Беларуская Біблія

ДРУГОЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ТЭСАЛОНЦАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА

 

Разьдзел 1

1 Павал, і Сілуан, і Цімафей — царкве Тэсалонцаў у Богу Айцу нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце:

2 ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

3 Заўсёды павінны мы дзякаваць Богу за вас, браты, як належыцца, бо моцна ўзрастае вера вашая і памнажаецца любоў кожнага адзін да аднаго між усімі вамі,

4 так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых дзеля цярплівасьці вашай і веры ў-ва ўсіх перасьледаваньнях вашых і прыгнётах, якія вы пераносіце,

5 на выяўленьне праведнага суду Божага, каб вам быць вартымі Валадарства Божага, дзеля якога і пакутуеце.

6 Бо праведна перад Богам аднагарадзіць прыгнётам тым, якія вас прыгнятаюць,

7 а вам, прыгнятаным, — патоляй разам з намі ў адкрыцьці Госпада Ісуса з неба з анёламі сілы Яго,

8 Які ў полымі агню зьдзяйсьняе помсту над тымі, што ня ведаюць Бога і не паслухмяныя Эвангельлю Госпада нашага Ісуса Хрыста.

9 Яны атрымаюць прысуд — вечнае зьнішчэньне, ад аблічча Госпада і ад славы магутнасьці Яго,

10 калі Ён прыйдзе ўславіцца ў сьвятых Сваіх і стацца дзівосным у дзень той у-ва ўсіх, якія паверылі, бо вы паверылі нашаму сьведчаньню сярод вас.

11 Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас дастойнымі пакліканьня і споўніў з моцаю ўсякае ўпадабаньне добрасьці і справу веры,

12 каб праславілася імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы — у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

 

Разьдзел 2

1 Просім вось вас, браты, дзеля прыйсьця Госпада нашага Ісуса Хрыста і нашага зграмаджэньня перад Ім,

2 не хістайцеся пасьпешна розумам і не трывожцеся ані праз духа, ані праз слова, ані праз пасланьне, нібы ад нас, што быццам надыйшоў дзень Хрыстовы.

3 Няхай ніхто аніяк вас ня зводзіць, бо [дзень гэты ня прыйдзе], пакуль ня прыйдзе перш адступніцтва і не адкрыецца чалавек грэху, сын загубы,

4 які супрацівіцца і вывышаецца па-над усё, што называецца Богам ці чаму пакланяюцца, так што ў сьвятыні Божай засядзе ён як бог, заяўляючы пра сябе, што ён — бог.

5 Ці не памятаеце, што я, яшчэ як быў у вас, гаварыў вам гэтае?

6 І цяпер ведаеце, што трымае, каб адкрыцца яму ў свой час.

7 Бо таямніца беззаконьня ўжо дзейнічае, няхай толькі той, што трымае цяпер, будзе забраны спасярод.

8 І тады адкрыецца беззаконьнік, якога Госпад заб’е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прыйсьця Свайго,

9 таго, якога прыйсьце праз дзеяньне шатана, будзе з усёй сілаю, і знакамі, і фальшывымі цудамі,

10 і з усякім ашуканствам няправеднасьці для тых, якія гінуць з-за таго, што не прынялі любові праўды, каб ім быць збаўленымі.

11 І з-за гэтага пашле ім Бог дзеяньне аблуды, каб верылі хлусьні,

12 каб былі асуджаныя ўсе, якія не паверылі праўдзе, але ўпадабалі няправеднасьць.

13 А мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, улюбёныя Госпадам браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і веру праўдзе, выбраў вас на збаўленьне,

14 да якога і паклікаў вас праз Эвангельле нашае на атрыманьне славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.

15 Дык, браты, стойце і трымайцеся традыцыі, якой вы навучыліся ці праз слова, ці праз пасланьне нашае.

16 Сам жа Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які палюбіў нас і даў пацяшэньне вечнае і надзею добрую ў ласцы,

17 няхай пацешыць вашыя сэрцы і няхай умацуе вас у-ва ўсякім слове і справе добрай.

 

Разьдзел 3

1 Нарэшце, маліцеся за нас, браты, каб слова Госпада пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас,

2 і каб мы былі выбаўленыя ад нягодных і злых людзей, бо не ў-ва ўсіх вера.

3 Але верны Госпад, Які ўмацуе вас і захавае ад злога.

4 Мы пэўныя адносна вас у Гос­падзе, што вы выконваеце і будзеце выконваць тое, што мы загадваем вам.

5 Няхай Сам Госпад накіруе сэрцы вашыя да любові Божае і цярплівасьці Хрыстовай.

6 Загадваем вам, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб цураліся ўсякага брата, які ходзіць свавольна і не паводле традыцыі, прынятай ад нас,

7 бо вы самі ведаеце, як трэба насьлядаваць нас, бо мы не сваволілі між вамі,

8 таксама дарма ні ў каго хлеба ня елі, але ў працы і стоме рабілі ўначы і ўдзень, каб не абцяжарыць каго з вас,

9 не таму, што ня маем улады, але каб сябе саміх даць вам за прыклад дзеля перайманьня нас.

10 Бо калі мы былі ў вас, дык загадалі вам: калі хто ня хоча працаваць, той няхай і ня есьць.

11 Але чуем, што некаторыя ў вас ходзяць свавольна, нічога ня робяць, але мітусяцца.

12 Гэтакім загадваем і молім у Госпадзе нашым Ісусе Хрысьце, каб яны, працуючы моўчкі, елі свой хлеб.

13 А вы, браты, не журыцеся, робячы дабро.

14 Калі ж хто не паслухаецца слова нашага праз гэтае пасланьне, таго мейце на прыкмеце і ня мейце справы з ім, каб быў асаромлены;

15 але не лічыце яго за ворага, але настаўляйце, як брата.

16 Сам жа Госпад супакою няхай дасьць вам супакой заўсёды і ў-ва ўсім. Госпад з усімі вамі.

17 Прывітаньне маёю рукою, Паўлаваю, што ёсьць знак у-ва ўсякім пасланьні; пішу я гэтак:

18 ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн.