Беларуская Біблія

КНІГА НЭЭМІІ

 

Разьдзел 1

1 Словы Нээміі, сына Хакаліі. І сталася ў месяцы Кісьлеў у дваццатым годзе, і быў я ў Шушане, сталіцы.

2 І прыйшоў Ханані, адзін з братоў маіх, ён і мужы з Юдэі. І я спытаўся ў іх пра Юдэяў, што [там] засталіся, якія ўцяклі ад палону, і пра Ерусалім.

3 І яны сказалі мне: «Тыя, што засталіся, якія ўцяклі ад палону там, у краіне, у вялікім горы і ганьбе; мур Ерусаліму разбураны, і брамы ягоныя спаленыя агнём».

4 І сталася, калі я пачуў словы гэтыя, я сеў, і плакаў, і быў у жалобе [некалькі дзён], і посьціў, і маліўся перад абліччам Бога нябеснага.

5 І я сказаў: «Прашу Цябе, ГОСПАДЗЕ, Божа нябесны, Бог вялікі і страшны, Які захоўвае запавет і міласэрнасьць для тых, якія любяць Цябе і захоўваюць прыказаньні Твае!

6 Няхай будзе вуха Тваё ўважлівае і вочы Твае адкрытыя, каб пачуць малітву слугі Твайго, якой я малюся перад абліччам Тваім сёньня дзень і ноч за сыноў Ізраіля, слугаў Тваіх, і прызнаюся ў грахах сыноў Ізраіля, якімі мы грашылі супраць Цябе, і я, і дом бацькі майго грашылі.

7 Робячы злачынства, мы сталіся злачынцамі супраць Цябе і не захоўвалі прыказаньні, і пастановы, і прысуды, якія Ты загадаў Майсею, слузе Твайму.

8 Узгадай, калі ласка, слова, якое Ты загадаў Майсею, слузе Твайму, кажучы: “Калі будзеце нявернымі, Я расьцярушу вас паміж народамі.

9 Але калі вернецеся да Мяне і будзеце захоўваць прыказаньні Мае і выконваць іх, хоць бы вы былі выгнаныя на канцы неба, і адтуль Я зьбяру вас, і, прыводзячы, прывяду вас на месца, якое Я выбраў, каб жыло там імя Маё!”

10 Яны ж — слугі Твае і народ Твой, які Ты адкупіў моцаю Тваёю вялікай і рукою Тваёю магутнай.

11 Прашу Цябе, Госпадзе, няхай будзе вуха Тваё ўважлівае да малітвы слугі Твайго і да малітваў слугаў Тваіх, якія баяцца імя Твайго. І дай посьпех, прашу, слузе Твайму сёньня, і даруй яму мець ласку перад абліччам чалавека гэтага». А я быў падчашым валадара.

 

Разьдзел 2

1 І сталася ў месяцы Нісан, у дваццатым годзе валадара Артарксэркса, віно было перад абліччам ягоным. І я падняў віно, і даў валадару; і ня быў я смутны перад абліччам ягоным.

2 І сказаў мне валадар: «Чаму аблічча Тваё смутнае, а ты ня хворы? Гэта нішто іншае, як смутак сэрца». Я спалохаўся вельмі моцна,

3 і сказаў валадару: «Няхай жыве валадар на вякі! Як ня будзе смутным аблічча маё, калі горад, дом магілаў бацькоў маіх, спустошаны, і брамы ягоныя спаленыя агнём!»

4 І сказаў мне валадар: «Пра што просіш?» Я памаліўся Богу нябеснаму,

5 і сказаў валадару: «Калі [падаецца] добрым валадару, і слуга твой знайшоў ласку перад абліччам тваім, пашлі мяне ў Юдэю, у горад магілаў бацькоў маіх, і я адбудую яго».

6 І сказаў мне валадар, а валадарка сядзела каля яго: «Як доўга ты будзеш у дарозе? І калі вернешся?» І гэта было добрым перад абліччам валадара, і ён паслаў мяне, і я вызначыў яму час.

7 І я сказаў валадару: «Калі [падаецца] добрым валадару, няхай дадуць мне лісты да ваяводаў Зарэчча, каб прапусьцілі мяне, пакуль я дайду да Юдэі,

8 і ліст да Асафа, загадчыка лясоў валадара, каб ён даў мне дрэва для бэлькаў брамаў гораду, у якім Дом [Божы], і для муроў гораду, і на дом, у які я ўвайду». І даў мне валадар, бо добрая рука Бога майго [была] нада мною.

9 І я прыйшоў да ваяводаў Зарэчча, і даў ім лісты валадара. І паслаў валадар са мною начальнікаў войска і вершнікаў.

10 І пачуў Санвалат Харанянін і Товія, слуга Аманянін, і ім было вельмі прыкра, што прыйшоў чалавек, каб шукаць дабра для сыноў Ізраіля.

11 І я прыйшоў у Ерусалім, і быў там тры дні.

12 І я ўстаў уначы, і некалькі чалавек са мною, і я нікому не сказаў, што Бог мой даў мне на сэрца зрабіць для Ерусаліму. А жывёлы не было са мною ніякай, акрамя той жывёлы, на якой я ехаў.

13 І я прыехаў уначы праз Браму Даліны перад крыніцай Цмокаў да Брамы Гною; і агледзеў я муры Ерусаліму, якія былі зруйнаваныя, і брамы ягоныя, якія спаленыя агнём.

14 І я прайшоў да Брамы Крыніцы і да сажалкі валадарскай; і не было месца прайсьці жывёле, [якая была] пада мною.

15 І я ўзьняўся ўначы ўздоўж ручая, і агледзеў мур, і вярнуўся, і ўвайшоў праз Браму Даліны, і вярнуўся.

16 А кіраўнікі [народу] ня ведалі, куды я хадзіў і што рабіў. Ані Юдэям, ані сьвятарам, ані шляхце, ані кіраўнікам, ані іншым, якія выконвалі працу, я не распавядаў [нічога] аж да гэтай пары.

17 І я сказаў ім: «Вы бачыце гора, у якім мы [знаходзімся], што Ерусалім зруйнаваны і брамы ягоныя спаленыя агнём. Хадзем і адбудуем муры Ерусаліму, і ня будзем больш у ганьбе».

18 І я распавёў ім пра руку Бога майго, якая была добрай да мяне, а таксама пра словы валадара, якія ён казаў мне. І яны сказалі: «Станем і будзем будаваць». І ўмацавалі рукі свае на добрую [справу].

19 І пачулі Санвалат Харанянін, і Товія, слуга Аманянін, і Гешэм Араб, і сьмяяліся з нас, і грэбавалі намі, і казалі: «Што гэта за справа, якую вы робіце? Ці не бунтуецеся вы супраць валадара?»

20 І я даў ім адказ, і сказаў ім: «Бог нябесны, Ён [Сам] дасьць нам посьпех, і мы, слугі Ягоныя, устанем і будзем буда­ваць. А для вас няма ані часткі, ані праведнасьці, ані памяці ў Ерусаліме».

 

Разьдзел 3

1 І ўстаў Эліяшыў, вялікі сьвятар, і браты ягоныя, сьвятары, і адбудавалі Браму Авечак. Яны асьвяцілі яе і паставілі вароты ў яе; аж да вежы Мэа асьвяцілі яе, аж да вежы Хананэля.

2 А каля яго будавалі Ерыхонцы, а каля іх будаваў Заккур, сын Імры.

3 А Браму Рыбную будавалі сыны Гасэнаі, якія палажылі бэлькі ў яе і паставілі вароты яе, замкі яе і завалы яе.

4 А каля іх адбудоўваў Мэрэмот, сын Урыі, сына Гаккоца; а каля іх адбудоўваў Мэшулям, сын Бэрэхі, сына Мэшэзабэля; каля іх адбудоўваў Цадок, сын Бааны.

5 А каля іх адбудоўвалі Тэкойцы; але магнаты іхнія не схілілі шыі свае ў працы для ГОСПАДА свайго.

6 А Старую Браму адбудоўвалі Ёяда, сын Пасэаха, і Мэшулям, сын Бэсодыі; яны палажылі бэлькі ў яе, паставілі вароты яе, і замкі яе, і завалы яе.

7 А каля іх адбудоўвалі Мэлатыя з Гібэону і Ядон з Мэраноту, людзі з Гібэону і Міцпы, сядзібы ваяводы Зарэчча.

8 Каля яго адбудоўваў Узіэль, сын Харгая, з залатароў; а каля яго адбудоўваў Ханані, сын зельніка. Яны аднавілі [муры] Ерусаліму аж да муру шырокага.

9 А каля іх адбудоваў Рэфая, сын Хура, начальнік паловы акругі Ерусаліму.

10 А каля іх, насупраць дому свайго, адбудоўваў Едая, сын Харумафа; а каля яго адбудоўваў Хаттуш, сын Хашаўнэя.

11 Другі адцінак адбудоўвалі Малхія, сын Харыма, і Хашуў, сын Пахат-Маава, [яны адбудоўвалі] таксама Вежу Печаў.

12 А каля іх адбудоўваў Шальлюм, сын Галяхеша, начальнік паловы акругі Ерусаліму, ён і дочкі ягоныя.

13 А Браму Даліны адбудоўвалі Ханун і жыхары Занааха; яны пабудавалі яе і паставілі вароты яе, замкі яе і завалы яе; і [направілі яны] тысячу локцяў муру аж да Брамы Гною.

14 А Браму Гною адбудоўваў Малкія, сын Рэхава, начальнік акругі Бэт-Гакерэм; ён пабудаваў яе і паставіў вароты яе, замкі яе і завалы яе.

15 А Браму Крыніцы адбудоўваў Шальлюм, сын Каль-Хазэя, начальнік акругі Міцпы; ён пабудаваў яе, і накрыў яе, і паставіў вароты яе, замкі яе і завалы яе; і [адбудаваў] мур сажалкі Шэлях каля саду валадара і аж да прыступак, якія зыходзяць з гораду Давіда.

16 За ім адбудоўваў Нээмія, сын Азбука, начальнік паловы акругі Бэт-Цур, аж да [месца] насупраць магілаў Давідавых і аж да выкапанай сажалкі, аж да дому ваяроў.

17 За ім адбудоўвалі лявіты: Рэхум, сын Бані; каля яго адбудоўваў Хашавія, начальнік паловы акругі Кейла, за акругу сваю.

18 За ім адбудоўвалі браты іхнія: Баўвай, сын Хенадада, начальнік паловы акругі Кейла.

19 А каля яго Езэр, сын Ешуа, начальнік Міц­пы, адбудоўваў другі адцінак, насуп­раць уваходу ў збраёўню на рагу.

20 За ім Барух, сын Заббая, руп­ліва адбудоўваў іншы адцінак, ад рогу аж да дзьвярэй дому Эліяшыва, вялікага сьвятара.

21 За ім Мэрэмот, сын Урыі, сына Гаккоца, адбудоўваў іншы адцінак, ад дзьвярэй дому Эліяшыва аж да канца дому Эліяшыва.

22 За ім адбудоўвалі сьвятары, людзі з ваколіцы.

23 За імі адбудоўваў Бэн’ямін і Хашуў насупраць дому свайго; за імі адбудоўваў Азарыя, сын Маасэі, сына Ананіі, каля дому свайго.

24 За ім адбудоўваў Біннуй, сын Хэнадада, іншы адцінак, ад дому Азарыі аж да рогу і вугла.

25 Палал, сын Узая, [адбудоўваў] насупраць рогу і вежы, якая выстае з верхняга дому валадарскага і якая ў панадворку варты. За ім [адбудоўваў] Пэдая, сын Пароша.

26 А нэтынэі, якія жылі ў Афэле, [адбудоўвалі] насупраць Брамы Воднай на ўсход і аж да высунутай вежы.

27 За імі Тэкойцы, адбудоўвалі другі адцінак, ад [месца] насупраць вялікай высунутай вежы аж да муру Афэла.

28 Вышэй Брамы Конскай адбудоўвалі сьвятары, кожны насупраць дому свайго.

29 За імі адбудоўваў Цадок, сын Іммэра, насупраць дому свайго; а за ім адбудоўваў Шэмая, сын Шэхніі, вартаўнік Брамы Усходняй.

30 За ім адбудоўваў Хананія, сын Шэлеміі, і Ханун, шосты сын Цалафа, другі адцінак. За ім адбудоўваў Мэшулям, сын Бэрэхіі, насупраць пакою свайго.

31 За ім адбудоўваў Малхія, сын залатара, аж да дому нэтынэяў і гандляроў, насупраць Брамы Міфкад і аж да кутняй сьвятліцы.

32 А паміж кутняй сьвятліцай і Брамай Авечак адбудоўвалі залатары і гандляры.

 

Разьдзел 4

1 І сталася, калі пачуў Санвалат, што мы будуем мур, ён раззлаваўся, і вельмі загневаўся, і сьмяяўся з Юдэяў,

2 і казаў пры братах сваіх і пры войску Самаранскім, і сказаў: «Што робяць гэтыя нікчэмныя Юдэі? Няўжо ім гэта дазволяць? Няўжо яны будуць складаць ахвяры? Няўжо яны скончаць у [нейкі] дзень? Няўжо яны ажывяць камяні з купаў друзу, якія спаленыя [агнём]?»

3 І Товія Аманянін быў каля яго, і сказаў: «Няхай яны будуюць. Калі ўвойдзе ліс, разваліць іхні мур каменны».

4 Пачуй, Божа наш, бо мы сталіся насьмешкай. І зьвярні ганьбаваньне іхняе на галаву іхнюю, і аддай іх на рабаваньне ў зямлі паланеньня,

5 і не закрый беззаконьня іхняга, і грэх іхні няхай ня будзе выцерты перад абліччам Тваім, бо яны зьняважылі [Цябе] перад тымі, што будуюць.

6 І мы будавалі мур, і ўвесь мур быў напраўлены да паловы яго. І народ меў сэрца да работы.

7 І сталася, калі пачуў Санвалат, і Товія, і Арабы, і Аманяне, і Ашдодцы, што адбудоўваюцца муры Ерусаліму і што выломы пачалі зарабляць, яны вельмі загневаліся.

8 І яны змовіліся ўсе разам пайсьці вайною на Ерусалім і зрабіць нам перашкоду [ў працы].

9 І мы маліліся Богу нашаму, і паставілі супраць іх варту ўдзень і ўначы з прычыны [намеру] іхняга.

10 І сказалі Юдэі: «Спатыкаецца сіла ў тых, што носяць цяжары; і мы ня зможам будаваць мур».

11 І сказалі прыгнятальнікі нашыя: «Не даведаюцца і ня ўбачаць, калі мы ўвойдзем у сярэдзіну іх, і пераб’ем іх, і спынім працу».

12 І сталася, што прыйшлі Юдэі, якія жылі каля іх, і казалі нам разоў дзесяць з усіх бакоў, што яны прыйдуць на нас.

13 І ў нізкіх месцах, за мурам, на месцах голых я паставіў людзей паводле сем’яў іхніх з мячамі іхнімі, з дзідамі іхнімі і з лукамі іхнімі.

14 І я агледзеў [іх], і стаў, і сказаў шляхце і кіраўнікам, і рэшце народу: «Ня бойцеся іх. Памятайце пра Госпада вялікага і страшнага, і змагайцеся за братоў сваіх, за сыноў сваіх і за дочак сваіх, за жонак сваіх і за дамы свае».

15 І сталася, калі пачулі ворагі нашыя, што [гэта] нам вядома, Бог зьнішчыў намер іхні, і мы вярнуліся ўсе да муру, кожны да працы сваёй.

16 І сталася ад гэтага дня, што палова юнакоў маіх рабіла, а [другая] палова іх трымала дзіды, шчыты, лукі і панцыры; і князі [стаялі] за ўсім домам Юды.

17 Тыя, што будавалі мур, і тыя, што насілі цяжары, і тыя, што працавалі, [кожны] адною рукою сваёй рабіў [мур], а ў другой [руцэ] трымаў зброю.

18 І кожны будаўнік быў падперазаны мячом па сьцёгнах сваіх, і [так] будаваў. І той, што дзьме ў рог, [быў] пры мне.

19 І я сказаў шляхце і кіраўнікам, і рэшце народу: «Праца вялікая і разнастайная, і мы падзеленыя на муры, далёкія адзін ад аднаго.

20 У якім месцы вы пачуеце гук рогу, туды зьбірайцеся да нас. Бог наш будзе ваяваць за нас».

21 І гэтак мы рабілі працу; і палова з іх трымала дзіды ад сьвітаньня аж да зьяўленьня зорак.

22 Таксама ў той час я сказаў народу, каб кожны з юнаком сваім начаваў у сярэдзіне Ерусаліму, і былі яны ў нас уначы вартаю, а ўдзень — на працы.

23 І ані я, ані браты мае, ані юнакі мае, ані вартаўнікі, якія [былі] са мною, ніхто з нас не здымаў адзеньняў сваіх, кожны [быў] са зброяй і з вадою.

 

Разьдзел 5

1 І быў вялікі крык народу і жонак іхніх на братоў сваіх Юдэяў.

2 І былі [тыя], якія казалі: «Нас, сыноў нашых і дочак нашых шмат; і мы мусім браць збожжа, каб есьці і жыць».

3 І былі тыя, якія казалі: «Палі свае, вінаграднікі свае і дамы свае мы закладаем, каб купіць збожжа ў часе голаду».

4 І былі тыя, якія казалі: «Мы бяром у пазыку на падаткі валадару, [даўшы ў заклад] палі нашыя і вінаграднікі нашыя.

5 І цяпер, целы нашыя такія, як целы братоў нашых, і сыны нашыя такія, як сыны іхнія; а вось, мы мусім аддаваць у няволю сыноў сваіх і дачок сваіх, і некаторыя з дачок нашых зьняволеныя; і мы ня маем сілы ў руках нашых, бо палі нашыя і вінаграднікі нашыя — у іншых [людзей]».

6 І я моцна загневаўся, калі пачуў крык іхні і словы гэтыя.

7 І дало раду ў-ва мне сэрца маё, і я спрачаўся са шляхтай і кіраўнікамі, і сказаў ім: «Вы бярэце вялікі адсотак кожны з брата свайго». І я сабраў вялікую грамаду супраць іх,

8 і сказаў ім: «Мы паводле магчымасьцяў нашых выкупляем братоў нашых, Юдэяў, якія прададзены паганам, а вы прадаяцё братоў вашых, і яны прадаваныя вам». І яны маўчалі, і не знаходзілі слова, [каб адказаць].

9 І я сказаў: «Нядобрая рэч, якую вы робіце. Ці ж ня ў страху Бога нашага павінны вы хадзіць, каб пазьбегнуць ганьбаваньня ад паганаў, ворагаў нашых?

10 І таксама я, браты мае і юнакі мае пазычалі для іх срэбра і збожжа. Даруйма, прашу, адсоткі гэтыя!

11 Вярніце ім, прашу, яшчэ сёньня палі іхнія, аліўнікі іхнія і дамы іхнія, і таксама адсоткі за срэбра і збожжа, віно і алей, якія вы ўзялі ад іх».

12 І яны сказалі: «Вернем і ня будзем ад іх вымагаць; зробім так, як ты кажаш». І я паклікаў сьвятароў, і запрысягнуў іх, што яны так зробяць.

13 Таксама заўлоньне сваё я вытрас і сказаў: «Гэтак няхай вытрасе Бог кожнага чалавека, які ня будзе стаяць пры слове гэтым, з дому ягонага і з таго, што належыць яму, і гэтак няхай ён будзе вытрасены і пусты!» І сказала ўся царква: «Амэн!», і ўславілі ГОСПАДА. І зрабіў народ паводле слова гэтага.

14 Таксама ад дня, калі [валадар] загадаў мне быць ваяводам іхнім у зямлі Юды, ад дваццатага году да трыццаць другога году валадара Артарксэркса, дванаццаць гадоў, я і браты мае ня елі хлеба ваяводы.

15 А ранейшыя ваяводы, якія былі да мяне, абцяжарвалі народ і бралі з яго хлеб і віно, і яшчэ сорак сыкляў срэбра. Таксама юнакі іхнія панавалі над народам. А я так не рабіў дзеля страху Божага.

16 І таксама я працаваў, адбудоўваючы мур гэты; і палёў мы не куплялі; і ўсе юнакі мае зьбіраліся там на працу.

17 І Юдэі, і кіраўнікоў сто пяцьдзясят чалавек, і тыя, што прыходзілі да нас з народаў, якія вакол нас, [былі] за сталом маім.

18 І вось тое, што было гатавана на адзін дзень: аднаго вала, шэсьць выборных авечак і [шмат] птушак гатавалі ў мяне; і за дзесяць дзён шмат выходзіла ўсялякага віна. І пры гэтым хлеба ваяводы я не патрабаваў, бо цяжкая [была] праца народу гэтага.

19 Памятай пра мяне, Божа мой, на дабро мне, пра ўсё, што я зрабіў для народу гэтага!

 

Разьдзел 6

1 І сталася, што пачуў Санвалат, і Товія, і Гешэм Араб, і іншыя ворагі нашыя, што я адбудаваў мур, і што не засталося выломаў у ім, хоць да гэтага часу я не паставіў вароты ў брамы.

2 І паслаў Санвалат і Гешэм да мяне, кажучы: «Прыходзь, сустрэнемся разам у Кэферыме ў даліне Она». А яны надумалі зрабіць мне зло.

3 І я паслаў да іх пасланцоў, кажучы: «Я раблю вялікую працу і не магу зыйсьці, каб не прыпынялася праца, калі я пакінуў яе і зыйду да вас».

4 І прысылалі да мяне гэткім парадкам чатыры разы, і я адказваў ім такім самым парадкам.

5 І паслаў да мяне Санвалат гэткім парадкам у пяты раз юнака свайго, і ліст адкрыты ў руцэ ягонай.

6 Было напісана ў ім: «Паміж народамі чутно, і Гашму кажа, што ты і Юдэі надумалі збунтавацца. Дзеля гэтага ты будуеш мур, і ты надумаў стаць валадаром іхнім, паводле словаў тых.

7 І таксама ты паставіў прарокаў, каб абвяшчалі пра цябе ў Ерусаліме, кажучы: “Валадар [ёсьць] у Юдэі”. І цяпер пачуе валадар словы гэтыя. Дык цяпер прыйдзі, і параімся разам».

8 І я паслаў да яго, кажучы: «Нічога не было паводле словаў тых, як ты кажаш, але ты выдумаў гэта ў сэрцы тваім».

9 Бо ўсе страшылі нас, кажучы: «Саслабеюць рукі іхнія ад працы, і яна ня будзе скончана». Але цяпер я [тым больш] умацаваў рукі мае!

10 І прыйшоў я ў дом Шэмаі, сына Дэлаі, сына Мэгэтавэля, і ён замкнуўся, і сказаў: «Сустрэнемся ў Доме Божым, унутры сьвятыні, і замкнем дзьверы сьвятыні, бо прыйдуць, каб забіць цябе. Уначы прыйдуць, каб забіць цябе».

11 І я сказаў: «Ці такі чалавек, як я, можа ўцякаць? І хто, такі як я, можа ўвайсьці ў сьвятыню і застацца жывы? Не пайду».

12 І я даведаўся, і вось, ня Бог паслаў яго, хоць ён прамовіў прароцтва мне, але Товія і Санвалат нанялі яго.

13 Дзеля таго ён быў наняты, каб я спалохаўся, і зрабіў так, і саграшыў, і яны мелі б благую вестку [пра мяне], каб зьневажаць мяне.

14 Узгадай, Божа мой, Товію і Санвалата паводле ўчынкаў іхніх, і таксама прарочыцу Наадыю і іншых прарокаў, якія хацелі напалохаць мяне!

15 І быў скончаны мур у дваццаць пяты дзень месяца Элюла, за пяцьдзясят два дні.

16 І сталася, калі пачулі [пра гэта] ўсе ворагі нашыя, і ўбачылі [гэта] ўсе народы, якія вакол нас, яны былі моцна паніжаныя ў вачах сваіх і даведаліся, што Богам нашым была зробленая праца гэтая.

17 І таксама ў тыя дні множыла шляхта Юдэі лісты свае, якія пасылалі Товіі, і ад Товіі [лісты] прыходзілі да іх,

18 бо мноства ў Юдэі было зьвязана прысягаю з ім, бо ён [быў] зяць Шэханіі, і Ёгаханан, сын ягоны, узяў дачку Мэшуляма, сына Бэрэхіі.

19 Таксама пра добрыя ўчынкі ягоныя расказвалі перада мною, а словы мае перадавалі яму. І Товія пасылаў лісты, каб напалохаць мяне.

 

Разьдзел 7

1 І сталася, калі мур быў пабудаваны, і я паставіў вароты, і былі прызначаныя прыдзьвернікі, і сьпевакі, і лявіты,

2 я прызначыў Ханані, брата майго, і Хананію, начальніка сталіцы, над Ерусалімам, бо ён быў чалавек праўдзівы і баяўся Бога [больш], чым шмат хто.

3 І я, кажучы, сказаў ім: «Няхай ня будуць адчыненыя брамы Ерусаліму, пакуль не прыпячэ сонца; і пакуль [людзі] стаяць [на нагах], няхай зачыняюць вароты і замыкаюць. І прызначце варту з жыхароў Ерусаліму, кожнага на варту ягоную і кожнага насупраць дому ягонага».

4 Але горад займаў абшар і быў вялікі, а народу [было] мала ў ім, і не было дамоў адбудаваных.

5 І палажыў мне Бог у сэрцы маім, і я сабраў шляхту, кіраўнікоў і народ, каб зрабіць попіс. І я знайшоў кнігу попісу тых, якія прыйшлі напачатку, і знайшоў, што напісана ў ёй:

6 «Гэта сыны зямлі гэтай, якія прыйшлі з палону выгнаньня, якіх перасяліў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, і яны вярнуліся ў Ерусалім і Юдэю, кожны ў горад свой.

7 Яны прыйшлі з Зэрубабэлем, Ешуам, Нээіміем, Азарыем, Рааміем, Нахаманіем, Мардэхаем, Більшанам, Міспэрэтам, Бігваем, Нэхумам, Баанаю. [Вось] лік мужчынаў народу Ізраіля:

8 сыноў Пароша — дзьве тысячы сто семдзясят два;

9 сыноў Шэфатыі — трыста семдзясят два;

10 сыноў Араха — шэсьцьсот пяцьдзясят два;

11 сыноў Пахат-Маава, з сыноў Ешуа і Ёава, — дзьве тысячы васемсот васямнаццаць;

12 сыноў Эляма — тысяча дзьвесьце пяцьдзясят чатыры;

13 сыноў Затту — васемсот сорак пяць;

14 сыноў Заккая — семсот шэсьцьдзясят;

15 сыноў Біннуя — шэсьцьсот сорак восем;

16 сыноў Бэвая — шэсьцьсот дваццаць восем;

17 сыноў Азгада — дзьве тысячы трыста дваццаць два;

18 сыноў Аданікама — шэсьцьдзясят сем;

19 сыноў Бігвая — дзьве тысячы шэсьцьсот сем;

20 сыноў Адына — шэсьцьсот пяцьдзясят пяць;

21 сыноў Атэра з [сыноў] Хізкіі — дзевяноста восем;

22 сыноў Хашума — трыста дваццаць восем;

23 сыноў Бэцая — трыста дваццаць чатыры;

24 сыноў Харыфа — сто дваццаць;

25 сыноў Гібэона — дзевяноста пяць;

26 людзей з Бэтлеему і Нэтофы — сто восемдзясят восем;

27 людзей з Анатоту — сто дваццаць восем,

28 людзей з Бэт-Азмавэту — сорак два;

29 людзей з Кірыят-Ярыму, Кэфіры і Бээроту — семсот сорак тры;

30 людзей з Рамы і Гевы — шэсьцьсот дваццаць адзін;

31 людзей з Міхмасу — сто дваццаць два;

32 людзей з Бэтэлю і Гаю — сто дваццаць тры;

33 людзей з Нэво другога — пяцьдзясят два;

34 сыноў Эляма другога — тысяча дзьвесьце пяцьдзясят чатыры;

35 сыноў Харыму — трыста дваццаць;

36 сыноў Ерыхону — трыста сорак пяць;

37 сыноў Лоду, Хадыду і Она — семсот дваццаць адзін;

38 сыноў Сэнаі — тры тысячы дзевяцьсот трыццаць;

39 сьвятары: сыноў Едая, з дому Ешуа — дзевяцьсот семдзясят тры;

40 сыноў Імэра — тысяча пяцьдзясят два;

41 сыноў Пашхура — тысяча дзьвесьце сорак сем;

42 сыноў Харыма — тысяча сямнаццаць;

43 лявіты: сыны Ешуа [з дому] Кадміэля, сыны Гадава — сем­дзясят чатыры;

44 сьпевакі: сыны Асафа — сто сорак восем;

45 прыдзьвернікі: сыны Шальлюма, сыны Атэра, сыны Тальмона, сыны Аккува, сыны Хатыты, сыны Шавая — сто трыццаць восем;

46 нэтынэі: сыны Цыхі, сыны Хасуфы, сыны Табаота,

47 сыны Кероса, сыны Сіі, сыны Падона,

48 сыны Лебана, сыны Хагавы, сыны Шальмая,

49 сыны Ханана, сыны Гіддэля, сыны Гахара,

50 сыны Рэаі, сыны Рэцына, сыны Нэкоды,

51 сыны Газама, сыны Уззы, сыны Пасэаха,

52 сыны Бэсая, сыны Мэуніма, сыны Нэфушэсіма,

53 сыны Бакбука, сыны Хакуфа, сыны Хархура,

54 сыны Бацліта, сыны Мэхіды, сыны Харшы,

55 сыны Баркоса, сыны Сісэры, сыны Тамаха,

56 сыны Нэцаяха, сыны Хатыфы;

57 сыны слугаў Салямона: сыны Сатая, сыны Сафэрэта, сыны Пэрыды,

58 сыны Яалы, сыны Даркона, сыны Гіддэля,

59 сыны Шэфатыі, сыны Хатылы, сыны Пахэрэт-Гацэбаіма, сыны Амона.

60 Усіх нэтынэяў, сыноў слугаў Салямона — трыста дзевяноста два».

61 А вось тыя, якія прыйшлі з Тэль-Мэляху, Тэль-Харшы, Керуб-Адону і Іммэру, але яны не маглі паказаць дому бацькоў сваіх і насеньня свайго, ці яны з Ізраілю:

62 сыны Дэлаі, сыны Товіі, сыны Нэкоды — шэсьцьсот сорак два.

63 А са сьвятароў: сыны Хабая, сыны Гаккоца, сыны Барзілая, які ўзяў жонку з дачок Барзілая з Гілеаду і быў названы імем іхнім.

64 Яны шукалі свайго запісу ў сьпісах, і ён не знайшоўся; і яны былі адлучаны ад сьвятарства,

65 І Тыршата сказаў ім, каб яны ня елі са сьвятога сьвятых, пакуль не паўстане сьвятара з урымам і тумімам.

66 Уся царква [налічвала] разам сорак дзьве тысячы трыста шэсьцьдзясят [чалавек],

67 апрача слугаў іхніх і служак іхніх, якіх [было] сем тысячаў трыста трыццаць сем; і яны мелі дзьвесьце сорак пяць сьпевакоў і сьпявачак.

68 Коней іхніх [было] семсот трыццаць шэсьць, мулаў іхніх — дзьвесьце сорак пяць,

69 вярблюдаў — чатырыста трыццаць пяць, аслоў — шэсьць тысячаў семсот дваццаць.

70 І некаторыя з галоваў [дамоў] бацькоў далі [сродкі] на працы. Тыршата даў у скарбніцу тысячу драхмаў золата, пяцьдзясят келіхаў, пяцьсот трыццаць шатаў сьвятарскіх.

71 І галовы [дамоў] бацькоў далі ў скарбніцу на працы дваццаць тысячаў драхмаў золата і дзьве тысячы дзьвесьце мінаў срэбра.

72 І рэшта народу далі дваццаць тысячаў драхмаў золата, і дзьве тысячы мінаў срэбра, і шэсьцьдзясят сем шатаў сьвятарскіх.

73 І жылі сьвятары, і лявіты, і прыдзьвернікі, і сьпевакі, і нэтынэі, і [некаторыя] з народу, і ўвесь Ізраіль у гарадах сваіх. І калі настаў сёмы месяц, сыны Ізраіля [былі] ў гарадах сваіх.

 

Разьдзел 8

1 І сабраўся народ, як адзін чалавек, на плошчы, якая перад Брамай Воднаю, і сказалі Эзры кніжніку, каб прынёс кнігу Закону Майсея, якую ГОСПАД загадаў [выконваць] Ізраілю.

2 І прынёс Эзра сьвятар Закон перад аблічча царквы, [што складалася] з мужчынаў і жанчынаў, і ўсіх, якія разумелі чытанае, у першы дзень сёмага месяца;

3 і чытаў з яго на плошчы, якая перад Брамай Воднаю, ад сьвітанку аж да паўдня перад мужчынамі, жанчынамі і ўсімі, якія разумелі; і вушы ўсяго народу [былі зьвернуты] да кнігі Закону.

4 І стаяў кніжнік Эзра на ўзвышэньні драўляным, якое зрабілі дзеля гэтага; і стаялі каля яго: праваруч яго — Матытыя, Шэмая, Аная, Урыя, Хількія і Маасэя, а леваруч яго — Пэдая, Мішаэль, Малкія, Хашум, Хашбадана, Захарыя і Мэшулям.

5 І разгарнуў Эзра кнігу на вачах усяго народу, бо ён стаяў па-над усім народам; і калі ён разгарнуў яе, устаў увесь народ.

6 І дабраславіў Эзра ГОСПАДА, Бога вялікага. І ўвесь народ адказаў: «Амэн, амэн», падымаючы рукі свае; і пакланіліся, і схіліліся перад ГОСПАДАМ абліччамі да зямлі.

7 І Ешуа, Бані, Шэрэвія, Ямін, Аккуў, Шабэтай, Годыя, Маасэя, Кэліта, Азарыя, Ёзавад, Ханан, Пэлая і лявіты тлумачылі народу Закон, а народ [стаяў] на месцы сваім.

8 І чыталі з кнігі Закону Божага, і выразна тлумачылі значэньне, і яны разумелі чытанае.

9 І Нээмія, ён жа Тыршата, і Эзра, сьвятар і кніжнік, і лявіты, якія навучалі народ, сказалі ўсяму народу: «Дзень гэты пасьвячоны ГОСПАДУ, Богу вашаму, ня будзьце ў жалобе і ня плачце», бо ўвесь народ плакаў, слухаючы словы Закону.

10 І сказаў ім [Нээмія]: «Ідзіце, ешце тлустае і піце салодкае, і пасылайце часткі [страваў] тым, якія не прыгатавалі сабе; бо дзень гэты пасьвячоны Госпаду, Богу вашаму. І не сумуйце, бо радасьць ГОСПАДА — гэта апора ваша».

11 І лявіты супакойвалі ўвесь народ, кажучы: «Супакойцеся, бо дзень гэты сьвяты, і не сумуйце».

12 І пайшоў увесь народ есьці і піць, і пасылаць часткі [страваў], і сьвяткаваць з радасьцю вялікай, бо зразумелі словы, якія паведамілі ім.

13 І на другі дзень сабраліся галовы [дамоў] бацькоў народу, сьвятары і лявіты да Эзры кніжніка, каб разважаць словы Закону.

14 І знайшлі напісанае ў Законе, які ГОСПАД загадаў праз рукі Майсея, каб жылі сыны Ізраіля ў буданах у сьвята, якое ў сёмым месяцы.

15 І таму абвясьцілі і паведамілі ў-ва ўсіх гарадах і ў Ерусаліме, кажучы: «Ідзіце ў горы і прынясіце галінкі аліўкавыя і галінкі сасновыя, і галінкі міртавыя, і галінкі пальмавыя, і галінкі дрэваў лісьцястых, і зрабіце буданы згодна з тым, што напісана».

16 І пайшоў народ, і прынесьлі, і зрабілі сабе буданы, кожны на даху сваім, і на панадворках сваіх, і на панадворках Дому Божага, і на плошчы Брамы Воднай, і на плошчы Брамы Эфраіма.

17 І зрабіла буданы ўся царква тых, якія вярнуліся з палону, і жылі ў буданах. Бо не рабілі так сыны Ізраіля ад дзён Егошуа, сына Нуна, аж да дня гэтага. І была радасьць вельмі вялікая.

18 І чыталі з кнігі Закону Божага дзень у дзень, ад першага дня аж да апошняга дня. І сьвяткавалі сьвята сем дзён, а ў восьмы дзень [сабралі] ўрачысты сход паводле пастановы.

 

Разьдзел 9

1 А ў дваццаць чацьвёрты дзень гэтага месяца сабраліся сыны Ізраіля ў посьце, і зрэбніцы, і попел на іх.

2 І аддзялілася насеньне Ізраіля ад усіх чужынцаў, і сталі, і вызнавалі грахі свае і беззаконьні бацькоў сваіх.

3 І сталі на месцы сваім, і чыталі з кнігі Закону ГОСПАДА, Бога свайго, чвэрць дня, і чвэрць [дня] вызнавалі [грахі] і пакланяліся ГОСПАДУ, Богу свайму.

4 І сталі на ўзвышэньні лявіты Ешуа, Бані, Кадміэль, Шэванія, Буні, Шэрэвія, Бані, Хенані, і гукалі голасам вялікім да ГОСПАДА, Бога свайго.

5 І сказалі лявіты Ешуа, Кадміэль, Бані, Хашаўнэя, Шэрэвія, Годыя, Шэванія, Пэтахія: «Устаньце, дабраславіце ГОСПАДА, Бога свайго, ад веку аж на вякі. Няхай дабраслаўляюць імя славы Тваёй, і няхай яно будзе ўзьвялічана па-над усе дабраславенствы і хвалу!

6 Ты, ГОСПАДЗЕ, толькі Ты, Ты Сам учыніў нябёсы, нябёсы нябёсаў і ўсё войска іхняе, зямлю і ўсё, што на ёй, моры і ўсё, што ў іх; і Ты даеш жыцьцё ўсім ім; і войска нябеснае Табе пакланяецца.

7 Ты, ГОСПАДЗЕ, — Бог, Які выбраў Абрама, і вывеў яго з Уру Халдэйскага, і даў яму імя Абрагам,

8 і знайшоў сэрца ягонае верным перад абліччам Тваім, і заключыў з ім запавет, каб даць насеньню ягонаму зямлю Хананейца, Хета, Амарэйца, Пэрэзэя, Евусэя і Гіргашэя; і Ты споўніў слова Тваё, бо Ты — праведны.

9 І Ты ўбачыў нядолю бацькоў нашых у Эгіпце, і крык іхні пачуў каля Мора Чырвонага.

10 І Ты зьявіў знакі і цуды на фараоне, і на ўсіх слугах ягоных, і на ўсім народзе зямлі ягонай, бо Ты даведаўся, што яны дзейнічалі падступна суп­раць іх, і зрабіў Ты Сабе імя аж да дня сёньняшняга.

11 І Ты разьдзяліў мора перад імі, і яны прайшлі сярод мора па сухмені, а тых, якія гналіся за імі, Ты ўкінуў у глыбіні, як камень у воды бурлівыя.

12 У слупе воблачным Ты вёў іх удзень, і ў слупе вогненным — уначы, каб асьвятляць ім шлях, па якім яны ішлі.

13 І Ты зыйшоў на гару Сынай, і гаварыў з імі з неба, і даў ім суды справядлівыя, і законы праўдзівыя, і пастановы, і прыказаньні добрыя;

14 І пра суботу сьвятую Тваю Ты паведаміў ім, і загадаў ім прыказаньні, пастановы і Закон праз рукі Майсея, слугі Твайго.

15 І хлеб з неба Ты даваў ім у голадзе іхнім, і ваду са скалы Ты вывеў ім у смазе іхняй, і сказаў ім, каб яны пайшлі ўзяць у спадчыну зямлю, пра якую Ты ўзьняў руку Тваю, што дасі [яе] ім.

16 Але яны і бацькі нашыя дзейнічалі падступна, і зрабілі цьвёрдымі каркі свае, і ня слухалі прыказаньняў Тваіх.

17 І яны адмовіліся слу­хаць [Цябе], і ня памяталі цудаў Тваіх, якія Ты ўчыніў з імі, і зрабілі цьвёрдымі каркі свае, і ў непаслухмянасьці сваёй паставілі галаву [сабе], каб вярнуцца ў няволю сваю. Але Ты — Бог, Які прабачаеш, спагадлівы і літасьцівы, павольны да гневу і багаты на міласэрнасьць, і Ты не пакінуў іх.

18 Нават калі яны зрабілі сабе цяля літое і сказалі: “Гэта бог твой, які вывеў цябе з Эгіпту”, і рабілі блюзьнерствы вялікія,

19 Ты, у вялікай літасьці Тваёй, не пакінуў іх у пустыні. Слуп воблачны не адыходзіў ад іх удзень, каб весьці іх па шляху, і слуп вогненны — уначы, каб асьвятляць ім шлях, па якім ісьці.

20 І Духа Твайго добрага Ты даў ім, каб навучаць іх, і манну Тваю не забраў ад вуснаў іхніх, і ваду даў ім у смазе іхняй.

21 І сорак гадоў Ты жывіў іх у пустыні; яны ня мелі нястачы; адзеньні іхнія не старэлі, і ногі іхнія ня пухлі.

22 І Ты даў ім валадарствы і народы, і выдзяліў ім [кожны] кут, і яны ўспадкаемілі зямлю Сыгона, зямлю валадара Хешбону, і зямлю Ога, валадара Башану.

23 І сыноў іхніх Ты памножыў, як зоркі нябесныя, і прывёў іх у тую зямлю, пра якую Ты казаў бацькам іхнім, што яны ўвойдуць і возьмуць у спадчыну яе.

24 І ўвайшлі сыны іхнія, і ўспадкаемілі зямлю. І Ты скарыў перад імі жыхароў зямлі, Хананейцаў, і аддаў іх у рукі іхнія, і валадароў іхніх, і народы зямлі [гэтай], каб яны зрабілі з імі паводле ўпадабаньня свайго.

25 І яны здабылі гарады ўмацаваныя і зямлю ўраджайную, і ўспадкаемілі дамы, поўныя ўсялякага даброцьця, сажалкі выкапаныя, вінаграднікі, сады аліўныя і мноства дрэваў пладовых. І яны елі, і насыціліся, і патлусьцелі, і мелі асалоду дзеля вялікай добрасьці Тваёй.

26 І яны сталі непаслухмяныя, і збунтаваліся супраць Цябе, і закінулі Закон Твой за плечы свае, і забівалі прарокаў Тваіх, якія папярэджвалі іх, каб навярнуць іх да Цябе, і рабілі блюзьнерствы вялікія.

27 І Ты аддаў іх у рукі прыгнятальнікаў іхніх, і яны ўціскалі іх. І ў часе ўціску свайго яны клікалі да Цябе, і Ты чуў з неба і, паводле літасьці Тваёй вялікай, Ты даваў ім збаўцаў, і яны выратоўвалі іх ад рукі прыгнятальнікаў іхніх.

28 Але, калі яны мелі супачынак, ізноў пачыналі рабіць ліхоту перад абліччам Тваім, і Ты пакідаў іх у руках ворагаў іхніх, і тыя мелі ўладу над імі. І яны навярталіся і клікалі да Цябе, і Ты чуў іх з неба, і вызваляў іх, паводле літасьці Тваёй, шмат разоў.

29 І Ты папярэджваў іх, каб вярнуць іх да Закону Твайго, але яны дзейнічалі падступна і ня слухалі прыказаньняў Тваіх, і грашылі супраць судоў Тваіх, праз якія жыць будзе чалавек, калі будзе выконваць іх, і адвярнулі плечы свае, і зрабілі цьвёрдым карак свой, і ня слухалі [Цябе].

30 І Ты трываў цярпліва іх шмат гадоў, і папярэджваў іх Духам Тваім праз прарокаў Тваіх, але яны ня слухаліся. І Ты аддаў іх у рукі народаў зямлі.

31 І ў літасьці Тваёй вялікай Ты не аддаў іх на зьнішчэньне, і не пакінуў іх, бо Ты — Бог літасьцівы і спагадлівы.

32 І цяпер, Божа наш, Божа вялікі, магутны і страшны, Які захоўваеш запавет і міласэрнасьць, няхай ня будуць малымі перад абліччам Тваім усе цяжкасьці, якія спаткалі валадароў нашых, князёў нашых, сьвятароў нашых, прарокаў нашых, бацькоў нашых і ўвесь народ Твой ад дзён валадароў Асірыі аж да дня гэтага.

33 Але Ты — праведны ў-ва ўсім, што прыйшло на нас, бо Ты паводле праўды зрабіў, а мы рабілі злачынна.

34 І валадары нашыя, князі нашыя, сьвятары нашыя і бацькі нашыя не выконвалі Закон Твой і не прыхілілі вуха да прыказаньняў Тваіх і сьведчаньняў Тваіх, якімі Ты папярэджваў іх.

35 І яны не служылі Табе ў валадарстве сваім і ў добрасьці Тваёй вялікай, якую Ты даваў ім, і ў зямлі прасторнай і ўрадлівай, якую Ты даў перад абліччам іхнім, і не адвярнуліся ад учынкаў сваіх ліхіх.

36 Вось, мы сёньня [сталіся] нявольнікамі, і на зямлі, якую Ты даў бацькам нашым, каб елі яны плады яе і даброцьці яе, вось, мы [сталіся] нявольнікамі на ёй,

37 а ўраджай шчодры [служыць] валадарам, якіх Ты паставіў над намі за грахі нашыя, і яны пануюць над целамі нашымі і над скацінай нашай; а мы ў вялікім уціску.

38 І з прычыны ўсяго гэтага мы заключаем дамову і падпісваем [яе], і пячаткі прыкладаюць князі нашыя, лявіты нашыя і сьвятары нашыя».

 

Разьдзел 10

1 Тыя, што прыклалі пячаткі: Нээмія-Тыршата, сын Гахаліі, і Сэдэкія,

2 Сэрая, Азарыя, Ярэмія,

3 Пашхур, Амарыя, Малхія,

4 Хаттуш, Шэванія, Малух,

5 Харым, Мэрэмот, Абадыя,

6 Даніэль, Гіннэтон, Барух,

7 Мэшулям, Абія, Міямін,

8 Маазія, Білгай, Шэмая; гэта сьвятары.

9 І лявіты: Ешуа, сын Азаніі, Біннуй з сыноў Хэнадада, Кадміэль,

10 і браты іхнія: Шэванія, Годыя, Келіта, Пэлая, Ханан,

11 Міха, Рэхоў, Хашавія,

12 Заккур, Шэрэвія, Шэванія,

13 Годыя, Бані, Бэніну.

14 Галовы народу: Парош, Пахат-Мааў, Элям, Затту, Бані,

15 Буні, Азгад, Бэвай,

16 Адонія, Бігвай, Адын,

17 Атэр, Хізкія, Азур,

18 Годыя, Хашум, Бэцай,

19 Харыф, Анатот, Нэвай,

20 Магпіяш, Мэшулям, Хэзір,

21 Мэшэзабэль, Цадок, Яддуа,

22 Пэлятыя, Ханан, Аная,

23 Осія, Хананія, Хашуў,

24 Галяхеш, Пільха, Шавэк,

25 Рэхум, Хашаўна, Маасэя,

26 Ахія, Ханан, Анан,

27 Малух, Харым, Баана.

28 І іншы народ, сьвятары, лявіты, прыдзьвернікі, сьпевакі, нэтынэі і ўсе, якія аддзяліліся ад народаў зямлі [гэтай] дзеля Закону Божага, жонкі іхнія і дочкі іхнія, усе, якія маглі разумець,

29 далучыліся да братоў сваіх, слаўных сваіх, і абавязаліся клятваю і прысягаю хадзіць паводле Закону Божага, які быў дадзены праз рукі Майсея, слугі Божага, і захоўваць, і спаўняць усе прыказаньні ГОСПАДА, Госпада нашага, і прысуды Ягоныя, і пастановы Ягоныя,

30 І не аддаваць дочак нашых народам зямлі гэтай, і дочак іхніх ня браць для сыноў нашых,

31 і калі народы зямлі гэтай прывязуць у суботу тавары або ўсялякае збожжа, каб продаць, ня браць у іх у суботу або ў дзень сьвяты, і пакінуць [сяўбу] ў сёмы год, і [дараваць] усе даўгі.

32 І прынялі мы для сябе прыказаньне, каб даваць ад кожнага трэцюю частку сыкля на служэньне ў Доме Бога нашага,

33 на хлябы пакладныя, на штодзённую ахвяру хлебную і на штодзённае цэласпаленьне, на суботы, на маладзікі, на сьвяты, на рэчы сьвятыя і на ахвяры за грэх, каб перамольваць за Ізраіля, і на ўсякую працу ў Доме Бога нашага.

34 І кінулі мы жэрабя пра ахвяраваньне дроваў, сьвятары, лявіты і народ, каб прыносіць іх у Дом Бога нашага ў вызначаны час, з году ў год, паводле дамоў бацькоў нашых, каб спальваць іх на ахвярніку ГОСПАДА, Бога нашага, як напісана ў Законе.

35 І мы [прысягнулі] прыносіць пяршыны зямлі нашай і пяршыны ўсіх пладоў усіх дрэваў, з году ў год, у Дом ГОСПАДА,

36 і першародных сыноў нашых і са скаціны нашай, як напісана ў Законе, першародных валоў нашых і авечак нашых прыводзіць у Дом Бога нашага для сьвятароў, якія служаць у Доме Бога нашага.

37 і пачаткі цеста нашага, і дароў нашых, і плод усіх дрэваў, віна і алею прыносіць для сьвятароў у каморы Дому Бога нашага, і дзесяціны зямлі нашай [прыносіць] для лявітаў, і гэтыя лявіты будуць браць дзесяціны ў-ва ўсіх гарадах працы нашай.

38 І сьвятар, сын Аарона, будзе пры лявітах, калі лявіты будуць браць дзесяціны, і лявіты дадуць дзесяціну з дзесяцінаў у Дом Бога нашага, у каморы дому скарбніцы;

39 бо ў гэтыя каморы будуць прыносіць сыны Ізраіля і сыны Левія дары збожжа, віна і алею; і там [таксама] начыньне, якое асьвячонае, сьвятары, якія служаць, прыдзьвернікі і сьпевакі. І мы не пакінем Дому Бога нашага!

 

Разьдзел 11

1 І жылі князі народу ў Ерусаліме, а рэшта народу кідала жэрабя, каб адзін з дзесяці жыў у Ерусаліме, горадзе сьвятым, а дзевяць засталіся ў іншых гарадах.

2 І дабраславіў народ усіх тых, якія дабраахвотна вырашалі жыць у Ерусаліме.

3 Гэта галовы краю, якія жылі ў Ерусаліме, а ў гарадах Юдэі жыў кожны ва ўласнасьці сваёй, у гарадах сваіх, Ізраільцяне, сьвятары і лявіты, нэтынэі і сыны слугаў Салямона.

4 А ў Ерусаліме жылі [некаторыя] з сыноў Юды і з сыноў Бэн’яміна. З сыноў Юды: Атая, сын Узіі, сына Захарыі, сына Амарыі, сына Шэфатыі, сына Магалялеля, з сыноў Пэрэса,

5 і Маасэя, сын Баруха, сын Каль-Хазэя, сына Хазаі, сына Адаі, сына Ёярыва, сына Захарыі, сына Гашылоні.

6 Усіх сыноў Пэрэса, якія жылі ў Ерусаліме, [было] чатырыста шэсьцьдзясят восем ваяроў.

7 А гэта сыны Бэн’яміна: Сальлю, сын Мэшуляма, сына Ёэда, сына Пэдаі, сына Калаі, сына Маасэі, сына Ітыэля, сына Ешаі,

8 і за ім Габай, Салай, [разам] дзевяцьсот дваццаць восем.

9 І Ёэль, сын Зіхры, наглядчык над імі, і Юда, сын Гасэнуі, — другі [наглядчык] над горадам.

10 Са сьвятароў: Едая, сын Ёярыва, Яхін,

11 Сэрая, сын Хількіі, сына Мэшуляма, сына Цадока, сына Мэраёта, сына Ахітува, начальнік у Доме Божым,

12 і браты іхнія, якія рабілі працу ў Доме — васемсот дваццаць два; і Адая, сын Ерахама, сына Пэлаліі, сына Амцы, сына Захарыі, сына Пашхура, сына Малькіі,

13 і браты ягоныя, галовы [дамоў] бацькоў — дзьвесьце сорак два; і Амашсай, сын Азарэля, сына Ахзая, сына Мэшылемота, сына Імэра,

14 і браты ягоныя, ваяры мужныя — сто дваццаць восем. А наглядчык над імі — Заўдыэль, сын Гагедаліма.

15 А з лявітаў: Шэмая, сын Хашува, сына Азрыкама, сына Хашавіі, сына Буні,

16 і Шабэтай, і Ёзавад, якія былі над вонкавымі працамі Дому Божага; [яны] — галовы лявітаў,

17 і Маттанія, сын Міхі, сына Заўдыя, сына Асафа, галоўны пачынальнік хвалы пры малітве, і Бакбукія, другі сярод братоў ягоных, і Аўда, сын Шамуа, сына Галала, сына Едутуна.

18 Усіх лявітаў у горадзе — дзьвесьце восемдзясят чатыры.

19 І прыдзьвернікі: Аккуў, Тальмон і браты іхнія, якія вартавалі ў брамах — сто семдзясят два.

20 А рэшта Ізраіля, сьвятары і лявіты [жылі] ў-ва ўсіх гарадах Юдэі, кожны ў спадчыне сваёй.

21 А нэтынэі жылі ў Афэле; а Цыха і Гішпа [былі] над нэтынэямі.

22 А наглядчыкам над лявітамі ў Ерусаліме [быў] Узі, сын Бані, сына Хашавіі, сына Маттаніі, сына Міхі, з сыноў Асафа, сьпевакоў, якія былі на службе ў Доме Божым,

23 бо быў загад валадара адносна іх, і вызначана, хто павінен сьпяваць, дзень у дзень.

24 А Пэтахія, сын Мэшэзабэля, з сыноў Зэраха, сына Юды, быў пад рукою валадара ў-ва ўсіх справах адносна народу.

25 Адносна паселішчаў з палямі іхнімі: сыны Юды жылі ў Кірыят-Арбе і вёсках ейных, і ў Дыбоне і ў вёсках ягоных, і ў Екаўцэлю і вёсках ягоных,

26 і ў Ешуі, і ў Малодзе, і ў Бэт-Палеце,

27 і ў Хацар-Шуале, і ў Бээр-Шэве і вёсках ейных,

28 і ў Цыклазе, і ў Мэхоне і ў вёсках ейных,

29 і ў Эн-Рымоне, і ў Цоры, і ў Ярмуце,

30 у Занааху, у Адуламе і вёсках іхніх, у Ляхішу і ваколіцах ягоных, у Азэцы і вёсках ейных. І яны расьсяліліся ад Бээр-Шэвы аж да даліны Гінном.

31 А сыны Бэн’яміна [жылі] ў Міхмасе, Гаі, Бэтэлі і вёсках іхніх,

32 Анатоце, Нове, Ананіі,

33 Хацоры, Раме, Гіттаіме,

34 Хадызе, Цэвоіме, Нэвалце,

35 Лодзе, Оне ў даліне Харашым.

36 І [некаторыя] лявіты з чэргаў Юды [жылі ў] Бэн’яміна.

 

Разьдзел 12

1 Вось сьвятары і лявіты, якія прыйшлі з Зэрубабэлем, сынам Шэалтыэля, і з Ешуа: Сэрая, Ярэмія, Эзра,

2 Амарыя, Малух, Хаттуш,

3 Шэханія, Рэхум, Мэрэмот,

4 Іддо, Гінетой, Абія,

5 Міямін, Маадыя, Більга,

6 Шэмая, Еярыў, Едая,

7 Салу, Амок, Хількія, Едая. Гэта галовы сьвятароў і браты іхнія ў дні Ешуа.

8 І лявіты: Ешуа, Біннуй, Кадміэль, Шэрэвія, Юда, Маттанія, які [кіраваў] гімнамі падзякі, ён і браты ягоныя.

9 А Бакбукія і Уньні, і браты іхнія [стаялі] насупраць іх на варце [сваёй] паводле чаргі.

10 І Ешуа нарадзіў Ёякіма, Ёякім нарадзіў Эліяшыва, Эліяшыў [нарадзіў] Ёяду,

11 Ёяда нарадзіў Ёнатана, Ёнатан нарадзіў Яддуя.

12 А ў дні Ёякіма былі сьвятары галовамі [дамоў] бацькоў: у [доме] Сэраі — Мэрая, у Ярэміі — Хананія,

13 у Эзры — Мэшулям, у Амарыі — Ёгаханан,

14 у Малуха — Ёнатан, у Шэваніі — Язэп,

15 у Харыма — Адна, у Мэраёта — Хэлкай,

16 у Іддо — Захарыя, у Гінэтона — Мэшулям,

17 у Абіі — Зіхры, у Мін’яміна і Маода — Пілтай,

18 у Більгі — Шамуа, у Шэмаі — Еганатан,

19 у Ёярыва — Матэнай, у Едаі — Узьзі,

20 у Салая — Калай, у Амока — Евэр,

21 у Хількіі — Хашавія, у Едая — Натанаэль.

22 Лявіты, галовы [дамоў] бацькоў былі запісаныя ў дні Эліяшыва, Ёяды, Ёханана і Яддуа, а сьвятары — за валадараньня Дарыя Пэрса.

23 Сыны Левія, галовы [дамоў] бацькоў, былі запісаныя ў кнігу летапісу аж да дзён Ёханана, сына Эліяшыва.

24 І галовамі лявітаў [былі]: Хашавія, Шэрэвія, Ешуа, сын Кадміэля, і браты іхнія, [якія стаялі] насупраць іх, каб выхваляць і дзякаваць [Богу], паводле загаду Давіда, чалавека Божага, чарга за чаргою.

25 Маттанія, Бакбукія, Абадыя, Мэшулям, Тальмон, Аккуў, прыдзьвернікі, вартавалі пры каморах каля брамаў.

26 Яны [былі] ў дні Ёякіма, сына Ешуа, сына Ёцадака, і ў дні Нээміі, ваяводы, і Эзры, сьвятара і кніжніка.

27 А на пасьвячэньне муру Ерусаліму шукалі лявітаў у-ва ўсіх месцах іхніх, каб прывесьці іх у Ерусалім і зрабіць пасьвячэньне з радасьцю, і з падзякаю, і са сьпевамі, псалтырамі і гусьлямі.

28 І сабраліся сыны сьпевакоў з ваколіцаў Ерусаліму і з вёсак Нэтофацян,

29 і з дому Бэт-Гагільгаму, і з палёў Гевы і Азмавэту, бо сьпевакі пабудавалі сабе паселішчы вакол Ерусаліму.

30 І ачысьціліся сьвятары і лявіты, і ачысьцілі народ, і брамы, і мур.

31 І я прывёў князёў Юдэі на мур, і паставіў два хоры вялікія. Адзін з іх ішоў направа, па муры да Брамы Гною.

32 За імі ішоў Гашая і палова князёў Юдэі,

33 і Азарыя, Эзра, Мэшулям,

34 Юда, Бэн’ямін, Шэмая і Ярэмія.

35 А з сыноў сьвятарскіх з трубамі [ішлі] Захарыя, сын Ёнатана, сына Шэмаі, сына Маттаніі, сына Міхая, сына Заккура, сына Асафа,

36 і браты ягоныя: Шэмая, Азарэль, Мілалай, Гілалай, Маай, Нэтанэль, Юда, Ханані з музычнымі інструмэнтамі Давіда, чалавека Божага, і Эзра кніжнік [ішоў] перад імі.

37 І каля Брамы Крыніцы, [якая была] насупраць іх, яны ўзыйшлі па прыступках гораду Давіда на мур вышэй дому Давіда, аж да Брамы Воднай на ўсходзе.

38 І другі хор ішоў насустрач ім, і за ім я і палова народу па муры ад Вежы Печаў аж да Муру Шырокага,

39 і ад Брамы Эфраіма, [мінаючы] Браму Старую, Браму Рыбную, Вежу Хананэля і Вежу Мэа аж да Брамы Авечай, і спыніліся пры Браме Варты.

40 І сталі абодва хоры ў Доме Божым, і я і палова кіраўнікоў [народу] са мною,

41 і сьвятары: Эліякім, Маасэя, Мін’ямін, Міхая, Эліяэнай, Захарыя, Хананія з трубамі,

42 і Маасэя, Шэмая, Элеазар, Узьзі, Ягахана, Малькія, Элям, Эзэр. І сьпявалі сьпевамі голасна, і Ізахія [быў] кіраўніком [у іх].

43 І ахвяроўвалі ў той дзень ахвяры вялікія, і весяліліся, бо Бог узрадаваў іх радасьцю вялікаю. Таксама жанчыны і дзеці радаваліся, і радасьць Ерусаліму была чуваць далёка.

44 І былі прызначаны ў той дзень людзі, [адказныя за] каморы, каб складаць дары, пяршыны і дзесяціны, каб зьбіраць у іх з палёў пры гарадах часткі, [прызначаныя] ў Законе для сьвятароў і лявітаў, бо радасьць [была ў] Юдэі з прычыны сьвятароў і лявітаў, якія стаялі [там].

45 І яны захоўвалі пастановы Бога свайго і пастановы пра ачышчэньні, і [былі] сьпевакамі і прыдзьвернікамі паводле загаду Давіда і Салямона, сына ягонага.

46 Бо ў дні Давіда і Асафа здаўна [былі] вызначаны галовы сьпевакоў і сьпевы хвалы і падзякі Богу.

47 І ўвесь Ізраіль у дні Зэрубабэля і ў дні Нээміі даваў часткі [маёмасьці] для сьпевакоў і прыдзьвернікаў; і давалі сьвятыя [ахвяры] лявітам, а лявіты давалі сьвятыя [ахвяры] сынам Аарона.

 

Разьдзел 13

1 У той дзень чыталі з кнігі Майсея ў вушы народу і знайшлі напісанае ў ёй, што ня ўвойдзе Аманянін і Мааўлянін у царкву Божую на вякі,

2 бо яны не сустрэлі сыноў Ізраіля з хлебам і вадою, і нанялі супраць іх Білеама, каб праклінаць іх; але Бог наш перамяніў праклён у дабраславенства.

3 І сталася, калі яны пачулі Закон гэты, яны аддзялілі ад Ізраіля ўсю чужаземшчыну.

4 А перад гэтым Эліяшыў сьвятар, які меў нагляд над пакоямі Дому Бога нашага, сваяк Товіі,

5 зрабіў для яго вялікі пакой, дзе раней складалі ахвяры хлебныя, кадзіла, начыньні і дзесяціны збожжа, віна і алею, прызначаныя для лявітаў, сьпевакоў і прыдзьвернікаў, і дары для сьвятароў.

6 Але ў час усяго гэтага я ня быў у Ерусаліме, бо ў трыццаць другім годзе Артарксэркса, валадара Бабілонскага, я пайшоў да валадара і праз пэўны час выпрасіўся, [каб адыйсьці] ад валадара.

7 І я прыйшоў у Ерусалім, і зразумеў, якое ліха ўчыніў Эліяшыў дзеля Товіі, зрабіўшы пакой яму ў панадворках Дому Божага.

8 І было гэта вельмі ліхім для мяне, і я выкінуў усе хатнія рэчы Товіі прэч з пакою.

9 І я сказаў, і ачысьцілі пакой, і я вярнуў туды ізноў рэчы Дому Божага, ахвяры хлебныя і кадзіла.

10 І я даведаўся, што [належныя] часткі ахвяраў не давалі лявітам, і яны разьбегліся, кожны да поля свайго, лявіты і сьпевакі, якія рабілі працу сваю.

11 І я насварыўся на кіраўні­коў [лявітаў], і сказаў: «Чаму вы пакінулі Дом Божы?» І я сабраў [лявітаў], і паставіў іх на месца іхняе.

12 І ўся Юдэя прыносіла дзесяціну збожжа, віна і алею ў скарбніцы.

13 І я паставіў над скарбніцамі Шэлемію сьвятара і Цадока кніжніка, і Бэдаю з лявітаў, і пад руку іхнюю Ханана, сына Заккура, сына Маттаніі, бо іх лічылі вернымі. І да іх [належала] разьдзяляць [належнае] братам сваім.

14 Узгадай пра мяне, Божа мой, дзеля гэтага і ня вытры добрых учынкаў маіх, якія я зрабіў для Дому Божага і для абслугі яго.

15 У гэтыя дні я бачыў у Юдэі тых, якія тапталі [віно] ў тоўчнях у суботу, і вазілі снапы, накладалі [рэчы] на аслоў, і таксама віно, вінаград, фігі і ўсякія цяжары, і прывозілі ў Ерусалім у дзень супачынку. І я папярэджваў іх у той дзень, калі яны продалі жыўленьне.

16 І Тырыяне жылі [таксама] там, і прывозілі рыбу і ўсялякі тавар, і продалі ў суботу сынам Юдэі ў Ерусаліме.

17 І я сварыўся на шляхту Юдэі, і сказаў ім: «Што гэта за справа ліхая, якую вы робіце і паганіце дзень супачынку?

18 Ці ня так рабілі бацькі вашыя, і прывёў Бог наш на нас і на горад гэты ўсё гэтае ліха? А вы павялічваеце гнеў [Божы] на Ізраіля, паганячы суботу».

19 І сталася, што калі падаў змрок на брамы Ерусаліму перад суботаю, я сказаў, каб замыкалі вароты, і я сказаў, каб іх не адчынялі аж да сканчэньня суботы. І юнакоў сваіх я паставіў пры брамах, каб не прыносілі цяжараў у дзень супачынку.

20 І начавалі гандляры і прадаўцы ўсякага тавару звонку Ерусаліму адзін раз і другі.

21 І я папярэдзіў іх, і сказаў ім: «Чаму вы начуеце каля муроў? Калі вы ізноў гэтак зробіце, я падыму руку на вас». З таго часу яны не прыходзілі ў суботу.

22 І я сказаў лявітам, каб яны ачысьціліся і прыйшлі вартаваць пры брамах, каб сьвяціць дзень супачынку. Таксама гэта ўзгадай пра мяне, Божа мой, і пашкадуй мяне паводле вялікасьці міласэрнасьці Тваёй!

23 Таксама ў тыя дні я бачыў Юдэяў, якія жылі з жанчынамі з Ашдадзянак, Аманянак і Мааўлянак,

24 і сыны іхнія на палову гаварылі па-ашдодзку, і ня ўмелі гаварыць па-юдэйску, але [гаварылі] моваю таго ці іншага народу.

25 І я сварыўся на іх, і праклінаў іх, і біў некаторых з іх, і рваў у іх валасы, і запрысягаў іх Богам, [кажучы]: «Не аддавайце дочак вашых сынам іхнім і не бярыце дочак іхніх сынам сваім і сабе.

26 Ці ня з іх прычыны саграшыў Салямон, валадар Ізраіля? У шмат якіх народаў не было валадара, як ён, і ён быў умілаваным Богам сваім, і Бог паставіў яго валадаром над усім Ізраілем; але нават яго ўвялі ў грэх жонкі чужаземныя.

27 Ці ж можна нам чуць пра вас, што вы робіце ўсё гэтае ліха вялікае, стаўшы нявернымі Богу нашаму, жывучы з жанчынамі чужынскімі?»

28 І [адзін] з сыноў Ёяды, сына Эліяшыва, вялікага сьвятара, быў зяцем Санвалата Хараняніна, і я прагнаў яго ад сябе.

29 Узгадай ім, Божа мой, што яны апаганілі сьвятарства і запавет сьвятарства і лявітаў!

30 І я ачысьціў іх ад усяго чужынскага, і паставіў чэргі сьвятароў і лявітаў, кожнага ў служэньні сваім.

31 і я [пастанавіў] пра ахвяраваньне дроваў у вызначаны час і пра пяршыны. Узгадай пра мяне, Божа мой, на дабро [мне]!