму зьявіў дзел Сваіх сілу, даючы ім спадчыну народаў.
- Дзела рук Ягоных — праўда й справядлівасьць; усе запаведзі Яго — пэўныя,
- замацаваныя на вечныя вякі, у праўдзе й шчырасьці выпаўненыя.
- Збаўленьне паслаў Ён народу Свайму, навекі запавет Свой паставіў; сьвятое й страшное імя Ягонае!
- Страх перад Госпадам — пачатак мудрасьці; добры розум усе здабываюць, што спаўняюць загады Яго. Хвала Яго — навекі.
Псальм 112.
- Альлілуя! Шчасьлівы той муж, што баіцца Госпада і шчыра любіць запаведзі Яго.
- Магутным будзе семя яго на зямлі; багаслаўлены будзе род пабожных.
- Дастатак і багацьце ў доме ягоным, і справядлівасьць яго трывацьме навекі.
- Усходзе ў цемры сьвятло пабожным; яно ласкавае й міласэрнае й справядлівае.
- Шчасьціць таму, хто міласэрны й пазычае; хто справы свае вядзе водле права!
- Бо ён ніколі не пахісьнецца; вечная памяць будзе ўдзелам пабожнага.
- Нечага баяцца яму весткі благое; цьвёрдае сэрца яго, поўна надзеі на Госпада.
- Бясьпечна сэрца ў яго, ня будзе палохацца ён, дакуль угледзіць гібель сваіх прыгнетацеляў.
- Раздаваў ён шчодра, абдорываў убогіх; справядлівасьць яго навекі трывае, рог яго ў славе ўздымаецца.
- Угледзіць гэта бязбожны ды будзе злаваць; скрыгатаць ён будзе зубамі й загіне; загіне й жаданьне бязбожнага.
Псальм 113.
- Альлілуя! Хвалеце, рабы Гасподнія, хвалеце імя Госпада!
- Хай будзе пахвалена імя Гасподняе ад сяньня й навекі!
- Ад усходу сонца да захаду яго хай будзе ўслаўлена імя Гасподняе!
- Высака Госпад над усімі народамі; панад нябёсамі слава Яго.
- Хто падобны да Госпада, нашага Бога, што жыве ў вышыні
- і схіляецца нізка, каб глянуць на неба й зямлю?
- Што з пылу падыймае гаротніка, з балота ўзносе ўбогага,
- каб пасадзіць яго побач з магнатамі, сярод магнатаў народу яго?
- Што бясплодную й бяздомную робіць маткаю, якая радуецца над дзяцьмі? Альлілуя!
Псальм 114.
- Калі выйшаў Ізраіль з Эгіпту, дом Якубавы з народу чужароднага,
- дык Юдэя сталася сьвятыняй Ягонай, Ізраіль царствам Яго.
- Мора ўбачыла ды ўцякло, Іордан павярнуў назад.
- Скакалі горы, быццам бараны, узгоркі — быццам ягняты.
- Што табе, мора, што ты ўцякала? Ты Іордане, што павярнуў назад?
- Што скачаце, горы, быццам бараны, узгоркі — быццам ягняты?
- Прад абліччам Госпада задрыжэла зямля, прад абліччам Бога Якубавага,
- што скалу абяртае ў возера воднае, крамень у крыніцу водаў.
Псальм 115.
- Ня нам, Госпадзе, ня нам, але іменьню Твайму дай Ты славу — дзеля ласкі Тваёй, дэеля праўды Тваёй!
- Чаму паганам казаць; Дзе-ж іх Бог?
- А Бог наш на небе; усё, што схоча, Ён зробіць.
- Іх богі — срэбра ды золата, творы рук чалавечых.
- Маюць вусны, ды не гавораць; маюць вочы й ня бачаць;
- маюць вушы й ня чуюць, маюць ноздры, ды нюху няма ў іх;
- рукі ў іх, ды бяз вошчупу; ногі ў іх, ды ня ходзяць; і голасу горлам сваім не даюць.
- Падобны да іх будуць тыя, што іх робяць, ды ўсе, што на іх спадзяюцца.
- Ізраілю! Ты спадзявайся на Госпада: Ён нам і помач і шчыт наш!
- Доме Ааронавы, спадзявайся на Госпада: Ён наша помач і шчыт наш!
- Вы, што Госпада баіцёся, спадзявайцеся на Госпада: Ён наша помач і шчыт наш!
- Госпад успомніў нас: багаслаўляць Ён будзе, багаслаўляць дом Ізраіля, багаслаўляць дом Ааронавы,
- багаслаўляць будзе тых, што баяцца Госпада, разам малых і вялікіх.
- Размножыць вас Госпад, вас і вашых дзяцей.
- Багаслаўлены вы Госпадам, што неба стварыў і зямлю.
- Неба ёсьць неба Гасподняе, зямлю-ж Ён людзям аддаў.
- Ня мёртвыя Госпада хваляць, ня ўсе тыя, што ў край маўчаньня зыходзяць,
- але мы хваліць будзем Госпада, ад сяньня й навекі. Альлілуя!
Псальм 116.
- Цешуся я, бо Госпад пачуў галосну малітву маю.
- Схіліў да мяне Ён вуха Сваё, дык клікаці буду Яго ў-ва ўсе мае дні.
- Путы сьмерці мяне абхапілі; мукі пякельныя дагналі мяне; наткнуўся я на тугу ды сум.
- Але клікнуў я імя Гасподняе: Збаў, Госпадзе, душу маю!
- Ласкавы Госпад і справядлівы, міласэрны наш Бог.
- Прастадушных ахоўвае Госпад; калі зьнемагаю, Ён ратуе мяне.
- Вярніся, душа мая, да супакою твайго, бо Госпад табе робіць добрае.
- Бо ад сьмерці Ты вызваліў душу маю, ад сьлёзаў — вока маё і нагу маю ад упадку.
- Буду хадзіць прад абліччам Гасподнім у краіне жывых.
- Я веру, дык гавару; але я крэпка прыбіты.
- У неразважлівасьці маёй я сказаў: усе людзі ілгуць!
- Як аддзячыць мне Госпаду за ўсе дабрадзействы Яго для мяне?
- Чару збаўленьня ўзьніму і імя Гасподняе клікну.
- Абяцаньні мае аддам я Госпаду прад усенькім народам Ягоным.
- Прад вачыма Гасподнімі сьмерць сьвятых Яго дорага.
- О Госпадзе! Я-ж раб Твой, сын рабыні Тваёй! Ты разьвязаў мае путы.
- Табе прынясу ахвяру хвалы й буду клікаць імя Гасподняе.
- Абяцаньні мае аддам я Госпаду прад усенькім народам Ягоным,
- у панадворках дому Гасподняга, пасярод цябе, Ерузаліме! Альлілуя!
Псальм 117.
- Хвалеце Госпада, усе пагане! Слаўце Яго, усе народы!
- Бо вялікая ласка Яго над намі, і праўда Яго трываць будзе навекі! Альлілуя!
Псальм 118.
- Хвалеце Госпада, бо добры Ён, бо навекі ласка Ягоная!
- Няхай кажа Ізраіль: навекі ласка Ягоная!
- Хай дом Ааронавы скажа: навекі ласка Ягоная!
- Хай скажуць тыя, што Бога баяцца: навекі ласка Ягоная!
- Із уціску клікнуў я Госпада, і пачуў мяне Госпад ды паставіў на вольным прасторы.
- Госпад за мяне — і я не баюся: што маглі-б зрабіці мне людзі?
- Госпад за мяне, сярод успаможнікаў маіх, і перамагу тых, што мяне ненавідзяць.
- Ляпей шукаці патолі у Госпада, чым на людзей спадзявацца.
- Ляпей шукаці патолі ў Госпада, чым на магнатаў надзею ўскладаць.
- Усе пагане мяне абступілі, ды іменем Госпада іх запраўды перамог я.
- Абступілі мяне, акружылі, ды іменем Госпада іх запраўды перамог я.
- Абселі мяне, быццам пчолы соты, ды згарэлі яны, як агонь з цярніны: імем Гасподнім я іх запраўды перамог!
- Крэпка папхнулі мяне, каб мне ўпасьці, ды Госпад мяне падтрымаў.
- Госпад сіла мая й мая песьня, ад Яго прыйшло мне спасеньне.
- Радасны крык перамогі чуваць у палатках пабожных: правіца Гасподня вялікіх даказвае рэчаў.
- Правіца Гасподпя ўзвышае, правіца Гасподня вялікіх даказвае рэчаў.
- Не памру, а жыць буду і аб дзеяньнях Госпада буду казаці.
- Хоць і караў Ён мяне, а сьмерці мяне не аддаў.
- Расчынеце вароты справядлісасьці мне: увайду я праз іх, каб Госпада славіць.
- Вось вароты Гасподнія: пабожныя ўвойдуць праз іх.
- Слаўлю Цябе, што Ты выслухаў мяне і стаўся збаўленьнем маім!
- Камень, што яго адкінулі будаўніхі, ён стаўся галавой вугла.
- Ад Госпада гэтае і дзіўна ў вачох нашых!
- Вось дзень, што стварыў яго Госпад: давайце весяліцца й радавацца ў ім!
- О Госпадзе, успамажы! О Госпадзе, дай удачу!
- Багаслаўлены той, хто ўваходзе ў імя Гасподняе: багаслаўляем мы вас із сьвятыні Гасподняе.
- Госпад ёсьць Бог, і Ён асьвятліў нас: вядзеце ахвяру да рагоў ахвярніку!
- Ты мой Бог; Цябе буду я славіць, Цябе, Божа мой, вывышшаць!
- Хвалеце Госпада, бо добры Ён, бо ласка Яго навекі!
Псальм 119.
Алеф.
- Шчасьлівыя тыя, што шлях у іх беззаганны, што ходзяць паводле закону Госпада.
- Шчасьлівыя тыя, што пілнуюцца аб’яваў Ягоных, усім сэрцам шукаюць Яго,
- крыўды ня робяць ды сьцежкамі ходзяць Ягонымі.
- Ты загадаў Твае запаведзі, каб пільна іх выпаўнялі.
- О, каб жа мой шлях вёў цьвёрда мяне, каб уставы Тваі я заховываў!
- Тады-б ня меў я сораму, на ўсе запаведзі Твае узіраючыся.
- Буду хваліць Цябе шчырым сэрцам, справядлівыя законы Тваі пазнаваючы.
- Уставы Тваі я буду заховываць: не пакінь мяне Ты зусім!
Бэт.
- Чым дзяцюк сьцежку сваю захавае ў чыстасьці? Захоўваючы водле слова Твайго.
- Усім сваім сэрцам шукаю я Цябе: ня дай мне адхіліцца ад запаведзяў Тваіх!
- У сэрцы маім хаваю я слова Тваё, каб не зграшыць прад Табою.
- Хвалю Цябе, Госпадзе; навучы мяне ўставаў Тваіх!
- Вуснамі маімі абвяшчаю ўсе прысуды Тваіх вуснаў.
- З шляху, што загаданы аб’явамі Тваімі, я радуюся, быццам з багацьця вялікага.
- Аб запаведзях Тваіх разважаці буду й на шляхі Тваі пазіраці.
- У Тваіх пастановах будзе ўцеха мая, слова Твайго нс забуду.
Гімэль.
- Рабі дабро рабу Тайму, каб жыў я, дык буду слова Твайго пілнавацца.
- Расчыні мае вочы, каб бачыў я цуды закону Твайго!
- Я госьць на зямлі; не хавай ад мяне Тваіх запаведзяў!
- Зьнемаглася душа мая, імкнучыся ўсьцяж да ўставаў Тваіх.
- Ты выклятым гардуном пагразіў, што ўхіляюцца ад загадаў Тваіх.
- З мяне-ж зьнімі ганьбу й пагарду, бо хаваю загады Тваі.
- Хоць заселі магнаты й змаўляюцца супраць мяне, аб уставах Тваіх Твой раб разважае.
- Але, аб’явы Твае — мне ўцеха, загады Тваі мне парада.
Далет.
- Да пылу прыліпла душа мая; ажыві мяне водле слова Твайго.
- Апавядаў я пра сьцежкі мае, і Ты мяне выслухаў; навучы мяне ўставаў Тваіх.
- Дай зразумеці мне шлях, што запаведзі Твае вызначаюць, і я буду аб цудах Тваіх разважаць.
- Сьлязамі сплывае душа мая ад тугі; узмацуй Ты мяне водле слова Твайго!
- Шлях ілжы адвярні ад мяне і даруй мне закон Твой.
- Я выбраў шлях праўды й уставы Тваі прад сабою паставіў.
- Да аб’яваў Тваіх прыляпіўся я; ня дай, Госпадзе, мне асароміцца!
- Шляхам запаведзяў Тваіх пабягу я, калі сэрца маё Ты пашырыш.
Ге.
- Навучы мяне, Госпадзе, шляху ўставаў Тваіх, каб я даканца яго захаваў.
- Дай мне розум, і буду закон Твой захоўваць і спаўняці яго ўсім сэрцам.
- Пастаў мяне на сьцежку запаведзяў Тваіх, бо ў гэтым уцеха мая.
- Нахіляй маё сэрца да аб’яваў Тваіх, а не да карысьці.
- Адвярні мае вочы, каб на марнасьць ня ўзіраліся; ажыўляй мяне на шляхох Тваіх!
- Споўні слова Тваё рабу Твайму, што дадзена тым, хто баіцца Цябе.
- Няхай абмінець мяне таньба, якое баюся, бо суды Тваі добрыя.
- Запраўды, я жадаю загадаў Тваіх; ажыві мяне праўдай Тваёю.
Вав.
- Няхай прыйдзе ка мне Твая ласка, о Госпадзе, — збаўленьне Тваё водле слова Твайго,
- каб я мог даць адказ таму, хто мяне зьневажае, бо на слова Тваё спадзяюся.
- Не пазбаў мае вусны слова праўды зусім, бо я на прысуд Твой чакаю
- і буду заўсёды закон Твой захоўваць, заўсёды й навекі,
- ды буду хадзіць па прасторы шырокім, бо шукаў я загадаў Тваіх.
- Аб аб’явах Тваіх прад царамі я буду казаці й не паўстыдаюся.
- Уцеху мець буду ў запаведзях Тваіх, бо мне яны любы.
- І ўздымаць буду рукі мае да запаведзяў Тваіх, што мне любы, ды аб уставах Тваіх разважаці.
Заін.
- Успомні Ты слова да раба Твайго, на якое сказаў спадзяваціся мне.
- То-ж пацеха мая ў нядолі маёй, што слова Тваё ажыўляла мян.
- Гордыя вельмі нада мною зьдзёкаваліся; я-ж ад закону Твайго ня ўхіляўся.
- Успамінаў я, о Госпадзе, суды Тваі спрад вякоў, і гэта было мне пацехай.
- гнеў палючы мяне агарнуў на бязбожных, што кідаюць закон Твой.
- Уставы Тваі гімнам сталіся мне там, дзе жыву, як прыблуда.
- Імя Тваё, Госпадзе, я ўначы ўспамінаў і закон Твой заховываў.
- Гэта сталася мне, бо загадаў Тваіх пілнаваўся.
Хэт.
- Я сказаў: Мая доля, о Госпадзе, — Тваё слова заховываць.
- Усім сэрцам прасіў я ласкі ў Цябе; будзь мне ласкаў паводле слова Твайго.
- Разважаў я аб сьцежках маіх і стопы мае скіраваў да аб’яваў Тваіх.
- І сьпяшаўся я й не марудзіў, загады Тваі выпаўняючы.
- Сеці бязбожных аблуталі мяне, ды закону Твайго не забыўся я.
- Сярод ночы ўстаю я, каб славіць Цябе за суды Тваі справядлівыя.
- Я таварыш для ўсіх, што баяцца Цябе ды загадаў Тваіх пілнуюцца.
- Ласкавасьцяй Тваёй, Госпадзе, поўніцца зямля; навучы-ж Ты мяне ўставаў Тваіх!
Тэт.
- Дабро Ты зрабіў рабу Твайму, Госпадзе, паводле слова Твайго.
- Добрай развагі й пазнаньня мяне навучы, бо я запаведзям Тваім веру.
- Перш, чым я стаўся спакораным, я блукаўся; цяпер слова Тваё я хаваю.
- Ты ласкавы і добры, дык мяне навучы уставаў Тваіх!
- Гардуны ілжу плялі на мяне; я-ж усім сэрцам загадаў Тваіх пілнаваўся.
- Атупела ў іх сэрца, як тук; я-ж законам Тваім пацяшаю сябе.
- Добра мне сталася, што я спакарнеў, каб вучыцца ўставаў Тваіх.
- Закон вуснаў Тваіх для мяне больш варты, чым тысячы золата ды серабра.
Іод.
- Рукі Твае стварылі мяне й спасобілі мяне; дай жа мне розум навучыцца ўставаў Тваіх!
- Тыя, што баяцца Цябе, убачаць мяне ды ўцешацца, бо я чакаю на слова Тваё.
- Ведаю, Госпадзе: суды Тваі — справядлівыя, і справядліва караў Ты мяне.
- Ласка Твая няхай будзе пацехаю мне водле слова Твайго да раба Твайго.
- Міласэрдзе Тваё няхай зыйдзе ка мне, каб я жыў, бо закон Твой — пацеха мая.
- Гордым няхай будзе сорам за тое, што бяз прычыны ўціскалі мяне; я-ж аб загадах Тваіх разважаю.
- Няхай да мяне навернуцца тыя, што баяцца Цябе, што ведамы ім аб’явы Твае.
- Сэрца маё беззаганным хай будзе ў уставах Тваіх, каб мне ня быць асаромленым.
Каф.
- Ташнуе душа мая па збаўленьні Тваім; на слова Тваё спадзяюся.
- Ташнуюць вочы мае па слове Тваім ды пытаюцца: Калі-ж Ты пацешыш мяне?
- Я стаўся, як мех скураны ды ў дыме; але ўставаў Тваіх не забыўся.
- Колькі дзён жыцьця йшчэ рабу Твайму? Калі зробіш Ты суд над тымі, што ўціскаюць мяне?
- Выкапалі гордыя яму для мяне, але гэта пярэчыць закону Твайму.
- Усё Твае запаведзі — праўда; бязьвінна ўціскаюць мяне, дык Ты памажы мне!
- Чуць-што ня вынішчылі мяне на зямлі; я-ж не адступаўся ад загадаў Тваіх.
- Праз міласэрнасьць Тваю захавай мне жыцьцё, і буду пілнавацца аб’яваў вуснаў Тваіх.
Ламэд.
- Навекі, о Госпадзе, слова Тваё сцьверджана на небе!
- Ад роду ды ў род трывае праўда Твая; паставіў Ты зямлю, і яна стаіць.
- Водле волі Тваёй стаяць яны да сяньня, бо ўсё гэта служкі Тваі.
- Калі-б Твой закон ня быў мне пацехай, даўно-бы я згінуў у нядолі маёй.
- Па век не забудуся загадаў Тваіх, бо імі захаваў Ты жыцьцё мне.
- Я — Твой! Спасі Ты мяне! Бо спаўняю загады Тваі.
- Заеліся бязбожныя загубіць мяне; я-ж углыбляюся ў пастановах Тваіх.
- Я бачыў канец усіх чыста рэчаў; але запаведзь Твая ня мае канца.
Мэм.
- Як я люблю закон Твой! Увесь дзень ён у думцы маёй!
- Я зрабіўся мудрэйшым за ворагаў маіх праз закон Твой, бо ён заўсёды са мною.
- Я мудрэйшы за ўсіх, што вучылі мяне, бо аб’явы Твае ў думках маіх.
- Разважнейшы я, чым старыя, бо хаваю загады Тваі.
- Ад усякай сьцяжынкі благой я ўстрымліваў стопы мае, каб захоўваць слова Тваё.
- Ад Тваіх пастановаў я ня ўхіляўся, бо Ты мяне навучаў.
- Як салодкі словы Твае паднябеньню майму, саладзей за мёд вуснам маім!
- Праз запаведзі Твае разумным я зрабіўся, дык ненавіджу кожын шлях ілжывы.
Нун.
- Слова Тваё — сьветач для стоп маіх і сьвятло на сьцежцы маёй.
- Я пакляўся захоўваць прысуды справядлівасьці Тваёй і спаўняю гэта.
- Я цяжка прыгнечаны; Госпадзе, ажыві міяне водле слова Твайго!
- Хай будуць Табе даспадобы, о Госпадзе, самахвотныя жэртвы вуснаў маіх. Ты-ж мяне навучы ўставаў Тваіх.
- Жыцьцё маё ўсьцяж нашу я ў руцэ у маёй, ды закону Твайго не забываюся.
- Бязбожнікі сець мне наставілі, ды я ня ўхіліўся ад загадаў Тваіх.
- Пастановы Твае я прыняў, о Госпадзе, як вечную спадчыну, бо яны радасьць сэрца майго.
- Нахіляю я сэрца к таму, каб заўсёды паводле Тваіх пастаноў паступала яно аж да канца.
Самэх.
- Двудушных я ненавіджу, а закон Твой люблю.
- Ты — заслона мая і мой шчыт, на слова Тваё спадзяюся.
- Адыдзеце ад мяне, беззаконныя, каб я запаведзі Бога майго мог захаваць.
- Падтрымай Ты мяне водле слова Твайго, каб я жыў, і ня дай асароміцца мне за надзею маю.
- Узмацуй мяне, каб я быў захаваны, каб усьцяж разважаць мне аб уставах Тваіх.
- Адапхнеш Ты ўсіх, што ўхіляюцца ад уставаў Тваіх, бо ілжа іх няплодная.
- За смоль Ты ўважаеш усіх беззаконных зямлі; за тое-ж я ўзьлюбіў аб’явы Твае.
- Дрыжыць ад страху цела маё прад Табою, і прысудаў Тваіх я баюся.
Аін.
- Пілнаваўся я права й справядлівасьці; не аддай Ты мяне ў рукі ворагаў!
- За раба Твайго заступіся дзеля збаўленьня яго; ня дай гардуном уціскаць мяне.
- Зьнемагаюць вочы мае, выглядаючы помачы Тваёй і прысуду Твайго справядлівага.
- Учыні з рабом Тваім водле ласкі Тваёй, навучы Ты мяне пастановаў Тваіх.
- Я-ж раб Твой: дай Ты мне розум, каб пазнаў аб’явы Твае.
- Пара ўжо дзеяць за Госпада: яны нарушылі Твой закон.
- Дык за тое й люблю я запаведзі Твае больш, чым золата, чыстае золата.
- Дзеля тога справядлівымі лічу ўсе загады Тваі, кожную-ж сьцежку ілжы ненавіджу.
Пэ.
- Дзіўныя аб’явы Твае, і душа мая іх хавае.
- Адкрыцьце слоў Тваіх асьвятляе, разумнымі робіць прастакоў.
- Расчыняю я вусны мае і ўздыхаю, бо прагну я запаведзяў Тваіх.
- Павярніся ка мне і будзь мне ласкавы, як ласкавы для тых, што любяць імя Тваё.
- Стопы мае ўмацуй Ты ў слове Тваім і ня дай беззаконьню мной заўладаць.
- Збаў Ты мяне ад уціску людзкога, каб загадаў Тваіх пілнавацца мне.
- Асьвяці Ты раба Твайго сьвятлом аблічча Твайго і навучы Ты мяне ўставаў Тваіх.
- З вачэй маіх сьлёзы патокам плывуць, бо закону Твайго не захоўваюць людзі.
Цадэ.
- Ты праведны, Госпадзе, і суды Тваі справядлівыя.
- Аб’явы Твае, што Ты запаведаў, справядлівыя й шчырая праўда.
- Зьядае мяне руплівасьць мая, бо забылі словы Твае маі ворагі.
- Слова Тваё выспрабавана, дык затое раб Твой узьлюбіў яго.
- Малы я й годны пагарды, а загадаў Тваіх я не забываюся.
- Справядлівасьць Твая — справядлівасьць навекі, і закон Твой — праўда.
- Туга ды гора спаткалі мяне; запаведзі Твае — патоля мая.
- Справядлівасьць аб’яваў Тваіх трывае навекі; дай мне ўразуменьне, каб мне жыці.
Коф.
- З усяго сэрца гукаю я, пачуй мяне, Госпадзе! Бо ўставы Тваі я заховываю.
- Цябе я клічу: памажы Ты мне, каб я захаваў уставы Тваі!
- Перад досьвіткамі крычу я, чакаючы на слова Тваё.
- Вочы мае апярэджваюць варту начную, каб мне заглыбляцца ў слове Тваім.
- Пачуй мой голас з ласкі Тваяе; ажыві мяне, Госпадзе, водле ўставаў Тваіх.
- Падыходзяць тыя, што сочаць мяне падступна; бо ад закону Твайго адступіліся.
- Ты-ж блізкі, о Госпадзе, і ўсе Твае запаведзі — праўда.
- Здаўна мне ведама з аб’яваў Тваіх, што яны ўгрунтаваны навекі.
Рэш.
- Глянь на нядолю маю і вызваль мяне, бо я пра закон Твой ніколі не забываўся.
- Заступіся за справу маю і збаў Ты мяне, паводле слова Твайго мяне ажыві.
- Ад бязбожных жа помач далёка, бо яны аб уставы Тваі ня пытаюцца.
- Міласэрдзе Тваё вялікае, Госпадзе; па ўставам Тваім ажыві Ты мяне.
- Многа такіх у мяне, што мяне ўціскаюць ды крыўдзяць; ды ад аб’яваў Тваіх я не адступаўся.
- Я бачыў адступнікаў і чуў агіду да іх, бо яны не захоўвалі слова Твайго.
- Глянь, Госпадзе, як я люблю загады Тваі; паводле ласкі Тваёй мяне ажыві.
- Аснова слова Твайго ёсьць праўда, і ўсякі устаў Твой навек справядлівы.
Шын.
- Князі ганяюць мяне бяз прычыны, але сэрца маё дрыжыць перад словам Тваім.
- Цешуся я з Твайго слова, як той, хто прыдбаў вялічэзну карысьць.
- Ілжу ненавіджу я й брыджуся ёю, закон Твой люблю.
- Сямкротна ў дзень хвалю я Цябе за ўставы Тваі справядлівыя.
- Вялікі спакой даеш Ты тым, што любяць закон Твой, і яны не спаткнуцца.
- Спадзяюся я, Госпадзе, на збаўленьне Тваё, бо хадзіў я паводле загадаў Тваіх.
- Захоўвала душа мая аб’явы Твае, і крэпка я іх улюбіў.
- Зохоўваю я загады Тваі ды аб’явы Твае, бо ўсе сьцежкі мае прад Табою.
Тат.
- Няхай дойдзе мой плач да аблічча Твайго, о Госпадзе! Водле слова Твайго Ты муд-рым мяне ўчыні.
- Няхай прыйдзе маленьне маё прад аблічча Тваё! Водле слова Твайго ратуй Ты мяне!
- Із вуснаў маіх паліецца хвала, бо Ты вучыш мяне пастановаў Тваіх.
- Будзе язык мой пяяці аб слове Тваім, бо ўсе загады Тваі справядлівыя.
- Я прагну, о Госпадзе, спасеньня Твайго, і закон Твой — патоля мне.
- Хай душа мая жыве, каб хваліць Цябе, і суды Тваі хай памогуць мне.
- Я заблудзіўся; як авечку, што згубілася, шукай Ты раба Твайго, бо загадаў Тваіх я не забываўся.
Псальм 120.
- Песьня ўзыходжаньня. Да Госпада гукаў я ў бядзе маёй, і Ён мяне выслухаў.
- Госпадзе, вызваль душу маю ад вуснаў ілжывых, ад языка здрадлівага.
- Што дасьць табе ды якую карысьць здрадлівы язык прынясе?
- Вострыя стрэлы ваякі ды вугальле яноўцавае.
- Гора мне, што я госьць у Масоха, што жыву ля шатроў Кедарскіх!
- Лішне доўга душа мая жыла сярод тых, што спакой ненавідзяць.
- Я — самы спакой; ды, як толькі прамоўлю, яны — за вайну.
Псальм 121.
- Песьня ўзыходжаньня. Узьнімаю я вочы да гораў, адкуль прыйдзе ка мне ўспамога.
- Успамога мая ад Госпада, што неба стварыў і зямлю.
- Ня дасьць Ён стапе тваёй пахіснуцца, ня сьпіць Стораж твой.
- Запраўды, ня сьпіць Стораж Ізраіля ды не задрэмле.
- Госпад ёсьць Стораж твой, Госпад — цень твой праваруч ля цябе,
- каб сонца ўдзень цябе не паразіла, ані месячык ночкай.
- Госпад будзе цябе сьцерагчы ад усякага зла, будзе душу тваю сьцерагчы Ён.
- Сьцерагчы будзе Госпад твой выхад і твой уваход ад сяньня й навекі.
Псальм 122.
- Песьня ўзыходжаньня. Давідавая. Усьцешыўся я, калі мне сказалі: Хадзем да дому Гасподняга!
- Вось, нашы стопы стаяць у варотах тваіх, о Ерузаліме!
- Ерузаліме! Ты йзноў адбудованы, як места, крэпка замкнёнае,
- куды йдуць пакаленьні, пакаленьні Гасподавы, па закону Ізраіля хваліць імя Гасподняе,
- бо тама стаяць пасады судовыя, пасады дому Давідавага.
- Прасеце спакою для Ерузаліму! Няхай мір маюць тыя, што любяць цябе.
- Спакой няхай будзе ў мурох у тваіх, мір у харомах Тваіх.
- Дзеля братоў маіх і прыяцеляў дайце казаць мне: Мір табе!
- Дзеля дому Госпада, нашага Бога, жадаю найлепшага Я для цябе.
Псальм 123.
- Песьня ўзыходжаньня. Узьнімаю я вочы мае да Цябе, што жывеш у нябёсах.
- Запраўды: як вочы рабоў глядзяць на руку паноў іхніх, як вочы рабыні — на руку гаспадыні яе, так і нашыя вочы скіраваны да Госпада, аж пакуль не памілуе нас.
- Зьлітуйся над намі, зьлітуйся, о Госпадзе, бо лішне мы сыты пагардай!
- Аж да дна душа наша насычана зьдзекамі гордых ды зьнявагай надзьмутых.
Псальм 124.
- Песьня ўзыходжаньня. Давідавая, Калі-б ня было з намі Госпада, — скажы, о Ізраіль! —
- калі-б ня было з намі Госпада, як людзі супраць нас паўставалі,
- дык яны-б нас жывымі тады праглынулі, як іх гнеў распаліўся на нас.
- Тады-б воды нас затапілі, паток нас заліў-бы,
- тады-б пранясьліся над намі воды бурлівыя.
- Багаслаўлены Госпад, што нас не аддаў іх зубам, як здабычу.
- Душа наша ўцякла, быццам птушка з сіла паляўнічага: сець парвана, і вось мы на волі!
- Наша ўспамога — у імені Госпада, Які неба стварыў і зямлю.
Псальм 125.
- Песьня ўзыходжаньня. Тыя, што спадзяюцца на Госпада, яны як Сыон-гара, што ня зрўшыцца й будзе навекі.
- Горы навакол Ерузаліму, а Госпад — навакол народу ад сяньня й навекі.
- Бо бэрла бязбожнасьці ня будзе трываці над лёсам пабожных, каб не цягнулі пабожныя рук сваіх да беззаконьня.
- Рабі, Госпадзе, добрае добрым і тым, хто шчыры ў сэрцы сваім.
- Але тых, што зыходзяць на сьцежкі крывыя свае, няхай выжане Госпад разам з злачынцамі. Мір Ізраілю!
Псальм 126.
- Песьня ўзыходжаньня. Калі Госпад палонных з Сыону вяртаў, мы былі, як у сьне.
- Былі тады нашы вусны поўны сьмеху вясёлага, а язык наш — пяяньня. Казалі тады між паганамі: Вялікае Госпад над імі ўчыніў!
- Вялікае Госпад над намі ўчыніў, і мы былі радыя.
- Вярні, Госпадзе, нашых палонных, як патокі на землю паўдзённую.
- Хто ў сьлёзах пасеяў, той жаць будзе з пяяньнем.
- Народ плачучы йдзе і насеньне нясе на пасеў, але ў радасьці ў хату ён вернецца, снапы сваі нясучы.
Псальм 127.
- Песьня ўзыходжаньня. Салямонавая. Калі ня Госпад будуе дом, дарэмны стараньні будаўнічых; калі ня Госпад места пілнуе, дарэмна вартуе старожа.
- Дарэмна для вас, што рана ўстаецё, позна кладзецёся й хлеб ваш ясьцё ў тузе: Свайму ўмілаванаму ў сьне Ён дае.
- Вось ад Госпада дар: гэта дзеці, нагарода Яго — плод чэрава.
- Быццам стрэлы ў магутнай руцэ, гэтак — сыны маладыя.
- Шчасьлівы той чалавек, што імі напоўніў каўчан свой.
- Ня будуць яны асаромлены, як з ворагамі гутарку ў вароцех павядуць.
Псальм 128.
- Песьня ўзыходжаньня. Шчасьлівы кожын, хто баіцца Госпада, хто ходзе шляхамі Ягонымі.
- Ты будзеш працу рук тваіх есьці, ты шчасьлівы, і добра табе!
- Жонка твая ў хаце тваёй будзе плодная, быццам лаза вінаградная; сыны тваі, як галіны аліўкавыя, наўкола стала твайго.
- Але, гэтак будзе багаслаўлены муж, які Бога баіцца.
- Няхай багаславіць цябе Госпад з Сыону, і ты ў-ва ўсе дні жыцьця твайго будзеш цешыцца з шчаснае долі Ерузаліму.
- І прыжджэш ты сыноў ад сыноў тваіх. Мір Ізраілю!
Псальм 129.
- Песьня ўзыходжаньня. Шмат уціскалі мяне з маладосьці маёй, — няхай скажа Ізраіль! —
- шмат уціскалі мяне з маладосьці маёй, ды мяне не асілілі.
- На хрыбце на маім гаралі яны, даўгія барозны свае праганяючы,
- ды Госпад справядлівы: Ён рассек вяроўкі бязбожнікаў.
- Няхай асаромлены будуць і адступяцца назад усе тыя, што ненавідзяць Сыон!
- І будуць яны, як трава на страсе, што перш засыхае, чым вырвуць яе,
- якой жнёц не напоўніць жмені сваёй, а вязальнік снапоў — прыгоршчаў.
- I, міма праходзячы, ня скажа ніхто: Багаслаўленьне Гасподняе няхай будзе над вамі! Багаслаўляем вас імем Гасподнім!
Псальм 130.
- Песьня ўзыходжаньня. З глыбіні я клічу Цябе, о Госпадзе!
- Пачуй мой голас, о Госпадзе! Няхай вушы Твае ўчуюць голас маленьня майго!
- Калі Ты будзеш помніць правіннасьці, Госпадзе Божа, дык каму-ж устаяці?
- Ды ў Цябе й адпушчэньне, каб людзі Цябе паважалі.
- Спадзяюся на Госпада, жджэ душа мая слова Ягонага.
- Жджэ душа мая Госпада — больш, чым жджэ стораж сьвітаньня, чым стораж сьвітаньня.
- Спадзявайся, Ізраілю, на Госпада, бо ў Госпада ласка й шчодрасьць збаўленьня,
- і Ён зьніме з Ізраіля ўсе злачынствы ягоныя.
Псальм 131.
- Песьня ўзыходжаньня. Давідавая. Госпадзе! Не надымаецца сэрца маё, і ня пышаюцца вочы мае, і ня прынаджываюць мяне рэчы залішне вялікія і для мяне недасяжныя,
- але я усьцішаў і супакойваў душу маю, як дзіця, што ад матчыных грудзей адлучылася. Душа мая ў-ва мне, як дзіця, ад маткі аднятае.
- Спадзявайся на Госпада, Ізраілю, ад сяньня й навекі!
Псальм 132.
- Песьня ўзыходжаньня. Прыпомні, Госпадзе, Давіда й усе яго беды!
- Як ён Госпаду кляўся, даваў абяцаньне Сільнаму Якубаваму:
- Не ўвайду я ў палатку маю, ня ўзыйду на пасьцель майго ложка,
- ня дам вачам маім сну й павекам маім дрымоты,
- пакуль не знайду месца для Госпада, сялібы для Сільнага Якубавага!
- Вось, мы чулі аб ім у Яфраце ды знайшлі на прасторах лясістых.
- Хадзем у сялібу Ягоную, суклонімся прад падножжам стоп Яго.
- Вырушы-ж, Госпадзе, да месца супакою Твайго, Ты і скінія моцы Тваёй!
- Хай сьвяшчэньнікі Тваі праўдай апрануцца, хай сьвятыя Тваі весяляцца!
- Дзеля Давіда, раба Твайго, памазанцу Твайму не адмоў!
- Кляўся Госпад Давіду вернай прысягай і ад яе не адступіцца: Таго, хто ёсьць плод твайго чэрава, пасаджу на пасадзе тваім.
- І калі будуць сыны Тваі пілнавацца Майго запавету ды аб’яваў Маіх, што буду іх навучаць, дык і іх сыны будуць навекі сядзець на пасадзе тваім.
- Бо Госпад выбраў Сыон, на сялібу Сабе пажадаўшы, ды мовіў:
- Вось месца Майго супакою навекі: тут буду жыць, бо яго ўпадабаў.
- Багаслаўляць буду шчодра ежу яго, убогіх яго насычу хлебам.
- Сьвяшчэньнікаў ягоных апрану спасеньнем, і радавацца будуць пабожныя яго.
- Там Я ўзрашчу рог Давіду, там сьветач пастаўлю памазанцу Майму.
- Ворагаў ягоных Я ганьбай пакрыю, на ім жа зьяць будзе карона яго.
Псальм 133.
- Песьня ўзыходжаньня. Давідавая. О, як гэта хораша й міла, калі браты ў згодзе жывуць!
- То быццам каштоўны алей на галаве, што на бараду сьцякае, на бараду Ааронаву, што на край яго шаты сьцякае,
- нібы раса Ярмонская, што зыходзе на горы Сыонскія, бо там багаслаўленьне Госпад паслаў і жыцьцё навекі.
Псальм 134.
- Песьня ўзыходжаньня. Слаўце-ж Госпада, усе рабы Гасподавы, што начамі стаіцё ў сьвятыні Гасподняй!
- Узьнімеце рукі вашыя к сьвятыні і слаўце Госпада!
- З Сыону няхай багаславіць цябе Госпад, Стварыцель неба й зямлі!
Псальм 135.
- Альлілуя! Слаўце імя Госпада, слаўце, рабы Госпадавы,
- што стаіцё ў сьвятыні Гасподняй, у панадворку дому Бога нашага!
- Хвалеце Госпада, бо Госпад добры; сьпявайце іменьню Яго, бо яно мілае.
- Бо Госпад выбраў сабе Якуба, Ізраіля — на ўласнасьць сабе.
- Бо ведаю я, што Госпад вялікі, і наш Валадар вышэй за ўсіх багоў.
- Усё, што Яму даспадобы, творыць Госпад на небе й зямлі, у моры й у ўсенькіх глыбінях.
- Ён хмары ўзводзе ад краю зямлі, робіць дажджы і маланкі, вецер выводзе з скарбніцы Сваёй.
- Ён першакоў пабіў у Эгіпце, ад чалавека і да скаціны.
- Знакі і цуды табе Ён паслаў, Эгіпце, над фараонам і ўсімі рабамі яго.
- Многа народаў пабіў і цароў магутных Ён скінуу:
- Сыгона, цара Аморэйскага, і Ога, цара Базанскага, дый усе Канаанскія царствы.
- І зямлю іх аддаў у валаданьне, у спадчыну народу Свайму Ізраілю.
- Госпадзе, імя Тваё навекі! Госпадзе, памяць Твая з роду ў род!
- Зробіць Госпад справядлівасьць народу Свайму і зьлітуецца над рабамі Сваімі.
- Паганскія ідалы — срэбра ды золата, творы рук чалавечых;
- ёсьць у іх вусны, ды не гавораць, ёсьць у іх вочы — й ня бачаць;
- ёсьць у іх вушы — й ня чуюць, і духу няма ў вуснах іхніх.
- Падобны да іх будуць тыя, што робяць іх, — кожын, хто на іх спадзяецца.
- Вы, з дому Ізраіля, слаўце Госпада! Вы, з дому Ааронавага, слаўце Госпада!
- Вы, з дому Левія, слаўце Госпада! Багаслаўце Госпада ўсе, што Госпада баіцёся!
- Багаслаўлены Госпад з Сыону, што ў Ерузаліме жыве! Альлілуя!
Псальм 136.
- Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навекі ласка Яго!
- Слаўце Бога багоў, бо навекі ласка Яго!
- Слаўце Гаспадара над гаспадарамі, бо навекі ласка Яго!
- Яго, што адзін робіць цуды, бо навекі ласка Яго:
- што неба стварыў прамудра, бо навекі ласка Яго;
- што зямлю разгарнуў на водах, бо навекі ласка Яго;
- шго стварыў вялікія сьветачы, бо навекі ласка Яго;
- сонца, што над днём гаспадаруе, бо навекі ласка Яго;
- месяц ды зоры, каб над ночай гаспадаравалі, бо навекі ласка Яго;
- што Эгіпт пакараў у першакох ягоных, бо навекі ласка Яго;
- вывеў Ізраіля спасярод яго, бо навекі ласка Яго;
- крэпкай рукою і рамем узьнятым, бо навекі ласка Яго;
- што мора Чырвонае расьсек, бо навекі ласка Яго;
- і правёў Ізраіля пасярод яго, бо навекі ласка Яго;
- і фараона ды войска яго ў мора Чырвонае кінуў, бо навекі ласка Яго;
- што народ Свой правёў праз пустыню, бо навекі ласка Яго;
- што цароў вялікіх пабіў, бо навекі ласка Яго;
- і скінуў цароў магутных, бо навекі ласка Яго;
- Сыгона, цара Аморэйскага, бо навекі ласка Яго;
- ды Ога, цара Базанскага, бо навекі ласка Яго;
- і аддаў зямлю іх у спадчыну, бо навекі ласка Яго;
- у спадчыну Ізраілю, рабу Сванму, бо навекі ласка Яго;
- у паніжэньні нашым успомніў аб нас, бо навекі ласка Яго;
- і выратаваў нас ад ворагаў нашых, бо навекі ласка Яго;
- што дае пажыву кожнаму дыханьню, бо навекі ласка Яго.
- Слаўце Бога нябёсаў, бо навекі ласка Яго!
Псальм 137.
- Ля рэк Бабілёнскіх сядзелі мы там ды плакалі, Сыон успамінаючы.
- На вербах сярод яго мы вешалі нашыя арфы;
- бо тыя, што нас паланілі, там песьні ад нас вымагалі, і насьмешнікі нашы — вясёласьці: А ну, засьпявайце нам з песьняў Сыонскіх!
- Як-жа пяяці нам песьню Гасподню ў чужой старане?
- Калі, Ерузаліме, я забуду цябе, хай адсохне правіца мая!
- Хай язык мой прыліпне да гартані маёй, калі я ня буду помніць цябе, калі Ерузалім не пастаўлю за найвышэйшую радасьць маю!
- Прыпомні, Госпадзе, сыном Эдомскім дзень Ерузаліму, як крычэлі яны: Далоў яго! Руйнуйце яго, руйнуйце аж да падвалінаў!
- О, дочка Бабілёнская, ты спусташэльніца! Шчасьлівы той, хто адплоце табе за ўсё, што ты нам зрабіла!
- Багаслаўлены, хто дзіцянятак тваіх, схапіўшы, паб’е аб каменьне.
Псальм 138.
- Давідавы. Усім сэрцам буду я славіць Цябе; прад абліччам Ангелаў я пяю Табе.
- Ніцма сукланюся прад сьвятым домам Тваім і буду хваліць імя Тваё дзеля ласкі й праўды Тваёй, бо слова Тваё Ты ўзвысіў панад кожнае імя Тваё.
- Калі я клікаў, Ты пачуў мяне і нутро маё сілай напоўніў.
- Будуць хваліць Цябе, Госпадзе, усе зямныя цары, як пачуюць словы вуснаў Тваіх.
- І будуць пяяці аб сьцежках Гасподніх, бо вялікая слава Госпада.
- Бо высака Госпад, але бачыць пакорнага і гордага пазнае здалёк.
- Калі прйдзецца мне сярод напасьцяў хадзіць, Ты жывым мяне захаваеш, проці ярасьці ворагаў руку Тваю Ты працягнеш, і правіца Твая мяне вызваліць.
- Усё за мянё Госпад зробіць. Госпадзе, ласка Твая навекі! Не пакінь твораў рук Тваіх! Альлілуя!
Псальм 139.
- Кіраўніку хору: псальм Давідавы. Госпадзе, Ты мяне выспрабаваў і Ты мяне ведаеш!
- Ты ведаеш, калі я сядаю й калі я ўстаю; ды здалёк разумееш думкі мае.
- Ці я хаджу, ці ляжу, Ты пры мне, усе дарогі мае Табе ведамы.
- Бо няма йшчэ слова на маім языку, а Ты, Госпадзе, ведаеш добра ўсё.
- Ззаду і сьпераду абняў Ты мяне і руку Тваю на мяне паклаў.
- Лішне дзіўнае веданьне, лішне высака для мяне, не магу яго сьцяміць!
- Куды мне йсьці ад духа Твайго і куды ўцячы ад аблічча Твайго?
- Калі-б я на неба ўзышоў, Ты там; калі-б ложам пекла зрабіў, — Ты й тама!
- Калі-б крыльле ў сьвітаньня я ўзяў і на самым канцы мора асеў,
- дык рука Твая вадзіла б мяне, а правіца Твая трымала-б мяне.
- Калі-б я сказаў: Няхай цемра пакрые мяне, і ночкай хай станецца сьветласьць навокал мяне,
- дык і цемра цёмнай ня была-б для Цябе, і ночка ясьнела-б, як дзень; цемра, як і сьвятло.
- Бо Ты стварыў нутро маё„ выткаў мяне ў чэраве матчыным.
- Хвалю Цябе за тое, што я гэтак дзіўна збудованы; дзіўныя ўчынкі Тваі, і душа мая ведае добра.
- Ня былі ўкрыты косьці мае прад Табою, калі я тварыўся ў укрыцьці, таёмна складаўся ў глыбінях зямлі.
- Вочы Твае бачылі мяне, калі быў я йшчэ бяскшталтным зародкам; дні былі вызначаны і ў кнізе Тваёй запісаны ўсе, калі йшчэ ніводнага з іх ня было.
- Як-жа важкі, о Божа, думкі Твае для мяне, ды якая вялікая безьліч іх!
- Калі-б захацеў я іх палічыць, дык іх больш, чым зярнятак пяску. Я буджуся, і я йшчэ з Табою.
- О, каб-жа Ты, Божа, пабіў-бы бязбожнікаў, каб крывапіўцы ад мяне адступіліся вон!
- Яны падступна супраць Цябе паўстаюць; ашуканства выдумляюць ворагі Тваі.
- Ці-ж ня мушу я й тых ненавідзець, о Госпадзе, што ненавідзяць Цябе, і брыдзіцца тымі, што на Цябе паўстаюць?
- Ненавісьцяй поўнай я іх ненавіджу, іх лічу за ворагаў і для мяне.
- Выспрабуй, Божа, мяне і сэрца маё Ты пазнай, мяне выспрабуй Ты і пазнай мае думкі!
- І зірні, ці ня йду супаратнай дарогай, і на шлях вечны скіруй Ты мяне!
Псальм 140.
- Кіраўніку хору: псальм Давідавы.
- Ратуй мяне, Госпадзе, ад ліхіх людзёй, ад гвалтаўнікоў захавай мяне!
- У сэрцы сваім яны задумляюць ліхое, кожын дзень калатню узьнімаюць,
- навастрылі язык свой, як зьмеі, яд зьмяіны ў вуснах у іх.
- Ад рук бязбожных захавай мяне, Госпадзе! Сьцеражы Ты мяне ад людзей гвалтоўных, што мяркуюць стопы мае пахіснуць.
- Гордыя ўкрадкам сіло мне наставілі й петлі, сеці расьпялі яны ля дарогі, западню для мяне прыгатовілі. (Зэля.)
- Сказаў я да Госпада: Ты— мой Бог! Пачуй, Госпадзе, голас маленьня майго!
- Госпадзе, мой Валадару! Ты крэпкая помач мая, Ты галаву мне ў дзень барацьбы засланяеш.
- Ня дай таго, Госпадзе, што бязбожнік жадае, ня дай удачы мяркаваньням ягоным! (Зэля.)
- Няхай голавы тых, што мяне абступаюць, пакрыюцца ядам уласных іх вуснаў!
- Няхай гарачае вугальле пасыплецца на іх! Няхай кіне Ён іх у агонь, у бяздоньне, каб ім не паўстаць!
- Чалавек з ліхім языком на зямлі ня ўстоіць; гвалтоўных няшчасьце перасьледаваць будзе, аж загінуць.
- Ведаю я, што Госпад заступіць справу прыгнечаных, дасьць справядлівасьць убогаму.
- Дык будуць пабожныя славіць імя Тваё, шчырыя сэрцам жыць прад абліччам Тваім!
Псальм 141.
- Псальм Давідавы. Госпадзе, клічу Цябе! Пасьпяшы да мяне! Зваж на голас мой, калі Цябе прызываю!
- Няхай будзе малітва мая, як кадзідла прад абліччам Тваім, а рук маіх узьніманьне — як ахвяра вячорная!
- Пастаў, Госпадзе, варту вуснам маім, сьцеражы дзьверы вуснаў маіх!
- Ня дай сэрцу майму да благога схіляцца ды чыніць беззаконнае з ліхімі людзьмі; ня дай, каб ласотак іх я каштаваў.
- Няхай мяне б’е справядлівы — то-ж ласка; няхай мяне дакарае — гэта-ж найлепшы алей, што галаве маёй не пашкодзіць; але малітва мая — проці злачынстваў іхніх.
- Іх судзьдзі па скалах расьцярушаны, але чуюць словы мае, як лагодныя яны.
- Быццам хтось землю гарэ і трушчыць, так крышаць і нас: косьці нашыя сыплюцца ў ляпу бяздоньня.
- Але к Табе, Госпадзе, мой Валадару, вочы мае скіраваны: у Цябе я шукаю патолі, не адапхні Ты маёй душы.
- Захавай Ты мяне ад сецяў, што мне яны настаўлялі, ад западні злачынцаў.
- Няхай пападуцца — адзін за адным — бязбожныя ў сеці свае, а я абміну іх.
Псальм 142.
- Навука Давідавая. Малітва яго, як быў у пячоры. Голасна крычу я да Госпада, голасна да Госпада малюся.
- Прад Ім я мой жаль выліваю, Яму пра тугу маю апавядаю.
- Калі зьнемагае мой дух у-ва мне, Ты вёдаеш сьцежку маю. На дарозе, якой я хадзіў, яны ўкрадкам сіло мне наставілі.
- Гляджу я ўправа — нікога няма, хто-б ведаў мяне; прыпынку няма для мяне, ніхто аб душу маю не парупіцца.
- Дык да Цябе крычу я, о Госпадзе, кажучы: Ты — мой прыпынак, Ты — мая доля ў зямлі жывых!
- Зваж на мой плач, бо вельмі зьнямогся я; ратуй Ты мяне ад маіх перасьледавацеляў, бо яны дужэй за мяне.
- Вызваль з вязьніцы душу маю, каб імя Тваё выхваляць. Пабожныя мяне навакол абступаюць, каб Ты мне ласку зрабіў.
Псальм 143.
- Псальм Давідавы. Малітву маю пачуй, Госпадзе, зваж на малітву маю, па праўдзе Тваёй мяне выслухай, паводле Тваёй справядлівасьці.
- І не ўваходзь у суд з рабом Тваім, бо ня праў прад Табою ніхто із жывых.
- Бо сочыць вораг душу маю, жыцьцё маё ўтаптаў у зямлю, у цемры глыбокай жыць мяне змусіў, быццам памёршых даўно.
- Ные мой дух у-ва мне, сэрца маё ўнутры зьнемагае.
- Успамінаю я дні старадаўныя, пра ўсе дзеяньні Твае разважаю, аб тварэньнях рук Тваіх думаю.
- Выцягаю я рукі мае да Цябе; душа мая прагне Цябе, як зямля бязводная. (Зэля.)
- Выслухай хутка мяне, о Госпадзе! Мой дух зьнемагае! Не хавай жа аблічча Твайго ад мяне, каб ня стаўся падобным я да таго, хто зыходзе ў магілу.
- Наранку дай чуць мне ласку Тваю, бо на Цябе спадзяюся. Ты мне шлях пакажы, якім мне ісьці, бо душу маю да Цябе я ўзьнімаю.
- Ад маіх ворагаў ратуй мяне, Госпадзе, бо на Цябе я чакаю.
- Навучы мяне волю Тваю выпаўняць, бо-ж Ты Бог мой. Няхай добры Твой дух вядзе мяне шляхам праўды.
- Госпадзе, дзеля іменьня Твайго захавай Ты мяне ў жыцьці! Дзеля Тваёй справядлівасьці вырві душу маю із напасьці!
- І дзеля ласкі Тваёй зьніштож маіх ворагаў, выгубі ўсіх, што мне душу ўціскаюць, бо-ж я — Твой раб!
Псальм 144.
- Давідавы.Багаслаўлены Госпад, цьвярдыня мая што рукі мае навучае вайны і пальцы – змаганьня.
- Сіла мая й агарожа мая, цьвярдыня мая і Збавіцель, шчыце мой, Ты, на Каго спадзяюся, Хто народ мой мне паддае!
- Чым, Госпадзе, ёсьць чалавек, што Ты аб ім рупішся, чым – сын чалавечы, што Ты на яго зварачаеш увагу?
- Чалавек падобны да подмуху; жыцьцё яго – быццам цень мімалётны.
- Нахілі Тваё неба, о Госпадзе, ды зыйдзі, дакраніся да гор, і узьнімуцца!
- Блісьні маланкай ды іх расьцяруш, пашлі стрэлы Твае ды іх пражані!
- Выцягні з высі руку Тваю, вызваль мяне і спасі ад водаў вялікіх, із рук чужакоў,
- вусны якіх гавораць брахліва, правіца-ж – правіца ілжы.
- Божа, я новую песьню Табе запяю, на арфе дзесяціструннай буду іграці Табе,
- Табе, што царом даеш перамогу, што Давіда, раба Твайго, ад мяча пагібелі вызваліў!
- Вырві мяне й ратуй мяне ад моцы чужынцаў, вусны якіх гавораць брахліва, правіца якіх ёсьць правіца ілжы.
- Хай сыны нашы будуць, як саджанцы, узрашчоныя ў іх маладосьці; дочкі нашыя – быццам слупы вуглавыя ў палацы, што штучна высечаны.
- Гумны нашы няхай будуць поўныя, на ўсякае збожжа багатыя; няхай плодзяцца нашы авечкі тысячмі й цьмамі на пасьвішчах нашых.
- Няхай будуць тлустыя нашы валы; хай ня будзе ўзламаньня ні жаднае страты, ні плачу на вуліцах нашых!
- Шчасьлівы народ, катораму гэтак шанцуе! Шчасьлівы народ, Богам якога ёсьць Госпад!
Псальм 145.
- Давідава песьня хвалебная. Вывышшаць Цябе буду, мой Божа й Цару, і імя Тваё славіць навекі!
- Багаслаўляць Цябе буду штодня і імя Тваё на вякі вечныя.
- Вялікі Госпад і годны хвалы, і веліч Яго – недасяжная.
- Хай род роду хваліць творы Твае і магутнасьць Тваю абвяшчае.
- Аб велічы сьветлае славы Тваёй хай гавораць яны; я-ж аб цудах Тваіх казаць буду.
- Аб магутнасьці дзеяньняў страшных Тваіх хай гавораць яны; я-ж буду вялікія ўчынкі Тваі абвяшчаць.
- Успаміны аб велічы дабраты Твае абвяшчаць яны будуць і песьнямі славіць справядлівасьць Тваю.
- Госпад ласкавы і міласэрны, няскоры да гневу й ласкай вялікі.
- Госпад добры да ўсіх, і літасьць Ягоная — панад усе Яго справы.
- Няхай хваляць Цябе ўсе творы Тваі, і сьвятыя Тваі няхай славяць Цябе!
- Хай аб славе Царства Твайго яны апавядаюць і магутнасьць Тваю абвяшчаюць,
- каб даць вестку сыном чалавечым пра магутнасьць Яго й веліч славы Царства Ягонага.
- Царства Тваё — царства ўсіх вякоў, і ўлада Твая — над усімі родамі.
- Паддзержывае Госпад усіх, хто ўпадае, і падыймае ўсіх уцісьнёных.
- Вочы ўсіх на Цябе ўзіраюцца, і Ты ім іх ежу даеш у свой час.
- Ты расчыняеш руку Тваю і ўсё, што жыве, насычаеш паводле жаданьня.
- Справядлівы Госпад на ўсіх шляхох Сваіх і ласкавы ў усіх Сваіх справах.
- Госпад блізкі да ўсіх, што Яго прызываюць, да ўсіх, што Яго прызываюць у праўдзе.
- Ён робіць паводле жаданьня тых, што баяцца Яго, і чуе іх плач і ратуе іх.
- Госпад захоўвае ўсіх, што любяць Яго, але ўсіх бязбожных Ён выгубіць.
- Хвалу Госпада будуць казаць мае вусны, і ўсякае дыханьне хай сьвятое імя Яго славіць навекі.
Псальм 146.
- Альлілуя! Слаў, душа мая, Госпада!
- Хваліць буду Госпада, пакуль жыву; пяяць буду Богу майму, пакуль істную.
- Не спадзявайцеся на князёў ды на чалавека: няма спасеньня ў яго!
- Выйдзе дух із яго, і ізноў зямлёю ён зробіцца; у той-жа дзень счэзнуць і мысьлі яго.
- Шчасьлівы, каму Бог Якубаў дае ўспамогу, надзея чыя — на Госпада, Бога яго,
- Каторы неба стварыў і зямлю, мора ды ўсё, што ў ім, Каторы вернасьць навекі хавае,
- Каторы прыгнечаным дасьць справядлівасьць, галодным хлеба дае. Госпад вызваляе вязьняў,
- Госпад расчыняе вочы сьляпым, Госпад падыймае ўцісьнёных, Госпад любіць пабожных.
- Госпад ахоўвае захаджалых, памагае сіротам і ўдовам, але шлях бязбожнікаў блутае.
- Госпад будзе Царом навекі, твой Бог, Сыоне, з роду ды ў род! Альлілуя!
Псальм 147.
- Слаўце Госпада, бо добры Ён; выслаўляйце Бога нашага, бо салодка гэта. Песьня хвалебная належыцца Яму!
- Госпад будуе Ерузалім, Ён зьбірае выгнанцаў Ізраіля.
- Ён аздараўляе скрышаных сэрцам і раны завязвае ім.
- Ён зорам лік вызначае, кожную імем яе называе.
- Вялікі наш Госпад і багаты сілай, розум Ягоны меры ня мае.
- Госпад прыгнечаных уверх падыймае, бязбожных аж да зямлі прыніжае.
- Сьпявайце Госпаду хвалебную песьню, на гусьлях слаўце нашага Бога,
- Каторы неба пакрывае хмарамі, дождж на зямлю пасылае, траву на гарах узрашчае,
- дае скаціне пашу яе; корм груганятам, што крычаць да Яго.
- Ня ў сіле каня Ён мае ўпадабаньне і ня ў борздасьці ног мужчынскіх,
- а тымі любуецца Госпад, што баяцца Яго, што спадзяюцца на ласку Ягоную.
- Слаў Госпада, Ерузалім, хвалі Бога твайго, Сыоне!
- Бо засаўкі ў брамах тваіх змацаваў Ён, дзяцей тваіх сярод цябе багаслаўляе.
- Ён мір дае межам тваім, насычае цябе найлепшай пшаніцай.
- Ён на зямлю Свой загад пасылае: борзда вельмі бяжыць Яго слова!
- Ён сьнег дае, быццам воўну, сыпле шэраш, як попел.
- Кідае лёд Свой кускамі; хто можа ўстаяць прад марозам Яго?
- Пашле Ён слова Сваё— і ўсё растапляецца; павее ветрам Сваім — і воды цякуць.
- Якубу Ён слова Сваё абвясьціў, Ізраілю — уставы Свае і законы.
- Ніякому народу таго-ж не зрабіў, законаў Сваіх іх не навучыў. Альлілуя!
Псальм 148.
- Альлілуя! Хвалеце Госпада з неба, хвалеце Яго на вышынях нябесных!
- Хвалеце Яго, усе Яго Ангелы! Хвалеце Яго, усе войскі Ягоныя!
- Хвалеце Яго, сонца і месяц, хвалеце Яго, усе зоры ясныя!
- Хвалеце Яго, нябёсы нябёсаў, і вы, воды, што пад нябёсамі!
- Няхай яны хваляць імя Госпада, бо Ён загадаў, і стварыліся,
- і паставіў іх на ўсе часы й вякі; даў ім закон, і не пераступяць яго.
- Хвалеце Госпада ад зямлі, страхоцьці марскія і ўсе бяздоньні!
- Агонь і град, сьнег і туман, і ты, вецер бурны, што загад Яго выпаўняеш,
- вы, горы й узгоркі ўсе, вы, дрэвы пладовыя й кедры ўсе,
- вы, зьверы дзікія і кожна жывёла, вы, гады і птушкі крылатыя,
- вы, цары зямныя і ўсе народы, князі й усе судзьдзі зямлі,
- Вы, дзяцюкі, вы, дзяўчаты, вы, старыя ды разам з малымі,
- хвалеце імя Гасподняе, бо толькі Ягонае імя вывышшана; бліск Яго над зямлёю і небам!
- Ён дараваў народу Свайму рог высака ўзьняты; дык хвала Яму ад усіх Ягоных пабожных, ад сыноў Ізраілявых, ад народу блізкога Яму! Альлілуя!
Псальм 149.
- Альлілуя! Сьпявайце Госпаду песьню новую; хвала Яму ў зграмаджэньні пабожных!
- Весяліся, Ізраілю, ў Тварцу тваім; радуйцеся, сыны Сыону, у Цару вашым!
- Хвалеце імя Яго карагодамі, іграйце Яму на тымпанах і гусьлях!
- Бо ўпадабаў Госпад народ Свой; пакорных спасеньнем Ён аздабляе.
- Будуць пабожныя цешыцца з славы Ягонай, будуць славіць Яго на ложках сваіх,
- Хвала Богу хай будзе ў іх вуснах, а меч абасечны ў іх у руцэ,
- каб зьдзейсьніць помсту над паганамі, кару над народамі,
- цароў іхніх вяжучы ланцугамі і іхніх магнатаў – зялезнымі путамі,
- спаўняючы прысуд даўно запісаны. Гэткая слава ўсім пабожным Яго! Альлілуя!
Псальм 150.
- Альлілуя! Хвалеце Бога ў сьвятыні Яго, хвалеце Яго ў цьвярдыні моцы Ягонай;
- хвалеце Яго за дзеяньні моцы Ягонай; хвалеце Яго за вялікасьць Ягонае велічы!
- Хвалеце Яго пад трубны гук, хвалеце Яго на псалтыры і гусьлях!
- Хвалеце Яго з тымпанамі й карагодамі; хвалеце Яго на струнных і жалейках!
- Хвалеце Яго на цымбалах гучных; хвалеце Яго на цымбалах галосных!
- Усякае дыханьне няхай хваліць Госпада! Альлілуя!