Беларуская Біблія

КНІГА ПРАРОКА МІХЕЯ

 

Разьдзел 1

1 Слова ГОСПАДА, якое было да Міхея з Марэшэты ў дні Ётама, Ахаза і Эзэкіі, валадароў Юды, якое ён бачыў адносна Самарыі і Ерусаліму.

2 Пачуйце, усе народы, прыхілі вуха, зямля і ўсё, што напаўняе яе! І няхай будзе Госпад ГОСПАД як сьведка супраць вас, Госпад са сьвятыні Сваёй сьвятой.

3 Бо, вось, ГОСПАД выходзіць з месца Свайго, і зыходзіць, і крычыць на вышынях зямлі.

4 І горы топяцца прад Ім, і даліны расьцякаюцца, як воск перад абліччам агню, як воды, якія ільюцца па схілах.

5 За правіну Якуба [адбываецца] ўсё гэта і за грахі дому Ізраіля. Якая правіна Якуба? Ці ж не Самарыя? І якія ўзгоркі ў Юды? Ці ж не Ерусалім?

6 І Я зраблю Самарыю як купу друзу ў полі, як [месца], каб садзіць вінаград, і скіну ў даліну камяні ейныя, і падмуркі ейныя агалю.

7 І ўсе балваны ейныя будуць пабітыя, і ўсе платы [за распусту] ейную будуць спалены агнём, і ўсе ідалы ейныя зраблю пустэчаю, бо яна сабрала іх за плату за распусту, і на плату за распусту яны вернуцца.

8 З гэтае прычыны я лямантую і галашу, хаджу босы і голы; учыню лямант, як цмокі, і жалобу, як страусы.

9 Бо раны ейныя невылечныя, бо прыйшло [гэта] да Юды, дакранаецца да брамы народу Майго, да Ерусаліму.

10 Не абвяшчайце [гэта] ў Гаце і плачам ня плачце; у Бэт-Леафры качайцеся ў пыле.

11 Ідзі сабе, жыхарка Шафіру, у голасьці і ганьбе; ня выйдзе жыхарка Цаанану; лямант Гаэцэлю ня дасьць вам спыніцца ў ім.

12 Бо чакала дабра жыхарка Мароту, але ліха зыйшло ад ГОСПАДА да брамы Ерусаліму.

13 Запражы дрыгантаў у калясьніцу, жыхарка Ляхішу. Ты — пачатак грэху для дачкі Сыёну, бо ў цябе знойдзены правіны Ізраіля.

14 Дзеля гэтага дасі ліст разводны для Марэшэт-Гату; дамы Ахзіва — падман для валадароў Ізраіля.

15 Яшчэ спадкаемцу прывяду да цябе, жыхарка Марэшы. Аж да Адуляму пойдзе слава Ізраіля.

16 Пастрыжыся і пагаліся з прычыны сыноў асалоды тваёй; пашыр лысіну тваю, як у арла, бо яны пойдуць у палон ад цябе.

 

Разьдзел 2

1 Гора тым, якія прыдумляюць беззаконьне і абдумваюць ліхоцьце на ложках сваіх, а ў сьвятле раніцы выконваюць гэта, бо гэта ў моцы рук іхніх.

2 Зажадаюць яны палёў, і забіраюць іх, і дамоў — і бяруць [іх]; яны прыгнятаюць гаспадара і дом ягоны, чалавека і спадчыну ягоную.

3 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: «Вось, Я задумляю на племя гэтае ліха, ад якога вы ня ўхіліце шыяў вашых, і ня будзеце хадзіць ганарліва, бо гэта час ліхі».

4 У той дзень складуць прыповесьць пра вас, і будуць галасіць галашэньнем, і скажуць: «Зьнішчэньнем мы зьнішчаны. Доля народу Майго зьмянілася. Навошта забраная яна ад мяне! Забраўшы, Ты падзяліў палі нашыя».

5 Дзеля гэтага ня будзе ў цябе таго, хто мераў бы шнуром паводле жэрабя ў царкве ГОСПАДА.

6 «Не прапаведуйце», а яны прапаведуюць: «Не прапаведуйце нам, і аддаліцца ганьба».

7 Ты, які завешся домам Якуба, няўжо скараціўся Дух ГОСПАДА? Няўжо такія ўчынкі Ягоныя? Ці ж ня словы Мае робяць дабро для таго, хто ходзіць у правасьці?

8 Але ўчора народ Мой паўстаў як вораг. Вы забіраеце вопратку ў тых, якія праходзяць [каля вас] бясьпечна, якія не імкнуцца ваяваць.

9 Жанчынаў народу Майго вы выганяеце з утульных дамоў іхніх, у дзяцей іхніх забіраеце велічнасьць Маю на вякі.

10 Устаньце і ідзіце, бо няма [тут] супачынку, гэта [месца] нячыстае, яно — загуба для [вас], загуба страшэнная.

11 Калі б чалавек, які ходзіць за ветрам і хлусьнёю падманвае, [сказаў]: «Я буду прапаведаваць пра віно і сікеру», ён стаў бы прапаведнікам для народу гэтага.

12 Я зьбіраньнем зьбяру ўсяго цябе, Якубе, зграмаджэньнем зграмаджу рэшту Ізраіля, пастаўлю іх разам, як авечак у Боцры, як чараду пасярод пашы ейнай, і будзе гоман ад [мноства] людзей.

13 Узыйдзе Той, Які зломіць [перашкоды] перад абліччам іхнім; яны праломяць і пойдуць праз браму, і ўвойдуць праз яе, і валадар іхні — перад абліччам іх, і ГОСПАД на чале іх.

 

Разьдзел 3

1 І я сказаў: «Паслухайце, прашу, галовы Якуба і начальнікі дому Ізраіля. Ці ж ня вам ведаць суд?

2 Вы ненавідзіце дабро і любіце ліха, зьдзіраеце з іх скуру іхнюю, і цела іхняе — з костак іхніх.

3 Вы ясьцё цела народу майго і зьдзіраеце з іх скуру іхнюю, і ломіце косткі іхнія, і расьсякаеце іх нібы ў гаршчок, і цела [іхняе] — нібы на патэльню?

4 Тады яны будуць клікаць да ГОСПАДА, але Ён не адкажа ім, і схавае аблічча Сваё ад іх у той час, бо яны робяць ліхоту ўчынкамі сваімі.

5 Гэта кажа ГОСПАД пра прарокаў, якія зводзяць народ мой, якія калі [маюць што] кусаць зубамі сваімі, крычаць: «Мір!», а калі [ніхто нічога] не кладзе ў вусны іхнія, яны пасьвячаюцца на вайну суп­раць іх. 

6 Дзеля гэтага [будзе] ноч для вас, і ня [будзе] відзежу, і [будзе] цёмна ў вас, і ня [будзе] прадказаньня; зойдзе сонца над прарокамі, і сьцямнее дзень над імі.

7 І будуць асаромлены відушчыя, і будуць у ганьбе прадказальнікі, усе яны закрыюць вусны свае, бо ня будзе адказу ад Бога.

8 А я напоўнены моцай ад Духа ГОСПАДА, і судом, і магутнасьцю, каб абвяшчаць Якубу правіны ягоныя і Ізраілю — грэх ягоны.

9 Пачуйце гэта, прашу, галовы дому Якуба і начальнікі дому Ізраіля. Вы брыдзіцеся судом і крывіце ўсё простае.

10 Вы будуеце Сыён на крыві і Ерусалім — на беззаконьні.

11 Галовы ягоныя судзяць за хабары, і сьвятары ягоныя навучаюць за плату, і прарокі ягоныя прадказваюць за срэбра; і абапіраюцца на ГОСПАДА, кажучы: «Хіба няма ГОСПАДА сярод нас? Ня прыйдзе на нас ліха».

12 Дзеля гэтага гара Сыён будзе ўзарана як поле, і Ерусалім станецца купай друзу, і гара Дому [Божага] — лясным узгоркам.

 

Разьдзел 4

1 І станецца ў апошнія дні, гара Дому ГОСПАДА будзе пастаўлена на вяршыні гор і будзе ўзвышана па-над узгоркамі, і пацякуць да яе народы.

2 І пойдуць шмат народаў, і скажуць: «Пойдзем і ўзыйдзем на гару ГОСПАДА і ў Дом Бога Якубавага, і Ён навучыць нас шляхам Сваім, і мы будзем хадзіць па сьцежках Ягоных». Бо з Сыёну выйдзе закон, і слова ГОСПАДА — з Ерусаліму.

3 І Ён будзе судзіць паміж шматлікімі народамі, і будзе дакараць народы магутныя, якія далёка; і яны перакуюць мячы свае на плугі і дзіды свае на сярпы; не падыме народ на народ мяча і ня будуць больш вучыцца ваяваць.

4 І кожны будзе сядзець пад вінаграднай лазой сваёй і пад дрэвам фігавым сваім, і ніхто ня будзе палохаць іх, бо вусны ГОСПАДА Магуцьцяў прамовілі [гэта].

5 Бо [хоць] усе народы будуць хадзіць кожны ў імя бога свайго, мы будзем хадзіць у імя ГОСПАДА, Бога нашага, на вякі вечныя.

6 У той дзень, кажа ГОСПАД, Я зьбяру кульгавых і зграма­джу выгнаных і тых, на каго Я навёў ліха.

7 І Я зраблю кульгавых рэштаю, і адкінутых — народам магутным, і ГОСПАД будзе валадарыць над імі на гары Сыён ад цяпер і на вякі.

8 А ты, Мігдал-Эдэр, узгорак дачкі Сыёну, да цябе прыйдзе і ўвойдзе [да цябе] панаваньне ранейшае, валадарства дачкі Ерусаліму.

9 Чаму ж ты цяпер усклікаеш голасна? Ці ж няма валадара ў цябе? Ці загінуў дарадца твой, што ахапіў боль цябе, як тую, што нараджае?

10 Війся і крычы [ад болю], дачка Сыёну, як тая, што нараджае; бо цяпер ты выйдзеш з гораду і будзеш жыць у полі, і пойдзеш у Бабілон; там бу­дзеш выратаваная; там ГОСПАД вызваліць цябе з рукі ворагаў тваіх.

11 А цяпер сабраліся супраць цябе шмат народаў, кажучы: «Няхай яна будзе апаганена, і няхай нагледзяцца на Сыён вочы нашыя!»

12 Але яны ня ведаюць намеру ГОСПАДА і не разумеюць рады Ягонай, бо Ён сабраў іх, як снапы на ток.

13 Устань і малаці, дачка Сыёну, бо Я зраблю рог твой з жалеза і капыты твае зраблю з медзі, і ты скрышыш шмат народаў, і зробіш заклятым для ГОСПАДА прыбытак іхні і багацьце іхняе [аддасі] для ГОСПАДА ўсёй зямлі.

 

Разьдзел 5

1 Цяпер зьбяры войскі, дачка войскаў! Аблягуць нас аблогаю, дубцом будуць біць па шчоках судзьдзю Ізраіля.

2 Ты, Бэтлеем-Эфрата, — найменшы сярод тысячаў Юды, з цябе выйдзе для Мяне Той, Які будзе Правадыром у Ізраілі, Які паходзіць здаўна, ад дзён старадаўніх.

3 Дзеля гэтага Ён выдасьць іх аж да часу, калі народзіць тая, што мае нарадзіць; і пазасталыя з братоў Ягоных вернуцца да сыноў Ізраіля.

4 І стане Ён, і будзе пасьвіць у моцы ГОСПАДА, у слаўнасьці імя ГОСПАДА, Бога Свайго, і яны будуць жыць [там], бо ад гэтага [часу] Ён узьвялічыцца аж да канцоў зямлі.

5 І Ён будзе супакой. Калі Асур прыйдзе ў зямлю нашую і калі будзе таптаць палацы нашыя, тады мы выставім супраць яго сем пастыраў і восем князёў чалавечых.

6 І яны будуць мячом пасьвіць зямлю Асура і зямлю Німрода каля ўваходаў іхніх. І Ён выратуе ад Асура, калі той прыйдзе ў зямлю нашую і калі будзе таптаць межы нашыя.

7 І будзе рэшта Якуба сярод мноства народаў, як раса ад ГОСПАДА, як дождж на траву, якога не спадзяешся ад чалавека і не чакаеш ад сыноў чалавечых.

8 І будзе рэшта Якуба сярод народаў, сярод мноства народаў, як леў сярод зьвяроў лесу, як ільвяня сярод чарады авечак, якое, калі ўвойдзе, топча і разьдзірае, і [ніхто] ня можа выратаваць.

9 Узьнімецца рука твая на прыгнятальнікаў тваіх, і ўсе ворагі твае будуць зьнішчаны.

10 І станецца ў той дзень, кажа ГОСПАД, Я зьнішчу коней тваіх сярод цябе і скрышу калясьніцы твае;

11 і зьнішчу гарады ў зямлі тваёй, і зруйную ўсе замкі твае;

12 і зьнішчу чараваньне рукі тваёй, і варажбітоў ня будзе ў цябе;

13 і зьнішчу балванаў тваіх і слупы твае пасярод цябе, і ня будзеш ужо пакланяцца вырабу рук тваіх;

14 і Я павырываю астартаў тваіх спасярод цябе; і панішчу гарады твае.

15 І ўчыню ў гневе і абурэньні помсту над народамі, якія не былі паслухмяныя [Мне].

 

Разьдзел 6

1 Пачуйце, прашу, што кажа ГОСПАД. Устань, спрачайся з гарамі, і няхай слухаюць узгоркі голас твой.

2 Слухайце справу судовую ГОСПАДА, горы і магутныя падваліны зямлі; бо справа судовая ў ГОСПАДА з народам Ягоным, і з Ізраілем Ён судзіцца.

3 «Народзе Мой, што Я зрабіў табе і чым Я абцяжарыў цябе? Адкажы Мне.

4 Бо Я вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, і выкупіў цябе з дому няволі, і паслаў перад абліччам тваім Майсея, Аарона і Мірыям.

5 Народзе Мой, узгадай, прашу, што надумаў Балак, валадар Мааву, і што адказаў яму Білеам, сын Бэора, і [што было] ад Шытыму аж да Гільгалу, каб ты пазнаў праведнасьць ГОСПАДА».

6 З чым я выйду перад аблічча ГОСПАДА? Як схілюся перад Богам, [Які] на вышынях? Ці выйду перад аблічча Ягонае з цэласпаленьнямі, з цялятамі аднагадовымі?

7 Ці ГОСПАДУ даспадобы тысяча бараноў, дзесяць тысячаў струмянёў алею? Ці аддам першароднага майго за віну маю, плод улоньня майго — за грэх душы маёй?

8 Паведамлена табе, чалавеча, што добрае, і што ГОСПАД шукае ў цябе: каб ты чыніў суд [справядлівы], і любіў міласэрнасьць, і хадзіў пакорліва з Богам тваім.

9 Голас ГОСПАДА кліча ад гораду, і [той, хто мае] цьвярозы розум, баіцца імя Твайго: «Пачуйце кій і Таго, Хто прызначыў яго.

10 Ці ёсьць яшчэ ў доме бязбожніка скарбы бязбожнасьці і эфа няпоўная, праклятая?

11 Ці Я маю ачысьціць шалі бязбожныя і торбу з камянямі падманлівымі?

12 Багацеі ягоныя поўныя гвалту, і жыхары ягоныя хлусяць, і язык іхні здрадлівы ў вуснах іхніх.

13 Таму Я ўдару цябе хваробаю, спустошу цябе за грахі твае.

14 Ты будзеш есьці, але не насыцішся; і пусты [страўнік] твой у нутры тваім; і будзеш хаваць, але не выратуеш; а што выратуеш, тое Я аддам пад меч.

15 Ты будзеш сеяць, і ня будзеш жаць; ты будзеш таўчы аліўкі, і ня будзеш мазацца алеем; і [будзеш таўчы] вінаград, і ня будзеш піць віна.

16 Бо вы захоўваеце пастановы Омры і ўсе справы дому Ахава, і ходзіце паводле рады іхняй.

Дзеля гэтага Я аддам цябе на спусташэньне і жыхароў тваіх — на насьмешку, і ты панясеш ганьбу народу Майго».

 

Разьдзел 7

1 Гора мне! Я стаўся як недазьбіраная [садавіна] летняя, як рэшта ад збору вінаграду, няма гронкі на ежу, [няма] сьпелай фігі, якой жадае душа мая.

2 Загінуў багабойны на зямлі, і няма правага сярод людзей; усе цікуюць на кроў; кожны палюе на брата свайго, [ставячы] пастку.

3 Да зла [скіраваныя] абе­дзьвума рукамі, каб рабіць яго спраўна, князь вымагае [хабару], і судзьдзя [вымагае] платы, і вялікі выказвае згубнае [жаданьне] душы сваёй, і выкрыўляюць усё.

4 Найлепшы з іх — як церне, правы — як жываплот. Дзень вартаўнікоў Тваіх і наведваньня Твайго надыйшоў; цяпер будзе зьбянтэжанасьць у іх.

5 Ня верце бліжняму, не спадзявайцеся на сябра; ад той, якая ляжыць на ўлоньні тваім, захоўвай дзьверы вуснаў тваіх.

6 Бо сын зьневажае бацьку, дачка паўстае супраць маці сваёй, нявестка — супраць сьвякрыві сваёй, і ворагі чалавеку хатнія ягоныя.

7 А я буду глядзець на ГОС­ПАДА, буду спадзявацца на Бога збаўленьня майго. Бог мой пачуе мяне.

8 Ня радуйся з мяне, вораг мой! Хоць я ўпаў, я ўстану; хоць я жыву ў цемры, ГОСПАД — сьвятло для мяне.

9 Гнеў ГОСПАДА я буду насіць, бо я зграшыў супраць Яго, аж пакуль Ён не разгледзіць справу маю і не правядзе суд мой. Ён вывядзе мяне на сьвятло, я ўбачу праведнасьць Ягоную.

10 І ўбачыць [гэта] вораг мой, і пакрые сорам таго, які сказаў мне: «Дзе ГОСПАД, Бог твой?» Вочы мае будуць глядзець на яго, цяпер патопчуць яго, як балота на вуліцах.

11 У дзень, калі агароджа твая будзе пабудаваная, у той дзень далёка пашырыцца пастанова [Божая].

12 У той дзень прыйдуць да цябе і з Асірыі, і аж да гарадоў умацаваных, і ад гарадоў умацаваных аж да ракі, і ад мора да мора, і ад гары да гары.

13 Але будзе зямля на спусташэньне за жыхароў ейных, за плады ўчынкаў іхніх.

14 Пасьві народ Твой дубцом Тваім, авечак спадчыны Тваёй, якія жывуць асобна ў лесе, сярод Кармэлю. Няхай яны пасьвяцца ў Башане і Гілеадзе, як у дні старадаўнія.

15 Як у дні выхаду ягонага з зямлі Эгіпецкай, Я пакажу яму цуды.

16 Убачаць народы і будуць асаромленыя з усёю моцаю сваёю; паложаць руку на вусны, вушы іхнія стануцца глухія.

17 Яны будуць лізаць пыл, як зьмеі, як паўзуны зямныя. Яны будуць напалоханыя ў норах сваіх; перад ГОСПАДАМ, Богам нашым, будуць дрыжаць, і будуць баяцца Цябе.

18 Які Бог падобны да Цябе, Які даруеш беззаконьне і абмінаеш віну рэшты спадчыны Тваёй, Які трымаеш заўсёды гнеў Твой, бо маеш упадабаньне ў міласэрнасьці?

19 Ён павернецца, зьявіць нам міласьць, загладзіць беззаконьні нашыя. Ты кінеш у глыбіні мора ўсе грахі нашыя.

20 Ты зьявіш праўду Якубу, міласэрнасьць Абрагаму, як прысягнуў бацькам нашым у дні даўнейшыя.