Беларуская Біблія

КНІГА ПРАРОКА ІСАІ

 

Разьдзел 1

1 Відзеж Ісаі, сына Амоса, які ён бачыў адносна Юды і Ерусаліму ў дні Узіі, Ётама, Ахаза і Эзэкіі, валадароў Юды.

2 Слухайце, нябёсы, і ты, зямля, прыхілі вушы, бо ГОСПАД прамаўляе: «Я выкарміў сыноў і ўзгадаваў іх, а яны пайшлі супраць Мяне.

3 Вол ведае гаспадара свайго, і асёл — жолаб уласьніка свайго, а Ізраіль ня ведае [Мяне], народ Мой не разумее».

4 Гора табе, народ грэшны, народ, абцяжараны беззаконьнем, насеньне ліхадзейскае, сыны сапсутасьці! Вы пакінулі ГОСПАДА, пагардзілі Сьвятым Ізраіля, павярнуліся сьпі­най [да Яго].

5 Дзе вас яшчэ ўдарыць, калі вы множыце злачынствы? Уся галава хворая, і ўсё сэрца млоснае;

6 ад стапы нагі аж да чубу галавы няма на ім месца здаровага, раны і сінякі, і апухлыя шнары, не агледжаныя, не перавязаныя, і алеем не злагоджаныя.

7 Зямля вашая спустошана, гарады вашыя агнём папалены; чужынцы топчуць палеткі вашыя на вачах вашых; спусташэньне як пасьля зьні­шчэньня Садому.

8 Дачка Сыёну пакінута як намёт у вінаградніку, як будан у агародзе, як горад у аблозе.

9 Калі б ГОСПАД Магуцьцяў не пакінуў нам рэшты, сталіся б мы як Садом, былі б падобныя да Гаморы.

10 Слухайце слова ГОСПАДА, князі Садомскія, пачуйце закон Бога нашага, народ Гаморы!

11 «Навошта Мне мноства ахвяраў вашых? — кажа ГОСПАД. — Я насычаны цэласпаленьнямі казлоў і тлустасьцю кормных цялятаў; кроў валоў, бараноў і казлоў Мне абрыдла.

12 Калі вы прыходзіце перад аблічча Маё, хто жадае, каб вы тапталі панадворак Мой?

13 Не складайце больш ахвяраў пустых! Каджэньне абрыдла Мне. Сьвятаў мала­дзіка, суботаў і голасу сходаў не магу вытрываць, бо нягодныя ўрачыстасьці [вашыя].

14 Брыдзіцца душа Мая сьвятамі маладзіка і ўрачыстасьцямі вашымі. Яны сталіся Мне цяжарам, Я мучуся, іх пераносячы!

15 Калі вы выцягваеце рукі, Я адварочваю вочы Мае ад вас, і нават калі павялічыце малітвы вашыя, ня выслухаю, бо рукі вашыя ў крыві.

16 Абмыйцеся, будзьце чыстымі! Прыбярыце ліхоту ўчынкаў вашых з вачэй Маіх! Спыніцеся чыніць зло!

17 Навучыцеся рабіць дабро, рупцеся пра суд, дапамагайце пакрыўджанаму, абараняйце сіротаў, заступайцеся за ўдоваў!

18 Тады прыходзьце і спрачайцеся са Мною, — кажа ГОСПАД. Хоць бы грахі вашыя былі, як пурпур, як сьнег стануцца белымі; хоць бы былі чырвоныя, як кармазын, стануцца як воўна.

19 Калі вы скарыцеся і будзеце слухаць Мяне, будзеце спажываць даброцьці зямлі.

20 А калі адмовіцеся і ня будзеце слухаць, вынішчыць вас меч, бо гэта сказалі вусны ГОСПАДА!»

21 Як стаўся распусьніцай горад верны, поўны суду? Праведнасьць жыла ў ім, а цяпер — забойцы.

22 Срэбра тваё сталася жужалем, віно зьмяшалася з вадою.

23 Князі твае — бунтаўнікі і супольнікі злодзеяў; яны ўсе любяць падарункі і гоняцца за хабарамі, а не спагада­юць сіраце, і справа ўдоваў іх не цікавіць.

24 Дзеля гэтага так кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, Моцны Ізраіля: «Я буду цешыцца з супраціўнікаў Маіх, і адпомшчу ворагам Маім.

25 І павярну руку Маю на цябе, і лугам ачышчу руду тваю, і прыбяру ўсё волава тваё.

26 І ўзнаўлю судзьдзяў тваіх, як былі раней, і раднікаў тваіх — як было на пачатку. Тады назавуць цябе Горадам Праведнасьці, Цьвярдыняй вернай».

27 Сыён будзе выбаўлены праз правасудзьдзе, а тыя, што навернуцца ў ім — праз праведнасьць.

28 І [будзе] загуба для адступнікаў і грэшнікаў, і тыя, што пакідаюць ГОСПАДА, загінуць.

29 Бо сорамна будзе вам дзеля дуброваў, якія вам падабаюцца, у ганьбе будзеце дзеля садоў, якія вы сабе выбралі.

30 Бо вы станецеся як той дуб, лісьце якога ссохла, і як сад, у якім няма вады.

31 І станецца дужы як зрэб’е, а праца ягоная — як зьнічка, і згараць яны разам, і ня будзе каму тушыць.

 

Разьдзел 2

1 Слова, якое бачыў Ісая, сын Амоса, пра Юду і Ерусалім.

2 І станецца ў апошнія дні, што гара Дому ГОСПАДА ўзвысіцца па-над усе горы і ўздымецца над узгоркамі, і пасьпяшаюцца да яе ўсе народы.

3 І пойдуць народы шматлікія, і скажуць: «Хадземце, узыйдзем на гару ГОСПАДА і ў Дом Бога Якубавага, і няхай Ён навучыць нас шляхам Сваім, і будзем хадзіць па сьцеж­ках Ягоных, бо з Сыёну выйдзе Закон, і слова ГОСПАДА — з Ерусаліму».

4 І Ён будзе судзіць народы і вінаваціць многіх людзей. І перакуюць яны мячы свае на плугі, а дзіды — на сярпы. Не падыме народ на народ меч, і ня будуць больш вучыцца ваяваць.

5 Доме Якуба! Хадземце і будзем хадзіць у сьвятле ГОСПАДА.

6 Ты адкінуў народ Твой, дом Якуба, бо яны напоўнены [тым, што прынялі] з усходу, і варажбітамі, як Філістынцы; і з сынамі чужынцаў яны ў згодзе.

7 І напоўнілася зямля ягоная срэбрам і золатам, і няма канца скарбам ягоным, і напоўнілася зямля ягоная коньмі, і няма канца калясьніцам ягоным.

8 І напоўнілася зямля ягоная ідаламі, і ён пакланяецца творам рук сваіх, таму, што зрабілі пальцы ягоныя.

9 І пахіліўся чалавек, і прынізіўся кожны, і Ты не даруй ім.

10 Увайдзі ў скалу, схавайся ў парахне ад страху перад ГОСПАДАМ, перад бляскам велічы Ягонай.

11 Пыхлівыя вочы чалавека спакорацца, і ўзьвялічваньне чалавека будзе паніжана. Толькі ГОСПАД будзе ўзвышаны ў той дзень.

12 Бо дзень ГОСПАДА Магуцьцяў [прыйдзе] на ўсё ганарыстае і пыхлівае, і на ўсіх пыхліўцаў, каб упакорыліся,

13 і на ўсе кедры Лібану, гонкія і ўзьнёслыя, і на ўсе дубы Башану,

14 і на ўсе горы высокія, і на ўсе ўзгоркі ўзьнесеныя,

15 і на ўсе вежы высачэзныя, і на ўсе муры ўмацаваныя,

16 і на ўсе караблі Таршышу, і на ўсе ўпрыгожваньні пажаданыя.

17 І будзе паніжана пыхлі­васьць чалавека, і будзе спакорана ўзьвялічваньне людзей. Толькі ГОСПАД будзе ўзвышаны ў той дзень,

18 і ідалы цалкам зьнікнуць.

19 І ўвойдуць у пячоры ў скале і ў ямы ў парахне ад страху перад ГОСПАДАМ і перад бляскам велічы Ягонай, калі Ён паўстане, каб напоўніць страхам зямлю.

20 У той дзень выкіне чалавек кратам і кажанам ідалаў сваіх срэбных і ідалаў сваіх залатых, якія зрабіў сабе, каб пакланяцца ім,

21 і ўвойдзе ў пячоры і шчыліны скалаў ад страху перад ГОСПАДАМ і перад бляскам велічы Ягонай, калі Ён паўстане, каб напоўніць страхам зямлю.

22 Пакіньце [спадзявацца] на чалавека, у якога дыханьне ў ноздрах ягоных, бо што ён варты?

 

Разьдзел 3

1 Вось Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, забярэ ў Ерусаліма і ў Юды моц і падпору, усю падпору хлеба і ўсю падпору вады,

2 волата і ваяра, судзь­дзю і прарока, прадказальніка і старосту,

3 пяцідзясятніка і магната, радніка і мудрага ў мастацтве, і здольнага ў загаворваньні.

4 І дам ім за князёў юнакоў, і хлапчукі будуць панаваць над імі.

5 І ў народзе адзін будзе ўціскаць другога, і кожны — бліжняга свайго; юнак будзе зьневажаць старога, і нікчэмны — паважанага.

6 Тады схопіць чалавек брата свайго ў доме бацькі свайго [і скажа:] «Ты маеш адзеньне, дык будзь кіраўніком нашым, і няхай будуць руіны гэтыя пад рукой тваёй».

7 [А той] падымецца ў дзень той, кажучы: «Не магу перавязаць раны, і ў доме маім няма ані хлеба, ані адзеньня. Ня стаўце мяне кіраўніком народу».

8 Бо спатыкаецца Ерусалім, і Юда падае, бо язык іхні і ўчынкі іхнія — супраць ГОСПАДА, яны бунтуюцца ў вачах славы Ягонай.

9 Выраз аблічча іхняга сьведчыць супраць іх, як Садом выяўляюць яны грэх свой і не хаваюць [яго]. Гора душы іхняй, бо яны самі сабе рыхтуюць зло.

10 Скажыце праведніку, што будзе добра яму, бо ён будзе спажываць плод учынкаў сваіх.

11 А ліхотніку — гора, бо ён [атрымае] ліха, бо адплата яму будзе паводле [ўчынкаў] рук ягоных.

12 Народзе Мой, немаўля цябе крыўдзіць, а жанчыны над табой пануюць. Народзе Мой, правадыры твае ашукваюць цябе і шлях сьцежкі тваёй блытаюць.

13 Падняўся ГОСПАД, каб праводзіць суд, і стаіць, каб судзіць народы.

14 ГОСПАД ідзе на суд старшыняў народу Свайго і князёў ягоных: «Гэта вы спустошылі вінаграднікі, і зрабаванае ў беднага — у дамах вашых.

15 Якім правам вы ўціскаеце народ Мой і засмучаеце абліччы ўбогіх? — кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў».

16 І сказаў ГОСПАД: «За тое, што дочкі Сыёну заганарыліся і, выцягваючы, выцягваюць шыю, і міргаюць вачыма, крочаць дробнымі крокамі і зьві­няць бранзалетамі на нагах сваіх,

17 Госпад зробіць, што лысымі стануць галовы дачок Сыёну, і ГОСПАД аголіць сорам іхні.

18 У той дзень паскідае Госпад аздобу бранзалетаў, і зорачкі, і паўмесяцы,

19 кольцы, нараменьнікі і вэлюмы,

20 дыядэмы і ланцужкі на нагах, і стужкі, і бутэлечкі з пахошчамі, і амулеты,

21 пярсьцёнкі і колцы для носу,

22 выкшталцоныя сукенкі і накідкі, шалі і торбачкі,

23 і люстэркі, і ценькую бялізну, абвіцьці і лёгкія сукенкі.

24 І станецца замест прыемных пахаў — смурод, замест поясу — вяроўка, замест учасаных валасоў — лысіна, замест багатай вопраткі — цесны мяшок, замест красы — ганьба.

25 Мужчыны твае пагінуць ад мяча, і рыцары твае — на вайне.

26 І загалосяць, і жалобай апрануцца брамы ейныя, і будзе яна спустошаная, і сядзе на зямлі.

 

Разьдзел 4

1 І схопяць сем жанчынаў аднаго мужчыну ў той дзень, кажучы: «Хлеб свой будзем есьці і адзеньне сваё будзем апранаць. Дазволь толькі насіць нам імя тваё, здымі ганьбу нашую».

2 У той дзень Парастак ГОСПАДА будзе красою і славаю, а плод зямлі — гонарам і ўслаўленьнем для тых, якія застануцца ў Ізраілі.

3 І станецца, што той, хто застаўся на Сыёне і хто пакінуты ў Ерусаліме, будзе названы сьвятым, кожны, хто запісаны, каб жыць у Ерусаліме,

4 калі Госпад абмые бруд дочак Сыёну і ачысьціць Ерусалім ад крыві з сярэдзіны ягонай подыхам суду і подыхам ачышчэньня.

5 І створыць ГОСПАД на ўсім абшары гары Сыён і на месцы сходу воблака ўдзень, а дым і бляск полымя агню — уначы, бо над усім будзе слава [Госпада] як заслона,

6 і як намёт, каб даць цень ад сьпёкі ўдзень і прыбежышча і сховішча ад навальніцы і дажджу.

 

Разьдзел 5

1 І буду я сьпяваць Любаму майму сьпеў пра вінаграднік Ягоны. Любы мой меў вінаграднік на ўзгорку ўрадлівым.

2 Ён абкапаў яго і ачысьціў яго ад камянёў, і пасадзіў у ім найлепшую лазу вінаградную, і пабудаваў вежу на сярэдзіне яго, і паставіў у ім тоўчню, і спадзяваўся, што вырасьце вінаград, але вырасьлі дзікія ягады.

3 І цяпер, жыхары Ерусаліму і мужы Юды, рассудзіце паміж Мною і вінаграднікам Маім.

4 Што мусіў Я яшчэ зрабіць для вінаградніку Майго, а не зрабіў? Чаму, калі чакаў, што ўродзіць вінаград, ён урадзіў дзікія ягады?

5 І цяпер Я паведамлю вам, што Я зраблю з вінаграднікам Маім: прыбяру жываплот ягоны, і ён будзе на зьнішчэньне, развалю агароджу ягоную, і будзе ён на патаптаньне,

6 і аддам яго на спусташэньне; ня будзе ён абцінаны і абкопваны, і зарасьце цернем і асотам, і хмарам Я забараню даваць дождж яму.

7 Бо вінаграднік ГОСПАДА Магуцьцяў — гэта дом Ізраіля, а мужы Юды — парастак выбраны Яго. І Я спадзяваўся, [што будзе] суд, а вось, праліцьцё крыві, [чакаў] праведнасьці, а вось крыкі [пагрозаў].

8 Гора тым, якія далучаюць дом да дому, а поле дадаюць да поля, ажно [іншым] не застаецца месца, быццам вы адны толькі жывіцё на зямлі.

9 У вушы мае [сказаў] ГОСПАД Магуцьцяў: «Сапраўды, шмат дамоў будзе зруйнавана, вялікіх і прыгожых, і будуць яны без жыхароў.

10 Бо дзесяць моргаў вінаградніку дадуць адзін бат, а насеньне з гомару дасьць эфу.

11 Гора тым, якія, устаўшы рана, шукаюць сікеру, якія п’юць аж да вечара, каб віно разагравала іх.

12 Гусьлі і ліры, бубны і жалейкі, і віно на баляваньнях іхніх, а пра справы ГОСПАДА яны ня дбаюць, і твораў рук Ягоных ня бачаць.

13 Дзеля таго пойдзе ў няволю народ Мой, бо ён ня мае разуменьня, і магнаты ягоныя будуць галадаваць, а мноства ягонае пасохне ад смагі.

14 Таму адхлань пашырыла горла сваё і разьзявіла бяз меры пашчу сваю, і зыйдзе туды велічнасьць яго, і мноства яго, і гоман яго, і тыя, што весяляцца ў ім.

15 І будзе паніжаны чалавек, і будзе ўпакораны муж, і вочы фанабэрыстых будуць скораныя.

16 І ўзвысіцца ГОСПАД Магуцьцяў у судзе, і Бог Сьвяты выявіць сьвятасьць Сваю ў праведнасьці.

17 І будуць пасьвіцца авечкі як на пашы сваёй, і казьляняты будуць есьці траву сярод руінаў.

18 Гора тым, якія на пастронках марнасьці валакуць беззаконьне, і грахі — на вяроўках возу,

19 і кажуць: “Няхай Ён пасьпяшаецца і паскорыць дзеяньні Свае, каб мы ўбачылі, і няхай зьдзейсьніцца намер Сьвятога Ізраіля, каб мы даведаліся!”

20 Гора тым, якія зло называюць дабром, а дабро — злом, якія лічаць цемру сьвятлом, а сьвятло — цемраю, горкае лічаць салодкім, а салодкае — горкім.

21 Гора тым, якія мудрыя ў вачах сваіх і якія разумныя перад самімі сабою.

22 Гора тым, якія адважныя, каб піць віно і мужныя, каб мяшаць сікеру,

23 якія за хабар апраўдваюць вінаватага, а праведнасьць праведніка адсоўваюць ад яго.

24 Таму як салому зьядае язык вогненны, а сена зьнікае ў полымі, так корань іхні станецца гнільлём, і краса іхняя разьляціцца, як пыл, бо яны адкінулі Закон ГОСПАДА Магуцьцяў, і словамі Сьвятога Ізраіля пагардзілі.

25 Таму ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА на народ Ягоны, і Ён выцягнуў руку Сваю суп­раць яго, каб пакараць яго, і задры­жэлі горы, і трупы іхнія [сталіся] як сьмецьце сярод вуліцы. Але на гэтым усім не спыніўся гнеў Ягоны, і рука Ягоная яшчэ выцягнута.

26 І Ён падыме сьцяг да народу далёкага, і засьвішча яму з канца зямлі, і ён прыйдзе хутка і лёгка;

27 ня будзе стомленых у ім і ніхто не спатыкнецца, ніводзін не задрэмле і не засьне, і ня будзе зьняты пояс з паясьніцы ягонай, і ня лопне рамень сандалаў ягоных.

28 Стрэлы ягоныя вострыя і ўсе лукі ягоныя напятыя; капыты коней ягоных — як крэмень, колы [калясьніцаў] ягоных — як віхор.

29 Рык ягоны — як рык ільвіцы; і рыкаючы, рыкае ён як львяняты, і раве, і хапае здабычу, і нясе, і ніхто ня выратуе.

30 І ён зараве над [здабычай] у той дзень як раве мора; і ён гляне на зямлю, і вось, цемра і прыгнёт, і сьвятло схавалася ў хмарах».

 

Разьдзел 6

1 У год сьмерці валадара Узіі бачыў я Госпада, Які сядзеў на пасадзе высокім і ўзьнесеным, а прыполы [шатаў] Ягоных напаўнялі сьвятыню.

2 Сэрафімы стаялі вакол Яго; і кожны меў па шэсьць крылаў, і кожны двума закрываў аблічча сваё, і двума закрываў ногі свае, а двума лётаў.

3 І ўсклікалі яны адзін да аднаго, і казалі: «Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты ГОСПАД Магуцьцяў, уся зямля поўная славы Ягонай!»

4 І захісталіся бэлькі дзьвярэй ад голасу тых, якія клікалі, і Дом напоўніўся дымам.

5 І я сказаў: «Гора мне! Бо я загублены! Бо я — чалавек з нячыстымі вуснамі, і я жыву сярод людзей з нячыстымі вуснамі, і Валадара, ГОСПАДА Магуцьцяў убачылі вочы мае!»

6 І падляцеў да мяне адзін з сэрафімаў, а ў руцэ ягонай — вугаль распалены, які ён шчыпцамі ўзяў з ахвярніка.

7 І ён дакрануўся ім да вуснаў маіх, і сказаў: «Вось, ён дакрануўся да вуснаў тваіх, і прыбрана беззаконьне тваё, і адкуплены грэх твой».

8 І пачуў я голас Госпада, кажучы: «Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля Нас?» І я сказаў: «Вось я, пашлі мяне».

9 І Ён сказаў: «Ідзі і кажы народу гэтаму: “Слыхам слухаць будзеце, і не зразумееце, поглядам глядзець будзеце, і не даведаецеся”.

10 Зрабі цьвёрдым сэрца народу гэтага, зрабі цяжкімі вушы ягоныя і засьляпі вочы ягоныя, каб вачыма сваімі ня бачыў, і вушамі сваімі ня чуў, і каб сэрца ягонае не зразумела, каб ён не навярнуўся, і ня быў аздароўлены».

11 І я спытаў: «Як доўга, Госпадзе?» І Ён сказаў: «Пакуль ня будуць спустошаны гарады без жыхароў і дамы без людзей, і зямля будзе спустошана як пустка».

12 І выкіне ГОСПАД людзей, і будзе вялікая пустэча пасярод зямлі.

13 І калі яшчэ застанецца на ёй дзясятая частка [людзей], і яна вернецца, і будзе зьнішчана. Але як тэрэбінт і як дуб, ад якога [застаецца] пень пасьля таго, як ён сьсечаны, так насеньне сьвятое — гэта пень іхні.

 

Разьдзел 7

1 І сталася ў дні Ахаза, сына Ётама, сына Узіі, валадара Юды, пайшоў Рэцын, валадар Сірыі, і Пэках, сын Рэмаліі, валадар Ізраілю, вая­ваць супраць Ерусаліму, але не маглі здабыць яго.

2 І паведамілі дому Давіда, кажучы: «Сірыя стала [табарам] у Эфраіме!» І задрыжэла сэрца [валадара] і сэрца народу ягонага, як хістаюцца дрэвы ў лесе ад ветру.

3 І сказаў ГОСПАД Ісаі: «Выйдзі насустрач Ахазу, ты і Шэар-Яшуб, сын твой, на канец каналу верхняй сажалкі, на дарогу Поля Валюшніка,

4 і скажаш яму: “Сьцеражыся і будзь у супакоі, ня бойся, і няхай сэрца тваё ня слабне з прычыны гэтых двух рэштак галавешак, якія дымяць, перад полымем гневу Рэцына, і Сірыі, і сына Рэмаліі,

5 бо вырашылі [ўчыніць] супраць цябе ліха Сірыя, Эфраім і сын Рэмаліі, кажучы:

6 “Пойдзем на Юду, напалохаем яго, і здабудзем яго для сябе, і паставім над ім валадаром сына Табээля!”

7 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: Ня станецца [гэтага], і нічога ня будзе!

8 Бо галава Сірыі — Дамаск, а галава Дамаску — Рэцын. Яшчэ шэсьцьдзясят пяць гадоў, і будзе Эфраім зламаны, і ня [будзе] народам.

9 А галава Эфраіма — Самарыя, і галава Самарыі — сын Рэмаліі. Калі не паверыце, не ўтрымаецеся”».

10 І зноў прамовіў ГОСПАД да Ахаза, кажучы:

11 «Прасі сабе знак у ГОСПАДА, Бога твайго, ці ў глыбіні адхлані, ці высока ўгары».

12 І сказаў Ахаз: «Ня буду прасіць і ня буду спакушаць ГОСПАДА».

13 І сказаў [Ісая]: «Слухайце, дом Давіда! Ці ж мала вам быць цяжарам для людзей, што вы таксама абцяжарваеце Бога майго?

14 Дзеля гэтага Госпад Сам дасьць вам знак. Вось, Дзева зачне і народзіць Сына, і назаве імя Ягонае Іммануэль.

15 Масла і мёд Ён будзе есьці, пакуль не навучыцца адкідаць зло і выбіраць дабро.

16 Бо перш, чым хлопец навучыцца адкідаць зло і выбі­раць дабро, будзе пакінутая зямля, якая перад абліччам двух валадароў, якіх ты баішся.

17 Прывядзе ГОСПАД на цябе, і на народ твой, і на дом бацькі твайго дні, якіх не было ад дзён, калі адлучыўся Эфраім ад Юды, [прывядзе] валадара Асірыйскага.

18 І станецца ў той дзень, засьвішча ГОСПАД да мухі, якая на канцы рэкаў Эгіпту, і да пчалы ў зямлі Асірыі.

19 І яны прыляцяць, і абсядуць усе ўзбоччы яроў і шчыліны скалаў, усе цярніны і ўсе хмызьнякі.

20 У той дзень абголіць Госпад лязом, нанятым за ракою, валадаром Асірыйскім, галаву і валасы на нагах, і таксама бараду абрэжа.

21 І станецца ў той дзень, што кожны будзе гадаваць карову і дзьве авечкі,

22 і станецца дзеля вялікага ўдою малака будзе есьці масла, бо масла і мёд будзе есьці кожны, хто застанецца ў зямлі гэтай.

23 І станецца ў той дзень, што ўсякае месца, дзе была тысяча вінаградных лозаў, вартых тысячы [сыкляў] срэбра, стане цернем і асотам.

24 Са стрэламі і лукамі будуць хадзіць там, бо ўся зямля стане цернем і асотам.

25 А на ўсе горы, якія абрабляліся матыкаю, ніхто ня пойдзе туды, баючыся церняў і асоту; і стануцца яны выганам для валоў і на таптаньне для ягнятаў».

 

Разьдзел 8

1 І сказаў ГОСПАД да мяне: «Вазьмі сабе табліцу вялікую і напішы на ёй літарамі чалавечымі: “Магер-Шалал-Хаш-Баз”».

2 І ўзяў я для сябе сьведкаў верных — Урыю сьвятара і Захарыю, сына Евэрэхіі.

3 І я наблізіўся да прарочыцы, і яна зачала, і нарадзіла сына. І сказаў ГОСПАД мне: «Назаві імя ягонае Магер-Шалал-Хаш-Баз,

4 бо перш, чым хлопец навучыцца клікаць “тата мой” і “мама мая”, занясуць багацьці Дамаску і здабычу Самарыі перад аблічча валадара Асірыйскага».

5 І працягнуў ГОСПАД прамаўляць да мяне яшчэ, кажучы:

6 «За тое, што народ гэты адкідае воды Шыляаху, якія цякуць паволі, а захапляецца Рэцынам і сынам Рэмаліі,

7 таму вось, Госпад узьніме на іх воды ракі, магутныя і шматлікія — валадара Асірыйскага і ўсю славу ягоную, і ўзьнімецца [рака] па-над усе рэчышчы свае, і выльецца з усіх берагоў сваіх;

8 і разальецца ў Юдзе, і затопіць [яго], і падымецца высока аж да шыі, і крылы ейныя будуць раскінутыя на ўсю шырыню зямлі тваёй, Іммануэль!»

9 «Рабіце ліхоту, народы, і будзеце напалоханыя, і прыхіліце вуха, усе землі далёкія! Падперажыцеся, і будзеце напалоханыя. Падперажыцеся, і будзеце напалоханыя!

10 Радзьце раду, [што рабіць], і яна ня зьдзейсьніцца. Прамаўляйце слова, і ня станецца [паводле яго], бо з намі Бог».

11 Бо гэта сказаў мне ГОСПАД, калі схапіў [мяне] рукою і перасьцярог мяне, каб я не хадзіў шляхам народу гэтага, кажучы:

12 «Не называйце змовай тое, што народ гэты заве змовай, і таго, чаго ён баіцца, ня бойцеся і не палохайцеся.

13 ГОСПАДА Магуцьцяў, Яго сьвяціце, Ён — страх ваш, і Ён [няхай] палохае вас.

14 І Ён будзе сьвятыняй, камянём спатыкненьня і скалой спакусы для абодвух дамоў Ізраіля, пасткай і сілом для жыхароў Ерусаліму.

15 І спатыкнуцца аб іх шматлікія, і ўпадуць, і разаб’юцца, патрапяць у сіло і будуць злоўленыя».

16 Завяжы сьведчаньне, запячатай Закон [унутры] вучняў Маіх.

17 І я буду чакаць ГОСПАДА, Які хавае аблічча Сваё ад дому Якуба, і буду спадзявацца на Яго.

18 Вось я і дзеці, якіх даў мне ГОСПАД. Мы — на знак і на перасьцярогу ў Ізраілі ад ГОСПАДА Магуцьцяў, Які жыве на гары Сыён.

19 І калі скажуць вам: «Спытайцеся ў тых, якія выклікаюць духаў памерлых і ў варажбітоў, якія цьвіркочуць і мармычуць», [адкажыце]: «Ці ж народ ня мусіць зьвяртацца да Бога свайго? Ці ж у памёршых [пытацца] пра жывых?»

20 [Зьвяртайцеся] да Закону і да сьведчаньня! Калі яны ня будуць казаць паводле слова гэтага, няма для іх [сьвятла] зараніцы.

21 І будзе ён бадзяцца па [зямлі] ўцісканы і галодны. І станецца, калі ён згаладнее, будзе гневацца і будзе праклінаць валадара свайго і Бога свайго, і гляне ўгару,

22 і паглядзіць на зямлю, і вось, гора і цемра, і цемрадзь уціску, і змрок непраглядны. Але ня будзе цемрадзь [назаўсёды] для таго, хто ўцісканы.

 

Разьдзел 9

1 У часы мінулыя Ён адкінуў зямлю Завулёна і зямлю Нэфталі; але ў будучыні праславіць шлях да мора, другі бок Ярдану, Галілею паганскую.

2 Народ, які ходзіць у цемры, убачыў сьвятло вялікае, над жыхарамі зямлі ценю сьмерці сьвятло зазьзяла.

3 Ты памножыў народ і павялічыў радасьць. Яны будуць радавацца перад абліччам Тваім, як радуюцца ў [час] жніва, як цешацца, дзелячы здабычу.

4 Бо ярмо цяжару ягонага, кій, [які на] плячах ягоных, дубец крыўдзіцеля ягонага Ты зламаў як у дзень Мадыяну.

5 Бо кожны бот вайсковы, які шоргае гучна, і кожны плашч, заліты крывёю, будзе на спаленьне, на спажыву агню.

6 Бо Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам, улада на плячах Ягоных, і назавуць імя Ягонае: Цудоўны Дарадца, Бог Магутны, Бацька Вечнасьці, Князь Супакою.

7 Вялікая будзе ўлада Ягоная, і супакою ня будзе канца на пасадзе Давіда і ў валадарстве Ягоным, якое Ён паставіць моцна і ўмацуе судом і праведнасьцю ад цяпер і на вякі. Рэўнасьць ГОСПАДА Магуцьцяў зробіць гэта.

8 Слова паслаў Госпад на Якуба, і ўпала яно на Ізраіля,

9 і даведаецца яго ўвесь народ; Эфраім і жыхары Самарыі, якія з пыхаю і ганарлівасьцю сэрца кажуць:

10 «Цэглы пападалі, а мы пабудуем з камянёў; сьсеклі сікаморы, мы заменім [іх] кедрамі!»

11 І ГОСПАД падняў прыгнятальніка Рэцына на яго і ворагаў ягоных павярнуў [на яго],

12 Сірыю — з усходу, а Філістынцаў — з захаду, і яны жэрлі Ізраіля поўнай пашчай. Пры ўсім гэтым не адвярнуўся [ад іх] гнеў Ягоны, і яшчэ выцягнутая рука Ягоная.

13 Але народ не павярнуўся да Таго, Хто пабіў яго, і ГОСПАДА Магуцьцяў яны не шукалі.

14 І адрэзаў ГОСПАД у Ізраіля галаву і хвост, пальму і чарот у адзін дзень.

15 Стары і паважаны — гэта галава, а прарок, які вучыць хлусьні — гэта хвост.

16 І сталася, што тыя, якія вядуць народ гэты, зводзяць яго, і тыя, якіх яны вядуць, гінуць.

17 Дзеля гэтага Госпад ня будзе радавацца дзеля юнакоў ягоных, і над сіротамі ягонымі і ўдовамі ягонымі ня зьлітуецца, бо ўсе — крывадушнікі і ліхотнікі, і ўсе вусны гаво­раць глупства. Пры ўсім гэтым не адвярнуўся [ад іх] гнеў Ягоны, і яшчэ выцягнутая рука Ягоная.

18 Бо разгарэлася бязбожнасьць, як агонь, зьядае церні і асот, і палае ў гушчары лесу, і ўзнімаюцца слупы дыму.

19 Ад гневу ГОСПАДА Магуцьцяў загарыцца зямля, і народ станецца спажывай агню, і не пашкадуе чалавек брата свайго.

20 І будзе рэзаць з правага боку, і будзе галодны; і будзе есьці з левага боку, і не насыціцца; кожны будзе есьці цела рамяна свайго;

21 Манаса — Эфраіма, а Эфраім — Манасу, і абодва разам — Юду. Пры ўсім гэтым не адвярнуўся [ад іх] гнеў Ягоны, і яшчэ выцягнутая рука Ягоная.

 

Разьдзел 10

1 Гора заканадаўцам, [якія ўстанаўляюць] законы беззаконныя і пішуць пастановы жорсткія,

2 каб адмовіць у правасудзьдзі ўбогім, каб пазбавіць суду прыгнечаных народу Майго, каб удовы сталіся здабычай іхняй, і сіротаў абрабаваць.

3 А што вы будзеце рабіць у дзень наведваньня, калі загуба прыйдзе здалёк? Да каго пабяжыцё за дапамогай і дзе пакінеце славу вашую?

4 Нічога [ня зробіце], мусіце схіліцца сярод палонных, і ўпасьці сярод забітых. Пры ўсім гэтым не адвярнуўся [ад іх] гнеў Ягоны, і яшчэ выцягнутая рука Ягоная.

5 Гора Асірыі, яна — дубец гневу Майго, і кій ярасьці Маёй у руцэ іхняй.

6 Супраць народу крывадушнага Я пасылаю яго, і пра народ гневу Майго Я загадваю, каб здабыць здабычу [ў ім] і зрабаваць рабаваньнем, таптаць яго таптаньнем, як балота на вуліцы.

7 Але ён ня так будзе думаць, і сэрца ягонае ня так будзе лічыць, бо ў сэрцы ягоным — [намер] нішчыць і загубіць нямала народаў.

8 Бо ён кажа: «Ці ж князі мае ўсе разам не валадары?

9 Ці ж Кально не такі, як Кархэміш? Ці ж Хамат не такі, як Арпад? Ці ж Самарыя не такая, як Дамаск?

10 Бо рука мая ўзяла валадарствы ідалаў, а ў іх балванаў [больш], чым у Ерусаліме і ў Самарыі.

11 Як я зрабіў з Самарыяй і ідаламі ейнымі, ці ж не зраблю гэтак сама з Ерусалімам і ідаламі ягонымі?»

12 І станецца, калі Госпад скончыць усе справы Свае на гары Сыён і ў Ерусаліме, [Ён скажа]: «Я наведаю плод пыхлівага сэрца валадара Асірыі і фанабэрыю ганарыстых вачэй ягоных».

13 Бо ён сказаў: «Сілай рукі маёй я  зрабіў гэта і мудрасьцю маёй, бо   — разумны. Я зьмя­ніў межы народаў і зрабаваў скарбы іхнія, і як дужы я скідваю жыхароў [іхніх].

14 І як тое гняздо знайшла рука мая багацьце народаў, і як зьбіраюць пакінутыя яйкі, так я забраў усю зямлю; і не было нікога, хто б трапянуў крылом, і ніхто не адчыніў дзюбы, і ня цьвіркнуў».

15 Ці ж ганарыцца сякера перад тым, хто сячэ ёю? Ці ж вывышаецца піла па-над тым, хто пілуе ёю? Нібыта дубец будзе рухаць тым, хто падымае яго; нібыта кій падымае таго, хто ня [ёсьць] дрэвам.

16 Дзеля гэтага Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў спашле хударлявасьць на тлустых ягоных; і сярод слаўных ягоных распаліць полымя, як полымя агню.

17 І станецца Сьвятло Ізраіля агнём, а Сьвяты ягоны — полымем; Ён будзе палаць і паесьць церні ягоныя і асот ягоны ў адзін дзень.

18 І славу лесу ягонага і саду ягонага, ад душы аж да цела, Ён вынішчыць. І станецца, што змарнее ён, як той хворы.

19 І рэшта дрэваў у лесе ягоным будзе такой малой, што хлопчык іх палічыць.

20 І станецца ў той дзень, што рэшта Ізраіля і ўратаваныя з дому Якуба ня будуць больш абапірацца на таго, хто б’е іх, але будуць абапірацца ў праўдзе на ГОСПАДА, Сьвятога Ізраіля.

21 Рэшта навернецца, рэшта Якуба [навернецца] да Бога Магутнага.

22 Бо хоць бы народ твой, Ізраіль, быў як пясок марскі, толькі рэшта навернецца. Загуба прызначана, каб зьдзейсьнілася праведнасьць.

23 Бо загубу прызначаную зьдзейсьніць Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, сярод усёй зямлі.

24 Дзеля гэтага так кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў: «Народ Мой, які жыве на Сыёне, ня бойся Асірыі, якая дубцом б’е цябе і кій свой падымае, як на шляху Эгіпецкім.

25 Бо яшчэ крыху, яшчэ хвіліну, і спыніцца ярасьць, і гнеў Мой павернецца на загубу іхнюю».

26 І ўзбудзіць ГОСПАД Магуцьцяў біч на яго, як тады, калі пабіў Мадыян каля скалы Арэў, і калі [падняў] кій Свой над морам, і ўзьняў яго на шлях Эгіпецкі.

27 І станецца ў той дзень, што зваліцца цяжар ягоны з плячэй тваіх, і ярмо ягонае з шыі тваёй; і распадзецца ярмо ад [тлустасьці] алею.

28 Ён прыходзіць ад Аят, праходзіць праз Мігрон, у Міхмашу ставіць рэчы свае.

29 Пераходзяць яны вандол, у Геве начуюць. Дрыжыць Рама, Гіва Саўлава ўцякае.

30 Крычы голасам тваім, дачка Галіму! Прыхілі вуха, Ляіша! Адкажы ёй, Анатот!

31 Мадмена ўцякае, жыхары Гевіму хаваюцца.

32 Яшчэ дзень ён будзе стаяць у Нове; пагражаць рукою сваёй гары дачкі Сыёну, узгорку Ерусалімскаму.

33 Вось Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў абсякае галіны сярод страху [вялікага]; і ўзьнесеныя вышынёй [сваёй] будуць пасьцінаныя, і ўзвышаныя будуць паніжаныя.

34 І Ён пасячэ жалезам гушчары лясныя, і Лібан упадзе ад Магутнага.

 

Разьдзел 11

1 І выйдзе Парасьць з пня Есэя, і Парастак вырасьце з кораня ягонага,

2 І супачыне на Ім Дух ГОСПАДА, дух мудрасьці і розуму, дух рады і магутнасьці, дух веданьня і страху перад ГОСПАДАМ.

3 І ўпадабаньне Ягонае — у страху перад ГОСПАДАМ, і Ён будзе судзіць не паводле погляду вачэй Сваіх, і не паводле слыху вушэй Сваіх будзе да­ваць прысуд,

4 але Ён будзе судзіць бедных паводле праведнасьці і пакорным зямлі будзе даваць суд паводле справядлівасьці. І Ён ударыць зямлю кіем вуснаў Сваіх, і подыхам вуснаў Сваіх заб’е бязбожніка.

5 І станецца праведнасьць поясам на сьцёгнах Ягоных, а вернасьць — поясам на паясьніцы Ягонай.

6 І будзе жыць воўк з ягнём, а леапард з казьлянём будуць ляжаць, цяля і леў, і кормнае цяля [будуць] разам, і малы хлопчык паганяць іх будзе.

7 Карова і мядзьведзіца будуць пасьвіцца разам, а іх дзіцяняты будуць ляжаць [побач], і леў будзе есьці салому, як вол.

8 І немаўля будзе гуляць каля нары гадзюкі, і дзіцятка выцягне руку сваю да гнязда зьмяі.

9 Ня будуць рабіць зла і ня будзе зьнішчэньня на ўсёй гары Маёй сьвятой, бо зямля будзе напоўнена веданьнем ГОСПАДА, як воды напаўня­юць мора.

10 І станецца ў той дзень, што корань Есэя будзе стаяць як знак для народаў. Яго будуць шукаць народы, і будзе слаўным месца супачынку Ягонага.

11 І станецца ў той дзень, што ГОСПАД зноў другі раз [выцягне] руку сваю, каб выку­піць рэшту народу Свайго, якая застанецца ў Асірыі і Эгіпце, у Патросе і Кушы, у Эляме і Шынэары, у Хамаце і на астравах марскіх.

12 І Ён падыме знак для народаў, і зьбярэ выгнанцаў Ізраіля, і пазьбірае расьцярушаньне Юды з чатырох канцоў зямлі.

13 І спыніцца зайзд­расьць Эфраіма, і будуць выгубленыя ненавісьнікі Юды. Эфраім ня будзе зайздросьціць Юдзе, а Юда ня будзе ваяваць суп­раць Эфраіма.

14 І яны паляцяць на плечы Філістынцаў да мора, і разам абрабуюць сыноў Усходу; на Эдом і на Мааў накладуць рукі свае, і сыны Амона будуць ім падуладнымі.

15 І ГОСПАД паложыць закляцьце на затоку мора Эгіпецкага, і патрасе рукою Сваёй над ракою ў моцы ветру Свайго, і разьдзеліць яе на сем ручаінаў, і можна будзе перайсьці яе ў  сандалах.

16 І будзе шырокая дарога для рэшты народу Ягонага, якія застануцца з [выгнаньня] ў Асірыю, як гэта было ў той дзень для Ізраіля, калі ён выходзіў з зямлі Эгіпецкай.

 

Разьдзел 12

1 І ты скажаш у той дзень: «Слаўлю Цябе, ГОСПАДЗЕ, бо Ты гневаўся на мяне, але гнеў Твой адвярнуўся [ад мяне], і Ты пацешыў мяне.

2 Вось Бог — збаўленьне маё! Спадзяюся на Яго і ня буду баяцца, бо ГОСПАД, ГОСПАД — моц мая і песьня мая, Ён стаўся збаўленьнем маім».

3 І вы з радасьцю будзеце чэрпаць ваду з крыніцаў збаўленьня.

4 І скажаце ў дзень гэты: «Слаўце ГОСПАДА! Клічце імя Ягонае! Абвяшчайце сярод народаў дзеяньні Ягоныя! Узгадвайце, якое ўзьвялічанае імя Ягонае!

5 Выслаўляйце ГОСПАДА, бо Ён зрабіў велічнае! Няхай гэта будзе вядома па ўсёй зямлі.

6 Гамані і крычы з радасьці, жыхарка Сыёну, бо вялікі пасярод цябе Сьвяты Ізраіля!»

 

Разьдзел 13

1 Цяжар адносна Бабілону, які бачыў Ісая, сын Амоса.

2 На лысай гары пастаўце знак, узьніміце крык супраць іх. Махайце рукою, каб увайшлі ў брамы магнатаў.

3 Я загадаў пасьвячоным Маім, у гневе Маім паклікаў волатаў Маіх, якія цешацца велічнасьцю Маёй.

4 Голас мноства ў гарах, быццам народу шматлікага, голас гоману валадарстваў, народаў, якія сабраліся [разам]. ГОСПАД Магуцьцяў аглядае войскі для вайны.

5 Прыходзяць з зямлі далёкай, з канцоў неба ГОСПАД і прылады гневу Ягонага, каб спустошыць усю зямлю.

6 Галасіце, бо блізкі дзень ГОСПАДА, ён прыходзіць як спусташэньне ад Усемагутнага.

7 Дзеля гэтага ўсе рукі слабеюць і ўсе сэрцы людзей млеюць.

8 І яны трымцяць. Боль і мучэньні ахапілі іх, яны качаюцца [ад болю], як тая, што нараджае, і адзін на другога глядзяць аслупянела, палымнеюць абліччы іхнія.

9 Вось, дзень ГОСПАДА надыходзіць, бязьлітасны, [поўны] абурэньня і полымя гневу, каб зямлю зрабіць пустэчаю і грэшнікаў ейных выгубіць з яе.

10 Бо зоркі нябесныя і сузор’і іхнія ня будуць сьвяціць сьвятлом сваім, сонца зацемрыцца пры ўзыходзе сваім і месяц ня будзе зьзяць сьвятлом сваім.

11 І Я пакараю ў сусьвеце зло, і бязбожнікаў — за беззаконьне іхняе, і спыню пыху ганарлівых, і прыніжу фанабэрыю крыўдзіцеляў.

12 І Я зраблю мужа каштоўнейшым, чым золата найчысьцейшае, і чалавека — [каштоўнейшым,] чым золата з Афіру.

13 Дзеля гэтага Я ўзварухну неба, і зямля захістаецца на месцы сваім ад абурэньня ГОСПАДА Магуцьцяў, у дзень, калі запалае гнеў Ягоны.

14 І станецца, што кожны як сарна, якая ўцякае, і як авечка, якой няма каму пась­віць, вернецца да народу свайго і кожны ўцячэ ў зямлю сваю.

15 Кожны, хто будзе знойдзены, будзе прабіты [дзідай], і кожны, хто будзе схоплены, упадзе ад мяча.

16 І дзеці іхнія будуць пасечаныя на вачах іхніх, дамы іхнія будуць абрабаваныя, а жонкі іхнія — зьняслаўленыя.

17 Вось, Я ўзьніму супраць іх Мідзянаў, якія ня думаюць пра срэбра і ня маюць упадабаньня ў золаце.

18 І будуць забіваць юнакоў лукі [іхнія], і яны ня будуць мець літасьці да плоду ўлоньня і ня будзе шкадаваць сыноў вока іхняе.

19 І станецца, што Бабілон, краса валадарстваў, аздоба гонару Халдэйцаў, будзе зруйнаваны Богам як Садом і Гамора.

20 Ня будзе ён абжыты на вякі, і ня будзе заселены з пакаленьня ў пакаленьне, і не паставіць там Араб намёт, пастухі ня будуць адпачываць там.

21 І будуць там вылежвацца зьвяры пустыні, і совы напоўняць дамы іхнія, і будуць жыць там страусы, і казлы будуць скакаць там.

22 І будуць скавытаць шакалы ў хорамах іхніх, і цмокі — у палацах раскошных.

 

Разьдзел 14

1 І блізкі ўжо час ягоны, і дні ягоныя ня будуць цягнуцца. Бо зьлітуецца ГОСПАД над Якубам, і зноў выбярэ Сабе Ізраіля, і зьмесьціць іх у зямлі іхнія; і далучыцца да іх прыхадзень, і будзе належаць да дому Якуба.

2 І возьмуць іх народы, і завядуць іх да месца іхняга, і атрымае іх дом Ізраіля ў зямлі ГОСПАДА як слугаў і служак. І яны палоняць тых, якія іх паланілі, і будуць мець уладу над крыўдзіцелямі сваімі.

3 І станецца ў дзень, калі ГОСПАД дасьць табе супачынак ад пакутаў тваіх, ад гароты тваёй і ад працы цяжкай, якую ты мусіў рабіць,

4 што ўзьнясеш ты гэтую прыповесьць пра валадара Бабілонскага, і скажаш: «Як надыйшоў канец крыўдзіцелю, спыніліся зьдзекі ягоныя!

5 Паламаў ГОСПАД кій бязбожнікаў, дубец тых, што пануюць,

6 які біў народы ў лютасьці, б’ючы няспынна, які ў гневе меў уладу над народамі, перасьледуючы іх без шкадаваньня.

7 Супачыла, супакоілася ўся зямля, сьпявае радасна.

8 Нават кіпарысы і кедры лібанскія радуюцца дзеля цябе, [кажучы]: “Калі ты зьлёг, ні­хто не прыходзіць сьсякаць нас”.

9 Апраметная, што ўнізе, затрэслася дзеля цябе, каб [выйсьці] насустрач прыходу твайму, абудзіць дзеля цябе памёршых, усіх правадыроў зямлі, і падняць з пасадаў іхніх усіх валадароў народаў.

10 Усе яны адкажуць і скажуць табе: “Таксама ты саслабеў, як і мы, стаўся падобным да нас”.

11 Укінута ў апраметную пыха твая і гукі гусьляў тваіх. Паслана пад табою чарвямі, і чарвяк — накрыцьцё тваё.

12 Як ты зваліўся з неба, дзяньніца, сын зараніцы? Разьбіўся аб зямлю той, які перамагаў народы.

13 Ты казаў у сэрцы тваім: “Узыйду на неба і вышэй зорак Божых пастаўлю пасад мой, і сяду на гары зграмаджэньня, на скраю поўначы,

14 падымуся па-над вяршыні аблокаў, буду падобны да Найвышэйшага”.

15 Але ты скінуты ў пекла, на самае дно!

16 Тыя, што ўбачаць цябе, будуць прыглядацца да цябе і разважаць: “Ці ж гэта ня той муж, які ўстрасаў зямлю, хістаў валадарствы,

17 які ўвесь сусьвет зрабіў пустыняю, а гарады ягоныя руйнаваў, які палонных сваіх не адпускаў дадому?”

18 Усе валадары народаў, усе яны ляжаць у славе, кожны ў доме сваім,

19 а ты выкінуты з магілы тваёй як парасьць абрыдлая, ты аточаны забітымі, прабітымі мячом, якіх кладуць на камянях ямы [магільнай], як труп растаптаны.

20 Ты ня будзеш далучаны да іх у магіле, бо ты загубіў зямлю тваю, пазабіваў народ твой. Ня будзе ўзгадвацца на вякі насеньне злачынцаў.

21 Падрыхтуйце разьню для сыноў ягоных за беззаконьне бацькоў іхніх, каб яны не паўсталі, і ня ўзялі ў спадчыну зямлю, і не напоўнілі аблічча сусьвету гарадамі [сваімі]».

22 І Я паўстану супраць іх, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і выгублю імя Бабілону, і рэшту, і нашчадка, і ўнука, кажа ГОСПАД.

23 І Я зраблю яго паселішчам вожыкаў і возерам водным, і вымяту яго мятлою зьнішчэньня, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.

24 Прысягнуў ГОСПАД Магуцьцяў, кажучы: «Сапраўды, як Я задумаў, так і станецца, і што Я вырашыў, тое споўніцца.

25 Я скрышу Асірыю на зямлі Маёй і на гарах Маіх стапчу яе. І здымецца з іх ярмо ейнае, і цяжар ейны зваліцца з плячэй іхніх.

26 Гэта рада, якая раджаная адносна ўсёй зямлі, і гэта рука, якая выцягнутая над усімі народамі.

27 Бо ГОСПАД Магуцьцяў вырашыў, і хто перашкодзіць? І рука Ягоная выцягнутая, і хто адверне яе?»

28 У год сьмерці валадара Ахаза быў такі цяжар [ад Госпада]:

29 «Ня радуйся, уся [зямля] Філістынская, што зламаны дубец, які біў цябе, бо з кораня зьмяінага выйдзе га­дзюка, і плодам яе [будзе] гадзіна крылатая.

30 І будуць пасьвіцца першародныя бедных, і ўбогія адпачнуць бясьпечна, а корань твой Я вымару голадам і выб’ю рэшту тваю.

31 Галасі, брама! Крычы, горад! Дрыжы, уся [зямля] Філістынская! Бо з поўначы прыходзіць дым, і ніхто не адстае ад дружынаў ягоных.

32 І што адкажуць пасланцам народаў? Тое, што ГОСПАД заснаваў Сыён і ў ім маюць надзею прыгнечаныя з народу Ягонага».

 

Разьдзел 15

1 Цяжар адносна Мааву. Бо апоўначы прападзе і будзе спустошаны Ар-Мааў; бо ўначы прападзе і будзе спустошаны Кір-Мааў.

2 Узыходзіць у сьвятыню, а Дывон — на ўзгоркі, каб плакаць; над Нэво і над Мэдэвай галосіць Мааў. На кожнай галаве ягонай — лысіна, і кожная барада абголеная.

3 На вуліцах ягоных апранутыя ў зрэбніцу, і на дахах ягоных і на плошчах ягоных усе галосяць, сьлязьмі заліваюцца.

4 Крычаць Хешбон і Элеале, аж у Ягацы чуцён голас іхні. Таму галосяць ваяры Мааву, і душа ягоная ў ім млее.

5 Сэрца маё крычыць пра Мааў, уцекачы ягоныя [ідуць] аж да Цаару, да Эглят-Шэлішыі, на ўзвышша Люхіт з плачам узыходзяць, бо на шляху ў Харанаім падымецца крык загубы!

6 Бо воды Німрыму спустошаны, бо высахла трава, зьнік мурог, зеляніны няма.

7 Дзеля таго робяць запасы, а маёмасьць пераносяць за ручай Аравім.

8 Бо крык атачае межы Мааву, аж да Эглаіму бедаваньне ягонае, і аж да Бээр-Эліму бедаваньне ягонае.

9 Бо воды Дымону поўныя крыві, бо Я пакладу на Дымон яшчэ [ліха] — ільва на ўцекачоў з Мааву і на рэшту зямлі.

 

Разьдзел 16

1 Пашліце авечку кіраўніку краіны з Сэлі, што ў пустыні, на гару дачкі Сыёну!

2 І станецца, што як птушкі ганяныя, выкінутыя з гнязда, будуць дочкі Мааву каля бродаў праз Арнон.

3 «Дай нам раду, выдай прысуд, палажы цень твой апоўдні нібыта ноччу, схавай выгнанцаў, не выдавай уцекачоў.

4 Няхай абжывуцца ў цябе выгнанцы Мааву; будзь ім сховішчам перад абліччам нішчыцеля». Бо спыніцца гвалт, скончыцца зьнішчэньне, зьнікне з зямлі той, які топча [яе].

5 І будзе ўмацаваны пасад міласэрнасьцю, і сядзе на ім у праўдзе ў намёце Давіда судзьдзя, які будзе шукаць суду, і [будзе] спраўна [рабіць] тое, што праведна.

6 «Мы чулі пра пыхлівасьць Мааву, што ён вельмі ганарысты, і пра фанабэрыю ягоную, і пра пыху ягоную, і пра лю­тасьць ягоную, і пра няшчырасьць ягоную, і пра пустыя словы ягоныя».

7 Дзеля гэтага няхай галосіць Мааў, над Маавам няхай усе галосяць; дзеля аладак з разынкамі з Кір-Хэрэсэту няхай яны ўздыхаюць, маркотныя.

8 Бо змарнелі нівы Хешбону і вінаграднікі Сібмы. Гаспадары народаў панішчылі вінаградныя лозы іхнія, якія сягалі аж да Язэру, даходзілі да пустыні, галіны іхнія расцягнуліся, перайшлі праз мора.

9 Дзеля гэтага заплачу, як плача Язэр, дзеля вінаграднікаў Сібмы. Залью цябе сьлязьмі маімі, Хешбон і Элеале, бо на жніво тваё і на збор [пладоў] тваіх прыйшоў гармідар ваенны.

10 Спынілася радасьць і вясёласьць у садах, і ў вінаградніках ня радуюцца і не ўсклікаюць [вясёла]. Віно ў тоўчнях не выціскае выціскальшчык, Я спыніў гоман [радасьці].

11 Дзеля таго ўнутранасьці мае стогнуць, як гусьлі, дзеля Маава, і нутро маё — дзеля Кір-Харэсу.

12 І станецца, што [нават] калі зьявіцца Мааў, і будзе зьнясілены на ўзгорках, і прыйдзе ў сьвятыню сваю, каб маліцца, нічога ў яго не атрымаецца.

13 Гэта слова, якое прамовіў некалі ГОСПАД супраць Мааву.

14 А цяпер прамовіў ГОСПАД, кажучы: «Праз тры гады, лічачы гадамі найміта, будзе зьня­важаная слава Мааву разам з усім мноствам [ягоным], а рэшта ягоная будзе вельмі малая, бясьсільная».

 

Разьдзел 17

1 Цяжар адносна Дамаску. Вось, Дамаск перастане быць горадам, і станецца купай руінаў.

2 Пакінутыя будуць гарады Араэру і стануцца [выганам] для чародаў, і будуць адпачываць [там], і ніхто ня будзе палохаць [іх].

3 І зьнікнуць гарады ўмацаваныя з Эфраіму і валадарства — з Дамаску, а рэшта Араму будзе як слава сыноў Ізраіля, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.

4 І станецца ў той дзень, што слава Якуба зьменшыцца, а тлустасьць цела ягонага схуднее.

5 І станецца так, нібыта жнец жне збожжа і рамяно ягонае зразае каласы. І станецца, нібыта зьбіраюць каласы ў даліне Рэфаім.

6 І застанецца ў яго недазьбіранае, як бывае пры зборы алівак, дзьве або тры аліўкі на самым версе, чатыры або пяць на галінках плодных, кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля.

7 У той дзень будзе ўглядацца чалавек на Таго, Хто зрабіў яго, і вочы ягоныя будуць глядзець на Сьвятога Ізраіля.

8 І ня будзе ён углядацца на ахвярнікі, працу рук ягоных, і на тое, што зрабілі пальцы ягоныя, ня будзе ён глядзець на Астартаў і на выявы сонца.

9 У той дзень умацаваныя гарады ягоныя будуць, як пакінутыя [гарады] ў лясах і на вяршынях [гор], якія пакінулі перад сынамі Ізраіля, і будзе [там] пустэча.

10 Бо ты забыўся на Бога збаўленьня твайго і пра скалу апоры тваёй ня памятаў, і таму ты пасадзіў сады для пацяшэньня і пасеяў вінаград чужынскі.

11 У дзень, калі ты садзіў яго, ты клапаціўся, каб яно расло і каб пасеянае табой рана расквітнела, [але] прападзе жніво ў дзень немачы і болю невылечнага.

12 Гора! Мноства шматлікіх народаў, яны шумяць як шуміць мора. Гармідар плямёнаў, яны бушуюць, як бушу­юць воды магутныя.

13 Бушуюць плямёны, як бушуюць воды вялікія; але пасварыцца на іх [Бог], і яны ўцякуць далёка, і будуць падхопленыя ветрам як мякіна на гарах і як [круціцца] віхор перад бурай.

14 [Прыйшоў] час вечаровы, і вось, вусьціш! І перад раніцай ужо няма яго. Гэткая доля тых, якія нас рабавалі, такі лёс крыўдзіцеляў нашых.

 

Разьдзел 18

1 Гора зямлі бразгатлівых крылаў, якая на другім баку рэкаў Кушу,

2 якая пасылае паслоў праз мора ў лайбах з трысьнёгу па абліччы вады, [кажучы]: «Ідзіце, пасланцы шпаркія, да народу высокага і бліскучага, да народу страшнага здаўна і цяпер, да народу дужага, які топча [ўсіх], зямлю якога перацінаюць рэкі».

3 Усе жыхары сусьвету, якія засяляюць зямлю, глядзіце, калі ўзьнімецца сьцяг на гарах, і слухайце, калі затрубіць труба!

4 Бо гэта сказаў мне ГОСПАД: «Я буду ў супакоі і буду глядзець з месца сялібы Маёй, як цеплыня ясная пры сьвятле [сонца], як воблака роснае ў сьпёку жніва».

5 Бо перад жнівом, калі адквітнее [вінаград] і нясьпелае станецца сьпелымі гронкамі, тады Ён абрэжа галіны сярпом, а атожылкі абсячэ і выкіне.

6 І будуць яны пакінутыя для драпежных птушак на гарах і для скаціны на зямлі; і летам будуць імі [жывіцца] драпежныя птушкі, а ўся скаціна зямлі будзе імі [жывіцца] зімою.

7 У той час прынясе дар для ГОСПАДА Магуцьцяў народ высокі і бліскучы, народ страшны здаўна і цяпер, народ дужы, які топча [ўсё], зямлю якога перацінаюць рэкі, [прынясе] на месца ГОСПАДА Магуцьцяў, на гару Сыён.

 

Разьдзел 19

1 Цяжар адносна Эгіпту. Вось, ГОСПАД нясецца на лёгкім воблаку і ўваходзіць у Эгіпет. І задрыжаць ідалы Эгіпецкія перад абліччам Ягоным, і сэрца Эгіпту растопіцца ў грудзях ягоных.

2 І падымуцца Эгіпцяне супраць Эгіпцянаў; і будзе ваяваць кожны супраць брата свайго, і кожны супраць бліжняга свайго, горад супраць гораду, валадарства супраць валадарства.

3 І заломіцца дух Эгіпту ў ім самім. І Я заблытаю раду ягоную, яны будуць радзіцца з ідаламі, з духамі памёршых, з чараўнікамі і з варажбітамі.

4 І Я аддам Эгіпет у рукі гаспадара жорсткага, і валадар люты будзе панаваць над імі, кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў.

5 І зьнікне вада ў моры, і рака будзе сохнуць і высахне.

6 І засьмярдзяць рэкі, і ручаі ў Эгіпце зьмялеюць і высахнуць, а трысьнёг і чарот зьвянуць.

7 Палі пры рацэ, на берагах ракі, і ўсё пасеянае пры рацэ высахне, будзе разьвеянае і прападзе.

8 І будуць засмучаныя ўсе рыбакі, і будуць плакаць тыя, якія закідваюць вуду ў раку, а тыя, якія ставяць нерат на абліччы вады, страцяць надзею.

9 І асаромяцца тыя, якія працуюць пры чэсаным лёне, і ткачы палотнаў зьбялеюць.

10 І будуць парваныя асновы [Эгіпту], і тыя, што працуюць за плату, будуць зьбянтэжаныя ў душы [сваёй].

11 О, як здурнелі князі Цаану! Мудрыя даюць фараону раду недарэчную. Як вы [можаце] казаць фараону: «Я — сын мудрацоў, сын валадароў старадаўніх»?

12 Дзе цяпер мудрацы твае? Няхай яны пакажуць табе і няхай дадуць ведаць, што вырашыў ГОСПАД Магуцьцяў адносна Эгіпту.

13 Здурнелі князі Цаану, падманутыя князі Нофу, ашукалі Эгіпет старшыні плямёнаў ягоных.

14 ГОСПАД даў яму дух ап’яненьня, каб Эгіпет блукаў у-ва ўсіх справах сваіх, як блукае п’яніца ў ванітах сваіх.

15 Няма ў Эгіпце такой справы, якую [могуць] зрабіць галава і хвост, пальма і чарот.

16 У той дзень станецца Эгіпет нібы жанчыны, будзе дрыжэць і будзе палохацца ад выгляду ўзьнятай рукі ГОСПАДА Магуцьцяў, якую Ён падыме супраць іх.

17 І станецца зямля Юды жахам для Эгіпту. Кожны, хто ўзгадае пра яе, напалохаецца перад абліччам намеру ГОСПАДА Магуцьцяў, які Ён пастанавіў супраць яго.

18 У той дзень будзе пяць гарадоў у зямлі Эгіпецкай, якія будуць гаварыць моваю ханаанскаю і прысягаць на ГОСПАДА Магуцьцяў. Адзін з іх будзе звацца Ір-Гахерэс.

19 У той дзень будзе ахвярнік для ГОСПАДА пасярод зямлі Эгіпецкай, а слуп для [ўшанаваньня] ГОСПАДА — на мяжы ейнай.

20 І будзе ён на знак і на сьведчаньне для ГОСПАДА Магуцьцяў у зямлі Эгіпецкай. Бо калі яны будуць клікаць да ГОСПАДА перад абліччам прыгнятальнікаў, Ён пашле ім збаўцу, і абароніць, і выратуе.

21 І ГОСПАД дасьць ведаць Сябе Эгіпту, і Эгіпет пазнае ГОСПАДА ў той дзень, і будуць служыць [Яму] ахвярамі крывавымі і ахвярамі хлебнымі, і будуць складаць абяцаньні ГОСПАДУ, і спаўняць іх.

22 І ўдарыць ГОСПАД Эгіпет плягаю, і аздаровіць; і яны навернуцца да ГОСПАДА, і Ён выслухае іх, і вылекуе іх.

23 У той дзень будзе бітая дарога з Эгіпту ў Асірыю. І прыйдзе Асірыя ў Эгіпет, а Эгіпет — у Асірыю, і будуць служыць [Госпаду] Эгіпет і Асірыя.

24 У той дзень Ізраіль будзе трэцім з Эгіптам і Асірыяй, дабраславеньнем пасярод зямлі,

25 бо ГОСПАД Магуцьцяў дабраславіць іх, кажучы: «Няхай будзе дабраслаўлёны народ Мой, Эгіпет, і твор рук Маіх, Асірыя, і спадчына Мая, Ізраіль».

 

Разьдзел 20

1 У год, калі Тартан прыйшоў да Ашдоду, калі паслаў яго Саргон, валадар Асірыі, і ён ваяваў супраць Ашдоду, і здабыў яго,

2 у гэты час прамовіў ГОСПАД праз рукі Ісаі, сына Амоса, кажучы: «Ідзі і разьвяжы зрэбніцу на сьцёгнах тваіх, і здымі сандалы твае з ног тваіх!» І ён зрабіў так, ходзячы голы і босы.

3 І сказаў ГОСПАД: «Як слуга Мой Ісая хадзіў голы і босы тры гады — [гэта] знак і цуд адносна Эгіпту і [зямлі] Куш,

4 [што] так валадар Асірыі павядзе палонных Эгіпту і выгнанцаў Кушу, маладых і старых, голых і босых, і з адкрытымі азадкамі. Голы [будзе] Эгіпет!

5 І спалохаюцца, і зьбянтэжацца з прычыны [зямлі] Куш, на­дзеі іхняй, і з прычыны Эгіпту, пахвальбы іхняй.

6 І скажа ў той дзень жыхар узьбярэжжа: “Вось такая надзея нашая, да якой мы зьвярталіся па дапамогу, каб выратавала нас ад аблічча валадара Асірыі! І як [цяпер] уратуемся мы самі?”»

 

Разьдзел 21

1 Цяжар адносна пустыні прыморскай. Як буры налятаюць на Нэгеў, так [вораг] прыходзіць з пустыні, з зямлі страшнай.

2 Відзеж грозны зьяўлены мне. Ліхадзей ліхадзейнічае, спусташальнік пустошыць. Элям, выходзь! Мадай, бяры ў аблогу! Усім стагнаньням Я пакладу канец.

3 Дзеля гэтага дрыжаньнем напоўніліся сьцёгны мае, ахапілі мяне болі, як болі той, што нараджае. Я агаломшаны ад таго, што чую, і ў трымценьні ад таго, што бачу.

4 Трымціць сэрца маё, трывога ахапіла мяне, прыцемкі, жаданыя мною, сталіся жудасьцю для мяне.

5 Накрываюць стол, засьцілаюць абрусам, ядуць, п’юць. «Падыміцеся, князі! Памажце шчыт!»

6 Бо гэтак сказаў мне Госпад: «Ідзі, пастаў вартаўніка, каб паведаміў, што ўбачыць.

7 Калі ўбачыць ён калясьніцы, вершнікаў па два, аслоў з вазамі, вярблюдаў з вазамі, няхай сочыць з увагай, з вялікай увагай!»

8 І ён закрычаў, [як] леў: «На вежы, Госпадзе мой, я стаю заўжды ўдзень, на варце маёй я стаю кожную ноч.

9 І вось, едуць калясьніцы, вершнікі на конях па два. І адказаў [адзін], і сказаў: “Упаў, упаў Бабілон, і ўсе выявы багоў ягоных [ляжаць] на зямлі пабітыя”».

10 [Народзе] мой, вымалачаны, сын току майго! Тое, што я пачуў ад ГОСПАДА Магуцьцяў, Бога Ізраіля, я паведаміў вам!

11 Цяжар адносна Думы. Да мяне крычаць з Сэіру: «Вартаўнік, якая [гадзіна] ночы? Вартаўнік, якая [гадзіна] ночы?»

12 Сказаў вартаўнік: «Прыходзіць раніца, але яшчэ ноч. Калі вы хочаце спытацца, пытайцеся, вяртайцеся, прыходзьце!»

13 Цяжар адносна Арабіі. У лесе ў Арабіі начуйце, караваны Дэданцаў.

14 Насустрач спрагнёным выносьце ваду, жыхары зямлі Тэман, з хлебам сустракайце ўцекачоў!

15 Бо яны ад аблічча мячоў уцяклі, ад аблічча мяча аголенага, ад аблічча лука напятага, ад аблічча цяжкай вайны.

16 Бо так сказаў мне Госпад: «Яшчэ год, як год найміта, і скончыцца ўся слава Кедару.

17 А рэшта ліку лучнікаў, волатаў сыноў Кедару, будзе малая, бо ГОСПАД, Бог Ізраіля, прамовіў!»

 

Разьдзел 22

1 Цяжар адносна даліны Відзежу. Што з табой, што ты ўвесь выйшаў на дахі?

2 Поўны галасу горад шумлівы, горад вясёлы. Забітыя твае ня ўпалі ад мяча і не пагінулі на вайне.

3 Правадыры твае ўсе разам уцяклі, зьвязаныя без [ужытку] лукаў, усе, знойдзеныя ў цябе, разам зьвязаныя, хоць далёка яны паўцякалі.

4 Дзеля таго я сказаў: «Адвярніцеся ад мяне, я буду горка плакаць. Не спрабуйце суцешыць мяне, бо зьнішчаная дачка народу майго».

5 Бо гэта дзень замяшаньня, стаптаньня і бязладзьдзя, [дзень] Госпада, ГОСПАДА Магуцьцяў у даліне Відзежу, [дзень] руйнаваньня муроў і крыку на гарах.

6 Элям узяў сагайдак, на калясьніцах людзі і на конях, Кір выцягнуў шчыт.

7 І сталася, што найпрыгажэйшыя палі твае напоўніліся калясьніцамі, і вершнікі, стаючы, сталі насупраць брамы.

8 І ўзьнялі заслону з Юды; і ты паглядзеў у той дзень на зброю ў доме кедровым.

9 І вы ўбачылі шчыліны гораду Давіда, як іх шмат, і сабралі ваду ў ніжняй сажалцы;

10 і пералічылі дамы ў Ерусаліме, і разбурылі будынкі, каб умацаваць мур,

11 і зрабілі зборнік вады між двума мурамі для вады са старой сажалкі; і не глядзелі на Таго, Хто зрабіў усё гэта, і Таго, Хто гэтае здаўна ўкшталтаваў, ня бачылі.

12 І Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, паклікаў вас у той дзень плакаць і галасіць, і абстрыгчы [валасы], і апрануцца ў зрэбніцу.

13 А вось, [у вас] вясёласьць і радасьць, забіваюць валоў і рэжуць бараноў, ядуць мяса і п’юць віно: «Будзем есьці і піць, бо заўтра памром».

14 І адкрыў у вушы мае ГОСПАД Магуцьцяў: «Ня будзе адпушчана вам беззаконьне гэтае аж пакуль не памраце, кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў».

15 Так сказаў Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў: «Ідзі, увайдзі да гэтага ўрадоўца, да Шэўны, які над домам [валадара], [і скажы]:

16 “Што ты [маеш] тут, або хто ў цябе тут, што ты высек тут сабе магілу? Ты зрабіў высока магілу сабе і ў скале высьвідраваў пакой для сябе.

17 Вось, ГОСПАД кіне цябе, кідаючы моцна, і хапаючы, схопіць цябе,

18 і, скручваючы, скруціць цябе ў клубок, [кіне] цябе рукою, як кулю, у зямлю прасторную. Там ты памрэш, і там [будуць] калясьніцы славы тваёй, ты — ганьба для дому гаспадара твайго.

19 І Я выганю цябе з месца твайго, і скіну цябе з пасады тваёй.

20 І станецца ў той дзень, Я паклічу слугу Майго Эліякіма, сына Хількіі,

21 і апрану яго ў адзеньне тваё, і падперажу яго поясам тваім, і ўладу тваю перадам у рукі ягоныя, і будзе ён бацькам для жыхароў Ерусаліму і для дому Юды.

22 І Я палажу ключ дому Давіда на рамёны ягоныя, і калі ён адчыніць, ніхто не замкне, а калі замкне, ніхто не адчыніць.

23 І Я ўваб’ю яго, як калок, у месцы вызначаным; і будзе ён пасадам славы для дому бацькі свайго.

24 І будзе вісець на ім уся слава дому бацькі ягонага, парасткі і атожылкі, усё начыньне дробнае ад талерак да ўсялякіх збаноў.

25 У той дзень, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, калок, убіты ў месцы вызначаным, пахісьнецца, і зломіцца, і ўпадзе, і ўвесь цяжар, які на ім вісеў, прападзе, бо ГОСПАД прамовіў [гэта]”».

 

Разьдзел 23

1 Цяжар адносна Тыру. Лямантуйце, караблі Таршышу, бо зьнішчаны дом ваш. Калі яны вярталіся з зямлі Кіттым, аб’яўлена ім [гэта].

2 Замаўчыце, жыхары ўзьбярэжжа, купцы Сідонскія, якія падарожнічалі па моры і напоўнілі цябе,

3 і па водах [прывозілі] насеньне Шыхору, жніво ракі [Ніл], прыбытак ягоны, які быў таварам для народаў.

4 Засаромся, Сідон, бо сказала мора, цьвярдыня марская, кажучы: «Я ня мучылася родамі і не нарадзіла, і не ўзгадавала юнакоў, і ня выхавала дзяўчат».

5 Калі вестка гэтая [дойдзе] да Эгіпту, яны здрыгануцца, пачуўшы пра Тыр.

6 Перапраўцеся ў Таршыш! Галасіце, жыхары ўзьбярэжжа.

7 Ці гэта ваш [горад] вясёлы, якога пачатак здаўна? Ногі нясуць яго далёка, каб пасяліцца [там].

8 Хто пастанавіў гэта адносна Тыру, які раздаваў кароны? Купцы ягоныя былі князямі, а гандляры ягоныя [былі] ў славе на зямлі.

9 ГОСПАД Магуцьцяў пастанавіў гэта, каб упакорыць пыху ўсякай славы і каб панізіць усіх слаўных на зямлі.

10 Ідзі ў зямлю тваю, як рака, дачка Таршышу, бо перашкоды ўжо няма.

11 Ён выцягнуў руку Сваю над морам, затрос валадарствамі. ГОСПАД загадаў адносна Ханаану, каб зьнішчыць цьвярдыню ягоную,

12 і сказаў: «Ня будзеш ты больш весяліцца, спаганеная дзяўчына, дачка Сідону! Устань, перайдзі ў Кіттым, але і там ня будзеш мець супакою».

13 Вось, зямля Халдэйцаў, такога народу [ўжо] няма, Асірыя прызначыла яе для зьвяроў пустыні. Яны збудавалі вежы свае; зруйнавалі палацы іхнія, ператварылі іх у руіну.

14 Лямантуйце, валадары Таршышу, бо спустошана цьвярдыня вашая.

15 І станецца ў той дзень, што на Тыр забудуцца на семдзясят гадоў, як дні аднаго валадара. Калі скончацца семдзясят гадоў, станецца Тыру, як у тым сьпеве пра распусьніцу:

16 «Вазьмі гусьлі, абыйдзі горад, блудніца забытая! Зайграй прыемна, памнож сьпевы, каб ізноў прыгадалі цябе!»

17 І станецца, калі скончацца семдзясят гадоў, ГОСПАД наведае Тыр, і ён вернецца да прыбытку свайго, і будзе распусьнічаць з усімі валадарствамі сьвету на абліччы зямлі.

18 І станецца, што заробак ягоны і прыбытак ягоны будуць пасьвячоныя ГОСПАДУ, і ня будуць яны зьбіраныя, і ня будуць хаваныя, бо для тых, якія жывуць перад абліччам ГОСПАДА, будзе заробак ягоны, каб яны маглі есьці ўдосталь і апранацца раскошна.

 

Разьдзел 24

1 Вось, ГОСПАД пустошыць зямлю і нішчыць яе, і руйнуе аблічча ейнае, і жыхароў ейных расьцярушвае.

2 І што будзе з народам, тое і са сьвятаром; што са слугою, тое і з гаспадаром ягоным; што са служкай, тое і з гаспадыняй ейнай; што з тым, хто купляе, тое і з тым, хто продае; што з тым, хто пазычае, тое і з тым, хто дае; што з вінаватым [грошы], тое і з павернікам, [які даў грошы] яму.

3 Спусташэньнем будзе спустошана зямля і рабаваньнем разрабаваная, бо ГОСПАД прамовіў гэткае слова.

4 Высахла, зьвяла зямля, змарнеў і зьвяў сусьвет, змарнелі магнаты народу зямлі.

5 І зямля апаганеная жыхарамі ейнымі, бо яны парушылі Закон, не спаўнялі пастановаў, зламалі запавет вечны.

6 Дзеля гэтага праклён зьядае зямлю, і пакутуюць жыхары ейныя. Дзеля гэтага чэз­нуць жыхары зямлі, і засталося няшмат людзей.

7 Сумуе маладое віно, вяне вінаграднік, уздыхаюць усе, якія радаваліся ў сэрцы [сваім].

8 Заціхла вясёласьць бубнаў, змоўк гоман тых, якія весяляцца; заціхла вясёласьць гусьляў.

9 Ня п’юць са сьпевамі віна, згоркла сікера для тых, якія п’юць [яе].

10 Зруйнаваны, спустошаны горад, зачынены ўсе дамы, нельга ўвайсьці [ў іх].

11 Крык на вуліцах дзеля [нястачы] віна, зьнікла ўсякая радасьць, пайшла ў палон вясёласьць зямлі.

12 Засталася ў горадзе [толькі] пустэча, брама разьбітая ўшчэнт.

13 Бо станецца пасярод зямлі, паміж народаў так, як пры абтрасаньні алівак, як пры зьбі­раньні [рэштак], калі скончыўся збор вінаграду.

14 Яны падымуць голас свой, будуць выслаўляць веліч ГОСПАДА, будуць голасна клікаць ад мора.

15 Дзеля гэтага слаўце ГОСПАДА на ўсходзе, і на астравах марскіх — імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля.

16 З канцоў зямлі мы чуем сьпяваньне: «Слава Праведнаму!» Але я сказаў: «Я гіну, я гіну, гора мне! Ліхадзеі ліхадзейнічаюць, і, ліхадзейнічаючы, ліхадзеі ліхадзейнічаюць».

17 Страх, яма і пастка на цябе, жыхару зямлі!

18 І станецца, што той, хто ўцячэ ад крыку жаху, уваліцца ў яму, а той, хто вылезе з ямы, трапіць у пастку, бо адчыніліся вокны нябесныя і затрэсьліся падваліны зямлі.

19 Развальваючыся, развальваецца зямля, трушчачыся, трушчыцца зямля, дрыжучы, дрыжыць зямля.

20 Хістаючыся, хістаецца зямля, як п’яны, і гойдаецца, як калыска, цяжарам для яе стаўся грэх ейны; яна ўпадзе і ня ўстане.

21 І станецца ў той дзень, ГОСПАД наведае войска нябеснае на вышынях і валадароў зямных на зямлі;

22 і будуць яны зграмаджэньнем зграмаджаныя і ўвязьненыя ў яме, і будуць кінутыя ў вязьніцу, і праз шмат дзён будуць пакараныя.

23 І месяц пачырванее, і сонца засароміцца, бо заваладарыць ГОСПАД Магуцьцяў на гары Сыён і ў Ерусаліме, і перад старшынямі ягонымі [будзе] слава Ягоная.

 

Разьдзел 25

1 ГОСПАДЗЕ, Ты — Бог мой! Я буду ўзьвялічваць Цябе і хваліць імя Тваё, бо Ты ўчыніў цуды, выканаў намеры даўнейшыя, праўдзівыя.

2 Ты ператварыў горад у купу [друзу], горад умацаваны — у руіны; палацу чужынцаў няма больш у горадзе, і ня будзе ён адбудаваны на вякі.

3 Дзеля гэтага будзе славіць Цябе народ моцны, горад народаў гвалтоўных будзе баяцца Цябе.

4 Бо Ты стаўся цьвярдыняй для беднага, цьвярдыняй для ўбогага ў бядзе ягонай, прыстанішчам ад буры, ценем ад сьпёкі, бо подых моцных — як бура супраць сьцяны.

5 Як сьпёку ў пустыні, гэтак чужынцаў Ты супакоіў; як сьпёку [спыняе] цень хмары, Ты спыніў песьню моцных.

6 І зробіць ГОСПАД Магуцьцяў на гары гэтай для ўсіх народаў гасьціну [са страваў] тлустых, гасьціну з вінаў адборных, з тлустым шпікам і адборнымі вінамі найвыдатнейшымі.

7 І Ён зьнішчыць на гары гэтай заслону, якая закрывае ўсе плямёны, і пакрыцьцё, якое ляжыць на ўсіх народах.

8 Будзе зьнішчана сьмерць назаўсёды, і вытра Госпад ГОСПАД сьлязу з кожнага аблічча, і ганьбу народу Свайго здыме Ён з усёй зямлі, бо ГОСПАД прамовіў [гэта].

9 І скажуць у той дзень: «Вось, Бог наш, Той, на Якога мы спадзяваліся, і Ён збавіў нас! Гэта ГОСПАД, на Якога мы спадзяваліся, будзем цешыцца і радавацца ў збаўленьні Ягоным!»

10 Бо супачыне рука ГОСПАДА на гары гэтай, а Мааў будзе стаптаны на месцы сваім, як топчуць салому ў гной.

11 І выцягне ён пасярод [сябе] рукі свае, як выцягвае іх той, хто плыве, каб плысьці; і [Госпад] упакорыць пыху ягоную разам з намаганьнямі рук ягоных.

12 І магутныя ўмацаваньні муроў тваіх Ён разваліць, пераверне і скіне на зямлю, аж у пыл.

 

Разьдзел 26

1 У той дзень у зямлі Юды будуць сьпяваць гэты сьпеў: «Горад магутны ў нас! Збаўленьне Сваё Ён даў замест муроў і валоў.

2 Адчыніце брамы! Няхай увойдзе народ праведны, які захоўвае вернасьць.

3 Таго, чые думкі скіраваныя [на Цябе], Ты захоўваеш у поўным супакоі, бо ён на Цябе спадзяецца.

4 Спадзявайцеся на ГОСПАДА заўсёды; бо ГОСПАД, ГОСПАД — скала вечная.

5 Бо Ён упакорыў тых, якія жывуць на вышынях, панізіў горад высокі, панізіў яго аж да зямлі, кінуў яго ў парахно.

6 Топча яго нага, [топчуць] ногі ўбогага, стопы бедных.

7 Сьцежка для праведніка простая, простыя крокі праведніка Ты робіш роўнымі.

8 І на сьцежцы судоў Тваіх, ГОСПАДЗЕ, мы маем надзею на Цябе. Да імя Твайго і памяці пра Цябе імкнецца душа.

9 Душа мая прагне Цябе ўначы, і дух мой у нутры маім шукае Цябе, бо калі суды Твае [адбываюцца] на зямлі, навучаюцца праведнасьці жыхары сусьвету.

10 Калі зьлітуюцца над бязбожнікам, ён не навучыцца праведнасьці, і будзе ліхадзеіць у зямлі справядлівых і ня будзе глядзець на веліч ГОСПАДА.

11 ГОСПАДЗЕ, узнесеная рука Твая, але яны ня бачаць. Няхай убачаць і асаромяцца тыя, што зайздросьцяць народу Твайму, і няхай агонь праглыне ворагаў Тваіх.

12 ГОСПАДЗЕ, Ты даеш супакой нам, бо ўсе справы нашыя Ты выканаў для нас.

13 ГОСПАДЗЕ, Божа наш, іншыя гаспадары, а ня Ты, панавалі над намі, але мы толькі Цябе і імя Тваё ўзгадваем.

14 Памёршыя не ажывуць, мёртвыя не падымуцца, бо Ты пакараў іх і зьнішчыў, і сьцёр усякую памяць пра іх.

15 Ты памножыў народ, ГОСПАДЗЕ, памножыў народ і праславіў Сябе, пашырыў усе межы зямлі.

16 ГОСПАДЗЕ, у прыгнёце мы шукалі Цябе, маліліся ціха, калі кара Твая [была] на нас.

17 Калі цяжарная мае нарадзіць, яна крычыць і енчыць у болю сваім, так і мы сталіся перад абліччам Тваім, ГОСПАДЗЕ!

18 Мы былі цяжарнымі і качаліся ад болю, але нарадзілі вецер, [нічога] не зрабілі для збаўленьня зямлі, і жыхары сусьвету не адрадзіліся.

19 Ажывуць памёршыя Твае, і пазабіваныя ўваскрэснуць. Абудзіцеся і сьпявайце, вы, што ляжыце ў парахне, бо раса Твая — раса сьвятла, і зямля аддасьць памёршых сваіх.

20 Ідзі, народзе мой, увайдзі ў пакоі свае, зачыні дзьверы свае за сабою! Схавайся на малую хвілінку, пакуль праміне гнеў Ягоны.

21 Бо вось, ГОСПАД выходзіць з месца Свайго, каб наведаць беззаконьне жыхароў зямлі, [кожнага] з іх. І зямля адкрые кроў, [пралітую] на ёй, і не схавае больш забітых сваіх.

 

Разьдзел 27

1 У той дзень ГОСПАД наведае мячом Сваім, цяжкім і моцным левіятана, зьмея спрытнага, левіятана, зьмея выкрутлівага, і заб’е цмока, які ў моры.

2 У той дзень [скажуць]: «Вінаграднік умілаваны, сьпявайце пра яго.

3 Я, ГОСПАД, пільную яго, паліваю яго штохвіліны, каб [ніхто] не наведаў яго, ноччу і днём ахоўваю яго.

4 Я гневу ня маю. Калі хто Мне дасьць церне ці асот, Я выйду на вайну з ім і спалю іх [усіх] разам.

5 Хіба што ён абапрэцца на Мяне, каб заключыць мір са Мною. Няхай мір заключыць са Мною!»

6 Прыйдзе дзень, што закарэніцца Якуб, закрасуе і разрасьцецца Ізраіль, і напоўніць аблічча зямлі пладамі.

7 Ці ж Ён ударыў яго так, як ударыў тых, якія ўдаралі яго? Або ці забіваў яго так, як забіў тых, якія забівалі яго?

8 Ты, выганяючы, выгнаў яго і судзішся з ім. Моцным подыхам Тваім Ты выкінуў яго, як у дзень усходняга ветру.

9 Праз гэта будзе адпушчана беззаконьне Якуба, і плодам гэтага будзе прыбраны грэх ягоны, калі ён возьме ўсе камяні ахвярніка [ідальскага] і раструшчыць, як камяні вапнавыя, і ня будуць [больш] стаяць астарты і выявы сонца.

10 Бо горад умацаваны [станецца] пустэчаю, паселішчам бязьлюдным і пакінутым, як пустыня. Там будуць пасьвіцца цяляты, і там будуць ляжаць і аб’ядаць галіны ягоныя.

11 Калі гальлё ягонае высахне, будзе адламанае, і прыйдуць жанчыны, і спаляць яго. Гэты народ неразумны, дзеля гэтага не пашкадуе яго Той, Які зрабіў яго, і ня зьлітуецца над ім Той, Які ўкшталтаваў яго.

12 І станецца ў той дзень, што ГОСПАД вымалаціць каласы ад ракі [Эўфрат] аж да ручая Эгіпецкага, і вы, сыны Ізраіля, усе, што да аднаго, будзеце сабраныя.

13 І станецца ў той дзень, што затрубяць у рог вялікі, і прыйдуць тыя, якія гінулі ў зямлі Асірыйскай, і выгнаныя ў зямлю Эгіпецкую, і будуць пакланяцца ГОСПАДУ на сьвятой гары ў Ерусаліме.

 

Разьдзел 28

1 Гора кароне пыхлівасьці п’яніцаў Эфраіма, зьвялай кветцы слаўнай аздобы ягонай, якая [расьце] на вяршыні даліны ўрадлівай, ап’янеўшы ад віна!

2 Вось, ад ГОСПАДА [прыходзіць] дужы і магутны, як бура з градам, як ураган зьнішчальны, як паводка залеўная, і кіне [яго] на зямлю рукою [сваёй].

3 Нагамі будзе патаптана карона пыхлівасьці п’яніцаў Эфраіма.

4 І станецца, што зьвялая кветка слаўнай аздобы ягонай, якая [расьце] на вяршыні даліны ўрадлівай, будзе як рана [сасьпелая] фіга перад жнівом, якую, калі нехта ўбачыць, зрывае далоняй сваёй і зьядае яе.

5 У той дзень ГОСПАД Магуцьцяў будзе каронай славы і велічнай дыядэмай для рэшты народу Свайго,

6 і духам правасудзьдзя для таго, хто сядзіць у судзе, і мужнасьцю для тых, хто адкідае [ворага] ў бітве пры браме.

7 А гэтыя блукаюць ад віна, і ад сікеры хістаюцца, сьвятар і прарок блукаюць ад сікеры, напіліся віна, хістаюцца ад сікеры, блукаюць у відзежы, спатыкаюцца ў пастановах [сваіх].

8 Бо ўсе сталы поўныя ванітаў і запэцканыя, што няма месца [чыстага].

9 Каго такі будзе вучыць веданьню? І каму будзе тлумачыць вучэньне? Дзецям, аднятым ад малака? Немаўлятам, аднятым ад грудзей?

10 Бо прыказаньне за прыказаньнем, прыказаньне за прыказаньнем, правіла за правілам, там крыху і там крыху.

11 Бо незразумелымі вуснамі і языком чужым будзе прамаўляць да народу гэтага

12 Той, Які сказаў ім: «Вось супачынак! Дайце супачыць змучанаму! Вось адпачынак!» Але яны не хацелі слухаць.

13 І было да іх слова ГОСПАДА: «Прыказаньне за прыказаньнем, прыказаньне за прыказаньнем, правіла за правілам, там крыху і там крыху», каб яны пайшлі і ўпалі на сьпіну, і разьбіліся, і каб ублыталіся, і каб былі схопленыя.

14 Дзеля гэтага паслухайце слова ГОСПАДА, людзі блюзьнерчыя, якія пануеце над народам гэтым, які [жыве] ў Ерусаліме.

15 Вы кажаце: «Мы заключылі запавет са сьмерцю і з адхланьню зрабілі дамову. Калі пройдзе біч навалы [ворагаў], ён ня дойдзе да нас, бо хлусьню мы зрабілі прыстанішчам нашым, і ў ашуканстве мы схаваліся».

16 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, Я кладу на Сыёне камень, камень выпрабаваны, вуглавы, каштоўны, моцна ўгрунтаваны. Хто верыць у Яго, ня будзе ўцякаць.

17 І Я пастаўлю суд як мерку і праведнасьць як грунтвагу, і град зьнішчыць прыстанішча хлусьні, і схоў ейны воды затопяць.

18 І будзе разарваны запавет ваш са сьмерцю, і дамова вашая з адхланьню не ўтрымаецца. Калі пройдзе біч навалы [ворагаў], будзеце імі стаптаныя.

19 Колькі разоў пойдзе [навала], схопіць вас, бо будзе яна праходзіць кожную раніцу, і ўдзень, і ўначы, і будзеце з жахам чуць вестку [гэтую].

20 Бо надта кароткім будзе ложак, каб [на ім] выцягнуцца, і вузкім накрыцьцё, каб [ім] накрыцца.

21 Бо паўстане ГОСПАД, як на гары Перацым, як у даліне ў Гібэоне, будзе Ён гневацца, каб учыніць справу Сваю, дзіўную справу Сваю, каб выканаць работу Сваю, незвычайную работу Сваю.

22 І цяпер не насьміхайцеся, каб не заціснуліся кайданы вашыя; бо я чуў ад Госпада, ГОСПАДА Магуцьцяў, што прызначана зьнішчэньне для ўсёй зямлі.

23 Прыхіліце вуха і паслухайце голас Мой, будзьце ўважлівыя і паслухайце словы Мае!

24 Ці кожны дзень араты арэ для сяўбы, барануе і абрабляе ральлю сваю?

25 Ці ж ён, калі выраўняе аблічча ейнае, ня сее чарнуху і не рассыпае кмен? Ці ня сее ён пшаніцу і ячмень на выбраным месцы, і жыта ў межах яе?

26 І навучае яго пра такі парадак Бог ягоны, і вучыць яго.

27 Бо не малоцяць чарнухі зубцамі [жалезнымі], [колам ад возу] не качаюць па кмене, але цэпам выбіваецца чарнуха, а кмен — палкаю.

28 Ці таўкуць збожжа? Не бясконца малоціць яго малацьбіт, ён цягае па ім кола возу свайго, але коні ягоныя не таўкуць яго.

29 Гэта таксама выйшла ад ГОСПАДА Магуцьцяў, Ён даў цудоўную раду, і вялікая мудрасьць Ягоная.

 

Разьдзел 29

1 Гора [табе], Арыэль, Арыэль, горад, у якім разлажыўся табарам Давід! Дадайце год да году, і ўрачыстасьці няхай скончаць свой кругабег.

2 І Я прыцісну Арыэля, і станецца смутак і стогн, і ён станецца для Мяне як вогнішча Божае.

3 І Я разлажу табар супраць цябе, атачу цябе валам, і пастаўлю супраць цябе вежы.

4 І ты будзеш паніжаны, з зямлі будзеш гаварыць, з пылу будуць гучаць словы твае, і будзе голас твой нібы пішчаньне з зямлі, і словы твае з пылу [будуць] як мармытаньне.

5 І будзе як дробны пыл мноства ворагаў тваіх, і мноства крыўдзіцеляў тваіх — як рассыпаная мякіна. І станецца гэта раптоўна, неспадзявана.

6 І наведае цябе ГОСПАД Магуцьцяў грымотамі, землятрусамі, гукам вялікім, бураю, віхураю і полымем агню зьнішчальнага.

7 І будзе як сон, [як] відзеж начны, мноства ўсіх народаў, якія ваююць супраць Арыэля, і ўсе, якія ваююць супраць яго і супраць цьвярдыні ягонай і якія прыгнятаюць яго.

8 І будзе так, як галодны сьніць, што ён есьць, і будзіцца, і пустая душа ягоная, і як сьніць засьмягшы, што п’е, і будзіцца, і вось, ён змучаны і засьмягшая душа ягоная. Так будзе з мноствам усіх народаў, якія ваю­юць супраць гары Сыён.

9 Аслупянейце і зьдзівіцеся, заляпіце сабе [вочы] і будзьце сьляпымі, ап’янейце, але не ад віна, хістайцеся, але не ад сікеры.

10 Бо выліў на вас ГОСПАД духа сну, заплюшчыў вочы вашыя, і прарокаў, і галоваў вашых, і відушчых зацемрыў.

11 І будзе для вас кожны відзеж як словы кнігі запячатанай, якую даюць таму, які ўмее чытаць, кажучы: «Чытай яе», а той кажа: «Не магу, бо яна запячатаная».

12 І даюць кнігу гэтую таму, які ня ўмее чытаць, кажучы: «Чытай яе!», а ён кажа: «Я ня ўмею чытаць».

13 І сказаў Госпад: «За тое, што народ гэты набліжаецца да Мяне [толькі] вуснамі сваімі і славіць Мяне губамі сваімі, а сэрца ягонае далёка ад Мяне, і страх іхні перада Мною — [толькі] прыказаньне чалавечае, якое вывучылі яны,

14 таму вось, Я зноў учыню дзіўнае з народам гэтым, робячы цуды і дзівосы. І загіне мудрасьць мудрацоў іхніх, і разумнасьць разумных іхніх зьнікне».

15 Гора тым, якія глыбока хаваюць намеры свае перад ГОСПАДАМ, і ўчынкі іхнія схаваныя ў цемры, і яны кажуць: «Хто бачыць нас і хто ведае пра нас?»

16 [Гэта] падступнасьць вашая! Ці можа ганчар [лічыцца] роўным з глінаю? Ці можа твор сказаць таму, хто зрабіў яго: «Ты не зрабіў мяне»? Ці можа гаршчок сказаць ганчару свайму: «Ты нічога не разумееш»?

17 Хіба ня ў хуткім часе Лібан пераменіцца ў сад, а сад будзе прызнаны за лес?

18 І ў той дзень глухія пачуюць словы кнігі, а вочы сьляпых, [звольненыя] ад туману і цемры, убачаць,

19 і пакорныя павялічаць радасьць сваю ў ГОСПАДЗЕ, а ўбогія зямлі будуць цешыцца ў Сьвятым Ізраіля.

20 Бо зьнік крыўдзіцель, і прыйшоў канец насьмешніку, і зьнішчаныя ўсе, якія ганяліся за ліхоцьцем,

21 якія словамі схілялі чалавека да грэху, якія ў браме ставілі пастку для судзьдзяў і зводзілі падманам праведнага.

22 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД, Які адкупіў Абрагама, да дому Якуба: «Ня будзе цяпер асаромлены Якуб, і не зьбя­лее цяпер аблічча ягонае,

23 бо калі ён убачыць пасярод сябе дзяцей сваіх, справу рук Маіх, ён будзе сьвя­ціць імя Маё, і будуць шанаваць Сьвятога Якуба, і будуць баяцца Бога Ізраіля.

24 І тыя, якія блукаюць духам, пазнаюць разуменьне, а тыя, якія наракаюць, навучацца розуму».

 

Разьдзел 30

1 Гора сынам непаслухмяным, кажа ГОСПАД. Вы ўчыняеце раду, але без Мяне, і заключаеце дамовы, але не паводле Духу Майго, каб дадаць грэх да грэху!

2 Ідучы, вы зыходзіце ў Эгіпет, і не пытаецеся вуснаў Маіх, каб умацавацца ў цьвярдыні фараона і схавацца ў ценю Эгіпту.

3 І станецца для вас сорамам цьвярдыня фараона, а хаваньне ў ценю Эгіпту — ганьбаю,

4 бо князі твае былі ў Цаане, і паслы твае дайшлі аж да Ханэсу,

5 і ўсе яны будуць асаромленыя, бо [гэты] народ ня будзе ім карысны, і не дапаможа ім, і ня дасьць прыбытку, але будзе ім на сорам і на ганьбу.

6 Цяжар адносна бегемоту паўднёвага. Праз зямлю гора і прыгнёту, адкуль ільвіца і леў, гадзюка і крылатая гадзіна, нясуць на сьпінах аслоў багацьці свае і на гарбах вярблюдаў — скарбы свае да народу, які ім ня будзе карысным.

7 Эгіпет надарма і марна [абяцае] дапамогу. Дзеля гэтага Я назваў яго “Рагаў, які ні на што няздатны”.

8 Цяпер ідзі, напішы на табліцы для іх і запішы гэта ў кнізе, каб было гэта на дзень наступны, як сьведчаньне на вякі.

9 Бо народ гэты бунтаўнічы, сыны хлусьлівыя, сыны, якія ня хочуць слухаць Закон ГОСПАДА,

10 якія кажуць відушчым: «Ня мейце відзежаў!», а прадказальнікам: «Не прадказвайце нам гэтых рэчаў справядлівых, але кажыце нам тое, што нам падабаецца, прадказвайце нам прыемнае.

11 Саступіце з дарогі, зыйдзіце са сьцежкі, прыбярыце ад аблічча нашага Сьвятога Ізраіля».

12 Дзеля гэтага так кажа Сьвяты Ізраіля: «Дзеля таго, што вы пагардзілі словам гэтым, а спадзяецеся на крыўду і здраду, і на іх вы абапіраецеся,

13 беззаконьне гэтае станецца вам як вылом [у муры], які мае ўпасьці, як схіленьне муру высокага, калі раптоўна ў момант прыходзіць падзеньне яго».

14 І Ён зруйнуе яго, як разьбіваецца гляк, зьлеплены [з гліны], разьбіваючы без шкадаваньня, і ня знойдзецца ад яго чарапку, у які можна было б узяць вугалёк з вогнішча або зачэрпнуць вады са студні.

15 Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД, Сьвяты Ізраіля: «Калі вы навернецеся і будзеце ў супакоі, будзеце збаўленыя, бо ў сьцішанасьці і спадзяваньні будзе сіла вашая». Але вы не захацелі.

16 І вы сказалі: «Не, бо мы на конях уцячэм». Таму будзеце ўцякаць. «На хуткіх [калясьніцах] паімчым». Таму будуць хуткімі тыя, якія пагоняцца за вамі.

17 Тысяча [спалохаецца] пагрозы аднаго, ад пагрозы пяцёх будзеце ўцякаць, аж застанецца [рэшта] ад вас як тронак на вяршыні гары і як знак на ўзгорку.

18 Дзеля гэтага чакае ГОСПАД, каб зьлітавацца над вамі, і дзеля гэтага Ён узьнімецца, каб зьлітавацца над вамі, бо ГОСПАД — Бог правасудзьдзя. Шчасьлівыя ўсе, якія на Яго спадзяюцца.

19 Бо ты, народ на Сыёне, які жывеш у Ерусаліме, ня будзеш плакаць, бо Ён зьлітуецца над табою на голас крыку твайго; як толькі пачуе, адкажа табе.

20 І дасьць табе Госпад хлеб у прыгнёце і ваду ў бядзе, і больш не адвернецца ад цябе настаўнік твой, і вочы твае будуць бачыць настаўніка твайго.

21 І вушы твае будуць чуць за сабой слова, якое кажа: «Вось шлях, ідзіце па ім», калі ты збочыш направа ці налева.

22 І ты будзеш лічыць нячыстым срэбнае пакрыцьцё балванаў тваіх і залатое адзеньне ідалаў тваіх. Выкінеш іх як брудную анучу, і скажаш: «Прэч».

23 І Ён дасьць дождж на насеньне тваё, якое ты пасеяў на палетку тваім, і хлеб ураджаю зямлі будзе сытны і пажыўны. У той дзень чарада твая будзе пасьвіцца на пашах шырокіх.

24 Валы твае і аслы, якія абрабляюць зямлю, будуць карміцца мяшанкай сакавітай, якую правеялі лапатай і веялкай.

25 І на кожнай гары высокай, і на кожным узгорку ўзвышаным будуць ручаі і струмяні вады ў дзень вялікага бою, калі ўпадуць вежы.

26 І будзе сьвятло месяца як сьвятло сонца, а сьвятло сонца будзе сямікроць [ясьнейшае], чым сьвятло сямі дзён, у дзень, калі ГОСПАД перавяжа раны народу Свайго і загоіць сінякі ад удараў Сваіх.

27 Вось, імя ГОСПАДА прыходзіць здалёк, палае гнеў Ягоны і ўзьнімаецца цяжка, вусны Ягоныя поўныя абурэньня, а язык Ягоны — як агонь, які [ўсё] зьядае.

28 Подых Ягоны як паводка, вір якой дасягае шыі, каб прасеяць народы сітам загубы і ўкласьці цуглі ў пашчу народаў.

29 Сьпеў будзе ў вас як у ноч сьвяткаваньня ўрачыстасьці, і радасьць сэрца — як у таго, хто сьпяшаецца пры гуках жалейкі на гару ГОСПАДА да Скалы Ізраіля.

30 І ГОСПАД дасьць пачуць голас Свой магутны, і моц рамяна Свайго пакажа ў выбуху гневу і ў полымі агню, які [ўсё] зьядае, у буры і навальніцы, і ў градзе камянёў.

31 Бо ад голасу ГОСПАДА спалохаецца Асірыя і будзе дубцом пабітая.

32 І кожны ўдар кія будзе для яе карай, якую ГОСПАД спашле на яе пры граньні бубнаў і гусьляў; і Ён будзе змагацца з ёю ў баях зацятых.

33 Бо здаўна ўжо прыгатаваны Тафэт, таксама прызначаны для валадара, глыбокі і шырокі, вогнішча агню, і дрэва шмат; і подых ГОСПАДА, як струмень серкі, распаліць яго.

 

Разьдзел 31

1 Гора тым, якія зыходзяць у Эгіпет па дапамогу. Яны абапіраюцца на коней, спадзяюцца на калясьніцы, бо іх шмат, і на коньнікаў, бо яны вельмі моцныя, але не глядзяць на Сьвятога Ізраіля і ГОСПАДА не шукаюць.

2 Але Ён у мудрасьці Сваёй прыводзіць ліха і слова Свайго не адменіць. І Ён паўстане супраць дому бязбожнікаў і супраць дапамогі тых, якія робяць беззаконьне.

3 Бо Эгіпет — чалавек, а ня Бог; і коні іхнія — гэта цела, а ня дух! І ГОСПАД узьніме руку Сваю, і спатыкнецца той, які дапамагае, і ўпадзе той, якому дапамагаюць, і ўсе яны разам загінуць.

4 Бо гэта сказаў ГОСПАД да мяне: «Як леў і львянятка вуркоча над здабычай сваёй, калі супраць яго зьбіраецца грамада пастухоў, і ён не палохаецца голасу іхняга, не пужаецца гармідару іхняга, так ГОСПАД Магуцьцяў зыйдзе, каб вая­ваць на гары Сыён і на ўзгорку ейным.

5 Як птушкі, якія лётаюць [над гняздом], так ГОСПАД Магуцьцяў заслоніць Ерусалім, засланяючы яго, і вызваліць, і пашкадуе, і выратуе».

6 Вярніцеся да Таго, ад Каго вы далёка адыйшліся, сыны Ізраіля!

7 Бо ў той дзень кожны адкіне ідалаў сваіх срэбных і ідалаў сваіх залатых, якіх зрабілі на грэх рукі вашыя.

8 І ўпадзе Асірыя не ад мяча мужа, і ня меч чалавечы заб’е яе. І ўцячэ яна перад абліччам мяча, і юнакі ейныя стануцца нявольнікамі.

9 І скала ейная ад страху ўпадзе, і князі ейныя спалохаюцца знаку [пераможцы], кажа ГОСПАД, Які [мае] агонь на Сыёне, а печ — у Ерусаліме.

 

Разьдзел 32

1 Вось, валадар будзе панаваць у праведнасьці, і князі кіраваць будуць у правасудзьдзі.

2 І будзе кожны з іх як сховішча ад ветру і як заслона ад буры, як струмяні вады ў пустыні, як цень цяжкай скалы на зямлі спрагнёнай.

3 І ня будуць заплюшчаныя вочы тых, якія бачаць, а вушы тых, якія слухаюць, будуць чуць.

4 І сэрца лёгкадумных зразумее веданьне, а язык невымоўных будзе гаварыць выразна.

5 Дурань ня будзе ўжо называны шляхетным, і пра ашуканца ня будуць казаць як пра дастойнага.

6 Бо дурань прамаўляе недарэчнасьці, а сэрца ягонае ўчыняе беззаконьне, каб рабіць нягоднае і гаварыць блюзьнерства супраць ГОСПАДА, каб душу галоднага пазбавіць [хлеба] і ня даць пітва спрагнёнаму.

7 Ашуканствы ашуканца ліхія, ён задумляе падступнае, каб загубіць бедных словамі хлусьлівымі, калі ўбогі будзе прамаўляць пра суд.

8 А шляхетны [чалавек] думае шляхетна і сам трымаецца [рэчаў] шляхетных.

9 Жанчыны бестурботныя, устаньце, паслухайце голас Мой. Дочкі самаўпэўненыя, прыхіліце вуха да слова Майго.

10 Праз год і некалькі дзён вы будзеце дрыжаць, самаўпэўненыя, бо скончыўся збор вінаграду, і [другі] збор пладоў ня прыйдзе.

11 Турбуйцеся, бестурботныя, дрыжыце, самаўпэўненыя! Распраніцеся і станьце голымі, падперажыце сьцёгны вашыя [лахманамі].

12 Біце сябе ў грудзі з прычыны поля прывабнага, з прычыны вінаградніку ўрадлівага,

13 з прычыны зямлі народу Майго, на якую зыходзяць церні і асот, з прычыны ўсіх дамоў радасьці, з прычыны гораду вясёлага.

14 Бо палац будзе пакінуты, гоман гораду спыніцца; Афэль і вежа стануцца пячорамі на вякі, радасьцю для дзікіх аслоў і выганам для чародаў,

15 аж пакуль будзе выліты на нас Дух з вышыні. І станецца пустыня садам, а сад будзе лічыцца лесам.

16 І будзе жыць у пустыні суд, а праведнасьць паселіцца ў садзе.

17 І будзе працаю праведнасьці мір, а плодам праведнасьці — спакой і бясьпека на вякі.

18 І будзе жыць народ Мой у сядзібе супакою і ў сялібах бясьпечных, і ў месцах супачыну зацішных,

19 хоць будзе падаць град і паваліць лес, а горад зыйдзе ў нізіну.

20 Шчасьлівыя вы, якія сееце пры ўсіх водах, адпускаючы [на волю] ногі валоў і аслоў.

 

Разьдзел 33

1 Гора табе, спусташальнік, хоць ты ня быў спустошаны; і табе, рабаўнік, хоць ты ня быў абрабаваны. Калі скончыш пустошыць, цябе спустошаць, калі скончыш рабаваць, цябе абрабуюць.

2 ГОСПАДЗЕ, зьлітуйся над намі, мы на Цябе спадзяемся. Будзь рамяном нашым шторанку і збаўленьнем нашым у час уціску.

3 На голас пагрозы [Тваёй] уцякаюць плямёны, ад вывышэньня Твайго рассыпаюцца народы.

4 Будуць зьбіраць здабычу, як зьбіраюць вусеняў, кінуцца на яе, як кідаецца саранча.

5 Узвышаны ГОСПАД, бо жыве на вышынях, Ён напоў­ніць Сыён судом і праведнасьцю.

6 І будзе бясьпечны час твой, багацьцем збаўленьня [будзе] мудрасьць і веданьне. Страх ГОСПАДАЎ будзе скарбам ягоным.

7 Вось, ваяры крычаць на вуліцы, паслы міру плачуць горка.

8 Апусьцелі гасьцінцы, няма падарожных на шляхах, [вораг] зламаў запавет, зьняважыў гарады, не зважае на чалавека.

9 Сумуе, марнее зямля, Лібан асаромлены і зьвяў, Шарон стаўся як стэп, Башан і Кармэль павысыхалі.

10 «Цяпер Я паўстану, кажа ГОСПАД, цяпер узьнімуся, цяпер буду ўзьнесены высока.

11 Вы зачнеце сена, народзіце салому; подых ваш як агонь паглыне вас.

12 І стануцца народы як паленая вапна, і як сьцятая цярніна будуць спалены ў агні.

13 Паслухайце тыя, што далёка, што Я зрабіў, і пазнайце тыя, што блізка, моц Маю!»

14 Спалохаліся грэшнікі на Сыёне, ахапіў жах крывадушнікаў: «Хто з нас вытрывае пры агні, які [ўсё] зьядае? Хто з нас вытрывае ў полымі вечным?»

15 Хто ходзіць у праведнасьці і гаворыць праўдзіва, хто брыдзіцца прыбыткам з рабаваньня, хто стрымлівае далоні свае, каб прымаць хабар, хто затыкае вушы свае, каб ня чуць пра [праліцьцё] крыві, і заплюшчвае вочы, каб не глядзець на зло,

16 той будзе жыць на вышынях, і ўмацаваньні на скалах [будуць] сховішчам ягоным, будзе дадзены яму хлеб ягоны і вада ягоная [будзе] ў яго напэўна.

17 Валадара ў прыгажосьці Ягонай убачаць вочы твае, ты будзеш глядзець на зямлю далёкую.

18 Сэрца тваё будзе ўзгадваць пра страх: «Дзе той, які лічыў? Дзе той, які важыў? Дзе той, які аглядаў вежы?»

19 Ты больш ня ўбачыш народу нахабнага, народу з не­вы­разнай гаворкай, якую [цяж­ка] слухаць, з мовай насьмешлі­вай, якую [цяжка] зразумець.

20 Паглядзі на Сыён, горад урачыстасьцяў нашых! Вочы твае будуць бачыць Ерусалім, сялібу бясьпечную, намёт, які не пахісьнецца, калкі якога ня зрушацца і вяроўкі якога не парвуцца.

21 Бо там у нас — велічны ГОСПАД замест рэкаў і каналаў шырокіх. Не плыве на іх човен на вёслах, і вялізны карабель не праплыве.

22 Бо ГОСПАД — Судзьдзя наш, ГОСПАД — Заканадаўца наш, ГОСПАД — Валадар наш; Ён збавіць нас.

23 Расьцягнуліся вяроўкі твае, ня могуць трымаць мачту, не напінаюць ветразя. Тады падзеляць здабычу вялікую, кульгавыя будуць рабаваць нарабаванае.

24 І [ніводзін] жыхар ня скажа: «Я хворы». Народу, які жыве там, будуць адпушчаны беззаконьні.

 

Разьдзел 34

1 Наблізьцеся, народы, каб пачуць! І вы, плямёны, зважайце! Няхай чуе зямля і ўсё, што напаўняе яе, сусьвет і ўсё, што ў ім жыве!

2 Бо ГОСПАД у гневе супраць усіх народаў і ў абурэньні супраць усяго войска іхняга. Ён зрабіў іх закляцьцем і аддаў іх на загубу.

3 І забітыя іхнія будуць параскіданыя, і ад трупаў іхніх будзе ўздымацца смурод; і размокнуць горы ад крыві іхняй.

4 І пазьнікае ўсё войска нябеснае, і скруціцца неба як [скрутак] кніжны, і ўсе зоркі іхнія пападаюць, як падае лістота з лазы вінаграднай, і як падаюць [плады] з дрэва фігавага.

5 Бо ап’янеў на небе меч Мой. Вось, ён зыходзіць на Эдом, на народ, які Я аддаў на закляцьце, на суд.

6 Меч ГОСПАДА поўны крыві, насычаны тлушчам, крывёй ягнятаў і казлоў, тлустасьцю нырак бараноў, бо для ГОСПАДА ахвяра ў Боцры, разьня вялікая ў зямлі Эдом.

7 І падаюць бугаі [разам] з імі, і цяляты [разам] з быкамі, і будзе напоена зямля іхняя крывёю, і парахно іхняе будзе насычана тлустасьцю,

8 бо [гэта] — дзень помсты ГОСПАДА, год адплаты за спрэчку супраць Сыёну.

9 І заменяцца ручаі ягоныя ў смалу, а пыл ягоны — у серку, і станецца зямля ягоная смалою, што палае.

10 Ня згасьне яна ані ўдзень, ані ўначы, і дым ейны будзе падымацца на вякі. З пакаленьня ў пакаленьне будзе спустошана, і на вякі вякоў ніхто праз яе ня пройдзе.

11 Пэлікан і вожык абжывуцца ў ёй, пугач і крумкач будуць жыць у ёй, і будзе расьцягнута над ёю мерная вяроўка спусташэньня і камень [грунтвагі] зьнішчэньня.

12 Кіраўнікоў ейных ня будзе там, і не абвесьцяць валадарства, і ўсе князі ейныя будуць нічым.

13 І вырастуць церні ў палацах ейных, асот і крапіва — у замках ейных, і станецца яна сялібай цмокаў і загарадкай для страусаў.

14 І будуць сустракацца зьвяры пустыні з шакаламі, і казёл будзе клікаць сябра свайго; там ліліт супакоіцца і знойдзе для сябе адпачынак.

15 Там зробіць гняздо кобра, і будзе класьці яйкі, і будзе выседжваць [іх], будзе грэць іх у ценю ейным. Там будуць каршуны зьбірацца адзін да аднаго.

16 Пашукайце ў кнізе ГОСПАДА і чытайце: «Аніводнага з іх ня будзе бракаваць, адзін аднаго ня будзе шу­каць, бо вусны [Госпада] загадалі і Дух Ягоны, Ён іх сабраў.

17 І Ён кінуў для іх жэрабя, і рука Ягоная разьдзяліла [зямлю] для іх мернай вяроўкай, і яны ўспадкаемяць яе на вякі, і з пакаленьня ў пакаленьне будуць жыць на ёй».

 

Разьдзел 35

1 Няхай весяліцца пустыня і [зямля] сухая, няхай радуецца стэп і няхай красуе як нарцыс!

2 Няхай, квітнеючы, заквітнее і няхай радуецца з ускліканьнямі і сьпяваньнем, бо слава Лібану дадзена ёй, прыгажосьць Кармэлю і Шарону. Яны ўбачаць славу ГОСПАДА, веліч Бога нашага.

3 Умацуйце рукі зьнясіленыя і калені самлелыя зрабіце моцнымі.

4 Кажыце палахлівым сэрцам: «Будзьце моцнымі, ня бойцеся! Вось Бог ваш, помста надыходзіць, адплата Божая. Ён Сам прыйдзе і збавіць вас».

5 Тады расплюшчацца вочы сьляпых, і вушы глухіх адкрыюцца.

6 Тады кульгавы будзе скакаць як алень, і засьпявае язык нямога, бо пацякуць воды ў пустыні і струмяні ў стэпе.

7 І станецца выпаленая [зямля] возерам, а засьмягшая [зямля] — крыніцай вады, і ў логавішчах цмокаў, дзе месца супачынку іхняга, вырастуць трысьнёг і чарот.

8 І будзе там гасьцінец і шлях, і назавуць яго шляхам сьвятым, і ня будзе хадзіць па ім нячысты, і будзе ён толькі для іх, і неразумны не заблукае, калі пойдзе шляхам [гэтым].

9 Ня будзе там ільва, і драпежны зьвер ня ўзыйдзе на яго і ня знойдзецца там, але будуць хадзіць там адкупленыя.

10 І вернуцца выбаўленыя ГОСПАДАМ, і ўзыйдуць на Сыён са сьпяваньнем, і радасьць вечная будзе на галовах іхніх. Вясёласьць і радасьць будуць з імі, смутак і стагнаньне ўцякуць [ад іх].

 

Разьдзел 36

1 І сталася ў чатырнаццатым годзе валадара Эзэкіі, пайшоў Санхерыў, валадар Асірыі, на ўсе ўмацаваныя гарады Юды і здабыў іх.

2 І паслаў валадар Асірыі з Ляхішу Рабсака з войскам вялікім у Ерусалім да валадара Эзэкіі. І стаў [Рабсак] пры канале верхняй сажалкі, на дарозе Поля Валюшніка.

3 І выйшлі да яго Эліякім, сын Хількіі, які [быў] загадчык палацу, і Шэўна, пісар, і Ёах, сын Асафа, канцлер.

4 І сказаў ім Рабсак: «Скажыце Эзэкіі: “Гэта кажа валадар вялікі, валадар Асірыі. Што гэта за надзея, на якую ты спадзяешся?

5 Няўжо ты думаеш, што словы вуснаў [заменяць] раду і сілу для вайны? На каго ты спадзяешся цяпер, што збунтаваўся супраць мяне?

6 Вось, ты спадзяешся на Эгіпет, на гэтую трысьціну паламаную, якая, калі хто на яе абапрэцца, убіваецца ў далонь і прабівае яе. Такі фараон, валадар Эгіпту, для ўсіх, якія на яго спадзяюцца.

7 А калі ты скажаш мне: “На ГОСПАДА, Бога нашага, мы спадзяемся”, дык ці ж Ён ня той, якога вышыні і ахвярнікі пазносіў Эзэкія і сказаў Юдзе і Ерусаліму: “Перад гэтым [толькі] ахвярнікам будзеце пакланяцца”?

8 А цяпер заключы дамову з гаспадаром маім, валадаром Асірыі, і я дам табе дзьве тысячы коней, калі зможаш знайсьці для іх вершнікаў.

9 Як ты прагоніш хоць аднаго з найменшых слугаў гаспадара майго? А ты спадзяваўся на Эгіпет, што атрымаеш калясьніцы і коней!

10 І цяпер, ці ж не бяз [волі] ГОСПАДА я прыйшоў у зямлю гэтую, каб зьнішчыць яе. ГОСПАД сказаў мне: “Выйдзі супраць зямлі гэтай і зьнішчы яе”».

11 І сказалі Эліякім, Шэўна і Ёах Рабсаку: «Гавары да слугаў тваіх па-арамейску, бо мы разумеем, не гавары да нас па-юдэйску ў вушы людзей, якія на мурах».

12 І сказаў Рабсак: «Ці ж да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой, каб прамовіць словы гэтыя? Ці ж не да людзей, якія сядзяць на мурах і будуць есьці лайно сваё і піць ваду ног сваіх з вамі?»

13 І стаў Рабсак, і закрычаў моцным голасам па-юдэйску, і сказаў: «Слухайце словы валадара вялікага, валадара Асірыі!

14 Гэта кажа валадар. Няхай не падманвае вас Эзэкія, бо ён ня можа выратаваць вас.

15 Няхай не абнадзейвае вас Эзэкія ГОСПАДАМ, кажучы: “Ратуючы, выратуе нас ГОСПАД, і горад гэты ня будзе аддадзены ў рукі валадара Асірыі”.

16 Ня слухайце Эзэкіі, бо так кажа валадар Асірыі: “Заключыце са мною мір і выйдзіце да мяне, і будзеце есьці кожны [плады] вінаградніку свайго і дрэва фігавага свайго, і будзеце піць ваду, кожны са студні сваёй,

17 аж пакуль я не прыйду і не вазьму вас у зямлю, [падобную] да зямлі вашай, зямлю збожжа і маладога віна, зямлю хлеба і вінаграднікаў”.

18 Толькі няхай вас не падманвае Эзэкія, кажучы: “ГОСПАД выратуе нас”. Ці ж богі народаў выратавалі кожны зямлю сваю ад рукі валадара Асірыі?

19 Дзе богі Хамату і Арпаду? Дзе богі Сэфарваіму? Ці выратавалі яны Самарыю ад рукі маёй?

20 Хто з усіх багоў гэтых земляў уратаваў зямлю сваю ад рукі маёй? Дык ці ж уратуе ГОСПАД Ерусалім ад рукі маёй?”»

21 І яны маўчалі, і не адказалі яму ані слова, бо так загадаў ім валадар і сказаў: «Не адказвайце яму!»

22 І прыйшлі Эліякім, сын Хількіі, які быў [загадчык] палацу, і Шэўна, пісар, і Ёах, сын Асафа, канцлер, да Эзэкіі, разьдзёршы шаты, і пераказалі яму словы Рабсака.

 

Разьдзел 37

1 І сталася, калі пачуў [гэта] валадар Эзэкія, разьдзёр шаты свае, апрануўся ў зрэбніцу і пайшоў у Дом ГОСПАДА.

2 І паслаў ён Эліякіма, які быў [загадчык] палацу, і Шэўну, пісара, і старэйшых сьвятароў, апранутых у зрэбніцу, да прарока Ісаі, сына Амоса,

3 і яны сказалі яму: «Гэта кажа Эзэкія: “Дзень гэты — дзень гора, і кары, і ганьбы, бо прыйшлі сыны, каб нарадзіцца, але няма сілы, каб нарадзіць.

4 Можа, ГОСПАД, Бог твой, пачуе словы Рабсака, якога паслаў валадар Асірыі, гаспадар ягоны, каб зьневажаць Бога Жывога, і ГОСПАД, Бог твой, пакарае яго за словы, якія чуў? А ты ўзьнясі малітву за рэшту, якая яшчэ засталася”».

5 І прыйшлі слугі валадара Эзэкіі да Ісаі.

6 І сказаў ім Ісая: «Гэта скажыце гаспадару вашаму: “Так кажа ГОСПАД. Ня бойся словаў, якія ты чуў, якімі слугі валадара Асірыі зьневажалі Мяне.

7 Вось, Я спашлю на яго духа, і ён пачуе вестку, і вернецца ў зямлю сваю, і Я ўдару яго мячом у зямлі ягонай”».

8 І вярнуўся Рабсак, і знайшоў валадара Асірыі, які здабываў Лібну, бо пачуў, што ён адыйшоў з-пад Ляхішу.

9 І пачуў [валадар], што сказалі пра Тыргака, валадара Кушу: «Ён выйшаў ваяваць супраць цябе». І ён пачуў гэта, і паслаў пасланцоў да Эзэкіі, кажучы:

10 «Гэта скажыце Эзэкіі, валадару Юды: “Няхай ня зводзіць цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, кажучы: “Ня будзе аддадзены Ерусалім у рукі валадара Асірыі”.

11 Вось, ты чуў, што зрабілі валадары Асірыі з усімі землямі, прызначаючы іх на загубу, а ты ці зможаш захавацца?

12 Ці выратавалі богі тых народаў, якія зьнішчылі бацькі мае, Газан, Харан, Рэцэф і сыноў Эдэну, якія ў Тэлясары?

13 Дзе валадар Хамату і валадар Арпаду, і валадар гарадоў Сэфарваіму, Гэны і Іввы?”»

14 І ўзяў Эзэкія ліст гэты з рук пасланцоў, і прачытаў яго, і ўвайшоў у Дом ГОСПАДА, і разгарнуў яго перад абліччам ГОСПАДА.

15 І маліўся Эзэкія да ГОСПАДА, кажучы:

16 «ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля, Які сядзіш на херувімах! Ты — адзіны Бог над усімі валадарствамі зямлі, Ты стварыў неба і зямлю.

17 Нахілі, ГОСПАДЗЕ, вуха Тваё і пачуй; адкрый, ГОСПАДЗЕ, вочы Твае і пабач! І выслухай усе словы Санхерыва, якія ён паслаў, каб зьневажаць Бога Жывога!

18 Праўда, ГОСПАДЗЕ, што валадары Асірыі зьнішчылі ўсе народы і землі іхнія.

19 У агонь яны кінулі багоў іхніх, бо яны не былі багамі, але творамі рук чалавечых, дрэвам і камянём, і зьнішчылі іх.

20 А цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа наш, збаў нас ад рукі ягонай, і няхай ведаюць усе валадары зямлі, што Ты, ГОСПАДЗЕ, — адзіны Бог!»

21 І паслаў Ісая, сын Амоса, да Эзэкіі, кажучы: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “[Я пачуў тое], пра што ты маліўся да Мяне адносна Санхерыва, валадара Асірыі”.

22 Вось слова, якое прамовіў ГОСПАД пра яго: “Насьміхаецца з цябе, пагарджае табою дзяўчына, дачка Сыёну. За табою ківае галавой дачка Ерусаліму.

23 Каго зьневажаў ты і на Каго блюзьніў? Супраць Каго падняў ты голас і ўверх узьняў вочы твае? Супраць Сьвятога Ізраілева!

24 Праз рукі слугаў тваіх ты зьневажаў Госпада і казаў: “З мноствам калясьніцаў маіх я ўзыйшоў на горы высокія, на схілы Лібану, і выразаў гонкія кедры ягоныя, і найпрыгажэйшыя кіпарысы ягоныя, і дайшоў аж да вяршыняў ягоных, у нетры садоў ягоных.

25 Я капаю [студню] і п’ю ваду, і высушваю стопамі ног маіх усе рэкі Эгіпецкія”.

26 Хіба ты ня чуў, што даўно Я зрабіў гэта, у дні старадаўнія Я прызначыў гэта, а цяпер зьдзяйсняю, што ты нішчыш гарады ўмацаваныя, ператвараючы іх у купу друзу.

27 Жыхары іхнія [маюць] рукі слабыя, [яны] стрывожаныя і зьбянтэжаныя; і сталіся як сена ў полі, як зеляніна маладая і як трава на даху, спаленая перш, чым сасьпела.

28 Ці ты сядзіш, ці выходзіш, ці ўваходзіш — Я ведаю, і [ведаю] злоснасьць тваю адносна Мяне.

29 За тое, што ты злуешся на Мяне і што пыха твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўкладу кальцо Маё ў ноздры твае і цуглі Мае ў рот твой, і выведу цябе на дарогу, па якой ты прыйшоў”.

30 А для цябе, [Эзэкія], такі знак: “Ешце ў гэтым годзе тое, што засталося ад сабранага [зерня], а ў другі год — тое, што само вырасьце, а ў трэці год сейце і зьбірайце, садзіце вінаграднікі і ешце плады іхнія.

31 І тое, што застанецца з дому Юды, пусьціць корань у глыб і дасьць плод угару.

32 Бо з Ерусаліму выйдзе рэшта, і збаўленыя — з гары Сыён. Рэўнасьць ГОСПАДА Магуцьцяў зробіць гэта”.

33 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра валадара Асірыі: “Ня ўвойдзе ён у горад гэты, і ня выпусьціць ён туды стралы; і не наставіць супраць яго шчыт, і не насыпле кругом яго валу.

34 Шляхам, якім ён прыйшоў, вернецца, і ў горад гэты ня ўвойдзе, кажа ГОСПАД.

35 Я абараню горад гэты і выратую яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, слугі Майго”».

36 І выйшаў анёл ГОСПАДА, і забіў у табары Асірыйцаў сто восемдзясят пяць тысячаў [чалавек]. І ўсталі раніцаю, і вось, усе яны мёртвыя.

37 І Санхерыў, валадар Асірыі, сабраў [табар] і адыйшоў, і вярнуўся, і затрымаўся ў Нініве.

38 І сталася, калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, Адрамэлех і Шарэцэр, сыны ягоныя, забілі яго мячом і ўцяклі ў зямлю Арарат. І сын ягоны Эсар-Хадон заваладарыў пасьля яго.

 

Разьдзел 38

1 У тыя дні захварэў Эзэкія сьмяротна. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амоса, і сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “Дай загад пра дом твой, бо ты паміраеш і ня будзеш жыць”».

2 І павярнуў Эзэкія аблічча сваё да сьцяны, і маліўся да ГОСПАДА,

3 і казаў: «О, ГОСПАДЗЕ, узгадай, што я хадзіў перад абліччам Тваім у праўдзе і са шчырым сэрцам і рабіў тое, што добрае ў вачах Тваіх». І плакаў Эзэкія плачам вялікім.

4 І было слова ГОСПАДА да Ісаі, кажучы:

5 «Ідзі і скажы Эзэкіі: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Давіда, бацькі твайго. Я пачуў малітву тваю, убачыў сьлёзы твае. Вось, Я дадам да дзён тваіх пятнаццаць гадоў,

6 і выратую ад рукі валадара Асірыі цябе і горад гэты, і абараню горад гэты.

7 І гэта вось будзе табе на знак ад ГОСПАДА, што ГОСПАД выканае слова гэтае, якое Ён прамовіў.

8 Вось, Я вярну цень [сонечны] на дзесяць прыступак [га­дзіньніка] Ахаза, па якіх сонца ўжо зыйшло па прыступках”». І вярнулася сонца на дзе­сяць прыступак, па якіх [ужо] зыйшло.

9 Напісанае Эзэкіем, валадаром Юды, калі ён быў захварэў і акрыяў ад хваробы сваёй:

10 «Я сказаў: “У палове дзён маіх мушу ісьці да брамы апраметнай, я пазбаўлены рэшты гадоў маіх”.

11 Я сказаў: “Я ня ўбачу ГОСПАДА, ГОСПАДА ў зямлі жывых; і ня буду больш бачыць чалавека сярод тых, што жывуць у сьвеце”.

12 Жытло маё разабрана і перанесена [далёка] ад мяне, як намёт пастухоў. Я зьвіваю, як ткач, жыцьцё маё; як нітку ад асновы Ён адрывае мяне, з дня да ночы Ён сканчвае [жыцьцё] маё.

13 Я крычаў аж да раніцы. Як леў Ён скрышыў усе косткі мае. З дня да ночы Ён сканчвае [жыцьцё] маё.

14 Я пішчу як ластаўка, як журавель, уздыхаю як галубка, стаміліся вочы мае, [углядаючыся] ўгору. ГОСПАДЗЕ, я прыгнечаны, паручыся за мяне!

15 Што я маю сказаць? Ён што сказаў, тое і ўчыніў мне! Буду паволі ісьці праз усе гады мае ў горычы душы маёй.

16 ГОСПАДЗЕ, гэтым жывуць [людзі] і ў-ва ўсім гэтым — жыцьцё духа майго. Аздараві мяне і ажыві мяне!

17 Вось, супакоем [зрабіў] горыч маю вялікую. Ты вырваў душу маю з ямы загубы, і кінуў за сьпіну Тваю ўсе грахі мае.

18 Бо не апраметная будзе славіць Цябе, і сьмерць ня будзе хваліць Цябе. Ня маюць надзеі на вернасьць Тваю тыя, што зыходзяць у магілу.

19 Жывы, [толькі] жывы будзе славіць Цябе, як я сёньня. Бацька сынам паведаміць пра вернасьць Тваю.

20 ГОСПАД збавіў мяне! І пад граньне музыкаў мы будзем сьпя­ваць усе дні жыцьця нашага ў Доме ГОСПАДА».

21 І сказаў Ісая: «Няхай возьмуць аладку з фігаў і пакладуць на скулу, і ён ачуняе».

22 І сказаў Эзэкія: «Які знак, што я ўвайду ў Дом ГОСПАДА!»

 

Разьдзел 39

1 У той час Мэрадах-Баладан, сын Баладана, валадар Бабілону, паслаў да Эзэкіі лісты і дары, бо ён пачуў, што той быў хворы і ачуняў.

2 І ўсьцешыўся з іх Эзэкія, і паказаў ім дом скарбаў сваіх: срэбра, золата, пахошчы, каштоўны алей і ўсе каморы свае, і ўсё, што знаходзілася ў сховішчах ягоных. Не засталося рэчы, якой бы не паказаў ім Эзэкія ў доме сваім і ў-ва ўсім валоданьні сваім.

3 І прыйшоў Ісая прарок да валадара Эзэкіі і сказаў яму: «Што сказалі людзі гэтыя і адкуль яны прыйшлі да цябе?» І сказаў Эзэкія: «З зямлі далёкай яны прыйшлі да мяне, з Бабілону».

4 І сказаў [Ісая]: «Што бачылі яны ў доме тваім?» І сказаў Эзэкія: «Усё, што ёсьць у доме маім, яны бачылі. Не было рэчы, якой я не паказаў бы ім у сховішчах».

5 І сказаў Ісая Эзэкіі: «Паслухай слова ГОСПАДА Магуцьцяў:

6 “Вось, прыйдуць дні, і будзе забрана ўсё, што ёсьць у доме тваім і што назьбіралі бацькі твае аж да сёньняшняга дня, у Бабілон, і не пакінуць нічога, кажа ГОСПАД.

7 А сыноў тваіх, якія выйдуць з цябе, якіх ты народзіш, забяруць, і яны будуць эўнухамі ў палацы валадара Бабілону”».

8 І сказаў Эзэкія Ісаі: «Добрае слова ГОСПАДА, якое ты прамовіў». І сказаў: «Бо будуць супакой і бясьпека ў дні мае».

 

Разьдзел 40

1 Пацяшайце, пацяшайце народ Мой, кажа Бог ваш.

2 Прамаўляйце да сэрца Ерусаліму і клічце да яго, што скончылася ліхая доля ягоная, што прабачанае беззаконьне ягонае, бо ён атрымаў з рукі ГОСПАДА падвойную [кару] за ўсе грахі свае.

3 Голас таго, хто кліча: «У пустыні рыхтуйце шлях ГОСПАДУ, прастуйце ў стэпе сьцежкі Богу нашаму.

4 Кожная даліна няхай падымецца, і кожная гара і ўзгорак няхай будуць паніжаныя; і стануцца дарогі простымі, а няроўныя [шляхі] — гладкімі.

5 І зьявіцца слава ГОСПАДА, і ўбачыць яе кожнае цела, бо вусны ГОСПАДА прамовілі [гэта]».

6 Голас кажа: «Крычы!» А я сказаў: «Што маю крычаць?» Усякае цела — трава, і ўся слава ягоная — як кветка палявая.

7 Высыхае трава, вяне кветка, бо вецер ГОСПАДА падзьмуў на яе. Сапраўды, народ — як трава.

8 Высыхае трава, вяне кветка, але слова Бога нашага трывае на вякі.

9 Узыйдзі на высокую гару, дабравесьнік Сыёну! Узьнімі з [усёй] сілы голас твой, ты, дабравесьнік Ерусаліму! Узьнімі [голас], ня бойся, кажы гарадам Юды: «Вось Бог ваш!»

10 Вось, Госпад ГОСПАД прыходзіць з моцай, рамяно Ягонае мае ўладу. Вось, нагарода Ягоная з Ім разам і плата Ягоная — перад абліччам Ягоным.

11 Як пастыр Ён пасьвіць статак Свой, і зьбірае рамяном Сваім ягнятаў, і носіць іх на грудзях Сваіх, і котных [авечак] гоніць паціху».

12 Хто зьмераў жменяй сваёй воды, і хто неба зьмераў пя­дзяй сваёй? Хто трацінай меркі памераў пыл зямлі? Хто ўзважыў на вагах горы, а на шалях — узгоркі?

13 Хто ўзважвае Дух ГОСПАДА? І які чалавек Яму даваў параду сваю?

14 З кім Ён раіўся і хто настаўляў Яго, і хто вучыў Яго сьцежцы суду, і вучыў Яго веданьню, і шляху розуму навучаў Яго?

15 Вось, народы — як кропля з вядра, і лічацца як пыл на шалях. Вось, астравы важаць як парушынка.

16 І Лібану ня хопіць на вогнішча, а зьвяроў ягоных ня хопіць на цэласпаленьне.

17 Усе народы перад Ім як нішто, яны ў Яго лічацца за марноту і пустку.

18 Да каго падобным зробіце Бога? Які вобраз надасьцё Яму?

19 Ідала вырабляе разьбяр, і залатар золатам пакрывае яго, і ланцужкі срэбраныя [прымацоўвае] залатар.

20 А хто бедны, бярэ дрэва, якое не гніе, шукае спраўнага майстра, каб зрабіў ідала, які не пахісьнецца.

21 Ці ж вы ня ведаеце? Ці ж вы ня чулі? Ці ж вам не было паведамлена ад пачатку? Ці ж вы не зразумелі падвалінаў зямлі?

22 Ён — Той, Які сядзіць па-над скляпеньнем зямлі, і жыхары ейныя — як саранча [перад Ім]; Ён расьцягнуў, як ветразь, нябёсы, і напяў іх як намёт, каб жыць у ім.

23 Ён — Той, Які магнатаў робіць нічым, судзьдзяў зямлі робіць марнасьцю.

24 Ледзь яны пасаджаныя, ледзь пасеяны, ледзь камель іхні закараніўся ў зямлі, як Ён дыхнуў на іх, і яны павысыхалі, і віхор панёс іх як салому.

25 «І да каго вы прыраўняеце Мяне, каб быў Я роўны [яму]?» — кажа Сьвяты.

26 Узьніміце вочы вашыя ўгору і паглядзіце. Хто стварыў [зоркі гэтыя]? Той, Які выводзіць шыхтамі войска іхняе і кліча ўсіх іх на імя. Дзеля такой вялікасьці моцы і велізарнай магутнасьці аніводная ня згубіцца.

27 Чаму ты кажаш, Якуб, і гаворыш, Ізраіль: «Схаваны шлях мой перад ГОСПАДАМ, і суд мой адыйшоў ад Бога майго»?

28 Ці ты ня ведаеш? Або ты ня чуў? Бог Вечны, ГОСПАД, Які стварыў канцы зямлі, Ён ня слабне і не стамляецца, і недасьледная мудрасьць Ягоная!

29 Ён дае змучанаму сілу, а зьнямогламу павялічвае моц.

30 Юнакі слабнуць і стамляюцца, і хлопцы спатыкаюцца і падаюць,

31 а тыя, якія спадзяюцца на ГОСПАДА, аднаўляюць сілы, узьнімаюць крылы, як у арла, будуць бегчы, і ня стомяцца, і будуць хадзіць, і не саслабеюць.

 

Разьдзел 41

1 Маўчыце перада Мною, астравы! Няхай народы адновяць сілы свае. Няхай наблізяцца і прамовяць: «Станем разам на суд!»

2 Хто абудзіў праведніка з усходу, паклікаў ногі ягоныя [ісьці], перад абліччам ягоным перамог народы і падпарадкаваў валадароў? Меч ягоны сьці­рае іх у парахно, лук ягоны разносіць іх, як салому.

3 Ён гоніць іх, ідзе спакойна дарогаю, па якой ніколі не хадзілі ногі ягоныя.

4 Хто ўчыніў і зьдзейсьніў гэта? Той, Які кліча пакаленьні здаўна. Я, ГОСПАД, — першы, і сярод апошніх Я такі Самы.

5 Убачылі астравы і спалохаліся, і канцы зямлі затрымцелі. Яны набліжаюцца і прыходзяць.

6 Кожны дапамагае бліжняму свайму і кажа брату свайму: «Будзь моцны!»

7 І ўмацоўвае майстар залатара, той, які б’е молатам, — таго, які куе на кавадле, і кажа пра злучэньне: «Добрае яно», і ўмацоўвае цьвікамі, каб не хісталася.

8 А ты, Ізраіль, слуга Мой, Якуб, якога Я выбраў, насеньне Абрагама, сябра Майго,

9 ты, якога Я ўзяў з канцоў зямлі, і з ускраін ейных паклікаў цябе, і сказаў табе: «Ты — слуга Мой, Я выбраў цябе і не адкінуў цябе».

10 Ня бойся, бо Я з табою, не азірайся [па баках], бо Я — Бог твой! Я ўмацую цябе і дапамагу табе, і падтрымаю цябе правіцай праведнасьці Маёй.

11 Вось, асаромяцца і будуць у ганьбе ўсе, якія злуюцца на цябе, і стануцца як нішто, і загінуць усе, якія спрачаюцца з табою.

12 Будзеш шукаць іх і ня знойдзеш тых, якія варагуюць з табою, і стануцца як нішто і загінуць тыя, якія ваююць з табою.

13 Бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Які трымае цябе за правую руку тваю і кажа табе: «Ня бойся, Я дапамагаю табе.

14 Ня бойся, чарвяк Якуб, жменька Ізраіль. Я дапамагаю табе, кажа ГОСПАД, і Адкупіцель твой — Сьвяты Ізраіля».

15 Вось, Я перамяню цябе ў малатарню новую, вострую, зубчастую, і будзеш ты малаціць і трушчыць горы, і ўзгоркі сатрэш у мякіну.

16 Ты перасееш іх, і вецер разгоніць іх, і віхура разьвее іх, а ты будзеш радавацца ў ГОСПАДЗЕ і будзеш хваліцца Сьвятым Ізраіля.

17 Бедныя і ўбогія шукаюць вады, але няма яе, і язык іхні высах ад смагі. Я, ГОСПАД, выслухаю іх, і [Я], Бог Ізраіля, не пакіну іх!

18 Я адкрыю на голых скалах рэкі і пасярод далінаў — жаролы [вады]; і перамяню пустыню ў возера водаў, а сухую зямлю — у крыніцы водныя.

19 І Я пасаджу ў пустыні кедры, акацыі, мірты і дрэвы аліўныя, і пастаўлю ў стэпе ра­зам кіпарыс, явар і бук,

20 каб убачылі і даведаліся, разгледзелі і зразумелі, што рука ГОСПАДА зрабіла ўсё гэта, і Сьвяты Ізраіля стварыў гэта.

21 Прадстаўце судовую справу вашую, кажа ГОСПАД. Прывядзіце доказы свае, кажа Валадар Якуба.

22 Няхай наблізяцца і паведамяць Нам, што будзе. Распавядзіце пра мінуўшчыну, якая яна была, і Мы возьмем [гэта] да сэрца Нашага, і пазнаем канец ейны, альбо [распавядзіце] пра будучыню, каб Мы пачулі.

23 Распавядзіце, што мае стацца ў будучыні, і Мы зразумеем, ці вы — богі. Зрабіце добрае або зрабіце ліхое, каб Мы зьдзівіліся і ўбачылі [ўсе] разам.

24 Вось, вы — нішто, і праца вашая — нішто; гідота — той, хто вас выбірае.

25 Я пабудзіў [мужа] з поўначы, і ён прыйшоў з усходу сонца, і ён будзе клікаць імя Маё і будзе таптаць магнатаў як балота, як ганчар месіць гліну.

26 Хто паведаміў [гэта] ад пачатку, каб мы ведалі, і [паведаміў] раней, каб мы сказалі: «Слушна»? Але ніхто не паведаміў, ніхто не абвяшчаў, ні­хто ня чуў словаў вашых.

27 Я ад пачатку [сказаў] Сыёну: «Вось яно», і для Ерусаліму даў дабравесьніка.

28 І Я глядзеў, і не было нікога, нікога, здатнага да рады, каб спытаць іх і атрымаць слова.

29 Вось, усе яны — падман, і ўчынкі іхнія — марнасьць, і ідалы іхнія — вецер і пустэча.

 

Разьдзел 42

1 Вось, Слуга Мой, Якога Я трымаю, выбраны Мой, у Якім мае ўпадабаньне душа Мая. Я ўсклаў Дух Мой на Яго, і Ён дасьць суд народам.

2 Ён ня будзе крычаць і ня ўзьніме [голас], і ня будзе чуцён голас Ягоны на вуліцах.

3 Трысьціны надламанай ня зломіць, і лёну, які дыміцца, не патушыць. Ён прынясе суд у праўдзе.

4 Ён ня стоміцца і не зьняможацца, аж пакуль не ўстановіць на зямлі суд, і на Закон Ягоны чакаюць астравы.

5 Гэта кажа Бог, ГОСПАД, Які стварыў неба і расьцягнуў яго, Які ўмацаваў зямлю і тое, што вырастае з яе, Які даў дыханьне людзям на ёй і духа [ўсім] тым, якія ходзяць па ёй.

6 Я, ГОСПАД, паклікаў Цябе ў праведнасьці, і Я буду трымаць Цябе за руку Тваю і ахоўваць Цябе, і Я пастаўлю Цябе як запавет для народу, як сьвятло для паганаў,

7 каб адкрыць вочы сьляпым, і вывесьці з няволі вязьняў і з вязьніцы тых, якія сядзяць у цемры.

8 Я — ГОСПАД, гэта імя Маё; і славы Маёй Я не аддам іншаму, і хвалы Маёй — ідалам.

9 Вось, [прадказаныя] раней [падзеі] прыйшлі, і новыя Я паведамлю; перш, чым яны зьдзейсьняцца, Я дам пачуць вам [пра іх].

10 Сьпявайце ГОСПАДУ сьпеў новы, хвалу Ягоную — з канцоў зямлі. Няхай шуміць мора і ўсё, што ў ім, астравы і жыхары іхнія.

11 Няхай радуецца пустыня і гарады ейныя, паселішчы, у якіх жыве Кедар! Няхай гамоняць радасна жыхары Сэлі, з вяршыняў гор няхай усклікаюць.

12 Няхай аддаюць славу ГОСПАДУ і хвалу Ягоную абвяшчаюць на астравах!

13 ГОСПАД прыходзіць, як волат і як ваяр, выклікае на бой, узьнімае кліч, гукае пераможна над ворагамі Сваімі.

14 Я маўчаў ад вякоў, стрымліваўся, цярпеў; [цяпер] буду крычаць, як тая, якая нараджае, буду стагнаць і глытаць паветра.

15 Спустошу горы і ўзгоркі, і высушу ўсю зеляніну іхнюю, і перамяню рэкі ў астравы, а азёры высушу.

16 І Я павяду сьляпых па шляху, якога ня ведаюць, і па сьцежках, якіх ня ведаюць, дам ім хадзіць. І перамяню цемру перад абліччам іхнім у сьвятло, і крывыя шляхі выпрастую. Гэтыя ўсе словы Я споўню і не пакіну іх.

17 Павернуцца назад і засаромяцца сорамам тыя, якія спадзяваліся на ідалаў, якія казалі балванам: «Вы — богі нашыя».

18 Глухія, слухайце, і вы, сьляпыя, углядайцеся, каб бачыць!

19 Хто так сьляпы, як слуга Мой, і так глухі, як пасланец Мой, якога Я пасылаю? Хто сьляпы, як дасканалы [Мой]? І хто сьляпы, як слуга ГОСПАДА?

20 Ты бачыў шмат, але не зважаў; меў адкрытыя вушы, але ня чуў.

21 ГОСПАД захацеў дзеля праведнасьці Сваёй узьвялі­чыць Закон і праславіць [яго].

22 Але гэты народ абрабаваны і спустошаны, усе яны ў пячорах зьвязаныя і ў вязьніцах замкнёныя; сталіся здабычай, і няма каму выратаваць; яны спустошаныя, і няма каму сказаць: «Аддай!»

23 Хто з вас паслухае гэта, зьверне на гэта ўвагу і пачуе пра будучыню?

24 Хто аддаў Якуба на рабаваньне, і Ізраіль — на спусташэньне? Хіба ня ГОСПАД, супраць Якога мы грашылі, і не хацелі хадзіць шляхамі Ягонымі, і ня слухалі Закону Ягонага?

25 І Ён выліў на яго жар гневу Свайго і жахі вайны; і палала вакол яго, але ён не пазнаў [гэтага]; і паліла яго, але ён ня браў [гэтага] да сэрца.

 

Разьдзел 43

1 І цяпер гэтак кажа ГОСПАД, Які стварыў цябе, Якуб, і зьляпіў цябе, Ізраіль: «Ня бойся, бо Я адкупіў цябе і паклікаў імя тваё, ты — Мой.

2 Калі будзеш праходзіць праз воды, Я з табой, і калі [пой­дзеш] праз рэкі, яны не затопяць цябе. Калі пойдзеш праз агонь, не згарыш, і полымя не праглыне цябе.

3 Бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Сьвяты Ізраіля, Збаўца твой! Я даў Эгіпет на водкуп за цябе, Куш і Сэву замест цябе.

4 Праз тое, што ты стаўся ў вачах Маіх дарагім і слаўным і Я люблю цябе, Я аддам людзей замест цябе і народы за душу тваю.

5 Ня бойся, бо Я з табою! З усходу прывяду насеньне тваё і з захаду пазьбіраю цябе.

6 Скажу поўначы: «Аддай!», і поўдню: «Ня стрымлівай! Прывядзі сыноў Маіх здалёк, і дочак Маіх з канцоў зямлі,

7 і ўсіх, хто завецца імем Маім і каго Я стварыў дзеля славы Маёй, укшталтаваў і зьляпіў.

8 Выведзі народ сьляпы, хоць ён мае вочы, і глухі, хоць вушы [ёсьць] у яго».

9 Няхай усе народы зьбяруцца разам, і зыйдуцца плямёны. Хто з іх распавядзе пра гэта? Няхай аб’явяць пра мінулае. Няхай дадуць сведкаў сваіх і апраўдаюцца, каб можна было пачуць і сказаць: «[Гэта] праўда!»

10 Вы — сьведкі Мае, кажа ГОСПАД, і слуга Мой, якога Я выбраў, каб вы даведаліся і верылі Мне, і зразумелі, што гэта Я. Да Мяне не было Бога і пасьля Мяне ня будзе.

11 Я, Я — ГОСПАД, і акрамя Мяне няма Збаўцы.

12 Я абвясьціў і збавіў, і даў пачуць; і няма ў вас іншага [Бога], і вы — сьведкі Мае, кажа ГОСПАД, што Я — Бог.

13 Ад дзён [вечнасьці] Я — Той Самы, і няма нікога, хто з рукі Маёй можа выратаваць! Я зьдзейсьніў, і хто можа зьмяніць гэта?

14 Гэта кажа ГОСПАД, Адкупіцель ваш, Сьвяты Ізраіля: «Дзеля вас Я паслаў у Бабілон і сабраў усіх уцекачоў, а Халдэйцы на караблях крык [узьнімуць].

15 Я — ГОСПАД, Сьвяты ваш, Творца Ізраіля, Валадар ваш».

16 Гэта кажа ГОСПАД, Які адкрыў шлях праз мора і сьцежку праз воды бурлівыя,

17 Які вывеў калясьніцу і коньніка, дружыну і дужага, і яны разам паляглі і не падняліся, згарэлі, як кнот, які тухне.

18 Але вы ня ўзгадвайце пра мінулае і пра старадаўняе не разважайце.

19 Вось, Я раблю новае, цяпер яно вырастае. Ці ж вы гэтага ня ведаеце? Вось, Я раблю шлях у пустыні, а рэкі — у стэпе.

20 Будуць славіць Мяне звяры палявыя, цмокі і страусы, бо Я даў ваду ў пустыні, і рэкі ў стэпе, каб напаіць народ Мой, выбраны Мой.

21 Народ гэты Я ўкшталтаваў для Сябе, ён будзе абвяшчаць хвалу Маю.

22 Але ты ня клікаў Мяне, Якуб, і ты, Ізраіль, не высіляўся дзеля Мяне.

23 Не ахвяроўваў ты Мне ягня на цэласпаленьне і ахвярамі крывавымі тваімі не ўслаўляў Мяне.

24 Не купляў ты Мне пахкага трысьнёгу за срэбра і тлустасьцю ахвяраў тваіх не насычаў Мяне. Але ты турбаваў Мяне грахамі тваімі і мучыў Мяне беззаконьнямі тваімі.

25 Я, Я — Той, Які сьцірае правіны твае адносна Мяне, і ня памятае грахоў тваіх.

26 Узгадай Мяне, будзем судзіцца разам, расказвай, каб апраўдацца табе.

27 Бацька твой першым саграшыў, пасярэднікі твае адступіліся ад Мяне.

28 І Я зганьбіў князёў сьвятыні [тваёй], і аддаў Якуба на закляцьце [зьнішчэньня], а Ізраіля — на зьнявагу.

 

Разьдзел 44

1 А цяпер паслухай, Якуб, слуга Мой, і ты, Ізраіль, якога Я выбраў.

2 Гэта кажа ГОСПАД, Які зрабіў цябе і ўкшталтаваў цябе ад улоньня [маці], Які дапамагае табе: «Ня бойся, слуга Мой, Якуб, і Ешурун, якога Я выбраў.

3 Бо Я выльлю воды на спрагнёнае і струмяні — на [зямлю] сухую. Я выльлю Духа Майго на насеньне тваё і дабраславенства Маё — на нашчадкаў тваіх.

4 І будуць яны расьці між травы, як вербы пры цячэньні водаў.

5 Адзін скажа: “Я — ГОСПАДАЎ”, а другі назавецца імем Якуба, іншы напіша на руцэ сваёй “Для ГОСПАДА”, і назавецца імем Ізраіля».

6 Гэта кажа ГОСПАД, Валадар Ізраіля і Адкупіцель ягоны, ГОСПАД Магуцьцяў: «Я — першы, і Я — апошні, і акрамя Мяне няма Бога.

7 Хто як Я? Няхай акажацца, няхай абвесьціць, няхай раскажа Мне, як Я заснаваў народ у [часах] старадаўніх, і тое, што здарыцца, што мае быць, няхай паведаміць Нам.

8 Ня бойцеся і не трывожцеся. Ці ж не здаўна Я распавёў табе і абвясьціў? І вы — сьведкі Мае. Ці ж ёсьць Бог акрамя Мяне? Няма [іншай] скалы, ніякай ня ведаю».

9 Усе разьбяры ідалаў — марнота; і ўлюблёныя [ідалы] іхнія не прыносяць ім карысьці, і яны [самі] сьведкі [гэтага]. Яны ня бачаць, і ня ведаюць [нічога], і таму будуць асаромленыя.

10 Хто лепіць бога і выразае ідала, каб ня мець ад іх карысьці?

11 Вось, усе ўдзельнікі гэтага будуць асаромленыя; а майстры іхнія — яны [толькі] людзі. Няхай яны зыйдуцца ўсе і стануць, і разам усе спалохаюцца і асаромяцца.

12 Каваль [вырабляе] з жалеза сякеру, працуе на вугольлі, і малатком кшталтуе [ідала], і робіць работу моцным рамяном сваім; адчувае голад, стамляецца, ня п’е вады і зьнемагаецца.

13 Цясьляр на дрэве расьцягвае [меральны] шнур, выразае рыльцам [ідала], выдзёўбвае долатам і крэсьліць цыркулем, і робіць яго на падабенства чалавека, чалавека прыгожага, каб паставіць яго ў доме.

14 Насёк для сябе кедраў і ўзяў кіпарыс і дуб, якія выбраў сабе між дрэваў у лесе. Пасадзіў ясень, і дождж вырошчвае [яго].

15 І будзе [гэта] для чалавека на саграваньне, і ён бярэ [частку] з іх, і грэецца, і распаліць [агонь], і пячэ хлеб. А з рэшты робіць бога і пакланяецца [яму], робіць ідала і кленчыць перад ім.

16 Палову [дрэва] спальвае ў агні, і на палове яго пячэ мяса; есьць сьпечанае, і насычаецца, і грэецца, і кажа: «Як я сагрэўся і гляджу на агонь».

17 А з рэштак робіць бога, ідала для сябе, перад якім кленчыць, якому пакланяецца, і моліцца да яго, кажучы: «Ратуй мяне, бо ты — бог мой!»

18 Такія [нічога] ня ведаюць і не разумеюць, бо заплюшчаныя вочы іхнія, каб ня бачыць, і [зачыненае] сэрца іхняе, каб не разумець.

19 Не застанаўляюцца яны ў сэрцы сваім, няма [ў іх] веданьня і разуменьня, каб сказаць: «Палову я спаліў у агні і сьпёк на вугольлі ягоным хлеб для сабе, і сьпёк мяса, і зьеў, а з рэшты няўжо я зраблю брыдоту і буду пакланяцца кавалку дрэва?»

20 Такі вось корміцца попелам, сэрца падманутае зьвяло яго, і ня выратуе ён душы сваёй, і ня скажа: «Ці ж не падман я трымаю ў правай руцэ маёй?»

21 Памятай пра гэта, Якуб, і ты, Ізраіль, бо ты — слуга Мой, Я ўкшталтаваў цябе, ты — слуга Мой, Ізраіль, не забывайся пра Мяне.

22 Я разьвеяў, як хмару, правіны твае, і грахі твае — як воблака. Вярніся да Мяне, бо Я адкупіў цябе!

23 Радуйцеся, нябёсы, бо ГОСПАД зрабіў гэта; усклікайце, глыбіні зямлі! Радасна гукайце, горы і лес, і ўсе дрэвы ў ім, бо ГОСПАД адкупіў Якуба і праславіўся ў Ізраілі.

24 Гэта кажа ГОСПАД, Адкупіцель твой, Які ўкшталтаваў цябе ад улоньня [маці]: «Я — ГОСПАД, Які зрабіў усё, Які Сам расьцягнуў неба і ўмацаваў зямлю. І хто [тады] быў са Мною?

25 Я зьнішчаю знакі брахлівых і выяўляю дурасьць прадказальнікаў, адсылаю назад мудрацоў і веданьне іхняе ператвараю ў глупоту.

26 Я сьцьвярджаю слова слугі Майго, і выконваю раду пасланцоў Маіх. Я кажу Ерусаліму: “Ты будзеш заселены!”, і гарадам Юды: “Вы будзеце адбудаваныя, і руіны вашыя Я аднаўлю”.

27 Я кажу бездані: “Высахні, і Я высушу рэкі твае”.

28 Я кажу пра Кіра: “Пастыр Мой”, і ён выканае ўсю волю Маю і скажа Ерусаліму: “Ты будзеш адбудаваны!”, а сьвятыні: “Ты будзеш закладзена!”»

 

Разьдзел 45

1 Гэта кажа ГОСПАД да памазанца Свайго Кіра: «Я моцна трымаю цябе за правую руку тваю, каб скарыць перад абліччам тваім народы і зьняць паясы са сьцёгнаў валадароў, каб адчыніць перад абліччам тваім дзьверы і каб брамы не былі зачынены.

2 Я пайду перад абліччам тваім, і зраўняю ўзвышанае, і дзьверы мядзяныя разаб’ю, і засаўкі жалезныя паламаю.

3 І дам табе скарбы, якія ў цемры, і багацьці схаваныя, каб ты ведаў, што Я — ГОС­ПАД, Які паклікаў цябе імем тваім, Бог Ізраіля.

4 Дзеля слугі Майго Якуба і дзеля Ізраіля, выбранца Майго, Я назваў цябе імем тваім, вызначыў цябе, хоць ты ня ведаеш Мяне.

5 Я — ГОСПАД, і няма іншага. Акрамя Мяне няма Бога. Я падперазаў цябе, хоць ты ня ведаеш Мяне,

6 каб ведалі ад усходу сонца аж да захаду, што акрамя Мяне няма нічога. Я — ГОС­ПАД, і няма іншага.

7 Я ўкшталтаваў сьвятло і стварыў цемру, раблю мір і ствараю ліхоту. Я — ГОС­ПАД, Які робіць усё гэта».

8 Крапіце, нябёсы, з гары, і з хмараў няхай ліецца праведнасьць, няхай раскрыецца зямля і вырасьціць збаўленьне; і няхай праведнасьць вырасьце разам [з ім]. Я, ГОСПАД, стварыў гэта.

9 Гора таму, хто спрачаецца з Творцам сваім, чарапок паміж чарапкоў зямных! Ці кажа гліна ганчару: «Што ты робіш?», або ці кажа выраб [майстру]: «Ты ня маеш рук»?

10 Гора таму, хто кажа баць­ку: «Навошта ты нарадзіў [мяне]?», або маці: «Навошта ты нарадзіла [мяне]?»

11 Гэта кажа ГОСПАД, Сьвяты Ізраіля і Творца ягоны: «Вы пытаеце Мяне пра будучыню сыноў Маіх і загадваеце Мне пра творы рук Маіх?

12 Я зрабіў зямлю, і чалавека на ёй Я стварыў, рукі Мае расьцягнулі неба, і Я загадваў усяму войску ягонаму.

13 Я падняў яго ў праведнасьці і ўсе шляхі ягоныя раўняю. Ён адбудуе горад Мой і вызваліць палонных Маіх, бяз выкупу і без аднагараджэньня, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.

14 Гэта кажа ГОСПАД: «Праца Эгіпту і прыбытак Кушу, і Савейцы, людзі высокія, пяройдуць да цябе і будуць тваімі; яны пойдуць за табой, пойдуць у кайданах, будуць пакланяцца табе і ўмольваць цябе: “Толькі ў цябе ёсьць Бог, і няма іншага”».

15 Сапраўды, Ты — Бог таямнічы, Бог Ізраіля, Збаўца!

16 Зьніякавеюць і асаромяцца ўсе разам, і пойдуць у ганьбе тыя, якія робяць выявы [ідалаў].

17 Ізраіль будзе збаўлены ГОС­ПАДАМ збаўленьнем вечным. Ня будзеце вы асаромленыя і ня будзеце зьняважаныя на вякі вечныя.

18 Бо гэта кажа ГОСПАД, Творца неба, Ён — Бог, Які ўкшталтаваў зямлю і зрабіў яе, Ён умацаваў яе, Ён стварыў яе, каб не была пустэчай, але ўкшталтаваў яе для пражываньня: «Я — ГОСПАД, і няма іншага».

19 Не прамаўляў Я патаемна ў цёмным закутку зямлі, не казаў Я насеньню Якуба: «Дарэмна вы шукаеце Мяне». Я — ГОСПАД, Які гаворыць пра праведнасьць, абвяшчае справядлівасьць.

20 Зьбярыцеся і прыходзьце, наблізьцеся разам, выратаваныя з народаў. Ня ведаюць [нічога] тыя, якія носяць драўлянага ідала свайго і моляцца да бога, які ня можа збавіць.

21 Распавядзіце і наблізьцеся, і будзем радзіцца разам. Хто расказаў пра гэта здаўна, і хто распавёў пра гэта раней? Ці ж ня Я, ГОСПАД? Бо няма іншага Бога акрамя Мяне, Бога праведнага і Таго, Хто збаўляе. Няма іншага апрача Мяне.

22 Павярніцеся да Мяне і будзеце збаўленыя, усе канцы зямлі, бо Я — Бог, і няма іншага.

23 Я прысягнуў на Самога Сябе, з вуснаў Маіх выйшла праведнасьць, слова, якое не вяртаецца, бо перада Мною схіліцца кожнае калена і [Мною] будзе прысягаць кожны язык.

24 «Толькі ў ГОСПАДЗЕ, — скажуць пра Мяне, — праведнасьць і сіла! Да Яго прыйдуць і будуць асаромлены ўсе, якія працівяцца Яму».

25 У ГОСПАДЗЕ будзе апраўдана і ўслаўлена ўсё насеньне Ізраіля.

 

Разьдзел 46

1 Упаў Бэль, сагнуўся Нэво. Сталіся ідалы іхнія для зьвяроў і для скаціны. Тое, што насілі вы [на руках], палажылі як цяжар на змучаную [жывёлу].

2 Разам яны пазгіналіся і паваліліся, не змаглі вытрымаць цяжару, і душы іхнія пайшлі ў палон.

3 Паслухайце Мяне, дом Якуба і ўся рэшта дому Ізраіля, якіх Я ўзяў ад улоньня [маці], насіў [на руках] ад нараджэньня.

4 І да вашай старасьці Я — Той Самы, і да сівізны Я буду трымаць вас; Я зрабіў [вас], і Я буду насіць [вас], буду трымаць і збаўляць.

5 Да каго падобным і роўным вы зробіце Мяне? І з кім Мяне параўнаеце і да каго ўпадобніце?

6 Тыя, што выцягваюць золата з капшука і срэбра важаць на вагах, наймаюць залатара, каб зрабіў бога, і кленчаць перад ім, і пакланяюцца яму,

7 падымаюць яго на плечы і носяць, і стаўляюць яго на месцы ягоным; і ён стаіць, і з месца свайго ня рухаецца, а калі хто кліча яго, не адказвае і ад бяды не ратуе.

8 Памятайце пра гэта і будзьце дарослымі! Вазьміце гэта да сэрца, адступнікі!

9 Памятайце пра [падзеі] мінулыя, адвечныя, бо Я — Бог, і няма іншага Бога, няма падобнага да Мяне.

10 Я прадказваю ад пачатку тое, што мае быць, і наперад — тое, што [яшчэ] ня сталася. Я кажу: «Рада Мая зьдзейсьніцца, і Я выканаю ўсю волю Маю».

11 Я клічу з усходу птушку драпежную, і з зямлі далёкай — чалавека, [які выканае] раду Маю. Што Я прамовіў, тое і споўню, і што вырашыў, тое і зраблю.

12 Слухайце Мяне, цьвёрдыя сэрцам, далёкія ад праведнасьці!

13 Я наблізіў праведнасьць  Маю, яна ўжо недалёка, і збаўленьне Маё не замарудзіць, і Я дам на Сыёне збаўленьне, і Ізраілю — славу Маю.

 

Разьдзел 47

1 Зыйдзі і сядзь у пыл, дзяўчына, дачка Бабілону! Сядзь на зямлі, без пасаду, дачка Халдэйцаў! Бо ты больш ня будзеш называцца чульлівай і далікатнай.

2 Вазьмі жорны і мялі муку, і здымі вэлюм твой, падкашы сукенку, адкрый ногі, пераходзь праз рэкі.

3 І будзе адкрыты сорам твой, і ўбачаць ганьбу тваю! Я адпомшчу і не пашкадую нікога.

4 Адкупіцель наш, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае, Сьвяты Ізраіля [кажа].

5 Сядзь моўчкі і ўвайдзі ў цемру, дачка Халдэйцаў, бо не назавуць цябе больш гаспадыняй над валадарствамі.

6 Я загневаўся на народ Мой, апаганіў спадчыну Маю і аддаў іх у руку тваю, а ты не зьявіла ім ласкі, над старымі вельмі зацяжэла ярмо тваё.

7 Ты казала: «Вечна я буду гаспадыняй», і не ўяўляла ў сэрцы тваім гэтага, і не нагадвала сабе пра канец твой.

8 А цяпер паслухай гэта, прыгажуня, якая жывеш у бясьпецы, якая кажаш у сэрцы сваім: «[Толькі] я, і акрамя мяне [няма] нікога, не застануся ўдавой і не зазнаю сіроцтва!»

9 Але прыйдзе да цябе і тое, і іншае. Раптам, у адзін дзень і сіроцтва, і ўдоўства зваляцца на цябе, нягледзячы на мноства чараваньняў тваіх, нягледзячы на моц мноства заклёнаў тваіх.

10 Бо ты спадзявалася на злоснасьць тваю і казала: «Ніхто ня ўбачыць мяне». Мудрасьць твая і веданьне тваё падманулі цябе, і ты сказала ў сэрцы тваім: «Я, і больш ніхто!»

11 Таму прыйдзе на цябе гора, і ня будзеш ведаць заклёну супраць яго, і спадзе на цябе бяда, і ня зможаш пазьбег­нуць яе, і прыйдзе на цябе раптам зьнішчэньне, пра якое ня ведаеш.

12 Заставайся з заклёнамі тваімі і з мноствам чараваньняў тваіх, у якіх практыкавалася ад юнацтва твайго. Можа, будзеш мець з іх карысьць, а можа, напалохаеш [каго].

13 Ты стамілася ад мноства дарадцаў тваіх. Няхай ста­нуць і ратуюць цябе тыя, якія мераюць неба і глядзяць за зоркамі, і прадказваюць на кожны месяц, што мае прыйсьці да цябе.

14 Вось, яны сталіся, як салома, агонь спаліць іх, і ня выратуюць яны душы сваёй ад рукі агню; бо гэта ня жар, якім грэюцца, гэта ня вогнішча, каб сядзець пры ім.

15 Такімі стануць для цябе тыя, з якімі ты працавала, якія атачалі цябе ад юнацтва твайго. Кожны будзе блукаць у свой бок, і ніхто не ўратуе цябе.

 

Разьдзел 48

1 Слухайце гэта, дом Якуба, якія называецеся імем Ізраіля і якія выйшлі з водаў Юды, якія прысягаеце ў імя ГОСПАДА і Бога Ізраіля ўзгадваеце, [хоць] ня ў праўдзе і ня ў праведнасьці.

2 Бо вы ад горада сьвятога называецеся і абапіраецеся на Бога Ізраіля, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.

3 Пра мінулае Я здаўна паведаміў вам, з вуснаў Маіх яно выйшла, і  Я абвяшчаў пра яго, і раптам зрабіў гэта, і яно сталася.

4 Я ведаў, што ты ўпарты, і што карак твой жалезны, а лоб твой — мядзяны.

5 І Я прадказваў табе даўно, перш чым споўнілася гэта, расказаў табе, каб ты не сказаў: «Ідал мой зрабіў гэта, і адліты ідал мой і рэзьблены ідал мой загадалі гэта».

6 Ты чуў і бачыў усё гэта, хіба цяпер не прызнаеш [гэта]? А цяпер Я абвяшчаю табе новае і таемнае, чаго ты ня ведаеш.

7 Цяпер яно створана, а не здаўна і не за дзень, і ты ня чуў пра гэта, каб ты не сказаў: «Вось, я ведаў гэта».

8 Ты нічога ня чуў, і нічога ня ведаў, і здаўна не адкрылася [гэта] для вуха твайго, бо Я ведаў, што ты здраднікам і бунтаўніком называешся ад улоньня [маці].

9 Дзеля імя Майго Я стрымаю гнеў Мой і дзеля хвалы Маёй стрымаю Сябе, каб ня зьнішчыць цябе.

10 Вось, Я ператапіў цябе, але ня як срэбра, Я выспрабаваў цябе ў печы нядолі.

11 Дзеля Сябе, дзеля Сябе Самога Я раблю [гэта], каб не было зьняважана [імя Маё]. І славы Маёй Я не аддам другому.

12 Слухай Мяне, Якуб, і Ізраіль, якога Я паклікаў. Гэта Я, Я — першы, і Я — апошні.

13 Рука Мая заснавала зямлю, і правіца Мая расьцягнула неба. Я клічу іх, і яны становяцца разам.

14 Зьбярыцеся ўсе і слухайце. Хто з вас распавёў пра гэта? ГОСПАД любіць [яго], і ён выканае волю Ягоную ў Бабілоне, і рамяно Ягонае — на Халдэйцах.

15 Я, Я прамовіў [гэта] і паклікаў яго, прывёў яго і даў посьпех шляху ягонаму.

16 Наблізьцеся да Мяне і паслухайце гэта. Спрадвеку Я не гаварыў патаемна. Ад часу, калі гэта дзеялася, Я быў там. І цяпер Госпад ГОСПАД паслаў Мяне і Дух Ягоны.

17 Гэта кажа ГОСПАД, Адкупіцель твой, Сьвяты Ізраіля: «Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вучыць цябе карыснаму, Які вядзе цябе на шляху, па якім ідзеш.

18 Калі б ты зважаў на прыказаньні Мае, стаўся б супакой твой, як рака, і праведнасьць твая — як хвалі марскія.

19 І было б насеньне тваё, як пясок, а нашчадкі ўлоньня твайго — як зярняткі пяску, і не было б зьнішчанае і сьцёртае імя тваё перад абліччам Маім!»

20 Выходзьце з Бабілону, уцякайце ад Халдэйцаў! З гоманам радасьці абвяшчайце, няхай чуюць гэта, разьнясіце гэта аж да краю зямлі, кажыце: «ГОСПАД адкупіў слугу Свайго Якуба».

21 Ня смагнулі яны, калі Ён вёў іх праз пустыні. Ён вывеў ім ваду са скалы, рашчапіў скалу, і пацякла вада.

22 Няма супакою для бязбожнікаў, кажа ГОСПАД.

 

Разьдзел 49

1 Паслухайце Мяне, астравы, зважайце, далёкія народы! ГОСПАД паклікаў Мяне з улоньня [маці], ад чэрава маці Маёй Ён узгадаў імя Маё.

2 І зрабіў Ён вусны Мае, як меч востры; у ценю рукі Сваёй схаваў Мяне. І зрабіў Ён з Мяне стралу вострую, і схаваў Мяне ў сагайдаку Сваім.

3 І сказаў Мне: «Ты — слуга Мой, Ізраіль, у Табе Я праслаўлюся».

4 А Я сказаў: «Надарма Я працаваў, на пустое і марнае выдаткаваў Я сілу Маю. Аднак суд Мой у ГОСПАДА, і ўзнагарода Мая — у Бога Майго».

5 І цяпер кажа ГОСПАД, Які ўкшталтаваў Мяне ад улоньня [маці] на слугу Сабе, каб навярнуць Якуба да Сябе і каб Ізраіль для Яго быў сабраны. І Я праслаўлены ў вачах ГОСПАДА, і Бог Мой стаўся моцай Маёй.

6 І Ён сказаў: «Замала таго, каб Ты быў для Мяне слугою, каб аднавіць калены Якуба і каб вярнуць выратаваных Ізраіля, але Я пастаўлю Цябе Сьвятлом для народаў, каб быў Ты збаўленьнем Маім аж да краю зямлі».

7 Гэта кажа ГОСПАД, Адкупіцель Ізраіля, Сьвяты ягоны, да пагарджанай душы, да Таго, Якім брыдзяцца народы, да Слугі тых, што пануюць: «Валадары ўбачаць Цябе, і паўстануць князі і паклоняцца дзеля ГОСПАДА, бо Ён верны, і [дзеля] Сьвятога Ізраіля, Які выбраў Цябе».

8 Гэта кажа ГОСПАД: «У час ласкі Я адказаў Табе, і ў дзень збаўленьня Я дапамог Табе, і Я захаваю Цябе, і пастаўлю Цябе запаветам для народу, каб аднавіць зямлю, каб разьдзяліць спадчыну спустошаную,

9 каб сказаць вязьням: “Выходзьце!”, а тым, якія ў цемры: “Зьявіцеся!” Яны будуць пасьвіцца на ўсіх дарогах, на ўсіх лысых узгорках будзе паша іхняя.

10 Ня будуць яны галадаць і ня будуць смагнуць, і ня ўдарыць іх сьпёка і сонца, бо Той, Які шкадуе іх, будзе весьці іх, і да крыніцаў водных павядзе іх.

11 Я зраблю ўсе горы Мае дарогаю, і сьцежкі Мае будуць узьнятыя.

12 Вось, тыя прыходзяць здалёк, а вось гэтыя — з поўначы і з захаду, а іншыя — з зямлі Сінім.

13 Радуйцеся, нябёсы, і весяліся, зямля! Гукаючы, гукайце, горы, ад радасьці! Бо пацешыў ГОСПАД народ Свой і зьлітаваўся над убогім Сваім.

14 А Сыён казаў: «Пакінуў мяне ГОСПАД, Госпад мой забыўся пра мяне!»

15 Ці ж забудзецца жанчына пра немаўля сваё, каб не пашкадавала сына ўлоньня свайго? Але [нават] калі яна забудзецца, Я не забудуся пра цябе!

16 Вось, Я запісаў цябе на далонях Маіх, муры твае перада Мною заўсёды.

17 Сьпяшаюцца тыя, якія будуюць цябе, а тыя, якія руйнавалі цябе і спусташалі цябе, адыйдуць ад цябе.

18 Падымі навокал вочы свае і паглядзі! Усе яны сабраліся і ідуць да цябе. Як жывы Я, кажа ГОСПАД, усіх іх ты ўз­ложыш [на сябе], як аздобу, і будзеш падвязаная імі як нявеста.

19 Бо руіны твае і спусташэньне тваё, і зямля зьнішчэньня твайго цяпер будзе цеснай для жыхароў, і адыйдуць далёка тыя, якія руйнавалі цябе.

20 Зноў скажуць у вушы твае сыны сіроцтва твайго: «Цеснае для мяне месца гэта, дай мне прастор, каб я мог пасяліцца».

21 І ты скажаш у сэрцы сваім: «Хто нарадзіў мне іх? Бо я была бязьдзетная і няплодная, выгнаная і заведзеная ў няволю. Дык хто выгадаваў іх? Вось, я засталася самотнай, а яны адкуль узяліся?»

22 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, Я падыму руку Маю да народаў, і да плямёнаў уздыму сьцяг Мой, і панясуць сыноў тваіх на руках, а дочкі твае будуць несены на плячах.

23 І будуць валадары выхавацелямі тваімі, а валадаркі іхнія — карміцелькамі тваімі. Абліччам да зямлі будуць пакланяцца табе і будуць лізаць пыл ног тваіх, і ты даведаешся, што Я — ГОСПАД, і ня будуць асаромлены тыя, якія спадзяюцца на Мяне».

24 Ці ж можна забраць у волата здабычу, або ці палоненыя пераможцам могуць быць выратаваныя?

25 Бо гэта кажа ГОСПАД: «Нават палоненыя волатам будуць забраныя [ў яго], і здабыча прыгнятальніка будзе выратаваная. Я буду змагацца з супраціўнікам тваім, і сыноў тваіх Я збаўлю.

26 І Я прымушу крыўдзіцеляў тваіх есьці цела сваё, і ўласнай крывёю яны нап’юцца, быццам маладым віном. І даведаецца кожнае цела, што Я — ГОСПАД, Збаўца твой і Адкупіцель твой, Моцны Якуба».

 

Разьдзел 50

1 Гэта кажа ГОСПАД: «Дзе ліст разводны маці вашай, з якім Я адаслаў яе? Або хто пазыкадавец Мой, якому Я прадаў вас? Вось, за правіны вашыя былі вы прададзеныя, і за злачынствы вашыя адасланая маці вашая.

2 Чаму, калі Я прыйшоў, не было нікога? Я клікаў, і ні­хто не адказваў? Ці ж кароткай стала рука Мая, каб вызваляць? Ці ж ня маю Я сілы, каб выратоўваць? Вось, пагрозай Маёй Я высушваю мора, перамяняю рэкі ў пустыню, і гніюць рыбы іхнія без вады, і дохнуць ад смагі.

3 Я апранаю ў цемру неба і зрэбніцу раблю пакрыцьцём ягоным».

4 Госпад ГОСПАД даў Мне язык вучня, каб Я ведаў, як падтрымаць зьняможанага словам бадзёрым. Кожную раніцу Ён абуджае вуха Маё, каб Я слухаў Яго, як вучань.

5 Госпад ГОСПАД адкрыў Мне вуха, і Я не супрацівіўся, не адступіўся назад.

6 Сьпіну Маю Я падставіў тым, якія б’юць, і шчокі Мае — тым, якія ўдараюць. Аблічча Маё Я не схаваў ад ганьбы і пляваньня.

7 Але Госпад ГОСПАД дапаможа Мне, таму Я не саромеюся, таму Я зрабіў аблічча Маё як крэмень, і ведаю, што ня буду ў ганьбе.

8 Блізка Той, Які апраўдвае мяне. Хто будзе спрачацца са Мною? Станьма [насупраць] разам! Хто абвінаваўца ў судзе Маім? Няхай падыйдзе да Мяне.

9 Вось, Госпад ГОСПАД дапаможа Мне. Хто будзе вінаваціць Мяне? Вось, усе яны спарахнеюць, як адзеньне, і моль зьесьць іх.

10 Хто з вас баіцца ГОСПАДА, няхай слухае голас Слугі Ягонага! Хто ходзіць у цемры і няма яму сьвятла, няхай спадзяецца на імя ГОСПАДА і няхай абапіраецца на Бога свайго.

11 Вось, вы ўсе, якія распальваеце агонь, узбройваецеся стрэламі вогненнымі, ідзіце ў полымя агню вашага, сярод стрэлаў вогненных, якія вы распалілі. Гэта рука Мая зрабіла вам, і вы будзеце качацца ў пакутах.

 

Разьдзел 51

1 Слухайце Мяне вы, якія імкнецеся да праведнасьці, якія шукаеце ГОСПАДА. Паглядзіце на скалу, з якой вы высечаныя, і на глыбіню ямы, з якой вы выцягнутыя.

2 Паглядзіце на Абрагама, бацьку вашага, і на Сару, якая нарадзіла вас, бо Я паклікаў яго аднаго і дабраславіў яго, і памножыў яго.

3 Бо пацешыць ГОСПАД Сыён, пацешыць усе руіны ягоныя, і зробіць Ён пустыню ягоную як Эдэм, і стэп ягоны — як сад ГОСПАДА. І будуць знойдзены ў ім вясёласьць і радасьць, дзякаваньне і голас сьпяваньня.

4 Паслухай Мяне, народзе Мой, племя Маё, прыхілі вуха да Мяне, бо Закон выйдзе ад Мяне, і суд Мой Я пастаўлю як сьвятло для народаў.

5 Блізка праведнасьць Мая, выходзіць збаўленьне Маё, і рамяно Маё будзе судзіць народы; на Мяне чакаюць астравы і на рамяно Маё спадзяюцца.

6 Узьніміце да неба вочы свае і гляньце на зямлю ўнізе, бо неба, як дым счэзьне, і зямля як адзеньне распадзецца, і жыхары ейныя як камары пагінуць, а збаўленьне Маё будзе вечным, і праведнасьць Мая ня спыніцца.

7 Паслухайце Мяне вы, якія ведаеце праведнасьць, народ, у сэрцы якога Закон Мой. Ня бойцеся ганьбаваньня ад людзей і не палохайцеся зьнявагаў іхніх.

8 Бо як адзеньне, зьесьць іх моль, і як воўну, зьесьць іх чарвяк, а праведнасьць Мая будзе вечная, і збаўленьне Маё — з пакаленьня ў пакаленьне.

9 Абудзіся, абудзіся! Апраніся ў магутнасьць, рамяно ГОСПАДА! Прабудзіся, як у дні старадаўнія, як у пакаленьнях [мінулых] вякоў. Ці ж ня Ты — Той, Які пасек Рагава, прабіў цмока?

10 Ці ж ня Ты — Той, Які высушыў мора, ваду вялікага бяздоньня, глыбіні мора зрабіў шляхам, каб ішлі адкупленыя?

11 Так вызваленыя ГОСПАДАМ вернуцца і прыйдуць на Сыён са сьпяваньем; і ра­дасьць вечная над галовамі іхнімі; і яны атрымаюць радасьць і вясёласьць, а смутак і ўздыханьне ўцякуць.

12 Я, Я — Той, Які пацяшае вас! Хто ты, што баішся чалавека, які памірае, і сына чалавечага, які як трава [высыхае]?

13 І ты забываешся пра ГОСПАДА, Які зрабіў цябе, Які расьцягнуў неба і заснаваў зямлю, і ты ўсьцяж, кожны дзень баішся гневу прыгнятальніка, які гатовы [цябе] загубіць. Але дзе той гнеў прыгнятальніка?

14 Хутка палонны будзе вызвалены і не памрэ ў яме, і ня будзе бракаваць яму хлеба.

15 Бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Які ўзбурвае мора, і ўздымаюцца хвалі ягоныя, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.

16 І Я ўлажыў словы Мае ў вусны твае, і ў ценю рукі Маёй Я схаваў цябе, каб расьцягнуць неба і заснаваць зямлю, і сказаць Сыёну: «Ты — народ Мой!»

17 Абудзіся, абудзіся, устань, Ерусалім, ты, які піў з рукі ГОСПАДА келіх гневу Ягонага, выпіў фуз з келіху ап’яненьня, выпіў да дна.

18 Не было нікога, хто б падтрымаў яго. З усіх сыноў, якіх ён нарадзіў, і з усіх сыноў, якіх выгадаваў, не было ніводнага, хто б падтрымаў руку ягоную.

19 Вось, дзьве [бяды] спаткалі цябе, але хто пашкадуе цябе? Спусташэньне і загуба, голад і меч, і хто пацешыць цябе?

20 Сыны твае зьнясіленыя, ляжаць на скрыжаваньнях усіх вуліцаў як сарна ў цянётах, поўныя гневу ГОСПАДА, пагрозаў Бога твайго.

21 Дзеля гэтага паслухай гэта, гаротны і ап’янелы, але не ад віна.

22 Гэта кажа Госпад твой, ГОСПАД, Бог твой, Які заступаецца за народ Свой: «Вось, Я забіраю з рукі тваёй келіх ап’яненьня, фуз з келіху гневу Майго, і ты ня будзеш больш піць яго.

23 І Я дам яго ў рукі тых, якія прыгняталі цябе і казалі да душы тваёй: “Схіліся, каб мы прайшлі [па табе]!” І ты лажыў сьпіну тваю як зямлю і як вуліцу для тых, што праходзяць».

 

Разьдзел 52

1 Абудзіся, абудзіся! Апрані моц тваю, Сыёне! Апрані шаты прыгажосьці тваёй, Ерусаліме, горад сьвяты! Бо ня ўвойдзе больш да цябе неабрэзаны і нячысты.

2 Абтрасіся ад пылу, устань, і сядай, Ерусаліме! Разьвяжы путы на шыі тваёй, паланянка, дачка Сыёну!

3 Бо гэта кажа ГОСПАД: «Задарма вы былі прададзеныя, і будзеце не за срэбра адкупленыя».

4 Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: «Народ Мой перш зыйшоў у Эгіпет, каб жыць там, і Ашур без прычыны прыгнятаў яго.

5 А цяпер што Мне тут [рабіць], кажа ГОСПАД, бо народ Мой забраны дарма? Тыя, што пануюць над імі, хваляцца, кажа ГОСПАД, і ўсьцяж, кожны дзень імя Маё зьневажаюць.

6 Дзеля таго народ Мой даведаецца імя Маё ў гэты дзень, бо Я — Той, Які гаворыць: “Вось Я!”»

7 Якія прыгожыя на гарах ногі тых, што дабравесь­цяць і абвяшчаюць мір, дабравесьцяць дабро і абвяшчаюць збаўленьне, кажуць Сыёну: «Валада­рыць Бог твой»!

8 Голас вартаўнікоў тваіх, яны ўзьнімаюць голас, разам сьпяваюць, бо на ўласныя вочы бачаць, як ГОСПАД вяртаецца на Сыён.

9 Гаманіце радасна і сьпявайце разам, руіны Ерусаліму, бо пацешыў ГОСПАД народ Свой, адкупіў Ерусалім!

10 Зьявіў ГОСПАД рамяно сьвятасьці Сваёй на вачах усіх народаў, і ўбачаць усе канцы зямлі збаўленьне Бога нашага.

11 Ідзіце, ідзіце! Выходзьце адтуль! Не дакранайцеся нячыстага! Выходзьце з сярэдзіны яго! Ачысьціцеся, вы, якія нясеце начыньні ГОСПАДА!

12 Бо вы выйдзеце, не сьпяшаючыся, і ня будзеце ісьці, быццам уцякаючы, бо пойдзе перад абліччам вашым ГОСПАД, а за вамі будзе аховай Бог Ізраіля.

13 Вось, будзе мець посьпех Слуга Мой, Ён узьнімецца і ўзьвялічыцца, і будзе вельмі вялікі.

14 Як шмат [людзей] аслупянела, [гледзячы] на Яго, бо так нялюдзка быў зьнявечаны выгляд Ягоны і постаць Ягоная [стала непадобная] на сына чалавечага.

15 Так шматлікія народы зьдзівяцца, і валадары закрыюць вусны свае перад Ім, бо ўбачаць тое, пра што ім ніколі не расказвалі, і зразумеюць тое, пра што ня чулі.

 

Разьдзел 53

1 Хто паверыў вестцы нашай? І каму аб’явілася рамяно ГОСПАДА?

2 Бо Ён вырас, быццам парастак перад абліччам Ягоным, і нібы корань з зямлі сухой. Не было ў Ім ані прывабнасьці, ані прыгажосьці, і мы глядзелі на Яго, і не было выгляду ў Ім, каб нам спадабаўся.

3 Ён быў пагарджаны і адкінуты людзьмі, муж пакутаў, які паспытаў хваробы, і перад Ім закрывалі абліччы [свае]. Ён быў пагарджаны, і мы мелі Яго за нішто.

4 Але Ён узяў на Сябе немачы нашыя і панёс хваробы нашыя, а мы ўважалі Яго за асу­джанага, за пакаранага Богам і прыніжанага.

5 Але Ён быў прабіты за грахі нашыя, быў катаваны за беззаконьні нашыя; пакараньне [дзеля] міру нашага [было] на Ім, і ранамі Ягонымі мы аздароўлены.

6 Усе мы як авечкі заблукалі, кожны з нас зьвярнуў на шлях свой, і ГОСПАД узлажыў на Яго беззаконьне ўсіх нас.

7 Мучылі Яго, і зьдзекваліся з Яго, і Ён не адкрыў вуснаў Сваіх. Як ягня, ведзенае на зарэз, і як авечка нямая перад абліччам тых, якія стрыгуць яе, так Ён не адкрыў вуснаў Сваіх.

8 Пасьля вязьніцы і суду Ён быў забраны, і пра паходжаньне Ягонае хто раскажа? Бо Ён быў вырваны з зямлі жывых, за правіны народу Майго быў пакараны.

9 І дадзена Яму магіла сярод бязбожнікаў, але ў багатага пахавалі Яго, хоць [нікому] не зрабіў Ён крыўды і не было падману ў вуснах Ягоных.

10 А ГОСПАД зажадаў скрышыць Яго і аддаць на пакуты. Калі Ён аддасьць душу Сваю ў ахвяру за грэх, Ён убачыць насеньне [Сваё] і бу­дзе мець доўгія дні, і жаданьне ГОСПАДА будзе рукою Ягонай споўнена.

11 Пасьля пакутаў душы Сваёй Ён убачыць [сьвятло] і насыціцца. Праведны Слуга Мой праз пазнаньне Сваё апраўдае многіх, і беззаконьні іхнія Ён панясе.

12 Дзеля гэтага Я дам Яму [частку] сярод многіх, і з магутнымі Ён будзе дзяліць здабычу за тое, што Ён аддаў душу Сваю на сьмерць, і ў злачынцы быў залічаны. І Ён панёс на Сабе грахі многіх, і заступіўся за злачынцаў.

 

Разьдзел 54

1 Радуйся, няплодная, якая не нараджала, галасі радасна і весяліся ты, якая не спазнала родаў, бо больш сыноў у кінутай, чым сыноў у замужняй, кажа ГОСПАД.

2 Пашыр месца намёту твайго, расьцягні пакрыцьці жытла твайго, ня стрымлівай сябе, папусьці даўжэй вяроўкі твае, умацуй калкі твае.

3 Бо ты пашырышся направа і налева, і насеньне тваё возьме ў спадчыну народы і заселіць гарады спустошаныя.

4 Ня бойся, бо не дазнаеш сораму, і не чырваней, бо ня будзеш у ганьбе, бо забудзешся пра сорам маладосьці тваёй і ня будзеш больш памятаць пра ганьбу ўдаўства твайго.

5 Бо Той, Які ўзяў за жонку цябе — [ гэта] Той, Які зрабіў цябе. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае, і Адкупіцель твой — Сьвяты Ізраіля, Яго называюць Богам усёй зямлі.

6 Бо, як жанчыну кінутую і засмучаную духам, паклікаў цябе ГОСПАД, і як да пакінутай жонкі маладосьці кажа Бог твой.

7 На хвіліну малую Я пакінуў цябе, але з літасьцю вялікай прыму цябе.

8 У запале гневу Я схаваў на хвіліну аблічча Маё ад цябе, але ў міласэрнасьці вечнай пашкадаваў цябе, кажа Адкупіцель твой, ГОСПАД.

9 Як воды Ноя гэта для Мяне. Калі Я прысягнуў яму, што ня прыйдуць больш воды Ноя на зямлю, так прысягаю і табе, што ня буду гневацца на цябе і дакараць цябе.

10 Бо горы зрушацца і ўзгоркі захістаюцца, але міласэр­насьць Мая не адыйдзе ад цябе, і запавет супакою Майго не пахісьнецца, кажа ГОСПАД, Які літуецца над табою.

11 Няшчасная, кіданая бурамі, без пацяшэньня! Вось, Я пакладу на малахіце камяні твае і падмуркі твае — на шафірах.

12 І Я зраблю вокны твае з рубінаў, а брамы твае — з камянёў гранату, а ўсю агароджу тваю — з камянёў каштоўных.

13 І ўсе сыны твае [стануць] вучнямі ГОСПАДА, і вялікі супакой [дам] сынам тваім.

14 І будзеш ты ўмацаваная ў праведнасьці, і будзеш далёкая ад уціску, бо ня будзеш баяцца, і [далёкая] ад страху, бо ён не наблізіцца да цябе.

15 Калі прыйдзе навала на цябе, гэта [будзе] не ад Мяне, і той, хто на цябе нападзе, упа­дзе перад табою.

16 Вось, Я стварыў каваля, які дзьме на жар агню і выцягвае з яго прылады для працы сваёй. І Я стварыў нішчыцеля, каб пустошыць.

17 Усякая прылада, вырабленая супраць цябе, ня будзе мець посьпеху, і кожны язык, які стане супраць цябе ў судзе, ты асудзіш. Гэта — спадчына слугаў ГОСПАДА, і праведнасьць іхняя — ад Мяне, кажа ГОСПАД.

 

Разьдзел 55

1 Гэй, усе спрагнёныя, прыходзьце да вады, і тыя, што ня маюць срэбра, прыходзьце, купляйце і спажывайце; прыходзьце і купляйце бяз срэбра і бяз платы віно і малако!

2 Навошта вы адважваеце срэбра за тое, што ня хлеб, і працу сваю за тое, што не насыціць? Слухаючы, паслухайце Мяне і будзеце есьці [тое, што] добрае, і будзе насалоджвацца тлустым душа вашая.

3 Прыхіліце вуха сваё і прыйдзіце да Мяне, паслухайце, і будзе жыць душа вашая! І Я заключу з вамі запавет вечны дзеля нязьменнай міласэрнасьці, [абяцанай] Давіду.

4 Вось, Я паставіў яго сьведкам для народаў і правадыром, які дае загады людзям.

5 Вось, ты паклічаш народ, якога ня ведаеш, і народы, якія цябе ня ведалі, прыбягуць да цябе дзеля ГОСПАДА, Бога твайго, і дзеля Сьвятога Ізраіля, бо Ён уславіў цябе.

6 Шукайце ГОСПАДА, пакуль можна знайсьці Яго, клічце Яго, пакуль Ён блізка!

7 Няхай бязбожнік пакіне шлях свой, а нягоднік — намеры свае, і няхай вернецца да ГОСПАДА, і Ён зьлітуецца над ім, і да Бога нашага, бо Ён шчодры на прабачэньне.

8 Бо думкі Мае — гэта ня думкі вашыя, і шляхі вашыя — гэта не шляхі Мае, кажа ГОСПАД.

9 Бо як неба высока над зямлёю, так вышэйшыя шляхі Мае ад шляхоў вашых, і думкі Мае — ад думак вашых.

10 Бо як дождж або сьнег зыходзіць з неба і назад не вяртаецца, аж пакуль не напоіць зямлю і ня зробіць, каб яна ра­дзіла і давала зеляніну, і давала насеньне таму, хто сее, і хлеб таму, хто есьць,

11 так і слова Маё, якое выходзіць з вуснаў Маіх. Яно не вяртаецца да Мяне пустым, але зьдзяйсьняе тое, што Я жадаю, і мае посьпех у тым, дзеля чаго Я паслаў яго.

12 Бо вы з радасьцю выйдзеце, і ў супакоі правядуць вас. Горы і ўзгоркі перад вамі будуць цешыцца са сьпяваньнем, а ўсе дрэвы палявыя будуць пляскаць у далоні.

13 Замест церняў вырасьце кіпарыс, замест крапівы вырасьце мірт, і будзе гэта на хвалу ГОСПАДУ, як знак вечны, які ня будзе зьнішчаны.

 

Разьдзел 56

1 Гэта кажа ГОСПАД: «Захоўвайце суд і чыніце праведнасьць, бо неўзабаве прыйдзе збаўленьне Маё, і праведнасьць Мая аб’явіцца».

2 Шчаслівы чалавек, які так робіць, і сын чалавечы, які трымаецца гэтага, які захоўвае суботу, каб не паганіць яе, і захоўвае руку сваю, каб не рабіць ніякага зла.

3 Няхай ня кажа сын чужынца, які далучыўся да ГОСПАДА, кажучы: «Адлучаючы, адлучыць мяне ГОСПАД ад народу Свайго». Няхай ня кажа эўнух: «Вось, я — дрэва сухое».

4 Бо гэта кажа ГОСПАД пра эўнухаў, якія захоўваюць суботы Мае і выбіраюць тое, што падабаецца Мне, і трымаюцца моцна запавету Майго:

5 «Я дам ім у доме Маім і ў мурах Маіх памяць і імя лепшае, чым у сыноў і дачок, дам ім імя вечнае, якое ня бу­дзе зьнішчана».

6 А сыноў чужынцаў, якія далучыліся да ГОСПАДА, каб служыць Яму і любіць імя ГОСПАДА, і быць для Яго слугамі, усіх, хто захоўвае суботу, каб не паганіць яе, і хто трымаецца моцна запавету Майго,

7 Я завяду на гару сьвятасьці Маёй і ўзрадую іх у доме малітвы Маім. Цэласпаленьні іхнія і ахвяры іхнія будуць даспадобы [Мне] на ахвярніку Маім, бо дом Мой будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў.

8 Кажа Госпад ГОСПАД, Які зьбірае выгнанцаў Ізраіля: «Яшчэ Я зьбяру [іншых] да яго, акрамя тых, якія ўжо сабраныя».

9 Усе зьвяры палявыя, прыходзьце, і ешце, усе зьвяры лясныя.

10 Вартаўнікі іхнія ўсе сьляпыя, нічога ня ведаюць. Усе яны — сабакі нямыя, якія ня могуць брахаць, дрэмлюць, вылежваюцца, любяць спаць.

11 І гэта сабакі ненажэрныя, якія ня ведаюць сытасьці! Гэта пастыры, якія ня маюць разуменьня, усе яны завярнулі на шлях свой, кожны [шукае] карысьці сваёй і ня маюць канца [ў гэтым],

12 [кажучы]: «Прыходзьце, я вазьму віна, і нап’емся сікеры, і заўтра будзе як сёньня, хіба нават лепш».

 

Разьдзел 57

1 Праведны гіне, і няма чалавека, які бярэ [гэта] да сэрца; людзі міласэрныя забіраюцца, і няма [нікога], хто б зразумеў, што ад аблічча зла забіраецца праведнік.

2 Ён адыходзіць у супакоі; супачываюць на ложках сваіх тыя, якія ходзяць [шляхам] простым.

3 Наблізьцеся сюды вы, сыны вядзьмаркі, насеньне чужаложніцы і распусьніцы.

4 З каго вы зьдзекуецеся? На каго раскрываеце рот і высоўваеце язык? Ці ж вы ня дзеці бунту, насеньне хлусьні?

5 Вы распаляецеся [юрлівасьцю] да ідалаў пад кожным дрэвам зялёным, забіваеце [ў ахвяру] дзяцей у ярах і ў шчылінах скалаў.

6 Гладкія [камяні] ў ярах — частка твая, яны, яны — жэрабя тваё. Для іх ты вылівала ахвяру вадкую, складала ахвяру хлебную. Ці ж гэтым Я маю быць усьцешаны?

7 На гары вялікай і высокай ты паставіла ложак свой, і туды ўзыйшла, каб ахвяроўваць ахвяры.

8 І за дзьвярыма і за вушакамі [дзьвярэй] ты паставіла памятку тваю, бо ты [далёка] ад Мяне, і распраналася, і ўзыходзіла, і пашырала ложак свой, і заключыла дамову з тымі, з кім любіш ляжаць, дзе месца нагледзіш.

9 І пайшла ты да валадара з алеем, і павялічыла масьці свае, і паслала далёка пасланцоў сваіх, і зыходзіла аж да адхлані.

10 Ты змучылася на шматлікіх шляхах тваіх, [але] не сказала: «Надарма!», і ты знаходзіла бадзёрасьць для рукі тваёй, таму не саслабела.

11 Каго ж ты спалохалася і збаялася, што падманвала і ня ўзгадвала пра Мяне, і не зьмя­сьціла [Мяне] ў сэрцы тваім? Ці ж не таму, што Я доўгі час маўчаў, ты не баішся Мяне?

12 Я выяўлю праведнасьць тваю і ўчынкі твае, і яны ня будуць на карысьць табе.

13 Калі будзеш клікаць, не абароніць цябе зграмаджэньне [ідалаў] тваіх, але ўсіх іх разьвее вецер і падхопіць бура. А хто спадзяецца на Мяне, возьме ў спадчыну зямлю і паселіцца на гары Маёй сьвятой.

14 І скажуць: «Прастуйце, прастуйце [дарогу], рыхтуйце шлях, прыбярыце перашкоды са шляху народу Майго».

15 Бо гэта кажа Высокі і Узьнесены, Які жыве вечна, і Сьвятое імя Ягонае: «Я жыву на вышынях і ў сьвятасьці, і [Я жыву] з тым, хто зламаны і спакораны духам, каб ажывіць дух пакорных і ажывіць сэрца прыгнечаных.

16 Бо Я ня буду вечна спрачацца і ня буду заўсёды гневацца, бо тады [ўсякі] дух зьнікне перад абліччам Маім і [ўсякае] дыханьне, якое Я зрабіў.

17 Я загневаўся і ўдарыў яго за беззаконьне хцівасьці ягонай, адвярнуўся і загневаўся; але ён, узбунтаваны, пайшоў па шляху сэрца свайго.

18 Я бачыў шляхі ягоныя, і Я аздараўлю яго, і павяду яго, і дам пацяшэньне яму і тым, якія сумуюць дзеля яго.

19 І Я ствару плод вуснаў. Супакой, супакой далёкім і блізкім, кажа ГОСПАД. І Я аздараўлю яго».

20 А бязбожнік — як мора ўзбуранае, якое ня можа супакоіцца, і воды ягоныя выкідаюць балота і бруд.

21 Няма супакою для бязбожных, кажа Бог мой.

 

Разьдзел 58

1 Крычы на [ўсё] горла, ня стрымлівайся! Як труба, узьнімі голас твой і абвяшчай народу Майму злачынствы іхнія, а дому Якуба — грахі іхнія.

2 Яны шукаюць Мяне з дня ў дзень і жадаюць ведаць шляхі Мае, быццам народ, які чыніць праведнасьць і не занядбоўвае суду Бога свайго. Пытаюцца Мяне пра суд праведны, наблізіцца да Бога жадаюць.

3 «Чаму мы посьцілі, а Ты ня бачыў? Мы мучылі душы нашыя, а Ты ня ведаеш?» Вось, у дзень посту вашага вы спаўняеце пажаданьні вашыя і ўсіх работнікаў сваіх вы прыгнятаеце.

4 Вось, вы посьціце, каб ва­дзіцца і сварыцца, і б’іцёся кулакамі нахабна. Ня трэба посьціць так, як у гэты дзень, каб быў выслуханы на вышынях голас ваш.

5 Ці ж гэта той пост, які Я выбраў, дзень, калі чалавек прыгнятае душу сваю, гне галаву сваю, як трысьціна, і ў зрэбніцу апранаецца, і попелам пасыпае [галаву]? Ці ж гэта ты называеш постам і днём, які ўпадабаў ГОСПАД?

6 Ці ж ня гэта пост, які Я выбраў: здымі кайданы бязбожнасьці, разьвяжы путы ярма, пусьці ўцісканых на свабоду і ўсякае ярмо скрышы.

7 Ці ж ня ў тым [пост], каб падзяліцца хлебам сваім з галодным, убогіх і бяздомных увесьці ў дом? Калі ўбачыш голага, апрані яго, і перад крэўным сваім не хавайся.

8 Тады зазіхціць сьвятло тваё, як зараніца, і рана твая хутка загоіцца, і пойдзе перад абліччам тваім праведнасьць твая, а слава ГОСПАДА будзе ісьці за табой.

9 Тады будзеш клікаць, і ГОСПАД адкажа, будзеш крычаць, і Ён скажа: «Вось Я!» Калі ты прыбярэш спаміж сябе ярмо і ня будзеш пагражаць пальцам і гаварыць ліхое,

10 і калі адкрыеш душу сваю галоднаму і душу засмучаную насыціш, тады заясьнее сьвятло тваё ў цемры, і змрок твой [стане] як [сьвятло] апоўдні.

11 І будзе ГОСПАД весьці цябе заўсёды, і насыціць душу тваю ў зямлі сухой, і ўмацуе косткі твае. І будзеш ты як сад паліваны, і як крыніца вады, у якой не сканчваецца вада ейная.

12 І адбудуюць [сыны] твае руіны адвечныя, ты адновіш падваліны многіх пакаленьняў, і назавуць цябе аднавіцелем выломаў, абнавіцелем шляхоў для засяленьня.

13 Калі ты дзеля суботы стрымаеш нагу тваю, каб не рабіць справаў тваіх у дзень Мой сьвяты, і назавеш суботу [днём] прыемным, сьвятым для ГОСПАДА і слаўным, і калі ўшануеш яе, каб не ісьці шляхамі сваімі, і ня будзеш шукаць, каб [рабіць] справу тваю і прамаўляць словы [пустыя],

14 тады ты будзеш насалоджвацца ГОСПАДАМ, і Ён падыме цябе на вышыні зямныя, і будзе карміць цябе спадчынай Якуба, бацькі твайго, бо вусны ГОСПАДА прамовілі гэта.

 

Разьдзел 59

1 Вось, рука ГОСПАДА не скарацілася, каб не магла дапамагчы, і вуха Ягонае ня стала цяжкім, каб ня чуць.

2 Бо беззаконьні вашыя аддзялілі вас ад Бога вашага, і грахі вашыя схавалі аблічча Ягонае ад вас, каб Ён [вас] ня чуў.

3 Бо далоні вашыя заплямленыя крывёю, а пальцы вашыя — беззаконьнем, вусны вашыя прамаўляюць хлусьню, язык ваш мармыча ліхое.

4 Няма [нікога], хто кліча пра праведнасьць, няма [нікога], хто судзіць справядліва. Спа­дзяюцца на пустое і гавораць марнае, зачынаюць гора і нараджаюць злачынства.

5 Выседжваюць яйкі гадзючыя і ткуць павуціньне; хто зьесьць яйкі іхнія, памірае, а з разьбітага [яйка] вылазіць гадзіна.

6 Павуціньне іхняе не прыдасцца на адзеньне, і нельга апрануцца ў вырабы іхнія; учынкі іхнія — учынкі злачынныя, і справа гвалту ў далонях іхніх.

7 Ногі іхнія бягуць да ліхоты і сьпяшаюцца, каб праліць кроў нявінную; думкі іхнія — думкі злачынныя, спусташэньне і загуба на дарогах іхніх.

8 Ня ведаюць яны шляху супакою, няма суду на сьцежках іхніх, яны скрывілі шляхі свае; кожны, хто ходзіць па іх, ня ведае супакою.

9 Дзеля гэтага суд аддаліўся ад нас, і не даходзіць да нас праведнасьць; чакаем сьвятла, а вось, цемра, і [чакаем] яснасьці, а ходзім у змроку.

10 Як сьляпыя, мацаем сьцены, і як без вачэй, навобмацак ходзім, спатыкаемся апоўдні, быццам у поцемках, поўныя сілаў, а быццам мёртвыя.

11 Усе мы рыкаем, быццам мядзьведзі, і як галубы стогнем. Чакаем суду, а яго няма, і збаўленьня, але яно далёка ад нас.

12 Бо памножыліся правіны нашыя перад Табою, і грахі нашыя сьведчаць супраць нас; бо правіны нашыя з намі, і беззаконьні нашыя мы ведаем.

13 Мы бунтуемся і хлусім супраць ГОСПАДА, і адступіліся ад Бога нашага; гаворым пра прыгнёт і здраду, падманваем і нараджаем у сэрцы словы фальшывыя,

14 І адступіўся назад суд, і праведнасьць стаіць здалёк, спатыкнулася праўда на плошчы, і справядлівасьць ня можа ўвайсьці.

15 І сталася, што праўда зьнікла, і той, хто ўцякае ад ліхоты, абрабаваны. І ўбачыў [гэта] ГОСПАД, і ліхім [было] ў вачах Ягоных, што няма суду.

16 І бачыў Ён, што няма чалавека, і дзівіўся, што няма заступніка. І рамяно Ягонае дапамагло Яму, і праведнасьць Ягоная падтрымала Яго.

17 Ён апрануў праведнасьць, як панцыр, і шалом збаўленьня на галаве Ягонай, Ён апрануў шаты помсты, і руплівасьць, быццам плашч, накінуў.

18 Паводле ўчынкаў Ён адплоціць супраціўнікам Сваім гневам, ворагам Сваім — помстай, і адплоціць помстай астравам.

19 І будуць баяцца імя ГОСПАДА на захадзе, і славы Ягонай — на ўсходзе сонца, бо Ён прыйдзе, як рака бурлівая, якую вецер ГОСПАДА гоніць.

20 І прыйдзе Адкупіцель на Сыён і да [сыноў] Якуба, якія адвярнуліся ад злачынстваў [сваіх], кажа ГОСПАД.

21 І вось запавет Мой з імі, кажа ГОСПАД: Дух Мой, які на табе, і словы Мае, якія Я ўклаў у вусны твае, не адыйдуць ад вуснаў тваіх і ад вуснаў насеньня твайго, і ад вуснаў насеньня насеньня твайго, кажа ГОСПАД, ад цяпер і на вякі.

 

Разьдзел 60

1 Устань, сьвяціся, [Ерусалім], бо прыйшло сьвятло тваё, і слава ГОСПАДА заясьнела над табою.

2 Бо вось, цемра ахутае зямлю, і змрок — народы, а над табою заясьнее ГОСПАД, і слава Ягоная зьявіцца над табою.

3 І прыйдуць народы да сьвятла твайго, і валадары — да зьзяньня бляску твайго.

4 Падымі вочы твае навакол і паглядзі, усе яны зьбіраюцца і ідуць да цябе. Сыны твае прыходзяць здалёк, і дочак тваіх нясуць на плячах.

5 Тады ўбачыш і зазьзяеш, і затрапеча і пашырыцца сэрца тваё, бо зьвернецца да цябе багацьце мора, і багацьце народаў прыйдзе да цябе.

6 Мноства вярблюдаў пакрые цябе, драмадэры з Мадыяну і з Эфы, усе яны з Шэвы прыйдуць, яны нясуць золата і кадзіла, хвалу ГОСПАДУ абвяшчаюць.

7 Усе авечкі Кедару зьбяруцца да цябе, бараны Нэбаёту паслужаць табе, яны ўзыйдуць на ахвярнік Мой як [ахвяра] ўпадабаная, і Я ўслаўлю дом красы Маёй.

8 Хто гэта, што лятуць як аблокі, як галубы да галубятняў сваіх?

9 Бо на Мяне чакаюць астравы, і першымі [плывуць] караблі Таршышу, каб прывезьці сыноў тваіх здалёк, срэбра іхняе і золата іхняе з імі дзеля імя ГОСПАДА, Бога твайго, і дзеля Сьвятога Ізраіля, бо Ён уславіў цябе.

10 Сыны чужынцаў адбуду­юць муры твае, а валадары іхнія будуць служыць табе, бо ў гневе Маім Я ўдарыў цябе, але ў ласкавасьці Маёй зьлітуюся над табою.

11 Брамы твае будуць адчыненыя заўсёды, удзень і ўначы ня будуць замыкацца, каб прыносілі да цябе багацьці народаў і валадароў іхніх прыводзілі [да цябе].

12 Бо народ і валадарства, якія не захочуць служыць табе, прападуць, і народы будуць цалкам выгублены.

13 Слава Лібану прыйдзе да цябе, [з ёй] разам кіпарысы, вязы і букі, каб упрыгожыць месца Маё сьвятое, і Я праслаўлю месца, дзе [стаяць] ногі Мае.

14 І прыйдуць да цябе з паклонам сыны крыўдзіцеляў тваіх, і ўпадуць да стопаў ног тваіх усе, якія пагарджалі табою, і назавуць цябе Горадам ГОСПАДА і Сыёнам Сьвятога Ізраіля.

15 За тое, што ты быў пакінуты і зьненавіджаны, і ніхто не хадзіў [праз цябе], Я зраблю цябе славай вечнай, радасьцю з пакаленьня ў пакаленьне.

16 І будзеш ты смактаць малако народаў, і грудзі валадароў будзеш смактаць, і даведаешся, што Я — ГОСПАД, Збаўца твой і Адкупіцель твой, Моцны Якуба.

17 Замест медзі Я прынясу золата, і замест жалеза прынясу срэбра, замест дрэва — медзь, і замест камянёў — жалеза. І Я пастаўлю мір вартаўніком тваім, а праведнасьць — начальнікам тваім.

18 Ня будзе больш чуваць у зямлі тваёй пра гвалт, пра спусташэньне і зьнішчэньне ў межах тваіх. І ты назавеш муры твае збаўленьнем, а брамы твае — хвалою.

19 Ня будзе ўжо сонца сьвяціць табе днём, і бляск месяца ня будзе асьвятляць цябе, але ГОСПАД будзе для цябе сьвятлом вечным, і Бог твой — аздобай тваёй.

20 Ня будзе больш заходзіць сонца тваё, і месяц твой не схаваецца, бо ГОСПАД будзе для цябе сьвятлом вечным, і скончацца дні жалобы тваёй.

21 І ўвесь народ твой будзе праведным, яны возьмуць зямлю ў спадчыну на вякі. Яны — парасткі насаджэньня Майго, твор рукі Маёй, каб Я праславіўся.

22 З найменшага станецца тысяча, а са слабога — народ магутны. Я, ГОСПАД, пасьпяшаюся [зрабіць] гэта ў свой час.

 

Разьдзел 61

1 Дух Госпада ГОСПАДА нада мною, бо ГОСПАД памазаў мяне дабравесьціць убогім, паслаў мяне перавязаць раны зламаных сэрцам, абвяшчаць палонным вызваленьне, а вязьням — свабоду,

2 абвяшчаць год ласкі ГОСПАДА і дзень помсты Бога нашага, пацешыць усіх засмучаных,

3 разьвесяліць тых, якія плачуць на Сыёне, і даць ім дыядэму замест попелу, і алей радасьці замест смутку, адзеньне хвалы замест духу панурага, і назавуць іх дубамі праведнасьці, насаджэньнем ГОСПАДА для праслаўленьня Яго.

4 І яны забудуюць руіны адвечныя, і адбудуюць спусташэньні старадаўнія, адновяць гарады зруйнаваныя, спустошаныя з пакаленьня ў пакаленьне.

5 І стануць чужынцы, і будуць пасьвіць авечак вашых, і сыны чужынцаў будуць аратымі вашымі і вінаградарамі вашымі.

6 А вы будзеце называцца сьвятарамі ГОСПАДА, і будуць вас называць слугамі Бога нашага. Вы будзеце спажываць багацьці народаў і будзеце аздобленыя славай іхняй.

7 За падвойнае прыніжэньне [народу Майго], за ганьбу і зьня­вагу, якія [былі] доляю іхняй, у зямлі сваёй яны атрымаюць спадчыну падвойную; і радасьць вечная будзе для іх.

8 Бо Я, ГОСПАД, люблю суд і ненавіджу рабунак і крыўду; і Я дам ім нагароду паводле праўды, і запавет вечны заключу з імі.

9 Насеньне іхняе будзе вядомым сярод народаў, і нашчадкі іхнія — сярод плямёнаў. Усе, хто іх убачаць, пазнаюць, што яны — насеньне, дабраслаўлёнае ГОСПАДАМ.

10 Я цешуся ў ГОСПАДЗЕ, душа мая радуецца ў Богу маім, бо Ён апрануў мяне ў шаты збаўленьня і накінуў на мяне плашч праведнасьці, як на жаніха, усклаў дыядэму, і як нявесту, аздобіў упрыгожваньнямі.

11 Бо як зямля выдае зеляніну сваю, і як сад родзіць насеньне сваё, так Госпад ГОСПАД зробіць, што вырасьце праведнасьць і хвала перад усімі народамі.

 

Разьдзел 62

1 Дзеля Сыёну ня буду маўчаць, і дзеля Ерусаліму не супачыну, пакуль ня ўзыйдзе, як бляск [зараніцы], праведнасьць ягоная, і збаўленьне ягонае — як паходня, што палае.

2 І ўбачаць народы праведнасьць тваю, і ўсе валадары — славу тваю, і назавуць цябе імем новым, якое вызначаць вусны ГОСПАДА.

3 І ты станеш каронай славы ў руцэ ГОСПАДА і дыядэмай валадарства ў далоні Бога твайго.

4 І ня будуць больш ка­заць пра цябе “пакінутая”, і пра зямлю тваю ня будуць больш казаць “спустошаная”, бо назавуць цябе “Маё ўпадабаньне ў ёй”, а зямлю тваю — “замужняя”, бо ўпадабаў цябе ГОСПАД, і зямля твая будзе замужам.

5 Бо як юнак жэніцца з дзяўчынаю, так Будаўнік твой ажэніцца з табою, і як жаніх цешыцца з нявесты, так будзе цешыцца з цябе Бог твой.

6 На мурах тваіх, Ерусалім, Я паставіў вартаўнікоў, увесь дзень і ўсю ноч яны ніколі ня будуць маўчаць. Вы, якія нагадваеце пра ГОСПАДА, ня мейце супакою,

7 і Яму не давайце супакою, пакуль Ён не адновіць Ерусалім і пакуль ня зробіць яго хвалою на зямлі.

8 Прысягнуў ГОСПАД правіцай Сваёй і рамяном моцы Сваёй: «Ня дам больш збожжа твайго ворагам тваім, і ня будуць піць сыны чужынцаў маладога віна твайго, над якім ты працаваў.

9 Бо тыя, якія зьбіраюць [збожжа], будуць есьці яго і будуць хваліць ГОСПАДА, і тыя, якія зьбіраюць [вінаград], бу­дуць піць яго на панадворку сьвятыні Маёй».

10 Праходзьце, праходзьце праз браму! Рыхтуйце шлях народу! Прастуйце, прастуйце гасьцінец, прыбярыце камяні! Падыміце сьцяг для народаў!

11 Вось, ГОСПАД абвяшчае аж да краю зямлі: «Скажыце дачцы Сыёну: “Вось, прыходзіць Збаўца твой, вось, плата Ягоная разам з Ім і нагарода Ягоная перад абліччам Ягоным”».

12 І будуць называць іх народам сьвятым, адкупленымі ГОСПАДАМ, а цябе будуць клікаць “Пажаданая”, “Горад непакінуты”.

 

Разьдзел 63

1 Хто гэта ідзе з Эдому, у шатах барвовых з Боцры? Хто такі прыгожы ў строях Сваіх крочыць з вялікай сілай Сваёй? «[Гэта] Я, Які прамаўляе ў праведнасьці, вялікі ў збаўленьні».

2 Чаму чырвонае адзеньне Тваё, і шаты Твае — як у таго, які топча [вінаград] у тоўчні?

3 «Я Сам таптаў у тоўчні і не было з народаў нікога са Мною. Я таптаў іх у гневе Маім, таптаў іх у абурэньні Маім. Сок апырскаў шаты Мае, і папляміў Мне ўсё адзеньне Маё.

4 Бо дзень помсты — у сэрцы Маім, і год адкупленьня Майго надыйшоў.

5 І Я глядзеў, і не было таго, хто дапамагае, і зьдзівіўся, бо не было таго, хто падтрымаў Мяне. І дапамагло Мне рамяно Маё, і гнеў Мой падтрымаў Мяне.

6 І Я стаптаў народы ў гневе Маім, і сьцёр іх у абурэньні Маім, і выліў кроў іхнюю на зямлю».

7 Буду ўзгадваць міласэрнасьць ГОСПАДА, праслаўляць ГОСПАДА за ўсё, што ГОСПАД для нас учыніў, і за мноства дабрадзействаў для дому Ізраіля, якія Ён учыніў для нас у ласкавасьці Сваёй і паводле вялікай ласкі Сваёй.

8 І Ён сказаў: «Яны, сапраўды, — народ Мой, сыны, якія не падманваюць!» І Ён стаў для іх Збаўцам.

9 У кожным уціску іхнім цесна [было] і Яму, і анёл аблічча Ягонага выбаўляў іх. У любові Сваёй і ў ласкавасьці Сваёй Ён Сам адкупіў іх, і ўзяў іх, і насіў іх усе дні старадаўнія.

10 Але яны сталіся непаслухмянымі і засмуцілі Духа Сьвятога Ягонага, і стаўся Ён для іх ворагам, і пачаў ваяваць з імі.

11 І ўзгадаў народ Ягоны дні старадаўнія, дні Майсея. Дзе Той, Які вывеў іх з мора з пастырам авечак Сваіх? Дзе Той, Які зьмясьціў у нутро іхняе Духа Свайго Сьвятога?

12 [Дзе] Той, Які вёў Майсея за правую руку рамяном велічы Сваёй, Які разьдзяліў воды перад абліччам іхнім, каб зрабіць Сабе імя вечнае,

13 Які вёў іх праз бяздоньні, як каня ў пустыні, і яны не спатыкаліся?

14 Як жывёлу, якая зыходзіць у лагчыну, так Дух ГОСПАДА вёў іх да супачынку. Так вёў Ты народ Твой, каб зрабіць Сабе імя велічнае.

15 Глянь з неба і пабач з Сялібы сьвятасьці Тваёй і велічы Тваёй! Дзе рэўнасьць Твая і магутнасьць Твая? Узрушанасьці нутра Твайго і ласкавасьці Тваёй да мяне ня стрымлівай.

16 Бо Ты — Айцец наш! Бо Абрагам ня ведае нас, і Ізраіль не пазнае нас. Ты, ГОСПАДЗЕ, — Айцец наш, Адкупіцель наш — гэта імя Тваё адвечна.

17 Дзеля чаго, ГОСПАДЗЕ, Ты дазволіў нам збочыць са шляхоў Тваіх, зрабіў цьвёрдым сэрца нашае, каб мы не баяліся Цябе? Вярніся дзеля слугаў Тваіх, дзеля племені спадчыны Тваёй.

18 На кароткі час завалодалі прыгнятальнікі нашыя народам сьвятасьці Тваёй, патапталі сьвятыню Тваю.

19 Мы сталіся як тыя, над якімі Ты ад вякоў не панаваў, і [як тыя], над якімі ня клікалі імя Тваё.

 

Разьдзел 64

1 О, каб Ты разьдзёр неба і зыйшоў! Перад абліччам Тваім растапіліся б горы!

2 Як агонь паліць гальлё, і як кіпіць вада на агні, так дай пазнаць імя Тваё ворагам Тваім. Перад абліччам Тваім будуць дрыжаць народы.

3 Калі Ты чыніш страшныя рэчы, якіх мы не чакалі, Ты зыходзіш, і перад абліччам Тваім топяцца горы!

4 Ад вякоў не было чуваць, і да вуха не даходзіла, і вока ня бачыла Бога, акрамя Цябе, Які б зрабіў [гэта] тым, якія Яго чакаюць.

5 Ты выходзіш насустрач таму, хто з радасьцю чыніць праведнасьць, [насустрач] тым, якія на шляхах Тваіх памятаюць пра Цябе. Вось, Ты загневаўся, бо мы грашылі здаўна. І як [нам] быць збаўленымі?

6 І ўсе мы сталіся як нячысты, і ўся праведнасьць наша як заплямленая [месячнымі] адзежа, і мы ўсе вянем, як лісьце, і беззаконьні нашыя панесьлі нас як вецер.

7 І няма нікога, хто клікаў бы імя Тваё, хто б абудзіўся, каб трымацца моцна Цябе, бо Ты адвярнуў аблічча Тваё ад нас і аддаў нас у рукі беззаконьняў нашых.

8 І цяпер Ты, ГОСПАДЗЕ — Айцец наш, а мы — гліна; Ты — Той, Які лепіш нас, а мы ўсе — творы рук Тваіх!

9 Ня гневайся, ГОСПАДЗЕ, так моцна і ня памятай заўсёды беззаконьне [нашае]. Вось, паглядзі, мы ўсе — народ Твой!

10 Гарады сьвятыя Твае сталіся пустыняй, Сыён стаўся пустыняй, і Ерусалім стаўся пусткаю.

11 Дом сьвятасьці нашай і велічы нашай, у якім славілі Цябе бацькі нашыя, спалены агнём, і ўсё, што мы любілі, сталася руінай.

12 Ці ж на ўсё гэта Ты можаш быць абыякавы, ГОСПАДЗЕ? [Ці] Ты будзеш маўчаць і караць нас так моцна?

 

Разьдзел 65

1 Я адкрыўся тым, якія не пыталіся пра Мяне, Я знойдзены тымі, якія не шукалі Мяне. Я казаў: «Вось Я, вось Я!» да народу, які ня клікаў імя Маё.

2 Увесь дзень Я выцягваў рукі Мае да народу бунтаўнічага, які ходзіць па шляху нядобрым, паводле намераў сваіх,

3 да народу, які гнявіць Мяне перад абліччам Маім заўсёды, які складае ахвяры ў гаях і паліць кадзіла на цэглах.

4 Яны сядзяць у магілах, начуюць у заканурках, ядуць сьвіное мяса, і стравы нячыс­тыя ў пасудзінах іхніх,

5 яны кажуць: «Адыйдзіся! Не набліжайся да мяне, бо я — сьвяты для цябе». Яны [выклікаюць] дым у ноздрах Маіх, агонь, які палае ўвесь дзень.

6 Вось, напісана перад абліччам Маім. Ня буду маўчаць, пакуль не аднагароджу, і не аднагароджу ва ўлоньне іхняе.

7 За беззаконьні вашыя і за беззаконьні бацькоў вашых, кажа ГОСПАД, што вы кадзілі на гарах і на ўзгорках зьневажалі Мяне, Я адмераю ім плату ва ўлоньне іхняе за ўчынкі старадаўнія.

8 Гэта кажа ГОСПАД: «Калі знаходзіцца сок у гронках вінаградных і кажуць: “Ня нішчыце іх, бо ў іх дабраславенства”, так і Я зраблю дзеля слугаў Маіх, каб ня нішчыць усяго.

9 І Я выведу з Якуба насеньне, а з Юды — спадкаемца гор Маіх, і выбранцы Мае ўспадкаемяць [зямлю], і слугі Мае будуць жыць там.

10 І стане Шарон пашаю для авечак, а даліна Ахор — выганам для быдла для народу Майго, які шукае Мяне.

11 А вы пакінулі ГОСПАДА і забыліся пра сьвятую гару Маю, і накрываеце стол у гонар Гада і напаўняеце [келіхі] віном мяшаным у гонар Мэні.

12 І Я прызначаю [вас] пад меч, і ўсе вы пойдзеце на зарэз, бо Я клікаў вас, а вы не адказвалі, гаварыў, а вы ня слухалі, і чынілі ліхоту на вачах Маіх, і выбралі сабе тое, што Мне не падабалася».

13 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, слугі Мае будуць есьці, а вы будзеце галадаць; слугі Мае будуць піць, а вы будзеце смагнуць; слугі Мае будуць радавацца, а вы будзеце асаромленыя.

14 Вось, слугі Мае будуць сьпяваць з радасьцю сэрца, а вы бу­дзеце крычаць з болем сэрца, будзеце галасіць з прыгнечаным духам.

15 І вы пакінеце імя вашае выбранцам Маім на праклён, [які кажа]: “Няхай заб’е цябе Госпад ГОСПАД”, а слугі Мае будуць названыя іншым імем,

16 якім хто будзе дабраслаў­ляць на зямлі, будзе дабраслаўлёны Богам верным, а хто бу­дзе прысягаць на зямлі, будзе прысягаць Богам верным, бо ўціскі даўнейшыя забудуцца і будуць закрытыя перад вачыма Маімі».

17 Бо вось, Я ствару новае неба і новую зямлю, і ня будуць узгадваць даўнейшае, і яно ня прыйдзе на сэрца.

18 А вы будзеце цешыцца і весяліцца вечна з таго, што Я ствару, бо вось, Я ствару Ерусалім дзеля вясёласьці, а народ ягоны — дзеля ўцехі.

19 І Я буду радавацца з Ерусаліму, і буду цешыцца з народу Майго, і ня будзе больш чуваць у ім голас плачу і голас нараканьня.

20 І ня будзе з таго часу ў ім малога днямі і старога, які б не дапоўніў дзён сваіх, бо юнак памрэ стогадовым, а стогадовы грэшнік будзе пракляты.

21 І пабудуюць дамы, і будуць жыць [у іх], і пасадзяць вінаграднікі, і будуць есьці плады іхнія.

22 Ня будуць будаваць, каб хто іншы [ў іх] жыў, і ня будуць садзіць, каб хто іншы еў. Бо як дні дрэва [будуць] дні народу Майго, і выбранцы Мае будуць карыстацца зробленым рукамі іхнімі.

23 Ня будуць працаваць надарма, і ня будуць нараджаць [дзяцей] на загубу, бо яны — насеньне, дабраслаўлёнае ГОСПАДАМ, і нашчадкі іхнія разам з імі.

24 І станецца, што перш, чым яны паклічуць, Я адкажу ім, і калі яшчэ будуць гаварыць, Я ўжо выслухаю [іх].

25 Воўк і ягня будуць пасьвіцца разам, і леў, як вол, будзе есьці салому, а зьмей будзе жывіцца парахном [зямлі]. І ня будуць чыніць зла, і ня будуць чыніць загубы на ўсёй гары Маёй сьвятой, кажа ГОСПАД.

 

Разьдзел 66

1 Гэта кажа ГОСПАД: «Неба — пасад Мой, а зямля — падножжа ног Маіх. Які [павінен быць] дом, што вы пабудуеце Мне, і якое месца супачынку Майго?»

2 Усё гэта зрабіла рука Мая, і ўсё гэта Маё, кажа ГОСПАД. Але Я гляджу на таго, хто бедны і прыгнечаны духам і хто трымціць перад словам Маім.

3 [Ёсьць такі,] што забівае ў ахвяру вала і забівае чалавека; ахвяроўвае барана і скручвае галаву сабаку, складае ахвяру хлебную і ўжывае кроў сьвіньні, паліць кадзіла і шануе ідала. Як яны выбралі шляхі свае, і душа іхняя ўпадабала брыдоту,

4 Я таксама выберу ім долю ліхую, і тое, чаго яны баяцца, навяду на іх, бо Я клікаў, і ні­хто не адказваў, гаварыў, а яны ня слухалі, і чынілі ліхоту на вачах Маіх, і тое выбіралі, што не падабалася Мне.

5 Слухайце слова ГОСПАДА вы, якія трымціце перад словам Ягоным. Кажуць браты вашыя, якія ненавідзяць вас, якія выганяюць вас з прычыны імя Майго: «Няхай ГОСПАД зьявіць славу Сваю, каб мы ўбачылі радасьць вашую», але яны будуць асаромленыя.

6 Голас гоману з гораду, голас са Сьвятыні, [гэта] голас ГОСПАДА, Які дае адплату ворагам Сваім.

7 Перш, чым адчула боль радзінаў, нарадзіла [дзіця], перш, чым прыйшлі роды, нарадзіла хлопца.

8 Хто калі чуў пра такое? Хто бачыў падобнае? Ці нараджаецца зямля ў адзін дзень? Ці нараджаецца народ адным разам? Бо Сыён ледзь адчуў боль радзінаў і ўжо нарадзіў сыноў сваіх!

9 Ці Я давяду да ўлоньня і ня дам нарадзіць, кажа ГОСПАД? Ці Я, даючы моц нарадзіць, зачыню [ўлоньне], кажа Бог твой.

10 Радуйцеся з Ерусалімам, весяліцеся ў ім усе, якія любіце яго. Цешцеся з ім радасьцю ўсе, якія смуткавалі дзеля яго,

11 каб вы смакталі і насыціліся з грудзей пацяшэньня ягонага, каб вы смакталі і насалоджваліся з грудзей славы ягонай.

12 Бо гэта кажа ГОСПАД: «Вось, Я накірую да яго мір, як раку, і славу народаў — як павадкавы ручай. На руках будуць насіць вас і на каленях будуць песьціць.

13 Як маці суцяшае [дзіця], так Я суцешу вас, і ў Ерусаліме вы будзеце суцешаныя».

14 І ўбачыце, і будзе радавацца сэрца вашае, і косткі вашыя расквітнеюць, як мурог, і рука ГОСПАДА выявіцца слугам Ягоным, а гнеў Ягоны — ворагам Ягоным.

15 Бо вось ГОСПАД прыйдзе ў агні, і калясьніца Ягоная — быццам віхура, каб выліць жар гневу Свайго і пагрозы Свае як полымя агню.

16 Бо агнём і мячом Сваім ГОСПАД будзе судзіць усякае цела, і шмат будзе пабітых ГОСПАДАМ.

17 А тыя, якія асьвячаюць сябе і ачышчаюць у гаях, [ідучы] адзін за адным у сярэдзіну [іх], і ядуць мяса сьвіньні, і брыдоту, і мышэй, яны разам будуць зьнішчаны, кажа ГОСПАД.

18 Я [ведаю] ўчынкі іхнія і думкі іхнія, і прыйду, каб сабраць усе народы і мовы; і прыйдуць яны, і ўбачаць славу Маю.

19 І Я пастаўлю ім знак, і пашлю выратаваных спаміж іх да народаў, у Таршыш, Пул, Люд, Мэшэх, Кешэт, Туваль і Яван, на астравы далёкія, якія ня чулі весткі пра Мяне і ня бачылі славы Маёй. І яны абвесьцяць славу Маю паміж народамі.

20 І яны прывядуць усіх братоў вашых з усіх народаў як дар для ГОСПАДА на конях і на вазах, на насілах, і на мулах, і на вярблюдах на сьвятую гару Маю, у Ерусалім, кажа ГОСПАД, як сыны Ізраіля прыносяць дар у чыстых пасудзінах у Дом ГОСПАДА.

21 І Я таксама вазьму з іх сьвятароў і лявітаў, кажа ГОСПАД.

22 Бо як новае неба і новая зямля, якія Я раблю, будуць стаяць перад абліччам Маім, кажа ГОСПАД, так будзе стаяць насеньне вашае і імя вашае.

23 І станецца, што з маладзіка ў маладзік, з суботы ў суботу будзе прыходзіць кожнае цела, каб пакланіцца перад абліччам Маім, кажа ГОСПАД.

24 І яны выйдуць, і ўбачаць трупы людзей, якія адступіліся ад Мяне, бо чарвяк іхні не памрэ, і агонь іхні ня згасьне; і будуць яны брыдотай для ўсякага цела.