КНІГА БЫЦЬЦЁ
Разьдзел 1
1 На пачатку стварыў Бог неба і зямлю.
2 І зямля была бязладная і пустая, і цемра над бяздоньнямі, і Дух Божы ўзносіўся над водамі.
3 І сказаў Бог: «Няхай станецца сьвятло». І сталася сьвятло.
4 І бачыў Бог сьвятло, што яно добрае, і разьдзяліў Бог сьвятло і цемру.
5 І назваў Бог сьвятло днём, а цемру — ноччу. І быў вечар, і была раніца — дзень адзін.
6 І сказаў Бог: «Няхай станецца прасьцяг сярод водаў і няхай аддзеліць воды ад водаў».
7 І зрабіў Бог прасьцяг, і разьдзяліў воды, якія былі пад прасьцягам, і воды, якія былі над прасьцягам. І сталася так.
8 І назваў Бог прасьцяг небам. І быў вечар, і была раніца — дзень другі.
9 І сказаў Бог: «Няхай зьбяруцца воды, якія пад небам, у адно месца, і няхай зьявіцца сухазем’е». І сталася так.
10 І назваў Бог сухазем’е зямлёю, а збор водаў назваў морам. І бачыў Бог, што [гэта] добра.
11 І сказаў Бог: «Няхай зазелянее зямля зелянінай, травой, якая сее насеньне, і дрэвамі пладовымі, якія даюць плады паводле гатунку свайго і маюць у сабе насеньне на зямлі». І сталася так.
12 І выдала зямля зеляніну, траву, якая сее насеньне паводле гатунку свайго, і дрэвы, якія даюць плады і маюць у сабе насеньне паводле гатунку свайго. І бачыў Бог, што [гэта] добра.
13 І быў вечар, і была раніца — дзень трэці.
14 І сказаў Бог: «Няхай стануцца сьвяцілы на прасьцягу неба, каб разьдзяляць дзень і ноч, і няхай будуць дзеля знакаў, і вызначаных часоў, і дзён, і гадоў.
15 І няхай будуць сьвяціламі на прасьцягу неба, каб сьвяцілі на зямлю». І сталася так.
16 І зрабіў Бог два сьвяцілы вялікія: сьвяціла большае, каб кіравала днём, і сьвяціла меншае, каб кіравала ноччу, і зоркі.
17 І зьмясьціў іх Бог на прасьцягу неба, каб сьвяцілі на зямлю,
18 і кіравалі днём і ноччу, і аддзялялі сьвятло ад цемры. І бачыў Бог, што [гэта] добра.
19 І быў вечар, і была раніца — дзень чацьвёрты.
20 І сказаў Бог: «Няхай узварушацца воды рухам душы жывой, і птушкі няхай лётаюць над зямлёю па прасьцягу неба».
21 І стварыў Бог цмокаў вялікіх і ўсякую душу жывую, якая рухаецца, якімі ўзварушыліся воды, паводле гатункаў сваіх, і ўсякую птушку крылатую паводле гатунку свайго. І бачыў Бог, што [гэта] добра.
22 І дабраславіў іх Бог, кажучы: «Пладзіцеся і множцеся, і напаўняйце воды мораў, а птушкі няхай множацца на зямлі».
23 І быў вечар, і была раніца — дзень пяты.
24 І сказаў Бог: «Няхай выдасьць зямля душу жывую паводле гатунку свайго: скаціну, паўзуноў і зьвяроў зямных паводле гатункаў сваіх». І сталася так.
25 І зрабіў Бог зьвяроў зямных паводле гатункаў сваіх, і скаціну паводле гатунку свайго, і ўсякіх паўзуноў зямных паводле гатункаў сваіх. І бачыў Бог, што [гэта] добра.
26 І сказаў Бог: «Зробім чалавека на вобраз Наш, як падабенства Нашае, і няхай ён мае ўладу над рыбамі марскімі і над птушкамі паднебнымі, і над скацінай, і над усёй зямлёй, і над усякім паўзуном, які поўзае па зямлі».
27 І стварыў Бог чалавека на вобраз Свой, на вобраз Божы стварыў яго, мужчыну і жанчыну стварыў іх.
28 І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: «Пладзіцеся і множцеся, і напаўняйце зямлю, і падпарадкоўвайце яе сабе, і мейце ўладу над рыбамі марскімі, і над птушкамі паднебнымі, і над усякім зьверам, які рухаецца па зямлі».
29 І сказаў Бог: «Вось, Я даў вам усякую траву, якая сее насеньне, якая на абліччы ўсёй зямлі, і ўсякія дрэвы, якія маюць плод дрэва і сеюць насеньне, каб былі вам на ежу.
30 І ўсім зьвярам зямным, і ўсім птушкам паднебным, і ўсяму, што рухаецца па зямлі, у якім ёсьць душа жывая, Я даў усякую траву зялёную на ежу». І сталася так.
31 І бачыў Бог усё, што зрабіў, і вось, усё вельмі добра. І быў вечар, і была раніца — дзень шосты.
Разьдзел 2
1 І былі скончаны неба і зямля, і ўсё войска іхняе.
2 І скончыў Бог у сёмы дзень працу Сваю, якую зрабіў, і супачыў у сёмы дзень ад усёй працы Сваёй, якую зрабіў.
3 І дабраславіў Бог дзень сёмы, і асьвяціў яго, бо ў ім супачыў ад усёй працы Сваёй, калі ствараў Бог, робячы.
4 Такі вось радавод неба і зямлі, калі былі яны створаныя, у дзень, калі ГОСПАД Бог зрабіў зямлю і неба.
5 І не было яшчэ ніводнага куста палявога на зямлі, і ніводная трава палявая яшчэ не вырасла, бо ГОСПАД Бог не спаслаў дождж на зямлю і не было чалавека, каб абрабляць зямлю.
6 І пара падымалася ад зямлі, і напойвала ўсё аблічча зямлі.
7 І зьляпіў ГОСПАД Бог чалавека з пылу зямлі, і ўдыхнуў у ноздры ягоныя дыханьне жыцьця, і стаўся чалавек душою жывою.
8 І пасадзіў ГОСПАД Бог сад у Эдэме, на ўсходзе, і зьмясьціў там чалавека, якога зьляпіў.
9 І вырасьціў ГОСПАД Бог з зямлі ўсякае дрэва, прыгожае на выгляд і добрае на ежу, і дрэва жыцьця ў сярэдзіне саду, і дрэва спазнаньня дабра і зла.
10 І рака выцякала з Эдэму, каб напойваць сад, і адтуль яна разьдзялялася на чатыры галоўныя [ракі].
11 Назва адной — Пішон, яна атачае ўсю зямлю Хавіля, у якой золата.
12 А золата той зямлі добрае, там бдалях і камень онікс.
13 А назва другой ракі — Гіхон, яна атачае ўсю зямлю Куш.
14 А назва трэцяй ракі — Хідэкель, яна цячэ на ўсход Асірыі; а чацьвёртая рака — Эўфрат.
15 І ўзяў ГОСПАД Бог чалавека, і зьмясьціў яго ў садзе Эдэм, каб абрабляў яго і захоўваў яго.
16 І загадаў ГОСПАД Бог чалавеку, кажучы: «З кожнага дрэва ў садзе будзеш есьці,
17 але з дрэва спазнаньня дабра і зла ня еш з яго, бо ў дзень, у які будзеш есьці з яго, сьмерцю памрэш».
18 І сказаў ГОСПАД Бог: «Ня добра быць чалавеку аднаму; зраблю яму дапамогу, адпаведную яму».
19 І зьляпіў ГОСПАД Бог з зямлі ўсіх зьвяроў палявых і ўсіх птушак паднебных, і прывёў да чалавека, каб пабачыць, як ён назаве іх, і як чалавек назаве кожную душу жывую, такое і імя ёй.
20 І назваў чалавек імёны ўсёй скаціны, і ўсіх птушак паднебных, і ўсіх зьвяроў палявых, але для чалавека не знайшлося дапамогі, адпаведнай яму.
21 І спусьціў ГОСПАД Бог моцны сон на чалавека, і [той] заснуў. І ўзяў Ён адно з рэбраў ягоных, і закрыў целам тое месца.
22 І збудаваў ГОСПАД Бог з рабра, якое ўзяў з чалавека, жанчыну, і прывёў яе да чалавека.
23 І сказаў чалавек: «Вось, на гэты раз, гэта костка з костак маіх і цела з цела майго. Яна будзе называцца жанчынаю, бо ўзятая з мужа».
24 Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць адным целам.
25 І былі абое голыя, чалавек і жонка ягоная, і не саромеліся.
Разьдзел 3
1 А зьмей быў хітрэйшы за ўсіх зьвяроў палявых, якіх зрабіў ГОСПАД Бог. І сказаў ён жанчыне: «Ці ж гэта сказаў Бог: “Ня ешце з кожнага дрэва ў садзе”?»
2 І сказала жанчына зьмею: «Плады дрэваў саду можам есьці,
3 але пра плады дрэва, якое пасярод саду, сказаў Бог: “Ня ешце з яго і не дакранайцеся да яго, каб вы не памерлі”».
4 І сказаў зьмей жанчыне: «Не памрацё сьмерцю!
5 Бо ведае Бог, што ў дзень, калі зьясьцё з яго, расплюшчацца вочы вашыя і станецеся як Бог, тымі, хто спазнае дабро і зло».
6 І ўбачыла жанчына, што дрэва добрае для ежы, і прывабнае для вачэй, і пажаданае дрэва дзеля разуменьня, і ўзяла яна плод ягоны, і ела, і дала мужу свайму, які [быў] з ёю, і ён еў.
7 І расплюшчыліся вочы ў іх абодвух, і спазналі, што яны голыя, і сплялі лісты фігавыя, і зрабілі сабе перапаяскі.
8 І пачулі яны голас ГОСПАДА Бога, Які хадзіў у садзе ў ветры дня, і схаваліся чалавек і жонка ягоная ад аблічча ГОСПАДА Бога сярод дрэваў саду.
9 І паклікаў ГОСПАД Бог чалавека, і сказаў яму: «Дзе ты?»
10 І той сказаў: «Голас Твой я пачуў у садзе і спалохаўся, бо я — голы, і схаваўся».
11 І сказаў [Бог]: «Хто распавёў табе, што ты голы? Ці ня еў ты з дрэва, з якога Я загадаў табе ня есьці?»
12 І сказаў чалавек: «Жанчына, якую Ты даў, [каб была] са мною, яна дала мне з дрэва, і я еў».
13 І сказаў ГОСПАД Бог жанчыне: «Што ты гэта зрабіла?» І сказала жанчына: «Зьмей падмануў мяне, і я ела».
14 І сказаў ГОСПАД Бог зьмею: «За тое, што ты зрабіў гэта, пракляты ты між усёй скаціны і ўсіх зьвяроў палявых! На жываце сваім поўзаць будзеш і будзеш пыл есьці ў-ва ўсе дні жыцьця твайго.
15 І Я кладу варожасьць паміж табой і жанчынай, паміж насеньнем тваім і насеньнем яе. Яно скрышыць табе галаву, а ты скрышыш яму пяту».
16 А жанчыне сказаў: «Памнажаючы, памножу мучэньні твае і цяжарнасьці твае, з болем будзеш нараджаць сыноў; і да мужа твайго памкненьне тваё, а ён будзе панаваць над табою».
17 А Адаму сказаў: «За тое, што ты паслухаўся голасу жонкі тваёй і еў з дрэва, пра якое Я загадаў табе, кажучы: “Ня еш з яго”, праклятая зямля з-за цябе. У мучэньнях будзеш есьці з яе ў-ва ўсе дні жыцьця твайго.
18 Церні і асот будзе радзіць яна табе, і будзеш есьці траву палявую.
19 У поце аблічча твайго будзеш есьці хлеб, аж пакуль ня вернешся ў зямлю, бо з яе ты ўзяты, бо пыл ты і ў пыл вернешся».
20 І назваў чалавек імя сваёй жонцы — Ева, бо яна была маці ўсіх, што жывуць.
21 І зрабіў ГОСПАД Бог Адаму і жонцы ягонай адзеньне са скуры, і апрануў іх.
22 І сказаў ГОСПАД Бог: «Вось, чалавек стаўся як адзін з Нас, спазнаўшы дабро і зло. І цяпер няхай ня выцягне ён рукі сваёй і ня возьме таксама з дрэва жыцьця, і ня зьесьць, і ня будзе жыць вечна».
23 І выслаў яго ГОСПАД Бог з саду Эдэм, каб абрабляў зямлю, з якой быў узяты.
24 І выгнаў чалавека, і паставіў на ўсходзе ад саду Эдэм херувімаў і меч палымяны, які паварочваецца наўкола, каб сьцерагчы шлях да дрэва жыцьця.
Разьдзел 4
1 І чалавек спазнаў Еву, жонку сваю, і яна зачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: «Атрымала я мужа ад ГОСПАДА».
2 І яшчэ нарадзіла брата ягонага Абэля. І быў Абэль пастухом авечак, а Каін быў земляробам.
3 І сталася, калі прайшлі дні, Каін прынёс з пладоў зямлі дар ГОСПАДУ.
4 І Абэль таксама прынёс з першародных авечак сваіх і з тлустасьці іх. І ўзглянуў ГОСПАД на Абэля і на дар ягоны,
5 а на Каіна і на дар ягоны ня ўзглянуў. І вельмі загневаўся Каін, і пахілілася аблічча яго.
6 І сказаў ГОСПАД Каіну: «Чаму ты загневаўся і чаму пахілілася аблічча тваё?
7 Ці ж ты не ўзьнімаеш [аблічча], калі робіш добра, а калі ня робіш добра, грэх ляжыць пры дзьвярах, да цябе памкненьне ягонае, але ты павінен панаваць над ім».
8 І сказаў Каін Абэлю, брату свайму: [«Пойдзем у поле»]. І сталася, калі былі яны ў полі, паўстаў Каін на Абэля, брата свайго, і забіў яго.
9 І сказаў ГОСПАД Каіну: «Дзе Абэль, брат твой?» А той сказаў: «Ня ведаю. Ці ж я вартаўнік брата майго?»
10 І сказаў [Бог]: «Што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго кліча да Мяне ад зямлі.
11 І цяпер пракляты ты ад зямлі, якая адчыніла вусны свае прыняць кроў брата твайго з рукі тваёй.
12 Калі будзеш абрабляць зямлю, яна ня будзе больш даваць табе сілы свае. Выгнанцам і ўцекачом будзеш на зямлі».
13 І сказаў Каін ГОСПАДУ: «Большае беззаконьне маё, чым можна зьнесьці.
14 Вось, Ты выганяеш мяне сёньня з аблічча зямлі, і буду хавацца ад аблічча Твайго, і буду я выгнанцам і ўцекачом на зямлі, і станецца, што кожны, хто сустрэне мяне, заб’е мяне».
15 І сказаў яму ГОСПАД: «Таму кожнаму, хто заб’е Каіна, сем разоў будзе адпомшчана». І пазначыў ГОСПАД Каіна знакам, каб не забіў яго кожны, хто сустрэне яго.
16 І адыйшоў Каін ад аблічча ГОСПАДА, і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад Эдэму.
17 І спазнаў Каін жонку сваю, і яна зачала, і нарадзіла Эноха. І пабудаваў ён горад, і назваў імя горада ад імя сына свайго — Энох.
18 І нарадзіў Энох Ірада, а Ірад нарадзіў Мэхіяэля, а Мэхіяэль нарадзіў Мэтушаэля, а Мэтушаэль нарадзіў Лямэха.
19 І ўзяў сабе Лямэх дзьве жонкі. Імя адной — Ада, а імя другой — Цыля.
20 І нарадзіла Ада Яваля, ён быў бацька тых, што жывуць у намётах і маюць статкі.
21 А імя брата ягонага — Юваль, ён быў бацька ўсіх, што граюць на гусьлях і жалейцы.
22 І Цыля таксама нарадзіла Туваль-Каіна, які быў кавалём усякіх прыладаў з медзі і жалеза. А сястра Туваль-Каіна — Наама.
23 І сказаў Лямэх жонкам сваім: «Ада і Цыля, паслухайце голас мой! Жонкі Лямэха, прыхіліце вуха да мовы маёй! Бо забіў я чалавека за рану сваю і юнака за скалечаньне сваё.
24 Бо за Каіна будзе адпомшчана сем разоў, а за Лямэха — семдзясят сем».
25 І спазнаў яшчэ Адам жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і назвала імя ягонае Сэт, бо [казала]: «Даў мне Бог іншае насеньне замест Абэля, якога забіў Каін».
26 У Сэта таксама нарадзіўся сын, і ён назваў імя ягонае Энос. Тады пачалі клікаць імя ГОСПАДА.
Разьдзел 5
1 Вось кніга радаводу Адама. У дзень, калі Бог стварыў Адама, зрабіў яго на падабенства Божае,
2 мужчыну і жанчыну стварыў іх, і дабраславіў іх, і назваў іх імя “чалавек” у дзень стварэньня іх.
3 І жыў Адам сто трыццаць гадоў, і нарадзіў [сына] на падабенства сваё, як вобраз свой, і назваў імя яго Сэт.
4 І было дзён Адама па нараджэньні Сэта васемсот гадоў, і нарадзіў ён сыноў і дачок.
5 І былі ўсе дні Адама, якія ён жыў, дзевяцьсот трыццаць гадоў, і ён памёр.
6 І жыў Сэт сто пяць гадоў, і нарадзіў Эноса.
7 І жыў Сэт па нараджэньні Эноса васемсот сем гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
8 І былі ўсе дні Сэта дзевяцьсот дванаццаць гадоў, і ён памёр.
9 І жыў Энос дзевяноста гадоў, і нарадзіў Кейнана.
10 І жыў Энос па нараджэньні Кейнана васемсот пятнаццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
11 І былі ўсе дні Эноса дзевяцьсот пяць гадоў, і ён памёр.
12 І жыў Кейнан семдзясят гадоў, і нарадзіў Магалялеэля.
13 І жыў Кейнан па нараджэньні Магалялеэля васемсот сорак гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
14 І былі ўсе дні Кейнана дзевяцьсот дзесяць гадоў, і ён памёр.
15 І жыў Магалялеэль шэсьцьдзясят пяць гадоў, і нарадзіў Ярэда.
16 І жыў Магалялеэль па нараджэньні Ярэда васемсот трыццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
17 І былі ўсе дні Магалялеэля васемсот дзевяноста пяць гадоў, і ён памёр.
18 І жыў Ярэд сто шэсьцьдзясят два гады, і нарадзіў Эноха.
19 І жыў Ярэд па нараджэньні Эноха васемсот гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
20 І былі ўсе дні Ярэда дзевяцьсот шэсьцьдзясят два гады, і ён памёр.
21 І жыў Энох шэсьцьдзясят пяць гадоў і нарадзіў Мэтушэляха.
22 І хадзіў Энох з Богам па нараджэньні Мэтушэляха трыста гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
23 І былі ўсе дні Эноха трыста шэсьцьдзясят пяць гадоў.
24 І хадзіў Энох з Богам, і ня стала яго, бо забраў яго Бог.
25 І жыў Мэтушэлях сто восемдзясят сем гадоў, і нарадзіў Лямэха.
26 І жыў Мэтушэлях па нараджэньні Лямэха семсот восемдзясят два гады, і нарадзіў сыноў і дачок.
27 І былі ўсе дні Мэтушэляха дзевяцьсот шэсьцьдзясят дзевяць гадоў, і ён памёр.
28 І жыў Лямэх сто восемдзясят два гады, і нарадзіў сына,
29 і назваў яго імя Ной, кажучы: «Ён пацешыць нас у рабоце нашай і ў працы рук нашых на зямлі, якую пракляў ГОСПАД».
30 І жыў Лямэх па нараджэньні Ноя пяцьсот дзевяноста пяць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
31 І былі ўсе дні Лямэха семсот семдзясят сем гадоў, і ён памёр.
32 І было Ною пяцьсот гадоў, і нарадзіў Ной Сэма, Хама і Яфэта.
Разьдзел 6
1 І сталася, што людзі пачалі множыцца на абліччы зямлі, і нарадзіліся ім дочкі.
2 І бачылі сыны Божыя дочак чалавечых, што яны прыгожыя, і ўзялі сабе за жонак усіх, якіх абралі.
3 І сказаў ГОСПАД: «Ня будзе Дух Мой змагацца ў чалавеку вечна, бо ён — цела. І будуць дні ягоныя сто дваццаць гадоў».
4 У тыя дні нэфілімы жылі на зямлі, а таксама пазьней, калі сыны Божыя прыходзілі да дочак чалавечых, і тыя ім нараджалі. Былі гэта волаты, ад вякоў мужы слаўныя.
5 І бачыў ГОСПАД, што вялікае зло [сярод] людзей на зямлі, і што ўсе намеры думак сэрца іхняга — толькі на зло ўсякі дзень.
6 І пашкадаваў ГОСПАД, што зрабіў чалавека на зямлі, і засмуціўся ў сэрцы Сваім.
7 І сказаў ГОСПАД: «Зьнішчу чалавека, якога стварыў, з аблічча зямлі, ад чалавека да скаціны, да паўзуна, да птушкі паднебнай, бо шкадую, што зрабіў іх».
8 А Ной знайшоў ласку ў вачах ГОСПАДА.
9 Вось радавод Ноя. Ной быў чалавек праведны і беззаганны ў пакаленьні сваім. Ной хадзіў з Богам.
10 І нарадзіў Ной трох сыноў: Сэма, Хама і Яфэта.
11 І сапсаваная была зямля перад абліччам Бога, і напоўнілася зямля ліхадзействам.
12 І бачыў Бог зямлю, і вось, яна сапсаваная, бо кожнае цела скрывіла шлях свой на зямлі.
13 І сказаў Бог Ною: «Канец усякаму целу прыйшоў перад аблічча Маё, бо зямля напоўнілася ліхадзействам праз іх. І вось, Я вынішчу іх з зямлі.
14 Зрабі сабе каўчэг з дрэва гафэр; зробіш у каўчэгу перагародкі і пацягні яго смалой звонку і знутры.
15 Вось так маеш зрабіць яго: трыста локцяў даўжыня каўчэгу, пяцьдзясят локцяў шырыня яго і трыццаць локцяў вышыня яго.
16 Зробіш вакно ў каўчэгу, і ў локаць скончыш яго ўгары. Уваход у каўчэг разьмесьціш з боку яго; ніжні, другі і трэці [паверхі] зробіш у ім.
17 І вось, Я ўзьвяду патоп водны на зямлю, каб вынішчыць пад небам усякае цела, у якім ёсьць дух жыцьця. Усё, што на зямлі, — загіне.
18 І Я заключу запавет Мой з табою, і ўвойдзеш у каўчэг ты, і сыны твае, і жонка твая, і жонкі сыноў тваіх з табою.
19 І з усяго жывога, з кожнага цела прывядзеш па двое ў каўчэг, каб засталіся жывыя з табою, мужчынскага [роду] і жаночага няхай яны будуць.
20 З птушак паводле гатункаў іх, са скаціны паводле гатунку яго і з усіх паўзуноў зямных паводле гатункаў іх, з усіх па двое ўвойдуць да цябе, каб засталіся жывыя.
21 І ты вазьмі сабе ўсякай ежы, якою яны кормяцца, і зьбяры яе да сябе; і будзе яна для цябе і для іх ежаю».
22 І зрабіў Ной; усё, што загадаў яму Бог, так ён і зрабіў.
Разьдзел 7
1 І сказаў ГОСПАД Ною: «Увайдзі ты і ўвесь дом твой у каўчэг, бо ўбачыў Я цябе праведным перад абліччам Маім у пакаленьні гэтым.
2 З усякай скаціны чыстай вазьмі з сабою сем самцоў і сем саміц, а са скаціны нячыстай — па двое, самца і саміцу.
3 Таксама з птушак паднебных — сем мужчынскага [роду] і сем жаночага, каб захаваць жывым насеньне [іхняе] на абліччы ўсёй зямлі.
4 Бо праз сем дзён Я выльлю дождж на зямлю сорак дзён і сорак начэй і вынішчу з аблічча зямлі ўсіх жывых істотаў, якіх Я зрабіў.
5 І зрабіў Ной усё, што загадаў яму ГОСПАД.
6 І Ною было шэсьцьсот гадоў, і патоп водны быў на зямлі.
7 І ўвайшоў Ной, і сыны ягоныя, і жонка ягоная, і жонкі сыноў ягоных з ім у каўчэг ад вады патопу.
8 Са скаціны чыстай і са скаціны, якая нячыстая, з птушак і з усяго, што поўзае па зямлі,
9 па двое ўвайшлі ў каўчэг да Ноя, мужчынскага [роду] і жаночага, як Бог загадаў Ною.
10 І сталася праз сем дзён, што вада патопу была на зямлі.
11 У шэсьцьсотым годзе жыцьця Ноя, у другім месяцы, у сямнаццаты дзень месяца, у гэты дзень выбіліся ўсе жаролы вялікай бездані, і вокны нябесныя адчыніліся,
12 і ішоў дождж на зямлю сорак дзён і сорак начэй.
13 У гэты самы дзень увайшоў у каўчэг Ной, і Сэм, і Хам, і Яфэт, сыны Ноя, і жонка Ноя, і тры жонкі сыноў ягоных з імі.
14 Яны, і ўсякія зьвяры паводле гатунку свайго, і ўсякая скаціна паводле гатунку свайго, і ўсякія паўзуны, якія поўзаюць па зямлі, паводле гатунку свайго, і ўсякія птушкі паводле гатунку свайго, усё птаства, усе крылатыя.
15 І ўвайшлі яны па двое ў каўчэг да Ноя, па двое з кожнага цела, у якім быў дух жыцьця.
16 І тыя, што ўвайшлі, былі мужчынскага [роду] і жаночага з усякага цела, як загадаў Бог. І зачыніў ГОСПАД за імі [каўчэг].
17 І стаўся патоп на зямлі сорак дзён, і разьліліся воды, і паднялі каўчэг, і ён узвысіўся над зямлёю.
18 І падымаліся воды, і вельмі ўзьняліся над зямлёю, і каўчэг плаваў па абліччы водаў.
19 І вельмі моцна падняліся воды над зямлёю, і закрылі ўсе высокія горы, якія ёсьць пад усім небам.
20 На пятнаццаць локцяў угору падняліся воды, і закрылі горы.
21 І загінула ўсякае цела, якое рухаецца па зямлі: і птушкі, і скаціна, і зьвяры, і ўсе паўзуны, што поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі.
22 Усе, якія мелі дыханьне духа жыцьця ў ноздрах сваіх, усе, што былі на сухазем’і, — паўміралі.
23 І вынішчыў [Бог] усякую жывую істоту, якая была на абліччы зямлі, ад чалавека да скаціны, да паўзуноў і да птушак паднебных, і былі яны вынішчаны з зямлі. І застаўся толькі Ной і тыя, што былі з ім у каўчэгу.
24 І падымаліся воды над зямлёю сто пяцьдзясят дзён.
Разьдзел 8
1 І ўзгадаў Бог пра Ноя і пра ўсіх зьвяроў, і пра ўсю скаціну, што былі з ім у каўчэгу, і прывёў Бог вецер на зямлю, і супакоіліся воды.
2 І зачыніліся жаролы бездані і вокны нябесныя, і спыніўся дождж з неба.
3 І вярталіся воды з зямлі, сьцякаючы і вяртаючыся, і паменшалі воды па заканчэньні ста пяцідзесяці дзён.
4 І спыніўся каўчэг у сёмы месяц, у сямнаццаты дзень месяца, на гарах Арарат.
5 І воды сьцякалі і меншалі аж да дзясятага месяца, а ў дзясяты месяц, у першы дзень месяца, сталі бачныя вяршыні гораў.
6 І сталася па заканчэньні сарака дзён Ной адчыніў вакно каўчэгу, якое зрабіў.
7 І выпусьціў ён крумкача, і той лятаў туды і сюды, і варочаўся, аж пакуль ня высахла вада на зямлі.
8 І выпусьціў ён ад сябе галубку, каб убачыць, ці зыйшлі воды з аблічча зямлі.
9 І не знайшла галубка месца спачынку для ног сваіх, і вярнулася да яго ў каўчэг, бо воды былі яшчэ на абліччы ўсёй зямлі. І ён выцягнуў руку сваю, і схапіў яе, і забраў да сябе ў каўчэг.
10 І пачакаў ён яшчэ сем дзён, і зноў выпусьціў галубку з каўчэгу.
11 І вярнулася галубка да яго ўвечары, і вось, сьвежы аліўкавы лісток у дзюбе ў яе. І зразумеў Ной, што зыйшлі воды з зямлі.
12 І пачакаў ён яшчэ іншых сем дзён, і выпусьціў галубку, і яна ўжо больш да яго не вярнулася.
13 І сталася, у шэсьцьсот першым годзе, у першым месяцы, у першы дзень месяца, што воды на зямлі павысыхалі. І Ной адкрыў дах каўчэгу, і ўбачыў, што, вось, высахла аблічча зямлі.
14 А ў другім месяцы, у дваццаць сёмы дзень месяца зямля абсохла.
15 І сказаў Бог Ною, кажучы:
16 «Выйдзі з каўчэгу ты і жонка твая, і сыны твае, і жонкі сыноў тваіх з табою.
17 Усіх зьвяроў, якія з табою з кожнага цела, як з птушак, так і са скаціны, і з усіх паўзуноў, што рухаюцца па зямлі, вывядзі з сабою. І няхай разыходзяцца яны на зямлі, няхай плодзяцца і множацца на зямлі».
18 І выйшаў Ной, і сыны ягоныя, і жонка ягоная, і жонкі сыноў ягоных з ім.
19 Усе зьвяры, усе паўзуны, усе птушкі і ўсё, што рухаецца па зямлі, паводле родаў сваіх, выйшлі з каўчэгу.
20 І збудаваў Ной ахвярнік ГОСПАДУ, і ўзяў з кожнай скаціны чыстай і з кожнай птушкі чыстай, і склаў іх у ахвяру цэласпаленьня на ахвярніку.
21 І адчуў ГОСПАД пах прыемны, і сказаў ГОСПАД у сэрцы Сваім: «Ня буду больш праклінаць зямлю з-за чалавека, бо настаўленьне сэрца чалавечага злое ад маладосьці яго. І больш ня буду забіваць усяго жывога, як гэта зрабіў.
22 І яшчэ, у-ва ўсе дні зямлі ня спыняцца сяўба і жніво, сьцюжа і сьпякота, лета і зіма, дзень і ноч».
Разьдзел 9
1 І дабраславіў Бог Ноя і сыноў ягоных, і сказаў ім: «Пладзіцеся і множцеся, і напаўняйце зямлю.
2 Няхай баяцца вас і дрыжаць перад вамі ўсе зьвяры зямныя, і ўсе птушкі паднебныя; і ўсё, што рухаецца па зямлі, і ўсе рыбы марскія аддадзеныя ў рукі вашыя.
3 Усё, што рухаецца, што жыве, будзе вам на ежу; як траву зялёную, Я даў вам усё.
4 Толькі цела з душою ягонай, з крывёю яго, ня ешце.
5 І толькі кроў вашу душаў вашых Я буду шукаць; з рукі ўсякага зьвера буду шукаць яе; і з рукі чалавека, з рукі кожнага брата ягонага буду шукаць душу чалавека.
6 Хто праліе кроў чалавека, таго кроў будзе праліта рукою чалавека, бо чалавек зроблены на вобраз Божы.
7 А вы пладзіцеся і множцеся, распаўсюджвайцеся на зямлі і множцеся на ёй».
8 І сказаў Бог Ною і сынам ягоным з ім, кажучы:
9 «Вось, Я заключаю запавет Мой з вамі і з насеньнем вашым пасьля вас,
10 і з усякаю душою жывою, якая з вамі: з птушкамі, са скацінай і з усімі зьвярамі зямнымі, якія з вамі, з усімі, што выйшлі з каўчэгу, з усімі зьвярамі зямлі.
11 І Я заключаю запавет Мой з вамі, і ўжо больш ня будзе вынішчана ўсякае цела водамі патопу, і больш ня будзе патопу, каб нішчыць зямлю».
12 І сказаў Бог: «Гэта знак запавету, які Я заключаю паміж Мною і вамі і ўсякай душой жывою, якая з вамі, у пакаленьні вечныя.
13 Вясёлку Маю кладу на хмарах, і будзе яна знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю.
14 І станецца, калі расьцягну хмары над зямлёю, будзе відаць вясёлку на хмарах,
15 і Я ўзгадаю запавет Мой, які паміж Мною і вамі і ўсякай душой жывою ў-ва ўсякім целе, і ня будзе больш водаў патопу, каб нішчыць усякае цела.
16 І будзе гэтая вясёлка на хмарах, і Я ўбачу яе, і ўзгадаю запавет вечны паміж Богам і ўсякай душой жывою ў-ва ўсякім целе, якое ёсьць на зямлі».
17 І сказаў Бог Ною: «Гэта знак запавету, які Я даю, паміж Мною і ўсякім целам, якое ёсьць на зямлі».
18 І былі сыны Ноя, якія выйшлі з каўчэгу: Сэм, Хам і Яфэт. А Хам быў бацькам Ханаана.
19 Гэтыя тры былі сынамі Ноя, і ад іх напоўнілася [людзьмі] ўся зямля.
20 І Ной пачаў абрабляць зямлю, і пасадзіў вінаграднік.
21 І выпіў ён віна, і напіўся, і ляжаў голы ў сярэдзіне намёту.
22 І ўбачыў Хам, бацька Ханаана, голасьць бацькі свайго, і распавёў двум братам сваім, [якія былі] звонку.
23 І ўзялі Сэм і Яфэт адзежу і ўсклалі на плечы свае, і пайшлі сьпінаю, і накрылі голасьць бацькі свайго; і абліччы іхнія былі [зьвернутыя] назад, і яны ня бачылі голасьці бацькі свайго.
24 І прачнуўся Ной ад ап’яненьня свайго, і даведаўся, што яму зрабіў малодшы сын ягоны,
25 і сказаў: «Пракляты Ханаан! Будзе ён слугою слугаў у братоў сваіх».
26 І сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Сэма! Няхай будзе Ханаан слугою ягоным.
27 Няхай пашырыць Бог Яфэта, і будзе ён жыць у намётах Сэма, і Ханаан будзе ў яго слугою».
28 І жыў Ной пасьля патопу трыста пяцьдзясят гадоў.
29 І было ўсіх дзён Ноя дзевяцьсот пяцьдзясят гадоў, і ён памёр.
Разьдзел 10
1 Вось радавод сыноў Ноя: Сэма, Хама і Яфэта. І нарадзіліся ім сыны пасьля патопу.
2 Сыны Яфэта: Гамэр, Магог, Мадай, Яван, Туваль, Мэшэх і Тырас.
3 Сыны Гамэра: Ашкеназ, Рыфат і Тагарма.
4 Сыны Явана: Эліша і Таршыш, Кіттым і Даданім.
5 Ад іх паходзяць астравы народаў у землях іхніх, кожны паводле мовы сваёй і паводле плямёнаў сваіх, у народах сваіх.
6 Сыны Хама: Куш, Міцраім, Пут і Ханаан.
7 Сыны Куша: Сэва, Хавіля, Саўта, Раама і Саўтэха. Сыны Раамы: Шэва і Дэдан.
8 А Куш нарадзіў Німрода. Ён пачаў быць волатам на зямлі.
9 Ён быў магутны паляўнічы перад абліччам ГОСПАДА. Таму кажуць: «Як Німрод, магутны паляўнічы перад абліччам ГОСПАДА».
10 І пачаткам валадараньня яго былі Бабілон, Эрэх, Акад і Кальнэ ў зямлі Шынаар.
11 З той зямлі выйшаў Ашур і пабудаваў Нініву, Рэхавот-Ір, Калях
12 і Рэсэн, вялікі горад між Нінівай і Каляхам.
13 А Міцраім нарадзіў Людыма, Анаміма, Легавіма, Нафтухіма,
14 Патрусіма і Касьлюхіма, ад якіх паходзяць Філістынцы, і Кафторыма.
15 А Ханаан нарадзіў Сідона, першароднага свайго, і Хета,
16 Евусэя, Амарэя, Гіргашэя,
17 Хівея, Аркея, Сінэя,
18 Арвадэя, Цэмарэя і Хаматэя; а пасьля расьсеяліся плямёны Хананейскія.
19 І была мяжа Хананейцаў ад Сідону ў накірунку Герару аж да Газы, а ў накірунку Садома і Гаморы, Адмы і Цэвоіма — аж да Ляшы.
20 Гэта сыны Хама паводле плямёнаў сваіх, паводле моваў сваіх, у землях сваіх і ў народах сваіх.
21 А Сэм, бацька ўсіх сыноў Эвэра, старэйшы брат Яфэта, нарадзіў [сыноў].
22 Сыны Сэма: Элям, Ашур, Арпахшад, Люд і Арам.
23 Сыны Арама: Уц, Хуль, Гетэр і Маш.
24 А Арпахшад нарадзіў Шэляха, а Шэлях нарадзіў Эвэра.
25 А ў Эвэра нарадзіліся два сыны: аднаго імя Пэлег, таму што ў дні ягоныя разьдзялілася зямля, а імя брата ягонага — Ёктан.
26 Ёктан нарадзіў Альмадада, Шалефа, Хацармавэта, Яраха,
27 Гадарама, Узаля, Дыклю,
28 Аваля, Авімаэля, Шэву,
29 Афіра, Хавіля і Ёвава. Гэтыя ўсе — сыны Ёктана.
30 Месца іх пражываньня было ад Мэшы ў накірунку Сэфару на ўсход.
31 Гэта сыны Сэма паводле плямёнаў сваіх, паводле моваў сваіх, у землях сваіх і ў народах сваіх.
32 Гэта вось плямёны сыноў Ноя паводле радаводаў у народах сваіх. Ад іх распаўсюдзіліся народы на зямлі пасьля патопу.
Разьдзел 11
1 І была на ўсёй зямлі адна мова і адны словы.
2 І сталася, калі яны вандравалі з усходу, знайшлі раўніну ў зямлі Шынаар і там пасяліліся.
3 І сказалі яны адзін аднаму: «Давайце наробім цэглы і абпалім яе агнём». І была ў іх цэгла замест камянёў, а смала была ў іх замест вапны.
4 І сказалі яны: «Давайце зробім сабе горад і вежу, у якой верх будзе да неба, і гэтым зробім сабе імя, каб не расьцярушыліся мы па абліччы ўсёй зямлі».
5 І зыйшоў ГОСПАД, каб убачыць горад і вежу, якую будавалі сыны чалавечыя.
6 І сказаў ГОСПАД: «Вось, адзін народ і адна для ўсіх мова. І вось, што пачалі яны рабіць. І цяпер не спыніць іх у-ва ўсім, што яны задумалі зрабіць.
7 Давайце зыйдзем і памяшаем там мову іхнюю, каб не маглі разумець мовы адзін аднаго».
8 І расьцярушыў іх ГОСПАД з таго месца па абліччы ўсёй зямлі, і яны перасталі будаваць горад.
9 Дзеля таго названа імя яго Бабілон, бо там зьмяшаў ГОСПАД мову ўсёй зямлі, і адтуль расьцярушыў іх ГОСПАД па абліччы ўсёй зямлі.
10 Вось радавод Сэма. Сэм меў сто гадоў і нарадзіў Арпахшада праз два гады пасьля патопу.
11 І жыў Сэм па нараджэньні Арпахшада пяцьсот гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
12 І Арпахшад жыў трыццаць пяць гадоў, і нарадзіў Шэляха.
13 І жыў Арпахшад па нараджэньні Шэляха чатырыста тры гады, і нарадзіў сыноў і дачок.
14 І Шэлях жыў трыццаць гадоў, і нарадзіў Эвэра.
15 І жыў Шэлях па нараджэньні Эвэра чатырыста тры гады, і нарадзіў сыноў і дачок.
16 І жыў Эвэр трыццаць чатыры гады, і нарадзіў Пэлега.
17 І жыў Эвэр па нараджэньні Пэлега чатырыста трыццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
18 І жыў Пэлег трыццаць гадоў, і нарадзіў Рэву.
19 І жыў Пэлег па нараджэньні Рэву дзьвесьце дзевяць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
20 І жыў Рэву трыццаць два гады, і нарадзіў Сэруга.
21 І жыў Рэву па нараджэньні Сэруга дзьвесьце сем гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
22 І жыў Сэруг трыццаць гадоў, і нарадзіў Нахора.
23 І жыў Сэруг па нараджэньні Нахора дзьвесьце гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
24 І жыў Нахор дваццаць дзевяць гадоў, і нарадзіў Тэраха.
25 І жыў Нахор па нараджэньні Тэраха сто дзевятнаццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
26 І жыў Тэрах семдзясят гадоў, і нарадзіў Абрама, Нахора і Арана.
27 І вось радавод Тэраха. Тэрах нарадзіў Абрама, Нахора і Арана, а Аран нарадзіў Лота.
28 І памёр Аран перад абліччам Тэраха, бацькі свайго, у зямлі нараджэньня свайго, у Уры Халдэйскім.
29 І ўзялі Абрам і Нахор сабе жонак. Імя жонкі Абрама — Сарай, а імя жонкі Нахора — Мілька, дачка Арана, бацькі Мількі і бацькі Іскі.
30 І была Сарай бясплодная, яна ня мела дзяцей.
31 І ўзяў Тэрах Абрама, сына свайго, і Лота, сына Арана, унука свайго, і Сарай, нявестку сваю, жонку Абрама, сына свайго, і выйшаў з імі з Уру Халдэйскага, каб ісьці ў зямлю Ханаан. І прыйшлі ў Харан, і пасяліліся там.
32 І было дзён Тэраха дзьвесьце пяць гадоў жыцьця, і памёр Тэрах у Харане.
Разьдзел 12
1 І сказаў ГОСПАД Абраму: «Выйдзі з зямлі тваёй і ад родзічаў тваіх, і з дому бацькі твайго ў зямлю, якую Я пакажу табе.
2 І Я зраблю з цябе вялікі народ, і дабраслаўлю цябе, і ўзьвялічу імя тваё, і будзеш ты дабраславенствам.
3 І Я дабраслаўлю тых, якія будуць дабраслаўляць цябе, а тых, якія будуць праклінаць цябе, Я пракляну. І будуць дабраслаўлёныя ў табе ўсе плямёны зямлі».
4 І пайшоў Абрам, як загадаў яму ГОСПАД, і з ім пайшоў Лот. Абрам меў семдзясят пяць гадоў, калі выйшаў з Харану.
5 І ўзяў Абрам Сарай, жонку сваю, і Лота, сына брата свайго, і ўсю маёмасьць, якую прыдбалі, і слугаў, якіх набылі ў Харане, і выйшлі, каб пайсьці ў зямлю Ханаан. І прыйшлі яны ў зямлю Ханаан.
6 І прайшоў Абрам гэтую зямлю аж да мясцовасьці Сыхем, аж да дубровы Марэ. А ў той зямлі [жылі] тады Хананейцы.
7 І зьявіўся ГОСПАД Абраму, і сказаў: «Насеньню твайму Я дам гэтую зямлю». І ён збудаваў там ахвярнік ГОСПАДУ, Які зьявіўся яму.
8 Адтуль перайшоў ён на гару на ўсход ад Бэтэлю і паставіў намёт свой, [маючы] Бэтэль на захадзе, а Гай на ўсходзе. І там збудаваў ахвярнік ГОСПАДУ, і заклікаў імя ГОСПАДА.
9 І вандраваў Абрам далей, і павандраваў у Нэгеў.
10 І стаўся голад у той зямлі. І зыйшоў Абрам у Эгіпет, каб пажыць там, бо вялікі голад быў у той зямлі.
11 І сталася, калі набліжаліся яны да Эгіпту, сказаў ён жонцы сваёй Сарай: «Вось, я ведаю, што ты жанчына прыгожая,
12 і станецца, калі ўбачаць цябе Эгіпцяне і скажуць: “Гэта жонка яго”, яны заб’юць мяне, а цябе пакінуць.
13 Дык кажы, што ты — сястра мая, каб мне было добра дзеля цябе і каб я застаўся жывы дзякуючы табе».
14 І сталася, калі Абрам прыйшоў у Эгіпет, убачылі Эгіпцяне, што [Сарай] вельмі прыгожая жанчына.
15 І ўбачылі яе князі фараона, і хвалілі яе перад фараонам. І была ўзятая жанчына ў дом фараона.
16 А Абраму было добра дзеля яе. І сталася, што атрымаў ён авечак і валоў, і аслоў, і слугаў, і нявольніцаў, і асьліцаў, і вярблюдаў.
17 І наведаў ГОСПАД фараона і дом ягоны вялікімі карамі з прычыны Сарай, жонкі Абрама.
18 І паклікаў фараон Абрама, і сказаў [яму]: «Што ты мне зрабіў? Чаму не сказаў мне, што яна — жонка твая?
19 Чаму ты казаў: “Яна — сястра мая”, і я ўзяў яе сабе за жонку? Вось табе жонка твая, бяры і ідзі!»
20 І загадаў фараон людзям сваім, і яны выслалі [Абрама], і жонку ягоную, і ўсё, што ён меў.
Разьдзел 13
1 І падняўся Абрам з Эгіпту сам і жонка ягоная, і ўсё, што ён меў, і Лот з ім, у Нэгеў.
2 І быў Абрам вельмі багаты статкамі, срэбрам і золатам.
3 І ён ішоў у падарожжы сваім з Нэгеву ў Бэтэль, аж да месца, дзе раней быў намёт ягоны між Бэтэлем і Гаем,
4 да таго месца, дзе раней ён збудаваў ахвярнік; і там клікаў Абрам імя ГОСПАДА.
5 Таксама Лот, які ішоў з Абрамам, меў авечак, валоў і намёты.
6 І не магла зямля насіць іх, каб жылі разам, бо маёмасьць іх была вялікая і не маглі яны жыць разам.
7 І была спрэчка паміж пастухамі статкаў Абрама і пастухамі статкаў Лота. А ў той час Хананейцы і Пэрэзэі жылі ў той зямлі.
8 І сказаў Абрам Лоту: «Няхай ня будзе спрэчкі паміж мной і табой, і паміж пастухамі маімі і пастухамі тваімі, бо мы ж браты.
9 Ці ня ўся гэтая зямля перад табою? Прашу, адлучыся ад мяне! Калі ты ўлева, дык я — управа, а калі ты ўправа, дык я — улева».
10 І ўзьняў Лот вочы свае, і ўбачыў усю ваколіцу каля Ярдану аж да Цаару, бо ўся яна была [напоеная] вадой перад тым, як зьнішчыў ГОСПАД Садом і Гамору, як сад ГОСПАДА і як зямля Эгіпецкая.
11 І выбраў сабе Лот усю ваколіцу каля Ярдану. І рушыў Лот на ўсход, і аддзяліліся яны адзін ад аднаго.
12 Абрам жыў у зямлі Ханаан, а Лот жыў у гарадах той ваколіцы і паставіў намёты аж да Садому.
13 А жыхары Садому былі ліхімі і вялікімі грэшнікамі перад ГОСПАДАМ.
14 І сказаў ГОСПАД Абраму пасьля таго, як Лот адлучыўся ад яго: «Узьнімі вочы твае і паглядзі з месца, дзе ты цяпер, на поўнач і на поўдзень, на ўсход і на захад.
15 Бо ўсю зямлю, якую бачыш, Я дам табе і насеньню твайму на вякі.
16 І зраблю насеньне тваё, як пясок зямлі. Калі чалавек зможа палічыць пясок зямлі, тады і тваё насеньне палічана будзе.
17 Устань і прайдзі па зямлі гэтай у даўжыню і шырыню яе, бо Я дам яе табе».
18 І паставіў Абрам намёт, і пайшоў, і абжыўся каля дубровы Мамрэ, што ў Хеўроне, і пабудаваў там ахвярнік ГОСПАДУ.
Разьдзел 14
1 І сталася ў дні Амрафэля, валадара Шынаару, і Арыёха, валадара Элясару, і Кедарляамэра, валадара Эляму, і Тыдаля, валадара Гаіму,
2 пачалі яны вайну супраць Бэры, валадара Садому, і Біршы, валадара Гаморы, і Шынава, валадара Адмы, і Шэмэвэра, валадара Цэвоіму, і валадара Бэлі або Цаару.
3 Усе яны злучыліся ў даліне Сыддым, яна [цяпер] Мора Салёнае.
4 Дванаццаць гадоў служылі яны Кедарляамэру, а ў трынаццатым годзе ўзбунтаваліся.
5 А ў чатырнаццатым годзе прыйшоў Кедарляамэр і валадары, якія з ім, і пабілі Рэфаімаў у Аштэрот-Карнаіме, і Зузімаў у Гаме, і Эмімаў у Шавэ-Кірыятаіме,
6 і Харэяў на гары іхняй Сэір аж да Эль-Парану, што ў пустыні.
7 І вярнуліся яны, і прыйшлі да Эн-Мішпату, які [цяпер] Кадэш, і пабілі ўсю краіну Амалека, а таксама Амарэяў, што жылі ў Хацацон-Тамары.
8 І выйшаў валадар Садому, і валадар Гаморы, і валадар Адмы, і валадар Цэвоіму, і валадар Бэлі або Цаару, і пашыхтаваліся ў даліне Сыддым да бою
9 з Кедарляамэрам, валадаром Эляму, і Тыдалем, валадаром Гаіму, і Амрафэлем, валадаром Шынаару, і Арыёхам, валадаром Элясару, чатыры валадары супраць пяці.
10 І былі ў даліне Сыддым ямы, ямы смалавыя. І ўцякалі валадары Садому і Гаморы, і ўпалі ў тыя [ямы], а астатнія ўцяклі на гару.
11 І ўзялі [пераможцы] ўсю маёмасьць Садому і Гаморы і ўсе запасы харчоў, і пайшлі.
12 І ўзялі яны Лота, сына брата Абрама, і маёмасьць ягоную, і пайшлі. А ён жыў у Садоме.
13 І прыйшоў адзін з тых, што ўцяклі, і паведаміў Абраму Гебраю, які жыў каля дубровы Мамрэ Амарэя, брата Эшколя і брата Анэра, якія заключылі запавет з Абрамам.
14 І пачуў Абрам, што ўзяты ў палон брат ягоны, і ўзброіў трыста васямнаццаць спраўных [слугаў] сваіх, народжаных у доме яго, і рушыў у пагоню аж пад Дан.
15 І, падзяліўшыся, напаў на іх ноччу, ён і слугі ягоныя, і разьбіў іх, і гнаў іх аж да Ховы, што зьлева ад Дамаску.
16 І вярнуў ён усю маёмасьць, а таксама Лота, брата свайго, і маёмасьць ягоную, і жанчынаў, і народ.
17 І выйшаў валадар Садому насустрач яму, калі ён вяртаўся пасьля пабіцьця Кедарляамэра і валадароў, што з ім былі, у даліну Шавэ, яна [цяпер] даліна Валадарская.
18 І Мэльхісэдэк, валадар Салему, вынес хлеб і віно, а ён быў сьвятаром Бога Найвышэйшага,
19 і дабраславіў яго, і сказаў: «Дабраслаўлёны Абрам праз Бога Найвышэйшага, Пана неба і зямлі.
20 І дабраслаўлёны Бог Найвышэйшы, Які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае». І даў яму [Абрам] дзесяціну з усяго.
21 І сказаў валадар Садому Абраму: «Аддай мне людзей, а маёмасьць вазьмі сабе».
22 І сказаў Абрам валадару Садому: «Узьнімаю руку маю да ГОСПАДА, Бога Найвышэйшага, Пана неба і зямлі,
23 што ані ніткі, ані раменьчыка ад сандалаў, нічога не вазьму з усяго таго, што тваё, каб ты не сказаў: “Я ўзбагаціў Абрама”,
24 акрамя таго, што зьелі юнакі, і акрамя часткі для людзей, якія хадзілі са мною. Анэр, Эшколь і Мамрэ няхай возьмуць частку сваю».
Разьдзел 15
1 Пасьля гэтых падзеяў было слова ГОСПАДА да Абрама ў відзежы, кажучы: «Ня бойся, Абраме! Я — шчыт твой, узнагарода твая вельмі вялікая».
2 І сказаў Абрам: «Госпадзе ГОСПАДЗЕ, што Ты дасі мне? Я хаджу бязьдзетны, і распарадчык у доме маім — Эліезэр з Дамаску».
3 І сказаў Абрам: «Вось, ня даў Ты мне насеньня. І вось, народжаны ў доме маім [слуга] будзе спадкаемцам маім».
4 І вось, слова ГОСПАДА да яго, кажучы: «Ня ён успадкаеміць цябе, але той, які выйдзе з нутра твайго, успадкаеміць цябе».
5 І вывеў яго вонкі, і сказаў: «Паглядзі на неба і палічы зоркі, калі зможаш палічыць іх». І сказаў яму: «Такім будзе насеньне тваё».
6 І паверыў ён ГОСПАДУ, і Ён залічыў гэта яму за праведнасьць.
7 І сказаў яму: «Я — ГОСПАД, Які вывеў цябе з Уру Халдэйскага, каб даць табе гэтую зямлю ў валоданьне».
8 А ён сказаў: «Госпадзе ГОСПАДЗЕ, з чаго магу ведаць, што я буду валодаць ёю?»
9 І [Госпад] сказаў яму: «Вазьмі Мне трохгадовую цялушку, і трохгадовую казу, і трохгадовага барана, туркаўку і галубянятка».
10 І [Абрам] узяў усё гэта, і расьцяў іх уздоўж, і паклаў кожную частку адну насупраць другой, але птушак не расьцінаў.
11 І зьляцеліся драпежныя птушкі на гэтае мяса, і Абрам адганяў іх.
12 І сталася, калі сонца заходзіла, моцны сон ахапіў Абрама. І вось, жах і цемра вялікая ахапілі яго.
13 І сказаў [Госпад] Абраму: «Ведаючы, ведай, што насеньне тваё будзе прыхаднямі ў зямлі не сваёй, і будуць служыць яны, і будуць прыгнятаць іх чатырыста гадоў.
14 Але з народам, якому будуць яны служыць, Я буду змагацца, і пасьля таго выйдуць яны з вялікай маёмасьцю.
15 А ты пойдзеш да бацькоў сваіх у супакоі, і будзеш пахаваны ў добрай старасьці.
16 І ў чацьвёртым пакаленьні яны вернуцца сюды, бо яшчэ не дапоўнілася мера беззаконьняў Амарэяў».
17 І сталася, калі зайшло сонца і была цемра, вось, дым, нібы з печы, і полымя агню прайшлі між расьцятымі жывёламі.
18 У той дзень заключыў ГОСПАД з Абрамам запавет, кажучы: «Я даю гэтую зямлю насеньню твайму, ад ракі Эгіпецкай аж да вялікай ракі, ракі Эўфрат:
19 Кенэяў, Кенэзэяў, Кадманеяў,
20 Хетаў, Пэрэзэяў, Рэфаімаў,
21 Амарэяў, Хананейцаў, Гіргашэяў і Евусэяў».
Разьдзел 16
1 А Сарай, жонка Абрама, не нараджала яму. І мела яна нявольніцу Эгіпцянку, а імя ейнае — Агар.
2 І сказала Сарай Абраму: «Вось, замкнуў ГОСПАД мяне, каб я не нараджала. Дык увайдзі да нявольніцы маёй, можа ад яе атрымаю [дзіця]». І паслухаў Абрам голасу Сарай.
3 І ўзяла Сарай, жонка Абрама, Агар Эгіпцянку, нявольніцу сваю, калі мінула дзесяць гадоў жыцьця Абрама ў зямлі Ханаан, і дала яе Абраму, мужу свайму, за жонку.
4 І ён увайшоў да Агар, і яна зачала, і ўбачыла, што зачала, і стала пагарджаць гаспадыняй сваёй у вачах сваіх.
5 І сказала Сарай Абраму: «Крыўда мая праз цябе! Я дала табе нявольніцу маю на ўлоньне тваё, і яна ўбачыла, што зачала, і стала пагарджаць мною ў вачах сваіх. Няхай ГОСПАД судзіць паміж мной і табой».
6 І сказаў Абрам Сарай: «Вось, нявольніца твая ў руцэ тваёй, рабі з ёй, што добра ў вачах тваіх». І Сарай стала ўціскаць яе, і яна ўцякла ад аблічча яе.
7 І знайшоў яе анёл ГОСПАДА каля крыніцы вады ў пустыні, каля крыніцы пры дарозе на Шур,
8 і сказаў: «Агар, нявольніца Сарай, адкуль ты прыйшла і куды ідзеш?» Яна адказала: «Ад аблічча Сарай, гаспадыні маёй, я ўцякаю».
9 І сказаў ёй анёл ГОСПАДА: «Вярніся да гаспадыні сваёй і скарыся пад руку яе».
10 І сказаў ёй анёл ГОСПАДА: «Памнажаючы, памножу насеньне тваё, нельга будзе палічыць яго з прычыны мноства».
11 І сказаў ёй анёл ГОСПАДА: «Вось, ты зачала і народзіш сына, і назавеш імя ягонае Ізмаэль, таму што ГОСПАД пачуў пра ўціск твой.
12 І будзе ён чалавекам, [падобным да] дзікага асла, рука ягоная супраць усіх, і рукі ўсіх — супраць яго; і будзе ён жыць перад абліччам усіх братоў сваіх».
13 І назвала яна імя ГОСПАДА, Які прамаўляў да яе: «Ты — Бог, Які бачыць мяне». Бо сказала яна: «Ці ня тут я бачыла Таго, Які бачыць мяне».
14 Дзеля таго калодзеж гэты назвалі Бээр-Ляхай-Рой. Вось, ён паміж Кадэшам і Барэдам.
15 І нарадзіла Агар Абраму сына. І назваў Абрам імя сына свайго, якога нарадзіла яму Агар, Ізмаэль.
16 Абрам меў восемдзясят шэсьць гадоў, калі Агар нарадзіла Ізмаэля Абраму.
Разьдзел 17
1 І было Абраму дзевяноста дзевяць гадоў. І зьявіўся ГОСПАД Абраму, і сказаў яму: «Я — Бог Усемагутны. Хадзі перад абліччам Маім і будзь беззаганны.
2 І Я заключу запавет Мой паміж Мной і табой, і павялічу цябе вельмі, вельмі».
3 І ўпаў Абрам на аблічча сваё, а Бог прамовіў да яго, кажучы:
4 «Я [ёсьць], вось запавет Мой з табою, і ты будзеш бацькам мноства народаў.
5 І ўжо ня будзе звацца імя тваё Абрам, але будзе імя тваё Абрагам, бо Я паставіў цябе бацькам мноства народаў.
6 І Я павялічу цябе вельмі, вельмі, і выведу з цябе народы, і будуць паходзіць ад цябе валадары.
7 І Я заключу запавет Мой паміж Мною і табой, і насеньнем тваім пасьля цябе ў пакаленьнях іхніх як запавет вечны, што Я буду Богам тваім і насеньня твайго пасьля цябе.
8 І Я дам табе і насеньню твайму пасьля цябе зямлю вандраваньня твайго, усю зямлю Ханаан на ўласнасьць вечную, і Я буду ім Богам».
9 І сказаў Бог Абрагаму: «А ты захоўвай запавет Мой, ты і насеньне тваё пасьля цябе ў пакаленьнях сваіх.
10 Гэта вось запавет Мой, які вы павінны захаваць паміж Мной і вамі, і насеньнем тваім пасьля цябе: няхай будзе ў вас абрэзаны кожны мужчынскага роду.
11 І вы будзеце абразаць цела скуравінкі вашай, і будзе гэта на знак запавету паміж Мною і вамі.
12 У восьмы дзень ад нараджэньня няхай будзе абрэзаны ў вас кожны мужчынскага роду ў пакаленьнях вашых, народжаны ў доме або куплены за грошы ў кожнага чужынца, які ня ёсьць з насеньня твайго.
13 Мае быць абрэзаны і народжаны ў доме тваім, і куплены за срэбра тваё; і будзе запавет Мой на целе вашым як запавет вечны.
14 А неабрэзаны мужчынскага роду, які не абрэжа цела скуравінкі сваёй, няхай будзе вынішчана душа тая з народу свайго, бо ён парушыў запавет Мой».
15 І сказаў Бог Абрагаму: «Сарай, жонку тваю, ня будзеш зваць імя яе Сарай, але Сара будзе імя яе.
16 І Я дабраслаўлю яе, і дам з яе табе сына. І Я дабраслаўлю яе, і стануцца з яе народы, і валадары народаў будуць з яе».
17 І ўпаў Абрагам на аблічча сваё, і засьмяяўся, і сказаў у сэрцы сваім: «Ці ж стогадоваму народзіцца хто? І ці Сара, дзевяностагадовая, можа нарадзіць?»
18 І сказаў Абрагам Богу: «О, каб хоць Ізмаэль жыў перад абліччам Тваім!»
19 І сказаў Бог: «Але Сара, жонка твая, народзіць табе сына, і ты назавеш імя ягонае Ісаак; і Я заключу запавет Мой з ім як запавет вечны і з насеньнем яго пасьля яго.
20 І адносна Ізмаэля Я пачуў цябе. Вось, Я дабраслаўлю яго, і распладжу яго, і памножу яго вельмі, вельмі; ён народзіць дванаццаць князёў, і Я зраблю яго народам вялікім.
21 Але запавет Мой Я заключу з Ісаакам, якога народзіць табе Сара ў гэты самы час у наступным годзе».
22 І скончыў прамаўляць да яго, і ўзьняўся Бог ад Абрагама.
23 І ўзяў Абрагам Ізмаэля, сына свайго, і ўсіх народжаных у доме сваім, і ўсіх купленых за срэбра сваё, усіх мужчынскага роду з дому Абрагама, і абрэзаў цела скуравінкі іхняй у той самы дзень, калі прамаўляў да яго Бог.
24 Абрагам меў дзевяноста дзевяць гадоў, калі абрэзаў цела скуравінкі сваёй,
25 а Ізмаэль, сын ягоны, меў трынаццаць гадоў, калі было абрэзана цела скуравінкі ягонай.
26 У той самы дзень былі абрэзаны Абрагам і Ізмаэль, сын ягоны.
27 І ўсе мужчыны дому ягонага, народжаныя ў доме і купленыя за срэбра ў чужынцаў, былі абрэзаныя з ім.
Разьдзел 18
1 І зьявіўся яму ГОСПАД каля дубровы Мамрэ, калі ён сядзеў каля ўваходу ў намёт у сьпякоту дня.
2 І падняў ён вочы свае, і глянуў, і вось, тры мужы стаяць насупраць яго. І ён убачыў, і выбег ад уваходу ў намёт насустрач ім, і пакланіўся да зямлі,
3 і сказаў: «Госпадзе, калі я знайшоў ласку ў вачах Тваіх, прашу, не мінай слугі Свайго.
4 Возьмуць трохі вады, і абмыюць ногі Вашыя, і прыхінецеся пад дрэвам.
5 А я вазьму кавалак хлеба, і пасіліце сэрцы Вашыя, потым пойдзеце, бо дзеля гэтага вы прайшлі каля слугі Вашага». Яны сказалі: «Зрабі так, як сказаў».
6 І пасьпяшаўся Абрагам у намёт да Сары, і сказаў: «Пасьпяшайся, замяшай тры меркі найлепшай мукі і зрабі аладак».
7 І пабег Абрагам да быдла, і ўзяў тлустае і добрае цяля, і даў юнаку, і той хутка прыгатаваў яго.
8 І ўзяў масла і малака, і цяля, якое прыгатаваў, і паклаў перад абліччам Іх, і сам стаў каля Іх пад дрэвам, і яны елі.
9 І сказалі яму: «А дзе Сара, жонка твая?» Ён сказаў: «Вось, у намёце».
10 А Той сказаў: «Вяртаючыся, вярнуся да цябе ў гэты час жыцьця [праз год], і вось, будзе сын у Сары, жонкі тваёй». А Сара слухала каля ўваходу ў намёт, які быў за ім.
11 Абрагам жа і Сара былі старыя, увайшлі ў гады, і спынілася ў Сары звычайнае жаночае.
12 І засьмяялася Сара ў сабе, кажучы: «Пасьля таго, як я састарэла, ці ж буду мець асалоду? І гаспадар мой стары».
13 І сказаў ГОСПАД Абрагаму: «Чаму сьмяялася Сара, кажучы: “Няўжо я сапраўды магу нарадзіць, калі я старая?”
14 Ці ж ёсьць справа, цяжкая для ГОСПАДА? У прызначаны час вярнуся да цябе ў гэты час жыцьця [праз год], і Сара будзе мець сына».
15 І запярэчыла Сара, кажучы: «Я не сьмяялася», бо яна спалохалася. Але Ён сказаў: «Не, ты сьмяялася!»
16 І падняліся адтуль тыя мужы, і скіравалі аблічча Сваё да Садому, а Абрагам пайшоў з Імі, праводзячы Іх.
17 І ГОСПАД сказаў: «Ці ж схаваю Я перад Абрагамам, што маю зрабіць?
18 Абрагам станецца народам вялікім і магутным, і будуць дабраслаўлёныя ў ім усе народы зямлі.
19 Бо Я спазнаў яго, каб ён загадаў сынам сваім і дому свайму пасьля сябе, і будуць захоўваць шлях ГОСПАДА, чыніць праведнасьць і суд, каб ГОСПАД зьдзейсьніў Абрагаму ўсё, што сказаў яму».
20 І сказаў ГОСПАД: «Крык Садому і Гаморы вялікі, і грэх іхні вельмі цяжкі.
21 Дык зыйду і пагляджу, ці паводле крыку, які даходзіць да Мяне, учыняюць усё, ці не, і буду [гэта] ведаць».
22 І павярнуліся тыя мужы, і пайшлі ў Садом, а Абрагам яшчэ стаяў перад абліччам ГОСПАДА.
23 І падыйшоў Абрагам, і сказаў: «Няўжо загубіш праведнага разам з бязбожным?
24 Можа, ёсьць у горадзе пяцьдзясят праведнікаў, няўжо Ты загубіш і не прабачыш гэтай мясцовасьці дзеля пяцідзесяці праведнікаў, якія ў ім?
25 Няхай будзе далёкім ад Цябе, каб Ты ўчыніў такую справу, каб забіць праведнага з бязбожным, каб праведнаму было таксама, як і бязбожнаму! Няхай будзе далёкім ад Цябе! Ці ж Судзьдзя ўсёй зямлі ня ўчыніць правасудзьдзя?»
26 І сказаў ГОСПАД: «Калі знайду ў Садоме пяцьдзясят праведнікаў у горадзе, дзеля іх прабачу ўсёй мясцовасьці».
27 І адказаў Абрагам, і сказаў: «Вось жа пачаў я гаварыць да Госпада майго, хоць я — пыл і попел.
28 Можа, ня хопіць пяці да гэтых пяцідзесяці праведнікаў, няўжо дзеля нястачы пяці зьнішчыш увесь горад?» І сказаў [Госпад]: «Ня зьнішчу, калі знайду там сорак пяць».
29 І працягваў гаварыць з Ім, і сказаў: «Можа, знойдзецца там сорак?» І Ён сказаў: «Не зраблю гэтага дзеля сарака».
30 І сказаў ён: «Няхай ня гневаецца Госпад мой, і я буду гаварыць. Можа, знойдзецца там трыццаць?» І Ён сказаў: «Не зраблю, калі знайду там трыццаць».
31 І сказаў ён: «Вось, я пачаў гаварыць да Госпада майго. Можа, знойдзецца там дваццаць?» І Ён сказаў: «Ня зьнішчу дзеля дваццаці».
32 І сказаў ён: «Няхай ня гневаецца Госпад мой, і я буду гаварыць яшчэ раз. Можа, знойдзецца там дзесяць?» І Ён сказаў: «Ня зьнішчу дзеля дзесяці».
33 І пайшоў ГОСПАД, скончыўшы гаварыць з Абрагамам, а Абрагам вярнуўся да месца свайго.
Разьдзел 19
1 І прыйшлі два анёлы ў Садом увечары, а Лот сядзеў у браме Садома. І ён убачыў, і пайшоў насустрач ім, і пакланіўся абліччам да зямлі,
2 і сказаў: «Вось, прашу, гаспадары мае, зьвярніце ў дом слугі вашага і пераначуйце, і памыйце ногі свае, а раніцаю ўстанеце і пойдзеце ў дарогу сваю». А яны сказалі: «Не, бо мы будзем начаваць на вуліцы».
3 Але ён іх вельмі ўпрошваў, і яны зьвярнулі да яго, і ўвайшлі ў дом ягоны. І ён справіў ім гасьціну, і напёк праснакоў, і яны елі.
4 Яшчэ не ляглі яны спаць, як людзі з гораду, людзі Садомскія, ад малога да старога, увесь народ з усіх канцоў, атачылі дом.
5 І паклікалі яны Лота, і сказалі яму: «Дзе тыя людзі, якія прыйшлі да цябе ноччу? Выведзі іх да нас, і мы спазнаем іх».
6 І выйшаў да іх Лот да ўваходу, і замкнуў за сабою дзьверы,
7 і сказаў: «Прашу, браты мае, не рабіце ліхога.
8 Вось, маю дзьве дачкі, якія не спазналі мужа. Выведу іх да вас, і вы рабіце з імі, што добра ў вачах вашых! Толькі людзям гэтым нічога не рабіце, бо яны прыйшлі ў цень даху майго».
9 Але яны сказалі: «Ідзі прэч». І сказалі: «Сам прыйшоў пажыць, і будзе судзіць, судзячы [нас]? Цяпер будзе табе горш, чым ім». І накінуліся на чалавека гэтага, на Лота, і падыйшлі, каб выламіць дзьверы.
10 І выцягнулі мужы тыя рукі свае, і ўцягнулі Лота да сябе ў дом, і замкнулі дзьверы.
11 А людзей, якія былі пры ўваходзе ў дом, ад найменшага да найбольшага, пакаралі сьлепатою, і яны змучыліся, шукаючы выхаду.
12 І сказалі тыя мужы Лоту: «Ці хто яшчэ ёсьць тут у цябе? Зяця, сыноў тваіх і дачок тваіх, усіх, хто ў цябе ёсць у горадзе, выведзі з гэтага месца,
13 бо мы зьнішчым гэтую мясцовасьць, таму што вялікі крык іхні перад абліччам ГОСПАДА, і ГОСПАД паслаў нас зьнішчыць яе».
14 І выйшаў Лот, і гаварыў да зяцёў сваіх, якія мелі ўзяць дочак ягоных, і сказаў: «Уставайце, выходзьце з гэтага месца, бо ГОСПАД мае зьнішчыць горад». І было ў вачах зяцёў ягоных гэта, нібыта ён жартуе.
15 Калі ўзыйшла зараніца, анёлы прысьпешвалі Лота, кажучы: «Уставай, бяры жонку тваю і дзьве дочкі твае, якія тут, каб не загінуў ты праз беззаконьні гораду гэтага».
16 А як ён марудзіў, схапілі тыя мужы за руку яго, і за руку жонку ягоную, і за руку абедзьвух дачок ягоных, бо ГОСПАД меў спагаду да яго, і вывелі яго, і паставілі па-за горадам.
17 І сталася, калі вывелі іх вонкі, сказаў [адзін з іх]: «Уцякай дзеля душы тваёй, і не аглядайся назад, і не затрымлівайся ў гэтай ваколіцы. Уцякай на гору, каб ты не загінуў!»
18 І сказаў Лот да іх: «О не, Госпадзе!
19 Вось жа, слуга Твой знайшоў ласку ў вачах Тваіх, і Ты павялічыў міласэрнасьць Тваю, якую зьявіў для мяне, захоўваючы пры жыцьці душу маю. Але я не магу ўцячы на гору, каб не напаткала мяне ліхое, і я не памёр.
20 Вось жа горад гэты блізка, каб бегчы туды, і ён малы. Дазволь уцячы мне туды, — ці ж не малы ён, — і будзе жыць душа мая».
21 І сказаў яму: «Вось, Я прыняў аблічча тваё і ў гэтым слове, і ня зьнішчу горад, пра які ты гаварыў.
22 Сьпяшайся, уцякай туды, бо Я не магу нічога рабіць, пакуль ты ня прыйдзеш туды». Таму і названае імя гэтаму гораду Цаар.
23 Сонца ўзыйшло над зямлёю, і Лот увайшоў у Цаар.
24 І ГОСПАД лінуў на Садом і Гамору дождж серкі і агню ад ГОСПАДА з неба,
25 і зруйнаваў гарады гэтыя, і ўсю ваколіцу, і ўсіх жыхароў гарадоў гэтых, і расьліны зямлі.
26 І аглянулася жонка [Лота], ідучы за ім, і сталася слупом солі.
27 І ўстаў Абрагам раніцаю на тое месца, дзе стаяў перад абліччам ГОСПАДА,
28 і глянуў на аблічча Садома і Гаморы, і на аблічча ўсёй зямлі той ваколіцы, і ўбачыў, і вось, дым падымаецца з зямлі, быццам з печы.
29 І сталася, калі Бог зьнішчыў гарады гэтай ваколіцы, узгадаў Бог пра Абрагама, і выслаў Лота спаміж руйнаваньня, калі руйнаваў гарады, у якіх жыў Лот.
30 І падняўся Лот з Цаару, і жыў на гары, і дзьве дачкі ягоныя з ім, бо баяўся жыць у Цаары. І жыў ён у пячоры, сам і дзьве дачкі ягоныя.
31 І сказала старэйшая малодшай: «Бацька наш стары, і няма мужчыны на зямлі, каб мог прыйсьці да нас паводле звычаю ўсёй зямлі.
32 Хадзем, напоім бацьку нашага віном і ляжам з ім, каб ажывіць насеньне бацькі нашага».
33 І напаілі яны ў тую ноч бацьку свайго віном; і ўвайшла старэйшая, і ляжала з бацькам, а ён ня ведаў, ані калі яна легла, ані калі ўстала.
34 І сталася на другі дзень, сказала старэйшая малодшай: «Вось, я ў мінулую ноч ляжала з бацькам нашым. Напоім яго віном таксама ў гэтую ноч, і ты ўвойдзеш, і ляжаш з ім, і мы ажывім насеньне бацькі нашага».
35 І напаілі яны таксама ў гэтую ноч бацьку свайго віном, і ўвайшла малодшая дачка, і ляжала з ім, а ён ня ведаў, ані калі яна легла, ані калі ўстала.
36 І зачалі абедзьве дачкі Лота ад бацькі свайго.
37 І нарадзіла старэйшая сына, і назвала імя ягонае Мааў. Ён — бацька Мааву аж да сёньня.
38 І малодшая таксама нарадзіла сына, і назвала імя ягонае Бэн-Аммі. Ён — бацька сыноў Амона аж да сёньня.
Разьдзел 20
1 I рушыў адтуль Абрагам у зямлю Нэгеў, і пасяліўся між Кадэшам і Шурам, і жыў у Герары.
2 I сказаў Абрагам пра Сару, жонку сваю: «Яна — сястра мая». I паслаў Абімэлех, валадар Герару, і ўзяў Сару.
3 I прыйшоў Бог да Абімэлеха ў сьне ўначы, і сказаў яму: «Вось, ты памрэш з прычыны жанчыны, якую ты ўзяў, бо яна мае мужа».
4 А Абімэлех не набліжаўся да яе, і сказаў: «Госпадзе! Няўжо і народ праведны Ты заб’еш?
5 Ці ж ня ён сказаў мне: “Яна — сястра мая”. I яна таксама казала: “Ён — брат мой”. У прастаце сэрца майго і ў чысьціні рук маіх учыніў я гэта».
6 I сказаў яму Бог у сьне: «І Я ведаю, што ў прастаце сэрца свайго ты ўчыніў гэта, і Я ўтрымаў цябе, каб ты не саграшыў перада Мною; і Я ня даў табе дакрануцца да яе.
7 А цяпер вярні жонку гэтага мужа, бо ён — прарок, і ён будзе маліцца за цябе, і ты будзеш жыць. А калі ня вернеш, ведай, што сьмерцю памрэш ты і ўсе, хто твае».
8 I ўстаў Абімэлех раніцай, і паклікаў усіх слугаў сваіх, і расказаў усе словы гэтыя ў вушы іхнія; і моцна напалохаліся людзі гэтыя.
9 I паклікаў Абімэлех Абрагама, і сказаў яму: «Што ты нам нарабіў? Чым саграшыў я супраць цябе, што ты навёў на мяне і на валадарства маё грэх вялікі? Учынкі, якія ня робяць, ты зрабіў мне».
10 I сказаў Абімэлех Абрагаму: «Што ж ты думаў, калі рабіў гэтыя рэчы?»
11 I сказаў Абрагам: «Вось, я сказаў: “Напэўна, няма страху Божага на месцы гэтым, і заб’юць мяне з прычыны жонкі маёй”.
12 І, сапраўды, яна — сястра мая, яна — дачка бацькі майго, толькі не дачка маці маёй; і яна стала маёй жонкаю.
13 I сталася, калі вывеў мяне Бог з дому бацькі майго, я сказаў ёй: “У тым міласэрнасьць твая, якую ты можаш зрабіць для мяне: у кожным месцы, куды мы прыйдзем, кажы пра мяне: ‘Ён — брат мой’”».
14 I ўзяў Абімэлех авечак і валоў, і слугаў, і нявольніцаў, і даў Абрагаму, і вярнуў яму Сару, жонку ягоную.
15 I сказаў Абімэлех: «Вось, зямля мая перад табою. Дзе добра ў вачах тваіх, жыві».
16 А Сары сказаў: «Вось, я даю тысячу срэбнікаў брату твайму. Няхай гэта будзе табе заслонаю перад вачамі ўсіх, якія з табою, і перад усімі ты без віны».
17 I памаліўся Абрагам да Бога, і аздаравіў Бог Абімэлеха, і жонку ягоную, і нявольніцаў ягоных, і яны нараджалі,
18 бо зачыніўшы, зачыніў ГОСПАД кожнае ўлоньне ў доме Абімэлеха з прычыны Сары, жонкі Абрагама.
Разьдзел 21
1 І ГОСПАД наведаў Сару, як сказаў; і ўчыніў ГОСПАД Сары, як гаварыў.
2 I зачала Сара, і нарадзіла сына Абрагаму ў старасьці ягонай, у час, пра які казаў яму Бог.
3 I назваў Абрагам сына свайго, які нарадзіўся яму, якога нарадзіла яму Сара, Ісаак.
4 I абрэзаў Абрагам Ісаака, сына свайго, на восьмы дзень, як загадаў яму Бог.
5 І было Абрагаму сто гадоў, калі нарадзіўся ў яго Ісаак, сын ягоны.
6 I сказала Сара: «Сьмех учыніў з мяне Бог. Кожны, хто пачуе, будзе сьмяяцца з мяне».
7 I сказала: «Хто сказаў бы Абрагаму: “Сара будзе карміць грудзьмі сыноў”, бо я нарадзіла сына ў старасьці ягонай».
8 I вырасла дзіцятка, і было аднятае ад грудзей, і ўчыніў Абрагам вялікую гасьціну ў той дзень, калі Ісаак быў адняты ад грудзей.
9 I ўбачыла Сара сына Агар Эгіпцянкі, якога тая нарадзіла Абрагаму, што ён насьміхаецца,
10 і сказала Абрагаму: «Выгані гэтую нявольніцу і сына ейнага, бо ня будзе мець спадчыну сын нявольніцы гэтай з сынам маім Ісаакам».
11 I было гэта ліхім у вачах Абрагама адносна сына ягонага.
12 I сказаў Бог Абрагаму: «Няхай ня будзе гэта ліхім у вачах тваіх адносна хлопчыка і адносна нявольніцы тваёй. У-ва ўсім, што скажа табе Сара, слухай голасу ейнага, бо ў Ісааку будзе названа насеньне тваё.
13 Таксама сына нявольніцы Я зраблю народам, бо ён — насеньне тваё».
14 І ўстаў Абрагам раніцаю, і ўзяў хлеб і мех вады, і даў Агар, і палажыў ёй на плечы, і выслаў яе разам з дзіцём. І яна пайшла, і блукала ў пустыні Бээр-Шэва.
15 I скончылася вада ў мяху, і яна пакінула дзіця пад адным з кустоў,
16 і пайшла, і села насупраць так далёка, як стрэліць з луку, бо яна сказала: «Няхай ня буду глядзець на сьмерць дзіцяці». I сядзела насупраць, і ўзьняла голас свой, і плакала.
17 I пачуў Бог голас хлопчыка. І паклікаў анёл Божы да Агар з неба, і сказаў ёй: «Што з табою, Агар? Ня бойся, бо пачуў Бог голас хлопчыка з месца, дзе Ён ёсьць.
18 Устань, падымі хлопца і трымай яго моцна рукою сваёю, бо Я зраблю яго народам вялікім».
19 I адчыніў Бог вочы ейныя, і яна ўбачыла студню з вадою, і пайшла, і напоўніла мех вады, і дала піць хлопцу.
20 I быў Бог з хлопцам; і ён вырас, і жыў у пустыні, і быў стралец з луку.
21 І ён жыў у пустыні Паран; і ўзяла яму маці ягоная жонку з зямлі Эгіпецкай.
22 I сталася ў той час, і сказаў Абімэлех і Піколь, гетман ягоны, Абрагаму, кажучы: «Бог з табою ў-ва ўсім, што ты робіш.
23 I цяпер прысягні мне Богам тут, што ты ня здрадзіш ані мне, ані нашчадку майму, ані ўнуку майму, і як я чыніў міласэрнасьць табе, так ты будзеш рабіць са мною і з зямлёю, у якой ты жывеш».
24 I сказаў Абрагам: «Прысягаю».
25 I дакараў Абрагам Абімэлеха з прычыны студні вады, якую забралі слугі Абімэлеха.
26 I сказаў Абімэлех: «Я ня ведаю, хто ўчыніў гэтую рэч, і ты не расказваў мне, і я ня чуў нічога аж да сёньняшняга дня».
27 I ўзяў Абрагам авечак і валоў, і даў Абімэлеху, і заключылі яны абодва запавет.
28 I паставіў Абрагам сем ягнятаў з чарады асобна.
29 I сказаў Абімэлех Абрагаму: «Навошта гэтыя сем ягнятаў, якіх ты паставіў асобна?»
30 I сказаў [Абрагам]: «Бо сем гэтых ягнятаў возьмеш з рукі маёй, каб яны былі мне сьведчаньнем, што я выкапаў гэтую студню».
31 Дзеля таго і названа гэтае месца Бээр-Шэва, бо там яны абодва прысягалі.
32 I заключылі запавет у Бээр-Шэве. I ўстаў Абімэлех і Піколь, гетман ягоны, і вярнуліся ў зямлю Філістынскую.
33 I пасадзіў [Абрагам] гай у Бээр-Шэве, і клікаў там імя ГОСПАДА, Бога вечнага.
34 I жыў Абрагам у зямлі Філістынскай шмат дзён.
Разьдзел 22
1 I сталася пасьля гэтых падзеяў, і Бог выспрабоўваў Абрагама, і сказаў яму: «Абрагаме!» I ён сказаў: «Вось я!»
2 I сказаў [Бог]: «Вазьмі сына твайго, адзінага твайго, якога ты любіш, Ісаака; і ідзі ў зямлю Морыя, і там складзі яго ў ахвяру цэласпаленьня на адной гары, пра якую Я скажу табе».
3 І ўстаў Абрагам рана раніцаю, і асядлаў асла свайго, узяў двух юнакоў сваіх з сабою і Ісаака, сына свайго, і насек дроваў на цэласпаленьне, і ўстаў, і пайшоў на месца, пра якое сказаў яму Бог.
4 На трэці дзень узьняў Абрагам вочы свае і ўбачыў тое месца здалёк.
5 I сказаў Абрагам юнакам сваім: «Застаньцеся тут з аслом, а мы з хлопцам пойдзем аж туды, і паклонімся, і вернемся да вас».
6 I ўзяў Абрагам дровы на цэласпаленьне, і ўзлажыў на Ісаака, сына свайго; і ўзяў у рукі агонь і вялікі нож, і пайшлі абодва разам.
7 I сказаў Ісаак Абрагаму, бацьку свайму: «Ойча мой!» Той сказаў: «Вось я, сыне мой». Ён сказаў: «Вось агонь і дровы, а дзе ягня на цэласпаленьне?»
8 I сказаў Абрагам: «Бог угледзіць Сабе ягня на цэласпаленьне, сыне мой». I ішлі абодва разам.
9 I прыйшлі на месца, пра якое казаў яму Бог; і збудаваў там Абрагам ахвярнік, і разлажыў дровы, і зьвязаў Ісаака, сына свайго, і палажыў яго на ахвярнік зьверху на дровы.
10 I выцягнуў Абрагам руку сваю, і ўзяў вялікі нож, каб закалоць сына свайго.
11 I паклікаў яго анёл ГОСПАДА з неба, і сказаў: «Абрагаме! Абрагаме!» Той сказаў: «Вось я!»
12 I сказаў [Госпад]: «Не выцягвай рукі сваёй на хлопца і не рабі яму нічога, бо цяпер Я ведаю, што ты баішся Бога і не пашкадаваў дзеля Мяне сына твайго, адзінага твайго».
13 I ўзьняў Абрагам вочы свае, і ўбачыў, і вось, баран ззаду, увязаны ў хмызах рагамі сваімі. I пайшоў Абрагам, і ўзяў барана, і ахвяраваў яго на цэласпаленьне замест сына свайго.
14 I назваў Абрагам імя месца гэтага: «ГОСПАД угледзіць». Дзеля гэтага і цяпер кажуць: «На гары ГОСПАД дасьць угледзець».
15 I паклікаў анёл ГОСПАДА Абрагама другі раз з неба,
16 і сказаў: «На Сябе Самога прысягаю, кажа ГОСПАД, за тое, што ты гэта зрабіў, і не пашкадаваў сына твайго, адзінага твайго,
17 дабраслаўляючы, дабраслаўлю цябе і, памнажаючы, памножу насеньне тваё, як зоркі нябесныя і як пясок на беразе мора; і ўспадкаеміць насеньне тваё брамы ворагаў сваіх.
18 I будуць дабраслаўлёныя ў насеньні тваім усе народы зямлі за тое, што ты паслухаў голасу Майго».
19 I вярнуўся Абрагам да юнакоў сваіх, і ўсталі, і пайшлі разам да Бээр-Шэвы. I жыў Абрагам у Бээр-Шэве.
20 I сталася пасьля гэтых падзеяў, паведамілі Абрагаму, кажучы: «Вось, нарадзіла таксама Мілька сыноў Нахору, брату твайму:
21 Уца, першароднага ягонага, і Буза, брата ягонага, і Кемуэля, бацьку Арама,
22 і Кесэда, і Хазо, і Пільдаша, і Ідлафа, і Бэтуэля».
23 А Бэтуэль нарадзіў Рэбэку. Васьмёх гэтых нарадзіла Мілька Нахору, брату Абрагама.
24 I наложніца ягоная, імя якой Рэўма, нарадзіла таксама Тэваха, і Гахама, і Тахаша, і Маху.
Разьдзел 23
1 I было жыцьця Сары сто дваццаць сем гадоў, [гэта] гады жыцьця Сары.
2 I памерла Сара ў Кірыят-Арбе, гэта значыць, у Хеўроне, у зямлі Ханаан. I прыйшоў Абрагам, каб мець жалобу па Сары і плакаць па ёй.
3 I ўстаў Абрагам ад аблічча памёршай сваёй, і прамовіў да сыноў Хета, кажучы:
4 «Прыхадзень і пасяленец я ў вас. Дайце мне ў вас на ўласнасьць магілу, і я пахаваю ад аблічча майго памёршую маю».
5 I адказалі сыны Хета Абрагаму, кажучы яму:
6 «Паслухай нас, пане мой! Князь Божы ты сярод нас; у найлепшай з нашых магілаў пахавай памёршую сваю. Ніхто з нас не адмовіць табе магілы сваёй на пахаваньне памёршай тваёй».
7 І ўстаў Абрагам, і пакланіўся народу зямлі, сынам Хета,
8 і прамовіў да іх, кажучы: «Калі жадае душа вашая, каб я пахаваў ад аблічча майго памёршую маю, паслухайце мяне і папрасіце за мяне Эфрона, сына Цахара,
9 і ён дасьць мне пячору Махпэля, што ў яго, якая на канцы поля ягонага, за поўнае срэбра дасьць мне яе, каб меў я сярод вас магілу на ўласнасьць».
10 А Эфрон сядзеў сярод сыноў Хета. І адказаў Эфрон Хет Абрагаму ўслых усіх сыноў Хета, якія ўваходзілі ў брамы гораду ягонага, кажучы:
11 «Не, пане мой! Паслухай мяне: поле я даю табе, і пячору, якая на ім, я даю табе, перад вачыма сыноў народу майго даю табе яе, пахавай памёршую тваю».
12 I пакланіўся Абрагам перад народам зямлі,
13 і сказаў Эфрону ўслых народу зямлі, кажучы: «Калі б ты толькі паслухаў мяне, я даю табе срэбра за поле гэтае; вазьмі ў мяне, і я пахаваю там памёршую маю».
14 І адказаў Эфрон Абрагаму, кажучы яму:
15 «Пане мой, паслухай мяне! Зямля [вартая] чатырыста сыкляў срэбра. Што гэта для мяне і для цябе? І пахавай памёршую тваю».
16 I паслухаў Абрагам Эфрона; і адважыў Абрагам Эфрону срэбра, пра якое ён казаў услых сыноў Хета, чатырыста сыкляў срэбра, якое ўжывалася ў купцоў.
17 I атрымаў поле Эфрона, якое ў Махпэлі, што насупраць Мамрэ, поле тое і пячору, якая на ім, і ўсе дрэвы, якія на полі, у-ва ўсіх межах ягоных наўкола.
18 Абрагам купіў яго перад вачыма сыноў Хета, усіх, якія ўваходзілі ў брамы гораду ягонага.
19 І пасьля гэтага Абрагам пахаваў Сару, жонку сваю, у пячоры на полі ў Махпэлі, насупраць Мамрэ, якое завецца Хеўрон, у зямлі Ханаан.
20 I атрымаў Абрагам тое поле і тую пячору, якая на ім, як магілу на ўласнасьць ад сыноў Хета.
Разьдзел 24
1 I Абрагам быў стары, і меў шмат дзён, і ГОСПАД дабраславіў Абрагама ў-ва ўсім.
2 I сказаў Абрагам слузе свайму, старэйшаму ў доме сваім, які меў уладу над усім, што ў яго было: «Палажы руку сваю пад сьцягно маё,
3 і я прывяду цябе да прысягі на ГОСПАДА, Бога неба і Бога зямлі, што ты ня возьмеш жонкі сыну майму з дачок Хананейскіх, сярод якіх я жыву,
4 але пойдзеш у зямлю маю і да родзічаў маіх, і возьмеш жонку сыну майму Ісааку».
5 I сказаў яму слуга: «Можа, не пажадае тая жанчына ісьці са мною сюды, у гэтую зямлю. Ці маю я завесьці сына твайго адсюль у тую зямлю, з якой ты выйшаў?»
6 I сказаў яму Абрагам: «Сьцеражыся, каб не завесьці туды сына майго.
7 ГОСПАД, Бог неба, Які ўзяў мяне з дому бацькі майго і з зямлі нараджэньня майго, і Які казаў да мяне, і Які прысягнуў мне, кажучы: “Насеньню твайму Я дам гэтую зямлю”, — Ён пашле анёла Свайго перад абліччам тваім, і ты возьмеш адтуль жонку сыну майму.
8 А калі не пажадае тая жанчына ісьці з табою, ты будзеш вызвалены ад гэтае прысягі маёй; толькі сына майго не завядзі туды».
9 I палажыў слуга руку сваю пад сьцягно Абрагама, пана свайго, і прысягнуў яму ў гэтай справе.
10 I ўзяў той слуга дзесяць вярблюдаў пана свайго, і пайшоў, і ўсялякае даброцьце пана ягонага [было] ў руцэ ягонай. І ўстаў ён, і пайшоў у Арам-Нагараім, у горад Нахора.
11 I дазволіў ён вярблюдам укленчыць вонкі гораду каля студні вады пад вечар, у той час, калі выходзяць чэрпаць ваду.
12 I сказаў ён: «ГОСПАДЗЕ, Божа пана майго Абрагама! Зрабі, каб сталася [ласка] мне сёньня, і ўчыні міласэрнасьць пану майму Абрагаму.
13 Вось, я стаю каля крыніцы вады, і дочкі жыхароў гораду выходзяць чэрпаць ваду.
14 Няхай станецца, што тая дзяўчына, якой я скажу: “Нахілі збан свой, і я нап’юся”, і якая скажа: “Пі, я і вярблюдаў тваіх напаю”, вось гэта тая, якую Ты прызначыў слузе Твайму Ісааку, і з гэтага пазнаю, што Ты ўчыніў міласэрнасьць пану майму».
15 I сталася, перш, чым скончыў ён казаць, вось, выйшла Рэбэка, якая нарадзілася ў Бэтуэля, сына Мількі, жонкі Нахора, брата Абрагама, і збан ейны на плячы ў яе.
16 І [была] тая дзяўчына вельмі прыгожая з выгляду, дзяўчына, якую мужчына не пазнаў. І зыйшла яна да крыніцы, і напоўніла збан, і вярталася.
17 I пабег слуга насустрач ёй, і сказаў: «Дай мне глытнуць крыху вады са збана твайго».
18 I сказала яна: «Пі, пане мой». I пасьпяшалася, і спусьціла збан на руку сваю, і дала яму напіцца.
19 I скончыла яна даваць яму піць, і сказала: «Таксама для вярблюдаў тваіх я буду чэрпаць, пакуль не нап’юцца».
20 I пасьпяшалася, і выліла збан свой у карыта, і пабегла зноў да студні чэрпаць, і чэрпала для ўсіх вярблюдаў ягоных.
21 І чалавек той моўчкі ўглядаўся на яе, каб спазнаць, ці даў ГОСПАД посьпех на шляху ягоным, ці не.
22 I сталася, як вярблюды напіліся, узяў чалавек той залатое колца ў паўсыкля вагою і два бранзалеты на рукі ейныя, вага якіх дзесяць сыкляў золата,
23 і сказаў: «Чыя ты дачка? Скажы мне. Ці ёсьць у доме бацькі твайго месца для нас, каб начаваць?»
24 І яна сказала яму: «Я — дачка Бэтуэля, сына Мількі, якога яна нарадзіла Нахору».
25 I сказала яму: «Таксама саломы і корму шмат у нас, а таксама месца, каб начаваць».
26 I схіліўся чалавек той, і пакланіўся ГОСПАДУ,
27 і сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог пана майго Абрагама, Які не ўхіліў міласэрнасьці Сваёй і вернасьці Сваёй ад пана майго! Я — на шляху, якім прывёў мяне ГОСПАД да дому брата пана майго».
28 I пабегла дзяўчына, і расказала дома маці сваёй пра тое, што здарылася.
29 А ў Рэбэкі [быў] брат, імя ягонае — Ляван. I пабег Ляван вонкі да таго чалавека да крыніцы.
30 I сталася, калі ўбачыў ён колца і бранзалеты на руках у сястры сваёй і пачуў словы Рэбэкі, сястры сваёй, якая сказала: «Гэтак гаварыў са мною чалавек той», дык прыйшоў да чалавека таго, і вось, ён стаіць пры вярблюдах каля крыніцы.
31 I сказаў [Ляван]: «Увайдзі, дабраслаўлёны ГОСПАДАМ. Чаму ты стаіш на двары? Я падрыхтаваў дом і месца для вярблюдаў».
32 I ўвайшоў чалавек той у дом. I [Ляван] расьсядлаў вярблюдаў, і даў саломы і корму для вярблюдаў, і вады, каб памыць ногі ягоныя і ногі людзей, якія з ім.
33 I паставілі перад ім есьці; а ён сказаў: «Ня буду есьці, пакуль не скажу словы свае». I сказаў [Ляван]: «Кажы!»
34 І ён сказаў: «Я — слуга Абрагама.
35 I ГОСПАД вельмі дабраславіў пана майго, і ён стаў вялікі. І Ён даў яму авечак і валоў, і срэбра, і золата, і слугаў, і нявольніцаў, і вярблюдаў, і аслоў.
36 I нарадзіла Сара, жонка пана майго, сына пану майму пасьля, у старасьці сваёй, і ён аддаў яму ўсё, што ў яго.
37 I ўзяў з мяне прысягу пан мой, кажучы: “Не бяры жонкі сыну майму з дачок Хананейскіх, сярод якіх я жыву, у зямлі іхняй,
38 але пойдзеш у дом бацькі майго і да сям’і маёй, і возьмеш жонку сыну майму”.
39 I сказаў я пану майму: “Можа, ня пойдзе жанчына тая са мною”.
40 I сказаў ён мне: “ГОСПАД, перад абліччам Якога я хадзіў, пашле анёла Свайго з табою і дасьць посьпех на шляху тваім, і ты возьмеш жонку сыну майму з сям’і маёй і з дому бацькі майго.
41 Тады будзеш ты вызвалены ад прысягі маёй, калі прыйдзеш да сям’і маёй, і калі яны не дадуць табе, ты будзеш вызвалены ад прысягі!”
42 І прыйшоў я сёньня да крыніцы, і сказаў: “ГОСПАДЗЕ, Божа пана майго Абрагама! Калі ёсьць воля Твая, дай посьпех на шляху маім, па якім іду.
43 Вось, я стаю каля крыніцы вады, і няхай будзе, што тая дзяўчына, якая выйдзе чэрпаць, і я скажу ёй: «Дай мне напіцца крыху вады са збана твайго»,
44 а яна скажа мне: «І ты пі, і я таксама для вярблюдаў начэрпаю», яна [будзе] тою жанчынаю, якую прызначыў ГОСПАД сыну пана майго”.
45 Перш чым скончыў я гаварыць у сэрцы сваім, вось, Рэбэка выйшла, і збан ейны на плячы ў яе. І зыйшла яна да крыніцы, і начэрпала; і я сказаў ёй: “Дай мне напіцца!”
46 І яна пасьпяшалася, і спусьціла збан з сябе, і сказала: “Пі, і таксама вярблюдаў тваіх я напаю”. I я піў, і вярблюдаў яна напаіла.
47 І я запытаўся ў яе і сказаў: “Чыя ты дачка?” Яна сказала: “Дачка Бэтуэля, сына Нахора, якога нарадзіла яму Мілька”. I надзеў я колца ў нос ейны, і бранзалеты на рукі ейныя.
48 I я схіліўся, і пакланіўся ГОСПАДУ, і дабраславіў ГОСПАДА, Бога пана майго Абрагама, Які прывёў мяне шляхам праўды, каб узяў я дачку брата пана майго для сына ягонага.
49 I калі вы жадаеце ўчыніць міласэрнасьць і вернасьць пану майму, скажыце мне, а калі не, скажыце мне, і я павярну направа альбо налева».
50 I адказалі Ляван і Бэтуэль, і сказалі: «Ад ГОСПАДА выйшла слова гэтае, мы ня можам казаць табе ані ліхога, ані добрага.
51 Вось, Рэбэка перад абліччам тваім, вазьмі і пайдзі, і няхай будзе яна жонкаю сыну пана твайго, як казаў ГОСПАД».
52 I сталася, калі пачуў слуга Абрагама словы іхныя, пакланіўся да зямлі ГОСПАДУ.
53 I выняў слуга рэчы срэбныя, і рэчы залатыя, і шаты, і даў Рэбэцы; і каштоўныя рэчы даў брату ейнаму і маці ейнай.
54 I елі, і пілі ён і людзі, якія з ім, і пераначавалі. I ўсталі раніцаю, і ён сказаў: «Адпусьціце мяне да пана майго».
55 I сказаў брат ейны і маці ейная: «Няхай застанецца з намі дзяўчына на дзён дзесяць, потым пойдзе».
56 І ён сказаў ім: «Не затрымлівайце мяне. ГОСПАД даў посьпех на шляху маім, адпусьціце мяне, і я пайду да пана майго».
57 I яны сказалі: «Паклічам дзяўчыну і спытаемся ў яе».
58 I паклікалі Рэбэку, і сказалі ёй: «Ці пойдзеш з гэтым чалавекам?» Яна сказала: «Пайду!»
59 I адпусьцілі Рэбэку, сястру сваю, і няньку ейную, і слугу Абрагама, і людзей ягоных.
60 I дабраславілі Рэбэку, і сказалі ёй: «Сястра наша, ты станься тысячай тысячаў, і няхай насеньне тваё ўспадкаеміць брамы ворагаў сваіх!»
61 I ўстала Рэбэка і служкі ейныя, і селі на вярблюдаў, і пайшлі за тым чалавекам. I ўзяў слуга Рэбэку, і пайшоў.
62 І прыйшоў Ісаак з [дарогі] ад Бээр-Ляхай-Рой, а ён жыў у зямлі Нэгеў.
63 I выйшаў Ісаак падумаць у поле пад вечар, і ўзьняў вочы свае, і ўбачыў, і вось, вярблюды прыходзяць.
64 I ўзьняла Рэбэка вочы свае, і ўбачыла Ісаака, і сьсела з вярблюда.
65 I сказала слузе: «Хто гэты чалавек, які ідзе па полі насустрач нам?» I сказаў слуга: «Гэта пан мой». I яна ўзяла вэлюм, і засланілася.
66 I распавёў слуга Ісааку ўсе справы, якія ён зрабіў.
67 I ўвёў яе Ісаак у намёт Сары, маці сваёй, і ўзяў Рэбэку, і яна стала яму жонкаю, і ён кахаў яе. І суцешыўся Ісаак па маці сваёй.
Разьдзел 25
1 I зноў узяў Абрагам жонку, а імя ейнае — Кетура.
2 I нарадзіла яна яму Зімрана, і Ёкшана, і Мэдана, і Мадыяна, і Ішбака, і Шуаха.
3 А Ёкшан нарадзіў Шэву і Дэдана. Сынамі Дэдана былі Ашурым, і Летушым, і Леўмім.
4 А сынамі Мадыяна — Эфа, і Эфэр, і Ханох, і Авіда, і Эльдаа. Усе яны — сыны Кетуры.
5 I аддаў Абрагам усё, што было ў яго, Ісааку.
6 А сынам наложніцаў, якія былі ў Абрагама, даў Абрагам дары, і адаслаў іх ад Ісаака, сына свайго, яшчэ за жыцьця свайго, на ўсход, у зямлю ўсходнюю.
7 I вось дні гадоў жыцьця Абрагама, якія ён пражыў — сто семдзясят пяць гадоў.
8 I супачыў, і памёр Абрагам у старасьці добрай, стары і насычаны [жыцьцём], і быў далучаны да народу свайго.
9 I пахавалі яго Ісаак і Ізмаэль, сыны ягоныя, у пячоры Махпэля, што насупраць Мамрэ, на полі Эфрона Хета, сына Цахара.
10 Гэта тое поле, якое купіў Абрагам у сыноў Хета. Там пахаваныя Абрагам і Сара, жонка ягоная.
11 I сталася пасьля сьмерці Абрагама, дабраславіў Бог Ісаака, сына ягонага, і жыў Ісаак каля Бээр-Ляхай-Рой.
12 Вось радавод Ізмаэля, сына Абрагама, якога нарадзіла Абрагаму Агар Эгіпцянка, нявольніца Сары.
13 І вось імёны сыноў Ізмаэля, паводле імёнаў іхніх, паводле родаў іхніх: першародны Ізмаэля Наваёт, Кедар, Адбээль, Міўсам,
14 Мішма, Дума, Маса,
15 Хадад, Тэма, Етур, Нафіш і Кедма.
16 Гэта сыны Ізмаэля, і гэта імёны іхнія ў паселішчах іхніх і ў табарах іхніх, дванаццаць князёў плямёнаў сваіх.
17 А гадоў жыцьця Ізмаэля — сто трыццаць сем гадоў. І ён супачыў, і памёр, і быў далучаны да народу свайго.
18 І жылі яны ад Хавілі да Шура, які насупраць Эгіпту, калі ідзеш у Асірыю. Перад абліччам усіх братоў сваіх пасяліўся ён.
19 А гэта радавод Ісаака, сына Абрагама. Абрагам нарадзіў Ісаака.
20 I было Ісааку сорак гадоў, калі ён узяў Рэбэку, дачку Бэтуэля Арамейца з Падан-Араму, сястру Лявана Арамейца, сабе за жонку.
21 I прасіў Ісаак ГОСПАДА пра жонку сваю, бо яна была бясплодная; і ГОСПАД быў упрошаны ім, і зачала Рэбэка, жонка ягоная.
22 I штурхаліся сыны ў нутры ейным, і яна сказала: «Калі так, дык чаму ў мяне?» I пайшла спытацца ў ГОСПАДА.
23 I сказаў ГОСПАД ёй: «Два народы ў жываце тваім, і два народы выйдуць з нутра твайго; і адзін народ будзе мацнейшым за другі, і старэйшы будзе служыць малодшаму».
24 I споўніліся дні ейныя, каб нарадзіць, і вось, двайняты ў жываце ейным.
25 I выйшаў першы, чырвоны, увесь, як кажух, касматы; і назвалі імя ягонае Эзаў.
26 Потым выйшаў брат ягоны, і рука ягоная трымала пяту Эзава, і назвалі імя ягонае Якуб. А Ісааку было шэсьцьдзясят гадоў, калі яны нарадзіліся.
27 I вырасьлі хлопчыкі, і быў Эзаў спрытным паляўнічым, чалавекам поля, а Якуб быў чалавекам рахманым, які жыў у намётах.
28 I любіў Ісаак Эзава, бо ўпаляванае ім [было] ў вуснах ягоных; а Рэбэка любіла Якуба.
29 I варыў Якуб страву, і Эзаў прыйшоў з поля, і быў ён стомлены.
30 I сказаў Эзаў Якубу: «Дай мне крыху чырвонай, гэтай чырвонай [стравы], бо я стомлены». Дзеля гэтага названае імя ягонае Эдом.
31 I сказаў Якуб: «Прадай мне сёньня першародзтва тваё».
32 I сказаў Эзаў: «Вось, я ледзь не паміраю, і на што мне гэта першародзтва?»
33 I сказаў Якуб: «Прысягні мне сёньня». І той прысягнуў яму, і прадаў першародзтва сваё Якубу.
34 I Якуб даў Эзаву хлеб і страву з сачэвіцы, і ён еў, і піў, і ўстаў, і пайшоў; і пагрэбаваў Эзаў першародзтвам.
Разьдзел 26
1 I быў голад у зямлі той, ня лічачы першага голаду, які быў у дні Абрагама. І пайшоў Ісаак да Абімэлеха, валадара Філістынскага, у Герар.
2 I зьявіўся яму ГОСПАД, і сказаў: «Не зыходзь у Эгіпет; жыві ў зямлі, пра якую скажу табе.
3 Жыві ў зямлі гэтай; і Я буду з табою, і дабраслаўлю цябе, бо табе і насеньню твайму Я дам усе краіны гэтыя, і споўню прысягу, якой Я прысягаў Абрагаму, бацьку твайму.
4 I памножу насеньне тваё, як зоркі ў небе, і дам насеньню твайму ўсе краіны гэтыя; і дабраславяцца ў насеньні тваім усе народы зямлі,
5 таму што Абрагам паслухаў голасу Майго і захоўваў загады Мае, прыказаньні Мае, пастановы Мае і законы Мае».
6 I пасяліўся Ісаак у Герары.
7 I пыталіся людзі месца таго пра жонку ягоную, і ён сказаў: «Яна — сястра мая», бо баяўся сказаць: «Жонка мая», каб не забілі яго людзі месца таго за Рэбэку, бо яна была прыгожая з выгляду.
8 I сталася, калі доўгія былі там дні ягоныя, глянуў Абімэлех, валадар Філістынскі, праз вакно, і ўбачыў, а вось, Ісаак гуляе з Рэбэкаю, жонкаю сваёю.
9 I паклікаў Абімэлех Ісаака, і сказаў: «Дык яна — жонка твая! А чаму ж ты казаў: “Яна — сястра мая”?» I сказаў яму Ісаак: «Бо я сказаў: “Каб я не памёр праз яе”».
10 I сказаў Абімэлех: «Што гэта ты нарабіў нам? Яшчэ б трохі, і мог бы легчы нехта з народу з жонкаю тваёю, і ты прывёў бы на нас віну».
11 I загадаў Абімэлех усяму народу, кажучы: «Хто дакранецца да гэтага чалавека і да жонкі ягонай, той сьмерцю памрэ».
12 I сеяў Ісаак у зямлі той, і сабраў у той год стакротны ўраджай, і дабраславіў яго ГОСПАД.
13 I ставаўся вялікім муж гэты, і ішоў угору, і павялічыўся так, што стаў вельмі вялікі.
14 I былі ў яго статкі авечак, і статкі валоў, і мноства слугаў, і зайздросьцілі яму Філістынцы.
15 I ўсе студні, якія выкапалі слугі бацькі ягонага ў дні Абрагама, бацькі ягонага, засыпалі Філістынцы і запоўнілі пяском.
16 I сказаў Абімэлех Ісааку: «Адыйдзі ад нас, бо ты стаўся шмат дужэйшы за нас».
17 I адыйшоў адтуль Ісаак, і паставіў [намёты] каля ручая Герарскага, і жыў там.
18 I вярнуўся Ісаак, і адкапаў студні вады, якія былі выкапаныя ў дні Абрагама, бацькі ягонага, і якія засыпалі Філістынцы пасьля сьмерці Абрагама, і назваў іх тымі самымі назвамі, якімі назваў іх бацька ягоны.
19 I капалі слугі Ісаака каля ручая, і знайшлі там студню вады жывой.
20 I спрачаліся пастухі Герарскія з пастухамі Ісаака, кажучы: «Гэта наша вада», і ён назваў імя студні Эсэк, бо вадзіліся з ім.
21 I выкапалі другую студню; і спрачаліся таксама за яе; і ён назваў яе імя Сітна.
22 I выбраўся адтуль, і выкапаў іншую студню, і не спрачаліся за яе; і назваў яе імя Рэхавот, і сказаў: «Бо цяпер пашырыў нас ГОСПАД, і мы будзем памнажацца ў гэтай зямлі».
23 Адтуль узыйшоў ён у Бээр-Шэву.
24 I зьявіўся яму ГОСПАД у тую ноч, і сказаў: «Я — Бог Абрагама, бацькі твайго. Ня бойся, бо Я з табою; і дабраслаўлю цябе, і памножу насеньне тваё дзеля Абрагама, слугі Майго».
25 I ён збудаваў там ахвярнік, і клікаў імя ГОСПАДА. I паставіў там намёт свой, і выкапалі там слугі Ісаака студню.
26 I Абімэлех прыйшоў да яго з Герару, і Ахузат, сябра ягоны, і Піколь, гетман ягоны.
27 I сказаў ім Ісаак: «Чаму вы прыйшлі да мяне? Вы ж зьненавідзелі мяне і выслалі мяне ад сябе».
28 I яны сказалі: «Мы, гледзячы, убачылі, што ГОСПАД з табою, і мы сказалі: “Няхай будзе прысяга паміж намі, паміж намі і табою, і мы заключым запавет з табою,
29 і ты ня будзеш рабіць нам ліха, як і мы не дакрануліся цябе, і як мы рабілі табе адно дабро і адпусьцілі цябе ў супакоі, і ты цяпер дабраслаўлёны ГОСПАДАМ”».
30 І ён зрабіў для іх гасьціну, і яны елі і пілі.
31 I ўсталі раніцаю, і прысягнулі адзін аднаму; і адпусьціў іх Ісаак, і яны пайшлі ад яго ў супакоі.
32 I сталася ў той дзень, прыйшлі слугі Ісаака, і паведамілі яму пра студню, якую яны выкапалі, і сказалі яму: «Мы знайшлі ваду!»
33 I ён назваў яе Шыва. Дзеля гэтага імя гораду таго Бээр-Шэва аж да сёньняшняга дня.
34 I сталася, што меў Эзаў сорак гадоў, і ўзяў сабе за жонку Юдыту, дачку Бээры Хета, і Басэмат, дачку Элёна Хета,
35 і былі яны горыччу для духа Ісаака і Рэбэкі.
Разьдзел 27
1 I сталася, што Ісаак састарэў, і зацемрыліся вочы ягоныя, так што ня мог бачыць, і паклікаў ён Эзава, сына свайго старэйшага, і сказаў яму: «Сыне мой». І той сказаў яму: «Вось я».
2 I ён сказаў: «Вось, я састарэў, ня ведаю дня сьмерці маёй.
3 I цяпер вазьмі прылады твае, сагайдак твой і лук твой, і пайдзі ў поле, і ўпалюй мне дзічыны,
4 і зрабі мне прысмакі, якія я люблю, і прынясі мне, і я паем, каб дабраславіла цябе душа мая раней, чым я памру».
5 А Рэбэка чула, як Ісаак казаў Эзаву, сыну свайму. I пайшоў Эзаў у поле, каб упаляваць дзічыны і прынесьці яе.
6 І сказала Рэбэка Якубу, сыну свайму, кажучы: «Вось, я чула бацьку твайго, як ён казаў брату твайму Эзаву, кажучы:
7 “Прынясі мне дзічыны і зрабі мне прысмакі, і я буду есьці, і дабраслаўлю цябе перад абліччам ГОСПАДА, перад сьмерцю сваёй”.
8 I цяпер, сыне мой, паслухай голасу майго ў тым, што я загадваю табе.
9 Пайдзі да авечак і вазьмі мне адтуль двух казьлянят добрых; і я прыгатую з іх прысмакі для бацькі твайго, якія ён любіць.
10 I ты прынясеш іх бацьку твайму, і ён зьесьць, каб ён дабраславіў цябе перад сьмерцю сваёю».
11 I сказаў Якуб Рэбэцы, маці сваёй: «Вось жа Эзаў, брат мой, чалавек касматы, а я — чалавек гладкі.
12 Можа, памацае мяне бацька мой, і я буду ў вачах ягоных як той, які ашуквае яго, і навяду на сябе праклён, а не дабраславеньне».
13 I сказала яму маці ягоная: «На мне [будзе] праклён твой, сыне мой, толькі паслухай голасу майго і ідзі, і вазьмі для мяне [казьлянят]».
14 І ён пайшоў, і ўзяў, і прынёс маці сваёй, і зрабіла маці ягоная прысмакі, якія любіў бацька ягоны.
15 I ўзяла Рэбэка адзежу Эзава, сына свайго старэйшага, найкаштоўнейшую, што была ў яе дома, і апранула Якуба, сына свайго малодшага,
16 і скуркамі казьлянят абкруціла рукі ягоныя і гладкую шыю ягоную,
17 і дала прысмакі і хлеб, які яна зрабіла, у рукі Якуба, сына свайго.
18 I ўвайшоў ён да бацькі свайго, і сказаў: «Ойча мой!» I сказаў ён: «Вось я. Хто ты, сыне мой?»
19 I сказаў Якуб бацьку свайму: «Я — Эзаў, першародны твой. Я зрабіў, як ты сказаў мне. Устань, сядзь і еш дзічыну маю, каб дабраславіла мяне душа твая».
20 I сказаў Ісаак сыну свайму: «Як гэта так хутка ты знайшоў яе, сыне мой». А той сказаў: «Бо справіў гэта ГОСПАД, Бог твой, перад абліччам маім».
21 I сказаў Ісаак Якубу: «Наблізься, я памацаю цябе, сыне мой, ці ты — сын мой Эзаў, ці не».
22 I наблізіўся Якуб да Ісаака, бацькі свайго, і ён памацаў яго, і сказаў: «Голас — голас Якуба, але рукі — рукі Эзава».
23 І не пазнаў яго, бо рукі ягоныя былі як рукі брата ягонага, касматыя, і дабраславіў яго.
24 I сказаў: «Ці ты — сын мой Эзаў?» І ён сказаў: «Я».
25 I сказаў: «Дай мне, і я буду есьці дзічыну, сыне мой, каб дабраславіла цябе душа мая». I ён даў яму, і ён еў; і прынёс яму віна, і ён піў.
26 I сказаў яму Ісаак, бацька ягоны: «Наблізься і пацалуй мяне, сыне мой».
27 I ён наблізіўся, і пацалаваў яго. I адчуў ён пах адзежы ягонай, і дабраславіў яго, і сказаў: «Вось, пах сына майго, як пах поля, якое дабраславіў ГОСПАД.
28 I няхай дасьць табе Бог расу з неба і тлустасьць з зямлі, і мноства збожжа і віна.
29 Няхай служаць табе народы, і няхай кланяюцца табе плямёны. Будзь гаспадаром над братамі тваімі, і няхай кланяюцца табе сыны маці тваёй. Хто праклінае цябе, будзе пракляты, а хто дабраслаўляе цябе, будзе дабраслаўлёны».
30 I сталася, калі скончыў Ісаак дабраслаўляць Якуба, і вось, адыходзячы, адыйшоў Якуб ад аблічча Ісаака, бацькі свайго, Эзаў, брат ягоны, прыйшоў з паляваньня свайго.
31 I зрабіў ён таксама прысмакі, і прынёс бацьку свайму, і сказаў бацьку свайму: «Устань, ойча мой, і зьеш дзічыну сына свайго, каб дабраславіла мяне душа твая».
32 I сказаў яму Ісаак, бацька ягоны: «Хто ты?» І ён сказаў: «Я — сын твой першародны Эзаў».
33 I задрыжэў Ісаак дрыжэньнем вельмі вялікім, і сказаў: «Хто ж быў той, які ўпаляваў дзічыну і прынёс мне, і я еў усё перш, чым ты прыйшоў, і я дабраславіў яго? Ён будзе дабраслаўлёны».
34 Калі пачуў Эзаў словы бацькі свайго, закрычаў крыкам вялікім і надта горкім, і сказаў бацьку свайму: «Дабраславі мяне, таксама і мяне, ойча мой!»
35 I сказаў той: «Брат твой прыйшоў падступна і ўзяў дабраславеньне тваё».
36 I сказаў ён: «Ці не таму названае імя ягонае Якуб, і вось, ашукаў мяне ўжо двойчы! Ён забраў першародзтва маё, і вось цяпер забраў дабраславеньне маё». I сказаў: «Няўжо ты не захаваў для мяне дабраславеньня?»
37 I адказаў Ісаак, і сказаў Эзаву: «Вось, я паставіў яго гаспадаром над табою, і ўсіх братоў ягоных аддаў яму за слугаў, і збожжам і віном абдарыў яго. А табе што я зраблю, сыне мой?»
38 I сказаў Эзаў бацьку свайму: «Ці [толькі] адно дабраславеньне ў цябе, ойча мой? Дабраславі мяне, таксама мяне, ойча мой!» I ўзвысіў Эзаў голас свой, і заплакаў.
39 I адказаў Ісаак, бацька ягоны, і сказаў яму: «Вось, далёка ад тлустасьці зямлі будзе месца жыцьця твайго і [далёка] ад расы з неба ўгары,
40 і з мяча свайго будзеш жыць, і брату свайму будзеш служыць. І станецца, што ты запануеш, і скінеш ярмо ягонае з шыі сваёй».
41 I зьненавідзеў Эзаў Якуба дзеля дабраславеньня, якім дабраславіў яго бацька ягоны, і сказаў Эзаў у сэрцы сваім: «Набліжаюцца дні жалобы па бацьку маім, і я заб’ю Якуба, брата майго».
42 I распавялі Рэбэцы словы Эзава, сына ейнага старэйшага, і яна паслала, і паклікала Якуба, сына свайго малодшага, і сказала яму: «Вось, Эзаў, брат твой, суцяшае сябе адносна цябе, што заб’е цябе.
43 I цяпер, сыне мой, паслухай голасу майго, і ўстань, уцякай да Лявана, брата майго, у Харан,
44 і пажыві з ім нейкі час, пакуль адыйдзе гнеў ад брата твайго.
45 Калі адыйдзе гнеў на цябе ад брата твайго, і ён забудзецца, што ты ўчыніў яму, я пашлю і вазьму цябе адтуль. Дзеля чаго маю страціць абодвух [сыноў] у адзін дзень?»
46 I сказала Рэбэка Ісааку: «Абрыдла мне жыцьцё маё з прычыны дачок Хета. Калі возьме Якуб жонку з дачок Хета, якія з дочак зямлі гэтай, дык навошта мне жыцьцё?»
Разьдзел 28
1 I паклікаў Ісаак Якуба, і дабраславіў яго, і загадаў яму, і сказаў яму: «Не бяры сабе жонкі з дачок Ханаану.
2 Устань, ідзі ў Падан-Арам, у дом Бэтуэля, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе адтуль жонку з дачок Лявана, брата маці тваёй.
3 І Бог Усемагутны дабраславіць цябе, і зробіць цябе плодным, і памножыць цябе, і ты станешся супольнасьцю народаў,
4 і Ён дасьць табе дабраславеньне Абрагама, табе і насеньню твайму з табою, каб ты ўзяў у спадчыну зямлю вандраваньня твайго, якую Бог даў Абрагаму».
5 I паслаў Ісаак Якуба, і ён пайшоў у Падан-Арам да Лявана, сына Бэтуэля Арамейца, брата Рэбэкі, маці Якуба і Эзава.
6 I бачыў Эзаў, што дабраславіў Ісаак Якуба, і, дабраслаўляючы яго, паслаў яго ў Падан-Арам узяць сабе адтуль жонку, і загадаў яму, кажучы: «Не бяры жонкі з дачок Ханаану»;
7 і што паслухаў Якуб бацьку свайго і маці сваю, і пайшоў у Падан-Арам.
8 I бачыў Эзаў, што ліхія дочкі Ханаану ў вачах Ісаака, бацькі ягонага.
9 I пайшоў Эзаў да Ізмаэля, і ўзяў за жонку сабе Махалят, дачку Ізмаэля, сына Абрагама, сястру Наваёта, акрамя тых жонак, якія меў.
10 I выйшаў Якуб з Бээр-Шэвы, і пайшоў у Харан.
11 I трапіў ён на адно месца, і заначаваў там, бо зайшло сонца. I ўзяў камяні з таго месца, і палажыў пад галаву сваю, і лёг спаць на тым месцы.
12 I сьніў ён, і вось, лесьвіца стаіць на зямлі, а верх яе дакранаецца да неба; і вось, анёлы Божыя ўзыходзяць і зыходзяць па ёй.
13 I вось, ГОСПАД стаў над ім і сказаў: «Я — ГОСПАД, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і насеньню твайму.
14 I станецца насеньне тваё, як пясок зямлі; і ты распаўсюдзішся на захад, і на ўсход, і на поўнач, і на поўдзень, і будуць дабраслаўлёныя ў табе і ў насеньні тваім усе плямёны зямлі.
15 I вось, Я з табою, і буду захоўваць цябе ўсюды, куды ты пойдзеш, і вярну цябе ў гэтую зямлю, бо Я не пакіну цябе, пакуль не зраблю таго, што Я сказаў табе».
16 I прачнуўся Якуб зо-сну свайго, і сказаў: «Сапраўды ГОСПАД ёсьць на месцы гэтым, а я ня ведаў!»
17 I спалохаўся, і сказаў: «Якое страшнае месца гэтае! Гэта нішто іншае, як дом Божы, і гэта брама неба».
18 I ўстаў Якуб рана раніцай, і ўзяў камень, які ён палажыў пад галаву сваю, і паставіў яго як слуп, і наліў алей на верх ягоны.
19 I назваў імя месца таго Бэтэль; а раней імя гораду таго было Люз.
20 I абяцаў Якуб абяцаньне, кажучы: «Калі Бог будзе са мною, і будзе захоўваць мяне на гэтым шляху, якім я іду, і дасьць мне хлеб есьці і адзежу адзецца,
21 і я вярнуся ў супакоі ў дом бацькі майго, і будзе ГОСПАД мне Богам,
22 дык камень гэты, які я паставіў як слуп, будзе домам Божым, і з усяго, што Ты дасі мне, я аддзялю Табе дзесяціну».
Разьдзел 29
1 I ўстаў Якуб на ногі свае, і пайшоў у зямлю сыноў Усходу.
2 I ўбачыў, і вось, студня на полі, і вось, там тры чарады авечак ляжаць каля яе, бо са студні гэтай паілі чароды, і вялікі камень быў на адтуліне студні.
3 I зьбіраліся туды ўсе чароды, і адкочвалі камень з адтуліны студні, і паілі авечак, і зноў вярталі камень на месца сваё.
4 I сказаў ім Якуб: «Браты мае, адкуль вы?» I яны сказалі: «Мы з Харану».
5 I ён сказаў ім: «Ці ведаеце вы Лявана, сына Нахора?» І яны сказалі: «Ведаем».
6 I ён сказаў ім: «Ці добра ён маецца?» І яны сказалі: «Добра. А вось, Рахель, дачка ягоная, прыйшла з авечкамі».
7 I ён сказаў: «Вось, яшчэ вялікі дзень [наперадзе]; ня час зьбіраць статак; напаіце авечак, і ідзіце, і пасьвіце».
8 А яны сказалі: «Ня можам, аж пакуль не зьбяруцца ўсе чароды, і не адкоцяць камень з адтуліны студні, і тады напоім авечак».
9 Яшчэ ён гаварыў з імі, і вось, Рахель прыйшла з авечкамі бацькі свайго, бо яна пасьвіла [іх].
10 I сталася, калі ўбачыў Якуб Рахель, дачку Лявана, брата маці сваёй, і авечкі Лявана, брата маці сваёй, падыйшоў Якуб, і адкаціў камень з адтуліны студні, і напаіў авечак Лявана, брата маці сваёй.
11 I пацалаваў Якуб Рахель, і ўзвысіў голас свой, і заплакаў.
12 I распавёў Якуб Рахелі, што ён брат бацьку ейнаму, і што ён сын Рэбэкі. I яна пабегла, і распавяла бацьку свайму.
13 I сталася, калі пачуў Ляван навіну пра Якуба, сына сястры сваёй, выбег яму насустрач, і абняў яго, і пацалаваў яго, і прывёў яго ў дом свой, і ён распавёў Лявану пра ўсе падзеі.
14 I сказаў яму Ляван: «Вось, ты — костка мая і цела маё». I жыў у яго цэлы месяц.
15 I сказаў Ляван Якубу: «Хоць ты брат мой, ці ж будзеш служыць мне задарма? Скажы мне, якая плата твая?»
16 А ў Лявана былі дзьве дачкі, імя старэйшай — Лея, а імя малодшай — Рахель.
17 Вочы Леі былі кволыя, а Рахель была прыгожая пастацьцю і прыгожая абліччам.
18 I пакахаў Якуб Рахель, і сказаў: «Я буду служыць табе сем гадоў за Рахель, дачку тваю малодшую».
19 I сказаў Ляван: «Лепш, калі я аддам яе за цябе, чым аддам за іншага чалавека. Жыві са мною».
20 I служыў Якуб за Рахель сем гадоў, і былі яны ў вачах ягоных як некалькі дзён, бо ён кахаў яе.
21 I сказаў Якуб Лявану: «Дай жонку маю, бо споўніліся дні мае, і я пайду да яе».
22 I сабраў Ляван усіх людзей таго месца, і справіў гасьціну.
23 I быў вечар, і ўзяў ён Лею, дачку сваю, і ўвёў яе да яго, і той увайшоў да яе.
24 I даў Ляван Зільпу, нявольніцу сваю, Леі, дачцэ сваёй, за нявольніцу.
25 I сталася раніцаю, што [ўбачыў Якуб], вось, гэта Лея. I сказаў [Якуб] Лявану: «Што ты зрабіў мне? Ці не за Рахель я служыў у цябе? Чаму ж ты ашукаў мяне?»
26 I сказаў Ляван: «Ня робіцца так у мясцовасьці нашай, каб малодшую выдаваць перад старэйшай.
27 Споўні тыдзень з гэтай, і дам табе таксама тую, за якую ты будзеш служыць у мяне яшчэ сем іншых гадоў».
28 I зрабіў Якуб так, і споўніў тыдзень з гэтай. I [Ляван] даў Рахель, дачку сваю, яму за жонку.
29 I даў Ляван Рахелі, дачцэ сваёй, Більгу, нявольніцу сваю, за нявольніцу для яе.
30 I ўвайшоў [Якуб] да Рахелі, і кахаў Рахель больш за Лею; і служыў у яго яшчэ сем іншых гадоў.
31 I бачыў ГОСПАД, што зьненавіджана Лея, і адчыніў улоньне ейнае, а Рахель была бясплодная.
32 I зачала Лея, і нарадзіла сына, і назвала імя яго Рубэн, бо сказала: «Бо ўбачыў ГОСПАД гора маё, бо цяпер будзе кахаць мяне муж мой».
33 I зачала яна ізноў, і нарадзіла сына, і сказала: «Бо пачуў ГОСПАД, што я зьненавіджана, і даў мне гэтага [сына]». I назвала імя ягонае Сымон.
34 I зачала яшчэ, і нарадзіла сына, і сказала: «Цяпер, гэтым разам прытуліцца муж мой да мяне, бо я нарадзіла яму трох сыноў». І таму назвала імя ягонае Левій.
35 I зачала яшчэ, і нарадзіла сына, і сказала: «Гэтым разам я буду славіць ГОСПАДА». І таму назвала імя ягонае Юда, і перастала нараджаць.
Разьдзел 30
1 I бачыла Рахель, што яна не нараджае Якубу, і зайздросьціла Рахель сястры сваёй, і казала Якубу: «Дай мне сыноў, а калі не, я памру».
2 I ўзгарэўся гнеў Якуба на Рахель, і ён сказаў: «Ці ж гэта я, а ня Бог затрымаў у цябе плод улоньня?»
3 I яна сказала: «Вось, нявольніца мая Більга. Увайдзі да яе, і яна народзіць на каленях маіх, і я буду збудаваная праз яе».
4 I яна дала яму Більгу, нявольніцу сваю, за жонку, і ўвайшоў да яе Якуб.
5 I зачала Більга, і нарадзіла Якубу сына.
6 I сказала Рахель: «Рассудзіў мяне Бог, і таксама пачуў голас мой, і даў мне сына». І таму назвала імя ягонае Дан.
7 I зачала яшчэ, і нарадзіла Більга, нявольніца Рахелі, другога сына Якубу.
8 I сказала Рахель: «Ваяваньнем Божым змагалася я з сястрою сваёй і адолела». I назвала імя ягонае Нэфталі.
9 I ўбачыла Лея, што перастала нараджаць, і ўзяла Зільпу, нявольніцу сваю, і дала яе Якубу за жонку.
10 I нарадзіла Зільпа, нявольніца Леі, Якубу сына.
11 I сказала Лея: «Прыйшоў посьпех!» I назвала імя ягонае Гад.
12 I нарадзіла Зільпа, нявольніца Леі, другога сына Якубу.
13 I сказала Лея: «На шчасьце маё, бо шчасьлівай будуць называць мяне дочкі». I назвала імя ягонае Асэр.
14 I выйшаў Рубэн у дні жніва пшаніцы, і знайшоў мандрагоры ў полі, і прынёс іх Леі, маці сваёй. I сказала Рахель Леі: «Дай мне мандрагоры сына твайго».
15 А тая сказала ёй: «Няўжо мала [табе], што ты ўзяла мужа майго, і хочаш узяць мандрагоры сына майго?» I сказала Рахель: «Дык няхай ён ляжа з табою ў гэтую ноч за мандрагоры сына твайго».
16 I прыйшоў Якуб з поля ўвечары, і выйшла Лея насустрач яму, і сказала: «Да мяне ўвойдзеш, бо наймаючы, наняла цябе за мандрагоры сына майго». I ён лёг з ёю ў тую ноч.
17 I пачуў Бог Лею, і яна зачала, і нарадзіла Якубу пятага сына.
18 I сказала Лея: «Даў Бог плату маю за тое, што я дала нявольніцу маю мужу майму». I назвала імя ягонае Ісахар.
19 I зачала ізноў Лея, і нарадзіла шостага сына Якубу.
20 I сказала Лея: «Абдараваў мяне Бог добрым дарам. Гэтым разам будзе жыць са мною муж мой, бо я нарадзіла яму шэсьць сыноў». I назвала імя ягонае Завулён.
21 Потым нарадзіла дачку, і назвала імя ейнае Дзіна.
22 I ўзгадаў Бог пра Рахель, і пачуў яе Бог, і адчыніў улоньне ейнае,
23 і яна зачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Забраў Бог ганьбу маю».
24 I назвала імя ягонае Язэп, кажучы: «Няхай дадасьць мне ГОСПАД другога сына».
25 I сталася, калі нарадзіла Рахель Язэпа, сказаў Якуб Лявану: «Пусьці мяне, і я пайду ў мясцовасьць сваю і ў зямлю сваю.
26 Дай мне жонак маіх і дзяцей маіх, бо я служыў табе за іх, і я пайду; бо ты ведаеш службу маю, якою я служыў табе».
27 I сказаў яму Ляван: «О, каб я знайшоў ласку ў вачах тваіх! Я пераканаўся, што ГОСПАД дабраславіў мяне дзеля цябе».
28 I сказаў: «Прызнач сабе плату сваю ад мяне, і я дам».
29 I [Якуб] сказаў яму: «Ты ведаеш, як я служыў табе, і які стаўся статак твой пры мне;
30 бо мала было ў цябе да мяне, а памножылася ў мноства, і дабраславіў ГОСПАД цябе, калі я прыйшоў. А цяпер, калі я буду рабіць для дому майго?»
31 I той сказаў: «Што маю даць табе?» I сказаў Якуб: «Не давай мне нічога, але зрабі для мяне такую рэч, і я вярнуся, і буду пасьвіць і захоўваць авечкі твае.
32 Я прайду сёньня між усіх авечак тваіх, і аддзялю з іх кожнае ягня стракатае і пярэстае, і кожную рудую з авечак, і стракатых і пярэстых з козаў; і будзе гэта мая плата.
33 I будзе адказваць за мяне праведнасьць мая на наступны дзень, калі прыйдзеш даведацца пра плату маю перад табою. Усё ў мяне, што не стракатае і не пярэстае паміж козаў, і не рудое паміж авечак, крадзенае гэта».
34 I сказаў Ляван: «Няхай будзе паводле слова твайго».
35 I адлучыў у той дзень казлоў пасастых і пярэстых, і ўсіх козаў стракатых і пярэстых, усіх, што мелі нешта белае на сабе, і ўсіх рудых паміж авечак, і аддаў у рукі сыноў сваіх.
36 I вызначыў дарогу ў тры дні паміж сабою і Якубам. I Якуб пасьвіў авечкі Лявана, якія засталіся.
37 I ўзяў Якуб зялёных прутоў тапалёвых, і мігдалёвых, і яваровых, і выразаў на іх пасы белыя, зьняўшы кару да бялосьці, якая на прутах,
38 і ўткнуў тыя пруты, якія аблупіў, перад авечкамі пры карытах каля вадапою, куды прыходзілі авечкі піць і спалучаліся, прыходзячы піць.
39 I спалучаліся авечкі перад прутамі, і нараджаліся авечкі пасастыя, стракатыя і пярэстыя.
40 І авечак [белых] аддзяляў Якуб, і гнаў, як авечкі Лявана, наперадзе авечак пярэстых і ўсіх рудых, і трымаў свае чароды асобна, і не злучаў іх з авечкамі Лявана.
41 I было, калі спалучаліся мацнейшыя авечкі, Якуб клаў пруты перад вачыма авечак пры карытах, каб яны спалучаліся перад прутамі,
42 а калі авечкі былі слабыя, тады ня клаў. I былі слабейшыя ў Лявана, а мацнейшыя — у Якуба.
43 I пашырыўся чалавек гэты вельмі, вельмі, і было ў яго мноства авечак, і нявольніцаў, і слугаў, і вярблюдаў, і аслоў.
Разьдзел 31
1 I пачуў [Якуб] словы сыноў Лявана, якія казалі: «Забраў Якуб усё, што было ў бацькі нашага, і з таго, што было ў бацькі нашага, учыніў сабе ўсю гэтую славу».
2 I бачыў Якуб аблічча Лявана, і вось, ён ня быў з ім такі, як учора і пазаўчора.
3 I сказаў ГОСПАД Якубу: «Вярніся ў зямлю бацькоў тваіх і нараджэньня твайго, і Я буду з табою».
4 I паслаў Якуб, і паклікаў Рахель і Лею ў поле да авечак сваіх,
5 і сказаў ім: «Я бачу аблічча бацькі вашага, што ён не такі да мяне, як учора ці пазаўчора. I Бог бацькі майго быў са мною.
6 I вы ведаеце, што я ўсімі сіламі служыў бацьку вашаму,
7 і бацька ваш ашукваў мяне, і зьмяняў плату маю дзесяць разоў, але ня даў яму Бог зрабіць крыўду мне.
8 Калі сказаў ён: “Стракатыя будуць платай тваёй”, нараджаліся ўсе авечкі стракатыя. А калі сказаў ён: “Пасастыя будуць платай тваёй”, нараджаліся ўсе авечкі пасастыя.
9 I забраў Бог статак у бацькі вашага, і даў яго мне.
10 I было ў часе параваньня авечак, і ўзьняў я вочы мае, і бачыў у сьне, і вось, бараны, якія ўскочылі на авечак, былі пасастыя, стракатыя і пярэстыя.
11 I сказаў мне анёл Божы ў сьне: “Якубе!” І я сказаў: “Вось я!”
12 I Ён сказаў: “Узьнімі вочы твае і паглядзі: усе бараны, якія ўскочылі на авечак, пасастыя, стракатыя і пярэстыя, бо Я бачыў усё, што Ляван робіць табе.
13 Я — Бог з Бэтэлю, дзе ты памазаў слуп і дзе абяцаў Мне абяцаньне. Цяпер устань, выйдзі з зямлі гэтае, і вярніся ў зямлю нараджэньня твайго”».
14 I адказалі Рахель і Лея, і сказалі яму: «Ці ёсьць яшчэ ў нас частка і спадчына ў доме бацькі нашага?
15 Ці не за чужых ён нас мае? Бо ён прадаў нас, і еў, зьядаючы срэбра нашае.
16 Таму ўсё багацьце, якое забраў Бог у бацькі нашага, нашае яно і дзяцей нашых. I цяпер усё, што сказаў Бог табе, рабі».
17 I ўстаў Якуб, і пасадзіў дзяцей сваіх і жонак сваіх на вярблюдаў.
18 I павёў усе статкі свае і ўсю маёмасьць сваю, якую прыдбаў, статкі ўласнасьці сваёй, якую ён прыдбаў у Падан-Араме, каб ісьці да Ісаака, бацькі свайго, у зямлю Ханаан.
19 А Ляван пайшоў стрыгчы авечкі свае. I ўкрала Рахель балваноў, якія былі ў бацькі ейнага.
20 I ашукаў Якуб сэрца Лявана Арамейца, бо не сказаў яму, што ўцякае.
21 I ўцёк ён з усім, што ў яго; і ўстаў, і перайшоў праз раку, і скіраваў аблічча сваё да гары Гілеад.
22 I паведамілі Лявану на трэці дзень, што ўцёк Якуб.
23 I ўзяў ён з сабою братоў сваіх, і гнаўся за ім дарогаю сем дзён, і дагнаў яго на гары Гілеад.
24 I прыйшоў Бог да Лявана Арамейца ў сьне ўначы, і сказаў яму: «Сьцеражыся, не гавары Якубу ані добрага, ані ліхога».
25 I дагнаў Ляван Якуба, а Якуб паставіў намёт свой на гары. І Ляван паставіў [намёт] з братамі сваімі на гары Гілеад.
26 I сказаў Ляван Якубу: «Што ты зрабіў? Ты ашукаў сэрца маё, і вывеў дочак маіх, быццам палоненых мячом.
27 Чаму ты патаемна ўцёк, і абакраў мяне, і не сказаў мне? І я адпусьціў бы цябе з радасьцю і сьпевамі, з бубнамі і гусьлямі.
28 А ты не дазволіў мне пацалаваць сыноў маіх і дочак маіх. Гэта ты дрэнна зрабіў.
29 Ёсьць сіла ў руцэ маёй учыніць вам ліха, але Бог бацькі вашага ўчора ўначы сказаў мне, кажучы: “Сьцеражыся, не гавары Якубу ані добрага, ані ліхога”.
30 І цяпер ты, ідучы, пайшоў, бо ты сумуючы, засумаваў па доме бацькі твайго. Але навошта ты скраў багоў маіх?»
31 I адказаў Якуб, і сказаў Лявану: «Бо я баяўся, бо я казаў, што ты забярэш дочак сваіх у мяне.
32 У каго знойдзеш багоў сваіх, той ня будзе жыць. Перад братамі нашымі правер, што ёсьць у мяне, і вазьмі сабе». А ня ведаў Якуб, што Рахель скрала іх.
33 I ўвайшоў Ляван у намёт Якуба, і ў намёт Леі, і намёт дзьвюх нявольніцаў, і не знайшоў. I выйшаў з намёту Леі, і ўвайшоў у намёт Рахелі.
34 А Рахель узяла балваноў, і палажыла іх пад вярблюджае сядло, і села на іх. I абшукаў Ляван увесь намёт, і не знайшоў.
35 I сказала яна бацьку свайму: «Няхай не ўзгарыцца гнеў у вачах пана майго, што я не магу ўстаць перад табою, бо слабасьць жаночая ў мяне». I ён шукаў, і не знайшоў балваноў.
36 I ўзгарэўся гнеў Якуба, і ён сварыўся з Ляванам. I адказаў Якуб, і сказаў Лявану: «Якая віна мая, які грэх мой, што ты гнаўся за мною?
37 Бо ты абшукаў усе рэчы мае. Ці знайшоў ты нешта з рэчаў дому свайго? Палажы іх тут перад братамі маімі і братамі тваімі. Няхай яны рассудзяць паміж намі двума.
38 Вось, дваццаць год я [быў] з табою. Авечкі твае і козы твае не скідалі, і бараноў з авечак тваіх я ня еў.
39 Разьдзёртага [зьвярамі] я не прыносіў да цябе, я сам нёс віну, з рукі маёй ты шукаў гэта, ці яно было ўкрадзена ўдзень, ці ўкрадзена ўначы.
40 Было, што ўдзень жэрла мяне гарачыня, і мароз — уначы; і ўцякаў сон мой з вачэй маіх.
41 Гэтакія [былі] мае дваццаць гадоў у доме тваім. Я служыў табе чатырнаццаць гадоў за дзьве дочкі твае і шэсьць гадоў за авечак тваіх, і ты зьмяняў плату маю дзесяць разоў.
42 Калі б Бог бацькі майго, Бог Абрагама і [Той, Каго] баіцца Ісаак, ня быў са мною, дык цяпер пустым ты выслаў бы мяне. Пакуты мае і працу рук маіх бачыў Бог і рассудзіў учора ўвечары».
43 I адказаў Ляван, і сказаў Якубу: «Дочкі гэтыя — мае дочкі, і сыны гэтыя — мае сыны; і авечкі гэтыя — мае авечкі, і ўсё, што ты бачыш, — гэта маё. I дочкам маім, што я зраблю ім сёньня, або сынам іхнім, якіх яны нарадзілі?
44 А цяпер хадзі, заключым запавет я і ты, і ён будзе сьведчаньнем паміж мною і табою».
45 I ўзяў Якуб камень, і паставіў яго як слуп.
46 I сказаў Якуб братам сваім: «Назьбірайце камянёў». І яны ўзялі камяні, і зрабілі крушню, і елі там на крушні.
47 I назваў яе Ляван Егар-Сагадута, а Якуб назваў яе Галед.
48 I сказаў Ляван: «Крушня гэтая — сьведчаньне паміж мною і табою сёньня». Таму і назвалі імя ейнае Галед
49 і Міцпа, бо ён сказаў: «Няхай назірае ГОСПАД паміж мною і табою, калі разыйдземся адзін ад аднаго.
50 Калі ты будзеш уціскаць дочак маіх і калі возьмеш жонак акрамя дочак маіх, [хоць] няма чалавека з намі, глядзі, Бог — сьведка паміж мною і табою».
51 I сказаў Ляван Якубу: «Вось крушня гэтая, і вось слуп, які я паставіў паміж мною і табою.
52 Сьведкам [будзе] крушня гэтая і сьведкам [будзе] слуп, што ані я не перайду да цябе за гэтую крушню і за гэты слуп, ані ты не пяройдзеш да мяне за гэтую крушню і за гэты слуп з ліхім [намерам].
53 Бог Абрагама і Бог Нахора, Бог бацькоў іхніх няхай судзіць нас». I прысягнуў Якуб на [Таго, Каго] баіцца бацька ягоны Ісаак.
54 I ахвяраваў Якуб ахвяру на гары, і паклікаў братоў сваіх есьці хлеб. І яны елі хлеб, і начавалі на гары.
55 I ўстаў Ляван рана раніцай, і пацалаваў сыноў сваіх і дочак сваіх, і дабраславіў іх, і пайшоў, і вярнуўся Ляван на месца сваё.
Разьдзел 32
1 А Якуб пайшоў дарогаю сваёй. I сустрэлі яго анёлы Божыя.
2 I сказаў Якуб, убачыўшы іх: «Гэта табар Божы». I назваў імя месца таго Маханаім.
3 I паслаў Якуб пасланцоў перад сабою да Эзава, брата свайго, у зямлю Сэір, на поле Эдому.
4 I загадаў ім, кажучы: «Гэтак скажаце пану майму Эзаву: “Так кажа слуга твой Якуб. У Лявана я жыў, і заставаўся аж дагэтуль.
5 I сталася, што маю вала і асла, і авечку, і слугу, і нявольніцу, і я паслаў сказаць пану майму, каб знайсьці ласку ў вачах тваіх”».
6 I вярнуліся пасланцы да Якуба, кажучы: «Мы прыйшлі да брата твайго, да Эзава, і ён таксама ідзе насустрач табе, і чатырыста чалавек з ім».
7 I спалохаўся Якуб вельмі, і быў стрывожаны, і падзяліў людзей, якія былі з ім, і авечак, і валоў, і вярблюдаў на два табары,
8 I сказаў: «Калі Эзаў прыйдзе на адзін табар і выб’е яго, табар, які застанецца, уцячэ».
9 I сказаў Якуб: «Божа бацькі майго Абрагама і Божа бацькі майго Ісаака, ГОСПАДЗЕ, Ты сказаў мне: “Вярніся ў зямлю тваю, да родзічаў тваіх, і Я зраблю, каб было добра табе”.
10 Я ня варты ўсёй міласэрнасьці і ўсёй праўды, якую Ты ўчыніў для слугі Твайго, бо я з кіем маім перайшоў Ярдан гэты, а цяпер стаю з двума табарамі.
11 Выратуй, прашу, мяне з рукі брата майго, з рукі Эзава, бо я баюся яго, каб ён не прыйшоў, і не забіў мяне, і матак разам з сынамі.
12 Ты сказаў: “Робячы дабро, буду рабіць дабро табе, і зраблю насеньне тваё як пясок марскі, якога нельга палічыць дзеля мноства [яго]”».
13 I начаваў там у тую ноч, і ўзяў з таго, што прыйшло ў рукі яму, дары для Эзава, брата свайго:
14 козаў дзьвесьце, казлоў дваццаць, авечак дзьвесьце і бараноў дваццаць,
15 вярблюдзіцаў дойных з вярблюдзянятамі іхнімі трыццаць, кароў сорак і валоў дзесяць, асьліцаў дваццаць і асьлянят дзесяць.
16 I даў у рукі слугам сваім кожную чараду асобна, і сказаў слугам сваім: «Ідзіце перада мною і трымайце адлегласьць паміж чарадой і чарадой».
17 I загадаў першаму, кажучы: «Калі сустрэне цябе Эзаў, брат мой, і спытаецца ў цябе, кажучы: “Чый ты і куды ідзеш? І чыё гэта перад абліччам тваім?»,
18 ты скажаш: “Слугі твайго Якуба. Гэты дар пасланы пану майму Эзаву. І вось, таксама ён [ідзе] за намі”».
19 І загадаў тое самае другому, і трэцяму, і ўсім, якія ішлі за чародамі, кажучы: «Паводле словаў гэтых кажыце Эзаву, калі знойдзеце яго,
20 і скажаце таксама: “Вось, слуга твой Якуб [ідзе] за намі”». Бо ён казаў: «Умалю аблічча ягонае дарам, які ідзе перада мною, і потым убачу аблічча ягонае. Можа, ён узьніме аблічча маё».
21 I перайшоў [ручай] дар перад ім, а ён начаваў у тую ноч у табары.
22 I ўстаў ён у тую ноч, і ўзяў дзьве жонкі свае, і дзьве нявольніцы свае, і адзінаццаць дзяцей сваіх, і перайшоў у брод Ябок.
23 I ўзяў іх, і перавёў іх праз ручай, і перавёў, што было ў яго.
24 I застаўся Якуб сам адзін. І дужаўся з ім Муж да ўзыходу зараніцы.
25 I Той убачыў, што не пераможа яго, і дакрануўся да сустава сьцягна ягонага, і пашкодзіў сустаў сьцягна Якуба, калі дужаўся з ім,
26 і сказаў: «Пусьці Мяне, бо ўзыйшла зараніца». I сказаў [Якуб]: «Не пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне».
27 I Ён сказаў яму: «Якое імя тваё?» А ён сказаў: «Якуб».
28 I сказаў: «Не Якуб будуць называць ужо імя тваё, але Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам і з людзьмі, і перамог».
29 I спытаўся Якуб, і сказаў: «Скажы, калі ласка, імя Тваё». I Ён сказаў: «Навошта ты пытаешся імя Маё?» I дабраславіў яго там.
30 I назваў Якуб імя таго месца: Пэніэль, бо [казаў]: «Я бачыў Бога абліччам да аблічча, і захаваная душа мая».
31 I ўзыйшло сонца, калі ён праходзіў Пэніэль, і ён накульгваў на сьцягно сваё.
32 Дзеля гэтага не ядуць сыны Ізраіля жылы цягліцы, якая на суставе сьцягна, аж да сёньня, бо Ён дакрануўся да суставу сьцягна Якуба, да жылы цягліцы.
Разьдзел 33
1 I ўзьняў Якуб вочы свае, і ўбачыў, і вось, Эзаў прыйшоў, і з ім чатырыста чалавек. I ён падзяліў дзяцей Леі, Рахелі і дзьвюх нявольніцаў.
2 I паставіў нявольніцаў і дзяцей іхніх першымі, а Лею і дзяцей ейных за імі, а Рахель і Язэпа за імі.
3 І ён выйшаў перад імі, і пакланіўся да зямлі сем разоў, пакуль наблізіўся да брата свайго.
4 I пабег Эзаў яму насустрач, і абняў яго, і ўпаў на шыю яму, і цалаваў яго, і плакалі [разам].
5 І ўзьняў ён вочы свае, і ўбачыў жанчынаў і дзяцей, і сказаў: «Хто яны табе?» I сказаў [Якуб]: «Дзеці, якімі Бог абдараваў слугу твайго».
6 I наблізіліся нявольніцы, самі і дзеці іхнія, і пакланіліся.
7 I наблізілася таксама Лея і дзеці ейныя, і пакланіліся. А потым наблізіліся Язэп і Рахель, і пакланіліся.
8 I сказаў [Эзаў]: «Што ў цябе за цэлы табар гэты, які я сустрэў?» I сказаў [Якуб]: «Каб знайсьці ласку ў вачах пана майго».
9 I сказаў Эзаў: «Маю я шмат, браце мой. Няхай будзе тваё тое, што ў цябе».
10 I сказаў Якуб: «Не, прашу, калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, прыймі дар мой з рукі маёй, бо я, убачыўшы аблічча тваё, быццам убачыў аблічча Божае, і ты меў ласку да мяне.
11 Прыймі, прашу, дабраславенства маё, якое я прывёў табе, бо Бог абдараваў мяне, і я маю ўсё». I ён упрасіў яго, і той узяў.
12 I сказаў [Эзаў]: «Вырушым і пойдзем, і я буду ісьці разам з табою».
13 I сказаў яму [Якуб]: «Пан мой ведае, што дзеці кволыя, і авечкі котныя, і каровы цельныя ў мяне. Калі пагнаць іх адзін дзень, паздыхаюць усе авечкі.
14 Няхай пан мой пойдзе перад абліччам слугі свайго, а я пайду паволі, паводле хады чарады, якая перада мною, і паводле хады дзяцей, аж прыйду да пана майго ў Сэір».
15 I сказаў Эзаў: «Я пакіну з табою [частку] людзей, якія са мною». I сказаў [Якуб]: «Навошта гэта, калі я знайшоў ласку ў вачах пана майго».
16 I вярнуўся ў той дзень Эзаў шляхам сваім у Сэір.
17 А Якуб вырушыў у Сукот і пабудаваў сабе дом, а статку свайму парабіў буданы. Дзеля гэтага ён назваў імя месцу таму Сукот.
18 I прыйшоў Якуб у супакоі да гораду Сыхем, які ў зямлі Ханаан, калі прыйшоў з Падан-Араму, і паставіў [намёты] перад горадам.
19 I купіў ён частку поля, на якім паставіў намёт свой, з рукі сыноў Гамора, бацькі Сыхема, за сто кесытаў.
20 I паставіў там ахвярнік, і назваў яго «Бог ёсьць Бог Ізраіля».
Разьдзел 34
1 I выйшла Дзіна, дачка Леі, якую яна нарадзіла Якубу, паглядзець на дочак зямлі той.
2 I ўбачыў яе Сыхем, сын Гамора Хівея, князя зямлі той, і ўзяў яе, і ляжаў з ёю, і згвалціў яе.
3 I прыляпілася душа ягоная да Дзіны, дачкі Якуба, і ён пакахаў дзяўчыну, і гаварыў да сэрца дзяўчыны.
4 I сказаў Сыхем Гамору, бацьку свайму, кажучы: «Вазьмі мне дзяўчыну гэтую за жонку».
5 I Якуб пачуў, што зганьбавана Дзіна, дачка ягоная, а сыны ягоныя былі пры статку на полі, і маўчаў Якуб, пакуль не прыйшлі яны.
6 I выйшаў Гамор, бацька Сыхему, да Якуба паразмаўляць з ім.
7 А сыны Якуба прыйшлі з поля, і, пачуўшы, засмуціліся мужы, і гневаліся вельмі, бо ганьбу зрабіў [Сыхем] Ізраілю, лёгшы з дачкою Якуба, бо гэтак ня робіцца.
8 I гаварыў Гамор з імі, кажучы: «Сыхем, сын мой, прыляпіўся душою сваёю да дачкі вашае. Дайце, прашу, яе яму за жонку.
9 І пасваячцеся з намі, дочак вашых дайце нам, а дочак нашых бярыце сабе.
10 I з намі жывіце, і зямля гэтая будзе перад абліччам вашым, жывіце і гандлюйце ў ёй, і бярыце яе [на ўласнасьць]».
11 I сказаў Сыхем бацьку ейнаму і братам ейным: «Каб я знайшоў ласку ў вачах вашых, і што скажаце мне, я дам.
12 Павялічце мне вельмі вена і дары, і я дам, што вы скажаце мне, толькі дайце мне дзяўчыну за жонку».
13 I адказалі сыны Якуба Сыхему і Гамору, бацьку ягонаму, падступна, і гаварылі так, бо ён зганьбіў Дзіну, сястру іхнюю.
14 I сказалі ім: «Ня можам зрабіць гэтага, выдаць сястру нашую чалавеку, які мае скуравінку, бо ганьба гэта для нас.
15 Толькі тады мы пагодзімся з вамі, калі вы будзеце, як мы, каб быў абрэзаны ў вас кожны мужчына.
16 I будзем даваць дочак нашых вам, а дочак вашых браць сабе, і будзем жыць з вамі, і будзем адзін народ.
17 А калі не паслухаеце нас, каб абрэзацца, мы возьмем дачку нашую і адыйдзем».
18 I былі добрымі словы іхнія ў вачах Гамора і ў вачах Сыхема, сына Гамора.
19 I не затрымаўся юнак той зрабіць гэтую справу, бо ён жадаў дачку Якуба. А ён быў найбольш шанаваны ў-ва ўсім доме бацькі свайго.
20 I прыйшоў Гамор і Сыхем, сын ягоны, да брамы гораду свайго, і гаварылі жыхарам гораду свайго, кажучы:
21 «Гэтыя людзі прыязныя да нас. Няхай яны жывуць у зямлі гэтай і гандлююць у ёй. І зямля гэтая прасторная перад абліччам іхнім. Дочак іхніх возьмем сабе за жонак, а дочак нашых дамо ім.
22 Толькі пры адной [умове] пагодзяцца з намі людзі гэтыя, каб жыць з намі і быць адным народам, калі ў нас будуць абрэзаныя ўсе мужчынскага [роду], як яны абрэзаныя.
23 Статкі іхнія, і маёмасьць іхняя, і ўся скаціна іхняя, ці ж ня нашая [будзе]? Толькі пагодзімся з імі, і яны будуць жыць з намі».
24 I паслухалі Гамора і Сыхема, сына ягонага, усе, што выходзілі з брамы гораду свайго; і былі абрэзаныя ўсе мужчынскага [роду], усе, што выходзілі з брамы гораду свайго.
25 I сталася на трэці дзень, калі яны былі ў вялікім болю, узялі два сыны Якуба, Сымон і Левій, браты Дзіны, кожны меч свой, і ўвайшлі ў горад, [які пачуваўся] бясьпечна, і забілі ўсіх мужчынаў.
26 I Гамора, і Сыхема, сына ягонага, забілі вострывам мяча, і ўзялі Дзіну з дому Сыхема, і выйшлі.
27 Сыны Якуба прыйшлі да забітых і зрабавалі горад за тое, што зганьбілі сястру іхнюю.
28 I авечак іхніх, і валоў іхніх, і аслоў іхніх, і тое, што было ў горадзе і што было ў полі, яны ўзялі.
29 I ўсё багацьце іхняе, і ўсіх дзяцей іхніх, і жанчынаў іхніх узялі ў палон, і зрабавалі ўсё, што было ў дамах.
30 I сказаў Якуб Сымону і Левію: «Вы зрабілі зьнішчэньне мне, зрабіўшы мяне агідным для жыхароў зямлі гэтае, Хананейцаў і Пэрэзэяў, а ў мяне людзей няшмат, і зьбяруцца на мяне, і паб’юць мяне, і будуць зьнішчаны я і дом мой».
31 А яны сказалі: «Ці ж можна рабіць з сястрою нашаю як з блудніцаю?»
Разьдзел 35
1 I сказаў Бог Якубу: «Устань, узыйдзі ў Бэтэль, і жыві там, і зрабі там ахвярнік Богу, Які зьявіўся табе, калі ты ўцякаў ад аблічча Эзава, брата твайго».
2 I сказаў Якуб дому свайму і ўсім, якія [былі] з ім: «Аддзяліце [ад сябе] багоў чужых, якія сярод вас, і ачысьціцеся, і зьмяніце адзеньні вашыя,
3 і ўстаньма, і ўзыйдзем у Бэтэль, і я зраблю там ахвярнік Богу, Які адказаў мне ў дзень нядолі маёй і быў са мною ў дарозе, якой я ішоў».
4 I аддалі Якубу ўсіх багоў чужых, якія былі ў руках іхніх, і завушніцы, што былі ў вушах іхніх; і закапаў іх Якуб пад дубам, які каля Сыхему.
5 I вырушылі яны. I быў жах Божы на гарадах, што [былі] ў той ваколіцы, і ня гналіся яны за сынамі Якуба.
6 I прыйшоў Якуб у Люз, які ў зямлі Ханаан, ён жа Бэтэль, сам і ўвесь народ, які з ім.
7 I пабудаваў ён там ахвярнік, і назваў гэтае месца Эль-Бэт-Эль, бо там зьявіўся яму Бог, калі ён уцякаў ад аблічча брата свайго.
8 I памерла Дэвора, нянька Рэбэкі, і была пахаваная ніжэй Бэтэлю пад дубам, і названа імя ягонае «Дуб плачу».
9 I зьявіўся Бог Якубу ізноў пасьля прыходу ягонага з Падан-Араму, і дабраславіў яго.
10 I сказаў яму Бог: «Імя тваё Якуб. Ня будзе ўжо называцца імя тваё Якуб, але Ізраіль будзе імя тваё». I назваў яго імя Ізраіль.
11 I сказаў яму Бог: «Я — Бог Усемагутны! Пладзіся і памнажайся! Народ і супольнасьць народаў будзе з цябе, і валадары выйдуць з паясьніцы тваёй.
12 І зямлю, якую Я даў Абрагаму і Ісааку, Я дам табе, і насеньню твайму пасьля цябе Я дам зямлю гэтую».
13 I ўзыйшоў ад яго Бог з месца, на якім гаварыў з ім.
14 I паставіў Якуб слуп на месцы, на якім [Бог] гаварыў з ім, слуп каменны, і ўзьліў на яго ўзьліваньне, і ўзьліў на яго алей.
15 I назваў Якуб імя месца, на якім Бог гаварыў з ім, Бэтэль.
16 I вырушыў з Бэтэлю. I быў яшчэ кавалак зямлі, каб прыйсьці да Эфраты; і нарадзіла Рахель, і цяжкія былі роды.
17 I сталася, што яна нараджала з вялікім болем, і сказала ёй павітуха: «Ня бойся, бо таксама гэта сын у цябе».
18 I сталася, калі выходзіла з яе душа, бо яна памірала, яна назвала імя ягонае Бэн-Оні, а бацька ягоны назваў яго Бэн’ямін.
19 I памерла Рахель, і была пахаваная пры дарозе ў Эфрату, гэта Бэтлеем.
20 I паставіў Якуб слуп над магілай ейнай. Гэта слуп магільны Рахелі да сёньня.
21 I вырушыў [адтуль] Ізраіль, і паставіў намёт свой за Мігдаль-Эдэрам.
22 I сталася, калі жыў Ізраіль у зямлі той, пайшоў Рубэн, і лёг з Більгай, наложніцай бацькі свайго. I пачуў [пра гэта] Ізраіль. I было сыноў Якуба дванаццаць.
23 Сыны Леі: першародны Якуба Рубэн, Сымон, Левій, Юда, Ісахар і Завулён.
24 Сыны Рахелі: Язэп і Бэн’ямін.
25 I сыны Більгі, нявольніцы Рахелі: Дан і Нэфталі.
26 I сыны Зільпы, нявольніцы Леі: Гад і Асэр. Гэта сыны Якуба, якія нарадзіліся ў яго ў Падан-Араме.
27 I прыйшоў Якуб да Ісаака, бацькі свайго, у Мамрэ, у Кірыят-Арбу, гэта значыць у Хеўрон, дзе жылі Абрагам і Ісаак.
28 I было дзён Ісаака сто восемдзясят гадоў.
29 I супачыў Ісаак, і памёр, і быў далучаны да народу свайго, стары і насычаны днямі, і пахавалі яго Эзаў і Якуб, сыны ягоныя.
Разьдзел 36
1 I вось радавод Эзава, ён жа Эдом.
2 Эзаў узяў сабе жонак з дачок Ханаану: Аду, дачку Элёна Хета, і Агаліваму, дачку Аны, дачку Цывеона Хівея,
3 і Басэмат, дачку Ізмаэля, сястру Наваёта.
4 I нарадзіла Ада Эзаву Эліфаза, а Басэмат нарадзіла Рэўэля,
5 а Агалівама нарадзіла Евуша, Яляма і Караха. Гэта сыны Эзава, якія нарадзіліся ў яго ў зямлі Ханаан.
6 I ўзяў Эзаў жонак сваіх, і сыноў сваіх, і дочак сваіх, і ўсе душы дому свайго, і статкі свае, і ўсю скаціну сваю, і ўсю маёмасьць сваю, якую ён прыдбаў у зямлі Ханаан, і пайшоў у іншую зямлю ад аблічча Якуба, брата свайго,
7 бо была маёмасьць іхняя вялікая, каб яны маглі жыць разам, і не магла зямля вандраваньня іхняга насіць іх з прычыны статкаў іхніх.
8 I пасяліўся Эзаў на гары Сэір, Эзаў, ён жа Эдом.
9 I вось радавод Эзава, бацькі Эдому на гары Сэір.
10 Вось імёны сыноў Эзава: Эліфаз, сын Ады, жонкі Эзава; Рэўэль, сын Басэмат, жонкі Эзава.
11 І былі сыны Эліфаза: Тэман, Амар, Цэфо, Гатам і Кеназ.
12 А Тымна была наложніцай Эліфаза, сына Эзава, і яна нарадзіла Эліфазу Амалека. Гэта сыны Ады, жонкі Эзава.
13 І вось сыны Рэўэля: Нахат, Зэрах, Шамма і Міза. Гэтыя былі сынамі Басэмат, жонкі Эзава.
14 I вось сыны Агалівамы, дачкі Аны, дачкі Цывеона, жонкі Эзава. Яна нарадзіла Эзаву Евуша, Яляма і Караха.
15 Вось князі сыноў Эзава. Сыны Эліфаза, першароднага Эзава: князь Тэман, князь Амар, князь Цэфо, князь Кеназ,
16 князь Карах, князь Гатам, князь Амалек. Гэта князі Эліфаза ў зямлі Эдом, гэта сыны Ады.
17 А вось сыны Рэўэля, сына Эзава: князь Нагат, князь Зэрах, князь Шамма, князь Міза. Гэта князі Рэўэля ў зямлі Эдом, гэта сыны Басэмат, жонкі Эзава.
18 А вось сыны Агалівамы, жонкі Эзава: князь Евуш, князь Ялям, князь Карах. Гэта князі Агалівамы, дачкі Аны, жонкі Эзава.
19 Вось сыны Эзава, і вось князі іхныя. Гэта Эдом.
20 Вось сыны Сэіра Харэя, жыхары зямлі той: Лётан, Шаваль, Цывеон, Ана,
21 Дышон, Эцэр і Дышан. Гэта князі Харэяў, сыны Сэіра ў зямлі Эдом.
22 I былі сыны Лётана: Хоры і Геман, а сястра Лётана — Тымна.
23 А вось сыны Шаваля: Альван, Манахат, Эваль, Шэфо і Анам.
24 А вось сыны Цывеона: Ая і Ана. Гэта той Ана, які знайшоў гарачыя крыніцы ў пустыні, калі пасьвіў аслоў Цывеона, бацькі свайго.
25 А вось сыны Аны: Дышон і Агалівама, дачка Аны.
26 А вось сыны Дышона: Хемдан, Эшбан, Ітран, і Херан.
27 Вось сыны Эцэра: Більган, Зааван і Акан.
28 Вось сыны Дышана: Уц і Аран.
29 Вось князі Харэяў: князь Лётан, князь Шаваль, князь Цывеон, князь Ана,
30 князь Дышон, князь Эцэр, князь Дышан. Гэта князі Харэяў паводле княстваў сваіх у зямлі Сэір.
31 А вось валадары, якія валадарылі ў зямлі Эдом, раней за валадараньне валадароў у сыноў Ізраіля.
32 I валадарыў у Эдоме Бэла, сын Бэора, а імя гораду ягонага — Дынгава.
33 I памёр Бэла, і валадарыў пасьля яго Ёваў, сын Зэраха, з Боцры.
34 I памёр Ёваў, і валадарыў пасьля яго Хушам, з зямлі Тэман.
35 І памёр Хушам, і валадарыў пасьля яго Гадад, сын Бэдада, які пабіў Мадыянцаў на полі Мааўскім; а імя гораду ягонага — Авіт.
36 I памёр Гадад, і валадарыў пасьля яго Самла з Масрэкі.
37 I памёр Самла, і валадарыў пасьля яго Шауль з Рэхавота, што каля ракі.
38 I памёр Шауль, і валадарыў пасьля яго Баал-Ханан, сын Ахбора.
39 I памёр Баал-Ханан, сын Ахбора, і валадарыў пасьля яго Гадар, а імя гораду ягонага — Паў; а імя жонкі ягонае — Мэгетавэль, дачка Матрэды, дачкі Мэзагава.
40 А вось імёны князёў Эзава, паводле плямёнаў іхніх, паводле мясцовасьцяў іхніх, [названых] імёнамі іхнімі: князь Тымна, князь Альва, князь Етэт,
41 князь Агалівама, князь Эла, князь Пінон,
42 князь Кеназ, князь Тэман, князь Міўцар,
43 князь Магдыель, князь Ірам. Вось князі Эдому, паводле сялібаў іхніх, у зямлі ўласнасьці іхняй. Гэта Эзаў, бацька Эдому.
Разьдзел 37
1 І жыў Якуб у зямлі вандраваньня бацькі свайго, у зямлі Ханаан.
2 Вось радавод Якуба. Язэп, маючы сямнаццаць гадоў, пасьвіў авечкі з братамі сваімі. І быў ён юнаком, разам з сынамі Більгі і сынамі Зільпы, жонак бацькі свайго. I прыносіў Язэп ліхія весткі пра іх да бацькі іхняга.
3 А Ізраіль любіў Язэпа больш за ўсіх сыноў сваіх, бо ён быў сын старасьці ягонай; і ён справіў яму каляровую шату.
4 I ўбачылі браты ягоныя, што бацька іхні любіць яго больш за ўсіх братоў, і зьненавідзелі яго, і не маглі гаварыць з ім спакойна.
5 I сьніў Язэп сон, і расказаў братам сваім, і яны яшчэ больш зьненавідзелі яго.
6 І ён сказаў ім: «Паслухайце, калі ласка, сон гэты, які я сьніў.
7 I вось, мы вяжам снапы сярод поля; і вось, устаў сноп мой, і так стаяў; і вось, абступілі яго снапы вашыя і пакланіліся снапу майму».
8 I сказалі яму браты ягоныя: «Няўжо валадарачы, ты будзеш валадарыць над намі? Ці, пануючы, будзеш панаваць над намі?» I яшчэ больш зьненавідзелі яго за сны ягоныя і за словы ягоныя.
9 I сьніў ён яшчэ другі сон, і расказаў яго братам сваім, і сказаў: «Вось, я сьніў яшчэ сон. І вось, сонца, і месяц, і адзінаццаць зорак кланяліся мне».
10 I ён распавёў бацьку свайму і братам сваім; і насварыўся на яго бацька ягоны, і сказаў яму: «Што гэта за сон, які ты сьніў? Ці ж прыходзячы, прыйду я, і маці твая, і браты твае, каб пакланіцца табе да зямлі?»
11 I зайздросьцілі яму браты ягоныя, а бацька ягоны захоўваў гэтае слова.
12 I пайшлі браты ягоныя пасьвіць авечкі бацькі свайго ў Сыхем.
13 I сказаў Ізраіль Язэпу: «Ці ж браты твае ня пасьвяць у Сыхеме? Ідзі, я пашлю цябе да іх». А ён сказаў яму: «Вось я!»
14 I сказаў яму: «Пайдзі, прашу, паглядзі, ці ў супакоі браты твае і ці ў супакоі авечкі, і прынясі мне вестку». I паслаў яго з даліны Хеўрон; і ён пайшоў у Сыхем.
15 I знайшоў яго [нейкі] чалавек, а вось, ён блукаў у полі, і спытаўся ў яго той чалавек, кажучы: «Што шукаеш?»
16 А ён сказаў: «Я шукаю братоў маіх. Прашу, скажы мне, дзе яны пасьвяць?»
17 I сказаў чалавек той: «Яны вырушылі адсюль, бо я чуў, як яны казалі: “Хадзем у Датан”». I пайшоў Язэп за братамі сваімі, і знайшоў іх у Датане.
18 I яны ўбачылі яго здалёк, перш, чым ён наблізіўся да іх, і змовіліся супраць яго, каб усьмерціць яго.
19 I сказалі адзін да аднаго: «Вось, гэты гаспадар сноў ідзе.
20 I цяпер хадзем, і заб’ем яго, і кінем яго ў нейкую яму, і скажам: “Злы зьвер зьеў яго”, і паглядзім, што будзе з ягоных сноў».
21 I пачуў [гэта] Рубэн, і выбавіў яго з рук іхніх, і сказаў: «Не забівайма душы».
22 I сказаў ім Рубэн: «Не разьлівайце крыві, кіньце яго ў гэтую яму, якая ў пустыні, а рукі не выцягніце на яго», каб выбавіць яго ад рукі іхняй, каб вярнуць яго бацьку ягонаму.
23 I сталася, калі Язэп прыйшоў да братоў сваіх, яны зьнялі з Язэпа адзеньне ягонае, шату каляровую, якая была на ім.
24 I ўзялі яго, і кінулі яго ў яму; а яма была пустая, не было ў ёй вады.
25 I селі яны есьці хлеб, і ўзьнялі вочы свае, і ўбачылі, і вось, караван Ізмаэльцаў ідзе з Гілеаду, і вярблюды іхныя нясуць пахошчы, бальзам і ладан, ідучы, каб завезьці гэта ў Эгіпет.
26 I сказаў Юда братам сваім: «Якая карысьць, што мы заб’ем брата нашага і схаваем кроў ягоную?
27 Пойдзем і прадамо яго Ізмаэльцам, і рукі нашыя няхай ня будуць на ім; бо ён — брат наш, цела наша». I паслухалі [яго] браты ягоныя.
28 I праходзілі тыя людзі, купцы Мадыянскія, а яны выцягнулі Язэпа з ямы, і прадалі Язэпа Ізмаэльцам за дваццаць срэбнікаў; і тыя завялі Язэпа ў Эгіпет.
29 I вярнуўся Рубэн да ямы, і вось, няма Язэпа ў яме. I разарваў ён адзеньне сваё,
30 і вярнуўся да братоў сваіх, і сказаў: «Хлопца няма, а я, куды я пайду?»
31 I ўзялі яны шату Язэпа, і зарэзалі казла, і намачылі шату ў крыві,
32 і паслалі шату каляровую, і прынесьлі бацьку свайму, і сказалі: «Гэта мы знайшлі. Спраўдзь, просім, ці гэта адзеньне сына твайго, ці не?»
33 I ён пазнаў яго, і сказаў: «Шаты сына майго. Дзікі зьвер зьеў яго, разьдзіраючы; разьдзёрты Язэп».
34 I разарваў Якуб адзеньне сваё, і апрануў зрэбніцу на сьцёгны свае, і плакаў па сыне сваім шмат дзён.
35 I ўсталі ўсе сыны ягоныя, і ўсе дочкі ягоныя, каб пацешыць яго, але ён адмаўляўся пацешыцца, і казаў: «Бо зыйду да сына майго са смуткам у апраметную». I плакаў па [Язэпе] бацька ягоны.
36 А Мадыянцы прадалі яго ў Эгіпце Патыфару, урадоўцу фараона, начальніку варты.
Разьдзел 38
1 I сталася ў той час, і зыйшоў Юда ад братоў сваіх, і паставіў [намёт свой] у аднаго Адулямца, імя якога — Хіра.
2 I ўбачыў там Юда дачку аднаго Хананейца, імя якога — Шуа, і ўзяў яе, і ўвайшоў да яе.
3 I яна зачала, і нарадзіла сына; і ён назваў імя ягонае Ер.
4 I зачала яна зноў, і нарадзіла сына, і назвала імя ягонае Анан.
5 I яшчэ дадала, і нарадзіла сына, і назвала імя ягонае Шэля. Яна была ў Хезіве, калі нарадзіла яго.
6 I ўзяў Юда жонку для Ера, першароднага свайго, імя якой — Тамар.
7 I быў Ер, першародны Юды, ліхі ў вачах ГОСПАДА, і ўсьмерціў яго ГОСПАД.
8 I сказаў Юда Анану: «Увайдзі да жонкі брата свайго, і споўні абавязак швагра з ёю, і ўзнаві насеньне брату свайму».
9 I ведаў Анан, што не яму будзе насеньне; і было, што калі ён уваходзіў да жонкі брата свайго, выліваў на зямлю, каб ня даць насеньня брату свайму.
10 I было ліхім у вачах ГОСПАДА тое, што ён рабіў; і Ён таксама ўсьмерціў яго.
11 I сказаў Юда Тамар, нявестцы сваёй: «Застанься ўдавою ў доме бацькі свайго, пакуль вырасьце Шэля, сын мой». Бо ён сказаў: «Каб не памёр таксама ён, як браты ягоныя». I пайшла Тамар, і жыла ў доме бацькі свайго.
12 I прайшло шмат дзён, і памерла дачка Шуа, жонка Юды. I суцешыўся Юда [пасьля жалобы], і ўзыйшоў у Тымну да стрыгачоў авечак сваіх, сам і Хіра Адулямец, таварыш ягоны.
13 І паведамілі Тамар, кажучы: «Вось, сьвёкар твой узыходзіць у Тымну стрыгчы авечак сваіх».
14 I яна скінула з сябе ўдовінае адзеньне сваё, і засланілася вэлюмам, і, захінуўшыся, села каля ўваходу ў Энаім, які на дарозе да Тымны, бо бачыла, што Шэля вырас, а яна ня дадзена яму за жонку.
15 I ўбачыў яе Юда, і падумаў, што яна — блудніца, бо яна закрыла аблічча сваё.
16 І ён павярнуў да яе з дарогі, і сказаў: «Дазволь, прашу, увайду да цябе». Бо ён ня ведаў, што яна — нявестка ягоная. А яна сказала: «Што ты дасі мне, калі ўвойдзеш да мяне?»
17 I ён сказаў: «Я прышлю табе казьляня з чарады». А яна сказала: «Ці дасі мне заруку, пакуль прышлеш [яго]».
18 I ён сказаў: «Якую заруку даць табе?» А яна сказала: «Пячатку тваю, і пас твой, і кій твой, які ў руцэ тваёй». I ён даў ёй, і ўвайшоў да яе; і яна зачала яму.
19 І ўстала, і пайшла, і зьняла вэлюм свой з сябе, і апранулася ва ўдовіны шаты.
20 I паслаў Юда казьляня праз рукі таварыша свайго Адулямца, каб узяць заруку з рукі жанчыны, але ён не знайшоў яе.
21 I пытаўся ён у людзей месца таго, кажучы: «Дзе блудніца, якая ў Энаіме пры дарозе?» А яны казалі: «Тут не было блудніцы».
22 I вярнуўся ён да Юды, і сказаў: «Я не знайшоў яе; і таксама людзі таго месца казалі: “Тут не было блудніцы”».
23 I сказаў Юда: «Няхай яна возьме [заруку] сабе, каб толькі не было з нас кпінаў; вось, я паслаў казьляня гэтае, а ты не знайшоў яе».
24 І сталася, што праз тры месяцы паведамілі Юдзе, кажучы: «Чужаложыла Тамар, нявестка твая, і нават яна цяжарная ад распусты». I сказаў Юда: «Вывядзіце яе, і няхай будзе спаленая».
25 Яе павялі [на спаленьне], а яна паслала да сьвёкра свайго, кажучы: «Ад чалавека, якога гэтыя [рэчы], я цяжарная». I сказала: «Пазнавай, чыя пячатка, і пас, і кій вось гэтыя».
26 I пазнаў [іх] Юда, і сказаў: «Яна больш праведная, чым я, бо я ня даў яе Шэлі, сыну свайму». I больш не пазнаваў яе.
27 I сталася ў часе родаў ейных, і вось, блізьняты ў жываце ейным.
28 I сталася пры родах, і высунуў [адзін] ручку; і ўзяла павітуха, і завязала на ручку яму чырвоную нітку, кажучы: «Гэты выйшаў першы».
29 I сталася, што схавалася рука ягоная, і вось, выйшаў брат ягоны. I яна сказала: «Як ты прарваў перагароду?». I назвала імя ягонае Пэрэс.
30 А потым выйшаў брат ягоны, у якога на руцэ чырвоная нітка. I назвала імя ягонае Зарах.
Разьдзел 39
1 А Язэп быў заведзены ў Эгіпет, і купіў яго Патыфар, урадовец фараона, начальнік варты, Эгіпцянін, з рук Ізмаэльцаў, якія завялі яго туды.
2 I быў ГОСПАД з Язэпам, і стаўся ён чалавекам, які мае посьпех, і быў у доме гаспадара свайго, Эгіпцяніна.
3 I бачыў гаспадар ягоны, што ГОСПАД з ім, і ўсяму, што ён робіць, ГОСПАД дае посьпех у руках ягоных.
4 I знайшоў Язэп ласку ў вачах ягоных, і служыў яму, і ён паставіў яго над домам сваім, і ўсё, што меў, аддаў у рукі ягоныя.
5 I сталася, што ад таго часу, як ён паставіў яго над домам сваім і над усім, што меў, ГОСПАД дабраславіў дом Эгіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславеньне ГОСПАДА на ўсім, што меў ён у доме і ў полі.
6 I аддаў ён усё, што меў, у рукі Язэпа; і ня рупіўся ні пра што, акрамя хлеба, які ён еў. А Язэп меў зграбную постаць і прывабны выгляд.
7 I сталася пасьля гэтых падзеяў, і ўзьняла жонка гаспадара ягонага вочы свае на Язэпа, і сказала: «Ляж са мною».
8 Але ён адмовіўся, і сказаў жонцы гаспадара свайго: «Вось, гаспадар мой ня рупіцца пры мне ні пра што ў доме, і ўсё, што мае, аддаў у руку маю.
9 Няма нікога, важнейшага за мяне, у доме гэтым; і ён не забараняе мне нічога, акрамя толькі цябе, бо ты — жонка ягоная. І як я магу ўчыніць такое вялікае злачынства і зграшыць супраць Бога».
10 I сталася, што яна зьвярталася да Язэпа штодня, а ён ня слухаў яе, каб легчы каля яе, і быць з ёю.
11 I сталася аднаго дня, і ён увайшоў у дом рабіць працу сваю, і нікога з людзей дому не было ў доме.
12 I яна схапіла яго за адзеньне ягонае, кажучы: «Ляж са мною». Але ён пакінуў адзеньне сваё ў руцэ ейнай, і ўцёк, і выйшаў навонкі.
13 I сталася, калі яна ўбачыла, што ён пакінуў адзеньне сваё ў руцэ ейнай і выбег навонкі,
14 яна паклікала людзей дому свайго, і сказала ім, кажучы: «Гляньце, прывялі да нас Гебрая, каб ён сваволіў у нас. Ён прыйшоў да мяне, каб легчы са мною, і я закрычала голасам вялікім.
15 I сталася, калі ён пачуў, што я ўзьняла голас мой і закрычала, ён пакінуў адзеньне сваё ў мяне, і ўцёк, і выйшаў навонкі».
16 I пакінула адзеньне ягонае ў сябе да прыходу гаспадара ягонага да дому свайго.
17 I гаварыла з ім гэткімі словамі, кажучы: «Прыйшоў да мяне гэты нявольнік Гебрай, якога ты прывёў да нас, каб сваволіць са мною.
18 I сталася, калі я ўзьняла голас мой і закрычала, ён пакінуў адзеньне сваё ў мяне і ўцёк навонкі».
19 I сталася, што пачуў гаспадар ягоны словы жонкі сваёй, якія яна гаварыла яму, кажучы: «Гэткую рэч учыніў мне нявольнік твой!», і ўзгарэўся гнеў ягоны.
20 I ўзяў гаспадар Язэпаў яго, і кінуў яго ў вязьніцу, месца, дзе былі ўвязьнены вязьні валадара. І быў ён там у вязьніцы.
21 I быў ГОСПАД з Язэпам, і зьявіў да яго міласэрнасьць, і даў ласку яму ў вачах начальніка вязьніцы.
22 I аддаў начальнік вязьніцы ў руку Язэпу ўсіх вязьняў, якія былі ў вязьніцы, і ўсё, што там рабілі, ён рабіў.
23 Не пільнаваў начальнік вязьніцы нічога, што было ў руках ягоных, бо ГОСПАД быў з ім, і ў тым, што ён рабіў, ГОСПАД даваў посьпех.
Разьдзел 40
1 І сталася пасьля гэтых падзеяў, саграшылі чашнік валадара Эгіпецкага і пекар перад панам сваім, перад валадаром Эгіпецкім.
2 I загневаўся фараон на двух урадоўцаў сваіх, на начальніка чашнікаў і на начальніка пекараў,
3 і аддаў іх пад варту ў дом начальніка варты, у вязьніцу, месца, дзе Язэп быў вязьнем.
4 I прызначыў начальнік варты Язэпа да іх, і ён служыў ім. I былі яны шмат дзён пад вартаю.
5 I сьнілі ў адну ноч яны абодва кожны свой сон, кожны [сьніў] са значэньнем сон свой, чашнік і пекар, якія былі ў валадара Эгіпецкага і якія былі ўвязьненыя ў вязьніцы.
6 I прыйшоў да іх Язэп раніцай, і ўбачыў іх, і вось, яны засмучаныя.
7 I спытаўся ён у ўрадоўцаў фараона, што былі пад вартаю з ім у доме пана ягонага, кажучы: «Чаму абліччы вашыя сёньня [маюць] благі выгляд?»
8 I сказалі яны яму: «Сьнілі мы сон, а растлумачыць [яго] няма каму». I сказаў ім Язэп: «Ці ж ня ў Бога тлумачэньне [сну]? Распавядзіце мне».
9 I распавёў начальнік чашнікаў сон свой Язэпу, і сказаў яму: «У сьне маім, вось, вінаградная лаза перада мною.
10 I на вінаграднай лазе — тры галінкі. І яна, калі вырасла, расквітнела квеценьню сваёй, насьпелі гронкі вінаграду ейнага.
11 I келіх фараона ў руцэ маёй, і я ўзяў вінаградныя ягады, і выціснуў іх у келіх фараона, і даў келіх у рукі фараона».
12 I сказаў яму Язэп: «Гэта тлумачэньне [сну]: тры галінкі — гэта тры дні.
13 Праз тры дні падыме фараон галаву тваю, і верне цябе на месца тваё, і ты будзеш даваць келіх фараону ў руку ягоную паводле ранейшага звычаю, калі ты быў чашнікам ягоным.
14 Толькі ўзгадай пра мяне, калі будзе табе добра; і зьяві мне міласэрнасьць, узгадай пра мяне перад фараонам, і вывядзі мяне з гэтага дому,
15 бо я крадзьма ўкрадзены з зямлі Гебраяў, і таксама тут нічога не зрабіў, за што б пасадзіць мяне ў вязьніцу».
16 I ўбачыў начальнік пекараў, што ён добра патлумачыў, і сказаў Язэпу: «Я таксама сьніў, і вось, тры кашы плеценыя на галаве маёй.
17 I ў кашы верхнім — усялякая ежа фараона, вырабленая пекарам; і птушкі елі яе з каша на галаве маёй».
18 I адказаў Язэп, і сказаў: «Гэта тлумачэньне [сну]: тры кашы — гэта тры дні.
19 Праз тры дні здыме фараон галаву з цябе, і павесіць цябе на дрэве; і птушкі будуць есьці цела тваё з цябе».
20 І праз тры дні быў дзень нараджэньня фараона, і ён справіў бяседу для ўсіх слугаў сваіх, і падняў галаву начальніка чашнікаў і галаву начальніка пекараў сярод слугаў сваіх.
21 I вярнуў [фараон] начальніка чашнікаў на ягонае месца чашніка, і ён даў келіх у руку фараону,
22 а начальніка пекараў павесіў, як патлумачыў ім Язэп.
23 I не ўзгадаў начальнік чашнікаў пра Язэпа, і забыўся на яго.
Разьдзел 41
1 I сталася, што мінула два гады часу, і сьніў фараон, і вось, ён стаіць каля ракі.
2 I вось, з ракі выходзяць сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых целам; і пасьвіліся на поплаве.
3 I вось, сем іншых кароваў выходзяць за імі з ракі, брыдкіх з выгляду і худых целам, і сталі каля тых кароваў на беразе ракі.
4 I пажэрлі каровы брыдкія з выгляду і худыя целам сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых. I прачнуўся фараон.
5 I ён заснуў, і сьніў другі раз, і вось, сем каласоў вырасьлі на адной сьцябліне, здаровых і добрых.
6 I вось, сем каласоў пустых і высушаных усходнім ветрам вырастаюць пасьля іх.
7 I праглынулі каласы пустыя сем каласоў здаровых і поўных. I прачнуўся фараон, і вось, [гэта] сон.
8 I сталася раніцаю, што быў устрывожаны дух ягоны, і ён паслаў, і паклікаў усіх варажбітоў Эгіпту і ўсіх мудрацоў яго, і распавёў ім фараон сон свой; і не было [нікога], хто б патлумачыў яго фараону.
9 I прамовіў начальнік чашнікаў фараону, кажучы: «Грахі мае ўзгадваю я сёньня.
10 Фараон загневаўся на слугаў сваіх і аддаў мяне пад нагляд у дом начальніка варты, мяне і начальніка пекараў.
11 I мы сьнілі сон у адну ноч, я і ён, кожны са значэньнем сон свой мы сьнілі.
12 I быў там з намі юнак Гебрай, нявольнік начальніка варты. I мы распавялі яму, і ён патлумачыў нам сны нашыя, кожнаму сон ягоны патлумачыў.
13 I сталася, што як ён патлумачыў нам, так і адбылося: мяне вярнулі на становішча маё, а таго павесілі».
14 I паслаў фараон, і паклікаў Язэпа; і хутка вывялі яго з лёху. I ён пагаліўся, і зьмяніў адзеньне сваё, і прыйшоў да фараона.
15 I сказаў фараон Язэпу: «Я сьніў сон, і няма нікога, хто б патлумачыў яго. І я чуў, што пра цябе кажуць, што ты, выслухаўшы сон, тлумачыш яго».
16 I адказаў Язэп фараону, кажучы: «Ня я, але Бог можа казаць на супакой фараону».
17 I сказаў фараон Язэпу: «У сьне маім, вось, стаю я на беразе ракі.
18 I вось, з ракі выходзяць сем кароваў сытых целам і прыгожых з выгляду, і пасьвіліся яны на поплаве.
19 I вось, сем кароваў іншых выходзяць пасьля іх, някшталтныя, вельмі брыдкія з выгляду і худыя целам, я ня бачыў падобных, што да брыдкасьці, у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
20 I пажэрлі каровы худыя і брыдкія першых сем кароваў сытых.
21 I ўвайшлі яны ў чэравы іхныя, і не было пазнаць, што яны ўвайшлі ў чэравы іхныя, і выгляд іхні быў паганы, як і спачатку. I я прачнуўся.
22 I ўбачыў я ў сьне, і вось, сем каласоў вырастаюць на адной сьцябліне, поўных і добрых.
23 I вось, сем каласоў ценькіх, пустых і высушаных усходнім ветрам растуць пасьля іх.
24 I праглынулі каласы пустыя сем каласоў добрых. Я расказаў гэта варажбітам, але няма [нікога, хто б] патлумачыў [гэта] мне».
25 I сказаў Язэп фараону: «Сон фараона — адзін ён. Што Бог зробіць, Ён паведаміў фараону.
26 Сем кароваў добрых — гэта сем гадоў; і сем тых каласоў добрых — гэта сем гадоў. Гэта сон адзін.
27 I сем кароваў худых і брыдкіх, якія выйшлі пасьля іх — гэта сем гадоў; і сем каласоў пустых, высушаных усходнім ветрам — гэта будзе сем гадоў голаду.
28 Гэта слова, якое я прамовіў да фараона. Што Бог зробіць, Ён паказаў фараону.
29 Вось, прыйдзе сем гадоў вялікага дабрабыту ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
30 I настануць пасьля іх сем гадоў голаду; і забудзецца ўвесь той дабрабыт у зямлі Эгіпецкай, і вынішчыць голад гэтую зямлю.
31 I ня будзе відно дабрабыту ў зямлі з прычыны голаду, які будзе пасьля, бо будзе ён вельмі цяжкі.
32 А тое, што паўтарыўся гэты сон фараону двойчы, [азначае], што вызначана гэта справа ў Бога і неўзабаве Бог зьдзейсьніць гэта.
33 I цяпер няхай прыгледзіць фараон мужа кемлівага і мудрага, і няхай паставіць яго над зямлёю Эгіпецкай.
34 Няхай [так] зробіць фараон, і прызначыць наглядчыкаў над краем, і зьбірае пятую частку [ўраджаю] з зямлі Эгіпецкай у сем гадоў дабрабыту.
35 I зьбяруць усякае харчаваньне падчас гэтых добрых гадоў, якія надыйдуць, і няхай зьбіраюць збожжа пад руку фараона на харчаваньне ў гарадах, і няхай захоўваюць.
36 I будзе гэтае харчаваньне на запас зямлі на сем гадоў голаду».
37 I добрае было гэтае слова ў вачах фараона і ў вачах усіх слугаў ягоных.
38 I сказаў фараон слугам сваім: «Ці знойдзецца такі чалавек, як гэты, які мае ў сабе Духа Божага?»
39 I сказаў фараон Язэпу: «Пасьля таго, як Бог паведаміў табе ўсё гэта, няма нікога такога кемлівага і мудрага, як ты.
40 Ты будзеш над домам маім, і вуснаў тваіх будзе слухацца ўвесь народ мой; толькі пасадам я буду перавышаць цябе».
41 I сказаў фараон Язэпу: «Глядзі, я паставіў цябе над усёй зямлёю Эгіпецкай».
42 I зьняў фараон пярсьцёнак свой з рукі сваёй, і даў яго на руку Язэпу; і апрануў яго ў адзеньне з вісону, і ўзлажыў ланцуг залаты на шыю ягоную;
43 і загадаў вазіць яго на другой калясьніцы сваёй, і крычалі перад ім: «Кланяйцеся!» I паставіў яго над усёй зямлёю Эгіпецкай.
44 I сказаў фараон Язэпу: «Я — фараон, але без цябе ніхто не падыме рукі сваёй і нагі сваёй у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай».
45 I назваў фараон імя Язэпава Цафнат-Панэах, і даў яму за жонку Аснат, дачку Паты-Пэра, сьвятара з Ону. I ўзьняўся Язэп над зямлёю Эгіпецкаю.
46 Язэпу было трыццаць гадоў, калі ён стаў перад фараонам, валадаром Эгіпту. I выйшаў Язэп ад аблічча фараона, і прайшоў па ўсёй зямлі Эгіпецкай.
47 I выдала зямля ў сем гадоў дабрабыту поўныя жмені [збожжа].
48 I зьбіраў ён усякае харчаваньне тых сямі гадоў, якія былі ў зямлі Эгіпецкай, і разьмясьціў харчаваньне ў гарадах; харчаваньне з вакалічных палёў гораду ён складаў у [кожным з] іх.
49 I назьбіраў Язэп збожжа, як пяску марскога, так шмат, ажно перасталі лічыць, бо не было [яму] ліку.
50 I ў Язэпа нарадзіліся два сыны перш, чым прыйшоў год голаду, якіх нарадзіла яму Аснат, дачка Паты-Пэра, сьвятара з Ону.
51 I назваў Язэп імя першароднага Манаса, бо [казаў:] «Даў мне Бог забыцца ўсе цяжкасьці мае і ўвесь дом бацькі майго».
52 А імя другога назваў Эфраім, бо казаў: «Распладзіў мяне Бог у зямлі нядолі маёй».
53 I мінулі сем гадоў дабрабыту, які быў у зямлі Эгіпецкай.
54 I пачалі прыходзіць сем гадоў голаду, як сказаў Язэп. I быў голад у-ва ўсіх краінах, але ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай быў хлеб.
55 I галадавала ўся зямля Эгіпецкая, і крычаў народ да фараона пра хлеб, і сказаў фараон усім Эгіпцянам: «Ідзіце да Язэпа і рабіце, што ён вам скажа».
56 I быў голад на ўсім абліччы зямлі, і адчыніў Язэп усе [гумны], якія былі ў іх, і прадаваў Эгіпцянам. I павялічваўся голад у зямлі Эгіпецкай.
57 I з усёй зямлі прыходзілі ў Эгіпет купляць у Язэпа, бо павялічваўся голад па ўсёй зямлі.
Разьдзел 42
1 I ўбачыў Якуб, што ёсьць збожжа ў Эгіпце, і сказаў Якуб сынам сваім: «Што вы паглядаеце [адзін на аднаго]?»
2 I сказаў: «Вось, я чуў, што ёсьць збожжа ў Эгіпце. Зыйдзіце туды і купіце для нас там, і будзем жыць, і не памром».
3 I зыйшлі дзесяць братоў Язэпавых купіць збожжа ў Эгіпце.
4 А Бэн’яміна, брата Язэпа, не паслаў Якуб з братамі ягонымі, бо сказаў: «Каб не здарылася з ім няшчасьце».
5 I прыйшлі сыны Ізраіля купляць збожжа разам з тымі, што прыйшлі [туды], бо быў голад у зямлі Ханаан.
6 А Язэп кіраваў у той зямлі, ён продаў збожжа ўсім людзям зямлі. I прыйшлі браты Язэпа, і пакланіліся яму тварам да зямлі.
7 I ўбачыў Язэп братоў сваіх, і пазнаў іх, і ўдаваў, што ён чужы ім, і размаўляў з імі сувора, і сказаў ім: «Адкуль вы прыйшлі?» I яны сказалі: «З зямлі Ханаан, каб купіць харчоў».
8 I пазнаў Язэп братоў сваіх, а яны не пазналі яго.
9 I ўзгадаў Язэп сны, якія ён сьніў пра іх, і сказаў ім: «Шпегі вы, вы прыйшлі, каб агледзець голасьць зямлі гэтай».
10 I сказалі яны яму: «Не, пане. Слугі твае прыйшлі купіць харчаваньне.
11 Усе мы — сыны аднаго чалавека, шчырыя мы. Не былі слугі твае шпегамі».
12 Але ён сказаў ім: «Не, бо вы прыйшлі агледзець голасьць зямлі гэтай».
13 А яны сказалі: «Дванаццаць слугаў тваіх, браты [мы]. Мы — сыны аднаго чалавека ў зямлі Ханаан, і вось, наймалодшы сёньня з бацькам нашым, а аднаго няма».
14 I сказаў ім Язэп: «Гэта я сказаў вам, кажучы: “Вы — шпегі”.
15 Таму будзеце выспрабаваныя. Няхай жыве фараон! Вы ня выйдзеце адгэтуль, пакуль ня прыйдзе сюды наймалодшы брат ваш.
16 Пашліце аднаго з вас, і няхай ён возьме брата вашага; а вы будзеце ўвязьненыя. I выспрабуюцца словы вашыя, ці праўда ваша. А калі не, няхай жыве фараон! Вы — шпегі».
17 I ўзяў іх пад варту на тры дні.
18 I сказаў ім Язэп на трэці дзень: «Гэта зрабіце, і будзеце жывыя. Бо я баюся Бога.
19 Калі вы — шчырыя, адзін брат ваш застанецца ўвязьнены ў доме, у якім вы пад вартаю, а вы ідзіце, занясіце збожжа дзеля [заспакаеньня] голаду дамоў вашых.
20 I брата вашага малодшага прывядзіце да мяне, і спраўдзяцца словы вашыя, і вы не памраце». I яны зрабілі так.
21 I казалі яны кожны брату свайму: «Сапраўды, мы вінаватыя адносна брата нашага, што мы бачылі гора душы ягонай, як ён маліў нас, але мы не паслухалі, і за тое прыйшла на нас бяда гэтая».
22 I адказаў ім Рубэн, кажучы: «Ці не казаў я вам, кажучы: “Не грашыце супраць хлопца”, а вы не паслухалі; і вось, за кроў ягоную помсьціцца».
23 І яны ня ведалі, што Язэп разумее, бо паміж імі быў перакладчык.
24 I [Язэп] адвярнуўся ад іх, і плакаў. I павярнуўся да іх, і размаўляў з імі, і ўзяў з іх Сымона, і зьвязаў яго перад вачыма іхнімі.
25 I загадаў Язэп, каб напоўнілі мяхі іхнія збожжам, і вярнулі срэбра іхняе кожнаму ў мех ягоны, і далі ім ежу на дарогу. I зрабілі ім гэтак.
26 І яны ўсклалі збожжа сваё на аслоў сваіх, і пайшлі адтуль.
27 I разьвязаў адзін [з іх] мех свой, каб пакарміць асла свайго на папасе; і ўбачыў срэбра сваё, і вось, яно ў адтуліне мяха ягонага.
28 I сказаў ён братам сваім: «Вярнулі срэбра маё, і вось, яно ў мяху маім». I ўстрывожылася сэрца іхняе, і яны задрыжэлі, кажучы адзін аднаму: «Што гэта зрабіў нам Бог?»
29 I прыйшлі яны да Якуба, бацькі свайго, у зямлю Ханаан, і распавялі яму ўсё, што здарылася з імі, кажучы:
30 «Гаварыў гэты чалавек, пан зямлі той, з намі сувора, і меў нас за шпегаў у зямлі той.
31 I сказалі мы яму: “Шчырыя мы, мы не былі шпегамі.
32 Нас дванаццаць братоў, сыны бацькі нашага; аднаго няма, а малодшы сёньня з бацькам нашым у зямлі Ханаан”.
33 I сказаў гэты чалавек, пан зямлі той: “З гэтага я даведаюся, што вы шчырыя: аднаго брата вашага пакіньце ў мяне, а вы вазьміце збожжа дзеля [заспакаеньня] голаду дамоў вашых і ідзіце.
34 I прывядзіце да мяне малодшага брата вашага; і я даведаюся, што вы ня шпегі, але шчырыя вы. Брата вашага аддам вам, і вы будзеце падарожнічаць у зямлі гэтай”».
35 I сталася, калі яны высыпалі мяхі свае, вось, у кожнага капшук са срэбрам ягоным у мяху ягоным. I ўбачылі яны капшукі са срэбрам сваім, яны і бацька іхні, і спалохаліся.
36 I сказаў ім Якуб, бацька іхні: «Вы пазбавілі мяне дзяцей. Язэпа няма; і Сымона няма, і Бэн’яміна [хочаце] ўзяць. Усё гэта [гора] на мяне прыйшло!»
37 I сказаў Рубэн бацьку свайму: «Забі двух сыноў маіх, калі я не прывяду яго да цябе. Аддай яго ў рукі мае, і я вярну яго табе».
38 А ён сказаў: «Ня зыйдзе сын мой з вамі; бо брат ягоны памёр, і ён адзін застаўся! Калі здарыцца з ім няшчасьце ў дарозе, у якую вы пойдзеце, вы зьвядзеце сівізну маю са смуткам у апраметную».
Разьдзел 43
1 А голад цяжэў на зямлі.
2 I сталася, што яны скончылі есьці збожжа, якое прывезьлі з Эгіпту, і сказаў ім бацька іхні: «Вярніцеся, купіце нам трохі харчаваньня».
3 I сказаў яму Юда, кажучы: «Той чалавек сувора папярэдзіў нас, кажучы: “Ня ўбачыце аблічча майго, калі ня [будзе] брат ваш з вамі”.
4 Калі згаджаешся паслаць брата нашага з намі, зыйдзем і купім табе харчаваньне.
5 А калі не пашлеш, ня зыйдзем, бо той чалавек сказаў нам: “Ня ўбачыце аблічча майго, калі ня [будзе] брат ваш з вамі”».
6 I сказаў Ізраіль: «Навошта вы зрабілі мне ліха, сказаўшы таму чалавеку, што ў вас ёсьць яшчэ брат?»
7 І сказалі яны: «Пытаючыся, распытаваў гэты чалавек пра нас, пра сям’ю нашую, кажучы: “Ці яшчэ бацька ваш жывы? Ці ёсьць у вас брат?” І мы адказвалі яму паводле гэтых словаў. Ці маглі мы ведаць, што ён скажа: “Прывядзіце брата вашага”».
8 I сказаў Юда Ізраілю, бацьку свайму: «Пашлі гэтага хлопца са мною; і мы ўстанем, і пойдзем, і будзем жыць, і не памром, і мы, і ты, і дзеці нашыя.
9 Я паручаюся за яго, з рукі маёй будзеш вымагаць яго. Калі я не прывяду яго да цябе і не пастаўлю перад абліччам тваім, буду я грэшны перад табою на ўсё жыцьцё.
10 Бо калі б мы не затрымліваліся, дык цяпер мы б ужо вярнуліся двойчы».
11 I сказаў ім Ізраіль, бацька іхні: «Калі так, тады зрабіце вось што: вазьміце пладоў зямлі ў мяхі вашыя і занясіце гэтаму чалавеку дар, трохі бальзаму, і трохі мёду, і пахошчы, і ладан, і фісташкі, і мігдалы.
12 I срэбра падвойна вазьміце ў рукі вашыя. І срэбра, якое назад [паложана] ў адтуліны мяхоў вашых, вярніце рукамі сваімі; можа, гэта памылка.
13 I брата вашага бярыце, і, устаўшы, вярніцеся да чалавека таго.
14 А Бог Усемагутны няхай дасьць вам ласку перад абліччам таго чалавека, і ён выпусьціць вам другога брата вашага і Бэн’яміна. А я, калі маю пазбыцца дзяцей, пазбудуся».
15 I ўзялі мужы гэтыя дары свае, і срэбра падвойнае ўзялі ў рукі свае, і Бэн’яміна, і ўсталі, і зыйшлі ў Эгіпет, і сталі перад Язэпам.
16 I ўбачыў Язэп з імі Бэн’яміна, і сказаў загадчыку дому свайго: «Увядзі гэтых мужоў у дом, і зарэж, што можна зарэзаць, і прыгатуй [ежу], бо са мною будуць есьці мужы гэтыя апоўдні».
17 I зрабіў той чалавек так, як сказаў Язэп, і ўвёў той чалавек мужоў гэтых у дом Язэпа.
18 I баяліся мужы гэтыя, што прывялі іх у дом Язэпа, і казалі: «Гэта з прычыны срэбра, вернутага ўперад у мяхі нашыя, прывялі нас, каб накінуцца на нас, і напасьці на нас, і ўзяць у няволю нас і аслоў нашых».
19 I наблізіліся яны да чалавека, які быў над домам Язэпа, і гаварылі з ім каля ўваходу ў дом,
20 і сказалі: «Паслухай, пане мой! Прыходзячы, прыходзілі мы [сюды] ўперад купіць харчаваньне.
21 I сталася, калі мы прыйшлі на папас, і разьвязалі мяхі свае, і вось, срэбра кожнага ў адтуліне мяха ягонага, срэбра нашае паводле вагі сваёй, і мы вяртаем яго рукамі сваімі.
22 I срэбра іншае мы прынесьлі ў руках сваіх, каб купіць харчаваньне. Мы ня ведаем, хто паклаў срэбра нашае ў мяхі нашыя».
23 А ён сказаў: «Супакой вам! Ня бойцеся! Бог ваш і Бог бацькі вашага даў вам скарб у мяхах вашых. Вашае срэбра прыйшло да мяне [ў свой час]». I вывеў да іх Сымона.
24 I ўвёў чалавек той мужоў гэтых у дом Язэпа, і даў вады, і яны абмылі ногі свае; і даў корм аслам іхнім.
25 I яны прыгатавалі дары да прыходу Язэпа апоўдні, бо чулі, што там яны будуць есьці хлеб.
26 I прыйшоў Язэп у дом, і яны прынесьлі яму ў дом дары, якія ў руках іхніх, і пакланіліся яму да зямлі.
27 І ён спытаўся ў іх пра супакой, і сказаў: «Ці добра маецца бацька ваш стары, пра якога вы распавядалі? Ці ён яшчэ жыве?»
28 I сказалі яны: «Мае супакой слуга твой, бацька наш, ён яшчэ жыве». I схіліліся, і, пакланяючыся, пакланіліся.
29 I ўзьняў ён вочы свае, і ўбачыў Бэн’яміна, брата свайго, сына маці сваёй, і сказаў: «Ці гэта брат ваш наймалодшы, пра якога вы распавядалі мне?» I сказаў: «Бог няхай зьмілуецца над табою, сыне мой».
30 I хутка выйшаў Язэп, бо ўзгарэліся пачуцьці ягоныя да брата ягонага, і ён шукаў [месца, каб] плакаць; і ўвайшоў у пакой, і плакаў там.
31 I абмыў ён аблічча сваё, і выйшаў, і апанаваў сябе, і сказаў: «Пастаўце хлеб».
32 I паставілі яму асобна, і ім асобна, і Эгіпцянам, якія елі з ім, асобна, бо Эгіпцяне ня могуць есьці з Гебраямі хлеб, бо гэта агіда для Эгіпту.
33 I селі яны перад ім, першародны паводле першароднасьці сваёй, і наймалодшы паводле маладосьці сваёй, і зьдзіўляліся мужы гэтыя, [гледзячы] адзін на аднаго.
34 I падалі стравы ад яго аблічча для іх. I была страва для Бэн’яміна большая, чым стравы кожнага з іх у пяць разоў. I яны пілі, і ўпіліся з ім.
Разьдзел 44
1 I загадаў Язэп загадчыку дому свайго, кажучы: «Напоўні мяхі гэтых мужоў харчамі, колькі яны могуць несьці, і палажы срэбра кожнага ў адтуліну мяха ягонага.
2 А келіх мой, келіх срэбны, палажы ў адтуліну мяха наймалодшага, і срэбра за збожжа ягонае». I ён зрабіў паводле слова Язэпа, якое той сказаў.
3 Раніцаю разьвіднела, і гэтых мужоў выправілі, іх і аслоў іхніх.
4 Яны выйшлі з гораду, не адыйшлі далёка, і Язэп сказаў загадчыку дому свайго: «Устань, ганіся за тымі людзьмі, і дагоніш іх, і скажаш ім: “Чаму вы адплацілі ліхам за дабро?
5 Ці ж ня гэта той келіх, з якога п’е пан мой, і прадказваючы, прадказвае на ім? Ліха вы ўчынілі, гэтак зрабіўшы”».
6 І ён дагнаў іх, і прамовіў ім гэтыя словы.
7 А яны сказалі: «Навошта пан мой кажа такія словы? Далёкія слугі твае, каб учыніць гэткія рэчы.
8 Тое срэбра, якое мы знайшлі ў адтулінах мяхоў сваіх, мы вярнулі табе з зямлі Ханаан. Як жа мелі мы красьці з дому гаспадара твайго срэбра альбо золата?
9 У каго са слугаў тваіх будзе знойдзена гэта, той няхай памрэ, а мы таксама станем нявольнікамі пана майго».
10 І ён сказаў: «Дык цяпер няхай будзе паводле словаў вашых. У каго будзе знойдзена гэта, той стане мне нявольнікам, а вы будзеце нявінныя».
11 І яны пасьпяшаліся, і зьнялі кожны мех свой на зямлю, і разьвязалі кожны мех свой.
12 А ён шукаў, пачаўшы ад найстарэйшага і скончыўшы наймалодшым; і знайшоў келіх у мяху Бэн’яміна.
13 I разарвалі яны адзеньні свае, і ўсклалі [мяхі] кожны на асла свайго, і вярнуліся ў горад.
14 I прыйшлі Юда і браты ягоныя ў дом Язэпа, а ён яшчэ быў там. І яны ўпалі перад абліччам яго на зямлю.
15 I сказаў ім Язэп: «Што за ўчынак гэта вы ўчынілі? Ці ж вы ня ведалі, што, прадказваючы, прадказвае такі чалавек, як я?»
16 I сказаў Юда: «Што нам сказаць, пане мой? Што нам гаварыць і як нам апраўдвацца? Бог знайшоў правіну слугаў тваіх. Вось, мы — нявольнікі пана майго, і мы, і той, у чыіх руках быў знойдзены келіх».
17 I сказаў [Язэп]: «Далёка ад мяне, каб я ўчыніў гэта. Той чалавек, у руках якога знойдзены келіх, ён будзе нявольнікам маім, а вы ўзыходзьце ў супакоі да бацькі свайго».
18 I наблізіўся да яго Юда, і сказаў: «Паслухай, пане мой, няхай скажа, прашу, слуга твой слова ў вушы пана свайго, і няхай не распальваецца гнеў твой на слугу твайго, бо ты — як сам фараон.
19 Пан мой пытаўся ў слугаў сваіх, кажучы: “Ці ёсьць у вас бацька альбо брат?”
20 І мы сказалі пану нашаму: “Ёсьць у нас бацька стары і дзіця старасьці [ягонае] малое, а брат ягоны памёр, і ён адзін застаўся па маці сваёй, і бацька ягоны любіць яго”.
21 I ты сказаў слугам тваім: “Прывядзіце яго да мяне, і я зьвярну вока маё на яго”.
22 І мы сказалі пану майму: “Ня можа хлопец пакінуць бацьку свайго; і калі ён пакіне бацьку свайго, дык той памрэ”.
23 I сказаў ты слугам тваім: “Калі ня прыйдзе брат ваш наймалодшы з вамі, не дазволю вам больш бачыць аблічча маё”.
24 I сталася, што мы ўзыйшлі да слугі твайго, бацькі майго, і пераказалі яму словы пана майго.
25 I сказаў бацька наш: “Вярніцеся, купіце нам трохі харчаваньня”.
26 I мы сказалі: “Ня можам зыйсьці. Калі будзе з намі брат наш наймалодшы, мы зыйдзем, бо ня зможам убачыць аблічча таго чалавека, калі брата нашага наймалодшага ня будзе з намі”.
27 I сказаў нам слуга твой, бацька наш: “Вы ведаеце, што двух нарадзіла мне жонка мая.
28 I адыйшоў адзін ад мяне, і я сказаў: «Напэўна, ён разьдзёрты [дзікім зьверам]», і я ня бачыў яго дагэтуль.
29 І возьмеце таксама гэтага ад аблічча майго, і здарыцца з ім няшчасьце, і заведзіцё вы сівізну маю ў горы ў апраметную”.
30 І цяпер, як я прыйду да слугі твайго, бацькі майго, і хлопца няма з намі, а душа ягоная прывязана да душы ягонай.
31 I станецца, што ён убачыць, што няма хлопца, і памрэ, і зьвядуць слугі твае сівізну слугі твайго, бацькі нашага, са смуткам у апраметную.
32 Бо слуга твой паручыўся за хлопца перад бацькам сваім, кажучы: “Калі не прывяду яго да цябе, буду грэшны перад бацькам сваім на ўсе дні”.
33 I цяпер, прашу, няхай застанецца слуга твой замест хлопца нявольнікам пана майго, а хлопец няхай пойдзе з братамі сваімі.
34 Бо як я прыйду да бацькі майго, а хлопца ня будзе са мною? Няхай ня ўбачу я ліха, якое спаткае бацька мой».
Разьдзел 45
1 I ня мог Язэп больш вытрываць пры ўсіх, што стаялі каля яго, і закрычаў: «Вывядзіце ўсіх людзей ад мяне!» I не застаўся ніхто пры ім, калі Язэп адкрыўся братам сваім.
2 I голасна заплакаў [Язэп], і пачулі Эгіпцяне, і пачуў дом фараона.
3 I сказаў Язэп братам сваім: «Я — Язэп! Ці бацька мой яшчэ жывы?» I не маглі браты ягоныя адказаць яму, бо яны трымцелі перад абліччам ягоным.
4 I сказаў Язэп братам сваім: «Наблізьцеся, калі ласка, да мяне». Яны наблізіліся. І ён сказаў: «Я — Язэп, брат ваш, якога вы прадалі ў Эгіпет.
5 Але цяпер не сумуйце, і няхай ня будзе жалю ў вачах вашых, што вы прадалі мяне сюды, бо дзеля захаваньня жыцьця паслаў мяне Бог перад вамі.
6 Бо вось, два гады голаду на зямлі, і яшчэ пяць гадоў, у якія нельга будзе ані араць, ані жаць.
7 I паслаў мяне Бог перад вамі, каб пакінуць з вас рэшту на зямлі і захаваць жыцьцё вашае збаўленьнем вялікім.
8 I цяпер ня вы паслалі мяне сюды, але Бог, і Ён паставіў мяне як бацьку фараону і як пана ў-ва ўсім доме ягоным, і я кірую ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
9 Пасьпяшайцеся, і ўзыйдзіце да бацькі майго, і скажыце яму: “Гэтак сказаў сын твой, Язэп: «Бог паставіў мяне панам над усім Эгіптам. Прыйдзі да мяне, не марудзь.
10 I будзеш жыць у зямлі Гашэн; і будзеш блізка каля мяне ты, і сыны твае, і сыны сыноў тваіх, і авечкі твае, і валы твае, і ўсё, што тваё.
11 I я буду карміць цябе там, бо яшчэ пяць гадоў голаду, каб не згалеў ты, і дом твой, і ўсё, што тваё»”.
12 I вось, бачаць вочы вашыя, і вочы брата майго Бэн’яміна, што вусны мае прамаўляюць да вас.
13 I распавядзіце бацьку майму пра ўсю славу маю ў Эгіпце і пра ўсё, што вы бачылі; і пасьпяшайцеся, і прывядзіце бацьку майго сюды».
14 I ўпаў ён на шыю Бэн’яміну, брату свайму, і плакаў; і Бэн’ямін плакаў на шыі ягонай.
15 I цалаваў ён усіх братоў сваіх, і плакаў над імі. I потым размаўлялі з ім браты ягоныя.
16 I пачулі вестку ў доме фараона, якая казала: «Прыйшлі браты Язэпа». І добра гэта было ў вачах фараона і ў вачах слугаў ягоных.
17 I сказаў фараон Язэпу: «Скажы братам сваім: “Зрабіце гэтак: абладуйце [збожжам] жывёлу сваю, і ідзіце, і прыйдзіце ў зямлю Ханаан,
18 і вазьміце бацьку свайго, і сем’і свае, і прыйдзіце да мяне; і я дам вам добрую зямлю Эгіпту, і вы будзеце есьці тлустасьць зямлі гэтай”.
19 А ты загадаеш: “Зрабіце гэтак: вазьміце сабе з зямлі Эгіпецкай вазы для дзяцей вашых і жонак вашых, і вазьміце бацьку вашага, і прыходзьце.
20 I вочы вашыя няхай не шкадуюць прыладаў вашых, бо даброцьці ўсёй зямлі Эгіпецкай — для вас”».
21 I зрабілі так сыны Ізраіля. I даў ім Язэп вазы паводле загаду фараона, і даў ім пасілкі ў дарогу.
22 І ўсім, кожнаму з іх, ён даў зьмену адзеньня, а Бэн’яміну даў трыста срэбнікаў і пяць зьменаў адзеньня.
23 А для бацькі свайго паслаў дзесяць аслоў, абладаваных даброцьцямі з Эгіпту, і дзесяць асьліцаў, абладаваных збожжам і хлебам, і ежаю для бацькі свайго на дарогу.
24 I адаслаў ён братоў сваіх, і яны пайшлі. I сказаў ім: «Не сварыцеся ў дарозе».
25 I ўзыйшлі яны з Эгіпту, і прыйшлі ў зямлю Ханаан да Якуба, бацькі свайго.
26 I паведамілі яму, кажучы: «Яшчэ жывы Язэп, і ён кіруе ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай». I не ўзварухнулася сэрца ягонае, бо ён не паверыў ім.
27 I прамовілі яму ўсе словы Язэпа, якія ён прамовіў ім, і ўбачыў ён вазы, якія прыслаў Язэп, каб прывезьці яго, і ажыў дух Якуба, бацькі іхняга.
28 I сказаў Ізраіль: «Досыць! Яшчэ жыве Язэп, сын мой! Пайду і ўбачу яго, перш, чым памру».
Разьдзел 46
1 I вырушыў Ізраіль у дарогу, і ўсё, што ў яго, і прыйшоў у Бээр-Шэву, і ахвяраваў ахвяры Богу бацькі свайго Ісаака.
2 I сказаў Бог Ізраілю ў відзежы начным, і сказаў: «Якубе! Якубе!» А ён сказаў: «Вось я».
3 I сказаў: «Я — Бог, Бог бацькі твайго! Ня бойся зыйсьці ў Эгіпет, бо Я зраблю цябе там народам вялікім.
4 Я зыйду з табою ў Эгіпет, і Я, выводзячы, таксама выведу цябе [адтуль]. I Язэп паложыць руку сваю на вочы твае».
5 I падняўся Якуб з Бээр-Шэвы; і павезьлі сыны Ізраіля Якуба, бацьку свайго, і дзяцей сваіх, і жонак сваіх на вазах, якія паслаў фараон, каб прывезьці яго.
6 I ўзялі яны статак свой і маёмасьць сваю, якую прыдбалі ў зямлі Ханаан, і прыйшлі ў Эгіпет Якуб і ўсё насеньне ягонае з ім.
7 Сыноў сваіх і сыноў сыноў сваіх з сабою, і дочак сваіх і дочак сыноў сваіх, і ўсё насеньне сваё прывёў ён з сабою ў Эгіпет.
8 I вось імёны сыноў Ізраіля, што прыйшлі ў Эгіпет: Якуб і сыны ягоныя. Першародны Якуба Рубэн.
9 I сыны Рубэна: Ханох і Пальлю, і Хецрон, і Кармі.
10 I сыны Сымона: Емуэль і Ямін, і Агад, і Якін, і Цахар, і Шаўль, сын Хананейкі.
11 I сыны Левія: Гершон, Кегат і Мэрары.
12 А сыны Юды: Ер, і Анан, і Шэля, і Пэрэс, і Зарах. І памерлі Ер і Анан у зямлі Ханаан. I былі сыны Пэрэса: Хецрон і Хамуль.
13 I сыны Ісахара: Тола і Пува, і Ёў, і Шымрон.
14 I сыны Завулёна: Сэрэд, і Элён, і Яхлеэль.
15 Гэта сыны Леі, якіх яна нарадзіла Якубу ў Падан-Араме, і [яшчэ] Дзіну, дачку ягоную. Усіх душаў сыноў ягоных і дочак ягоных — трыццаць тры.
16 I сыны Гада: Цыф’ён і Хагі, Шуні і Эцбон, Еры і Ароды, і Ар’элі.
17 А сыны Асэра: Імна, і Ішва, і Ішві і Бэрыя, і Сэрах, сястра іхняя. А сыны Бэрыі: Хевер і Малхіэль.
18 Гэта сыны Зільпы, якую даў Ляван Леі, дачцэ сваёй. Яна нарадзіла іх Якубу шаснаццаць душаў.
19 Сыны Рахелі, жонкі Якуба: Язэп і Бэн’ямін.
20 I нарадзіліся ў Язэпа ў зямлі Эгіпецкай Манаса і Эфраім, якіх нарадзіла яму Аснат, дачка Паты-Пэра, сьвятара з Ону.
21 А сыны Бэн’яміна: Бэла і Бэкер, і Ашбэль, Гера і Нааман, Эхі і Рош, Мупім і Хупім, і Ард.
22 Гэта сыны Рахелі, якіх яна нарадзіла Якубу, усіх душаў — чатырнаццаць.
23 А сыны Дана: Хушым.
24 Сыны Нэфталі: Яхцээль і Гуні, і Ецэр, і Шылем.
25 Гэта сыны Більгі, якую даў Ляван дачцэ сваёй Рахелі. Яна нарадзіла іх Якубу, усіх душаў — сем.
26 Усяго душаў, што прыйшлі з Якубам у Эгіпет, якія выйшлі са сьцёгнаў ягоных, акрамя жонак сыноў Якуба, усіх душаў — шэсьцьдзясят шэсьць.
27 А сыноў Язэпа, якія нарадзіліся яму ў Эгіпце, — дзьве душы. Усяго душаў з дому Якуба прыйшло ў Эгіпет семдзясят.
28 I паслаў ён Юду перад сабою да Язэпа, каб той скіраваў аблічча яго на Гашэн. I прыйшлі ў зямлю Гашэн.
29 I запрог Язэп калясьніцу сваю, і ўзыйшоў насустрач Ізраілю, бацьку свайму, у Гашэн, і паказаўся яму, і ўпаў на шыю ягоную, і плакаў на шыі ягонай зноў.
30 I сказаў Ізраіль Язэпу: «Магу паміраць я гэтым разам, як убачыў аблічча тваё, бо ты яшчэ жывы».
31 I сказаў Язэп братам сваім і дому бацькі свайго: «Я пайду і паведамлю фараону, і скажу яму: “Браты мае і дом бацькі майго, якія былі ў зямлі Ханаан, прыйшлі да мяне.
32 Гэтыя людзі — пастухі авечак, бо яны гадавалі статак. І авечак сваіх, і валоў сваіх, і ўсё, што ў іх, яны прывялі”.
33 I станецца, калі фараон пакліча вас і скажа: “Які занятак ваш?”,
34 вы скажаце: “Гадавалі статак слугі твае з маленства нашага і дагэтуль, і мы, і бацькі нашыя”, каб вы пасяліліся ў зямлі Гашэн, бо брыдзяцца Эгіпцяне кожным пастухом авечак».
Разьдзел 47
1 І прыйшоў Язэп, і паведаміў фараону, і сказаў: «Бацька мой, і браты мае, і авечкі іхнія, і валы іхнія, і ўсё, што ў іх, прыйшлі з зямлі Ханаан, і вось, яны ў зямлі Гашэн».
2 I спаміж братоў сваіх ён узяў пяць чалавек, і паставіў іх перад фараонам.
3 I сказаў фараон братам ягоным: «Які ваш занятак?» І яны сказалі фараону: «Пастухі авечак слугі твае, і мы, і бацькі нашыя».
4 I сказалі яны фараону: «Вандраваць у зямлі гэтай мы прыйшлі, бо няма пашы для авечак слугаў тваіх, бо вялікі голад у зямлі Ханаан. І цяпер, просім, дазволь пасяліцца слугам тваім у зямлі Гашэн».
5 I сказаў фараон Язэпу, кажучы: «Бацька твой і браты твае прыйшлі да цябе.
6 Зямля Эгіпецкая перад абліччам тваім. У найлепшым месцы зямлі пасялі бацьку свайго і братоў сваіх. Няхай жывуць яны ў зямлі Гашэн. I калі ведаеш, што ёсьць паміж імі здольныя людзі, пастаў іх даглядчыкамі над статкамі, якія ў мяне».
7 I прывёў Язэп Якуба, бацьку свайго, і паставіў яго перад абліччам фараона. І дабраславіў Якуб фараона.
8 I сказаў фараон Якубу: «Колькі дзён [маюць] гады жыцьця твайго?»
9 I сказаў Якуб фараону: «Дзён гадоў вандраваньня майго — сто трыццаць гадоў. Кароткія і ліхія былі дні гадоў жыцьця майго, і не дасягнулі яны да дзён гадоў жыцьця бацькоў маіх у днях вандраваньня іхняга».
10 I дабраславіў Якуб фараона, і выйшаў ад аблічча фараона.
11 I пасяліў Язэп бацьку свайго і братоў сваіх, і даў ім уласнасьць у зямлі Эгіпецкай, у найлепшай частцы зямлі той, у зямлі Рамсэс, як загадаў фараон.
12 I жывіў Язэп бацьку свайго і братоў сваіх, і ўвесь дом бацькі свайго хлебам адпаведна [ліку] дзяцей.
13 А хлеба не было на ўсёй зямлі, бо голад быў вельмі цяжкі, і была вычарпаная зямля Эгіпецкая і зямля Ханаанская з прычыны голаду.
14 I сабраў Язэп усё срэбра, якое знайшлося ў зямлі Эгіпецкай і ў зямлі Ханаанскай, за збожжа, якое куплялі, і прынёс Язэп срэбра ў дом фараона.
15 I скончылася срэбра ў зямлі Эгіпецкай і ў зямлі Ханаанскай. I прыйшоў увесь Эгіпет да Язэпа, кажучы: «Дай нам хлеба! Навошта мы маем памерці перад табою, бо скончылася срэбра».
16 І сказаў Язэп: «Дайце статак ваш, і я буду даваць вам [хлеб] за статак ваш, калі скончылася срэбра».
17 I яны прыводзілі статак свой да Язэпа, і даваў ім Язэп хлеб за коней, і за статкі авечак, і за статкі валоў, і за аслоў; і жывіў іх хлебам за ўвесь статак іхні ў той год.
18 I скончыўся той год; і прыйшлі да яго ў наступным годзе, і сказалі яму: «Ня ўтоім ад пана нашага, што скончылася срэбра, і статкі скаціны нашай — у пана нашага. Не засталося нічога ў нас перад абліччам пана нашага, акрамя целаў нашых і грунтоў нашых.
19 Навошта маем памерці перад вачыма тваімі, і мы, і грунты нашыя? Купі нас і грунты нашыя за хлеб; і будзем мы і грунты нашыя нявольнікамі фараона, а ты дай нам зерня, і мы будзем жыць, і не памрэм, і грунты не спусьцеюць».
20 I набыў Язэп усе грунты ў Эгіпце для фараона, бо прадалі Эгіпцяне кожны поле сваё, бо прыціснуў іх голад. I зямля стала фараонавай.
21 А народ ён перавёў у гарады ад [аднаго] канца мяжы Эгіпту аж да [другога] канца яго.
22 Толькі грунты сьвятароў не набыў, бо частка сьвятароў [была] ад фараона, і яны жывіліся са сваёй часткі, якую даў ім фараон; таму яны і не прадалі грунты свае.
23 I сказаў Язэп народу: «Вось, я купіў сёньня вас і грунты вашыя для фараона. Вось вам зерне, і засявайце зямлю.
24 І калі будзе жніво, давайце пятую частку фараону, а чатыры часткі застануцца вам засеяць поле і на харчаваньне вам і тым, хто ў дамах вашых, і на харчаваньне дзецям вашым».
25 А яны сказалі: «Ты захаваў нам жыцьцё. Няхай мы знойдзем ласку ў вачах пана нашага, і будзем слугамі фараону».
26 I паставіў гэта Язэп як пастанову, якая дагэтуль у зямлі Эгіпецкай, што для фараона пятая частка [ўраджаю], толькі грунты сьвятароў [належаць] ім самім, ня сталі яны фараонавымі.
27 I жыў Ізраіль у зямлі Эгіпецкай, у зямлі Гашэн, і мелі ўласнасьць у ёй, і пладзіліся, і памножыліся вельмі.
28 I жыў Якуб у зямлі Эгіпецкай сямнаццаць гадоў; і было дзён Якуба, гадоў жыцьця ягонага — сто сорак сем гадоў.
29 I наблізіліся дні Ізраілю, каб памерці, і паклікаў ён сына свайго Язэпа, і сказаў яму: «Калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, прашу, палажы руку сваю пад сьцягно маё і зрабі мне міласэрнасьць і праўду, што не пахаваеш мяне ў Эгіпце.
30 Але буду я ляжаць з бацькамі сваімі. Вынясі мяне з Эгіпту і пахавай мяне ў магіле іхняй». I той сказаў: «Зраблю паводле слова твайго».
31 I сказаў [Якуб]: «Прысягні мне». I прысягнуў яму. I схіліўся Ізраіль на верх ложка.
Разьдзел 48
1 I сталася пасьля падзеяў гэтых, і сказалі Язэпу: «Вось, бацька твой хворы». I ён узяў двух сыноў сваіх з сабою, Манасу і Эфраіма.
2 I паведамілі Якубу, і сказалі: «Вось, сын твой Язэп прыйшоў да цябе». I сабраў сілы Ізраіль, і сеў на ложку.
3 I сказаў Якуб Язэпу: «Бог Усемагутны зьявіўся мне ў Люзе, у зямлі Ханаан, і дабраславіў мяне,
4 і сказаў мне: “Вось, Я зраблю цябе плодным, і памножу цябе, і дам табе [быць] супольнасьцю народаў, і дам зямлю гэтую насеньню твайму пасьля цябе на ўласнасьць вечную”.
5 I цяпер два сыны твае, што нарадзіліся табе ў зямлі Эгіпецкай, да прыходу майго да цябе ў Эгіпет, яны — мае; Эфраім і Манаса, як Рубэн і Сымон, будуць мае.
6 А нашчадкі твае, якіх ты нарадзіў пасьля іх, будуць твае. Паводле імёнаў братоў сваіх будуць яны называцца ў спадчыне сваёй.
7 А ў мяне, калі я прыйшоў з Падану, памерла ў мяне Рахель у зямлі Ханаан, у дарозе, калі яшчэ заставаўся кавалак зямлі, каб дайсьці да Эфраты, і я пахаваў яе там, пры дарозе ў Эфрату, гэта значыць у Бэтлеем».
8 I ўбачыў Ізраіль сыноў Язэпа, і сказаў: «Хто яны?»
9 I сказаў Язэп бацьку свайму: «Яны — сыны мае, якіх Бог даў мне тут». I сказаў [Якуб]: «Вазьмі, прашу, іх да мяне, і я дабраслаўлю іх».
10 А вочы Ізраіля сталі цяжкія ад старасьці, ня мог ён бачыць. I наблізіў іх да яго, і ён пацалаваў іх, і абняў іх.
11 I сказаў Ізраіль Язэпу: «Я не спадзяваўся ўбачыць аблічча тваё, і вось, Бог даў мне ўбачыць насеньне тваё».
12 I адвёў іх Язэп ад каленяў ягоных, і пакланіўся яму абліччам сваім да зямлі.
13 I ўзяў Язэп іх абодвух, Эфраіма правіцай сваёю, леваруч Ізраіля, а Манасу — лявіцай сваёю, праваруч Ізраіля, і наблізіўся да яго.
14 I выцягнуў Ізраіль правіцу сваю, і палажыў на галаву Эфраіма, а ён быў малодшы, а лявіцу сваю — на галаву Манасы, і скрыжаваў рукі свае, бо Манаса быў першародны.
15 I дабраславіў Язэпа, і сказаў: «Бог, перад абліччам Якога хадзілі бацькі мае, Абрагам і Ісаак, Бог, Які пасьвіў мяне ад [моманту], як я існую, аж да гэтага дня,
16 анёл, што выбаўляе мяне ад усякага ліха, няхай дабраславіць юнакоў гэтых; і няхай яны будуць названыя імем маім і імем бацькоў маіх, Абрагама і Ісаака, і няхай разрастуцца яны ў мноства сярод зямлі».
17 I ўбачыў Язэп, што бацька ягоны палажыў правую руку сваю на галаву Эфраіма, і было гэта ліхім у вачах ягоных. I падхапіў ён руку бацькі свайго, каб пералажыць яе з галавы Эфраіма на галаву Манасы.
18 I сказаў Язэп бацьку свайму: «Ня гэтак, ойча мой, бо гэта першародны. Палажы правіцу тваю на галаву ягоную».
19 I запярэчыў бацька ягоны, і сказаў: «Ведаю, сыне мой, ведаю, таксама ён будзе народам, і таксама ён будзе вялікі, але брат ягоны малодшы будзе большы за яго, і насеньне ягонае будзе поўняю народаў».
20 I дабраславіў іх у той дзень, кажучы: «Табою будзе дабраслаўляць Ізраіль, кажучы: “Няхай зробіць табе Бог, як Эфраіму і Манасе”». I паставіў Эфраіма перад Манасам.
21 I сказаў Ізраіль Язэпу: «Вось, я паміраю. I Бог будзе з вамі, і верне вас у зямлю бацькоў вашых.
22 I я даў табе на адну частку больш за братоў тваіх, тую, якую я ўзяў з рукі Амарэя мячом маім і лукам маім».
Разьдзел 49
1 I паклікаў Якуб сыноў сваіх, і сказаў: «Зьбярыцеся, і я паведамлю вам, што спаткае вас у пазьнейшыя дні.
2 Зыйдзіцеся і паслухайце, сыны Якуба, паслухайце Ізраіля, бацьку свайго.
3 Рубэн, першародны мой, ты — моц мая і пачатак сілы маёй, перавышаеш [усіх] годнасьцю і перавышаеш магутнасьцю.
4 Ты пеніўся, як вада, і ня будзеш узвышаны, бо ты ўзыйшоў на ложак бацькі свайго; тады ты зьняважыў пасьцель маю, узыйшоўшы [на яе].
5 Сымон і Левій, браты, зброя іхняя — прылада гвалту.
6 У нараду іхнюю ня ўвойдзе душа мая, і да супольнасьці іхняй не далучыцца слава мая, бо ў гневе сваім яны забілі мужа і ў свавольстве сваім скалечылі вала.
7 Пракляты гнеў іхні, бо моцны, і лютасьць іхняя, бо заядлая. Падзялю іх у Якубе і расьцярушу іх у Ізраілі.
8 Юда, цябе выслаўляць будуць браты твае. Рука твая — на карку ворагаў тваіх; паклоняцца табе сыны бацькі твайго.
9 Юда — малады леў; ад здабычы, сыне мой, ты падымаешся. Прыхіліўся, лёг, як леў і як ільвіца, хто падыме яго?
10 Ня будзе адняты скіпетр ад Юды і заканадаўца — ад ног ягоных, аж пакуль ня прыйдзе Той, чыё яно, і Яму — паслухмянасць народаў.
11 Ён прывяжа да вінаграднай лазы асла свайго і да парастка выборнага вінаграду — асьлянятка асьліцы сваёй. Ён абмые ў віне шаты свае і ў крыві вінаграду — адзеньне сваё.
12 Вочы [ягоныя] чырванейшыя за віно, а зубы — бялейшыя за малако.
13 Завулён на беразе мора будзе жыць і каля прыстані караблёў, і межы ягоныя — да Сідону.
14 Ісахар — асёл касьцісты, што ляжыць паміж загарадаў.
15 I ўбачыў ён супачынак, што добры, і зямлю, што прыемная, і нахіліў плечы свае насіць цяжары і стаў слугою паднявольным.
16 Дан будзе судзіць народ свой, як адзін з родаў Ізраіля.
17 Будзе Дан зьмеем на дарозе, гадзюкай на сьцежцы, якая кусае пяты каня, і валіцца вершнік ягоны назад.
18 На збаўленьне Тваё спадзяюся, ГОСПАДЗЕ!
19 Гад — войскі будуць перамагаць яго, але ён пераможа пяты [іхнія].
20 Пра Асэра — тлусты хлеб ягоны, і ён будзе даваць прысмакі валадарскія.
21 Нэфталі — ланя, выпушчаная [на свабоду], што дае прыгожыя словы.
22 Галіна плодная Язэп, галіна плодная над крыніцаю, галіны ягоныя пнуцца па муры.
23 І засмучалі яго, і стралялі ў яго, і ненавідзелі яго стральцы.
24 I застаўся моцным лук ягоны, і ўмацаваліся рамёны рук ягоных — ад рук Магутнага Якубавага, адтуль Пастыр, Скала Ізраіля;
25 ад Бога бацькі твайго, і Ён дапаможа табе, і ад Усемагутнага, і Ён дабраславіць цябе дабраславеньнямі неба згары і дабраславеньнямі бяздоньня, што ляжыць унізе, дабраславеньнямі грудзей і ўлоньня.
26 Дабраславеньні бацькі твайго перавышаюць дабраславеньні бацькоў маіх, яны аж да вяршыняў узгоркаў адвечных. Няхай будуць яны на галаве Язэпа і на цемені выбранага між братамі сваімі.
27 Бэн’ямін — воўк драпежны, раніцаю будзе есьці здабычу і ўвечары будзе дзяліць прыбытак».
28 Усіх гэтых родаў Ізраіля — дванаццаць, і гэта тое, што прамаўляў ім бацька іхні; і дабраславіў іх, і кожнага паводле дабраславеньня ягонага дабраславіў.
29 I загадаў ён ім, і сказаў ім: «Я буду далучаны да народу майго. Пахавайце мяне каля бацькоў маіх, у пячоры, якая на полі Эфрона Хета,
30 у пячоры, што на полі Махпэля, якое насупраць Мамрэ ў зямлі Ханаан, якую купіў Абрагам разам з полем Эфрона Хета на ўласнасьць для пахаваньня.
31 Там пахавалі Абрагама і Сару, жонку ягоную, там пахавалі Ісаака і Рэбэку, жонку ягоную; і там я пахаваў Лею.
32 Набытыя гэтае поле і пячора, якая на ім, у сыноў Хета».
33 I скончыў Якуб загадваць сынам сваім, і палажыў ногі свае на ложак, і сканаў, і быў далучаны да народу свайго.
Разьдзел 50
1 I ўпаў Язэп на аблічча бацькі свайго, і плакаў над ім, і цалаваў яго.
2 I загадаў Язэп слугам сваім лекарам забальзамаваць бацьку ягонага; і забальзамавалі лекары Ізраіля.
3 I прайшло сорак дзён, бо столькі вымагаецца дзён на бальзамаваньне. I плакалі па ім Эгіпцяне семдзясят дзён.
4 I мінулі дні плачу па ім, і прамовіў Язэп дому фараона, кажучы: «Калі я знайшоў ласку ў вачах вашых, скажыце, калі ласка, у вушы фараону, кажучы:
5 “Бацька мой узяў з мяне прысягу, кажучы: «Вось, я паміраю. У магіле маёй, якую я выкапаў у зямлі Ханаан, там пахавай мяне». I цяпер я ўзыйду, і пахаваю бацьку свайго, і вярнуся”».
6 I сказаў фараон: «Узыйдзі і пахавай бацьку твайго, як ён узяў у цябе прысягу».
7 I ўзыйшоў Язэп хаваць бацьку свайго; і ўзыйшлі з ім усе слугі фараона, старшыні дому ягонага, і ўсе старшыні зямлі Эгіпецкай,
8 і ўвесь дом Язэпа, і браты ягоныя, і дом бацькі ягонага. Толькі дзяцей сваіх, і авечак сваіх, і валоў сваіх пакінулі ў зямлі Гашэн.
9 I ўзыйшлі з ім таксама калясьніцы і вершнікі, і быў табар вельмі вялікі.
10 I прыйшлі яны ў Гарэн-Гаатад на другім баку Ярдану, і галасілі там галашэньнем вялікім і вельмі жалосным; і ўчыніў [Язэп] жалобу па бацьку сваім сем дзён.
11 I ўбачылі жыхары зямлі той, Хананейцы, жалобу ў Гарэн-Гаатадзе, і сказалі: «Гэта вялікая жалоба ў Эгіпцянаў!» Дзеля гэтага назвалі імя яго: Абэль-Міцраім, які на другім баку Ярдану.
12 I зрабілі сыны [Якуба] з ім так, як ён загадаў ім.
13 I занесьлі яго сыны ягоныя ў зямлю Ханаан, і пахавалі яго ў пячоры на полі Махпэля, якую купіў Абрагам разам з полем на ўласнасьць на пахаваньне ў Эфрона Хета, насупраць Мамрэ.
14 I вярнуўся Язэп пасьля пахаваньня ім бацькі свайго ў Эгіпет, ён і браты ягоныя, і ўсе, што ўзыходзілі з ім хаваць бацьку ягонага.
15 I бачылі браты Язэпа, што памёр бацька іхні, і сказалі: «А што, калі зьненавідзіць нас Язэп і адплочваючы, адплоціць нам за ўсё тое ліха, якое мы яму зрабілі?»
16 I загадалі яны сказаць Язэпу, кажучы: «Бацька твой загадаў перад сьмерцю сваёю, кажучы:
17 “Гэтак скажыце Язэпу: «Даруй, прашу, правіну братоў тваіх і грэх іхні, бо ліха зрабілі яны табе». I цяпер даруй, прашу, слугам Бога бацькі твайго”». I плакаў Язэп дзеля [гэтых] словаў да яго.
18 I прыйшлі таксама браты ягоныя, і ўпалі перад абліччам ягоным, і сказалі: «Вось, мы — слугі для цябе».
19 I сказаў ім Язэп: «Ня бойцеся! Хіба я замест Бога?
20 I вы надумалі ліха супраць мяне, але Бог надумаў гэта на дабро, каб зрабіць так, як ёсьць сёньня, каб захаваць жыцьцё народу вялікаму.
21 І цяпер ня бойцеся, я буду карміць вас і дзяцей вашых». I суцяшаў іх, і прамаўляў да сэрцаў іхніх.
22 I пасяліўся Язэп у Эгіпце, ён і дом бацькі ягонага. І жыў Язэп сто дзесяць гадоў.
23 I бачыў Язэп у Эфраіма сыноў да трэцяга пакаленьня, таксама сыны Махіра, сына Манасы, нарадзіліся на каленях Язэпа.
24 I сказаў Язэп братам сваім: «Я паміраю, але Бог, наведваючы, наведае вас і выведзе вас з зямлі гэтай у зямлю, пра якую прысягаў Абрагаму, Ісааку і Якубу».
25 I ўзяў Язэп прысягу ў сыноў Ізраіля, кажучы: «Бог, наведваючы, наведае вас, і вы вынясіце косткі мае адгэтуль».
26 I памёр Язэп, маючы сто дзесяць гадоў. I забальзамавалі яго, і палажылі ў дамавіну ў Эгіпце.