ПЕРШАЯ КНІГА ВАЛАДАРОЎ
Разьдзел 1
1 І валадар Давід састарэўся, і меў шмат гадоў, і накрывалі яго коўдрамі, а ён ніяк ня мог сагрэцца.
2 І сказалі яму слугі ягоныя: «Няхай пашукаюць гаспадару нашаму, валадару, маладую дзяўчыну. Яна будзе служыць перад абліччам валадара, і апекавацца ім, і будзе спаць на ўлоньні ягоным, і грэць гаспадара нашага, валадара».
3 І шукалі прыгожую маладую дзяўчыну ў-ва ўсіх межах Ізраіля, і знайшлі Абішаг Шунамянку, і прывялі яе да валадара.
4 Дзяўчына была вельмі прыгожая; яна апекавалася валадаром і паслугавала яму, але валадар не пазнаў яе.
5 А Адонія, сын Хагіты, узганарыўся і сказаў: «Я буду валадарыць!» І ён зрабіў сабе калясьніцу, коньнікаў і пяцьдзясят чалавек, што беглі перад абліччам ягоным.
6 А бацька ягоны ніколі на яго не сварыўся, кажучы: «Навошта гэта робіш?» А быў ён вельмі прыгожы, яго нарадзіла [маці] пасьля Абсалома.
7 Ён дамовіўся з Ёавам, сынам Цэруі, і з Абіятарам сьвятаром, і яны дапамагалі Адонію.
8 Але Цадок сьвятар, і Бэная, сын Егаяды, і Натан прарок, і Шымэй, і Рэй, і волаты Давіда не былі на баку Адоніі.
9 І склаў у ахвяру Адонія авечак, валоў і кормных цялят каля Эвэн-Газахэлет, што каля Эн-Рагеля, і паклікаў усіх братоў сваіх, сыноў валадара, і ўсіх людзей Юды, слугаў валадара.
10 Але прарока Натана і Бэнаю, і волатаў, і брата свайго Салямона не паклікаў.
11 І сказаў Натан Батшэве, маці Салямона, кажучы: «Ці ты ня чула, што валадарыць Адонія, сын Хагіты, а гаспадар наш Давід [пра гэта] ня ведае?
12 І цяпер дазволь даць раду табе, каб ты захавала душу тваю і душу сына твайго Салямона.
13 Ідзі і ўвайдзі да валадара Давіда, і скажы яму: “Гаспадару мой, валадар, ці не запрысяг ты мне, служцы тваёй, кажучы: «Салямон, сын твой, будзе пасьля мяне валадаром, і ён будзе сядзець на пасадзе»? Дык чаму валадарыць Адонія?”
14 Вось, калі ты яшчэ будзеш размаўляць з валадаром, пасьля цябе прыйду я і падтрымаю словы твае».
15 І Батшэва ўвайшла да валадара ў спальню, а валадар быў вельмі стары, і Абішаг Шунамянка паслугавала валадару.
16 І ўкленчыла Батшэва, і пакланілася валадару. І сказаў валадар «Што табе [трэба]?»
17 І яна сказала яму: «Гаспадару мой, ты прысягаў на ГОСПАДА, Бога твайго, служцы тваёй: “Салямон, сын твой, будзе валдарыць пасьля мяне, і ён будзе сядзець на пасадзе маім”.
18 А вось цяпер Адонія стаў валадаром, а ты, гаспадару мой, валадар, ня ведаеш [пра гэта].
19 І ён склаў у ахвяру мноства валоў, кормных цялят і авечак, і паклікаў усіх сыноў валадара, і Абіятара сьвятара, і Ёава, начальніка войска. А Салямона, слугу твайго, не паклікаў.
20 Але ты, гаспадару мой, — валадар, і на цябе [зьвернуты] вочы ўсяго Ізраіля, каб ты паведаміў, хто пасьля цябе, гаспадару мой, валадар, будзе сядзець на пасадзе!
21 Іначай, калі ты, гаспадару мой, валадар, засьнеш з бацькамі сваімі, я і сын мой Салямон будуць [абвешчаны] грэшнікамі».
22 І вось, яна яшчэ гаварыла з валадаром, і прыйшоў Натан прарок.
23 І паведамілі валадару, кажучы: «Вось, Натан прарок». І ён прыйшоў перад аблічча валадара, і пакланіўся валадару абліччам да зямлі.
24 І сказаў Натан: «Гаспадару мой, валадар, ці ты сказаў: “Адонія будзе валадарыць пасьля мяне, і ён будзе сядзець на пасадзе маім”?
25 Бо сёньня ён пайшоў і склаў у ахвяру валоў, кормных цялят і мноства авечак, і паклікаў усіх сыноў валадарскіх, і начальнікаў войска, і сьвятара Абіятара, і вось, яны перад абліччам ягоным ядуць і п’юць, і кажуць: “Няхай жыве валадар Адонія!”
26 А мяне, слугу твайго, і сьвятара Цадока, і Бэнаю, сына Егаяды, і Салямона, слугу твайго, ён не паклікаў.
27 Ці ня сталася гэта з волі гаспадара майго, валадара, і чаму ты ня выявіў мне, слузе твайму, хто будзе сядзець на пасадзе гаспадара майго, валадара, пасьля яго?»
28 І адказаў валадар Давід, і сказаў: «Паклічце да мяне Батшэву». І ўвайшла яна перад аблічча валадара, і стала перад абліччам валадара.
29 І прысягнуў валадар, і сказаў: «Як жывы ГОСПАД, Які выратаваў душу маю з усялякай бяды!
30 Як я прысягнуў табе ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля, кажучы, што Салямон, сын твой, будзе валадаром пасьля мяне, і ён будзе сядзець на пасадзе маім замест мяне, так сёньня і зраблю».
31 І Батшэва схіліла аблічча сваё да зямлі, і пакланілася валадару, і сказала: «Няхай жыве гаспадар мой, валадар Давід, на вякі!»
32 І сказаў валадар Давід: «Паклічце да мяне Цадока сьвятара, і Натана прарока, і Бэнаю, сына Егаяды». І яны прыйшлі перад аблічча валадара,
33 І сказаў ім валадар: «Вазьміце з сабою слугаў гаспадара вашага, і пасадзіце Салямона, сына майго, на мула майго, і вядзіце яго ў Гіхон,
34 і няхай там сьвятар Цадок і прарок Натан памажуць яго на валадара Ізраіля, і затрубіце ў рог, і кажыце: “Няхай жыве валадар Салямон!”
35 І пойдзеце за ім, і прыйдзе ён, і сядзе на пасадзе маім, і будзе валадарыць пасьля мяне, бо я загадаў паставіць яго правадыром Ізраіля і Юды».
36 І адказаў Бэная, сын Егаяды, валадару, і сказаў: «Амэн, няхай скажа гэтак ГОСПАД, Бог гаспадара майго, валадара!
37 Як быў ГОСПАД з гаспадаром маім, валадаром, так няхай будзе Ён з Салямонам і няхай узвялічыць пасад ягоны больш за пасад гаспадара майго, валадара Давіда!»
38 І пайшоў Цадок сьвятар, і Натан прарок, і Бэная, сын Егаяды, і Керэты, і Пэлеты, і пасадзілі Салямона на мула валадара Давіда, і завялі яго ў Гіхон.
39 І сьвятар Цадок узяў рог алею з Сялібы, і памазаў Салямона, і затрубіў у рог, і закрычаў увесь народ: «Няхай жыве валадар Салямон!»
40 І ўвесь народ ішоў за [Салямонам], і граў народ на флейтах, і цешыўся радасьцю вялікай, і зямля гучэла ад гоману іхняга.
41 І пачуў [гэта] Адонія і ўсе запрошаныя ім, а ўжо яны скончылі есьці. І Ёаў пачуў гук рогу, і сказаў: «Што гэта за гоман узрушанага гораду?»
42 Ён яшчэ гаварыў, і вось, прыйшоў Ёнатан, сын Абіятара сьвятара. І сказаў яму Адонія: «Увайдзі, бо ты — чалавек шчыры і добрае абвесьціш».
43 І адказаў Ёнатан, і сказаў Адоніі: «Зусім не! Гаспадар наш, валадар Давід, зрабіў валадаром Салямона,
44 і паслаў з ім Цадока сьвятара, і Натана прарока, і Бэнаю, сына Егаяды, і Керэтаў, і Пэлетаў. І яны пасадзілі Салямона на мула валадара,
45 а памазаў яго сьвятар Цадок і прарок Натан на валадара ў Гіхоне. І адтуль выйшлі яны з радасьцю, і горад загаманіў. І гэта той гоман, які вы чуеце.
46 А Салямон сеў на пасадзе валадарскім.
47 І слугі валадарскія прыйшлі таксама дабраславіць гаспадара нашага, валадара Давіда, кажучы: “Няхай Бог дасьць дабрабыт для імя Салямона па-над імя тваё, і ўзьвялічыць пасад ягоны па-над пасад твой”. І валадар пакланіўся на ложку сваім.
48 І сказаў валадар так: “Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які даў сёньня вачам маім бачыць таго, які сядзіць на пасадзе маім, і вочы мае бачылі [гэта]”».
49 І спалохаліся, і паўскоквалі ўсе, запрошаныя Адоніем, і кожны з іх пайшоў дарогаю сваёй.
50 А Адонія, баючыся [стаць] перад абліччам Салямона, устаў, і пайшоў, і ўхапіўся за рогі ахвярніка.
51 І паведамілі Салямону, кажучы: «Вось, Адонія баіцца валадара Салямона, і вось, ён ухапіўся за рогі ахвярніка, кажучы: “Няхай сёньня прысягне мне валадар Салямон, што не заб’е слугі свайго мячом”».
52 І сказаў Салямон: «Калі ён будзе чалавекам шчырым, не спадзе на зямлю ніводны волас ягоны, але калі выявіцца ў ім ліхоцьце, памрэ».
53 І паслаў валадар Салямон, і адвялі яго ад ахвярніка, і ён прыйшоў, і пакланіўся валадару Салямону, а Салямон сказаў яму: «Ідзі ў дом твой».
Разьдзел 2
1 І наблізіліся дні паміраць Давіду, і загадаў ён сыну свайму Салямону, кажучы:
2 «Я ўзыходжу на шлях [жыхароў] усёй зямлі. Ты ж будзь цьвёрды і будзь мужны.
3 І захоўвай загады ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзі шляхамі Ягонымі, і захоўвай пастановы Ягоныя, і прыказаньні Ягоныя, і прысуды Ягоныя, і сьведчаньні Ягоныя, як напісана ў Законе Майсеевым, каб меў ты посьпех у-ва ўсім, што ты будзеш рабіць, і паўсюль, куды ты пойдзеш,
4 каб зьдзейсьніў ГОСПАД слова Сваё, якое гаварыў мне, кажучы: “Калі сыны твае будуць захоўваць шляхі свае і калі будуць хадзіць перад абліччам Маім у праўдзе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй, ня будзе адкінуты нашчадак твой ад пасаду Ізраіля”.
5 І ты таксама ведаеш, што зрабіў мне Ёаў, сын Цэруі, што ён зрабіў з двума начальнікамі войска Ізраіля, з Абнэрам, сынам Нэра, і з Амасам, сынам Етэра, якіх ён забіў. Ён праліў кроў вайны ў [час] міру, і апаганіў крывёй вайны пояс на сьцёгнах сваіх і сандалы на нагах сваіх.
6 Учыні з ім паводле мудрасьці тваёй, і не дазволь зыйсьці сівізне ягонай у адхлань у супакоі.
7 А сынам Барзілая з Гілеаду зьявіш міласэрнасьць, і няхай яны ядуць за сталом тваім, бо яны прыйшлі з дапамогаю, калі я ўцякаў перад Абсаломам, братам тваім.
8 І вось, пры табе Шымэй, сын Гера, Бэн’ямінец з Бахурыму, які праклінаў мяне ліхім праклёнам у дзень, калі я ішоў у Маханаім, але ён сустрэў мяне каля Ярдану, і я прысягнуў яму на ГОСПАДА, кажучы: “Не заб’ю цябе мячом”.
9 Але ты не даруеш яму, бо ты чалавек мудры, і ведаеш, што яму зрабіць, і зьвядзеш сівізну ягоную ў крыві ў адхлань».
10 І супачыў Давід з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў горадзе Давіда.
11 Сорак гадоў валадарыў Давід над Ізраілем: у Хеўроне валадарыў сем гадоў, а ў Ерусаліме валадарыў трыццаць тры гады.
12 І сеў Салямон на пасадзе Давіда, бацькі свайго, і валадараньне ягонае вельмі ўмацавалася.
13 І прыйшоў Адонія, сын Хагіты, да Батшэвы, маці Салямона, і яна сказала: «Ці з мірам прыходзіш?» Ён адказаў: «З мірам».
14 І сказаў: «[Маю] слова маё да цябе». Яна сказала: «Гавары».
15 І ён сказаў: «Ты ведаеш, што валадараньне было [прызначана] мне, і ўвесь Ізраіль зьвяртаў аблічча сваё на мяне, каб я валадарыў, але валадарства адыйшло ад мяне, і яно ў брата майго, бо ГОСПАДАМ яно [дадзена] яму.
16 А цяпер адну просьбу прашу ў цябе; не адварочвайся ад аблічча майго». Яна сказала яму: «Гавары».
17 І ён сказаў: «Прашу, каб ты сказала валадару Салямону, бо ён не адвернецца ад аблічча твайго, каб за жонку даў мне ён Абішаг Шунамянку».
18 І Батшэва сказала: «Добра, я пагавару адносна цябе з валадаром».
19 І прыйшла Батшэва да валадара Салямона, каб пагаварыць з ім пра Адонію. І валадар устаў на спатканьне з ёй, і пакланіўся ёй, і сеў зноў на пасад свой. І паставіў ён пасад для маці валадара, і яна села праваруч яго.
20 І яна сказала: «Маю да цябе адну малую просьбу, не адвярніся ад аблічча майго». І сказаў ёй валадар: «Прасі, маці мая, бо я не адвярнуся ад аблічча твайго».
21 І яна сказала: «Дай Абішаг Шунамянку за жонку Адоніі, брату твайму».
22 І адказаў валадар Салямон, і сказаў маці сваёй: «Чаму ты просіш Абішаг Шунамянку для Адоніі? Прасі таксама валадарства яму! Бо ён — старэйшы брат мой, мае пры сабе Абіятара сьвятара і Ёава, сына Цэруі».
23 І прысягнуў валадар Салямон на ГОСПАДА, кажучы: «Няхай гэта зробіць мне Бог, і гэта дадасьць, калі ня супраць душы сваёй сказаў Адонія слова гэтае.
24 І цяпер, як жывы ГОСПАД, Які моцна паставіў мяне і пасадзіў на пасад Давіда, бацькі майго, і Які, як прадказваў, пабудаваў мне дом, сёньня Адонія будзе забіты!»
25 І паслаў валадар Салямон Бэнаю, сына Егаяды, і ён забіў [Адонію], і той памёр.
26 А Абіятару сьвятару сказаў валадар: «Ідзі ў Анатот на поле тваё, бо ты — чалавек, [варты] сьмерці; але сёньня я не заб’ю цябе, бо ты насіў Каўчэг Госпада ГОСПАДА перад абліччам Давіда, бацькі майго, і ты перанёс усе цяжкасьці, якія пераносіў бацька мой».
27 І выгнаў Салямон Абіятара, каб ня быў ён сьвятаром ГОСПАДА, і споўнілася слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў пра дом Гэлія ў Шыло.
28 І дайшла вестка [пра гэта] да Ёава, бо Ёаў прыхіліўся да Адоніі, хоць да Абсалома не схіляўся. І ўцёк Ёаў у Намёт ГОСПАДА, і ўхапіўся за рогі ахвярніка.
29 І паведамілі валадару Салямону, што Ёаў уцёк у Намёт ГОСПАДА і вось, ён пры ахвярніку. І паслаў Салямон Бэнаю, сына Егаяды, кажучы: «Ідзі і забі яго!»
30 І ўвайшоў Бэная ў Намёт ГОСПАДА, і сказаў [Ёаву]: «Гэта кажа валадар: «Выходзь!»» А той сказаў: «Ня выйду, але тут памру». І Бэная пераказаў слова гэтае валадару, кажучы: «Гэтак прамовіў Ёаў і гэтак адказаў».
31 І сказаў яму валадар: «Зрабі, як ён сказаў, і забі яго, і пахавай яго, і ачысьці мяне і дом бацькі майго ад нявіннай крыві, якую выліў Ёаў.
32 І зьверне ГОСПАД кроў ягоную на галаву ягоную, бо ён забіў двух мужоў праведных і лепшых за яго, і забіў іх мячом, і ня ведаў [пра гэта] бацька мой Давід; [ён забіў] Абнэра, сына Нэра, начальніка войска Ізраіля, і Амасу, сына Етэра, начальніка войска Юды.
33 І зьвернецца кроў іхняя на галаву Ёава і на галаву насеньня ягонага вечна. А для Давіда і насеньня ягонага, і для дому ягонага, і для пасаду ягонага няхай будзе супакой ад ГОСПАДА вечна».
34 І пайшоў Бэная, сын Егаяды, і ўдарыў [Ёава], і забіў яго. І быў ён пахаваны ў доме сваім у пустыні.
35 І паставіў валадар Бэнаю, сына Егаяды, начальнікам над войскам замест яго, а Цадока сьвятара паставіў валадар на месца Абіятара.
36 І паслаў валадар, і паклікаў Шымэя, і сказаў яму: «Пабудуй сабе дом у Ерусаліме, і жыві там, і не выходзь адтуль нікуды.
37 У дзень, калі ты выйдзеш і пяройдзеш ручай Кедрон, ведай, што сьмерцю памрэш. Кроў твая будзе на галаве тваёй».
38 І сказаў Шымэй валадару: «Добрае слова, якое прамовіў гаспадар мой, валадар. Так і зробіць слуга твой». І жыў Шымэй у Ерусаліме шмат дзён.
39 І сталася, што праз тры гады двое слугаў Шымэя ўцяклі да Ахіша, сына Маахі, валадара Гату. І паведамілі Шымэю, кажучы: «Вось, слугі твае ў Гаце».
40 І ўстаў Шымэй, і сеў на асла свайго, і пайшоў у Гат да Ахіша шукаць слугаў сваіх, і пайшоў Шымэй, і прывёў слугаў сваіх з Гату.
41 І паведамілі Салямону, што Шымэй хадзіў у Гат з Ерусаліму і вярнуўся.
42 І паслаў валадар, і паклікаў Шымэя, і сказаў яму: «Ці не запрысяг я табе на ГОСПАДА і ці не засьведчыў табе, кажучы: “У дзень, калі ты зыйдзеш адсюль і пойдзеш туды ці сюды, ведай, што сьмерцю памрэш”? І ты казаў мне: “Добрае слова, якое я пачуў”.
43 Дык чаму не захаваў ты прысягі перад ГОСПАДАМ і загаду, які я табе даў?»
44 І сказаў валадар Шымэю: «Ты ведаеш усё гэтае зло, і ведае сэрца тваё, якое зло ты зрабіў бацьку майму Давіду. І зьверне ГОСПАД ліхоту тваю на галаву тваю.
45 А валадар Салямон будзе дабраслаўлёны, і пасад Давіда будзе трываць перад абліччам ГОСПАДА вечна».
46 І валадар загадаў Бэнаі, сыну Егаяды, і ён выйшаў, і ўдарыў яго, і ён памёр. І ўмацавалася валадарства ў руцэ Салямона.
Разьдзел 3
1 І пасваячыўся Салямон з фараонам, валадаром Эгіпту, і ўзяў за жонку дачку фараона. І ўвёў ён яе ў горад Давіда, калі яшчэ не пабудаваў дом сабе, і Дом ГОСПАДА, і муры кругом Ерусаліму.
2 Але народ складаў ахвяры на ўзгорках, бо ня быў яшчэ пабудаваны Дом для імя ГОСПАДА ў тыя дні.
3 І любіў Салямон ГОСПАДА, ходзячы паводле пастановаў Давіда, бацькі свайго, але і ён складаў ахвяры і каджэньні на ўзгорках.
4 І пайшоў валадар у Гібэон, каб там скласьці ахвяру, бо там быў вялікі ўзгорак. І Салямон склаў на тым ахвярніку тысячу цэласпаленьняў.
5 У Гібэоне зьявіўся Салямону ўначы ў-ва сьне ГОСПАД, і сказаў Бог: «Прасі тое, што [хочаш], і Я дам табе».
6 І сказаў Салямон: «Ты зьявіў слузе твайму Давіду, бацьку майму, міласэрнасьць вялікую, калі ён хадзіў перад абліччам Тваім у праўдзе і праведнасьці, і ў правасьці сэрца адносна Цябе. І захаваў Ты яму вялікую міласэрнасьць гэтую, і даў яму сына, які сядзіць на пасадзе ягоным, як гэта [ёсьць] сёньня.
7 І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, Ты зрабіў валадаром слугу Твайго на месцы Давіда, бацькі майго, а я — малады юнак, ня ўмею выходзіць і прыходзіць.
8 І слуга Твой сярод народу Твайго, які Ты выбраў, народу шматлікага, якога нельга ані палічыць, ані перапісаць, бо яго шмат.
9 Дык дай слузе Твайму сэрца, якое слухае, каб судзіць народ Твой і адрозьніваць, што добрае, а што ліхое. Бо хто ж можа судзіць такі шматлікі народ Твой?»
10 І добрае было слова ў вачах Госпада, што прасіў Салямон пра гэтую рэч.
11 І сказаў Бог [Салямону]: «За тое, што ты прасіў у малітве гэтую рэч, і не прасіў для сябе доўгіх дзён, і не прасіў для сябе багацьця, і не прасіў для сябе душаў ворагаў тваіх, але прасіў ты разуменьня, каб слухаць у судзе,
12 вось, Я зраблю паводле словаў тваіх. Вось, Я даю табе сэрца мудрае і разважлівае, так што такога, як ты, не было перад табою і ня будзе пасьля цябе.
13 І таксама Я даю табе тое, пра што ты прасіў, даю табе таксама багацьце і славу такую, што падобным табе ня будзе ніхто з валадароў у-ва ўсе дні твае.
14 А калі ты будзеш хадзіць шляхамі Маімі, калі будзеш захоўваць прыказаньні Мае і пастановы Мае, як хадзіў Давід, бацька твой, Я зраблю доўгімі дні твае».
15 І прачнуўся Салямон, і вось, гэта сон. І прыйшоў ён у Ерусалім, і стаў перад Каўчэгам Запавету Госпада, і склаў ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя, і зрабіў банкет для ўсіх слугаў сваіх.
16 І прыйшлі да валадара дзьве жанчыны блудніцы, і сталі перад абліччам ягоным.
17 І адна жанчына сказала: «О, гаспадару мой, я і гэта жанчына жывем у адным доме. І пры ёй у доме [гэтым] я нарадзіла.
18 І сталася праз тры дні пасьля родаў маіх, таксама гэтая жанчына нарадзіла. І былі мы разам, і апрача нас дзьвюх нікога іншага з намі ў доме не было.
19 І ўначы памёр сын жанчыны гэтай, бо, [сплючы], яна задушыла яго.
20 І яна ўстала ўначы, і ўзяла сына майго ад мяне, калі служка твая спала, і палажыла яго на ўлоньні сваім. А сына свайго, мёртвага, палажыла на ўлоньне маё.
21 І я ўстала раніцаю, каб пакарміць сына свайго, і вось, ён мёртвы. А калі пры сьвятле я прыгледзелася, вось, ня мой гэта сын, якога я нарадзіла».
22 А сказала іншая жанчына: «Не, бо сын мой жывы, а твой памёр». А тая казала: «Не, гэта твой сын памёр, а мой жывы». І спрачаліся яны перад абліччам валадара.
23 І сказаў валадар: «Гэтая кажа: “Сын мой жывы, а сын твой памёр”, а тая кажа: “Не, бо твой сын памёр, а мой сын жывы”».
24 І сказаў валадар: «Прынясіце мне меч!» І прынесьлі перад аблічча валадара меч.
25 І сказаў валадар: «Расьсячыце жывое дзіця на дзьве часткі, і дайце адной палову, і другой палову».
26 І сказала валадару жанчына, сын якой быў жывы, бо ўзрушыліся [літасьцю] да сына свайго ўнутранасьці ейныя, і яна сказала: «Гаспадару мой, жывое дзіця аддайце ёй, але не забівайце яго». А другая сказала: «Няхай ня будзе ён ані табе, ані мне. Расьськайце».
27 І адказаў валадар, і сказаў: «Дайце ёй жывое дзіця, і не забівайце яго, бо яна — маці ягоная».
28 І пачуў увесь Ізраіль пра гэты суд, як прысудзіў валадар; і баяліся перад абліччам валадара, бо бачылі ў ім мудрасьць Божую, каб чыніць суд.
Разьдзел 4
1 І быў валадар Салямон валадаром над усім Ізраілем.
2 І меў ён начальнікаў: Азарыю, сына Цадока, сьвятара,
3 Аліхарэфа і Ахію, сыноў Шышы, пісараў, і Язафата, сына Ахілюда, канцлера.
4 А Бэная, сын Егаяды, [быў] над войскам, а Цадок і Абіятар — сьвятарамі.
5 Азарыя, сын Натана, [быў] над намесьнікамі, Завуд, сын Натана, сьвятар, — сябрам валадара.
6 Ахішар — начальнікам над домам [валадара], а Аданірам, сын Абды, — над падаткамі.
7 І меў Салямон дванаццаць намесьнікаў над усім Ізраілем, і яны рупіліся пра харчы для валадара і дому ягонага. Кожны з іх меў забясьпечваць харчы на адзін месяц у год.
8 Вось імёны іхнія: Бэн-Хур — на гары Эфраіма;
9 Бэн-Дэкэр — у Макацы і ў Шаальбіме, у Бэт-Шэмэшы, Элёне і Бэт-Ханане;
10 Бэн-Хэсэд — у Арубоце, да яго [належалі] Сахо і ўся зямля Хэфэр.
11 Бэн-Абінадаў, якому [належала] ўся ваколіца Дору, і Тафат, дачка Салямона, была жонкай ягонай;
12 Баана, сын Ахілюда, — над Таанахам, Мэгіддо і над усім Бэт-Шэанам, які каля Цартаны, ніжэй Езрээля, ад Бэт-Шэану аж да Абэль-Мэхо і аж да ваколіц Ёкмэаму.
13 Бэн-Гэбэр — у Рамоце Гілеадзкім, ён меў Хавот-Яір сыноў Манасы ў Гілеадзе, і ваколіцы Аргобу ў Башане — шэсьцьдзясят вялікіх гарадоў з мурамі і мядзянымі засаўкамі;
14 Ахінадаў, сын Іддо, — у Маханаіме;
15 Ахімаац — у Нэфталі, ён таксама ўзяў за жонку Басэмат, дачку Салямона;
16 Баана, сын Хушая, — у Асэра і ў Бэалоце,
17 Язафат, сын Паруаха — у Ісахара,
18 Шымэй, сын Элы — у Бэн’яміна.
19 Гэбэр, сын Урыя — у зямлі Гілеад, у зямлі Сыгона, валадара Амарэйцаў, і Ога, валадара Башану. І [быў] адзін намесьнік у [кожнай] зямлі.
20 Юда і Ізраіль былі шматлікія, як пясок марскі. Яны ўдосталь елі і пілі, і цешыліся.
21 І валодаў Салямон усімі валадарствамі ад ракі [Эўфрат] аж да зямлі Філістынцаў і аж да межаў Эгіпту. Яны прыносілі яму дары і служылі Салямону ўсе дні жыцьця ягонага.
22 Харчаваньнем Салямона на кожны дзень [было]: трыццаць кораў найлепшае мукі і шэсьцьдзясят кораў звычайнай мукі,
23 дзесяць кормных валоў і дваццаць валоў з пашы, і сто авечак, апрача аленяў, сарнаў, антылёпаў і кормных птушак.
24 Ён панаваў над усім абшарам на гэты бок ракі [Эўфрат], ад Тыфсаху да Газы, і над усімі валадарамі абшараў на гэты бок ракі. І меў ён супакой на ўсіх межах сваіх наўкола.
25 І Юда і Ізраіль жылі ў бясьпецы, кожны пад вінаградам сваім і пад дрэвам фігавым сваім ад Дану да Бээр-Шэвы ў-ва ўсе дні Салямона.
26 І меў Салямон чатыры тысячы стайняў для коней для калясьніцаў сваіх і дванаццаць тысячаў вершнікаў.
27 І намесьнікі дастаўлялі валадару Салямону і ўсім, хто набліжаўся да стала валадара Салямона, усё неабходнае, кожны ў свой месяц, і не бракавала нічога.
28 А ячмень і салому для коней і дрыгантаў дастаўлялі на месца, якое было кожнаму прызначанае.
29 І даў Бог Салямону вельмі вялікую мудрасьць і разважлівасьць, і шырокае сэрца, як пясок, які на беразе мора.
30 І перавышала мудрасьць Салямона мудрасьць усіх сыноў Усходу і ўсю мудрасьць Эгіпту.
31 І быў ён мудрэйшы за ўсіх людзей, мудрэйшы за Этана Эзрахіта, Гэмана, Калькола і Дарду, сыноў Махола, і было [слаўнае] імя ягонае ў-ва ўсіх навакольных народаў.
32 І расказаў ён тры тысячы прыказак, а сьпеваў ягоных было тысяча пяць.
33 І гаварыў ён пра дрэвы, [пачынаючы] ад кедраў, што на Лібане, аж да гізопу, што расьце на муры. Гаварыў ён пра зьвяроў, пра птушак, пра паўзуноў і рыбаў.
34 І прыходзілі з усіх народаў паслухаць мудрасьці Салямона, і ад усіх валадароў зямлі, якія чулі пра мудрасьць ягоную.
Разьдзел 5
1 І паслаў Хірам, валадар Тыру, да Салямона слугаў сваіх, бо пачуў, што яго памазалі на валадара на месца бацькі ягонага, бо Хірам быў сябрам Давіда ўсе дні [ягоныя].
2 І паслаў Салямон да Хірама, кажучы:
3 «Ты ведаеш, што Давід, бацька мой, ня мог пабудаваць Дом для імя ГОСПАДА, Бога свайго, з прычыны войнаў, што атачалі яго, аж пакуль ГОСПАД не паклаў [ворагаў] пад стопы ног ягоных.
4 І цяпер ГОСПАД, Бог мой, даў мне супакой з усіх бакоў, няма супраціўніка, няма нападзеньня ліхога.
5 І вось, вырашыў я пабудаваць Дом для імя ГОСПАДА, Бога майго, як прамовіў ГОСПАД да Давіда, бацькі майго, кажучы: “Сын твой, якому Я дам пасад твой пасьля цябе, ён пабудуе Дом для імя Майго”.
6 І цяпер ты загадай насекчы для мяне кедраў з Лібану, а слугі мае няхай будуць разам са слугамі тваімі. Я буду плаціць табе за слугаў тваіх, колькі ты скажаш. Бо ты ведаеш, што няма ў нас чалавека, які б умеў секчы дрэвы так, як Сідонцы».
7 І калі пачуў Хірам словы Салямона, ён вельмі ўзрадаваўся і сказаў: «Дабраслаўлёны сёньня ГОСПАД, Які даў Давіду сына мудрага над гэтым шматлікім народам».
8 І паслаў Хірам Салямону, кажучы: «Я пачуў тое, што ты мне пасылаў, і я выканаю кожнае жаданьне тваё адносна дрэваў кедровых і кіпарысавых.
9 Слугі мае занясуць іх з Лібану да мора, а я паскладаю іх у плыты і [завязу] морам у месца, якое ты мне вызначыш. Там я складу іх, а ты забярэш іх. І ты выканай жаданьне маё, даючы хлеб дому майму».
10 І Хірам даваў Салямону дрэвы кедровыя і кіпарысавыя паводле жаданьня ягонага.
11 А Салямон даваў Хіраму дваццаць тысячаў кораў пшаніцы на харчаваньне дому ягонага і дваццаць тысячаў кораў найчысьцейшага алею. Гэта даваў Салямон Хіраму штогод.
12 І даў ГОСПАД мудрасьць Салямону, як абяцаў яму. І быў мір між Хірамам і Салямонам, і яны заключылі запавет між сабою.
13 І выбраў валадар Салямон работнікаў з усяго Ізраіля, і было работнікаў трыццаць тысячаў чалавек.
14 І ён пасылаў іх у Лібан штомесяц па дзесяць тысячаў на зьмену; і месяц яны былі ў Лібане, а два месяцы — дома, і Адонія [быў] над работнікамі.
15 І было ў Салямона семдзясят тысячаў тых, якія насілі цяжары, і восемдзясят тысячаў каменяроў у гарах,
16 апрача трох тысячаў трохсот наглядчыкаў, вызначаных Салямонам наглядаць за народам, які выконваў працу.
17 І загадаў валадар, каб яны дастаўлялі камяні вялікія, камяні каштоўныя для падмуркаў Дому [Божага] з чэсаных камянёў.
18 І абчэсвалі іх работнікі Салямона і работнікі Хірама, і Гіўляне, і нарыхтоўвалі дрэва і камяні на пабудову Дому [Божага].
Разьдзел 6
1 У чатырыста восемдзясятым годзе пасьля выхаду Ізраілю з зямлі Эгіпецкай, у чацьвёртым годзе валадараньня Салямона над Ізраілем, у месяцы Зіў, значыць другім месяцы, пачаў [Салямон] будаваць Дом ГОСПАДА.
2 Дом, які валадар Салямон будаваў для ГОСПАДА, меў шэсьцьдзясят локцяў даўжыні, і дваццаць локцяў шырыні, і трыццаць локцяў вышыні.
3 Прысенак перад Дому Сьвятым меў дваццаць локцяў даўжыні, адпаведна да шырыні Дому, і дзесяць локцяў шырыні перад Домам.
4 І зрабіў ён у Доме [Божым]наўскосныя вокны з кратамі,
5 і зрабіў прыбудову ўздоўж сьценаў Дому, вакол Дому Сьвятога і Сьвятога Сьвятых, і бакавыя пакоі кругом.
6 І меў ніжні паверх пяць локцяў шырыні, сярэдні — шэсьць локцяў шырыні, а трэці — сем локцяў шырыні, бо ён зрабіў абмуроўку вакол Дому звонку, каб прыбудова не датыкалася да муроў Дому.
7 Пры пабудове Дому [Божага] бралі чэсаныя камяні, робленыя каменярамі, і ў Доме [Божым], калі яго будавалі, не было чутна ані молату, ані сякеры, ані ніякай прылады жалезнай.
8 Дзьверы ў сярэднія бакавыя пакоі былі з правага боку Дому, праз якія сходы ўзыходзілі да сярэдняга, а з сярэдняга — да трэцяга [паверху].
9 І пабудаваў [Салямон] Дом [Божы], і скончыў яго. І ашаляваў ён Дом дошкамі кедровымі.
10 І пабудаваў над усім Домам прыбудову ў пяць локцяў вышыні, і яна была прымацаваная да Дому бярвеньнямі кедровымі.
11 І было слова ГОСПАДА да Салямона, кажучы:
12 «Адносна Дому гэтага, які ты будуеш, дык калі ты будзеш хадзіць паводле пастановаў Мае, будзеш выконваць прысуды Мае і будзеш захоўваць прыказаньні Мае, каб хадзіць паводле іх, Я споўню слова Маё адносна цябе, якое прамовіў Давіду, бацьку твайму.
13 І Я буду жыць сярод сыноў Ізраіля, і не пакіну народу Майго, Ізраіля».
14 І пабудаваў Салямон Дом [Божы], і закончыў яго.
15 І знутры ашаляваў сьцены Дому дошкамі кедровымі, ад падлогі Дому аж да бэлькаў столі ўнутры ашаляваў дрэвам, а падлогу Дому пакрыў дошкамі кіпарысавымі.
16 А з задняга боку Дому паставіў сьцену з дошак кедровых у дваццаць локцяў вышыні ад падлогі, каб аддзяліць Давір, Сьвятое Сьвятых.
17 Сорак локцяў даўжыні меў Дом [Божы] ад пярэдняй часткі сьвятыні.
18 І былі [сьцены] кедровыя ўнутры ўпрыгожаныя рэзьбленымі пладамі і кветкамі. Усё было з кедру, і камяня не было відаць [на сьценах].
19 І Давір быў зроблены ў сярэдзіне Дому, каб там паставіць Каўчэг Запавету ГОСПАДА.
20 Давір меў дваццаць локцяў даўжыні, і дваццаць локцяў шырыні, і дваццаць локцяў вышыні. І [Салямон] ашаляваў яго чыстым золатам, і [пабудаваў] ахвярнік кедровы.
21 І ашаляваў Салямон Дом унутры шчырым золатам, і нацягнуў залатыя ланцугі перад Давірам, і ашаляваў яго золатам.
22 І ўвесь Дом ашаляваў золатам цалкам, і ахвярнік, які ў Давіры, ашаляваў золатам.
23 І зрабіў у Давіры двух херувімаў з дрэва аліўкавага ў дзесяць локцяў вышыні.
24 Адно крыло херувімаў мела пяць локцяў, і другое крыло мела таксама пяць локцяў. І ад канца аднаго крыла да канца другога крыла было дзесяць локцяў.
25 Другі херувім таксама меў дзесяць локцяў. Абодва херувімы мелі такія самыя памеры і выгляд.
26 Вышыня аднаго херувіма — дзесяць локцяў, і таксама другога херувіма.
27 І паставіў ён гэтых херувімаў у сярэдзіне ўнутранай часткі Дому. І крылы херувімаў былі раскінуты, і крыло аднаго херувіма дакраналася адной сьцяны, а крыло другога дакраналася другой сьцяны. А іхнія другія крылы зыходзіліся ў сярэдзіне Дому крыло з крылом.
28 І пакрыў ён херувімаў золатам.
29 А на ўсіх сьценах Дому кругом, унутры і звонку, выразаў выявы херувімаў, пальмаў і кветак, што красуюць.
30 І падлогу Дому пакрыў золатам унутры і звонку.
31 А на ўваходзе ў Давір зрабіў дзьверы з дрэва аліўкавага з пяцівугольнымі вушакамі.
32 І на дзьвюх паловах дзьвярэй з дрэва аліўкавага ён выразаў херувімаў, пальмы і кветкі, што красуюць, і пакрыў іх золатам. І пакрыў золатам херувімаў і пальмы.
33 І гэтаксама зрабіў на ўваходзе ў сьвятыню чатырохвугольныя вушакі з дрэва аліўкавага,
34 і дзьве форткі дзьвярэй з дрэва кіпарысавага. Абедзьве форткі адных дзьвярэй былі рухомыя, і абедзьве форткі другіх дзьвярэй былі рухомыя.
35 І выразьбіў на іх херувімаў, пальмы і кветкі, што красуюць, і пакрыў выявы золатам.
36 І аббудаваў ён унутраны панадворак трыма шэрагамі чэсаных камянёў і шэрагам бярвеньняў кедровых.
37 У чацьвёртым годзе ў месяцы Зіў быў закладзены падмурак Дому ГОСПАДА,
38 а ў адзінаццатым годзе, у месяцы Буль, значыцца, у восьмым месяцы, быў скончаны Дом [Божы] з усімі прыналежнасьцямі ягонымі і з усім упарадкаваньнем яго. Будаваў яго [Салямон] сем гадоў.
Разьдзел 7
1 А дом свой будаваў Салямон трынаццаць гадоў, і скончыў увесь дом свой.
2 І пабудаваў ён дом з лесу Лібанскага ў сто локцяў даўжыні, і пяцьдзясят локцяў шырыні, і трыццаць локцяў вышыні, на чатырох шэрагах слупоў кедровых, і бэлькі кедровыя былі паложаныя на слупы.
3 І быў [дом] ашаляваны кедрам над бэлькамі на сарака пяці слупах, па пятнаццаць у адным шэрагу.
4 І вокны былі ў тры шэрагі: вакно над вакном праз тры крокі.
5 Усе дзьверы і вокны былі чатырохкутныя, вакно ад вакна праз тры крокі.
6 Зрабіў ён таксама прысенак са слупамі ў пяцьдзясят локцяў даўжыні і трыццаць локцяў шырыні, і другія сені перад ім, і слупы, і паветку.
7 І зрабіў залю з пасадам, у якой судзіў, залю судовую, і ашаляваў яе дошкай кедровай ад падлогі да столі.
8 А дом ягоны, у якім жыў, быў за домам з заляй на панадворку, асобна пабудаваны. І пабудаваў ён дом, падобны да [дому] з заляй, для дачкі фараона, якую ўзяў за жонку.
9 Усё гэта знутры і звонку, ад падлогі аж да столі, і аж да вялікага панадворку, было з адборных камянёў, чэсаных пад мерку і рэзаных пілою.
10 А падмурак быў з адборных камянёў, камянёў вялікіх, камянёў у дзесяць локцяў і камянёў у восем локцяў.
11 А над падмуркам — адборныя камяні, чэсаныя пад мерку, і [дрэва] кедровае.
12 Вялікі панадворак атачалі тры шэрагі чэсаных [камянёў] і шэраг бярвеньняў кедровых, і ён прылягаў да панадворку Дому ГОСПАДА і да дому з заляй [судовай].
13 І паслаў валадар Салямон, і ўзяў з Тыру Хірама,
14 сына жанчыны ўдавы з пакаленьня Нэфталі. Бацька ягоны, Тыранін, быў меднікам. І быў ён поўны мудрасьці і розуму, і майстэрства ў-ва ўсякай рабоце на медзі. І прыйшоў ён да валадара Салямона, і рабіў усе працы ягоныя.
15 І адліў ён два слупы мядзяныя: адзін — у васямнаццаць локцяў вышыні і дванаццаць локцяў наўкола, і другі такі самы.
16 І зрабіў ён з медзі дзьве галавіцы, і зьмясьціў іх на версе слупоў. Адна галавіца мела пяць локцяў вышыні, і пяць локцяў вышыні мела другая галавіца.
17 На галавіцах, якія былі на версе слупоў, зрабіў сплецівы з ланцужкоў мастацкай работы, сем сплеціваў на адной галавіцы, і сем на другой галавіцы.
18 І зрабіў яблыкі гранатовыя па два шэрагі кругом кожнага сплеціва вакол галавіцы на версе слупа. І такім самым спосабам аздобіў другі слуп.
19 Галавіцы, якія [былі] на версе слупоў у прысенку, мелі выгляд лілеі ў чатыры локці [велічыні].
20 І галавіцы на абодвух слупах проста над выпукласьцю, якая па-за сплецівам, мелі дзьвесьце яблыкаў гранатовых у шэрагах вакол адной і другоў галавіцы.
21 І паставіў ён слупы гэтыя ў прысенку сьвятыні. І паставіў слуп з правага боку, і назваў імя ягонае Яхін, і паставіў слуп з левага боку, і назваў імя ягонае Боаз.
22 А на версе тых слупоў былі выявы лілеяў. І ён скончыў выраб гэтых слупоў.
23 І зрабіў ён з медзі мора, ад берагу да берагу дзесяць локцяў, круглае, у вышыню пяць локцяў, і трыццаць локцяў наўкола.
24 Ніжэй краёў мора апаясвалі яго кругом выявы пладоў, па дзесяць на локаць кругом мора. І ішлі яны ў два шэрагі, і былі адлітыя разам з морам.
25 [Мора] стаяла на дванаццаці валах. З іх тры глядзелі на поўнач, тры — на ўсход, тры — на захад, а тры — на поўдзень. Мора было на іх, а азадкі іхнія [зьвернутыя] ў сярэдзіну.
26 Таўшчыня [мора] — у далонь, а берагі яго зробленыя ў выглядзе берагоў келіха, як кветкі лілеі; зьмяшчала яно дзьве тысячы батаў.
27 І зрабіў ён дзесяць мядзяных падставаў; кожная падстава мела чатыры локці даўжыні, чатыры локці шырыні і тры локці вышыні.
28 Падставы гэтыя былі зроблены так: мелі яны ліштвы, і пруты між ліштвамі.
29 А на тых ліштвах між прутамі — ільвы, валы і херувімы. А на прутах, над і пад ільвамі і валамі зроблены гірлянды, што вісяць.
30 Кожная падстава мела чатыры мядзяныя колы на мядзяных восях. А іхнія чатыры рагі мелі рамёны пад мыцельнікам. Рамёны гэтыя адлітыя былі з кожнага боку гірляндаў.
31 Паміж рамёнамі меў ён адтуліну на вышыні локця, круглую, на паўтары локці. Вакол адтуліны былі таксама выявы, а ліштвы ейныя былі ня круглыя, але чатырохкутныя.
32 І чатыры колы былі пад ліштвамі, а восі колаў былі прымацаваныя пры падставах. Вышыня кола была ў паўтары локці.
33 Колы былі зробленыя, як робіцца кола для возу. Восі іхнія, абады іхнія, і ступіцы іхнія, усё было адлітае.
34 На чатырох рагах кожнае падставы былі чатыры рамёны, і рамёны былі адно цэлае з падставай.
35 На версе падставы кругом на паўлокці было закругленьне, а на версе закругленьня — ручкі ягоныя і ліштвы ягоныя.
36 І на ўсіх бляхах і прутах выразьбіў ён кругом херувімаў, ільвоў і пальмы.
37 У такі спосаб зрабіў ён дзесяць мядзяных падставаў, аднолькавага ліцьця, аднолькавага памеру і аднолькавага выгляду.
38 Зрабіў ён таксама дзесяць мыцельнікаў мядзяных, а кожны мыцельнік зьмяшчаў сорак батаў. Кожны мыцельнік меў чатыры локці, і кожны з іх быў на адной з дзесяці падставаў.
39 Пяць падставаў памясьціў ён на правым баку Дому [Божага] і пяць — на левым баку Дому [Божага]. А мора памясьціў на паўднёвы ўсход на правым баку Дому [Божага].
40 І зрабіў Хірам мыцельнікі, шуфлікі і крапільніцы. І скончыў Хірам усе працы, якія меў зрабіць для валадара Салямона ў Доме ГОСПАДА:
41 два слупы і круглыя галавіцы на версе тых двух слупоў, два сплеціва на прыкрыцьцё двух круглых галавіцаў на версе тых слупоў,
42 чатырыста яблыкаў гранатовых на абедзьвух сплецівах, па два шэрагі яблыкаў на кожным сплеціве,
43 дзесяць падставаў і дзесяць мыцельнікаў на тых падставах,
44 і адно мора, і дванаццаць валоў пад ім,
45 і казаны, шуфлікі і крапільніцы. І ўсе прылады, якія Хірам зрабіў валадару Салямону ў Дом ГОСПАДА, былі з палераванай медзі.
46 Ён адліваў усё гэта ў гліне над Ярданам, між Сукотам і Цартанам.
47 І парастаўляў Салямон усе гэтыя прылады. І было іх так шмат, што вагі медзі нельга было палічыць.
48 І зрабіў Салямон усе прылады ў Дом ГОСПАДА: ахвярнік залаты і стол залаты, на які [лажылі] хлябы пакладныя,
49 і сьвечнікі з чыстага золата: пяць сьвечнікаў з правага боку і пяць сьвечнікаў з левага боку насупраць Давіру, і кветкі, лямпы, шчыпцы з золата,
50 і місы, нажніцы, крапільніцы са шчырага золата, і залатыя завесы да дзьвярэй Дому ўнутры, да [дзьвярэй] Сьвятога Сьвятых і да дзьвярэй Дому Сьвятога.
51 І скончана была ўся праца, якую зрабіў валадар Салямон у Доме ГОСПАДА. І прынёс Салямон пасьвячоныя бацькам сваім, Давідам, рэчы: срэбра, золата і посуд, і памясьціў іх у скарбніцы Дому ГОСПАДА.
Разьдзел 8
1 Тады сабраў Салямон старшыняў Ізраіля, усіх князёў пакаленьняў, усіх начальнікаў [дамоў] бацькоў сыноў Ізраіля да валадара Салямона ў Ерусалім, каб перанесьці Каўчэг Запавету ГОСПАДА з гораду Давіда, з Сыёну.
2 І сабраўся да валадара Салямона ўсе Ізраільцяне ў месяцы Этанім на сьвята, якое ў сёмым месяцы.
3 І прыйшлі ўсе старшыні Ізраіля, і сьвятары ўзялі Каўчэг,
4 і перанесьлі Каўчэг ГОСПАДА, Намёт Спатканьня і ўсе рэчы сьвятыя, якія [былі] ў Намёце, і несьлі іх сьвятары і лявіты.
5 І валадар Салямон, і ўся грамада Ізраіля, якая сабралася пры ім, ішлі перад Каўчэгам і складалі ахвяры з авечак і валоў так шмат, што ані запісаць, ані палічыць нельга было.
6 І ўнесьлі сьвятары Каўчэг Запавету ГОСПАДА ў Давір сьвятыні, у Сьвятое Сьвятых, пад крылы херувімаў.
7 Бо херувімы раскінулі крылы над месцам Каўчэгу і закрывалі херувімы Каўчэг і насілы ягоныя зьверху.
8 Насілы гэтыя былі такія доўгія, што канцы іхнія былі бачныя з [Месца] Сьвятога перад Давірам, але не было іх бачна звонку. І яны там аж да гэтага дня.
9 У Каўчэгу не было нічога, акрамя дзьвюх каменных табліцаў, якія туды палажыў Майсей пад Харэвам, калі ГОСПАД заключыў запавет з сынамі Ізраіля пад час выхаду іх з зямлі Эгіпецкай.
10 І сталася, калі сьвятары выйшлі са сьвятыні, воблака запоўніла Дом ГОСПАДА.
11 І не маглі сьвятары стаяць і спаўняць службу з прычыны гэтага воблака, бо слава ГОСПАДА напоўніла Дом ГОСПАДА.
12 Тады сказаў Салямон: «ГОСПАД сказаў, што будзе жыць у хмары.
13 Я пабудаваў Дом на пражываньне Табе, месца знаходжаньня Твайго на вякі».
14 І павярнуў валадар аблічча сваё, і дабраславіў усю царкву Ізраіля, а ўся царква Ізраіля стаяла.
15 І ён сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які прамовіў вуснамі Сваімі Давіду, бацьку майму, і зьдзейсьніў гэта рукою Сваёю, кажучы:
16 “Ад таго дня, у які Я вывеў народ Мой, Ізраіля, з Эгіпту, з усіх пакаленьняў Ізраіля ня выбраў Я гораду для пабудовы Дому, каб імя Маё было там, але Я выбраў Давіда, каб быў ён над народам Маім, Ізраілем”.
17 І было ў сэрцы Давіда, бацькі майго, пабудаваць Дом для імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
18 Але ГОСПАД сказаў Давіду, бацьку майму: “Тое, што ты задумаў у сэрцы тваім, каб пабудаваць Дом для імя Майго, добра ты зрабіў, што гэта ў сэрцы тваім.
19 Аднак ты не пабудуеш Дом гэты, але сын твой, які выйдзе з паясьніцы тваёй, ён пабудуе Дом для імя Майго”.
20 І зьдзейсьніў ГОСПАД слова Сваё, якое прамовіў. І я заняў месца Давіда, бацькі майго, і сеў на пасадзе Ізраіля, як прамовіў ГОСПАД. І я пабудаваў Дом для імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
21 І там я падрыхтаваў месца для Каўчэга, у якім Запавет ГОСПАДА, які Ён заключыў з бацькамі нашымі, калі вывеў іх з зямлі Эгіпецкай».
22 І стаў Салямон перад ахвярнікам ГОСПАДА, і перад усёй царквой Ізраіля выцягнуў рукі свае да неба, і сказаў:
23 «ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля! Няма падобнага Табе Бога ані ў небе ўгары, ані на зямлі ўнізе. Ты захоўваеш запавет і міласэрнасьць для слугаў Тваіх, якія ходзяць перад абліччам Тваім усім сэрцам сваім.
24 Ты споўніў слузе Твайму, Давіду, бацьку майму, тое, што прамовіў яму. Тое, што Ты прамовіў вуснамі Тваімі, сёньня Ты зьдзейсьніў рукою Тваёю.
25 І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, споўні слузе Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што Ты прамовіў яму, кажучы: “Ня будзе забраны ў цябе чалавек ад аблічча Майго, які будзе сядзець на пасадзе Ізраіля, калі сыны твае будуць захоўваць шлях Мой, каб хадзіць перад абліччам Маім, як ты хадзіў перад абліччам Маім”.
26 І цяпер, Божа Ізраіля, няхай спраўдзяцца словы Твае, якія Ты гаварыў слузе Твайму, Давіду, бацьку майму.
27 Ці ж сапраўды Бог будзе жыць на зямлі? Вось, неба і нябёсы нябёсаў ня могуць ахапіць Цябе. Што ж тады Дом гэты, які я пабудаваў?
28 Але Ты зваж на малітву слугі Твайго і на просьбы ягоныя, ГОСПАДЗЕ, Божа мой. Пачуй кліканьне і малітву, якімі моліцца перад абліччам Тваім сёньня слуга Твой.
29 Няхай будуць вочы Твае адкрытыя на Дом гэты ўдзень і ўначы, на месца, пра якое Ты казаў: “Там імя Маё”, і выслухай малітву, якою моліцца слуга Твой на месцы гэтым.
30 І выслухай маленьні слугі Твайго і народу Твайго Ізраіля, якія будуць маліцца на месцы гэтым. І ты пачуй з месца знаходжаньня Твайго ў небе, пачуй і прабач.
31 Калі саграшыць чалавек супраць бліжняга свайго, і будуць вымагаць ад яго прысягі, каб ён прысягнуў перад ахвярнікам Тваім, і будзе адбывацца прысяга ў Доме гэтым,
32 Ты пачуй з неба, і зрабі [суд], і судзі слугаў Тваіх, асуджаючы бязбожнага, каб на галаву ягоную зьвярнуліся шляхі ягоныя, і апраўдваючы праведнага, даючы яму паводле праведнасьці ягонай.
33 Калі народ Твой, Ізраіль, будзе пабіты перад абліччам ворага за тое, што ён саграшыў адносна Цябе, і яны навернуцца да Цябе, і будуць клікаць імя Тваё, і будуць маліцца і прасіць Цябе ў Доме гэтым,
34 Ты пачуй з неба, і прабач грэх народу Твайго, Ізраіля, і вярні іх у зямлю, якую Ты даў бацькам іхнім.
35 Калі будзе замкнёнае неба і ня будзе дажджу, бо яны саграшылі перад Табою, і яны будуць маліцца на месцы гэтым і клікаць імя Тваё, і адвернуцца ад грэху свайго, бо Ты пакараў іх,
36 Ты пачуй з неба і прабач грэх слугаў Тваіх і народу Твайго, Ізраіля, навучыўшы іх шляху добраму, па якім яны маюць ісьці, і спашлі дождж на зямлю Тваю, якую Ты даў народу Твайму ў спадчыну.
37 Калі будзе голад на зямлі, або будзе пошасьць, або будзе суша, іржа, саранча, або чэрві, або будзе вораг ягоны прыгнятаць яго ў зямлі, дзе брамы ягоныя, або [прыйдзе] якая кара або якая хвароба,
38 кожную малітву, кожнае маленьне, якое будзе ад нейкага чалавека або ад усяго народу Твайго, Ізраіля, калі кожны з іх адчуе плягуў сэрцы сваім, і выцягне далоні свае да Дому гэтага,
39 Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, і прабач, і зрабі [суд], і дай кожнаму паводле ўсіх шляхоў ягоных, бо Ты ведаеш сэрца ягонае, бо толькі Ты адзін ведаеш сэрцы ўсіх сыноў чалавечых,
40 каб яны баяліся Цябе ў-ва ўсе дні, пакуль жывуць на абліччы зямлі, якую Ты даў бацькам нашым.
41 Таксама калі чужынец, які не з народу Твайго, Ізраіля, прыйдзе з зямлі далёкай дзеля імя Твайго,
42 бо яны пачуюць пра імя Тваё вялікае, і руку Тваю моцную, і рамяно Тваё ўзьнятае, і прыйдзе ён, і будзе маліцца ў Доме гэтым,
43 Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, і зрабі ўсё, пра што прасіць Цябе будзе чужынец, каб ведалі ўсе народы зямлі імя Тваё і баяліся Цябе, як народ Твой, Ізраіль, і каб ведалі, што імя Тваё заклікаецца над Домам гэтым, які я пабудаваў.
44 Калі выйдзе народ Твой на вайну супраць ворагаў сваіх шляхам, якім Ты іх пашлеш, і яны будуць маліцца да ГОСПАДА ў накірунку гораду, які Ты выбраў, і Дому, які я пабудаваў для імя Твайго,
45 Ты пачуй з неба малітву іхнюю і маленьне іхняе, і ўчыні суд для іх.
46 Калі яны саграшаць перад Табою, а няма чалавека, які не саграшыў бы, і Ты загневаешся на іх, і аддасі іх ворагам, і яны возьмуць іх у няволю ў зямлю ворагаў далёкую або блізкую,
47 і калі яны схамянуцца ў сэрцы сваім у зямлі, у якой будуць палоненыя, і навернуцца, і будуць прасіць Цябе ў зямлі няволі сваёй, кажучы: “Саграшылі мы, і правініліся, бо былі бязбожнікамі”,
48 і навернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй у зямлі ворагаў сваіх, у якой паланілі іх, і будуць маліцца да Цябе, павярнуўшыся ў бок зямлі сваёй, якую Ты даў бацькам іхнім, і да гораду, які Ты выбраў, і да Дому гэтага, які я пабудаваў для імя Твайго,
49 Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго малітву іхнюю і маленьне іхняе, і ўчыні суд для іх,
50 і прабач народу Твайму, які саграшыў перад Табою, усе праступкі іхнія, якімі яны правініліся адносна Цябе, і зьяві ім літасьць перад абліччам тых, якія ўзялі іх у палон, каб яны зьлітаваліся над імі,
51 бо яны — народ Твой і спадчына Твая, бо Ты вывеў іх з Эгіпту, з сярэдзіны печы жалезнай.
52 Няхай вочы Твае будуць адкрытыя на маленьне слугі Твайго і на маленьне народу Твайго, Ізраіля, і Ты выслухай іх у-ва ўсім, пра што яны клічуць да Цябе.
53 Бо Ты выбраў іх з усіх народаў зямлі ў спадчыну Сабе, як Ты прамовіў праз Майсея, слугу Твайго, калі Ты, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, вывеў бацькоў нашых з Эгіпту».
54 І сталася, калі Салямон скончыў малітву гэтую і просьбу да ГОСПАДА, ён устаў спрад ахвярніка ГОСПАДА, бо быў схіліўшыся на калені свае, а рукі ягоныя былі ўзьнятыя ў неба.
55 І ўстаў ён, і дабраславіў усю царкву Ізраіля голасам вялікім, кажучы:
56 «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Які даў супакой усяму народу Свайму, Ізраілю, паводле ўсяго, што Ён прамовіў. І споўнілася кожнае добрае слова, якое Ён сказаў праз Майсея, слугу Свайго.
57 Няхай будзе ГОСПАД, Бог наш, з намі, як быў з бацькамі нашымі. Няхай Ён не пакіне нас і не адкіне нас.
58 Няхай Ён прыхіліць сэрцы нашыя да Сябе, каб мы хадзілі ўсімі шляхамі Ягонымі, захоўвалі прыказаньні Ягоныя, пастановы Ягоныя і прысуды Ягоныя, якія Ён загадаў бацькам нашым.
59 І няхай будуць словы гэтыя, якімі я маліўся перад абліччам ГОСПАДА, блізкія ГОСПАДУ, Богу нашаму, удзень
і ўначы, каб Ён чыніў суд слузе Свайму і суд народу Свайму, Ізраілю, у [кожнай] справе штодзень,
60 каб ведалі ўсе народы зямлі, што толькі ГОСПАД ёсьць Бог, і няма іншага.
61 І няхай будзе сэрца вашае шчырым з ГОСПАДАМ, Богам нашым, каб вы хадзілі паводле пастановаў Ягоных і захоўвалі прыказаньні Ягоныя, як [гэта ёсьць] сёньня».
62 І валадар і ўвесь Ізраіль разам з ім складалі ахвяры перад абліччам ГОСПАДА.
63 І Салямон склаў як ахвяру мірную, якую ахвяраваў ГОСПАДУ, дваццаць дзьве тысячы валоў і сто дваццаць тысячаў авечак. І асьвяцілі Дом ГОСПАДА валадар і ўсе сыны Ізраіля.
64 У той дзень валадар асьвяціў унутраную частку панадворку, які быў перад Домам ГОСПАДА, бо склаў там ахвяру цэласпаленьня, ахвяру хлебную і тлушч ахвяраў мірных, бо ахвярнік мядзяны, які перад абліччам ГОСПАДА, быў замалы для ўсіх цэласпаленьняў, і ахвяраў хлебных, і тлушчу ахвяраў мірных.
65 І ў той час Салямон і ўвесь Ізраіль з ім, вялікая царква, што сабралася ад уваходу ў Хамат аж да ручая Эгіпецкага перад абліччам ГОСПАДА, Бога нашага, сьвяткавалі сьвята сем дзён і сем дзён, разам чатырнаццаць дзён.
66 У восьмы дзень ён адпусьціў народ, і яны дабраславілі валадара, і вярнуліся ў намёты свае, радасныя і з добрым сэрцам з прычыны ўсіх дабрадзействаў, якія зрабіў ГОСПАД Давіду, слузе Свайму, і Ізраілю, народу Свайму.
Разьдзел 9
1 І сталася, калі Салямон скончыў будаваць дом ГОСПАДА і дом валадара, і ўсё, што Салямон задумаў і хацеў зрабіць,
2 зьявіўся Салямону ГОСПАД другі раз, як быў аб’явіўшыся яму ў Гібэоне.
3 І сказаў ГОСПАД яму: «Я пачуў малітву тваю і маленьне тваё, якія ты прыносіў да Мяне, і Я асьвяціў Дом гэты, які ты пабудаваў, каб было там імя Маё на вякі. І будуць там вочы Мае і сэрца Маё ў-ва ўсе дні.
4 Таксама ты, калі будзеш хадзіць перад абліччам Маім, як хадзіў Давід, бацька твой, у чысьціні сэрца і ў справядлівасьці, і будзеш выконваць усё, што Я загадаў табе, калі захаваеш прысуды Мае і пастановы Мае,
5 Я пастаўлю пасад валадараньня твайго над Ізраілем на вякі, як Я прамовіў Давіду, бацьку твайму, кажучы: “Ня будзе адкінуты ў цябе чалавек ад пасаду Ізраіля”.
6 А калі адвернецеся ад Мяне вы і сыны вашыя, і ня будзеце захоўваць прыказаньні Мае і пастановы Мае, якія Я даў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць багам чужым, і пакланяцца ім,
7 Я зьмяту Ізраіля з аблічча зямлі, якую Я даў ім, і Дом, які Я асьвяціў для імя Майго, адкіну ад аблічча Майго. І станецца Ізраіль у прыказку і насьмешку ўсім народам,
8 а Дом гэты будзе купай друзу. Кожны, хто пройдзе каля яе, зьдзівіцца, і засьвішча, і скажа: “Чаму ГОСПАД зрабіў гэта зямлі гэтай і Дому гэтаму?”
9 І скажуць: “За тое, што яны пакінулі, ГОСПАДА, Бога свайго, Які вывеў бацькоў іхніх з зямлі Эгіпецкай, а яны прытуліліся да багоў чужых, і пакланяліся ім, і служылі ім. Дзеля гэтага ГОСПАД спаслаў на іх усё гэтае зло”».
10 І сталася праз дваццаць гадоў, у якія Салямон будаваў два дамы, Дом ГОСПАДА і дом валадара,
11 а Хірам, валадар Тыру, даваў Салямону дрэва кедровае і кіпарысавае, і золата, усё, што [Салямон] патрабаваў, валадар Салямон даў Хіраму дваццаць гарадоў у зямлі Галілейскай.
12 І выйшаў Хірам з Тыру паглядзець гарады, якія даў яму Салямон, і не спадабаліся яны вачам ягоным.
13 І сказаў ён: «Што гэта за гарады, якія ты мне даў, браце мой?» І назваў ён іх зямлёй Кабуль аж да гэтага дня.
14 І паслаў Хірам валадару сто дваццаць талентаў золата.
15 Гэта велічыня падатку для працы, які вызначыў валадар Салямон, каб пабудаваць Дом ГОСПАДА і дом свой, і Мілло, і мур Ерусаліму, і Хацор, і Мэгіддо, і Гэзэр.
16 Фараон, валадар Эгіпту, калісьці напаў, і здабыў Гэзэр, і спаліў яго агнём, а Хананейцаў, жыхароў гораду, забіў. І аддаў гэты горад у пасагу дачцэ сваёй, жонцы Салямона.
17 І Салямон адбудаваў Гэзэр і Ніжні Бэт-Харон,
18 і Баалат, і Тамар у пустыні,
19 і ўсе гарады сьвірнаў, якія належалі салямону, і гарады для калясьніцаў, і гарады для коньнікаў, і ўсё, што надумаў Салямон, каб пабудаваць у Ерусаліме, у Лібане і ў-ва ўсёй зямлі панаваньня ягонага.
20 Увесь народ, які застаўся з Амарэйцаў, Хетаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў, якія не былі з сыноў Ізраіля,
21 сыноў іхніх, якія засталіся ў зямлі і якіх сыны Ізраіля ня зьнішчылі, Салямон прызначыў для працаў нявольнічых да гэтага дня.
22 А з сыноў Ізраіля Салямон не зрабіў нікога нявольнікам, але былі яны ваярамі ягонымі, слугамі ягонымі, князямі ягонымі, вартай ягонай, возьнікамі калясьніцаў ягоных і коньнікамі ягонымі.
23 Тых князёў, якія [былі] наглядчыкамі над працамі Салямона, [было] пяцьсот пяцьдзясят. Яны наглядалі над людзьмі, якія выконвалі працу.
24 Калі дачка фараона перайшла з гораду Давіда ў дом свой, які пабудаваў ёй Салямон, тады ён пабудаваў Мілло.
25 Тры разы ў год Салямон складаў ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя на ахвярніку, які ён пабудаваў для ГОСПАДА, і кадзіў там перад абліччам ГОСПАДА, калі скончыў Дом [Божы].
26 І пабудаваў валадар Салямон караблі ў Эцыён-Гэбэры каля Эляту на беразе Мора Чырвонага ў зямлі Эдом.
27 І паслаў Хірам на караблі тыя слугаў сваіх, маракоў, абазнаных у моры, разам са слугамі Салямона.
28 І яны прыйшлі ў Афір, і ўзялі адтуль золата чатырыста дваццаць талентаў, і прывезьлі яго валадару Салямону.
Разьдзел 10
1 І пачула валадарка Шэвы пра славу Салямона ў імя ГОСПАДА, і прыйшла выспрабаваць яго пытаньнямі.
2 І ўвайшла яна ў Ерусалім з вельмі вялікай дружынай, з вярблюдамі, якія несьлі пахошчы, з вялікім мноствам золата і каштоўных камянёў. І прыйшла яна да Салямона, і гаварыла з ім пра ўсё, што мела яна ў сэрцы сваім.
3 І Салямон адказаў на ўсе словы ейныя, і не было нічога, што было схавана перад валадаром, на што ён ня мог адказаць ёй.
4 І ўбачыла валадарка Шэвы ўсю мудрасьць Салямона, і дом, які ён пабудаваў,
5 і багацьце ежы на стале ягоным, і дамы слугаў ягоных, і паставу паслугачоў ягоных, і адзеньне іхняе, і чашнікаў ягоных, і цэласпаленьні, якія ён складаў у Доме ГОСПАДА, і была яна ў захапленьні.
6 І сказала яна валадару: «Праўдзівым было тое слова, якое я чула ў зямлі маёй, пра справы твае і пра мудрасьць тваю!
7 Я ня верыла тым словам, пакуль сама не прыйшла і ня ўбачыла вачыма сваімі, і вось, нават паловы не распавялі мне. Большая мудрасьць твая і багацьці, чым тая слава, якую я чула.
8 Шчаслівыя людзі твае і шчаслівыя слугі твае, якія стаяць перад абліччам тваім і заўсёды чуюць мудрасьць тваю!
9 Няхай будзе дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог твой, Якому ты спадабаўся і Які пасадзіў цябе на пасадзе Ізраіля, таму што любіць ГОСПАД Ізраіля на вякі, і Ён паставіў цябе валадаром, каб ты чыніў суд і праведнасьць».
10 І дала яна валадару сто дваццаць талентаў золата, і вельмі шмат пахошчаў і каштоўных камянёў, і не было ніколі падаравана больш пахошчаў, чым падаравала валадарка Шэвы валадару Салямону.
11 Таксама караблі Хірама, якія прывозілі з Афіру золата, прывозілі з Афіру мноства чырвонага дрэва і каштоўных камянёў.
12 З дрэва чырвонага валадар зрабіў парэнчы для Дому ГОСПАДА і для дому валадара, і гусьлі, і псалтыры для сьпевакоў. І ніколі не было прывезена так шмат дрэва чырвонага, і не было бачана такога аж да сёньня.
13 І валадар Салямон даў валадарцы Шэвы ўсё, што яна хацела і прасіла ў яго, апрача таго, што ён даў ёй паводле [шчодрасьці] рукі валадара Салямона. І вярнулася яна, і пайшла ў зямлю сваю, яна і слугі ейныя.
14 І была вага золата, якое штогод прыносілі Салямону, шэсьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць талентаў золата,
15 апрача таго, што прыходзіла праз падаткі ад гандляроў, і ад купцоў, і ад усіх валадароў Арабскіх, і ад намесьнікаў у зямлі [Ізраіля].
16 І зрабіў валадар Салямон дзвесьце вялікіх шчытоў са шчырага золата, шэсьцьсот [сыкляў] золата пайшло на кожны шчыт,
17 і трыста малых шчытоў са шчырага золата, тры міны золата пайшло на кожны шчыт. І паставіў іх валадар у доме з лесу Лібанскага.
18 І зрабіў валадар вялікі пасад з косьці слановай, і пацягнуў яго чыстым золатам.
19 Да пасаду падыходзіла шэсьць прыступак, а верх пасаду быў ззаду круглы, і парэнчы на абодвух баках пасаду, а пры парэнчах стаялі два ільвы.
20 І на шасьці прыступках з абодвух бакоў стаяла дванаццаць ільвоў. І ні ў адным валадарстве не было зроблена нічога падобнага.
21 І ўсе пасудзіны, з якіх піў валадар Салямон, [былі] залатыя. І ўвесь посуд у доме з лесу Лібанскага быў з чыстага золата. Нічога не было са срэбра, бо ня мела яно ніякай [вартасьці] ў часы Салямона,
22 бо караблі Таршышу, якія меў у моры валадар разам з караблямі Хірама, раз у тры гады прыходзілі з Таршышу, і прывозілі золата, срэбра, косьць слановую, малпаў і паваў.
23 І перавышаў валадар Салямон багацьцем і мудрасьцю ўсіх валадароў зямлі.
24 І [людзі] з усёй зямлі шукалі [слова] з вуснаў Салямона, каб паслухаць мудрасьць ягоную, якую даў Бог у сэрца ягонае.
25 І кожны з іх прыносіў яму дары: посуд срэбны і посуд залаты, адзеньне, зброю, пахошчы, коней, мулаў кожны год.
26 І памножыў Салямон калясьніцы і коньнікаў, і меў ён тысячу чатырыста калясьніцаў і дванаццаць тысячаў коньнікаў. І разьмясьціў ён іх па гарадах калясьнічых і пры валадары ў Ерусаліме.
27 А срэбра назьбіраў валадар у Ерусаліме столькі, колькі камянёў, і кедраў так шмат, колькі сыкамораў у Шэфэлі.
28 І прыводзілі Салямону коней з Эгіпту і з Куэ, і купцы валадарскія куплялі [коней] па вызначаным кошце.
29 І калясьніца з Эгіпту, прывезеная і вывезеная, каштавала шэсьцьсот [сыкляў] срэбра, а конь — сто пяцьдзясят. Такім чынам праз рукі іхнія прадавалася ўсё гэта ўсім валадарам Хетаў і валадарам Сірыі.
Разьдзел 11
1 І валадар Салямон кахаў шмат жанчынаў чужынскіх, і дачку фараона, і Мааўлянак, і Аманянак, і Эдомак, і Сідонак, і Хетак,
2 з тых народаў, пра якія ГОСПАД сказаў сынам Ізраіля: «Не ўваходзьце да іх, і яны няхай не ўваходзяць да вас, бо яны прывабяць сэрцы вашыя да багоў іхніх». І да іх прыхіліўся Салямон каханьнем.
3 І меў ён семсот жонак княгіняў і трыста наложніцаў. І жонкі ягоныя прывабілі сэрца ягонае.
4 Калі быў ён ужо стары, жонкі ягоныя прывабілі сэрца ягонае да багоў чужых, і сэрца ягонае не было аддадзенае ГОСПАДУ, Богу ягонаму, як сэрца Давіда, бацькі ягонага.
5 І стаў Салямон хадзіць за Астартай, багіняй Сідонцаў, і за Мількомам, брыдотай Аманянаў.
6 І рабіў Салямон ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і ня быў цалкам з ГОСПАДАМ як Давід, бацька ягоны.
7 І тады пабудаваў Салямон ахвярнік для Кемоша, брыдоты Мааўскай, на гары насупраць Ерусаліму, і для Малек, брыдоты сыноў Амона.
8 І тое самае зрабіў ён усім сваім жонкам чужынкам, палячы кадзіла і складаючы ахвяры багам іхнім.
9 І загневаўся ГОСПАД на Салямона за тое, што ён адвярнуў сэрца сваё ад ГОСПАДА, Бога Ізраіля, Які зьяўляўся яму двойчы
10 і загадаў яму не хадзіць за багамі чужымі. Але ён не захаваў таго, што загадаў ГОСПАД.
11 І сказаў ГОСПАД Салямону: «За тое, што ты [зрабіў] гэтае і не захаваў запавету Майго і пастановаў Маіх, якія Я загадаў табе, Я, забіраючы, забяру валадараньне ад цябе і аддам яго слузе твайму.
12 У дні твае, аднак, не зраблю гэтага дзеля Давіда, бацькі твайго, але з рукі сына твайго забяру яго.
13 І ўсё валадарства не забяру, але адно пакаленьне дам сыну твайму дзеля Давіда, слугі Майго, і дзеля Ерусаліму, які Я выбраў».
14 І паставіў ГОСПАД супраціўніка Салямону, Гадада Эдомца, з насеньня валадароў, якія [былі] ў Эдоме.
15 Калі Давід перамог Эдом, Ёаў, начальнік войска, прыйшоў хаваць забітых і выбіў усіх мужчынаў Эдомскіх,
16 бо быў там Ёаў і ўвесь Ізраіль шэсьць месяцаў, аж пакуль ня выбілі ўсіх мужчынаў у Эдоме.
17 І ўцёк Гадад, ён і Эдомцы, слугі бацькі ягонага, з ім, і зыйшоў у Эгіпет, а Гадад быў яшчэ малым хлопцам.
18 І выйшлі яны з Мадыяну, і прыйшлі ў Паран, і ўзялі з сабою людзей з Парану, і прыйшлі ў Эгіпет да фараона, валадара Эгіпецкага. А ён даў ім дом і харчаваньне і выдзяліў яму зямлю.
19 І знайшоў Гадад вялікую ласку ў вачах фараона, і ён даў Гададу за жонку сястру жонкі сваёй, сястру валадаркі Тахпэнэс.
20 І сястра Тахпэнэс нарадзіла яму Гэнубата, сына ягонага. І Тахпэнэс выгадавала яго ў доме фараона. І быў Гэнубат разам з сынамі фараона ў доме фараона.
21 І пачуў Гадад у Эгіпце, што Давід заснуў з бацькамі сваімі і што памёр Ёаў, начальнік войска, і сказаў Гадад фараону: «Дазволь мне вярнуцца ў зямлю сваю».
22 Фараон сказаў яму: «Ці табе чаго не хапае ў мяне, што ты хочаш ісьці ў зямлю сваю?» Ён адказаў: «Няма [недахопу], але прашу, адпусьці мяне».
23 І паставіў Бог яшчэ супраціўніка [Салямону], Рэзона, сына Эліяды, які ўцёк ад Гададэзэра, валадара Цовы, гаспадара свайго.
24 Ён сабраў да сябе людзей і стаўся правадыром аддзелу. І калі Давід перамог іх, яны пайшлі ў Дамаск, і там жылі, і валадарылі ў Дамаску.
25 І быў ён супраціўнікам Ізраіля ў-ва ўсе дні Салямона. І ненавідзеў ён Ізраіля, як і Гадад, і ён валадарыў у Сірыі.
26 І Ерабаам, сын Навата, Эфрацянін з Цэрэды, маці ягоная мела на імя Цэруя, удава. Гэты слуга Салямона падняў руку на валадара.
27 І вось такая была прычына, што ён падняў руку на валадара. Салямон будаваў Мілло і замураваў вылом [у муры] ў горадзе Давіда, бацькі свайго.
28 А Ерабаам быў ваяр мужны. І бачыў Салямон юнака, што ён выконвае працу, і паставіў яго наглядчыкам над усімі работнікамі з дому Язэпа.
29 І сталася ў той час, што Ерабаам выйшаў з Ерусаліму, і знайшоў яго на шляху прарок Ахія з Шыло. А быў ён апрануты ў новы плашч, і толькі яны адны былі ў полі.
30 І зьняў Ахія новы плашч, які быў на ім, і падзёр яго на дванаццаць частак,
31 і сказаў Ерабааму: «Вазьмі сабе дзесяць частак, бо гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Вось, Я вырываю валадарства з рукі Салямона і даю табе дзесяць каленаў.
32 І толькі адно калена застанецца яму дзеля слугі Майго, Давіда, і дзеля гораду Ерусаліму, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраіля,
33 бо яны пакінулі Мяне і пакланяліся Астарце, багіні Сідонцаў, і Кемошу, богу Мааву, і Мількому, богу сыноў Амона, і не хадзілі шляхамі Маімі, каб рабіць слушнае ў вачах Маіх, [выконваць] пастановы Мае і прысуды Мае, як Давід, бацька ягоны.
34 Але Я не забяру з рукі ягонай усяго валадарства, бо Я паставіў яго князем у-ва ўсе дні жыцьця ягонага дзеля Давіда, слугі Майго, якога Я выбраў і які захоўваў прыказаньні Мае і пастановы Мае.
35 І Я забяру валадарства з рукі сына ягонага, і дам табе дзесяць каленаў.
36 А сыну ягонаму Я дам адно калена, каб [заставаўся] сьветач Давіда, слугі Майго, перад абліччам Маім у-ва ўсе дні ў горадзе Ерусаліме, які Я выбраў Сабе, каб было там імя Маё.
37 А цябе Я ўзяў, і ты будзеш валадарыць над усім, чаго зажадае душа твая, і будзеш валадаром над Ізраілем.
38 І станецца, калі ты будзеш слухаць усё, што Я загадаю табе, і будзеш хадзіць шляхамі Маімі, і будзеш рабіць слушнае ў вачах Маіх, захоўваючы пастановы Мае і прыказаньні Мае, як рабіў Давід, слуга Мой, Я буду з табой і пабудую табе дом трывалы, як пабудаваў Давіду, і дам табе Ізраіль.
39 І Я пакараю нашчадкаў Давіда, але не на ўсе дні”».
40 І спрабаваў Салямон забіць Ерабаама, і ўстаў Ерабаам, і ўцёк у Эгіпет да Шышака, валадара Эгіпецкага, і быў у Эгіпце да сьмерці Салямона.
41 А іншыя дзеяньні Салямона, і ўсё, што ён рабіў, і мудрасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў Салямона.
42 І дзён, калі Салямон валадарыў над усім Ізраілем у Ерусаліме [было] сорак гадоў.
43 І супачыў Салямон з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І пачаў валадарыць замест яго Рэхабаам, сын ягоны.
Разьдзел 12
1 І пайшоў Рэхабаам у Сыхэм, бо ў Сыхэм прыйшоў увесь Ізраіль, каб паставіць яго валадаром.
2 І сталася, што пачуў [пра гэта] Ерабаам, сын Навата, а ён яшчэ быў у Эгіпце, куды ўцёк ад аблічча валадара Салямона, і вярнуўся Ерабаам з Эгіпту.
3 І паслалі, і паклікалі яго. І прыйшоў Ерабаам і ўся царква Ізраіля, і прамовілі яны да Рэхабаама, кажучы:
4 «Бацька твой узлажыў на нас ярмо цяжкае, а ты цяпер зьменшы цяжкія работы бацькі твайго і цяжар ярма ягонага, якое ён узлажыў на нас, і мы будзем служыць табе».
5 І ён сказаў ім: «Ідзіце і праз тры дні вярніцеся да мяне». І народ адыйшоў.
6 І валадар Рэхабаам раіўся са старшынямі, якія стаялі перад абліччам Салямона, бацькі ягонага, калі ён яшчэ жыў, кажучы: «Якое слова вы параіце мне адказаць народу гэтаму?»
7 І яны прамовілі да яго, кажучы: «Калі сёньня будзеш слугою народу гэтага і прыслужышся яму, і адкажаш ім, і прамовіш да іх словы добрыя, будуць яны слугамі тваімі ў-ва ўсе дні».
8 Але ён адкінуў раду старшыняў, якую яны яму далі, і раіўся з юнакамі, якія гадаваліся разам з ім і якія стаялі перад абліччам ягоным.
9 І сказаў ён ім: «Што вы параіце мне адказаць народу гэтаму? Бо яны прамовілі да мяне, кажучы: “Зрабі лягчэйшым ярмо, якое ўзлажыў на нас бацька твой”».
10 І прамовілі да яго юнакі, якія разам з ім гадаваліся, кажучы: «Так скажы гэтаму народу, які прамовіў да цябе, кажучы: “Бацька твой зрабіў цяжкім ярмо нашае, а ты зрабі лягчэйшым ярмо нашае”. Так прамоў да іх: “Найменшы палец мой таўшчэйшы за сьцёгны бацькі майго.
11 Бацька мой узлажыў на вас ярмо цяжкае, а я яшчэ дадам да ярма вашага. Бацька мой караў вас пугамі, а я буду караць вас скарпіёнамі”».
12 І на трэці дзень прыйшоў Ерабаам і ўвесь народ да Рэхабаама, як быў ім сказаўшы валадар, кажучы: «Вярніцеся да мяне праз тры дні».
13 І адказаў валадар народу жорстка, бо ён адкінуў параду старшыняў, якую яны яму давалі,
14 а прамовіў да іх паводле рады юнакоў, кажучы: «Бацька мой зрабіў цяжкім ярмо вашае, а я яшчэ дадам да ярма вашага. Бацька мой караў вас пугамі, а я буду караць вас скарпіёнамі».
15 І не паслухаў валадар народу, бо гэта было вызначана ГОСПАДАМ, каб споўнілася слова, якое ГОСПАД прамовіў праз Ахію з Шыло Ерабааму, сыну Навата.
16 І ўбачыў увесь Ізраіль, што валадар ня чуе іх, і адказаў народ валадару слова, кажучы: «Якая частка нашая ў Давідзе або якая спадчына [нашая] ў сыне Есэя? Ізраіль, [ідзі] ў намёты свае! Цяпер, Давід, сам глядзі дом твой!» І пайшоў Ізраіль у намёты свае.
17 І Рэхабаам заваладарыў толькі над тымі сынамі Ізраіля, якія жылі ў гарадах Юды.
18 І паслаў валадар Рэхабаам Аданірама, які быў наглядчыкам за данінаю, і ўкаменавалі яго камянямі ўсе Ізраільцяне, і ён памёр. І валадар Рэхабаам пасьпешліва сеў у калясьніцу, і ўцёк у Ерусалім.
19 І адыйшоў Ізраіль ад дому Давіда аж да сёньняшняга дня.
20 І пачуў увесь Ізраіль, што вярнуўся Ерабаам, і паслалі, і паклікалі яго да грамады, і паставілі яго валадаром над усім Ізраілем. А пры доме Давіда не засталося нікога, апрача калена Юды.
21 І вярнуўся Рэхабаам у Ерусалім, і сабраў увесь дом Юды і калена Бэн’яміна, сто восемдзясят тысячаў выбранцоў, каб пачаць вайну з домам Ізраіля і вярнуць валадарства Рэхабааму, сыну Салямона.
22 І было слова Божае да Шэмаі, чалавека Божага, кажучы:
23 «Скажы Рэхабааму, сыну Салямона, валадару Юды, і ўсяму дому Юды і Бэн’яміна, і рэшце народу, кажучы:
24 “Гэта кажа ГОСПАД. Не ідзіце і не ваюйце супраць братоў вашых, сыноў Ізраіля. Няхай кожны вяртаецца ў дом свой, бо ад Мяне сталася гэта”». І яны паслухаліся слова ГОСПАДА, і вярнуліся, ідучы паводле слова ГОСПАДА.
25 І пабудаваў Ерабаам Сыхэм на гары Эфраіма, і абжыўся там, а [потым] выйшаў адтуль і пабудаваў Пэнуэль.
26 І сказаў Ерабаам у сэрцы сваім: «Цяпер валадарства вернецца да дому Давіда,
27 калі народ гэты будзе хадзіць складаць ахвяры ў Доме ГОСПАДА ў Ерусаліме, і вернецца сэрца народу гэтага да гаспадара свайго Рэхабаама, валадара Юды. І яны заб’юць мяне, і вернуцца да Рэхабаама, валадара Юды».
28 І радзіўся валадар, і зрабіў двух залатых быкоў і сказаў [народу]: «Далёка для вас хадзіць у Ерусалім! Вось бог твой, Ізраілю, які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай».
29 І паставіў аднаго [быка] ў Бэтэлі, а другога паставіў у Дане.
30 І гэта прывяло да грэху, і народ стаў хадзіць перад аблічча аднаго з іх аж у Дан.
31 І паставіў ён сьвятыню на ўзгорку, і паставіў сьвятарамі [звычайных] людзей, якія не былі сынамі Левія.
32 І ўстанавіў Ерабаам сьвята ў восьмым месяцы, у пятнаццаты дзень месяца, падобнае да таго сьвята, якое ў Юдзе, і сам узыйшоў да ахвярніка. І зрабіў ён так у Бэтэлі, складаючы ахвяру крывавую быкам, якіх сам зрабіў. І паставіў ён у Бэтэлі святароў для ўзгоркаў, якія пабудаваў.
33 І ўзыйшоў ён да ахвярніка, які зрабіў у Бэтэлі, у пятнаццаты дзень восьмага месяца, які вызначыў паводле [намеру] сэрца свайго, і ўстанавіў сьвята для сыноў Ізраіля. І ўзыйшоў ён да ахвярніка, каб кадзіць.
Разьдзел 13
1 І вось, прыйшоў чалавек Божы з Юды ў Бэтэль паводле слова ГОСПАДА, а Ерабаам стаяў пры ахвярніку, каб кадзіць.
2 І закрычаў [чалавек Божы] на ахвярнік паводле слова ГОСПАДА, і сказаў: «Ахвярнік, ахвярнік, гэта кажа ГОСПАД: “Вось, у доме Давіда народзіцца сын на імя Ёсія, і ён на табе складзе ў ахвяру сьвятароў узгоркаў, якія кадзяць пры табе, і спаліць на табе косткі чалавечыя».
3 У той дзень ён даў знак, кажучы: «Вось, будзе знак, што гэта сказаў ГОСПАД. Вось, ахвярнік распадзецца, і попел, які на ім, рассыпецца».
4 І сталася, калі валадар пачуў слова чалавека Божага, якое ён выказаў супраць ахвярніка ў Бэтэлі, выцягнуў Ерабаам руку сваю з-над ахвярніка, кажучы: «Схапіце яго!» Але здрантвела рука ягоная, якую ён выцягнуў супраць яго, і ён ня мог яе вярнуць да сябе.
5 А ахвярнік распаўся, і попел з ахвярніка рассыпаўся паводле знаку, які даў чалавек Божы паводле слова ГОСПАДА.
6 І адказаў валадар, і сказаў чалавеку Божаму: «Перапрасі аблічча ГОСПАДА, Бога твайго, і памаліся за мяне, і вернецца рука мая да мяне». І перапрасіў чалавек Божы аблічча ГОСПАДА, і вярнулася рука валадара да яго, і рухалася як раней.
7 І прамовіў валадар да чалавека Божага: «Ідзі са мной у дом і паеш, і я дам табе падарунак».
8 І сказаў чалавек Божы валадару: «Калі б ты і палову дома свайго даваў мне, не пайду з табой і ня буду есьці хлеба, і ня буду піць вады ў гэтым месцы.
9 Бо гэтак загадаў мне слова ГОСПАД, кажучы: “Ня будзеш есьці хлеба і ня будзеш піць вады, і ня вернешся тым шляхам, па якім прыйшоў”».
10 І пайшоў ён іншым шляхам, і не вярнуўся тым шляхам, па якім ён прыйшоў у Бэтэль.
11 А ў Бэтэлі жыў адзін стары прарок. І прыйшлі сыны ягоныя, і расказалі яму ўсе справы, якія зрабіў у той дзень чалавек Божы ў Бэтэлі, а таксама словы, якія ён прамовіў да валадару, і расказалі гэта бацьку свайму.
12 І прамовіў да іх бацька іхні: «Якім шляхам ён пайшоў?» І сыны ягоныя паказалі яму шлях, па якім пайшоў чалавек Божы, які прыйшоў з Юды.
13 І сказаў ён сынам сваім: «Асядлайце мне асла». І яны асядлалі яму асла, і ён сеў на яго,
14 і паехаў за чалавекам Божым, і знайшоў яго, калі той сядзеў пад дубам, і сказаў яму: «Ці ня ты чалавек Божы, які прыйшоў з Юды?» Ён сказаў: «Я».
15 І ён сказаў яму: «Ідзі да мяне ў дом і паеш хлеба».
16 Той сказаў: «Не магу вярнуцца з табою і пайсьці да цябе, і ня буду есьці хлеба і ня буду піць вады ў гэтым месцы,
17 бо прамовіў да мяне слова ГОСПАД: “Ня будзеш есьці хлеба і ня будзеш піць там вады, і ня вернешся шляхам, па якім прыйшоў”».
18 І сказаў ён яму: «І я прарок, падобны табе. І анёл прамовіў да мяне слова ГОСПАДА, кажучы: “Вярні яго ў дом твой, і няхай ён есьць хлеб і п’е ваду”». І падмануў яго.
19 І ён вярнуўся з ім, і еў хлеб у доме ягоным, і піў ваду.
20 А калі сядзелі яны яшчэ пры стале, было слова ГОСПАДА да прарока, які вярнуў яго [з дарогі].
21 І закрычаў ён да чалавека Божага, які прыйшоў з Юды, кажучы: «Гэта кажа ГОСПАД. За тое, што ты ўзбунтаваўся супраць [слова] з вуснаў ГОСПАДА і не захаваў даручэньня, якое загадаў табе ГОСПАД, Бог твой,
22 але вярнуўся, і еў хлеб, і піў ваду на месцы, пра якое Я прамовіў да цябе: «Ня еш [там] хлеба і ня пі вады», парэшткі твае ня ўвойдуць у магілу бацькоў тваіх”».
23 І калі той зьеў хлеб і напіўся, ён асядлаў асла для таго прарока, якога вярнуў.
24 І той пайшоў. І знайшоў яго леў на шляху, і забіў яго, і парэшткі ягоныя ляжалі, кінутыя пры дарозе, і асёл стаяў каля іх, і леў стаяў каля парэшткаў.
25 І вось, людзі, што там праходзілі, убачылі парэшткі, кінутыя пры дарозе, і льва, які стаяў каля парэшткаў. І яны пайшлі, і паведамілі ў горадзе, у якім жыў стары прарок.
26 І пачуў той прарок, які яго завярнуў з дарогі, і сказаў: «Гэта чалавек Божы, які збунтаваўся супраць [слова] з вуснаў ГОСПАДА, і аддаў яго ГОСПАД льву, і ён разьдзёр яго, і забіў яго паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў да яго».
27 І прамовіў ён да сыноў сваіх, кажучы: «Асядлайце мне асла!» І яны асядлалі.
28 І ён паехаў, і знайшоў парэшткі ягоныя, кінутыя пры дарозе, і асла, і льва, якія стаялі каля парэшткаў. І леў ня еў парэшткі і не разьдзёр асла.
29 І прарок падняў парэшткі чалавека Божага, і ўсклаў іх на асла і прывёз яго назад у горад, і прыйшоў стары прарок, каб плакаць над ім і пахаваць яго.
30 І паклаў ён парэшткі ягоныя ў магіле сваёй, і плакаў над ім: «О, браце мой!»
31 І калі пахаваў яго, сказаў сынам сваім, кажучы: «Калі я памру, пахавайце мяне ў магіле, у якой пахаваны чалавек Божы. Каля костак ягоных палажыце косткі мае.
32 Бо спаўняюыся, споўніцца слова, якое ён прамовіў паводле слова ГОСПАДА адносна ахвярніка, які ў Бэтэлі, і адносна ўсіх сьвятыняў на ўзгорках, якія ў гарадах Самарыі».
33 Пасьля ўсяго гэтага Ерабаам не зьвярнуў з ліхога шляху свайго, і паставіў са [звычайных] людзей сьвятароў для ўзгоркаў. Хто толькі хацеў, таго пасьвячала рука ягоная, і той ставаўся сьвятаром для ўзгоркаў.
34 І сталася гэта грахом для дому Ерабаама і прычынай загубы і вынішчэньня з аблічча зямлі.
Разьдзел 14
1 У той час захварэў Абія, сын Ерабаама.
2 І сказаў Ерабаам жонцы сваёй: «Устань і зьмяні выгляд свой, каб не пазналі, што ты — жонка Ерабаама, і ідзі ў Шыло. Вось, там Ахія прарок, які сказаў мне, што я буду валадаром над народам гэтым.
3 І вазьмі ў руку тваю дзесяць хлябоў, печыва і збан мёду, і ідзі да яго. Ён паведаміць табе, што станецца з хлопцам».
4 І зрабіла так жонка Ерабаама. І ўстала яна, і пайшла ў Шыло, і прыйшла ў дом Ахіі. А Ахія ня мог бачыць, бо сьцямнелі вочы ягоныя дзеля старасьці.
5 І сказаў ГОСПАД Ахіі: «Вось, прыходзіць жонка Ерабаама, каб шукаць слова адносна сына свайго, які хварэе. Гэта і гэта прамовіш да яе. Калі яна прыйдзе, яна будзе пераапранутая».
6 І сталася, што Ахія пачуў шоргат ног ейных, калі яна ўваходзіла, і сказаў: «Уваходзь, жонка Ерабаама. Чаму ты пераапранулася? Я — суворы пасланьнік для цябе.
7 Ідзі і скажы Ерабааму: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. За тое, што Я ўзвысіў цябе спасярод народу, і зрабіў цябе правадыром над народам Маім, Ізраілем,
8 і адарваў валадарства ад дому Давіда, і даў яго табе, але ты ня быў такі, як слуга Мой Давід, які захоўваў прыказаньні Мае і хадзіў за Мною ўсім сэрцам сваім, робячы толькі слушнае ў вачах Маіх,
9 і рабіў ты горш за ўсіх, якія былі перад табой, і пайшоў, і зрабіў сабе багоў чужых і [ідалаў] літых, каб гнявіць Мяне, а Мяне адкінуў за плечы свае,
10 дзеля гэтага, вось, Я навяду на дом Ерабаама ліха, і выб’ю з [роду] Ерабаама ўсіх, хто мочыцца на сьцяну, ад нявольніка да вольнага ў Ізраілі, і вымяту рэшткі дому Ерабаама, як вымятаецца сьмецьце, аж да канца.
11 Хто ў Ерабаама памрэ ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ ў полі, таго будуць жэрці птушкі паднебныя, бо гэта прамовіў ГОСПАД”.
12 А ты ўстань і вяртайся ў дом твой, і калі ногі твае ўвойдуць у горад, памрэ дзіцятка,
13 і будзе плакаць над ім увесь Ізраіль, і пахаваюць яго, бо толькі ён з [роду] Ерабаама ўвойдзе ў магілу, бо ў доме Ерабаама толькі ў ім знайшлося нешта добрае перад ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля.
14 І паставіць ГОСПАД Сабе валадара над Ізраілем, які выгубіць дом Ерабаама ў той дзень. І ўжо цяпер [паставіў].
15 І ўдарыць ГОСПАД Ізраіля, што ён захістаецца як трысьнёг на вадзе, і выганіць Ізраіля з гэтай добрай зямлі, якую Ён даў бацькам іхнім, і расьцярушыць іх за ракою за тое, што яны зрабілі Астартаў сваіх, каб гнявіць ГОСПАДА.
16 І пакіне ГОСПАД Ізраіля дзеля грахоў Ерабаама, які сам грашыў і ўвёў у грэх Ізраіля».
17 І ўстала жонка Ерабаама, і пайшла, і прыйшла ў Тырцу. І калі яна пераступала парог дому, памёр хлопец.
18 І пахавалі яго, і галасіў над ім увесь Ізраіль паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў праз слугу Свайго Ахію прарока.
19 А іншыя дзеяньні Ерабаама, як ён ваяваў і як валадарыў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
20 А дзён, калі валадарыў Ерабаам, [было] дваццаць два гады. І супачыў ён з бацькамі сваімі, і заваладарыў Надаў, сын ягоны, пасьля яго.
21 А Рэхабаам, сын Салямона, быў валадаром у Юдзе. Сорак адзін год было Рэхабааму, калі ён пачаў валадарыць, і сямнаццаць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які выбраў ГОСПАД з усіх каленаў Ізраіля, каб там было імя Ягонае. Імя маці ягонай — Наама Аманянка.
22 І рабіў Юда ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і гнявілі яны Яго больш, чым бацькі іхнія, у грахах сваіх, якімі грашылі.
23 І будавалі яны сабе ўзгоркі, слупы і Астартаў на кожным узгорку высокім і пад кожным дрэвам зялёным.
24 І была таксама распуста ў зямлі, і чынілі яны ўсякую брыдоту народаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.
25 І сталася ў пятым годзе валадара Рэхабаама, пайшоў супраць Ерусаліму Шышак, валадар Эгіпту.
26 Ён зрабаваў скарбы Дому ГОСПАДА і скарбы дому валадара, і ўсё забраў, і забраў усе шчыты залатыя, якія зрабіў Салямон.
27 Замест іх валадар Рэхабаам зрабіў шчыты мядзяныя і перадаў іх у рукі начальнікаў варты, якая пільнавала ўваход у дом валадара.
28 І сталася, што кожны раз, калі валадар уваходзіў у Дом ГОСПАДА, уносіла іх варта, а [потым] адносіла іх у збраёўню варты.
29 Іншыя дзеяньні Рэхабаама і ўсё, што ён рабіў, заспісана ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
30 А вайна паміж Рэхабаамам і Ерабаамам была ўсе дні.
31 І супачыў Рэхабаам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда. А імя маці ягонай — Наама Аманянка. А пасьля яго валадаром стаў Абіям, сын ягоны.
Разьдзел 15
1 У васямнаццатым годзе валадара Ерабаама, сына Навата, у Юдзе стаў валадаром Абіям.
2 Тры гады ён валадарыў у Ерусаліме. А імя маці ягонай — Мааха, дачка Абсалома.
3 І хадзіў ён у-ва ўсіх грахах бацькі свайго, якія ён рабіў перад ім, і не было сэрца ягонае шчырым перад ГОСПАДАМ, Богам ягоным, як сэрца Давіда, бацькі ягонага.
4 Аднак дзеля Давіда даў яму ГОСПАД, Бог ягоны, сьветач у Ерусаліме, каб паставіць сына ягонага пасьля яго і ўмацаваць Ерусалім,
5 бо Давід рабіў тое, што слушнае ў вачах ГОСПАДА і не ўхіляўся ад таго, што Ён яму загадваў праз усе дні жыцьця свайго, акрамя справы Урыі Хета.
6 І вайна паміж Рэхабаамам і Ерабаамам была ўсе дні жыцьця ягонага.
7 Іншыя дзеяньні Абіяма і ўсё, што ён рабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды. І была вайна паміж Абіямам і Ерабаамам.
8 І супачыў Абіям з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда. І заваладарыў Аса, сын ягоны, пасьля яго.
9 У дваццатым годзе Ерабаама, валадара Ізраіля, заваладарыў Аса, валадар Юды.
10 Сорак адзін год ён быў валадаром у Ерусаліме. А імя маці ягонай — Мааха, дачка Абсалома.
11 І рабіў Аса слушнае ў вачах ГОСПАДА, як Давід, бацька ягоны.
12 І ён выгнаў распусьнікаў з зямлі, і павынішчаў усіх ідалаў, якіх нарабілі бацькі ягоныя.
13 І нават маці сваю Мааху ён пазбавіў годнасьці валадаркі за тое, што яна зрабіла ідала Астарты. І Аса пасек ідала ейнага, і спаліў каля ручая Кедрон.
14 Але ўзгоркі не былі зьнішчаныя. Аднак сэрца Асы было шчырым перад ГОСПАДАМ у-ва ўсе дні [ягоныя].
15 І прынёс ён у Дом ГОСПАДА рэчы, пасьвячоныя бацькам ягоным і ім самім: срэбра, золата і посуд.
16 І была вайна паміж Асам і Баашам, валадаром Ізраіля, праз усе дні іхнія.
17 І пайшоў валадар Ізраіля Бааша на Юду, і пабудаваў Раму, каб [ніхто] ня мог увайсьці і выйсьці да Асы, валадара Юды.
18 І ўзяў Аса ўсё срэбра і золата, якое засталося ў скарбніцы Дому ГОСПАДА і ў скарбніцы дому валадара, і даў яго слугам сваім, і паслаў іх да Бэн-Гадада, сына Табрымона, сына Хэзіёна, валадара Сірыі, які жыў у Дамаску, кажучы:
19 «Запавет [ёсьць] паміж мною і табой, паміж бацькам маім і бацькам тваім. Вось, я пасылаю табе дары: срэбра і золата. Ідзі, парві запавет твой з Баашам, валадаром Ізраіля, і ён адыйдзе ад мяне».
20 І паслухаў Бэн-Гадад валадара Асу, і паслаў начальнікаў войска свайго ў гарады Ізраіля. І захапілі яны Іён, Дан і Абэль-Бэт-Мааху, і ўвесь Кінэрэт, і ўсю зямлю Нэфталі.
21 І пачуў [пра гэта] Бааша, і кінуў будаваць Раму, і вярнуўся ў Тырцу.
22 І валадар Аса паклікаў усяго Юду без выключэньня, і забралі яны з Рамы камяні і дрэва, якімі [карыстаўся] Бааша для будаўніцтва, і разбудаваў імі валадар Аса Гіву Бэн’ямінаву і Міцпу.
23 А іншыя дзеяньні Асы, мужнасьць ягоная і ўсё, што ён зрабіў, і гарады, якія пабудаваў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды. Калі ж ён састарэўся, хварэў на ногі.
24 І супачыў Аса з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І заваладарыў Язафат, сын ягоны, пасьля яго.
25 У другім годзе Асы, валадара Юды, пачаў валадарыць над Ізраілем Надаў, сын Ерабаама, і валадарыў ён над Ізраілем два [гады].
26 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў шляхамі бацькі свайго і ў грэху ягоным, якім той увёў у грэх Ізраіля.
27 І зрабіў супраць яго змову Бааша, сын Ахіі, з дому Ісахара, і напаў на яго ў Гіббэтоне, які быў [горадам] Філістынцаў, калі Надаў і ўвесь Ізраіль аблягалі Гіббэтон.
28 І Бааша забіў яго ў трэцім годзе Асы, валадара Юды, і сам стаў валадаром замест яго.
29 І калі ён пачаў валадарыць, выбіў ён увесь дом Ерабаама, і не пакінуў ніводнай душы з [роду] Ерабаама, пакуль ня вынішчыў яго паводле слова ГОСПАДА, як прамовіў Ён праз слугу свайго Ахію з Шыло,
30 дзеля грахоў Ерабаама, які сам грашыў і ўвёў Ізраіля ў грэх, чым гнявіў ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
31 А іншыя дзеяньні Надава і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
32 І была вайна паміж Асам і Баашам, валадаром Ізраіля, усе дні іхнія.
33 У трэцім годзе Асы, валадара Юды, Бааша, сын Ахіі, стаў валадаром над усім Ізраілем у Тырцы на дваццаць чатыры гады.
34 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў шляхам Ерабаама і ў грахах ягоных, якімі той увёў у грэх Ізраіля.
Разьдзел 16
1 І было слова ГОСПАДА да Егу, сына Хананіі, супраць Баашы, кажучы:
2 «За тое, што Я цябе падняў з парахна і паставіў правадыром над народам Маім, Ізраілем, а ты хадзіў шляхам Ерабаама і ўводзіў у грэх народ Мой, Ізраіля, каб Мяне гнявіць грахамі іхнімі,
3 вось, Я вымету рэшткі Баашы і рэшткі дому ягонага і зраблю з домам ягоным тое, што зрабіў з домам Ерабаама, сына Навата.
4 Хто ў Баашы памрэ ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ ў полі, таго будуць жэрці птушкі паднебныя».
5 Іншыя дзеяньні Баашы, і ўсё, што ён рабіў, і мужнасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
6 І супачыў Бааша з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Тырцы. А пасьля яго стаў валадаром Эла, сын ягоны.
7 І зноў было слова ГОСПАДА праз прарока Егу, сына Хананіі, супраць Баашы і дому ягонага дзеля ўсякага зла, якое ён чыніў у вачах ГОСПАДА, гневаючы Яго ўчынкамі рук сваіх, калі рабіў так, як дом Ерабаама, які ён выгубіў.
8 У дваццаць шостым годзе Асы, валадара Юды, Эла, сын Баашы, стаў валадаром над Ізраілем у Тырцы на два [гады].
9 І слуга ягоны Зімры, начальнік над паловаю калясьніцаў, змовіўся супраць яго. І калі Эла быў напіўся ў доме Арцы, загадчыка дому ў Тырцы,
10 Зімры напаў на яго, і ўдарыў яго, і забіў яго ў дваццаць сёмым годзе Асы, валадара Юды, і стаў валадаром замест яго.
11 І калі ён стаў валадаром, і сеў на пасадзе ягоным, ён выбіў увесь дом Баашы, і не пакінуў з яго анікога, хто мочыцца на сьцяну, ані сваякоў, ані сяброў ягоных.
12 І зьнішчыў Зімры ўвесь дом Баашы паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў пра Баашу праз Егу прарока
13 з прычыны ўсіх грахоў Баашы і грахоў Элы, сына ягонага, якімі яны самі грашылі і якімі ўводзілі ў грэх Ізраіля, гневаючы ГОСПАДА, Бога Ізраіля, марнасьцямі сваімі.
14 А іншыя дзеяньні Элы, і ўсё, што ён рабіў, запісана ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
15 У дваццаць сёмым годзе Асы, валадара Юды, заваладарыў Зімры на сем дзён у Тырцы, а народ [Ізраіля] разлажыўся табарам каля Гіббэтону, гораду Філістынцаў.
16 І пачуў народ, які разлажыўся табарам, што кажуць: «Зімры ўчыніў змову і забіў валадара». І ўвесь Ізраіль, які быў у табары, паставіў у той дзень валадаром Омры, начальніка войска Ізраіля.
17 І выйшаў Омры, і ўвесь Ізраіль з ім, з-пад Гіббэтону і абляглі Тырцу.
18 І сталася, калі Зімры ўбачыў, што горад здабыты, ён увайшоў у вежу дому валадара, і падпаліў дом валадара агнём, і памёр
19 дзеля грахоў сваіх, якімі грашыў, чынячы ліхоту ў вачах ГОСПАДА і ходзячы шляхам Ерабаама і ў грахах ягоных, якія той рабіў і ўводзіў у грэх Ізраіля.
20 Іншыя дзеяньні Зімры, і змова ягоная, якую ён учыніў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
21 Тады народ Ізраіля падзяліўся на дзьве часткі: палова народу стаяла за Тыўні, сына Гіната, каб яго паставіць валадаром, а палова — за Омры.
22 І быў мацнейшы народ, які [стаяў] за Омры, чым той, што [стаяў] за Тыўні, сына Гіната. І Тыўні памёр, а валадарыў Омры.
23 У трыццаць першым годзе Асы, валадара Юды, Омры стаў валадаром над Ізраілем на дванаццаць гадоў. У Тырцы ён валадарыў шэсьць гадоў.
24 І ён купіў за два таленты срэбра ў Шэмэра гару Шамэрон, і забудаваў гару, і гораду, які пабудаваў, даў імя Самарыяй ад імя Шэмэра, гаспадара гары.
25 І рабіў Омры ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і чыніў зло горш за ўсіх, якія былі перад ім.
26 І хадзіў ён усімі шляхамі Ерабаама, сына Навата, і ў грахах ягоных, якімі той увёў у грэх Ізраіля, каб гнявіць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, марнасьцямі сваімі.
27 А іншыя дзеяньні Омры, якія ён зрабіў, і мужнасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
28 І супачыў Омры з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Самарыі. А пасьля яго заваладарыў Ахаў, сын ягоны.
29 Ахаў, сын Омры, стаў валадаром Ізраіля ў трыццаць восьмым годзе Асы, валадара Юды, і валадарыў Ахаў, сын Омры, над Ізраілем у Самарыі дваццаць два гады.
30 І Ахаў, сын Омры, рабіў ліхоту ў вачах ГОСПАДА, горш за ўсіх, што былі перад ім.
31 Мала яму было хадзіць у грахах Ерабаама, сына Навата, і ён узяў за жонку Езабэль, дачку Этбаала, валадара Сідонцаў, і хадзіў, і служыў Баалу, і пакланяўся яму.
32 І паставіў ён ахвярнік Баалу ў доме Баала, які пабудаваў у Самарыі.
33 І зрабіў Ахаў Астарту, і сваімі ўчынкамі Ахаў гнявіў ГОСПАДА, Бога Ізраіля, болей, чым усе валадары Ізраіля, якія былі перад ім.
34 У дні ягоныя Хіэль з Бэтэлю адбудаваў Ерыхон. Падмуркі ягоныя ён паклаў на першародным сваім, Абіраме, а на наймалодшым сваім, Сэгібе, паставіў брамы ягоныя, паводле слова ГОСПАДА, сказанага праз Егошуа, сына Нуна.
Разьдзел 17
1 І сказаў Ільля з Тэшбы з жыхароў Гілеаду Ахаву: «Як жывы ГОСПАД, Бог Ізраіля, перад Якім я стаю. У гэтыя гады ня будзе ані расы, ані дажджу, пакуль ня будзе слова з вуснаў маіх!»
2 І было слова ГОСПАДА да яго, кажучы:
3 «Адыйдзі адсюль і ідзі на ўсход, і схавайся пры ручаі Керыт, які на ўсход ад Ярдану.
4 Ваду будзеш піць з ручая, і Я загадаў крумкачам, каб яны кармілі цябе там».
5 І ён пайшоў, і зрабіў паводле слова ГОСПАДА. І пайшоў, і сеў каля ручая Керыт, які на ўсход ад Ярдану.
6 І крумкачы прыносілі яму хлеб і мяса раніцай, і хлеб і мяса ўвечары, а [ваду] ён піў з ручая.
7 І сталася, праз нейкі час ручай высах, бо не было дажджу ў зямлі [Ізраіля].
8 І было слова ГОСПАДА да яго, кажучы:
9 «Устань і ідзі ў Сарэпту Сідонскую, і жыві там. Вось, Я загадаў там адной удаве, каб карміла цябе».
10 І ён устаў, і пайшоў у Сарэпту. І прыйшоў ён да брамы гораду, і вось, там жанчына ўдава зьбірае дровы. І ён паклікаў яе, і сказаў: «Набяры мне, калі ласка, крыху вады збанам і дай мне піць».
11 І яна пайшла, каб набраць [вады], і ён паклікаў да яе, і сказаў: «Прынясі мне яшчэ, калі ласка, лустачку хлеба рукою тваёй».
12 А яна сказала: «Як жывы ГОСПАД, Бог твой, я ня маю сьпечанага [хлеба], толькі жменю мукі ў збане і крыху алею ў гляку. І вось, я назьбіраю крыху дроваў, і пайду, і прыгатую сабе і сыну майму [пасілак], і мы зьямо, і памром».
13 І сказаў ёй Ільля: «Ня бойся, але ідзі і зрабі, як ты казала, толькі перш зрабі для мяне аладку з гэтай [мукі] і прынясі мне. А сабе і сыну твайму зробіш потым.
14 Бо гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Мука ў збане ня скончыцца і алею ў гляку ня зьменшыцца аж да дня, у які ГОСПАД дасьць дождж на аблічча зямлі”».
15 І яна пайшла, і зрабіла паводле слова Ільлі, і яна ела, і ён, і дом ейны [шмат] дзён.
16 І мука ў збане ня сканчвалася і алею ў гляку ня меншала паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў праз Ільлю.
17 І сталася пасьля падзеяў гэтых, што захварэў сын той жанчыны, гаспадыні дому. І хвароба ягоная была вельмі цяжкая, і ён перастаў дыхаць.
18 І сказала яна Ільлі: «Што мне і табе, чалавек Божы? Хіба прыйшоў ты да мяне, каб прыгадаць мне беззаконьні мае і забіць сына майго?»
19 А ён сказаў ёй: «Дай мне сына твайго». І ён узяў яго ад грудзей ейных, і занёс у верхні пакой, дзе сам жыў, і палажыў яго на ложак свой.
20 І клікаў ён да ГОСПАДА, і казаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа мой, няўжо ўдаве, у якой я жыву, Ты робіш ліха, што памірае сын ейны?»
21 І тры разы ён лёг на дзіця, і клікаў да ГОСПАДА, і казаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа мой, няхай вернецца душа дзіцяці гэтага ў яго».
22 І выслухаў ГОСПАД голас Ільлі, і вярнулася душа дзіцяці ў яго, і [хлопчык] аджыў.
23 І ўзяў Ільля хлопчыка, і занёс яго з верхняга пакою ў дом, і аддаў яго маці ягонай, і сказаў Ільля: «Глядзі, жывы сын твой».
24 І жанчына сказала Ільлі: «Цяпер я ведаю, што ты — чалавек Божы, і слова ГОСПАДА ў вуснах тваіх — праўда».
Разьдзел 18
1 І сталася праз шмат дзён, у трэці год, было слова ГОСПАДА да Ільлі, кажучы: «Ідзі і зьявіся Ахаву, і Я дам дождж на аблічча зямлі».
2 І пайшоў Ільля, каб зьявіцца Ахаву. А ў Самарыі [быў] моцны голад.
3 І паклікаў Ахаў Абадыю, які [быў] над домам [ягоным], а Абадыя вельмі баяўся ГОСПАДА.
4 І калі Езабэль забівала прарокаў ГОСПАДА, Абадыя ўзяў сто прарокаў і схаваў іх па пяцьдзясят у адной і другой пячоры, і карміў іх хлебам і вадой.
5 І сказаў Ахаў Абадыі: «Прайдзі па зямлі па ўсіх крыніцах вады і па ўсіх ручаях, можа, знойдзеш дзе траву, каб зьберагчы [жывымі] коней і мулаў, і не замарыць [голадам] жывёлы».
6 І падзялілі паміж сабой зямлю, каб абыйсьці яе. Ахаў пайшоў адной дарогай, а Абадыя — другой дарогай асобна.
7 І сталася, калі Абадыя быў у дарозе, вось, Ільля [ідзе] насустрач яму. І ён пазнаў яго, і ўпаў на аблічча сваё, і сказаў: «Ці гэта ты, гаспадару мой, Ільля?»
8 І ён сказаў яму: «Я. Ідзі і скажы гаспадару твайму: “Вось, Ільля [тут]”».
9 І сказаў [Абадыя]: «Чым я саграшыў, што ты аддаеш слугу твайго ў рукі Ахава, каб ён забіў мяне?
10 Як жывы ГОСПАД, Бог твой! Няма народу або валадарства, да якога б не паслаў гаспадар мой, каб цябе адшукаць. А калі адказалі ўсе: “Няма [яго тут]”, ён загадаў прысягнуць [кожнаму] валадарству і народу, што цябе не знайшлі.
11 І цяпер ты кажаш мне: “Ідзі і скажы гаспадару твайму: «Вось, Ільля [тут]»”.
12 І станецца, калі я адыйдуся ад цябе, возьме цябе Дух ГОСПАДА і занясе ў [месца], якога я ня ведаю. І я пайду, і паведамлю Ахаву, і ён ня знойдзе цябе, і ён заб’е мяне. А слуга ж твой баіцца ГОСПАДА ад маладосьці сваёй.
13 Ці не было паедамлена гаспадару майму, што я зрабіў, калі Езабэль забівала прарокаў ГОСПАДА? Я тады схаваў сто чалавек спаміж прарокаў ГОСПАДА па пяцьдзясят у кожнай пячоры і карміў іх хлебам і вадой.
14 А цяпер ты мне кажаш: “Ідзі і скажы гаспадару твайму: «Вось, Ільля [тут]»”. Ён жа заб’е мяне».
15 І сказаў Ільля: «Як жывы ГОСПАД Магуцьцяў, перад абліччам Якога я стаю, яшчэ сёньня я зьяўлюся яму».
16 І Абадыя пайшоў на спатканьне з Ахавам, і паведаміў яму. І пайшоў Ахаў на сустрэчу з Ільлёю.
17 І стался, калі Ахаў убачыў Ільлю, сказаў Ахаў яму: «Ці ты той, хто трывожыць Ізраіля?»
18 [Ільля] сказаў: «Ня я трывожу Ізраіля, але ты і дом бацькі твайго, бо ты адкінуў прыказаньні ГОСПАДА і пайшоў за Баалам.
19 І цяпер пашлі і зьбяры да мяне на гару Кармэль увесь Ізраіль, і чатырыста пяцьдзясят прарокаў Баала, і чатырыста прарокаў Астарты, якія ядуць са стала Езабэлі».
20 І паслаў Ахаў па ўсіх сыноў Ізраіля, і сабраў прарокаў на гару Кармэль.
21 І наблізіўся Ільля да ўсяго народу, і сказаў: «Дакуль вы будзеце кульгаць на абедзьве нагі? Калі ГОСПАД ёсьць Бог, ідзіце за Ім, а калі Баал — [бог], ідзіце за ім». Але народ ані слова не адказаў яму.
22 І сказаў Ільля народу: «Я адзін застаўся з прарокаў ГОСПАДА, а прарокаў Баала — чатырыста пяцьдзясят.
23 Няхай дадуць нам двух бычкоў, і няхай яны выбяруць сабе аднаго бычка, пасякуць яго і паложаць на дровы, але няхай не падкладаюць агонь. І я падрыхтую другога бычка і палажу яго на дровы, але не падкладу агонь.
24 І няхай яны будуць клікаць імя багоў сваіх, а я буду клікаць імя ГОСПАДА. І Бог, Які адкажа [і спашле] агонь, Той ёсьць Бог!» І ўвесь народ адказаў, і сказаў: «Добрае гэта слова».
25 І сказаў Ільля прарокам Баала: «Выберыце сабе аднаго бычка, і падрыхтуйце [яго] першыя, бо вас шмат, і клічце імя багоў вашых, але не падкладайце агонь».
26 І ўзялі яны бычка, якога ён даў ім, і падрыхтавалі, і клікалі імя Баала ад раніцы аж да паўдня, кажучы: «Баал, адкажы нам!» Але не было ані голасу, ані адказу. І яны скакалі кругом ахвярніка, які зрабілі.
27 І апоўдні Ільля пачаў сьмяяцца з іх, і казаў: «Клічце моцным голасам, бо гэта ж бог. Можа, ён нечым заняты, або недзе выйшаў, або ў дарозе, або сьпіць, і яго трэба пабудзіць».
28 І крычалі яны моцным голасам, і калечылі сябе паводле звычаю свайго нажамі і дзідамі, аж лілася з іх кроў.
29 І прайшоў поўдзень, а яны ўсё прарочылі аж да часу складаньня ахвяраў хлебных, але не было ані голасу, ані адказу, ані ўвагі [да малітвы іхняй].
30 І сказаў Ільля ўсяму народу: «Падыйдзіце да мяне». І калі народ падыйшоў да яго, ён аднавіў ахвярнік ГОСПАДА, які быў развалены.
31 І ўзяў Ільля дванаццаць камянёў паводле лічбы каленаў сыноў Якуба, якому было слова ГОСПАД, кажучы: «Ізраіль будзе імя тваё».
32 І з тых камянёў ён пабудаваў ахвярнік для імя ГОСПАДА, і выкапаў роў кругом ахвярніка, які зьмяшчаў два саты зерня.
33 І пасек ён дровы, і падрыхтаваў бычка, і палажыў на дровы,
34 і сказаў: «Набярыце чатыры вядры вады і выліце ў роў і на дровы!» І сказаў: «Зрабіце гэта самае другі раз». І зрабілі другі раз, і ён сказаў: «І трэці раз зрабіце гэта самае». І зрабілі трэці раз.
35 І пацякла вада кругом ахвярніка, і нават роў быў запоўнены вадою.
36 І сталася, калі быў час складаць ахвяру хлебную, падыйшоў Ільля прарок і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа Абрагама, Ісаака і Ізраіля! Сёньня даведаюцца яны, што Ты — Бог у Ізраілі, а я — слуга Твой, і што паводле слова Твайго я зрабіў усё гэта.
37 Адкажы мне, ГОСПАДЗЕ, адкажы мне, і няхай даведаецца народ гэты, што Ты, ГОСПАДЗЕ, — Бог, і Ты навярні зноў сэрца іхняе!»
38 І зыйшоў агонь ГОСПАДА, і спаліў ахвяру, і дровы, і камяні, і попел, і ваду, якая была ў рове, высушыў.
39 І ўбачыў [гэта] ўвесь народ, і ўпаў на аблічча сваё, і сказаў: «ГОСПАД — гэта Бог! ГОСПАД — гэта Бог!»
40 І сказаў ім Ільля: «Схапіце прарокаў Баала, і няхай ніводзін з іх не ўцячэ!» І схапілі іх, і завёў іх Ільля да ручая Кішон, і там пазабіваў іх.
41 І сказаў Ільля Ахаву: «Ідзі, еш і пі, бо [я чую] шум вялікага дажджу!»
42 І пайшоў Ахаў есьці і піць, а Ільля ўзыйшоў на вяршыню Кармэля, і нахіліўся да зямлі, і схаваў аблічча сваё між каленяў сваіх.
43 І сказаў ён слузе свайму: «Выйдзі і глянь у бок мора». І той выйшаў, і глянуў, і сказаў: «Няма нічога». [Ільля] сказаў яму: «Вяртайся сем разоў!»
44 І ў сёмы раз ён сказаў: «Вось, воблака малое, нібы далонь чалавечая, падымаецца з мора». І сказаў [Ільля]: «Ідзі і скажы Ахаву: “Запрагай і ад’яжджай, каб не захапіў цябе дождж!”»
45 І неўзабаве неба пацямнела ад хмараў і ветру, і быў дождж вялікі. А Ахаў сеў у калясьніцу і паехаў у Езрээль.
46 І рука ГОСПАДА была з Ільлёю. І ён падперазаў паясьніцу сваю, і пабег перад Ахавам аж да ўваходу ў Езрээль.
Разьдзел 19
1 І паведаміў Ахаў Езабэлі ўсё, што зрабіў Ільля і што [Ільля] пазабіваў усіх прарокаў [Баала] мячом.
2 І Езабэль паслала да Ільлі пасланца, кажучы: «Няхай гэта зробяць мне богі і яшчэ дададуць, калі заўтра ў гэты час я не зраблю з душою тваёю тое, што зроблена з душою кожнага з іх».
3 І спужаўся Ільля, і ўстаў, і пайшоў, каб [уратаваць] душу сваю. І прыйшоў ён у Бээр-Шэву, якая ў Юдзе, і пакінуў там юнака свайго.
4 А сам пайшоў у пустыню на дзень дарогі, і прыйшоў, і сеў пад ядлоўцам, і прасіў у душы сваёй сьмерці, і сказаў: «Досыць ужо, ГОСПАДЗЕ! Вазьмі душу маю, бо я ня лепшы за бацькоў маіх».
5 І лёг ён, і заснуў пад ядлоўцам. І вось, анёл дакрануўся да яго і сказаў яму: «Устань і еш!»
6 І глянуў ён, і вось, каля галавы ягонай аладка печаная і збан вады. І ён еў, і піў, і зноў лёг спаць.
7 І другі раз вярнуўся анёл ГОСПАДА, і дакрануўся да яго, і сказаў: «Устань і еш, бо доўгі шлях у цябе [наперадзе]».
8 І ён устаў, і еў, і піў, і, падсілкаваны гэтаю ежаю, ішоў сорак дзён і сорак начэй аж да гары Божай Харэў.
9 І прыйшоў туды, і начаваў у пячоры. І вось, слова ГОСПАДА да яго, і Ён сказаў яму: «Што ты тут, Ільля?»
10 А ён адказаў: «Рэўнасьцю я раўную дзеля ГОСПАДА, Бога Магуцьцяў, бо сыны Ізраіля пакінулі запавет Твой, ахвярнікі Твае развалілі, а прарокаў Тваіх пазабівалі мячом. Застаўся я адзін, але і маю душу шукаюць, каб зьнішчыць яе».
11 І сказаў [Госпад]: «Выйдзі і стань на гары перад абліччам ГОСПАДА». І вось, праходзіў ГОСПАД. І моцны, вялікі вецер пераварочваў горы і разьбіваў скалы перад абліччам ГОСПАДА. Але ня ў ветры ГОСПАД. А пасьля ветру — землятрус. Але не ў землятрусе ГОСПАД.
12 Пасьля землятрусу — агонь, але не ў агні ГОСПАД. А пасьля агню — подых ціхога ветру.
13 І сталася, калі пачуў [гэта] Ільля, ён закрыў аблічча сваё плашчом сваім, і выйшаў, і стаў каля ўваходу ў пячору. І вось, голас да яго кажа: «Ільля, што ты тут?»
14 І ён сказаў: «Рэўнасьцю я раўную дзеля ГОСПАДА, Бога Магуцьцяў, бо сыны Ізраіля пакінулі запавет Твой, ахвярнікі Твае развалілі, а прарокаў Тваіх пазабівалі мячом. Застаўся я адзін, але і маю душу шукаюць, каб зьнішчыць яе».
15 І сказаў яму ГОСПАД: «Ідзі і вярніся ў Дамаск шляхам сваім праз пустыню. І прыйдзеш, і памажаш Хазаэля на валадара Сірыі,
16 і Егу, сына Німшы, памажаш на валадара Ізраіля, а Элісэя, сына Шафата, з Абэль-Мэхолы, памажаш на прарока замест сябе.
17 І станецца, што хто ўратуецца ад мяча Хазаэля, таго заб’е Егу, а хто ўцячэ ад мяча Егу, таго заб’е Элісэй.
18 А Я ў Ізраілі пакінуў сем тысячаў тых, якія не схілілі калені перад Баалам і вусны якіх не цалавалі яго».
19 І пайшоў адтуль [Ільля], і знайшоў Элісэя, сына Шафата. А ён араў, і дванаццаць параў валоў перад абліччам ягоным, і сам ён быў пры дванаццатай [пары]. І падыйшоў да яго Ільля, і кінуў на яго плашч свой.
20 І [Элісэй] пакінуў валоў, і пабег за Ільлёю, і сказаў: «Дазволь мне пацалаваць бацьку майго і маці маю, і я пайду за табой». І ён сказаў яму: «Ідзі і вяртайся, бо што я зрабіў табе?»
21 І [Элісэй] вярнуўся ад яго, і ўзяў пару валоў, і склаў іх у ахвяру, а на ярме валоў зварыў мяса іхняе і даў народу, і яны елі. І ўстаў, і пайшоў за Ільлёю, і служыў яму.
Разьдзел 20
1 А Бэн-Гадад, валадар Сірыі, сабраў усё войска сваё, і трыццаць два валадары [былі] з ім, і коні, і калясьніцы. І ён пайшоў, і аблёг Самарыю, і ваяваў супраць яе.
2 І паслаў ён пасланцоў да Ахава, валадара Ізраіля, у горад,
3 і сказаў яму: «Гэта кажа Бэн-Гадад. Срэбра тваё і золата тваё — маё, і жонкі твае і сыны твае найлепшыя — мае».
4 І адказаў валадар Ізраіля, і сказаў: «Паводле слова твайго, гаспадару мой, валадар, і я — твой, і ўсё маё — тваё».
5 І вярнуліся тыя пасланцы, і сказалі: «Гэта кажа Бэн-Гадад. Вось, я паслаў да цябе, кажучы: «Срэбра тваё, і золата тваё, і жонак тваіх, і сыноў тваіх ты дасі мне».
6 Заўтра ў гэты час я прышлю слугаў маіх да цябе, і яны перашукаюць дом твой, і дамы слугаў тваіх, і ўсё, чаго зажадаюць вочы іхнія, возьмуць яны ў рукі свае і забяруць”».
7 І склікаў валадар Ізраіля ўсіх старшыняў зямлі, і сказаў: «Заўважце і паглядзіце, што ён шукае ліха, бо ён паслаў да мяне па жонак маіх, па сыноў маіх, па срэбра маё і золата маё, і я не адмовіў яму».
8 І сказалі яму ўсе старшыні і ўвесь народ: «Ня слухай і не згаджайся з ім».
9 І сказаў ён пасланцам Бэн-Гадада: «Скажыце гаспадару майму, валадару: “Усё, па што ты пасылаў спачатку да слугі твайго, я зраблю, але гэтай рэчы не магу зрабіць”». І вярнуліся пасланцы, і прынесьлі яму слова.
10 І паслаў іх [зноў] Бэн-Гадад, і сказаў: «Няхай гэта зробяць мне богі і яшчэ дададуць, калі хопіць пылу Самарыі па жмені для ўсіх людзей, якіх маю пры сабе!»
11 І адказаў валадар Ізраіля, і сказаў: «Скажыце: “Няхай ня хваліцца той, хто падпярэзваецца [мячом], так, як той, хто яго здымае”».
12 І сталася, калі пачуў гэтае слова [Бэн-Гадад], а ён піў сам і валадары з ім у намётах, ён сказаў слугам сваім: «Станьце ў шыхт супраць гораду!» І яны сталі ў шыхт.
13 І вось, нейкі прарок наблізіўся да Ахава, валадара Ізраіля, і сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Ці ты бачыш гэты натоўп вялікі? Вось, Я сёньня аддам яго ў рукі твае, і ты даведаешся, што Я — ГОСПАД”».
14 І сказаў Ахаў: «Праз каго?» Той сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Праз юнакоў начальнікаў акругаў”». І ён сказаў: «Хто мае пачаць бой?» Той сказаў: «Ты».
15 І палічыў ён юнакоў начальнікаў акругаў, і было іх дзьвесьце трыццаць два. А пасьля палічыў увесь народ, усіх сыноў Ізраіля, і налічыў сем тысячаў.
16 І выйшлі яны апоўдні, калі Бэн-Гадад, п’яны, піў у намётах, ён і трыццацьць два валадары, якія [прыйшлі] яму на дапамогу.
17 І выйшлі найперш юнакі начальнікаў акругаў. І паслаў Бэн-Гадад, і паведамілі яму, кажучы: «Выйшлі людзі з Самарыі».
18 А ён сказаў: «Калі выйшлі яны з мірам, схапіце іх жывых, а калі ваяваць, таксама вазьміце іх жывых».
19 А гэта выйшлі з гораду юнакі начальнікаў акругаў і войска, якое ішло за імі.
20 І перамаглі яны тых, што [ішлі] супраць іх. І Сірыйцы пачалі ўцякаць, а Ізраільцяне гналі іх. І Бэн-Гадад, валадар Сірыі, уцёк на кані з коньнікамі.
21 І выйшаў валадар Ізраіля, і забраў коней і калясьніцы, і зрабіў ён Сірыйцам вялікую паразу.
22 І наблізіўся прарок да валадара Ізраіля, і сказаў яму: «Ідзі, і ўмацуйся, і ведай, і глядзі, што робіш, бо ў наступным годзе валадар Сірыі пойдзе супраць цябе».
23 А слугі валадара Сірыі сказалі яму: «Бог гор ёсьць Богам іхнім, таму яны былі мацнейшыя за нас. Але калі мы нападзем на іх на раўніне, мы будзем мацнейшыя за іх.
24 Дык ты зрабі такую рэч: паскідай валадароў з месцаў іхніх, і пастаў на месца іхняе намесьнікаў.
25 І набяры столькі войска, колькі загінула ў цябе, і коней, колькі было, і калясьніцаў, колькі было, і будзем ваяваць супраць іх на раўніне, і будзем мацнейшыя за іх». І ён паслухаў голас іхні, і зрабіў гэтак.
26 І праз год Бэн-Гадад сабраў Сірыйцаў, і пайшоў у Афэк ваяваць з Ізраілем.
27 А сыны Ізраіля сабраліся, і ўзялі харчы, і выйшлі насустрач ім. І разлажыліся табарам сыны Ізраіля насупраць іх, як два статкі козаў, а Сірыйцы напоўнілі зямлю.
28 І наблізіўся чалавек Божы, і сказаў валадару Ізраіля: «Гэта кажа ГОСПАД: “За тое, што Сірыйцы сказалі: «ГОСПАД ёсьць Богам гор, а ня Богам раўнінаў», усё гэта вялікае мноства Я аддам у рукі твае, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД”».
29 І сем дзён стаялі табары адны супраць другіх, а ў сёмы дзень распачаўся бой. І сыны Ізраіля выбілі ў Сірыйцаў сто тысячаў пяхотнікаў у адзін дзень.
30 А рэшткі [Сірыйцаў] уцяклі ў Афэк, у горад, але на дваццаць сем тысячаў чалавек, якія там засталіся, заваліўся мур. І Бэн-Гадад уцёк, і хаваўся ў горадзе з пакою ў пакой.
31 І сказалі яму слугі ягоныя: «Вось, мы чулі, што валадары дому Ізраіля — валадары міласэрныя. Дык апранем рызьзё на сьцёгны свае і вяроўкі на шыі свае, і выйдзем да валадара Ізраіля. Можа, ён захавае душу тваю».
32 І апранулі яны рызьзё на сьцёгны свае і вяроўкі на шыі свае, і прыйшлі да валадара Ізраіля, і сказалі: «Слуга твой Бэн-Гадад кажа: “Захавай, прашу, душу маю”». А той сказаў: «Ці ён яшчэ жывы? Ён — брат мой».
33 І людзі тыя прынялі гэта за добры знак, і пасьпешліва злавілі яго на слове, і сказалі: «Бэн-Гадад — брат твой». І ён сказаў: «Ідзіце і прывядзіце яго». І прыйшоў да яго Бэн-Гадад, і ён пасадзіў яго на калясьніцу.
34 І сказаў яму [Бэн-Гадад]: «Гарады, якія бацька мой забраў у бацькі твайго, я вярну. І ты можаш мець у Дамаску вуліцы, як бацька мой меў у Самарыі». [Ахаў сказаў]: «З гэтым запаветам адпушчу цябе». І заключыў ён з ім запавет, і адпусьціў яго.
35 І адзін чалавек спаміж сыноў прарокаў сказаў сябру свайму паводле слова ГОСПАДА: «Удар мяне!» Але той адмовіўся ўдарыць яго.
36 І ён сказаў яму: «За тое, што ты не паслухаў голас ГОСПАДА, вось, ты адыйдзешся ад мяне, і нападзе на цябе леў!» І калі той адыйшоў ад яго, знайшоў яго леў і забіў яго.
37 А [прарок] знайшоў іншага чалавека і сказаў: «Удар мяне!» І той чалавек ударыў яго, і скалечыў ударам [сваім].
38 І пайшоў той прарок, і стаў перад валадаром на дарозе, але зьмяніў выгляд, завязаўшы хустку на вочы сабе.
39 І сталася, калі валадар праходзіў, ён паклікаў валадара і сказаў: «Слуга твой пайшоў ваяваць, і вось, адзін чалавек прыйшоў, і прывёў некага чалавека да мяне, і сказаў: “Пільнуй гэтага чалавека! Калі ён прападзе, душа твая будзе за душу ягоную, або адважыш талент срэбра”.
40 І сталася, калі слуга твой рабіў гэта і гэта, ён зьнік». І сказаў яму валадар Ізраіля: «Такі прысуд твой, ты сам яго назваў».
41 І ён пасьпешліва зьняў хустку з вачэй сваіх, і валадар Ізраіля пазнаў, што гэта прарок.
42 І [прарок] сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “За тое, што ты выпусьціў з рукі сваёй чалавека заклятага, душа твая будзе [ўзята] за душу ягоную, і народ твой — за народ ягоны”».
43 І пайшоў валадар Ізраіля ў дом свой сумны і загневаны, і прыйшоў у Самарыю.
Разьдзел 21
1 І сталася пасьля тых падзеяў. Набот з Езрээлю меў вінаграднік у Езрээлі побач з палацам Ахава, валадара Самарыі.
2 І прамовіў Ахаў да Набота, кажучы: «Дай мне вінаграднік твой, а я [зраблю] для сябе сад, бо ён блізка каля дому майго. І я дам табе за яго лепшы вінаграднік, або калі будзе добра ў вачах тваіх, дам табе адпаведную плату срэбра».
3 І Набот сказаў Ахаву: «Барані мяне ГОСПАД, каб я аддаў спадчыну бацькоў маіх табе».
4 І прыйшоў Ахаў дадому сумны і загневаны з прычыны таго слова, якое прамовіў да яго Набот з Езрээлю, які сказаў: «Ня дам табе спадчыны бацькоў маіх». І лёг ён на ложак свой, і адвярнуў аблічча сваё, і ня еў хлеба.
5 І прыйшла да яго Езабэль, жонка ягоная, і сказала яму: «Чаму смутны дух твой і ты не ясі хлеба?»
6 І ён сказаў ёй: «Бо гаварыў я з Наботам з Езрээлю і сказаў яму: “Дай мне вінаграднік твой за срэбра, або, калі хочаш, дам табе за яго другі вінаграднік”. А ён сказаў: “Ня дам табе вінаграднік мой”».
7 І сказала яму Езабэль, жонка ягоная: «Так ты кіруеш валадарствам Ізраіля! Устань і еш хлеб, і няхай будзе добра на сэрцы тваім. Я дам табе вінаграднік Набота з Езрээлю».
8 І напісала яна лісты ў імя Ахава, і запячатала іх пячаткай ягонай, і паслала лісты старшыням і магнатам, якія жылі з Наботам у горадзе ягоным.
9 І напісала яна ў лістах, кажучы: «Абвясьціце пост і пасадзіце Набота перад народам.
10 А насупраць яго пасадзіце двух чалавек, сыноў Бэліяла, і яны засьведчаць супраць яго, кажучы: “Ты блюзьніў супраць Бога і валадара”. І выведзіце яго, і ўкамянуйце, і забіце [яго]».
11 І людзі гораду ягонага, і старшыні, і магнаты, якія жылі з ім у горадзе ягоным, зрабілі так, як ім загадала Езабэль і як было напісана ў лістах, які яна паслала ім.
12 І абвясьцілі яны пост, і пасадзілі Набота перад народам.
13 І прыйшлі два сыны Бэліяла, і селі насупраць яго, і сьведчылі супраць Набота сыны Бэліяла перад народам, кажучы: «Набот блюзьніў супраць Бога і валадара». І вывелі яго за горад, і ўкаменавалі яго камянямі, і ён памёр.
14 І паслалі яны да Езабэлі, кажучы: «Набот укаменаваны і памёр».
15 І сталася, калі Езабэль пачула, што Набот укаменаваны і памёр, яна сказала Ахаву: «Устань і вазьмі вінаграднік Набота з Езрээлю, які не згадзіўся за срэбра аддаць яго табе, бо Набот ужо не жыве, але памёр».
16 І сталася, калі Ахаў пачуў, што Набот памёр, устаў Ахаў і пайшоў у вінаграднік Набота з Езрээлю, каб узяць яго на ўласнасьць.
17 І было слова ГОСПАДА да Ільлі з Тэшбы, кажучы:
18 «Устань і выйдзі насустрач Ахаву, валадару Ізраіля, які ў Самарыі. Вось, ён у вінаградніку Набота, куды ён прыйшоў, каб узяць яго на ўласнасьць.
19 І прамовіш да яго, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД: «Ты ўчыніў забойства, а цяпер хочаш узяць на ўласнасьць?»” І прамовіш да яго, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД: «На тым месцы, на якім сабакі лізалі кроў Набота, будуць яны лізаць таксама кроў тваю»”.
20 І сказаў Ахаў Ільлі: «Ты знайшоў мяне, вораг мой». А ён сказаў: «Знайшоў, бо ты запрадаўся, каб чыніць ліхоту ў вачах ГОСПАДА.
21 [Госпад кажа]: “Вось, Я навяду на цябе ліха і вымяту бруд твой, і выб’ю ў Ахава тых, якія мочацца на сьцяну, і нявольніка, і вольнага ў Ізраілю.
22 І зраблю з домам тваім, як зрабіў з домам Ерабаама, сына Навата, і з домам Баашы, сына Ахіі, бо ты рабіў усё, каб гнявіць Мяне, і ўводзіў у грэх Ізраіля”.
23 І адносна Езабэль прамовіў ГОСПАД, кажучы: “Езабэль зьядуць сабакі на полі Езрээля.
24 Хто ў Ахава памрэ ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ ў полі, таго будуць жэрці птушкі паднебныя”».
25 Бо не было яшчэ такога, як Ахаў, які запрадаўся рабіць ліхоту ў вачах ГОСПАДА, на што намовіла яго Езабэль, жонка ягоная.
26 І рабіў ён ганебнае, ходзячы за ідаламі і [робячы] ўсё, што рабілі Амарэйцы, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.
27 І сталася, калі Ахаў пачуў словы гэтыя, ён разьдзёр адзеньне сваё, апрануў зрэбніцу на цела сваё, і посьціў, і спаў у зрэбніцы, і хадзіў сумны.
28 І было слова ГОСПАДА да Ільлі з Тэшбы, кажучы:
29 «Ці ты бачыш, як Ахаў упакорыўся перад абліччам Маім? За тое, што ён упакорыўся перад абліччам Маім, Я не навяду ліха ў дні ягоныя, але ў дні сына ягонага ўчыню ліха дому ягонаму».
Разьдзел 22
1 І жылі тры гады без вайны паміж Сірыяй і Ізраілем.
2 І сталася ў трэці год, прыйшоў Язафат, валадар Юды, да валадара Ізраіля.
3 І валадар Ізраіля сказаў слугам сваім: «Ці вы ня ведаеце, што Рамот Гілеадзкі наш, а мы маўчым, замест таго, каб забраць яго з рук валадара Сірыі?»
4 І сказаў ён Язафату: «Ці ты пойдзеш са мною ваяваць на Рамот Гілеадзкі?» І сказаў Язафат валадару Ізраіля: «Як ты, так і я, і як народ твой, так і народ мой, і як коньнікі твае, так і коньнікі мае».
5 І сказаў Язафат валадару Ізраіля: «Запытайся, калі ласка, сёньня, пра слова ГОСПАДА».
6 І склікаў валадар Ізраіля прарокаў каля чатырохсот чалавек, і сказаў ім: «Ці маю я ісьці ваяваць на Рамот Гілеадзкі, ці не?» І яны сказалі: «Ідзі, і Госпад аддасьць яго ў рукі валадара».
7 І сказаў Язафат: «Ці няма яшчэ прарока ГОСПАДА, каб спытацца ў яго?»
8 І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Ёсьць яшчэ адзін чалавек, праз якога можам запытацца ГОСПАДА, але я яго ненавіджу, бо ён не прарочыць мне добрае, але [прарочыць] ліхое. [Гэта] Міхей, сын Імлі». І Язафат сказаў: «Не гавары так, валадар».
9 І паклікаў валадар Ізраіля аднаго эўнуха, і сказаў: «Пасьпяшайся і [прывядзі] Міхея, сына Імлі».
10 А валадар Ізраіля і Язафат, валадар Юды, апранутыя ў шаты ўрачыстыя, сядзелі кожны на пасадзе сваім каля ўваходу ў браму Самарыі, і ўсе прарокі прарочылі перад абліччам іхнім.
11 І Сэдэкія, сын Кенааны, зрабіў сабе рогі жалезныя, і сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Будзеш імі біць Сірыю, пакуль ня зьнішчыш яе”».
12 І ўсе прарокі падобна прарочылі, кажучы: «Ідзі на Рамот Гілеадзкі і перамагай. ГОСПАД аддасьць [яго] ў рукі валадара».
13 А пасланец, які пайшоў паклікаць Міхея, прамовіў да яго, кажучы: «Вось, словы прарокаў у адзін голас [прадказваюць] валадару добрае. Дык няхай слова тваё будзе як кожнага з іх, і прамоў добрае».
14 Але Міхей сказаў: «Як жывы ГОСПАД, што скажа мне ГОСПАД, тое я прамоўлю!»
15 І пайшоў ён да валадара, і валадар сказаў яму: «Міхей, ці маем мы ісьці ваяваць на Рамот Гілеадзкі, ці не?» Ён сказаў: «Ідзі і перамагай, і ГОСПАД аддасьць [яго] ў рукі валадара».
16 І сказаў яму валадар: «Яшчэ раз запрысягаю цябе, каб ты прамовіў мне праўду ў імя ГОСПАДА».
17 І ён сказаў: «Бачыў я ўвесь Ізраіль, расьцярушаны па гарах, як авечкі, якія ня маюць пастуха. І сказаў ГОСПАД: “Ня маюць яны гаспадара. Няхай вяртаецца кожны ў дом свой у супакоі”».
18 І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Ці я табе не казаў, што ён не прарочыць мне добрае, але [прарочыць] ліхое?»
19 А той сказаў: «Дзеля гэтага слухай слова ГОСПАДА. Бачыў я ГОСПАДА, Які сядзеў на пасадзе Сваім, і ўсё войска нябеснае стаяла каля Яго праваруч і леваруч.
20 І сказаў ГОСПАД: “Хто намовіць Ахава, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Гілеадзкім?” І адзін казаў так, а другі іначай.
21 І выйшаў дух, і стаў перад абліччам ГОСПАДА, і сказаў: “Я намоўлю яго”. І сказаў яму ГОСПАД: “Як?”
22 А ён сказаў: “Я выйду і стануся духам хлусьлівым у вуснах усіх прарокаў ягоных”. І [Госпад] сказаў: “Ты намовіш яго, гэта атрымаецца ў цябе. Ідзі і зрабі так!”
23 І цяпер, вось, ГОСПАД даў духа хлусьлівага ў вусны ўсіх прарокаў тваіх, і ГОСПАД прамовіў супраць цябе ліхое».
24 І наблізіўся Сэдэкія, сын Кенааны, і ўдарыў Міхея па абліччы, і сказаў: «Якім чынам адыйшоў Дух ГОСПАДА ад мяне, каб прамаўляць да цябе?»
25 А Міхей сказаў: «Вось, ты ўбачыш той дзень, калі будзеш бегаць з пакою ў пакой, каб схавацца”.
26 І сказаў валадар Ізраіля: «Вазьмі Міхея і завядзі яго да Амона, начальніка гораду, і да Ёаша, сына валадара,
27 і скажы: “Гэта кажа валадар: «Пасадзіце яго ў вязьніцу і карміце яго скупа хлебам і вадой аж да майго вяртаньня ў супакоі»”».
28 І сказаў Міхей: «Калі ты вернешся ў супакоі, не прамаўляў ГОСПАД праз мяне». І сказаў: «Слухайце [гэта], усе людзі!»
29 І пайшлі валадар Ізраіля і Язафат, валадар Юды, на Рамот Гілеадзкі.
30 І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Я пераапрануся і пайду ў бой, а ты апрані шаты твае». І валадар Ізраіля зьмяніў адзеньне, і пайшоў у бой.
31 А валадар Сірыі загадаў трыццаці двум возьнікам калясьніцаў, кажучы: «Не ваюйце ані з вялікім, ані з малым, а толькі супраць валадара Ізраіля».
32 І сталася, калі возьнікі калясьніцаў убачылі Язафата, яны сказалі, што ён — валадар Ізраіля, і зьвярнуліся супраць яго, каб з ім ваяваць, і Язафат закрычаў.
33 І ўбачылі возьнікі калясьніцаў, што гэта не валадар Ізраіля, і адступіліся ад яго.
34 І адзін ваяр нацягнуў лук, і выпадкова параніў валадара Ізраіля між поясам і панцырам. І сказаў [валадар] возьніку свайму: «Завярні і вывязі мяне з бою, бо я паранены».
35 І ў той дзень разгарэўся бой, і валадар стаяў у калясьніцы сваёй супраць Сірыйцаў, і памёр увечары, і кроў з раны сьцякала ў калясьніцу.
36 І на заходзе сонца ў войску закрычалі, кажучы: «Няхай кожны вяртаецца ў горад свой і ў зямлю сваю!»
37 І памёр валадар, і быў прывезены ў Самарыю, і пахавалі валадара ў Самарыі.
38 І вымылі калясьніцу ягоную ў сажалцы ў Самарыі, і сабакі лізалі кроў ягоную, а блудніцы мылі яе паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў.
39 А іншыя дзеяньні Ахава, і ўсё, што ён рабіў, і дом з косьці слановай, які ён пабудаваў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
40 І супачыў Ахаў з бацькам сваім, і заваладарыў Ахазія, сын ягоны, пасьля яго.
41 А Язафат, сын Асы, стаў валадаром Юды ў чацьвёртым годзе Ахава, валадара Ізраіля.
42 Язафат меў трыццаць пяць гадоў, калі стаў валадаром, і дваццаць пяць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Азуба, дачка Шылхі.
43 І хадзіў ён усім шляхамі Асы, бацькі свайго, і не зыходзіў з яго, і рабіў тое, што было слушным у вачах ГОСПАДА.
44 Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ яшчэ складаў ахвяры і кадзіў на ўзгорках.
45 І Язафат жыў мірна з валадаром Ізраіля.
46 Іншыя дзеяньні Язафата і мужнасьць ягоная, і што ён рабіў, і як ваяваў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
47 А рэшткі распусьнікаў, якія заставаліся ў дні Асы, бацькі ягонага, ён вынішчыў з зямлі.
48 І не было [тады] ў Эдоме валадара, але намесьнік валадарскі.
49 І Язафат пабудаваў караблі ў Таршышы, каб плысьці ў Афір па золата. Але яны не паплылі, бо паразьбіваліся ў Эцыён-Гэбэры.
50 Тады Ахазія, сын Ахава, сказаў Язафату: «Няхай слугі мае пойдуць на караблях са слугамі тваімі». Але Язафат не захацеў.
51 І супачыў Язафат з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі свайго, і заваладарыў Егарам, сын ягоны, пасьля яго.
52 Ахазія, сын Ахава, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі ў сямнаццатым годзе Язафата, валадара Юды, і быў валадаром у Ізраілі два гады.
53 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў шляхам бацькі свайго і шляхам маці сваёй, і шляхам Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля.
54 І служыў ён Баалу, і пакланяўся яму, і гнявіў ГОСПАДА, Бога Ізраіля, усё так, як рабіў бацька ягоны.