Беларуская Біблія

ПЛАЧ ЯРЭМІІ

 

Разьдзел 1

1 Як сядзіць самотна сталіца, [некалі] шматлюдная! Сталася як удава тая, якая [была] вялікай сярод народаў. Княгіня сярод краінаў сталася нявольніцай!

2 Яна плачма плача ўначы, і сьлёзы ейныя на шчоках у яе. Няма для яе пацяшальніка з усіх, што любілі яе; усе сябры ейныя здрадзілі ёй, сталі ворагамі для яе.

3 Юдэя ўзята ў палон, [яна] ў горы і няволі вялікай, яна жыве паміж паганамі, не знаходзіць супачынку; усе перасьледвальнікі ейныя дагналі яе ў [месцах] цесных.

4 Смутныя шляхі [дачкі] Сыёну, ніхто ня прыйдзе на сьвяты; усе брамы яе спустошаныя; сьвятары яе енчаць; дзяўчаты яе пакутуюць, і горка ёй.

5 Прыгнятальнікі яе сталіся галавою, ворагі яе маюць посьпех, бо ГОСПАД даў ёй пакуты за мноства правінаў яе; дзеці яе пайшлі ў палон перад абліччам прыгнятальніка.

6 І адыйшла ад дачкі Сыёну ўся велічнасьць яе; князі яе сталіся як алені, якія не знаходзяць пашы, і ідуць яны бяз сілы перад перасьледвальнікам.

7 Узгадвае Ерусалім у дні нядолі сваёй і гаротнасьці сваёй усе каштоўнасьці свае, якія былі ў дні даўнейшыя, [перад тым,] як патрапіў народ ягоны ў руку прыгнятальніка, і няма нікога, хто дапаможа яму, і бачаць гэта прыгнятальнікі, і сьмяюцца з руінаў ягоных.

8 Грэхам зграшыла [дачка] Ерусаліму, дзеля гэтага сталася нячыстаю; усе, хто шанавалі яе, пагарджаюць ёю, бо бачылі голасьць ейную; яна таксама енчыць і адварочваецца [ад усіх].

9 Нячыстасьць ейная — на прыполах ейных, яна ня ўзгадвала пра канец свой; і яна ўпала незвычайна, не было пацяшальніка ў яе. «Глянь, ГОС­ПАДЗЕ, на нядолю маю, бо ўзьвялічыўся вораг».

10 Прыгнятальнік выцягнуў руку сваю на ўсе каштоўныя рэчы ейныя, яна бачыла, што ўвайшлі ў сьвятыню ейную пагане, пра якіх Ты загадаў, што яны ня ўвойдуць у царкву Тваю.

11 Увесь народ ейны енчыць, шукаючы хлеба, яны аддалі каштоўныя рэчы свае за ежу, каб ажывіць душу сваю. «Глянь, ГОСПАДЗЕ, і прыгледзься, бо я сталася нікчэмнаю».

12 «Гэта нішто для вас! Усе вы, што ідзеце па дарозе, прыгледзьцеся і пабачце, ці ёсьць такі боль, як мой боль, які зроблены мне, якім ГОСПАД даў пакуты [мне] ў дзень палючага гневу Свайго.

13 З вышыні Ён паслаў агонь у косткі мае і запанаваў над імі; расьцягнуў сетку на ногі мае, павярнуў мяне назад, зрабіў мяне спустошанаю і мляваю ўвесь дзень.

14 Ярмо правінаў маіх зьвязана рукою Ягонай; яны сплеценыя, узыйшлі на шыю маю; Ён паваліў сілу маю; Госпад аддаў мяне ў рукі, з якіх я не магу вырвацца.

15 Госпад сапхнуў усіх дужых сярод мяне, склікаў грамаду супраць мяне, каб струшчыць юнакоў маіх; як у тоўчні, стаптаў Госпад дзяўчыну, дачку Юды.

16 З гэтае прычыны я плачу; вока маё, вока маё выцякае вадою, бо далёка ад мяне пацяшальнік, які ажывіў бы душу маю; сыны мае зьнішчаныя, бо ўзьвялічыўся вораг».

17 Выцягвае рукі свае [дачка] Сыёну, няма каму пацешыць яе. ГОСПАД загадаў пра Якуба, вакол яго прыгнятальнікі ягоныя; [дачка] Ерусаліму сталася нячыстаю сярод іх.

18 «Праведны ГОСПАД, бо я бунтавалася супраць [слова] вуснаў Ягоных. Слухайце, прашу, усе народы, і пабачце боль мой: дзяўчаты мае і юнакі мае пайшлі ў палон.

19 Я клікала каханкаў маіх, але яны падманулі мяне; сьвятары мае і старшыні мае гінуць у горадзе, шукаючы ежы сабе, каб ажывіць душы свае.

20 Глянь, ГОСПАДЗЕ, бо цесна мне, унутранасьць мая скорчылася, сэрца маё пераварочваецца ў-ва мне, бо бунтуючыся, я збунтавалася; звонку меч забірае дзяцей, а ў доме — сьмерць.

21 Яны пачулі, што я енчу, і няма каму пацешыць мяне; усе ворагі мае пачулі пра нядолю маю і цешацца, што Ты ўчыніў [гэта]. Прывядзі [на іх] дзень, які Ты прадказаў, і няхай бу­дзе з імі, як са мною!

22 Няхай уся ліхота іхняя прыйдзе перад аблічча Тваё, і ўчыні ім так, як Ты ўчыніў мне за ўсе правіны мае, бо вялікі енк мой, і сэрца маё млоснае».

 

Разьдзел 2

1 Як закрыў Госпад хмарай гневу Свайго дачку Сыёну, скінуў з неба на зямлю славу Ізраіля і не ўзгадаў у дзень гневу Свайго пра падножжа пад ногі Свае.

2 Праглынуў Госпад, не пашкадаваў усе пашы Якуба; зруйнаваў у абурэньні Сваім гарады ўмацаваныя дачкі Юды, кінуў на зямлю, апаганіў валадарства і князёў ягоных.

3 Адсек у полымі гневу ўвесь рог Ізраіля, прыбраў правіцу Сваю ад аблічча ворага і ўзгарэўся супраць Якуба, як полымя агню, якое жарэ [ўсё] навокал.

4 Нацягнуў лук Свой, як вораг, выставіў правіцу Сваю, як прыгнятальнік, і забіў усё што было каштоўнае для вока; у намёце дачкі Сыёну выліў гнеў Свой, як агонь.

5 Госпад стаў як вораг, праглынуў Ізраіля, праглынуў усе палацы ягоныя, зруйнаваў гарады ўмацаваныя ягоныя і памножыў у дачкі Юды стогн і смутак.

6 Разваліў агароджу Сваю [вакол] саду, зьнішчыў [месцы] спатканьняў Сваіх; ГОСПАД зрабіў, што забыліся на Сыёне пра сьвяты і суботы, і пагрэбаваў у абурэньні гневу Свайго валадаром і сьвятаром.

7 Адкінуў Госпад ахвярнік Свой, пагрэбаваў сьвятыняй Сваёй, аддаў у руку ворага муры палацаў ейных; яны ўзьнялі голас у Доме ГОСПАДА, як у дзень сьвяточны.

8 Пастанавіў ГОСПАД зруйнаваць муры дачкі Сыёну, працягнуў шнур, не ўхіліў рукі Сваёй ад нішчэньня, і апрануў у жалобу вежы і муры, яны разам змарнелі.

9 Абрынуліся на зямлю брамы яе; Ён зьнішчыў і паламіў завалы іхнія; валадар яе і князі яе між паганамі; няма Закону, і прарокі ейныя не знаходзяць відзежу ад ГОСПАДА.

10 Сядзяць на зямлі, маўчаць старшыні дачкі Сыёну, пасыпалі попелам галовы свае, падперазаліся зрэбніцаю; схілілі да зямлі галовы свае дзяўчыны Ерусалімскія.

11 Выцяклі сьлязьмі вочы мае, унутранасьці мае скорчыліся, вантробы мае вываліліся на зямлю з прычыны загубы дачкі народу майго, калі дзеці і немаўляты зьнемагаюць на вуліцах гораду.

12 Яны кажуць да маці сваіх: «Дзе збожжа і віно?», калі яны зьнемагаюць, як параненыя, на вуліцах гораду, калі душа іхняя выліваецца на ўлоньнях маці іхніх.

13 Што я засьведчу табе? З кім параўнаю цябе, дачка Ерусаліму? Каго параўнаю з табою, каб пацешыць цябе, дзяўчына, дачка Сыёну? Бо вялікая, як мора, загуба твая. Хто можа вылечыць цябе?

14 Прарокі твае мелі для цябе відзежы марныя і фальшывыя, не адкрывалі беззаконьня твайго, каб адвярнуць [ад цябе] палон твой, але мелі ві­дзежы для цябе, цяжары марныя і падманлівыя.

15 Пляскаюць у далоні свае над табою ўсе, якія прахо­дзяць дарогаю, сьвішчуць і ківа­юць галовамі сваімі над дачкою Ерусаліму: «Хіба гэта той горад, пра які казалі: “Дасканаласьць прыгажосьці, ра­дасьць для ўсёй зямлі”?».

16 Разявілі пашчы свае на цябе ўсе ворагі твае, сьвіш­чуць і скрыгочуць зубамі, кажуць: «Мы праглынулі [яе]! Гэта сапраўды той дзень, якога мы чакалі, мы знайшлі яго, мы бачылі».

17 Учыніў ГОСПАД тое, што задумаў; Ён споўніў слова Сваё, якое загадаў ад дзён старадаўніх, зруйнаваў і не пашкадаваў, і ўзрадаваў над табою ворага твайго, узьняў рог прыгнятальнікаў тваіх.

18 Крычала сэрца іхняе да Госпада. О, мур дачкі Сыёну! Няхай выліваюцца, як ручай, сьлёзы ўдзень і ўначы, не давай сабе адпачынку, няхай не супакойваецца зрэнка вока твайго.

19 Уставай, галасі сярод ночы, на пачатку варты [начной] вылівай, як ваду, сэрца сваё перад абліччам Госпада; узьнімі рукі свае да Яго за душу немаўлятаў тваіх, якія зьнемагаюць з голаду на ростанях усіх вуліцаў.

20 Глянь, ГОСПАДЗЕ, і прыгледзься, каму Ты ўчыніў гэта. Ці маюць жанчыны есьці плод свой, немаўлятаў, якіх выкармілі? Ці маюць быць забіваныя ў сьвятыні Госпада сьвятар і прарок?

21 Ляжаць на зямлі на вуліцах маладыя і старыя; дзяўчыны мае і юнакі мае пападалі ад мяча; Ты забіў [іх] у дзень гневу Твайго, пусьціў на зарэз, не пашкадаваў.

22 Ты паклікаў, як на дзень сьвяточны, жахі мае адусюль. У дзень гневу ГОСПАДА ніхто ня ўцёк і ніхто не застаўся; тых, што я выкарміў і выгадаваў, выгубілі ворагі мае.

 

Разьдзел 3

1 Я — той муж, які бачыў гора ад кію гневу Ягонага.

2 Ён вёў мяне і прывёў у цемру, а не ў сьвятло.

3 Толькі супраць мяне Ён павярнуўся. Ён зьвярнуў руку Сваю на мяне ўвесь дзень.

4 Ён зьнішчыў цела маё і скуру маю, патрушчыў косткі мае.

5 Ён забудаваў [агароджай] мяне і атачыў жоўцю і гаротаю,

6 пасадзіў мяне ў месца цёмнае, як памерлых даўно.

7 Ён абгарадзіў мяне, і я ня выйду; Ён зрабіў цяжкімі кайданы мае.

8 Нават калі я крычу і малю, Ён спыняе малітву маю.

9 Ён абгарадзіў шляхі мае часанымі камянямі, скрывіў сьцежкі мае.

10 Ён для мяне — як мядзьведзь, што цікуе, як леў у засадзе.

11 Ён забраў шляхі мае і разьдзёр мяне, пакінуў мяне спустошаным.

12 Ён нацягнуў лук свой і паставіў мяне як мэту для стралы,

13 пусьціў у ныркі мае стрэлы з сагайдаку Свайго.

14 Я стаў насьмешкай для ўсяго народу свайго, прыпеўкаю іхняй увесь дзень.

15 Ён насыціў мяне горкімі травамі, напаіў мяне палыном,

16 пакрышыў зубы мае жвірам, выкачаў мяне ў попеле.

17 Ён аддаліў душу маю ад супакою, я забыўся пра добрае.

18 І я сказаў: «Загінула сіла мая і спадзяваньне маё на ГОСПАДА».

19 Узгадай нядолю маю і гаротнасьць маю, палын і жоўць.

20 Узгадваючы, узгадвае [пра Цябе] і гнецца ў-ва мне душа мая.

21 Я вяртаю гэта да сэрца майго, і дзеля гэтага я спадзяюся.

22 Гэта міласэрнасьць ГОСПАДА, што мы не загінулі, бо не спынілася літасьць Ягоная.

23 Яна аднаўляецца кожную раніцу; вялікая вернасьць Твая.

24 «ГОСПАД — гэта частка мая, — казала душа мая, — дзеля гэтага я спадзяюся на Яго».

25 Добры ГОСПАД да тых, якія на Яго спадзяюцца, да душы, якая шукае Яго.

26 Добра мець надзею і маўкліва [чакаць] збаўленьня ад ГОСПАДА.

27 Добра для чалавека, які носіць ярмо ў маладосьці сваёй.

28 Няхай ён сядзіць самотна і маўчыць, бо Ён узлажыў на яго [ярмо].

29 Няхай закрые пылам вусны свае, можа, ёсьць [яшчэ] надзея.

30 Няхай падставіць шчаку таму, які б’е яго, няхай насыціцца ганьбаю,

31 бо не адкідае на вякі Госпад,

32 бо Ён дае пакуты, але літуецца паводле мноства міласэрнасьці Сваёй,

33 бо не з [жаданьня] сэрца Свайго Ён прыгнятае і дае пакуты сынам чалавечым.

34 Калі топчуць пад нагамі сваімі ўсіх вязьняў зямлі,

35 калі перакручваюць суд для чалавека перад абліччам Найвышэйшага,

36 калі блытаюць чалавека ў справе [судовай], хіба Госпад ня бачыць [гэта]?

37 Хто той, які скажа, і [так] станецца, а Госпад [пра гэта] не загадаў?

38 Ці ня з вуснаў Найвышэйшага выходзіць ліха і дабро?

39 Чаму наракае чалавек, які жыве? Няхай чалавек [наракае] на грахі свае.

40 Будзем шукаць і дасьледаваць шляхі свае, і вернемся да ГОСПАДА.

41 Узьнясем сэрцы нашыя і далоні да Бога ў небе.

42 Мы адступіліся і збунтаваліся, Ты не дараваў.

43 Ты закрыў Сябе гневам і перасьледаваў нас, забіваў і не шкадаваў.

44 Ты закрыў Сябе хмараю, каб не дайшла малітва [да Цябе].

45 Ты ўчыніў нас сьмецьцем і агідаю паміж народамі.

46 Разьзявілі на нас пашчы свае ўсе ворагі нашыя.

47 Страх і яма сталіся ў нас, спусташэньне і загуба.

48 Струмяні вады цякуць з вока майго з прычыны загубы дачкі народу майго.

49 Вока маё выліваецца безупынна, няма палёгкі,

50 аж пакуль ня ўзгляне і ня ўбачыць ГОСПАД з неба.

51 Вока маё засмучае душу маю дзеля ўсіх дочак гораду майго.

52 Палюючы, палююць на мяне, як на птушку, ворагі мае без прычыны.

53 Кінулі ў яму жыцьцё маё і кідалі ў мяне камяні.

54 Воды паліліся на галаву маю, я сказаў: “Я загінуў”.

55 Я клікаў імя Тваё, ГОСПАДЗЕ, з ямы найглыбейшай.

56 Ты чуў голас мой. Не закрывай вуха Тваё ад уздыханьня майго, ад ляманту майго.

57 Ты наблізіўся [да мяне] ў дзень, калі я клікаў Цябе. Ты сказаў: “Ня бойся”.

58 Ты бараніў мяне, Госпадзе, у справе душы маёй, Ты адкупіў жыцьцё маё.

59 Ты бачыў, ГОСПАДЗЕ, крыўду маю, судзі суд мой.

60 Ты бачыў усю помсту іхнюю, усе намеры іхнія супраць мяне.

61 Ты чуў ганьбаваньне іхняе, ГОСПАДЗЕ, усе намеры іхнія супраць мяне,

62 вусны тых, якія паўсталі на мяне, і разважаньні іхнія супраць мяне ўвесь дзень.

63 Паглядзі, як яны сядаюць і ўстаюць, а я — прыпеўка для іх.

64 Вярні ім аднагароду, ГОСПАДЗЕ, паводле справаў рук іхніх.

65 Дай ім смутак сэрца, праклён Твой [няхай будзе] на іх.

66 Перасьледуй [іх] у гневе і зьнішчы іх з-пад неба ГОСПАДАВАГА.

 

Разьдзел 4

1 Як пацямнела золата, як зьмянілася шчырае золата добрае! Камяні сьвятыні параскіданыя на ростанях усіх вуліцаў.

2 Сыны Сыёну, каштоўныя, якія цэняцца як золата найчысьцейшае, [цяпер] лічацца за посуд гліняны, за працу рук ганчара!

3 Нават цмокі марскія даюць грудзі, кормяць дзіцянят сваіх; а дачка народу майго [сталася] бязьлітаснай, як страус у пустыні.

4 Язык немаўляці ліпне да паднябеньня ад смагі; дзеткі просяць хлеба, і няма нікога, хто адломіць ім [кавалак].

5 Тыя, што елі прысмакі, зьнемагаюць на вуліцах; тыя, што апраналіся ў пурпур, абдыма­юць [купы] гною.

6 І павялічылася беззаконьне дачкі народу майго болей за грэх Садому, які быў перакулены ў адзін момант, і рукі не дакраналіся да яго.

7 Назіры ейныя былі чысьцейшыя за сьнег, бялейшыя за малако, целы іхнія былі чыр­ванейшыя за каралі; яны выглядалі як шафір.

8 [А цяпер] выгляд іхні цямнейшы за сажу; не пазнаюць іх на вуліцах; скура іхняя прыліпла да костак іхніх, высахла, сталася як дрэва.

9 Лепш было забітым мячом, чым забітым голадам, бо тыя канаюць, прабітыя [мячом], а гэтыя — з нястачы пладоў палявых.

10 Рукі жанчынаў чульлівых варылі дзетак сваіх, якія сталіся ежаю для іх у [час] загубы дачкі народу майго.

11 ГОСПАД скончыў гнеў Свой, выліў палючы гнеў Свой і запаліў агонь на Сыёне, і ён зжэр падваліны ягоныя.

12 Ня верылі валадары зямныя і ўсе жыхары сусьвету, што прыгнятальнік і вораг увойдзе ў брамы Ерусаліму.

13 За грахі прарокаў ягоных, за беззаконьні сьвятароў ягоных, якія разьлівалі пасярод яго кроў праведных, [сталася гэта].

14 Яны бадзяліся па вуліцах як сьляпыя, яны заплямленыя крывёю; ніхто ня мог дакранацца да адзеньня іхняга.

15 «Адыйдзіцеся, нячыстыя!» — крычалі на іх. — «Адыйдзіцеся, адыйдзіцеся, не дакранайцеся!» І яны ўцяклі і бадзяліся; і казалі між народамі: «Яны больш ня будуць [тут] жыць».

16 Аблічча ГОСПАДА расьцярушыла іх, Ён больш ня будзе глядзець на іх, [бо] яны абліччы сьвятароў не падымаюць і старым не спагадаюць.

17 Выцяклі вочы нашыя, марна чакаючы дапамогі; на варце [сваёй] выглядалі мы народ, які ня можа збавіць.

18 Яны палююць на крокі нашыя, каб мы не маглі хадзіць па вуліцах нашых. Канец наш блізка; споўніліся дні нашыя, бо прыйшоў канец наш.

19 Хутчэйшыя за арлоў паднебных былі перасьледвальнікі нашыя, па гарах гналіся за намі, у пустыні рабілі засаду на нас.

20 Дух ноздраў нашых, памазанец ГОСПАДА злоўлены ў ямы іхнія, а мы казалі пра яго: «У ценю ягоным будзем жыць між народамі».

21 Весяліся і радуйся, дачка Эдому, якая жывеш у зямлі Уц! Да цябе таксама дойдзе келіх, нап’ешся і аголішся.

22 Скончылася беззаконьне тваё, дачка Сыёну! Ён ня будзе больш выганяць цябе ў палон. Ён наведае беззаконьні твае, дачка Эдому, адкрые грахі твае.

 

Разьдзел 5

1 Узгадай, ГОСПАДЗЕ, што сталася з намі; гледзячы, узглянь і пабач ганьбу нашую.

2 Спадчына нашая перададзеная чужым, дамы нашыя — чужынцам.

3 Мы сталіся сіротамі; няма бацькі, маці нашыя — як удовы.

4 Ваду сваю мы п’ем за срэбра, дровы нашыя прадаюць нам на грошы.

5 Перасьледвальнікі на шыі нашай, мы цяжка працуем, ня маем супачынку.

6 Мы выцягнулі руку сваю да Эгіпту і да Асірыі, каб насыціцца хлебам.

7 Бацькі нашыя грашылі; і іх няма, і беззаконьні іхнія мы носім.

8 Слугі пануюць над намі, і няма [нікога], хто вызваліць нас з рукі іхняй.

9 Прыносім хлеб свой, наражаючы душу сваю на меч у пустыні.

10 Скура нашая распаленая, як печ, ад палючага голаду.

11 Жанчын гвалцілі на Сыёне, дзяўчат — у гарадах Юды.

12 Князі павешаныя рукамі іхнімі, абліччы старых ня маюць пашаны.

13 Юнакі носяць камяні млыновыя, хлопцы спатыкаюцца, [носячы] дровы.

14 Старыя больш не сядзяць у брамах, юнакі не сьпяваюць.

15 Спынілася вясёласьць сэрца нашага, перамяніліся ў жалобу карагоды нашыя.

16 Звалілася карона з галавы нашай; гора нам, бо мы саграшылі.

17 Дзеля гэтага млявае сэрца нашае, дзеля гэтага зацемраныя вочы нашыя,

18 бо спустошаная гара Сыён, лісы ходзяць па ёй.

19 Ты, ГОСПАДЗЕ, трываеш на вякі, пасад Твой — з пакаленьня ў пакаленьне.

20 Чаму Ты забыўся на нас назаўсёды, пакінуў нас на доўгія дні?

21 Навярні нас да Сябе, ГОСПАДЗЕ, і мы навернемся; аднаві дні нашыя, як даўней [было].

22 Няўжо Ты, адкідаючы, адкінуў нас? Няўжо Ты загневаўся на нас аж так моцна?