ПЕСЬНЯ ПЕСЬНЯЎ
Разьдзел 1
1 Песьня песьняў Салямона.
2 «Няхай ён цалуе мяне пацалункамі вуснаў сваіх!» «Бо пяшчоты твае лепшыя за віно.
3 Пах алейкаў тваіх салодкі. Алей разьліты — імя тваё. Дзеля гэтага дзяўчыны кахаюць цябе».
4 «Цягні мяне за сабой! Пабяжым! Увядзі мяне, валадару, у пакоі свае». «Будзем радавацца і весяліцца з табою, будзем узгадваць пра пяшчоты твае [больш], чым пра віно; заслужана кахаюць цябе!»
5 «Чарнявая я, і зграбная, дочкі Ерусалімскія, як намёты Кедара, як палатніны Салямона.
6 Не глядзіце на мяне, што я смуглявая, бо сонца апаліла мяне. Сыны маці маёй разгневаліся на мяне, паставілі мяне пільнаваць вінаграднікі, а я не ўпільнавала вінаграднік мой.
7 Распавядзі мне, каханьне душы маёй, дзе ты пасьвіш, дзе адпачываеш апоўдні, каб не блукаць мне між чародаў таварышаў тваіх».
8 «Калі ня ведаеш гэтага, найпрыгажэйшая між жанчынаў, дык ідзі па сьлядах авечак, і пасьві казьлянятаў тваіх каля буданоў пастушыных.
9 Да жаробкі ў калясніцы фараона я ўпадобніў цябе, сяброўка мая.
10 Прыгожыя шчочкі твае пад кляйнотамі, шыя твая — у каралях.
11 Мы зробім табе кляйноты залатыя з блішчыкамі срэбнымі».
12 «Пакуль валадар быў за сталом сваім, нард мой разьліваў водар свой.
13 Любы мой для мяне — як мяшэчак з мірам, які начуе на грудзях маіх.
14 Любы мой для мяне — як гронка кіпровая ў вінаградніках Эн-Геды».
15 «Якая прыгожая ты, сяброўка мая, якая прыгожая! Вочы твае — як галубкі».
16 «Які прыгожы ты, любы мой, які цудоўны! Ложак наш — зеляніна,
17 страха дому нашага — кедры, столь нашая — кіпарысы».
Разьдзел 2
1 «Я — нарцыс Сарону, лілея даліны!»
2 «Як лілея сярод церняў, так сяброўка мая сярод дзяўчатаў».
3 «Як яблына сярод дрэваў лясных, так любы мой сярод хлопцаў. У ценю ягоным прывабным я села, і плод ягоны салодкі для паднябеньня майго.
4 У дом банкетаваньня ён увёў мяне, і сьцяг ягоны нада мною — каханьне.
5 Падмацуйце мяне пірагамі з разынкамі, асьвяжыце мяне яблыкамі, бо я млею ад каханьня.
6 Левая рука ягоная пад галавою маёй, а правіцай сваёй ён абдымае мяне».
7 «Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія, сарнамі і ланямі палявымі, не будзіце і не падымайце каханую, аж пакуль сама не захоча».
8 «Голас любага майго! Вось, ён ідзе, узыходзіць на горы, пераскоквае ўзгоркі.
9 Любы мой падобны да сарны, да маладога аленя. Вось, ён стаіць за сьцяною нашаю, заглядае праз вакно, зазірае праз краты.
10 Адказаў любы мой і сказаў да мяне: “Уставай, сяброўка мая, прыгажуня мая, і прыходзь.
11 Бо вось, зіма прайшла, дождж спыніўся і перастаў.
12 Пралескі відаць на зямлі, час сьпяваньня настаў, і голас туркаўкі чуваць у зямлі нашай.
13 Дрэва фігавае выдала пупышкі [свае], вінаград квітнее і разьлівае водар. Устань, прыходзь, сяброўка мая; прыгажуня мая, прыходзь!
14 Галубка мая, [што жывеш] у расколінах скалы, у схове пад стромаю, пакажы мне выгляд твой, дай мне пачуць голас твой, бо голас твой салодкі, і выгляд твой прывабны”».
15 «Лавіце нам лісаў, малых лісянятаў, якія нішчаць вінаграднікі, бо вінаграднікі нашыя квітнеюць».
16 «Любы мой [належыць] мне, а я — яму, ён пасьвіць сярод лілеяў.
17 Пакуль дзень дыхае [ветрам] і зьнікаюць цені, вярніся! Будзь падобны, любы мой, да сарны, да маладога аленя на гарах Бэтэр».
Разьдзел 3
1 «На ложку маім уначы я шукала таго, якога кахае душа мая; шукала яго і не знайшла.
2 “Устану і буду кружляць па горадзе, па вуліцах і па плошчах. Буду шукаць таго, якога кахае душа мая”. Шукала яго і не знайшла.
3 Спаткалі мяне вартаўнікі, якія абыходзяць горад. “Ці ня бачылі вы таго, якога кахае душа мая?”
4 Ледзь мінула іх, спаткала таго, якога кахае душа мая, схапіла яго і не пушчу, аж пакуль не завяду яго ў дом маці маёй, у пакой той, якая нарадзіла мяне».
5 «Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія, сарнамі і ланямі палявымі, не будзіце, не падымайце каханую, пакуль сама не захоча».
6 «Хто яна, якая выходзіць з пустыні як слупы дыму, духмяная мірам і кадзілам, і ўсякімі водарамі, [што прывозяць] гандляры.
7 Вось ложак Салямона. Шэсьцьдзясят волатаў вакол яго, з волатаў Ізраіля.
8 Усе яны трымаюць мячы, спраўныя ў вайне, кожны мае меч пры боку сваім супраць страхаў начных.
9 Драгі зрабіў для сябе валадар Салямон з дрэва Лібанскага;
10 слупкі іхнія зрабіў са срэбра, прыслон — з золата, сядзеньне ягонае — з пурпуру. Сярэдзіна іхняя выслана каханьнем дачок Ерусалімскіх».
11 «Выйдзіце і паглядзіце, дочкі Сыёну, на валадара Салямона ў кароне, якой укаранавала яго маці ягоная ў дзень заручынаў ягоных, у дзень радасьці сэрца ягонага».
Разьдзел 4
1 «Якая прыгожая ты, сяброўка мая, якая ты прыгожая! Вочы твае — як галубкі пад кудзеркамі тваімі. Валасы твае — як чарада козаў, якія зыходзяць з гары Гілеад.
2 Зубы твае — як чарада стрыжаных авечак, якія выходзяць з купаньня; у кожнай пара ягнятак, і няплоднай няма сярод іх.
3 Быццам стужка кармазыновая — губы твае, і вусны твае салодкія. Як паловы яблыка гранатовага шчочкі твае пад кудзеркамі тваімі.
4 Як вежа Давідава шыя твая, збудаваная для абароны, тысяча шчытоў завешана на ёй, усё — зброя волатаў.
5 Грудзі твае — як двое казьлянятаў, блізьнятаў сарны, якія пасьвяцца сярод лілеяў.
6 Пакуль дзень дыхае [ветрам] і зьнікаюць цені, пайду на гару міры і на ўзгорак кадзіла.
7 Уся ты прыгожая, сяброўка мая, і заганы няма ў табе.
8 Са мною з Лібану, нявеста мая, са мною з Лібану ідзі; паглядзі з вяршыні Аману, з вяршыні Сэніру і Гермону, з лежышчаў львоў, з гор леапардаў.
9 Паланіла ты сэрца маё, сястра мая нявеста, паланіла ты сэрца маё адным [позіркам] вачэй тваіх, і аднымі пацеркамі на шыі тваёй.
10 Якое цудоўнае каханьне тваё, сястра мая нявеста, лепшае каханьне тваё, чым віно. А пах алейкаў тваіх [лепшы] за ўсе пахошчы.
11 Мёд сотавы сьцякае з вуснаў тваіх, нявеста, мёд і малако пад языком тваім, а водар шатаў тваіх — як водар Лібану.
12 Замкнёны сад — сястра мая, нявеста, замкнёны сад, крыніца запячатаная.
13 Улоньне тваё — сад яблык гранатовых з адборнымі пладамі, кіпэр і нард.
14 Нард і шафран, [пахкі] трысьнёг і цынамон з усімі дрэвамі ладану, міра і альвасу і з усімі найлепшымі пахошчамі.
15 Ты — крыніца ў садзе, студня вады жывой, якая сьцякае з Лібану.
16 Абудзіся, вецер з поўначы! Прыйдзі, вецер з поўдня; дзьмі на сад мой, і няхай пацякуць пахошчы ягоныя». «Няхай прыйдзе любы мой у сад свой, і няхай есьць найлепшыя плады ягоныя».
Разьдзел 5
1 «Я ўвайшоў у сад мой, сястра мая, нявеста; зьбіраю міру маю з пахошчамі маімі, ем соты мае з мёдам маім, п’ю віно маё з малаком маім. Ешце, сябры, і піце, і насычайцеся каханьнем!»
2 «Я сплю, а сэрца маё чувае. [Вось,] голас любага майго, які стукае! “Адчыні мне, сястра мая, сяброўка мая, галубка мая, беззаганная мая, бо галава мая ўся ў расе, кучары мае — у кроплях начных!”
3 Адзеньне маё я скінула з сябе, ці [зноў] мне апранаць яго? Памыла ногі свае, ці зноў маю брудзіць іх?
4 Любы мой працягнуў руку сваю праз адтуліну і задрыжэла ў-ва мне нутро маё.
5 Я ўстала, каб адчыніць любаму майму; і з рук маіх сьцякала міра, і з пальцаў маіх міра каштоўнае [капала] на клямку засаўкі.
6 Я адчыніла любаму майму; але любы мой пайшоў, аддаліўся. Душа мая млела, калі ён прамаўляў. Шукала яго і не знайшла яго, гукала яго і ён не азваўся мне.
7 Спаткалі мяне вартаўнікі, якія абыходзяць горад; зьбілі мяне і паранілі мяне, забралі покрыва маё ў мяне вартаўнікі муроў.
8 Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія, калі спаткаеце любага майго, што вы скажаце яму? [Скажыце,] што я зьнемаглася ад каханьня».
9 «Чым любы твой мілейшы ад другіх, найпрыгажэйшая з жанчынаў? Чым любы твой мілейшы ад другіх, што ты так заклінаеш нас?»
10 «Любы мой белы і румяны, найлепшы сярод дзясяткаў тысячаў.
11 Галава ягоная — шчырае золата, золата найчысьцейшае, кучары ягоныя — як гронкі фінікаў, чорныя як крумкачы.
12 Вочы ягоныя — як галубы над водамі бруістымі, купаюцца ў малацэ, сядзяць над струмянём паўнаводным.
13 Шчокі ягоныя — як кветнік пахошчаў, на якіх растуць зёлкі духмяныя; вусны ягоныя — лілеі, з іх цячэ міра найлепшае.
14 Рукі ягоныя — вальцы залатыя, напоўненыя тапазамі; жывот ягоны — выраб з косьці слановай, выкладзены шафірамі.
15 Ногі ягоныя — слупы з мармуру, пастаўленыя на апоры залатыя; выгляд ягоны — як Лібан, велічны, нібы кедры.
16 Вусны ягоныя — слодыч, і ўвесь ён прывабны. Вось такі любы мой, і вось такі сябар мой, дочкі Ерусалімскія».
Разьдзел 6
1 «Куды пайшоў любы твой, найпрыгажэйшая з жанчынаў? Куды дзеўся любы твой? Мы будзем шукаць яго з табою».
2 «Любы мой пайшоў у сад свой, у кветнік пахошчаў, каб пасьвіць у садах і каб зьбіраць лілеі.
3 Я [належу] любаму майму, а любы мой — мне, ён пасьвіць сярод лілеяў».
4 «Прыгожая ты, сяброўка мая, як Тырца, прывабная як Ерусалім, грозная як полк са сьцягамі.
5 Адвярні вочы твае ад мяне, бо яны хвалююць мяне. Валасы твае — як чарада козаў, якія зыходзяць з Гілеаду.
6 Зубы твае — як чарада стрыжаных авечак, якія выходзяць з купаньня; у кожнай пара ягнятаў, і няплоднай няма сярод іх.
7 Як палова яблыка гранатовага шчочкі твае пад кудзеркамі тваімі.
8 Ёсьць шэсьцьдзясят валадарак, і восемдзясят наложніц, і дзяўчат бяз ліку,
9 але адзіная ты, галубка мая, дасканалая мая, адзіная ў маці сваёй, чыстая ў той, якая нарадзіла цябе. Убачылі яе дзяўчаты, і назвалі шчасьлівай, [убачылі] валадаркі і наложніцы, і хвалілі яе:
10 “Хто ж гэта, якая выходзіць як заранка, прыгожая як месяц, ясная як сонца, грозная як полк са сьцягамі?”»
11 «Я зыйшла ў сад арэхавы, каб паглядзець на зеляніну пры ручаі, каб паглядзець, ці квітнее вінаград, ці ў квецені дрэвы гранатовыя.
12 Не заўважыла душа мая, як пасадзілі мяне ў калясніцу магната народу майго».
Разьдзел 7
1 «Агляніся, агляніся, Шуламянка, агляніся, агляніся, і мы паглядзім на цябе». «Што вы глядзіце на Шуламянку, нібы на танец двух карагодаў?»
2 «Якія прыгожыя ногі твае ў сандалах, дачка шляхетная! Выгін клубоў тваіх як аздобны абруч, які зроблены рукою майстра.
3 Улоньне тваё — як чаша круглая, ніколі не забракне ў ёй віна мяшанага; жывот твой — як сноп пшаніцы, абстаўлены лілеямі.
4 Двое грудзей тваіх — як двое казьлянятаў, блізьнятаў сарны.
5 Шыя твая — як вежа з косьці слановае. Вочы твае — як сажалкі ў Хешбоне, каля брамы Бат-Раббім. Нос твой — як вежа Лібану, што глядзіць у бок Дамаску.
6 Галава твая над табою — як Кармэль, а валасы на галаве тваёй — як пурпур. Валадар зьвязаны косамі [тваімі].
7 Якая ты прыгожая і якая прыемная, каханая, у асалодзе [тваёй]!
8 Стан твой [гонкі], як пальма, а грудзі — як гронкі [вінаградныя].
9 Я сказаў: “Узьлезу я на пальму і схаплю гронкі яе”, і будуць грудзі твае як гронкі вінаградныя, і пах подыху твайго — як [пах] яблыкаў.
10 Вусны твае — як віно найлепшае, якое ліецца да любага, асалоджваючы вусны стомленыя».
11 «Я [належу] любаму майму, і да мяне памкненьне ягонае.
12 Прыйдзі, любы мой, пойдзем у поле, пераначуем за горадам.
13 Устанем раніцай, наведаем вінаграднікі, паглядзім, ці заквітнеў вінаград, ці распусьціліся кветкі ці цьвітуць дрэвы гранатовыя, там я дам табе каханьне маё.
14 Мандрагоры разьліваюць водар, у дзьвярах нашых усякія плады адборныя, новыя і старыя, якія я, любы мой, захавала для цябе».
Разьдзел 8
1 «Калі б ты быў братам маім, які смактаў грудзі маці маёй, калі б сустрэла цябе на вуліцы, я б пацалавала цябе, і ніхто не дакараў бы мяне.
2 Я схапіла б цябе і павяла б у дом маці маёй; і ты вучыў бы мяне, а я напаіла б цябе пахкім віном і сокам яблыкаў гранатовых маіх.
3 Левая рука ягоная пад галавой маёй, а правіцай сваёй ён абдымае мяне».
4 «Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія, не будзіце і не падымайце каханую, аж пакуль сама не захоча».
5 «Хто гэта, якая выходзіць з пустыні, абапіраючыся на любага свайго?» «Пад яблынай я пабудзіў цябе; там зачала цябе маці твая, там зачала цябе тая, што нарадзіла цябе.
6 Палажы мяне як пячатку на сэрца тваё, як пячатку на плячо тваё, бо магутнае як сьмерць каханьне, і няўмольная як пекла рэўнасьць, жар яе — як жар агню, як полымя ГОСПАДА.
7 Вялікія воды ня змогуць патушыць каханьне, і рэкі не затопяць яго. Калі б чалавек хацеў аддаць усю маёмасьць дому свайго за каханьне, ён быў бы адрынуты з пагардай».
8 «Сястра нашая малая, і грудзей няма ў яе. Што мы зробім для сястры нашай у дзень, калі будуць гаварыць пра яе?
9 Калі яна — мур, мы пабудуем на ім палац са срэбра, калі яна — брама, мы ашалюем яе дошкамі кедровымі».
10 «Я — мур, і грудзі мае — як вежы, таму я буду ў вачах ягоных як тая, што знайшла супакой.
11 Вінаграднік быў у Салямона ў Баал-Гамоне; ён аддаў вінаграднік тым, што пільнуюць яго; за плады ягоныя кожны прыносіў тысячу [сыкляў] срэбра.
12 Вінаграднік мой, які маю, перада мною; тысячу [сыкляў] табе, Салямоне, а дзьвесьце — тым, якія пільнуюць плады ягоныя».
13 «О ты, якая жывеш у садах, таварышы твае слухаюць голас [твой], дай і мне пачуць яго».
14 «Уцякай, любы мой, будзь падобны да сарны, да маладога аленя на гарах пахкіх дрэваў!»