Беларуская Біблія

КНІГА ПРАРОКА АБАКУМА

 

Разьдзел 1

1 Цяжар, які бачыў Абакум прарок.

2 Як доўга, ГОСПАДЗЕ, я буду галасіць і Ты ня будзеш чуць? Я крычу да Цябе: “Гвалт!”, а Ты не збаўляеш.

3 Дзеля чаго Ты паказваеш мне няправасьць і глядзіш на нядолю? Злачынствы і гвалт перада мною, і пачынаецца спрэчка, і ўзьнімаецца сварка.

4 Дзеля гэтага ня дзейнічае Закон, і ніколі ня мае моцы суд. Бязбожнікі абступілі праведніка, і таму суд выходзіць скрыўленым.

5 «Паглядзіце на народы і прыгледзьцеся, і зьдзіўленьнем зьдзі­віцеся, бо Я зраблю справу ў дні вашыя, што не паверыце, калі вам раскажуць [пра яе].

6 Бо, вось, Я ўзьніму Халдэйцаў, народ горкі і хуткі, які праходзіць па прасторы зямлі, каб узяць у спадчыну сялібы не свае.

7 Страшны і грозны ён; ад яго самога выходзіць суд ягоны і годнасьць ягоная.

8 Шпарчэйшыя за леапардаў коні ягоныя і небясьпечнейшыя за ваўкоў вечаровых; і расьсеюцца [шырока] вершнікі ягоныя, і вершнікі ягоныя прыйдуць здалёк, палятуць, як арол, які кідаецца на здабычу.

9 Усе яны прыходзяць [чыніць] гвалт; абліччы іхнія зьвернутыя, як вецер усходні, і яны зьбіраюць палонных як пяску.

10 І з валадароў яны насьміхаюцца, і князі будуць посьмехам для іх; з усіх замкаў яны сьмяюцца, бо насыпаюць вал, і здабываюць іх.

11 Тады зьменіцца дух [ягоны], і ён прыйдзе, і будзе абвінавачаны, бо сіла ягоная — [гэта] бог ягоны».

12 Ці ня Ты спрадвеку, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, Сьвяты мой? Мы не памром. ГОСПАДЗЕ, Ты паставіў яго на суд. Скала [мая], Ты прызначыў яго дзеля пакараньня.

13 Чыстыя вочы [Твае], каб глядзець на зло, і Ты ня можаш глядзець на нядолю. Чаму Ты глядзіш на адступнікаў, маўчыш, калі бязбожнік глытае таго, хто больш праведны за яго?

14 І Ты робіш, што людзі — як рыба ў моры, як паўзуны; няма пана над імі.

15 [Вораг] выцягвае ўсіх іх вудаю, загортвае іх у нерат свой і зьбірае іх у трыгубіцу сваю; з гэтага цешыцца і весяліцца.

16 Дзеля гэтага ён складае ахвяру нерату свайму і кадзіць трыгубіцы сваёй, бо праз іх тлустая частка ягоная і сытая ежа ягоная.

17 Ці ж дзеля гэтага ён закідвае нерат свой і заўсёды забівае народы бяз літасьці?

 

Разьдзел 2

1 На варце маёй я стану, і ўзыйду на вежу, і буду выглядаць, каб убачыць, што Ён прамовіць да мяне і што Ён адкажа на скаргу маю.

2 І адказаў мне ГОСПАД, і сказаў: «Запішы відзеж і патлумач на табліцах, каб чытач лёгка мог [зразумець] гэта.

3 Бо відзеж [датычыць] вызначанага часу, і датычыць канца, і не падмане; хоць ён марудзіць, чакай на яго, бо ён, прыходзячы, прыйдзе, ня спозьніцца.

4 Вось, у ганарыстага няшчырая душа ягоная ў ім, а праведны з веры сваёй жыць будзе.

5 І, як віно здрадлівае, чалавек пыхлівы, і ён ня мае супакою, ён разьзяўляе, як апраметную, душу сваю, і ён, як сьмерць, не насыціцца, але зьбі­рае да сябе ўсе народы і зграмаджвае да сябе ўсе плямёны».

6 Ці ж усе яны не складуць прыповесьць пра яго і кплівую загадку пра яго, і скажуць: “Гора таму, хто памнажае [багацьце], якое не ягонае. Як доўга [гэта будзе]? [Гора] таму, хто абцяжарвае сябе ўзятым у заклад!”

7 Хіба не паўстануць зьнянацку тыя, якія ўкусяць цябе, і хіба не прачнуцца тыя, якія будуць трэсьці цябе, і ты станешся здабычай для іх?

8 За тое, што ты рабаваў шмат народаў, абрабуюць цябе ўсе пазасталыя плямёны за кроў людзкую і за гвалт над зямлёю, над горадам і над усімі, хто жыве ў ім.

9 Гора таму, хто здабывае прыбытак бязбожны для дому свайго, каб зьвіць на вышыні гняздо сваё, каб захаваць сябе ад рукі ліхога.

10 Ты ўчыніў ганьбу для дому свайго, бо выразаў шмат народаў, і саграшыў супраць душы сваёй,

11 бо камень з муру закрычыць, і бэлька драўляная адкажа яму.

12 Гора таму, хто будуе горад на крыві і засноўвае горад умацаваны на беззаконьні.

13 Ці ж гэта не ад ГОСПАДА Магуцьцяў, што плямёны цяжка працуюць для агню, і людзі стамляюцца марна?

14 Бо зямля напоўніцца веданьнем славы ГОСПАДА, як воды напаўняюць мора.

15 Гора таму, хто дае піць бліжняму свайму, наліваючы ў келіх, каб той упіўся, каб глядзець на голасьць ягоную.

16 Ты напоўніўся ганьбаю замест славы; напіся таксама ты і пакажы неабрэзанасьць тваю. Зьвернецца да цябе келіх правіцы ГОСПАДА, і ганьба — на славу тваю,

17 бо гвалт [твой над] Лібанам прыйдзе на цябе, і зьнішчэньне жывёлы спалохае цябе за кроў людзкую і за гвалт над зямлёю, над горадам і над усімі, хто жыве ў ім.

18 Якая карысьць ад выявы, якую выразаў майстар, ад [ідала] літага, вучыцеля хлусьні, бо спадзяецца стваральнік ягоны на працу сваю, робячы ідала нямога.

19 Гора таму, хто кажа дрэву: “Абудзіся”, [хто кажа] камяню, які маўчыць: “Устань!” Ці ён можа навучыць? Вось, ён абкладзены золатам і срэбрам, але ніякага духу няма ў ім.

20 ГОСПАД — у сьвятыні сьвятасьці Сваёй. Няхай маўчыць перад Ім уся зямля!

 

Разьдзел 3

1 Малітва Абакума прарока [для сьпяваньня], лямантуючы.

2 ГОСПАДЗЕ, я пачуў вестку Тваю, і спалохаўся. ГОСПАДЗЕ! Справу Тваю ў сярэдзіне гадоў ажыві, у сярэдзіне гадоў зьяві, у гневе ўзгадай пра літасьць.

3 Бог ідзе з Тэману, і Сьвяты — з гары Паран. (Сэлях) Закрыла неба слава Ягоная, і хвала Ягоная напоўніла зямлю.

4 І бляск [Ягоны] — як сьвятло; промні з рук Ягоных [выходзяць], там схаваная моц Ягоная.

5 Перад абліччам Ягоным ідзе пошасьць, і за стопамі Ягонымі крочыць жар палючы.

6 Ён стаў, і дрыжыць зямля; Ён глянуў, і трымцяць народы; і рассыпаліся горы вечныя, схіліліся ўзгоркі спрадвечныя; шляхі Ягоныя — вечныя.

7 Я бачыў няправасьць у намётах Куша, дрыжэлі заслоны зямлі Мадыян.

8 Ці на рэкі загневаўся ГОСПАД, ці супраць рэк [палае] гнеў Твой? Ці супраць мора ярасьць Твая, што Ты сеў на коняў Тваіх, на калясьніцы Твае пераможныя?

9 Цалкам аголены лук Твой, як Ты прысягнуў каленам [Ізраіля] словам [Тваім]. (Сэлях) Ты рэкамі расьсек зямлю.

10 Убачыўшы Цябе, горы затрэсьліся; паводка рынула, бяздоньне дало голас свой, высока падняўшы рукі свае.

11 Сонца і месяц спыніліся на месцы сваім; пры сьвятле стрэлаў Тваіх яны ішлі, пры бляску зіхценьня дзіды Тваёй.

12 У абурэньні Ты крочыў па зямлі, у гневе малаціў народы.

13 Ты выйшаў, каб збавіць народ Твой, каб збавіць памазанца Твайго. Ты скрышыў галаву дому бязбожніка, агаляючы падставы аж па шыю. (Сэлях)

14 Ты прабіў стрэламі ягонымі галаву правадыроў ягоных, калі [ўзьняліся], як віхура, каб расьсеяць мяне; яны цешыліся як тыя, што пажэрлі ўбогага ўпотай.

15 Ты топчаш коньмі Тваімі мора, хваляваньне водаў вялікіх.

16 Я пачуў, і задрыжэла нутро маё, ад голасу [гэтага] затрымцелі вусны мае, гнілізна ўвайшла ў косткі мае, і я калачуся на месцы сваім. Але я маю быць у супакоі ў дзень бедства, калі прыйдзе на народ гэты той, хто пераможа [нас].

17 Бо хоць бы дрэва фігавае не расквітнела, і не было ўраджаю ў вінаградніку, [хоць бы] не ўрадзіла аліўка [плоду свайго], і поле ня дала, што есьці, [хоць бы] зьніклі авечкі з абораў, і не засталося валоў у хлявах,

18 але і тады я буду радавацца ў ГОСПАДЗЕ, буду цешыцца ў Богу збаўленьня майго.

19 ГОСПАД, Госпад — сіла мая, і Ён зробіць ногі мае як у аленя, і на вышыні мае ўзьвядзе мяне. Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах.