КНІГА ПРАРОКА ОСІІ
Разьдзел 1
1 Слова ГОСПАДА, якое было да Осіі, сына Бээры, у дні Узіі, Ёатама, Ахаза, Эзэкіі, валадароў Юды, і ў дні Ерабаама, сына Ёаша, валадара Ізраіля.
2 Пачатак слова ГОСПАДА праз Осію. І сказаў ГОСПАД да Осіі: «Ідзі, вазьмі сабе жанчыну распусную і дзяцей распусты. Бо распустаю распусьнічае зямля гэтая перад ГОСПАДАМ».
3 І ён пайшоў, і ўзяў [за жонку] Гомэр, дачку Дыблаіма, і яна зачала, і нарадзіла яму сына.
4 І сказаў ГОСПАД да яго: «Назаві імя ягонае Езрээль, бо яшчэ трохі, і Я наведаю за кроў Езрээля дом Егу і спыню валадарства дому Ізраіля.
5 І станецца ў той дзень, што Я зламлю лук Ізраіля ў даліне Езрээль».
6 І зачала яна зноў, і нарадзіла дачку. І сказаў [Госпад] да яго:«Назаві імя ейнае Лё-Рухама, бо ўжо не зьяўлю міласьці над домам Ізраіля, бо, узьнімаючыся, узьнімуся супраць яго.
7 Але дому Юды зьяўлю міласьць і збаўлю іх праз ГОСПАДА, Бога іхняга, але ня збаўлю іх ані лукам, ані мячом, ані вайною, ані канямі, ані вершнікамі».
8 І адлучыла ад грудзей Лё-Рухаму, і зачала, і нарадзіла сына.
9 І сказаў [Госпад]: «Назаві імя ягонае Лё-Аммі, бо вы — не народ Мой, і Я ня буду [Богам] вашым».
10 І будзе лік сыноў Ізраіля як пясок марскі, якога нельга ані памераць, ані палічыць. І станецца, што ў месцы, у якім было сказана ім: «Вы — не народ Мой», будзе сказана ім: «Вы — сыны Бога Жывога».
11 І зьбяруцца сыны Юды і сыны Ізраіля разам, і паставяць сабе адну галаву, і ўздымуцца з зямлі, бо вялікі дзень Езрээля.
Разьдзел 2
1 Кажыце братам вашым: «Народ Мой», і сёстрам вашым: «Памілаваная».
2 Спрачайцеся з маці вашай, спрачайцеся, бо яна — ня жонка Мая, а Я — ня муж ейны. Няхай яна прыбярэ распусту сваю з аблічча, і чужалоства сваё — спасярод грудзей сваіх.
3 Іначай распрану яе дагала і пастаўлю яе, як яна была ў дзень нараджэньня свайго, і зраблю яе як пустыню, і зраблю яе як зямлю сухую, і спрычыню сьмерць ёй ад смагі.
4 І не зьяўлю міласьці сынам ейным, бо яны — сыны распусты.
5 Бо маці іхняя чыніла распусту, чыніла сорам тая, што зачала іх, бо казала: «Пайду за палюбоўнікамі маімі, якія даюць хлеб мой і воду маю, воўну маю і лён мой, алей мой і напой мой».
6 Дзеля гэтага Я загараджу шлях твой цернямі і абгараджу цябе агароджаю, і ня знойдзе яна сьцежак сваіх.
7 І будзе бегаць яна за палюбоўнікамі сваімі, але не дагоніць іх, і будзе шукаць іх, і ня знойдзе. І скажа: «Пайду і вярнуся да першага мужа майго, бо тады лепш мне было, чым цяпер».
8 І яна ня ведае, што гэта Я даваў ёй збожжа і сок, і сьвежы алей, і памножыў ёй срэбра і золата, якое яны ўжывалі для Баала.
9 Дзеля гэтага вярнуся і забяру збожжа Маё ў часе яго, і [вінаградны] сок Мой у часе яго, і забяру воўну Маю і лён Мой, якія былі прыкрыцьцём голасьці яе.
10 І цяпер Я адкрыю сорам ейны на вачах палюбоўнікаў ейных, і ніхто ня выратуе яе з рукі Маёй.
11 І спыню ўсю радасьць яе, і сьвяты яе, і маладзікі яе, і суботы яе, і ўсе ўрачыстасьці яе.
12 І спустошу вінаграднікі яе і фігавыя дрэвы яе, пра якія яна казала: «Гэта плата мая, якую далі мне палюбоўнікі мае». А Я зраблю іх лесам, і пажаруць іх зьвяры палявыя.
13 І Я наведаю яе за дні Баалаў, для якіх яна кадзіла, і аздаблялася завушніцамі сваімі і кляйнотамі сваімі, і хадзіла за палюбоўнікамі сваімі, а пра Мяне забылася, кажа ГОСПАД.
14 Дзеля гэтага Я заваблю яе, і завяду ў пустыню, і буду прамаўляць да сэрца ейнага.
15 І дам ёй там вінаграднікі ейныя і даліну Ахор як браму надзеі. І яна адкажа там, як у дні маладосьці сваёй, як у дзень выхаду яе з зямлі Эгіпецкай.
16 І станецца ў той дзень, кажа ГОСПАД, ты назавеш [Мяне]: «Муж мой», і ня будзеш больш называць Мяне: «Баал мой».
17 І Я прыбяру імёны Баалаў з вуснаў яе, і яна ня будзе ўзгадваць больш імёнаў іхніх.
18 І Я заключу для іх запавет у той дзень са зьвярамі палявымі і птушкамі нябеснымі, і з тымі, што поўзаюць па зямлі. І лук, і меч, і вайну зьнішчу з зямлі, і палажу іх бясьпечна.
19 І Я заручуся з табою на вякі, і заручуся з табою ў праведнасьці, у судзе, у міласэрнасьці і ў літасьці.
20 І заручуся з табою ў вернасьці, і ты пазнаеш ГОСПАДА.
21 І станецца ў той дзень, Я адкажу, кажа ГОСПАД, Я адкажу нябёсам, а яны адкажуць зямлі.
22 І зямля адкажа збожжу, [вінаграднаму] соку і сьвежаму алею, а яны адкажуць Езрээлю.
23 І Я засею яе для Сябе на зямлі, і зьлітуюся над Лё-Рухамой, і скажу Лё-Аммі: «Ты — народ Мой!», а ён скажа: «Бог мой!»
Разьдзел 3
1 І сказаў ГОСПАД мне зноў: «Ідзі, пакахай жанчыну, якую кахае іншы і якая чужаложыць, як ГОСПАД любіць сыноў Ізраіля, а яны зьвяртаюцца да іншых багоў і любяць разынкі вінаградныя».
2 І я набыў яе для сябе за пятнаццаць срэбнікаў і паўтары гомары ячменю.
3 І сказаў ёй: «Шмат дзён будзеш жыць са мною. Ня будзеш займацца распустай і ня будзеш [належаць] іншаму мужу, і я таксама буду для цябе».
4 Бо шмат дзён будуць сыны Ізраіля жыць без валадара, і бяз князя, і без ахвяры, і без слупа, і без эфоду, і без тэрафімаў.
5 Потым навернуцца сыны Ізраіля і будуць шукаць ГОСПАДА, Бога свайго, і Давіда, валадара свайго, і будуць баяцца ГОСПАДА і добрасьці Ягонай у апошнія дні.
Разьдзел 4
1 Слухайце слова ГОСПАДА, сыны Ізраіля, бо ГОСПАД мае спрэчку з жыхарамі зямлі гэтай, бо няма праўды і няма міласэрнасьці, і няма веданьня Бога на зямлі.
2 Праклён і хлусьня, і забойства, і крадзеж, і чужалоства памнажаюцца, і кроў даганяе кроў.
3 Дзеля гэтага лямантуе зямля і марнее ўсё, што жыве на ёй, зьвяры палявыя і птушкі нябесныя, і таксама рыбы марскія будуць сабраныя.
4 Але няхай ніхто не спрачаецца і ня ганіць іншага, бо народ твой — як той, хто спрачаецца са сьвятаром.
5 І ты спатыкнешся ўдзень, і прарок спатыкнецца з табою ўначы, і Я зьнішчу маці тваю.
6 Зьнішчаны народ Мой, бо няма веданьня. За тое, што ты адкінуў веданьне, і Я адкіну цябе ад сьвятарства Майго. І як ты забыўся пра Закон Бога твайго, і Я таксама забудуся пра сыноў тваіх.
7 Чым больш яны памножыліся, тым больш грашылі супраць Мяне. [Дзеля гэтага] славу іхнюю Я замяню ў ганьбу.
8 Яны ядуць грэх народу Майго, і да беззаконьняў іхніх імкнецца душа іхняя.
9 І будзе як з народам, так і са сьвятаром, і Я пакараю яго за шляхі ягоныя, і ўчынкі ягоныя зьвярну на яго.
10 І будуць есьці, і не насыцяцца, будуць чыніць распусту, і не разрастуцца, бо пакінулі зважаць на ГОСПАДА.
11 Распуста і віно, і сок забіраюць сэрца.
12 Народ Мой пытаецца ў дрэва свайго, і кій ягоны адказвае яму, бо дух распусты зьвёў у аблуду [яго], і яны чыняць распусту, [адступаючы] ад Бога свайго.
13 На вяршынях гор складаюць ахвяры і на ўзгорках паляць кадзіла пад дубам, таполяй і тэрэбінтам, бо добры цень іхні. Дзеля гэтага чыняць распусту дочкі вашыя, і нявесткі вашыя чужаложаць.
14 Ня буду караць дочак вашых, што чыняць распусту, і нявестак вашых, што чужаложаць, бо вы аддзяляецеся з распусьніцамі і складаеце ахвяры з блудніцамі, і народ не разумее, што ўпадзе.
15 Калі распусьнічаеш ты, Ізраіль, няхай Юда ня будзе вінаваты. Не ідзіце ў Гільгал, і не прыходзьце ў Бэт-Авэн, і не прысягайце: «Жыве ГОСПАД!»
16 Бо Ізраіль наравісты, як наравістая цялушка. Цяпер ГОСПАД будзе пасьвіць іх як ягнятка на вольным прасторы.
17 Далучыўся да ідалаў Эфраім. Пакінь яго.
18 Кіслы напой іхні, яны распустаю распусьнічаюць, палюбілі сорам абаронцы іхнія.
19 Падхопіць іх вецер крыламі сваімі, і будуць яны асаромленыя ахвярамі сваімі.
Разьдзел 5
1 Слухайце гэта, сьвятары, і пачуйце, доме Ізраіля, і прыхіліце вуха, доме валадара, бо вам будзе суд, бо вы былі пасткаю для Міцпы і сеткаю, расьцягнутаю на Таборы.
2 І бунтаўнікі жадаюць забіваць, але Я пакараю кожнага з іх.
3 Я ведаю Эфраіма, і Ізраіль не схаваны ад Мяне, бо цяпер ты распусьнічаеш, Эфраім, стаў нячыстым Ізраіль.
4 Не даюць учынкі іхнія вярнуцца да Бога іхняга, бо дух распусты ў нутры іхнім, і яны ня ведаюць ГОСПАДА.
5 І пыха Ізраіля сьведчыць перад абліччам ягоным, і Ізраіль, і Эфраім спатыкнуцца ў грахах сваіх, таксама Юда спатыкнецца з імі.
6 З авечкамі сваімі, з валамі сваімі пойдуць шукаць ГОСПАДА, але ня знойдуць. Ён аддаліўся ад іх.
7 Яны здрадзілі ГОСПАДУ, бо сыноў чужых нарадзілі. Цяпер пажарэ іх маладзік разам з часткамі [спадчыны] іхняй.
8 Трубіце ў рог у Гіве, [дзьміце] ў трубу ў Раме, крычыце ў Бэт-Авэне: «Ужо па табе, Бэн’яміне!»
9 Эфраім будзе спустошаны ў дзень пакараньня. Сярод каленаў Ізраіля паведамлю пра тое, што напэўна [будзе].
10 Князі Юды сталіся як тыя, што перасоўваюць мяжу. Выльлю на іх як ваду гнеў Мой.
11 Эфраім прыгнечаны, судом паламаны, бо пачаў хадзіць за марнотаю.
12 І Я [буду] як моль для Эфраіма, і як гніль для дому Юды.
13 І ўбачыў Эфраім хваробу сваю, а Юда — рану сваю, і пайшоў Эфраім у Асур, і паслаў да валадара Ярэва, але той ня можа ані аздаравіць вас, ані вылечыць рану вашую.
14 Бо Я [буду] як леў для Эфраіма і як ільвяня для дому Юды. Я, Я разьдзяру і адыйду, панясу, і ніхто не выратуе.
15 Пайду, вярнуся на месца Маё, аж пакуль не прызнаюць віну сваю і будуць шукаць аблічча Маё. У прыгнечанасьці сваёй будуць пільна шукаць Мяне.
Разьдзел 6
1 «Хадзем і вернемся да ГОСПАДА, бо Ён разьдзёр, і Ён нас аздаровіць, Ён ударыў, і Ён перавяжа [раны] нашыя.
2 Ажывіць нас праз два дні, і на трэці дзень падніме нас, і мы будзем жыць перад абліччам Ягоным.
3 І мы пазнаем, і будзем імкнуцца пазнаць ГОСПАДА. Як [прыход] раніцы падрыхтаваны выхад Ягоны, і Ён прыйдзе да нас як дождж, як раньні дождж і як позьні дождж на зямлю».
4 Што Мне зрабіць табе, Эфраіме? Што Мне зрабіць табе, Юда? Міласэрнасьць вашая як воблака ранішняе, як раса, што рана зьнікае.
5 Дзеля гэтага Я абчэсваў іх праз прарокаў, забіваў іх словамі вуснаў Маіх. І суды Мае як сьвятло выходзяць.
6 Бо міласэрнасьці хачу, а не ахвяры, і пазнаньня Бога больш, чым цэласпаленьняў.
7 Але яны, як Адам, парушылі запавет, там яны здрадзілі Мне.
8 Гілеад — горад тых, якія робяць злачынствы, заплямлены крывёю.
9 Як разбойнікі цікуюць на чалавека, так хеўра сьвятароў забівае злачынна на шляху ў Сыхем, бо яны падступнае ўчыняюць.
10 У доме Ізраіля Я бачыў брыдоту брыдотаў, там распуста Эфраіма, зганьбаваны Ізраіль.
11 Таксама для цябе, Юда, прызначана жніво, калі Я вярну палонных народу Майго.
Разьдзел 7
1 Калі Я лячу Ізраіля, выяўляецца беззаконьне Эфраіма і ліхота Самарыі, бо яны ўчыняюць хлусьню, і злодзей уваходзіць [у дом], разбойнікі рабуюць на вуліцы.
2 І ня кажуць яны ў сэрцы сваім, што Я памятаю пра ўсю ліхоту іхнюю. Цяпер атачаюць іх учынкі іхнія, яны будуць перад абліччам Маім.
3 Ліхоцьцем сваім весялілі валадара, і маной сваёю — князёў.
4 Усе яны чужаложаць, як печ, распаленая пекарам, які перастае чуваць, калі замясіў цеста, каб яно закісла.
5 У дзень валадара нашага князі зрабілі яго нядужым, [даўшы] бутлі віна, і ён выцягвае руку сваю разам з насьмешнікамі.
6 Бо яны наблізілі сэрца сваё да [растаўляньня] пастак як [распаленая] печ. Пекар іхні сьпіць усю ноч, а раніцаю яна гарыць, як полымя агню.
7 Усе яны распаленыя, як печ, і зьядаюць судзьдзяў сваіх. Усе валадары іхнія падаюць, няма сярод іх нікога, хто б клікаў да Мяне.
8 Эфраім зьмяшаўся з народамі; Эфраім стаўся як аладка, [якая сьпечана], не пераварочваючы.
9 Чужынцы зьядаюць сілу ягоную, а ён ня ведае; таксама сівізна пабяліла яго, а ён ня ведае.
10 І сьведчыць пыха Ізраіля супраць яго, але яны не зьвяртаюцца да ГОСПАДА, Бога іхняга, і не шукаюць Яго ў-ва ўсім гэтым.
11 І стаўся Эфраім як голуб дурны, бяз сэрца, клічуць Эгіпет, ідуць у Асірыю.
12 Калі яны пойдуць, Я расьцягну на іх сеці Мае, сьцягну іх, як птушак нябесных, пакараю іх, як было ім сказана ў грамадзе іхняй.
13 Гора ім, бо яны ўцякаюць ад Мяне! Спусташэньне на іх, бо яны адступіліся ад Мяне! Хоць Я адкупіў іх, яны кажуць няпраўду на Мяне.
14 І ня клічуць Мяне ў сэрцы сваім, калі выюць на ложках сваіх. Дзеля збожжа і віна яны зьбіраюцца, але ад Мяне адварочваюцца.
15 Хоць Я настаўляў іх, умацоўваў рамёны іхнія, яны надумваюць ліхое супраць Мяне.
16 Зьвяртаюцца, але не да Найвышэйшага. Яны — як лук здрадлівы. Упадуць ад мяча князі іхнія за ярасьць языка іхняга. Гэта [зробіць] іх пасьмешышчам у зямлі Эгіпецкай.
Разьдзел 8
1 Трубу [паднясі] да вуснаў тваіх! Як арол [наляціць] на Дом ГОСПАДА, бо яны парушылі запавет Мой і ад Закону Майго адступіліся.
2 Да Мяне клікалі: «Божа мой, мы ведаем Цябе, мы, Ізраіль!»
3 Адкінуў Ізраіль дабро. Вораг будзе перасьледаваць яго.
4 Яны ставяць валадароў, але без Мяне; ставяць князёў, але Я ня ведаю [пра гэта]. Са срэбра свайго і золата свайго зрабілі ідалаў для сябе на загубу сваю.
5 Адкіне [іх] цяля тваё, Самарыя! Распаліўся гнеў Мой супраць іх. Як доўга ня будзеце захоўваць нявіннасьць?
6 Бо і яно з Ізраіля; разьбяр зрабіў яго, і яно ня ёсьць богам, на кавалкі разваліцца цяля Самарыі.
7 Бо яны пасеялі вецер, і пажнуць буру. Ня будзе ў яго збожжа; парастак ня дасьць мукі, а калі і дасьць, чужынцы праглынуць яе.
8 Праглынуты Ізраіль; ён стаўся між народамі як начыньне непатрэбнае.
9 Бо яны зыйшлі да Асура, як дзікі асёл самотны; Эфраім наймае сабе каханкаў.
10 Хоць яны наймалі ў народаў, цяпер Я зьбяру іх, і яны адчуюць крыху цяжар валадара князёў,
11 бо Эфраім намножыў ахвярнікі, каб грашыць, былі ў яго ахвярнікі, каб грашыць.
12 Пішучы, напісаў Я для яго найвялікшыя рэчы Закону Майго, але яны за чужое палічылі гэта.
13 Як ахвяры з дароў Маіх ахвяруюць мяса і ядуць яго, але ГОСПАД ня мае ўпадабаньня ў іх. Цяпер Ён узгадае беззаконьне іхняе і наведае грахі іхнія; яны вернуцца ў Эгіпет.
14 І забыўся Ізраіль пра Творцу свайго, і пабудаваў сьвятыні; і Юда памножыў гарады ўмацаваныя, але Я пашлю агонь на гарады ягоныя, і ён пажарэ замкі ягоныя.
Разьдзел 9
1 Не весяліся, Ізраіль, ня радуйся, як іншыя народы, бо ты распусьнічаеш супраць Бога твайго, ты палюбіў плату [распусьніцы] на кожным току збожжа.
2 Ток і тоўчня ня будуць жывіць іх, і віно ашукае іх.
3 Ня будуць яны жыць у зямлі ГОСПАДА, і вернецца Эфраім у Эгіпет, і ў Асірыі яны будуць есьці нячыстае.
4 Ня будуць яны выліваць віно для ГОСПАДА, і ня будуць Яму прыемныя ахвяры іхнія. [Гэта] будзе для іх як хлеб жалобы; усе, хто будуць есьці яго, будуць нячыстыя. Бо хлеб іхні за душы іхнія ня ўвойдзе ў Дом ГОСПАДА.
5 Што будзеце рабіць у дзень сходу і ў дзень сьвята ГОСПАДА?
6 Бо вось, прыйдуць яны з прычыны зьнішчэньня. Эгіпет зьбярэ іх, Мэмфіс іх пахавае, каштоўнае срэбра іхняе атрымае ў спадчыну крапіва, церні будуць у намётах іхніх.
7 Прыйдуць дні наведваньня, прыйдуць дні адплаты. Ізраіль даведаецца, што прарок здурнеў, і ашалеў чалавек духа з прычыны мноства беззаконьня твайго і вялікай варожасьці [да Бога].
8 Прарок, [які быў] вартаўніком Эфраіма пры Богу маім, [стаўся] пасткай птушкалова на ўсіх шляхах ягоных; варожасьць у доме бога ягонага.
9 Сапсуліся да глыбіні, як у дні Гівы. [Бог] будзе памятаць пра беззаконьне іхняе, пакарае за грахі іхнія.
10 Я знайшоў Ізраіля як вінаград у пустыні, як першую фігу на дрэве фігавым на пачатку [ўраджаю] яго Я ўбачыў бацькоў вашых. Але яны прыйшлі да Баал-Пэора і прысьвяцілі сябе сораму, і былі агіднымі ў тым, што яны любілі.
11 Слава Эфраіма, як птушка, адляцела; [ня будзе] ані нараджэньня, ані ўлоньня, ані зачацьця.
12 Бо нават калі выгадуюць сыноў сваіх, Я забяру ў іх чалавека. Гора ім, бо Я адступлюся ад іх!
13 Эфраім, як Я бачыў, [падобны] да Тыру, пасаджаны на месцы прыемным, але Эфраім вядзе на забіцьцё сыноў сваіх.
14 «Дай ім, ГОСПАДЗЕ, што хочаш даць! Дай ім улоньне бясплоднае і грудзі ссохлыя!»
15 Уся нягоднасьць іхняя ў Гільгале, бо там Я зьненавідзеў іх. З прычыны ліхоты ўчынкаў іхніх выганю іх з Дому Майго, ня буду больш любіць іх. Усе князі іхнія — бунтаўнікі.
16 Павалены Эфраім, корань іхні ссох, ён ня дасьць плоду. А нават калі народзяць, Я заб’ю ўлюбёных улоньня іхняга.
17 Адкіне іх Бог мой, бо яны ня слухалі Яго, і будуць яны ўцекачамі паміж народамі.
Разьдзел 10
1 Ізраіль [быў] вінаградам буйным, для сябе прыносіў плод. Чым больш было пладоў, тым больш ён памнажаў ахвярнікі, чым лепшай была зямля ягоная, тым прыгажэйшыя ставіў слупы.
2 Падзеленае сэрца іхняе, цяпер яны вінаватыя. Ён пакрышыць ахвярнікі іхнія і зьнішчыць слупы іхнія.
3 Бо цяпер яны скажуць: «Няма ў нас валадара, бо мы не баяліся ГОСПАДА. І валадар што для нас зробіць?»
4 Прамаўляюць словы, прысягаюць хлусьліва, [калі] заключаюць запавет. І квітнее як палын суд іхні на разорах палёў.
5 Жыхары Самарыі непакояцца пра цялятаў Бэт-Авэну, бо плача над ім народ ягоны і паганскія службіты ягоныя галосяць над славай ягонай, бо яна адыходзіць ад яго.
6 Таксама яго завядуць у Асірыю як дар для валадара Ярэву. Эфраім пакрыецца ганьбаю, і Ізраіль будзе асаромлены за рашэньне сваё.
7 Самарыя будзе зьнішчана, валадар ейны будзе як трэска на абліччы водаў.
8 І будуць зьнішчаныя вышыні Авэну, грэх Ізраіля. Церні і асот вырастуць на ахвярніках іхніх, і будуць казаць да гораў: «Накрыйце нас!», і да пагоркаў: «Упадзіце на нас!»
9 Ад дзён Гівы грашыў ты, Ізраілю! Там вы засталіся. Не дасягнула іх у Гіве вайна супраць сыноў беззаконьня.
10 Паводле ўпадабаньня Майго пакараю іх, зьбяруцца народы супраць іх, калі яны будуць зьвязаныя за падвойную нягоднасьць сваю.
11 Эфраім — навучаная ялаўка, якая любіць малаціць, і Я ўскладу ярмо на тлусты карак ягоны. Запрагу Эфраіма, будзе араць Юда, будзе баранаваць для яго Якуб.
12 Сейце для сябе ў праведнасьці, жніце ў міласэрнасьці, заорвайце для сябе дзірван, бо час шукаць ГОСПАДА, аж пакуль Ён прыйдзе і вылье дажджом праведнасьць на вас.
13 Але вы аралі ліхоту, зьбіралі беззаконьне, елі плод хлусьні, бо ты спадзяваўся на шлях свой і на мноства волатаў тваіх.
14 І паўстане гармідар сярод народу твайго, і ўсе замкі твае будуць зруйнаваныя, як Сальман зруйнаваў Бэт-Арбэль у дзень бітвы; маці з сынамі будуць пасечаныя на кавалкі.
15 Гэтак зраблю вам, Бэтэль, з прычыны ліхоты ліхасьці вашай. Раніцаю зьнішчэньнем зьнішчаны будзе валадар Ізраіля.
Разьдзел 11
1 Калі Ізраіль быў дзіцём, Я палюбіў яго, і з Эгіпту паклікаў сына Майго.
2 Клікалі да іх [прарокі], а яны зыходзілі ад аблічча іхняга. Для Баала складалі ахвяры і для ідалаў палілі кадзіла.
3 А Я вучыў хадзіць Эфраіма, браў іх на рамёны Мае, але яны не разумелі, што Я лячыў іх.
4 Вяроўкамі людзкімі Я цягнуў іх, путамі любові. І Я быў для іх, як той, хто здымае ярмо ад сківіцаў іхніх, і схіляўся да іх, каб накарміць.
5 Ня вернецца ён у зямлю Эгіпецкую, але Асур будзе валадаром ягоным, бо яны не захацелі навярнуцца [да Мяне].
6 І будзе меч шалець у гарадах ягоных, і паломіць засаўкі іхнія, і пажарэ іх за намеры іхнія.
7 А народ Мой упарта адварочваецца ад Мяне, і хоць яго клічуць да ўзгорняга, ён не ўзвышаецца ў адзінстве.
8 Ці пакіну цябе, Эфраіме? Ці аддам цябе, Ізраілю? Ці пакіну цябе як Адму? Ці зраблю табе як Цэвоіму? Пераварочваецца ў-ва Мне сэрца Маё, адначасна распалілася літасьць Мая.
9 Не зраблю паводле ярасьці гневу Майго і не вярнуся, каб зьнішчыць Эфраіма. Бо Я — Бог, а не чалавек. Я — Сьвяты пасярод цябе. І Я не ўвайду ў горад.
10 Яны пойдуць за ГОСПАДАМ. Ён як леў зарыкае. Калі Ён зарыкае, прыйдуць з дрыжаньнем сыны мора.
11 Прыйдуць з дрыжаньнем, як птушкі, з Эгіпту, і як галубы, з зямлі Асірыі, і Я пасялю іх у дамах іхніх, кажа ГОСПАД.
12 Эфраім атачыў Мяне хлусьнёю, а дом Ізраіля — падступнасьцю, хоць Юда яшчэ трымаецца з Богам і ў сьвятых рэчах верны.
Разьдзел 12
1 Эфраім пасьвіць вецер і гоніцца за ветрам усходнім. Увесь дзень ён памнажае хлусьню і спусташэньне, і заключае запавет з Асірыяй, і выносіць алей у Эгіпет.
2 ГОСПАД мае справу судовую з Юдам і пакарае Якуба паводле шляхоў ягоных, паводле ўчынкаў ягоных верне [адплату] яму.
3 Яшчэ ва ўлоньні ён ухапіў за пяту брата свайго і сілаю сваёю змагаўся з Богам.
4 І змагаўся ён з анёлам, і перамог. Плакаў і прасіў ласкі ў Яго, у Бэтэлі знайшоў Яго, і там Ён размаўляў з намі.
5 Гэта ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, ГОСПАД — памятнае [імя] Ягонае.
6 А ты вярніся да Бога твайго, захоўвай міласэрнасьць і суд, і заўсёды чакай на Бога твайго.
7 Ханаан у руцэ сваёй мае вагі фальшывыя, любіць прыгнёт.
8 І сказаў Эфраім: «Але я ўзбагаціўся, знайшоў сілу для сябе. У-ва ўсіх высілках маіх ня знойдзена ў-ва мне няправасьці, якая б была грахом».
9 Але Я — ГОСПАД, Бог твой, [ад выхаду] з зямлі Эгіпецкай. І Я зноў вярну цябе ў намёты, як у дні спатканьня [са Мною].
10 І Я прамаўляў да прарокаў, і Я памнажаў відзежы, і праз прарокаў даваў прыповесьці.
11 Калі ў Гілеадзе няправасьць, станецца [ўсё] марнотаю; [дарэмна] ў Гільгале валоў складаюць у ахвяру. Ахвярнікі іхнія — як крушня на разараным полі.
12 І ўцёк Якуб на палі Араму, і служыў Ізраіль за жонку, і за жонку пільнаваў [статак].
13 І праз прарока ГОСПАД вывеў Ізраіля з Эгіпту, і праз прарока Ён захоўваў яго.
14 Але Эфраім упарта раздражняў [Бога], і Ён пакінуў на ім кроў ягоную, і ганьбу ягоную верне яму Госпад ягоны.
Разьдзел 13
1 Калі прамаўляў Эфраім, [усе] трымцелі, ён быў узвышаны ў Ізраілі. Але ён стаўся вінаватым праз Баала і памёр.
2 А цяпер павялічваюць грэх і робяць сабе літыя выявы са срэбра свайго, ідалаў паводле разуменьня свайго. Гэта ўсё ў іх выраб разьбярскі. Яны кажуць: «Людзі, якія складаюць ахвяры, няхай цалуюць цяля».
3 Дзеля гэтага будуць яны як туман ранішні, як раса, што хутка зьнікае, як мякіна, якую вецер разносіць на току, і як дым з коміну.
4 Але Я — ГОСПАД, Бог твой, [ад выхаду] з зямлі Эгіпецкай, і ты ня ведаў Бога, акрамя Мяне, і няма Збаўцы, акрамя Мяне.
5 І Я пазнаў цябе ў пустыні, у зямлі вельмі сухой.
6 На пашах сваіх яны насыціліся; яны насыціліся, і ўзганарылася сэрца іхняе, і яны забыліся пра Мяне.
7 І Я буду для іх як леў, як леапард на дарозе буду цікаваць [на іх].
8 Я сустрэну іх як мядзьведзіца, пазбаўленая дзяцей, і разарву заслону сэрца іхняга, і зьем іх там як леў; зьвер палявы разьдзярэ іх.
9 Ты сам сябе зьнішчыў, Ізраіль, бо ў-ва Мне дапамога твая.
10 Дзе цяпер валадар твой, які выбавіць цябе ў-ва ўсіх гарадах тваіх? І дзе судзьдзі твае, якім ты казаў: «Дай мне валадара і князёў»?
11 Я даў табе валадара ў гневе Маім і забраў яго ў абурэньні Маім.
12 Зьвязанае ў вузел беззаконьне Эфраіма, захаваны грэх ягоны.
13 Болі, як у парадзіхі, прыйдуць на яго. Ён — сын бяз мудрасьці, бо ня стаў у час у месцы нараджэньня сыноў.
14 Я выбаўлю іх ад рукі пекла, адкуплю іх ад сьмерці. Сьмерць, дзе джала тваё? Пекла, дзе перамога твая? Спачуваньне схаванае перад вачыма Маімі.
15 Хоць ён прыносіць плады між братамі, прыйдзе вецер усходні. Вецер ГОСПАДА з пустыні ўзьнімаецца, і прыбярэ жаролы ягоныя, і высушыць крыніцы ягоныя. Ён спустошыць скарбніцу ўсіх начыньняў каштоўных.
Разьдзел 14
1 Вінаватая Самарыя, бо збунтавалася супраць Бога свайго. Яны ўпадуць ад мяча, немаўляты іхнія будуць пабітыя [аб скалу], і цяжарныя іхнія будуць пасечаныя.
2 Навярніся, Ізраілю, да ГОСПАДА, Бога твайго, бо ты спатыкнуўся ў беззаконьні тваім.
3 Вазьміце з сабою словы і навярніцеся да ГОСПАДА. Скажыце Яму: «Даруй усе беззаконьні і прыймі тое, што добрае, і мы прынясем ахвяру вуснаў нашых.
4 Асірыя ня збавіць нас. Ня будзем езьдзіць на конях і ня будзем казаць “божа наш” вырабу рук нашых. Бо ў Табе знойдзе міласьць сірата».
5 Я вылекую адступніцтва іхняе, палюблю іх ахвотна, бо гнеў Мой адвернецца ад іх
6 Я буду для Ізраіля як раса, ён заквітнее як лілея і пусьціць карані свае [як кедр] на Лібане.
7 Разрастуцца галіны ягоныя і станецца як у аліўкі хараство ягонае, і водар ягоны — як Лібан.
8 Вернуцца яны і будуць сядзець у ценю ягоным, ажывуць, як збожжа, расквітнеюць, як лаза вінаградная, памяць іхняя — як віно Лібану.
9 Эфраім скажа: «Што мне ўжо да ідалаў?» Я адкажу табе і буду глядзець на цябе. Я — як кіпарыс зялёны, дзякуючы Мне ты знаходзіш плод твой.
10 Хто мудры, няхай зразумее гэта, і хто разумны, няхай пазнае, бо простыя шляхі ГОСПАДА, і праведныя будуць хадзіць па іх, а адступнікі спатыкнуцца.