КНІГА ПРАРОКА МАЛАХІІ
Разьдзел 1
1 Цяжар слова ГОСПАДА да Ізраіля праз рукі Малахіі.
2 Я палюбіў вас, кажа ГОСПАД, а вы кажаце: «У чым Ты палюбіў нас?» Ці ня брат Эзаў для Якуба, кажа ГОСПАД, а Я палюбіў Якуба,
3 а Эзава зьненавідзеў і аддаў горы ягоныя на спусташэньне, і спадчыну ягоную — цмокам пустыні.
4 Калі скажа Эдом: «Мы зруйнаваныя, але мы вернемся і адбудуем руіны», гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў: «Яны адбудуюць, але Я зруйную, і назавуць іх межамі нягоднасьці і народам, на які загневаўся ГОСПАД на вякі».
5 І вочы вашыя ўбачаць [гэта], і вы скажаце: «Узьвялічыўся ГОСПАД па-над межамі Ізраіля».
6 «Сын шануе бацьку, і слуга — гаспадара свайго. Дык калі Я — Айцец, дзе пашана Мне? І калі Я — Госпад, дзе страх перада Мною?» — кажа ГОСПАД Магуцьцяў вам, сьвятары, якія грэбуеце імем Маім, і кажаце: «Як мы грэбуем імем Тваім?»
7 Вы прыносіце на ахвярнік Мой хлеб заплямлены і кажаце: «Чым мы заплямілі Цябе?» Тым, што вы кажаце: «Сталом ГОСПАДА [можна] пагрэбаваць».
8 І калі вы прыносіце сьляпое, каб ахвяраваць, ці не ліхота гэта? І калі прыносіце кульгавае і хворае, ці не ліхота гэта? Наблізься з гэтым да ваяводы твайго, ці будзе ён мець ласку да цябе, альбо ці прыйме аблічча тваё? — кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
9 А цяпер, прашу, маліце аблічча Божае, каб Ён зьлітаваўся над вамі. З рук вашых было гэта, дык ці Ён прыйме аблічча каго з вас? — кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
10 Няхай нехта з вас замкне дзьверы [сьвятыні], і не распальвайце ахвярнік Мой надарэмна. Я ня маю ўпадабаньня да вас, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і не прыйму дару з рукі вашай.
11 Бо ад усходу сонца аж да заходу яго вялікае [будзе] імя Маё сярод народаў, і на кожным месцы будуць прыносіць кадзіла для імя Майго, і дар чысты, бо вялікае [будзе] імя Маё сярод народаў, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
12 Але вы зьневажаеце яго тым, што кажаце: «Стол ГОСПАДА заплямлены, і прыбытак з яго, пасілак ягоны ня [варты] пашаны».
13 І вы кажаце: «Вось, якая цяжкасьць», хоць зьдзьмухнуць гэта можаце, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і прыносіце крадзенае, кульгавае і хворае, вы прыносіце гэтакі дар. Ці магу Я прыняць гэта з рукі вашай? — кажа ГОСПАД.
14 І пракляты ашуканец, які мае ў чарадзе самца і абяцае [яго], і ахвяруе Госпаду папсаванае; бо Я — Валадар вялікі, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і імя Маё страшнае сярод народаў.
Разьдзел 2
1 І цяпер для вас прыказаньне гэтае, сьвятары.
2 Калі вы не паслухаеце, і калі ня прыймеце да сэрца, каб даваць славу імені Майму, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Я пашлю на вас праклён і пракляну дабраславенствы вашыя, і нават ужо праклінаю, бо вы ня прыймаеце [гэтага] да сэрца.
3 Вось, Я пакараю насеньне вашае і накідаю гной на абліччы вашыя, гной сьвяточных [ахвяраў] вашых, і вынясуць вас разам з ім.
4 І вы даведаецеся, што Я паслаў вам прыказаньне гэтае, каб быў запавет Мой з Левіем, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
5 Запавет Мой з ім быў жыцьцём [для яго], і Я даў яму страх, і ён баяўся Мяне, і перад абліччам імя Майго быў напоўнены страхам.
6 Закон праўды быў на вуснах ягоных, і беззаконьне не было знойдзена ў вуснах ягоных. У супакоі і справядлівасьці ён хадзіў са Мной і шмат каго адвярнуў ад беззаконьня.
7 Бо вусны сьвятара павінны захоўваць веданьне, і закону шукаюць з вуснаў ягоных, бо ён — пасланец ГОСПАДА Магуцьцяў.
8 Але вы зьвярнулі са шляху, і зрабілі, што шмат [людзей] спатыкнуліся ў Законе, зьнішчылі запавет Левія, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
9 І Я таксама зраблю вас пагрэбаванымі і прыніжанымі перад усім народам, бо няма сярод вас тых, якія захоўваюць шляхі Мае і падымаюць аблічча на Закон.
10 Хіба не адзін Айцец у-ва ўсіх нас? Хіба не адзін Бог стварыў нас? Чаму кожны здраджвае брату свайму, зьневажаючы запавет бацькоў нашых?
11 Здрадзіў Юда, і ўчынена агіда ў Ізраілі і ў Ерусаліме, бо Юда зьняважыў сьвятыню ГОСПАДА, якую Ён любіць, і ўзяў за жонку дачку бога чужога.
12 Няхай ГОСПАД выгубіць кожнага з намётаў Якуба, хто робіць гэта, і таго, хто бачыць [гэта], і хто абараняе, хоць бы ён прыносіў дар ГОСПАДУ Магуцьцяў.
13 І яшчэ другое вы робіце: абліваеце сьлязьмі ахвярнік ГОСПАДА з плачам і стогнам. Ён ужо не зьвяртае [ўвагі] на дары і не прыймае іх зычліва з рук вашых.
14 І вы кажаце: «За што?» Бо ГОСПАД быў сьведкам паміж табою і жонкай маладосьці тваёй, якой ты здрадзіў, а яна — сяброўка твая і жонка запавету твайго.
15 Ці ж ня [Бог] адзін зрабіў [нас], і рэшта духу [належыць] Яму. І што шукае адзіны [Бог]? Насеньня Божага. Таму захоўвайце дух ваш, і няхай [ніхто] ня здраджвае жонцы маладосьці сваёй.
16 Бо Я ненавіджу развод, кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, і таго, хто пакрывае ліхадзействам адзеньне сваё. Таму захоўвайце дух ваш, і ня здраджвайце.
17 Вы стамілі ГОСПАДА словамі вашымі, і вы кажаце: «Чым мы стамілі?» Размовамі вашымі: «Кожны, хто робіць ліха — добры ў вачах ГОСПАДА, і Ён мае ўпадабаньне ў іх», альбо: «Дзе Бог суду?»
Разьдзел 3
1 Вось, Я пасылаю анёла Майго, і ён падрыхтуе шлях перад абліччам Маім, і раптоўна прыйдзе ў сьвятыню Сваю Госпад, Якога вы шукаеце, і анёл запавету, Якога вы жадаеце. Вось, Ён прыйдзе, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
2 Але хто вытрымае дзень прыйсьця Ягонага, і хто ўстаіць, калі Ён зьявіцца? Бо Ён — як агонь, які топіць, і як мыла, якое мые.
3 І Ён сядзе, каб растапіць і ачысьціць срэбра, і Ён ачысьціць сыноў Левія, і ператопіць іх як золата і срэбра, і яны будуць для ГОСПАДА прыносіць дары ў праведнасьці.
4 І будзе прыемны для ГОСПАДА дар Юды і Ерусаліму, як у дні старавечныя і як у гады старадаўнія.
5 І Я прыйду да вас на суд, і буду хутка сьведчыць супраць чараўнікоў і супраць чужаложнікаў, супраць тых, хто прысягае хлусьліва, і супраць тых, хто ўціскае ў плаце найміта, удаву і сірату, супраць тых, хто адпіхвае прыхадня і не баіцца Мяне, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
6 Бо Я — ГОСПАД, не мяняюся; і таму вы, сыны Якуба, ня будзеце зьнішчаны.
7 Ад дзён бацькоў вашых вы адступілі ад пастановаў Маіх і не захоўвалі іх. Навярніцеся да Мяне, і Я павярнуся да вас, кажа ГОСПАД Магуцьцяў. А вы кажаце: «У чым нам навярнуцца?»
8 Ці можа чалавек абкрадваць Бога? Вы абкрадваеце Мяне. І вы кажаце: «У чым мы абкрадваем Цябе?» У дзесяціне і ахвяраваньнях.
9 Праклёнам вы праклятыя, бо Мяне вы абкрадваеце, увесь народ ваш.
10 Прынясіце ўсю дзесяціну ў дом скарбніцы, і будзе ежа ў Доме Маім, і выспрабуйце Мяне ў гэтым, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, ці не адчыню Я для вас вокны нябесныя, і ці ня выльлю на вас дабраславенства больш, чым досыць?
11 І Я ўтаймую дзеля вас тых, якія зьядаюць [ураджай], і яны ня будуць нішчыць у вас плод зямлі, і ня будзе скідваць плады вінаградная лаза вашая ў полі, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
12 І шчасьлівымі будуць называць вас усе народы, бо вы будзеце зямлёю жаданаю, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
13 Прыкрыя былі супраць Мяне словы вашыя, кажа ГОСПАД. А вы кажаце: «Што мы гаварылі супраць Цябе?»
14 Вы казалі: «Марнае служэньне Богу, і якая карысьць, што мы захоўвалі загады Ягоныя і што хадзілі ў жалобе перад абліччам ГОСПАДА Магуцьцяў?
15 І цяпер мы шчасьлівымі называем свавольных. Уладкаваліся нават тыя, якія робяць нягоднасьць, нават тыя, якія выпрабоўваюць Бога, уцякаюць [ад кары]».
16 Тады тыя, якія баяцца ГОСПАДА, гаварылі адзін да аднаго. І прыхіліў вуха ГОСПАД, і пачуў, і была напісаная кніга памяці перад абліччам Ягоным пра тых, якія баяцца ГОСПАДА і якія шануюць імя Ягонае.
17 І яны будуць Маімі, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, у дзень, калі Я зраблю іх уласнасьцю [Маёй] і зьлітуюся над імі, як чалавек літуецца над сынам сваім, які служыць яму.
18 І вы навернецеся, і ўбачыце розьніцу паміж праведнікам і бязбожнікам, паміж тым, хто служыць Богу, і тым, хто ня служыць Яму.
Разьдзел 4
1 Бо вось, надыходзіць дзень, які палае, як печ, і ўсе свавольныя, і ўсе тыя, якія робяць нягоднасьць, будуць як салома, і спаліць іх дзень, які надыходзіць, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, што не застанецца ад іх ані кораня, ані галінкі.
2 А для вас, якія баіцёся імя Майго, узыйдзе сонца праведнасьці, і аздараўленьне на крылах ягоных. І вы выйдзеце, і будзеце скакаць, як цяляты з аборы.
3 І будзеце таптаць бязбожных, бо яны будуць попелам пад ступнямі ног вашых у дзень, які Я зраблю, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
4 Памятайце Закон Майсея, слугі Майго, які Я загадаў яму на Харэве для ўсяго Ізраіля, пастановы і суды.
5 Вось, Я пашлю вам Ільлю прарока перад надыходам дня ГОСПАДА, вялікага і страшнага.
6 І ён зьверне сэрца бацькоў да сыноў іхніх, і сэрца сыноў — да бацькоў іхніх, каб Я, прыйшоўшы, ня ўдарыў зямлі [выгубленьнем] з закляцьцем.