КНІГА ЕГОШУА
Разьдзел 1
1 Пасьля сьмерці Майсея, слугі ГОСПАДА, сказаў ГОСПАД да Егошуа, сына Нуна, памочніка Майсея.
2 «Майсей, слуга Мой, памёр. Дык цяпер ты ўстань і перайдзі праз гэты вось Ярдан, ты і ўвесь народ гэты, у зямлю, якую Я даю сынам Ізраіля.
3 Кожнае месца, на якое ступіць нага вашая, Я даю вам, як Я сказаў Майсею.
4 Ад пустыні і ад Лібану гэтага аж да ракі вялікай, ракі Эўфрат, уся зямля Хетаў, і аж да Вялікага Мора на захад сонца будзе мяжа вашая.
5 Ніхто ня зможа супрацівіцца табе ў-ва ўсе дні жыцьця твайго, і як Я быў з Майсеем, так буду з табою. Не пакіну цябе і не адступлю ад цябе.
6 Будзь цьвёрды і мужны, бо ты гэтаму народу жэрабям разьдзеліш зямлю, якую Я запрысяг бацькам іхнім, што дам ім.
7 Толькі будзь цьвёрды і вельмі мужны, каб старанна выконваў увесь Закон, які пераказаў табе Майсей, слуга Мой. Не адступішся ад яго ані ўправа, ані ўлева, каб меў посьпех у-ва ўсім, да чаго будзеш імкнуцца.
8 Няхай не адыйдзе гэтая кніга Закону ад вуснаў тваіх, але будзеш разважаць над ёй удзень і ўначы, каб старанна выканаць усё, што напісана ў ёй. Тады будуць шчасьлівыя шляхі твае і будзеш мець посьпех.
9 Вось, Я загадваю табе: “Будзь цьвёрды і мужны, не палохайся і ня бойся, бо з табою ГОСПАД, Бог твой, усюды, куды ні пойдзеш”».
10 Загадаў тады Егошуа начальнікам народу: «Прайдзіце праз табар і загадайце народу, кажучы:
11 “Прыгатуйце сабе ежу, бо праз тры дні вы пяройдзеце праз гэты Ярдан, каб завалодаць зямлёю, якую ГОСПАД, Бог ваш, дае вам на ўласнасьць”».
12 А [сынам] Рубэна і Гада, і палове калена Манасы сказаў:
13 «Узгадайце, што вам загадаў Майсей, слуга ГОСПАДА, кажучы: “ГОСПАД, Бог ваш, даў вам супакой і зямлю гэтую.
14 Жонкі вашыя, і дзеці вашыя, і жывёла вашая будуць у зямлі, якую даў вам Майсей за Ярданам, а вы пяройдзеце са зброяй перад братамі вашымі, усе мужныя ваяры, і будзеце дапамагаць ім,
15 аж пакуль дасьць ГОСПАД супакой братам вашым, як і вам даў, каб яны таксама валодалі зямлёй, якую ГОСПАД, Бог ваш, мае даць ім. А потым вернецеся ў зямлю пражываньня вашага, якую даў вам Майсей, слуга ГОСПАДА, за Ярданам на ўсход сонца, і будзеце жыць у ёй”».
16 І яны адказалі Егошуа, кажучы: «Усё, што ты загадаў нам, зробім, і куды пашлеш, пойдзем.
17 Як слухалі мы ў-ва ўсім Майсея, так будзем слухаць цябе. Толькі няхай будзе ГОСПАД, Бог твой, з табою, як быў з Майсеем.
18 Хто будзе пярэчыць вуснам тваім і ня слухацца словаў тваіх, што загадаеш, няхай будзе пакараны сьмерцю. Ты толькі будзь цьвёрды і мужны».
Разьдзел 2
1 Егошуа, сын Нуна, з Шыттыму паслаў патаемна двух выведчыкаў і сказаў ім: «Ідзіце і аглядайце зямлю і горад Ерыхон». І яны пайшлі, і ўвайшлі ў дом распусьніцы імем Рахаў, і там затрымаліся.
2 Паведамілі пра гэта валадару Ерыхонскаму і сказалі: «Гэтыя людзі прыйшлі сюды ўначы ад сыноў Ізраіля, каб выведаць зямлю».
3 І валадар Ерыхонскі паслаў да Рахаў людзей, загадваючы: «Вывядзі тых людзей, якія прыйшлі да цябе і ўвайшлі ў дом твой. Яны — выведчыкі і прыйшлі выведаць усю гэтую зямлю».
4 Але жанчына ўзяла і схавала мужоў тых, і сказала: «Прызнаюся, прыйшлі да мяне людзі тыя, але я ня ведала, адкуль яны.
5 Калі ў поцемках зачынялася брама, яны разам выйшлі, і я ня ведаю, куды яны пайшлі. Бяжыце хутка за імі і зловіце іх».
6 Сама ж яна завяла іх на дах дому свайго і закрыла іх снапамі лёну, якія там былі.
7 Тыя ж людзі [валадара] пабеглі дарогаю, якая ідзе да бродаў на Ярдане. Пасьля іх адыходу брама была адразу зачынена.
8 Яшчэ не заснулі тыя, што хаваліся, як Рахаў прыйшла да іх і сказала:
9 «Я ведаю, што ГОСПАД аддаў вам зямлю гэтую, і жах перад вамі ахапіў нас, і ўсе жыхары зямлі памлелі перад вамі.
10 Чулі мы, што ГОСПАД асушыў перад вамі воды Мора Чырвонага, калі выйшлі вы з Эгіпту і што вы зрабілі двум валадарам Амарэйскім, якія жылі за Ярданам, Сыгону і Огу, якіх вы забілі.
11 Усё вось гэта чуючы, мы баімся, і млее ў нас сэрца нашае, і займае дух нам дзеля надыходу вашага. Бо ГОСПАД, Бог ваш, Ён — Бог у небе высока і на зямлі нізка.
12 І цяпер прысягніце мне на ГОСПАДА, што як я вам зьявіла міласэрнасьць, так і вы зробіце ласку сям’і бацькі майго і дасьцё мне знак як заруку,
13 што захаваеце бацьку майго і маці маю, братоў маіх і сёстраў маіх і ўсё, што іхняе, і ўратуеце душы нашыя ад сьмерці».
14 Яны адказалі ёй: «Мы за вас гатовыя памерці, калі толькі нас ня выдасі. Калі ГОСПАД аддасьць нам зямлю гэтую, мы зьявім табе міласэрнасьць і вернасьць».
15 І спусьціла яна іх на вяроўцы з акна, бо дом яе прылягаў да муру гарадзкога і яна нібыта ў мурах жыла.
16 І сказала яна ім: «Ідзіце ў горы, каб часам не сустрэлі вас тыя, што шукаюць вас. Там перахаваецеся тры дні, пакуль яны вернуцца, і тады пойдзеце шляхам сваім».
17 Выведчыкі сказалі ёй: «Мы будзем чыстыя ад прысягі гэтай, якою запрысягла ты нас, калі ты ня зробіш гэтак:
18 Калі мы ўвойдзем у зямлю гэтую, ты прывяжы вяроўку з пурпуровых нітак да вакна, праз якое спусьціла нас. І забяры ў дом свой бацьку твайго, маці тваю, братоў тваіх і ўсю радню тваю.
19 Калі хто выйдзе з дзьвярэй дому твайго, кроў ягоная спадзе на галаву ягоную, а мы будзем невінаватыя. А калі хто ў доме з табой будзе заставацца, кроў ягоная спадзе на галаву нашую, калі нечая рука іх дакранецца.
20 Калі ж нашую справу ты выявіш, мы будзем свабодныя ад прысягі, якою ты нас зьвязала».
21 На гэта яна адказала: «Як вы сказалі, няхай так будзе». І адпусьціла іх у дарогу, і яны пайшлі, а яна павесіла пурпуровую вяроўку ў вакне.
22 Выведчыкі пайшлі, і прыйшлі ў горы, і там былі тры дні, аж пакуль не вярнуліся людзі, пасланыя на пошукі іх. Тыя ж шукалі па ўсёй дарозе і не знайшлі іх.
23 Тады вярнуліся і два выведчыкі. Яны зыйшлі з гары, пераправіліся праз раку, а калі прыйшлі да Егошуа, сына Нуна, расказалі яму ўсё, што іх спаткала.
24 І дадалі: «Аддаў ГОСПАД у рукі нашыя ўсю зямлю гэтую, і ўсе жыхары яе млеюць у страху перад намі».
Разьдзел 3
1 І вось Егошуа, рана раніцай устаўшы, падняў табар. Выйшаўшы з Шыттыму, прыйшлі яны да Ярдану, ён і ўсе сыны Ізраіля, і затрымаліся там перад пераправай.
2 Праз тры дні прайшлі начальнікі праз табар
3 і далі загад народу: «Калі ўбачыце Каўчэг Запавету ГОСПАДА, Бога вашага, і сьвятароў з роду Левія, якія нясуць яго, вы, устаўшы, ідзіце за ім.
4 Няхай паміж вамі і Каўчэгам будзе прастора каля двух тысячаў локцяў, і не набліжайцеся да яго, каб вы ведалі, якім шляхам ісьці, бо раней вы гэтым шляхам не хадзілі».
5 І сказаў Егошуа народу: «Асьвяціцеся! Бо заўтра выявіць ГОСПАД пасярод вас цуды».
6 І сказаў сьвятарам: «Вазьміце Каўчэг Запавету і ідзіце перад народам». Яны ўзялі і пайшлі перад народам.
7 І сказаў ГОСПАД да Егошуа: «Сёньня Я пачну ўзвышаць цябе перад усім Ізраілем, каб ведалі яны, што як Я быў з Майсеем, так буду з табой.
8 Ты ж загадай сьвятарам, якія нясуць Каўчэг Запавету і скажы ім: “Калі прыйдзеце на бераг Ярдану, станеце ў Ярдане!”»
9 І сказаў Егошуа сынам Ізраіля: «Падыйдзіце сюды і паслухайце словы ГОСПАДА, Бога вашага».
10 І зноў казаў Егошуа: «З гэтага вы пазнаеце, што Бог жывы пасярод вас і што, праганяючы, Ён прагоніць Хананейцаў, Хетаў, Хівеяў, Пэрэзэяў, Гіргашэяў, Амарэйцаў і Евусэяў.
11 Вось, Каўчэг Запавету Госпада ўсёй зямлі пяройдзе перад вамі праз Ярдан.
12 І вазьміце дванаццаць мужчынаў з каленаў Ізраіля, па адным з кожнага калена.
13 Як толькі стопы ног сьвятароў, што нясуць Каўчэг ГОСПАДА, Госпада ўсёй зямлі, будуць у водах Ярдану, воды разьдзеляцца, і тыя, што цякуць з гор, стануць сьцяною».
14 І калі народ вырушыў з намётаў сваіх, каб пераправіцца праз Ярдан, сьвятары, якія несьлі Каўчэг Запавету, ішлі перад народам.
15 І заледзь прыйшлі яны да Ярдану, і ногі сьвятароў, якія несьлі Каўчэг, уступілі ў ваду, — а Ярдан у пару жніва падымаецца аж да берагоў, —
16 вада, што цякла зьверху, затрымалася і стала сьцяной на вялікім прасторы ад гораду Адама, які побач з Цартанам, а тая, што цякла ў мора Арабы, значыць у Мора Салёнае, сьцякала, аж зусім счэзла.
17 І народ пераходзіў каля Ерыхону, а сьвятары, якія несьлі Каўчэг Запавету ГОСПАДА, стаялі на сухой зямлі пасярод Ярдану цьвёрдаю нагою, аж пакуль увесь народ пераходзіў праз Ярдан.
Разьдзел 4
1 Калі ўвесь народ пераправіўся праз Ярдан, сказаў ГОСПАД да Егошуа:
2 «Вазьміце дванаццаць мужчынаў спасярод народу, па адным з кожнага калена,
3 і загадайце, каб узялі з сярэдзіны Ярдану, дзе моцна стаялі ногі сьвятароў, дванаццаць камянёў, якія панесіцё з сабою і паложыце ў месцы, дзе разложыцеся табарам пераначаваць».
4 Тады Егошуа паклікаў дванаццаць мужчынаў, якіх выбраў з сыноў Ізраіля, па адным з кожнага калена.
5 І сказаў ім Егошуа: «Ідзіце перад Каўчэгам ГОСПАДА, Бога вашага, на сярэдзіну Ярдану, і няхай кожны прынясе на плячах сваіх па адным камяні паводле лічбы каленаў сыноў Ізраіля.
6 Няхай гэта будзе знакам для вас. А калі сыны вашыя ў будучыні спытаюцца ў вас: “Што значаць гэтыя камяні?” —
7 вы адкажаце: “Гэта памятка таго, што воды Ярдану разьдзяліліся перад Каўчэгам Запавету ГОСПАДА, калі ён перапраўляўся праз яго. Дзеля гэтага паложаны камяні гэтыя як памятка сынам Ізраіля на вякі”».
8 І сыны Ізраіля зрабілі так, як загадаў ім Егошуа, і прынесьлі з сярэдзіны Ярдану дванаццаць камянёў, як ГОСПАД загадаў Егошуа, паводле каленаў сыноў Ізраіля, і прынесьлі ў месца, дзе былі разлажыўшыся табарам. Там іх палажылі.
9 Таксама іншых дванаццаць камянёў палажыў Егошуа на сярэдзіне Ярдану, дзе стаялі сьвятары, якія несьлі Каўчэг Запавету. Яны там знаходзяцца да сёньняшняга дня.
10 Сьвятары, якія несьлі Каўчэг, стаялі на сярэдзіне Ярдану, аж пакуль не было выканана ўсё, што ГОСПАД загадаў Егошуа абвясьціць народу, згодна з тым, што загадаў Майсей Егошуа. Народ жа пасьпешліва перапраўляўся.
11 Калі ўжо ўсе пераправіліся, тады перайшоў і Каўчэг ГОСПАДА, перайшлі і сьвятары, і сталі наперадзе народу.
12 А сыны Рубэна, і сыны Гада, і палова калена Манасы перайшлі ўзброеныя наперадзе сыноў Ізраіля, як ім загадаў Майсей.
13 Каля сарака тысячаў ваяроў узброеных перайшло перад абліччам ГОСПАДА на раўніны Ерыхонскія, каб ваяваць.
14 У той дзень узьвялічыў ГОСПАД Егошуа перад усім Ізраілем, і сталі баяцца яго, як баяліся Майсея ў-ва ўсе дні жыцьця ягонага.
15 І сказаў ГОСПАД да Егошуа:
16 «Загадай сьвятарам, якія несьлі Каўчэг Запавету, каб выйшлі з Ярдану!»
17 І загадаў Егошуа сьвятарам: «Выйдзіце з Ярдану».
18 Калі яны выйшлі, несучы Каўчэг Запавету ГОСПАДА, і пачалі ісьці па сухой зямлі, вярнуліся воды на месца сваё і цяклі як раней у сваіх берагах.
19 У дзясяты дзень першага месяцу народ выйшаў з Ярдану і разлажыўся табарам у Гільгале, на ўсход ад Ерыхону.
20 Тых жа дванаццаць камянёў, якія былі ўзятыя з Ярдану, Егошуа паставіў у Гільгале,
21 і сказаў сынам Ізраіля: «Калі спытаюцца сыны вашыя ў будучыні бацькоў сваіх: “Што азначаюць гэтыя камяні?” —
22 скажыце сынам вашым: “Па сухім дне перайшоў Ізраіль гэтую раку Ярдан,
23 бо ГОСПАД, Бог ваш, высушыў ваду Ярдану на вачах вашых, пакуль вы не перайшлі, як раней учыніў з Морам Чырвоным, якое высушыў перад намі, пакуль мы праз яго не перайшлі,
24 каб усе народы на зямлі пазналі магутную руку ГОСПАДА, і каб вы ў-ва ўсе дні баяліся ГОСПАДА, Бога вашага”».
Разьдзел 5
1 Калі ўсе валадары Амарэйцаў, якія жылі за Ярданам на захад, і ўсе валадары Ханаану, якія жылі ўздоўж мора, пачулі, што ГОСПАД высушыў воды Ярдану перад сынамі Ізраіля, аж пакуль яны пераправіліся, дык аслабела ў іх сэрца і страцілі яны адвагу перад сынамі Ізраіля.
2 У той час сказаў ГОСПАД да Егошуа: «Зрабі сабе нажы каменныя і абрэж сыноў Ізраіля другі раз».
3 І зрабіў ён нажы каменныя, і абрэзаў сыноў Ізраіля на ўзгорку Аралёт.
4 Такая вось прычына другога абразаньня: увесь народ, які выйшаў з Эгіпту, мужчынскага роду, усе ваяры памерлі, вандруючы па пустыні,
5 а яны ўсе былі абрэзаны. Народ жа, які нарадзіўся ў пустыні, ня быў абрэзаны.
6 Сорак гадоў блукалі сыны Ізраіля па пустыні, пакуль не загінулі ўсе ваяры, людзі, якія выйшлі з Эгіпту, якія не паслухаліся голасу ГОСПАДА і якім Ён запрысяг, што не пакажа ім зямлю, якая ацякае малаком і мёдам.
7 Сыны іхнія, якія сталі на месца бацькоў, былі абрэзаны Егошуам, бо яны пасьля нараджэньня свайго не былі абрэзаны, і ніхто іх у дарозе не абразаў.
8 Калі ўжо ўсе былі абрэзаны, заставаліся ў тым самым месцы табарам, пакуль не паздаравелі.
9 І сказаў ГОСПАД да Егошуа: «Сёньня зьняў Я з вас ганьбу Эгіпецкую». І названае імя месца гэтага Гільгал да сёньняшняга дня.
10 І стаялі табарам сыны Ізраіля ў Гільгале, і ў чатырнаццаты дзень месяца сьвяткавалі Пасху вечарам на раўнінах Ерыхонскіх.
11 А на другі дзень Пасхі елі плады той зямлі, праснакі і зерне пражанае.
12 Манна спынілася ад другога дня, калі пачалі есьці плады той зямлі. І ня елі ўжо манны сыны Ізраіля, а харчаваліся ў той год пладамі зямлі Ханаан.
13 Калі Егошуа быў на полі каля гораду Ерыхону, ён узьняў вочы і ўбачыў, і вось, муж стаіць насупраць яго і меч аголены ў руцэ ягонай. І падыйшоў Егошуа да яго, і спытаўся: «Ці ты на нашым [баку], ці на баку ворагаў нашых?»
14 Ён адказаў: «Не. Я — князь войска ГОСПАДА, і вось Я прыйшоў». І Егошуа ўпаў на аблічча сваё, і пакланіўся яму, і сказаў яму: «Што прамовіць Госпад мой да слугі Свайго?»
15 Князь войска ГОСПАДА сказаў Егошуа: «Здымі сандалы з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, — сьвятое». І Егошуа зрабіў так.
Разьдзел 6
1 Ерыхон быў абкружаны мурам і замкнуўся перад сынамі Ізраіля. Ніхто не выходзіў з яго і ніхто не ўваходзіў.
2 І сказаў ГОСПАД да Егошуа: «Вось, Я аддаю ў рукі твае Ерыхон, валадара яго і ўсіх моцных ваяроў.
3 Усе вы, узброеныя ваяры, абыходзьце вакол гораду раз у дзень. Так рабіце шэсьць дзён.
4 Сем сьвятароў будзе несьці перад Каўчэгам сем трубаў з бараніх рагоў. У сёмы дзень абыйдзіце вакол гораду сем разоў, а сьвятары будуць трубіць у трубы.
5 І станецца, калі загудзіць працягла рог барані і вы пачуеце гук трубы, няхай увесь народ узвысіць гучны крык, і мур гораду разваліцца на месцы, і народ увойдзе, кожны [проста] перад сабою».
6 Егошуа, сын Нуна, паклікаў сьвятароў і сказаў ім: «Нясіце Каўчэг Запавету, а сем сьвятароў няхай нясуць сем трубаў з рагоў бараніх перад Каўчэгам ГОСПАДА».
7 А потым загадаў народу: «Ідзіце і абыходзьце горад, а ўзброеныя [ваяры] няхай ідуць перад Каўчэгам ГОСПАДА».
8 Як толькі Егошуа скончыў гаварыць, сем сьвятароў затрубілі ў сем трубаў з рагоў бараніх і пайшлі, а Каўчэг Запавету ГОСПАДА пайшоў за імі.
9 І ўсё ўзброенае войска ішло перад сьвятарамі, што трубілі, а рэшта войска ішла за Каўчэгам, і трубы штораз мацней трубілі.
10 А Егошуа загадаў людзям: «Не гаманіце, каб ня чуўся гоман ваш, і каб нават слова не выходзіла з вуснаў вашых, але калі настане дзень, у які скажу вам: “Крычыце”, тады будзеце крычаць».
11 І вось Каўчэг ГОСПАДА за дзень абыйшоў горад, і ўсе вярнуліся ў табар, і там пераначавалі.
12 І ўстаў Егошуа рана, і сьвятары ўзялі Каўчэг Запавету.
13 Сем з іх узялі сем трубаў з рагоў бараніх, і пайшлі перад Каўчэгам ГОСПАДА, ідучы і трубячы, а ўзброеныя дружыны ішлі перад імі, а рэшта войска ішла за Каўчэгам і, ідучы, трубілі.
14 І ў другі дзень абыйшлі горад адзін раз, і вярнуліся ў табар свой. Так рабілі шэсьць дзён.
15 У сёмы дзень, на сьвітаньні ўстаўшы, абыйшлі горад такім самым спосабам сем разоў. Толькі ў той дзень абыйшлі горад сем разоў.
16 Калі сьвятары за сёмым разам затрубілі ў трубы, Егошуа крыкнуў народу: «Крычыце! ГОСПАД аддаў вам гэты горад.
17 Няхай будзе горад пад закляцьцем! Ён і ўсё, што ў ім — для ГОСПАДА. Адна толькі Рахаў распусьніца будзе жыць разам з усімі, якія будуць з ёй у доме, бо яна схавала выведчыкаў, якіх мы паслалі.
18 Вы ж сьцеражыцеся, каб нічога абложанага закляцьцем ня бралі, каб і самім не падпасьці пад закляцьце, калі возьмеце [заклятае], бо тады вы зробіце праклятым увесь табар і прынесяцё яму няшчасьце.
19 Усё, што залатое або срэбнае, і посуд мядзяны, і жалеза — гэта сьвятыня для ГОСПАДА, і зьмешчаны яны будуць у скарбніцах Ягоных».
20 І народ падняў гармідар ваенны, і затрубілі ў трубы. Як толькі пачуў народ гук трубаў, закрычаў гучным крыкам ваенным, і муры разваліся на месцы, і народ увайшоў у горад, кожны напрасткі. І так занялі горад.
21 Сілай закляцьця ўсё прызначалі на сьмерць, і выбілі ўсіх, хто ў ім быў, ад мужчыны да жанчыны, ад дзіцяці да старога, і валоў, авечак і аслоў забілі мячом.
22 А двум мужчынам, якія былі выведчыкамі, Егошуа сказаў: «Ідзіце ў дом той жанчыны распусьніцы і прывядзіце яе і ўсё, што ейнае, як ёй пад прысягай абяцалі».
23 Юнакі пайшлі і прывялі Рахаў і бацькоў ейных, братоў ейных і ўсе рэчы, і сваякоў яе, і пакінулі па-за табарам.
24 А горад і ўсё, што ў ім было, спалілі, апрача срэбра, золата, мядзянага посуду і жалеза, якія аддалі ў скарбніцу Дому ГОСПАДА.
25 А Рахаў распусьніцу, і сям’ю бацькі ейнага, і ўсё, што мела, пакінуў Егошуа пры жыцьці. І абжылася яна сярод Ізраіля па сёньняшні дзень, бо яна схавала выведчыкаў, якіх паслаў Егошуа для выведваньня Ерыхону.
26 У той час Егошуа пакляўся і сказаў: «Няхай будзе пракляты перад абліччам ГОСПАДА чалавек, які ўзяўся б адбудаваць горад Ерыхон. За цану жыцьця першароднага свайго закладзе падваліны ягоныя, за цану жыцьця наймалодшага сына паставіць брамы».
27 І ГОСПАД быў з Егошуа, і слава ягоная разыйшлася па ўсёй зямлі.
Разьдзел 7
1 А сыны Ізраіля дапусьціліся злачынства, бо ўзялі рэчы заклятыя, бо Ахан, сын Кармія, сына Заўдыя, сына Зэраха, з калена Юды, узяў нешта з рэчаў заклятых. І разгневаўся ГОСПАД на сыноў Ізраіля.
2 Егошуа паслаў з Ерыхону людзей у Гай, які каля Бэт-Авэну на ўсход ад Бэтэлю, кажучы ім: «Ідзіце і выведайце зямлю». Яны пайшлі і агледзелі Гай,
3 і, вярнуўшыся, сказалі Егошуа: «Няхай не ідзе ўвесь народ, але няхай пойдуць дзьве або тры тысячы і зьнішчаць горад. Не турбуй увесь народ, бо мала ворагаў».
4 І выбралася каля трох тысячаў ваяроў, але яны кінуліся ўцякаць перад жыхарамі Гаю.
5 Жыхары Гаю забілі з іх каля трыццаці шасьці чалавек, гонячы іх ад брамы аж да Шэбарыму, і забівалі іх на спуску з гары. І саслабела сэрца народу, і сталася, як вада.
6 Тады Егошуа разьдзёр адзеньне сваё і ўпаў на аблічча сваё на зямлю перад Каўчэгам ГОСПАДА, ён і старшыні Ізраіля, аж да вечара, і пасыпалі попелам галовы свае.
7 І маліўся Егошуа, кажучы: «О, Госпадзе, ГОСПАДЗЕ, чаму захацеў Ты пераправіць народ гэты за раку Ярдан, каб выдаць нас у рукі Амарэйцаў і выгубіць? Лепш бы мы заставаліся і жылі за Ярданам!
8 Госпадзе, што маю сказаць, калі бачу, як Ізраіль уцякае перад ворагамі?
9 Пачуюць Хананейцы і ўсе жыхары зямлі, і акружаць нас, і сатруць імя нашае з зямлі. І што тады зробіш для імя Твайго вялікага?»
10 І сказаў ГОСПАД Егошуа: «Устань! Чаму ляжыш ніцма на зямлі?
11 Ізраіль саграшыў, яны парушылі запавет, які Я заключыў з імі, і ўзялі сабе тое, што было заклятае, укралі гэта, затаілі і схавалі паміж рэчаў сваіх.
12 Таму сыны Ізраіля не ўстаялі перад ворагамі сваімі і ўцяклі ад іх, бо яны падпалі пад закляцьце. Ня буду Я больш з вамі, пакуль ня вынішчыце спаміж сябе заклятага.
13 Устань, ачысьці народ і скажы ім: “Ачысьціцеся да заўтра, бо вось што кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: «Заклятае ёсьць у цябе, Ізраілю! Таму не ўстаіцё перад ворагамі сваімі, пакуль ня прымеце заклятага спаміж сябе»”.
14 Дзеля гэтага заўтра раніцаю будзеце падыходзіць па каленах, а калена, на якое ГОСПАД пакажа жэрабям, няхай ідзе па родах, а род, на які пакажа ГОСПАД, няхай ідзе па сем’ях, а сям’я, на якую пакажа ГОСПАД, няхай ідзе па адным чалавеку.
15 У каго знойдуцца рэчы заклятыя, будзе спалены разам з усім, што да яго належыць, бо ён парушыў запавет ГОСПАДА і дапусьціўся злачынства ў Ізраілі».
16 І ўстаў Егошуа рана, і загадаў падыходзіць Ізраілю па каленах. І жэрабям паказана было калена Юды.
17 І загадаў падыходзіць родам Юды, і жэрабям быў паказаны род Зэраха. І загадаў падыходзіць роду Зэраха сем’ямі, і жэрабем паказана была сям’я Заўдыя.
18 І загадаў падыходзіць паасобным мужчынам з сем’ямі сваімі, і жэрабям быў паказаны Ахан, сын Кармія, сына Заўдыя, сына Зэраха, з калена Юды.
19 І сказаў Егошуа Ахану: «Сыне мой, аддай славу ГОСПАДУ, Богу Ізраіля, і падзякуй, і скажы мне, што ты зрабіў. Ня ўтойвай ад мяне».
20 І адказаў Ахан Егошуа, і сказаў: «Сапраўды, саграшыў я перад ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля. Вось што я зрабіў.
21 Убачыў я між здабычы прыгожы плашч з Шынэару, дзьвесьце сыкляў срэбра і залаты пруток у пяцьдзясят сыкляў вагі. Зажадаў я іх, і забраў іх, і схаваў у зямлі ў сярэдзіне намёту майго, а срэбра пад імі».
22 І Егошуа выслаў пасланцоў, і яны пабеглі ў намёт, і знайшлі там усё схаванае ў тым самым месцы, і срэбра пад ім.
23 І забралі іх з сярэдзіны намёту, і прынесьлі да Егошуа і да ўсіх сыноў Ізраіля, і палажылі перад абліччам ГОСПАДА.
24 І Егошуа ўзяў Ахана, сына Зэраха, срэбра, плашч і пруток золата, і сыноў ягоных, і дачок, і валоў, і аслоў, і авечак, і сам намёт, і ўсё ягонае, і ўвесь Ізраіль з ім, і вывеў іх у даліну Ахор.
25 І там сказаў Егошуа: «За тое, што ты навёў на нас гора, няхай ГОСПАД навядзе на цябе гора ў гэты дзень». І ўкаменаваў яго ўвесь Ізраіль камянямі, а [ўсё] ягонае агнём было спалена.
26 І накідалі на яго купу камянёў вялікую, якая [захавалася] да сёньняшняга дня. І адвярнуўся гнеў ГОСПАДА ад іх, таму назвалі тое месца далінаю Ахор аж да сёньня.
Разьдзел 8
1 І сказаў ГОСПАД Егошуа: «Ня бойся і не палохайся! Вазьмі з сабой усіх ваяроў, і ўстань, і ідзіна Гай. Вось Я аддаў у рукі твае валадара Гаю, і народ ягоны, і горад ягоны, і зямлю ягоную.
2 Зробіш з Гаем і валадаром ягоным, як зрабіў ты з Ерыхонам і валадаром ягоным. Вазьміце толькі сабе здабычу і жывёлу. Зрабі засаду на горад з другога боку [гораду]».
3 І ўстаў Егошуа і ўсе ваяры, каб ісьці на Гай. І выбраў Егошуа трыццаць тысячаў моцных ваяроў, і выправіў іх уначы,
4 і загадаў ім, кажучы: «Станьце ў засаду за горадам і не адыходзьце далёка ад гораду. Будзьце ўсе гатовыя.
5 А я і ўвесь народ, які са мной, наблізімся з другога боку гораду. Калі выйдуць яны супраць нас як раней, мы будзем уцякаць перад імі.
6 Яны будуць гнацца за намі, і мы адцягнем іх далёка ад гораду, бо падумаюць, што мы ўцякаем ад іх, як той раз.
7 І мы так будзем уцякаць, а вы выйдзеце з засады і захопіце горад. І аддасьць яго ГОСПАД, Бог ваш, у рукі вашыя.
8 І захопіце яго, і спаліце яго. Так зрабіце паводле слова ГОСПАДА. Вось, я вам [гэта] загадаў».
9 І Егошуа паслаў іх, і яны пайшлі на месца засады, і затрымаліся між Бэтэлем і Гаем на захад ад Гаю. А Егошуа начаваў тую ноч сярод народу.
10 Устаўшы рана раніцай, Егошуа агледзеў народ, і пайшоў ён і старшыні Ізраіля перад абліччам народу.
11 Усе ваяры, што былі з ім, падыйшлі і наблізіліся да гораду, і затрымаліся з паўночнага боку ад Гаю, а паміж горадам і імі была лагчына.
12 І [Егошуа] выбраў каля пяці тысячаў чалавек. і паставіў іх як засаду паміж Бэтэлем і Гаем, з заходняга боку гораду.
13 І разлажыліся табарам на поўнач ад гораду, а апошняя дружына была на захад ад гораду. І прыйшоў Егошуа ў тую ноч, і затрымаўся на сярэдзіне даліны.
14 Калі ўбачыў гэта валадар Гая, раніцай хутка вырушыў, і пасьпяшаўся з усім войскам сваім, і накіраваўся ў бой супраць Ізраіля насупраць Арабы, ня ведаючы, што ў яго за плячыма хаваецца засада.
15 А Егошуа і ўвесь Ізраіль сталі адыходзіць, і ўцякалі дарогаю ў пустыню.
16 І быў скліканы ўвесь народ, які быў у Гаі, каб даганяць іх, і яны пагналіся за імі. І гналіся за Егошуа, і адыйшліся далёка ад гораду,
17 і нікога не засталося ў Гаі і ў Бэтэлі, хто б не пагнаўся за Ізраілем. І пакінулі яны горад адкрытым, і гналіся за Ізраілем.
18 І сказаў ГОСПАД Егошуа: «Падымі дзіду, якую трымаеш у руцэ тваёй, супраць гораду Гай, бо Я аддам яго ў рукі твае». І ўзьняў Егошуа дзіду, якая была ў руцэ ягонай, супраць гораду.
19 Калі ён падняў дзіду супраць гораду, людзі, якія былі ў засадзе, падняліся і пабеглі ў горад, і захапілі яго, і падпалілі яго.
20 А людзі з гораду, якія гналіся за Егошуам, аглянуўшыся і бачачы дым над горадам, які аж пад неба ўздымаўся, не маглі анікуды ўцякаць, бо тыя, што ўцякалі ў бок пустыні, павярнуліся супраць іх.
21 Егошуа і ўвесь Ізраіль, бачачы, што горад узяты і што дым уздымаецца над горадам, павярнуліся і ўдарылі на людзей Гаю.
22 А тыя, якія занялі горад і падпалілі яго, выйшлі з гораду супраць іх, і так яны апынуліся паміж Ізраілем, які акружыў іх з абодвух бакоў. І ўдарылі іх [сыны Ізраіля], і не пакінулі нікога, хто ўратаваўся.
23 А валадара Гаю схапілі і жывога прывялі да Егошуа.
24 І выбілі Ізраільцяне ўсіх жыхароў Гая, якія пагналіся за імі, калі яны ўцякалі, і на тым самым полі былі яны пазасяканыя мячом. І вярнуўся ўвесь Ізраіль у Гай, і выбіў яго вострывам мяча.
25 У той дзень загінула мужчынаў і жанчынаў дванаццаць тысячаў, усе жыхары Гая.
26 А Егошуа не апускаў рукі сваёй, якую выцягнуў уверх, трымаючы дзіду, пакуль не былі выбіты ўсе жыхары Гаю.
27 Толькі жывёлу і здабычу з гораду падзялілі паміж сабою Ізраільцяне, як загадаў ГОСПАД Егошуа.
28 Егошуа спаліў Гай і зрабіў з яго вечныя руіны, пустэчу аж да сёньняшняга дня.
29 А валадара Гаю павесіў на дрэве аж да вечара. На заходзе сонца загадаў Егошуа зьняць парэшткі ягоныя з дрэва, і кінулі яго каля ўваходу ў брамы гораду і накідалі над ім купу камянёў, якая [захавалася] да сёньня.
30 Тады Егошуа паставіў ахвярнік ГОСПАДУ, Богу Ізраіля, на гары Эваль,
31 як загадаў Майсей, слуга ГОСПАДА, сынам Ізраіля, і што запісана ў кнізе Закону Майсея, ахвярнік з цэлых камянёў, ня чэсаных жалезам. На ім складзена было цэласпаленьне ГОСПАДУ, і склалі ахвяры мірныя.
32 І напісаў ён там на тых камянях водпіс Закону Майсея, які напісаў [Майсей] для сыноў Ізраіля.
33 І ўвесь Ізраіль, і старшыні ягоныя, і начальнікі народу, і судзьдзі, сталі з аднаго і другога боку Каўчэга, насупраць сьвятароў і лявітаў, якія носяць Каўчэг Запавету ГОСПАДА, як прыхадні, так і тутэйшыя. Палова іх стала каля гары Гарызім, а другая палова — каля гары Эваль, як загадаў раней Майсей, слуга ГОСПАДА, каб дабраславіць народ Ізраіля.
34 І пасьля прачытаў Егошуа ўсе словы Закону, дабраславенства і праклён, паводле ўсяго таго, што было напісана ў кнізе Закону.
35 Не прапусьціў Егошуа анічога з таго, што загадаў Майсей, але ўсё прачытаў перад усёй царквой Ізраіля, перад жанчынамі, і дзецьмі, і прыхаднямі, якія між іх хадзілі.
Разьдзел 9
1 І пачулі пра гэта ўсе валадары, што жылі за Ярданам, якія жылі на гарах, і ў даліне, і на беразе Мора Вялікага аж да Лібану, Хеты і Амарэйцы, Хананейцы, Пэрэзэі, Хівеі і Евусэі,
2 і злучыліся разам, каб супольна ваяваць супраць Егошуа і Ізраіля.
3 А жыхары Гібэону, чуючы ўсё, што зрабіў Егошуа з Ерыхонам і Гаем,
4 абдумалі хітрасьць, і пайшлі, і ўзялі з сабою ў дарогу харчы, і ўсклалі старыя мяхі на аслоў і пустыя мяхі на віно, падзёртыя і палатаныя,
5 і на нагах мелі падзёрты абутак, і апрануліся ў старое адзеньне, і ўвесь іхні хлеб падарожны быў сухі і паламаны.
6 І прышлі яны да Егошуа ў табар у Гільгале, і сказалі яму і ўсім мужам Ізраілю: «Прыйшлі мы з далёкай зямлі, і цяпер заключыце запавет з намі».
7 І сказалі Ізраільцяне Хівеям: «А можа вы блізка каля нас жывецё, і мы ня можам заключаць запавет з вамі?»
8 А яны сказалі Егошуа: «Слугі мы твае». І Егошуа сказаў ім: «Хто вы і адкуль прыйшлі?»
9 Яны сказалі яму: «З далёкай вельмі зямлі прыйшлі слугі твае ў імя ГОСПАДА, Бога твайго. Бо мы чулі пра славу магутнасьці Ягонай, пра ўсё, што ўчыніў Ён у Эгіпце,
10 і што зрабіў двум валадарам Амарэйскім за Ярданам, Сыгону, валадару Хешбону, і Огу, валадару Башану, які быў у Аштароце.
11 І сказалі нам старшыні і ўсе жыхары зямлі нашай: “Вазьміце харчы ў дарогу і скажыце ім пры сустрэчы: «Слугі мы вашыя, заключыце з намі запавет»”.
12 Вось хлеб наш. Калі мы выходзілі з дамоў нашых, каб ісьці да вас, узялі мы яго цёплым; цяпер жа зрабіўся ён сухі і паламаны.
13 Мяхі новыя мы налілі віном, а цяпер яны парваліся; адзеньне, у якое апранутыя, і сандалы, якія маем на нагах, дзеля далёкай дарогі падзёрліся, ледзь трымаюцца».
14 Ізраільцяне пакаштавалі хлеб іхні, але што скажа ГОСПАД, не спыталіся.
15 І заключыў Егошуа мір з імі, і заключыў з імі запавет, і абяцаў ім жыцьцё, а князі грамады пацьвердзілі гэта ім прысягаю.
16 Праз тры дні пасьля заключэньня запавету [Ізраільцяне] пачулі, што яны жывуць у суседзтве і блізка іх.
17 І сыны Ізраіля вырушылі, і ў трэці дзень прыйшлі ў гарады іхнія, а гарады іхнія Гібэон, Кефіра, Бэерот і Кірыят-Ярым.
18 І сыны Ізраіля не пазабівалі іх, бо запрысягнулі ім князі грамады ў імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля. І наракала ўся грамада на князёў.
19 І сказалі ўсе князі да ўсёй грамады: «Мы прысягалі ім у імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля, і дзеля гэтага ня можам іх чапаць.
20 Але зробім з імі так: захаваем іх пры жыцьці, каб не сьцягнуць гневу ГОСПАДА супраць сябе дзеля прысягі, якой мы запрысягліся».
21 І сказалі ім князі: «Няхай яны жывуць, але няхай сякуць дровы і носяць ваду для ўсёй грамады». Так прамовілі ім князі.
22 І паклікаў Егошуа [жыхароў Гібэону], і сказаў ім: «Чаму вы захацелі нас ашукаць падступна, кажучы: «Мы ад вас вельмі далёка жывём», калі вы блізка нас жывіцё?
23 І цяпер вы будзеце пад праклёнам і ніхто з вашага роду не перастане секчы дровы і насіць ваду ў Дом Бога майго».
24 І яны адказалі Егошуа, і сказалі: «Мы, слугі твае, даведаліся, што ГОСПАД, Бог твой, загадаў слузе Свайму, Майсею, што аддасьць вам усю зямлю гэтую і зьнішчыць усіх жыхароў зямлі гэтай перад абліччам вашым. І мы дужа баяліся за жыцьцё нашае перад абліччам вашым, і вырашылі так зрабіць.
25 І цяпер мы ў руках тваіх.Што добра і справядліва ў вачах тваіх, рабі з намі».
26 І [Егошуа] так зрабіў з імі, і вызваліў іх ад рукі сыноў Ізраіля, і не былі яны забітыя.
27 У той дзень паставіў іх Егошуа, каб яны секлі дровы і насілі ваду для грамады і для ахвярніка ГОСПАДА аж да цяперашняга часу на месцы, якое [Госпад] выбярэ.
Разьдзел 10
1 Адоніцэдэк, валадар Ерусаліму, пачуў, што Егошуа заняў Гай і аблажыў яго закляцьцем, і што зрабіў ён з Гаем і валадаром ягоным так, як зрабіў з Ерыхонам і валадаром ягоным, і што заключылі жыхары Гібэону мір з Ізраілем, і жылі пасярод іх,
2 і моцна стрывожыўся, бо Гібэон быў горадам вялікім, як адзін з гарадоў валадарскіх, і большы за Гай, і ўсе яго жыхары былі волатамі.
3 І паслаў Адоніцэдэк, валадар Ерусаліму, пасланцоў да Гагама, валадара Хеўрону, і да Пірама, валадара Ярмуту, і да Яфія, валадара Ляхішу, і да Дэбіра, валадара Эглёну, кажучы:
4 «Прыйдзіце да мяне і дапамажыце мне, і паб’ем жыхароў Гібэону, бо яны заключылі мір з Егошуа і сынамі Ізраіля».
5 І яны зыйшліся, і злучыліся разам пяць валадароў Амарэйскіх: валадар Ерусаліму, валадар Хеўрону, валадар Ярмуту, валадар Ляхішу, валадар Эглёну, з войскамі сваімі. І разлажыліся яны табарам каля Гібэону, і ваявалі супраць яго.
6 І жыхары Гібэону паслалі да Егошуа, які быў тады ў табары ў Гільгале, і прасілі яго: «Ня стрымлівай рукі тваёй, каб даць дапамогу слугам тваім! Пасьпяшайся хутка і абарані нас, прыйдзі з дапамогаю, бо зыйшліся супраць нас усе валадары Амарэйскія, якія жывуць у гарах».
7 І пайшоў Егошуа з Гільгалу, і ўсе ваяры з ім, ваяры мужныя.
8 І сказаў ГОСПАД Егошуа: «Ня бойся іх, бо ў рукі твае Я аддаю іх. Ніхто з іх ня зможа ўстаяць перад табою».
9 І неспадзявана напаў на іх Егошуа, а ён усю ноч ішоў з Гільгалу.
10 І напалохаў іх ГОСПАД зьяўленьнем Ізраіля, і зрабіў ім вялікую паразу ў Гібэоне, і гналі іх [сыны Ізраіля] ў бок узгорку Бэт-Харон, і білі іх аж да Азэкі і Македы.
11 Калі ўцякалі яны перад Ізраілем і былі на схіле гары Бэт-Харон, ГОСПАД кідаў на іх вялікія камяні з неба аж да Азэкі, і больш іх паўмірала ад камянёў градавых, чым ад мяча сыноў Ізраіля.
12 У той дзень, калі выдаў ГОСПАД Амарэйцаў сынам Ізраіля, сказаў Егошуа ГОСПАДУ на вачах Ізраіля: «Стой, сонца, над Гібэонам, і ты, месяц, над далінай Аялона.
13 І затрымалася сонца, і стаў месяц, аж адпомсьціў народ ворагам сваім». Ці ж не запісана гэта ў Кнізе Справядлівага: «І стала сонца на сярэдзіне неба і ўвесь дзень не спяшалася заходзіць»?
14 Не было падобнага дня ані перад тым, ані потым, каб ГОСПАД так паслухаў голас чалавека, бо ГОСПАД ваяваў на баку Ізраіля.
15 І вярнуўся Егошуа, і ўвесь Ізраіль з ім, у табар у Гільгал.
16 А пяць валадароў уцяклі і схаваліся ў пячоры каля Македы.
17 І паведамілі Егошуа, што пяць валадароў знойдзены і што яны хаваюцца ў пячоры каля Македы.
18 І сказаў Егошуа: «Закрыйце ўваход у пячору вялікімі камянямі і пастаўце людзей, каб іх пільнавалі.
19 А вы ня стойце, але перасьледуйце ворагаў, забіваючы захопленых, і не дазвольце ім увайсьці ў гарады свае за дапамогаю, бо ГОСПАД, Бог ваш, выдаў іх у рукі вашыя».
20 Егошуа і сыны Ізраіля зрабілі вялікае зьнішчэньне сярод ворагаў сваіх, што толькі рэшткі змаглі ўцячы ад іх у гарады ўмацаваныя.
21 І ўсё войска вярнулася да Егошуа ў Македу ў табар, жывыя і здаровыя, і ніхто не адважыўся нават языком варухнуць супраць сыноў Ізраіля.
22 І сказаў Егошуа: «Адкрыйце ўваход у пячору і прывядзіце да мяне пяць валадароў з пячоры».
23 І зрабілі так, і прывялі да яго пяць валадароў з пячоры: валадара Ерусаліму, валадара Хеўрону, валадара Ярмуту, валадара Ляхішу і валадара Эглёну.
24 Калі яны былі прыведзеныя да яго, ён паклікаў усіх Ізраільцянаў і сказаў начальнікам войска, якія былі з ім: «Хадзіце і пастаўце ногі на каркі валадароў гэтых». І яны падыйшлі, і паставілі ногі свае на каркі іхнія.
25 І Егошуа сказаў ім: «Ня бойцеся і не палохайцеся, будзьце цьвёрдыя і мужныя! Так ГОСПАД зробіць усім ворагам вашым, супраць якіх будзеце змагацца».
26 І ўдарыў іх Егошуа, і забіў іх, і павесіў на пяці дрэвах, і віселі яны аж да вечара.
27 І ў часе заходу сонца загадаў Егошуа, і зьнялі іх з дрэваў, і ўкінулі іх у пячору, у якой хаваліся, і закідалі ўваход вялікімі камянямі, якія [там] аж да сёньня.
28 У той дзень здабыў Егошуа Македу і зьнішчыў яе вострывам мяча, і забіў валадара яе і ўсіх жыхароў яе. Не пакінуў у ёй анікога, і зрабіў валадару Македы так, як зрабіў валадару Ерыхону.
29 І з Македы перайшоў Егошуа, і ўвесь Ізраіль з ім, у Лібну, і ваяваў супраць яе.
30 І выдаў Лібну ГОСПАД разам з валадаром ейным у рукі Ізраіля, і яны зьнішчылі горад вострывам мяча і ўсіх жыхароў ягоных, і не пакінулі анікога, і ўчынілі валадару Лібны, як зрабілі валадару Ерыхону.
31 З Лібны Егошуа, і ўвесь Ізраіль з ім, перайшоў у Ляхіш і стаў табарам каля яго, і ваяваў супраць яго.
32 І аддаў ГОСПАД Ляхіш у рукі Ізраіля, і ён заняў яго на другі дзень, і выгубіў вострывам мяча ўсякую душу, што была ў ім, як зрабіў раней у Лібне.
33 Тады прыйшоў Гарам, валадар Гезэру, дапамагчы Ляхішу, але Егошуа зьнішчыў яго і ўвесь народ ягоны аж да поўнага вынішчэньня.
34 І перайшоў Егошуа, і ўвесь Ізраіль з ім, з Ляхішу ў Эглён, і стаў табарам каля яго, і ваяваў з ім.
35 І ў той самы дзень захапіў яго, і выбіў вострывам мяча ўсякую душу, што была ў ім, і аддаў закляцьцю, як зрабіў у Ляхішы.
36 І перайшоў Егошуа, і ўвесь Ізраіль з ім, з Эглёну ў Хеўрон, і ваяваў з ім.
37 І здабыў яго, і выбіў мячом яго, і валадара ягонага, і ўсе гарады ягоныя, і ўсякую душу, што там жыла. Не пакінуў анікога там, і зрабіў так, як зрабіў у Эглёне, і аддаў закляцьцю ўсякую душу, што ў ім.
38 І павярнуў Егошуа, і ўвесь Ізраіль з ім, у Дэбір, і ваяваў з ім.
39 І здабыў яго, і валадара ягонага, і ўсе гарады ягоныя вынішчыў вострывам мяча, і аддаў закляцьцю ўсякую душу ў ім, і не пакінуў рэшткі. Як зрабіў з Хеўронам і Лібнай і з валадарамі іхнімі, так зрабіў з Дэбірам і валадаром ягоным.
40 І заваяваў Егошуа ўсю зямлю, і гару, і Нэгеў, і Шэфэлю, і схілы гор, і ўсіх валадароў іхніх. Не пакінуў у іх ніякіх рэшткаў, але ўсякую душу ў іх аддаў закляцьцю, як загадаў ГОСПАД, Бог Ізраіля.
41 І Егошуа пабіў іх ад Кадэш-Барнэа аж да Газы, усю зямлю Гашэн аж да Гібэону.
42 І ўсіх тых валадароў і землі іхнія Егошуа захапіў адным паходам, бо ГОСПАД, Бог Ізраіля, ваяваў на баку Ізраіля.
43 І вярнуўся Егошуа, і ўвесь Ізраіль з ім, у табар у Гільгал.
Разьдзел 11
1 І сталася, што Явін, валадар Хацору, пачуў пра гэта, і змовіўся з Ёвавам, валадаром Мадону, і з валадаром Шымрону, і з валадаром Ахшафу,
2 і з валадарамі поўначы, якія жылі ў гарах і ў Арабе з паўднёвага боку Кінэрэту, і ў Шэфэлі, і на ўзвышшах Дору каля мора,
3 з Хананейцамі на ўсходзе і на захадзе, з Амарэйцамі, Хетамі, Пэрэзэямі, Евусэямі, з Хівеямі, якія [жывуць] каля падножжа Гермону ў зямлі Міцпа.
4 Выйшлі яны ўсе з дружынамі сваімі, народ шматлікі, быццам пясок на беразе мора, і коньнікі, і калясьніцы ў вялікай лічбе.
5 І сабраліся ўсе гэтыя валадары, і разлажыліся табарам у адным месцы каля водаў Мэрому, каб ваяваць супраць Ізраіля.
6 І сказаў да Егошуа ГОСПАД: «Ня бойся іх, бо заўтра ў гэты самы час Я пакладу іх забітымі перад абліччам Ізраіля. Коні іхнія ты акульгавіш, а калясьніцы іхнія спаліш агнём».
7 І Егошуа і ўсё войска ягонае з ім прыйшлі раптоўна да водаў Мэрому, і напалі на іх.
8 І аддаў іх ГОСПАД у рукі Ізраіля, і ён разьбіў іх, і гнаўся за імі аж да Вялікага Сідону і Місрэфот-Маіму і аж да даліны Міцпа на ўсходзе, і забівалі іх, і не пакінулі ў іх рэшткаў.
9 І зрабіў Егошуа так, як яму сказаў ГОСПАД: коні іхнія акульгавіў, а калясьніцы іхнія спаліў агнём.
10 У той час Егошуа вярнуўся і здабыў Хацор, і валадара ягонага забіў мячом, а Хацор перад гэтым быў сталіцай усіх валадарстваў гэтых.
11 І выбіў ён усякую душу, што там была, вострывам мяча, і аддаў закляцьцю, і не пакінуў анікога, а Хацор спаліў анём.
12 І ўсе гарады, і валадароў іхніх Егошуа забіў вострывам мяча, і аддаў закляцьцю, як загадаў Майсей, слуга ГОСПАДА.
13 Толькі ўсе гарады, што стаяць на ўзгорышчы, не паліў Ізраіль, акрамя Хацору, які спаліў Егошуа.
14 І ўсю здабычу з гэтых гарадоў і жывёлу падзялілі сыны Ізраіля паміж сабою. Толькі людзей усіх выбілі вострывам мяча аж да вынішчэньня іх, не пакідаючы нікога, хто дыхае.
15 Як загадаў ГОСПАД Майсею, слузе Свайму, так загадаў Майсей Егошуа, і Егошуа ўсё выканаў; не прапусьціў аніводнага слова з таго, што загадаў ГОСПАД Майсею.
16 І Егошуа завалодаў усёю зямлёю гэтаю: гарамі, і ўсім Нэгевам, і ўсёю зямлёю Гашэн, і Шэфэлёй, і Арабай, і гарамі Ізраіля, і раўнінамі іхнімі,
17 ад гары Халак, якая падымаецца да Сэіру, аж да Баал-Гаду ў даліне Лібану, каля падножжа гары Гермон. А ўсіх валадароў іхніх перамог і забіў іх.
18 Шмат дзён Егошуа ваяваў супраць валадароў гэтых.
19 Ніводзін горад не заключыў міру з сынамі Ізраіля, апрача Хівеяў, жыхароў Гібэону. Усе [гарады] былі ваяваньнем здабытыя.
20 Бо ад ГОСПАДА было, каб зрабіць цьвёрдымі сэрцы іхнія, каб яны ваявалі супраць Ізраіля і каб аддаць іх закляцьцю, і не было для іх міласэрнасьці, але каб вынішчыць іх, як загадаў ГОСПАД Майсею.
21 У той час Егошуа прыйшоў і выбіў сыноў Анака ў гарах, у Хеўроне, і ў Дэбіры, і ў Анаве, і ў-ва ўсіх гарах Юды, і ў-ва ўсіх гарах Ізраілю, і Егошуа аддаў закляцьцю іх і ўсе гарады іхнія.
22 Не засталося [сыноў] Анака ў зямлі сыноў Ізраіля, толькі ў гарадах Газа, Гат і Ашдод яны засталіся.
23 І захапіў Егошуа ўсю зямлю, як прамовіў ГОСПАД да Майсея, і аддаў яе ў спадчыну сынам Ізраіля, падзяліўшы для каленаў іхніх. І зямля супакоілася ад войнаў.
Разьдзел 12
1 Вось валадары той зямлі, якіх забілі сыны Ізраіля і завалодалі зямлёю іхняй за Ярданам, на ўсход сонца, ад ручая Арнон аж да гары Гермон, разам з усёй Арабай на ўсходзе.
2 Сыгон, валадар Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне і валодаў паловай Гілеаду ад Араэру, што на беразе ручая Арнон, ад сярэдзіны даліны аж да ручая Ябок, мяжы сыноў Амона,
3 а на ўсходзе праз Арабу аж да мора Кінэрэт і мора Арабы або Мора Салёнага, у напрамку Бэт-Гаешымоту, і далей на поўдзень да падножжа Пісгі.
4 Пасьля Ог, валадар Башану, апошні з Рэфаімаў, які жыў у Аштароце і ў Эдрэі,
5 і панаваў у гарах Гермону, і ў Сальсе, а таксама над усім Башанам аж да мяжы з Гешурам і Маахай, і над паловай Гілеаду, аж да мяжы Сыгона, валадара Хешбону.
6 Майсей, слуга ГОСПАДА, і сыны Ізраіля забілі іх. І аддаў зямлю іхнюю Майсей на пасяленьне [сынам] Рубэна і Гада, і палове калена Манасы.
7 А вось валадары зямлі, якіх забіў Егошуа і сыны Ізраіля за Ярданам на захад, ад Баал-Гаду ў даліне Лібану аж да гары Халак, якая падымаецца да Сэіру, якую аддаў Егошуа на ўласнасьць каленам Ізраіля, адпаведна да іх падзелу,
8 на гары і ў Шэфэлі, у Арабе і на схілах гары, у стэпе і ў Нэгеве, зямлю Хетаў, Амарэйцаў, Хананейцаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў:
9 валадар Ерыхону — адзін, валадар Гаю, што побач Бэтэлю — адзін;
10 валадар Ерусаліму — адзін, валадар Хеўрону — адзін,
11 валадар Ярмуту — адзін, валадар Ляхішу — адзін,
12 валадар Эглёну — адзін, валадар Гезэру — адзін,
13 валадар Дэбіру — адзін, валадар Гедэру — адзін,
14 валадар Хармы — адзін, валадар Араду — адзін,
15 валадар Лібны — адзін, валадар Адуляму — адзін,
16 валадар Македы — адзін, валадар Бэтэлю — адзін,
17 валадар Тапуаху — адзін, валадар Хэфэру — адзін,
18 валадар Афэку — адзін, валадар Лашарону — адзін,
19 валадар Мадону — адзін, валадар Хацору — адзін,
20 валадар Шымрону — адзін, валадар Ахшафу — адзін,
21 валадар Таанаху — адзін, валадар Мэгіддо — адзін,
22 валадар Кадэшу — адзін, валадар Ёкнэаму, што каля Кармэлю — адзін,
23 валадар Дору з узвышшаў Дор — адзін, валадар паганаў з Гільгалу — адзін,
24 валадар Тырцы — адзін; усіх валадароў — трыццаць адзін.
Разьдзел 13
1 Калі Егошуа састарэў і меў шмат дзён, сказаў яму ГОСПАД: «Ты састарэў і маеш шмат дзён, але яшчэ вельмі шмат зямлі застаецца незанятай.
2 Вось гэтая зямля, якая засталася: усе акругі Філістынцаў і ўвесь Гешур,
3 ад Шыхору, на ўсход ад Эгіпту аж да мяжы Экрону на поўначы, зямля Ханаан, якая дзеліцца паміж пяцьцю князямі Філістынскімі з Газы, Ашдоду, Ашкелёну, Гату і Экрону, і Авеямі на поўдні;
4 уся зямля Хананейцаў ад Мэары Сідонскай аж да Афэку і мяжы Амарэйцаў.
5 І зямля Гіблі і ўвесь Лібан на ўсходзе ад Баал-Гаду, што каля падножжа гары Гермон, аж да ўваходу ў Хамат.
6 Усіх, што жывуць у гарадах ад Лібану аж да Місрэфот-Маіму на захад, усіх Сідонцаў Я выганю перад абліччам сыноў Ізраіля. Толькі жэрабям падзялі зямлю ў спадчыну між сынамі Ізраіля, як Я загадаў табе.
7 І цяпер падзялі зямлю гэтую ў спадчыну дзевяці каленам і палове калена Манасы».
8 А [сыны] Рубэна і Гада, і [палова Манасы] атрымалі спадчыну сваю ад Майсея на ўсходзе за Ярданам, як даў ім Майсей, слуга ГОСПАДА,
9 ад Араэру, які на беразе ручая Арнон, і гораду, які ў сярэдзіне даліны, і ўсю раўніну ад Мэдэвы да Дыбону,
10 і ўсе гарады Сыгона, валадара Амарэйскага, які валадарыў у Хешбоне, аж да мяжы сыноў Амона,
11 і Гілеад, і мяжу з Гешурам і Маахай, і ўсю гару Гермон, і ўвесь Башан аж да Салхі,
12 усё валадарства Ога, які валадарыў у Аштароце і Эдрэі, які быў апошнім з Рэфаімаў, а Майсей пабіў іх і выгнаў.
13 Але сыны Ізраіля ня выгналі [сыноў] Гешура і Мааха, і жывуць яны сярод Ізраіля да сёньняшняга дня.
14 Толькі калену Левія ня дадзена спадчыны. Ахвяры агнявыя ГОСПАДУ, Богу Ізраіля — гэта спадчына ягоная, як прамовіў да яго [Госпад].
15 І Майсей даў пакаленьню сыноў Рубэна частку паводле сем’яў іхніх.
16 Атрымалі яны абшар ад Араэру на беразе ручая Арнон, і горад у сярэдзіне даліны, і ўвесь абшар аж да Мэдэбы,
17 Хешбон і ўсе гарады ягоныя, якія на раўніне: Дыбон, Бамот-Баал, Бэт-Баал-Мэон,
18 Ягцу, Кедэмот і Мэфаат,
19 Кірыятаім, Сібму і Цэрэт-Гешшахар на гары, [якая] на раўніне,
20 Бэт-Пэор і схілы Пісгі, і Бэт-Гаешымот,
21 і ўсе гарады на раўніне, і ўсё валадарства Сыгона, валадара Амарэйскага, які валадарыў у Хешбоне, якога забіў Майсей, яго і начальнікаў Мадыянскіх: Эвія, Рэкема, Цура, Хура, Рэву, князёў Сыгона, якія жылі ў той зямлі.
22 І варажбіта Білеама, сына Бэора, забілі сыны Ізраіля мячом разам з іншымі забітымі.
23 Мяжой абшару сыноў Рубэна быў Ярдан. Гэта спадчына сыноў Рубэна паводле сем’яў іхніх, гарады і вёскі іхнія.
24 І даў Майсей [зямлю] пакаленьню сыноў Гада паводле сем’яў іхніх.
25 Яны атрымалі абшар: Язэр, і ўсе гарады Гілеаду, і палову зямлі сыноў Амона аж да Араэру, насупраць Раббы,
26 і ад Хешбону да Рама-Міцпы і Бэтаніму і ад Маханаіму да мяжы Лё-Дэбару,
27 а ў даліне — Бэтгарам, Бэтнімру, Суккот і Цафон, рэшту валадарства Сыгона, валадара Хешбону, Ярдан і ваколіцы ягоныя аж да мора Кінэрэт за Ярданам на ўсход.
28 Гэта спадчына сыноў Гада паводле сем’яў іхніх, гарады і вёскі іхнія.
29 І даў Майсей [зямлю] палове калена Манасы паводле сем’яў іхніх.
30 І яны атрымалі абшар ад Маханаіму, увесь Башан, усё валадарства Ога, валадара Башану, усе паселішчы Яіра, якія ў Башане, шэсьцьдзясят гарадоў.
31 А палову Гілеаду, Аштарот і Эдрэю, гарады валадарства Ога ў Башане, [атрымалі] сыны Махіра, сына Манасы, палова сыноў Махіра паводле сем’яў сваіх.
32 Гэтую спадчыну падзяліў Майсей на раўнінах Мааву за Ярданам насупраць Ерыхону, на ўсход ад Ерыхону.
33 А калену Левія ня даў спадчыны Майсей, бо ГОСПАД, Бог Ізраіля, Ён — спадчына іхняя, як Ён прамовіў да іх.
Разьдзел 14
1 А вось гэта атрымалі ў спадчыну сыны Ізраіля ў зямлі Ханаан, якую падзялілі Элеазар сьвятар і Егошуа, сына Нуна, і галовы дамоў пакаленьняў Ізраіля.
2 Спадчына іхняя была падзелена жэрабям, як загадаў ГОСПАД праз Майсея, дзевяці пакаленьням і палове пакаленьня Манасы.
3 Бо двум пакаленьням і палове пакаленьня Манасы даў Майсей спадчыну на тым баку Ярдану, а лявітам ня даў спадчыны між іх,
4 бо ад сыноў Язэпа выйшлі два пакаленьні: Манасы і Эфраіма, а лявітам ня дадзена на ўласнасьць зямлі, а толькі гарады на жыцьцё і пашы пры гарадах для статкаў іхніх і маёмасьці іхняй.
5 Як загадаў ГОСПАД Майсею, так і зрабілі сыны Ізраіля, і так падзялілі зямлю.
6 І прыйшлі сыны Юды да Егошуа ў Гільгале, і сказаў Халеў, сын Ефунны, Кенэзей: «Ты ведаеш слова, якое прамовіў ГОСПАД да Майсея, чалавека Божага, пра мяне і пра цябе ў Кадэш-Барнэа.
7 Сорак гадоў я меў, калі Майсей, слуга ГОСПАДА, паслаў мяне з Кадэш-Барнэа выведаць зямлю. І я прынёс яму слова, якое [было] ў сэрцы маім.
8 А браты мае, якія хадзілі разам са мною, напалохалі сэрцы народу, але я пайшоў за ГОСПАДАМ, Богам маім.
9 У той дзень Майсей прысягнуў, кажучы: “Зямля, на якую ступіла нага твая, будзе спадчынай тваёй і сыноў тваіх на вякі, бо ты пайшоў за ГОСПАДАМ, Богам маім”.
10 І вось, захаваў мяне ГОСПАД пры жыцьці, як абяцаў. Ужо сорак пяць гадоў мінула, як ГОСПАД прамовіў словы гэтыя да Майсея, калі яшчэ Ізраіль вандраваў праз пустыню. Цяпер я маю восемдзясят пяць гадоў,
11 але яшчэ сёньня я дужы як у дзень, калі пасылаў мяне Майсей; колькі ў мяне тады было сілы, столькі і цяпер маю для таго, каб ваяваць і каб выходзіць і вяртацца.
12 Таму дай ты мне гару гэтую, якую абяцаў мне ГОСПАД у той дзень. Ты сам чуў у той дзень, што там [сыны] Анака і гарады вялікія і ўмацаваныя. Калі ГОСПАД са мною, я здабуду іх, як ГОСПАД прамовіў».
13 І дабраславіў Егошуа Халева, сына Ефунны, і даў яму ў спадчыну Хеўрон.
14 Дзеля гэтага Хеўрон як спадчына належыць Халеву, сыну Ефунны, Кенэзею, аж па сёньняшні дзень, бо ён пайшоў за ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля.
15 Хеўрон раней называўся Кірыят-Арба, бо [Арба] быў найвялікшым чалавекам сярод [сыноў] Анака. І зямля жыла ў супакоі ад войнаў.
Разьдзел 15
1 Пакаленьне сыноў Юды жэрабям атрымала [спадчыну] паводле сем’яў сваіх: да мяжы Эдому, да пустыні Сін, насупраць Нэгеву на поўдзень аж да канца паўднёвага.
2 Іх мяжа паўднёвая ішла ад канца Мора Салёнага, ад паўднёвай затокі,
3 і кіравалася далей на поўдзень ад Маале-Акрабіму, і праходзіла праз Сін, і ўзыходзіла на поўдзень да Кадэш-Барнэа, і ішла да Хецрону, і ўзыходзіла да Адару, і паварочвала да Карка,
4 і пераходзіла да Ацмону, і даходзіла да ручая Эгіпецкага, і спынялася на беразе мора. Такая была іх мяжа паўднёвая.
5 Мяжа ўсходняя — Мора Салёнае аж да вусьця Ярдану. Мяжа ад поўначы пачыналася ад затокі мора каля вусьця Ярдану,
6 і ўзьнімалася да Бэт-Хоглі, і праходзіла на поўначы да Бэт-Арабы, і ўзьнімалася мяжа да Эвэн-Баган-Бэн-Рэўбэн.
7 І ўзьнімалася мяжа да Дэбіру ад даліны Ахор і заварочвала на поўнач да Гільгалу, які насупраць Маале-Адумім, што на поўдзень ад ручая; і ішла мяжа да Мэ-Эн-Шэмэшу, і сканчвалася пры Эн-Рагелі.
8 І ўзьнімалася мяжа лагчынай Бэн-Гінном паўднёвым схілам гор Евусэяў, значыць праз Ерусалім, і ўзыходзіла на верх гары, якая насупраць лагчыны Гінном ад захаду і на скраю паўночным лагчыны Рэфаім.
9 З вяршыні гары заварочвала мяжа да крыніцы Мэ-Нэфтаах і вяла да гарадоў гары Эфрон, і заварочвала мяжа да Баалы або Кірыят-Ярыму.
10 З Баалы мяжа ішла на захад да гары Сэір і праходзіла праз паўночны схіл гары Ярым, значыць Кесалён, і зыходзіла да Бэт-Шэмэшу, і пераходзіла праз Тымну.
11 І даходзіла мяжа да паўночнага схілу Экрону, і заварочвала да Шыкарону, і пераходзіла праз гару Баалы, і набліжалася да Ябнээля, і спынялася на беразе мора.
12 Мяжой заходняй было Мора Вялікае з узьбярэжжам сваім. Гэта мяжа сыноў Юды наўкола паводле сем’яў іхніх.
13 Халеў, сын Ефунны, атрымаў частку між сыноў Юды паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА да Егошуа, — Кірыят-Арбу, бацьку Анака, значыць Хеўрон.
14 Адтуль Халеў выгнаў трох сыноў Анака: Шэшая, Ахімана і Тальмая з роду Анака.
15 Адтуль ён вырушыў супраць жыхароў Дэбіру, а Дэбір раней называўся Кірыят-Сэфэр.
16 І сказаў Халеў: «Таму, хто здабудзе Кірыят-Сэфэр і захопіць яго, я дам Ахсу, дачку маю, за жонку».
17 І здабыў яго Атніэль, сын Кеназа, брата Халева, і [Халеў] даў яму Ахсу, дачку сваю, за жонку.
18 І сталася, што яна прыйшла, і намовіла [мужа], каб той прасіў поля ў бацькі яе. І зьлезла яна з асла, а Халеў сказаў ёй: «Што табе?»
19 Яна сказала: «Дай мне дабраславенства. Калі ты даў мне зямлю Нэгеў, дай мне крыніцы водаў». І даў ёй [Халеў] крыніцы верхнія і нізавыя.
20 Гэта спадчына пакаленьня сыноў Юды паводле сем’яў іхніх.
21 Гарады на скраю пакаленьня сыноў Юды каля мяжы Эдому ў Нэгеве: Кабцээль, Эдэр, Ягур,
22 Кіна, Дымона, Адада,
23 Кадэш, Хацор, Ітнан,
24 Зіф, Тэлем, Бэалёт,
25 Хацор-Хадата, Керыёт-Хецрон, значыць Хацор,
26 Амам, Шэма, Малада,
27 Хацор-Гадда, Хешмон, Бэт-Пэлет,
28 Хецар-Шуал, Бээр-Шэва, Бізыётыя,
29 Баала, Іім, Эцэм,
30 Эльталяд, Хесіль, Харма,
31 Цыклаг, Мадмана, Сансана,
32 Лебаот, Шыльхім, Аін і Рымон — усіх гарадоў дваццаць дзевяць і вёскі іхнія.
33 А ў Шэфэлі: Эштаол, Цора, Ашна,
34 Занаах, Эн-Ганнім, Тапуах, Энам,
35 Ярмут, Адулям, Сахо, Азэка,
36 Шаараім, Адытаім, Гедэра і Гедэратаім — усіх гарадоў чатырнаццаць і вёскі іхнія.
37 Цэнан, Хадаша, Мігдаль-Гад,
38 Дылеан, Міцпа, Ёктээль,
39 Ляхіш, Бацкат, Эглён,
40 Каббон, Лахмас, Кітліш,
41 Гедэрот, Бэт-Дагон, Наама, Македа — усіх гарадоў шаснаццаць і вёскі іхнія.
42 Лібна, Этэр, Ашан,
43 Іфтах, Ашна, Нэсіб,
44 Кейла, Ахзіб, Марэша — дзевяць гарадоў і вёскі іхнія.
45 Экрон з навакольнымі гарадамі і вёскамі.
46 І ад Экрону аж да мора — усё, што каля Ашдоду, і вёскі іхнія.
47 Ашдод і гарады ягоныя, і вёскі ягоныя, Газа і гарады ейныя, і вёскі ейныя аж да ручая Эгіпецкага і Мора Вялікага, і абшар [вакол].
48 А ў гарах: Шамір, Яттыр, Сахо,
49 Данна, Кірыят-Санна або Дэбір,
50 Анаў, Эштэмоа, Анім,
51 Гашэн, Халон, Гілё — адзінаццаць гарадоў і вёскі іхнія.
52 Араб, Дума, Эшан,
53 Янім, Бэт-Тапуах, Афэка,
54 Хумта, Кірыят-Арба, значыць Хеўрон, Цыор — дзевяць гарадоў і вёскі іхнія.
55 Маон, Кармэль, Зіф, Юта,
56 Езрээль, Ёкдэам, Занаах,
57 Каін, Гіва і Тымна — дзесяць гарадоў і вёскі іхнія.
58 Хальхул, Бэт-Цур, Гедор,
59 Маарат, Бэт-Анот і Эльтэкон — шэсьць гарадоў і вёскі іхнія.
60 Кірыят-Баал, значыць Кірыят-Ярым і Рабба — два гарады і вёскі іхнія.
61 У пустыні: Бэт-Араба, Мідын, Сэхаха,
62 Нібшан, Ір-Гамэлях, Эн- Геды — шэсьць гарадоў і вёскі іхнія.
63 Сыны Юды не маглі аднак выгнаць Евусэяў, якія жылі ў Ерусаліме, і жывуць Евусэі з сынамі Юды ў Ерусаліме да сёньня.
Разьдзел 16
1 Жэрабям [выпала] спадчына сынам Язэпа ад Ярдану насупраць Ерыхону да водаў Ерыхону з усходу; праз пустыню ішла [мяжа] ад Ерыхону па гарах да Бэтэлю.
2 А ад Бэтэлю [мяжа] ішла да Люзу і праходзіла да межаў Аркейцаў у Атароце,
3 і зыходзіла да мора да мяжы Яфлетцаў, і аж да мяжы ніжняга Бэт-Харону, і да Гезэру, і спынялася каля мора.
4 І ўспадкаемілі гэта сыны Язэпа: Манаса і Эфраім.
5 Мяжа сыноў Эфраіма паводле сем’яў іхніх была такая: мяжой спадчыны іхняй на ўсходзе быў Атарот-Адар аж да верхняга Бэт-Харону.
6 І мяжа ішла да мора, да Міхмэтату на поўначы, і паварочвала мяжа на ўсход праз Танат-Шыле і цягнулася на ўсход да Янааху.
7 З Янааху зыходзіла да Атароту і Наары, і праходзіла каля Ерыхону, і спынялася каля Ярдану.
8 З Тапуаху ішла мяжа на захад да ручая Кана і даходзіла да мора. Гэта спадчына пакаленьня Эфраіма паводле сем’яў іхніх.
9 І сыны Эфраіма мелі паасобныя гарады пасярод спадчыны сыноў Манасы, усе гэтыя гарады і вёскі іхнія.
10 Але яны ня выгналі Хананейцаў, якія жылі ў Гезэры. І Хананейцы жывуць сярод Эфраіма да сёньняшняга дня як прыгонныя.
Разьдзел 17
1 І выпала жэрабя пакаленьню Манасы, бо ён быў першародным Язэпа. Махір, першародны Манасы, бацька Гілеада, бо быў ён ваяром, атрымаў Гілеад і Башан.
2 Сваю частку атрымалі астатнія сыны Манасы паводле сем’яў іхніх: сыны Абіезэра, сыны Хэлека, сыны Асрыэля, сыны Шэхэма, сыны Хэфэра і сыны Шэміда. Гэта вось сыны Манасы, сына Язэпа, мужчыны, паводле сем’яў сваіх.
3 А Цэлафхад, сын Хефэра, сына Гілеада, сына Махіра, сына Манасы, ня меў сыноў, а толькі дочкі, якія называліся: Махла, Ноа, Хогля, Мілка і Тырца.
4 І яны прыйшлі перад аблічча Элеазара сьвятара, і Егошуа, сына Нуна, і князёў, і сказалі: «ГОСПАД загадаў Майсею, каб даў нам спадчыну між братоў нашых». І далі ім паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА спадчыну між братоў бацькі іхняга.
5 І меў Манаса дзесяць частак, апрача зямлі Гілеад і Башан за Ярданам,
6 бо дочкі Манасы атрымалі спадчыну між сыноў яго, а зямля Гілеад выпала астатнім сынам Манасы.
7 І была мяжа Манасы ад Асэра да Міхмэтату, які насупраць Сыхему; і мяжа паварочвала ўправа ў бок жыхароў Эн-Тапуаху.
8 Зямлю Тапуаху атрымаў Манаса, а горад Тапуах, які знаходзіцца каля мяжы Манасы, [належаў] да сыноў Эфраіма.
9 І зыходзіла мяжа да ручая Кана, і на поўдзень ад ручая былі гарады Эфраіма, апроч тых, якія меў Эфраім сярод гарадоў Манасы, а зямля Манасы была на поўнач ад ручая і цягнулася да мора.
10 На поўдзень была [зямля] Эфраіма, а на поўнач — Манасы, а мяжой іхняй было мора. З Асэрам межавалі яны на поўначы, а з Ісахарам — на ўсходзе.
11 Манаса ў межах Ісахара і Асэра [меў] Бэт-Шэан з навакольнымі гарадамі, і Іблеам з навакольнымі гарадамі, і жыхароў Дору з навакольнымі гарадамі, і жыхароў Эн-Дору з навакольнымі гарадамі, і жыхароў Таанаху з навакольнымі гарадамі, і жыхароў Мэгіддо з навакольнымі гарадамі, трэцюю частку Нафату.
12 Але сыны Манасы не маглі авалодаць гарадамі гэтымі, і Хананейцы засталіся ў зямлі гэтай.
13 Калі сыны Ізраіля ўмацаваліся, яны змусілі Хананейцаў да працаў прыгонных, але ня выгналі іх.
14 І прамовілі сыны Язэпа да Егошуа, кажучы: «Чаму ты даў мне адно толькі жэрабя і адну толькі частку, хоць я маю такое мноства людзей, бо так дабраславіў мяне ГОСПАД?»
15 І сказаў ім Егошуа: «Калі ты — народ вялікі, займай лес, выкарчуй сабе [абшар] у зямлі Пэрэзэяў і Рэфаімаў, калі табе на гары Эфраіма зацесна!»
16 І сказалі сыны Язэпа: «Гары нам не хапае, але ўсе Хананейцы, што жывуць у даліне, маюць калясьніцы жалезныя, як жыхары Бэт-Шэану і навакольных гарадоў, так і ў даліне Езрээль».
17 І сказаў Егошуа дому Язэпа, Эфраіму і Манасе, кажучы: «Ты — народ вялікі і мужны, ня будзе ў цябе адна толькі частка.
18 Але ты пайдзі на гару і выкарчуй лес, і будуць твае межы ягоныя. І ты выганіш Хананейцаў, хоць маюць яны калясьніцы жалезныя і хоць яны моцныя».
Разьдзел 18
1 І сабралася ўся грамада сыноў Ізраіля ў Шыло, і там паставілі Намёт Спатканьня, а ўжо ўся зямля была імі здабытая.
2 І засталіся яшчэ з сыноў Ізраіля сем каленаў, якія не атрымалі спадчыны сваёй.
3 І сказаў Егошуа сынам Ізраіля: «Як доўга вы будзеце марудзіць у тым, каб пайсьці і ўзяць на ўласнасьць зямлю, якую ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, даў вам?
4 Выбярыце з кожнага калена па тры чалавекі, і я пашлю іх, і яны ўстануць, і абыйдуць зямлю, і апішуць яе, як разьдзяліць яе ў спадчыну, і прыйдуць да мяне.
5 Разьдзяліце між сабой зямлю на сем частак; Юда няхай застаецца ў межах сваіх на поўдні, а дом Язэпа застанецца ў межах сваіх на поўначы.
6 А вы падзяліце зямлю на сем частак і прынясіце [апісаньне] сюды да мяне, і я перад абліччам ГОСПАДА, Бога нашага, кіну дзеля вас жэрабя.
7 Лявіты ня маюць часткі між вамі, бо сьвятарства ГОСПАДА [будзе] спадчынай іхняй. А Гад, Рубэн і палова калена Манасы атрымалі спадчыну сваю на ўсходнім баку Ярдану, якую даў ім Майсей, слуга ГОСПАДА».
8 І ўсталі мужчыны, і пайшлі. І загадаў Егошуа тым, якія пайшлі апісваць зямлю, кажучы: «Абыйдзіце зямлю і апішыце яе, і вярніцеся да мяне, каб тут, у Шыло перад абліччам ГОСПАДА я кінуў дзеля вас жэрабя».
9 І пайшлі мужчыны, і агледзелі зямлю, і апісалі яе і гарады ейныя ў кнізе, дзелячы на сем частак. І вярнуліся да Егошуа ў табар у Шыло.
10 І Егошуа кінуў жэрабя перад абліччам ГОСПАДА ў Шыло, і падзяліў там Егошуа зямлю паміж сынамі Ізраіля паводле частак іхніх.
11 І выпала першае жэрабя на калена сыноў Бэн’яміна паводле сем’яў іхніх. І былі межы часткі іхняй між сынамі Юды і сынамі Язэпа.
12 Мяжа іхняя на поўначы пачыналася ад Ярдану, і ўзьнімалася на паўночны бок Ерыхону, і ішла праз горы на захад, і спынялася ў пустыні Бэт-Авэн.
13 Адтуль цягнулася мяжа да Люзу, на поўдзень ад горнага перавалу Люзу або Бэтэлю, і зыходзіла мяжа да Атарот-Адару праз гару, якая на поўдні ад ніжняга Бэт-Харону.
14 І паварочвала мяжа на захад, і [зыходзіла] на поўдзень ад гары, якая на поўдні перад Бэт-Харонам, і спынялася пры Кірыят-Баале, гэта Кірыят-Ярым, горад сыноў Юды. Гэта бок заходні.
15 Паўднёвы бок [пачынаўся] ад скраю Кірыят-Ярыму, і мяжа ішла на захад, і даходзіла да крыніцы Мэ-Нэфтааху.
16 І зыходзіла мяжа да скраю гары, якая насупраць лагчыны Бэн-Гінном, што на поўначы даліны Рэфаімаў, і зыходзіла ў лагчыну Гінном праз схіл [гары] Евусэяў на поўдзень, і даходзіла да Эн-Рагелю,
17 і паварочвала на поўнач, і даходзіла да Эн-Шэмэшу, і ішла да Гэлілоту, які насупраць Маале-Адумім, і цягнулася да Эвэн-Баган-Бэн-Рэўбэн.
18 І праходзіла мяжа да схілу насупраць Арабы з паўночнага боку, і зыходзіла да Арабы.
19 І праходзіла мяжа на поўнач каля схілу Бэт-Хоглі, і спынялася каля паўночнай затокі Мора Салёнага, на паўднёвым канцы Ярдану. Гэта мяжа паўднёвая.
20 А Ярдан быў мяжой з усходняга боку. Гэта спадчына сыноў Бэн’яміна і межы ягоныя навокал паводле сем’яў іхніх.
21 Гарады сыноў Бэн’яміна паводле сем’яў іхніх былі: Ерыхон, Бэт-Хогла, Эмэк-Кецыц,
22 Бэт-Араба, Цэмараім, Бэтэль,
23 Авім, Пара, Офра,
24 Кефар-Амоні, Офні і Геба — дванаццаць гарадоў і вёскі іхнія.
25 Гібэон, Рама, Бэерот,
26 Міцпа, Кефіра, Моца,
27 Рэкем, Ірпээль, Тараля,
28 Цэля, Элеф, Евус, іначай Ерусалім, Гібэат, Кірыят — чатырнаццаць гарадоў і вёскі іхнія. Гэта спадчына сыноў Бэн’яміна паводле сем’яў іхніх.
Разьдзел 19
1 Другое жэрабя выпала на пакаленьне сыноў Сымона паводле сем’яў іхніх. І спадчына іхняя была сярод спадчыны сыноў Юды.
2 І былі ў спадчыне іхняй Бээр-Шэва, Шэва, Малада,
3 Хацар-Шуал, Бала і Эцэм,
4 Эльталяд, Бэтул, Харма,
5 Цыклаг, Бэт-Маркабот, Хацар-Суса,
6 Бэт-Лебаот, Шарухен — трынаццаць гарадоў і вёскі іхнія.
7 Аін, Рымон, Этэр і Ашан — чатыры гарады і вёскі іхнія.
8 І ўсе вёскі вакол гэтых гарадоў аж да Баалат-Бээру і Рамат-Нэгеву. Гэта спадчына пакаленьня сыноў Сымона паводле сем’яў іхніх.
9 Частка сыноў Сымона [ўзятая] са спадчыны сыноў Юды, бо частка сыноў Юды была вялікая для іх, і сыны Сымона атрымалі спадчыну сярод іх.
10 Трэцяе жэрабя выпала на сыноў Завулёна паводле сем’яў іхніх. Мяжа спадчыны іхняй сягала да Сарыду.
11 Мяжа іхняя ішла да мора, да Марэалу, і даходзіла да Дабэшэту, і аж да ручая, які насупраць Ёкнэаму.
12 Ад Сарыду паварочвала мяжа на ўсход у бок узыходу сонца аж да мяжы Кіслот-Табору, а адтуль ішла да Дабэрату і ўзьнімалася да Яфіі.
13 Адтуль мяжа пераходзіла на ўсход, у бок узыходу [сонца], да Гат-Хэфэру і да Эт-Кацыну, і выходзіла да Рымон-Мэтаару, да Нэі.
14 Далей мяжа ішла на поўнач каля Ханатону і сканчвалася ў даліне Іфтах-Эль.
15 [Таксама] Катат, Нагалал, Шымрон, Ідэала і Бэтлеем — дванаццаць гарадоў і вёскі іхнія.
16 Гэта спадчына сыноў Завулёна паводле сем’яў іхніх, гарады іхнія і вёскі.
17 Чацьвёртае жэрабя выпала на сыноў Ісахара паводле сем’яў іхніх.
18 І былі ў межах іхніх Езрээль, Кесулот, Шунэм,
19 Хафараім, Шыон, Анахарат,
20 Рабіт, Кішыён, Эбэц,
21 Рэмэт, Эн-Ганім, Эн-Хада, Бэт-Пацэц.
22 І дасягала мяжа да Табору і Шахацымы, і Бэт-Шэмэшу і спынялася на Ярдане — шаснаццаць гарадоў і вёскі іхнія.
23 Гэта спадчына пакаленьня сыноў Ісахара паводле сем’яў іхніх, гарады і вёскі іхнія.
24 Пятае жэрабя выпала на пакаленьне сыноў Асэра паводле сем’яў іхніх.
25 І былі ў межах іхніх Хэлькат, Халі, Бэтэн і Ахшаф,
26 Алам-Мэлех, Амад і Мішаль, і даходзіла [мяжа] да Кармэлю на захадзе і да Шыхор-Лібнату,
27 і паварочвала на ўсход сонца да Бэт-Дагону, і дасягала Завулёна і лагчыны Іфтах-Эль на поўначы, і [ішла] праз Бэт-Эмэк і Нэель, і выходзіла да Кабулу з паўночнага боку.
28 [Таксама] Эброн, Рэхоў, Хамон і Кана аж да Вялікага Сідону.
29 І заварочвала мяжа да Рамы і аж да ўмацаванага гораду Тыру, і вярталася да Хосы, і спынялася пры моры. [А таксама] Махалеб, Ахзіў,
30 Умма, Афэк і Рэхоў — дваццаць два гарады і вёскі іхнія.
31 Гэта спадчына пакаленьня сыноў Асэра паводле сем’яў іхніх, гарады і вёскі іхнія.
32 Шостае жэрабя выпала на сыноў Нэфталі паводле сем’яў іхніх.
33 Мяжа іхняя ішла з Хэлефа і ад Элён-Бе-Цаананіму да Адамі-Га-Нэкебу і Ябнээлю, і да Лакуму, і сканчвалася пры Ярдане.
34 І заварочвала мяжа на захад да Азнот-Табору, а адтуль выходзіла на Хукок і датыкалася Завулёна з поўдня, Асэра — з захаду, а Юды — каля Ярдану з усходу.
35 Гарадамі ўмацаванымі ў іх былі Цыддым, Цэр, Хамат, Ракат, Кінэрэт,
36 Адама, Рама, Хацор,
37 Кадэш, Эдрэя, Эн-Хацор,
38 Ірон, Мігдал-Эль, Харэм, Бэт-Анат і Бэт-Шэмэш — дзевятнаццаць гарадоў і вёскі іхнія.
39 Гэта спадчына пакаленьня сыноў Нэфталі паводле сем’яў іхніх, гарады і вёскі іхнія.
40 Сёмае жэрабя выпала на пакаленьне сыноў Дана паводле сем’яў іхніх.
41 Межамі спадчыны іхняй былі Цора, Эштаол, Ір-Шэмэш,
42 Шаалабім, Аялон, Ітла,
43 Элён, Тымна, Экрон,
44 Эльтэке, Гібэтон і Баалат,
45 Егуд, Бэнэ-Бэрак, Гат-Рымон,
46 Мэ-Яркон, Ракон з мяжою каля Яфы.
47 І межы для Дана былі завузкія, і выйшлі сыны Дана, і ваявалі супраць Лешэму, і здабылі яго, і выбілі яго вострывам мяча, і захапілі яго, і абжыліся ў ім, і назвалі яго Лешэм-Дан, ад імя Дана, бацькі свайго.
48 Гэта спадчына пакаленьня сыноў Дана паводле сем’яў іхніх, гарады і вёскі іхнія.
49 І скончылі сыны Ізраіля дзяленьне зямлі, і сыны Ізраіля далі частку Егошуа, сыну Нуна, пасярод сябе.
50 Паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА далі яму горад, і ён зажадаў Тымнат-Сэрах на гары Эфраіма. Ён адбудаваў гэты горад і абжыўся ў ім.
51 Гэта спадчына, якую падзялілі Элеазар сьвятар і Егошуа, сын Нуна, і галовы бацькоў пакаленьняў сыноў Ізраіля, кідаючы жэрабя ў Шыло перад абліччам ГОСПАДА пры ўваходзе ў Намёт Спатканьня. І скончылі падзел зямлі.
Разьдзел 20
1 І прамовіў ГОСПАД да Егошуа, кажучы: «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім:
2 “Выдзеліце сабе гарады прыбежышча, пра якія Я гаварыў вам праз Майсея,
3 каб уцякаў у іх той, хто забіў чалавека выпадкова, ненаўмысна, і будуць яны прыбежышчам ад мсьціўцы за кроў.
4 Калі [забойца] ўцячэ ў адзін з тых гарадоў, няхай ён стане перад брамай гораду і раскажа ў вушы старшыняў гораду таго справу сваю. І яны возьмуць яго ў горад, і дадуць яму месца на жыцьцё.
5 Калі мсьціўца за кроў будзе гнацца за ім, яны не аддадуць яго ў рукі ягоныя, бо ён ненаўмысна забіў бліжняга свайго, і ня меў да яго нянавісьці ані ўчора, ані пазаўчора.
6 І будзе ён жыць у горадзе тым, пакуль ня стане перад грамадой на суд, і пакуль не памрэ сьвятар вялікі, які будзе ў тыя дні. Тады забойца вернецца ў горад свой, у дом свой, з якога быў уцёкшы”».
7 І вызначылі Кадэш у Галілеі на гары Нэфталі, Сыхем на гары Эфраіма, і Кірыят-Арбу або Хеўрон на гары Юды.
8 А на другім баку Ярдану, на ўсход ад Ерыхону, вызначылі Бэцэр у пустыні, на раўніне пакаленьня Рубэна, Рамот у Гілеадзе, з пакаленьня Гада, і Галян у Башане, з пакаленьня Манасы.
9 Гэтыя гарады былі выбраныя для ўсіх сыноў Ізраіля і для прыхадня, які жыве сярод іх, каб мог уцячы туды кожны, хто выпадкова заб’е чалавека, каб не памёр ад рукі мсьціўцы за кроў, пакуль ня стане перад грамадою [на суд].
Разьдзел 21
1 І прыйшлі галовы бацькоў лявітаў да Элеазара сьвятара і да Егошуа, сына Нуна, і да галоваў бацькоў пакаленьняў сыноў Ізраіля
2 ў Шыло ў зямлі Ханаан, і прамовілі да іх, кажучы: «Праз Майсея ГОСПАД загадаў, каб далі нам гарады на пражываньне і пашы для быдла нашага».
3 І сыны Ізраіля далі лявітам са спадчыны сваёй паводле загаду ГОСПАДА гарады і пашы іхнія.
4 І выпала жэрабя для сем’яў Кегата, і атрымалі сыны Аарона сьвятара, лявіты, ад пакаленьняў Юды, Сымона і Бэн’яміна трынаццаць гарадоў.
5 Астатнія сыны Кегата атрымалі ад пакаленьняў Эфраіма, Дана і паловы пакаленьня Манасы дзесяць гарадоў.
6 Сынам Гершона жэрабям выпала атрымаць трынаццаць гарадоў ад пакаленьняў Ісахара, Асэра і Нэфталі і паловы пакаленьня Манасы ў Башане.
7 Сынам Мэрары паводле сем’яў іхніх жэрабям выпала дванаццаць гарадоў ад пакаленьняў Рубэна, Гада і Завулёна.
8 Сыны Ізраіля далі лявітам, кідаючы жэрабя, гарады гэтыя і пашы іхнія, як загадаў ГОСПАД праз Майсея.
9 З пакаленьня сыноў Юды і з пакаленьня сыноў Сымона далі гарады, якія названыя паіменна.
10 Сынам Аарона з роду Кегата, сына Левія, бо на іх выпала першае жэрабя,
11 далі Кірыят-Арбу бацькі Анака, значыць Хеўрон, на гары Юды, з навакольнымі палямі.
12 А палі гораду і вёскі ягоныя аддалі на ўласнасьць Халеву, сыну Ефунны.
13 Сынам Аарона сьвятара далі горад прыбежышча для забойцаў Хеўрон і пашы ягоныя, Лібну і пашы ейныя,
14 Яттыр і пашы ягоныя, Эштэмоа і пашы ягоныя,
15 Халон і пашы ягоныя, Дэбір і пашы ягоныя,
16 Аін, Юту і Бэт-Шэмэш і пашы іхнія — дзевяць гарадоў ад двух пакаленьняў гэтых.
17 Ад пакаленьня Бэн’яміна [далі] Гібэон і пашы ягоныя, Геву і пашы ейныя,
18 Анатот і пашы ягоныя, Альмон і пашы ягоныя — чатыры гарады.
19 Усіх гарадоў для сыноў Аарона сьвятара — трынаццаць гарадоў і пашы іхнія.
20 Для сем’яў сыноў Кегата, лявітаў, астатніх сыноў Кегата, выпала жэрабя на гарады ад пакаленьня Эфраіма.
21 З пакаленьня Эфраіма далі горад прыбежышча для забойцаў Сыхем і пашы ягоныя на гары Эфраіма, Гезэр і пашы ягоныя,
22 Кібцаім і пашы ягоныя, Бэт-Харон і пашы ягоныя — чатыры гарады.
23 Ад пакаленьня Дана [далі] Эльтэке і пашы ягоныя, Гібэон і пашы ягоныя,
24 Аялон і пашы ягоныя, Гат-Рымон і пашы ягоныя — чатыры гарады.
25 Ад паловы пакаленьня Манасы [далі] Таанах і пашы ягоныя, Гіт-Рымон і пашы ягоныя — два гарады.
26 Усіх гарадоў з пашамі іхнімі было дадзена дзесяць астатнім сынам Кегата.
27 Для сыноў Гершона з сем’яў Левія [далі] ад паловы пакаленьня Манасы горад прыбежышча для забойцаў Галян у Башане і пашы ягоныя, Аштарот і пашы ягоныя — два гарады.
28 Ад пакаленьня Ісахара [далі] Кішыён і пашы ягоныя, Дабэрат і пашы ягоныя,
29 Ярмут і пашы ягоныя, Эн-Ганім і пашы ягоныя — чатыры гарады.
30 Ад пакаленьня Асэра [далі] Мішэаль і пашы ягоныя, Абдон і пашы ягоныя,
31 Хэлькат і пашы ягоныя, Рэхоў і пашы ягоныя — чатыры гарады.
32 Ад пакаленьня Нэфталі [далі] горад прыбежышча для забойцаў Кадэш у Галілеі і пашы ягоныя, Хамот-Дор і пашы ягоныя, Картан і пашы ягоныя — тры гарады.
33 Усіх гарадоў [сыноў] Гершона паводле сем’яў іхніх — трынаццаць гарадоў і пашы іхнія.
34 Для сем’яў сыноў Мэрары, рэшце лявітаў, [далі] ад пакаленьня Завулёна Ёкнэам і пашы ягоныя, Карту і пашы ягоныя,
35 Дымну і пашы ягоныя, Нагалал і пашы ягоныя — чатыры гарады.
36 Ад пакаленьня Рубэна [далі] Бэцэр і пашы ягоныя, Ягцу і пашы ейныя,
37 Кедэмот і пашы ягоныя, Мэфаат і пашы ягоныя — чатыры гарады.
38 Ад пакаленьня Гада [далі] горад прыбежышча для забойцаў Рамот у Гілеадзе і пашы ягоныя, Маханаім і пашы ягоныя,
39 Хешбон і пашы ягоныя, Язэр і пашы ягоныя — чатыры гарады.
40 Усіх гарадоў сыноў Мэрары паводле сем’яў іхніх, рэшты сем’яў лявітаў, — дванаццаць гарадоў.
41 Усіх гарадоў лявітаў паміж сыноў Ізраіля было сорак восем, і пашы іхнія.
42 І быў кожны горад з пашамі сваімі вакол гораду.
43 Так даў ГОСПАД Ізраілю ўсю зямлю, якую запрысяг даць бацькам іхнім, і яны атрымалі яе на ўласнасьць і абжыліся на ёй.
44 І даў ім ГОСПАД супакой з усіх бакоў, як запрысяг бацькам іхнім, і ніхто з ворагаў іхніх ня мог устаяць супраць іх, і ўсіх ворагаў аддаў ГОСПАД у руку іхнюю.
45 І ніводнае слова добрае, якое прамовіў ГОСПАД дому Ізраіля, не было пустым, але ўсё споўнілася.
Разьдзел 22
1 І паклікаў Егошуа [сыноў] Рубэна, Гада і паловы пакаленьня Манасы,
2 і сказаў ім: «Вы споўнілі ўсё, што вам загадаў Майсей, слуга ГОСПАДА, і слухалі голас мой у-ва ўсім, што я загадаў вам.
3 Вы не пакінулі братоў вашых усе гэтыя дні доўгія аж да сёньняшняга дня, і захавалі выкананьне прыказаньняў ГОСПАДА, Бога вашага.
4 І цяпер даў ГОСПАД, Бог ваш, супакой братам вашым, як абяцаў ім. Цяпер вяртайцеся і ідзіце ў намёты вашыя і ў зямлю ўласнасьці вашай, якую даў вам Майсей, слуга ГОСПАДА, за Ярданам.
5 Толькі пільна намагайцеся выконваць прыказаньні і закон, які загадаў вам Майсей, слуга ГОСПАДА. Любіце ГОСПАДА, Бога вашага, і хадзіце па ўсіх шляхах Ягоных, захоўвайце прыказаньні Ягоныя, туліцеся да Яго і служыце Яму ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёю».
6 І дабраславіў іх Егошуа, і адпусьціў іх, і яны вярнуліся ў намёты свае.
7 Адной палове калена Манасы Майсей даў уласнасьць у Башане, а другой палове Егошуа даў уласнасьць між братоў іхніх на заходнім беразе Ярдану. І Егошуа адпусьціў іх у намёты іхнія, і дабраславіў іх,
8 і сказаў ім, кажучы: «Вы вяртаецеся ў намёты свае з багацьцямі вялікімі, з мноствам жывёлы, срэбрам, золатам, медзьдзю, жалезам і вялікаю колькасьцю адзеньня; падзяліце здабычу з ворагаў вашых паміж братамі вашымі».
9 І павярнуліся сыны Рубэна, сыны Гада і палова калена Манасы, і пакінулі сыноў Ізраіля ў Шыло, што ў зямлі Ханаан, каб ісьці ў зямлю Гілеад, у зямлю ўласнасьці сваёй, у якой пасяліліся паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА праз Майсея.
10 І прыйшлі яны ў ваколіцы Ярдану ў зямлі Ханаан, і пабудавалі каля Ярдану ахвярнік, вялікі з выгляду.
11 І пачулі сыны Ізраіля, што сыны Рубэна, сыны Гада і палова калена Манасы пабудавалі ахвярнік каля Ярдану ў зямлі Ханаан на беразе сыноў Ізраіля.
12 І пачулі сыны Ізраіля, і сабралася ўся грамада Ізраіля ў Шыло, каб выйсьці ваяваць супраць іх.
13 І паслалі сыны Ізраіля да сыноў Рубэна, сыноў Гада і паловы калена Манасы ў зямлю Гілеад Пінхаса, сына Элеазара сьвятара,
14 а з ім дзесяць князёў, князя з кожнага дому бацькоў, з усіх каленаў Ізраіля, і кожны быў галавою дому бацькоў сваіх у дружынах Ізраіля.
15 Яны прыйшлі да сыноў Рубэна, сыноў Гада і паловы калена Манасы ў зямлю Гілеад і прамовілі да іх, кажучы:
16 «Гэта кажа ўся грамада ГОСПАДА: “Што гэта за нявернасьць? Чаму вы няверныя Богу Ізраіля і пакінулі вы ГОСПАДА, пабудаваўшы сабе ахвярнік і ўзбунтаваўшыся сёньня супраць ГОСПАДА?
17 Ці мала вам беззаконьня з Пэору, ад якіх не ачысьціліся мы яшчэ да сёньняшняга дня і прыйшла пляга на грамаду ГОСПАДА?
18 А вы сёньня адступіліся ад ГОСПАДА і паднялі бунт супраць ГОСПАДА, а заўтра ўзгарыцца гнеў Ягоны на ўсю грамаду Ізраіля.
19 Калі думаеце, што зямля ўласнасьці вашай нячыстая, перайдзіце ў зямлю ўласнасьці ГОСПАДА, дзе Сяліба ГОСПАДА, і жывіце ў нас. Не бунтуйцеся супраць ГОСПАДА, і нас не бунтуйце, пабудаваўшы ахвярнік акрамя ахвярніка ГОСПАДА, Бога нашага.
20 Калі Ахан, сын Зэраха, парушыў загад ГОСПАДА адносна заклятага, ці ж гнеў ГОСПАДА не прыйшоў на ўсю грамаду Ізраіля? Ён адзін [саграшыў], няхай бы ён адзін і памёр за беззаконьне сваё!”»
21 І адказалі сыны Рубэна, сыны Гада і палова калена Манасы, і прамовілі да начальнікаў тысячаў Ізраіля:
22 «Бог багоў, ГОСПАД, Бог багоў, ГОСПАД, Ён Сам ведае гэта, і Ізраіль няхай ведае! Калі мы ў буньце і адступніцтве ад ГОСПАДА [ўчынілі гэта], не пашкадуе Ён нас у сёньняшнім дні.
23 І калі зрабілі мы ахвярнік, каб адступіць ад ГОСПАДА і складаць на ім цэласпаленьні і ахвяры хлебныя, і ахвяры мірныя, няхай Сам ГОСПАД разьбярэцца.
24 Ці ж не зрабілі мы гэта з руплівасьці і з думкаю, што скажуць заўтра сыны вашыя сынам нашым: “Што [супольнага] ў вас і ГОСПАДА, Бога Ізраіля?
25 ГОСПАД паставіў на Ярдане мяжу між намі і вамі, сыны Рубэна і сыны Гада, і таму вы ня маеце ніякай часткі ў ГОСПАДА!” І сыны вашыя адвернуць сыноў нашых ад страху перад ГОСПАДАМ.
26 І сказалі мы: “Паставім сабе ахвярнік не для цэласпаленьняў і не для ахвяраў крывавых,
27 але як сьведчаньне паміж намі і вамі, і паміж нашчадкамі нашымі, што мы хочам выконваць службу ГОСПАДА перад абліччам Ягоным праз цэласпаленьні нашыя, ахвяры крывавыя і ахвяры мірныя”. І ня скажуць заўтра сыны вашыя сынам нашым: “Вы ня маеце часткі ў ГОСПАДА”.
28 Калі яны так заўтра скажуць нам і нашчадкам нашым, мы скажам: “Вось падабенства ахвярніка ГОСПАДА, які зрабілі бацькі нашыя не для цэласпаленьняў, не для ахвяраў крывавых, але каб гэта было сьведчаньнем між намі і вамі”.
29 Далёкія мы, каб бунтавацца супраць ГОСПАДА і адварочвацца, каб не ісьці за Ім, пабудаваўшы ахвярнік для цэласпаленьняў, ахвяраў хлебных і ахвяраў крывавых, [іншы, чым] ахвярнік ГОСПАДА, Бога нашага, які перад Сялібай Ягонай».
30 І пачуў сьвятар Пінхас, і князі грамады, і начальнікі дружынаў Ізраіля, якія з ім, гэтыя словы, што прамовілі сыны Рубэна, сыны Гада і сыны Манасы, і былі яны добрымі ў вачах іхніх.
31 І Пінхас, сын Элеазара сьвятара, сказаў сынам Рубэна, сынам Гада і сынам Манасы: «Пераканаліся мы сёньня, што сярод вас ГОСПАД, бо вы не дапусьціліся нявернасьці адносна ГОСПАДА, і захавалі сыноў Ізраіля ад рукі ГОСПАДА!»
32 І Пінхас, сын Элеазара сьвятара, і князі вярнуліся ад сыноў Рубэна і сыноў Гада з зямлі Гілеад у зямлю Ханаан, да сыноў Ізраіля, якім прынесьлі словы гэтыя.
33 І справа гэтая была добрай у вачах сыноў Ізраіля, і дабраславілі Бога сыны Ізраіля, і не гаварылі больш, каб ісьці супраць іх ваяваць, каб спустошыць зямлю, абжытую сынамі Рубэна і сынамі Гада.
34 А сыны Рубэна і сыны Гада клікалі над ахвярнікам: «Гэта сьведка між намі, што ГОСПАД ёсьць Бог».
Разьдзел 23
1 І сталася, калі мінула шмат дзён пасьля таго, як ГОСПАД даў Ізраілю супакой ад усіх ворагаў іхніх навокал, і Егошуа быў стары і меў шмат дзён,
2 склікаў Егошуа ўвесь Ізраіль, і старшыняў, і князёў, і судзьдзяў, і начальнікаў, і сказаў ім: «Я састарэў і маю шмат дзён,
3 а вы бачылі ўсё, што зрабіў ГОСПАД, Бог ваш, усім гэтым народам перад абліччам вашым, бо ГОСПАД, Бог ваш, ваяваў за вас.
4 Глядзіце, я падзяліў між вас жэрабям як спадчыну для каленаў вашых тыя народы, якія засталіся за Ярданам, і ўсе народы, якія я вынішчыў да Мора Вялікага на захадзе.
5 ГОСПАД, Бог ваш, разгоніць іх перад абліччам вашым і прыбярэ іх перад абліччам вашым, і вы паселіцеся на зямлі іхняй, як ГОСПАД, Бог ваш, прамовіў вам.
6 Будзьце вельмі цьвёрдымі, і захоўвайце, і выконвайце ўсё, што напісана ў кнізе Закону Майсея, і не адхіляйцеся ад яго ані ўправа, ані ўлева.
7 І не сябруйце з тымі народамі, якія між вамі засталіся, і ня ўзгадвайце імёны багоў іхніх, і не прысягайце імі, і не служыце ім, і не пакланяйцеся ім,
8 але туліцеся толькі да ГОСПАДА, Бога вашага, як рабілі вы да гэтага дня.
9 І выгнаў ГОСПАД перад абліччам вашым народы вялікія і моцныя, і ніводзін з іх ня мог вам супрацівіцца да дня гэтага.
10 Адзін з вас гнаў тысячу [ворагаў], бо ГОСПАД, Бог ваш, Сам ваяваў за вас, як Ён прамовіў да вас.
11 Пільна намагайцеся душамі вашымі, каб любіць ГОСПАДА, Бога вашага.
12 Бо калі вы адвернецеся [ад Яго] і будзеце сябраваць і мяшацца сужонствамі з гэтымі народамі, якія сярод вас засталіся,
13 ведайце, што ГОСПАД, Бог ваш, ня будзе выгоняць іх перад абліччам вашым, але яны стануць вам сеткаю, і пасткаю, і бічом для вас, і калючкаю ў вачах вашых, аж пакуль ня вынішчыць Ён вас з гэтай добрай зямлі, якую даў вам ГОСПАД, Бог ваш.
14 І вось сёньня я ўзыходжу на дарогу ўсёй зямлі. А вы ведайце ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй, што з усіх словаў добрых, якія прамаўляў да вас ГОСПАД, Бог ваш, ніводнае не было пустое, але ўсё споўнілася.
15 Але як спраўдзілася перад вамі ўсякае добрае слова, якое прамаўляў да вас ГОСПАД, Бог ваш, так навядзе ГОСПАД на вас усе тыя ліхія словы, пакуль ня вынішчыць вас з гэтай добрай зямлі, якую даў вам ГОСПАД, Бог ваш.
16 Калі вы парушыце запавет ГОСПАДА, Бога вашага, які Ён загадаў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць багам іншым, і пакланяцца ім, тады запалае супраць вас гнеў ГОСПАДА і хутка вы загінеце на гэтай добрай зямлі, якую Ён вам даў».
Разьдзел 24
1 І сабраў Егошуа ў Сыхеме ўсе калены Ізраіля, і паклікаў старшыняў Ізраіля, і князёў, і судзьдзяў, і начальнікаў, і яны сталі перад абліччам Бога.
2 І сказаў Егошуа да ўсяго народу: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “За ракою жылі бацькі вашыя спрадвеку, Тэрах, бацька Абрагама і бацька Нахора, і служылі іншым багам.
3 І ўзяў Я бацьку вашага, Абрагама, з другога боку ракі, і правёў яго праз усю зямлю Ханаан, і памножыў насеньне ягонае, і даў яму Ісаака.
4 І даў Я Ісааку Якуба і Эзава, і Эзаву Я даў гару Сэір на ўласнасьць, а Якуб і сыны ягоныя зыйшлі ў Эгіпет.
5 І паслаў Я туды Майсея і Аарона, і ўдарыў Эгіпет [плягамі], якія Я рабіў у ім, а пасьля Я вывеў вас.
6 І Я вывеў бацькоў вашых з Эгіпту, і прыйшлі вы да мора. І гналіся за бацькамі вашымі Эгіпцяне з калясьніцамі і коньнікамі аж да Мора Чырвонага.
7 І клікалі вы да ГОСПАДА, і Ён паставіў цемру паміж вамі і Эгіпцянамі, і напусьціў на іх мора, і яно пахавала іх, і бачылі вочы вашыя, што Я зрабіў у Эгіпце. І жылі вы шмат дзён у пустыні.
8 І ўвёў Я вас у зямлю Амарэйцаў, якія жылі на тым баку Ярдану, і яны ваявалі супраць вас, і Я выдаў іх у рукі вашыя, і занялі вы зямлю іхнюю, і выбілі іх.
9 І паўстаў Балак, сын Цыпора, валадар Мааву, і ваяваў супраць Ізраіля. Ён паслаў і паклікаў Білеама, сына Бэора, каб ён праклінаў вас.
10 Але Я не захацеў слухаць Білеама, але, дабраслаўляючы, дабраславіў вас, і вызваліў вас з рук ягоных.
11 І пераправіліся вы праз Ярдан, і прыйшлі ў Ерыхон. І ваявалі супраць вас гаспадары Ерыхону, Амарэйцы, Пэрэзэі і Хананейцы, Хеты, Гіргашэі, Хівеі і Евусэі, але Я выдаў іх у рукі вашыя.
12 І паслаў Я перад абліччам вашым шаршанёў, і яны выгналі іх перад вамі, двух валадароў Амарэйскіх, не мячом тваім і ня лукам тваім.
13 І даў Я вам зямлю, над якой вы не працавалі, і гарады, якіх вы не будавалі, і вы жывіцё ў іх, і вінаград, і аліўкавыя дрэвы, якіх вы не садзілі, а вы жывіцеся імі”.
14 І цяпер бойцеся ГОСПАДА і служыце Яму ў шчырасьці і праўдзе. Выкіньце багоў, якім служылі бацькі вашыя на другім баку ракі і ў Эгіпце, і служыце ГОСПАДУ!
15 А калі нядобра ў вачах вашых служыць ГОСПАДУ, выбірайце сабе сёньня, каму будзеце служыць: ці багам, якім служылі бацькі вашыя на другім баку ракі, ці багам Амарэйцаў, у зямлі якіх вы жывіцё. А я і дом мой будзем служыць ГОСПАДУ».
16 І адказаў народ, і сказаў: «Ня будзе так, каб мы пакінулі ГОСПАДА, каб служыць чужым багам.
17 Бо ГОСПАД, Бог наш, вывеў нас і бацькоў нашых з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі, і Ён учыніў на вачах нашых знакі вялікія, і Ён захоўваў нас на ўсім шляху, якім мы вандравалі, і сярод усіх народаў, праз якія мы праходзілі.
18 І выгнаў ГОСПАД перад намі ўсе народы і Амарэйцаў, жыхароў зямлі гэтай, і мы будзем таксама служыць ГОСПАДУ, бо Ён — Бог наш!»
19 І сказаў Егошуа народу: «Вы ня здолееце служыць ГОСПАДУ, бо Ён — Бог сьвяты і Бог зайздросны, і Ён не прабачыць вам бунту вашага і грахоў вашых.
20 Калі вы пакінеце ГОСПАДА і будзеце служыць багам чужым, Ён прыйдзе да вас, і будзе караць вас, і выгубіць вас так, як раней рабіў дабро вам».
21 І сказаў народ Егошуа: «Ня [будзе так], але мы будзем служыць ГОСПАДУ».
22 І Егошуа сказаў народу: «Вы самі — сьведкі супраць сябе, бо вы самі выбралі сабе ГОСПАДА, каб служыць Яму». Яны сказалі: «Мы — сьведкі».
23 І Егошуа сказаў: «Цяпер выкіньце багоў чужых, якія сярод вас, і прыхіліце сэрцы вашыя да ГОСПАДА, Бога Ізраіля».
24 І народ сказаў Егошуа: «ГОСПАДУ, Богу нашаму, будзем служыць, голас Ягоны будзем слухаць».
25 І заключыў Егошуа ў гэты дзень запавет з народам, і даў яму пастановы і прысуды ў Сыхеме.
26 І запісаў Егошуа словы гэтыя ў кнізе Закону Божага. І ўзяў ён камень вялікі, і паставіў яго там пад дубам, які ў сьвятыні ГОСПАДА.
27 І сказаў Егошуа ўсяму народу: «Вось, гэты камень будзе супраць вас як сьведка, бо ён чуў усе словы ГОСПАДА, якія ГОСПАД гаварыў да нас, і ён будзе сьведкам супраць вас, каб вы не адракліся Бога вашага».
28 І адпусьціў Егошуа народ, і кожны пайшоў у спадчыну сваю.
29 Пасьля ўсяго гэтага памёр Егошуа, сын Нуна, слуга ГОСПАДА, [маючы] сто дзесяць гадоў.
30 І пахавалі яго ў межах спадчыны ягонай у Тымнат-Сэраху, што на гары Эфраіма, на поўнач ад гары Гааш.
31 І служыў Ізраіль ГОСПАДУ ўсе дні Егошуа і ўсе дні старшыняў, якія перажылі Егошуа і ведалі ўсё, што ГОСПАД зрабіў Ізраілю.
32 А косткі Язэпа, якія сыны Ізраіля забралі з сабой з Эгіпту, пахавалі ў Сыхеме, на частцы поля, якое купіў Якуб у сыноў Гамора, бацькі Сыхема, за сто кесітаў, і сталася яно спадчынай сыноў Язэпа.
33 І памёр Элеазар, сын Аарона, і пахавалі яго на ўзгорку Пінхаса, сына ягонага, які быў дадзены яму на гары Эфраіма.