ДРУГАЯ КНІГА ВАЛАДАРОЎ
Разьдзел 1
1 І збунтаваўся Мааў супраць Ізраіля пасьля сьмерці Ахава.
2 А Ахазія выпаў праз краты з верхняга пакою свайго, які ў Самарыі, і захварэў. І паслаў ён пасланцоў, і сказаў ім: «Ідзіце, спытайце Баал-Зэбуба, бога Экрону, ці ачуняю я з гэтай хваробы маёй?»
3 І анёл ГОСПАДА прамовіў да Ільлі з Тэшбы: «Устань, і выйдзі насустрач пасланцам валадара Самарыі, і прамоў да іх: “Ці ж няма Бога ў Ізраіля, што вы ідзіцё пытацца ў Баал-Зэбуба, бога Экрону?
4 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: «З ложку, на які ты лёг, ня зыйдзеш з яго, але сьмерцю памрэш»”». І Ільля пайшоў.
5 І вярнуліся пасланцы да [Ахазіі], і ён сказаў ім: «Чаму вы вярнуліся?»
6 А яны сказалі яму: «Нейкі чалавек выйшаў насустрач нам і сказаў нам: “Ідзіце, і вярніцеся да валадара, які паслаў вас, і прамоўце да яго: «Гэта кажа ГОСПАД. Ці няма Бога ў Ізраіля, што ты пасылаеш пытацца ў Баал-Зэбуба, бога Экрону? Дзеля гэтага з ложку, на які ты лёг, ня зыйдзеш з яго, але сьмерцю памрэш»”».
7 І ён сказаў ім: «Як выглядаў той чалавек, які выйшаў вам насустрач і прамовіў да вас словы гэтыя?»
8 Яны сказалі яму: «Гэта чалавек касматы і падперазаны пасам скураным вакол сьцёгнаў сваіх». І ён сказаў: «Гэта Ільля з Тэшбы».
9 І паслаў Ахазія да яго пяцідзясятніка разам з пяцідзесяцьцю ягонымі. І прыйшоў ён да [Ільлі], які быў на вяршыні гары, і прамовіў да яго: «Чалавек Божы! Валадар гаворыць табе, каб ты зыйшоў!»
10 І адказаў Ільля, і сказаў пяцідзясятніку: «Калі я — чалавек Божы, няхай зыйдзе агонь з неба і спаліць цябе і пяцядзясят [чалавек] тваіх!» І зыйшоў агонь з неба, і спаліў яго і пяцьдзясят [чалавек] ягоных.
11 І паслаў валадар да яго іншага пяцідзясятніка разам з пяцідзесяцьцю ягонымі. І ён адказаў, і сказаў яму: «Чалавек Божы! Гэта кажа валадар: “Хутка зыйдзі!”»
12 І адказаў Ільля, і сказаў ім: «Калі я — чалавек Божы, няхай зыйдзе агонь з неба і спаліць цябе і пяцьдзясят [чалавек] тваіх». І зыйшоў агонь Божы з неба, і спаліў яго і пяцьдзясят [чалавек] ягоных.
13 І паслаў валадар трэцяга пяцідзясятніка разам з пяцідзесяцьцю ягонымі, і ён пайшоў. І прыйшоў трэці пяцідзясятнік, і ўпаў на калені свае перад Ільлёю, і прасіў яго, і сказаў яму: «Чалавек Божы! Няхай душа мая і душа гэтых слугаў тваіх, гэтых пяцідзесяці, будуць каштоўныя ў вачах тваіх!
14 Вось, агонь зыйшоў з неба, і спаліў абодвух папярэдніх пяцідзясятнікаў разам з пяцідзесяцьцю іхнімі. Але цяпер няхай будзе каштоўная душа мая ў вачах тваіх».
15 І анёл ГОСПАДА прамовіў да Ільлі: «Зыйдзі з ім, ня бойся яго». І [Ільля] ўстаў, і пайшоў з ім да валадара,
16 і прамовіў да яго: «Гэта кажа ГОСПАД: “За тое, што ты паслаў пасланцоў пытацца ў Баал-Зэбуба, бога Экрону, нібыта няма Бога ў Ізраіля, каб пытацца пра слова Ягонае, з ложку, на якім ляжыш, ня зыйдзеш з яго, але сьмерцю памрэш”».
17 І памёр [валадар] паводле слова ГОСПАДА, якое прамовіў Ільля. А замест яго заваладарыў Ярам у другім годзе Егарама, сына Язафата, валадара Юды, бо [Ахазія] ня меў сына.
18 Іншыя дзеяньні Ахазіі, якія ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
Разьдзел 2
1 І сталася, калі ГОСПАД узяў Ільлю ў неба ў віхуры, ішоў Ільля і Элісэй з Гільгалу.
2 І сказаў Ільля Элісэю: «Застанься тут, бо ГОСПАД паслаў мяне аж у Бэтэль». І сказаў Элісэй: «Як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, не пакіну цябе». І зыйшлі яны ў Бэтэль.
3 І выйшлі сыны прарокаў, якія ў Бэтэлі, да Элісэя і сказалі яму: «Ці ты ведаеш, што сёньня забярэ ГОСПАД гаспадара твайго па-над галавою тваёй?» Ён сказаў: «Я таксама ведаю, маўчыце».
4 І сказаў яму Ільля: «Элісэй, застанься тут, бо ГОСПАД паслаў мяне ў Ерыхон». А ён сказаў: «Як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, не пакіну цябе». І прыйшлі яны ў Ерыхон.
5 І падыйшлі сыны прарокаў, якія ў Ерыхоне, да Элісэя, і сказалі яму: «Ці ты ведаеш, што сёньня забярэ ГОСПАД гаспадара твайго па-над галавою тваёй?» Ён сказаў: «Я таксама ведаю, маўчыце!»
6 І сказаў яму Ільля: «Застанься тут, бо ГОСПАД паслаў мяне да Ярдану». А ён сказаў: «Як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, не пакіну цябе». І пайшлі яны абодва [разам].
7 І пяцьдзясят чалавек з сыноў прарокаў пайшлі, і сталі насупраць здалёк, а яны абодва сталі каля Ярдану.
8 І Ільля зьняў плашч свой, і скруціў, і ўдарыў ім па вадзе. І разьдзялілася [вада] ў адзін і ў другі бок, і яны перайшлі абодва па сухазем’і.
9 І сталася, калі перайшлі, Ільля сказаў Элісэю: «Прасі, што мне зрабіць табе, пакуль ня буду забраны ад цябе». А Элісэй сказаў: «Няхай, прашу, дух твой [будзе] падвойна на мне!»
10 І [Ільля] сказаў: «Цяжкога ты просіш. Калі ўбачыш мяне, як буду ўзяты ад цябе, будзе табе гэта; а калі ня [ўбачыш], ня будзе».
11 І сталася, калі яны ішлі і размаўлялі, вось, [зьявілася] калясьніца вогненная і коні вогненныя, і разьдзялілі абодвух, і Ільля ў віхуры ўзьняўся ў неба.
12 А Элісэй глядзеў і крычаў: «Ойча мой! Ойча мой! Калясьніца Ізраіля і коньнікі ягоныя». І больш яго ўжо ня бачыў, і схапіў шаты свае, і разьдзёр іх на дзьве часткі.
13 І падняў ён плашч Ільлі, які зваліўся з яго, і вярнуўся, і стаў на беразе Ярдану.
14 І ўзяў плашч Ільлі, які зваліўся з яго, і ўдарыў па вадзе, і сказаў: «Дзе ГОСПАД, Бог Ільлі?» І ўдарыў па вадзе, і яна разьдзялілася ў адзін і ў другі бок, і Элісэй перайшоў.
15 І ўбачылі яго сыны прарокаў, якія [былі] ў Ерыхоне насупраць, і сказалі: «Дух Ільлі супачыў на Элісэі». І прыйшлі на спатканьне яму, і пакланіліся яму да зямлі,
16 і сказалі яму: «Вось, між слугаў тваіх пяцьдзясят чалавек мужных. Няхай яны пойдуць і пашукаюць гаспадара твайго, ці часам не падняў яго Дух ГОСПАДА і не спусьціў на нейкай гары або ў лагчыне». А ён сказаў: «Не пасылайце!»
17 Але яны налягалі на яго і надакучалі, і [Элісэй] сказаў: «Пасылайце». І паслалі яны пяцьдзясят чалавек, і яны шукалі [Ільлю] тры дні, і не знайшлі.
18 І вярнуліся да [Элісэя], а ён быў у Ерыхоне, і ён сказаў ім: «Ці ж не казаў я вам: “Не ідзіце!”»
19 І сказалі жыхары гораду Элісэю: «Вось, разьмяшчэньне гораду гэтага добрае, як гаспадар наш бачыць, але вада кепская і зямля не дае пладоў».
20 і ён сказаў: «Прынясіце мне новую місу і ўкіньце туды солі». І яны прынесьлі яму.
21 І ён пайшоў да крыніцы вады, і ўкінуў туды соль, і сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Я аздаравіў ваду гэтую, і ня будзе тут больш ані сьмерці, ані бясплоднасьці”».
22 І аздароўлена была вада па сёньняшні дзень паводле слова Элісэя, якое ён прамовіў.
23 І адтуль пайшоў ён у Бэтэль. І калі ён ішоў дарогаю, малыя хлопцы выбеглі з гораду і сьмяяліся з яго, і казалі яму: «Ідзі, лысы! Ідзі, лысы!»
24 Ён павярнуўся да іх, і паглядзеў на іх, і пракляў іх у імя ГОСПАДА. І выйшлі дзьве мядзьведзіцы з лесу, і разарвалі сорак двух хлопцаў з іх.
25 Адтуль пайшоў ён на гару Кармэль, а адтуль вярнуўся ў Самарыю.
Разьдзел 3
1 А Ярам, сын Ахава, заваладарыў над Ізраілем у Самарыі ў васямнаццатым годзе Язафата, валадара Юды, і валадарыў дванаццаць гадоў.
2 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, але ня так, як бацька ягоны і маці ягоная. І ён прыбраў слуп Баала, які зрабіў бацька ягоны.
3 Толькі да грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, ён прыляпіўся і не адступіў ад іх.
4 А Мэша, валадар Мааву, быў гадоўцам авечак і даваў валадару Ізраіля сто тысячаў авечак і воўну са ста тысячаў бараноў.
5 І сталася пасьля сьмерці Ахава, што валадар Мааву збунтаваўся супраць валадара Ізраіля.
6 І валадар Ярам у той дзень выйшаў з Самарыі і палічыў усяго Ізраіля.
7 І пайшоў, і паслаў да Язафата, валадара Юды, кажучы: «Валадар Мааву збунтаваўся супраць мяне. Ці пойдзеш са мною ваяваць супраць Мааву?» Той сказаў: «Пайду. Як ты, так і я, як народ твой, так і народ мой, як коні твае, так і коні мае».
8 І сказаў: «Якім шляхам мы пойдзем?» А той сказаў: «Шляхам праз пустыню Эдом».
9 І вырушылі валадар Ізраіля, валадар Юды і валадар Эдому. І ішлі яны па шляху сем дзён, і не было вады для войска і жывёлы, якая ішла з імі.
10 І сказаў валадар Ізраіля: «Бяда! бо паклікаў ГОСПАД трох валадароў, каб аддаць іх у рукі Мааву».
11 І сказаў Язафат: «Ці няма тут прарока ГОСПАДАВАГА, каб праз яго спытаць ГОСПАДА?» І адказаў адзін са слугаў валадара Ізраіля, і сказаў: «Тут Элісэй, сын Шафата, які паліваў вадой рукі Ільлі».
12 І сказаў Язафат: «Ён мае слова ГОСПАДА». І пайшлі да яго валадар Ізраіля, і Язафат, і валадар Эдому.
13 І сказаў Элісэй валадару Ізраіля: «Што табе і мне? Ідзі да прарокаў бацькі твайго і да прарокаў маці тваёй». І сказаў яму валадар Ізраіля: «Ці не паклікаў ГОСПАД трох валадароў гэтых, каб аддаць іх у рукі Мааву?»
14 І сказаў Элісэй: «Як жывы ГОСПАД Магуцьцяў, перад абліччам Якога я стаю, калі б я не паважаў Язафата, валадара Юды, не зьвярнуў бы ўвагі на цябе і ня глянуў бы.
15 А цяпер прывядзіце да мяне гусьляра». І сталася, калі гусьляр зайграў, лягла на Элісэя рука ГОСПАДА,
16 і ён сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Выкапайце ў гэтай лагчыне роў за ровам”.
17 Бо гэта кажа ГОСПАД: “Ня ўбачыце ветру, і ня ўбачыце дажджу, а лагчына гэтая напоўніцца вадою. І будзеце піць вы, і статак ваш, і жывёла вашая”.
18 І гэтага яшчэ мала ў вачах ГОСПАДА. І Ён выдасьць Мааў у рукі вашыя.
19 І вы зруйнуеце ўсе гарады ўмацаваныя і ўсе гарады багатыя, і вы сьсячыце ўсе дрэвы добрыя, і засыпеце ўсе крыніцы водаў, і на ўсе палі абрабляныя добрыя накідаеце камянёў».
20 І сталася раніцаю ў час складаньня ахвяры, вось, вада пацякла дарогаю Эдомскай, і напоўнілася зямля вадою.
21 А ўсе Мааўляне пачулі, што надыходзяць валадары, каб ваяваць супраць іх, і склікалі ўсіх, здольных насіць зброю, і сталі на мяжы.
22 І ўсталі рана раніцаю, і ўзыходзіла сонца над вадою, і ўбачылі Мааўляне здалёк ваду чырвоную, як кроў.
23 І сказалі яны: «Гэта кроў! Рэжучыся, рэжуцца валадары, і пазабівалі адзін аднаго. І цяпер [хадзем] па здабычу, Мааўляне!»
24 І падыйшлі яны да табару Ізраіля, і ўсталі Ізраільцяне, і пабілі Мааўлянаў, і тыя ўцякалі перад абліччам іхнім, а яны ішлі сярод іх і забівалі Мааўлянаў.
25 І зруйнавалі гарады, і закідалі палі добрыя камянямі, і засыпалі ўсе крыніцы водаў, і зрэзалі ўсе дрэвы добрыя. Засталіся толькі муры Кір-Харэшэту, і атачылі яго каменякіды, і закідвалі камянямі.
26 І ўбачыў валадар Мааву, што перамагаюць ворагі ягоныя, і ён узяў з сабой семсот чалавек, якія трымаюць меч, каб прабіцца да валадара Эдому, але ня змог.
27 І ўзяў ён сына свайго першароднага, які пасьля яго меў валадарыць, і склаў яго ў ахвяру цэласпаленьня на мурах. І паўстала вялікае абурэньне ў Ізраільцянаў, і яны адыйшлі ад яго, і вярнуліся ў зямлю сваю.
Разьдзел 4
1 Адна ўдава спасярод жонак сыноў прарокаў клікала да Элісэя, кажучы: «Мой муж, слуга твой, памёр. А ты ведаеш, што слуга твой баяўся ГОСПАДА. Але прыйшоў ліхвяр, каб забраць сабе абодвух дзяцей маіх у нявольнікі».
2 І сказаў ёй Элісэй: «Што магу зрабіць для цябе? Скажы мне, што маеш у доме сваім?» Яна сказала: «Служка твая ня мае ў доме анічога, акрамя збанка з алеем».
3 І сказаў [Элісэй]: «Ідзі, пазыч сабе посуд у-ва ўсіх суседзяў сваіх, посуд пусты, і [набяры] яго нямала.
4 І вярніся, і замкні дзьверы за сабою і сынамі тваімі, і налівай у-ва ўсе гэтыя пасудзіны, а напоўненыя адстаўляй».
5 І яна пайшла ад яго, і замкнула дзьверы за сабою і за сынамі сваімі, і яны падносілі ёй посуд, а яна налівала.
6 І сталася, калі ўвесь посуд быў поўны, сказала яна сыну свайму: «Прынясі мне яшчэ пасудзіну». Але ён сказаў ёй: «Ня маю больш посуду». І спыніўся алей.
7 І пайшла яна, і паведаміла чалавеку Божаму, а ён сказаў ёй: «Ідзі, прадай алей і вярні доўг пазычальніку твайму. А ты і сыны твае жывіце з таго, што засталося».
8 І сталася, што аднаго дня Элісэй праходзіў праз Шунэм. І там багатая жанчына затрымала яго, каб паеў хлеба. І колькі разоў ён там праходзіў, заходзіў туды падсілкавацца хлебам.
9 І сказала яна мужу свайму: «Вось, я ведаю, што той чалавек Божы, які заўсёды праходзіць каля нас, — сьвяты.
10 Дык зробім верхні пакойчык, і паставім у ім ложак, стол, зэдлік і сьвечнік, і станецца, калі ён зойдзе да нас, застанецца там».
11 І сталася аднаго дня, што ён зайшоў туды, і падняўся ў верхні пакойчык, і там заначаваў.
12 І сказаў ён слузе свайму Гехазію: «Пакліч Шунамянку гэтую». І ён паклікаў яе, і яна стала перад абліччам ягоным.
13 І сказаў [Элісэй слузе]: «Скажы ёй: “Вось, ты так рупішся пра нас з такой руплівасьцю. Што зрабіць для цябе? Можа, пагаварыць праа цябе з валадаром або з начальнікам войска?”» А яна сказала: «Я жыву сярод народу свайго».
14 І ён сказаў: «Дык што зрабіць для яе?» І Гехазі сказаў: «На жаль, яна ня мае сына, а муж ейны стары».
15 І [Элісэй] сказаў: «Пакліч яе!» І ён паклікаў яе, і яна стала каля дзьвярэй.
16 І ён сказаў: «У вызначаны час паводле часу жыцьця ты будзеш песьціць сына». І яна адказала: «Гаспадару мой, чалавек Божы, не падманвай служкі тваёй».
17 І зачала жанчына, і нарадзіла сына ў вызначаны час паводле часу жыцьця, як прамовіў да яе Элісэй.
18 І рос той хлопчык. І сталася аднаго дня, што пайшоў ён да бацькі свайго, да жняцоў,
19 і сказаў ён бацьку свайму: «Галава мая! Галава мая!» І [бацька] сказаў слузе: «Занясі яго да маці ягонай!»
20 Забраў яго [слуга] і занёс да маці ягонай. І ён сядзеў на каленях у яе да паўдня, і памёр.
21 Яна ўзыйшла, і палажыла яго ў ложак чалавека Божага, і замкнула за сабою [дзьверы], і выйшла.
22 І паклікала яна мужа свайго, і сказала: «Прыйшлі мне, калі ласка, аднаго са слугаў і асьліцу, і я пайду да чалавека Божага, і вярнуся».
23 І ён сказаў ёй: «Навошта ідзеш да яго сёньня? Не маладзік [цяпер], не субота» Але яна сказала: «Супакой [няхай будзе]».
24 І яна асядлала асьліцу, і сказала слузе свайму: «Вядзі і ідзі! Не затрымоўвайся ў дарозе, пакуль не скажу табе».
25 І пайшла, і прыйшла да чалавека Божага на гару Кармэль. І сталася, калі чалавек Божы ўгледзеў яе здалёк, ён сказаў слузе свайму Гехазію: «Вось, тая Шунамянка.
26 Пабяжы насустрач ёй і скажы ёй: “Ці супакой у цябе? Ці супакой у мужа твайго? Ці супакой у сына твайго?”» І яна сказала: «Супакой».
27 І прыйшла яна на гару да чалавека Божага, і абняла ногі ягоныя, а Гехазі падыйшоў, каб адсунуць яе, але сказаў чалавек Божы: «Пакінь яе, бо душа ейная ў горычы, а ГОСПАД схаваў гэта ад мяне і не паведаміў мне».
28 А яна сказала: «Ці я прасіла гаспадара майго пра сына? Ці ж я не казала: “Не падманвай мяне”?»
29 І [Элісэй] сказаў Гехазію: «Падперажы сьцёгны твае, і вазьмі кій мой у руку тваю, і ідзі! Калі сустрэнеш каго, не вітайся з ім, а калі цябе хто прывітае, не адказвай яму. І паложыш кій мой на аблічча хлопчыка».
30 І маці хлопца сказала: «Як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, не пакіну цябе!» І [Элісэй] устаў, і пайшоў з ёю.
31 А Гехазі выперадзіў іх і палажыў кій на аблічча хлопца, але не было ані голасу, ані знаку [жыцьця]. І Гехазі вярнуўся да яго, і паведаміў яму, кажучы: «Хлопец не прачнуўся».
32 І ўвайшоў Элісэй у дом, і вось, хлопчык ляжыць мёртвы на ложку ягоным.
33 І ўвайшоў ён, і замкнуў дзьверы за сабою, і маліў ГОСПАДА.
34 І падыйшоў, і лёг на хлопчыка, і прытуліў вусны свае да вуснаў ягоных, і вочы свае да вачэй ягоных, і далоні свае да далоняў ягоных, і прыціснуўся да яго, і грэў цела хлопчыка.
35 І вярнуўся, і хадзіў па доме туды і сюды, і ўзыйшоў, і прыціснуўся да яго, і хлопец пазяхнуў сем разоў і расплюшчыў хлопец вочы свае.
36 І паклікаў [Элісэй] Гехазія, і сказаў: «Пакліч Шунамянку гэтую». І той паклікаў яе, і яна ўвайшла да яго, і ён сказаў: «Вазьмі сына твайго».
37 І яна ўвайшла, і ўпала да ног ягоных, і пакланілася да зямлі, і ўзяла сына свайго, і выйшла.
38 А Элісэй вярнуўся ў Гільгал. І быў голад у зямлі. І сыны прарокаў сядзелі перад абліччам ягоным, і ён сказаў слузе свайму: «Пастаў вялікі кацёл і звары поліўку для сыноў прарокаў».
39 І выйшаў адзін з іх у поле назьбіраць зеляніны. І знайшоў ён дзікую расьліну, і назьбіраў з яе дзікіх пладоў поўны плашч свой. І ён вярнуўся, і накідаў іх у кацёл з поліўкай, а ён ня ведаў, што гэта была [за расьліна].
40 І налілі людзям есьці. І калі яны паелі поліўку, закрычалі і сказалі: «Сьмерць у катле, чалавек Божы!» І не маглі есьці.
41 І сказаў [Элісэй]: «Прынясіце мукі». І насыпаў ён [яе] ў кацёл, і сказаў: «Наліце людзям». І елі, і ў катле не было нічога ліхога.
42 І прыйшоў чалавек з Баал-Шалішу, і прынёс чалавеку Божаму хлеб з пяршынаў: дваццаць хлябоў ячменных і сьвежае збожжа ў мяху. І сказаў [Элісэй]: «Дайце людзям, і няхай яны ядуць».
43 І сказаў паслугач ягоны: «Як я дам гэта сотні людзей?» А ён сказаў: «Дай людзям, і няхай ядуць, бо гэта кажа ГОСПАД: “Ешце і застанецца [яшчэ]”».
44 І ён даў ім, і яны насыціліся, і яшчэ засталося паводле слова ГОСПАДА.
Разьдзел 5
1 Нааман, начальнік войска валадара Сірыі, быў чалавек вялікі перад абліччам гаспадара свайго і быў вельмі паважаны, бо праз яго ГОСПАД даў перамогу Сірыі. І быў ён волат мужны, але [ён быў] пракажоны.
2 І вырушылі войскі Сірыйцаў, і ўзялі ў палон з зямлі Ізраіля малую дзяўчынку, і была яна перад абліччам жонкі Наамана.
3 І сказала яна гаспадыні сваёй: «О, каб гаспадар мой [стаў] перад абліччам прарока, які ў Самарыі! Ён аздаравіў бы яго ад праказы ягонай!»
4 І пайшоў Нааман, і паведаміў гаспадару свайму, кажучы: «Вось так і так сказала дзяўчынка з зямлі Ізраіля».
5 І валадар Сірыі сказаў: «Ідзі, а я пашлю ліст да валадара Ізраіля». І ён пайшоў, і ўзяў у руку сваю дзесяць талентаў срэбра, і шэсьць тысячаў [сыкляў] золата, і дзесяць зьменаў адзеньня.
6 І прынёс ён валадару Ізраіля ліст, які казаў: «Калі прыйшоў ліст гэты да цябе, вось, я пасылаю да цябе Наамана, слугу майго, каб ты аздаравіў яго ад праказы ягонай».
7 І сталася, калі валадар Ізраіля прачытаў ліст гэты, ён разьдзёр шаты свае і сказаў: «Ці ж я — Бог, каб забіваць і вяртаць жыцьцё, што ён прысылае да мяне, каб я аздаравіў чалавека ад праказы ягонай? Падумайце і паглядзіце, ці ён не зачэпкі шукае супраць мяне?»
8 І сталася, калі пачуў Элісэй, чалавек Божы, што валадар Ізраіля разьдзёр шаты свае, ён паслаў да валадара, кажучы: «Навошта разьдзёр ты шаты свае? Няхай ён прыйдзе да мяне і даведаецца, што ёсьць прарок у Ізраілі».
9 І прыйшоў Нааман з коньмі сваімі і калясьніцаю сваёй, і затрымаўся каля дзьвярэй дому Элісэя.
10 І Элісэй паслаў да яго пасланца, кажучы: «Ідзі і памыйся сем разоў у Ярдане, і цела тваё станецца [здаровым], і ты будзеш ачышчаны [ад праказы]».
11 І загневаўся Нааман, і адыйшоў, і сказаў: «Вось, я казаў сабе, што ён выйдзе [да мяне], і стане, і будзе клікаць імя ГОСПАДА, Бога свайго, і дакранецца рукой сваёй месца [праказы], і аздаровіць ад праказы.
12 Ці ня лепшыя Абана і Фарпар, рэкі Дамаску, за ўсе рэкі Ізраіля? Ці ж ня мог я памыцца ў іх і быць ачышчаным?» І павярнуўся, і пайшоў у гневе.
13 І наблізіліся слугі ягоныя, і прамовілі да яго: «Бацька мой, калі б пра рэчы вялікія прамовіў да цябе прарок, ці ты не зрабіў бы? А тым больш, калі ён сказаў табе: “Памыйся і будзеш ачышчаны”».
14 І зыйшоў Нааман, і сем разоў занурыўся ў Ярдан паводле слова чалавека Божага. І аднавілася цела ягонае, як цела малога хлопца, і быў ён ачышчаны.
15 І вярнуўся да чалавека Божага ён і ўся дружына ягоная, і стаў перад абліччам ягоным, і сказаў: «Вось, я даведаўся, што на ўсёй зямлі няма Бога, але толькі ў Ізраілі! І цяпер, калі ласка, прымі дар ад слугі твайго».
16 І сказаў [Элісэй]: «Як жывы ГОСПАД, перад абліччам Якога я стаю, не вазьму». А той моцна прасіў яго ўзяць, але ён не згадзіўся.
17 І сказаў Нааман: «Калі не, няхай слузе твайму дадуць зямлі, колькі пара мулаў можа несьці, бо слуга твой ужо ня будзе складаць цэласпаленьні і ахвяры крывавыя іншым багам, але толькі ГОСПАДУ!
18 Адно толькі няхай прабачыць ГОСПАД слузе твайму: калі гаспадар мой уваходзіць у дом Рымона, каб пакланіцца там, ён абапіраецца на руку маю, і тады я мушу пакланіцца ў доме Рымона. Калі я буду пакланяцца ў доме Рымона, няхай даруе ГОСПАД слузе твайму гэта».
19 І [Элісэй] сказаў яму: «Ідзі ў супакоі». І ён адыйшоў ад яго кавалак дарогі.
20 І сказаў Гехазі, слуга чалавека Божага: «Вось, гаспадар мой пашкадаваў Наамана Сірыйца, не прыняў ад яго таго, што ён прынёс. Як жывы ГОСПАД, пабягу за ім і нешта атрымаю ад яго».
21 І пабег Гехазі за Нааманам. І ўбачыў Нааман, што нехта бяжыць за ім, і зыйшоў з калясьніцы насустрач яму, і сказаў: «Ці з мірам?»
22 Ён сказаў: «З мірам. Гаспадар мой паслаў мяне, кажучы: “Вось, цяпер прыйшлі да мяне з гары Эфраіма два юнакі з сыноў прарокаў. Дай ім талент срэбра і дзьве зьмены адзеньня”».
23 І сказаў Нааман: «Лепш вазьмі два таленты». І ўпрошваў яго, і завязаў два таленты срэбра ў дзьве кайстры, і дзьве зьмены адзеньня, і даў двум слугам сваім, і яны панесьлі іх перад абліччам ягоным.
24 І прыйшоў ён у Афэль, і забраў [рэчы гэтыя] з рук іхніх, і палажыў у доме, а людзей тых выправіў, і яны пайшлі.
25 І ён пайшоў, і стаў перад гаспадаром сваім. І сказаў яму Элісэй: «Адкуль ты [прыйшоў], Гехазі?» Ён сказаў: «Слуга твой не хадзіў нікуды».
26 А ён сказаў яму: «Ці ж сэрца маё не ішло [з табою], калі насустрач табе зыйшоў чалавек той з калясьніцы сваёй? Ці [цяпер]час браць срэбра і адзеньне, або аліўкавыя дрэвы, вінаграднікі, авечак і валоў, нявольнікаў і нявольніцаў?
27 Няхай праказа Наамана прылепіцца да цябе і да насеньня твайго на вякі». І выйшаў [Гехазі] ад яго [белы], як сьнег, ад праказы.
Разьдзел 6
1 І сказалі сыны прарокаў Элісэю: «Вось, месца, у якім мы перад абліччам тваім жывем, цеснае для нас.
2 Няхай мы пойдзем да Ярдану і возьмем адтуль кожны па адным бервяне, і зробім сабе месца на пражываньне». Ён сказаў: «Ідзіце!»
3 І сказаў нехта: «Ідзі таксама і ты са слугамі тваімі». І ён адказаў: «Пайду».
4 І пайшоў ён з імі. І прыйшлі яны да Ярдану, і секлі дрэвы.
5 І сталася, калі адзін сек бервяно, сякера ягоная ўпала ў ваду. І закрычаў ён, і сказаў: «Аёй, гаспадару мой! Яна ж пазычаная!»
6 І сказаў чалавек Божы: «Дзе яна ўвалілася?» І той паказаў яму месца. І адсек ён [кавалак] дрэва, і ўкінуў туды, і выплыла сякера.
7 І ён сказаў: «Вазьмі яе!» І той выцягнуў руку сваю, і ўзяў яе.
8 А валадар Сірыі ваяваў з Ізраілем. І радзіўся ён са слугамі сваімі, кажучы: «У такім і такім месцы зробім засаду».
9 А паслаў чалавек Божы да валадара Ізраіля, кажучы: «Сьцеражыцеся пераходзіць у тым месцы, бо там заляглі Сірыйцы».
10 І валадар Ізраіля паслаў [людзей] у тое месца, пра якое сказаў яму чалавек Божы і перасьцерагаў яго, і ўсьцярог сябе так ня раз і ня два.
11 І ўстрывожылася сэрца валадара Сірыі дзеля гэтай справы. І склікаў ён слугаў сваіх, і сказаў ім: «Чаму вы не паведамляеце мне, хто [здраджвае] нас валадару Ізраіля?»
12 І сказаў адзін са слугаў ягоных: «Ніхто, гаспадару мой, валадар, бо прарок Элісэй, які ў Ізраілі, паведамляе валадару Ізраіля словы, якія ты гаворыш у спальні сваёй».
13 І ён сказаў: «Ідзіце і даведайцеся, дзе ён, а я пашлю і вазьму яго». І паведамілі яму, кажучы: «Вось, [ён] у Датане».
14 І паслаў ён туды коней, калясьніцы і моцную дружыну ваяроў. І прыйшлі яны ўначы, і атачылі горад.
15 І ўстаў рана слуга чалавека Божага, і выйшаў, і вось, войска вакол гораду, коні і калясьніцы. І сказаў [Элісэю] юнак ягоны: «Аёй, гаспадару мой! Што будзем рабіць?»
16 А ён сказаў: «Ня бойся. Болей тых, хто з намі, чым тых, хто з імі».
17 І маліўся Элісэй, і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, адкрый вочы ягоныя, і ён убачыць». І адкрыў ГОСПАД вочы юнаку, і ён убачыў, і вось, гара поўная коней і калясьніцаў вогненных вакол Элісэя.
18 І калі Сірыйцы зыходзілі да яго, Элісэй маліўся да ГОСПАДА і сказаў: «Дакраніся да народу гэтага сьлепатою!» І ўдарыў іх [Госпад] сьлепатою, паводле слова Элісэя.
19 І сказаў ім Элісэй: «Гэта ня тая дарога і ня той горад. Ідзіце за мною, і я завяду вас да чалавека, якога вы шукаеце». І ён завёў іх у Самарыю.
20 І сталася, калі прыйшлі яны ў Самарыю, сказаў Элісэй: «ГОСПАДЗЕ, адкрый вочы іхнія, каб бачылі». І адкрыў ГОСПАД вочы іхнія, і яны ўбачылі, і вось, яны пасярод Самарыі.
21 І сказаў валадар Ізраіля Элісэю, калі ўбачыў іх: «Ці маю, забіваючы, забіць іх, бацька мой?»
22 Але [Элісэй] сказаў: «Не забівай. Ці ж мячом тваім і лукам тваім ты ўзяў іх у палон, каб іх забіваць? Дай ім хлеба і вады, каб паелі і напіліся, і няхай ідуць да гаспадара свайго».
23 І справіў ім [валадар] вялікае частаваньне, і яны елі і пілі, і ён выправіў іх, і яны пайшлі да гаспадара свайго. І ўжо дружыны Сірыйцаў не прыходзілі больш у зямлю Ізраіля.
24 І сталася пасьля таго, што Бэн-Гадад, валадар Сірыі, сабраў усё войска сваё, і пайшоў, і аблёг Самарыю.
25 І быў голад вялікі ў Самарыі, бо вось, аблягалі яе. І галава асла [каштавала] восемдзясят срэбнікаў, а чвэрць каба галубячага лайна — пяць срэбнікаў.
26 І сталася, калі валадар Ізраіля абыходзіў муры, адна жанчына закрычала да яго, кажучы: «Ратуй мяне, гаспадару мой, валадар!»
27 І сказаў ён: «Калі ня выратуе цябе ГОСПАД, як я выратую цябе? З гумна або з тоўчні?»
28 І сказаў ёй валадар: «Што табе?» Яна сказала: «Гэтая жанчына сказала мне: “Дай сына твайго, і мы зьямо яго сёньня, а сына майго зьямо заўтра”.
29 І зварылі мы сына майго, і зьелі яго, і на другі дзень я сказала ёй: “Дай сына твайго, і мы зьямо яго”, але яна схавала сына свайго».
30 І сталася, калі пачуў валадар слова жанчыны, ён разьдзёр шаты свае. А ён абыходзіў муры, і народ глядзеў, і вось, зрэбніца пад сподам на целе ягоным.
31 І сказаў ён: «Няхай гэта і гэта зробіць мне Бог і яшчэ дадасьць, калі галава Элісэя, сына Шафата, застанецца на ім сёньня!»
32 А Элісэй сядзеў у доме сваім, і старшыні сядзелі з ім. І валадар паслаў перад абліччам сваім чалавека, але перш, чым пасланец увайшоў да [Элісэя], ён сказаў старшыням: «Ці вы бачыце, што гэты сын забойцы паслаў чалавека, каб сьцяць галаву маю? Глядзіце, калі прыйдзе пасланец, замкніце дзьверы і перахапіце яго ў дзьвярах. Ужо чуваць тупат ног гаспадара ягонага за ім».
33 І калі ён яшчэ гаварыў з імі, вось, валадар зыйшоў да яго і сказаў: «Вось, колькі ліхоты ад ГОСПАДА! Што яшчэ маю чакаць ад ГОСПАДА?»
Разьдзел 7
1 І сказаў Элісэй: «Слухайце слова ГОСПАДА. Гэта кажа ГОСПАД: “Заўтра ў гэты час сэя найчысьцейшай мукі будзе за адзін сыкль, і дзьве сэі ячменю [будуць] за адзін сыкль у браме Самарыі”».
2 І адказаў збраяносец, на руку якога абапіраўся валадар, і сказаў чалавеку Божаму: «Хоць бы [нават] ГОСПАД зрабіў вокны ў небе, ня можа стацца слова гэтае». І [Элісэй] сказаў: «Вось, ты ўбачыш вачыма сваімі, але есьці гэтага ня будзеш!»
3 І былі чацьвёра пракажоных каля ўваходу ў браму. І сказалі яны адзін аднаму: «Навошта мы тут сядзім, [чакаючы] сьмерці?
4 Калі скажам: «Хадзем у горад», у горадзе голад, і мы там памром; калі будзем сядзець тут, [таксама] памром. І цяпер хадзем, пойдзем у табар Сірыйцаў. Калі пашкадуюць нас, будзем жыць, а калі заб’юць, тады памром».
5 І ўсталі яны ў поцемках, каб пайсьці ў табар Сірыйцаў. І дайшлі да краю табару Сірыйцаў, і вось, нікога там няма.
6 Бо ў табары Сірыйскім даў Госпад чуць голас калясьніцаў, коней і войска вялікага, і сказалі яны адзін аднаму: «Вось, валадар Ізраіля наняў супраць нас валадароў Хетаў і валадароў Эгіпецкіх, каб ішлі супраць нас».
7 І ўсталі яны, і ўцяклі ў поцемках, і пакінулі намёты свае, коней сваіх і аслоў сваіх у табары, як былі, і ратавалі душы свае.
8 І прыйшлі тыя пракажоныя да краю табару, і ўвайшлі ў адзін намёт, і елі, і пілі, і ўзялі там срэбра і золата, і адзеньне, і пайшлі, і схавалі. І вярнуліся, і ўвайшлі ў іншы намёт, і там узялі, і пайшлі, і схавалі.
9 І сказалі яны адзін аднаму: «Ня так мы робім, як трэба. Дзень гэты — дзень радаснай весткі, а мы маўчым. Калі будзем адкладаць аж да сьвятла раніцы, спаткае нас кара. Хадземце, пойдзем і паведамім дому валадара».
10 І прыйшлі яны, і паклікалі вартаўнікоў гораду, і паведамілі ім, кажучы: «Пайшлі мы ў табар Сірыйцаў, і вось, там няма нікога, і няма голасу Сірыйцаў а толькі коні і аслы прывязаныя, і намёты, як былі».
11 І вартаўнікі закрычалі, і паведамілі дому валадара.
12 І ўстаў валадар уначы, і сказаў слугам сваім: «Скажу вам, што зрабілі Сірыйцы. Яны ведаюць, што мы галодныя, і яны выйшлі з табару, каб схавацца ў полі, кажучы: “Калі яны выйдуць з гораду, мы захопім іх жывымі і ўвойдзем у горад”».
13 І адказаў адзін са слугаў ягоных, і сказаў: «Возьмем пяць коней, якія засталіся ў [горадзе], бо толькі яны засталіся з усяго мноства Ізраіля, якое загінула, і пойдзем, і ўбачым».
14 І ўзялі дзьве калясьніцы з коньмі, і валадар паслаў іх у табар Сірыйскі, кажучы: «Ідзіце і паглядзіце!»
15 І пайшлі яны за імі аж да Ярдану, і вось, уся дарога поўная адзеньня і рэчаў, якія кідалі Сірыйцы, уцякаючы. І вярнуліся пасланцы, і паведамілі валадару.
16 І выйшаў народ, і рабаваў табар Сірыйцаў. І была сэя найчысьцейшай мукі за адзін сыкль, і дзьве сэі ячменю за адзін сыкль, паводле слова ГОСПАДА.
17 І валадар прызначыў таго збраяносца, на руку якога абапіраўся, [вартаваць] каля брамы. І народ затаптаў яго ў браме, і ён памёр, як прамовіў чалавек Божы, прамаўляючы, калі прыходзіў валадар да яго.
18 І было, калі чалавек Божы прамовіў да валадара, кажучы: «Заўтра ў гэты час дзьве сэі ячменю будуць у браме Самарыі за адзін сыкль, і адна сэя найчысьцейшай мукі за адзін сыкль,
19 адказаў збраяносец чалавеку Божаму: «Хоць бы [нават] ГОСПАД зрабіў вокны ў небе, ня можа стацца слова гэтае», а той сказаў: «Вось, ты ўбачыш вачыма сваімі, але есьці гэтага ня будзеш».
20 І сталася так, і затаптаў яго народ у браме, і ён памёр.
Разьдзел 8
1 І Элісэй прамовіў да той жанчыны, сына якой уваскрасіў, кажучы: «Устань і ідзі ты і дом твой, і абжывіся на чужыне, бо ГОСПАД вырашыў пра голад, які прыходзіць на зямлю гэтую на сем гадоў».
2 І ўстала жанчына, і зрабіла, як сказаў чалавек Божы. І пайшла яна і дом ейны, і абжылася ў зямлі Філістынцаў на сем гадоў.
3 І сталася праз сем гадоў, што жанчына вярнулася з зямлі Філістынцаў, і пайшла яна да валадара прасіць пра [вяртаньне] дому свайго і поля свайго.
4 А валадар размаўляў з Гехазіем, слугою чалавека Божага, кажучы: «Раскажы мне пра ўсе вялікія справы, якія ўчыніў Элісэй».
5 І калі ён расказваў валадару пра тое, як [Элісэй] уваскрасіў мёртвага, вось, жанчына, сына якой ён уваскрасіў, прасіла валадара пра [вяртаньне] дому свайго і поля свайго. І сказаў Гехазі: «Гаспадару мой, валадар, гэта тая жанчына і гэта той сын ейны, якога ўваскрасіў Элісэй».
6 І спытаўся валадар жанчыну пра гэта, і яна расказала яму. І валадар даў ёй аднаго ўрадоўца, кажучы: «Вярні ёй усё, што яе, і ўсе прыбыткі з поля ад дня, у які пакінула яна зямлю, і аж да цяпер».
7 І прыйшоў Элісэй у Дамаск, а ў той час хварэў Бэн-Гадад, валадар Сірыі. І паведамілі яму, кажучы: «Прыйшоў сюды чалавек Божы».
8 І сказаў валадар Хазаэлю: «Вазьмі ў рукі твае дары і ідзі насустрач чалавеку Божаму, і спытайся ГОСПАДА пра знак, кажучы: «Ці я ачуняю з хваробы гэтай?»»
9 І пайшоў Хазаэль на спатканьне [з Элісэем], і ўзяў дары ў рукі свае, і ўсе багацьці Дамаску наладаваў на сорак вярблюдаў. І прыйшоў ён, і стаў перад абліччам ягоным, і сказаў: «Сын твой Бэн-Гадад, валадар Сірыі, паслаў мяне да цябе, кажучы: “Ці я ачуняю з хваробы гэтай?”»
10 І Элісэй сказаў яму: «Ідзі і скажы яму: “Ачуняеш”. Але ГОСПАД паказаў мне, што ён сьмерцю памрэ».
11 І наставіў Элісэй вочы свае на яго, і доўга ўглядаўся, аж той засмуціўся. І пачаў плакаць чалавек Божы.
12 І сказаў Хазаэль: «Чаму плача гаспадар мой?» А ён сказаў: «Бо я ведаю, якое ліха ты зробіш сынам Ізраіля: умацаваньні іхнія спаліш агнём, юнакоў іхніх выб’еш мячом, дзяцей іхніх разьдзярэш і цяжарных жанчынаў іхніх пасячэш».
13 І сказаў Хазаэль: «Хто такі слуга твой, гэты сабака, каб рабіў такія вялікія рэчы?» І сказаў Элісэй: «ГОСПАД паказаў мне цябе як валадара Сірыі».
14 І пайшоў ён ад Элісэя, і прыйшоў да гаспадара свайго. А той сказаў яму: «Што сказаў табе Элісэй?» І ён сказаў: «Ён сказаў мне, што ачуняеш».
15 І сталася на наступны дзень, [Хазаэль] узяў посьцілку, і намачыў у вадзе, і палажыў на твар ягоны, і ён памёр. І Хазаэль стаў валадаром замест яго.
16 У пяты год Ярама, сына Ахава, валадара Ізраіля, Егарам, сын Язафата, валадара Юды, стаў валадаром Юды.
17 Меў ён трыццаць два гады, калі пачаў валадарыць і восем гадоў валадарыў у Ерусаліме.
18 І хадзіў ён шляхам валадароў Ізраіля, як рабіў дом Ахава, бо дачка Ахава была жонкай ягонай, і рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА.
19 Але ГОСПАД не хацеў зьнішчыць Юды дзеля Давіда, слугі Свайго, бо Ён казаў яму, што дасьць сьветач яму і сынам ягоным у-ва ўсе дні.
20 У дні ягоныя збунтаваўся Эдом, каб [ня быць] пад рукой Юды, і паставіў сабе валадара.
21 І пайшоў Егарам у Цаір, і ўсе калясьніцы ягоныя з ім. І ўстаў ён уначы, і ўдарыў Эдомцаў, якія атачылі яго і начальнікаў калясьніцаў, і ўцёк народ у намёты свае.
22 Але Эдом узбунтаваўся і [выйшаў] з-пад рукі Юды па сёньняшні дзень. У той час узбунтавалася [таксама] Лібна.
23 А іншыя дзеяньні Егарама, і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.,
24 І супачыў Егарам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда. І заваладарыў Ахазія, сын ягоны, пасьля яго.
25 У дванаццатым годзе Ярама, сына Ахава, валадара Ізраіля, пачаў валадарыць Ахазія, сын Егарама, валадара Юды.
26 Ахазія меў дваццаць два гады, калі стаў валадаром, і адзін год валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Аталія, дачка Омры, валадара Ізраіля.
27 І ён хадзіў шляхамі дому Ахава, і рабіў ліхоту ў вачах ГОСПАДА, як дом Ахава, бо быў ён сваяком дому Ахава.
28 І пайшоў ён з Ярамам, сынам Ахава, ваяваць супраць Хазаэля, валадара Сірыі, у Рамот Гілеадзкі, і Сірыйцы паранілі Ярама.
29 І вярнуўся валадар Ярам у Езрээль, каб лячыцца ад ранаў, якімі паранілі яго Сірыйцы ў Рамоце, калі ён ваяваў супраць Хазаэля, валадара Сірыі. І Ахазія, сын Егарама, валадар Юды, пайшоў адведаць Ярама, сына Ахава, у Езрээль, бо той быў хворы.
Разьдзел 9
1 І прарок Элісэй паклікаў аднаго з сыноў прарокаў, і сказаў яму: «Падперажы сьцёгны твае і вазьмі пасудзіну з алеем у руку тваю, і ідзі ў Рамот Гілеадзкі.
2 І прыйдзеш туды, і ўбачыш Егу, сына Язафата, сына Німшы, і ўвойдзеш, і возьмеш яго спасярод братоў ягоных, і ўвядзеш яго ва ўнутранны пакой.
3 І возьмеш пасудзіну з алеем, і выльеш на галаву ягоную, і скажаш: “Гэта кажа ГОСПАД: «Я памазваю цябе на валадара Ізраіля»”. І адчыніш дзьверы, і ўцячэш адтуль без затрымкі».
4 І пайшоў у Рамот Гілеадзкі той юнак, слуга прарока.
5 І ён прыйшоў, і вось, сядзелі начальнікі войска. І ён сказаў: «Маю для цябе, князь, слова». І сказаў Егу: «Для каторага з нас?» А ён сказаў: «Для цябе, князь».
6 І ён устаў, і ўвайшоў у дом, і [юнак] выліў алей на галаву ягоную, і сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я памазваю цябе на валадара для народу ГОСПАДА, для Ізраіля.
7 І ты зьнішчыш дом Ахава, гаспадара твайго, і адпомсьціш за кроў слугаў Маіх, прарокаў, і за кроў усіх слугаў ГОСПАДА, якія [загінулі] ад рукі Езабэлі.
8 І загіне ўвесь дом Ахава, і Я вынішчу ў Ахава тых, якія мочацца на сьцяну, і нявольніка, і вольнага ў Ізраілі.
9 І Я зраблю з домам Ахава так, як [зрабіў] з домам Ерабаама, сына Навата, і з домам Баашы, сына Ахіі.
10 А Езабэль зьядуць сабакі на полі Езрээль, і ня будзе каму пахаваць яе”». І адчыніў ён дзьверы, і ўцёк.
11 А Егу выйшаў да слугаў гаспадара свайго, і яны сказалі яму: «Ці з мірам? Навошта прыходзіў да цябе гэты шаленец?» І ён сказаў ім: «Вы ведаеце гэтага чалавека і прамову ягоную».
12 Але яны адказалі: «Няпраўда! Раскажы нам!» І ён сказаў: «Так і так сказаў ён мне, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД: «Я памазваю цябе на валадара для Ізраіля»”».
13 І яны ўзялі пасьпешліва плашчы свае, і разаслалі перад ім на прыступках, і затрубілі ў рог, і сказалі: «Егу валадарыць!»
14 І Егу, сын Язафата, сына Німшы, зрабіў змову супраць Ярама. А Ярам і ўвесь Ізраіль баранілі Рамот Гілеадзкі супраць Хазаэля, валадара Сірыі.
15 І вярнуўся Ярам валадар, каб лекаваць у Езрээлі раны, якія зрабілі яму Сірыйцы ў бітве супраць Хазаэля, валадара Сірыі. І сказаў Егу: «Калі душы вашыя са мною, няхай ніхто не выходзіць з гораду, каб занесьці вестку ў Езрээль».
16 І сеў Егу на калясьніцу, і паехаў у Езрээль, бо Ярам ляжаў там, а Ахазія, валадар Юды, зыйшоў адведаць Ярама.
17 І вартаўнік, які стаяў на вежы ў Езрээлі, убачыў дружыну Егу, як ён ішоў, і сказаў: «Бачу дружыну». Ярам сказаў: «Вазьмі коньніка і пашлі насустрач ім, і няхай ён скажа: “Ці з мірам [едзеце]?”»
18 І паехаў коньнік насустрач яму, і сказаў: «Гэта кажа валадар: “Ці з мірам [едзеш]?”» Сказаў яму Егу: «Што табе да гэтага? Едзь за мною». І вартаўнік паведаміў, кажучы: «Прыйшоў да іх пасланец, але не вяртаецца».
19 І [Ярам] паслаў другога коньніка. І той пад’ехаў да іх, і сказаў: «Гэта кажа валадар: “Ці з мірам?”» А Егу сказаў яму: «Што табе да гэтага? Едзь за мною».
20 І вартаўнік паведаміў, кажучы: «Прыйшоў ён да іх, але не вяртаецца. А едуць яны, быццам едзе Егу, сын Німшы, бо ён шалёна езьдзіць».
21 І Ярам сказаў: «Запрагай [калясьніцу]!» І запрэглі калясьніцу ягоную, і Ярам, валадар Ізраіля, і Ахазія, валадар Юды, кожны ў калясьніцы сваёй, выехалі насустрач Егу, і спаткалі яго на полі Набота з Езрээлю.
22 І сталася, калі Ярам убачыў Егу, ён сказаў: «Ці з мірам ты, Егу?» Той сказаў: “Што [значыць] “з мірам”, калі [працягваецца] распуста Езабэлі, маці тваёй, і чараўніцтва ейнае».
23 І павярнуў Ярам руку сваю, і кінуўся ўцякаць, і сказаў Ахазіі: «Здрада, Ахазія!»
24 А Егу нацягнуў лук і прабіў Ярама паміж плячыма ягонымі, і страла прайшла праз сэрца ягонае, і ён схіліўся на калясьніцу сваю.
25 І сказаў [Егу] Бідкару, збраяносцу свайму: «Вазьмі і кінь яго на поле Набота з Езрээлю! Бо ўзгадай, што я і ты ехалі ўдвух за Ахавам, бацькам ягоным, Ахавам, і ГОСПАД узлажыў на яго цяжар:
26 “Учора Я бачыў кроў, кроў Набота і кроў сыноў ягоных, кажа ГОСПАД. І Я адплачу табе на гэтым полі, кажа ГОСПАД”. І цяпер вазьмі і кінь яго на поле гэтае паводле слова ГОСПАДА».
27 А Ахазія, валадар Юды, убачыў [гэта], і ўцякаў шляхам на Бэт-Гаган. І дагнаў яго Егу, і сказаў: «Гэтага таксама забіце!» І [паранілі] яго ў калясьніцы ягонай на ўзгорку Гур, які пры Іблеаме, але ён уцёк у Мэгіддо і там памёр.
28 І слугі ягоныя прывезлі яго ў Ерусалім, і пахавалі яго ў магіле ягонай з бацькамі ягонымі ў горадзе Давіда.
29 У адзінаццатым годзе Ярама, сына Ахава, Ахазія стаў валадаром Юды.
30 І ўвайшоў Егу ў Езрээль, а Езабэль пачула [пра гэта], і падмалявала сабе вочы, і аздобіла галаву, і выглядала праз вакно.
31 І калі Егу ўваходзіў праз браму, яна сказала: «Ці з мірам ты, Зімры, які забіў гаспадара свайго?»
32 І Егу ўзьняў аблічча сваё ў бок вакна і сказаў: «Хто са мною, хто?» І нахіліліся да яго два ці тры эўнухі.
33 І ён сказаў: «Скіньце яе!» І скінулі яе, і крывёй ейнаю залілася сьцяна і коні, якія тапталі яе.
34 І ўвайшоў [Егу], і еў, і піў, і сказаў: «Ідзіце, знайдзіце тую праклятую, і пахавайце яе, бо яна — дачка валадара».
35 І выйшлі, каб пахаваць яе, і не знайшлі нічога, толькі чэрап, ногі і далоні рук.
36 І вярнуліся, і расказалі яму. І ён сказаў: «Такое слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў праз слугу Свайго Ільлю з Тэшбы, кажучы: “На полі Езрээль сабакі будуць есьці цела Езабэлі.
37 І парэшткі Езабэлі будуць, як гной, на абліччы поля ў Езрээлі, так што ня можна будзе сказаць: «Гэта Езабэль»”».
Разьдзел 10
1 А ў Самарыі было семдзясят сыноў Ахава. І Егу напісаў лісты, і выслаў іх у Самарыю да князёў Езрээля, і да старшыняў, і да апекуноў дзяцей Ахава, кажучы:
2 «Цяпер, калі прыйдзе да вас ліст гэты, а з вамі сыны гаспадара вашага, калясьніцы, коні, горад умацаваны і зброя,
3 выберыце найлепшага і найсправядлівейшага з сыноў гаспадара вашага, і пасадзіце яго на пасад бацькі ягонага, і ваюйце за дом гаспадара вашага».
4 Але яны спалохаліся вельмі-вельмі і сказалі: «Вось, два валадары не змаглі ўстаяць перад абліччам ягоным, а як мы застанемся?»
5 І загадчык дому, і начальнікі гораду, і старшыні, і апекуны паслалі да Егу, кажучы: «Мы — слугі твае, і ўсё, што ты скажаш, зробім, і ня будзем нікога рабіць валадаром. Што добрае ў вачах тваіх, рабі».
6 І Егу напісаў ім другі ліст, кажучы: «Калі вы са мною і слухаеце голас мой, тады вазьміце галовы сыноў гаспадара вашага і прыйдзіце да мяне заўтра ў гэты час у Езрээль». А сыны валадара, семдзясят чалавек, былі на выхаваньні ў магнатаў гораду.
7 І сталася, калі ліст гэты прыйшоў да іх, яны ўзялі сыноў валадара, семдзясят чалавек, і забілі. І галовы іхнія склалі ў кашы, і паслалі да яго ў Езрээль.
8 І прыйшоў пасланец, і паведаміў яму, кажучы: «Прынесьлі галовы сыноў валадарскіх». Ён сказаў: «Улажыце іх у два стосы каля ўваходу ў браму аж да раніцы».
9 І сталася раніцаю, ён выйшаў, і стаў, і сказаў усяму народу: «Вы праведныя. Вось, я змовіўся супраць гаспадара майго і забіў яго. Але хто забіў усіх гэтых?
10 Ведайце цяпер, што нішто ня ўпала на зямлю са словаў ГОСПАДА, якія Ён прамовіў супраць дому Ахава. ГОСПАД зьдзейсьніў тое, што прамовіў праз слугу Свайго Ільлю».
11 І забіў Егу ўсіх, хто застаўся з дому Ахава ў Езрээлі, усіх магнатаў ягоных, дарадцаў ягоных і сьвятароў ягоных, і не засталося з іх аніводнага.
12 І ўстаў, і пайшоў, і ішоў у Самарыю. І быў у дарозе каля Бэт-Экед-Гераім.
13 І вось, сустрэў [Егу] братоў Ахазіі, валадара Юды, і сказаў ім: «Хто вы?» А яны сказалі: «Мы — браты Ахазіі, і мы прыйшлі прывітаць сыноў валадара і сыноў валадаркі».
14 А ён сказаў: «Схапіце іх жывымі!» І схапілі іх жывымі, і забілі іх каля студні Бэт-Экеду, сорак два чалавекі, і ён не пашкадаваў з іх аніводнага.
15 І пайшоў адтуль [Егу], і сустрэў Ёнадава, сына Рэхава, які выйшаў яму на спатканьне, і дабраславіў яго, і сказаў [Ёнадаву]: «Ці сэрца тваё шчырае да мяне, як сэрца маё да цябе?» Ёнадаў сказаў: «Так». [Сказаў Егу]: «Калі так, дай мне руку тваю». І [Ёнадаў] даў яму руку сваю, і ён пасадзіў яго пры сабе ў калясьніцу,
16 і сказаў: «Ідзі са мной і пабач руплівасьць маю дзеля ГОСПАДА». І ехаў ён з ім у калясьніцы ягонай.
17 І прыехаў ён у Самарыю, і пазабіваў усіх, якія былі засталіся з [дому] Ахава ў Самарыі аж да зьнішчэньня іх паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў праз Ільлю.
18 І сабраў Егу ўвесь народ, і казаў ім: «Ахаў мала служыў Баалу. Егу будзе яму служыць болей.
19 І цяпер паклічце да мяне ўсіх прарокаў Баала і ўсіх, хто служыць яму, і ўсіх сьвятароў ягоных. Кожны мусіць прыйсьці, бо [будзе] вялікая ахвяра Баалу. Хто ня прыйдзе, ня будзе жыць». А Егу рабіў гэта падступна, каб вынішчыць усіх, хто служыць Баалу.
20 І сказаў Егу: «Сьвяткуйце ўрачыстасьць Баала». І абвясьцілі [сьвята].
21 І паслаў Егу да ўсяго Ізраіля, і прыйшлі ўсе, хто служыў Баалу, і не застаўся ніводзін, які б не прыйшоў. І прыйшлі яны ў дом Баала, і напоўнілі дом Баала ад уваходу да ўваходу.
22 І сказаў [Егу] загадчыку шатні [валадарскай]: «Вынесі адзеньне для ўсіх служыцеляў Баала». І ён вынес ім адзеньне.
23 І ўвайшлі Егу і Ёнадаў, сын Рэхава, у дом Баала, і Егу сказаў служыцелям Баала: «Перашукайце і перагледзьце, ці няма тут часам з вамі служыцеля ГОСПАДА, але каб былі толькі служыцелі Баала».
24 І ўвайшлі яны, каб скласьці ахвяры і цэласпаленьні. А Егу паставіў звонку восемдзясят чалавек і сказаў: «Хто дазволіць уцячы аднаму з гэтых людзей, якіх я прыводжу ў рукі вашыя, душа ягоная [будзе] за душу тую».
25 І сталася, калі скончылі складаць цэласпаленьні, Егу сказаў варце сваёй і збраяносцам: «Ідзіце і забіце іх, няхай ніводзін не ўцячэ!» І пазабівалі іх варта і збраяносцы вострывам мяча, і кінулі [трупы іхнія], і ўвайшлі ў гарады, [дзе былі] дамы Баала.
26 І ўзялі яны слупы дому Баала, і спалілі іх,
27 і разьбілі ідалаў Баала, і зруйнавалі дом Баала, і замянілі яго на месца нячыстае аж да сёньня.
28 І зьнішчыў Егу Баала ў Ізраілі.
29 Але не адступіў Егу ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, і [не пакінуў] ён залатых быкоў, якія ў Бэтэлі і Дане.
30 І ГОСПАД сказаў Егу: «За тое, што ты добра выканаў тое, што слушнае ў вачах Маіх, і ўсё, што было ў сэрцы Маім адносна дому Ахава, сыны твае будуць сядзець на пасадзе Ізраіля аж да чацьвёртага пакаленьня».
31 Але Егу не пільнаваўся хадзіць паводле закону ГОСПАДА, Бога Ізраіля, усім сэрцам сваім, і не адступіў ён ад грахоў Ерабаама, які ўвёў у грэх Ізраіля.
32 У тыя дні пачаў ГОСПАД разьдзіраць Ізраіль. І пабіў іх Хазаэль у-ва ўсіх межах Ізраіля,
33 ад Ярдану на ўсход сонца, усю зямлю Гілеад, Гада, Рубэна і Манасу, ад Араэру, які над ракою Арнон, Гілеад, і Башан.
34 А іншыя дзеяньні Егу, і ўсё, што ён зрабіў, і мужнасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
35 І супачыў Егу з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі. І заваладарыў Егаахаз, сын ягоны, пасьля яго.
36 А дзён, калі валадарыў Егу над Ізраілем у Самарыі — дваццаць восем гадоў.
Разьдзел 11
1 Калі Аталія, маці Ахазіі, убачыла, што сын ейны памёр, яна ўстала і выбіла ўсё насеньне валадарскае.
2 Але Егашэва, дачка валадара Егарама, сястра Ахазіі, узяла Ёаша, сына Ахазіі, і выкрала яго спасярод забіваных сыноў валадара разам з карміцелькай ягонай, і схавала яго перад Аталіяй у пакоі спальным, і ня быў ён забіты.
3 І хаваўся ён з ёй шэсьць гадоў у Доме ГОСПАДА, а Аталія валадарыла ў зямлі [Юды].
4 А ў сёмы год Егаяда паслаў і ўзяў сотнікаў, і Керэтаў, і варту, і ўвёў іх да сябе ў Дом ГОСПАДА, і заключыў з імі запавет, і запрысягнуў іх у Доме ГОСПАДА, і паказаў ім сына валадара.
5 І загадаў ім, кажучы: «Гэта слова, якое вы маеце выканаць. Трэцяя частка вас, якія прыходзіце ў суботу, будзе вартаваць пры доме валадара,
6 трэцяя частка — пры браме Сур, і трэцяя частка — пры браме, якая за вартоўняй, і вартаваць Дом, каб не было пашкоджаньня.
7 І дзьве дружыны з вас, усе, што адыходзяць у суботу, будуць вартаваць пры Доме ГОСПАДА, пры валадару.
8 І атачыце валадара кругом, і зброя вашая ў руцэ вашай. І хто ўвойдзе да шыхтоў, няхай будзе забіты. І будзеце вы з валадаром, калі ён уваходзіць і выходзіць».
9 І зрабілі сотнікі ўсё, як ім загадаў Егаяда сьвятар. І ўзяў кожны людзей сваіх, якія прыходзілі ў суботу і адыходзілі ў суботу, і прыйшлі да Егаяды сьвятара.
10 І сьвятар раздаў сотнікам дзіды і шчыты валадара Давіда, якія [былі] ў Доме ГОСПАДА.
11 І стала варта, кожны са зброяй у руцэ сваёй ад правага боку Дому аж да левага боку Дому, перад ахвярнікам і Домам вакол валадара.
12 І вывеў [Егаяда] сына валадара, і ўсклаў на яго карону, і [даў Каўчэг] Сьведчаньня. І паставілі яны яго валадаром, і памазалі яго, і пляскалі ў далоні, і казалі: «Няхай жыве валадар!»
13 І пачула Аталія гоман народу, і выйшла да народу ў Дом ГОСПАДА.
14 І ўбачыла, і вось, валадар стаіць на ўзвышэньні паводле звычаю, і князі, і трубы каля валадара, і ўвесь народ зямлі радуецца і трубіць у трубы. І разьдзёрла Аталія шаты свае, і закрычала: «Змова, змова!»
15 А Егаяда сьвятар загадаў сотнікам і начальнікам войска, і сказаў: «Выведзіце яе з Дому за агароджу, а калі хто пойдзе за ёй, няхай памрэ ад мяча». Бо сьвятар сказаў: «Няхай яна ня будзе забітая ў Доме ГОСПАДА».
16 І ўзлажылі рукі на яе, і пацягнулі яе дарогай, па якой уяжджаюць коні ў дом валадара, і там была яна забітая.
17 І заключыў Егаяда запавет паміж ГОСПАДАМ і валадаром і народам, каб былі яны народам ГОСПАДА, і паміж валадаром і народам.
18 І ўвесь народ зямлі ўвайшоў у дом Баала, і зруйнавалі яго, і ахвярнікі ягоныя і балваноў ягоных разьбілі ўшчэнт, а Маттана, сьвятара Баала, забілі перад ахвярнікамі. І сьвятар [Егаяда] паставіў варту пры Доме ГОСПАДА.
19 І ўзяў ён сотнікаў, Керэтаў і варту, і ўвесь народ зямлі, і вывелі яны валадара з Дому ГОСПАДА, і павялі праз браму варты ў дом валадара, і ён сеў на пасадзе валадарскім.
20 І радаваўся ўвесь народ зямлі, і горад быў у супакоі. А Аталію забілі мячом у доме валадара.
Разьдзел 12
1 Ёаш меў сем гадоў, калі стаў валадаром.
2 У сёмым годзе валадараньня Егу Ёаш стаў валадаром і валадарыў сорак гадоў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Цыбэя з Бээр-Шэвы.
3 І рабіў Ёаш слушнае ў вачах ГОСПАДА ў-ва ўсе дні, пакуль вучыў яго сьвятар Егаяда.
4 Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ складаў яшчэ ахвяры і кадзіў на ўзгорках.
5 І сказаў Ёаш сьвятарам: «Усё срэбра пасьвячонае, якое прыносяць у Дом ГОСПАДА срэбра тых, што прыходзяць, і срэбра [выкупу] за душу, і срэбра, якое паводле рашэньня сэрца свайго прыносяць у Дом ГОСПАДА,
6 няхай бяруць сьвятары ад знаёмых сваіх, і няхай ужываюць на направу пашкоджаньняў у Доме [Божым] паўсюль, дзе будзе знойдзена пашкоджаньне».
7 Але яшчэ да дваццаць трэцяга году валадара Ёаша сьвятары не направілі пашкоджаньняў у Доме [Божым].
8 І паклікаў валадар Ёаш сьвятара Егаяду і сьвятароў, і спытаўся ў іх: «Чаму вы не напраўляеце пашкоджаньняў у Доме [Божым]? І цяпер не бярыце болей срэбра ад знаёмых вашых, але аддайце яго на аднаўленьне Дому [Божага]».
9 І згадзіліся сьвятары ня браць срэбра ад народу, і не займацца направаю пашкоджаньняў Дому [Божага].
10 І ўзяў сьвятар Егаяда скрыню, і зрабіў адтуліну зьверху яе, і паставіў яе побач з ахвярнікам з правага боку каля ўваходаў у Дом ГОСПАДА. І сьвятары, што вартавалі парогі, складалі ў яе ўсё срэбра, якое прыносілі ў Дом ГОСПАДА.
11 І калі яны бачылі, што ўжо шмат срэбра ў скрыні, прыходзілі пісар валадара і сьвятар вялікі, і забіралі срэбра, якое знаходзілася ў Доме ГОСПАДА, і лічылі яго.
12 І аддавалі гэтае пералічанае срэбра загадчыкам работаў, якія наглядалі за працаю ў Доме ГОСПАДА. І яны выдавалі іх на цесьляроў і будаўнікоў, якія працавалі ў Доме ГОСПАДА,
13 і на муляроў, і на каменяроў, і на набыцьцё дрэва і чэсаных камянёў для направы пашкоджаньняў Дому ГОСПАДА, і на ўсякія іншыя выдаткі для адбудовы Дому [Божага].
14 Аднак са срэбра, што прынесьлі ў Дом ГОСПАДА, не рабілі келіхі срэбныя, нажніцы, крапільніцы, трубы або іншыя рэчы залатыя ці срэбныя для Дому ГОСПАДА,
15 бо давалі яго работнікам, што напраўлялі Дом ГОСПАДА.
16 І не правяралі людзей, якім давалі срэбра для выплаты работнікам, бо яны рабілі ўсё сумленна.
17 Але срэбра ахвяры за правіну і срэбра ахвяры за грэх ня ўносілі ў Дом ГОСПАДА, бо яно належала сьвятарам.
18 У той час Хазаэль, валадар Сірыі, пайшоў ваяваць з Гатам, і здабыў яго. І павярнуў Хазаэль аблічча сваё, каб ісьці на Ерусалім.
19 І ўзяў Ёаш, валадар Юды, усе рэчы сьвятыя, якія ахвяравалі Язафат, Егарам, Ахазія, бацькі ягоныя, валадары Юды, і тое, што ён сам ахвяраваў, усё золата, якое мог знайсьці ў скарбніцы Дому ГОСПАДА і ў доме валадара, і паслаў Хазаэлю, валадару Сірыі, і ён адступіў ад Ерусаліму.
20 А іншыя дзеяньні Ёаша і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
21 І паўсталі слугі ягоныя, і змовіліся, і забілі Ёаша ў Бэт-Мілло, на дарозе ў Сіллу.
22 Ёзавад, сын Шымэата, і Егазавад, сын Шамэра, слугі ягоныя, забілі яго, і ён памёр. І пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Давіда. І заваладарыў Амазія, сын ягоны, пасьля яго.
Разьдзел 13
1 У дваццаць трэцім годзе Ёаша, сына Ахазіі, валадара Юды, Егаахаз, сын Егу, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на сямнаццаць гадоў.
2 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў у грахах Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, і не адварочваўся ад іх.
3 І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць Ізраіля, і аддаў іх ГОСПАД у рукі Хазаэля, валадара Сірыі, і ў рукі Бэн-Гадада, сына Хазаэля, у-ва ўсе дні тыя.
4 І маліўся Егаахаз перад абліччам ГОСПАДА, і выслухаў яго ГОСПАД, бо Ён бачыў уціск Ізраіля, як прыціснуў іх валадар Сірыі.
5 І даў ГОСПАД Ізраілю збаўцу, і быў ён вызвалены з рукі Сірыі. І жылі сыны Ізраіля ў намётах сваіх, як учора і пазаўчора.
6 Аднак не адвярнуліся яны ад грахоў дому Ерабаама, які ўвёў у грэх Ізраіля, і хадзілі ў іх, і нават Астарта стаяла ў Самарыі.
7 І засталося ў Егаахаза з войска толькі пяцьдзясят коньнікаў, дзесяць калясьніцаў і дзесяць тысячаў пяхотнікаў, бо выбіў іх валадар Сірыі і зрабіў іх як пыл на патаптаньне.
8 А іншыя дзеяньні Егаахаза і ўсё, што ён зрабіў, і мужнасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
9 І супачыў Егаахаз з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі. І стаў валадаром Егааш, сын ягоны, пасьля яго.
10 У трыццаць сёмым годзе Ёаша, валадара Юды, Егааш, сын Егаахаза, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на шаснаццаць гадоў.
11 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адступіў ад усіх грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, і хадзіў у іх.
12 А іншыя дзеяньні Егааша і ўсё, што ён зрабіў, і мужнасьць ягоная, калі ён ваяваў супраць Амазіі, валадара Юды, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
13 І супачыў Егааш з бацькамі сваімі, і Ерабаам сеў на пасадзе ягоным. І быў пахаваны Егааш у Самарыі з валадарамі Ізраіля.
14 А Элісэй захварэў немаччу, ад якой потым памёр. І прыйшоў да яго Егааш, валадар Ізраіля, і плакаў перад абліччам ягоным, і казаў: «Ойча мой, ойча мой! Калясьніца Ізраіля і коньнікі ягоныя!»
15 І сказаў яму Элісэй: «Вазьмі лук і стрэлы!» І ён прынёс яму лук і стрэлы.
16 І сказаў ён валадару Ізраіля: «Палажы руку сваю на лук!» І валадар палажыў руку сваю, а Элісэй палажыў рукі свае на рукі валадара
17 і сказаў: «Адчыні вакно на ўсход». І ён адчыніў, і сказаў Элісэй: «Страляй!» І ён стрэліў, а [Элісэй] сказаў: «Страла перамогі ГОСПАДА і страла перамогі над Сірыяй. Ты паб’еш Сірыю ў Афэку дашчэнту».
18 І сказаў: «Вазьмі стрэлы!» І [Егааш] узяў іх, а [Элісэй] сказаў яму: «Удар па зямлі!» І ён ударыў тры разы, і спыніўся.
19 І загневаўся чалавек Божы на яго, і сказаў: «Трэба было ўдарыць пяць або шэсьць разоў. Тады ты перамог бы Сірыю цалкам, а цяпер пераможаш Сірыю толькі тры разы!»
20 І памёр Элісэй, і пахавалі яго. А дружыны Мааву нападалі на зямлю [Ізраіля], прыходзячы штогод.
21 І сталася, калі хавалі аднаго чалавека, вось, убачылі дружыну [Мааву], і кінулі чалавека таго ў магілу Элісэя, і ўцяклі. І калі чалавек той дакрануўся да костак Элісэя, ён аджыў і стаў на ногі свае.
22 А Хазаэль, валадар Сірыі, уціскаў Ізраіля ў-ва ўсе дні Егаахаза.
23 І зьлітаваўся ГОСПАД над імі, і зьявіў літасьць, і зьвярнуўся да іх дзеля запавету Свайго з Абрагамам, Ісаакам і Якубам, і не хацеў выгубіць іх, і не адкінуў іх ад аблічча Свайго назаўсёды.
24 І памёр Хазаэль, валадар Сірыі, а замест яго стаў валадаром Бэн-Гадад, сын ягоны.
25 І павярнуўся Егааш, сын Егаахаза, і ўзяў з рук Бэн-Гадада, сына Хазаэля, гарады, якія той быў забраў з рук Егаахаза, бацькі ягонага, вайною. Тройчы пабіў яго Егааш і вярнуў гарады Ізраіля.
Разьдзел 14
1 У другім годзе Егааша, сына Егаахаза, валадара Ізраіля, Амазія, сын Ёаша, стаў валадаром Юды.
2 Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі пачаў валадарыць, і дваццаць дзевяць гадоў быў валадаром у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Егааддан з Ерусаліму.
3 І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, але ня так, як Давід, бацька ягоны, і рабіў ён усё так, як Ёаш, бацька ягоны.
4 Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ складаў ахвяры, і кадзіў на ўзгорках.
5 І калі ўмацаваў ён валадараньне сваё ў руцэ сваёй, ён забіў слугаў сваіх, якія забілі валадара, бацьку ягонага.
6 Але сыноў іхніх не забіваў паводле таго, што напісана ў Кнізе Закону Майсея, як загадаў ГОСПАД, кажучы: «Бацькі ня будуць забіваныя за сыноў, а сыны ня будуць забіваныя за бацькоў, але кожны за грэх свой сьмерцю памрэ».
7 Ён пабіў дзесяць тысячаў Эдомцаў у Саляной Даліне і захапіў Сэлю ў бітве, і назваў імя яе Ёктээль, і так ёсьць да сёньня.
8 Тады паслаў Амазія пасланцоў да Егааша, сына Егаахаза, сына Егу, валадара Ізраіля, кажучы: «Прыйдзі і пабачым абліччы [адзін аднаго]!»
9 І паслаў Егааш, валадар Ізраіля, Амазіі, валадару Юды, кажучы: «Цярніна на Лібане паслала да кедра на Лібане, кажучы: “Дай дачку сваю сыну майму за жонку”. Але прыйшлі зьвяры палявыя, якія на Лібане, і вытапталі цярніну.
10 Ты пабіў Эдома, і сэрца тваё ўзганарылася. Будзь сабе слаўны, але заставайся ў доме тваім! Навошта ты выклікаеш ліха, каб упаў ты і Юда з табою?»
11 Але Амазія не паслухаў. І выйшаў Егааш, валадар Ізраіля, і ён і Амазія, валадар Юды, пабачылі абліччы [адзін аднаго] ў Бэт-Шэмэшы, які ў Юдзе.
12 І Юда быў пабіты Ізраілем, і ўцёк кожны ў намёт свой.
13 І Егааш, валадар Ізраіля, схапіў Амазію, валадара Юды, сына Ёаша, сына Ахазіі, у Бэт-Шэмэшы, і завёў яго ў Ерусалім, і зрабіў вылом у муры Ерусаліму ад брамы Эфраіма аж да брамы Вуглавой на чатырыста локцяў
14 і забраў усё золата і срэбра, і ўсе рэчы, якія знаходзіліся ў Доме ГОСПАДА і ў скарбніцах дому валадара, і [ўзяў] закладнікаў, і вярнуўся ў Самарыю.
15 А іншыя дзеяньні Егааша, і мужнасьць ягоная, з якою ваяваў ён супраць Амазіі, валадара Юды, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
16 І супачыў Егааш з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Самарыі з валадарамі Ізраіля. І стаў валадаром пасьля яго Ерабаам, сын ягоны.
17 А Амазія, сын Ёаша, валадар Юды, жыў яшчэ пятнаццаць гадоў пасьля сьмерці Егааша, сына Егаахаза, валадара Ізраіля.
18 А іншыя дзеяньні Амазіі запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
19 І зрабілі супраць яго змову ў Ерусаліме, і ён уцёк у Ляхіш. І паслалі за ім у Ляхіш, і там забілі яго.
20 І прывезьлі яго коньмі, і быў ён пахаваны ў Ерусаліме з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда.
21 А ўвесь народ Юды ўзяў Азарыю, які меў шаснаццаць гадоў, і паставілі яго валадаром на месца Амазіі, бацькі ягонага.
22 Ён адбудаваў Элят і вярнуў яго Юдзе пасьля таго, як супачыў валадар [Амазія] з бацькамі сваімі.
23 У пятнаццатым годзе Амазіі, сына Ёаша, валадара Юды, Ерабаам, сын Егааша, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на сорак адзін год.
24 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адвярнуўся ад усіх грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля.
25 Ён вярнуў межы Ізраіля ад уваходу ў Хамат і аж да мора Арабы паводле слова ГОСПАДА, Бога Ізраіля, якое Ён прамовіў праз слугу Свайго Ёну, сына Амітая, прарока, які быў з Гат-Гахэфэру.
26 Бо бачыў ГОСПАД горкую нядолю Ізраіля, бо не было ані нявольніка, ані вольнага, хто б дапамог Ізраілю.
27 І не прамовіў ГОСПАД, каб выкараніць імя Ізраіля з-пад неба, і выратаваў яго рукою Ерабаама, сына Егааша.
28 А іншыя дзеяньні Ерабаама, і мужнасьць ягоная, з якой ён ваяваў і з якою вярнуў Ізраілю Дамаск і Хамат Юдэйскі, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
29 І супачыў Ерабаам з бацькамі сваімі, валадарамі Ізраіля, і стаў валадаром пасьля яго Захарыя, сын ягоны.
Разьдзел 15
1 У дваццаць сёмым годзе Ерабаама, валадара Ізраіля, Азарыя, сын Амазіі, стаў валадаром Юды.
2 Меў ён шаснаццаць гадоў, калі стаў валадаром, і валадарыў у Ерусаліме пяцьдзясят два гады. Імя маці ягонай — Ехолія з Ерусаліму.
3 І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, усё, як рабіў Амазія, бацька ягоны.
4 Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ складаў ахвяры, і кадзіў на ўзгорках.
5 І наведаў ГОСПАД валадара, і ён быў пракажоны аж да дня сьмерці сваёй, і жыў у доме самотна, а Ёатам, сын валадара, быў над домам [валадара] і судзіў народ зямлі.
6 А іншыя дзеяньні Азарыі і ўсё, што ён рабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
7 І супачыў Азарыя з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Давіда. І стаў валадаром пасьля яго Ёатам, сын ягоны.
8 У трыццаць восьмым годзе Азарыі, валадара Юды, Захарыя, сын Ерабаама, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на шэсьць месяцаў.
9 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, як рабілі бацькі ягоныя, і не адступіў ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля.
10 І Шальлюм, сын Ябэша, змовіўся супраць яго, і напаў на яго ў Іблеаме, і забіў, і заваладарыў на месцы ягоным.
11 А іншыя дзеяньні Захарыі запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
12 Бо такое [было] слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў да Егу, кажучы: «Сыны твае аж да чацьвёртага пакаленьня будуць сядзець на пасадзе Ізраіля». І так сталася.
13 Шальлюм, сын Ябэша, стаў валадаром у трыццаць дзявятым годзе Узіі, валадара Юды, і валадарыў адзін месяц у Самарыі.
14 І выйшаў Мэнахэм, сын Гадзі, з Тырцы, і прыйшоў у Самарыю, і напаў на Шальлюма, сына Ябэша, у Самарыі, і забіў яго, і стаў валадаром замест яго.
15 А іншыя дзеяньні Шальлюма і змова ягоная, якую ён учыніў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
16 І спустошыў Мэнахэм Тыфсах і ўсё, што ў ім было, і ваколіцы ягоныя, [пачынаючы] ад Тырцы, бо [горад] не адчыніў яму [брамы]. І ён выбіў яго, і ўсіх цяжарных жанчынаў пасек.
17 У трыццаць дзявятым годзе Азарыі, валадара Юды, Мэнахэм, сын Гадзі, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на дзесяць гадоў.
18 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адступаў ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, у-ва ўсе дні свае.
19 І прыйшоў Пул, валадар Асірыі, у зямлю Ізраіля. І Мэнахэм даў Пулу тысячу талентаў срэбра, каб былі рукі ягоныя з ім і каб умацаваць валадарства ў руках сваіх.
20 І Мэнахэм гэтае срэбра разлажыў на Ізраільцянаў, на ўсіх людзей багатых, па пяцьдзясят сыкляў срэбра на кожнага чалавека, каб аддаць валадару Асірыі. І валадар Асірыі вярнуўся назад, і не застаўся ў зямлі Ізраіля.
21 А іншыя дзеяньні Мэнахэма і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
22 І супачыў Мэнахэм з бацькамі сваімі, а пасьля яго стаў валадаром Пэкахія, сын ягоны.
23 У пяцідзясятым годзе Азарыі, валадара Юды, Пэкахія, сын Мэнахэма, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на два гады.
24 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адступаў ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля.
25 І змовіўся супраць яго Пэках, сын Рэмаліі, збраяносец ягоны, і забіў яго ў Самарыі ў вежы дому валадара з Аргобам і Арыяй, і з ім пяцьдзясят сыноў Гілеаду. І ён забіў яго, і стаў валадаром замест яго.
26 А іншыя дзеяньні Пэкахіі і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
27 У пяцьдзясят другім годзе Азарыі, валадара Юды, Пэках, сын Рэмаліі, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на дваццаць гадоў.
28 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адступаў ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля.
29 У дні Пэкаха, валадара Ізраіля, прыйшоў Тыглят-Пілесэр, валадар Асірыі, і здабыў Абэль-Бэт-Мааху, Янаах, Кэдэш, Хацор, Гілеад, Галілею і ўсю зямлю Нэфталі, і перасяліў іх у Асірыю.
30 А Осія, сын Элы, змовіўся супраць Пэкаха, сына Рэмаліі, і напаў на яго, і забіў яго, і стаў валадаром замест яго ў дваццатым годзе Ётама, сына Узіі.
31 А іншыя дзеяньні Пэкаха і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
32 У другім годзе Пэкаха, сына Рэмаліі, валадара Ізраіля, стаў валадаром Ётам, сын Узіі, валадара Юды.
33 Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі стаў валадаром, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Еруша, дачка Цадока.
34 І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА; паводле ўсяго, што рабіў Узія, бацька ягоны, ён рабіў.
35 Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ складаў ахвяры, і кадзіў на ўзгорках. І пабудаваў ён верхнюю браму Дому ГОСПАДА.
36 А іншыя дзеяньні Ётама і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
37 У дні ягоныя ГОСПАД пачаў пасылаць на Юду Рэцына, валадара Сірыі, і Пэкаха, сына Рэмаліі.
38 І супачыў Ётам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І стаў валадаром пасьля яго Ахаз, сын ягоны.
Разьдзел 16
1 У сямнаццатым годзе Пэкаха, сына Рэмаліі, Ахаз, сын Ётама, стаў валадаром Юды.
2 Ахаз меў дваццаць гадоў, калі стаў валадаром, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. І не рабіў ён слушнага ў вачах ГОСПАДА, Бога ягонага, як Давід, бацька ягоны.
3 І хадзіў ён шляхам валадароў Ізраіля, і нават сына свайго правёў праз агонь паводле брыдотаў народаў, якіх ГОСПАД выгнаў перад абліччам сыноў Ізраіля.
4 І складаў ён ахвяры, і кадзіў на ўзгорках, на ўзвышшах, і пад кожным дрэвам зялёным.
5 Тады Рэцын, валадар Сірыі, і Пэках, сын Рэмаліі, валадар Ізраіля, пайшлі ваяваць супраць Ерусаліму. І абляглі яны Ахаза, але не змаглі перамагчы яго.
6 У той час Рэцын, валадар Сірыі, далучыў Элят да Сірыі і выгнаў Юдэяў з Эляту. І прыйшлі Эдомцы ў Элят, і абжыліся там да сёньняшняга дня.
7 І паслаў Ахаз пасланцоў да Тыглят-Пілесэра, валадара Асірыі, кажучы: «Я — слуга твой і сын твой. Прыйдзі і выратуй мяне з рукі валадара Сірыі і з рукі валадара Ізраіля, якія паўсталі на мяне».
8 І ўзяў Ахаз срэбра і золата, якое знаходзілася ў Доме ГОСПАДА і ў скарбніцы дому валадара, і паслаў як дар валадару Асірыі.
9 І паслухаў яго валадар Асірыі, і прыйшоў валадар Асірыі ў Дамаск, і здабыў яго, і перасяліў яго ў Кір, і Рэцына забіў.
10 І пайшоў валадар Ахаз на спатканьне з Тыглят-Пілесэрам, валадаром Асірыі, у Дамаск, і ўбачыў ахвярнік у Дамаску. І валадар Ахаз пераслаў Урыі сьвятару выяву ахвярніка і ўзор усёй пабудовы ягонай.
11 І пабудаваў Урыя сьвятар ахвярнік паводле ўсяго таго, што прыслаў валадар Ахаз з Дамаску, і зрабіў гэта сьвятар Урыя, пакуль вярнуўся валадар Ахаз з Дамаску.
12 І прыйшоў валадар з Дамаску, і ўбачыў ахвярнік, і наблізіўся валадар да ахвярніка, і ўзыйшоў на яго.
13 І спаліў ён цэласпаленьне сваё і ахвяру хлебную сваю, і выліў ахвяру вадкую сваю, і крывёю ахвяраў мірных сваіх пакрапіў ахвярнік.
14 А мядзяны ахвярнік, які [стаяў] перад абліччам ГОСПАДА, ён загадаў прыбраць з пярэдняга боку Дому [Божага], паміж ахвярнікам і Домам ГОСПАДА, і паставіў яго побач ахвярніка [новага] на поўначы.
15 загадаў валадар Ахаз сьвятару Урыі, кажучы: «На вялікім ахвярніку палі ранішняе цэласпаленьне і ахвяру хлебную вячэрнюю, цэласпаленьні валадара і ягоную ахвяру хлебную, цэласпаленьні ўсяго народу зямлі, ягоныя ахвяры хлебныя і ахвяры вадкія. І вылівай на яго ўсю кроў ахвяраў цэласпаленьня і кроў ахвяраў крывавых. А ахвярнік мядзяны будзе ў распараджэньні маім».
16 І святар Урыя зрабіў усё, што яму загадаў валадар Ахаз.
17 І валадар Ахаз абламіў ліштвы з падставаў, і зьняў з іх мыцельнікі, і зьняў мора з валоў мядзяных, якія пад ім былі, і паставіў яго на каменную падлогу.
18 І ён прыбраў перад абліччам валадара Асірыі кружганак суботні, які пабудавалі ў Доме [Божым], і выхад навонкі для валадара з Дому ГОСПАДА.
19 А іншыя дзеяньні Ахаза, якія ён рабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
20 І супачыў Ахаз з бацькамі сваімі і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда. І пасьля яго стаў валадаром Эзэкія, сын ягоны.
Разьдзел 17
1 У дванаццатым годзе Ахаза, валадара Юды, Осія, сын Элы, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на дзевяць гадоў.
2 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, але ня так, як валадары Ізраіля, якія былі перад ім.
3 Выйшаў супраць яго Сальманэсэр, валадар Асірыі. І Осія стаў слугою ягоным, і плаціў яму даніну.
4 Але валадар Асірыі выкрыў змову Осіі, бо ён паслаў пасланцоў да Со, валадара Эгіпту, і не прынёс даніну валадару Асірыі, як кожны год [рабіў]. І ўзяў яго валадар Асірыі, і замкнуў у вязьніцы.
5 І пайшоў валадар Асірыі на ўсю зямлю, і прыйшоў да Самарыі, і аблягаў яе тры гады.
6 У дзявятым годзе Осіі валадар Асірыі здабыў Самарыю і перасяліў Ізраіля ў Асірыю, і пасяліў іх у Халаху, і ў Хаборы каля ракі Газан, і ў гарадах Мідзянаў.
7 І сталася гэта, бо сыны Ізраіля грашылі супраць ГОСПАДА, Бога свайго, Які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, з рукі фараона, валадара Эгіпту, і баяліся багоў чужых,
8 і хадзілі паводле звычаю народаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля, і паводле звычаю валадароў Ізраіля, якія рабілі [брыдоты].
9 І зьневажалі сыны Ізраіля ўчынкамі ліхімі ГОСПАДА, Бога свайго, і будавалі сабе ўзгоркі ў-ва ўсіх гарадах сваіх, ад вартавой вежы аж да ўмацаванага гораду.
10 І паставілі яны сабе слупы і Астартаў на кожным узгорку высокім і пад кожным дрэвам зялёным.
11 І кадзілі яны там на ўсіх узгорках, як народы, якіх ГОСПАД выгнаў перад абліччам іхнім, і рабілі рэчы ліхія, і гнявілі ГОСПАДА,
12 і служылі ідалам, пра якіх ГОСПАД гаварыў ім, каб не рабілі гэтага.
13 І сьведчыў ГОСПАД супраць Ізраіля і супраць Юды праз усіх прарокаў Сваіх і ўсіх відушчых, кажучы: «Зьвярніце са шляхоў сваіх ліхіх і захоўвайце прыказаньні Мае і пастановы Мае паводле ўсяго Закону, які Я даў бацькам вашым і які пасылаў вам праз слугаў Маіх, прарокаў».
14 Але яны ня слухалі і цьвёрдым зрабілі карак свой, як карак бацькоў іхніх, якія не хацелі верыць ГОСПАДУ, Богу свайму.
15 І адкінулі яны пастановы Ягоныя і запавет Ягоны, які Ён заключыў з бацькамі іхнімі, і сьведчаньне Ягонае, якім Ён сьведчыў ім, і ішлі за марнасьцямі і гідотаю, і ўсьлед за народамі, якія навокал іх, пра якіх загадаў ім ГОСПАД, каб не рабілі так, як яны.
16 І занядбалі яны ўсе прыказаньні ГОСПАДА, Бога свайго, і зрабілі сабе літыя выявы, і двух быкоў, і Астарту, і пакланяліся ўсяму войску нябеснаму, і служылі Баалу,
17 і праводзілі сыноў сваіх і дачок сваіх праз агонь, і займаліся варажбою і чараваньнем, і прадаваліся, каб рабіць ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і гнявілі Яго.
18 І моцна загневаўся ГОСПАД на Ізраіля, і адкінуў іх ад аблічча Свайго, і нікога не засталося, толькі адно калена Юды.
19 Але Юда таксама не захоўваў прыказаньняў ГОСПАДА, Бога свайго, і хадзіў паводле звычаяў Ізраільцянаў, як яны рабілі.
20 І ГОСПАД адкінуў усё насеньне Ізраіля, і прынізіў іх, і аддаў іх у рукі рабаўнікоў, аж пакуль зусім не адкінуў іх ад аблічча Свайго.
21 Бо Ізраіль аддзяліўся ад дому Давіда і зрабіў сабе валадаром Ерабаама, сына Навата, а Ерабаам адарваў Ізраіля ад ГОСПАДА і ўвёў іх у грэх вялікі.
22 І сыны Ізраіля хадзілі ў-ва ўсіх грахах Ерабаама, якія ён учыняў, і не пакідалі іх,
23 аж пакуль ГОСПАД не адкінуў Ізраіля ад аблічча Свайго, як прамовіў праз усіх слугаў Сваіх, прарокаў. І перасяліў Ён Ізраіля з зямлі іхняй у Асірыю аж да гэтага дня.
24 І валадар Асірыі перасяліў [людзей] з Бабілону, з Куты, з Аввы, з Хамату і з Сэфарваіму, і пасяліў іх у гарадах Самарыі замест сыноў Ізраіля. І яны прыйшлі ў Самарыю, і абжыліся ў ваколіцах ейных.
25 І сталася, калі яны там спачатку абжыліся, яны не баяліся ГОСПАДА. І ГОСПАД спаслаў на іх ільвоў, і яны забівалі іх.
26 І сказалі валадару Асірыі, кажучы: «Народы, якія ты перасяліў і пасяліў у гарадах Самарыі, ня ведаюць прысудаў Бога зямлі той, і Ён спслаў на іх ільвоў, і вось, яны забіваюць іх, бо яны ня ведаюць прысудаў Бога зямлі той».
27 І загадаў валадар Асірыі, кажучы: «Завядзіце туды аднаго са сьвятароў, якога адтуль забралі ў няволю. Няхай ён ідзе і жыве там, і няхай навучыць іх прысудам Бога зямлі той».
28 І пайшоў адзін са сьвятароў, якога забралі ў няволю з Самарыі, і абжыўся ў Бэтэлі, і вучыў іх, як яны маюць баяцца ГОСПАДА.
29 І сталася, што кожны народ зрабіў сабе бога свайго, і ставілі іх у сьвятынях на ўзгорках, якія раней пабудавалі Самаране; кожны народ у мясцовасьцях сваіх, дзе жыў.
30 Так людзі з Бабілону зрабілі Сукот-Бэнота, а людзі з Куты зрабілі Нэргаля, а людзі з Хамату — Ашыму,
31 а [жыхары] Аввы зрабілі Нібхаза і Тартака; Сэфарваімцы палілі ў агні дзяцей сваіх на [ўшанаваньне] Адрамэлеха і Анамэлеха, багоў Сэфарваіму.
32 І таксама яны баяліся ГОСПАДА, і спаміж сябе яны паставілі сьвятароў узгоркаў, і складалі ахвяры ў сьвятынях на ўзгорках.
33 І яны баяліся ГОСПАДА, і служылі багам сваім паводле звычаю тых народаў, з якіх яны былі пераселеныя.
34 Аж да сёньняшняга дня яны робяць паводле старых звычаях, і не баяцца ГОСПАДА, не выконваюць пастановаў Ягоных і прысудаў Ягоных, Закону і прыказаньняў, якія загадаў ГОСПАД сынам Якуба, якому даў імя Ізраіль.
35 І заключыў ГОСПАД з імі запавет, і загадаў ім, кажучы: «Ня бойцеся багоў чужых, і не пакланяйцеся ім, і не служыце ім, і не складайце ахвяраў ім.
36 Толькі ГОСПАДА, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай сілай вялікаю і рамяном узьнятым, Яго бойцеся, Яму пакланяйцеся і Яму ахвяры складайце.
37 І пастановы, прысуды, Закон і прыказаньні, якія Ён напісаў вам, захоўвайце, каб выконваць іх у-ва ўсе дні, а багоў чужых ня бойцеся.
38 І не забывайцеся пра запавет, які Я заключыў з вамі, і ня бойцеся багоў чужых.
39 Толькі ГОСПАДА, Бога вашага, бойцеся, і Ён выратуе вас з рук усіх ворагаў вашых».
40 Але яны не паслухалі, а рабілі ўсё паводле даўнейшых звычаяў сваіх.
41 І сталася, што гэтыя народы баяліся ГОСПАДА і служылі багам сваім. І таксама сыны іхнія, і сыны сыноў іхніх робяць так, як рабілі бацькі іхнія, аж да сёньняшняга дня.
Разьдзел 18
1 І сталася ў трэцім годзе Осіі, сына Элы, валадара Ізраіля, Эзэкія, сын Ахаза, стаў валадаром Юды.
2 Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі стаў валадаром, і валадарыў дваццаць дзевяць гадоў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Абія, дачка Захарыі.
3 І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, паводле ўсяго, што рабіў Давід, бацька ягоны.
4 Ён зьнішчыў узгоркі, паламіў слупы, пасьсякаў Астартаў і скрышыў зьмея мядзянага, якога зрабіў Майсей, бо аж да гэтага часу сыны Ізраіля кадзілі яму і называлі яго Нэхуштан.
5 І ён спадзяваўся на ГОСПАДА, Бога Ізраіля, і пасьля яго не было падобнага да яго між усіх валадароў Юды, і перад ім не было такога.
6 І ён прыляпіўся да ГОСПАДА, і не адступаўся ад Яго, і захоўваў прыказаньні Ягоныя, якія загадаў ГОСПАД Майсею.
7 І ГОСПАД быў з ім, і ў-ва ўсім, што рабіў, ён меў посьпех. І збунтаваўся ён супраць валадара Асірыі, і не служыў яму.
8 Ён пабіў Філістынцаў аж да Газы і яе ваколіцаў, ад вартавой вежы аж да ўмацаванага гораду.
9 І сталася ў чацьвёртым годзе валадара Эзэкіі, які быў сёмым годам Осіі, сына Элы, валадара Ізраіля, вырушыў Сальманэсэр, валадар Асірыі, супраць Самарыі і аблёг яе.
10 І здабыў ён яе праз тры гады. У шостым годзе Эзэкіі, які быў дзявятым годам Осіі, валадара Ізраіля, была здабытая Самарыя.
11 І валадар Асірыі перасяліў Ізраіля ў Асірыю, і пасяліў іх у Халаху, у Хаборы каля ракі Газан і ў гарадах Мідзянаў,
12 бо ня слухалі яны голасу ГОСПАДА, Бога свайго, і парушалі запавет Ягоны, і ўсё, што загадаў Майсей, слуга ГОСПАДА, ня слухалі і не выконвалі.
13 У чатырнаццатым годзе валадара Эзэкіі прыйшоў Санхэрыў, валадар Асірыі, на ўсе ўмацаваныя гарады Юды і захапіў іх.
14 І паслаў Эзэкія, валадар Юды, да валадара Асірыі ў Ляхіш, кажучы: «Саграшыў я. Адыйдзі ад мяне. Што накладзеш на мяне, панясу». І валадар Асірыі наклаў на Эзэкію, валадара Юды, [даніну] ў трыста талентаў срэбра і трыццаць талентаў золата.
15 І аддаў Эзэкія ўсё срэбра, якое знаходзілася ў Доме ГОСПАДА і ў скарбніцах дому валадара.
16 У той час Эзэкія зьняў [золата] з дзьвярэй Дому ГОСПАДА і з вушакоў, якія пазалаціў Осія, валадар Юды, і аддаў яго валадару Асірыі.
17 І паслаў валадар Асірыі з Ляхіша начальніка войска і галоўнага эўнуха, і Рабсака да валадара Эзэкіі ў Ерусалім з вялікім войскам. І яны пайшлі, і прыйшлі ў Ерусалім, і пайшлі, і прыйшлі, і сталі каля каналу верхняе сажалкі, якая на дарозе Поля Валюшніка.
18 І паклікалі яны валадара. І выйшлі да іх Эліякім, сын Хількіі, загадчык дому [валадара], і Шэўна пісар, і Ёах, сын Асафа, канцлер.
19 І сказаў ім Рабсак: «Скажыце Эзэкіі: “Гэта кажа вялікі валадар, валадар Асірыі. Што гэта за надзея, на якую ты спадзяешся?
20 Ці ты думаеш, што словы заменяць раду і сілу да бою? На каго ты спадзяешся, што збунтаваўся супраць мяне?
21 Ці ты спадзяешся на Эгіпет, на гэты надламаны кій з трысьнёгу, які, калі хто абапрэцца на яго, уваходзіць у далонь і прабівае яе. Такі фараон, валадар Эгіпецкі, для ўсіх, хто на яго спадзяецца.
22 А можа скажаце мне: «На ГОСПАДА, Бога нашага, спадзяемся»? Дык ці ж Ён ня Той, Якога ўзгоркі і ахвярнікі панішчыў Эзэкія і сказаў Юдзе і Ерусаліму: «Толькі перад ахвярнікам у Ерусаліме будзеце пакланяцца ГОСПАДУ»?”
23 І цяпер пайдзі ў заклад з гаспадаром маім, валадаром Асірыі, і я дам табе дзьве тысячы коней, калі зможаш дастаць сабе вершнікаў для іх.
24 І якім чынам ты выганіш аднаго намесьніка з найменшых слугаў гаспадара майго? Ці ты спадзяешся на Эгіпет дзеля калясьніцаў і коньнікаў?
25 Ці не бяз [волі] ГОСПАДА прыйшоў я на гэтае месца, каб яго спустошыць? ГОСПАД сказаў мне: “Ідзі ў зямлю гэтую і спустош яе”».
26 І сказалі Эліякім, сын Хількіі, і Шэўна, і Ёах Рабсаку: «Гавары, калі ласка, да слугаў тваіх па-арамейску, бо мы разумеем мову гэтую, а не гавары да нас па-гебрайску, у вушы народу, які на мурах».
27 І адказаў ім Рабсак: «Ці ж [толькі] да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой, каб я казаў словы гэтыя? Хіба не паслаў ён мяне да людзей, якія сядзяць на мурах і мусяць есьці лайно сваё і піць ваду ног сваіх з вамі?»
28 І стаў Рабсак, і закрычаў моцным голасам па-гебрайску, і прамовіў, і сказаў: «Слухайце словы валадара вялікага, валадара Асірыі.
29 Гэта кажа валадар. Няхай вас не падманвае Эзэкія, бо ня зможа ён выратаваць вас з рукі маёй!
30 І няхай не падманвае вас Эзэкія надзеяй на ГОСПАДА, кажучы: «Выратоўваючы, выратуе нас ГОСПАД і не аддасьць горад гэты ў рукі валадара Асірыі».
31 Ня слухайце Эзэкіі, бо гэта кажа валадар Асірыі: «Зрабіце [дамову] дабраславенства са мною і выходзьце да мяне, і будзеце есьці з вінаградніку вашага і з дрэва фігавага вашага, і будзеце піць ваду з сажалак вашых,
32 пакуль я не прыйду і не перасялю вас у зямлю, падобную да зямлі вашай, у зямлю збожжа і віна, зямлю хлеба і вінаграду, зямлю аліўкаў і мёду. І вы будзеце там жыць і не памраце». Дык ня слухайце Эзэкіі, які вас падманвае, кажучы: «ГОСПАД выратуе нас!»
33 Ці выратавалі богі народаў, кожны зямлю сваю, ад рукі валадара Асірыі?
34 Дзе богі Хамату і Арпаду? Дзе богі Сэфарваіму, Гэны і Іввы? Ці выратавалі яны Самарыю з рукі маёй?
35 Хто з усіх багоў земляў гэтых выратаваў зямлю сваю ад рукі маёй? Няўжо ГОСПАД выратуе з рукі маёй Ерусалім?»
36 А народ маўчаў і не адказваў яму ані слова, бо такі быў загад валадара, які казаў: «Не адказвайце».
37 І прыйшлі Эліякім, сын Хількіі, загадчык дому [валадара], і Шэўна пісар, і Ёах, сын Асафа, канцлер, да Эзэкіі ў разьдзёртых шатах, і паведамілі яму словы Рабсака.
Разьдзел 19
1 І сталася, калі пачуў [гэта] валадар Эзэкія, ён разьдзёр шаты свае, і апрануўся ў зрэбніцу, і пайшоў у Дом ГОСПАДА.
2 І паслаў ён Эліякіма, загадчыка дому [валадара], і Шэўну пісара, і старэйшых сьвятароў, апранутых у зрэбніцу, да прарока Ісаі, сына Амоса.
3 І сказалі яны яму: «Гэта кажа Эзэкія: “Гэты дзень — дзень прыгнёту, кары і ганьбы! Бо дайшлі сыны да ўлоньня, але няма сілы іх нарадзіць!
4 Можа, пачуе ГОСПАД, Бог твой, усе словы Рабсака, якога паслаў гаспадар ягоны, валадар Асірыі, каб зьневажаць Бога Жывога, і пакарае яго за словы, якія пачуў ГОСПАД, Бог твой! Дык узьнясі малітву за рэшту, якая засталася”».
5 І прыйшлі слугі валадара Эзэкіі да Ісаі.
6 І сказаў ім Ісая: «Так скажыце гаспадару вашаму: “Гэта кажа ГОСПАД. Ня бойся словаў, якія ты чуў, якімі слугі валадара Асірыі зьневажалі Мяне!
7 Вось, Я пашлю яму духа, і ён пачуе вестку, і вернецца ў зямлю сваю, і Я ўдару яго мячом у зямлі ягонай”».
8 І вярнуўся Рабсак, і знайшоў валадара Асірыі, які здабываў Лібну, бо пачуў, што ён адыйшоў з-пад Ляхішу.
9 І пачуў ён пра Тыргака, валадара Кушу: «Вось, ён пайшоў на вайну супраць цябе», і вярнуўся, і паслаў пасланцоў да Эзэкіі, кажучы:
10 «Гэтак скажыце Эзэкіі, валадару Юды, кажучы: “Няхай ня зводзіць цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, кажучы: «Ня будзе аддадзены Ерусалім у рукі валадара Асірыі».
11 Вось, ты чуў, што зрабілі валадары Асірыі з усімі землямі, як яны панішчылі іх. А ты мог бы выратавацца?
12 Ці ж богі тых народаў, якіх зьнішчылі бацькі мае, выратавалі іх? Дзе Газан, Харан, Рэзэф і сыны Эдэну, якія ў Тэлясары?
13 Дзе валадар Хамату і валадар Арпаду, валадары гарадоў Сэфарваіму, Гэны і Іввы?”»
14 І ўзяў Эзэкія лісты з рук пасланцоў, і прачытаў іх, і пайшоў у Дом ГОСПАДА, і разгарнуў іх перад абліччам ГОСПАДА.
15 І маліўся Эзэкія перад абліччам ГОСПАДА, і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, Які сядзіш на херувімах! Толькі Ты — Бог усіх валадарстваў зямлі. Ты ўчыніў неба і зямлю.
16 Нахіні, ГОСПАДЗЕ, вуха Тваё і пачуй; адкрый, ГОСПАДЗЕ, вочы Твае і пабач! І пачуй усе словы Санхэрыва, які паслаў іх, каб зьневажаць Бога Жывога.
17 Гэта праўда, ГОСПАДЗЕ, што валадары Асірыі зьнішчылі народы і землі іхнія.
18 І яны кінулі ў агонь багоў іхніх, бо яны ня богі, але толькі творы рук чалавечых з дрэва і камяня, і яны зьнішчылі іх.
19 А цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа наш, збаў нас, прашу, ад рукі ягонай, і няхай ведаюць усе валадарствы зямлі, што Ты, ГОСПАДЗЕ, — Бог, толькі Ты».
20 І паслаў Ісая, сын Амоса, да Эзэкіі, кажучы: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я пачуў тое, пра што ты маліўся да Мяне адносна Санхэрыва, валадара Асірыі”.
21 Гэта слова, якое прамовіў ГОСПАД пра яго: “Насьміхаецца з цябе, пагарджае табою дзяўчына, дачка Сыёну; за табой ківае галавой дачка Ерусаліму.
22 Каго зьневажаў ты і на Каго плявузгаў? Супраць Каго падняў ты голас твой і высока ўзьняў вочы твае? Супраць Сьвятога Ізраілевага!
23 Праз пасланцоў тваіх ты зьневажаў Госпада і казаў: «З мноствам калясьніцаў маіх я ўзыйшоў на горы высокія, на схілы Лібану. Я выразаў гонкія кедры і найпрыгажэйшыя кіпарысы, і дайшоў аж у нетры лесу Кармэлю.
24 Я выкапаў [студню] і п’ю воды чужыя, і стопамі ног маіх я высушыў усе рэкі Эгіпецкія».
25 Ці ты ня чуў, што Я даўно зрабіў гэта, у дні старадаўнія? Я гэта прызначыў, а цяпер зьдзяйсьняю, і стануць купай друзу гарады ўмацаваныя.
26 А тыя, што жывуць у іх, [маюць] слабыя рукі, стрывожаныя і зьбянтэжаныя, і сталіся як сена ў полі, як зеляніна маладая, як трава на даху, спаленая перш, чым сасьпела.
27 Ці ты сядзіш, ці выходзіш, ці ўваходзіш — Я ведаю, і [ведаю] злоснасьць тваю адносна Мяне.
28 За тое, што ты злуешся на Мяне і што пыха твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўкладу ў ноздры твае колца Маё і цуглі Мае ў вусны твае, і выведу цябе на дарогу, па якой ты прыйшоў!”
29 А для цябе, [Эзэкія], будзе знак: у гэтым годзе еш тое, што засталося ад сабранага [зерня], а ў другі год — тое, што само вырасьце, а ў трэці год сейце і зьбірайце, і саджайце вінаграднікі, і ешце плады іхнія.
30 І тое, што застанецца з дому Юды, пусьціць корань углыб, і дасьць плод угару.
31 Бо з Ерусаліму выйдзе рэшта, і збаўленыя — з гары Сыён. Рэўнасьць ГОСПАДА Магуцьцяў зробіць гэта!
32 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра валадара Асірыі: “Ня ўвойдзе ён у горад гэты, і ня выпусьціць у яго стралы, і не наставіць супраць яго шчыт, і не насыпе кругом яго валу.
33 Шляхам, якім ён прыйшоў, вернецца, і ў горад гэты ня ўвойдзе, кажа ГОСПАД.
34 Я абараню горад гэты і выратую яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, слугі Майго”».
35 І сталася, што ў тую самую ноч выйшаў анёл ГОСПАДА і забіў у табары Асірыйцаў сто восемдзясят пяць тысячаў [чалавек]. І ўсталі раніцаю, і вось, усе яны мёртвыя.
36 І Санхэрыў, валадар Асірыі, сабраў [табар], і адыйшоў, і вярнуўся, і затрымаўся ў Нініве.
37 І сталася, калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, Адрамэлех і Шарэцэр, сыны ягоныя, забілі яго мячом і ўцяклі ў зямлю Арарат. І заваладарыў замест яго Эсар-Хадон, сын ягоны.
Разьдзел 20
1 У тыя дні Эзэкія захварэў сьмяротна. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амоса, і сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “Дай загад пра дом свой, бо ты памрэш і ня будзеш жыць”».
2 І Эзэкія адвярнуў аблічча сваё да сьцяны, і маліўся да ГОСПАДА, кажучы:
3 «О, ГОСПАДЗЕ! Узгадай, што я хадзіў перад абліччам Тваім у праўдзе і са шчырым сэрцам, і рабіў тое, што добрае ў вачах Тваіх». І плакаў Эзэкія плачам вялікім.
4 І яшчэ ня выйшаў Ісая з унутранага панадворку, як было да яго слова ГОСПАДА, кажучы:
5 «Вярніся і скажы Эзэкіі, правадыру народу Майго: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Давіда, бацькі твайго. Я пачуў малітву тваю і ўбачыў сьлёзы твае. Вось, Я аздараўлю цябе, і на трэці дзень ты ўвойдзеш у Дом ГОСПАДА.
6 І Я дадам да дзён тваіх пятнаццаць гадоў, і выратую з рукі валадара Асірыі цябе і горад гэты, і Я абараню горад гэты дзеля Сябе і дзеля Давіда, слугі Майго”».
7 І сказаў Ісая: «Вазьміце аладку з фігаў». І ўзялі яе, і палажылі на скулу, і [Эзэкія] ачуняў.
8 І сказаў Эзэкія Ісаі: «Які знак [будзе], што ГОСПАД аздаровіць мяне і што на трэці дзень я ўвайду ў Дом ГОСПАДА?»
9 І сказаў Ісая: «Гэта будзе табе знак ад ГОСПАДА, што ГОСПАД выканае слова, якое Ён прамовіў. Ці цень [сонечны на гадзіньніку Ахаза] мае прайсьці наперад на дзесяць прыступак, ці перайсьці назад на дзесяць прыступак?»
10 І сказаў Эзэкія: «Лёгка для ценю прайсьці наперад на дзесяць прыступак. Не, але няхай цень вернецца назад на дзесяць прыступак».
11 І клікаў прарок Ісая да ГОСПАДА, і Ён перасунуў цень на прыступках [гадзіньніка] Ахаза на дзесяць прыступак назад.
12 У той час Бэрадах-Баладан, сын Баладана, валадара Бабілону, паслаў лісты і падарункі Эзэкіі, бо ён пачуў, што Эзэкія быў хворы.
13 І ўсьцешыўся з іх Эзэкія, і паказаў ім увесь дом скарбаў сваіх, срэбра і золата, пахошчы каштоўны алей, збраёўню сваю і ўсё, што знаходзілася ў сховішчах ягоных. Не засталося рэчы, якой бы не паказаў ім Эзэкія ў доме сваім і ў-ва ўсёй дзяржаве сваёй.
14 І прыйшоў да валадара Эзэкіі прарок Ісая, і сказаў яму: «Што сказалі тыя людзі і адкуль яны прыйшлі да цябе?» Эзэкія сказаў яму: «З зямлі далёкай яны прыйшлі, з Бабілону».
15 І сказаў [Ісая]: «Што бачылі яны ў доме тваім?» І сказаў Эзэкія: «Усё, што ёсьць у доме маім, яны бачылі. Не было рэчы, якой я не паказаў бы ім у сховішчах маіх».
16 І сказаў Ісая Эзэкіі: «Паслухай слова ГОСПАДА.
17 Вось, прыйдуць дні, і ўсё, што ў доме тваім і што назьбіралі бацькі твае аж да гэтага дня, будзе забранае ў Бабілон, і не застанецца нічога, кажа ГОСПАД.
18 І сыноў тваіх, якія выйдуць з цябе, якіх ты народзіш, забяруць, і будуць яны эўнухамі ў палацы валадара Бабілону».
19 І сказаў Эзэкія Ісаі: «Добрае слова ГОСПАДА, якое ты прамовіў». І сказаў: «Будзе супакой і праўда ў дні мае».
20 А іншыя дзеяньні Эзэкіі, і мужнасьць ягоная, і як ён зрабіў сажалку і канал і ўвёў ваду ў горад, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
21 І супачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і пасьля яго заваладарыў Манаса, сын ягоны.
Разьдзел 21
1 Манаса меў дванаццаць гадоў, калі стаў валадаром, і пяцьдзясят пяць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Хефцыба.
2 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА паводле агідаў народаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.
3 І ён вярнуў і адбудаваў узгоркі, якія быў зьнішчыў Эзэкія, бацька ягоны, і пабудаваў ахвярнікі Баалу, і зрабіў Астарту, якую быў зрабіўшы Ахаў, валадар Ізраіля, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў яму.
4 І пабудаваў ён ахвярнікі ў доме ГОСПАДА, пра які сказаў ГОСПАД: «У Ерусаліме Я зьмяшчу імя Маё».
5 І пабудаваў ён ахвярнікі ўсяму войску нябеснаму на абодвух панадворках Дому ГОСПАДА.
6 І правёў ён сына свайго праз агонь, і займаўся варажбой і чараваньнямі, і паставіў тых, што выклікаюць духаў памерлых, і варажбітоў, і шмат рабіў ён зла ў вачах ГОСПАДА, каб гнявіць Яго.
7 І паставіў ён выяву Астарты, якую зрабіў, у Доме [Божым], пра які ГОСПАД сказаў Давіду і Салямону, сыну ягонаму: «У гэтым Доме і ў Ерусаліме, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраіля, Я зьмяшчу імя Маё на вякі.
8 І ўжо больш ня будзе нага Ізраіля блукаць далёка ад зямлі, якую Я даў бацькам іхнім, калі толькі будуць яны выконваць усё тое, што Я загадаў ім, і ўвесь Закон, які даў ім Майсей, слуга Мой».
9 Але яны ня слухалі Яго, і зьвёў іх Манаса, каб рабілі горш, чым народы, якія вынішчыў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.
10 І прамаўляў ГОСПАД праз слугаў Сваіх, прарокаў, кажучы:
11 «За тое, што Манаса, валадар Юды, робіць брыдоты, горшыя, чым усё, яшто рабілі Амарэйцы перад ім, і ўвёў у грэх нават Юду ідаламі сваімі,
12 дзеля гэтага так кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я навяду ліха на Ерусалім і Юду, што ў кожнага, хто пачуе [пра гэта], зазьвініць у абодвух вушах ягоных.
13 І Я працягну над Ерусалімам [меральны] шнур Самарыі і грунтвагу дому Ахава, і вытру Ерусалім, як выціраецца міска, вытру і перавярну дагары дном.
14 І Я адкіну рэшту спадчыны Маёй, і аддам іх у рукі ворагаў іхніх, і стануцца яны рабункам і здабычай усіх ворагаў іхніх.
15 За тое, што яны рабілі ліхоту ў вачах Маіх і гнявілі Мяне з таго дня, як выйшлі бацькі іхнія з Эгіпту, аж па гэты дзень”».
16 Таксама Манаса праліваў вельмі шмат крыві нявіннай, аж напоўніў ёю Ерусалім ад краю да краю, ня лічачы грахоў, у якія ўвёў Юду, робячы ліхоту ў вачах ГОСПАДА.
17 А іншыя дзеяньні Манасы, і ўсё, што ён зрабіў, і грахі ягоныя, якімі грашыў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
18 І супачыў Манаса з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў садзе дому свайго, у садзе Узіі. І стаў валадаром пасьля яго Амон, сын ягоны.
19 Амон меў дваццаць два гады, калі стаў валадаром, і валадарыў ён у Ерусаліме два гады. Імя маці ягонай — Мэшулемэт, дачка Харуца з Ётбы.
20 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, як Манаса, бацька ягоны,
21 і хадзіў усімі шляхамі, якімі хадзіў бацька ягоны, і служыў ідалам, якім служыў бацька ягоны, і пакланяўся ім.
22 І пакінуў ён ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, і не хадзіў шляхам ГОСПАДА.
23 І змовіліся супраць Амона слугі ягоныя, і забілі валадара ў доме ягоным.
24 Але народ зямлі забіў усіх, якія былі змовіўшыся супраць валадара Амона, і паставілі сабе на валадара замест яго Ёсію, сына ягонага.
25 А іншыя дзеяньні Амона, якія ён рабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
26 І пахавалі яго ў садзе Узіі ў магіле ягонай. І стаў валадаром пасьля яго Ёсія, сын ягоны.
Разьдзел 22
1 Ёсія меў восем гадоў, калі пачаў валадарыць, і трыццаць адзін год ён быў валадаром у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Едыда, дачка Адаі з Бацкату.
2 І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў усімі шляхамі Давіда, бацькі свайго, і не зварочваў ані ўправа, ані ўлева.
3 І сталася ў васямнаццатым годзе валадара Ёсіі, паслаў валадар пісара Шафана, сына Ацаліі, сына Мэшуляма, у Дом ГОСПАДА, кажучы:
4 «Ідзі да Хількіі, вялікага сьвятара. І няхай ён палічыць срэбра, якое ахвяравана ў Доме ГОСПАДА, што сабралі вартаўнікі парогаў ад народу.
5 І няхай дадуць яго ў рукі майстрам, якія нагладаюць за працамі ў Доме ГОСПАДА, а яны няхай дадуць яго работнікам, якія працуюць у Доме ГОСПАДА, дзеля направы пашкоджаньняў у Доме,
6 цесьлярам, будаўнікам, мулярам, і на куплю дрэва, чэсаных камянёў дзеля направы Дому [Божага].
7 Але ня трэба патрабаваць ад іх адказу за срэбра, якое дадзенае ў рукі іхнія, бо яны працуюць сумленна».
8 І сказаў Хількія, вялікі сьвятар, пісару Шафану: «Кнігу Закону я знайшоў у Доме ГОСПАДА». І даў Хількія кнігу Шафану, і ён чытаў яе.
9 І пайшоў пісар Шафан да валадара, і прынёс яму слова гэтае, і сказаў: «Слугі твае ўзялі срэбра, якое знаходзіцца ў Доме [Божым], і перадалі яго ў рукі загадчыкам працаў у Доме ГОСПАДА».
10 І паведаміў пісар Шафан валадару, кажучы: «Сьвятар Хількія даў мне кнігу». І Шафан прачытаў яе перад абліччам валадара.
11 І сталася, калі валадар пачуў словы кнігі Закону, ён разьдзёр шаты свае
12 і загадаў валадар сьвятару Хількіі, і Ахікаму, сыну Шафана, і Ахбору, сыну Міхея, і Шафану пісару, і Асаі, слузе валадара, кажучы:
13 «Ідзіце і спытайце ГОСПАДА адносна мяне, і адносна народу, і адносна ўсяго Юды паводле словаў кнігі, якая знойдзена, бо вялікі гнеў ГОСПАДА ўзгарэўся супраць нас, бо ня слухалі бацькі нашыя словаў кнігі гэтай, каб выканаць усё, што ў ёй напісана для нас».
14 І пайшлі сьвятар Хількія, і Ахікам, і Ахбор, і Шафан, і Асая да Хульды прарочыцы, жонкі Шальлюма, сына Тыквы, сына Хархаса, вартаўніка адзеньня. Яна жыла ў Ерусаліме, у новым горадзе, і гаварылі з ёй.
15 І яна сказала ім: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Скажыце чалавеку, які паслаў вас да мяне:
16 «Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я навяду ліха на месца гэтае і на жыхароў ягоных, усе словы кнігі, якую чытаў валадар Юды,
17 за тое, што яны пакінулі Мяне і кадзілі багам чужым, і гнявілі Мяне ўсімі ўчынкамі рук сваіх. І ўзгарэўся гнеў Мой на месца гэтае, і не патухне».
18 Адносна валадара Юды, які паслаў вас, каб запытацца ГОСПАДА, скажыце яму так: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. За тое, што ты слухаў словы [кнігі],
19 і стрывожылася сэрца тваё і ты ўпакорыўся перад абліччам ГОСПАДА, пачуўшы тое, што прамоўлена супраць гораду гэтага і жыхароў ягоных, што яны будуць спусташэньнем і праклёнам, і разьдзёр ты шаты свае, і плакаў перад абліччам Маім, Я выслухаў цябе, кажа ГОСПАД.
20 Таму, вось, Я далучу цябе да бацькоў тваіх, і будзеш ты пахаваны ў магіле тваёй у супакоі, і вочы твае ня ўбачаць усяго ліха, якое Я спашлю на месца гэтае»”». І яны занесьлі валадару слова гэтае.
Разьдзел 23
1 І паслаў валадар, і сабраліся да яго ўсе старшыні Юды і Ерусаліму.
2 І ўвайшоў валадар у Дом ГОСПАДА, і ўсе людзі Юды, і ўсе жыхары Ерусаліма з ім, і сьвятары, і прарокі, і ўвесь народ ад малога да вялікага. І прачытаў ён у вушы іхнія ўсе словы Кнігі Запавету, якую знайшлі ў Доме ГОСПАДА.
3 І стаў валадар на ўзвышэньні, і заключыў запавет перад абліччам ГОСПАДА, што яны будуць хадзіць за ГОСПАДАМ і будуць захоўваць прыказаньні Ягоныя, сьведчаньні Ягоныя і пастановы Ягоныя ўсім сэрцам і ўсёй душой, каб выканаць словы запавету гэтага, якія запісаныя ў кнізе гэтай. І ўвесь народ далучыўся да запавету.
4 І загадаў валадар Хількіі, вялікамі сьвятару, і іншым сьвятарам, і вартаўнікам парогаў, каб выкінулі са Сьвятыні ГОСПАДА ўсе рэчы, зробленыя для Баала, і для Астарты, і для ўсяго войска нябеснага. І ён спаліў усё гэта па-за Ерусалімам у даліне Кедрону, а попел іхні занёс у Бэтэль.
5 І прыбраў ён службітаў паганскіх, якіх паставілі валадары Юды, і якія кадзілі на ўзгорках у гарадах Юды і ў ваколіцах Ерусаліму, і якія кадзілі Баалу, сонцу, месяцу, сузор’ям і ўсяму войску нябеснаму.
6 І вынес ён з Дому ГОСПАДА Астарту, і [занёс] па-за Ерусалім да ручая Кедрон, і спаліў яе каля ручая Кедрон, і сьцёр яе на парахно, і кінуў яе на магілы людзей простых.
7 І разваліў ён дамы распусьнікаў, якія былі пры Доме ГОСПАДА, дзе жанчыны ткалі адзеньне для Астарты.
8 І выгнаў ён усіх сьвятароў [паганскіх] з гарадоў Юды, і апаганіў узгоркі, дзе сьвятары гэтыя кадзілі, ад Гевы да Бээр-Шэвы. І зруйнаваў узгорак брамы, які быў каля ўваходу ў браму Егошуа, начальніка гораду, з левага боку ад гарадзкой брамы.
9 І сьвятарам узгоркаў забараніў прыходзіць да ахвярніка ГОСПАДА ў Ерусаліме, толькі маглі яны есьці праснакі між братамі сваімі.
10 І апаганіў ён Тафэт, які ў даліне Бэн-Гінном, каб ужо ніхто не праводзіў сына свайго або дачку праз агонь для Малоха.
11 І прыбраў коней, якіх валадары Юды пасьвячалі сонцу, ад уваходу ў Дом ГОСПАДА каля жытла Натан-Мэлеха, эўнуха, якое на панадворку, і спаліў агнём калясьніцы сонца.
12 І ахвярнікі на даху верхняга пакоя Ахаза, якія зрабілі валадары Юды, і ахвярнікі, якія зрабіў Манаса ў абодвух панадворках Дому ГОСПАДА, валадар зьнішчыў, і прыбраў адтуль, а пыл ад іх укінуў у ручай Кедрон.
13 І апаганіў ён узгоркі насупраць Ерусаліму з правага боку гары Аліўнай, якія Салямон, валадар Ізраіля, паставіў для Астарты, брыдоты Сідонцаў, і для Кемоша, брыдоты Мааву, і для Мількома, брыдоты сыноў Амона.
14 І паразьбіваў ён слупы, і высек [сьвятыя] гаі, і засыпаў месца іхняе косткамі чалавечымі.
15 І таксама ахвярнік, які ў Бэтэлі, узгорак, зроблены Ерабаамам, сынам Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, таксама ахвярнік гэты і ўзгорак разваліў, і спаліў, і сьцёр у пыл, і спаліў Астарту.
16 І глянуў Ёсія, і ўбачыў магілы, якія там [былі] на гары, і паслаў, і загадаў узяць косткі з магілаў, і спаліў іх на ахвярніку, і апаганіў яго паводле слова ГОСПАДА, якое абвясьціў чалавек Божы, што абвяшчаў падзеі гэтыя.
17 І сказаў [Ёсія]: «Што гэта за помнік, які я бачу?» І сказалі яму жыхары гораду: «Гэта магіла чалавека Божага, які прыйшоў з Юды і абвясьціў тое, што ты зрабіў з ахвярнікам у Бэтэлі».
18 І сказаў ён: «Пакіньце яго [ў супакоі]. Няхай ніхто не чапае костак ягоных». І косткі ягоныя пакінулі некранутымі разам з косткамі прарока, які прыйшоў з Самарыі.
19 І таксама ўсе дамы ўзгоркаў, якія [былі] ў гарадах Самарыі і якія пабудавалі валадары Ізраіля, каб гнявіць [Госпада], Ёсія разваліў і зрабіў з імі так, як зрабіў у Бэтэлі.
20 І пазабіваў ён усіх сьвятароў узгоркаў, якія там [былі] пры ахвярніках, і спаліў на іх косткі чалавечыя, і вярнуўся ў Ерусалім.
21 І загадаў валадар усяму народу, кажучы: «Спраўляйце Пасху ГОСПАДА, Бога вашага, як напісана ў кнізе Запавету гэтага».
22 Бо не была спраўляная Пасха ад дзён судзьдзяў, якія судзілі Ізраіля, і праз усе дні валадароў Ізраіля і валадароў Юды.
23 Толькі ў васямнаццатым годзе валадара Ёсіі спраўлялі Пасху ГОСПАДА ў Ерусаліме.
24 І таксама Ёсія вынішчыў тых, якія выклікалі духаў памерлых, і варажбітоў, і [зьнішчыў] тэрафімаў, ідалаў і ўсе брыдоты, якія былі бачаныя ў зямлі Юды і ў Ерусаліме, каб выканаць словы Закону, запісаныя ў кнізе, якую знайшоў сьвятар Хількія ў Доме ГОСПАДА.
25 Перад ім не было такога валадара, які б навярнуўся да ГОСПАДА ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй, і ўсёю сілаю сваёй паводле ўсяго Закону Майсея, і пасьля яго не зьявіўся падобны яму.
26 Аднак ГОСПАД не спыніў ярасьці гневу Свайго, які ўзгарэўся супраць Юды за ўсе зьнявагі, якімі гнявіў Яго Манаса.
27 І сказаў ГОСПАД: «Нават Юду Я адкіну ад аблічча Майго, як Я адкінуў Ізраіля. І адкіну горад гэты, які Я выбраў, Ерусалім, і Дом [Божы], пра які Я сказаў: “Там будзе імя Маё!”»
28 А іншыя дзеяньні Ёсіі і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
29 У дні ягоныя фараон Нэхо, валадар Эгіпту, пайшоў на валадара Асірыі на раку Эўфрат. І выйшаў насустрач яму валадар Ёсія, і, калі ўбачыў яго, быў забіты ім у Мэгіддо.
30 І павезьлі слугі ягоныя забітага на калясьніцы з Мэгіддо, і прывезьлі ў Ерусалім, і пахавалі яго ў магіле ягонай. А народ краіны ўзяў Егаахаза, сына ягонага, і памазаў яго, і паставіў яго валадаром на месца бацькі ягонага.
31 Егаахаз меў дваццаць тры гады, калі стаў валадаром, і валадарыў ён у Ерусаліме тры месяцы. Імя маці ягонай — Хамуталь, дачка Ярэміі з Лібны.
32 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, паводле ўсяго таго, што рабілі бацькі ягоныя.
33 І фараон Нэхо ўвязьніў яго ў Рыўлі, у зямлі Хамат, каб не валадарыў ён у Ерусаліме, і наклаў на краіну даніну — сто талентаў срэбра і талент золата.
34 І паставіў фараон Нэхо валадаром Эліякіма, сына Ёсіі, замест Ёсіі, бацькі ягонага, і зьмяніў імя ягонае на Егаякім. А Егаахаза ўзяў і завёў у Эгіпет, і ён там памёр.
35 І Егаякім даваў фараону срэбра і золата, і мусіў ён ападаткаваць зямлю, каб даваць срэбра паводле [слова] з вуснаў фараона, і ад кожнага чалавека ў зямлі [Юды] паводле вызначанага падатку ён вымагаў срэбра і золата, каб даваць фараону Нэхо.
36 Егаякім меў дваццаць пяць гадоў, калі стаў валадаром, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Зэбіда, дачка Пэдаі з Румы.
37 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, усё, як рабілі бацькі ягоныя.
Разьдзел 24
1 У дні ягоныя прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілону, і Егаякім стаўся слугой ягоным на тры гады, а пасьля збунтаваўся супраць яго.
2 І ГОСПАД паслаў супраць яго дружыны Халдэйцаў, і дружыны Сірыйцаў, і дружыны Мааўлянаў, і дружыны сыноў Амона, і паслаў іх супраць Юды, каб зьнішчыць яго паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў праз слугаў Сваіх, прарокаў.
3 І гэта сталася праз [слова] з вуснаў ГОСПАДА супраць Юды, каб адкінуць яго ад аблічча Свайго за грахі Манасы, якія ён рабіў,
4 і таксама за кроў нявінную, якую ён праліў і напоўніў Ерусалім крывёю нявіннай. І не хацеў ГОСПАД прабачыць.
5 А іншыя дзеяньні Егаякіма і ўсё, што ён рабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
6 І супачыў Егаякім з бацькамі сваімі, а замест яго стаў валадаром Егаяхін, сын ягоны.
7 І валадар Эгіпецкі не выходзіў ужо з зямлі сваёй, бо валадар Бабілону заваяваў усё ад ручая Эгіпецкага аж да ракі Эўфрат, усё, што належала да валадара Эгіпту.
8 Егаяхін меў васямнаццаць гадоў, калі стаў валадаром, і валадарыў ён у Ерусаліме тры месяцы. Імя маці ягонай — Нэхушта, дачка Эльнатана з Ерусаліму.
9 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, усё, як рабіў бацька ягоны.
10 У той час слугі Навухаданосара, валадара Бабілону, выйшлі супраць Ерусаліму і абляглі горад.
11 І прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілону, да гораду, а слугі ягоныя аблягалі яго.
12 І выйшаў Егаяхін, валадар Юды, разам з маці сваёй, і слугамі сваімі, князямі сваімі і эўнухамі сваімі да валадара Бабілону. І валадар Бабілону ўзяў яго ў восьмым годзе валадараньня свайго.
13 І забраў ён таксама ўсе скарбы Дому ГОСПАДА і скарбы дому валадара, і паламаў усе залатыя рэчы, якія зрабіў Салямон, валадар Ізраіля, у Сьвятыні ГОСПАДА, паводле таго, што прамовіў ГОСПАД.
14 І перасяліў ён у няволю ўвесь Ерусалім, усіх князёў, усіх ваяроў мужных, дзесяць тысячаў палонных, і ўсіх кавалёў і цесьляроў. І не засталося нікога, толькі галота людзей зямлі.
15 І перасяліў ён таксама Егаяхіна ў Бабілон, і маці валадара, і жонак валадара, і эўнухаў ягоных, і магнатаў зямлі забраў у няволю з Ерусаліму ў Бабілон.
16 І ўсіх ваяроў сем тысячаў, і кавалёў, і цесьляроў тысячу, і ўсіх волатаў, здатных да вайны, вывеў валадар Бабілону ў няволю, у Бабілон.
17 І валадар Бабілонскі паставіў валадаром дзядзьку [Егаяхіна] Матанію, і зьмяніў імя ягонае на Сэдэкію.
18 Сэдэкія меў дваццаць адзін год, калі стаў валадаром, і ён валадарыў у Ерусаліме адзінаццаць гадоў. Імя маці ягонай — Хамуталь, дачка Ярэміі з Лібны.
19 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, усё, як рабіў Егаяхін.
20 І сталася гэта з прычыны гневу ГОСПАДА на Ерусалім і Юду, і Ён адкінуў іх ад аблічча Свайго. І Сэдэкія збунтаваўся супраць валадара Бабілонскага.
Разьдзел 25
1 І сталася ў дзявятым годзе валадараньня ягонага, у дзясятым месяцы, у дзясяты [дзень] месяца, прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, з усім войскам сваім да Ерусаліму, і аблёг яго, і пабудаваў вакол яго валы.
2 І горад быў у аблозе аж да адзінаццатага году валадара Сэдэкіі.
3 У дзявяты [дзень] месяца пачаўся голад у горадзе, і не было ўжо хлеба для народу зямлі.
4 І быў зроблены вылом у муры гораду, і ўначы ўсе ваяры [ўцяклі] па шляху брамы між мурамі, што каля саду валадарскага, а Халдэйцы былі вакол гораду. І выйшлі яны на шлях да Арабы.
5 І войска Халдэйцаў кінулася ў пагоню за валадаром, і дагналі яго на раўніне каля Ерыхону, і ўсё войска ягонае пакінула яго.
6 І схапілі валадара, і прывялі яго да валадара Бабілонскага ў Рыўлю, і выдадзены быў на яго прысуд.
7 І сыноў Сэдэкіі забілі на вачах ягоных, і вырвалі вочы Сэдэкіі, і закулі яго ў кайданы мядзяныя, і завялі ў Бабілон.
8 У пятым месяцы, у сёмы [дзень] месяца, а гэта быў дзевятнаццаты год Навухаданосара, валадара Бабілонскага, увайшоў у Ерусалім Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, слуга валадара Бабілонскага.
9 І спаліў ён Дом ГОСПАДА, і дом валадара, і ўсе дамы ў Ерусаліме, і кожны вялікі дом спаліў агнём.
10 І войска Халдэйскае, якое [было] разам з начальнікам целаахоўнікаў, зруйнавала мур вакол Ерусаліму.
11 А рэшту народу, якая засталася ў горадзе, і ўцекачоў, якія ўцяклі да валадара Бабілонскага, і рэшту мноства [людзей простых] Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, перасяліў у няволю.
12 І некаторых з галоты зямлі начальнік целаахоўнікаў пакінуў як вінаградараў і земляробаў.
13 І паламалі Халдэйцы слупы мядзяныя, якія ў Доме ГОСПАДА, і падставы, і мора мядзянае, якое ў Доме ГОСПАДА, і забралі медзь іхнюю ў Бабілон.
14 І забралі катлы, лапаткі, нажніцы, лыжкі і ўвесь посуд мядзяны, якім карысталіся пры служэньні.
15 Таксама кадзільніцы і келіхі, якія былі з золата і срэбра, забраў начальнік целаахоўнікаў.
16 А медзі з двух слупоў і аднаго мора, і падставаў, якія Салямон зрабіў для Дому ГОСПАДА, нельга было зважыць.
17 Васямнаццаць локцяў меў у вышыню адзін слуп, і галавіца ягоная была з медзі, а вышыня галавіцы была тры локці. Вакол галавіцы было сплеціва з яблыкамі гранату, усё з медзі. І другі слуп меў таксама сплеціва.
18 І начальнік целаахоўнікаў узяў Сэраю сьвятара і другога сьвятара Сафонію, і трох вартаўнікоў парогаў.
19 А з горада ўзяў ён аднаго эўнуха, які быў начальнікам войска, і пяць чалавек, якія бачылі аблічча валадара, якіх знайшлі ў горадзе, і галоўнага пісара войска, які запісваў народ зямлі, і шэсьцьдзясят людзей простых, якіх знайшлі ў горадзе.
20 І ўзяў іх Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, і завёў да валадара Бабілонскага ў Рыўлю.
21 І валадар Бабілонскі загадаў забіць іх, і забіў іх у Рыўлі, у зямлі Хамат. І быў Юда выселены з зямлі сваёй.
22 А над народам, што застаўся ў зямлі Юды, які пакінуў [там] Навухаданосар, валадар Бабілонскі, ён паставіў начальнікам Гедалію, сына Ахікама, сына Шафана.
23 І ўсе начальнікі войска і людзі іхнія пачулі, што валадар Бабілонскі прызначыў Гедалію [начальнікам], і прыйшлі да Гедаліі ў Міцпу. І [прыйшлі] Ізмаэль, сын Нэтаніі, Ёханан, сын Карэаха, Сэрая, сын Танхумэта з Нэтофы, і Язанія, сын Маахата, яны і людзі іхнія.
24 І прысягнуў Гедалія ім і людзям іхнім, і сказаў ім: «Ня бойцеся служыць Халдэйцам, жывіце на зямлі і служыце валадару Бабілонскаму, і добра будзе вам».
25 Але ў сёмым месяцы прыйшоў Ізмаэль, сын Нэтаніі, сына Элішамы, з насеньня валадарскага, і дзесяць чалавек з ім, і забілі яны Гедалію, і забілі Юдэяў і Халдэйцаў, якія былі з ім у Міцпе.
26 І ўстаў увесь народ ад малога да вялікага, і начальнікі войска, і пайшлі ў Эгіпет, бо баяліся аблічча Халдэйцаў.
27 І сталася ў трыццаць сёмым годзе пасьля высяленьня ў няволю Егаяхіна, валадара Юды, у дванаццаты месяц, у дваццаць сёмы [дзень] месяца, Эвіль-Мэрадах, валадар Бабілонскі, у год, у які пачаў валадарыць, вызваліў Егаяхіна, валадара Юды, з вязьніцы.
28 І ён гаварыў з ім добра, і падняў пасад ягоны па-над пасадамі валадароў, якія [былі] з ім у Бабілоне.
29 І зьняў [Егаяхін] шаты вязьнічныя, і еў заўсёды хлеб перад абліччам [Эвіль-Мэрадаха] ў-ва ўсе дні жыцьця свайго.
30 І той забясьпечваў яго заўсёды ўтрыманьнем валадарскім, дзень у дзень, у-ва ўсе дні жыцьця ягонага.