Беларуская Біблія

КНІГА ЛІКІ

 

Разьдзел 1

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея ў пустыні Сынай у Намёце Спатканьня ў першы дзень другога месяца, у другім годзе пасьля выхаду з Эгіпту, кажучы:

2 «Пералічыце ўсю грамаду сыноў Ізраіля паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, усіх мужчынаў паводле імёнаў па галовах.

3 Ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою ў Ізраілі палічыце паводле дружынаў іхніх ты і Аарон.

4 З кожнага пакаленьня павінен быць з вамі чалавек, князь роду бацькоў сваіх.

5 Вось імёны тых мужоў, якія будуць з вамі: для Рубэна — Эліцур, сын Шэдэура,

6 для Сымона — Шэлюміэль, сын Цурышадая,

7 для Юды — Нахшон, сын Амінадава,

8 для Ісахара — Натанаэль, сын Цуара,

9 для Завулёна — Эліяў, сын Гэлёна,

10 для сыноў Язэпа: для Эфраіма — Элішама, сын Амігуда; для Манасы — Гамаліэль, сын Пэдагсура;

11 для Бэн’яміна — Абідан, сын Гідэоні,

12 для Дана — Ахіезэр, сын Амішадая,

13 для Асэра — Пагіэль, сын Акрана,

14 для Гада — Эліясаф, сын Дэўэля,

15 для Нэфталі — Ахіра, сын Энана».

16 Гэтыя пакліканыя з усёй грамады, князі пакаленьняў бацькоў сваіх і начальнікі тысячаў Ізраіля.

17 Іх узяў Майсей і Аарон, тых мужоў, якія былі паіменна названыя.

18 У першы дзень другога месяца сабралі яны ўсю грамаду дзеля сьпісу іх паходжаньня паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх і лічылі кожнага па імені ад дваццаці гадоў і вышэй.

19 Як загадаў ГОСПАД Майсею, быў зроблены перапіс у пустыні Сынай.

20 Сыноў Рубэна, першароднага Ізраіля, паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,

21 тых, якіх палічылі з пакаленьня Рубэна, [было] сорак шэсьць тысячаў пяцьсот.

22 Сыноў Сымона паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,

23 тых, якіх палічылі з пака­леньня Сымона, [было] пяць­дзясят дзевяць тысячаў трыста.

24 Сыноў Гада паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,

25 тых, якіх палічылі з пакаленьня Гада, [было] сорак пяць тысячаў шэсьцьсот пяцьдзясят.

26 Сыноў Юды паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,

27 тых, якіх палічылі з пакаленьня Юды, было семдзясят чатыры тысячы шэсьцьсот.

28 Сыноў Ісахара паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,

29 тых, якіх палічылі з пакаленьня Ісахара, было пяцьдзясят чатыры тысячы чатырыста.

30 Сыноў Завулёна паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,

31 тых, якіх палічылі з пакаленьня Завулёна, было пяць­дзясят сем тысячаў чатырыста.

32 Сыноў Язэпа, сыноў Эфраіма паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,

33 тых, якіх палічылі з пакаленьня Эфраіма, было сорак тысячаў пяцьсот.

34 Сыноў Манасы паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,

35 тых, якіх палічылі з пакаленьня Манасы, было трыц­цаць дзьве тысячы дзьвесьце.

36 Сыноў Бэн’яміна паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,

37 тых, якіх палічылі з пакаленьня Бэн’яміна, было трыццаць пяць тысячаў чатырыста.

38 Сыноў Дана паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,

39 тых, якіх палічылі з пакаленьня Дана, было шэсьцьдзясят дзьве тысячы семсот.

40 Сыноў Асэра паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,

41 тых, якіх палічылі з пакаленьня Асэра, было сорак адна тысяча пяцьсот.

42 Сыноў Нэфталі паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,

43 тых, якіх палічылі з пакаленьня Нэфталі, было пяцьдзясят тры тысячы чатырыста.

44 Гэта палічаныя, якіх палічылі Майсей і Аарон, і князі Ізраіля, дванаццаць мужоў, па адным з кожнага дому бацькоў сваіх.

45 І было ўсіх палічаных сыноў Ізраіля паводле дамоў бацькоў іхніх, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою ў Ізраілі,

46 шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзясят.

47 Лявіты паводле пакаленьняў бацькоў сваіх не былі палічаны сярод іх,

48 бо ГОСПАД прамовіў да Майсея, кажучы:

49 «Не перапісвай пакаленьня Левія і не лічы іх разам з сынамі Ізраіля,

50 але даручы лявітам Сялібу Сьведчаньня, усе прылады яе і ўсё, што да яе [належыць]. Яны будуць насіць Сялібу і ўсе прылады яе, будуць пры ёй служыць і вакол Сялібы разложаць табар [свой].

51 Калі трэба рушыць Сялібе [ў дарогу], разьбяруць яе лявіты, а калі трэба затрымацца Сялібе, паставяць яе лявіты. Калі нехта [чужы] наблізіцца да яе, будзе забіты.

52 Сыны Ізраіля разложацца табарам, кожны на месцы сваім, кожны пад сьцягам сваім, паводле дружынаў сваіх.

53 А лявіты разложацца табарам вакол Сялібы Сьведчаньня; і кара не спадзе на грамаду сыноў Ізраіля. Лявіты будуць вартаваць каля Сялібы Сьведчаньня».

54 І зрабілі сыны Ізраіля ўсё; як ГОСПАД загадаў Майсею, так і зрабілі.

 

Разьдзел 2

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:

2 «Няхай сыны Ізраіля разложаць табар, кожны пад сьця­гам сваім, пад знакамі паводле дамоў бацькоў сваіх. Вакол Намёту Спатканьня на адлегласьці разложаць яны табар.

3 Разложыць табар з усходу, дзе ўзыходзіць сонца, сьцяг табару Юды з дружынамі сваімі, а князем сыноў Юды [будзе] Нахшон, сын Амінадава.

4 Лік войска ягонага, паводле падліку, — семдзясят чатыры тысячы шэсьцьсот.

5 Побач іх разложыцца табар пакаленьня Ісахара, а князем сыноў Ісахара [будзе] Натанаэль, сын Цуара.

6 Лік войска ягонага, паводле падліку, — пяцьдзясят чатыры тысячы чатырыста.

7 [Потым] пакаленьне Завулёна, а князем сыноў Завулёна [будзе] Эліяў, сын Хэлёна.

8 Лік войска ягонага, паводле падліку, — пяцьдзясят сем тысячаў чатырыста.

9 Усіх, палічаных у табары Юды паводле дружынаў іхніх, — сто восемдзясят шэсьць тысячаў чатырыста. Яны першыя будуць выходзіць.

10 З поўдня будзе сьцяг табару Рубэна з дружынамі сваімі, а князем сыноў Рубэна [будзе] Эліцур, сын Шэдэура.

11 Лік войска ягонага, паводле падліку, — сорак шэсьць тысячаў пяцьсот.

12 Побач іх разложыцца табар пакаленьня Сымона, а князем сыноў Сымона [будзе] Шэлюміэль, сын Цурышадая.

13 Лік войска ягонага, паводле падліку, — пяцьдзясят дзевяць тысячаў трыста.

14 [Пасьля] пакаленьне Гада, а князем сыноў Гада [будзе] Эліясаф, сын Дэўэля.

15 Лік войска ягонага, паводле падліку, — сорак пяць тысячаў шэсьцьсот пяцьдзясят.

16 Усіх, палічаных у табары Рубэна паводле дружынаў сваіх, — сто пяцьдзясят адна тысяча чатырыста пяцьдзясят. Яны другімі будуць выходзіць.

17 Пасля вырушыць Намёт Спатканьня і табар лявітаў у сярэдзіне другіх табараў. Паводле таго, як раскладаліся табарам, так і выходзіць будуць, кожны на месцы сваім, пад сьцягам сваім.

18 З захаду будзе сьцяг табару Эфраіма з дружынамі сваімі, а князем сыноў Эфраіма [будзе]Элішама, сын Амігуда.

19 Лік войска ягонага, паводле падліку, — сорак тысячаў пяцьсот.

20 Побач іх пакаленьне Манасы; а князем сыноў Манасы [будзе] Гамаліэль, сын Пэдагсура.

21 Лік войска ягонага, паводле падліку, — трыццаць дзьве тысячы дзьвесьце.

22 [Потым] пакаленьне Бэн’­яміна; а князем сыноў Бэн’яміна [будзе] Абідан, сын Гідэоні.

23 Лік войска ягонага, паводле падліку, — трыццаць пяць тысячаў чатырыста.

24 Усіх, палічаных у табары Эфраіма паводле дружынаў іхніх, — сто восем тысячаў сто. Яны трэція будуць выходзіць.

25 З поўначы будзе сьцяг табару Дана з дружынамі сваімі, а князем сыноў Дана [будзе]Ахіезэр, сын Амішадая.

26 Лік войска ягонага, паводле падліку, — шэсьцьдзясят дзьве тысячы семсот.

27 Побач іх разложыцца табарам пакаленьне Асэра, а князем сыноў Асэра [будзе] Пагіэль, сын Акрана.

28 Лік войска ягонага, паводле падліку, — сорак адна тысяча пяцьсот.

29 [Потым] пакаленьне Нэфталі, а князем сыноў Нэфталі [будзе] Ахіра, сын Энана.

30 Лік войска ягонага, паводле падліку, — пяцьдзясят тры тысячы чатырыста.

31 Усіх, палічаных у табары Дана, — сто пяцьдзясят сем тысячаў шэсьцьсот. Яны як апошнія будуць выходзіць пад сьцягамі сваімі.

32 Гэта палічаныя сыны Ізраіля паводле дамоў бацькоў сваіх. Усіх, палічаных у табары паводле дружынаў сваіх, — шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзясят.

33 Лявіты не былі палічаныя сярод сыноў Ізраіля, як загадаў ГОСПАД Майсею.

34 Сыны Ізраіля зрабілі ўсё, што загадаў ГОСПАД Майсею: раскладаліся табарам пад сьцягамі сваімі і выходзілі паводле сем’яў сваіх і дамоў бацькоў сваіх.

 

Разьдзел 3

1 Вось такі радавод Аарона і Майсея ў дні, калі прамаўляў ГОСПАД да Майсея на гары Сынай.

2 Вось гэта імёны сыноў Аарона: першародны Надаў, Абігу, Элеазар і Ітамар.

3 Вось гэта імёны сыноў Аарона, памазаных сьвятароў, якім напоўнілі рукі іхнія, каб былі сьвятарамі.

4 Але Надаў і Абігу памерлі перад абліччам ГОСПАДА ў пустыні Сынай, калі наблізіліся з чужым агнём перад аблічча ГОСПАДА, і не было ў іх сыноў. І былі сьвятарамі Элеазар і Ітамар перад абліччам Аарона, бацькі свайго.

5 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

6 «Прывядзі пакаленьне Левія, і пастаў яго перад абліччам Аарона сьвятара, і няхай яны паслугуюць яму.

7 Няхай захоўваюць усё, што пад вартай яго і пад вартай усёй грамады адносна Намёту Спатканьня, каб выконваць службу пры Сялібе,

8 і няхай захоўваюць усе прыналежнасьці Намёту Спатканьня, спаўняючы абавязкі сыноў Ізраіля, каб выконваць службу пры Сялібе.

9 Аддай лявітаў Аарону і сынам ягоным, няхай яны будуць дадзеныя яму з сыноў Ізраіля.

10 А Аарона і сыноў ягоных пастаў, каб яны захоўвалі [службу] сьвятарскую. А калі нехта чужы наблізіцца [да службы], мае памерці».

11 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

12 «Вось, Я ўзяў лявітаў спасярод сыноў Ізраіля замест усіх першародных, якія адчыня­юць улоньне, і лявіты будуць Маімі.

13 Бо Мой кожны першародны. У той дзень, калі ў зямлі Эгіпецкай Я выбіў усё першароднае, Я пасьвяціў для Сябе ўсё першароднае ў Ізраілі, ад чалавека аж да жывёлы. Яны Мае! Я — ГОСПАД!»

14 І прамовіў ГОСПАД да Майсея ў пустыні Сынай, кажучы:

15 «Палічы сыноў Левія паводле дамоў бацькоў іхніх, і паводле сем’яў іхніх, усіх мужчынскага роду ад аднаго месяца і вышэй».

16 І палічыў іх Майсей паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, як Ён загадаў яму.

17 І вось імёны сыноў Левія: Гершон, Кегат і Мэрары.

18 А вось імёны сыноў Гершона паводле сем’яў іхніх: Лібні і Шымэй.

19 Сыны Кегата паводле сем’яў іхніх: Амрам, Іцгар, Хеўрон і Узіэль.

20 Сыны Мэрары паводле сем’яў іхніх: Махлі і Мушы. Вось гэта сем’і Левія паводле дамоў бацькоў іхніх.

21 Ад Гершона [паходзяць] сям’я Лібні і сям’я Шымэя. Гэта сем’і Гершона

22 Лік палічаных мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — сем тысячаў пяцьсот.

23 Сем’і Гершона разложацца табарам за Сялібай з захаду.

24 Князем дому бацькоў Гершона [быў] Эліясаф, сын Ляэля.

25 Сынам Гершона ў Намёце Спатканьня даручана Сяліба, Намёт і пакрыцьцё ягонае, заслона пры ўваходзе ў Намёт Спатканьня,

26 заслоны панадворку, заслона пры выхадзе на панадворак, які пры Сялібе і ахвярніку, і вяроўкі, патрэбныя для ўсялякай службы.

27 Ад Кегата [паходзяць] сем’і Амрама, Іцгара, Хеўрона і Узіэля. Гэта сем’і Кегата.

28 Лік усіх мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — восем тысячаў шэсьцьсот. Яны ма­юць вартаваць Сялібу.

29 Сем’і сыноў Кегата разложацца табарам з паўднёвага боку Сялібы.

30 Князем дому бацькоў Кегата [быў] Эліцафан, сын Узіэля.

31 Яны мелі рупіцца пра каўчэг, стол, сьвечнік, ахвярнікі, пра прылады сьвятыні, прызначаныя для служэньня, пра заслону і абслугу яе.

32 А князем князёў лявітаў [быў] Элеазар, сын Аарона сьвятара. Ён наглядаў за тымі, што спаўнялі служэньне ў сьвятыні.

33 Ад Мэрары [паходзяць] сем’і Махлі і Мушы. Гэта сем’і Мэрары.

34 Лік палічаных мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — шэсьць тысячаў дзьвесьце.

35 А князем дамоў бацькоў Мэрары [быў] Цурыэль, сын Абігаіля. Яны разложацца табарам з паўночнага боку Сялібы.

36 Сынам Мэрары даручаны былі дошкі Сялібы, жэрдкі іхнія, слупкі, падставы і ўсе [рэчы] для абслугі яе,

37 і слупкі панадворку з усіх бакоў, і падставы іхнія, і колцы іхнія з вяроўкамі іхнімі.

38 А з пярэдняга боку Сялібы, з усходу, перад Намётам Спатканьня разложацца табарам Майсей, і Аарон, і сыны ягоныя, якім даручана Сяліба ад імя сыноў Ізраіля. Калі хто наблізіцца чужы, будзе забіты.

39 Поўны лік лявітаў, якіх палічылі Майсей і Аарон паводле слова з вуснаў ГОСПАДА, усіх мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — дваццаць дзьве тысячы.

40 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Падлічы ўсіх першародных мужчынаў сыноў Ізраіля ад аднаго месяца і вышэй, і палічы іх паіменна,

41 і вазьмі лявітаў для Мяне як замену ўсіх першародных сярод сыноў Ізраіля. Я — ГОСПАД. І вазьмі жывёлу лявітаў замест усёй першароднай жывёлы сыноў Ізраіля».

42 І палічыў Майсей, як загадаў яму ГОСПАД, усіх першародных сыноў Ізраіля.

43 І было ўсіх першародных мужчынаў па ліку імёнаў, ад аднаго месяца і вышэй, паводле падліку — дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце семдзясят тры.

44 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

45 «Вазьмі лявітаў замест усіх першародных сыноў Ізраіля і жывёлу лявітаў замест жывёлы іхняй. І лявіты будуць Маімі. Я — ГОСПАД.

46 Як выкуп за гэтых дзьвесьце семдзясят трох з першародных сыноў Ізраіля, што перавышаюць лік лявітаў,

47 вазьмі па пяць сыкляў ад галавы, паводле сыкля сьвятыні; сыкль мае дваццаць гераў.

48 І дасі срэбра Аарону і сынам ягоным як выкуп за тых, што перавышаюць лік».

49 І ўзяў Майсей срэбра выкупу за тых, што перавышалі лік выкупленых лявітамі.

50 Ад першародных сыноў Ізраіля атрымаў [Майсей] срэбра тысячу трыста шэсьцьдзясят пяць [сыкляў] паводле сыкля сьвятыні.

51 І аддаў Майсей срэбра выкупу Аарону і сынам ягоным паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею.

 

Разьдзел 4

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:

2 «Аддзялі спаміж сыноў Левія сыноў Кегата, паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,

3 ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб выконвалі работу ў Намёце Спатканьня.

4 Гэта вось служба сыноў Кегата ў Намёце Спатканьня — [насіць] сьвятое сьвятых.

5 І ўвойдуць Аарон і сыны ягоныя, і здымуць заслону, што вісіць перад [Каўчэгам], і накрыюць ёю Каўчэг Сьведчаньня.

6 І паложаць на яго накрыцьцё са скуры тахаш, і над ім расьцягнуць тканіну, усю з блакіту, а потым укладуць насілы ягоныя.

7 І стол хлябоў пакладных накрыюць тканінаю з блакіту, і паставяць на ім посуд, талеркі, чашы і кубкі на ахвяры вадкія; і хлябы пакладныя будуць на ім.

8 І паложаць на іх тканіну кармазыновую, і накрыюць накрыцьцём са скураў тахаш, і ўкладуць насілы ягоныя.

9 І возьмуць тканіну з блакіту, і накрыюць ёй сьвечнік асьвятленьня, лямпы ягоныя, нажніцы, пасудзіны на кнаты і ўсе пасудзіны для алею, ужываныя пры ім.

10 І ўсё гэтае накрыюць накрыцьцём са скуры тахаш, і пакладуць на насілы.

11 І на ахвярнік залаты пало­жаць тканіну з блакіту, і накрыюць яго накрыцьцём са ску­ры тахаш, і ўкладуць насілы.

12 І возьмуць усе прыналежнасьці, ужываныя для службы ў сьвятыні, і накрыюць іх тканінай з блакіту і накрыцьцём са скуры тахаш, і пакладуць на насілы.

13 І ачысьцяць ахвярнік [ад попелу], і накрыюць яго тканінаю з пурпуру.

14 І пакладуць на ім увесь посуд, ужываны для службы пры [ахвярніку]: папяльніцы, віл­кі, лапаткі, крапільнікі. Усе гэ­тыя прыналежнасьці ахвяр­ні­ка накрыюць накрыцьцём са скуры тахаш і ўкладуць насілы.

15 Пры складваньні табару, калі Аарон і сыны ягоныя скончаць накрываць [рэчы] сьвятыя і ўсе прыналежнасьці сьвятыні, падыйдуць сыны Кегата, каб іх несьці. І нельга ім дакранацца [рэчаў] сьвятых, каб не памерлі. Такі вось цяжар сыноў Кегата пры Намёце Спатканьня.

16 А Элеазар, сын Аарона сьвятара, будзе рупіцца пра алей на асьвятленьне, пра пахкія кадзілы, пра заўсёдную ахвяру хлебную, і пра алей памазаньня, і пра ўсё, патрэбнае для [служэньня] ў Сялібе, пра сьвя­тыню і прыналежнасьці ейныя».

17 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

18 «Не дазвольце зьнікнуць сям’і Кегата сярод лявітаў,

19 але рабіце так, каб яны жылі і не памерлі, калі будуць набліжацца да Сьвятога Сьвятых. Аарон і сыны ягоныя няхай прыйдуць і вызначаць кожнаму служэньне ягонае і цяжар, [які маюць несьці].

20 Але [лявіты] няхай не ўваходзяць [у сьвятыню] хоць на хвіліну, каб паглядзець, і не памруць».

21 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

22 «Палічы сыноў Гершона паводле дамоў бацькоў іхніх і паводле сем’яў іхніх.

23 Палічы ўсіх ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб выконвалі служэньне ў Намёце Спатканьня.

24 Вось служэньне сям’і Гершона, якое яны будуць рабіць, і цяжары [іхнія].

25 Яны будуць насіць заслоны Сялібы і Намёт Спатканьня, і накрыцьцё ягонае, і накрыцьцё са [скуры] тахаш, якое на ім, і заслону, што каля ўваходу ў Намёт Спатканьня,

26 і заслоны панадворку, і заслону каля ўваходу ў панадворак, які вакол Сялібы і ахвярніка, і вяроўкі, і ўсе прыналежнасьці, патрэбныя для служэньня, і ўсё, што зроблена для іх і служэньня іхняга.

27 Паводле [слова] з вуснаў Аарона і сыноў ягоных будзе [праходзіць] усё служэньне сыноў Гершона пры пераносцы цяжараў і пры ўсякім служэньні іхнім. Даручы ім пільнаваць усё, што яны носяць.

28 Гэта служэньне сыноў Гершона ў Намёце Спатканьня. Будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара.

29 Палічы сыноў Мэрары паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,

30 ад трыццаці да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб служыць у Намёце Спатканьня.

31 І гэта абавязкі іхнія ў-ва ўсім служэньні ў Намёце Спатканьня: [насіць] дошкі Сялібы і жэрдкі яе, слупкі яе і падставы іх,

32 і слупкі панадворку з усіх бакоў і падставы іхнія, калкі намёту і вяроўкі іхнія, і ўсе рэчы пры іх, і ўсе прыналежнасьці іхнія, і запішыце ўсе рэчы, якія яны павінны насіць.

33 Гэта служэньне сем’яў сыноў Мэрары адносна служэньня іх у Намёце Спатканьня. Будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара».

34 І Майсей, і Аарон, і князі грамады палічылі сыноў Кегата паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,

35 ад трыццаці гадоў і аж да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб служыць у Намёце Спатканьня.

36 І было налічана іх паводле сем’яў іхніх дзьве тысячы семсот пяцьдзясят.

37 Гэта палічаныя сем’і Кегата, усе, якія служаць у Намёце Спатканьня, якіх палічыў Майсей і Аарон паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, дадзенага праз Майсея.

38 І былі палічаны сыны Гершона паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,

39 ад трыццаці гадоў і аж да пяцідзесяці гадоў, усе, здольныя да службы, каб служыць у Намёце Спатканьня.

40 І было налічана іх паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх дзьве тысячы шэсьцьсот трыццаць.

41 Гэта палічаныя сем’і сыноў Гершона, усе, якія слу­жаць у Намёце Спатканьня, якіх палічылі Майсей і Аарон паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА.

42 І былі палічаны сем’і сыноў Мэрары паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,

43 ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усе, здольныя да службы, каб служыць у Намёце Спатканьня.

44 І было налічана іх паводле сем’яў іхніх тры тысячы дзьвесьце.

45 Гэта палічаныя сем’і сыноў Мэрары, якіх палічылі Майсей і Аарон паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, дадзенага праз Майсея.

46 Былі палічаныя ўсе лявіты, якіх палічылі Майсей, і Аарон, і князі Ізраіля паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,

47 ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да спаўненьня службы ў Сялібе і да працаў пры [нашэньні] цяжараў у Намёце Спатканьня.

48 І было налічана іх восем тысячаў пяцьсот восемдзясят.

49 Паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, дадзенага Майсею, прызначаны яны кожны да свайго служэньня і для [нашэньня] цяжару свайго. І былі яны палічаны, як загадаў ГОСПАД Майсею.

 

Разьдзел 5

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Загадай сынам Ізраіля выдаліць з табару ўсіх пракажоных, хворых на выцёкі і апаганеных ад нябожчыка.

3 Як мужчыну, так і жанчыну выдаліце па-за табар, каб не паганілі табару, дзе Я жыву сярод вас».

4 І зрабілі так сыны Ізраіля, і выдалілі іх па-за табар; як прамовіў ГОСПАД да Майсея, так і зрабілі сыны Ізраіля.

5 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

6 «Прамоў да сыноў Ізраіля: “Калі мужчына або жанчына дапусьціцца нейкага грэху адносна людзей, і парушыць загад ГОСПАДА, будзе вінаватая душа гэтая.

7 Няхай яны вызнаюць грэх свой, які ўчынілі, і аддадуць аднагароджаньне таму, перад кім саграшылі, з дадаткам пятай часткі.

8 Калі ў яго няма чалавека, якому мог бы зьвярнуць, аднагарадзжэньне будзе для ГОСПАДА, аднагараджэньне гэта будзе для сьвятара, апрача барана перамольваньня, якім будзе перамольваць за [грэх].

9 Усе сьвятыя дары, якія прыносяць сьвятару сыны Ізраіля, яму належаць.

10 Сьвятыя [дары] кожнагачалавека, якія нехта прынясе сьвятару, будуць належаць [сьвятару]”».

11 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

12 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Муж, жонка якога здрадзіць яму, і будзе няверная яму нявернасьцю,

13 і ляжа з ёй [чужы] мужчына, і вылье насеньне, і гэта будзе схавана ад мужа ейнага, і яна будзе нячыстай, але няма сьведкаў і яе не злавілі [на распусьце],

14 і дух рэўнасьці зыйдзе на мужа, і ён будзе рэўнаваць жонку сваю, што яна занячысьцілася, або зыйдзе на яго дух рэўнасьці, і ён будзе рэўнаваць жонку сваю, а яна не занячысьцілася,

15 няхай прывядзе муж жонку сваю да сьвятара і складзе ў ахвяру за яе дзясятую частку эфы мукі ячменнай, але ня вылье на яе алею і не пакладзе кадзіла, бо гэта ахвяра рэўнасьці, ахвяра выяўленьня, якая мае выявіць віну.

16 І няхай прывядзе сьвятар [жанчыну], і паставіць яе перад абліччам ГОСПАДА.

17 І возьме сьвятар асьвячонай вады ў посуд гліняны, і возьме сьвятар пыл з падлогі Сялібы, і ўсыпле ў ваду.

18 І паставіць сьвятар жанчыну перад абліччам ГОСПАДА, і адкрые [валасы] на галаве жанчыны, і паложыць на яе далоні ахвяру выяўленьня, ахвяру рэўнасьці; і ў руцэ сьвятара будзе вада горкая, [якая нясе] праклён.

19 І запрысягне сьвятар жанчыну, і скажа ёй: “Калі ніво­дзін мужчына не ляжаў з табой, і калі з іншым ты не занячысьцілася адносна мужа твайго, тады вада горкая, [якая нясе] праклён, ачысьціць цябе.

20 А калі ты здрадзіла мужу свайму і сталася нячыстая, і іншы мужчына, а ня муж твой ляжаў з табой, выліваючы [насеньне],” —

21 і сьвятар запрысягне жанчыну прысягай праклёну, і скажа сьвятар жанчыне: “Няхай аддасьць цябе ГОСПАД на праклён і закляцьце ў народзе тваім, і няхай зробіць ГОСПАД, што ўпадзе сьцягно тваё і апухне жывот твой.

22 І ўвойдзе вада праклёну ў нутро тваё, каб апух жывот твой і ўпала сьцягно тваё”. І скажа жанчына: “Амэн, амэн”.

23 І напіша сьвятар на скрутку [словы] праклёну, і змые іх вадою горкаю,

24 і напоіць жанчыну вадою горкаю, [якая нясе] праклён, і вада праклёну ўвойдзе ў яе і [спрычыніць] горкі боль.

25 І возьме сьвятар з рук жанчыны ахвяру рэўнасьці, і патрасе перад абліччам ГОСПАДА як ахвяру хлебную, і складзе яе на ахвярніку.

26 І возьме жменяй частку ахвяры хлебнай як памятную частку, і спаліць яе на ахвярніку, а пасьля дасьць жанчыне выпіць вады.

27 І вып’е жанчына ваду і калі была яна нячыстай і нявернай мужу свайму, вада праклёну ўвойдзе ў яе, і [справіць] горкі боль, упадзе сьцягно ейнае і жывот ейны апухне, і станецца тая жанчына праклятаю ў народзе сваім.

28 А калі тая жанчына не была нячыстай, але яна чыстая, будзе ачышчаная і наро­дзіць нашчадкаў”.

29 Гэта закон адносна рэўнасьці, калі жонка здра­дзіць мужу свайму і станецца нячыстай.

30 Або калі на мужа зыйдзе дух рэўнасьці і ён будзе рэўнаваць жонку сваю, і ён паставіць яе перад абліччам ГОСПАДА, і сьвятар зробіць усё паводле закону гэтага.

31 І будзе муж чысты ад віны, а тая жонка панясе віну сваю».

 

Разьдзел 6

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі нейкі мужчына або жанчына складуць шлюбаваньне назіру, каб пасьвяціцца ГОСПАДУ,

3 мусяць яны ўстрымацца ад віна і сікеры, воцату з віна і воцату з сікеры ня будуць піць, і ўсякага піцьця з вінаграду ня будуць піць. Сьвежага вінаграду і сушанага ня будуць есьці.

4 У-ва ўсе дні пасьвячэньня свайго ня будзе [такі чалавек] есьці нічога з вінаграду, ад недасьпелага вінаграду аж да выцісканага.

5 Усе дні пасьвячэньня ягонага нажніцы не дакрануцца галавы ягонай. Аж споўняцца дні, на якія ён пасьвяціўся ГОСПАДУ, будзе ён сьвяты і мае даць свабоду валасам расьці на галаве ягонай.

6 Усе дні пасьвячэньня ягонага ГОСПАДУ не наблізіцца ён да нябожчыка.

7 Няхай пры пахаваньні бацькі, маці, брата або сястры не занячысьціцца, бо пасьвячэньне Богу ягонаму на галаве ягонай.

8 У-ва ўсе дні пасьвячэньня свайго сьвятым будзе ён для ГОСПАДА.

9 А калі хто раптам пры ім памрэ, і ён занячысьціць галаву пасьвячэньня свайго, ён абстрыжэ галаву ў сёмы дзень, у дзень ачышчэньня свайго паголіць яе.

10 А ў восьмы дзень прынясе дзьвюх туркавак або двух маладых галубоў сьвятару да ўваходу ў Намёт Спатканьня.

11 Аднаго складзе сьвятар у ахвяру за грэх, а другога — у ахвяру цэласпаленьня і перапросіць за яго, бо ён саграшыў дзеля нябожчыка, і ў той дзень будзе пасьвячоная галава яго.

12 І зноў пасьвяціць ён ГОСПАДУ дні пасьвячэньня свайго, і прывядзе ў ахвяру ягня аднагадовае як аднагараджэньне, а дні папярэднія ня будуць залічаны, бо ён занячысьціў пасьвячэньне сваё.

13 І вось закон пасьвячэньня. У дзень, калі скончацца дні, якія шлюбаваў, прывядуць яго да ўваходу ў Намёт Спатканьня,

14 і ён прынясе ў ахвяру ГОСПАДУ адно аднагадовае ягня без заганы ў ахвяру цэласпаленьня, і адну аднагадовую авечку без заганы ў ахвяру за грэх, і аднаго барана без заганы ў ахвяру мірную,

15 і кошык праснакоў з мукі пшанічнай, запраўленых алеем, і аладак прэсных, памаза­ных алеем, і [належную] ахвяру хлебную і ахвяру вадкую.

16 Сьвятар занясе ўсё гэта перад аблічча ГОСПАДА і складзе ахвяру за грэх і ахвяру цэласпаленьня.

17 Барана ён складзе ГОСПАДУ ў ахвяру мірную разам з кошыкам праснакоў, і скла­дзе сьвятар ахвяру хлебную і ахвяру вадкую.

18 І абстрыжэ назір каля ўваходу ў Намёт Спатканьня галаву пасьвячэньня свайго, і кіне валасы ў агонь, у якім [гарыць] ахвяра мірная.

19 І возьме сьвятар звараную лапатку барана, праснак з каша і прэсную аладку, і скла­дзе іх на далоні назіра пасьля таго, як пастрыжэ ён [галаву] пасьвячэньня свайго.

20 І сьвятар будзе патрэсваць іх патрэсваньнем перад абліччам ГОСПАДА, бо гэта [дар] сьвяты, які [належыць] сьвятару, апрача грудзіны патрасанай і пляча ахвяраванага. І пасьля гэтага назір можа піць віно.

21 Гэта закон адносна назіра, які шлюбаваў ахвяру сваю ГОСПАДУ за пасьвячэньне сваё апрача таго, што дазволіць яму рука ягоная. Паводле шлюбаваньня свайго, якое [прамовілі]вусны ягоныя, ён зробіць, паводле закону пасьвячэньня свайго».

22 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

23 «Прамоў да Аарона і сыноў ягоных, кажучы: “Гэтак вы будзеце дабраслаўляць сыноў Ізраіля і казаць ім:

24 «Няхай дабраславіць цябе ГОСПАД і захавае цябе!

25 Няхай спагадна гляне ГОСПАД на цябе і зьлітуецца над табою!

26 Няхай зьверне ГОСПАД аблічча Сваё на цябе і дасьць табе супакой!»

27 Няхай так заклікаюць імя Маё на сыноў Ізраіля, і Я буду дабраслаўляць іх”».

 

Разьдзел 7

1 І сталася ў дзень, калі Майсей скончыў буда­ваць Сялібу і памазаў яе, і пасьвяціў яе і ўсе прыналежнасьці ейныя, і ахвярнік, і ўсе прылады ягоныя, і памазаў іх, і пасьвяціў іх,

2 прыйшлі князі Ізраіля, галовы дамоў бацькоў сваіх, князі пакаленьняў, якія стаялі на чале перапісаных,

3 і прынесьлі дары свае перад аблічча ГОСПАДА: шэсьць крытых вазоў і дванаццаць валоў, па адным возе ад двух князёў і па аднаму валу ад кожнага, і паставілі гэта перад Сялібай.

4 І сказаў ГОСПАД Майсею:

5 «Вазьмі [гэта] ад іх; і няхай будзе на службу пры Намёце Спатканьня. І дасі гэта лявітам адпаведна да іх паслугі».

6 І ўзяў Майсей вазы і валоў, і аддаў іх лявітам.

7 Адпаведна да іх паслугі сынам Гершона даў два вазы і чатыры валы.

8 Восем валоў і чатыры вазы даў сынам Мэрары, адпаведна да іхняй паслугі пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара.

9 А сынам Кегата ня даў нічога, бо іх паслуга пры [рэчах] сьвятых, каб насіць іх на рамёнах сваіх.

10 І прынесьлі князі дары свае на пасьвячэньне ахвярніка перад ахвярніка ў дзень пасьвячэньня ягонага.

11 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Няхай кожны з князёў што­дзень прыносіць дар свой на пасьвячэньне ахвярніка».

12 У першы дзень прынёс дар свой Нахшон, сын Амінадава, з пакаленьня Юды.

13 Ягоным дарам ахвярным былі міса срэбная ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чаша срэбная ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнаю мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную,

14 залатая чаша ў дзе­сяць [сыкляў], напоўненая кадзілам,

15 адзін бычок, адзін баран і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня,

16 казёл у ахвяру за грэх,

17 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў і пяць аднагадовых ягнят. Гэта дар ахвярны Нахшона, сына Амінадава.

18 У другі дзень прынёс [дар]Натанаэль, сын Цуара, князь Ісахара.

19 Ён прынёс свой дар ахвярны: місу срэбную ў сто трыц­цаць [сыкляў] вагі, чашу срэбную ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абе­дзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную,

20 залатую чашу ў дзе­сяць [сыкляў], напоўненую кадзілам;

21 аднаго бычка, аднаго барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня,

22 казла ў ахвяру за грэх,

23 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў і пяць аднагадовых ягнят. Гэта дар ахвярны Натанаэля, сына Цуара.

24 У трэці дзень [прынёс дар ахвярны] князь сыноў Завулёна Эліяў, сын Хэлёна.

25 Ягоным дарам [былі]: міса срэбная ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чаша срэбная ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную,

26 залатая чаша ў дзе­сяць [сыкляў], напоўненая кадзілам,

27 адзін бычок, адзін баран і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня,

28 казёл у ахвяру за грэх,

29 і два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру мірную. Гэта дар ахвярны Эліява, сына Хэлёна.

30 У чацьвёрты дзень [прынёс дар ахвярны] князь сыноў Рубэна Эліцур, сын Шэдэура.

31 Ён ахвяраваў місу срэбную ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чашу срэбную ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную,

32 залатую чашу ў дзесяць [сыкляў], напоўненую кадзілам,

33 аднаго бычка, аднаго барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня,

34 казла ў ахвяру за грэх,

35 і два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру мірную. Гэта дар ахвярны Эліцура, сына Шэдэура.

36 У пяты дзень [прынёс дар ахвярны] князь сыноў Сымона Шэлюміэль, сын Цурышадая.

37 Ён ахвяраваў місу срэбную ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чашу срэбную ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную,

38 залатую чашу ў дзесяць [сыкляў], напоўненую кадзілам,

39 аднаго бычка, аднаго барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня,

40 казла ў ахвяру за грэх,

41 і два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру мірную. Гэта дар ахвярны Шэлюміэля, сына Цурышадая.

42 У шосты дзень [прынёс дар ахвярны] князь сыноў Гада Эліясаф, сын Дэўэля.

43 Ён ахвяраваў місу срэбную ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чашу срэбную ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную,

44 залатую чашу ў дзесяць [сыкляў], напоўненую кадзілам,

45 аднаго бычка, аднаго барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня,

46 казла ў ахвяру за грэх,

47 і два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру мірную. Гэта дар ахвярны Эліясафа, сына Дэўэля.

48 У сёмы дзень [прынёс дар ахвярны] князь сыноў Эфраіма Элішама, сын Амігуда.

49 Ён ахвяраваў місу срэбную ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чашу срэбную ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную,

50 залатую чашу ў дзесяць [сыкляў], напоўненую кадзілам,

51 аднаго бычка, аднаго барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня,

52 казла ў ахвяру за грэх,

53 і два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру мірную. Гэта дар ахвярны Элішамы, сына Амігуда.

54 У восьмы дзень [прынёс дар ахвярны] князь сыноў Манасы Гамаліэль, сын Пэдагсура.

55 Ён ахвяраваў місу срэбную ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чашу срэбную ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную,

56 залатую чашу ў дзесяць [сыкляў], напоўненую кадзілам,

57 аднаго бычка, аднаго барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня,

58 казла ў ахвяру за грэх,

59 і два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру мірную. Гэта дар ахвярны Гамаліэля, сына Пэдагсура.

60 У дзявяты дзень [прынёс дар ахвярны] князь сыноў Бэн’яміна Абідан, сын Гідэоні.

61 Ён ахвяраваў місу срэбную ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чашу срэбную ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную,

62 залатую чашу ў дзесяць [сыкляў], напоўненую кадзілам,

63 аднаго бычка, аднаго барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня,

64 казла ў ахвяру за грэх,

65 і два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру мірную. Гэта дар ахвярны Абідана, сына Гідэоні.

66 У дзясяты дзень [прынёс дар ахвярны] князь сыноў Дана Ахіезэр, сын Амішадая.

67 Ён ахвяраваў місу срэбную ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чашу срэбную ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную,

68 залатую чашу ў дзесяць [сыкляў], напоўненую кадзілам,

69 аднаго бычка, аднаго барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня,

70 казла ў ахвяру за грэх,

71 і два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру мірную. Гэта дар ахвярны Ахіезэра, сына Амішадая.

72 У адзінаццаты дзень [прынёс дар ахвярны] князь сыноў Асэра Пагіэль, сын Акрана.

73 Ён ахвяраваў місу срэбную ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чашу срэбную ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную,

74 залатую чашу ў дзесяць [сыкляў], напоўненую кадзілам,

75 аднаго бычка, аднаго барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня,

76 казла ў ахвяру за грэх,

77 і два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру мірную. Гэта дар ахвярны Пагіэля, сына Акрана.

78 У дванаццаты дзень [прынёс дар ахвярны] князь сыноў Нэфталі Ахіра, сын Энана.

79 Ён ахвяраваў місу срэбную ў сто трыццаць [сыкляў] вагі, чашу срэбную ў семдзясят сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, абедзьве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную,

80 залатую чашу ў дзесяць [сыкляў], напоўненую кадзілам,

81 аднаго бычка, аднаго барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпаленьня,

82 казла ў ахвяру за грэх,

83 і два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру мірную. Гэта дар ахвярны Ахіры, сына Энана.

84 Вось [дары] ад князёў Ізраіля пры пасьвячэньні ахвярніка, у дзень яго памазаньня: дванаццаць срэбных місаў, дванаццаць срэбных чашаў, дванаццаць залатых чашаў.

85 Кожная міса важыла сто трыццаць [сыкляў] срэбра, а кожная чаша — семдзясят [сыкляў]. Усяго срэбра начыньняў — дзьве тысячы чатырыста [сыкляў], паводле сыклю сьвятыні.

86 Чашаў залатых, напоўненых кадзілам, [было] дванаццаць; кожная чаша важыла дзесяць [сыкляў], паводле сыклю сьвятыні. Усяго золата чашаў [было] сто дваццаць [сыкляў].

87 Усяго быдла для цэласпаленьня, [было]: дванаццаць бычкоў, дванаццаць бараноў, дванаццаць аднагадовых ягнят, і [належныя] ахвяры хлебныя, і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх.

88 Усяго быдла, прызначанага ў ахвяру мірную, [было]: дваццаць чатыры валы, шэсьцьдзясят бараноў, шэсьцьдзясят казлоў і шэсьцьдзясят аднагадовых ягнят. Гэта [дары] на пасьвячэньне ахвярніка, калі ён быў памазаны.

89 І калі Майсей уваходзіў у Намёт Спатканьня, каб гаварыць з [Богам], ён чуў голас, які прамаўляў да яго з-над накрыўкі, якая была над Каўчэгам Сьведчаньня паміж двума херувімамі, і [Бог] прамаўляў да яго.

 

Разьдзел 8

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Прамоў да Аарона і скажы яму: “Калі будзеш запаль­ваць лямпы, на пярэднім баку сьвечніка павінны гарэць сем лямпаў”».

3 Аарон зрабіў гэтак і на пярэднім баку сьвечніка запаліў лямпы, як загадаў ГОСПАД Майсею.

4 Такі вось быў выраб сьвечніка: куты ён быў з золата, ад падставы аж да кветак быў куты паводле ўзору, які паказаў ГОСПАД Майсею, і так ён зрабіў сьвечнік.

5 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

6 «Вазьмі лявітаў спаміж сыноў Ізраіля і ачысьці іх.

7 Ачысьці іх так: пакрапі іх вадой ахвяры за грэх, і няхай паголяць яны ўсё цела сваё, і няхай вымыюць адзеньне сваё, і будуць чыстымі.

8 І возьмуць цяля са статку і ахвяру хлебную з мукі, запраўленай алеем, а другое цяля са статку ты возьмеш у ахвяру за грэх.

9 І прывядзеш лявітаў перад Намёт Спатканьня, і зьбярэш усю грамаду сыноў Ізраіля.

10 І прывядзеш лявітаў перад аблічча ГОСПАДА, і сыны Ізраіля пакладуць на лявітаў рукі свае.

11 І Аарон як патрэсванае перад абліччам ГОСПАДА ахвяруе лявітаў ад сыноў Ізраіля, і будуць яны служыць ГОСПАДУ.

12 А лявіты ўскладуць рукі свае на галовы цялят, і ты аднаго з іх складзеш у ахвяру за грэх, а другога — у ахвяру цэласпаленьня для ГОСПАДА, каб перапрасіць за лявітаў.

13 І паставіш лявітаў перад абліччам Аарона і сыноў ягоных, і ахвяруеш іх як патрасанае ГОСПАДУ.

14 І аддзеліш лявітаў спаміж сыноў Ізраіля, і лявіты будуць Маімі.

15 А потым няхай прыходзяць лявіты, каб служыць у Намёце Спатканьня, і ты ачысьціш іх, і ахвяруеш іх як ахвяру патрэсваньня.

16 Бо яны Мне аддадзены спасярод сыноў Ізраіля. Узяў Я іх у сыноў Ізраіля замест усіх першародных, якія адкрыва­юць улоньне.

17 Бо Мае ўсе першародныя з сыноў Ізраіля, як з людзей, так і з жывёлы. Ад таго дня, у які Я выгубіў усё першароднае ў зямлі Эгіпецкай, Я іх пасьвяціў для Сябе.

18 І ўзяў Я лявітаў замест усіх першародных спаміж сыноў Ізраіля.

19 І Я даю лявітаў Аарону і сынам ягоным спаміж сыноў Ізраіля, каб яны служылі Мне за сыноў Ізраіля ў Намёце Спатканьня, каб перамольваць ГОСПАДА за сыноў Ізраіля, і ня будзе кары на сыноў Ізраіля, калі наблізяцца сыны Ізраіля да Сялібы».

20 Дык Майсей і Аарон і ўся грамада сыноў Ізраіля зрабілі з лявітамі гэтак; усё, што загадаў ГОСПАД Майсею адносна лявітаў, так і зрабілі з імі сыны Ізраіля.

21 І ачысьціліся лявіты, і памылі адзеньне сваё, а Аарон, патрэсваючы, ахвяраваў іх ГОСПАДУ і перамольваў за іх Аарон, каб былі ачышчаныя.

22 Пасьля ўвайшлі лявіты, каб спаўняць службу сваю ў Намёце Спатканьня перад абліччам Аарона і сыноў ягоных. Як загадаў ГОСПАД Майсею адносна лявітаў, так і зрабілі з імі.

23 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

24 «Гэта [закон] адносна лявітаў: ад дваццаці пяці гадоў і вышэй няхай прыходзяць яны і слу­жаць у Намёце Спатканьня;

25 а калі будуць мець пяцьдзясят гадоў, няхай не спаўняюць службы і больш не працуюць,

26 а будуць дапамагаць братам сваім у Намёце Спатканьня ў спаўненьні службы, і служэньня ня будуць выконваць. Так зробіш з лявітамі адносна службы іхняй».

 

Разьдзел 9

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея ў першы месяц другога году пасьля выхаду з Эгіпту ў пустыні Сынай, кажучы:

2 «У вызначаны час сыны Ізраіля павінны спраўляць Пасху.

3 У чатырнаццаты дзень гэтага месяца вечарам справіце яе паводле ўсіх адносна яе пастановаў і звычаяў».

4 І прамовіў Майсей да сыноў Ізраіля, каб яны справілі Пасху.

5 І яны спраўлялі Пасху ў чатырнаццаты дзень месяца вечарам у пустыні Сынай. Усё, што загадаў ГОСПАД Майсею, зрабілі сыны Ізраіля.

6 І былі людзі, якія дзеля дакрананьня да нябожчыка сталіся нячыстымі і не маглі ў той дзень спраўляць Пасху, і прыйшлі яны да Майсея і Аарона,

7 і сказалі ім: «Мы нячыстыя дзеля дакрананьня да нябожчыка, але дзеля чаго мы пазбаўлены таго, каб сярод сыноў Ізраіля ў вызначаны час скласьці дар ахвярны ГОСПАДУ?»

8 І сказаў ім Майсей: «Пачакайце, і я паслухаю, што адносна вас загадае ГОСПАД».

9 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

10 «Прамоў да сыноў Ізраіля, кажучы: “Чалавек з вас ці з нашчадкаў вашых, які стаўся нячыстым дзеля нябожчыка або дзеля далёкай дарогі, павінен спраўляць Пасху ГОСПАДА.

11 У чатырнаццаты дзень другога месяца вечарам будзе спраўляць яе. Праснакі і горкія травы няхай спажывае.

12 Няхай не пакідаюць з яе анічога да раніцы, і косткі яе ня будуць ламаць. Няхай спраўляюць яе паводле ўсіх пастановаў Пасхі.

13 А калі хто чысты і не ў дарозе, а Пасхі не спраўляе, вынішчана будзе душа тая з народу свайго, бо ён не склаў дару ахвярнаго ГОСПАДУ ў свой час. Грэх свой панясе чалавек гэты.

14 А калі прыхадзень, які жыве ў вас, справіць Пасху паводле пастановаў і звычаяў Пасхі, парадак той самы будзе ў вас і для чужынца, і для тутэйшага на зямлі гэтай”».

15 У дзень, у які была пастаўлена Сяліба, воблака накрыла Сялібу з Намётам Сьведчаньня, і ад вечара да раніцы заставалася над Сялібай у бляску агню.

16 І так было заўсёды: днём пакрывала яе воблака, а ноччу — нібы бляск агню.

17 Калі воблака падымалася над Намётам, тады сыны Ізраіля выходзілі [ў дарогу], а на тым месцы, дзе затрымоўвалася воблака, там раскладаліся табарам сыны Ізраіля.

18 Паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА выходзілі ў [дарогу] сыны Ізраіля, і паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА раскладаліся табарам. Усе дні, у якія воблака стаяла над Сялібай, яны стаялі табарам.

19 І калі воблака доўгі час [стаяла] над Сялібай, шмат дзён, сыны Ізраіля захоўвалі волю ГОСПАДА і не выходзілі [ў дарогу].

20 І здаралася, што мала дзён [стаяла] над Сялібай, і [сыны Ізраіля] паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА раскладаліся табарам і паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА выходзілі [ў дарогу].

21 І здаралася, што воблака [стаяла] ад вечара да раніцы, а раніцаю падымалася, і яны выходзілі [ў дарогу]. Або [стаяла] воблака дзень і ноч, і воблака падымалася, і яны выхо­дзілі [ў дарогу].

22 Або два дні, або месяц, або некалькі дзён [стаяла] воблака над Сялібай, і сыны Ізраіля стаялі табарам і не выходзілі [ў дарогу].

23 Паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА яны раскладаліся табарам, і паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА выходзілі [ў дарогу]. Яны захоўвалі волю ГОСПАДА паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА праз Майсея.

 

Разьдзел 10

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Зрабі сабе дзьве трубы срэбныя, кутыя, і будуць яны склікаць усю грамаду, каб рыхтаваць табар [у дарогу].

3 І затрубяць [у трубы], і зьбя­рэцца да цябе ўся грамада да ўваходу ў Намёт Спатканьня.

4 А калі ў адну затрубяць, зьбяруцца да цябе князі і начальнікі дружынаў Ізраіля.

5 Калі затрубіш працягла, выйдзе [ў дарогу] табар, які з усходняга боку.

6 Калі другі раз працягла затрубіш, выйдзе [ў дарогу] табар, які з паўднёвага боку. Знакам на вырушаньне табару будзе працяглае трубеньне.

7 На зьбіраньне царквы затрубіце, але не працягла.

8 Трубіць у трубы будуць сыны Аарона, сьвятары. Будзе гэта вам і нашчадкам вашым пастанова вечная.

9 Калі будзеш ісьці на вайну ў зямлі вашай супраць ворага, які наступае на вас, будзеце трубіць у трубы. Гэта будзе кліч ваш перад абліччам ГОСПАДА, Бога вашага, і Ён збавіць вас ад ворагаў вашых.

10 У дзень радасьці вашай, у сьвяты і ў маладзікі, пры вашых цэласпаленьнях і ахвярах мірных, будзеце тру­біць у трубы; і яны будуць нагадваньнем перад абліччам Бога вашага пра вас. Я — ГОСПАД, Бог ваш!»

11 І сталася ў другі год, у другі месяц, у дваццаты [дзень] месяца, паднялося воблака з-над Сялібы Сьведчаньня.

12 І вырушылі сыны Ізраіля ў дарогу сваю з пустыні Сынай, і спынілася воблака ў пустыні Паран.

13 Першы раз паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, [дадзенага] праз Майсея, вырушылі ў дарогу.

14 Першым вырушыў сьцяг табару сыноў Юды з дружынамі сваімі, а над дружынамі ягонымі [быў] Нахшон, сын Амінадава.

15 А над дружынамі пакаленьня сыноў Ісахара [быў] Натанаэль, сын Цуара.

16 А над дружынамі пакаленьня сыноў Завулёна [быў] Эліяў, сын Хэлёна.

17 І разабралі Сялібу, і вырушылі сыны Гершона і сыны Мэрары, несучы Сялібу.

18 І выйшаў [у дарогу] сьцяг табару сыноў Рубэна з дружынамі сваімі, а над дружынамі ягонымі [быў] Эліцур, сын Шэдэура.

19 А над дружынамі пакаленьня сыноў Сымона [быў] Шэлюміэль, сын Цурышадая.

20 Над дружынамі пакаленьня сыноў Гада [быў] Эліясаф, сын Дэўэля.

21 І выйшлі [ў дарогу] сыны Кегата, несучы [рэчы] сьвятыя, і пакуль яны прыйшлі, Сяліба была ўжо пастаўлена.

22 І выйшаў [у дарогу] сьцяг табару сыноў Эфраіма з дружынамі сваімі, а над дружынамі ягонымі [быў] Элішама, сын Амігуда.

23 А над дружынай пакаленьня сыноў Манасы [быў] Гамаліэль, сын Пэдагсура.

24 А над дружынамі пакаленьня сыноў Бэн’яміна [быў] Абідан, сын Гідэоні.

25 І выйшаў [у дарогу] сьцяг табару сыноў Дана з дружынамі сваімі, а над дружынамі ягонымі [быў] Ахіезэр, сын Амішадая.

26 А над дружынамі пакаленьня сыноў Асэра [быў] Пагіэль, сын Акрана.

27 А над дружынамі сыноў Нэфталі [быў] Ахіра, сын Энана.

28 Вось такі быў [парадак] паходу сыноў Ізраіля з дружынамі сваімі, калі выходзілі [ў дарогу].

29 І сказаў Майсей Хававу, сыну Рэгуэля, Мадыянца, цесьця свайго: «Мы выходзім у месца, пра якое сказаў ГОСПАД: «Я дам [яго] вам». Хадзі з намі, і будзе табе добра, бо ГОСПАД абяцаў дабро Ізраілю».

30 Той сказаў яму: «Не пайду, але пайду ў зямлю маю і да сваякоў маіх».

31 І сказаў [Майсей]: «Не пакідай нас, бо ты ведаеш, як мы маем раскладацца табарам у пустыні, і будзеш для нас вачыма.

32 Калі пойдзеш з намі, тады калі будзе нешта добрае, што дасьць нам ГОСПАД, мы дамо табе».

33 І вырушылі яны з гары ГОСПАДА, і ішлі на працягу трох дзён. Каўчэг Запавету ГОСПАДА ішоў наперадзе іх на працягу трох дзён, каб знайсьці месца на табар.

34 І воблака ГОСПАДА [было] над імі ўдзень, калі яны выхо­дзілі з табару.

35 І было, калі вырушаў Каўчэг [у дарогу], Майсей казаў: «Паўстань, ГОСПАДЗЕ, і няхай разьбягуцца ворагі Твае, і няхай паўцякаюць тыя, што ненавідзяць Цябе, перад абліччам Тваім».

36 А калі ставілі [Каўчэг], казаў: «Вярніся, ГОСПАДЗЕ, да шматлікага войска Ізраіля!»

 

Разьдзел 11

1 І сталася, што народ наракаў, і кепска [гэта было] ў вушах ГОСПАДА. І пачуў гэта ГОСПАД, і разгневаўся, і ўзгарэўся на іх агонь ГОСПАДА, і зьнішчыў крайнюю частку табара.

2 І народ стаў клікаць Майсея, і Майсей маліў ГОСПАДА, і агонь спыніўся.

3 І назвалі тое месца Табэра, бо [там] узгарэўся супраць іх агонь ГОСПАДА.

4 Іншапляменьнікі, якія [былі] паміж імі, зажадалі пажаданьнем і [захацелі] вярнуцца, і разам з імі сыны Ізраіля плакалі і казалі: «Хто дасьць нам есьці мяса?

5 Мы памятаем, як у Эгіпце мы елі дарма рыбу, і агуркі, дыні, салат, цыбулю і часнык.

6 А цяпер душа нашая ссохла, нічога іншага ня бачаць вочы нашыя, апрача манны».

7 А манна была падобная да насеньня каляндры і мела выгляд як бдалах.

8 Людзі выходзілі і зьбіралі яе, і малолі ў жорнах або таўклі ў ступе і варылі ў гаршчках, і рабілі з яе аладкі; і смак іх быў падобны да аладак з алеем.

9 Калі ноччу раса ападала на табар, [адначасова] ападала і манна.

10 І пачуў Майсей, як народ плача сем’ямі сваімі, кожны каля ўваходу ў намёт свой. І вельмі ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА, і гэта кепскім [было] ў вачах Майсея.

11 І сказаў Майсей ГОСПАДУ: «Чаму Ты мучыш слугу Твайго? Чаму не магу я знайсьці ласкі ў вачах Тваіх? Чаму Ты ўсклаў на мяне цяжар усяго народу гэтага?

12 Ці ж з мяне пачаўся ўвесь народ гэты, або я нарадзіў яго, што Ты кажаш мне: “Насі яго на ўлоньні тваім, як носіць карміцелька дзіцятка, і [занясі] ў зямлю, якую запрысяг бацькам іхнім”?

13 Адкуль у мяне мяса, каб даць усяму народу гэтаму? З плачам [наракаюць] на мяне, кажучы: “Дай нам мяса, каб мы наеліся!”

14 Не магу я сам насіць увесь народ гэты, бо ён зацяжкі для мяне.

15 Калі Ты такім чынам робіш са мною, прашу, забі мяне, калі я знайшоў ласку ў вачах Тваіх, каб ня бачыў я няшчасьця майго!»

16 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Скліч Мне семдзясят чалавек спасярод старшыняў Ізраіля, пра якіх ты ведаеш, што яны паважаныя ў народзе і наглядаюць за ім, і прывядзі іх у Намёт Спатканьня, і няхай там яны стануць разам з табою.

17 А Я зыйду і буду гава­рыць з табою, і вазьму з духа, які на табе, і дам ім, каб яны разам з табою насілі цяжар народу, а ня толькі ты насіў [цяжар гэты].

18 А народу скажы: “Ачысьціцеся назаўтра і будзеце есьці мяса, бо вы плакалі на вачах ГОСПАДА, кажучы: ‘Хто дасьць нам есьці мяса? Добра было нам у Эгіпце’. І дасьць вам ГОСПАД мяса, і будзеце есьці,

19 і не адзін дзень будзеце есьці, і ня два або пяць, або дзе­сяць, або дваццаць,

20 але ўвесь месяц, аж пакуль вам ня выйдзе [мяса] праз ноздры вашыя і не абрыдзіць вам, бо вы адвярнуліся ад ГОСПАДА, Які сярод вас, і наракалі перад абліччам Ягоным, кажучы: ‘Навошта выйшлі мы з Эгіпту?’”»

21 І сказаў Майсей: «Шэсьцьсот тысячаў пешых у народзе гэтым, пасярод якога я [жыву], а Ты кажаш: “Я дам ім мяса, і будуць есьці цэлы месяц”?

22 Ці ж [усе] авечкі і валы будуць забітыя для іх, каб ім хапіла? Або ці ўсе рыбы ў моры будуць сабраныя для іх, каб ім хапіла?»

23 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Ці ж рука ГОСПАДА скарацілася? Цяпер убачыш, ці слова Маё споўніцца, ці не».

24 І выйшаў Майсей, і прамовіў да народу словы ГОСПАДА, і склікаў семдзясят старшыняў народу, і паставіў іх вакол Намёту.

25 І ГОСПАД зыйшоў у воблаку, і гаварыў з ім, і ўзяў з духа, які быў на [Майсею], і даў сямідзесяці старшыням. І сталася, што дух супачыў на іх, і яны прарочылі, і перасталі.

26 А два чалавекі засталіся ў табары, імя аднаго Эльдад, а другога — Мэдад. І на іх зыйшоў дух, бо былі яны пакліканыя, але не пайшлі ў Намёт. І яны прарочылі ў табары.

27 І прыбег юнак, і паведаміў Майсею, і сказаў: «Эльдад і Мэдад прарочаць у табары».

28 І адказаў Егошуа, сын Нуна, які ад юнацтва свайго быў на паслузе ў Майсея: «Гаспадару мой, Майсей, забарані ім!»

29 Але Майсей сказаў яму: «Ці не зайздросны ты замест мяне? Каб жа ўвесь народ так прарочыў, калі дасьць ім ГОСПАД Духа Свайго!»

30 І вярнуліся ў табар Майсей і старшыні Ізраіля.

31 І зыйшоў вецер ад ГОСПАДА, і прынёс ад мора перапёлак, і кінуў іх на табар з абодвух бакоў на дзень дарогі, і пакрылі яны аблічча зямлю на два локці [вышыні].

32 І ўстаў народ, і ўвесь той дзень і ўсю ноч, і ўвесь наступны дзень зьбіралі перапёлак; хто мала сабраў, прынёс ня менш дзесяці гомараў; і разлажылі іх навакол табару.

33 Яшчэ мяса было ў зубах іхніх і не было яшчэ зьедзена, калі ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць народу і ўдарыў ГОСПАД народ плягаю вельмі вялікай.

34 І назвалі імя таго месца Кіброт-Гатава, бо там пахавалі прагавіты народ.

35 З Кіброт-Гатавы выйшаў народ у Хацэрот і былі там.

 

Разьдзел 12

1 І гаварылі Мірыям і Аарон супраць Майсея з прычыны жанчыны Кушанкі, якую ён узяў за жонку,

2 і казалі: «Ці ж толькі да Майсея прамаўляў ГОСПАД? Ці таксама да нас Ён не прамаўляў?» І пачуў [гэта] ГОСПАД.

3 А Майсей быў чалавекам пакорным, больш за ўсіх людзей, якія на зямлі.

4 І сказаў раптам ГОСПАД да Майсея, і да Аарона, і да Мірыям: «Вы трох падыйдзіце да Намёту Спатканьня». І падыйшлі ўсе трое.

5 І ГОСПАД зыйшоў у слупе воблачным, і затрымаўся каля ўваходу ў Намёт, і паклікаў Аарона і Мірыям, і ўвайшлі яны абое.

6 І Ён сказаў [ім]: «Слухайце словы Мае. Калі бу­дзе ў вас прарок ГОСПАДА, Я аб’яўлюся яму ў відзежы, і ў снах буду прамаўляць да яго.

7 Ня так са слугой Маім Майсеем, ён — верны ў-ва ўсім доме Маім!

8 Вуснамі ў вусны Я прамаўляю да яго, і адкрыта, а не ў загадках, і ён бачыць ГОСПАДА! Дык чаму адважыліся вы прамаўляць супраць слугі Майго Майсея?»

9 І запалаў гнеў ГОСПАДА супраць іх, і Ён адыйшоў.

10 І воблака адыйшло ад Намёту. І вось, Мірыям сталася белая, як сьнег, ад праказы. І павярнуўся Аарон да Мірыям, і вось, яна пракажоная.

11 І сказаў Аарон Майсею: «Прашу, гаспадару мой, не карай нас за грэх, якога мы неразважна дапусьціліся і якім саграшылі.

12 Няхай ня будзе яна, як спарон, які напалову гнілы выходзіць з улоньня маці сваёй».

13 І клікаў Майсей да ГОСПАДА, кажучы: «Божа, прашу Цябе, аздараві яе!»

14 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Калі б бацька яе плюнуў ёй у твар, ці ня мусіла б яна сем дзён саромецца? Так мае яна на сем дзён быць па-за табарам, а потым вернецца».

15 І выдалена была Мірыям па-за табар на сем дзён, і народ не выходзіў [у дарогу], пакуль Мірыям не вярнулася.

16 Пасьля народ выйшаў з Хацэроту і стаў табарам у пустыні Паран.

 

Разьдзел 13

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Пашлі людзей, і яны выведаюць зямлю Ханаан, якую Я даю сынам Ізраіля, па адным з кожнага пакаленьня бацькоў іхніх, вышліце ўсіх князёў сярод іх».

3 І паслаў іх Майсей з пустыні Паран паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, а ўсе яны галовы сыноў Ізраіля.

4 Вось імёны іхнія: з пакаленьня Рубэна — Шамуа, сын Закура;

5 з пакаленьня Сымона — Шафат, сын Хоры;

6 з пакаленьня Юды — Халеў, сын Ефунны;

7 з пакаленьня Ісахара — Ігаль, сын Язэпа;

8 з пакаленьня Эфраіма — Ошэа, сын Нуна;

9 з пакаленьня Бэн’яміна — Пальты, сын Рафу;

10 з пакаленьня Завулёна — Гадыэль, сын Соды,

11 з пакаленьня Язэпа, пакаленьня Манасы — Гады, сын Сусі,

12 з пакаленьня Дана — Аміэль, сын Гемальлі,

13 з пакаленьня Асэра — Сэтур, сын Міхаэля,

14 з пакаленьня Нэфталі — Нахбі, сын Вафсі,

15 з пакаленьня Гада — Геўэль, сын Махі.

16 Гэта вось імёны мужчынаў, якіх паслаў Майсей для выведваньня зямлі [Ханаан]. І Ошэа, сына Нуна, назваў Майсей Егошуа.

17 І паслаў іх Майсей дзеля выведваньня зямлі Ханаан, і сказаў ім: «Ідзіце праз Нэгеў, і прыйдзеце ў горы,

18 і разгледзьце зямлю, якая яна, і народ, які жыве на ёй, ці моцны ён, ці кволы, ці нямногія лікам, ці шматлікія?

19 І якая зямля, на якой яны жывуць, ці добрая, ці ліхая? Якія гарады, у якіх яны жывуць, ці як табар, ці з мурамі?

20 І якая зямля, ці ўрадлівая, ці пустая, ці [ёсьць] там дрэвы, ці няма іх? Будзьце мужныя і прынясіце пладоў той зямлі». А былі тады дні дасьпяваньня вінаграду.

21 І яны пайшлі, і выведалі зямлю ад пустыні Сін аж па Рэхоб каля ўваходу ў Хамат.

22 І дайшлі да Нэгеву, а адтуль прыйшлі ў Хеўрон, дзе жылі Ахіман, Шэшай і Тальмай, нашчадкі Анака. А Хеўрон пабудаваны на сем гадоў раней, чым Цаан у Эгіпце.

23 І дайшлі яны аж да даліны Эшколь, там зрэзалі галінку з адной гронкай вінаграду, якую несьлі на жэрдцы два [чалавекі], узялі яблыкаў гранатовых і фігаў.

24 І назвалі месца тое далінай Эшколь, таму што адтуль сыны Ізраіля несьлі гронку [вінаграду].

25 І вярнуліся выведчыкі зямлі праз сорак дзён.

26 І ішлі, і прыйшлі да Майсея і Аарона, і да ўсёй грамады сыноў Ізраіля ў пустыню Паран, у Кадэш. І зьвярнулі словы да іх і да ўсёй грамады, і паказалі ім плады той зямлі.

27 І расказвалі ім, і сказалі: «Мы прыйшлі ў зямлю, у якую ты паслаў нас, якая сапраўды ацякае малаком і мёдам, і такія плады ейныя.

28 Але народ, які жыве на ёй, дужы, і гарады вельмі вялікія і ўмацаваныя. Бачылі мы там таксама нашчадкаў Анака.

29 Амалекцы жывуць у зямлі Нэгеў; Хеты, Евусэі і Амарэйцы жывуць у гарах, а Хананейцы жывуць каля мора і на беразе Ярдану».

30 І Халеў супакойваў [абу­рэньне] народу супраць Майсея, і казаў: «Пойдзем і здабудзем зямлю, бо мы [можам]авалодаць ёю».

31 А іншыя, якія хадзілі з ім, казалі: «Ня зможам мы ваяваць з тым народам, бо ён дужэйшы за нас».

32 І гаварылі ліхія весткі пра зямлю, якую аглядалі, паміж сыноў Ізраіля, кажучы: «Зямля, якую мы прайшлі, каб выведаць яе, пажырае жыхароў сваіх, а ўвесь народ, які мы бачылі ў ёй, — высокага росту.

33 Бачылі мы там нэфілімаў, сыноў Анака, з роду нэфілімаў, і ў вачах нашых мы былі як саранча, і такімі ж мы былі ў вачах іхніх».

 

Разьдзел 14

1 І ўстала ўся грамада, і ўзьняла голас свой, і плакаў народ у тую ноч,

2 і наракалі на Майсея і Аарона ўсе сыны Ізраіля, і ўся грамада казала: «Лепш, каб мы памерлі ў Эгіпце, або ў пустыні гэтай.

3 Навошта завёў нас ГОСПАД у зямлю гэтую, каб мы загінулі ад мяча, а жонкі нашыя і дзеці нашыя пайшлі ў палон? Ці ня лепш нам вярнуцца ў Эгіпет?»

4 І казалі адзін аднаму: «Паставім сабе правадыра і вернемся ў Эгіпет».

5 І ўпалі Майсей і Аарон на абліччы свае перад усёй царквою грамады сыноў Ізраіля.

6 А Егошуа, сын Нуна, і Халеў, сын Ефунны, якія [былі] сярод выведнікаў зямлі, разь­дзёрлі шаты свае

7 і сказалі ўсёй грамадзе сыноў Ізраіля, кажучы: «Зямля, якую мы абыйшлі, каб выве­даць яе, вельмі, вельмі добрая.

8 Калі ласкавы будзе ГОСПАД, Ён увядзе нас у зямлю гэтую і дасьць нам зямлю, якая ацякае малаком і мёдам.

9 Не бунтуйцеся супраць ГОСПАДА і ня бойцеся народу той зямлі, бо яны як хлеб для нас. Адыйшла абарона іхняя ад іх, а з намі ГОСПАД. Ня бойцеся іх».

10 І казала ўся грамада, каб закідаць іх камянямі, але над Намётам Спатканьня зьявілася слава ГОСПАДА перад усімі сынамі Ізраіля.

11 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Дакуль будзе зьнева­жаць Мяне народ гэты? Дакуль ня будзе ён верыць усім знакам, якія Я ўчыніў сярод іх?

12 Я наведаю яго пошасьцю і зьнішчу яго. А з цябе Я зраблю вялікі народ, мацнейшы за яго».

13 І сказаў Майсей ГОСПАДУ: «І пачуюць Эгіпцяне, ад якіх Ты вывеў народ гэты магутнасьцю Тваёй,

14 і скажуць жыхарам зямлі, якія чулі, што Ты, ГОСПА­ДЗЕ, пасярод народу гэтага, якому даеш бачыць Сябе вачамі, і воблака Тваё стаіць над імі, і Ты ідзеш перад імі ўдзень у слупе воблачным, а ўначы — у слупе вогненным.

15 Калі народ гэты выб’еш да апошняга чалавека, скажуць народы, якія пра гэта пачу­юць, кажучы:

16 “ГОСПАД ня змог увесьці народ у зямлю, якую ім запрысяг, дзеля таго Ён зьнішчыў іх у пустыні!”

17 А цяпер няхай праславіцца моц Госпада, як Ты прамовіў, кажучы:

18 “ГОСПАД павольны да гневу і бязьмежнай міласэрнасьці, Які прабачае правіны і беззаконьні і не пакідае без пакараньня, але карае беззаконьні бацькоў на сынах да трэцяга, а нават да чацьвёртага [пакаленьня]”.

19 Даруй, прашу, правіну народу гэтаму дзеля вялікай міласэрнасьці Тваёй, як Ты насіў народ гэты ад Эгіпту аж дасюль».

20 І сказаў ГОСПАД: «Я прабачаю паводле слова твайго.

21 Але, як Я жывы, слава ГОСПАДА напоўніць усю зямлю!

22 Усе людзі, якія бачылі славу Маю і знакі Мае, якія Я рабіў у Эгіпце і ў пустыні, але спакушалі Мяне ўжо дзесяць разоў і ня слухалі голасу Майго,

23 не пабачаць яны зямлі, якую Я абяцаў бацькам іхнім, і ніхто з тых, хто зьневажаў Мяне, ня ўбачыць яе.

24 Але слугу Майго Халева, бо ён напоўнены іншым духам, Я ўвяду ў тую зямлю, у якую ён ужо ўвайшоў, і насеньне ягонае авалодае ёю.

25 Няхай Амалек і Хананейцы жывуць у далінах. Заўтра выйдзеце [ў дарогу] і вернецеся ў пустыню ў накірунку Мора Чырвонага».

26 І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:

27 «Дакуль гэтая грамада ліхая будзе наракаць на Мяне? Я пачуў нараканьні сыноў Ізраіля, якімі яны наракаюць супраць Мяне.

28 Скажы ім: “Як жывы Я, кажа ГОСПАД. Як вы гаварылі, гэтак Я зраблю вам!

29 У гэтай пустыні папада­юць трупы вашыя! Усе палічаныя, якія наракалі на Мяне, ад дваццаці гадоў і вышэй, паводле падліку.

30 Ня ўвойдзеце вы ў зямлю, на якой Я, падымаючы руку Маю, запрысяг пасяліць вас, апрача Халева, сына Ефунны, і Егошуа, сына Нуна.

31 А дзяцей вашых, пра якіх вы казалі, што яны будуць здабычай, Я ўвяду, і яны авалодаюць зямлёю, якою вы ўзгардзілі.

32 А трупы вашыя будуць ляжаць у пустыні гэтай.

33 І сыны вашыя будуць блукаць у пустыні сорак гадоў і будуць насіць нявернасьць вашую, пакуль ня счэзнуць трупы вашыя ў пустыні.

34 Па ліку сарака дзён, на працягу якіх аглядалі вы зямлю, дзень [будзе залічаны] за год, сорак гадоў вы будзеце насіць беззаконьне вашае і даведаецеся, што такое, калі Я пакінуў вас.

35 Я, ГОСПАД, прамовіў і гэтак зраблю гэтай грамадзе ліхой, якая бунтуецца супраць Мяне. У гэтай пустыні вы загінеце і памрацё”».

36 І тыя людзі, якіх паслаў Майсей на выведваньне зямлі, і якія, вярнуўшыся, наракалі і схілілі ўсю грамаду да нараканьня, даючы ліхія весткі пра зямлю,

37 тыя, што разносілі ліхія весткі пра зямлю тую, памерлі раптоўна перад абліччам ГОСПАДА.

38 Але Егошуа, сын Нуна, і Халеў, сын Ефунны, засталіся жывымі з усіх тых людзей, якія хадзілі выведваць зямлю.

39 І прамовіў Майсей усе гэтыя словы да ўсіх сыноў Ізраіля, і народ вельмі засмуціўся.

40 І ўсталі яны раніцаю, і ўзыйшлі на вяршыню гары, кажучы: «Вось мы, і мы пойдзем на месца, пра якое казаў ГОСПАД, бо мы саграшылі».

41 І сказаў Майсей: «Навошта вы пераступаеце [слова] з вуснаў ГОСПАДА? Гэта ня будзе мець посьпеху.

42 Не ідзіце, бо няма ГОСПАДА з вамі, каб не пагінулі вы перад абліччам ворагаў вашых!

43 Бо Амалек і Хананейцы перад вамі, ад мяча іхняга вы пагінеце, бо вы адвярнуліся ад ГОСПАДА, і ня будзе з вамі ГОСПАДА».

44 Але яны вырашылі ўзыйсьці на вяршыню гары; а Каўчэг Запавету ГОСПАДА і Майсей ня выйшлі з табару.

45 І зыйшлі Амалекцы і Хананейцы, якія жылі на гары, і разьбілі іх, і гналі іх аж да Хармы.

 

Разьдзел 15

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі ўвойдзеце ў зямлю пражываньня вашага, якую Я даю вам,

3 і будзеце складаць ахвяры ГОСПАДУ, цэласпаленьні або ахвяры крывавыя, або як спаўненьне шлюбаваньняў, або дабраахвотныя, або пры ўрачыстасьцях вашых, каб прынесьці мілы пах ГОСПАДУ з валоў ці з авечак,

4 тады той, хто прыносіць дар ахвярны ГОСПАДУ, [прынясе] ў ахвяру хлебную адну дзясятую [эфы] пшанічнай мукі, запраўленай адной чацьвёртай гіну алею.

5 І віна як ахвяру вадкую дасьць разам з ахвярай цэласпаленьня або з ахвярай крывавай чацьвёртую частку гіну на кожнае ягня.

6 А разам з ахвярай з барана складзеш як ахвяру хлебную дзьве трэці [эфы] пшанічнай мукі, запраўленай адной трэцяй гіну алею,

7 і віна як ахвяру вадкую адну траціну гіну прынясеш на мілы пах ГОСПАДУ.

8 Калі складаеш у ахвяру цяля на цэласпаленьне або ў ахвяру крывавую як спаўненьне шлюбаваньня, або ў ахвяру мірную для ГОСПАДА,

9 дасі разам з цялём у ахвяру хлебную тры дзясятыя часткі [эфы] пшанічнай мукі, запраўленай паловай гіну алею,

10 а ў ахвяру вадкую дасі палову гіну віна. Гэта ахвяра агнявая на мілы пах ГОСПАДУ.

11 Так трэба рабіць пры кожнай ахвяры з цяляці, або барана, або ягняці як з авечак, так і з козаў.

12 Паводле ліку ахвяраў, якія вы складаеце, так рабіце пры кожнай, паводле лічбы іх.

13 Кожны тутэйшы так павінен рабіць гэта, складаючы ахвяру агнявую на мілы пах ГОСПАДУ.

14 А калі нейкі прыхадзень, які ў вас, або які [шмат] пакаленьняў сярод вас, складзе ахвяру агнявую на мілы пах ГОСПАДУ, павінен складаць яе, як і вы.

15 Пастанова царкоўная адна і для вас, і для прыхадняў у-ва ўсе пакаленьні вашыя; як вы, так і прыхадзень будзе перад абліччам ГОСПАДА.

16 Адзін закон і адзін суд будзе як для вас, так і для прыхадняў, якія жывуць у вас”».

17 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

18 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі вы прыйдзеце ў зямлю, у якую Я заводжу вас,

19 і калі будзеце есьці хлеб той зямлі, выдзяліце дар для ГОСПАДА.

20 Пяршыны цеста вашага печыва прынясіце як дар, як дар з току прынясіце яго.

21 Будзеце складаць пяршыны цеста вашага як дар для ГОСПАДА ў-ва ўсе пакаленьні вашыя.

22 Калі праз няведаньне вы ня споўніце ўсіх гэтых прыказаньняў, якія прамовіў ГОСПАД да Майсея,

23 таго ўсяго, што загадаў вам ГОСПАД праз Майсея, ад дня, у які ГОСПАД загадаў гэта, і праз усе пакаленьні вашыя,

24 і станецца, што перад вачыма грамады будзе зроблена гэта занядбаньне, павінна ўся грамада скласьці цяля ў ахвяру цэласпаленьня на мілы пах ГОСПАДУ, адпаведную ахвяру хлебную і ахвяру вадкую, і казла ў ахвяру за грэх.

25 І перамоліць сьвятар за ўсю грамаду сыноў Ізраіля, і бу­дзе ім адпушчана, бо было гэта зроблена па няведаньні, і яны прынесьлі свой дар ахвярны, ахвяру агнявую для ГОСПАДА, і ахвяру за грэх перад абліччам ГОСПАДА за занядбаньне сваё.

26 І будзе адпушчана ўсёй грамадзе сыноў Ізраіля і прыхадням, якія жывуць сярод іх, бо гэта занядбаньне ўсяго народу.

27 Калі адна душа саграшыць занядбаньнем, няхай прынясе аднагадовую казу ў ахвяру за грэх.

28 І сьвятар перапросіць за душу, якая праз занядбаньне саграшыла перад абліччам ГОСПАДА, і будзе за яе перапрошана, і будзе адпушчана ёй.

29 Адзін закон будзе для ўсіх, як для тутэйшых спасярод сыноў Ізраіля, так і для прыхадняў, якія жывуць сярод вас, адносна таго, што рабіць пры занядбаньні.

30 А калі душа з тутэйшых або з прыхадняў зробіць з узьнятай рукой зьнявагу ГОСПАДУ, будзе вынішчана душа тая спаміж народу свайго,

31 бо яна пагардзіла словам ГОСПАДА і парушыла прыказаньне Ягонае. Такая душа будзе вынішчаная, і беззаконьне ейнае [будзе] на ёй”».

32 І былі сыны Ізраіля ў пустыні, і знайшлі яны чалавека, які зьбіраў дровы ў дзень суботы.

33 І прывялі яго тыя, кія знайшлі яго, да Майсея і Аарона, і да ўсёй грамады.

34 Яны пакінулі яго пад вартай, бо ня ведалі, што з ім зрабіць.

35 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Гэты чалавек сьмерцю памрэ. Няхай уся грамада ўкамянуе яго па-за табарам».

36 І вывела яго ўся грамада па-за табар, і ўкаменавалі яго, як загадаў ГОСПАД Майсею, і ён памёр.

37 І сказаў ГОСПАД Майсею, кажучы:

38 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім, каб яны зрабілі сабе фрэнзьлі на краях шатаў сваіх і нашчадкаў сваіх і ўклалі ў іх ніткі з блакіту.

39 І будзе, калі ўбачыце фрэнзлі вашыя, узгадаеце ўсе прыказаньні ГОСПАДА, каб выканаць іх і каб не ісьці вам за [пажаданьнямі] сэрца вашага і вачэй вашых, якія валакуць вас у распуснасьць,

40 каб вы памяталі і каб выконвалі ўсе прыказаньні Мае, і будзеце сьвятымі перад Богам вашым.

41 Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб быць Богам вашым. Я — ГОСПАД, Бог ваш!»

 

Разьдзел 16

1 І ўзяліся Карах, сын Іцгара, сына Кегата, сына Левія, і Датан і Абірам, сыны Эліява, і Он, сын Пэлета, з сыноў Рубэна,

2 і паўсталі перад абліччам Майсея, і [з імі] мужы з сыноў Ізраіля, дзьвесьце пяцьдзясят [чалавек], начальнікі грамады, прадстаўнікі народу, лю­дзі слаўныя.

3 І выступілі яны супраць Майсея і супраць Аарона, і сказалі ім: «Досыць вам, бо ўся грамада, усе — сьвятыя, і пасярод іх ёсьць ГОСПАД. Дык чаму вы ставіце сябе вышэй царквы ГОСПАДА?»

4 І пачуў [гэта] Майсей, і ўпаў на аблічча сваё.

5 І прамовіў да Караха і да ўсёй грамады, кажучы: «Заўтра пакажа ГОСПАД, хто да Яго [належыць], і хто сьвяты, і каго наблізіць да Сябе; і каго Ён выбраў, таго Ён наблізіць да Сябе.

6 Вось што зрабіце. Няхай Карах і ўся грамада ягоная возьмуць кадзільніцы свае,

7 і няхай у іх укладуць агонь, і заўтра пакладуць у іх кадзіла перад абліччам ГОСПАДА, і каго выбярэ ГОСПАД, той сьвяты. Досыць вам, сыны Левія».

8 І сказаў Майсей Караху: «Слухайце, сыны Левія!

9 Ці мала вам, што Бог Ізраіля аддзяліў вас ад грамады Ізраіля, і выбраў вас Сабе, каб вы служылі Яму ў Сялібе ГОСПАДА, і каб стаялі перад абліччам грамады, паслугуючы [Госпаду]?

10 І Ён даў наблізіцца да Сябе табе і ўсім братам тваім, сынам Левія. А вы дамагаецеся яшчэ сьвятарства?

11 Навошта ты і ўся грамада твая злучыліся супраць ГОСПАДА? Хто такі Аарон, што вы наракаеце супраць яго?»

12 І паслаў Майсей паклікаць Датана і Абірама, сыноў Эліява, але яны сказалі: «Ня пойдзем!

13 Ці мала табе, што ты вывеў нас з зямлі, якая ацякае малаком і мёдам, каб выгубіць нас у пустыні, і яшчэ хочаш панаваць над намі?

14 Але ж ты ня ўвёў нас у зямлю, якая ацякае малаком і мёдам, і ня даў нам на ўласнасьць палёў і вінаграднікаў! Хочаш вочы людзей засьляпіць? Ня пойдзем!»

15 І надта разгневаўся Майсей, і сказаў ГОСПАДУ: «Не прыймай ахвяры іхняй! У ніводнага з іх я ня ўзяў нават асла, і нікога з іх я не пакрыўдзіў».

16 І сказаў Майсей Караху: «Заўтра ты і ўся грамада твая няхай стане перад абліччам ГОСПАДА, ты з імі, і Аарон асобна.

17 І няхай возьме кожны ка­дзільніцу сваю і пакладзе ў іх кадзіла, і прынясе перад аблічча ГОСПАДА кожны кадзільніцу сваю, дзьвесьце пяцьдзясят кадзільніцаў; і ты, і Аарон кожны кадзільніцу сваю».

18 І кожны ўзяў кадзільніцу сваю, уклаў у яе агонь, і насыпаў кадзіла, і сталі яны каля ўваходу ў Намёт Спатканьня, [сталі] таксама Майсей і Аарон.

19 І сабраў Карах суп­раць іх усю грамаду каля ўваходу ў Намёт Спатканьня. І зьявілася ўсёй грамадзе слава ГОСПАДА.

20 І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:

21 «Адлучыцеся ад грамады гэтай, Я іх зьнішчу ў момант».

22 І яны ўпалі на абліччы свае, і сказалі: «Божа, Божа, Які [даеш] дух усякаму целу, ці будзеш гневацца на ўсю грамаду, калі [толькі] адзін чалавек саграшыў?»

23 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

24 «Прамоў да грамады, кажучы: “Адыйдзіце ад жытлаў Караха, Датана і Абірама”».

25 І ўстаў Майсей, і пайшоў да Датана і Абірама, і старшыні Ізраіля пайшлі за ім.

26 І прамовіў ён да грамады, кажучы: «Адыйдзіце ад намётаў гэтых бязбожных людзей! І не дакранайцеся нічога, што да іх [належыць], каб вы не пагінулі праз усе грахі іхнія!»

27 І адыйшліся [ўсе] ад сялібаў Караха, Датана і Абірама. А Датан і Абірам выйшлі і сталі перад уваходам у намёты свае разам з жонкамі сваімі, сынамі і малымі дзецьмі.

28 І сказаў Майсей: «З гэтага даведаецеся, што ГОСПАД паслаў мяне, каб чыніў усе гэтыя справы і што гэта не з майго сэрца [выйшла].

29 Калі гэтыя людзі памруць, як усе людзі паміраюць, і калі лёс іхні будзе такі, які і ў кожнага чалавека, ГОСПАД не паслаў мяне.

30 А калі ГОСПАД ство­рыць незвычайнае, і зямля разявіць пашчу сваю, і праглыне іх і ўсё, што да іх [належыць], і жывыя трапяць яны ў адхлань, ведайце, што яны зьневажалі ГОСПАДА».

31 І сталася, калі ён скончыў прамаўляць слова, расчынілася зямля пад нагамі іхнімі,

32 і разявіла зямля пашчу сваю, і праглынула іх, і дамы іхнія, і ўсіх людзей, якія з Карахам, і ўсю маёмасьць іхнюю.

33 І так жывыя трапілі яны і ўсё, што ў іх, у адхлань, і зямля накрыла іх, і [так] былі яны вынішчаныя спаміж царквы.

34 А ўсе Ізраільцяне, якія стаялі навокал, [пачуўшы]крык іхні, паўцякалі, кажучы: «Каб і нас зямля не праглынула».

35 І выйшаў агонь ад ГОСПАДА, і спаліў дзьвесьце пяцьдзясят чалавек, якія ахвяроўвалі кадзіла.

36 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

37 «Скажы Элеазару, сыну Аарона сьвятара, каб сабраў з пажарышча кадзільніцы, а агонь з іх няхай выкіне далёка, бо яны асьвячоныя.

38 А з кадзільніцаў тых, якія саграшылі супраць душаў сваіх, няхай зробяць тонкія бляхі на пакрыцьцё ахвярніка, бо іх прынесьлі перад аблічча ГОСПАДА, і яны асьвячоныя, і будуць яны знакам для сыноў Ізраіля».

39 І ўзяў Элеазар сьвятар ка­дзільніцы мядзяныя, якія прынесьлі тыя, што былі спалены, і перарабілі іх [на бляху] на пакрыцьцё ахвярніка,

40 як напамін для сыноў Ізраіля, каб ніхто чужы, які не [належыць] да насеньня Ааро­на, не прыносіў кадзіла перад аб­лічча ГОСПАДА і ня стала­ся з ім тое, што з Карахам і супольнікамі ягонымі, як прамо­віў да яго ГОСПАД праз Майсея.

41 Назаўтра ўся грамада сыноў Ізраіля наракала на Майсея і Аарона, кажучы: «Вы забілі народ ГОСПАДАЎ».

42 І сталася, калі сабралася грамада супраць Майсея і Аарона, яны накіраваліся да Намёту Спатканьня. І вось, воблака ахутала [Намёт], і зьявілася слава ГОСПАДА.

43 І прыйшлі Майсей і Аарон перад Намёт Спатканьня.

44 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

45 «Адыйдзіцеся ад грамады гэтай, і Я зьнішчу іх у момант». А яны ўпалі на абліччы свае.

46 І сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі кадзільніцу і ўлажы ў яе агонь з ахвярніка, улажы кадзіла, і пабяжы хутка да грамады, і перамольвай за яе, бо ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА і пачалася пляга».

47 І зрабіў Аарон, як сказаў Майсей, і прыбег да царквы, і вось, ужо пачалася пляга сярод народу. І ён палажыў кадзіла, і перамольваў за народ.

48 І ён стаў паміж памёршымі і жывымі, і пляга спынілася.

49 А тых, што згінула ад плягі гэтай, было чатырнаццаць тысячаў семсот, апрача памёршых з прычыны Караха.

50 І вярнуўся Аарон да Майсея да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і спынілася пляга.

 

Разьдзел 17

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Прамоў да сыноў Ізраіля і вазьмі ад іх па кію, кій паводле дому бацькоў іхніх, ад усіх князёў паводле дому бацькоў іхніх, дванаццаць кіёў. Імя кожнага напішы на кіі ягоным.

3 А на кіі Левія напішы імя Аарона, бо [павінна быць] па адным кіі на князя дому бацькоў сваіх.

4 І палажы іх у Намёце Спатканьня перад [Каўчэгам] Сьведчаньня, дзе Я сустракаюся з табою.

5 І станецца, што каго з іх Я абяру, таго кій заквітнее, і Я спыню [нараканьні] сыноў Ізраіля супраць Мяне, якімі яны наракаюць вам».

6 І прамовіў Майсей да сыноў Ізраіля, і далі яму ўсе князі кіі ад князя дому бацькоў сваіх, адзін кій ад князя, дванаццаць кіёў, і кій Аарона паміж іх.

7 Гэтыя кіі палажыў Майсей перад абліччам ГОСПАДА ў Намёце Спатканьня.

8 І сталася назаўтра, і ўвайшоў Майсей у Намёт Спатканьня, і вось, заквітнеў кій Аарона з дому Левія, і выпусьціў пупышкі, закрасаваў і вырасьлі сьпелыя мігдалы.

9 І вынес Майсей ад аблічча ГОСПАДА ўсе кіі да ўсіх сыноў Ізраіля, і яны ўбачылі, і кожны ўзяў кій свой.

10 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Кій Аарона палажы назад перад [Каўчэгам] Сьведчаньня, каб захаваўся як знак суп­раць сыноў бунту і каб спыніліся нараканьні супраць Мяне, і яны не памруць».

11 І зрабіў Майсей, як загадаў яму ГОСПАД, так і зрабіў.

12 І сказалі сыны Ізраіля Майсею, кажучы: «Вось, мы гінем, паміраем, усе паміраем!

13 Усе, хто набліжаюцца да Сялібы ГОСПАДА, паміраюць. Ці ж мы, паміраючы, будзем вынішчаны?»

 

Разьдзел 18

1 І сказаў ГОСПАД Аарону: «Ты і сыны твае, і дом бацькі твайго з табой будзеце насіць [віну за] беззаконьні адносна Сялібы. Ты і сыны твае будзеце насіць [віну за] беззаконьні адносна сьвятарства вашага.

2 Таксама браты твае, пакаленьне Левія, племя бацькі твайго, няхай наблізяцца да цябе і дапамагаюць табе; а ты і сыны твае з табою будзеце пры Намёце Спатканьня.

3 І будуць яны захоўваць тое, што патрэбнае для цябе і для Сялібы, але да сьвятых рэчаў і да ахвярніка ня будуць яны набліжацца, каб не памерлі ані яны, ані вы.

4 І будуць яны пры табе і будуць захоўваць усё адносна Намёту Спатканьня, усю службу пры Сялібе, але ніводзін чужынец ня будзе набліжацца да вас.

5 І вы будзеце захоўваць службу пры сьвятыні і пры ахвярніку, каб не было больш гневу на сыноў Ізраіля.

6 Вось, Я ўзяў братоў вашых, лявітаў, спасярод сыноў Ізраіля і даў іх як дар ГОСПАДУ, каб яны выконвалі служэньне ў Намёце Спатканьня.

7 А ты і сыны твае з табою будзеце захоўваць сьвятарства вашае і ўсё, што належыць да ахвярніка і месца за заслонай. Я даю вам як дар сьвятарства вашае, а калі чужынец наблізіцца [да яго], памрэ».

8 І прамовіў ГОСПАД да Аарона: «Вось, Я даю табе нагляд за дарамі Маімі. Усе дары, якія пасьвячаюць [Мне] сыны Ізраіля, Я даю табе і сынам тваім за служэньне [сьвятарскае] як пастанову вечную.

9 Гэта будзе табе са сьвятога сьвятых, з ахвяраў агнявых: [возьмеш] кожны дар ахвярны, ахвяру хлебную, ахвяру за грэх і ахвяру аднагараджэньня, якія Мне прыносяць; як сьвятое сьвятых [будуць] яны для цябе і для сыноў тваіх.

10 У Сьвятым Сьвятых бу­дзеш іх есьці; кожны мужчына можа есьці гэта, бо гэта сьвятыня для цябе.

11 А ўсе дары ахвярныя, якія патрэсваюць, [складаючы], сыны Ізраіля, Я даю табе, і сынам тваім, і дочкам тваім як пастанову вечную; кожны чысты ў доме тваім будзе есьці іх.

12 Табе Я даю ўсю тлус­тасьць алею, і ўсю тлустасьць віна і збожжа, якое сыны Ізраіля прыносяць ГОСПАДУ як першыя плады.

13 І пяршыны, якія яны прыносяць ГОСПАДУ з усёй зямлі іхняй, будуць твае. Кожны чысты ў доме тваім, будзе есьці іх.

14 Усё, што пад закляцьцем у Ізраілі, будзе тваім.

15 Усе першародныя ўлоньня кожнага цела, якія прыносяцца ГОСПАДУ, ці з людзей, ці з жывёлы, будуць тваімі. Але людзей першародных і кожнай жывёлы, якая нячыстая, выкупіш, выкупляючы.

16 Выкупіш іх праз месяц пасьля нараджэньня за пяць сыкляў срэбра паводле сыклю сьвятыні; сыкль мае дваццаць гераў.

17 Першародных каровы, першародных авечкі і першародных казы ня будзеш выкупляць, бо яны сьвятыя. Кроў іхнюю выльеш на ахвярнік, а тлушч іхні спаліш у агні на мілы пах ГОСПАДУ.

18 Мяса іхняе будзе тваім, таксама грудзіна патрасаная і правая лапатка будуць тваімі.

19 Усе дары сьвятыя, якія прыносяць сыны Ізраіля ГОСПАДУ, Я даю табе, і сынам тваім, і дочкам тваім з табою як пастанову вечную. Гэта вечны запавет солі перад абліччам ГОСПАДА для цябе і насеньня твайго з табою».

20 І сказаў ГОСПАД Аарону: «У зямлі іхняй ня будзеш мець спадчыны і ня будзеш мець між імі часткі [зямлі]. Я — частка твая і спадчына твая між сынамі Ізраіля.

21 Вось, сынам Левія Я даю як спадчыну ўсе дзесяціны ў Ізраілі за служэньне, якое яны выконваюць у Намёце Спатканьня.

22 А сыны Ізраіля ня бу­дуць больш набліжацца да Намёту Спатканьня, каб не ўчыніць грэху, [які вядзе] да сьмерці.

23 [Толькі] лявіты будуць выконваць служэньне ў Намёце Спатканьня, і яны самі бу­дуць несьці правіну сваю. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых. І ня бу­дуць [лявіты] мець спадчыны між сынамі Ізраіля,

24 бо Я даў лявітам у спадчыну дзесяціны, якія сыны Ізраіля ахвяроўваюць ГОСПАДУ. Дзеля таго Я сказаў ім: “Між сыноў Ізраіля ня будзеце вы мець спадчыны”».

25 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

26 «Прамоў да лявітаў і скажы ім: “Калі вы атрымаеце дзесяціны ад сыноў Ізраіля, якія Я даў вам у спадчыну, дзесяціну з дзесяціны маеце прынесьці ў дар ГОСПАДУ.

27 І будзе гэта вам залічана як дар ад збожжа з току або ад таго, што напаўняе тоўчню.

28 І вы таксама павінны складаць ахвяры ГОСПАДУ з усіх дзесяцінаў вашых, якія вы атрымліваеце ад сыноў Ізраіля; прынясіце іх ГОСПАДУ і [дайце] Аарону сьвятару як дар.

29 З усяго, што атрымліваеце, прыносьце ўсялякія дары ГОСПАДУ, і з усяго найлепшага як сьвятой часткі гэтага”.

30 І скажы ім: “Калі вы зложыце [з дзесяцінаў] у ахвяру тлустасьць [дароў], гэта будзе вам залічана як ахвяра з току і ахвяра з тоўчні.

31 І будзеце гэта есьці на кожным месцы вы і дом ваш, бо гэта плата за службу вашую ў Намёце Спатканьня.

32 І вы не панясеце на сабе грэху, калі ахвяруеце тлустасьць іхнюю, і не зьняважыце сьвятых дароў Ізраіля, і не памрацё”».

 

Разьдзел 19

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:

2 «Вось пастанова Закону, якую загадаў ГОСПАД. Прамоў да сыноў Ізраіля, і няхай яны прывядуць да цябе рудую карову без заганы, на якую яшчэ не было ўскладанае ярмо.

3 І аддасьцё яе Элеазару сьвятару, і ён выведзе яе па-за табар, і заб’іцё яе перад абліччам ягоным.

4 І Элеазар сьвятар памо­чыць палец свой у крыві ейнай, і пакропіць сем разоў крывёю ейнай пярэдні бок Намёту Спатканьня.

5 І спаляць карову гэтую перад вачыма ягонымі, і скуру ейную, і кроў ейную, і нячыстасьць ейную спаляць.

6 І возьме сьвятар дрэва кедровае, гізоп і ніткі кармазыновыя, і кіне ў нутро каровы, якая гарыць у агні.

7 І памые сьвятар шаты свае, і абмые цела сваё ў вадзе, і ўвойдзе ён у табар, і будзе нячысты сьвятар аж да вечара.

8 І той, хто спальваў карову, памые шаты свае ў вадзе, і абмые цела сваё ў вадзе, і нячысты будзе ён аж да вечара.

9 І зьбярэ чалавек чысты попел каровы, і высыпе па-за табарам у месцы чыстым, і ён будзе для грамады сыноў Ізраіля захаваны для [прыгатаваньня] вады ачышчэньня. Гэта [ахвяра] за грэх.

10 Той, хто зьбіраў попел каровы, вымые адзеньне сваё і будзе нячысты аж да вечара. Гэта пастанова вечная як для сыноў Ізраіля, так і для прыхадняў, якія ў іх жывуць.

11 Хто дакранецца нябожчыка, будзе нячысты сем дзён.

12 Павінен ён [вадой з попелу каровы] ачысьціцца ў трэці і сёмы дзень, і будзе чысты. Калі ў трэці дзень і ў сёмы дзень ня будзе ачышчаны, ня будзе чысты.

13 Кожны, хто дакрануўся нябожчыка і не ачысьціўся, ро­біць нячыстай Сялібу ГОСПАДА; будзе вынішчана душа тая з Ізраіля, бо вада ачышчэньня не пакрапіла яго, і ён будзе нячысты, і нячыстасьць ягоная застанецца на ім.

14 Гэта закон адносна чалавека, які памёр у намёце. Кожны, хто ўвойдзе ў гэты намёт, і кожны, хто ў ім знаходзіцца, будзе нячысты сем дзён.

15 І кожная пасудзіна адкрытая, якая ня мае накрыўкі, прымацаванай на шнурку, будзе нячыстай.

16 І кожны, хто на абліччы поля дакранецца або забітага мячом, або памёршага, або костак людзкіх, або магілы, будзе нячысты сем дзён.

17 І возьмуць для нячыстага попел той спаленай [ахвяры] за грэх і нальюць на яго жывой вады ў посуд.

18 І чалавек чысты возьме гізоп, і памочыць яго ў вадзе, і пакропіць намёт, і ўвесь посуд, і людзей, якія былі ў ім, і таго, хто дакрануўся костак, або забітага, або памёршага, або магілы.

19 І пакропіць чалавек чысты таго, хто нячысты, у трэці і сёмы дзень, і ачысьціць яго ў сёмы дзень. Чалавек [нячысты] памые адзеньне сваё і абмые сябе ў вадзе, і вечарам будзе чысты.

20 Але калі той, хто нячысты, ня будзе ачышчаны, бу­дзе зьнішчана душа яго спаміж царквы, бо ён зрабіў нячыстай Сялібу ГОСПАДА; вадою ачышчэньня ён не абмыты, ён нячысты.

21 Гэта будзе для вас пастанова вечная. І той, хто кропіць вадой ачышчэньня, вымые адзеньне сваё; і той, хто дакранецца вады ачышчэньня, нячысты будзе аж да вечара.

22 І ўсё, да чаго дакранецца нячысты, і душа, якая яго дакранецца, будзе нячыстай аж да вечара».

 

Разьдзел 20

1 І прыйшлі ў першы месяц сыны Ізраіля, уся грамада, у пустыню Сін, і затрымаўся народ у Кадэшы. Там памерла Мірыям, і там была пахаваная.

2 І не было вады для грамады, і зграмадзіліся яны супраць Майсея і Аарона.

3 І спрачаўся народ з Майсеем, і яны казалі: «Лепш, каб мы загінулі, калі загінулі браты нашыя перад абліччам ГОСПАДА!

4 Навошта вывелі вы царкву ГОСПАДА ў пустыню гэтую, каб там загінулі мы і жывёла нашая?

5 Навошта вы нас вывелі з Эгіпту, каб завесьці нас у гэтае месца ліхое, дзе сеяць нельга, дзе дрэва фігавае не расьце, ані вінаград, ані дрэвы гранатовыя, і вады няма для піцьця?»

6 І Майсей і Аарон адыйшлі ад аблічча царквы да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і ўпалі на абліччы свае. І зьявілася слава ГОСПАДА над імі.

7 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

8 «Вазьмі кій і зьбярыце грамаду, ты і Аарон, брат твой, і прамоўце да скалы перад вачыма іхнімі, і яна дасьць ваду. І ты выведзеш ваду са скалы, і напоіш грамаду і жывёлу ейную».

9 І ўзяў Майсей кій спрад аблічча ГОСПАДА, як [Госпад] загадаў яму.

10 І Майсей і Аарон сабралі царкву перад скалою, і сказаў [Майсей]: «Слухайце, бунтаўнікі! Ці зможам мы з гэтай скалы вывесьці ваду для вас?»

11 І падняў Майсей руку сваю, і ўдарыў скалу кіем сваім два разы. І выцякла шмат вады, і напілася грамада і жывёла іх.

12 І сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону: «За тое, што вы не паверылі Мне, каб выявіць сьвятасьць Маю перад вачыма сыноў Ізраіля, вы не ўвядзіцё царкву гэтую ў зямлю, якую Я даў ім».

13 Гэта вось вада Мэрывы, дзе спрачаліся сыны Ізраіля суп­раць ГОСПАДА і дзе Ён выявіў сьвятасьць Сваю перад імі.

14 І паслаў Майсей з Кадэшу паслоў да валадара Эдому, каб яны сказалі: «Я — брат твой, Ізраіль: Ты ведаеш усе беды, якія спаткалі нас.

15 І зыйшлі бацькі нашыя ў Эгіпет, і жылі ў Эгіпце шмат дзён, і Эгіпцяне крыўдзілі нас і бацькоў нашых,

16 і мы клікалі да ГОСПАДА, і Ён выслухаў голас наш, і паслаў анёла, і вывеў нас з Эгіпту. І вось, мы ў горадзе Кадэшы, на мяжы тваёй.

17 Просім, дазволь прайсьці праз зямлю тваю. Ня пой­дзем мы праз палі і вінаграднікі і ня будзем піць вады са студняў. Мы пойдзем шляхам валадарскім, не адхіляючыся ані направа, ані налева, пакуль не мінем межаў тваіх».

18 І сказаў ім Эдом: «Ня пройдзеш праз мяне, бо я з мячом выйду насустрач табе».

19 І сказалі яму сыны Ізраіля: «Мы пойдзем бітаю дарогай, а калі будзем піць ваду тваю, мы і жывёла наша, заплацім. Нічога не жадаем, толькі прайсьці пехатою».

20 І сказаў [Эдом]: «Ня пройдзеце!» І выйшаў Эдом супраць іх з народам шматлікім і рукою моцнаю.

21 І забараніў Эдом Ізраілю пераходзіць межы свае, і Ізраіль адыйшоў у бок ад яго.

22 І вырушылі з Кадэшу, і прыйшлі сыны Ізраіля, уся грамада, пад гару Гор.

23 І сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону каля гары Гор, якая на мяжы зямлі Эдому, кажучы:

24 «Аарон будзе далучаны да народу свайго, бо ён ня ўвойдзе ў зямлю, якую Я дам сынам Ізраіля, таму што вы супрацівіліся [слову] з вуснаў Маіх ля водаў Мэрывы.

25 Вазьмі Аарона і Элеазара, сына ягонага, і завядзі іх на гару Гор.

26 Здымі з Аарона адзеньне ягонае, і апрані ў яго Элеазара, сына ягонага, і Аарон няхай далучыцца [да народу свайго], і памрэ там».

27 І зрабіў Майсей, як загадаў ГОСПАД. І ўзыйшлі яны на гару Гор на вачах усёй грамады.

28 І зьняў Майсей з Аарона адзеньне ягонае, і апрануў у яго Элеазара, сына ягонага. І памёр Аарон там на вяршыні гары, а Майсей і Элеазар зыйшлі з гары.

29 І ўбачыла ўся грамада, што памёр Аарон, і плакаў увесь дом Ізраіля па Аароне трыццаць дзён.

 

Разьдзел 21

1 І пачуў валадар Араду, Хананеец, які жыў у Нэгеве, што Ізраільцяне ідуць шляхам ад Атарыму, і напаў ён на Ізраіля, і ўзяў палонных.

2 І шлюбаваў Ізраіль ГОСПАДУ, і сказаў: «Калі Ты, выдаючы, выдасі народ гэты ў рукі нашыя, мы паложым закляцьце на гарады ягоныя».

3 І выслухаў ГОСПАД голас Ізраіля, і выдаў яму Хананейцаў, і яны палажылі закляцьце на іх і на гарады іхнія, і назвалі імя месцу гэтаму Харма.

4 І выйшлі яны ад гары Гор шляхам да Мора Чырвонага, каб абыйсьці зямлю Эдом. І ў часе дарогі душа народу страціла цярплівасьць.

5 І гаварыў народ супраць Бога і супраць Майсея: «Навошта вы вывелі нас з Эгіпту, каб мы памерлі ў пустыні? Няма хлеба, няма вады. І душы нашай абрыд гэты марны хлеб».

6 І паслаў ГОСПАД на народ палючых зьмеяў, і яны кусалі народ, і памерла шмат народу ў Ізраілі.

7 І прыйшоў народ да Майсея, і сказаў: «Саграшылі мы, бо гаварылі супраць ГОСПАДА і супраць цябе. Маліся да ГОСПАДА, каб забраў Ён ад нас гэтых зьмеяў». І маліўся Майсей за народ.

8 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Зрабі [зьмея] палючага і падымі яго як сьцяг. Кожны ўкушаны, калі гляне на яго, будзе жыць».

9 І зрабіў Майсей зьмея мядзянага, і ўзьняў яго як сьцяг, і сталася, што калі зьмей укусіў чалавека, а ён глянуў на зьмея мядзянага, дык заставаўся жыць.

10 І выйшлі [ў дарогу] сыны Із­раіля, і сталі табарам у Абоце.

11 І выйшлі з Аботу, і сталі табарам пад Іе-Абарымам у пустыні, якая на ўсход ад Мааву.

12 Адтуль выйшлі і сталі табарам каля ручая Зарэд.

13 Адтуль выйшлі і сталі табарам за [ракою] Арнон, якая цячэ праз пустыню з межаў Амарэйцаў, бо Арнон — мяжа між Мааўлянамі і Амарэйцамі.

14 Таму сказана ў Кнізе войнаў ГОСПАДА: «Вагэў каля Суфа і ручаёў Арнону.

15 Схіл ручаёў сягае аж да мясцовасьці Ар і прылягае аж да межаў Мааву».

16 Адтуль [рушылі] ў Бээр. Гэта тая студня, пра якую сказаў ГОСПАД Майсею: «Зьбяры народ, і Я дам яму вады».

17 Тады засьпяваў Ізраіль гэты сьпеў: «Напаўняйся, студня, сьпявайце пра яе!

18 Студня, якую выкапалі князі, начальнікі народу капалі скіпетрамі і кіямі сваімі». З пустыні яны [вырушылі] ў Матану,

19 з Матаны — у Нахаліэль, з Нахаліэлю — у Бамот,

20 з Бамоту — у лагчыну, якая на полі Мааву, каля вяршыні гары Пісга, што ўзвышаецца перад абліччам [зямлі] бязьлюднай.

21 І паслаў Ізраіль пасланцоў да Сыгона, валадара Амарэйцаў, кажучы:

22 «Дазволь мне прайсьці праз зямлю тваю; ня збочым мы на палі і на вінаграднікі, ня будзем піць са студняў, пойдзем шляхам валадарскім, пакуль ня пройдзем межы твае».

23 Але Сыгон не дазволіў Ізраілю прайсьці праз межы свае, і сабраў Сыгон увесь народ свой, і пераняў Ізраіля ў пустыні, і прыйшоў у Ягцу, і напаў на Ізраіля.

24 І перамог яго Ізраіль вострывам мяча, і заняў зямлю ягоную ад Арнону аж да Ябоку, аж да [зямлі] сыноў Амона, бо моцнымі былі межы сыноў Амона.

25 І авалодаў Ізраіль усімі гарадамі тымі, і абжыўся Ізраіль у гарадах Амарэйцаў, у Хешбоне і ў-ва ўсіх ваколіцах ягоных.

26 Хешбон [быў] горадам Сыгона, валадара Амарэйцаў, які ваяваў з папярэднім валадаром Мааву і забраў з рукі ягонай усю зямлю аж да Арнону.

27 Таму гаворыцца ў прыказцы: «Ідзіце ў Хешбон! Няхай будзе адбудаваны і ўмацаваны горад Сыгона!

28 Бо агонь выйшаў з Хешбону, полымя з гораду Сыгона, спаліў Ар-Мааў і ўладароў узгорышчаў Арнону.

29 Гора табе, Мааў; прапаў ты, народ Хамоша! Змусіў ён сыноў тваіх да ўцёкаў, а дочак тваіх [аддаў] у палон Сыгону, валадару Амарэйцаў.

30 Пусьцілі мы [стрэлы] ў іх, загінуў Хешбон аж да Дыбону. Зьнішчылі мы [ўсё] аж да Нофы і аж да Мэдэвы».

31 І абжыўся Ізраіль у зямлі Амарэйцаў.

32 І паслаў Майсей выведчыкаў у Язэр. І яны здабылі яго і ваколіцы ягоныя, і выгналі Амарэйцаў, якія [былі] там.

33 І яны павярнулі, і пайшлі па шляху ў Башан. І выйшаў Ог, валадар Башану, насустрач ім на бітву з усім народам сваім у Эдрэі.

34 І ГОСПАД сказаў Майсею: «Ня бойся яго, бо Я аддаў у рукі твае яго і ўвесь народ ягоны, і зямлю ягоную, і ты зробіш з ім так, як зрабіў з Сыгонам, валадаром Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне».

35 І яны пабілі яго і сыноў ягоных, і ўвесь народ ягоны, аж нікога не засталося з іх, і авалодалі зямлёй ягонай.

 

Разьдзел 22

1 І выйшлі сыны Ізраіля, і сталі табарам на раўнінах Мааву на другім баку Ярдану, насупраць Ерыхону.

2 І ўбачыў Балак, сын Цыпора, усё, што зрабіў Ізраіль Амарэйцам.

3 І Мааў вельмі спалохаўся гэтага народу, бо ён быў шматлікі, і баяўся Мааў сыноў Ізраіля.

4 І сказаў Мааў старшыням Мадыяну: «Цяпер гэтая супольнасьць паесьць усё кругом, як вол саскубае траву на полі». У той час валадаром Мааву быў Балак, сын Цыпора.

5 І паслаў ён пасланцоў да Білеама, сына Бэора, у Пэтор, які над ракой зямлі сыноў народу ягонага, каб паклікаць яго, кажучы: «Вось, выйшаў народ з Эгіпту. Вось, ён пакрыў аблічча зямлі і пасяліўся насупраць мяне.

6 І цяпер прыйдзі, прашу, і пракляні мне народ гэты, бо ён дужэйшы за мяне. Можа, я здолею перамагчы яго і выгнаць з зямлі, бо ведаю, што каго ты дабраславіш, будзе дабраслаўлёны, а каго ты праклянеш, будзе пракляты».

7 І прыйшлі старшыні Мааву са старшынямі Мадыяну, і [плата] за прадказаньне была ў руцэ іхняй, і прыйшлі да Білеама, і перадалі яму словы Балака.

8 І ён сказаў ім: «Застаньцеся тут на ноч, і я прынясу вам слова, якое скажа мне ГОСПАД». І засталіся князі Мааву ў Білеама.

9 І прыйшоў Бог да Білеама, і сказаў: «Што гэта за людзі ў цябе?»

10 І Білеам сказаў Богу: «Балак, сын Цыпора, валадар Мааву, прыслаў да мяне

11 [сказаць]: “Вось, народ выйшаў з Эгіпту і пакрыў паверхню зямлі. Цяпер прыйдзі і пракляні мне яго, каб мог я перамагчы яго і выгнаць яго”».

12 І сказаў Бог Білеаму: «Ты ня пойдзеш з імі, не праклянеш народ, бо ён дабраслаўлёны».

13 І ўстаў Білеам раніцаю, і сказаў князям Балака: «Варочайцеся ў зямлю вашую, бо ГОСПАД не дазволіў мне ісьці з вамі».

14 І ўсталі князі Мааву, і прыйшлі да Балака, і сказалі яму: «Білеам не згадзіўся ісьці з намі».

15 І Балак паслаў яшчэ раз князёў, больш лікам і больш паважаных, чым тыя.

16 І прыйшлі яны да Білеама, і сказалі яму: «Так кажа Балак, сын Цыпора: “Не адмаўляйся, прашу, прыйсьці да мяне.

17 Бо, ушаноўваючы, вельмі ўшаную цябе і ўсё, што скажаш мне, зраблю. Прыйдзі і пракляні мне народ гэты”».

18 І адказаў Білеам, і сказаў слугам Балака: «Калі [нават] дасьць мне Балак поўны дом свой срэбра і золата, не магу парушыць [слова] з вуснаў ГОСПАДА, Бога майго, каб зрабіць што малое, або вялікае.

19 А цяпер, прашу, застаньцеся таксама ў гэтую ноч, а я даведаюся, што зноў прамовіць да мяне ГОСПАД».

20 І прыйшоў Бог да Білеама ўначы, і сказаў яму: «Калі прыйшлі гэтыя людзі паклікаць цябе, устань і ідзі з імі, але слова, якое Я прамоўлю да цябе, выканаеш».

21 І ўстаў Білеам раніцаю, і асядлаў асьліцу сваю і вырушыў разам з князямі Мааву.

22 І ўзгарэўся гнеў Бога, што ён паехаў. І стаў анёл ГОСПАДА на шляху як супраціўнік ягоны. А ён ехаў на асьліцы сваёй, і два юнакі ягоныя з ім.

23 І ўбачыла асьліца анёла ГОСПАДА, які стаяў на шляху, і меч ягоны выцягнуты ў руцэ ягонай, і зыйшла асьліца з дарогі, і пайшла ў поле. І Білеам ударыў асьліцу, каб яна завярнула на дарогу.

24 І стаў анёл ГОСПАДА на сьцеж­цы паміж вінаграднікамі, і мур быў з таго і з гэтага боку.

25 І ўбачыла асьліца анёла ГОС­ПАДА, і прыціснулася да му­ру, і прыціснула нагу Білеама да муру, і ён зноў пачаў біць яе.

26 І анёл ГОСПАДА перайшоў і стаў у месцы такім вузкім, што не было дарогі, каб абмінуць яго ані з правага, ані з левага боку.

27 І ўбачыла асьліца анёла ГОСПАДА, і лягла пад Білеамам. І ўзлаваўся Білеам, і біў асьліцу кіем.

28 І адкрыў ГОСПАД вусны асьліцы, і яна сказала Білеаму: «Што я табе зрабіла? Чаму ты б’еш мяне ўжо трэці раз?»

29 І сказаў Білеам асьліцы: «Бо ты глумішся з мяне. Каб меў я меч у руцэ маёй, я забіў бы цябе!»

30 І сказала асьліца Білеаму: «Ці ж я не твая асьліца, на якой ты езьдзіш ад пачатку да сёньняшняга дня? Ці ж я мела звычку так рабіць з табой?» І ён сказаў: «Не».

31 І адкрыў ГОСПАД вочы Білеама, і ён угледзеў анёла ГОСПАДА, які стаяў на шляху, і меч выцягнуты ў руцэ ягонай. І пакланіўся ён, і схіліў аблічча сваё.

32 І сказаў яму анёл ГОСПАДА: «Навошта тры разы ты біў асьліцу сваю? Вось, я прыйшоў як супраціўнік твой, бо нядобрая дарога [твая] перад табою.

33 І ўбачыла мяне асьліца, і тры разы ўхілялася ад мяне, і каб яна не ўхілялася ад мяне, я забіў бы цябе, а яе пакінуў бы жывую».

34 І сказаў Білеам анёлу ГОСПАДА: «Саграшыў я, бо ня ведаў, што ты стаіш супраць мяне на шляху; а цяпер, калі гэта кепска ў вачах тваіх, я вярнуся назад».

35 І сказаў анёл ГОСПАДА Білеаму: «Ідзі з тымі людзьмі, але сьцеражыся, бо слова, якое Я прамоўлю да цябе, прамовіш». І пайшоў Білеам з князямі Балака.

36 І пачуў Балак, што Білеам прыйшоў, і выйшаў яму на спатканьне аж да Ір-Мааву, які на мяжы пры Арноне.

37 І сказаў Балак Білеаму: «Ці ж, пасылаючы, я не пасылаў да цябе, каб паклікалі цябе? Чаму ты не прыйшоў да мяне? Няўжо я не магу ўшанаваць цябе?»

38 І сказаў Білеам Балаку: «Вось, я прыйшоў да цябе цяпер. Ці ж я магу што іншае прамовіць? Слова, якое ўложыць Бог у вусны мае, я прамоўлю».

39 І пайшлі Балак разам з Білеамам, і прыйшлі ў Кірыят-Хуцот.

40 І Балак склаў у ахвяру валоў і авечак, і паслаў Білеаму і князям, якія з ім.

41 І сталася раніцаю, і ўзяў Балак Білеама, і завёў яго на ўзгорышча Баала, і адтуль убачыў ён частку народу [Ізраіля].

 

Разьдзел 23

1 І сказаў Білеам Балаку: «Пастаў мне тут сем ахвярнікаў і падрыхтуй мне сем бычкоў і сем бараноў».

2 І Балак зрабіў так, як прамовіў Білеам, і склалі ў ахвяру Балак і Білеам бычка і барана на [кожным] ахвярніку.

3 І сказаў Білеам Балаку: «Застанься каля цэласпаленьня твайго, а я пайду, можа, мяне спаткае ГОСПАД, і слова, якое Ён мне зьявіць, я паведамлю табе». І ён узыйшоў на лысы ўзгорак.

4 І сустрэў Бог Білеама, і той сказаў Яму: «Паставіў я сем ахвярнікаў, і на кожным ахвярніку склалі ў ахвяру бычка і барана».

5 І ўлажыў ГОСПАД слова ў вусны Білеама, і сказаў: «Вярніся да Балака і гэта скажы».

6 І вярнуўся [Білеам], і вось, [Балак] стаіць каля цэласпаленьня свайго, ён і ўсе князі Мааву.

7 І абвясьціў ён прароцтва сваё, і сказаў: «З Араму прывёў мяне Балак, валадар Мааву, з гор усходніх, [кажучы]: “Прыйдзі і пракляні мне Якуба! Прыйдзі і навядзі няшчасьце на Ізраіля!”

8 Як магу я праклінаць таго, каго не праклінае Бог? Як магу навесьці на каго няшчасьце, калі ГОСПАД не наводзіць яго?

9 Бо я бачу яго з вяршыні скалаў і з узгорышчаў гляджу на яго. Вось, народ, які жыве асобна і сярод народаў ня лічыцца.

10 Хто можа палічыць пыл Якуба, і лік чацьвёртай часткі Ізраіля? Няхай памрэ душа мая сьмерцю справядлівых, і няхай будзе канец мой падобны іхняму».

11 І сказаў Балак Білеаму: «Што ты робіш? Я цябе паклікаў праклінаць ворагаў маіх, а ты, вось, дабраслаўляючы, дабраслаўляеш іх!»

12 І адказаў [Білеам], і сказаў: «Хіба ня тое, што ўложыць ГОСПАД у вусны мае, я павінен прамаўляць?»

13 І сказаў яму Балак: «Ха­дзі са мной на іншае месца, з якога толькі частку [Ізраіля] ўбачыш, а ўсяго ня будзеш бачыць, і адтуль яго пракляні».

14 І завёў ён яго на Поле Вартаўнікоў, на вяршыню Пісгі, і пабудаваў сем ахвярнікаў, і ахвяраваў на [кожным] ахвярніку бычка і барана.

15 І сказаў [Білеам] Балаку: «Застанься тут каля цэласпаленьня твайго, а я спаткаюся [з Госпадам]».

16 І сустрэў ГОСПАД Білеама, і ўлажыў словы ў вусны ягоныя, і сказаў: «Вяртайся да Балака і гэта прамовіш».

17 І вярнуўся [Білеам], і вось, [Балак] стаіць каля цэласпаленьня свайго, і князі Мааву з ім, і сказаў яму Балак: «Што прамовіў ГОСПАД?»

18 І ён абвясьціў прароцтва сваё, і сказаў: «Устань, Балак, і слухай, і прыхілі вуха, сыне Цыпора!

19 Бог — гэта не чалавек, каб Ён падманваў, і ня сын чалавечы, каб памыляўся. Ці ж Ён кажа і ня робіць? Ці ж Ён прамовіў і ня споўніў?

20 Вось, дабраслаўляць прывёў Ён мяне, і Ён дабраславіў, і я не стрымаю гэтага.

21 Не заўважна беззаконьня ў Якуба і ня бачна гора ў Ізраіля. ГОСПАД, Бог ягоны, з ім, і гоман у яго [на славу] валадара ягонага.

22 Бог вывеў яго з Эгіпту. Ён для іх — як рог аднарога.

23 Няма варажбы ў Якуба, ані прадказаньняў у Ізраіля. У свой час будзе сказана Якубу і Ізраілю, што ўчыніць Бог.

24 Вось, народ, як ільвіца, падымаецца і, як леў, становіцца; ён ня ляжа, пакуль ня зьесьць здабычы і пакуль не нап’ецца крыві забітых».

25 І сказаў Балак Білеаму: «Калі ты праклёнам не праклянеш яго, дык не дабраслаўляй яго, дабраслаўляючы!»

26 І адказаў Білеам, і сказаў Балаку: «Ці ж я табе не прамаўляў, кажучы: «Усё тое, што мне ГОСПАД прамовіць, я зраблю»?»

27 І сказаў Балак Білеаму: «Хадзі, я завяду цябе на іншае месца. Можа, спадабаецца ў вачах Бога, і ты адтуль праклянеш яго?»

28 І завёў Балак Білеама на вяршыню [гары] Пэор, што ўзвышаецца перад абліччам [зямлі] бязьлюднай.

29 І сказаў Білеам Балаку: «Пабудуй мне тут сем ахвярнікаў і падрыхтуй мне тут сем бычкоў і сем бараноў».

30 І зрабіў Балак, як яму сказаў Білеам, і ахвяраваў бычка і барана на [кожным] ахвярніку.

 

Разьдзел 24

1 І ўбачыў Білеам, што добра ў вачах ГОСПАДА, каб дабраславіць Ізраіля, і ён не пайшоў, як раней хадзіў, каб варажыць, але павярнуў аблічча сваё на пустыню.

2 І падняў Білеам вочы свае, і ўбачыў Ізраіля, што стаяў паводле каленаў сваіх, і агарнуў яго Дух Божы,

3 і абвясьціў ён прароцтва сваё, і сказаў: «Кажа Білеам, сын Бэора, кажа чалавек, у якога адкрытыя вочы,

4 кажа той, хто чуе слова Божае, той, хто бачыць відзежы Усемагутнага, той, хто падае, але мае вочы адкрытыя.

5 Якія добрыя намёты твае, Якубе, і сялібы твае, Ізраілю!

6 Раскінуліся яны як даліны рэкаў, як сады на беразе ручая, як альвасы, якія ГОСПАД пасадзіў, як кедры над водамі.

7 Цячэ вада з нетраў ягоных, і зерне ягонае мае ўдосталь вады. Валадар ягоны мацнейшы за Агага, і ўзвышаецца валадарства ягонае.

8 Бог вывеў яго з Эгіпту. Ён для яго — як рог аднарога. Праглыне ён народы, прыгнятальнікаў сваіх, косткі іхнія патрушчыць і праб’е стрэламі сваімі.

9 Ён прыхіліўся, лёг, як леў і як ільвіца. Хто адважыцца пабудзіць яго? Хто дабраслаўляе цябе, сам будзе дабраслаўлёны; хто праклінае цябе, сам будзе пракляты!»

10 І разгневаўся Балак на Білеама, і пляснуў у далоні свае, і сказаў Балак Білеаму: «Праклінаць ворагаў маіх я паклікаў цябе. А вось, ты іх ужо трэці раз, дабраслаўлючы, дабраслаўляеш!

11 Дык цяпер уцякай у месца сваё! Хацеў я цябе, ушаноўваючы, ушанаваць, але вось, ГОСПАД пазбавіў цябе ўшанаваньня».

12 І сказаў Білеам Балаку: «Ці ж да пасланцоў тваіх, якіх ты паслаў да мяне, я не прамаўляў, кажучы:

13 “Хоць бы Балак даваў мне поўны дом свой срэбра або золата, не магу працівіцца [слову] з вуснаў ГОСПАДА, каб што добрае, ці што ліхое ўчы­ніць з сэрца майго, але тое, што ГОСПАД прамовіць, я прамаў­ляць буду”.

14 І цяпер, вось, я іду да народу майго, але падыйдзі, я паведамлю табе, што зробіць народ гэты з народам тваім у наступныя дні».

15 І абвясьціў ён прароцтва сваё, і сказаў: «Кажа Білеам, сын Бэора, кажа чалавек, які мае адкрытыя вочы,

16 кажа той, хто чуе словы Божыя, які ведае думку Найвышэйшага і бачыць відзежы Усемагутнага, які падае, але мае адкрытыя вочы.

17 Бачу яго, але [яшчэ] не цяпер, аглядаю яго, але ня зблізка. Узыходзіць зорка з Якуба, і паўстае скіпетр з Ізраіля; і ён струшчыць скроні Мааву і зьні­шчыць усіх сыноў Сэта.

18 І Эдом станецца ўласнасьцю ягонай, і Сэір станецца ўласнасьцю ворагаў сваіх, а Ізраіль станецца моцным.

19 Ад Якуба выйдзе той, які мае ўладу, і зьнішчыць ён рэшткі гораду».

20 І ўбачыў ён Амалека, і абвясьціў прароцтва сваё, і сказаў: «Амалек — першы з народаў, але канец ягоны — загуба».

21 І ўбачыў ён Кенэяў, і абвясьціў прароцтва сваё, і сказаў: «Моцнае жытло тваё, і на скале пабудаванае гняздо тваё;

22 але будзе на спаленьне Кенэй, калі Асур зьняволіць цябе».

23 І абвясьціў ён прароцтва сваё, і сказаў: «Гора! Хто бу­дзе жыць, калі Бог зробіць гэта?

24 Прыплывуць караблі з Кіттыму, і перамогуць Асура, і перамогуць Эвэра, але ўрэшце самі загінуць».

25 І ўстаў Білеам, і вярнуўся ў месца сваё, а Балак таксама пайшоў дарогай сваёй.

 

Разьдзел 25

1 І жыў Ізраіль у Шыттыме, і народ стаў распусьнічаць з дочкамі Мааву,

2 а яны запрашалі народ складаць ахвяры багам сваім. Разам яны елі і пакланяліся багам іхнім.

3 І прыляпіўся Ізраіль да Баал-Пэора, і ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць Ізраіля.

4 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Зьбяры ўсіх [вінаватых] начальнікаў народу і павесь іх перад ГОСПАДАМ на сонцы, і адвернецца ярасьць гневу ГОСПАДА ад Ізраіля».

5 І сказаў Майсей судзьдзям Ізраіля: «Забіце тых людзей вашых, якія прыляпіліся да Баал-Пэора».

6 І вось, адзін з сыноў Ізраіля прыйшоў, і прывёў да братоў сваіх Мадыянку на вачах Майсея і на вачах усёй грамады сыноў Ізраіля, якія лямантавалі перад уваходам у Намёт Спатканьня.

7 І ўбачыў гэта Пінхас, сын Элеазара, сына Аарона сьвятара, і ўстаў спаміж грамады, і схапіў дзіду ў руку сваю,

8 і пайшоў за мужчынам Ізраільцянінам пад заслону [намёту], і прабіў іх дзідаю абодвух, мужчыну Ізраільцяніна і жанчыну, праз улоньні. І спынілася кара на сыноў Ізраіля.

9 А загінула ад той кары дваццаць чатыры тысячы [чалавек].

10 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

11 «Пінхас, сын Элеазара, сына Аарона сьвятара, адвярнуў гнеў Мой ад сыноў Ізраіля, бо ён загарэўся рэўнасьцю Маёю сярод іх, і Я ня зьнішчыў сыноў Ізраіля ў рэўнасьці Маёй.

12 Дзеля гэтага скажы [яму]: “Вось, Я заключаю з ім Мой запавет супакою”.

13 І будзе гэта яму і насеньню ягонаму запавет вечнага сьвятарства за тое, што ён рупіўся пра Бога свайго і перамольваў за сыноў Ізраіля».

14 А імя таго мужчыны Ізраільцяніна, забітага разам з Мадыянкай, [было] Зімры, сын Салю, князь дому бацькоў [калена] Сымона.

15 А імя забітай жанчыныМадыянкі [было] Казьбі, яна —дачка Цура, начальніка аднаго з пакаленьняў Мадыянскіх.

16 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

17 «Ваюйце супраць Мадыянцаў і выбіце іх,

18 бо яны варожа паставіліся да вас і ашуквалі вас праз Пэора і праз Казьбі, дачку князя Мадыянскага, сястру іхнюю, забітую ў дзень кары за Пэора».

 

Разьдзел 26

1 І сталася пасьля гэтай плягі, і сказаў ГОСПАД Майсею і Элеазару, сыну Аарона сьвятара, кажучы:

2 «Палічыце лічбу ўсёй грамады сыноў Ізраіля ад дваццаці гадоў і вышэй паводле дамоў бацькоў іхніх, усіх, здольных да бою».

3 І прамовілі Майсей і Элеазар сьвятар на раўнінах Мааву, насупраць Ерыхону, над Ярданам, кажучы:

4 «[Палічыце ўсіх] ад дваццаці гадоў і вышэй, як ГОСПАД загадаў Майсею і сынам Ізраіля, якія выйшлі з зямлі Эгіпецкай».

5 Рубэн, першародны Ізраіля. Сыны Рубэна: Ханох, ад якога сям’я Ханоха, і Пальлю, ад якога сям’я Пальлю,

6 і Хецрон, ад якога сям’я Хецрона, і Кармі, ад якога сям’я Кармі.

7 Гэта сем’і [пакаленьня] Рубэна, і было палічана іх сорак тры тысячы семсот трыццаць.

8 Сыны Пальлю: Эліяў,

9 а сыны Эліява: Нэмуэль, Датан і Абірам. Датан і Абірам — гэта тыя пакліканыя грамадою, якія збунтаваліся супраць Майсея і Аарона разам з Карахам, калі яны паднялі бунт супраць ГОСПАДА,

10 і зямля разьзявіла вусны свае, і праглынула іх і Караха, і паўмірала грамада, калі агонь спаліў дзьвесьце пяцьдзясят чалавек, і сталіся яны знакам.

11 Але сыны Караха не памерлі.

12 Сыны Сымона паводле сем’яў іхніх: ад Нэмуэля [паходзіць] сям’я Нэмуэля; ад Яміна — сям’я Яміна; ад Яхіна — сям’я Яхіна,

13 ад Зэраха — сям’я Зэраха; ад Шаўля — сям’я Шаўля.

14 Гэта сем’і [пакаленьня] Сымона, дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце.

15 Сыны Гада паводле сем’яў іхніх: Цэфон, ад якога сям’я Цэфона; Хаггі, ад якога сям’я Хаггі; Шуні, ад якога сям’я Шуні,

16 Озьні, ад якога сям’я Озьні; Эры, ад якога сям’я Эры,

17 Арод, ад якога сям’я Арода; Арыэль, ад якога сям’я Арыэля.

18 Гэта сем’і сыноў Гада, іх палічана сорак тысячаў пяцьсот.

19 Сыны Юды: Ер і Янан, але яны абодва памерлі ў зямлі Ханаан.

20 Вось сыны Юды паводле сем’яў іхніх: Шэля, ад якога сям’я Шэлі; Пэрэс, ад якога сям’я Пэрэса; Зэрах, ад якога сям’я Зэраха.

21 А вось сыны Пэрэса: Хецрон, ад якога сям’я Хецрона, і Хамуль, ад якога сям’я Хамуля.

22 Гэта сем’і Юды, іх палічана семдзясят шэсьць тысячаў пяцьсот.

23 Сыны Ісахара паводле сем’яў іхніх: Толя, ад якога сям’я Толі; Пува, ад якога сям’я Пувы;

24 Яшуў, ад якога сям’я Яшува; Шымрон, ад якога сям’я Шымрона.

25 Гэта сем’і Ісахара, палічана іх шэсьцьдзясят чатыры тысячы трыста.

26 Сыны Завулёна паводле сем’яў іхніх: Сэрэд, ад якога сям’я Сэрэда; Элён, ад якога сям’я Элёна; Яхлеэль, ад якога сям’я Яхлеэля.

27 Гэта сем’і Завулёна, палічана іх шэсьцьдзясят тысячаў пяцьсот.

28 Сыны Язэпа паводле сем’яў іхніх: Манаса і Эфраім.

29 Сыны Манасы: Махір, ад якога сям’я Махіра; Махір нарадзіў Гілеада, ад якога сям’я Гілеада.

30 Сыны Гілеада: Езэр, ад якога сям’я Езэра; Хэлек, ад якога сям’я Хэлека;

31 Асрыэль, ад якога сям’я Асрыэля; Мэхем, ад якога сям’я Мэхема,

32 Шэміда, ад якога сям’я Шэміды; Хэфэр, ад якога сям’я Хэфэра.

33 А Цэлафхад, сын Хэфэра, ня меў сыноў, а толькі дочак, а імёны дочак Цэлафхада: Махля, Ноа, Хогля, Мілька і Тырца.

34 Гэта сем’і Манасы, іх падлічана пяцьдзясят дзьве тысячы семсот.

35 Гэта сыны Эфраіма паводле сем’яў іхніх: Шутэлях, ад якога сям’я Шутэляха; Бэхэр, ад якога сям’я Бэхэра; Тахан, ад якога сям’я Тахана.

36 А гэта сыны Шэтэляха: Эран, ад якога сям’я Эрана.

37 Гэта сем’і сыноў Эфраіма, палічана іх трыццаць дзьве тысячы пяцьсот. Гэта сыны Язэпа паводле сем’яў сваіх.

38 Сыны Бэн’яміна паводле сем’яў іхніх: Бэля, ад якога сям’я Бэлі; Ашбэль, ад якога сям’я Ашбэля; Ахірам, ад якога сям’я Ахірама;

39 Шэфуфам, ад якога сям’я Шэфуфама; Хуфам ад якога сям’я Хуфама.

40 І былі сыны Бэлі: Ард і Нааман; ад Арда [пахо­дзіць] сям’я Арда, ад Наамана — сям’я Наамана.

41 Гэта сыны Бэн’яміна паводле сем’яў сваіх, палічана іх сорак пяць тысячаў шэсьцьсот.

42 Гэта сыны Дана паводле сем’яў іхніх: Шухам, ад якога сям’я Шухама. Гэта сем’і Дана паводле сем’яў сваіх;

43 усе яны сям’я Шухама, палічана іх шэсьцьдзясят чатыры тысячы чатырыста.

44 Сыны Асэра паводле сем’яў іхніх: Імна, ад якога сям’я Імны; Ішві, ад якога сям’я Ішві; Бэрыя, ад якога сям’я Бэрыі.

45 Сыны Бэрыі: Хэвэр, ад якога сям’я Хэвэра; і Малькіэль, ад якога сям’я Малькіэля.

46 А імя дачкі Асэра — Сэраха.

47 Гэта сем’і сыноў Асэра, палічана іх пяцьдзясят тры тысячы чатырыста.

48 Сыны Нэфталі паводле сем’яў іхніх: Яхцэль, ад якога сям’я Яхцэля; Гуні, ад якога сям’я Гуні;

49 Ецэр, ад якога сям’я Ецэра; Шылем, ад якога сям’я Шылема.

50 Гэта сем’і Нэфталі паводле сем’яў сваіх, палічана іх сорак пяць тысячаў чатырыста.

51 Гэта лічба сыноў Ізраіля: шэсьцьсот адна тысяча семсот трыццаць.

52 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

53 «Паміж імі будзе падзелена зямля ў спадчыну паводле лічбы імёнаў.

54 Больш шматлікім павялічыш спадчыну іхнюю; менш шматлікім паменшыш спадчыну іхнюю; кожнаму асобна, паводле сьпісу, будзе дадзена спадчына.

55 Зямля павінна быць падзелена жэрабям, і спадчыну атрымаюць паводле [лічбы] імёнаў у родах бацькоў іхніх.

56 Жэрабям будзе падзеленая спадчына паміж шматлікімі і малалікімі [сем’ямі]».

57 А гэта лічба лявітаў паводле сем’яў іхніх: Гершон, ад якога сям’я Гершона; Кегат, ад якога сям’я Кегата; і Мэрары, ад якога сям’я Мэрары.

58 Гэта сем’і Левія: сям’я Лібні, сям’я Хеўрона, сям’я Махлі, сям’я Мушы, сям’я Караха. І Кегат нарадзіў Амрама.

59 Імя жонкі Амрама — Ёкэбэд, дачка Левія, якая нарадзілася Левію ў Эгіпце. Яна нарадзіла Амраму Аарона і Майсея, і сястру іхнюю Мірыям.

60 І нарадзіліся Аарону сыны: Надаў, Абігу, Элеазар і Ітамар.

61 Але Надаў і Абігу памерлі, калі прынесьлі чужы агонь перад аблічча ГОСПАДА.

62 І ўсіх было палічана іх дваццаць тры тысячы мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй. Яны не палічаныя сярод сыноў Ізраіля, бо ня дадзена ім спадчына сярод сыноў Ізраіля.

63 Гэта палічаныя Майсеем і Элеазарам сьвятаром, якія палічылі сыноў Ізраіля на раўнінах Мааву над Ярданам насупраць Ерыхону.

64 Між імі не было нікога з тых, якіх лічылі Майсей і Аарон сьвятар, калі лічылі сыноў Ізраіля ў пустыні Сынай,

65 бо сказаў ім ГОСПАД, што яны сьмерцю памруць у пустыні, і не застанецца з іх аніводнага, апрача Халева, сына Ефунны, і Егошуа, сына Нуна.

 

Разьдзел 27

1 І наблізіліся дочкі Цэлафхада, сына Хэфэра, сына Гілеада, сына Махіра, сына Манасы, з сям’і Манасы, сына Язэпа, а імёны іхнія: Махля, Ноа, Хогля, Мілька і Тырца.

2 І сталі яны перад абліччам Майсея і Элеазара сьвятара, і перад абліччам князёў і ўсёй грамады каля ўваходу ў Намёт Спатканьня, кажучы:

3 «Бацька наш памёр у пустыні, але ня быў ён сярод грамады, якая сабралася разам з Карахам супраць ГОСПАДА, бо ён памёр у граху сваім, і не было сыноў у яго.

4 Чаму мае зьнікнуць імя бацькі нашага з сям’і ягонай, бо ня меў ён сына? Дайце нам уласнасьць паміж братоў бацькі нашага».

5 І прынёс Майсей справу іхнюю перад аблічча ГОСПАДА.

6 І сказаў ГОСПАД Майсею, кажучы:

7 «[Справядліва] дамагаюцца дочкі Цэлафхада. Дай ім уласнасьць, спадчыну паміж братоў бацькі іхняга, і няхай яны маюць спадчыну бацькі іхняга.

8 А да сыноў Ізраіля прамоў, кажучы: “Калі чалавек памрэ і сына мець ня будзе, спадчына ягоная пераходзіць на дачку ягоную.

9 Калі ён ня мае дачкі, спадчыну ягоную аддайце братам ягоным.

10 Калі ён ня мае братоў, аддайце спадчыну ягоную братам бацькі ягонага.

11 Калі няма братоў бацькі ягонага, тады спадчына ягоная пераходзіць найбліжэйшаму сваяку ў сям’і ягонай, і ён возьме спадчыну”. І гэта будзе пастанова для сыноў Ізраіля, прысуд, які загадаў ГОСПАД Майсею».

12 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Узыйдзі на гару Абарым і паглядзі на зямлю, якую Я дам сынам Ізраіля.

13 І ты ўбачыш яе, і будзеш далучаны да народу свайго, як быў далучаны Аарон, брат твой,

14 бо вы супрацівіліся [слову] з вуснаў Маіх у пустыні Сін падчас бунту грамады, бо вы не зьявілі сьвятасьць Маю перад вачыма іхнімі, [даючы ім] вады». Гэта вада Мэрывы каля Кадэшу ў пустыні Сін.

15 І прамовіў Майсей да ГОСПАДА, кажучы:

16 «Няхай ГОСПАД, Бог духаў і кожнага цела, прызна­чыць чалавека, які [будзе кіраваць] грамадой гэтай,

17 і які будзе выходзіць і ўваходзіць перад абліччам іхнім, выводзіць іх і ўводзіць, каб ня сталася грамада ГОСПАДА як авечкі без пастуха».

18 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Вазьмі Егошуа, сына Нуна, чалавека, на якім Дух [Божы]; і ўскладзі рукі твае на яго.

19 І пастаў яго перад абліччам Элеазара сьвятара і перад абліччам усёй грамады, і перад вачыма іхнімі пастаў яго [правадыром].

20 І ўладай сваёй падтрымай яго, каб слухала яго ўся грамада сыноў Ізраіля.

21 І стане ён перад абліччам Элеазара сьвятара, а ён пра яго спытаецца перад абліччам ГОСПАДА праз суд урыму. Паводле [слова] з вуснаў Ягоных будзе выходзіць і ўваходзіць ён сам, і ўсе сыны Ізраіля з ім, і ўся грамада».

22 І зрабіў Майсей так, як яму загадаў ГОСПАД. І ўзяў Егошуа, і паставіў яго перад абліччам Элеазара сьвятара і ўсёй грамады,

23 і ўсклаў на яго рукі свае, і паставіў яго [правадыром], як прамовіў ГОСПАД праз Майсея.

 

Разьдзел 28

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Загадай сынам Ізраіля і скажы ім: “Няхай пільнуюць, каб у свой час складаць дары ахвярныя Мне і хлеб Мой, ахвяру агнявую на мілы пах Мне”.

3 І скажаш ім: “Гэта ахвяра агнявая, якую вы павінны складаць ГОСПАДУ: два аднагадовыя ягняты штодзень у ахвяру цэласпаленьня заўсёды.

4 Адно ягня складзіцё [ў ахвяру] раніцай, а другое складзіцё ўвечары,

5 і дзясятую [частку] эфы пшанічнай мукі, запраўленай чацьвёртай [часткай] гіну найчысьцейшага алею як ахвяру хлебную.

6 Гэта цэласпаленьне заўсёднае, якое склалі вы на гары Сынай на мілы пах, ахвяра агнявая ГОСПАДУ.

7 І як ахвяру вадкую чацьвёртую частку гіну [віна] на кожнае ягня. На сьвятым месцы вылівайце ахвяру вадкую, сікеру для ГОСПАДА.

8 А другое ягня складзіцё [ў ахвяру] ўвечары, і ахвяру хлебную, і ахвяру вадкую, як раніцаю. Гэта ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.

9 А ў дзень суботы [ахвяруеце] двух аднагадовых ягнятаў без заганы і дзьве дзясятыя [эфы] мукі, запраўленай алеем, як ахвяру хлебную, і ахвяру вадкую.

10 Гэта суботняя ахвяра цэласпаленьня на кожную суботу, апрача заўсёднай ахвяры цэласпаленьня і ахвяры вадкай.

11 А ў кожны першы [дзень] вашага месяца складайце ГОСПАДУ ахвяру цэласпаленьня: два бычкі, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без заганы.

12 На кожнага бычка палажыце тры дзясятыя [эфы] пшанічнай мукі, запраўленай алеем, як ахвяру хлебную, і на кожнага барана — дзьве дзясятыя [эфы] пшанічнай мукі, запраўленай алеем, як ахвяру хлебную,

13 і на кожнае ягня як ахвяру хлебную палажыце дзясятую [частку эфы] пшанічнай мукі, запраўленай алеем. Гэта цэла­спаленьне, мілы пах, ахвяра агнявая ГОСПАДУ.

14 І ахвяра вадкая: палова гіну віна на бычка, адна трэцяя гіну на барана і адна чацьвёртая гіну на ягня. Гэта цэласпаленьне ў кожны першы дзень месяца на [ўсе] месяцы году.

15 І адзін казёл будзе складзены ГОСПАДУ ў ахвяру за грэх, апрача заўсёднай ахвяры цэласпаленьня і належная ахвяра вадкая.

16 А ў першы месяц, у чатырнаццаты дзень месяца — Пасха ГОСПАДА.

17 У пятнаццаты дзень гэтага месяца будзе сьвята. Сем дзён будзеце есьці [толькі] праснакі.

18 У першы дзень будзе сьвяты сход, ніякай працы, ніякай работы ў той дзень не рабіце.

19 І складзіце ахвяру агнявую, цэласпаленьне ГОСПАДУ: два бычкі, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без заганы;

20 і ахвяру хлебную з пшанічнай мукі, запраўленай алеем: тры дзясятыя [эфы] на бычка, дзьве дзясятыя на барана,

21 і адна дзясятая на кожнага з сямі ягнят,

22 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, каб перапрасіць за вас.

23 Апрача ранішняга цэла­спаленьня, якое цэласпаленьне заўсёднае, складайце гэтыя [ахвяры].

24 Такія [ахвяры] будзеце складаць штодзень сем дзён, як спажыву, ахвяру агнявую, мілы пах ГОСПАДУ. Апрача цэласпаленьня заўсёднага і ахвяры вадкай будуць складацца [гэтыя ахвяры].

25 А ў дзень сёмы будзе для вас сьвяты сход, ніякай працы, ніякай работы не рабіце.

26 У дзень пяршынаў, калі складаеце ГОСПАДУ ахвяру з новага збожжа ў [сьвята] Тыдняў, будзе сьвяты сход, і ніякай працы, ніякай работы не рабіце.

27 І складзіце цэласпаленьне на мілы пах ГОСПАДУ: двух бычкоў, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят,

28 і ахвяру хлебную: пшанічную муку, запраўленую алеем; тры дзясятыя [эфы] на аднаго бычка, дзьве дзясятыя на барана

29 і адна дзясятая на кожнага з сямі ягнят.

30 І аднаго казла, каб перапрасіць за вас.

31 Апрача цэласпаленьня заўсёднага, і ахвяры хлебнай, і ахвяры вадкай, складайце [гэта ў ахвяру]; ахвяры маюць быць без заганы.

 

Разьдзел 29

1 У сёмы месяц, у першы [дзень] месяца будзе ў вас сьвяты сход; ніякай працы, ніякай работы не рабіце, бо дзень гэты — дзень трубнага гуку.

2 І складзіце цэласпаленьне на мілы пах ГОСПАДУ: аднаго бычка, аднаго барана і сем ягнят аднагадовых без заганы,

3 і ахвяру хлебную: пшанічную муку, запраўленую алеем; тры дзясятыя [эфы] на бычка, дзьве дзясятыя на барана,

4 і адну дзясятую на кожнага з сямі ягнят.

5 І аднаго казла ў ахвяру за грэх, каб перапрасіць за вас.

6 Апрача цэласпаленьня на пачатак месяца і яго ахвяры хлебнай і апрача цэласпаленьня заўсёднага і яго ахвяры хлебнай і ахвяры вадкай, паводле пастановы [складайце іх] на мілы пах, ахвяру агнявую ГОСПАДУ.

7 У дзясяты [дзень] таго самага сёмага месяца будзе сьвяты сход і будзеце ўпакорваць душы вашыя; ніякай працы ня будзеце рабіць.

8 І складзіце ў ахвяру цэласпаленьня ГОСПАДУ, на мілы пах аднаго бычка, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без заганы,

9 і ахвяру хлебную: пшанічную муку, запраўленую алеем; тры дзясятыя [эфы] на бычка, дзьве дзясятыя на барана,

10 і адну дзясятую на кожнага з сямі ягнят.

11 І аднаго казла ў ахвяру за грэх, апрача ахвяры за грэх дзеля перамольваньня і цэласпаленьня заўсёднага разам з яго ахвярамі хлебнымі і вадкімі.

12 А ў пятнаццаты дзень сёмага месяца будзе сьвяты сход. Ніякай працы, ніякай работы ня будзеце рабіць. Будзеце сьвяткаваць сем дзён сьвята ГОСПАДА.

13 І складзіце ў цэласпаленьне, ахвяру агнявую, на мілы пах ГОСПАДУ трынаццаць бычкоў, двух бараноў, чатыр­наццаць ягнят аднагадовых без заганы,

14 і ахвяру хлебную: пшанічную муку, запраўленую алеем, тры дзясятыя [эфы] на аднаго бычка; дзьве дзясятыя на аднаго барана,

15 і адну дзясятую на кожнага з чатырнаццаці ягнят.

16 І аднаго казла ў ахвяру за грэх, апрача цэласпаленьня заўсёднага і яго ахвяраў хлебных і вадкіх.

17 У другі дзень [ахвяруеце] дванаццаць бычкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без заганы,

18 і ахвяру хлебную, і ахвяру вадкую да іх, да бычкоў, бараноў і ягнят, адпаведна да іх лічбы, паводле пастановы,

19 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, апрача цэласпаленьня заўсёднага і яго ахвяраў хлебных і вадкіх.

20 У трэці дзень [ахвяруеце] адзінаццаць бычкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без заганы,

21 і ахвяру хлебную, і ахвяру вадкую да іх, да бычкоў, бараноў і ягнят, адпаведна да іх лічбы, паводле пастановы,

22 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, апрача цэласпаленьня заўсёднага і яго ахвяраў хлебных і вадкіх.

23 У чацьвёрты дзень [ахвяруеце] дзесяць бычкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без заганы,

24 і ахвяру хлебную, і ахвяру вадкую да іх, да бычкоў, бараноў і ягнят, адпаведна да іх лічбы, паводле пастановы,

25 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, апрача цэласпаленьня заўсёднага і яго ахвяраў хлебных і вадкіх.

26 У пяты дзень [ахвяруеце] дзевяць бычкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без заганы,

27 і ахвяру хлебную, і ахвяру вадкую да іх, да бычкоў, бараноў і ягнят, адпаведна да іх лічбы, паводле пастановы,

28 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, апрача цэласпаленьня заўсёднага і яго ахвяраў хлебных і вадкіх.

29 У шосты дзень [ахвяруеце] восем бычкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без заганы,

30 і ахвяру хлебную, і ахвяру вадкую да іх, да бычкоў, бараноў і ягнят, адпаведна да іх лічбы, паводле пастановы,

31 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, апрача цэласпаленьня заўсёднага і яго ахвяраў хлебных і вадкіх.

32 У сёмы дзень [ахвяруеце] сем бычкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без заганы,

33 і ахвяру хлебную, і ахвяру вадкую да іх, да бычкоў, бараноў і ягнят, адпаведна да іх лічбы, паводле пастановы,

34 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, апрача цэласпаленьня заўсёднага і яго ахвяраў хлебных і вадкіх.

35 У восьмы дзень будзе ўрачысты сход; ніякай працы, ніякай работы ня будзеце рабіць.

36 І складзіце цэласпаленьне, ахвяру агнявую на мілы пах ГОСПАДУ: аднаго бычка, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без заганы,

37 і ахвяру хлебную, і ахвяру вадкую да іх, да бычкоў, бараноў і ягнят, адпаведна да іх лічбы, паводле пастановы,

38 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, апрача цэласпаленьня заўсёднага і яго ахвяраў хлебных і вадкіх.

39 Гэта маеце складаць ГОСПАДУ пад час сьвятаў вашых, апрача [таго, што ахвяруеце] паводле шлюбаваньняў вашых і як дабраахвотныя дары на ахвяры цэласпаленьня, на ахвяры хлебныя, на ахвяры вадкія, і на ахвяры мірныя”».

 

Разьдзел 30

1 І сказаў Майсей сынам Ізраіля ўсё, што загадаў ГОСПАД Майсею.

2 І прамовіў Майсей да пакаленьняў Ізраіля, кажучы: «Вось слова, якое загадаў ГОСПАД.

3 Калі [мужчына] паабяцае нешта ГОСПАДУ або зьвяжа сябе прысягай, забавязаўшы душу сваю, няхай не парушыць словы свае, але ўсё, што выйшла з вуснаў ягоных, зробіць.

4 Калі жанчына паабяцае нешта ГОСПАДУ, або зьвяжа сябе прысягай у доме бацькі свайго і ў маладосьці сваёй,

5 і пачуе бацька ейны абяцаньне яе і забавязаньне, якім яна зьвязала душу сваю, і не запярэчыць бацька ейны, усе яе абяцаньні і ўсе яе забавязаньні, якімі яна зьвязала душу сваю, застануцца.

6 Калі ў той дзень, калі пачуе бацька ейны, ён забароніць ёй гэта, усе абяцаньні яе і ўсе забавязаньні, якімі яна зьвязала душу сваю, будуць няважныя. ГОСПАД даруе ёй, бо бацька ейны забараніў ёй.

7 Калі станецца, што вый­дзе яна замуж, і яна зьвязаная абяцаньнем або прысягай вуснаў сваіх, якімі яна зьвязала душу сваю,

8 і калі пачуе муж ейны і, пачуўшы, не запярэчыць, яе абяцаньні і яе забавязаньні, якімі яна зьвязала душу сваю, застануцца.

9 А калі пачуе муж ейны і забароніць ёй, тады абяцаньні яе, якія на ёй, і прысягі вуснаў яе, якімі яна зьвязала душу сваю, будуць няважныя; і ГОСПАД даруе ёй.

10 Але абяцаньне ўдавы або разьведзенай, кожнае, якім яна зьвязала душу сваю, застанецца на ёй.

11 Калі жонка ў доме мужа свайго зьвязала душу сваю абяцаньнем або прысягаю,

12 і пачуе [пра гэта] муж, і будзе маўчаць, і не запярэ­чыць, тады ўсе абяцаньні і ўсе забавязаньні, якімі яна зьвязала душу сваю, застануцца на ёй.

13 А калі муж ейны, забараняючы, забароніць ёй, пачуўшы пра гэта, усё, што выйшла вуснаў яе, яе абяцаньні, якімі яна зьвязала душу сваю, будуць няважныя, бо муж забараніў; і ГОСПАД даруе ёй.

14 Усе абяцаньні і ўсе прысягі, якімі яна зьвязала душу сваю, муж ейны можа пакінуць і можа забараніць.

15 А калі муж моўчкі маўчаў з дня на дзень, усе яе абяцаньні і ўсе прысягі застаюцца на ёй, павінна споўніць, бо [муж] маўчаў, калі пачуў [пра гэта].

16 А калі ён забароніць праз нейкі час пасьля таго, як пачуў, ён сам панясе правіну сваю».

17 Гэта пастановы, якія загадаў ГОСПАД Майсею адносна мужа і жонкі, бацькі і дачкі, калі яна яшчэ ў юнацтве жыве ў доме бацькі свайго».

 

Разьдзел 31

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Помстай адпомсьці за сыноў Ізраіля Мадыянцам, а потым будзеш далучаны да народу свайго».

3 І прамовіў Майсей да народу, кажучы: «Узбройце спаміж сябе мужчынаў на вайну, і няхай яны выйдуць супраць Мадыянцаў, і выканаюць помсту ГОСПАДА над Мадыянцамі.

4 [Выбярыце] па тысячы з пакаленьня, з кожнага пакаленьня Ізраіля і пашліце на вайну».

5 І выдзелена было па тысячы з кожнага пакаленьня Ізраіля, дванаццаць тысячаў узброеных да бою.

6 І паслаў іх Майсей па тысячы з пакаленьня, і Пінхас, сын Элеазара сьвятара, на вайну. І посуд сьвяты, і трубы [былі] ў руцэ ягонай.

7 І ваявалі яны супраць Мадыянцаў, як загадаў ГОСПАД Майсею, і выбілі ўсіх мужчынаў,

8 і валадароў Мадыяну пазабвалі, акрамя тых, якія загінулі ў бітве: Эвія, Рэкема, Цура, Хура, Рэву, пяць валадароў Мадыяну; і Білеама, сына Бэора, забілі мячом.

9 І ўзялі ў палон сыны Ізраіля жанчынаў Мадыянскіх і дзяцей іхніх. І ўсю жывёлу іхнюю, і ўсе статкі іхнія, і ўсю маёмасьць іхнюю забралі,

10 а ўсе гарады іхнія, усе паселішчы іхнія і ўсе мястэчкі іхнія спалілі агнём.

11 І забралі яны здабычу сваю, як людзей, так і жывёлу.

12 І прывялі яны палонных, і здабычу, і нарабаванае да Майсея і Элеазара сьвятара, і да ўсёй грамады сыноў Ізраіля ў табар на раўнінах Мааву над Ярданам насупраць Ерыхону.

13 І выйшлі Майсей і Элеазар сьвятар, і ўсе князі грамады на сустрэчу ім па-за табар.

14 І загневаўся Майсей на начальнікаў войска, на тысячнікаў і сотнікаў, якія вярталіся з вайны.

15 І сказаў ім Майсей: «Чаму вы пакінулі пры жыцьці ўсіх жанчынаў?

16 Ці ж не яны за намовай Білеама сыноў Ізраіля зрабілі нявернымі перад ГОСПАДАМ праз Пэора, і была пляга сярод грамады ГОСПАДА?

17 І цяпер забіце ўсіх дзяцей мужчынскага роду і ўсіх жанчынаў, якія пазналі мужчынаў.

18 А ўсіх дзяўчат, якія не пазналі мужчынаў, пакіньце пры жыцьці.

19 І вы будзеце па-за табарам сем дзён. Усе, хто забіў [душу] або дакрануўся да забітага, мусіць ачысьціцца ў трэці і ў сёмы дзень, вы і палонныя вашыя.

20 І ўсё адзеньне, і ўсе вырабы са скуры, і ўсё, што зроблена з воўны казінай, і ўсе драўляныя рэчы будуць ачышчаны».

21 І сказаў Элеазар сьвятар ваярам, якія былі на вайне: «Гэта пастанова закону, якую загадаў ГОСПАД Майсею.

22 Золата, срэбра, медзь, жалеза, цына, волава

23 і ўсе рэчы, якія мо­гуць прайсьці праз агонь, няхай пройдуць праз агонь і будуць чыстымі. Тое, што ня можа прайсьці праз агонь, няхай пройдзе праз ваду, і будзе ачышчана нячыстасьць.

24 І ў сёмы дзень вы памыеце адзеньне вашае, і будзеце ачышчаныя, і ўвойдзеце ў табар».

25 І сказаў ГОСПАД Майсею, кажучы:

26 «Палічыце здабычу, якая здабытая, ад чалавека да жывёлы, ты і Элеазар сьвятар, і галовы дамоў грамады.

27 І падзеліш здабычу паміж тымі, што ваявалі і выйшлі на вайну, і паміж усёй грамадой.

28 І выдзеліш частку ГОСПАДУ ад ваяроў, якія былі на вайне — адну душу на пяцьсот, як з людзей, так і з валоў, аслоў і авечак.

29 І з гэтай паловы возьмеш і дасі Элеазару сьвятару як ахвярны дар ГОСПАДУ.

30 А з паловы сыноў Ізраіля вазьмі адну частку з пяцідзесяці: з людзей, валоў, аслоў і авечак, з усяго быдла, і дасі гэта лявітам, якія служаць пры Сялібе ГОСПАДА».

31 І зрабілі Майсей і Элеазар сьвятар, як загадаў ГОСПАД Майсею.

32 І была здабыча, якую народ здабыў на вайне, — шэсьцьсот семдзясят пяць тысячаў авечак,

33 семдзясят дзьве тысячы валоў,

34 шэсьцьдзясят адна тысяча аслоў,

35 а душаў людзкіх, жанчынаў, якія не пазналі мужчынаў, было разам трыццаць дзьве тысячы.

36 І была палова дадзена тым, якія былі на вайне: трыста трыццаць сем тысячаў пяцьсот авечак.

37 І была частка ГОСПАДУ з авечак — шэсьцьсот семдзясят пяць авечак.

38 [І было] валоў трыццаць шэсьць тысячаў, а частка ГОСПАДУ [была] семдзясят два [валы].

39 [І было] трыццаць тысячаў пяцьсот аслоў, а частка ГОСПАДУ [была] шэсьцьдзясят адзін [асёл].

40 [І было] шаснаццаць тысячаў душаў людзкіх, а частка ГОСПАДУ [была] трыццаць дзьве душы.

41 І аддаў Майсей Элеазару сьвятару частку гэтую як дар ахвярны ГОСПАДУ, як загадаў ГОСПАД Майсею.

42 А палова для сыноў Ізраіля, якую ўзяў Майсей у ваяроў, [была]:

43 трыста трыццаць сем тысячаў пяцьсот авечак,

44 трыццаць шэсьць тысячаў валоў,

45 трыццаць тысячаў пяцьсот аслоў

46 і шаснаццаць тысячаў душаў людзкіх.

47 І ўзяў Майсей з паловы сыноў Ізраіля адну пяцідзясятую частку з людзей і жывёлы, і аддаў яе лявітам, якія служаць пры Сялібе ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею.

48 І прыйшлі да Майсея правадыры, начальнікі дружынаў войска, тысячнікі і сотнікі,

49 і сказалі Майсею: «Мы, слугі твае, палічылі ваяроў, якія пад рукой нашай, і не загінуў ніводзін з іх.

50 І прынесьлі мы як дар ахвярны ГОСПАДУ знойдзеныя вырабы з золата: ланцужкі, бранзалеты, пярсьцёнкі, завушніцы і нашыйнікі, каб перапрасіць за душы нашыя перад абліччам ГОСПАДА».

51 І ўзялі Майсей і Элеазар сьвятар золата і ўсе вырабы з яго.

52 І было золата, аддадзенага тысячнікамі і сотнікамі ў ахвяру ГОСПАДУ, шаснац­цаць тысячаў семсот пяцьдзясят сыкляў.

53 А кожны з ваяроў меў яшчэ сваю здабычу.

54 І ўзялі Майсей і Элеазар сьвятар золата ад тысячнікаў і сотнікаў, і занесьлі ў Намёт Спатканьня як памятны дар сыноў Ізраіля перад абліччам ГОСПАДА.

 

Разьдзел 32

1 А ў сыноў Рубэна і сыноў Гада былі шматлікія статкі, вельмі шматлікія. І яны ўбачылі зямлю Язэр і зямлю Гілеад, і вось, гэта на гадоўлю быдла.

2 І прыйшлі сыны Рубэна і сыны Гада, і сказалі Майсею, і Элеазару сьвятару, і князям грамады, кажучы:

3 «Атарот, Дыбон, Язэр, Німра, Хешбон, Элеале, Сэвам, Нэво і Вэон,

4 зямля, якую здабыў ГОСПАД перад абліччам грамады Ізраіля, зямля для гадоўлі быдла, а слугі твае маюць статкі».

5 І сказалі: «Калі мы знайшлі ласку ў вачах тваіх, дай гэтую зямлю слугам тваім на ўласнасьць, не пераводзь нас праз Ярдан».

6 І сказаў Майсей сынам Гада і сынам Рубэна: «Браты вашыя пойдуць ваяваць, а вы тут бу­дзеце сядзець?

7 Навошта вы стрымліваеце сэрца сыноў Ізраіля, каб яны не перайшлі ў зямлю, якую даў ім ГОСПАД?

8 Так зрабілі бацькі вашыя, калі я паслаў іх з Кадэш-Барнэа выведаць зямлю.

9 І дайшлі яны да даліны Эшколь, і ўбачылі яны зямлю, і збунтавалі яны сэрцы сыноў Ізраіля, каб не ішлі яны ў зямлю, якую даў ім ГОСПАД.

10 І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА ў той дзень і Ён прысягнуў, кажучы:

11 “Ня ўбачаць гэтыя людзі, якія выйшлі з Эгіпту ў дваццаць гадоў і вышэй, зямлі, якую Я пад прысягай абяцаў Абрагаму, Ісааку і Якубу, бо яны ня слухаліся Мяне,

12 акрамя Халева, сына Ефунны, Кенэзеяніна, і Егошуа, сына Нуна, бо яны слухаліся ГОСПАДА!”

13 І гневаўся ГОСПАД на Ізраіля, і вадзіў яго па пустыні сорак гадоў, пакуль не памерла ўсё пакаленьне, якое рабіла зло перад вачыма ГОСПАДА.

14 І вось, вы сталі замест бацькоў вашых, людзей грэшных, каб павялічыць лютасьць гневу ГОСПАДА на Ізраіля.

15 Калі зноў адвернецеся ад Яго, зноў Ён будзе вадзіць вас па пустыні, і вы загубіце ўвесь народ гэты».

16 І яны падыйшлі бліжэй да яго, і сказалі: «Мы пабудуем загарадкі для авечак і для статкаў нашых і гарады для дзяцей нашых,

17 а самі, узброеныя, пойдзем хутка перад абліччам сыноў Ізраіля, пакуль не ўвядзём іх у месцы, дзе яны будуць жыць. Дзеці нашыя будуць жыць у гарадах мураваных дзеля [небясьпекі] ад жыхароў зямлі гэтай.

18 Ня вернемся мы ў дамы нашыя, пакуль не авалодаюць сыны Ізраіля спадчынай сваёй.

19 Мы ня будзем шукаць спадчыны з імі на тым баку Ярдану або далей, бо ўжо маем спадчыну сваю на ўсходнім беразе Ярдану».

20 І Майсей сказаў ім: «Калі ўчыніце паводле слова гэтага, калі ўзброеныя пойдзеце перад абліччам ГОСПАДА на бітву,

21 і калі кожны з вас, узброены, пяройдзе Ярдан перад абліччам ГОСПАДА, аж пакуль Ён ня выганіць ворагаў Сваіх перад абліччам Сваім,

22 і будзе здабытая зямля перад абліччам ГОСПАДА, а потым вернецеся, тады ня будзеце вінаватыя перад ГОСПАДАМ і перад Ізраілем і возьмеце зямлю гэтую на ўласнасьць перад абліччам ГОСПАДА.

23 А калі ня зробіце так, вы дапусьціцеся грэху перад ГОСПАДАМ, і ведайце, што грэх ваш знойдзе вас.

24 Дык будуйце гарады дзецям вашым і загарадкі для авечак вашых, і тое, што выйшла з вуснаў вашых, зрабіце».

25 І сказалі сыны Гада і сыны Рубэна Майсею, кажучы: «Слугі твае зробяць так, як загадаў гаспадар наш.

26 Дзеці нашыя, жонкі нашыя, статкі нашыя і ўсё быдла нашае застануцца ў гарадах Гілеаду,

27 а слугі твае, усе ўзброеныя, пойдуць перад абліччам ГОСПАДА на вайну, як прамовіў гаспадар наш».

28 І загадаў Майсей Элеазару сьвятару і Егошуа, сыну Нуна, і галовам дамоў бацькоў сыноў Ізраіля,

29 і сказаў ім Майсей: «Калі сыны Гада і сыны Рубэна разам з вамі пяройдуць Ярдан, усе ўзброеныя на бітву перад абліччам ГОСПАДА, і вы завалодаеце зямлёю, дайце ім зямлю Гілеад на ўласнасьць.

30 А калі ня пойдуць разам з вамі, узброеныя, атрымаюць пасяленьні паміж вас у зямлі Ханаан».

31 І адказалі сыны Гада і сыны Рубэна, кажучы: «Як прамовіў ГОСПАД да слугаў тваіх, так і зробім.

32 Мы пойдзем, узброеныя, перад абліччам ГОСПАДА ў зямлю Ханаан, а ўласнасьць нашая, спадчына нашая з гэтага боку Ярдану».

33 І даў Майсей сынам Гада і Рубэна і палове пакаленьня Манасы, сына Язэпа, валадарства Сыгона, валадара Амарэйцаў, і валадарства Ога, валадара Башану, зямлю з гарадамі і гарады зямлі навокал.

34 І адбудавалі сыны Гада Дыбон, Атарот, Араэр,

35 Атрот-Шафан, Язэр і Ёгбэгу,

36 Бэт-Німру і Бэт-Гаран, мураваныя гарады і загарадкі для авечак.

37 А сыны Рубэна адбудавалі Хешбон, Элеале, Кірыятаім,

38 Нэво, Баал-Мэон, зьмяніўшы іх назвы, Сібму, і назвалі імёны гарадоў, якія адбудавалі.

39 І пайшлі сыны Махіра, сына Манасы, у Гілеад, і занялі яго, і выгналі Амарэйцаў, што [жылі] ў ім.

40 І даў Майсей Гілеад Махіру, сыну Манасы, і ён абжыўся ў ім.

41 А Яір, сын Манасы, пайшоў і заняў мястэчкі [Амарэйцаў], якія назваў Хават-Яір.

42 А Нобах пайшоў і заняў Кенат з ваколіцамі ягонымі, і назваў яго імем сваім, Нобах.

 

Разьдзел 33

1 Гэта месцы прыпынку сыноў Ізраіля, якія выйшлі з Эгіпту дружынамі сваімі пад рукою Майсея і Аарона.

2 І запісаў Майсей месцы табараў, з якіх яны паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА выхо­дзілі. Вось месцы прыпынку іхняга.

3 У першы месяц, у пятнаццаты дзень першага месяца, у другі дзень Пасхі вырушылі сыны Ізраіля з Рамсэсу, [ведзеныя] рукой узьнятай на вачах усіх Эгіпцянаў.

4 А Эгіпцяне хавалі ўсіх першародных сваіх, якіх забіў ГОСПАД, і ГОСПАД учыніў суд над багамі іхнімі.

5 І вырушылі сыны Ізраіля з Рамсэсу, і сталі табарам у Сукоце.

6 І вырушылі з Сукоту, і сталі табарам у Этаме, які на мяжы пустыні.

7 І вырушылі з Этаму, і завярнулі ў Пі-Гахірот, што каля Баал-Цэфону, і сталі табарам перад Мігдолам.

8 І выйшлі з Пі-Гахіроту, і перайшлі сярэдзінай мора ў пустыню, і тры дні ішлі праз пустыню, і сталі табарам у Мары.

9 І вырушылі з Мары, і прыйшлі ў Элім, а ў Эліме [было] дванаццаць крыніцаў водных і семдзясят пальмаў, і там сталі табарам.

10 І вырушылі з Эліму, і сталі табарам каля Мора Чырвонага.

11 І вырушылі ад Мора Чырвонага, і сталі табарам у пустыні Сін.

12 І вырушылі з пустыні Сін, і сталі табарам у Дафцы.

13 І вырушылі з Дафкі, і сталі табарам у Алушы.

14 І вырушылі з Алушы, і сталі табарам у Рэфідыме, і не было там вады для піцьця народу.

15 І вырушылі з Рэфідыму, і сталі табарам у пустыні Сынай.

16 І вырушылі з пустыні Сынай, і сталі табарам у Кіброт-Гатаве.

17 І вырушылі з Кіброт-Гатавы, і сталі табарам у Хацэроце.

18 І врушылі з Хацэроту, і сталі табарам у Рытме.

19 І вырушылі з Рытмы, і сталі табарам у Рымон-Пэрэсе.

20 І вырушылі з Рымон-Пэрэсу, і сталі табарам у Лібне.

21 І вырушылі з Лібны, і сталі табарам у Рысе.

22 І вырушылі з Рысы, і сталі табарам у Кэгеляце.

23 І вырушылі з Кэгеляты, і сталі табарам на гары Шафэр.

24 І вырушылі з гары Шафэр, і сталі табарам у Харадзе.

25 І вырушылі з Хараду, і сталі табарам у Макэлёце.

26 І вырушылі з Макэлёту, і сталі табарам у Тахаце.

27 І вырушылі з Тахату, і сталі табарам у Тэраху.

28 І вырушылі з Тэраху, і сталі табарам у Мітцы.

29 І вырушылі з Міткі, і сталі табарам у Хашмоне.

30 І вырушылі з Хашмоны, і сталі табарам у Масэроце.

31 І вырушылі з Масэроту, і сталі табарам у Бэнэй-Яакане.

32 І вырушылі з Бэнэй-Яакану, і сталі табарам у Хар-Гагідгадзе.

33 І вырушылі з Хар-Гагідгаду, і сталі табарам у Ётбаце.

34 І вырушылі з Ётбаты, і сталі табарам у Аброне.

35 І вырушылі з Аброны, і сталі табарам у Эцыён-Гебэры.

36 І вырушылі з Эцыён-Гебэру, і сталі табарам у пус­тыні Сін, у Кадэшы.

37 І вырушылі з Кадэшу, і сталі табарам на гары Гор, на мяжы зямлі Эдому.

38 І ўзыйшоў Аарон сьвятар на гару Гор перад аблічча ГОСПАДА, і там памёр у саракавым годзе пасьля выхаду сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай, у пятым месяцы, у першы дзень месяца.

39 Аарон меў сто дваццаць тры гады, калі памёр на гары Гор.

40 І пачуў валадар Араду, Хананеец, які жыў у Нэгеве ў зямлі Ханаан, што ідуць сыны Ізраіля.

41 А яны вырушылі ад гары Гор і сталі табарам у Цальмоне.

42 І вырушылі з Цальмону, і сталі табарам у Пуноне.

43 І вырушылі з Пунону, і сталі табарам у Абоце.

44 І вырушылі з Аботу, і сталі табарам у Іе-Абарыме на мяжы Мааву.

45 І вырушылі з Іе-Абарыму, і сталі табарам у Дыбон-Гадзе.

46 І вырушылі з Дыбон-Гаду, і сталі табарам у Альмон-Дыблатаіме.

47 І вырушылі з Альмон-Дыблатаіму, і сталі табарам пад гарой Абарым, насупраць Нэво.

48 І вырушылі ад гары Абарым, і сталі табарам на раўнінах Мааву над Ярданам насупраць Ерыхону.

49 І яны сталі табарам паміж Бэт-Гаешымотам і Абэль-Шытымам на раўнінах Мааву.

50 І прамовіў ГОСПАД да Майсея на раўнінах Мааву над Ярданам насупраць Ерыхону, кажучы:

51 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Вы пяройдзеце праз Ярдан у зямлю Ханаан,

52 дык выганіце перад сабою ўсіх жыхароў той зямлі, і паламіце ўсе выявы іхнія, і разьбіце ўсіх ідалаў іхніх, і ўсе ўзгоркі спусташыце.

53 І вы авалодаеце зямлёй, і будзеце жыць на ёй, бо Я даў вам яе на ўласнасьць.

54 Падзяліце зямлю жэрабям паміж сем’ямі вашымі, шматлікай павялічце спадчыну яе, малалікай зьменшыце спадчыну яе. Як жэрабя выпадзе, так будзе падзелена спадчына. Паводле пакаленьняў бацькоў вашых атрымаеце спадчыну.

55 А калі ня выганіце перад сабою жыхароў зямлі гэтай, будуць тыя, якія з іх застануцца, цернямі ў вачах вашых і калючкамі ў баках вашых, і будуць яны ўціскаць вас у зямлі, у якой вы будзеце жыць.

56 І станецца тое, што Я задумаў ім зрабіць, Я вам зраблю”».

 

Разьдзел 34

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Загадай сынам Ізраіля і скажы ім: “Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, вось зямля, якая будзе вам у спадчыну, зямля Ханаан у межах ейных.

3 Паўднёвая мяжа будзе ад пустыні Сін да ваколіц Эдому, і будзе паўднёвая мяжа з усходу ад краю Мора Салёнага.

4 І зьверне мяжа вашая на поўдзень да ўзвышша Акраббім, і пойдзе праз Сін на поўдзень да Кадэш-Барнэа, і пойдзе да Хацар-Адару, і дойдзе да Ацмону.

5 Ад Ацмону паверне [мяжа] да ручаю Эгіпецкага і спыніцца на беразе мора.

6 Вашай мяжой заходняй будзе для вас Мора Вялікае, гэта будзе ваша мяжа заходняя.

7 На поўначы будзе ў вас мяжа ад Мора Вялікага пачынаючы і аж да гары Гор,

8 і ад гары Гор павядзіце [мяжу] да ўваходу ў Хамат і далей, да мяжы Цэдаду.

9 І пойдзе мяжа да Зіфрону, і дойдзе да Гацар-Энану. Гэта будзе для вас мяжа паўночная.

10 Усходнюю мяжу правядзіце ад Гацар-Энану да Шэфамы,

11 і ад Шэфамы пойдзе мяжа да Рыўлі на ўсход да Аіну, і зыйдзе мяжа далей, і прой­дзе праз горы на ўсход ад мора Кінэрэт,

12 і зыйдзе мяжа ўздоўж Ярдану, і спыніцца пры Моры Салёным. Гэта будзе зямля вашая з межамі сваімі наўкола”».

13 І загадаў Майсей сынам Ізраіля, кажучы: «Вось зямля, якую маеце падзяліць жэрабям і якую загадаў ГОСПАД даць дзевяці пакаленьням і палове пакаленьня.

14 Бо пакаленьне сыноў Рубэна паводле дамоў бацькоў сваіх, і пакаленьне сыноў Гада паводле дамоў бацькоў сваіх, і палова пакаленьня Манасы атрымалі спадчыну сваю.

15 Гэтыя два пакаленьні і палова пакаленьня ўзялі спадчыну сваю з таго боку Ярдану насупраць Ерыхону на ўсход».

16 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

17 «Гэта імёны людзей, якія падзеляць вам зямлю: Элеазар сьвятар і Егошуа, сын Нуна.

18 І возьмеце па адным князі з кожнага пакаленьня, каб падзяліць зямлю на ўласнасьць.

19 Вось імёны тых людзей: з пакаленьня Юды — Халеў, сын Ефунны,

20 з пакаленьня сыноў Сымона — Шэмюэль, сын Амігуда,

21 з пакаленьня Бэн’яміна — Элідад, сын Кісьлёна,

22 з пакаленьня сыноў Дана — Букі, сын Ёглі,

23 з сыноў Язэпа, з пакаленьня сыноў Манасы — Ханіэль, сын Эфода,

24 з пакаленьня сыноў Эфраіма — Кэмуэль, сын Шыфтана,

25 з пакаленьня сыноў Завулёна — Эліцафан, сын Парнаха,

26 з пакаленьня сыноў Ісахара — Пальтыэль, сын Азана,

27 з пакаленьня сыноў Асэра — Эхігуд, сын Шэломіі,

28 з пакаленьня сыноў Нэфталі — Пэдагель, сын Амігуда».

29 Гэта тыя, якім загадаў ГОСПАД падзяліць зямлю Ханаан між сыноў Ізраіля.

 

Разьдзел 35

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея на раўнінах Мааву каля Ярдану насупраць Ерыхону, кажучы:

2 «Загадай сынам Ізраіля, каб далі лявітам са спадчыны сваёй гарады, у якіх яны б жылі, і пашы кругом гарадоў дайце лявітам.

3 У гарадах яны будуць жыць, а пашы будуць для быдла іхняга, для статку іхняга і для ўсёй жывёлы іхняй.

4 І будуць пашы гарадоў, якія дасьцё лявітам, ад муроў гарадзкіх на тысячу локцяў наўкола.

5 Адмерайце за горадам дзьве тысячы локцяў з боку ўсходняга, дзьве тысячы локцяў з боку паўднёвага, дзьве тысячы локцяў з боку заходняга і дзьве тысячы локцяў з боку паўночнага, каб сам горад быў пасярэдзіне; гэта будуць пашы вакол тых гарадоў.

6 Гарады, якія дасьцё лявітам, [будуць] шэсьць гарадоў прыбежышча, каб забойца мог у іх схавацца, і апрача іх [яшчэ] сорак два гарады.

7 Усіх гарадоў, якія разам з пашамі дасьцё лявітам, будзе сорак восем.

8 Адносна гарадоў, якія дасьцё са спадчыны сыноў Ізраіля: ад шматлікага [пакаленьня] — большую [лічбу], ад малалікага — меншую. Кожнае [пакаленьне] паводле вялікасьці атрыманай спадчыны дасьць гарады свае лявітам».

9 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

10 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі пяройдзеце праз Ярдан у зямлю Ханаан,

11 выбярыце сабе гарады, якія будуць для вас прыбежышчам, уцячэ туды забойца, які выпадкова забіў душу.

12 І яны будуць вам гарадамі прыбежышча ад мсьціўцы [за кроў], і забойца не памрэ, пакуль ня стане перад грамадою на суд.

13 А гарадоў, якія дасьцё як гарады прыбежышча, будзе шэсьць.

14 Тры гарады дайце за Ярданам, а тры гарады — у зямлі Ханаан як гарады прыбежышча.

15 Для сыноў Ізраіля і для прыхадняў, і для тых, хто пасяліўся сярод вас, будуць тыя шэсьць гарадоў прыбежышча, каб [мог] у іх уцячы той, хто ненаўмысна забіў душу.

16 Калі чалавек ударыць іншага жалезам, і той памрэ, той, [хто ўдарыў], — забойца; забойца сьмерцю памрэ.

17 Калі чалавек ударыў камянём, якім можна забіць, і забіў, ён — забойца; забойца сьмер­цю памрэ.

18 Калі чалавек паленам, якім можна забіць, так ударыў чалавека, што той памёр, ён — забойца, забойца сьмерцю памрэ.

19 Мсьціўца за кроў заб’е забойцу; дзе сустрэне яго, заб’е яго.

20 Калі хто з нянавісьці напаў на чалавека, або кінуў у яго штосьці з намерам забіць, і той памёр,

21 або калі хто ў злосьці ўдарыў рукою сваёй, і той памёр, той, хто ўдарыў, сьмерцю памрэ, бо ён — забойца; і мсьціў­ца за кроў заб’е яго, калі сустрэне.

22 А калі нехта выпадкова і бяз злосьці ўдарыў чалавека або кінуў у яго нечым ненаўмысна,

23 або, ня бачачы яго, пусьціў у яго камень, які можа забіць, і той памёр, але ён ня быў яго ворагам і ён не хацеў яму зла,

24 тады грамада павінна су­дзіць паміж тым, які ўдарыў, і мсьціўцам за кроў паводле судоў гэтых.

25 І выратуе грамада забойцу ад рукі мсьціўца за кроў і верне яго грамада ў горад прыбежышча, куды ён уцёк, і ён будзе там жыць да сьмерці сьвятара вялікага, які памазаны сьвятым алеем.

26 Калі ж забойца выйдзе за межы гораду прыбежышча, у які схаваўся,

27 і калі мсьціўца за кроў сустрэне яго па-за межамі гораду прыбежышча, і заб’е мсьціўца за кроў забойцу, ён ня мае [віны] за кроў.

28 Бо да сьмерці сьвятара вялікага павінен забойца быць у горадзе прыбежышча свайго. Пасьля сьмерці сьвятара вялікага можа ён вярнуцца ў зямлю спадчыны сваёй.

29 І будзе гэта для вас пастановай у-ва ўсе пакаленьні вашыя і ў-ва ўсіх месцах пражываньня вашага.

30 Кожны, хто забіў душу, на падставе [словаў] з вуснаў сьведкаў будзе забіты як забойца. Але адзін сьведка ня будзе асуджаць душу на сьмерць.

31 Не бярыце выкупу за душу забойцы, які варты сьмерці; ён сьмерцю памрэ.

32 Не бярыце выкупу за ўцёк­шага ў горад прыбежышча, каб яму дазволіць жыць у зямлі сваёй перад сьмерцю першасьвятара.

33 Не паганьце зямлі пражываньня вашага, бо кроў паганіць зямлю, і ніяк ня можа быць перапрошана за кроў, пралітую на зямлю, як толькі праз кроў таго, хто праліў яе.

34 Не рабіце нячыстай зямлю, на якой будзеце жыць, бо Я буду жыць пасярод вас. Бо Я — ГОСПАД, Які жыву пасярод сыноў Ізраіля”».

 

Разьдзел 36

1 І прыйшлі галовы бацькоў сем’яў сыноў Гілеада, сына Махіра, сына Манасы, з роду сыноў Язэпа, і расказалі Майсею, і князям, і галовам бацькоў сыноў Ізраіля,

2 і сказалі: «Гаспадару нашаму загадаў ГОСПАД жэрабям падзяліць зямлю паміж сынамі Ізраіля, і гаспадар наш атрымаў загад ГОСПАДА даць спадчыну Цэлафхада, брата нашага, дочкам ягоным.

3 Але калі яны будуць жонкамі аднаго з сыноў іншага калена сыноў Ізраіля, спадчына іхняя адымецца ад спадчыны бацькоў нашых і далучыцца да таго пакаленьня, у якім яны будуць жыць, і наша частка, атрыманая жэрабям, змалее.

4 І калі для сыноў Ізраіля прыйдзе год юбілейны, тады іх спадчына будзе назаўсёды належаць да пакаленьня, да якога яны ўвайшлі, а спадчына пакаленьня бацькоў нашых паменшыцца на спадчыну іхнюю».

5 І загадаў Майсей сынам Ізраіля паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, кажучы: «Справядлівае слова пакаленьня сыноў Язэпа.

6 Вось слова, якое загадаў ГОСПАД дочкам Цэлафхада, кажучы: «Яны могуць ісьці замуж за таго, хто добры ў вачах іхніх, але за мужчынаў пакаленьня бацькі свайго могуць ісьці замуж.

7 Няхай не пераходзіць спадчына сыноў Ізраіля з аднаго пакаленьня ў другое пакаленьне. Няхай сыны Ізраіля трымаюцца спадчыны пакаленьня бацькоў сваіх.

8 Кожная дзяўчына, якая атрымае спадчыну ў пакаленьні сыноў Ізраіля, стане жонкаю аднаго з мужчынаў пакаленьня бацькоў сваіх, каб сыны Ізраіля захавалі спадчыну бацькоў сваіх,

9 і каб спадчына не пераходзіла з аднаго пакаленьня ў другое пакаленьне. Пакаленьні сыноў Ізраіля павінны трымацца спадчыны сваёй»».

10 Як загадаў ГОСПАД Майсею, так і зрабілі дочкі Цэлафхада,

11 і выйшлі замуж Махля, Тырца, Хогля, Мілька і Ноа, дочкі Цэлафхада, за сыноў дзядзькоў сваіх.

12 Пайшлі яны замуж за [людзей] з сям’і сыноў Манасы, сына Язэпа, і так спадчына іхняя засталася пры пакаленьні сям’і бацькі іхняга.

13 Гэта прыказаньні і прысуды, якія загадаў ГОСПАД праз Майсея сынам Ізраіля на раўнінах Мааву каля Ярдану насупраць Ерыхону.