Беларуская Біблія

КНІГА ЭЗРЫ

 

Разьдзел 1

1 У першы год Кіра, валадара Пэрсаў, каб споўнілася слова ГОСПАДА з вуснаў Ярэміі, узрушыў ГОС­ПАД дух Кiра, валадара Пэрсаў, і ён абвясьціў у-ва ўсім валадарстве сваім, а таксама пісьмова, кажучы:

2 «Гэтак кажа Кір, валадар Пэрсаў: “Усе валадарствы зямлі даў мне ГОСПАД, Бог нябесны. І Ён загадаў мне пабудаваць Дом Яму ў Ерусаліме, які ў Юдэі.

3 Калі ёсьць хто з вас з усяго народу Ягонага, няхай Бог ягоны будзе з ім, і няхай узыйдзе ён у Ерусалім, які ў Юдэі, і няхай будуе Дом ГОСПАДА, Бога Ізраіля. Гэта той Бог, Які ў Ерусаліме.

4 І ўсе, якія засталіся ў-ва ўсіх месцах, дзе яны жывуць, няхай дапамогуць ім людзі месца таго срэбрам, золатам, маёмасьцю і быдлам, а таксама дабраахвотнымі дарамі для Дому Бога, Які ў Ерусаліме”».

5 І паўсталі начальнікі родаў Юды і Бэн’яміна, і сьвятары, і лявіты, і кожны, у якога дух узрушыў Бог, каб ісьці будаваць Дом ГОСПАДА, які ў Ерусаліме.

6 І ўсе тыя, што жылі навокал, умацоўвалі рукі іхнія начыньнямі са срэбра, золатам, маёмасьцю, быдлам і каштоўнасьцямі, апрача дароў дабраахвотных.

7 І валадар Кір вынес начыньне Дому ГОСПАДА, якое Навухаданосар вынес з Ерусаліму і палажыў у доме бога свайго.

8 І вынес яго Кір, валадар Пэрсаў, рукамі Мітрэдата, скарбніка, і тым лікам аддаў іх Шэшбацару, князю Юды.

9 І вось лік іхні: місаў залатых — трыццаць, місаў срэбных — тысяча, нажоў — дваццаць дзевяць,

10 келіхаў залатых — трыццаць, келіхаў срэбных другарадных — чатырыста дзесяць, іншага начыньня — тысяча.

11 Усяго начыньня залатога і срэбнага — пяць тысячаў чатырыста. Усё гэта прынёс Шэшбацар, калі прыйшлі з выгнаньня з Бабілону ў Ерусалім.

 

Разьдзел 2

1 Гэта сыны краіны [Юдэйскай], якія ўзыходзілі з палону выгнаньня, бо іх Навухаданосар, валадар Бабілонскі, перасяліў у Бабілон, і яны вярнуліся ў Ерусалім і Юдэю, кожны ў горад свой.

2 Яны прыйшлі з Зэрубабэлем, Ешуам, Нээміем, Сэраем, Рээлаем, Мардэхаем, Більшанам, Міспарам, Бігваем, Рэхумам, Баанам. Лік мужоў народу Ізраіля:

3 сыноў Пароша — дзьве тысячы сто семдзясят два;

4 сыноў Шэфатыі — трыста семдзясят два;

5 сыноў Араха — семсот семдзясят пяць;

6 сыноў Пахат-Маава, з сыноў Ешуа і Ёава — дзьве тысячы васемсот дванаццаць;

7 сыноў Эляма — тысяча дзьвесьце пяцьдзясят чатыры;

8 сыноў Затту — дзевяцьсот сорак пяць;

9 сыноў Заккая — семсот шэсьцьдзясят;

10 сыноў Бані — шэсьцьсот сорак два;

11 сыноў Бэвая — шэсьцьсот дваццаць тры;

12 сыноў Азгада — тысяча дзьвесьце дваццаць два;

13 сыноў Аданікама — шэсьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць;

14 сыноў Бігвая — дзьве тысячы пяцьдзясят шэсьць;

15 сыноў Адына — чатырыста пяцьдзясят чатыры;

16 сыноў Атэра, з [сыноў] Эзэкіі — дзевяноста восем;

17 сыноў Бэцая — трыста дваццаць тры;

18 сыноў Ёры — сто дванаццаць;

19 сыноў Хашума — дзьвесьце дваццаць тры;

20 сыноў Гіббара — дзевяноста пяць;

21 сыноў Бэтлеему — сто дваццаць тры;

22 людзей Нэтофы — пяцьдзясят шэсьць;

23 людзей Анатоту — сто дваццаць восем;

24 сыноў Азмавэту — сорак два;

25 сыноў Кірыят-Ярыму, Кефіры і Бээроту — семсот сорак тры;

26 сыноў Рамы і Гевы — шэсьцьсот дваццаць адзін;

27 людзей Міхмасу — сто дваццаць два;

28 людзей Бэтэлю і Гаю — дзьвесьце дваццаць тры;

29 сыноў Нэво — пяцьдзясят два;

30 сыноў Магбіша — сто пяцьдзясят шэсьць;

31 сыноў Эляму другога — тысяча дзьвесьце пяцьдзясят чатыры;

32 сыноў Харыму — трыста дваццаць:

33 сыноў Лода, Хадыда і Она — семсот дваццаць пяць;

34 сыноў Ерыхону — трыста сорак пяць;

35 сыноў Сэнаі — тры тысячы шэсьцьсот трыццаць;

36 сьвятароў: сыноў Едаі, з дому Ешуа, — дзевяцьсот семдзясят тры;

37 сыноў Іммэра — тысяча пяцьдзясят два;

38 сыноў Пашхура — тысяча дзьвесьце пяцьдзясят сем;

39 сыноў Харыма — тысяча сямнаццаць;

40 лявітаў: сыноў Ешуа і Кадміэля, з сыноў Гадавіі, — семдзясят чатыры;

41 сьпевакоў, сыноў Асафа, — сто дваццаць восем;

42 сыноў прыдзьвернікаў: сыноў Шальлюма, сыноў Атэра, сыноў Тальмона, сыноў Аккува, сыноў Хатыты, сыноў Шавая, усіх — трыццаць дзевяць;

43 нэтынэяў: сыноў Цыхі, сыноў Хасуфы, сыноў Табаота,

44 сыноў Кероса, сыноў Сіяхі, сыноў Падона,

45 сыноў Лебаны, сыноў Хагавы, сыноў Аккува,

46 сыноў Хагава, сыноў Шамлая, сыноў Ханана,

47 сыноў Гіддэля, сыноў Гахара, сыноў Рэаі,

48 сыноў Рэцына, сыноў Нэкоды, сыноў Газама,

49 сыноў Узы, сыноў Пасэаха, сыноў Бэсая,

50 сыноў Асны, сыноў Мэуніма, сыноў Нэфусіма,

51 сыноў Бакбука, сыноў Хакуфы, сыноў Хархура,

52 сыноў Бацлюта, сыноў Мэхіды, сыноў Харшы,

53 сыноў Баркоса, сыноў Сісэры, сыноў Тэмаха,

54 сыноў Нецыяха, сыноў Хатыфы;

55 сыноў слугаў Салямонавых: сыноў Сатая, сыноў Гасафэрэта, сыноў Пэруда,

56 сыноў Яалія, сыноў Даркона, сыноў Гіддэля,

57 сыноў Шэфатыі, сыноў Хатылы, сыноў Пахерэт-Гацэбаіма, сыноў Амі,

58 нэтынэяў і сыноў слугаў Салямонавых — трыста дзевяноста два.

59 А гэтыя выйшлі з Тэль-Мэляху, Тэль-Харшы, Керуву, Аддану, Іммэру, і не маглі паказаць дому бацькоў сваіх і насеньня свайго, ці яны з Ізраіля:

60 сыноў Дэлаі, сыноў Товіі, сыноў Нэкоды — шэсьцьсот пяцьдзясят два;

61 і з сыноў сьвятароў: сыноў Хабаі, сыноў Гаккоца, сыноў Барзілая, які ўзяў за жонку дачку Барзілая з Гілеаду і называўся імем ягоным.

62 Яны шукалі запісу свайго ў сьпісах, і не знайшоўся ён; і яны былі адлучаны ад сьвятарства.

63 І Тыршата сказаў ім, каб яны ня елі са Сьвятога Сьвятых, пакуль не паўстане сьвятар з урымам і тумімам.

64 Уся царква [была] разам сорак дзьве тысячы трыста шэсьцьдзясят [чалавек],

65 акрамя слугаў іхніх і служак іхніх, якіх [было] сем тысячаў трыста трыццаць сем, і сярод іх сьпевакоў і сьпявачак — дзьвесьце.

66 Коней іхніх [было] семсот трыццаць шэсьць; мулаў іхніх — дзьвесьце сорак пяць;

67 вярблюдаў іхніх — чатырыста трыццаць пяць; аслоў — шэсьць тысячаў семсот дваццаць.

68 І [некаторыя] з галоваў [дамоў] бацькоў, калі яны прыйшлі да Дому ГОСПАДА, які ў Ерусаліме, дабраахвотна ахвяравалі на Дом Божы, каб адбудаваць яго на месцы ягоным.

69 Яны далі, паводле магчымасьці сваёй, у скарбніцу для работаў шэсьцьдзясят адну тысячу драхмаў золата, і пяць тысячаў мінаў срэбра, і сто шатаў сьвятарскіх.

70 І жылі сьвятары і лявіты, і [некаторыя] з народу, і сьпевакі, і прыдзьвернікі, і нэтынэі ў гарадах сваіх, і ўвесь Ізраіль [жыў] у гарадах сваіх.

 

Разьдзел 3

1 І прыйшоў сёмы месяц, і сыны Ізраіля [былі] ў гарадах, і сабраўся народ, як адзін чалавек, у Ерусаліме.

2 І ўстаў Ешуа, сын Ёцадака, і браты ягоныя, сьвятары, і Зэрубабэль, сын Шэалтыэля, і браты ягоныя; і пабудавалі ахвярнік Бога Ізраіля, каб ахвяроўваць на ім цэласпаленьні, як напісана ў Законе Майсея, чалавека Божага.

3 І паставілі ахвярнік на падмурку ягоным, хоць [былі] ў страху ад народу зямлі гэтай, і склалі на ім цэласпаленьні для ГОСПАДА, цэласпаленьні ранішнія і вечаровыя.

4 І справілі Сьвята Намётаў, як напісана, і [складалі] цэласпаленьні штодзённыя лікам паводле пастановы, як павіннасьць кожнага дня [вымагала].

5 А пасьля гэтага — цэласпаленьне заўсёднае, і на маладзік, і на ўсе ўрачыстыя сьвяты ГОСПАДА, і для кожнага, хто ахвяруе дабраахвотную ахвяру ГОСПАДУ.

6 З першага дня сёмага месяца пачалі складаць цэласпаленьні для ГОСПАДА. Але для Сьвятыні ГОСПАДА не былі яшчэ закладзены [падмуркі].

7 І далі яны срэбра мулярам і цесьлярам, і ежу, і пітво, і алей для Сідонцаў і Тырыянаў, каб прывезьлі дрэвы кедровыя з Лібану да мора Яфскага з дазволу Кіра, валадара Пэрсаў.

8 І ў другім годзе пасьля прыходу іхняга да Дому Божага ў Ерусалім, у другі месяц, пачалі [будаваць] Зэрубабэль, сын Шэалтыэля, і Ешуа, сын Ёцадака, і рэшта братоў іхніх, сьвятары і лявіты, і ўсе, што ўзыйшлі з палону ў Ерусалім, і паставілі лявітаў ад дваццаці гадоў і вышэй кіраваць працамі ў Доме ГОСПАДА.

9 І сталі Ешуа, сыны ягоныя і браты ягоныя, Кадміэль і сыны ягоныя, сыны Юды, як адзін [чалавек], каб кіраваць выкананьнем працаў у Доме Божым, [разам з] сынамі Хэнадада, сынамі іхнімі і братамі іхнімі, лявітамі.

10 І заклалі будаўнікі падмурак Сьвятыні ГОСПАДА, і паставілі сьвятароў у шатах іхніх з трубамі, а лявітаў, сыноў Асафа, — з цымбаламі, каб хвалілі ГОСПАДА паводле пастановы Давіда, валадара Ізраіля.

11 І адказалі яны хвалою і праслаўленьнем ГОСПАДА, бо добры Ён, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная для Ізраіля. І ўвесь народ усклікаў голасам вялікім, хвалячы ГОСПАДА за закладзены падмурак Дому ГОСПАДА.

12 І шмат хто са сьвятароў і лявітаў, і галоваў [дамоў] бацькоў, старых, якія бачылі першы Дом [Божы], калі падмуркі Дому гэтага былі закладзены перад вачыма іхнімі, плакалі голасам вялікім; а шмат хто ўсклікаў голасам узьнесеным з радасьцю.

13 І ня мог народ адрозьніць голасу гуканьня радасьці ад голасу плачу народу, бо народ гукаў ускліканьнем вялікім, і гук быў чуваць далёка.

 

Разьдзел 4

1 І пачулі ворагі Юды і Бэн’яміна, што сыны выгнаньня будуюць Дом для ГОСПАДА, Бога Ізраіля.

2 І прыйшлі яны да Зэрубабэля і да галоваў [дамоў] бацькоў, і сказалі ім: «Будзем і мы будаваць з вамі, бо і мы, як і вы, шукаем Бога вашага і ахвяруем ахвяры Яму ад дзён Эсар-Гадона, валадара Асірыі, які прывёў нас сюды».

3 І сказаў ім Зэрубабэль і Ешуа, і іншыя галовы [дамоў] бацькоў Ізраіля: «Не будаваць вам і нам [разам] Дом Богу нашаму. Мы адны будзем будаваць для ГОСПАДА, Бога Ізраіля, як загадаў нам Кір, валадар Пэрсаў».

4 І стаў народ зямлі той паслабляць рукі народу Юды і палохаць іх пры будаўніцтве.

5 І наймалі супраць іх дарадцаў [валадара], каб разбурыць намер іхні, праз усе дні Кіра, валадара Пэрсаў, аж да валадараньня Дарыя, валадара Пэрсаў.

6 А ў валадараньне Ахашвэроша, на пачатку валадараньня ягонага, напісалі скаргу на жыхароў Юды і Ерусаліму.

7 І ў дні Артаксэркса напісалі Бішлам, Мітрэдат, Табээль і іншыя таварышы іхнія да Артаксэркса, валадара Пэрсаў. І ліст быў напісаны па-арамейску і перакладзены на мову арамейскую.

8 Рэхум канцлер і Шымшай пісар напісалі адзін ліст суп­раць Ерусаліму да валадара Артаксэркса гэтак:

9 «Тады і тады. Рэхум канцлер, і Шымшай пісар, і іншыя таварышы іхнія — Дынэйцы, Афарсатхейцы, Тарпэлейцы, Афарсэйцы, Архейцы, Бабілонцы, Шушанцы, Дэгайцы, Элямцы,

10 і іншыя народы, якіх перасяліў Аснапар, вялікі і славуты, і пасяліў у горадзе Самарыі і ў іншых [мясцовасьцях] Зарэчча, і іншае».

11 Гэта водпіс лісту, які пасланы да [валадара]: «Артаксэрксу валадару — слугі слугаў тваіх, людзі Зарэчча, і іншае.

12 Няхай будзе вядома валадару, што Юдэі, якія выйшлі ад цябе, прыйшлі да нас у Ерусалім, і горад бунтаўнічы і нягодны адбудоўваюць, і муры аднаўляюць, і падмуркі напраўляюць.

13 Цяпер няхай будзе вядома валадару, што калі горад гэты будзе адбудаваны і муры адноўленыя, ня будуць яны плаціць ані даніны, ані падатку, ані мыта, і прыбытку валадара будзе шкода.

14 І вось, мы солім [ежу] сольлю з палацу [валадара], і зьнявагі валадару ня можам бачыць. Дзеля гэтага пасылаем і паведамляем валадару.

15 Няхай пашукаюць у кнізе запісаў бацькоў тваіх, і знойдзеш у кнізе запісаў, і даведаешся, што горад гэты — горад бунтаўнічы і шкодзіць валадарам і краям, і бунты паднімаюць у ім з дзён старадаўніх. За гэта горад гэты быў зруйнаваны.

16 Мы паведамляем валадару, што калі горад гэты будзе адбудаваны і муры ягоныя будуць адноўленыя, з гэтай прычыны ня будзе ў цябе часткі ў Зарэччы».

17 Валадар паслаў адказ: «Рэхуму канцлеру, і Шымшаю пісару, і іншым таварышам іхнім, якія жывуць у Самарыі і ў іншых [мясцовасьцях] Зарэчча. Супакой і іншае.

18 Ліст, які вы прыслалі нам, выразна прачыталі перада мною.

19 І ад мяне выйшаў загад, і шукалі, і знайшлі, што горад гэты з дзён старадаўніх паўставаў супраць валадароў, і былі ў ім бунты і паўстаньні,

20 і былі ў Ерусаліме валадары магутныя, якія панавалі ў-ва ўсім Зарэччы, і ім давалі даніну, падаткі і мыта.

21 І цяпер дайце загад, каб людзі гэтыя спыніліся і горад гэты не адбудоўваўся, пакуль ад мяне ня выйдзе [новы] загад.

22 І будзьце ўважлівыя, каб не зрабіць у гэтым недагляду. Навошта мае павялічвацца зло на шкоду валадарам?»

23 Як толькі водпіс гэтага ліста ад валадара Артаксэркса быў прачытаны перад Рэхумам і Шымшаем пісарам, і таварышамі іхнімі, яны, сьпяшаючыся, пайшлі ў Ерусалім да Юдэяў і спынілі [працу] іхнюю зброяй і гвалтам.

24 Тады спынілася праца пры Доме Божым, які ў Ерусаліме; і спынілася яна аж да другога году валадараньня Дарыя, валадара Пэрсаў.

 

Разьдзел 5

1 І прарочылі прароцтвы Агей прарок і Захарыя, сын Іддо, прарокі, да Юдэяў, якія [былі] ў Юдэі і ў Ерусаліме, у імя Бога Ізраіля, [Які] над імі.

2 Тады ўсталі Зэрубабэль, сын Шэалтыэля, і Ешуа, сын Ёцадака, і пачалі будаваць Дом Божы ў Ерусаліме, і з імі прарокі Божыя, якія дапамагалі ім.

3 У той час прыйшоў да іх Татэнай, ваявода Зарэчча, і Шэтар-Базэнай, і таварышы іхнія, і гэтак сказалі ім: «Хто даў вам дазвол будаваць Дом гэты і аднаўляць сьцены гэтыя?»

4 Тады мы сказалі ім імёны тых людзей, якія будуюць будынак гэты.

5 І было вока Бога іхняга над старшынямі Юдэйскімі, і тыя не спынілі іх, [чакаючы], пакуль яны пашлюць паведамленьне Дарыю, і тады прыйдзе пісьмовая пастанова ў справе гэтай.

6 [Вось] водпіс лісту, які паслаў Татэнай, ваявода Зарэчча, і Шэтар-Базэнай з таварышамі сваімі, Афарсатхейцамі з Зарэчча, валадару Дарыю.

7 Паведамленьне яны паслалі яму, і ў ім было напісана гэтак: «Дарыю, валадару — супакой усялякі!

8 Няхай будзе вядома валадару, што мы хадзілі ў краіну Юдэйскую, да Дому Бога вялікага; і будуюць яго з камянёў вялікіх, і дрэва ўкладаюць у сьцены; і праца гэтая робіцца старанна і з посьпехам у руках іхніх.

9 Тады мы спыталіся ў старшыняў тых і гэтак сказалі ім: “Хто даў вам загад будаваць дом гэты і сьцены гэтыя аднаўляць?”

10 І звыш таго пра імёны іхнія мы спыталіся ў іх, каб паведаміць табе і напісаць імёны тых людзей, якія галоўныя ў іх.

11 І яны так адказалі нам, кажучы: “Мы — слугі Бога неба і зямлі, і будуем Дом, які быў пабудаваны шмат гадоў таму, і вялікі валадар у Ізраілі будаваў яго і скончыў [будаўніцтва].

12 Але бацькі нашыя ўгнявілі Бога нябеснага, і Ён аддаў іх у руку Навухаданосара, валадара Бабілону, Халдэйца; і Дом гэты ён зруйнаваў, і народ перасяліў у Бабілон.

13 Але ў першы год Кіра, валадара Бабілону, валадар Кір даў загад адбудаваць гэты Дом Божы.

14 І начыньне Дому Божага, залатое і срэбнае, якое Навухаданосар вынес са сьвятыні ў Ерусаліме і перанёс яго ў сьвятыню ў Бабілоне, Кір, валадар, вынес са сьвятыні ў Бабілоне, і яно было прывезена [чалавеку], якога імя Шэшбацар, якога ён прызначыў ваяводам

15 і сказаў яму: «Вазьмі гэтае начыньне і ідзі, занясі яго ў сьвятыню, якая ў Ерусаліме, і няхай Дом Божы будзе адбудаваны на месцы сваім».

16 Тады прыйшоў той Шэшбацар і заклаў падмуркі Дому Божага, які ў Ерусаліме; і ад таго часу аж дагэтуль ён будуецца і яшчэ ня скончаны”.

17 І цяпер, калі валадару гэта [падаецца] добрым, няхай пашукаюць у доме скарбаў валадара, там, у Бабілоне, ці сапраўды валадар Кір даў загад будаваць гэты Дом Божы ў Ерусаліме; і волю валадара пра гэта няхай прышлюць нам».

 

Разьдзел 6

1 Тады валадар Дарый даў загад, і шукалі ў Бабілоне, у доме кнігаў, дзе складаюць скарбы.

2 І знойдзены ў замку Ахмэце, у палацы, які ў краіне Мідзянаў, адзін сувой, і ў ім напісана так: «Каб памятаць.

3 У першы год валадара Кіра, валадар Кір даў загад пра Дом Божы ў Ерусаліме: “Няхай будзе адбудаваны Дом на тым месцы, дзе ахвяроўваюць ахвяры, і няхай падмуркі ягоныя бу­дуць захаваныя. Вышыня ягоная — шэсьцьдзясят локцяў, шырыня ягоная — шэсьцьдзясят локцяў.

4 Шэрагаў з камянёў вялікіх — тры, і шэраг з дрэва — адзін. На выдаткі няхай даюць з дому валадара.

5 І начыньне Дому Божага, залатое і срэбнае, якое Навухаданосар вынес са сьвятыні ў Ерусаліме і перанёс у Бабілон, няхай будзе вернута і пойдзе ў сьвятыню ў Ерусаліме, на месца сваё, і паложыш [яго] ў Доме Божым”.

6 І цяпер, Татэнай, ваявода Зарэчча, і Шэтар-Базэнай, і таварышы вашыя Афарсатхейцы, якія ў Зарэччы, — аддаліцеся адтуль.

7 Пакіньце [ў супакоі] працу пры гэтым Доме Божым. Няхай ваявода Юдэйскі і старшыні Юдэйскія будуюць гэты Дом Божы на месцы ягоным.

8 І я даю загад пра тое, што вы маеце рабіць для гэтых старшыняў Юдэйскіх у будаўніцтве гэтага Дому Божага: з маёмасьці валадара, з падаткаў Зарэчча, старанна вяртайце выдаткі тых людзей, каб работа не спынялася.

9 І што будзе патрэбна, і бычкоў, і бараноў, і ягнятаў, на цэласпаленьне для Бога нябеснага, пшаніцы, солі, віна і алею, як скажуць сьвятары ў Ерусаліме, няхай выдаюць ім дзень у дзень, без занядбаньня,

10 каб яны ахвяроўвалі ахвяры, прыемныя Богу нябеснаму, і маліліся за жыцьцё валадара і сыноў ягоных.

11 І я даю загад, што кожнаму чалавеку, які зьменіць гэтае слова, будзе вынята бервяно з дому ягонага, і ён будзе падняты і прыбіты да яго, а дом ягоны за гэта будзе ператвораны ў руіну.

12 І Бог, Які зьмясьціў там імя Сваё, няхай зьнішчыць кожнага валадара і народ, які выцягнуў бы руку сваю, каб зьмя­ніць гэта на шкоду гэтаму Дому Божаму ў Ерусаліме. Я, Дарый, даў гэты загад. Няхай ён будзе дакладна выкананы».

13 Тады Татэнай, ваявода Зарэчча, Шэтар-Базэнай і таварышы іхнія, як загадаў Дарый валадар, так дакладна і зрабілі.

14 І старшыні Юдэйскія будавалі, і мелі посьпех паводле прароцтва Агея прарока і Захарыі, сына Іддо. I пабудавалі, і скончылі паводле загаду Бога Ізраіля і паводле загаду Кіра, і Дарыя, і Артаксэркса, валадароў Пэрсаў.

15 I быў скончаны Дом гэты ў трэці дзень месяца Адар у шостым годзе валадараньня Дарыя валадара.

16 I справілі сыны Ізраіля, сьвятары і лявіты, і рэшта сыноў выгнаньня [сьвята] асьвячэньня гэтага Дому Божага з радасьцю.

17 I ахвяравалі на асьвячэньне гэтага Дому Божага сто бычкоў, дзьвесьце бараноў, чатырыста ягнятаў і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх за ўсяго Ізраіля, паводле ліку каленаў Ізраіля.

18 I паставілі сьвятароў паводле служэньняў іхніх, і лявітаў паводле чэргаў іхніх на служэньне [Дому] Божага, які ў Ерусаліме, паводле напісанага ў кнізе Майсея.

19 I сыны выгнаньня сьвяткавалі Пасху ў чатырнаццаты [дзень] першага месяца,

20 бо ачысьціліся сьвятары і лявіты; усе яны, як адзін, былі чыстыя; і зарэзалі [ягня] пасхальнае для ўсіх сыноў выгнаньня, братоў сваіх, і для сьвятароў, і для сябе.

21 I елі сыны Ізраіля, якія вярнуліся з выгнаньня, і ўсе, што аддзяліліся да іх ад нячыстасьці народаў зямлі, каб шукаць ГОСПАДА, Бога Ізраіля.

22 I сьвяткавалі Сьвята Праснакоў сем дзён з радасьцю, бо ГОСПАД узрадаваў іх і зьвярнуў да іх сэрца валадара Асірыі, каб умацаваць рукі іхнія пры будаўніцтве Дому ГОСПАДА, Бога Ізраіля.

 

Разьдзел 7

1 І пасьля гэтых здарэньняў, у валадараньне Артаксэркса, валадара Пэрсаў, Эзра, сын Сэраі, сына Азарыі, сына Хількіі,

2 сына Шальлюма, сына Цадока, сына Ахітува,

3 сына Амарыі, сына Азарыі, сына Мэраёта,

4 сына Зэрахіі, сына Узі, сына Буккі,

5 сына Абішуа, сына Пінхаса, сына Элеазара, сына Аарона, найвышэйшага сьвятара, —

6 гэты Эзра выйшаў з Бабілону. Ён быў кніжнік, знаўца Закону Майсеевага, які даў ГОСПАД, Бог Ізраіля. I даў яму валадар усё паводле ўсякай просьбы ягонай, бо рука ГОСПАДА, Бога ягонага, [была] на ім.

7 І ўзыйшлі ў Ерусалім некаторыя з сыноў Ізраіля і са сьвятароў, лявітаў, сьпевакоў, прыдзьвернікаў і нэтынэяў у сёмы год валадара Артаксэркса.

8 I прыйшоў ён у Ерусалім у пяты месяц сёмага году валадара;

9 бо ў першы [дзень] першага месяца пачаў ён узыходзіць з Бабілону, і ў першы [дзень] пятага месяца прыйшоў у Ерусалім, бо добрая рука Бога ягонага [была] над ім.

10 Бо Эзра ўмацаваў сэрца сваё, каб дасьледаваць Закон ГОСПАДА, і захоўваць [яго], і вучыць у Ізраілі пастановы і прысуды [ягоныя].

11 I вось водпіс лісту, які даў валадар Артаксэркс Эзры сьвятару, кніжніку, кніжніку словаў прыказаньняў ГОСПАДА і пастановаў Ягоных для Ізраіля:

12 «Артаксэркс, валадар валадароў, — Эзры сьвятару, кніжніку Закону Бога нябеснага і гэтак далей.

13 Ад мяне выдадзены загад, што ўсе з народу Ізраіля, і са сьвятароў і лявітаў у валадарстве маім, якія жадаюць дабраахвотна ісьці ў Ерусалім, няхай ідуць з табою,

14 бо цябе пасылае валадар і сем дарадцаў ягоных, каб наведаць Юдэю і Ерусалім паводле Закону Бога твайго, які ў руцэ тваёй,

15 і завезьці срэбра і золата, якія валадар і дарадцы ягоныя дабраахвотна ахвяравалі Богу Ізраіля, у Якога сяліба ў Ерусаліме,

16 і ўсё срэбра і золата, якое ты знойдзеш у-ва ўсёй краіне Бабілонскай, разам з дабра­ахвотнымі дарамі народу і сьвятароў, якія дабраахвотна даюць на Дом Бога свайго, які ў Ерусаліме.

17 Дзеля гэтага без затрымкі купі за гэтыя грошы валоў, бараноў, ягнятаў і ахвяры хлебныя іхнія, і ахвяры вадкія іхнія, і ахвяруеш іх на ахвярніку ў Доме Бога вашага ў Ерусаліме.

18 I што падаецца добрым табе і братам тваім зрабіць з рэшты срэбра і золата, рабіце паводле волі Бога вашага.

19 I начыньне, якое дадзена табе для служэньня ў Доме Бога твайго, пастаў перад Богам у Ерусаліме.

20 I іншыя [рэчы], патрэбныя для Дому Бога твайго, што трэба даць табе, возьмеш з дому скарбаў валадара.

21 I ад мяне, валадара Артаксэркса, выдадзены загад для ўсіх скарбнікаў, якія ў Зарэччы: усё, чаго будзе жадаць ад вас Эзра сьвятар, кніжнік Закону Бога нябеснага, давайце дакладна:

22 срэбра — да ста талентаў, і пшаніцы — да ста кораў, і віна — да ста батаў, і алею — да ста батаў, а солі — без запісу.

23 Усё паводле загаду Бога нябеснага павінна быць зроблена рупліва для Дому Бога нябеснага. Бо навошта быў бы гнеў [Ягоны] на валадарства валадара і сыноў ягоных?

24 I паведамляем вам, што на ўсіх сьвятароў, лявітаў, сьпевакоў, прыдзьвернікаў, нэтынэяў і служыцеляў пры гэтым Доме Божым нельга накладаць ані даніны, ані падатку, ані мыта.

25 А ты, Эзра, паводле мудрасьці Бога твайго, якая ў руцэ тваёй, прызнач урадоўцаў і судзь­дзяў, якія будуць су­дзіць увесь народ, які ў Зарэччы, усіх, якія ведаюць Закон Бога твайго; і вучыце тых, якія ня ведаюць.

26 I ўсіх, хто ня будзе выконваць Закон Бога твайго і закон валадара дакладна, тых судзіце на сьмерць або на выгнаньне, або на кару маёмасьці, або на вязьніцу».

27 Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог бацькоў нашых, Які ўклаў у сэрца валадара, каб аздобіць Дом ГОСПАДА, які ў Ерусаліме,

28 і ахінуў мяне міласэрнасьцю валадара і дарадцаў ягоных, і ўсіх магутных князёў валадара! I я ўмацаваўся, бо рука ГОСПАДА, Бога майго, [была] нада мною, і я сабраў з Ізраіля мужоў галоўных ісьці са мною.

 

Разьдзел 8

1 Гэта галовы [дамоў] бацькоў сваіх і радавод тых, што ўзыйшлі са мною з Бабілону ў валадараньне Артаксэркса валадара:

2 з сыноў Пінхаса — Гершом; з сыноў Ітамара — Даніэль; з сыноў Давіда — Хаттуш;

3 з сыноў Шэханіі, з сыноў Пароша — Захарыя, і з ім запісаных у радаводзе мужчынаў сто пяцьдзясят;

4 з сыноў Пахат-Маава — Элегаэнай, сын Зэрахіі, і з ім дзьвесьце мужчынаў;

5 з сыноў Шэханіі — сын Яхазіэля, і з ім трыста мужчынаў;

6 з сыноў Адына — Евэд, сын Ёнатана, і з ім пяцьдзясят мужчынаў;

7 з сыноў Эляма — Ешая, сын Аталіі, і з ім семдзясят мужчынаў;

8 з сыноў Шэфатыі — Зэвадыя, сын Міхаэля, і з ім восемдзясят мужчынаў;

9 з сыноў Ёава — Абадыя, сын Ехіэля, і з ім дзьвесьце васямнаццаць мужчынаў;

10 з сыноў [Бані] — Шэляміт, сын Ёсіфіі, і з ім сто шэсьцьдзясят мужчынаў;

11 з сыноў Бэвая — Захарыя, сын Бэвая, і з ім дваццаць восем мужчынаў;

12 з сыноў Азгада — Ёханан, сын Гакатана, і з ім сто дзесяць мужчынаў;

13 з сыноў Аданікама — апошнія, імёны якіх гэткія: Эліфэлет, Еіэль і Шэмая, і з імі шэсьцьдзясят мужчынаў;

14 з сыноў Бігвая — Утай і Завуд, і з імі семдзясят мужчынаў.

15 І я сабраў іх каля ракі, што ўпадае ў Агаву, і мы стаялі табарам там тры дні; і я агледзеў народ і сьвятароў, але сыноў Левія там не знайшоў.

16 I паслаў я па Эліэзэра, Арыэля, Шэмаю, Эльнатана, Ярыва, Эльнатана, Натана, Захарыю і Мэшуляма — галоўных; і па Ёярыва і Эльнатана — кемлівых;

17 I накіраваў іх да Іддо, галоўнага ў мясцовасьці Касіфія, і ўклаў у вусны іхнія словы да Іддо і братоў ягоных нэтынэяў у мясцовасьці Касіфія, каб яны прывялі нам служыцеляў для Дому Бога нашага.

18 I прывялі яны да нас, бо добрая рука Божая [была] над намі, мужа разумнага з сыноў Махлі, сына Левія, сына Ізраіля, і Шэрэвію з сынамі ягонымі, і братоў ягоных — васямнаццаць,

19 і Хашавію, і з ім Ешаю з сыноў Мэрары, братоў ягоных і сыноў ягоных — дваццаць;

20 і з нэтынэяў, якіх даў Давід і князі на служэньне лявітаў, — дзьвесьце двац­цаць нэтынэяў, усе запісаныя па імёнах.

21 І я абвясьціў там пост каля ракі Агавы, каб мы скарыліся перад абліччам Бога нашага і прасілі ў Яго шляху простага для нас і для дзяцей нашых, і для ўсёй маёмасьці нашай,

22 бо я саромеўся прасіць у валадара войска і коньнікаў, каб абаранялі нас ад ворага ў дарозе, бо мы сказалі валадару, кажучы: «Рука Бога нашага на дабро для ўсіх, хто шукае Яго, а моц Ягоная і гнеў Ягоны — на ўсіх, хто пакідае Яго».

23 І мы посьцілі, і прасілі Бога нашага пра гэта; і Ён даў нам упрасіць Сябе.

24 I я аддзяліў дванаццаць князёў над сьвятарамі — Шэрэвію, Хашавію і дзесяць братоў іхніх з імі,

25 і адважыў ім срэбра, і золата, і начыньне, падараванае для Дому Бога нашага, якое ахвяравалі валадар і дарадцы ягоныя, і князі ягоныя, і ўвесь Ізраіль, які быў там.

26 І я адважыў на рукі іхнія срэбра шэсьцьсот пяцьдзясят талентаў і начыньня срэбнага — сто талентаў, і золата — сто талентаў,

27 і келіхаў залатых — дваццаць на тысячу дукатаў, і начыньні з медзі бліскучай, добрай — два, дарагія як золата.

28 I сказаў я ім: «Вы — сьвя­тасьць для ГОСПАДА, і начыньні — сьвятасьць, а срэбра і золата — дабраахвотныя ахвяры для ГОСПАДА, Бога бацькоў вашых.

29 Чувайце і пільнуйце [гэта], аж пакуль адважыце [яго] перад князямі сьвятароў і лявітаў і перад князямі [дамоў] бацькоў Ізраіля ў Ерусаліме, у пакоях Дому ГОСПАДА».

30 І ўзялі сьвятары і лявіты вагу срэбра і золата, і начыньні, каб прынесьці ў Ерусалім, у Дом Бога нашага.

31 I вырушылі мы ад ракі Агавы ў дванаццаты дзень першага месяца, каб ісьці ў Ерусалім. І рука Бога нашага была над намі, і ўратавала нас ад рукі ворага і ад засады на шляху.

32 I прыйшлі мы ў Ерусалім, і былі там тры дні.

33 У чацьвёрты дзень адважылі мы срэбра і золата, і начыньне ў Доме Бога нашага на руку Мэрэмота, сына Урыі, сьвятара, а з ім [быў] Элеазар, сын Пінхаса, і з імі — Ёзавад, сын Ешуа, і Наадыя, сын Біннуя, лявіты,

34 усё лікам і вагою. I запісана была ўся тая вага ў той самы час.

35 Тыя, што прыйшлі з палону, сыны выгнаньня, склалі цэласпаленьне для Бога Ізраіля — дванаццаць бычкоў за ўсяго Ізраіля, дзевяноста шэсьць бараноў, семдзясят сем ягнятаў і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх, усё на цэласпаленьне для ГОСПАДА.

36 I яны аддалі загады валадара цівунам валадарскім і вая­водам Зарэчча, і яны дапамагалі народу і Дому Божаму.

 

Разьдзел 9

1 А калі скончыліся гэтыя [справы], падыйшлі да мяне князі, кажучы: «Не аддзяліўся народ Ізраіля, і сьвятары, і лявіты ад народаў зямлі гэтай і агідаў іхніх, ад Хананейцаў, Хетаў, Пэрэзэяў, Евусэяў, Аманянаў, Мааўлянаў, Эгіпцянаў і Амарэйцаў,

2 бо яны пабралі сабе і сынам сваім дочак іхніх, і зьмяшалася насеньне сьвятое з народамі зямлі гэтай, і рука князёў і кіраўнікоў была першай у здрадзе гэтай ».

3 I калі я пачуў гэтае слова, разадраў адзеньне маё і плашч мой, і рваў валасы з галавы маёй і з барады маёй, і сядзеў збалелы.

4 І сабраліся да мяне ўсе, якія трымцяць перад словамі Бога Ізраіля, з прычыны здрады тых, што прыйшлі з выгнаньня; а я сядзеў збалелы аж да ахвяры вячэрняй.

5 І [ў часе] ахвяры вячэрняй я ўстаў з немарасьці маёй, і разадраўшы адзеньне маё і плашч мой, схіліўся на калені мае і выцягнуў рукі мае да ГОСПАДА, Бога майго,

6 і сказаў: «Божа мой! Я ў сораме і ганьбе, каб узьняць, Божа мой, аблічча маё да Цябе, бо беззаконьні нашыя памножыліся вышэй галавы, і правіны нашыя вырасьлі аж да неба.

7 Ад дзён бацькоў нашых аж да дня гэтага мы ў вялікай правіне; і за беззаконьні нашыя мы, валадары нашыя, сьвятары нашыя аддадзеныя ў руку валадароў земляў [гэтых] пад меч, у палон, на рабаваньне і на асаромленьне аблічча, як у дзень гэты.

8 І цяпер на хвіліну сталася нам ласка ад ГОСПАДА, Бога нашага, каб пакінуць нам рэшту і даць нам [паставіць] калок у месцы сьвятасьці Ягонай, каб асьвяціў вочы нашыя Бог наш і даў нам крыху ажыць
у няволі нашай.

9 Бо мы — нявольнікі; але і ў няволі нашай не пакінуў нас Бог наш. І Ён прыхіліў да нас міласэрнасць валадароў Пэрсаў, каб яны далі нам ажыць, узьняць Дом Бога нашага, і адбудаваць руіны ягоныя, і даць нам агароджу ў Юдэі і ў Ерусаліме.

10 І цяпер, Божа наш, што скажам мы пасьля гэтага? Бо мы пакінулі прыказаньні Твае,

11 якія Ты загадаў праз слугаў Тваіх прарокаў, кажучы: “Зямля, у якую вы ідзіцё, каб узяць у спадчыну — зямля нячыстая праз нячыстасьць народаў зямлі гэтай, праз брыдоты іхнія, якімі напоўнілі яе ад краю да краю ў нячыстасьці сваёй.

12 І цяпер дачок сваіх не аддавайце за сыноў іхніх, і дачок іхніх не бярыце для сыноў сваіх, і не шукайце супакою іхняга і дабра іхняга на вякі, каб умацавацца вам і спажываць дабро зямлі, і пакінуць яе ў спадчыну сынам вашым на вякі”.

13 І пасьля ўсяго, што прыйшло на нас за ўчынкі ліхія нашыя і за правіны вялікія нашыя, — бо Ты, Божа наш, пакараў нас менш, чым беззаконьні нашыя, і даў нам [захаваць] рэшту, —

14 няўжо мы будзем ізноў парушаць прыказаньні Твае і сваячыцца з народамі брыдотаў гэтых? Ці не загневаешся Ты на нас аж да выгубленьня, так што ня будзе ані рэшты, ані ўратаванага?

15 ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля! Ты — праведны, бо мы засталіся як рэшта ў дзень гэты; і вось, мы ў правінах нашых перад абліччам Тваім, хоць не належыць нам стаяць перад абліччам Тваім за ўсё гэта».

 

Разьдзел 10

1 І калі Эзра маліўся і спавядаўся, плачучы і падаючы перад Домам Божым, сабралася да яго з усяго Ізраіля вельмі вялікая царква мужчынаў, жанчынаў і дзяцей, бо народ плакаў плачам вялікім.

2 I адказаў Шэханія, сын Ехіэля, з сыноў Эляма, і сказаў Эзры: «Мы сталіся нявернымі Богу нашаму і пабралі жонак чужынак з народаў зямлі гэтай, але цяпер ёсьць яшчэ надзея ў Ізраіля.

3 І цяпер заключым запавет з Богам нашым, што выправім усіх жонак і народжаных ад іх, паводле рады гаспадара майго і тых, якія трымцяць перад прыказаньнем Бога нашага, і няхай будзе паводле Закону!

4 Устань, бо на табе справа гэтая, і мы з табою. Будзь мужны і рабі!»

5 І ўстаў Эзра, і запрысяг князёў, сьвятароў і лявітаў, і ўсяго Ізраіля, што зробяць паводле слова гэтага; і яны прысягнулі.

6 І ўстаў Эзра спрад Дому Божага, і пайшоў у пакой Егаханана, сына Эліяшыва, і прыйшоў туды. Хлеба ён ня еў і вады ня піў, бо ён быў у жалобе з прычыны здрады тых, што вярнуліся з палону.

7 І абвясьцілі гучна ў Юдэі і ў Ерусаліме ўсім сынам выгнаньня, каб яны сабраліся ў Ерусалім.

8 І ў кожнага, хто ня прыйдзе за тры дні, паводле рады князёў і старшыняў, уся маёмасьць ягоная будзе пад закляцьцем, а сам ён будзе адлучаны ад царквы тых, што вярнуліся з палону.

9 І сабраліся ўсе мужчыны Юды і Бэн’яміна за тры дні ў Ерусалім. Гэта [быў] дзявяты месяц, дваццаты дзень месяца. І ўвесь народ сядзеў на панадворку Дому Божага, дрыжучы з прычыны справы гэтай і ад дажджу.

10 І ўстаў Эзра сьвятар, і сказаў ім: «Вы сталіся нявернымі і ўзялі за жонак чужынак, каб павялічыць правіну Ізраіля.

11 І цяпер прынясіце падзяку ГОСПАДУ, Богу бацькоў вашых, і ўчыніце волю Ягоную, і аддзяліцеся ад народаў зямлі гэтай і ад жанчынаў чужынскіх».

12 I адказала ўся царква, і сказалі голасам вялікім: «Паводле слова Твайго мы так зробім!

13 Але народ шматлікі і час дажджоў, і няма сілы стаяць звонку. І гэтая праца не аднаго дня, і ня двух, бо шмат саграшылі мы ў справе гэтай.

14 Няхай князі нашыя стаяць за ўсю царкву, і няхай усе ў гарадах нашых, якія ўзялі жонак чужынскіх, прыйдуць у вызначаны час, і з імі старшыні кожнага гораду і судзьдзі ягоныя, аж пакуль не адвернецца ад нас ярасьць гневу Бога нашага за справу гэтую».

15 Толькі Ёнатан, сын Асагэля, і Яхзэя, сын Тыквы, паўсталі супраць гэтага, а Мэшулям і Шабэтай, лявіты, дапамагалі ім.

16 I зрабілі гэтак сыны выгнаньня. I аддзяліў Эзра сьвятар некаторых людзей, галоваў [дамоў] бацькоў, паводле дамоў бацькоў іхніх, усіх па імёнах. I яны селі ў першы дзень дзясятага месяца дасьледаваць справу гэтую,

17 і скончылі да першага дня першага месяца з усімі мужчынамі, якія ўзялі жонак чужынскіх.

18 I былі знойдзены з сыноў сьвятарскіх, якія ўзялі за жонак чужынак, — з сыноў Ешуа, сына Ёцадака і братоў ягоных: Маасэя, Эліэзэр, Ярыў і Гедалія.

19 I яны далі руку сваю, што выправяць [ад сябе] жонак сваіх, і вінаватыя [ахвяруюць] барана са статку за правіну сваю.

20 А з сыноў Іммэра: Ханані і Зэвадыя.

21 З сыноў Харыма: Маасэя, Элія, Шэмая, Ехіэль і Узія.

22 З сыноў Пашхура: Эліаэнай, Маасэя, Ішмаэль, Натанаэль, Ёзавад і Эляса.

23 З лявітаў: Ёзавад, Шымэй і Келая, ён жа Келіта, Пэтахія, Юда і Эліэзэр.

24 Са сьпевакоў: Эліяшыў; а з прыдзьвернікаў: Шальлюм, Тэлем і Уры.

25 А з Ізраіля, з сыноў Пароша: Рамія, Іззія, Малькія, Міямін, Элеазар, Малькія і Бэная.

26 З сыноў Эляма: Маттанія, Захарыя, Ехіэль, Аўды, Ерэмот і Элія.

27 З сыноў Затту: Эліаэнай, Эліяшыў, Маттанія, Ерэмот, Завад і Азіза.

28 З сыноў Бэвая: Егаханан, Хананія, Заббай і Атлай.

29 З сыноў Бані: Мэшулям, Малух, Адая, Яшуў, Шэал і Ерэмот.

30 З сыноў Пахат-Маава: Адна, Хелал, Бэная, Маасэя, Маттанія, Бэцаліэль, Біннуй і Манаса.

31 З сыноў Харыма: Эліэзэр, Ішыя, Малхія, Шэмая, Сымон,

32 Бэн’ямін, Малух, Шэмарыя.

33 З сыноў Хашума: Маттэнай, Матата, Завад, Эліфэлет, Ерэмай, Манаса, Шымэй.

34 З сыноў Бані: Маадай, Амрам, Уіэль,

35 Бэная, Бэдэя, Келуху,

36 Ванія, Мэрэмот, Эліяшыў,

37 Маттанія, Маттэнай, Яасай,

38 Бані, Біннуй, Шымэй,

39 Шэлемія, Натан, Адая,

40 Махнадэвай, Шашай, Шарай,

41 Азарэль, Шэлемія, Шэмарыя,

42 Шальлюм, Амарыя, Язэп.

43 З сыноў Нэво: Еіэль, Маттытыя, Завад, Зэвіна, Яддай, Ёэль, Бэная.

44 Усе гэтыя ўзялі жонак чужынскіх, і [некаторыя] з гэтых жанчынаў нарадзілі сыноў.