КНІГА ПРАРОКА НАВУМА
Разьдзел 1
1 Цяжар адносна Нінівы. Кніга відзежаў Навума Элькашаніна.
2 Бог зайздросны і помсьлівы ГОСПАД; помсьлівы ГОСПАД і Пан гняўлівы. ГОСПАД помсьціць супраціўнікам Сваім і палае гневам на ворагаў Сваіх.
3 ГОСПАД павольны да гневу і вялікі сілаю, і не пакідае без пакараньня вінаватага. ГОСПАД, у буры, у віхуры шлях Ягоны, і хмара — пыл ад ног Ягоных.
4 Ён утаймоўвае мора і высушвае яго, і ўсе рэкі высушвае; марнее Башан і Кармэль, і кветка Лібану вяне.
5 Горы дрыжаць перад Ім, і ўзгоркі растаюць, і зямля паднялася перад абліччам Ягоным, і сусьвет, і ўсе, што жывуць у ім.
6 Перад абліччам абурэньня Ягонага хто ўстаіць? І хто вытрывае жар гневу Ягонага? Ярасьць Ягоная выліваецца, як агонь, і скалы крышацца перад Ім.
7 Добры ГОСПАД, апора ў дзень трывогі, і Ён ведае тых, якія маюць надзею ў Ім,
8 але нястрымнай залевай Ён учыніць загубу месцу [ліхому], і за ворагамі Ягонымі будзе гнацца цемра.
9 Што вы задумалі супраць ГОСПАДА? Ён учыніць загубу, не паўстане ў другі раз бедства.
10 Бо яны спляліся як цярніна, напіліся напоямі [сваімі], і зжарэ іх [агонь] як салому цалкам высхлую.
11 З цябе выйшаў той, які задумаў ліха супраць ГОСПАДА, дарадца Бэліяла.
12 Гэтак кажа ГОСПАД: «Хоць яны бясьпечныя і шматлікія, але яны будуць пасечаныя і зьнікнуць. І Я ўціскаў цябе, але больш ня буду ўціскаць цябе.
13 І цяпер Я зламлю ярмо ягонае, якое на табе, і кайданы твае разарву».
14 І загадаў ГОСПАД супраць цябе, [Нініва]: «Больш ня будзе сеяцца [насеньне] імя твайго. З дому багоў тваіх Я вынішчу [ідалаў] рэзьбленых і [ідалаў] літых. Я зраблю магілу тваю, бо ты праклятая».
15 Вось, на горах ногі дабравесьніка, які абвяшчае супакой. Сьвяткуй, Юда, сьвяты твае, выконвай абяцаньні твае, бо больш ня будзе Бэліял праходзіць па табе; ён цалкам зьнішчаны!
Разьдзел 2
1 Узыходзіць разбуральнік перад аблічча тваё, [Нініва]! Захоўвай умацаваньні, паглядай на дарогу, умацоўвай сьцёгны, зьбяры сілы свае,
2 бо вярнуў ГОСПАД веліч Якуба і веліч Ізраіля, бо спустошылі іх спусташыцелі і панішчылі вінаградныя галіны іхнія.
3 Шчыты волатаў ягоных чырвоныя, ваяры [апрануты] ў кармазын, калясьніцы блішчаць агнём у дзень падрыхтоўкі да бітвы, і як кіпарысы хістаюцца [дзіды].
4 Па вуліцах шалёна імчаць калясьніцы і грукочуць на плошчах; выгляд іхні — [полымя] паходні, ляцяць яны як бліскавіцы.
5 [Нініва] ўзгадае пра слаўных сваіх, але яны спатыкнуцца ў хадзе сваёй; яны сьпяшаюцца на муры ейныя, але ўжо стаіць аблога.
6 Брамы рэкаў адчыняцца, і палац растопіцца.
7 І пастаноўлена: яна будзе аголеная, выведзеная [ў палон], і нявольніцы ейныя будуць стагнаць, як галубы, б’ючы сябе ў грудзі.
8 І Нініва — як сажалка водаў ад [пачатку] дзён сваіх, і вось, яны ўцякаюць. “Стойце, стойце!”, але ніхто не заварочвае.
9 Рабуйце срэбра, рабуйце золата, бо няма канца назапашанаму і славе ўсіх рэчаў каштоўных.
10 [Нініва] апусьцелая, спустошаная і спляжаная, і сэрца растала, і калені калоцяцца, і боль у-ва ўсіх сьцёгнах, і абліччы ўсіх счарнелі.
11 Дзе сяліба ільвоў, і дзе жыруюць ільвяняты? Дзе хадзіў леў і ільвіца? Там жыў леў і ніхто не трывожыў [яго].
12 Леў разьдзіраў здабычу для ільвянятаў сваіх і душыў для ільвіцаў сваіх, і напоўніў здабычай пячоры свае і логавішчы свае — разьдзёртым.
13 Вось, Я супраць цябе, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і Я спалю сярод дыму калясьніцы твае, і меч зжарэ ільвянятаў тваіх, і Я вынішчу з зямлі здабычу тваю, і ня будзе больш чуваць голас паслоў тваіх.
Разьдзел 3
1 Гора гораду крыві! Увесь ён хлусьлівы, поўны гвалту, рабаваньне не адыходзіць ад яго.
2 Гук пугі, і грукат колаў, і тупат коней, і калясьніцы ляскочуць,
3 вершнік нясецца, і полымя мяча, і зіхценьне дзіды; і мноства забітых, і безьліч целаў, і няма канца трупам, і спатыкаючыся, спатыкаюцца аб трупы.
4 [Гэта] — за мноства распусты распусьніцы спраўнай, прывабнай, пані чараваньня, якая продала народы праз распусту сваю і плямёны — за чараваньні свае.
5 Вось, Я супраць цябе, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і Я ўзьніму прыполы [шатаў] тваіх на аблічча тваё, і пакажу народам голасьць тваю, і валадарствам — ганьбу тваю.
6 І кіну агіднасьць на цябе, і зьняважу цябе, і выстаўлю цябе як відовішча.
7 І станецца, што кожны, хто гляне на цябе, уцячэ ад цябе і скажа: «Зруйнавана Нініва! Хто будзе плакаць па ёй?» Дзе я знайду пацяшыцеляў для цябе?
8 Ці ты лепшая за Но-Амон, які сядзіць сярод рэкаў, воды вакол яго, у яго вал — мора, і ад мора муры ягоныя?
9 Куш — сіла ягоная, і Эгіпет, і ён ня мае межаў, Пут і Лібія былі дапамогай ягонай.
10 Але таксама ён выселены і пайшоў у палон; таксама дзеці ягоныя былі пасечаныя на рагах усіх вуліцаў, і пра шляхту ягоную кідалі жэрабя, і ўсе магнаты ягоныя зьвязаныя ланцугамі.
11 І ты таксама будзеш п’яная, і будзеш хавацца, ты таксама будзеш шукаць абароны ад ворага.
12 Усе замкі твае — як дрэвы фігавыя са сьпелымі пладамі. Калі трасуць іх, яны валяцца ў вусны таго, хто есьць [іх].
13 Вось, народ твой — як жанчыны ўнутры цябе. Для ворагаў тваіх шырока адчыненыя брамы зямлі тваёй, і зжэр агонь завалы твае.
14 Вады [на час] аблогі начэрпай сабе; умацуй замкі твае; ідзі ў балота, таўчы гліну, рабі печы цагельныя.
15 Там зжарэ цябе агонь, пасячэ цябе меч, паядуць цябе хрушчы; множся, як хрушчы, множся, як саранча.
16 Ты памножыла купцоў сваіх больш, чым зорак на небе; але хрушчы раскінуць [крылы] і палятуць.
17 Каранаваныя твае — як саранча, ваяводы твае — як мошка, якая мае табар у платах у халодны дзень, а як сонца ўзыйдзе, яны адлятаюць, і [ніхто] ня ведае месца іхняе, дзе яны.
18 Сьпяць пастухі твае, валадару Асірыі, слаўныя твае ляжаць, расьцярушаны народ твой па горах, і няма каму сабраць яго.
19 Няма лекаваньня хваробе тваёй, балючая рана твая. Усе, хто пачуе вестку пра цябе, будуць пляскаць у далоні над табою, бо да каго ўвесь час не прыходзіла ліхота твая?