Беларуская Біблія

ПЕРШАЯ КНІГА САМУЭЛЯ

 

Разьдзел 1

1 Быў адзін чалавек у Раматаіме, Цуфіт з гары Эфраіма, імем Элькана, сын Ерахама, сына Элігу, сына Таку, сына Цуфа, Эфрацянін.

2 Ён меў дзьве жонкі: імя адной Ганна, а імя другой Пэніна. У Пэніны былі сыны, а ў Ганны дзяцей не было.

3 Штогод той чалавек хадзіў з гораду свайго ў Шыло, каб пакланіцца і скласьці ахвяру ГОСПАДУ Магуцьцяў. Былі там два сыны Гэлія: Хофні і Пінхас, сьвятары ГОСПАДА.

4 Калі Элькана складаў ахвяру, у той дзень даваў жонцы сваёй Пэніне і ўсім сынам і дочкам ейным па частцы складанай ахвяры,

5 а Ганьне даваў падвойную частку, бо Ганну ён любіў. Але ГОСПАД не даваў ёй нарадзіць.

6 Суперніца ейная дакучала ёй, і дрэнчыла яе, бо ГОСПАД замкнуў улоньне ейнае.

7 Так цягнулася шмат гадоў; колькі разоў ішла яна ў сьвятыню ГОСПАДА, тая засмучала яе. Ганна дзеля таго плакала і ня ела.

8 І сказаў ёй Элькана, муж ейны: «Чаму ты плачаш і чаму не ясі? Чаму сумуе сэрца тваё? Ці ж я табе не мілейшы, чым дзесяць сыноў?»

9 Калі ў Шыло скончылі есьці і піць, Ганна ўстала. А сьвятар Гэлій сядзеў на крэсьле перад брамай сьвятыні ГОСПАДА.

10 І Ганна, сумная душою, малілася да ГОСПАДА, горка плачучы.

11 І шлюбавала яна, кажучы: «ГОСПАД Магуцьцяў, калі Ты спагадна глянеш на прыніжэньне служкі Тваёй, і прыгадаеш мяне, і не забудзешся пра служку Тваю, і дасі мне дзіця мужчынскага роду, я аддам яго ГОСПАДУ на ўсе дні жыцьця ягонага, і лязо не кранецца галавы ягонай».

12 Калі яна так шчыра і доўга малілася перад ГОСПАДАМ, Гэлій прыглядаўся да вуснаў ейных.

13 А Ганна гаварыла ў глыбіні сэрца свайго, і толькі варушыліся вусны ейныя, але голасу не было чуваць, і Гэлій думаў, што яна п’яная,

14 і сказаў ёй: «Дакуль будзеш п’яная? Ацьверазіся ад віна».

15 Ганна адказала: «Не, гаспадару мой. Я — нешчасьлівая жанчына. Я ня піла нічога такога, каб ап’янець, ані віна, ані сікеры, але я выліваю душу сваю перад ГОСПАДАМ.

16 Не лічы служкі тваёй за адну з дачок Бэліяла, бо я дзеля вялікага болю і смутку свайго гаварыла ўвесь час».

17 І Гэлій засмуціўся, і сказаў ёй: «Ідзі ў супакоі, а Бог Ізраіля няхай споўніць просьбу тваю, пра што маліла Яго».

18 А яна сказала: «О, няхай знойдзе служанка твая ласку ў вачах тваіх». І адыйшла тая жанчына дарогаю сваёй, і ела, і аблічча ейнае не было ўжо такім, як раней.

19 І падняліся назаўтра рана, і пакланіліся перад ГОСПАДАМ, і пайшлі ў дарогу зваротную, і прыйшлі ў дом свой у Раме. І Элькана спазнаў жонку сваю Ганну, і ГОСПАД узгадаў просьбу ейную.

20 Ганна зачала па нейкім часе, і нарадзіла сына, і дала яму імя Самуэль, таму што ад ГОСПАДА выпрасіла яго.

21 Муж ейны Элькана і ўвесь дом ягоны пайшоў злажыць штогадовую ахвяру ГОСПАДУ і споўніць шлюбаваньні.

22 Але Ганна не пайшла. Яна сказала мужу свайму: «Не пайду, пакуль хлопчык ня будзе адняты ад грудзей і падрасьце, а тады завяду яго, і ён стане перад абліччам ГОСПАДА, і застанецца там назаўсёды».

23 Адказаў ёй Элькана, муж ейны: «Рабі, што добра ў вачах тваіх. Заставайся, пакуль яго не адымеш ад грудзей. Толькі няхай ГОСПАД зьдзейсьніць словы Свае». І засталася маці дома, і карміла сына свайго, пакуль не адняла яго ад гру­дзей сваіх.

24 Калі ўжо адняла, павяла яго з сабою, і ўзяла таксама трохгадовага бычка, адну эфу мукі і буклак віна, і прывяла яго ў Дом ГОСПАДА ў Шыло. А хлопец быў яшчэ дзіцём.

25 І забілі бычка, і занесьлі хлопца да Гэлія.

26 І сказала [Ганна]: «Прашу, гаспадару мой, няхай жыве душа твая, гаспадару. Я — тая самая жанчына, якая стаяла тут перад табой і маліла ГОСПАДА.

27 Маліла я пра гэтае дзіця, і споўніў ГОСПАД просьбу маю, што я прасіла ў Яго.

28 Таму я аддаю яго ГОСПАДУ на ўсе дні; колькі будзе жыць, ён аддадзены для ГОСПАДА». І пакланіліся там ГОСПАДУ.

 

Разьдзел 2

1 І Ганна малілася, і казала: “Радуецца сэрца маё ў ГОСПАДЗЕ, узьняўся рог мой у Богу маім. Адкрыліся вусны мае супраць ворагаў маіх, бо радуюся я ў збаўленьні Тваім.

2 Ніхто не сьвяты так як ГОСПАД, бо няма нікога іншага, апроч Цябе. Ніхто не магутны, як Бог наш.

3 Не памнажайце словаў фанабэрыстых. Няхай спыніцца пыхлівасьць вуснаў вашых, бо ГОСПАД ёсьць Бог [усякіх] ведаў, Ён судзіць усе ўчынкі.

4 Лук волатаў ломіцца, а слабыя набіраюцца сілы.

5 Тыя, што былі насычаныя, наймаюцца за хлеб, а галодныя хлеба не патрабуюць, бясплодная нараджае сем разоў, а тая, што мела шмат сыноў — саслабела.

6 ГОСПАД дае сьмерць і жыцьцё, кідае ў адхлань і выцягвае з яе.

7 ГОСПАД робіць бедным і багатым, паніжае і ўзвышае.

8 Ён выцягвае беднага з балота, і са сьмецьця падымае ўбогага, каб пасадзіць яго з князямі і каб атрымаў ён у спадчыну пасад славы. Бо ГОСПАДА асновы зямлі, на іх Ён паставіў сусьвет.

9 Ён захоўвае крокі сьвятых Сваіх, а бязбожнікі ў цемры зьнікаюць, бо ня сілаю сваёю перамагае чалавек.

10 ГОСПАД зьнішчае супраціўнікаў Сваіх, грыміць на іх у нябёсах. ГОСПАД будзе су­дзіць канцы зямлі, і дасьць уладу валадару Свайму, і ўзвысіць рог памазанца Свайго».

11 І вярнуўся Элькана ў Раму, у дом свой. А хлопчык застаўся служыць ГОСПАДУ пад наглядам Гэлія сьвятара.

12 А сыны Гэлія [былі] як сыны Бэліяла, і ня ведалі яны ані ГОСПАДА,

13 ані абавязак сьвятарскі адносна народу, але калі не­хта складаў ахвяру крывавую, прыходзіў слуга сьвятара з трызубым відэльцам у руцэ і, калі варылася мяса,

14 запускаў яго ў кацёл, або ў гаршчок, або ў патэльню, або ў міску, і ўсё, што выдабыў відэльцам, забіраў сабе сьвятар. Так рабілі з усімі Ізраільцянамі, якія прыходзілі ў Шыло.

15 І нават яшчэ ня быў спалены тлушч, а ўжо прыходзіў слуга сьвятара і казаў таму, хто складаў ахвяру: «Дай мне мяса, а я сьпяку яго сьвятару, бо ён ня прыйме ад цябе варанага мяса, але толькі сырое».

16 І казаў яму той, што складаў ахвяру: «Дазволь спаліць тлушч, а тады возьмеш сабе, што душа твая зажадае». [Слуга] адказваў яму: «Ніякім чынам. Давай цяпер; а калі не, забяру сілай».

17 І грэх тых юнакоў быў вельмі вялікі перад абліччам ГОСПАДА, бо яны зьневажалі ахвяры ГОСПАДУ.

18 А Самуэль служыў перад абліччам ГОСПАДА як хлопец, апрануты ў ільняны эфод.

19 Маці ягоная шыла яму малую шату, якую прыносіла яму штогод, калі прыхо­дзіла з мужам скласьці ахвяру штогадовую.

20 І дабраславіў Гэлій Элькану і жонку ягоную, кажучы: «Няхай дасьць табе ГОСПАД нашчадкаў з гэтай жонкі ў замену за ўпрошанага, якога ты аддаў ГОСПАДУ». І яны варочаліся ў дом свой.

21 І паспагадаў ГОСПАД Ганьне, і яна зачала, і нарадзіла трох сыноў і дзьве дачкі. А юнак Самуэль рос пры ГОСПАДЗЕ.

22 Гэлій быў ужо вельмі стары. І чуў ён усё, што рабілі сыны ягоныя адносна ўсіх Ізраільцянаў, як яны спалі з жанчынамі, якія зьбіраліся пры ўваходзе ў Намёт Спатканьня.

23 І сказаў ён ім: «Чаму дапускаецеся вы такіх учынкаў, бо я чую пра ліхія справы вашыя ад усяго народу?

24 Спыніцеся, сыны мае. Нядобрая гэта слава, пра якую я чую. Вы разбэшчваеце народ ГОСПАДА.

25 Калі саграшыць чалавек супраць чалавека, судзьдзёю яму можа быць Бог. Але калі супраць ГОСПАДА саграшыць чалавек, хто заступіцца за яго?» Але яны ня слухалі перасьцярогі бацькі свайго, бо ГОСПАД вырашыў аддаць іх на сьмерць.

26 А юнак Самуэль рос, і падабаўся як ГОСПАДУ, так і людзям.

27 І прыйшоў да Гэлія чалавек Божы, і сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “Ці ж Я не зьявіўся дому бацькі твайго, калі былі яны ў Эгіпце ў доме фараона?

28 Спаміж усіх пакаленьняў Ізраіля Я выбраў іх Сабе на сьвятароў, каб прыходзілі да ахвярніка Майго складаць ахвяры каджэньня і насіць перад абліччам Маім эфод. Я даў для дому бацькі твайго ўсе ахвяры сыноў Ізраіля.

29 Чаму вы топчаце нагамі ахвяры Мае крывавыя і ахвяры хлебныя, якія Я ўстанавіў, каб яны былі складаныя ў сьвятыні. Ты больш шануеш сыноў сваіх, чым Мяне, каб яны сыцелі на найлепшых частках з усіх дароў Ізраіля, народу Майго”.

30 Дзеля гэтага кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я з моцай казаў дому бацькі твайго, што будуць яны служыць перад абліччам Маім на вякі. Але цяпер, кажа ГОСПАД, гэтак ня будзе ў Мяне. Цяпер так будзе: хто будзе славіць Мяне, і Я таго праслаўлю; а хто зьневажае Мяне, той будзе ў ганьбе.

31 Вось, прыходзяць дні, у якія Я адсяку рамяно тваё і рамяно дому бацькі твайго, каб не было старога ў доме тваім.

32 Ты будзеш бачыць бедства сьвятыні Маёй, [нават] калі ГОСПАД будзе рабіць добрае Ізраілю, і ў доме тваім ня будзе старога ў-ва ўсе часы.

33 Аднак Я не забяру цалкам чалавека з цябе ад ахвярніка Майго, каб выцяклі вочы твае і ссохла душа твая, але загіне большая частка дому твайго.

34 І вось, будзе табе знак, які станецца з абодвума сынамі тваімі, з Хофні і Пінхасам, абодва ў адзін дзень памруць.

35 А Я пастаўлю Сабе сьвятара вернага, які паводле сэрца Майго і паводле душы Маёй будзе рабіць. І пастаўлю яму дом цьвёрды, і ён будзе хадзіць перад памазанцам Маім усе дні.

36 І будзе, што той, хто яшчэ застанецца ў доме тваім, прыйдзе і ўпакорыцца перад ім дзеля срэбнай манэты або дзеля кавалка хлеба, і будзе ка­заць: «Дай мне хоць які абавязак сьвятарскі, каб я мог зьесьці лусту хлеба»”».

 

Разьдзел 3

1 Юнак Самуэль служыў ГОСПАДУ пад наглядам Гэлія. І слова ГОСПАДА было рэдкім у тыя дні, і відзежаў не было.

2 І сталася, што аднаго дня Гэлій спаў на месцы сваім, а вочы ягоныя саслабелі, і ён ня мог бачыць.

3 І лямпа Божая не была яшчэ патушаная, і Самуэль спаў у сьвятыні ГОСПАДА, дзе быў Каўчэг Божы.

4 І паклікаў ГОСПАД Самуэля. Ён адказаў: «Вось я».

5 І пабег да Гэлія, і сказаў: «Вось я, бо ты клікаў мяне». Ён сказаў: «Я ня клікаў цябе. Вяртайся і сьпі». І ён пайшоў, і лёг спаць.

6 І ГОСПАД зноў паклікаў Самуэля, і сказаў: «Самуэль, Самуэль». Той пабег да Гэлія і сказаў: «Вось я, бо ты клікаў мяне». Ён сказаў: «Я ня клікаў цябе, сын мой. Вяртайся і сьпі».

7 Бо Самуэль не пазнаў яшчэ ГОСПАДА і не было яшчэ яму аб’яўлена слова ГОСПАДА.

8 Але ГОСПАД зноў паклікаў Самуэля трэці раз. Ён падняўся і пабег да Гэлія, і сказаў: «Вось я, бо ты клікаў мяне». І зразумеў Гэлій, што ГОСПАД кліча юнака.

9 І ён сказаў Самуэлю: «Ідзі і кладзіся спаць, а калі зноў пакліча цябе, скажы: “Гавары, ГОСПАДЗЕ, бо слухае слуга Твой”». І вярнуўся Самуэль, і лёг спаць на месцы сваім.

10 І прыйшоў ГОСПАД, і стаў, і паклікаў як раней: «Самуэль, Самуэль!» І Самуэль сказаў: «Гавары, ГОСПАДЗЕ, бо слухае слуга Твой».

11 І сказаў ГОСПАД Самуэлю: «Вось, Я зраблю ў Ізраілі такое, што ўсім, хто пра гэта пачуе, зазьвініць у абодвух вушах.

12 У дзень той Я споўню над Гэліем усё, што прадказаў адносна дому ягонага, ад пачатку і да канца.

13 Я прадказаў яму, што буду судзіць дом ягоны на вякі дзеля грэху, бо ён ведаў, што сыны ягоныя зьневажаюць Бога, і не караў іх.

14 Дзеля гэтага Я прысягнуў дому Гэлія, што ня будзе ачышчана правіна дому ягонага ані ахвярамі крывавымі, ані ахвярамі хлебнымі, на вякі».

15 І ляжаў Самуэль аж да раніцы, а потым адчыніў браму Дому ГОСПАДА. І баяўся Самуэль сказаць Гэлію пра гэты відзеж.

16 Але Гэлій паклікаў Самуэля і сказаў: «Самуэль, сын мой». Ён адказаў: «Вось я».

17 І спытаўся [Гэлій] у яго: «Што за слова, якое было сказана табе? Прашу, ня ўтойвай ад мяне. Няхай гэта зробіць табе Бог і тое дадасьць, калі будзеш хаваць ад мяне нешта з таго, што сказана было табе».

18 І выявіў яму Самуэль усё сказанае, і ня ўтойваў ад яго. І Гэлій сказаў: «Ён — ГОСПАД! Няхай робіць, што добрае ў вачах Ягоных».

19 І рос Самуэль, і ГОСПАД быў з ім. І з усіх словаў ягоных ніводнае ня ўпала на зямлю.

20 І даведаўся ўвесь Ізраіль ад Дану аж да Бээр-Шэвы, што Самуэль стаў прарокам ГОСПАДА.

21 І працягваў ГОСПАД зьяўляцца ў Шыло пасьля таго, як зьявіў Сябе Самуэлю ў Шыло ў слове ГОСПАДА.

 

Разьдзел 4

1 І было слова Самуэля да ўсяго Ізраіля. Ізраільцяне вырушылі на вайну супраць Філістынцаў і разлажыліся табарам каля Эбэн-Гаэзэру, а Філістынцы разлажылі табар свой у Афэку.

2 І выставілі Філістынцы шыхты супраць Ізраіля, і пачаўся бой. Ізраільцяне сталі адступаць перад Філістынцамі, і загінула ў тым баі на полі каля чатырох тысячаў ваяроў.

3 І вярнуўся народ у табар, і старшыні Ізраіля сказалі: «Чаму ўдарыў сёньня нас ГОСПАД у баі з Філістынцамі? Давайце прынясем з Шыло Каўчэг Запавету ГОСПАДА, і няхай ён будзе сярод нас, каб ратаваць нас ад рук ворагаў нашых».

4 І паслалі народ у Шыло, каб прынесьлі адтуль Каўчэг Запавету ГОСПАДА Магуцьцяў, Які сядзіць на херувімах. Пры Каўчэгу Запавету Божага былі два сыны Гэлія, Хофні і Пінхас.

5 Калі прынесьлі Каўчэг Запавету ГОСПАДА ў табар, загаманіў увесь Ізраіль голасам вялікім, аж задрыжэла зямля.

6 Гэты крык пачулі Філістынцы і пыталіся: «Што гэта за крык вялікі ў табары Гебраяў?» І даведаліся, што Каўчэг ГОСПАДА прыйшоў у табар.

7 І спалохаліся Філістынцы, і казалі: «Прыйшоў Бог у табар!» І сказалі яны: «Гора нам! Бо не было такога ані ўчора, ані пазаўчора.

8 Гора нам! Хто нас захавае ад рукі гэтага Бога магутнага? Гэта той самы Бог, які ўдарыў Эгіпет усякімі карамі ў пустыні.

9 Умацуйцеся і будзьце мужнымі, Філістынцы, каб не служылі вы Гебраям, як яны служылі вам. Будзьце мужнымі і ваюйце!»

10 І ваявалі Філістынцы, і перамаглі Ізраіля, так што кожны ўцёк у намёт свой. І параза гэтая была страшная, бо ў Ізраіля палегла трыццаць тысячаў пяхотнікаў.

11 І Каўчэг Божы быў узяты, і два сыны Гэлія, Хофні і Пінхас, былі забітыя.

12 Адзін Бэн’ямінец уцёк з бою і прыйшоў у Шыло ў падзёртым адзеньні і з абсыпанай пылам галавою.

13 Калі ён прыбег, Гэлій сядзеў на крэсьле каля брамы, гледзячы на дарогу, бо ён трывожыўся дзеля Каўчэга Божага. А чалавек той прыйшоў і паведаміў гораду, і ўвесь горад загаласіў.

14 І пачуў Гэлій голас крыку, і спытаўся: «Што азначае гармідар гэты?» А той чалавек пасьпяшаўся, і прыйшоў, і паведаміў Гэлію.

15 Гэлій меў дзевяноста восем гадоў, і вочы ягоныя саслабелі, і ён ня мог бачыць.

16 Уцякач сказаў Гэлію: «Я прыйшоў з месца бою, я — той, хто вырваўся сёньня з шыхтоў». Гэлій спытаўся: «Што сталася, сын мой?»

17 І адказаў вясьнік: «Ізраільцяне ўцяклі перад Філістынцамі, народ атрымаў страшную паразу, і абодва сыны твае, Хофні і Пінхас, загінулі, і Каўчэг Божы ўзяты».

18 Калі той сказаў пра Каўчэг Божы, Гэлій зваліўся з крэсла на кант брамы, і зламаў сабе карак, і памёр, бо ён быў стары і цяжкі. Ён судзіў Ізраіль сорак гадоў.

19 А нявестка ягоная, жонка Пінхаса, якая была цяжарная і мела хутка нарадзіць, калі даведалася, што Каўчэг Божы ўзяты і што сьвёкар ейны і муж загінулі, упала і нарадзіла, бо прыйшлі на яе болі радзінаў.

20 І калі канала, казалі ёй жанчыны, якія стаялі кругом яе: «Ня бойся! Ты нарадзіла сына». Але яна не адказала ім і не зьвярнула на іх увагі.

21 І назвала хлопчыка Іхавод, кажучы: «Адыйшла слава ад Ізраіля» з прычыны ўзяцьця Каўчэга Божага, а таксама сьмерці сьвёкра і мужа.

22 І паўтарыла: «Адыйшла слава ад Ізраіля, бо ўзяты Каўчэг Божы».

 

Разьдзел 5

1 А Філістынцы ўзялі Каўчэг Божы і занесьлі яго з Эбэн-Гаэзэру ў Ашдод.

2 І ўзялі Філістынцы Каўчэг Божы, і занесьлі яго ў сьвятыню Дагона, і паставілі яго каля Дагона.

3 Калі на другі дзень Ашдодцы ўсталі рана, вось, Дагон ляжаў абліччам на зямлі перад Каўчэгам Божым. І паднялі яны Дагона, і паставілі на месца ягонае.

4 На другі дзень, рана ўстаўшы, знайшлі, што Дагон зноў ляжыць абліччам сваім на зямлі перад Каўчэгам ГОСПАДА, а галава Дагона і дзьве далоні рук ягоных адсечаныя ляжаць на парозе, і толькі тулава Дагона засталося пры ім.

5 Таму сьвятары Дагона і ўсе, хто ўваходзіць у дом Дагона, не ступаюць на парог Дагона ў Ашдодзе па сёньняшні дзень.

6 І рука ГОСПАДА зацяжэла над жыхарамі Ашдоду, і напалохала іх, і пакараў Ён балячкамі як Ашдод, так і ваколіцы ягоныя.

7 І людзі Ашдоду ўбачылі гэта, і сказалі: «Няхай не за­стаецца Каўчэг Божы ў нас, бо зацяжэла рука Ягоная на нас і на Дагоне, богу нашым».

8 І паслалі, і сабралі яны ўсіх валадароў Філістынскіх, і сказалі: «Што маем зрабіць з Каўчэгам Бога Ізраіля?” Яны сказалі: “Трэба Каўчэг Божы перанесьці ў Гат». І перанесьлі [туды] Каўчэг Бога Ізраіля.

9 І калі перанесьлі яго, зацяжэла рука ГОСПАДА над горадам, і страх вельмі вялікі, і ўдарыў [Бог] жыхароў гораду ад малога да вялікага, і зьявіліся на іх болькі.

10 І адаслалі яны Каўчэг Божы ў Экрон. Калі прыйшоў Каўчэг Божы ў Экрон, паднялі крык Экронцы, кажучы: «Вы прынесьлі да нас Каўчэг Бога Ізраіля, каб выгубіць нас і народ наш!»

11 І паслалі, і сабралі яны ўсіх валадароў Філістынскіх, і сказалі: «Адашліце Каўчэг Бога Ізраіля, няхай вяртаецца ён на месца сваё і няхай не забівае нас і народ наш». Бо апанаваў страх сьмерці ўвесь горад і вельмі цяжкая [стала] рука Божая.

12 Людзі, якія не паўміралі, былі пакрытыя болькамі, і лямант у горадзе падымаўся ў неба.

 

Разьдзел 6

1 І быў Каўчэг ГОСПАДА ў зямлі Філістынскай сем месяцаў.

2 І паклікалі Філістынцы сьвятароў і варажбітоў, і спыталіся: «Што маем зрабіць з Каўчэгам ГОСПАДА? Парайце нам, як маем адаслаць яго на месца ягонае».

3 Яны сказалі: «Калі будзеце адсылаць Каўчэг Бога Ізраіля, не адсылайце яго пустым, але тое, што належыцца, аддайце за грэх, і тады паздаравееце. І даведаецеся, чаму не адступае рука Ягоная ад вас».

4 Яны спыталіся: «Чым і як маем Яму за грэх аднагародзіцца?» Яны адказалі: «Паводле ліку валадароў Філістынскіх зрабіце пяць болек залатых і пяць мышэй залатых, бо пляга тая самая дакранулася ўсіх вас і валадароў вашых.

5 Зрабіце выявы болек і выявы мышэй, якія нішчаць зямлю, і аддайце славу Богу Ізраіля, каб Ён адхіліў руку Сваю ад вас, ад багоў вашых і ад зямлі вашай.

6 Чаму вы робіце цьвёрдымі сэрцы вашыя, як Эгіпет і фараон зрабілі цьвёрдым сэрца сваё, бо яны не дазволілі ім адыйсьці, калі [Бог] караў іх.

7 І цяпер падрыхтуйце новы воз і дзьве дойныя каровы, на якіх не было ярма, і запражыце кароваў у вазы, а цялятаў іхніх адвядзіце дамоў.

8 І вазьміце Каўчэг ГОСПАДА, і пастаўце яго на воз, а выявы залатыя, якія маеце аддаць Яму за грэх, палажыце ў скрынку збоку яго. І так пусьціце яго ў дарогу.

9 І глядзіце, калі ён накіруецца дарогай да межаў сваіх да Бэт-Шэмэшу, ведайце, што гэта [Бог] навёў на вас гэтае вялікае няшчасьце; а калі не, будзем ведаць, што не рука Ягоная да нас дакранулася, але гэта было выпадкова».

10 І зрабілі людзі такім чынам. І ўзялі дзьве дойныя каровы, і запрэглі іх у воз, а цялятаў іхніх затрымалі ў хляве.

11 І паставілі Каўчэг ГОСПАДА на воз, і скрынку з залатымі мышамі і выявамі болек.

12 І каровы пайшлі простаю дарогаю ў накірунку Бэт-Шэмэшу, і ідучы па гэтым шляху, не зыходзілі ані ўправа, ані ўлева. А валадары Філістынскія ішлі за імі аж да межаў Бэт-Шэмэшу.

13 А ў Бэт-Шэмэшы на раўніне жалі пшаніцу. І падняўшы вочы, убачылі [жняцы] Каўчэг, і ўсьцешыліся, убачыўшы яго.

14 А воз узьехаў на поле Егошуа з Бэт-Шэмэшу і затрымаўся там. І ляжаў там камень вялікі. І яны пасеклі воз на дровы, а кароваў склалі ў ахвяру цэласпаленьня для ГОСПАДА.

15 І лявіты зьнялі Каўчэг Божы і скрынку, якая ляжала побач яго, у якой знаходзіліся выявы залатыя, і палажылі іх на вялікім камяні. І склалі ў той дзень людзі Бэт-Шэмэшу ГОСПАДУ ахвяры цэласпаленьня і ахвяры крывавыя.

16 І пяць валадароў Філістынскіх бачылі гэта, і вярнуліся ў Экрон у той самы дзень.

17 Вось болькі залатыя, складзеныя Філістынцамі ГОСПАДУ за грэх: адзін — за Ашдод, адзін — за Газу, адзін — за Ашкелён, адзін — за Гат і адзін — за Экрон.

18 А залатыя мышы былі паводле лічбы гарадоў Філістынскіх пяці валадароў іхніх, ад умацаванага гораду да пасяленьня, якое без муроў. Камень жа той вялікі, на якім паставілі Каўчэг ГОСПАДА на полі Егошуа з Бэт-Шэмэшу, ёсьць сьведкам гэтаму аж па сёньняшні дзень.

19 І ўдарыў ГОСПАД людзей Бэт-Шэмэшу, якія заглядалі ў Каўчэг ГОСПАДА, і выбіў з народу з пяцідзесяці тысячаў семдзясят чалавек. І народ быў у жалобе, бо ГОСПАД ударыў народ так страшнай карай.

20 І сказалі людзі Бэт-Шэмэшу: «Хто можа стаць перад ГОСПАДАМ, гэтым Сьвятым Богам? Да каго Ён пяройдзе ад нас?»

21 І паслалі яны пасланцоў да жыхароў Кірыят-Ярыму, кажучы: «Вярнулі Філістынцы Каўчэг ГОСПАДА. Прыходзьце і забярыце яго да сябе».

 

Разьдзел 7

1 І прыйшлі жыхары Кірыят-Ярыму, і забралі Каўчэг ГОСПАДА, і прынесьлі яго на ўзгорак у дом Абінадава, і пасьвяцілі Элеазара, сына ягонага, каб захоўваў Каўчэг ГОСПАДА.

2 З таго дня, як застаўся Каўчэг ГОСПАДА ў Кірыят-Ярыме, прайшло шмат дзён, дваццаць гадоў. І ўвесь дом Ізраіля галасіў дзеля ГОСПАДА.

3 І сказаў Самуэль усяму дому Ізраіля: «Калі хочаце навярнуцца ўсім сэрцам да ГОСПАДА, выкіньце спасярод сябе ўсіх багоў чужых і Астарту, і прыхіліце сэрцы свае да ГОСПАДА, і служыце Яму аднаму, і Ён выратуе вас з рук Філістынцаў».

4 І павыкідалі сыны Ізраіля Баалаў і Астарту, і служылі толькі ГОСПАДУ.

5 І сказаў Самуэль: «Зьбярыце ўвесь Ізраіль у Міцпе, і я памалюся за вас да ГОСПАДА».

6 І сабраліся ў Міцпе, і чэрпалі ваду, і вылівалі перад абліччам ГОСПАДА, і посьцілі ў той дзень, і казалі там: «Саграшылі мы перад ГОСПАДАМ». І судзіў Самуэль сыноў Ізраіля ў Міцпе.

7 І пачулі Філістынцы пра тое, што сыны Ізраіля сабраліся ў Міцпе, і валадары Філістынцаў пайшлі супраць Ізраільцянаў. І калі даведаліся пра гэта сыны Ізраіля, яны напалохаліся Філістынцаў,

8 і прасілі сыны Ізраіля Самуэля: «Не пераставай за нас клікаць да ГОСПАДА, Бога нашага, каб Ён выратаваў нас з рук Філістынцаў».

9 І ўзяў Самуэль адно ягнятка-сасунка, і склаў усяго яго ГОСПАДУ ў ахвяру цэласпаленьня. І клікаў Самуэль ГОСПАДА ў справе Ізраіля, і выслухаў яго ГОСПАД.

10 І калі Самуэль складаў ахвяру цэласпаленьня, Філістынцы пайшлі ў бой супраць Ізраіля. У той дзень загрымеў ГОСПАД грымотамі вялікімі над Філістынцамі і напалохаў іх, і былі яны пабітыя Ізраільцянамі.

11 І выйшлі Ізраільцяне з Міцпы, і перасьледавалі Філістынцаў, і забівалі іх аж да Бэт-Кару.

12 І ўзяў Самуэль адзін камень, і палажыў яго паміж Міцпою і Шэнам, і назваў тое месца Эбэн-Гаэзэр, і сказаў: «Аж дасюль дапамог нам ГОСПАД».

13 Так упакораны былі Філістынцы, і больш не хадзілі яны ў межы Ізраіля. І была рука ГОСПАДА на Філістынцах у-ва ўсе дні Самуэля.

14 І вярнуліся да Ізраіля гарады, забраныя Філістынцамі ад Экрону аж да Гату. Ізраільцяне забралі землі свае з рук Філістынцаў, і запанаваў мір між Ізраілем і Амарэйцамі.

15 І судзіў Самуэль Ізраіля ў-ва ўсе дні жыцьця свайго.

16 І штогод ён хадзіў у Бэтэль, Гільгал і Міцпу, і судзіў Ізраіля ў-ва ўсіх гэтых месцах.

17 Пасьля вяртаўся ў Раму, бо там быў дом ягоны, і там судзіў Ізраіля. І ён пабудаваў там ахвярнік ГОСПАДУ.

 

Разьдзел 8

1 Калі Самуэль пастарэў, ён паставіў судзьдзямі Ізраіля сыноў сваіх.

2 Першародны сын ягоны называўся Ёэль, а імя другога было Абія. Судзілі яны Ізраіля ў Бээр-Шэве.

3 І не хадзілі сыны ягоныя шляхамі ягонымі, але паддаліся хцівасьці, і бралі хабары, і фальшавалі суд.

4 І сабраліся ўсе старшыні Ізраіля, і пайшлі да Самуэля ў Раму.

5 І сказалі яму: «Вось, ты пастарэў, а сыны твае ня хо­дзяць шляхамі тваімі. Дык пастаў нам цяпер валадара, каб ён судзіў нас, як [маюць гэта] ўсе народы».

6 І ліхім было слова гэтае ў вачах Самуэля, што яны казалі: «Дай нам валадара, каб ён судзіў нас». І маліўся Самуэль да ГОСПАДА.

7 І сказаў ГОСПАД Самуэлю: «Паслухай голас народу ў-ва ўсім, што яны просяць цябе, бо не ад цябе адварочваюцца яны, але ад Мяне, каб Я не валадарыў над імі.

8 Як хадзілі яны з таго дня, калі Я вывеў іх з Эгіпту, і аж да сёньняшняга дня, пакідаючы Мяне і служачы багам чужым, таксама робяць і табе.

9 Дык цяпер выслухай просьбу іхнюю, толькі папярэдзь іх і патлумач ім пастановы адносна валадара, які мае над імі валадарыць».

10 І Самуэль пераказаў народу ўсе словы ГОСПАДА, бо народ прасіў у яго валадара.

11 Ён сказаў: «Такія пастановы адносна валадара, які будзе валадарыць над вамі. Ён возьме сыноў вашых і паса­дзіць іх у калясьніцы свае і на коней сваіх, і яны будуць імчаць перад калясьніцай ягонай.

12 І паставіць іх тысячнікамі, і пяцідзясятнікамі, і аратымі ральлі ягонай, і жняцамі ніваў ягоных, кавалямі зброі ягонай і калясьніцаў ягоных.

13 Дочак вашых ён зробіць варыцелькамі пахошчаў, кухаркамі і пекаркамі.

14 І забярэ ён у вас найлепшыя землі вашыя, вінаграднікі і сады аліўкавыя, і падорыць іх слугам сваім.

15 Нівы вашыя і вінаграднікі абцяжарыць дзесяцінай, і аддасьць яе эўнухам сваім і слугам сваім.

16 Возьме таксама слугаў вашых і служак вашых, найлепшых валоў вашых і аслоў вашых, і выкарыстае іх дзеля працы сваёй.

17 І абложыць ён дзесяцінай авечак вашых, і будзеце вы ў яго слугамі.

18 І будзеце наракаць у той дзень на валадара вашага, якога выбралі сабе, але ГОСПАД ня выслухае вас у той дзень».

19 І не хацеў народ слухаць голас Самуэля, і казалі яны: «Ніякім чынам! Няхай валадар будзе над намі,

20 і будзем мы жыць, як жывуць усе народы. Валадар наш будзе судзіць нас, і будзе ачольваць нас, і будзе выходзіць перад абліччам нашым на бой у войнах нашых».

21 І выслухаў Самуэль усе словы народу, і пераказаў іх у вушы ГОСПАДУ.

22 І сказаў ГОСПАД Самуэлю: «Выслухай просьбу іхнюю і пастаў над імі валадара». І сказаў Самуэль людзям Ізраіля: «Варочайцеся кожны ў горад свой».

 

Разьдзел 9

1 І быў адзін ваяр мужны з [роду] Бэн’яміна, на імя Кіш, сын Абіэля, сына Цэрора, сына Бэхарата, сына Афіяха, сына Бэн’яміна.

2 І быў у яго сын, імя якога Саўл, малады і прыгожы, і не было спаміж сыноў Ізраіля лепшага за яго. Ён быў на галаву вышэй ад усяго народу.

3 І прапалі ў Кіша, бацькі Саўла, асьліцы. І сказаў Кіш Саўлу, сыну свайму: «Вазьмі з сабой аднаго са слугаў, устань і ідзі, пашукай асьліцаў».

4 І прайшоў ён гару Эфраіма і зямлю Шаліша, і не знайшоў. І прайшлі яны зямлю Шаалім, і не было іх, пасьля зямлю Бэн’яміна, і не знайшлі.

5 І прыйшлі яны ў зямлю Цуф, і сказаў Саўл слузе свайму, які [быў] з ім: «Хадзем, вернемся, каб бацька мой, забыўшыся пра асьліцаў, ня стаў хвалявацца пра нас».

6 [Слуга] сказаў яму: «Вось, у гэтым горадзе жыве чалавек Божы, чалавек шанаваны. Усё, што ён кажа, спаўняецца. Дык давай зойдзем туды, можа, ён распавядзе нам пра шлях, па якім нам трэба ісьці».

7 І сказаў Саўл слузе свайму: «Так, зойдзем. Але што падаруем мы чалавеку гэтаму? Хлеб скончыўся ў торбах нашых, а падарунка ня маем, які маглі б прынесьці чалавеку Божаму. Што мы маем?»

8 А слуга зноў сказаў Саўлу: «Вось, я знайшоў у руцэ маёй чвэрць сыкля срэбра, дык дамо гэта чалавеку Божаму, а ён распавядзе нам пра шлях наш».

9 Раней у Ізраілі кожны, хто ішоў параіцца ў Бога, так казаў: «Хадземце да відушчага»; бо хто сёньня называецца прарокам, раней называўся відушчым.

10 І сказаў Саўл слузе свайму: «Добра ты сказаў, давай пойдзем». І пайшлі яны ў горад, у якім жыў чалавек Божы.

11 Калі яны падыйшлі да гораду, напаткалі дзяўчат, якія выходзілі чэрпаць ваду, і спыталіся ў іх: «Ці тут жыве відушчы?»

12 Яны адказалі ім, кажучы: «Тут, вось, перад табой. Пасьпяшайся цяпер, бо сёньня ён прыйшоў у горад, бо сёньня народ складае ахвяру на ўзгорку.

13 Калі ўвойдзеце ў горад, сустрэнеце яго там, перш чым пойдзе частавацца на ўзгорак, бо народ ня есьць, пакуль ён ня прыйдзе. Бо ён дабраслаўляе ахвяру, і тады толькі ядуць запрошаныя. Дык ідзіце, зараз яго сустрэнеце».

14 І падняліся яны ў горад. Калі яны ўвайшлі ў горад, вось, Самуэль ідзе насустрач ім, каб падняцца на ўзгорак.

15 А ГОСПАД аб’явіў Самуэлю на дзень раней, перад прыйсьцем Саўла, кажучы:

16 «Заўтра ў гэтую самую пару пашлю да цябе чалавека з зямлі Бэн’яміна. Ты памажаш яго на валадара народу Майго Ізраіля. Ён вызваліць народ Мой з рук Філістынцаў, бо Я ўзглянуў на народ Мой, бо лямант ягоны дайшоў да Мяне».

17 Калі Самуэль глянуў на Саўла, ГОСПАД сказаў яму: «Гэта той чалавек, пра якога Я казаў табе. Ён будзе валадаром над народам Маім».

18 І Саўл падыйшоў да Самуэля ў браме, і сказаў: «Пакажы мне, калі ласка, дзе дом відушчага?»

19 Самуэль адказаў Саўлу, кажучы: «Я — відушчы. Узый­дзі да мяне на ўзгорак, і падсілкуемся сёньня разам. Я адпушчу цябе раніцаю і скажу табе ўсё, што трывожыць сэрца тваё.

20 А што датычыць асьліцаў, якія прапалі тры дні таму, не клапаціся, бо яны ўжо знайшліся. Бо каму будзе належаць усё, што найлепшае ў Ізраілі? Ці ж не табе і ўсяму дому бацькі твайго?»

21 Адказаў Саўл яму і сказаў: «Ці ж я не Бэн’ямінец, з найменшага калена Ізраіля? І сям’я мая ці не найменшая з усіх сем’яў калена Бэн’яміна? Чаму тады ты гаворыш мне словы гэтыя?»

22 І ўзяў Самуэль Саўла і слугу ягонага, і ўвёў іх у пакой, і даў ім першае месца між запрошанымі, якіх было каля трыццаці чалавек.

23 І сказаў Самуэль кухару: «Дай тую частку, якую я даў табе і пра якую казаў табе: “Адкладзі яе ў сябе”».

24 І кухар узяў сьцягно і тое, што было пры ім, і палажыў перад Саўлам. І сказаў [Самуэль]: «Вось тое, што пакінутае. Палажы перад сабой і еш, бо гэта раней захавана для цябе, калі я вырашыў склікаць людзей». У той дзень елі разам Саўл з Самуэлем.

25 І зыйшлі яны з узгорку ў горад. І ён размаўляў з Саўлам на даху.

26 Калі раніцай яны ўсталі і ўжо разьвіднела, паклікаў Самуэль Саўла на дах і сказаў: «Уставай, я цябе правяду». І ўстаў Саўл, і выйшлі яны абодва, ён і Самуэль.

27 І калі падыходзілі яны да канца гораду, Самуэль сказаў Саўлу: «Скажы слузе, каб пайшоў перад намі». І калі ён пайшоў, сказаў: «Ты цяпер спыніся, і я абвяшчу табе слова Бога».

 

Разьдзел 10

1 І ўзяў Самуэль пасудзіну з алеем, і выліў на галаву ягоную, і пацалаваў яго, і сказаў: «Вось, памазаў цябе ГОСПАД на правадыра спадчыны Сваёй.

2 Калі пойдзеш сёньня ад мяне, сустрэнеш двух чалавек каля магілы Рахелі, недалёка ад мяжы Бэн’яміна, у Цэльцаху. Яны скажуць табе: “Знайшліся асьліцы, якіх ты пайшоў шукаць. А бацька твой, забыўшыся пра асьліцаў, хвалюецца за вас, кажучы: «Што сталася з сынам маім?»”

3 Калі пойдзеш адтуль далей і прыйдзеш да дубровы Табор, сустрэнуць цябе тры мужчыны, што ідуць у Бэтэль да Бога: адзін будзе несьці трох казьлянят, другі будзе несьці тры круглыя хлябы, а трэці будзе несьці буклак віна.

4 Яны прывітаюць цябе і дадуць табе два хлябы, і ты возьмеш іх з рук іхніх.

5 І прыйдзеш на ўзгорак Божы, дзе знаходзяцца Філістынцы. Калі ўвойдзеш там у горад, сустрэнеш грамаду прарокаў, якія зыходзяць з узгорку, а перад імі псалтыры, бубны, жалейкі і гусьлі, а самі яны будуць прарочыць.

6 І зыйдзе на цябе Дух ГОСПАДА, і ты будзеш праро­чыць разам з імі, і станеш чалавекам іхнім.

7 Калі зьдзейсьняцца ўсе гэтыя знакі, зрабі, што зможа рука твая, бо ГОСПАД будзе з табою.

8 І пойдзеш ты перад абліччам маім у Гільгал, а я прыйду да цябе, каб скласьці ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя. Чакай мяне сем дзён, аж пакуль я прыйду да цябе, каб навучыць цябе, што маеш рабіць».

9 І калі Саўл павярнуўся, каб адыйсьці ад Самуэля, Бог зьмя­ніў сэрца ягонае на іншае, і ў гэты ж дзень зьдзейсьніліся ўсе знакі гэтыя.

10 І прыйшлі яны адтуль у Гіву, і вось грамада прарокаў выйшла насустрач яму. І зыйшоў на яго Дух Божы, і ён стаў прарочыць між імі.

11 І калі ўсе, якія яго ведалі ўчора і пазаўчора, убачылі, што ён прарочыць разам з прарокамі, пыталіся адзін аднаго: «Што гэта сталася з сынам Кіша? Няўжо і Саўл між прарокаў?»

12 І адказаў чалавек тамтэйшы, і сказаў: «Хто бацька іхні?» Дзеля таго зьявілася прымаўка: «Няўжо і Саўл між прарокаў?»

13 І скончыў ён прарочыць, і пайшоў на ўзгорак.

14 І спытаўся дзядзька Саўла ў яго і ў слугі ягонага: «Куды вы хадзілі?» Ён адказаў: «Шукаць асьліцаў. А калі іх не знайшлі, пайшлі мы да Самуэля».

15 І сказаў дзядзька Саўла: «Скажы мне, што сказаў табе Самуэль?»

16 І адказаў Саўл дзядзьку свайму: «Ён паведаміў нам, што знайшліся асьліцы». А адносна размовы пра валадараньне, што гаварыў яму Самуэль, не сказаў яму.

17 І склікаў Самуэль народ да ГОСПАДА ў Міцпу,

18 і сказаў сынам Ізраіля: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я вывеў Ізраіля з Эгіпту, Я выратаваў вас з рук Эгіпцянаў, і з рук усіх валадарстваў, якія зьдзекваліся над вамі.

19 А вы сёньня адкінулі Бога вашага, Які ратаваў вас ад усялякіх бедаў і трывогаў вашых, і сказалі: «Пастаў над намі валадара!»” Дык цяпер станьце перад абліччам ГОСПАДА паводле каленаў вашых і тысячаў вашых».

20 І загадаў Самуэль падыходзіць усім каленам Ізраіля, і выпала жэрабя на калена Бэн’яміна.

21 І загадаў Самуэль падыхо­дзіць калену Бэн’яміна паводле сем’яў сваіх, і жэрабя выпала на сям’ю Матры, і быў выбраны Саўл, сын Кіша. І шукалі яго, але не маглі знайсьці.

22 І спыталіся ў ГОСПАДА: «Ці чалавек гэты прыйшоў сюды?» І ГОСПАД сказаў: «Ён хаваецца сярод рэчаў [у табары]».

23 І пабеглі, і прывялі яго адтуль. І стаў ён пасярод народу, і перавышаў ён увесь народ на галаву.

24 І сказаў Самуэль усяму народу: «Ці бачыце таго, каго выбраў ГОСПАД? Бо няма яму роўнага ў-ва ўсім народзе». І ўвесь народ загаманіў: «Няхай жыве валадар!»

25 І абвясьціў Самуэль народу пастанову адносна валадара, і запісаў гэта ў кнігу, і палажыў яе перад абліччам ГОСПАДА. І адпусьціў Самуэль увесь народ, кожнага ў дом свой.

26 Таксама Саўл пайшоў у дом свой у Гіве. І пайшлі з ім ваяры, сэрцаў якіх дакрануўся Бог.

27 А сыны Бэліяла казалі: «Ці зможа ён нас выратаваць?» І пагардзілі ім, і не прынесьлі яму падарункаў, але ён не зьвяртаў на гэта ўвагі.

 

Разьдзел 11

1 І прыйшоў Нахаш Аманянін, і пачаў аблогу гораду Ябэш у Гілеадзе. І сказалі Нахашу ўсе жыхары Ябэшу: «Заключы з намі запавет, і мы будзем служыць табе».

2 Нахаш Аманянін сказаў ім: «Я заключу з вамі запавет [з умовай], што кожнаму з вас я вырву правае вока і выстаўлю вас на пасьмешышча перад усім Ізраілем»

3 І сказалі яму старшыні Ябэшу: «Дай нам сем дзён, каб мы маглі разаслаць пасланцоў у-ва ўсе межы Ізраіля. І калі ніхто не дапаможа нам, мы выйдзем да цябе».

4 І прыйшлі пасланцы ў Гіву, горад Саўла, і сказалі слова гэтае ў вушы народу. І ўзьняў увесь народ голас свой, і заплакаў.

5 А вось, Саўл гнаў валоў з поля. І сказаў Саўл: «Што [здарылася], што народ плача?» І расказалі яму словы людзей з Ябэшу.

6 І зыйшоў на Саўла Дух Божы, калі пачуў ён словы гэтыя, і ахапіў яго гнеў вялікі.

7 І ўзяў ён пару валоў, і пасек іх на кавалкі, і паслаў праз рукі пасланцоў у-ва ўсе межы Ізраіля, кажучы: «Хто ня выйдзе і ня пойдзе за Саўлам і Самуэлем, так станецца з яго валамі». І ахапіў страх перад ГОСПАДАМ народ, і выйшлі яны ўсе, як адзін чалавек.

8 І ён палічыў іх у Бэзэку, і было трыста тысячаў сыноў Ізраіля, а ваяроў Юды было трыццаць тысячаў.

9 І сказалі яны пасланцам, якія былі прыйшоўшы: «Так скажыце жыхарам Ябэшу Гілеадзкага: “Заўтра, калі сонца прыгрэе, прыйдзем вас ратаваць”». І вярнуліся пасланцы, і расказалі гэта жыхарам Ябэшу, і тыя ўзрадаваліся.

10 І сказалі жыхары Ябэшу [Нахашу]: «Раніцай мы вый­дзем да вас, і вы зробіце з намі, што будзе добра ў вачах вашых».

11 Назаўтра Саўл падзяліў народ на тры дружыны, і яны на сьвітаньні ўварваліся ў сярэ­дзіну табару і забівалі Аманянаў аж да сьпякоты дня, а тыя, што засталіся, расьсеяліся так, што не засталося з іх двух разам.

12 І сказаў народ Самуэлю: «Хто гэта казаў: “Ці можа Саўл валадарыць над намі?”? Аддайце нам гэтых людзей, і мы заб’ем іх».

13 Але Саўл сказаў: «Ніхто не памрэ ў гэты дзень, бо сёньня ГОСПАД даў выратаваньне Ізраілю».

14 А Самуэль сказаў народу: «Хадземце, пойдзем у Гільгал, і там абновім валадарства».

15 І пайшоў увесь народ у Гільгал, і паставілі валадаром Саўла перад абліччам ГОСПАДА ў Гільгале, і там склалі ахвяры мірныя перад абліччам ГОСПАДА. І там радаваліся вельмі Саўл і ўсе жыхары Ізраіля.

 

Разьдзел 12

1 І сказаў Самуэль усяму Ізраілю: «Я выслухаў усё, што вы мне гаварылі, і паставіў над вамі валадара.

2 Цяпер узначальвае вас гэты валадар. А я ўжо пастарэў і пасівеў, і сыны мае застаюцца з вамі. І хадзіў я з вамі ад юнацтва майго аж да гэтага дня.

3 Вось, я стаю перад вамі. Абвінавачвайце мяне перад ГОСПАДАМ і перад памазанцам Ягоным, можа, узяў я ў каго вала або асла, можа, каго пакрыўдзіў або каго прыгнятаў, а можа, ад каго ўзяў хабар, каб заплюшчыць вочы на справу ягоную? Калі так, аднагараджуся вам».

4 Усе адказалі: «Не прыгнятаў ты нас, і ня крыўдзіў, і ніякага хабару ня ўзяў з нічыёй рукі».

5 І ён сказаў ім: «Няхай ГОСПАД будзе сьведкам супраць вас, і памазанец Ягоны ў гэты дзень няхай будзе сьведкам, што ня знойдзена ў руцэ маёй нічога такога». Яны сказалі: «Ён — сьведка».

6 І сказаў Самуэль народу: «Сведка — ГОСПАД, Які паставіў Майсея і Аарона і вывеў бацькоў нашых з зямлі Эгіпецкай.

7 Цяпер падыйдзіце, і я буду судзіцца з вамі перад абліччам ГОСПАДА ў справе дабра­дзействаў ГОСПАДА, якія Ён учыніў для вас і для бацькоў вашых:

8 Калі прыйшоў Якуб у Эгіпет і калі клікалі бацькі вашыя ГОСПАДА, ГОСПАД паслаў Майсея і Аарона, і яны вывелі бацькоў вашых з Эгіпту, і пасялілі іх у гэтым месцы.

9 Але яны забыліся пра ГОСПАДА, Бога свайго, і аддаў Ён іх у рукі Сісэры, начальніка войска Хацора, у рукі Філістынцаў і ў рукі валадара Мааву, і яны ваявалі супраць іх.

10 І клікалі яны ГОСПАДА, і казалі: “Саграшылі мы, бо пакінулі ГОСПАДА, і служылі Баалам і Астартам. Дык цяпер выратуй нас з рукі ворагаў нашых, і мы будзем служыць Табе”.

11 І паслаў ГОСПАД Еруббаала, Бэдана, Ефтаха і Самуэля, і вызваліў вас з рук ворагаў вашых наўкола, і жылі вы ў бясьпецы.

12 Калі вы ўбачылі, што Нахаш, валадар сыноў Амона, прыйшоў да вас, вы сказалі мне: “Ня [будзе так], але пастаў валадара над намі!” Але ж ГОСПАД, Бог ваш, — Валадар ваш.

13 І цяпер, вось валадар ваш, якога вы выбралі і якога прасілі, і вось, ГОСПАД даў вам валадара.

14 Калі вы будзеце баяцца ГОСПАДА, і будзеце слу­жыць Яму, і будзеце слухаць голас Ягоны, і ня будзеце непаслухмяныя [слову] з вуснаў ГОСПАДА, будзеце вы і валадар, які валадарыць над вамі, на баку ГОСПАДА, Бога вашага.

15 А калі ня будзеце слухаць голас ГОСПАДА і будзеце непаслухмяныя [слову] з вуснаў ГОСПАДА, тады рука ГОСПАДА будзе супраць вас, як была супраць бацькоў вашых.

16 І цяпер станьце і пабачце гэтую вялікую рэч, якую ўчыніць ГОСПАД на вачах вашых.

17 Ці ж ня сёньня жніво пшаніцы? Я паклічу ГОСПАДА, і Ён дасьць грымоты і дождж, і вы даведаецеся і ўбачыце, што вялікая ліхота вашая ў вачах ГОСПАДА, бо вы прасілі сабе валадара».

18 І клікаў Самуэль ГОСПАДА, і даў ГОСПАД грымоты і дождж у той дзень. І вельмі спужаўся ўвесь народ ГОСПАДА і Самуэля.

19 І казаў увесь народ Самуэлю: «Маліся за слугаў тваіх да ГОСПАДА, Бога твайго, каб мы не паўміралі, бо дадалі мы да ўсіх грахоў сваіх яшчэ і гэтае зло, бо прасілі сабе валадара».

20 І сказаў Самуэль народу: «Ня бойцеся! Вы дапусьціліся ўсяго гэтага зла, але не пакідайце ГОСПАДА і служыце ГОСПАДУ ўсім сэрцам сваім.

21 Не адварочвайцеся [ад Яго] і не хадзіце за марнасьцямі, якія не дапамогуць вам і ня выратуюць вас, бо яны — марнасьць.

22 Не пакіне ГОСПАД народу Свайго дзеля вялікага імя Свайго, бо захацеў ГОСПАД зрабіць вас народам Сваім.

23 І я не хачу грашыць перад ГОСПАДАМ, і ня кіну маліцца за вас, і буду вучыць вас шляху добраму і простаму.

24 Толькі бойцеся ГОСПАДА і служыце Яму ў праўдзе ўсім сэрцам вашым, бо вы бачылі, якія вялікія [справы] Ягоныя сярод вас

25 А калі будзеце трываць у ліхоце, загінеце і вы, і валадар ваш».

 

Разьдзел 13

1 Саўл меў гады, калі пачаў валадарыць, і два гады валадарыў над Ізраілем.

2 І выбраў Саўл сабе тры тысячы Ізраільцянаў, і з іх дзьве тысячы былі з Саўлам у Міхмашы і на гары Бэтэль, а тысяча — з Ёнатанам у Гіве Бэн’ямінавай, а рэшту войска ён адпусьціў, кожнага ў намёт свой.

3 І Ёнатан пабіў дружыну Філістынцаў, якая была ў Геве. І пачулі пра гэта Філістынцы, а Саўл абвясьціў пра гэта гукам трубы ў-ва ўсёй зямлі, кажучы: «Няхай пачуюць Гебраі!»

4 І ўвесь Ізраіль пачуў вестку: «Пабіў Саўл дружыну Філістынцаў. Ізраіль стаўся ненавісным для Філістынцаў». І сабраўся народ да Саўла ў Гільгал.

5 І Філістынцы сабраліся, каб ваяваць супраць Ізраіля: тры тысячы калясьніцаў і тры тысячы коньнікаў, і народу мноства, як пяску на беразе мора. І разлажыліся яны табарам у Міхмашы на ўсход ад Бэт-Авэну.

6 І ўбачылі ваяры Ізраіля, што яны ў небясьпецы, а народ быў вымучаны, і пахаваліся народ у пячорах, шчылінах, скалах, ямах і ярах.

7 А [некаторыя] Гебраі пераправіліся праз Ярдан у зямлю Гада і ў Гілеад. А Саўл быў яшчэ ў Гільгале, і ўвесь народ, які быў пры ім, дрыжаў [ад страху].

8 Сем дзён чакаў [Саўл] часу, вызначанага Самуэлем, аднак Самуэль не прыходзіў у Гільгал, і народ стаў адыходзіць ад яго.

9 І сказаў Саўл: «Прынясіце мне ахвяру цэласпаленьня і ахвяру мірную». І склаў ён ахвяру цэласпаленьня.

10 І скончыў ён складаць цэласпаленьне, і вось, прыйшоў Самуэль. І выйшаў Саўл яму на спатканьне, каб прывітаць яго.

11 І сказаў Самуэль: «Што ты нарабіў?» Саўл сказаў: «Я бачыў, што народ адыходзіць ад мяне, і ты не прыйшоў у вызначаны час. А Філістынцы сабраліся ў Міхмашы.

12 І я сказаў сабе: “Філістынцы нападуць на мяне ў Гільгале, а я не здабыў ласкі перад абліччам ГОСПАДА”. І змушаны, я склаў цэласпаленьне».

13 І сказаў Самуэль Саўлу: «Неразумна ты зрабіў. Ты не захаваў прыказаньне ГОСПАДА, Бога твайго, якое Ён загадаў. Бо цяпер замацаваў бы ГОСПАД валадараньне тваё над Ізраілем на вякі.

14 Але цяпер валадараньне тваё не патрывае. ГОСПАД знайшоў сабе чалавека паводле сэрца Свайго і паставіў яго ГОСПАД правадыром народу Свайго, бо ты не захаваў таго, што загадаў табе ГОСПАД».

15 І ўстаў Самуэль, і пайшоў з Гільгалу ў Гіву Бэн’ямінавую. А Саўл палічыў народ, што быў з ім, і налічыў каля шасьцісот чалавек.

16 Саўл, і Ёнатан, сын ягоны, і народ, які быў з ім, сядзелі ў Гіве Бэн’ямінавай, а Філістынцы стаялі табарам у Міхмашы.

17 З табару Філістынцаў выйшлі тры аддзелы, каб пусто­шыць [зямлю]; адзін аддзел накіраваўся на шлях у Офру ў зямлю Шуал,

18 другі аддзел накіраваўся на шлях у Бэтхарон, а трэці аддзел пайшоў дарогаю да мяжы, што ідзе ад даліны Цэвоім у пустыню.

19 А ў-ва ўсёй зямлі Ізраіля не было тады аніводнага каваля, бо Філістынцы казалі: «Няхай Гебраі ня зробяць ані мяча, ані дзіды».

20 І прыходзілі ўсе Ізраільцяне да Філістынцаў, каб вастрыць плуг свой, сякеру, матыку або серп.

21 І за вастрэньне плуга і сякеры плацілі дзьве трэці сыкля, і трэцюю частку сыкля за матыку або серп.

22 І сталася, што ў час вайны ніхто з людзей, якія былі з Саўлам і Ёнатанам, ня меў ані мяча, ані дзіды; мелі іх [толькі] Саўл і Ёнатан, сын ягоны.

23 І пайшла варта Філістынская да пераходу каля Міхмашу.

 

Разьдзел 14

1 Аднаго дня Ёнатан, сын Саўла, сказаў юнаку, які насіў зброю ягоную: «Хадзем, падыйдзем да варты Філістынцаў, якая насупраць». А бацьку свайму не сказаў пра гэта.

2 А Саўл сядзеў каля мяжы Гівы пад дрэвам гранатовым у Мігроне. Пры ім быў народ у ліку шэсьцьсот чалавек.

3 І Ахія, сын Ахітува, брата Іхавода, сына Пінхаса, сына Гэлія, сьвятара ГОСПАДА ў Шыло, насіў тады эфод. А народ ня ведаў, што Ёнатан пайшоў.

4 Паміж узвышшамі, якія хацеў прайсьці Ёнатан, каб дабрацца да варты Філістынцаў, на адным і другім баку былі скалы, з якіх адна называлася Бацэц, а другая Сэннэ.

5 Адна скала ўзьнімалася на поўначы насупраць Міхмашу, а другая — на поўдні насупраць Гівы.

6 І сказаў Ёнатан юнаку, збраяносцу свайму: «Хадзем, падыйдзем да варты гэтых неабрэзаных. Можа, ГОСПАД дапаможа нам, бо ГОСПАДУ ня цяжка ратаваць праз многіх ці праз некалькіх».

7 Збраяносец сказаў яму: «Рабі ўсё, што ў сэрцы тваім. Ідзі, куды хочаш, вось, я з табою паводле намеру сэрца твайго».

8 Кажа яму Ёнатан: «Вось, мы падыйдзем да гэтых людзей і пакажамся ім.

9 Калі яны скажуць нам: “Стойце, пакуль мы падыйдзем да вас”, мы будзем стаяць на месцы сваім і ня будзем падыходзіць да іх.

10 А калі яны скажуць: “Хадзіце да нас”, мы пойдзем, бо выдаў іх ГОСПАД у рукі нашыя. Гэта будзе нам знакам».

11 І паказаліся яны абодва варце Філістынцаў. І сказалі Філістынцы: «Вось, Гебраі выходзяць з пячораў, у якіх яны схаваліся».

12 І людзі з варты зьвярнуліся да Ёнатана і слугі ягонага, кажучы: «Хадзіце да нас, скажам вам нешта». І сказаў Ёнатан слузе свайму: «Ідзі за мною, бо ГОСПАД аддаў іх у рукі Ізраіля».

13 І так узлазіў Ёнатан, чапляючыся рукамі і нагамі, а збраяносец ягоны за ім. І падалі ворагі перад Ёнатанам, а збраяносец ягоны дабіваў іх, ідучы за ім.

14 І была гэта першая параза, калі Ёнатан і збраяносец ягоны забілі каля дваццаці чалавек на палове палетка, які [пара валоў] за дзень заарэ.

15 І ахапіў страх табар у полі і ўвесь народ; варта і аддзелы, што ішлі, каб пустошыць, аслупянелі. І задрыжэла зямля, і ахапіў іх страх вялікі.

16 І вартаўнікі Саўла, якія былі ў Гіве Бэн’яміна, убачылі, што мноства людзей кідаліся туды і сюды, уцякаючы.

17 І Саўл загадаў людзям, што з ім былі: «Праверце і паглядзіце, каго ў нас не хапае?» І праверылі, і вось, няма Ёнатана і збраяносца ягонага.

18 І сказаў Саўл Ахію: «Прынясі Каўчэг Божы». Бо быў Каўчэг Божы ў той дзень у сыноў Ізраіля.

19 І калі Саўл размаўляў са сьвятаром, у табары Філістынцаў замяшаньне яшчэ больш узрастала і пашыралася. І сказаў Саўл сьвятару: «Апусьці руку тваю».

20 І склікаў Саўл усіх лю­дзей, якія з ім, і яны пайшлі на [месца] бою. І вось, [там] меч кожнага быў зьвернуты супраць бліжняга свайго, і замяшаньне было вялікае.

21 І Гебраі, якія былі з Філістынцамі ўчора і пазаўчора і якія прыйшлі з імі ў табар з ваколіцаў, папераходзілі да Ізраільцянаў, якія былі з Саўлам і Ёнатанам.

22 І ўсе іншыя Ізраільцяне, якія хаваліся на гары Эфраіма, чуючы, што Філістынцы ўцякаюць, далучыліся да сваіх у баі.

23 І збавіў ГОСПАД у той дзень Ізраіля. А бой ішоў аж да Бэт-Авэну.

24 І былі Ізраільцяне змучаныя ў той дзень, а Саўл запрысяг народ, кажучы: «Няхай будзе пракляты чалавек, які будзе есьці хлеб перад вечарам, пакуль я не адпомшчу ворагам сваім!» І ўвесь народ не пакаштаваў хлеба.

25 І ўвесь народ увайшоў у лес, а там быў мёд на паляне.

26 І ўвайшоў народ у лес, і вось, сьцякае мёд, але ніхто ня выцягнуў рукі сваёй да вуснаў сваіх, бо баяўся народ прысягі.

27 А Ёнатан ня чуў, як бацька ягоны зьвязаў народ прысягай. І выцягнуў ён канец кія, які [быў] у руцэ ягонай, і ткнуў ім у плястар мёду, і паднёс да вуснаў рукою сваёю, і вочы ягоныя заясьнелі.

28 І адказаў з народу, і сказаў: «Бацька твой запрысяг народ, кажучы: “Пракляты чалавек, які сёньня будзе есьці хлеб”. А народ вельмі змучаны».

29 І сказаў Ёнатан: «Замучыў бацька мой зямлю! Бачыце, як заясьнелі вочы мае, калі я крыху пакаштаваў мёду гэтага.

30 Калі б народ падсілкаваўся сёньня са здабычы ворагаў сваіх, якую здабыў, большай была б параза Філістынцаў».

31 У той дзень білі яны Філістынцаў ад Міхмашу аж да Аялону, хоць народ быў вельмі змучаны.

32 І кінуўся народ на здабычу, і набраў авечак, валоў і цялят, і рэзалі іх на зямлі, і елі разам з крывёю.

33 І паведамілі Саўлу, кажучы: «Народ грашыць перад ГОСПАДАМ, ядучы [мяса] з крывёю» Ён сказаў: «Вы дапусьціліся ліхоты. Прыкаціце да мяне вялікі камень».

34 І сказаў Саўл: «Разый­дзіцеся між людзей і скажыце ім: “Няхай прывядзе да мяне кожны вала свайго або барана і заб’е яго на гэтым камяні, і будзе есьці, і ня будзе грашыць перад ГОСПАДАМ, ядучы разам з крывёю”». І ўвесь народ прыводзіў, што меў у руцэ сваёй у тую ноч, і забівалі там.

35 І пабудаваў Саўл ахвярнік ГОСПАДУ. Гэта быў першы ахвярнік, які ён пабудаваў ГОСПАДУ.

36 І сказаў Саўл: «Нападзем на Філістынцаў уначы, і зьні­шчым іх да сьвятла раніцы, і не пакінем з іх аніводнага». І [народ] сказаў: «Усё, што добрае ў вачах тваіх, рабі». А сьвятар сказаў: «Наблізімся тут да Бога».

37 І пытаўся Саўл у Бога: «Ці ісьці ў пагоню за Філістынцамі? Ці Ты аддасі іх у рукі Ізраіля?» І не адказаў яму [Бог] у той дзень.

38 І сказаў Саўл: «Зьбярыцеся сюды, усе начальнікі народу, і даведайцеся, і пабачце, хто ўчыніў грэх у гэты дзень.

39 Бо, як жывы ГОСПАД, Збаўца Ізраіля, хоць бы праз Ёнатана, сына майго, сталася гэта, няхай сьмерцю памрэ». І ніхто з усяго народу не запярэчыў яму.

40 І сказаў ён усяму Ізраілю: «Вы станьце з аднаго боку, а я і Ёнатан, сын мой, станем з другога». І сказаў народ Саўлу: «Што добрае ў вачах тваіх, рабі».

41 І сказаў Саўл ГОСПАДУ: «Божа Ізраіля, пакажы беззаганнага». І выяўлены былі Ёнатан і Саўл, а народ выйшаў [бязьвінным].

42 І сказаў Саўл: «Кідайце жэрабя паміж мною і сынам маім Ёнатанам». І жэрабя выпала на Ёнатана.

43 І сказаў Саўл Ёнатану: «Скажы мне, што ты зрабіў?» І Ёнатан адказаў, і сказаў: «Я пакаштаваў канцом кія, які ў руцэ маёй, крыху мёду, і вось, мушу памерці».

44 І сказаў Саўл: «Няхай гэта зробіць мне Бог, і тое дадасьць, ты павінен памерці, Ёнатане».

45 І сказаў народ Саўлу: «Ці ж мусіць памерці Ёнатан, які даў такую вялікую перамогу Ізраілю? Няхай гэта будзе далёка [ад нас]! Як жывы ГОСПАД, не спадзе на зямлю і волас з галавы ягонай, бо ён сёньня дзейнічаў з Богам». І народ абараніў Ёнатана, і ён не памёр.

46 І вярнуўся Саўл з пагоні за Філістынцамі, і яны пайшлі ў сядзібы свае.

47 А Саўл, умацаваў валадараньне сваё над Ізраілем і ваяваў наўкола з усімі ворагамі сваімі: з Маавам, з сынамі Амона, з Эдомам, з валадаром Цобы і Філістынцамі. І куды толькі ён паварочваўся, усюды перамагаў.

48 І ён дзейнічаў мужна, і пабіў Амалека, і выратаваў Ізраіля з рук тых, якія рабавалі яго.

49 Саўл меў сыноў: Ёнатана, Ішві і Малькішуа. А імёны дзьвюх дочак ягоных: імя старэйшай — Мэраб, а імя малодшай — Міхаль.

50 А імя жонкі Саўла — Ахіноам, дачка Ахімааца. А імя начальніка войска ягонага — Абнэр, сын Нэра, дзядзькі Саўла.

51 А Кіш, бацька Саўла, і Нэр, бацька Абнэра, [былі] сынамі Абіэля.

52 І ў-ва ўсе дні Саўла ішла зацятая вайна з Філістынцамі. І калі бачыў Саўл нейкага магутнага чалавека, здольнага да бою, забіраў яго да сябе.

 

Разьдзел 15

1 І сказаў Самуэль Саўлу: «ГОСПАД паслаў мяне памазаць цябе валадаром для народу Ягонага, Ізраіля. І цяпер паслухай голас словаў ГОСПАДА.

2 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Узважыў Я, што зрабіў Амалек Ізраілю, як перашкаджаў яму ў дарозе, калі [Ізраіль] ішоў з Эгіпту.

3 І цяпер ідзі, і пабі Амалека, і палажы закляцьце на ўсё, што ён мае. Не шкадуй яго, але забівай ад мужчыны аж да жанчыны, ад малога аж да немаўляці, валоў і авечак, вярблюдаў і аслоў».

4 І склікаў Саўл народ, і палічыў яго ў Тэляме, дзьвесьце тысячаў пяхотнікаў і дзе­сяць тысячаў ваяроў Юды.

5 І пайшоў Саўл да гораду Амалека, і зрабіў засаду ў лагчыне.

6 І сказаў Саўл Кенэям: «Адый­дзіцеся, аддзяліцеся і выйдзіце спаміж Амалека, каб разам з імі я не загубіў і вас. Бо вы зьявілі міласэрнасьць усім сынам Ізраіля, калі яны ішлі з Эгіпту». І выйшлі Кенэі спаміж Амалека.

7 І пабіў Саўл Амалека ад Хавілі аж да Шуру, які перад Эгіптам.

8 І схапіў ён Агага, валадара Амалекскага, жывога, а ўвесь народ пабіў вострывам мяча, палажыўшы закляцьце.

9 І пашкадавалі Саўл і народ Агага і статкі найлепшых авечак і валоў, і адкормленай жывёлы, бараноў і ўсяго адборнага, і не хацелі нішчыць іх. А на ўсё, што было марным і хворым, яны палажылі закляцьце.

10 І было слова ГОСПАДА да Самуэля, кажучы:

11 «Шкадую, што Я паставіў Саўла валадаром, бо адступіўся ён ад Мяне і не выконвае словы Мае». І засмуціўся Самуэль, і ўсю ноч клікаў да ГОСПАДА.

12 І ўстаў Самуэль раніцай, каб наведаць Саўла, і паведамілі Самуэлю: «Саўл пайшоў у Кармэль, і вось, ён там паставіў сабе памятку [перамогі], і вярнуўся, і пайшоў, і зыйшоў у Гільгал».

13 І прыйшоў Самуэль да Саўла, і сказаў яму Саўл: «Няхай дабраславіць цябе ГОСПАД. Я выканаў слова ГОСПАДА».

14 І сказаў Самуэль: «Што гэта за голас авечак у вушах маіх, і што гэта за голас валоў, які я чую?»

15 І Саўл сказаў: «Гэта мы прывялі іх ад Амалека. Бо пашкадаваў народ лепшых авечак і валоў, каб пасьля скласьці іх у ахвяру ГОСПАДУ, Богу твайму, а астатніх мы [зьнішчылі] закляцьцем».

16 І сказаў Самуэль Саўлу: «Досыць! Я паведамлю табе, што мне сказаў ГОСПАД у гэтую ноч». Сказаў яму [Саўл]: «Гавары!»

17 І сказаў Самуэль: «Ці не малым ты быў у вачах сваіх, а стаўся ты галавой каленаў Ізраіля. І памазаў цябе ГОСПАД на валадара для Ізраіля,

18 і паслаў цябе ГОСПАД у дарогу, і сказаў: “Ідзі, і палажы закляцьце на Амалека, і ваюй з ім аж да вынішчэньня яго”.

19 Дык чаму ты не паслухаў голас ГОСПАДА, чаму кінуўся на здабычу і ўчыніў ліхоту ў вачах ГОСПАДА?»

20 І сказаў Саўл Самуэлю: «Я паслухаў голас ГОСПАДА, і пайшоў у дарогу, у якую паслаў мяне ГОСПАД. І я прывёў Агага, валадара Амалекскага, і Амалека вынішчыў закляцьцем.

21 А народ узяў са здабычы авечак і валоў, як пяршыны іхнія, каб скласьці іх у ахвяру ГОСПАДУ, Богу твайму, у Гільгале».

22 І сказаў Самуэль: «Ці ж ГОСПАД хоча цэласпаленьняў і ахвяраў крывавых больш, чым паслухмянасьці голасу ГОСПАДА? Лепш паслухмянасьць, чым ахвяры крывавыя, і пакорнасьць лепш, чым [ахвяра] з тлушчу бараноў.

23 Бо непакорнасьць — [такі самы] грэх, як варажба, а сваволя — як пакланеньне ідалам. За тое, што ты адкінуў слова ГОСПАДА, Ён адкінуў цябе, як валадара».

24 І сказаў Саўл Самуэлю: «Саграшыў я, бо парушыў [слова] з вуснаў ГОСПАДА і словы твае, бо я баяўся народу і паслухаў голас іхні.

25 Дык цяпер здымі з мяне грэх мой і вярніся са мной, каб я пакланіўся ГОСПАДУ».

26 І сказаў Самуэль Саўлу: «Не вярнуся з табой, бо ты адкінуў слова ГОСПАДА, і ГОСПАД адкінуў цябе, каб ты ня быў валадаром для Ізраіля».

27 І павярнуўся Самуэль, каб ісьці, але Саўл схапіў за крысо плашча ягонага, і разьдзёр [яго].

28 І сказаў яму Самуэль: «Аддзярэ ГОСПАД валадарства Ізраіля ад цябе сёньня і перадасьць яго бліжняму твайму, лепшаму за цябе.

29 Хвала Ізраіля ня хлусіць і не шкадуе, бо гэта не чалавек, каб шкадаваць [пра дзеі свае]».

30 І сказаў [Саўл]: «Саграшыў я. Але ўшануй мяне перад старшынямі народу майго і перад Ізраілем. Вярніся са мной, каб я пакланіўся ГОСПАДУ, Богу твайму».

31 І вярнуўся Самуэль з Саўлам, і Саўл пакланіўся ГОСПАДУ.

32 І сказаў Самуэль: «Прывядзіце да мяне Агага, валадара Амалекскага». І падыйшоў да яго Агаг, дрыжучы, і сказаў Агаг: «Сапраўды, адступіла [ад мяне] горыч сьмерці».

33 А Самуэль сказаў: «Як меч твой пазбаўляў жанчынаў дзяцей іхніх, так між жанчынамі маці твая застанецца без дзяцей». І забіў Самуэль Агага перад абліччам ГОСПАДА ў Гільгале.

34 І пайшоў Самуэль у Раму, а Саўл вярнуўся ў дом свой у Гіве Саўлавай.

35 Ад гэтага часу Самуэль ня бачыўся з Саўлам аж да дня сьмерці сваёй. І сумаваў Самуэль дзеля Саўла, бо ГОСПАД шкадаваў, што паставіў Саўла валадаром над Ізраілем.

 

Разьдзел 16

1 І сказаў ГОСПАД Самуэлю: «Дакуль ты будзеш сумаваць дзеля Саўла, якога Я адкінуў, каб ён ня быў валадаром над Ізраілем. Напоўні рог свой алеем і ідзі. Я пасылаю цябе да Есэя з Бэтлеему, бо сярод сыноў ягоных Я ўбачыў для Сябе валадара».

2 І сказаў Самуэль: «Як я пайду? Пачуе пра гэта Саўл і заб’е мяне». І сказаў яму ГОСПАД: «Возьмеш з сабою ялаўку і скажаш: “Іду скласьці ахвяру ГОСПАДУ”.

3 І запросіш Есэя на ахвяру, а Я дам табе ведаць, што маеш рабіць, і ты памажаш таго, пра каго Я скажу табе».

4 І зрабіў Самуэль так, як ГОСПАД прамовіў. І прыйшоў ён у Бэтлеем. І напалохаліся старшыні гораду, сустрэўшы яго, і спыталіся: «Ці мірны прыход твой?»

5 Ён сказаў: «Мірны. Я прыйшоў, каб скласьці ахвяру ГОСПАДУ. Асьвяціцеся і хадзіце са мною скласьці ахвяру». І асьвяціў Есэя і сыноў ягоных, і паклікаў іх на ахвяру.

6 І прыйшлі яны, і ўбачыў Самуэль Эліява, і сказаў: «Без сумніву, перад ГОСПАДАМ памазанец Ягоны!»

7 Але ГОСПАД сказаў Самуэлю: «Не глядзі на выгляд ягоны, ані на высокі рост ягоны, бо Я яго адкінуш. Бо Я [гля­джу] ня так, як глядзіць чалавек, бо чалавек бачыць вачыма, а ГОСПАД бачыць сэрца».

8 І паклікаў Есэй Абінадава, і прывёў яго перад аблічча Самуэля, але ён сказаў: «Ня гэтага выбраў ГОСПАД».

9 І прывёў Есэй Шамму, але сказаў [Самуэль]: «І гэтага ня выбраў ГОСПАД».

10 І прыводзіў Есэй сем сыноў сваіх да Самуэля, але Самуэль казаў Есэю: «Ня выбраў ГОСПАД анікога з іх».

11 І сказаў Самуэль Есэю: «Ці гэта ўсе хлопцы твае?» Ён адказаў: «Застаўся яшчэ адзін, найменшы, ён пасьвіць авечкі». І сказаў Самуэль Есэю: «Пашлі па яго і прывядзі яго. Не пачнем [бяседы], пакуль ён ня прыйдзе».

12 І паслаў ён па яго, і прывёў яго, а быў ён руды, меў прыгожыя вочы і зграбную постаць. І сказаў ГОСПАД [Самуэлю]: «Устань, памаж яго, бо гэта ён».

13 І ўзяў Самуэль рог з алеем, і памазаў яго ў прысутнасьці братоў ягоных. І зыйшоў на Давіда Дух ГОСПАДА ад таго дня. А Самуэль падняўся і вярнуўся ў Раму.

14 І пакінуў Дух ГОСПАДА Саўла, і авалодаў ім дух ліхі ад ГОСПАДА.

15 І сказалі Саўлу слугі ягоныя: «Мучыць цябе ліхі дух ад Бога.

16 Гаспадару наш, дай загад, і слугі твае, якія пры табе, адшукаюць чалавека, які грае на гусьлях, каб ён, калі будзе цябе мучыць дух ліхі ад Бога, граў табе рукою сваёю, і будзе добра табе».

17 І сказаў Саўл слугам сваім: «Знайдзіце мне чалавека, які грае добра на гусьлях, і прывядзіце яго да мяне».

18 І адказаў адзін з юнакоў, і сказаў: «Вось, я бачыў сына Есэя з Бэтлеему, які ўмее граць на гусьлях. Ён — чалавек мужны і дужы, моцны ў слове, і прыгожы, і ГОСПАД ёсьць з ім».

19 І паслаў Саўл пасланцоў да Есэя, і сказаў: «Прышлі да мяне Давіда, сына твайго, які пасьвіць авечак».

20 І ўзяў Есэй пяць хлябоў, буклак з віном і адно казьляня, і паслаў праз Давіда, сына свайго, Саўлу.

21 І прыйшоў Давід да Саўла, і стаў перад ім. І Саўл палюбіў яго вельмі, і стаўся ён у яго збраяносцам.

22 І паслаў Саўл да Есэя, кажучы: «Давід застанецца ў мяне, бо ён знайшоў ласку ў вачах маіх».

23 І, калі дух, [спасланы] Богам, агартаў Саўла, Давід браў гусьлі і граў рукою сваёй. І Саўлу была палёгка, і ён адчуваў сябе добра, бо адступаўся ад яго ліхі дух.

 

Разьдзел 17

1 І сабралі Філістынцы войскі свае на вайну, і сабраліся ў Соха, што ў Юдэі, і разлажыліся табарам між Соха і Азэкаю ў Эфэс-Даміме.

2 А Саўл і ваяры Ізраільскія сабраліся і разлажыліся табарам у лагчыне Эла, і пашыхтаваліся да бою супраць Філістынцаў.

3 Філістынцы стаялі на схіле гары з аднаго боку, а Ізраільцяне — на схіле гары з другога боку, і разьдзяляла іх лагчына.

4 І выйшаў з шыхтоў Філістынцаў чалавек на імя Галіят з Гату, а быў ён вышынёю ў шэсьць локцяў і адну пядзю.

5 На галаве ён меў мядзяны шалом, адзеты быў у лускаты мядзяны панцыр у пяць тысячаў сыкляў вагі,

6 а на нагах меў ён мядзяныя накаленьнікі, і мядзяны меч за плячыма.

7 Тронак дзіды ягонай быў як навой ткацкі, а вострыва дзіды ягонай важыла шэсьцьсот сыкляў жалеза. Перад ім ішоў [збраяносец], несучы шчыт.

8 І стаў ён насупраць шыхтоў Ізраіля, і крычаў, і казаў ім: «Чаго вы прыйшлі падрыхтаваныя да бою? Ці ж я не Філістынец, і вы — ці ня слугі Саўла? Выберыце спаміж сябе некага, і няхай ён зыйдзе да мяне!

9 Калі зможа ён ваяваць са мною і пераможа мяне, мы будзем нявольнікамі вашымі. А калі я перамагу, і заб’ю яго, вы будзеце нявольнікамі і будзеце нам служыць».

10 І сказаў Філістынец: «Вось, я зьневажаю сёньня дружыны Ізраіля. Дайце мне чалавека, і мы будзем біцца!»

11 І чулі гэтыя словы Філістынца Саўл і ўвесь Ізраіль, і напалохаліся, і вельмі баяліся.

12 А Давід быў сынам Эфрацяніна з Бэтлеему Юдэйскага, імя ягонае — Есэй. Ён меў восем сыноў і ў часы Саўла быў ужо старым і ў гадах пажылых.

13 Тры старэйшыя сыны ягоныя пайшлі з Саўлам ваяваць. Імёны тых трох сыноў ягоных, якія пайшлі на вайну, былі: першародны Эліяў, другі — Абінадаў, а трэці — Шамма.

14 Давід жа быў найменшым. А тры старэйшыя пайшлі за Саўлам.

15 Давід прыходзіў да Саўла і адыходзіў, каб пасьвіць авечак бацькі свайго ў Бэтлееме.

16 А Філістынец выходзіў раніцаю і ўвечары, і выходзіў гэтак сорак дзён.

17 І сказаў Есэй сыну свайму Давіду: «Вазьмі для братоў тваіх эфу пражаных зярнят і дзесяць хлябоў, і занясі хутка братам тваім у табар!

18 І занясі дзесяць кавалкаў сыру для тысячніка, і адведай братоў тваіх, як маюцца, і даведайся патрэбы іхнія».

19 А Саўл і яны, і ўсе сыны Ізраіля ваявалі з Філістынцамі ў лагчыне Эла.

20 І ўстаў Давід раніцаю, і даручыў авечак вартаўніку, і забраў [пасілкі], і пайшоў, як загадаў яму Есэй. І прыйшоў ён у табар, і войска выходзіла ў шыхтах з баявым крыкам.

21 І сталі ў шыхт Ізраільцяне і Філістынцы адны супраць другіх.

22 Давід, скінуўшы з сябе ношу і аддаўшы яе варце ў табары, пабег да дружынаў. І прыбег, і прывітаў братоў сваіх.

23 Калі ён размаўляў з імі, вось, выйшаў з шыхтоў той чалавек на імя Галіят, Філістынец з Гату, і гаварыў тыя самыя словы. І пачуў [гэта] Давід.

24 А ўсе ваяры Ізраільскія, убачыўшы яго, уцякалі ад яго са страхам вялікім.

25 І сказаў адзін з Ізраільцянаў: «Ці бачыце вы чалавека гэтага, які выходзіць? Ён выходзіць, каб зьневажаць Ізраіля. Дык чалавека, які заб’е яго, валадар узнагародзіць багацьцямі вялікімі, і дачку сваю дасьць за жонку, а дом бацькі ягонага вызваліць [ад падатку] ў Ізраілі».

26 І сказаў Давід людзям, што стаялі каля яго, кажучы: «Што дадуць чалавеку, які заб’е Філістынца гэтага і здыме ганьбу з Ізраіля? Бо хто ён, гэты неабрэзаны Філістынец, што так насьміхаецца з войска Бога Жывога?»

27 І сказалі людзі тыя самыя словы, кажучы: «Так зробіць [валадар] чалавеку, які заб’е яго».

28 І пачуў Эліяў, старэйшы брат ягоны, як ён гаварыў пра гэта з іншымі, і загневаўся Эліяў на Давіда, і сказаў: «Навошта ты прыйшоў і каму пакінуў той малы статак у пустыні ? Я ведаю пыху тваю і ліхоту сэрца твайго, бо ты прыйшоў сюды, каб паглядзець на вайну».

29 І сказаў Давід: «Што я такога зрабіў? Ці ж няможна пра гэта гаварыць?»

30 І адвярнуўся ад яго да іншага, і спытаў тое самае. І людзі адказалі яму тыя словы, што і раней.

31 І пачулі словы, якія гаварыў Давід, і пераказалі Саўлу, і ён паклікаў яго.

32 І сказаў Давід Саўлу: «Няхай ніхто ня падае сэрцам з прычыны [Філістынца]. Слуга твой пойдзе і будзе змагацца супраць Філістынца гэтага».

33 І сказаў Саўл Давіду: «Ня можаш ты ісьці супраць Філістынца гэтага і змагацца супраць яго, бо ты — юнак, а ён — ваяр ад маладосьці сваёй».

34 І сказаў Давід Саўлу: «Слуга твой пасьвіў авечак баць­кі свайго, і прыходзіў леў ці мядзьведзь, і хапаў барана спаміж статку,

35 а я даганяў яго, біў і вырываў [авечку] з пашчы ягонай. А калі ён выходзіў на мяне, я хапаў яго за сківіцу, і перамагаў яго, і забіваў яго.

36 Нават льва і мядзьведзя перамагаў слуга твой. І гэты неабрэзаны Філістынец [будзе] як адзін з іх, бо ён насьміхаецца з войска Бога Жывога!»

37 І сказаў Давід: «ГОСПАД, Які выратаваў мяне з кіпцюроў льва і мядзьведзя, выратуе мяне і ад рукі Філістынца гэтага». І сказаў Саўл Давіду: «Ідзі, і няхай ГОСПАД будзе з табою».

38 І апрануў Саўл Давіда ў адзеньне сваё, і даў мядзяны шалом на галаву ягоную, і адзеў у панцыр.

39 І падперазаўся Давід мячом ягоным кругом адзеньня, і паспрабаваў хадзіць, бо ня меў [яшчэ] спрактыкаванасьці. І сказаў Давід Саўлу: «Не магу я хадзіць у гэтым, бо нязвыкла мне». І скінуў Давід [усё] з сябе.

40 І ўзяў ён у руку сваю кій свой, і выбраў сабе пяць гладкіх камянёў з ручая, і ўлажыў іх у торбу пастуха, якую меў замест кішэняў, і з пушчалкай у руцэ сваёй накіраваўся да Філістынца.

41 А Філістынец ішоў і набліжаўся да Давіда, і збраяносец нёс шчыт перад ім.

42 І глянуў Філістынец, і ўбачыў Давіда, і пагардзіў ім, бо быў ён яшчэ хлопец, руды і прыгожы тварам.

43 І сказаў Філістынец Давіду: «Ці ж я сабака, што ты ідзеш да мяне з кіем?» І пракляў Філістынец Давіда багамі сваімі.

44 І сказаў Філістынец Давіду: «Хадзі да мяне, і я аддам цела тваё птушкам паднебным і зьвярам палявым».

45 А Давід сказаў Філістынцу: «Ты ідзеш на мяне з мячом, і дзідай, і шчытом, а я іду на цябе ў імя ГОСПАДА Магуцьцяў, Бога войска Ізраіля, з якога ты насьміхаўся.

46 Сёньня аддасьць цябе ГОСПАД у рукі мае, і я перамагу цябе, і адсяку табе галаву тваю, і аддам трупы табару Філістынцаў сёньня птушкам паднебным і зьвярам зямным, і няхай ведае ўся зямля, што ёсьць Бог у Ізраіля.

47 Няхай ведае ўся царква, што ГОСПАД не мячом і дзідай ратуе, бо гэта вайна ГОСПАДА, і Ён выдасьць вас у рукі нашыя».

48 І калі Філістынец устаў, і пайшоў, і набліжаўся да Давіда, Давід хутка пабег на бой насустрач Філістынцу.

49 І ўсунуў Давід руку сваю ў торбу, і ўзяў адтуль камень, і пусьціў яго [пушчалкай], і ўдарыў ім Філістынца ў лоб. І засеў той камень паміж вачэй [Філістынца], і ён упаў абліччам на зямлю.

50 І перамог Давід Філістынца пушчалкай і камянём, і ўдарыў Філістынца, і забіў яго, і мяча не было ў руцэ Давіда.

51 І падбег Давід, і стаў каля Філістынца, і ўзяў меч ягоны, і выцягнуў яго з похваў, і забіў яго, і адсек галаву яму. І ўбачылі Філістынцы, што волат іхні мёртвы, і кінуліся ўцякаць.

52 А ваяры Ізраіля і Юды падняліся, і ўзьнялі гармідар ваенны, і кінуліся ў пагоню за Філістынцамі аж да ўваходу ў даліну і да брамы Экрону. І трупы Філістынцаў ляжалі па дарозе ад Шаараіму аж да Гату і Экрону.

53 І вярнуліся сыны Ізраіля пасьля пагоні за Філістынцамі, і абрабавалі табар іхні.

54 А Давід узяў галаву Філістынца і занёс яе ў Ерусалім, а зброю ягоную палажыў у намёце сваім.

55 Калі Саўл убачыў Давіда, які выходзіў насустрач Філістынцу, ён сказаў Абнэру, начальніку войска: «Абнэр, чый сын юнак гэты?» І сказаў Абнэр: «Як жывая душа твая, валадару, ня ведаю».

56 І сказаў валадар: «Запытайся, чый сын юнак гэты».

57 І калі, забіўшы Філістынца, Давід вярнуўся, узяў яго Абнэр, і прывёў да Саўла, і галава Філістынца [была] ў руцэ ягонай.

58 І сказаў яму Саўл: «Чый ты сын, юнача?» І Давід сказаў: «Я — сын слугі твайго Есэя з Бэтлеему».

 

Разьдзел 18

1 І скончыў Давід размову з Саўлам, і душа Ёнатана прыхілілася да душы Давіда, і палюбіў яго Ёнатан, як душу сваю.

2 І з таго дня ўзяў яго Саўл да сябе, і ня даў яму вярнуцца ў дом бацькі свайго.

3 І заключыў Ёнатан запавет  з Давідам, бо палюбіў ён яго як душу сваю.

4 І зьняў з сябе Ёнатан шату, якая [была] на ім, і даў яе Давіду, і астатняе адзеньне сваё, і нават меч, лук і пояс свой.

5 І хадзіў Давід усюды, куды пасылаў яго Саўл, і ўсюды меў посьпех. І паставіў яго Саўл начальнікам над ваярамі, і ён быў добрым у вачах усяго народу, а таксама ў вачах слугаў Саўла.

6 І, калі ішлі [ваяры], калі вяртаўся Давід, перамогшы Філістынцаў, выходзілі жанчыны з песьнямі і танцамі, з бубнамі і гусьлямі насустрач валадару Саўлу.

7 І танчылі жанчыны, і сьпя­валі, паўтараючы: «Пабіў Саўл тысячы, а Давід — дзясяткі тысячаў».

8 І вельмі ўзлаваўся Саўл, і кепскімі былі ў вачах ягоных словы гэтыя, і ён сказаў: «Давіду даюць дзясяткі тысячаў, а мне даюць толькі тысячы; яму толькі валадараньня не хапае».

9 Ад таго дня глядзеў Саўл на Давіда крывым вокам.

10 А на другі дзень апанаваў Саўла ліхі дух, [спасланы] Богам, і ён шалеў у доме сваім. І Давід як штодзень граў на гусьлях, а Саўл трымаў дзіду ў руцэ.

11 І кінуў Саўл дзіду рукою сваёй, і сказаў: «Прыб’ю Давіда да сьцяны». Але Давід ухіліўся, і было так два разы.

12 І баяўся Саўл Давіда, бо ГОСПАД быў з ім, а ад Саўла адвярнуўся.

13 І адсунуў Саўл яго ад сябе, і прызначыў яго тысячнікам, і ён выходзіў [на вайну] і ха­дзіў перад абліччам народу.

14 І на ўсіх шляхах сваіх меў Давід посьпех, і ГОСПАД [быў] з ім.

15 І ўбачыў Саўл, што [Давіду] ўсё ідзе пасьпяхова, і меў страх перад ім.

16 А ўвесь Ізраіль і Юда любілі Давіда, бо ён выходзіў [на вайну] і хадзіў перад абліччам іхнім.

17 І сказаў Саўл Давіду: «Вось старэйшая дачка мая Мэраб. Я дам яе табе за жонку, але будзь у мяне мужным [чалавекам] і вядзі войны ГОСПАДА». А Саўл казаў [сабе]: «Не мая рука будзе суп­раць яго, але будзе суп­раць яго рука Філістынцаў».

18 І сказаў Давід Саўлу: «Хто я і якое жыцьцё маё, або якая сям’я бацькі майго ў Ізраілі, каб быць мне зяцем валадара?»

19 Але калі наблізіўся час аддаць за Давіда Мэраб, дачку Саўла, яна была аддадзена за жонку Адрыэлю з Мэхолы.

20 І [другая] дачка Саўла, Міхаль, пакахала Давіда. І паведамілі пра гэта Саўлу, і была гэтая справа слушная ў вачах ягоных.

21 І сказаў Саўл: «Аддам яму яе, і будзе яна для яго пасткаю, і будзе супраць яго рука Філістынцаў». І другі раз сказаў Саўл Давіду: «Сёньня будзеш зяцем маім».

22 І загадаў Саўл слугам сваім: «Пагаварыце з Давідам паціху, кажучы: “Вось, ты падабаешся валадару, і ўсе слугі ягоныя любяць цябе, дык будзь зяцем валадара”».

23 І гаварылі гэтыя словы слугі Саўла ў вушы Давіду, і Давід сказаў: «Ці ж не малая гэта рэч у вачах вашых, каб я стаў зяцем валадару? Я ж чалавек бедны і нязначны».

24 І паведамілі гэта слугі Саўлу, кажучы, якія словы казаў Давід.

25 І сказаў Саўл: «Так скажыце Давіду: “Валадар не патрабуе ніякай платы за нявесту, але толькі сто скуравінак Філістынскіх, каб адпомсь­ціць ворагам валадара”». Бо думаў Саўл гэтак выдаць Давіда ў рукі Філістынцаў.

26 І паведамілі слугі валадара Давіду словы гэтыя, і была слушная справа гэтая ў вачах Давіда, каб стаць зяцем валадара.

27 Яшчэ ня скончыліся прызначаныя дні, а Давід устаў і пайшоў з ваярамі сваімі, і забіў дзьвесьце Філістынцаў, і прынёс Давід скуравінкі іхнія, і адлічыў іх валадару, каб быць зяцем валадара. І аддаў Саўл дачку сваю Міхаль за жонку яму.

28 І ўбачыў Саўл, і зразумеў, што ГОСПАД з Давідам, а Міхаль, дачка Саўла, кахае яго.

29 І тым больш пачаў Саўл баяцца Давіда, і стаўся Саўл ворагам Давіду ў-ва ўсе дні.

30 А валадары Філістынцаў выходзілі [ваяваць], але колькі разоў нападалі яны, Давід меў посьпех большы, чым слугі Саўла, і вельмі слаўным сталася імя ягонае.

 

Разьдзел 19

1 І намаўляў Саўл Ёнатана, сына свайго, і ўсіх слугаў сваіх, каб забілі Давіда, але Ёнатан, сын Саўла, вельмі любіў Давіда.

2 І паведаміў Ёнатан Давіду, кажучы: «Саўл, бацька мой, хоча забіць цябе. Таму цяпер сьцеражыся раніцаю, і схавайся, і не паказвайся.

3 А я пайду і стану каля бацькі ў полі, дзе ты будзеш, і буду гаварыць пра цябе бацьку майму, і што ўбачу, раскажу табе».

4 І гаварыў Ёнатан добрае бацьку свайму Саўлу пра Давіда, і сказаў яму: «Няхай не грашыць валадар адносна Давіда, слугі свайго, бо нічым ён не саграшыў перад табою, і ўчынкі ягоныя для цябе заўсёды добрыя.

5 Ён палажыў на далоні свае душу сваю, і забіў Філістынца, і [праз яго] ГОСПАД даў вялікую перамогу Ізраілю. Ты бачыў [гэта] і радаваўся. Дык чаму ты грашыш супраць крыві нявіннай, хочучы забіць Давіда без прычыны?»

6 І выслухаў Саўл голас Ёнатана, і пакляўся Саўл: «Як жывы ГОСПАД, ня будзе ён забіты».

7 І паклікаў Ёнатан Давіда, і пераказаў яму ўсе гэтыя словы. І прывёў Ёнатан Давіда да Саўла, і ён быў перад абдіччам ягоным як учора і пазаўчора.

8 І зноў пачалася вайна. І пайшоў Давід, і ваяваў суп­раць Філістынцаў, і зрабіў ім вялікую паразу, і яны ўцяклі перад ім.

9 І зыйшоў на Саўла ліхі дух, [спасланы] ГОСПАДАМ, і сядзеў ён у доме сваім, і дзіда [была] ў руцэ ягонай, а Давід граў рукою сваёй на гусьлях.

10 І спрабаваў Саўл прыбіць Давіда да сьцяны, але Давід ухіліўся перад Саўлам, і дзідаўбілася ў сьцяну, а Давід уцёк і ўратаваўся ў тую ноч.

11 І паслаў Саўл слугаў сваіх у дом да Давіда, каб пільнавалі яго і забілі раніцаю. І паведаміла пра гэта Давіду Міхаль, жонка ягоная, кажучы: «Калі не ўратуеш душу сваю ў гэтую ноч, заўтра будзеш мёртвы».

12 І спусьціла Міхаль Давіда праз вакно, і ён пайшоў, і ўцёк, і быў уратаваны.

13 А Міхаль узяла балвана, і палажыла яго на ложак, а пад галаву ягоную падклала падушку з казінай [поўсьці] і накрыла плашчом.

14 І паслаў Саўл пасланцоў, каб узялі Давіда, але яна сказала, што ён хворы.

15 І паслаў Саўл пасланцоў, каб адведалі Давіда, і сказаў: «Прынясіце да мяне яго ў ложку, каб я забіў яго».

16 І прыйшлі слугі, і вось, балван на ложку, і падушка з [поўсьці] казінай на месцы галавы.

17 І сказаў Саўл Міхаль: «Навошта ты так падманула мяне і выпусьціла ворага майго, каб ён мог уцячы?» Міхаль адказала Саўлу: «Бо ён сказаў мне: “Пусьці мяне, бо іначай заб’ю цябе”».

18 І Давід уцёк, і ўратаваўся, і пайшоў да Самуэля ў Раму, і паведаміў яму ўсё, што зрабіў яму Саўл. І пайшлі адтуль ён і Самуэль, і затрымаліся ў Наёце.

19 І паведамілі Саўлу, кажучы: «Вось, Давід у Наёце каля Рамы».

20 І паслаў Саўл пасланцоў, каб схапілі Давіда. І яны ўбачылі грамаду прарокаў, якія прарочылі, і Самуэля на чале іх, і зыйшоў на пасланцоў Саўла Дух Божы, і яны таксама пачалі прарочыць.

21 І паведамілі Саўлу, і ён паслаў іншых пасланцоў, але яны таксама прарочылі. І зноў паслаў Саўл пасланцоў трэці раз, але яны таксама прарочылі.

22 І ён сам пайшоў у Раму, і дайшоў да вялікай студні, якая ў Сэку. І пытаўся ён, і сказаў: «Дзе Самуэль і Давід?» І сказалі [яму]: «Яны ў Наёце каля Рамы».

23 І пайшоў ён у Наёт каля Рамы, і Дух Божы зыйшоў на яго таксама, і ён ішоў, і ўсцяж прарочыў, аж прыйшоў у Наёт каля Рамы.

24 І зьняў ён з сябе адзеньне сваё, і разам з іншымі прарочыў перад Самуэлем, і ляжаў голы ўвесь дзень і ноч. Таму і гавораць: «Ці ж і Саўл між прарокаў?»

 

Разьдзел 20

1 А Давід уцёк з Наёту  каля Рамы, і пайшоў да Ёнатана, і сказаў яму: «Што я зрабіў, у чым мая віна і чым я саграшыў адносна бацькі твайго, што ён цікуе на душу маю?»

2 [Ёнатан] сказаў яму: «Няхай будзе гэта далёка [ад цябе], ты не памрэш. Вось, бацька мой не вырашае анічога важнага або няважнага, калі перш не параіцца са мною. Навошта такую рэч ён хаваў бы перада мною? Ня будзе гэтага».

3 Але Давід запрысягся яшчэ і сказаў: «Ведаючы, ведае бацька твой, што я знайшоў ласку ў вачах тваіх, і ён сказаў: “Няхай не даведаецца пра гэта Ёнатан, каб не сумаваў”. Але як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, толькі адзін крок [аддзяляе] мяне ад сьмерці».

4 І сказаў Ёнатан Давіду: «Што толькі скажа душа твая, я зраблю табе».

5 І сказаў Давід Ёнатану: «Вось, маладзік, і я павінен сядзець каля валадара на банкеце. Дык дазволь мне, і я схаваюся ў полі аж да трэцяга вечара.

6 Калі спытаецца бацька твой пра мяне, скажы: “Прасіў мяне Давід, каб заскочыць у Бэтлеем, горад свой, бо ўся сям’я ягоная складае там ахвяру штогадовую”.

7 Калі ён скажа: “Добра”, будзе тады супакой слузе твайму, а калі разгневаецца, ведай, што [нешта] ліхое ён вырашыў зрабіць.

8 Дык зьяві міласэрнасьць слузе твайму, бо ты заключыў запавет ГОСПАДА са слугою тваім. Калі я ў чым вінаваты, ты забі мяне, але да бацькі свайго не вядзі мяне».

9 І сказаў Ёнатан: «Далёка гэта ад цябе! Калі даведаюся, што бацька мой вырашыў зрабіць табе ліхое, ці ж я табе пра гэта не паведамлю?»

10 І сказаў Давід Ёнатану: «Хто паведаміць мне, калі бацька твой жорстка адкажа табе?»

11 І сказаў Ёнатан Давіду: «Хадзем, выйдзем у поле». І выйшлі яны абодва ў поле,

12 і сказаў Ёнатан Давіду: «[Сведка] ГОСПАД, Бог Ізраіля, што заўтра або пасьлязаўтра я даведаюся ў бацькі свайго, і калі што добрае будзе адносна Давіда, а я не пашлю да цябе і не паведамлю ў вушы твае,

13 няхай ГОСПАД гэтае зло зробіць Ёнатанату і тое да­дасьць. А калі задумае ліхое бацька мой супраць цябе, пра гэта я паведамлю ў вушы твае, і адпушчу цябе, і ты пойдзеш у супакоі. І няхай ГОСПАД бу­дзе з табою, як Ён быў з бацькам маім.

14 І калі я яшчэ буду жыць, ты зьявіш мне міласэрнасьць ГОСПАДА, і я не памру.

15 І ты не спыняй міласэрнасьці сваёй адносна дому майго на вякі, нават тады, калі ГОСПАД прыбярэ ворагаў Давіда з аблічча зямлі».

16 І заключыў Ёнатан [запавет] з домам Давіда, [кажучы]: «Няхай ГОСПАД шукае [адказ за душы] з рук ворагаў Давіда».

17 І яшчэ раз Ёнатан запрысяг Давіду любоў сваю, бо ён палюбіў яго, як душу сваю.

18 І сказаў яму Ёнатан: «Заўтра маладзік, і будуць цябе шукаць, бо месца тваё будзе пустым.

19 Таму на трэці дзень ты зый­дзі і прыйдзі на тое месца, дзе ты хаваўся раней, і затрымайся каля камяня Эзэл.

20 А я пушчу ў бок ягоны тры стралы, нібы страляючы ў метку.

21 І вось, я пашлю юнака:  “Ідзі і знайдзі стрэлы”. Калі скажу юнаку: “Вось, стрэлы перад табою, вазьмі іх”, ты прыходзь да мяне, бо супакой табе, і няма нічога [кепскага], як жывы ГОСПАД.

22 А калі скажу хлопцу: “Стрэ­лы за табой”, ты ўцякай, бо ГОСПАД пасылае цябе [далёка].

23 А ў слове, якое мы сказалі, я і ты, няхай ГОСПАД будзе між мною і табой на вякі».

24 І схаваўся Давід у полі. І надыйшоў маладзік, і валадар банкетаваў пры стале.

25 І, як звычайна, сядзеў валадар на пасадзе сваім каля сьцяны, а Ёнатан насупраць, і Абнэр сядзеў каля Саўла, і заўважылі, што месца Давіда [пустое].

26 І нічога не сказаў Саўл у той дзень, бо ён сказаў: «Можа, што здарылася. Хіба ён нячысты, бо не ачысьціўся».

27 Але назаўтра, на другі дзень маладзіка, заўважылі, што месца Давіда зноў пустое, і сказаў Саўл Ёнатану, сыну свайму: «Чаму сын Есэя не прыйшоў на банкет ані ўчора, ані сёньня?»

28 І адказаў Ёнатан Саўлу: «Давід вельмі прасіў мяне [адпусьціць] яго ў Бэтлеем.

29 Ён казаў: “Адпусьці мяне, бо сям’я мая ў горадзе складае ахвяру, і брат мой запрасіў мяне, і калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, я пайду і наведаю братоў маіх”. З гэтай прычыны не прыйшоў ён на банкет валадара».

30 І ўзлаваўся Саўл на Ёнатана, і сказаў яму: «Ты, сын жанчыны здрадлівай, ці ж я ня ведаю, што ты любіш сына Есэя на ганьбу тваю і на ганьбу маці тваёй.

31 Як доўга будуць дні жыцьця на зямлі сына Есэя, ня будзеш у бясьпецы ані ты, ані валадараньне тваё. Дык цяпер пашлі і прывядзі яго да мяне, бо ён павінен памерці».

32 І адказаў Ёнатан Саўлу, бацьку свайму, і сказаў яму: «Чаму ён мусіць памерці? Што ён зрабіў?»

33 І кінуў Саўл у яго дзіду, каб забіць яго, і зразумеў Ёнатан, што бацька ягоны вырашыў забіць Давіда.

34 І падняўся Ёнатан ад стала поўны гневу, і ня еў хлеба ў другі дзень маладзіка, бо трывожыўся дзеля Давіда, і што бацька ягоны зьняважыў [таксама] яго.

35 І сталася раніцаю, пайшоў Ёнатан у поле, на месца, вызначанае Давідам, а разам з ім юнак.

36 І сказаў ён юнаку свайму: «Бяжы і знайдзі стрэлы, якія я пушчу». І калі юнак пабег, ён пусьціў стралу цераз юнака.

37 І пайшоў юнак да месца стралы, якую пусьціў Ёнатан, а Ёнатан крыкнуў за ім і сказаў: «Страла далей за табою».

38 І закрычаў Ёнатан ззаду за юнаком: «Падымі хутчэй, ня стой там!» І сабраў юнак стрэлы Ёнатана, і прыйшоў да гаспадара свайго.

39 І не разумеў юнак анічога. Толькі Ёнатан і Давід разумелі справу.

40 І аддаў Ёнатан зброю сваю юнаку, і сказаў яму: «Ідзі і занясі ў горад».

41 І калі пайшоў юнак, устаў Давід з паўднёвага боку, і ўпаў абліччам сваім на зямлю, і тры разы пакланіўся. І пацалавалі яны адзін аднаго, і плакалі абодва разам, а Давід плакаў уголас.

42 І сказаў Ёнатан Давіду: «Ідзі ў супакоі, бо мы прысягнулі абодва ў імя ГОСПАДА, кажучы: “ГОСПАД будзе між мною і табой, і паміж насеньнем маім і насеньнем тваім на вякі”».

 

Разьдзел 21

1 І Давід устаў, і пайшоў, а Ёнатан пайшоў у горад.

2 І пайшоў Давід у Ноб, да сьвятара Ахімэлеха. А Ахімэлех выйшаў насустрач Давіду і сказаў яму: «Чаму ты толькі адзін, і нікога няма з табой?»

3 І сказаў Давід сьвятару Ахімэлеху: «Валадар загадаў мне [зрабіць] справу і сказаў: “Няхай ніхто ня ведае нічога пра справу, з якой я цябе пасылаю, і што я табе загадаў”. І я пакінуў юнакоў у вызначаным месцы.

4 І цяпер, калі маеш у руцэ тваёй пяць хлябоў, дай у руку маю іх або тое, што знойдзеш».

5 І адказаў Давіду сьвятар, і сказаў: «Звычайнага хлеба ня маю, каб даць у руку тваю, а ёсьць толькі хлеб сьвяты. Ці чыстыя юнакі твае хаця б адносна жанчынаў?»

6 І адказаў Давід сьвятару, і сказаў яму: «Жанчынаў не было з намі ані ўчора, ані пазаўчора, і калі выходзілі ў дарогу, і целы юнакоў сьвятыя, хоць гэтая выправа звычайная. Тым больш сёньня асьвячоныя целы іхнія».

7 І даў яму сьвятар [хлеб] сьвяты, бо не было там [іншага] хлеба, апрача хлябоў пакладных, якія прымалі спрад аблічча ГОСПАДА толькі тады, калі клалі там сьвежыя хлябы.

8 І быў там адзін слуга Саўла, які ў той дзень затрымаўся перад абліччам ГОСПАДА. Ён называўся Даэг Эдомец, начальнік пастухоў Саўла.

9 І сказаў Давід Ахімэлеху: «Ці ня маеш тут пад рукой дзіду або меч? Бо мяча свайго і зброі сваёй я ня ўзяў у руку сваю, бо справа валадара была пільная».

10 І сказаў сьвятар: «Тут меч Галіята, Філістынца, якога ты забіў у лагчыне Эла. Вось, ён закручаны ў плашч і [ля­жыць] пад эфодам. Калі хочаш яго ўзяць, бяры, бо апрача яго няма тут іншага». І сказаў Давід: «Калі няма іншага такога, дай яго мне».

11 І ўстаў Давід, і ў той дзень уцёк ад Саўла, і прыйшоў да Ахіша, валадара Гату.

12 І сказалі слугі Ахіша яму: «Ці ж гэта не Давід, валадар той зямлі? Ці ж не яму сьпявалі карагоды, кажучы: “Саўл пабіў тысячы, а Давід — дзясяткі тысячаў”?»

13 І Давід узяў да сэрца свайго словы гэтыя, і вельмі баяўся Ахіша, валадара Гату.

14 І зьмяніў ён паводзіны свае ў вачах іхніх, і ўдаваў вар’ята ў руках іхніх, і біў у брамы іхнія, і сьліна ягоная сьцякала на бараду ягоную.

15 І Ахіш сказаў слугам сваім: «Ці ж ня бачыце, што ён — вар’ят. Навошта вы прывялі яго да мяне?

16 Ці ж не хапае нам вар’ятаў, што вы прывялі гэтага, каб ён вар’яцеў перада мною? Ці ж такога трэба ўводзіць у дом мой?»

 

Разьдзел 22

1 І пайшоў Давід адтуль, і ўцёк у пячору Адулям. І пачулі [пра гэта] браты ягоныя і ўвесь дом бацькі ягонага, і ўсе пайшлі за ім туды.

2 І сабраліся да яго ўсе пакрыўджаныя, і тыя, што мелі даўгі, і засмучаныя ў духу, і ён стаўся іх правадыром. І было з ім каля чатырох сотняў чалавек.

3 Адтуль пайшоў Давід у Міц­пу, якая ў Мааве, і сказаў валадару Мааву: «Дазволь жыць у вас бацьку майму і маці маёй, пакуль выявіцца, што Бог зробіць са мною».

4 І ён прывёў іх перад аблічча валадара Мааву, і яны заставаліся ў яго ўсе дні, калі Давід хаваўся ва ўмацаваным месцы.

5 І сказаў прарок Гад Давіду: «Не заставайся ва ўмацаваным месцы, але зьбярыся і ідзі ў зямлю Юды». І вырушыў Давід, і прыйшоў у лес Хэрэт.

6 І пачуў Саўл, што заўважаны Давід і людзі, якія з ім. А Саўл сядзеў тады ў Гіве пад тамарыскам на ўзгорку, і дзіда была ў руцэ ягонай, а ўсе слугі ягоныя атачалі яго.

7 І сказаў Саўл слугам сваім, што былі з ім: «Слухайце, сыны Бэн’яміна! Ці ж сын Есэя дасьць вам усім палі і вінаграднікі? Ці ж вас усіх ён зробіць тысячнікамі і сотнікамі,

8 што вы запрысягліся супраць мяне. Ніхто не паведаміў у вушы мае пра запавет сына майго з сынам Есэя. Ніхто з вас не спачуваў мне і не паведаміў у вушы мае, што сын мой узбудзіў слугу майго супраць мяне, каб ён зрабіў засаду на мяне як гэта [дзеецца] сёньня».

9 І адказаў Даэг Эдомец, які стаяў між слугамі Саўла, і сказаў: «Я бачыў сына Есэя ў Нобе ў Ахімэлеха, сына Ахітува.

10 І ён пытаўся ў ГОСПАДА дзеля яго, і даў яму ежу, і даў яму меч Галіята Філістынца».

11 І паслаў валадар, каб паклікалі сьвятара Ахімэлеха, сына Ахітува, і ўвесь дом бацькі ягонага, сьвятароў, якія ў Нобе. І ўсе яны прыйшлі да валадара.

12 І сказаў Саўл: «Слухай, сыне Ахітува!» Ён сказаў: «Вось я, гаспадару мой».

13 І сказаў яму Саўл: «Чаму запрысягліся вы супраць мяне, ты і сын Есэя, і даў ты яму хлябы і меч, і пытаўся дзеля яго ў Бога, каб ён паўстаў суп­раць мяне, як гэта [дзеецца] сёньня?»

14 І адказаў валадару Ахімэлех, і сказаў: «Хто спасярод слугаў тваіх ёсьць так верны як Давід, зяць валадара? Ён стаіць на чале варты тваёй і шанаваны ў доме тваім.

15 Ці ж толькі сёньня я пытаўся дзеля яго ў Бога? Ніякім чынам! Няхай валадар не закідвае ў гэтай справе слузе твайму і ўсяму дому бацькі майго, бо слуга твой нічога ня ведае ў гэтай справе, ані малога, ані вялікага».

16 І сказаў валадар: «Ты сьмерцю памрэш, Ахімэлех, ты і ўвесь дом бацькі твайго».

17 І загадаў валадар слугам, якія атачалі яго: «Ідзіце і забіце сьвятароў ГОСПАДА, бо рука іхняя з Давідам, бо яны ведалі, што ён уцякае, і не паведамілі ў вушы мае». Але слугі валадара не хацелі падняць рукі сваёй на сьвятароў ГОСПАДА.

18 І сказаў валадар Даэгу: «Ты ідзі і забі сьвятароў». І Даэг Эдомец падыйшоў да сьвятароў, і забіў у той дзень восем­дзясят пяць чалавек, апранутых у ільняны эфод.

19 І напаў Саўл на сьвятарскі горад Ноб, і вострывам мяча пазабіваў мужчынаў і жанчынаў, дзяцей і немаўлят, валоў, аслоў і авечак.

20 І ўратаваўся [толькі] адзін сын Ахімэлеха, сына Ахітува, на імя Абіятар, і ён уцёк да Давіда.

21 І Абіятар паведаміў Давіду, што Саўл забіў сьвятароў ГОСПАДА.

22 І сказаў Давід Абіятару: «Я ведаў у той дзень, калі быў там Даэг Эдомец, што ён паведаміць пра гэта Саўлу. Я вінаваты ў-ва ўсіх душах дому бацькі твайго.

23 Заставайся са мною, ня бойся! Хто шукае душы маёй, той шукае душы тваёй, але са мною ты будзеш выратаваны».

 

Разьдзел 23

1 І паведамілі Давіду, кажучы: «Вось, Філістынцы напалі на Кейлю і рабуюць гумны».

2 І пытаўся Давід у ГОСПАДА, кажучы: «Ці ісьці і ўдарыць на Філістынцаў гэтых?» І сказаў ГОСПАД Давіду: «Ідзі, і нападзі на Філістынцаў гэтых, і вызвалі Кейлю».

3 І сказалі людзі Давіда яму: «Вось, мы тут у Юдэі жывем у страху, і мы пойдзем у Кейлю на дружыны Філістынскія?»

4 І Давід зноў пытаўся ў ГОСПАДА, і ГОСПАД адказаў яму, і сказаў: «Уставай і ідзі ў Кейлю, бо Я аддам Філістынцаў у рукі твае».

5 І пайшоў Давід і людзі ягоныя ў Кейлю, і ваявалі супраць Філістынцаў, і забралі жывёлу іхнюю, і ўчынілі ім вялікую паразу, і вызваліў Давід жыхароў Кейлі.

6 І было, што Абіятар, сын Ахімэлеха, уцёк да Давіда ў Кейлю, і ён зыйшоў з эфодам у руцэ сваёй.

7 І паведамілі Саўлу, што Давід прыйшоў у Кейлю, і сказаў Саўл: «Аддаў яго Бог у рукі мае, бо ўваходзячы ў горад, які мае брамы і запоры, ён сам замкнуў сябе».

8 І склікаў Саўл увесь народ на вайну, каб ісьці ў Кейлю і аблягаць Давіда і людзей ягоных.

9 І даведаўся Давід, што Саўл патаемна рыхтуе яму зло, і сказаў Абіятару сьвятару: «Прынясі эфод».

10 І сказаў Давід: «ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, слуга твой, чуючы, пачуў, што Саўл мае намер прыйсьці ў Кейлю, каб зруйнаваць горад з маёй прычыны.

11 Ці аддадуць мяне гаспадары Кейлі ў рукі ягоныя? Ці прыйдзе Саўл, як чуў слуга твой? ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, адкажы слузе твайму». І сказаў ГОСПАД: «Прыйдзе».

12 І спытаўся Давід: «Ці выдадуць мяне і людзей маіх гаспадары Кейлі ў рукі Саўла?» ГОСПАД сказаў: «Выдадуць».

13 І ўстаў Давід і людзі ягоныя лікам каля шасьцісот, і выйшлі з Кейлі, і хадзілі, дзе маглі. І паведамілі Саўлу, што Давід уцёк з Кейлі, і ён адклікаў выправу.

14 І быў Давід у пустыні ў недасяжных месцах, і пасяліўся ў гарах у пустыні Зіф. А Саўл шукаў яго ўсе дні, але Бог ня выдаў [Давіда] ў рукі ягоныя.

15 І ўбачыў Давід, што Саўл вырушыў і шукае душу ягоную, а ён быў у пустыні Зіф у Харэшы.

16 І ўстаў Ёнатан, сын Саўла, і прыйшоў да Давіда ў Харэш, і ўмацаваў яго ў Богу,

17 і сказаў яму: «Ня бойся, ня знойдзе цябе рука Саўла, бацькі майго, і ты будзеш валадарыць над Ізраілем, а я буду другім пасьля цябе. І вось, Саўл, бацька мой, ведае гэта».

18 І абодва яны заключылі запавет перад абліччам ГОСПАДА. І Давід застаўся ў Харэшы, а Ёнатан вярнуўся ў дом свой.

19 І пайшлі Зіфейцы да Саўла ў Гіву, кажучы: «Давід хаваецца каля нас у недасяжных месцах у Харэшы, на ўзгорышчы Хахіля, на поўдні пусткі.

20 І цяпер, валадару, калі душа твая пажадае, зыхо­дзячы, зыходзь, а мы выдадзім яго ў рукі валадара».

21 І сказаў Саўл: «Няхай дабраславіць вас ГОСПАД, бо вы спачуваеце мне.

22 Ідзіце і праверце ўсё яшчэ раз, і даведайцеся, і агледзьце месца, у якім стопы ягоныя, і хто яго там бачыў. Бо казалі мне, што ён вельмі хітры.

23 І пабачце, і выведайце ўсе сховы ягоныя, у якіх ён хаваецца, і вярніцеся да мяне, ведаючы месца, і я пайду з вамі. І калі ён будзе ў зямлі гэтай, я буду шукаць яго ў-ва ўсіх тысячах Юды».

24 І яны ўсталі і пайшлі ў Зіф перад абліччам Саўла. А Давід і людзі ягоныя былі ў пустыні Маон, у Арабе на поўдні пусткі.

25 І пайшоў Саўл з людзьмі сваімі шукаць [Давіда]. І паведамілі Давіду [пра гэта], і ён зыйшоў са скалы, і застаўся ў пустыні Маон. А Саўл пачуў [пра гэта] і гнаўся за Давідам у пустыні Маон.

26 І ішоў Саўл па адным баку гары, а Давід з людзьмі сваімі былі на другім баку гары. І Давід пасьпешліва ўцякаў ад аблічча Саўлам, а Саўл з лю­дзьмі сваімі [намагаўся] ата­чыць Давіда і людзей ягоных, каб злавіць іх.

27 І прыйшоў пасланец да Саўла, кажучы: «Сьпяшайся вярнуцца, бо Філістынцы напалі на зямлю».

28 І Саўл вярнуўся з пагоні за Давідам, і выйшаў супраць Філістынцаў. Дзеля таго назвалі месца тое Сэля-Гаммахлекот.

 

Разьдзел 24

1 І пайшоў Давід адтуль, і абжыўся ў месцах умацаваных у Эн-Гэдзі.

2 І калі вярнуўся Саўл з вайны з Філістынцамі, паведамілі яму, кажучы: «Вось, Давід у пустыні Эн-Гэдзі».

3 І Саўл узяў тры тысячы ваяроў, выбранцоў з усяго Ізраіля, і пайшоў, каб шукаць Давіда і людзей ягоных на ўсходнім баку скалаў Дзікіх Козаў.

4 І прыйшоў ён да загарадак авечых пры дарозе, і была там пячора. І ўвайшоў Саўл туды, каб накрыць ногі свае, а Давід і людзі ягоныя хаваліся ў пячоры.

5 І сказалі Давіду людзі ягоныя: «Вось дзень, пра які казаў табе ГОСПАД: “Вось, Я даю ў рукі твае ворага твайго і зробіш з ім тое, што добра ў вачах тваіх”». І ўстаў Давід, і адрэзаў цішком крысо плашча Саўла.

6 Але потым задрыжэла сэрца Давіда, што ён адрэзаў крысо плашча Саўла,

7 і ён сказаў людзям сваім: «Няхай даруе мне ГОСПАД, каб я зрабіў такую рэч гаспадару майму, памазанцу ГОСПАДАВУ, каб выцягнуў руку маю на яго, бо ён — памазанец ГОСПАДАЎ».

8 І стрымаў Давід людзей сваіх гэтымі словамі, і ня даў ім, каб яны напалі на Саўла. А Саўл устаў, і выйшаў з пячоры, і працягваў шлях свой.

9 І ўстаў пасьля гэтага Давід, і выйшаў з пячоры, і закрычаў ззаду за Саўлам, кажучы: «Гаспадару мой, валадар!» І глянуў Саўл назад, а Давід упаў абліччам на зямлю і пакланіўся яму,

10 І сказаў Давід Саўлу: «Навошта ты слухаеш словы лю­дзей, якія кажуць: “Давід шукае зла для цябе”?

11 Вось, сёньня бачаць вочы твае, што ГОСПАД выдаў цябе ў пячоры ў рукі мае. І гаварылі мне, каб я забіў цябе, але я пашкадаваў цябе, і сказаў: “Ня выцягну рукі маёй на гаспадара майго, бо ён — памазанец ГОСПАДАЎ”.

12 Дык пабач, бацька мой, крысо плашча твайго ў руцэ маёй, бо я адрэзаў крысо плашча твайго і не забіў цябе. І даведайся, і пабач, што няма ў руцэ маёй ані зла, ані бунту, і не саграшыў я супраць цябе. А ты шукаеш душы маёй, каб забраць яе.

13 Няхай судзіць ГОСПАД мяне і цябе, і няхай адпомсьціць ГОСПАД табе за мяне, але ня будзе рукі маёй супраць цябе.

14 Як кажа прыказка старадаўняя: “Ад ліхіх ліха паходзіць”. Але рука мая ня будзе супраць цябе.

15 Каго гоніць валадар Ізраіля? Каго ты перасьледуеш? Сабаку здохлага і адну блыху?

16 Няхай ГОСПАД будзе судзьдзёю і судзіць мяне і цябе. Няхай убачыць і разьбярэ справу маю? і вырве мяне з рукі тваёй».

17 І скончыў Давід казаць словы гэтыя да Саўла, і Саўл сказаў: «Ці ж гэта голас твой, сыне мой Давід?» І ўзьняў Саўл голас свой, і заплакаў.

18 І сказаў ён Давіду: «Ты больш праведны, чым я. Бо ты адплочваеш мне дабром, а я адплочваю табе ліхам.

19 І ты засьведчыў сёньня, што ты робіш дабро да мяне, бо калі ГОСПАД выдаў мяне ў рукі твае, ты не забіў мяне.

20 Бо хто, спаткаўшы ворага свайго, пусьціў бы яго ў добрую дарогу? Няхай ГОСПАД узнагародзіць цябе дабром за тое, што ты сёньня зрабіў адносна мяне.

21 Вось, я цяпер ведаю, што ты будзеш валадаром, і бу­дзеш мець у руках сваіх валадарства Ізраіля.

22 І цяпер прысягні мне на ГОСПАДА, што ня зьнішчыш насеньне маё пасьля мяне і не сатрэш імя майго з дому бацькі майго».

23 І Давід прысягнуў Саўлу. І вярнуўся Саўл у дом свой, а Давід і людзі ягоныя пайшлі ў месца ўмацаванае.

 

Разьдзел 25

1 І памёр Самуэль, і сабраўся ўвесь Ізраіль, і плакалі па ім, і пахавалі яго ў доме ягоным у Раме. А Давід устаў і пайшоў у пустыню Паран.

2 І быў [нейкі] чалавек у Маоне, які меў паселасьць сваю ў Кармэлю, і быў той чалавек вельмі багаты. Было ў яго авечак тры тысячы і тысяча козаў. І сталася, што ён стрыг авечак сваіх у Кармэлю.

3 Імя таго чалавека было Наваль, а імя жонкі ягонай — Абігайль. Жанчына тая была разумная і прыгожая, а муж ейны быў жорсткі і злачынны, ён [быў] з роду Халева.

4 І пачуў Давід у пустыні, што Наваль стрыжэ авечак сваіх.

5 І паслаў Давід дзесяць юнакоў, і сказаў Давід юнакам: «Ідзіце ў Кармэль і зайдзіце да Наваля, і прывітайце яго ад мяне з мірам,

6 і скажыце яму: “Здароўя і супакою табе, і супакой дому твайму, і ўсяму, што ты маеш, няхай будзе супакой!

7 Пачуў я, што стрыгуць авечак у цябе. Пастухі твае былі разам з намі, і мы ня крыў­дзілі іх, і нічога не прапала ў іх за ўсе дні, калі былі яны з намі ў Кармэлю.

8 Спытайся ў слугаў сваіх, і яны паведамяць табе. Дык няхай юнакі гэтыя знойдуць ласку ў вачах тваіх, бо ў добры дзень мы прыходзім. Што знойдзе рука твая, дай слугам тваім і сыну твайму Давіду”».

9 І прыйшлі юнакі Давіда, і сказалі Навалю ўсе словы ад імя Давіда, і маўчалі.

10 І адказаў Наваль юнакам Давіда, і сказаў: «Хто такі Давід і хто сын Есэя? Сёньня намножылася слугаў, якія пакідаюць гаспадароў сваіх.

11 Дык я што, маю ўзяць хлеб мой, ваду маю і мяса, прыгатаванае для стрыгачоў, і даць іх людзям, пра якіх ня ведаю, адкуль яны?»

12 І павярнуліся юнакі Давіда ў дарогу [адваротную], і прыйшлі, і паведамілі ўсе словы гэтыя [Давіду].

13 І сказаў Давід людзям сваім: «Няхай кожны падпярэжацца мячом сваім!» І падперазаўся кожны мячом сваім, і таксама Давід падперазаўся мячом сваім, і вырушылі з Давідам каля чатырохсот чалавек, а дзьвесьце засталіся ў табары.

14 І адзін са слугаў [Наваля] паведаміў Абігайлі, жонцы Наваля, кажучы: «Вось, Давід прыслаў пасланцоў з пустыні, каб прывіталі гаспадара нашага, а ён дрэнна абыйшоўся з імі.

15 А людзі тыя былі для нас добрымі і ня крыўдзілі нас. І нічога не загінула ў нас у-ва ўсе дні, у якія мы з імі ха­дзілі ў полі.

16 Былі яны нам мурам [ахоўным] як уначы, так і ўдзень у-ва ўсе дні, калі мы хадзілі з імі і пасьвілі авечак.

17 І цяпер разваж і пабач, што зрабіць, бо ліхая пастанова прынятая супраць гаспадара нашага і супраць усяго дому ягонага, а ён — сын Бэліяла, і з ім нельга дамовіцца».

18 І Абігайль узяла пасьпеш­ліва дзьвесьце хлябоў, два буклакі віна, пяць запечаных авечак, пяць мерак пражаных зярнят, сто [мерак] разынак і дзьвесьце [зьвязак] сушаных фігаў, і наладавала на аслоў.

19 І сказала яна слугам сваім: «Вы ідзіце наперадзе, а я вось буду ісьці за вамі». А мужу свайму Навалю не сказала нічога.

20 І калі яна, седзячы на асьле, зыходзіла па схіле з гары, вось, Давід і людзі ягоныя ішлі насустрач ёй, і яна спаткала іх.

21 А Давід казаў [сабе]: «Надарма я захоўваў у пустыні ўсю маёмасьць чалавека гэтага і нішто не прапала з таго, што да яго [належала], бо ён адплаціў мне ліхам за дабро.

22 Няхай гэта зробіць Бог з ворагамі Давіда і тое дадасьць, калі я да раніцы пакіну з усяго, што яму [належыць], [хоць аднаго], хто мочыцца на сьцяну».

23 І ўбачыла Абігайль Давіда, і пасьпешліва зьлезла з асла, і ўпала на аблічча сваё перад Давідам, і пакланілася яму да зямлі.

24 І кінулася яна да ног ягоных, і сказала: «Гаспадару мой, мая гэта віна. Дазволь служцы тваёй гаварыць у вушы твае, і выслухай словы служкі тваёй.

25 Няхай гаспадар мой не бярэ да сэрца свайго чалавека гэтага, [сына] Бэліяла, Наваля, бо ён такі, якое імя ягонае. Наваль імя ягонае, і такая ж дурасьць у ім. А я, служка твая, ня бачыла юнакоў гаспадара майго, якіх ты паслаў.

26 І цяпер, гаспадару мой, як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, ГОСПАД устрымаў цябе ад праліцьця крыві і помсты на сваю руку, і цяпер ворагі твае і ўсе, што шукаюць няшчасьця гаспадару майму, падобнымі няхай стануцца да Наваля.

27 І цяпер прыймі дабраславенства гэтае, якое прынесла служка твая гаспадару свайму, і дай яго юнакам сваім, якія ходзяць разам з гаспадаром маім.

28 І даруй віну служкі тваёй. А ГОСПАД збудуе гаспадару майму дом, які будзе трываць, бо гаспадар мой вядзе войны ГОСПАДА, і няхай не сустрэне цябе няшчасьце ў-ва [ўсе] дні твае.

29 Калі паўстане чалавек, каб перасьледаваць цябе і шукаць душы тваёй, няхай душа гаспадара майго будзе захаваная ў вузьле жыцьця ў ГОСПАДА, Бога твайго, а душу ворагаў тваіх няхай выкіне Ён, як з пушчалкі.

30 І калі зробіць ГОСПАД гаспадару майму ўсё добрае, што абяцаў, і паставіць цябе правадыром Ізраіля,

31 няхай ня будзе сэрцу гаспадара майго згрызотай і непакоем, што ты праліў кроў нявінную і не захаваў сябе ад помсты. І калі ГОСПАД учы­ніць дабро гаспадару майму, ты ўзгадаеш тады пра служку тваю».

32 І сказаў Давід Абігайлі: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які паслаў цябе сёньня на сустрэчу са мной.

33 І няхай будзе дабраслаўлёна разумнасьць твая, і дабраслаўлёна таксама ты, бо стрымала ты мяне сёньня ад праліцьця крыві і ад помсты рукою маёй.

34 Бо іначай, як жывы ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які стрымаў мяне, каб я не зрабіў табе зла, калі б ты ня выйшла пасьпешліва на спатканьне мне, не засталося б у Наваля да сьвітаньня нікога з тых, хто мочыцца на сьцяну».

35 І ўзяў Давід з рук ейных усё, што яна прынесла, і сказаў ёй: «Ідзі ў супакоі ў дом твой, бо я выслухаў голас твой і ўшанаваў аблічча тваё».

36 І вярнулася Абігайль да Наваля, і вось, ён справіў банкет у доме сваім як банкет валадарскі. І сэрца Наваля было вясёлае, і быў ён вельмі п’яны. І яна не сказала яму анічога пра гэта ані малога, ані вялікага да сьвітаньня раніцы.

37 Раніцаю, калі Наваль працьверазіўся ад віна, жонка ягоная распавяла яму пра справу гэтую. І замерла сэрца ягонае ў нутры ягоным, і ён зрабіўся як камень.

38 І праз дзесяць дзён ГОС­ПАД ударыў Наваля, і ён памёр.

39 І пачуў Давід, што Наваль памёр, і сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Які рассудзіў справу зьнявагі маёй з боку Наваля і захаваў слугу Свайго ад зла, а злачыннасьць Наваля зьвярнуў ГОСПАД на галаву ягоную». І паслаў Давід сказаць Абігайлі, што ён бярэ яе сабе за жонку.

40 І прыйшлі слугі Давіда да Абігайлі ў Кармэль, і прамовілі да яе, кажучы: «Давід паслаў нас да цябе, каб узяць цябе сабе за жонку».

41 І яна ўстала, і пакланілася абліччам да зямлі, і сказала: «Вось, служка твая — нявольніца, каб мыць ногі слугаў гаспадара майго».

42 І ўстала пасьпешліва Абігайль, і села на асла, і пяць служак ейных ішлі за ёю. І паехала яна за пасланцамі Давіда, і сталася жонкаю ягонаю.

43 Таксама Ахіноам з Езрээлю ўзяў Давід за жонку, і яны абедзьве сталіся жонкамі ягонымі.

44 А Саўл аддаў Міхаль, дачку сваю, жонку Давіда, Пальту, сыну Ляіша, які [паходзіў] з Галіму.

 

Разьдзел 26

1 І прыйшлі Зіфейцы ў Гіву да Саўла, кажучы: «Ведай, Давід хаваецца на ўзгорышчы Хахіля, што на канцы пусткі».

2 І ўстаў Саўл, і вырушыў у пустыню Зіф, а з ім тры тысячы мужчынаў, выбранцоў Ізраіля, каб шукаць Давіда ў пус­тыні Зіф.

3 І разлажыўся табарам Саўл на ўзгорышчы Хахіля, на скраю пусткі каля дарогі. А Давід знаходзіўся ў пустыні, і ўбачыў, што выйшаў Саўл за ім у пустыню.

4 І паслаў Давід выведчыкаў, і ўпэўніўся, што Саўл сапраўды прыйшоў.

5 І ўстаў Давід, і прыйшоў да месца, дзе быў Саўл. І ўбачыў Давід месца, дзе спаў Саўл і Абнэр, сын Нэра, начальнік войска ягонага. А Саўл спаў у будане, і народ разлажыўся табарам вакол яго.

6 І адказаў Давід, і сказаў Ахімэлеху Хету і Абішаю, сыну Цэруі, брату Ёава, кажучы: «Хто пойдзе са мною ў табар да Саўла?» І сказаў Абішай: «Я пайду з табой».

7 І пайшлі Давід і Абішай цішком уначы да людзей [Саўла], і вось, Саўл ляжыць і сьпіць у будане, і дзіда ягоная ўбітая ў зямлю каля галавы ягонай, а Абнэр і народ сьпяць вакол яго.

8 І сказаў Абішай Давіду: «Сёньня Бог аддае ворага твайго ў рукі твае. Цяпер дазволь, і я прыб’ю яго дзідаю да зямлі раз, і другі ўжо раз ня будзе патрэбы».

9 І сказаў Давід Абішаю: «Не забівай яго, бо ці ж можа быць невінаваты той, хто падняў руку сваю на памазанца ГОСПАДАВАГА?»

10 І сказаў Давід: «Як жывы ГОСПАД, ГОСПАД пакарае яго, або прыйдзе дзень ягоны і ён памрэ, або ён загіне, пайшоўшы на вайну.

11 Няхай захавае мяне ГОСПАД, каб я падняў руку сваю на памазанца ГОСПАДАВАГА. А цяпер вазьмі дзіду, што каля галавы ягонай і гляк з вадою, і пойдзем».

12 І ўзяў Давід дзіду і гляк з вадою, якія былі каля галавы Саўла, і яны пайшлі. І ніхто іх ня бачыў, і ніхто ня ведаў, і ніхто не прачнуўся, бо ўсе спалі покатам, бо сон ад ГОСПАДА зыйшоў на іх.

13 І перайшоў Давід на другі бок, і стаў на вяршыні гары здалёк, і быў вялікі прастор між імі.

14 І закрычаў Давід да людзей [Саўла] і да Абнэра, сына Нэра, кажучы: «Абнэр, чаму не адказваеш?» І адказаў Абнэр, і сказаў: «Хто ты? Чаму ты клічаш валадара?»

15 І сказаў Давід Абнэру: «Ці ты не мужчына? І хто зраўняецца з табой у Ізраілі? Дык чаму ты не пільнаваў гаспадара свайго, валадара? Бо нехта з народу ўваходзіў, каб забіць валадара, гаспадара твайго.

16 Нядобра тое, што ты зрабіў. Як жывы ГОСПАД! Заслужыліся вы на сьмерць, бо не пільнавалі гаспадара свайго, памазанца ГОСПАДАВАГА. І цяпер паглядзі, дзе дзіда валадара і дзе гляк з вадою, што стаяў каля галавы ягонай?»

17 І пазнаў Саўл голас Давіда, і сказаў: «Ці гэта голас твой, сыне мой Давід?» І Давід сказаў: «Гэта голас мой, гаспадару мой, валадар».

18 І сказаў: «Чаму гаспадар мой перасьледуе слугу свайго? Што я зрабіў? Ці ёсьць што ліхое ў руцэ маёй?

19 І цяпер няхай паслухае гаспадар мой, валадар, словы слугі свайго. Калі ГОСПАД намовіў цябе супраць мяне, няхай будзе Яму прыемны пах ахвяры. Але калі сыны чалавечыя [намовілі цябе], няхай будуць яны праклятыя перад абліччам ГОСПАДА, бо яны выгналі мяне сёньня, каб я ня меў часткі ў спадчыне ГОСПАДА, кажучы: “Ідзі і служы багам чужым”.

20 І цяпер няхай кроў мая ня будзе вылітая на зямлю далёка ад ГОСПАДА. Бо валадар Ізраіля выйшаў, каб шукаць адну блыху, як палююць у гарах на курапатку».

21 І сказаў Саўл: «Саграшыў я. Вярніся, сыне мой Давід, бо ўжо ніколі больш не зраблю табе крыўды, за тое, што дарагая была сёньня ў вачах тваіх душа мая. Вось, я быў неразумны, шмат разоў памыляўся».

22 І адказаў яму Давід, і сказаў: «Вось дзіда валадара. Няхай пяройдзе хто з юнакоў і возьме яе.

23 А ГОСПАД аднагародзіць кожнаму паводле праведнасьці ягонай і вернасьці ягонай. Аддаў цябе сёньня ГОСПАД у рукі мае, але я не хацеў выцягнуць рукі маёй на памазанца ГОСПАДАВАГА.

24 І як каштоўнай была душа твая ў вачах маіх, так няхай каштоўнай будзе душа мая ў вачах ГОСПАДА, і няхай абароніць Ён мяне ад усякага прыгнёту».

25 І сказаў Саўл Давіду: «Дабраслаўлёны ты, сыне мой Давід, бо ўсё, што будзеш рабіць, зробіш, і будзеш мець посьпех». І Давід пайшоў дарогай сваёй, а Саўл вярнуўся на месца сваё.

 

Разьдзел 27

1 І сказаў Давід у сэрцы сваім: «У нейкі дзень я загіну ад рукі Саўла. Ці ня лепш мне схавацца ў зямлі Філістынцаў, каб кінуў Саўл шукаць мяне ў-ва ўсіх межах Ізраіля, і я ўхілюся ад рук ягоных».

2 І ўстаў Давід, і пайшоў ён і шэсьцьсот чалавек, якія з ім, да Ахіша, сына Маоха, валадара Гату.

3 І жыў Давід у Ахіша ў Гаце, ён і людзі ягоныя, кожны з домам сваім, Давід з дзьвюма жонкамі сваімі, Ахіноам з Езрээлю і Абігайль, жонкай Наваля з Кармэлю.

4 І паведамілі Саўлу, што Давід уцёк у Гат, і ён кінуў шукаць яго.

5 І сказаў Давід Ахішу: «Калі я маю ласку ў вачах тваіх, дай мне месца ў адным з гарадоў зямлі гэтай, каб я мог жыць там. Навошта слуга твой мае жыць з табою ў горадзе валадара?»

6 І даў яму Ахіш у той дзень Цыкляг, і таму Цыкляг [стаўся] горадам валадароў Юдэйскіх аж да гэтага дня.

7 І быў лік дзён, калі Давід жыў у зямлі Філістынцаў, год і чатыры месяцы.

8 І выходзіў Давід з людзьмі сваімі, і нападаў на Гешурцаў, на Гізрэяў і на Амалека, бо гэтыя народы жылі на зямлі пры дарозе на Шур і аж да зямлі Эгіпецкай.

9 І пустошыў Давід тую зямлю, не пакідаючы жывымі ані мужчыны, ані жанчыны, і забіраў авечак, валоў, аслоў, вярблюдаў і адзеньне, і вяртаўся, і прыходзіў да Ахіша.

10 І казаў Ахіш: «На каго нападалі вы сёньня?» А Давід казаў: «На Нэгеў Юдэйскі і на Нэгеў Ерхамээля, і на Нэгеў Кенэйскі».

11 Ані мужчыны, ані жанчыны не пакідаў пры жыцьці Давід, каб прыводзіць іх у Гат, бо казаў ён: «Каб не паведамілі пра нас, кажучы: “Гэта зрабіў Давід”». І гэткія былі справы ягоныя ў-ва ўсе дні, калі ён жыў у краіне Філістынцаў.

12 І давяраў Ахіш Давіду, кажучы: «Стаўся ён зьненавіджаны ў народзе сваім, Ізраілі, і будзе ён мне слугою вечна».

 

Разьдзел 28

1 У тыя дні сабралі Філістынцы дружыны свае, каб ваяваць супраць Ізраіля. І Ахіш сказаў Давіду: «Ведай, што ты пойдзеш са мною ў табар, ты і людзі твае».

2 І сказаў Давід Ахішу: «Цяпер і ты даведаешся, што ро­біць слуга твой». І сказаў Ахіш Давіду: «Стаўлю цябе ахоўнікам галавы маёй на ўсе дні».

3 А Самуэль памёр, і плакаў па ім увесь Ізраіль, і пахавалі яго ў горадзе ягоным, у Раме. А Саўл прагнаў тых, што выклікаюць духаў [памерлых], і варажбітоў з зямлі [Ізраіля].

4 І Філістынцы сабраліся, і прыйшлі, і разлажыліся табарам у Шунэме. А Саўл сабраў усяго Ізраіля і разлажыўся табарам у Гільбоа.

5 І паглядзеў Саўл на табар Філістынцаў, і спалохаўся, і моцна задрыжэла сэрца ягонае.

6 І пытаўся Саўл у ГОСПАДА, але ГОСПАД яму не адказаў ані праз сон, ані праз урым, ані праз прарокаў.

7 І сказаў Саўл слугам сваім: «Пашукайце мне жанчыну, якая выклікае духаў [памерлых]. Я пайду да яе і запытаюся праз яе». І сказалі яму слугі ягоныя: «Вось, жанчына, якая выклікае духаў памерлых, у Эндоры».

8 І перапрануўся Саўл, і апрануўся ў іншае адзеньне, і пайшоў сам, і два мужчыны з ім. І прыйшлі яны да той жанчыны ўначы, і сказаў [Саўл]: «Паваражы мне і выкліч мне таго, пра каго я табе скажу».

9 Жанчына сказала яму: «Вось, ты ведаеш, што зрабіў Саўл? Ён выгнаў варажбітоў і тых, якія выклікаюць духаў, з зямлі гэтай. Чаму ты хочаш злавіць душу маю, каб забіць мяне?».

10 І Саўл прысягнуў на ГОСПАДА, кажучы: «Як жывы ГОСПАД! Ня будзе табе пакараньня ў гэтай справе».

11 І спыталася ў яго жанчына: «Каго выклікаць табе?» Ён сказаў: «Выкліч мне Самуэля».

12 І ўбачыла жанчына Самуэля, і ўсклікнула моцным голасам, і сказала жанчына Саўлу, кажучы: «Чаму ты падмануў мяне? Ты ж Саўл!»

13 І сказаў ёй валадар: «Ня бойся мяне. Што ты бачыш?» А тая жанчына сказала Саўлу: «Бачу [чалавека] Божага, што выходзіць з зямлі».

14 І сказаў ёй [Саўл]: «Як ён выглядае?» Яна сказала: «Стары чалавек выходзіць, апрануты ў доўгую шату». І пазнаў Саўл, што гэта Самуэль, і ўпаў перад ім абліччам да зямлі, і пакланіўся.

15 І сказаў Самуэль Саўлу: «Чаму ты не даеш мне супакою і выклікаеш мяне?» І сказаў Саўл: «Я ў вялікім прыгнёце, бо Філістынцы ваююць суп­раць мяне, а Бог адступіўся ад мяне і не адказвае мне ані праз прарокаў, ані праз сон. Дык я паклікаў цябе, каб ты навучыў мяне, што я маю рабіць?»

16 І сказаў Самуэль: «Навошта ты пытаешся ў мяне, калі ГОСПАД адступіўся ад цябе і стаўся ворагам тваім?

17 Зрабіў ГОСПАД так, як казаў праз мяне. ГОСПАД забраў валадарства з рукі тваёй і аддаў яго бліжняму твайму Давіду,

18 бо ты ня слухаў голас ГОСПАДА, і ня зьдзейсьніў яраснага гневу Ягонага на Амалека. Таму вось гэта ўчыніў табе ГОСПАД сёньня.

19 І аддасьць ГОСПАД Ізраіля разам з табою ў рукі Філістынцаў. Заўтра ты і сыны твае будзеце са мною, таксама табар Ізраіля аддасьць ГОСПАД у рукі Філістынцаў».

20 І Саўл раптам упаў усім целам на зямлю, і ён вельмі спужаўся словаў Самуэля, і пакінулі яго сілы, і ён ня еў хлеба ўвесь той дзень і ўсю тую ноч.

21 І падыйшла тая жанчына да Саўла, і ўбачыла, што ён надта перапалоханы, і сказала яму: «Вось, нявольніца твая паслухала голас твой і аддала душу сваю ў далоні твае, бо я паслухалася словаў тваіх, які ты гаварыў мне.

22 І цяпер ты таксама паслухай голасу нявольніцы тваёй. Я дам табе лусту хлеба, а ты зьеш, і вернецца да цябе сіла, і ты зможаш вырушыць у дарогу».

23 Але ён адмовіўся і сказаў: «Ня буду есьці». Але слугі ягоныя і жанчына тая ўпрошвалі яго, і ён паслухаў голас іхні, і ўстаў з зямлі, і сеў на ложку.

24 А жанчына тая мела кормнае цяля ў доме сваім, і яна пасьпешліва зарэзала яго, і ўзяла муку, і рашчыніла яе, і напякла праснакоў.

25 І палажыла [гэта] перад Саўлам і перад слугамі ягонымі, і яны елі, і ўсталі, і пайшлі ў тую самую ноч.

 

Разьдзел 29

1 І сабралі Філістынцы ўсе дружыны свае ў Афэку, а Ізраільцяне разлажыліся табарам каля крыніцы, якая ў Езрээлі.

2 І валадары Філістынскія крочылі на чале сотняў і тысячаў, а Давід з ваярамі сваімі крочыў у канцы, пры Ахішу.

3 І сказалі князі Філістынскія: «Што гэта за Гебраі?» І сказаў Ахіш князям Філістынскім: «Гэта Давід, слуга Саўла, валадара Ізраіля, які ў мяне ўжо год ці два, і я не знайшоў у ім нічога такога ад дня, у які ён прыйшоў, аж да гэтага дня!»

4 І загневаліся на яго князі Філістынскія, і сказалі яму князі Філістынскія: «Выпраў [адсюль] гэтага чалавека, і няхай ён вернецца на месца сваё, якое ты вызначыў яму, і няхай ён не ідзе з намі ў бой, каб ня стаўся ён супраціўнікам нашым. Якім чынам ён можа вярнуць ласку гаспадара свайго, калі не галовамі гэтых людзей?

5 Ці ж гэта ня той самы Давід, якому сьпявалі ў карагодах, кажучы: “Пабіў Саўл тысячы, а Давід — дзясяткі тысячаў”?»

6 І паклікаў Ахіш Давіда, і сказаў яму: «Як жывы ГОСПАД! Ты — справядлівы і добры ў вачах маіх, ты выходзіў і вяртаўся разам са мною ў табар, і я не знайшоў у табе нічога благога ад дня, у які ты прыйшоў да мяне, аж да гэтага дня. Але ў вачах князёў ты нядобры.

7 Дык цяпер вярніся, і ідзі ў супакоі, і ня будзь ліхім у вачах валадароў Філістынскіх».

8 І сказаў Давід Ахішу: «Што я зрабіў, або што знайшоў ты ў слузе тваім ад дня, калі я прыйшоў перад аблічча тваё, аж да гэтага дня, каб ня мог я ісьці і ваяваць супраць ворагаў гаспадара майго, валадара?»

9 І адказаў Ахіш, і сказаў Давіду: «Ведаю, што ты добры ў вачах маіх, як анёл Божы, але валадары Філістынскія сказалі: “Няхай не ідзе ён з намі ў бой”.

10 І цяпер устань раніцаю ты і слугі гаспадара твайго, якія прыйшлі з табой, і ўстаньце вельмі рана, і калі пачне днець, адыйдзіце [адсюль]».

11 І ўстаў рана Давід і людзі ягоныя, каб вырушыць у дарогу раніцай і вярнуцца ў зямлю Філістынскую. А Філістынцы пайшлі ў Езрээль.

 

Разьдзел 30

1 І сталася, калі Давід і людзі ягоныя вярталіся ў Цыкляг, на трэці дзень Амалекцы напалі на Нэгеў і Цыкляг, і здабылі Цыкляг, і спалілі агнём,

2 і забралі яны ў палон жанчынаў, якія ў ім былі, ад найменшай да найбольшай, але не забілі нікога, і павялі з сабою, і вярталіся дарогай сваёй.

3 І прыйшоў Давід з людзьмі сваімі ў горад, і вось, ён спалены агнём, а жонкі іхнія і сыны, і дочкі забраныя ў няволю.

4 І загаласілі Давід і народ, які быў з ім, і плакалі яны, аж пакуль ім хапіла сілаў для плачу.

5 І ўзялі ў палон абедзьвух жонак Давіда, Ахіноам з Езрээлю і Абігайль, жонку Наваля з Кармэлю.

6 І Давід быў вельмі стрывожаны, і хацеў народ яго ўкаменаваць, бо горыч была ў душы кожнага дзеля сыноў іхніх і дачок іхніх. Але Давід набраў сілы ў ГОСПАДЗЕ, Богу сваім,

7 і сказаў Давід сьвятару Абіятару, сыну Ахімэлеха: «Прынясі мне эфод!» І Абіятар прынёс эфод Давіду.

8 І пытаўся Давід у ГОСПАДА, кажучы: «Ці гнацца за гэтай ардою? І ці я даганю іх?» І сказаў яму [Госпад]: «Ганіся! Бо, даганяючы, дагоніш [іх] і адбярэш [здабычу]».

9 І пайшоў Давід сам і шэсьцьсот чалавек, якія з ім, і дайшлі да ручая Бэсор, і тыя, што змучыліся, затрымаліся.

10 І перасьледаваў Давід і чатырыста чалавек, а дзьвесьце спыніліся, бо былі змучаныя і не маглі перайсьці праз ручай Бэсор.

11 І знайшлі яны ў полі чалавека Эгіпцяніна, і прывялі яго да Давіда, і далі яму хлеба, і ён зьеў, і далі яму вады напіцца.

12 І далі яму таксама кавалак сушаных фігаў і дзьве гронкі разынак. І ён зьеў, і вярнуўся да яго дух ягоны, бо ён ужо тры дні і тры ночы ня еў хлеба і ня піў вады.

13 І сказаў яму Давід: «Чый ты і адкуль?» Ён сказаў: «Я — малады Эгіпцянін, слуга Амалекца. Кінуў мяне гаспадар мой, бо я захварэў тры дні таму.

14 Мы напалі на Нэгеў Керэтаў, і на Нэгеў Юды, і на Нэгеў Халева, і Цыкляг спалілі агнём».

15 І сказаў яму Давід: «Завядзеш мяне да той арды?» Ён сказаў: «Прысягні мне на Бога, што не заб’еш мяне і не аддасі мяне ў рукі гаспадара майго, і я завяду цябе да той арды».

16 І ён павёў яго. І вось, тая [арда] разыйшлася па абліччы ўсёй зямлі, елі і пілі, і сьвяткавалі дзеля вялікай здабычы, сабранай у зямлі Філістынскай і ў зямлі Юды.

17 І забіваў іх Давід ад раніцы аж да вечару наступнага дня, і ніхто з іх не застаўся, акрамя чатырохсот юнакоў, якія селі на вярблюдаў і ўцяклі.

18 І зьвярнуў Давід усё, што забралі Амалекцы, і вызваліў абедзьвух жонак сваіх.

19 І ніхто ў іх не загінуў, ад найменшага да найбольшага, ані сыны, ані дочкі, са здабычы і з усяго, што тыя нарабавалі; усё забраў Давід назад.

20 І ўзяў Давід усе авечкі і быдла, і гналі іх перад ім, і казалі: «Вось здабыча Давіда!»

21 І прыйшоў Давід да тых двухсот чалавек, што былі змучаныя і не маглі ісьці з Давідам, і засталіся каля ручая Бэсор. І выйшлі яны насустрач Давіду і людзям, якія з ім, і падыйшоў да іх Давід, і прывітаў іх з мірам.

22 І адказалі ўсе людзі ліхія, [сыны] Бэліяла спасярод людзей, што хадзілі з Давідам, і сказалі: «Тым, якія не пайшлі разам з намі, не давай здабычу, якую мы забралі. Няхай яны забяруць толькі жонак сваіх і сыноў сваіх, і няхай ідуць».

23 І сказаў Давід: «Нельга рабіць так, браты мае, з тым, што даў нам ГОСПАД. Ён захаваў нас, і аддаў арду гэтую, якая на нас напала, у рукі нашыя.

24 Хто паслухае вас у гэтай справе? Будуць мець аднолькавую частку і тыя, што ваявалі, і тыя, што заставаліся ў табары, роўна будзе падзелена».

25 Ад гэтага дня сталася гэта пастановай, і звычаем, і прысудам для Ізраільцянаў аж па сёньняшні дзень.

26 І прыйшоў Давід у Цыкляг, і паслаў ён частку здабычы старшыням Юды, сябрам сваім, кажучы: «Гэта для вас дар са здабычы на ворагах ГОСПАДА».

27 І паслаў ён тым, што ў Бэтэлі, і тым, што ў Рамот-Нэгэве, і тым, што ў Яттыры,

28 і тым, што ў Араэры, і тым, што ў Сіфмоце, і тым, што ў Эштэмоа,

29 і тым, што ў Ракалі, і ў гарадах Ерахмээльцаў, і ў гарадах Кенэяў,

30 і тым, што ў Харме, Бор-Ашане і Атаху,

31 і тым, што ў Хеўроне, і ў-ва ўсе месцы, дзе праходзіў Давід і людзі ягоныя.

 

Разьдзел 31

1 А Філістынцы ваявалі з Ізраілем, і Ізраільцяне пабеглі ад Філістынцаў, і падалі забітыя на ўзгорышчы Гільбоа.

2 І дагналі Філістынцы Саўла і сыноў ягоных, і забілі Філістынцы Ёнатана, Абінадава і Малькішуа, сыноў Саўла.

3 І бой ішоў толькі каля Саўла. І знайшлі яго лучнікі, і ён быў моцна паранены лучнікамі.

4 І сказаў Саўл збраяносцу свайму: «Вазьмі меч твой, і забі мяне ім, каб не прыйшлі гэтыя неабрэзаныя і не забілі мяне самі, і ня зьдзекваліся з мяне». Але збраяносец не хацеў гэтага зрабіць, бо вельмі баяўся. І Саўл узяў меч, і кінуўся на яго.

5 І ўбачыў збраяносец, што Саўл памёр, і таксама кінуўся на меч свой, і разам з ім памёр.

6 У той дзень загінулі разам Саўл і тры сыны ягоныя, і збраяносец ягоны, і ўсе людзі ягоныя.

7 І ўбачылі Ізраільцяне, што жылі на другім баку раўніны і на тым баку Ярдану, што войска Ізраіля ўцякло і што загінулі Саўл і сыны ягоныя, і яны пакінулі гарады свае, і паўцякалі. І прыйшлі Філістынцы, і абжыліся ў іх.

8 Назаўтра прыйшлі Філістынцы рабаваць забітых і знайшлі Саўла і трох сыноў ягоных, што ляжалі на ўзгорышчы Гільбоа.

9 І адсеклі яны галаву ягоную, і забралі зброю ягоную, і па ўсёй зямлі Філістынскай паслалі весьнікаў, каб абвясьціць у доме ідалаў сваіх і народу.

10 І палажылі яны зброю ягоную ў доме Астарты, а цела ягонае павесілі на муры Бэт-Шэану.

11 І пачулі жыхары Ябэшу Гілеадзкага пра тое, што Філістынцы ўчынілі з Саўлам,

12 і ўсталі ўсе ваяры мужныя, і ішлі ўсю ноч, і зьнялі цела Саўла і целы сыноў ягоных з муру Бэт-Шэану, і прынесьлі іх у Ябэш, і спалілі іх там.

13 І ўзялі яны косткі іхнія, і пахавалі пад тамарыскам у Ябэшы, і посьцілі сем дзён.