Беларуская Біблія

ПЕРШАЯ КНІГА ЛЕТАПІСАЎ

 

Разьдзел 1

1 Адам, Сэт, Энос,

2 Кейнан, Магалялеэль, Ярэд,

3 Энох, Мэтушэлях, Лямэх,

4 Ной, Сэм, Хам і Яфэт.

5 Сыны Яфэта: Гамэр, Магог, Мадай, Яван, Туваль, Мэшэх і Тырас.

6 Сыны Гамэра: Ашкеназ, Рыфат і Тагарма.

7 Сыны Явана: Эліша, Таршыш, Кіттым і Раданім.

8 Сыны Хама: Куш, Міцраім, Пут і Ханаан.

9 Сыны Куша: Сэва, Хавіля, Саўта, Раама і Саўтэха. А сыны Раамы: Шэва і Дэдан.

10 Куш нарадзіў Німрода; ён пачаў быць магутным на зямлі.

11 А Міцраім нарадзіў Людыма, Анаміма, Легавіма, Нафтухіма,

12 Патрусіма і Касьлюхіма, ад якіх паходзяць Філістынцы, і Кафторыма.

13 А Ханаан нарадзіў Сідона, першароднага свайго, Хета,

14 Евусэя, Амарэя, Гіргашэя,

15 Хівея, Аркея, Сінэя,

16 Арвадэя, Цэмарэя і Хаматэя.

17 Сыны Сэма: Элям, Асур, Арпахшад, Люд, Арам, Уц, Хуль, Гетэр і Мэшэх.

18 Арпахшад нарадзіў Шэляха, а Шэлях нарадзіў Эвэра.

19 У Эвэра нарадзіліся два сыны: імя аднаго Пэлег, бо ў дні ягоныя разьдзялілася зямля; а імя брата ягонага — Ёктан.

20 Ёктан нарадзіў Альмадада, Шалефа, Хацармавэта, Яраха,

21 Гадарама, Узаля, Дыклю,

22 Аваля, Авімаэля, Шэву,

23 Афіра, Хавілю і Ёвава. Гэтыя ўсе — сыны Ёктана.

24 Сэм, Арпахшад, Шэлях,

25 Эвэр, Пэлег, Рэву,

26 Сэруг, Нахор, Тэрах,

27 Абрам, ён жа Абрагам.

28 Сыны Абрагама: Ісаак і Ізмаэль.

29 Вось радавод іхні: першародны Ізмаэля Наваёт, Кедар, Адбээль, Міўсам,

30 Мішма, Дума, Маса, Хадад, Тэма,

31 Етур, Нафіш і Кедма. Гэта сыны Ізмаэля.

32 [Вось] сыны Кетуры, наложніцы Абрагама; яна нарадзіла Зімрана, Ёкшана, Мэдана, Мадыяна, Ішбака і Шуаха. А сыны Ёкшана: Шэва і Дэдан.

33 Сыны Мадыяна: Эфа, Этэр, Ханох, Авіда і Эльдаа. Гэтыя ўсе — сыны Кетуры.

34 I нарадзіў Абрагам Ісаака. Сыны Ісаака: Эзаў і Ізраіль.

35 Сыны Эзава: Эліфаз, Рэўэль, Еуш, Ялам і Карах.

36 Сыны Эліфаза: Тэман, Амар, Цэфо, Гатам, Кеназ, Тымна і Амалек.

37 Сыны Рэўэля: Нахат, Зэрах, Шамма і Міза.

38 А сыны Сэіра: Лётан, Шаваль, Цывеон, Ана, Дышон, Эцэр і Дышан.

39 Сыны Лётана: Хоры і Гамам; і сястра Лётана — Тымна.

40 Сыны Шаваля: Алян, Манахат, Эваль, Шэфі і Анам. А сыны Цывеона: Ая і Ана.

41 Сыны Аны: Дышон. А сыны Дышона: Хамран, Эшбан, Ітран і Херан.

42 Сыны Эцэра: Більган, Зааван і Яакан. Сыны Дышана: Уц і Аран.

43 І вось валадары, якія валадарылі ў зямлі Эдом, раней за валадараньне валадароў у Ізраілі: Бэла, сын Бэора, і імя гораду ягонага — Дынгава.

44 I памёр Бэла, і валадарыў пасьля яго Ёваў, сын Зэраха, з Боцры.

45 I памёр Ёваў, і валадарыў пасьля яго Хушам, з зямлі Тэман.

46 I памёр Хушам, і валадарыў пасьля яго Гадад, сын Бэдада, які пабіў Мадыянцаў на полі Мааўскім; імя гораду ягонага — Авіт.

47 I памёр Гадад, і валадарыў пасьля яго Самла з Масрэкі.

48 I памёр Самла, і валадарыў пасьля яго Шауль з Рэхавоту, што каля ракі.

49 I памёр Шауль, і валадарыў пасьля яго Баал-Ханан, сын Ахбора.

50 I памёр Баал-Ханан, і валадарыў пасьля яго Гадад; і імя гораду ягонага — Паі; імя жонкі ягонай — Мэгетабэль, дачка Матрэды, дачкі Мэзагавы.

51 I памёр Гадад. I былі князі ў Эдома: князь Тымна, князь Альва, князь Етэт,

52 князь Агалівама, князь Эля, князь Пінон,

53 князь Кеназ, князь Тэман, князь Міўцар,

54 князь Магдыэль, князь Ірам. Гэта князі Эдому.

 

Разьдзел 2

1 Гэта сыны Ізраіля: Рубэн, Сымон, Левій, Юда, Ісахар, Завулён,

2 Дан, Язэп, Бэн’ямін, Нэфталі, Гад і Асэр.

3 Сыны Юды: Ер, Анан і Шэля — тры нарадзіліся ў яго ад дачкі Шуа, Ханаанянкі. I быў Ер, першародны Юды, ліхі ў вачах ГОСПАДА, і Ён усьмерціў яго.

4 А Тамар, нявестка ягоная, нарадзіла яму Пэрэса і Зараха. Усіх сыноў у Юды было пяць.

5 Сыны Пэрэса: Хецрон і Хамуль.

6 Сыны Зараха: Зімры, Этан, Гэман, Хальколь і Дара; усіх іх пяцёра.

7 Сыны Хармі: Ахар, які прынёс засмучэньне Ізраілю, бо быў няверны ў заклятым.

8 Сыны Этана: Азарыя.

9 Сыны Хецрона, якія нарадзіліся ў яго: Ерахмээль, Рам і Хелувай.

10 Рам нарадзіў Амінадава; Амінадаў нарадзіў Нахшона, князя сыноў Юды;

11 Нахшон нарадзіў Сальму; Сальма нарадзіў Боаза;

12 Боаз нарадзіў Абэда; Абэд нарадзіў Есэя;

13 Есэй нарадзіў першароднага свайго Эліява, другога — Амінадава, трэцяга — Шыму,

14 чацьвёртага — Нэтанэля, пятага — Раддая,

15 шостага — Оцэма, сёмага — Давіда.

16 І былі сёстры іхнія: Цэруя і Абігайль. Сыны Цэруі: Абішай, Ёаў і Асаэль, тры.

17 Абігайль нарадзіла Амасу; а бацька Амасы — Этэр Ізмаэлец.

18 А Халеў, сын Хецрона, нарадзіў ад Азувы, жонкі сваёй, і ад Ероты. І гэта сыны ягоныя: Ешэр, Шаваў і Ардон.

19 I памерла Азува; і ўзяў сабе Халеў Эфрату, і яна нарадзіла яму Хура.

20 Хур нарадзіў Урыю; Урыя нарадзіў Бэцалеэля.

21 Потым Хецрон прыйшоў да дачкі Махіра, бацькі Гілеада, і ўзяў яе, а ён меў шэсьцьдзясят гадоў, і яна нарадзіла яму Сэгува.

22 Сэгуў нарадзіў Яіра, і было ў яго дваццаць тры гарады ў зямлі Гілеад.

23 І забраў Гешур і Арам у іх паселішчы Яіра, Кенат з вёскамі ягонымі, шэсьцьдзясят гарадоў. Гэтыя ўсе — сыны Махіра, бацькі Гілеада.

24 І памёр Хецрон у Халеў-Эфраце, і была жонка Хецрона, Ава, і яна нарадзіла яму Ашхура, бацьку Тэкоа.

25 I былі сыны Ерахмээля, першароднага Хецрона: першародны Рам, Буна, Орэн, Оцэм, Ахія.

26 I была ў Ерахмээля іншая жонка, імя ейнае — Атара; яна — маці Онама.

27 I былі сыны Рама, першароднага Ерахмээля: Маац, Ямін і Экер.

28 I былі сыны Онама: Шаммай і Яда. Сыны Шаммая: Надаў і Абішур.

29 А імя жонкі Абішура — Абігайль; і яна нарадзіла яму Ахбана і Маліда.

30 Сыны Надава: Сэлед і Аппаім. I памёр Сэлед бязьдзетным.

31 Сыны Аппаіма: Іш. Сын Іша: Шэшан. Сын Шэшана: Ахлай.

32 Сыны Яды, брата Шаммая: Етэр і Ёнатан. І памёр Етэр бязьдзетным.

33 Сыны Ёнатана: Пэлет і Заза. Гэта былі сыны Ерахмээля.

34 І не было ў Шэшана сыноў, адно дочкі. У Шэшана быў слуга Эгіпцянін, імя ягонае — Ярха.

35 І даў Шэшан дачку сваю Ярху, слузе свайму, за жонку, і яна нарадзіла яму Аттая.

36 Аттай нарадзіў Натана; Натан нарадзіў Завада;

37 Завад нарадзіў Ефлала; Ефлал нарадзіў Абэда;

38 Абэд нарадзіў Егу; Егу нарадзіў Азарыю;

39 Азарыя нарадзіў Халеца; Халец нарадзіў Элясу;

40 Эляса нарадзіў Сісмая; Сісмай нарадзіў Шальлюма;

41 Шальлюм нарадзіў Екамію; Екамія нарадзіў Элішаму.

42 Сыны Халева, брата Ерахмээля: Мэша, першародны ягоны, ён — бацька Зіфа; і сыны Марэшы, бацькі Хеўрона.

43 Сыны Хеўрона: Карах, Тапуах, Рэкем і Шэма.

44 Шэма нарадзіў Рахама, бацьку Яркаама; а Рэкем нарадзіў Шаммая.

45 Сын Шаммая: Маон, а Маон — бацька Бэт-Цура.

46 I Эфа, наложніца Халева, нарадзіла Харана, Моцу і Газэза. А Харан нарадзіў Газэза.

47 Сыны Ягдая: Рэгем, Ётам, Гешан, Пэлет, Эфа і Шааф.

48 Наложніца Халева, Мааха, нарадзіла Шэвэра і Тырхану.

49 І нарадзіла яна Шаафа, бацьку Мадманны, Шэву, бацьку Махбэны і бацьку Гівы. А дачка Халева — Ахса.

50 Гэта былі сыны Халева, сына Хура, першароднага Эфраты: Шаваль, бацька Кірыят-Ярыма,

51 Сальма, бацька Бэтлеема, Харэф, бацька Бэт-Гадэра.

52 I былі сыны ў Шаваля, бацькі Кірыят-Ярыма: Гароэ, Хацы, Мэнухот.

53 I [вось] сем’і Кірыят-Ярыма: Ітрычы, Путычы, Шуматычы і Мішраічы. Ад іх паходзяць Царацяне і Эштааляне.

54 Сыны Сальмы: Бэтлеем і Нэтафацяне, Атрот, Бэт-Ёваў і палова Мэнахцічаў, і Царане.

55 Сем’і кніжнікаў, якія жылі ў Ябэцы: Тырацічы, Шымацічы, Сухацічы. Гэта Кіняне, якія паходзяць ад Хамата, бацькі дому Рэхава.

 

Разьдзел 3

1 А гэтыя былі сыны Давіда, якія нарадзіліся ў яго ў Хеўроне: першародны Амнон, ад Ахінаамы з Езрээлю; другі — Даніэль, ад Абігайль з Карэлю;

2 трэці — Абсалом, сын Маахі, дачкі Талмая, валадара Гешуру; чацьвёрты — Адонія, сын Хагіты;

3 пяты — Шэфатыя, ад Абіталь; шосты — Ітрэам, ад Еглаі, жонкі ягонае.

4 Шасьцёра нарадзілася ў яго ў Хеўроне. І валадарыў ён там сем гадоў і шэсьць месяцаў; і трыццаць тры гады валадарыў у Ерусаліме.

5 А гэтыя нарадзіліся ў яго ў Ерусаліме: Шыма, Шаваў, Натан і Салямон, чатыры ад Бат-Шэвы, дачкі Аміэля;

6 і Ібхар, Элішама, Эліфэлет,

7 Нагах, Нэфэг, Яфія,

8 Элішама, Эліяда і Эліфэлет — дзевяць.

9 Усе гэтыя — сыны Давіда, акрамя сыноў наложніцаў, і Тамар, сястра іхняя.

10 Сын Салямона: Рэхабаам; сын ягоны — Абія; сын ягоны — Аса; сын ягоны — Язафат;

11 сын ягоны — Ёрам; сын ягоны — Ахазія; сын ягоны — Ёаш;

12 сын ягоны — Амазія; сын ягоны — Азарыя; сын ягоны — Ётам;

13 сын ягоны — Ахаз; сын ягоны — Эзэкія; сын ягоны — Манаса;

14 сын ягоны — Амон; сын ягоны — Ёсія.

15 Сыны Ёсіі: першародны Ёханан, другі — Егаякім, трэці — Сэдэкія, чацьвёрты — Шальлюм.

16 Сыны Егаякіма: Ехонія, сын ягоны, і Сэдэкія, сын ягоны.

17 Сыны Ехоніі: Асір, Шэалтыэль, сын ягоны,

18 Малькірам, Пэдая, Шэнацар, Екамія, Гашама і Нэдавія.

19 Сыны Пэдаі: Зэрубабэль і Шымэй. А сыны Зэрубабэля: Мэшулям, Хананія, і Шэляміт, сястра іхняя,

20 і Хашува, Агель, Бэрэхія, Хасадыя, Юшаў-Хэсэд — пяцёра.

21 Сыны Хананіі: Пэлятыя і Ешая, сыны Рэфаі, сыны Арнана, сыны Абадыі, сыны Шэханіі.

22 Сыны Шэханіі: Шэмая. А сыны Шэмаі: Хаттуш, Ігаал, Барыях, Нэарыя, Шафат — шасьцёра.

23 А сыны Нэарыі: Эліаэнай, Эзэкія і Азрыкам — тры.

24 Сыны Эліаэная: Гадавія, Эліяшыў, Пэлая, Аккуў, Ёханан, Дэлая і Анані — сямёра.

 

Разьдзел 4

1 Сыны Юды: Пэрэс, Хецрон, Хармі, Хур і Шаваль.

2 А Рэая, сын Шаваля, нарадзіў Яхата; Яхат нарадзіў Ахумая і Лягада. Гэта сем’і Царацянаў.

3 А гэтыя з бацькі Этама: Ізрээль, Ішма і Ідбаш, а імя сястры іхняй — Гацэлельпоні.

4 А Пэнуэль — бацька Гедора, а Эзэр — бацька Хуша. Гэта сыны Хура, першароднага Эфраты, бацькі Бэтлеема.

5 А ў Ахшура, бацькі Тэкоа, былі дзьве жонкі: Хэлея і Наара.

6 I нарадзіла Наара яму Ахузама, Хэфэра, Тэмэні і Ахаштары. Гэта сыны Наары.

7 Сыны Хэлеі: Цэрэт, Цахар і Этнан.

8 А Коц нарадзіў Анува і Цавэва, і сем’і Ахархэля, сына Гарума.

9 I быў Ябэц найбольш паважаны сярод братоў сваіх. А маці ягоная назвала імя ягонае Ябэц, кажучы: «Бо я нарадзіла яго з болем».

10 I клікаў Ябэц да Бога Ізраіля, кажучы: «О каб Ты, дабраслаўляючы, дабраславіў мяне, і пашырыў межы мае, і  аб рука Твая была са мною, і каб Ты захаваў ад злога, каб я не гараваў!» I паслаў яму Бог тое, чаго ён прасіў.

11 I Хелуў, брат Шухі, нарадзіў Мэхіра, ён — бацька Эштона.

12 А Эштон нарадзіў Бэт-Рафу, Пасэаха і Тэхінну, бацьку Ір-Нахаша. Гэта людзі Рэхі.

13 А сыны Кеназа: Атніэль і Сэрая. А сыны Атніэля: Хатат.

14 I Мэанатай нарадзіў Офру, а Сэрая нарадзіў Ёава, бацьку Гэ-Гарашым, бо яны былі рамесьнікі.

15 I сыны Халева, сына Ефунны: Іру, Эла і Наам. А сыны Элы: Кеназ.

16 А сыны Егальлелеля: Зіф, Зіфа, Тырыя і Асарээль.

17 А сыны Эзры: Етэр, Мэрэд, Эфэр і Ялон. I зачала [Бітыя], і нарадзіла Мірыяма, Шаммая і Ішбаха, бацьку Эштэмоа.

18 I жонка ягоная Юдыя нарадзіла Ерэда, бацьку Гедора, і Хэвэра, бацьку Сахо, і Екутыэля, бацьку Занааха. Гэта сыны Бітыі, дачкі фараона, якую ўзяў Мэрэд.

19 А сыны жонкі Годыі, сястры Нахама: бацька Кейлы Гарміцяніна і Эштэмоа Маахацяніна.

20 Сыны Сымона: Амнон, Рынна, Бэн-Ханан і Тылон. Сыны Ішыі: Захот і Бэн-Захот.

21 Сыны Шэлі, сына Юды: Ер, бацька Лехі, і Лаада, бацька Марэшы, і сем’і дому майстроў вісону з Бэт-Ашбэі,

22 і Ёкім, і людзі Хазэвы, і Ёаш, і Сараф, якія мелі ўласнасьць у Мааве, і Яшувілехэм. Гэта справы старадаўнія.

23 Яны — ганчары, і жылі ў Нэтаіме і Гедэры; яны жылі там у валадара дзеля працаў ягоных.

24 Сыны Сымона: Нэмуэль, Ямін, Ярыў, Зэрах, Шауль;

25 сын ягоны — Шальлюм, сын ягоны — Міўсам; сын ягоны — Мішма.

26 А сыны Мішмы: сын ягоны — Хамуэль, сын ягоны — Заккур, сын ягоны — Шымэй.

27 У Шымэя [было] шаснаццаць сыноў і шэсьць дачок; а браты ягоныя ня мелі шмат сыноў, і ўсе сем’і іхнія не былі так шматлікія, як сыны Юды.

28 І жылі яны ў Бээр-Шэве, Маладзе, Хацар-Шуале,

29 Білзе, Ецэме, Таладзе,

30 Бэтуэлі, Харме і Цыклягу,

31 у Бэт-Маркавоце, Хацар-Сусіме, Бэт-Бірэі і Шаарыме. Гэта гарады іхнія да валадараньня Давіда.

32 А вёскі іхнія: Этам, Аін, Рымон, Тахет і Ашан — пяць гарадоў.

33 I ўсе вёскі іхнія, якія былі навокал гарадоў гэтых аж да Баалу. Гэта сядзібы іхнія і сьпісы родаў іхніх.

34 Мэшаваў, Ямлеха, Ёша, сын Амацыі,

35 Ёэль, Егу, сын Ёшывіі, сына Сэраі, сына Асіэля,

36 Элеаэнай, Яакова, Ешахая, Асая, Адыэль, Есімээль, Бэная,

37 Зіза, сын Шыфіі, сына Альлёна, сына Едаі, сына Шымры, сына Шэмаі.

38 Гэта тыя, што ўвайшлі ў імёны князёў сем’яў сваіх, і дом бацькоў іхніх вельмі памножыўся.

39 I яны дайшлі да ўваходу Гедор, да ўсходняга боку даліны, шукаць пашу для чародаў сваіх;

40 і знайшлі пашу сытую і добрую, і зямлю прасторную, і мірную, і бясьпечную, бо ад Хама [паходзілі] тыя, што жылі там перад імі.

41 I прыйшлі тыя, чые імёны запісаныя ў дні Эзэкіі, валадара Юды, і разбурылі намёты іхнія, і [пабілі] мэунімаў, якіх знайшлі там, і палажылі на іх закляцьце аж да сёньняшняга дня, і жывуць на месцы іхнім, бо там была паша для чародаў іхніх.

42 З іх жа, з сыноў Сымона, пайшлі на гару Сэір пяцьсот чалавек, і [былі] Пэлятыя, Нэарыя, Рэфая і Узіэль, сыны Ішыі на чале іх.

43 I яны пабілі там рэшту пазасталых ад Амалека, і жывуць там аж да сёньняшняга дня.

 

Разьдзел 5

1 Сыны Рубэна, першароднага Ізраіля, бо ён — першародны, але як ён зганьбіў ложак бацькі свайго, першародзтва ягонае аддадзена сынам Язэпа, сына Ізраіля, хоць яны ня лічацца першароднымі.

2 Бо Юда быў найбольшы з братоў сваіх, і ўладар з яго, але першародзтва [належыць] Язэпу.

3 Сыны Рубэна, першароднага Ізраіля: Ханох, Пальлю, Хецрон і Хармі.

4 Сыны Ёэля: Шэмая, сын ягоны; сын ягоны — Гог, сын ягоны — Шымэй;

5 сын ягоны — Міха; сын ягоны — Рэая; сын ягоны — Баал;

6 сын ягоны — Бээра, якога завёў у палон Тыглат-Пільнэсэр, валадар Асірыі. Ён — князь [сыноў] Рубэна.

7 I браты ягоныя паводле сем’яў іхніх, калі лічылі радаводы іхнія: галоўны Еэль, і Захарыя,

8 і Бэла, сын Азаза, сына Шэмы, сына Еэля. Ён жыў у Араэры аж да Нэво і Баал-Мэону.

9 А на ўсход ён жыў аж да ўваходу ў пустыню, ад ракі Эўфрат, бо чароды іхнія былі шматлікія ў зямлі Гілеад.

10 У дні Саўла яны ваявалі з Агаранамі, якія трапілі ў рукі іхнія; і яны жылі ў намётах іхніх па ўсім усходзе Гілеаду.

11 Сыны Гада жылі насупраць іх у зямлі Башан аж да Сальхі.

12 Ёэль [быў] галоўны, а Шафам — другі, і Янай, і Шафат [жылі] ў Башане.

13 I браты іхнія з дому бацькоў іхніх: Міхаэль, Мэшулям, Шэва, Ёрай, Якан, Зія, Эвэр — сямёра.

14 Гэта сыны Абхаіла, сына Хура, сына Ярааха, сына Гілеада, сына Міхаэля, сына Ешышая, сына Яхдо, сына Буза.

15 Ахі, сын Абдыэля, сына Гуні — галоўны ў доме бацькоў іхніх.

16 I яны жылі ў Гілеадзе, у Башане і ў мястэчках ягоных, і па ўсіх пашах Шарону аж да межаў іхніх.

17 Усе яны перапісаныя ў дні Ётама, валадара Юды, і ў дні Ерабаама, валадара Ізраіля.

18 Сыноў Рубэна і Гада, і паловы калена Манасы, сыноў мужных, мужоў, якія носяць шчыт і меч і страляюць з луку, і спрактыкаваных у бітвах, [было] сорак чатыры тысячы сямсот шэсьцьдзясят тых, што выходзілі як войска.

19 I вялі вайну з Агаранамі Етур, Нафіш і Надаў.

20 I атрымалі яны дапамогу супраць іх, былі аддадзеныя ў рукі іхнія Агаране і ўсё, што [было] ў іх, бо яны ў часе бітвы клікалі да Бога, і Ён даў ім упрасіць Сябе, бо яны спадзяваліся на Яго.

21 I ўзялі яны статкі іхнія, вярблюдаў пяцьдзясят тысячаў, авечак дзьвесьце пяцьдзясят тысячаў, аслоў дзьве тысячы і душаў людзкіх сто тысячаў.

22 Бо шмат пападала забітых, бо ад Бога была вайна гэтая. I жылі яны на месцы іхнім да няволі.

23 I сыны паловы калена Манасы жылі ў зямлі [гэтай], ад Башану аж да Баал-Гермону і Сэніру і аж да гары Гермон; і яны множыліся.

24 I гэта галовы дамоў бацькоў іхніх: Этэр, Ішы, Эліэль, Азрыэль, Ірмэя, Гадавія і Яхдыэль, ваяры мужныя, мужы слаўныя, галовы дамоў бацькоў сваіх.

25 І былі яны няверныя Богу бацькоў сваіх, і чужаложылі з багамі народаў зямлі гэтай, якіх Бог вынішчыў перад абліччам іхнім.

26 І ўзбудзіў Бог Ізраіля дух Пула, валадара Асірыі, і дух Тыглат-Пільнэсэра, валадара Асірыі, і ён высяліў іх, [сыноў] Рубэна і Гада, і палову калена Манасы, і завёў іх у Халах і Хавор, і Гару, і да ракі Газон аж да сёньняшняга дня.

 

Разьдзел 6

1 Сыны Левія: Гершом, Кегат і Мэрары.

2 Сыны Кегата: Амрам, Іцгар, Хеўрон і Узіэль.

3 Сыны Амрама: Аарон, Майсей і Мірыям. А сыны Аарона: Надаў, Абігу, Элеазар і Ітамар.

4 Элеазар нарадзіў Пінхаса; Пінхас нарадзіў Абішуа;

5 Абішуа нарадзіў Буккі; Буккі нарадзіў Узі;

6 Узі нарадзіў Зэрахію; Зэрахія нарадзіў Мэраёта;

7 Мэраёт нарадзіў Амарыю; Амарыя нарадзіў Ахітува;

8 Ахітуў нарадзіў Цадока; Цадок нарадзіў Ахімааца;

9 Ахімаац нарадзіў Азарыю; Азарыя нарадзіў Ёханана;

10 Ёханан нарадзіў Азарыю, таго, які быў сьвятаром у сьвятыні, якую пабудаваў Салямон у Ерусаліме.

11 I нарадзіў Азарыя Амарыю; а Амарыя нарадзіў Ахітува;

12 Ахітуў нарадзіў Цадока; Цадок нарадзіў Шальлюма;

13 Шальлюм нарадзіў Хілкію; Хілкія нарадзіў Азарыю;

14 Азарыя нарадзіў Сэраю; Сэрая нарадзіў Егацадака.

15 Егацадак пайшоў у няволю, калі ГОСПАД аддаў Юду і Ерусалім у рукі Навухаданосара.

16 Сыны Левія: Гершом, Кегат і Мэрары.

17 І вось імёны сыноў Гершома: Ліўні і Шымэй.

18 Сыны Кегата: Амрам, Іцгар, Хеўрон і Узіэль.

19 Сыны Мэрары: Махлі і Мушы. I гэта сем’і Левія паводле бацькоў іхніх.

20 У Гершома: сын ягоны — Ліўні, сын ягоны — Яхат; сын ягоны — Зімма;

21 сын ягоны — Ёах; сын ягоны — Іддо; сын ягоны — Зэрах; сын ягоны — Еатэрай.

22 Сыны Кегата: сын ягоны — Амінадаў; сын ягоны — Карах; сын ягоны — Асір;

23 сын ягоны — Элькана; сын ягоны — Эвіясаф; сын ягоны — Асір;

24 сын ягоны — Тахат; сын ягоны — Урыэль; сын ягоны — Узія; сын ягоны — Шауль.

25 Сыны Эльканы: Амасай і Ахімот.

26 Сын ягоны — Элькана. Сыны Эльканы: сын ягоны — Цафай; сын ягоны — Нахат;

27 сын ягоны — Эліяў; сын ягоны — Ерахам; сын ягоны — Элькана.

28 Сыны Самуэля: першародны Вашні і Абія.

29 Сыны Мэрары: Махлі; сын ягоны — Ліўні; сын ягоны — Шымэй; сын ягоны — Уза;

30 сын ягоны — Шыма; сын ягоны — Хагія; сын ягоны — Асая.

31 Гэта тыя, якіх Давід паставіў для сьпяваньня ў Доме ГОСПАДА, як супачыў там Каўчэг.

32 I яны служылі сьпевам перад Сялібай Намёту Спатканьня, пакуль Салямон не пабудаваў Дом ГОСПАДА ў Ерусаліме. I яны станавіліся на служэньне сваё паводле сем’яў сваіх.

33 Гэта тыя, што станавіліся [на служэньне], і сыны іхнія: з сыноў Кегата — Гэман сьпявак, сын Ёэля, сына Самуэля,

34 сына Эльканы, сына Ерахама, сына Эліэля, сына Тааха,

35 сына Цуфа, сына Эльканы, сына Мааха, сына Амасая,

36 сына Эльканы, сына Ёэля, сына Азарыі, сына Цэфаніі,

37 сына Тахата, сына Асіра, сына Эвіясафа, сына Караха,

38 сына Іцгара, сына Кегата, сына Левія, сына Ізраіля.

39 I брат ягоны Асаф, які стаяў праваруч яго, — Асаф, сын Бэрэхіі, сына Шымэя,

40 сына Міхаэля, сына Баасэі, сына Малькіі,

41 сына Этні, сына Зэраха, сына Адаі,

42 сына Этана, сына Зіммы, сына Шымэя,

43 сына Яхата, сына Гершома, сына Левія.

44 А з сыноў Мэрары, братоў іхніх, леваруч: Этан, сын Кішы, сына Абадыі, сына Мальлюха,

45 сына Хашавіі, сына Амацыі, сына Хілкіі,

46 сына Амцы, сына Бані, сына Шамэра,

47 сына Махлі, сына Мушы, сына Мэрары, сына Левія.

48 А браты іхнія лявіты былі прызначаныя на ўсялякае служэньне пры сялібе Дому Божага.

49 А Аарон і сыны ягоныя складалі ахвяры на ахвярніку цэласпаленьня і на ахвярніку каджэньня, і [былі] да ўсякага служэньня ў Сьвятым Сьвятых, і дзеля перамольваньня за Ізраіля, паводле ўсяго, што загадаў Майсей, слуга Божы.

50 I гэта сыны Аарона: сын ягоны — Элеазар; сын ягоны — Пінхас; сын ягоны — Абішуя;

51 сын ягоны — Буккі; сын ягоны — Узі; сын ягоны — Зэрахія;

52 сын ягоны — Мэраёт; сын ягоны — Амарыя; сын ягоны — Ахітуў;

53 сын ягоны — Цадок; сын ягоны — Ахімаац.

54 I вось сядзібы іхнія паводле паселішчаў іхніх у межах іхніх. Сынам Аарона з сям’і Кегата, бо для іх было [гэтае] жэрабя,

55 далі Хеўрон у зямлі Юды і пашы ягоныя навокал яго.

56 А палі гораду гэтага і вёскі ягоныя далі Халеву, сыну Ефунны.

57 І вызначылі сынам Аарона гарады прыбежышча: Хеўрон, Лібну і пашы ейныя, Яттыр і Эштэмоа і пашы іхнія,

58 Хілез і пашы ягоныя, Дэвір і пашы ягоныя,

59 Ашан і пашы ягоныя, Бэт-Шэмэш і пашы ягоныя.

60 А з калена Бэн’яміна — Геву і пашы ейныя, Алемэт і пашы ягоныя, Анатот і пашы ягоныя; усіх гарадоў іхніх — трынаццаць гарадоў для сем’яў іхніх.

61 I сынам Кегата, якія засталіся з сем’яў калена гэтага, былі дадзены гарады з паловы калена, з калена Манасы жэрабям дзесяць гарадоў.

62 I сынам Гершома паводле сем’яў іхніх з калена Ісахара, і з калена Асэра, і з калена Нэфталі, і з калена Манасы ў Башане [дадзены] трынаццаць гарадоў.

63 Сынам Мэрары паводле сем’яў іхніх з калена Рубэна, і з калена Гада, і з калена Завулёна [дадзены] жэрабям дванаццаць гарадоў.

64 I далі сыны Ізраіля лявітам гарады і пашы іхнія.

65 I яны далі жэрабям з калена сыноў Юды і з калена сыноў Сымона, і з калена сыноў Бэн’яміна тыя гарады, якія яны назвалі імёнамі іхнімі.

66 I сем’і сыноў Кегата мелі гарады ў межах калена Эфраіма.

67 I далі ім гарады прыбежышча: Сыхем і пашы ягоныя на гары Эфраіма, Гезэр і пашы ягоныя,

68 Ёкмэам і пашы ягоныя, Бэт-Харон і пашы ягоныя,

69 Аялон і пашы ягоныя, Гат-Рымон і пашы ягоныя.

70 А з паловы калена Манасы: Анэр і пашы ягоныя, Білеам і пашы ягоныя [дадзеныя] сем’ям пазасталых сыноў Кегата.

71 Сынам Гершома [дадзена] з сем’яў паловы калена Манасы: Галан у Башане і пашы ягоныя, Аштарот і пашы ягоныя;

72 з калена Ісахара — Кедэш і пашы ягоныя, Даўрат і пашы ягоныя,

73 Рамот і пашы ягоныя, Анэм і пашы ягоныя;

74 з калена Асэра — Машал і пашы ягоныя, Абдон і пашы ягоныя,

75 Хукок і пашы ягоныя, Рэхоў і пашы ягоныя;

76 з калена Нэфталі — Кедэш у Галілеі і пашы ягоныя, Хамон і пашы ягоныя, Кірыятаім і пашы ягоныя.

77 Сынам Мэрары, якія засталіся, [дадзена] з калена Завулёна Рымон і пашы ягоныя, Табор і пашы ягоныя.

78 А на другім баку Ярдану, насупраць Ерыхону, на ўсходнім баку Ярдану [дадзены] ім з калена Рубэна Бэцэр у пустыні і пашы ягоныя, Ягца і пашы ейныя,

79 Кедэмот і пашы ягоныя, Мэфаат і пашы ягоныя;

80 з калена Гада — Рамот у Гілеадзе і пашы ягоныя, Маханаім і пашы ягоныя,

81 Хешбон і пашы ягоныя, Язэр і пашы ягоныя.

 

Разьдзел 7

1 Сыны Ісахара: Тола, Пуа, Яшуў і Шымрон, чатыры.

2 Сыны Толы: Узі, Рэфая, Ерыэль, Яхмай, Іўсам і Самуэль, галовы дому бацькоў сваіх, [нашчадкі] Толы, ваяры мужныя. Паводле радаводаў іхніх лік іхні ў дні Давіда [быў] дваццаць дзьве тысячы шэсьцьсот.

3 Сыны Узі: Ізрахія; а сыны Ізрахіі: Міхаэль, Абадыя, Ёэль, Ішшыя, пяцёра; усе яны галоўныя.

4 І з імі, паводле радаводаў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, [былі] аддзелы ваяроў на вайну — трыццаць шэсьць тысячаў; бо яны мелі шмат жонак і сыноў.

5 І братоў іхніх, з усіх сем’яў Ісахара, ваяроў мужных было восемдзясят сем тысячаў, усіх, унесеных у сьпіс.

6 У Бэн’яміна: Бэла, Бэхер і Едыяэль, тры.

7 Сыны Бэлы: Ецбон, Узі, Узіэль, Ерымот і Іры, пяць, галовы дому бацькоў, ваяры мужныя. I было іх унесена ў сьпіс дваццаць дзьве тысячы трыццаць чатыры.

8 Сыны Бэхера: Зэміра, Ёаш, Эліэзэр, Элеаэнай, Амры, Ерэмот, Абія, Анатот і Алемэт. Усе гэтыя — сыны Бэхера.

9 I запісана іх, паводле радаводаў іхніх, галоваў дому бацькоў іхніх, ваяроў мужных — дваццаць тысячаў дзьвесьце.

10 Сыны Едыяэля: Більган. Сыны Більгана: Еуш, Бэн’ямін, Егуд, Хенаана, Зэтан, Таршыш і Ахішахар.

11 Усіх сыноў Едыяэля паводле галоваў [дому] бацькоў іхніх, ваяроў мужных— сямнаццаць тысячаў дзьвесьце, якія выходзілі войскам на вайну.

12 А Шуппім і Хуппім [былі] сынамі Іра; Хушым быў сынам Ахэра.

13 Сыны Нэфталі: Яхацээль, Гуні, Ецэр, Шальлюм, сыны Більгі.

14 Сыны Манасы: Асрыэль, якога нарадзіла наложніца ягоная Арамлянка. Яна ж нарадзіла Махіра, бацьку Гілеада.

15 I Махір узяў за жонку [сястру] Хуппіма і Шуппіма; і імя сястры іхняй — Мааха; а імя другога [сына] — Цэлафхад. I былі ў Цэлафхада дочкі.

16 I нарадзіла Мааха, жонка Махіра, сына, і назвала імя ягонае Пэрэш, а імя брата ягонага — Шэрэш; а сыны ягоныя — Улам і Рэкем.

17 Сыны Улама: Бэдан. Гэта сыны Гілеада, сына Махіра, сына Манасы.

18 А сястра ягоная Гаммалехет нарадзіла Ішгода, Абіэзэра і Махлю.

19 I былі сыны Шэміды: Ахіян, Шэхем, Лікхі і Аніям.

20 Сыны Эфраіма: Шутэлях, сын ягоны — Бэрэд, сын ягоны — Тахат, сын ягоны — Элеада, сын ягоны — Тахат,

21 сын ягоны — Завад, сын ягоны — Шутэлях, і Эзэр і Элеад. I забілі іх людзі Гату, народжаныя ў зямлі гэтай, бо яны зыйшлі захапіць статкі іхнія.

22 I плакаў па іх Эфраім, бацька іхні, шмат дзён, і прыйшлі браты ягоныя пацешыць яго.

23 I ўвайшоў ён да жонкі сваёй, і яна зачала, і нарадзіла сына, і ён назваў імя ягонае Бэрыя, бо гора прыйшло ў дом ягоны.

24 Дачка ягоная — Шээра. Яна пабудавала Бэт-Харон Ніжні і Верхні, і Уззэн-Шээру.

25 А сын ягоны — Рэфах, і Рэшэф, і сын ягоны — Тэлях, сын ягоны — Тахан,

26 сын ягоны — Лядан, сын ягоны — Амігуд, сын ягоны — Элішама,

27 сын ягоны — Нун, сын ягоны — Егошуа.

28 А ўласнасьць іхняя і сялібы: Бэтэль і вёскі ягоныя; на ўсходзе — Нааран, на захадзе — Гезэр і вёскі ягоныя; Шэхем і вёскі ягоныя аж да Аі і вёсак ейных.

29 А ў руках сыноў Манасы [былі]: Бэт-Шэан і вёскі ягоныя, Таанах і вёскі ягоныя, Мэгіддо і вёскі ягоныя, Дор і вёскі ягоныя. У іх жылі сыны Язэпа, сына Ізраіля.

30 Сыны Асэра: Імна, Ішва, Ішві, Бэрыя, і Сэрах, сястра іхняя.

31 Сыны Бэрыі: Хэвэр і Малькіэль. Ён — бацька Бірзаіта.

32 Хэвэр нарадзіў Яфлета, Шамэра, Хатама, і Шую, сястру іхнюю.

33 Сыны Яфлета: Пасах, Бімгал і Ашват. Гэта сыны Яфлета.

34 Сыны Шамэра: Ахі, Рохга, Хубба і Арам.

35 Сыны Гэлема, брата ягонага: Цафах, Імна, Шэлеш і Амаль.

36 Сыны Цафаха: Суах, Харнэфэр, Шуал, Бэры, Імра,

37 Бэцэр, Год, Шамма, Шылша, Ітран і Бээра.

38 Сыны Етэра: Ефунна, Піспа і Ара.

39 Сыны Ульлі: Арах, Ханніэль і Рыцыя.

40 Усе гэтыя — сыны Асэра, галавы дому бацькоў сваіх, выбраныя, ваяры мужныя, галоўныя з князёў. I запісаны лік іхні як войска на вайне — дваццаць шэсьць тысячаў чалавек.

 

Разьдзел 8

1 Бэн’ямін нарадзіў Бэлу, першароднага свайго, Ашбэл — другі, Ахрах — трэці,

2 Ноха — чацьвёрты, Рафа — пяты.

3 I былі сыны ў Бэлы: Аддар, Гера, Абігуд,

4 Абішуа, Нааман, Ахоах,

5 Гера, Шэфуфан, Хурам.

6 Вось сыны Егуды, яны — галовы дому бацькоў, якія жылі ў Геве і былі пераселеныя ў Манахат:

7 Нааман, Ахія, і Гера, які перасяліў іх і нарадзіў Уззу і Ахіхуда.

8 I Шахараім нарадзіў на палях Мааўскіх, пасьля таго, як адпусьціў ад сябе Хушыму і Баару, жонак сваіх.

9 I нарадзіў ён ад Хадэш, жонкі сваёй, Ёвава, Цывію, Мэшу, Малькама,

10 Еуца, Шахію і Мірму. Гэта сыны ягоныя, галовы [дамоў] бацькоў.

11 А ад Хушымы ён нарадзіў Абітува і Эльпаала.

12 Сыны Эльпаала: Эвэр, Мішам, Шамэд, які пабудаваў Ону і Лёд з вёскамі ягонымі,

13 Бэрыя і Шэма. Яны — галовы [дамоў] бацькоў жыхароў Аялону. Яны выгналі жыхароў Гату.

14 А Ах’ё, Шашак, Ерэмот,

15 Завадыя, Арад, Адэр,

16 Міхаэль, Ішпа і Ёха — сыны Бэрыі.

17 А Зэвадыя, Мэшулям, Хізкі, Хавэр,

18 Ішмэрай, Ізлія і Ёваў — сыны Эльпаала.

19 А Якім, Зіхры, Заўды,

20 Эліэнай, Цылетай, Эліэль,

21 Адая, Бэрая і Шымрат — сыны Шымы.

22 А Ішпан, Эвэр, Эліэль,

23 Абдон, Зіхры, Ханан,

24 Хананія, Элям, Антотыя,

25 Іфдэя і Пэнуэль — сыны Шашака.

26 А Шамшэрай, Шэхарыя, Аталія,

27 Яарэшыя, Элія і Зіхры — сыны Ерахама.

28 Гэта галовы [дамоў] бацькоў паводле радаводаў сваіх, галоўныя. Яны жылі ў Ерусаліме.

29 А ў Гібэоне жылі: бацька Гібэона, і імя жонкі ягонай Мааха,

30 і сын ягоны першародны Абдон, і Цур, Кіш, Баал, Надаў,

31 Гедор, Ах’ё і Захер.

32 А Міклот нарадзіў Шымэя. I яны таксама жылі з братамі сваімі ў Ерусаліме насупраць братоў сваіх.

33 Нэр нарадзіў Кіша; Кіш нарадзіў Саўла; Саўл нарадзіў Ёнатана, Малькішуа, Абінадава і Эшбаала.

34 Сын Ёнатана — Мэрыб-Баал; Мэрыб-Баал нарадзіў Міху.

35 Сыны Міхі: Пітон, Мэлех, Тарэа і Ахаз.

36 Ахаз нарадзіў Егаяду; Егаяда нарадзіў Алемэта, Азмавэта і Зімры; Зімры нарадзіў Моцу;

37 Моца нарадзіў Бінэю; сын ягоны — Рафа; сын ягоны — Элеаса; сын ягоны — Ацэль.

38 У Ацэля [было] шэсьць сыноў, і вось імёны іхнія: Азрыкам, Бахеру, Ізмаэль, Шэарыя, Абадыя і Ханан. Усе яны — сыны Ацэля.

39 Сыны Эшэка, брата ягонага: Улам, першародны ягоны, Еуш — другі, Эліфэлет — трэці.

40 I былі сыны Улама людзьмі магутнымі, мужнымі, спраўнымі лучнікамі, і мелі яны шмат сыноў і сыноў сыноў сто пяцьдзясят. Усе яны — з сыноў Бэн’яміна.

 

Разьдзел 9

1 І ўсе Ізраільцяне былі ўнесены ў сьпіс; і вось яны запісаныя ў кнігу валадароў Ізраіля і Юды, і былі пераселены ў Бабілон за правіны свае.

2 І яны жылі перш ва ўласнасьці сваёй у гарадах сваіх: Ізраільцяне, сьвятары, лявіты і нэтынэі.

3 У Ерусаліме жылі з сыноў Юды, з сыноў Бэн’яміна, з сыноў Эфраіма і Манасы:

4 Утай, сын Амігуда, сына Амры, сына Імры, сына Бані, з сыноў Пэрэса, сына Юды;

5 з [сыноў] Шылоні і Асая, першародны, і сыны ягоныя.

6 З сыноў Зэраха: Еўэль і браты іхнія, — шэсьцьсот дзевяноста.

7 З сыноў Бэн’яміна: Сальлю, сын Мэшуляма, сына Гадавіі, сына Хасэнуі;

8 і Іўнэя, сын Ерахама, і Эла, сын Узі, сына Міхры, і Мэшулям, сын Шэфатыі, сына Рэўэля, сына Іўнія,

9 і браты іхнія, паводле радаводаў іхніх — дзевяцьсот пяцьдзясят шэсьць. Усе гэтыя мужы — галовы [дому] бацькоў у доме бацькоў сваіх.

10 А са сьвятароў: Едая, Егаярыў і Яхін,

11 і Азарыя, сын Хілкіі, сына Мэшуляма, сына Цадока, сына Мэраёта, сына Ахітува, начальнік у Доме Божым,

12 і Адая, сын Ерахама, сына Пашхура, сына Малькіі, і Масая, сын Адыэля, сына Яхзэра, сына Мэшуляма, сына Мэшылеміта, сына Імэра,

13 і браты іхнія, галовы дому бацькоў сваіх — тысяча сямсот шэсьцьдзясят, магутныя, спрытныя ў працы служэньня ў Доме Божым.

14 А з лявітаў: Шэмая, сын Хашува, сына Азрыкама, сына Хашавіі, з сыноў Мэрары;

15 і Бакбакар, Хэрэш, Галял, Маттанія, сын Міхі, сына Зіхры, сына Асафа;

16 і Абадыя, сын Шэмаі, сына Галяла, сына Едутуна, і Бэрэхія, сын Асы, сына Эльканы, які жыў у вёсках Нэтафацянаў.

17 І прыдзьвернікі: Шальлюм, Акуў, Тальмон, Ахіман і браты іхнія; Шальлюм — галоўны,

18 і аж дагэтуль ён у браме валадарскай, якая на ўсход, яны — прыдзьвернікі паводле чаргі сыноў Левія.

19 Шальлюм, сын Карэ, сына Эвіясафа, сына Караха, і браты ягоныя з дому бацькі ягонага, Карахічы [былі] пры выкананьні служэньня, вартаўнікі парогаў Намёту, а бацькі іхнія былі пры табары ГОСПАДА вартаўнікамі ўваходу.

20 А Пінхас, сын Элеазара, уперад быў начальнікам над імі, і ГОСПАД быў з ім.

21 Захарыя, сын Мэшэлеміі — прыдзьвернік уваходу Намёту Спатканьня.

22 Усіх выбраных на прыдзьвернікаў у парогах [Намёту] — дзьвесьце дванаццаць. Яны запісаныя ў сьпісе паводле радаводаў вёсак сваіх. Іх прызначыў Давід і Самуэль відушчы за вернасьць іхнюю.

23 І яны, і сыны іхнія — прыдзьвернікі ГОСПАДА, пры доме Намёту, каб [быць] на варце.

24 Яны былі прыдзьвернікамі з чатырох бакоў: з усходу, з захаду, з поўначы і з поўдня.

25 А браты іхнія з вёсак сваіх мелі прыходзіць на сем дзён ад часу да часу, каб быць з імі;

26 бо за вернасьць былі гэтыя чатыры кіраўнікамі прыдзьвернікаў. Лявіты і яны былі над каморамі і над скарбніцамі Дому Божага.

27 І каля Дому Божага яны начавалі, бо гэта вартаваньне было на іх, і яны адчынялі яго кожную раніцу.

28 І [некаторыя] з іх былі [тыя, што] пры начыньнях для служэньня [Божага], бо яны пад лік уносілі іх і выносілі іх.

29 І [некаторыя] з іх клапаціліся пра начыньні, пра ўсе начыньні сьвятыні, і пра муку, і віно, і алей, і кадзіла, і пахошчы.

30 І з сыноў сьвятарскіх былі складальнікі масьцяў з пахошчаў.

31 Матытыя з лявітаў, першародны Шальлюма Карахіча, быў верным у прыгатаваньні печанага [хлеба].

32 І з сыноў Кегата, з братоў іхніх былі [адказныя] за хлябы пакладныя, каб гатаваць іх кожную суботу.

33 А сьпевакі, галовы [дамоў] бацькоў лявітаў, [якія жылі] ў пакоях варты начной, дзень і ноч былі на служэньні сваім.

34 Гэта галовы [дамоў] бацькоў лявітаў паводле радаводаў сваіх. Гэтыя галовы [дамоў] жылі ў Ерусаліме.

35 У Гібэоне жылі: бацька Гібэону Еэль, імя жонкі ягонай Мааха,

36 і сын ягоны, першародны Абдон, Цур, Кіш, Баал, Нэр, Надаў,

37 Гедор, Ах’ё, Захарыя і Міклот.

38 Міклот нарадзіў Шымеама. І яны насупраць братоў сваіх жылі ў Ерусаліме, разам з братамі сваімі.

39 Нэр нарадзіў Кіша, Кіш нарадзіў Саўла, Саўл нарадзіў Ёнатана, Малькішуа, Абінадава і Эшбаала.

40 Сын Ёнатана: Мэрыб-Баал; Мэрыб-Баал нарадзіў Міху.

41 Сыны Міхі: Пітон, Мэлех, Тахрэя.

42 Ахаз нарадзіў Яара; Яар нарадзіў Алемэта, Азмавэта і Зімры, Зімры нарадзіў Моцу;

43 Моца нарадзіў Бінэю; сын ягоны Рэфая; сын ягоны Элеаса, сын ягоны Ацэль.

44 У Ацэля [было] шэсьць сыноў, і вось імёны іхнія: Азрыкам, Бахеру, Ізмаэль, Шэарыя, Абадыя і Ханан. Гэта сыны Ацэля.

 

Разьдзел 10

1 І Філістынцы ваявалі з Ізраілем, і ўцяклі Ізраільцяне ад Філістынцаў, і падалі забітыя на гары Гільбоа.

2 І атакавалі Філістынцы Саўла і сыноў ягоных, і забілі Філістынцы Ёнатана, Абінадава і Малькішуа, сыноў Саўла.

3 І была цяжкая бітва з Саўлам, і знайшлі яго лучнікі, і ён быў паранены лучнікамі.

4 І сказаў Саўл збраяносцу свайму: «Выцягні меч твой і забі мяне ім, каб не прыйшлі гэтыя неабрэзаныя і ня зьдзекваліся з мяне». Але збраяносец не адважыўся, бо вельмі спалохаўся. І ўзяў Саўл меч, і ўпаў на яго.

5 І ўбачыў збраяносец, што Саўл памёр, і сам упаў на меч, і памёр.

6 І памёр Саўл, і тры сыны ягоныя разам з ім памерлі.

7 І ўбачылі ўсе людзі Ізраіля, якія былі ў даліне, што [ўсе] ўцякаюць, і што забітыя Саўл і сыны ягоныя, і пакінулі яны гарады свае, і разьбегліся. І прыйшлі Філістынцы, і пасяліліся ў іх.

8 І сталася назаўтра, што прыйшлі Філістынцы рабаваць забітых, і знайшлі Саўла і сыноў ягоных, забітых на гары Гільбоа.

9 І абрабавалі яго, і ўзялі галаву ягоную і зброю ягоную, і насілі па зямлі Філістынскай навокал, каб паведаміць ідалам сваім і народу.

10 І палажылі зброю ягоную ў доме багоў сваіх, і чэрап ягоны зьмясьцілі ў доме Дагона.

11 І пачуў увесь Ябэш у Гілеадзе ўсё, што зрабілі Філістынцы Саўлу,

12 і ўсталі ўсе людзі мужныя, і забралі цела Саўла і целы сыноў ягоных, і прынесьлі іх у Ябэш, і пахавалі косткі іхнія пад дубам у Ябэшы, і посьцілі сем дзён.

13 І памёр Саўл за правіну сваю, якою правініўся супраць ГОСПАДА, супраць слова ГОСПАДА, якога ён не пільнаваў, і таксама за тое, што пытаўся ў чараўніцы, каб шукаць рады,

14 а не шукаў рады ў ГОСПАДА. І Ён усьмерціў яго, і перадаў валадарства Давіду, сыну Есэя.

 

Разьдзел 11

1 І сабраўся ўвесь Ізраіль да Давіда ў Хеўрон, кажучы: «Вось, мы — косткі твае і цела тваё.

2 І ўчора, і пазаўчора, і за жыцьця Саўла валадара ты выводзіў і ўводзіў Ізраіль, і ГОСПАД, Бог твой, сказаў табе: “Ты будзеш пасьвіць народ Мой, Ізраіль, і ты будзеш правадыром над народам Маім Ізраілем”».

3 І прыйшлі ўсе старшыні Ізраіля да валадара ў Хеўрон, і заключыў Давід запавет у Хеўроне перад абліччам ГОСПАДА; і яны памазалі Давіда на валадара над Ізраілем паводле слова ГОСПАДА праз Самуэля.

4 І пайшоў Давід і ўвесь Ізраіль да Ерусаліму, гэта [значыць] Евусу. І там [былі] Евусэі, жыхары зямлі той.

5 І сказалі жыхары Евусу Давіду: «Ты ня ўвойдзеш сюды». Але Давід здабыў крэпасьць Сыён, гэта горад Давіда.

6 І сказаў Давід: «Той, хто першы паб’е Евусэяў, будзе галоўным і князем». І ўзыйшоў першым Ёаў, сын Цэруі, і стаў галоўным.

7 І жыў Давід у крэпасьці, дзеля гэтага назвалі яе горадам Давіда.

8 І ён забудаваў горад навокал, ад Міло і навокал, а Ёаў аднавіў рэшту гораду.

9 І хадзіў Давід у моцы, і дужэў, і ГОСПАД Магуцьцяў [быў] з ім.

10 І вось галоўныя, якія [былі] з волатаў Давіда, і якія ўмацоўвалі з ім валадарства ягонае, з усім Ізраілем, каб паставіць яго на валадара, паводле слова ГОСПАДА адносна Ізраіля.

11 І вось лік волатаў, якія [былі] з Давідам: Яшавэам, сын Хахмоні, галоўны з трыццаці. Ён падняў дзіду сваю на тры сотні [ворагаў] і пабіў іх адным разам.

12 Пасьля яго Элеазар, сын Дадо Ахахіча. Ён — [адзін] з трох магутных.

13 Ён быў з Давідам у Пас-Даміме, і Філістынцы сабраліся там на вайну. І была частка поля засеяна ячменем, і народ уцёк перад абліччам Філістынцаў.

14 І яны сталі пасярод поля, і абаранілі яго, і пабілі Філістынцаў. І збавіў ГОСПАД збаўленьнем вялікім.

15 І зыйшлі трое з гэтых трыццаці галоўных на скалу да Давіда, у пячору Адулям, а табар Філістынцаў быў у даліне Рэфаім.

16 Давід тады быў у крэпасьці, а аддзел Філістынцаў быў у Бэтлееме.

17 І засмагнуў Давід, і сказаў: «Хто дасьць мне піць вады са студні ў Бэтлееме, якая каля брамы?»

18 І тады гэтыя тры прабіліся скрозь табар Філістынцаў, і зачэрпнулі са студні ў Бэтлееме, якая каля брамы, і прынесьлі, і далі Давіду. І не захацеў Давід піць яе, і выліў яе для ГОСПАДА.

19 І сказаў: «Няхай будзе далёка ад мяне, Божа мой, каб я зрабіў гэта! Ці буду я піць кроў мужоў гэтых, якія мелі ў небясьпецы душы свае? Бо з небясьпекай для душаў сваіх яны прынесьлі [ваду]». І не захацеў яе піць. Вось што зрабілі гэтыя тры волаты.

20 І Абішай, брат Ёава, быў галоўны над трыма. Ён падняў дзіду сваю на тры сотні [ворагаў] і пабіў [іх], і меў імя ў тых трох.

21 З трыццаці ён быў выдатнейшы, і быў іх правадыром; але першым тром не дараўняўся.

22 Бэная, сын Егаяды, сын мужа адважнага, [слаўнага] шматлікімі справамі, з Каўцээлю. Ён перамог двух ільвоў Мааву; і ён зыйшоў, і забіў ільва ў яме ў дзень завеі.

23 І ён забіў Эгіпцяніна, чалавека, [які быў] ростам у пяць локцяў. У руцэ Эгіпцяніна была дзіда, як навой ткацкі; і ён выйшаў на яго з кіем, і вырваў дзіду з рукі Эгіпцяніна, і забіў яго дзідай ягонай.

24 Вось што зрабіў Бэная, сын Егаяды! І ён меў імя ў тых трох волатаў.

25 Ён быў слаўны сярод трыццаці, але тром не дараўняўся. І Давід паставіў яго над вартаю сваёй.

26 І магутныя з мужных: Асаэль, брат Ёава, Эльханан, сын Дадо з Бэтлеему;

27 Шамот з Гароры; Хэлец з Пэлоны;

28 Іра, сын Ікеша, з Тэкоа; Абіэзэр з Анатоту;

29 Сібэнай з Хушаты, Ілай з Ахохі,

30 Маграй з Нэтофы; Хэлед, сын Бааны, з Нэтофы;

31 Ітай, сын Рыбая, з Гівы сыноў Бэн’яміна; Бэная з Піратону;

32 Хурай з Нахале-Гааша; Абіэль з Арабаты;

33 Азмавэт з Бахурыму, Эліахба з Шаалвону;

34 сыны Гашэма з Гізону; Ёнатан, сын Шагэ, з Гарары;

35 Ахіям, сын Сахара, з Гарары; Эліфал, сын Ура;

36 Хэфэр з Мэхэры; Ахія з Пэлоны;

37 Хэцро з Кармэлю; Наарай, сын Эзбая;

38 Ёэль, брат Натана; Міўхар, сын Гагры;

39 Цэлек з Амону; Нахарай з Бэроту, збраяносец Ёава, сына Цэруі;

40 Іра з Етэру; Гарэў з Етэру;

41 Урыя Хет; Завад, сын Ахлая;

42 Адына, сын Шызы, Рубэніч, галава сыноў Рубэна, і з ім трыццаць;

43 Ханан, сын Маахі; Язафат з Мітні;

44 Узі з Аштароту; Шама і Еіэль, сыны Хафама з Араэру;

45 Едыяэль, сын Шымры, і Ёха, брат ягоны, з Тыцы;

46 Эліэль з Махавіму, Ерывай і Ёшавай, сыны Эльнаама; Ітма з Мааву;

47 Эліеэль, Абэд, Яасіэль з Мэцаваі.

 

Разьдзел 12

1 А гэтыя прыйшлі да Давіда ў Цыкляг, [калі ён] хаваўся ад аблічча Саўла, сына Кіша, і былі яны сярод магутных, якія дапамагалі бітве,

2 [і былі яны] ўзброеныя лукам, праваю і леваю рукою [кідалі] камяні і стрэлы з луку, [і былі] з братоў Саўла, з [сыноў] Бэн’яміна:

3 галоўны — Ахіезэр, і Ёаш, сыны Шэмаі з Гівы; Езіэль і Пэлет, сыны Азмавэта; Бэраха і Егу з Анатоту;

4 Ішмая з Гібэону, магутны з трыццаці і над трыццацьцю; Ірмэя, Яхазіэль, Ёханан, Ёзавад з Гедэры;

5 Элюзай, Ерымот, Бэалія, Шэмарыя, Шэфатыя з Гаруфы;

6 Элькана, Ішыя, Азарэль, Ёезэр, Яшаба, [яны —] Карахічы;

7 Ёэла, Зэвадыя, сын Ерахаша, з Гедору.

8 І з [сыноў] Гада далучыліся да Давіда ў крэпасьці ў пустыні волаты, мужы адважныя, спраўныя да вайны, узброеныя шчытом і дзідаю; абліччы іхнія — як аблічча ільва, і як сарна на горах яны хуткія:

9 Езэр — галоўны, Абадыя — другі, Эліяў — трэці,

10 Мішманна — чацьвёрты, Ірмэя — пяты,

11 Атай — шосты, Эліэль — сёмы,

12 Ёханан — восьмы, Эльзавад — дзявяты,

13 Ірмэя — дзясяты, Махбанай — адзінаццаты.

14 Гэтыя з сыноў Гада былі галовамі войска: адзін з найменшых быў над сотняю, а найбольшы — над тысячаю.

15 Гэта тыя, якія перайшлі Ярдан у першы месяц, калі ён перапоўнены па-над берагі свае, і разагналі ўсіх, што жылі ў далінах на ўсходзе і на захадзе.

16 І прыйшлі [людзі] з сыноў Бэн’яміна і Юды ў крэпасьць да Давіда.

17 І выйшаў Давід перад аблічча іхняе, і адказаў, і сказаў ім: «Калі з супакоем вы прыйшлі да мяне, каб дапамагчы мне, няхай будзе ў мяне з вамі адно сэрца; а калі дзеля таго, каб здрадліва аддаць мяне ворагам маім, хоць няма няправасьці ў руках маіх, няхай убачыць Бог бацькоў нашых і няхай рассудзіць».

18 І Дух агарнуў Амасаю, галаву трыццаці, [і ён сказаў]: «Супакой табе, Давідзе, і з табою, сыне Есэя! Супакой табе і супакой памочніку твайму, бо дапамагае табе Бог твой». І прыняў іх Давід, і паставіў іх на чале аддзелаў.

19 І з [сыноў] Манасы далучыліся да Давіда, калі ён ішоў з Філістынцамі на вайну супраць Саўла, але не дапамагаў ім, бо князі Філістынскія, парадзіўшыся, адаслалі яго, кажучы: «Коштам галоваў нашых ён пяройдзе да гаспадара свайго Саўла».

20 Калі ён ішоў у Цыкляг, далучыліся да яго з Манасы: Аднах, Ёзавад, Едыяэль, Міхаэль, Ёзавад, Елігу і Цылетай, — тысячнікі ў Манасы.

21 І яны дапамагалі Давіду супраць арды, бо ўсе яны былі магутнымі і мужнымі і былі князямі ў войску.

22 Гэтак кожны дзень прыходзілі да Давіда, каб дапамагаць яму, ажно табар ягоны стаў вялікім, як табар Божы.

23 І гэта лік галоваў [дамоў], узброеных да вайны, якія прыйшлі да Давіда ў Хеўрон, каб перадаць яму валадарства Саўла, паводле слова ГОСПАДА.

24 Сыны Юды, якія носяць шчыт і дзіду — шэсьць тысячаў васемсот узброенага войска.

25 З сыноў Сымона магутных і мужных у войску — сем тысячаў сто.

26 З сыноў Левія — чатыры тысячы шэсьцьсот,

27 і Егаяда, правадыр [сыноў] Аарона, і з ім тры тысячы сямсот,

28 і Цадок, дзяцюк магутны, мужны, і дом бацькоў ягоных, дваццаць два князі.

29 З сыноў Бэн’яміна, братоў Саўла, — тры тысячы, але дагэтуль большасьць іх моцна служылі дому Саўла.

30 З сыноў Эфраіма — дваццаць тысячаў васемсот людзей мужных, магутных, [якія маюць] імёны ў доме бацькоў сваіх.

31 З паловы калена Манасы — васемнаццаць тысячаў, якія названыя былі па імёнах, каб пайсьці паставіць Давіда за валадара.

32 З сыноў Ісахара, тых, якія мелі разуменьне часу і ведалі, што мае рабіць Ізраіль, — дзьвесьце галоўных, і ўсе браты іхнія ішлі за словам іхнім.

33 З [сыноў] Завулёна, тых, якія выходзілі ў войска, гатовыя на вайну, з усялякімі ваеннымі прыладамі — пяцьдзясят тысячаў, пашыхтаваных і непахіснага сэрца;

34 З [сыноў] Нэфталі — тысяча князёў; з імі — трыццаць сем тысячаў са шчытамі і дзідамі.

35 З [сыноў] Дана гатовых да бітвы — дваццаць восем тысячаў шэсьцьсот.

36 З [сыноў] Асэра тых, якія выходзілі ў войска, гатовыя на вайну — сорак тысячаў.

37 З таго боку Ярдану з [сыноў] Рубэна, Гада і паловы калена Манасы, з усякімі прыладамі для бітвы — сто дваццаць тысячаў.

38 Усе гэтыя ваяры, якія маглі трымаць шыхт з непахісным сэрцам, прыйшлі ў Хеўрон, каб паставіць Давіда за валадара над усім Ізраілем. І таксама ўся рэшта Ізраіля мела адно сэрца, каб паставіць Давіда за валадара.

39 І яны былі ў Давіда там тры дні, елі і пілі, бо браты іхнія прыгатавалі для іх.

40 І таксама бліжнія іхнія, нават ад Ісахара, Завулёна і Нэфталі, прывозілі хлеб на аслах, на вярблюдах, на мулах і на валах, ежу, муку, фігі, разынкі, віно, алей, валоў і авечак мноства, бо радасьць [была] ў Ізраілі.

 

Разьдзел 13

1 І радзіўся Давід з тысячнікамі, сотнікамі, з усімі правадырамі.

2 І сказаў Давід усёй царкве Ізраіля: «Калі гэта для вас добра і калі гэта ад ГОСПАДА, Бога нашага, пашлем паўсюль да пазасталых братоў нашых па ўсёй зямлі Ізраіля, і да сьвятароў і лявітаў у гарадах і паселішчах іхніх, каб яны сабраліся да нас.

3 І перанясем да нас Каўчэг Бога нашага, бо мы не пыталіся пра яго ў дні Саўла».

4 І сказала ўся царква, каб зрабіць так, бо слушнай была справа гэтая ў вачах усяго народу.

5 І сабраў Давід увесь Ізраіль, ад Шыхору Эгіпецкага аж да ўваходу ў Хамат, каб перанесьці Каўчэг Божы з Кірыят-Ярыму.

6 І зыйшоў Давід і ўвесь Ізраіль да Баалу ў Кірыят-Ярыме, які ў Юдзе, каб прынесьці адтуль Каўчэг Бога, ГОСПАДА, Які сядзіць на херувімах, на якім названае імя [Ягонае].

7 І павезьлі Каўчэг Божы на новым возе з дому Абінадава, і Уза і Ах’ё вялі воз.

8 А Давід і ўвесь Ізраіль гралі перад Богам з усёй сілы са сьпевамі, на гусьлях, на псалтырах, на бубнах, на цымбалах і на трубах.

9 І яны прыйшлі да току Кідона, і выцягнуў Уза руку сваю, каб падтрымаць Каўчэг, бо валы нахілілі яго.

10 І загневаўся ГОСПАД на Узу, і Ён забіў яго за тое, што ён выцягнуў руку сваю да Каўчэгу, і ён памёр там перад абліччам Божым.

11 І засмуціўся Давід, што ГОСПАД ударам ударыў Узу, і назваў тое месца Пэрэц-Уза аж да гэтага дня.

12 І спалохаўся Давід Бога ў гэты дзень, кажучы: «Як я прынясу да сябе Каўчэг Божы?»

13 І не прынёс Давід Каўчэг да сябе, у горад Давіда, а зьмясь­ціў яго ў доме Абэд-Эдома з Гату.

14 І быў Каўчэг Божы ў Абэд-Эдома, у доме ягоным, тры месяцы, і дабраславіў ГОСПАД дом Абэд-Эдома і ўсё, што ў яго.

 

Разьдзел 14

1 І паслаў Хірам, валадар Тыру, да Давіда паслоў, і дрэвы кедровыя, і муляроў, і цесьляроў, каб будаваць яму дом.

2 І даведаўся Давід, што ГОСПАД умацаваў яго як валадара над Ізраілем, бо высока ўзьвялічылася валадарства ягонае дзеля народу Ягонага Ізраіля.

3 І ўзяў Давід яшчэ жонак у Ерусаліме, і нарадзіў Давід яшчэ сыноў і дочак.

4 І вось імёны тых, якія нарадзіліся ў яго ў Ерусаліме: Шамуа, Шаваў, Натан і Салямон,

5 Іўхар, Элішуа, Эльпалет,

6 Нагах, Нэфэг, Яфія,

7 Элішама, Бээліяда і Эліфэлет.

8 І пачулі Філістынцы, што Давід памазаны як валадар над усім Ізраілем, і выйшлі ўсе Філістынцы шукаць Давіда. І пачуў Давід, і выйшаў перад аблічча іхняе.

9 І Філістынцы прыйшлі, і  азлажылі [табар] у даліне Рэфаім.

10 І спытаўся Давід у Бога, кажучы: «Ці вырушыць мне супраць Філістынцаў, і ці Ты аддасі іх у рукі мае?» І сказаў яму ГОСПАД: «Руш, і Я аддам іх у рукі твае».

11 І пайшлі яны ў Баал-Пэрацым, і пабіў іх там Давід, і сказаў Давід: «Пабіў Бог ворагаў маіх рукою маёю, як прарыў вады». Дзеля гэтага далі імя месцу гэтаму Баал-Пэрацым.

12 І пакінулі там Філістынцы багоў сваіх, і загадаў Давід, і спалілі [іх] у агні.

13 І сабраліся зноў Філістынцы, і разлажылі [табар] у даліне.

14 І зноў спытаў Давід у Бога, і сказаў яму Бог: «Не выходзь на іх, ухіліся ад іх і ідзі на іх з боку тутавых дрэваў.

15 Калі пачуеш гук крокаў на вершалінах дрэваў, тады выйдзі на бітву, бо выйшаў Бог перад абліччам тваім, каб пабіць табар Філістынскі».

16 І зрабіў Давід, як загадаў яму Бог; і пабілі табар Філістынскі ад Гібэону аж да Гэзэры.

17 І было праслаўлена імя Давіда па ўсіх землях, і ГОСПАД спаслаў страх Свой на ўсе народы.

 

Разьдзел 15

1 І пабудаваў [Давід] сабе дамы ў горадзе Давіда, і падрыхтаваў месца для Каўчэгу Божага, і расьцягнуў для яго намёт.

2 Тады сказаў Давід: «Ніхто ня мае насіць Каўчэг Божы, акрамя лявітаў, бо іх выбраў ГОСПАД на тое, каб насіць Каўчэг Божы і служыць пры ім на вякі».

3 І сабраў Давід усяго Ізраіля ў Ерусалім, каб прынесьці Каўчэг ГОСПАДА на месца ягонае, якое ён прыгатаваў для яго.

4 І сабраў Давід сыноў Аарона і лявітаў.

5 З сыноў Кегата: Урыэля, начальніка, і братоў ягоных — сто дваццаць;

6 з сыноў Мэрары: Асію, начальніка, і братоў ягоных — дзьвесьце дваццаць;

7 з сыноў Гершома: Ёэля, начальніка, і братоў ягоных — сто трыццаць;

8 з сыноў Эліцафана: Шэмаю, начальніка, і братоў ягоных — дзьвесьце;

9 з сыноў Хеўрона: Эліэля, начальніка, і братоў ягоных — восемдзясят;

10 з сыноў Узіэля: Амінадава, начальніка, і братоў ягоных — сто дванаццаць.

11 І паклікаў Давід Цадока і Абіятара, сьвятароў, і лявітаў Урыэля, Асаю, Ёэля, Шэмаю, Эліэля і Амінадава,

12 і сказаў ім: «Вы — галовы [дамоў] бацькоў у лявітаў. Асьвяціцеся вы і браты вашыя і перанясіце Каўчэг ГОСПАДА, Бога Ізраіля, на месца, якое я прыгатаваў для яго.

13 Бо першы раз ня вы гэта рабілі, і ГОСПАД, Бог наш, ударыў нас, бо мы не шукалі Яго як мае быць».

14 І асьвяціліся сьвятары і лявіты, каб перанесьці Каўчэг ГОСПАДА, Бога Ізраіля.

15 І несьлі сыны лявітаў Каўчэг Божы, як загадаў Майсей паводле слова ГОСПАДА, на рамёнах сваіх, на насілах.

16 І сказаў Давід начальнікам лявітаў, каб паставілі братоў сваіх сьпевакоў з музычнымі інструмэнтамі, з псалтырамі, гусьлямі, цымбаламі, каб гралі, падымаючы голас з радасьцю.

17 І паставілі лявіты Гэмана, сына Ёэля, і з братоў ягоных Асафа, сына Бэрэхіі, а з сыноў Мэрары, братоў іхніх, Этана, сына Кушаі,

18 і з імі братоў іхніх другога шэрагу: Захарыю, Бэна, Яазіэля, Шэмірамота, Ехіэля, Уні, Эліява, Бэнаю, Маасэю, Матытыю, Элефэлегу, Мікнэю, Абэд-Эдома, Еіэля, прыдзьвернікаў.

19 І сьпевакоў: Гэмана, Асафа і Этана — з цымбаламі мядзянымі, каб чулі;

20 а Захарыю, Азіэля, Шэмі­рамота, Ехіэля, Уні, Эліява, Маасэю, Бэнаю — з псалтырамі;

21 а Матытыю, Эліфэлегу, Мікнэю, Абэд-Эдома, Еіэля і Азазію — з гусьлямі на актаву для пачынаньня.

22 А Хэнанію, начальніка лявітаў у сьпеве, — каб кіраваў сьпяваньнем, бо ён быў здольны [ў гэтым].

23 А Бэрэхія і Элькана былі вартаўнікамі пры Каўчэгу.

24 А Шэванія, Язафат, Нэтанэль, Амасай, Захарыя, Бэная і Эліэзэр, сьвятары, трубілі ў трубы перад Каўчэгам Божым. Абэд-Эдом і Ехія былі вартаўнікамі пры Каўчэгу.

25 І сталася, што Давід і старшыні Ізраіля, і тысячнікі вырушылі, каб вынесьці Каўчэг Запавету ГОСПАДА з дому Абэд-Эдома з радасьцю.

26 І сталася, што Бог дапамог лявітам, якія несьлі Каўчэг Запавету ГОСПАДА, і склалі ў ахвяру сем бычкоў і сем бараноў.

27 І Давід быў апрануты ў плашч з вісону, [таксама] і ўсе лявіты, якія несьлі Каўчэг і сьпявалі, і Хэнанія, начальнік сьпяваньня сьпевакоў. І на Давідзе быў эфод ільняны.

28 І ўвесь Ізраіль узьняў Каўчэг Запавету ГОСПАДА з гуканьнем і з гукам рагоў, і з трубамі, і з цымбаламі, граючы на псалтырах і гусьлях.

29 І сталася, калі Каўчэг Запавету ГОСПАДА ўваходзіў у горад Давіда, Міхаль, дачка Саўла, глядзела ў вакно, і ўбачыла валадара Давіда, які скакаў і танчыў, і пагардзіла ім у сэрцы сваім.

 

Разьдзел 16

1 І прынесьлі Каўчэг Божы, і паставілі яго ў сярэдзіне Намёту, які Давід падрыхтаваў для яго, і склалі ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя перад абліччам Божым.

2 І скончыў Давід паліць цэласпаленьні і ахвяры мірныя, і дабраславіў народ у імя ГОСПАДА.

3 І раздаў усім Ізраільцянам, як мужчынам, так і жанчынам, кожнаму па бохану хлеба, і па кавалку мяса, і па кілішку віна.

4 І паставіў на службу перад Каўчэгам ГОСПАДА на служэньне лявітаў, каб нагадвалі [пра Яго], славілі і хвалілі ГОСПАДА, Бога Ізраіля:

5 Асаф — галоўны, і намесьнік ягоны Захарыя, Еіэль, Шэмірамот, Ехіэль, Матытыя, Эліяў, Баная, Абэд-Эдом і Еіэль з псалтырам і гусьлямі, Асаф — на цымбалах гучных,

6 Бэная і Яхазіэль, сьвятары — заўсёды [трубіць] у трубы перад Каўчэгам Запавету Божага.

7 У той дзень Давід упершыню загадаў славіць ГОСПАДА Асафу і братам ягоным:

8 «Слаўце ГОСПАДА, клічце імя Ягонае, паведамляйце між народамі дзеі Ягоныя!

9 Сьпявайце Яму, выслаўляйце Яго, размаўляйце пра ўсе цудоўныя дзеі Ягоныя.

10 Хваліцеся імем Ягоным сьвятым! Няхай весяліцца сэрца тых, што шукаюць ГОСПАДА.

11 Шукайце ГОСПАДА і сілу Ягоную, шукайце аблічча Ягонае заўсёды.

12 Узгадвайце цудоўныя дзеі Ягоныя, якія Ён зрабіў, цуды Ягоныя і прысуды вуснаў Ягоных.

13 Насеньне Ізраіля, слугі Ягоныя, сыны Якуба, выбранцы Ягоныя!

14 Ён — ГОСПАД, Бог наш; па ўсёй зямлі суды Ягоныя.

15 Ён памятае на вякі Запавет Свой, слова, якое загадаў на тысячу пакаленьняў,

16 якое заключыў з Абрагамам, і прысягу Сваю Ісааку.

17 Ён паставіў Якубу як пастанову, Ізраілю — запавет вечны,

18 кажучы: “Табе Я дам зямлю Ханаан, [пракладу] шнур спадчыны вашай”.

19 Калі было ў вас людзей мала на лік, вельмі мала і [вы былі] чужынцы ў ёй,

20 і пераходзілі ад народу да народу, і ад [аднаго] валадарства да іншага народу,

21 Ён не дазволіў нікому прыгнятаць іх, і караў дзеля іх валадароў:

22 [кажучы]: “Не чапайце памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабіце благога!”

23 Сьпявайце ГОСПАДУ, уся зямля, дабравесьціце з дня на дзень збаўленьне Ягонае.

24 Абвяшчайце між народамі славу Ягоную, між усімі людзьмі — цуды Ягоныя.

25 Бо вялікі ГОСПАД і годны хвалы, годны страху больш за ўсіх багоў.

26 Бо ўсе богі народаў — ідалы, а ГОСПАД нябёсы ўчыніў.

27 Слава і велічнасьць перад абліччам Ягоным, моц і краса — на месцы Ягоным.

28 Аддайце ГОСПАДУ, плямёны народаў, аддайце ГОСПАДУ славу і моц.

29 Аддайце ГОСПАДУ славу імя Ягонага. Прынясіце дары і ідзіце перад аблічча Ягонае. Пакланіцеся ГОСПАДУ ў велічы сьвятыні.

30 Дрыжы перад абліччам Ягоным, уся зямля. Ён сусьвет умацаваў, не пахісьнецца.

31 Няхай узрадуюцца нябёсы, няхай узьвесяліцца зямля, і няхай скажуць між народамі: “ГОСПАД валадарыць!”

32 Няхай мора гудзе і тое, што ў ім, няхай усьцешыцца поле і ўсё, што на ім.

33 Тады будуць усклікаць дрэвы лясныя перад абліччам ГОСПАДА, бо Ён прыходзіць судзіць зямлю.

34 Выслаўляйце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная.

35 І кажыце: “Збаў нас, Божа збаўленьня нашага! І зьбяры нас, і выбаў нас ад паганаў, каб мы маглі славіць імя Тваё сьвятое і хваліліся славай Тваёй!”

36 Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, ад веку і аж на вякі!» І сказаў увесь народ: «Амэн!», і славіў ГОСПАДА.

37 І [Давід] пакінуў там, перад Каўчэгам Запавету ГОСПАДА, Асафа і братоў ягоных, каб яны служылі перад Каўчэгам заўсёды, паводле патрэбы кожнага дня,

38 і Абэд-Эдома і братоў ягоных, шэсьцьдзясят восем; а Абэд-Эдома, сына Едутуна, і Хосу прыдзьвернікамі,

39 а Цадока, сьвятара, і братоў ягоных, сьвятароў — перад Сялібай ГОСПАДА, на ўзгорку, які ў Гібэоне,

40 каб складалі цэласпаленьні ГОСПАДУ на ахвярніку цэласпаленьня заўсёды, раніцаю і ўвечары, паводле ўсіх пастановаў Закону ГОСПАДА, які Ён загадаў Ізраілю.

41 І з імі Гэмана і Едутуна і іншых выбраных, якія прызначаныя па імёнах, каб славіць ГОСПАДА, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная.

42 Пры іх Гэман і Едутун з трубамі і цымбаламі, каб граць, і з інструмэнтамі для сьпеваў Божых; а сыны Едутуна — пры браме.

43 І адыйшоў увесь народ, кожны ў дом свой, і вярнуўся Давід, каб дабраславіць дом свой.

 

Разьдзел 17

1 І сталася, калі Давід жыў у доме сваім, сказаў Давід Натану прароку: «Вось, я жыву ў доме кедровым, а Каўчэг Запавету ГОСПАДА пад заслонамі [намёту]».

2 І сказаў Натан Давіду: «Усё, што ў сэрцы тваім, рабі, бо Бог з табою».

3 І сталася ў тую ноч, і было слова Божае да Натана, кажучы:

4 «Ідзі і скажы Давіду, слузе Майму: “Гэтак кажа ГОСПАД. Ня ты збудуеш Мне дом, каб Я жыў [у ім].

5 Бо Я ня жыў у доме ад дня, калі вывеў сыноў Ізраіля, і да дня гэтага, і Я перахо­дзіў з намёту ў намёт, і з сялібы [ў сялібу].

6 І ўсюды, дзе Я хадзіў па ўсім Ізраілі, ці сказаў Я слова аднаму з судзьдзяў Ізраіля, якім Я загадаў пасьвіць народ Мой, кажучы: “Дзеля чаго вы не пабудавалі Мне дом кедровы?”

7 І цяпер гэтак скажы слузе Майму Давіду: “Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Я ўзяў цябе ад абораў, калі ты хадзіў за авечкамі, каб ты стаў правадыром над народам Маім, Ізраілем.

8 І Я быў з табою ўсюды, куды ты хадзіў, і Я выгубіў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, і зрабіў табе імя, як імя вялікіх на зямлі.

9 І Я прыгатаваў месца для народу Майго, Ізраіля, і пасадзіў іх, і яны будуць жыць на месцы сваім, і ня будуць палохаць іх болей, і ня будуць перасьледаваць іх сыны нягоднасьці, каб вынішчаць іх, як [было] ўперад,

10 у той час, калі Я прызначаў судзьдзяў над народам Маім, Ізраілем. І Я скарыў усіх ворагаў тваіх, і абвяшчаю табе, што ГОСПАД збудуе табе дом.

11 І станецца, калі напоўняцца дні твае, каб ты пайшоў да бацькоў тваіх, Я падыму насеньне тваё пасьля цябе, якое будзе з сыноў тваіх, і ўмацую валадарства ягонае.

12 Ён пабудуе Мне дом, і Я ўмацую пасад ягоны на вякі.

13 І Я буду яму Бацькам, а ён будзе Мне сынам, і міласэрнасьці Маёй не забяру ад яго, як Я забраў ад таго, які быў перад табою.

14 І Я пастаўлю яго ў доме Маім і ў валадарстве Маім на вякі, і пасад ягоны будзе трываць на вякі”».

15 Паводле ўсіх гэтых словаў і паводле ўсяго гэтага відзежу прамаўляў Натан да Давіда.

16 І прыйшоў валадар Давід, і сеў перад абліччам ГОСПАДА, і сказаў: «Хто я, ГОСПАДЗЕ Божа, і хто дом мой, што Ты прывёў мяне аж сюды?

17 Але і гэтага мала было ў вачах Тваіх, Божа; і Ты прамовіў пра дом слугі Твайго на доўгія часы, і глянуў на мяне, як на чалавека ўзьвялічанага, ГОСПАДЗЕ!

18 Што яшчэ можа дадаць Табе Давід за ўслаўленьне слугі Твайго? Ты ведаеш слугу Твайго.

19 ГОСПАДЗЕ! Дзеля слугі Твайго і паводле сэрца Твайго Ты ўчыніў усе гэтыя [справы] вялікія, каб выявілася ўся вялікасьць [Твая].

20 ГОСПАДЗЕ! Няма нікога, як Ты, і няма Бога, апрача Цябе, [Які зрабіў] усё, што мы чулі вушамі сваімі.

21 І хто як народ Твой, Ізраіль, адзіны народ на зямлі, да якога прыйшоў Бог, каб выкупіць Сабе народ і зрабіць Сабе імя вялікімі і страшнымі справамі, выгнаўшы паганаў перад абліччам народу Свайго, які Ты выкупіў з Эгіпту?

22 І Ты зрабіў народ Твой, Ізраіля, народам Сваім на вякі, і Ты, ГОСПАДЗЕ, стаў для іх Богам.

23 І цяпер, ГОСПАДЗЕ, слова, якое Ты прамовіў пра слугу Твайго і пра дом ягоны, няхай будзе верным на вякі, і зрабі так, як Ты прамовіў.

24 Няхай станецца верным і вялікім імя Тваё на вякі, каб казалі: “ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля — гэта Бог над Ізраілем”. І дом Давіда, слугі Твайго, няхай будзе ўмацаваны перад абліччам Тваім.

25 Бо Ты, Божа мой, адкрыў у вуха слузе Твайму, што Ты пабудуеш яму дом. Дзеля гэтага адважыўся слуга Твой маліцца перад абліччам Тваім.

26 І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Ты — Бог, і Ты сказаў пра слугу Твайго столькі добрага.

27 І цяпер пачні дабраслаўляць дом слугі Твайго, каб ён быў вечна перад абліччам Тваім, бо Ты, ГОСПАДЗЕ, дабраславіў [яго], і ён будзе дабраслаўлёны на вякі».

 

Разьдзел 18

1 І сталася пасьля гэтага, што Давід разьбіў Філістынцаў, і ўпакорыў іх, і ўзяў Гат і вёскі ягоныя з рукі Філістынцаў.

2 І разьбіў ён Мааўлянаў, і сталі Мааўляне слугамі Давіда, даючы яму дары.

3 І разьбіў Давід Гададэзэра, валадара Цовы, у Хамаце, калі той ішоў, каб умацаваць уладу сваю над ракою Эўфрат.

4 І ўзяў Давід у яго тысячу калясьніцаў, сем тысячаў коньнікаў і дваццаць тысячаў пяхотнікаў, і падрэзаў Давід жылы ўсім [коням] калясьнічным, і пакінуў з іх на сто калясьніцаў.

5 І прыйшоў Арам з Дамаску на дапамогу Гададэзэру, валадару Цовы, і разьбіў Давід у Арама дваццаць дзьве тысячы чалавек.

6 І паставіў Давід [залогу] ў Арама ў Дамаску, і Арамляне сталі слугамі Давіда, прыносячы [яму] дары. І ГОСПАД дапамагаў Давіду паўсюль, дзе ён хадзіў.

7 І ўзяў Давід шчыты залатыя, якія былі ў слугаў Гададэзэра, і прынёс іх у Ерусалім.

8 А з Тыўхаты і Зуну, гарадоў Гададэзэра, узяў Давід вельмі шмат медзі. З яе Салямон зрабіў мора мядзянае, і слупы, і начыньне мядзянае.

9 І пачуў Тоў, валадар Хамату, што Давід разьбіў усё войска Гададэзэра, валадара Цовы.

10 І паслаў Гадарама, сына свайго, да валадара Давіда, каб запытацца пра супакой, і каб дабраславіць яго за тое, што ён ваяваў з Гададэзэрам і разьбіў яго, бо Тоў вёў вайну з Гададэзэрам, і [ён паслаў] усялякія начыньні залатыя, срэбныя і мядзяныя.

11 Таксама гэтае начыньне пасьвяціў валадар Давід для ГОСПАДА разам са срэбрам і золатам, якое ён узяў у-ва ўсіх народаў, у Эдома, у Маава, у сыноў Амона, у Філістынцаў і Амалека.

12 І Абішай, сын Цэруі, разьбіў Эдамлянаў у Саляной даліне, васямнаццаць тысячаў;

13 І паставіў ён залогі ў Эдоме, і стаў увесь Эдом слугамі Давіда. І дапамагаў ГОСПАД Давіду паўсюль, дзе ён хадзіў.

14 І валадарыў Давід над усім Ізраілем, і чыніў суд і праведнасьць усяму народу свайму.

15 Ёаў, сын Цэруі, [быў] над войскам, Язафат, сын Ахілюда — канцлер,

16 Цадок, сын Ахітува, і Абімэлех, сын Абіятара — сьвятары, Шаўша — пісар,

17 Бэная, сын Егаяды — над Керэтамі і Пэлетамі; а сыны Давіда — першыя пры валадары.

 

Разьдзел 19

1 І сталася пасьля гэтага, і памёр Нахаш, валадар сыноў Амона, і заваладарыў сын ягоны пасьля яго.

2 І сказаў Давід: «Зьяўлю міласэрнасьць Хануну, сыну Нахаша, бо бацька ягоны зьявіў мне міласэрнасьць». І паслаў Давід пасланцоў пацешыць яго па бацьку ягоным. І прыйшлі слугі Давіда ў зямлю сыноў Амона да Хануна, каб пацешыць яго.

3 І сказалі князі сыноў Амона Хануну: «Ці Давід шануе бацьку твайго ў вачах тваіх, што ён прыслаў пацяшыцеляў да цябе? Ці ня дзеля таго, каб высачыць і зьнішчыць, і выведаць зямлю прыйшлі слугі ягоныя да цябе?»

4 І ўзяў Ханун слугаў Давіда, і пагаліў іх, і абрэзаў адзеньне іхняе напалову, да азадкаў, і адпусьціў іх.

5 І прыйшлі яны, і паведамілі Давіду пра людзей гэтых. І ён паслаў ім насустрач, бо яны былі вельмі асаромленыя. І сказаў валадар: «Застаньцеся ў Ерыхоне, пакуль адрастуць бароды вашыя, і тады вернецеся».

6 І ўбачылі сыны Амона, што яны сталі ненавісныя Давіду, і паслаў Ханун і сыны Амона тысячу талентаў срэбра, каб наняць сабе калясьніцы і вершнікаў з Арам-Нагараіму, і з Арам-Маахі, і з Цовы.

7 І яны нанялі сабе трыццаць дзьве тысячы калясьнічнікаў і валадара Маахі, і народ ягоны. І яны прыйшлі, і паставілі [намёты] перад абліччам Мэдэвы. І сыны Амона сабраліся з гарадоў сваіх, і прыйшлі на бітву.

8 І пачуў Давід, і паслаў Ёава з усім войскам волатаў.

9 І вырушылі сыны Амона, і пашыхтаваліся на бітву каля брамы гораду, а валадары, якія прыйшлі, [стаялі] асобна ў полі.

10 І ўбачыў Ёаў, што будзе ў яго бітва сьпераду і ззаду, і выбраў усіх выбранцоў Ізраіля, і выставіў іх у шыхт супраць Араму.

11 А рэшту народу даў пад руку Абішая, брата свайго, і яны сталі ў шыхце супраць сыноў Амона.

12 І сказаў ён: «Калі Арам будзе мацнейшы за мяне, ты прый­дзеш на дапамогу мне; а калі сыны Амона будуць мацнейшыя за цябе, я дапамагу табе.

13 Будзь моцны, і будзем цьвёрда стаяць за народ наш і за гарады Бога нашага. А ГОСПАД няхай зробіць, што добра ў вачах Ягоных».

14 І вырушыў Ёаў і народ, які з ім, на бітву з Арамам; і тыя ўцяклі перад абліччам ягоным.

15 А сыны Амона ўбачылі, што ўцёк Арам, і самі ўцяклі ад Абішая, брата ягонага, і ўвайшлі ў горад, а Ёаў пайшоў у Ерусалім.

16 І ўбачыў Арам, што яны пабітыя перад абліччам Ізраіля, і паслаў пасланцоў, і прывялі Арамлянаў, якія былі з таго боку ракі, і Шафах, князь войска Гададэзэра, [быў] на чале іх.

17 І паведамілі Давіду, і ён сабраў усяго Ізраіля, і перайшоў Ярдан, і прыйшоў да іх, і паставіў шыхт супраць іх, і паставіў шыхт Давід для бітвы супраць Арама, і біліся з ім.

18 І ўцёк Арам перад абліччам Ізраіля, і забіў Давід у Арама сем тысячаў калясьнічнікаў, і сорак тысячаў пяхотнікаў, і Шафаха, князя войска, усьмерціў.

19 І ўбачылі слугі Гададэзэра, што яны пабітыя перад абліччам Ізраіля, і замірыліся з Давідам, і служылі яму. І не хацеў Арам больш ратаваць сыноў Амона.

 

Разьдзел 20

1 І сталася праз год, у часе выхаду валадароў [на вайну], вывеў Ёаў войска вялікае, і спустошыў зямлю сыноў Амона, і прыйшоў, і аблёг Раббу. А Давід застаўся ў Ерусаліме. І здабыў Ёаў Раббу, і зруйнаваў яе.

2 І ўзяў Давід карону валадара іхняга з галавы ягонай; і знайшоў, што яна важыла талент золата, і быў на ёй камень каштоўны; і была яна на галаве ў Давіда. І здабычы вельмі шмат ён вынес з гораду.

3 А народ, які быў у ім, вывеў і палажыў іх пад пілы, і цапы жалезныя, і сякеры. Гэтак зрабіў Давід з усімі гарадамі сыноў Амона. І вярнуўся Давід і ўвесь народ у Ерусалім.

4 І сталася пасьля гэтага, пачалася вайна з Філістынцамі ў Гэзэры. Тады Сібэхай Хушанін забіў Сіпая, аднаго з нашчадкаў Рэфаімаў, і яны былі пабітыя.

5 І яшчэ была вайна з Філістынцамі. І Эльханан, сын Яіра, забіў Ляхмі, брата Галіята, Хітыта, у якога тронак дзіды быў як навой ткацкі.

6 І была яшчэ вайна ў Гаце, і быў адзін чалавек высокага росту, у якога было па шэсьць пальцаў, усяго дваццаць чатыры, і ён таксама паходзіў з Рэфаімаў.

7 І ён блюзьніў на Ізраіля; і забіў яго Ёнатан, сын Шымы, брата Давіда.

8 Гэта былі народжаныя з Рэфаімаў у Гаце, і яны загінулі ад рукі Давіда і ад рукі слугаў ягоных.

 

Разьдзел 21

1 І паўстаў шатан на Ізраіля, і зьвёў Давіда, каб ён палічыў Ізраіля.

2 І сказаў Давід Ёаву і князям народу: «Ідзіце, палічыце Ізраіль ад Бээр-Шэвы аж да Дана, і прынясіце мне, каб я ведаў лік іхні».

3 І сказаў Ёаў: «Няхай памножыць ГОСПАД стакроць народ Свой больш таго, колькі яго ёсьць. Ці ня ўсе яны, гаспадару мой, валадару, слугі гаспадара майго? Навошта шукае гэтага гаспадар мой? Навошта гэта мае быць віною Ізраілю?»

4 Але слова валадара перамагло Ёава; і выйшаў Ёаў, і хадзіў па ўсім Ізраілі, і прыйшоў у Ерусалім.

5 І даў Ёаў лічбу палічанага народу Давіду; і было ўсіх Ізраільцян тысяча тысячаў і сто тысячаў мужоў, якія выцягваюць меч, а ў Юды — чатырыста семдзясят тысячаў, якія выцягваюць меч.

6 А Левія і Бэн’яміна ён не палічыў між імі, бо слова валадара было агідным для Ёава.

7 І кепскай была ў вачах Божых справа гэтая, і Ён ударыў Ізраіля.

8 І сказаў Давід Богу: «Моцна саграшыў я, што зрабіў рэч гэтую. І цяпер даруй беззаконьне слузе Твайму, бо я зрабіў вельмі неразумна».

9 І прамовіў ГОСПАД да Гада, відушчага Давіда, кажучы:

10 «Ідзі і прамоў да Давіда, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД. Тры [кары] Я кладу перад табою. Выбяры сабе адну з іх, і Я зраблю табе”».

11 І прыйшоў Гад да Давіда, і сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “Вазьмі сабе

12 або тры гады голаду, або тры месяцы будзеш уцякаць перад ворагамі тваімі, і меч ворагаў тваіх будзе даганяць цябе; або тры дні — меч ГОСПАДА і пошасьць на зямлі, і анёл ГОСПАДА будзе нішчыць у-ва ўсіх межах Ізраіля”. І цяпер разваж, якое слова прынесьці мне Таму, Хто паслаў мяне».

13 І сказаў Давід Гаду: «Цяжка мне вельмі! Лепш патраплю ў рукі ГОСПАДА, бо вельмі вялікая міласьць Ягоная, але я ня траплю ў рукі чалавека».

14 І спаслаў ГОСПАД заразу на Ізраіля, і памерла ў Ізраілі семдзясят тысячаў мужоў.

15 І паслаў Бог анёла ў Ерусалім, каб нішчыць яго. І, калі ён нішчыў, глянуў ГОСПАД, і пашкадаваў, што [адбываецца] ліха, і сказаў анёлу нішчыцелю: «Досыць ужо! Стрымай руку тваю». А анёл ГОСПАДА стаяў каля току Арнана Евусэя.

16 І ўзьняў Давід вочы свае, і ўбачыў анёла ГОСПАДА, які стаяў паміж зямлёй і небам, і меч ягоны аголены ў руцэ ягонай, скіраваны на Ерусалім. І ўпаў Давід і старшыні, якія былі апранутыя ў зрэбніцы, на абліччы свае.

17 І сказаў Давід Богу: «Ці ж ня я сказаў, каб палічыць народ? І я — той, хто саграшыў і ўчыніў злачынства. А гэтыя авечкі, што яны зрабілі? ГОС­ПАДЗЕ, Божа мой! Няхай будзе рука Твая на мне і на доме бацькі майго, а ў народзе Тваім няхай ня будзе загубы».

18 І анёл ГОСПАДА сказаў Гаду, і ён сказаў Давіду, каб Давід пайшоў і паставіў ахвярнік ГОСПАДУ на таку Арнана Евусэя.

19 І пайшоў Давід, паводле слова Гада, якое ён прамовіў у імя ГОСПАДА.

20 І павярнуў Арнан, і ўбачыў анёла, і чатыры сыны ягоныя, [што былі] з ім, і схаваліся. А Арнан малаціў пшаніцу.

21 І прыйшоў Давід да Арнана. І глянуў Арнан, і ўбачыў Давіда, і выйшаў з току, і пакланіўся Давіду абліччам да зямлі.

22 І сказаў Давід Арнану: «Дай мне месца току, і я пабудую на ім ахвярнік ГОСПАДУ. За срэбра поўнай [вагі] дай мне яго, і будзе забраная пляга ад народу».

23 І сказаў Арнан Давіду: «Вазьмі сабе [яго], і няхай гаспадар мой, валадар, робіць тое, што добрае ў вачах ягоных. Глядзі, я даю валоў на цэласпаленьне, і малатарню на дровы, і пшаніцу — на ахвяру хлебную, усё гэта я даю».

24 І сказаў валадар Давід Арнану: «Не, бо, купляючы, куплю за срэбра поўнай [вагі], бо не вазьму таго, што тваё, каб скласьці ГОСПАДУ ахвяру цэласпаленьня дармовага».

25 І даў Давід Арнану за месца гэтае золата вагою шэсьцьсот сыкляў.

26 І пабудаваў там Давід ахвярнік ГОСПАДУ, і склаў ахвяры цэласпаленьня, і ахвяры мірныя, і клікаў ГОСПАДА, і Ён адказаў яму агнём з неба на ахвярнік цэласпаленьня.

27 І сказаў ГОСПАД анёлу, і ён вярнуў меч свой у похвы свае.

28 У той час, калі ўбачыў Давід, што адказаў яму ГОСПАД на таку Арнана Евусэя, ён склаў там ахвяру.

29 А Сяліба ГОСПАДА, якую зрабіў Майсей у пустыні, і ахвярнік цэласпаленьня былі ў той час на ўзгорку ў Гібэоне.

30 І ня мог Давід пайсьці да яго, каб спытацца ў Бога, бо быў напалоханы мячом анёла ГОСПАДА.

 

Разьдзел 22

1 І сказаў Давід: «Тут [будзе] Дом ГОСПАДА Бога, і тут [будзе] ахвярнік цэласпаленьня для Ізраіля».

2 І сказаў Давід, каб сабралі прыхадняў, якія былі ў зямлі Ізраіля, і паставіў каменяроў рабіць чэсаныя камяні на будоўлю Дому Божага.

3 І мноства жалеза на цьвікі для брамных варотаў і на клямкі падрыхтаваў Давід, і мноства медзі, [што] не было вагі,

4 і дрэва кедровага бяз ліку, бо Сідонцы і Тырыяне прывезьлі для Давіда шмат дрэва кедровага.

5 І сказаў Давід: «Салямон, сын мой, — малады і кволы, а Дом, які будзе пабудаваны для ГОСПАДА, мае быць вялікі і ўзьнесены, для славы і велічы на ўсёй зямлі. Я падрыхтую гэта для яго». І падрыхтаваў Давід мноства [ўсяго] перад сьмерцю сваёй.

6 І паклікаў Салямона, сына свайго, і загадаў яму пабудаваць Дом ГОСПАДУ, Богу Ізраіля.

7 І сказаў Давід Салямону: «Сыне мой, я меў у сэрцы маім пабудаваць Дом для імя ГОСПАДА, Бога майго.

8 І было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы: “Ты разьліў шмат крыві і вёў войны вялікія. Ты не пабудуеш Дом для імя Майго, бо ты разьліў шмат крыві на зямлі перада абліччам Маім.

9 Вось, сын народзіцца ў цябе, ён будзе чалавек супакою, і Я дам яму супакой ад усіх ворагаў ягоных навокал, бо імя ягонае будзе Салямон. Мір і цішыню Я дам Ізраілю ў дні ягоныя.

10 Ён пабудуе Дом для імя Майго, і ён будзе Мне сынам, а Я яму — Бацькам, і Я ўмацую пасад валадарства ягонага над Ізраілем на вякі”.

11 Цяпер, сыне мой, няхай будзе ГОСПАД з табою, і бу­дзеш мець посьпех, і пабудуеш Дом ГОСПАДУ, Богу твайму, як Ён прамовіў пра цябе.

12 Толькі няхай дасьць табе ГОСПАД розум і разуменьне, і няхай паставіць цябе над Ізраілем, а ты захоўвай Закон ГОСПАДА, Бога твайго.

13 Тады ты будзеш мець посьпех, калі будзеш захоўваць і выконваць пастановы і прысуды, якія загадаў ГОСПАД праз Майсея для Ізраіля. Будзь цьвёрды і мужны, ня бойся і не палохайся.

14 І вось, я ў нястачы сваёй падрыхтаваў для Дому ГОСПАДА золата сто тысячаў талентаў і срэбра тысяча тысячаў талентаў, а медзі і жалезу няма вагі, бо іх мноства. І дрэва, і камяні я падрыхтаваў, а ты яшчэ дадай да гэтага.

15 У цябе мноства работнікаў для працы; каменяроў і разьбяроў, і цесьляроў, і ўсіх, здольных да ўсякай работы.

16 Золата, срэбра, медзі і жалезу няма лічбы. Устань і рабі; і ГОСПАД будзе з табою».

17 І загадаў Давід усім князям Ізраіля, каб дапамагалі Салямону, сыну ягонаму:

18 «Ці ГОСПАД, Бог ваш, ня з вамі? І Ён даў супакой навокал, бо Ён аддаў у рукі мае жыхароў зямлі гэтай, і здабытая зямля гэтая перад абліччам ГОСПАДА і перад абліччам народу Ягонага.

19 Цяпер скіруйце сэрцы вашыя і душы вашыя, каб шукаць ГОСПАДА, Бога вашага. Устаньце і пабудуйце сьвятыню ГОСПАДУ Богу, каб прынесьці Каўчэг Запавету ГОСПАДА і сьвятое начыньне Божае ў Дом, які пабудаваны для імя ГОСПАДА».

 

Разьдзел 23

1 І Давід стаў стары і насычаны днямі, і ён паставіў Салямона, сына свайго, за валадара над Ізраілем.

2 І сабраў ён усіх князёў, і сьвятароў, і лявітаў.

3 І былі палічаны лявіты ад трыццаці гадоў і вышэй; і быў лік іхні, паводле галоваў мужчынаў, — трыццаць восем тысячаў.

4 З іх для кіраваньня працаю ў Доме ГОСПАДА — дваццаць чатыры тысячы, а наглядчыкаў і судзьдзяў — шэсьць тысячаў.

5 І чатыры тысячы прыдзьвернікаў, і чатыры тысячы тых, якія хваляць ГОСПАДА на [музычных] інструмэнтах, якія зробленыя для хвалы.

6 І падзяліў іх Давід на чэргі паводле сыноў Левія — Гершома, Кегата і Мэрары.

7 З [сыноў] Гершома — Лаэдан і Шымэй.

8 Сыны Лаэдана: галоўны — Ехіэль, Зэтам і Ёэль, тры.

9 Сыны Шымэя: Шэляміт, Хазіэль і Харан, тры. Гэта галовы [дамоў] бацькоў Лаэдана.

10 Сыны Шымэя: Яхат, Зіна, Еуш і Бэрыя. Гэта сыны Шымэя, чатыры.

11 Яхат быў галоўны, а Зіна — другі; але Еуш і Бэрыя ня мелі шмат сыноў, і яны былі ў адной чарзе дому бацькі [свайго].

12 Сыны Кегата: Амрам, Іцгар, Хеўрон і Узіэль, чатыры.

13 Сыны Амрама: Аарон і Майсей. Аарон быў аддзелены, каб пасьвяціць яго для Сьвятога Сьвятых, яго і сыноў ягоных, на вякі, каб яны кадзілі перад абліччам ГОСПАДА, каб служылі Яму і дабраслаўлялі ў імя Ягонае на вякі.

14 А Майсей [быў] чалавек Божы, сыны ягоныя залічаныя да калена Левія.

15 Сын Майсея: Гершом і Эліэзэр.

16 Сыны Гершома: Шэвуэль галоўны.

17 І былі сыны Эліэзэра: Рэхавія галоўны. І не было ў Эліэзэра іншых сыноў, а сыноў Рэхавіі было вельмі шмат.

18 Сыны Іцгара: Шэляміт галоўны.

19 Сыны Хеўрона: Ерыя галоўны, Амарыя другі, Ехазіэль трэці, Екамэам чацьвёрты.

20 Сыны Узіэля: Міха галоўны, Ішшыя другі.

21 Сыны Мэрары: Махлі і Мушы. Сыны Махлі: Элеазар і Кіш.

22 І памёр Элеазар, і не было ў яго сыноў, але толькі дочкі; і ўзялі іх сыны Кіша, браты іхнія.

23 Сыны Мушы: Махлі, Эдэр, Ірэмот, тры.

24 Гэта сыны Левія, паводле дамоў бацькоў сваіх, галовы [дамоў] бацькоў, паводле сьпісаў сваіх, паводле ліку імёнаў, паводле галоваў іхніх, якія рабілі працу служэньня ў Доме ГОСПАДА, ад дваццаці гадоў і вышэй.

25 Бо Давід сказаў: «ГОСПАД, Бог Ізраіля, даў супакой народу Свайму, і Ён будзе жыць у Ерусаліме на вякі.

26 І таксама лявітам ня трэба насіць Сялібу і ўсялякія прылады ейныя для служэньня ў ёй».

27 Таму, паводле апошніх словаў Давіда, палічаны сыны Левія ад дваццаці гадоў і вышэй,

28 бо занятак іхні — быць пры сынах Аарона для служэньня ў Доме ГОСПАДА, на панадворках і ў пакоях, і дзеля ачышчэньня ўсяго сьвятога, і для выкананьня служэньня ў Доме Божым,

29 і пры хлябах пакладных, і пры муцэ для ахвяры хлебнай, пры печыве прэсным, пры тым, што печанае і што смажанае, і пры ўсім, што ўзважва­юць і мераюць,

30 і каб яны станавіліся кожную раніцу славіць і хваліць ГОСПАДА, а таксама ўвечары,

31 і пры ахвярах цэласпаленьня для ГОСПАДА ў суботы, у маладзік і ў сьвяты, у ліку, паводле парадку, вызначанага ім, назаўсёды перад абліччам ГОСПАДА,

32 і каб яны стаялі на варце пры Намёце Спатканьня, на варце сьвятыні, і на варце пры сынах Аарона, братах сваіх, на служэньні ў Доме ГОСПАДА.

 

Разьдзел 24

1 І вось чэргі сыноў Аарона. Сыны Аарона: Надаў, Абігу, Элеазар і Ітамар.

2 І памерлі Надаў і Абігу перад абліччам бацькі свайго, а сыноў не было ў іх; і былі сьвятарамі Элеазар і Ітамар.

3 І падзяліў іх Давід і Цадок з сыноў Элеазара, і Ахімэлех з сыноў Ітамара, на чэргі іхнія паводле служэньня іхняга.

4 І больш знайшлося галоўных мужоў з сыноў Элеазара, чым з сыноў Ітамара. І былі яны падзелены: з сыноў Элеазара — шаснаццаць галоваў дамоў бацькоў іхніх, з сыноў Ітамара — восем, паводле дамоў бацькоў іхніх.

5 І падзялілі іх жэрабем, адных і другіх, каб былі князі сьвятыні і князі Божыя з сыноў Элеазара і з сыноў Ітамара.

6 І запісаў іх Шэмая, сын Нэтаніэля, пісар з лявітаў, перад абліччам валадара і князёў, і перад Цадокам сьвятаром і Ахімэлехам, сынам Абіятара, і перад галовамі [дамоў] бацькоў сьвятароў і лявітаў. Адзін дом бацькоў узяты ад Элеазара, і адзін — ад Ітамара.

7 І выпала першае жэрабя на Егаярыва, другое — на Едаю.

8 на Харыма трэцяе, на Сэарыма чацьвёртае,

9 на Малхію пятае, на Міяміна шостае,

10 на Гаккоца сёмае, на Абію восьмае,

11 на Ешуа дзявятае, на Шэханію дзясятае,

12 на Эляшыва адзінаццатае, на Якіма дванаццатае,

13 на Хуппу трынаццатае, на Ешэвава чатырнаццатае,

14 на Більгу пятнаццатае, на Імэра шаснаццатае,

15 на Хэзіра сямнаццатае, на Гапіцэца васямнаццатае,

16 на Пэтахію дзевятнаццатае, на Ехэзкэля дваццатае,

17 на Яхіна дваццаць першае, на Гамуля дваццаць другое,

18 на Дэлаю дваццаць трэцяе, на Маазію дваццаць чацьвёртае.

19 Гэта чэргі іхнія для служэньня іхняга, каб яны прыходзілі ў Дом ГОСПАДА паводле пастановы сваёй, [дадзенай] праз Аарона, бацьку іхняга, як загадаў яму ГОСПАД, Бог Ізраіля.

20 А пазасталыя з сыноў Левія: з сыноў Амрама — Шуваэль; з сыноў Шуваэля — Ехдэя;

21 Ад Рэхаўі з сыноў Рэхаўі галоўны Ішыя.

22 Ад Іцгара — Шэлямот; з сыноў Шэлямота — Яхат.

23 Сыны [Хеўрона]: Ерыя, Амарыя другі, Яхазіэль трэці, Екамэам чацьвёрты.

24 Сыны Узіэля: Міха; з сыноў Міхі — Шамір.

25 Брат Міхі — Ішыя; з сыноў Ішыі — Захарыя.

26 Сыны Мэрары: Махлі і Мушы. Сыны Яазіі: Бэно.

27 Сыны Мэрары з Яазіі: Бэно, Шагам, Заккур і Іўры.

28 Ад Махлі — Элеазар; і не было ў яго сыноў.

29 Ад Кіша сыны Кіша: Ерахмээль.

30 Сыны Мушы: Махлі, Эдэр і Ерымот. Гэта сыны лявітаў паводле дамоў бацькоў іхніх.

31 І кідалі яны таксама жэрабя, як і браты іхнія, сыны Аарона, перад абліччам валадара Давіда, і Цадока, і Ахімэлеха, і перад галовамі [дамоў] бацькоў сьвятарскіх і лявіцкіх, галовы [дамоў] бацькоў аднолькава з меншым братам сваім.

 

Разьдзел 25

1 І аддзяліў Давід і князі войска на служэньне сыноў Асафа і Гэмана, і Едутуна, каб яны гралі на гусьлях, псалтырах і цымбалах. І быў лік мужоў пры працы гэтай у служэньні іхнім:

2 з сыноў Асафа: Заккур, Язэп, Нэтанія, Асарэла, сыны Асафа, пад рукою Асафа, які граў пад рукою валадара.

3 Ад Едутуна сыны Едутуна: Гэдалія, Цэры, Ешая, Хашавія і Матытыя, шасьцёра пад рукою Едутуна, бацькі іхняга, які граў на гусьлях на славу і хвалу для ГОСПАДА.

4 Ад Гэмана сыны Гэмана: Буккія, Маттанія, Узіэль, Шэвуэль, Ерымот, Хананія, Ханані, Эліята, Гідалты, Ромамты-Эзэр, Ёшбэкаша, Маллоты, Махазіёт.

5 Усе гэтыя — сыны Гэмана, відушчага валадара ў словах Божых, каб узвышаўся рог [ягоны]. І даў Бог Гэману чатырнаццаць сыноў і тры дачкі.

6 Усе яны пад рукою бацькі свайго сьпявалі ў Доме ГОСПАДА з цымбаламі, псалтырамі і гусьлямі на служэньні ў Доме Божым, пад рукою валадара: Асаф, Едутун і Гэман.

7 І быў лік іх з братамі іхнімі, навучанымі сьпяваць для ГОСПАДА, усіх настаўнікаў — дзьвесьце восемдзясят восем.

8 І кінулі яны жэрабя пра чаргу служэньня, як малы, так і вялікі, настаўнік і вучань.

9 І выпала першае жэрабя ад Асафа на Язэпа; другім [стаў] Гэдалія, ён і браты ягоныя, і сыны ягоныя — дванаццаць;

10 трэці — Заккур; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

11 чацьвёрты — Іцры; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

12 пяты — Нэтанія; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

13 шосты — Буккія; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

14 сёмы — Есарыэла; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

15 восьмы — Ешая; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

16 дзявяты — Маттанія; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

17 дзясяты — Шымэй; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

18 адзінаццаты — Азарэль; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

19 дванаццаты — Хашавія; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

20 трынаццаты — Шуваэль; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

21 чатырнаццаты — Матытыя; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

22 пятнаццаты — Ерымот; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

23 шаснаццаты — Хананія; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

24 сямнаццаты — Ёшбэкаша; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

25 васямнаццаты — Ханані; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

26 дзевятнаццаты — Маллоты; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

27 дваццаты — Эліята; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

28 дваццаць першы — Гатыра; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

29 дваццаць другі — Гідалты; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

30 дваццаць трэці — Махазіёт; сыноў ягоных і братоў ягоных дванаццаць;

31 дваццаць чацьвёрты — Ромамты-Эзэр; сыноў ягоных і  ратоў ягоных дванаццаць.

 

Разьдзел 26

1 Чэргі прыдзьвернікаў, з [сыноў] Караха: Мэшэлемія, сын Карэ, з сыноў Асафа.

2 І ў Мэшэлеміі сыны: Захарыя першародны, Эдыяэль другі, Зэвадыя трэці, Ятніэль чацьвёрты,

3 Элям пяты, Егаханан шосты, Эліэгаэнай сёмы.

4 Сыны Абэд-Эдома: Шэмая першародны, Егазавад другі, Ёах трэці, Сахар чацьвёрты, Натанаэль пяты,

5 Аміэль шосты, Ісахар сёмы, Пэўлетай восьмы, бо Бог дабраславіў яго.

6 І ў Шэмаі, сына ягонага, нарадзіліся сыны, якія кіравалі ў доме бацькі свайго, бо яны магутныя і мужныя.

7 Сыны Шэмаі: Атні і Рафаэль, Абэд, Элізавад, браты ягоныя, сыны магутныя, Элігу і Самахія.

8 Усе яны — з сыноў Абэд-Эдома; яны, і сыны іхнія, і браты іхнія, мужы магутныя, здатныя да служэньня: шэсьдзясят два з Абэд-Эдома.

9 І ў Мэшэлеміі сыноў і братоў, сыноў магутных — васямнаццаць.

10 І ў Хосы, з сыноў Мэрары, [былі] сыны: Шымры галоўны, хоць ён ня быў першародны, але бацька ягоны паставіў яго за галоўнага,

11 Хілкія другі, Тэвалія трэці, Захарыя чацьвёрты; усіх сыноў і братоў у Хосы [было] трынаццаць.

12 З іх былі чэргі прыдзьвернікаў, з галоўных мужоў, якія трымалі варту з братамі сваімі на служэньні ў Доме ГОСПАДА.

13 І кідалі яны жэрабя, як малы, так і вялікі, паводле дамоў бацькоў сваіх, пра кожную браму.

14 І выпала жэрабя на ўсход для Шэлеміі. Для Захарыі, сына ягонага, разумнага дарадцы, кідалі жэрабя, і выпала яму жэрабя на поўнач;

15 для Абэд-Эдома — на поўдзень, а сынам ягоным — каморы;

16 для Шуппіма і Хосы — на захад, каля брамы Шалехет, пры шырокай дарозе, якая ўзыходзіць, варта насупраць варты.

17 На ўсход — шэсьць лявітаў, на поўнач — на дзень чатыры, на поўдзень — на дзень чатыры, і пры каморах — два;

18 на панадворку на захад — чатыры пры шырокай дарозе і два на самім панадворку.

19 Гэта чэргі прыдзьвернікаў, сыноў Караха і сыноў Мэрары.

20 І лявіты: Ахія — над скарбніцамі Дому Божага і над скарбніцамі рэчаў пасьвячоных.

21 Сыны Лаэдана, сына Гершона, ад Лаэдана, галовы [дому] бацькоў Лаэдана, сына Гершона: Ехіэль.

22 Сыны Ехіэля: Зэтам і Ёэль, брат ягоны, — над скарбніцамі Дому ГОСПАДА.

23 Для [сыноў] Амрама, Іцгара, Хеўрона і Узіэля:

24 Шэвуэль, сын Гершома, сына Майсея, быў уладаром над скарбніцамі.

25 І браты ягоныя ад Элезэра: Рэхавія, сын ягоны, і Ішая, сын ягоны, і Ёрам, сын ягоны, і Зіхры, сын ягоны, і Шэляміт, сын ягоны.

26 Шэляміт і браты ягоныя [былі] над усімі скарбніцамі рэчаў пасьвячоных, якія пасьвяцілі валадар Давід і галовы [дамоў] бацькоў, тысячнікі, сотнікі і князі войска.

27 З заваяваньняў і са здабычы яны пасьвячалі на падтрыманьне Дому ГОСПАДА.

28 І ўсё, што пасьвяціў Самуэль відушчы, і Саўл, сын Кіша, і Абнэр, сын Нэра, і Ёаў, сын Цэруі — усё пасьвечана [было] ў рукі Шэляміта і братоў ягоных.

29 З [сыноў] Іцгара: Кенанія і сыны ягоныя — на служэньне вонкавае ў Ізраілі, наглядчыкамі і судзьдзямі.

30 З [сыноў] Хеўрона: Хашавія і браты ягоныя, сыны мужныя, тысяча семсот, мелі нагляд над Ізраілем на гэтым баку Ярдану, на захад, у-ва ўсёй працы для ГОСПАДА і службе валадарскай.

31 У [сыноў] Хеўрона Ерыя — галава [сыноў] Хеўрона, паводле радаводаў бацькоў сваіх. У саракавы год валадараньня Давіда шукалі і знайшлі сярод іх [людзей] магутных і мужных у Язэры Гілеадзкім.

32 І браты ягоныя, сыны мужныя, дзьве тысячы семсот, галовы [дамоў] бацькоў. І паставіў іх валадар Давід над [сынамі] Рубэна, Гада і над паловай Манасы ў-ва ўсіх справах Божых і справах валадара.

 

Разьдзел 27

1 Сыны Ізраіля паводле ліку іхняга, галовы [дамоў] бацькоў, і начальнікі тысячаў і сотняў, і наглядчыкі іхнія, што паслугавалі валадару ў-ва ўсіх справах харугваў, якія прыходзілі і выходзілі месяц у месяц, усе месяцы году. Кожная харугва — дваццаць чатыры тысячы.

2 Над харугвай першай, на месяц першы — Яшобаам, сын Забдыэля; у харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы;

3 Ён быў з сыноў Пэрэса, галоўны над усімі начальнікамі войска першага месяца.

4 І над харугвай другога месяца — Дадай Ахахіянін, і ў харугве ягонай Міклот, начальнік; у харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.

5 Князь трэцяй харугвы на трэці месяц — Бэная, сын Егаяды, галоўнага сьвятара; і ў харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.

6 Гэты Бэная [быў] магутны сярод трыццаці і [быў] над трыццацьцю; і ў харугве ягонай [быў] Амізавад, сын ягоны.

7 Чацьвёрты на чацьвёрты месяц — Асаэль, брат Ёава, і пасьля яго Зэвадыя, сын ягоны; і ў харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.

8 Пяты на пяты месяц — князь Шамгут Ізрахянін; і ў харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.

9 Шосты на шосты месяц — Іра, сын Ікеша, з Тэкоа; і ў харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.

10 Сёмы на сёмы месяц — Хэлец, Пэланянін, з сыноў Эфраіма; і ў харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.

11 Восьмы на восьмы месяц — Сібэхай Хушанін, з Зархітаў; і ў харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.

12 Дзявяты на дзявяты месяц — Абіэзэр з Анатоту, з [сыноў] Бэн’яміна; і ў харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.

13 Дзясяты на дзясяты месяц — Маграй з Нэтофы, з Зархітаў; і ў харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.

14 Адзінаццаты на адзінаццаты месяц — Бэная з Піратону, з сыноў Эфраіма; і ў харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.

15 Дванаццаты на дванаццаты месяц — Хэлдай з Нэтофы, з Атніэля; і ў харугве ягонай — дваццаць чатыры тысячы.

16 А над каленамі Ізраіля [былі]: у Рубэна — начальнік Эліэзэр, сын Зіхры, у Сымона — Шэфатыя, сын Маахі;

17 у Левія — Хашавія, сын Кемуэля; у Аарона — Цадок;

18 у Юды — Элігу, з братоў Давіда; у Ісахара — Амры, сын Міхаэля;

19 у Завулёна — Ішмая, сын Абадыі; у Нэфталі — Ерымот, сын Азрыэля.

20 у сыноў Эфраіма — Осія, сын Азазіі; у паловы калена Манасы — Ёэль, сын Пэдаі;

21 у паловы Манасы ў Гілеадзе — Іддо, сын Захарыі; у Бэн’яміна — Яасіэль, сын Абнэра;

22 у Дана — Азарэль, сын Ерахама. Гэта князі каленаў Ізраіля.

23 Давід не лічыў тых, што былі ад дваццаці гадоў і ніжэй, бо ГОСПАД сказаў, што Ён памножыць Ізраіля, як зоркі ў небе.

24 Ёаў, сын Цэруі, пачаў рабіць перапіс і ня скончыў. І быў за гэта гнеў [Божы] на Ізраіля, і не ўвайшоў той лік у лікі летапісу валадара Давіда.

25 Над скарбніцамі валадара быў Азмавэт, сын Адыэля, а над гумнамі ў полі, у гарадах, у вёсках і ў вежах — Ёнатан, сын Узіі.

26 Над тымі, што рабілі працу ў полі, абраблялі грунты [быў] Эзры, сын Келува,

27 над вінаграднікамі — Шымэй з Рамы; а над запасамі віна ў вінных скарбніцах — Заўдыя з Шыфмы;

28 над дрэвамі аліўнымі і над дрэвамі фігавымі, якія ў Шэфэлі — Баал-Ханан з Гедэру; а над скарбніцамі аліўнымі — Ёаш;

29 над валамі, якія пасьвяцца ў Шароне — Шытрай з Шарону; а над валамі ў далінах — Шафат, сын Адлая;

30 над вярблюдамі — Авіл Ізмаэлец; над асьліцамі — Ехдэя з Мэраноту;

31 над авечкамі — Языз Гагранін. Усе яны — князі над маёмасьцю, якая ў валадара Давіда.

32 Ёнатан, дзядзька Давіда, быў дарадцам, ён — чалавек разумны і пісьменны; Ехіэль, сын Хахмоні, [быў] з сынамі валадара;

33 Ахітафэль — дарадца валадара; Хушай Аркеец — сябра валадара.

34 Пасьля Ахітафэля [быў] Егаяда, сын Бэнаі, і Эбіятар; а начальнікам войска валадара [быў] Ёаў.

 

Разьдзел 28

1 І сабраў Давід у Ерусалім усіх князёў Ізраіля, князёў каленаў і начальнікаў харугваў, якія служылі валадару, і начальнікаў над тысячамі, і начальнікаў над сотнямі, і князёў над усёй маёмасьцю, і над статкамі валадара, і над сынамі ягонымі разам з урадоўцамі і мужнымі [ваярамі], і ўсімі ваярамі магутнымі.

2 І стаў валадар Давід на ногі свае, і сказаў: «Паслухайце мяне, браты мае і народ мой! Было ў мяне ў сэрцы пабудаваць Дом супачынку для Каўчэгу Запавету ГОСПАДА і падножжа пад стопы Бога нашага, і я падрыхтаваўся да будоўлі.

3 Але Бог сказаў мне: “Ня ты пабудуеш Дом для імя Майго, бо ты — чалавек вайны і ты разьліваў кроў”.

4 І выбраў ГОСПАД, Бог Ізраіля, мяне з усяго дому бацькі майго, каб я быў валадаром над Ізраілем на вякі, бо Ён выбраў Юду за правадыра, і з дому Юды — дом бацькі майго, і з сыноў бацькі майго ўпадабаў мяне, каб паставіць валадаром над усім Ізраілем.

5 І з усіх сыноў маіх, бо шмат сыноў даў мне ГОСПАД, Ён выбраў Салямона, сына майго, каб ён сеў на пасадзе валадарства ГОСПАДА над Ізраілем.

6 І Ён сказаў мне: “Салямон, сын твой, ён пабудуе Дом Мой і панадворкі Мае, бо Я выбраў яго Сабе за сына, і Я буду яму Бацькам;

7 І Я ўмацую валадарства ягонае на вякі, калі ён будзе цьвёрды ў выкананьні прыказаньняў Маіх і прысудаў Маіх, як гэта ёсьць сёньня”.

8 І цяпер перад вачыма ўсяго Ізраіля, царквы ГОСПАДА, і ў вушы Бога нашага [я кажу]: “Пільнуйце і выконвайце ўсе прыказаньні ГОСПАДА, Бога вашага, каб вы валодалі гэтай зямлёй добрай і пакінулі яе ў спадчыну для сыноў вашых пасьля вас на вякі.

9 І ты, Салямоне, сыне мой, ведай Бога, Айца твайго, і служы Яму з сэрцам шчырым і душою ахвотнаю, бо ГОСПАД дасьледуе ўсе сэрцы і разумее ўсе намеры думак. Калі будзеш шукаць Яго, ты знойдзеш Яго; а калі пакінеш Яго, Ён пакіне цябе назаўжды.

10 Глядзі цяпер, бо ГОСПАД выбраў цябе, каб ты пабудаваў Дом як сьвятыню. Будзь цьвёрды і рабі”».

11 І даў Давід Салямону, сыну свайму, узор прысенку і будынкаў [сьвятыні] і скарбніцаў ейных, і верхніх пакояў ейных, і ўнутраных пакояў ейных, і дому перамольваньня,

12 і ўзор усяго, што было ў духу ягоным для панадворку Дому ГОСПАДА і для ўсіх пакояў навокал, для скарбніцаў Дому Божага і скарбніцаў рэчаў пасьвячоных,

13 і для чэргаў сьвятароў і лявітаў, і для ўсёй працы пры служэньні ў Доме ГОСПАДА, і для ўсіх начыньняў для служэньня ў Доме ГОСПАДА.

14 [І даў ён] золата вагою на залатыя [рэчы], на ўсе начыньні для ўсялякага служэньня; [і срэбра] на ўсе начыньні срэбныя, на ўсе начыньні для ўсялякага служэньня;

15 [золата] для сьвечнікаў залатых і для лямпаў іхніх залатых, вагою кожнага сьвечніка і лямпаў ягоных, і [срэбра] для сьвечнікаў срэбных, вагою кожнага сьвечніка і лямпаў ягоных, паводле прызначэньня кожнага сьвечніка,

16 і золата вагою на сталы хлябоў пакладных на кожны стол, і срэбра на сталы срэбныя,

17 і на відэльцы, і на крапільніцы, і на місы з золата шчырага, і на келіхі залатыя вагою на кожны келіх, і на келіхі срэбныя вагою на кожны келіх,

18 і на ахвярнік каджэньня золата шчырага вагою, і на вобраз калясьніцы херувімаў, якія разгортваюць крылы свае і закрываюць Каўчэг Запавету ГОСПАДА.

19 [І сказаў:] «Усё гэта запісанае з рукі ГОСПАДА. Ён даў мне зразумець усю працу паводле ўзору гэтага».

20 І сказаў Давід Салямону, сыну свайму: «Будзь цьвёрды і мужны, і рабі. Ня бойся і не палохайся, бо ГОСПАД Бог, Бог мой, з табою. Ён не адый­дзе ад цябе і не пакіне цябе, пакуль ня скончыцца ўся праца для служэньня ў Доме ГОСПАДА.

21 І, вось чэргі сьвятароў і лявітаў для ўсялякага служэньня ў Доме Божым. З табою ў-ва ўсёй працы ўсе [людзі] шляхетныя, мудрыя на ўсялякае служэньне. І князі, і ўвесь народ [гатовыя выканаць] усе словы твае».

 

Разьдзел 29

1 І сказаў валадар Давід усёй царкве: «Салямон, сын мой, якога аднаго выбраў Бог, малады і кволы, а праца гэта вялікая, бо не для чалавека будыніна гэтая, але для ГОСПАДА Бога.

2 З усёй сілай маёй я пад­рыхтаваў для Дому Бога майго золата на [рэчы] залатыя, і срэбра — на срэбныя, і медзь — на мядзяныя, жалеза — на жалезныя, і дрэва — на драўляныя, камяні оніксу і для аправаў камяні аздобныя і каляровыя, і ўсялякія камяні каштоўныя, і мноства мармуровых камянёў.

3 І яшчэ, з зычлівасьці маёй для Дому Бога майго, я маю ўласнае золата і срэбра; і я аддаў на Дом Бога майго, звыш усяго, што я падрыхтаваў на Дом Сьвяты:

4 тры тысячы талентаў золата, золата Афірскага, і сем тысячаў талентаў срэбра чыс­тага на ашаляваньне сьценаў пабудоваў.

5 Золата — на [рэчы залатыя], срэбра — на срэбныя і на ўсю працу рук разьбяроў. І хто [яшчэ] ахвяруецца, каб сёньня напоўніць руку сваю для ГОСПАДА?»

6 І склалі дары князі [дамоў] бацькоў, князі каленаў Ізраіля, і начальнікі тысячаў і сотняў, і начальнікі працаў валадара.

7 І далі на служэньне Дому Божага золата пяць тысячаў талентаў і дзесяць тысячаў дукатаў, і срэбра дзесяць тысячаў талентаў, і медзі васямнаццаць тысячаў талентаў, і жалеза сто тысячаў талентаў.

8 Тыя, у каго знайшліся камяні [каштоўныя], давалі ў скарбніцу Дому ГОСПАДА на рукі Ехіэля, сына Гершона.

9 І радаваўся народ з дабра­ахвотных дароў, бо са шчырым сэрцам яны давалі дары ГОС­ПАДУ; і таксама валадар радаваўся радасьцю вялікай.

10 І дабраславіў Давід ГОС­ПАДА перад вачыма ўсёй царквы, і сказаў Давід: «Дабраслаўлёны Ты, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, бацькі нашага, ад веку і на вякі!

11 Твае, ГОСПАДЗЕ, веліч і магутнасьць, і праслаўленьне, хвала і годнасьць, бо ўсё ў небе і на зямлі Тваё; Тваё, ГОСПА­ДЗЕ, валадарства, і Ты ўзьнесены па-над усім як галава.

12 І багацьце, і слава — ад Цябе, і Ты пануеш над усім; і ў руцэ Тваёй сіла і моц; і ў руцэ Тваёй узьвялічыць і ўмацаваць усё.

13 І цяпер, Божа наш, мы выслаўляем Цябе і хвалім імя велічнасьці Тваёй.

14 Бо хто я і хто народ мой, што мы маем сілу так ахвотна прыносіць дары? Бо ўсё гэта — ад Цябе, і з рукі Тваёй мы [атрымалі і] аддалі Табе.

15 Бо мы — прыхадні перад абліччам Тваім, як усе бацькі нашыя. Дні нашыя на зямлі, як цень, і няма трываласьці.

16 ГОСПАДЗЕ, Божа наш! Усё гэтае мноства, якое мы падрыхтавалі, каб пабудаваць Табе Дом для імя сьвятога Твайго — з рукі Тваёй, і ўсё гэта — Тваё.

17 І я ведаю, Божа мой, што Ты выспрабоўваеш сэрца, і шчырасьць даспадобы Табе. І я ў шчырасьці сэрца майго ахвотна прынёс у дар усё гэта. І цяпер я бачу з радасьцю народ Твой, які знаходзіцца тут і дабраахвотна прыносіць дары Табе.

18 ГОСПАДЗЕ, Божа Абрагама, Ісаака і Ізраіля, бацькоў нашых, захавай на вякі намер думак сэрца народу Твайго і ўмацуй сэрца іхняе пры Сабе!

19 І дай Салямону, сыну майму, сэрца шчырае, каб захоўваў прыказаньні Твае, сьведчаньні Твае і пастановы Твае, і выканаў усё, і пабудаваў будыніну, якую я падрыхтаваў».

20 І сказаў Давід усёй царкве: «Дабраславіце ГОСПАДА, Бога вашага!» І дабраславіла ўся царква ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, і схіліліся, і пакланіліся ГОСПАДУ і валадару.

21 І яны ахвяравалі ахвяры для ГОСПАДА, і ўзносілі цэласпаленьні ГОСПАДУ назаўтра пасьля гэтага дня: тысячу бычкоў, тысячу бараноў, тысячу ягнят і ахвяры вадкія, і мноства ахвяраў за ўвесь Ізраіль.

22 І елі, і пілі перад абліччам ГОСПАДА ў гэты дзень з вялікай радасьцю, і другім разам паставілі як валадара Салямона, сына Давіда, і памазалі яго перад ГОСПАДАМ як начальніка, а Цадока — як сьвятара.

23 І сеў Салямон на пасад ГОСПАДА як валадар замест Давіда, бацькі свайго, і меў посьпех, і слухаў яго ўвесь Ізраіль.

24 І ўсе князі і волаты, а таксама ўсе сыны валадара Давіда далі руку Салямону валадару.

25 І надзвычай узьвялічыў ГОСПАД Салямона перад вачыма ўсяго Ізраіля, і даў яму велічнасьць валадарскую, якой ня было ў аніводнага валадара перад абліччам Ягоным у Ізраілі.

26 І Давід, сын Есэя, валадарыў над усім Ізраілем.

27 І дзён, у якія ён валадарыў над Ізраілем, было сорак гадоў: у Хеўроне ён валадарыў сем гадоў, а ў Ерусаліме валадарыў трыццаць тры гады.

28 І ён памёр у добрай старасьці, насычаны днямі, багацьцем і славаю; і Салямон, сын ягоны, заваладарыў замест яго.

29 І справы Давіда валадара, першыя і апошнія, вось, яны запісаныя ў летапісах Самуэля, відушчага, і ў летапісах Натана, прарока, і ў летапісах Гада, відушчага,

30 разам з усім валадараньнем ягоным, і з магутнасьцю ягонаю, і з часамі, што мінулі над ім, і над Ізраілем, і над усімі валадарствамі зямлі гэтай.