Беларуская Біблія

КНІГА ДРУГАЗАКОНЬНЕ

 

Разьдзел 1

1 Вось словы, якія прамовіў Майсей да ўсяго Ізраіля за Ярданам у пустыні, у Арабе насупраць Суфу, паміж Паранам, Тафэлем, Лябанам, Хацэротам і Дызагабам,

2 на адлегласьці ў адзінаццаць дзён [дарогі] ад Харэву праз горы Сэір да Кадэш-Барнэа.

3 І сталася ў саракавым годзе, у адзінаццатым месяцы, у першы [дзень] месяца прамовіў Майсей да сыноў Ізраіля ўсё, што яму ГОСПАД загадаў сказаць ім.

4 Пасьля перамогі над Сыгонам, валадаром Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне, і Огам, валадаром Башану, які жыў у Аштароце ў Эдрэі,

5 за Ярданам, у зямлі Мааў, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты, кажучы:

6 «ГОСПАД, Бог наш, прамовіў да нас на Харэве, кажучы: “Досыць ужо вам быць на гэтай гары.

7 Павярніцеся і выйдзіце, і ідз­іце на гару Амарэйцаў і да ўсіх суседзяў іхніх, у Арабу, у горы і ў даліны, і ў Нэгеў, і на бераг мора, у зямлю Хананейцаў, і ў Лібан, аж да ракі вялікай, ракі Эўфрат.

8 Глядзіце, Я даў вам гэтую зямлю. Увайдзіце, вазьміце на ўласнасьць зямлю гэтую, якую запрысяг ГОСПАД даць Абрагаму, Ісааку і Якубу, і насеньню іхняму пасьля іх”.

9 І сказаў я вам у той час: “Не магу я адзін весьці вас;

10 ГОСПАД, Бог ваш, па­множыў вас, і вось, сёньня вы шматлікія, як зоркі ў небе.

11 ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, няхай павялічыць вас у тысячу разоў і дабраславіць вас, як Ён гаварыў вам.

12 Як я адзін панясу патрэбы вашыя, цяжары вашыя і спрэчкі вашыя?

13 Выберыце сабе ў каленах вашых людзей мудрых, разумных і выспрабаваных, і я пастаўлю іх начальнікамі вашымі”.

14 І адказалі вы мне, і сказалі: “Добрая гэта рэч, якую ты кажаш зрабіць”.

15 І выбраў я тады з начальнікаў каленаў вашых мужоў справядлівых і выспрабаваных, і паставіў іх начальнікамі над вамі: тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясятнікамі, дзясятнікамі і загадчыкамі працы для каленаў вашых.

16 І загадаў я судзьдзям вашым, кажучы: “Слухайце справу братоў вашых і судзіце справядліва між чалавекам і братам ягоным, і прыхаднем.

17 Не глядзіце на аблічча ў судзе, выслухайце як малога, так і вялікага. Ня бойцеся аблічча чалавека, бо гэта суд Божы. А справу, якая для вас будзе цяжкай, прынясіце да мяне, і я выслухаю яе”.

18 І я загадаў вам пра ўсе рэчы, якія вы маеце рабіць.

19 І вырушылі мы ад Харэву і прайшлі ўсю пустыню гэтую, вялікую і страшную, якую вы бачылі, па шляху да гор Амарэйскіх, як загадаў нам ГОСПАД, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэш-Барнэа.

20 І я сказаў вам: “Вы прыйшлі да гор Амарэйскіх, якія ГОСПАД, Бог наш, дае нам.

21 Глядзі, ГОСПАД, Бог ваш, даў зямлю перад абліччам вашым, увайдзі і вазьмі яе ў валоданьне, як сказаў табе ГОСПАД, Бог бацькоў тваіх; ня бойся і не палохайся”.

22 І падыйшлі вы ўсе да мяне, і сказалі: “Пашлём людзей перад абліччам нашым, каб агледзелі зямлю і паведамілі пра дарогу, якою маем ісьці, і пра гарады, у якія маем увайсьці”.

23 І было добрым у вачах маіх слова гэтае, і я выбраў спаміж вас дванаццаць мужоў, па адным з кожнага калена.

24 І яны выйшлі, і скіраваліся ў горы, і дайшлі да даліны Эшколь, і агледзелі яе.

25 І ўзялі яны ў рукі свае плады той зямлі, і прынесьлі нам, і паведамілі нам, і сказалі: “Добрая тая зямля, якую дае нам ГОСПАД, Бог наш”.

26 Але вы не хацелі ісьці і не паслухалі слова ГОСПАДА, Бога нашага.

27 І наракалі ў намётах сваіх, і казалі: “З нянавісьці да нас вывеў нас ГОСПАД з зямлі Эгіпецкай, каб выдаць нас у рукі Амарэйцаў на загубу.

28 Куды пойдзем? Браты нашыя напалохалі сэрцы нашыя, кажучы: “Народ той шматлікі і большы за нас, гарады там вялікія і аж у неба ўмацаваныя; і бачылі мы таксама там сыноў Анака”.

29 І сказаў я вам: “Не дрыжыце і ня бойцеся іх.

30 ГОСПАД, Бог наш, Які ідзе перад намі, будзе ваяваць за нас, як зрабіў Ён у Эгіпце на вачах нашых,

31 і ў пустыні, дзе ты бачыў, як ГОСПАД, Бог твой, насіў цябе, як носіць чалавек сына свайго, на ўсім шляху, якім вы ішлі, аж пакуль не прыйшлі вы ў месца гэтае.

32 Але вы так і не паверылі слову ГОСПАДА, Бога вашага,

33 Які ішоў перад вамі ў дарозе, каб шукаць вам месца для табару вашага — ноччу ў агні, каб асьвятляць вам шлях, якім маеце ісьці, а ўдзень — у воблаку”.

34 І пачуў ГОСПАД голас словаў вашых, і разгневаўся, і прысягнуў, кажучы:

35 “Ня ўбачыць ніводзін чалавек з гэтага пакаленьня ліхога тую добрую зямлю, якую Я прысягнуў даць бацькам вашым,

36 акрамя Халева, сына Ефунны. Ён яе ўбачыць, яму і сынам яго дам Я зямлю гэтую, па якой ён хадзіў, бо ён спаўняў [слова] ГОСПАДА”.

37 Таксама на мяне загневаўся ГОСПАД з-за вас, кажучы: “І ты туды ня ўвойдзеш.

38 Егошуа, сын Нуна, які стаіць перад абліччам тваім, ён туды ўвойдзе. Яго падбадзёрвай, бо ён дасьць Ізраілю ў валоданьне [зямлю].

39 Дзеці вашыя, пра якіх вы гаварылі, што павядуць іх у палон, і сыны вашыя, якія сёньня не разумеюць, што добрае, а што ліхое, яны ўвойдуць туды; ім Я дам зямлю гэтую, і яны завалодаюць ёю.

40 А вы павярніце і рушце ў пустыню шляхам да Мора Чырвонага”.

41 І адказалі вы мне, і сказалі: “Саграшылі мы перад ГОСПАДАМ, мы пойдзем і будзем ваяваць, як загадаў нам ГОСПАД, Бог наш”. І вы перапаясаліся зброяй баявой і адважыліся пайсьці на гару.

42 І сказаў ГОСПАД мне: “Скажы ім: «Не ўзыходзьце і не ваюйце, бо няма Мяне сярод вас, каб не пабілі вас ворагі вашыя»”.

43 І я прамаўляў да вас, і вы не паслухалі, і супрацівіліся слову ГОСПАДА, і, гнаныя пыхаю, узыйшлі на гару.

44 І выйшлі супраць вас Амарэйцы, якія жылі на той гары, і пагналі вас, як робяць пчолы, і білі вас ад Сэіру аж да Хармы.

45 І вярнуліся вы, і плакалі перад абліччам ГОСПАДА, але ГОСПАД ня выслухаў голасу вашага і не прыхіліў вуха да вас.

46 І былі вы ў Кадэшы шмат дзён, столькі дзён, колькі там заставаліся.

 

Разьдзел 2

1 І павярнуліся мы, і рушылі мы ў пустыню шляхам да Мора Чырвонага, як да мяне прамовіў ГОСПАД, і шмат дзён абыходзілі вакол гару Сэір.

2 І сказаў ГОСПАД мне, кажучы:

3 “Досыць вам хадзіць кругом гары гэтай, Зьвярніце на поўнач.

4 А народу загадай, кажучы: «Вы будзеце праходзіць праз пасяленьні братоў вашых, сыноў Эзава, якія жывуць у Сэіры, і яны будуць баяцца вас, і вы будзьце вельмі ўважлівыя,

5 не чапайце іх, бо Я ня дам вам зямлі іхняй нават на стапу нагі, таму што гару Сэір Я даў у валоданьне Эзаву.

6 Ежу купляйце ў іх за срэбра і ешце; таксама ваду купляйце ў іх за срэбра і піце.

7 Бо ГОСПАД, Бог твой, дабраславіў цябе ў кожнай справе рук тваіх. Ён ведае вандроўку тваю ў гэтай пустыні вялікай. Вось, сорак гадоў ГОСПАД, Бог твой, з табою, і нічога табе не бракавала»”.

8 І абмінулі мы братоў нашых, сыноў Эзава, якія жылі ў Сэіры, шляхам на Арабу, Элят і Эцыён-Гэбэр, і завярнулі, і пайшлі шляхам у пустыню Мааў.

9 І сказаў мне ГОСПАД: “Не варагуй супраць Мааву і не пачынай з імі вайны, бо Я ня дам нічога ў валоданьне табе з зямлі іхняй, бо Я аддаў Ар у валоданьне сынам Лота’”.

10 Перад тым жылі ў ёй Эмімы, народ вялікі, шматлікі і высокі, як [сыны] Анака.

11 Лічылі іх Рэфаімамі, як і [сыноў] Анака. А Мааўляне называюць іх Эмімамі.

12 А ў Сэіры жылі раней Харэі, але сыны Эзава выгналі іх, і вынішчылі іх перад абліччам сваім, і пасяліліся на месцы іхнім, як зрабіў Ізраіль у зямлі спадчыны сваёй, якую даў яму ГОСПАД.

13 “Цяпер уставайце і перайдзіце праз ручай Зарэд”. І перайшлі мы ручай Зарэд.

14 А дзён, калі мы ішлі з Кадэш-Барнэа да ручая Зарэд, было трыццаць восем гадоў, аж пакуль не згінула ў табары ўсё тое пакаленьне ваяроў, як ім гэта запрысяг ГОСПАД.

15 Таксама рука ГОСПАДА была супраць іх, каб зьнішчыць іх у табары, аж пакуль яны не загінулі.

16 І сталася, калі згінулі ўсе ваяры, паміраючы сярод народу,

17 прамовіў да мяне ГОСПАД, кажучы:

18 “Ты сёньня пяройдзеш Ар, мяжу Мааву,

19 і наблізішся да сыноў Амона. Не чапай іх і не пачынай вайны з імі, бо Я ня дам табе нічога ў валоданьне з  зямлі сыноў Амона, бо Я аддаў [зямлю гэтую] ў валоданьне сынам Лота”.

20 Яна лічылася зямлёй Рэфаімаў; раней жылі ў ёй Рэфаімы, а сыны Амона называлі іх Замзумімамі.

21 Народ гэта вялікі, шматлікі і высокі ростам, як сыны Анака, і зьнішчыў іх ГОСПАД перад абліччам [сыноў Амона], і яны пасяліліся на месцы іхнім.

22 Таксама зрабіў ГОСПАД сынам Эзава, якія жывуць у Сэіры, вынішчаючы перад імі Харэяў, і яны выгналі іх, і самі жывуць на месцы іхнім аж да гэтага дня.

23 І Авімаў, што жылі ў паселішчах аж да Газы, выгубілі Кафтарымы, якія выйшлі з Кафтору, і пасяліліся на месцы іхнім.

24 “Уставайце, рушце ў дарогу, і пераходзьце ручай Арнон. Вось, Я аддаў у рукі твае Сыгона, валадара Хешбону, Амарэйца; бяры на ўласнасьць зямлю ягоную, і пачынай вайну супраць яго.

25 Сёньня Я пачну распаўсюджваць страх і жах перад табою на народы пад усім небам, каб пачуўшы імя тваё, яны баяліся і дрыжэлі перад табою”.

26 І паслаў я пасланцоў з пустыні Кэдэмот да Сыгона, валадара Хешбону, са словамі мірнымі, кажучы:

27 “Дазволь мне прайсьці праз зямлю тваю. Я пайду гасьцінцам, ня збочу ані ўправа, ані ўлева.

28 Жыўнасьць продай мне за срэбра, каб я мог есьці. Таксама ваду продай мне за срэбра, каб я мог піць. Дазволь мне толькі прайсьці пехатою,

29 як дазволілі мне сыны Эзава, якія жывуць у Сэіры, і Мааўляне, якія жывуць у Ары, аж пакуль я дайду да Ярдану і перайду ў зямлю, якую мае даць нам ГОСПАД, Бог наш”.

30 Але Сыгон, валадар Хешбону, не захацеў дазволіць нам прайсьці праз зямлю ягоную, бо ГОСПАД, Бог наш, закамяніў дух ягоны і сэрца ягонае зрабіў цьвёрдым, каб аддаць яго ў рукі твае, як гэта [сталася] сёньня.

31 І сказаў ГОСПАД мне: “Вось, Я пачынаю аддаваць табе Сыгона і зямлю  ягоную. Пачынай, авалодвай, каб успадкаеміць зямлю ягоную”.

32 І выйшаў супраць нас Сыгон, ён і ўвесь народ ягоны, на вайну ў Ягац.

33 І выдаў яго нам ГОСПАД, Бог наш; і пабілі мы яго, і сыноў ягоных, і ўвесь народ ягоны.

34 У той час узялі мы ўсе гарады ягоныя і палажылі закляцьце на кожны горад, на мужчынаў, і жанчынаў, і дзяцей, нікога з іх не пакінулі,

35 акрамя жывёлы, якую ўзялі сабе, і здабычы з гарадоў, занятых намі.

36 Ад Араэру, які на беразе ручая Арнон, і ад гораду ў даліне аж да Гілеаду не было для нас гораду, які быў мацнейшы за нас; усё аддаў нам ГОСПАД, Бог наш.

37 Толькі да зямлі сыноў Амона ты не набліжаўся, і да мясцовасьцяў вакол ручая Ябок, да гарадоў у гарах, і ўсё [было], як загадаў ГОСПАД, Бог наш.

 

Разьдзел 3

1 І мы зьвярнулі, і пайшлі шляхам на Башан; і выйшаў Ог, валадар Башану, супраць нас, ён і ўвесь народ ягоны, на вайну ў Эдрэі.

2 І сказаў ГОСПАД мне: “Ня бойся яго, бо Я выдаў у рукі твае яго, і ўвесь народ ягоны, і зямлю ягоную, і ты зробіш яму тое, што зрабіў Сыгону, валадару Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне”.

3 І аддаў ГОСПАД, Бог наш, у рукі нашыя таксама Ога, валадара Башану, і ўвесь народ ягоны, і вынішчылі мы яго так, што ніхто не ацалеў.

4 І здабылі мы ўсе гарады ягоныя ў той час, і не засталося гораду, які б мы не занялі, шэсьцьдзясят гарадоў, увесь абшар Аргоб, валадарства Ога ў Башане.

5 Усе гэтыя гарады былі ўмацаваныя мурамі высокімі, і брамамі, і заваламі, ня лічачы шматлікіх гарадоў адкрытых.

6 І палажылі мы закляцьце на іх, як зрабілі Сыгону, валадару Хешбону, аддаючы закляцьцю ўсе гарады, мужчынаў, і жанчынаў, і дзяцей,

7 а ўсю жывёлу і здабычу з гарадоў мы пакінулі сабе.

8 І ўзялі мы ў той час зямлю з рук двух валадароў Амарэйскіх, якія жылі за Ярданам, ад ручая Арнон аж да гары Гермон.

9 Сідонцы называюць Гермон Сырыёнам, а Амарэйцы называюць яго Сэнірам.

10 Усе гарады на раўніне, увесь Гілеад і ўвесь Башан аж да Сальхі і Эдрэі, гарады валадарства Ога ў Башане,

11 бо Ог, валадар Башану, быў апошні з Рэфаімаў. Вось, дамавіна ягоная, дамавіна жалезная знаходзіцца ў Раббе сыноў Амона; дзевяць локцяў даўжыня яе, і чатыры локці шырыня яе меркаю локця чалавечага.

12 І ўзялі мы на ўласнасьць у той час усю зямлю гэтую ад Араэру, які над ручаём Арнон, і палову гары Гілеад, і гарады іхнія я даў [сынам] Рубэна і Гада.

13 А рэшту Гілеаду і ўвесь Башан, валадарства Ога, я даў палове калена Манасы, увесь абшар Аргоб. А ўвесь Башан называўся зямлёй Рэфаімаў.

14 Яір, сын Манасы, узяў увесь абшар Аргоб аж да мяжы [сыноў] Гешура і Мааха, і назваў яго імем сваім. І да сёньня [называюць гэтую частку] Башану Хавот-Яір.

15 А Махіру я даў Гілеад.

16 І [сынам] Рубэна і Гада я даў [зямлю] ад Гілеаду аж да ручая Арнон, сярэдзіну ручая і мяжу, і аж да ручая Ябок, які ёсьць мяжою сыноў Амона,

17 і Арабу, і Ярдан як мяжу ад Кінэрэту да мора Арабы, Мора Салёнага каля падножжа гары Пісга на ўсход.

18 І я загадаў вам у гэты час, кажучы: “ГОСПАД, Бог ваш, даў вам зямлю гэтую на ўласнасьць; а вы ўсе, здатныя да бою, пойдзеце ўзброеныя перад абліччам братоў вашых, сыноў Ізраіля.

19 Толькі жонкі вашыя, дзеці вашыя і статкі вашыя, — бо ведаю, што маеце вялікія статкі, — застануцца ў гарадах вашых, якія я даў вам,

20 аж пакуль ГОСПАД дасьць супачынак братам вашым, як даў вам, і яны возьмуць на ўласнасьць зямлю, якую ГОСПАД, Бог ваш, дае вам на тым баку Ярдану; і кожны вернецца да ўласнасьці сваёй, якую я даў вам”.

21 У той час я загадаў Егошуа, кажучы: “Вочы твае бачылі ўсё, што зрабіў ГОСПАД, Бог ваш, двум валадарам гэтым. Так зробіць ГОСПАД усім валадарствам, да якіх ты прыйдзеш.

22 Ня бойся іх, бо ГОСПАД, Бог ваш, будзе ваяваць за вас”.

23 І маліў я ў той час ГОСПАДА, кажучы:

24 “Госпадзе ГОСПАДЗЕ, Ты пачаў слузе Твайму аб’яўляць веліч Тваю і руку Тваю магутную. Які ж бог на небе або на зямлі зрабіў такія справы і чыны магутныя?

25 Дазволь мне, калі ласка, перайсьці і ўбачыць тую добрую зямлю за Ярданам, тыя добрыя горы і Лібан”.

26 Але разгневаўся ГОСПАД на мяне з-за вас, і ня выслухаў мяне, і сказаў ГОСПАД мне: “Досыць, больш не гавары Мне пра гэта.

27 Узыйдзі на вяршыню [гары] Пісга і скіруй вочы свае на захад і на поўнач, на поў­дзень і на ўсход, і агледзь вачыма сваімі, бо гэтага Ярдану ты не пяройдзеш.

28 І загадай Егошуа, і падбадзёр яго, і падтрымай яго, бо ён пяройдзе наперадзе народу гэтага і дасьць Ізраілю ў валоданьне тую зямлю, якую ты ўбачыш”.

29 І былі мы ў даліне насупраць Бэт-Пэору.

 

Разьдзел 4

1 А цяпер, Ізраіль, слухай пастановы і прысуды, якім я вучу вас, каб, выконваючы іх, вы жылі, і ўвайшлі, і завалодалі зямлёю, якую ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, дае вам.

2 Не дадавайце [нічога] да таго, што я загадваю вам, і не адымайце ад яго, захоўваючы прыказаньні ГОСПАДА, Бога вашага, якія я загадваю вам.

3 Вочы вашыя бачылі тое, што зрабіў ГОСПАД у Баал-Пэоры, як ГОСПАД вынішчыў сярод вас кожнага, хто пайшоў за Баалам.

4 А вы ўсе, якія засталіся пры ГОСПАДЗЕ, Богу вашаму, жывецё аж па сёньня.

5 Вось, я навучыў вас пастановам і прысудам, як загадаў мне ГОСПАД, Бог мой, каб вы так рабілі ў той зямлі, у якую ўваходзіце, каб атрымаць яе ў валоданьне.

6 Захоўвайце і выконвайце іх, бо ў гэтым мудрасьць вашая і разумнасьць вашая перад вачыма народаў, якія, чуючы пра ўсе пастановы гэтыя, будуць казаць: «Толькі [такі] народ мудры і разумны, [як] народ гэты вялікі!»

7 Бо дзе ж ёсьць такі народ вялікі, які б меў так блізкіх сабе багоў, як ГОСПАД, Бог наш, калі мы Яго клічам?

8 І які ж другі народ такі вялікі, які б меў пастановы і суды праведныя, як увесь гэты закон, які я сёньня даю вам?

9 Толькі сьцеражыся і пільна захоўвай душу сваю, і не за­будзь усіх словаў, якія бачылі вочы твае, і няхай не адыйдуць яны ад сэрца твайго ў-ва ўсе дні жыцьця твайго, і ты дасі ве­даць гэта сыноў тваіх і сыноў сыноў тваіх.

10 [Памятай] дзень, калі ты стаяў перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, на Харэве, калі ГОСПАД сказаў мне: «Зьбя­ры да Мяне народ, няхай пачуюць словы Мае, каб навучыліся баяцца Мяне ў-ва ўсе дні жыцьця на зямлі і навучылі гэтаму сыноў сваіх».

11 І вы наблізіліся, і стаялі каля падножжа гары, а гара палала агнём аж пад неба, [схаваная] ў цемры, хмарах і змроку.

12 І прамовіў ГОСПАД да вас з сярэдзіны агню; і гук словаў вы чулі, але па-за голасам нічога ня бачылі.

13 Ён паведаміў вам запавет Свой, калі загадаў вам выконваць Дзесяць прыказаньняў, і напісаў іх на двух каменных табліцах.

14 У гэты час загадаў мне ГОСПАД вучыць вас пастановам і прысудам, каб вы іх выконвалі ў зямлі, якую маеце атрымаць на ўласнасьць.

15 Сьцеражыце моцна душы вашыя, бо ня бачылі вы ў той дзень ніякага вобразу, калі гаварыў да вас ГОСПАД на [гары] Харэў спасярод агню,

16 каб вы не сапсуліся і не зрабілі сабе ідала, выявы ў выгля­дзе мужчыны або жанчыны,

17 або ў выглядзе нейкай жывёлы, якая на зямлі, або ў выглядзе птушкі, якая лётае ў небе,

18 або ў выглядзе нейкага паўзуна, які рухаецца па зямлі, або ў выглядзе рыбы, якая плавае ў вадзе ніжэй зямлі;

19 і каб часам, калі падымеш вочы свае ў неба і ўбачыш сонца, і месяц, і зоркі, і ўсё войска нябеснае, ты ня быў зьве­дзены імі і не пачаў пакланяцца ім і служыць ім, бо ГОСПАД, Бог твой, прызначыў іх усім народам пад небам.

20 А вас выбраў ГОСПАД і вывеў вас з печы жалезнай, з  Эгіпту, каб вы сталіся народам Ягоным, уласнасьцю Ягонай, як гэта ёсьць сёньня.

21 З прычыны словаў вашых разгневаўся ГОСПАД на мяне і прысягнуў, што я не перайду Ярдан і не ўвайду ў зямлю добрую, якую дае табе ў спадчыну ГОСПАД, Бог твой.

22 Бо я памру ў гэтай зямлі і не перайду праз Ярдан, але вы пяройдзеце [праз яго] і возьмеце на ўласнасьць гэтую зямлю добрую.

23 Сьцеражыцеся, каб не забыліся вы пра запавет ГОСПАДА, Бога вашага, які заключыў Ён з вамі, і каб не рабілі вы сабе аніякай выявы, як загадаў табе ГОСПАД, Бог твой,

24 бо ГОСПАД, Бог твой, ёсьць агонь зьнішчальны, Бог зайздросны.

25 Калі вы народзіце сыноў і ўнукаў і дажывяцё да старасьці ў зямлі гэтай, і спаганіцеся, і зробіце сабе статуі, нейкія выявы, і зробіце тое, што ліхім ёсьць у вачах ГОСПАДА, Бога вашага, і будзеце гнявіць Яго,

26 я бяру сёньня неба і зямлю за сьведкаў супраць вас, што хутка будзеце выгубленыя з зямлі, у якую вы пераходзіце праз Ярдан, каб атрымаць яе. Ня будуць доўгімі дні [вашыя] на ёй, бо зьнішчыць вас [Госпад].

27 І расьцярушыць вас ГОСПАД сярод народаў, і няшмат з вас застанецца сярод народаў, да якіх выселіць вас ГОСПАД.

28 І там вы будзеце служыць багам, якія зробленыя рукамі людзей, дрэву і камяню, якія ня бачаць і ня чуюць, не ядуць і ня адчуваюць паху.

29 І там будзеш шукаць ГОСПАДА, Бога твайго, і зной­дзеш Яго, калі будзеш шу­каць Яго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёй.

30 У горы тваім спаткаюць цябе ў апошнія дні ўсе гэтыя словы, і ты вернешся да ГОСПАДА, Бога твайго, і будзеш слухаць голас Ягоны,

31 бо ГОСПАД, Бог твой, — Бог міласэрны, Ён не пакіне цябе, і ня зьнішчыць, і не забудзецца пра запавет з бацькамі тваімі, які заключыў з імі.

32 Спытайся ў дзён старадаўніх, якія былі перад табой ад дня, калі стварыў Бог чалавека на зямлі, і ад края неба да края неба, ці было нешта такое, як гэтая справа вялікая, і ці было чутно пра штосьці падобнае?

33 Ці які народ чуў голас Бога, Які прамаўляў з сярэдзіны агню, які ты чуў, і застаўся жывым?

34 Або ці спрабаваў які бог прыйсьці і выбраць сабе народ спасярод [іншых] народаў праз выпрабаваньні, знакі, цуды і войны, рукою моцнаю і рамяном узьнятым праз жахі вялікія, як усё, што зрабіў вам ГОСПАД, Бог ваш, у Эгіпце на вачах тваіх?

35 Ты бачыў [гэта], каб даведаўся, што ГОСПАД ёсьць Бог, і акрамя Яго няма іншага.

36 Ён даў табе з неба чуць голас Свой, каб навучыць цябе; на зямлі Ён даў табе ўбачыць агонь Свой вялікі, і Ты чуў словы Ягоныя з сярэдзіны агню.

37 І Ён палюбіў бацькоў тваіх, і выбраў насеньне іхняе пасьля іх, і вывеў цябе перад абліччам Сваім з Эгіпту сілаю Сваёю вялікаю,

38 каб выгнаць перад табой народы большыя і мацнейшыя за цябе і каб увесьці цябе ў зямлю іхнюю, і даць табе яе ў спадчыну, як ты гэта сёньня [бачыш].

39 Дык пераканайся сёньня і вазьмі ў сэрца тваё, што ГОСПАД ёсьць Бог у небе высока і на зямлі нізка, і няма іншага.

40 І захоўвай пастановы Ягоныя і прыказаньні Ягоныя, якія сёньня я загадваю табе, каб добра было табе і сынам тваім пасьля цябе і каб былі доўгія дні твае на зямлі, якую ГОСПАД, Бог твой, дае табе».

41 І вызначыў Майсей тры га­рады за Ярданам на ўсход сонца,

42 каб туды мог уцячы забойца, які забіў бліжняга свайго ненаўмысна, і ён ня меў яго ў нянавісьці ані ўчора, ані пазаўчора, і каб уцёк у адзін з гарадоў гэтых, і застаўся жыць.

43 [Гэта] Бэцэр у пустыні на раўніне для [сыноў] Рубэна, Рамот у Гілеадзе для [сыноў] Гада, і Галян у Башане для [сыноў] Манасы.

44 Такі вось закон даў Майсей сынам Ізраіля;

45 гэта сьведчаньні, пастановы і прысуды, якія абвясьціў ён сынам Ізраіля пасьля выхаду іхняга з Эгіпту

46 за Ярданам у даліне насуп­раць Бэт-Пэору, у зямлі Сыгона, валадара Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне, якога зьнішчыў Майсей і сыны Ізраіля пасьля выхаду з Эгіпту.

47 І завалодалі яны зямлёй ягонай і зямлёй Ога, валадара Башану, двух валадароў Амарэйскіх, якія жылі за Ярданам на ўсход сонца;

48 ад Араэру, які на беразе ручая Арнон, аж да гары Сырыён, значыць Гермон,

49 і ўсю Арабу за Ярданам на ўсходзе, аж да Мора Арабы каля падножжа гары Пісга.

 

Разьдзел 5

1 І склікаў Майсей усяго Ізраіля, і сказаў ім: «Слухай, Ізраіль, пастановы і прысуды, якія я сёньня прамаўляю ў вушы вашыя, каб вы навучыліся ім і каб захоўвалі іх і выконвалі іх.

2 ГОСПАД, Бог наш, заключыў запавет з намі на Харэве.

3 Не з бацькамі нашымі заключыў Ён запавет гэты, але з намі, якія тут сёньня ўсе жывём.

4 Абліччам да аблічча гаварыў з вамі ГОСПАД на гары з сярэдзіны агню.

5 У той час я стаяў між ГОСПАДАМ і вамі, каб вам абвясьціць слова ГОСПАДА, бо вы баяліся агню і не ўзыйшлі на гару, калі Ён казаў:

6 “Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.

7 Ня будзеш мець іншых багоў перад абліччам Маім.

8 Не рабі сабе статуі і ніякай выявы таго, што на небе высока і што на зямлі нізка, і што ў вадзе ніжэй зямлі.

9 Ня будзеш пакланяцца ім і ня будзеш служыць ім, бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Бог зайздросны, Які карае за беззаконьні бацькоў дзяцей да трэцяга і чацьвёртага [пакаленьня] тых, што ненавідзяць Мяне,

10 і Які чыніць міласэрнасьць тысячам [пакаленьняў] тых, што любяць Мяне і захоўваюць прыказаньні Мае.

11 Не ўжывай імя ГОСПАДА, Бога твайго, для марноты, бо ГОСПАД не пакіне без пакараньня таго, хто гаворыць імя Ягонае для марноты.

12 Захоўвай дзень супачынку, каб сьвяціць яго, як загадаў табе ГОСПАД, Бог твой.

13 Шэсьць дзён будзеш працаваць і будзеш рабіць усю работу тваю,

14 а дзень сёмы — супачынак для ГОСПАДА, Бога твайго. Ня будзеш рабіць аніякай работы ты і сын твой, і дачка твая, і слуга твой, і служка твая, і вол твой, і асёл твой, і ўся жывёла твая, і прыха­дзень, які ў брамах тваіх, каб адпачыў слуга твой і служка твая, як і ты.

15 І памятай, што ты быў нявольнікам у зямлі Эгіпецкай, і што вывеў цябе адтуль ГОСПАД, Бог твой, рукою моц­наю і рамяном узьнятым, і таму загадаў табе ГОСПАД, Бог твой, адзначаць дзень супачынку.

16 Шануй бацьку твайго і маці тваю, як загадаў табе ГОСПАД, Бог твой, каб працягнуліся дні твае і добра табе было на зямлі, якую ГОСПАД, Бог твой, дае табе.

17 Не забівай [як забойца].

18 Не чужалож.

19 Не крадзі.

20 Ня сьведчы супраць бліжняга твайго сьведчаньнем фальшывым.

21 Не жадай жонкі бліжняга твайго, і не жадай ані дому бліжняга твайго, ані поля ягонага, ані слугі ягонага, ані служкі ягонай, ані вала ягонага, ані асла ягонага, ані нечага з таго, што ў бліжняга твайго”.

22 Словы гэтыя прамовіў ГОСПАД да ўсёй царквы вашай на гары, з сярэдзіны агню і хмары, і змроку голасам моцным, і нічога больш не гаварыў; і напісаў гэта на двух табліцах каменных, якія даў мне.

23 І вось, калі пачулі вы голас спасярод цемры і калі ўбачылі гару, якая гарэла агнём, падыйшлі да мяне ўсе галовы каленаў вашых і старшыні,

24 і сказалі мне: “Вось, зьявіў нам ГОСПАД, Бог наш, славу Сваю і веліч Сваю. Мы чулі голас Ягоны з сярэдзіны агню і пераканаліся сёньня, што Бог можа прамовіць да чалавека, і ён застанецца жывы.

25 Але цяпер навошта мы маем паміраць? Бо праглыне нас гэты агонь вялікі; калі мы яшчэ будзем слухаць голас ГОСПАДА, Бога нашага, мы паўміраем.

26 Бо хто з тых, якія чулі, як мы, голас Бога Жывога, Які прамаўляе з сярэдзіны агню, і застаўся жывым?

27 Ты сам падыйдзі і выслухай усё, што скажа ГОСПАД, Бог наш, і ты перакажаш нам усё, што скажа табе ГОСПАД, Бог наш, і мы выслухаем, і зробім [гэта]”.

28 І пачуў ГОСПАД голас словаў вашых да мяне, і сказаў мне ГОСПАД: “Я чуў голас словаў народу гэтага, што яны казалі табе. Усё добра яны казалі.

29 Хто дасьць ім, каб засталося ў сэрцы іхнім, каб яны баяліся Мяне і захоўвалі ўсе прыказаньні Мае ўсе дні, каб добра ім было і сынам іхнім на вякі?

30 Ідзі і скажы ім: «Вярніцеся ў намёты вашыя».

31 А ты застанься тут са Мною, і Я скажу табе ўсе прыказаньні, пастановы і прысуды, якім ты навучыш іх, і яны будуць выконваць іх у зямлі, якую Я дам ім на ўласнасьць”.

32 Дык захоўвайце і выконвайце тое, што загадаў вам ГОСПАД, Бог ваш, і не адхіляйцеся ані ўправа, ані ўлева.

33 У-ва ўсім ідзіце дакладна тым шляхам, які загадаў вам ГОСПАД, Бог ваш, каб вы жылі і былі шчасьлівыя, і каб доўгімі былі дні вашыя на зямлі, якую атрымаеце.

 

Разьдзел 6

1 І вось прыказаньні, пастановы і прысуды, якія загадаў ГОСПАД, Бог ваш, каб навучыць вас, каб вы выконвалі іх у зямлі, у якую вы ідзіцё, каб узяць яе на ўласнасьць,

2 каб ты баяўся ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўваў усе прыказаньні і загады Ягоныя, якія я загадваю табе, сынам тваім і сынам сыноў тваіх на ўсе дні жыцця твайго, каб даўгавечныя былі дні твае.

3 Слухай, Ізраіль, і захоўвай, і выконвай іх, каб добра табе было, і ты вельмі памножыўся ў зямлі, якая ацякае малаком і мёдам, як прамаўляў да цябе ГОСПАД, Бог бацькоў тваіх.

4 Слухай, Ізраіль! ГОСПАД, Бог наш, — ГОСПАД адзіны.

5 Любі ГОСПАДА, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй і ўсёй моцай тваёю.

6 Гэтыя словы, якія я загадваю табе сёньня, няхай будуць у сэрцы тваім.

7 Паўтарай іх дзецям тваім, гавары іх, седзячы ў доме тваім, ідучы па дарозе, калі засынаеш і калі прачынаешся.

8 Прывяжы іх як знак да рукі сваёй, няхай будуць яны павязкаю над вачыма тваімі.

9 Напішы іх на дзьвярах дому твайго і на брамах тваіх.

10 Калі ўвядзе цябе ГОСПАД, Бог твой, у зямлю, якую запрысяг бацькам тваім, Абрагаму, Ісааку і Якубу, калі дасьць табе гарады вялікія і добрыя, якіх ты не будаваў,

11 дамы, поўныя ўсякіх багацьцяў, якіх ты не зьбіраў, выкапаныя студні, якіх ты не капаў, вінаграднікі і аліўкавыя сады, якіх ты не садзіў, калі будзеш есьці і наясіся,

12 сьцеражыся, каб не забыўся ты пра ГОСПАДА, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.

13 ГОСПАДА, Бога твайго, бойся, і Яму служы, і Ягоным імем прысягай.

14 Не ідзі за багамі чужымі, за багамі народаў, якія навакол цябе,

15 бо ГОСПАД, Бог твой, Які ёсьць пасярод цябе, — Бог зай­здросны. [Сьцеражыся], каб не ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА, Бога твайго, на цябе і каб ня сьцёр Ён цябе з аблічча зямлі.

16 Не выпрабоўвайце ГОСПАДА, Бога вашага, як вы выпрабоўвалі ў Масе.

17 Захоўваючы, захоўвайце прыказаньні ГОСПАДА, Бога вашага, і сьведчаньні Ягоныя, і пастановы Ягоныя, якія Ён загадаў вам;

18 і рабі тое, што належыцца і што добрае ў вачах ГОСПАДА, каб было табе добра і ты ўвайшоў і ўспадкаеміў зямлю добрую, якую запрысяг ГОСПАД бацькам тваім,

19 каб выгнаў Ён усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, як прамовіў ГОСПАД.

20 Калі спытаецца цябе ў будучыні сын твой, кажучы: “Што гэта за сьведчаньні, пастановы і прысуды, якія загадваў вам ГОСПАД, Бог наш?”,

21 ты скажаш сыну твайму: “Былі мы нявольнікамі ў фараона ў Эгіпце, але вывеў нас ГОСПАД з Эгіпту рукою моцнаю,

22 і чыніў цуды і знакі вялікія і жудасныя ў Эгіпце супраць фараона і ўсяго дому ягонага на вачах нашых,

23 і вывеў нас адтуль, каб увесьці нас у зямлю, якую запрысяг бацькам нашым даць нам.

24 І загадаў нам ГОСПАД, каб мы выконвалі ўсе пастановы гэтыя і баяліся ГОСПАДА, Бога нашага, і каб добра нам было ўсе дні жыцьця нашага, як [гэта ёсьць] сёньня.

25 І будзе праведнасьць нашая ў тым, што мы будзем захоўваць і выконваць усе прыказаньні гэтыя перад абліччам ГОСПАДА, Бога нашага, як Ён нам загадаў”.

 

Разьдзел 7

1 Калі ГОСПАД, Бог твой, увядзе цябе ў зямлю, у якую ідзеш, каб завалодаць ёю, Ён выганіць перад табой шматлікія народы, Хетаў і Гіргашэяў, Амарэйцаў, Хананейцаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў, сем народаў, большых і дужэйшых за цябе.

2 ГОСПАД, Бог твой, аддасьць іх табе, і ты выгубіш іх, і пакладзеш на іх закляцьце, і не заключыш з імі запавет, і ня зьлітуешся над імі.

3 Ня будзеш з імі мець сужонстваў; сынам іхнім не аддасі за жонку дачкі сваёй і ня возьмеш ад іх дачкі для сына свайго,

4 бо яны адцягнуць сыноў тваіх ад Мяне, каб служыць багам чужым. І ўзгарыцца гнеў ГОСПАДА на вас, і Ён хутка вас зьнішчыць.

5 Але так маеце зрабіць з імі: ахвярнікі іхнія разбурыце, слупы іхнія скрышыце, астартаў іхніх пасячыце, а статуі спаліце агнём.

6 Бо ты — народ, пасьвячоны ГОСПАДУ, Богу твайму. Цябе выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб быў ты выбраным народам Ягоным з усіх народаў, якія жывуць на абліччы зямлі.

7 ГОСПАД выбраў вас і ўпадабаў вас не таму, што вы перавышаеце лікам усе народы, бо з усіх народаў вы найменшыя,

8 але таму, што ГОСПАД любіць вас і захаваў прысягу, якою прысягнуў бацькам вашым, і Ён вывеў вас рукою моцнаю, і вызваліў вас з дому няволі, з рукі фараона, валадара Эгіпецкага.

9 І ведай, што ГОСПАД, Бог твой, ёсьць Бог, Бог верны, Які захоўвае запавет і міласэр­насьць тым, якія любяць Яго, і тым, якія захоўваюць прыказаньні Ягоныя, на тысячы пакаленьняў,

10 і аднагароджвае тым, якія ненавідзяць Яго, так, каб зьні­шчыць іх, і безадкладна адплочвае тым, якія ненавідзяць Яго.

11 Дык захоўвай прыказаньні, пастановы і прысуды, якія я сёньня загадваю табе, каб ты выконваў.

12 Калі вы будзеце слухаць прысуды гэтыя, і захоўваць іх, і выконваць іх, ГОСПАД, Бог твой, захавае для цябе запавет і міласэрнасьць, якія запрысяг бацькам тваім,

13 і будзе любіць цябе, і дабраславіць цябе, і памножыць, і дабраславіць плод жывата твайго, і плод зямлі тваёй, і збожжа тваё, збор вінаграду твайго і алею твайго, і нараджэньне быдла твайго, прыплод авечак тваіх у зямлі, якую запрысяг бацькам тваім, што дасьць табе.

14 Дабраслаўлёны ты будзеш больш за ўсе народы. Ня будзе ў цябе бясплоднага і бясплоднай, як у людзей, так і ў жывёлы тваёй.

15 Ухіліць ад цябе ГОСПАД усякую немач, і страшныя хваробы Эгіпецкія, якія ты ведаў, не спашле на цябе, але дасьць іх тым, якія ненавідзяць цябе.

16 Ты выгубіш усе народы, якія дае табе ГОСПАД, Бог твой. Няхай не пашкадуе іх вока тваё, і ня будзеш служыць багам іхнім, каб ня сталіся яны табе пасткаю.

17 Калі скажаш у сэрцы тваім: “Народы гэтыя большыя лікам за мяне, не змагу іх выгубіць”,

18 ня бойся іх, але памятай, што зрабіў ГОСПАД, Бог твой, фараону і ўсім Эгіпцянам;

19 вялікія кары, якія бачылі вочы твае, і знакі, і цуды, і руку моцную, і рамяно ўзьнятае, якімі вывеў цябе ГОСПАД, Бог твой. Так зробіць ГОСПАД, Бог твой, усім народам, якіх ты баішся.

20 І спашле на іх ГОСПАД, Бог твой, шэршанёў, пакуль не загінуць тыя, што засталіся, якія схаваліся перад абліччам тваім.

21 Ня бойся іх, бо ГОСПАД, Бог твой, пасярод цябе, Бог вялікі і страшны.

22 ГОСПАД, Бог твой, бу­дзе прыбіраць народы гэтыя перад табою памалу. Ня зьнішчыць іх хутка, каб не памножыліся супраць цябе зьвяры палявыя.

23 І аддасьць іх табе ГОСПАД, Бог твой, і будзе іх трывожыць вялікай трывогай, аж пакуль ня будуць вынішчаныя.

24 У рукі твае аддасьць Ён валадароў іхніх, і ты сатрэш імёны іхнія з-пад неба; ніхто [з іх] не ўстаіць перад абліччам тваім, пакуль ня выгубіш іх.

25 Выявы багоў іхніх спаліш агнём. Не пажадай срэбра і золата, якое на іх, і не бяры сабе, каб яно не зьвяло цябе, бо гэта брыдота для ГОСПАДА, Бога твайго.

26 Ніякай брыдоты не ўнясеш у дом твой, і ня будзеш ты закляцьцем, як яно. Пагарджаючы, будзеш пагарджаць і, брдзячыся, будзеш брыдзіцца гэтым, бо яно заклятае.

 

Разьдзел 8

1 Усе прыказаньні, якія я загадваю табе сёньня, захоўвайце і выконвайце, каб вы жылі, і памножыліся, і ўвайшлі, і авалодалі зямлёю, якую запрысяг ГОСПАД бацькам вашым.

2 І памятай увесь шлях, якім вёў цябе ГОСПАД, Бог твой, сорак гадоў праз пустыню, каб зьмяніць цябе і выспрабаваць цябе, і даведацца, што ў сэрцы тваім, ці будзеш ты захоўваць прыказаньні Ягоныя, ці не.

3 Ён выпрабоўваў цябе голадам і карміў цябе маннай, якой ня ведаў ты і ня ведалі бацькі твае, каб даць зразумець табе, што ня толькі хлебам жыве чалавек, але кожным [словам], якое выходзіць з вуснаў ГОСПАДА, будзе жыць чалавек.

4 Аадзеньне тваё ня нішчылася на табе, і нага твая ня пухла ўсе гэтыя сорак гадоў.

5 Дык зразумей у сэрцы тваім, што як бацька выхоўвае сына свайго, так ГОСПАД, Бог твой, выхоўваў цябе,

6 і захоўвай прыказаньні ГОСПАДА, Бога твайго, каб ха­дзіць шляхам Ягоным і мець страх перад Ім.

7 Бо ГОСПАД, Бог твой, завядзе цябе ў зямлю добрую, зямлю ручаёў і водаў, рэкаў і крыніцаў, што выбіваюцца ў далінах і на гарах,

8 у зямлю пшаніцы і ячменю, вінаграду і дрэваў фігавых і гранатовых, у зямлю алівак, алею і мёду,

9 у зямлю, дзе без ніякай нястачы будзеш есьці хлеб і нічога ня будзе бракаваць табе ў ёй; у зямлю, у якой камяні — жалеза, а з гор ейных будзеш здабываць медзь.

10 І будзеш ты есьці, і насыцішся, і будзеш дабраслаўляць ГОСПАДА, Бога твайго, за зямлю добрую, якую Ён даў табе.

11 Сьцеражыся, каб не забыўся ты пра ГОСПАДА, Бога твайго, і каб не занядбаў прыказаньні Ягоныя, прысуды Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня.

12 Калі наясіся і насыцішся, пабудуеш сабе прыгожыя дамы і ў іх будзеш жыць,

13 і памножыцца быдла тваё і авечкі твае, і памножыцца ў цябе срэбра і золата, і па­множыцца ўсё, што ты маеш,

14 тады ўзганарыцца сэрца тваё і ты забудзешся пра ГОСПАДА, Бога твайго, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.

15 Ён правёў цябе праз пустыню вялікую і страшную, у якой былі атрутныя зьмеі і скарпіёны, зямля сухая і бязводз­ьдзе. Ён вывеў табе ваду са скалы цьвёрдай,

16 Ён карміў цябе ў пустыні маннай, якой ня ведалі бацькі твае, каб цябе загартаваць і выспрабаваць цябе, каб даць табе добрае ў будучыні тваёй.

17 І не кажы ў сэрцы тваім: “Сіла мая і моц рукі маёй учынілі ўсё гэтае багацьце для мяне”,

18 але памятай ГОСПАДА, Бога твайго, што Ён даў табе сілы, каб ты здабыў багацьце, што Ён споўніў запавет Свой, які запрысяг бацькам тваім, як [гэта ёсьць] сёньня.

19 А калі забываючыся, ты забудзешся пра ГОСПАДА, Бога твайго, і пойдзеш за багамі чужымі, і будзеш ім служыць і будзеш пакланяцца ім, я папярэджваю вас сёньня, што гінучы, загінеце.

20 Як тыя народы, якія ГОСПАД зьнішчыў перад абліччам вашым, так і вы загінеце, калі ня будзеце слухаць голас ГОСПАДА, Бога вашага.

 

Разьдзел 9

1 Слухай, Ізраіль, ты сёньня маеш перайсьці праз Ярдан, каб увайсьці і завалодаць народамі большымі і мацнейшымі за цябе, гарадамі вялікімі і ўмацаванымі аж пад неба,

2 народам вялікім і высокім, сынамі Анака, якіх ты ведаеш і пра якіх ты чуў: «Хто можа супрацівіцца сынам Анака?»

3 Дык ведай, што сёньня ГОСПАД, Бог твой, пяройдзе перад абліччам тваім, як агонь палючы. Ён зьнішчыць іх і паваліць іх перад абліччам тваім, і ты хутка выганіш іх і зьнішчыш іх, як ГОСПАД прамовіў да цябе.

4 Не кажы ў сэрцы тваім, калі ГОСПАД, Бог твой, выганіць іх перад абліччам тваім, кажучы: “Дзеля праведнасьці маёй увёў мяне ГОСПАД, каб завалодаў я зямлёю гэтаю”, бо дзеля злачынства народаў гэтых выганяе іх ГОСПАД перад абліччам тваім.

5 Ня дзеля праведнасьці тваёй і ня дзеля шчырасьці сэрца твайго ўваходзіш ты, каб завалодаць зямлёю іхняй, але за бязбожнасьць народаў гэтых ГОСПАД, Бог твой, выганяе іх перад абліччам тваім, каб споўніць слова, якое Ён абяцаў бацькам тваім, Абрагаму, Ісааку і Якубу.

6 Дык ведай, што не дзеля праведнасьці тваёй ГОСПАД, Бог твой, даў табе гэтую добрую зямлю на ўласнасьць, бо ты — народ з цьвёрдым каркам.

7 Памятай і не забывайся, як гнявіў ты ГОСПАДА, Бога твайго, у пустыні. З таго дня, як выйшаў ты з Эгіпту і аж пакуль прыйшлі ў гэтае месца, вы працівіліся ГОСПАДУ.

8 І на Харэве вы гнявілі ГОСПАДА, і разгневаўся ГОСПАД на вас, і хацеў зьнішчыць вас.

9 Калі я ўзыйшоў на гару, каб атрымаць табліцы каменныя, табліцы запавету, які заключыў ГОСПАД з вамі, я быў на гары сорак дзён і сорак начэй, ня еў хлеба і ня піў вады.

10 І даў мне ГОСПАД дзьве табліцы каменныя, запісаныя пальцам Бога, на якіх былі ўсе словы, якія да вас прамовіў ГОСПАД на гары з сярэдзіны агню ў дзень супольнага сходу.

11 Калі мінула сорак дзён і сорак начэй, даў мне ГОСПАД дзьве табліцы каменныя, табліцы запавету,

12 і сказаў мне ГОСПАД: “Устань і зыйдзі адсюль з гары, бо саграшыў народ твой, які вывеў ты з Эгіпту; хутка зыйшлі з дарогі, якую Я загадаў ім, і зрабілі сабе ідала”.

13 І сказаў ГОСПАД мне, кажучы: “Бачу гэты народ, і вось, гэта народ з цьвёрдым каркам.

14 Пакінь Мяне! І Я зьнішчу іх, і сатру імя іхняе з-пад неба, а з цябе Я зраблю народ дужэйшы і большы за гэты”.

15 І я павярнуўся, і зыйшоў з гары, а гара палала агнём, і дьзве табліцы каменныя ў абедзьвух руках маіх.

16 І я ўбачыў, і вось, вы саграшылі супраць ГОСПАДА, Бога вашага, і зрабілі сабе літае цяля, і хутка зыйшлі са шляху, які ГОСПАД загадаў вам.

17 І схапіў я абедзьве табліцы, і кінуў іх з рук маіх, і разьбіў іх на вачах вашых.

18 І я ляжаў перад абліччам ГОСПАДА як раней, сорак дзён і сорак начэй, ня еў хлеба і ня піў вады дзеля ўсіх грахоў вашых, якіх вы дапусьціліся, чынячы зло ў вачах ГОСПАДА, і змусілі Яго да гневу,

19 бо я баяўся ярасьці і гневу, якім разгневаўся ГОСПАД, каб зьнішчыць вас. І выслухаў мяне ГОСПАД у гэты раз.

20 І на Аарона быў ГОСПАД надта разгневаны, і хацеў забіць яго, і я маліўся за Аарона ў той час.

21 А грэх ваш, які вы ўчынілі, цяля літае, я, схапіўшы, спаліў агнём, і разьбіў, і сьцёр на дробны пыл, і кінуў у ручай, які сьцякаў з гары.

22 І ў Табэры, і ў Масе, і ў Кіброт-Гаттаве вы спакушалі ГОСПАДА.

23 І калі пасылаў вас ГОСПАД з Кадэш-Барнэа, кажучы: “Ідзіце і авалодайце зямлёй, якую Я даў вам”, вы супрацівіліся [слову] з вуснаў ГОСПАДА, Бога вашага, і не паверылі Яму, і не паслухалі голасу Ягонага.

24 Вы заўсёды працівіліся ГОСПАДУ, ад дня, як я стаў ве­даць вас.

25 Сорак дзён і сорак начэй я ляжаў перад абліччам ГОСПАДА і маліў Яго, бо ГОСПАД сказаў, што зьнішчыць вас.

26 І я маліўся ГОСПАДУ, і казаў: “Госпадзе ГОСПАДЗЕ, не губі народ Твой і спадчыну Тваю, якую адкупіў Ты веліччу Тваёй, якую Ты вывеў з Эгіпту рукою моцнаю.

27 Памятай слугаў Тваіх, Абрагама, Ісаака і Якуба; і не глядзі на закамянеласьць народу гэтага і на бязбожнасьць ягоную, і на грахі ягоныя,

28 каб не казалі ў зямлі, з якой Ты вывеў нас: «Ня мог ГОСПАД увесьці іх у зямлю, якую абяцаў ім. З нянавісьці да іх вывеў Ён іх, каб памерлі ў пустыні».

29 А яны — народ Твой і спадчына Твая, тыя, якіх Ты вывеў сілаю Тваёй вялікаю і рамяном Тваім узьнятым”.

 

Разьдзел 10

1 У гэты час сказаў мне ГОСПАД: “Вычашы сабе дзьве табліцы каменныя, падобныя да першых, і ўзыйдзі да Мяне на гару, і зрабі таксама каўчэг з дрэва.

2 Я напішу на табліцах словы, якія былі на першых табліцах, якія ты разьбіў, і ты ўложыш іх у каўчэг”.

3 І я зрабіў каўчэг з дрэва акацыі, і вычасаў дзьве табліцы каменныя, падобныя да першых, і ўзыйшоў на гару, [маючы] ў руках дзьве табліцы.

4 І напісаў [Госпад] на табліцах падобна, як раней напісаў, Дзесяць Словаў, якія прамовіў ГОСПАД на гары з сярэдзіны агню ў дзень супольнага сходу. І даў мне іх ГОСПАД.

5 І я разьвярнуўся, і зыйшоў з гары, і палажыў табліцы ў каўчэг, які зрабіў; і яны засталіся там, як мне загадаў ГОСПАД.

6 А сыны Ізраіля выйшлі з Бээроту сыноў Яакана ў Масэру. Там памёр Аарон і быў пахаваны, а Элеазар, сын ягоны, стаў сьвятаром замест яго.

7 Адтуль мы прыйшлі ў Гудгоду, а з Гудгоды — у Ётбату, у зямлю ручаёў водных.

8 У гэты час ГОСПАД аддзяліў калена Левія, каб яны насілі Каўчэг Запавету ГОСПАДА і каб стаялі перад абліччам ГОСПАДА і служылі Яму, і дабраслаўлялі ў імя Ягонае па сёньняшні дзень.

9 Дзеля таго Левій ня мае часткі [зямлі], ані спадчыны паміж братоў сваіх, бо спадчына ягоная — ГОСПАД, як прамовіў да яго ГОСПАД, Бог твой.

10 І я стаяў на гары, як у ранейшыя дні, сорак дзён і сорак начэй, і таксама ў гэты раз выслухаў мяне ГОСПАД, і не захацеў ГОСПАД выгубіць цябе.

11 І сказаў ГОСПАД мне: “Устань, ідзі і ачольвай народ, каб яны пайшлі і завалодалі зямлёй, якую Я запрысяг бацькам іхнім, каб даць ім”.

12 І цяпер, Ізраіль, чаго жадае ад цябе ГОСПАД, Бог твой? Каб ты баяўся ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзіў усімі шляхамі Ягонымі, любіў Яго і служыў ГОСПАДУ, Богу твайму, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй,

13 каб выконваў ты прыказаньні ГОСПАДА і пастановы Ягоныя, якія я сёньня загадваю табе, каб добра [было] табе.

14 Вось, ГОСПАДУ, Богу твайму, належыць неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што на ёй.

15 Толькі да бацькоў тваіх прыхінуўся ГОСПАД і палюбіў іх, і выбраў насеньне іхняе пасьля іх, выбраў вас з усіх народаў, як [гэта ёсьць] сёньня.

16 Дык абрэжце скуравінку сэрца вашага і не рабіце больш цьвёрдым карку вашага,

17 бо ГОСПАД, Бог ваш, — Бог багоў і Госпад гаспадароў, Бог вялікі, магутны і страшны, Які не глядзіць на аблічча, і не бярэ падарункі.

18 Ён дае суд сіраце і ўдаве, і любіць прыхадня, даючы яму хлеб і адзеньне.

19 І вы любіце прыхадня, бо і вы былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай.

20 ГОСПАДА, Бога твайго, бойся, Яму служы, да Яго туліся і на імя Ягонае прысягай.

21 Ён — хвала твая і Бог твой, Ён учыніў дзеля цябе вялікія і жудасныя [рэчы], якія бачылі вочы твае.

22 [Маючы] семдзясят душаў, зыйшлі бацькі твае ў Эгіпет, а цяпер памножыў цябе ГОСПАД, Бог твой, як зоркі ў небе.

 

Разьдзел 11

1 Любі ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўвай загады Ягоныя, і пастановы Ягоныя, і прысуды Ягоныя, і прыказаньні Ягоныя ўсе дні.

2 І вы ведаеце сёньня тое, чаго ня ведаюць сыны вашыя, якія ня бачылі караньня ГОСПАДА, Бога вашага, велічы Ягонай, і моцнай рукі Ягонай, і ўзьнятага рамяна Ягонага,

3 знакаў Ягоных і справаў Ягоных, якія Ён учыніў у Эгіпце над фараонам, валадаром Эгіпту, і над усёй зямлёй ягонай,

4 і што зрабіў Ён з усім войскам Эгіпецкім, конямі ягонымі і калясьніцамі ягонымі; калі нахлынулі на іх воды Мора Чырвонага перад абліччам іхнім, калі яны гналіся за вамі, і зьнішчыў іх ГОСПАД, і так ёсьць да сёньняшняга дня,

5 і што Ён зрабіў для вас у пустыні, пакуль вы не прыйшлі на месца гэтае,

6 і што Ён зрабіў Датану і Абіраму, сынам Эліява, сына Рубэна, якіх праглынула зямля, адкрыўшы пашчу сваю, дамы іхнія і намёты іхнія, і ўсе жывыя істоты, якія мелі спасярод усяго Ізраіля ішлі за імі.

7 Вочы вашыя бачылі ўсе вялікія справы ГОСПАДА, якія Ён учыніў,

8 каб вы захоўвалі ўсе прыказаньні, якія сёньня я загадваю вам, каб вы ўмацаваліся і ўвайшлі, і ўзялі на ўласнасьць зямлю, у якую ўваходзіце, каб авалодаць ёю,

9 і каб доўгія былі дні вашыя ў той зямлі, якую з прысягай абяцаў ГОСПАД бацькам вашым даць ім і насеньню іхняму, зямлю, якая ацякае малаком і мёдам.

10 Бо зямля, у якую ты ўваходзіш, каб авалодаць ёю, ня ёсьць такою, як зямля Эгіпецкая, з якой ты выйшаў, якую, укінуўшы зерне сваё, ты паліваў [працаю] ног тваіх, як у агародзе.

11 Зямля тая, у якую ты ўваходзіш, каб авалодаць ёю, — зямля гор і лагчынаў, якая п’е ваду з неба.

12 Гэта зямля, якою ГОСПАД, Бог твой, апякуецца, і вочы ГОСПАДА, Бога твайго, заўсёды зьвернуты на яе ад пачатку году аж да канца году.

13 “Дык калі ты будзеш слухаць прыказаньні Мае, якія сёньня Я загадваю вам, каб вы любілі ГОСПАДА, Бога вашага, і служылі Яму ўсім сэрцам вашым і ўсёю душой вашай,

14 Я дам зямлі вашай у свой час дождж раньні і дождж позьні, і ты зьбярэш збожжа тваё, і віно тваё, і алей твой.

15 І дам Я траву на палях тваіх для быдла твайго, і ты будзеш есьці і насыцішся”.

16 Сьцеражыцеся, каб не ашукалася сэрца вашае, каб не адыйшлі вы ад [Госпада], і не служылі чужым багам, і не пакланяліся ім,

17 бо запалае ГОСПАД гневам на вас, і зачыніць неба, і ня будзе дажджу, і зямля ня дасьць плёну свайго, і загінеце вы хутка на добрай зямлі, якую ГОСПАД дае вам.

18 І прыйміце гэтыя словы Мае ў сэрца вашае і ў душу вашую, і прывяжыце іх на знак на руку вашую, і няхай будуць яны павязкаю над вачыма вашымі.

19 І навучыце ім сыноў вашых, прамаўляючы іх ім, калі ты сядзіш у доме тваім, калі ты ідзеш дарогаю, калі ты кладзешся і калі ўстаеш.

20 І напішы іх на дзьвярах дому твайго і на брамах тваіх,

21 каб памножыліся дні твае і дні сыноў тваіх на зямлі, якую прысягнуў ГОСПАД бацькам тваім даць ім, як дні неба над зямлёй.

22 Калі будзеце захоўваць усе прыказаньні гэтыя, якія я загадваю вам, і будзеце выконваць іх, і будзеце любіць ГОСПАДА, Бога вашага, і бу­дзеце хадзіць усімі шляхамі Ягонымі, і будзеце туліцца да Яго,

23 ГОСПАД прагоніць перад вамі ўсе народы гэтыя, і вы авалодаеце народамі, якія большыя і дужэйшыя за вас.

24 Кожнае месца, на якое стане нага вашая, будзе вашым. Ад пустыні і да Лібана, ад вялікай ракі Эўфрат аж да Мора Заходняга будуць межы вашыя.

25 Ніхто не ўстаіць перад вамі, бо ГОСПАД, Бог ваш, навядзе страх і трывогу перад вамі на аблічча ўсёй зямлі, на якую вы ступіце, як Ён прамовіў да вас.

26 Глядзі, Я даю вам сёньня дабраславенства і праклён;

27 дабраславенства, калі будзеце слухаць прыказаньні ГОСПАДА, Бога вашага, якія я загадваю вам сёньня,

28 і праклён, калі ня будзеце слухаць прыказаньняў ГОСПАДА, Бога вашага, і зыйдзеце са шляху, які я загадваю вам сёньня, і пойдзеце за багамі чужымі, якіх ня ведаеце.

29 І станецца, калі ўвядзе цябе ГОСПАД, Бог твой, у зямлю, якую ты ідзеш атрымаць на ўласнасьць, ты абвясьці дабраславенства на гары Гарызім, а праклён — на гары Эваль.

30 Горы гэтыя за Ярданам, на шляху на захад сонца, у зямлі Хананейцаў, якія жывуць у Арабе насупраць Гільгалу, каля дубоў Марэ.

31 Бо вы пяройдзеце праз Ярдан, каб прыйсьці і завало­даць зямлёю, якую ГОСПАД, Бог ваш, дае вам, і возьмеце яе на ўласнасьць, і будзеце жыць на ёй.

32 Дык захоўвайце і выконвайце ўсе пастановы і прысуды, якія я даю вам сёньня.

 

Разьдзел 12

1 Гэта пастановы і прысуды, якія вы будзеце захоўваць і выконваць у зямлі, якую ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, даў вам, каб валодалі ёю ў-ва ўсе дні жыцьця вашага на зямлі.

2 Зьнішчэньнем зьнішчыце ўсе месцы, дзе народы, якімі вы авалодаеце, служылі багам сваім на гарах высокіх, на ўзгорках і пад кожным дрэвам зялёным.

3 Зруйнуйце ахвярнікі іхнія, скрышыце слупы іхнія, агнём спаліце астартаў іхніх, і паразьбівайце выявы багоў іхніх, і сатрыце імёны іхнія з месца гэтага.

4 Не рабіце так ГОСПАДУ, Богу вашаму,

5 але месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог ваш, з усіх каленаў вашых, каб там памясьціць імя Сваё і ў ім жыць, будзеце шукаць, і туды прыходзіць,

6 і туды будзеце прыносіць цэласпаленьні вашыя, ахвяры крывавыя вашыя, дзесяціны вашыя і дары рук вашых, і шлюбаваньні вашыя, і дабраахвотныя ахвяры вашыя, і першародных валоў вашых і авечак вашых.

7 Там, перад абліччам ГОСПАДА, Бога вашага, будзеце есьці вы і дамы вашыя і будзеце радавацца з усяго, што зрабілі рукі вашыя, у чым дабраславіў вас ГОСПАД, Бог ваш.

8 Ня будзеце там рабіць таго, што мы тут робім сёньня, калі кожны [робіць] усё, што слушнае ў вачах ягоных,

9 бо вы яшчэ не прыйшлі ў месца супачынку і да ўласнасьці, якую дае вам ГОСПАД, Бог ваш.

10 І вы пяройдзеце Ярдан, і абжывіцёся ў зямлі, якую дае вам ГОСПАД, Бог ваш, каб жылі ў супакоі ад усіх ворагаў навокал і жылі ў бясьпецы.

11 І будзе месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог ваш, каб у ім жыло імя Ягонае. Туды прыносьце ўсё, што я загадваю вам: цэласпаленьні вашыя, ахвяры крывавыя вашыя, дзесяціны вашыя, дары рук вашых і ўсе шлюбаваньні вашыя, якія вы абяцалі для ГОСПАДА.

12 І будзеце радавацца перад абліччам ГОСПАДА, Бога вашага, вы, і сыны вашыя, і дочкі вашыя, слугі вашыя і служкі вашыя, і лявіт, які ў брамах вашых, бо ня мае ён ані часткі, ані спадчыны паміж вамі.

13 Сьцеражыцеся, каб не складаць цэласпаленьняў тваіх на кожным месцы, якое ўбачыш.

14 Але на тое месца, якое выбраў ГОСПАД у адным з каленаў тваіх, занясеш усе ахвяры твае і зробіш усё, што я загадваю табе.

15 Але колькі зажадае душа твая будзеш забіваць [жывёлу] і есьці мяса паводле дабраславенства ГОСПАДА, Бога твайго, якое Ён дасьць табе ў-ва ўсіх брамах тваіх; чысты і нячысты можа есьці яго, як сарну і аленя.

16 Толькі крыві ня будзеш есьці; выльеш яе на зямлю, як ваду.

17 Ня будзеш есьці ў брамах тваіх дзесяціны збожжа твайго, віна твайго і алею твайго, першародных валоў тваіх і авечак тваіх, усяго шлюбаваньня твайго, якое ты абяцаў ГОСПАДУ, Богу твайму, ахвяраў дабраахвотных і дароў з рукі тваёй.

18 Але толькі перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, у месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, будзеш есьці іх ты і сын твой, і дачка твая, і слуга твой, і служка твая, і лявіт, які ў брамах тваіх; і будзеш радавацца перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, з усяго, што здабыла рука твая.

19 Сьцеражыся, каб не пакінуў ты лявіта ў-ва ўсе дні твае на зямлі тваёй.

20 Калі пашырыць ГОСПАД, Бог твой, межы твае, як Ён сказаў табе, і ты скажаш: «Хачу есьці мяса», калі зажадае душа твая есьці мяса, паводле прагненьня душы тваёй еш мяса.

21 Калі месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб там зьмя­сьціць імя Сваё, будзе далёка ад цябе, тады забі вала твайго і авечку тваю, якіх даў табе ГОСПАД, як я загадаў табе, і еш у брамах тваіх паводле прагненьня душы тваёй.

22 Як ясьцё сарну і аленя, так іх еш; чысты, і нячысты нароўні могуць гэта есьці.

23 Толькі будзь моцны, каб ня еў ты крыві; бо кроў ёсьць душа, і ты ня будзеш есьці душу разам з мясам.

24 Ня будзеш есьці яе, але вылі яе на зямлю, як ваду.

25 Ня будзеш есьці яе, каб было добра табе і сынам тваім пасьля цябе, калі будзеш рабіць тое, што слушна ў вачах ГОСПАДА.

26 Але тое, што пасьвяціў ты і шлюбаваў ГОСПАДУ, вазьмі і занясі на тое месца, якое выбраў ГОСПАД.

27 І ахвяруеш цэласпаленьні твае, мяса і кроў, на ахвярніку ГОСПАДА, Бога твайго; і кроў ахвяраў тваіх выльеш на ахвярніку ГОСПАДА, Бога твайго, а мяса зьясі.

28 Захоўвай і слухай усе словы гэтыя, якія я загадваю табе, каб было добра табе і сынам тваім пасьля цябе на вякі, калі будзеш рабіць тое, што добрае і што слушнае ў вачах ГОСПАДА, Бога твайго.

29 Калі ГОСПАД, Бог твой, выганіць перад табою народы, да якіх ты ідзеш, каб завалодаць імі, і ты завалодаеш імі, і абжывешся на зямлі іхняй,

30 сьцеражыся, каб не патрапіць у пастку з імі, калі яны будуць выгубленыя перад табою, і не шукаць багоў іхніх, кажучы: “Як служылі народы гэтыя багам сваім, так і я буду служыць ім”.

31 Не рабі гэтак ГОСПАДУ, Богу твайму, бо ўсё, чым брыдзіцца ГОСПАД і што ненавідзіць, яны багам сваім рабілі, нават сыноў сваіх і дачок сваіх у агні палілі для багоў сваіх.

31 Усе словы, якія я загадваю вам, захоўвайце і выконвайце. Не дадавайце да іх і не адымайце ад іх.

 

Разьдзел 13

1 Калі паўстане сярод цябе прарок або той, які сьніць сны, і пакажа табе знак або цуд.

2  і споўніцца той знак або цуд, які ён прадказаў, і скажа [той прарок]: “Пойдзем за іншымі багамі, якіх ты ня ведаеш, і будзем ім служыць”,

3 ня слухай словаў такога прарока або таго, які сьніць сны, бо выспрабоўвае вас ГОСПАД, Бог ваш, каб даведацца, ці ты любіш ГОСПАДА, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй.

4 За ГОСПАДАМ, Богам вашым, ідзіце і Яго бойцеся, і прыказаньні Ягоныя выконвайце, і слухайцеся голасу Ягонага, Яму служыце і да Яго туліцеся.

5 А прарок той або той, які сьніць сны, няхай будзе забіты, бо гаварыў, каб адвярнуць вас ад ГОСПАДА, Бога вашага, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай і вызваліў цябе з дому няволі, каб зьвесьці цябе з таго шляху, які табе загадаў ГОСПАД, Бог твой, каб ісьці па ім. І выкараніш зло з асяродзьдзя твайго.

6 Калі будзе намаўляць цябе брат твой, сын маці тваёй, або сын твой, або дачка твая, або жонка ўлоньня твайго, або сябра твой, якога [любіш], як душу сваю, таемна кажучы: “Хадзем і будзем служыць багам чужым”, якіх ані ты ня ведаеш, ані бацькі твае,

7 багам тых народаў, якія вакол цябе, блізкіх да цябе ці далёкіх ад цябе ад аднаго канца зямлі да другога канца зямлі,

8 ня слухай яго і не згаджайся з ім, і няхай ня літуецца вока тваё над ім, ня мей шкадаваньня, і не хавай [злачынства] ягонага,

9 але, забіваючы, забі яго. Рука твая няхай будзе першай, каб забіць яго, а рука ўсяго народу — пасьля [цябе].

10 Укамянуй яго камянямі, і ён памрэ, бо ён хацеў адцягнуць цябе ад ГОСПАДА, Бога твайго, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.

11 І ўвесь Ізраіль пачуе гэта, і будзе баяцца, і кіне рабіць гэткія рэчы, ліхоту ў асяродзь­дзі тваім.

12 Калі пачуеш у адным з гарадоў тваіх, якія ГОСПАД, Бог твой, дае табе на пражываньне, як нехта кажа:

13 “Выйшлі з асяродзьдзя твайго людзі, сыны Бэліяла, і яны зводзяць жыхароў гораду свайго, кажучы: «Хадзем і будзем служыць багам чужым, якіх ня ведаеце»”, —

14 тады распытай, і дасьледуй, і добра правер. І вось, праўду гаворыць слова гэтае і такую брыдоту робяць у асяродзьдзі тваім.

15 Тады, забіваючы, забі вострывам мяча жыхароў гораду гэтага і аддай закляцьцю яго і ўсё, што ў ім; і жывёлу ягоную [заб’еш] вострывам мяча.

16 А ўсю здабычу з яго зьбяры на сярэдзіну плошчы і спалі агнём горад і ўсю здабычы дашчэнту для ГОСПАДА, Бога твайго, і будзе ён у руінах на вякі, і не адбудуецца болей.

17 І няхай не прыліпне да рукі тваёй нічога з заклятага, каб ГОСПАД адвярнуў ярасьць гневу Свайго, і зьявіў табе літасьць, і зьлітаваўся над табой, і памножыў цябе, як Ён прысягнуў бацькам тваім,

18 калі будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, захоўваючы ўсе прыказаньні Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня, і робячы тое, што слушна ў вачах ГОСПАДА, Бога твайго.

 

Разьдзел 14

1 Вы — сыны ГОСПАДА, Бога вашага; ня будзеце рабіць нарэзы на скуры, і ня будзеце выстрыгаць валасоў над вачыма вашымі па памёршых,

2 бо ты — народ сьвяты для ГОСПАДА, Бога твайго, бо цябе выбраў ГОСПАД, каб ты стаўся выбраным народам Ягоным спасярод усіх народаў, якія на абліччы зямлі.

3 Ня будзеш есьці нічога паганага.

4 Вось зьвяры, якіх вы будзеце есьці: вол, ягня авечак і козаў,

5 алень, сарна, казуля, ланя, зубар, антылёпа, горны казёл.

6 І кожную жывёлу, якая мае разьдзеленыя капыты і на абодвух капытах глыбокі разрэз, і тую жывёлу, якая жуе жвайку, будзеце есьці.

7 Але ня будзеце есьці тых, якія жуюць жвайку і ня маюць разьдзеленыя капыты з глыбокім разрэзам: вярблюда, зайца і дамана, бо яны жуюць жвайку, але капыты ў іх не разьдзелены, яны для вас нячыстыя.

8 І сьвіньня, хоць капыты ў яе разьдзеленыя, але яна не жуе жвайку, будзе для вас нячыстай; мяса яе ня ешце і падліны не дакранайцеся.

9 З усяго, што ў вадзе, будзеце есьці ўсіх, якія маюць плаўнікі і луску.

10 А ўсё, што без плаўніка і лускі, ня будзеце есьці, бо яны для вас нячыстыя.

11 Усіх птушак чыстых будзеце есьці.

12 Спасярод [птушак] ня будзеце есьці: арла, грыфа і марскога арла,

13 каршука, сокала і каню паводле гатункаў іхніх,

14 і ўсякага крумкача паводле гатунку яго,

15 страуса, савы, чайкі і ястраба паводле гатункаў яго,

16 пугача, ібіса і лебедзя,

17 пэлікана, сыча і рыбалова,

18 чаплі, буслоў паводле гатункаў іхніх, удода і кажана.

19 Кожная жужла крылатая для вас нячыстая, ня будзеце яе есьці.

20 Усіх птушак чыстых будзеце есьці.

21 Ня будзеце есьці ніякай падліны. Дасі яе прыхадню, які ў брамах тваіх, і будзе есьці, або прадасі чужынцу, бо ты — народ сьвяты для ГОСПАДА, Бога твайго. Не вары казьляняці ў малацэ маці ягонай.

22 Давай дзесяціну з усіх пладоў насеньня твайго, з таго, што поле штогод родзіць.

23 І еш перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, на тым месцы, якое Ён выбраў, каб было там імя Ягонае, дзесяціну збожжа твайго, і віна твайго, і алею твайго, і першародных валоў тваіх і авечак тваіх, каб вучыўся ты баяцца ГОСПАДА, Бога твайго, у-ва ўсе дні.

24 Калі ж далёкай будзе дарога [твая] і ня зможаш гэта прынесьці, бо далёка ад цябе месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб там было імя Ягонае, і калі ГОСПАД, Бог твой, дабраславіў цябе,

25 тады памяняй гэта на срэбра, і вазьмі срэбра ў руку тваю, і ідзі на месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой,

26 і купляй там за гэта срэбра ўсё, чаго жадае душа твая, ці валоў, ці авечак, ці віно, ці сікеру, ці ўсё, чаго жадае душа твая; і будзеш есьці там перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, і будзеш весяліцца ты і дом твой.

27 І не пакідай лявіта, які ў брамах тваіх, бо ён ня мае ані часткі, ані спадчыны з табою.

28 Пад канец трэцяга году адлажы ўсе дзесяціны з пладоў тваіх году гэтага і пакінь у брамах тваіх.

29 І прыйдзе лявіт, бо ён ня мае ані часткі, ані спадчыны з табой, і прыхадзень, і сірата, і ўдава, якія ў брамах тваіх, і будуць яны есьці, і насыцяцца, каб дабраславіў цябе ГОСПАД, Бог твой, у кожнай працы рук тваіх, якую будзеш рабіць.

 

Разьдзел 15

1 У канцы сёмага году даруй даўгі.

2 Дараваньне даўгоў [палягае] на тым, што кожны пазыкадавец, які пазычыў бліжняму свайму з рукі сваёй, ня бу­дзе вымагаць звароту пазыкі ад бліжняга або брата свайго, бо абвешчана дараваньне даўгоў [на ўшанаваньне] ГОСПАДА.

3 Ад чужога будзеш вымагаць [звароту доўга], але што будзе тваё ў брата твайго, няхай даруе рука твая.

4 Не павінна быць у цябе ўбогага, бо ГОСПАД, дабраслаўляючы, дабраславіць цябе ў зямлі, якую ГОСПАД, Бог твой дае табе як спадчыну на ўласнасьць,

5 калі толькі будзеш слу­хаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўваць, і выконваць усе прыказаньні гэтыя, якія сёньня я загадваю табе.

6 Бо ГОСПАД, Бог твой, бу­дзе дабраслаўляць цябе, як абяцаў табе. І ты будзеш пазы­чаць шматлікім народам, а сам ня будзеш браць пазыкі; будзеш панаваць над шматлікімі народамі, а над табою [ніхто] ня бу­дзе панаваць.

7 Калі адзін з братоў тваіх, які ў адной з брамаў тваіх у зямлі тваёй, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, будзе ўбогім, не зацьвярдзі сэрца твайго і ня сьцісьні рукі тваёй перад убогім братам тваім,

8 але, адкрываючы, адкрый яму руку тваю і шчодра дай яму пазыку паводле патрэбы ягонай, што будзе патрэбна яму.

9 Сьцеражыся, каб не было ў сэрцы тваім слова нягоднага, кажучы: “Блізка сёмы год, год дараваньня даўгоў”, і ліхім вокам ты паглядзіш на ўбогага брата твайго, і не дасі яму [дапамогі], і ён будзе клікаць ГОСПАДА супраць цябе, і ты абцяжарышся грэхам.

10 Даючы, дай яму, і няхай не сумуе сэрца тваё, што даеш, бо за гэта будзе дабраслаўляць цябе ГОСПАД, Бог твой, у кожнай справе і ў кожнай працы, і ў кожным дзеяньні рук тваіх.

11 Бо будуць убогія ў зямлі гэтай. Дзеля гэтага я загадваю табе, кажучы: “Адкрываючы, адкрывай руку тваю брату твайму, які ў патрэбе, і ўбогаму, які ў зямлі тваёй”.

12 Калі прадасца табе брат твой, Гебрай або Гебрайка, няхай будзе нявольнікам шэсьць гадоў. У сёмы год выпусьціш яго вольным ад сябе.

13 Калі будзеш, вызваляючы, вызваляць яго, не адпусьціш яго з пустымі [рукамі].

14 Адорваючы, адаруеш яго і дасі яму з авечак тваіх, з току твайго і з тоўчні тваёй, якімі дабраславіў цябе ГОСПАД, Бог твой.

15 Памятай, што ты быў нявольнікам у зямлі Эгіпецкай, і вызваліў цябе ГОСПАД, Бог твой. Дзеля гэтага я загадваю табе гэта слова сёньня.

16 А станецца, што ён скажа табе: “Не адыйду ад цябе, бо люблю цябе і дом твой”, бо добра яму ў цябе.

17 Тады возьмеш шыла і праколеш вуха яму пры дзьвярах, і будзе ён табе служыць вечна, і падобна зробіш і з нявольніцай тваёй.

18 Няхай ня будзе прыкрым у вачах тваіх, што пускаеш яго свабодна ад цябе, бо служачы табе шэсьць гадоў, ён зарабіў табе падвойную плату найміта, а ГОСПАД, Бог твой, будзе дабраслаўляць цябе ў-ва ўсім, што робіш.

19 Усіх першародных мужчынскага роду, якія родзяцца ў валоў тваіх і авечак тваіх, маеш пасьвяціць ГОСПАДУ, Богу твайму. Ня будзеш працаваць першародным валом тваім і ня будзеш стрыгчы першароднага з авечак тваіх.

20 Штогод перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, у месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, будзеш есьці іх ты і дом твой.

21 Калі яно будзе мець загану, будзе сьляпое, кульгавае або з нейкім недахопам, ня зложыш такога ў ахвяру ГОСПАДУ, Богу твайму.

22 У брамах тваіх зьясі яго. Чысты і нячысты [чалавек] можа есьці яго, як сарну і аленя.

23 Толькі крыві іхняй ня будзеш есьці; выльлеш яе на зямлю, як ваду.

 

Разьдзел 16

1 Захоўвай месяц Авіў і сьвяткаваньне Пасхі ГОСПАДА, Бога твайго, бо ў месяцы Авіў вывеў цябе ГОСПАД, Бог твой, з Эгіпту ноччу.

2 І ахвяруеш ахвяру Пасхі ГОСПАДУ, Богу твайму, авечку ці цяля, у месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб было там імя Ягонае.

3 Ня будзеш есьці з ёю кіслае. Сем дзён будзеш есьці з ёю праснакі, хлеб бедаваньня, бо пасьпешліва выйшаў ты з зямлі Эгіпецкай, каб ты памятаў пра дзень выхаду твайго з зямлі Эгіпецкай усе дні жыцьця свайго.

4 Ня будзе бачна ў цябе кісьлі ў-ва ўсіх межах тваіх сем дзён. З мяса, якое будзе складзена ў ахвяру вечарам, у першы дзень, нічога няхай не застанецца праз ноч да раніцы.

5 Ня можаш складаць ахвяру Пасхі ў нейкай з брамаў тваіх, якія дае табе ГОСПАД, Бог твой,

6 але толькі ў тым месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб было там імя Ягонае, складзеш ахвяру Пасхі ўвечары пры захадзе сонца ў той самы час, калі выйшаў ты з Эгіпту.

7 І сьпячэш, і і будзеш есьці ў тым месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой; а раніцаю ўстанеш і вернешся ў намёты свае.

8 Шэсьць дзён будзеш есьці праснакі, а на сёмы дзень будзе ўрачысты сход на [ўшанаваньне] ГОСПАДА, Бога твайго, ня будзеш рабіць [аніякай] працы.

9 Адлічыш сабе сем тыдняў ад таго [дня], калі серп пачне [жаць] збожжа,

10 і будзеш сьвяткаваць сьвята Тыдняў на ўшанаваньне ГОСПАДА, Бога твайго, са шчодрымі дабраахвотнымі ахвярамі, якія ты дасі паводле таго, як дабраславіў цябе ГОСПАД, Бог твой.

11 І будзеш весяліцца перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, і ты, і сын твой, і дачка твая, і слуга твой, і служка твая, і лявіт, які ў брамах тваіх, і прыхадзень, і сірата, і ўдава, якія з табою ў месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб там было імя Ягонае.

12 І памятай, што ты быў нявольнікам у Эгіпце, і будзеш захоўваць і выконваць пастановы гэтыя.

13 Будзеш сьвяткаваць сьвята Намётаў сем дзён пасьля збору пладоў з току твайго і тоўчні тваёй.

14 І будзеш весяліцца ў сьвята тваё ты, і сын твой, і дачка твая, і слуга твой, і служка твая, і лявіт, і прыхадзень, і сірата, і ўдава, якія ў брамах тваіх.

15 Сем дзён будзеш сьвяткаваць [сьвяты] ГОСПАДУ, Богу твайму, у месцы, якое выбраў ГОСПАД; бо будзе дабраслаўляць цябе ГОСПАД, Бог твой, у-ва ўсіх пладах тваіх і ў-ва ўсякай працы рук тваіх, і будзеш поўны радасьці.

16 Тры разы ў год няхай зьявіцца кожны мужчына твой перад аблічча ГОСПАДА, Бога твайго, у месцы, якое Ён выбраў: на сьвята Праснакоў, на сьвята Тыдняў і на сьвята Намётаў. І [ніхто] няхай не прыходзіць перад аблічча ГОСПАДА з пустымі [рукамі].

17 Кожны няхай [прынясе] дар рукі сваёй паводле дабраславенства ГОСПАДА, Бога твайго, якое Ён дасьць табе.

18 Паставіш судзьдзяў і загадчыкаў працы ў-ва ўсіх брамах тваіх, якія дае табе ГОСПАД, Бог твой, для ўсіх каленаў тваіх, і будуць судзіць народ судом праведным.

19 Не крыві суду. Не глядзі на аблічча і не бяры падарункі, бо падарунак засьляпляе вочы мудрым і перакручвае словы праведных.

20 Да праведнасьці, да праведнасьці імкніся, каб ты жыў і ўспадкаеміў зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой.

21 Не садзі сабе гаёў з дрэваў каля ахвярніка ГОСПАДА, Бога твайго, які збудуеш сабе.

22 Ня стаў сабе слупы, якія ненавідзіць ГОСПАД, Бог твой.

 

Разьдзел 17

1 Не складай у ахвяру ГОСПАДУ, Богу твайму, авечку і вала, якія маюць загану або нейкі недахоп, бо брыдзіцца гэтым ГОСПАД, Бог твой.

2 Калі знойдзецца ў асяродзьдзі тваім, у адной з брамаў тваіх, якія дае табе ГОСПАД, Бог твой, мужчына або жанчына, якія зробяць тое, што ліхім будзе ў вачах ГОСПАДА, Бога твайго, і парушаць запавет Ягоны,

3 і пойдуць, і будуць служыць багам чужым, і будуць пакланяцца ім, ці сонцу, ці месяцу, ці ўсяму войску нябеснаму, што я забараніў табе,

4 і пра гэта паведамяць табе, ты выслухаеш і старанна дасьледуеш, і вось, гэта праўда, што такой брыдоты дапусьціліся ў Ізраілі.

5 Тады завядзеш таго мужчыну або жанчыну, якія дапусьціліся такой ліхой рэчы, да брамаў тваіх і ўкамянуеш іх камянямі, і яны памруць.

6 Паводле [словаў] з вуснаў двух або трох сьведкаў [вінаваты] сьмерцю памрэ; не памрэ паводле [словаў] з вуснаў аднаго сьведкі.

7 Рука сьведкаў будзе першай супраць яго, каб забіць [вінаватага], а потым рука ўсяго народу, і вынішчыш зло з асяродзьдзя твайго.

8 Калі цяжкая будзе для цябе справа суду паміж крывёй і крывёй, паміж спрэчкай і спрэчкай, паміж бойкай і бойкай, і будуць нязгодныя словы ў брамах тваіх, устань і пайдзі на месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой,

9 і прыйдзі да сьвятароў лявітаў і да судзьдзі, які будзе ў гэтыя дні, і спытайся ў іх, і яны паведамяць табе, слова прысуду.

10 І зрабі паводле слова, якое яны скажуць табе ў месцы, якое выбраў ГОСПАД, і намагайся, каб выканаць усё так, як яны навучаць цябе.

11 Паводле [слова] з вуснаў закону, якім яны навучаць, і паводле прысуду, які табе ска­жуць, зробіш. Не адхіляйся ад слова, якое паведамілі табе ані ўправа, ані ўлева.

12 А [чалавек], які з пыхлівасьці не паслухае сьвятара, які стаіць, каб спаўняць служэньне для ГОСПАДА, Бога твайго, або судзьдзі, памрэ той чалавек, і вынішчыш зло з Ізраіля.

13 І ўвесь народ, чуючы [гэта], будзе баяцца і ўжо болей ня будзе пыхлівы.

14 Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, і завалодаеш ёю, і абжывешся на ёй, і скажаш: “Пастаўлю я над сабою валадара, як усе народы, якія вакол мяне”,

15 пастаўляючы, паставіш над сабой валадара, якога ГОСПАД, Бог твой, выбярэ спасярод братоў тваіх. Ня можаш паставіць над сабой чужынца, які ня брат твой.

16 Толькі няхай не памнажае ён сабе коней і не вяртае народ у Эгіпет, каб мець шмат коней, бо ГОСПАД сказаў вам: “Ніколі больш гэтаю дарогаю ня вернецеся”.

17 І няхай ён не памнажае  жонак сваіх, каб не адвярнулася сэрца ягонае, і няхай не памнажае срэбра і золата.

18 Калі сядзе ён на пасадзе валадарства свайго, няхай перапіша сабе на скрутку сьпіс
Закону гэтага з [кнігі], якая ў сьвятароў лявітаў,

19 і мае яго пры сабе, і чытае яго ўсе дні жыцьця свайго, каб навучыўся баяцца ГОСПАДА, Бога свайго, і захоўваць усе словы Закону гэтага, і пастановы гэтыя выконваць,

20 каб не вывышалася сэрца ягонае па-над братамі ягонымі, і каб не адхіляўся ён ад прыказаньняў ані ўправа, ані ўлева, каб доўгімі былі дні валадарства ягонага і сыноў ягоных у Ізраілі.

 

Разьдзел 18

1 Сьвятары лявіты, усё калена Левія, ня будуць мець ані часткі, ані спадчыны ў Ізраілі. Будуць жывіцца з ахвяраў агнявых для ГОСПАДА і са спадчыны Ягонай.

2 Не атрымаюць яны спадчыны сярод братоў сваіх, бо ГОСПАД — спадчына іхняя, як Ён прамовіў да іх.

3 І гэта будзе належаць сьвятару ад народу, які складае ахвяры. Калі [складаюць у ахвяру] вала або авечку, да­юць сьвятару лапатку, сківіцу і страўнік.

4 Аддасі яму пяршыны збожжа твайго, віна твайго, алівак тваіх і пяршыны [воўны] ад стрыжкі авечак тваіх.

5 Бо яго выбраў ГОСПАД, Бог твой, з усіх каленаў тваіх, каб ён стаяў на служэньні ў імя ГОСПАДА, Бога твайго, ён і сыны ягоныя ў-ва ўсе дні.

6 Калі лявіт, які жыве ў адной з брамаў тваіх з усяго Ізраіля, як прыхадзень пойдзе і прыйдзе паводле жаданьня душы сваёй у месца, якое выбраў ГОСПАД,

7 і будзе служыць у імя ГОСПАДА, Бога свайго, як усе браты ягоныя лявіты, якія там на службе перад абліччам ГОСПАДА,

8 няхай [атрымлівае] для спажываньня частку, роўную з іншымі, акрамя [прыбытку] з продажу бацькоўскага [дому] свайго.

9 Калі ты ўвойдзеш у зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, не вучыся рабіць брыдоты народаў гэтых.

10 Няхай ня знойдзецца ў цябе той, хто сына свайго або дачку праводзіць праз агонь, ці глядзіць на аблокі, ці займаецца варажбой ці чараваньнем,

11 ці займаецца заклёнамі, пытаецца ў духаў [памёршых] або выклікае памёршых.

12 Бо агідны для ГОСПАДА кожны, хто гэтак робіць. Дзеля гэтых брыдотаў выганяе іх ГОСПАД ад аблічча твайго.

13 Беззаганным будзь перад ГОСПАДАМ, Богам тваім.

14 Бо тыя народы, у зямлю якіх ты ўваходзіш, слухаюць тых, хто глядзіць на аблокі ці займаецца варажбой; гэтага не дазваляе табе ГОСПАД, Бог твой.

15 Прарока як мяне ўзьніме табе з братоў тваіх ГОСПАД, Бог твой; Яго слухайце.

16 Паводле ўсяго, што прасіў ты ў ГОСПАДА, Бога твайго, на Харэве, у дзень супольнага сходу, калі ты казаў: “Не магу болей слухаць голас ГОСПАДА, Бога майго, і глядзець болей на агонь гэты вялікі, каб не памерці”.

17 І сказаў мне ГОСПАД: “Слушна тое, што яны сказалі.

18 Я пастаўлю ім спаміж братоў іхніх Прарока, [падобнага] табе, і ўкладу словы Мае ў вусны Ягоныя, і Ён прамовіць да іх усё, што Я загадаю Яму.

19 І станецца, што кожнага, які ня будзе слухаць словаў Маіх, якія будзе прамаўляць Прарок той у імя Маё, Я пакараю.

20 А прарок, які адважыцца гаварыць у імя Маё таго, чаго Я не загадаў яму, каб ён казаў, або які будзе прамаўляць у імя чужых багоў, такі прарок павінен памерці”.

21 А калі ты скажаш у сэрцы тваім: “Як я магу даведацца, што словы гэтыя ГОСПАД не прамаўляў?”,

22 калі прарок прадказаў у імя ГОСПАДА, а ня сталася так, і ня споўнілася, гэта ня тое слова, якое прамовіў ГОСПАД, але ў пыхлівасьці сваёй гэта прамовіў прарок. Ня бойся яго.

 

Разьдзел 19

1 Калі ГОСПАД, Бог твой, зьнішчыць народы, зямлю якіх ГОСПАД, Бог твой, дае табе, каб ты завалодаў ёю і пасяліўся ў гарадах іхніх і дамах іхніх,

2 тады выдзелі сабе тры гарады з усёй зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, на ўласнасьць,

3 і падрыхтуй шлях, і падзялі на тры [часткі] абшар зямлі тваёй, якую дае табе ў спадчыну ГОСПАД, Бог твой, і кожны забойца знойдзе там прыбежышча.

4 А гэта слова адносна забойцы, які ўцячэ туды і будзе жыць. Калі ён забіў бліжняга свайго ненаўмысна і ня меў нянавісьці да яго ані ўчора, ані пазаўчора,

5 калі пайшоў нехта з бліжнім сваім у лес секчы дрэвы і размахнулася рука ягоная з сякерай, каб сьсекчы дрэва, і саскочыла жалеза з тапарышча і ўдарыла бліжняга ягонага, і той памёр, такі можа схавацца ў адным з гарадоў гэтых, і будзе жыць,

6 каб мсьціўца за кроў у гарачнасьці сэрца свайго не пагнаўся за забойцам і не дагнаў яго, калі дарога далёкая, і не забраў душу ягоную, бо ён ня мае прысуду на сьмерць, бо ня меў нянавісьці [да забітага] ані ўчора, ані пазаўчора.

7 Дзеля гэтага я загадваю табе, кажучы: «Выдзелі сабе тры гарады.

8 Калі ГОСПАД, Бог твой, пашырыць межы твае, як Ён запрысяг бацькам тваім, і аддасьць табе ўсю зямлю, якую абяцаў даць бацькам тваім,

9 калі ты будзеш захоўваць і выконваць прыказаньне гэтае, якое я табе сёньня загадваю, каб ты любіў ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзіў шляхамі Ягонымі ўсе дні, тады дадасі да гэтых гарадоў яшчэ тры гарады,

10 каб не праліваць нявіннай крыві ў зямлі тваёй, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, на ўласнасьць, і ня будзе на табе крыві.

11 Калі чалавек меў няна­вісьць да бліжняга свайго, і цікаваў на яго, і паўстаў супраць яго, і забраў душу ягоную, і той памёр, і ўцячэ ў адзін з гарадоў гэтых,

12 тады старшыні гораду ягонага пашлюць па яго, забяруць яго адтуль і аддадуць у рукі мсьціўца за кроў, і ён памрэ.

13 Няхай не пашкадуе яго вока тваё, і ты змыеш кроў нявінную з Ізраіля, і будзе добра табе.

14 Не перасоўвай мяжы бліжняга твайго, якую вызначылі продкі ў спадчыне тваёй, якую ты атрымаў у зямлі, якую дае табе на ўласнасьць ГОСПАД, Бог твой.

15 Не паўстане адзін сьведка супраць чалавека, [абвінавачваючы] ў нейкім беззаконьні ці ў некім грэху. У кожным граху, якім саграшыў чалавек, паводле [словаў] з вуснаў двух або трох сьведкаў выносіцца рашэньне.

16 Калі паўстане сьведка фальшывы супраць чалавека, вінавацячы яго ў злачынстве,

17 няхай стануць абодва чалавекі, што маюць спрэчку, перад абліччам ГОСПАДА, перад сьвятарамі і судзьдзямі, якія будуць у тыя дні.

18 І судзьдзі старанна дасьледуюць, і вось, сьведка той — сьведка фальшывы, ён фальшыва гаварыў на брата свайго,

19 тады зрабіце яму тое, што ён меў намер зрабіць брату свайму, і вынішчыш зло з асяродзьдзя твайго.

20 А іншыя пачуюць [пра гэта] і будуць баяцца, і ніколі больш у асяродзьдзі тваім такіх рэчаў ня будуць рабіць.

21 Няхай не шкадуе яго вока тваё, але душу за душу, вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу [запатрабуеш].

 

Разьдзел 20

1 Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў тваіх і ўбачыш, што [ў іх] і коней, і калясьніцаў, і людзей болей, чым у цябе, ня бойся іх, бо з табой ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай.

2 Перад пачаткам бою няхай выйдзе сьвятар, і прамовіць да народу, і скажа яму:

3 “Слухай, Ізраіль! Вы выходзіце сёньня на бой супраць ворагаў вашых. Няхай не палохаецца сэрца вашае, ня бойцеся, і не трывожцеся, і не пужайцеся аблічча іхняга,

4 бо ГОСПАД, Бог ваш, ідзе з вамі, каб ваяваць за вас з ворагамі вашымі і каб выратаваць вас”.

5 І прамовяць начальнікі да народу, кажучы: “Хто пабудаваў новы дом, і яго не асьвяціў, няхай ідзе і вяртаецца ў дом свой, каб не загінуў на вайне, і нехта іншы яго асьвяціць.

6 Хто пасадзіў вінаграднік і не асьвяціў яго, няхай ідзе і вяртаецца ў дом свой, каб не загінуў на вайне, і нехта іншы асьвяціць яго.

7 Хто заручыўся з жонкаю, але ня ўзяў яе за жонку, няхай ідзе і вяртаецца ў дом свой, каб не загінуў на вайне, і нехта іншы возьме яе”.

8 І яшчэ няхай начальнікі прамовяць да народу і скажуць: “Хто баіцца і чыё сэрца дрыжыць, няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб не зрабіў дрыготкім сэрцы братоў сваіх, як [дрыготкае] сэрца ягонае”.

9 Калі начальнікі скончаць прамаўляць да народу, вы паставіце ваенных начальнікаў на чале народу.

10 Калі ты падыйдзеш да гораду, каб супраць яго ваяваць, [перш] прапануй яму мір.

11 Калі ён згодзіцца на мір і адчыніць табе [брамы], няхай увесь народ, які ў ім, бу­дзе плаціць табе даніну і служыць табе.

12 А калі ён не захоча быць у міры з табою і пачне супраць цябе вайну, ты пачні аблогу яго.

13 І калі ГОСПАД, Бог твой, аддасьць яго ў рукі твае, выб’еш усіх мужчынаў ягоных вострывам мяча.

14 Толькі жанчынаў і дзяцей, быдла і ўсё іншае, што будзе ў горадзе, усю здабычу ягоную возьмеш сабе і будзеш есьці здабычу ворагаў тваіх, якую даў табе ГОСПАД, Бог твой.

15 Так зрабі з усімі гарадамі, якія ад цябе вельмі далёка, якія ня ёсьць гарадамі народаў гэтых.

16 Але ў гарадах народаў гэтых, якія ГОСПАД, Бог твой дае табе ў спадчыну, не пакінеш нікога жывым,

17 але паложыш закляцьце на Хетаў, Амарэйцаў, Хананейцаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў, як загадаў табе ГОСПАД, Бог твой,

18 каб яны не навучылі вас усякім брыдотам сваім, якія рабілі яны багам сваім, і каб вы не грашылі супраць ГОСПАДА, Бога вашага.

19 Калі будзеш аблягаць горад шмат дзён, каб ваяваць супраць яго і здабыць яго, ня нішчы дрэваў ягоных, сьсякаючы іх сякераю. Будзеш есьці [плады] іхнія, а іх саміх не сьсякай. Ці ж дрэва ў полі — гэта чалавек, каб ісьці і аблягаць яго?

20 А калі дрэва не надаецца на ежу, зьнішчы яго, і сьсячы яго, і пабудуй махіны [для аблогі] гораду, які ваюе з табою, пакуль не здабудзеш яго.

 

Разьдзел 21

1 Калі ў зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, на ўласнасьць будзе знойдзены [труп] забітага, які ляжыць у полі, і невядома, хто забіў яго,

2 няхай выйдуць старшыні твае і судзьдзі твае, і адмераюць [адлегласьць] ад гарадоў, якія вакол забітага.

3 І старшыні гораду, які будзе найбліжэй да забітага, возьмуць цялушку, якая яшчэ не працавала і не насіла ярма,

4 і прывядуць старшыні гораду гэтага цялушку гэтую да ручая, які не высыхае, і на месца неаранае і неабсеянае, і зломяць цялушцы карак каля ручая.

5 І прыйдуць сьвятары, сыны Левія, якіх выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб служылі Яму і дабраслаўлялі ў імя ГОСПАДА, і паводле [слова] з вуснаў іхніх будзе [вырашацца] ўсякая спрэчная справа і справа скалечаньня.

6 Усе старшыні гораду, які найбліжэй да забітага, памыюць рукі свае над цялушкай, карак якой зламалі каля ручая,

7 і адкажуць, і скажуць: “Рукі нашыя ня вылілі крыві гэтай, і вочы нашыя ня бачылі [нічога].

8 Адпусьці [правіну] народу Твайго, Ізраіля, які адкупіў Ты, ГОСПАДЗЕ, і не дазволь, каб гэтая кроў нявінная была ў асяродзьдзі народу Твайго, Ізраіля”. І будзе адпушчана ім кроў гэтая.

9 І ты змыеш кроў нявінную спаміж сябе і зробіш тое, што справядлівае ў вачах ГОСПАДА.

10 Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў тваіх, і аддасьць іх ГОСПАД, Бог твой, у рукі твае, і возьмеш палонных,

11 і ўбачыш між палоннымі жанчыну прыгожую, і закахаешся ў яе, і возьмеш яе за жонку сабе,

12 тады ўвядзеш яе ў дом твой, і яна абстрыжэ галаву сваю і абрэжа пазногці свае,

13 і скіне з сябе сукенку паланянкі, і будзе жыць у доме тваім, і будзе аплакваць бацьку свайго і маці сваю [адзін] месяц. А потым увойдзеш да яе, і будзеш яе мужам, а яна будзе жонкай тваёй.

14 Калі ж ты ня будзеш мець упадабання ў ёй, адпусьціш яе, куды [захоча] душа яе, і не прадасі яе за срэбра, і ня ўчыніш з ёй, як з нявольніцай, бо ты ўпакорыў яе.

15 Калі нейкі муж будзе мець дзьве жонкі, і адну будзе любіць, а другую ненавідзець, і яны народзяць яму сыноў, любая і зьненавіджаная, і першародным будзе сын зьненавіджанай,

16 у дзень, калі ён будзе даваць спадчыну сынам сваім, ня можа сына любай зрабіць першародным, абмінаючы сына зьненавіджанай, які ёсьць першародным.

17 Сына зьненавіджанай прызнае першародным і дасьць яму з усяго, што мае, падвойную частку, бо ён ёсьць пачатак сілы ягонай, і яму належыць права першародзтва.

18 Калі чалавек будзе мець сына непаслухмянага і ўпорыстага, які ня слухае голас бацькі свайго і голас маці сваёй, і каралі яго, але ён ня слухаўся іх,

19 няхай бацька ягоны і маці ягоная возьмуць яго і прывядуць да старшыняў гораду свайго і да брамы гораду свайго,

20 і скажуць старшыням гораду свайго: “Сын наш гэты непаслухмяны і ўпорысты, ня слухае голасу нашага, аддаецца распусьце і п’янству”.

21 Тады ўсе мужчыны гораду ягонага ўкамянуюць яго камянямі, і ён памрэ, каб вынішчыць зло з асяродзьдзя вашага. І ўвесь Ізраіль пачуе [гэта], і будзе баяцца.

22 Калі хто дапусьціцца злачынства, каранага сьмерцю, і будзе ён забіты і павесіш яго на дрэве,

23 труп ягоны ня будзе вісець на дрэве, але ў той самы дзень няхай будзе пахаваны, бо пракляты Богам той, хто вісіць на дрэве. Не пагань зямлю тваю, якую даў табе на ўласнасьць ГОСПАД, Бог твой.

 

Разьдзел 22

1 Калі ўбачыш вала брата твайго або авечку ягоную, што заблукала, не пакідай іх, але вярні іх брату твайму.

2 Калі ж брат твой ня блізка ад цябе і калі ня ведаеш яго, завядзі іх у дом твой і няхай будуць у цябе, аж прыйдзе іх шукаць брат твой, і тады вернеш іх яму.

3 Так зробіш з аслом ягоным, так зробіш з плашчом ягоным, так зробіш з кожнаю згубленаю [рэччу] брата твайго, [з усім], што ў яго згінула, а ты знайшоў; нельга табе ўхіліцца ад гэтага.

4 Калі ўбачыш асла брата твайго або вала ягонага, якія ўпалі на дарозе, не пакідай іх, але падымі з ім разам.

5 Няхай ня будзе на жанчыне адзеньня мужчынскага, а мужчына няхай не апранае шаты жаночыя; бо агідны ГОСПАДУ, Богу твайму, кожны, хто гэтак робіць.

6 Калі перад абліччам тваім знойдзеш на дарозе, на дрэве або на зямлі птушынае гняздо з птушанятамі або з маткаю, якая выседжвае яйкі ці птушанятаў, не бяры маткі з птушанятамі.

7 Матку пусьці, а дзяцей вазьмі сабе, каб добра было табе і каб доўгімі былі дні [твае].

8 Калі пабудуеш новы дом, дык зрабі на даху тваім агаро­джу, каб не навесьці крыві на дом твой, калі [нехта] зваліцца з яго.

9 Не засявай вінаградніку твайго двума гатункамі насеньня, каб не зрабіць табе заклятым і збор насеньня, якое ты пасееш, і плады вінаградніку твайго.

10 Не ары на вале і асьле разам.

11 Не апранай [адзеньня], сатканага з воўны і лёну разам.

12 Зрабі сабе фрэнзьлі на чатырох канцах плашчу твайго, якім акрываешся.

13 Калі мужчына возьме жонку і ўвойдзе да яе, а [потым] зьне­навідзіць яе,

14 і, закідаючы ёй ліхія ўчынкі, зьняславіць яе, і скажа: “Узяў я гэтую жанчыну, і ўвайшоў да яе, але не знайшоў у яе дзявоцтва”,

15 тады бацька і маці дзяўчыны возьмуць і прынясуць [знакі] дзявоцтва дзяўчыны да старшыняў гораду і да брамы,

16 і бацька дзяўчыны скажа старшыням: “Даў я дачку сваю чалавеку гэтаму за жонку, а ён яе зьненавідзеў.

17 Вось, ён закідае ёй ліхія ўчынкі, кажучы: «Не знайшоў я ў дачкі тваёй дзявоцтва». Але вось [доказы] дзявоцтва дачкі маёй”, — і раскладзе палатніну перад старшынямі гораду.

18 І возьмуць старшыні гораду мужчыну таго, і пакараюць яго,

19 І накладуць на яго сто [сыкляў] срэбра, і аддадуць іх бацьку дзяўчыны, бо ён зьня­славіў імя дзяўчыны Ізраіля; і яна застанецца жонкай ягонай, і ня будзе ён магчы кінуць яе ўсе дні свае.

20 Але калі праўдзівае было слова тое, бо не знайшліся [доказы] дзявоцтва дзяўчыны,

21 тады завядуць дзяўчыну тую да дзьвярэй дому бацькі ейнага і каменаваць яе будуць камянямі мужчыны гораду гэтага аж да сьмерці, бо яна ўчыніла ганьбу ў Ізраілі, чынячы распусту ў доме бацькі свайго. І вынішчыш зло з асяродзьдзя твайго.

22 Калі знойдзены будзе мужчына, які ляжыць з жанчынай, якая мае мужа, абое няхай памруць, мужчына, які ляжаў з жанчынай, і жанчына. І вынішчыш ліхоцьце з Ізраіля.

23 Калі будзе дзяўчына, якая заручана мужу, і зной­дзе яе [іншы] мужчына ў горадзе, і ляжа з ёю,

24 абодвух прывядзіце да брамы гораду гэтага і ўкамянуйце іх камянямі да сьмерці. Дзяўчыну за тое, што не крычала ў горадзе, а мужчыну за тое, што зьняважыў жонку бліжняга свайго. І вынішчыш зло спаміж сябе.

25 А калі мужчына знайшоў у полі заручаную дзяўчыну і згвалціў яе, і лёг з ёю, няхай памрэ адзін мужчына, які ляжаў з ёю,

26 а той дзяўчыне нічога не рабіце, бо яна не дапусьцілася грэху, [вартага] сьмерці, бо гэта падобна на тое, калі хто паўстане супраць бліжняга свайго і адбярэ яму душу.

27 Бо яе знайшоў ён у полі, і дзяўчына заручаная крычала, але [ніхто] не дапамог ёй.

28 Калі мужчына знайшоў дзяўчыну, якая не заручаная, і схапіў яе, і лёг з ёю, і знойдуць іх,

29 той мужчына, які ляжаў з ёю, дасьць бацьку дзяўчыны пяцьдзясят [сыкляў] срэбра, і яна будзе жонкай ягонай, таму што ён упакорыў яе, і ня будзе ён магчы кінуць яе ўсе дні свае.

 

Разьдзел 23

1 Ніхто не павінен браць жонкі бацькі свайго і адкрываць крысо адзеньня бацькі свайго.

2 Той, хто мае струшчаныя яечкі або адрэзаны чэляс, ня ўвойдзе ў царкву ГОСПАДА.

3 Ня ўвойдзе байструк у царкву ГОСПАДА, нават у дзясятым пакаленьні ня ўвойдзе ён у царкву ГОСПАДА.

4 Ня ўвойдзе Аманянін і Мааўлянін у царкву ГОСПАДА нават у дзясятым пакаленьні; ня ўвойдзе ён у царкву ГОСПАДА на вякі,

5 за тое, што яны не сустрэлі вас з хлебам і вадой на шляху, калі вы ішлі з Эгіпту, і аплацілі супраць цябе Білеама, сына Бэора, з Пэтору, што ў Арам-Нагараіме, каб цябе праклінаў.

6 Але ГОСПАД, Бог твой, не хацеў слухаць Білеама, і ГОСПАД, Бог твой, замяніў праклён адносна цябе на дабраславенства, бо ГОСПАД, Бог твой, палюбіў цябе.

7 Ня будзеш жадаць для іх міру і дабрабыту ў-ва ўсе дні твае і на вякі.

8 Ня будзеш брыдзіцца Эдомцам, бо ён — брат твой. Ня будзеш брыдзіцца Эгіпціянінам, бо прыхаднем ты быў у зямлі ягонай.

9 Сыны, якія народзяцца ім, у трэцім пакаленьні ўвойдуць у царкву ГОСПАДА.

10 Калі вырушыш табарам супраць ворагаў тваіх, сьцеражыся ад усякай справы ліхой.

11 Калі будзе ў цябе чалавек нячысты дзеля выпадку начнога, няхай выйдзе ён па-за табар і ня ўвойдзе ў табар.

12 Увечары няхай памыецца ў вадзе, а пасьля заходу сонца ўвойдзе ў табар.

13 Будзеш мець месца па-за табарам, у якое будзеш хадзіць па патрэбе.

14 І будзе шуфлік сярод прыладаў тваіх, і калі выйдзеш навонкі, прыгатуеш [ямку], і, вяртаючыся, прыкрыеш зямлёю тое, што выйшла з цябе.

15 Бо ГОСПАД, Бог твой, ходзіць пасярод табару твайго, каб ратаваць цябе і выдаваць ворагаў тваіх перад абліччам тваім. Няхай табар твой будзе сьвяты, і нічога ў ім ня мае быць бачна паганага, каб Ён не адвярнуўся ад цябе.

16 Не выдавай нявольніка, які да цябе ўцёк ад гаспадара свайго, гаспадару ягонаму.

17 Будзе ён жыць з табою, у месцы, якое ён выбраў у адной з брамаў тваіх, дзе будзе добра яму, і ты не засмучай яго.

18 Ня будзе блудніцы сярод дачок Ізраіля, ані мужчыны блудніка сярод сыноў Ізраіля.

19 Не занясеш у Дом ГОСПАДА, Бога твайго, заробку распусьніцы і грошы сабакі, як шлюбаваныя, бо ГОСПАД, Бог твой, брыдзіцца адным і другім.

20 Не вымагай ад брата свайго адсоткаў са срэбра, ці з харчаваньня, ці з кожнай рэчы, якую пазычыш.

21 Ад чужога можаш выма­гаць адсоткаў, але ад брата ня будзеш вымагаць адсоткаў, каб ГОСПАД, Бог твой, дабраславіў цябе ў-ва ўсім, да чаго прыкладзеш ты руку тваю ў зямлі, якую ідзеш авалодаць.

22 Калі складзеш шлюбаваньне ГОСПАДУ, Богу твайму, не марудзь выканаць яго, бо ГОСПАД, Бог твой, запатрабуе гэтага ад цябе і будзе гэта табе як грэх.

23 Калі ўстрымаешся ад шлюбаваньня, ня будзе на табе грэху.

24 Тое, што выйшла з вуснаў тваіх, захоўвай і рабі, як абяцаў ты ГОСПАДУ, Богу твайму; з уласнай волі і вуснамі сваімі ты [гэта] абяцаў.

25 Калі ўвойдзеш у вінаграднік бліжняга твайго, еш вінаград, колькі [падабаецца] душы тваёй, але ў кошык твой не кладзі.

26 Калі ўвойдзеш у збожжа бліжняга твайго, рві каласы рукою тваёй, але сярпом ня жні.

 

Разьдзел 24

1 Калі чалавек возьме жонку і станецца яе мужам, і яна ня знойдзе ласкі ў вачах ягоных, бо ён знайшоў у ёй нешта паганае, няхай ён напіша ёй ліст разводны, дасьць яго ў рукі ейныя і выправіць яе ў дом ейны.

2 А калі яна выйдзе з дому свайго, і пойдзе, і стане жонкаю іншага,

3 і зьненавідзіць яе другі муж, і напіша ёй ліст разводны, і дасьць яго ў рукі ейныя, і выправіць яе ў дом ейны або калі памрэ другі муж, які ўзяў яе за жонку,

4 ня можа першы муж ейны, які выправіў яе, вярнуць яе і ўзяць за жонку, бо яна ўжо апаганена; гэта брыдота перад абліччам ГОСПАДА. Не пагань зямлі, якую дае табе на ўлас­насьць ГОСПАД, Бог твой.

5 Калі чалавек нядаўна ўзяў жонку, няхай не ідзе ў войска і няхай не накладаецца на яго нейкі абавязак [грамадзкі], але няхай застаецца вольны ў доме сваім і няхай адзін год радуецца з жонкаю сваёй, якую ўзяў.

6 Нельга браць у заклад жорны ці камень млыновы, бо гэта [нібыта] браць душу ў заклад.

7 Калі будзе знойдзены чалавек, які схапіў душу [некага] з братоў сваіх, сыноў Ізраіля, і зьняволіў яго, і прадаў яго, няхай памрэ злачынца, і вынішчыш зло спасярод сябе.

8 Захоўваючы, захоўвай пільна, калі [будзе] хвароба праказы, каб рабіць тое, чаму вучаць вас сьвятары лявіты. Што я загадаў ім, тое выконвайце старанна.

9 Памятай, што зрабіў ГОСПАД, Бог твой, з Мірыям у дарозе, калі выйшлі вы з Эгіпту.

10 Калі бліжняму твайму пазычыш нейкую рэч, ня ўвойдзеш у дом ягоны, каб узяць нешта ў заклад,

11 але будзеш стаяць звонку, а чалавек, якому ты пазычыў, прынясе табе заклад навонкі.

12 Калі гэта чалавек бедны, ня ляжаш спаць з закладам ягоным,

13 але зьвярні яму заклад да заходу сонца, каб спаў ён у адзе­ньні сваім і дабраславіў цябе, і гэта будзе табе [залічана] ў праведнасьць перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго.

14 Не прыгнятай найміта, беднага і ўбогага, з братоў тваіх ці прыхадняў тваіх, якія ў зямлі тваёй і ў брамах тваіх.

15 У той самы дзень аддай яму плату [за працу] ягоную, і няхай ня зойдзе над ёй сонца, бо ён — бедны, і з гэтага жыве душа ягоная, каб ня клікаў ён супраць цябе ГОСПАДА і не было на табе грэху.

16 Ня будуць паміраць бацькі за сыноў, і сыны ня будуць паміраць за бацькоў, але няхай кожны памірае за грэх свой.

17 Не судзі крывадушна прыхадня і сіраты; і ад удавы не бяры адзеньня ў заклад.

18 Памятай, што ты быў нявольнікам у Эгіпце і выбавіў цябе адтуль ГОСПАД, Бог твой; дзеля таго і я табе загадваю рабіць гэта.

19 Калі будзеш жаць жніво тваё на полі тваім і забудзешся снапа на полі, не вяртайся забраць яго, але няхай застаецца ён для прыхадня, сіраты і ўдавы, каб дабраславіў цябе ГОСПАД, Бог твой, у-ва ўсім, што будуць рабіць рукі твае.

20 Калі будзеш зьбіраць аліўкі твае, не пераглядай галінкі, але няхай застануцца [аліўкі] для прыхадня, сіраты і ўдавы.

21 Калі будзеш зьбіраць вінаград твой, не зьбірай гронак, якія засталіся, але няхай бу­дуць яны для прыхадня, сіраты і ўдавы.

22 І памятай, што ты быў нявольнікам у зямлі Эгіпецкай. Дзеля гэтага я загадваю табе рабіць гэта.

 

Разьдзел 25

1 Калі будзе спрэчка паміж людзьмі, няхай яны стануць перад судом, і судзяць іх, і праведнага прызнаюць нявінным, а вінаватага пакараюць.

2 Калі вінаваты будзе варты, каб яго білі, няхай паложаць яго [на зямлю] і будуць біць яго перад абліччам судзьдзі, адпаведна правіны ягонай лічачы [ўдары].

3 Сорак удараў можа ён атрымаць, і нельга дадаваць [больш], каб біцьцё не было па-над меру, і ня быў зьнявечаны брат твой перад вачыма тваімі.

4 Не завязвай пысы валу, які малоціць.

5 Калі браты жывуць сумесна і адзін з іх памрэ, і ня будзе мець сына, ня выйдзе жонка памёршага замуж за мужа іншага, але швагер ейны прыйдзе да яе і возьме яе за жонку сабе, і будзе жыць з ёю.

6 І станецца, што сыну першароднаму, якога яна народзіць, дадуць імя памёршага брата, і не загіне імя ягонае ў Ізраілі.

7 А калі той мужчына не захоча ўзяць братавай сваёй за жонку, пойдзе братавая ў браму [гораду] да старшыняў і скажа: “Швагер мой адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраілі, ня хоча жыць са мною”.

8 І старшыні гораду ягонага паклічуць яго і запытаюцца ў яго. І калі ён адмовіцца і скажа: “Не хачу яе ўзяць за жонку”,

9 тады братавая падыйдзе да яго на вачах старшыняў і здыме сандал ягоны з нагі ягонай, і плюне яму ў твар, і адкажа, і скажа: “Так робяць з чалавекам, які ня хоча адбудаваць дом брата свайго”.

10 І будзе названа імя ягонае ў Ізраілі: “Дом разутага”.

11 Калі будуць біцца паміж сабою мужчыны, адзін супраць другога, і наблізіцца жонка аднаго з іх, каб вырваць мужа з рук таго, хто б’е, і выцягне руку сваю, і схопіць яго за сорам ягоны,

12 адрэжаш ёй далонь, няхай не шкадуе яе вока тваё.

13 Няхай ня будзе ў торбе тваёй камянёў вагавых большых і меншых.

14 Няхай ня будзе ў доме тваім эфы большай і меншай.

15 Камень вагавы няхай будзе праведны і дакладны; і эфа няхай будзе ў цябе дакладная і праведная, каб доўгія былі дні твае на зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой.

16 Бо брыдзіцца ГОСПАД, Бог твой, кожным, хто так робіць, кожным, хто чыніць беззаконьне.

17 Памятай, што зрабіў табе ў дарозе Амалек, калі выйшаў ты з Эгіпту.

18 Ён сустрэў цябе на шляху і забіў сярод цябе ўсіх змучаных у апошніх шэрагах тваіх, а ты быў змораны і зьняможаны, і ён не баяўся Бога.

19 Калі ГОСПАД, Бог твой, дасьць табе супакой ад усіх ворагаў тваіх, якія вакол цябе, у зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, у спадчыну, каб ты авалодаў ёю, ты сатрэш памяць пра Амалека пад небам. Не забудзься [пра гэта].

 

Разьдзел 26

1 Калі ўвойдзеш у зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, у спадчыну, і ты авалодаеш ёю, і абжывешся ў ёй,

2 возьмеш пяршыны з усіх пладоў зямлі, якія зьбярэш у зямлі тваёй, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, і ўложыш іх у кошык, і пойдзеш на месца, якое ГОСПАД, Бог твой, выбраў, каб было там імя Ягонае.

3 І прыйдзеш да сьвятара, які будзе ў тыя дні, і скажаш яму: “Абвяшчаю сёньня перад ГОСПАДАМ, Богам тваім, што я ўвайшоў у зямлю, якую ГОСПАД запрысяг бацькам нашым, што дасьць яе нам”.

4 І возьме сьвятар кошык з рукі тваёй, і паставіць перад ахвярнікам ГОСПАДА, Бога твайго,

5 а ты адкажаш і скажаш перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго: “Бацька мой, вандроўны Арамеец, прыйшоў у Эгіпет, і завандраваў туды малой грамадкай, і стаўся там народам вялікім, дужым і шматлікім.

6 І прыгняталі нас Эгіпцяне, і перасьледавалі нас, і накладалі на нас цяжкія працы.

7 І мы клікалі да ГОСПАДА, Бога бацькоў нашых. І Ён впачуў крык наш, і ўбачыў пакуты нашыя, і працу нашую, і ўціск наш.

8 І вывеў нас ГОСПАД, Бог наш, рукою моцнаю і рамяном узьнятым сярод вялікага страху, знакаў і цудаў,

9 і прывёў нас у гэтае месца, і даў нам зямлю, якая ацякае малаком і мёдам.

10 І вось цяпер я прынёс пяршыны пладоў зямлі, якую даў мне ГОСПАД”. І паложыш іх перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, і паклонішся перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго.

11 І будзеш радавацца ў-ва ўсіх даброцьцях, якія даў ГОСПАД, Бог твой, табе і дому твайму, ты, і лявіт, і прыха­дзень, які ў цябе.

12 Калі ў трэцім годзе, годзе дзесяціны, аддзеліш усе дзесяціны з усіх пладоў тваіх і аддасі іх лявіту, прыхадню, сіраце і ўдаве, і яны будуць есьці ў брамах тваіх, і насыцяцца,

13 тады скажаш перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго: “Узяў я з дому свайго тое, што сьвятое, і даў лявіту, прыхадню, сіраце і ўдаве, паводле ўсіх прыказаньняў Тваіх, як Ты загадаў мне. Я не парушыў прыказаньняў Тваіх і не забыўся [пра іх].

14 Не спажываў я іх у [дзень] жалобы, ня ўзяў нічога з іх, калі быў нячысты, не даваў з іх нічога памёршаму. Я слухаў голас ГОСПАДА, Бога майго, і зрабіў усё, што Ты загадаў мне.

15 Дык глянь са сьвятой Сялібы Тваёй, з неба, і дабраславі народ Твой, Ізраіля, і зямлю, якую Ты даў нам, як прысягаў бацькам нашым, зямлю, якая ацякае малаком і мёдам”.

16 Сёньня ГОСПАД, Бог твой, загадвае табе, каб ты выконваў пастановы гэтыя і прысуды, і захоўваў, і выконваў гэта ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёй.

17 Ты выбраў сёньня ГОСПАДА, каб быў Ён табе Богам, і каб ты хадзіў шляхамі Ягонымі і захоўваў пастановы Ягоныя, прыказаньні Ягоныя і прысуды Ягоныя, і слухаўся голасу Ягонага.

18 А ГОСПАД выбраў цябе сёньня, каб ты быў Яму народам выбраным, як Ён прамаўляў табе, і каб ты выконваў усе прыказаньні Ягоныя.

19 І Ён узвысіць цябе ў пашане, іменьні і славе па-над усімі народамі, якія Ён учыніў, каб ты быў для ГОСПАДА, Бога твайго, народам сьвятым, як Ён прамаўляў».

 

Разьдзел 27

1 І загадаў Майсей і старшыні Ізраіля народу, кажучы: «Захавайце ўсе прыказаньні, які я вам загадваю сёньня.

2 І станецца ў дзень, калі пяройдзеш Ярдан і ўвойдзеш у зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, пастаў вялікія камяні, і абмаж іх вапнай,

3 і напішы на іх усе словы Закону гэтага, калі ты пяройдзеш [Ярдан], каб увайсьці ў зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, у зямлю, якая ацякае малаком і мёдам, як прамовіў да цябе ГОСПАД, Бог бацькоў тваіх.

4 І станецца, калі пяройдзеце Ярдан, пастаўце гэтыя камяні, як я загадваю вам сёньня, на гары Эваль і абмажце іх вапнай.

5 І пабудуеш там ахвярнік ГОСПАДУ, Богу твайму, ахвярнік з камянёў, якіх не кранула жалеза,

6 З камянёў нячэсаных пабудуеш ахвярнік ГОСПАДУ, Богу твайму, і складзеш на ім цэласпаленьні ГОСПАДУ, Богу твайму.

7 І складзеш ахвяру мірную, і будзеш есьці там, і радавацца перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго.

8 І напішы на камянях усе словы Закону гэтага выразна і добра».

9 І прамовілі Майсей і сьвятары лявіты да ўсяго Ізраіля, кажучы: «Маўчы і слухай, Ізраіль. У дзень сёньняшні ты стаўся народам ГОСПАДА, Бога твайго.

10 Будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і выконваць прыказаньні Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня».

11 У той дзень загадаў Майсей народу, кажучы:

12 «Калі пяройдзеце Ярдан, стануць на гары Гарызім, каб дабраслаўляць народ, Сымон, Левій, Юда, Ісахар, Язэп і Бэн’ямін.

13 А на гары Эваль для праклінаньня будуць стаяць Рубэн, Гад, Асэр, Завулён, Дан і Нэфталі.

14 І адкажуць лявіты, і будуць казаць гучным голасам да ўсіх мужоў Ізраіля:

15 “Пракляты чалавек, які зробіць выяву рэзьбленую або літую, брыдоту перад ГОСПАДАМ, твор рук рамесьніка, і паставіць яго ў месцы схаваным!” І адкажа ўвесь народ, і скажа: “Амэн”.

16 “Пракляты той, хто зьневажае бацьку свайго і маці сваю”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.

17 “Пракляты той, хто перасоўвае мяжу бліжняга свайго”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.

18 “Пракляты той, хто падманвае сьляпога ў дарозе”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.

19 “Пракляты той, хто перакручвае суд прыхадню, сіраце і ўдаве”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.

20 “Пракляты той, хто лажыцца з жонкай бацькі свайго, бо ён адкрыў плашч бацькі свайго”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.

21 “Пракляты той, хто лажыцца з усялякай жывёлаю”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.

22 “Пракляты той, хто лажыцца з сястрой сваёй, з дачкой бацькі свайго або дачкой маці сваёй”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.

23 “Пракляты той, хто лажыцца з цешчай сваёй”. І ўвесь народ скажа: ”Амэн”.

24 “Пракляты той, хто таемна забівае бліжняга свайго”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.

25 “Пракляты той, хто бярэ хабар, каб забіць душу і [пра­ліць] кроў нявінную”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.

26 “Пракляты той, хто не трымаецца словаў Закону гэтага, і не выконвае іх”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.

 

Разьдзел 28

1 І станецца, калі ты будзеш, слухаючы, слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўваць, і выконваць усе прыказаньні Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня, ГОСПАД, Бог твой, узвысіць цябе па-над усе народы зямлі,

2 і сплывуць на цябе ўсе гэтыя дабраславенствы, і споўняцца на табе, калі будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго.

3 Дабраслаўлёны ты ў горадзе і дабраслаўлёны ў полі.

4 Дабраслаўлёны плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, плод жывёлы тваёй, і нараджэньне валоў тваіх, і прыплод авечак тваіх.

5 Дабраслаўлёны кош твой і дзяжа твая.

6 Дабраслаўлёны ты пры ўваходзе тваім і дабраслаўлёны пры выхадзе тваім.

7 Дасьць табе ГОСПАД, што ворагі твае, якія паўстаюць супраць цябе, будуць пабітыя перад абліччам тваім. Адным шляхам яны пойдуць супраць цябе, а сямёма шляхамі ўця­куць ад цябе.

8 Загадае ГОСПАД, каб [было] дабраславенства на сьвірнах тваіх і на ўсякай працы рук тваіх; і будзе Ён дабраслаўляць цябе ў зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой.

9 Паставіць цябе ГОСПАД як народ сьвяты, як запрысяг табе, калі будзеш захоўваць прыказаньні ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзіць шляхамі Ягонымі.

10 І ўбачаць усе народы зямлі, што імя ГОСПАДА заклікаюць над табою, і будуць баяцца цябе.

11 І дасьць табе ГОСПАД па-над меру даброцьцяў; у плодзе ўлоньня твайго, і ў прыплодзе жывёлы тваёй, і ў плодзе зямлі тваёй, у зямлі, якую запрысяг ГОСПАД даць табе.

12 Адкрые табе ГОСПАД шчодрыя скарбы нябесныя, каб даць у свой час дождж зямлі тваёй і дабраславіць усе працы рук тваіх. І ты будзеш пазычаць шматлікім народам, а сам ня будзеш браць пазыкі.

13 І зробіць цябе ГОСПАД галавою, а не хвастом, і будзеш ты толькі на версе, і ня будзеш у нізе, калі будзеш слухаць прыказаньні ГОСПАДА, Бога твайго, якія сёньня я загадваю табе, каб ты захоўваў і выконваў іх.

14 І не адступай ад кожнага слова, якія я загадваю табе сёньня, ані ўправа, ані ўлева, і не ідзі за багамі чужымі, і не служы ім.

15 І станецца, калі ня бу­дзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўваць, і выкон­ваць усе прыказаньні Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія я сёньня загадваю табе, тады прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны і споўняцца на табе.

16 Пракляты ты ў горадзе і пракляты ў полі.

17 Пракляты кош твой і дзяжа твая.

18 Пракляты плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, нараджэньне валоў тваіх і прыплод авечак тваіх.

19 Пракляты ты пры ўвахо­дзе тваім і пракляты пры выха­дзе тваім.

20 Спашле на цябе ГОСПАД праклён, і трывогу, і няшчасьце ў-ва ўсіх працах рук тваіх, якія будзеш рабіць, пакуль Ён ня зьнішчыць цябе і не прападзеш ты хутка з прычыны ліхіх учынкаў тваіх, праз якія ты пакінуў Мяне.

21 І спашле на цябе ГОСПАД пошасьць, пакуль ня выкараніць цябе з зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю.

22 Дакранецца цябе ГОСПАД сухотамі, гарачкаю, трасцай, сьпя­котаю, мячом, сушаю і іржою. Яны будуць перасьледаваць цябе, пакуль ты ня бу­дзеш зьнішчаны.

23 І неба, якое над галавой тваёй, зробіцца медзьдзю, а зямля пад табою — жалезам.

24 Пераменіць ГОСПАД дождж на зямлі тваёй у парахно і пыл, з неба будуць падаць яны на цябе, пакуль ня зьнішчаць цябе.

25 І зробіць табе ГОСПАД, што ты будзеш пабіты перад абліччам ворагаў тваіх; адным шляхам будзеш ісьці на іх, а сямёма шляхамі будзеш уцякаць ад іх, і станеш ты страхоцьцем для ўсіх валадарстваў зямлі.

26 Парэшткі твае будуць пажываю ўсім птушкам паднебным і зьвярам зямным, і [ніхто] ня будзе адганяць [іх].

27 Дакранецца цябе ГОСПАД скуламі Эгіпецкімі і балячкамі, каростаю і паршывасьцю, якіх ня зможаш вылечыць.

28 Дакранецца цябе ГОСПАД вар’яцтвам, сьлепатою і неспакоем сэрца.

29 Апоўдні будзеш хадзіць навобмацак, як сьляпы навобмацак ходзіць у поцемках, і на ўсіх шляхах тваіх ня бу­дзеш мець посьпеху. І будзеш ты крыўджаны і рабаваны ўсе дні, і [ніхто] ня будзе ратаваць цябе.

30 Заручышся з жонкай, а іншы мужчына будзе спаць з ёй. Пабудуеш дом, але ня бу­дзеш жыць у ім, пасадзіш вінаграднік, але не зьбярэш пладоў ягоных.

31 Вол твой будзе забіты на вачах у цябе і ня будзеш есьці яго. Асёл твой будзе забраны спрад аблічча твайго і ня вернецца да цябе; авечкі твае будуць аддадзены ворагам тваім, і [ніхто] ня будзе ратаваць цябе.

32 Сыны твае і дочкі твае будуць аддадзены іншаму народу, і вочы твае будуць выглядаць іх сумаваць дзеля іх усе дні, і ня будзе сілы ў руках тваіх.

33 Плады зямлі тваёй і ўвесь набытак твой зьесьць народ, якога ня ведаеш, і будзеш ты толькі крыўджаны і прыгнятаны ўсе дні.

34 І ты звар’яцееш, бачачы тое, што ўбачаць вочы твае.

35 Дакранецца цябе ГОСПАД балючымі скуламі на каленях і нагах, і ня зможаш вылечыцца, і [пакрыюць] яны цябе ад стопаў аж да чубу галавы.

36 Цябе і валадара твайго, якога ты паставіш над сабою, завядзе ГОСПАД да народу, якога ня ведаў ты і бацькі твае, і будзеш служыць там багам чужым, дрэву і камяню,

37 і будзеш страхоцьцем, і прыказкай, і пасьмешышчам для ўсіх народаў, да якіх завядзе цябе ГОСПАД.

38 Насеньня шмат кінеш у поле, а зьбярэш мала, бо саранча паесьць яго.

39 Вінаграднікі пасадзіш, будзеш даглядаць, а віна піць ня будзеш, і нічога з іх не зьбярэш, бо будуць паедзены чарвякамі.

40 Аліўкі будзеш мець у-ва ўсіх межах тваіх, але ня выцісьнеш алею, бо змарнеюць аліўкі твае.

41 Народзіш сыноў і дачок, але ня будуць з табою, бо павядуць іх у няволю.

42 Усе дрэвы твае і плод зямлі тваёй паядуць жужлы.

43 Прыхадзень, які [жыве] з табою, будзе падымацца па-над цябе вышэй і вышэй, а ты бу­дзеш зыйходзіць ніжэй і ніжэй.

44 Ён будзе пазычаць табе, а ты не пазычыш яму; ён будзе галавой, а ты будзеш хвастом.

45 І прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны, і будуць цябе перасьледваць, і дагоняць цябе, пакуль не загінеш, бо ты ня слухаў ГОСПАДА, Бога твайго, і не захоўваў прыказаньняў Ягоных і пастановаў Ягоных, якія Ён загадаў табе.

46 І будзе [гэта] знакам і цудоўным [дзеяньнем] табе і насеньню твайму на вякі.

47 За тое, што ты не служыў ГОСПАДУ, Богу твайму, з радасьцю і добрасьцю сэрца твайго, [маючы] мноства ўсяго,

48 будзеш служыць ворагам тваім, якіх ГОСПАД спашле на цябе, у голадзе і смазе, у голасьці і нястачы ўсяго, і яны павесяць ярмо жалезнае на карак твой, пакуль ня вынішчаць цябе.

49 Прывядзе на цябе ГОСПАД народ далёкі; з канца зямлі, як арол, наляціць народ гэты, мовы якога ты ня чуў,

50 народ з жудасным абліччам, які не ўшануе аблічча старога і не пашкадуе юнака.

51 І ён зжарэ плод жывёлы тваёй і плод зямлі тваёй, аж пакуль ня вынішчыць цябе. І ён не пакіне табе пшаніцы, віна і алею, прыплоду валоў тваіх і прыплоду авечак тваіх, аж пакуль ня вынішчыць цябе.

52 І возьме ён у аблогу цябе ў-ва ўсіх брамах тваіх, пакуль не разваліць муры твае моцныя і высокія, у якіх ты меў надзею, у-ва ўсёй зямлі тваёй. І будзе трымаць цябе ў аблозе ў-ва ўсіх брамах тваіх у-ва ўсёй зямлі, якую даў табе ГОСПАД, Бог твой.

53 І будзеш ты есьці плод улоньня твайго, целы сыноў тваіх і дачок тваіх, якіх даў табе ГОСПАД, Бог твой, у аблозе і ў бядзе, якімі прыцісьне цябе вораг твой.

54 У цябе чалавек чульлівы і вельмі далікатны будзе глядзець ліхім вокам на брата свайго і на жонку ўлоньня свайго, і на рэшту сыноў сваіх, якія засталіся [ў яго].

55 Ня дасьць [нікому] ён целы сыноў сваіх, якія будзе есьці, бо нічога больш не застанецца ў яго ў аблозе і ў бядзе, якімі вораг твой прыцісьне цябе ў-ва ўсіх брамах тваіх.

56 Жанчына ў цябе, вельмі чульлівая і далікатная, што не хацела нагі паставіць на зямлю дзеля далікатнасьці і расьпешчанасьці, будзе глядзець ліхім вокам на мужа ўлоньня свайго, на сына свайго і на дачку сваю

57 і ня дасьць ім пасьледу свайго, які выйшаў спаміж ног ейных, і сыноў сваіх, якіх нарадзіла, бо будзе есьці іх таемна дзеля нястачы ўсяго ў аблозе і бядзе, якімі прыцісьне цябе вораг твой у-ва ўсіх брамах тваіх.

58 Калі ня будзеш захоўваць і выконваць усіх словаў Закону гэтага, якія напісаныя ў кнізе гэтай, і ня будзеш баяцца гэтага слаўнага і страшнага імя ГОСПАДА, Бога твайго,

59 шмат больш павялі­чыць ГОСПАД плягі на цябе і плягі на насеньне тваё, і плягі вялікія і доўгатрывалыя, і хваробы ліхія і доўгатрывалыя,

60 і навядзе на цябе ўсе хваробы Эгіпецкія, якіх ты баяўся, і прылепяцца яны да цябе.

61 І ўсе хваробы і ўсе плягі, якія не запісаныя ў кнізе Закону гэтага, спашле ГОСПАД на цябе, пакуль ня будзеш вынішчаны.

62 І застанецёся вы ў малой лічбе, хоць раней вы былі, як зоркі ў небе, у колькасьці сваёй, бо ня слухаў ты голас ГОСПАДА, Бога твайго.

63 Як перад гэтым цешыўся ГОСПАД з вас, добра вам робячы і памнажаючы вас, так будзе цешыцца ГОСПАД з вас, нішчачы вас і сьціраючы з зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю.

64 І ГОСПАД расьцяру­шыць вас сярод усіх народаў, ад канца зямлі да канца зямлі, і там бу­дзеш ты служыць багам чужым, якіх ня ведаў ты і бацькі твае, дрэву і камяням.

65 І ня будзеш ты мець супакою ў гэтых народаў, і ня будзе мець супачынку стапа нагі тваёй. І дасьць там табе ГОСПАД сэрца дрыготкае, вочы заплаканыя і душу збалелую.

66 І будзе жыцьцё тваё вісець перад табою; будзеш баяцца ўначы і ўдзень, і ня будзеш пэўны жыцьця свайго.

67 Раніцаю ты скажаш: “Хто дасьць мне [дачакацца] вечара?”, а ўвечары скажаш: “Хто дасьць мне [дачакацца] раніцы?”, дзеля страху сэрца твайго, якое будзе баяцца ўсяго таго, што ўбачаць вочы твае.

68 І верне цябе ГОСПАД у Эгіпет на караблях шляхам, пра які Ён казаў табе, што ты яго больш ня ўбачыш. Там будзеце вы прададзеныя ворагам вашым як нявольнікі і нявольніцы, і [ніхто] ня будзе купляць»

 

Разьдзел 29

1 Гэта словы запавету, які загадаў ГОСПАД Майсею заключыць з сынамі Ізраіля ў зямлі Мааў, апрача запавету, які заключыў з імі на Харэве.

2 І склікаў Майсей увесь Ізраіль, і сказаў ім: «Вы бачылі ўсё, што зрабіў ГОСПАД на вачах вашых у зямлі Эгіпецкай фараону і ўсім слугам ягоным, і ўсёй зямлі ягонай,

3 тыя вялікія плягі, якія бачылі вочы вашыя, знакі і цуды вялікія.

4 І ня даў вам ГОСПАД сэрца, якое разумее, вачэй, якія бачаць, і вушэй, якія чуюць, аж да сёньняшняга дня.

5 І вёў я вас сорак гадоў праз пустыню; ня сьцёрліся адзеньні вашыя, сандалы вашыя на нагах вашых не падраліся.

6 Хлеба вы ня елі, віна і сікеры не пілі, каб вы ведалі, што Я — ГОСПАД, Бог ваш.

7 І прыйшлі вы на месца гэтае, і выйшлі Сыгон, валадар Хешбону, і Ог, валадар Башану, супраць вас вайною, і мы іх пабілі.

8 І забралі мы зямлю іхнюю, і аддалі яе на ўласнасьць [сынам] Рубэна і Гада і палове калена Манасы.

9 Дык захоўвайце словы запавету гэтага і выконвайце іх, каб мелі вы посьпех у-ва ўсім, што будзеце рабіць.

10 Вы стаіцё сёньня ўсе перад абліччам ГОСПАДА, Бога вашага; начальнікі каленаў вашых, старшыні вашыя, наглядчыкі вашыя і кожны Ізраільцянін,

11 дзеці вашыя і жонкі вашыя, і прыхадзень твой, які ў сярэдзіне табару твайго, [пачынаючы] ад тых, якія сякуць дровы, аж да тых, якія чэрпаюць ваду,

12 каб увайшоў ты ў запавет з ГОСПАДАМ, Богам тваім, і прысягай [запячатаў] тое, што сёньня ГОСПАД, Бог твой, заключыў з табою,

13 каб паставіць цябе сёньня як народ Ягоны, і каб Ён быў Богам тваім, як абяцаў табе і як запрысяг Ён бацькам тваім, Абрагаму, Ісааку і Якубу.

14 Ня толькі з вамі аднымі заключаю я гэты запавет і [зацьвярджаю] яго прысягай,

15 але з тымі, хто тут з намі стаяць перад абліччам ГОСПАДА, Бога нашага, і з тымі, каго сёньня тут няма з намі.

16 Бо вы ведаеце, як мы жылі ў зямлі Эгіпецкай і як ішлі між народамі, праз якія вы прайшлі.

17 І вы бачылі брыдоты іхнія і ідалаў іхніх, дрэвы і камяні, срэбра і золата, якія ў іх.

18 Няхай ня будзе сярод вас мужчыны або жанчыны, сям’і або пакаленьня, сэрца якога адвярнулася ад ГОСПАДА, Бога вашага, каб ісьці і служыць багам гэтых народаў. Няхай ня будзе паміж вас корань, які родзіць атруту і палын.

19 Калі нехта пачуе словы прысягі гэтай і будзе пату­раць сабе ў сэрцы сваім, кажучы: “Супакой мець буду, хоць буду хадзіць у закамянеласьці сэрца майго”, той сьцягвае загубу [на зямлю], як наводненую, так і сухую.

20 ГОСПАД не даруе яму, але тады ўзгарыцца гнеў ГОСПАДА і лютасьць Ягоная супраць чалавека таго, і прыйдуць на яго ўсе праклёны, запісаныя ў кнізе гэтай, і выкрасьліць ГОСПАД імя ягонае пад небам,

21 і аддзеліць яго ГОСПАД на загубу з усіх каленаў Ізраіля, паводле ўсіх праклёнаў запавету, запісаных у гэтай кнізе Закону.

22 І пакаленьні наступныя, сыны вашыя, якія паўстануць пасьля вас, і чужынец, які прыйшоў з зямлі далёкай, убачаць плягі зямлі гэтай і немачы ейныя, якія спашле на яе ГОСПАД, і скажуць:

23 “Серка і соль, і пажарышча на ўсёй зямлі. Ня будзе яна больш засяваная і не зазелянее яна, і ня вырасьце на ёй аніякая трава, як пасьля загубы Садома і Гаморы, Адмы і Цэвоіма, якія ГОСПАД зьнішчыў у гневе Сваім і ў ярасьці Сваёй”.

24 І скажуць усе народы: “За што ГОСПАД зрабіў так зямлі гэтай? Чаму такі вялікі жар гневу Ягонага?”

25 І адкажуць: “За тое, што пакінулі яны запавет ГОСПАДА, Бога бацькоў іхніх, які заключыў Ён з імі, калі вывеў іх з зямлі Эгіпецкай,

26 і пайшлі, і служылі багам чужым, і пакланяліся багам, якіх ня ведалі, і якіх Ён ім не прызначыў.

27 І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць зямлі гэтай, і Ён спаслаў на яе ўсе праклёны, запісаныя ў кнізе гэтай.

28 І выгнаў ГОСПАД іх з зямлі іхняй у гневе, ярасьці і абурэньні вялікім, і выгнаў іх у зямлю чужую, як гэта ёсьць сёньня”.

29 Схаванае [належыць] ГОСПАДУ, Богу нашаму, а адкрытае — нам і сынам нашым аж на вякі, каб мы выконвалі ўсе словы Закону гэтага.

 

Разьдзел 30

1 І станецца, што прыйдуць на цябе ўсе словы гэтыя дабраславенства і праклёну, якія я абвясьціў перад абліччам тваім, і ты возьмеш іх у сэрца сваё сярод усіх народаў, да якіх выгнаў цябе ГОСПАД, Бог твой.

2 І ты вернешся да ГОСПАДА, Бога твайго, і будзеш слухаць голас Ягоны ў-ва ўсім, што я сёньня загадваю табе, ты і сыны твае, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй.

3 І адменіць ГОСПАД, Бог твой, няволю тваю і зьлітуецца над табою, і верне цябе, і зьбя­рэ цябе з усіх народаў, у якіх расьцярушыў цябе ГОСПАД, Бог твой.

4 Хоць бы ты быў выгнаны на канец неба, адтуль сьцягне і адтуль зьбярэ цябе ГОСПАД, Бог твой, і зграмадзіць цябе.

5 І ўвядзе цябе ГОСПАД, Бог твой, у зямлю, якую мелі бацькі твае, і возьмеш яе на ўласнасьць і Ён дасьць дабрабыт табе, і павялічыць цябе больш за бацькоў тваіх.

6 І абрэжа ГОСПАД, Бог твой, сэрца тваё і сэрца насеньня твайго, каб любіў ты ГОСПАДА, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёй, каб ты жыў.

7 І зьверне ГОСПАД, Бог твой, усе гэтыя праклёны на ворагаў тваіх і на тых, якія ненавідзяць цябе і перасьледуюць цябе.

8 А ты навернешся, і будзеш слухаць голас ГОСПАДА, і будзеш выконваць усе прыказаньні Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня.

9 І ГОСПАД, Бог твой, дасьць табе посьпех у-ва ўсіх працах рук тваіх, у пладах улоньня твайго, і ў прыплодзе жывёлы тваёй, і ў плодзе зямлі тваёй табе на дабро. Бо вернецца ГОСПАД, каб цешыцца з цябе, [даючы] даброцьці, як цешыўся Ён з бацькоў тваіх,

10 калі будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўваць прыказаньні Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія запісаныя ў кнізе Закону гэтага, і калі навернешся да ГОСПАДА, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй.

11 Бо прыказаньне гэтае, якое я загадваю табе сёньня даю, не зацяжкае для цябе і не далёкае [ад цябе].

12 Ня ў небе яно, каб ты казаў: “Хто ўзыйдзе ў неба і прынясе яго нам, каб мы маглі пачуць яго і выканаць яго?”

13 І не за морам яно, каб ты казаў: “Хто пераплыве мора і прынясе яго да нас, каб мы маглі пачуць яго і выканаць яго?” 

14 Але вельмі блізка да цябе слова гэтае, яно ў вуснах тваіх і ў сэрцы тваім, каб ты мог выканаць яго.

15 Глядзі, я кладу сёньня перад абліччам тваім жыцьцё і дабро, сьмерць і зло.

16 Бо я загадваю табе сёньня, каб любіў ты ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзіў шляхамі Ягонымі, і захоўваў прыказаньні Ягоныя, і пастановы Ягоныя, і прысуды Ягоныя, будзеш жыць, і памножышся, і бу­дзе дабраслаўляць цябе ГОСПАД, Бог твой, у зямлі, якую ідзеш атрымаць на ўласнасьць.

17 А калі адвернецца сэрца тваё і ня будзеш слухаць [Госпада], і будзеш зьведзены, і будзеш пакланяцца багам чужым,  і будзеш ім служыць,

18 я паведамляю вам сёньня, што, гінучы, вы загінеце і ня будуць доўгія дні [вашыя] ў зямлі, у якую ты пераходзіш праз Ярдан і ідзеш туды, каб атрымаць яе на ўласнасьць.

19 За сьведкаў супраць вас сёньня клічу неба і зямлю, што я кладу перад абліччам тваім жыцьцё і сьмерць, дабраславенства і праклён. Выбірай жыцьцё, каб жыў ты і насеньне тваё,

20 і любі ГОСПАДА, Бога твайго, і слухай голас Ягоны, і туліся да Яго, бо Ён — жыцьцё тваё і доўгасьць дзён твіх, каб ты жыў на зямлі, якую абяцаў ГОСПАД бацькам тваім, Абрагаму, Ісааку і Якубу, што дасьць ім яе».

 

Разьдзел 31

1 І пайшоў Майсей, і прамовіў гэтыя словы да ўсяго Ізраіля,

2 і сказаў ім: «Я маю сёньня сто дваццаць гадоў. Не магу больш выходзіць і ўваходзіць, і ГОСПАД сказаў мне: “Не пяройдзеш ты Ярдан гэты”.

3 ГОСПАД, Бог твой, Сам пяройдзе перад абліччам тваім. Ён зьнішчыць народы гэтыя перад абліччам тваім, і ты завалодаеш імі, і Егошуа пойдзе перад абліччам тваім, як прамовіў ГОСПАД.

4 І зробіць ім ГОСПАД, як зрабіў Сыгону і Огу, валадарам Амарэйцаў, і зямлі іхняй, зьнішчыўшы іх.

5 І выдасьць ГОСПАД іх вам, і зробіце вы з імі паводле ўсіх прыказаньняў, якія я загадаў вам.

6 Будзьце цьвёрдыя і мужныя, ня бойцеся і не палохайцеся іх, бо ГОСПАД, Бог твой, ідзе з табою, Ён не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе».

7 І паклікаў Майсей Егошуа, і сказаў яму на вачах усяго Ізраіля: «Будзь цьвёрды і мужны, бо ты ўвядзеш народ гэты ў зямлю, якую запрысяг ГОСПАД бацькам іхнім даць яе, і ты яе аддасі ў спадчыну ім.

8 А ГОСПАД, Які ідзе перад абліччам тваім, Ён Сам будзе з табою, не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе. Ня бойся і не трывожся».

9 І напісаў Майсей Закон гэты, і перадаў яго сьвятарам, сынам Левія, якія насілі Каўчэг Запавету ГОСПАДА, і ўсім старшыням Ізраіля.

10 І загадаў ім Майсей, кажучы: “Калі пройдзе сем гадоў, у год дараваньня [даўгоў], у сьвята Намётаў,

11 калі ўвесь Ізраіль прый­дзе, каб зьявіцца перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, у месцы, якое Ён выбраў, перачытаеш словы Закону гэтага ўголас перад усім Ізраілем у вушы іхнія.

12 Зьбяры народ, мужчынаў і жанчынаў, дзяцей і прыхадняў тваіх, якія ў брамах тваіх, каб яны пачулі і навучыліся баяцца ГОСПАДА, Бога вашага, і захоўвалі, і выконвалі ўсе словы Закону гэтага.

13 А сыны іхнія, якія яшчэ ня ведаюць [гэтага], няхай слухаюць і вучацца баяцца ГОСПАДА, Бога вашага, усе дні, як доўга будзеце жыць на зямлі, якую вы, перайшоўшы Ярдан, ідзіцё атрымаць на ўласнасьць».

14 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Вось, набліжаецца дзень сьмерці тваёй. Пакліч Егошуа і станьце ў Намёце Спатканьня, і Я дам яму загады». І пайшлі Майсей і Егошуа, і сталі ў Намёце Спатканьня.

15 І ГОСПАД зьявіўся ў Намёце ў слупе воблачным, і стаяў слуп воблачны каля ўваходу ў Намёт.

16 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Вось, ты засьнеш з бацькамі тваімі, а народ гэты паўстане, і будзе чужаложыць з багамі чужымі зямлі гэтай, у якую ўвойдзе; і пакіне ён Мяне, і парушыць запавет Мой, які Я заключыў з ім.

17 І ўзгарыцца гнеў Мой супраць яго ў той дзень, і Я пакіну іх, і схаваю аблічча Маё ад іх, і будзе ён на загубу. І прыйдуць на яго шматлікія нягоды і ўціскі, і ён скажа ў той дзень: “Ці ж не за тое, што няма Бога са мной, нахлынулі гэтыя нягоды на мяне”.

18 І Я, хаваючы, схаваю аблічча Маё ў той дзень з прычыны ўсёй ліхоты, якую ён учыніў, бо ён павярнуўся да багоў чужых.

19 І цяпер запішыце сабе гэты сьпеў. Навучы яму сыноў Ізраіля, укладзі яго ў вусны іхнія, каб гэты сьпеў быў для Мяне сьведкам супраць сыноў Ізраіля.

20 Бо Я ўвяду яго ў зямлю, якую запрысяг Я бацькам ягоным, якая ацякае малаком і мёдам. І будзе ён есьці, і насыціцца, і ў сытасьці павернецца да багоў чужых, і будзе слу­жыць ім, а Мною пагардзіць і разарве запавет Мой.

21 І станецца, калі дакрануцца яго шматлікія нягоды і ўціскі, сьпеў гэты будзе сьведкам перад абліччам ягоным, бо вусны нашчадкаў ягоных не забудуцца яго. Бо Я ведаю намеры ягоныя, паводле якіх ён робіць сёньня, перш, чым увяду яго ў зямлю, якую абяцаў [яму]».

22 І запісаў Майсей сьпеў гэты ў той дзень, і навучыў яму сыноў Ізраіля.

23 І загадаў ГОСПАД Егошуа, сыну Нуна, і сказаў: «Будзь цьвёрды і мужны, бо ты ўвядзеш сыноў Ізраіля ў зямлю, якую Я абяцаў ім, і Я буду з табою».

24 І сталася, калі Майсей скончыў пісаць словы Закону гэтага ў кнізе,

25 загадаў Майсей лявітам, якія насілі Каўчэг Запавету ГОСПАДА, кажучы:

26 «Вазьміце кнігу Закону гэтага і палажыце яе побач Каўчэгу Запавету ГОСПАДА, Бога вашага, і будзе яна сьведкам супраць цябе.

27 Бо я ведаю непаслухмянасьць тваю і цьвёрды карак твой. Вось, сёньня, калі я жыву з вамі, вы былі непаслухмяныя ГОСПАДУ. А што будзе пасьля сьмерці маёй?

28 Зьбярыце да мяне ўсіх старшыняў каленаў вашых, і начальнікаў вашых, і я прамоўлю ў вушы іхнія словы гэтыя і паклічу супраць іх неба і зямлю на сьведкаў.

29 Бо я ведаю, што пасьля сьмерці маёй вы будзеце сапсаваныя і зьвернеце са шляху, які я вам загадаў, і напаткаюць вас у апошнія дні няшчасьці, бо вы будзеце рабіць ліхоту ў вачах ГОСПАДА і разгневаеце Яго справамі рук вашых».

30 І прамовіў Майсей у вушы ўсёй царквы Ізраіля словы сьпеву гэтага аж да канца:

 

Разьдзел 32

1 «Прыхіліце вушы, нябёсы, і я прамоўлю! І няхай чуе зямля словы вуснаў маіх!

2 Няхай кроплямі падае, як дождж, вучэньне маё, няхай сьцякае, як раса, мова мая, як імжа на зеляніну, як залева на траву.

3 Бо я буду клікаць імя ГОСПАДА! Давайце ўзьвялічым Бога нашага!

4 [Ён] — Скала, і дасканалыя творы Яго, бо ўсе шляхі Ягоныя справядлівыя. Бог верны, і няма ў Ім хлусьні, Ён — праведны і справядлівы.

5 Яны сапсаваліся, яны ня ёсьць сынамі Ягонымі з прычыны заганаў сваіх, пакаленьне падступнае і крывадушнае.

6 Ці ж так адплачваеце вы ГОСПАДУ, народзе бязглузды і бяз мудрасьці? Ці ж ня Ён —Бацька твой? Ён набыў цябе і ўчыніў, і ўмацаваў.

7 Памятай пра дні старадаўнія, разважай пра гады пакаленьняў [мінулых]; спытайся бацьку твайго, і ён паведаміць табе, [спытайся] старшыняў тваіх, і яны раскажуць табе.

8 Калі Найвышэйшы даваў спадчыну народам, калі разьдзяляў сыноў чалавечых, Ён вызначыў межы народам паводле ліку сыноў Ізраіля.

9 Уласнасьць ГОСПАДА — народ Ягоны. Якуб — абшар спадчыны Ягонай.

10 Ён знайшоў яго ў зямлі пустыннай, у [зямлі] пустой і бязьлюднай, дзе выюць [шакалы]. Ён асланяў яго, даглядаў яго і захоўваў яго, як зрэнку вока Свайго.

11 Як арол узрушвае гняздо сваё і кружляе над птушанятамі сваімі, раскінуўшы крылы свае, бярэ іх і нясе на крылах сваіх,

12 так ГОСПАД Сам вёў яго, і не было з ім бога чужога.

13 І Ён паставіў яго на высокай зямлі, каб ён спажываў плады палёў, і Ён карміў яго мёдам са скалы і алеем з цьвёрдага камяня,

14 маслам кароваў і малаком авечак, тлушчам ягнятаў, і бараноў Башану, і казлоў, і тлушчам нырак, і найчысьцейшай пшаніцай, і ён піў кроў вінаграду.

15 Насыціўся Ешурун і стаўся брыклівы, стаў сыты, тлусты і гладкі, і пакінуў Бога, Які ўчыніў яго, і зьняважыў Скалу збаўленьня свайго.

16 І яны ўзбудзілі рэўнасьць Ягоную [багамі] чужымі, і брыдотамі раззлавалі Яго.

17 Яны складалі ахвяры дэманам, а ня Богу, [пакланяліся] багам, якіх ня ведалі, [багам] новым, якія нядаўна зьявіліся, якім не пакланяліся бацькі іхнія.

18 Скалу, Якая цябе нарадзіла, ты пакінуў, ня памятаў Бога, Які вывеў на сьвет цябе.

19 І ўбачыў [гэта] ГОСПАД, і ўзьненавідзеў [іх], і загневаўся на сыноў Сваіх і дочак Сваіх.

20 І сказаў Ён: “Схаваю аблічча Маё ад іх і пабачу, які [будзе] канец іхні, бо гэта пакаленьне падступнае, сыны няверныя.

21 Яны ўзбудзілі рэўнасьць Маю тым, што ня [ёсьць] богам, марнасьцямі сваімі раздражнілі Мяне; і Я ўзбуджу рэўнасьць іхнюю тым, што ня [ёсьць] народам, народам дурным раздражню іх.

22 Узгарэўся агонь ярасьці Маёй і будзе гарэць аж да найглыбейшай адхлані, і спаліць зямлю і ўраджай ейны, і спапяліць падваліны гор.

23 Я зьбяру на іх няшчасьці, [пушчу] ў іх стрэлы Мае.

24 Будзе іх марыць голад, паліць трасца і пошасьць лютая, і Я пашлю на іх зубы зьвяроў і атруту тых, што поўзаюць у пыле.

25 На двары будзе нішчыць іх меч, а ў дамах — жах, юнака разам з дзяўчынаю, немаўля разам з чалавекам сівым.

26 Я сказаў: «Вынішчу іх і спыню ў людзей памяць пра іх».

27 Але Я [спыніў гэта] з прычыны зьнявагаў ворагаў, каб прыгнятальнікі іхнія не вывышаліся і не казалі: «Рука нашая ўзьнятая, а ня ГОСПАД зрабіў усё гэта!»

28 Бо гэта народ бязрадны, і няма ў іх розуму.

29 Калі б яны былі мудрымі, яны б зразумелі гэта і разважалі б пра канец свой!

30 Ці мог бы адзін гнаць тысячу, а дваіх выгнаць дзесяць тысячаў, калі б Скала іхняя не прадала іх [у няволю] і калі б ГОСПАД не пакінуў іх?

31 Бо скала іхняя не такая, як Скала нашая; але ворагі нашыя [будуць] судзьдзямі.

32 Бо вінаград іхні — з вінаграднай лазы Садомскай і з палёў Гаморскіх. Ягады іхнія атрутныя, а гронкі [горкія], як палын.

33 Віно іхняе — атрута цмочая і сьмяротная труцізна гадзючая.

34 Ці ж гэта не схавана ў-ва Мне і не запячатана ў скарбніцах Маіх?

35 Мне [належыць] помста і Я аднагароджу ў час, калі пахісьнецца нага іхняя! Бо блізка ўжо дзень загубы іхняй і надыхо­дзіць рашэньне [лёсу] іхняга.

36 І будзе судзіць ГОСПАД народ Свой, і пашкадуе Ён слугаў Сваіх, калі ўбачыць, што рука іхняя аслабела і што няма ані нявольнікаў, ані вольных.

37 І скажа Ён: “Дзе ж богі іхнія, дзе скала, на якую яны мелі надзею,

38 што елі тлустасьць ахвяраў іхніх, і пілі віно іхніх ахвяраў вадкіх? Няхай устануць і дапамогуць вам, і няхай у бядзе абароняць вас!

39 Паглядзіце цяпер, што Я, Я ёсьць, і няма Бога апрача Мяне, Я забіваю і Я даю жыць, Я калечу і Я аздараўляю, і няма такога, хто можа вырвацца з рукі Маёй.

40 Я падыму да неба руку Маю і скажу: «Жыву вечна!»

41 Калі Я вывастру меч Мой бліскучы і рука Мая выканае прысуд, Я адпомшчу ворагам Маім, і тым, якія ненавідзяць Мяне, Я аднагароджу.

42 Я напаю крывёю стрэлы Мае, і меч Мой насыціцца мясам, крывёй забітых і палонных, галовамі варожых правадыроў!”

43 Весяліцеся, народы, з народам Ягоным, бо Ён адпомсьціць за кроў слугаў Сваіх і ўчыніць помсту ворагам Сваім, і міласьцівы будзе да зямлі народу Свайго».

44 І пайшоў Майсей з Егошуа, сынам Нуна, і прамовіў усе словы сьпеву гэтага ў вушы народу.

45 І скончыў Майсей прамаўляць усе словы гэтыя да ўсяго Ізраіля,

46 і сказаў ім: «Зьмясьціце ў сэрцы вашым усе словы, якімі я сёньня папярэджваю вас, і загадайце сынам вашым захоўваць іх, і выконваць усе словы Закону гэтага.

47 Бо слова гэтае не пустое для вас, але гэта жыцьцё вашае; і праз слова гэтае будуць доўгія дні [вашыя] на зямлі, у якую вы пераходзіце праз Ярдан, каб авалодаць ёю».

48 І ў той самы дзень прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

49 «Узыйдзі на гэтую гару Абарым, на гару Нэво, якая ў зямлі Мааў насупраць Ерыхону, і паглядзі на зямлю Ханаан, якую Я даю сынам Ізраіля на ўласнасьць.

50 А ты памрэш на гары, на якую ты ўзыйдзеш, і далучышся да народу свайго, як памёр Аарон, брат твой, на гары Гор і далучыўся да народу свайго.

51 За тое, што вы дапусьціліся злачынства адносна Мяне між сынамі Ізраіля пры водах Мэрывы каля Кадэшу, у пустыні Сін, за тое, што вы ня выявілі сьвятасьць Маю сярод сыноў Ізраіля,

52 за гэта [толькі] здалёк убачыш тую зямлю, але ты сам ня ўвойдзеш туды, у зямлю, якую Я даю сынам Ізраіля».

 

Разьдзел 33

1 Гэта дабраславенства, якім дабраславіў Майсей, чалавек Божы, сыноў Ізраіля перад сьмерцю сваёй.

2 І ён сказаў: «ГОСПАД прыйшоў з Сынаю і з Сэіру зыйшоў да іх; зьявіўся з гары Паран і прыйшоў з дзясяткамі тысячаў сьвятых, з правіцы Ягонай агонь палае.

3 Сапраўды Ён любіць народы. Усе сьвятыя Твае ў руцэ Тваёй, і яны туляцца да ног Тваіх, слухаюць словы Твае.

4 Закон даў нам Майсей, спадчыну збору Якуба.

5 І быў [выбраны] ў Ешуруна валадар на сходзе князёў народу разам з каленамі Ізраіля.

6 Няхай жыве Рубэн і няхай не памірае, і няхай будзе [нейкі] лік сьмяротных [людзей] ягоных».

7 Гэта ён сказаў да Юды: «Выслухай, ГОСПАДЗЕ, голас Юды і прывядзі яго да народу Свайго. Рукою Тваёю ваюй за яго і дапамажы яму супраць прыгнятальнікаў ягоных».

8 Да Левія сказаў: “Тумім Твой і урым Твой дай чалавеку сьвятому Твайму, якога Ты выпрабаваў у Масе і з якім спрачаўся ля водаў Мэрывы.

9 Ён пра бацьку свайго і маці сваю сказаў: «Ня ведаю вас». І не пазнаў братоў сваіх, і сыноў сваіх ня ведае, бо яны захоўваюць загады Твае і запавет Твой пільнуюць.

10 Яны вучаць Якуба пастановам Тваім і [навучаюць] Ізраіля Закону Твайму; і паляць кадзіла ў ноздры Твае, і цэласпаленьні — на ахвярніку Тваім.

11 Дабраславі, ГОСПАДЗЕ, моц ягоную і прымі працу рук ягоных. Стаўчы сьцёгны тых, якія паўстаюць на яго, і тыя, што зьненавідзелі яго, няхай не падымуцца».

12 Да Бэн’яміна сказаў: «Улюбёны ГОСПАДАМ бу­дзе жыць у бясьпецы пры Ім. Ён будзе засланяць яго ўсе дні, і супачыне ён у рамёнах Ягоных”.

13 Да Язэпа сказаў: “Дабраслаўлёная ГОСПАДАМ зямля ягоная дарамі неба, расою, крыніцамі бездані падземнай,

14 дарамі сонца і пладамі месяца,

15 багацьцем гор спрадвечных і пладамі ўзгоркаў адвечных,

16 пладамі зямлі і поўняй яе. Ласка Таго, Хто аб’явіўся ў кусьце, няхай зыйдзе на галаву Язэпа і на цемя пасьвячонага сярод братоў сваіх.

17 Прыгажосьць ягоная — як першароднага быка, і рогі ягоныя — як рогі аднарога, імі ён збадае народы аж да канца зямлі. Такія дзясяткі тысячаў Эфраіма, і такія тысячы Манасы».

18 І да Завулёна сказаў: “Радуйся, Завулён, у выхадзе тваім, а ты, Ісахар, у намётах тваіх!

19 Паклічуць народы на гару, там будуць складаць ахвяры праведнасьці. Яны будуць карыстацца шчодрасьцю мора і багацьцямі, схаванымі ў пяску».

20 Да Гада сказаў: «Дабраслаўлёны той, хто пашырае Гада! Як леў будзе ён жыць, ён разарве рамяно і цемя.

21 І ён убачыць пяршыны свае, бо там памешчана частка правадыра, і ён выходзіў на чале народу, і рабіў праведнае перад ГОСПАДАМ, і [чыніў] прысуды Ягоныя адносна Ізраіля».

22 Да Дана сказаў: «Дан — ільвянятка, якое выскоквае з Башану».

23 Да Нэфталі сказаў: «Нэфталі перапоўнены ласкаю і поўны дабраславенства ГОСПАДА; ён завалодае морам і поўднем».

24 Да Асэра сказаў: «Дабраслаўлёны Асэр між сынамі! Няхай ён будзе даспадобы братам сваім і няхай будзе мачыць у алеі нагу сваю.

25 З жалеза і медзі засаўкі твае, як дні твае, [трывае] сіла твая».

26 «Няма такога, як Бог Ешуруна, Які ідзе па небе на дапамогу табе і ў велічнасьці Сваёй [ідзе] па воблаках.

27 Прыбежышча тваё — Бог спрадвечны, абарона твая — рамёны вечныя. Ён выганіць перад абліччам тваім ворага і скажа: “Зьнішчы”.

28 Ізраіль будзе жыць у бясьпецы, вочы Якуба бачаць перад сабою зямлю збожжа і віна, і з нябёсаў ягоных кроплямі падае раса.

29 Шчасьлівы ты, Ізраіль! Хто [падобны] да цябе, народ, якога збавіў ГОСПАД. Ён — шчыт абароны тваёй і меч велічнасьці тваёй. Ворагі твае скараюцца перад абліччам тваім, і ты будзеш таптаць каркі іхнія».

 

Разьдзел 34

1 І ўзыйшоў Майсей з раўніны Мааву на гару Нэво, на вяршыню Пісга насупраць Ерыхону. І паказаў яму ГОСПАД усю зямлю Гілеад аж да Дану,

2 і ўсю [зямлю] Нэфталі, зямлю Эфраіма і Манасы, і ўсю зямлю Юды аж да Мора Заходняга,

3 Нэгеў і абшар раўніны Ерыхону, гораду пальмаў, аж да Цаару.

4 І сказаў ГОСПАД яму: «Гэта тая зямля, якую Я запрысяг Абрагаму, Ісааку і Якубу, кажучы: “Я дам яе насеньню твайму”. Бачыў ты яе вачыма сваімі, але ня ўвойдзеш у яе».

5 І памёр Майсей, слуга Божы, там, у зямлі Мааў, паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА.

6 І пахавалі яго ў даліне ў зямлі Мааў насупраць Бэт-Пэору. І ніхто ня ведае магілы ягонай па сёньняшні дзень.

7 Майсей меў сто дваццаць гадоў, калі памёр, але вочы ягоныя не былі прыцьмёныя, і сіла ягоная не пакінула яго.

8 І плакалі па Майсеі сыны Ізраіля на раўніне Мааву трыццаць дзён. І скончыліся дні жалобы па Майсеі.

9 І Егошуа, сын Нуна, на якога Майсей усклаў рукі свае, быў поўны духа мудрасьці. І слухалі яго сыны Ізраіля, і рабілі ўсё, як загадаў ГОСПАД праз Майсея.

10 І не паўстаў больш у Ізраілі прарок такі, як Майсей, якога ведаў ГОСПАД тварам у твар

11 і якога паслаў чыніць знакі і цуды ў зямлі Эгіпецкай перад фараонам, і перад слугамі ягонымі, і перад усёй зямлёй ягонай,

12 і рабіць усе [дзеяньні] рукі моцнай і ўсе [дзеяньні] страшныя, якія ўчыніў Майсей на вачах усяго Ізраіля.