Беларуская Біблія

КНІГА ЛЯВІТ

Разьдзел 1

1 І паклікаў ГОСПАД Майсея, і прамовіў да яго з Намёту Спатканьня, кажучы:

2 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі хто з вас захоча скласьці ахвяру з хатняе жывёлы, няхай складае [ахвяру] з валоў або жывёл драбнейшых.

3 Калі ён захоча скласьці ахвяру цэласпаленьня з быдла, няхай ахвяруе самца без заганы і прывядзе яго да ўваходу Намёту Спатканьня, каб ГОСПАД прыняў яго ласкава,

4 і паложыць руку на галаву ахвяры, каб была прынята як перамаленьне за яго.

5 Потым заб’е цяля перад ГОСПАДАМ, а сыны Аарона, сьвятары, ахвяруюць кроў і пакрапяць ёю кругом ахвярнік, які стаіць перад уваходам у Намёт Спатканьня;

6 а пасьля здыме ён скуру з ахвяры цэласпаленьня і пасячэ ахвяру на часткі.

7 Сыны ж Аарона, сьвятары, прынясуць агонь на ахвярнік і паложаць дровы на агні.

8 Потым сыны Аарона, сьвятары, паложаць часткі разам з галавой і тлушчам на дровах, што ляжаць на агні на  ахвярніку.

9 А нутро ахвяры і ногі яе вымые ён вадою, і спаліць сьвятар усё гэта на ахвярніку; гэта цэласпаленьне, ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.

10 Калі вось хто хоча скласьці ахвяру цэласпаленьня з дробнай жывёлы, з авечак або козаў, няхай возьме самца без заганы,

11 і заб’е яго перад ГОСПАДАМ на паўночным баку ахвярніка, а сыны Аарона, сьвятары, пакропяць крывёй яго ахвярнік наўкола.

12 І расьсячэ яго на часткі, а сьвятар паложыць іх разам з галавой і тлушчам на дровы, што ляжаць на агні на ахвярніку,

13 а нутро і ногі вымые ён вадой; і сьвятар зложыць гэта ўсё на  ахвярніку і спаліць; гэта цэласпаленьне, ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.

14 А калі хто захоча скласьці ў ахвяру ГОСПАДУ птушку на цэласпаленьне, няхай ахвяруе туркаўку або маладога галуба.

15 І сьвятар прынясе яго на ахвярнік, зломіць яму галаву і спаліць на  ахвярніку, а кроў яго выцісьне на сьцяну ахвярніка;

16 і возьме валяк з пер’ем, і выкіне каля ахвярніку на ўсходнім баку, дзе попел;

17 і надломіць яго паміж крыламі, не аддзяляючы іх, і спаліць іх сьвятар на ахвярніку, на дровах, што ляжаць на агні; гэта цэласпаленьне, ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.

Разьдзел 2

1 Калі хто захоча скласьці ахвяру хлебную ГОСПАДУ, няхай прынясе пшанічнай мукі, зьмяшае яе з алеем і дадасьць да яе кадзіла,

2 потым прынясе яе да сьвятароў, сыноў Аарона, і возьме сьвятар поўную жменю мукі з алеем і з усім кадзілам і спаліць гэта як памятную частку на  ахвярніку; гэта ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.

3 А што застанецца ад ахвяры хлебнай, будзе для Аарона і сыноў ягоных. Гэта сьвятое сьвятых з ахвяраў агнявых для ГОСПАДА.

4 Калі захочаш скласьці ахвяру хлебную, з мукі, печанай у печы, няхай гэта будуць праснакі, запраўленыя алеем, ці аладкі прэсныя, памазаныя алеем.

5 Калі ахвяра тая будзе з патэльні, няхай будзе з пшанічнай мукі, няквашанай, запраўленай алеем.

6 Падзеліш яе на кавалкі і пальеш яе алеем. Гэта ахвяра хлебная.

7 Калі ахвяра твая будзе ў гаршчку смажаная, няхай яна будзе з мукі, запраўленай алеем.

8 Тады прынясеш гэтак прыгатаваную ахвяру ГОСПАДУ і аддасі яе ў рукі сьвятара, а ён прынясе яе да ахвярніка;

9 і возьме сьвятар памятную частку яе, і спаліць на ахвярніку; гэта ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.

10 А ўсё, што застанецца, будзе для Аарона і сыноў ягоных. Гэта сьвятое сьвятых з ахвяраў агнявых для ГОСПАДА.

11 Усякая ахвяра з мукі, якую складаеце Госпаду, няхай ня будзе квашанай, бо анічога квашанага, ані мёду не павінны вы паліць у ахвяру ГОСПАДУ.

12 Прыносьце гэтыя рэчы як пяршыны, як дары ГОСПАДУ, але не кладзіце іх на ахвярнік, каб паліць на пах прыемны.

13 Кожную ахвяру, якую складаеш з ежы, пасалі сольлю. І не пакідай хлебнай ахвяры тваёй бяз солі запавету Бога твайго. Кожную ахвяру тваю пасалі сольлю.

14 Калі прыносіш ахвяру з пяршынаў пладоў тваіх ГОСПАДУ, прынось каласы, высушаныя на агні, або тоўчанае зерне як ахвяру хлебную,

15 палі іх алеем і палажы на іх кадзіла. Гэта ахвяра хлебная.

16 І спаліць сьвятар як памятную частку з тоўчанага зерня і алею з усім кадзілам. Гэта ахвяра агнявая для ГОСПАДА.

Разьдзел 3

1 Калі чыя ахвяра ёсьць ахвярай мірнай, ён складае яе з валоў; самца або саміцу без заганы няхай прыносіць ГОСПАДУ,

2 і паложыць руку сваю на галаву ахвяры сваёй, якую заб’е перад уваходам у Намёт Спатканьня, а пасьля сьвятары, сыны Аарона, пакропяць ахвярнік крывёю яе наўкола.

3 І складзе ён з ахвяры мірнай ахвяру цэласпаленьня ГОСПАДУ з тлустасьці, што пакрывае нутро, і ўвесь тлушч, які над ім,

4 а таксама абедзьве ныркі і тлушч на іх, які на сьцёгнах, і тлушч, які на вантробе; разам з ныркамі няхай аддзеліць яго.

5 І сыны Аарона спаляць гэта на ахвярніку як цэласпаленьне на дровах, якія на агні; гэта ахвяра цэласпаленьня, мілы пах ГОСПАДУ.

6 Калі б чыя ахвяра складалася з дробнай жывёлы як ахвяра мірная для ГОСПАДА, няхай складае ахвяру з жывёлы без заганы, самца або саміцы.

7 Калі з авечак ён прыносіць ахвяру, няхай прынясе яе перад аблічча ГОСПАДА,

8 і паложыць руку сваю на галаву ахвяры сваёй, і потым заб’е яе перад Намётам Спатканьня, а сыны Аарона пакропяць крывёю яе ахвярнік наўкола.

9 І складзе ён як ахвяру мірную ГОСПАДУ тлушч яе, увесь курдзюк, адрэзаўшы яго па самую хрыбетную косьць, і тлушч, які пакрывае нутро, і ўвесь тлушч над ім,

10 і абедзьве ныркі і тлушч на іх, які на сьцёгнах, і тлушч, які на вантробе; разам з ныркамі няхай аддзеліць яго.

11 І сьвятар спаліць гэта на  ахвярніку. Гэта хлеб, ахвяра агнявая для ГОСПАДА.

12 Калі б хто складаў ахвяру з козаў, няхай прынясе яе перад аблічча ГОСПАДА,

13 і паложыць ён руку сваю на галаву яе і заб’е яе перад Намётам Спатканьня, а сыны Аарона пакропяць крывёй яе ахвярнік наўкола.

14 І складзе ён з яе ахвяру сваю як ахвяру агнявую для ГОСПАДА — тлушч, які пакрывае нутро, разам увесь тлушч, які на нутры,

15 і абедзьве ныркі разам з тлушчам на іх, які на сцёгнах, а таксама тлушч, які на вантробе; з ныркамі няхай аддзеліць яго.

16 Пасьля сьвятар спаліць усё гэта на ахвярніку; гэта хлеб, ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ; увесь тлушч [належыць] ГОСПАДУ.

17 Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых у-ва ўсіх паселішчах вашых: ані крыві, ані тлушчу зусім ня ешце”».

Разьдзел 4

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Гавары сынам Ізраіля: “Калі хто праз няўвагу саграшыць адносна прыказаньняў ГОСПАДА, якія забараняюць нешта рабіць, а ён гэта зрабіў бы,

3 дык калі гэтага грэху дапусьціцца памазаны сьвятар, так што яго віна спадае на народ, тады складзе ён у ахвяру ГОСПАДУ як перамольную ахвяру за дапушчаны грэх маладога бычка без заганы.

4 І прывядзе бычка да ўваходу ў Намёт Спатканьня перад аблічча ГОСПАДА, і пало­жыць руку на галаву яго, і заб’е яго перад абліччам ГОСПАДА.

5 І памазаны сьвятар возьме крыві таго бычка, і ўнясе ў Намёт Спатканьня.

6 І памочыць сьвятар палец у крыві, і пакропіць крывёй сем разоў перад абліччам ГОСПАДА, перад заслонай Месца Сьвятога.

7 І памажа сьвятар крывёй рагі ахвярніка пахкага каджэньня, які перад абліччам ГОСПАДА ў Намёце Спатканьня, а рэшту крыві бычка вылье ён на падставу  ахвярніка цэласпаленьня, які перад уваходам у Намёт Спатканьня.

8 І выме з ахвяраванага бычка ўвесь тлушч, які пакрывае нутро, і ўсю тлустасьць, якая на нутры,

9 і абедзьве ныркі разам з тлушчам, які над імі, які дастае да сьцёгнаў, а таксама тлушч, які на вантробе; разам з ныркамі няхай аддзеліць яго,

10 такім жа чынам, як аддзяляецца тлушч бычка ахвяры мірнай. І спаліць сьвятар усё гэта на ахвярніку цэласпаленьня.

11 А скуру цяляці, усё мяса ягонае, галаву ягоную, ногі ягоныя, і нутро ягонае, і нячыстасьць ягоную,

12 усяго бычка няхай выня­суць па-за табар; на чыстае месца, дзе высыпаюць попел, і там няхай будзе спалены агнём на дровах.

13 Калі ўся грамада Ізраіля саграшыць праз няўвагу, і схавана гэта будзе перад вачыма царквы, што такім чынам правініліся супраць прыказаньняў ГОСПАДА,

14 а потым яны зразумеюць грэх, якім саграшылі, дык няхай царква прывядзе да ўваходу ў Намёт Спатканьня бычка ў ахвяру за грэх.

15 І старшыні грамады ўскладуць рукі на галаву бычка перад абліччам ГОСПАДА, і той бычок будзе забіты перад абліччам ГОСПАДА.

16 І памазаны сьвятар унясе ў Намёт Спатканьня частку крыві цяляці,

17 і памочыць палец у крыві, і пакропіць сем разоў перад абліччам ГОСПАДА перад заслонай.

18 І памажа тою крывёю рагі ахвярніку, які перад абліччам ГОСПАДА ў Намёце Спатканьня, а рэшту крыві вылье на падставу ахвярніка цэласпаленьня, які каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.

19 А ўвесь тлушч яго аддзеліць ад яго і спаліць на ахвярніку.

20 І зробіць з бычком тое, што робіцца з бычком ахвяры за грэх; так павінен зрабіць з ім. Так ачысьціць іх сьвятар, і будзе даравана ім.

21 І вынясе бычка па-за табар, і спаліць яго так, як спаліў папярэдняга бычка. Гэта ахвяра перамольная за грэх царквы.

22 Калі саграшыць князь і праз няўвагу дапусьціцца таго, што забараняецца прыказаньнем ГОСПАДА, Бога ягонага, і гэтак правініцца,

23 калі будзе даведзены грэх ягоны, якім саграшыў, няхай прывядзе ў ахвяру ГОСПАДУ казла без заганы.

24 І паложыць ён руку сваю на галаву ягоную, і заб’е яго на месцы, дзе забіваюцца ахвяры цэласпаленьня перад абліччам ГОСПАДА. Гэта ахвяра за грэх.

25 І памочыць сьвятар палец у крыві ахвяры за грэх, і памажа ёю рагі  ахвярніка цэласпаленьня, а рэшту крыві вылье на падставу ахвярніка цэласпаленьня.

26 А ўвесь тлушч яго спаліць на ахвярніку, падобна як тлушч ахвяры мірнай. Так вось ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, і будзе яму даравана.

27 Калі хто спаміж народу зямлі праз няўвагу саграшыць і дапусьціцца таго, што забараняецца прыказаньнем ГОСПАДА, і гэтак правініцца,

28 калі будзе выяўлены яму грэх ягоны, якім саграшыў, няхай прывядзе ў ахвяру за грэх свой казу без заганы.

29 Пасьля паложыць руку на галаву ахвяры за грэх, і заб’е яе на месцы ахвяры цэласпаленьня.

30 Сьвятар возьме пальцам сваім крыві і памажа ёю рагі ахвярніка цэласпаленьня, а рэшту вылье на падставу ахвярніка.

31 Потым аддзеліць увесь тлушч так, як быў аддзелены тлушч ахвяры мірнай. І спаліць яго сьвятар на ахвярніку на мілы пах ГОСПАДУ. Так ачысьціць яго сьвятар, і грэх будзе яму адпушчаны.

32 А калі хто захоча скласьці за грэх авечку, няхай прывядзе авечку без заганы,

33 узложыць руку на галаву ейную і заб’е яе як ахвяру за грэх на месцы, дзе забіваюць ахвяры цэласпаленьня.

34 І возьме сьвятар пальцам сваім крыві і памажа рагі ахвярніку цэласпаленьня, а рэшту вылье на падставу ахвярніка.

35 А ўвесь тлушч яе аддзеліць, як аддзяляецца лой авечкі з ахвяры мірнай, і спаліць яго сьвятар на ахвярніку ў ахвяру ГОСПАДУ. Так ачысьціць яго сьвятар ад грэху, якім ён саграшыў, і будзе яму даравана.

Разьдзел 5

1 Калі хто саграшыць тым, што чуў праклён і мог засьведчыць пра праступак, які бачыў або ведаў, і не зрабіў гэтага, і такім чынам правініўся,

2 або калі хто дакранецца чаго нячыстага, трупа зьвера нячыстага, або жывёлы, або паўзуна нячыстага, але ня будзе ведаць гэтага, што стаўся нячыстым, і гэтак правініўся,

3 або калі нехта дакранецца нейкай нячыстасьці чалавечай, нейкай рэчы нячыстай, дзеля якой мог занячысьціцца, і спачатку не ўсьведамляў сабе гэтага, а потым даведаецца, што правініўся,

4 або калі хто прысягае, гаворачы легкадумна вуснамі на ліха або на дабро, так як бывае, што чалавек легкадумна прысягае, спачатку не ўсьведамляючы сабе гэтага, а пасьля спасьцерагае, што правініўся праз адну з гэтых рэчаў,

5 дык калі хто правініўся ў адной з гэтых рэчаў, няхай прызнаецца, што саграшыў,

6 і няхай прынясе ён ГОСПАДУ за грэх свой, якім саграшыў, у ахвяру перамольную авечку са статку або казу як ахвяру за грэх, і ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага.

7 Калі хто ня можа ахвяраваць авечку, няхай ахвяруе за грэх свой дзьве туркаўкі або двух маладых галубоў ГОСПАДУ: аднаго ў ахвяру за грэх, а другога на цэласпаленьне.

8 Няхай прынясе іх да сьвятара, і ён першага ахвяруе за грэх і надломіць яму галаву пры карку, але яе не аддзеліць.

9 Пасьля пакропіць крывёй яго сьцяну ахвярніку, а рэшту крыві вылье на падставу ахвярніка. Гэта ахвяра за грэх.

10 Другога галуба няхай складзе ён у ахвяру цэласпаленьня, як звычайна бывае; так ачысьціць яго сьвятар ад грэху яго, якім ён правініўся, і ён будзе яму адпушчаны.

11 Калі б хто ня мог ахвяраваць дзьвюх туркавак або двух маладых галубоў, няхай прынясе за тое, што саграшыў, дзясятую частку эфы пшанічнай мукі ў ахвяру за грэх; няхай не палівае яе алеем і няхай не кладзе на яе кадзіла, бо гэта ахвяра за грэх.

12 І прынясе яе да сьвятара, а той возьме з гэтага поўную жменю [мукі] як памятную частку і спаліць на ахвярніку ў ахвяру ГОСПАДУ. Гэта ахвяра за грэх.

13 Так ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, якім ён саграшыў супраць аднаго з тых прыказаньняў, і будзе яму адпушчана. Пазасталую частку возьме сьвятар як ахвяру хлебную”».

14 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

15 «Калі хто дапусьціцца злачынства праз памылку, прысвойваючы сабе рэчы, пасьвячоныя ГОСПАДУ, няхай за віну сваю са свайго статку авечак прынясе ГОСПАДУ ягня без заганы па цане двух сыкляў срэбра паводле вагі сьвятыні як ахвяру за грэх.

16 Няхай тое, што прысвоіў, верне і дадасьць да таго пятую частку вартасьці, і аддасьць гэта сьвятару, а сьвятар ачысьціць яго ахвярай ягняці, і грэх будзе яму адпушчаны.

17 Калі хто саграшыць, дапускаючыся нечага супраць прыказаньняў ГОСПАДА праз няведаньне, і правініцца, дапускаючыся злачынства,

18 няхай прынясе да сьвятара ягня без заганы, узятае са статку, па сваёй ацэнцы, у ахвяру за грэх. Тады сьвятар ачысьціць яго ад праступку, якога несьвядома дапусьціўся, і будзе ён яму адпушчаны.

19 Гэта ахвяра за праступак, якім ён правініўся перад ГОСПАДАМ».

Разьдзел 6

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Калі хто саграшыць і дапусьціцца праступку перад ГОСПАДАМ тым, што адмовіцца аддаць бліжняму тое, што яму было дадзена на захаваньне, або што яму было дадзена ў заклад, або што было ім скрадзена, або што было адабрана яшчэ якім чынам [у бліжняга],

3 або калі знайшоў ён згубленую рэч і запярэчыў гэтаму, або што фальшыва сьведчыў адносна якой рэчы, праз якую чалавек можа саграшыць,

4 вось жа хто так саграшыў і мусіць аднагарадзіцца, павінен аддаць тое, што ўкраў, або тое, што адабраў, або што яму было даручана на захаваньне, або згубленае, што ён знайшоў,

5 або рэч, адносна якой прысягаў фальшыва, і няхай ён верне поўную вартасьць той рэчы, дадаючы пры тым да яе пятую частку яе вартасьці. Павінен ён аддаць гэта ўласьніку ў той самы дзень, калі будзе складаць ахвяру аднагараджэньня.

6 А за праступак ахвяруе ён ГОСПАДУ ягня без заганы са статку, паводле ацаненьня твайго, на ахвяру аднагараджэньня, і прывядзе яго да сьвятара.

7 І ачысьціць сьвятар яго перад ГОСПАДАМ, і дараваны будзе яму праступак, якім саграшыў».

8 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

9 «Загадай Аарону і сынам ягоным, кажучы: “Вось закон адносна ахвяры цэласпаленьня. Ахвяра цэласпаленьня будзе прыносіцца на вогнішчы на ахвярніку ўсю ноч аж да раніцы, і агонь будзе гарэць на ахвярніку.

10 Сьвятар апранецца ў ільняную шату і льняную бялізну, і зьбярэ попел ахвяры цэла­спаленьня, якую спаліў агонь на ахвярніку, і высыпе каля ахвярніку.

11 Потым здыме з сябе адзеньне сваё, а апране на цела другое адзеньне, і вынясе попел за табар на чыстае месца.

12 Агонь жа на ахвярніку будзе гарэць заўсёды і ня бу­дзе гаснуць. На ім сьвятар кожную раніцу будзе паліць дровы, і будзе складаць ахвяру цэласпаленьня, і паліць на ім тлушч ахвяраў мірных.

13 Агонь будзе заўсёды гарэць на ахвярніку і ніколі ня згасьне.

14 Гэта закон адносна ахвяраў хлебных. Сыны Аарона павінны прыносіць іх перад аблічча ГОСПАДА перад ахвярнікам.

15 Сьвятар возьме жменю мукі, палітай алеем, з усім кадзілам, пакладзеным на муку, і спаліць на ахвярніку на мілы пах як напамін ГОСПАДУ.

16 А рэшту мукі няхай зьядуць Аарон з сынамі сваімі, праснакі няхай яны ядуць на месцы сьвятым, на панадворку Намёту Спатканьня.

17 Ня будзеце пекчы [хлеб] квашаны. Гэта частка, якую Я даю ім з Маіх ахвяраў агнявых. Гэта сьвятое сьвятых, як і ахвяра за грэх, і ахвяра аднагараджэньня.

18 Толькі мужчыны з сыноў Аарона будуць есьці яе. Гэта закон вечны для пакаленьняў вашых адносна ахвяраў цэласпаленьня ГОСПАДУ. Кожны, хто іх дакранецца, будзе асьвечаны”».

19 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

20 «Гэта вось ахвяра Аарона і сыноў ягоных, якую павінны яны складаць ГОСПАДУ ў дзень іхняга памазаньня. Будуць яны складаць ахвяру штодзённую з дзясятай часткі эфы мукі пшанічнай: палову яе раніцаю і палову — вечарам.

21 Яна павінна быць прыгатавана з алеем на патэльні. Прынясеш яе цёплую і ахвяруеш яе, падзеленую на кавалкі, на мілы пах ГОСПАДУ.

22 Сьвятар, памазаны на месца бацькі свайго, зробіць гэта. Гэта закон вечны. Ахвяра цалкам павінна быць спалена для ГОСПАДА.

23 Бо кожная ахвяра хлебная  сьвятара будзе спалена агнём, і ніхто ня будзе есьці яе».

24 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

25 «Скажы Аарону і сынам ягоным: “Такі вось закон адносна ахвяры за грэх. Ахвяра за грэх павінна быць забітая перад абліччам ГОСПАДА на тым самым месцы, дзе забіваецца ахвяра цэласпаленьня. Гэта справа сьвятая.

26 Сьвятар, які будзе складаць ахвяру за грэх, будзе яе есьці на месцы сьвятым, на панадворку Намёту Спатканьня.

27 Кожны, хто дакранецца мяса яе, будзе асьвечаны. А калі кроўю яе будзе апырскана адзеньне, апырсканае абмый на месцы сьвятым.

28 Калі тое мяса будзе варана ў пасудзіне глінянай, яе трэба разьбіць, а калі пасудзіна мядзяная, яна павінна быць добра вышаравана і выпаласкана.

29 Кожны мужчына з роду сьвятарскага будзе есьці яе. Гэта сьвятое сьвятых.

30 А ўсякую ахвяру за грэх, кроў якой уносяць у Намёт Спатканьня для ачышчэньня ў Месцы Сьвятым, ніхто няхай ня есьць, яна спальваецца ў агні.

Разьдзел 7

1 Вось закон адносна ахвяры аднагараджэньня. Гэта сьвятая рэч.

2 На тым самым месцы, дзе забіваецца ахвяра цэласпаленьня, будуць забіваць ахвяру аднагараджэньня, і кроў яе выльюць вакол ахвярніка,

3 але ўвесь тлушч з яе будзе складзены ў ахвяру: курдзюк, тлушч, які пакрывае нутро,

4 абедзьве ныркі, а тлушч на вантробе разам з ныркамі няхай будзе аддзелены.

5 Спаліць гэта ўсё сьвятар на ахвярніку на мілы пах ГОСПАДУ. Гэта ахвяра аднагараджэньня.

6 Кожны мужчына з роду сьвятарскага будзе спажываць мяса гэтае на месцы сьвятым. Бо гэта сьвятое сьвятых.

7 Для ахвяры за грэх і для ахвяры аднагараджэньня закон адзін. Яна належыць сьвятару, які складаў гэтую ахвяру.

8 Сьвятар, які складае ахвяру цэласпаленьня, атрымоўвае скуру жывёлы, якую склаў у ахвяру.

9 Таксама кожная ахвяра хлебная, смажаная ў печы, у гаршчку або на патэльні, належыць сьвятару, якім гэтая ахвяра складзена.

10 Але кожная ахвяра хлебная з алеем або сухая нале­жыць усім сынам Аарона, як аднаму, так і другому.

11 Вось закон адносна ахвяры мірнай, якую складаюць ГОСПАДУ.

12 Калі хто складае ахвяру гэтую як падзяку, няхай далу­чыць да гэтай ахвяры падзякі таксама прэсныя аладкі з алеем, і прэсныя сухарыкі, запраўленыя алеем, і пшанічную муку з алеем.

13 Таксама няхай прыносіць аладкі з цеста квашанага пры ахвяры мірнай у падзяку.

14 З усіх ахвяраў няхай адна будзе ахвяраваная як асаблівы дар ГОСПАДУ. Яна будзе належаць сьвятару, які вылье кроў ахвяры мірнай.

15 Мяса ахвяраў мірных у падзяку мусіць быць зьедзена ў той самы дзень, нельга нічога з іх пакідаць да раніцы.

16 Калі хто складае ахвяру як шлюбаваньне або з добрай волі, ахвяру ягоную трэба есьці ў дзень ахвяраваньня, але і на другі дзень можна есьці рэшту яе.

17 Калі што застанецца на трэці дзень, тое трэба спаліць.

18 Калі хто зьесьць штосьці з ахвяры мірнай на трэці дзень, такая ахвяра ня будзе прынятая; ня будзе яна залічана таму, хто яе склаў, бо гэта зьнявага; а той, хто будзе есьці яе, дапусьціцца грэху.

19 Мяса, якое дакраналася чагосьці нячыстага, нельга есьці, але спальваецца яно ў агні; а мяса чыстае можа есьці кожны чысты.

20 Калі нейкая душа, будучы ў нячыстасьці, будзе есьці мяса ахвяры мірнай, якая для ГОСПАДА, будзе выключана душа гэтая з народу свайго.

21 Калі хто дакранецца нейкай нячыстасьці, нячыстасьці чалавечай, або нячыстасьці жывёлы, або нячыстага паўзуна, і будзе есьці мяса ахвяры мірнай, якая для ГОСПАДА, той будзе выключаны з народу свайго».

22 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

23 «Скажы сынам Ізраіля: “Нельга вам есьці тлушч цялят, авечак і казлоў.

24 Тлушчам зьвяроў мёртвых або разьдзёртых можна карыстацца ў кожнай патрэбе, але ня ешце яго.

25 Калі хто будзе есьці тлушч жывёлаў, якіх прынесьлі на ахвяру агнявую для ГОСПАДА, той будзе выключаны з народу свайго.

26 Дзе толькі будзеце жыць, нельга вам есьці ніякай крыві, ані крыві птушак, ані крыві быдла.

27 Кожная душа, якая будзе есьці кроў, будзе выключана душа гэтая з народу свайго”».

28 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

29 «Скажы сынам Ізраіля: “Хто складае ахвяру мірную для ГОСПАДА, няхай прынясе свой дар ГОСПАДУ з ахвяры мірнай.

30 Сваімі рукамі няхай прынясе ён ахвяру агнявую для ГОСПАДА: тлушч з грудзіны і грудзіну, каб трэсьці імі перад ГОСПАДАМ.

31 Тлушч спаліць сьвятар на ахвярніку, а грудзіна належыць Аарону і сынам ягоным.

32 Таксама правую лапатку аддасьцё сьвятару як частку сьвятарскую з ахвяраў мірных.

33 Які з сыноў Аарона складае ў ахвяру кроў і тлушч ахвяры мірнай, той як частку сваю атрымае правую лапатку,

34 бо грудзіну патрасаную і лапатку ўздыманую Я бяру ад сыноў Ізраіля з іхніх ахвяраў мірных і даю іх Аарону сьвятару і сынам ягоным як вечны закон ад усяго народу Ізраіля”».

35 Гэта ёсьць частка з ахвяраў, паленых для ГОСПАДА, якая належыць Аарону і сынам ягоным ад дня пасьвячэньня іх на сьвятароў ГОСПАДА.

36 У дзень, калі іх ГОСПАД памазаў, загадаў Ізраілю даваць ім гэта. Гэта пастанова вечная ў пакаленьні іхнія.

37 Гэта вось закон адносна ахвяры цэласпаленьня, ахвяры хлебнай, ахвяры за грэх, ахвяры аднагараджэньня, ахвяры пасьвячэньня і ахвяры мірнай.

38 Гэта загадаў ГОСПАД Майсею на гары Сынай у дзень, калі загадаў сынам Ізраіля складаць ахвяры ГОСПАДУ ў пустыні Сынай.

Разьдзел 8

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Вазьмі Аарона і сыноў ягоных, адзеньне, алей памазаньня, бычка на ахвяру за грэх, два бараны і кош прэсных хлябоў.

3 Пасьля зьбяры ўсю грамаду каля ўваходу ў Намёт Спатканьня».

4 Майсей зрабіў так, як яму ГОСПАД загадаў, і грамада сабралася каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.

5 І сказаў Майсей грамадзе: «Вось слова, якое загадаў ГОСПАД выканаць!»

6 І прывёў Майсей Аарона і сыноў ягоных, і абмыў іх вадою.

7 І ўсклаў на яго шату льняную, і падперазаў яго паясом, і апрануў на яго верхнюю шату, і наверх усклаў эфод, і апаясаў яго пасам эфоду, і прымацаваў на ім эфод.

8 І ўсклаў на яго нагруднік, на якім разьмясьціў урым і тумім,

9 і ўсклаў яму на галаву мітру і на ёй залатую дыядэму, сьвяты вянок, як загадаў Майсею ГОСПАД.

10 Потым узяў Майсей алей памазаньня, і памазаў Сялібу разам з усім, што ў ёй было, і асьвяціў гэта.

11 І пакрапіў ён ахвярнік сем разоў, і памазаў ахвярнік разам з яго прыналежнасьцямі, і мыцельнік, і яго падставу, каб асьвяціць іх.

12 І паліў ім галаву Аарона, і памазаў яго, каб асьвяціць яго.

13 І наблізіў сыноў Аарона, і апрануў іх у шаты, і падперазаў іх паясамі, і ўсклаў на іх галовы турбаны, як загадаў ГОСПАД Майсею.

14 І прывёў [Майсей] бычка ў ахвяру за грэх. І Аарон і сыны ягоныя ўсклалі рукі свае на галаву ахвяры за грэх.

15 І Майсей забіў яго, і, узяўшы крыві яго, пальцам памазаў рагі ахвярніка кругом, і ачысьціў ахвярнік. А рэшту крыві выліў на падставу ахвярніка, і асьвяціў яго, ачышчаючы яго.

16 І ўзяў ён увесь тлушч, які на нутры, і тлушч на вантробе, і абедзьве ныркі разам з тлушчам, і спаліў іх на ахвярніку,

17 а бычка і скуру ягоную, і мяса ягонае, і нячыстасьці ягоныя спаліў у агні па-за табарам, як загадаў ГОСПАД Майсею.

18 І прывёў [Майсей] барана ў ахвяру цэласпаленьня. І Аарон і сыны ягоныя ўсклалі на галаву ягоную рукі свае.

19 І Майсей забіў яго, і пакрапіў кругом ахвярніка крывёю,

20 і пасек барана на часткі, і спаліў галаву, і кавалкі, і тлушч,

21 а нутро і ногі памыў вадой. І спаліў Майсей усяго барана ў агні на ахвярніку. Гэта цэласпаленьне, мілы пах, ахвяра агнявая для ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею.

22 І прывялі другога барана, барана асьвячэньня. І Аарон і сыны ягоныя ўсклалі рукі свае на галаву ягоную.

23 І Майсей забіў яго, і ўзяў крыві ягонай, і памазаў ёю верх правага вуха Аарона, вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.

24 І прывёў Майсей сыноў Аарона, і памазаў крывёй верх правага вуха іхняга, і вялікі палец правай рукі іхняй, і вялікі палец правай нагі іхняй, і пакрапіў Майсей крывёю  ахвярнік з усіх бакоў.

25 Потым узяў тлушч, хвост і ўвесь тлушч, які на нутры, разам з тлушчам на вантробе, абедзьве ныркі і іхні тлушч, і правую лапатку,

26 і з каша праснакоў, які стаяў перад абліччам ГОСПАДА, узяў адзін праснак, адну аладку на алеі і адзін сухарык, і палажыў на тлушч і на правую лапатку.

27 І палажыў усё гэта на рукі Аарона і сыноў яго, і патрос гэтым перад абліччам ГОСПАДА.

28 І ўзяў усё гэта Майсей з рук іхніх, і спаліў на ахвярніку разам з цэласпаленьнем. Гэта ахвяра асьвячэньня на мілы пах, ахвяра агнявая для ГОСПАДА.

29 І ўзяў Майсей грудзіну, і патрос яе перад абліччам ГОСПАДА. Гэта была частка Майсею з барана ахвяры асьвячэньня, як загадаў ГОСПАД Майсею.

30 І ўзяў Майсей крыху алею памазаньня і крыху крыві з ахвярніка, і пакрапіў Аарона і шаты ягоныя, а таксама сыноў ягоных і шаты іхнія. І асьвяціў Аарона і шаты ягоныя, а таксама сыноў ягоных і шаты іхнія.

31 І сказаў Майсей Аарону і сынам ягоным: «Зварыце мяса каля ўваходу ў Намёт Спатканьня і там ешце яго і хлеб, які ў кашы ахвяры асьвячэньня, як мне было загадана: “Аарон і сыны ягоныя будуць есьці яго”.

32 А што застанецца з мяса і хлябоў, спаліце агнём.

33 Ад уваходу ў Намёт Спатканьня не адыходзьцеся сем дзён, аж да дня заканчэньня асьвячэньня вашага, бо сем дзён будзе працягвацца асьвячэньне.

34 І што я зрабіў сёньня, так загадаў ГОСПАД рабіць, каб ачысьціць вас.

35 Каля ўваходу ў Намёт Спатканьня заставайцеся днём і ноччу сем дзён на варце ГОСПАДА, каб не паўміралі, бо гэтак мне было загадана».

36 І зрабілі Аарон і сыны ягоныя ўсё, што загадаў ім ГОСПАД праз Майсея.

Разьдзел 9

1 У восьмы дзень паклікаў Майсей Аарона, сыноў ягоных і старшыняў Ізраіля і сказаў Аарону:

2 «Вазьмі са статку бычка ў ахвяру за грэх і барана ў ахвяру цэласпаленьня, абодвух без заганы, і прынясі перад аблічча ГОСПАДА.

3 А сынам Ізраіля скажы: “Вазьміце казла ў ахвяру за грэх, і цяля, і барана аднагадовага без заганы ў ахвяру цэласпаленьня,

4 і вала і барана ў ахвяру мірную, каб ахвяраваць іх перад абліччам ГОСПАДА, і ахвяру хлебную, запраўленую алеем, бо сёньня ГОСПАД зьявіцца вам”».

5 І прынесьлі ўсё тое, што загадаў ім Майсей, да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і прыйшла ўся грамада, і стала перад абліччам ГОСПАДА.

6 І сказаў Майсей: «Вось слова, якое загадаў ГОСПАД. Зрабіце [гэта], і зьявіцца вам слава ГОСПАДА!»

7 І сказаў Майсей Аарону: «Наблізься да ахвярніка, і складзі ахвяру за грэх і ахвяру цэласпаленьня, і ачысьці сябе і народ. І складзі ахвяру за народ, і ачысьці яго, як загадаў ГОСПАД”.

8 І наблізіўся Аарон да ахвярніка, і забіў цяля за грэх свой.

9 І сыны ягоныя далі яму кроў цяляці, і ён, памачыўшы палец у крыві, памазаў ёю рагі ахвярніку, а рэшту выліў на падставу ахвярніка.

10 Тлушч, ныркі і тлушч на вантробе з ахвяры за грэх спаліў ён на ахвярніку, як загадаў ГОСПАД Майсею,

11 а мяса і скуру ягоную спаліў на агні па-за табарам.

12 І забіў ахвяру цэласпаленьня; і сыны ягоныя далі яму кроў, і ён выліў яе кругом  ахвярніка.

13 Далі яму таксама ахвяру цэласпаленьня, падзеленую на часткі, і галаву яе, і ён спаліў гэта на ахвярніку.

14 І абмыў ён нутро і ногі, і спаліў як цэласпаленьне на ахвярніку.

15 І склаў ён ахвяру за народ, і ўзяў казла, які быў прызначаны ў ахвяру за грэх народу, і забіў яго, і ахвяраваў за грэх, як і першага.

16 І ўзяў ахвяру цэласпаленьня, і ахвяраваў яе паводле пастановы.

17 І прынёс ён ахвяру хлебную, і напоўніў ёю руку сваю, і спаліў на ахвярніку, апрача ранішняй ахвяры цэласпаленьня.

18 І забіў вала і барана, ахвяры мірныя ад народу; і сыны ягоныя далі яму кроў, якую ён выліў кругом  ахвярніка.

19 А тлушч вала і хвост барана, і ныркі з лоем, і тлушч на вантробе

20 палажылі на грудзіну; і тлушч быў спалены на ахвярніку;

21 а грудзіну і правае плячо Аарон прынёс, патрасаючы перад абліччам ГОСПАДА, як загадаў яму Майсей.

22 І падняў Аарон рукі ў бок народу, і дабраславіў яго, і, склаўшы ахвяры за грэх, ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя, зыйшоў уніз.

23 І ўвайшлі Майсей і Аарон у Намёт Спатканьня і, выйшаўшы адтуль, дабраславілі народ. І зьявілася слава ГОСПАДА ўсяму народу.

24 І выйшаў агонь ад аблічча ГОСПАДА, і спаліў ахвяру цэласпаленьня і тлушч, якія былі на ахвярніку. І ўбачыў гэта ўвесь народ, і ўзрадаваліся, і ўпалі на абліччы свае.

Разьдзел 10

1 І ўзялі сыны Аарона, Надаў і Абігу, кожны кадзільніцу сваю, і набралі ў іх агонь, і паклалі на яго кадзіла і ахвяравалі перад абліччам ГОСПАДА іншы агонь, а ня той, што быў ім загаданы.

2 І выйшаў агонь ад ГОСПАДА, і спаліў іх, і яны памерлі перад абліччам ГОСПАДА.

3 І сказаў Майсей Аарону: «Вось што сказаў ГОСПАД: “Я зьяўлю сьвятасьць Маю тым, якія набліжаюцца да Мяне, і зьяўлю славу перад усім народам”». І замаўчаў Аарон.

4 І паклікаў Майсей Мішаэля і Эльцафана, сыноў Узіэля, дзядзькі Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце і забярыце братоў вашых, і вынясіце іх з Месца Сьвятога па-за табар».

5 І яны пайшлі, і забралі іх, што ляжалі ў шатах сваіх, і вынесьлі па-за табар, як ім было загадана Майсеем.

6 І сказаў Майсей Аарону і Элеазару і Ітамару, сынам ягоным: «Не галіце валасоў вашых і не разьдзірайце адзеньня, каб часам не былі вы пакараныя сьмер­цю, і каб не ўзгарэўся гнеў [Госпада] на ўсю грамаду. Але браты вашыя і ўвесь дом Ізраіля можа плакаць дзеля тых, якіх спаліў ГОСПАД.

7 Вы ж не адыходзьце ад уваходу ў Намёт Спатканьня, бо загінеце, бо алей памазаньня ГОСПАДА на вас». І яны зрабілі так, як Майсей загадаў ім.

8 І прамовіў ГОСПАД да Аарона, кажучы:

9 «Ня піце ані віна, ані сікеры ты і сыны твае, калі будзеце ўваходзіць у Намёт Спатканьня, і не памрацё. Гэта пастанова вечная ў-ва ўсе пакаленьні вашыя,

10 каб вы маглі адрозьніваць паміж сьвятым і несьвятым, чыстым і нячыстым,

11 і вучылі сыноў Ізраіля ўсім пастановам Маім, якія аб’явіў ГОСПАД ім праз Майсея».

12 І прамовіў Майсей да Аарона і пазасталых сыноў ягоных, Элеазара і Ітамара: «Вазьміце ахвяру хлебную, якая засталася ад ахвяраў ГОСПАДАВЫХ, і ешце яе прэсную каля ахвярніка, бо гэта сьвятое сьвятых.

13 Ешце яе ў месцы сьвятым, бо гэта частка твая і сыноў тваіх з ахвяраў агнявых для ГОСПАДА, бо так мне загадана.

14 Грудзіну патрасаную і лапатку падыманую будзеце есьці на месцы чыстым ты і сыны твае, і дочкі твае з табою, бо гэта частка твая і сыноў тваіх з ахвяраў мірных сыноў Ізраіля.

15 Лапатка падыманая і грудзіна патрасаная разам з часткамі тлустымі ахвяры цэласпаленьня, якія будуць патрэсваць перад абліччам ГОСПАДА, будуць належаць табе і сынам тваім з табою як пастанова вечная, як загадаў ГОСПАД».

16 І Майсей, шукаючы, шукаў казла ахвяры за грэх, і вось, ён спалены. І разгневаўся ён на Элеазара і Ітамара, пазасталых сыноў Аарона, і сказаў ім:

17 «Чаму ня зьелі вы ахвяры за грэх у месцы сьвятым? Бо гэта сьвятое сьвятых. Яна дадзена вам, каб зьняць правіны з грамады, каб ачысьціць яе перад абліччам ГОСПАДА.

18 Вось, кроў яе ня ўнесена ў Месца Сьвятое, а вы мусілі зьесьці яе ў Месцы Сьвятым, як загадана мне».

19 І прамовіў Аарон да Майсея: «Вось, складзеная сёньня імі ахвяра за грэх і цэласпаленьне перад абліччам ГОСПАДА, і такое здарылася. Калі сёньня зьем ахвяру за грэх, ці гэта будзе добра ў вачах ГОСПАДА?”

20 І Майсей выслухаў гэта, і было гэта добра ў вачах ягоных.

Разьдзел 11

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы ім:

2 «Прамоўце да сыноў Ізраіля, кажучы: “Вось жывёлы з усіх жывёлаў зямных, якіх можаце есьці.

3 Кожную жывёлу, у якой раздвоеныя капыты і глыбокі разрэз на капыце, і якая жуе жвайку, можаце есьці.

4 Але з тых, якія маюць раздвоеныя капыты і якія жуюць жвайку, ня ешце вярблюда, бо ён жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для вас;

5 дамана, бо ён жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для вас;

6 зайца, бо ён жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для вас;

7 і сьвіньню, бо яна мае раздвоеныя капыты і на капытах разрэз глыбокі, але не жуе жвайку, нячыстая яна для вас.

8 Мяса іхняе ня ешце і падліны іхняй не дакранайцеся, бо яны нячыстыя для вас.

9 Гэта будзеце есьці з усяго, што ёсьць у вадзе: усё ў ва­дзе, што мае плаўнік і луску, ці ў моры, ці ў рацэ, можаце есьці.

10 Але ўсё, што ня маеплаўніка і лускі, ці ў моры, ці ў рацэ, з усяго, што плавае ў вадзе, і з усякай душы жывой, якая ў вадзе, агідныя яны для вас.

11 Яны будуць агідай для вас. Ня ешце мяса іхняга і высьцерагайцеся падліны іхняй.

12 Усе [жывёлы] ў вадзе, якія ня маюць плаўніка і лускі, будуць для вас агіднымі.

13 З птушак будзеце вы бры­дзіцца, бо яны — агіда для вас, і ня будзеце есьці арла, грыфа і марскога арла,

14 каршука і сокала з [усімі] гатункамі яго,

15 крумкачоў усякіх гатункаў яго,

16 страуса, савы, чайкі і ястрабаў усякіх гатункаў,

17 пугача, рыбалова, ібіса,

18 лебедзя, пэлікана і сыча,

19 чаплі, буслоў усякіх гатункаў, удода і кажана.

20 Усе жужлы крылатыя, якія на чатырох [нагах], агіднымі будуць для вас.

21 Але спаміж жужлаў крылатых, якія ходзяць на чатырох [нагах], будзеце есьці толькі тых, у якіх галені вышэй за ногі, каб маглі скакаць па зямлі.

22 Спаміж іх ешце саранчу ўсіх гатункаў, салам усіх гатункаў, харголь усіх гатункаў і хагаб усіх гатункаў.

23 Усе іншыя гатункі жужлаў крылатых, якія на чатырох [нагах], будуць для вас агідныя.

24 Ад іх вы будзеце нячыстыя; хто дакранецца падліны іхняй, будзе нячысты да вечара.

25 І кожны, хто будзе несьці падліну іхнюю, няхай вымые адзеньне сваё і будзе нячысты да вечара.

26 Кожная жывёла, якая мае капыты раздвоеныя, але ня мае разрэзу і не жуе жвайку, будзе нячыстая для вас. Кожны, хто дакранецца яе, станецца нячыстым.

27 З усіх жывёлаў, якія ходзяць на чтырох [нагах], тыя, што ходзяць на лапах, нячыстыя для вас. Кожны, хто дакранецца падліны іхняй, нячысты будзе да вечара.

28 І той, хто нёс бы падліну іхнюю, няхай вымые адзеньне сваё і будзе нячысты да вечара, бо яны нячыстыя для вас.

29 Спаміж малых жывёлін, якія рухаюцца па зямлі, нячыстыя крот, мыш і яшчаркі ўсіх гатункаў,

30 анака, хамэлеон, летаа, хамэт і тыншамэт.

31 Усе яны нячыстыя спаміж малых жывёлаў. Кожны, хто дакранецца падліны іхняй, будзе нячысты да вечара.

32 І ўсё, на што ўпадзе нейкая з іх нежывая, будзе нячыстым, усякі посуд драўляны, адзеньне, скура, мяшок, усякая рэч, якою карыстаюцца. Трэба намачыць іх у вадзе, і будуць яны нячыстыя аж да вечара, а потым будуць чыстыя.

33 А посуд гліняны, у які штосьці з гэтага ўпала, будзе ўнутры нячысты, і яго трэба разьбіць.

34 Кожная страва, якую ясьцё, калі на яе выцячэ вада [з таго посуду], будзе нячыстай, і ўсякае пітво, якое п’юць з такога посуду, будзе нячыстае.

35 Усё, на што ўпадзе падліна іхняя, будзе нячыстым. Печ ці грубка маюць быць зьнішчаны, бо яны нячыстыя, і будуць нячыстыя для вас.

36 Толькі крыніцы і студні, дзе ёсьць вада, будуць чыстымі. Але той, хто дакранецца падліны іхняй, будзе нячысты.

37 Калі нешта ад падліны іхняй упадзе на насеньне, якое маюць сеяць, яно будзе чыстае.

38 Але калі зерне было мокрае, і ўпала на яго падліна іхняя, яно будзе для вас нячыстым.

39 Калі здохне жывёла, якую вам можна есьці, той, хто дакрануўся падліны яе, будзе нячысты да вечара.

40 Калі хто зьесьць падліну тую, няхай памые адзеньне сваё і будзе нячысты да вечара. І той, хто будзе несьці падліну тую, няхай вымые адзеньне сваё і будзе нячысты да вечара.

41 Усякая малая жывёліна, якая поўзае па зямлі — гэта брыдота, нельга яе есьці.

42 Усё, што поўзае па зямлі на жываце, і ўсё, што ходзіць на чатырох нагах, або мае шмат ног, або цягнецца па зямлі, ня ешце гэтага, бо гэта брыдота.

43 Не паганьце душаў вашых усялякімі паўзунамі і не дакранайцеся да іх, каб ня сталіся нячыстымі.

44 Бо Я — ГОСПАД, Бог ваш. Асьвячайцеся і будзьце сьвятымі, бо Я — Сьвяты! Не паганьце душаў вашых нейкім паўзуном, які поўзае па зямлі,

45 бо Я — ГОСПАД, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб быць для вас Богам. Будзьце сьвятымі, бо Я — Сьвяты!

46 Гэта вось закон адносна быдла і птушак і ўсякай душы жывой, якая жыве ў вадзе і поўзае па зямлі,

47 каб вы адрозьнівалі, што чыстае, а што нячыстае, і [ведалі], што маеце есьці, а што нельга есьці».

Разьдзел 12

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы: “Калі жанчына зачне і народзіць сына, сем дзён застанецца нячыстай; як у дні месячніцы яна будзе нячыстай.

3 А ў восьмы дзень будзе абрэзана скуравінка [хлопца],

4 а яна трыццаць тры дні будзе ачышчацца ад крыві сваёй, ня будзе дакранацца нічога сьвятога, і ня будзе ўваходзіць у сьвятыню, пакуль ня скончацца дні ачышчэньня ейнага.

5 Калі народзіць дачку, нячыстай будзе яна два тыдні як у [дні] месячніцы, і шэсьць­дзясят дзён будзе ачышчацца ад крыві сваёй.

6 Калі скончацца дні ачышчэньня ейнага дзеля [нараджэньня] сына або дачкі, прынясе яна аднагадовага барана ў ахвяру цэласпаленьня і маладога галубка або туркаўку ў ахвяру за грэх да сьвятара да ўваходу ў Намёт Спатканьня.

7 І ён складзе іх у ахвяру перад абліччам ГОСПАДА, і ачысьціць яе, і так будзе яна ачышчаная ад цячэньня крыві сваёй. Гэта закон адносна той, якая нарадзіла сына або дачку.

8 Калі б яна не змагла ахвяраваць барана, няхай ахвяруе двух туркавак або два маладыя галубкі, аднаго ў ахвяру цэласпаленьня, а другога ў ахвяру за грэх, і ачысьціць яе сьвятар, і яна будзе ачышчаная».

Разьдзел 13

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:

2 «Калі ў чалавека на скуры цела ягонага зьявіцца пухліна, або лішай, або белая пляма, і будзе на скуры цела ягонага хвароба праказы, няхай прывядуць яго да Аарона сьвятара, або да аднаго з сыноў ягоных, сьвятароў.

3 І сьвятар агледзіць пляму на скуры, і калі валасы на пляме зьменяцца на белыя і пляма паглыбіцца на скуры цела, гэта хвароба праказы. Сьвятар агледзіць яго і прызнае яго нячыстым.

4 Але калі пляма на скуры цела яго белая, але ня ўглыбіўшыся ў цела, і валасы не пабялелыя, сьвятар адасобніць яго на сем дзён.

5 У сёмы дзень сьвятар агледзіць яго. І вось, пляма не павялічылася і не пашырылася на скуры, і адасобніць яго сьвятар яшчэ на сем дзён.

6 Пасьля сямі дзён сьвятар зноў агледзіць яго. І вось, пляма пацямнела і не пашырылася на скуры, і сьвятар прызнае яго чыстым; гэта лішай, дык няхай ён вымые адзеньне сваё і будзе чысты

7 А калі лішай пашырыўся па скуры пасьля таго, як ён стаў перад сьвятаром для праверкі, ён другі раз павінен стаць перад сьвятаром.

8 І сьвятар агледзіць яго, і вось, лішай пашырыўся на скуры, і сьвятар прызнае яго нячыстым; гэта праказа.

9 Калі на чалавеку выявіцца праказа, няхай прывядуць яго да сьвятара.

10 І сьвятар агледзіць яго, і вось, на скуры ягонай белая пухліна, і валасы [на ёй] белыя, і на пухліне жывое мяса.

11 Гэта застарэлая праказа на скуры цела яго, і сьвятар прызнае яго нячыстым, і адасоб­ніць яго, бо ён нячысты.

12 Калі ж праказа расьцьвіце на скуры і пакрые ўсю скуру хворага ад галавы да ног, на колькі могуць бачыць вочы сьвятара,

13 і ўбачыць сьвятар, што праказа пакрыла ўсё цела ягонае, ён прызнае хворага чыстым, таму што ўсё [цела] перамянілася ў белае; ён чысты.

14 А ў дзень, калі выявіцца на ім жывое мяса, ён нячысты.

15 І ўбачыць сьвятар жывое мяса, і прызнае яго нячыстым; бо жывое мяса нячыстае; гэта праказа.

16 А калі жывое мяса станецца зноў белым, няхай ён прыйдзе да сьвятара.

17 І сьвятар агледзіць яго, і вось, плямы сталіся белымі, і сьвятар прызнае яго чыстым; ён чысты.

18 Калі ў каго на скуры цела была скула і зажыла,

19 але на месцы скулы будзе белая пухліна, або белая пляма, або чырвоная, ён павінен паказацца сьвятару.

20 І сьвятар агледзіць яго і вось, тая пляма паглыблена адносна скуры і валасы на ёй пабялеўшыя, і сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта хвароба праказы, якая зацьвіла на скуле.

21 А калі сьвятар убачыць, што вось, няма белых валасоў, і што пляма не паглыблена адносна скуры, і што яна пацямнеўшы, сьвятар адасобніць яго на сем дзён.

22 І калі яна, пашыраючыся, пашырыцца на скуры, сьвятар прызнае яго нячыстым. Бо гэта хвароба [праказы].

23 А калі пляма застанецца бяз зьмены і не пашырыцца, гэта шнар на скуле, і сьвятар прызнае яго чыстым.

24 Калі хто мае на целе сваім апёк скуры, і калі на той скуры зьявіцца чырвоная або белая пляма,

25 сьвятар агледзіць яго. І вось, валасы на пляме пабялеўшы, і пляма паглыблена адносна скуры, гэта праказа, якая зацьвіла на апёку. І сьвятар прызнае яго нячыстым; гэта хвароба праказы.

26 А калі сьвятар агледзіць яго, і вось, на пляме няма белых валасоў і яна не паглыблена адносна скуры, і яна пацямнеўшы, тады сьвятар адасобніць яго на сем дзён.

27 У сёмы дзень сьвятар зноў агледзіць яго. Калі пляма, пашыраючыся, пашырылася на скуры, сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта хвароба праказы.

28 А калі пляма не пашырыцца на скуры, але пацямнее, гэта шнар ад апёку. Сьвятар прызнае яго чыстым, бо гэта шнар ад апёку.

29 Калі ў мужчыны або жанчыны на галаве або барадзе зьявіцца пляма,

30 няхай сьвятар агледзіць пляму, і калі яна паглыблена адносна скуры і валасы на ёй сталіся жоўтыя і ценькія, сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта паршывасьць, праказа галавы або барады.

31 А калі сьвятар агледзіць пляму паршывасьці, і вось, яна не паглыблена адносна скуры, і няма чорных валасоў на ёй, сьвятар адасобніць хворага на паршывасьць на сем дзён.

32 У сёмы дзень сьвятар агледзіць пляму, і вось, паршывасьць не пашырылася і на ёй няма жоўтых валасоў, і паршывасьць не паглыбілася адносна скуры.

33 Тады [чалавек] паголіцца, але не абголіць месца паршывасьці, і сьвятар зноў адасобніць яго на сем дзён.

34 У сёмы дзень сьвятар агледзіць паршывасьць, і вось, паршывасьць не пашырылася і не паглыбілася адносна скуры, і сьвятар прызнае яго чыстым, і ён памые адзеньне сваё, і бу­дзе чыстым.

35 А калі пасьля таго, як прызнаюць яго чыстым, пашыраючыся, пашырыцца паршы­васьць на скуры,

36 сьвятар агледзіць яго. І вось, паршывасьць пашырылася на скуры, і ўжо ня будзе сьвятар шукаць жоўтых валасоў, бо [чалавек той] нячысты.

37 А калі ў вачах [сьвятара] застаецца паршывасьць [у сваім выглядзе], і вырас на ёй чорны волас, паршывасьць вылекаваная, ён чысты, і сьвятар прызнае яго чыстым.

38 Калі ў мужчыны або жанчыны зьявіцца на скуры цела іхняга шмат плямаў белых,

39 няхай агледзіць іх сьвятар. І вось, на скуры цела іхняга шмат плямаў белых. Гэта крапіўка, якая закрасавала на скуры; яны чыстыя.

40 Калі з чыёй галавы выпадуць валасы, ён лысы, і ён чысты.

41 і калі ў каго лоб палысее, ён лысы, і ён чысты.

42 Але калі на лысіне або палыселым чале зьявіцца пляма белая або чырвоная, гэта праказа, якая закрасавала на лысіне або палыселым чале.

43 І сьвятар агледзіць яго, і вось, у яго пухліна белая або чырвоная на лысіне або палыселым чале, падобная да праказы на скуры цела.

44 Гэта чалавек пракажоны, ён нячысты. Сьвятар прызнае яго нячыстым. У яго на галаве хвароба ягоная.

45 Пракажоны, крануты гэтай хваробай, будзе мець раза­дранае адзеньне, нячэсаныя валасы на галаве і бараду заслоненую, і будзе крычаць: “Нячысты, нячысты!”

46 Усе дні хваробы сваёй ён будзе нячыстым. Будзе жыць асобна, па-за табарам жытло ягонае.

47 Калі на нейкім адзеньні зьявіцца хвароба праказы, ці на адзеньні ваўняным, ці на ільняным,

48 ці на аснове, ці на ўтоку льняным, ці ваўняным, ці на скуры, ці на нейкім вырабе скураным,

49 і калі зьявіцца пляма зелянявая або чырвоная на адзе­ньні або на скуры, на ўтоку або аснове, або на нейкім вырабе скураным, гэта хвароба праказы. Трэба паказаць гэта сьвятару.

50 Сьвятар агледзіць гэта і замкне [заражанае хваробай] на сем дзён.

51 У сёмы дзень агледзіць зноў хваробу, і калі яна пашырылася на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на скуры, або на ўсім, што зроблена са скуры, гэта праказа ліхая; гэта [ўсё] нячыстае.

52 І ён спаліць гэтае адзеньне, ці аснову, ці ўток ільняны, ці ваўняны, ці выраб скураны, на якіх будзе гэтая хвароба, бо гэта праказа ліхая, яна павінна быць спалена агнём.

53 А калі сьвятар убачыць, што хвароба не пашырылася на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на скураным вырабе,

54 тады сьвятар загадае вымыць рэч, на якой была хвароба, і замкне яе яшчэ на сем дзён.

55 І агледзіць яе сьвятар пасьля таго, як было вымытае [заражанае] хваробай, і вось, пляма не зьмянілася ў вачах ягоных, і пляма не пашырылася. Гэта нячыстае, спаліш яго ў агні, ці [рэч] заражаная з аднаго, ці з другога боку.

56 А калі сьвятар агледзіць яе, і вось, пасьля таго, як [рэч] была вымытая, пляма сталася сьвятлейшай, ён аддзярэ гэтае [месца] ад адзеньня, або скуры, або асновы, або ўтоку.

57 А калі хвароба зноў зьявіцца на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на вырабе скураным, і закрасуе, спаліш у агні тое, на чым ёсьць хвароба.

58 А тое адзеньне, або аснова, або ўток, або ўсякі выраб скураны, які ты вымыў і з якога зьнікла хвароба, няхай будзе вымыты паўторна, і будзе ён чысты.

59 Гэта закон адносна хваробы праказы на адзеньні ваўняным ці льняным, або на аснове, або на ўтоку, або на ўсялякім вырабе скураным, каб прызнаць іх чыстымі або нячыстымі».

Разьдзел 14

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Гэта закон адносна пракажонага ў дзень ачышчэньня ягонага. Няхай прывядуць яго да сьвятара,

3 і сьвятар выйдзе па-за табар, і агледзіць яго сьвятар, і вось, хвароба праказы вылечаная ў пракажонага.

4 І загадае сьвятар, каб за таго, які ачышчаны, узялі дзьве птушкі жывыя, чыстыя, і дрэва кедровага, і ніткі кармазыновыя, і гізоп.

5 І сьвятар загадае забіць адну птушку над гліняным начыньнем, [напоўненым] вадой жывою.

6 І возьме другую жывую птушку разам з дрэвам кедровым, і ніткі кармазыновыя, і гізоп, і ўмочыць іх і птушку жывую ў крыві [птушкі], забітай над вадою жывою,

7 і папырскае на ачышчанага ад праказы сем разоў, і прызнае яго чыстым. А птушку жывую выпусьціць у поле.

8 Ачышчаны памые адзеньне сваё, абголіць усе валасы свае, і вымыецца ў вадзе, і будзе чысты. Пасьля ачышчаны ўвой­дзе ў табар і будзе жыць сем дзён па-за намётам сваім.

9 У сёмы дзень абголіць ён усе валасы свае, абголіць галаву і бараду, і бровы свае, вымые адзеньне, абмые цела сваё вадой і будзе чысты.

10 У восьмы дзень возьме ён двух ягнятаў без заганы, адну авечку аднагадовую без заганы і тры дзясятыя [эфы] пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, як ахвяру хлебную, і адзін лог алею.

11 І сьвятар, які ачышчае, паставіць чалавека ачышчанага з усім гэтым перад абліччам ГОСПАДА каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.

12 І сьвятар возьме адно ягня, і складзе яго ў ахвяру аднагараджэньня, і [возьме] лог алею, і прынясе ўсё гэта, патрэсваючы перад абліччам ГОСПАДА.

13 І заб’е ягня гэтае на месцы, на якім забіваюцца ахвяры за грэх і ахвяры цэласпаленьня, на месцы сьвятым, бо ахвяра аднагараджэньня, як і ахвяра за грэх, [належыць] сьвятару; гэта сьвятое сьвятых.

14 І возьме сьвятар кроў ахвяры аднагараджэньня, і памажа ёю верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.

15 І возьме сьвятар лог алею, і вылье яго на [сваю] левую далонь.

16 І памочыць сьвятар палец правай рукі сваёй у алеі, які на яго левай далоні, і пакра­піць пальцам, памочаным у алеі, сем разоў перад абліччам ГОСПАДА.

17 Рэштаю алею, што на далоні ягонай, сьвятар памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі над крывёй ахвяры аднагараджэньня.

18 А рэшту алею, якая на далоні сьвятара, вылье ён на галаву таго, хто ачышчаецца. Гэтак перапросіць за яго сьвятар перад абліччам ГОСПАДА.

19 І складзе сьвятар ахвяру за грэх, і перапросіць за таго, хто ачышчаецца, за нячыс­тасьць ягоную, і пасьля складзе ахвяру цэласпаленьня.

20 І складзе сьвятар ахвяру цэласпаленьня на ахвярніку разам з ахвярай хлебнай. І так сьвятар ачысьціць таго [чалавека], і будзе ён чысты.

21 Калі ж хто бедны і няма ў руцэ ягонай дастатку, няхай возьме адно ягня ў ахвяру аднагараджэньня для патрэс­ваньня, каб быць ачышчаным, а таксама дзясятую частку [эфы] мукі, запраўленай алеем, у ахвяру хлебную, і лог алею,

22 і дзьве туркаўкі або два маладыя галубы, на што будзе здольная рука ягоная; адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую — на цэласпаленьне.

23 І прынясе іх на восьмы дзень ачышчэньня свайго да сьвятара да ўваходу ў Намёт Спатканьня перад аблічча ГОСПАДА.

24 І сьвятар возьме ягня ў ахвяру аднагараджэньня і лог алею, і будзе патрэсваць патрэс­ваньнем перад абліччам ГОСПАДА.

25 І заб’е ягня ў ахвяру аднагараджэньня, і возьме сьвятар кроў ахвяры аднагараджэньня, і памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, і вялікі палец яго правай рукі, і вялікі палец яго правай нагі.

26 І налье сьвятар алей на левую далонь сваю,

27 і, памачыўшы ў ім палец правай рукі сваёй, пакрапіць сем разоў перад абліччам ГОСПАДА.

28 І сьвятар памажа алеем, які ў яго на далоні, верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі ў месцы крыві ахвяры аднагараджэньня.

29 А рэшту алею, што застаўся на левай руцэ яго, вылье сьвятар на галаву таго, хто ачышчаецца, каб перапрасіць за яго перад абліччам ГОСПАДА.

30 І ахвяруе адну туркаўку або маладога галуба, якога прынясе рука таго, хто ачышчаецца,

31 і ахвяруе аднаго за грэх, а другога на цэласпаленьне разам з ахвярай хлебнай, і так ачысьціць яго сьвятар перад абліччам ГОСПАДА.

32 Гэта закон адносна пракажонага, якому не стае [маёмасьці] ў руцэ ягонай дзеля ачышчэньня свайго».

33 І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:

34 «Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, якую Я дам вам на ўласнасьць, і калі спашлю хваробу праказы на нейкі дом у зямлі пасяленьня вашага,

35 няхай той, чый гэта дом, ідзе і паведаміць сьвятару, кажучы: “Хваробу я ўгледзеў у доме [маім]”.

36 І сьвятар загадае, каб прыбралі ўсё з дому, пакуль ён увойдзе ў яго, каб агледзець заразу, каб яна не апаганіла ўсяго, што ў доме. І ўвойдзе сьвятар, каб агледзець дом.

37 І ён агледзіць хваробу тую, і вось, на сьценах хвароба дому, нібы ямінкі, зелянявыя ці чырвоныя, што ўеліся ў сьцяну.

38 І выйдзе сьвятар з дому да дзьвярэй дому, і зачыніць дом на сем дзён.

39 У сёмы дзень вернецца сьвятар і агледзіць [дом]. І вось, пашырылася хвароба на сьцяне дому.

40 І загадае сьвятар, і выр­вуць тыя камяні заражаныя, і выкінуць іх за горад на месца нячыстае.

41 А дом кругом унутры аб­скра­буць, і тынк, які абскрэб­лі, выкінуць на месца нячыстае за горадам.

42 І возьмуць іншыя камяні, і пакладуць на месца папярэдніх камянёў, і возьмуць іншую заправу, і атынкуюць дом.

43 Калі ж зараза зноў закрасавала ў доме, хоць вырвалі камяні, а дом абскрэблі і атынкавалі,

44 прыйдзе сьвятар і агледзіць яго. І вось, зараза ў доме пашырылася, гэта ліхая праказа ў доме гэтым, і ён нячысты.

45 І дом гэты зруйнуюць, а камяні, і дрэва, і ўвесь тынк дому таго выкінуць за горад у месца нячыстае.

46 І калі нехта ўвойдзе ў дом, калі ён зачынены, будзе ён нячысты да вечара.

47 А калі нехта сьпіць у доме гэтым або есьць у доме гэтым, няхай памые адзеньне сваё.

48 А калі сьвятар прыйдзе, і агледзіць яго, і вось, зараза не пашырылася ў доме гэтым пасьля атынкаваньня, сьвятар прызнае гэты дом чыстым, бо зараза была вылекавана.

49 І дзеля ачышчэньня дому сьвятар возьме дзьве птушкі, кавалак дрэва кедровага, ніткі кармазыновыя і гізоп.

50 І заб’е адну птушку над пасудзінай глінянай над вадою жывою.

51 І возьме дрэва кедровае, гізоп, ніткі кармазыновыя і жывую птушку, памочыць іх у крыві забітай птушкі і ў вадзе жывой, і пакрапіць сем разоў дом.

52 І ачысьціць дом той крывёй птушкі, і вадой жывой, і дрэвам кедровым, і ніткамі кармазыновымі, і гізопам.

53 А жывую птушку пусьціць за горадам у полі. І перапросіць за дом гэты, і ён будзе чыстым.

54 Гэта закон адносна ўсякай заразы, праказы і паршывасьці,

55 праказы на адзеньні і ў доме,

56 пухліны, скулаў і белых плямаў,

57 каб навучыць, калі што чыстае, а калі нячыстае. Гэта закон адносна праказы».

Разьдзел 15

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:

2 «Аб’явіце сынам Ізраіля і скажыце ім: “Мужчына, які мае выцёкі з цела свайго, нячысты.

3 Нячыстасьць яго ў выцёках ягоных, калі цела ягонае дапускае выцёк, ці калі затрымоўваецца выцёк у целе; гэта нячыстасьць ягоная.

4 Кожны ложак, на якім ляжаў той, хто мае выцёкі, бу­дзе нячысты, а таксама ўсякая рэч, на якой ён сядзеў.

5 Кожны, хто дакранецца ложка ягонага, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў ва­дзе, і будзе нячысты да вечара.

6 Той, хто сеў на рэчы, на якіх сядзеў той, хто мае выцёкі, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

7 Той, хто дакранецца цела чалавека, які мае выцёкі, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

8 Калі той, хто мае выцёкі, плюне на [чалавека] чыстага, той няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

9 Кожнае сядло, на якім сядзеў [чалавек], што мае выцёкі, будзе нячыстае.

10 Кожны, хто дакранецца чаго-колечы, што той, хто мае выцёкі, меў пад сабою, будзе нячысты аж да вечара. Кожны, хто пераносіць такія рэчы, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

11 Кожны, да каго дакранецца той, хто мае выцёкі, не памыўшы перш рукі ў вадзе, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

12 Кожны посуд гліняны, да якога дакранаецца той, хто мае выцёкі, няхай будзе пабіты, а кожны посуд драўляны няхай будзе вымыты ў вадзе.

13 Калі той, хто мае выцёкі, паздаравее ад выцёкаў, тады няхай адлічыць сем дзён на ачышчэньне сваё, і, памыўшы адзеньне сваё і цела сваё ў жывой вадзе, будзе чысты.

14 У восьмы дзень возьме дзьвюх туркавак або двух маладых галубоў, і пойдзе перад аблічча ГОСПАДА да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і аддасьць іх сьвятару.

15 Сьвятар складзе іх у ахвяру: аднаго — у ахвяру за грэх, другога — у ахвяру цэласпаленьня, і перапросіць за яго сьвятар перад абліччам ГОСПАДА за выцёкі ягоныя.

16 Калі ў каго выльецца насеньне, няхай ён абмые вадою ўсё цела сваё, і будзе нячысты да вечара.

17 І ўсякае адзеньне, і ўсякую скуру, на якую выльецца насеньне, трэба вымыць вадою, і яны будуць нячыстыя да вечара.

18 Калі мужчына ляжа з жанчынаю, і ў яго выльецца насень­не, няхай абодва абмыюцца ў вадзе, і будуць нячыс­тыя да вечара.

19 Калі жанчына мае цячэньне крыві з цела свайго, і гэта ме­сячніца, яна сем дзён будзе ў ня­чыстасьці сваёй. Кожны, хто яе дакранецца, будзе нячысты да вечара,

20 і ўсё, на чым яна ляжала або сядзела ў дні нячыстасьці сваёй, будзе нячыстым.

21 Хто дакранецца ложка ейнага, няхай памые адзеньне сваё і вымыецца ў вадзе, і бу­дзе нячысты да вечара.

22 Кожны, хто дакранецца рэчаў, на якіх яна сядзела, няхай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

23 Калі хто дакранецца таго, што ляжала на ложку яе, або на рэчах, на якіх яна ся­дзела, будзе нячысты да вечара.

24 Калі мужчына ляжа тады з ёю, нячыстасьць ейная будзе на ім, і ён будзе нячысты сем дзён. Кожны ложак, на які ён ляжа, будзе нячысты.

25 Калі жанчына церпіць цячэньне крыві многія дні і ня ў час месячніцы, або калі пасьля месячніцы кроў не спыняецца, яна нячыстая ўсе гэтыя дні; як доўга будзе мець нячыс­тасьць сваю, будзе нячыстая.

26 Кожны ложак, на якім бу­дзе ляжаць яна падчас цячэньня крыві сваёй, і рэчы, на якіх будзе сядзець, будуць нячыс­ты­мі, як нячыстыя падчас месячніцы яе.

27 Хто дакранецца іх, бу­дзе ня­чысты, няхай памые адзе­нь­не сваё ў вадзе, і вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

28 Калі кроў спыніцца цячы, няхай яна адлічыць сем дзён, і потым будзе чыстая.

29 У восьмы дзень возьме яна за сябе дзьвюх туркавак або двух маладых галубоў і прынясе сьвятару да ўваходу ў Намёт Спатканьня.

30 Сьвятар складзе аднаго ў ахвяру за грэх, а другога — на цэласпаленьне, і перапро­сіць за яе сьвятар перад абліччам ГОСПАДА за цячэньне нячыстасьці яе.

31 Аддзяляйце сыноў Ізраіля ад нячыстасьці іхняй, каб яны не памерлі ў нячыстасьці сваёй, паганячы Сялібу Маю, якая ёсьць сярод іх.

32 Гэта закон адносна таго, хто мае выцёкі насеньня і стаецца нячыстым,

33 і адносна жанчыны, якая мае месячніцу, і адносна муж­чы­ны і жанчыны, якія ма­юць выцёкі, і адносна мужчы­ны, які ляжа з жанчынай нячыстай”».

Разьдзел 16

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея пасьля сьмерці двух сыноў Аарона, калі яны прыйшлі перад аблічча ГОСПАДА і памерлі,

2 і сказаў ГОСПАД Майсею: «Скажы Аарону, брату твайму, каб ня ў кожны час ён уваходзіў у [Месца] Сьвятое за заслону перад накрыўкай, якая на Каўчэгу, каб ён не памёр, калі Я буду аб’яўляцца ў воблаку над накрыўкай.

3 Вось, будзе ён уваходзіць у [Месца] Сьвятое, узяўшы маладое цяля ў ахвяру за грэх і барана ў ахвяру цэласпаленьня.

4 І няхай апранецца ён у шату льняную сьвятую, і сподні льняныя будуць на целе ягоным, і перапаяшацца паясом ільняным, а на галаву ўскладзе ільняны кідар; гэта шаты сьвятыя. Няхай ён абмые цела сваё ў вадзе і апране іх.

5 І возьме ад грамады сыноў Ізраіля двух казлоў: аднаго — у ахвяру за грэх, а другога — у ахвяру цэласпаленьня.

6 І Аарон прывядзе цяля ў ахвяру за грэх за сябе і перапросіць за сябе і за дом свой.

7 І возьме двух казлоў, і паставіць іх перад абліччам ГОСПАДА перад уваходам у Намёт Спатканьня.

8 І кіне Аарон жэрабя на гэтых казлоў: адно жэрабя — для ГОСПАДА, а другое жэрабя — для Азазэля.

9 І прывядзе Аарон таго казла, на якога выпала жэрабя для ГОСПАДА, і складзе яго ў ахвяру за грэх,

10 а казла, на якога выпала жэрабя для Азазэля, паставіць жывога перад абліччам ГОСПАДА, каб выканаць перамаленьне і каб выгнаць яго для Азазэля ў пустыню.

11 І прывядзе Аарон цяля ў ахвяру за грэх за сябе і на перамаленьне за сябе і за свой дом, і заб’е цяля ў ахвяру за грэх за сябе.

12 І возьме поўную кадзільніцу напаленых вуглёў з ахвярніка, які перад абліччам ГОСПАДА, і поўныя жмені пахкага тоўчанага кадзіла, і занясе за заслону;

13 і кіне кадзіла на агонь перад абліччам ГОСПАДА. Воблака кадзіла закрые накрыўку, якая над Каўчэгам Сьведчаньня, і ён не памрэ.

14 І возьме крыві цяляці, і пакрапіць пальцам сваім перад накрыўкай з усходу. Сем разоў пакрапіць перад накрыўкай пальцам, змочаным у крыві.

15 І заб’е казла за грэх народу, і ўнясе кроў яго за заслону, і зробіць з крывёй яго тое самае, што зрабіў з крывёй цяляці, і пакрапіць ёю накрыўку зьверху і сьпераду,

16 і перапросіць за [Месца] Сьвятое, за нячыстасьць сыноў Ізраіля і за злачынствы іх паводле ўсіх грахоў іхніх. Гэтак сама зробіць ён з Намётам Спатканьня, які знаходзіцца ў іх сярод нячыстасьці іхняй.

17 Ніводзін чалавек не павінен быць у Намёце Спатканьня, калі Аарон увойдзе, каб выканаць перамаленьне ў [Месцы] Сьвятым, аж пакуль ён ня выйдзе. І ён перапро­сіць за сябе, за дом свой і за ўсю царкву Ізраіля.

18 І выйдзе да ахвярніка, які перад абліччам ГОСПАДА, і ўчыніць перамольваньне над ім, і возьме крыві бычка і крыві казла, і памажа ёю рогі ахвярніка з усіх бакоў,

19 і пакропіць сем разоў яго пальцам, умочаным у крыві, і ачысьціць яго ад нячыстасьці сыноў Ізраіля, і асьвяціць яго.

20 І скончыць перамольваньне над [Месцам] Сьвятым, Намётам Спатканьня і ахвярні­кам, і прывядзе жывога казла.

21 І ўскладзе Аарон абедзьве рукі свае на галаву жывога казла, і выкажа над ім усе правіны сыноў Ізраіля, усе злачынствы іхнія і ўсе грахі іхнія, і ўзло­жыць іх на галаву казла, і выганіць яго праз прызначанага чалавека ў пустыню.

22 І панясе казёл з сабой усе пра­віны іхнія ў зямлю бязьлюдную, і выганіць ён казла ў пустыню.

23 І Аарон увойдзе ў Намёт Спатканьня, здыме шаты льняныя, якія апрануў, увахо­­дзячы ў [Месца] Сьвятое, і пакладзе іх там.

24 І абмые цела вадою ў месцы сьвятым, і апране адзеньне сваё, і выйдзе, і складзе ахвяру цэласпаленьня за сябе і за народ, і перапросіць за сябе і за народ.

25 І тлушч ахвяры за грэх спаліць на ахвярніку.

26 А [чалавек], які выгнаў казла для Азазэля, памые адзеньне сваё, абмые цела сваё ў вадзе, і вернецца ў табар.

27 А бычка ахвяры за грэх і казла ахвяры за грэх, кроў якіх унесена была для перамаленьня за [Месца] Сьвятое, вынясуць па-за табар і спаляць разам са скураю, мясам і нячыстасьцю іхняй.

28 Той, хто спаліць іх, памые адзеньне сваё і абмые цела сваё ў вадзе, і вернецца ў табар.

29 Гэта будзе для вас пастановай вечнай. У сёмы месяц, у дзясяты дзень месяца пры­гня­тайце душы вашыя пакутаю, не выконвайце ніякай працы ані тутэйшы, ані прыхадзень, які паселіцца паміж вамі.

30 У той дзень будзе перамаленьне за вас дзеля ачышчэньня ад усіх грахоў вашых, каб былі вы чыстымі перад абліччам ГОСПАДА.

31 Гэта для вас супачынак супачынку, прыгнятайце душы вашыя. Гэта пастанова вечная.

32 І будзе перамольваць сьвятар, які быў памазаны і пасьвя­чоны на сьвятарства на месца бацькі свайго. І ўскла­дзе ён на сябе шаты льняныя, шаты сьвятыя,

33 і ўчыніць перамольваньне за Сьвятое Сьвятых і Намёт Спатканьня, ахвярнік, і за сьвятароў і за ўвесь народ царквы.

34 Гэта будзе для вас пастанова вечная, каб раз у год перамольваць за сыноў Ізраіля за ўсе грахі іхнія». І зрабіў ён, як загадаў ГОСПАД Майсею.

Разьдзел 17

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Прамоў да Аарона, і да сыноў ягоных, і да ўсіх сыноў Із­ра­іля, і скажы ім: “Гэта слова, якое загадаў ГОСПАД.

3 Калі хто з дому Ізраіля заб’е вала, або авечку, або казу ў табары або па-за табарам

4 і не прывядзе іх да ўваходу ў Намёт Спатканьня, каб скласьці ў ахвяру ГОСПАДУ перад сялібай ГОСПАДА, будзе вінен крыві. Ён праліў кроў, і будзе выключаны той чалавек з народу свайго.

5 Дзеля таго сыны Ізраіля будуць прыводзіць ахвяры свае, якія дасюль складалі ў полі, да ГОСПАДА да ўваходу ў Намёт Спатканьня, да сьвятара, і будуць складаць іх як ахвяры мірныя для ГОСПАДА.

6 І пакропіць сьвятар крывёй ахвярнік ГОСПАДА пры ўваходзе ў Намёт Спатканьня, а тлушч спаліць на мілы пах ГОСПАДУ.

7 Ужо ня будуць складаць ахвяраў для казлоў, з якімі распусьнічалі. Гэта будзе ім пастанова вечная для пакаленьняў іхніх”.

8 І скажаш ім: “Калі хто з дому Ізраіля або з прыхадняў, якія жывуць сярод вас, будзе складаць ахвяру цэласпаленьня або [іншую] ахвяру

9 і не прывядзе яе да ўваходу ў Намёт Спатканьня, каб ахвяраваць ГОСПАДУ, будзе чалавек той выключаны з народу свайго.

10 Калі хто з дому Ізраіля або з прыхадняў, якія жывуць сярод вас, будзе есьці кроў, Я скірую аблічча Маё супраць душы, якая есьць кроў, і вынішчу яе спаміж народу яе.

11 Бо душа цела ў крыві, і Я даў яе вам, каб на ахвярніку перамольвалі ёю за душы вашыя, бо кроў перамольвае за душу.

12 Дзеля таго Я сказаў сынам Ізраіля: «Ніхто з вас ня будзе спажываць крыві». І прыха­дзень, які жыве сярод вас, ня будзе спажываць крыві.

13 Калі хто з сыноў Ізраіля або з прыхадняў, якія жывуць сярод вас, упалюе дзікага зьвера або птушку, якіх можна есьці, няхай вылье з іх кроў і закрые яе пылам [зямлі].

14 Бо душа кожнага цела ў крыві ягонай; і Я сказаў сынам Ізраіля: «Не спажывайце крыві ніводнага цела, бо душа кожнага цела ў крыві ягонай. Кожны, хто будзе спажываць яе, будзе вынішчаны».

15 Кожны тутэйшы або прыхадзень, які будзе есьці мяса падліны або разьдзёртай [жывёлы], няхай памые адзеньне і вымыецца ў вадзе, і будзе ён нячысты да вечара, а [пасьля] станецца чыстым.

16 Калі ж хто не памые адзеньня і ня вымые цела свайго, бу­дзе насіць правіну сваю”».

Разьдзел 18

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Я — ГОСПАД, Бог ваш.

3 Не рабіце паводле звычаю зямлі Эгіпецкай, у якой вы жылі. І паводле звычаю зямлі Ханаан, у якую Я ўвяду вас, не рабіце, і не хадзіце паводле пастановаў іхніх.

4 Будзеце спаўняць прысуды Мае і пастановы Мае, захоў­ваць і хадзіць паводле іх. Я — ГОСПАД, Бог ваш.

5 Захоўвайце пастановы Мае і прысуды Мае. Выконваючы іх, чалавек будзе жыць дзякуючы ім. Я — ГОСПАД!

6 Ніхто ня можа набліжацца да сваяка, каб адкрыць голасьць ягоную. Я — ГОСПАД.

7 Не адкрывай голасьці бацькі твайго і маці тваёй, бо гэта — маці твая, не адкрывай голасьць ейную.

8 Не адкрывай голасьці жонкі бацькі твайго, бо гэта голасьць бацькі твайго.

9 Не адкрывай голасьці сястры тваёй, дачкі бацькі твайго або дачкі маці тваёй, ці яна нарадзілася ў доме, ці па-за домам. Не адкрывай голасьці іх.

10 Не адкрывай голасьці дачкі сына твайго або дачкі дачкі тваёй, бо гэта голасьць твая.

11 Не адкрывай голасьці дачкі жонкі бацькі твайго, народжанай ад бацькі твайго; гэта сястра твая, не адкрывай голасьці яе.

12 Не адкрывай голасьці сястры бацькі твайго, бо яна сваячка бацькі твайго.

13 Не адкрывай голасьць сястры маці тваёй, бо яна сваячка маці тваёй.

14 Не адкрывай голасьці брата бацькі твайго, ня ўваходзь да жонкі ягонай, бо гэта цётка твая.

15 Не адкрывай голасьці нявесткі тваёй, бо яна жонка сына твайго, не адкрывай голасьці яе.

16 Не адкрывай голасьці жонкі брата твайго, бо гэта голасьць брата твайго.

17 Не адкрывай голасьці жанчыны і дачкі яе. Не бяры дачкі сына ейнага ані дачкі дачкі ейнай, каб адкрыць голасьць яе, бо яны — сваячкі яе. Гэта брыдота.

18 Не бяры жанчыны разам з сястрой яе, каб не зрабіць яе суперніцай, адкрываючы голасьць яе за жыцьця гэтай.

19 Не набліжайся да жанчыны ў час месячніцы, каб адкрыць голасьць яе.

20 Не ўваходзь да жонкі бліжняга твайго, выліваючы насеньне; праз гэта [станешся] ты нячысты.

21 Не аддавай дзіцяці твайго, каб прывесьці да Малоха, і ня будзеш паганіць імя Бога твайго. Я — ГОСПАД.

22 Не ляжы з мужчынам так, як ляжаць з жанчынаю. Гэта агіда.

23 Не лажыся ні з якою жывёлаю, бо праз гэта [станешся] нячысты. І жанчына ня стане перад жывёлаю, каб злучыцца з ёю, бо гэта вычварэньне.

24 Не паганьцеся ўсім гэтым, бо ўсім гэтым апаганілі сябе на­роды, якія Я выганю перад вамі.

25 І апаганілася зямля, і Я пакараў [яе] за беззаконьні ейныя, і выкінула яна з сябе жыхароў сваіх.

26 Дык вы захоўвайце пастановы Мае і прысуды Мае, і не дапускайцеся ўсіх гэтых брыдотаў, ані тутэйшыя, ані прыхадні, якія жывуць сярод вас,

27 бо ўсіх гэтых брыдотаў дапускаліся жыхары зямлі, якія былі перад вамі, і апаганілася зямля.

28 [Сьцеражыцеся], каб і вас гэтая зямля ня выкінула, калі будзеце паганіць яе, як яна выкінула з сябе народ, які быў перад вамі.

29 Бо кожны [чалавек], які ўчыніць адну з гэтых брыдотаў, будзе вынішчаны спасярод народу свайго.

30 Захоўвайце загады Мае. Не дапускайцеся брыдотных звычаяў, як дапускаліся тыя, што былі перад вамі, і не паганьцеся імі. Я — ГОСПАД, Бог ваш”».

Разьдзел 19

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Прамоў да ўсёй грамады сыноў Ізраіля і скажы ім: “Будзьце сьвятымі, бо сьвяты Я, ГОСПАД, Бог ваш.

3 Няхай кожны баіцца маці сваю і бацьку свайго. І захоўвайце суботы Мае. Я — ГОСПАД, Бог ваш!

4 Не зьвяртайцеся да ідалаў і не вылівайце сабе багоў з мэталю. Я — ГОСПАД, Бог ваш!

5 Калі будзеце складаць ГОСПАДУ ахвяру мірную, складайце так, каб была яна Яму прыемнай.

6 Будзеце есьці яе ў сам дзень ахвяры вашай і ў наступны дзень. Тое, што застанецца на трэці дзень, будзе спалена агнём.

7 Калі хто гэта будзе есьці на трэці дзень, паганым гэта будзе і ня будзе прыемным [Госпаду].

8 Хто будзе яе есьці, учыніць беззаконьне, бо спаганіў сьвятасьць ГОСПАДА, і зьнішчана будзе душа тая спасярод народу свайго.

9 Калі будзеце жаць збожжа зямлі вашай, не выжынай аж да канца поля і не зьбірай каласоў, што засталіся.

10 Не абірай вінаградніка твайго да рэшты і ягадаў, што пападалі ў вінаградніку, не падбірай; пакінь гэта бедным і прыхадням. Я — ГОСПАД, Бог ваш!

11 Не крадзіце, і не хлусіце, і не ашуквайце адзін аднаго.

12 Не прысягайце на імя Маё дзеля хлусьні, і не зьневажай імя Бога твайго. Я — ГОСПАД!

13 Не прыгнятай бліжняга твайго і ня крыўдзі яго. І няхай не застаецца ў цябе плата найміта аж да раніцы.

14 Не праклінай глухога і перад сьляпым не кладзі перашкоды, але бойся Бога твайго. Я — ГОСПАД!

15 Не дапускайцеся несправядлівасьці на судзе. Не пагарджай бедным і  не патурай багатаму. Праведна судзі бліжняга твайго.

16 Ня будзь паклёпнікам у народзе сваім. Не цікуй на кроў бліжняга твайго. Я — ГОСПАД!

17 Ня мей у сэрцы тваім нянавісьці да брата твайго. Дакараючы, дакарай бліжняга твайго, і ня будзеш мець грэху з прычыны яго.

18 Ня помсьці і не насі крыўду на сыноў народу твайго. Любі бліжняга твайго як самога сябе. Я — ГОСПАД!

19 Захоўвай пастановы Мае. Жывёлы тваёй не лучы з жывёлай другой пароды; поля твайго не засявай двума гатункамі [насеньня]. Не апранай адзеньня з двух матэрыялаў.

20 Калі хто ўвойдзе да жанчы­ны, выліваючы насеньне, а яна ёсьць нявольніцай, прызначанай для [іншага] мужа, але яшчэ ня выкуплена і не надзелена свабодай, абодва будуць пакараныя, але не карай сьмерцю, бо не была яна свабоднай.

21 І ён складзе ахвяру аднагараджэньня ГОСПАДУ каля ўваходу ў Намёт Спатканьня, барана ў ахвяру аднагараджэньня.

22 І перапросіць за яго сьвятар бараном ахвяры аднагараджэньня за грэх ягоны, якім саграшыў перад абліччам ГОСПАДА, і будзе адпушчаны яму грэх, якім саграшыў.

23 Калі прыйдзеце вы ў зямлю і пасадзіце дрэвы пладовыя ўсякіх гатункаў, будзеце ўважаць плады іхнія за неабрэзаныя; тры гады будуць яны для вас неабрэзаныя, і нельга іх есьці.

24 У чацьвёртым годзе ўсе плады іхнія будуць пасьвячоныя як дар для ГОСПАДА.

25 А ў пяты год будзеце есьці плады іхнія, каб павялічыўся для вас ураджай з іх. Я — ГОСПАД, Бог ваш!

26 Ня ешце нічога з крывёй. Не варажыце і не займайцеся чараваньнем.

27 Не стрыжы валасоў кругом галавы, і не калеч край барады сваёй.

28 Не рабіце нарэзы на целе вашым [на знак жалобы] па памерлых і не наколвайце надпісы на скуры. Я — ГОСПАД!

29 Не выдавай на ганьбу дачку тваю, робячы з яе распусьніцу, каб не апаганілася зямля і не напоўнілася распустай.

30 Захоўвайце суботы Мае і шануйце сьвятыню Маю. Я — ГОСПАД!

31 Не зьвяртайцеся ані да тых, што выклікаюць духаў [памерлых], ані да варажбітоў, каб у іх раіцца, каб праз іх не апаганіліся. Я — ГОСПАД, Бог ваш!

32 Перад сівой галавой устань, і шануй аблічча старога, і бойся Бога твайго. Я — ГОСПАД.

33 Калі ў зямлі вашай паселіцца прыхадзень, ня крыўдзі яго,

34 але няхай будзе ён пасярод вас як тутэйшы, і любі яго як самога сябе, бо і вы былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай. Я — ГОСПАД, Бог ваш!

35 Не дапускайцеся несправядлівасьці на судзе, у меры, у вазе і ў вымярэньнях.

36 Няхай будуць у вас вагі праведныя, эфа праведная і гін праведны. Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай.

37 І вы будзеце захоўваць усе пастановы Мае і ўсе пысуды Мае, і выконваць іх. Я — ГОСПАД”».

Разьдзел 20

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Кажы сынам Ізраіля: “Калі нехта з сыноў Ізраіля або з сыноў прыхадняў, якія пасяліліся ў Ізраілі, дасьць адно з дзяцей сваіх Малоху, сьмерцю памрэ; землякі ягоныя ўкамянуюць яго.

3 І Я Сам зьвярну аблічча Маё супраць яго, і выкараню яго спаміж народу яго за тое, што ён даў насеньне сваё Малоху, спаганіў сьвятыню Маю і зьняважыў сьвятое імя Маё.

4 Калі землякі ягоныя закрыюць вочы свае на такога чалавека, які аддаў адно з дзяцей сваіх Малоху, і не заб’юць яго,

5 Я Сам зьвярну аблічча Маё супраць такога чалавека і супраць сям’і ягонай, і выкараню яго спасярод народу яго, а таксама ўсіх тых, якія насьлядуюць яго, якія распусьнічаюць з Малохам.

6 І супраць душы, якая зьвернецца да тых, што выклікаюць духаў [памерлых], або да варажбітоў, каб распусьнічаць з імі, Я зьвярну аблічча Маё, і выкараню яго спаміж народу яго.

7 Дык асьвяціцеся і будзьце сьвятыя, бо Я — ГОСПАД, Бог ваш!

8 Захоўвайце пастановы Мае і выконвайце іх. Я — ГОСПАД, Які асьвячае вас!

9 Хто праклінае бацьку свайго і маці сваю, сьмерцю памрэ; хто праклінаў бацьку свайго і маці сваю, кроў ягоная [будзе] на ім.

10 Калі хто будзе чужаложыць з жонкай бліжняга свайго, сьмерцю памрэ і чужаложнік, і чужаложніца.

11 Хто ляжа з жонкаю бацькі свайго, той адкрывае го­ласьць бацькі свайго; сьмерцю па­мруць абое, кроў іхняя [бу­дзе] на іх.

12 Хто ляжа з нявесткай сваёй, сьмерцю памруць абое. Яны дапусьціліся брыдоты, і кроў іхняя [будзе] на іх.

13 Хто ляжа з мужчынам так, як з жанчынай, робіць вычварэньне. Абодва сьмерцю памруць; кроў іхняя [будзе] на іх.

14 Калі хто бярэ за жонку жанчыну і маці ейную, дапускаецца распусты; ён і яна будуць спалены ў агні, каб не было распусты сярод вас.

15 Хто ляжа з жывёлай, выліваючы [насеньне], сьмерцю памрэ. Жывёлу таксама трэба забіць.

16 Калі жанчына наблізіцца да якой жывёлы, каб злучыцца з ёй, заб’еш і жанчыну, і жывёлу. [Абое] сьмерцю памруць; кроў іхняя [будзе] на іх.

17 Калі хто возьме сястру сваю, дачку бацькі свайго або дачку маці сваёй, і будзе агля­даць голасьць яе, а яна будзе аглядаць голасьць яго, гэта сорам; няхай будуць забітыя перад вачыма сыноў народу свайго; ён адкрыў голасьць сястры сваёй, беззаконьня ён дапусьціўся.

18 Калі хто ляжа з жанчынай у час месячніцы і адкрые голасьць яе, ён адкрывае крыніцу [крыві], і яна таксама адкрывае крыніцу крыві сваёй; абодва вынішчаны будуць спасярод народу свайго.

19 Не адкрывай голасьці сястры маці тваёй або сястры бацькі твайго, бо выяўляеш голасьць сваячкі сваёй. Беззаконьне сваё яны панясуць.

20 Хто ляжа з цёткай сваёй, той адкрывае голасьць дзядзькі свайго. Яны панясуць грэх свой, памруць бязьдзетныя.

21 Хто бярэ жонку брата свайго, гэта паскудства. Ён адкрыў голасьць брата свайго, будуць яны бязьдзетныя.

22 Захоўвайце ўсе пастановы Мае і ўсе прысуды Мае і выконвайце іх, каб ня выкінула вас зямля, у якую Я ўвяду вас, каб вы жылі ў ёй.

23 Не хадзіце паводле звычаяў народаў, якія Я выганю перад вамі. Бо ўсяго гэтага дапускаліся яны, і яны сталіся для Мяне брыдкімі.

24 І Я сказаў вам: «Вы ўспадкаеміце зямлю іхнюю, і Я дам яе вам на ўласнасьць, зямлю, якая ацякае малаком і мёдам. Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які аддзяліў вас ад [іншых] народаў».

25 Дык адрозьнівайце жывёлу чыстую ад нячыстай і птушку чыстую ад нячыстай, каб не апаганілі вы душаў вашых жывёлай, і птушкамі, і ўсім, што рухаецца па зямлі, і што Я вылучыў вам як нячыстае.

26 Будзьце для Мяне сьвятымі, бо сьвяты Я, ГОСПАД, Які аддзяліў вас ад [іншых] народаў, каб вы былі Маімі.

27 Мужчына або жанчына, калі будуць яны выклі­каць духаў [памерлых] або варажыць, сьмерцю памруць. Укамянуеце іх камянямі; кроў іхняя [будзе] на іх”».

Разьдзел 21

1 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Гавары сьвятарам, сынам Аарона, і кажы ім: “Няхай не занечышчаецца сьвятар, дакранаючыся памёршага з народу свайго.

2 Толькі да блізкіх сваякоў, да бацькі свайго і маці сваёй, сына свайго і дачкі сваёй, і брата свайго,

3 і сястры сваёй, дзяўчыны, што жыве пры ім незамужняя, можна яму [дакранацца і] занячысьціць сябе.

4 І няхай не занячысьціць сябе сьвятар з прычыны сваякоў жонкі сваёй, бо было б гэта зьнявагаю.

5 Ня будуць яны стрыгчы галавы сваёй і ня будуць галіць краёў барады, і на целе сваім ня будуць рабіць нарэзаў.

6 Сьвятымі будуць яны перад Богам сваім і ня будуць паганіць імя Бога свайго, бо яны складаюць ахвяры агнявыя ГОСПАДУ, хлеб Богу свайму, таму мусяць яны быць сьвятымі.

7 Ня возьмуць яны за жонку распусьніцы або зьняслаўленай; ня возьмуць жанчыны, выгнанай мужам, бо яны пасьвячоныя для Бога свайго.

8 Будзеш уважаць яго за асьвячонага, бо ён складае хлеб Богу твайму. Няхай будзе ён сьвяты для цябе, бо сьвяты Я, ГОСПАД, Які асьвячае вас.

9 Калі дачка сьвятара паганіць сябе распустаю і няславіць імя бацькі свайго, будзе яна спалена ў агні.

10 Сьвятар вялікі паміж братоў сваіх, галава якога была па­мазана алеем, і рукі якога напоўненыя [на сьвятарства], і які апрануты ў шаты сьвятыя, ня будзе распускаць валасоў сваіх і разьдзіраць шатаў сваіх,

11 і ня будзе ён набліжацца да ніводнага памёршага, ня можа ён занячысьціцца [нават] з прычыны бацькі свайго і маці.

12 Ня будзе ён выходзіць са сьвятыні і не апаганіць сьвятыню Бога свайго, бо ён памазаны алеем памазаньня для Бога свайго. Я — ГОСПАД.

13 За жонку возьме ён толькі дзяўчыну.

14 Ня возьме за жонку ані ўдавы, ані разьведзенай, ані зьняслаўленай, ані распусьніцы, але возьме за жонку дзяўчыну спасярод народу свайго.

15 І не зьняславіць ён насеньня свайго сярод народу свайго, бо Я — ГОСПАД, Які асьвячаю яго”».

16 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

17 «Прамоў да Аарона, кажучы: “Ніхто з насеньня твайго ў пакаленьнях іхніх, у якога на целе будзе загана, не павінен набліжацца, каб складаць ахвяру для Бога свайго.

18 Ніхто, у каго на целе загана, не павінен набліжацца, ані сьляпы, ані кульгавы, ані той, хто мае скалечаны твар, ані някшталтны,

19 ані той, хто мае зламаную нагу або зламаную руку,

20 ані гарбаты, ані кволы, ані той, хто мае бяльмо на воку, ані каросьлівы, ані паршывы, ані той, хто мае пашкоджаныя яечкі.

21 Ніводзін чалавек з нашчадкаў Аарона сьвятара, у якога на целе загана, не павінен набліжацца, каб складаць ахвяру агнявую ГОСПАДУ; ён мае загану, не павінен ён набліжацца, каб складаць ахвяру хлеба для Бога свайго.

22 Але можа ён есьці хлеб Бога свайго як з [дароў] сьвятых, так і са сьвятога сьвятых.

23 Толькі ня будзе ён увахо­дзіць за заслону і ня будзе падыходзіць да ахвярніка, бо мае загану. Ня будзе ён паганіць сьвятыню Маю, бо Я — ГОСПАД, Які асьвячаю іх”».

24 І Майсей прамовіў гэта да Аарона, да сыноў ягоных і да ўсіх сыноў Ізраіля.

Разьдзел 22

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Прамоў да Аарона і да сыноў ягоных, каб яны паважалі сьвятыя дары сыноў Ізраіля і не зьнеслаўлялі сьвятое імя Маё ў тым, што яны Мне пасьвячаюць. Я — ГОСПАД.

3 Скажы ім, каб ведалі пакаленьні вашыя: “Калі нехта з нашчадкаў вашых наблізіцца да рэчаў сьвятых, якія сыны Ізраіля пасьвячаюць ГОСПАДУ, а нячыстасьць ягоная на ім, такая душа будзе вынішчана спрад аблічча Майго. Я — ГОСПАД.

4 Ніводзін з насеньня Аарона, які пракажоны або мае выцёкі, ня будзе есьці сьвятых [дароў], пакуль не ачысьціцца. І хто дакранецца да чаго нячыстага ад памёршага або ў каго здарыцца выцёк насеньня,

5 або хто дакранецца паўзуна, якім занячысьціцца, або чалавека, які зрабіў бы яго нячыстым нячыстасьцю сваёю,

6 душа, якая дакранецца гэтага, будзе нячыстай аж да вечара і ня будзе есьці сьвятых [дароў], пакуль не абмые цела сваё ў вадзе.

7 Пасьля заходу сонца будзе ён ачышчаны, і тады будзе есьці сьвятыя [дары], бо яны ёсьць ежай ягонаю.

8 Ня будзе ён есьці падліны ані разьдзёртых жывёлаў, бо праз гэта станецца нячысты. Я — ГОСПАД.

9 Няхай захоўваюць загады Мае, каб ня мелі грэху і каб не памерлі з прычыны таго, што зьняважаць іх. Я — ГОСПАД, Які асьвячаю іх.

10 Ніводзін чужынец ня будзе есьці сьвятых [дароў]; ані той, што жыве ў сьвятара, ані найміт ня будзе есьці сьвятых рэчаў.

11 Калі ж сьвятар купіць нявольніка за грошы, той можа есьці сьвятое, таксама народжаныя ў доме ягоным могуць есьці хлеб ягоны.

12 Калі б дачка сьвятара выйшла замуж за чужога чалавека, яна не павінна есьці гэтых сьвятых ахвяраваных дароў.

13 Аднак, калі дачка сьвятара аўдавела або была кінута і, ня маючы дзяцей, вярнулася ў дом бацькі свайго, як у маладосьці сваёй, будзе жывіцца хлебам бацькі свайго. Але ні­хто чужы ня будзе есьці яго.

14 Калі ж нехта несьвядома зьесьць сьвятое, дадасьць пятую частку яго [вартасьці] і аддасьць сьвятое сьвятару.

15 [Сьвятары] ня будуць паганіць сьвятых дароў, якія сыны Ізраіля складаюць у ахвяру ГОСПАДУ,

16 і ня будуць сьцягваць на іх віну, калі будуць есьці сьвятыя рэчы. Я — ГОСПАД, Які асьвячаю іх”».

17 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

18 «Прамоў да Аарона, і да сыноў ягоных, і да ўсіх сыноў Ізраіля, і скажы ім: “Калі хто з дому Ізраіля або спаміж прыхадняў, якія ў Ізраілі, паводле шлюбаваньня або як дар дабраахвотны свой складае ахвяру сваю, якую прыносіць ГОСПАДУ на цэласпаленьне,

19 каб яна была прынятаю, мусяць прынесьці самца без заганы мужчынскага роду з валоў, бараноў ці козаў.

20 Ніякай жывёлы, якая мае загану, не складайце ў ахвяру, бо ня будзе яна прынятая.

21 Калі хто захоча скласьці ГОСПАДУ ахвяру мірную, каб споўніць шлюбаваньне або як дар дабраахвотны, ці гэта з валоў, ці з авечак, няхай будзе яна без заганы, каб была прынятай.

22 Ня будзеце складаць ГОС­ПАДУ ў ахвяру жывёлаў сьляпых, скалечаных, кульгавых, апухлых, паршывых, у балячках. Ня будзеце такіх жывёлаў складаць на ахвярніку ў ахвяру агнявую для ГОСПАДА.

23 Цяля або барана някшталтнага ці хворага можаш скласьці як ахвяру дабраахвотную, але як шлюбаваная ахвяра ня будзе прынятая.

24 Жывёлу, у якой яечкі сьціснутыя, разьбітыя, вырваныя або выразаныя, не складайце ў ахвяру ГОСПАДУ. І ня будзеце такога рабіць у зямлі вашай,

25 ані з рук чужынцаў ня будзеце складаць такіх жывёлаў як хлеб Богу вашаму, таму што гэты недахоп іхні ёсьць заганаю, і ня будуць яны прынятыя”».

26 І прамовіў ГОСПАД  да Майсея, кажучы:

27 «Калі народзіцца табе цяля, або ягня, або казляня, будзе яно сем дзён пры матцы. Пачынаючы ад восьмага дня і далей будзе яно прынятае як ахвяра агнявая для ГОСПАДА.

28 Але ані каровы, ані авечкі не забівайце ў адзін дзень разам з іх малым.

29 Калі складаеце ГОСПАДУ ахвяру падзякі, складайце яе так, каб была яна прынятай;

30 у той самы дзень зьешце яе; няхай не застаецца з яе нічога да раніцы другога дня. Я — ГОСПАД.

31 Захоўвайце прыказаньні Мае і выконвайце іх. Я — ГОСПАД.

32 Не паганьце імя Маё сьвятое, каб быў Я сьвятым паміж сыноў Ізраіля. Я — ГОСПАД, Які асьвячае вас

33 і Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб быць Богам вашым. Я — ГОСПАД».

Разьдзел 23

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Гэта сьвяты ГОСПАДА, у якія вы будзеце склікаць сходы сьвятыя; гэта сьвяты Мае.

3 Шэсьць дзён будзеце працаваць, а сёмы дзень — супачынак супачынку, сход сьвяты, ня будзеце зусім працаваць, бо гэта супачынак ГОСПАДА ў-ва ўсіх сядзібах вашых.

4 Вось сьвяты ГОСПАДА, сходы сьвятыя, якія павінны вы сьвяткаваць у свой час.

5 У першы месяц, у чатырнаццаты дзень месяца, вечарам Пасха ГОСПАДА.

6 А ў пятнаццаты дзень таго самага месяца сьвята Праснакоў для ГОСПАДА. Сем дзён будзеце есьці праснакі.

7 У першы дзень будзе ў вас сход сьвяты; ня будзеце выконваць ніякай працы штодзённай,

8 але сем дзён будзеце скла­даць ГОСПАДУ ахвяры агнявыя. У сёмы ж дзень будзе сход сьвяты, ніякай працы што­дзённай ня будзеце рабіць”».

9 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

10 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам  вам, і будзеце жаць збожжа, прынясіце сьвятару першы сноп жніва вашага.

11 Ён патрасе сноп перад абліччам ГОСПАДА, каб Ён прыняў яго; у другі дзень пасьля суботы прынясе ён яго.

12 І ў той дзень, у якім будзеце патрэсваць сноп, складзіцё ў ахвяру цэласпаленьня ГОСПАДУ ягня аднагадовае без заганы,

13 і ахвяру хлебную з двух дзясятых эфы мукі, запраўленай алеем, як ахвяру агнявую на мілы пах ГОСПАДУ, і ахвяру вадкую, чвэрць гіна віна.

14 Аж да гэтага дня ня будзеце есьці ані хлеба, ані пражанага зерня, ані сырога зерня, пакуль не складзеце дар Богу вашаму. Гэта пастанова вечная ўсім пакаленьням вашым у-ва ўсіх сядзібах вашых.

15 Адлічыце сабе ад другога дня пасьля суботы, ад дня, у які прынесяцё снапы для патрэс­ваньня, сем поўных тыдняў,

16 аж да дня пасьля сёмай суботы адлічыце пяцьдзясят дзён, і тады складзіце новую ахвяру хлебную для ГОСПАДА.

17 Прынясіце з сядзібаў вашых па два хлябы для патрэсваньня, кожны з двух дзясятых эфы мукі квашанай, якія будуць сьпечаныя як пяршыны ГОСПАДУ.

18 Апрача хлеба складзіце ў ахвяру сем бараноў без заганы, аднагадовых, аднаго маладога бычка і двух бараноў. Яны будуць ахвяраю цэласпаленьня ГОСПАДУ разам з ахвяраю хлебнаю і з ахвяраю вадкай. Будзе гэта ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.

19 Ахвяруйце таксама аднаго казла як ахвяру за грэх і двух ягнятаў аднагадовых як ахвяру мірную.

20 Сьвятар патрасе іх перад ГОСПАДАМ разам з хлябамі пяршынаў і разам з двума ягнятамі; будзе гэта пасьвячоным для ГОСПАДА [на ўжытак] сьвятара.

21 У той самы дзень склічце сход, гэта будзе для вас сход сьвяты. Ніякай працы штодзённай ня будзеце рабіць. Гэта пастанова вечная на ўсякім месцы пражываньня вашага ў-ва ўсіх пакаленьнях вашых.

22 Калі будзеце жаць у зямлі вашай, ня будзеш дажы­наць да мяжы поля твайго і ня бу­дзеш зьбіраць да рэшты каласоў на жніве тваім. Пакіньце іх убогім і прыхадням. Я — ГОСПАД, Бог ваш”».

23 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

24 «Прамоў да сыноў Ізраіля, кажучы: “У першы дзень сёмага месяца будзе ў вас супачынак, сход сьвяты пры гуку трубаў.

25 Ня будзеце рабіць аніякай працы штодзённай, але будзеце складаць ГОСПАДУ ахвяру агнявую”».

26 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

27 «Вось, у дзясяты дзень гэтага самага сёмага месяца будзе Дзень Перамольваньня, і будзе ў вас сход сьвяты. І бу­дзеце ўпакорваць душы вашыя і складаць ГОСПАДУ ахвяры агнявыя.

28 Ня будзеце рабіць у той дзень аніякай працы, бо гэта Дзень Перамольваньня, дзеля перамольваньня за вас перад абліччам ГОСПАДА, Бога вашага.

29 Усякая душа, якая ня будзе ўпакорваць [сябе] ў той дзень, будзе вынішчана спасярод народу свайго.

30 І кожную душу, якая будзе рабіць працу ў той дзень, Я вынішчу спасярод народу яе.

31 Ніякай працы ня будзеце рабіць. Гэта пастанова вечная ў-ва ўсіх пакаленьнях вашых у-ва ўсіх сядзібах вашых.

32 Гэта супачынак супачынкаў для вас. І будзеце ўпакорваць душы вашыя з вечара дзявятага дня месяца; з вечара да вечара дзясятага дня месяца будзеце сьвяткаваць суботу вашую».

33 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

34 «Прамоў да сыноў Ізраіля, кажучы: “У пятнаццаты дзень гэтага сёмага месяца сьвята Намётаў, сем дзён для ГОСПАДА.

35 У першы дзень — сход сьвяты; не рабіце ніякай працы штодзённай.

36 Сем дзён складайце ахвяры агнявыя ГОСПАДУ. У восьмы дзень будзе ў вас сход сьвяты, і складзіце ахвяру агнявую ГОСПАДУ. Гэта ўрачысты сход, не рабіце ніякай працы штодзённай.

37 Гэта сьвяты ГОСПАДА, у якія вы будзеце склікаць сходы сьвятыя, у якія будзеце складаць ахвяры агнявыя ГОСПАДУ: цэласпаленьні, ахвяры хлебныя, ахвяры крывавыя і ахвяры вадкія, кожную ў свой дзень,

38 апрача суботаў ГОСПАДАВЫХ і апрача дароў вашых, і апрача ўсяго, што будзеце ахвяроўваць паводле шлюбаваньня або дабраахвотна ГОСПАДУ.

39 У пятнаццаты дзень сёмага месяца, калі зьберыцё плады зямлі, будзеце сьвяткаваць урачыстасьць ГОСПАДА сем дзён; у першы дзень і ў восьмы будзе супачынак.

40 У першы дзень возьмеце сабе найпрыгажэйшыя плады дрэваў, лісты пальмавыя і галіны дрэваў густых і вербаў рачных, і будзеце весяліцца перад абліччам ГОСПАДА, Бога вашага, сем дзён.

41 Будзеце сьвяткаваць гэтае сьвята штогод сем дзён. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых. У сёмы месяц будзеце сьвяткаваць гэтае [сьвята].

42 Сем дзён будзеце жыць у намётах. Кожны, хто з роду Ізраіля, будзе жыць у намёце,

43 каб памяталі пакаленьні вашыя, што загадаў Я сынам Ізраіля жыць у намётах, калі вывеў іх з зямлі Эгіпецкай. Я — ГОСПАД, Бог ваш!”»

44 Гэта прамовіў Майсей да сыноў Ізраіля пра ўрачыстасьці ГОСПАДА.

Разьдзел 24

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Загадай сынам Ізраіля, каб прынесьлі табе для сьвечніка найчысьцейшага алею, выціснутага з алівак, празрыстага, каб гарэлі лямпы [сьвечніка] заўсёды.

3 Прыгатуе яго Аарон за заслонай сьведчаньня ў Намёце Спатканьня, каб заўсёды ад вечара аж да раніцы гарэў перад абліччам ГОСПАДА. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых.

4 Прыгатуе ён тыя лямпы на чыстым сьвечніку, каб гарэлі заўсёды перад абліччам ГОСПАДА.

5 Вазьмі таксама мукі і сьпячы з яе дванаццаць боханаў [хлеба]; у кожным бохане павінна быць дзьве дзясятых эфы.

6 І пакладзеш іх у два шэрагі, па шэсьць у кожным шэрагу, на чыстым стале перад абліччам ГОСПАДА,

7 і пакладзеш на кожны шэраг найчысьцейшага кадзіла; гэта будзе памятная частка хлеба, ахвяра агнявая для ГОСПАДА.

8 У кожную суботу заўсёды будуць класьці іх перад абліччам ГОСПАДА як дар ад сыноў Ізраіля, як запавет вечны.

9 Яны належаць Аарону і сынам ягоным, каб спажывалі іх у месцы сьвятым, бо гэта сьвятое сьвятых, гэта [належыць] яму спаміж ахвяраў агнявых для ГОСПАДА. Гэта пастанова вечная».

10 І выйшаў спаміж сыноў Ізраіля сын адной Ізраільцянкі, народжаны ад Эгіпцяніна. І ён пасварыўся ў табары з адным Ізраільцянінам,

11 і сын Ізраільцянкі блюзьніў супраць імя [Госпада], і кляў Яго. І прывялі яго да Майсея. Імя маці ягонай — Шэляміт, дачка Дыбры, з калена Дана.

12 Аддалі яго пад варту, пакуль ня высьветліцца, што [прамовяць] вусны ГОСПАДА.

13 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

14 «Выведзі блюзьнерцу па-за табар, і ўсе, хто яго чуў, паложаць рукі свае на галаву ягоную, і ўся грамада ўкамянуе яго.

15 А да сыноў Ізраіля прамоў, кажучы: “Чалавек, які бу­дзе клясьці Бога свайго, панясе грэх свой.

16 І хто зблюзьніць супраць імя ГОСПАДА, сьмерцю памрэ. Уся грамада, камянуючы, укамянуе яго, ці ён будзе пры­ха­дзень, ці тутэйшы. Хто блюзьніць на імя ГОСПАДА, той сьмерцю памрэ.

17 Хто ўдарыць і заб’е душу чалавечую, сьмерцю памрэ.

18 Хто заб’е жывёлу, будзе абавязаны да звароту: жывёлу за жывёлу.

19 Калі хто скалечыць бліжняга свайго, як ён зрабіў, так і яму зробяць.

20 Пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб. У які спосаб ён скалечыў, такім чынам і ён будзе скалечаны.

21 Хто заб’е жывёлу, аддасьць іншую [жывёлу]; хто заб’е чалавека, сьмерцю памрэ.

22 Роўны суд няхай будзе ў  вас, ці для прыхадня, ці для тутэйшага. Бо Я — ГОСПАД, Бог ваш!”»

23 І прамовіў Майсей да сыноў Ізраіля, і вывелі блюзьнерцу па-за табар і ўкаменавалі яго камянямі. І сыны Ізраіля зрабілі так, як загадаў ГОСПАД Майсею.

Разьдзел 25

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея на гары Сынай, кажучы:

2 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам вам, зямля таксама павінна супачы­ваць у супачынкі ГОСПАДА.

3 Шэсьць гадоў будзеш засяваць поле сваё і шэсьць гадоў будзеш абразаць вінаграднік свой і зьбіраць з іх плады,

4 але ў сёмы год няхай будзе супачынак супачынкаў, для зямлі будзе супачынак ГОСПАДА. Ня будзеш засяваць поля твайго і падразаць вінаграднік твой.

5 Таго, што само вырасьце на пожні тваёй, ня будзеш жаць, і ня будзеш зьбіраць вінаграду неабрэзанага. Гэта будзе год супачынку для зямлі.

6 [Што само вырасьце] падчас супачынку зямлі, будзе вам на ежу, табе, слузе твайму, служцы тваёй, парабку твайму і пасяленцу твайму, які жыве ў цябе,

7 і жывёле тваёй, і зьвярам, якія жывуць на зямлі тваёй, увесь ураджай будзе на ежу.

8 І палічыш сем гадоў суботніх, сем разоў па сем гадоў, і будзе дзён сямі гадоў суботніх сорак дзевяць гадоў.

9 У дзясяты дзень сёмага месяца затрубіш у рог, у Дзень Перамольваньня няхай разыйдзецца [гук] рогу па ўсёй зямлі вашай.

10 І будзеце сьвяціць пяці­дзясяты год, і абвесьціце свабоду на зямлі ўсім жыхарам ейным. Гэта будзе для вас юбілей. Кожны з вас вернецца да ўласнасьці сваёй, і кожны вернецца ў сям’ю сваю.

11 Гэты пяцідзясяты год будзе для вас годам юбілейным; ня будзеце сеяць, ня будзеце жаць таго, што вырасьце, і ня будзеце зьбіраць неабрэзанага вінаграду,

12 бо гэта будзе для вас юбілей, гэта будзе для вас сьвяты час. Будзеце есьці тое, што вырасьце на полі.

13 У гэты год юбілейны кожны з вас вернецца да ўласнасьці сваёй.

14 Калі што будзеш прадаваць бліжняму свайму або купляць з рукі бліжняга свайго, ня крыўдзіце адзін аднаго.

15 Паводле ліку гадоў пасьля юбілею ты павінен купляць у бліжняга свайго, і паводле ліку гадоў ураджаю ён павінен прадаваць табе.

16 Чым больш гадоў застаецца да юбілею, тым большую цану заплаціш; а чым менш гадоў застаецца, тым меншую цану заплаціш, бо колькасьць ураджаяў ён прадае табе.

17 Ня крыўдзіце адзін аднаго, але бойцеся Бога свайго, бо Я — ГОСПАД, Бог ваш!

18 Выконвайце пастановы Мае і прысуды Мае захоўвайце і выконвайце іх, і будзеце жыць на зямлі гэтай у бясьпецы.

19 І будзе зямля даваць плод свой, і вы будзеце есьці ўдосталь, і будзеце жыць на зямлі ў бясьпецы.

20 А калі скажаце: “Што мы будзем есьці ў сёмым годзе, калі ня будзем ані сеяць, ані зьбі­раць ураджаю нашага?”

21 Я спашлю на вас дабраславенства ў шостым годзе, і хо­піць вам ураджаю на тры гады.

22 У восьмым годзе будзеце сеяць і будзеце есьці са старога ўраджаю аж да дзявятага году, аж да новага ўраджаю будзеце есьці даўнія [плады].

23 Зямлю ня будзеце прада­ваць назаўсёды, бо Мая зямля, а вы — прыхадні і пасяленцы ў Мяне.

24 Таму ўся зямля, якая ў валоданьні вашым, будзе прадавацца вамі пад умовай выкупу.

25 Калі зьбяднее брат твой і прадасьць частку маёмасьці сваёй, няхай прыйдзе адкупіцель, сваяк ягоны, і выку­піць маёмасьць, прададзеную братам ягоным.

26 Калі ж хто ня мае адкупіцеля, але рука ягоная знойдзе належныя сродкі на выкуп,

27 няхай падлічыць ён гады ад часу продажу і зьверне рэш­ту таму, каму прадаў [зямлю], і вернецца да маёмасьці сваёй.

28 Калі не здабудзе рука ягоная належных сродкаў на выкуп, маёмасьць застанецца ў валоданьні таго, хто купіў, аж да юбілейнага году. А ў юбілейны год яна выйдзе ад яго, і вернецца [ранейшы ўладальнік] да маёмасьці сваёй.

29 Калі хто прадасьць дом жылы ў горадзе, [які акружаны] мурам, той будзе [мець права] выкупу аж да канца году продажу; столькі дзён будзе [права] выкупу.

30 Калі дом ня выкупяць на працягу году, дом у горадзе, акружаным мурам, застанецца назаўсёды ўласнасьцю таго, хто купіў, і нашчадкаў яго. Ня выйдзе [з рук іхніх] у юбілейны год.

31 А дамы ў вёсках, якія не акружаныя мурам, бу­дуць лічыцца на роўні з зямлёю; будуць яны падлягаць выкупу, а ў юбілейным годзе выйдуць з валоданьня таго, хто купіў.

32 Што да гарадоў лявітаў і дамоў у гарадах, якія яны маюць на ўласнасьць, дык лявіты заўсёды могуць выкупіць [дамы свае].

33 Калі хто купіць у лявітаў дом у горадзе, маёмасьць гэтая выйдзе з рук ягоных у юбілейным годзе, бо дамы лявітаў — гэта маёмасьць іхняя сярод сыноў Ізраіля.

34 Таксама палёў вакол гарадоў іхніх нельга прадаваць, бо гэта іх маёмасьць вечная.

35 Калі брат твой зьбяднее і аслабее рука ягоная, ты падтрымай яго, каб ён мог жыць з табою як прыхадзень або пасяленец.

36 Не бяры ад яго ані адсоткаў, ані ліхвы. Бойся Бога твайго, каб брат твой мог жыць у цябе.

37 Не давай яму грошы твае на адсоткі і не вымагай ад яго ліхвы за ежу тваю.

38 Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаан і каб быць вашым Богам!

39 Калі брат твой з убогасьці змушаны будзе прадацца табе, не прыціскай яго працаю нявольнічай,

40 але будзеш з ім абыходзіцца як з парабкам і пасяленцам. Будзе ён табе служыць да юбілейнага году,

41 а тады выйдзе ён, і сыны ягоныя з ім і вернецца да сям’і сваёй, і вернецца ў валоданьне бацькоў сваіх.

42 Бо яны — нявольнікі Мае, якіх Я вывеў з зямлі Эгіпецкай; не павінны яны быць прадаваныя як нявольнікі.

43 Ня будзеш уціскаць іх сурова, але будзеш баяцца Бога твайго.

44 Нявольнік твой або нявольніца твая няхай будуць купленыя ў народаў, якія вакол цябе, у іх купляй нявольніка і нявольніцу.

45 Таксама купляйце дзяцей пасяленцаў, якія пасяліліся ў вас, і з сем’яў іхніх, якія жывуць у вас, і якія нарадзіліся ў зямлі вашай. Яны будуць уласнасьцю вашай,

46 і як спадчыну перадавайце іх сынам вашым, і мейце іх назаўсёды як нявольнікаў. Але над братамі сваімі, сынамі Ізраіля, не пануйце сурова.

47 Калі прыхадзень або пасяленец твой разбагацее, а брат твой зьбяднее і прадасьць сябе прыхадню, які пасяліўся ў цябе, або нашчадку сям’і прыхадня,

48 пасьля продажу можа ён быць выкуплены. Няхай адзін з братоў ягоных выкупіць яго.

49 Або дзядзька ягоны, або сын дзядзькі, або нехта са сваякоў з сям’і ягонай няхай выкупіць яго. Або калі знойдзе [сілу] рука ягоная, няхай выкупіць сам сябе.

50 І ён разьлічыцца з тым, хто купіў яго, пачынаючы з таго году, калі ён прадаў сябе, да юбілейнага году, і грошы, за якія ён прадаў сябе, належыць аддаць яму паводле ліку гадоў; як дні найміта, колькі ён павінен быць у яго.

51 Калі да юбілейнага году застаецца шмат гадоў, адпаведна ліку іх няхай верне ён срэбра як выкуп свой.

52 А калі застаецца мала гадоў да юбілейнага году, ён палі­чыць іх і, адпаведна ліку тых гадоў, заплаціць выкуп свой.

53 Ён будзе ў [прыхадня] як найміт, з году на год. Няхай ён не ўціскае яго строга на вачах тваіх.

54 Калі ж такім чынам выкупіцца ня зможа, у юбілейным годзе выйдзе [вольны] ён і сыны ягоныя з ім.

55 Бо сыны Ізраіля — гэта нявольнікі Мае, якіх Я вывеў з зямлі Эгіпецкай. Я — ГОСПАД, Бог ваш!

Разьдзел 26

1 Не рабіце сабе ідалаў і выяваў, і не стаўляйце слупоў, і каменных фігураў не стаўляйце ў зямлі вашай, каб пакланяцца ім. Бо Я — ГОСПАД, Бог ваш.

2 Захоўвайце суботы Мае і шануйце сьвятыню Маю. Я — ГОСПАД!

3 Калі будзеце хадзіць паводле пастановаў Маіх, і захоў­ваць прыказаньні Мае, і спаўняць іх,

4 Я дам вам дажджы ў патрэбны час, і зямля будзе даваць ураджай, і дрэвы палявыя дадуць плады свае.

5 І малацьба [хлеба] працягнецца да збору вінаграду, а зьбіраньне вінаграду працягнецца да сяўбы, і будзеце есьці хлеб ваш удосталь, і будзеце жыць у бясьпецы на зямлі сваёй.

6 І Я дам мір у зямлі вашай, і будзеце вы спаць, і ня будзе каму вас палохаць. І Я прыбя­ру дзікіх зьвяроў з зямлі, і меч ня будзе праходзіць па зямлі вашай.

7 Вы будзеце гнаць ворагаў вашых, і будуць яны падаць перад абліччам вашым ад мяча.

8 Пяцёх з вас прагоняць сотню, і сотня з вас прагоніць дзесяць тысячаў. І будуць падаць ворагі вашыя перад абліччам вашым ад мяча.

9 І Я прыхілюся да вас, і дам вам плоднасьць, і вы памножыцеся; і Я заключу запавет Мой з вамі.

10 І вы будзеце есьці [збожжа] з леташніх збораў, а калі прыйдуць новыя [зборы], павыкідаеце [старыя].

11 І Я пастаўлю Сялібу Маю сярод вас, і ня будзе брыдзіцца вамі душа Мая.

12 Я буду хадзіць сярод вас і буду Богам вашым, а вы будзеце народам Маім.

13 Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб вы не былі там нявольнікамі. Я зламаў ярмо вашае, каб хадзілі вы з узьнятымі галовамі.

14 А калі вы ня будзеце слу­хаць Мяне і ня будзеце выконваць усе гэтыя прыказаньні,

15 калі пагардзіце пастанова­мі Маімі, і ня будзеце зважаць на прысуды Мае, і ня будзеце вы­конваць усіх прыказаньняў Маіх, і будзеце парушаць запавет Мой,

16 тады Я гэтак зраблю вам, і наведаю вас жахам раптоўным, сухотамі і гарачкай, якія спрычыняюць сьлепату і нішчаць здароўе. Дарэмна будзеце сеяць насеньне вашае, бо зьядуць яго ворагі вашыя.

17 І Я зьвярну аблічча Маё супраць вас, і будзеце вы падаць перад абліччам ворагаў вашых, і будуць панаваць над вамі тыя, якія вас ненавідзяць, і будзеце вы ўцякаць, хоць ніхто ня бу­дзе гнацца за вамі.

18 А калі і тады ня будзеце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас за грахі вашыя ў сем разоў,

19 і зьнішчу пыхлівасьць сілы вашай, і зраблю для вас неба як жалеза, а зямлю — як медзь.

20 Дарэмна будзе марнавацца праца вашая, і зямля вашая ня будзе даваць ураджаю свайго, а дрэвы палявыя не дадуць пладоў сваіх.

21 Калі і далей будзеце Мне працівіцца і не захочаце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас за грахі вашыя ў сем разоў.

22 Я напушчу на вас зьвяроў палявых, якія пазбавяць вас [дзяцей] і зьнішчаць жывёлу вашую, і зьменшаць вас; і пустымі стануцца шляхі вашыя.

23 Калі і далей ня будзеце навучаныя Мною і будзеце працівіцца Мне,

24 Я таксама пайду супраць вас, і буду вас караць у сем разоў цяжэй за грахі вашыя.

25 Я навяду на вас меч, мсьці­ўцу за парушэньне запавету. А калі паўцякаеце ў гарады вашыя, Я пашлю заразу на вас, і будзеце выдадзеныя ў рукі ворагаў.

26 Калі Я зьнішчу вашую падпору хлебную, тады пекчы будуць дзесяць жанчынаў хлеб сабе ў адной печцы і будуць выдаваць пад мерку, і вы будзеце есьці, і не насыціцеся!

27 А калі тады ня будзеце слухаць Мяне і будзеце працівіцца Мне,

28 Я выступлю супраць вас з гвалтоўнай ярасьцю; і Я пакараю вас сямікроць за грахі вашыя,

29 і вы будзеце есьці целы сыноў вашых і дачок вашых.

30 і Я зруйную ўзгоркі ва­шыя, і паб’ю слупы вашыя, і кі­ну трупы вашыя на ідалаў ва­шых, і будзе брыдзіцца душа Мая вамі.

31 Гарады вашыя зраблю руінамі, і спустошу сьвятыні вашыя, і не прыйму больш паху ахвяраў вашых.

32 І Я спустошу зямлю гэтую, аж будуць дзівіцца ворагі вашыя, якія заселяць яе.

33 А вас Я расьцярушу між народамі і пушчу меч усьлед за вамі; і будзе зямля вашая пусткаю, а гарады вашыя будуць руінамі.

34 Тады зямля будзе адзначаць суботы свае ўсе дні спусташэньня свайго, а вы [бу­дзеце] ў зямлі ворагаў вашых. Тады зямля будзе адпачываць і сьвяткаваць суботы свае.

35 Усе дні спусташэньня свайго будзе яна адпачываць, бо не адпачывала ў гады суботнія, калі вы ў ёй жылі.

36 А для тых, хто з вас застанецца, Я спашлю страх у сэрцы іхнія ў зямлі ворагаў іхніх. Будзе палохаць іх шум лістка, што ляціць, і будуць уцякаць, як ад мяча; і хоць ніхто ня будзе за імі гнацца, і будуць падаць.

37 І будуць спатыкацца адзін аб другога, быццам ад мяча, хоць ніхто ня будзе гнацца за імі. Ня зможаце вы ўстаяць перад абліччам ворагаў вашых.

38 І вы загінеце паміж народамі, і праглыне вас зямля ворагаў вашых!

39 А тыя, хто з вас застануцца, будуць марнець у беззаконьнях сваіх у землях ворагаў сваіх, і за беззаконьні бацькоў сваіх змарнеюць, як і яны.

40 І прызнаюць яны беззаконьні свае і беззаконьні бацькоў сваіх, здраду, якой здрадзілі Мне і працівіліся Мне.

41 Таму Я выйшаў супраць іх і ўвёў іх у зямлю ворагаў іхніх, каб упакорылася неабразанае сэрца іхняе, і каб яны панесьлі кару за беззаконьні свае.

42 І Я ўзгадаю запавет Мой з Якубам, і запавет Мой з Ісаакам, і запавет Мой з Абрагамам. І Я ўзгадаю зямлю гэтую.

43 Зямля гэтая была пакінутая імі; і будзе яна сплочваць суботы свае праз тое, што будзе спустошана за правіны іх, а яны будуць несьці кару за беззаконьні свае, бо адкінулі прысуды Мае і брыдзілася душа іхняя пастановамі Маімі.

44 Але і тады, калі яны бу­дуць у зямлі ворагаў іхніх, Я не адкіну іх зусім і ня буду брыдзіцца імі так, каб цалкам іх зьнішчыць і зламаць запавет Мой з імі, бо Я — ГОСПАД, Бог іхні.

45 І Я прыгадаю ім запавет Мой з продкамі іхнімі, якіх Я вывеў з зямлі Эгіпецкай на вачах народаў, каб быць іх Богам. Я — ГОСПАД!»

46 Гэта пастановы, прысуды і законы, якія даў ГОСПАД на гары Сынай адносна Сябе і сыноў Ізраіля ў рукі Майсея.

Разьдзел 27

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі які чалавек дае шлюбаваньне пасьвяціць душу ГОСПАДУ паводле ацэнкі тваёй,

3 калі гэта будзе мужчына ад дваццаці да шасьцідзесяці гадоў, ён будзе ацэнены ў пяцьдзясят сыкляў срэбра паводле сыкля сьвятыні,

4 а калі жанчына, яна будзе ацэнена ў трыццаць сыкляў.

5 А калі яму ад пяці гадоў да дваццаці будзе ацэнка твая  за мужчыну — дваццаць сык­ляў, а за жанчыну — дзесяць сыкляў.

6 А калі яму ад аднаго месяца да пяці гадоў, будзе ацэнка твая за мужчыну пяць сыкляў, а за жанчыну — тры сыклі.

7 А калі яму ад шасьцідзесяці гадоў і вышэй, будзе ацэнка твая за мужчыну пятнаццаць сыкляў, а за жанчыну — дзесяць сыкляў.

8 А калі хто такі бедны, каб заплаціць ацэнку тваю, няхай паставяць яго перад абліччам сьвятара, і ацэніць яго сьвятар паводле таго, што можа даць рука яго, і няхай тое дасьць.

9 Калі гэта будзе быдла, якое складаецца ў ахвяру ГОСПАДУ, тады ўсё, што шлюбаваў для ГОСПАДА, ёсьць сьвятым.

10 Нельга яго замяніць, ані лепшае — горшым, ані горшае — лепшым. А калі хто заменіць быдла на быдла, і тое, што заменена, і на што заменена, будзе сьвятым для ГОСПАДА.

11 А калі гэта будзе жывёла нячыстая, якой нельга скла­даць у ахвяру ГОСПАДУ, няхай паставяць яе перад абліччам сьвятара,

12 і сьвятар ацэніць яе, ці яна добрая, ці благая, і як ацэніць яе сьвятар, так і будзе.

13 Калі хто [захоча] выкупіць яе, няхай дадасьць пятую частку да ацэнкі яго.

14 Калі хто пасьвяціць дом свой ГОСПАДУ як сьвятую рэч, тады сьвятар ацэніць той дом, ці ён добры, ці благі. Як сьвятар ацэніць яго, так і будзе.

15 А калі той, хто пасьвяціў яго, [захоча] выкупіць дом свой, няхай дадасьць пятую частку кошту яго, і будзе яго.

16 Калі хто пасьвяціць ГОСПАДУ [частку] поля ўласнасьці сваёй, ацэнка твая павінна быць паводле зерня на засеў: за засеў гомару ячменя — пяць­дзясят сыкляў срэбра.

17 Калі хто пасьвяціць поле сваё ў год юбілейны, твая ацэнка будзе важная.

18 Калі ж хто пасьвяціць зямлю сваю пасьля году юбілейнага, тады сьвятар палічыць срэбра паводле гадоў, якія застаюцца да наступнага году юбілейнага, і зьменшыць ацэнку.

19 Калі той, хто пасьвяціў поле, хоча выкупіць яго, няхай дадасьць пятую частку вышэй ацэнкі  тваёй, і будзе яго.

20 А калі ён ня выкупіць поля, і калі гэтае поле будзе прададзена некаму іншаму, яно ня можа быць выкупленае.

21 І станецца поле гэтае ў го­дзе юбілейным свабодным, сьвятым для ГОСПАДА, як поле пад закляцьцем. Станецца яно ўласнасьцю сьвятара.

22 А калі хто пасьвяціць ГОСПАДУ поле набытае, якое не з уласнасьці ягонай,

23 тады сьвятар палічыць вялікасьць ацэнкі тваёй да юбілейнага году, і павінен ён аддаць у той самы дзень ГОСПАДУ [кошт] ацэнкі тваёй як сьвятыню.

24 У год юбілейны зямля вернецца да таго, ад каго была куплена, чыёй была ўласнасьцю.

25 Кожная ацэнка твая павінна быць паводле сыклю сьвятыні. Адзін сыкль будзе дваццаць гераў.

26 Першароднае з быдла, якое першароднае для ГОСПАДА, ці то вол, ці то баран, ніхто ня можа пасьвяціць [Госпаду], бо яны — ГОСПАДАВЫ.

27 Калі гэта жывёла нячыстая, можна яе выкупіць паводле ацэнкі тваёй, дадаючы да яе адну пятую. Калі ня будзе выкуплена, будзе прададзена паводле ацэнкі тваёй.

28 Калі хто пасьвяціць штосьці з уласнасьці сваёй ГОСПАДУ як заклятае: чалавека, жывёлу або поле ўласнасьці сваёй, ня будзе гэта ані прададзена, ані выкуплена. Кожная [рэч] заклятая — гэта сьвятое сьвятых для ГОСПАДА.

29 Ніводзін чалавек, які пасьвячоны ГОСПАДУ як закляцьце, ня можа быць выкуплены, але сьмерцю памрэ.

30 Кожная дзесяціна зямлі з пасеву зямлі і з пладоў дрэваў [належыць] ГОСПАДУ, гэта сьвятое для ГОСПАДА.

31 Калі б хто хацеў выкупіць [частку] дзесяціны сваёй, няхай дадасьць да яе адну пятую.

32 Кожная дзесяціна з валоў і авечак, усё дзясятае, што праходзіць пад кіем пастуха, пасьвячона ГОСПАДУ.

33 Ня будзе адрозьнівацца, што добрае, а што благое, і ня будзе рабіцца ніякай замены. Калі хто зробіць замену, абедзьве жывёлы будуць пасьвячоныя ГОСПАДУ. Ня будуць яны выкупленыя».

34 Гэта прыказаньні, якія даў ГОСПАД Майсею для сыноў Ізраіля на гары [Сынай].