Беларуская Біблія

ДРУГАЯ КНІГА САМУЭЛЯ

 

Разьдзел 1

1 І сталася пасьля сьмерці Саўла, што Давід вярнуўся пасьля перамогі над Амалекам і спыніўся на два дні ў Цыклягу.

2 І сталася на трэці дзень, вось, чалавек прыйшоў з табару, з [атачэньня] Саўла, у па­дзёртым адзеньні і з пасыпанай зямлёй галавой. І прыйшоў ён да Давіда, і ўпаў на зямлю, і пакланіўся.

3 І сказаў яму Давід: «Адкуль ты прыйшоў?» Ён сказаў яму: «Я ўцёк з табару Ізраіля».

4 І сказаў яму Давід: «Што сталася? Распавядзі мне». Ён сказаў: «Людзі паўцякалі з месца бою, і шмат народу загінула, таксама Саўл і Ёнатан, сын ягоны, загінулі».

5 І сказаў Давід юнаку, які яму расказваў [вестку]: «Адкуль ты ведаеш, што загінуў Саўл і Ёнатан, сын ягоны?»

6 І сказаў юнак, які расказваў яму [вестку]: «Я ўзыйшоў на гару Гільбоа, і вось, Саўл ляжаў прабіты дзідай сваёй, і вось, коньнікі і калясьніцы даганялі яго.

7 І ён аглянуўся, і ўбачыў мяне, і паклікаў мяне. І я сказаў: “Вось я”.

8 І ён сказаў мне: “Хто ты?” Я сказаў яму: “Я  — з  Амалека”.

9 І ён сказаў мне: “Падыйдзі да мяне, і забі мяне, бо туга сьмяротная ахапіла мяне, але душа мая ўсё яшчэ ў-ва мне”.

10 Я падыйшоў да яго і забіў яго, бо ведаў, што ня будзе ён жыць пасьля падзеньня свайго, і ўзяў я вянок з галавы ягонай і нараменьнік, які на рамёнах ягоных, і прынёс іх гаспадару майму».

11 І схапіўся Давід за шаты свае, і разьдзёр іх, і [так зрабілі] ўсе людзі, якія [былі] з ім.

12 І галасілі яны, і плакалі, і посьцілі аж да вечара дзеля Саўла і дзеля Ёнатана, сына ягонага, і дзеля народу ГОСПАДА, і дзеля дому Ізраіля, якія пагінулі ад мяча.

13 І сказаў Давід юнаку, які [пра гэта] паведаміў яму: «Адкуль ты?» Ён адказаў: «Я — сын прыхадня Амалекца».

14 І сказаў яму Давід: «Як ты адважыўся падняць руку тваю і забіць памазанца ГОСПАДАВАГА?»

15 І паклікаў Давід аднаго з юнакоў, і сказаў: «Падыйдзі і забі яго». І той забіў яго, і ён памёр.

16 І сказаў Давід: «Кроў твая на галаве тваёй, бо вусны твае сьведчылі супраць цябе, кажучы: “Я забіў памазанца ГОСПАДАВАГА”».

17 І аплакваў Давід Саўла і Ёнатана, сына ягонага, гэтым жалобным сьпевам,

18 і загадаў навучыць яму сыноў Юды, і ён быў запісаны ў Кнізе Справядлівага, [і сказаў]:

19 «Слаўныя твае, Ізраілю, загінулі на ўзгорках тваіх. Як жа маглі загінуць такія волаты?!

20 Не расказвайце [гэтага] ў Гаце, не абвяшчайце на вуліцах Ашкелёну, каб ня цешыліся [з гэтага] дочкі Філістынскія, каб ня радаваліся дочкі неабрэзаных.

21 Горы Гільбоа! Няхай [ня будзе] на вас ані расы, ані дажджу, ані палёў урадлівых, бо там апаганены шчыт волатаў, шчыт Саўла ня быў памазаны алеем.

22 Без крыві забітых, бяз тлушчу волатаў лук Ёнатана ніколі не вяртаўся назад, і меч Саўла не вяртаўся дарма.

23 Саўла і Ёнатана, якія любілі адзін аднаго і жылі ў згодзе, сьмерць таксама не разлучыла. Хутчэйшыя за арлоў і дужэйшыя за ільвоў яны [былі].

24 Дочкі Ізраіля, плачце дзеля Саўла, які апранаў вас у кармазын з упрыгожваньнямі, які ўскладаў аздобы залатыя на шаты вашыя.

25 Як жа маглі загінуць у баі такія волаты! Ёнатан забіты на ўзгорках тваіх.

26 Цяжка мне, бо [няма цябе], браце мой Ёнатан! Ты быў вельмі дарагі для мяне. Любоў твая была для мяне даражэй за любоў жаночую.

27 Як маглі загінуць такія волаты? Загінула зброя баявая!»

 

Разьдзел 2

1 Пасьля гэтага пытаўся Давід у ГОСПАДА, кажучы: «Ці маю пайсьці ў адзін з гарадоў Юдэйскіх?» І ГОСПАД сказаў яму: «Ідзі». І сказаў Давід: «Куды маю ісьці?» І [Госпад] сказаў: «У Хеўрон».

2 І пайшоў туды Давід і дзьве жонкі ягоныя, Ахіноам з Езрээлю і Абігайль, жонкай Наваля з Кармэлю.

3 І павёў Давід людзей сваіх, якія з ім [былі], кожнага з домам ягоным, і яны абжыліся ў гарадах Хеўрону.

4 І прыйшлі людзі Юды, і памазалі там Давіда на валадара над домам Юды. І паведамілі Давіду, кажучы: «Лю­дзі Ябэшу Гілеадзкага пахавалі Саўла».

5 І паслаў Давід пасланцоў да жыхароў Ябэшу Гілеадзкага, і сказаў ім: «Дабраслаўлёныя вы ГОСПАДАМ, бо вы зьявілі міласэрнасьць гаспадару вашаму, Саўлу, і пахавалі яго.

6 Няхай цяпер ГОСПАД зья­віць вам міласэрнасьць і праўду, і я таксама зраблю вам добрае за тое, што вы так учынілі.

7 Няхай цяпер умацуюццарукі вашыя, і вы будзьце адважнымі, бо памёр гаспадар ваш Саўл, а мяне дом Юды памазаў на валадара над імі».

8 А Абнэр, сын Нэра, начальнік войска Саўла, узяў Ішбашэта, сына Саўла, і прывёў яго ў Маханаім,

9 і паставіў яго валадаром над Гілеадам, і над Ашэрам, і над Езрээлем, і над Эфраімам, і над Бэн’ямінам, і над усім Ізраілем.

10 Ішбашэт, сын Саўла, меў сорак гадоў, калі пачаў валадарыць над Ізраілем, і валадарыў ён два гады. Толькі дом Юды прызнаваў [за валадара] Давіда.

11 І быў лік дзён, калі Давід валадарыў над домам Юды ў Хеўроне, сем гадоў і шэсьць месяцаў.

12 І выйшаў Абнэр, сын Нэра, і слугі Ішбашэта, сына Саўла, з Маханаіму ў Гібэон.

13 І Ёаў, сын Цэруі, і слугі Давіда выйшлі, і спаткаліся з імі каля сажалкі Гібэонскай. І адны сталі на адным баку сажалкі, а другія — на другім баку сажалкі.

14 І сказаў Абнэр Ёаву: «Няхай юнакі ўстануць і няхай пагуляюць перад намі». Ёаў сказаў: «Няхай устануць».

15 І ўсталі, і пайшлі дванаццаць Бэн’ямінцаў з боку Ішбашэта, сына Саўла, і дванаццаць спасярод слугаў Давіда.

16 І схапіў кожны свайго супраціўніка за галаву, і ўсадзіў меч у бок ягоны, і паваліліся разам. І названае месца тое Хелкат-Гаццурым, што ў Гібэоне.

17 І была ў той дзень вельмі цяжкая бітва, і былі пераможаныя Абнэр і людзі Ізраіля слугамі Давіда.

18 І былі там тры сыны Цэруі: Ёаў, Абішай і Асаэль. І Асаэль быў вельмі хуткім у нагах, як сарна ў полі.

19 І пагнаўся Асаэль за Абнэрам, і не зварочваў ані ўправа, ані ўлева ад Абнэра.

20 І аглянуўся Абнэр назад, і сказаў: «Ці гэта ты, Асаэль!?» Ён сказаў: «Я».

21 І сказаў яму Абнэр: «Павярніся ўправа ці ўлева і схапі аднаго з юнакоў, і вазьмі сабе здабычу з яго». Але Асаэль не хацеў адступіцца ад яго.

22 І зноў аглянуўся Абнэр, кажучы Асаэлю: «Адступіся ад мяне. Навошта маю прыбіць цябе да зямлі, і тады не змагу падняць аблічча маё перад Ёавам, братам тваім».

23 Але той не хацеў адступіцца [ад яго]. І Абнэр ударыў яго дзідаю ў жывот; і дзіда прайшла яго наскрозь, і ён упаў там, і памёр. І ўсе, хто праходзіў праз тое месца, дзе ўпаў Асаэль і памёр, спыняліся.

24 І перасьледавалі Ёаў і Абішай Абнэра. Сонца ўжо зайшло, і яны прыйшлі да ўзгорышча Амма, якое каля Гіі, пры дарозе ў пустыню Гібэонскую.

25 І сабраліся сыны Бэн’яміна вакол Абнэра, і сталі як адна дружына, і затрымаліся на вяршыні ўзгорка.

26 І закрычаў Абнэр да Ёава, і сказаў: «Ці аж безупынна будзе нішчыць меч твой? Ці ты ня ведаеш, што вынікі будуць горкімі? І калі ты скажаш народу, каб ён вярнуўся з [пагоні] за братамі сваімі?»

27 І сказаў Ёаў: «Як жывы Бог, калі б ты не казаў іначай, яшчэ б зранку спыніўся народ [перасьледаваць] братоў сваіх».

28 І Ёаў затрубіў у рог, і спыніўся ўвесь народ, і не перасьледавалі болей Ізраіля, і больш ужо не ваявалі.

29 А Абнэр і людзі ягоныя ішлі ўсю ноч праз Арабу, і перайшлі Ярдан, і прайшоўшы ўвесь Бітрон, прыйшлі ў Маханаім.

30 І вярнуўся Ёаў з [пагоні] за Абнэрам, і сабраў увесь народ, і сярод слугаў Давіда не хапала дзевятнаццаці чалавек і Асаэля.

31 А слугі Давіда забілі трыста шэсьцьдзясят Бэн’ямінцаў і людзей, што былі з Абнэрам.

32 І ўзялі яны Асаэля, і пахавалі яго ў магіле бацькі ягонага, што ў Бэтлееме. І Ёаў і людзі ягоныя ішлі ўсю ноч і на самым сьвітаньні [дайшлі] да Хеўрону.

 

Разьдзел 3

1 І была доўгая вайна паміж домам Саўла і домам Давіда. І Давід ставаўся мацнейшым, а дом Саўла слабеў.

2 І нарадзіліся ў Давіда сыны ў Хеўроне. Першародным быў Амнон ад Ахіноам з Езрээлю,

3 а другім быў Хілеаў ад Абігайль, жонкі Наваля з Кармэлю, а трэцім — Абсалом, сын Маахі, дачкі Тальмая, валадара Гешуру,

4 а чацьвёртым — Адонія, сын Хагіты, а пятым — Шэфатыя, сын Абіталі,

5 а шостым — Ітрэам ад Эглі, жонкі Давіда. Яны нарадзіліся Давіду ў Хеўроне.

6 І калі была вайна паміж домам Саўла і домам Давіда, Абнэр ставаўся мацнейшым у доме Саўла.

7 У Саўла была наложніца на імя Рыцпа, дачка Аі. І сказаў [Ішбашэт] Абнэру: «Чаму ты ўвайшоў да наложніцы бацькі майго?»

8 І моцна ўзлаваўся Абнэр дзеля словаў Ішбашэта, і сказаў: «Ці ж я — сабачая галава з Юды? Сёньня я зьяўляю міласэрнасьць дому Саўла, бацькі твайго, братам ягоным і сябрам ягоным, і цябе не аддаў у рукі Давіда, а ты сварышся на мяне сёньня з прычыны жанчыны гэтай?

9 Няхай гэта зробіць Бог з Абнэрам, і яшчэ дадасьць, калі я не зраблю Давіду так, як ГОСПАД запрысяг яму,

10 што Ён забярэ валадарства ў дома Саўла і паставіць пасад Давіда над Ізраілем і над Юдам, ад Дану аж да Бээр-Шэвы».

11 І той ня мог адказаць Абнэру ані слова, бо баяўся яго.

12 І паслаў Абнэр пасланцоў ад сябе да Давіда, кажучы: «Чыя гэта зямля?», і [яшчэ] кажучы: «Заключы запавет са мной, і вось, рука мая будзе з табою, каб прывесьці да цябе ўвесь Ізраіль».

13 І сказаў [Давід]: «Добра, я заключу з табой запавет, але толькі прашу цябе пра адну рэч, кажучы: “Ты ня ўбачыш аблічча майго, калі не прывядзеш Міхаль, дачку Саўла, калі прыйдзеш убачыць аблічча маё”».

14 І паслаў Давід пасланцоў да Ішбашэта, сына Саўла, кажучы: «Вярні мне жонку маю Міхаль, якую я набыў за сто скуравінак Філістынскіх».

15 І паслаў Ішбашэт, і ўзяў яе ад мужа ейнага, Пальтыэля, сына Ляіша.

16 І ішоў за ёй муж ейны, плачучы аж да Бахурыму, але Абнэр сказаў яму: «Вяртайся [дадому]!» І ён вярнуўся.

17 І зьвярнуўся Абнэр да старшыняў Ізраіля, кажучы: «Яшчэ ўчора і пазаўчора хацелі вы мець валадаром сваім Давіда.

18 І цяпер зрабіце гэта, бо ГОСПАД сказаў Давіду, кажучы: “У руцэ слугі Майго Давіда выратаваньне народу Майго, Ізраіля, з рук Філістынцаў і з рук усіх ворагаў ягоных”».

19 І гаварыў [гэта] Абнэр у вушы Бэн’ямінцам. І пайшоў Абнэр у Хеўрон, каб сказаць у вушы Давіду ўсё, што добрае ў вачах Ізраіля і ў вачах усяго дому Бэн’яміна.

20 І прыйшоў Абнэр да Давіда ў Хеўрон, і дваццацьць ваяроў з ім, і Давід справіў банкет Абнэру і людзям ягоным, што былі з ім.

21 І сказаў Абнэр Давіду: «Я ўстану і пайду, і зьбяру да гаспадара майго, валадара, увесь Ізраіль; і ўвойдуць яны з табой у запавет, і будзеш ты валадарыць над усім, як жадае душа твая». І адпусьціў Давід Абнэра, і ён пайшоў у супакоі.

22 І вось, слугі Давіда і Ёаў прыйшлі з выправы  і прынесьлі вялікую здабычу. А Абнэра не было з Давідам у Хеўроне, бо [Давід] адпусьціў яго, і ён пайшоў у супакоі.

23 І прыйшоў Ёаў і войска, якое з ім, і паведамілі Ёаву, кажучы: «Абнэр, сын Нэра, прыйшоў да валадара, і ён адпусьціў яго, і ён пайшоў у супакоі».

24 І прыйшоў Ёаў да валадара, і сказаў: «Што ты зрабіў? Вось, прыйшоў да цябе Абнэр. Навошта ты адпусьціў яго, і ён адыйшоў?

25 Ты ведаеш Абнэра, сына Нэра. Ён прыйшоў, каб падмануць цябе, і даведацца пра ўваход твой і выхад твой, і даведацца, што ты робіш».

26 І выйшаў Ёаў ад Давіда, і паслаў пасланцоў за Абнэрам, і яны вярнулі яго ад Бор-Гасіры, а Давід ня ведаў [пра гэта].

27 І вярнуўся Абнэр у Хеўрон, а Ёаў адвёў яго ў сярэдзіну брамы, каб з ім таемна пагава­рыць, і ўдарыў яго там [мячом] у жывот, і памёр [Абнэр] за кроў Асаэля, брата Ёава.

28 І пачуў Давід пра гэта, і сказаў: «Не вінаваты ані я, ані валадарства маё перад ГОС­ПАДАМ на вякі ў крыві Абнэра, сына Нэра.

29 Няхай спадзе яна на галаву Ёава і на ўвесь дом бацькі ягонага; няхай не спыняецца ў доме Ёава хворы на выцёкі, пракажоны, той, які ходзіць з кійком, забіты ад мяча і той, хто патрабуе хлеба».

30 А Ёаў і Абішай, брат ягоны, забілі Абнэра за тое, што ён забіў Асаэля, брата іхняга, у Гібэоне ў час бою.

31 І сказаў Давід Ёаву і ўсяму народу, які з ім: «Разьдзярыце адзеньне вашае і апраніцеся ў рызьзё, і лямантуйце дзеля Абнэра». І валадар Давід ішоў за целам ягоным.

32 І пахавалі Абнэра ў Хеўроне, валадар узьняў голас свой і плакаў над магілай Абнэра, і плакаў увесь народ.

33 І засьпяваў валадар жалобны сьпеў дзеля Абнэра, і сказаў: «Ці ж сьмерцю нікчэмнага мусіў паміраць Абнэр?

34 Рукі твае не былі зьвязаныя, і ногі твае не былі закутыя ў кайданы, а ты загінуў, як гінуць ад злодзеяў». І ўвесь народ пачаў яшчэ больш плакаць над ім.

35 І прыйшоў увесь народ прапанаваць Давіду хлеба, калі быў яшчэ дзень, але прысягнуў Давід, кажучы: «Няхай тое і тое зробіць мне Бог, і яшчэ дадасьць, калі я перад заходам сонца пакаштую хлеба або чаго іншага».

36 І ўвесь народ даведаўся гэта, і было добрым гэта ў вачах ягоных, як і ўсё, што рабіў валадар, было добрым у вачах усяго народу.

37 І даведаўся ўвесь народ і ўвесь Ізраіль у той дзень, што Абнэр, сын Нэра, быў забіты не праз валадара.

38 І сказаў валадар слугам сваім: «Ці ж вы ня ведаеце, што сёньня ў Ізраілі загінуў князь і вялікі чалавек?

39 Я цяпер яшчэ слабы, хоць і памазаны на валадара, а гэтыя людзі, сыны Цэруі, мацнейшыя за мяне. Няхай адплаціць ГОСПАД злачынцы паводле ліхоты ягонай».

 

Разьдзел 4

1 І пачуў сын Саўла, што памёр Абнэр у Хеўроне, і самлелі рукі ягоныя, і ўвесь Ізраіль стрывожыўся.

2 Сын Саўла меў двух начальнікаў войска, адзін меў імя Баана, а імя другога — Рэхаў, сыны Рымона з Бээроту, з сыноў Бэн’яміна, бо Бээрот залічалі да Бэн’яміна.

3 А жыхары Бээроту ўцяклі ў Гіттаім і [жывуць] там прыхаднямі аж па сёньняшні дзень.

4 А Ёнатан, сын Саўла, меў кульгавага сына. Бо калі ён меў пяць гадоў, надыйшла вестка з Езрээлю пра Саўла і Ёнатана, і нянька ягоная схапіла яго, і ўцякла. І калі яна пасьпешліва ўцякала, ён упаў і скалечыўся. А імя ягонае — Мэфібашэт.

5 І пайшлі сыны Рымона з Бээроту, Рэхаў і Баана, і ўвайшлі ў сьпякоту дня ў дом Ішбашэта, і ён спаў у [сьпякоту] дня.

6 І ўвайшлі Рэхаў і Баана, брат ягоны, у сярэдзіну дома, [нібы] ўзяць пшаніцы; і ўдарылі [Ішбашэта] пад рэбры, і ўцяклі.

7 І яны ўвайшлі ў дом, а ён спаў на ложку сваім у спальні сваёй. І яны ўдарылі яго, і забілі, і адсеклі галаву ягоную, і ішлі ўсю ноч дарогай Арабы.

8 І прынесьлі яны галаву Ішбашэта Давіду ў Хеўрон, і сказалі валадару: «Вось галава Ішбашэта, сына Саўла, ворага твайго, які цікаваў на душу тваю. І даў ГОСПАД гаспадару нашаму, валадару, адпомсь­ціць сёньня Саўлу і насеньню ягонаму».

9 І адказаў Давід Рэхаву і Баану, брату ягонаму, сынам Рымона з Бээроту, і сказаў ім: «Як жывы ГОСПАД, Які вызваліў душу маю з усякага ўціску.

10 Калі таго, хто паведаміў мне, кажучы: “Вось, Саўл памёр”, і быў ён дабравесьнікам у вачах сваіх, я схапіў і забіў у Цыклягу, і ня даў яму нагароду,

11 тым больш цяпер, калі ліхія людзі забілі праведнага чалавека ў доме ягоным на ложку ягоным. Няўжо я ня буду шукаць кроў ягоную  на руках вашых і ня зьнішчу вас з зямлі?»

12 І загадаў Давід юнакам, і яны забілі іх, і адсеклі рукі іхнія і ногі іхнія, і павесілі іх каля сажалкі ў Хеўроне. А галаву Ішбашэта занесьлі і пахавалі ў магіле Абнэра ў Хеўроне.

 

Разьдзел 5

1 І прыйшлі ўсе калены Ізраіля да Давіда ў Хеўрон, і сказалі: «Вось, мы — косткі твае і цела тваё.

2 Яшчэ ўчора і пазаўчора, калі Саўл валадарыў над намі, ты выводзіў і прыводзіў назад Ізраіля. І ГОСПАД сказаў табе: “Ты будзеш пасьвіць народ Мой, Ізраіля, і ты будзеш правадыром Ізраіля”».

3 І прыйшлі да валадара ў Хеўрон усе старшыні Ізраіля, і валадар Давід заключыў з імі запавет у Хеўроне перад абліччам ГОСПАДА. І памазалі Давіда на валадара над Ізраілем.

4 Трыццаць гадоў меў Давід, калі пачаў валадарыць, і сорак гадоў валадарыў.

5 У Хеўроне над Юдам ён валадарыў сем гадоў і шэсьць месяцаў, а ў Ерусаліме валадарыў трыццаць тры гады над усім Ізраілем і над Юдам.

6 Валадар і ўсе людзі, якія былі з ім, вырушылі на Ерусалім супраць Евусэяў, жыхароў зямлі гэтай. А тыя сказалі Давіду, кажучы: «Ня ўвойдзеш ты сюды, бо выганяць цябе сьляпыя і кульгавыя». Гэта значыла: «Ня ўвойдзе сюды Давід».

7 Але Давід здабыў крэпасьць Сыён, і ён [стаў] горадам Давіда.

8 І сказаў Давід у той дзень: «Кожны, хто ваюе з Евусэямі, няхай ідзе праз вадаспад, і няхай [дабярэцца] да кульгавых і сьляпых, якіх ненавідзіць душа Давіда». Таму кажуць [у прыказцы]: «Сьляпы і кульгавы ня ўвойдуць у дом».

9 І абжыўся Давід у крэпасьці, і назваў яе горадам Давіда. І адбудаваў Давід яго кругом ад Мілло і да дому [свайго].

10 І Давід ставаўся штораз магутнейшы, і ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, [быў] з ім.

11 І паслаў Хірам, валадар Тыру, пасланцоў да Давіда, і дрэва кедровае, і цесьляроў, і муляроў, каб пабудавалі дом Давіду.

12 І даведаўся Давід, што ГОСПАД паставіў яго валадаром над Ізраілем і што Ён узвысіў валадараньне ягонае дзеля народу Свайго, Ізраіля.

13 І ўзяў Давід яшчэ наложніцаў і жонак у Ерусаліме пасьля таго, як перасяліўся з Хеўрону. І яны нарадзілі Давіду яшчэ сыноў і дочак.

14 Вось імёны тых, якія нарадзіліся ў яго ў Ерусаліме: Шамуа, Шаваў, Натан і Салямон,

15 Ібхар, Элішуа, Нэфэг і Яфія,

16 Элішама, Эліяда і Эліфалет.

17 І пачулі Філістынцы, што Давіда памазалі на валадара над Ізраілем, і сабраліся ўсе Філістынцы, каб шукаць Давіда. І Давід пачуў [пра гэта], і ўвайшоў у крэпасьць.

18 І Філістынцы прыйшлі, і разлажыліся ў даліне Рэфаім.

19 І пытаўся Давід у ГОСПАДА, кажучы: «Ці пайсьці мне на Філістынцаў? Ці Ты аддасі іх у рукі мае?» І ГОСПАД сказаў Давіду: «Ідзі, бо Я аддам Філістынцаў у рукі твае».

20 І пайшоў Давід у Баал-Пэрацым, і разьбіў іх там Давід, і сказаў: «Разьдзяліў ГОСПАД ворагаў маіх перад абліччам маім, як разьдзяляюцца воды». Таму тое месца названае Баал-Пэрацым.

21 І пакінулі яны там ідалаў сваіх, і захапілі іх Давід і людзі ягоныя.

22 І прыйшлі зноў Філістынцы, і разлажыліся ў даліне Рэфаім.

23 І Давід пытаўся ў ГОСПАДА, і Ён сказаў: «Не выходзь, але абыйдзі іх кругом і выйдзі да іх з боку дрэваў бальзамовых.

24 І калі пачуеш гук крокаў на вершалінах дрэваў бальзамовых, сьпяшайся, бо тады вый­дзе ГОСПАД перад абліччам тваім, каб разьбіць табар Філістынскі».

25 І зрабіў Давід так, як загадаў яму ГОСПАД, і перамог Філістынцаў ад Гевы аж да ўваходу ў Гэзэр.

 

Разьдзел 6

1 І сабраў Давід усіх выбранцоў з Ізраіля ў ліку трыццаці тысячаў.

2 І ўстаў Давід, і пайшоў з усім народам, які з ім, да Баал-Юды, каб адтуль прынесьці Каўчэг Божы, над якім клікалі імя ГОСПАДА Магуцьцяў, Які сядзіць на херувімах.

3 І паставілі яны Каўчэг Божы на новы воз, і вынесьлі яго з дому Абінадава, які на ўзгорку. А Уза і Ахія, сыны Абінадава, вялі новы воз.

4 І забралі [Каўчэг] Божы з дому Абінадава, які на ўзгорку, і Ахія ішоў перад Каўчэгам.

5 А Давід і ўвесь дом Ізраіля гралі перад ГОСПАДАМ на інструмэнтах з дрэва кіпарысавага, на гусьлях, псалтырах, бубнах, пішчалках і цымбалах.

6 І прыйшлі яны на ток Нахона, і Уза выцягнуў [руку] ў бок Каўчэгу Божага, і прытрымаў яго, бо валы тузануліся.

7 І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць Узы, і ўдарыў яго там Бог за правіну, і ён памёр там пры Каўчэгу Божым.

8 І засмуціўся Давід, што ГОСПАД пакараў Узу, і назваў тое месца Пэрэц-Уза аж да сёньняшняга дня.

9 У той дзень Давід спалохаўся ГОСПАДА і сказаў: «Як да мяне прыйдзе Каўчэг ГОСПАДА?»

10 І не хацеў Давід везьці Каўчэг ГОСПАДА да сябе ў горад Давіда, але накіраваў яго ў дом Абэд-Эдому з Гату.

11 І заставаўся Каўчэг ГОСПАДА ў доме Абэд-Эдому з Гату тры месяцы, і дабраславіў ГОСПАД Абэд-Эдома і ўвесь дом ягоны.

12 І паведамілі валадару Давіду, кажучы: «Дабраславіў ГОСПАД дом Абэд-Эдома і ўсё, што ў яго, дзеля Каўчэгу Божага». І пайшоў Давід, і перанёс Каўчэг Божы з дому Абэд-Эдома ў горад Давіда з радасьцю.

13 І калі тыя, што несьлі [Каўчэг], праходзілі шэсьць крокаў, ён складаў у ахвяру вала або тлустае цяля.

14 І скакаў Давід з усёй сілы перад абліччам ГОСПАДА. І быў апрануты Давід у ільняны эфод.

15 І Давід і ўвесь дом Ізраіля несьлі Каўчэг ГОСПАДА з ускліканьнямі і гукам трубаў.

16 І калі Каўчэг ГОСПАДА прыйшоў у горад Давіда, Міхаль, дачка Саўла, глядзела праз вакно, і ўбачыла Давіда, які скакаў і танчыў перад абліччам ГОСПАДА, і пагрэбавала ім у сэрцы сваім.

17 І прынесьлі Каўчэг ГОСПАДА, і паставілі яго на месцы ягоным, на сярэдзіне намёту, які паставіў для яго Давід. І склаў Давід перад абліччам ГОСПАДА цэласпаленьні і ахвяры мірныя.

18 А калі скончыў Давід складаць ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя, ён дабраславіў народ у імя ГОСПАДА Магуцьцяў.

19 І раздаў ён усяму мноству Ізраіля, кожнаму асобна, як мужчыну, так і жанчыне, па адным бохане хлеба, і па кавалку мяса, і па адной [жмені] разынак. І пайшоў увесь народ у дамы свае.

20 І вярнуўся Давід, каб дабраславіць дом свой. І выйшла на спатканьне Давіда Міхаль, дачка Саўла, і сказала: «Як праславіўся сёньня валадар Ізраіля, агаліўшыся на вачах нявольніцаў слугаў сваіх, быццам агаляецца нейкі пусты чалавек!»

21 І сказаў Давід Міхалі: «Перад абліччам ГОСПАДА, Які выбраў мяне замест бацькі твайго і ўсяго дому ягонага, каб паставіць мяне правадыром народу ГОСПАДА, Ізраіля, перад абліччам ГОСПАДА буду танчыць,

22 і ўпакоруся яшчэ болей, і стануся яшчэ больш паніжаны ў вачах маіх, але перад нявольніцамі, пра якіх ты кажаш, буду праслаўлены».

23 І Міхаль, дачка Саўла, ня мела дзяцей да дня сьмерці сваёй.

 

Разьдзел 7

1 І валадар абжыўся ў доме сваім, і ГОСПАД даў яму супачынак ад усіх ворагаў ягоных навокал.

2 І сказаў валадар прароку Натану: «Вось, я жыву ў доме кедровым, а Каўчэг Божы знаходзіцца ў намёце».

3 І сказаў Натан Давіду: «Усё, што ў сэрцы тваім, рабі, бо ГОСПАД з табою».

4 І сталася, што ў тую ноч было слова ГОСПАДА да Натана, кажучы:

5 «Ідзі і скажы слузе Майму Давіду: “Гэта кажа ГОСПАД. Ці ты збудуеш Мне дом на пражываньне?

6 Бо ня жыў Я ў доме ад дня, у які вывеў сыноў Ізраіля з Эгіпту, аж да гэтага дня, але вандраваў Я ў намёце і ў сялібе.

7 Ці ў час вандроўкі, якую праходзіў Я з усімі сынамі Ізраіля, казаў Я слова хоць аднаму з каленаў Ізраіля, якому даручыў пасьвіць народ Мой Ізраіля, кажучы: «Чаму не пабудавалі вы Мне дому кедровага?»?”

8 І цяпер гэта скажаш слузе Майму Давіду: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Я ўзяў цябе з месца супачынку авечак, каб быў ты правадыром народу Майго Ізраіля.

9 І Я быў усюды з табою, дзе ты хадзіў, і Я выгубіў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, і зрабіў вялікім імя тваё як імя аднаго з вялікіх на зямлі.

10 І Я вызначыў месца народу Майму Ізраілю, і Я ўмацую яго, і пасялю яго там, і ня бу­дзе ён болей трывожаны, і Я ня дам яго ўціскаць людзям нягодным як [было] на пачатку.

11 Ад дня, калі Я паставіў судзьдзяў для народу Майго Ізраіля, Я даў табе супачынак ад усіх ворагаў тваіх. І паведаміў табе ГОСПАД, што ГОСПАД пабудуе табе дом.

12 А калі споўняцца дні твае і ты супачынеш з бацькамі тваімі, Я ўзбуджу насеньне тваё пасьля цябе, якое выйдзе з нутра твайго, і ўмацую валадарства ягонае.

13 Ён пабудуе дом для імя Майго, і Я ўмацую пасад валадарства ягонага на вякі.

14 Я буду яму бацькам, а ён будзе Мне сынам. Калі ён бу­дзе блукаць, Я буду караць яго дубцом людзкім і плягамі сыноў чалавечых.

15 Але міласэрнасьці Маёй не спыню адносна яго, як спыніў адносна Саўла, якога Я адкінуў перад абліччам тваім.

16 І будзе трывалым дом твой, і валадарства тваё будзе перад абліччам вечна, і пасад твой будзе трываць на вякі”».

17 Гэтымі ўсімі словамі і паводле ўсяго відзежу гэтага прамовіў Натан да Давіда.

18 І пайшоў валадар Давід, і сеў перад абліччам ГОСПАДА, і сказаў: «Хто я, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, і што ёсьць дом мой, што Ты прывёў мяне аж сюды?

19 Але і гэта здавалася Табе замала, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, і Ты сказаў таксама пра род слугі Твайго на будучыню. І такі будзе закон чалавечы, Госпадзе ГОСПАДЗЕ!

20 Дык што яшчэ можа ска­заць Табе Давід? Ты ведаеш слугу Твайго, Госпадзе ГОСПАДЗЕ.

21 Дзеля слова Твайго і паводле сэрца Твайго ўчыніў Ты гэтыя вялікія рэчы і даў пазнаць [Цябе] слузе Твайму.

22 Магутны Ты, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, і нікога няма падобнага да Цябе, і няма Бога, апрача Цябе, паводле ўсяго таго, што чулі вушы нашыя.

23 Ці ёсьць хто яшчэ, як народ Твой, Ізраіль? Ці ёсьць на зямлі народ, дзеля якога Бог прыйшоў, каб адкупіць яго Сабе за народ і праславіць імя Сваё, і ўчыніць для яго вялікія і страшныя рэчы ў зямлі Тваёй, выганяючы перад народам Тваім, які Ты вызваліў з Эгіпту, народы і багоў іхніх?

24 Ты паставіў народ Твой, Ізраіля, як выбраны народ Твой на вякі, і Ты, ГОСПАДЗЕ, стаўся яму Богам.

25 І цяпер, ГОСПАДЗЕ Божа, умацуй на вякі слова Тваё, якое сказаў Ты адносна слугі Твайго і дому ягонага, і выканай тое, што прамовіў.

26 І будуць славіць на вякі імя Тваё, кажучы: “ГОСПАД Магуцьцяў — Бог Ізраіля”. А дом слугі Твайго Давіда будзе моцна стаяць перад абліччам Тваім.

27 Бо Ты, ГОСПАДЗЕ Магуцьцяў, Божа Ізраіля, абвясьціў у вушы слузе Твайму, кажучы: “Я пабудую табе дом”, таму я асьмеліўся ў сэрцы сваім пра­сіць Цябе ў гэтай малітве.

28 І цяпер, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, Ты — Бог, і словы Твае праўдзівыя, і Ты абяцаў слузе Твайму гэтае дабро.

29 Будзь жа ласкавы і дабраславі дом слугі Твайго, каб быў ён вечна перад абліччам Тваім, бо Ты, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, прамовіў [гэта], і няхай дабраславенствам Тваім будзе вечна дабраслаўлёны дом слугі Твайго».

 

Разьдзел 8

1 І сталася пасьля гэтага, Давід разьбіў Філістынцаў і падпарадкаваў іх. І ўзяў Давід з рук Філістынцаў Мэтэг і ваколіцы.

2 І разьбіў ён Мааўлянаў, і зьмерыў іх вяроўкаю, палажыўшы на зямлю; дзьве вяроўкі адмяраў для тых, што мелі быць забітыя, а адну вяроўку для тых, што мелі застацца пры жыцьці. І Мааўляне сталіся слугамі Давіда, і прыносілі яму даніну.

3 І пабіў Давід Гададэзэра, сына Рэхова, валадара Цовы, калі той пайшоў, каб паставіць руку сваю над ракой Эўфрат.

4 І ўзяў у яго Давід тысячу семсот коньнікаў і дваццаць тысячаў пяхотнікаў. І паперарэзваў Давід жылы ў-ва ўсіх [коняў] тых калясьніцаў, і пакінуў з іх сабе сто калясьніцаў.

5 І прыйшоў Арам з Дамаску на дапамогу Гададэзэру, валадару Цовы, і Давід пабіў у Арама дваццаць дзьве тысячы чалавек.

6 І паставіў Давід залогі ў Араме ў Дамаску, і Арам стаўся слугой Давіда, і прыносіў яму даніну. І ГОСПАД выбаўляў Давіда ў-ва ўсіх выправах ягоных.

7 І ўзяў Давід залатую зброю, якую мелі слугі Гададэзэра, і прынёс яе ў Ерусалім.

8 А з Бэтаху і Бэратаю, гарадоў Гададэзэра, узяў Давід вельмі шмат медзі.

9 І пачуў Тоў, валадар Хамату, што Давід перамог усё войска Гададэзэра,

10 і паслаў Тоў сына свайго Ярама да валадара Давіда прывітаць яго і дабраславіць яго, што ён ваяваў з Гададэзэрам і пабіў яго, бо Тоў і Гададэзэр былі ворагамі. І ў руцэ [Ярама] былі рэчы срэбныя, рэчы залатыя і рэчы мядзяныя.

11 І валадар Давід пасьвяціў таксама гэта для ГОСПАДА разам са срэбрам і золатам, якое забраў ён у-ва ўсіх упакораных народаў:

12 у Арама, Мааўлянаў, сыноў Амона, Філістынцаў, Амалекцаў, і са здабычы Гададэзэра, сына Рэхова, валадара Цовы.

13 І праславіў Давід імя сваё, калі, вяртаючыся, пабіў Арама ў Саляной даліне, васямнац­цаць тысячаў чалавек.

14 І паставіў ён у Эдоме залогу, і ўвесь Эдом стаўся слугою Давіда. І ГОСПАД выбаўляў Давіда ў-ва ўсіх выправах ягоных.

15 І валадарыў Давід над усім Ізраілем, і чыніў Давід суд і праведнасьць усяму народу свайму.

16 І Ёаў, сын Цэруі, [быў] над войскам, а Язафат, сын Ахілюда — канцлер,

17 Цадок, сын Ахітува, і Абіятар, сын Ахімэлеха, — святары, а Сэрая — пісар,

18 Бэная, сын Егаяды, — над Керэтамі і Пэлетамі, а сыны Давіда былі сьвятарамі.

 

Разьдзел 9

1 І сказаў Давід: «Ці застаўся яшчэ хто з дому Саўла, бо я зьяўлю міласэрнасьць яму дзеля Ёнатана?»

2 А з дому Саўла [застаўся] адзін слуга на імя Цыва. І паклікалі яго да Давіда, і валадар сказаў яму: «Ці ты Цыва?» Ён сказаў: «Слуга твой».

3 І сказаў валадар: «Ці застаўся яшчэ хто з дому Саўла, каб я зьявіў яму міласэрнасьць Божую?» І сказаў Цыва валадару: «Яшчэ [застаўся] сын Ёнатана, хворы на ногі».

4 І сказаў яму валадар: «Дзе ён?» А Цыва сказаў валадару: «Вось, ён у доме Махіра, сына Аміэля, у Лёдэбары».

5 І валадар Давід паслаў па яго, і ўзяў яго з дому Махіра, сына Аміэля, з Лёдэбару.

6 І прыйшоў Мэфібашэт, сын Ёнатана, сына Саўла, да Давіда, і ўпаў на аблічча сваё, і пакланіўся. І сказаў Давід: «Мэфібашэт». Ён сказаў: «Вось слуга твой».

7 І сказаў яму Давід: «Ня бойся, бо я зьяўлю табе міласэрнасьць дзеля Ёнатана, бацькі твайго, і я зьвярну табе ўсе палі Саўла, бацькі твайго, і ты будзеш есьці хлеб са стала майго заўсёды».

8 І той пакланіўся, і сказаў: «Хто ж [ёсьць] слуга твой, што ты зьвярнуў увагу на здохлага сабаку, такога, як я».

9 І паклікаў валадар Цыву, слугу Саўла, і сказаў яму: «Усё тое, што належала Саўлу і ўсяму дому ягонаму, я перадаю сыну гаспадара твайго.

10 І будзеш яму служыць на ральлі ты, і сыны твае, і слугі твае, і будзеш прынось [плады], і будзе хлеб у сына гаспадара твайго, і ён будзе есьці [яго]. І Мэфібашэт, сын гаспадара твайго, будзе есьці заўсёды хлеб са стала майго». А Цыва меў пятнаццаць сыноў і дваццаць слугаў.

11 І сказаў Цыва валадару: «Як загадаў гаспадар мой, валадар, слузе твайму, так і зробіць слуга твой». І Мэфібашэт еў са стала [Давіда], як адзін з сыноў валадара.

12 Мэфібашэт меў сына малога на імя Міха. І ўсе, што жылі ў доме Цывы, былі слугамі ў Мэфібашэта.

13 І жыў Мэфібашэт у Ерусаліме, бо ён заўсёды еў са стала валадарскага. А быў ён кульгавы на абедзьве нагі.

 

Разьдзел 10

1 І сталася пасьля таго, памёр валадар сыноў Амона, і заваладарыў на месцы ягоным Ханун, сын ягоны.

2 І сказаў Давід: «Зьяўлю міласэрнасьць Хануну, сыну Нахаша, як зьявіў мне міласэрнасьць бацька ягоны». І паслаў Давід слугаў сваіх, каб пацешыць яго дзеля сьмерці бацькі. І слугі Давіда прыйшлі ў зямлю сыноў Амона.

3 І сказалі князі сыноў Амона Хануну, гаспадару свайму: «Ці Давід так шануе бацьку твайго ў вачах тваіх, што ён прыслаў да цябе суцяшальнікаў? Ці ня дзеля таго, каб высачыць, і выведаць горад, і [пасьля] зруйнаваць яго, паслаў Давід слугаў сваіх да цябе?»

4 І схапіў Ханун слугаў Давіда, і абгаліў палову барады іхняй, і абрэзаў адзеньне іхняе напалову, аж да азадкаў, і выправіў іх.

5 І паведамілі Давіду, і ён паслаў насустрач ім, бо яны былі вельмі асаромленыя. І сказаў валадар: «Застаньцеся ў Ерыхоне, пакуль адрастуць бароды вашыя, і тады вернецеся».

6 І ўбачылі сыны Амона, што сталіся яны ненавіснымі Давіду, і паслалі сыны Амона, і нанялі Сірыйцаў з Бэт-Рэхова і Сірыйцаў з Цовы, дваццаць тысячаў пяхотнікаў, і тысячу ваяроў ад валадара Маахі, і з Тову дванаццаць тысячаў чалавек.

7 І пачуў [пра гэта] Давід, і паслаў Ёава з усім войскам волатаў.

8 І выйшлі сыны Амона, і сталі ў шыхт перад уваходам у браму. А Сірыйцы з Цовы і Рэхову і людзі з Тову і Маахі асобна [стаялі] ў полі.

9 І ўбачыў Ёаў, што войскі супраць яго сьпераду і ззаду, і выбраў сабе выбранцоў Ізраіля, і паставіў іх у шыхты супраць Сірыйцаў.

10 А рэшту людзей даручыў у руку брату свайму Абішаю, які стаў у шыхце супраць сыноў Амона.

11 І сказаў [Ёаў]: «Калі Сірыйцы будуць мацнейшыя ад мяне, ты прыйдзеш мне на дапамогу. А калі сыны Амона будуць мацнейшыя ад цябе, я прыйду на дапамогу табе.

12 Будзь мужны, і будзем змагацца за народ наш і за гарады Бога нашага. Няхай ГОСПАД зробіць тое, што добрае ў вачах Ягоных».

13 І Ёаў і войска, якое з ім, пайшлі ў бой супраць Сірыйцаў, і тыя ўцяклі перад імі.

14 А сыны Амона ўбачылі, што Сірыйцы ўцяклі, і ўцяклі перад Абішаем, і ўвайшлі ў горад. І адыйшоў Ёаў ад сыноў Амона, і вярнуўся ў Ерусалім.

15 А Сірыйцы ўбачылі, што яны пабітыя Ізраільцянамі, і сабраліся разам.

16 І паслаў Гададэзэр, і прывёў Сірыйцаў, якія на другім баку ракі, і прыйшлі яны ў Хэлям. І Шабах, начальнік войска Гададэзэра, быў на чале іх.

17 І паведамілі [пра гэта] Давіду, і ён сабраў усяго Ізраіля, і пераправіўся праз Ярдан, і прыйшоў у Хэлям. І Сірыйцы сталі ў шыхт супраць Давіда, і ваявалі з ім.

18 І ўцяклі Сірыйцы перад абліччам Ізраіля, і Давід выбіў у Сірыйцаў семсот калясьніцаў і сорак тысячаў вершнікаў. І забіў ён Шабаха, начальніка войска, і ён памёр там.

19 І ўбачылі ўсе валадары, слугі Гададэзэра, што яны пераможаныя Ізраілем, і заключылі мір з Ізраілем, і служылі яму. І баяліся Сірыйцы дапамагаць сынам Амона.

 

Разьдзел 11

1 І сталася праз год, у час, калі валадары выходзяць [на войны], Давід выправіў Ёава і слугаў сваіх з ім, і ўсяго Ізраіля, і яны спустошылі сыноў Амона і абляглі Раббу. А Давід застаўся ў Ерусаліме.

2 І сталася вечарам, што Давід падняўся з ложку свайго і шпацыраваў на даху дома валадарскага. І ўбачыў ён з даху жанчыну, якая мылася, а жанчына была вельмі прыгожая.

3 І валадар паслаў выведаць, што гэта за жанчына. І сказалі яму, што гэта Батшэва, дачка Эліяма, жонка Урыі Хета.

4 І паслаў Давід пасланцоў, і ўзяў яе. І яна пайшла да яго, і ён спаў з ёю. І яна ачысьцілася ад нячыстасьці сваёй, і вярнулася ў дом свой.

5 І зачала тая жанчына, і па­слала яна, і паведаміла валадару, і сказала: «Я цяжарная».

6 І паслаў Давід да Ёава: «Пашлі да мяне Урыю Хета». І паслаў Ёаў Урыю Хета да Давіда.

7 І прыйшоў Урыя да [Давіда], і Давід спытаўся пра справы Ёава і народу, і пра падзеі вайны.

8 І сказаў Давід Урыі: «Ідзі ў дом свой, і памый ногі твае». І выйшаў Урыя з дому валадарскага, а за ім панесьлі яму стравы ад валадара.

9 Але Урыя лёг спаць пры дзьвярах дому валадара з усімі слугамі гаспадара свайго і не пайшоў у дом свой.

10 І паведамілі Давіду, кажучы: «Урыя не пайшоў у дом свой». І сказаў Давід Урыі: «Ці ж ты не прыйшоў з дарогі? Чаму ж не заходзіш у дом твой?»

11 І сказаў Урыя Давіду: «Каўчэг, Ізраіль і Юда жывуць у буданах, і гаспадар мой Ёаў, і слугі гаспадара майго разлажыліся табарам на абліччы поля, а я пайду ў дом свой есьці і піць, і спаць з жонкай? Як жывы ты і як жывая душа твая, гэтага я не зраблю» 

12 І сказаў Давід Урыі: «Застанься тут сёньня, а заўтра я адпушчу цябе». І застаўся Урыя ў Ерусаліме на той дзень, і на другі.

13 І паклікаў яго Давід, і ён еў перад абліччам ягоным, і піў, і напаіў яго. І выйшаў ён увечары, і спаў на посьцілцы сваёй між слугаў гаспадара свайго, а ў дом свой не пайшоў.

14 І раніцаю напісаў Давід ліст да Ёава, і паслаў праз Урыю.

15 А ў лісьце ён напісаў, кажучы: «Пастаўце Урыю там, дзе будзе найцяжэйшы бой, і адыйдзіцеся ад яго, каб быў ён паранены і загінуў».

16 І Ёаў агледзеў горад, і па­ставіў Урыю ў месцы, пра якое ведаў, што там ваяры адважныя.

17 І выйшлі з гораду людзі, і ваявалі супраць Ёава. І былі забітыя ў народзе слугі Давіда, і загінуў таксама Урыя Хет.

18 І паслаў Ёаў паведаміць Давіду ўсе падзеі бою гэтага.

19 І загадаў ён весьніку, кажучы: «Калі ты скончыш расказваць валадару пра ўсе падзеі бою гэтага,

20 і ўбачыш, што валадар разгневаўся, і ён скажа табе: “Чаму вы так блізка пад горад падыходзілі ваяваць? Ці вы ня ведалі, што з муроў будуць страляць у вас?

21 Хто забіў Абімэлеха, сына Еруббаала? Ці ж не жанчына, якая скінула на яго з муру камень млынавы, і ён памёр у Тэбэцы? Чаму вы падыходзілі пад мур?” І ты скажы: “Слуга твой Урыя Хет згінуў таксама”».

22 І пайшоў пасланец, і прыйшоў, і паведаміў Давіду ўсё, з чым паслаў яго Ёаў.

23 І сказаў пасланец Давіду: «Яны мелі перавагу над намі, і яны выйшлі супраць нас у поле, але мы змагаліся з імі аж да брамы [гораду].

24 І лучнікі стралялі ў слугаў тваіх стрэламі з муру, і загінулі слугі валадара, і слуга твой Урыя Хет загінуў таксама».

25 І сказаў Давід пасланцу: «Так скажы Ёаву: “Няхай ня будзе ў вачах тваіх тое, што сталася, бо меч дасягае раз таго, другі раз іншага. Будзь мужны ў вайне супраць гораду і зьнішчы яго”. І ты падбадзёр яго».

26 І пачула жонка Урыі, што загінуў Урыя, муж ейны, і плакала па чалавеку сваім.

27 Пасьля заканчэньня жалобы паслаў Давід, і ўзяў яе ў дом свой, і сталася яна жонкай ягонай, і нарадзіла яму сына. Але была кепскай у вачах ГОСПАДА справа гэтая, якую ўчыніў Давід.

 

Разьдзел 12

1 І паслаў ГОСПАД Натана да Давіда, і ён прыйшоў да яго, і сказаў яму: «У адным горадзе жылі два чалавекі, адзін быў багаты, а другі — бедны.

2 Багаты меў вельмі шмат авечак і валоў.

3 А бедны ня меў нічога, апрача адной малой авечачкі, якую купіў. Ён карміў яе, і яна расла пры ім разам з дзецьмі ягонымі, і ела пасілак ягоны, і піла з кубка ягонага, і спала каля яго, і была яму быццам дачка.

4 І прыйшоў госьць да чалавека багатага, але яму было шкада браць авечак сваіх і валоў сваіх, каб прыгатаваць ежу падарожніку, які прыйшоў да яго. І ўзяў ён авечку беднага чалавека, і прыгатаваў страву чалавеку, які прыйшоў да яго».

5 І Давід запалаў гневам на чалавека таго, і сказаў Натану: «Як жывы ГОСПАД, варты сьмерці той чалавек, які так зрабіў.

6 А за авечку няхай аднагародзіцца ў чатыры разы за тое, што так зрабіў і што не пашкадаваў яго».

7 І сказаў Натан Давіду: «Ты — той чалавек! Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я памазаў цябе на валадара над Ізраілем і Я выратаваў цябе з рукі Саўла,

8 і даў табе дом гаспадара твайго і жонак гаспадара твайго на ўлоньне тваё, і аддаў табе дом Ізраіля і Юды, а калі яшчэ гэтага табе замала, дадаў бы табе яшчэ болей.

9 Дык чаму ты пагардзіў словам ГОСПАДА, робячы тое, што ліхое ў вачах Ягоных? Урыю Хета ты забіў мячом, а жонку ягоную ўзяў сабе за жонку. Ты забіў [Урыю] мячом сыноў Амона.

10 І цяпер меч не адступіць ад дому твайго на вякі за тое, што ты пагардзіў Мною і ўзяў жонку Урыі Хета, каб была жонкай тваёй”.

11 Гэта кажа ГОСПАД: “Вось, Я навяду на цябе бяду, якая [выйдзе] з дому твайго, і вазьму жонак тваіх на вачах тваіх, і аддам іх бліжняму твайму, і будзе ён спаць з жонкамі тваімі на вачах сонца гэтага.

12 Бо ты зрабіў тое патаемна, а Я зраблю гэта перад усім Ізраілем і перад сонцам».

13 І сказаў Давід Натану: «Саграшыў я перад ГОСПАДАМ!» І сказаў Натан Давіду: «ГОСПАД зьняў з цябе грэх, ты не памрэш.

14 Але як ты праз [грэх свой] пагрэбаваў зьнявагамі ворагаў ГОСПАДА, сын, які народзіцца ў цябе, памрэ».

15 І Натан пайшоў у дом свой, а ГОСПАД дакрануўся дзіцяці, якога нарадзіла жонка Урыі Давіду, і яно захварэла.

16 І прасіў Давід Бога за хлопчыка, і посьціў Давід пастом, і прыйшоў [у Дом Божы], і начаваў [там], і ляжаў на зямлі.

17 І сталі старшыні дому ягонага над ім, каб падняць яго з зямлі, але ён не хацеў, і ня еў хлеб з імі.

18 І сталася ў сёмы дзень, што памерла дзіцятка, і слугі Давіда баяліся паведаміць яму, што дзіця памерла, бо гаварылі яны: «Калі яшчэ дзіця жыло, гаварылі мы да яго, але ён не хацеў слухаць голасу нашага. А цяпер як можам сказаць: “Дзіця памерла”. Можа зрабіць ён [сабе] нешта благое».

19 І ўбачыў Давід, што слугі ягоныя шэпчуцца між сабою, і зразумеў Давід, што дзіця памерла. І сказаў Давід слугам сваім: «Ці памерла дзіця?» І яны сказалі: «Памерла».

20 І падняўся Давід з зямлі, і памыўся, і намасьціўся, і зьмя­ніў адзеньне сваё, і ўвайшоў у Дом ГОСПАДА, і пакланіўся. І вярнуўся ў дом свой, і папрасіў, каб далі яму хлеб, і еў.

21 І сказалі яму слугі ягоныя: «Чаму гэта робіш? Пакуль яшчэ дзіця жыло, ты посьціў і плакаў, а калі дзіця памерла, ты ўстаў і ясі хлеб?»

22 І сказаў [Давід]: «Пакуль дзіця жыло, я посьціў і плакаў, бо я казаў сабе: “Хто ведае, можа, ГОСПАД зьлітуецца, і дзіця будзе жыць?”

23 А цяпер [дзіця] памерла.Навошта маю посьціць? Ці ж я змагу яго вярнуць? Я пайду да яго, але яно да мяне ня вернецца».

24 І суцяшаў Давід жонку сваю Батшэву, і ўвайшоў да яе, і спаў з ёю. І яна нарадзіла яму сына, і ён даў яму імя Салямон. І ГОСПАД палюбіў яго,

25 і паслаў да яго, і праз прарока Натана даў яму імя Едыдыя паводле загаду ГОСПАДА.

26 А Ёаў ваяваў супраць Раббы сыноў Амона, і здабыў горад валадарства.

27 І паслаў Ёаў пасланцоў да Давіда, і сказаў: «Я ваяваў супраць Раббы і здабыў Горад водаў.

28 І цяпер ты зьбяры рэшту народу, і стань аблогаю вакол гораду, і здабудзь яго, бо калі я здабуду горад, ці ж ня імем маім будзе ён названы?»

29 І Давід сабраў увесь народ, і пайшоў на Раббу, і ваяваў суп­раць яе, і здабыў яе.

30 І ўзяў ён дыядэму з галавы Мількома, вага ейная — талент золата, і камень каштоўны [на ёй], і была яна на галаве Давіда. І вынес ён з гораду вельмі вялікую здабычу.

31 А народ, які ў ім, ён вывеў і паклаў пад пілы, ламы жалезныя і сякеры жалезныя, і вывеў іх у печы цагельныя. Так учыніў ён з усімі гарадамі сыноў Амона. І вярнуўся Давід і ўвесь народ у Ерусалім.

 

Разьдзел 13

1 І сталася пасьля таго. Абсалом, сын Давіда, меў прыгожую сястру імем Тамар. І закахаўся ў яе Амнон, сын Давіда.

2 І так мучыўся гэтым Амнон, што аж захварэў з прычыны сястры сваёй Тамар. А была яна [яшчэ] дзяўчынай, і было цяжкім у вачах Амнона зрабіць штосьці з ёю.

3 І меў Амнон сябра імем Ёнадаў, сына Шаммы, брата Давіда. Ёнадаў быў чалавек вельмі хітры.

4 І ён сказаў яму: «Чаму ты худнееш з вечару да вечару, сыне валадара? Ці не паведаміш мне [пра гэта]?» І Амнон сказаў яму: «Я кахаю Тамар, сястру Абсалома, брата майго».

5 І сказаў яму Ёнадаў: «Ляж у ложак і ўдавай хворага. І прыйдзе бацька твой адведаць цябе, і ты скажы яму: “Няхай прыйдзе, прашу, сястра мая Тамар і пакорміць мяне хлебам, і на вачах маіх зробіць пасілак, каб я бачыў гэта і еў з рук ейных”».

6 І Амнон лёг, і ўдаваў хворага. І прыйшоў валадар, каб адведаць яго, і Амнон сказаў валадару: «Няхай прый­дзе, прашу, Тамар, сястра мая, і няхай на вачах маіх сьпячэ дзьве аладкі, і я прыйму ежу з рук ейных».

7 І паслаў Давід у дом да Тамар, кажучы: «Схадзі, калі ласка, у дом Амнона, брата твайго, і сьпячы яму аладкі».

8 І пайшла Тамар у дом брата свайго Амнона, а ён ляжаў. І ўзяла яна цеста, і замясіла, і зрабіла аладкі на вачах ягоных, і сьпякла аладкі.

9 І ўзяла яна патэльню, і выклала перад ім, але ён не хацеў есьці. І сказаў Амнон: «Няхай усе выйдуць ад мяне». І ўсе людзі выйшлі ад яго.

10 І Амнон сказаў Тамар: «Прынясі пасілак у спальню, і я зьем яго з рукі тваёй». І ўзяла Тамар аладкі, што зрабіла, і прынесла Амнону, брату свайму, у спальню.

11 І дала яму, каб ён еў, але ён схапіў яе і сказаў: «Хадзі, ляж са мною, сястра мая».

12 Яна сказала яму: «Не, брат мой, ня гвалць мяне, бо так у Ізраілі ня робіцца. Не рабі гэтай дурасьці.

13 Куды я дзенуся са зьнявагай сваёй? А ты станеш адным з мярзотнікаў у Ізраілі! Ты пагавары, калі ласка, з валадаром, бо ён не адмовіць [даць] мяне табе».

14 Але ён не хацеў слухаць голасу яе. І быў ён мацнейшы за яе, і апаганіў яе, і ляжаў з ёю.

15 І зьненавідзеў яе Амнон нянавісьцю вялікай, і нянавісьць гэтая была большай, чым каханьне, якім кахаў яе. І сказаў ёй Амнон: «Уставай і ідзі [адсюль]».

16 Яна сказала яму: «Не рабі, выганяючы ад сябе, мне яшчэ большай крыўды ад той, якую мне зрабіў». Але ён не хацеў слухаць яе.

17 І паклікаў прыдзьверніка, які паслугаваў яму, і сказаў: «Выгані яе ад мяне на вуліцу і зачыні за ёю дзьверы».

18 Яна была апранутая ў сукню доўгую, бо так апраналіся дочкі валадарскія, дзяўчыны. І вывеў яе паслугач на вуліцу, і замкнуў за ёю дзьверы.

19 І Тамар пасыпала сабе галаву попелам, разадрала сукню сваю доўгую, палажыла рукі на галаву  сваю, і пайшла, і галасіла.

20 І сказаў ёй Абсалом, брат ейны: «Ці Амнон, брат твой, быў з табою? Цяпер сястра мая, супакойся, бо ён — брат твой. Не бяры гэтага да сэрца свайго». І засталася збалелая Тамар у доме Абсалома, брата свайго.

21 І пачуў пра ўсё гэта валадар Давід, і вельмі ўзлаваўся.

22 А Абсалом не гаварыў Амнону ані добрага, ані ліхога, бо зьненавідзеў Абсалом Амнона за тое, што ён зьняважыў Тамар, сястру ягоную.

23 І сталася праз два гады, што Абсалом стрыг [авечак] у Баал-Хацоры, недалёка Эфраіма, і запрасіў Абсалом усіх сыноў валадара.

24 І прыйшоў Абсалом да валадара, і сказаў: «Вось, стрыгуць [авечак] у слугі твайго. Няхай прыйдзе валадар са слугамі сваімі да слугі свайго».

25 І сказаў валадар Абсалому: «Не, сыне мой, ня прыйдзем мы ўсе да цябе і ня будзем абцяжарваць цябе». І ён вельмі прасіў яго, а той не хацеў ісьці, але дабраславіў яго.

26 І сказаў Абсалом: «Калі ня [прыйдзеш], няхай прыйдзе, прашу, Амнон, брат мой». І сказаў яму валадар: «Навошта ён меў бы ісьці да цябе?»

27 Але Абсалом вельмі прасіў яго, і ён паслаў з ім Амнона і ўсіх сыноў валадарскіх.

28 І загадаў Абсалом слугам сваім, кажучы: «Глядзіце, калі сэрца Амнона павесялее ад віна, я скажу вам: “Ударце Амнона”, і вы забіце яго! Ня бойцеся, бо гэта я загадваю вам. Набярыцеся сілы і будзьце адважнымі».

29 І зрабілі юнакі Абсалома Амнону так, як ім загадаў Абсалом. А ўсе сыны валадара ўскочылі, і сеў кожны на мула свайго, і ўцяклі.

30 А калі яны былі яшчэ ў дарозе, дайшла да Давіда вестка, кажучы: «Абсалом забіў усіх сыноў валадара, і не пакінуў з іх аніводнага».

31 І ўстаў валадар, і разьдзёр адзеньне сваё, і ўпаў на зямлю, і ўсе слугі ягоныя, якія стаялі [там], разьдзёрлі адзеньне сваё.

32 І адказаў Ёнадаў, сын Шаммы, брата Давіда, і сказаў: «Няхай ня кажа гаспадар мой, што ўсе юнакі, сыны валадара, забітыя. Толькі Амнон забіты, бо ў Абсалома на вуснах быў намер гэты з таго дня, як [Амнон] зьняважыў Тамар, сястру ягоную.

33 І цяпер няхай не бярэ сабе гаспадар мой, валадар, гэтага да сэрца свайго, кажучы, што ўсе сыны валадара загінулі. Бо загінуў толькі Амнон.

34 А Абсалом уцёк». А юнак, які вартаваў, узьняў вочы свае, і ўбачыў, і вось, мноства [лю­дзей], якія зыходзяць па схілу гары.

35 І сказаў Ёнадаў валадару: «Вось, ідуць сыны валадара! Так сталася, як слуга твой гаварыў».

36 І калі скончыў ён гаварыць, вось, прышлі сыны валадара, і яны ўзьнялі голас свой, і плакалі. Таксама валадар і ўсе слугі ягоныя плакалі плачам вельмі вялікім.

37 А Абсалом уцёк і пайшоў да Тальмая, сына Аміхуда, валадара Гешуру. І [Давід] быў у жалобе па сыне сваім усе дні.

38 А Абсалом уцёк і пайшоў у Гешур, і быў там тры гады.

39 І перастаў валадар Давід гневацца на Абсалома, бо ўжо супакоіўся пасьля сьмерці Амнона.

 

Разьдзел 14

1 І зразумеў Ёаў, сын Цэруі, што сэрца валадара [прыхілілася] да Абсалома.

2 І паслаў Ёаў у Тэкоа, і прывёў адтуль мудрую жанчыну, і сказаў ёй: «Удай, што ты ў жалобе і апраніся ў адзеньне жалобнае, і не намашчайся алеем, і будзеш як жанчына, якая шмат дзён у жалобе па памерлым.

3 І пойдзеш ты да валадара, і скажаш яму словы гэтыя». І ўлажыў Ёаў словы ў вусны ейныя.

4 І казала жанчына з Тэкоа валадару, і ўпала на аблічча сваё, і пакланілася [яму], і сказала: «Дапамажы, валадару».

5 І сказаў ёй валадар: «Што табе?» Яна сказала: «Я — удава, а муж мой памёр.

6 І мела служка твая двух сыноў, і яны пасварыліся ў полі, і не было [нікога], хто б іх разьвёў, і адзін ударыў другога, і той памёр.

7 І вось, уся сям’я паднялася супраць служкі тваёй, і сказалі: “Аддай забойцу брата, і мы заб’ем яго за душу брата ягонага, якога ён забіў. І зьні­шчым спадкаемцу”. І яны затушаць зьнічку маю, каб не засталося па мужу маім ані імя, ані нашчадкаў на абліччы зямлі».

8 І сказаў валадар жанчыне: «Вяртайся ў дом твой, а я загадаю адносна цябе».

9 І жанчына з Тэкоа сказала валадару: «На мне, гаспадару мой, валадар, віна і на доме бацькі майго, а валадар і пасад ягоны не вінаваты».

10 І сказаў валадар: «Калі хто будзе гаварыць супраць цябе, прывядзі яго да мяне, і ён ужо ня будзе чапляцца да цябе».

11 І сказала яна: «Узгадай, валадару, на ГОСПАДА, Бога твайго, каб мсьціўца за кроў не павялічваў зьнішчэньне і каб не загубілі яны сына майго». Ён сказаў: «Як жывы ГОСПАД, не спадзе нават волас [з галавы] сына твайго на зямлю».

12 І сказала жанчына: «Ці можа служка твая прамовіць да гаспадара майго, валадара, слова?» Ён сказаў: «Кажы».

13 І сказала жанчына: «Чаму ты так думаеш [рабіць] супраць народу Божага? Бо калі валадар сказаў слова гэтае, ён абвінаваціў сябе, бо валадар не вяртае выгнанца свайго.

14 Бо сьмерцю мы памром, і мы быццам вада, разьлітая на зямлі, якую немагчыма сабраць. Але Бог ня [хоча] загубіць душу, і Ён думае, каб ня быў на выгнаньні выгнанец.

15 І вось, я прыйшла ска­заць гаспадару майму, валадару, слова гэтае, бо гэты народ палохае мяне. І сказала служка твая: “Скажу я валадару, можа, ён выканае слова служкі сваёй.

16 І выслухае валадар, каб вызваліць служку сваю з рукі таго, хто хоча зьнішчыць мяне і сына майго і [пазбавіць] спадчыны Божай”.

17 І сказала служка твая: “Няхай слова гаспадара майго, валадара, суцешыць мяне. Як анёл Божы гаспадар мой, валадар, які выслухае тое, што добрае, і тое, што ліхое”. Няхай ГОСПАД, Бог твой, будзе з табою!»

18 І адказаў валадар, і сказаў жанчыне: «Не хавай ад мяне таго, пра што я цябе спытаю». І сказала жанчына: «Гавары, гаспадару мой, валадар».

19 І сказаў валадар: «Ці не рука Ёава з табой у-ва ўсіх гэтых [словах]?» І адказала жанчына, і сказала: «Як жывая душа твая, гаспадару мой, валадар! Нельга [ўхіліцца] ані ўправа, ані ўлева ад усяго, пра што кажа гаспадар мой, валадар. Бо слуга твой Ёаў загадаў мне, і ён улажыў у вусны служкі тваёй усе словы гэтыя.

20 Каб прыповесьцю зьмяніць выгляд гэтай справе, слуга твой Ёаў зрабіў гэта, але гаспадар мой мудры, як мудры анёл Божы, каб ведаць усё, што [адбываецца] на зямлі».

21 І сказаў валадар Ёаву: «Вось, калі ласка, зрабі гэтую справу, і ідзі, і прывядзі юнака Абсалома».

22 І Ёаў упаў на аблічча сваё на зямлю, і пакланіўся, і дабраславіў валадара, і сказаў Ёаў: «Сёньня даведаўся слуга твой, што я знайшоў ласку ў вачах тваіх, гаспадару мой, валадар, бо выканаў ты слова слугі твайго».

23 І ўстаў Ёаў, і пайшоў у Гешур, і прывёў Абсалома ў Ерусалім.

24 І сказаў валадар: «Няхай вернецца Абсалом у дом свой, але аблічча майго ён ня ўбачыць». І вярнуўся Абсалом у дом свой, але аблічча валадара ня ўбачыў.

25 А прыгажэйшага ад Абсалома не было нікога ў-ва ўсім Ізраілі, які так быў слаўны. Ад ног да галавы не было ў ім заганы.

26 А калі стрыг ён галаву сваю, а стрыг ён яе звычайна штогод, бо [валасы] былі цяжкія, і мусіў стрыгчыся, валасы галавы ягонай важылі дзьвесьце сыкляў вагі валадарскай.

27 І нарадзілася Абсалому тры сыны і адна дачка, на імя Тамар. І была яна вельмі прыгожая.

28 І сядзеў Абсалом у Ерусаліме два гады, але аблічча валадара ня бачыў.

29 І паслаў Абсалом да Ёава, каб паслаў яго да валадара, але ён не хацеў прыйсьці да яго. І паслаў ён другі раз, але той не хацеў прыйсьці.

30 І сказаў ён слугам сваім: «Паглядзіце на поле, якое мае Ёаў побач з маім, і [расьце] на ім ячмень. Ідзіце і спаліце яго агнём». І слугі Абсалома спалілі поле агнём.

31 І ўстаў Ёаў, і прыйшоў у дом Абсалома, і сказаў: «Чаму слугі твае спалілі поле маё агнём?»

32 І сказаў Абсалом Ёаву: «Вось, я пасылаў да цябе, кажучы: “Прыйдзі сюды, і я пашлю цябе да валадара, кажучы яму: «Навошта я вярнуўся з Гешуру? Лепш было мне там [жыць]»”. І цяпер [дапамажы]мне ўбачыць аблічча валадара. Калі я ў чым вінаваты, няхай ён заб’е мяне».

33 І пайшоў Ёаў да валадара, і паведаміў яму гэта. І паклікаў ён Абсалома, і той прыйшоў да валадара, і ўпаў на аблічча сваё на зямлю перад абліччам валадара. І пацалаваў валадар Абсалома.

 

Разьдзел 15

1 І сталася пасьля гэтага, што Абсалом справіў сабе калясьніцу і коней, і пяцьдзясят мужчынаў, беглі перад абліччам ягоным.

2 І ўставаў Абсалом рана, і станавіўся каля дарогі пры браме. І кожнага, хто з нейкай справай судовай зьвяртаўся да валадара на суд, клікаў Абсалом да сябе і казаў: «З якога ты гораду?» Той казаў: «Слуга твой з такога і такога калена Ізраіля».

3 І Абсалом казаў яму: «Гля­дзі, справа твая добрая і слушная, але ў валадара ты ня знойдзеш нікога, хто б цябе выслухаў».

4 І казаў Абсалом: «Калі б хто мяне паставіў судзьдзёю над зямлёй? Тады прыходзілі б да мяне ўсе, што маюць спрэчку  або справу судовую, і я паводле праведнасьці [судзіў бы іх]».

5 І калі падыходзіў чалавек, каб пакланіцца яму, ён працягваў руку, і абдымаў яго, і цалаваў яго.

6 І рабіў Абсалом так з кожным Ізраільцянінам, які прыходзіў на суд да валадара, і здабываў Абсалом сэрцы Ізраільцянаў.

7 Праз чатыры гады сказаў Абсалом валадару: «Пайду я ў Хеўрон і споўню шлюбаваньне маё, якое я абяцаў ГОСПАДУ.

8 Бо калі слуга твой быў у Гешуры Сірыйскім, я шлюбаваў, кажучы: “Калі верне мяне ГОСПАД назад у Ерусалім, буду служыць ГОСПАДУ”».

9 І сказаў яму валадар: «Ідзі ў супакоі». І той устаў, і пайшоў у Хеўрон.

10 І паслаў Абсалом таемных весьнікаў у-ва ўсе калены Ізраіля, кажучы: «Калі пачуеце гук рогу, гаманіце: “Абсалом [абраны] валадаром у Хеўроне”».

11 І з Абсаломам выйшлі з Ерусаліму дзьвесьце чалавек, і пайшлі ў шчырасьці [сэрца], ня ведалі нічога.

12 І паслаў Абсалом у час складаньня ахвяраў, і паклікаў Ахітафэля з Гіло, дарадцу Давіда, з гораду ягонага Гіло. І ўмацавалася змова, і народ зыходзіўся і павялічваўся вакол Абсалома.

13 І прыйшоў весьнік да Давіда, кажучы: «Сэрца ўсяго Ізраіля з Абсаломам».

14 І сказаў Давід усім слугам, якія [былі] з ім у Ерусаліме: «Уставайце! Уцякайма! Бо ня будзе нам ратунку перад абліччам Абсалома. Сьпяшайцеся ўцячы, каб не дагнаў ён нас раптам і каб ня выгубіў нас, і каб вострывам мяча ня зьнішчыў гораду».

15 І слугі валадара сказалі валадару: «Усё, што выра­шыць гаспадар наш, валадар, вось, мы, слугі твае, [выканаем]».

16 І выйшаў валадар, і ўвесь дом ягоны нагамі сваімі, і пакінуў валадар дзесяць жанчынаў наложніцаў сьцерагчы дом.

17 І выйшаў валадар, і ўвесь народ нагамі сваімі, і затрымаліся яны пры апошнім доме.

18 І праходзілі пад рукою ягонай усе слугі ягоныя, усе Керэты, усе Пэлеты і ўсе тыя, якія прыйшлі з Гату, шэсьць­сот чалавек, якія нагамі сваімі прыйшлі з Гату перад аблічча валадара.

19 І сказаў валадар Іттаю з Гату: «Навошта ты ідзеш ра­зам з намі? Вярніся і застанься з валадаром, бо ты — чужынец і выгнанец з бацькаўшчыны тваёй.

20 Учора прыйшоў ты, а сёньня я змушаю цябе ісьці блукаць разам з намі, і я сам ня ведаю, куды іду. Вярніся і забяры братоў тваіх, і міласэр­насьць і праўда [няхай будуць] з табой».

21 І адказаў Іттай валадару, і сказаў: «Як жывы ГОСПАД і як жывы гаспадар мой, валадар! Толькі там, дзе будзе гаспадар мой, валадар, на сьмерць ці на жыцьцё, там будзе і слуга твой».

22 І сказаў Давід Іттаю: «Ідзі і праходзь!» І перайшоў [Кед­рон] Іттай з Гату і ўсе людзі ягоныя, і ўсе дзеці ягоныя, якія з ім.

23 А ўся зямля плакала голасам вялікім, і ўвесь народ пераходзіў [Кедрон], і валадар перайшоў ручай Кедрон, і ўвесь народ накіраваўся па дарозе ў пустыню.

24 І вось, Цадок, і з ім усе лявіты, несучы Каўчэг Запавету Божага. І паставілі яны Каўчэг Божы, і Абіятар стаяў, пакуль увесь народ ня выйшаў з гораду.

25 І сказаў валадар Цадоку: «Занясіце Каўчэг Божы ў горад. Калі я знайду ласку ў вачах ГОСПАДА, Ён верне мяне, і я ўбачу Яго і жытло Ягонае.

26 А калі Ён скажа: “Ня маю ўпадабаньня ў табе”, вось я, няхай Ён робіць, што добрае ў вачах Ягоных».

27 І сказаў валадар Цадоку сьвятару: «Ці ж ты не відушчы? Вяртайся ў горад у супакоі. Ахімаац, сын твой, і Ёнатан, сын Абіятара, абодва сыны вашыя [застануцца] з вамі.

28 Вось, я буду чакаць на раўнінах пустыні, пакуль ня прыйдзе да мяне слова ад вас, якое вы паведаміце мне».

29 І вярнулі Цадок і Абіятар Каўчэг Божы ў Ерусалім, і засталіся там.

30 А Давід узыходзіў на гару Аліўную, узыходзіў і плакаў, галава ягоная была закрытая, і ён ішоў босы. І ўвесь народ, які [быў] з ім, ішоў з закрытымі галовамі, і ўзыходзілі, і плакалі.

31 І паведамілі Давіду, кажучы: «Ахітафэль у змове з Абсаломам». І сказаў Давід: «ГОСПАДЗЕ, зрабі неразумнай раду Ахітафэля».

32 І калі Давід узыйшоў на вяршыню [гары], дзе пакланяліся Богу, вось, пераняў яго Хушай Аркеец у разьдзёртым адзеньні і з [пасыпанай] зямлёй галавой.

33 І сказаў яму Давід: «Калі ты пойдзеш са мною, будзеш для мяне цяжарам.

34 А калі вернешся ў горад і скажаш Абсалому: “Я, валадару, слуга твой. Як раней я быў слугой бацькі твайго, так цяпер буду слугой тваім!”, і ты ўдарэмніш раду Ахітафэля адносна мяне.

35 там з табою Цадок і Абіятар, сьвятары. І ўсе словы, якія пачуеш у доме валадара, перакажаш Цадоку і Абіятару, сьвятарам.

36 Вось, з імі два сыны іхнія, Ахімаац у Цадока і Ёнатан у Абіятара. Праз іх перакажаш кожнае слова, якое пачуеш».

37 І ўвайшоў Хушай, сябра Давіда, у горад. І Абсалом увайшоў у Ерусалім.

 

Разьдзел 16

1 Калі Давід зыйшоў крыху з вяршыні [гары], вось, пераняў яго Цыва, слуга Мэфібашэта, і два аслы наладаваныя, а на іх дзьвесьце хлябоў і сто зьвязак разынак, і сто сьпелых [фігаў], і буклак віна.

2 І сказаў валадар Цыве: «Што гэта?» А Цыва сказаў: «Гэтыя аслы — для дому валадара, каб вазіць, а хлябы і плады — на ежу слугам тваім, а віно — каб піў той, хто зьняможацца ў пустыні!»

3 І сказаў валадар: «А дзе сын гаспадара твайго?» І сказаў Цыва валадару: «Вось, ён застаўся ў Ерусаліме, бо сказаў: “Сёньня вяртае мне дом Ізраіля валадарства бацькі майго”».

4 І сказаў валадар Цыве: «Вось, тваё ўсё, што [належала] Мэфібашэту». І сказаў Цыва: «Я схіляюся! Няхай я знайду ласку ў вачах тваіх, гаспадару мой, валадар».

5 І прыйшоў валадар Давід у Бахурым, і вось, выйшаў адтуль чалавек з роду дома Саўла, а імя ягонае — Шымэй, сын Гера. Ён ішоў і, ідучы, праклінаў яго,

6 і кідаў камяні ў Давіда і ў-ва ўсіх слугаў валадара Давіда, хоць увесь народ і ўсе волаты ішлі праваруч валадара і леваруч.

7 І Шымэй казаў так, праклінаючы: «Ідзі, ідзі прэч, чалавек крыважэрны, чалавек Бэліяла!

8 Зьвярнуў на цябе ГОСПАД усю кроў дому Саўла, бо забраў ты валадарства ў яго. І аддаў ГОСПАД валадарства ў рукі Абсалома, сына твайго. І вось, злыбеды ў цябе, бо ты — чалавек крыважэрны».

9 І сказаў Абішай, сын Цэруі, валадару: «Чаму праклінае гэты здохлы сабака гаспадара майго, валадара? Пайду і адсяку галаву ягоную».

10 А валадар сказаў: «Што мне і вам, сыны Цэруі? Калі ён праклінае і калі яму ГОСПАД сказаў, каб праклінаў Давіда, хто сказажа: “Чаму ты так робіш?”»

11 І сказаў валадар Абішаю і ўсім слугам сваім: «Вось, сын мой, які выйшаў з нутра майго, цікуе на душу маю, тым больш гэты сын Бэн’яміна. Пакіньце яго, няхай праклінае, бо сказаў яму ГОСПАД.

12 Можа, ГОСПАД гляне на гора маё і аднагародзіць мне ГОСПАД дабром за праклёны ягоныя ў гэты дзень».

13 І ішоў Давід і людзі ягоныя па дарозе, а Шымэй ішоў па ўзбоччы гары, праклінаючы, і кідаючы камяні ў яго, і абсыпаючы пылам.

14 І прыйшоў валадар і ўвесь народ, які з ім, змучаныя, і там адпачылі.

15 А Абсалом і ўвесь народ Ізраіля ўвайшлі ў Ерусалім. І Ахітафэль быў з ім.

16 І прыйшоў Хушай Аркеец, сябра Давіда, да Абсалома, і сказаў Хушай Абсалому: «Няхай жыве валадар, няхай жыве валадар!»

17 І сказаў Абсалом Хушаю: «Ці такая ласка твая да сябра твайго? Чаму ты не пайшоў з сябрам тваім?»

18 І сказаў Хушай Абсалому: «Не [пайшоў]! Бо каго выбраў ГОСПАД і гэты народ, і ўвесь Ізраіль, з тым і я застануся.

19 А да таго, каму я маю служыць? Ці ж ня сыну ягонаму? Як служыў я бацьку твайму, так буду [служыць] табе».

20 І сказаў Абсалом Ахітафэлю: «Дайце раду, што маем рабіць?»

21 І сказаў Ахітафэль Абсалому: «Увайдзі да наложніцаў бацькі твайго, якіх ён пакінуў пільнаваць дом, і пачуе ўвесь Ізраіль, што агідны табе бацька твой, і ўмацуюцца рукі ўсіх, хто з табою».

22 І паставілі намёт Абсалому на даху, і ён на вачах усяго Ізраіля ўвайшоў да наложніцаў бацькі свайго.

23 А парада Ахітафэля, якую ён даваў, у гэтыя дні была быццам слова Бога. Бо такая была ўсякая парада Ахітафэля, як для Давіда, так і для Абсалома.

 

Разьдзел 17

1 І сказаў Ахітафэль Абсалому: «Я выбяру сабе дванаццаць тысячаў ваяроў і ўстану, і ў гэтую ноч пайду на Давіда,

2 і нападу на яго, пакуль ён змучаны і пакуль у яго рукі аслабеўшы, і напалохаю яго. І ўцячэ ўвесь народ, які з ім, і  я заб’ю самога валадара.

3 І я прывяду ўвесь народ да цябе. Як ня будзе [жыць] толькі адзін чалавек, якога ты шукаеш, тады ўвесь народ будзе [жыць] у супакоі».

4 І слушным было слова гэтае ў вачах Абсалома і ў вачах усіх старшыняў Ізраіля.

5 І сказаў Абсалом: «Паклічце Хушая Аркейца і паслухаем, што [скажуць] вусны ягоныя».

6 І прыйшоў Хушай да Абсалома, і сказаў яму Абсалом, кажучы: «Вось такое слова сказаў Ахітафэль. Ці маем выканаць слова ягонае, ці не? Ты скажы!»

7 І сказаў Хушай Абсалому: «Нядобрая парада, якую даў табе гэтым разам Ахітафэль».

8 І сказаў Хушай: «Ты ведаеш бацьку твайго і людзей ягоных, што яны волаты і маюць горыч у душы, як мядзьведзіца ў полі, пазбаўленая дзяцей. А бацька твой — ваяр, і ён ня сьпіць з людзьмі сваімі.

9 Вось і цяпер ён хаваецца ў нейкай пячоры або ў іншым месцы. І калі хто загіне пры першым [нападзе] на іх, пачуюць вестку гэтую і скажуць: “Сталася вялікая параза народу, які з Абсаломам”.

10 І тады спалохаецца адважны, у якога сэрца як сэрца льва, бо ўвесь Ізраіль ведае, які волат бацька твой і якія адважныя тыя, што з ім.

11 Я раджу, зьбіраючы, сабраць да цябе ўвесь Ізраіль ад Дана да Бээр-Шэвы, шматлікі, як пясок на беразе мора, і ты сам пойдзеш у бой.

12 І мы прыйдзем да яго ў месца, дзе ён знаходзіцца, і напа­дзем на яго, як раса падае на зямлю, і  не пакінем тады нікога з усіх людзей, якія з ім.

13 А калі ён будзе сядзець у горадзе, тады ўсе Ізраільцяне прынясуць пад той горад вяроўкі, і мы сьцягнем яго ў ручай, і не застанецца ад яго нават камяня».

14 І сказалі Абсалом і ўсе Ізраільцяне: «Лепшая парада Хушая Аркейца, чым парада Ахітафэля». Бо ГОСПАД вырашыў ударэмніць добрую параду Ахітафэля, каб навёў ГОСПАД на Абсалома няшчасьце.

15 І сказаў Хушай сьвятарам Цадоку і Абіятару: «Такую вось параду даў Ахітафэль Абсалому і старшыням Ізраіля, а гэткую параду даў я.

16 І цяпер пашліце хутка, і паведаміце Давіду, кажучы: “Не заставайся ў гэтую ноч на раўніне ў пустыні, але, пераходзячы, перайдзі [Ярдан], каб не загінуў валадар і ўвесь народ, які з ім”».

17 А Ёнатан і Ахімаац стаялі ў Эн-Рагэлі, і прыйшла служка, і паведаміла ім [вестку], і яны пайшлі, каб паведа­міць валадару Давіду, і яны не маглі заходзіць у горад, каб ня бачылі іх.

18 Але ўбачыў іх нейкі юнак і паведаміў Абсалому. І яны абодва хутка пайшлі, і прыйшлі ў дом нейкага чалавека ў Бахурыме. Ён меў студню на панадворку сваім, і яны спусьціліся ў яе.

19 А жанчына ўзяла і расьцягнула посьцілку над адтулінай студні, і насыпала збожжа на яе, і ня ведаў [ніхто] пра гэта.

20 І прыйшлі слугі Абсалома ў дом жанчыны, і сказалі: «Дзе Ахімаац і Ёнатан?» І сказала ім жанчына: «Пайшлі адсюль праз [струмень]». І тыя шукалі іх, і не знайшлі, і вярнуліся ў Ерусалім.

21 І калі тыя адыйшліся, выйшлі яны са студні, і пайшлі, і паведамілі валадару Давіду: «Уставайце і перапраўцеся хутка праз раку, бо вось такую параду дае Ахітафэль».

22 І ўстаў Давід, і ўвесь народ, які з ім, і переправіліся праз Ярдан да сьвітаньня, і не засталося нікога, хто не пераправіўся праз Ярдан.

23 А Ахітафэль убачыў, што не была выканана парада ягоная, і ён асядлаў асла, і ўстаў, і вярнуўся ў дом свой у горад свой, і даў загад адносна дому свайго, і павесіўся, і памёр, і быў пахаваны ў магіле бацькі свайго.

24 І прыйшоў Давід у Маханаім, а Абсалом пераправіўся праз Ярдан, ён і ўсе Ізраільцяне з ім.

25 На месца Ёава Абсалом паставіў [начальнікам] над войскам Амасу. Амаса быў сынам чалавека, які называўся Етра, Ізмаэлец, які ўвайшоў да Абігайль, дачкі Нахаша, сястры Цэруі, маці Ёава.

26 І разлажыўся Ізраіль і Абсалом табарам у зямлі Гілеад.

27 І сталася, калі Давід прыйшоў у Маханаім, Шобі, сын Нахаша з Раббы сыноў Амона, і Махір, сын Аміэля з Лёдэбару, і Барзілай, Гілеадзец з Рагэліму,

28 прынесьлі яму ложак, і посуд, і гаршчкі гліняныя, пшаніцу і ячмень, муку, зерне пражанае, фасолю, сачэвіцу,

29 мёд, масла, [сыры] авечыя і сыры кароўскія. І прынесьлі гэта Давіду і народу, які з ім, на ежу, бо казалі: «Народ гэты галодны, змучаны і засьмягшы ў пустыні».

 

Разьдзел 18

1 І палічыў Давід, народ, які з ім, і паставіў над імі тысячнікаў і сотнікаў.

2 І скіраваў Давід траціну людзей сваіх пад руку Ёава, траціну — пад руку Абішая, сына Цэруі, брата Ёава, і траціну — пад руку Іттая з Гату. І сказаў валадар народу: «Я таксама пайду з вамі».

3 І сказаў народ: «Ты ня пойдзеш, бо калі мы ўцячэм, нас ня возьмуць да сэрца. І калі загіне палова нас, нас ня возьмуць да сэрца, бо ты [адзін] — як нас дзесяць тысячаў. Дык лепш, калі ты будзеш дапамагаць нам з гораду».

4 І сказаў ім валадар: «Што добра ў вачах вашых, я зраблю». І стаў валадар у браме, а ўвесь народ праходзіў сотнямі і тысячамі.

5 І загадаў валадар Ёаву, Абішаю і Іттаю, кажучы: «Лагоднымі [будзьце] з юнаком Абсаломам». І ўвесь народ чуў загад валадара, [які быў дадзены] ўсім начальнікам адносна Абсалома.

6 І выйшаў народ [Давіда] ў поле супраць Ізраіля, і пачаўся бой у лесе Эфраіма.

7 І там атрымалі паразу Ізраільцяне перад абліччам слугаў Давіда. І была ў той дзень параза вялікая, і [загінула] дваццаць тысячаў.

8 І бой пашырыўся на ўсю зямлю тую, і лес у той дзень выгубіў народу больш, чым меч.

9 І сутыкнуўся Абсалом са слугамі Давіда, а Абсалом ехаў на муле, і мул пабег пад вялікі і сукаваты дуб, і Абсалом учапіўся [валасамі] галавы сваёй за [галіны] дуба, і павіс між небам і зямлёй, а мул, які быў пад ім, пабег далей.

10 І ўбачыў [гэта] нейкі чалавек, і паведаміў Ёаву, і сказаў: «Вось, бачыў я Абсалома, які вісіць на дубе».

11 І сказаў Ёаў чалавеку, які пра гэта паведаміў яму: «Калі ты бачыў яго, чаму ты не забіў яго на тым месцы? Я даў бы табе дзесяць срэбнікаў і адзін пояс».

12 А ён сказаў Ёаву: «Нават калі б у далоні мае ты палажыў тысячу срэбнікаў, я ніколі не падняў бы рукі сваёй на сына валадара. Бо ў вушы нашыя валадар загадаў табе, Абішаю і Іттаю: “Захавайце мне юнака Абсалома”.

13 І калі б я супраць душы сваёй учыніў падступнасьць, ніякая справа не схаваецца ад валадара, і ты сам адступішся ад мяне».

14 І сказаў Ёаў: «Не хачу марудзіць з табою». І ўзяў ён у далоні свае тры стралы, і ўбіў іх у сэрца Абсалома, калі ён яшчэ жывы вісеў на дубе.

15 І падбегла дзесяць юнакоў, збраяносцы Ёава, і ўдарылі Абсалома, і забілі яго.

16 І затрубіў Ёаў у рог, і народ вярнуўся з пагоні за Ізраілем, бо Ёаў стрымаў народ.

17 І яны ўзялі Абсалома, і кінулі яго ў лесе ў вялікую яму, і накідалі на ім вельмі вялікую купу камянёў. А Ізраільцяне ўцяклі ў намёты свае.

18 Калі яшчэ жыў Абсалом, ён паставіў сабе помнік у даліне валадарскай, бо ён казаў: «Я ня маю сына, які б захаваў памяць пра імя маё». І назваў ён помнік імем сваім. І да гэтага дня называецца ён Яд-Абсалом.

19 І сказаў Ахімаац, сын Цадока: «Пабягу і паведамлю валадару, што ГОСПАД зьявіў яму суд, [вызваляючы] ад рукі ворагаў ягоных».

20 І сказаў яму Ёаў: «Ня бу­дзеш ты ў гэты дзень дабравесьнікам, але паведаміш іншым разам. Сёньня ты ня будзеш дабравесьнікам, бо сын валадара забіты».

21 І сказаў Ёаў Кушаніну: «Ідзі і паведамі валадару, што ты бачыў». І пакланіўся Кушанін Ёаву, і пабег.

22 І другі раз Ахімаац, сын Цадока, сказаў Ёаву: «Што б ні было, я таксама пабягу за Кушанінам!» А Ёаў сказаў: «Чаму ты хочаш бегчы, сын мой, калі няма добрай весткі».

23 [Ён сказаў]: «Што б ні сталася, пабягу». І [Ёаў] сказаў яму: «Бяжы!» І Ахімаац пабег напрасткі, і апярэдзіў Кушаніна.

24 А Давід сядзеў паміж дзьвюма брамамі, і вартаўнік хадзіў на даху брамы над мурам. І падняў ён вочы свае, і ўбачыў, і вось, чалавек бя­жыць адзін.

25 І крыкнуў вартаўнік, і паведаміў валадару. І валадар сказаў: «Калі адзін, добрая вестка ў вуснах ягоных». А той бег і набліжаўся.

26 І ўбачыў вартаўнік другога чалавека, які бег, і закрычаў вартаўнік прыдзьверніку, і сказаў: «Вось, чалавек бя­жыць адзін». А валадар сказаў: «Гэта таксама з добрай весткай».

27 І паведаміў вартаўнік: «Я бачу, што хада першага як бег Ахімааца, сына Цадока». І сказаў валадар: «Ён — чалавек добры, прыходзіць з доб­рай весткай».

28 І закрычаў Ахімаац, і сказаў валадару: «Мір!» І пакланіўся валадару абліччам да зямлі, і сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог твой, Які скарыў табе людзей, што паднялі рукі свае на гаспадара майго, валадара!»

29 І сказаў валадар: «Ці супакой у юнака Абсалома?» І сказаў Ахімаац: «Бачыў я вялікае замяшаньне, калі слуга валадара Ёаў пасылаў слугу твайго, але ня ведаю, што [было]».

30 І сказаў валадар: «Адыйдзіся і стань там». І той адыйшоў, і стаў.

31 І вось, прыйшоў Кушанін, і сказаў Кушанін: «Добрую вестку прыношу, гаспадару мой, валадар. Бо адпомсьціў ГОСПАД за цябе, [выбаўляючы] цябе з рук усіх тых, якія збунтаваліся супраць цябе».

32 І сказаў валадар Кушаніну: «Ці супакойу юнака Абсалома?» І сказаў Кушанін: «Няхай будзе з ворагамі гаспадара майго, валадара, і з усімі, якія зламысна паўсталі супраць цябе, тое самае, што з юнаком гэтым».

 

Разьдзел 19

1 І задрыжэў валадар, і пайшоў у верхняе памяшканьне брамы, і плакаў. А калі ішоў, гаварыў: «Сыне мой, Абсаломе! Абсаломе, сыне мой, сыне мой! Лепш бы я памёр, чым ты! Абсаломе, сыне мой, сыне мой!»

2 І паведамілі Ёаву: «Вось, валадар плача і ў жалобе дзеля Абсалома».

3 І сталася перамога ў той дзень жалобаю для ўсяго народа, бо народ пачуў у той дзень вестку: «Валадар сумуе дзеля сына свайго».

4 У той дзень уваходзіў народ у горад цішком, як уваходзяць людзі асаромленыя, якія ўцяклі з бітвы.

5 А валадар закрыў аблічча сваё, і галасіў валадар моцным голасам: «Сыне мой, Абсаломе! Абсаломе, сыне мой, сыне мой!»

6 І ўвайшоў Ёаў да валадара ў дом, і сказаў: «Ты асароміў сёньня аблічча ўсіх слугаў тваіх, якія захавалі душу тваю і душы сыноў тваіх і дачок тваіх, і душы жонак тваіх і наложніцаў тваіх.

7 Ты любіш тых, якія ненавідзяць цябе, і ў нянавісьці маеш тых, што любяць цябе. Ты сёньня паказаў, што для цябе нішто князі твае і слугі твае. Бо я зразумеў сёньня, што калі б Абсалом застаўся пры жыцьці, а мы ўсе паўміралі, гэта было б слушным у вачах тваіх.

8 І цяпер падыміся, выйдзі і прагавары да сэрца слугаў тваіх. Прысягаю табе на ГОСПАДА, што калі ня выйдзеш, ніхто не застанецца ў гэтую ноч пры табе. Гэта будзе горш табе, чым усе беды, якія прыходзілі на цябе ад маладосьці тваёй аж да цяпер».

9 І ўстаў валадар, і сеў у браме, і ўсяму народу было паведамлена, кажучы: «Вось, валадар сядзіць у браме». І прыходзіў увесь народ перад аблічча валадара, а Ізраіль уцёк у намёты свае.

10 І спрачаўся ўвесь народ у-ва ўсіх каленах Ізраіля, кажучы: «Валадар вызваліў нас з рук ворагаў нашых, і ён вызваліў нас з рук Філістынцаў. І цяпер уцёк з зямлі перад Абсаломам.

11 А Абсалом, якога мы памазалі на валадара, загінуў у баі. Чаму цяпер маўчыце і не вяртаеце валадара?»

12 І паслаў валадар Давід да Цадока і Абіятара, святароў, кажучы: «Прамаўляйце да старшыняў Юды, кажучы: “Чаму вы марудзіце, каб вярнуць валадара ў дом ягоны? Слова ўсяго Ізраіля дайшло ўжо да валадара, у дом ягоны.

13 Вы — браты мае, вы — костка мая і цела маё. Чаму вы марудзіце, каб вярнуць валадара?”

14 А Амасе скажыце: “Ці ты ня костка мая і цела маё? Няхай гэта зробіць мне Бог, і гэта дадасьць, калі ты ў мяне ня будзеш у-ва ўсе дні начальнікам войска на месцы Ёава”».

15 І прыхіліў ён сэрцы ўсіх людзей Юды, як аднаго чалавека. І паслалі яны да валадара: «Вярніся ты і ўсе слугі твае».

16 І вярнуўся валадар, і прыйшоў да Ярдану. А Юда прыйшоў у Гільгал, каб прыйсьці на спатканьне валадару, каб перавесьці яго праз Ярдан.

17 І Шымэй, сын Гера, Бэн’ямінец з Бахурыму, пасьпяшаўся з людзьмі Юды на сустрэчу з валадаром Давідам.

18 А з ім была тысяча Бэн’ямінцаў і Цыва, слуга дому Саўла, і пятнаццаць сыноў ягоных, і дваццаць слугаў ягоных з ім. І пераправіліся яны праз Ярдан перад абліччам валадара.

19 І перайшлі яны брод, каб пераправіць дом валадара і зрабіць тое, што добрае ў вачах ягоных. І Шымэй, сын Гера, упаў [на твар] перад абліччам валадара, калі той меў пераправіцца праз Ярдан,

20 і сказаў валадару: «Не залічвай віну мне, гаспадару мой, і не памятай на крыўду слугі твайго ў той дзень, калі гаспадар мой, валадар, выходзіў з Ерусаліму. І не бяры гэтага да сэрца свайго.

21 Бо ведае слуга твой, што я саграшыў, і вось, першы з усяго дому Язэпа выходжу сёньня на спатканьне гаспадара майго, валадара».

22 І адказаў Абішай, сын Цэруі, і сказаў: «Ці ж ня будзе забіты Шымэй за тое, што праклінаў памазанца ГОСПАДАВАГА?»

23 Але Давід сказаў: «Што мне і вам, сыны Цэруі, што вы сталіся для мяне сёньня супраціўнікамі? Сёньня ніхто не павінен паміраць у Ізраілі, бо с ведаю, што сёньня я [зноў стаўся] валадаром над Ізраілем».

24 І сказаў валадар Шымэю: «Не памрэш!» І запрысягнуў яму валадар.

25 І Мэфібашэт, сын Саўла, выйшаў на спатканьне валадара. Ня мыў ён ногі свае, ня стрыг барады сваёй і ня мыў адзеньня свайго з таго дня, у які валадар выехаў, і аж да дня, калі вярнуўся ў супакоі.

26 І калі ён прыйшоў на спатканьне валадара ў Ерусалім, сказаў яму валадар: «Чаму ты не пайшоў са мною, Мэфібашэт?»

27 Ён сказаў: «Гаспадару мой, валадар, ашукаў мяне слуга мой! Я, слуга твой, сказаў слузе свайму: “Вазьму сабе асла, сяду на яго і паеду з валадаром”, бо кульгавы слуга твой.

28 Але ён ачарніў слугу твайго перад гаспадаром маім, валадаром. Але ты, гаспадару мой, валадар, як анёл Божы, таму рабі, што добрае ў вачах тваіх.

29 Увесь дом бацькі майго варты быў сьмерці перад гаспадаром маім, валадаром, але ты пасадзіў слугу твайго між тых, што ядуць са стала твайго. Дык якая праведнасьць мая і пра што мне крычаць да валадара?»

30 І сказаў яму валадар: «Навошта ты гаворыш словы гэтыя? Я сказаў, каб ты і Цыва падзялілі поле».

31 І сказаў Мэфібашэт валадару: «Няхай ён бярэ нават усё, калі гаспадар мой, валадар, вярнуўся ў супакоі ў дом свой!»

32 А Барзілай Гілеадзец прыйшоў з Рагэліму і перайшоў з валадаром праз Ярдан, каб разьвітацца з ім за Ярданам.

33 Барзілай быў вельмі стары, меў ён восемдзясят гадоў. Ён забясьпечыў валадара, калі ён быў у Маханаіме, бо быў чалавекам вельмі багатым.

34 І сказаў валадар Барзілаю: «Хадзі са мною, і я забясьпечу цябе ў Ерусаліме».

35 І сказаў Барзілай валадару: «Колькі дзён [будуць яшчэ] гады жыцьця майго, каб ісьці мне з валадаром у Ерусалім?

36 Маю сёньня восемдзясят гадоў. Ці я адрозьню, што доб­рае, а што кепскае? Ці бу­дзе смакаваць слузе твайму ежа і пітво? Ці магу я яшчэ слу­хаць голас сьпевакоў і сьпявачак? Навошта слуга твой мае быць цяжарам для гаспадара майго, валадара?

37 Крыху пяройдзе слуга твой з валадаром за Ярдан. Але навошта валадару аднагародж­ваць мне такою платаю?

38 Дазволь слузе твайму вярнуцца, каб памерці ў гора­дзе сваім, побач з магілай бацькі майго і маці маёй. Але вось, слуга твой, Кімгам, няхай пойдзе з гаспадаром маім, валадаром, і ты зрабі яму тое, што добра ў вачах тваіх».

39 І сказаў валадар: «Кімгам няхай ідзе са мною, і я зраблю яму, што добра ў вачах тваіх, і ўсё, пра што будзеш мяне прасіць, я зраблю для яго».

40 І ўвесь народ пераправіўся праз Ярдан, і валадар перайшоў, і пацалаваў валадар Барзілая, і дабраславіў яго, і ён вярнуўся на месца сваё.

41 І пайшоў валадар у Гільгал, і Кімгам пайшоў з ім. І ўвесь народ Юды перайшоў разам з валадаром, і таксама палова народу Ізраіля.

42 І вось, прыйшлі да валадара ўсе людзі Ізраіля, і сказалі валадару: «Чаму браты нашыя, сыны Юды, укралі цябе і пераправілі валадара і дом ягоны праз Ярдан, і ўсіх людзей Давіда разам з ім?»

43 І адказалі ўсе людзі Юды людзям Ізраіля: «Бо валадар нам бліжэйшы. Чаму вы лічыце гэта ліхім для вас? Ці мы зьелі што ў валадара? Ці мы забралі [нешта] для сябе?»

44 І адказалі людзі Ізраіля людзям Юды, і сказалі: «Дзе­сяць рук маіх у валадара, і таму ў Давіда мы [лепшыя] за вас. Дык чаму вы пагарджаеце намі? Хіба ня мы першыя сказалі слова, каб вярнуць валадара нашага?» Але слова людзей Юды было мацнейшым, чым слова людзей Ізраіля.

 

Разьдзел 20

1 І быў там нейкі чалавек Бэліяла на імя Шэва, сын Біхры, Бэн’ямінец. Ён затрубіў у рог і сказаў: «Ня маем мы часткі з Давідам, ані спадчыны з сынам Есэя! Ізраіль, [ідзі] ў намёты свае!»

2 І ўсе людзі Ізраілю адыйшлі ад Давіда [і пайшлі] за Шэваю, сынам Біхры. А людзі Юды засталіся пры валадару сваім ад Ярдану аж да Ерусаліму.

3 І прыйшоў валадар у дом свой у Ерусаліме, і ўзяў валадар дзесяць наложніцаў, якіх пакідаў пільнаваць дом, і памясьціў іх у дом пад вартай, і забясьпечваў іх [усім], але больш да іх не прыходзіў, і былі яны ўвязьненыя аж да дня сьмерці сваёй, быццам удовы пры жыцьці [мужа].

4 І сказаў валадар Амасе: «Скліч да мяне ўсіх мужчынаў Юды на трэці дзень, а ты стань тут».

5 І пайшоў Амаса, каб склі­каць людзей Юды, і замарудзіў на вызначаны час, які быў яму прызначаны.

6 І сказаў Давід Абішаю: «Цяпер Шэва, сын Біхры, горшы для нас, чым Абсалом. Ты зьбя­ры слугаў гаспадара свайго і дагані яго, каб не знайшоў ён сабе гораду ўмацаванага і ня ўцёк перад вачыма нашымі».

7 І пайшлі з ім людзі Ёава, Керэты, і Пэлеты, і ўсе волаты. І выйшлі яны з Ерусаліму даганяць Шэву, сына Біхры.

8 Яны былі каля вялікага камяня, які ў Гібэоне, калі выйшаў насустрач ім Амаса. А Ёаў быў узброены, і на сьцёгнах ягоных на поясе вісеў меч у похвах, які зручна ўваходзіў і выходзіў.

9 І сказаў Ёаў Амасе: «Ці супакой у цябе, браце мой?» І ўзяў Ёаў Амасу правай рукой за бараду, каб пацалаваць яго.

10 І Амаса не заўважыў мяча ў другой руцэ Ёава, а [Ёаў] ударыў ім у жывот ягоны, і нутро ягонае вылілася на зямлю, і ўжо не паўтарыў [удару]. І той памёр. А Ёаў і брат ягоны Абішай перасьледавалі Шэву, сына Біхры.

11 І адзін са слугаў Ёава затрымаўся, і сказаў: «Хто прыхільны Ёаву і хто за Давіда, [няхай ідз з Ёавам!»

12 А Амаса ляжаў скрываўлены сярод гасьцінца. І ўбачыў той чалавек, што людзі спыняюцца, і перацягнуў Амасу з гась­цінца на поле, і накрыў яго вопраткай, бо бачыў, што ўсе, якія праходзяць, спыняюцца каля яго.

13 І калі ён прыняў Амасу з гасьцінца, кожны чалавек пайшоў за Ёавам у пагоню за Шэваю, сынам Біхры.

14 І прайшоў Ёаў праз усе калены Ізраіля аж да Абэль-Бэт-Маахі. І ўсе [сыны] Бээры сабраліся і пайшлі за ім.

15 І вось, прыйшлі яны, і абляглі [Шэву] ў Абэль-Бэт-Маасе, і насыпалі вал кругом гораду, і сталі перад мурам. І ўвесь народ, якія [быў] з Ёавам, намагаўся разбурыць муры.

16 І нейкая разумная жанчына з гораду закрычала: «Слухайце, слухайце! Скажыце Ёаву, няхай ён падыйдзе сюды, і я пагавару з ім».

17 І ён наблізіўся да яе, і сказала жанчына: «Ці ты Ёаў?» Ён сказаў: «Я». І яна сказала яму: «Паслухай, што скажа служка твая». Ён сказаў: «Слухаю».

18 І сказала яна, кажучы: «Даўней так гаварылі: “Няхай спытаюцца ў Абэлі”, і так скончвалі [справу].

19 Я — мірны і верны [горад] у Ізраілі, а ты хочаш усьмерціць горад і [зруйнаваць] маці [гарадоў] Ізраіля. Навошта ты нішчыш спадчыну ГОСПАДА?»

20 І адказаў Ёаў, і сказаў: «Далёка, далёка гэта ад мяне, каб я разбураў або нішчыў.

21 Ня ў гэтым справа. Вось, чалавек з гары Эфраіма, Шэва, сын Біхры, імя ягонае, падняў руку сваю на валадара Давіда. Выдайце яго, і я адыйду ад гораду». І сказала жанчына Ёаву: «Вось, галава ягоная будзе перакінута табе праз мур».

22 І выйшла яна да ўсяго народу з мудрасьцю сваёй, і адсеклі галаву Шэвы, сына Біхры, і кінулі яе Ёаву. І ён затрубіў у рог, і адыйшлі ад гораду кожны ў намёт свой. А Ёаў вярнуўся ў Ерусалім да валадара.

23 І Ёаў [быў ]над усім войс­кам Ізраіля, а Бэная, сын Егаяды — над Керэтамі і Пэлетамі,

24 Аданірам — над зборам даніны; Язафат, сын Ахілюда — канцлер,

25 Шэва — пісар, Цадок і Абіятар — сьвятары.

26 І таксама Іра з Яіру быў святаром у Давіда.

 

Разьдзел 21

1 І стаўся голад у дні Давіда тры гады, год за годам. І раіўся Давід перад абліччам ГОСПАДА, і ГОСПАД сказаў: «На Саўле і на доме ягоным [цяжэе] кроў, бо ён забіў Гібэонцаў».

2 І паклікаў валадар Гібэонцаў, і размаўляў з імі. А Гібэонцы не былі з сыноў Ізраіля, але з рэшты Амарэйцаў, і сыны Ізраіля запрысягліся [не забіваць] іх, але Саўл спрабаваў зьнішчыць іх з руплівасьці сваёй дзеля сыноў Ізраіля і Юды.

3 І сказаў Давід Гібэонцам: «Што я павінен вам зрабіць? І чым вас перапрасіць, каб вы дабраславілі спадчыну ГОСПАДА?»

4 І Гібэонцы сказалі яму: «Ня трэба нам ані срэбра, ані золата ад Саўла або ад дому ягонага, і ня трэба нам, каб быў забіты чалавек з Ізраіля». І сказаў [Давід]: «Што вы скажаце, я зраблю вам».

5 І сказалі яны валадару: «Ад таго чалавека, які нас нішчыў і меў намер выгубіць нас, каб не засталося нікога з нас у межах Ізраіля,

6 няхай будуць дадзены нам сем чалавек з сыноў ягоных, і мы іх павесім перад ГОСПАДАМ у Гіве Саўла, [ранейшага] выбранца ГОСПАДА». І валадар сказаў: «Я дам вам».

7 Але пашкадаваў валадар Мэфібашэта, сына Ёнатана, сына Саўла, дзеля прысягі [перад] ГОСПАДАМ паміж Давідам і Ёнатанам, сынам Саўла.

8 І ўзяў валадар двух сыноў Рыцпы, дачкі Аі, якіх яна нарадзіла Саўлу, Армона і Мэфібашэта, і пяць сыноў Мэраб, дачкі Саўла, якіх яна нарадзіла Адрыэлю, сыну Барзілая з Мэхолы.

9 І [Давід] аддаў іх у рукі Гібэонцаў, і яны павесілі іх на гары перад абліччам ГОСПАДА. І загінулі гэтыя сямёра разам, і былі яны забітыя ў першыя дні жніва, на пачатку жніва ячменю.

10 А Рыцпа, дачка Аі, узяла лахманы і разаслала іх на скале, і сядзела там ад пачатку жніва аж пакуль не пайшоў на іх дождж з неба, і не дазваляла сядаць на іх птушкам паднебным удзень і зьвярам палявым уначы.

11 І было паведамлена Давіду пра тое, што рабіла Рыцпа, дачка Аі, наложніца Саўла.

12 І пайшоў Давід, і ўзяў у гаспадароў Ябэшу Гілеадзкага косткі Саўла і косткі Ёнатана, сына ягонага, якія тыя здабылі патаемна з плошчы ў Бэт-Шане, дзе іх былі там павесіўшы Філістынцы, калі забілі Філістынцы Саўла ў Гільбоа.

13 І перанёс ён адтуль косткі Саўла і косткі Ёнатана, сына ягонага, і сабралі косткі павешаных.

14 І пахавалі косткі Саўла і косткі Ёнатана, сына ягонага, у зямлі Бэн’яміна ў Цэлі, у магіле Кіша, бацькі ягонага. І зрабілі ўсё, што загадаў валадар. І быў упрошаны Бог, [каб зьлітаваўся] над зямлёй.

15 І была зноў вайна Філістынцаў супраць Ізраіля. І пайшоў Давід і слугі ягоныя з ім, і ваявалі з Філістынцамі. І Давід быў змучаны.

16 І Ішбі з Нову, які быў з нашчадкаў Рафы, і дзіда ягоная важыла трыста сыкляў ме­дзі, і ён быў падперазаны новым [мячом], казаў, што заб’е Давіда.

17 Але дапамог [Давіду] Абішай, сын Цэруі. І ўдарыў ён Філістынца, і забіў яго. І лю­дзі Давіда запрысяглі яго, кажучы: «Ужо больш ня пойдзеш з намі ваяваць, каб не патух сьветач Ізраіля».

18 І сталася пасьля гэтага, і зноў была вайна ў Гобе суп­раць Філістынцаў. І Сіббэхай з Хушу забіў Сафа, які з нашчадкаў Рафы.

19 І яшчэ была вайна супраць Філістынцаў у Гобе. І Эльханан, сын Яарэ-Арэгіма з Бэт­леему, забіў Галіята з Гату, у якога тронак дзіды быў як навой ткацкі.

20 І была яшчэ вайна ў Гаце, і быў вялізарны чалавек, які меў па шэсьць пальцаў на кожнай руцэ і на кожнай назе, разам дваццаць чатыры пальцы, які таксама нарадзіўся ў Рафы.

21 І ён зьневажаў Ізраіля, і забіў яго Ёнатан, сын Шаммы, брата Давіда.

22 Гэтыя чатыры нарадзіліся ў Рафы з Гату. І яны загінулі ад рукі Давіда і ад рукі слугаў ягоных.

 

Разьдзел 22

1 І прамовіў Давід словы гэтага сьпеву для ГОСПАДА ў дзень, калі вызваліў яго ГОСПАД з рук усіх ворагаў ягоных і з рукі Саўла.

2 І ён сказаў: «ГОСПАД — скала мая і замчышча маё, Ён — Збаўца мой.

3 Бог мой, скала мая, у якой хаваюся, шчыт мой, рог збаўленьня майго! Ты — прыстанішча маё і Абаронца мой, Збаўца мой, ад гвалту Ты выз­валіў мяне.

4 Паклічу я ГОСПАДА, Які годны хвалы, і ад ворагаў маіх збаўлены буду.

5 Ахапілі мяне хвалі сьмерці, віры Бэліяла стрывожылі мяне,

6 путы пякельныя аплялі мяне, і пасткі сьмерці схапілі мяне.

7 У прыгнечаньні маім я клікаў ГОСПАДА і галасіў да Бога майго. І Ён пачуў са сьвятыні Сваёй голас мой, і лямант мой [дайшоў] да вушэй Ягоных.

8 І дрыжучы, задрыжэла зямля, і падваліны нябесныя зварухнуліся і захісталіся, бо ўгня­віўся Ён.

9 Узьняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных — агонь палючы; вугольле распальваецца ад Яго.

10 Нахіліў Ён нябёсы, і зыйшоў, і імгла пад нагамі Ягонымі.

11 Ён сеў на херувіма, і паляцеў, і ўзьнёсься на крылах ветру.

12 І зрабіў цемру заслонай сабе, намёт Ягоны з цёмных водаў, з густых хмараў.

13 Ад бляску перад Ім загарэлася вугольле вогненнае.

14 І загрымеў у небе ГОСПАД, і Найвышэйшы падаў голас Свой.

15 І Ён пусьціў стрэлы Свае, і расьцярушыў іх, і мноствам маланак зьбянтэжыў іх.

16 І выявіліся глыбіні мора, і адкрыліся падваліны сусьвету ад пагрозаў Тваіх, ГОСПАДЗЕ, і ад подыху духу гневу Твайго.

17 Паслаўшы з вышыні, Ён схапіў мяне, выцягнуў мяне з водаў вялікіх,

18 вызваліў мяне ад ворага майго моцнага, і ад тых, якія ненавідзяць мяне, бо яны дужэйшыя за мяне.

19 Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго, але ГОСПАД быў падпорай для мяне.

20 І Ён вывеў мяне на месца прасторнае, Ён выратаваў мяне, бо мне спагадае.

21 І даў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, паводле чыстасьці рук маіх мне аднагародзіў,

22 бо я захоўваў шляхі ГОС­ПАДА, і не адступаў бязбожна ад Бога майго.

23 Бо ўсе суды Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не ўхіляўся,

24 Я быў беззаганны перад Ім, і захоўваў сябе ад беззаконьня.

25 І аднагародзіў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, і паводле чыстасьці рук маіх перад вачыма Ягонымі.

26 З багабойным Ты будзеш багабойным, з чалавекам беззаганным будзеш беззаганны,

27 для чыстага сэрцам Ты чыс­ты сэрцам, а для крывадушнага Ты падступны,

28 бо людзей прыгнечаных Ты збаўляеш, а вочы пыхлівыя паніжаеш.

29 Бо Ты, ГОСПАДЗЕ, — сьветач мой, ГОСПАД асьвятляе цемру маю.

30 Бо з Табою я атакую войска, і з Богам маім узыйду на муры.

31 Бог, беззаганны шлях Ягоны, слова ГОСПАДА [агнём] ачышчана, Ён — шчыт для ўсіх, хто ў Ім мае надзею.

32 Бо хто Бог, апрача ГОСПАДА? І хто скала, апрача Бога нашага?

33 Бог, Які падпярэзвае мяне сілаю і робіць беззаганным шлях мой.

34 Ён робіць ногі мае, як у аленя, і на вышыні ставіць мяне.

35 Ён навучае рукі мае для бітвы, і рамёны мае напінаюць лук мядзяны.

36 І ты даў мне шчыт збаўленьня Твайго, і ласкавасьць Твая ўзьвялічвае мяне.

37 Ты пашырыў крокі мае, і не хісталіся ногі мае.

38 Я перасьледаваў ворагаў маіх, і даганяў іх, і не вяртаўся, пакуль ня зьнішчыў іх.

39 Я зьнішчыў іх так, што яны не маглі ўстаць і падалі пад ногі мае.

40 Ты падперазаў мяне сілай дзеля бітвы, і Ты паваліў перада мною тых, якія паўсталі суп­раць мяне.

41 Ты даў мне [бачыць] карак ворагаў маіх, і тых, што мяне ненавідзяць, я вынішчыў.

42 Яны галасілі, і не было таго, хто іх збавіць. Яны да ГОСПАДА, але Ён не адказаў ім.

43 Я стоўк іх як пыл зямлі, як балота на вуліцы я таптаў іх.

44 Ты выратаваў мяне ад звадак людзей, паставіў мяне за галаву плямёнам. Людзі, якіх я ня ведаў, будуць служыць мне.

45 Чуючы вушамі [пра мяне], яны слухаюцца мяне. Сыны чужынцаў падпарадкаваліся мне.

46 Сыны чужынцаў млеюць і трымцяць у агароджах сваіх.

47 Жыве ГОСПАД, дабраслаўлёная скала мая, і няхай узвысіцца Бог збаўленьня майго.

48 Бог, Які адпомсьціў за мяне і схіліў народы перада мною,

49 Які выратаваў мяне ад ворагаў маіх, і ўзвысіў мяне па-над тымі, што паўсталі супраць мяне, ад чалавека злачыннага вызваліў мяне.

50 Дзеля гэтага буду славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сярод народаў, і буду імя Тваё выслаўляць,

51 бо Ты ўзьвялічыў збаўленьнем валадара Твайго і зьявіў міласэрнасьць памазанцу Твайму, Давіду, і насеньню ягонаму на вякі».

 

Разьдзел 23

1 Гэта апошнія словы Давіда: «Сказаў Давід, сын Есэя, сказаў чалавек, які высока пастаўлены, памазанец Бога Якубавага, сьпявак псальмаў Ізраіля.

2 Дух ГОСПАДА гаворыць праз мяне, і слова Ягонае — на языку маім.

3 Сказаў Бог Ізраіля, гаварыў мне Скала Ізраіля: “Той праведна пануе над людзьмі, які пануе ў страху Божым,

4 ён — як сьвятло заранкі пры ўзыходзе сонца, як раніца без хмурынак, як яснасьць пасьля дажджу, і як трава, што [расьце] з зямлі”.

5 Ці не такі дом мой перад Богам? Бо заключыў Ён са мною запавет вечны, устаноўлены і пэўны. Ад Яго збаўленьне маё і ўсё жаданьне маё.

6 [Сыны] Бэліяла будуць выкінутыя, як церні, якіх не бяруць рукою.

7 А калі хто будзе дакранеацца іх, няхай узброіцца жалезам або цаўём дзіды, і паліць іх агнём дашчэнту».

8 Вось імёны волатаў Давіда: Ёшэб-Башшэбэт з Тахкемону, начальнік між трох; ён падняў на дзіду сваю васемсот чалавек, забітых адным разам.

9 Пасьля яго Элеазар, сын Додо, сына Ахоха, між трох волатаў. Быў ён з Давідам, калі [Ізраільцяне] сабраліся на бітву, а Філістынцы зьневажалі іх. І пабеглі Ізраільцяне,

10 і ён адзін стаяў і біў Філістынцаў, ажно самлела рука ягоная і прыліпла рука ягоная да мяча. І ГОСПАД даў вялікую перамогу ў той дзень, і народ вярнуўся, каб рабаваць забітых.

11 Пасьля яго Шамма, сын Агэ з Арару. І сабраліся Філістынцы ў Лехі, і быў там палетак, поўны сачэвіцы. І людзі ўцяклі перад Філістынцамі,

12 і ён стаў адзін сярод палетка, і выратаваў іх, а Філістынцаў пабіў. І ГОСПАД даў вялікую перамогу.

13 Гэтыя трое спасярод трыццаці галоўных [у часе] жніва зыйшлі і прыйшлі да Давіда ў пячору Адулям, а дружына Філістынцаў разлажылася табарам у лагчыне Рэфаім.

14 Давід быў у крэпасьці, а дружына Філістынцаў — у Бэтлееме.

15 І захацеў Давід піць, і сказаў: «Хто дасьць мне напіцца вады са студні, якая ў Бэтлееме каля брамы!»

16 І трое гэтых волатаў напалі на табар Філістынцаў, і набралі вады ў Бэтлееме са студні, якая каля брамы, і прынесьлі, і прыйшлі да Давіда, але ён не захацеў піць [яе] і выліў [ваду] для ГОСПАДА,

17 і сказаў: «Няхай адда­ліць мяне ГОСПАД, каб зрабіць гэта. Ці ж буду я піць кроў гэтых людзей, якія пайшлі, [рызыкуючы] душамі сваімі». І не захацеў піць [ваду]. Вось гэта зрабілі тры волаты.

18 І Абішай, брат Ёава, сын Цэруі, [быў] начальнікам трыццаці. Ён падняў на дзіду сваю трыста [ворагаў], і забіў [іх]. І ён меў імя сярод тых трох.

19 Сярод трыццаці ён быў найвыдатнейшы, і быў князем іхнім, але тым тром не дараўняўся.

20 І Бэная, сын Егаяды з Кабцээлю, сын мужа адважнага, [слаўны] шматлікімі справамі. Ён перамог двух ільвоў Мааву, і ён зыйшоў, і забіў ільва ў яме ў дзень завеі.

21 І ён забіў Эгіпцяніна, чалавека вялізнага. У руцэ Эгіпцяніна [была] дзіда, а ён пайшоў на яго з кіем, і вырваў з рукі Эгіпцяніна дзіду, і забіў яго дзідаю ягонай.

22 Гэта зрабіў Бэная, сын Егаяды, і ён меў імя між трох волатаў.

23 Быў ён паважаны сярод трыццаці, але тым тром не дараўняўся. І Давід паставіў яго над вартаю сваёй.

24 [А тых трыццаць]: Асаэль, брат Ёава, Эльханан, сын Додо з Бэтлеему,

25 Шамма з Хароду і Эліка з Хароду,

26 Хэлец з Пэлету і Іра, сын Іккеша з Тэкоа,

27 Абіезэр з Анатоту і Мэбунай з Хушы,

28 Цальмон з Ахоху і Магарай з Нэтофы,

29 Хэлеў, сын Бааны, з Нэтофы, і Іттай, сын Рыбая з Гівы сыноў Бэн’яміна.

30 Бэная з Піратону і Гіддай з Нахале-Гаашу,

31 Абі-Альбон з Арабы і Азмавэт з Бахурыму,

32 Эліяхба з Шаальвону і сыны Яшэна, Ёнатан,

33 Шамма з Арару, Ахіям, сын Шарара з Арару,

34 Эліфэлет, сын Ахасбая, сына Маахі, і Эліям, сын Ахітафэля з Гіло,

35 Хецарай з Кармэлю і Паарай з Арабы,

36 Ігаль, сын Натана з Цовы, і Бані з Гаду,

37 Цэлек з Амона, і Нахарай з Бээроту, збраяносец Ёава, сына Цэруі,

38 Іра з Ітра, Гарэб з Ітра,

39 і Урыя Хет; усіх — трыццаць сем.

 

Разьдзел 24

1 І зноў узгарэўся гнеў ГОСПАДА на Ізраіля, і намовіў [шатан] Давіда супраць [Ізраіля], кажучы: «Ідзі і палічы Ізраіля і Юду».

2 І сказаў валадар Ёаву, начальніку войска, які быў пры ім: «Абыйдзі ўсе калены Ізраіля ад Дану аж да Бээр-Шэвы і палічы народ, каб я ведаў лік народу».

3 І сказаў Ёаў валадару: «Няхай ГОСПАД, Бог твой, дадасьць столькі, колькі ёсьць, і яшчэ сто разоў столькі, і няхай вочы гаспадара майго, валадара, убачаць гэта! Але навошта, гаспадару мой, валадар, ты захацеў зрабіць гэта?»

4 Але слова валадара было мацнейшым за Ёава і начальнікаў войска. І выйшлі Ёаў і начальнікі войска ад аблічча валадара, каб палічыць народ Ізраіля.

5 І пераправіліся яны праз Ярдан, і разлажыліся табарам у Араэры, на поўдзень ад гораду, які на сярэдзіне лагчыны Гад, у бок Язэру.

6 І пайшлі яны ў Гілеад і ў зямлю Тахтыль-Хадшы, і пайшлі ў Дан-Яан, і павярнулі ў бок Сідону.

7 І прыйшлі яны ў крэпасьць Тыр, і ў-ва ўсе гарады Хівеяў і Хананейцаў, і накіраваліся ў Нэгеў Юды і ў Бээр-Шэву.

8 І абыйшлі яны ўсю зямлю, і праз дзевяць месяцаў і дваццаць дзён вярнуліся ў Ерусалім.

9 І Ёаў перадаў валадару лік перапісанага народу. І было ў Ізраілі васемсот тысячаў ваяроў, узброеных мячом, а ў Юдзе — пяцьсот тысячаў.

10 І задрыжэла сэрца Давіда пасьля таго, як ён палічыў народ, і сказаў Давід ГОСПАДУ: «Цяжка саграшыў я гэтым учынкам. І цяпер, ГОСПАДЗЕ, прашу, даруй віну слугі твайго, бо вельмі я неразумна зрабіў».

11 І ўстаў Давід раніцаю, і было слова ГОСПАДА да прарока Гада, відушчага Давіда, кажучы:

12 «Ідзі і скажы Давіду: “Гэта кажа ГОСПАД. Тры [кары] Я кладу перад табою. Выберы сабе адну з іх, і Я зраблю табе гэта”».

13 І пайшоў Гад да Давіда, і паведаміў яму, і сказаў яму: «Ці будзе панаваць голад тры гады ў зямлі тваёй, або тры месяцы ты будзеш уцякаць перад абліччам ворагаў тваіх, якія будуць перасьледаваць цябе, або тры дні будзе пана­ваць пошасьць у зямлі тваёй. І цяпер падумай і ўбач, які адказ мне занесьці Таму, Які мяне паслаў».

14 І сказаў Давід Гаду: «Я ў уціску вялікім! Але [лепш] патрапіць у рукі ГОСПАДА, бо вялікая міласэрнасьць Ягоная, а ў рукі чалавека [лепш] не трапляць!»

15 І спаслаў ГОСПАД заразу на Ізраіля ад раніцы да вызначанага часу. І памерла тады, пачынаючы ад Дану да Бээр-Шэвы семдзясят тысячаў чалавек.

16 І выцягнуў анёл руку сваю на Ерусалім, каб яго зьнішчыць, але ГОСПАД зьлітаваўся дзеля няшчасьця і сказаў анёлу, што нішчыў народ: «Досыць, цяпер спыні руку тваю!» А быў анёл ГОСПАДА каля току Араўны Евусэя.

17 І сказаў Давід ГОСПАДУ, калі ўбачыў анёла, які забіваў народ: «Вось, я саграшыў, я вінаваты, але гэтыя авечкі, што яны зрабілі? Прашу, няхай рука Твая будзе супраць мяне і супраць дому бацькі майго!»

18 У той дзень прыйшоў Гад да Давіда і сказаў яму: «Ідзі і пастаў ахвярнік ГОСПАДУ на таку Араўны Евусэя».

19 І пайшоў Давід паводле слова Гада, як загадаў ГОСПАД.

20 І глянуў Араўна, і ўбачыў валадара і слугаў ягоных, што ідуць да яго. І выйшаў ён, і пакланіўся валадару абліччам сваім да зямлі,

21 і сказаў Араўна: «Што за прычына, што прыходзіць гаспадар мой, валадар, да слугі свайго?» І сказаў Давід: «Каб купіць у цябе ток і пабудаваць на ім ахвярнік ГОСПАДУ, і тады спыніцца пляга, якая ў народзе».

22 І сказаў Араўна Давіду: «Няхай бярэ гаспадар мой, валадар, і складае ў ахвяру тое, што добрае ў вачах ягоных. Вось, валы на цэласпаленьне, вось, малатарні і ёрмы валовыя на дровы.

23 Усё аддае Араўна валадару валадароў!» І сказаў Араўна валадару: «Няхай ГОСПАД, Бог твой, мае да цябе ласку!»

24 І сказаў валадар Араўне: «Не! Я, купляючы, куплю за грошы ў цябе і не складу для ГОСПАДА, Бога майго, цэласпаленьне, якое [атрымаў] задарма». І купіў Давід ток і валоў за пяцьдзясят сыкляў срэбра.

25 І пабудаваў Давід там ахвярнік ГОСПАДУ, і склаў цэласпаленьні і ахвяры мірныя. І зьлітаваўся ГОСПАД над зямлёю, і спыніў плягу для Ізраіля.