КНІГА СУДЗЬДЗЯЎ
Разьдзел 1
1 Пасьля сьмерці Егошуа пыталіся сыны Ізраіля ў ГОСПАДА, кажучы: «Хто з нас першы выступіць супраць Хананейцаў ваяваць з імі?»
2 ГОСПАД адказаў ім: «Няхай выступіць Юда, бо Я аддаў зямлю гэтую ў рукі ягоныя».
3 І сказаў Юда Сымону, брату свайму: «Увайдзі са мной у жэрабя маё і будзем разам ваяваць супраць Хананейцаў, а я ўвайду з табой у жэрабя тваё». І пайшоў з ім Сымон.
4 І пайшоў Юда, і аддаў ГОСПАД у рукі іхнія Хананейцаў і Пэрэзэяў, і ў Бэзэку выбілі яны дзесяць тысячаў мужчын.
5 У Бэзэку сустрэліся яны з Адоні-Бэзэкам і ваявалі з ім, і перамаглі Хананейцаў і Пэрэзэяў.
6 І Адоні-Бэзэк уцёк, але яны дагналі яго, і схапілі, і адрэзалі вялікія пальцы на руках і нагах ягоных.
7 І сказаў Адоні-Бэзэк: «Семдзясят валадароў з адрэзанымі вялікімі пальцамі на руках і нагах зьбіралі крошкі пад сталом маім. І як я рабіў, так і мне Бог адплаціў». І завялі яго ў Ерусалім, і там ён памёр.
8 І ваявалі сыны Юды з Ерусалімам, і захапілі яго, і выбілі яго вострывам мяча, а горад спалілі агнём.
9 Потым зыйшлі сыны Юды і ваявалі супраць Хананейцаў, якія жылі ў гарах, у Нэгеве і ў Шэфэлі.
10 І пайшоў Юда супраць Хананейцаў, якія жылі ў Хеўроне, што раней называўся Кірыят-Арба, і пабіў Шэшая, Ахімана і Тальмая.
11 Адтуль пайшоў ён супраць жыхароў Дэбіру, які раней называўся Кірыят-Сэфэр.
12 І сказаў Халеў: «Хто нападзе на Кірыят-Сэфэр і здабудзе яго, таму дам за жонку Ахсу, дачку маю».
13 І здабыў яго Атніэль, сын Кеназа, малодшага брата Халева, і Халеў аддаў яму за жонку Ахсу, дачку сваю.
14 Калі яна прыйшла, ён намовіў яе, каб прасіла ў бацькі свайго поля. І калі яна зьлезла з асла, сказаў ёй Халеў: «Што табе?»
15 А яна адказала: «Дай мне дабраславенства, бо даў ты мне зямлю Нэгеў. Дай мне крыніцы водаў». І даў ёй Халеў крыніцы верхнія і крыніцы нізавыя.
16 Сыны Кенэя, цесьця Майсея, выйшлі з гораду Пальмаў з сынамі Юды ў пустыню Юды, якая на поўдзень ад Араду, і там абжыліся з народам.
17 І пайшоў Юда з братам сваім Сымонам, і разам напалі яны на Хананейцаў, якія жылі ў Цэфаце, і аблажылі іх закляцьцем, і назвалі горад гэты Харма.
18 І Юда здабыў Газу і ваколіцы ейныя, Ашкелён і ваколіцы ягоныя, Экрон і ваколіцы ягоныя.
19 І ГОСПАД быў з Юдам, і ён захапіў горы, але ня мог выгнаць жыхароў даліны, бо мелі яны калясьніцы жалезныя.
20 Халеву аддалі Хеўрон, як сказаў Майсей, і выгнаў ён адтуль трох сыноў Анака.
21 А сыны Бэн’яміна ня выгналі з Ерусаліму жыхароў ягоных, Евусэяў; і жывуць Евусэі па сёньняшні дзень разам з сынамі Бэн’яміна ў Ерусаліме.
22 Таксама дом Язэпа пайшоў у Бэтэль, і ГОСПАД быў з імі.
23 І дом Язэпа выведваў Бэтэль, што раней называўся Люз,
24 і ўбачылі выведчыкі чалавека, які выходзіў з гораду, і сказалі яму: «Пакажы нам уваход у горад, і мы зьявім табе міласэрнасьць».
25 І ён паказаў ім уваход у горад, яны выбілі горад вострывам мяча, а чалавека таго і ўсю сям’ю ягоную адпусьцілі.
26 І чалавек той пайшоў у зямлю Хетаў, і заснаваў там горад, і назваў яго Люз, які гэтак называецца па сёньняшні дзень.
27 А Манаса не здабыў Бет-Шэан і Таанах з ваколіцамі іхнімі, і жыхароў Дору, і Іблеаму, і Мэгіддо з ваколіцамі іхнімі, і засталіся Хананейцы жыць на гэтай зямлі.
28 А калі Ізраільцяне ўмацаваліся, яны зрабілі Хананейцаў прыгоннымі, але іх ня выгналі.
29 І Эфраім ня выгнаў Хананейцаў, што жылі ў Гезэры, і Хананейцы жылі сярод іх у Гезэры.
30 І Завулён ня выгнаў жыхароў Кітрону і Нагалалу, і Хананейцы жылі між іх, і сталіся ў іх прыгоннымі.
31 Асэр ня выгнаў жыхароў Акко, Сідону, Ахлябу, Ахзібу, Гэльбы, Афэка і Рэхову.
32 І жыў Асэр сярод Хананейцаў, жыхароў той зямлі, бо ня выгнаў іх.
33 Нэфталі ня выгнаў жыхароў Бэт-Шэмешу і Бэт-Анату, і жыў між Хананейцаў, жыхароў зямлі гэтай, і жыхары Бэт-Шэмешу і Бэт-Анату былі ў яго прыгоннымі.
34 І выпхнулі Амарэйцы сыноў Дана ў горы, і не далі ім зыйсьці ў даліну.
35 Амарэйцы жылі ў Гар-Хэрэсе, у Аялоне і ў Шаальбіме. І цяжэла над імі рука дому Язэпа, і яны былі ў яго прыгоннымі.
36 А межы Амарэйцаў цягнуліся ад узвышша Акраббім і да Сэлі і вышэй.
Разьдзел 2
1 І зыйшоў анёл ГОСПАДА з Гільгалу ў Бахім, і сказаў: «Я вывеў вас з Эгіпту і завёў вас у зямлю, якую Я запрысяг бацькам вашым, і сказаў: “Не парушу запавету Майго з вамі на вякі.
2 Не заключайце запавет з жыхарамі зямлі гэтай, але разваліце ахвярнікі іхнія”. Але вы не захацелі паслухаць голасу Майго. Чаму вы гэтак зрабілі?
3 І Я сказаў: “Ня буду выганяць іх перад абліччам вашым, каб былі яны вам цернем, а богі іхнія будуць для вас пасткаю”».
4 Калі анёл ГОСПАДА прамаўляў словы гэтыя да ўсіх сыноў Ізраіля, яны ўзьнялі голас свой і заплакалі.
5 І назвалі імя месцу гэтаму Бахім, і яны там склалі ахвяру ГОСПАДУ.
6 І адпусьціў Егошуа народ, і пайшлі сыны Ізраіля, кожны ў спадчыну сваю, каб узяць на ўласнасьць зямлю.
7 І служылі яны ГОСПАДУ ў-ва ўсе дні Егошуа і старшыняў, якія жылі пасьля Егошуа і бачылі ўсе вялікія дзеяньні ГОСПАДА, якія ўчыніў Ён для Ізраіля.
8 І памёр Егошуа, сын Нуна, слуга ГОСПАДА, маючы сто дзесяць гадоў.
9 І пахавалі яго ў межах спадчыны ягонай у Тымнат-Хэрэсе на гары Эфраіма, на поўнач ад гары Гааш.
10 І калі ўсё тое пакаленьне адыйшло да бацькоў сваіх, паўстала іншае пакаленьне пасьля іх, якое ня ведала ГОСПАДА і таго, што Ён зрабіў для Ізраіля.
11 І чынілі сыны Ізраіля ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і служылі Баалам.
12 І пакінулі яны ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, і пайшлі за багамі чужымі, за багамі народаў, якія жылі вакол іх, і пакланяліся ім, і гнявілі ГОСПАДА.
13 І яны пакінулі ГОСПАДА, і служылі Баалу і Астарце.
14 І разгневаўся ГОСПАД на Ізраіля, і аддаў іх у рукі рабаўнікоў, якія зрабавалі ахвярнікі іхнія, і аддаў іх у рукі ворагаў, якія жылі вакол, і яны ўжо не маглі супрацівіцца ворагам сваім.
15 І ў-ва ўсім, што яны рабілі, рука ГОСПАДА была ім на зло, як ГОСПАД казаў і як ГОСПАД прысягаў. І былі яны ў вялікім уціску.
16 І паставіў ім ГОСПАД судзьдзяў, каб яны ратавалі іх ад рукі крыўдзіцеляў іхніх.
17 Але яны і судзьдзяў сваіх ня слухалі, і паганіліся з багамі чужымі, і ім пакланяліся. Хутка збочвалі яны з дарогі, якою ішлі бацькі іхнія, якія слухалі прыказаньні ГОСПАДА. А яны рабілі насуперак.
18 Калі ГОСПАД даваў ім судзьдзяў, ГОСПАД быў з судзьдзёю і ратаваў іх ад рук ворагаў іхніх у-ва ўсе дні судзьдзі, бо ГОСПАД літаваўся над імі, калі яны стагналі ад тых, што іх уціскалі і перасьледавалі.
19 Калі ж паміраў судзьдзя, яны адварочваліся і дапускаліся горшых злачынстваў, чым бацькі іхнія, ідучы за багамі чужымі, служачы ім і пакланяючыся ім, не пакідалі яны ўчынкаў сваіх ліхіх і шляху свайго ліхога.
20 І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА на Ізраіля, і Ён сказаў: «За тое, што народ гэты парушыў запавет Мой, які Я заключыў з бацькамі іхнімі, і яны ня слухалі голас Мой,
21 Я ня выганю перад абліччам іхнім народы, якіх пакінуў Егошуа, калі памёр,
22 каб праз іх выспрабаваць Ізраіля, ці будуць яны захоўваць шлях ГОСПАДА і хадзіць па ім, як захоўвалі бацькі іхнія, ці не?»
23 І пакінуў ГОСПАД народы гэтыя, і ня выгнаў іх хутка, і не аддаў іх у рукі Егошуа.
Разьдзел 3
1 Гэта народы, якія ГОСПАД пакінуў, каб праз іх выспрабаваць Ізраіля, усіх, якія ня ведалі ўсіх войнаў з Хананейцамі,
2 каб навучыліся наступныя пакаленьні сыноў Ізраіля змагацца з ворагамі, бо яны ня ведалі войнаў:
3 пяць валадароў Філістынскіх, і ўсе Хананейцы, Сідонцы і Хівеі, што жылі ў гарах Лібану, ад гары Баал-Гермон аж да ўваходу ў Хамат.
4 Засталіся яны, каб праз іх выспрабаваць Ізраіля, ці будзе ён слухацца прыказаньняў ГОСПАДА, якія загадаў Ён бацькам іхнім праз Майсея.
5 І сыны Ізраіля жылі паміж Хананейцаў, Хетаў, Амарэйцаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў.
6 І бралі яны за жонак дачок іхніх, і дочкі свае аддавалі сынам іхнім, і служылі багам іхнім.
7 І чынілі сыны Ізраіля ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і забыліся пра ГОСПАДА, Бога свайго, служачы Баалу і Астарце.
8 І разгневаўся ГОСПАД на Ізраіля, і аддаў іх у рукі Кушан-Рышатаіма, валадара Арам-Нагараіму, і служылі сыны Ізраіля яму восем гадоў.
9 І клікалі сыны Ізраіля ГОСПАДА, і ГОСПАД паставіў ім збаўцу з сыноў Ізраіля, і выратаваў іх Атніэль, сын Кеназа, малодшы брат Халева.
10 І быў на ім Дух ГОСПАДА, і судзіў ён Ізраіля. І ваяваў ён, і аддаў ГОСПАД у рукі ягоныя Кушан-Рышатаіма, валадара Арам-Нагараіму, і перамагла рука ягоная Кушан-Рышатаіма.
11 І адпачывала зямля сорак гадоў. І памёр Атніэль, сын Кеназа.
12 І сыны Ізраіля ізноў пачалі чыніць ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і Ён умацаваў супраць іх Эглона, валадара Мааву, за ліхоту, якой дапускаліся яны ў вачах ГОСПАДА.
13 І далучыў Эглон да сябе сыноў Амона і сыноў Амалека, і пайшоў, і захапіў Ізраіль, і заняў горад Пальмаў.
14 І сыны Ізраіля служылі Эглону, валадару Мааву, васемнаццаць гадоў.
15 І клікалі сыны Ізраіля ГОСПАДА, і Ён даў ім збаўцу Эгуда, сына Гера, сына Бэн’яміна, які замест правай [карыстаўся левай] рукой. І сыны Ізраіля паслалі праз яго дары Эглону, валадару Мааву.
16 Эгуд зрабіў сабе меч двусечны, даўжынёю ў локаць, і схаваў яго пад адзеньнем сваім на правым баку.
17 І склаў ён падарункі Эглону, валадару Мааву. Эглон жа быў вельмі тоўсты.
18 Калі [Эгуд] даў яму дары, адпусьціў людзей, якія іх прынесьлі,
19 і, вярнуўшыся з Гільгалу, дзе былі ідалы, сказаў [валадару]: «Валадару, маю для цябе таемнае слова». Той загадаў маўчаць, і выйшлі ўсе, якія пры ім былі.
20 Эгуд падыйшоў да яго; а той сядзеў у летнім пакоі, які займаў сам. Эгуд сказаў: «Слова ад Бога маю сказаць табе». Той падняўся з пасаду.
21 Тады Эгуд выцягнуў левую руку, і схапіў меч на правым баку сваім, і пырнуў ім у жывот ягоны,
22 і чарано ўвайшло ў нутро і засела ў тлушчы; і [Эгуд] ня выцягнуў меч з жывата ягонага, і пакінуў яго.
23 І выйшаў Эгуд праз ганак, і замкнуў за сабою дзьверы пакоя на рыгель.
24 І ён выйшаў, і прыйшлі слугі [валадара], і калі ўбачылі замкнутыя дзьверы пакоя, сказалі: «Напэўна, накрыў ногі свае ў летнім пакоі».
25 І чакалі доўга, аж стрывожыліся, і ніхто не адчыняў дзьверы летняга пакою, і ўзялі ключы, і адчынілі, і вось, гаспадар іхні, які ляжаў на зямлі мёртвы.
26 Пакуль яны чакалі, Эгуд уцёк, і прайшоўшы каля ідалаў, прыйшоў у Цэйрату.
27 І прыйшоў, і затрубіў у рог на гары Эфраіма. І сыны Ізраіля зыйшлі з ім з гары, і ён ішоў на чале іх.
28 І сказаў ён ім: «Хадземце за мною, бо ГОСПАД выдаў ворагаў вашых, Мааўлянаў, у рукі вашыя». Яны пайшлі за ім, і занялі броды на Ярдане, якімі пераходзяць у Мааў, і не дазволілі нікому перайсьці.
29 І ў гэты час выбілі яны каля дзесяці тысячаў Мааўлянаў, а былі яны ўсе дужыя і моцныя. І ніводзін з іх ня ўцёк.
30 І ўпакораныя былі ў той дзень Мааўляне рукою Ізраіля, і восемдзясят гадоў зямля жыла спакойна.
31 Пасьля яго быў Шамгар, сын Аната. Ён пабіў Філістынцаў шэсьцьсот чалавек кіем для быдла. Ён таксама збавіў Ізраіля.
Разьдзел 4
1 Пасьля сьмерці Эгуда сыны Ізраіля зноў пачалі рабіць ліхое ў вачах ГОСПАДА.
2 І аддаў іх ГОСПАД у рукі Явіна, валадара Ханаану, які валадарыў у Хацоры. Начальнікам войска ягонага быў Сісэра, які жыў у Харашэт-Гагаіме.
3 І клікалі сыны Ізраіля да ГОСПАДА, бо Явін меў дзевяцьсот калясьніцаў жалезных і дваццаць гадоў бязьлітасна ўціскаў сыноў Ізраіля.
4 У гэты час судзіла Ізраіль Дэбора прарочыца, жонка Ляпідота.
5 Яна сядзела пад пальмаю Дэборы паміж Рамаю і Бэтэлем на гары Эфраіма. І прыходзілі да яе сыны Ізраіля на суд.
6 Яна паслала і паклікала Барака, сына Абінаама, з Кадэш-Нэфталі, і сказала яму: «Гэта загадаў ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Ідзі і вядзі войска на гару Табор, і вазьмі з сабою дзесяць тысячаў ваяроў з сыноў Нэфталі і з сыноў Завулёна.
7 А Я прывяду да цябе да ручая Кішон Сісэру, начальніка войска Явіна, і калясьніцы ягоныя, і ўсё мноства ягонае, і аддам яго ў рукі твае”».
8 І сказаў ёй Барак: «Калі ты пойдзеш са мною, і я пайду, а калі ня пойдзеш са мной, я не пайду».
9 Яна сказала: «Я пайду з табою, але ў гэтай выправе ты не здабудзеш славы, бо ў рукі жынчыны аддасьць ГОСПАД Сісэру». І ўстала Дэбора, і пайшла з Баракам у Кадэш.
10 А Барак сабраў сыноў Завулёна і Нэфталі ў Кадэшы, і вырушыў з дзесяцьцю тысячамі ваяроў, і пайшла з імі Дэбора.
11 А Хэвэр Кенэянін аддзяліўся ад іншых сыноў Кенэя, братоў сваіх, сыноў Хавава, цесьця Майсея, і разлажыўся табарам каля дуба ў Цаананіме каля Кадэшу.
12 І даведаўся Сісэра, што Барак, сын Абінаама, вырушыў на гару Табор.
13 І сабраў Сісэра ўсе калясьніцы свае, дзевяцьсот калясьніцаў жалезных, і ўсе дружыны свае, якія меў, і загадаў ім прыйсьці з Харашэт-Гагаіму да ручая Кішон.
14 І сказала Дэбора Бараку: «Устань, бо ў гэты дзень аддасьць ГОСПАД у рукі твае Сісэру. Сам ГОСПАД пойдзе перад табою». І зыйшоў Барак з гары Табор, і разам з ім дзесяць тысячаў ваяроў.
15 Тады ГОСПАД навёў жах на Сісэру і на ўсе калясьніцы ягоныя, і на ўсё мноства войска ягонага перад вострывам мяча Барака. І сам Сісэра выскачыў з калясьніцы, і ўцякаў пешшу.
16 А Барак гнаў калясьніцы і войска аж да Харашэт-Гагаіму. І ўсё войска Сісэры загінула ад вострыва мяча, і ніводзін не ацалеў.
17 А Сісэра ўцякаў пешшу і прыбег да намёту Яэлі, жонкі Хэвэра Кенэяніна. Бо быў мір між Явінам, валадаром Хацору, і домам Хэвэра Кенэяніна.
18 І Яэль выйшла з намёту на спатканьне Сісэры, і сказала яму: «Увайдзі да мяне, пане мой, увайдзі, ня бойся». Ён увайшоў у намёт яе, і яна накрыла яго кілімам.
19 Ён сказаў ёй: «Дай мне, калі ласка, крыху вады, бо я вельмі засьмягшы». Яна адкрыла буклак з малаком і дала яму напіцца, а потым зноў накрыла яго.
20 [Сісэра] сказаў ёй: «Пастой каля ўваходу ў намёт, і калі хто прыйдзе і будзе пытацца ў цябе: “Ці ёсьць тут хто?”, ты адкажы: “Нікога няма”».
21 Тады Яэль, жонка Хэвэра, узяла калок ад намёту і молат, і ўвайшла ціха да яго, і прабіла яго скроні калком, і [Сісэра] ўткнуўся ў зямлю, а ён спаў ад зьнямогі, і памёр.
22 І вось Барак, гонячыся за Сісэрам, надыйшоў. Яэль выйшла да яго і сказала: «Хадзем, я пакажу табе чалавека, якога ты шукаеш». Ён, калі ўвайшоў да яе, убачыў Сісэру, што ляжаў мёртвы, з калком у скронях.
23 У той дзень прынізіў Бог Явіна, валадара Ханаану, перад абліччам сыноў Ізраіля.
24 І мацнела рука сыноў Ізраіля, і цяжэла рука іхняя над Явінам, валадаром Ханаану, пакуль яны ня зьнішчылі Явіна, валадара Ханаану.
Разьдзел 5
1 У той дзень засьпявалі Дэбора і Барак, сын Абінаама, кажучы:
2 «Адпомшчаны Ізраіль, бо народ выступіў дабраахвотна! Дабраславіце ГОСПАДА!
3 Слухайце, валадары, прыхіліце вушы, начальнікі. Я ГОСПАДУ буду сьпяваць, буду граць хвалу ГОСПАДУ, Богу Ізраіля!
4 ГОСПАДЗЕ, калі Ты выходзіў з Сэіру, калі Ты выходзіў з ваколіцаў Эдому, тады трэслася зямля, і неба плакала, і хмары лілі [кроплі] вады.
5 Горы таялі перад абліччам ГОСПАДА з Сынаю, перад абліччам ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
6 У дні Шамгара, сына Аната, у дні Яэлі апусьцелі дарогі; а тыя, што хадзілі па іх, абыходзілі іх сьцежкамі бочнымі.
7 Зьніклі мужныя ў Ізраілі, іх ня стала, пакуль не паўстала я, Дэбора, і паднялася як маці ў Ізраілі.
8 Выбралі яны сабе багоў новых, і тады [прыйшла] вайна ў брамы, але не відаць ані шчыта, ані дзіды ў сарака тысячаў Ізраіля.
9 Сэрца маё [зьвяртаецца] да князёў Ізраіля, якія дабраахвотна ахвяраваліся за народ, дабраславіце ГОСПАДА!
10 Вы, што едзеце на асьліцах белых, і вы, што сядзіце на кілімах і вы, што ідзіцё дарогамі, сьпявайце!
11 Галасы тых, якія дзеляць [здабычу] пры вадапоях, няхай расказваюць пра праведнасьць ГОСПАДА, пра праведнасьць магуцьця Яго ў Ізраілі; тады зьбярэцца народ ГОСПАДА каля брамаў.
12 Устань, устань, Дэбора! Устань, устань і засьпявай сьпеў! Устань, Барак, вазьмі палонных тваіх, сын Абінаама!
13 Тады запануе рэшта правадыроў народу; ГОСПАД зыйдзе сярод волатаў.
14 Ад Эфраіма прыйшлі князі ў даліну, за ім Бэн’ямін з народам сваім. Ад Махіра князі прыйшлі, і ад Завулёна [прыйшлі] тыя, што трымаюць скіпетр.
15 Князі Ісахара былі з Дэбораю; і Ісахар разам з Баракам пасланы быў у даліну. А ў ваколіцах Рубэна вялікая нарада.
16 Чаму ты сядзіш паміж аборамі, каб слухаць мэканьне статку? У ваколіцах Рубэна вялікая нарада.
17 Гілеад адпачывае за Ярданам, а Дан як вандроўнік узыйшоў на караблі. Асэр жыве на беразе мора і пры затоках сваіх застаўся.
18 Завулён ахвяраваў душу сваю на сьмерць, а Нэфталі — у гарыстых мясцовасьцях.
19 Прыйшлі валадары і ваявалі, ваявалі валадары Ханаану ў Таанаху каля водаў Мэгіддо, але здабычы срэбра не атрымалі!
20 З неба змагаліся зоркі, з шляхоў сваіх супраць Сісэры ваявалі.
21 Ручай Кішон панёс іх, ручай старадаўні, ручай Кішон; трымайся моцна, душа мая.
22 Тады гучаў тупат капытоў коней, калі імчалі дужыя іхнія.
23 “Праклінайце Мэроз, — сказаў анёл ГОСПАДА, — праклінайце праклёнам жыхароў ягоных, бо не прыйшлі яны на дапамогу ГОСПАДУ, на дапамогу ГОСПАДУ з волатамі [сваімі]”.
24 Няхай будзе дабраслаўлёная між жанчынамі Яэль, жонка Хэвэра Кенэяніна, няхай будзе яна дабраслаўлёная між жанчынамі ў намётах!
25 Таму, хто прасіў вады, яна дала малака, і ў куфлі князёў прынесла яму малако.
26 Левай рукой узяла калок, а правай — кавальскі молат. І ўдарыла Сісэру, і прабіла галаву яму, скроні яго разьбіла.
27 Каля ног яе ён зваліўся, упаў і ляжаў, каля ног яе ўпаў, паваліўся. Дзе ўпаў, там і ляжаў забіты.
28 Праз акно глядзіць маці Сісэры і галосіць праз ваконныя краты: “Чаму марудзіць калясьніца ягоная вярнуцца? Чаму не сьпяшаецца грукат калясьніцаў ягоных?”
29 Разумнейшыя з жанчынаў ейных адказваюць ёй, і сама сабе паўтарае яна словы іхнія:
30 “Дык жа зьбіраюць здабычу і разьдзяляюць па паланянцы ці па дзьве кожнаму ваяру, а шаты каляровыя — для Сісэры, шаты каляровыя, гафтаваныя, а на шыю той, [якая дзеліць] здабычу — каляровыя хусткі”.
31 Няхай гэтак, ГОСПАДЗЕ, зьнікнуць усе ворагі Твае! А тыя, што любяць Цябе, няхай ясьнеюць як сонца, якое ўзыходзіць!» І зямля жыла ў супакоі сорак гадоў.
Разьдзел 6
1 І сыны Ізраіля чынілі зло ў вачах ГОСПАДА, і ГОСПАД аддаў іх на сем гадоў у рукі Мадыянцаў.
2 І рука Мадыянцаў цяжэла над Ізраілем. І сыны Ізраіля [ад страху] перад Мадыянцамі парабілі сабе сховішчы і пячоры ў гарах і ўмацаваныя месцы.
3 Калі Ізраільцяне сеялі, прыходзілі Мадыянцы, і Амалек, і сыны Усходу, і хадзілі сярод іх,
4 і раскладаліся ў іх табарам, і нішчылі плады зямлі аж да Газы, не пакідаючы для Ізраіля ніякіх сродкаў для жыцьця: ані авечак, ані валоў, ані аслоў.
5 Яны прыходзілі разам са статкамі сваімі і намётамі сваімі, і прыходзілі як мноства саранчы. І іх, і вярблюдаў іхніх нельга было палічыць. І хадзілі яны па зямлі Ізраіля, каб пустошыць яе.
6 Вельмі зьбяднеў Ізраіль ад Мадыянцаў. І клікалі сыны Ізраіля да ГОСПАДА.
7 І клікалі сыны Ізраіля да ГОСПАДА з прычыны Мадыянцаў,
8 і ГОСПАД паслаў да сыноў Ізраіля прарока, і ён сказаў ім: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я вывеў вас з Эгіпту, вывеў вас з дому няволі,
9 і вызваліў вас з рук Эгіпцянаў і з рук усіх прыгнятальнікаў вашых, і выгнаў іх перад абліччам вашым, і аддаў вам зямлю іхнюю.
10 І Я вам сказаў: «Я — ГОСПАД, Бог ваш, ня бойцеся багоў Амарэйцаў, на зямлі якіх вы жывеце». Але вы ня слухалі голас Мой”»
11 І прыйшоў анёл ГОСПАДА, і сеў пад дубам у Офры, якая [належала] Ёашу з [роду] Абіезэра. Гідэон, сын ягоны, малаціў у тоўчні збожжа, каб схаваць [яго] ад Мадыянцаў.
12 І зьявіўся яму анёл ГОСПАДА, і сказаў яму: «ГОСПАД з табою, ваяр мужны!»
13 Гідэон сказаў яму: «Прабач, гаспадару мой, калі ГОСПАД з намі, адкуль прыйшло ўсё гэта? Дзе ўсе цуды Ягоныя, пра якія расказвалі нам бацькі нашыя, кажучы: “З Эгіпту вывеў нас ГОСПАД”. А цяпер пакінуў нас ГОСПАД і аддаў нас у рукі Мадыянцаў».
14 І зьвярнуўся да яго ГОСПАД, і сказаў: «Ідзі з гэтай сілаю тваёй і збаў Ізраіля з рукі Мадыянцаў. Я пасылаю цябе».
15 І адказаў [Гідэон]: «Госпадзе! Якім чынам я вызвалю Ізраіля? Род мой найбяднейшы ў [калене] Манасы, а я — апошні ў доме бацькі майго».
16 І ГОСПАД сказаў яму: «Я буду з табою, і ты паб’еш Мадыянцаў як аднаго чалавека».
17 І адказаў ён Яму: «Калі я знайшоў ласку ў вачах Тваіх, дай мне нейкі знак, што гэта Ты гаворыш са мною.
18 Не адыходзься адгэтуль, пакуль я прыйду да Цябе і прынясу ахвяру маю, і складу яе Табе». І [Госпад] сказаў: «Пачакаю, пакуль вернешся».
19 І Гідэон пайшоў, і падрыхтаваў казьляня і праснакоў з эфы мукі, і мяса палажыў у кош, а страву — у гаршчок, і прынёс гэта ўсё пад дуб, і ахвяраваў Яму.
20 І сказаў яму анёл Божы: «Вазьмі мяса і праснакі, і палажы іх на скале гэтай, а страву вылі наверх». І ён зрабіў гэта.
21 І анёл ГОСПАДА працягнуў канец кія, які [трымаў] у руцэ Сваёй, і дакрануўся ім да мяса і праснакоў, і выйшаў агонь са скалы, і спаліў мяса і праснакі. І анёл ГОСПАДА зьнік з вачэй ягоных.
22 І ўбачыў Гідэон, што гэта быў анёл ГОСПАДА, і сказаў Гідэон: «Гора мне, Госпадзе, ГОСПАДЗЕ, бо я бачыў анёла ГОСПАДА тварам у твар!»
23 І сказаў яму ГОСПАД: «Супакой табе, ня бойся, не памрэш!»
24 І пабудаваў там Гідэон ахвярнік ГОСПАДУ і назваў яго: “Ягвэ-Шалом”. Аж па сёньняшні дзень [ахвярнік] гэты ў Офры Абіезэравай.
25 У тую ноч сказаў ГОСПАД [Гідэону]: «Вазьмі бычка са [статку] бацькі твайго і другога бычка, сямігадовага, і развалі ахвярнік Баала, які ў бацькі твайго, і сьсячы сьвятое дрэва, якое каля [ахвярніка],
26 і пастаў ахвярнік ГОСПАДУ, Богу твайму, на версе гэтай скалы ў адпаведны спосаб. І вазьмі другога бычка, і складзі цэласпаленьне на дровах са сьвятога дрэва, якое сьсячэш».
27 І ўзяў Гідэон дзесяць чалавек слугаў сваіх, і зрабіў, як прамовіў яму ГОСПАД. Але баяўся ён дому бацькі свайго і жыхароў таго гораду, і не зрабіў гэтага ўдзень, але зрабіў уначы.
28 І раніцаю ўсталі людзі таго гораду, і вось, развалены ахвярнік Баала і сьсечанае сьвятое дрэва, якое пры ім, і другі бычок складзены ў ахвяру цэласпаленьня на пабудаваным ахвярніку.
29 І казалі яны адзін аднаму: «Хто гэта зрабіў?» І шукалі, і даведваліся, і сказалі: «Гідэон, сын Ёаша, зрабіў гэта».
30 І людзі гораду таго сказалі Ёашу: «Выведзі сына твайго, і няхай ён памрэ, бо ён разваліў ахвярнік Баала і сьсек сьвятое дрэва, якое пры ім».
31 А Ёаш сказаў усім, што стаялі каля яго: «Ці ж вы хочаце бараніць Баала і дапамагаць яму? Хто будзе заступацца за Баала, будзе забіты да раніцы. Калі ён — бог, няхай сам заступаецца за сябе супраць таго, хто разваліў ахвярнік ягоны».
32 З таго дня Гідэона назвалі Еруббаал, кажучы: «Няхай Баал змагаецца з ім, бо ён разваліў ахвярнік ягоны».
33 А ўсе Мадыянцы, Амалек і сыны Усходу сабраліся разам і пераправіліся [праз Ярдан], і разлажыліся табарам у лагчыне Езрээль.
34 І Дух ГОСПАДА ахапіў Гідэона, і ён затрубіў у рог, і сабраў пры сабе [дом] Абіезэра.
35 І паслаў ён пасланцоў да ўсяго Манасы, і яны сабралася пры ім, і паслаў пасланцоў да Асэра, Завулёна і Нэфталі, і яны пайшлі, каб з ім злучыцца.
36 І сказаў Гідэон Богу: «Калі сапраўды хочаш выратаваць Ізраіля рукою маёй, як Ты прамовіў,
37 вось, я расьцялю на таку стрыжаную воўну. Калі раса будзе толькі на воўне, а на ўсёй зямлі будзе суха, я буду ведаць, што рукою маёй Ты вызваліш Ізраіль, як Ты прамовіў».
38 І так сталася. І ён устаў раніцаю, і сьціснуў воўну, і выціснуў поўны куфаль вады.
39 І сказаў Гідэон Богу: «Ня гневайся на мяне, калі яшчэ раз прамоўлю да Цябе. Дазволь яшчэ раз выпрабаваць праз воўну. Няхай [раніцаю] будзе сухой толькі воўна, а кругом на зямлі будзе росна».
40 І зрабіў гэта Бог уначы, і толькі воўна засталася сухой, а ўся зямля была роснай.
Разьдзел 7
1 І ўстаў раніцаю Еруббаал або Гідэон, і ўвесь народ, які з ім, і разлажыліся табарам каля крыніцы Харод. А табар Мадыянцаў быў на поўнач ад яго, каля ўзгорка Морэ, у лагчыне.
2 І сказаў ГОСПАД Гідэону: «Залішне народу пры табе, каб у рукі ягоныя Я выдаў Мадыянцаў, бо Ізраіль можа ўзьвялічваць сябе, кажучы: “Рука мая вызваліла мяне”.
3 І цяпер скажы ў вушы народу, кажучы: “Хто баіцца і палахлівы, той няхай вернецца і зыйдзе з гары Гілеад”». І вярнулася з народу дваццаць дзьве тысячы, а засталося дзесяць тысячаў.
4 І сказаў ГОСПАД да Гідэона: «Яшчэ зашмат народу. Завядзі яго да вады, і Я выспрабую яго. Пра каго табе скажу, каб ішоў з табою, той няхай пойдзе, а каму ісьці забараню, той няхай ня пойдзе».
5 І зыйшоў народ да вады, і сказаў ГОСПАД Гідэону: «Хто языком сваім будзе хлёбаць ваду, як сабакі хлёбаюць, тых пастаў асобна, а тых, якія ўкленчыўшы на калені свае будуць піць ваду, [асобна]».
6 І тых, якія хлёбалі ваду рукой, [падносячы] да вуснаў, было трыста чалавек. А ўсе астатнія пілі ўкленчыўшы.
7 І сказаў ГОСПАД Гідэону: «Трыма сотнямі людзей, якія хлёбалі ваду, Я збаўлю вас, і аддам Мадыянцаў у руку тваю, а ўвесь народ няхай ідзе, кожны на месца сваё».
8 І ўзяў народ ежу ў руку сваю і трубы. І ўсім іншым загадаў [Гідэон] вярнуцца ў намёты свае, а тых трыста чалавек затрымаў пры сабе. Табар жа Мадыянцаў быў пад ім у лагчыне.
9 У тую ноч ГОСПАД сказаў яму: «Устань і ідзі ў табар, бо Я аддаю яго ў рукі твае.
10 Калі баішся ісьці адзін, няхай ідзе з табою ў табар Пура, слуга твой.
11 Калі ты пачуеш, што яны гавораць, тады ўмацуюцца рукі твае, і ты пойдзеш на табар [ворагаў]». І зыйшоў ён і слуга ягоны Пура да самых вартаўнікоў табару.
12 А Мадыянцы, Амалек і ўсе сыны Усходу разьмясьціліся ў лагчыне, шматлікія, як саранча. І вярблюдаў іхніх было бяз ліку, як пяску, які на беразе мора.
13 І прыйшоў [туды] Гідэон, і вось, чалавек расказваў сон бліжняму свайму і казаў: «Я меў сон. І вось, бохан хлеба ячменнага прыкаціўся да табару Мадыянцаў, і калі дакаціўся да намёту, ударыў у яго і перавярнуў яго, і намёт разваліўся».
14 І адказаў бліжні ягоны, кажучы: «Гэта нішто іншае, як меч Гідэона, сына Ёаша, Ізраільцяніна. Аддаў Бог у рукі ягоныя Мадыянцаў і ўвесь табар іхні».
15 Калі Гідэон пачуў аповед пра сон і тлумачэньне ягонае, пакланіўся [Богу] і вярнуўся ў табар Ізраіля, і сказаў: «Устаньце! Бо ГОСПАД аддаў у рукі вашыя табар Мадыянцаў».
16 І падзяліў ён трыста чалавек на тры аддзелы, і даў кожнаму з іх трубы і пустыя збаны, і паходні ўнутры збаноў.
17 І сказаў ім: «Глядзіце на мяне, і рабіце тое самае, што я. Калі я дайду да табару, што я буду рабіць, тое і вы рабіце.
18 Калі я затрублю ў рог, і вы трубіце ў рогі кругом табару і крычыце: “[Меч] ГОСПАДА і Гідэона!”»
19 І дайшоў Гідэон і сто мужчынаў, якія былі з ім, да самага табару на пачатку сярэдняй начной варты, калі толькі паставілі вартаўнікоў. І затрубілі яны ў рогі, і пабілі збаны, якія [былі] ў руках іхніх.
20 І затрубілі ў рогі тры аддзелы, і пабілі збаны, і ўзялі ў левую руку паходні, а ў правую — рогі, каб імі трубіць, і крычалі: «Меч ГОСПАДА і Гідэона!»
21 І стаяў кожны на месцы сваім вакол табару, а ў-ва ўсім табары пачалі бегаць і крычаць, і кінуліся ўцякаць.
22 І калі тыя трыста чалавек трубілі ў рогі, скіраваў ГОСПАД меч аднаго на другога ў-ва ўсім табары. І табар уцёк аж да Бэт-Гашыты ў кірунку Царэтану і Абэль-Мэхолы каля Табаты.
23 І сабраліся Ізраільцяне з [каленаў] Нэфталі і Асэра і з усяго [калена] Манасы, і гналіся за Мадыянцамі.
24 І Гідэон паслаў пасланцоў на ўсе горы Эфраіма, кажучы: «Выходзьце супраць Мадыянцаў і перахапіце ў іх [броды] праз воды Ярдану аж да Бэт-Бары». І сабраліся ўсе сыны Эфраіма, і заступілі броды на Ярдане аж да Бэт-Бары.
25 І захапілі яны двух князёў Мадыянскіх, Арэба і Зээба, і забілі Арэба ў Цур-Арэбе, а Зээба забілі ў Экэб-Зээбе. І гналіся за Мадыянцамі, а галовы Арэба і Зээба прынесьлі Гідэону за Ярдан.
Разьдзел 8
1 І сказалі Гідэону сыны Эфраіма: «Што гэта такое, што не захацеў ты браць нас ваяваць супраць Мадыянцаў?» І моцна з ім спрачаліся.
2 А ён ім сказаў: «Ці зрабіў я што такое, што вы зрабілі? Ці ня лепшы апошні збор вінаграду ў Эфраіма, чым першы ў Абіезэра?
3 У рукі вашыя аддаў Бог князёў Мадыянскіх Арэба і Зээба. Што болей мог я зрабіць у параўнаньні з вамі?» Калі ён сказаў словы гэтыя, супакоілася ў іх абурэньне супраць яго.
4 І прыйшоў Гідэон да Ярдану, і перайшоў яго з трымастамі ваярамі, якія з ім былі. А былі яны змучаныя, перасьледуючы ворагаў.
5 І сказаў Гідэон жыхарам Сукоту: «Дайце, калі ласка, людзям маім хлеба, бо яны вельмі стаміліся, а я перасьледую Зэбаха і Цальмуну, валадароў Мадыянскіх».
6 А князі Сукоту адказалі: «Ці ўжо рукі Зэбаха і Цальмуны ў руках тваіх, каб мелі мы даваць хлеб войску твайму?»
7 І сказаў Гідэон: «Калі выдасьць ГОСПАД Зэбаха і Цальмуну ў рукі мае, я буду малаціць целы вашыя цернем пустынным і асотам».
8 І пайшоў адтуль у Пэнуэль, і падобна прасіў жыхароў той мясцовасьці. І тыя яму адказалі, як жыхары Сукоту.
9 І таксама ім ён сказаў: «Калі вярнуся ў супакоі, развалю вежу вашую».
10 А Зэбах і Цальмуна адпачывалі ў Каркоры з усім войскам сваім, каля пятнаццаці тысячаў ваяроў, якія засталіся з усіх дружынаў сыноў Усходу. А тых, што згінулі, было сто дваццаць тысячаў чалавек, якія валодалі мячом.
11 І Гідэон пайшоў шляхам жыхароў намётаў на ўсход ад Набаху і Ёгбэгі, і напаў на табар ворагаў, якія пачуваліся ў бясьпецы.
12 Зэбах і Цальмуна ўцяклі, але Гідэон дагнаў іх і схапіў абодвух валадароў Мадыяну, Зэбаха і Цальмуну, а ўсё войска іхняе разьбіў.
13 І варочаўся Гідэон, сын Ёаша, з вайны праз Маале-Га-Хэрэс.
14 І схапіў ён юнака з жыхароў Сукоту, і спытаў у яго пра князёў і старшыняў Сукоту. І той напісаў яму [імёны] сямідзесяці сямі чалавек.
15 І прыйшоў ён да жыхароў Сукоту, і сказаў ім: «Вось Зэбах і Цальмуна, дзеля якіх вы абражалі мяне, кажучы: “Ці ж рука Зэбаха і Цальмуна ўжо ў руках тваіх, каб даваць хлеб ваярам тваім, што зьняможаны?”»
16 І схапіў ён старшыняў гораду, і, узяўшы церні пустынныя і асот, пакараў імі жыхароў Сукоту.
17 Таксама вежу Пэнуэля разваліў і выбіў жыхароў гораду таго.
18 І сказаў Зэбаху і Цальмуне: «Што гэта за людзі былі, якіх вы забілі каля Табору?» Яны адказалі: «Яны былі падобныя да цябе, і кожны з іх меў выгляд сыноў валадара».
19 Ён ім сказаў: «Гэта былі браты мае, сыны маці маёй. Як жывы ГОСПАД! Калі б вы іх захавалі, я вас не забіў бы!»
20 І даў ён загад Етэру, першароднаму свайму: «Устань і забі іх!» Але ён ня выцягнуў мяча, бо баяўся, бо быў яшчэ малы.
21 І сказалі Зэбах і Цальмуна: «Ты сам устань і забі нас, бо які чалавек, такая і сіла ягоная». І ўстаў Гідэон, і забіў Зэбаха і Цальмуна, і забраў паўмесяцы, што віселі на шыях вярблюдаў іхніх.
22 І сказалі Ізраільцяне Гідэону: «Валадар над намі ты, і сын твой, і ўнук твой, бо ты вызваліў нас з рук Мадыянцаў».
23 І сказаў ён ім: «Ня буду я валадарыць над вамі, і ня будзе валадарыць над вамі сын мой, але будзе валадарыць над вамі ГОСПАД».
24 І гаварыў ім: «Адну толькі маю просьбу да вас: дайце мне кожны па колцу са здабычы вашай». Бо звычайна залатыя колцы насілі [забітыя], бо былі Ізмаэльцы.
25 Яны адказалі: «Вельмі ахвотна дамо». І расклалі плашч на зямлі, і кожны са здабычы сваёй палажыў залатое колца.
26 І вага прынесеных залатых колцаў была тысяча семсот сыкляў золата, ня лічачы паўмесяцаў, колцаў і пурпуровых шатаў, якія насілі валадары Мадыянскія, таксама ня лічачы ланцужкоў, што віселі на шыях вярблюдаў іхніх.
27 З іх зрабіў Гідэон эфод і паставіў яго на радзіме сваёй, у Офры. І ўвесь Ізраіль чужаложыў там з ім, і сталася гэта для Гідэона і сям’і ягонай загубай.
28 І ўпакорыліся Мадыянцы перад сынамі Ізраіля, і не паднялі яны болей галавы, і зямля сорак гадоў адпачывала, калі жыў Гідэон.
29 І Еруббаал, сын Ёаша, пайшоў, і жыў у доме сваім.
30 Гідэон меў семдзясят сыноў, што выйшлі з паясьніцы ягонай, бо меў шмат жонак.
31 Адна з наложніцаў ягоных, што жыла ў Сыхеме, нарадзіла яму сына, якому дадзена імя Абімэлех.
32 Праз нейкі час Гідэон, сын Ёаша, памёр у добрай старасьці, і быў пахаваны ў магіле Ёаша, бацькі свайго, у Офры Абіезэравай.
33 Пасьля сьмерці Гідэона зноў сыны Ізраіля адвярнуліся ад ГОСПАДА і паганіліся з Баалам, і паставілі Баал-Бэрыта за бога сабе.
34 І забыліся сыны Ізраіля пра ГОСПАДА, Бога свайго, Які вызваліў іх з рукі ўсіх ворагаў іхніх навакол.
35 І не зьявілі яны спагаднасьці для сям’і Еруббала, ці Гідэона, нягледзячы на тое, што столькі дабра зрабіў ён для Ізраіля.
Разьдзел 9
1 Абімэлех, сын Еруббаала, пайшоў у Сыхем да братоў маці сваёй і сказаў ім і ўсім сваякам з дому маці сваёй, кажучы:
2 «Скажыце ўсім людзям у Сыхеме: “Што вам лепш: каб панавалі над вамі ўсе семдзясят сыноў Еруббаала, ці каб панаваў над вамі адзін чалавек?” І майце на ўвазе, што я — костка з косткі вашай і цела з цела вашага».
3 І браты маці ягонай расказвалі пра яго ўсім людзям у Сыхеме ў такі спосаб, і сэрцы іхнія прыхіліліся да Абімэлеха, бо яны казалі: «Гэта брат наш!»
4 І далі яму семдзясят сыкляў срэбра з дому Баал-Бэрыта, і Абімэлех наняў за іх прайдзісьветаў і людзей бадзяжных, якія пайшлі за ім.
5 І вярнуўся ён у дом бацькі свайго ў Офры, і на адным камяні забіў братоў сваіх, сыноў Еруббаала, семдзясят чалавек. Пакінуў толькі Ётама, наймалодшага сына Еруббаала, бо ён быў схаваўшыся.
6 І сабраліся ўсе мужчыны з Сыхему і ўвесь Бэт-Міло, і пайшлі, і паставілі Абімэлеха валадаром каля дуба, які стаяў блізка Сыхему.
7 Калі паведамілі пра гэта Ётаму, ён пайшоў і стаў на вяршыні гары Гарызім, і ўзвысіў голас свой, і сказаў: «Слухайце мяне, людзі Сыхему, і няхай пачуе вас Бог.
8 Сабраліся дрэвы, каб выбраць сабе валадара, і сказалі яны аліўцы: “Валадар над намі”.
9 Яна адказала: “Ці ж магу я выракчыся алею свайго, якім ганарацца богі і людзі, каб пайсьці хістацца па-над дрэвамі?”
10 І сказалі дрэвы дрэву фігаваму: “Хадзі і будзь валадаром над намі”.
11 Адказала ім дрэва фігавае: “Ці ж маю я выракчыся салодкасьці сваёй і адборнага плоду свайго, каб пайсьці хістацца па-над дрэвамі?”
12 І сказалі дрэвы вінаграду: “Хадзі і будзь валадаром над намі”.
13 Вінаград ім адказаў: “Ці ж маю я выракчыся соку свайго, які весяліць багоў і людзей, каб пайсьці хістацца па-над дрэвамі?”
14 Тады сказалі ўсе дрэвы цярніне: “Хадзі і будзь валадаром над намі!”
15 Адказала цярніна дрэвам: “Калі сапраўды хочаце мяне памазаць на валадара, тады хадзіце і адпачніце ў ценю маім! А калі не, вось, агонь выйдзе з цярніны і спаліць кедры Лібанскія”.
16 І цяпер, калі справядліва і бяз грэху вы паставілі над сабой валадаром Абімэлеха, і калі добра абыйшліся з Еруббаалам і з домам ягоным, і аднагарадзіліся адпаведна дабрадзействамі таму,
17 які ваяваў за вас і жыцьцё сваё выстаўляў за вас на небясьпеку, каб выратаваць вас з рук Мадыянцаў,
18 а вы сёньня паўсталі супраць дому бацькі майго і забілі сыноў ягоных семдзясят чалавек на адным камяні, і выбралі сабе валадаром над жыхарамі Сыхему Абімэлеха, сына служкі ягонай, бо ён — брат ваш,
19 дык калі справядліва і без памылкі ўчынілі вы з Еруббаалам і домам ягоным сёньня, цешцеся з Абімэлеха, і няхай ён цешыцца з вас.
20 Калі ж крывадушна зрабілі, няхай агонь выйдзе з Абімэлеха і спаліць жыхароў Сыхему і Бэт-Міло, і няхай выйдзе агонь з жыхароў Сыхему і Бэт-Міло і спаліць Абімэлеха!»
21 Калі гэта Ётам сказаў, ён уцёк і адыйшоў у Бэра, і жыў там, баючыся брата свайго Абімэлеха.
22 І валадарыў над Ізраілем Абімэлех тры гады.
23 І спаслаў на Абімэлеха Бог духа ліхога між ім і жыхарамі Сыхему, якія збунтаваліся супраць яго,
24 каб такім чынам споўнілася помста за забойства сямідзесяці сыноў Еруббаала, і кроў іхняя павярнулася на Абімэлеха, брата іхняга, які забіў іх, і на жыхароў Сыхему, якія яму дапамагалі.
25 І вось, жыхары Сыхему зрабілі засаду на яго на вяршыні гары, і нападалі на кожнага, хто праходзіў тою дарогаю. І паведамлена было пра гэта Абімэлеху.
26 Тады Гаал, сын Эбэда, прыйшоў з братамі сваімі ў Сыхем, і жыхары Сыхему паверылі яму.
27 І выйшлі яны ў поле, і рвалі вінаград, і выціскалі яго, і сьвяткавалі. І ўвайшлі яны ў сьвятыню бога свайго, там елі, і пілі, і пракліналі Абімэлеха.
28 І казаў Гаал, сын Эбэда: «Хто такі Абімэлех, і хто такі Сыхем, каб мелі мы служыць яму? Ці ж ён не сын Еруббаала, а Зэбул — урадовец ягоны? Лепш служыце людзям Гамора, бацькі Сыхема. Навошта мы будзем служыць [Абімэлеху]?
29 Калі б хто аддаў гэты народ пад руку маю, я прагнаў бы Абімэлеха і сказаў бы яму: “Зьбяры войска сваё і ідзі адсюль!”»
30 І Зэбул, начальнік гораду, чуючы гаворку Гаала, сына Эбэда, вельмі раззлаваўся,
31 і паслаў таемна пасланцоў да Абімэлеха, кажучы: «Вось, Гаал, сын Эбэда, і браты ягоныя прыйшлі ў Сыхем і збунтавалі народ супраць цябе.
32 Дык устань уначы ты і народ твой, і зрабіце засаду ў полі.
33 А раніцаю, калі сонца ўзыйдзе, падрыхтуйся і нападзі на горад. І калі ён і народ, які з ім, выйдзе супраць цябе, зробіш з ім тое, што зможа рука твая».
34 І ўстаў Абімэлех і народ ягоны ўначы, і ў чатырох месцах зрабілі засаду супраць Сыхему.
35 Калі Гаал, сын Эбэда, выйшаў і стаў у браме гораду, выйшаў таксама і Абімэлех і ўсё войска з ім з засады.
36 Гаал убачыў войска і зьвярнуўся да Зэбула: «Вось, нейкія людзі зыходзяць з вяршыні гары». Адказаў яму Зэбул: «Гэта цень гары, а табе здаецца, што людзі».
37 Зноў Гаал сказаў: «Вось, нейкія людзі зыходзяць з вяршыні, а адзін аддзел ідзе дарогаю ад Элон-Мэанэніму».
38 І сказаў яму Зэбул: «Дзе ж цяпер вусны твае, якія казалі: “Хто такі Абімэлех, каб мелі мы яму служыць?” Ці ж гэта ня той народ, якім ты пагарджаеш? Ідзі і ваюй супраць яго».
39 І пайшоў Гаал на чале жыхароў Сыхему, і ваяваў супраць Абімэлеха.
40 І гнаў яго Абімэлех, і ён уцякаў, і загінула мноства з боку [Гаала] ў дарозе да брамы гораду.
41 І Абімэлех вярнуўся ў Аруму, а Гаала і братоў ягоных Зэбул выгнаў, і забараніў ім жыць у Сыхеме.
42 І назаўтра выйшаў народ у поле, і было пра гэта паведамлена Абімэлеху.
43 І ён сабраў войска сваё, падзяліў на тры дружыны, і зрабіў засаду ў полі, і, бачачы, што народ выходзіць з гораду, напаў і пабіў іх.
44 У час, калі Абімэлех і дружына ягоная напалі і сталі пад брамай гораду, дзьве другія дружыны напалі на ўсіх тых, якія былі ў полі, і пабілі іх.
45 І Абімэлех увесь той дзень аблягаў горад, і здабыў яго, і выбіў людзей ягоных, і пасьля зьнішчэньня яго пасыпаў яго сольлю.
46 Калі гэта пачулі тыя, што былі ў вежы Сыхемскай, зыйшлі ў сутарэньні дому Баал-Бэрыта.
47 Абімэлех, пачуўшы, што ўсе князі Сыхемскія схаваліся там,
48 з усім народам сваім падняўся на гару Цальмон, і ўзяў сякеру, і адсек сук ад дрэва, і ўзлажыў на плячо, і загадаў народу, які быў з ім: «Што я раблю, і вы рабіце».
49 І яны, хутка насекшы гальля з дрэваў, пайшлі за ім, і заклалі сутарэньні, а пасьля падпалілі. І ад агню і дыму ўсе людзі пагінулі, а было каля тысячы мужчынаў і жанчынаў, усе жыхары Сыхему.
50 Адтуль пайшоў Абімэлех на Тэбэц, і аблягаў Тэбэц, і здабыў яго.
51 А ў сярэдзіне гораду была моцная вежа, у якой схаваліся ўсе мужчыны і жанчыны, усе жыхары гораду, і, моцна замкнуўшы браму, узыйшлі на верх той вежы.
52 Абімэлех падыйшоў пад самую вежу і пачаў яе здабываць. І калі падыйшоў да брамы вежы, жадаючы падлажыць пад яе агонь,
53 нейкая жанчына кінула яму на галаву камень і разьбіла чэрап.
54 Тады ён паклікаў збраяносца свайго і сказаў яму: «Дастань меч твой і забі мяне, каб не казалі, што я забіты жанчынаю». І ўдарыў яго юнак мячом, і ён памёр.
55 Пасьля сьмерці ягонай усе мужчыны Ізраіля, бачачы гэта, вярнуліся ў пасяленьні свае.
56 Так Бог вярнуў Абімэлеху за зло, якое ён зрабіў бацьку свайму, забіваючы семдзясят братоў сваіх.
57 Таксама жыхарам Сыхему было вернута за ўсё, што яны зрабілі, і на іх прыйшоў праклён Ётама, сына Еруббаала.
Разьдзел 10
1 Пасьля Абімэлеха на вызваленьне Ізраіля паўстаў Тола, сын Пуа, сына Додо, чалавек з калена Ісахара. Жыў ён у Шаміры на гары Эфраіма.
2 Ён судзіў Ізраіля дваццаць тры гады, і памёр, і пахаваны быў у Шаміры.
3 Пасьля яго быў Яір з Гілеаду, які судзіў Ізраіля дваццаць два гады.
4 Меў ён трыццаць сыноў, якія езьдзілі на трыццаці аслах і мелі трыццаць гарадоў, якія па сёньняшні дзень называюцца Хавот-Яір; яны ў зямлі Гілеад.
5 І памёр Яір, і пахавалі яго ў Камоне.
6 А сыны Ізраіля чынілі ліхоту ў вачах ГОСПАДА. І служылі яны Баалам і Астартам, багам Араму, Сідону і Мааву, і багам сыноў Амона, і багам Філістынцаў, і пакінулі яны ГОСПАДА, і не пакланяліся Яму.
7 І разгневаўся на іх ГОСПАД, і аддаў іх у рукі Філістынцаў і ў рукі сыноў Амона.
8 І яны васямнаццаць гадоў перасьледавалі і ўціскалі сыноў Ізраіля, якія жылі за Ярданам у зямлі Амарэйцаў у Гілеадзе.
9 Сыны Амона пераходзілі таксама Ярдан ваяваць супраць Юды і Бэн’яміна, і ўсяго дому Эфраіма. І быў Ізраіль у вялікім уціску.
10 І клікалі сыны Ізраіля ГОСПАДА, і казалі: «Саграшылі мы перад Табою, бо пакінулі Бога нашага, і служылі Баалу».
11 І сказаў ім ГОСПАД: «Калі Эгіпцяне, Амарэйцы, сыны Амона і Філістынцы,
12 Сідонцы, Амалек і Мадыян уціскалі вас, а вы клікалі Мяне, ці ж Я не ратаваў вас з рук іхніх?
13 А вы ўсё роўна пакідалі Мяне і пакланяліся багам чужым. Таму ня буду ратаваць вас болей.
14 Ідзіце і клічце багоў, якіх вы выбралі, няхай яны вас ратуюць у час гора!»
15 І казалі сыны Ізраіля ГОСПАДУ: «Саграшылі мы. Зрабі з намі, што добра ў вачах Тваіх, толькі цяпер выратуй нас!»
16 І выкінулі яны спаміж сябе багоў чужых, якіх мелі, і служылі ГОСПАДУ, і Ён пашкадаваў Ізраіля ў горы ягоным.
17 У той час сыны Амона сабраліся і разлажыліся табарам у Гілеадзе. А насупраць у Міцпе сабраліся сыны Ізраіля, і там разлажыліся табарам.
18 І гаварылі народ і князі Гілеадзкія адзін аднаму: «Хто першы пачне ваяваць супраць сыноў Амона, той будзе правадыром для ўсіх жыхароў Гілеаду».
Разьдзел 11
1 А Ефтах Гілеадзец быў мужным ваяром. Быў ён сын распусьніцы, а бацькам ягоным быў Гілеад.
2 Гілеад меў жонку, ад якой меў сыноў, якія, калі вырасьлі, выгналі Ефтаха, кажучы: «Ня можаш быць спадкаемцам у доме бацькі нашага, бо ты нарадзіўся з другой жанчыны».
3 І ён уцёк ад іх, і жыў у зямлі Тоб, і сабраліся пры ім людзі бадзяжныя, і выходзілі з ім.
4 У тыя дні сыны Амона ваявалі супраць Ізраіля.
5 У час вайны Амона з Ізраілем прыйшлі старшыні Гілеадзкія ўзяць у дапамогу сабе Ефтаха з зямлі Тоб.
6 І сказалі яны Ефтаху: «Хадзі і будзь нам правадыром, і будзем ваяваць супраць сыноў Амона».
7 Ён ім адказаў: «Ці ж вы не зьненавідзелі мяне і ня выкінулі мяне з дому бацькі майго? А цяпер прыходзіце да мяне, калі бяда вас прыціснула».
8 І адказалі яму князі Гілеаду: «Вось з гэтай прычыны і прыйшлі мы да цябе, каб ты пайшоў з намі, і ваяваў супраць сыноў Амона, і будзеш правадыром усіх, што жывуць у Гілеадзе».
9 І сказаў Ефтах старшыням Гілеадзкім: «Калі вы клічаце мяне, каб я ваяваў за вас супраць сыноў Амона, і калі аддасьць іх ГОСПАД у рукі мае, я буду начальнікам вашым».
10 І сказалі старшыні Гілеадзкія Ефтаху: «ГОСПАД, Які чуе гэта, будзе пасярэднікам і сьведкам, што споўнім слова тваё».
11 І пайшоў Ефтах з князямі Гілеаду, і ўвесь народ зрабіў яго правадыром сваім. І ўсе гэтыя словы свае сказаў Ефтах перад ГОСПАДАМ у Міцпе.
12 І паслаў Ефтах пасланцоў да валадара сыноў Амона, каб яны сказалі ім ад яго: «Што табе і мне, што ты прыйшоў ваяваць супраць мяне?»
13 Валадар сыноў Амона ім адказаў: «Бо Ізраіль забраў зямлю маю, калі выйшаў з Эгіпту, ад Арнону аж да Ябоку і Ярдану. Вярні мне яе цяпер без вайны».
14 І зноў выправіў Ефтах пасланцоў да валадара Амону і сказаў:
15 «Гэта кажа Ефтах. Не забраў Ізраіль ані зямлі Мааву, ані зямлі сыноў Амона.
16 Але калі Ізраіль выходзіў з Эгіпту, ён вандраваў праз пустыню аж да Мора Чырвонага, і потым прыйшоў у Кадэш.
17 І паслалі яны пасланцоў да валадара Эдому, кажучы: “Дазволь, каб прайшлі мы праз зямлю тваю”. Але ён не згадзіўся на просьбу нашу. Паслалі таксама і да валадара Мааву, але і ён не захацеў прапусьціць. І заставаўся Ізраіль у Кадэшы.
18 І, абыходзячы праз пустыню, абыйшоў кругом зямлю Эдому і зямлю Мааву і, прыйшоўшы на ўсход ад зямлі Мааву, разлажыўся табарам за Арнонам, не ўваходзячы ў зямлю Мааву, бо Арнон ёсьць мяжой Мааву.
19 І паслаў Ізраіль пасланцоў да Сыгона, валадара Амарэйцаў, валадара Хешбону, і сказаў яму: “Дазволь перайсьці нам праз зямлю тваю да месца свайго”.
20 Але Сыгон не згадзіўся прапусьціць Ізраіля праз межы свае. Ён сабраў увесь народ свой, і выступіў супраць Ізраіля ў Ягцы, і ваяваў з ім.
21 Але аддаў ГОСПАД у рукі Ізраіля яго і ўсё войска ягонае. Ізраіль перамог яго і завалодаў усёй зямлёй Амарэйцаў, жыхароў краіны гэтай,
22 усімі межамі іхнімі ад Арнону да Ябоку, і ад пустыні аж да Ярдану.
23 ГОСПАД, Бог Ізраіля, выгнаў Амарэйцаў перад народам Сваім, Ізраілем, а ты цяпер хочаш захапіць зямлю ягоную?
24 Ці ня ўсё тое, што даў табе бог твой Камош на ўласнасьць, табе належыць? А што ГОСПАД, Бог наш, даў нам, мы маем на ўласнасьць.
25 Ці ты лепшы за Балака, сына Цыпора, валадара Мааву? Ці ж сварыўся ён з Ізраілем і ці ваяваў супраць яго?
26 Ізраіль жыве ў Хешбоне і ў ваколіцах ягоных, і ў Араэры і ў ваколіцах ягоных, і ў-ва ўсіх гарадах каля Арнону ўжо трыста гадоў. Чаму ў той час вы ня выгналі іх?
27 Дык ня я грашу адносна цябе, але ты супраць мяне несправядліва выходзіш з вайною. Няхай ГОСПАД рассудзіць сёньня справу між сынамі Ізраіля і сынамі Амона!»
28 Але валадар сыноў Амона не захацеў прыняць слова Ефтаха, якія ён пераказаў праз пасланцоў.
29 І Дух ГОСПАДА быў на Ефтаху, і ён прайшоў Гілеад і Манасу, і прыйшоў у Міцпу ў Гілеадзе, а адтуль — да сыноў Амона.
30 І склаў ён шлюбаваньне ГОСПАДУ: «Калі Ты аддасі сыноў Амона ў рукі мае,
31 калі я буду вяртацца з мірам ад сыноў Амона, што выйдзе першым з брамы дому на спатканьне мне, тое я складу ў цэласпаленьне ГОСПАДУ».
32 І пайшоў Ефтах супраць сыноў Амона ваяваць з імі, і аддаў ГОСПАД іх у рукі ягоныя.
33 І разьбіў ён іх на абшары ад Араэру аж да мясцовасьцяў Мініт, а гэта дваццаць гарадоў, і далей аж да Абэль-Кераміму. І параза іхняя была вялікая. І былі ўпакораныя сыны Амона перад абліччам сыноў Ізраіля.
34 І вярнуўся Ефтах у Міцпу ў дом свой, і выйшла насустрач яму дачка ягоная, скачучы пры гуках бубнаў. А Ефтах ня меў апроч яе дзяцей.
35 І ён убачыў яе, і разьдзёр адзеньне сваё, і сказаў: «Ах, дачка мая! Ты зламала мяне! Ты ў ліку тых, якія нешчасьлівяць мяне! Адчыніў я вусны мае ГОСПАДУ і не магу выракчыся гэтага».
36 Яна яму адказала: «Тата мой, калі ты адкрыў вусны твае перад ГОСПАДАМ, зрабі мне, што ты шлюбаваў, дзеля дадзенай табе ГОСПАДАМ перамогі над ворагамі тваімі, сынамі Амона».
37 І гаварыла яна бацьку: «Толькі аднаго прашу. Дазволь мне на працягу двух месяцаў з сяброўкамі маімі абыйсьці горы кругом і аплакаць дзявоцтва маё».
38 І ён адказаў ёй: «Ідзі!» І адпусьціў яе на два месяцы. І пайшла яна з сяброўкамі, і аплаквала дзявоцтва сваё ў гарах.
39 І праз два месяцы яна вярнулася да бацькі свайго. І ўчыніў ён з ёй, як шлюбаваў, і яна не пазнала мужа. Адсюль узяўся звычай у Ізраіля,
40 што кожны год сыходзіліся на чатыры дні дочкі Ізраіля, каб аплакваць дачку Ефтаха Гілеадца.
Разьдзел 12
1 І вось, сабраліся мужчыны Эфраіма, і прыйшлі ў Цафан, і сказалі Ефтаху: «Чаму пайшоў ты ваяваць з сынамі Амона і не паклікаў нас, каб мы ішлі з табой? За гэта мы спалім дом твой разам з табою».
2 І сказаў ім Ефтах: «Я і народ мой мелі вялікае змаганьне з сынамі Амона. І я клікаў вас на дапамогу, але вы ня збавілі мяне ад рукі іхняй.
3 І ўбачыў я, што няма збаўцы, і палажыў душу маю на далоні мае, і пайшоў на сыноў Амона, і выдаў іх ГОСПАД у рукі мае. Чаму сёньня вы падымаецеся ваяваць супраць мяне?»
4 І Ефтах сабраў да сябе ўсіх мужчынаў Гілеаду, і ваяваў супраць Эфраіма. І пабілі ваяры Гілеадзкія Эфраіма, бо той казаў: «Вы — уцекачы з Эфраіма. Гілеад жыве пасярод Эфраіма і Манасы».
5 І занялі Гілеадцы броды на Ярдане, якімі Эфраімцы маглі вярнуцца. І калі казалі ўцекачы Эфраімцы: «Дазвольце мне прайсьці», Гілеадцы казалі яму: «Ці ты Эфраімец?» Калі той казаў: «Не»,
6 казалі яму: «Скажы: “Шыболет”». І той казваў: «Сіболет», бо ня мог правільна вымавіць. І бралі яго, і забівалі каля броду на Ярдане. Гэтак загінула ў той час у Эфраіма сорак дзьве тысячы.
7 І Ефтах судзіў Ізраіля шэсьць гадоў, і памёр, і быў пахаваны ў горадзе сваім у Гілеадзе.
8 Пасьля яго судзіў Ізраіля Ібцан з Бэтлеему.
9 Ён меў трыццаць сыноў і трыццаць дочак, і пааддаваў іх замуж за межы свае, а адтуль прывёў трыццаць жонак для сыноў сваіх. Ён судзіў Ізраіля сем гадоў.
10 І памёр Ібцан, і быў пахаваны ў Бэтлееме.
11 Пасьля яго судзіў Ізраіля Элон Завулёнец, і судзіў ён Ізраіля дзесяць гадоў.
12 І памёр Элон, і быў пахаваны ў Аялоне ў зямлі Завулёна.
13 Пасьля яго судзіў Ізраіля Абдон, сын Гілеля з Піратону.
14 Ён меў сорак сыноў і трыццаць унукаў, якія езьдзілі на сямідзесяці маладых аслах. Судзіў ён Ізраіля восем гадоў.
15 І памёр Абдон, сын Гілеля з Піратону, і пахаваны быў у Піратоне, у зямлі Эфраіма на гары Амалека.
Разьдзел 13
1 Сыны Ізраіля зноў пачалі рабіць ліхоту ў вачах ГОСПАДА. І ГОСПАД аддаў іх на сорак гадоў у рукі Філістынцаў.
2 У Цоры быў нейкі чалавек з пакаленьня Дана на імя Маноах, які меў жонку няплодную.
3 І зьявіўся анёл ГОСПАДА той жанчыне, і сказаў: «Хоць ты няплодная і бязьдзетная, але зачнеш і народзіш сына.
4 Сьцеражыся, ня пі ані віна, ані сікеры, і нічога нячыстага ня еш,
5 бо зачнеш і народзіш сына, галавы якога не кранецца лязо. Ён будзе назірам Божым ад улоньня маці. Ён пачне выратоўваць Ізраіль з рук Філістынцаў».
6 Яна прыйшла да мужа і сказала яму: «Чалавек Божы прыходзіў да мяне, аблічча якога было як анёла ГОСПАДА, поўнае велічы. Не пытала я яго, адкуль ён, і не назваў ён мне імя свайго.
7 Ён сказаў мне: “Неўзабаве зачнеш і народзіш сына. Сьцеражыся, ня пі ані віна, ані сікеры, і нічога нячыстага ня еш, бо хлопец будзе назірам Божым ад улоньня маці аж да дня сьмерці сваёй”».
8 І маліўся Маноах да ГОСПАДА, і казаў: «Прашу Цябе, Госпадзе, няхай чалавек Божы, якога Ты паслаў, прыйдзе зноў і навучыць нас, што мы павінны рабіць з юнаком, які мае нарадзіцца?»
9 І выслухаў ГОСПАД, што прасіў Маноах, і зьявіўся зноў анёл Божы жанчыне, якая сядзела ў полі, а мужа ейнага, Маноаха, не было разам з ёю.
10 І пасьпяшалася яна, і прыбегла да мужа свайго, і паведаміла яму: «Вось, зьявіўся мне той чалавек, які тады быў прыйшоўшы да мяне».
11 Ён устаў і пайшоў за жонкай сваёй, і падыйшоў да чалавека таго, і сказаў яму: «Ці ты той, які размаўляў з жонкай маёй?» А ён сказаў: «Я».
12 І сказаў яму Маноах: «Калі споўніцца слова тваё, як нам сябе паводзіць з хлопцам і што маем рабіць?»
13 І сказаў Маноаху анёл ГОСПАДА: «Няхай усяго таго, што я сказаў жонцы тваёй, яна сьцеражэцца.
14 Няхай ня есьць нічога, што з вінаграду паходзіць, няхай ня п’е ані віна, ані сікеры, няхай нічога ня есьць нячыстага, але няхай тое, што я загадаў, выконвае».
15 І сказаў Маноах анёлу ГОСПАДА: «Дазволь затрымаць цябе, пакуль прыгатуем страву для цябе з казьляняці».
16 Анёл ГОСПАДА адказаў яму: «Калі ты мяне затрымаеш, я ня буду есьці хлеба твайго. А калі хочаш падрыхтаваць цэласпаленьне, ахвяруй яго ГОСПАДУ». Бо Маноах ня ведаў, што гэта анёл ГОСПАДА.
17 Маноах спытаўся ў анёла: «Якое імя тваё, і калі слова тваё споўніцца, як ушанаваць цябе?»
18 Анёл сказаў яму: «Навошта ты пытаешся пра імя маё, яно таямнічае».
19 І прынёс Маноах казьляня і ахвяру хлебную, і паклаў на скале, ахвяруючы ГОСПАДУ, Які творыць цуды. І глядзелі на гэта Маноах і жонка ягоная.
20 І калі полымя паднялося з ахвярніка ў неба, таксама анёл ГОСПАДА падняўся ў полымі. Калі гэта ўбачылі Маноах і жонка ягоная, упалі на абліччы свае на зямлю.
21 І ўжо болей ня бачылі яны анёла ГОСПАДА. І зразумеў Маноах, што гэта анёл ГОСПАДА,
22 і сказаў жонцы сваёй: «Хіба мы памром, бо мы бачылі Бога».
23 І сказала яму жонка: «Калі б ГОСПАД хацеў нас забіць, Ён не прыняў бы з рук нашых цэласпаленьня і ахвяры хлебнай, і ня даў бы бачыць нам усяго гэтага, і не сказаў бы нам усіх словаў гэтых».
24 І нарадзіла яна сына, і назвала яго імем Самсон. І хлопец рос, і дабраслаўляў яго ГОСПАД.
25 І Дух ГОСПАДА пачаў зыходзіць на яго ў табары Дана між Цораю і Эштаолам.
Разьдзел 14
1 І зыйшоў Самсон у Тымну, і ўбачыў там жанчыну з дачок Філістынскіх.
2 І вярнуўся, і паведаміў бацьку свайму і маці: «У Тымне бачыў я жанчыну з дачок Філістынскіх. Цяпер вазьміце мне яе за жонку».
3 Бацька і маці сказалі яму: «Ці ж няма жынчыны між дачок братоў тваіх і ў-ва ўсім народзе маім, што захацеў ты ўзяць сабе жонку ў Філістынцаў неабрэзаных?» Сказаў Самсон бацьку свайму: «Вазьмі яе мне, бо ўпадабалі яе вочы мае».
4 Бацькі ж яго ня ведалі, што гэта справа ГОСПАДА і што Ён шукае прычыны выступіць супраць Філістынцаў, бо ў той час Філістынцы панавалі над Ізраілем.
5 І пайшоў Самсон з бацькам і маці ў Тымну. І калі падыходзілі яны да вінаграднікаў гораду, выскачыў малады леў і стаў насупраць яго.
6 І зыйшоў тады на Самсона Дух ГОСПАДА, і ён разьдзёр маладого ільва як казьляня, бо нічога ня меў у руках. Але бацьку і маці не сказаў, што зрабіў.
7 І ён прыйшоў, і размаўляў з жанчынай, якую ўпадабалі вочы ягоныя.
8 Праз нейкі час, калі ён вяртаўся, каб забраць яе, калі зыйшоў у бок, убачыў парэшткі ільва, і рой пчолаў на целеягоным, і плястар мёду.
9 І ўзяў яго ў рукі, і еў мёд у дарозе. І вярнуўся да бацькі і маці, і даў ім частку, і яны пакаштавалі. Але не хацеў ім казаць, што мёд узяў з цела ільва.
10 І бацька ягоны пайшоў да той жынчыны, і справіў там Самсон банкет, які звычайна спраўляюць нарачоныя.
11 А калі там убачылі яго, далі яму трыццаць вясельных сяброў, якія былі пры ім.
12 І зьвярнуўся да іх Самсон: «Загадаю я вам загадку. Калі разгадаеце мне яе за сем дзён банкету, я дам вам трыццаць шатаў ільняных і трыццаць зьменаў вопратак.
13 А калі ня зможаце разгадаць, вы дасьцё мне трыццаць шатаў ільняных і трыццаць зьменаў вопратак». Яны адказалі яму: «Загадвай загадку сваю, а мы будзем слухаць».
14 І ён сказаў ім: «З таго, хто есьць, выйшла тое, што [можна] зьесьці, а з дужага выйшла слодыч». І тры дні не маглі яны адгадаць загадкі.
15 Калі надыйшоў чацьвёрты дзень, сказалі яны жонцы Самсона: «Угавары мужа твайго, каб ён разгадаў нам загадку, а іначай спалім цябе і дом бацькі твайго. Ці вы на тое запрасілі нас сюды, каб абрабаваць нас?»
16 І плакала жонка Самсона перад ім, і казала: «Ненавідзіш ты мяне і не кахаеш, і таму загадкі, якую загадаў сынам народу майго, ня хочаш мне разгадаць». А ён сказаў: «Нават бацьку свайму і маці я не разгадаў бы яе. А як магу табе выявіць?»
17 І яна плакала перад ім сем тых дзён, калі спраўлялі банкет. У сёмы дзень нарэшце разгадаў ёй, бо яна вельмі дакучала яму. А яна як найхутчэй перадала гэта сынам народу свайго.
18 І яны ў сёмы дзень перад заходам сонца сказалі яму: «Што саладзейшае за мёд, і хто дужэйшы за льва». Ён жа ім сказаў: «Калі б вы не аралі ялаўкай маёй, не разгадалі б загадкі маёй».
19 І зыйшоў на яго Дух ГОСПАДА, і ён пайшоў у Ашкелён, і забіў там трыццаць чалавек, зьняў з іх адзеньне і аддаў тым, якія разгадалі загадку. І, разгневаны вельмі, вярнуўся ў дом бацькі свайго.
20 А жонка Самсона выйшла за вясельнага сябра ягонага, які быў пры ім.
Разьдзел 15
1 Праз нейкі час, калі настаў дзень жніва пшаніцы, Самсон наведаў жонку сваю і прынёс ёй казьляня. Калі хацеў увайсьці да яе, бацька ейны забараніў яму,
2 кажучы: «Думаў я, што ты ненавідзіш яе, і таму аддаў яе сябру твайму. Але яна мае малодшую сястру, прыгажэйшую за яе. Няхай яна будзе табе за жонку».
3 І сказаў ім Самсон: «У такім выпадку ня буду вінаваты адносна Філістынцаў, калі буду ім рабіць шкоду».
4 І пайшоў Самсон, і налавіў трыста лісаў, і ўзяў паходні, і прывязаў хвост да хваста, а пасярэдзіне, між двума хвастамі, прычапіў па адной паходні.
5 І запаліў паходні, і пусьціў іх на збожжа Філістынскае, і спаліў ім снапы і няжатае збожжа, і сады вінаградныя, і сады аліўкавыя.
6 І пыталіся Філістынцы: «Хто гэта зрабіў?» Ім адказалі: «Гэта Самсон, зяць аднаго чалавека з Тымны, бо ён забраў у яго жонку і аддаў яе сябру ягонаму». І пайшлі Філістынцы, і спалілі жанчыну і бацьку яе.
7 А Самсон сказаў ім: «Калі вы так робіце, дык я не супачыну, пакуль не адпомшчу вам».
8 І прынёс ім вялікае зьнішчэньне, перабіваючы сьцёгны і лыткі. І пайшоў, і жыў у пячоры ў скале ў Этаме.
9 І пайшлі Філістынцы ў зямлю Юды, і разлажыліся там табарам, і да Лехі даходзілі войскі іхнія.
10 І сказалі ім людзі з пакаленьня Юды: «Чаму вы выйшлі супраць нас?» Яны адказалі: «Прыйшлі мы, каб злавіць Самсона і адплаціць яму за тое, што ён нам зрабіў».
11 І тры тысячы мужчынаў з пакаленьня Юды пайшлі на вяршыню гары ў Этаме, і сказалі Самсону: «Ці ты ня ведаеш, што Філістынцы пануюць над намі? Што ты нарабіў нам?» Ён ім сказаў: «Як яны зрабілі мне, так і я ім зрабіў».
12 І сказалі яму: «Прыйшлі мы зьвязаць цябе і выдаць у рукі Філістынцаў». І сказаў ім Самсон: «Прысягніце мне, што мяне не заб’ецё».
13 Яны сказалі: «Не заб’ём, але зьвязанага выдадзім цябе ім». І зьвязалі яго дзьвюма новымі вяроўкамі, і зьвялі са скалы.
14 І так прыйшоў ён у Леху, і Філістынцы з крыкам выйшлі яму насустрач. І Дух ГОСПАДА зыйшоў на яго, і вяроўкі, якімі былі зьвязаныя рукі ягоныя, зрабіліся як перагарэўшы лён, і путы распаўзьліся і пападалі з рук ягоных.
15 І ён знайшоў сьвежю сківіцу асьліную, і схапіў яе рукою сваёй, і забіў ёю тысячу чалавек.
16 І сказаў Самсон: «Сківіцаю асьлінай я гару іх наваліў! Сківіцаю асьлінай тысячу чалавек я забіў!»
17 А калі перастаў гаварыць, кінуў сківіцу і назваў тое месца Рамат-Лехі.
18 І адчуў вялікую смагу, і клікаў да ГОСПАДА, і сказаў: «Ты рукою слугі Твайго ўчыніў вялікае збаўленьне і перамогу, а цяпер прыйдзецца мне памерці ад смагі і патрапіць у рукі неабрэзаных».
19 І Бог адкрыў скалу ў Лехі, і выцекла адтуль вада. І ён напіўся вады, і набраўся сілы, і акрыяў. Таму тую крыніцу назвалі Эн-Гаккорэ, і яна ў Лехі да сёньняшняга дня.
20 І быў ён судзьдзёю Ізраіля ў дні Філістынцаў дваццаць гадоў.
Разьдзел 16
1 І пайшоў Самсон у Газу, і ўбачыў там распусьніцу, і прыйшоў да яе.
2 Калі паведамілі жыхарам Газы, што Самсон увайшоў у горад, яны акружылі яго і зрабілі засаду на яго ў браме гораду. І ўсю ноч яны сядзелі ціха, каб, калі настане раніца, забіць яго.
3 А Самсон спаў да паўночы, а калі ўстаў, схапіў вароты гарадзкой брамы разам з засаўкамі ейнымі, вырваў іх і палажыў сабе на плечы, і занёс на вяршыню гары, якая насупраць Хеўрону.
4 Пасьля гэтага Самсон закахаўся ў жанчыну, якая жыла ў лагчыне Сарэк і называлася Даліла.
5 І прыйшлі да яе валадары Філістынцаў, і сказалі: «Ашукай яго і даведайся, адкуль сіла ягоная вялікая і як нам перамагчы яго, і зьвязаць яго, і ўпакорыць яго. Калі гэта зробіш, дамо табе за гэта тысячу і сто срэбнікаў кожны».
6 І сказала Даліла Самсону: «Скажы мне, калі ласка, адкуль у цябе бярэцца такая сіла вялікая і чым можна зьвязаць цябе, каб упакорыць цябе?»
7 Самсон сказаў ёй: «Калі зьвязаць мяне сямю сырымі шнурамі, якія яшчэ ня сушаныя, я зраблюся бясьсільным і стану, як іншыя людзі».
8 І прынесьлі ёй валадары Філістынцаў сем сырых шнуроў, якія былі ня сушаныя, і яна зьвязала імі яго.
9 А яны схаваліся ў другім пакоі, і яна крыкнула: «Філістынцы над табою, Самсон!» І ён паразрываў шнуры як нітку зрэбную, апаленую агнём. І не даведалася яна, у чым сіла ягоная.
10 І сказала Даліла Самсону: «Падмануў ты мяне і схлусіў мне. Прынамсі цяпер скажы мне, чым ты павінен быць зьвязаны».
11 Ён сказаў ёй: «Калі буду зьвязаны дзевяцьцю вяроўкамі, якія не былі ва ўжытку, буду слабы, як іншыя людзі».
12 І ўзяла Даліла новыя вяроўкі, і зьвязала яго, і крыкнула: «Філістынцы над табой, Самсон!» А ў другім пакоі была схаваўшыся засада, але ён разарваў вяроўкі на руках сваіх як ніткі.
13 І сказала Даліла Самсону: «Дакуль ты будзеш падманваць мяне і фальшыва гаварыць? Скажы, чым цябе трэба зьвязаць?» Самсон адказаў ёй: «Калі ты ўпляцеш сем косаў галавы маёй у тканіну».
14 І яна прыбіла [косы ягоныя] да калоды, і крыкнула яму: «Філістынцы над табою, Самсон!» І ён устаў зо сну, і вырваў цьвікі разам з тканінаю.
15 І сказала Даліла: «Як жа можаш ты казаць, што кахаеш мяне, калі душа твая не са мною? Тры разы схлусіў ты мне і не хацеў сказаць, у чым сіла твая вялікая».
16 І калі яна так штодзень дакучала і мучыла ўсьцяж яго, душа ягоная самлела аж да сьмерці і зьнемагла.
17 І адкрыў ён усё сэрца сваё, і сказаў ёй: «Ніколі галавы маёй не дакраналася лязо, бо я — назір Божы ад улоньня маці маёй. Калі абгаліць мне [галаву], адыйдзе ад мяне сіла мая, і я стануся слабы, як іншыя людзі».
18 І ўбачыла Даліла, што ён адкрыў ёй усё сэрца сваё, і паслала па валадароў Філістынцаў, кажучы: «Прыйдзіце яшчэ раз, бо адкрыў ён цяпер мне ўсё сэрца сваё». Яны прыйшлі, узяўшы срэбра, якое ёй абяцалі.
19 І яна ўсьпіла яго на каленях сваіх, і паклікала чалавека, і загадала яму абгаліць сем косаў галавы ягонай, і ён стаў слабець, і адыйшла ад яго сіла ягоная.
20 І сказала яна: «Філістынцы над табой, Самсон!» Ён абудзіўся зо сну свайго і падумаў у душы сваёй: «Пайду як раней і вызвалюся», ня ведаючы, што ГОСПАД адыйшоў ад яго.
21 І схапілі яго Філістынцы, і адразу выкалалі яму вочы, і завялі ў Газу, дзе, прыкуты двума ланцугамі мядзянымі, мусіў ён малоць зерне ў вязьніцы.
22 Тым часам раней зголеныя валасы сталі ў яго адрастаць.
23 А валадары Філістынцаў сабраліся ўсе, каб скласьці ахвяру богу свайму Дагону і павесяліцца. Яны казалі: «Бог наш аддаў у рукі нашыя ворага нашага, Самсона».
24 І народ, бачачы яго, хваліў бога свайго і казаў: «Аддаў бог наш у рукі нашыя ворага нашага, які нішчыў зямлю нашую і многіх з нас забіў».
25 І калі яны ўзьвесяліліся, запатрабавалі паклікаць Самсона, каб ён іх забаўляў. І ён, прыведзены з вязьніцы, мусіў забаўляць іх. І паставілі яго стаяць паміж слупамі.
26 І сказаў Самсон юнаку, які трымаў яго за руку: «Пусьці мяне, каб мог я дакрануцца слупоў, на якія абапіраецца дом, каб да іх прыхіліцца».
27 А дом той быў поўны мужчынаў і жанчынаў, бо былі там усе князі Філістынскія, а на даху было каля трох тысячаў мужчынаў і жанчынаў, якія глядзелі на Самсона, калі той забаўляў іх.
28 І Самсон усклікнуў да ГОСПАДА, кажучы: «Госпадзе ГОСПАДЗЕ, узгадай пра мяне і вярні мне хоць у гэты раз даўнейшую сілу маю, каб я мог адпомсьціць Філістынцам за двое вачэй маіх!»
29 І Самсон узяўся за два слупы сярэднія, на якіх стаяў дом, і абапёрся на іх, на адзін правай рукой, а на другі — левай рукой.
30 І сказаў Самсон: «Няхай памрэ душа мая разам з Філістынцамі!» І страсянуў ён моцна слупы, і ўпаў дом на ўсіх князёў, і на ўсіх іншых, якія там былі. І тых, якіх ён тады забіў, сам гінучы, было болей, чым тых, якіх ён пазабіваў у час усяго жыцьця свайго.
31 І прыйшлі браты ягоныя і ўвесь дом бацькі ягонага, каб забраць яго. І вярнуліся, і пахавалі яго паміж Цораю і Эштаолам у магіле бацькі ягонага, Маноаха. А судзіў ён Ізраіль дваццаць гадоў.
Разьдзел 17
1 У гарах Эфраіма быў нейкі чалавек на імя Міха.
2 І ён сказаў маці сваёй: «Тысяча і сто срэбнікаў, якія ў цябе ўкрадзеныя і дзеля якіх ты праклінала і казала, каб я чуў, яны ў мяне, гэта я іх узяў». Яна яму сказала: «Няхай ГОСПАД дабраславіць сына майго!»
3 І вярнуў ён іх маці сваёй, якая сказала яму: «Гэтае срэбра я прысьвяціла ГОСПАДУ, з рукі маёй прызначана яно для сына майго, каб з яго зрабілі [ідала] рэзьбленага і літага з мэталю. А цяпер я аддаю яго табе».
4 Але ён зьвярнуў тыя срэбнікі маці сваёй. І маці ягоная ўзяла дзьвесьце срэбнікаў, і дала іх залатару, каб зрабіў з іх ідала рэзьбленага і літага з мэталю, які быў пасьля ў доме Міхі.
5 І ён меў у сябе бажніцу, і зрабіў эфод і тэрафімаў, і пасьвяціў аднаго з сыноў сваіх, каб быў ён у яго сьвятаром.
6 У тыя дні не было валадара ў Ізраілі, і кожны рабіў тое, што было слушным у вачах ягоных.
7 Быў адзін юнак у Бэтлееме Юдэйскім у пакаленьні Юды, а быў ён лявіт і жыў там як прыхадзень.
8 І чалавек той пакінуў горад Бэтлеем Юдэйскі, і пайшоў вандраваць дзе прыдзецца. І вандруючы, дайшоў ён аж да гары Эфраіма ў дом Міхі.
9 І Міха сказаў яму: «Адкуль ты паходзіш?» Ён сказаў яму: «Я — лявіт з Бэтлеему Юдэйскага, і шукаю месца, дзе абжыцца».
10 І сказаў яму Міха: «Застанься ў мяне, і будзь мне бацькам і сьвятаром, а я дам табе штогод дзесяць срэбнікаў, патрэбнае адзеньне і ежу».
11 І спадабалася таму лявіту жыць у чалавека таго, і ён стаўся яму як адзін з сыноў ягоных.
12 І Міха пасьвяціў таго лявіта, і меў таго юнака як сьвятара, і ён жыў у доме Міхі.
13 І сказаў Міха: «Цяпер я ведаю, што ГОСПАД будзе рабіць мне добрае, бо я маю лявіта сьвятаром».
Разьдзел 18
1 У той час не было валадара ў Ізраілі, а калена Дана шукала сабе зямлі ў спадчыну, бо аж да гэтага дня не была выдзелена ім спадчына сярод каленаў Ізраіля.
2 І выправілі сыны Дана з межаў пакаленьня свайго пяць чалавек, людзей мужных, з Цоры і Эштаолу, каб выведалі зямлю і пільна разгледзелі яе. І сказалі ім: «Ідзіце і выведайце зямлю гэтую». І прыйшлі яны аж на гару Эфраіма, аж да дому Міхі, і там заначавалі.
3 Калі яны былі блізка дому Міхі, пазналі яны голас юнака лявіта і, зыйшоўшы там з дарогі, спыталіся ў яго: «Хто цябе сюды прывёў? Што ты тут робіш? Што тут у цябе?»
4 Ён сказаў ім: «Гэта і гэта зрабіў для мяне Міха, і за плату наняў мяне, каб я быў яму сьвятаром».
5 І прасілі яны яго: «Спытайся ў Бога, каб мы маглі ведаць, ці дарога, якую мы выбралі, будзе мець посьпех».
6 І ён сказаў ім: «Ідзіце ў супакоі. ГОСПАДУ даспадобы дарога вашая, і падарожжа, у якое вы выбраліся».
7 І пайшлі тыя пяць чалавек, і прыбылі ў Ляіш, і ўбачылі народ, які жыве без аніякага страху па звычаю Сідонцаў, у бясьпецы і ў супакоі, бо не было нікога, хто нападаў бы на зямлю іхнюю. І Сідонцы былі ад іх далёка, і ня мелі яны ніякіх справаў з Асурам.
8 І прыйшлі яны да братоў сваіх у Цору і Эштаол, а тыя спыталіся ў іх: «Што вы [скажаце]?»
9 Яны сказалі: «Устаньце і пойдзем супраць іх. Бо мы бачылі зямлю вельмі багатую і ўраджайную. Чаго вы сядзіце? Не марудзьце, пойдзем і здабудзем зямлю гэтую.
10 Пойдзем да людзей, [якія жывуць] у бясьпецы, і ў зямлю прасторную. І дасьць Бог у рукі нашыя месца, дзе няма ніякай нястачы ўсяго, што ёсьць на зямлі».
11 І вырушылі адтуль з пакаленьня Дана з Цоры і Эштаолу шэсьцьсот чалавек, узброеных да бою.
12 Яны пайшлі і разлажыліся табарам у Кірыят-Ярыме ў Юдэі. І тое месца з таго дня называюць Табар Дана, і знаходзіцца яно на захад ад Кірыят-Ярыму.
13 Адтуль пайшлі яны на гару Эфраіма і прыйшлі ў дом Міхі.
14 І пяць чалавек, якія раней пасланыя былі для выведкі зямлі Ляіш, сказалі братам сваім: «Ці ведаеце, што ў дамах гэтых ёсьць эфод і тэрафімы, рэзьблены [ідал] і [ідал], выліты з мэталю? І цяпер ведаеце, што рабіць».
15 І зьвярнулі туды, і ўвайшлі ў дом юнака лявіта, у дом Міхі, і прывіталі яго [словамі] мірнымі.
16 А шэсьцьсот чалавек, якія былі ўзброеныя, стаялі перад брамай; былі гэта сыны Дана.
17 І тыя пяцёра, што былі раней пасланыя выведаць зямлю, узялі рэзьбленую [выяву], эфод, тэрафіма і літога [ідала]. А сьвятар стаяў перад брамай, і побач сталі шэсьцьсот чалавек узброеных.
18 І яны ўвайшлі ў дом Міхі, і ўзялі рэзьбленую [выяву], эфод, тэрафіма і літога [ідала]. І сказаў ім сьвятар: «Што вы робіце?»
19 А яны яму сказалі: «Маўчы! Палажы палец на вусны свае і хадзі з намі, каб мелі мы ў табе і бацьку, і сьвятара. Як табе лепей, быць сьвятаром у доме аднаго чалавека, ці быць сьвятаром калена і роду Ізраіля?»
20 І ўзрадаваўся сьвятар, і ўзяў эфод, тэрафімаў, а таксама рэзьбленага [ідала], і пайшоў з народам гэтым.
21 І яны вярнуліся, і пайшлі далей, а перад сабой пусьцілі ісьці дзяцей, жывёлу і ўсю маёмасьць сваю.
22 Калі яны былі ўжо далёка ад дому Міхі, мужчыны, якія жылі ў ваколіцах каля Міхі, сабраліся і дагналі сыноў Дана,
23 і ззаду за імі паднялі крык. Тыя павярнуліся і сказалі да Міхі: «Што табе? Чаго крычыш?»
24 Ён сказаў: «Бога майго, якога я зрабіў сабе, вы забралі, і сьвятара, і ўсё, што маю, і яшчэ кажаце: “Што табе?”»
25 І сказалі яму сыны Дана: «Каб больш ня чулі мы голасу твайго за сабою, каб людзі нашыя са злосьці ня кінуліся на цябе. Забірай душу тваю і душы дому твайго».
26 І сыны Дана пайшлі дарогаю сваёй, а Міха, бачачы, што яны мацнейшыя за яго, вярнуўся ў дом свой.
27 А тыя шэсьцьсот чалавек узялі тое, што зрабіў Міха, і сьвятара ягонага, і прыйшлі ў Ляіш, да народу, [які жыве] ў супакоі і бясьпецы, і забілі яго вострывам мяча, а горад спалілі агнём.
28 І ніхто ня мог ім дапамагчы, бо яны далёка жылі ад Сідону і ня мелі ніякіх справаў з Асурам. Гэты горад быў у лагчыне ў Бэт-Рэхове, і [сыны Дана] адбудавалі яго нанова, і жылі ў ім.
29 І назвалі горад гэты Дан, ад імя Дана, бацькі свайго, народжанага Ізраілем. Раней гэты горад называўся Ляіш.
30 Сыны Дана паставілі сабе рэзьбленага ідала, а Ёнатан, сын Гершома, сына Майсея, і сыны ягоныя былі сьвятарамі ў пакаленьні Дана аж да дня выгнаньня [ў няволю] зямлі гэтай.
31 І рэзьблены [ідал], якога зрабіў Міха, заставаўся ў іх увесь час, калі Дом Божы быў у Шыло.
Разьдзел 19
1 У тыя дні не было валадара ў Ізраілі. І быў нейкі лявіт, які як прыхадзень [жыў] на ўзбоччы гары Эфраіма. І меў ён наложніцу з Бэтлеему Юдэйскага.
2 Яна з ім пасварылася і вярнулася да бацькі свайго ў Бэтлеем, і заставалася ў яго чатыры месяцы.
3 І пайшоў за ёю муж ейны, хочучы прамовіць да сэрца ейнага і вярнуць яе да сябе. І меў ён з сабой слугу і двух аслоў. Яна прыняла яго і завяла ў дом бацькі свайго. Калі бацька яе ўбачыў [зяця], узрадаваўся і выйшаў яму на спатканьне.
4 І затрымаў яго там, і заставаўся зяць у доме цесьця тры дні, балюючы з ім па-сяброўску і выпіваючы.
5 У чацьвёрты дзень, калі ён устаў раніцай і меўся ісьці, цесьць сказаў яму: «Падсілкуйся хлебам, умацуйся, а потым пойдзеш у дарогу».
6 І зноў сядзелі яны разам абодва, елі і пілі. І бацька той жанчыны сказаў зяцю свайму: «Прашу цябе, таксама сёньня пабудзь тут, і няхай радуецца сэрца тваё».
7 Але ён устаў і зьбіраўся ісьці, і ўсё адно цесьць затрымаў яго ў сябе яшчэ на адну ноч.
8 Калі настала раніца, на пяты дзень, лявіт зьбіраўся ў дарогу, але цесьць зноў сказаў яму: «Прашу цябе, умацуй сэрца сваё». І марудзілі да канца дня, і абодва частаваліся разам.
9 І ўстаў той чалавек, каб разам з жонкай сваёй і слугою варочацца, але цесьць, бацька жанчыны, стаў угаворваць яго: «Падумай, дзень ужо хіліцца на вечар. Застаньцеся ў мяне сёньня. Пераначуйце тут, і няхай будзе добра на сэрцы тваім, а заўтра раніцаю вырушыце ў дарогу, каб вярнуцца ў дом свой».
10 Але зяць не паддаўся намовам ягоным, і адразу выбраўся ў дарогу, і прыйшоў у Евус, значыць у Ерусалім, і [былі] ў яго два аслы асядланыя, і наложніца з ім.
11 Ужо былі яны каля Евусу, і вечарэла. І сказаў слуга гаспадару свайму: «Хадзем, завернем у горад Евусэяў і затрымаемся там».
12 І адказаў яму гаспадар: «Не, ня пойдзем у горад чужынцаў, бо яны не з сыноў Ізраіля, але пройдзем аж у Гіву».
13 І сказаў слузе свайму: «Хадзем, дабярэмся да нейкай мясцовасьці ў Гіве або ў Раме, і там затрымаемся».
14 І мінулі яны Евус, і працягвалі пачатую дарогу. І зайшло ім сонца каля Гівы, што належыць да Бэн’яміна.
15 І завярнуліся яны туды, каб там пераначаваць. Але калі туды заехалі і сядзелі на плошчы гораду, ніхто не хацеў прыняць іх на ноч.
16 У той дзень адзін стары вяртаўся ўвечары з працы сваёй у полі. Ён быў з гары Эфраіма і як прыхадзень жыў у Гіве. А ў тым горадзе людзі былі з сыноў Бэн’яміна.
17 І падняў ён вочы свае, і ўбачыў падарожнага чалавека, які сядзеў на плошчы гораду, і спытаўся ў яго той стары: «Адкуль ты і куды ідзеш?»
18 Той адказаў яму: «Мы ідзем з Бэтлеему Юдэйскага аж на ўзбоччы гары Эфраіма, адкуль былі пайшоўшы ў Бэтлеем Юдэйскі. І цяпер вяртаемся да Дому ГОСПАДА, але ніхто ня хоча прыняць нас у дом.
19 Маем салому, папас для аслоў нашых, хлеб і віно для мяне, для служкі тваёй і для юнака гэтага, які са слугою тваім. Нічога не патрабуем».
20 І сказаў стары: «Супакой табе! Я дам табе ўсё, што патрэбна, толькі не начуй на плошчы».
21 І завёў яго ў дом свой, даў мяшанку аслам, і памылі ногі свае, і елі, і пілі.
22 Калі яны ўзьвесялілі сэрца сваё, вось, мужчыны гораду таго, сыны Бэліяла, акружылі дом старога, і пачалі грукаць у дзьверы, крычучы: «Выведзі нам мужчыну, які зайшоў у дом твой, мы хочам пазнаць яго».
23 І выйшаўшы да іх стары, і сказаў: «Не рабіце, браты, гэтага ліха, бо прыйшоў да мяне чалавек у госьці, не рабіце гэтай ганьбы.
24 Маю дачку дзяўчыну, а гэты чалавек мае наложніцу; выведу іх да вас, і вы рабіце з імі, што добра ў вачах вашых, а чалавеку гэтаму не рабіце ганьбы».
25 Але людзі тыя і слухаць яго не хацелі. І ўзяў той чалавек наложніцу сваю, і вывеў яе да іх, і яны пазналі яе, і гвалтавалі яе ўсю ноч аж да раніцы.
26 І прыйшла жанчына тая на сьвітаньні, і ўпала каля ўваходу ў дом, дзе быў гаспадар ейны, і там [ляжала] да сьвятла [дня].
27 Раніцаю ўстаў гаспадар ейны і адчыніў дзьверы дому, каб далей ісьці ў дарогу. І вось, наложніца ягоная ляжыць перад уваходам, і рукі ейныя на парозе.
28 Ён сказаў ёй: «Уставай, пойдзем». Але яна нічога не адказала. І ён узяў яе, і палажыў на асла, і вярнуўся ў дом свой.
29 І прыйшоў у дом свой, і схапіў нож, і пасек цела наложніцы сваёй на дванаццаць частак, і разаслаў у-ва ўсе межы Ізраіля.
30 І ўсе бачылі гэта, і казалі: «Ніколі гэтага не было і не было бачана нічога падобнага ад дня, у які сыны Ізраіля выйшлі з Эгіпту аж да сёньняшняга дня! Зьвярніце ўвагу на гэта і скажыце, што рабіць».
Разьдзел 20
1 І выйшлі ўсе сыны Ізраіля, і як адзін чалавек сабралася грамада ад Дану аж да Бээр-Шэвы разам з зямлёй Гілеад да ГОСПАДА ў Міцпу.
2 І сабраліся правадыры ўсяго народу і ўсе калены Ізраіля на супольны сход народу Божага, а [было] іх чатырыста тысячаў пешых ваяроў, узброеных мячом.
3 І пачулі сыны Бэн’яміна, што сабраліся сыны Ізраіля ў Міцпе. І пыталіся сыны Ізраіля [ў лявіта], як гэтае злачынства адбылося.
4 І лявіт, муж замучанай жанчыны, адказаў: «Прыйшоў я з наложніцай маёй у Гіву, што [належыць] да Бэн’яміна, каб пераночць.
5 І гаспадары Гівы паўсталі супраць мяне, і ўначы атачылі дом, хочучы мяне забіць, а наложніцу маю гвалтавалі, і яна памерла.
6 І я ўзяў наложніцу маю, і пасек яе на часткі, і паслаў у-ва ўсе межы спадчыны Ізраіля, бо яны ўчынілі ганебнае і агіднае ў Ізраілі.
7 І цяпер вы ўсе, сыны Ізраіля, дайце слова і раду [ў гэтай справе]?»
8 І паўстаў увесь народ як адзін чалавек, кажучы: «Ніхто з нас ня пойдзе ў намёт свой, і ніхто ня пойдзе ў дом свой!
9 Але супольна выступім супраць Гівы паводле жэрабя.
10 І з кожнага калена Ізраіля выбярэм дзесяць чалавек са ста, і сто — з тысячы, і тысячу — з дзесяці тысячаў. Яны будуць рупіцца пра харчы для войска, якое выправіцца зрабіць з Гівай Бэн’ямінавай адпаведна ганьбы, якую яны ўчынілі ў Ізраілі».
11 І зыйшоўся ўвесь Ізраіль супраць гораду таго, усе разам, як адзін чалавек.
12 І паслалі калены Ізраіля людзей да ўсяго калена Бэн’яміна, кажучы: «Што за ліхота адбываецца сярод вас!
13 Выдайце цяпер тых людзей, сыноў Бэліяла, з Гівы, і мы заб’ем іх і вынішчым зло з Ізраіля». Але сыны Бэн’яміна не хацелі слухаць голас братоў сваіх, сыноў Ізраіля.
14 І сабраліся сыны Бэн’яміна з усіх гарадоў у Гіву, каб ваяваць супраць сыноў Ізраіля.
15 У той дзень налічана было сыноў Бэн’яміна, што прыйшлі з іншых гарадоў і ўзброеных мячом, дваццаць шэсьць тысячаў, апрача жыхароў Гівы, з якіх было налічана семсот выбранцоў.
16 У-ва ўсім гэтым войску было семсот выбранцоў, якія не карысталіся правай рукой і якія кідалі з пушчалкі камянём так, што воласа не міналі.
17 А ваяроў Ізраіля без [сыноў] Бэн’яміна, налічвалася чатырыста тысячаў узброеных мячом і здольных да бою.
18 І паўсталі яны, і пайшлі ў Бэтэль, і пыталіся ў Бога. І казалі сыны Ізраіля: «Хто першым з нас пойдзе ў бой супраць сыноў Бэн’яміна?» І ГОСПАД ім сказаў: «Юда [пойдзе] першы».
19 На сьвітаньні вырушылі сыны Ізраіля і разлажыліся табарам насупраць Гівы.
20 І сталі ў шыхт сыны Ізраіля супраць Бэн’яміна, і пачалі ваяваць сыны Ізраіля супраць Гівы.
21 Але ў той дзень сыны Бэн’яміна выйшлі з Гівы і забілі спасярод сыноў Ізраіля дваццаць дзьве тысячы чалавек.
22 І сыны Ізраіля набраліся мужнасьці, і ў тым самым месцы, дзе раней ваявалі, падрыхтаваліся да бою.
23 І пайшлі сыны Ізраіля [ў Бэтэль], і плакалі перад ГОСПАДАМ аж да вечара, і пыталіся ў ГОСПАДА, кажучы: «Ці маем мы далей ваяваць з сынамі Бэн’яміна, братамі нашымі?» І ГОСПАД сказаў: «Ваюйце супраць іх».
24 І на другі дзень сыны Ізраіля пайшлі на сыноў Бэн’яміна.
25 І сыны Бэн’яміна выйшлі з Гівы, і ў другі дзень забілі васямнаццаць тысячаў спасярод сыноў Ізраіля, узброеных мячом.
26 І ўсе сыны Ізраіля, і ўвесь народ пайшлі ў Бэтэль, і прыйшлі, і плакалі, і сядзелі перад абліччам ГОСПАДА, і посьцілі ў той дзень аж да вечара, і складалі ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя перад абліччам ГОСПАДА.
27 І пыталіся сыны Ізраіля ў ГОСПАДА. А ў тыя дні быў там Каўчэг Запавету Божага.
28 І стаў тады Пінхас, сын Элеазара, сына Аарона, кажучы: «Ці павінны мы яшчэ ісьці ваяваць супраць сыноў Бэн’яміна, братоў нашых, ці не?» І ГОСПАД сказаў: «Ідзіце ваяваць, бо Я заўтра аддам іх у рукі вашыя».
29 І сыны Ізраіля паставілі кругом Гівы засады.
30 На трэці дзень пайшлі сыны Ізраіля супраць сыноў Бэн’яміна і, падобна як першы раз, сталі ў шыхт насупраць Гівы.
31 І сыны Бэн’яміна выступілі супраць народу, і адыйшліся ад гораду, і пачалі як раней забіваць ваяроў на дарогах, з якіх адна ідзе ў Бэтэль, а другая — у Гіву, і на палях, і [загінула] каля трыццаці ваяроў.
32 І казалі сыны Бэн’яміна: «Як і ў першы раз, будуць яны пераможаныя», а сыны Ізраіля казалі: «Уцякайма, каб адвесьці іх ад гораду на тыя дарогі».
33 І ўсе ваяры Ізраіля, устаўшы з месца свайго, сталі ў шыхт у Баал-Тамар. І засады выйшлі са сховаў на раўніне Гівы.
34 І выйшлі супраць Гівы дзесяць тысячаў выбранцоў з усяго Ізраіля, і пачалася цяжкая бітва. А [сыны Бэн’яміна] не разумелі, што чакае іх параза.
35 І пабіў ГОСПАД Бэн’яміна перад абліччам Ізраіля, і выбілі ў той дзень сыны Ізраіля ў Бэн’яміна дваццаць пяць тысячаў сто чалавек, узброеных мячом.
36 І сыны Бэн’яміна ўбачылі, што яны пераможаныя. А сыны Ізраіля далі ім прастору ўцякаць, бо давяралі засадзе, якая хавалася каля Гівы.
37 У той час выступілі тыя, што хаваліся ў засадзе, і напалі на Гіву, і ўварваліся ў горад, і пазабівалі вострывам мяча ўсіх у горадзе.
38 А сыны Ізраіля былі дамовіўшыся з тымі, якія былі ў засадзе, што мелі з гораду выпусьціць дым як знак.
39 І сыны Ізраіля пачалі ўцякаць у часе бою, а [сыны] Бэн’яміна забілі з сыноў Ізраіля каля трыццаці чалавек, і казалі: «Перамагаючы, пераможам іх, як у папярэднім баі».
40 А з гораду стаў падымацца слуп дыму. І сыны Бэн’яміна павярнуліся, і вось, полымя з гораду падымаецца ў неба.
41 І сыны Ізраіля павярнуліся, а ваяры Бэн’яміна стрывожыліся, бо бачылі, што прыйшла да іх бяда.
42 І пачалі яны ўцякаць перад сынамі Ізраіля дарогай у бок пустыні, але войска дагнала іх. І тыя, што выйшлі з гораду, забівалі іх пасярод сябе.
43 І атачылі яны з усіх бакоў Бэн’яміна, і гналі іх без адпачынку, і забівалі іх ад Гівы на захад.
44 І палегла ў Бэн’яміна васямнаццаць тысячаў чалавек, усе ваяры мужныя.
45 З тых, якія ўцякалі ў бок пустыні да скалы Рымон, забілі на дарогах пяць тысячаў чалавек, і гналі іх да Гідому, дзе забілі каля дзьвюх тысячаў.
46 І ўсіх Бэн’ямінцаў палегла ў той дзень дваццаць пяць тысячаў мужчынаў, узброеных мячом, усе ваяры мужныя.
47 А тыя шэсьцьсот чалавек, што засталіся, уцяклі да скалы Рымон, і заставаліся на скале Рымон чатыры месяцы.
48 А сыны Ізраіля вярнуліся да сыноў Бэн’яміна, і выбілі вострывам мяча, ад мужчынаў аж да быдла і да ўсяго, што знайшлі. Таксама ўсе гарады і мясцовасьці іхнія спалілі агнём.
Разьдзел 21
1 І ў Міцпе сыны Ізраіля злажылі прысягу: «Ніхто з нас ня дасьць дачкі сваёй [сынам] Бэн’яміна за жонку».
2 І пайшоў народ у Бэтэль, і перад абліччам Бога былі аж да вечара, галосячы і плачучы плачам вялікім.
3 І казалі: «Чаму, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, сталася, што ў народзе Тваім сёньня ня стала ў Ізраіля аднаго калена?»
4 І назаўтра, устаўшы на сьвітаньні, паставілі ахвярнік і склалі на ім ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя.
5 І сказалі сыны Ізраіля: «Хто з усіх каленаў Ізраіля не прыйшоў на супольны сход перад ГОСПАДАМ?» Бо зьвязаліся яны ўрачыстаю прысягаю, што сьмерцю памрэ той, хто ня прыйдзе ў Міцпу да ГОСПАДА.
6 І сыны Ізраіля шкадавалі дзеля брата свайго Бэн’яміна, і казалі: «Ня стала сёньня аднаго калена ў Ізраілі.
7 Што мы зробім, каб тыя, што засталіся, [мелі] жонак? Бо ўсе мы прысягалі перад ГОСПАДАМ, што не дамо ім за жонак дочак нашых».
8 І сказалі яны: «Якое з усіх каленаў Ізраіля не прыйшло да ГОСПАДА ў Міцпу?» І вось з Ябэш Гілеадзкага ніхто не прыйшоў на супольны сход у табар.
9 І народ быў пералічаны, і вось, нікога не было з жыхароў Ябэшу Гілеадзкага.
10 І грамада паслала туды дванаццаць тысячаў ваяроў мужных, і загадала ім: «Ідзіце і забіце жыхароў Ябэшу Гілеадзкага вострывам мяча, і жанчын, і дзяцей іхніх.
11 І вось што зробіце: усіх мужчынаў і жанчынаў, якія пазналі мужа, пазабівайце».
12 І знайшлі яны сярод жыхароў Ябэшу чатырыста дзяўчат, якія не пазналі мужа, і прывялі іх у табар у Шыло ў зямлі Ханаан.
13 І грамада паслала да сыноў Бэн’яміна, якія былі на скале Рымон, каб аб’явіць ім мір.
14 І вярнуліся сыны Бэн’яміна ў той час, і далі ім жонак з дачок Ябэшу Гілеадзкага, але не хапіла для іх усіх.
15 І народ вельмі моцна шкадаваў дзеля Бэн’яміна, што ГОСПАД зрабіў вылом у каленах Ізраіля.
16 І сказалі старшыні грамады: «Што зробім з рэштаю, якія не атрымалі жонак? Бо ўсе жанчыны ў Бэн’яміна загінулі».
17 І сказалі яны: «Спадчынная зямля застаецца ацалелым [сынам] Бэн’яміна, каб не прапала адно калена ў Ізраілі.
18 Дачок сваіх мы ня можам ім даць, бо мы зьвязаныя прысягаю, бо прысягнулі сыны Ізраіля: “Пракляты, хто дасьць жонку Бэн’яміну!”»
19 І сказалі: «Кожны год бывае сьвята ГОСПАДА ў Шыло, які на поўнач ад Бэтэлю, а на захад ад дарогі, што ідзе з Бэтэлю ў Сыхем, і на поўдзень ад Лебоны».
20 І загадалі яны сынам Бэн’яміна, кажучы: «Ідзіце і схавайцеся ў вінаградніках.
21 Калі ўбачыце дзяўчатаў з Шыло, якія выйшлі ў карагодах танчыць, выходзьце з вінаграднікаў і хапайце іх, кожны сабе жонку спасярод дочак Шыло, і вядзіце ў зямлю Бэн’яміна.
22 Калі ж бацькі іхнія або браты прыйдуць да нас жаліцца, мы скажам ім: “Пашкадуйце іх, бо не здабылі мы ім жонак на вайне, а вы таксама, калі б ім далі, саграшылі б”».
23 І сыны Бэн’яміна зрабілі так, і ўзялі жонак паводле ліку свайго, з тых, якія танчылі. І вярнуліся яны ў спадчыну сваю, і адбудавалі гарады свае, і жылі ў іх.
24 І сыны Ізраіля вярнуліся адтуль кожны да калена свайго і да сям’і сваёй, і пайшлі кожны ў спадчыну сваю.
25 У тыя дні не было валадара ў Ізраілі, і кожны рабіў тое, што было слушна ў вачах ягоных.