КНІГА ПРАРОКА ЭЗЭКІЭЛЯ
Разьдзел 1
1 І сталася ў трыццатым годзе, у чацьвёртым [месяцы], у пятым [дні] месяца, і я [стаяў] сярод выгнанцаў над ракою Кевар. Адкрыліся нябёсы, і я бачыў відзеж Божы.
2 У пяты [дзень] месяца, а гэта быў пяты год палону валадара Егаякіма,
3 было слова ГОСПАДА да Эзэкіэля, сына Бузі, сьвятара, у зямлі Халдэйцаў над ракою Кевар. І была там над ім рука ГОСПАДА.
4 І я ўбачыў, і вось, вецер гвалтоўны прыйшоў з поўначы, і хмара вялікая, і агонь палючы, і зьзяньне кругом, а ў сярэдзіне ягонай — нібыта бурштын, [які зьзяе] ў сярэдзіне агню.
5 А ў сярэдзіне ягонай было падабенства чатырох [істотаў] жывых; і мелі яны выгляд чалавека.
6 І кожная мела чатыры абліччы, і кожная мела чатыры крылы.
7 Ногі іхнія — ногі простыя, а стопы ног іхніх — як стопы ног цяляці; і блішчэлі яны, як медзь блішчастая.
8 Пад крыламі іхнімі [былі] рукі людзкія па чатырох баках іхніх. Абліччы і крылы [былі] ў-ва ўсіх чатырох.
9 І крылы іхнія прылягалі адны да другіх, і яны не адварочваліся, калі ішлі; кожная [істота] ішла проста перад абліччам сваім.
10 Абліччы іхнія выглядалі як аблічча чалавека і аблічча ільва з правага боку чатырох [істотаў], і як аблічча вала з левага боку чатырох [істотаў], і як аблічча арла ў чатырох [істотаў].
11 Абліччы іхнія і крылы іхнія былі скіраваныя ўгару, два [крылы] прылягалі адзін да аднаго, а два акрывалі целы іхнія.
12 І кожная [істота] ішла [проста] перад аблічча сваё, яны ішлі туды, куды іх Дух вёў, і ідучы, не адварочваліся ў хадзе сваёй.
13 А выгляд тых [істотаў] жывых — быццам гарачыя вуглі распаленыя, падобныя да паходняў, якія рухаюцца між тымі [істотамі] жывымі. Агонь зьзяў, і з агню выходзілі маланкі.
14 І [істоты] жывыя ішлі і варочаліся назад, нібы маланкі.
15 І я бачыў тыя [істоты] жывыя, а вось, адно кола на зямлі пры кожнай з тых чатырох [істотаў] жывых.
16 Выгляд тых колаў і выраб іхні — як выгляд хрызаліту, і ўсе чатыры мелі той самы выгляд, і выгляд іхні і выраб, нібыта адно кола было ў другім.
17 Яны ішлі ў хадзе сваёй на чатыры бакі; а калі ішлі, не адварочваліся ў хадзе сваёй.
18 Абруч іхні быў велізарны; і выгляд іх і абручоў іхніх у-ва ўсіх чатырох быў поўны вачэй кругом.
19 А калі ішлі гэтыя [істоты] жывыя, ішлі колы іхнія разам з імі. Калі [істоты] падымаліся з зямлі, падымаліся таксама колы.
20 Куды кіраваў іх Дух, каб ішлі, яны ішлі туды, куды Дух [хацеў] ісьці, і колы падымаліся з імі, бо дух [істоты] жывой [быў] у колах.
21 Калі рухаліся [істоты], рухаліся [колы], а калі спыняліся, і [колы] спыняліся; калі яны падымаліся з зямлі, і колы падымаліся, бо дух [істотаў] жывых [быў] у колах.
22 Над галовамі гэтых [істотаў] жывых было штосьці, быццам прасьцяг неба, быццам крышталь, які ірдзее, раскінуты над галовамі іхнімі ўгары.
23 А пад прасьцягам былі ўзьнятыя крылы іхнія, адно побач другога; і кожная [істота] мела па два [крылы], якімі закрывалі целы свае.
24 Калі яны ішлі, чуўся шум крылаў іхніх, як шум мноства водаў, як голас Усемагутнага, голас гоману, як гармідар табару [вайсковага]; а калі яны спыняліся, крылы мелі апушчаныя.
25 І быў голас па-над прасьцягам, які быў над галовамі іхнімі. А калі яны спыняліся, крылы мелі апушчаныя.
26 А па-над прасьцягам, які быў над галовамі іхнімі, было штосьці, падобнае да пасаду, што мела выгляд камяня шафіру, і на тым падабенстве пасаду — быццам постаць чалавека на ім угары.
27 І ўбачыў я нібыта бляск бурштыну і нібыта выгляд агню ўнутры яго наўкола, [пачынаючы] ад таго, што выглядала як сьцёгны, і вышэй. А ўніз ад таго, што выглядала як сьцёгны, бачыў я штосьці, як агонь, і бляск вакол яго.
28 Як зьяўленьне вясёлкі на воблаках у дзень дажджлівы, такі быў выгляд бляску таго наўкола. Ён [меў] выгляд, падобны да славы ГОСПАДА. І я ўбачыў яе, і ўпаў на аблічча маё, і пачуў голас, які прамаўляў.
Разьдзел 2
1 І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, стань на ногі твае. Я буду прамаўляць да цябе».
2 І ўвайшоў у мяне дух, калі Ён прамаўляў да мяне, і паставіў мяне на ногі мае, і я чуў, як Ён прамаўляў да мяне,
3 і сказаў мне: «Сыне чалавечы, Я пасылаю цябе да сыноў Ізраіля, да народу бунтаўнікоў, якія бунтуюцца супраць Мяне; яны і бацькі іхнія выступаюць супраць Мяне да дня сёньняшняга.
4 Гэта сыны з абліччамі бяз сораму і сэрцамі закамянелымі. Я пасылаю цябе да іх, і ты скажаш ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД”.
5 А ці паслухаюць яны цябе, ці адмовяцца, бо яны — дом бунтаўнікоў, але будуць ведаць, што прарок ёсьць сярод іх.
6 А ты, сыне чалавечы, ня бойся іх і ня бойся словаў іхніх, хоць яны вакол цябе — асот і церні, і ты сядзіш сярод скарпіёнаў. Ня бойся словаў іхніх і ня бойся абліччаў іхніх, бо яны — дом бунтаўнікоў.
7 І ты прамовіш да іх словы Мае, ці будуць яны слухаць, ці адмовяцца, бо яны — бунтаўнікі.
8 А ты, сыне чалавечы, слухай, што Я прамаўляю да цябе, і ня будзь бунтаўніком, як гэты дом бунтаўнічы. Адчыні вусны твае і зьеш тое, што Я дам табе».
9 І я ўбачыў, і вось, рука, выцягнутая да мяне, і вось, у ёй — скрутак кнігі.
10 І Ён разгарнуў яго перад абліччам Маім; а быў ён запісаны з аднаго і другога боку, і былі ў ім запісаныя лямант, уздыханьне і бедаваньне.
Разьдзел 3
1 І сказаў Ён мне: «Сыне чалавечы, зьеш тое, што знайшоў, зьеш скрутак гэты, і ідзі прамаўляць да дому Ізраіля».
2 І я адчыніў вусны мае, і Ён даў мне зьесьці скрутак гэты,
3 і сказаў мне: «Сыне чалавечы, накармі жывот твой і напоўні нутро тваё скруткам гэтым, які Я даю табе». І я зьеў яго, і быў ён у вуснах маіх салодкі, як мёд.
4 І сказаў Ён мне: «Сыне чалавечы, ідзі да дому Ізраіля і прамаўляй да іх словамі Маімі.
5 Бо ты пасланы не да народу з цяжкім языком і чужой мовай, але да дому Ізраіля.
6 Не да мноства народаў з чужой мовай і цяжкім языком, што ты не разумееш словаў іхніх. Калі б да іх Я паслаў цябе, яны б слухалі цябе.
7 Аднак дом Ізраіля не захоча слухаць цябе, бо яны ня хочуць слухаць Мяне; бо ўвесь дом Ізраіля мае цьвёрды лоб і закамянелае сэрца.
8 Вось, Я даў [табе] аблічча тваё цьвярдзейшае, чым абліччы іхнія, і лоб твой цьвярдзейшы, чым ілбы іхнія.
9 Як той дыямэнт, цьвярдзейшы ад крэменя, Я даў [табе] лоб твой. Ня бойся іх і не палохайся аблічча іхняга, бо яны — дом бунтаўнікоў».
10 І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, усе словы Мае, якія Я прамаўляў да цябе, вазьмі ў сэрца тваё, і слухай вушамі тваімі.
11 І ідзі да выгнанцаў, да сыноў народу твайго, і прамаўляй да іх, і кажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД”, ці будуць яны слухаць, ці адмовяцца».
12 І падхапіў мяне дух, і я пачуў за сабой голас грымоту вялікага: «Дабраслаўлёная слава ГОСПАДА», [калі яна падымалася] з месца свайго,
13 і шум крылаў [істотаў] жывых, якія біліся адно аб адно, і гук колаў разам з імі, і голас грымоту вялікага.
14 І дух падняў мяне, і забраў мяне; і я пайшоў раздражнёны і зьбянтэжаны ў духу маім, а дужая рука ГОСПАДА [была] на мне.
15 І я прыйшоў да выгнанцаў у Тэль-Авіве, якія жылі над ракою Кевар, і сядзеў там, дзе яны сядзяць, і жыў там сем дзён сярод іх аслупянелы.
16 І сталася, калі мінула сем дзён, было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:
17 «Сыне чалавечы, Я паставіў цябе вартаваць дом Ізраіля. І ты пачуеш слова з вуснаў Маіх, і папярэдзіш іх ад Мяне.
18 Калі Я скажу бязбожніку: “Ты сьмерцю памрэш”, а ты яго не перасьцеражэш і ня будзеш казаць [яму], каб адвесьці бязбожніка ад бязбожнага шляху ягонага, каб ён жыў, бязбожнік той памрэ за беззаконьні свае, але Я буду шукаць на руках тваіх кроў ягоную.
19 А калі ты перасьцеражэш бязбожніка, але ён не адвернецца ад бязбожнасьці сваёй і ад шляху бязбожнага свайго, ён памрэ за беззаконьні свае, а ты збавіш душу тваю.
20 Калі праведнік адступіць ад праведнасьці сваёй і ўчыніць грэх, Я дам спатыкненьне перад абліччам ягоным, і ён памрэ, бо ты не перасьцярог яго. За грэх свой ён памрэ, і праведнасьць, якую ён рабіў, ня будзе ўзгадана, але кроў ягоную Я буду шукаць на руках тваіх.
21 А калі ты перасьцеражэш праведніка, каб праведнік не грашыў, і калі ён не саграшыць, ён будзе жыць, бо прыняў перасьцярогу, а ты збавіш душу тваю».
22 І была там на мне рука ГОСПАДА, і Ён сказаў мне: «Устань, выйдзі ў даліну, там Я буду прамаўляць да цябе».
23 І я ўстаў, і пайшоў у даліну, і вось, там [была] слава ГОСПАДА, такая, як слава, якую я бачыў над ракою Кевар. І я ўпаў на аблічча маё.
24 І ўвайшоў у мяне дух, і паставіў мяне на ногі мае. І Ён прамовіў да мяне, і сказаў: «Ідзі, зачыніся ў сярэдзіне дому твайго.
25 І вось, сын чалавечы, будуць ускладзеныя на цябе вяроўкі, і ты будзеш зьвязаны імі, і ня выйдзеш спасярод іх.
26 І язык твой Я прыляплю да паднябеньня твайго, і будзеш ты нямы. І ня будзеш для іх чалавекам, які дакарае, бо яны — дом бунтаўнікоў.
27 Калі Я буду прамаўляць да цябе, Я адкрыю вусны твае, і ты скажаш ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД”. Хто хоча слухаць, няхай слухае, а хто адмаўляецца, той няхай адмаўляецца, бо гэта дом бунтаўнікоў.
Разьдзел 4
1 А ты, сын чалавечы, вазьмі таблічку гліняную, пакладзі яе перад абліччам тваім і накрэсьлі на ёй горад Ерусалім.
2 І пастаў аблогу супраць яго, пабудуй мур супраць яго, насып вал супраць яго, пастаў супраць яго табар, пастаў супраць яго тараны кругом.
3 І вазьмі сабе патэльню жалезную, і палажы яе нібы мур жалезны паміж табою і горадам, і павярні аблічча тваё на яго. І будзе ён абляганы, і ты будзеш аблягаць яго. Гэта будзе знак для дому Ізраіля.
4 І ты ляж на левым баку тваім, і складзі на ім беззаконьні дому Ізраіля. Столькі дзён, колькі будзеш ляжаць на [баку], будзеш несьці беззаконьні іхнія.
5 І Я вызначыў табе гады беззаконьня іхняга паводле ліку дзён: трыста дзевяноста дзён будзеш несьці беззаконьне дому Ізраіля.
6 А калі іх скончыш, ляжаш тады на правым баку тваім і будзеш несьці беззаконьні дому Юды сорак дзён, і Я вызначыў табе дзень за адзін год.
7 І на абложаны Ерусалім звернеш аблічча тваё і аголенае рамяно тваё, і будзеш прарочыць супраць яго.
8 І вось, Я накладаю на цябе путы, і ты не павернешся з аднаго боку на другі, пакуль ня скончыш дзён аблогі тваёй.
9 І ты вазьмі сабе пшаніцы і ячменю, бобу і сачэвіцы, проса і чарнухі, і ўсё ўкладзі ў адзін посуд, і зрабі сабе з гэтага хлеб. Будзеш яго есьці столькі дзён, колькі будзеш ляжаць на баку тваім, трыста дзевяноста дзён будзеш есьці яго.
10 А тая ежа, якую будзеш есьці, [будзе] важыць дваццаць сыкляў на дзень; час ад часу будзеш есьці яе.
11 І ваду ашчадна будзеш піць: будзеш піць час ад часу адну шостую гіну.
12 Будзеш гэта есьці як аладку ячменную, і будзеш пячы гэта на вачах іхніх на гною чалавечым».
13 І сказаў ГОСПАД: «Гэтак будуць есьці сыны Ізраіля свой хлеб нячысты сярод народаў, сярод якіх Я расьцярушу іх».
14 І я сказаў: «О Госпадзе ГОСПАДЗЕ, вось, душа мая [ніколі] не апаганьвалася, ад маладосьці маёй аж да цяпер я ня еў ані падліны, ані таго, што было разьдзёртае; і не ўваходзіла ў вусны мае мяса нячыстае».
15 І Ён сказаў мне: «Глядзі, Я даю табе гной кароўскі замест гною чалавечага, і ты будзеш рабіць хлеб твой на ім».
16 І сказаў мне: «Сыне чалавечы, вось, Я зламлю падпору хлеба ў Ерусаліме, і будуць яны есьці хлеб паводле вагі і са страхам, і будуць піць ваду паводле меры і са смуткам,
17 каб, [маючы] нястачу хлеба і вады, жахаліся адзін аднаго і гнілі ў грахах сваіх.
Разьдзел 5
1 А ты, сын чалавечы, вазьмі сабе меч востры і скарыстай яго як лязо, і пагалі сабе ім галаву і бараду. І вазьмі шалі вагаў, і падзялі тыя [валасы].
2 Трэцюю частку іх спаліш у агні пасярод гораду, калі прыйдуць дні аблогі; і возьмеш трэцюю частку, і пасячэш яе мячом кругом [гораду], і трэцюю частку раскідаеш з ветрам, бо Я выцягну на іх меч.
3 І возьмеш з іх малую толькі частку і ўкруціш у крысо плашча твайго.
4 І возьмеш яшчэ з іх [крыху], і ўкінеш у агонь, каб у ім згарэлі, і выйдзе з гэтага агонь на ўвесь дом Ізраіля».
5 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: «Гэты Ерусалім Я паставіў сярод народаў, а вакол яго — землі [чужынскія].
6 Але ён пагардзіў судом Маім, і бязбожнасьць [ягоная] большая, чым у народаў, і ён [паўстаў] супраць пастановаў Маіх больш, чым землі, якія вакол яго, бо яны адкінулі прысуды Мае і не хадзілі паводле пастановаў Маіх.
7 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што вы збунтаваліся [больш], чым народы, якія вакол вас, і не хадзілі паводле пастановаў Маіх, і не выконвалі прысуды Мае, і нават не трымаліся судоў народаў, якія вакол вас,
8 вось, гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я — супраць цябе, і на вачах народаў Я зраблю над табою суд.
9 І зраблю табе за ўсе брыдоты твае тое, чаго ніколі не рабіў, і ўжо ніколі не зраблю падобнага.
10 Дзеля гэтага бацькі будуць есьці сыноў пасярод цябе, а сыны будуць есьці бацькоў сваіх, і Я ўчыню над табою суды, і расьцярушу ўсю рэшту тваю на ўсе вятры”.
11 Дзеля гэтага, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, за тое, што ты сьвятыню Маю апаганіў усімі брыдотамі тваімі і ўсімі агідамі тваімі, Я таксама адкіну цябе, і ня будзе мець літасьці вока Маё, і не пашкадую [цябе].
12 Трэцяя частка твая памрэ ад заразы і загіне пасярод цябе ад голаду; трэцяя частка ўпадзе ад мяча ў ваколіцах тваіх; і трэцюю частку Я расьцярушу на ўсе вятры, і выцягну на іх меч.
13 І супакоіцца гнеў Мой, і Я задаволю на іх лютасьць Маю, і супакоюся. І даведаюцца яны, што Я, ГОСПАД, прамовіў гэта ў гневе Маім, калі выльлю гнеў Мой на іх.
14 І Я зраблю цябе спусташэньнем і ганьбаю сярод народаў, якія вакол цябе, на вачах усіх мінакоў.
15 І ты станешся ганьбаю і пасьмешышчам, перасьцярогай і пусткаю для народаў, якія вакол цябе, калі Я ўчыню супраць цябе суды ў гневе і лютасьці і ярасным пакараньні. Я, ГОСПАД, прамовіў гэта.
16 Калі Я пашлю супраць вас стрэлы голаду, каб нішчыць вас, калі іх пашлю для загубы вашай, Я памножу паміж вамі голад і зламлю вам падпору хлеба.
17 І Я спашлю на вас голад і дзікіх зьвяроў, і яны асіроцяць цябе; і зараза, і кроў прыйдуць на цябе, і Я прывяду на цябе меч. Я, ГОСПАД, прамовіў гэта».
Разьдзел 6
1 І было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:
2 «Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё на горы Ізраіля і прароч супраць іх,
3 і кажы: “Горы Ізраіля, слухайце слова Госпада ГОСПАДА. Гэта кажа Госпад ГОСПАД гарам і ўзгоркам, ярам і лугам. Вось, Я прывяду на вас меч і зьнішчу ўзгоркі вашыя,
4 і будуць зруйнаваныя ахвярнікі вашыя і паразьбіваныя слупы вашыя, і Я кіну забітых вашых перад ідаламі вашымі.
5 І Я палажу трупы сыноў Ізраіля перад ідаламі вашымі, і косткі вашыя параскідаю вакол ахвярнікаў вашых.
6 У-ва ўсіх месцах пражываньня вашага гарады будуць зруйнаваныя, узгоркі зьнішчаныя, ахвярнікі вашыя будуць апаганеныя і зруйнаваныя, ідалы вашыя паразьбіваныя і панішчаныя, а слупы вашыя паламаныя, і згінуць усе справы вашыя.
7 І будуць падаць сярод вас забітыя, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД.
8 Але Я пакіну вам пры жыцьці сярод народаў тых, якія выратуюцца ад мяча, калі расьцярушу вас сярод земляў [чужых].
9 Тыя, што застануцца пры жыцьці, будуць памятаць пра Мяне сярод народаў, куды будуць пераселеныя, бо Я скрышу сэрца іхняе чужаложнае, якое адступіла ад Мяне, і вочы іхнія, якія чужаложаць з ідаламі. І яны будуць брыдзіцца самімі сабою дзеля бязбожнасьці, якую чынілі ў-ва ўсіх брыдотах сваіх.
10 І даведаюцца яны, што Я — ГОСПАД, і [што] не дарма Я прамаўляў да іх, што ўчыню супраць іх гэтае ліха”.
11 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Ударай у далоні твае, і тупай нагою тваёй, і кажы: «Гора дзеля ўсякіх брыдотаў ліхіх дому Ізраіля, бо будуць яны падаць ад мяча, голаду і заразы».
12 Той, які далёка, — памрэ ад заразы; той, які блізка, — загіне ад мяча, а той, што застанецца [ў горадзе] і будзе выратаваны, — памрэ ад голаду. І Я заспакою лютасьць Маю на іх.
13 І вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД, калі забітыя вашыя будуць [ляжаць] паміж ідалаў вашых, вакол ахвярнікаў вашых, на кожным узгорку высокім, на ўсіх вяршынях горных, пад кожным дрэвам зялёным і пад кожным рассахатым дубам, дзе складалі вы пахкія каджэньні ўсім ідалам сваім.
14 І Я выцягну руку Маю супраць іх, і перамяню зямлю гэтую ў бязьлюдзьдзе і пустэчу, ад пустыні аж да Рыўлі, у-ва ўсіх месцах пражываньня іхняга, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД”».
Разьдзел 7
1 І было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:
2 «А ты, сыне чалавечы, [слухай]. Гэта кажа Госпад ГОСПАД да зямлі Ізраіля. Канец прыходзіць, канец для чатырох краёў зямлі.
3 Цяпер [прыходзіць] канец на цябе. І Я пашлю гнеў Мой супраць цябе, і буду судзіць цябе паводле шляхоў тваіх, і залічу табе ўсе брыдоты твае.
4 І не пашкадуе цябе вока Маё, і ня зьлітуюся, але ўскладу на цябе шляхі твае, і брыдоты твае стануць пасярод цябе, і даведаецеся, што Я — ГОСПАД.
5 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, надыходзіць адно ліха, [за ім] другое ліха”.
6 Прыходзіць канец, прыходзіць канец. Канец для цябе. Вось, ён прыйшоў.
7 Прыйшла доля твая, жыхару зямлі. Надыйшоў час. Блізкі дзень гора, і няма крыку радасьці на гарах.
8 Цяпер Я выльлю неўзабаве лютасьць Маю на цябе, заспакою гнеў Мой на табе. І Я асуджу цябе паводле шляхоў тваіх, і ўскладу на цябе ўсе брыдоты твае.
9 І ня будзе мець літасьці вока Маё, і не пашкадуе, паводле шляхоў тваіх ускладу на цябе [адплату], і брыдоты твае будуць выяўлены пасярод цябе, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД, Які карае.
10 Вось, дзень гэты, вось, ён прыходзіць. Выйшла доля [твая], заквітнеў кій, запанавала пыха,
11 падняўся гвалт і [стаўся] кіем бязбожнасьці. Нічога з іх [не застанецца], нічога з багацьцяў іхніх, нічога з гоману іхняга, нічога з узьнёсласьці іхняй.
12 Прыходзіць час, набліжаецца дзень. Хто купляе, няхай ня цешыцца, і хто продае, няхай не сумуе, бо [надыходзіць] лютасьць на ўсю грамаду ягоную.
13 Бо той, хто продае, да праданага ня вернецца, нават калі застанецца пры жыцьці, бо відзеж пра грамаду іхнюю ня будзе адменены і ніхто ў беззаконьні сваім не ўтрымае жыцьцё сваё.
14 Трубіце ў трубы, падрыхтуйцеся ўсе, але няма нікога, хто б ішоў ваяваць; бо гнеў Мой — на ўсю грамаду ягоную.
15 Меч звонку, а зараза і голад у сярэдзіне. Хто на полі, той загіне ад мяча, а хто ў горадзе, таго голад і зараза загубіць.
16 І ўратуюцца тыя, што ўцяклі, і будуць на гарах як галубы з даліны, будуць стагнаць кожны дзеля беззаконьня свайго.
17 Усе рукі памлеюць, і ўсе калені задрыжаць, як вада.
18 І падпярэжуцца яны зрэбніцай, і апануе іх страх, і на ўсіх абліччах [будзе] сорам, і на ўсіх галовах іхніх — лысіна.
19 Срэбра сваё яны выкінуць на вуліцу, а золата іхняе станецца як сьмецьце. Срэбра іхняе і золата іхняе ня змогуць уратаваць іх у дзень гневу ГОСПАДА, бо душы сваёй [ім] не насыцяць, і нутро сваё не напоўняць, бо яно было для іх прычынай беззаконьня іхняга.
20 Аздобныя ўпрыгожваньні іхнія напоўнілі іх пыхлівасьцю, і з іх яны зрабілі брыдоты свае, ідалапаклонства сваё ўчынілі з іх. Таму Я замяню іх у нячыстасьць для іх,
21 і аддам іх у рукі чужынцаў на здабычу, бязбожным зямлі — на рабаваньне, і яны зьняславяць іх.
22 І Я адвярну ад іх аблічча Маё, і скарб Мой будзе зьняслаўлены. І ўвойдуць да яго рабаўнікі, і зьняславяць яго.
23 Зрабі [сабе] ланцугі; бо зямля поўная судоў крывавых, а горад поўны гвалту.
24 І Я прывяду жахлівыя народы, і яны возьмуць дамы іхнія. І Я спыню пыхлівасьць вяльможных, і будуць апаганеныя сьвятыні іхнія.
25 Жах надыходзіць. І будуць яны шукаць супакою, і ня будзе [яго].
26 Бяда за бядою прыходзяць, вестка за весткай ідуць. І будуць шукаць відзежу ў прарока, і ня будзе Закону ў сьвятара, і [ня будзе] рады ў старшыняў.
27 Валадар будзе ў жалобе, князь перапоўніцца замяшаньнем, і рукі народу зямлі гэтай будуць дрыжаць. Я зраблю ім паводле шляхоў іхніх і паводле судоў іхніх буду судзіць іх. І даведаюцца, што Я — ГОСПАД».
Разьдзел 8
1 І сталася ў шостым годзе, у пятым [дні] шостага месяца, сядзеў я ў доме маім, і старшыні Юды сядзелі перад абліччам маім, і супачыла там на мне рука Госпада ГОСПАДА.
2 І я паглядзеў, і вось, быў там [Нехта], падобны да выгляду [чалавека] вогненнага; і ўніз ад выгляду сьцёгнаў ягоных — агонь, а ўгару ад выгляду сьцёгнаў ягоных — выгляд зьзяньня як выгляд бурштыну.
3 І выцягнуў Ён быццам руку, і схапіў мяне за валасы галавы маёй, і Дух падняў мяне ўгару паміж зямлёй і небам, і ў відзежах Божых завёў у Ерусалім у прысенак брамы ўнутранай, зьвернутай на поўнач, там, дзе месца знаходжаньня ідала зайздрасьці, які выклікае гнеў [Божы].
4 І вось, там слава Бога Ізраіля, такая, якую я бачыў у даліне.
5 І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, падымі вочы твае ў накірунку на поўнач!» І я падняў вочы мае ў накірунку на поўнач, і вось, на поўнач ад брамы ахвярніка [быў] каля ўваходу той ідал зайздрасьці.
6 І сказаў Ён мне: «Сыне чалавечы, ці ты бачыш, што яны робяць? Брыдоты вялікія, якія робіць тут дом Ізраіля, каб змусіць Мяне аддаліцца ад сьвятыні Маёй. І калі зноў прыгледзішся, убачыш брыдоты вялікія».
7 І Ён завёў мяне да ўваходу ў панадворак, і я прыгледзеўся, і вось, дзіра ў муры.
8 І Ён сказаў мне: «Сын чалавечы, прабі мур гэты!» І я прабіў мур, і вось, праход.
9 І Ён сказаў мне: «Увайдзі і паглядзі на тыя брыдоты ліхія, якія яны робяць тут!»
10 І я ўвайшоў і глядзеў, і вось, усякія выявы паўзуноў і жывёлаў агідных і ўсе ідалы дому Ізраіля намаляваныя ўсюды кругом на сьцяне.
11 І семдзясят мужоў спасярод старшыняў дому Ізраіля стаялі перад імі, і між імі Яазанія, сын Шафана; і ў руцэ сваёй кожны меў кадзільніцу сваю, і пах узносіўся з воблакаў кадзіла.
12 І Ён сказаў мне: «Ці ты бачыш, сыне чалавечы, што робіць у цемры кожны са старшыняў дому Ізраіля, кожны ў таемным пакоі ідалаў сваіх? Бо яны кажуць: “ГОСПАД ня бачыць нас. ГОСПАД пакінуў зямлю гэтую”».
13 І Ён сказаў мне: «Калі прыгледзішся, убачыш брыдоты вялікія, якія яны робяць».
14 І Ён завёў мяне ў прысенак брамы Дому ГОСПАДА, які на поўначы, і вось, сядзелі там жанчыны і плакалі па Тамузе.
15 І Ён сказаў мне: ”Ці ты бачыш, сыне чалавечы? Калі прыгледзішся, убачыш брыдоты яшчэ большыя ад гэтых».
16 І Ён завёў мяне на ўнутраны панадворак Дому ГОСПАДА, і вось, каля ўваходу ў сьвятыню ГОСПАДА, паміж прысенкам і ахвярнікам, — каля дваццаці пяці мужчынаў, сьпіны іхнія [павернутыя] да сьвятыні ГОСПАДА, а абліччы іхнія — на ўсход, і яны пакланяліся на ўсход, [пакланяліся] сонцу.
17 І Ён сказаў мне: «Ці ты бачыш, сыне чалавечы? Ці ня досыць дому Юды чыніць брыдоты гэтыя, якія яны тут робяць? Бо яны напаўняюць зямлю гэтую гвалтам і зноў абражаюць Мяне. І вось, яны падымаюць галінку да носу свайго.
18 І Я таксама пастаўлюся да іх з лютасьцю, ня будзе мець літасьці вока Маё, і не пашкадую [іх]. І будуць клікаць у вушы Мае голасам моцным, але Я ня выслухаю іх».
Разьдзел 9
1 І Ён закрычаў голасам моцным у вушы мае, кажучы: «Прыходзьце, вартаўнікі гораду, і няхай кожны мае ў руцэ сваёй зброю».
2 І вось прыйшлі шэсьць мужоў дарогай ад верхняе брамы, якая на поўначы, кожны са зброяй сваёй у руцэ; між імі быў адзін чалавек, апрануты ў ільняную шату, з прыладай пісарскай пры боку. І ўвайшлі яны, і затрымаліся перад ахвярнікам мядзяным.
3 А слава Бога Ізраіля паднялася з-над херувімаў, на якіх знаходзілася, да парогу сьвятыні. Пасьля, паклікаўшы чалавека, апранутага ў ільняную шату, які меў прыладу пісарскую пры боку,
4 ГОСПАД сказаў яму: «Прайдзі праз сярэдзіну гораду, праз сярэдзіну Ерусаліму і напішы гэты знак “таў” на чолах мужчынаў, якія ўздыхаюць і бядуюць з прычыны ўсіх тых брыдотаў, якія ў ім робяцца».
5 А да іншых сказаў так, што і я чуў: «Ідзіце за ім па горадзе і забівайце. Няхай вочы вашыя ня ведаюць ані спачуваньня, ані літасьці.
6 Старога, юнака, дзяўчыну, немаўля і жанчыну забівайце, але не дакранайцеся да кожнага мужа, на якім будзе той знак. І пачынайце ад сьвятыні Маёй». І пачалі яны ад тых старшыняў, якія стаялі перад сьвятыняй.
7 І сказаў Ён ім: «Апаганьце таксама сьвятыню, і панадворкі ейныя закідайце трупамі!» І выйшлі яны, і забівалі ў горадзе.
8 А ў той час, калі яны забівалі, я застаўся сам, упаў на аблічча маё і так маліўся ўголас: «Госпадзе, ГОСПАДЗЕ! Ці Ты хочаш вынішчыць усю рэшту Ізраіля, выліваючы гнеў Свой на Ерусалім?»
9 І сказаў Ён мне: «Беззаконьне дому Ізраіля і Юды вельмі, вельмі вялікае, зямля поўная крыві, а горад напоўнены няпраўдаю, бо яны кажуць: “ГОСПАД пакінуў зямлю гэтую. ГОСПАД ня бачыць”.
10 Таксама вока Маё ня будзе мець ані літасьці, ані спачуваньня. Шляхі іхнія Я ўскладу на галовы іхнія».
11 І вось той чалавек, апрануты ў ільняную вопратку, з прыладай пісарскай пры боку, паведаміў: «Я зрабіў, як Ты загадаў мне».
Разьдзел 10
1 І я глядзеў, і вось над прасьцягам, раскінутым над галовамі херувімаў, было штосьці, быццам шафір, а з выгляду падобнае да пасаду.
2 І Ён сказаў чалавеку гэтаму, апранутаму ў ільняную шату: «Увайдзі паміж колаў пад херувімамі, і напоўніўшы далоні свае вугольлем агністым з месца паміж херувімамі, раскінь яго па горадзе». І ён увайшоў туды на вачах маіх.
3 А херувімы стаялі з правага боку сьвятыні, калі чалавек той туды ўваходзіў, і воблака запоўніла ўнутраны панадворак.
4 І слава ГОСПАДА паднялася з-над херувімаў да парогу сьвятыні, і сьвятыня напоўнілася воблакам, а панадворак быў поўны бляску славы ГОСПАДА.
5 І быў чуцён шум крылаў херувімаў аж на вонкавым панадворку, падобны да голасу Бога Усемагутнага, калі Ён прамаўляе.
6 А калі чалавеку таму, апранутаму ў ільняную шату, Ён даў такі загад: «Вазьмі агонь спаміж колаў, спаміж херувімаў», — той пайшоў і стаў побач з коламі.
7 Тады адзін з херувімаў выцягнуў руку ў накірунку агню, які між херувімамі, і, узяўшы яго, паклаў на далоні чалавека, апранутага ў ільняную шату. Той узяў [агонь] і выйшаў.
8 А пад крыламі херувімаў зьявілася нешта накшталт рукі чалавечай.
9 Я глядзеў, і вось, пры боку херувімаў чатыры колы, па адным коле побач кожнага херувіма. Выгляд тых колаў — нібы бляск хрызаліту.
10 І выглядалі яны так, нібы кожнае з чатырох мела тую самую форму, і быццам адно кола знаходзілася ў другім.
11 І калі яны рухаліся, рухаліся ў чатырох сваіх напрамках, не адварочваліся, калі рухаліся ў тым напрамку, куды вяла іх галава, і рухаліся за ёй, і не адварочваліся, калі рухаліся.
12 Усё іх цела, плечы, рукі, крылы і колы ў-ва ўсіх чатырох былі запоўненыя кругом вачыма.
13 І я чуў, што колам была дадзена назва “гальгаль”.
14 Кожная [істота] жывая мела па чатыры абліччы. Першае было аблічча вала, другое — аблічча чалавека, трэцяе — аблічча ільва, а чацьвёртае — аблічча арла.
15 І падняліся херувімы. І была гэта тая самая істота, якую я бачыў над ракою Кевар.
16 Калі херувімы ішлі, рухаліся таксама пры боку іхнім колы, а калі херувімы падымалі крылы, каб падняцца з зямлі, колы не адрываліся ад боку іхняга.
17 Калі херувімы затрымліваліся, таксама і яны затрымліваліся, а калі падымаліся, падымаліся таксама і яны разам з імі, бо дух [істоты] жывой быў у іх.
18 І адыйшла слава ГОСПАДА ад парогу сьвятыні, і затрымалася над херувімамі.
19 І херувімы ўзьнялі крылы, і паляцелі, і падняліся з зямлі на вачах маіх, і тыя колы разам з імі, і затрымаліся каля ўваходу ўсходняй брамы сьвятыні ГОСПАДА, і слава Бога Ізраіля супачывала над імі ўгары.
20 Была гэта тая самая [істота] жывая, якую я бачыў пад Богам Ізраіля над ракою Кевар, і я даведаўся, што гэта былі херувімы.
21 Кожны з іх меў чатыры абліччы і чатыры крылы, а пад крыламі — штосьці накшталт рук чалавечых.
22 Выгляд абліччаў іхніх быў падобны да тых самых абліччаў, якія я бачыў над ракою Кевар. Кожны рухаўся проста перад сабою.
Разьдзел 11
1 І падняў мяне дух, і занёс да ўсходняй брамы сьвятыні ГОСПАДА, зьвернутай на ўсход. І вось, каля ўваходу ў браму былі дваццаць пяць мужоў, сярод якіх я ўбачыў Яазанію, сына Азура, і Пэлятыю, сына Бэнаі, начальнікаў народу.
2 І сказаў мне ГОСПАД: «Сыне чалавечы, вось мужы, у думках якіх ліхота і якія ў гэтым горадзе распаўсюджваюць рады ліхія.
3 Яны гавораць: “Ня хутка [суд]; будуйма дамы. Вось, [горад] — кацёл, а мы — мяса”.
4 Дзеля гэтага прароч супраць іх, прароч, сын чалавечы!»
5 І зыйшоў на мяне Дух ГОСПАДА, і сказаў мне: «Кажы: “Гэта кажа ГОСПАД. У такі спосаб вы кажаце, дом Ізраіля, і Я ведаю, што робіцца ў душы вашай.
6 Вы памножылі забітых вашых у горадзе гэтым, і вуліцы ягоныя напоўнілі забітымі.
7 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: «Забітыя вашыя, якіх вы паклалі ў сярэдзіне яго, — гэта мяса, а [горад] — кацёл. А вы будзеце выкінутыя з сярэдзіны яго».
8 Вы баіцёся мяча, а Я прывяду на вас меч, кажа Госпад ГОСПАД.
9 І Я выганю вас з яго сярэдзіны, і аддам вас у рукі чужынцам, і правяду суд над вамі.
10 Вы ўпадзеце ад мяча, і Я буду судзіць вас на мяжы Ізраіля, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД.
11 [Горад] ня будзе для вас катлом, а вы ня будзеце ў ім мясам. На мяжы Ізраіля Я буду судзіць вас.
12 І вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД, бо не жылі вы паводле пастановаў Маіх, і прысуды Мае не спаўнялі, але рабілі паводле прысудаў тых народаў, якія вакол вас”»
13 І сталася, калі я прарочыў, памёр Пэлятыя, сын Бэнаі. І ўпаў я на аблічча маё, і закрычаў моцным голасам, і сказаў: «О, Госпадзе ГОСПАДЗЕ! Няўжо Ты зьнішчыш рэшту Ізраіля».
14 І было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:
15 «Сыне чалавечы, да братоў тваіх, да братоў тваіх, да выгнаных з табой, да ўсяго дому Ізраіля кажуць жыхары Ерусаліму: “Далёкія вы ад ГОСПАДА. Нам дадзена зямля гэтая на ўласнасьць”.
16 Дзеля гэтага кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Я выгнаў іх да народаў і расьцярушыў па [розных] землях, і праз кароткі [час] буду для іх сьвятыняй у землях, куды яны прыйшлі”.
17 Дзеля гэтага кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Я зьбяру вас з народаў, зграмаджу вас з тых земляў, у якіх вы расьцярушаны, і дам вам зямлю Ізраіля.
18 І яны вернуцца туды, і прыбяруць з яе ўсе агіды ейныя і ўсе брыдоты ейныя.
19 І Я дам ім адно сэрца, і духа новага дам у нутро іхняе, і выкіну сэрца каменнае з цела іхняга, і дам ім сэрца цялеснае,
20 каб хадзілі паводле пастановаў Маіх і суд Мой захоўвалі і спаўнялі яго, і будуць для Мяне народам, а Я буду для іх Богам.
21 А тых, у каго сэрца схіляецца да ідалаў і брыдотаў, на галовы іхнія Я ўскладу шляхі іхнія, кажа Госпад ГОСПАД”».
22 І ўзьнялі херувімы крылы свае, і колы [рушылі] з імі, а слава Бога Ізраіля [была] на іх угары.
23 І адыйшла слава ГОСПАДА з сярэдзіны гораду, і затрымалася на гары, якая на ўсход ад гораду.
24 І дух падняў мяне і занёс мяне ў Халдэю да выгнанцаў у відзежы Духу Божага. І спыніўся відзеж, які я бачыў.
25 І я прамовіў да выгнанцаў усе словы ГОСПАДА, якія Ён мне паказаў.
Разьдзел 12
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Сыне чалавечы, ты жывеш сярод дому бунтаўнікоў, які [мае] вочы, каб бачыць, а ня бачыць; і [мае] вушы, каб чуць, а ня чуе, бо гэта дом бунтаўнікоў.
3 І ты, сыне чалавечы, зрабі сабе рэчы для выгнаньня, і ўдзень на вачах іхніх выйдзі з месца твайго, і ідзі ў іншае [месца] на вачах іхніх. Можа, яны ўбачаць, хоць яны — дом бунтаўнікоў.
4 І вынясеш рэчы твае, як рэчы выгнанца, удзень на вачах іхніх, і выйдзеш увечары на вачах іхніх так, як выходзяць выгнанцы.
5 На вачах іхніх зрабі дзіру ў муры і выйдзі праз яе.
6 На вачах іхніх ускладзі [рэчы] на плечы твае і выйдзі ў прыцемках, і закрый аблічча тваё, каб ня бачыў ты зямлі, бо Я стаўлю цябе як знак для дому Ізраіля».
7 І я зрабіў так, як мне было загадана. Рэчы мае я вынес удзень як рэчы выгнанца. А ўвечары зрабіў сабе рукамі дзіру ў муры, выйшаў у прыцемках і на вачах іхніх усклаў [рэчы] на плечы.
8 І было слова ГОСПАДА да мяне раніцаю, кажучы:
9 «Сын чалавечы, ці дом Ізраіля, дом бунтаўнікоў, не казаў табе: “Што ты робіш?”
10 Скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Цяжар адносна ўладара, які ў Ерусаліме, і ўсяго дому Ізраіля, які пасярод яго”
11 Скажы: “Я — знак для вас. Як я зрабіў, так і з вамі станецца. Пойдзеце на выгнаньне ў няволю!
12 Уладар, які сярод вас, ускладзе ў прыцемках на плечы [рэчы] і выйдзе праз мур. Зробяць дзіру, каб выйсьці праз яе, і ён закрые аблічча сваё, каб вачыма ня бачыць зямлі.
13 І Я пастаўлю сетку Маю на яго, і ён будзе схоплены ў пастку Маю, і Я завяду яго ў Бабілон, у зямлю Халдэйцаў, але ён яе ня ўбачыць і там памрэ.
14 І ўсіх, якія вакол яго, памочнікаў ягоных і войска ягонае, Я разганю на ўсе вятры, і выцягну на іх меч”.
15 І яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі расьцярушу іх сярод народаў і раскідаю іх у [розныя] землі.
16 А некаторых з іх Я захаваю ад мяча, голаду і заразы, каб расказвалі пра ўсе брыдоты свае сярод народаў, куды прыйдуць, і яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД».
17 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
18 «Сыне чалавечы, хлеб твой будзеш есьці з трывогаю і ваду тваю будзеш піць з непакоем і страхам,
19 і скажаш народу зямлі гэтай: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД да жыхароў Ерусаліму ў зямлі Ізраіля. Хлеб свой яны будуць есьці ў страху, і ваду сваю будуць піць у трывозе, бо зямля іхняя станецца пустэчай і будзе пазбаўленая дастатку свайго з прычыны гвалту, [які чыняць] усе, што жывуць на ёй.
20 Населеныя гарады будуць спустошаныя, і зямля станецца пустэчаю. І вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД”».
21 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
22 «Сыне чалавечы, што за прыказку вы маеце пра зямлю Ізраіля, кажучы: “Дні мінаюць, і ўсе відзежы не спаўняюцца”.
23 Дзеля гэтага скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Я зраблю, што ня будзе прыказкі гэтай і ня будуць больш паўтараць яе ў Ізраілі”. Бо гэта прамоў да іх: “Надыходзяць дні, і слова кожнага відзежу [зьдзейсьніцца].
24 Ня будзе ўжо больш сярод дому Ізраіля ніводнага пустога відзежу і падманнага прароцтва.
25 Бо, Я, ГОСПАД, буду прамаўляць, і слова, якое Я прамоўлю, споўніцца, і ня будзе больш затрымлівацца. Бо ўжо ў дні вашыя, дом бунтаўнікоў, Я прамоўлю слова і споўню яго, кажа Госпад ГОСПАД”».
26 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
27 «Сыне чалавечы, вось, дом Ізраіля кажа: “Відзежы, якія ён мае, [датычаць] дзён вельмі далёкіх. Ён прарочыць пра далёкую будучыню”.
28 Дзеля гэтага скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ужо ня будзе затрымлівацца кожнае слова Маё. Слова, якое Я прамоўлю, споўніцца, кажа Госпад ГОСПАД”».
Разьдзел 13
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Сыне чалавечы, прароч пра прарокаў Ізраіля, якія прарочаць, і кажы прарокам, якія [прарочаць] з сэрца свайго: “Слухайце слова ГОСПАДА.
3 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Гора дурным прарокам, якія ходзяць паводле духа свайго, а нічога ня бачылі.
4 Як лісы сярод руінаў прарокі твае, Ізраіль!
5 Не ўзыходзілі вы ў выломы і не будавалі муроў вакол дому Ізраіля, каб ён стаяў у бітве ў дзень ГОСПАДА”.
6 Яны бачаць марнасьць і прарочаць фальшыва, кажучы: “Кажа ГОСПАД”, а ГОСПАД не пасылаў іх, і яны чакаюць, што споўніцца слова [іхняе].
7 Ці ня мелі вы відзежаў марных і ці не казалі вы прароцтваў фальшывых, і казалі: “Кажа ГОСПАД”, а Я не прамаўляў гэтага.
8 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што вы прамаўлялі марноту і бачылі падман, вось, Я супраць вас, кажа Госпад ГОСПАД.
9 І будзе рука Мая супраць прарокаў, якія бачаць марнасьць і прадказваюць падман. Ня будуць яны належаць да народу Майго і ня будуць упісаныя ў сьпіс дому Ізраіля, і ня ўвойдуць у зямлю Ізраіля, і даведаецеся, што Я — Госпад ГОСПАД”.
10 За тое вось, што яны ўводзілі ў зман народ Мой, кажучы: “Мір”, а міру няма, і калі будаваўся мур, яны тынкавалі яго,
11 скажы тым, якія тынкуюць [мур]: “[Тынк] адваліцца. Пойдзе дождж залеўны, і будзе падаць град, і падымецца гвалтоўны вецер,
12 і вось, мур абрынецца. І ці вам ня скажуць: «Дзе той тынк, якім вы тынкавалі?»”
13 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Я прывяду вецер гвалтоўны ў лютасьці Маёй, і пойдзе дождж улеўны ў гневе Маім і град — у абурэньні Маім, каб зьнішчыць [усё].
14 І Я развалю той мур, які вы атынкавалі, і павалю яго на зямлю, так што будзе відзён падмурак ягоны, і ён абрынецца, а вы пад ім загінеце. І даведаецеся, што Я — ГОСПАД.
15 Я выльлю лютасьць Маю на мур і на тых, якія яго тынкуюць, і скажу вам: «Дзе мур і дзе тыя, якія яго тынкуюць?
16 [Дзе] прарокі Ізраіля, якія прарочаць пра Ерусалім, і бачаць пра яго відзежы міру? І дзе мір?» — кажа Госпад ГОСПАД”.
17 А ты, сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё на дочак народу твайго, якія прарочаць з сэрца свайго, і прароч супраць іх.
18 І скажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Гора тым, якія шыюць стужкі на ўсе локці рук сваіх і робяць хусткі ўсякага кшталту на галовы, каб лавіць душы. Вы ловіце душы народу Майго, а душы свае [хочаце] захаваць пры жыцьці?
19 Вы зьнеслаўляеце Мяне перад народам Маім за жменю ячменю і кавалак хлеба, забіваючы душы, якія не павінны памерці, і ашчаджаючы душы, якія ня маюць жыць, калі падманваеце народ Мой, які слухае падман.
20 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я супраць стужак вашых, якімі вы ловіце душы, як птушак, і Я пазрываю іх з рамёнаў вашых, і выпушчу душы, якія вы злавілі, як птушак.
21 І Я пазрываю хусткі вашыя і вызвалю народ Мой з рук вашых, і больш ня будзе ён здабычай у руках вашых, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД.
22 За тое, што вы хлусьнёю засмучалі сэрца праведніка, хоць Я не засмучаў яго, і ўмацоўвалі рукі бязбожніка, каб ён не навярнуўся ад шляху ліхога свайго і жыў,
23 ня будзеце мець відзежаў марных і ня будзеце больш прадказваць прадказаньні, і Я вызвалю народ Мой з рук вашых, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД”».
Разьдзел 14
1 І прыйшлі да мяне некаторыя са старшыняў Ізраіля, і селі перад абліччам маім.
2 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
3 «Сыне чалавечы, гэтыя людзі ўвялі ў сэрцы свае ідалаў сваіх і паставілі перад абліччам сваім тое, што было прычынаю грэху іхняга. Ці ж пытаючыся, будуць пытацца ў Мяне [парады]?
4 Дзеля гэтага прамовіш да іх і скажаш ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Кожны чалавек з дому Ізраіля, які ўвёў ідалаў сваіх у сэрца сваё і паставіў перад аблічча сваё тое, што было прычынаю грэху ягонага, і прыйдзе да прарока, Я, ГОСПАД, адкажу яму адпаведна да ліку ідалаў ягоных,
5 каб выявіць [намеры] сэрца дому Ізраіля, які адвярнуўся ад Мяне з прычыны ўсіх ідалаў сваіх”.
6 Дзеля гэтага скажы дому Ізраіля: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Навярніцеся і адвярніцеся ад ідалаў вашых, і ад усіх брыдотаў вашых адвярніце абліччы вашыя.
7 Бо кожнаму чалавеку з дому Ізраіля і прыхадню, які пасяліўся ў Ізраілі, якія адвярнуліся ад Мяне, і ўвялі ў сэрца сваё ідалаў сваіх, і паставілі перад абліччам сваім тое, што было прычынаю грэху іхняга, і прыйшлі да прарока, каб праз яго спытацца ў Мяне [парады], Я, ГОСПАД, адкажу яму.
8 І Я зьвярну аблічча Маё супраць чалавека таго, і зраблю яго знакам і прыказкай, і вынішчу яго з народу Майго, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД.
9 А калі б прарок дазволіў сабе ашукацца і прамовіў слова, Я, ГОСПАД, вазьму прарока таго, і выцягну руку Маю супраць яго, і зьнішчу яго спаміж народу Майго, Ізраіля.
10 І яны панясуць беззаконьні свае! Беззаконьне прарока будзе такім, як і таго, які ў яго пытаўся,
11 каб дом Ізраіля не адыходзіўся больш ад Мяне і не паганіўся больш ніякімі бунтамі сваімі. І будуць яны для Мяне народам, а Я буду для іх Богам, кажа Госпад ГОСПАД”».
12 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
13 «Сыне чалавечы, калі якая зямля саграшыць супраць Мяне нявернасьцю, Я выцягну руку Маю супраць яе і зламлю падпору хлеба, і спашлю на яе голад, і вынішчу на ёй чалавека і быдла.
14 І калі будуць тры чалавекі [праведныя] пасярод яе: Ной, Данііл і Ёў, яны дзеля праведнасьці сваёй захаваюць [толькі] жыцьцё сваё, кажа Госпад ГОСПАД.
15 Калі Я прывяду дзікіх зьвяроў на зямлю гэтую і зраблю яе бясплоднай, і станецца яна пусткаю, каб ніхто акрамя дзікіх зьвяроў не праходзіў там,
16 і калі пасярод яе будуць тры чалавекі гэтыя, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, не захаваюць яны ані сыноў, ані дачок, яны захаваюць [толькі] саміх сябе, а зямля станецца пусткаю.
17 Або калі Я прывяду меч на зямлю гэтую і скажу: “Няхай меч пройдзе праз зямлю гэтую, і зьнішчыць на ёй чалавека і быдла”,
18 і калі будуць пасярод яе тры чалавекі гэтыя, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, не захаваюць яны ані сыноў, ані дачок, але захаваюць [толькі] саміх сябе.
19 Або калі Я спашлю заразу на зямлю гэтую і ў крыві выльлю гнеў Мой на яе, каб зьнішчыць на ёй чалавека і быдла,
20 і калі Ной, Данііл і Ёў будуць пасярод яе, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, не захаваюць яны ані сыноў, ані дачок, але дзеля праведнасьці сваёй яны захаваюць [толькі] душу сваю.
21 Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Нават калі Я прывяду на Ерусалім гэтыя чатыры зьнішчальныя плягі Мае: меч, голад, дзікіх зьвяроў і заразу, каб зьнішчыць у ім чалавека і быдла,
22 вось, яшчэ застануцца захаваныя сыны і дочкі, якіх выведуць з яго. Вось, яны прыйдуць да вас, і вы ўбачыце шляхі іхнія і ўчынкі іхнія, і будзеце мець пацяшэньне пасьля ліха, якое Я прывёў на Ерусалім, пасьля ўсяго, што Я прывёў на яго.
23 І яны пацешаць вас, калі ўбачыце шляхі іхнія і ўчынкі іхнія, і даведаецеся, што не без падставаў было ўсё гэта, што Я яму зрабіў, кажа Госпад ГОСПАД”».
Разьдзел 15
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Сыне чалавечы, ці дрэва вінаграду лепшае за ўсе дрэвы лісьцёвыя, якія сярод дрэваў у лесе?
3 Ці бяруць з яго дрэва, каб нешта зрабіць? Ці бяруць з яго калок, каб на ім павесіць нейкія рэчы?
4 Вось, кідаецца яно ў агонь на спаленьне, абодва ягоныя канцы спальвае агонь, і сярэдзіна ягоная згарыць. Ці надаецца яно на нешта?
5 Вось, калі яно цэлае не надавалася да апрацоўкі, тым больш яно не надаецца да апрацоўкі, калі агонь яго спаліў, і яно згарэла.
6 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД. Як з дрэвам вінаграду сярод, дрэваў у лесе, якое Я ўкінуў у агонь на спаленьне, так зраблю з жыхарамі Ерусаліму.
7 І Я зьвярну аблічча Маё супраць іх. З [аднаго] агню яны выйшлі, але [другі] агонь іх праглыне. І даведаецеся, што Я — ГОСПАД, калі Я зьвярну аблічча Маё супраць іх.
8 І Я замяню зямлю гэтую ў пустку, бо яны нявернасьцю няверныя, кажа Госпад ГОСПАД».
Разьдзел 16
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Сыне чалавечы, паведамі Ерусаліму пра брыдоты ягоныя,
3 і скажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД да Ерусаліму: “Паходжаньне тваё і нараджэньне тваё — з зямлі Ханаан. Бацька твой — Амарэец, а маці твая — Хетка.
4 Калі ты нарадзілася, у дзень нараджэньня твайго не абрэзалі табе пупавіны, не абмылі цябе ў вадзе, каб ачысьціць [цябе]; не нацерлі цябе сольлю і не спавілі цябе ў пялюшкі.
5 Не паспагадала табе нічыё вока, каб зрабіць для цябе адну з [паслугаў] гэтых з літасьці да цябе. І выкінулі цябе на аблічча поля з абыякавасьцю да душы тваёй у дзень нараджэньня твайго.
6 І Я праходзіў каля цябе, і ўбачыў цябе, як ты трапяталася ў крыві тваёй, і Я сказаў табе, калі [ты была] ў крыві тваёй: “Жыві!” І Я сказаў табе, калі [ты была] ў крыві тваёй: “Жыві!”
7 І Я вырасціў цябе, як краску палявую, і ты расла, і вырасла, і сталася дарослай, і грудзі твае набылі форму, і валасы твае сталіся густымі, але была ты голая і неакрытая.
8 І Я праходзіў каля цябе, і ўбачыў цябе. І вось, [гэта быў] твой час, час каханьня. І Я расьцягнуў плашч Мой над табою, і закрыў голасьць тваю, і прысягнуў табе, і заключыў з табою запавет, кажа Госпад ГОСПАД, і ты сталася Маёю.
9 І Я абмыў цябе вадою, і абцёр з цябе кроў тваю, і памазаў цябе алеем,
10 і апрануў цябе ў шату вышываную, азуў цябе ў [чаравікі са скуры] тахаш, апаясаў цябе вісонам і акрыў цябе ядвабам.
11 І Я ўпрыгожыў цябе пэрлінамі, і ўсклаў бранзалеты на рукі твае, і нашыйнік на шыю тваю,
12 і даў кольчык над вусны твае і завушніцы ў вушы твае, і вянок аздобны на галаву тваю.
13 І ты была апранутая ў золата і срэбра, у вісон, і ядваб, і шаты вышываныя, ела ты муку, мёд і алей, і ставалася вельмі і вельмі прыгожай, і дасягнула годнасьці валадарскай.
14 І распаўсюдзілася імя тваё сярод народаў дзеля прыгажосьці тваёй, бо была ты дасканалай дзеля ўпрыгожваньняў Маіх, якімі Я ўпрыгожыў цябе, кажа Госпад ГОСПАД.
15 І паспадзявалася ты на прыгажосьць тваю, і чужаложыла дзеля [славы] імя твайго, і чыніла распусту з кожным, хто праходзіў, хто надарыўся.
16 І брала ты шаты твае, і рабіла сабе ўзгоркі ў разнастайных колерах, і чужаложыла на іх.
17 І брала ты ўпрыгожваньні твае з золата Майго і са срэбра Майго, якія Я даў табе, і рабіла з іх выявы мужчынаў, і чужаложыла з імі.
18 І брала ты шаты вышываныя твае, і апранала іх, і алей Мой і кадзіла Маё прыносіла перад аблічча іхняе.
19 І хлеб Мой, які Я даў табе, муку, і алей, і мёд, якімі Я карміў цябе, ты прыносіла перад аблічча іхняе на мілы пах, і было гэтак, кажа Госпад ГОСПАД.
20 І брала ты сыноў тваіх і дочак тваіх, якіх ты нарадзіла Мне, і складала іх у ахвяру на зьнішчэньне. Ці ж ня досыць распусты тваёй?
21 І ты забівала сыноў Маіх і складала іх у ахвяру, праводзячы праз агонь.
22 І [робячы] ўсе брыдоты твае і распусту тваю, ты ня памятала пра дні маладосьці тваёй, калі была ты голай і неакрытай і трапяталася ў крыві тваёй.
23 І сталася пасьля ўсіх злачынстваў тваіх: «Гора, гора табе!» — кажа Госпад ГОСПАД.
24 І ты будавала сабе ўзвышшы, і рабіла сабе ўзгоркі на кожнай плошчы.
25 На кожным скрыжаваньні дарог будавала сабе ўзгоркі, каб там паганіць прыгажосьць тваю, і раскідала ногі твае для кожнага, хто праходзіў [там], і памнажала чужалоствы твае.
26 Ты чужаложыла з сынамі Эгіпту, суседзямі тваімі, вялікімі целам [сваім], і павялічвала чужалоствы твае, каб гнявіць Мяне.
27 І вось, Я выцягнуў руку Маю супраць цябе, зьменшыў вызначанае табе, і аддаў цябе душы тых, якія ненавідзяць цябе, дочкам Філістынскім, якія самі саромеліся шляху распусты тваёй.
28 І ты распусьнічала з сынамі Асірыі, бо ня мела насычэньня, распусьнічала з імі, але не насыцілася.
29 І ты памножыла распусту тваю з купецкім краем Халдэйцаў, але таксама не насыцілася.
30 Як змучылася сэрца тваё, кажа Госпад ГОСПАД, калі ты рабіла ўсё тое, што робіць бессаромная жанчына распусьніца?
31 Ты будавала ўзвышшы на скрыжаваньні кожнай дарогі, рабіла сабе ўзгоркі на кожнай плошчы, і не была як блудніца, каб браць плату [за распусту],
32 але як жанчына, якая чужаложыць, якая замест мужа свайго прыймае [мужоў] чужых.
33 Усім блудніцам даецца плата, а ты давала плату тваю ўсім палюбоўнікам тваім і давала падарункі ім, каб яны прыходзілі да цябе адусюль, каб распусьнічаць з табою.
34 І было ў цябе адваротна, чым у блудніцаў; ніхто ня гнаўся за табою, гэта ты давала плату, а табе ніхто не даваў платы, і было ў цябе наадварот.
35 Дзеля гэтага, распусьніца, слухай слова ГОСПАДА!
36 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што ты выяўляла юрлівасьць тваю, і адкрывала голасьць тваю, і распусьнічала з усімі палюбоўнікамі тваімі, з усімі брыдотнымі ідаламі тваімі, і за кроў сыноў тваіх, якіх ты складала ў ахвяру для іх,
37 вось, Я зьбяру ўсіх палюбоўнікаў тваіх, якім ты спагадала, і ўсіх тых, якіх кахала, і ўсіх тых, якіх ненавідзела, і зьбяру іх з усіх бакоў супраць цябе, і адкрыю голасьць тваю перад імі, і яны ўбачаць усю голасьць тваю.
38 І Я буду судзіць цябе, як судзяць чужаложніц і тых, якія разьліваюць кроў, і аддам цябе на [сьмерць] крывавую, гнеў і ярасьць.
39 І аддам цябе ў рукі іхнія, і яны зруйнуюць узвышшы твае, і зьнішчаць узгоркі твае, і здымуць з цябе шаты твае, і забяруць аздобныя рэчы твае, і пакінуць цябе голаю і неакрытаю.
40 І склічуць супраць цябе супольны сход, і закідаюць цябе камянямі, і пасякуць цябе мячамі сваімі,
41 і спаляць агнём дамы твае, і ўчыняць над табою суд на вачах шматлікіх жанчынаў. І Я спыню распусту [тваю], і ўжо больш ты ня будзеш даваць платы [за распусту].
42 І Я заспакою гнеў Мой на табе, і адыйдзе лютасьць Мая ад цябе, і Я супакоюся, і больш ня буду гневацца.
43 За тое, што ты ня памятала пра дні маладосьці тваёй і ўсімі ўчынкамі гнявіла Мяне, Я таксама, глядзі, ускладу шляхі твае на галаву тваю, кажа Госпад ГОСПАД, і больш не дадасі распусты да ўсіх брыдотаў тваіх.
44 Вось, кожны, хто будзе кпіць з цябе, скажа пра цябе прыказку: “Якая маці, такая і дачка”.
45 Ты — дачка маці тваёй, якая здрадзіла мужу свайму і сынам сваім, і ты — сястра сёстраў тваіх, якія здрадзілі мужам сваім і сынам сваім. Маці вашая — Хетка, а бацька ваш — Амарэец.
46 Твая сястра старэйшая — Самарыя, яна і дочкі ейныя жывуць налева ад цябе, а твая малодшая сястра, якая разам з дочкамі сваімі жыла направа ад цябе, — Садом.
47 Толькі кароткі час не хадзіла ты шляхамі іхнімі і не чыніла брыдотаў іхніх, а пасьля рабіла горш за іх на ўсіх шляхах тваіх.
48 Як Я жывы, кажа Госпад ГОСПАД, сястра твая, Садом, разам з дочкамі ейнымі не рабіла так, як рабіла ты і дочкі твае.
49 Вось такое было беззаконьне Садома, сястры тваёй: пыха, багацьце хлеба і гультайства было ў яе і дочак ейных, і яны не ўмацоўвалі рукі беднага і нешчасьлівага,
50 і вывышаліся, і рабілі брыдоты перад абліччам Маім. І Я зьнішчыў іх, калі ўбачыў гэта.
51 І Самарыя не дасягнула паловы грахоў тваіх, і ты памножыла брыдоты твае больш, чым яны, і ты апраўдала сёстраў тваіх усімі брыдотамі тваімі, якія ты ўчыніла.
52 Дык ты таксама насі ганьбу тваю, ты, якая апраўдала сёстраў сваіх грахамі тваімі, якіх ты ўчыніла больш, чым яны. Яны больш праведныя, чым ты. Дык засаромся і насі ганьбу тваю, бо ты апраўдала сёстраў сваіх.
53 І Я адмяню долю іхнюю, долю Садому і дочак ейных, і долю Самарыі і дочак ейных, і долю тваю сярод іх,
54 каб ты насіла ганьбу тваю і была асаромленая за ўсё тое, што ўчыніла, і пацешыла іх гэтым.
55 Твая сястра Садом і дочкі ейныя вернуцца да першага стану свайго. І Самарыя і дочкі ейныя вернуцца да першага стану свайго. І ты, і дочкі твае вернецеся да першага стану свайго.
56 Ці ж у дні пыхі тваёй не было гаворкі ў вуснах тваіх пра сястру тваю Садом,
57 перш чым распуста твая не была адкрытая? Падобна як яна, так і ты цяпер стала пасьмешышчам для дочак Араму і ўсіх ваколіцаў іхніх і для дочак Філістынскіх, якія пагарджаюць табою.
58 Чужалоства тваё і брыдоты твае ты панясеш, кажа ГОСПАД.
59 Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Я зраблю з табою так, як зрабіла ты, якая пагардзіла прысягай і парвала запавет.
60 Але Я ўзгадаю запавет Мой, які Я заключыў з табою ў дні маладосьці тваёй, і Я заключу з табою запавет вечны.
61 І ты ўзгадаеш шляхі твае, і засаромеешся, калі прыймеш да сябе сёстраў тваіх, як старэйшых, так і малодшых ад цябе, і Я дам іх табе за дочак, але не з прычыны запавету з табой.
62 І Я заключу запавет Мой з табою, і ты даведаешся, што Я — ГОСПАД,
63 каб ты памятала і саромелася, і каб ад сораму не адкрывала вуснаў тваіх перад абліччам Маім, калі Я прабачу табе ўсё, што ты зрабіла, кажа Госпад ГОСПАД”».
Разьдзел 17
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Сыне чалавечы, загадай загадку і раскажы прыповесьць дому Ізраіля.
3 І скажаш: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вялікі арол з вялікімі крыламі, з доўгімі пёрамі, з рознакаляровым пер’ем, прыляцеў на Лібан і сарваў вершаліну кедра.
4 Адарваў найвышэйшы парастак ягоны і занёс яго ў зямлю Ханаан, і зьмясьціў яго ў горадзе гандлёвым.
5 І ўзяў насеньне з зямлі той, і пасадзіў яго на полі ўрадлівым, над шматлікімі водамі як вярбу пасадзіў яго.
6 І ён рос, і разрастаўся ў буйную лазу вінаградную нізкага росту, каб галіны ягоныя нахіліліся да яго, і карані ягоныя былі пад ім. І стаўся лазою вінаграднаю, і выпусьціў галінкі, і акрыўся лістотай.
7 І быў другі арол вялікі, з вялікімі крыламі і доўгімі пёрамі, і вось, вінаград той зьвярнуў карані свае да яго і галіны свае пусьціў да яго, каб ён напойваў яго, а ня тая града, на якой быў пасаджаны.
8 На полі добрым, над водамі шматлікімі быў ён пасаджаны, каб пускаў галіны і прыносіў плады і каб стаўся вінаградам выборным”.
9 Скажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ці пашчасьціць яму? Ці ня вырвуць карані ягоныя і ці не пазрываюць плады ягоныя? І зьвянуць усе сьвежыя парасткі ягоныя, і ён ссохне, і ня [будзе трэба] ані рамяна моцнага, ані народу шматлікага, каб вырваць яго з каранямі.
10 І вось, ён быў пасаджаны. Ці пашчасьціць яму? Ці ня ссохне ён, калі дакранецца да яго ўсходні вецер? Ён ссохне на градзе, на якой выпускаў парасткі свае”».
11 І было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:
12 «Скажы, прашу, дому бунтаўнікоў: “Ці вы ня ведаеце, што гэта [значыць]?” Скажы: “Вось, прыйшоў валадар Бабілонскі ў Ерусалім, схапіў валадара ягонага і князёў ягоных, і завёў іх да сябе, у Бабілон.
13 І ўзяў [аднаго] з насеньня валадара, і заключыў з ім запавет, і прысягаю зьвязаў яго, а магнатаў зямлі забраў,
14 каб было валадарства пакорным, не паўставала, але захоўвала запавет ягоны, каб быць верным яму.
15 Але [валадар] збунтаваўся і паслаў пасланцоў сваіх у Эгіпет, каб даў яму коней і шмат людзей. Ці пашчасьціць яму? Ці выратуецца той, хто робіць гэтак? Ці той, хто парушыў запавет, будзе ўратаваны?
16 Як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, у месцы валадара, які паставіў яго валадаром, таго, які зламаў прысягу і парушыў запавет ягоны, у Бабілоне заб’е.
17 Не дапаможа яму фараон войскам вялікім і супольнасьцю шматлікай у баі, калі насыплюць вал і пабудуюць махіны [для аблогі], каб загубіць мноства душаў.
18 Ён зламаў прысягу і парушыў запавет, хоць і прыкладаў руку сваю, ён усё гэта зрабіў, таму не ўцячэ”.
19 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Як жыву Я, прысягу Маю, якую ён адкінуў, і запавет Мой, які ён парушыў, Я ўскладу на галаву ягоную.
20 І закіну на яго сетку Маю, і ён будзе злоўлены ў пастку Маю, і прывяду яго ў Бабілон, і яго там за нявернасьць адносна Мяне.
21 А ўсе выбранцы ягоныя з усяго войска ягонага загінуць ад мяча, а тыя, што застануцца, будуць раскінутыя на ўсе вятры. І даведаецеся, што Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта]”.
22 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Я вазьму вершаліну кедра вялікага і пасаджу, з найвышэйшых парасткаў яго выламлю галінку і пасаджу яе на высокай і стромай гары.
23 На гары высокай Ізраіля пасаджу яе, і яна пусьціць галіны, і дасьць плод, і станецца кедрам высокім. І абжывуцца на ім усялякія птушкі, і ўсё крылатае абжывецца ў ценю галінаў ягоных.
24 І даведаюцца ўсе дрэвы палявыя, што Я — ГОСПАД, Які панізіў дрэва высокае і ўзвысіў дрэва нізкае, Які высушыў дрэва зялёнае і зазеляніў дрэва ссохлае. Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта] і зрабіў”».
Разьдзел 18
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Чаму вы паўтараеце гэтую прыказку ў зямлі Ізраіля, кажучы: “Бацькі елі горкія ягады, а зубы ў сыноў здрантвелі”?
3 Як жыву Я, кажа Госпад ГОСПАД, ня будзеце больш паўтараць гэтай прыказкі ў Ізраілі.
4 Вось, усе душы — Мае, як душа бацькі, так і душа сына — Мае; душа, якая саграшыла, памрэ.
5 А чалавек, калі ён праведны і чыніць суд і праведнасьць,
6 на гарах не банкетуе і вачэй сваіх не падымае да ідалаў дому Ізраіля, і не паганіць жонку бліжняга свайго, і не набліжаецца да жонкі ў час нячыстасьці,
7 ня крыўдзіць нікога, вяртае даўжніку заклад ягоны, рабункам не рабуе, дае хлеб галоднаму і голага апранае вопраткай,
8 не займаецца ліхвярствам, не вымагае адсоткаў, адварочвае ад ліхоты руку сваю, чыніць суд справядлівы паміж чалавекам і чалавекам,
9 ходзіць паводле пастановаў Маіх і суд Мой захоўвае, робіць праўду, ён — праведнік, будзе жыць і жыць, кажа Госпад ГОСПАД.
10 А калі ён нарадзіў сына гвалту, які разьлівае кроў, і ўчыніў брату адно з гэтых [злачынстваў],
11 а [бацька] ўсяго гэтага не рабіў, [сына], які на гарах банкетаваў і жонку бліжняга свайго спаганіў,
12 крыўдзіў беднага і ўбогага, рабункам рабаваў, не аддаваў закладзенага, падымаў вочы свае да ідалаў, рабіў брыдоты,
13 займаўся ліхвярствам, вымагаў адсоткаў, такі жыў, і ня будзе жыць, бо рабіў усе брыдоты гэтыя. Ён сьмерцю памрэ, а кроў ягоная на ім будзе.
14 А калі нехта нарадзіў сына, і той убачыў усе грахі бацькі свайго, якія ён чыніў, і ўбачыў, і не рабіў так, як ён,
15 на гарах не банкетаваў, вачэй сваіх не падымаў на ідалаў дому Ізраіля, жонкі бліжняга свайго не паганіў,
16 нікога ня крыўдзіў, закладзенага не затрымоўваў, рабункам не рабаваў, даваў хлеб свой галоднаму, голага апранаў вопраткай,
17 адварочваў руку сваю ад крыўды, не займаўся ліхвярствам і адсоткаў ня браў, суд Мой чыніў і паводле пастановаў Маіх хадзіў, такі не памрэ за беззаконьні бацькі свайго, але будзе жыць і жыць.
18 Бацька ягоны за тое, што крыўдаю крыўдзіў, рабункам рабаваў брата і рабіў у народзе сваім тое, што ня ёсьць добрым, памрэ за беззаконьне сваё.
19 Вы кажаце: “Чаму сын не нясе беззаконьні бацькі свайго?” Але сын чыніў суд і праведнасьць, захоўваў усе пастановы Мае і выконваў іх, і будзе жыць і жыць.
20 Душа, якая грашыць, памрэ. Сын не панясе беззаконьні бацькі, і бацька не панясе беззаконьні сына. Праведнасьць праведніка будзе яму залічана, і бязбожнасьць бязбожніка будзе на ім.
21 І бязбожнік, калі адвернецца ад усіх грахоў сваіх, якія ўчыніў, і будзе захоўваць усе пастановы Мае і чыніць суд і праведнасьць, будзе жыць і жыць, і не памрэ.
22 Усе злачынствы ягоныя, якія ўчыніў, ня будуць яму залічаны, і ў праведнасьці сваёй, якую робіць, будзе жыць.
23 Ці ж Я жаданьнем жадаю сьмерці бязбожніка, кажа Госпад ГОСПАД, ці каб адвярнуўся ад шляху свайго і жыў?
24 Калі праведнік адвернецца ад праведнасьці сваёй і ўчыніць злачынства, падобнае да ўсіх брыдотаў, якія робіць бязбожнік, ці ж будзе ён жыць? Уся праведнасьць ягоная, якую чыніў, ня будзе залічаная яму. У нявернасьці сваёй, якой быў няверным [Мне], і ў грэху сваім, якім саграшыў, памрэ.
25 Вы кажаце: “Несправядлівы шлях Госпада”. Паслухайце, прашу, дом Ізраіля! Ці шлях Мой несправядлівы, ці шляхі вашыя несправядлівыя?
26 Калі праведнік адвернецца ад праведнасьці сваёй, і будзе рабіць злачынства, і памрэ ў іх, ён памрэ з прычыны злачынства свайго, якое ўчыніў.
27 А калі бязбожнік адвернецца ад бязбожнасьці сваёй, якую чыніў, і будзе чыніць суд і праведнасьць, ён захавае пры жыцьці душу сваю.
28 Ён убачыў і, адварочваючыся, адвярнуўся ад усіх злачынстваў сваіх, якія ўчыніў, і будзе жыць і жыць, і не памрэ.
29 Але дом Ізраіля кажа: “Несправядлівы шлях Госпада” Ці шляхі Мае несправядлівыя, доме Ізраіля, ці шляхі вашыя несправядлівыя?
30 Дзеля гэтага, дом Ізраіля, Я буду судзіць вас кожнага паводле шляхоў вашых, кажа Госпад ГОСПАД. Навярніцеся і адвярніцеся ад усіх злачынстваў вашых, і ня будзе вам нагоды для беззаконьня.
31 Адкіньце ад сябе ўсе злачынствы свае, праз якія вы бунтаваліся [супраць Мяне], і ўчыніце сабе сэрца новае і дух новы. Навошта вы маеце паміраць, дом Ізраіля?
32 Бо Я не хачу сьмерці таго, хто мае памерці, кажа Госпад ГОСПАД. Навярніцеся і жывіце!
Разьдзел 19
1 А ты ўзьнімі лямант над князямі Ізраіля,
2 і скажаш: “Якой ільвіцай сярод ільвоў была маці твая? Яна ляжала паміж ільвянятамі, гадавала малых сваіх.
3 І выгадавала яна адно з ільвянятак сваіх, і стаўся ён маладым ільвом, навучыўся хапаць здабычу і жэрці чалавека.
4 І склікалі супраць яго народы, і патрапіў ён у яму іхнюю, і павялі яго на ланцугу ў зямлю Эгіпецкую.
5 І ўбачыла яна, што [дарма] чакае і што загінула надзея ейная, узяла іншага з ільвянятак сваіх, і выгадавала яго ільвом.
6 І бегаў ён паміж ільвамі, і стаўся ён маладым ільвом, і навучыўся хапаць здабычу і жэрці чалавека.
7 І спазнаў ён палацы іхнія, і пустошыў гарады іхнія, і слупянела зямля і ўсё, што на ёй, ад голасу рыку ягонага.
8 І сабраліся супраць яго народы адусюль з навакольля, і расьцягнулі на яго сетку сваю, і патрапіў ён у яму іхнюю.
9 На ланцугу запхнулі яго ў клетку і завялі яго да валадара Бабілонскага, і ён замкнуў яго ў вязьніцы, каб ня чуўся больш голас ягоны па гарах Ізраіля.
10 Маці твая [была] як вінаград у вінаградніку, пасаджаны над вадою, і мела шмат пладоў, і разраслася дзеля мноства вады.
11 І пусьціла яна моцныя галіны, прыдатныя на скіпетры валадароў, і вывышалася прыгажосьцю сваёй сярод гушчару, і была заўважная прыгажосьцю сваёй сярод галінаў сваіх.
12 Але ў гневе была яна вырваная, кінутая на зямлю, і вецер усходні высушыў плады ейныя, былі паламаныя і высахлі галіны ейныя, і агонь зьеў яе.
13 І цяпер яна перасаджаная ў пустыню, у зямлю сухую і спрагнёную.
14 І выйшаў агонь з галінаў ейных, і зьеў плады ейныя, і няма ўжо ў яе галінаў моцных, скіпетра валадароў. Вось лямант, і будзе [над ёю] лямант”».
Разьдзел 20
1 І сталася ў сёмым годзе, у пятым [месяцы], у дзясяты [дзень] месяца, прыйшлі некаторыя са старшыняў Ізраіля, каб парадзіцца ў ГОСПАДА, і селі перад абліччам маім.
2 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
3 «Сыне чалавечы, прамоў да старшыняў Ізраіля і скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вы прыйшлі, каб шукаць Мяне? Як жывы Я, не адкажу вам, кажа Госпад ГОСПАД”.
4 Ці ж будзеш судзіць іх, ці будзеш судзіць, сыне чалавечы? Пакажы ім брыдоты бацькоў іхніх.
5 І скажаш ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. У той дзень, калі Я выбраў Ізраіля і падняў руку Маю, [прысягаючы] насеньню дому Якуба, і аб’явіўся ім у зямлі Эгіпецкай, і падняў руку Маю да іх, кажучы: “Я — ГОСПАД, Бог ваш”,
6 у той дзень Я падняў руку Маю да іх, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпецкай у зямлю, якую выбраў для іх, якая ацякае малаком і мёдам, пэрліну спасярод усіх земляў.
7 І Я сказаў ім: “Няхай кожны выкіне брыдоту з вачэй сваіх. Не паганьцеся ідаламі Эгіпецкімі. Я — ГОСПАД, Бог ваш”.
8 Але яны збунтаваліся і не хацелі слухаць Мяне. Не адкінулі брыдоту з вачэй сваіх і не пакінулі ідалаў Эгіпецкіх. І Я сказаў, што выльлю абурэньне Маё на іх і заспакою гнеў Мой на іх пасярод зямлі Эгіпецкай.
9 Але зрабіў [іначай] дзеля імя Майго, каб не было яно зьняважана ў вачах народаў, сярод якіх яны былі, на вачах якіх Я аб’явіўся ім, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпецкай.
10 І Я вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, і завёў іх у пустыню.
11 І даў ім пастановы Мае, і аб’явіў ім суд Мой, каб, спаўняючы іх, чалавек жыў дзякуючы ім.
12 І таксама даў ім суботы Мае, каб былі знакам паміж Мною і імі, каб ведалі, што Я— ГОСПАД, Які асьвячае іх.
13 Але дом Ізраіля збунтаваўся супраць Мяне ў пустыні. Не хадзілі яны паводле пастановаў Маіх і суд Мой адкінулі, спаўняючы які, чалавек жыць будзе дзякуючы яму, і суботы Мае вельмі апаганілі. І Я сказаў, што выльлю абурэньне Маё на іх у пустыні, каб зьнішчыць іх.
14 Але зрабіў [іначай] дзеля імя Майго, каб не было яно зьняважана ў вачах народаў, бо Я вывеў іх на вачах іхніх.
15 І Я таксама падняў руку Маю супраць іх у пустыні, што не ўвяду іх у зямлю, якую даў ім, якая ацякае малаком і мёдам, пэрліну спасярод усіх земляў,
16 бо яны адкінулі суд Мой і не спаўнялі пастановаў Маіх, і суботы Мае паганілі, бо ішлі за ідаламі сэрца іхняга.
17 Але зьлітавалася вока Маё над імі, каб ня вынішчыць іх, і Я ня выгубіў іх у пустыні.
18 І Я сказаў сынам іхнім у пустыні: “Не хадзіце паводле прыкладу бацькоў вашых і не захоўвайце судоў іхніх, і не паганьцеся ідаламі іхнімі.
19 Я — ГОСПАД, Бог ваш. Хадзіце паводле пастановаў Маіх і суд Мой захоўвайце і спаўняйце яго.
20 І сьвяціце суботы Мае, і няхай будуць яны знакам паміж Мной і вамі, каб вы ведалі, што Я — ГОСПАД, Бог ваш”.
21 Але збунтаваліся тыя сыны; і не хадзілі паводле пастановаў Маіх, і не захоўвалі суд Мой, каб спаўняць яго, каб, спаўняючы іх, жыў чалавек дзякуючы ім, і паганілі суботы Мае. І Я сказаў, што выльлю абурэньне Маё на іх і заспакою гнеў Мой на іх у пустыні.
22 Але Я адвярнуў руку Маю і зрабіў [іначай] дзеля імя Майго, каб не зьняважыць яго ў вачах народаў, бо Я вывеў іх на вачах іхніх.
23 І ізноў Я падняў руку Маю на іх у пустыні, каб расьцярушыць іх паміж народаў і раскідаць іх паміж земляў
24 за тое, што яны не чынілі суд Мой і пагардзілі пастановамі Маімі, і суботы Мае паганілі, і на ідалаў бацькоў іхніх падымалі вочы свае.
25 І Я даў ім мець пастановы, якія не былі добрыя, і суды, паводле якіх яны не маглі жыць.
26 Я даў ім паганіцца ахвярамі іхнімі, каб яны праводзілі праз агонь усё, што першароднае ўлоньня, каб напалохаліся і каб даведаліся, што Я — ГОСПАД”.
27 Дзеля гэтага прамоў, сыне чалавечы, да дому Ізраіля і скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Яшчэ гэтым зьневажалі Мяне бацькі вашыя, што нявернасьцю былі няверныя адносна Мяне.
28 І Я ўвёў іх у зямлю тую, якую, падняўшы руку Маю, [абяцаў] даць ім, і яны ўбачылі кожны ўзгорак высокі і кожнае дрэва рассахатае, і складалі там свае ахвяры крывавыя і складалі там свае дары агідныя, і складалі там свае ахвяры пахкія, і вылівалі там свае ахвяры вадкія.
29 І Я казаў ім: “Што ёсьць тое ўзвышша, што вы ўзыходзіце на яго?” І называюць яго ўзвышшам па сёньняшні дзень”.
30 Дзеля гэтага скажы дому Ізраіля: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Дзеля шляху бацькоў вашых вы паганіце сябе і чужаложыце з ідаламі іхнімі.
31 І калі складаеце дары вашыя, калі праводзіце сыноў вашых праз агонь, вы паганіцеся з усімі ідаламі іхнімі аж па сёньняшні дзень. І Я маю даць вам, дом Ізраіля, шукаць [парады ў Мяне]? Як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, ня дам вам шукаць [парады ў Мяне].
32 А тое, што прыходзіць вам на думку, ня станецца ніколі, бо вы кажаце: “Будзем, як народы, як плямёны [іншых] земляў служыць дрэву і камяню”.
33 Як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, Я буду валадарыць над вамі рукою моцнай і рамяном узьнятым, і з гневам страшным.
34 І Я выведу вас спаміж народаў, і зьбяру вас з земляў, у якія выгнаў вас, рукою моцнай і рамяном узьнятым, і з гневам страшным.
35 І павяду вас у пустыню народаў гэтых, і буду вас судзіць там аблічча да аблічча.
36 Як Я судзіў бацькоў вашых у пустыні зямлі Эгіпецкай, так і вас судзіць буду, кажа Госпад ГОСПАД.
37 І правяду вас пад дубцом, і завяду вас у путы запавету.
38 І аддзялю ад вас бунтаўнікоў і тых, якія грашаць супраць Мяне, і выведу іх з зямлі пражываньня іхняга, але ў зямлю Ізраіля яны ня ўвойдуць, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД.
39 Дык вось, дом Ізраіля, гэта кажа Госпад ГОСПАД. Няхай кожны ідзе служыць ідалам сваім. Але потым будзеце слухаць Мяне і ўжо больш ня будзеце паганіць імя Майго сьвятога ахвярамі вашымі і ідаламі вашымі.
40 Бо на сьвятой гары Маёй, на высокай гары Ізраіля, кажа Госпад ГОСПАД, там будзе служыць Мне ўвесь дом Ізраіля, усе, якія ў зямлі гэтай. Там Я ўпадабаю іх, і там буду шукаць ахвяраў вашых і пяршынаў дароў вашых, і ўсяго, што вы пасьвяціце [Мне].
41 І Я ўпадабаю вас, як мілы пах, калі выведу вас спасярод народаў і зьбяру вас з тых земляў, у якіх вы былі расьцярушаныя. І Я асьвячуся ў вас перад вачыма народаў гэтых,
42 і даведаецеся, што Я — ГОСПАД, калі прывяду вас у зямлю Ізраіля, у тую зямлю, адносна якой Я падняў руку Маю бацькам вашым, што дам яе [вам].
43 І вы ўзгадаеце шляхі вашыя і ўсе ўчынкі вашыя, якімі вы спаганіліся, і самі будзеце брыдзіцца сабою дзеля ўсіх тых злачынстваў, якія вы рабілі.
44 І даведаецеся, што Я — ГОСПАД, калі гэта зраблю Вам дзеля імя Майго, а не паводле вашых шляхоў ліхіх і вашых учынкаў няверных, дом Ізраіля, кажа Госпад ГОСПАД”».
45 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
46 «Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё на шлях на поўдзень і скіруй [слова] на поўдзень, і прароч супраць лесу поля паўднёвага.
47 І скажы лесу паўднёваму: “Слухай слова ГОСПАДА. Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я распалю ў табе агонь, і ён праглыне ў цябе кожнае дрэва зялёнае і кожнае дрэва сухое. Палючае полымя ня згасне, і згарыць у ім усё ад поўдня аж на поўнач.
48 І ўбачыць кожнае цела, што Я — ГОСПАД, запаліў яго, і ён ня згасьне”».
49 І я сказаў: «О Госпадзе ГОСПАДЗЕ! Яны кажуць пра мяне: “Ён толькі прыповесьці расказвае”».
Разьдзел 21
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё на Ерусалім і скіруй [слова] супраць сьвятых месцаў, і прароч супраць зямлі Ізраіля.
3 І скажы зямлі Ізраіля: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я супраць цябе, і Я выцягну меч Мой з похваў, і ўдару пасярод цябе праведніка і бязбожніка.
4 Дзеля таго, што Я ўдару пасярод цябе праведніка і бязбожніка, выйдзе меч Мой з похваў ягоных на ўсякае цела ад поўдня да поўначы.
5 І даведаецца ўсякае цела, што Я, ГОСПАД, выцягнуў меч Мой з похваў ягоных, і ён [да іх] ужо ня вернецца”.
6 А ты, сыне чалавечы, стагні, нібыта маеш сьцёгны паламаныя, у горычы стагні на вачах іхніх.
7 І станецца, калі скажуць табе: “Чаму ты стогнеш?” — ты скажы: “Дзеля весткі, якая прыйдзе, і самлее кожнае сэрца, і аслабеюць усе рукі, і згасьне ўсякі дух, і ўсе калені захістаюцца, як вада”. Вось, яна прыходзіць, і станецца так, кажа Госпад ГОСПАД».
8 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
9 «Сыне чалавечы, прароч і кажы: “Гэта кажа Госпад. Гавары: “Меч, меч завостраны і адшліфаваны;
10 завостраны, каб забіваць ахвяры, адшліфаваны, каб блішчэў”. Хіба будзем радавацца? Скіпетр сына Майго пагарджае кожным дрэвам.
11 І дадзены ён, каб быў вычышчаны, каб узяць яго рукою, меч гэты завостраны і адшліфаваны, каб быў ён у руцэ таго, які забівае.
12 Крычы і галасі, сыне чалавечы, бо ён накіраваны супраць народу Майго, супраць усіх князёў Ізраіля. Яны аддадзеныя на меч разам з народам Маім. Таму ўдар сябе па сьцёгнах,
13 бо выпрабаваньне надыйшло. І што, калі ён пагарджае скіпетрам? Ён не ўстаіць, кажа Госпад ГОСПАД”.
14 І ты, сыне чалавечы, прароч і ўдар далоняй у далонь, і няхай меч падвоіць, і няхай меч патроіць забітых. Гэта меч забіваньня вялікага, які паварочваецца навокал іх.
15 Каб сэрца млела, каб памнажаліся забітыя, у-ва ўсіх брамах іхніх Я пастаўлю меч на зарэз, вычышчаны як бліскавіца, завостраны, каб забіваць.
16 “Сячы направа і ўдарай налева, туды, куды вострыва тваё скіраванае”.
17 І Я таксама буду біць далоняй Маёй у далонь, і заспакою лютасьць Маю. Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта]».
18 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
19 «А ты, сыне чалавечы, вызнач два шляхі, па якіх пойдзе меч валадара Бабілонскага. Абодва выйдуць з адной зямлі. І пастаў [дарожны] знак, на пачатку шляху ў горад пастаў [яго].
20 Падрыхтуй шлях, па якім пойдзе меч у Раббу сыноў Амона і ў Юду, і ў Ерусалім умацаваны.
21 Бо стаіць валадар Бабілонскі на раздарожжы, на пачатку двух шляхоў, каб атрымаць прадказаньне, ён кідае стрэлы, пытаецца ў тэрафімаў і прыглядаецца да вантробаў.
22 У правай руцэ ягонай прадказаньне: “Ерусалім”, каб паставіць тараны, адкрыць вусны ў крыку баявым, узь- няць голас гармідару ваеннага, паставіць тараны супраць брамаў, насыпаць вал і збудаваць вежы.
23 І будзе [падавацца] марным у вачах іхніх прадказаньне гэтае, бо яны прысягаю запрысягнулі [яму], але ён памятае пра беззаконьне [іхняе], каб яны былі схопленыя.
24 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Каб вы ўзгадалі беззаконьні вашыя, і каб злачынствы вашыя сталіся яўныя, і каб грахі вашыя ў-ва ўсіх паводзінах вашых былі відочныя, каб вы ўзгадалі [гэта], далоняй [варожай] вы будзеце схопленыя”.
25 А табе, нягодны бязбожнік, князь Ізраіля, якога дзень прыходзіць у час беззаконьня апошняга,
26 гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Здымі мітру, скінь карону, бо гэтага ня [будзе больш]. Прыніжанае будзе ўзвышана, а ўзвышанае — прыніжана.
27 Руіну, руіну, руіну зраблю з цябе; падобнага ня будзе, пакуль ня прыйдзе той, да якога [належыць суд], і якому Я аддам яго”.
28 А ты, сыне чалавечы, прароч і кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД адносна сыноў Амона і адносна зьнявагі іхняй”. І скажаш: “Меч, меч выхаплены [з похваў] для забіваньня, адшліфаваны для вынішчэньня і бляску.
29 У гэты час для цябе бачаць відзежы пустыя і прадказваюць падман, каб апусьціць меч на карак бязбожнікаў, якіх дзень прыйдзе ў час беззаконьня апошняга.
30 Схавай вострыва ягонае ў похвы. У месцы, дзе ты быў створаны, і ў зямлі, дзе ты нарадзіўся, буду судзіць цябе.
31 І выльлю на цябе гнеў Мой, распалю супраць цябе ярасьць, і аддам цябе ў рукі людзей раз’ятраных для гвалту і зьнішчэньня.
32 Ты будзеш спажывай для агню, кроў твая будзе пасярод зямлі, і не пакінеш пасьля сябе ўспаміну, бо Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта]”».
Разьдзел 22
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «А ты, сыне чалавечы, ці будзеш судзіць? Ці будзеш судзіць горад крыві? Пакажы яму ўсе брыдоты ягоныя,
3 і скажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Горад, які разьлівае кроў пасярод сябе, каб гэтым наблізіць час свой, і робіць ідалаў для сябе, каб паганіцца [імі].
4 Крывёю тваёй, якую ты праліў, ты саграшыў, і ідаламі тваімі, якіх ты зрабіў, ты апаганіўся. І ты наблізіў дні твае, і прыйшлі гады твае. Таму Я аддам цябе на ганьбу сярод народаў і на пасьмешышча для ўсіх земляў.
5 Блізкія і далёкія ад цябе будуць сьмяяцца з цябе, [горад] з нячыстым імем і поўны замяшаньня.
6 Вось, князі Ізраіля, кожны ў [сіле] рамяна свайго, былі ў табе, каб разьліваць кроў.
7 Бацька і маці зьневажаюцца ў цябе, прыхадню робяць крыўду пасярод цябе, сірата і ўдава прыгнятаныя ў цябе.
8 Сьвятыні Мае ты зневажаеш і суботы Мае зьнеслаўляеш.
9 Паклёпнікі ёсьць у цябе, каб праліваць кроў, на гарах ядуць у цябе і робяць распусту пасярод цябе.
10 Голасьць бацькі адкрываецца ў цябе, [жанчыну] ў пару нячыстасьці ейнай гвалцяць у цябе.
11 Адзін робіць брыдоту з жонкай бліжняга свайго, другі пляміцца распустай з нявесткай сваёй, а іншы гвалтуе ў цябе сястру сваю, дачку бацькі свайго.
12 Прыймаюць падарункі ў цябе, каб праліваць кроў, ты бярэш адсоткі і ліхву, рабуеш і ўціскаеш бліжняга свайго, а пра Мяне забываешся, кажа Госпад ГОСПАД.
13 Вось, Я ўдару ў далоні Мае з прычыны набыткаў, якія ты зьбіраеш, і з прычыны крыві, якая [праліваецца] пасярод цябе.
14 Ці ўстаіць сэрца тваё? Ці будуць рукі твае моцныя ў тыя дні, калі Я вазьмуся за цябе? Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта] і зраблю.
15 І Я расьцярушу цябе сярод народаў, і раскідаю паміж земляў, і прыму з цябе нячыстасьць тваю.
16 І ты будзеш зьняслаўлены на вачах народаў, і даведаешся, што Я — ГОСПАД”».
17 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
18 «Сыне чалавечы, дом Ізраіля стаўся для Мяне як жужаль; усе яны — медзь, цына, жалеза і волава ў сярэдзіне горана, сталіся яны жужалем ад срэбра.
19 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што ўсе вы сталіся жужалем, Я зьбяру вас у сярэдзіне Ерусаліму.
20 Як зьбіраюць разам у горане срэбра, медзь, жалеза, волава і цыну, каб распаліць унізе агонь і растапіць іх, так і Я зьбяру вас у гневе Маім і абурэньні Маім, і пакладу вас, і растаплю.
21 І Я зьбяру вас, і распалю супраць вас агонь гневу Майго, і вы будзеце растопленыя ў сярэдзіне [гораду].
22 Як срэбра топіцца ў сярэдзіне горана, так і вы будзеце растопленыя ў сярэдзіне яго, і даведаецеся, што Я, ГОСПАД, выліў на вас лютасьць Маю”».
23 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
24 «Сыне чалавечы, скажы [зямлі Ізраіля]: “Ты — зямля неачышчаная, ты не была абмытая дажджом у дзень гневу.
25 Змова прарокаў ейных пасярод яе, яны як ільвы рыклівыя, што разьдзіраюць здабычу; яны жаруць душы, забіраюць багацьці і каштоўнасьці і памнажаюць удоваў пасярод яе.
26 Сьвятары ейныя парушаюць Закон Мой, паганяць сьвятыні Мае, не аддзяляюць сьвятое ад несьвятога і не адрозьніваюць чыстага ад нячыстага, і ад суботаў Маіх адвярнулі вочы свае, і Я зьняважаны сярод іх.
27 Князі ейныя пасярод яе як ваўкі, якія разьдзіраюць здабычу; яны разьліваюць кроў, забіваюць душы, здабываюць набытак [няправедны].
28 А прарокі ейныя пакрываюць усё тынкам, бачаць відзежы марныя і прадказваюць фальшыва, кажуць: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД”, а ГОСПАД не прамаўляў.
29 Народ зямлі гэтай уціскаюць уціскам і рабуюць рабункам, крыўдзяць убогага і беднага, і прыхадня прыгнятаюць беззаконна.
30 І Я шукаў сярод іх чалавека, які паставіў бы мур і стаў бы ў выломе перад абліччам Маім за зямлю гэтую, каб Я ня зьнішчыў яе, і не знайшоў.
31 І Я выліў на іх гнеў Мой, у агні абурэньня Майго вынішчу іх, шляхі іхнія ўскладу на галовы іхнія, кажа Госпад ГОСПАД”».
Разьдзел 23
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Сыне чалавечы! Былі дзьве жанчыны, дочкі адной маці.
3 І яны распусьнічалі ў Эгіпце, ад маладосьці сваёй распусьнічалі. Там ціскалі грудзі іхнія і там тапталі дзявочыя ўлоньні іхнія.
4 А імёны іхнія: Аголя, старэйшая, і Агаліва, сястра ейная. І сталіся яны Маімі, і нарадзілі сыноў і дачок. Імёны іхнія: Аголя — Самарыя, а Агаліва — Ерусалім.
5 І чужаложыла Аголя каля стопаў Маіх, і загарэлася пажаданьнем да палюбоўнікаў сваіх Асірыйцаў, суседзяў сваіх,
6 да магнатаў і намесьнікаў, апранутых у пурпур, да юнакоў прывабных і ўсіх вершнікаў, якія сядзяць на конях.
7 І аддавалася яна ў распусьце сваёй усім найлепшым сынам Асірыі і з усімі, якіх пажадала, з імі ўсімі паганілася.
8 І не пакінула распусты сваёй з Эгіптам, бо там спалі з ёй у маладосьці ейнай, і тапталі ўлоньне ейнае дзявочае, і вылівалі на яе распусту сваю.
9 Дзеля гэтага Я аддаў яе ў рукі палюбоўнікаў ейных, у рукі сыноў Асірыі, да якіх мела пажаданьне.
10 Яны адкрылі голасьць ейную, забралі сыноў ейных і дочак ейных, а яе забілі мячом, і сталася яна ганьбаю для жанчынаў, і ўчынілі над ёю суд.
11 І бачыла гэта сястра ейная Агаліва, і паганілася пажаданьнем сваім больш за яе, і распуста ейная [была большая], чым чужалоства сястры ейнай.
12 Яна [запалала] пажаданьнем да сыноў Асірыі, да магнатаў і намесьнікаў, суседзяў багата апранутых, да вершнікаў, якія сядзяць на конях, да ўсіх юнакоў прывабных.
13 І ўбачыў Я, што яна апаганілася і што абедзьве ідуць тою самай дарогай.
14 І дадала яна да распусты сваёй, калі ўбачыла на сьцяне намаляваных мужчынаў, маляваныя чырвонай фарбай абразы Халдэйцаў,
15 якія падперазаныя вакол сьцёгнаў сваіх паясамі, з вялікімі завоямі на галовах, усіх з выгляду мужных ваяроў, абразы сыноў Бабілону, якія родам з зямлі Халдэйскай.
16 І пажаданьнем пажадала яна іх з прычыны абраза, які бачылі вочы ейныя. І выправіла пасланцоў да іх, у Халдэю.
17 І прыйшлі да яе сыны Бабілону на ложак каханьня, і спаганілі яе распустай сваёй, а калі яна апаганілася з імі, душа ейная адвярнулася ад іх.
18 І выявіла яна распусту сваю, і адкрыла сорам свой, і душа Мая адвярнулася ад яе, як адвярнулася душа Мая ад сястры ейнай.
19 І памнажала яна распусту сваю, калі ўзгадала дні маладосьці сваёй, калі яна чужаложыла ў зямлі Эгіпецкай.
20 І [запалала] пажаданьнем да палюбоўнікаў сваіх, у якіх чэлясы — чэлясы аслоў і юр іхні — юр коняў.
21 І ты шукала распусты маладосьці тваёй, калі ў Эгіпце тапталі ўлоньне тваё і ціскалі грудзі маладосьці тваёй.
22 Дзеля гэтага, Агаліва, так кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я падыму супраць цябе палюбоўнікаў тваіх, ад якіх адвярнулася душа твая; зьбяру іх супраць цябе з усіх бакоў,
23 сыноў Бабілону і ўсіх Халдэйцаў, Пэкод, Шоа і Коа, усіх сыноў Асірыі, прывабных юнакоў, магнатаў і намесьнікаў, усіх ваяроў магутных, слаўных мужоў, якія сядаюць на коней.
24 І прыйдуць на цябе з поўначы на вазах жалезных і калясьніцах, і з дружынамі народаў. У панцырах, са шчытамі і шаломамі стануць адусюль супраць цябе. І Я дам перад абліччам іхнім суд, і яны будуць судзіць цябе паводле судоў сваіх.
25 І Я зьвярну супраць цябе лютасьць Маю, і яны будуць абыходзіцца з табою ў гневе, адрэжуць табе нос і вушы, а тое, што ў табе застанецца, упадзе ад мяча. Яны забяруць сыноў тваіх і дочак тваіх, а рэшту тваю зьнішчыць агонь.
26 І Я здыму з цябе шаты твае, і забяру каштоўныя аздобы твае.
27 І Я спыню распусту тваю ў цябе і чужалоства тваё з зямлі Эгіпецкай, і ты не падымеш на іх вачэй тваіх і больш не ўзгадаеш пра Эгіпет.
28 Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, Я аддаю цябе ў рукі таго, каго ты ненавідзіш, у рукі тых, ад якіх адвярнулася душа твая».
29 І яны будуць абыходзіцца з табою з нянавісьцю, забяруць усе набыткі твае і пакінуць цябе голай і неакрытай, і выявіцца голасьць юрлівасьці тваёй, распуснасьць твая і чужалоства тваё.
30 І зробяць гэта табе, бо ты распусьнічала з народамі і паганілася ідаламі іхнімі,
31 і пайшла па шляху сястры тваёй, і Я дам келіх ейны ў рукі твае.
32 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: «Келіх сястры тваёй ты будзеш піць, глыбокі і шырокі, і станеш ты на насьмешку і на зьдзек, [бо] шмат зьмясьцілася [ў ім].
33 Ап’яненьнем і болем будзеш напоўненая, [бо гэта] келіх спусташэньня і смутку, келіх сястры тваёй, Самарыі.
34 І вып’еш яго аж да дна, і ў кавалкі разаб’еш яго, і грудзі свае скалечыш, бо Я прамовіў [гэта], кажа Госпад ГОСПАД».
35 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: «За тое, што ты забылася пра Мяне і кінула Мяне за плечы свае, ты насі цяпер распусту тваю і чужаложнасьць тваю»”».
36 І сказаў мне ГОСПАД: «Сыне чалавечы, ці будзеш судзіць Аголю і Агаліву? Выяві ім брыдоту іхнюю.
37 Бо яны чужаложылі і кроў на руках іхніх, і чужаложылі яны з ідаламі сваімі, а таксама сыноў сваіх, якіх для Мяне нарадзілі, яны праводзілі [праз агонь] на спажыву ім.
38 Яшчэ гэта яны зрабілі Мне: сьвятыню Маю апаганілі ў той дзень і зьняважылі суботы Мае.
39 Бо калі яны ахвяроўвалі сыноў сваіх ідалам сваім, у той самы дзень прыходзілі ў сьвятыню Маю, паганячы яе. Вось так яны рабілі ў сярэдзіне Дому Майго.
40 І нават пасылалі па мужчынаў чужых і далёкіх, і як толькі пасланец быў пасланы да іх, яны адразу прыходзілі. Дзеля іх ты мылася, фарбавала вочы свае і апраналася аздобна,
41 і сядала на каштоўным ложку, і пры ім быў застаўлены стол, і ставіла на ім кадзіла Маё і алей Мой.
42 І галасы натоўпу [былі] там, а да мужчынаў натоўпу таго прыводзілі п’яніцаў з пустыні, і яны ўскладалі бранзалеты на рукі свае і ўпрыгожаныя кароны на галовы свае.
43 І Я сказаў да той, якая нішчыла сябе чужалоствам: “Ці будзе яна [яшчэ], распусьнічаючы, чыніць распусту?”
44 І прыходзяць да яе так, як прыходзяць да жанчыны чужаложніцы. Так прыходзілі да Аголі і Агалівы, жанчынаў распусных.
45 І мужы праведныя будуць судзіць іх судом чужаложніцаў і судом тых, якія разьліваюць кроў, бо яны чужаложылі і кроў на руках іхніх.
46 Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Склічуць супраць іх супольны сход і аддадуць іх на страхоцьце і на рабунак,
47 і сход гэты закідае іх камянямі, пасячэ іх мячамі, заб’е сыноў іхніх і дочак іхніх, а дамы іхнія спаліць агнём.
48 І Я спыню распусту ў зямлі гэтай, і будуць навучаныя ўсе жанчыны і ня будуць чыніць распусту, [падобную] да распусты іхняй.
49 І пакладуць яны на вас распусту вашую, і будзеце насіць грахі ідалаў вашых, і даведаецеся, што Я — Госпад ГОСПАД”».
Разьдзел 24
1 І было слова ГОСПАДА да мяне ў дзявятым годзе, у дзясятым месяцы, у дзясяты [дзень] месяца, кажучы:
2 «Сыне чалавечы, напішы сабе імя дня гэтага, гэтага вось дня, бо валадар Бабілонскі ў дзень гэты пачаў аблогу Ерусаліму.
3 І раскажы гэтаму дому бунтаўнікоў прыповесьць, і скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Пастаў кацёл на агонь, пастаў і налі ў яго вады.
4 Укінь у яго кавалкі мяса, усе лепшыя кавалкі, кумпяк і лапатку, напоўні яго найлепшымі косткамі.
5 І вазьмі на гэта найлепшых з авечак, падкладзі [дровы] пад спод так, каб аж косткі разварыліся”.
6 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Гора гораду крыві, катлу, на якім іржа і з якога ржа не зыходзіць. Павыкідай з яго кавалак за кавалкам, жэрабя на іх ня будзе кідацца.
7 Бо кроў ягоная ў сярэдзіне яго, ён разьліў яе на голай скале, ня выліў яе на зямлю, каб прыкрыць яе пылам.
8 Каб распаліць гнеў і адпомсьціць помсту, Я разальлю кроў ягоную на голай скале, каб не была яна прыкрыта”.
9 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Гора гораду крыві! Я таксама павялічу вогнішча.
10 Назьбірай дроваў, распалі агонь, звары мяса, запраў прыправамі, і няхай косткі згараць.
11 І пастаў гэты кацёл пусты на вугольлі, каб ён разагрэўся і разгарэлася медзь ягоная, каб у нутры ягоным растапілася нячыстасьць ягоная і каб зьнікла іржа ягоная.
12 Дарэмная праца, і ня зыйдзе з яго мноства іржы, у агні [застаецца] іржа.
13 У нячыстасьці тваёй распуста. Хоць Я чысьціў цябе, але ты не ачысьціўся ад нячыстасьці тваёй. Дзеля гэтага ня будзеш ачышчаны, пакуль не супакоіцца лютасьць Мая супраць цябе.
14 Я, ГОСПАД, прамовіў, і прыйдзе [гэта]. І Я зраблю, не занядбаю, і ня буду мець літасьці, і ня буду мець спачуваньня. Будзеш асуджаны паводле шляхоў тваіх і паводле ўчынкаў тваіх, кажа Госпад ГОСПАД”».
15 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
16 «Сыне чалавечы, вось, Я адбяру у цябе раптам радасьць вачэй тваіх, але ты не галасі і ня плач, і няхай не цякуць сьлёзы твае.
17 Стагні моўчкі, не рабі жалобы па памёршым, завяжы турбан твой на сабе, азуй сандалы твае на ногі твае, не прыкрывай барады і ня еш хлеба жалобы».
18 І прамаўляў я да народу раніцаю, а ўвечары памерла жонка мая. І я зрабіў назаўтра так, як мне загадана.
19 І народ казаў мне: «Ці ня вытлумачыш нам, што значыць для нас тое, што ты робіш?»
20 І я сказаў ім: «Слова ГОСПАДА было да мяне, кажучы:
21 “Скажы дому Ізраіля: «Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я апаганю сьвятыню Маю, велічнасьць сілы вашай, радасьць вачэй вашых, прагненьне душаў вашых. А сыны вашыя і дочкі вашыя, якіх вы пакінулі, ад мяча загінуць.
22 І вы гэтак зробіце, як я зрабіў: барады ня будзеце прыкрываць, ня будзеце есьці хлеба жалобы,
23 турбаны вашыя [будуць] на галовах вашых і сандалы вашыя на нагах вашых, ня будзеце лямантаваць і ня будзеце плакаць, а будзеце сохнуць дзеля беззаконьняў вашых і будзеце стагнаць адзін перад адным.
24 І будзе Эзэкіэль для вас знакам. Тое, што ён зрабіў, будзеце і вы рабіць, калі гэта прыйдзе, і даведаецеся, што Я — Госпад ГОСПАД».
25 А ты, сыне чалавечы, у дзень, калі Я забяру ад іх сілу іхнюю і радасьць аздобы іхняй, і раскошу вачэй іхніх, і прагненьне душаў іхніх, сыноў іхніх і дочак іхніх,
26 ў той дзень прыйдзе да цябе ўцякач, каб паведаміць вушам тваім [пра гэта].
27 У той дзень адкрыюцца вусны твае перад уцекачом, і ты будзеш прамаўляць, і ня будзеш ужо немы. І ты будзеш для іх знакам, і яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД”».
Разьдзел 25
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Сыне чалавечы, павярні аблічча тваё да сыноў Амона і прароч супраць іх.
3 І скажаш сынам Амона: “Слухайце слова Госпада ГОСПАДА. Гэта кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што ты казаў “Ага!” на сьвятыню Маю, бо яна апаганена, і на зямлю Ізраіля, бо яна спустошана, і на дом Юды, бо ён пайшоў у няволю,
4 вось, Я аддам цябе сынам Усходу ў спадчыну. І яны разложаць табары свае ў цябе, і паставяць сялібы свае ў цябе, яны будуць есьці плады твае і піць малако тваё.
5 І Я зраблю Раббу пашаю для вярблюдаў, а сыноў Амона — логавішчам для авечак, і даведаецеся, што Я — ГОСПАД”.
6 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што ты пляскаў рукамі і тупаў нагамі, і цешыўся ў душы з усёй пагардай тваёй з зямлі Ізраіля,
7 вось, Я выцягну руку Маю супраць цябе, і аддам цябе на рабунак народам, і выкарчую цябе спаміж народаў, і вынішчу цябе спасярод земляў, і выгублю цябе, і даведаешся, што Я — ГОСПАД”.
8 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што Мааў і Сэір казалі: “Вось, дом Юды [такі самы] як усе [іншыя] народы”,
9 вось, Я адкрыю [шлях] на ўзбоччы Мааву ад гораду і да гораду ягонага ў межах ягоных, да аздобы зямлі гэтай: Бэт-Ешымоту, Баал-Мэону і Кірыятаіму,
10 і аддам іх разам з сынамі Амона ў спадчыну сынам Усходу, каб ня ўзгадвалі сыноў Амона між народамі.
11 І Я ўчыню суды над Маавам, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД”.
12 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што Эдом гарэў помстай супраць дому Юды, і помсьцячы яму, правініўся віною,
13 дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Я выцягну руку Маю супраць Эдому, і вынішчу ў ім чалавека і жывёлу, і аддам яго на спусташэньне, ад Тэману аж да Дэдану пагінуць ад мяча.
14 І Я ўчыню помсту Маю Эдому паводле гневу Майго і паводле абурэньня Майго, і яны пазнаюць помсту Маю, кажа Госпад ГОСПАД”.
15 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: ”За тое, што Філістынцы рабілі [Юдзе] ў помсьце, і помсьцілі помстаю з пагардай у душы, і забівалі дзеля спрадвечнай нянавісьці,
16 дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Вось Я выцягну руку Маю супраць Філістынцаў, выкарчую Керэтаў і зьнішчу рэшту ўзьбярэжжа марскога.
17 І Я ўчыню ім помсту вялікую карамі лютымі. І яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі Я ўчыню ім помсту Маю”».
Разьдзел 26
1 І сталася ў адзінаццатым годзе, у першы [дзень] месяца, і было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Сыне чалавечы, за тое, што Тыр сказаў Ерусаліму: “Ага! Зламаная брама народаў; ён зьвяртаецца да мяне, я буду багаты, бо ён спустошаны”,
3 дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я супраць цябе, Тыр, і Я прывяду супраць цябе народы шматлікія, як мора ўздымае хвалі свае.
4 І яны зруйнуюць муры Тыру, і разваляць вежы ягоныя. І Я вымяту з яго пыл ягоны, і зраблю з яго голую скалу.
5 Ён станецца пасярод мора месцам, каб сушыць сеткі, бо Я прамовіў [гэта], кажа Госпад ГОСПАД, і будзе ён здабычай для народаў.
6 Дочкі ягоныя, якія на полі, пагінуць ад мяча, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД”.
7 Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я прывяду з поўначы супраць Тыру Навухаданосара, валадара Бабілону, валадара валадароў, з коньмі, калясьніцамі і вершнікамі, з войскам і мноствам народу.
8 І дочак тваіх, якія на полі, ён заб’е мячом, і паставіць супраць цябе вежу, і насыпле супраць цябе вал, і паставіць супраць цябе шчыт.
9 А галавіцу таранаў сваіх ён наставіць супраць муроў тваіх, і вежы твае разваліць мячамі сваімі.
10 Ад мноства коней ягоных пакрые цябе куродым іхні, ад грукату вершніка, колаў і калясьніцаў будуць дрыжаць муры твае, калі яны будуць уваходзіць у брамы твае, як пры ўваходзе ў здабыты горад.
11 Капытамі коней сваіх ён паб’е ўсе вуліцы твае, народ твой мячом пазабівае, а слупы магутнасьці тваёй паваліць на зямлю.
12 І разрабуюць багацьці твае, і забяруць тавары твае, і зруйнуюць муры твае, і дамы твае багатыя разбураць, а камяні твае, і дрэва тваё, і парахно тваё кінуць у сярэдзіну мора.
13 І Я спыню гук сьпеваў тваіх, і голас гусьляў тваіх ня будзе больш чутны.
14 І Я зраблю з цябе голую скалу, і ты станешся месцам, каб сушыць сеткі, больш ня будзеш адбудаваны, бо Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта], кажа Госпад ГОСПАД”.
15 Гэта кажа Госпад ГОСПАД Тыру: “Ці ад гуку руйнаваньня твайго, калі будуць стагнаць параненыя, калі забіваньнем будуць забіваць пасярод цябе, не задрыжаць астравы?
16 І зыйдуць з вышыні пасадаў сваіх усе князі мора, скінуць з сябе плашчы свае, здымуць з сябе вышываныя шаты, апрануцца ў страх, сядуць на зямлі, і будуць дрыжаць без перапынку, і трэсьціся будуць з тваёй прычыны.
17 Яны будуць галасіць дзеля цябе і скажуць табе: “Як ты загінуў, як адарваны ад мора, горад слаўны, які быў моцным на моры, ты і жыхары твае, якія прыносілі страх свой усім жыхарам ягоным!
18 Цяпер дрыжаць астравы ў дзень загубы тваёй; стрывожыліся астравы, якія на моры, адыходам тваім”.
19 Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Калі Я зраблю цябе горадам спустошаным, як гарады, у якіх ніхто не жыве, калі навяду на цябе бездань, і накрыюць цябе воды вялікія,
20 Я скіну цябе да тых, якія зыйшлі ў магілу, да людзей старадаўніх, і пасялю цябе ў зямлі падземнай, як руіны адвечныя, з тымі, якія зыйшлі ў магілу, каб [больш] ня быў ты заселены і ня меў славы ў зямлі жывых.
21 Я зраблю цябе страхоцьцем, і ня будзе цябе. І будуць шукаць [цябе], і ня знойдуць ніколі, на вякі, кажа Госпад ГОСПАД”».
Разьдзел 27
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «А ты, сыне чалавечы, узьнімі лямант дзеля Тыру
3 і скажы Тыру, які жыве каля ўваходу ў мора і гандлюе з народамі на астравах шматлікіх: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Тыр, ты сказаў: “Я — [карабель] дасканалай прыгажосьці!”
4 У сэрцы мора межы твае, будаўнікі твае збудавалі прыгажосьць тваю.
5 З кіпарысаў Сэнірскіх пабудавалі табе ўсе барты, узялі кедры Лібанскія, каб зрабіць табе мачты,
6 з дубоў Башанскіх зрабілі вёслы твае, паклад твой зрабілі з косьці слановай, з самшыта з астравоў Кіттым.
7 З вісону аздобнага Эгіпецкага зрабілі ветразь твой, каб быў для цябе сьцягам. Блакіт і пурпур з астравоў Эліша былі накрыцьцём тваім.
8 Жыхары Сідону і Арваду былі ў цябе весьлярамі. Мудрацы твае, Тыр, былі ў цябе, яны — мараплаўцы твае.
9 Старшыні Гэбалю і мудрацы ягоныя былі пры табе, каб напраўляць пашкоджаньні твае. Усе караблі марскія і маракі іхнія былі пры табе, каб гандляваць таварамі тваімі.
10 Пэрсы, Люд і Пут былі ў войску тваім ваярамі. Шчыты і шаломы яны завешвалі ў цябе і дадавалі табе славы.
11 Сыны Арваду і войска тваё [былі] кругом на мурах тваіх, а Гамадэйцы — на вежах тваіх; яны вешалі шчыты свае кругом на мурах тваіх, завяршаючы аздобу тваю.
12 Таршыш гандляваў з табой дзеля мноства ўсякага багацьця; срэбра і жалеза, цыну і волава давалі [табе] за тавары твае.
13 Яван, Туваль і Мэшэк вялі гандаль з табой, душу чалавека і вырабы з медзі яны давалі за тавары твае.
14 З Бэт-Тагармы прыводзілі коней, і вершнікаў, і мулаў за тавары твае.
15 Сыны Дэдану вялі гандаль з табою, і шматлікія астравы гандлявалі з табою. Косьць слановую і дрэва гэбан прыносілі як даніну.
16 Арам гандляваў з табою дзеля мноства вырабаў тваіх, давалі за тавары твае пэрліны, пурпур, рознакаляровыя тканіны, ядваб, каралі і рубіны.
17 Юда і зямля Ізраіля вялі гандаль з табою, давалі за тавары твае пшаніцу з Мініту, слодычы, мёд, алей і бальзам.
18 Дамаск гандляваў з табой дзеля мноства вырабаў тваіх і мноства багацьця твайго, віно з Хэльбону і воўну з Цахару [давалі табе].
19 Дан і Яван з Уззалю за тавары твае давалі табе жалеза абробленае, цынамон і трысьнёг як тавары для гандлю твайго.
20 Дэдан вёў гандаль з табою, дыванкі для сёдлаў [даваў табе].
21 Арабія і ўсе князі Кедару куплялі з рукі тваёй, ягнятамі, баранамі і казламі гандлявалі з табою.
22 Купцы з Шэвы і Рамы вялі гандаль з табою, давалі за тавары твае найлепшы бальзам, і ўсялякія каштоўныя камяні, і золата.
23 Харан, Каннэ і Эдэн, купцы з Шэвы, Асірыі і Кільмаду гандлявалі з табой.
24 Яны вялі гандаль з табою, [прывозілі] каштоўныя строі, плашчы з пурпуру, рознакаляровыя тканіны і дываны, скураныя моцныя шнуры на рынак твой.
25 Караблі з Таршышу прывозілі да цябе тавары твае. І стаўся ты багаты і вельмі слаўны ў сэрцы мораў.
26 У воды вялікія завялі цябе весьляры твае, вецер усходні разьбіў цябе ў сэрцы мораў.
27 Багацьце тваё, тавары твае, гандаль твой, маракі твае і корнікі твае, тыя, што напраўляюць выломы твае, і тыя, што гандлююць таварам тваім, усе ваяры твае, якія ў табе, і ўсё войска тваё, якое пасярод цябе, патопяцца ў сэрцы мораў у дзень падзеньня твайго.
28 Ад голасу крыку маракоў тваіх задрыжаць узьбярэжжы.
29 І пазыходзяць з караблёў сваіх усе весьляры, маракі і ўсе корнікі марскія стануць на зямлі,
30 і загалосяць дзеля цябе гучна, і будуць крычаць горка, і будуць сыпаць пыл на галовы свае, і будуць качацца ў попеле.
31 І паголяць дзеля цябе галовы сабе, і падпярэжуцца зрэбніцай. І будуць плакаць па табе з горкай душой, галосячы горка.
32 І ўзьнясуць па табе лямант, і будуць сьпяваць у жалобе: “Хто ж такі, як Тыр, [які] зруйнаваны пасярод мораў!”
33 Калі тавары твае выходзілі з мора, ты карміў шмат народаў! Дзеля мноства багацьцяў тваіх і тавараў тваіх ты ўзбагаціў валадароў зямлі.
34 Цяпер ты разьбіты ў моры, і ў глыбіні водаў тавары твае, і ўсё войска тваё, якое ў сярэдзіне цябе, загінула.
35 Усе жыхары астравоў аслупянелі дзеля цябе, а валадары іхнія затрымцелі ад жаху, затрэсьліся абліччы [іхнія].
36 Купцы з [розных] народаў сьвішчуць дзеля цябе; стаўся ты страхоцьцем для іх, і ня будзе цябе на вякі”».
Разьдзел 28
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Сыне чалавечы, скажы князю Тыру: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што ўзьвялічылася сэрца тваё і ты сказаў: “Я — бог, я сяджу на пасадзе Божым у сэрцы мораў!” Але ты чалавек, а ня бог, і ты паставіў сэрца тваё як сэрца Бога.
3 Вось, ты мудрэйшы за Данііла, ніякая таямніца не схаваная ад цябе!
4 Мудрасьцю тваёй і розумам тваім ты здабыў сабе багацьце і назьбіраў золата і срэбра ў скарбніцах тваіх.
5 Вялікай мудрасьцю тваёй у гандлі тваім ты памножыў багацьце тваё, і сэрца тваё ўзьвялічылася з прычыны багацьцяў тваіх.
6 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што ты сэрца тваё паставіў як сэрца Бога,
7 вось, Я прывяду на цябе чужынцаў, найгоршыя народы. Яны павернуць мячы свае супраць прыгажосьці мудрасьці тваёй і збэсьцяць бляск твой,
8 і сапхнуць цябе ў яму, і памрэш ты сьмерцю забітага ў сэрцы мораў.
9 Ці будзеш гаварыць. “Я — Бог!” перад абліччам таго, які забівае цябе. Ты чалавек, а ня Бог у руцэ забойцаў тваіх.
10 Сьмерцю неабрэзаных ты памрэш ад рукі чужынцаў, бо Я прамовіў [гэта], кажа Госпад ГОСПАД”».
11 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
12 «Сыне чалавечы, узьнімі лямант над валадаром Тыру і скажы яму: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ты — пячатка дасканаласьці, поўны мудрасьці, вяршыня прыгажосьці.
13 Ты быў у Эдэме, у садзе Божым, усялякія камяні дарагія пакрывалі цябе: рубін, тапаз, ясьпіс, таршыш, онікс, бэрыль, шафір, гранат, шмарагд і золата, былі зробленыя бубны твае, і дуды твае былі падрыхтаваныя для цябе ў дзень стварэньня твайго.
14 Ты — памазаны херувім, які асланяе, і Я даў табе быць на сьвятой гары Божай, і ты хадзіў між агністых камянёў.
15 Ты быў дасканалы ў шляхах тваіх ад дня стварэньня твайго, пакуль не знайшлося ў табе беззаконьне.
16 З пашырэньнем гандлю твайго напоўнілася нутро тваё гвалтам, і ты саграшыў. І Я скінуў цябе з гары Божай, і выгнаў цябе, херувім, які асланяе, спаміж агністых камянёў.
17 Узьвялічылася сэрца тваё дзеля прыгажосьці тваёй; і ты згубіў мудрасьць тваю дзеля красы тваёй. І Я кінуў цябе на зямлю, перад абліччам валадароў паставіў цябе, каб бачылі цябе.
18 Мноствам беззаконьняў тваіх і няправеднасьцю гандлю твайго ты апаганіў сьвятыню тваю. І Я вывеў агонь з нутра твайго, і ён зьеў цябе, і Я зрабіў цябе попелам на зямлі на вачах усіх, якія бачылі цябе.
19 Усе, хто ведае цябе сярод народаў, аслупянеюць дзеля цябе, бо ты стаўся страхоцьцем, і ня будзе цябе на вякі”».
20 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
21 «Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё на Сідон і прароч супраць яго,
22 і кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я супраць цябе, Сідоне. І Я ўслаўлюся пасярод цябе, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі ўчыню ў ім суды [Мае] і зьяўлю сьвятасьць [Маю] ў ім.
23 І Я спашлю на яго пошасьць і кроў на вуліцы ягоныя, і будуць падаць пасярод яго забітыя ад мяча, які [прыйдзе] да яго з усіх бакоў, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД.
24 І ўжо больш ня будзе для дому Ізраіля церня калючага і асоту, які прыносіць боль, ад усіх, якія вакол яго і якія пагарджаюць ім, і яны даведаюцца, што Я — Госпад ГОСПАД.
25 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Калі Я зьбяру дом Ізраіля спаміж народаў, сярод якіх яны былі расьцярушаныя, Я зьяўлю сьвятасьць [Маю] на вачах усіх народаў, і яны будуць жыць на зямлі сваёй, якую Я даў слузе Майму Якубу.
26 І будуць жыць у ёй бясьпечна, будуць будаваць дамы, будуць садзіць вінаграднікі; будуць жыць бясьпечна ў той час, калі над усімі вакол, хто пагарджае імі, Я буду праводзіць суд, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД, Бог іхні”».
Разьдзел 29
1 У дзясятым годзе, у дзясятым [месяцы], у дванаццаты [дзень] месяца было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё на фараона, валадара Эгіпту, і прароч супраць яго і супраць усяго Эгіпту,
3 і кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я супраць цябе, фараон, валадар Эгіпту, цмок вялікі, які ляжыш сярод рэкаў сваіх і кажаш: “Для мяне рэкі мае, я іх зрабіў!”
4 Я ўкладу крукі ў шчэляпы твае, і прыляплю рыбаў рэкаў тваіх да лускі тваёй, і выцягну з сярэдзіны рэкаў тваіх цябе і ўсіх рыбаў тваіх, якія прыстануць да лускі тваёй.
5 І выкіну цябе ў пустыню, цябе і ўсіх рыбаў рэкаў тваіх, і ўпадзеш ты на аблічча поля, і ня будзеш сабраны, і ня будзеш зграмаджаны. Зьвярам зямлі і птушкам нябесным Я аддам цябе на жыраваньне.
6 І даведаюцца ўсе жыхары Эгіпту, што Я — ГОСПАД, бо яны былі апорай з чароту для дому Ізраіля.
7 Калі яны хапалі цябе далоняй, ты ламаўся і калечыў ім усю руку, а калі абапіраліся на цябе, ты ламаўся і хісталіся сьцёгны іхнія.
8 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я прывяду на цябе меч і вынішчу з цябе чалавека і быдла.
9 І станецца зямля Эгіпецкая пусткай і руінаю, і даведаюцца яны, што Я — ГОСПАД, за тое, што ты сказаў: ”Мая рака, я яе зрабіў”.
10 Дзеля гэтага, вось, Я супраць цябе і супраць рэкаў тваіх, і Я аддам зямлю Эгіпецкую пустошыць пусташэньнем, і яна [будзе] пусткаю ад Мігдолу аж да Сэвэны і аж да межаў Кушу.
11 Ня пройдзе па ёй нага чалавека, і нага быдла ня пройдзе праз яе, і ня будзе яна абжытая сорак гадоў.
12 І Я зраблю зямлю Эгіпецкую пусткаю паміж земляў спустошаных; а гарады ейныя будуць сярод гарадоў зруйнаваных, пусткаю сорак гадоў, і Я расьцярушу Эгіпцянаў паміж народамі, і раскідаю іх сярод земляў.
13 Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Калі скончацца тыя сорак гадоў, Я зьбяру Эгіпцянаў спаміж народаў, сярод якіх Я расьцярушыў іх,
14 і адмяню долю Эгіпту, і зьбяру іх у зямлі Патрос, у зямлі паходжаньня іхняга, і будуць яны там валадарствам слабым.
15 Сярод валадарстваў будзе яно слабое, і ніколі не падымецца над народамі. Я зьменшу іх, каб не панавалі над народамі.
16 Ня будзе больш яно надзеяй для дому Ізраіля, і яно будзе ім нагадваць беззаконьні [іхнія], калі яны зьвярталіся да яго, і даведаюцца, што Я — Госпад ГОСПАД”».
17 І сталася ў дваццаць сёмым годзе, у першым [месяцы], у першы [дзень] месяца, і было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
18 «Сыне чалавечы, Навухаданосар, валадар Бабілонскі, даў войску свайму працу супраць Тыру; кожная галава палысела і кожнае плячо агалела, але ані ён, ані войска ягонае не атрымалі ад Тыру ўзнагароды за працу, якую выканалі супраць яго.
19 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я даю Навухаданосару, валадару Бабілонскаму, зямлю Эгіпецкую, і ён забярэ багацьці ейныя, захопіць здабычу ейную і возьме яе сабе, і гэта будзе платай войску ягонаму.
20 Як плату за выкананую там працу Я даю яму зямлю Эгіпецкую, бо для Мяне яны працавалі, кажа Госпад ГОСПАД.
21 У той дзень Я вырашчу рог дому Ізраіля, і табе адчыню вусны твае сярод іх, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД”».
Разьдзел 30
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Сыне чалавечы, прароч і кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Галасіце дзеля таго дня!
3 Бо блізкі дзень, блізкі дзень ГОСПАДА! Днём хмараў будзе час [кары] для народаў.
4 І прыйдзе меч на Эгіпет, і будзе страх у Кушы, калі будуць падаць забітыя ў Эгіпце, калі забяруць мноства ягонае, калі будуць зруйнаваныя падмуркі ягоныя.
5 Куш, Пут і Люд, і ўсе чужынцы, і Куб, і сыны зямлі запавету [разам] з імі пагінуць ад мяча.
6 Гэта кажа ГОСПАД. Упадуць падпоры Эгіпту і ўпадзе пыхлівасць магутнасьці ягонай, ад Мігдолу аж да Сэвэны будуць падаць ад мяча, кажа Госпад ГОСПАД.
7 І будзе ён спусташэньнем сярод земляў спустошаных, і гарады ягоныя будуць між гарадоў зруйнаваных.
8 І яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі Я прывяду агонь пад Эгіпет і будуць патрушчаны ўсе, хто дапамагае яму.
9 У той дзень выйдуць ад аблічча Майго пасланцы на караблях, каб патрывожыць спакой Кушу, і трывога падымецца сярод іх у дзень Эгіпту, бо вось, ён надыходзіць.
10 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Я зраблю канец мноству Эгіпта рукою Навухаданосара, валадара Бабілону.
11 Ён і народ ягоны, магутныя між народаў, прыйдуць, каб нішчыць зямлю гэтую. Яны выцягнуць мячы свае супраць Эгіпту і напоўняць зямлю забітымі.
12 І Я зраблю рэкі сухадолам, і аддам зямлю ў рукі ліхотнікаў, і спустошу зямлю і ўсё, што ў ёй, рукою чужынцаў. Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта]”.
13 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Я зьнішчу ідалаў і зраблю канец балванам з Нофу, і ня будзе больш князя ў зямлі Эгіпецкай. І Я спашлю страх на зямлю Эгіпецкую.
14 І Я спустошу Патрос, і пушчу агонь на Цаан, і ўчыню суд у Но.
15 І Я выльлю гнеў Мой на Сін, крэпасьць Эгіпецкую, і вынішчу шматлюдзтва ў Но.
16 І Я спашлю агонь на Эгіпет; будзе качацца ад болю Сін, і Но будзе здабыты, а на Ноф [прыйдуць] ворагі ўдзень.
17 Юнакі з Авэну і Пі-Бэсэту будуць падаць ад мяча, а [гарады] гэтыя пойдуць у няволю.
18 У Тахпанхэсе сьцямнее дзень, калі Я зламлю там ярмо Эгіпецкае. І скончыцца ў ім пыхлівасьць магутнасьці ягонай. Хмара закрые яго, і дочкі ягоныя пойдуць у няволю.
19 І Я ўчыню суды [Мае] ў Эгіпце, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД”».
20 І сталася ў адзінаццатым годзе, у першым [месяцы], у сёмы [дзень] месяца, і было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
21 «Сыне чалавечы, Я зламаў рамяно фараона, валадара Эгіпту, і вось, яно ня будзе перавязанае, каб даць лекі, каб зрабіць павязку, каб перавязаць яго, каб ня меў ён сіл трымаць меч.
22 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я супраць фараона, валадара Эгіпецкага, і Я зламлю рамёны ягоныя, тое моцнае і тое зламанае, і выкіну меч з рукі ягонай.
23 І Я расьцярушу Эгіпцянаў сярод народаў, і раскідаю іх паміж земляў.
24 І Я ўмацую рамёны валадара Бабілонскага, і дам меч Мой у руку ягоную; і Я зламлю рамёны фараона, і ён будзе стагнаць, як стогне паранены, перад абліччам ягоным.
25 І Я ўмацую рамёны валадара Бабілонскага, а рамёны фараона аслаблю, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі дам меч Мой у руку валадара Бабілонскага і ён выцягне яго супраць зямлі Эгіпецкай.
26 І Я расьцярушу Эгіпцянаў сярод народаў, і раскідаю іх паміж земляў, і яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД”».
Разьдзел 31
1 І сталася ў адзінаццатым годзе, у трэцім [месяцы], у першы [дзень] месяца, і было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Сыне чалавечы, скажы фараону, валадару Эгіпецкаму, і ўсяму мноству ягонаму: “Да каго падобным стаўся ты ў вялікасьці тваёй?
3 Вось, Ашур, кедр на Лібане, з прыгожымі галінамі і цяністаю лістотаю, гонкі высокасьцю, і паміж хмарамі вершаліна ягоная.
4 Воды вырасьцілі яго, бяздоньне ўзьняло яго, рэкі свае ён скіраваў кругом каранёў сваіх і струмяні свае накіраваў да ўсіх дрэваў палявых.
5 Таму вышынёй ён стаў вышэйшы за ўсе дрэвы палявыя, і памножыліся галіны ягоныя, і паднялося гальлё ягонае дзеля мноства вады.
6 У галінах ягоных парабілі гнёзды ўсе птушкі нябесныя; а пад гальлём ягоным нараджаліся ўсе зьвяры палявыя, і ў ценю ягоным жылі ўсе народы шматлікія.
7 І быў ён прыгожы ў вялікасьці сваёй і ў рассахатасьці галінаў сваіх, бо карані ягоныя былі блізка водаў вялікіх.
8 Кедры ў садзе Божым не былі роўныя яму, кіпарысы не маглі параўнацца з галінамі ягонымі, явары не маглі зраўняцца з зелянінай ягонай, ніводнае дрэва ў садзе Божым не было падобным да яго прыгажосьцю сваёю.
9 Я аздобіў яго мноствам галінаў, і зайздросьцілі яму ўсе дрэвы Эдэму, якія ў садзе Божым.
10 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што ён так высока вырас, і вершаліну сваю падняў аж да хмараў, і сэрца ягонае вывышалася з прычыны вялікасьці ягонай,
11 Я аддам яго ў рукі моцнага сярод народаў, каб, учыняючы, учыніў яму адпаведна нягоднасьці ягонай, і Я выгнаў яго.
12 І зрэзалі яго чужынцы, найгоршыя з народаў, і кінулі яго. На горы і на ўсе даліны пападалі галіны ягоныя, і гальлё ягонае паламанае [патанула] ў-ва ўсіх струмянях зямлі. І з-пад ценю ягонага выйшлі ўсе народы зямлі, і пакінулі яго.
13 На руінах ягоных жывуць птушкі нябесныя, а між галінамі ягонымі — усе зьвяры палявыя,
14 каб не вывышалася ў высокасьці сваёй ніводнае дрэва [над] водамі і не падымала вершаліны сваёй паміж хмарамі, і каб тыя, што напоеныя вадою, не станавіліся магутнымі ў вялікасьці сваёй. Бо ўсе яны аддадзеныя сьмерці, пойдуць у краіну падземную да тых сыноў чалавечых, якія зыходзяць у магілу”.
15 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “У дзень, калі ён зыйшоў у адхлань, Я ўчыніў жалобу, зачыніў над ім бездань, затрымаў рэкі ягоныя і спыніў воды вялікія; дзеля яго Я зацемніў Лібан, і ўсе дрэвы палявыя сохлі дзеля яго.
16 Грукатам падзеньня ягонага Я ўстрывожыў народы, калі завёў яго ў адхлань да тых, што зыходзяць у магілу. І ўсьцешыліся ў краіне падземнай усе дрэвы Эдэму, прыгожыя і добрыя [дрэвы] Лібану, усе, якія напоены водамі.
17 Таксама яны зыйшлі з ім у адхлань да забітых мячом і паплечнікаў ягоных, што сядзелі ў ценю ягоным сярод народаў.
18 Да якога дрэва Эдэму ты падобны ў славе і велічы? І ты кінуты разам з дрэвамі Эдэму ў краіну падземную; сярод неабрэзаных ляжыш, сярод забітых мячом”. Гэта фараон і ўсё мноства ягонае, кажа Госпад ГОСПАД».
Разьдзел 32
1 І сталася ў дванаццатым годзе, у дванаццатым месяцы, у першы [дзень] месяца, і было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Сыне чалавечы, узьнімі лямант над фараонам, валадаром Эгіпецкім, і скажы яму: “Львянятка народаў, ты прапаў, а быў ты як цмок у моры, пырхаў у рэках тваіх, муціў ваду лапамі тваімі і ўзбураў хвалі ягоныя”.
3 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Я расьцягну над табою сетку Маю на сходзе народаў шматлікіх, і яны выцягнуць цябе сеткаю Маёй.
4 І Я кіну цябе на зямлю, і выкіну цябе на аблічча палёў, і дам абжыцца на табе ўсім птушкам нябесным, і накармлю табою зьвяроў усёй зямлі.
5 І раскідаю па гарах цела тваё, і напоўню даліны падлінай тваёй.
6 І напаю зямлю крывёю тваёй аж па горы, і напоўняцца табою яры.
7 Калі будзеш чэзнуць, Я закрыю неба і зацямню зоркі, сонца закрыю хмарамі, а месяц ня дасьць бляску свайго.
8 Усе сьвяцілы, якія сьвецяць на небе, Я зацямню дзеля цябе і спашлю цемру на зямлю тваю, кажа Госпад ГОСПАД.
9 І Я занепакою сэрца народаў шматлікіх, калі прынясу [вестку] пра зьнішчэньне тваё да народаў зямлі, якіх ты ня ведаеш.
10 І Я ўстрывожу дзеля цябе народы шматлікія, і валадары іхнія спалохаюцца дзеля цябе, калі буду махаць мячом Маім перад абліччам іхнім, і будуць безупынна дрыжэць у страху за душу сваю ў дзень падзеньня твайго.
11 Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД. Меч валадара Бабілонскага прыйдзе на цябе.
12 Я разаб’ю мячамі волатаў мноства тваё, яны ўсе — найгоршыя з народаў. І яны зьнішчаць пыху Эгіпту, і будзе выгубленае ўсё мноства ягонае.
13 І Я зьнішчу ўсё быдла ягонае пры водах вялікіх, і больш ня будзе каламуціць іх нага чалавека, і капыт жывёлы ня будзе каламуціць іх.
14 Тады Я ачышчу воды іхнія, і рэкі іхнія як алей пацякуць, кажа Госпад ГОСПАД.
15 Калі Я перамяню зямлю Эгіпецкую ў пустку, і спустошаная будзе зямля ад таго, што ў ёй, калі выб’ю ўсіх жыхароў ейных, тады даведаюцца, што Я — ГОСПАД”.
16 Гэта лямант, і будуць лямантаваць дочкі народаў, і будуць плакаць дзеля Эгіпту, і дзеля ўсяго мноства ягонага будуць лямантаваць, кажа Госпад ГОСПАД».
17 І сталася ў дванаццатым годзе, у пятнаццаты [дзень] месяца, і было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
18 «Сыне чалавечы, бядуй дзеля мноства Эгіпту і скінь яго, яго і дочак народаў магутных, у краіну падземную, да тых, якія зыйшлі ў магілу.
19 За каго ты стаў прыгажэйшы? Зыйдзі і ляж сярод неабрэзаных.
20 Яны пападаюць сярод забітых мячом. Меч дадзены, цягніце [Эгіпет] і ўсе народы ягоныя.
21 Прамовяць да яго з сярэдзіны адхлані волаты магутныя разам з паплечнікамі [сваімі]: ”Зыйшлі [ў магілу], ляжаць неабрэзаныя, забітыя мячом!”
22 Там Ашур і ўсе дружыны ягоныя, кругом яго — труны ягоныя, гэта ўсё забітыя, што паляглі ад мяча.
23 Труны іхнія ў найглыбейшай магіле, і дружыны ягоныя вакол труны ягонай, усе яны пазабіваныя, паляглі ад мяча тыя, якія палохалі зямлю жывых.
24 Там Элям і ўсё мноства яго вакол труны ягонай, гэта ўсё пазабіваныя, якія паляглі ад мяча, якія зыйшлі неабрэзаныя ў краіну падземную, гэта тыя, што сеялі страх у зямлі жывых. Ганьбу яны сваю нясуць разам з тымі, што зыйшлі ў магілу.
25 Сярод забітых далі ложак яму, і ўсё мноства ягонае вакол труны ягонай, усе яны неабрэзаныя, забітыя мячом; яны сеялі страх у зямлі жывых і панесьлі ганьбу сваю з тымі, што зыходзяць у магілу; сярод забітых ён паложаны.
26 Там Мэшэк, Туваль і ўсё мноства іхняе вакол трунаў іхніх, усе яны неабрэзаныя, забітыя мячом, бо яны сеялі страх у зямлі жывых.
27 Ляжаць яны не пры волатах, якія пападалі з неабрэзанымі, якія ў поўнай зброі баявой зыйшлі ў адхлань, якім палажылі мячы іхнія пад галовы, і беззаконьні іхнія — на костках іхніх, бо былі яны страхам для волатаў у зямлі жывых.
28 І ты будзеш кінуты сярод неабрэзаных, і будзеш ляжаць сярод тых, якія забітыя мячом.
29 Там Эдом і валадары ягоныя, і ўсе князі ягоныя, якія пры ўсёй сіле сваёй паложаны сярод тых, якія забітыя мячом. Яны ляжаць сярод неабрэзаных, сярод тых, што зыйшлі ў магілу.
30 Там валадары поўначы, усе яны і ўсе Сідонцы, якія зыйшлі разам з забітымі, асаромленыя, хоць сеялі страх моцай сваёй. І ляжаць яны, неабрэзаныя, з тымі, якія забітыя мячом, і нясуць ганьбу сваю разам з тымі, што зыйшлі ў магілу.
31 Убачыць іх фараон і ўсьцешыцца з усім мноствам сваім. Забітыя мячом фараон і ўсё войска ягонае, кажа Госпад ГОСПАД.
32 Страх сеяў ён у зямлі жывых, таму кінуць яго, каб ляжаў сярод неабрэзаных, з тымі, якія забітыя мячом, фараон і ўсё мноства ягонае, кажа Госпад ГОСПАД».
Разьдзел 33
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Сыне чалавечы, прамоў да сыноў народу твайго і скажы ім: “Калі на нейкую зямлю Я прыводжу меч, і возьме народ зямлі нейкага чалавека спасярод сябе, і паставіць яго вартаўніком,
3 і ён убачыць, што меч гэты прыходзіць на зямлю, і ён затрубіць у рог, і папярэдзіць народ,
4 але нехта пачуе гук рогу, і ня будзе сьцерагчыся, і прыйдзе меч, і заб’е яго, кроў ягоная будзе на галаве ягонай.
5 Гук рогу ён пачуў, але не засьцярогся; кроў ягоная будзе на ім самім. А той, хто засьцярогся, захаваў душу сваю.
6 А калі вартаўнік бачыць, што прыходзіць меч, і не трубіць у рог, і народ не папярэджаны, і прыходзіць меч, і забівае некага з іх, хоць гэты [забіты] забраны за беззаконьне сваё, але кроў ягоную Я буду шукаць на руках вартаўніка”.
7 І цябе, сыне чалавечы, Я паставіў вартаўніком для дому Ізраіля, і ты пачуеш з вуснаў Маіх слова, і папярэдзіш іх ад Мяне.
8 Калі Я скажу бязбожніку: “Бязбожнік, ты, сьмерцю памрэш”, — а ты ня будзеш гаварыць, каб папярэдзіць бязбожніка пра шлях ягоны, бязбожнік гэты памрэ за беззаконьне сваё, але кроў ягоную Я буду шукаць на руках тваіх.
9 А калі ты папярэджваў бязбожніка пра шлях ягоны, каб ён зыйшоў з яго, але ён не зыйшоў са шляху свайго, ён памрэ за беззаконьне сваё, але ты захаваў душу тваю.
10 І ты, сыне чалавечы, кажы дому Ізраіля: “Вы, кажучы, кажаце: «Правіны нашыя і грахі нашыя [ляжаць] на нас, і мы гінем дзеля іх. Дык як можам жыць?»”
11 Скажы ім: “Як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, не хачу сьмерці бязбожніка, але каб адвярнуўся бязбожнік ад шляху свайго [ліхога] і жыў. Навярніцеся, адвярніцеся ад шляхоў сваіх ліхіх. Навошта маеце паміраць, дом Ізраіля?”
12 І ты, сыне чалавечы, скажы сынам народу твайго: “Праведнасьць праведніка не ўратуе яго ў дзень правіны ягонай, і бязбожнік не спатыкнецца аб бязбожнасьць ў дзень, калі ён адвернецца ад бязбожнасьці сваёй, і праведнік ня зможа жыць у [праведнасьці сваёй] у дзень грэху свайго”.
13 Калі Я скажу праведніку: “Жывучы, будзеш жыць!”, і ён паспадзяецца на праведнасьць сваю, і ўчыніць злачынства, уся праведнасьць праведнасьці ягонай ня будзе ўзгадана, і за злачынства сваё, якое ён учыніў, ён памрэ.
14 А калі я скажу бязбожніку: “Сьмерцю памрэш!”, і ён адвернецца ад грэху свайго, і будзе чыніць суд і праведнасьць,
15 аддасьць заклад несправядлівы, зьверне тое, што зрабаваў, будзе хадзіць паводле пастановаў жыцьця, каб не рабіць злачынства, ён, жывучы, будзе жыць і не памрэ.
16 Усе грахі ягоныя, якімі ён саграшыў, ня будуць узгаданыя яму. Ён чыніў суд і праведнасьць, дык жывучы, будзе жыць.
17 Кажуць сыны народу твайго: “Несправядлівы шлях Госпада”, але іх уласны шлях несправядлівы.
18 Калі праведнік адвернецца ад праведнасьці сваёй і будзе чыніць злачынства, ён памрэ ў ім.
19 І калі бязбожнік адвернецца ад бязбожнасьці сваёй і будзе чыніць суд і праведнасьць, дзякуючы ім ён будзе жыць.
20 А вы кажаце: “Несправядлівы шлях Госпада”. Кожнага з вас, дом Ізраіля, Я буду судзіць паводле шляхоў ягоных».
21 І сталася ў дванаццатым годзе, у дзясятым [месяцы], у пяты [дзень] месяца пасьля выгнаньня нашага, і прыйшоў да мяне ўцякач з Ерусаліму, кажучы: «Захоплены горад!»
22 І была на мне рука ГОСПАДА ўвечары перад прыйсьцем уцекача, і Ён адчыніў вусны мае, калі той прыйшоў да мяне раніцаю. І адчыніліся вусны мае, і ня быў я ўжо нямы.
23 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
24 «Сыне чалавечы, жыхары руінаў гэтых у зямлі Ізраіля кажуць, кажучы: “Абрагам быў адзін, і ўспадкаеміў зямлю гэтую, а нас шмат, нам дадзена зямля гэтая ў спадчыну”.
25 Дзеля гэтага скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вы ясьцё з крывёй, і ўзьнімаеце вочы вашыя на ідалаў вашых, і разьліваеце кроў, і вы хочаце ўспадкаеміць зямлю?
26 Вы абапіраецеся на меч ваш, учыняеце брыдоты, кожны з вас паганіць жонку бліжняга свайго, і вы хочаце ўспадкаеміць зямлю?”
27 Гэта скажаш ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Як жывы Я, тыя, што ў руінах, упадуць ад мяча, а тых, што на абліччы поля, Я аддам зьвярам, каб пажэрлі іх, а тыя, што ў цьвярдынях і ў пячорах, памруць ад заразы.
28 І Я аддам зямлю гэтую на спусташэньне і разрабаваньне, і скончыцца пыхлівасьць магутнасьці ейнай, і горы Ізраіля будуць спустошаныя; і ніхто ня будзе хадзіць [там].
29 І даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі Я аддам зямлю гэтую на спусташэньне і разрабаваньне за ўсе брыдоты іхнія, якія яны ўчынілі”.
30 Сыне чалавечы, сыны народу твайго гавораць пра цябе пры мурах і брамах дамоў сваіх і гавораць адзін да другога, кожны да брата свайго, кажучы: “Хадзіце, калі ласка, і паслухайце, якое слова, што выходзіць ад ГОСПАДА”.
31 І прыходзяць да цябе, як на сход народу, і сядзіць перад абліччам тваім народ Мой, і слухаюць яны словы твае; але іх не выконваюць, бо тое, што прыемнае ў вуснах іхніх, яны робяць, а сэрца іхняе ідзе за хцівасьцю іхняй.
32 І вось, ты для іх, як [той, які] сьпявае пра каханьне, [мае] прыгожы голас і добра грае, і яны слухаюць словы твае, але не выконваюць іх.
33 Але калі прыйдзе гэта, і вось, яно прыходзіць, і яны даведаюцца, што прарок быў сярод іх».
Разьдзел 34
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Сыне чалавечы, прароч супраць пастыраў Ізраіля, прароч і кажы пастырам: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Гора пастырам Ізраіля, якія пасьвяць самі сябе! Ці ж пастыры не павінны пасьвіць авечак?
3 Вы малако спажываеце, у воўну апранаецеся, тлустае забіваеце, але авечак не пасьвіце.
4 Вы саслабелых не ўмацоўвалі, хворай не лекавалі; скалечанай не перавязвалі, заблукалай не вярталі назад, згубленай не шукалі, а абыходзіліся з імі з гвалтам і з прымусам.
5 І расьцярушыліся [авечкі], бо ня мелі пастыра, і сталіся здабычаю ўсіх зьвяроў палявых, і разьбегліся.
6 Блукаюць авечкі Мае на ўсіх гарах і на кожным высокім узгорку, і па ўсім абліччы зямлі разьбегліся авечкі Мае, але ніхто не клапоціцца пра іх і ніхто не шукае іх.
7 Дзеля гэтага, пастыры, слухайце слова ГОСПАДА.
8 Як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што авечкі Мае сталіся здабычай і авечкі Мае сталіся спажывай для ўсіх зьвяроў палявых, бо ня мелі пастыра, бо пастыры Мае не шукалі авечак Маіх, але пасьвілі пастыры саміх сябе, а авечак Маіх ня пасьвілі,
9 дзеля гэтага, пастыры, слухайце слова ГОСПАДА.
10 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я супраць пастыраў. І Я буду шукаць авечак Маіх з рук іхніх, і Я прыбяру іх, каб ня пасьвілі авечак, і ня будуць больш тыя пастыры пасьвіць саміх сябе; і Я вырву авечак Маіх з вуснаў іхніх, і ня будуць яны больш ім на спажываньне.
11 Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я Сам буду шукаць авечак Маіх і буду даглядаць іх.
12 Як аглядае пастух статак свой удзень, калі знаходзіцца сярод расьцярушаных авечак сваіх, так Я буду аглядаць авечак Маіх і вызвалю іх з усіх месцаў, у якія яны былі расьцярушаныя ў дзень хмары і імглы.
13 І Я выведу іх з народаў, і зьбяру іх з земляў, і вярну іх у зямлю іхнюю, і буду пасьвіць іх на гарах Ізраіля, пры ручаях і ў-ва ўсіх паселішчах зямлі.
14 Буду пасьвіць іх на пашах добрых, пашы іхнія будуць на высокіх гарах Ізраіля; там будуць адпачываць на пашах добрых, і на пашах сакавітых будуць пасьвіцца на гарах Ізраіля.
15 Я буду пасьвіць авечак Маіх і дам супачынак ім, кажа Госпад ГОСПАД.
16 Згубленую знайду, заблукалую прывяду, скалечаную перавяжу, хворую ўмацую, а тлустую і дужую зьнішчу. Буду пасьвіць іх паводле суду [справядлівага]”.
17 А вам, авечкі Мае, гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я буду судзіць паміж авечкай і авечкай, паміж баранамі і казламі.
18 Ці ж мала вам, што вы пасьвіцеся на пашы добрай? Чаму рэшту пашы вашай вы топчаце нагамі вашымі? І вы п’іцё ваду чыстую, а астатнюю каламуціце нагамі вашымі?
19 І авечкі Мае пасьвяцца на тых [месцах], якія вы стапталі нагамі вашымі, і п’юць тое, што вы скаламуцілі нагамі вашымі”.
20 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД да іх: “Вось, Я Сам буду судзіць паміж авечкай тлустай і авечкай худою.
21 За тое, што вы ўсіх слабых адпіхвалі бакамі і плячыма і папіхалі іх рагамі вашымі, аж пакуль не павыганялі іх прэч,
22 Я дапамагу авечкам Маім, і яны больш ня будуць здабычай, і буду судзіць паміж авечкай і авечкай.
23 І Я пастаўлю для іх аднаго пастыра, слугу Майго Давіда, і ён будзе пасьвіць іх. Ён будзе пасьвіць іх, і ён будзе для іх пастырам.
24 А Я, ГОСПАД, буду для іх Богам, а слуга Мой Давід будзе князем сярод іх. Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта].
25 І Я заключу з імі запавет супакою, і прыбяру зьвяроў ліхіх з зямлі гэтай, і яны будуць жыць у пустыні бясьпечна, і будуць спаць у лясах.
26 І Я дам ім і ваколіцам узвышша Майго дабраславенства, і буду спасылаць дождж у свой час, гэта будзе дождж дабраславенства.
27 І дасьць дрэва палявое плод свой, і зямля дасьць ураджай свой. І яны будуць жыць у бясьпецы ў зямлі сваёй, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі скрышу брускі ярма іхняга і вырву іх з рукі тых, якія зьняволілі іх.
28 І ня будуць яны больш здабычай для народаў, і зьвяры зямныя ня будуць жэрці іх, але яны будуць жыць у бясьпецы, і [ніхто] ня будзе іх пужаць.
29 І Я пастаўлю ім парасьць для славы, і ня будуць яны больш гінуць з голаду на зямлі, і ня будуць больш зносіць зьнявагі народаў.
30 І даведаюцца, што Я — ГОСПАД, Бог іхні, з імі, а яны — народ Мой, дом Ізраіля, кажа Госпад ГОСПАД.
31 Вы — авечкі Мае, авечкі пашы Маёй, вы — людзі, а Я — Бог ваш, кажа Госпад ГОСПАД”».
Разьдзел 35
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Сын чалавечы, зьвярні аблічча тваё супраць гары Сэір і прароч супраць яе.
3 І скажаш ёй: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я супраць цябе, гара Сэір, і Я выцягну руку Маю супраць цябе, і аддам цябе на спусташэньне і разрабаваньне.
4 Гарады твае Я зраблю руінамі, і ты станешся пусткаю, і даведаешся, што Я — ГОСПАД.
5 За тое, што меў ты вечную варожасьць і аддаў сыноў Ізраіля пад меч у час загубы іхняй, падчас беззаконьня канца [іхняга],
6 дзеля гэтага, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, Я перамяню цябе ў кроў, і кроў будзе перасьледаваць цябе. Бо ты крыві не зьненавідзеў, таму кроў будзе перасьледаваць цябе.
7 Гару Сэір Я аддам на спусташэньне і разрабаваньне, і вынішчу на ёй таго, хто ідзе, і таго, хто вяртаецца.
8 І Я напоўню забітымі горы твае, і на ўзвышшах тваіх, і ў лагчынах тваіх, і ў-ва ўсіх ярах тваіх будуць падаць пазабіваныя мячом.
9 Я зраблю цябе вечнай пусткаю, гарады твае ня будуць абжытыя, і даведаецеся, што Я — ГОСПАД.
10 За тое, што ты сказаў: «Абодва народы і абедзьве зямлі будуць мае, я вазьму іх у спадчыну, хоць там быў ГОСПАД»,
11 дзеля гэтага, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, Я зраблю табе паводле гневу твайго і паводле зайздрасьці тваёй, якую выказаў ты, маючы нянавісьць да іх. І Я стануся вядомым для іх, калі буду судзіць цябе.
12 І ты даведаешся, што Я — ГОСПАД, Я чуў усе зьнявагі твае, якія ты казаў супраць гор Ізраіля, кажучы: «Яны спусташэньнем спустошаныя, аддадзеныя нам на ежу».
13 Вы вывышаліся адносна Мяне вуснамі сваімі, і памнажалі супраць Мяне словы вашыя, Я чуў [гэта].
14 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: «Як узрадуецца ўся зямля, калі Я зраблю цябе пусткаю.
15 І як ты радаваўся, што спадчына дому Ізраіля спустошаная, гэтак сама Я зраблю табе. Пусткаю станецца гара Сэір і ўвесь Эдом, усе вы; і даведаецеся, што Я — ГОСПАД»”.
Разьдзел 36
1 А ты, сын чалавечы, прароч пра горы Ізраіля і кажы: “Горы Ізраіля, слухайце слова ГОСПАДА.
2 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што вораг казаў пра вас: «Ага, узгоркі адвечныя дадзены нам на ўласнасьць»,
3 дзеля гэтага прароч і скажы: «Гэта кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што пустошылі і тапталі вас адусюль навокал, каб вы сталіся ўласнасьцю рэшты народаў і былі ўзятыя на кончык языка і на прыказку ў народзе,
4 дзеля гэтага, горы Ізраіля, слухайце слова Госпада ГОСПАДА. Гэта кажа Госпад ГОСПАД гарам і ўзгоркам, ярам і лагчынам, руінам спустошаным і гарадам бязьлюдным, якія сталіся здабычай і насьмешкай рэшты народаў, якія навокал.
5 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Сапраўды, у агні рэўнасьці Маёй Я прамовіў супраць рэшты народаў і супраць усяго Эдому, якія ўзялі зямлю Маю на ўласнасьць з радасьцю ўсяго сэрца і з пагардаю ў душы, каб гнаць яе як здабычу»”.
6 Дзеля гэтага прароч пра зямлю Ізраіля і скажы да гор і ўзгоркаў, яроў і лагчынаў: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я прамовіў з рэўнасьцю Маёй і з абурэньнем Маім, бо вы зносіце зьнявагу [з боку] народаў”.
7 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Я ўзьнімаю руку Маю [з прысягаю], што народы, якія вакол вас, панясуць зьнявагу сваю.
8 А вы, горы Ізраіля, пусьціце галіны вашыя і будзеце даваць плады вашыя народу Майму Ізраілю, бо яны наблізіліся, каб прыйсьці [да вас].
9 Бо вось, Я [прыйду] да вас і зьвярнуся да вас, і будуць вас абрабляць і засяваць.
10 І Я памножу на вас людзей, увесь дом Ізраіля, і гарады будуць абжытыя, і руіны будуць адбудаваныя.
11 І Я памножу на вас людзей і жывёлу, яны будуць шматлікія і плодныя, і Я засялю вас так, як у часы старадаўнія, і Я буду рабіць вам добрае [больш], чым у [час] пачатку вашага, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД.
12 І прывяду зноў на вас людзей, народ Мой Ізраіль, і яны ўспадкаемяць вас, і вы станецеся для іх спадчынай, і ўжо ня будзеце пазбаўляць іх дзяцей”.
13 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што кажуць пра вас: “Ты зьядаеш чалавека і робіш бязьдзетным народ твой”,
14 дзеля гэтага больш ня будзеш зьядаць чалавека і больш ня зробіш бязьдзетным народ твой, кажа Госпад ГОСПАД.
15 І ты не пачуеш больш зьнявагаў ад народаў і насьмешак ад плямёнаў, і больш ня будзеш рабіць бязьдзетным народ твой, кажа Госпад ГОСПАД”».
16 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
17 «Сыне чалавечы, дом Ізраіля жыў на зямлі сваёй, і ён апаганіў яе шляхамі сваімі і ўчынкамі сваімі. Як нячыстасьць месячная жанчыны быў шлях іхні адносна Мяне.
18 І Я выліў на іх гнеў Мой з прычыны крыві, якую яны вылілі на зямлю, і з прычыны ідалаў іхніх, якімі яны апаганілі яе.
19 І Я расьцярушыў іх паміж народаў, і яны расьсеяліся па землях. Паводле шляхоў іхніх і паводле ўчынкаў іхніх Я асудзіў іх.
20 І яны прыйшлі да народаў, і там, куды прыйшлі, яны зьняважылі імя Маё сьвятое, калі казалі пра іх: “Гэта народ ГОСПАДА, і яны выйшлі з зямлі Ягонай”.
21 І Я пашкадаваў імя Маё сьвятое, якое зьняважыў дом Ізраіля сярод народаў, да якіх яны прыйшлі.
22 Дзеля гэтага скажы дому Ізраіля: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ня дзеля вас Я раблю гэта, доме Ізраіля, але дзеля імя Майго сьвятога, якое вы зьняважылі сярод народаў, да якіх вы прыйшлі.
23 І Я зраблю сьвятым імя Маё вялікае, зьняважанае сярод народаў, якое вы зьняважылі сярод іх, і даведаюцца народы, што Я — ГОСПАД, кажа Госпад ГОСПАД, калі Я выяўлю сьвятасьць Маю сярод вас на вачах іхніх.
24 І Я вазьму вас спасярод народаў, і зьбяру вас з усіх земляў, і прывяду вас у зямлю вашую.
25 І Я пакраплю вас вадою чыстаю, і вы станецеся чыстымі, і ад усякае нячыстасьці вашай і ад усіх ідалаў вашых Я ачышчу вас.
26 І Я дам вам сэрца новае, і духа новага дам у нутро вашае, і забяру сэрца каменнае з цела вашага, і дам вам сэрца з цела.
27 І Духа Майго Я дам у нутро вашае, і зраблю, што паводле пастановаў Маіх вы будзеце хадзіць і суд Мой будзеце захоўваць і выконваць.
28 І вы будзеце жыць у зямлі, якую Я даў бацькам вашым, і будзеце для Мяне народам, а Я буду для вас Богам.
29 І Я вызвалю вас ад усякай нячыстасьці вашай, і паклічу [да вас] збожжа, і памножу яго, і не спашлю на вас голад.
30 І Я памножу плод дрэваў і ўраджай поля, каб вы больш ня мелі ганьбы голаду сярод народаў.
31 І вы ўзгадаеце шляхі вашыя ліхія і ўчынкі вашыя, якія не [былі] добрыя, і будзеце брыдзіцца саміх сябе з прычыны беззаконьняў вашых і брыдотаў вашых.
32 Не дзеля вас Я раблю [гэта], кажа Госпад ГОСПАД, няхай [гэта] будзе вам вядома. Засаромцеся і пачырванейце з прычыны шляхоў вашых, доме Ізраіля.
33 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. У дзень, калі Я ачышчу вас ад усіх беззаконьняў вашых, Я засялю гарады гэтыя, і будуць адбудаваныя руіны,
34 і зямля спустошаная будзе абрабляная, замест таго, каб быць пустэчаю ў вачах кожнага, хто праходзіць.
35 І скажуць: «Гэтая зямля спустошаная сталася, як сад Эдэм, а гэтыя гарады, зьнішчаныя, спустошаныя і зруйнаваныя [сталіся] умацаваныя і населеныя».
36 І даведаюцца народы, якія засталіся вакол вас, што Я, ГОСПАД, адбудаваў зруйнаванае і засадзіў спустошанае. Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта] і зрабіў.
37 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Яшчэ ў гэтым Я буду прыхільным да дому Ізраіля, каб зрабіць ім тое, што Я памножу ў іх людзей як авечак.
38 Як авечкі пасьвячоныя, як авечкі Ерусаліму ў [дні] сьвятаў ягоных, так гарады спустошаныя стануцца поўныя лю-дзей як авечак, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД”».
Разьдзел 37
1 Была на мне рука ГОСПАДА, і Ён вывеў мяне ў Духу ГОСПАДА, і паставіў мяне сярод даліны, і яна [была] поўная костак.
2 І Ён абвёў мяне вакол іх, і вось, іх вельмі шмат на абліччы той даліны, і вось, яны вельмі сухія.
3 І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, ці ажывуць косткі гэтыя?» А я сказаў: «Госпадзе ГОСПАДЗЕ, Ты ведаеш».
4 І Ён сказаў мне: «Прароч пра косткі гэтыя і скажы ім: “Косткі сухія, слухайце слова ГОСПАДА!
5 Гэта кажа Госпад ГОСПАД косткам гэтым. Вось, Я ўвяду ў вас дух, і будзеце жыць,
6 і Я зьвяжу вас жыламі, і вырашчу на вас цела, і абцягну вас скураю, і дам вам духа, і будзеце жыць, і даведаецеся, што Я — ГОСПАД”».
7 І я прарочыў, як мне было загадана. І стаўся шум, калі я прарочыў. І вось, грукат, і наблізіліся косткі, костка да косткі сваёй.
8 І я ўбачыў, і вось, на костках жылы, і вырасла цела, і была пазьней нацягнута на іх скура, але духа не было ў іх.
9 І Ён сказаў мне: «Прароч да духа, прароч, сыне чалавечы, і скажы духу: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ад чатырох вятроў прыйдзі дух, і дыхні на гэтых забітых, і яны будуць жыць”».
10 І я прарочыў, як Ён загадаў мне. І ўвайшоў у іх дух, і яны ажылі, і сталі на ногі свае, войска вельмі-вельмі вялікае.
11 І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, косткі гэтыя — [гэта] ўвесь дом Ізраіля. Вось, яны кажуць: “Высахлі косткі нашыя, і загінула надзея нашая, мы сьсечаныя”.
12 Дзеля гэтага прароч і скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я адчыню магілы вашыя і выведу вас з магілаў вашых, народзе Мой, і ўвяду вас у зямлю Ізраіля.
13 І вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД, калі Я адчыню магілы вашыя, і выведу вас з магілаў вашых, народзе Мой.
14 І Я дам вам Духа Майго, і вы ажывіцё, і Я завяду вас у зямлю вашую, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД, Я прамовіў [гэта] і зрабіў, кажа ГОСПАД”».
15 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
16 «А ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе [кавалак] дрэва і напішы на ім: “Для Юды і сыноў Ізраіля, таварышаў ягоных”. І вазьмі другі [кавалак] дрэва і напішы на ім: “Для Язэпа і ўсяго дому Ізраіля, таварышаў ягоных”.
17 І злучы іх з сабой, адно з другім, у адзін [кавалак] дрэва, каб былі яны адно ў руцэ тваёй.
18 І калі скажуць табе сыны народу твайго, кажучы: “Ці не паведаміш ты нам, што гэта ў цябе [значыць]?”,
19 прамовіш да іх: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я вазьму дрэва Язэпа, якое ў руцэ Эфраіма, і плямёны Ізраіля, таварышаў ягоных, і прыкладу іх да дрэва Юды, і зраблю іх адным дрэвам, і яны будуць адно ў руцэ Маёй”.
20 І будуць тыя [кавалкі] дрэва, на якіх ты напісаў, у руцэ тваёй перад вачыма іхнімі.
21 І прамовіш да іх: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я вазьму сыноў Ізраіля спасярод народаў, да якіх яны пайшлі, і зьбяру іх адусюль, і ўвяду іх у зямлю іхнюю.
22 І зраблю іх адным народам у зямлі гэтай, на гарах Ізраіля, і адзін валадар будзе валадаром для ўсіх іх, і больш ня будуць яны двума народамі, і больш ня будуць падзеленыя на два валадарствы.
23 І ня будуць больш яны паганіцца ідаламі сваімі і брыдотамі сваімі, і ўсякімі злачынствамі сваімі. І Я збаўлю іх з усіх сялібаў іхніх, у якіх яны грашылі, і ачышчу іх, і яны будуць для Мяне народам, а Я буду для іх Богам.
24 І слуга Мой, Давід, будзе валадаром над імі, і пастыр адзін будзе для ўсіх іх, і яны будуць хадзіць паводле судоў Маіх, і пастановы Мае будуць захоўваць, і будуць выконваць іх.
25 І яны будуць жыць на зямлі, якую даў Я слузе Майму Якубу, на якой жылі бацькі іхнія. І будуць жыць на ёй яны і сыны іхнія, і сыны сыноў іхніх на вякі, і Давід, слуга Мой, [будзе] князем у іх на вякі.
26 І Я заключу з імі запавет супакою, і будзе гэта запавет вечны з імі. І Я ўмацую іх, і памножу, і сьвятыня Мая будзе сярод іх на вякі.
27 І будзе сяліба Мая над імі, і Я буду для іх Богам, а яны будуць для Мяне народам.
28 І даведаюцца народы, што Я — ГОСПАД, Які асьвячае Ізраіля, калі сьвятыня Мая будзе сярод іх на вякі”».
Разьдзел 38
1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
2 «Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё супраць Гога з зямлі Магог, князя Рошу, Мэшэку і Тувалю, і прароч супраць яго,
3 і кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я супраць цябе, Гог, князь Рошу, Мэшэку і Тувалю.
4 І Я завярну цябе, і ўкладу гакі ў сківіцы твае, і выведу цябе і ўсё войска тваё, коней і вершнікаў, усіх выдатна ўзброеных, збор шматлікі, са шчытамі і тарчамі, усіх узброеных мячамі.
5 Пэрсы, Куш і Пут, усе яны са шчытом і шаломам,
6 Гомэр і ўсе дружыны ягоныя, дом Тагармы з канцоў поўначы і ўсе дружыны іхнія, і мноства народаў з табою.
7 Падрыхтуйся і будзь гатовы, ты і ўсе зборы твае, якія сабраліся кругом цябе, і ты будзеш з імі на варце.
8 Праз шмат дзён Я наведаю цябе, пры канцы гадоў ты прыйдзеш у зямлю, якая ацалела ад мяча, у якой сабраны [народ] спаміж шматлікіх народаў на гарах Ізраіля, што доўга былі руінаю. І ён будзе выведзены спасярод народаў, і яны ўсе будуць жыць у бясьпецы.
9 І ты ўвойдзеш, як бура, і прыйдзеш, як хмара, каб пакрыць зямлю. Будзеш [там] ты і ўсе дружыны твае, і шмат народаў з табою.
10 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. І станецца ў той дзень, і ўвойдуць словы ў сэрца тваё, і ты задумаеш думку ліхую,
11 і скажаш: «Вырушу на зямлю неўмацаваную, пайду на [людзей] спакойных, якія жывуць у бясьпецы, усе яны ня маюць муроў, засавак і брамаў,
12 каб рабаваць рабаваньнем і браць здабычу, каб руку сваю зьвярнуць супраць руінаў, якія [зноў] абжытыя, і супраць народу, які сабраны спасярод народаў, які набывае статкі і маёмасьць, і жыве ў сярэдзіне зямлі».
13 Шэва і Дэдан, і купцы з Таршышу, і ўсе ільвяняты ягоныя скажуць табе: «Ці ты прыйшоў узяць здабычу? Ці ты сабраў зборышча тваё, каб рабаваць рабаваньнем, каб вынесьці срэбра і золата, каб узяць для сябе статкі і маёмасьць, каб узяць здабычу вялікую? «”
14 Дзеля гэтага прароч, сыне чалавечы, і скажы Гогу: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ці ж у той дзень, калі народ Мой Ізраіль будзе жыць у бясьпецы, ты не даведаешся пра гэта?
15 І ты прыйдзеш з месца свайго, з канца поўначы, ты і шмат народаў з табой, усе сядзяць на конях, зборышча вялікае і войска шматлікае.
16 І ты выйдзеш супраць народу Майго Ізраіля, як хмара, каб пакрыць зямлю. Пры канцы дзён станецца [гэта], і Я прывяду цябе ў зямлю Маю, каб даведаліся пра Мяне народы, калі Я выяўлю сьвятасьць Маю на табе, Гог, на вачах іхніх”.
17 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ці ты — той, пра якога ў дні старадаўнія Я гаварыў праз рукі слугаў Маіх, прарокаў Ізраіля, якія ў тыя дні прадказвалі, што Я прывяду цябе да іх?
18 І станецца ў той дзень, у дзень, калі Гог прыйдзе ў зямлю Ізраіля, кажа Госпад ГОСПАД, рэўнасьць Мая ўвойдзе ў ноздры Мае.
19 І ў ярасьці Маёй, у полымі гневу Майго Я прамовіў: “Сапраўды, у той дзень станецца землятрус вялікі ў зямлі Ізраіля.
20 І задрыжаць перад абліччам Маім рыбы марскія і птушкі нябесныя, зьвяры палявыя і ўсё, што поўзае па зямлі, і ўсе людзі, якія на абліччы зямлі. І будуць зруйнаваныя горы, і заваляцца стромыя [скалы], і ўсе муры ўпадуць на зямлю.
21 І Я паклічу супраць яго меч на ўсіх гарах, кажа Госпад ГОСПАД, меч кожнага [зьвернецца] супраць брата.
22 І Я буду судзіць яго заразаю, крывёй і дажджом залеўным, і градам каменным. Агонь і серку спашлю на яго, і на дружыны ягоныя, і на народы шматлікія, якія з ім.
23 І Я ўзьвялічуся, і выяўлю сьвятасьць, і выяўлю Сябе перад вачыма народаў шматлікіх, і яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД”.
Разьдзел 39
1 А ты, сыне чалавечы, прароч супраць Гога і кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось Я супраць цябе, Гог, князь Рошу, Мэшэку і Тувалю.
2 І Я вярну цябе, і прывяду цябе, і прыцягну цябе з канца поўначы, і завяду цябе на горы Ізраіля.
3 І Я выб’ю лук твой з левай рукі тваёй, і выкіну стрэлы твае з правай рукі тваёй.
4 На гарах Ізраіля ўпадзеш ты і ўсе дружыны твае, і народы, якія з табою; драпежным птушкам, усім крылатым, і зьвярам палявым Я аддам цябе на жыраваньне.
5 І ты ўпадзеш на абліччы поля, бо Я прамовіў [гэта], кажа Госпад ГОСПАД.
6 І Я спашлю агонь на Магога і на тых, якія жывуць у бясьпецы на астравах, і яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД.
7 І імя Маё сьвятое абвяшчу сярод народу Майго Ізраіля, і больш ня дам зьневажаць імя Маё сьвятое, і даведаюцца народы, што Я — ГОСПАД, Сьвяты Ізраіля”.
8 Вось, прыходзіць і станецца, кажа Госпад ГОСПАД. Гэта той дзень, пра які Я прамовіў.
9 І выйдуць жыхары гарадоў Ізраіля, каб распаліць агонь і спаліць зброю, шчыты і тарчы, лукі і стрэлы, доўбні і дзіды, сем гадоў будуць паліць гэта ў агні.
10 І ня будуць яны прыносіць дрэвы з поля, і ня будуць сячы ў лясах, бо зброяй будуць распальваць агонь. І яны абрабуюць тых, якія іх рабавалі, і возьмуць здабычу ў тых, якія ў іх бралі здабычу, кажа Госпад ГОСПАД.
11 І станецца ў той дзень, Я вызначу Гогу месца, дзе будзе магіла ягоная ў Ізраілі, даліну Абарым на ўсход ад мора, і адгараджу яе ад тых, што праходзяць, і там пахаваюць Гога і ўсё войска ягонае, і назавуць яе “Далінай войска Гога”.
12 І будзе хаваць іх дом Ізраіля, каб ачысьціць зямлю, сем месяцаў.
13 І будзе хаваць іх увесь народ зямлі, і будзе для іх слаўны той дзень, калі Я зьяўлю славу Маю, кажа Госпад ГОСПАД.
14 І будуць вызначаныя людзі, якія без перапынку будуць хадзіць па зямлі і хаваць тых, якія засталіся на абліччы зямлі, каб ачысьціць яе. Як пройдзе сем месяцаў, будуць яны шукаць.
15 І калі будуць яны хадзіць па зямлі, і ўбачаць костку чалавечую, паставяць каля яе знак, аж пахаваюць яе грабары ў “Даліне войска Гога”.
16 А назва гораду — Гамона. І ачысьцяць зямлю.
17 А ты, сыне чалавечы, кажа Госпад ГОСПАД, скажы птушкам, усім крылатым, і ўсім зьвярам палявым: “Зьбірайцеся і прыходзьце; зьбірайцеся з усіх бакоў на ахвяру Маю, якую Я прынясу для вас, ахвяру вялікую на гарах Ізраіля. Ешце мяса і піце кроў!
18 Цела волатаў будзеце есьці і кроў князёў зямлі будзеце піць, усе яны — бараны, ягняты, казлы, цяляты тлустыя з Башану.
19 І будзеце есьці тлушч да сытасьці, і кроў будзеце піць да ап’яненьня ад ахвяры Маёй, якую Я прынёс для вас.
20 І вы насыціцеся пры стале Маім канём і калясьніцаю, волатам і ўсякім ваяром, кажа Госпад ГОСПАД.
21 І Я зьяўлю славу Маю сярод народаў, і ўбачаць усе народы суд Мой, які Я ўчыню, і руку Маю, якую на іх пакладу.
22 І даведаецца дом Ізраіля, што Я — ГОСПАД, Бог іхні ад гэтага дня і назаўсёды,
23 І даведаюцца народы, што за беззаконьні свае пайшоў на выгнаньне дом Ізраіля, бо яны адступіліся ад Мяне, і Я схаваў аблічча Маё ад іх, і аддаў іх у руку прыгнятальнікаў іхніх, і ўсе яны пападалі ад мяча.
24 Паводле нячыстасьці іхняй і паводле злачынстваў іхніх Я зрабіў з імі, і схаваў аблічча Маё ад іх”.
25 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Цяпер Я вярну палон Якуба і пашкадую ўвесь дом Ізраіля, і задбаю пра імя Маё сьвятое.
26 І яны панясуць ганьбу сваю і ўсю нявернасьць сваю, якой яны адступіліся ад Мяне, калі Я пасялю іх у зямлі іхняй у бясьпецы, і ніхто ня будзе палохаць іх,
27 калі Я выведу іх спасярод народаў і зьбяру іх з земляў ворагаў іхніх, і зьяўлю ў іх сьвятасьць Маю на вачах народаў шматлікіх.
28 І яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД, Бог іхні, калі выганю іх да народаў, і зьбяру іх зноў у зямлі іхняй, і больш не пакіну там нікога з іх.
29 І больш не схаваю аблічча Майго ад іх, бо выльлю Духа Майго на дом Ізраіля, кажа Госпад ГОСПАД”».
Разьдзел 40
1 У дваццаць пятым годзе выгнаньня нашага, на пачатку году, у дзясяты [дзень] месяца, у чатырнаццатым годзе пасьля таго, як быў зруйнаваны горад, у той самы дзень была на мне рука ГОСПАДА, і Ён завёў мяне туды.
2 У відзежах Божых Ён завёў мяне ў зямлю Ізраіля і паставіў мяне на гары вельмі высокай, а на ёй былі нібыта пабудовы гораду, на поўдні.
3 І Ён завёў мяне туды, і вось, чалавек, які меў выгляд, нібы з медзі; і вяроўка ільняная ў руцэ ягонай, і прут для мераньня. І ён стаяў пры браме.
4 І сказаў мне чалавек той: «Сыне чалавечы, паглядзі вачыма тваімі і паслухай вушамі тваімі, і зьвярні сэрца тваё на ўсё тое, што я табе пакажу, бо ты прыведзены сюды на тое, каб убачыць гэта. Паведамі дому Ізраіля пра ўсё, што ты ўбачыш».
5 І вось, мур звонку Дому [Божага] з усіх бакоў навокал, а ў руцэ чалавека таго — меральны прут на шэсьць локцяў, [лічачы] па локці і далоні. І ён зьмераў шырыню пабудовы — адзін прут, і вышыня адзін прут.
6 І прыйшоў ён да брамы, якая зьвернута на шлях на ўсход, і ўзыйшоў па сходах, і зьмераў парог брамы — адзін прут шырыні. І зьмераў другі парог — адзін прут шырыні.
7 І вартоўня — адзін прут даўжыні і адзін прут шырыні, а паміж вартоўнямі — пяць локцяў, і парог брамы з боку прысенкаў брамы з сярэдзіны — адзін прут.
8 І ён зьмераў прысенак брамы ў [бок] Дому — адзін прут.
9 І ён зьмераў прысенак брамы — восем локцяў, і філяры ягоныя — два локці, і прысенак брамы — у [бок] Дому.
10 І вартоўні брамы на шляху на ўсход — тры [локці] з гэтага боку і тры з таго боку, усе тры той самай меры, і філяры той самай меры, як з аднаго, так і з другога боку.
11 І зьмераў шырыню ўваходу праз браму — дзесяць локцяў, даўжыня брамы — трынац- цаць локцяў.
12 А перагародка перад вартоўнямі — адзін локаць, і адзін локаць з другога боку, а вартоўня — шэсьць локцяў з аднаго боку і шэсьць локцяў з другога боку.
13 І ён зьмераў браму ад даху вартоўні да другога даху, шырыня была дваццаць пяць локцяў, дзьверы насупраць дзьвярэй.
14 І зрабіў [абмер] філяраў — шэсьцьдзясят локцяў. І да філяраў [падыходзіць] панадворак брамы наўкола з усіх бакоў.
15 Ад пярэдняга боку ўваходу праз браму да пярэдняга боку прысенку брамы ўнутранай — пяцьдзясят локцяў.
16 І закратаваныя вокны [былі] наўкола з усіх бакоў у вартоўнях і ў філярах іхніх у сярэдзіну, і таксама былі вокны наўкола прысенку ў сярэдзіну, а на філярах — пальмы.
17 І завёў ён мяне на панадворак вонкавы, і вось, пакоі, і ўзвышэньне кругом на панадворку; трыццаць пакояў [было] на ўзвышэньні.
18 Узвышэньне [было] каля брамы адпаведна даўжыні брамы, [гэта] ніжняе ўзвышэньне.
19 І ён зьмераў шырыню ад пярэдняга боку брамы ніжняй аж да пярэдняга боку ўнутранага панадворку звонку — сто локцяў на ўсход і на поўнач.
20 І [была] брама, у якой пярэдні бок на шляху на поўнач, на панадворку вонкавым, і ён зьмераў даўжыню ейную і шырыню ейную.
21 І тры вартоўні ейныя з аднаго боку і тры вартоўні з другога боку; і філяры ейныя, і прысенкі ейныя былі паводле памераў першай брамы, пяцьдзясят локцяў даўжыня ейная і дваццаць пяць локцяў шырыня.
22 А вокны ейныя, і прысенкі ейныя, і пальмы [аздабленьня] ейнага былі такія, як у брамы, у якой пярэдні бок на шляху на ўсход. І па сямі прыступках уваходзяць у яе, і прысенкі ейныя насупраць іх.
23 І [была] брама ўнутранага панадворку насупраць брамы паўночнай і ўсходняй. І ён зьмераў ад брамы да брамы — сто локцяў.
24 І завёў ён мяне на шлях на поўдзень, і вось, брама на шляху на поўдзень, і ён зьмераў філяры ейныя і прысенкі ейныя, і [яны мелі] тыя самыя памеры.
25 Яна і прысенкі ейныя [мелі] вокны з усіх бакоў наўкола, такія самыя як вокны папярэднія; пяцьдзесят локцяў даўжыня ейная і дваццаць пяць локцяў шырыня.
26 І па сямі прыступках уваходзяць у яе, і прысенкі ейныя насупраць яе; і пальмы [аздабленьня] ейнага [былі] на філярах з абодвух бакоў.
27 І [была] брама ўнутранага панадворку на шляху на поўдзень; і ён зьмераў ад адной брамы да другой на шляху на поўдзень — сто локцяў.
28 І ён завёў мяне на ўнутраны панадворак праз браму паўднёвую і зьмераў браму паўднёвую, і [мела яна] тыя самыя памеры.
29 І вартоўні ейныя, і філяры ейныя, і прысенкі ейныя мелі тыя самыя памеры; яна і прысенкі ейныя [мелі] вокны з усіх бакоў наўкола; пяцьдзясят локцяў даўжыня ейная і дваццаць пяць локцяў шырыня.
30 І прысенкі з усіх бакоў наўкола; дваццаць пяць локцяў даўжынёю і пяць локцяў шырынёю.
31 І прысенкі ейныя [былі] пры вонкавым панадворку; і пальмы [аздабленьня] ейнага [былі] на філярах, і восем прыступак [меў] уваход ейны.
32 І ён завёў мяне на зьнешні панадворак на шляху на ўсход, і зьмераў браму; і [мела яна] тыя самыя памеры.
33 І вартоўні ейныя, і філяры ейныя, і прысенкі ейныя мелі тыя самыя памеры. Яна і прысенкі ейныя [мелі] вокны з усіх бакоў наўкола; пяцьдзясят локцяў даўжыня ейная і дваццаць пяць локцяў шырыня.
34 І прысенкі ейныя [былі] пры вонкавым панадворку; і пальмы [аздабленьня] ейнага [былі] на філярах, і восем прыступак [меў] уваход ейны.
35 І ён прывёў мяне да брамы паўночнай, і зьмераў яе, і [яна мела] тыя самыя памеры.
36 І вартоўні ейныя, і філяры ейныя, і прысенкі ейныя, і вокны [былі] з усіх бакоў наўкола, пяцьдзясят локцяў даўжыня ейная і дваццаць пяць локцяў шырыня.
37 І прысенкі ейныя [былі] пры вонкавым панадворку; і пальмы [аздабленьня] ейнага [былі] на філярах, і восем прыступак [меў] уваход ейны.
38 І [быў] пакой, уваход у які быў пры філярах брамы. Там мылі ахвяры цэласпаленьня.
39 А ў прысенках брамы [былі] два сталы з аднаго боку і два сталы з другога боку для забіваньня ахвяраў цэласпаленьня, ахвяраў за грэх і ахвяраў аднагараджэньня.
40 А на зьнешнім баку, пры ўваходзе ў браму паўночную, [былі] два сталы, і з другога боку, пры прысенках брамы, [былі] два сталы;
41 чатыры сталы з аднаго боку і чатыры сталы з другога боку брамы, восем сталоў, на якіх забівалі [ахвяры].
42 А чатыры сталы на ахвяры цэласпаленьня [былі] з чэсанага камяня, даўжыня [іх] — паўтары локці, шырыня — паўтары локці, вышыня — адзін локаць; на іх клалі прылады для забіваньня ахвяраў цэласпаленьня і [іншых] ахвяраў.
43 І паліцы шырынёю ў далонь былі зроблены ў доме наўкола, а на сталах [было] мяса ахвярнае.
44 А звонку брамы ўнутранай [былі] два пакоі на ўнутраным панадворку, адзін з боку брамы паўночнай, і пярэдні бок ягоны на шляху на поўдзень, і адзін з боку брамы ўсходняй, і пярэдні бок ягоны на шляху на поўнач.
45 І ён сказаў мне: «Гэты пакой, у якім пярэдні бок на шляху на поўдзень, — для сьвятароў, якія спаўняюць службу ў Доме [Божым].
46 А пакой, у якім пярэдні бок на шляху на поўнач, — для сьвятароў, якія спаўняюць службу пры ахвярніку. Гэта сыны Цадока, якія спаміж сыноў Левія [могуць] набліжацца да ГОСПАДА, каб служыць Яму».
47 І ён зьмераў панадворак. Быў гэта квадрат у сто локцяў даўжыні і сто локцяў шырыні, і ахвярнік [стаяў] перад Домам [Божым].
48 І ён увёў мяне ў прысенкі Дому, і зьмераў філяр прысенкаў, і [было] пяць локцяў з аднаго боку і пяць локцяў з другога боку: а шырыня брамы — тры локці з аднаго боку і тры локці з другога боку.
49 Даўжыня прысенкаў — дваццаць локцяў, а шырыня — адзінаццаць локцяў, і па прыступках уваходзяць у яе. І слупы [былі] пры філярах, адзін з аднаго боку, а другі з другога боку.
Разьдзел 41
1 І ён увёў мяне ў сьвятыню, і зьмераў філяры, і [было] шэсьць локцяў з аднаго боку і шэсьць локцяў з другога боку, шырыня намёту.
2 Шырыня ўваходу — дзесяць локцяў, а бакі ўваходу — пяць локцяў з аднаго боку і пяць локцяў з другога боку; і зьмераў даўжыню ягоную — сорак локцяў, і шырыню ягоную — дваццаць локцяў.
3 І ўвайшоў у сярэдзіну, і зьмераў філяры пры ўваходзе — два локці, а ўваход — шэсьць локцяў, і шырыня ўваходу — сем локцяў.
4 І зьмераў даўжыню ягоную — дваццаць локцяў, а шырыня — дваццаць локцяў да пярэдняга боку сьвятыні. І ён сказаў мне: «Гэта Сьвятое Сьвятых».
5 І ён зьмераў мур Дому [Божага] — шэсьць локцяў, а шырыня бакавога пакою — чатыры локці з усіх бакоў наўкола кругом Дому.
6 І гэтых бакавых пакояў, пакой пры пакоі, — трыццаць у тры шэрагі; і яны абапіраліся на мур, які пабудаваны ўздоўж Дому з усіх бакоў наўкола для падтрыманьня бакавых пакояў, і [пакоі] не абапіраліся на мур Дому [Божага].
7 І ён пашыраўся ўгару да бакавых пакояў, бо галерэі ішлі вакол Дому. Дзеля гэтага шырыня Дому ўгары была большай, і знізу ўваходзілі ў верхні [пакой] праз сярэдні.
8 І я бачыў узвышэньне вакол Дому [Божага] з усіх бакоў. Падваліны бакавых пакояў мелі [шырыню] на цэлы прут — шэсьць локцяў.
9 Шырыня муру, які з вонкавага боку бакавых пакояў, — пяць локцяў. І вольнае месца ёсьць паміж бакавымі пакоямі пры Доме [Божым].
10 І паміж пакоямі адлегласьць у дваццаць локцяў з усіх бакоў вакол Дому [Божага].
11 А выхад з бакавога пакою [быў] на адкрытую прастору, адзін выхад на шлях на поўнач, і адзін выхад на поўдзень, а шырыня вольнага месца — пяць локцяў з усіх бакоў вакол.
12 Будынак, які быў перад адгароджанай прасторай на шляху на захад, [меў] шырыню ў семдзясят локцяў, мур будынку [меў] шырыню пяць локцяў з усіх бакоў кругом і даўжыню дзевяноста локцяў.
13 І ён зьмераў Дом [Божы], даўжыня ягоная — сто локцяў, а адгароджаная прастора, будынак і муры ягоныя — сто локцяў.
14 Шырыня пярэдняга боку Дому з адгароджанай прасторай на ўсход — сто локцяў.
15 І ён зьмераў даўжыню будынку перад адгароджанай прасторай, якая за ім, галерэі з аднаго і другога боку — сто локцяў. А сьвятыня ўнутраная і прысенкі панадворку,
16 парогі, вокны закратаваныя і галерэі вакол трох [паверхаў] насупраць парогу былі ашаляваныя дрэвам з усіх бакоў наўкола ад зямлі да вокнаў, а вокны зачыненыя.
17 Над уваходам і аж да ўнутранай [часткі] Дому і навонкі, і на ўсіх сьценах з усіх бакоў наўкола, унутры і звонку,
18 зроблены херувімы і пальмы, па адной пальме паміж двума херувімамі; і два абліччы ў [кожнага] херувіма,
19 аблічча чалавечае [зьвернута] да пальмы з аднаго боку, і аблічча льва [зьвернута] ў бок пальмы з другога боку. І [так] зроблена ў-ва ўсім Доме [Божым] з усіх бакоў наўкола.
20 Ад зямлі аж па-над уваход былі зроблены херувімы і пальмы на сьцяне сьвятыні.
21 Сьвятыня мела чатырохкутныя вушакі, а перад абліччам Сьвятога [Сьвятых] было штосьці, што выглядала нібыта
22 ахвярнік з дрэва, вышынёю ў тры локці, у два локці даўжыні і ў два локці шырыні, а рогі ягоныя, падставы і сьценкі ягоныя — з дрэва. І ён прамовіў да мяне: «Гэта стол, які перад абліччам ГОСПАДА».
23 І Сьвятыня [мела] дзьверы падвойныя, і Сьвятое [Сьвятых].
24 Гэтыя дзьверы падвойныя мелі дзьве форткі рухомыя. Дзьве форткі — адны [дзьверы], і дзьве форткі — другія.
25 І былі зроблены на іх, на дзьвярах Сьвятыні, херувімы і пальмы; яны зроблены так, як на сьценах, і ганак драўляны [быў] перад прысенкам звонку,
26 а вокны закратаваныя і пальмы былі з аднаго і з другога боку на сьценах прысенку, і ў бакавых пакоях Дому [Божага], і на ганку.
Разьдзел 42
1 І ён вывеў мяне на панадворак вонкавы шляхам у накірунку на поўнач і завёў мяне ў пакой, які насупраць адгароджанай прасторы і насупраць будынку з паўночнага боку.
2 З пярэдняга боку даўжыня ягоная — сто локцяў, выхад на поўнач, а шырыня — пяцьдзясят локцяў.
3 Насупраць — дваццаць [локцяў] панадворку ўнутранага, і насупраць — узвышэньне, якое на панадворку вонкавым, і галерэі адна ўздоўж другой на трох [паверхах].
4 А перад пакоямі праход шырынёю ў дзесяць локцяў унутры, на адлегласьць у сто локцяў, і ўваход у яго з поўначы.
5 Верхнія пакоі былі вузейшыя за ніжнія і сярэднія [пакоі] будынку, бо галерэі займалі частку [прасторы].
6 Былі яны трохпавярховыя і ня мелі слупоў такіх, як слупы на панадворках, і таму былі вузейшыя за ніжнія і сярэднія, якія на зямлі.
7 А мур, які звонку ўздоўж пакояў у накірунку вонкавага панадворку насупраць пакояў, [меў] даўжыню ў пяцьдзясят локцяў.
8 Бо даўжыня пакояў, якія пры вонкавым панадворку, — пяцьдзясят локцяў, а тых, што перад Сьвятыняй — сто локцяў.
9 А пад тымі пакоямі — праход ад усходу, калі ўваходзіць у іх з вонкавага панадворку.
10 На шырыню муру панадворку шляхам на поўдзень перад адгароджанай прасторай і перад будынкам — пакоі.
11 І дарога перад імі, як [уваход] у пакоі, якія на шляху на поўнач, як у даўжыню, так і ў шырыню, з усімі іхнімі выхадамі, уладкаваньнямі і ўваходамі.
12 А ўваходы ў пакоі, якія на шляху на поўдзень, былі як уваход на пачатку праходу, які перад адпаведным мурам, на шляху на ўсход, калі ўваходзіць у яго.
13 І сказаў ён мне: «Пакоі паўночныя і пакоі паўднёвыя, якія перад адгароджанай прасторай, гэта пакоі сьвятыя, дзе сьвятары, якія набліжаюцца да ГОСПАДА, спажываюць сьвятое сьвятых; там яны складаюць сьвятое сьвятых, ахвяры хлебныя, ахвяры за грэх і ахвяры аднагараджэньня, бо гэта месца сьвятое.
14 Калі сьвятары ідуць [пасьля служэньня], яны не павінны выходзіць з гэтага месца сьвятога на вонкавы панадворак, але там скінуць шаты свае, у якіх [спраўляюць] служэньне сваё, бо яны сьвятыя, і апрануць шаты іншыя, і [тады] наблізяцца да [месца, прызначанага] для народу».
15 І ён скончыў мераць унутраныя [будынкі] Дому [Божага], павёў мяне шляхам да брамы, зьвернутай на шлях на ўсход, і зьмераў з усіх бакоў наўкола.
16 Ён зьмераў бок усходні прутом меральным: пяцьсот прутоў прутом меральным наўкола.
17 Зьмераў бок паўночны: пяцьсот прутоў прутом меральным наўкола.
18 І зьмераў бок паўднёвы: пяцьсот прутоў прутом меральным.
19 І павярнуўся да заходняга боку, і намераў пяцьсот прутоў прутом меральным.
20 Ён зьмераў чатыры бакі. Мур быў з усіх бакоў наўкола даўжынёю ў пяцьсот і шырынёю ў пяцьсот [прутоў], каб аддзяліць сьвятое ад звычайнага.
Разьдзел 43
1 І ён павёў мяне да брамы, брамы, якая была зьвернута на шлях на ўсход.
2 І вось, слава Бога Ізраіля прыйшла па шляху з усходу, а голас Ягоны — быццам шум водаў вялікіх, і зямля сьвяцілася ад славы Ягонай.
3 І выгляд таго, што я бачыў, такі, як выгляд таго, што я бачыў, калі прыйшоў, каб зьнішчыць горад, выгляд такі, як выгляд таго, што я бачыў над ракой Кевар. І я ўпаў на аблічча маё.
4 І слава ГОСПАДА ўвайшла ў Дом [Божы] праз браму, якая была скіраваная на шлях на ўсход.
5 І падняў мяне дух, і завёў на ўнутраны панадворак. І вось, слава ГОСПАДА напоўніла Дом.
6 І я пачуў Таго, Хто прамовіў да мяне з Дому [Божага], а той муж стаяў каля мяне.
7 І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, [гэта] месца пасаду Майго, месца стопаў ног Маіх, дзе Я буду вечна жыць сярод сыноў Ізраіля. І больш не апаганіць дом Ізраіля імя Маё сьвятое, яны і валадары іхнія, распустаю сваёю і парэшткамі валадароў сваіх на ўзгорках іхніх.
8 Яны паставілі парог свой каля парогу Майго і вушакі свае каля вушакоў Маіх, так што [толькі] сьцяна была паміж Мною і імі, і апаганілі яны імя Маё сьвятое брыдотамі сваімі, якія рабілі, і Я вынішчыў іх у гневе Маім.
9 Цяпер няхай яны аддаляць ад Мяне распусту сваю і парэшткі валадароў сваіх, і Я буду жыць сярод іх на вякі.
10 А ты, сыне чалавечы, паведамі дому Ізраіля пра Дом гэты, і яны будуць саромецца беззаконьняў сваіх, і няхай зьмераюць [памеры] ўзору гэтага.
11 І калі яны будуць саромецца з прычыны ўсяго, што зрабілі, паведамі ім выгляд Дому гэтага і ўладкаваньне яго, выхады ягоныя і ўваходы ягоныя, і ўсе рысункі ягоныя, і ўсе правілы ягоныя, і ўсе пастановы ягоныя, і ўсе законы ягоныя, і запішы іх перад вачыма іхнімі, каб яны трымаліся ўсіх рысункаў гэтых і ўсіх пастановаў гэтых, і выканалі іх».
12 Гэта закон Дому [Божага].На вяршыні гары ўвесь абшар з усіх бакоў наўкола — Сьвятое Сьвятых. Вось гэта закон Дому гэтага.
13 А гэта памеры ахвярніка ў локцях, лічачы локаць па адным локці і адной далоні. Аснова [ягоная] — локаць і шырыня локаць, а абрамаваньне на краі ягоным кругом — адна пядзя. Гэта вышыня ахвярніка:
14 ад асновы на зямлі да ніжняга абрамаваньня — два локці, а шырыня — адзін локаць, а ад малога абрамаваньня да вялікага абрамаваньня — чатыры локці, а шырыня — локаць.
15 Вогнішча [на ахвяры] — чатыры локці, і з вогнішча ўгару — чатыры рагі.
16 Вогнішча [мае] дванаццаць [локцяў] даўжыні і дванаццаць [локцяў] шырыні, чатырохкутнае, на чатыры свае бакі [роўнае].
17 Абрамаваньне — чатырнаццаць [локцяў] даўжыні і чатырнаццаць [локцяў] шырыні на чатыры бакі свае, а ўзьмежак, які вакол яго, — палову локця, а аснова ягоная — локаць наўкола. А прыступкі ягоныя скіраваныя на ўсход.
18 І Ён сказаў мне: «Сыне чалавечы, гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось пастановы адносна ахвярніка на дзень, калі ён будзе пабудаваны, каб на ім складаць цэласпаленьні і каб акрапляць яго крывёй.
19 І ты дасі сьвятарам лявітам, якія з насеньня Цадока і маюць набліжацца да Мяне, кажа Госпад ГОСПАД, каб служыць Мне, бычка, сына ялаўкі, як [ахвяру] за грэх.
20 І возьмеш крыві ягонай, і пакропіш ёю чатыры рагі ахвярніка, і чатыры рагі абрамаваньня і ўзьмежак наўкола, і ачысьціш яго, і будзеш перамольваць [за яго].
21 І возьмеш бычка ахвяры за грэх, і спаліш яго на вызначаным месцы Дому [Божага] па-за [месцам] сьвятым.
22 А на другі дзень ахвяруеш казла без заганы як ахвяру за грэх, і ачысьціш ахвярнік так, як ачысьцілі яго, [ахвяроўваючы] бычка.
23 І калі скончыш ачышчэньне, ахвяруеш бычка, сына ялаўкі, без заганы, і барана спаміж авечак без заганы.
24 І ахвяруеш іх перад абліччам ГОСПАДА, і сьвятары кінуць на іх соль, і ахвяруюць іх як цэласпаленьне для ГОСПАДА.
25 Сем дзён будзеш ахвяроўваць казла як ахвяру за грэх штодзень. І ахвяруеш бычка, сына ялаўкі, і барана спаміж авечак, без заганы.
26 Сем дзён будзеш перамольваць за ахвярнік, і ачышчаць яго, і будуць напоўненыя рукі [сьвятароў].
27 І скончацца тыя дні, і станецца ў восьмы дзень і пазьней, што сьвятары будуць ахвяроўваць на ахвярніку цэласпаленьні вашыя і ахвяры мірныя вашыя, і Я буду для вас спагадны, кажа Госпад ГОСПАД».
Разьдзел 44
1 І завярнуў мяне на шлях зьнешняй брамы [месца] сьвятога, скіраванай на ўсход, і яна была замкнёная.
2 І сказаў мне ГОСПАД: «Брама гэтая будзе замкнёная, і ня будзе адчыняцца, і ніводзін чалавек ня ўвойдзе праз яе, бо ГОСПАД, Бог Ізраіля, увайшоў праз яе, і яна будзе замкнёная.
3 Князь, [толькі] князь будзе сядзець у ёй, каб спажываць хлеб перад абліччам ГОСПАДА. Шляхам праз прысенкі пры браме ўвойдзе і тым самым шляхам выйдзе».
4 І завёў мяне шляхам брамы паўночнай перад аблічча Дому [Божага], і я ўбачыў, і вось, слава ГОСПАДА напоўніла Дом ГОСПАДА, і я ўпаў на аблічча маё.
5 І сказаў мне ГОСПАД: «Сыне чалавечы, зьвярні сэрца тваё, і пабач вачыма тваімі, і паслухай вушамі тваімі ўсё, што Я скажу табе адносна ўсіх пастановаў Дому ГОСПАДА і адносна ўсіх законаў ягоных, і зьвярні сэрца тваё на ўсе ўваходы ў Дом гэты і на ўсе выхады з [месца] сьвятога.
6 І скажаш да бунтаўнікоў, да дому Ізраіля: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Хопіць ужо ўсіх брыдотаў вашых, дом Ізраіля.
7 Вы ўвялі чужынцаў, неабрэзаных сэрцам і неабрэзаных целам, каб яны былі ў сьвятыні Маёй, і паганілі Дом Мой, калі складалі ў ахвяру хлеб Мой, тлушч і кроў; і парушылі запавет Мой брыдотамі сваімі,
8 і не пільнавалі служэньня сьвятога Майго, і паставілі іх пільнаваць варту Маю ў сьвятыні Маёй.
9 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ніводзін чужынец, неабрэзаны сэрцам і неабрэзаны целам, ня ўвойдзе ў сьвятыню Маю, ніводзін чужынец, які сярод сыноў Ізраіля.
10 А тыя лявіты, якія аддаліліся ад Мяне, калі блукаў Ізраіль, калі адступіў ад Мяне, [ідучы] за ідаламі сваімі, яны панясуць беззаконьне сваё.
11 І будуць яны ў сьвятыні Маёй служыць як вартаўнікі пры брамах Дому гэтага і абслугоўваць Дом гэты, яны будуць забіваць [ахвяры] цэласпаленьня і ахвяры крывавыя для народу, і будуць стаяць перад імі, каб служыць ім.
12 За тое, што яны служылі ім перад абліччам ідалаў іхніх і сталіся для дому Ізраіля прычынай беззаконьня, Я ўзьняў руку Маю супраць іх, кажа Госпад ГОСПАД, і яны панясуць беззаконьні свае.
13 І яны не наблізяцца да Мяне, каб быць сьвятарамі для Мяне і каб набліжацца да ўсіх сьвятасьцяў Маіх, да Сьвятога Сьвятых, і будуць насіць ганьбу сваю і брыдоты свае, якія ўчынілі.
14 І Я прызначу іх вартаўнікамі на варце Дому гэтага, да ўсякіх працаў і да ўсяго, што трэба будзе зрабіць у ім.
15 Але сьвятары лявіты, сыны Цадока, якія вартавалі варту сьвятыні Маёй, калі сыны Ізраіля адыйшлі ад Мяне, яны наблізяцца да Мяне, каб служыць Мне і стаяць перад абліччам Маім, каб ахвяроўваць Мне тлушч і кроў, кажа Госпад ГОСПАД.
16 Яны будуць уваходзіць у сьвятыню Маю, і яны будуць набліжацца да стала Майго, каб служыць Мне і вартаваць варту Маю.
17 І станецца, калі яны будуць уваходзіць у брамы ўнутранага панадворку, яны апрануць шаты ільняныя; няхай не апранаюць на сябе воўну, калі вартуюць пры брамах унутранага панадворку і ў Доме гэтым.
18 Турбаны ільняныя будуць на галовах іхніх і порткі ільняныя будуць на сьцёгнах іхніх. Ня будуць яны падпярэзвацца, каб не пацець.
19 А калі будуць выходзіць на вонкавы панадворак, на панадворак вонкавы да народу, яны здымуць шаты свае, у якіх яны служылі, і пакладуць у пакоях сьвятых, і апрануць іншыя шаты, каб не асьвячаць народ, [дакранаючыся] шатамі сваімі.
20 І галавы сваёй яны ня будуць галіць, і ня будуць запускаць [доўгіх] валасоў, але, стрыгучы, будуць стрыгчы галовы свае.
21 І ня будзе піць віна кожны сьвятар, калі будуць уваходзіць на ўнутраны панадворак.
22 І ўдавы або пакінутай ня возьмуць яны за жонку, але толькі дзяўчыну з насеньня дому Ізраіля ці ўдаву, якая стала ўдавой па мужу сьвятару.
23 І яны будуць навучаць народ Мой [адрозьніваць] паміж тым, што сьвятое, і тым, што звычайнае, і будуць вучыць [адрозьніваць] паміж тым, што нячыстае, і тым, што чыстае.
24 У справах спрэчных яны стануць, каб судзіць у судзе і судом Маім, судзячы, судзіць іх. І будуць захоўваць закон Мой і пастановы Мае ў-ва ўсіх урачыстасьцях Маіх, і суботы Мае будуць сьвяціць.
25 І да мёртвага чалавека не падыйдуць, каб не занячысьціцца, толькі дзеля бацькі, маці, сына, дачкі, брата і сястры, якая ня мела мужа, могуць яны занячысьціцца.
26 А пасьля ачышчэньня свайго адлічаць яму яшчэ сем дзён.
27 І ў дзень, калі ён увойдзе ў сьвятыню, на ўнутраны панадворак, каб служыць у сьвятыні, ён ахвяруе за грэх свой, кажа Госпад ГОСПАД.
28 І [гэта] будзе ім за спадчыну. Я — спадчына іхняя. І не дасьцё ім уласнасьці ў Ізраілі, бо Я — уласнасьць іхняя.
29 Ахвяры хлебныя, ахвяры за грэх і ахвяры аднагараджэньня будуць яны спажываць, і ўсё, што пад закляцьцем у Ізраілі, будзе іхнім.
30 І найлепшае з усіх пяршынаў, і кожны дар, усё спаміж дароў вашых будзе для сьвятароў. І найлепшае цеста вашае дайце сьвятарам, каб дабраславенства супачывала на доме вашым.
31 Аніякай падліны і таго, што разьдзёртае, ці з птушак, ці з быдла, ня будуць есьці сьвятары.
Разьдзел 45
1 Калі будзеце кідаць жэрабя пра зямлю на спадчыну, выдзеліце сьвяты дар для ГОСПАДА з зямлі, даўжынёю на дваццаць пяць тысячаў [прутоў] і шырынёю на дваццаць тысячаў [прутоў]. Ён сьвяты ў-ва ўсім абшары сваім наўкола.
2 З гэтага да сьвятыні будзе [належаць] чатырохкутнік пяцьсот на пяцьсот [прутоў] наўкола, а на пяцьдзясят локцяў вакол будзе вольнае месца.
3 А з гэтага абсягу адмераеш [абшар] даўжынёю ў дваццаць пяць тысячаў [прутоў] і шырынёю ў дзесяць тысячаў [прутоў], і на ім будзе сьвятыня, Сьвятое Сьвятых.
4 Гэта сьвятая [частка] зямлі; яна будзе для сьвятароў, якія служаць пры сьвятыні, якія набліжаюцца, каб служыць ГОСПАДУ; і будзе гэта для іх месца на дамы і [месцам] сьвятым для сьвятыні.
5 І [абшар] даўжынёю ў дваццаць пяць тысячаў [прутоў] і шырынёю ў дзесяць тысячаў [прутоў] будзе для лявітаў, якія служаць пры Доме гэтым; для іх на ўласнасьць дваццаць пакояў.
6 А на ўласнасьць гораду дасьцё [абшар] шырынёю ў пяць тысячаў [прутоў] і даўжынёй у дваццаць пяць тысячаў [прутоў], насупраць сьвятой часткі. Гэта будзе для ўсяго дому Ізраіля.
7 А для князя [будзе абшар] па абодвух баках часткі сьвятой і ўласнасьці гораду ўздоўж часткі сьвятой і ўздоўж уласнасьці горада з боку заходняга на захад і з боку ўсходняга на ўсход, і даўжыня такая, як частка [калена] ад мяжы заходняй да мяжы ўсходняй.
8 Гэта зямля будзе яму на ўласнасьць у Ізраілі, і ня будуць больш уціскаць князі народ Мой, але дадуць зямлю дому Ізраіля паводле каленаў ягоных.
9 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Досыць вам, князі Ізраіля! Кіньце гвалт і прыгнёт, а чыніце суд і праведнасьць! Пакіньце выганяць [з зямлі] народ Мой, кажа Госпад ГОСПАД”.
10 Няхай у вас будзе вага праведная, эфа праведная і бат праведны.
11 Эфа і бат няхай будуць аднолькавай меры, так, каб бат меў дзясятую частку гомара і эфа мела дзясятую частку гомара. Паводле гомара будзе мера іхняя.
12 Сыкль [мае мець] дваццаць гэраў; дваццаць сыкляў, дваццаць пяць сыкляў і пятнаццаць сыкляў няхай будзе для вас міна.
13 Гэта ёсьць дар, які вы будзеце прыносіць: шостую частку эфы з гомару пшаніцы і шостую частку эфы з гомару ячменю.
14 І пастанова пра алей адносна бату алею — дзясятая частка бату з кору, дзесяць батаў — гэта гомар, бо дзесяць батаў — гомар.
15 І адно ягня з двухсот авечак з пашаў Ізраіля — на ахвяру хлебную, на цэласпаленьне і ахвяру мірную, каб ачысьціць іх, кажа Госпад ГОСПАД.
16 Увесь народ зямлі гэтай будзе дары гэтыя даваць князю Ізраіля.
17 А князь мае рупіцца пра цэласпаленьне, ахвяру хлебную і вадкую на сьвяты, маладзікі, суботы і на ўсе ўрачыстасьці дому Ізраіля. Ён робіць ахвяру за грэх, ахвяру хлебную, цэласпаленьні і ахвяры мірныя, каб ачысьціць дом Ізраіля.
18 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. У першым [месяцы], у першы [дзень] месяца возьмеш бычка, сына ялаўкі, без заганы, і ачысьціш сьвятыню.
19 І возьме сьвятар кроў ахвяры за грэх, і пакрапіць ёю вушакі [дзьвярэй] Дому [Божага], чатыры рагі абрамаваньня ахвярніка, вушакі брамы ўнутранага панадворку.
20 І так зробіш у сёмы [дзень першага] месяца, за кожнага, хто саграшыў праз няўвагу або бязглуздасьць, і ачысьціце Дом [Божы].
21 У першым [месяцы], у чатырнаццаты дзень месяца будзе ў вас Пасха, сьвята сямі- дзённае, калі будзеце есьці праснакі.
22 І князь у той дзень складзе бычка як ахвяру за грэх, за сябе і за ўвесь народ зямлі.
23 І сем дзён сьвята ён будзе ахвяроўваць цэласпаленьне для ГОСПАДА, сем бычкоў, сем бараноў без заганы штодзень сем дзён, і як ахвяру за грэх штодзень аднаго казла.
24 І складзе ахвяру хлебную, эфу на бычка і эфу на барана, і гін алею на эфу.
25 У сёмым [месяцы], у пятнаццаты дзень месяца ў сьвята будзе ён ахвяроўваць сем дзён як ахвяру за грэх, так і цэласпаленьне, як ахвяру хлебную, так і алей.
Разьдзел 46
1 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: Брама ўнутранага панадворку, зьвернутая на ўсход, будзе замкнёная шэсьць дзён працы, а ў дзень адпачынку будзе адчыненая, і ў дзень маладзіка будзе адчыненая.
2 І ўвойдзе князь праз прысенкі брамы звонку, і стане каля вушакоў брамы. І складуць сьвятары цэласпаленьне і ахвяру мірную, а ён паклоніцца на парозе брамы, і выйдзе, а брама ня будзе замкнёная аж да вечара.
3 І будзе пакланяцца народ зямлі пры ўваходзе брамы гэтай у суботы і ў маладзікі перад абліччам ГОСПАДА.
4 І цэласпаленьне, якое князь складзе для ГОСПАДА ў дзень суботы — шэсьць ягнятаў без заганы і баран без заганы.
5 І ахвяра хлебная — эфа на барана, а на ягнятаў ахвяра хлебная — колькі дасьць рука ягоная, і гін алею на эфу.
6 А ў дзень маладзіка няхай будзе бычок, сын ялаўкі, без заганы, шэсьць ягнятаў і баран без заганы.
7 І эфу на бычка, і эфу на барана складзе ён як ахвяру хлебную, а на ягнятаў — колькі дасьць рука ягоная, і гін алею на эфу.
8 А калі будзе прыходзіць князь, ён увойдзе шляхам праз прысенкі брамы і выйдзе тым самым шляхам.
9 А калі народ зямлі ў час урачыстасьці будзе прыходзіць перад аблічча ГОСПАДА, той, хто прыйшоў шляхам праз браму паўночную, каб пакланіцца, выйдзе шляхам праз браму паўднёвую, а хто ўвайшоў шляхам праз браму паўднёвую, выйдзе шляхам праз браму паўночную. Ніхто ня вернецца шляхам праз тую браму, праз якую ўвайшоў, але выйдзе праз супрацьлеглую.
10 І князь [будзе] пасярод іх. Калі яны ўваходзяць, і ён увойдзе, і калі яны выходзяць, і ён выйдзе.
11 У сьвяты і ўрачыстасьці будзе ахвяра хлебная — эфа на бычка і эфа на барана; а на ягнятаў — колькі дасьць рука ягоная, і гін алею на эфу.
12 А калі князь зробіць дар дабраахвотны, ці цэласпаленьне, ці ахвяру мірную як дар дабраахвотны для ГОСПАДА, няхай адчыняць яму браму, зьвернутую на ўсход, і няхай ён складзе цэласпаленьне сваё і ахвяру мірную сваю так, як гэта робіць у дзень суботы, і выйдзе, і замкнуць браму пасьля адыходу ягонага.
13 І ягня аднагадовае без заганы складзеш як цэласпаленьне штодзень для ГОСПАДА, кожную раніцу будзеш складаць яго.
14 А як ахвяру хлебную пры ім кожную раніцу складзеш адну шостую эфы і адну трэцюю гіну алею, каб акрапіць найлепшую муку як ахвяру хлебную для ГОСПАДА. [Гэта] пастанова вечная, назаўсёды.
15 І будуць складаць ягня і ахвяру хлебную, і алей кожную раніцу, цэласпаленьне заўсёднае.
16 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Калі князь дасьць дар аднаму з сыноў сваіх са спадчыны сваёй, гэта будзе належаць сынам ягоным, гэта ўласнасьць іхняя ў спадчыну.
17 А калі ён дасьць дар з уласнасьці сваёй аднаму са слугаў сваіх, гэта будзе належаць да яго аж да году вызваленьня ягонага, і вернецца да князя. Толькі тая ўласнасьць, якую ён [даў] сынам сваім, для іх будзе.
18 І ня возьме князь са спадчыны народу, забіраючы ў іх уласнасьць іхнюю. З уласнасьці сваёй ён дасьць спадчыну сынам сваім, каб ніхто з народу Майго ня быў пазбаўлены ўласнасьці сваёй”».
19 І ён правёў мяне праз уваход, які з боку ад брамы, у пакоі сьвятыя для сьвятароў, якія зьвернутыя на поўнач. І вось, там месца ў найдалейшым баку з заходняга боку.
20 І ён сказаў мне: «Гэта месца, дзе сьвятары будуць варыць ахвяры аднагараджэньня і ахвяры за грэх, дзе будуць пячы ахвяры хлебныя, каб не выносіць іх на вонкавы панадворак, асьвячаючы [гэтым] народ».
21 І ён завёў мяне на вонкавы панадворак, і правёў мяне каля чатырох кутоў панадворку. І вось, панадворкі ў кожным куце панадворку.
22 У чатырох кутах панадворку [былі] малыя панадворкі, даўжынёю ў сорак [локцяў] і шырынёю ў трыццаць [локцяў]. Усе чатыры мелі той самы памер.
23 І мур кругом тых чатырох з усіх бакоў, а ніжэй, пры муры, былі вогнішчы наўкола.
24 І ён сказаў мне: «Гэта дом на гатаваньне, дзе тыя, якія служаць пры Доме гэтым, будуць варыць ахвяры народу».
Разьдзел 47
1 І ён завёў мяне да ўваходу ў Дом [Божы]. І вось, вада выцякала з-пад парогу Дому [Божага] на ўсход, бо пярэдні бок Дому гэтага [быў] на ўсход; а вада выцякала з-пад правага боку Дому, з паўднёвага боку ад ахвярніка.
2 І ён вывеў мяне шляхам праз браму паўночную, і павёў мяне звонку вакол да вонкавай брамы шляхам, скіраваным на ўсход. І вось вада выцякала з-пад правага боку Дому.
3 І выйшаў той муж на ўсход, і шнур [меральны] ў руцэ ягонай. І ён адмерыў тысячу локцяў, і перавёў мяне праз ваду, і вада [была] да костак.
4 І ён адмерыў тысячу [локцяў], і перавёў мяне праз ваду, і вада была да каленяў. І ён адмерыў тысячу [локцяў], і перавёў мяне, і вада была да паясьніцы.
5 І ён адмерыў тысячу [локцяў], [і быў] струмень, праз які ня мог я перайсьці, бо вада ўзьнялася, [і стала] вада для плаваньня, струмень, праз які нельга перайсьці.
6 І ён сказаў мне: «Ці ты бачыў [гэта], сыне чалавечы?» І ён павёў мяне, і завёў на бераг струмяня гэтага.
7 Калі я вярнуўся, вось, з абодвух бакоў на беразе струмяня вельмі шмат дрэваў.
8 І ён сказаў мне: «Вада гэтая цячэ на абшар усходні, і зыходзіць на стэп, упадае ў Мора [Салёнае], і разьліваецца ў моры, і воды тыя становяцца здаровымі.
9 І станецца, што ўсякая душа жывая, якая там множыцца, куды толькі прыйдзе струмень гэты, будзе жыць, і будзе там вельмі шмат рыбы, бо куды дацякуць тыя воды, там [усё] будзе аздароўлена і будзе жыць усё там, куды дацячэ струмень гэты.
10 І станецца, што будуць над ім стаяць рыбакі, ад Эн-Геды аж да Эн-Эгляіму, і будзе гэта месца на стаўленьне сетак, і будуць там рыбы паводле гатунку свайго, як рыбы з Мора Вялікага, [будзе іх] вельмі шмат.
11 Але балоты ягоныя і затокі ягоныя ня будуць аздароўлены, бо яны дадзеныя для солі.
12 А пры струмяні на беразе ягоным з аднаго і другога боку будуць расьці ўсялякія дрэвы пладовыя, і лісьце іхняе ня зьвяне, і плады іхнія ня спыняцца, кожны месяц будуць яны радзіць новыя [плады], бо воды гэтыя выходзяць са сьвятыні. І будуць плады іхнія на ежу, а лісьце іхняе — на лекі».
13 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: «Гэта мяжа, у якой вы ўспадкаеміце зямлю для дванаццаці каленаў Ізраіля. Язэп [будзе мець] дзьве часткі.
14 І вы ўспадкаеміце яе, кожны так, як брат ягоны, бо Я ўзьняў руку Маю, што дам яе бацькам вашым. І будзе зямля гэтая для вас у спадчыну.
15 Гэта межы зямлі: з паўночнага боку ад Мора Вялікага ў накірунку да Хэтлёну, як ісьці ў Цэдаду,
16 Хамат, Бэроту і Сібраім, якія паміж мяжой Дамаску і мяжой Хамату, Хацар-Гатыхону, які на мяжы Хаўрану.
17 І будзе мяжа ад Мора да Хацар-Энону, паўночная мяжа Дамаску і мяжа Хамату на поўначы. Гэта бок паўночны.
18 А з боку ўсходняга — паміж Хаўранам і Дамаскам, паміж Гілеадам і зямлёй Ізраіля, па Ярдану мяжу аж да Мора Усходняга вы будзеце мерыць. Гэта бок усходні.
19 А з боку паўднёвага ў правы бок — ад Тамару аж да водаў Мэрывот-Кадэшу, уздоўж ручая да Мора Вялікага. Гэта бок паўднёвы з правага боку ў бок Нэгеву.
20 А з боку заходняга — Мора Вялікае ад мяжы аж да месца насупраць уваходу ў Хамат. Гэта бок заходні.
21 І вы падзеліце зямлю гэтую для сябе паводле дванаццаці каленаў Ізраіля.
22 І станецца, што вы падзеліце яе жэрабем на спадчыну для вас і для прыхадняў, якія жывуць сярод вас і якія нарадзілі сыноў сярод вас, і будуць яны для вас як тутэйшыя сярод сыноў Ізраіля, разам з вамі яны кінуць жэрабя пра спадчыну сярод каленаў Ізраіля.
23 І станецца, што ў тым калене, у якім жыве прыхадзень, дасьцё яму спадчыну ягоную, кажа Госпад ГОСПАД.
Разьдзел 48
1 Вось імёны каленаў. Ад канца паўночнага ў бок шляху на Хэтлён, як ісьці да Хамату, да Хацар-Энону, на мяжы Дамаску, на поўначы ў бок Хамату, ад усходу да захаду, — частка Дана.
2 А пры мяжы Дана ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Асэра.
3 А пры мяжы Асэра ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Нэфталі.
4 А пры мяжы Нэфталі ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Манасы.
5 А пры мяжы Манасы ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Эфраіма.
6 А пры мяжы Эфраіма ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Рубэна.
7 А пры мяжы Рубэна ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Юды.
8 А пры мяжы Юды ад боку ўсходняга да боку заходняга будзе дар, які вы прынясеце, [частка] шырынёю ў дваццаць пяць тысячаў [прутоў] і даўжынёю як адна з частак [каленаў] ад боку ўсходняга да боку заходняга, і будзе сьвятыня на сярэдзіне яе.
9 Гэта дар, які вы прынясеце для ГОСПАДА, даўжынёю ў дваццаць пяць тысячаў [прутоў] і шырынёю ў дзесяць тысячаў [прутоў].
10 І гэта будзе частка сьвятая для сьвятароў: на поўнач дваццаць пяць тысячаў [прутоў], на захад дзесяць тысячаў [прутоў], на ўсход дзесяць тысячаў [прутоў], на поўдзень дваццаць пяць тысячаў [прутоў], і будзе сьвятыня ГОСПАДА на сярэдзіне яе.
11 Для сьвятароў пасьвячоных з сыноў Цадока, якія пільнавалі служэньне Маё, якія не блукалі, калі блукалі сыны Ізраіля, як блукалі лявіты,
12 будзе частка са [сьвятога] дару зямлі, як сьвятое сьвятых, побач з часткаю лявітаў.
13 А лявіты маюць [частку] побач з часткай сьвятароў, даўжынёю ў дваццаць пяць тысячаў [прутоў] і шырынёю ў дзесяць тысячаў [прутоў], разам доўгая на дваццаць пяць тысячаў [прутоў] і шырокая на дзесяць тысячаў [прутоў].
14 Ня будуць прадаваць з яе нічога, і ня будуць замяняць, і ніхто не забярэ што найлепшае з зямлі гэтай, бо яна сьвятая для ГОСПАДА.
15 А пяць тысячаў [прутоў], якія яшчэ засталіся з шырыні ў дваццаць пяць тысячаў [прутоў], будуць звычайныя, і будуць для гораду для засяленьня і на пашу, а горад будзе пасярэдзіне.
16 Вось памеры ягоныя: бок паўночны — чатыры тысячы пяцьсот [прутоў]; бок паўднёвы — чатыры тысячы пяцьсот [прутоў], бок усходні — чатыры тысячы пяцьсот [прутоў], бок заходні — чатыры тысячы пяцьсот [прутоў].
17 І будзе паша для гораду: на поўнач — дзьвесьце пяцьдзясят [прутоў], на поўдзень — дзьвесьце пяцьдзясят [прутоў], на ўсход — дзьвесьце пяцьдзясят [прутоў], на захад — дзьвесьце пяцьдзясят [прутоў].
18 А тое, што засталося з даўжыні насупраць часткі сьвятой, [мае] дзесяць тысячаў [прутоў] на ўсход і дзесяць тысячаў [прутоў] на захад. І будзе яно каля часткі сьвятой, і ўраджай ягоны будзе на хлеб для работнікаў гораду.
19 Будуць яго апрацоўваць работнікі гораду, якія з усіх каленаў Ізраіля.
20 Уся частка [сьвятая] будзе мець [памер] дваццаць пяць тысячаў [прутоў] на дваццаць пяць тысячаў [прутоў]; чатырохкутнік, прынесены як дар сьвяты з уласнасьці гораду.
21 А рэшта — для князя з аднаго і другога боку часткі сьвятой і ўласнасьці гораду, уздоўж тых дваццаці пяці тысячаў [прутоў] аж да мяжы ўсходняй, а на захадзе ўздоўж тых дваццаці пяці тысячаў [прутоў] аж да мяжы заходняй, насупраць частак каленаў, гэта для князя, і будзе частка сьвятая і сьвятыня пасярэдзіне.
22 Уласнасьць лявітаў і ўласнасьць гораду будзе пасярод таго, што належыць князю. Паміж мяжой Юды і мяжой Бэн’яміна будзе [частка] князя.
23 А рэшта каленаў: ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Бэн’яміна.
24 А пры мяжы Бэн’яміна ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Сымона.
25 А пры мяжы Сымона ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Ісахара.
26 А пры мяжы Ісахара ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Завулёна.
27 А пры мяжы Завулёна ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Гада.
28 А пры мяжы Гада з боку паўднёвага ў правы бок будзе мяжа ад Тамару да водаў Мэрывот-Кадэшу і ўздоўж ручая да Мора Вялікага.
29 Гэта зямля, якую падзеліце жэрабем як спадчыну паміж каленаў Ізраіля, і гэта часткі іхнія, кажа Госпад ГОСПАД.
30 І вось выхады з гораду. З боку паўночнага, які [мае] чатыры тысячы пяцьсот [прутоў] даўжыні,
31 брамы гораду [названыя] паводле імёнаў каленаў Ізраіля. Тры брамы з боку паўночнага: адна брама Рубэна, адна брама Юды і адна брама Левія.
32 З боку ўсходняга, які [мае] чатыры тысячы пяцьсот [прутоў], тры брамы: адна брама Язэпа, адна брама Бэн’яміна і адна брама Дана.
33 З боку паўднёвага, які [мае] чатыры тысячы пяцьсот [прутоў], тры брамы: адна брама Сымона, адна брама Ісахара і адна брама Завулёна.
34 З боку заходняга, які [мае] чатыры тысячы пяцьсот [прутоў], тры брамы: адна брама Гада, адна брама Асэра і адна брама Нэфталі.
35 Наўкола [горад] мае васямнаццаць тысячаў [прутоў]. А імя гораду будзе з таго дня: “ГОСПАД там!”»