КНІГА РУТ
Разьдзел 1
1 І было ў дні, калі судзілі судзьдзі, і быў голад на зямлі, і пайшоў чалавек з Бэтлеему Юдэйскага жыць на палях Мааву, ён, і жонка ягоная, і два сыны ягоныя.
2 І [было] імя чалавека Элімэлех, а імя жонкі — Наомі, а імёны двух сыноў ягоных — Махлон і Кільён з Эфраты, з Бэтлеему Юдэйскага. І прыйшлі яны на палі Мааву, і былі там.
3 І памёр Элімэлех, муж Наомі, і засталася яна і два сыны ейныя.
4 І ўзялі яны сабе жонак Мааўлянак, імя адной — Орпа, а імя другой — Рут. І яны жылі там гадоў дзесяць.
5 І памерлі таксама Махлон і Кільён, і засталася жанчына без дзяцей і бяз мужа.
6 І ўстала яна, і нявесткі яе, і вярнуліся з палёў Мааву, бо пачула яна на палях Мааву, што ГОСПАД наведаў народ Свой і даў ім хлеб.
7 І выйшла яна з месца, у якім была, і дзьве нявесткі ейныя з ёй, і яны пайшлі па дарозе назад у зямлю Юды.
8 І сказала Наомі двум нявесткам сваім: «Ідзіце, няхай [кожная] жанчына вернецца ў дом маці сваёй. Няхай зьявіць вам ГОСПАД міласэрнасьць, як вы зьявілі памерлым сваім і мне.
9 Няхай дасьць вам ГОСПАД знайсьці спакой жаночы ў доме мужа свайго». І яна пацалавала іх, а яны ўзьнялі голас свой і заплакалі.
10 І сказалі яны ёй: «Мы вернемся з табою да народу твайго».
11 І сказала Наомі: «Вяртайцеся, дочкі мае. Навошта вы пойдзеце са мною? Ці ж маю я сыноў ва ўлоньні маім, каб яны сталіся мужамі для вас?
12 Вяртайцеся, дочкі мае, ідзіце. Бо я занадта старая, каб выйсьці замуж, нават калі б я сказала: “Ёсьць для мяне надзея”, і таксама ў гэту ноч выйшла замуж, і нарадзіла сыноў,
13 ці будзеце вы чакаць, пакуль яны вырастуць? Ці дзеля іх вы ня выйдзеце замуж? Не, дочкі мае. Вельмі горка мне з-за вас, бо зьвернута на мяне рука ГОСПАДА».
14 І яны ўзьнялі голас свой, і плакалі. І Орпа пацалавала сьвякруху сваю, а Рут засталася з ёю.
15 І сказала [Наомі]: «Вось, швагерка твая вярнулася да народу свайго і багоў сваіх. Вяртайся і ты за швагеркай тваёй».
16 І сказала Рут: «Не прымушай мяне, каб я пакінула цябе і зыйшла ад цябе. Куды ты пойдзеш, туды я пайду, дзе ты будзеш жыць, там я буду жыць. Народ твой будзе народам маім, і Бог твой будзе Богам маім.
17 Дзе ты памрэш, там я памру, і там буду пахаваная. Няхай гэта зробіць мне ГОСПАД і няхай яшчэ дадасьць, бо [толькі] сьмерць аддзеліць мяне ад цябе».
18 І ўбачыла [Наомі], што [Рут] вырашыла ісьці з ёю, і перастала адгаворваць яе.
19 І ішлі абедзьве разам, аж прыйшлі ў Бэтлеем. І было, калі прыйшлі ў Бэтлеем, увесь горад узрушыўся, і казалі: «Ці ж гэта Наомі?»
20 А яна казала ім: «Не называйце мяне Наомі, але называйце мяне Мара, бо вялікай горыччу напоўніў мяне Усемагутны.
21 Я выйшла поўная, але пустою вярнуў мяне ГОСПАД. Чаму вы называеце мяне Наомі, калі ГОСПАД выступіў супраць мяне і Усемагутны спаслаў няшчасьце на мяне».
22 І вярнулася Наомі, і Рут Мааўлянка, нявестка ейная, з ёю вярнулася з палёў Мааву, і прыйшлі яны ў Бэтлеем на пачатку жніва ячменю.
Разьдзел 2
1 У Наомі быў крэўны мужа ейнага, чалавек вельмі багаты, з калена Элімэлеха, і імя ягонае Боаз.
2 І сказала Рут Мааўлянка Наомі: «Дазволь мне пайсьці на поле зьбіраць каласы за тым, у каго ў вачах я знайду ласку». І яна сказала: «Ідзі, дачка мая».
3 І пайшла, і прыйшла, і зьбірала на полі за жняцамі. І здарылася, што яна патрапіла на частку поля Боаза, які быў з калена Элімэлеха.
4 І вось, Боаз прыйшоў з Бэтлеему і сказаў жняцам: «ГОСПАД з вамі». І яны сказалі яму: «Няхай дабраславіць цябе ГОСПАД».
5 І сказаў Боаз хлопцу свайму, пастаўленаму над жняцамі: «Чыя гэтая дзяўчына?»
6 І адказаў хлопец, пастаўлены над жняцамі, і сказаў: «Гэтая дзяўчына — Мааўлянка, якая вярнулася з Наомі з краіны Мааў.
7 І яна сказала: “Дазволь мне зьбіраць і падбіраць між снапамі за жняцамі”. І яна прыйшла, і застаецца ад раніцы аж да цяпер, а ў доме не адпачывала».
8 І сказаў Боаз Рут: «Паслухай мяне, дачка мая. Не хадзі зьбіраць на іншыя палі і не адыходзь адсюль, і заставайся з дзяўчатамі маімі.
9 Падымі вочы твае на поле, на якім жнуць, і хадзі за імі, бо я загадаў хлопцам не чапаць цябе. І калі будзеш смагнуць, падыходзь да глякоў і напіся з таго, адкуль чэрпаюць юнакі».
10 І яна ўпала на аблічча сваё, і пакланілася да зямлі, і сказала яму: «Чаму я знайшла ласку ў вачах тваіх, і ты заўважыў мяне, хоць я — чужынка».
11 І адказаў Боаз, і сказаў ёй: «Расказваючы, расказалі мне пра ўсё, што ты зрабіла для сьвякрухі тваёй пасьля сьмерці мужа твайго, і што ты пакінула бацьку твайго і маці тваю, і зямлю юнацтва твайго, і прыйшла да народу, якога ня ведала ўчора і тры дні таму.
12 Няхай ГОСПАД аднагародзіць табе за ўчынак твой, і няхай будзе поўная твая ўзнагарода ад ГОСПАДА, Бога Ізраіля, пад крылы Якога ты прыйшла схавацца».
13 А яна сказала: «Я знайшла ласку ў вачах тваіх, гаспадару мой, бо ты пацешыў мяне і гаварыў да сэрца служкі тваёй, хоць я ня роўная ніводнай са служак тваіх».
14 І сказаў Боаз да яе: «У час пасілку прыходзь сюды і еш хлеб, і мачай кавалак свой у воцаце». І яна села пры жняцах, і ён даў ёй пражаную пшаніцу, і яна ела, і насыцілася, і яшчэ засталося.
15 І яна ўстала зьбіраць, і Боаз загадаў хлопцам сваім: «Дайце ёй зьбіраць таксама між снапамі, і не саромце яе.
16 І нават кідайце каласы для яе, і пакідайце для яе, і яна будзе зьбіраць, і ня ганьце яе».
17 І зьбірала яна на тым полі аж да вечару, і памалаціла тое, што сабрала, і было гэта каля эфы ячменю.
18 І яна ўзяла гэта, і пайшла ў горад, і сьвякруха ейная ўбачыла тое, што яна назьбірала. І яна дастала, і дала ёй тое, што засталося з пасілку.
19 І сказала ёй сьвякруха ейная: «Дзе ты зьбірала ў гэты дзень? І дзе ты працавала? Няхай будзе дабраслаўлёны той, хто зьвярнуў на цябе ўвагу». І яна распавяла сьвякрусе сваёй, у каго яна працавала, і сказала: «Імя чалавека, у якога я працавала сёньня, Боаз».
20 І сказала Наомі нявестцы сваёй: «Няхай ён будзе дабраслаўлёны ГОСПАДАМ, Які не забыўся пра міласэрнасьць Сваю для жывых і памерлых». І сказала ёй Наомі: «Гэты чалавек — блізкі сваяк наш, ён — сваяк-абаронца наш».
21 І сказала Рут Мааўлянка: «Ён сказаў яшчэ мне: “Заставайся з хлопцамі маімі, пакуль яны ня скончаць усяго жніва”».
22 І сказала Наомі Рут, нявестцы сваёй: «Добра гэта, дачка мая, што ты будзеш хадзіць з дзяўчатамі ягонымі і ня будуць табой пагарджаць на іншым полі».
23 І яна заставалася з дзяўчатамі Боаза, і зьбірала каласы, аж пакуль скончылася жніво ячменя і пшаніцы, і яна жыла са сьвякрухай сваёй.
Разьдзел 3
1 І сказала ёй Наомі, сьвякруха ейная: «Дачка мая, ці не пашукаць табе прыстанішча, каб добра было табе?
2 І ці ж Боаз ня ёсьць нашым крэўным, з дзяўчынамі якога ты была? Вось, ён будзе веяць на таку ячмень у гэтую ноч.
3 Памыйся, памажся, і апрані адзеньне тваё, і зыходзячы, зыйдзі на ток, але не паказвайся гэтаму чалавеку, пакуль ён ня скончыць есьці і піць.
4 І калі ён ляжа спаць, заўваж месца, дзе ён ляжа, і падыйдзі, і адкрый ногі ягоныя, і ляж там, і ён скажа табе, што табе рабіць».
5 І [Рут] сказала ёй: «Усё, што ты сказала мне, зраблю».
6 І зыйшла яна на ток, і зрабіла тое, што загадала ёй сьвякруха ейная.
7 І паеў Боаз, і выпіў, і стала добра сэрцу ягонаму, і пайшоў, каб легчы на канцы снапоў. І прыйшла [Рут] паціху, і адкрыла ногі ягоныя, і легла.
8 І была палова ночы, і схамянуўся мужчына, і павярнуўся, і вось, жанчына ляжыць ля ног ягоных.
9 І сказаў ён: «Хто ты?» І яна сказала: «Я — Рут, служка твая. Расьцягні плашч твой над служкай тваёй, бо ты — сваяк-абаронца мой».
10 І сказаў ён: «Дабраслаўлёная ты ГОСПАДАМ, дачка мая. Ты зьявіла большую міласэрнасьць цяпер, чым спачатку. Ты не пайшла шукаць маладых людзей, ці то багатых, ці то бедных.
11 І цяпер, дачка мая, ня бойся. Я зраблю для цябе ўсё, пра што ты сказала, бо ведаюць усе ў брамах народу майго, што ты — жанчына дабрадзейная.
12 І гэта праўдзіва, што я — сваяк-абаронца твой, але ёсьць яшчэ сваяк-абаронца, бліжэйшы, чым я.
13 Заставайся на ноч, а раніцаю, калі ён адкупіць цябе, добра, няхай адкупіць. А калі ён не захоча адкупіць цябе, я адкуплю цябе, як жывы ГОСПАД. Сьпі тут да раніцы».
14 І спала яна ля ног ягоных аж да раніцы. І ўстала яна раней, чым чалавек можа пазнаць бліжняга свайго. І сказаў [Боаз]: «Няхай ніхто ня ведае, што жанчына прыходзіла на ток».
15 І сказаў: «Дай накідку, якую маеш на сабе, і трымай яе». І яна трымала, а ён адмерыў ёй шэсьць [мераў] ячменю, і ўсклаў на яе, і яна пайшла ў горад.
16 І прыйшла яна да сьвякрухі сваёй, і тая сказала ёй: «Што ў цябе, дачка мая?» І яна распавяла ёй усё, што той чалавек зрабіў для яе.
17 І сказала: «Ён даў мне шэсьць [мераў] ячменю, бо сказаў ён мне: “Ня пойдзеш пустой да сьвякрухі тваёй”».
18 І сказала [Наомі]: «Будзь спакойнай, дачка мая, аж пакуль даведаешся, як пойдуць справы, бо гэты чалавек не супакоіцца, пакуль ня скончыць справы ў гэты дзень».
Разьдзел 4
1 І ўзьняўся Боаз да брамы, і сеў там, і вось, сваяк-абаронца, пра якога казаў Боаз, ідзе. І кажа [Боаз]: «Чалавеча, падыйдзі і сядзь тут». І той падыйшоў, і сеў.
2 І ўзяў [Боаз] дзесяць чалавек са старшыняў гораду, і сказаў: «Сядайце тут». І яны селі.
3 І сказаў [Боаз] да таго сваяка-абаронцы: «Частку поля, якая [належыць] брату нашаму Элімэлеху, прадае Наомі, што вярнулася з палёў Мааву.
4 І я сказаў, што [належыцца] данесьці да вушэй тваіх гэтыя словы: “Набудзь [поле] перад тымі, хто сядзіць тут, і перад старшынямі народу нашага”. Калі адкупіш, адкупляй. А калі не адкупіш, скажы мне, каб я ведаў, бо ніхто ня можа адкупіць перад табою, а я — за табою». І той сказаў: «Я адкуплю».
5 І сказаў Боаз: «У дзень, калі набудзеш поле з рук Наомі, а таксама Рут Мааўлянкі, жонкі памерлага, набудзеш [абавязак] аднавіць імя памерлага ў спадчыне ягонай».
6 І сказаў той сваяк-абаронца: «Не магу адкупіць для сябе, бо я зруйную спадчыну сваю. Ты адкупі для сябе маё права адкупленьня, бо я не магу адкупіць».
7 А было даўней у Ізраілі адносна адкупленьня і адносна зьмены ў зацьвярджэньні кожнай справы, што чалавек здымаў сандал свой і даваў яго бліжняму свайму. І гэта было сьведчаньнем у Ізраілі.
8 І сказаў той сваяк-абаронца Боазу: «Набудзь [гэта] сабе». І зьняў сандал свой.
9 І сказаў Боаз старшыням і ўсяму народу: «Вы — сьведкі ў гэты дзень, што я набыў з рукі Наомі ўсё, што [належала] Элімэлеху, і ўсё, што [належала] Кільёну і Махлону.
10 І таксама Рут Мааўлянку, жонку Махлона, я набыў сабе за жонку, каб аднавіць імя памерлага ў спадчыне ягонай, каб не загінула імя памерлага між братоў ягоных і ў брамах месца ягонага. Вы — сьведкі ў гэты дзень».
11 І ўвесь народ, які быў у брамах, і старшыні сказалі: «Мы — сьведкі. Няхай зробіць ГОСПАД, што жанчына, якая ўваходзіць у дом твой, будзе як Рахель і як Лея, якія збудавалі дом Ізраіля. Здабудзь багацьце ў Эфраце, і няхай славіцца імя [тваё] ў Бэтлееме.
12 Няхай дом твой будзе як дом Пэрэса, якога Тамар нарадзіла Юдзе, праз насеньне, якое ГОСПАД дасьць табе праз гэтую дзяўчыну».
13 І ўзяў Боаз Рут, і яна сталася жонкай ягонай. І ён увайшоў да яе, і ГОСПАД даў ёй зачаць, і яна нарадзіла сына.
14 І сказалі жанчыны Наомі: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Які не пакінуў цябе без сваяка-абаронцы ў гэты дзень, і няхай гучыць імя ягонае ў Ізраілі.
15 І будзе ён пацяшэньнем для душы і забесьпячэньнем старасьці тваёй. Бо нявестка твая, якая любіць цябе, нарадзіла яго, тая, што лепшая для цябе за сем сыноў».
16 І ўзяла Наомі дзіцятка, і палажыла на ўлоньне сваё, і была для яго нянькаю.
17 І назвалі суседкі імя ягонае, кажучы: «Нарадзіўся сын у Наомі». І назвалі імя ягонае Абэд. Ён — бацька Есэя, бацькі Давіда.
18 І вось радавод Пэрэса: Пэрэс нарадзіў Хецрона.
19 А Хецрон нарадзіў Рама, а Рам нарадзіў Амінадава.
20 А Амінадаў нарадзіў Нахшона, а Нахшон нарадзіў Сальму.
21 А Сальма нарадзіў Боаза, а Боаз нарадзіў Абэда.
22 А Абэд нарадзіў Есэя, а Есэй нарадзіў Давіда.