Беларуская Біблія

КНІГА ПРАРОКА ДАНІІЛА

 

Разьдзел 1

1 У трэці год валадараньня Егаякіма, валадара Юды, прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілону, да Ерусаліму і аблёг яго.

2 І аддаў Госпад у руку ягоную Егаякіма, валадара Юды, і частку начыньняў Дому Божага, і ён занёс іх у зямлю Шынэар у дом бога свайго, і ўнёс начыньні гэтыя ў скарбніцу бога свайго.

3 І сказаў валадар Ашпэназу, начальніку эўнухаў сваіх, каб ён прывёў з сыноў Ізраіля і з насеньня валадарскага і княскага

4 юнакоў, якія ня маюць у сабе аніякай заганы, [маюць] добры выгляд, разумеюць усякую мудрасьць, і кемлівыя ў навучаньні, і здольныя да ведаў, каб яны мелі сілу стаяць у палацы валадарскім і каб навучыць іх кнігам і мове халдэйскай.

5 І вызначыў ім валадар на кожны дзень ежу валадара і віно, якое сам піў, каб гадаваць іх так тры гады, каб пасьля заканчэньня іх яны сталі перад абліччам валадара.

6 І былі сярод іх з сыноў Юды Данііл, Ананія, Мішаэль і Азарыя.

7 І даў ім начальнік эўнухаў імёны, Даніілу даў [імя] Бэльтэшацар, Ананію — Шадрах, Мішаэлю — Мэшах, а Азарыі — Авэд-Нэго.

8 І пастанавіў Данііл у сэрцы сваім, што ён ня будзе апаганьвацца ежаю валадара і віном, якое той піў; і ён прасіў начальніка эўнухаў, каб яму не апаганіцца.

9 І даў Бог Даніілу міласэрнасьць і спагаду перад абліччам начальніка эўнухаў.

10 І сказаў начальнік эўнухаў Даніілу: «Я баюся пана майго, валадара, які вызначыў для вас ежу і напоі. Бо калі ён убачыць, што абліччы вашыя марнейшыя, чым у [іншых] юнакоў вашага веку, тады вы наразіце на небясьпеку галаву маю перад валадаром».

11 І сказаў Данііл наглядчыку, якога начальнік эўнухаў паставіў над Даніілам, Ананіем, Мішаэлем і Азарыем:

12 «Выспрабуй, калі ласка, слугаў тваіх дзён дзесяць; і няхай даюць нам гародніну, і мы будзем есьці, і ваду, і мы будзем піць.

13 І паглядзіш на выгляд наш і выгляд юнакоў, якія ядуць ежу валадара; і паводле таго, што ўбачыш, рабі са слугамі тваімі».

14 І ён паслухаў іх у гэтай справе, і выспрабоўваў іх дзесяць дзён.

15 І ў канцы дзесяці дзён выгляд іхні выяўвіўся лепшым і цела [іхняе было] здаравейшым, чым у юнакоў, якія елі ежу валадара.

16 І сталася, што наглядчык забіраў ад іх ежу і віно, якое яны мелі піць, і даваў ім гародніну.

17 І гэтым чатыром юнакам Бог даў веды і разуменьне кожнай кнігі і мудрасьці, а Данііл разумеў усякія ві­дзежы і сны.

18 І пасьля заканчэньня дзён, калі валадар сказаў прывесьці іх, начальнік эўнухаў прывёў іх перад аблічча Навухаданосара.

19 І гаварыў з імі валадар, і не знайшлося сярод іх усіх [такіх], як Данііл, Ананія, Мішаэль і Азарыя. І яны сталі перад абліччам валадара.

20 І ў-ва ўсіх справах мудрасьці і разуменьня, пра што валадар пытаўся ў іх, ён знайшоў іх у дзесяць разоў [лепшымі] за ўсіх варажбітоў і астролягаў, якія [былі] ў-ва ўсім валадарстве ягоным.

21 І Данііл быў [там] да першага году валадара Кіра.

 

Разьдзел 2

1 У другім годзе валадараньня Навухаданосара сьніў Навухаданосар сны, і дух ягоны стрывожыўся, і сон ягоны адыйшоў ад яго.

2 І сказаў валадар паклікаць варажбітоў, астролягаў, чараўнікоў і Халдэяў, каб распавялі валадару сны ягоныя. І яны прыйшлі, і сталі перад абліччам валадара.

3 І сказаў валадар ім: «Сьніў я сон, і стрывожыўся дух мой, бо [хачу] ведаць сон».

4 І гаварылі Халдэі валадару па-арамейску: «Валадару! Жыві на вякі! Раскажы сон слугам тваім, і яго значэньне мы патлумачым».

5 Адказаў валадар і сказаў Халдэям: «Слова адыйшло ад мяне. Але калі вы не паведаміце мне [мой] сон і значэньне ягонае, вы будзеце пасечаныя [на кавалкі], і дамы вашыя будуць ператвораныя ў руіны.

6 А калі сон і значэньне ягонае патлумачыце, атрымаеце ад мяне дары, нагароду і ўшанаваньне вялікае. Дзеля гэтага сон і значэньне ягонае растлумачце мне».

7 Яны адказалі другі раз і сказалі: «Няхай раскажа валадар слугам тваім сон, і мы патлумачым значэньне ягонае».

8 Адказаў валадар і сказаў: «Ведаю дакладна, што вы цягнеце час, бо бачыце, што адыйшло ад мяне слова.

9 Але калі вы не паведаміце мне сон [мой], значыцца, адзін намер у вас, бо вы згадзіліся словы падманлівыя і фальшывыя казаць перада мною, пакуль ня пройдзе час. Дзеля гэтага раскажыце мне сон, і я даведаюся, што вы патлумачыце мне значэньне ягонае».

10 Адказалі Халдэі валадару і сказалі: «Няма на зямлі чалавека, які мог бы патлумачыць справу валадара. Дзеля гэтага ніякі валадар вялікі і магутны не патрабуе такога ў чараўніка, астроляга і Халдэя.

11 А гэтая справа, якую валадар патрабуе, цяжкая, і няма нікога, хто мог бы выявіць яе перад валадаром, акрамя багоў, якія не жывуць з цялеснымі [людзьмі]».

12 З-за гэтага валадар загневаўся і зазлаваўся моцна, і сказаў выгубіць усіх мудрацоў Бабілонскіх.

13 І пастанова выйшла, каб мудрацы былі забітыя, і шукалі Данііла і сяброў ягоных, каб забіць іх.

14 Тады Данііл зьвярнуўся з радаю і разумнасьцю да Арыёха, начальніка варты валадара, які выйшаў, каб забіваць мудрацоў Бабілонскіх.

15 Ён адказаў і сказаў Арыёху, гетману валадара: «Чаму такі жорсткі загад валадара?» Тады Арыёх паведаміў гэтую справу Даніілу.

16 І Данііл пайшоў і прасіў валадара, каб той даў яму час, і ён патлумачыць валадару значэньне [сну].

17 Тады Данііл пайшоў у дом свой і паведаміў справу гэтую Ананіі, Мішаэлю і Азарыі, сябрам сваім,

18 каб яны прасілі літасьці ў Бога Нябеснага адносна таямніцы гэтай, каб не загінулі Данііл і сябры ягоныя разам з рэштаю мудрацоў Бабілонскіх.

19 Тады Даніілу ў відзежы начным была выяўлена таямніца, і Данііл дабраславіў Бога Нябеснага.

20 Адказаў Данііл і сказаў: «Няхай будзе дабраслаўлёнае імя Божае ад веку і на вякі, бо мудрасьць і сіла ў Яго.

21 І Ён зьмяняе часы і поры, Ён скідае валадароў і ставіць валадароў, дае мудрасьць мудрым і веданьне тым, якія маюць розум.

22 Ён выяўляе глыбокае і схаванае; Ён ведае, што ў цемры, і сьвятло жыве з Ім.

23 Дзякую Табе і слаўлю Цябе, Божа бацькоў маіх, што мудрасьць і сілу Ты даў мне, а цяпер паведаміў мне тое, пра што прасілі мы ў Цябе, бо Ты паведаміў нам справу валадара».

24 Пасьля гэтага Данііл пайшоў да Арыёха, якога валадар прызначыў, каб ён выгубіў мудрацоў Бабілонскіх. Ён прыйшоў і сказаў яму гэтак: «Не забівай мудрацоў Бабілонскіх. Прывядзі мяне да валадара, і я патлумачу валадару значэнне [сну]».

25 Тады Арыёх пасьпешліва прывёў Данііла да валадара і сказаў яму гэтак: «Я знайшоў чалавека з сыноў палону, з Юдэяў, які паведаміць валадару значэньне [сну]».

26 Адказаў валадар і сказаў Даніілу, якога імя [было] Бэльтэшацар: «Ці ты можаш паведаміць мне сон, які я бачыў, і значэньне ягонае?»

27 Адказаў Данііл валадару і сказаў: «Таямніцу, якую валадар патрабуе, ня могуць патлумачыць валадару ані мудрацы, ані астролягі, ані чараўнікі, ані варажбіты.

28 Але ёсьць Бог у небе, Які выяўляе таямніцы, і Ён паведамляе валадару Навухаданосару, што мае быць у канцы дзён. Сон твой і відзеж галавы тваёй на ложку тваім гэткія.

29 Да цябе, валадару, думкі твае на ложку тваім прыйшлі пра тое, што мае быць пасьля гэтага, і Той, Які выяўляе таямніцы, паказаў табе, што станецца.

30 Але мне таямніца гэтая выяўлена не з прычыны мудрасьці, што яна ёсьць у-ва мне больш, чым у-ва ўсіх, хто жыве, але дзеля таго, каб паведаміць валадару значэньне [сну] і каб ты мог ведаць думкі сэрца твайго.

31 Ты, валадару, глядзеў, і вось, адзін балван вялікі, балван вялізарны, і бляск ягоны надзвычайны. Ён стаяў перад табою, і выгляд ягоны [быў] страшны.

32 У балвана гэтага галава з чыстага золата, грудзі ягоныя і рамёны ягоныя — са срэбра, жывот ягоны і сьцёгны ягоныя — з медзі,

33 галёнкі ягоныя — з жалеза, стопы ягоныя — часткова з жалеза, а часткова з гліны.

34 Ты глядзеў, аж вось камень быў адарваны, але не рукамі, і ўдарыў [камень] у балвана, у стопы ягоныя з жалеза і гліны, і разьбіў іх.

35 Тады разьбіліся на кавалкі жалеза, гліна, медзь, срэбра і золата і сталіся як мякіна на таку летам, і вецер панёс іх, і ніякага сьледу не знайшлося пасьля іх. А камень, які ўдарыў балвана, стаў гарою вялізарнаю і напоўніў усю зямлю.

36 Гэтакі сон [быў], а значэньне ягонае [цяпер] раскажам перад валадаром.

37 Ты, валадару, — валадар валадароў, якому Бог нябесны даў валадарства, моц, сілу і славу.

38 І паўсюль, дзе жывуць сыны чалавечыя, зьвяры палявыя і птушкі нябесныя, Ён даў [іх] у руку тваю і паставіў цябе панам над усімі імі. Ты — гэта тая галава з золата.

39 А пасьля цябе паўстане іншае валадарства, ніжэйшае за цябе, і іншае трэцяе валадарства з медзі, якое будзе панаваць над усёю зямлёю.

40 А чацьвёртае валадарства будзе моцнае, як жалеза; бо як жалеза ломіць і крышыць усё, і як жалеза таўчэ ўсё, так яно зломіць і скрышыць [усё].

41 А тое, што ты бачыў стопы і пальцы часткова з гліны ганчарнай, а часткова з жалеза, [значыць, што] валадарства будзе падзеленае, і будзе ў ім нешта з моцнасьці жалеза, бо ты бачыў жалеза, зьмяшанае з глейкаю глінай.

42 І як пальцы ног часткова з жалеза, а часткова з гліны, так валадарства будзе часткова моцнае, а часткова крохкае.

43 І як ты бачыў жалеза, зьмяшанае з глейкаю глінай, так яны будуць зьмяшаныя насеньнем людзкім, але ня будуць злучаныя адно з адным, як жалеза не мяшаецца з глінаю.

44 А ў дні валадароў тых Бог Нябесны паставіць валадарства, якое вечна ня будзе зьнішчана, і гэтае валадарства ня будзе пераходзіць да іншага народу; яно скрышыць і зруйнуе ўсе валадарствы, а само будзе стаяць на вякі,

45 бо ты бачыў, што ад гары быў адарваны камень, але не рукамі, і ён разьбіў жалеза, медзь, гліну, срэбра і золата. Бог вялікі паказаў валадару тое, што станецца пасьля. І сон гэты праўдзівы, і значэньне яго дакладнае».

46 Тады валадар Навухаданосар упаў на аблічча сваё, і пакланіўся Даніілу, і загадаў, каб прынесьлі яму дары і кадзіла.

47 Валадар адказаў Даніілу і сказаў: «Сапраўды, Бог ваш — Бог багоў і Гаспадар валадароў! Ён выяўляе таямніцы, бо ты змог выявіць таямніцу гэтую».

48 Тады валадар узьвялічыў Данііла і даў яму шмат вялікіх дароў, і зрабіў яго панам над усёй краінай Бабілонскай і галоўным начальнікам над усімі мудрацамі Бабілонскімі.

49 І Данііл прасіў валадара, і ён паставіў над справамі краіны Бабілонскай Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго, а Данііл [быў] пры браме валадарскай.

 

Разьдзел 3

1 Навухаданосар валадар зрабіў балвана з золата, вышыня ягоная — шэсцьдзясят локцяў, а шырыня ягоная — шэсьць локцяў. Ён паставіў яго на раўніне Дура ў краіне Бабілонскай.

2 І Навухаданосар валадар паслаў сабраць князёў, начальнікаў і ваяводаў, судзьдзяў, скарбнікаў, раднікаў, урадоўцаў і ўсіх кіраўнікоў акругаў, каб яны прыйшлі на асьвячэньне балвана, якога паставіў Навухаданосар валадар.

3 Тады сабраліся князі, начальнікі і ваяводы, судзьдзі, скарбнікі, раднікі, урадоўцы і ўсе кіраўнікі акругаў на асьвячэньне балвана, якога паставіў Навухаданосар валадар, і сталі яны перад балванам, якога паставіў Навухаданосар валадар.

4 І весьнік голасна клікаў: «Вам паведамляецца, народы, плямёны і мовы!

5 У час, калі пачуеце гук трубы, жалейкі, арфы, ліры, псалтыра, дуды і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, упадзіце і пакланіцеся балвану залатому, якога паставіў Навухаданосар валадар.

6 А хто не ўпадзе і не паклоніцца, у той жа момант будзе кінуты ў сярэдзіну печы, якая палае агнём».

7 Дзеля гэтага ў той час, калі ўсе народы пачулі гук трубы, жалейкі, арфы, ліры, псалтыра, дуды і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, усе народы, плямёны і мовы ўпалі і пакланіліся балвану залатому, якога паставіў Навухаданосар валадар.

8 Дзеля гэтага ў той момант наблізіліся [да валадара] мужы Халдэйскія і абвінавацілі зласьліва Юдэяў.

9 Яны адказалі і сказалі Навухаданосару валадару: «Валадару, жыві на вякі!

10 Ты, валадару, выдаў загад, каб кожны чалавек, які пачуе гук трубы, жалейкі, арфы, ліры, псалтыра, дуды і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, упаў і пакланіўся балвану залатому.

11 А хто не ўпадзе і не паклоніцца, той будзе кінуты ў сярэдзіну печы, якая палае агнём.

12 Ёсьць мужы Юдэйскія, якіх ты паставіў над справамі краіны Бабілонскай, Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго. Гэтыя мужы, валадару, не зважаюць на твой, валадару, загад, багам тваім ня служаць, і балвану залатому, якога ты паставіў, не пакланяюцца».

13 Тады Навухаданосар у гневе і ў лютасьці сказаў прывесьці Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго. Тады мужоў гэтых прывялі да валадара.

14 Адказаў Навухаданосар і сказаў ім: «Ці праўда, Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго, што вы багам маім ня служыце і балвану залатому, якога я паставіў, не пакланяецеся?

15 Цяпер ці вы гатовыя, каб у час, калі пачуеце гук трубы, жалейкі, арфы, ліры, псалтыра, дуды і ўсялякіх музычных інструмэнтаў, упасьці і пакла­ніцца балвану, якога я зрабіў? Але калі вы не паклоніцеся, у той жа момант будзеце кінутыя ў сярэдзіну печы, якая палае агнём. І хто той Бог, Які выратуе вас з рук маіх?»

16 Адказалі Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго і сказалі валадару: «Навухаданосар! Няма нам патрэбы адказваць табе ў гэтай справе.

17 Калі Бог наш, Якому мы служым, можа выратаваць нас з печы, якая палае агнём, Ён і з рукі тваёй, валадару, вызваліць.

18 А [нават] калі не [вызваліць], няхай будзе вядома табе, валадару, што багам тваім мы ня будзем служыць і балвану залатому, якога ты паставіў, ня будзем пакланяцца».

19 Тады Навухаданосар напоўніўся гневам супраць Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго, і выгляд аблічча ягонага зьмя­ніўся. Ён адказаў і сказаў, каб распалілі печ у сем разоў болей, чым была яна распаленая.

20 А ваярам-асілкам, якія [былі] ў войску ягоным, сказаў зьвязаць Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго і ўкінуць у печ, якая палае агнём.

21 Тады мужы гэтыя былі зьвязаныя ў плашчах іхніх, кашулях іхніх, турбанах іхніх і ў адзеньні іхнім і кінутыя ў сярэдзіну печы, якая палае агнём.

22 А як слова валадара было жорсткае, печ была распалена надзвычайна, і мужоў тых, якія схапілі Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго, забіла полымя агню.

23 А гэтыя тры мужы, Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго, упалі зьвязаныя ў сярэдзіну печы, якая палае агнём.

24 Тады Навухаданосар валадар зьдзівіўся і ўстаў пасьпешліва, адказаў і сказаў раднікам сваім: «Ці ня трох мужоў зьвязаных мы кінулі ў сярэдзіну печы?» Яны адказалі і сказалі валадару: «Дакладна, валадару».

25 Ён адказаў і сказаў: «Але я бачу чатырох мужоў незьвязаных, якія ходзяць сярод агню, і пашкоджаньня няма на іх, а выгляд чацьвёртага падобны да Сына Божага».

26 Тады наблізіўся Навухаданосар да адтуліны печы, якая палае агнём, і сказаў: «Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго, слугі Таго, Хто ёсьць Богам Найвышэйшым, выйдзіце і прыйдзіце». Тады выйшлі Шадрах, Мэшах і Авэд-Нэго з сярэдзіны агню.

27 І сабраліся начальнікі і раднікі валадара, і ўбачылі мужоў гэтых, што над целам іхнім агонь ня меў улады, і валасы галоваў іхніх не былі апаленыя, і плашчы іхнія не зьмяніліся, і паху агню не было ад іх.

28 Адказаў Навухаданосар і сказаў: «Дабраслаўлёны Бог Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго, Які паслаў анёла Свайго і выратаваў слугаў Сваіх, якія спадзяваліся на Яго, і не паслухалі слова валадара, і аддалі целы свае, каб не служыць і не пакланяцца іншаму богу, акрамя Бога іхняга.

29 Дзеля гэтага я выдаю загад, што ўсякі з народу, племені і мовы, хто скажа блюзьнерства на Бога Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго, будзе пасечаны на кавалкі, а дом ягоны будзе ператвораны ў руіну, бо няма іншага Бога, Які мог бы гэтак выратаваць».

30 Тады валадар узвысіў Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго ў краіне Бабілонскай.

31 «Навухаданосар валадар — усім народам, плямёнам і мовам, якія жывуць на ўсёй зямлі: супакой ваш няхай памножыцца!

32 Знакі і цуды, якія ўчыніў мне Бог Найвышэйшы, было мне даспадобы выявіць [вам].

33 Якія вялікія знакі Ягоныя і якія магутныя цуды Ягоныя! Валадарства Ягонае — валадарства вечнае, і ўлада Ягоная — з пакаленьня ў пакаленьне!

 

Разьдзел 4

1 Я, Навухаданосар, быў у супакоі ў доме маім і шчасьлівы ў палацы маім.

2 Я бачыў сон, і ён напалохаў мяне, і думкі на ложку маім, і відзежы галавы маёй устрывожылі мяне.

3 І ад мяне быў выдадзены загад прывесьці да мяне ўсіх мудрацоў Бабілонскіх, каб яны маглі патлумачыць мне значэньне сну.

4 Тады прыйшлі чараўнікі, астролягі, Халдэі і варажбіты, і я расказаў перад імі сон, але яны не патлумачылі мне значэньне ягонае.

5 І ў канцы прыйшоў да мяне Данііл, якога імя Бэльтэшацар паводле імя бога майго і ў якім Дух Сьвятога Бога, і я расказаў перад ім сон:

6 “Бэльтэшацар, начальнік чараўнікоў! Я ведаю, што ў табе Дух Сьвятога Бога, і ніякая таямніца ня цяжкая для цябе. Раскажы мне відзеж сну майго, які я бачыў, і значэньне ягонае.

7 А відзеж галавы маёй на ложку маім [такі]: я бачыў, вось, пасярод зямлі дрэва, і вышыня ягоная вялікая.

8 Дрэва вырасла і было моцнае, і вышыня ягоная дасягала неба, і было відаць яно аж да канца ўсёй зямлі.

9 Лісьце ягонае прыгожае, і пладоў ягоных шмат, і для ўсіх [ёсьць] ежа на ім; пад ім мелі цень зьвяры палявыя, а ў галінах ягоных жылі птушкі нябесныя, і ад яго жывілася кожнае цела.

10 Я бачыў у відзежах галавы маёй на ложку маім, і вось, Вартаўнік Сьвяты зыйшоў з неба.

11 Ён голасна клікаў і гэтак сказаў: “Сьсячыце дрэва і абсячыце галіны ягоныя, абтрасіце лісьце ягонае і рассыпце плады ягоныя. Няхай зьвяры зыйдуць з-пад яго, птушкі нябесныя — з галінаў ягоных.

12 Але пень каранёў ягоных пакіньце ў зямлі ў ланцугах мядзяных сярод зеляніны палявой. І няхай раса нябесная мочыць яго, і са зьвярамі частка ягоная ў траве зямлі.

13 Сэрца чалавечае няхай заменяць у яго, і сэрца жывёлы няхай дадуць яму, і сем пораў няхай праміне пад ім.

14 Паводле пастановы Вартаўнікоў загад гэты, і паводле слова Сьвятых вырак гэты, каб ведалі [ўсе] жывыя, што Найвышэйшы пануе над валадарствам чалавечым і дае яго, каму хоча, і найніжэйшага з людзей ставіць над ім”.

15 Гэты сон бачыў я, валадар Навухаданосар. А ты, Бэльтэшацар, раскажы значэньне [ягонае], бо ўсе мудрацы валадарства майго не маглі патлумачыць мне значэньне, а ты можаш, бо Дух Сьвятога Бога ў табе”.

16 Тады Данііл, якога імя Бэльтэшацар, аслупянеў на адзін момант, і думкі ягоныя ўстрывожылі яго. Адказаў валадар і сказаў: “Бэльтэшацар, сон альбо значэньне ягонае няхай не трывожыць цябе”. Адказаў Бэльтэшацар і сказаў: “Пане мой, пане мой, няхай сон гэты [будзе] тым, якія ненавідзяць цябе, і значэньне ягонае — для ворагаў тваіх.

17 Дрэва, якое ты бачыў, якое вырасла і было моцнае, і вышыня ягоная дасягала неба, і было відаць яно на ўсёй зямлі,

18 і лісьце ягонае прыгожае, і пладоў ягоных шмат, і ежа для ўсіх [ёсьць] на ім, пад ім жылі зьвяры палявыя, і ў галінах ягоных птушкі нябесныя сяліліся, —

19 гэта ты, валадару, які вырас і стаў магутным, і вялікасьць твая вырасла і дасягнула неба, і ўлада твая — да канца зямлі.

20 А што валадар бачыў Вартаўніка Сьвятога, Які зыйшоў з неба і сказаў: “Сьсячыце дрэва гэтае і зьнішчыце яго, але пакіньце пень каранёў ягоных у зямлі ў ланцугах жалезных і мядзяных сярод зеляніны палявой, і няхай раса нябесная мочыць яго, і са зьвярамі палявымі частка ягоная, аж пакуль сем пораў праміне над ім,” —

21 вось значэньне, валадару, і вось пастанова Найвышэйшага, якая прыйдзе на пана майго, валадара.

22 І выганяць цябе ад людзей, і са зьвярамі палявымі будзе жытло тваё, і будуць даваць табе есьці траву, як валам, і будзе раса нябесная мачыць цябе, і сем пораў праміне над табою, пакуль ты даведаешся, што Найвышэйшы пануе над валадарствам чалавечым і дае яго, каму хоча.

23 А што сказалі пакінуць пень каранёў дрэва, [азначае, што] валадарства тваё застанецца пры табе аж пакуль ты даведаешся, што пануе неба [над табою].

24 Дзеля гэтага, валадару, няхай рада [мая] будзе даспадобы табе, і скасуй грэх твой праведнасьцю, а правіны твае — міласэрнасьцю да бедных. Можа, гэтым ты прадоўжыш дабрабыт твой”.

25 Усё гэта прыйшло на Навухаданосара валадара.

26 Напрыканцы дванаццаці месяцаў, шпацыруючы па палацы валадарскім у Бабілоне,

27 адказаў валадар і сказаў: “Хіба не вялікі гэты Бабілон, які я пабудаваў як дом валадарства моцаю сілы маёй дзеля славы і велічы маёй?”

28 Калі яшчэ слова было ў вуснах валадара, голас з неба зыйшоў: “Табе кажуць, Навухаданосар валадар! Валадарства адыйшло ад цябе.

29 І выганяць цябе ад людзей, і са зьвярамі палявымі будзе жытло тваё, і будуць даваць табе есьці траву, як валам, і сем пораў праміне над табою, пакуль ты даведаешся, што Найвышэйшы пануе над валадарствам чалавечым і дае яго, каму хоча”.

30 У той жа момант слова споўнілася над Навухаданосарам, і ён быў выгнаны ад лю­дзей, і еў траву, як вол, і раса нябесная мачыла цела ягонае, ажно валасы ягоныя вырасьлі як [пер’е] арла, і пазногці ягоныя — як [кіпцюры] птушак.

31 І калі скончыліся дні гэтыя я, Навухаданосар, узьняў вочы мае да неба, і розум мой вярнуўся да мяне, і я дабраславіў Найвышэйшага, выхваляў і ўславіў Таго, Які жыве на вякі, бо ўлада Ягоная — улада вечная, і валадарства Ягонае — з пакаленьня ў пакаленьне,

32 і ўсе жыхары зямлі нічога ня значаць, а Ён дзейнічае паводле волі Сваёй сярод войска нябеснага і сярод жыхароў зямлі; і ніхто ня можа стрымаць руку Ягоную і сказаць Яму: “Што Ты робіш?”

33 У той час розум мой вярнуўся да мяне, і слава валадарства майго, веліч мая і выгляд мой вярнуліся да мяне. І раднікі мае, і магнаты мае шукалі мяне, і я ўмацаваўся на валадарстве сваім, і маестат яшчэ большы быў дадзены мне.

34 Цяпер я, Навухаданосар, выхваляю, вывышаю і слаўлю Валадара Нябеснага, бо ўсе ўчынкі Ягоныя — праўда, і шлях Ягоны — правасудзьдзе, Ён можа панізіць тых, якія ходзяць пыхліва».

 

Разьдзел 5

1 Бэльшацар валадар справіў банкет вялікі для магнатаў сваіх і перад вачыма тысячы піў віно.

2 Бэльшацар сказаў, калі пакаштаваў віна, каб прынесьлі начыньне залатое і срэбнае, якое вынес Навухаданосар, бацька ягоны, са сьвятыні, што ў Ерусаліме, каб пілі з іх валадар, магнаты ягоныя, жонкі ягоныя і наложніцы ягоныя.

3 Тады прынесьлі начыньні залатыя, якія былі ўзятыя са сьвятыні, з Дома Божага, што ў Ерусаліме, і пілі з іх валадар, магнаты ягоныя, жонкі ягоныя і наложніцы ягоныя.

4 Пілі віно і хвалілі багоў залатых і срэбных, мядзяных, жалезных, драўляных і каменных.

5 У той момант зьявіліся пальцы рукі чалавечай і пісалі насупраць сьвечніка на тынку сьцяны палацу валадара, і валадар бачыў пясьць рукі, якая пісала.

6 Тады ў валадара зьмяніўся выгляд, і думкі ягоныя ўстрывожылі яго, вязі сьцёгнаў ягоных саслабелі, і калені ягоныя біліся адно аб адно.

7 Крыкнуў валадар моцна, каб прывялі астролягаў, Халдэяў і варажбітоў. Адказаў валадар і сказаў мудрацам Бабілонскім: «Кожны чалавек, які прачытае гэты надпіс і патлумачыць мне значэньне ягонае, будзе апрануты ў пурпур, і залаты ланцуг [будзе] на шыі ягонай, і трэцім у валадарстве ён будзе панаваць».

8 Тады прыйшлі ўсе мудрацы валадара, але не маглі прачытаць надпісу і паведаміць валадару значэньне ягонае.

9 Тады валадар Бэльшацар вельмі ўстрывожыўся, і выгляд ягоны зьмяніўся, і магнаты ягоныя былі зьбянтэжаныя.

10 З прычыны словаў валадара і магнатаў ягоных валадарка ўвайшла ў дом банкетаваньня. Адказала валадарка і сказала: «Валадару, жыві на вякі! Няхай не трывожаць цябе думкі твае, і выгляд твой няхай не зьмяняецца!

11 Ёсьць муж у валадарстве тваім, у якім Дух Сьвятога Бога. І ў дні бацькі твайго знойдзены былі ў ім сьвятло і розум, і мудрасьць, як мудрасьць Божая, і валадар Навухаданосар, бацька твой, валадару, прызначыў яго начальнікам чараўнікоў, астролягаў, Халдэяў і вяшчуноў.

12 Бо надзвычайны дух і веданьне, і разуменьне, каб тлумачыць сны, вырашаць загадкі і разьвязваць вузлы былі знойдзены ў ім, у Даніілу, якога валадар назваў імем Бэльтэшацар. Цяпер няхай паклічуць Данііла, і ён патлумачыць значэньне [напісанага]».

13 Тады Данііл быў прыведзены да валадара. Адказаў валадар і сказаў Даніілу: «Ці ты той Данііл з сыноў выгнаньня Юдэйскага, якога валадар, бацька мой, прывёў з Юдэі?

14 І я чуў пра цябе, што Дух Божы ў табе, і сьвятло, і розум, і мудрасьць незвычайная знойдзены ў табе.

15 І цяпер былі прыведзены да мяне мудрацы і астролягі, каб прачыталі гэты надпіс і паведамілі мне значэньне ягонае, але яны не змаглі значэньне слова гэтага патлумачыць мне.

16 І я чуў пра цябе, што ты можаш тлумачыць значэньне [сноў] і разьвязваць вузлы. Цяпер, калі можаш прачытаць гэты надпіс і паведаміць мне значэньне ягонае, ты будзеш апрануты ў пурпур, і ланцуг залаты [будзе] на шыі тваёй, і трэцім у валадарстве будзеш панаваць».

17 Адказаў Данііл і сказаў валадару: «Няхай дары твае будуць табе, а падарункі твае дай іншаму! Але надпіс я прачытаю для валадара і паведамлю табе значэньне ягонае.

18 Ты — валадар. Бог Найвышэйшы даў Навухаданосару, бацьку твайму, валадарства і веліч, і славу, і маестат.

19 Дзякуючы велічы, якую Ён даў яму, усе народы, плямёны і мовы трымцелі і жахаліся перад ім. Каго хацеў, таго забіваў, і каго хацеў, таго пакідаў жывым; і каго хацеў, таго вывышаў, і каго хацеў, таго паніжаў.

20 Але калі сэрца ягонае ўзвысілася і дух ягоны вырас у пыхлівасьці, ён быў скінуты з пасаду валадарства свайго, і слава ягоная была забраная ад яго,

21 і ад сыноў чалавечых быў ён выгнаны, і сэрца ягонае стала падобным да зьвярынага, і з дзікімі асламі [было] жытло ягонае, кармілі яго травой, як валоў, і раса нябесная мачыла цела ягонае, пакуль ён не даведаўся, што Бог Найвышэйшы пануе над валадарствам чалавечым і ставіць над ім, каго хоча.

22 А ты, сын ягоны, Бэльшацар, не скарыў сэрца твайго, хоць ты ведаў усё гэта.

23 І ты падняўся супраць Госпада Нябеснага, і начыньні Дому Ягонага прынесьлі да цябе, і ты, і магнаты твае, і жонкі твае, і наложніцы твае пілі віно з іх, і ты ўслаўляў багоў срэбных і залатых, мядзяных, жалезных, драўляных і каменных, якія ня бачаць і ня чуюць, і ня ведаюць, а Бога, у руцэ Якога дыханьне тваё і ў Якога ўсе шляхі твае, ты не праславіў.

24 Дзеля гэтага была пасланая ад Яго пясьць рукі, і гэты надпіс быў напісаны.

25 І гэты надпіс, які напісаны: “Мэнэ, Мэнэ, Тэкел, Упарсін”.

26 Вось значэньне словаў: “Мэнэ” — палічыў Бог валадарства тваё і [прызначыў] канец яму.

27 “Тэкел” — ты ўзважаны на шалях і знойдзены недастатковым;

28  “Пэрэс” — падзелена валадарства тваё і дадзена Мідзянам і Пэрсам».

29 Тады сказаў Бэльшацар, і апранулі Данііла ў пурпур, і ланцуг залаты [ўсклалі] на шыю ягоную, і абвясьцілі пра яго, што ён будзе панаваць як трэці ў валадарстве.

30 У тую ноч быў забіты Бэльшацар, валадар Халдэйскі.

31 І Дарый Мідзянін атрымаў валадарства, маючы шэсцьдзясят два гады.

 

Разьдзел 6

1 Спадабалася Дарыю паставіць над валадарствам сто дваццаць князёў, якія будуць над усім валадарствам,

2 а над імі — трох маршалкаў, адным з якіх [быў] Данііл, каб гэтыя князі давалі справаздачы ім і каб валадар ня меў ніякай страты.

3 Гэты Данііл пераўзыходзіў маршалкаў і князёў, бо ў яго быў дух надзвычайны, і валадар думаў паставіць яго над усім валадарствам.

4 Тады маршалкі і князі шукалі прычыны, каб абвінаваціць Данііла ў справах валадарства, але ніякай прычыны ці заганы не маглі знайсьці, бо ён быў верны, і ніякае занядбаньне ці загана не былі знойдзены ў ім.

5 Тады сказалі тыя лю­дзі: «Мы ня знойдзем супраць Данііла гэтага нейкую прычыну [для абвінавачваньня], хіба толькі знойдзем нешта супраць яго ў Законе Бога ягонага».

6 Тады тыя маршалкі і князі пасьпяшаліся да валадара і гэтак сказалі яму: «Дарый валадар, жыві на вякі!

7 Парадзіліся ўсе маршалкі валадарства, начальнікі, князі, раднікі і ваяводы, каб выдаць пастанову валадарскую і зрабіць пастанову, што калі хто на працягу трыццаці дзён будзе прасіць просьбаю якога бога або чалавека, а не цябе, валадару, той будзе кінуты ў роў з ільвамі.

8 Цяпер, валадару, зацьвердзь пастанову і падпішы ліст, які ня можа быць зьменены, як закон Мідзянаў і Пэрсаў, які не зьмяняецца».

9 Тады валадар Дарый падпісаў ліст і пастанову.

10 А Данііл, калі даведаўся, што падпісаны ліст, пайшоў у дом свой, і вокны ў пакоі ягоным былі адчыненыя ў бок Ерусаліму, і тройчы ў дзень ён схіліў калені свае і маліўся, і дзякаваў Богу свайму так, як рабіў перад гэтым.

11 Тады мужы тыя пасьпяшаліся і знайшлі Данііла, які ўзносіў просьбы і маленьні да Бога свайго.

12 Тады яны наблізіліся і сказалі валадару пра пастанову валадарскую: «Ці ж ты не падпісаў пастанову, што кожны чалавек, які будзе прасіць на працягу трыццаці дзён [гэтых] якога бога або чалавека, а не цябе, валадару, будзе кінуты ў роў з ільвамі?» Валадар адказаў і сказаў: «Праўдзівае слова гэтае, як закон Мідзянаў і Пэрсаў, які не зьмяняецца».

13 Тады яны адказалі і сказалі перад валадаром: «Данііл, які з сыноў выгнаньня Юдэйскага, не зважае на пастанову тваю, валадару, і на забарону, якую ты падпісаў, але тройчы ў дзень узносіць малітву сваю».

14 Калі валадар пачуў гэтыя словы, ён вельмі засмуціўся, і да Данііла прыхіліў сэрца, каб выратаваць яго, і намагаўся аж да заходу сонца вызва­ліць яго.

15 Тады тыя людзі пасьпяшаліся да валадара і сказалі валадару: «Ведай, валадару, што паводле закону Мідзянаў і Пэрсаў ніякая забарона і пастанова, якая пастаноўленая валадаром, ня могуць быць зьменены».

16 Тады валадар сказаў, і прывялі Данііла, і кінулі ў роў з ільвамі. Адказаў валадар і сказаў Даніілу: «Бог твой, Якому ты заўжды служыш, няхай выратуе цябе».

17 І быў прынесены адзін камень, і быў паложаны на адтуліну рову, і валадар запячатаў яе сыгнэтам сваім і сыгнэтам магнатаў сваіх, каб нічога не магло быць зьменена адносна Данііла.

18 Пасьля пайшоў валадар у палац свой і правёў ноч у посьце, і музычных інструмэнтаў не прыносілі да яго, і сон ягоны адыйшоў ад яго.

19 Тады валадар устаў на золку і пасьпешліва пайшоў да рову з ільвамі.

20 І, падыйшоўшы да рову, ён крыкнуў голасам жалосным да Данііла. Адказаў валадар і сказаў Даніілу: «Данііл, слуга Бога Жывога! Бог твой, Якому ты заўжды служыш, ці змог выратаваць цябе ад ільвоў?»

21 Тады прамовіў Данііл да валадара: «Валадару, жыві на вякі!

22 Бог мой паслаў анёла Свайго і зачыніў пашчы ільвоў, і яны не пашкодзілі мне, бо нявіннасьць перад Ім была знойдзена ў-ва мне, і табе, валадару, я не зрабіў шкоды».

23 Тады валадар моцна ўсьцешыўся і сказаў, каб вывелі Данііла з рову; і Данііл быў выцягнуты з рову, і ніякага пашкоджаньня не знайшлі на ім, бо ён верыў у Бога свайго.

24 І сказаў валадар, і прывялі тых мужоў, якія абвінавацілі зласьліва Данііла, і кінулі ў роў з ільвамі іх, сыноў іхніх і жонак іхніх; і не дасягнулі яны яшчэ дна рову, як схапілі іх ільвы і патрушчылі ўсе косткі іхнія.

25 Тады Дарый валадар напісаў усім народам, плямёнам і мовам, якія жылі на ўсёй зямлі: «Супакой ваш няхай памножыцца!

26 Ад мяне выдадзены загад, каб паўсюль, дзе ўлада валадарства майго, усе трымцелі і баяліся перад Богам Данііла, бо Ён — Бог Жывы, Які існуе вечна, і валадарства Ягонае ня будзе зьнішчана, і ўлада Ягоная ня мае канца.

27 Ён ратуе і вызваляе, і робіць і цуды ў небе і на зямлі, бо Ён выратаваў Данііла ад ільвоў».

28 І гэты Данііл меў поспех у [час] валадараньня Дарыя і валадараньня Кіра Пэрса.

 

Разьдзел 7

1 У першы год Бэльшацара, валадара Бабілонскага, Данііл бачыў сон і відзеж галавы сваёй на ложку сваім. Тады ён запісаў гэты сон і расказаў сутнасьць справы.

2 Адказаў Данііл і сказаў: «Я бачыў відзеж уначы. І вось, чатыры вятры нябесныя ўзбурылі мора вялікае.

3 І чатыры вялізныя зьвяры выйшлі з мора, адрозныя адзін ад аднаго.

4 Першы — як леў, і ў яго арліныя крылы. Я бачыў, ажно крылы ягоныя былі адарваныя, і ён быў падняты з зямлі, і пастаўлены на ногі, як чалавек, і сэрца чалавечае было дадзена яму.

5 І вось іншы зьвер, другі, падобны да мядзьведзя, быў пастаўлены з аднаго боку, і тры рабрыны ў пашчы ягонай, між зубоў ягоных; і гэтак сказалі яму: “Устань, еш шмат мяса”.

6 Пасьля гэтага я бачыў, і вось яшчэ адзін, як леапард, у якога на хрыбце ягоным чатыры крылы птушыныя; і чатыры галавы ў зьвера, і ўлада была дадзена яму.

7 Пасля гэтага я бачыў у відзежах начных, і вось зьвер чацьвёрты, жахлівы і жудасны, і дужы надзвычайна; і ў яго зубы вялікія жалезныя; ён жэр і трушчыў, а рэшту таптаў нагамі сваімі. І ён адрозьніваўся ад усіх зьвяроў, якія былі перад ім, і дзесяць рагоў у яго.

8 Я прыглядаўся, глядзеў на рогі, і вось, адзін рог малы вырас сярод іх, і тры першыя рогі былі вырваны з карэньнем перад ім, і вось, вочы, як вочы чалавечыя, у рога гэтага і рот, які гаварыў пра вялікія рэчы.

9 Я бачыў, аж былі пастаўлены пасады, і Старадаўні Днямі сеў; адзеньне Ягонае — белае як сьнег, і валасы на галаве Ягонай — як воўна чыстая; пасад Ягоны — полымя агню, колы Ягоныя — агонь палючы.

10 Рака агню выцякала і разьлівалася перад Ім; тысяча тысячаў служылі Яму, і дзесяць тысячаў дзесяткаў тысячаў стаялі перад Ім. Суд сеў, і кнігі былі разгорнутыя.

11 Я бачыў тады, што з прычыны голасу словаў вялікіх, якія гаварыў рог, я бачыў, што зьвер быў забіты, і зьнішчана цела ягонае, і аддадзена на спаленьне агню.

12 А ў рэшты зьвяроў была забрана ўлада іхняя, але працягласьць жыцьця іхняга дадзена ім да [вызначанай] пары і часу.

13 Я бачыў у відзежах начных, і вось, з хмарамі нябеснымі нібы Сын Чалавечы надыходзіць, і Ён прыйшоў да Старадаўняга Днямі, і Яго падвялі перад аблічча Ягонае.

14 І была дадзена Яму ўлада, слава і валадарства, каб усе народы, плямёны і мовы служылі Яму. Улада Ягоная — улада вечная, якая не праміне, і валадарства Ягонае ня будзе зьнішчана.

15 І занепакоіўся дух мой у-ва мне, у Данііле, унутры цела [майго], і відзежы галавы маёй устрывожылі мяне.

16 Я наблізіўся да аднаго з тых, што [там] стаялі, і спытаўся ў яго праўды пра ўсё гэта, і ён сказаў мне, і паведаміў мне значэньне рэчаў гэтых.

17 “Гэтыя зьвяры вялікія, якіх чатыры, — гэта чатыры валадары, якія паўстануць з зямлі.

18 І атрымаюць валадарства сьвятыя Найвышэйшага і яны будуць трымаць валадарства вечна, на вякі вечныя”.

19 Тады я хацеў дазнацца пра зьвера чацьвёртага, які адрозьніваўся ад усіх іх, надзвычайна жудасны, зубы ягоныя жалезныя і кіпцюры ягоныя мядзяныя, ён жэр і трушчыў, а рэшту таптаў нагамі сваімі,

20 і пра дзесяць рагоў на галаве ягонай, і пра іншы [рог], які вырас і перад ім упалі тры, і пра рог гэты, і вочы ягоныя, і рот, які гаварыў пра вялікія рэчы, і выгляд ягоны большы за супольнікаў ягоных.

21 Я бачыў, і гэты рог вёў вайну са сьвятымі, і перамагаў іх,

22 пакуль не прыйшоў Старадаўні Днямі, і суд быў дадзены сьвятым Найвышэйшага, і надыйшоў час [вызначаны], каб валадарства атрымалі сьвятыя.

23 Гэтак ён сказаў: “Зьвер чацьвёрты — гэта валадарства чацьвёртае, што будзе на зямлі; яно адрознае ад усіх валадарстваў, і яно зжарэ ўсю зямлю, і стопча яе, і патрушчыць яе.

24 А дзесяць рагоў [значаць], што з гэтага валадарства паўстане дзесяць валадароў, а пасьля іх паўстане адзін, і ён будзе адрозьнівацца ад іншых, і ён скіне трох валадароў.

25 І словы супраць Найвышэйшага ён будзе прамаўляць, і сьвятых Найвышэйшага будзе ўціскаць, і задумае адмяніць сьвяты і закон, і яны будуць аддадзеныя ў руку ягоную да часу, часоў і паловы часу.

26 І суд сядзе, і ўладу ягоную забяруць, каб выгубіць і зьнішчыць [яго] да канца.

27 Валадарства і ўлада і веліч валадарстваў пад усім небам будзе дадзена народу сьвятых Найвышэйшага. Валадарства Ягонае — валадарства вечнае, і ўсе ўлады будуць служыць Яму і будуць слухаць Яго”.

28 Дагэтуль канец слова гэтага. Мяне, Данііла, думкі мае вельмі трывожылі, і выгляд мой зьмяніўся ў мяне; але слова гэтае я захаваў у сэрцы маім».

 

Разьдзел 8

1 «У трэці год валадараньня Бэльшацара валадара відзеж зьявіўся мне, мне, Даніілу, пасьля таго, які зьявіўся мне спачатку.

2 І бачыў я ў відзежы, і сталася ў відзежы, што я ў Шушане сталіцы, якая ў краіне Элям, і я бачыў у відзежы, і я быў каля ракі Улай.

3 І я ўзьняў вочы мае, і ўбачыў, і вось, адзін баран стаіць перад ракою, і ў яго рогі, і рогі гэтыя высокія, і адзін вышэйшы за другі, і вышэйшы вырас пазьней.

4 Я бачыў, што баран гэты бадае на захад, і на поўнач, і на поўдзень, і ніякі зьвер ня можа ўстаяць перад ім, і няма нікога, хто можа выратаваць з рукі ягонай. І ён рабіў, што падабалася яму, і ўзьвялічыўся.

5 І калі я разважаў [пра гэта], вось, казёл з козаў ішоў з захаду па абліччы ўсёй зямлі і не датыкаўся зямлі. І ў гэтага казла быў відзён рог паміж вачэй ягоных.

6 І ён прыйшоў да таго барана, які меў рогі, якога я бачыў, што ён стаіць перад ракою, і пабег на яго ў шале сілы сваёй.

7 І я бачыў, што ён наблізіўся да барана, і разьярыўся на яго, і ўдарыў барана, і зламаў абодва рогі ягоныя; і не было сілы ў барана ўстаяць супраць яго. І ён паваліў яго на зямлю, і патаптаў яго; і не было нікога, хто б выратаваў барана з рукі ягонай.

8 А казёл з козаў узьвялічыўся вельмі. Але калі ён узмоцніўся, вялікі рог быў зламаны, і вырасьлі падобныя чатыры замест яго на чатыры вятры нябесныя.

9 А з аднаго з іх выйшаў малы рог, і вырас надзвычайна на поўдзень і на ўсход, і да прыгожай [зямлі].

10 І ён вырас аж да войска нябеснага, і скінуў на зямлю [некаторых] з таго войска і з зорак, і патаптаў іх.

11 І нават да Князя войска гэтага вырас, і ад Яго была аддалена заўсёдная ахвяра, і пакінута месца сьвятыні Ягонай.

12 І войска было аддадзена [яму] разам з ахвярай заўсёднай з прычыны правіны, і ён кінуў праўду на зямлю, і дзейнічаў, і меў посьпех.

13 І я пачуў аднаго сьвятога, які прамаўляў, і сказаў іншы сьвяты да таго, які прамаўляў: “Як доўга будзе [паказанае ў] відзежы пра заўсёдную ахвяру і правіну спусташэньня, [як доўга] сьвятыня і войска будуць аддадзены на патаптаньне?”

14 І ён сказаў мне: “Ажно да дзьвюх тысячаў трыста вечароў і раніцаў; і будзе ачышчаная сьвятыня”.

15 І сталася, калі я, Данііл, бачыў гэты відзеж і шукаў, каб зразумець [яго], вось, стаў перада мною [нехта], падобны да мужа.

16 І я пачуў голас чалавечы пасярод Улаю, які ўсклікнуў і сказаў: “Габрыэлю! Дай зразумець яму відзеж!”

17 І ён падыйшоў да месца майго, і калі ён прыйшоў, я спалохаўся і ўпаў на аблічча маё; і ён сказаў мне: “Зразумей, сыне чалавечы, што пра час канца відзеж гэты”.

18 А калі ён прамаўляў да мяне, я быў у глыбокім сьне, [лежачы] абліччам маім на зямлі; і ён дакрануўся да мяне, і паставіў мяне на месцы маім,

19 і сказаў: “Вось, я паведамляю табе, што будзе пры канцы абурэньня гэтага, бо ў [вызначаным] часе [прыйдзе] канец.

20 Баран, якога ты бачыў, які мае рогі — гэта валадар Мідзянаў і Пэрсаў.

21 А казёл касматы — гэта валадар Явану; а рог вялікі, які паміж вачэй ягоных — гэта першы валадар [Грэцыі].

22 А што ён зламіўся і замест яго паўсталі чатыры — гэта чатыры валадарствы, якія паўстануць з [таго] народу, але бяз сілы ягонай.

23 А ў канцы валадарства іхняга, калі адступнікі скончаць [меру сваю], паўстане валадар з нахабным абліччам і здольны ў падступнасьці.

24 І ўзмоцніцца сіла ягоная, але ня [ўласнаю] сілаю сваёй, і нечувана ён будзе нішчыць, і будзе мець посьпех, і дзейнічаць, і зьнішчыць магутных і народ сьвятых.

25 І дзякуючы розуму ягонаму, будзе мець посьпех падман у руцэ ягонай, і ён узьвялічыцца ў сэрцы сваім, і ў [часе] супакою зьнішчыць мноства. І ён паўстане супраць Князя князёў, але не рукою [чалавечаю] будзе зломлены.

26 А відзеж пра вечар і раніцу, пра які сказана, — гэта праўда; але ты схавай гэты відзеж, бо [споўніцца] ён праз шмат дзён”.

27 І я, Данііл, самлеў, і быў хворы [некалькі] дзён. І я ўстаў, і рабіў справы валадара; і я быў уражаны відзежам, але ніхто гэтага не разумеў».

 

Разьдзел 9

1 У першым годзе Дарыя, сына Ахашвэроша, з насеньня Мідзянаў, які валадарыў над валадарствам Халдэйскім,

2 у першы год валадараньня ягонага, я, Данііл, зразумеў з кнігаў лік гадоў, пра якія было слова ГОСПАДА да Ярэміі прарока, што маюць споўніцца семдзясят гадоў спусташэньню Ерусаліму.

3 І я зьвярнуў аблічча маё да Госпада Бога, каб шукаць [Яго] ў малітве і ў маленьнях, у посьце, зрэбніцы і попеле.

4 І я маліўся да ГОСПАДА, Бога майго, і спавядаўся, і казаў: «Госпадзе, Божа вялікі і страшны, Які захоўваеш запавет і міласэрнасьць да тых, якія любяць Цябе і захоўваюць прыказаньні Твае!

5 Мы саграшылі і ўчынілі беззаконьне, і зрабілі нягодна, і збунтаваліся, і адступіліся ад прыказаньняў Тваіх і ад судоў Тваіх.

6 І мы ня слухалі слугаў Тваіх, прарокаў, якія прамаўлялі ў імя Тваё да валадароў нашых, князёў нашых, бацькоў нашых і да ўсяго народу зямлі.

7 У цябе, Госпадзе, праведнасьць, а ў нас на абліччах сорам, як у гэты дзень, у мужоў Юды, і ў жыхароў Ерусаліму, і ў-ва ўсяго Ізраіля, блізкіх і далёкіх, у-ва ўсіх землях, куды Ты выгнаў іх за здраду іхнюю, якой яны здрадзілі Табе.

8 ГОСПАДЗЕ, сорам на абліччах у нас, у валадароў нашых, у князёў нашых, у бацькоў нашых, бо мы саграшылі супраць Цябе.

9 У Госпада, Бога нашага, літасьць і прабачэньне, хоць мы ўзбунтаваліся супраць Яго,

10 і ня слухалі голасу ГОСПАДА, Бога нашага, каб хадзіць паводле Законаў Ягоных, якія Ён даў нам праз рукі слугаў Сваіх, прарокаў.

11 І ўвесь Ізраіль парушыў Закон Твой, і яны адвярнуліся, каб ня слухаць голасу Твайго. І выліўся на нас праклён і прысяга, якія запісаныя ў Законе Майсея, слугі Божага, бо мы саграшылі супраць Яго.

12 І Ён споўніў слова Сваё, якое прамовіў супраць нас і супраць судзьдзяў нашых, якія судзілі нас, навёўшы на нас вялікае ліха, якое не рабілася пад усім небам і якое было ўчынена ў Ерусаліме.

13 Як напісана ў Законе Майсея, так прыйшло на нас усё гэтае ліха; але мы не залагодзілі аблічча ГОСПАДА, Бога нашага, адварочваючыся ад беззаконьня свайго і разумеючы праўду Тваю.

14 І чуваў ГОСПАД над гэтым ліхам, і навёў яго на нас, бо праведны ГОСПАД, Бог наш, у-ва ўсіх учынках Сваіх, якія Ён робіць, бо мы ня слухалі голас Ягоны.

15 І цяпер, Госпадзе, Божа наш, Які вывеў народ Твой з зямлі Эгіпецкай рукою моц­наю і зрабіў Сабе імя, як у гэты дзень, мы саграшылі і ўчынілі беззаконьне.

16 Госпадзе! Паводле ўсёй праведнасьці Тваёй няхай адвернецца гнеў Твой і абурэньне Тваё ад гораду Твайго Ерусаліму, сьвятой гары Тваёй, бо за грахі нашыя і за беззаконьні бацькоў нашых Ерусалім і народ Твой у ганьбе ў-ва ўсіх, хто навокал нас.

17 І цяпер пачуй, Божа наш, малітву слугі Твайго і маленьне ягонае, і няхай зазьзяе аблічча Тваё над сьвятыняй Тваёй, якая спустошана, дзеля [Цябе], Госпадзе!

18 Нахілі, Божа мой, вуха Тваё і пачуй! Адчыні вочы Твае і паглядзі на спусташэньне нашае і на горад, які названы імем Тваім, бо не з прычыны праведнасьці нашай мы кладзем перад абліччам Тваім маленьні нашыя, але з прычыны вялікай літасьці Тваёй.

19 Госпадзе, пачуй! Госпадзе, прабач! Госпадзе, прыхілі вуха і зрабі, не затрымлівайся дзеля Сябе [Самога], Божа мой, бо імя Тваё названа над горадам Тваім і над народам Тваім».

20 І я яшчэ гаварыў і вызнаваў грэх мой і грэх народу майго Ізраіля, і складаў маленьне маё перад абліччам ГОСПАДА, Бога майго, за сьвятую гару Бога майго.

21 І калі я яшчэ гаварыў у малітве, муж гэты, Габрыэль, якога я бачыў у відзежы раней, сьпяшаючыся, пасьпяшаўся і дакрануўся да мяне ў часе вечаровай ахвяры хлебнай.

22 І ён даў мне разуменьне, і гаварыў са мной, і сказаў: «Данііле, цяпер я выйшаў, каб навучыць цябе разуменьню.

23 На пачатку маленьня твайго выйшла слова, і я прыйшоў распавесьці [яго], бо ты найкаштоўнейшы. Дык разумей слова і зразумей відзеж.

24 Семдзясят тыдняў вызначана народу твайму і гораду сьвятому твайму, каб спыніць правіну, і скончыць [меру] грэху, і адкупіць беззаконьне, і прывесьці праведнасьць вечную, і запячатаць відзежы і прароцтвы, і памазаць Сьвятое Сьвятых.

25 Дык ведай і разумей: ад выхаду слова пра вяртаньне і адбудову Ерусаліму да Памазанца Правадыра — сем тыдняў і шэсцьдзясят два тыдні, і вернецца [народ], і будзе адбудаваная плошча і мур, але ў цяжкія часы.

26 І пасьля шасьцідзесяці двух тыдняў будзе забіты Памазанец, і ня будзе Яго, а горад і сьвятыню зьнішчыць народ правадыра, які прыйдзе, і канец ягоны — як паводка, і аж да канца вайны вызначана [быць] спусташэньням.

27 Ён зацьвердзіць запавет для многіх у адзін тыдзень, і ў палове тыдня спыніцца ахвяра крывавая і ахвяра хлебная, і на крыле [сьвятыні] будзе агіда спусташэньня аж да канца, калі вызначаны [прысуд] выльецца на спусташальніка».

 

Разьдзел 10

1 У трэці год Кіра, валадара Пэрсаў, слова было адкрыта Даніілу, якога называлі імем Бэльтэшацар; і слова гэтае — праўдзівае; і вайна вялікая; і ён зразумеў слова гэтае, і меў разуменьне відзежу.

2 У тыя дні я, Данііл, быў у жалобе тры тыдні дзён.

3 Хлеба смачнага я ня еў, і мяса і віно не ўваходзілі ў вусны мае, і масьцямі я ня масьціў сябе, пакуль ня споўніліся тры тыдні дзён.

4 І ў дваццаць чацьвёрты дзень першага месяца я быў на беразе ракі вялікай, гэта Хідэкель.

5 І ўзьняў я вочы мае, і глядзеў, і вось, адзін муж, апрануты ў ільняныя [шаты], і сьцёгны ягоныя падперазаныя шчырым золатам з Уфазу.

6 А цела ягонае — як тапаз, і аблічча ягонае — як выгляд маланкі, і вочы ягоныя — як полымя паходні, і рамёны ягоныя, і ногі ягоныя — колеру медзі блішчастай, а голас словаў ягоных — голас мноства [людзей].

7 І толькі я, Данііл, бачыў гэты відзеж, а людзі, якія былі са мною, ня бачылі гэтага ві­дзежу, але страх вялікі ахапіў іх, і яны ўцяклі, каб схавацца.

8 І я застаўся адзін, і бачыў гэты відзеж вялікі, і ня стала сілы ў мяне, і велічнасьць мая зьмянілася ў-ва мне і зьнікла, і не засталося сілы [ў мяне].

9 І я пачуў голас словаў ягоных; і калі я пачуў голас словаў ягоных, я самлеў у глыбокім сьне на абліччы маім, і абліччам маім [ляжаў] на зямлі.

10 І вось, рука дакранулася да мяне і паставіла мяне на каленях маіх і на далонях рук маіх.

11 І ён сказаў мне: «Данііле, муж найкаштоўнейшы, зразумей словы, якія я гавару табе, і стань на месцы сваім, бо цяпер я пасланы да цябе». І калі ён гаварыў гэтае слова да мяне, я стаяў, дрыжучы.

12 І ён сказаў мне: «Ня бойся, Данііле, бо з першага дня, калі ты скіраваў сэрца тваё да зразуменьня і ўпакоранасьці перад абліччам Бога твайго, былі пачутыя словы твае, і я прыйшоў дзеля словаў тваіх.

13 Але князь валадарства Пэрсаў стаяў супраць мяне дваццаць адзін дзень; і вось Міхаэль, адзін з першых князёў, прыйшоў дапамагчы мне, і я заставаўся там пры валадарах Пэрсаў.

14 І я прыйшоў даць табе зразумець, што адбудзецца з народам тваім у канцы дзён, бо відзеж гэты [датычыць] тых дзён».

15 І калі ён гаварыў да мяне гэтыя словы, я схіліў аблічча маё да зямлі і зьнямеў.

16 І вось [нехта], падобны да сыноў чалавечых, дакрануўся да губаў маіх, і я адчыніў вусны мае, і прамовіў, і сказаў таму, хто стаяў перада мною: «Пане мой, ад відзежу гэтага боль мой напоўніў мяне, і не засталося сілы [ў мяне].

17 І як можа слуга пана майго гаварыць з гэтым панам маім? Бо цяпер няма сілы ў мяне, і дыханьня не засталося ў-ва мне».

18 І зноў дакрануўся да мяне [нехта], падобны да чалавека і ўмацаваў мяне,

19 і сказаў: «Ня бойся, муж найкаштоўнейшы! Супакой табе! Будзь цьвёрды і будзь моцны!» І калі ён гаварыў да мяне, я ўмацаваўся і сказаў: «Кажы, пане мой, бо ты ўмацаваў мяне».

20 І ён сказаў: «Ці ты ведаеш, чаму я прыйшоў да цябе? І цяпер я вярнуўся, каб ваяваць з князем Пэрсіі. І я адыйду, і вось, прыйдзе князь Явану.

21 Але я распавяду табе, што напісана ў запісе праўды. І няма нікога, хто падтрымлівае мяне ў гэтым [змаганьні], толькі Міхаэль, князь ваш.

 

Разьдзел 11

1 І я ў першым годзе Дарыя Мідзяніна стаяў, каб умацаваць і падтрымаць яго.

2 І цяпер я распавяду табе праўду. Вось, паўстануць яшчэ тры валадары ў Пэрсіі, і чацьвёрты ўзбагаціцца багацьцем сваім больш за ўсіх, і калі ён умацуецца ў багацьці сваім, ён узьніме ўсіх супраць валадарства Явану.

3 І валадар магутны паўстане [там], які будзе панаваць панаваньнем вялікім і будзе рабіць тое, што даспадобы яму.

4 Але калі ён паўстане, валадарства ягонае будзе зломлена і будзе падзеленае на чатыры вятры нябесныя, і не паміж нашчадкамі ягонымі, і ня бу­дзе [мець] тое панаваньне, якім ён панаваў, бо будзе вырвана валадарства ягонае і [дадзена] іншым, а ня ім.

5 І ўмацуецца валадар з поўдня, але [адзін] з князёў ягоных будзе мацнейшым за яго і запануе, і панаваньне тое будзе большым за панаваньне ягонае.

6 Але пасьля заканчэньня [некалькіх] гадоў яны злучацца, і дачка валадара з поўдня прыйдзе да валадара з поўначы, каб зрабіць паводле справядлівасьці; але яна не захавае сілы рамёнаў [сваіх], і не ўстаіць рамяно ейнае, і будзе выдадзена яна, і тыя, якія прывялі яе, і той, якога яна нарадзіла, і той, які ўмацоўваў яе ў тыя часы.

7 І паўстане парастак з кораня ейнага на месца сваё, і выйдзе супраць войска, і ўвойдзе ў цьвярдыню валадара з поўначы, і будзе дзейнічаць супраць яго, і ўмацуецца.

8 І таксама багоў іхніх з літымі выявамі іхнімі, з начыньнем іхнім каштоўным, срэбным і залатым, завязе ў палон у Эгіпет; і ён [некалькі] гадоў будзе стаяць [вышэй], чым валадар з поўначы.

9 Хоць той прыйдзе ў валадарства валадара з поўдня, але вернецца ў зямлю сваю.

10 Але сыны ягоныя ўзброяцца і зьбяруць мноства войска вялікага, і [адзін], ідучы, пойдзе, і залье [ўсё], і пройдзе [паўсюль], і вернецца, і будзе змагацца супраць цьвярдыні ягонай.

11 І раззлуецца валадар з поўдня, і вырушыць [на вайну], і будзе ваяваць з ім, з валадаром з поўначы, і [той] выставіць мноства вялікае, але мноства гэтае будзе аддадзена ў руку ягоную.

12 І будзе зьнішчана гэтае мноства, і ўзьнімецца сэрца ягонае, і хоць ён кіне [на зямлю] дзясяткі тысячаў, ён не ўмацуецца.

13 І вернецца валадар з поўначы, і выставіць мноства, большае за ранейшае, і ў канцы часоў і гадоў, ідучы, прыйдзе з войскам вялікім і з маёмасьцю шматлікай.

14 І ў тыя часы шмат паўстане супраць валадара з поўдня, і сыны гвалту ў народзе тваім падымуцца, каб споўніўся відзеж, і яны спатыкнуцца.

15 І прыйдзе валадар з поўначы, і насыпле вал, і здабудзе горад умацаваны, і рамёны поўдня не ўстаяць, народ выборны ягоны і ён ня будуць мець сілы, каб устаяць.

16 І той, які прыйдзе супраць яго, будзе рабіць паводле ўпадабаньня свайго, і ня будзе таго, хто супрацівіцца яму; і ён стане ў зямлі прыгожай, і загуба ў руцэ ягонай.

17 І ён зьверне аблічча сваё, каб прыйсьці з моцаю ўсяго валадарства свайго, і зробіць з ім угоду; і дасьць яму дачку жанчынаў, каб зьнішчыць яго, але ня станецца [так] і яна ня бу­дзе з ім.

18 І, зьвяртаючы, ён зьверне аблічча сваё да астравоў, і здабудзе [іх]; але правадыр спы­ніць ганьбу, [зробленую ім], і зьверне ганьбу ягоную на яго самога.

19 І ён зьверне аблічча сваё да цьвярдыняў зямлі сваёй, і спатыкнецца, і ўпадзе, і ня знойдуць [яго].

20 І паўстане на месца ягонае той, які пашле прыгнятальніка ў славе валадарства, але праз некалькі дзён будзе зломлены, і не ад гневу, і ня ў бітве.

21 І паўстане на месца ягонае пагарджаны, і не дадуць яму годнасьці валадарскай; але ён прыйдзе ціха і ўмацуе валадарства подступам.

22 І рамёны [сілы ягонай], як паводкаю, будуць залітыя перад абліччам ягоным і будуць зломленыя, і  таксама начальнік, [які заключыў] запавет.

23 Бо, злучыўшыся з ім, ён будзе дзейнічаць ашуканствам, і ён узыйдзе, і ўмацуецца з [дапамогай] малога народу.

24 У [часе] супакою ён прыйдзе ва ўрадлівыя месцы краю і зробіць тое, чаго не рабілі бацькі ягоныя і бацькі бацькоў ягоных. Нарабаванае, здабычу і маёмасьць прынясе сваім, і пра [здабыцьцё] цьвярдыняў задумае думкі свае, але да часу.

25 І ён узбудзіць сілу сваю і сэрца сваё на валадара з поўдня з войскам вялікім, і валадар з поўдня ўзброіць на бітву войска вялікае і вельмі магутнае, але не ўстаіць, бо задумаюць супраць яго думкі [здрадлівыя].

26 І тыя, якія ядуць ежу ягоную, зломяць яго, і войска ягонае разальецца, і ўпадзе шмат забітых.

27 І сэрцы абодвух гэтых валадароў будуць рабіць ліха, і яны будуць гаварыць хлусьню за адным сталом, і ня будуць мець посьпеху, бо яшчэ не канец вызначанаму часу.

28 І вернецца ён у зямлю сваю з багацьцем вялікім, а сэрца ягонае [будзе] супраць запавету сьвятога, і ён зробіць [намер свой], і вернецца ў зямлю сваю.

29 У вызначаным часе ён вернецца і пойдзе на поўдзень; і ня будзе так, як раней і як пазьней.

30 І прыйдуць супраць яго караблі Кіттыму, і ён спалохаецца, і вернецца, і загневаецца на запавет сьвяты; і зробіць [намер свой], і вернецца, і бу­дзе мець паразуменьне з тымі, якія пакінулі запавет сьвяты.

31 І паўстануць рамёны ягоныя, і апаганяць сьвятыню, цьвярдыню гэтую, і спыняць заўсёдныя ахвяры, і паставяць агіду спусташэньня.

32 А тых, якія нягодна ставяцца да запавету, ён разбэсьціць лісьлівасьцю, але народ, які ведае Бога свайго, умацуецца і будзе дзейнічаць.

33 І разумныя з народу дадуць разуменьне шматлікім, і будуць спатыкацца ад мяча і ад полымя, ад палону і ад рабаваньня [шмат] дзён.

34 І, калі яны спатыкнуцца, яны атрымаюць малую дапамогу. І далучыцца да іх шмат хто няшчыра.

35 І [некаторыя] з тых разумных спатыкнуцца, каб выпрабаваць іх і ачысьціць, і выбяліць аж да часу канца, бо яшчэ ня час, які вызначаны.

36 І будзе валадар рабіць [намер свой], і вывышацца, і ўзьвялічвацца па-над кожным богам паводле ўпадабаньня свайго. І супраць Бога багоў будзе гаварыць нечуваныя рэчы, і будзе мець посьпех, пакуль ня зьдзейсьніцца абурэньне, бо тое, што вызначана, станецца.

37 І на багоў бацькоў сваіх ён ня будзе зважаць, ані на каштоўнасьці жанчынаў, і на ўсіх багоў ён ня будзе зважаць, бо ўзьвялічыцца па-над усімі.

38 Але бога цьвярдыняў на месцы ягоным ён будзе ўшаноўваць, і бога, якога ня ведалі бацькі ягоныя, ён будзе ўшаноўваць золатам і срэбрам, і дарагімі камянямі і каштоўнымі, і рэчамі найкаштоўнейшымі.

39 І ён учыніць [вайну] з умацаванымі цьвярдынямі з [дапамогай] бога чужога. Тым, якія прызнаюць яго, ён памножыць славу, і дасьць панаваньне над шматлікімі, і падзеліць грунты як плату.

40 Але ў часе канца ўдарыць яго валадар з поўдня, і кінецца на яго валадар з поўначы з калясьніцамі і вершнікамі, і з караблямі шматлікімі, і ўвойдзе ў зямлю [поўдня], і залье [яе], і пяройдзе [яе].

41 І прыйдзе ён у зямлю прыгожую, і шмат хто спатыкнецца; але ўцякуць ад рукі ягонай Эдом, і Мааў, і галоўныя з сыноў Амона.

42 І ён выцягне руку сваю на зямлю [поўдня], і зямля Эгіпецкая не ўцячэ.

43 І ён будзе панаваць над скарбамі залатымі і срэбнымі і над усімі каштоўнасьцямі Эгіпту; і Лібійцы, і Кушане пойдуць за ім.

44 Але весткі з усходу і поўначы напалохаюць яго, і ён пойдзе ў гневе вялікім, каб зьнішчыць і аддаць закляцьцю шмат каго.

45 І ён паставіць намёты палацу свайго паміж мораў і гарой прыгажосьці Сьвятой, і прыйдзе да канца свайго, і ня будзе таго, хто дапаможа яму.

 

Разьдзел 12

1 І ў той час паўстане Міхаэль, князь вялікі, які стаіць пры сынах народу твайго; і будзе час нядолі, якога не было ад таго [часу], як існуе народ, аж да гэтага часу; і ў гэты час уцячэ [ад загубы] народ твой, кожны, хто будзе знойдзены запісаным у кнізе.

2 І шмат тых, якія сьпяць у пыле зямлі, абудзяцца, адны — да жыцьця вечнага, а іншыя — на ганьбу, на грэбаваньне вечнае.

3 І разумныя будуць зьзяць як сьвяцілы на прасьцягу [неба], і тыя, якія прывялі да праведнасьці шматлікіх — як зоркі, на вякі вечныя.

4 А ты, Данііле, замкні словы гэтыя і запячатай кнігу аж да часу канца. Шмат хто будзе кружляць [па ёй], і памножыцца веданьне».

5 І паглядзеў я, Данііл, і вось, іншыя два [мужы] стаяць, адзін — на гэтым беразе ракі, а другі — на тым беразе ракі.

6 І я сказаў мужу, апранутаму ў ільняныя [шаты], які [быў] над водамі ракі: «Калі [будзе] канец гэтым цудоўным [рэчам]?»

7 І я пачуў мужа, апранутага ў ільняныя [шаты], які [быў] над водамі ракі. І ён падняў правіцу сваю і лявіцу сваю да неба, і прысягнуў на Таго, Які жыве вечна, што [міне] час вызначаны, часы і палова [вызначанага часу], і калі скончыцца разьбіваньне [сілы] рукі народу сьвятога, тады зьдзейсьніцца ўсё гэта.

8 І я пачуў, але не зразумеў, і я сказаў: «Пане мой! Які канец гэтага [ўсяго]?»

9 І ён сказаў: «Ідзі, Данііле, бо замкнёныя і запячатаныя словы гэтыя аж да часу канца.

10 Будуць ачышчаныя і выбеленыя, і выспрабаваныя шматлікія, і бязбожнікі будуць рабіць бязбожна, і не зразумее гэтага ніхто з бязбожнікаў, а разумныя зразумеюць.

11 І ад часу, калі будзе спынена заўсёдная ахвяра і пастаўленая агіда спусташэньня, [міне] тысяча дзьвесьце дзевяноста дзён.

12 Шчасьлівы той, хто чакае і дасягне тысяча трыццаці пяці дзён.

13 А ты ідзі да канца, і супачынеш, і паўстанеш для [атрыманьня] часткі сваёй у канцы дзён».