Беларуская Біблія

КНІГА ПРАРОКА АГЕЯ

 

Разьдзел 1

1 У другі год валадара Дарыя, у шосты месяц, у першы дзень месяца, было слова ГОСПАДА праз Агея прарока да Зэрубабэля, сына Шэалтыэля, ваяводы Юды, і Егошуа, сына Егацадака, сьвятара вялікага, кажучы:

2 «Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў, кажучы: “Гэты народ кажа: «Не прыйшоў час, час, каб будаваць Дом ГОСПАДА»”».

3 І было слова ГОСПАДА праз Агея прарока, кажучы:

4 «А ці вам час жыць у дамах шаляваных, калі гэты Дом спустошаны?

5 Таму цяпер гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Зьвярніце сэрца вашае на шляхі вашыя.

6 Вы сееце шмат, але зьбіраеце мала; ясьцё, але вам ня досыць; п’яцё, але не праганяеце смагу; апранаецеся, але вам ня цёпла; хто зарабляе плату, зарабляе для дзіравага капшука”.

7 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Зьвярніце сэрца вашае на шляхі вашыя.

8 Узыйдзіце на гару, і вазіце дрэва, і будуйце Дом [Божы]; і Я буду спагадаць яму, і ўслаўлюся, кажа ГОСПАД.

9 Спадзяваліся, што будзе шмат, а вось, мала; і што прыносіце ў дом, Я тое разьвею. «Чаму?» — кажа ГОСПАД Магуцьцяў. За Дом Мой, які спустошаны, а вы бяжыцё кожны да дому свайго.

10 Таму неба над вамі заставалася без расы, і зямля заставалася бяз плоду.

11 І Я паслаў суш на зямлю, і на горы, і на збожжа, і на вінаград, і на алей, і на тое, што выдае зямля, і на людзей, і на быдла, і на ўсю працу рук”».

12 І паслухалі Зэрубабэль, сын Шэалтыэля, і Егошуа, сын Егацадака, сьвятар вялікі, і ўся рэшта народу голас ГОСПАДА, Бога свайго, і словы Агея прарока, бо ГОСПАД, Бог іхні, паслаў яго, і народ баяўся ГОСПАДА.

13 І сказаў Агей, пасланец ГОСПАДА, будучы пасланым ГОСПАДАМ да народу, кажучы: «Я з вамі, кажа ГОСПАД».

14 І ўзрушыў ГОСПАД дух Зэрубабэля, сына Шэалтыэля, ваяводы Юды, і дух Егошуа, сына Егацадака, сьвятара вялікага, і дух усёй рэшты народу, і яны прыйшлі, і рабілі работу ў Доме ГОСПАДА Магуцьцяў, Бога свайго,

15 у дваццаць чацьвёрты дзень, у шосты месяц, у другі год валадара Дарыя.

 

Разьдзел 2

1 У сёмы месяц, у дваццаць першы дзень месяца, было слова ГОСПАДА праз Агея прарока, кажучы:

2 «Скажы цяпер Зэрубабэлю, сыну Шэалтыэля, ваяводзе Юды, і Егошуа, сыну Егацадака, сьвятару вялікаму, і рэшце народу, кажучы:

3 “Хто застаўся між вамі, што бачылі Дом гэты ў першай славе ягонай? І якім вы бачыце яго цяпер? Ці ня ёсьць ён у вачах вашых у параўнаньні з тым як нішто?

4 Але цяпер вось умацуйся, Зэрубабэлю, кажа ГОСПАД, і ўмацуйся, Егошуа, сын Егацадака, сьвятар вялікі, і ўмацуйся, увесь народ зямлі, кажа ГОСПАД, і рабіце; бо Я з вамі, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.

5 Паводле слова, якім Я ўмовіўся з вамі, калі вы выйшлі з Эгіпту, Дух Мой сярод вас. Ня бойцеся.

6 Бо гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў: ‘Яшчэ раз, і неўзабаве, Я ўзварухну неба і зямлю, мора і сухазем’е,

7 і ўзварухну ўсе народы, і прыйдзе жаданьне ўсіх народаў, і напоўню Дом гэты славаю, кажа ГОСПАД Магуцьцяў’.

8 Маё срэбра і Маё золата, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.

9 Большая будзе слава гэтага Дому апошняга, чым першага, кажа ГОСПАД Магуцьцяў; і на гэтым месцу Я дам супакой, кажа ГОСПАД Магуцьцяў”».

10 У дваццаць чацьвёрты дзень, у дзявяты месяц, у сёмы год Дарыя было слова ГОСПАДА да Агея прарока, кажучы:

11 «Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Спытайся цяпер у сьвятароў пра Закон, кажучы:

12 «Калі хто нёс асьвячонае мяса ў крысе адзеньня свайго і дакрануўся крысом сваім да хлеба, або да стравы, або да віна, або да алею, або да якой ежы, ці будуць яны асьвячоныя?»”» І сьвятары адказалі: «Не».

13 І сказаў Агей: «А калі занячышчаны нябожчыкам дакранецца да нечага з гэтых [рэчаў], ці будуць яны нячыстымі?» І адказалі сьвятары, і сказалі: «Яны будуць нячыстымі».

14 І адказаў Агей, і сказаў: «Такія людзі гэтыя, і такі народ гэты перад абліччам Маім, кажа ГОСПАД, і такая кожная праца рук іхніх. Тое, што яны прыносяць у ахвяру, — нячыстае.

15 А цяпер зьвярніце сэрцы вашыя адгэтуль і назад, перш, чым быў пакладзены камень на камяні ў сьвятыні ГОСПАДА.

16 Было, што калі хто прыходзіў да капы ў дваццаць [мераў], было там дзесяць; і калі хто прыходзіў да тоўчні, каб выціснуць пяцьдзясят [мераў] з тоўчні, было там дваццаць.

17 Я караў вас сушаю, і іржою, і градам усю працу рук вашых, але вы не навярнуліся да Мяне, кажа ГОСПАД.

18 Зьвярніце сэрцы вашыя адгэтуль і назад, ад дваццаць чацьвёртага дня дзявятага месяца, ад дня, у які закладзеная сьвятыня ГОСПАДА, зьвярніце сэрцы вашыя.

19 Ці ёсьць яшчэ насеньне ў сьвірне? Ці яшчэ вінаград, і дрэва фігавае, і дрэва гранатовае, і дрэва аліўнае давалі плод? Ад гэтага дня Я дабраслаўлю».

20 І было слова ГОСПАДА другі раз да Агея ў дваццаць чацьвёрты дзень таго самага месяца, кажучы:

21 «Скажы Зэрубабэлю, ваяводзе Юды, кажучы: “Я ўзварухну неба і зямлю;

22 Я перавярну пасады валадарстваў, і выгублю моц валадарстваў паганаў, і перавярну калясьніцы і тых, якія едуць у іх, і паваляцца коні і вершнікі іхнія, кожны ад мяча брата свайго.

23 У той дзень, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Я вазьму цябе, Зэрубабэлю, сыне Шэалтыэля, слугу Майго, кажа ГОСПАД, і зраблю цябе, як пячатку, бо Я выбраў цябе, кажа ГОСПАД Магуцьцяў”».