Беларуская Біблія

КНІГА ПСАЛЬМАЎ

КНІГА ПЕРШАЯ

 

Псальм 1

1 Шчасьлівы чалавек, які не хадзіў паводле рады бязбожнікаў, не стаяў на шляху грэшнікаў і не сядзеў паміж насьмешнікаў,

2 бо да Закону ГОСПАДА імкненьне ягонае і пра Закон Ягоны будзе разважаць ён днём і ноччу.

3 І будзе ён як дрэва, пасаджанае пры цячэньні водаў, якое прыносіць плод свой у часе сваім, і лістота якога ня вяне, і ў-ва ўсім, што ён робіць, ён посьпех мае.

4 Ня гэтак бязбожнікі, яны як мякіна, якую вецер разносіць.

5 Таму не ўстаяць бязбожнікі на судзе, ані грэшнікі ў грамадзе праведных,

6 бо ГОСПАД ведае шлях праведных, а шлях бязбожнікаў загіне.

 

Псальм 2

1 Чаму бунтуюцца народы, і плямёны задумваюць марнае?

2 Паўстаюць валадары зямлі, і князі сабраліся разам супраць ГОСПАДА і супраць Памазанца Ягонага:

3 «Парвема кайданы іхнія і путы іхнія скіньма з сябе!»

4 Той, Які жыве ў небе, будзе сьмяяцца, Госпад будзе кпіць з іх.

5 І скажа да іх у гневе Сваім, і ў ярасьці Сваёй напужае іх:

6 «Гэта Я паставіў Валадара Майго на Сыёне, гары Маёй сьвятой!»

7 Я абвяшчу пастанову: «ГОСПАД сказаў да Мяне: “Ты — Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе!

8 Зажадай ад Мяне, і дам Табе народы зямлі ў спадчыну, і межы зямныя — на ўласнасьць Табе.

9 Кіем жалезным паб’еш іх, быццам начыньне глінянае скрышыш іх”».

10 Дык цяпер, валадары, зразумейце, навучыцеся, судзьдзі зямлі!

11 Служыце ГОСПАДУ са страхам і радуйцеся з дрыжаньнем.

12 Ушануйце Сына, каб не разгневаўся і каб ня зьнішчыў шляху [вашага], бо неўзабаве ўзгарыцца гнеў Ягоны! Шчасьлівыя ўсе, якія ў Ім маюць надзею.

 

Псальм 3

1 Псальм Давіда, калі ён уцякаў ад аблічча Абсалома, сына свайго.

2 ГОСПАДЗЕ, як шматлікія сталі прыгнятальнікі мае! Шмат іх паўстае супраць мяне!

3 Шмат тых, якія кажуць пра душу маю: «Няма для яго збаўленьня ў Бога». (Сэлях)

4 Але Ты, ГОСПАДЗЕ, — шчыт для мяне, Ты — слава мая, і Ты падымаеш галаву маю.

5 Голасам маім я клікаў да ГОСПАДА, і Ён адказаў мне з гары Сваёй сьвятой. (Сэлях)

6 Я лёг і заснуў, і абудзіўся, бо ГОСПАД падтрымлівае мяне.

7 Не палохаюся я многіх тысячаў народу, што абступілі мяне наўкола.

8 Паўстань, ГОСПАДЗЕ! Збаў мяне, Божа мой! Бо Ты даў ворагам маім па сківіцах, Ты скрышыў зубы бязбожнікаў.

9 У ГОСПАДА збаўленьне і для народу Твайго дабраслаўленьне Тваё. (Сэлях)

 

Псальм 4

1 Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Псальм Давіда.

2 Калі я клічу, адкажы мне, Божа, Праведнасьць мая! Калі я быў уцісканы, Ты даў мне прастору. Зьлітуйся нада мною і пачуй малітву маю!

3 Сыны людзей, дакуль слава мая зьневажацца будзе, дакуль будзеце любіць марнасьць і шукаць няпраўды? (Сэлях)

4 Спазнайце, што ГОСПАД аддзяліў багабойнага Свайго; ГОСПАД пачуе, калі буду клікаць да Яго.

5 Дрыжыце і не грашыце! Кажыце ў сэрцах вашых на ложках вашых і маўчыце! (Сэлях)

6 Ахвяруйце ахвяры праведнасьці і спадзявайцеся на ГОСПАДА!

7 Шмат тых, якія кажуць: «Хто пакажа нам добрае?» Узьнімі над намі сьветласьць аблічча Твайго, ГОСПАДЗЕ!

8 Ты даў у сэрцы маім большую радасьць, чым маюць яны, сабраўшы збожжа і віна багата. (Сэлях)

9 У супакоі я лягу і засну, бо Ты, ГОСПАДЗЕ, адзін даеш мне жыць у бясьпецы.

 

Псальм 5

1 Кіраўніку хору: на флейтах. Псальм Давіда.

2 Прыхілі вуха да словаў маіх, ГОСПАДЗЕ, зваж на ўздыханьне маё.

3 Выслухай голас крыку майго, Валадару мой і Божа мой, бо я да Цябе малюся.

4 ГОСПАДЗЕ, раніцаю пачуй голас мой; на досьвітку стану перад Табою і буду ўглядацца.

5 Бо Ты — Бог, Якому недаспадобы няправасьць; злыдзень ня будзе жыць пры Табе!

6 Тыя, што хваляцца сабою, ня будуць стаяць перад вачыма Тваімі, Ты ненавідзіш усіх злачынцаў.

7 Ты зьнішчаеш хлусьлівых; крыважэрнымі і падступнымі брыдзіцца ГОСПАД.

8 А я праз вялікую міласэрнасьць Тваю ўвайду ў Дом Твой, і ў страху Тваім пакланюся ў Сьвятыні сьвятасьці Тваёй.

9 ГОСПАДЗЕ, вядзі мяне ў праведнасьці Тваёй; насупраць ворагам маім выпрастуй шлях Твой перад абліччам маім.

10 Бо няма шчырасьці ў вуснах іхніх; нутро іхняе — распуста; горла іхняе — магіла адчыненая; языком сваім ашукваюць.

11 Абвінаваць іх, Божа! Няхай загінуць яны ад намераў сваіх! За мноства правінаў іхніх адкінь Ты іх, бо яны збунтаваліся супраць Цябе.

12 І няхай радуюцца ўсе, якія ў Табе маюць надзею; няхай весяляцца навекі, бо Ты іх бароніш; і няхай узрадуюцца ў Табе тыя, якія любяць імя Тваё.

13 Бо Ты дабраслаўляеш праведнага, ГОСПАДЗЕ, і ўпадабаньнем Тваім, як шчытом, засланяеш яго.

 

Псальм 6

1 Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах, на актаву. Псальм Давіда.

2 ГОСПАДЗЕ, у гневе Тваім не карай мяне і ў ярасьці Тваёй не вучы мяне!

3 Зьлітуйся нада мною, ГОСПАДЗЕ, бо я нядужы; аздараві мяне, ГОСПАДЗЕ, бо трымцяць косткі мае,

4 і душа мая трымціць вельмі. О, ГОСПАДЗЕ, дакуль?

5 Павярніся, ГОСПАДЗЕ, выратуй душу маю, збаў мяне дзеля міласэрнасьці Тваёй!

6 Бо ў сьмерці няма памяці пра Цябе, і ў пекле хто будзе славіць Цябе?

7 Я зьнямогся ад уздыханьня майго; штоноч паліваю я ложак мой, сьлязьмі паліваю пасьцель маю.

8 Ад тугі высахла вока маё, састарэлася праз усіх, хто ўціскае мяне.

9 Адступіцеся ад мяне, усе злачынцы, бо ГОСПАД пачуў голас плачу майго.

10 ГОСПАД пачуў маленьне маё, ГОСПАД прыняў малітву маю.

11 Няхай будуць асаромленыя ворагі мае і няхай затрымцяць моцна, няхай павернуцца назад і будуць імгненна асаромленыя.

 

Псальм 7

1 Лямант Давіда, які засьпяваў ён ГОСПАДУ з прычыны Куша, сына Бэн’яміна.

2 ГОСПАДЗЕ, Божа мой! У Табе маю надзею! Збаў мяне ад усіх перасьледвальнікаў маіх і вызваль мяне,

3 каб ня ўзяў, быццам леў, душы маёй і не разарваў мяне, калі няма каму ратаваць!

4 ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Калі я ўчыніў гэткае, калі ёсьць беззаконьне ў руках маіх,

5 калі зло я зрабіў таму, хто жыў са мной мірна, і не ратаваў таго, хто ўціскаў мяне без прычыны,

6 тады няхай перасьледуе вораг душу маю і дагоніць, няхай утопча ў зямлю жыцьцё маё і славу маю кіне ў пыл! (Сэлях)

7 Паўстань, ГОСПАДЗЕ, у гневе Тваім! Узьніміся супраць лютасьці тых, якія ўціскаюць мяне! Збудзіся, Божа мой, на суд, які Ты прызначыў!

8 І зьбярэцца сход народаў вакол Цябе, і Ты зьвернешся да іх з вышыні.

9 ГОСПАДЗЕ, асудзі народы. Судзі мяне, ГОСПАДЗЕ, паводле праведнасьці маёй і паводле беззаганнасьці маёй, што ёсьць у-ва мне!

10 Няхай счэзьне ліхота бязбожнікаў, але ўмацуй праведнага Ты, Які выспрабоўваеш сэрцы і ныркі, Божа Праведны!

11 Шчыт мой у Бога, Які збаўляе шчырых сэрцам,

12 у Бога, Які судзіць праведнага, і ў Бога, Які гневаецца штодзень [на бязбожніка].

13 Калі той не навернецца, Ён вострыць меч Свой, нацягнуў лук Свой і падрыхтаваў,

14 і паклаў на яго прылады сьмерці, стрэлы Свае Ён робіць распаленымі.

15 Вось, [бязбожнік] зачаў злачынства, і цяжарны ліхоцьцем, і народзіць хлусьню.

16 Яму капаў ён і выкапаў, і сам уваліцца ў дол, які зрабіў.

17 Ліхоцьце зьвернецца на галаву ягоную, і на цемя ягонае зыйдзе няправасьць ягоная.

18 Буду славіць ГОСПАДА паводле праведнасьці Ягонай і выслаўляць імя ГОСПАДА Найвышэйшага.

 

Псальм 8

1 Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Псальм Давіда.

2 ГОСПАДЗЕ, Госпадзе наш! Якое слаўнае імя Тваё па ўсёй зямлі! Слава Твая ўзьнесеная па-над нябёсы!

3 З вуснаў немаўлятаў і тых, што пры грудзях, Ты зрабіў умацаваньне супраць ненавісьнікаў Тваіх, каб спыніць ворага і мсьціўцу.

4 Калі я гляджу на неба Тваё, твор пальцаў Тваіх, на месяц і на зоркі, якія Ты паставіў,

5 я думаю: «Што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, і сын чалавечы, што Ты наведваеш яго?

6 Не нашмат Ты паменшыў яго перад багамі, і славай і веліччу Ты ўкаранаваў яго,

7 і даў яму панаваць над творамі рук Тваіх, і ўсё Ты паклаў пад ногі яму:

8 авечак і валоў усіх, і зьвяроў палявых,

9 птушак у небе, і рыбаў у моры, і ўсё, што ходзіць сьцежкамі марскімі».

10 ГОСПАДЗЕ, Госпадзе наш! Якое слаўнае імя Тваё па ўсёй зямлі!

 

Псальм 9

1 Кіраўніку хору: на лад Мутлябэн. Псальм Давіда.

2 Буду славіць ГОСПАДА ад усяго сэрца майго, буду абвяшчаць усе цуды Твае!

3 Буду радавацца і весяліцца ў Табе, буду выслаўляць імя Тваё, Найвышэйшы!

4 Калі ворагі мае павернуць назад, яны спатыкнуцца і загінуць перад абліччам Тваім.

5 Бо Ты правёў суд мой і [разгледзеў] справу маю, Ты сеў на пасадзе таго, хто судзіць праведна.

6 Ты ўтаймаваў народы, Ты зьнішчыў бязбожніка, імя іхняе сьцёр на вякі вечныя.

7 Вораг спустошаны, канец яму назаўсёды. І гарады [ягоныя] Ты зруйнаваў, памяць пра іх зьнішчана.

8 А ГОСПАД сядзіць [на пасадзе] на вякі; Ён паставіў пасад Свой дзеля суду,

9 і Ён будзе судзіць сусьвет паводле праведнасьці і змагацца з народамі паводле справядлівасьці.

10 І будзе ГОСПАД умацаваным замкам для прыгнечанага, умацаваным замкам у час трывогі.

11 І будуць спадзявацца на Цябе тыя, якія ведаюць імя Тваё, бо Ты не пакідаеш тых, хто шукае Цябе, ГОСПАДЗЕ!

12 Выслаўляйце ГОСПАДА, Які сядзіць на Сыёне, апавядайце між народамі ўчынкі Ягоныя!

13 Бо Ён шукае [тых, што пралілі] кроў, памятае пра іх, Ён не забыўся пра крык уцісканых.

14 Зьлітуйся нада мною, ГОСПАДЗЕ! Глянь на пакуты мае ад тых, якія ненавідзяць мяне, Ты, Які падымаеш мяне ад брамы сьмерці,

15 каб я абвяшчаў усю хвалу Тваю ў брамах дачкі Сыёну і радаваўся ў збаўленьні Тваім.

16 Уваліліся пагане ў яму, якую зрабілі; у сетку, якую схавалі, патрапіла нага іхняя.

17 ГОСПАД даў пазнаць Сябе, учыніўшы суд; у справах рук сваіх заблытаўся бязбожнік. (Разважаньне. Сэлях)

18 Зыйдуць бязбожнікі ў пекла, усе пагане, якія забыліся пра Бога.

19 Бо не назаўсёды забыты будзе бедны, надзея прыгнечаных ня згіне навекі.

20 Паўстань, ГОСПАДЗЕ, ня дай чалавеку мець перавагу; пагане будуць суджаныя перад абліччам Тваім!

21 Напусьці жах на іх, ГОСПАДЗЕ, каб пазналі пагане, што яны — людзі! (Сэлях)

 

Псальм 10(9:22-39)

1 Чаму стаіш здалёк, ГОСПАДЗЕ, хаваешся ў часе трывогі?

2 Бязбожнік у пыхлівасьці сваёй перасьледуе ўбогага. Няхай будзе ён схоплены ў зламыснасьці, якую надумаў.

3 Бо хваліцца бязбожнік у пажаданьнях душы сваёй, і дабраслаўляе хціўца, і грэбуе ГОСПАДАМ.

4 Бязбожнік у ганарыстасьці гневу свайго не шукае [Бога]. «Няма Бога!» — усе думкі ў яго.

5 Шляхі ягоныя пасьпяховыя ў-ва ўсякі час; суды Твае высока аддаленыя ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх [грэбліва] дзьмухае ён.

6 Ён гаворыць у сэрцы сваім: «Я не пахіснуся, з пакаленьня ў пакаленьне ліха ня будзе [ў мяне]».

7 Вусны ягоныя поўныя праклёнаў, ашуканства і здрады; пад языком ягоным — ліхота і злачынства.

8 Ён сядзіць у засадзе на загуменьнях, у таемным месцы забівае нявіннага; вочы ягоныя сочаць за нешчасьлівым.

9 Ён пільнуе ў засадзе, быццам леў у схове сваім; пільнуе, каб схапіць убогага; хапае ўбогага, уцягваючы яго ў сетку сваю.

10 Ён згінаецца, туліцца [да зямлі], і ад моцы ягонай гіне шмат нешчасьлівых.

11 Ён кажа ў сэрцы сваім: «Бог забыўся, схаваў аблічча Сваё, ня ўбачыць ніколі!»

12 Паўстань, ГОСПАДЗЕ, Божа! Узьнімі руку Тваю, не забывайся пра ўцісканых!

13 Чаму бязбожнік пагарджае Богам, кажучы ў сэрцы сваім: «Ты ня будзеш шукаць [гэтага]»?

14 Але Ты бачыш, Ты глядзіш на ліхоту і гора, каб даць [аднагароду] рукою Тваёй. Табе пакідае [свой лёс] нешчасьлівы; Ты быў дапамогай сіраце.

15 Зламай рамяно бязбожніку і ліхотніку, шукай беззаконьне ягонае, каб больш яго нельга было знайсьці.

16 ГОСПАД — Валадар на вякі вечныя; пагане счэзнуць з зямлі Ягонай.

17 Ты пачуў жаданьне ўцісканых, ГОСПАДЗЕ! Ты ўмацуеш сэрцы іхнія, Ты прыхіліш вуха Тваё,

18 каб даць суд сіраце і пакрыўджанаму, каб больш не палохаў іх чалавек на зямлі!

 

Псальм 11(10)

1 Кіраўніку хору. Давіда. У ГОСПАДЗЕ маю надзею. Чаму вы кажаце душы маёй: «Уцякаючы, уцякай на горы вашыя, як птушка»?

2 Бо вось, бязбожнікі нацягнулі лук, палажылі стралу сваю на цяціве, каб упоцемках страляць у правых сэрцам.

3 Калі падмуркі будуць раскіданыя, што зробіць праведнік?

4 ГОСПАД у сьвятой сьвятыні Сваёй; пасад ГОСПАДА ў небе, вочы Ягоныя бачаць, павекі Ягоныя выпрабоўваюць сыноў чалавечых.

5 ГОСПАД выпрабоўвае праведніка, але бязбожніка і таго, які любіць няправасьць, ненавідзіць душа Ягоная.

6 Дажджом спашле Ён кары на бязбожнікаў; агонь, і серка, і вецер палючы будуць часткаю келіха іхняга,

7 бо ГОСПАД праведны і любіць праведнасьць; правыя будуць бачыць аблічча Ягонае.

 

Псальм 12(11)

1 Кіраўніку хору: на актаву. Псальм Давіда.

2 Збаў, ГОСПАДЗЕ, бо ня стала багабойных, бо верныя зьніклі сярод сыноў чалавечых.

3 Марнасьць прамаўляе кожны да бліжняга, вуснамі лісьлівымі і сэрцам дваістым гавораць.

4 Няхай адсячэ ГОСПАД усе вусны лісьлівыя, язык, што дзёрзка прамаўляе,

5 тых, якія кажуць: «Языком нашым пераможам, вусны нашыя з намі! Хто гаспадар для нас?»

6 «За злачынствы супраць прыгнечаных, за стогны ўцісканых паўстану цяпер, — кажа ГОСПАД, — пастаўлю ў бясьпецы таго, на якога дыхаюць [пагрозай]».

7 Словы ГОСПАДА — чыстыя словы, срэбра ў горне ад зямлі ачышчанае, сямікроць ператопленае.

8 Ты, ГОСПАДЗЕ, абарані іх, захавай іх ад пакаленьня гэтага на вякі.

9 Навокал ходзяць бязбожнікі, бо сярод сыноў чалавечых узвысіліся найбольш нягодныя.

 

Псальм 13(12)

1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда.

2 Дакуль, ГОСПАДЗЕ? Ці назаўсёды забудзешся пра мяне? Дакуль будзеш хаваць аблічча Тваё ад мяне?

3 Дакуль я буду складаць парады ў душы маёй, [складаць] смутак у сэрцы маім штодня? Дакуль вораг мой будзе ўздымацца нада мною?

4 Глянь, адкажы мне, ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Прасьвятлі вочы мае, каб не заснуў я сьмерцю,

5 каб не казаў вораг мой: «Я перамог яго», каб прыгнятальнікі мае ня радаваліся, калі я пахіснуся.

6 А я спадзяюся на міласэрнасьць Тваю; будзе радавацца сэрца маё са збаўленьня Твайго. Буду сьпяваць ГОСПАДУ, бо Ён зрабіў дабро мне.

 

Псальм 14(13)

1 Кіраўніку хору. Давіда. Сказаў бязглузды ў сэрцы сваім: «Няма Бога!» Сапсаваліся яны і агідныя рэчы робяць, няма таго, хто робіць дабро.

2 Глянуў ГОСПАД з неба на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць разумны, які Бога шукае.

3 Усе ўхіліліся, усе разам нягодныя; няма нікога, хто робіць дабро, няма аніводнага!

4 Няўжо ня маюць пазнаньня ўсе злачынцы, якія народ мой зьядаюць, быццам хлеб ядуць, і ГОСПАДА ня клічуць?

5 І будуць яны там у страху вялікім, бо ёсьць ГОСПАД у пакаленьні праведнікаў!

6 Радай прыгнечанага вы пагарджаеце, але ГОСПАД — прыстанішча ягонае.

7 Хто дасьць збаўленьне з Сыёну для Ізраіля? Калі ГОСПАД верне палонных народу Свайго, будзе радавацца Якуб і будзе весяліцца Ізраіль!

 

Псальм 15(14)

1 Псальм Давіда. ГОСПАДЗЕ! Хто будзе жыць у намёце Тваім, хто паселіцца на гары Тваёй сьвятой?

2 Той, хто ходзіць беззаганна, і чыніць праведнасьць, і кажа праўду ў сэрцы сваім,

3 хто языком сваім не ачарніў, не ўчыніў ліхога бліжняму свайму і ня ўзьвёў ганьбы на таго, хто побач,

4 які таго, хто пагарджае [Богам], адкідае з вачэй сваіх, а таго, хто баіцца ГОСПАДА, ушаноўвае; той, хто са шкодай для сябе прысягаў, але гэтага не зьмяняў;

5 хто срэбра свайго на ліхву не аддаваў і хабару супраць нявіннага ня браў. Хто гэтак робіць, не пахісьнецца на вякі!

 

Псальм 16(15)

1 Залатая песьня Давіда. Захавай мяне, Божа, бо я ў Табе маю надзею.

2 Кажу я да ГОСПАДА: «Ты — Госпад мой; добрасьць мая нішто перад Табою».

3 Да сьвятых, якія на зямлі, і да слаўных [Тваіх], да іх усё імкненьне маё.

4 Памножацца прыкрасьці ў тых, якія сьпяшаюцца за [богам] чужым; я ня буду выліваць ахвяры іхняй крывавай, ані імёнаў іхніх ня буду браць у вусны мае.

5 ГОСПАД — частка долі маёй і келіху [майго]; Ты трымаеш лёс мой.

6 [Меральныя] шнуры мае прайшлі ў цудоўных [мясьцінах], і спадчына прыемная для мяне.

7 Буду дабраслаўляць ГОСПАДА, Які радзіць мне, і ўначы ўшчуваюць мяне ныркі мае.

8 Маю я ГОСПАДА перад сабою заўсёды, бо Ён праваруч мяне, дык не пахіснуся.

9 Дзеля гэтага ўзьвесялілася сэрца маё і радуецца слава мая, нават цела маё супачыне бясьпечна,

10 бо Ты не пакінеш душу маю ў пекле і не дасі сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне.

11 Ты дасі мне ведаць шлях жыцьця; перад абліччам Тваім поўня радасьці, праваруч Цябе — раскоша заўсёды.

 

Псальм 17(16)

1 Малітва Давіда. Пачуй, ГОСПАДЗЕ, праведнасьць [маю], зваж на галашэньне маё, прыхілі вуха да малітвы маёй з вуснаў нефальшывых!

2 Ад аблічча Твайго няхай выйдзе прысуд мой; вочы Твае бачаць, што справядліва.

3 Ты выспрабаваў сэрца маё, уначы адведаў і ачысьціў мяне, і не знайшоў нічога; думкі ліхія ня выйшлі з вуснаў маіх.

4 У справах чалавечых паводле слова вуснаў Тваіх я высьцерагаўся сьцежкаў гвалту,

5 крокі мае трымаліся каляінаў Тваіх, стопы мае не хісталіся.

6 Да Цябе я гукаю, бо Ты, Божа, адкажаш мне. Прыхілі вуха Тваё да мяне, пачуй словы мае!

7 Зьяві міласэрнасьць Тваю, Збаўца тых, якія да правіцы Тваёй уцякаюць ад тых, што паўсталі [на іх].

8 Захавай мяне, як зрэнку вока, у ценю крылаў Тваіх схавай Ты мяне

9 ад бязбожнікаў, якія руйнуюць мяне, ад ворагаў душы маёй, якія атачылі мяне.

10 Тлушчам сваім яны закрылі сябе, вуснамі сваімі яны пыхліва гавораць.

11 На кожным кроку цяпер яны нас абступаюць; вочы свае скіравалі, каб нас кінуць на зямлю.

12 Яны падобныя да ільва, які прагне здабычы, і да львяняці, якое ў засадзе ляжыць.

13 Паўстань, ГОСПАДЗЕ! Выйдзі супраць аблічча ягонага, павалі Ты яго! Мячом Тваім выратуй душу маю ад бязбожніка,

14 ад сьмяротных [людзей] — рукой Тваёй, ГОСПАДЗЕ, ад сьмяротных [людзей] веку гэтага. Частка іхняя — у гэтым жыцьці, і чэрава іхняе Ты са скарбніцы Тваёй напаўняеш, яны насычаюць сыноў сваіх, і лішак свой пакідаюць дзецям сваім.

15 А я ў праведнасьці ўбачу аблічча Тваё, абудзіўшыся, насычуся вобразам Тваім.

 

Псальм 18(17)

1 Кіраўніку хору. Слугі ГОСПАДА Давіда, які выказаў ГОСПАДУ словы сьпеву гэтага ў дзень, калі ГОСПАД вызваліў яго з рук усіх ворагаў ягоных і з рукі Саўла, і ён сказаў [гэта].

2 Буду любіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сіла мая! ГОСПАД — скала мая, замчышча маё, мой Збаўца!

3 Мой Бог — апора мая, у Ім я маю надзею; Ён — шчыт мой, рог збаўленьня майго і ўмацаваны замак мой!

4 Паклічу я ГОСПАДА, Які годны хвалы, і ад ворагаў маіх збаўлены буду.

5 Ахапілі мяне путы сьмерці, і віры Бэліяла стурбавалі мяне;

6 путы пякельныя агарнулі мяне, і пасткі сьмерці схапілі мяне.

7 У прыгнечаньні маім я клікаў ГОСПАДА і галасіў да Бога майго. Ён пачуў са сьвятыні Сваёй голас мой, і лямант мой перад абліччам Ягоным дайшоў да вушэй Ягоных.

8 І, дрыжучы, задрыжэла зямля, і падваліны гор затрэсьліся і захісталіся, бо ўгнявіўся Ён.

9 Узьняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных — агонь палючы, вугольле распальваецца ад Яго.

10 Нахіліў Ён неба і зыйшоў, і імгла пад нагамі Ягонымі.

11 Ён сеў на херувіма і паляцеў, і ўзьнёсься на крылах ветру.

12 Ён зрабіў цемру заслонай Сваёй, вакол Яго — намёт Ягоны з цёмных водаў, з густых хмараў.

13 Ад бляску перад Ім разыйшліся хмары Ягоныя, град і вугольле вогненнае.

14 І загрымеў у небе ГОСПАД, і Найвышэйшы падаў голас Свой, град і вугольле вогненнае.

15 І Ён пусьціў стрэлы Свае, і расьцярушыў іх, і мноствам маланак зьбянтэжыў іх.

16 І сталі бачныя рэчышчы водаў, і адкрыліся падваліны сусьвету ад пагрозаў Тваіх, ГОС­ПАДЗЕ, і ад подыху духу гневу Твайго.

17 Паслаўшы з вышыні, Ён схапіў мяне, выцягнуў мяне з водаў вялікіх,

18 вызваліў мяне ад ворага майго моцнага і ад тых, якія ненавідзяць мяне, бо яны былі дужэйшыя за мяне.

19 Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго, але ГОСПАД быў падпорай для мяне.

20 І Ён вывеў мяне на месца прасторнае, Ён выратаваў мяне, бо мне спагадае.

21 ГОСПАД даў мне паводле праведнасьці маёй, паводле чысьціні рук маіх мне аднагародзіў,

22 бо я захоўваў шляхі ГОСПАДА і не адступаў бязбожна ад Бога майго;

23 бо ўсе суды Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не ўхіляўся.

24 Я быў беззаганны перад Ім і захоўваў сябе ад беззаконьня.

25 І аднагародзіў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, паводле чысьціні рук маіх перад вачыма Ягонымі.

26 З багабойным Ты будзеш багабойным, з чалавекам беззаганным будзеш беззаганны,

27 для чыстага сэрцам Ты чысты сэрцам, і для крывадушнага Ты падступны,

28 бо людзей прыгнечаных Ты збаўляеш, а вочы пыхлівыя паніжаеш.

29 Ты запаліш сьветач мой; ГОСПАД, Бог мой, асьветліць цемру маю.

30 Бо з Табою я атакую войскі і з Богам маім узыйду на муры.

31 Бог, беззаганны шлях Ягоны; слова ГОСПАДА чыстае; Ён — шчыт для ўсіх, хто ў Ім мае надзею.

32 Бо хто Бог, апрача ГОСПАДА, і хто скала, акрамя Бога нашага?

33 Бог, Які падпярэзвае мяне сілай і дае беззаганнасьць шляху майму;

34 Ён робіць ногі мае як у аленя і на вышыні ставіць мяне,

35 Ён навучае рукі мае для бітвы, і рамёны мае напінаюць лук мядзяны.

36 І Ты даў мне шчыт збаўленьня Твайго, і правіца Твая ўмацоўвала мяне, і ласкавасьць Твая ўзьвялічвала мяне.

37 Ты даў прастору для кроку майго, і не хісталіся ногі мае.

38 Я перасьледаваў ворагаў маіх і даганяў іх, і не варочаўся назад, пакуль ня зьнішчыў іх.

39 Я гэтак скрышыў іх, што яны не маглі ўстаць; яны падалі пад ногі мае.

40 Ты падперазаў мяне сілай дзеля бітвы, Ты паваліў перада мною тых, якія паўсталі суп­раць мяне.

41 Ты даў мне [бачыць] карак ворагаў маіх, і тых, што мяне ненавідзяць, я вынішчыў.

42 Яны галасілі, і не было таго, хто іх збавіць; яны [клікалі] да ГОСПАДА, але Ён не адказаў ім.

43 Я стоўк іх, як той пыл пад ветрам, як балота на вуліцы, я стаптаў іх.

44 Ты выратаваў мяне ад звадак людзей, паставіў мяне за галаву народам. Людзі, якіх я ня ведаў, будуць служыць мне.

45 Чуючы вушамі [пра мяне], яны слухаюцца мяне; сыны чужынцаў падпарадкаваліся мне.

46 Сыны чужынцаў млеюць і трымцяць у агароджах сваіх.

47 Жыве ГОСПАД, дабраслаўлёная скала мая; і няхай узвысіцца Бог збаўленьня майго,

48 Бог, Які адпомсьціў за мяне і схіліў народы перада мною,

49 выратаваў мяне ад ворагаў маіх і ўзвысіў мяне па-над тымі, якія паўсталі супраць мяне; ад чалавека злачыннага вызваліў мяне.

50 Дзеля гэтага буду славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сярод народаў і імя Тваё выслаўляць.

51 Ты ўзьвялічыў збаўленьнем валадара Твайго і зьяўляеш міласэрнасьць памазанцу Твайму, Давіду, і насеньню ягонаму на вякі.

 

Псальм 19(18)

1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда.

2 Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, і прасьцяг апавядае пра творы рук Ягоных.

3 Дзень дню пераказвае вестку, і ноч ночы выказвае веданьне.

4 Бяз гуку, бяз словаў, ня чутны голас іхні.

5 Па ўсёй зямлі разыходзіцца гучаньне іхняе, а мова іхняя — да краю сусьвету. На іх Ён паставіў намёт для сонца,

6 і яно як жаніх выходзіць з пакою свайго, яно радасна гукае, як волат, калі прабег сьцяжыну сваю.

7 Ад краю неба выходзіць яно і бяжыць да краю ягонага, і нішто не схаваецца ад гарачыні ягонай.

8 Закон ГОСПАДА беззаганны, ён навяртае душу. Сьведчаньне ГОСПАДА вернае, яно робіць мудрым неразумнага.

9 Загады ГОСПАДА слушныя, яны радуюць сэрца. Прыказаньне ГОСПАДА яснае, яно прасьвятляе вочы.

10 Страх перад ГОСПАДАМ чысты, ён будзе трываць вечна. Суды ГОСПАДА праўдзівыя, а таксама справядлівыя.

11 Яны больш пажаданыя, чым золата, больш, чым золата найчысьцейшае, і саладзейшыя за мёд і мёд сотавы.

12 І слуга Твой праз іх будзе навучаны. Хто захоўвае іх, [будзе мець] нагароду вялікую.

13 Хто зразумее памылкі свае? Ад схаваных [грахоў] вызвалі мяне!

14 І трымай далёка слугу Твайго ад свавольства, няхай яно нада мною не пануе. Тады я буду беззаганны і ня буду мець пакараньня за правіну вялікую.

15 Няхай словы вуснаў маіх і разважаньні сэрца майго будуць даспадобы Табе, ГОСПАДЗЕ, Скала мая і Абаронца мой!

 

Псальм 20(19)

1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда.

2 Няхай ГОСПАД пачуе цябе ў дзень трывогі, няхай абароніць цябе імя Бога Якубавага!

3 Няхай Ён спашле табе дапамогу са сьвятыні і ўмацуе цябе з Сыёну!

4 Няхай Ён узгадае ўсе дары твае і цэласпаленьнямі тваімі няхай насыціцца. (Сэлях)

5 Няхай Ён дасьць табе паводле сэрца твайго і споўніць усе намеры твае,

6 каб мы ўзрадаваліся збаўленьню твайму і ў імя Бога нашага сьцяг узьнялі. Няхай споўніць ГОСПАД усе прагненьні твае!

7 Цяпер я ведаю, што ГОСПАД збаўляе Памазанца Свайго; Ён адкажа яму са сьвятога неба Свайго праз збаўчую магутнасьць правіцы Сваёй.

8 Гэтыя [спадзяюцца] на калясьніцы і коней, а мы ўзгадваем імя ГОСПАДА, Бога нашага.

9 Яны пахіснуліся і ўпалі, а мы паўсталі і стаімо проста.

10 Збаў нас, ГОСПАДЗЕ, і няхай валадар пачуе нас, калі будзем клікаць!

 

Псальм 21(20)

1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда.

2 ГОСПАДЗЕ! У моцы Тваёй будзе радавацца валадар, у збаўленьні Тваім ён вельмі ўсьцешыцца.

3 Ты даў яму жаданьне сэрца ягонага, і просьбам вуснаў ягоных Ты не адмовіў. (Сэлях)

4 Бо Ты сустрэў яго дабраслаўленьнем дабра, усклаў яму на галаву карону з найчысьцейшага золата.

5 Жыцьцё ён прасіў у Цябе, Ты даў яму доўгасьць дзён на вякі вечныя.

6 Вялікая слава ягоная ў збаўленьні Тваім; годнасьць і веліч Ты ўзлажыў на яго.

7 Бо Ты даў яму дабраслаўленьне вечнае, Ты разьвесяліў яго радасьцю перад абліччам Тваім.

8 Бо валадар спадзяецца на ГОСПАДА і праз міласэр­насьць Найвышэйшага не пахісьнецца.

9 Рука Твая знойдзе ўсіх ворагаў Тваіх, правіца Твая знойдзе тых, якія ненавідзяць Цябе.

10 Ты зробіш з іх печ вогненную ў час [зьяўленьня] аблічча Твайго; ГОСПАД у гневе Сваім выгубіць іх, і агонь зжарэ іх.

11 Ты зьнішчыш плод іхні на зямлі і насеньне іхняе — спасярод сыноў чалавечых.

12 Бо яны кнулі ліхое супраць Цябе, надумалі зламыснае, якое не змаглі [зьдзейсьніць],

13 бо Ты павернеш іх наўцёкі, нацягнеш лук Твой супраць аблічча іхняга.

14 Узьніміся, ГОСПАДЗЕ, у моцы Тваёй! Мы будзем сьпяваць і выслаўляць магутнасьць Тваю.

 

Псальм 22(21)

1 Кіраўніку хору: на лад “Ланя на сьвітаньні”. Псальм Давіда.

2 Божа мой, Божа мой! Чаму Ты пакінуў мяне, аддаліўся ад збаўленьня майго, ад словаў стагнаньня майго?

3 Божа мой! Я клічу ўдзень, і Ты не адказваеш, і ўначы, і не супакойваюся.

4 Але Ты — Сьвяты, Ты сядзіш па-над хвалою Ізраіля!

5 На Цябе спадзяваліся бацькі нашыя, спадзяваліся, і Ты выратоўваў іх.

6 Да Цябе крычалі яны і былі збаўленыя; на Цябе спадзяваліся і не былі асаромленыя.

7 А я — чарвяк, а не чалавек, зьневажаны людзьмі і пагарджаны народам.

8 Усе, якія бачаць мяне, кпяць з мяне, крывячы вусны і ківаючы галовамі:

9 «Ён усклаў [надзею] на ГОСПАДА! Дык няхай Ён выратуе яго, няхай вызваліць яго, калі яму спагадае!»

10 Але Ты выцягнуў мяне з чэрава [маці], пры грудзях маці маёй [напоўніў] мяне спадзяваньнем.

11 На Цябе я пакінуты ад улоньня [маці]; ад чэрава маці маёй Ты — мой Бог!

12 Не аддаляйся ад мяне, бо блізка бяда, бо няма дапамогі!

13 Мяне абступілі дужыя быкі, бугаі Башанскія атачылі мяне.

14 Яны разявілі ляпы свае на мяне, быццам леў, які [прагне] здабычы і рыкае.

15 Я выліўся, быццам вада, і разьдзяліліся ўсе косткі мае. Сталася сэрца маё як воск, растапілася ў нутры маім.

16 Высахла як чарапок сіла мая, язык мой прыліп да паднябеньня майго, і ў пыл сьмерці Ты кідаеш мяне.

17 Бо сабакі абступілі мяне, грамада злачынцаў атачыла мяне, яны прабілі рукі мае і стопы мае.

18 Можна палічыць усе косткі мае. Яны глядзяць, на мяне ўглядаюцца.

19 Яны падзялілі адзеньне маё між сабою і пра вопратку маю кідалі жэрабя.

20 Але Ты, ГОСПАДЗЕ, не аддаляйся ад мяне! Моцнасьць мая, пасьпяшайся мне на ўспамогу!

21 Выратуй ад мяча душу маю, з пашчы сабак адзіную маю.

22 Збаў мяне з пашчы ільвінае, і з рагоў аднарога адкажы мне!

23 Дык я буду абвяшчаць імя Тваё братам маім, сярод царквы буду хваліць Цябе.

24 Вы, якія баіцёся ГОСПАДА, хвалеце Яго! Усё насеньне Якуба, ушаноўвайце Яго, і бойся Яго, усё насеньне Ізраіля!

25 Бо Ён не пагардзіў і ня брыдзіўся нэндзай прыгнечанага, і не схаваў аблічча Свайго ад яго, але пачуў яго, калі той галасіў да Яго.

26 Пра Цябе хвала мая ў царкве вялікай; абяцаньне маё я споўню перад абліччам тых, якія баяцца Цябе.

27 Будуць есьці ўцісканыя і насыцяцца; будуць хваліць ГОСПАДА тыя, якія шукаюць Яго. Сэрца вашае будзе жыць вечна!

28 Схамянуцца і зьвернуцца да ГОСПАДА ўсе канцы зямлі, і паклоняцца перад абліччам Тваім усе плямёны народаў.

29 Бо ГОСПАДУ [належыць] валадараньне і панаваньне над народамі.

30 Будуць есьці і паклоняцца [перад Ім] усе заможныя зямлі; упадуць перад абліччам Ягоным усе, якія ў пыл зыходзяць і ня могуць захаваць пры жыцьці душу сваю.

31 Насеньне [маё] будзе служыць Яму і будзе называцца Госпадавым у пакаленьні.

32 Прыйдуць і будуць апавядаць народу, што мае нарадзіцца, праведнасьць Ягоную, бо Ён [такое] зрабіў.

 

Псальм 23(22)

1 Псальм Давіда. ГОСПАД ёсьць Пастыр мой, ні ў чым ня буду мець нястачы!

2 На пашах зялёных Ён пасьвіць мяне, да водаў спакойных накіроўвае мяне.

3 Ён аднаўляе душу маю, на сьцежкі праведнасьці вядзе мяне дзеля імя Свайго.

4 Нават калі буду ісьці далінаю ценю сьмерці, ня буду баяцца ліха, бо Ты — са мною, кій Твой і падпора Твая, яны пацяшаюць мяне.

5 Ты накрываеш перад абліччам маім стол насуперак тым, якія ўціскаюць мяне; галаву маю Ты памазаў алеем, і келіх мой да верху наліты.

6 Толькі добрасьць і міласэр­насьць Твая будуць ісьці са мною ўсе дні жыцьця майго; і ў Доме ГОСПАДА буду жыць доўгія дні.

 

Псальм 24(23)

1 Псальм Давіда. ГОСПАДАВА зямля і тое, што напаўняе яе, сусьвет і ўсё, што жыве ў ім.

2 Бо Ён на моры заснаваў яго, і на рэках угрунтаваў яго.

3 Хто ўзыйдзе на гару ГОСПАДА, і хто стане на месцы Ягоным сьвятым?

4 Той, у каго рукі бязьвінныя і сэрца чыстае, хто душы сваёй да марноты не схіляе і не прысягае крывадушна,

5 той атрымае дабраслаўленьне ад ГОСПАДА і праведнасьць ад Бога збаўленьня свайго.

6 Гэта пакаленьне тых, якія шукаюць Яго, якія шукаюць аблічча Твайго, [Бог] Якуба! (Сэлях)

7 Узьніміце, брамы, вярхі вашыя! Узьніміцеся, дзьверы адвечныя, каб увайшоў Валадар славы!

8 Хто-ж ёсьць Валадар славы? ГОСПАД моцны і магутны, ГОСПАД магутны ў бітве.

9 Узьніміце, брамы, вярхі вашыя! Узьніміцеся, дзьверы адвечныя, каб увайшоў Валадар славы!

10 Хто ж ёсьць Валадар славы? ГОСПАД Магуцьцяў — Ён ёсьць Валадар славы! (Сэлях)

 

Псальм 25(24)

1 Давіда. Да Цябе, ГОСПАДЗЕ, узьнімаю я душу маю.

2 Божа мой! На Цябе спадзяюся; ня дай мне быць асаромленым, ня дай ворагам маім быць нада мной пераможцамі.

3 Бо ўсе, якія на Цябе спадзяюцца, ня будуць асаромленыя. Будуць асаромлены тыя, якія адступаюцца без прычыны.

4 ГОСПАДЗЕ, дай мне ведаць шляхі Твае, навучы мяне сьцежкам Тваім.

5 Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, бо Ты — Бог збаўленьня майго, на Цябе спадзяюся ў-ва ўсякі дзень.

6 Узгадай пра літасьць Тваю, ГОСПАДЗЕ, і пра міласэрнасьць Тваю, бо яны — ад вякоў.

7 Пра грахі маладосьці маёй і пра правіны мае ня ўзгадвай. Паводле міласэрнасьці Тваёй Ты ўзгадай пра мяне, дзеля доб­расьці Тваёй, ГОСПАДЗЕ!

8 ГОСПАД добры і справядлівы, таму Ён будзе навучаць шляху [Свайму] грэшнікаў.

9 Ён прывядзе ўцісканых на суд і навучыць уцісканых шляху Свайму.

10 Усе сьцежкі ГОСПАДА — міласэрнасьць і праўда для тых, якія захоўваюць запавет Ягоны і сьведчаньні Ягоныя.

11 Дзеля імя Твайго, ГОСПАДЗЕ, даруй мне беззаконьне маё, бо надта яно вялікае!

12 Хто той чалавек, які баіцца ГОСПАДА? Яго Ён навучыць шляху, які [трэба] выбраць яму.

13 Душа ягоная будзе жыць у добрым, і насеньне ягонае зямлю ў спадчыну возьме.

14 Таямніца ГОСПАДА з тымі, што баяцца Яго, і запавет Свой Ён дае ім ведаць.

15 Вочы мае заўсёды [глядзяць] на ГОСПАДА, бо Ён выцягне з сеткі ногі мае.

16 Павярніся да мяне і зьлітуйся нада мною, бо я — самотны і прыгнечаны.

17 Трывогі сэрца майго пашырыліся, выцягні мяне з бедаў маіх!

18 Глянь на пакуты мае і нядолю маю, і даруй мне ўсе грахі мае!

19 Глянь на ворагаў маіх, бо шмат іх, і нянавісьцю злачыннаю яны ненавідзяць мяне.

20 Захавай душу маю і выратуй мяне, каб ня быў я асаромлены, бо я ў Табе маю надзею.

21 Беззаганнасьць і праведнасьць няхай захаваюць мяне, бо я на Цябе спадзяюся.

22 Божа, збаў Ізраіля ад усіх трывогаў ягоных!

 

Псальм 26(25)

1 Давіда. Судзі мяне, ГОСПАДЗЕ, бо хадзіў я ў беззаганнасьці маёй і на ГОСПАДА спадзяваўся, не хістаючыся.

2 Выпрабуй мяне, ГОСПАДЗЕ, і дасьведчы; ачысьці ныркі мае і сэрца маё!

3 Бо міласэрнасьць Твая перад вачыма маімі, і я хаджу ў праўдзе Тваёй.

4 Я не сяджу з людзьмі марнымі, і з крывадушнымі ня буду хадзіць.

5 Я ненавіджу сходы злачынцаў, і з бязбожнікамі ня буду сядзець [разам].

6 Я абмыю ў нявіннасьці рукі мае і абыйду вакол ахвярніку Твайго, ГОСПАДЗЕ,

7 каб голасна дзякаваць Табе і абвяшчаць усе цуды Твае.

8 ГОСПАДЗЕ, я палюбіў сядзібу Дому Твайго і месца Сялібы славы Тваёй.

9 Не забяры душы маёй з грэшнікамі, ані жыцьця майго з людзьмі крывавымі,

10 у руках якіх брыдота, правіца якіх напоўнена хабарамі.

11 А я буду хадзіць у беззаганнасьці маёй. Вызвалі Ты мяне і зьлітуйся нада мною!

12 Нага мая на роўным [месцы] стаіць; у зграмаджэньнях я буду дабраслаўляць ГОСПАДА.

 

Псальм 27(26)

1 Давіда. ГОСПАД — сьвятло маё і збаўленьне маё. Каго мне баяцца? ГОСПАД — апора жыцьця майго. Каго мне палохацца?

2 Калі злачынцы выйдуць супраць мяне, каб пажэрці цела маё, прыгнятальнікі і ворагі мае, яны самі спатыкнуцца і ўпадуць.

3 Калі табар вайсковы стане супраць мяне, сэрца маё ня будзе баяцца; калі ўзьнімецца супраць мяне вайна, я і тады спадзявацца буду.

4 Аднаго я прашу ў ГОСПАДА і гэтага толькі шукаю, каб жыць мне ў Доме ГОСПАДА ўсе дні жыцьця майго, каб бачыць хараство ГОСПАДА і разважаць у сьвятыні Ягонай.

5 Бо Ён заслоніць мяне ў схове Сваім у дзень злы, Ён схавае мяне пад заслонай намёту Свайго і ўзьнясе мяне на скалу.

6 Гэтак будзе ўзьнесена цяпер галава мая па-над усімі ворагамі маімі вакол мяне, і буду ахвяроўваць ГОСПАДУ ахвяры ў намёце Ягоным пад трубныя гукі, буду сьпяваць і выслаўляць ГОСПАДА.

7 Пачуй, ГОСПАДЗЕ, голас мой, калі я клічу. Зьлітуйся нада мною і адкажы мне!

8 Пра Цябе кажа сэрца маё: «Шукайце аблічча Маё!» Я буду шукаць, ГОСПАДЗЕ, аблічча Тваё!

9 Не хавай ад мяне аблічча Тваё, не адцурайся ў гневе ад слугі Твайго! Ты быў мне ўспамогай! Не адкідай мяне і не пакінь мяне, Божа збаўленьня майго!

10 Бо бацька мой і маці мая пакінулі мяне, а ГОСПАД прыгарнуў мяне.

11 Навучы мяне, ГОСПАДЗЕ, шляху Твайму, і вядзі мяне роўнай сьцежкай насупраць ворагам маім!

12 Не аддавай мяне ў рукі прыгнятальнікаў маіх, бо сьведкі фальшывыя паўсталі супраць мяне і той, што дыхае няправасьцю.

13 Але я веру, што ўбачу добрасьць ГОСПАДА ў зямлі жывых.

14 Спадзявайся на ГОСПАДА! Будзь цьвёрды і сэрца тваё ўмацуй, і спадзявайся на ГОСПАДА!

 

Псальм 28(27)

1 Давіда. Да Цябе, ГОСПАДЗЕ, я клічу. Скала мая, не маўчы на мой [кліч], каб праз маўчаньне Тваё ня стаўся я падобным да тых, якія зыходзяць у магілу.

2 Пачуй голас маленьня майго, калі я галашу да Цябе, калі ўзьнімаю рукі мае да давіру сьвятыні Тваёй.

3 Не цягні мяне [да загубы] разам з бязбожнікамі і злачынцамі, якія кажуць: «Супакой» бліжнім сваім, а ў сэрцах сваіх ліхое [маюць].

4 Дай ім паводле справаў іхніх і паводле ліхоты ўчынкаў іхніх; паводле таго, што рабілі рукі іхнія, дай ім; аднагародзь ім за тое, што зрабілі яны.

5 Бо яны не разумеюць справаў ГОСПАДА і ўчынкаў рук Ягоных, дык Ён зруйнуе іх і не адбудуе.

6 Дабраслаўлёны ГОСПАД, бо Ён пачуў голас маленьня майго.

7 ГОСПАД — моц мая і шчыт мой; на Яго спадзявалася сэрца маё, і Ён дапамог мне; і ўзрадавалася сэрца маё, і сьпевам маім буду славіць Яго.

8 ГОСПАД — моц для нас; Ён — апора збаўленьня памазанца Ягонага.

9 Збаў народ Твой і дабраславі спадчыну Тваю; пасьві іх і ўзьнімі іх на вякі.

 

Псальм 29(28)

1 Псальм Давіда. Аддайце ГОСПАДУ, сыны Божыя, аддайце ГОСПАДУ славу і моц!

2 Аддайце ГОСПАДУ славу імя Ягонага, пакланіцеся ГОСПАДУ ў велічы сьвятасьці!

3 Голас ГОСПАДА над водамі; Бог славы загрымеў, ГОСПАД над водамі шматлікімі.

4 Голас ГОСПАДА магутны, голас ГОСПАДА велічны.

5 Голас ГОСПАДА крышыць кедры, ГОСПАД крышыць кедры Лібанскія,

6 і прымушае іх скакаць, быццам цялятаў, Лібан і Сірыён, як маладых аднарогаў.

7 Голас ГОСПАДА выкрасае полымя агню.

8 Голас ГОСПАДА ўстрасае пустыняй, ГОСПАД устрасае пустыняй Кадэш.

9 Ад голасу ГОСПАДА лані зьлягаюць і лясы асыпаюцца, і ў сьвятыні Ягонай усё кажа: «Слава!»

10 Над патопам сядзеў ГОСПАД, і будзе сядзець ГОСПАД, як Валадар, на вякі!

11 ГОСПАД дасьць сілу народу Свайму, ГОСПАД дабраславіць народ Свой супакоем.

 

Псальм 30(29)

1 Псальм. Сьпеў пры пасьвячэньні дома Давіда.

2 Вывышаю Цябе, ГОСПАДЗЕ, бо Ты выцягнуў мяне і ня даў ворагам маім радавацца нада мною.

3 ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Я галасіў да Цябе, і Ты вылячыў мяне.

4 ГОСПАДЗЕ, Ты вывеў душу маю з пекла, Ты даў мне жыць, каб ня быў я сярод тых, што зыйшлі ў магілу.

5 Выслаўляйце ГОСПАДА, вы, багабойныя Ягоныя, і слаўце на ўспамін сьвятасьці Ягонай!

6 Бо на імгненьне гнеў Ягоны, на [ўсё] жыцьцё ўпадабаньне Ягонае; увечары можа быць плач, а раніцаю — радасьць.

7 А я сказаў у дабрадзенстве сваім: «Не пахіснуся на вякі!»

8 ГОСПАДЗЕ, праз ласку Тваю Ты паставіў горы мае непарушна; але Ты схаваў аблічча Тваё, і я спалохаўся.

9 Да Цябе, ГОСПАДЗЕ, я клікаў, і Госпада майго я маліў:

10 «Які прыбытак з крыві маёй, з таго, што я зыйду ў парахненьне? Ці пыл будзе славіць Цябе? Ці будзе апавядаць праўду Тваю?»

11 Пачуй, ГОСПАДЗЕ, і зьлітуйся нада мною! ГОСПАДЗЕ, будзь дапамогай маёй!

12 Ты перамяніў лямант мой у танец, Ты скінуў з мяне зрэбніцу і падперазаў мяне радасьцю.

13 Дзеля гэтага будзе выслаўляць Цябе слава [мая] і ня будзе маўчаць. ГОСПАДЗЕ, Божа мой, на вякі я буду славіць Цябе!

 

Псальм 31(30)

1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда.

2 У Табе, ГОСПАДЗЕ, я маю надзею, ня дай мне асароміцца на вякі, у праведнасьці Тваёй выратуй Ты мяне!

3 Прыхілі да мяне вуха Тваё, хутчэй выратуй мяне! Будзь для мяне скалою, каб абаперціся [мне], домам умацаваным, каб збавіць мяне!

4 Бо Ты — скала мая і замчышча маё, дзеля імя Твайго Ты будзеш весьці мяне і накіроўваць мяне.

5 Ты мяне выцягнеш з сеці, якую таемна [наставілі] супраць мяне, бо Ты — апора мая.

6 У рукі Твае аддаю я дух мой; Ты выбавіў мяне, ГОСПАДЗЕ, Бог праўды.

7 Ненавіджу я тых, што захоўваюць ілжывую марнасьць, бо я на ГОСПАДА спадзяюся.

8 Я буду радавацца і весяліцца праз міласэрнасьць Тваю, бо Ты глянуў на пакуты мае, спазнаў трывогі душы маёй,

9 і не аддаў мяне ў рукі ворага, паставіў ногі мае на вольны прастор.

10 Зьлітуйся нада мною, ГОСПАДЗЕ, бо я — прыгнечаны. Ад тугі высахла вока маё, і душа мая, і нутро маё.

11 Бо зьнікае ў смутку жыцьцё маё, і гады мае — ва ўздыханьні. Спатыкнулася ў беззаконьні маім сіла мая, і высахлі косткі мае.

12 Я стаўся ганьбаю для ўсіх, што ўціскаюць мяне, і нават для суседзяў маіх, страхоцьцем — для знаёмых маіх; хто бачыць мяне на вуліцы, уцякае ад мяне.

13 Я забыты ў сэрцах, як мёртвы; я стаўся як посуд разьбіты. 

14 Бо я чуў зласлоўе ад многіх, жах наўкола! Яны сабраліся разам супраць мяне, яны задумалі ліхое, каб забраць душу маю.

15 Але я на Цябе спадзяюся, ГОСПАДЗЕ! Я кажу: «Ты — мой Бог!»

16 У руцэ Тваёй час мой; выратуй мяне з рукі ворагаў маіх і тых, якія перасьледуюць мяне.

17 Няхай сьвеціць аблічча Тваё над слугою Тваім; збаў мяне праз міласэрнасьць Тваю!

18 ГОСПАДЗЕ, ня дай Ты мне асароміцца, бо да Цябе я клічу! Няхай асаромяцца бязбожнікі, няхай яны змоўкнуць у пекле,

19 няхай занямеюць вусны хлусьлівыя, якія кажуць дзёрзка супраць праведніка з пыхлівасьцю і пагардай!

20 Якая вялікая добрасьць Твая, якую Ты захоўваеш для тых, што баяцца Цябе, і якую ўчыняеш тым, што маюць надзею ў Табе насуперак сынам чалавечым!

21 Пад заслонай аблічча Твайго Ты хаваеш іх ад закалотаў людзкіх, Ты засланяеш іх, як у намёце, ад языкоў, якія звадку [прыносяць].

22 Дабраслаўлёны ГОСПАД, бо Ён учыніў мне цуды міласэр­насьці ў горадзе ўмацаваным.

23 А я сказаў у зьбянтэжанасьці маёй: «Я адкінуты ад вачэй Тваіх!» Але Ты пачуў голас маленьня майго, калі я галасіў да Цябе!

24 Любіце ГОСПАДА, усе багабойныя Ягоныя! Верных захоўвае ГОСПАД, але тым, якія дзейнічаюць пыхліва, Ён адплочвае з лішкам.

25 Будзьце цьвёрдыя і ўмацуйце сэрца вашае, вы, якія спадзяецеся на ГОСПАДА!

 

Псальм 32(31)

1 Навучаньне Давіда. Шчасьлівы, каму дараваная правіна, каму пакрыты грэх.

2 Шчасьлівы чалавек, якому не палічыў ГОСПАД беззаконьняў, і ў духу якога няма нядбальства.

3 Калі я маўчаў, ссохлі косткі мае ў штодзённым стагнаньні маім,

4 бо дзень і ноч абцяжарвала мяне рука Твая; сокі мае высахлі, быццам у летнюю сьпёку. (Сэлях)

5 Грэх мой я паведаміў Табе і не схаваў беззаконьня майго. Я сказаў: «Вызнаю ГОСПАДУ правіны мае», і Ты дараваў мне віну грэху майго. (Сэлях)

6 Таму кожны багабойны бу­дзе маліцца да Цябе ў часе, калі можна знайсьці Цябе; нават калі разальюцца воды вялікія, яны не дакрануцца яго.

7 Ты — заслона мая! Ты мяне ад бяды захаваеш, радасьцю выратаваньня аточыш мяне. (Сэлях)

8 «Навучу цябе і пакажу табе шлях, па якім ты павінен ісьці, дам табе раду, бо вока Маё над табою».

9 Ня будзьце, як конь і як мул, якія разуменьня ня маюць, якіх трэба аздобай іхняю, аброцьцю і цуглямі, закілзаць, каб не кідаліся на цябе.

10 Шмат болю ў бязбожніка, а таго, хто спадзяецца на ГОСПАДА, міласэрнасьць атачае.

11 Радуйцеся ў ГОСПАДЗЕ і цешцеся, праведнікі! Весяліцеся, усе правыя сэрцам!

 

Псальм 33(32)

1 Весяліцеся ў ГОСПАДЗЕ, праведнікі; правым пасуе хвала.

2 Слаўце ГОСПАДА на гусьлях, выслаўляйце Яго на псалтыры дзесяціструнным!

3 Сьпявайце Яму новы сьпеў; спраўна грайце [Яму] пад трубныя гукі.

4 Бо слушнае слова ГОСПАДА, і ўсе творы Ягоныя верныя.

5 Ён любіць праведнасьць і суд; міласэрнасьцю ГОСПАДА напоўнена зямля.

6 Словам ГОСПАДА зроблены нябёсы, а подыхам вуснаў Ягоных — усе войскі іхнія.

7 Ён сабраў як капу воды марскія, Ён склаў іх у скарбніцу бяздоньняў.

8 Няхай баіцца ГОСПАДА ўся зямля, няхай дрыжаць перад Ім усе жыхары сусьвету.

9 Бо Ён сказаў — і сталася, Ён загадаў — і паўстала.

10 ГОСПАД разьбіў намеры паганаў, запярэчыў думкам народаў.

11 Намер ГОСПАДА будзе трываць на вякі, думкі сэрца Ягонага — з пакаленьня ў пакаленьне.

12 Шчасьлівы народ, у якога ГОСПАД ёсьць Бог, народ, які Ён выбраў на спадчыну для Сябе.

13 З неба ГОСПАД глядзіць, Ён бачыць усіх сыноў чалавечых;

14 з месца, дзе Ён жыве, Ён паглядае на ўсіх жыхароў зямлі.

15 Ён уфармаваў сэрца кожнага з іх, Ён зважае на ўсе ўчынкі іхнія.

16 Ня будзе збаўлены валадар войскам вялікім, волат ня вызваліцца праз вялікую сілу сваю;

17 ненадзейны конь для выратаваньня, і вялікая сіла ягоная ня дасьць выбаўленьня.

18 Вось, вока ГОСПАДА над тымі, якія баяцца Яго, якія спадзяюцца на міласэрнасьць Ягоную,

19 што Ён вызваліць ад сьмерці душы іхнія, і захавае жыцьцё ў [час] голаду.

20 Душа нашая чакае на ГОСПАДА; Ён — дапамога наша і шчыт наш.

21 Бо ў Ім радуецца сэрца нашае; бо мы на імя Яго сьвятое спадзяемся.

22 Няхай будзе міласэрнасьць Твая, ГОСПАДЗЕ, над намі, як мы на Цябе спадзяемся!

 

Псальм 34(33)

1 [Псальм] Давіда, калі ён перад Абімэлехам удаваў вар’ята і быў выгнаны ім, і пайшоў сабе.

2 Буду дабраслаўляць ГОСПАДА ў-ва ўсякі час; хвала Яго будзе заўсёды на вуснах маіх.

3 У ГОСПАДЗЕ будзе хваліцца душа мая; пачуюць [пра гэта] ўцісканыя і ўзрадуюцца.

4 Узьвялічвайце ГОСПАДА са мною, і разам будзем вывышаць імя Ягонае!

5 Я шукаў ГОСПАДА, і Ён адказаў мне, і ад усяго, чаго я баяўся, выратаваў мяне.

6 Глядзіце на Яго і зыходзьцеся [да Яго], і абліччы вашыя ня будуць у ганьбе.

7 Убогі клікаў, і ГОСПАД пачуў [яго], і збавіў яго ад усіх трывогаў ягоных.

8 Анёл ГОСПАДА ставіць табар вакол тых, якія баяцца Яго, і ратуе іх.

9 Паспытайце і ўбачце, які добры ГОСПАД! Шчасьлівы той чалавек, які ў Ім мае надзею.

10 Бойцеся ГОСПАДА, вы, сьвятыя Ягоныя! Бо ня маюць нястачы тыя, якія баяцца Яго.

11 Львяняты бядуюць і галадуюць, але тыя, што шукаюць ГОСПАДА, не адчуюць нястачы ўсякага даброцьця.

12 Хадзіце сюды, сыны, паслухайце мяне, я навучу вас страху перад ГОСПАДАМ.

13 Хто ёсьць чалавек, якому даспадобы жыцьцё, які любіць [доўгія] дні, каб убачыць добрае?

14 Захоўвай язык свой ад ліхога, а вусны свае — ад слова крывадушнага.

15 Ухіляйся ад ліхога і рабі добрае; шукай супакою і імкніся да яго.

16 Вочы ГОСПАДА — на праведных, і вушы Ягоныя — на лямант іхні.

17 Аблічча ГОСПАДА — супраць тых, якія робяць ліхое, каб вынішчыць з зямлі памяць пра іх.

18 [Праведныя] крычаць, і ГОСПАД чуе іх, і ад усіх бедаў іхніх ратуе іх.

19 ГОСПАД блізкі да тых, у каго сэрца скрышанае, і збаўляе тых, у каго дух разьбіты.

20 Шмат ліхога [здараецца] ў праведнага, але з усяго гэтага ратуе яго ГОСПАД.

21 Ён захоўвае ўсе косткі ягоныя, каб ніводную не паламалі.

22 Ліхоцьце прывядзе да сьмерці бязбожніка, і будуць абвінавачаныя тыя, якія ненавідзяць Праведнага.

23 ГОСПАД выбаўляе душы слугаў Сваіх, і ўсе, якія маюць надзею ў Ім, ня будуць абвінавачаныя.

 

Псальм 35(34)

1 Давіда. Змагайся, ГОСПАДЗЕ, з тымі, якія ідуць супраць мяне; ваюй супраць тых, што ваююць са мною.

2 Вазьмі шчыт і панцыр і паўстань на ўспамогу мне.

3 Схапі дзіду і загарадзі дарогу тым, якія перасьледуюць мяне. Скажы душы маёй: «Я — збаўленьне тваё».

4 Няхай асаромяцца і будуць у сораме тыя, што шукаюць душу маю; няхай адступяцца і будуць у ганьбе тыя, што надумалі ліхое супраць мяне.

5 Няхай будуць яны, як мякіна пад ветрам, і анёл ГОСПАДА няхай гоніць іх.

6 Няхай шлях іхні будзе цёмны і сьлізкі, і анёл ГОСПАДА няхай перасьледуе іх.

7 Бо яны без прычыны таемна [наставілі] на мяне ў яме сетку сваю, без прычыны выкапалі яму для душы маёй.

8 Няхай прыйдзе на яго загуба нечакана, няхай сетка, якую ён таемна [наставіў], зловіць яго, няхай на загубу ўваліцца ён.

9 А душа мая будзе радавацца ў ГОСПАДЗЕ, будзе цешыцца збаўленьнем сваім.

10 Усе косткі мае скажуць: «ГОСПАДЗЕ, хто падобны да Цябе, Які ратуеш прыгнечанага ад дужэйшага за яго, беднага і прыгнечанага — ад таго, хто яго абдзірае?»

11 Паўстаюць сьведкі няправасьці, пра тое, чаго я ня ведаю, выпытваюць мяне,

12 плацяць мне злом за дабро; асірацела душа мая.

13 А я падчас нядужасьці іхняй апранаўся ў зрэбніцу, пастом прыгнятаў душу маю, і малітва мая вярталася ў грудзі мае.

14 Быццам ён быў прыяцель, брат мой, хадзіў я [да яго]; як у жалобе па маці, сумаваў я ў смутку.

15 Але калі я пачаў падаць, яны ўзрадаваліся і сабраліся разам, сабраліся разам супраць мяне, каб біць [мяне], і я ня ведаў [гэтага], зьневажалі [мяне] і не маўчалі.

16 Разам з крывадушнікамі насьмешнікі банкетуюць, скрыгочуць на мяне зубамі сваімі.

17 Госпадзе, як доўга будзеш глядзець [на гэта]? Адвядзі ад загубы іхняй душу маю, [вызваль] ад ільвянятаў адзіную маю.

18 Буду славіць Цябе ў царкве вялікай, сярод народу магутнага буду хваліць Цябе.

19 Няхай ня радуюцца з мяне тыя, што варагуюць са мною няслушна, няхай не міргаюць вачыма тыя, што ненавідзяць мяне без прычыны.

20 Бо не пра супакой гавораць яны і супраць ціхіх на зямлі падступныя словы надумляюць.

21 Шырока разявіўшы вусны свае супраць мяне, яны казалі: «Ага, ага! Бачыла вока нашае!»

22 Ты бачыў гэта, ГОСПАДЗЕ! Дык не маўчы, Госпадзе, не аддаляйся ад мяне!

23 Збудзіся! Абудзіся на суд мой, Бог мой і Госпад мой, каб [весьці] справу маю!

24 Судзі мяне паводле праведнасьці Тваёй, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, і няхай яны ня радуюцца, [гледзячы] на мяне,

25 няхай ня скажуць у сэрцы сваім: «Ага! Душа наша [гэтага хацела]!» Няхай яны ня скажуць: «Мы праглынулі яго!»

26 Няхай асаромяцца і будуць у ганьбе ўсе, што радуюцца з няшчасьця майго; няхай у ганьбу і сорам апрануцца тыя, што вывышаюцца нада мною.

27 Няхай весяляцца і радуюцца тыя, якім даспадобы праведнасьць мая, і няхай яны кажуць заўсёды: «Будзь узьвялічаны, ГОСПАД, Якому даспадобы супакой слугі Ягонага!»

28 А язык мой будзе выказ­ваць праведнасьць Тваю і хвалу Тваю кожны дзень.

 

Псальм 36(35)

1 Кіраўніку хору. Слугі ГОСПАДА Давіда.

2 Правіна бязбожніка засьведчана ў сэрцы маім: няма страху Божага перад вачыма ягонымі,

3 бо ён ашуквае сябе ў вачах сваіх, нібы шукае беззаконьня свайго, каб узьненавідзець яго.

4 Словы вуснаў ягоных — злачынства і падступнасьць, ён не захацеў разумець, каб рабіць добрае.

5 Ён злачынства надумляе на ложку сваім, ён стаіць на шляху нядобрым і ня грэбуе злом.

6 ГОСПАДЗЕ! Да нябёсаў міласэрнасьць Твая, а вернасьць Твая — аж да аблокаў!

7 Праведнасьць Твая — быццам Божыя горы, суды Твае — як вялізнае бяздоньне! Людзей і скаціну Ты збаўляеш, ГОСПАДЗЕ.

8 Якая каштоўная, Божа, міласэрнасьць Твая! Сыны чалавечыя ў ценю крылаў Тваіх маюць надзею.

9 Яны насычаюцца ад тлустасьці Дому Твайго, і са струмяня асалодаў Тваіх Ты іх поіш,

10 бо крыніца жыцьця — у Табе, у сьвятле Тваім мы бачым сьвятло.

11 Расьцягні міласэрнасьць Тваю над тымі, што ведаюць Цябе, і праведнасьць Тваю — над [людзьмі] са шчырым сэрцам.

12 Няхай не наступіць на мяне нага пыхлівых, і рука бязбожніка няхай ня зрушыць мяне.

13 Там упадуць злачынцы, паваляцца і ня здолеюць паўстаць.

 

Псальм 37(36)

1 Давіда. Ня гневайся, [гледзячы] на злачынцаў, не зайздросьці тым, што робяць беззаконьне,

2 бо яны, як трава, хутка ссохнуць, і павянуць, як расьліна зялёная.

3 Спадзявайся на ГОСПАДА і рабі добрае, жыві на зямлі, і захоўвай вернасьць.

4 Насалоджвайся ў ГОСПАДЗЕ, і Ён табе дасьць прагненьні сэрца твайго.

5 Аддай ГОСПАДУ шлях твой і спадзявайся на Яго, і Ён [усё] зробіць,

6 і выведзе праведнасьць тваю як сьвятло, і суд твой — як белы дзень.

7 Ціхі будзь перад ГОСПАДАМ і чакай на Яго, ня гневайся на таго, хто мае посьпех на шляху сваім, на чалавека, які робіць зламыснае.

8 Ухіліся ад гневу, пакінь ярасьць, ня гневайся, каб ты ня стаўся злачынцам,

9 бо злачынцы будуць зьнішчаныя, а тыя, што спадзяюцца на ГОСПАДА, возьмуць у спадчыну зямлю.

10 Яшчэ крыху, і ня будзе бязбожніка; глянеш на месца ягонае, а яго няма!

11 А пакорныя зямлю ў спадчыну возьмуць і будуць насалоджвацца ў мностве супакою.

12 Бязбожнік задумвае ліхое супраць праведнага і скрыгоча на яго зубамі сваімі.

13 Госпад сьмяецца з яго, бо бачыць, што прыходзіць дзень ягоны.

14 Бязбожнікі выцягнулі меч і нацягнулі лук свой, каб паваліць прыгнечанага і беднага, каб замардаваць тых, у каго шлях просты.

15 Меч іхні ўвойдзе ў сэрца іхняе, і лук іхні будзе зламаны.

16 Малое ў праведніка лепшае за багацьце шматлікіх бязбожнікаў.

17 Бо рамёны бязбожнікаў будуць скрышаныя, а праведнікаў падтрымлівае ГОСПАД.

18 Ведае ГОСПАД дні беззаганных, і спадчына іхняя будзе на вякі.

19 Ня будуць яны асаромленыя ў час ліхі, а ў дні голаду будуць насычаныя.

20 Бо загінуць бязбожнікі, і ворагі ГОСПАДА зьнікнуць, як тлустасьць авечак у дыме зьнікае.

21 Бярэ бязбожнік у доўг — і [доўгу] ня верне; а праведнік літуецца і дае.

22 Бо дабраслаўлёныя [Богам] зямлю ў спадчыну возьмуць, а тыя, што праклятыя Ім, будуць зьнішчаныя.

23 ГОСПАД умацоўвае крокі чалавека, калі шлях ягоны даспадобы Яму.

24 Калі ўпадзе, не заб’ецца, бо Госпад падтрымлівае руку ягоную.

25 Я быў малады і стаўся стары, і ня бачыў, каб праведнік быў пакінуты, каб насеньне ягонае шукала хлеба.

26 Кожны дзень ён літуецца і пазычае, і насеньне ягонае мае дабраслаўленьне.

27 Аддаліся ад зла і рабі добрае, і будзеш жыць на вякі.

28 Бо ГОСПАД любіць суд, і Ён не пакіне багабойных Сваіх, на вякі захавае іх, а насеньне бязбожнікаў будзе зьнішчана.

29 Праведнікі возьмуць у спадчыну зямлю і будуць жыць у ёй вечна.

30 Вусны праведніка выказваюць мудрасьць, і язык ягоны гаворыць суд.

31 Закон Бога ягонага ў сэрцы ягоным; ня будуць хістацца крокі ягоныя.

32 Бязбожнік сочыць за праведнікам і шукае, каб прывесьці да сьмерці яго.

33 ГОСПАД не пакіне яго ў руцэ ягонай, не асудзіць яго, калі ён будзе суджаны.

34 Спадзявайся на ГОСПАДА, і захоўвай шлях Ягоны, і Ён узвысіць цябе, каб ты ўзяў у спадчыну зямлю; і калі будуць зьнішчаныя бязбожнікі, ты ўбачыш.

35 Я бачыў бязбожніка, моцнага і разгалінаванага, быццам галінастае тутэйшае дрэва,

36 але прамінуў ён, няма яго, і я шукаў яго, і не знайшоў.

37 Зважай на беззаганнага і глядзі на правага, бо канец [гэтага] чалавека ёсьць супакой.

38 А адступнікі будуць зьнішчаны чыста; і канец бязбожных — зьнішчэньне.

39 Выратаваньне праведнікаў — ад ГОСПАДА, Ён — апора іхняя ў час трывогі.

40 ГОСПАД дапаможа ім і вызваліць іх; Ён вызваліць іх ад бязбожнікаў і збавіць іх, бо яны ў Ім маюць надзею.

 

Псальм 38(37)

1 Псальм Давіда. Напамін.

2 ГОСПАДЗЕ, у абурэньні Тваім не карай мяне і ў ярасьці Тваёй не вучы мяне!

3 Бо стрэлы Твае пранізалі мяне, і лягла на мяне рука Твая.

4 Няма цэлага месца ў целе маім дзеля гневу Твайго, няма супакою ў костках маіх дзеля грэху майго.

5 Бо правіны мае ўзьняліся вышэй галавы маёй, як бярэмя цяжкое яны абцяжарваюць мяне.

6 Сьмярдзяць, гнаяцца раны мае дзеля дурасьці маёй.

7 Я скрывіўся, моцна схіліўся, усе дні ў смутку хаджу,

8 бо сьцёгны мае напоўненыя распаленымі [ранамі], і няма цэлага месца ў целе маім.

9 Я зьнямогся і моцна скрышаны, я выю дзеля енку сэрца майго.

10 Госпадзе мой, перад Табою ўсё жаданьне маё, і ўздыханьне маё ад Цябе не схаванае.

11 Сэрца маё трапечацца; пакінула мяне сіла мая, і сьвятло вачэй маіх — няма яго ў мяне.

12 Тыя, што любілі мяне, і бліжнія мае стаяць насупраць ранаў маіх, і сваякі мае стаяць здалёк ад мяне.

13 Тыя, што шукаюць душу маю, ставяць сіло [на мяне]; а тыя, што жадаюць ліхога для мяне, гавораць пра згубу маю і ўвесь дзень задумваюць падступнасьць.

14 А я, быццам глухі, ня чую, і быццам нямы, які не расчыняе вуснаў сваіх.

15 І стаўся я, быццам чалавек, які ня чуе, і няма дакараньня ў вуснах ягоных.

16 Бо на Цябе, ГОСПАДЗЕ, я спадзяюся; Ты адкажаш, Гос­падзе, Божа мой!

17 Бо я сказаў: «Няхай яны ня радуюцца з мяне! Калі пахіснулася нага мая, няхай яны не вывышаюцца нада мною».

18 Бо я блізкі да падзеньня, і боль мой заўсёды перада мною.

19 Бо беззаконьне маё я апавядаю, сумую дзеля грэху майго.

20 А ворагі мае жывыя і ўзмацняюцца, і шматлікімі сталі тыя, якія няслушна мяне ненавідзяць.

21 Яны плацяць мне злом за дабро; яны супрацьстаяць мне, бо я за добрым ганюся.

22 Не пакінь мяне, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, не аддаляйся ад мяне!

23 Пасьпяшайся на ўспамогу мне, Госпадзе мой, выратаваньне маё!

 

Псальм 39(38)

1 Кіраўніку хору. Едутуну. Псальм Давіда.

2 Я сказаў: «Буду захоўваць шлях мой, каб не саграшыць языком маім! Буду захоўваць вусны мае вуздою, пакуль бязбожнік перада мною».

3 Я зьнямеў у маўчаньні; маўчаў пра добрае, але боль мой нішчыў [мяне].

4 Распалілася сэрца маё ў нутры маім; ва ўздыханьні маім запалаў агонь, і я прамовіў языком маім.

5 Дай мне ведаць, ГОСПАДЗЕ, канец мой і меру дзён маіх, якая яна. Дай мне ведаць, які я нетрывалы!

6 Вось, на [некалькі] пядзяў Ты даў дні мае, і век мой — як нішто перад Табою! Толькі ўсякай марнасьцю ёсьць кожны чалавек, [нават] у сіле. (Сэлях)

7 Толькі як здань ходзіць чалавек, [і ёсьць] толькі марнасьцю; ён трывожыцца, прагавіта зьбірае і ня ведае, хто забярэ гэта.

8 І цяпер, на што [яшчэ] я спадзяюся, Госпадзе? Надзея мая ў Табе!

9 Ад усіх правінаў маіх выратуй мяне; на ганьбаваньне ад бязглуздых ня стаў мяне.

10 Я зьнямеў, не адчыняю вуснаў маіх, бо Ты зрабіў гэта.

11 Забяры ад мяне караньне Тваё, ад удараў рукі Тваёй я зьнікаю.

12 Дакараньнем за беззаконьне Ты караеш чалавека і нявечыш, як ад молі, прагненьні ягоныя. Толькі марнасьцю ёсьць кожны чалавек! (Сэлях)

13 Пачуй малітву маю, ГОСПАДЗЕ, і прыхілі вуха да ляманту майго! Не маўчы на сьлёзы мае, бо я прыхадзень у Цябе і пасяленец, як і ўсе бацькі мае.

14 Не ўглядайся на мяне, каб я павесялеў перад тым, як зыйду, і ня будзе мяне!

 

Псальм 40(39)

1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда.

2 Спадзеючыся, спадзяваўся я на ГОСПАДА, і Ён схіліўся да мяне, і пачуў лямант мой.

3 І вывеў мяне з ямы бурлівае, з твані балотнае, і паставіў на скале ногі мае, і ўзмоцніў крокі мае.

4 І даў у вусны мае новы сьпеў, хвалу Богу нашаму. Шматлікія ўбачаць [гэта], і будуць баяцца, і будуць спадзявацца на ГОСПАДА.

5 Шчасьлівы чалавек, які пэўнасьць сваю мае ў ГОСПАДЗЕ, і не зьвяртаецца да ганарыстых і тых, якія прыхіляюцца да няпраўды.

6 Шмат учыніў Ты, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, цудаў Тваіх, а намеры Твае дзеля нас ні з чым не параўнаеш перад Табою. Калі б я іх апавядаў і пра іх гаварыў, іх шматкроць больш, чым [можна] палічыць.

7 Ахвяры і дары не даспадобы Табе; вушы Ты мне расчыніў. Цэласпаленьняў і ахвяры за грэх Ты не вымагаеш.

8 Тады я сказаў: «Вось, я іду! У  скрутку кнігі напісана пра мяне».

9 Рабіць тое, што падабаецца Табе, Божа мой, я жадаю, і Закон Твой — у нутры маім.

10 Я дабравесьціў пра праведнасьць у царкве вялікай; вось жа, вуснаў сваіх я ня стрымліваў, Ты ведаеш [гэта], ГОСПАДЗЕ.

11 Праведнасьць Тваю я не хаваў у сэрцы маім, пра вернасьць Тваю і выратаваньне Тваё я казаў, міласэрнасьці Тваёй і праўды Тваёй перад царквой вялікай ня ўтоіваў.

12 ГОСПАДЗЕ, ня стрымлівай літасьці Тваёй адносна мяне; міласэрнасьць Твая і праўда Твая няхай заўсёды захоўваюць мяне,

13 бо агарнулі мяне ліхоцьці бяз ліку, дагналі мяне правіны мае, ажно не магу я іх палічыць, іх больш, чым валасоў на галаве маёй, і сэрца маё пакінула мяне.

14 Мей ласку, ГОСПАДЗЕ, вызваліць мяне! ГОСПАДЗЕ, пасьпяшайся на ўспамогу мне!

15 Няхай асаромяцца і будуць у ганьбе ўсе, што шукаюць душы маёй, каб зьнішчыць яе; няхай адступяцца і будуць у сораме тыя, якім даспадобы ліхоцьце маё.

16 Няхай аслупянеюць у сораме сваім тыя, якія кажуць мне: «Ага, ага!»

17 Няхай радуюцца і весяляцца ў Табе ўсе, хто шукае Цябе. Няхай кажуць заўсёды тыя, што любяць выратаваньне Тваё: «Будзь узьвялічаны, ГОСПАДЗЕ!»

18 Хоць я бедны і прыгнечаны, Госпад мой клапоціцца пра мяне. Ты — успамога мая і ратунак мой! Не затрымлівайся, Божа мой!

 

Псальм 41(40)

1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда.

2 Шчасьлівы той, хто гаротных разумее; у дзень ліхі ГОСПАД збавіць яго.

3 ГОСПАД захавае яго і дасьць яму жыць; ён будзе шчасьлівы на зямлі, і Ты не аддасі яго на волю ворагаў ягоных.

4 ГОСПАД умацуе яго на ложку немачы; увесь ложак ягоны Ты пераменіш у немачы ягонай.

5 Я сказаў: «ГОСПАДЗЕ, зьлітуйся нада мною! Вылечы душу маю, бо я саграшыў перад Табою».

6 Ворагі мае кажуць ліхое пра мяне: «Калі ж ён памрэ, і будзе зьнішчана імя ягонае?»

7 І калі хто прыйдзе пабачыць мяне, гаворыць марнае, сэрца ягонае напаўняецца зласьлівасьцю, і як выйдзе, гаворыць [гэта].

8 Разам [сабраўшыся], шэпчуцца супраць мяне тыя, што ненавідзяць мяне, выдумляючы ліхое на мяне:

9 «Слова Бэліяла вылілася на яго; калі ён зьлёг, больш ня ўстане!»

10 Нават чалавек супакою майго, на якога я спадзяваўся, які еў хлеб мой, падняў на мяне пяту.

11 А Ты, ГОСПАДЗЕ, зьлітуйся нада мною і падымі мяне, каб я аддаў ім [адплату]!

12 З таго я пазнаю, што Ты зычлівы да мяне, калі вораг мой радасна гукаць ня будзе,

13 але ў беззаганнасьці маёй Ты падтрымаеш мяне і паставіш мяне перад абліччам Тваім на вякі.

14 Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, ад веку і на вякі. Амэн, амэн!

 

КНІГА ДРУГАЯ

 

Псальм 42(41)

1 Кіраўніку хору. Навучаньне сыноў Караха.

2 Як лань прагне вады з ручая, так душа мая, Божа, прагне Цябе!

3 Душа мая прагне Бога, Бога Жывога! Калі ж я прыйду і ўбачу аблічча Бога?

4 Сьлёзы мае былі хлебам маім дзень і ноч, калі да мяне гаварылі ўвесь дзень: «Дзе Бог твой?»

5 Успамінаючы гэта, я душу маю выліваю, бо хадзіў я ў грамадзе шматлюднай, вядучы яе ў Дом Божы з голасам радасьці і падзякі мноства сьвяточнага.

6 Чаму ты сумуеш, душа мая? Чаму ў-ва мне ты трывожышся? Спадзявайся на Бога, бо яшчэ будзеш славіць Яго, збаўленьне аблічча майго і Бога майго.

7 Душа сумуе ў-ва мне; дык з зямлі Ярданскай, з гор Гермону, з гары Міцар я пра Цябе ўспамінаю.

8 Бяздоньне гукае бяздоньню пры шуме Тваіх вадаспадаў; усе воды Твае і ўсе хвалі Твае прайшлі праз мяне.

9 Удзень ГОСПАД зьявіць міласэрнасьць Сваю, а ўначы сьпеў Ягоны будзе са мною, малітва да Бога жыцьця майго.

10 Да Бога кажу я: «Скала мая! Чаму Ты забыўся пра мяне? Чаму я ў суме хаджу ад уціску ворагаў?»

11 Як рана ў костках маіх, зьневажалі мяне ворагі мае, гаворачы мне ўвесь дзень: «Дзе Бог твой?»

12 Чаму ты сумуеш, душа мая? Чаму ў-ва мне ты трывожышся? Спадзявайся на Бога, бо яшчэ будзеш славіць Яго, збаўленьне аблічча майго і Бога майго!

 

Псальм 43(42)

1 Судзі мяне, Божа, і барані мяне ў справе маёй супраць народу небагабойнага! Ад чалавека крывадушнага і беззаконнага збаў Ты мяне!

2 Бо Ты — Бог мой, апора мая. Чаму Ты пакінуў мяне? Чаму я ў суме хаджу ад уціску ворагаў?

3 Спашлі сьвятло Тваё і праўду Тваю, каб вялі мяне і прывялі на гару сьвятую Тваю і да сялібы Тваёй,

4 каб я прыйшоў да ахвярніка Божага, да Бога радасьці і пацяшэньня майго, і на гусьлях буду славіць Цябе, Божа, мой Божа!

5 Чаму ты сумуеш, душа мая? Чаму ў-ва мне ты трывожышся? Бо яшчэ будзеш славіць Яго, збаўленьне аблічча майго і Бога майго!

 

Псальм 44(43)

1 Кіраўніку хору. Сыноў Караха. Навучаньне.

2 Божа! Вушамі нашымі мы чулі, бацькі нашыя нам абвясьцілі пра справы, якія Ты ўчыніў у дні іхнія, у дні старадаўнія.

3 Ты рукою Тваёю вырваў паганаў, а іх пасадзіў; вынішчыў народы, а іх разрасьціў.

4 Бо не мячом сваім яны ўзялі на ўласнасьць зямлю, не рамяно іхняе збавіла іх, але правіца Твая і рамяно Тваё, і сьвятло аблічча Твайго, бо Ты меў ласку да іх.

5 Ты — Валадар мой, о Божа! Дык загадай, [каб прыйшло] збаўленьне Якубу!

6 Праз Цябе мы паб’ем прыгнятальнікаў нашых, праз імя Тваё стопчам тых, што паўстаюць супраць нас.

7 Бо не на лук спадзяюся я, і меч мой ня збавіць мяне,

8 але Ты збавіў нас ад прыгнятальнікаў нашых і асароміў тых, што нас ненавідзяць.

9 У Богу мы хвалімся ўсе дні, і імя Тваё навекі будзем славіць! (Сэлях)

10 Але Ты нас пакінуў і нас асароміў, і не выходзіш разам з войскамі нашымі.

11 Ты павярнуў нас наўцёкі перад прыгнятальнікамі нашымі, а ненавісьнікі нашыя нас зрабавалі.

12 Ты нас аддаў, як авечак, каб нас паелі, і расьцярушыў нас між паганаў.

13 Ты прадаў народ Твой за марную плату і не падняў кошту яго.

14 Ты выставіў нас на ганьбаваньне суседзям нашым, на кпіны і насьмешкі тых, што навокал нас.

15 Ты ў прыказку ўвёў нас сярод паганаў, і народы ківаюць галовамі [над намі].

16 Увесь дзень ганьба мая перада мною, і сорам аблічча майго пакрывае мяне

17 бо [чую] голас тых, якія зьневажаюць і лаюць мяне, бо [бачу] аблічча ворага і мсьціўцы.

18 Усё гэта прыйшло на нас, хоць мы не забыліся на Цябе і ня здрадзілі запавету з Табою.

19 Не адступілася сэрца нашае і не адхіляліся крокі нашыя ад шляху Твайго,

20 хоць Ты скрышыў нас у месцы цмокаў і накрыў нас ценем сьмерці.

21 Калі б мы забыліся імя Бога нашага і цягнулі рукі нашыя да бога чужога,

22 ці ж бы Бог не дазнаўся пра гэта? Бо Ён ведае таямніцы сэрца!

23 Бо за Цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас за авечак на зарэз.

24 Збудзіся! Чаму сьпіш, Госпадзе? Абудзіся, не пакінь нас навекі!

25 Чаму Ты хаваеш аблічча Тваё, забываешся на пакуты і прыгнечаньне нашае?

26 Бо ўкінута ў пыл душа нашая, прыляпілася да зямлі нутро нашае.

27 Паўстань на ўспамогу нам, выбаў нас дзеля міласэрнасьці Тваёй!

 

Псальм 45(44)

1 Кіраўніку хору: на лад “Лілеі”. Сыноў Караха. Навучаньне. Песьня вясельная.

2 Сэрца маё пераліваецца словамі добрымі. Я расказваю твор мой пра Валадара. Язык мой — як пёрка спраўнага пісара.

3 Ты прыгажэйшы за ўсіх сыноў чалавечых, ласка ліецца з вуснаў Тваіх! Таму дабраславіў Цябе Бог на вякі.

4 Падперажы, Волаце, паясьніцу мячом Тваім, славай Тваёй і веліччу Тваёй!

5 І ў велічы Тваёй мей посьпех, сядзь [пераможна] са словам праўды і лагоднай праведнасьці, і правіца Твая няхай навучыць цябе страху [Божаму].

6 Стрэлы Твае вострыя, народы ўпадуць пад [ногі] Твае, яны [скіраваныя] ў сэрцы ворагаў Валадара.

7 Пасад Твой, Божа, на вякі вечныя! Кій роўнасьці — кій валадарства Твайго.

8 Ты палюбіў праведнасьць і ўзьненавідзеў бязбожнасьць. Дзеля гэтага памазаў Цябе, Божа, Бог Твой, алеем радасьці больш за таварышаў Тваіх.

9 Усё адзеньне Тваё — [быццам] міра, альвас і касья; у палацы з косьці слановае [граньне] на струнах вяселіць Цябе.

10 Дочкі валадароў сярод шанаваных Тваіх; сужонка Валадара стаіць праваруч Цябе ў шчырым золаце з Афіру.

11 «Слухай, дачка, і ўзглянь, і прыхілі вуха тваё, і забудзься пра народ твой і пра дом бацькі твайго.

12 І калі Валадар прыгажосьці тваёй зажадае, ты схіліся перад Ім, бо Ён — Госпад твой».

13 I дачка Тыру з дарам [прыйдзе] перад аблічча тваё, панізяцца багатыя народу.

14 Уся аздоба дачкі валадара ўнутры, золатам апраўлены шаты яе.

15 У вопратках рознакаляровых вядуць яе да Валадара; дзяўчыны [ідуць] за ёю, сяброўкі ейныя ідуць да цябе.

16 Іх вядуць у радасьці і вясёласьці, і ўваходзяць яны ў палац Валадара.

17 Замест бацькоў Тваіх будуць сыны Твае; іх паставіш князямі па ўсёй зямлі.

18 Я зраблю памятным імя Тваё з пакаленьня ў пакаленьне; таму народы будуць славіць Цябе на вякі вечныя.

 

Псальм 46(45)

1 Кіраўніку хору. Сыноў Караха. На аламот. Сьпеў.

2 Бог для нас — прыстанішча і моц, у бядзе ўспамога, якая заўсёды прыходзіць.

3 Дык ня будзем баяцца, хоць бы захісталася зямля і горы рушылі ў сэрца мора,

4 хоць бы раўлі і ўздымаліся воды ягоныя, хоць бы трэсьліся горы ад шалу яго. (Сэлях)

5 [Вось] рака, струмяні ейныя радуюць горад Божы, сьвятую сялібу Найвышэйшага.

6 Бог пасярод яго, дык ён не захістаецца; Бог дапаможа яму, як настане раніца.

7 Зараўлі народы, захісталіся валадарствы; Ён выдаў голас Свой, і зямля растапілася.

8 ГОСПАД Магуцьцяў з намі, умацаваны замак наш — Бог Якуба. (Сэлях)

9 Прыйдзіце, пабачце дзеі ГОС­ПАДА, якое спусташэньне Ён зрабіў на зямлі,

10 Ён войны спыняе аж да краю зямлі, крышыць лукі і дзіды расьсякае, калясьніцы паліць у агні.

11 «Спыніцеся, пазнайце, што Я — Бог! Я буду ўзьвялічаны між народамі, буду ўзьвялічаны на зямлі!»

12 ГОСПАД Магуцьцяў з намі, умацаваны замак наш — Бог Якуба! (Сэлях)

 

Псальм 47(46)

1 Кіраўніку хору. Сыноў Караха. Псальм.

2 Усе народы, пляскайце рукамі, усклікайце Богу голасам радасьці!

3 Бо страшны ГОСПАД Найвышэйшы, Валадар вялікі над усёй зямлёю.

4 Ён скарыў народы, і [кінуў] паганаў пад ногі нашыя.

5 Ён выбраў для нас спадчыну нашую, гонар Якуба, якога Ён палюбіў. (Сэлях)

6 Узьняўся Бог з гукам гучным, ГОСПАД [узьняўся] пры голасе трубы.

7 Выслаўляйце Бога, выслаўляйце! Выслаўляйце Валадара нашага, выслаўляйце!

8 Бо Валадар над усёй зямлёй — [гэта] Бог; выслаўляйце [Яго] з разуменьнем.

9 Валадарыць Бог над усімі народамі; Бог сядзіць на пасадзе сьвятасьці Сваёй.

10 Магнаты народаў сабраліся разам з народам Бога Абрагама, бо шчыты зямлі — Божыя; Ён высока ўзьняты.

 

Псальм 48(47)

1 Сьпеў. Псальм сыноў Караха.

2 Вялікі ГОСПАД і вельмі хвалёны ў горадзе Бога нашага, на гары сьвятасьці Сваёй.

3 Прыгожае ўзьнясеньне, аздоба ўсёй зямлі, гара Сыён на схілах паўночных, горад вялікага Валадара.

4 Бог у палацах ягоных вядомы як умацаваны замак [яго].

5 Бо вось, валадары сабраліся, падыйшлі грамадою,

6 але, угледзеўшы, аслупянелі, спалохаліся, зьбянтэжыліся.

7 Дрыжаньне ахапіла іх, болі, як у жанчыны, што нараджае.

8 Ты ветрам усходнім скрышыў караблі з Таршышу.

9 Як чулі мы гэта, гэтак і бачылі ў горадзе ГОСПАДА Магуцьцяў, у горадзе Бога нашага. Бог умацаваў яго на вякі. (Сэлях)

10 Мы разважаем, Божа, пра міласэрнасьць Тваю пасярод сьвятыні Тваёй.

11 Як імя Тваё, Божа, так і хвала Твая — аж да ўзьмежкаў зямлі; правіца Твая напоўнена праведнасьцю.

12 Весяліцца гара Сыён, радуюцца дочкі Юды дзеля судоў Тваіх.

13 Станьце наўкола Сыёну, абыйдзіце вакол яго, палічыце вежы ягоныя,

14 прылажыце сэрца сваё да валоў ягоных, агледзьце палацы ягоныя, каб абвясьціць пакаленьням, якія будуць,

15 што гэты Бог ёсьць Бог наш на вякі вечныя, і Ён будзе весьці нас аж да сьмерці.

 

Псальм 49(48)

1 Кіраўніку хору. Сыноў Караха. Псальм.

2 Чуйце гэта, усе народы! Прыхіліце вуха, усе жыхары веку гэтага!

3 Як сыны паспалітыя, так і сыны знакамітыя, разам багатыя і бедныя.

4 Вусны мае кажуць мудрасьць, і думкі сэрца майго разважлівыя.

5 Прыхілю да прыповесьці вуха маё, выяўлю пры [гуках] гусьляў загадку маю.

6 Навошта мне баяцца ў дні няшчасьця, калі атачыла мяне беззаконьне тых, якія нападаюць на мяне,

7 якія спадзяюцца на сілу сваю і мноствам багацьця свайго хваляцца?

8 Ніхто выбавіць брата ня можа і даць за яго выкуп Богу,

9 бо вельмі дарагая цана за душу ягоную, і зрачыся гэтага [мусіць] на вякі,

10 каб ён жыў заўсёды і ня ўбачыў парахненьня.

11 Бо [кожны] бачыць: мудрыя паміраюць, дурны і шалёны разам прападаюць, і пакідаюць іншым багацьце сваё.

12 Думкі іхнія пра тое, што дамы іхнія на вякі, сялібы іхнія — з пакаленьня ў пакаленьне, і яны сваім імем назвалі [цэлыя] землі.

13 Але чалавек у славе [доўга] трываць ня будзе, ён падобны да скаціны, якая гіне.

14 Гэткі шлях іхні, тых, якія спадзяюцца на сябе, і тых, якім [словы] вуснаў іхніх да­спа­добы. (Сэлях)

15 Як авечкі, у пекла яны зыйдуць, сьмерць пасьвіць іх будзе, і раніцаю правыя будуць мець уладу над імі, сіла іхняя ссохне, пекла — жытло іхняе.

16 Але Бог выбавіць душу маю з рукі пекла, бо Сам возьме мяне. (Сэлях)

17 Ня бойся, калі хто багацее, калі множыцца слава дому ягонага,

18 бо, калі памрэ, нічога ня возьме з сабою, і слава ягоная ня пойдзе за ім.

19 Хоць бы за жыцьця свайго душу сваю ён дабраслаўляў, і хвалілі яго, калі добра рабіў для сябе,

20 ён пойдзе за пакаленьнем бацькоў сваіх, што ня ўбачаць ніколі сьвятла.

21 Чалавек у славе і без разуменьня падобны да скаціны, якая гіне.

 

Псальм 50(49)

1 Псальм Асафа. Бог багоў, ГОСПАД прамовіў і кліча зямлю ад усходу сонца да захаду яго.

2 З Сыёну, вяршыні прыгажосьці, зазьзяў Бог.

3 Прыйдзе Бог наш і ня будзе маўчаць, перад абліччам Ягоным агонь палючы, навакол Яго — бура вялізарная.

4 Ён кліча неба, што ўверсе, і зямлю на суд народу Свайго:

5 «Зьбярыце да Мяне багабойных Маіх, якія заключылі запавет са Мною пры ахвяры!»

6 І будуць тады нябёсы апавядаць пра праведнасьць Ягоную, бо Сам Бог [ёсьць] Судзьдзя. (Сэлях)

7 «Слухай, народзе Мой, і Я буду гаварыць. Ізраілю, Я буду сьведчыць супраць цябе. Бог, твой Бог — гэта Я!

8 Не за ахвяры твае Я буду вінаваціць цябе, цэласпаленьні твае перада Мною заўсёды!

9 Не вазьму Я быкоў з дому твайго, ані казлоў з абораў тваіх,

10 бо Мае ўсе зьвяры лясныя і скаціна, што тысячамі [ходзіць] па гарах.

11 Я ведаю ўсіх птушак у гарах, і зьвяры палявыя — у Мяне.

12 Калі б Я згаладаўся, табе б Я не сказаў, бо Мой сусьвет і тое, што напаўняе яго.

13 Ці ж Я ем мяса валоў і п’ю кроў казлоў?

14 Ахвяруй падзяку Богу, і споўні перад Найвышэйшым абяцаньні твае.

15 І кліч Мяне ў дзень трывогі, Я выратую цябе, і будзеш ушаноўваць Мяне».

16 А да бязбожніка сказаў Бог: «Навошта ты пералічваеш пастановы Мае, узьнімаеш запавет Мой да вуснаў тваіх,

17 і ненавідзіш настаўленьне, і словы Мае за сябе кідаеш?

18 Калі бачыш злодзея, маеш упадабаньне ў ім, і з чужаложнікамі частка твая.

19 Вусны твае ты расчыняеш на злое, і язык твой кнуе падступнае.

20 Ты сядзіш і супраць брата твайго гаворыш, абмаўляеш сына маці тваёй.

21 Гэтак ты рабіў, а Я маўчаў. Дык здалося табе, што Я такі самы, як ты! Але Я буду караць цябе і пастаўлю [справы твае] перад вачыма тваімі».

22 Зважайце цяпер на гэта вы, што Бога забываеце, каб Я не схапіў [вас], бо ня будзе каму вызваліць.

23 Хто ахвяруе падзяку, той ушаноўвае Мяне, і хто парадкуе шлях свой, таму Я пакажу збаўленьне Божае.

 

Псальм 51(50)

1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда,

2 калі прарок Натан прыйшоў да яго пасьля таго, як ён увайшоў да Батшэвы.

3 Зьлітуйся нада мною, Божа, паводле міласэрнасьці Тваёй, і праз вялікую літасьць Тваю даруй правіны мае!

4 Абмый мяне ўсяго ад беззаконьня майго і ачысьці мяне ад грэху майго.

5 Бо я ведаю правіну маю, і грэх мой перада мною заўсёды.

6 Супраць Цябе, толькі супраць Цябе саграшыў я і ліхое ўчыніў перад вачыма Тваімі, бо Ты праведны ў словах Тваіх і чысты ў судзе Тваім.

7 Вось, я ў беззаконьні нарадзіўся, і ў грэху зачала мяне маці мая.

8 Вось, Табе даспадобы праўда ў нутры, дык дай мне пазнаць мудрасьць у сэрцы маім.

9 Акрапі мяне ізопам, каб я ачысьціўся; абмый мяне, каб я стаўся бялейшым за сьнег.

10 Дай мне пачуць радасьць і вясёласьць, каб узьвесяліліся косткі, якія Ты скрышыў.

11 Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і прабач мне ўсе беззаконьні мае.

12 Сэрца чыстае ствары ў-ва мне, Божа, і дух упэўнены аднаві ў-ва мне.

13 Не адкінь Ты мяне ад аблічча Твайго і Духа Сьвятога Твайго не забірай у мяне!

14 Вярні мне радасьць збаўленьня Твайго, і духам шляхетным падтрымай мяне,

15 і я буду навучаць адступнікаў шляхам Тваім, і грэшнікі вернуцца да Цябе.

16 Вызваль мяне ад [віны] за кроў, Божа, Бог выратаваньня майго, і язык мой будзе крычаць пра праведнасьць Тваю.

17 Адчыні, Госпадзе, вусны мае, і вусны мае будуць абвяшчаць хвалу Тваю.

18 Бо Ты не жадаеш ахвяраў, хоць бы я іх даў, і цэласпаленьні не даспадобы Табе.

19 Ахвяра для Бога — скрышаны дух; сэрцам скрышаным і зламаным Ты, Божа, не пагарджаеш!

20 Рабі добрае Сыёну паводле ласкі Тваёй, збудуй муры Ерусаліму.

21 Тады будуць Табе даспадобы ахвяры праведнасьці, цэласпаленьні і ахвяры дасканалыя; тады быкоў узьнясуць на ахвярнік Твой.

 

Псальм 52(51)

1 Кіраўніку хору. Навучаньне Давіда,

2 калі прыйшоў Даэг Эдомец, і паведаміў Саўлу, і сказаў яму: «Давід прыйшоў у дом Абімэлеха».

3 Навошта хвалішся злачынствам, волаце? Міласэрнасьць Божая кожны дзень [трывае]!

4 Загубу выдумляе язык твой; як брытва вострая той, які здраду ўчыняе!

5 Ты любіш ліхое больш, чым добрае; хлусьню гаворыш, а ня тое, што праведнае. (Сэлях)

6 Любіш усе словы згубныя, о, язык падступны.

7 Дзеля гэтага Бог скрышыць цябе назаўсёды, схопіць цябе, і вырве цябе з намёту, і выкараніць цябе з зямлі жывых. (Сэлях)

8 І ўбачаць праведнікі, і будуць баяцца, і будуць сьмяяцца з яго:

9 «Вось чалавек, які ня Бога меў сабе апорай, і спадзяваўся на мноства багацьця свайго, і ўмацоўваўся ў зласьлівасьці сваёй».

10 А я, як аліўка зялёная ў Доме Божым, спадзяюся на міласэрнасьць Божую на вякі вечныя.

11 Буду славіць Цябе на вякі за тое, што Ты ўчыніў, і буду спадзявацца на імя Тваё, бо Ты добры адносна багабойных Тваіх.

 

Псальм 53(52)

1 Кіраўніку хору: на лад сумны. Навучаньне Давіда.

2 Сказаў бязглузды ў сэрцы сваім: «Няма Бога!» Сапсаваліся яны і агідныя рэчы робяць, няма таго, хто робіць дабро.

3 Бог глянуў з неба на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць разумны, які Бога шукае.

4 Усе адступіліся, усе разам нягодныя; няма нікога, хто робіць дабро, няма аніводнага!

5 Няўжо ня маюць пазнаньня ўсе злачынцы, якія народ мой зьядаюць, быццам хлеб ядуць, і Бога ня клічуць?

6 Там яны будуць у страху вялікім, дзе няма страху, бо Бог раскідае косткі тых, якія паставілі табар [супраць] цябе, і ты асароміш іх, бо Бог іх адкінуў.

7 Хто дасьць збаўленьне з Сыёну для Ізраіля? Калі Бог верне палонных народу Свайго, будзе радавацца Якуб і будзе весяліцца Ізраіль!

 

Псальм 54(53)

1 Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Навучаньне Давіда,

2 калі прыйшлі Зіфеі і сказалі Саўлу: «Ці ж гэта не Давід схаваўся ў нас?»

3 Божа, імем Тваім збаў мяне, і магутнасьцю Тваёю вядзі справу маю!

4 Божа, пачуй малітву маю, прыхілі вуха да словаў вуснаў маіх!

5 Бо чужынцы паўсталі супраць мяне, і моцныя шукаюць душы маёй; яны ня маюць Бога перад сабою. (Сэлях)

6 Вось, Бог — дапамога мая; Госпад падтрымлівае душу маю.

7 Зьвяртаючыся, зьвернецца ліха на ворагаў маіх. У праўдзе Тваёй Ты вынішчы іх!

8 Тады ахвотна буду скла­даць ахвяры Табе; буду славіць імя Тваё, ГОСПАДЗЕ, бо Ты — добры!

9 Бо Ты вызваліў мяне ад усіх трывогаў, і на [загубу] ворагаў маіх глядзелі вочы мае.

 

Псальм 55(54)

1 Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Навучаньне Давіда.

2 Прыхілі вуха, Божа, да малітвы маёй і не хавайся ад маленьня майго!

3 Зваж на мяне і адкажы мне; я стогну ў тузе маёй і енчу

4 ад голасу ворага, ад уціску бязбожніка, бо злачынства закідаюць мне і ў гневе змагаюцца са мною.

5 Сэрца маё трапеча ў-ва мне, і жахі сьмерці напалі на мяне;

6 страх і дрыжаньне прыйшлі на мяне, і трывога ахапіла мяне.

7 І я сказаў: «Хто дасьць мне крылы, як у голуба! Я паляцеў бы і супачыў!

8 Вось, уцёк бы далёка і жыў бы ў пустыні». (Сэлях)

9 Я б сьпяшаўся, каб схавацца перад ветра віхурай, перад бурай!

10 Вынішчы іх, Госпадзе, падзялі мову ім, бо я бачыў крыўды і спрэчкі ў горадзе.

11 Дзень і ноч яны ходзяць па мурах ягоных наўкола, злачынства і ліхоцьце ў сярэдзіне яго.

12 Загуба ў сярэдзіне яго, і не зыходзяць з плошчаў ягоных ашуканства і здрада.

13 Бо ня вораг мяне зьневажае, я дараваў бы [гэта], ня той, што мяне ненавідзіць, узьвялічваецца супраць мяне, ад яго б я схаваўся,

14 але ты, чалавек, як я, сябра мой і знаёмы мой,

15 з якім мы разам вялі шчырыя гутаркі, з якім у Дом Божы хадзілі ў грамадзе.

16 Няхай, зьнішчаючы, зьнішчыць іх сьмерць! Няхай зыйдуць жывыя ў пекла, бо ліхота [жыве] ў вандраваньні іхнім, у нутры іхнім.

17 А Я буду клікаць да Бога, і ГОСПАД збавіць мяне.

18 Увечары, і раніцаю, і ў белы дзень я буду енчыць і галасіць, і Ён пачуе голас мой.

19 Ён выбавіць душу маю, каб даць супакой ад [тых, што] варагуюць супраць мяне, бо шмат было тых, якія супраць мяне.

20 Пачуе Бог, і ўпакорыць іх Той, Які жыве спрадвеку. (Сэлях) Бо няма ў іх паправы, і яны не баяцца Бога,

21 руку сваю выцягваюць на тых, што з імі ў супакоі жылі, і парушаюць запавет свой;

22 гладкія, як тое масла, вусны ягоныя, а ў сэрцы — варожасьць; словы ягоныя лагаднейшыя за алей, але яны — мячы аголеныя.

23 Ускладзі бярэмя тваё на ГОСПАДА, і Ён паклапоціцца пра цябе; ня дасьць Ён ніколі, каб пахіснуўся праведнік.

24 І Ты, Божа, іх кінеш у ямы парахненьня; людзі крыважэрныя і падступныя не [дажывуць] паловы дзён сваіх. А я на Цябе спадзяюся!

 

Псальм 56(55)

1 Кіраўніку хору: на лад “Галубка бязмоўная ў мясьцінах далёкіх”. Залатая песьня Давіда, калі яго ў Гаце схапілі Філістынцы.

2 Зьлітуйся нада мною, Божа, бо прагне праглынуць мяне чалавек; усякі дзень нападаючы, уціскае мяне.

3 Прагнуць праглынуць мяне ворагі мае ўвесь дзень, бо шмат іх ваюе супраць мяне, Найвышэйшы!

4 У дзень, калі я баюся, я спадзяюся на Цябе.

5 У Богу буду хваліцца словам Ягоным. На Бога я спадзяюся, ня буду баяцца. Што цела можа зрабіць мне?

6 Штодзень яны перакручваюць словы мае; супраць мяне ўсе думкі іхнія, [каб учыніць мне] зло.

7 Яны зьбіраюцца і хаваюцца, яны высочваюць сьляды мае, бо цікуюць на душу маю.

8 Дзеля злачынства [іхняга будзь] выратаваньнем для мяне, у гневе [Тваім] адкінь народы, Божа!

9 Туляньне маё Ты мне залічыў. Зьбяры сьлёзы мае ў мяхі Твае, бо яны [запісаныя] ў кнізе Тваёй!

10 Тады павернуць наўцёкі ворагі мае ў дзень, калі паклічу. Я ведаю, што Бог са мною!

11 У Богу буду хваліцца словам, у ГОСПАДЗЕ буду хваліцца словам [Ягоным].

12 На Бога я спадзяюся, ня буду баяцца. Што можа зрабіць мне чалавек?

13 На мне, Божа, абяцаньні Твае, дык прынясу падзяку Табе,

14 бо Ты вызваліў душу маю ад сьмерці і стопы мае ад падзеньня, каб хадзіў я перад абліччам Бога ў сьвятле жывых.

 

Псальм 57(56)

1 Кіраўніку хору: на лад: “Не загубляй!” Залатая песьня Давіда, калі ён уцякаў ад аблічча Саўла ў пячору.

2 Зьлітуйся нада мною, Божа, зьлітуйся нада мною! Бо ў Табе мае надзею душа мая, і ў ценю крылаў Тваіх буду хавацца, пакуль не міне загуба.

3 Буду клікаць да Бога Найвышэйшага, да Бога, Які выканае [справу маю] для мяне.

4 Ён спашле з неба і збавіць мяне ад зьнявагаў таго, хто хоча мяне праглынуць. (Сэлях) Спашле Бог міласэрнасьць Сваю і праўду Сваю.

5 Душа мая між ільвоў, я ляжу сярод тых, што палаюць агнём, сярод сыноў чалавечых. Зубы іхнія — дзіды і стрэлы, языкі іхнія — мячы вострыя.

6 Узьвялічся па-над неба, Божа, па-над усёй зямлёй [няхай будзе] слава Твая.

7 Яны наставілі сетку дзеля стопаў маіх, прыгнялі душу маю, яны капалі яму перад абліччам маім, але [самі] ўваліліся ў яе. (Сэлях)

8 Умацаванае сэрца маё, Божа, умацаванае сэрца маё, буду сьпяваць і выслаўляць [Цябе].

9 Збудзіся, слава мая! Збудзіцеся, псалтыр і гусьлі! Я пабуджу сьвітаньне.

10 Буду славіць Цябе сярод людзей, Госпадзе, буду выслаўляць Цябе сярод народаў,

11 бо аж да неба вялікая міласэрнасьць Твая, і праўда Твая — да аблокаў.

12 Узьвялічся па-над неба, Божа, па-над усёй зямлёй [няхай будзе] слава Твая!

 

Псальм 58(57)

1 Кіраўніку хору: на лад: “Не загубляй!” Залатая песьня Давіда.

2 Ці сапраўды маўчаньнем прамаўляеце праведна? Ці справядліва судзіце сыноў чалавечых?

3 Але ж у сэрцы вы ўчынілі беззаконьне, злачынствы рук вашых на зямлі ўзважылі.

4 Ад улоньня [маці] адступіліся [ад Бога] бязбожнікі, блукаюць ад нараджэньня тыя, якія кажуць хлусьню.

5 Атрута іхняя — як атрута зьмяі, гадзюкі глухой, што вушы свае затыкае

6 і ня чуе голасу шаптуна, які заклінаць заклёнамі ўмее.

7 Божа, скрышы зубы іхнія ў вуснах іхніх! Выбі іклы львянятам, ГОСПАДЗЕ!

8 Няхай зьнікнуць яны як вада, што разьлілася; няхай, калі будуць нацягваць [лук], паломяцца стрэлы іхнія!

9 Няхай як сьлімак, што ледзьве паўзе, яны счэзнуць! Няхай як спарон жанчыны яны сонца ня ўбачаць!

10 Перш, чым катлы вашыя адчуюць [агонь ад] цярніны, няхай раскідае бура [цярніну], ці сьвежую, ці распаленую.

11 Узрадуецца праведнік, калі ўбачыць помсту; ён абмые стопы свае ў крыві бязбожнікаў!

12 І скажа [кожны] чалавек: «Сапраўды, ёсьць плод у праведніка! Сапраўды, ёсьць Бог, Які судзіць на зямлі!»

 

Псальм 59(58)

1 Кіраўніку хору: на лад “Не загубляй!” Залатая песьня Давіда, калі Саўл паслаў пільнаваць дом [ягоны], каб яго забіць.

2 Выратуй мяне ад ворагаў маіх, Божа мой! Ад тых, што паўстаюць супраць мяне, абарані мяне.

3 Выратуй мяне ад злачынцаў і збаў мяне ад людзей крывавых.

4 Бо вось, яны пільнуюць у засадзе душу маю, зьбіраюцца супраць мяне моцныя, і не за правіну маю, і не за грэх мой, ГОСПАДЗЕ!

5 Без [ніякай] віны маёй яны зьбягаюцца і шыхтуюцца [супраць мяне]. Збудзіся, выйдзі на спатканьне мне і паглядзі!

6 Ты Сам, ГОСПАДЗЕ, Бог Магуцьцяў, Бог Ізраіля, абудзіся, каб наведаць усе народы! Ня мей літасьці для ўсіх ліхадзеяў і злачынцаў! (Сэлях)

7 Увечары яны вяртаюцца, выюць, быццам сабакі, і горад абыходзяць наўкола.

8 Вось, пена [спадае] з пашчаў іхніх, у вуснах іхніх — мячы, бо [кажуць яны]: «Хто гэта чуе?»

9 Але Ты, ГОСПАДЗЕ, будзеш сьмяяцца з іх, Ты будзеш кпіць з усіх паганаў!

10 Моц Тваю буду шукаць у Табе, бо Бог — умацаваны замак мой!

11 Бог, Які міласэрны да мяне, у міласэрнасьці Сваёй сустрэне мяне; Бог дасьць мне ўгледзець [перамогу] над ворагамі маімі.

12 Не забівай іх, каб не забыўся народ мой! Захістай іх сілаю Тваёй і павалі іх, Госпадзе, шчыце наш!

13 Грэх вуснаў іхніх — словы на губах іхніх. Няхай яны будуць злоўлены ў фанабэрыстасьці сваёй за праклёны і ману, якія абвяшчаюць.

14 Зьнішчы іх у ярасьці, зьнішчы, няхай іх ня будзе, і няхай ведаюць, што Бог у Якубе пануе да канцоў зямлі! (Сэлях)

15 Увечары яны вяртаюцца, выюць, быццам сабакі, і горад абыходзяць наўкола.

16 Бадзяючыся, бадзяюцца яны, каб што зьесьці; і не насыціўшыся, будуць жыць.

17 А я буду сьпяваць пра моц Тваю і раніцаю буду радавацца дзеля міласэрнасьці Тваёй, бо Ты стаўся для мяне ўмацаваным замкам і прытулкам у дзень уціску майго.

18 Сіла мая, Цябе буду выслаўляць, бо Ты, Божа — умацаваны замак мой, Бог мой міласэрны!

 

Псальм 60(59)

1 Кіраўніку хору: на лад: “Лілея сьведчаньня”. Залатая песьня Давіда. Дзеля навучаньня,

2 калі ён змагаўся з Арам-Нагараім і з Арам-Цова, і калі Ёаў, варочаючыся, пабіў Эдом у Саляной даліне, дванаццаць тысячаў.

3 Божа, Ты нас пакінуў, нас раструшчыў! Ты разгневаўся, вярніся зноў да нас!

4 Ты затрос зямлёю, рашчапіў яе; вылячы разломы ейныя, бо яна хістаецца!

5 Ты даў убачыць народу Твайму цяжкую долю, напаіў нас віном зьбянтэжанасьці.

6 Тым, што баяцца Цябе, Ты даў знак, каб уцяклі ад аблічча луку. (Сэлях)

7 Каб былі ўратаваныя ўмілаваныя Твае, збаў правіцай Тваёй і адкажы нам, і адкажы мне.

8 Бог сказаў у сьвятасьці Сваёй: «Я ўзрадуюся! Я падзялю Сыхем, і даліну Сукот разьмераю.

9 Мой Гілеад, і Мой Манаса, і Эфраім — моц галавы Маёй; Юда — заканадаўца Мой!

10 Мааў — міса для мыцьця Майго; на Эдом кіну сандалы Мае, радасна гукай дзеля Мяне, [зямля] Філістынская».

11 Хто ўвядзе мяне ў горад умацаваны? Хто завядзе мяне ў Эдом?

12 Ці ж ня Ты, Божа, нас пакінуў і не выходзіш, Божа, з войскамі нашымі?

13 Дай нам успамогу ў прыгнечаньні [нашым], бо марны ратунак чалавечы.

14 З Богам мы зьявім сілу, і Ён растопча прыгнятальнікаў нашых.

 

Псальм 61(60)

1 Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Давіда.

2 Пачуй, Божа, галашэньне маё, зваж на малітву маю!

3 Ад краю зямлі да Цябе клічу, калі зьнемагае сэрца маё; на скалу, што ўзвышаецца нада мною, узьвядзі мяне!

4 Бо Ты быў прыстанішчам маім, вежай моцы маёй супраць ворага.

5 Буду жыць у намёце Тваім вечна, маю надзею пад заслонаю крылаў Тваіх. (Сэлях)

6 Бо Ты, Божа, чуў абяцаньні мае, Ты даў валоданьне тым, што баяцца імя Твайго.

7 Дадай дні да дзён валадара, няхай гады яго [будуць] з пакаленьня ў пакаленьне,

8 Няхай жыве вечна перад абліччам Божым; прызнач міласэрнасьць і праўду, каб захоўвалі яго!

9 Дык буду выслаўляць імя Тваё на вякі, буду спаўняць абяцаньні мае кожны дзень.

 

Псальм 62(61)

1 Кіраўніку хору: на лад Едутуна. Псальм Давіда.

2 Толькі ў Богу супакойваецца душа мая, ад Яго збаўленьне маё.

3 Толькі Ён — скала мая і збаўленьне маё, умацаваны замак мой, дык я не пахіснуся.

4 Як доўга будзеце насядаць на чалавека? Вы ўсе [хочаце] забіць [яго], як тая сьцяна, што скранулася, як агароджа, што валіцца.

5 Яны толькі і радзяцца, як скінуць [яго] з высачыні; ім даспадобы няпраўда; яны вуснамі дабраслаўляюць, але ў нутры сваім праклінаюць! (Сэлях)

6 Толькі ў Богу супачынеш, душа мая, бо на Яго спадзяваньне маё.

7 Толькі Ён — скала мая і збаўленьне маё, умацаваны замак мой, дык не пахіснуся.

8 У Богу збаўленьне маё і слава мая; скала моцы маёй, прыстанішча маё ў Богу.

9 На Яго спадзявайся ў кожны час, народзе! Вылівайце перад абліччам Ягоным сэрцы вашыя, бо Бог — прыстанішча нашае. (Сэлях)

10 Сыны чалавечыя — толькі марнасьць, сыны людзкія — хлусьня; калі пакладзеш іх на шалі, яны разам лягчэй за марнасьць!

11 Не спадзявайцеся на крыўду, не марнейце ў зрабаваным, калі вам памножыцца багацьце, сэрца свайго да яго не прыкладайце!

12 Раз сказаў Бог, а я двойчы пачуў гэта, што сіла — у Бога.

13 І ў Цябе міласэрнасьць, Госпадзе, бо Ты даеш чалавеку паводле ўчынкаў ягоных.

 

Псальм 63(62)

1 Псальм Давіда, калі ён быў у пустыні Юдэйскай.

2 Божа! Ты — Бог мой! Цябе я шукаю, Цябе прагне душа мая, па Табе тужыць цела маё ў сухой і спрагнёнай зямлі, на бязводзьдзі.

3 Гэтак я ўглядаўся на Цябе ў сьвятасьці Тваёй, каб убачыць моц Тваю і славу Тваю.

4 Бо міласэрнасьць Твая лепшая за жыцьцё; вусны мае хваліць Цябе будуць.

5 Гэтак буду я дабраслаўляць Цябе ў жыцьці маім, у імя Тваё буду рукі мае ўзьнімаць.

6 Быццам тлушчам і тлустасьцю насычаецца душа мая, і сьпевам хвалы будуць хваліць Цябе вусны мае,

7 калі я на ложку маім пра Цябе ўспамінаю, калі ў часе варты [начной] пра Цябе разважаю.

8 Бо Ты быў успамогай мне, і ў ценю крылаў Тваіх буду весяліцца.

9 Прыляпілася да Цябе душа мая, падтрымлівае мяне правіца Твая.

10 А тыя, што шукаюць загубы душы маёй, пойдуць у глыбіні зямлі,

11 будуць аддадзены яны ў рукі мяча, стануцца здабычай шакалаў.

12 І валадар узрадуецца ў Богу; і будзе хваліцца кожны, хто Ім прысягае, бо будуць заткнёныя вусны таго, хто гаворыць хлусьню.

 

Псальм 64(63)

1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда.

2 Пачуй, Божа, голас мой у смутку маім! Ад страху [перад] ворагам захавай жыцьцё маё!

3 Схавай мяне ад таемных [намераў] злачынцаў, ад грамады тых, што чыняць нягоднае,

4 якія навастрылі як меч язык свой, нацягнулі [лук са] стрэламі сваімі — горкімі словамі,

5 каб страляць з засады ў беззаганнага; зьнянацку страляюць яны ў яго і не баяцца.

6 Яны ўмацоўваюць сябе ў справах ліхіх; змаўляюцца пастку [наставіць] таемна; яны кажуць: «Хто гэта ўбачыць?»

7 Яны шукаюць беззаконьня, мы гінем праз задумы беззаконныя! Бо нутро чалавека і сэр­ца — глыбокія [воды].

8 І стрэліць Бог у іх стралою, зьнянацку атрымалі яны ўдар,

9 і яны спатыкнуліся праз язык свой; і ўцякаюць усе, хто іх убачыў.

10 І будуць баяцца ўсе людзі, і будуць апавядаць пра справы Божыя, і будуць разважаць пра тое, што Ён учыніў.

11 Узрадуецца праведнік у ГОСПАДЗЕ і будзе мець надзею ў Ім, і будуць хваліць Яго ўсе шчырыя сэрцам.

 

Псальм 65(64)

1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда. Сьпеў.

2 Табе, Божа, прыналежыць хвала на Сыёне; і Табе будуць споўненыя абяцаньні.

3 Ты чуеш малітву, да Цябе ўсякае цела імкнецца.

4 Справы беззаконныя перамаглі мяне, але Ты дараваў нам правіны нашыя.

5 Шчасьлівы той, каго Ты выбраў і наблізіў, каб жыў ён на панадворках Тваіх; мы будзем насычацца даброцьцем Дому Твайго, сьвятой сьвятыні Тваёй.

6 Страшнымі [ўчынкамі] ў праведнасьці Ты адказваеш нам, Божа збаўленьня нашага, пэўнасьць усіх канцоў зямлі і далёкага мора,

7 Які ўгрунтаваў горы сілаю Сваёй, Які падперазаны магутнасьцю,

8 Які суцішае шум мора, шум хваляў ягоных і мноства народу.

9 І будуць баяцца знакаў Тваіх жыхары канцоў сьвету, землі на ўсходзе і на захадзе Ты разьвесяляеш.

10 Ты наведаў зямлю і напаіў яе, Ты ўзбагаціў яе Божым струмянём, напоўненым водамі. Ты прыгатаваў збожжа на ёй, бо гэтак угрунтаваў яе.

11 Ты насычаеш разоры яе і разраўноўваеш скібы яе, кроплямі дажджу разьмякчаеш яе, парастак яе дабраслаўляеш.

12 Ты ўкаранаваў год дабром Тваім, і сьцежкі Твае разьліваюць тлустасьць,

13 разьліваюць на пашы ў пустыні, і ўзгоркі падпярэзваюцца радасьцю,

14 апранаюцца ў чароды авечак, і даліны атуляюцца збожжам, радасна гукаюць і сьпяваюць.

 

Псальм 66(65)

1 Кіраўніку хору. Сьпеў. Псальм. Радасна гукай для Бога, уся зямля!

2 Сьпявайце славу імя Ягонага, узносьце славу і хвалу Яму!

3 Кажыце да Бога: «Які Ты страшны ў дзеяньнях Тваіх! Дзеля вялікасьці моцы Тваёй падпарадкоўваюцца Табе ворагі Твае.

4 Уся зямля паклоніцца Табе і будзе выслаўляць Цябе, будзе выслаўляць імя Тваё». (Сэлях)

5 Хадзеце і паглядзіце на дзеяньні Бога, страшнага ва ўчынках [Сваіх] адносна сыноў чалавечых.

6 Ён перамяніў мора ў сухазем’е, праз раку мы перайшлі пехатою; там радаваліся мы ў Ім!

7 Ён пануе ў магутнасьці Сваёй на вякі; вочы Ягоныя сочаць за народамі, каб бунтаўнікі не вывышаліся перад Ім. (Сэлях)

8 Дабраслаўляйце, народы, Бога нашага, і няхай будзе чутны голас хвалы Ягонай.

9 Ён дараваў жыцьцё душы нашай і ня даў пахіснуцца назе нашай.

10 Бо Ты выспрабаваў нас, Божа! Ачысьціў нас, як ачышчаецца срэбра.

11 Ты ўвёў нас у пастку, сьціснуў цяжкімі путамі сьцёгны нашыя.

12 Ты пасадзіў чалавека на галовы нашыя; мы прайшлі праз агонь і ваду, і Ты вывеў нас на прастор.

13 Увайду ў Дом Твой з цэласпаленьнямі, споўню Табе абяцаньні мае,

14 якія прамовілі губы мае, і сказаў я вуснамі маімі ў бядзе маёй.

15 Цэласпаленьні з тлустых [авечак] прынясу Табе з дымам баранаў; дам [Табе] валоў і казлоў. (Сэлях)

16 Хадзеце, паслухайце, і я раскажу ўсім, хто Бога баіцца, што Ён учыніў для душы маёй.

17 Да Яго я клікаў вуснамі маімі, і ўзьвялічваньне было на языку маім.

18 Калі б я глядзеў на нягоднае ў сэрцы маім, Госпад мяне б не пачуў!

19 Але Бог пачуў і зьвярнуў увагу [Сваю] на голас малітвы маёй.

20 Дабраслаўлёны Бог, Які не адкінуў малітвы маёй і міласэрнасьці Сваёй [не пазбавіў мяне]!

 

Псальм 67(66)

1 Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Псальм. Сьпеў.

2 Божа, зьлітуйся над намі і дабраславі нас; асьвяці нас абліччам Тваім, (Сэлях)

3 каб на зямлі мы пазналі шлях Твой, між усімі народамі — збаўленьне Тваё.

4 Тады будуць славіць народы Цябе, Божа, будуць славіць Цябе ўсе народы.

5 Будуць весяліцца і радавацца ўсе народы, бо Ты будзеш судзіць народы справядліва і будзеш весьці народы на зямлі. (Сэлях)

6 Тады будуць славіць народы Цябе, Божа, будуць славіць Цябе ўсе народы.

7 Зямля дасьць ураджай свой; няхай дабраславіць нас Бог, Бог наш!

8 Няхай дабраславіць нас Бог, і няхай баяцца Яго ўсе канцы зямлі!

 

Псальм 68(67)

1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда. Сьпеў.

2 Няхай паўстане Бог, і будуць расьцярушаныя ворагі Ягоныя, і ўцякуць перад абліччам Ягоным тыя, хто ненавідзіць Яго.

3 Як разносіцца [ветрам] дым, так Ты разьвееш іх; як топіцца воск перад абліччам агню, так бязбожнікі загінуць перад абліччам Божым.

4 А праведнікі ўзрадуюцца, будуць весяліцца перад абліччам Божым і гукаць ад радасьці.

5 Сьпявайце Богу, выслаўляйце імя Ягонае! Узьвялічвайце Таго, Які ўзносіцца па-над пустыняй, ГОСПАД — імя Яго, і радуйцеся перад абліччам Ягоным.

6 Ён — Бацька сіротаў і Заступнік удоваў, Бог у сядзібе сьвятасьці Сваёй,

7 Бог, Які пасяляе самотных у дамы, Які выводзіць вязьняў з путаў, але бунтаўнікоў пакідае ў [пустыні] сьпякотнай.

8 Божа, калі Ты выходзіў перад народам Тваім, калі праходзіў праз пустыню, (Сэлях)

9 зямля дрыжала, і нябёсы тапіліся перад абліччам Бога, і гэты Сыён [дрыжаў] перад абліччам Бога, Бога Ізраіля.

10 Шчодры дождж Ты выліў, Божа, на спадчыну Тваю, і тое, што зьнемаглося, Ты ўмацаваў.

11 Жывыя Твае пасяліліся ў тым, што Ты  ў добрасьці Тваёй уладкаваў для ўбогага, Божа.

12 Госпад даў вестку, і тых, якія дабравесьцяць яе, — вялікае войска.

13 Валадары з войскамі ўцякаюць, уцякаюць, а тая, што даглядае дом, дзеліць здабычу!

14 Хоць вы ляжыце паміж абораў, вы сталіся, быццам галубка, у якой крылы пакрытыя срэбрам, а пер’е — золатам зелянявым.

15 Калі Усемагутны расьцярушыў валадароў у ёй, [яна сталася], як сьнег на Сальмоне.

16 Гара Божая, гара Башан! Гара шматверхая, гара Башан.

17 Чаму глядзіце з зайздрасьцю, горы шматверхія, на гару, на якой Бог пасяліцца пажадаў? І ГОСПАД будзе жыць там заўсёды.

18 Калясьніцаў Божых дзясяткі тысячаў, тысячы тысячаў; Госпад сярод іх, [як] на Сынаі, у сьвятасьці.

19 Ты ўзыйшоў на высачыню, паланіў палон, узяў дары для людзей; і нават бунтаўнікоў, каб жылі пры [Табе], ГОСПАДЗЕ Божа.

20 Дабраслаўлёны Госпад! З дня на дзень Ён нас абдароўвае, Бог збаўленьня нашага. (Сэлях)

21 Бог для нас — Бог ратунку, і ГОСПАД — Госпад над крыніцаю сьмерці.

22 Сапраўды, Бог скрышыць галаву ворагаў Сваіх, валасатае цемя тых, што ходзяць у правінах сваіх.

23 Сказаў Госпад: «З Башану вярну, вярну з глыбіняў марскіх,

24 каб змачыў нагу тваю ў крыві, а сабакі твае — языкі ў крыві ворагаў».

25 Бачылі шэсьце Тваё, Божа, шэсьце Бога майго і Валадара майго ў сьвятыні:

26 сьпевакі наперадзе ішлі, пасьля — музыкі, пасярэдзіне — дзяўчыны з бубнамі.

27 У зграмаджэньні дабраслаўляйце Бога, ГОСПАДА, [вы, што] з крыніцы Ізраіля!

28 Там Бэн’ямін, наймалодшы, мае ўладу над імі; князі Юды з палкамі сваімі; князі Завулёна, князі Нэфталі.

29 Загадаў Бог твой моцы тваёй! Умацуй, Божа, тое, што для нас учыніў!

30 Дзеля сьвятыні Тваёй у Ерусаліме валадары будуць прыносіць дары.

31 Утаймуй зьвера ў чароце, статак быкоў сярод цялятаў народаў, якія падаюць [ніцма перад] кавалкамі срэбра; расьцяруш народы, якія жадаюць вайны!

32 Прыйдуць магнаты з Эгіпту, Куш працягне рукі свае да Бога.

33 Валадарствы зямлі, сьпявайце Богу, выслаўляйце Госпада, (Сэлях)

34 Які сядзіць на нябёсах, нябёсах адвечных. Вось, Ён дае голас Свой, голас моцы Сваёй!

35 Прызнайце моц Божую! Над Ізраілем слава Ягоная, і моц Ягоная — у аблоках.

36 Страшны Ты, Божа, у сьвятыні Тваёй, Бог Ізраіля. Ён дае сілу і магутнасьць народу [Свайму]. Дабраслаўлёны Бог!

 

Псальм 69(68)

1 Кіраўніку хору: на лад “Лілеі”. Давіда.

2 Збаў мяне, Божа, бо воды да душы маёй даходзяць!

3 Я заграз у глыбокім балоце бяздонным; я патрапіў у глыбіню водную, і цячэньне мяне падхапіла.

4 Я зьнямогся ад крыку майго, засохла горла маё; змарыліся вочы мае, пакуль я спадзяваўся на Бога майго.

5 Больш, чым валасоў на галаве маёй, тых, што мяне ненавідзяць без прычыны, узмацніліся тыя, што нішчаць мяне, ворагі мае падступныя. Чаго не рабаваў, мушу аддаваць.

6 Божа, Ты ведаеш дурасьць маю, і правіны мае ад Цябе не схаваныя.

7 Ня дай праз мяне асароміцца тым, што на Цябе спадзяюцца, Госпадзе, ГОСПАД Магуцьцяў; ня дай праз мяне асароміцца тым, што шукаюць Цябе, Божа Ізраіля!

8 Бо дзеля Цябе я ганьбу зношу, і сорамам пакрыта аблічча маё.

9 Я стаўся чужым для братоў маіх і чужынцам для сыноў маці маёй.

10 Бо руплівасьць пра Дом Твой зьядае мяне, і зьнявагі тых, што Цябе зьневажаюць, зыйшлі на мяне.

11 І плакала ў посьце душа мая, і сталася гэта зьнявагай мне.

12 І зрабіў я зрэбніцу вопраткай маёй, і стаўся для іх прыповесьцю.

13 Абмаўляюць мяне тыя, што сядзяць у браме [гораду], і прыпеўкі пяюць тыя, што п’юць сікеру.

14 А я да Цябе малюся, ГОСПАДЗЕ, у час упадабаньня Твайго, Божа; у вялікай міласэрнасьці Тваёй пачуй Ты мяне, у праўдзе збаўленьня Твайго!

15 Выратуй мяне з балота, каб я не заграз; ратуй ад тых, што ненавідзяць мяне, і з глыбіняў водных!

16 Няхай не падхопіць мяне цячэньне водаў, няхай не праглыне мяне глыбіня, і няхай не сашчэміць нада мною калодзеж вуснаў сваіх.

17 Пачуй мяне, ГОСПАДЗЕ, бо добрая міласэрнасьць Твая! Паводле вялікай літасьці Тваёй павярніся да мяне.

18 І не хавай аблічча Твайго перад слугою Тваім, бо я прыгнечаны; хутчэй адкажы мне!

19 Наблізься да душы маёй, барані яе; насупраць ворагам маім выбаў Ты мяне!

20 Ты ведаеш ганьбу маю, і сорам мой, і зьнявагу маю; перад Табою ўсе, што перасьледуюць мяне.

21 Ганьба разьбіла сэрца маё, і я ў роспачы; я спадзяваўся на спачуваньне, і ня маю яго, і на пацяшальнікаў, і не знайшоў іх.

22 Яны далі мне замест стравы жоўць, і, калі я смагнуў, напаілі мяне воцатам.

23 Няхай станецца стол іхні перад абліччам іхнім пасткаю, і бясьпечнасьць — сілом.

24 Няхай зацемрацца вочы іхнія, каб ня бачылі, няхай сьцёгны іхнія заўсёды дрыжаць!

25 Вылі на іх ярасьць Тваю, і жар гневу Твайго няхай дагоніць іх!

26 Няхай апусьцее сяліба іхняя, у намётах іхніх няхай ніхто не жыве!

27 Бо таго, каго Ты б’еш, яны перасьледуюць, і пра боль таго, каго Ты параніў, яны абвяшчаюць.

28 Дадай беззаконьне да беззаконьня іхняга і ня дай ім прыйсьці да праведнасьці Тваёй.

29 Няхай будуць выкрэсьленыя з кнігі жывых і ня будуць запісаныя разам з праведнікамі.

30 А я прыгнечаны і поўны тугі; збаўленьне Тваё, Божа, няхай падыме мяне!

31 Я буду хваліць імя Божае сьпевам і ўзьвялічваць Яго з падзякаю.

32 І будзе гэта больш даспадобы ГОСПАДУ, чым вол, бык з рагамі і капытамі.

33 Угледзяць [гэта] ўцісканыя і ўзрадуюцца; і ў вас, што Бога шукаеце, няхай ажыве сэрца вашае!

34 Бо ГОСПАД выслухоўвае бедных і вязьнямі Сваімі не пагарджае.

35 Няхай хваляць Яго неба і зямля, і мора, і ўсё, што рухаецца ў іх.

36 Бо збавіць Бог Сыён, і адбудуе гарады Юды, і яны паселяцца там, і возьмуць у спадчыну іх.

37 I насеньне слугаў Ягоных у спадчыну іх атрымае, і той, хто любіць імя Ягонае, жыць будзе ў іх.

 

Псальм 70(69)

1 Кіраўніку хору. Давіда. Напамін.

2 Божа, ратуй мяне! ГОСПАДЗЕ, пасьпяшайся на ўспамогу мне!

3 Няхай асаромяцца і зганьбяцца тыя, што шукаюць душы маёй! Няхай адступяцца і будуць у сораме тыя, якім даспадобы гора маё!

4 Няхай павернуць наўцёкі ў сораме сваім тыя, якія кажуць [мне]: «Ага! Ага!»

5 Няхай радуюцца і весяляцца ў Табе ўсе, хто шукае Цябе. Няхай кажуць заўсёды тыя, што любяць выратаваньне Тваё: «Будзь узьвялічаны, Божа!»

6 А я бедны і прыгнечаны, дык пасьпяшайся да мяне, Божа! Ты — успамога мая і ратунак мой. ГОСПАДЗЕ, не затрымлівайся!

 

Псальм 71(70)

1 У Табе, ГОСПАДЗЕ, я маю надзею. Ня дай мне асароміцца на вякі!

2 Паводле праведнасьці Тваёй выратуй мяне і вызвалі! Прыхілі да мяне вуха Тваё і збаў мяне!

3 Будзь мне скалой, дзе сяліба мая, куды прыходжу заўсёды, дзе Ты даў загад, каб збавіць мяне, бо Ты — скала мая і замчышча маё.

4 Божа мой, вызваль мяне з рукі бязбожніка, з рукі беззаконьніка і прыгнятальніка.

5 Бо Ты — надзея мая, Госпадзе, ГОСПАДЗЕ, пэўнасьць мая з маладосьці маёй!

6 На Цябе я абапіраўся ад чэрава [маці]; з нутра маці маёй Ты вывеў мяне; дык Табе заўсёды хвала мая!

7 Быццам дзіва стаўся я для многіх, але Ты — прыстанішча маё моцнае.

8 Няхай будуць напоўненыя вусны мае хвалой Табе, кожны дзень — услаўленьнем Цябе.

9 Не адкінь мяне ў час старасьці маёй. Калі зьнікнуць сілы мае, Ты не пакінь мяне!

10 Бо змаўляюцца ворагі мае супраць мяне, і тыя, што сочаць за душою маёй, радзяцца між сабою,

11 кажучы: «Бог пакінуў яго; дык ганіцеся за ім і схапіце яго, бо няма ў яго ратунку!»

12 Божа, не аддаляйся ад мяне! Божа мой, пасьпяшайся на ўспамогу мне!

13 Няхай будуць асаромленыя і зьнішчаныя тыя, што супрацьстаяць душы маёй! Няхай ганьбай і сорамам пакрыюцца тыя, што шукаюць ліхога для мяне!

14 А я заўсёды буду спадзявацца і множыць усю хвалу Тваю.

15 Вусны мае будуць абвяшчаць праведнасьць Тваю, і цэлы дзень — выратаваньне Тваё, бо ім лічбы ня ведаю я!

16 Перайду да магутнасьці Госпада, ГОСПАДА, буду ўзгадваць праведнасьць Тваю, толькі Тваю!

17 Божа, Ты вучыў мяне з маладосьці маёй, і дагэтуль я пра цуды Твае апавядаю.

18 І да старасьці, і да сівізны не пакідай мяне, Божа, пакуль я пра рамяно Тваё не распавяду пакаленьню гэтаму і пра магутнасьць Тваю — усім, што народзяцца яшчэ.

19 Бо праведнасьць Твая, Божа, аж да вышыняў, Ты чыніш вялікія рэчы. Божа, хто падобны да Цябе?

20 Ты даў нам угледзець шмат трывог і ліха, але Ты вернеш нас да жыцьця і з бяздоньняў зямлі зноў узьнімеш нас.

21 Ты памножыш велічнасьць маю і зноў пацешыш мяне.

22 Дык я буду славіць на музычных інструмэнтах Цябе, мой Божа, і праўду Тваю! Буду выслаўляць Цябе на гусьлях, Сьвяты Ізраіля!

23 Узрадуюцца вусны мае, бо я Цябе выслаўляю, і душа мая, што Ты выбавіў яе.

24 І язык мой будзе цэлы дзень разважаць пра праведнасьць Тваю, бо асаромленыя і ў ганьбе тыя, што шукалі ліха для мяне.

 

Псальм 72(71)

1 Для Салямона. Божа, дай суд Твой валадару, і праведнасьць Тваю — сыну валадара.

2 Няхай судзіць ён народ Твой у праведнасьці, і ўбогіх Тваіх — у правасудзьдзі.

3 Няхай прынясуць горы супакой народу, і ўзгоркі — праведнасьць.

4 Няхай ён судзіць убогіх з народу, выбаўляе сыноў беднякоў і скрышыць прыгнятальнікаў.

5 Няхай баяцца Цябе пакуль будзе сонца і перад абліччам месяца з пакаленьня ў пакаленьне.

6 Няхай ён зыходзіць, як дождж на атаву, як кроплі дажджу, што зямля ад іх вільгатнее.

7 Няхай закрасуе праведнік у дні ягоныя, і будзе мноства супакою, аж пакуль месяц стаіць.

8 І няхай ён мае ўладу ад мора да мора і ад ракі аж да краю зямлі.

9 Перад абліччам ягоным упадуць жыхары пустыні, і ворагі ягоныя будуць лізаць пыл.

10 Валадары Таршышу і астравоў дары яму панясуць; валадары Шэвы і Сэвы прынясуць яму даніну.

11 І паклоняцца яму ўсе валадары, усе народы будуць служыць яму.

12 Бо ён ратуе беднага, калі той галосіць, і прыгнечанага, і таго, у каго няма дапамогі.

13 Ён літуецца над гаротным і бедным і выбаўляе душы бедакоў.

14 Ад ашуканства і гвалту вызваляе душы іхнія, і ў вачах ягоных кроў іхняя вельмі каштоўная.

15 І будзе ён жыць, і даваць яму будуць золата Шэвы, і будуць маліцца за яго заўсёды, і будуць дабраслаўляць яго ўсе дні.

16 І будзе дастатак збожжа на зямлі, на вяршынях гор; будуць шумець, як Лібан, каласы ягоныя, і мяшчане заквітнеюць, як трава на зямлі.

17 І будзе імя ягонае на вякі, перад абліччам сонца будзе трываць імя ягонае, і будуць дабраслаўлёныя ў ім усе народы, і будуць шчасьлівыя ў ім.

18 Дабраслаўлёны ГОСПАД Бог, Бог Ізраіля, Які Сам робіць цуды.

19 І дабраслаўлёнае імя славы Ягонай на вякі, і няхай напоўніцца славай Ягонай уся зямля! Амэн, амэн!

20 Канец малітвы Давіда, сына Есэя.

 

КНІГА ТРЭЦЯЯ

 

Псальм 73(72)

1 Псальм Асафа. Які добры Бог для Ізраіля, для тых, якія чыстыя сэрцам!

2 А ў мяне амаль не спатыкнуліся ногі мае, ледзь не пакаўзнуліся крокі мае.

3 Бо я пазайздросьціў тым, што хваляць сябе, убачыўшы супакой бязбожнікаў,

4 бо яны ня маюць гора аж да сьмерці і добра ўскормлена цела іхняе,

5 нядолі людзкой яны ня маюць, і [кары], як у іншых людзей, няма для іх.

6 Дзеля гэтага атачае шыю іхнюю пыха, ліхадзейства нібы шатамі атуляе іх.

7 Ад тлустасьці павылазілі вочы іхнія, прыходзіць [ім] больш за ўяўленьні сэрца [іхняга].

8 Яны зьдзекуюцца і гавораць зласьліва; звысака гавораць пра крыўду.

9 Да неба ўзьнімаюцца вуснамі сваімі, а язык іхні па зямлі гуляе.

10 Дык туды і народ Ягоны паварочваецца, і шчодрыя воды выліваюцца на іх.

11 І яны кажуць: «Як Бог даведаецца? І ці мае веданьне [пра гэта] Найвышэйшы?»

12 Вось, гэткія ёсьць бязбожнікі, і ў спакоі вечным зьбіраюць яны багацьці.

13 Дык ці-ж зусім надарма я захоўваў у чыстасьці сэрца маё і абмываў у нявіннасьці рукі мае,

14 і білі мяне ўвесь дзень, і каралі мяне кожную раніцу?

15 Калі б я сказаў: «Буду думаць, як яны!» — я б гэтым адрокся ад пакаленьня сыноў Тваіх.

16 І я разважаў, каб зразумець [усё] гэта, і нядоляй гэта [здавалася] ў вачах маіх,

17 аж пакуль не ўвайшоў я ў сьвятыню Божую, і тады зразумеў канец іхні.

18 Сапраўды, на коўзкім груньце Ты ставіш іх і пасылаеш на пагібель!

19 Як жа імгненна яны спустошаныя, загінулі, счэзьлі ад жаху!

20 Як сном пасьля абуджэньня, Ты, Госпадзе, збудзіўшыся, грэбуеш вобразам іхнім.

21 Бо згоркла сэрца маё і курчыліся ныркі мае,

22 я стаўся дурнем і ня ведаў нічога, і быў перад Табой, як жывёла,

23 але я быў пры Табе заўсёды! Ты трымаеш мяне за правую руку маю,

24 Ты вядзеш мяне паводле рады Тваёй, і потым возьмеш мяне ў славу [Тваю].

25 Каго ж я маю ў небе? І на зямлі апроч Цябе мне [ніхто] не даспадобы.

26 Зьнікаюць цела маё і сэрца маё, але Бог — скала сэрца майго і частка мая на вякі.

27 Бо, вось, гінуць тыя, што ад Цябе адыходзяць; Ты вынішчаеш кожнага, хто чужаложыць, [выракаючыся] Цябе.

28 А для мяне блізкасьць Бога ёсьць дабро; я зрабіў у Госпадзе маім, ГОСПАДЗЕ, прыстанішча маё, каб абвяшчаць усе справы Твае.

 

Псальм 74(73)

1 Навучаньне Асафа. Чаму Ты, Божа, нас назаўсёды адкінуў? Чаму ўзгарэўся гнеў Твой на авечак чарады Тваёй?

2 Узгадай пра грамаду Тваю, якую Ты здаўна набыў, якую бароніш, як кій спадчыны Сваёй, гару Сыён, на якой Ты жывеш!

3 Зьвярні стопы Твае да таго, што загінула назаўсёды, усё панішчыў вораг у сьвятыні.

4 Рыкаюць ненавісьнікі Твае пасярод [намёту] спатканьня Твайго; паставілі на знак [гэтага] знакі свае.

5 Яны падобны да тых, што падымаюць у гушчары лясным сякеру,

6 і цяпер усе рэзьбленыя рэчы ў [сьвятыні] бярдышамі і молатамі крышаць.

7 Яны пусьцілі з агнём сьвятыню Тваю, [кінуўшы] на зямлю, апаганілі сялібу імя Твайго.

8 Сказалі ў сэрцы сваім: «Усё зруйнуем дазваньня!»; папалілі ўсе [месцы] спатканьня з Богам на зямлі.

9 Знакаў нашых ня бачым мы болей; няма больш прарока, і нікога няма, хто б ведаў, як доўга гэта будзе.

10 Як доўга, Божа, будзе зьневажаць прыгнятальнік? Ці заўсёды вораг будзе пагарджаць імем Тваім?

11 Чаму Ты стрымліваеш руку Тваю і правіцу Тваю? Вым яе з-за пазухі Тваёй і ўдар!

12 Бог ёсьць Валадар мой заўсёды, Які збаўленьне дае на зямлі.

13 Ты моцай Тваёй разьдзяліў мора, скрышыў галовы цмокаў у водах.

14 Ты раструшчыў галаву левіятану, аддаў яго на ежу народу, што жыве ў пустыні.

15 Ты расьсек крыніцу і ручай, Ты высушыў рэкі магутныя.

16 Твой ёсьць дзень, і Твая ёсьць ноч; Ты ўмацаваў сьвятло і сонца.

17 Ты назначыў усе межы зямлі; лета і зіму — Ты іх уфармаваў.

18 Памятай пра гэта: вораг зьневажае ГОСПАДА, і народ бязглузды пагарджае імем Тваім!

19 Не аддавай хеўры [гэтай] душу туркаўкі Тваёй; не забудзь назаўсёды грамаду прыгнечаных Тваіх.

20 Узглянь на запавет Твой, бо цёмныя месцы зямлі напоўненыя сялібамі гвалту.

21 Няхай не вяртаецца ўцісьнёны асаромленым, няхай бедныя і прыгнечаныя хваляць імя Тваё!

22 Паўстань, Божа! Змагайся ў справе Тваёй! Узгадай, што бязглузды ганьбіць Цябе кожны дзень.

23 Не забудзь голас ненавісьнікаў Тваіх, гармідар тых, якія паўстаюць супраць Цябе, што ўсьцяж узьнімаецца!

 

Псальм 75(74)

1 Кіраўніку хору: на лад: “Не загубляй!”. Псальм Асафа. Сьпеў.

2 Славім мы Цябе, Божа, славім, і тыя, што блізкія да імя Твайго, абвяшчаюць цуды Твае.

3 «Калі Я прызначу [месца] спатканьня, Я буду судзіць паводле справядлівасьці.

4 Калі растапляецца зямля і ўсе, хто жыве на ёй, Я ўзважваю слупы яе. (Сэлях)

5 Я кажу да тых, якія хваляцца сабою: “Не хваліцеся!”, і да бязбожных: “Не падымайце рогі!

6 Не падымайце высока рогі свае, не прамаўляйце, дзёрзка [трымаючы] шыю!”»

7 Бо ані з усходу, ані з захаду, ані з пустыні вывышэньне,

8 але Бог ёсьць Судзьдзя, гэтага Ён паніжае, а таго вывышае.

9 Бо ў руцэ ГОСПАДА келіх з віном, якое пеніцца; ён поўны напою зьмяшанага, і Ён з яго налівае, але толькі фуз ягоны будуць піць усе бязбожнікі на зямлі.

10 А я буду апавядаць [пра гэта] вечна, буду выслаўляць Бога Якуба.

11 І ўсе рогі бязбожнікам я адсяку, і будуць узьнятыя рогі праведнага.

 

Псальм 76(75)

1 Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Псальм Асафа. Сьпеў.

2 Вядомы ў Юдэі Бог, вялікае ў Ізраілі імя Ягонае.

3 І паўстаў у Салеме схоў Ягоны, і жытло Ягонае — на Сыёне.

4 Там Ён скрышыў стрэлы луку, шчыт і меч, і вайну. (Сэлях)

5 Ты зьзяеш, Ты слаўнейшы за горы здабычы.

6 Зрабаваныя моцныя сэрцам, дрэмлюць сном сваім, і не знайшлі ўсе мужы дужыя рук сваіх.

7 Ад пагрозаў Тваіх, Божа Якуба, здрантвелі і калясьніца, і конь.

8 Ты, [толькі] Ты [напаўняеш] страхам, і хто можа ўстаяць перад абліччам Тваім у час гневу Твайго?

9 З неба Ты даеш пачуць прысуд, зямля ў страху і маўчаньні,

10 калі Бог падняўся на суд, каб збавіць усіх уцісканых на зямлі. (Сэлях)

11 Бо [нават] ярасьць чалавека будзе славіць Цябе, парэшткамі ярасьці Ты падпярэжашся.

12 Давайце і спаўняйце абяцаньні ГОСПАДУ, Богу вашаму; усе, што навакол Яго, нясіце дары Страшліваму.

13 Ён пазбаўляе духу князёў, Ён страшны для валадароў зямных.

 

Псальм 77(76)

1 Кіраўніку хору. Едутуну. Псальм Асафа.

2 Голас мой да Бога, і буду крычаць; голас мой да Бога, і Ён пачуў мяне.

3 У дзень трывогі маёй шукаю я Госпада; уначы рука мая працягнутая і не зьнемагаецца; адмаўляецца ад пацяшэньня душа мая.

4 Узгадваю пра Бога і стогну; енчу і зьнемагае дух мой. (Сэлях)

5 Ты затрымаў павекі вачэй маіх; я ўстрывожаны, і не магу гаварыць.

6 Разважаю пра дні старадаўнія, пра гады спрадвечныя.

7 Уначы ўзгадваю песьні мае, енчу ў сэрцы маім, і дапытваецца дух мой:

8 «Няўжо Госпад на вякі адкінуў мяне і ня будзе больш спагадаць?

9 Няўжо назаўсёды канец міласэрнасьці Ягонай, і вестка з пакаленьня ў пакаленьне счэзла?

10 Няўжо Бог забыўся пра літасьцівасьць Сваю і спыніў у гневе Сваім літасьць Сваю?» (Сэлях)

11 І я сказаў: «Гэта боль мой, што зьмянілася правіца Найвышэйшага.

12 Буду ўзгадваць дзеяньні ГОСПАДА; бо хачу ўзгадваць цуды Твае старадаўнія.

13 І буду разважаць пра ўсе справы Твае, і пра вялікія ўчынкі Твае буду апавядаць».

14 У сьвятасьці, Божа, шлях Твой. Які Бог гэтакі вялікі, як Бог?

15 Ты — Бог, Які цуды робіць. Ты даў спазнаць народам моц Тваю.

16 Ты бараніў рамяном Тваім народ Твой, сыноў Якуба і Язэпа. (Сэлях)

17 Убачылі Цябе воды, Божа, убачылі Цябе воды і задрыжэлі, і затрэсьліся бяздоньні.

18 Лінулі з хмараў воды; выдалі голас аблокі, і лёталі стрэлы Твае.

19 Голас грымотаў Тваіх у віхуры; маланкі сусьвет асьвятлялі; зямля трэслася і дрыжэла.

20 Праз мора ішоў шлях Твой, і сьцяжына Твая — праз воды вялікія, і сьлядоў Тваіх нельга пазнаць.

21 Ты вёў народ Твой, як авечкі, рукой Майсея і Аарона.

 

Псальм 78(77)

1 Навучаньне Асафа. Зважай, народзе мой, на закон мой, прыхіліце вушы свае да словаў вуснаў маіх!

2 Адчыню я вусны мае ў прыповесьці, буду апавядаць загадкі старадаўнія.

3 Што чулі мы і даведаліся, і што бацькі нашыя расказалі нам,

4 гэтага не схаваем ад сыноў іхніх, абвяшчаючы пакаленьню наступнаму хвалу ГОСПАДА і магутнасьць Ягоную, і цуды Ягоныя, што Ён учыніў.

5 І Ён узьняў сьведчаньне ў Якубе, і паклаў Закон у Ізраілі, пра гэта загадаў бацькам нашым, каб яны паведамілі [гэта] сынам сваім,

6 каб ведала пакаленьне наступнае, сыны, якія народзяцца, і каб яны ў свой час абвясьцілі [гэта] сынам сваім.

7 І ўскладуць на Бога надзею сваю, і не забудуцца пра дзеяньні Божыя, і прыказаньні Ягоныя будуць захоўваць,

8 і ня будуць падобныя да бацькоў сваіх, пакаленьня бунтаўнікоў і непакорных, пакаленьня, якое нетрывалае ў сэрцы сваім і дух іхні няверны Богу.

9 Сыны Эфраіма, узброеныя лукамі, павярнулі назад у дзень бітвы.

10 Яны не захавалі запавету Божага і адмовіліся хадзіць паводле Закону Ягонага.

11 І забыліся пра дзеі Ягоныя і цуды, якія Ён даў ім бачыць.

12 Перад бацькамі іхнімі ўчыніў Ён цуды ў зямлі Эгіпецкай, на полі Цаан.

13 Ён расьсек мора і перавёў іх [праз яго], і паставіў воды, як капу.

14 І вёў іх удзень воблакам, і ўсю ноч — сьвятлом вогненным.

15 Ён рашчапіў скалы ў пустыні і напаіў іх, быццам з вялікай бездані,

16 і вывеў струмяні са скалаў, і пацяклі рэкамі воды.

17 Але яны і надалей грашылі супраць Яго, бунтаваліся супраць Найвышэйшага ў сухой [зямлі].

18 Яны выпрабоўвалі Бога ў сэрцах сваіх, жадаючы спажывы для душаў сваіх.

19 І гаварылі супраць Бога, кажучы: «Хіба Бог можа прыгатаваць стол у пустыні?»

20 Вось, Ён ударыў скалу, і лінулі воды, і ручаі пацяклі. «Але ці можа Ён даць таксама хлеба і паставіць мяса для народу Свайго?»

21 І пачуў ГОСПАД, і абурыўся, і ўзгарэўся агонь на Якуба, і ўзьняўся гнеў на Ізраіля,

22 бо яны ня верылі Богу і не спадзяваліся на збаўленьне Ягонае.

23 І Ён загадаў хмарам высока, і адчыніў дзьверы неба,

24 і спаслаў дажджом ім манну, і даў ім збожжа нябеснага.

25 Хлеб дужых еў чалавек; Ён спаслаў ім ежы ўдосталь.

26 Ён рушыў вецер усходні ў небе і сілай Сваёю навёў вецер паўднёвы;

27 і спаслаў дажджом на іх мяса, быццам пыл, і птушак крылатых — як пясок каля мора.

28 І скінуў іх пасярод табару іхняга, навакол сялібаў іхніх.

29 І елі яны, і насыціліся добра, і тое, што яны жадалі, Ён даў ім.

30 Яшчэ не пазбавіліся яны жаданьня свайго, яшчэ спажыва іхняя была ў вуснах іхніх,

31 як гнеў Божы ўзьняўся на іх, і забіў тлустых іхніх, і юнакоў Ізраіля паваліў.

32 Пры ўсім гэтым яны далей грашылі і ня верылі ў цуды Ягоныя.

33 І сканчваліся ў марнасьці дні іхнія, і гады іхнія — у страху.

34 Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і вярталіся, і імкнуліся да Бога,

35 і ўзгадвалі, што Бог — скала іхняя, і Бог Найвышэйшы — Абаронца іхні.

36 І яны лісьлівілі Яму вуснамі Сваімі, і языком сваім хлусілі перад Ім,

37 і сэрца іхняе не было трывалым у Ім, і не былі яны верныя запавету Ягонаму.

38 А Ён, спагадлівы [да іх], дараваў ім беззаконьне іхняе і ня зьнішчыў іх, і неаднакроць спыняў гнеў Свой, і не абуджаў усю ярасьць Сваю,

39 бо памятаў, што яны — цела, вецер, які адыходзіць і ня вернецца.

40 Як часта яны бунтаваліся супраць Яго ў пустыні, засмучалі Яго ў [зямлі] бязьлюднай!

41 І зьвярталіся, і выпрабоўвалі Бога, і абражалі Сьвятога Ізраіля.

42 Ня памяталі яны рукі Ягонай, дня, калі Ён іх вызваліў ад прыгнёту,

43 калі знакі Свае рабіў у Эгіпце, і цуды Свае на полі Цаан.

44 І Ён перамяніў рэкі іхнія і ручаіны іхнія ў кроў, што не маглі піць,

45 спаслаў на іх мухаў, што іх кусалі, і жабаў, што іх губілі.

46 І аддаў вусеням ураджаі іхнія, а працу іхнюю — саранчы.

47 Пабіў градам вінаградныя лозы іхнія, фігавыя дрэвы іхнія — шэраньню.

48 І аддаў граду скаціну іхнюю, а статкі іхнія — маланкам.

49 І спаслаў на іх жар гневу Свайго, абурэньне, і ярасьць, і трывогі, навалу злых анёлаў.

50 Выпрастаў сьцежку гневу Свайму, не захоўваў ад сьмерці душы іхнія, і жыцьцё іхняе пошасьці аддаў.

51 І забіў усіх першародных у Эгіпце, пачаткі сілы ў намётах Хама.

52 І вывеў, як авечак, народ Свой, і вёў іх, як статак, праз пустыню.

53 І вёў іх у бясьпецы, і яны не палохаліся, а ворагаў іхніх мора накрыла.

54 І прыйшлі яны да межаў сьвятасьці Ягонай, да гары, што набыла правіца Ягоная;

55 і Ён выгнаў перад абліччам іхнім народы, і кінуў шнур, [каб падзяліць] спадчыну іхнюю, і пасяліў у намётах іхніх калены Ізраіля.

56 Але яны выпрабоўвалі Бога Найвышэйшага і бунтаваліся супраць Яго, і сьведчаньняў Ягоных не захоўвалі,

57 і яны адступаліся і здраджвалі, як і бацькі іхнія, выварочваліся, быццам той лук здрадлівы.

58 І яны злавалі Яго ўзгоркамі сваімі, і балванамі сваімі раздражнялі Яго.

59 Пачуў [гэта] Бог і абурыўся, і вельмі пагрэбаваў Ізраілем.

60 І Ён пакінуў сялібу ў Шыло, намёт, у якім жыў сярод людзей;

61 і аддаў у палон моц Сваю, і славу Сваю — у рукі прыгнятальніка.

62 І аддаў пад меч народ Свой, і на спадчыну Сваю абурыўся.

63 Юнакоў ягоных агонь зьядаў, і дзяўчаты ягоныя не былі ўшанаваныя.

64 Сьвятары ягоныя падалі ад мяча, і ўдовы ягоныя ня плакалі.

65 І быццам зо сну прачнуўся Госпад, як той волат, якога віно разьвесяліла,

66 і Ён выбіў прыгнятальнікаў дашчэнту, на вечную ганьбу аддаў іх.

67 І Ён адкінуў намёт Язэпа, і ня выбраў калена Эфраіма,

68 а выбраў калена Юды, гару Сыён, якую палюбіў.

69 І пабудаваў Ён як [пад неба] высокую сьвятыню Сваю; і як зямлю заснаваў яе на вякі.

70 І выбраў Давіда, слугу Свайго, і ўзяў яго ад абораў авечых.

71 Ад котных авечак забраў яго, каб пасьвіў Якуба, народ Ягоны, і Ізраіля, спадчыну Ягоную.

72 І ён пасьвіў іх у беззаганнасьці сэрца свайго, і ў разважлівасьці рук сваіх вадзіў іх.

 

Псальм 79(78)

1 Псальм Асафа. Божа, пагане ўвайшлі ў спадчыну Тваю, апаганілі сьвятыню Тваю сьвятую, Ерусалім ператварылі ў купу друзу.

2 Трупы слугаў Тваіх аддалі на ежу птушкам нябесным, целы багабойных Тваіх — зьвярам зямным.

3 Вылілі кроў іхнюю, як ваду, вакол Ерусаліму, і не было каму іх хаваць.

4 Мы сталіся на ганьбаваньне для суседзяў нашых, на кпіны і насьмешкі для тых, што навокал нас.

5 Як доўга, ГОСПАДЗЕ? Ці будзеш гневацца заўсёды? Ці як агонь будзе палаць рэўнасьць Твая?

6 Вылі ярасьць Тваю на народы, якія ня ведаюць Цябе, і на валадарствы, якія імя Твайго ня клічуць,

7 бо зжэрлі Якуба і жытло ягонае спустошылі.

8 Ня ўзгадвай нам беззаконьняў ранейшых; няхай чым хутчэй сустрэне нас літасьць Твая, бо вельмі мы зьнемагліся.

9 Дапамажы нам, Божа збаўленьня нашага, дзеля славы імя Твайго; выратуй нас і даруй грахі нашыя дзеля імя Твайго!

10 Навошта казаць паганам: «Дзе Бог іхні?» Няхай на паганах, у нас на вачах, вядомай станецца помста за кроў слугаў Тваіх, што праліта!

11 Няхай дойдуць перад аблічча Тваё стогны вязьняў! Паводле вялікасьці рамяна Твайго пакінь [пры жыцьці] сыноў, сказаных на сьмерць.

12 І нашым суседзям вярні сямікротна ў грудзі іхнія зьнявагу іхнюю, якой яны, Госпадзе, Цябе зьневажалі!

13 А мы, народ Твой і авечкі чарады Тваёй, будзем славіць Цябе вечна і з пакаленьня ў пакаленьне будзем абвяшчаць хвалу Тваю.

 

Псальм 80(79)

1 Кіраўніку хору: на лад: “Лілея сьведчаньня”. Псальм Асафа.

2 Пастыру Ізраіля, прыхілі вуха! Ты, Які, як авечкі, водзіш Язэпа, Які на херувімах сядаеш, зазьзяй!

3 Перад абліччам Эфраіма, і Бэн’яміна, і Манасы абудзі магутнасьць Тваю і прыйдзі збавіць нас!

4 Божа, вярні нас назад. Асьвяці нас абліччам Тваім, і будзем збаўленыя!

5 ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, дакуль Ты будзеш у гневе пры малітве народу Твайго?

6 Ты накарміў іх хлебам сьлёзаў і шчодра сьлязьмі напаіў іх.

7 Ты паставіў нас як [костку] нязгоды дзеля суседзяў нашых, і ворагі нашыя кпяць з нас.

8 Божа Магуцьцяў, вярні нас назад. Асьвяці нас абліччам Тваім, і будзем збаўленыя!

9 Ты вінаградную лазу вынес з Эгіпту, выгнаў народы і яе пасадзіў.

10 Ты расчысьціў [месца] перад абліччам яе, і ўкараніў карані ейныя, і яна напоўніла зямлю.

11 Горы пакрыліся ценем яе, і вецьце яе — як кедры Божыя.

12 Яна пусьціла галіны свае аж да мора, і парасткі свае — да ракі.

13 Чаму Ты раскідаў агароджу ейную, і кожны, хто ідзе дарогаю, абрывае яе?

14 Дзік лясны падкопвае яе, і зьвер палявы пасьвіцца ў ёй.

15 Божа Магуцьцяў, павярніся [да нас], зірні з неба, і паглядзі, і наведай вінаградную лазу гэтую!

16 Захавай тое, што правіца Твая пасадзіла, і парасткі, якія Ты для Сябе ўмацаваў.

17 Яны спалены агнём і пасечаны, і гінуць ад гневу аблічча Твайго.

18 Няхай рука Твая будзе над мужам правіцы Тваёй, над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў для Сябе!

19 А мы не адступімся ад Цябе; ажыві нас, і мы будзем клікаць імя Тваё.

20 ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, вярні нас назад. Асьвяці нас абліччам Тваім, і будзем збаўленыя!

 

Псальм 81(80)

1 Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Асафа.

2 Весяліцеся перад Богам моцы нашай; радасна гукайце Богу Якуба!

3 Пачніце сьпяваньне, вазьміце бубны, гусьлі мілагучныя і псалтыр.

4 Дзьміце ў трубу ў маладзік, у поўню, у дзень сьвята нашага,

5 бо гэткая пастанова ў Ізраілі, закон Бога Якубавага.

6 Ён паставіў гэта на сьведчаньне для Язэпа, калі выводзіў з зямлі Эгіпецкай, і мы пачулі мову, якой ня ведалі:

7 «Я прыбраў цяжар з плячэй ягоных, рукі ягоныя вольныя ад кашоў.

8 У бядзе ты паклікаў Мяне, і Я выратаваў цябе; адказаў табе з-за заслоны грымотаў, выспрабаваў цябе пры водах Мэрывы. (Сэлях)

9 Слухай, народзе Мой! Я буду сьведчыць супраць цябе, Ізраіль. Каб ты паслухаў Мяне,

10 і не было ў цябе бога чужога, і не пакланяўся ты богу чужынцаў!

11 Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай! Расчыні шырока вусны твае, і Я напоўню іх.

12 Але народ Мой не паслухаў голасу Майго, і Ізраіль ня быў паслухмяны Мне.

13 Дык Я пакінуў іх у закамянеласьці сэрца іхняга, і яны хадзілі паводле намераў сваіх.

14 О, калі б народ Мой паслухаў Мяне, калі б Ізраіль хадзіў шляхамі Маімі,

15 Я б неўзабаве ўпакорыў ворагаў іхніх, і супраць прыгнятальнікаў іхніх павярнулася б рука Мая.

16 Тыя, што ГОСПАДА ненавідзяць, падпарадкаваліся б ім, а шчасьце іхняе трывала б на вякі.

17 І Я карміў бы іх з тлустасьці пшаніцы, мёдам са скалы насычаў бы іх».

 

Псальм 82(81)

1 Псальм Асафа. Бог стаіць на сходзе багоў, сярод багоў Ён судзіць:

2 «Дакуль будзеце судзіць беззаконна і ўздымаць абліччы бязбожнікаў? (Сэлях)

3 Судзіце беднага і сірату; убогага і бедака апраўдайце.

4 Ратуйце беднага і гаротнага, з рукі бязбожнікаў вызваляйце!»

5 Нічога ня ведаюць і не разумеюць, і ў цемры ходзяць; і захісталіся ўсе падваліны зямлі!

6 Я сказаў: «Вы — богі, усе вы — сыны Найвышэйшага,

7 аднак, вы памрацё, як людзі, упадзеце, як адзін з князёў».

8 Паўстань, Божа, судзі зямлю, бо Ты возьмеш у спадчыну ўсе народы.

 

Псальм 83(82)

1 Сьпеў. Псальм Асафа.

2 Божа! Не маўчы, і ня будзь у маўчаньні і ў супакоі, Божа!

3 Бо вось, узварухнуліся ворагі Твае, і ненавісьнікі Твае паднялі галаву.

4 Супраць народу Твайго яны кнуюць [намеры] таемныя і радзяцца супраць тых, каго Ты ахоўваеш.

5 Яны сказалі: «Хадзіце і сатрэм іх між народамі, і імя Ізраіля ня будзе ўзгадвацца болей».

6 Бо радзіліся яны аднадумна, супраць Цябе заключылі запавет

7 намёты Эдому і Ізмаэльцы, Мааў і Агаране,

8 Геваль і Амон, і Амалек, Філістынцы і жыхары Тыру.

9 І Асур далучыўся да іх, стаўся ён рамяном для сыноў Лота. (Сэлях)

10 Зрабі ж Ты ім як Мадыяну, як Сісэры, як Явіну каля ручая Кішон,

11 якія зьнішчаныя каля Эндору, сталіся як гной на зямлі.

12 Учыні з імі, з магнатамі іхнімі як з Арэвам і Зэвам, і з усімі князямі іхнімі, як з Зэвахам і Сальмунам,

13 якія казалі: «Возьмем сабе ў спадчыну сялібы Божыя!»

14 Божа мой! Зрабі іх як [пыл у] віхуры, як салому пад ветрам!

15 Як агонь паліць лясы і як полымя апальвае горы,

16 гэтак Ты перасьледуй іх бурай Тваёю і віхурай Тваёй напалохай!

17 Напоўні сорамам абліччы іхнія, і будуць шукаць імя Тваё, ГОСПАДЗЕ.

18 Няхай будуць асаромленыя і спалоханыя навечна, няхай будуць у сораме і загінуць,

19 і даведаюцца, што імя Тваё — ГОСПАД, і толькі Ты — Найвышэйшы над усёй зямлёю.

 

Псальм 84(83)

1 Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Сыноў Караха. Псальм.

2 Як умілаваныя сялібы Твае, ГОСПАД Магуцьцяў!

3 Прагне і тужыць душа мая па панадворках ГОСПАДА; сэрца маё і цела маё весяляцца ў Богу Жывым.

4 Нават птушка адшукала дом, ластаўка — гняздо для сябе, дзе птушанятак сваіх укладае: каля ахвярнікаў Тваіх, ГОСПАД Магуцьцяў, Валадар мой і Бог мой!

5 Шчасьлівыя тыя, што жывуць у Доме Тваім, заўсёды яны [ўзносяць] хвалу Табе. (Сэлях)

6 Шчасьлівы чалавек, сіла якога ў Табе, і ў сэрцы якога дарога [да Цябе]!

7 Праходзячы далінаю дрэваў бальзамовых, яны адкрываюць крыніцы, і дождж раньні пакрывае яе дабраслаўленьнем.

8 Ідуць яны ад сілы да сілы, і прыходзяць да Бога на Сыён.

9 ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, пачуй малітву маю! Прыхілі вуха, Божа Якуба! (Сэлях)

10 Божа, шчыце наш! Зірні і паглядзі на аблічча памазанца Твайго!

11 Бо [адзін] дзень на панадворку Тваім лепшы за тысячу [іншых]; я выбіраю стаяць каля парога ў Доме Божым, чым жыць у намётах беззаконьня.

12 Бо ГОСПАД Бог ёсьць сонца і шчыт; ГОСПАД дае ласку і славу, і не адмовіць дабра аніякага тым, якія ў беззаганнасьці ходзяць.

13 ГОСПАД Магуцьцяў! Шчасьлівы чалавек, які на Цябе спадзяецца!

 

Псальм 85(84)

1 Кіраўніку хору. Сыноў Караха. Псальм.

2 Ты зьявіў ласку, ГОСПАДЗЕ, для зямлі Тваёй, Ты вярнуў палон Якуба.

3 Ты дараваў віну народу Твайго, Ты пакрыў усе грахі іхнія. (Сэлях)

4 Ты стрымаў усю лютасьць Тваю, адвярнуў жар гневу Твайго.

5 Вярні нас, Божа збаўленьня нашага, і спыні абурэньне Тваё на нас.

6 Няўжо вечна будзеш гневацца на нас і гнеў Твой працягнеш з пакаленьня ў пакаленьне?

7 Няўжо не павернешся, каб ажывіць нас, каб народ Твой узрадаваўся ў Табе?

8 Дай нам убачыць, ГОСПАДЗЕ, міласэрнасьць Тваю, і збаўленьне Тваё дай нам!

9 Паслухаю, што кажа Бог ГОСПАД, бо Ён кажа пра супакой для народу Свайго і для багабойных Сваіх, і няхай не зьвяртаюцца яны да глупоты. (Сэлях)

10 Вось, блізка збаўленьне Ягонае для тых, што баяцца Яго, каб слава [Божая] пасялілася на зямлі нашай.

11 Міласэрнасьць і праўда сустрэнуцца, праведнасьць і супакой пацалуюцца.

12 Праўда ўзыйдзе з зямлі, і праведнасьць з неба глядзець будзе.

13 І ГОСПАД дасьць даброцьце, і зямля наша дасьць ураджай свой.

14 Праведнасьць будзе ісьці перад абліччам Яго і будзе стаяць на шляху крокаў Ягоных.

 

Псальм 86(85)

1 Малітва Давіда. Прыхілі, ГОСПАДЗЕ, вуха Тваё, адкажы мне, бо я — бедны і прыгнечаны.

2 Захавай душу маю, бо я — багабойны. Збаў Ты, Божа, слугу Твайго, які на Цябе спадзяецца.

3 Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, бо я клічу да Цябе ўвесь дзень.

4 Узрадуй душу слугі Твайго, бо да Цябе, Госпадзе, я душу маю ўзьнімаю.

5 Бо Ты, Госпадзе, — добры і літасьцівы, і вельмі міласэрны для ўсіх, што Цябе клічуць.

6 Прыхілі вуха, ГОСПАДЗЕ, на малітву маю і выслухай голас маленьня майго!

7 У дзень тугі маёй я клічу Цябе, бо Ты адкажаш мне.

8 Няма між багамі падобнага да Цябе, Госпадзе, і няма такіх чынаў, як Твае.

9 Усе народы, якія Ты стварыў, прыйдуць і паклоняцца перад абліччам Тваім, Госпадзе, і будуць ушаноўваць імя Тваё.

10 Бо Ты — вялікі і робіш цуды, Ты — Бог, толькі Ты адзін.

11 Навучы мяне, ГОСПАДЗЕ, шляху Твайму, каб хадзіў я ў праўдзе Тваёй; зьяднай сэрца маё, каб баялася імя Твайго.

12 Буду славіць Цябе, Госпадзе, Божа мой, усім сэрцам маім, і буду ўшаноўваць імя Тваё на вякі.

13 Бо міласэрнасьць Твая нада мною вялікая, і Ты выратаваў душу маю з глыбіні пекла.

14 Божа, пыхлівы паўстаў супраць мяне, і грамада моцных шукае душу маю, і на Цябе не зважаюць яны.

15 Але Ты, Госпадзе, — Бог спагадлівы і літасьцівы, павольны да гневу і багаты на міласэрнасьць і праўду.

16 Павярніся да мяне і зьлітуйся нада мною; дай сілу Тваю слузе Твайму і збаў сына служкі Тваёй!

17 Учыні Ты для мяне знак добрасьці Тваёй, і ўгледзяць гэта тыя, што ненавідзяць мяне, і будуць асаромленыя, бо Ты, ГОСПАДЗЕ, мне дапамог і пацешыў мяне.

 

Псальм 87(86)

1 Сыноў Караха. Псальм. Сьпеў. Угрунтаваньне ягонае на гарах сьвятых.

2 Любіць ГОСПАД брамы Сыёну больш за ўсе іншыя сялібы Якуба.

3 Слаўныя [рэчы] сказаныя пра цябе, горад Божы! (Сэлях)

4 Узгадаю пра Рагаў і Бабілон перад тымі, што ведаюць мяне. Вось, Філістына і Тыр разам з Кушам [скажуць]: «Гэты нарадзіўся там».

5 А пра Сыён будуць казаць: «Той чалавек і той чалавек нарадзіўся ў ім, і Найвышэйшы ўзмацняе яго».

6 ГОСПАД палічыць, запісваючы народы: «Гэты нарадзіўся там». (Сэлях)

7 І тыя, што сьпяваюць, і тыя, што таньчаць, [скажуць]: «Усе крыніцы мае ў Табе!»

 

Псальм 88(87)

1 Сьпеў. Псальм сыноў Караха. Кіраўніку хору: на лад сумны, суцішаны. Навучаньне Гэмана Эзрахі.

2 ГОСПАДЗЕ, Божа збаўленьня майго! Удзень я крычу, і ўначы я перад Табою!

3 Няхай прыйдзе перад аблічча Тваё малітва мая; прыхілі вуха Тваё да галашэньня майго.

4 Бо перасычана ліхоцьцем душа мая, і жыцьцё маё дакранаецца да пекла.

5 Я залічаны да тых, што зыходзяць у магілу; я стаўся, як чалавек, які сілы ня мае.

6 Сярод памёршых, свабодны, падобны да забітых, што ляжаць у магіле, якіх Ты ўжо ня ўзгадваеш, і адсечаны яны ад рукі Тваёй.

7 Ты кінуў мяне ў яму найглыбейшую, у месца цёмнае, у глыбіню.

8 Націснула на мяне ярасьць Твая, і ўсімі хвалямі Тваімі прыціснуў Ты мяне. (Сэлях)

9 Ты аддаліў ад мяне знаёмых маіх, Ты зрабіў мяне агідным для іх; я зьвязаны і выйсьці не магу.

10 Самлела вока маё ад пакутаў; кожны дзень я клічу Цябе, ГОСПАДЗЕ, і выцягваю да Цябе рукі мае.

11 Ці Ты зробіш цуд для памёршых? Ці нябожчыкі паўстануць і будуць славіць Цябе? (Сэлях)

12 Ці будзе абвешчана ў магіле міласэрнасьць Твая, і вернасьць Твая — у [месцы] загубы?

13 Ці ў цемры даведаюцца пра цуды Твае, і пра праведнасьць Тваю — у зямлі забыцьця?

14 Але я галашу да Цябе, ГОСПАДЗЕ, і раніцаю малітва мая сустракае Цябе.

15 Дзеля чаго, ГОСПАДЗЕ, Ты пакінуў душу маю, хаваеш аблічча Тваё ад мяне?

16 З маленства я прыгнечаны і паміраю; пераносячы жахі Твае, я зьнямогся.

17 Нада мною прайшоў жар [гневу] Твайго, пагрозы Твае вынішчаюць мяне,

18 атачаюць мяне, як вада, кожны дзень, абступаюць мяне разам.

19 Ты аддаліў ад мяне тых, што любяць [мяне], і бліжніх, знаёмыя мае — у цемры.

 

Псальм 89(88)

1 Навучаньне Этана Эзрахі.

2 Пра міласэрнасьць ГОСПАДА буду сьпяваць вечна; з пакаленьня ў пакаленьне буду апавядаць пра вернасьць Тваю вуснамі маімі.

3 Бо я сказаў: «Навечна збудаваная міласэрнасьць, на нябёсах Ты ўгрунтаваў вернасьць Тваю».

4 «Я заключыў запавет Мой з выбранцам Маім, прысягнуў Давіду, слузе Майму:

5 “На вякі ўгрунтую насеньне тваё, збудую пасад твой з пакаленьня ў пакаленьне”». (Сэлях)

6 І нябёсы славяць цуды Твае, ГОСПАДЗЕ, і вернасьць Тваю — у царкве сьвятых.

7 Бо хто параўнаецца ў аблоках з ГОСПАДАМ? Хто падобны да ГОСПАДА сярод сыноў Божых?

8 Бог гэтак страшлівы на нарадзе сьвятых, і страшны для ўсіх, што вакол Яго.

9 ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, хто гэтакі моцны, як Ты, ГОСПАДЗЕ? І вернасьць Твая навакол Цябе.

10 Ты пануеш над узьнёсласьцю мора, і калі хвалі ўздымаюцца, Ты іх сьцішаеш.

11 Ты скрышыў Рагава, быццам параненага; рамяном моцы Тваёй Ты раскідаў ворагаў Тваіх.

12 Тваё ёсьць неба, і Твая — зямля; сусьвет і ўсё, што ў ім, Ты заснаваў.

13 Поўнач і поўдзень — Ты іх стварыў; Табор і Гермон радуюцца дзеля імя Твайго.

14 Рамяно Тваё магутнае; рука Твая дужая, узьнятая правіца Твая.

15 Праведнасьць і суд — падставы пасаду Твайго; міласэрнасьць і праўда ідуць перад абліччам Тваім.

16 Шчасьлівы народ, які ведае трубны голас Твой. ГОСПАДЗЕ, яны ходзяць у сьвятле аблічча Твайго!

17 У іменьні Тваім будуць радавацца яны ўвесь дзень, і праведнасьцю Тваёй будуць узвышаны.

18 Бо Ты — краса сілы іхняй, і праз ласку Тваю ўзьняты рог наш.

19 Бо ад ГОСПАДА шчыт наш, і ад Сьвятога Ізраіля валадар наш.

20 Тады, гаворачы ў відзежы да багабойнага Твайго, Ты сказаў: «Я даў успамогу волату, узвысіў юнака з народу.

21 Знайшоў Я Давіда, слугу Майго, сьвятым алеем Маім памазаў яго.

22 Рука Мая ўмацуе яго, і рамяно Маё ўзмоцніць яго.

23 Не пераможа вораг яго, і сын беззаконьня не асіліць яго.

24 І Я скрышу перад абліччам ягоным тых, што прыгнятаюць яго, а тых, што ненавідзяць яго, павалю.

25 І будзе вернасьць Мая і міласэрнасьць Мая з ім, і ў імя Маё ўзьнясецца рог ягоны.

26 І Я палажу руку ягоную на мора, а правіцу ягоную — на рэкі.

27 Ён будзе клікаць Мяне: “Ты — Айцец Мой, Ты — Бог мой і скала збаўленьня майго!”

28 Я зраблю яго першародным, найвышэйшым між валадароў зямлі.

29 На вякі захоўваючы, захаваю для яго міласэрнасьць Маю, і запавет Мой з ім будзе верным.

30 І Я зраблю, што насеньне ягонае будзе трываць вечна, і пасад ягоны — як дні нябёсаў.

31 Калі сыны ягоныя пакінуць Закон Мой і ня будуць хадзіць паводле судоў Маіх,

32 калі парушаць пастановы Мае і прыказаньняў Маіх ня будуць захоўваць,

33 Я наведаю правіны іхнія з кіем, і беззаконьні іхнія — з пакараньнямі,

34 але міласэрнасьці Маёй не забяру ў яго, і вернасьці Маёй ня здраджу.

35 Не парушу Я запавету Майго і таго, што выйшла з вуснаў Маіх, не зьмяню.

36 Я пакляўся [адзін] раз у сьвятасьці Маёй, што не схлушу Давіду.

37 Насеньне ягонае будзе на вякі, і пасад ягоны — як сонца перада Мною.

38 Як месяц будзе ўмацаваны ён на вякі, а сьведка ў небе — верны». (Сэлях)

39 Але Ты пакінуў і пагрэбаваў, адвярнуўся ад памазанца Твайго!

40 Ты пагардзіў запаветам са слугою Тваім, кінуў на зямлю дыядэму ягоную.

41 Ты збурыў усе загарадкі ягоныя, прывёў загубу ў замкі ягоныя.

42 Усе, што праходзілі дарогаю, рабавалі яго; ён стаўся ганьбаю для суседзяў сваіх.

43 Ты ўзьняў правіцы тых, якія перасьледавалі яго, і ўзрадаваў усіх ворагаў ягоных.

44 Ты назад павярнуў джала мяча ягонага і ня даў перамогі ў вайне,

45 Ты прыбраў бляск ягоны і пасад ягоны паваліў на зямлю.

46 Ты скараціў дні маладосьці ягонай, ганьбай пакрыў яго. (Сэлях)

47 Як доўга, ГОСПАДЗЕ? Ці назаўсёды Ты будзеш хавацца? Ці будзе палаць, як агонь, ярасьць Твая?

48 Узгадай, які век мой, якой марнасьцю Ты стварыў усіх сыноў чалавечых!

49 Хто з людзей можа жыць і ня ўгледзіць сьмерці? Хто выбавіць душу сваю з рукі пекла? (Сэлях)

50 Дзе, Госпадзе, даўнейшая міласэрнасьць Твая, як Ты прысягаў Давіду ў вернасьці Тваёй!

51 Узгадай, Госпадзе, ганьбу слугаў Тваіх, што ў нутры я нашу ад усіх народаў шматлікіх,

52 якою зьневажаюць ворагі Твае, ГОСПАДЗЕ, якой зьневажаюць сьляды памазанца Твайго!

53 Няхай будзе дабраслаўлёны ГОСПАД на вякі. Амэн! Амэн!

 

КНІГА ЧАЦЬВЁРТАЯ

 

Псальм 90(89)

1 Малітва Майсея, мужа Божага. Госпадзе, Ты быў для нас сялібаю з пакаленьня ў пакаленьне!

2 Перш, чым горы нарадзіліся, і Ты даў кшталт зямлі і сусьвету, ад веку і на вякі Ты ёсьць Бог.

3 Ты вяртаеш у друз чалавека і кажаш: «Вярніцеся, сыны Адама!»

4 Бо тысяча гадоў перад вачыма Тваімі — як учорашні дзень, што мінуў, і варта начная.

5 Ты іх зносіш [разводзьдзем]; яны — як сон і як трава, якая раніцаю зелянее.

6 Раніцаю квітнее яна і зелянее, а ўвечары зрэжуць яе, і яна сохне.

7 Бо мы зьнікаем ад гневу Твайго, ад ярасьці Тваёй мы спалоханыя.

8 Ты паклаў беззаконьні нашыя перад Сабою, нашыя схаваныя [грахі] — перад сьветласьцю аблічча Твайго.

9 Бо ўсе дні нашыя прападаюць ад абурэньня Твайго, гады нашы сканчваюцца, быццам той уздых.

10 Дзён гадоў нашых — гадоў семдзясят, а як пры сіле — гадоў восемдзясят; і найлепшае ў іх — гарапашнасьць і ліхоцьце, бо прамінаюць яны шпарка, і мы адлятаем.

11 Хто ведае моц гневу Твайго і абурэньне Тваё, што як страх перад Табою?

12 Лічыць дні нашыя навучы Ты нас, каб прыдбаць нам мудрае сэрца.

13 Павярніся, ГОСПАДЗЕ! Дакуль Ты? Пашкадуй слугаў Тваіх!

14 Насыць нас раніцаю міласэрнасьцю Тваёй, каб мы весяліліся і радаваліся ў-ва ўсе дні нашыя.

15 Узрадуй Ты нас паводле дзён, у якія Ты прыгнятаў нас, і паводле гадоў, у якія мы бачылі ліхое.

16 Няхай зьявіцца над слугамі Тваімі справа Твая, і веліч Твая — над сынамі іхнімі.

17 Няхай хараство Госпада, Бога нашага, будзе над намі і ўмацуе справы рук нашых. Умацуй Ты справы рук нашых!

 

Псальм 91(90)

1 Той, які жыве пад заслонай Найвышэйшага і пад ценем Усемагутнага,

2 кажа да ГОСПАДА: «Ты — прыстанішча маё і цьвярдыня мая, Бог мой, на Якога я спадзяюся».

3 Бо Ён выратуе цябе ад пасткі птушкалова, ад пошасьці сьмяротнай.

4 Пер’ем Сваім закрые цябе, і пад крыламі Ягонымі будзеш мець надзею; праўда Ягоная — шчыт і заслона.

5 Не спалохаешся страху ўначы, ані стралы, якая ўдзень ляціць,

6 ані пошасьці, якая ў цемры прыходзіць, ані заразы, якая сярод белага дня пустошыць.

7 Тысяча побач з табой упадзе і дзесяць тысячаў праваруч ад цябе, а да цябе яна не падыйдзе.

8 Толькі вачыма тваімі глядзець будзеш і ўбачыш з бязбожнымі расплату.

9 За тое, што ты ГОСПАДА, прыбежышча сваё, і Найвышэйшага выбраў за сялібу сабе,

10 не спаткае цябе злое, і пакараньне не наблізіцца да намёту твайго.

11 Бо Ён анёлам Сваім загадае пра цябе, каб захоўвалі цябе на ўсіх шляхах тваіх.

12 На руках панясуць цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою тваёю.

13 Па ільвах і гадзюках хадзіць будзеш, львянятаў і цмокаў патопчаш.

14 «За тое, што ён Мяне ўзьлюбіў, збаўлю яго; узвышу яго, бо імя Маё ведае.

15 Будзе клікаць Мяне, і Я адкажу яму; у бядзе Я буду з ім, выратую яго і ўшаную яго.

16 Доўгімі днямі насычу яго і дам убачыць збаўленьне Маё».

 

Псальм 92(91)

1 Псальм. Сьпеў на дзень суботы.

2 Добра славіць ГОСПАДА і выслаўляць імя Тваё, Найвышэйшы!

3 Апавядаць раніцаю міласэрнасьць Тваю, і вернасьць Тваю — уначы,

4 на дзесяціструнным псалтыры і на гусьлях граючы.

5 Бо Ты ўзьвесяліў мяне, ГОСПАДЗЕ, справамі Тваімі, творам рук Тваіх буду радавацца.

6 Якія вялікія ўчынкі Твае, ГОСПАДЗЕ; вельмі глыбокія думкі Твае.

7 Чалавек бязглузды ня будзе ведаць, і дурань не зразумее гэтага.

8 Калі бязбожнікі зелянеюць, як трава, і ўсе ліхадзеі квітнеюць, няхай будуць яны зьнішчаны на вякі!

9 А Ты, ГОСПАДЗЕ, узвышаны на вякі!

10 Бо вось ворагі Твае, ГОСПАДЗЕ, бо вось ворагі Твае загінуць, і будуць расьцярушаныя ўсе ліхадзеі.

11 І Ты ўзнясеш рог мой, як у аднарога, я буду памазаны сьвежым алеем.

12 Будуць глядзець вочы мае на ворагаў маіх, і пра злачынцаў, якія паўсталі супраць мяне, пачуюць вушы мае.

13 Праведнік быццам пальма зелянее, ён расьце, як той кедр на Лібане.

14 Насаджаныя ў Доме ГОСПАДА зелянеюць на пана­дворках Бога нашага.

15 Яны плод свой даюць і ў старасьці, яны сакавітыя і сьвежыя,

16 каб абвяшчаць, што ГОСПАД справядлівы, Скала мая, і няма ў Ім беззаконьня.

 

Псальм 93(92)

1 ГОСПАД валадарыць, апрануўся ў веліч, апрануўся ГОСПАД у моц і падперазаўся. Ён сусьвет умацаваў, што не захістаецца.

2 Умацаваны пасад Твой спрадвеку; і Ты — спакон вякоў!

3 Узьнімаюць рэкі, ГОСПАДЗЕ, узьнімаюць рэкі голас свой, узьнімаюць рэкі хвалі свае.

4 Слаўнейшы за голас водаў вялікіх, за хвалі марскія — слаўны на вышынях ГОСПАД.

5 Сьведчаньні Твае вельмі верныя; сьвятасьць аздабляе Дом Твой, ГОСПАДЗЕ, на вечныя дні!

 

Псальм 94(93)

1 Божа помсты, ГОСПАДЗЕ, Божа помсты, зазьзяй!

2 Узьніміся, Судзьдзя зямлі, аднагародзь пыхліўцам за тое, што зрабілі яны!

3 Дакуль бязбожнікі, ГОС­ПАДЗЕ, дакуль бязбожнікі будуць радавацца?

4 [Дакуль] будуць плявузгаць, прамаўляць дзёрзка? [Дакуль] будуць гаварыць усе злачынцы?

5 Яны крышаць народ Твой, ГОСПАДЗЕ, прыціскаюць спадчыну Тваю.

6 Удоваў і прыхадняў мардуюць і сіротаў забіваюць,

7 і кажуць: «Ня ўбачыць гэтага ГОСПАД, і не даведаецца Бог Якуба!»

8 Зразумейце, бязглуздыя з народу! І калі, бязглуздыя, паразумнееце?

9 Ці ж Той, Які вуха стварыў, не пачуе? Ці ж Той, Які вока ўфармаваў, ня ўбачыць?

10 Ці ж Той, Які навучае народы, ня будзе караць, Той, Які вучыць чалавека ведам?

11 ГОСПАД ведае думкі чалавечыя, што яны — марнасьць.

12 Шчасьлівы чалавек, якога Ты, ГОСПАДЗЕ, навучаеш і вучыш яго Закону Твайму,

13 каб быў ён у супакоі ў дні ліхія, пакуль выкапаны будзе дол для бязбожніка.

14 Бо не адкіне ГОСПАД народ Свой, і спадчыну Сваю не пакіне.

15 Бо вернецца суд да праведнасьці, і пойдуць за ім усе правыя сэрцам.

16 Хто за мяне супраць злачынцаў паўстане? Хто заступіцца за мяне супраць тых, што робяць злачынства?

17 Калі б ГОСПАД ня быў успамогай мне, хутка душа мая пасялілася б у [месцы] маўчаньня.

18 Калі я сказаў: «Хістаецца нага мая!», міласэрнасьць Твая, ГОСПАДЗЕ, умацавала мяне.

19 Калі мноства цяжкіх думак у нутры маім, пацяшэньні Твае падбадзёрваюць душу маю.

20 Ці ж можа таварышаваць з Табою пасад загубы, які чыніць ліхоцьце супраць пастановы [Тваёй]?

21 Яны зьбіраюцца супраць душы праведніка і кроў нявінную асуджаюць.

22 Але ГОСПАД стаўся ўмацаваным замкам для мяне, і Бог мой — скалой прыстанішча майго.

23 І зьверне Ён на іх злачынства іхняе, і ў ліхоце іхняй вынішчыць іх; вынішчыць іх ГОСПАД, Бог наш.

 

Псальм 95(94)

1 Хадземце, будзем радавацца ў ГОСПАДЗЕ, усклікаць Скале збаўленьня нашага!

2 Станьма перад абліччам Ягоным з падзякаю, гімны ўсклікайма Яму!

3 Бо ГОСПАД ёсьць Бог вялікі і Валадар вялікі над усімі багамі.

4 У руцэ Ягонай глыбіні зямлі, і Ягоныя вяршыні найвышэйшыя гор.

5 Ягонае мора, бо Ён яго ўчыніў, і сухазем’е рукі Ягоныя ўкшталтавалі.

6 Прыйдзіце, паклонімся і ўпадзем, укленчым перад абліччам ГОСПАДА, Творцы нашага!

7 Бо Ён — Бог наш, а мы — народ чарады Ягонай і авечкі рукі Ягонай. Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны:

8 «Не рабіце цьвёрдымі сэрцы вашыя, як у Мэрыве, як у дзень выпрабаваньня ў пустыні,

9 дзе бацькі вашыя выпрабоўвалі Мяне, спакушалі Мяне, хоць і бачылі справы Мае!

10 Сорак гадоў Я брыдзіўся пакаленьнем гэтым, і Я сказаў: “Яны — народ, што блукаецца сэрцам, і яны не спазналі шляхоў Маіх”.

11 Дык Я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у супачынак Мой».

 

Псальм 96(95)

1 Сьпявайце ГОСПАДУ новы сьпеў, сьпявайце ГОСПАДУ, уся зямля!

2 Сьпявайце ГОСПАДУ, дабраслаўляйце імя Ягонае! З дня на дзень дабравесьціце пра збаўленьне Ягонае!

3 Абвяшчайце між народамі славу Ягоную, між усімі людзьмі — цуды Ягоныя.

4 Бо вялікі ГОСПАД і годны [ўсялякай] хвалы, годны страху больш за ўсіх багоў!

5 Бо ўсе богі народаў — ідалы, а ГОСПАД нябёсы стварыў.

6 Годнасьць і велічнасьць перад абліччам Ягоным, моц і краса — у сьвятыні Ягонай.

7 Аддайце ГОСПАДУ, плямёны народаў, аддайце ГОСПАДУ славу і моц!

8 Аддайце ГОСПАДУ славу імя Ягонага, нясіце дары і ідзіце ў панадворкі Ягоныя.

9 Пакланіцеся ГОСПАДУ ў велічы сьвятыні; дрыжыце перад абліччам Яго, усе землі!

10 Скажыце народам: «ГОСПАД валадарыць! Ён сусьвет умацаваў, каб не пахіснуўся. І Ён будзе судзіць народы паводле справядлівасьці».

11 Няхай узьвесяляцца нябёсы і ўзрадуецца зямля; няхай мора гудзе, і ўсё, што ў ім.

12 Няхай усьцешыцца поле і ўсё, што на ім; і будуць усклікаць тады ўсе дрэвы лясныя

13 перад абліччам ГОСПАДА, бо Ён ідзе, бо Ён ідзе судзіць зямлю. Судзіць Ён будзе сусьвет паводле праведнасьці і народы — паводле вернасьці Сваёй.

 

Псальм 97(96)

1 ГОСПАД валадарыць! Няхай радуецца зямля, няхай весяліцца мноства астравоў!

2 Хмары і імгла навакол Яго; праведнасьць і суд — падставы пасаду Ягонага.

3 Агонь ідзе перад абліччам Ягоным і паліць наўкола супраціўнікаў Ягоных.

4 Маланкі Ягоныя сусьвет асьвятляюць; бачыць гэта зямля і дрыжыць.

5 Горы топяцца, быццам воск, ад аблічча ГОСПАДА, ад аблічча Госпада ўсёй зямлі.

6 Апавядаюць нябёсы праведнасьць Ягоную, і ўсе народы бачаць славу Ягоную.

7 Асаромяцца ўсе, што балванам служаць, што ідаламі сваімі хваляцца. Пакланіцеся Яму, усе богі!

8 Чуе гэта Сыён і весяліцца, і радуюцца дочкі Юды дзеля судоў Тваіх, ГОСПАДЗЕ!

9 Бо Ты, ГОСПАДЗЕ, над усёй зямлёй Найвышэйшы, Ты ўзьнёсься па-над усімі багамі.

10 Вы, што любіце ГОСПАДА, ненавідзьце зло! Ён захоўвае душы багабойных Сваіх, з рукі бязбожных выратоўвае іх.

11 Сьвятло ўзыходзіць для праведніка, і радасьць — для шчырых сэрцам.

12 Весяліцеся ў ГОСПАДЗЕ, праведнікі, і слаўце на ўспамін сьвятасьці Ягонай!

 

Псальм 98(97)

1 Псальм. Сьпявайце ГОСПАДУ новы сьпеў, бо Ён цуды ўчыніў! Правіца Ягоная і рамяно сьвятасьці Ягонай здабылі перамогу Яму.

2 ГОСПАД зьявіў збаўленьне Сваё, перад вачыма народаў адкрыў праведнасьць Сваю.

3 Узгадаў пра міласэрнасьць Сваю і вернасьць Сваю для дому Ізраіля. Усе канцы зямлі ўбачылі збаўленьне Бога нашага.

4 Усклікай ГОСПАДУ, уся зямля! Цешцеся, і радуйцеся, і выслаўляйце!

5 Выслаўляйце ГОСПАДА на гусьлях, на гусьлях і галосным сьпяваньнем!

6 На трубах і гукам рогу ўсклікайце перад абліччам Валадара ГОСПАДА!

7 Няхай мора гудзе і ўсё, што ў ім, сусьвет і ўсё, што жыве ў ім!

8 Няхай пляскаюць у далоні рэкі, і горы радуюцца разам [з імі]

9 перад абліччам ГОСПАДА, бо Ён ідзе судзіць зямлю. Сусьвет Ён будзе судзіць паводле праведнасьці і народы — паводле справядлівасьці.

 

Псальм 99(98)

1 ГОСПАД валадарыць, няхай дрыжаць народы! Ён сеў на херувімаў, няхай узварухнецца зямля!

2 Вялікі ГОСПАД на Сыёне, Ён узвысіўся па-над усімі народамі.

3 Няхай славяць імя Ягонае вялікае і страшнае, [бо] сьвятое яно!

4 І моц Валадара, Які любіць суд. Ты ўстанавіў справядлівасьць, Ты суд і праведнасьць учыніў у Якубе.

5 Узьвялічвайце ГОСПАДА, Бога нашага, і пакланіцеся каля падножжа стоп Ягоных, [бо] сьвяты Ён!

6 Майсей і Аарон сярод сьвятароў Ягоных, і Самуэль сярод тых, што клічуць імя Ягонае; яны клікалі ГОСПАДА, і Ён адказаў ім.

7 У слупе воблачным прамаўляў Ён да іх; яны захоўвалі сьведчаньні Ягоныя і пастановы, якія Ён даў ім.

8 ГОСПАДЗЕ, Божа наш, Ты адказваў ім. Ты быў для іх Богам, Які прабачаў іх і адплочваў за ўчынкі.

9 Узьвялічвайце ГОСПАДА, Бога нашага, і пакланіцеся перад гарой Яго сьвятою, бо сьвяты ГОСПАД, Бог наш!

 

Псальм 100(99)

1 Псальм падзякі. Усклікай ГОСПАДУ, уся зямля!

2 Служыце ГОСПАДУ з радасьцю, прыходзьце перад аблічча Ягонае з хвалою!

3 Ведайце, што ГОСПАД ёсьць Бог! Ён Сам нас зрабіў, і мы — Ягоныя, народ Ягоны і авечкі чарады Ягонай.

4 Уваходзьце ў брамы Ягоныя з падзякай, у панадворкі Ягоныя — з праслаўленьнем! Слаўце Яго, дабраслаўляйце імя Ягонае!

5 Бо добры ёсьць ГОСПАД, на вякі міласэрнасьць Ягоная і з пакаленьня ў пакаленьне вернасьць Ягоная!

 

Псальм 101(100)

1 Псальм Давіда. Пра міласэрнасьць і суд буду сьпяваць; Цябе, ГОСПАДЗЕ, буду выслаўляць.

2 Буду разважаць пра шлях беззаганны. Калі ж Ты прыйдзеш да мяне? Буду хадзіць у беззаганнасьці сэрца майго пасярод дому майго.

3 Не пастаўлю перад вачыма маімі рэчы нягодныя; учынкі паганыя я ненавіджу, не прылепяцца яны да мяне.

4 Сэрца падступнае далёка ад мяне, зла не хачу я і ведаць.

5 Таго, хто ачарняючы, ачарняе таемна бліжняга свайго, я вынішчу; вочы пыхлівыя і сэрца надзьмутае ня буду зносіць.

6 Вочы мае на верных зямлі, каб жылі пры мне. Той, хто ходзіць па шляху беззаганнасьці, будзе служыць мне.

7 Ня будзе ў доме маім жыць той, хто здраду кнуе; той, хто гаворыць хлусьліва, ня будзе стаяць перад вачыма маімі.

8 Раніцаю буду вынішчаць усіх бязбожнікаў зямлі, каб у горадзе ГОСПАДА зьнішчыць усіх злачынцаў.

 

Псальм 102(101)

1 Малітва прыгнечанага, калі ён зьнемагае і перад ГОСПАДАМ вылівае смутак свой.

2 ГОСПАДЗЕ, пачуй малітву маю, і лямант мой няхай дойдзе да Цябе!

3 Не хавай аблічча Твайго ад мяне ў дзень уціску, прыхілі да мяне вуха Тваё ў дзень, калі клічу; хутчэй адкажы мне.

4 Бо зьніклі, як дым, дні мае, і косткі мае выпаленыя як у гарне.

5 Скошанае як трава і высахлае сэрца маё, ажно забываюся я есьці хлеб свой.

6 Ад голасу ўздыханьня майго косткі мае прыляпіліся да цела майго.

7 Я падобны да пэлікана ў пустыні, стаўся як пугач сярод спусташэньня.

8 Я ня сплю і стаўся як птушка самотная на даху.

9 Увесь дзень зьневажаюць мяне ворагі мае; тыя, што сьмяюцца з мяне, запрысягнуліся супраць мяне.

10 Бо я ем попел як хлеб, і напой мой са сьлязьмі мяшаю

11 праз гнеў [Твой] і абурэньне, бо Ты падняў мяне і кінуў.

12 Дні мае, быццам цені, зьнікаюць, і я сохну, быццам трава.

13 А Ты, ГОСПАДЗЕ, будзеш жыць на вякі, і памяць Твая — з пакаленьня ў пакаленьне.

14 Ты паўстанеш, зьлітуешся над Сыёнам, бо час дараваць яму, бо прыйшла пара.

15 Бо слугі Твае маюць ласку да камянёў ягоных і літасьць — над пылам ягоным.

16 І будуць баяцца народы імя ГОСПАДА, і ўсе валадары зямныя — славы Тваёй,

17 бо адбудаваў ГОСПАД Сыён і даў убачыць Сябе ў славе Сваёй.

18 Ты прыхіліўся да малітвы прыніжанага і не пагардзіў малітвамі іхнімі.

19 Будзе запісана гэта для пакаленьня наступнага, і народ, які будзе створаны, будзе хваліць ГОСПАДА,

20 бо Ён глянуў з вышыні сьвятасьці Сваёй, паглядзеў ГОСПАД з нябёсаў на зямлю,

21 каб пачуць стогны вязьня, каб вызваліць сыноў, сказаных на сьмерць,

22 каб апавядалі на Сыёне імя ГОСПАДА, і хвалу Ягоную — у Ерусаліме,

23 калі разам зьбяруцца народы і валадарствы, каб служыць ГОСПАДУ.

24 Змардаваў Ён у дарозе сілу маю, скараціў дні мае.

25 Я кажу: «Божа мой, не вазьмі Ты мяне ў палове дзён маіх! З пакаленьня ў пакаленьне гады Твае!

26 Здаўна Ты заснаваў зямлю, і нябёсы — твор рук Тваіх.

27 Яны згінуць, а Ты застанешся; і ўсе яны, як адзеньне, спарахнеюць, як вопратку іх пераменіш, і яны пераменяцца;

28 а Ты — Той самы, і гады Твае ня маюць канца!

29 Сыны слугаў Тваіх будуць жыць, і насеньне іхняе будзе ўмацаванае перад абліччам Тваім».

 

Псальм 103(102)

1 Псальм Давіда. Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА, і ўсё нутро маё — імя Ягонае сьвятое!

2 Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА і не забывайся пра ўсё, што Ён зрабіў!

3 Ён даруе табе ўсе беззаконьні твае, вылечвае ўсякую немач тваю,

4 вызваляе ад магілы жыцьцё тваё, літасьцю вялікай і міласэрнасьцю карануе цябе,

5 насычае дабром старасьць тваю, аднаўляе, як у арла, маладосьць тваю.

6 Праведнасьць чыніць ГОСПАД і суд для ўсіх прыгнечаных.

7 Ён зрабіў вядомымі шляхі Свае Майсею, сынам Ізраіля — учынкі Свае.

8 Спагадлівы і літасьцівы ГОСПАД, павольны да гневу і багаты на міласэрнасьць.

9 Не назаўсёды Ён гневам палае і ня вечна памятае ліхое.

10 Не паводле грахоў нашых нам Ён дае і не ўчыняе з намі паводле беззаконьняў нашых,

11 бо як высока неба над зямлёю, так вялікая міласэрнасьць Ягоная да тых, што баяцца Яго,

12 як далёкі ад захаду ўсход, так [далёка] Ён нашыя правіны ад нас аддаліў,

13 як літуецца бацька над сынамі, так ГОСПАД літуецца над тымі, што баяцца Яго.

14 Бо ведае Ён настаўленьне нашае, памятае, што мы — [толькі] пыл.

15 Дні чалавечыя — як трава; як кветка ў полі, так ён квітнее,

16 бо пройдзе над ім вецер, і няма яго, і ўжо месца ягонае больш не пазнае яго.

17 Але міласэрнасьць ГОСПАДА ад веку і на вякі над тымі, што баяцца Яго, і праведнасьць Ягоная — над сынамі сыноў

18 тых, якія захоўваюць запавет Ягоны і загады Ягоныя памятаюць, каб выконваць іх.

19 ГОСПАД умацаваў пасад Свой на нябёсах, і валадарства Ягонае над усім пануе.

20 Дабраславіце ГОСПАДА, анёлы Ягоныя, магутныя моцаю, што выконваеце слова Ягонае, чуючы голас слова Ягонага!

21 Дабраславіце ГОСПАДА, усе войскі Ягоныя, служыцелі Ягоныя, што выконваеце волю Ягоную!

22 Дабраславіце ГОСПАДА, усе творы Ягоныя па ўсіх месцах панаваньня Ягонага! Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА!

 

Псальм 104(103)

1 Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА! ГОСПАДЗЕ, Божа мой, Ты вельмі вялікі! У годнасьць і велічнасьць Ты апрануўся!

2 Ты ахінуўся ў сьвятло, быццам у шату, Ты раскінуў нябёсы, як намёт.

3 Ты паставіў над водамі хорамы Твае, Ты паставіў хмары як калясьніцу Тваю, Ты ходзіш на крылах ветру.

4 Ты робіш вятры анёламі Тваімі, служыцелямі Тваімі — агонь, што палае.

5 Ты паставіў зямлю на месцы яе, ня можа яна пахіснуцца на вякі вечныя.

6 Бяздоньнямі, як вопраткай, закрыў Ты яе; па-над горамі воды стаялі.

7 Перад пагрозай Тваёй яны ўцякалі, перад голасам грымотаў Тваіх адступаліся.

8 Узьнімаліся горы, зыходзілі раўніны на месцы, якія Ты заснаваў для іх.

9 Ты паклаў [водам] мяжу, якую не пяройдуць; ня вернуцца, каб закрыць зямлю.

10 Ты пасылаеш крыніцы для ручаёў, яны цякуць паміж гораў,

11 пояць усіх зьвяроў палявых, праганяюць дзікія аслы смагу сваю.

12 Над імі жывуць птушкі нябесныя, праз вецьце голас падаюць.

13 Ты поіш горы з хорамаў Тваіх; пладамі дзеяў Тваіх зямля насычаецца.

14 Ты ўзрошчваеш траву для скаціны і расьліны для працы чалавеку, каб вырастаў хлеб з зямлі

15 і віно, якое сэрца людзям весяліць, і алей, ад якога твар іх блішчыць, і хлеб, які сэрца людзей умацоўвае.

16 Насычаюцца дрэвы ГОСПАДА, кедры Лібанскія, якія Ён пасадзіў.

17 Там птушкі робяць гнёзды, бусел на кіпарысе [мае] дом свой.

18 Высокія горы — для сарнаў, скалы — прыстанішча для даманаў.

19 Ён месяц зрабіў, [каб вызначаць] пару; сонца ведае захад свой.

20 Ты цемру кладзеш, і стаецца ноч, у ёй рухаюцца ўсе зьвяры лясныя.

21 Львяняты рыкаюць пра здабычу, шукаючы ў Бога пажывы.

22 Як узыйдзе сонца, яны зьбіраюцца разам і ў логвах залягаюць.

23 Выходзіць чалавек на дзеі свае і на працу сваю аж да вечара.

24 Якія шматлікія, ГОСПАДЗЕ, дзеі Твае! Усё Ты ў мудрасьці ўчыніў, зямля поўная даброцьцяў Тваіх.

25 Вось мора, вялікае і шырокае на абодва бакі. Там рухаецца безьліч жывёлаў малых і вялікіх.

26 Там караблі ходзяць. Левіятан, якога Ты ўфармаваў, гуляе ў ім.

27 Усе яны ўзіраюцца на Цябе, каб Ты даў ім пажыву ў свой час.

28 Ты даеш ім, яны зьбіраюць; Ты адкрываеш руку Тваю, і яны дабром насычаюцца.

29 Ты хаваеш аблічча Тваё, і яны палохаюцца; забіраеш дух іхні, і яны паміраюць, і ў пыл назад вяртаюцца.

30 Ты пашлеш Дух Твой, і яны створаныя, і Ты аднаўляеш аблічча зямлі.

31 Няхай будзе слава ГОСПАДА на вякі, няхай радуецца ГОСПАД з дзеяў Сваіх.

32 Ён гляне на зямлю, і яна дрыжыць; дакранецца да гор, і яны палаюць.

33 Буду сьпяваць ГОСПАДУ жыцьцём маім; буду выслаўляць Бога майго яшчэ больш.

34 Няхай будзе салодкім Яму разважаньне маё, а я буду весяліцца ў ГОСПАДЗЕ.

35 Няхай грэшнікі счэзнуць з зямлі, няхай больш ня будзе бязбожнікаў! Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА! Альлелюя!

 

Псальм 105(104)

1 Слаўце ГОСПАДА, клічце імя Ягонае! Паведамляйце між народамі пра дзеі Ягоныя!

2 Сьпявайце Яму, выслаўляйце Яго! Размаўляйце пра ўсе цудоўныя дзеі Ягоныя!

3 Хвалецеся імем Яго сьвятым! Няхай весяліцца сэрца тых, што шукаюць ГОСПАДА.

4 Шукайце ГОСПАДА і сілу Ягоную, шукайце аблічча Ягонае заўсёды!

5 Узгадвайце цудоўныя дзеі Ягоныя, якія Ён зрабіў, цуды Ягоныя і прысуды вуснаў Ягоных,

6 вы, насеньне Абрагама, слугі Ягонага, сыны Якуба, выбранца Ягонага!

7 Ён — ГОСПАД, Бог наш; над усёй зямлёй суды Ягоныя.

8 Ён памятае на вякі запавет Свой, слова, якое загадаў на тысячу пакаленьняў,

9 якое заключыў з Абрагамам, і прысягу Сваю Ісааку.

10 І паставіў Якубу як пастанову, Ізраілю — як запавет вечны,

11 кажучы: «Табе Я дам зямлю Ханаан, [пакладу] шнур спадчыны вашай»,

12 калі было ў іх людзей мала на лік, вельмі мала, калі яны жылі там

13 і пераходзілі ад народу да народу, ад [аднаго] валадарства да другога народу.

14 Не дазваляў Ён ніякаму чалавеку прыгнятаць іх, і караў дзеля іх валадароў,

15 [кажучы]: «Не чапайце памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабіце благога!»

16 I паклікаў Ён голад на зямлю, усякую падпору хлеба зламаў,

17 і паслаў перад абліччам іхнім чалавека, які быў прададзены як нявольнік, Язэпа.

18 Зашчамілі ў кайданы ногі ягоныя, жалезам сьціснулі душу ягоную

19 аж да часу, калі выйшла справа ягоная, слова ГОСПАДА ачысьціла яго.

20 Валадар паслаў, каб звольніць яго; той, што пануе над народамі, вызваліў яго,

21 паставіў яго гаспадаром над домам сваім і [чалавекам], што пануе над усім даброцьцем ягоным,

22 каб скіроўваў князёў ягоных паводле [рашэньня] душы сваёй, і старшыняў ягоных вучыў мудрасьці.

23 І прыйшоў Ізраіль у Эгіпет, і Якуб пасяліўся ў зямлі Хама.

24 І [Бог] зрабіў вельмі плодным народ Свой, і зрабіў яго мацнейшым за прыгнятальнікаў ягоных.

25 Зьмяніў сэрца іхняе, каб ненавідзелі народ Ягоны, каб змовіліся супраць слугаў Ягоных.

26 Ён паслаў Майсея, слугу Свайго, Аарона, якога выбраў Сабе.

27 Ён зьявіў праз іх знакі Свае і цуды Свае ў зямлі Хама.

28 Ён паслаў цемру, і зрабілася цёмна, і не маглі працівіцца слову Ягонаму.

29 Ён перамяніў воды іхнія ў кроў, і памерлі рыбы іхнія.

30 Напоўнілася зямля іхняя жабамі, нават у спальнях валадароў іхніх.

31 Сказаў, і наляцелі мухі і камары ў-ва ўсіх межах іхніх.

32 Ён даў ім [замест] дажджу град, полымя агню на зямлю іхнюю.

33 Пабіў вінаградныя лозы іхнія і дрэвы фігавыя, і паламаў дрэвы ў межах іхніх.

34 Сказаў, і прыйшла саранча, і хрушчоў безьліч,

35 і яны паелі ўсе расьліны ў зямлі іхняй, і паелі плады палёў іхніх.

36 Ён пабіў усіх першародных у зямлі іхняй, зачаткі ўсёй сілы іхняй.

37 А іх вывеў са срэбрам і золатам, і не было ў каленах іхніх нядужага.

38 Радаваўся Эгіпет з выхаду іхняга, бо ахапіў іх страх перад імі.

39 Ён хмару разгарнуў, як заслону, і агонь, каб ноч асьвятляць.

40 Зажадалі, і прывёў перапёлак, і хлебам нябесным насычаў іх.

41 Ён рашчапіў скалу, і лінулі воды, і ракой пацяклі па сухой [зямлі].

42 Бо Ён узгадаў слова сьвятое Сваё да Абрагама, слугі Свайго,

43 і вывеў народ Свой у радасьці, выбранцаў Сваіх — са сьпяваньнем.

44 І даў ім зямлю народаў, і набытак народаў успадкаемілі яны,

45 каб захоўвалі пастановы Ягоныя і законаў Ягоных трымаліся. Альлелюя!

 

Псальм 106(105)

1 Альлелюя! Хвалеце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо міласэрнасьць Ягоная на вякі.

2 Хто выкажа магутнасьць ГОСПАДА, дасьць пачуць усю хвалу Ягоную?

3 Шчасьлівыя тыя, што захоўваюць суд і робяць праведнасьць у кожным часе.

4 Памятай пра мяне, ГОСПАДЗЕ, праз ласкавасьць да народу Твайго! Наведай мяне са збаўленьнем Тваім,

5 каб я ўгледзеў дабро выбранцаў Тваіх, каб я радаваўся радасьцю народу Твайго, каб хваліўся разам са спадчынаю Тваёю!

6 Саграшылі мы разам з бацькамі нашымі, правініліся і адступіліся.

7 Бацькі нашыя ў Эгіпце не зразумелі цудаў Тваіх, ня памяталі мноства міласэрнасьці Тваёй, бунтаваліся каля мора, пры моры Чырвоным.

8 Але Ён збавіў іх дзеля імя Свайго, каб зьявіць магутнасьць Сваю.

9 Ён утаймаваў мора Чырвонае, і яно высахла; і Ён правёў іх праз бяздоньне як праз пустыню.

10 I збавіў іх з рукі ненавісьніка, і выбавіў іх з рукі ворага.

11 І пакрылі воды прыгнятальнікаў іхніх, ніводзін з іх не застаўся.

12 І хоць яны паверылі словам Ягоным і сьпявалі хвалу Яму,

13 але хутка забыліся пра дзеі Ягоныя, не чакалі на раду Ягоную.

14 І зажадалі жаданьнем у пустыні, і выпрабоўвалі Бога ў [зямлі] бязьлюднай.

15 І Ён даў ім тое, чаго хацелі, і спаслаў зьнемажэньне ў душу іхнюю.

16 I пазайздросьцілі Майсею ў табары, і Аарону, сьвятому ГОСПАДА.

17 Расчынілася зямля, і праглынула Датана, і пакрыла грамаду Авірама,

18 і загарэўся агонь пад грамадою іхняю, полымя спаліла бязбожнікаў.

19 Яны зрабілі цяля пад Харэвам і пакланяліся перад літым [ідалам];

20 і замянілі Славу сваю на вобраз вала, які есьць траву.

21 Яны забыліся на Бога, Збаўцу свайго, Які вялікае ўчыніў у Эгіпце,

22 цуды ў зямлі Хама, страшныя [рэчы] каля мора Чырвонага.

23 І сказаў Ён, што вынішчыць іх, калі б не Майсей, выбранец Ягоны, які стаў у выломе перад абліччам Ягоным, каб адвярнуць ярасьць Ягоную, каб Ён ня вынішчыў іх.

24 І пагрэбавалі яны зямлёй пажаданай, не паверылі словам Ягоным.

25 І наракалі ў намётах сваіх, ня слухаліся голасу ГОСПАДА.

26 І Ён падняў руку Сваю на іх, каб пападалі яны ў пустыні,

27 і пападала насеньне іхняе сярод народаў, І Ён расьцярушыўіх па зямлі.

28 І яны далучыліся да Баал-Пэгора, і елі ахвяры мёртвых,

29 і злавалі [Яго] дзеяньнямі сваімі, і абрынулася на іх пляга.

30 І паўстаў Пінхас, і спынілася пляга.

31 І залічана яму гэта за праведнасьць з пакаленьня ў пакаленьне на вякі.

32 І ўгнявілі яны [Бога] каля водаў Мэрывы, і з-за іх пацярпеў Майсей,

33 бо бунтаваліся супраць духа ягонага, і ён неразважна гаварыў вуснамі сваімі.

34 Яны ня зьнішчылі народаў, як ім казаў ГОСПАД,

35 і зьмяшаліся з паганамі, і навучыліся справаў іхніх,

36 і служылі ідалам іхнім, і яны сталіся для іх пасткаю,

37 і ахвяроўвалі сыноў сваіх і дачок сваіх дэманам,

38 і пралівалі кроў бязьвінную, кроў сыноў сваіх і дачок сваіх, якую ахвяроўвалі ідалам Ханаанскім, і апаганілася зямля ад крыві.

39 І апаганілі сябе ўчынкамі сваімі, чужаложылі ў дзеяньнях сваіх.

40 І распаліўся гнеў ГОСПАДА на народ Ягоны, і абрыдла Яму спадчына Ягоная.

41 І Ён аддаў іх у рукі паганаў, і запанавалі над імі тыя, што ненавідзелі іх.

42 І ўціскалі іх ворагі іхнія, і яны скарыліся пад рукою іхняю.

43 Шмат разоў Ён выратоўваў іх, але яны бунтаваліся ў задумах сваіх і паніжаны былі за беззаконьне сваё.

44 Але Ён глянуў на іх у горы іх, пачуўшы галашэньне іхняе,

45 і ўзгадаў на іх дзеля запавету Свайго, і пашкадаваў іх дзеля мноства міласэрнасьці Сваёй,

46 і Ён даў літасьць да іх перад абліччам усіх, што паняволілі іх.

47 Збаў нас, ГОСПАДЗЕ, Божа наш, і зьбяры нас ад паганаў, каб мы славілі сьвятое імя Тваё і хваліліся славай Тваёю!

48 Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, ад веку і на вякі! І няхай скажа ўвесь народ: «Амэн! Альлелюя!»

 

КНІГА ПЯТАЯ

 

Псальм 107(106)

1 Слаўце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная!

2 Няхай гэтак скажуць выкупленыя ГОСПАДАМ, якіх Ён выкупіў з рукі прыгнятальніка

3 і сабраў з земляў з усходу і з захаду, з поўначы і ад мора.

4 Яны блукалі па пустыні, па бязьлюдзьдзі, шляху да гораду, дзе будуць жыць, не знайшлі.

5 Былі галоднымі і сасьмяглымі, душа іхняя ў іх зьнемаглася.

6 І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй.

7 І павёў Ён іх шляхам простым, каб прыйшлі да гораду, дзе будуць жыць.

8 Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых,

9 бо Ён насыціў душу спрагнёную і душу галодную напоўніў дабром.

10 Яны сядзелі ў цемры і ў ценю сьмерці, увязьненыя пакутамі і жалезам,

11 бо яны бунтаваліся супраць словаў Бога і радай Найвышэйшага пагрэбавалі.

12 І Ён упакорыў сэрца іхняе нядоляй; яны спатыкнуліся, і не было дапамогі.

13 І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй.

14 Ён вывеў іх з цемры і ценю  сьмерці, і кайданы іхнія парваў.

15 Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых,

16 бо Ён скрышыў брамы мядзяныя і расьсек засаўкі жалезныя.

17 Яны [былі] неразумнымі на шляху правінаў сваіх і за беззаконьні свае пакутавалі.

18 Усякая ежа абрыдла душы іхняй, і блізка былі яны ад брамаў сьмерці.

19 І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй.

20 Ён паслаў слова Сваё, і аздаравіў іх, і выбавіў іх ад магілы.

21 Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых!

22 Няхай ахвяруюць ахвяры падзякі, і няхай абвяшчаюць з радасьцю пра дзеяньні Ягоныя!

23 Тыя, што зыходзілі на мора на караблях і вялі справы на водах вялікіх,

24 яны бачылі справы ГОСПАДА і цуды Ягоныя ў глыбінях.

25 Ён сказаў, і стаўся вецер бурны, і ўзьняліся хвалі,

26 і яны ўздымаюцца пад неба, і падаюць у бяздоньне; душа іхняя ў [гэтым] ліху млее,

27 бадзяюцца і хістаюцца, як п’яныя, і ўся мудрасьць іхняя марная.

28 І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй.

29 Ён перамяніў буру ў цішу, і суцішыліся хвалі.

30 І ўзрадаваліся яны, што [ўсё] сьціхла, і Ён іх прывёў да жаданай прыстані.

31 Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых!

32 Няхай вывышаюць Яго ў зборы народу і паміж старшыняў няхай хваляць Яго!

33 Ён перамяніў рэкі ў пустыню і крыніцы водаў — у сухую зямлю,

34 і ўрадлівую зямлю — у салёную, за ліхоту тых, што жывуць на ёй.

35 Ён перамяніў пустыню ў возера водаў і сухую зямлю — у крыніцы водаў,

36 і там пасяліў галодных, і яны паставілі горад, дзе будуць жыць,

37 і засеялі палі, і пасадзілі вінаграднік, і атрымалі плод багаты.

38 І Ён дабраслаўляў іх, і яны множыліся вельмі; і не зьмяншалася ў іх скаціны.

39 Але [пасьля] іх паменшала, і яны схіліліся пад цяжарам ліхоты і смутку.

40 Ён вылівае пагарду на князёў і кідае іх блукаць па пустках без дарогі.

41 Ён падымае прыгнечанага з нэндзы, і робіць плямёны як [чароды] авечак.

42 Убачаць гэта правыя і ўзьвесяляцца; і ўсякая несправядлівасьць закрые вусны свае.

43 Хто мудры, той гэта захавае, і зразумее міласэрнасьць ГОСПАДА!

 

Псальм 108(107)

1 Сьпеў. Псальм Давіда.

2 Умацаванае сэрца маё, Божа! Буду сьпяваць і выслаўляць [Цябе] ў славе маёй!

3 Збудзіцеся, псалтыр і гусьлі! Я пабуджу сьвітаньне!

4 Буду славіць Цябе сярод людзей, ГОСПАДЗЕ, і буду выслаўляць Цябе сярод народаў,

5 бо па-над неба вялікая міласэрнасьць Твая, і праўда Твая — да аблокаў.

6 Узьвялічся па-над неба, Божа, і па-над усёй зямлёй [няхай будзе] слава Твая!

7 Каб былі ўратаваныя ўмілаваныя Твае, збаў правіцай Тваёй і адкажы мне!

8 Бог сказаў у сьвятасьці Сваёй: «Я ўзрадуюся! Я падзялю Сыхем і даліну Сукот разьмераю.

9 Мой Гілеад, Мой Манаса, і Эфраім — моц галавы Маёй! Юда — заканадаўца Мой!

10 Мааў — міса для мыцьця Майго; на Эдом кіну сандалы Мае; над [зямлёй] Філістынскай радасна гукаць буду!»

11 Хто ўвядзе мяне ў горад умацаваны? Хто завядзе мяне ў Эдом?

12 Ці ж ня Ты, Божа, нас пакінуў і не выходзіш, Божа, з войскамі нашымі?

13 Дай нам успамогу ў прыгнечаньні [нашым], бо марны ратунак чалавечы.

14 З Богам мы зьявім сілу, і Ён растопча прыгнятальнікаў нашых.

 

Псальм 109(108)

1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда. Божа, хвала мая, не маўчы!

2 Бо вусны бязбожныя і вусны здрадлівыя расчыніліся супраць мяне, гавораць са мною языком хлусьлівым.

3 І словамі нянавісьці атачылі мяне, і ваююць супраць мяне без прычыны.

4 За любоў маю яны супрацьстаяць мне, а я малюся.

5 Яны заплацілі мне злом за дабро, і нянавісьцю — за любоў маю.

6 Пастаў над ім бязбожніка, і шатан няхай стане праваруч яго;

7 калі будзе суджаны, няхай будзе як бязбожнік, а малітва ягоная няхай станецца грэхам.

8 Няхай дні ягоныя будуць кароткія, а ўрад ягоны няхай возьме іншы.

9 Няхай сыны ягоныя будуць сіротамі, а жонка ягоная — удавою.

10 Няхай будуць выгнаныя як выгнанцы сыны ягоныя, і няхай жабруюць і шукаюць [хлеба] на руінах сваіх!

11 Няхай захопіць ліхвяр усё, што яму належыць, і няхай чужынцы захопяць працу ягоную.

12 Няхай ня будзе нікога, хто яму зьявіць міласэрнасьць, і няхай ня будзе таго, хто зьлітуецца над сіротамі ягонымі.

13 Насеньне ягонае няхай будзе зьнішчана; у пакаленьні наступным няхай будзе выкрэсьленае імя ягонае!

14 Няхай будзе ўзгаданае беззаконьне бацькоў ягоных перад ГОСПАДАМ, і грэх маці ягонай няхай ня будзе змыты!

15 Няхай будуць яны перад ГОСПАДАМ заўсёды, і няхай Ён вынішчыць на зямлі памяць пра яго,

16 бо ён ня памятаў, каб чыніць міласэрнасьць, і перасьледаваў чалавека беднага, і прыгнечанага, і з сэрцам зламаным, каб забіць яго.

17 Любіў ён праклён, і ён прыйдзе на яго! Не было даспадобы яму дабраслаўленьне, і яно будзе далёка ад яго!

18 І ён апранецца ў праклён, быццам у шату сваю, і [праклён] увойдзе, як вада, у нутро ягонае, і як алей — у косткі ягоныя!

19 Няхай будзе для яго як адзеньне, у якое ён апранаецца, і як пас, якім заўсёды падпярэзваецца!

20 Гэткая будзе плата ад ГОСПАДА для тых, што супраць­стаяць мне, і для тых, што благое гавораць супраць душы маёй!

21 А Ты, ГОСПАДЗЕ, Госпадзе, учыні са мною дзеля імя Твайго, і выратуй мяне, бо добрая міласэрнасьць Твая,

22 бо я бедны і прыгнечаны, і сэрца маё ў нутры маім зранена.

23 Я зыходжу, як цень, што зьнікае; ганяюць мяне, як саранчу.

24 Калені мае ад посту хістаюцца, і цела маё ссохла без алею.

25 І я стаўся ганьбаю для іх, яны глядзяць на мяне, ківаючы галовамі сваімі.

26 Дапамажы мне, ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Збаў мяне паводле міласэрнасьці Тваёй!

27 І даведаюцца яны, што гэта рука Твая, што Ты, ГОСПАДЗЕ, зрабіў гэта!

28 Яны праклінаюць, а Ты дабраславі! Яны паўстаюць [супраць мяне], і будуць асаромленыя, а слуга Твой няхай узрадуецца!

29 Няхай апрануцца ў зьнявагу тыя, што супрацьстаяць мне, і ахінуцца, быццам плашчом, у сорам свой!

30 Я буду гучна славіць ГОСПАДА вуснамі маімі і сярод мноства [народу] буду хваліць Яго,

31 бо Ён стаіць праваруч прыгнечанага, каб збавіць яго ад тых, што асуджаюць душу ягоную.

 

Псальм 110(109)

1 Псальм Давіда. Сказаў ГОСПАД Госпаду майму: «Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа пад стопы Твае!»

2 Кій моцы тваёй пашле ГОСПАД з Сыёну: «Мей уладу сярод ворагаў тваіх!»

3 Народ твой у дзень магутнасьці тваёй ахвотна зьбярэцца ў аздобе сьвятой; як раса з улоньня сьвітаньня будзе маладосьць твая.

4 Прысягнуў ГОСПАД і не раскаецца: «Ты — сьвятар на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка».

5 Госпад праваруч цябе ў дзень гневу Свайго скрышыць валадароў,

6 будзе судзіць народы, усё напоўніць трупамі, скрышыць галаву, што пануе над многімі землямі.

7 Са струменя нап’ецца ў дарозе і дзеля таго ўзвысіць галаву.

 

Псальм 111(110)

1 Альлелюя! Буду славіць ГОСПАДА ўсім сэрцам на нарадзе правых і ў грамадзе.

2 Вялікія дзеяньні ГОСПАДА, годныя ўвагі ўсіх, што імкнуцца да іх.

3 Годнасьць і велічнасьць — справы Ягоныя, і праведнасьць Ягоная будзе трываць вечна.

4 Ён памятнымі зрабіў цуды Свае, ГОСПАД літасьцівы і спагадлівы.

5 Ён ежу дае тым, што баяцца Яго, памятае на вякі запавет Свой.

6 Ён распавёў народу Свайму пра сілу дзеяньняў Сваіх, даючы яму спадчыну народаў.

7 Дзеі рук Ягоных — праўда і суд; усе загады Ягоныя верныя,

8 замацаваныя на вякі вечныя, зробленыя ў праўдзе і справядлівасьці.

9 Збаўленьне паслаў Ён народу Свайму, пастанавіў на вякі запавет Свой; сьвятое і страшнае імя Ягонае!

10 Страх перад ГОСПАДАМ — пачатак мудрасьці; добры розум [маюць] усе, што дзейнічаюць [у страху Божым]. Хвала Ягоная трывае вечна.

 

Псальм 112(111)

1 Альлелюя! Шчасьлівы той чалавек, які баіцца ГОСПАДА і ў прыказаньнях Ягоных мае ўпадабаньне вялікае.

2 Магутным будзе на зямлі насеньне ягонае; пакаленьне правых будзе дабраслаўлёнае.

3 Маёмасьць і багацьце ў доме ягоным, і праведнасьць ягоная будзе трываць вечна.

4 Узыходзіць у цемры сьвятло правым, літасьцівы і спагадлівы, і праведны [Бог].

5 Добра чалавеку, які літуецца і пазычае, які справы свае вядзе згодна з судом.

6 Бо ён ніколі не пахісьнецца; у вечнай памяці будзе праведнік.

7 Ня будзе баяцца, чуючы вестку благую; моцнае сэрца ягонае, ён спадзяецца на ГОСПАДА.

8 Умацаванае сэрца ягонае, ён ня будзе баяцца, аж пакуль угледзіць [загубу] прыгнятальнікаў сваіх.

9 Раскідаў, раздаў бедным; праведнасьць ягоная трывае вечна, рог ягоны ўзьнімецца ў славе.

10 Угледзіць гэта бязбожнік і будзе злаваць, скрыгатаць ён будзе зубамі і змарнее, і жаданьне бязбожніка загіне.

 

Псальм 113(112)

1 Альлелюя! Хвалеце, слугі ГОСПАДА, хвалеце імя ГОСПАДА!

2 Няхай будзе дабраслаўлёнае імя ГОСПАДА ад цяпер і на вякі!

3 Ад усходу сонца да захаду яго няхай будзе хвалёнае імя ГОСПАДА!

4 Узьвялічаны ГОСПАД над усімі народамі; па-над нябёсы слава Ягоная.

5 Хто як ГОСПАД, Бог наш, Які жыве ў вышыні

6 і схіляецца, каб паглядзець на неба і зямлю;

7 Які з пылу падымае гаротніка, з гною ўзносіць беднага,

8 каб пасадзіць яго сярод магнатаў, сярод магнатаў народу Свайго;

9 Які бясплодную садзіць у доме як маці, якая радуецца сынам [сваім]? Альлелюя!

 

Псальм 114 (113:1-8)

1 Калі выходзіў Ізраіль з Эгіпту, дом Якуба з народу чужынскага,

2 стаўся Юда сьвятыняй Ягонай, Ізраіль — [месцам] панаваньня Ягонага.

3 Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан павярнуў назад.

4 Горы скакалі, быццам бараны, узгоркі — быццам ягняты.

5 Што табе, мора, што ты ўцякло? Ты, Ярдане, што павярнуў назад?

6 Што вы скачаце, горы, быццам бараны, узгоркі — быццам ягняты?

7 Перад абліччам Госпада задрыжэла зямля, перад абліччам Бога Якуба,

8 Які перамяняе скалу ў возера воднае, крэмень — у крыніцу водаў.

 

Псальм 115(113:9-26)

1 Ня нам, ГОСПАДЗЕ, ня нам, але іменьню Твайму дай Ты славу дзеля міласэрнасьці Тваёй, дзеля праўды Тваёй!

2 Навошта казаць паганам: «Дзе ж Бог іхні?»

3 А Бог наш у небе; усё, што Яму даспадобы, Ён робіць.

4 Ідалы іхнія — срэбра і золата, творы рук чалавечых.

5 Маюць вусны, і не гавораць; маюць вочы, і ня бачаць;

6 маюць вушы, і ня чуюць, маюць ноздры, і нюху няма;

7 рукі ў іх, і ня мацаюць; ногі ў іх, і ня ходзяць; і не выказваюцца горлам сваім.

8 Няхай стануцца падобнымі да іх тыя, што іх робяць, усе, што на іх спадзяюцца.

9 Ізраілю, спадзявайся на ГОСПАДА. Ён — дапамога іхняя і шчыт іх!

10 Доме Аарона, спадзявайся на ГОСПАДА. Ён — дапамога іхняя і шчыт іх!

11 Вы, што ГОСПАДА баіцёся, спадзявайцеся на ГОСПАДА. Ён — дапамога іхняя і шчыт іх!

12 ГОСПАД памятае пра нас. Ён будзе дабраслаўляць, Ён будзе дабраслаўляць дом Ізраіля, Ён будзе дабраслаўляць дом Аарона,

13 Ён будзе дабраслаўляць тых, што баяцца ГОСПАДА, разам малых і вялікіх.

14 Няхай памножыць вас ГОСПАД, вас і сыноў вашых.

15 Дабраслаўлёныя вы ГОСПАДАМ, Які стварыў неба і зямлю.

16 Неба — неба ГОСПАДА, а зямлю Ён даў сынам чалавечым.

17 Ня мёртвыя хваляць ГОСПАДА, ня ўсе тыя, што зыходзяць у [месца] маўчаньня,

18 але мы будзем дабраслаўляць ГОСПАДА ад цяпер і на вякі. Альлелюя!

 

Псальм 116(114,115)

1 Люблю ГОСПАДА, бо Ён пачуў голас мой і маленьне маё,

2 бо Ён прыхіліў да мяне вуха Сваё ў дзень, калі я клікаў [Яго].

3 Ахапілі мяне путы сьмерці; мукі пякельныя адшукалі мяне; я знайшоў трывогу і смутак.

4 І паклікаў я імя ГОСПАДА: «Выратуй, прашу, ГОСПАДЗЕ, душу маю!»

5 Літасьцівы ГОСПАД і праведны, наш Бог міласьцівы.

6 ГОСПАД захоўвае неразумных; і калі зьнемагаю, Ён ратуе мяне.

7 Вярніся, душа мая, да супачынку твайго, бо ГОСПАД робіць добрае табе.

8 Бо Ты выратаваў душу маю ад сьмерці, вочы мае — ад сьлёзаў, ногі мае — ад падзеньня.

9 Буду хадзіць перад абліччам ГОСПАДА ў зямлі жывых.

10 Я веру, дык гавару: «Я моцна прыгнечаны».

11 Я сказаў у зьбянтэжанасьці маёй: «Усе людзі хлусяць!»

12 Што я вярну ГОСПАДУ за ўсе дабрадзействы Ягоныя для мяне?

13 Келіх збаўленьня ўзьніму і імя ГОСПАДА буду клікаць.

14 Абяцаньні мае ГОСПАДУ споўню перад усім народам Ягоным.

15 Каштоўная ў вачах ГОС­ПАДА сьмерць багабойных Ягоных.

16 О ГОСПАДЗЕ! Я ж — слуга Твой, я — слуга Твой, сын служкі Тваёй! Ты разьбіў кайданы мае.

17 Табе ахвярую ахвяру падзякі і імя ГОСПАДА буду клікаць.

18 Абяцаньні мае ГОСПАДУ споўню перад усім народам Ягоным,

19 у панадворках Дому ГОС­ПАДА, пасярод цябе, Ерусаліме! Альлелюя!

 

Псальм 117(116)

1 Хвалеце ГОСПАДА, усе народы! Праслаўляйце Яго, усе плямёны!

2 Бо вялікая над намі міласэрнасьць Ягоная, і праўда ГОСПАДА на вякі! Альлелюя!

 

Псальм 118(117)

1 Слаўце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная!

2 Няхай скажа Ізраіль, што на вякі міласэрнасьць Ягоная!

3 Няхай скажа дом Аарона, што на вякі міласэрнасьць Ягоная!

4 Няхай скажуць тыя, што баяцца ГОСПАДА, што на вякі міласэрнасьць Ягоная!

5 У муках клікаў я ГОСПАДА, і Ён адказаў мне, Госпад [вывеў мяне] на вольны прастор.

6 ГОСПАД са мною, я не баюся. Што зробіць мне чалавек?

7 ГОСПАД са мною, Ён — дапамога мая, і я буду глядзець [на загубу] тых, што мяне ненавідзяць.

8 Лепш мець надзею на ГОСПАДА, чым спадзявацца на чалавека.

9 Лепш мець надзею на ГОСПАДА, чым спадзявацца на магнатаў.

10 Усе народы мяне абступілі, але імем ГОСПАДА я перамог іх.

11 Абступілі мяне, абступілі, але імем ГОСПАДА я перамог іх.

12 Абселі мяне, быццам пчолы, і згарэлі яны, як агонь з цярніны, бо імем ГОСПАДА я перамог іх.

13 Пхаючы, папхнулі мяне, каб я ўпаў, але ГОСПАД дапамог мне.

14 ГОСПАД — моц мая і песьня мая, Ён стаўся збаўленьнем маім.

15 Голас радасьці і збаўленьня — у намётах праведнікаў. Правіца ГОСПАДА зьявіла сілу.

16 Правіца ГОСПАДА ўзьнесена, правіца ГОСПАДА зьявіла сілу.

17 Не памру, але буду жыць і буду абвяшчаць пра дзеяньні ГОСПАДА.

18 Караючы, пакараў мяне ГОСПАД, але сьмерці мяне не аддаў.

19 Адчыніце мне брамы праведнасьці; я ўвайду праз іх і буду славіць ГОСПАДА.

20 Вось брама ГОСПАДА; праведнікі ўвойдуць праз яе.

21 Буду славіць Цябе, бо Ты адказаў мне і стаўся збаўленьнем маім!

22 Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла.

23 Ад ГОСПАДА гэта сталася, і [гэта] цуд у вачах нашых!

24 Вось дзень, які стварыў ГОСПАД; будзем весяліцца і радавацца ў ім!

25 Прашу, ГОСПАДЗЕ, збаў цяпер! Прашу, ГОСПАДЗЕ, дай посьпех цяпер!

26 Дабраслаўлёны той, хто прыходзіць у імя ГОСПАДА; мы дабраслаўляем вас з Дому ГОСПАДА.

27 ГОСПАД ёсьць Бог, Ён асьвятліў нас; прывяжыце вяроўкамі сьвяточную [ахвяру] да рагоў ахвярніку!

28 Ты — Бог мой, Цябе я буду славіць, Цябе, Божа мой, вывышаць!

29 Слаўце ГОСПАДА, бо Ён — добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная!

 

Псальм 119(118)

 

Алеф

1 Шчасьлівыя тыя, у якіх шлях беззаганны, якія ходзяць паводле Закону ГОСПАДА.

2 Шчасьлівыя тыя, што захоўваюць сьведчаньні Ягоныя, якія ўсім сэрцам шукаюць Яго,

3 якія ня робяць беззаконьня, і ходзяць шляхам Ягоным.

4 Ты загадаў, каб пільна захоўвалі загады Твае.

5 О, каб жа я ўмацаваў шлях мой, каб захоўваць пастановы Твае!

6 Тады я ня буду асаромлены, калі буду глядзець на ўсе прыказаньні Твае.

7 Буду славіць Цябе ў шчырасьці сэрца, калі буду вучыцца судам праведнасьці Тваёй.

8 Пастановы Твае я буду захоўваць, толькі не пакідай мяне!

 

Бэт

9 Якім чынам юнак захавае ў чыстасьці сьцежку сваю? [Калі] будзе захоўваць [яе] паводле слова Твайго.

10 Усім сэрцам маім я шукаю Цябе, ня дай мне адхіліцца ад прыказаньняў Тваіх!

11 У сэрцы маім я хаваю слова Тваё, каб не зграшыць супраць Цябе.

12 Дабраслаўлёны Ты, ГОСПАДЗЕ! Навучы мяне пастановам Тваім!

13 Вуснамі маімі абвяшчаю ўсе прысуды вуснаў Тваіх.

14 На шляху сьведчаньняў Тваіх я радуюся больш, чым ад усялякіх каштоўнасьцяў.

15 Пра пастановы Твае буду разважаць і буду глядзець на сьцежкі Твае.

16 У пастановах Тваіх будзе пацяшэньне маё, не забудуся слова Твайго.

 

Гімэль

17 Рабі добрае слузе Твайму, каб я жыў і захоўваў слова Тваё.

18 Расчыні вочы мае, і буду глядзець на цудоўныя дзеяньні закону Твайго!

19 Я — прыхадзень на зямлі; не хавай ад мяне прыказаньні Твае!

20 Зьнемаглася душа мая, прагнучы ўвесь час судоў Тваіх.

21 Ты ўтаймаваў свавольнікаў, якія праклятыя, бо ўхіляюцца ад прыказаньняў Тваіх.

22 Аддалі ад мяне ганьбу і пагарду, бо я захоўваю сьведчаньні Твае.

23 Нават калі засядуць князі і будуць змаўляцца супраць мяне, слуга Твой будзе разважаць пра пастановы Твае.

24 Бо сьведчаньні Твае — пацеха мая і рада.

 

Далет

25 Прыліпла да пылу душа мая; ажыві мяне паводле слова Твайго.

26 Пра шляхі мае я апавядаў, і Ты адказаў мне; навучы мяне пастановам Тваім.

27 Дай мне зразумець шлях загадаў Тваіх, і я буду разважаць пра цуды Твае.

28 Сьлёзы ліе душа мая ад смутку, узьнімі мяне паводле слова Твайго!

29 Шлях хлусьні аддалі ад мяне, і Закон Твой няхай будзе літасьцівы да мяне.

30 Я выбраў шлях вернасьці, суды Твае паставіў [перад вачыма].

31 Я прыляпіўся да сьведчаньняў Тваіх; ГОСПАДЗЕ, ня дай мне асароміцца!

32 Шляхам прыказаньняў Тваіх я пабягу, бо Ты пашыраеш сэрца маё.

 

Гэй

33 Навучы мяне, ГОСПАДЗЕ, шляху пастановаў Тваіх, і я буду пільнавацца яго аж да канца.

34 Дай мне разуменьне, і буду пільнавацца Закону Твайго і захоўваць яго ўсім сэрцам.

35 Вядзі мяне па сьцежцы прыказаньняў Тваіх, бо ў гэтым упадабаньне маё.

36 Нахіляй сэрца маё да сьведчаньняў Тваіх, а не да прыбытку.

37 Адвярні вочы мае, каб на марнасьць не глядзелі; ажыві мяне на шляхах Тваіх!

38 Няхай паўстане слова Тваё для слугі Твайго, які [ходзіць у] страху Тваім.

39 Аддалі ад мяне ганьбу, якой баюся, бо суды Твае добрыя.

40 Вось, я прагну загадаў Тваіх; ажыві мяне праведнасьцю Тваёй.

 

Ваў

41 Няхай прыйдзе да мяне міласэрнасьць Твая, ГОСПАДЗЕ, і збаўленьне Тваё паводле слова Твайго,

42 каб я мог адказаць словам таму, хто зьневажае мяне, бо я спадзяюся на слова Тваё.

43 І не пазбаў вусны мае слова праўды зусім, бо я на суды Твае спадзяюся.

44 І я буду захоўваць Закон Твой заўсёды, і на вякі вечныя,

45 і буду хадзіць па [прасторы] шырокім, бо загадаў Тваіх я шукаў.

46 І буду гаварыць пра сьведчаньні Твае перад валадарамі, і ня буду асаромлены.

47 І буду мець пацяшэньне ў прыказаньнях Тваіх, якія я ўзьлюбіў.

48 І буду ўздымаць рукі мае да прыказаньняў Тваіх, якія я ўзьлюбіў, і буду разважаць пра пастановы Твае.

 

Заін

49 Узгадай слова да слугі Твайго, на якое маю спадзявацца.

50 Гэта пацяшэньне маё ў нядолі маёй, бо слова Тваё ажыўляе мяне.

51 Свавольнікі вельмі зьдзекуюцца з мяне; але я ад Закону Твайго не ўхіляўся.

52 Узгадваў я, ГОСПАДЗЕ, суды Твае спрадвечныя, і гэта пацяшала мяне.

53 [Гнеў] палючы мяне агарнуў на бязбожнікаў, якія пакінулі Закон Твой.

54 Пастановы Твае сталіся гімнам для мяне ў доме вандраваньня майго.

55 Імя Тваё, ГОСПАДЗЕ, я ўначы ўзгадваў і захоўваў Закон Твой.

56 Гэтак сталася са мною, бо я пільнаваўся загадаў Тваіх.

 

Хэт

57 «Частка мая, ГОСПАДЗЕ, — сказаў я,— захоўваць слова Тваё».

58 Я прынізіўся перад абліччам Тваім ад усяго сэрца; зьлітуйся нада мною паводле слова Твайго.

59 Я думаў пра шляхі мае, і зьвярнуў ногі мае да сьведчаньняў Тваіх.

60 Сьпяшаўся я і не марудзіў захоўваць прыказаньні Твае.

61 Путы бязбожнікаў аблыталі мяне, але Закон Твой я не забыўся.

62 Сярод ночы я ўстаю, каб славіць Цябе за суды праведнасьці Тваёй.

63 Я — супольнік для ўсіх, што баяцца Цябе і захоўваюць загады Твае.

64 Міласэрнасьць Твая, ГОСПАДЗЕ, напоўніла зямлю; навучы мяне пастановам Тваім!

 

Тэт

65 Дабро Ты зрабіў слузе Твайму, ГОСПАДЗЕ, паводле слова Твайго.

66 Добраму розуму і веданьню навучы мяне, бо я прыказаньням Тваім веру.

67 Перш, чым я стаўся спакораным, я блукаў; цяпер слова Тваё я захоўваю.

68 Ты добры і робіш добрае, навучы мяне пастановам Тваім!

69 Свавольнікі надумалі хлусьню супраць мяне; а я ўсім сэрцам буду пільнавацца загадаў Тваіх.

70 Сталася нячулым ад тлушчу сэрца іхняе; а я меў пацяшэньне ў Законе Тваім.

71 Добра мне, што я быў упакораны, каб навучыўся пастановам Тваім.

72 Лепшы для мяне закон вуснаў Тваіх, чым тысячы золата і срэбра.

 

Ёд

73 Рукі Твае зрабілі мяне і ўмацавалі; дай мне разуменьне, каб я навучыўся прыказаньням Тваім!

74 Тыя, што баяцца Цябе, убачаць мяне і ўзрадуюцца, бо я на слова Тваё спадзяюся.

75 Ведаю, ГОСПАДЗЕ, што праведныя суды Твае, і слушна Ты ўпакорыў мяне.

76 Няхай, прашу, міласэрнасьць Твая пацяшае мяне паводле слова Твайго да слугі Твайго.

77 Няхай прыйдзе да мяне літасьць Твая, каб я жыў, бо Закон Твой — пацеха мая.

78 Няхай будуць асаромлены свавольнікі, бо яны падманліва блыталі мяне; а я буду разважаць пра загады Твае.

79 Няхай да мяне навернуцца тыя, што баяцца Цябе, і тыя, што ведаюць сьведчаньні Твае.

80 Няхай будзе сэрца маё беззаганным у [выкананьні] пастановаў Тваіх, каб я ня быў асаромлены.

 

Каф

81 Зьнемагае душа мая без збаўленьня Твайго; на слова Тваё спадзяюся.

82 Зьнемагаюць вочы мае бяз слова Твайго, кажучы: «Калі ж Ты пацешыш мяне?»

83 Я стаўся, як мех [скураны] ў дыме; але пастановаў Тваіх не забыўся.

84 Колькі будзе дзён слугі Твайго, калі Ты ўчыніш суд над тымі, што перасьледуюць мяне?

85 Выкапалі свавольнікі яму для мяне, але гэта пярэчыць Закону Твайму.

86 Усе прыказаньні Твае — верныя; [з дапамогай] хлусьні перасьледуюць мяне, дапамажы Ты мне!

87 Амаль вынішчылі мяне на зямлі; а я не пакінуў загадаў Тваіх.

88 Праз міласэрнасьць Тваю захавай мне жыцьцё, і буду захоўваць сьведчаньні вуснаў Тваіх.

 

Лямэд

89 На вякі, ГОСПАДЗЕ, слова Тваё сьцьверджана на небе!

90 З пакаленьня ў пакаленьне вернасьць Твая; Ты ўгрунтаваў зямлю, і яна стаіць.

91 Паводле прысуду Твайго стаяць яны да гэтага дня, бо ўсё гэта — слугі Твае.

92 Калі б Закон Твой ня быў пацехай маёй, даўно б я згінуў у нядолі маёй.

93 На вякі не забудуся загадаў Тваіх, бо імі Ты захаваў мне жыцьцё.

94 Я — Твой! Збаў мяне, бо я шукаю загады Твае.

95 Цікуюць на мяне бязбожнікі, каб зьнішчыць мяне; а я пра сьведчаньні Твае разважаю.

96 Я бачыў заканчэньне ўсякай дасканаласьці; але прыказаньні Твае ня маюць канца.

 

Мэм

97 Як я люблю Закон Твой! Увесь дзень ён у думках маіх!

98 Зрабілі мяне мудрэйшым за ворагаў маіх прыказаньні Твае, бо яны на вякі са мною.

99 Я стаўся больш разважлівым за ўсіх, што вучылі мяне, бо сьведчаньні Твае ў думках маіх.

100 Я стаўся разумнейшым за старых, бо пільнуюся загадаў Тваіх.

101 Ад усякай сьцежкі благой я стрымліваў ногі мае, каб захоўваць слова Тваё.

102 Ад прысудаў Тваіх я ня адступаўся, бо Ты мяне навучаеш.

103 Як салодкія словы Твае паднябеньню майму, саладзей за мёд вуснам маім!

104 Пра загады Твае буду разважаць, дзеля гэтага ненавіджу ўсякую сьцежку хлусьні.

 

Нун

105 Слова Тваё — сьветач для ног маіх і сьвятло на сьцежцы маёй.

106 Я прысягнуў і я падняўся, каб захоўваць суды праведнасьці Тваёй.

107 Я вельмі моцна прыгнечаны; ГОСПАДЗЕ, ажыві мяне паводле слова Твайго!

108 Мей упадабаньне, прашу, ГОСПАДЗЕ, у дабраахвотных [абяцаньнях] вуснаў маіх, і навучы мяне судам Тваім.

109 Душа мая заўсёды ў руцэ маёй, і Закон Твой я не забываюся.

110 Наставілі бязбожнікі пастку супраць мяне, але я не ўхіліўся ад загадаў Тваіх.

111 Я ўспадкаеміў сьведчаньні Твае на вякі, бо яны — радасьць сэрца майго.

112 Я нахіляю сэрца маё, каб рабіла паводле пастановаў Тваіх на вякі, аж да канца.

 

Самэх

113 Двудушных я ненавіджу, а Закон Твой люблю.

114 Ты — заслона мая і шчыт мой, на слова Тваё спадзяюся.

115 Адыйдзіце ад мяне, злачынцы, каб я мог захоўваць прыказаньні Бога майго.

116 Падтрымай мяне паводле слова Твайго, і буду жыць, і ня буду асаромлены ў надзеі маёй.

117 Умацуй мяне, і буду збаўлены, і буду ўглядацца ў пастановы Твае заўсёды.

118 Ты адапхнуў усіх, якія ўхіляюцца ад пастановаў Тваіх, бо хлусьлівы падман іхні.

119 Быццам жужаль Ты выкідаеш усіх бязбожнікаў зямлі; дзеля гэтага я ўзьлюбіў сьведчаньні Твае.

120 Дрыжыць ад страху перад Табою цела маё, і судоў Тваіх я баюся.

 

Аін

121 Я чыніў суд і праведнасьць; не аддай мяне прыгнятальнікам маім!

122 Заступіся за слугу Твайго на дабро [яму], каб не прыгняталі мяне свавольнікі.

123 Зьнемагаюць вочы мае, [выглядаючы] збаўленьне Тваё і слова праведнасьці Тваёй.

124 Учыні са слугою Тваім паводле міласэрнасьці Тваёй, і навучы мяне пастановам Тваім.

125 Я — слуга Твой; дай мне разуменьне, каб пазнаў сьведчаньні Твае.

126 Час дзейнічаць для ГОСПАДА, [бо] яны парушылі Закон Твой.

127 Дзеля гэтага я люблю прыказаньні Твае больш, чым золата, золата найчысьцейшае.

128 Дзеля гэтага ўсе загады Твае, усе лічу слушнымі, кожную сьцежку хлусьні ненавіджу.

 

Пэ

129 Цудоўныя сьведчаньні Твае, дзеля гэтага душа мая пільнуецца іх.

130 Адкрыцьцё словаў Тваіх асьвятляе, дае разуменьне неразумным.

131 Расчыняю я вусны мае і ўздыхаю, бо прагну прыказаньняў Тваіх.

132 Павярніся да мяне і зьлітуйся нада мною, паводле суду [Твайго] для тых, што любяць імя Тваё.

133 Стопы мае ўмацуй Ты ў слове Тваім і ня дай беззаконьню авалодаць мною.

134 Выбаў мяне ад крыўды чалавека, і буду захоўваць загады Твае.

135 Аблічча Тваё няхай сьвеціць над слугою Тваім, і навучы мяне пастановам Тваім.

136 Струмяні водаў цякуць з вачэй маіх, бо [людзі] не захоўваюць Закон Твой.

 

Цадэ

137 Ты праведны, ГОСПАДЗЕ, і справядлівыя суды Твае.

138 Ты загадаў [чыніць] праведнасьць, сьведчаньні Твае і вернасьць вялікую.

139 Зьядае мяне руплівасьць мая, бо забыліся на словы Твае прыгнятальнікі мае.

140 Слова Тваё вельмі чыстае, і слуга Твой узьлюбіў яго.

141 Малы я і пагарджаны, але загадаў Тваіх я не забываюся.

142 Праведнасьць Твая — праведнасьць на вякі, і Закон Твой — праўда.

143 Прыгнёт і гора знайшлі мяне; прыказаньні Твае — пацеха мая.

144 Праведнасьць сьведчаньняў Тваіх — на вякі; дай мне разуменьне, і буду жыць.

 

Куф

145 З усяго сэрца я клічу; адкажы мне, ГОСПАДЗЕ, каб я пільнаваўся пастановаў Тваіх.

146 Я клічу Цябе, збаў мяне, і буду захоўваць сьведчаньні Твае!

147 Я апярэджваю сьвітаньне і галашу, на слова Тваё, на слова Тваё спадзяюся.

148 Вочы мае апярэджваюць варту [начную], каб мне разважаць пра слова Тваё.

149 Голас мой пачуй паводле міласэрнасьці Тваёй, ГОСПАДЗЕ, паводле суду Твайго ажыві мяне.

150 Набліжаюцца [да мяне] тыя, што імкнуцца да брыдоты; яны ад Закону Твайго адступіліся.

151 Але блізка Ты, ГОСПАДЗЕ, і ўсе прыказаньні Твае — праўда.

152 Здаўна я ведаю сьведчаньні Твае, што Ты на вякі заснаваў іх.

 

Рэш

153 Глянь на нядолю маю і выратуй мяне, бо я пра Закон Твой не забываўся.

154 Барані мяне ў справе маёй і выбаў мяне, паводле слова Твайго ажыві мяне.

155 Далёка ад бязбожнікаў збаўленьне, бо яны не шукалі пастановаў Тваіх.

156 Літасьць Твая вялікая, ГОСПАДЗЕ; паводле суду Твайго ажыві мяне.

157 Шмат тых, што перасьледуюць мяне і прыгнятаюць мяне; але ад сьведчаньняў Тваіх я не ўхіляўся.

158 Я бачыў адступнікаў і брыдзіўся тымі, якія не захоўвалі слова Твайго.

159 Глянь, ГОСПАДЗЕ, як я люблю загады Твае; паводле міласэрнасьці Тваёй ажыві мяне.

160 Аснова слова Твайго — праўда, і на вякі кожны прысуд праведнасьці Тваёй.

 

Шын

161 Князі перасьледуюць мяне без прычыны, але слова Твайго баіцца сэрца маё.

162 Я радуюся са слова Твайго як той, хто знайшоў вялікі прыбытак.

163 Хлусьню ненавіджу і брыджуся ёю, Закон Твой люблю.

164 Сямікротна ў дзень я хвалю Цябе за прысуды праведнасьці Тваёй.

165 Вялікі супакой Ты даеш тым, якія любяць Закон Твой, і яны не спатыкнуцца.

166 Я ўзіраюся на збаўленьне Тваё, ГОСПАДЗЕ, і выконваю прыказаньні Твае.

167 Захоўвала душа мая сьведчаньні Твае, і я моцна ўзьлюбіў іх.

168 Я захоўваю загады Твае і сьведчаньні Твае, бо ўсе шляхі мае перад Табою.

 

Таў

169 Няхай дойдзе галашэньне маё да аблічча Твайго, ГОСПАДЗЕ! Паводле слова Твайго дай мне разуменьне.

170 Няхай прыйдзе маленьне маё перад аблічча Тваё! Паводле слова Твайго выратуй мяне!

171 Вусны мае будуць апавядаць хвалу, бо Ты вучыш мяне пастановам Тваім.

172 Язык мой будзе адказваць пра слова Тваё, бо ўсе прыказаньні Твае праведныя.

173 Няхай станецца рука Твая дапамогай маёй, бо я выбраў загады Твае.

174 Я прагну збаўленьня Твайго, ГОСПАДЗЕ, і Закон Твой — пацеха мая.

175 Няхай жыве душа мая, каб хваліць Цябе, і суды Твае няхай дапамогуць мне.

176 Я заблукаў як авечка, што згубілася, адшукай Ты слугу Твайго, бо прыказаньняў Тваіх я не забываўся.

 

Псальм 120(119)

1 Сьпеў узыходжаньня. Да ГОСПАДА я клікаў у бядзе маёй, і Ён адказаў мне.

2 ГОСПАДЗЕ, вызваль душу маю ад вуснаў хлусьлівых, ад языка здрадлівага.

3 Што дасьць табе і якую карысьць прынясе язык здрадлівы?

4 Вострыя стрэлы волата і вугольле ядлоўцавае.

5 Гора мне, што я жыву ў Мэшэха, што я пасяліўся каля намётаў Кедару!

6 Вельмі доўга душа мая жыла сярод тых, што ненавідзяць супакой.

7 Я — [сам] супакой; але, як толькі прамоўлю, яны [пачынаюць] вайну.

 

Псальм 121 (120)

1 Сьпеў узыходжаньня. Узьнімаю я вочы мае да гораў, адкуль прыйдзе да мяне дапамога.

2 Дапамога мая ад ГОСПАДА, Які стварыў неба і зямлю.

3 Ён ня дасьць пахіснуцца назе тваёй, не задрэмле Той, Які захоўвае цябе.

4 Сапраўды, не задрэмле і ня будзе спаць Той, Які захоўвае Ізраіля.

5 ГОСПАД — Той, Які захоўвае цябе, ГОСПАД — цень твой праваруч цябе.

6 Удзень сонца ня ўдарыць цябе, ані месяц уначы.

7 ГОСПАД будзе захоўваць цябе ад усякага зла, будзе душу тваю Ён захоўваць.

8 ГОСПАД будзе захоўваць выхад твой і ўваход твой ад цяпер і на вякі.

 

Псальм 122(121)

1 Сьпеў узыходжаньня. Давіда. Узрадаваўся я, калі мне сказалі: «Хадзем у Дом ГОСПАДА!»

2 Вось, ногі нашыя стаяць у брамах тваіх, Ерусаліме!

3 Ерусаліме! Ты пабудаваны, як горад, які злучаны разам,

4 куды ўваходзяць калены, калены ГОСПАДА, як сьведчаньне для Ізраіля, каб славіць імя ГОСПАДА,

5 бо там стаяць пасады судовыя, пасады дому Давіда.

6 Прасіце пра супакой для Ерусаліму! Няхай маюць даб­радзенства тыя, якія любяць цябе.

7 Супакой няхай будзе ў мурах тваіх, дабрабыт — у палацах тваіх.

8 Дзеля братоў маіх і бліжніх маіх кажу цяпер: «Супакой табе!»

9 Дзеля Дому ГОСПАДА, Бога нашага, буду шукаць дабра для цябе.

 

Псальм 123(122)

1 Сьпеў узыходжаньня. Узьнімаю я вочы мае да Цябе, Які жывеш у нябёсах.

2 Сапраўды, як вочы слугаў [глядзяць] на руку паноў іхніх, як вочы служкі — на руку гаспадыні яе, так і вочы нашыя — на ГОСПАДА, Бога нашага, аж пакуль ня зьлітуецца над намі.

3 Зьлітуйся над намі, ГОС­ПАДЗЕ, зьлітуйся, бо мы вельмі насычаныя пагардай!

4 Вельмі моцна насычана душа нашая кпінамі ганарыстых і пагардай фанабэрыстых.

 

Псальм 124 (123)

1 Сьпеў узыходжаньня. Давіда. Калі б не было з намі ГОСПАДА, — скажы, прашу, Ізраіль, —

2 калі б не было з намі ГОСПАДА, калі паўстаў супраць нас чалавек,

3 тады яны б нас жывымі праглынулі, калі гнеў іхні распаліўся на нас,

4 тады б воды нас затапілі, струмень заліў бы душы нашыя,

5 тады б воды бурлівыя залілі б душы нашыя.

6 Дабраслаўлёны ГОСПАД, Які не аддаў нас зубам іхнім, як здабычу.

7 Душа наша ўцякла, быццам птушка з сіла птушкалова; сіло парванае, і мы ўцяклі!

8 Дапамога нашая — у імені ГОСПАДА, Які стварыў неба і зямлю.

 

Псальм 125(124)

1 Сьпеў узыходжаньня. Тыя, што спадзяюцца на ГОСПАДА, [яны] як гара Сыён, якая не пахісьнецца і будзе на вякі.

2 Горы вакол Ерусаліму, а ГОСПАД — вакол народу Свайго ад сёньня і на вякі.

3 Бо кій бязбожнікаў не застанецца над лёсам праведнікаў, каб не цягнулі праведнікі рук сваіх да беззаконьня.

4 Рабі, ГОСПАДЗЕ, добрае добрым і тым, хто шчыры ў сэрцы сваім.

5 Але тых, што зыходзяць на сьцежкі крывыя свае, няхай выганіць ГОСПАД разам са злачынцамі. Супакой над Ізраілем!

 

Псальм 126(125)

1 Сьпеў узыходжаньня. Калі ГОСПАД вярнуў палонных Сыёну, мы былі як у сьне.

2 Былі тады вусны нашыя поўныя сьмеху, і язык наш — сьпяваньня. Казалі тады між паганамі: «Вялікае ГОСПАД зімі ўчыніў!»

3 Вялікае ГОСПАД з намі ўчыніў, і мы былі радасныя.

4 Вярні, ГОСПАДЗЕ, нашых палонных, як ручаі на [зямлю] паўднёвую.

5 Той, хто ў сьлёзах сеяў, жаць будзе са сьпяваньнем.

6 Тыя, што несьлі насеньне на пасеў, ішлі плачучы, але, вяртаючыся, вернуцца са сьпяваньнем, снапы свае несучы.

 

Псальм 127(126)

1 Сьпеў узыходжаньня. Салямона. Калі ГОСПАД не збудуе дом, надарэмна цяжка працуюць будаўнікі; калі ГОСПАД не захоўвае горад, надарэмна чуваюць вартаўнікі.

2 Надарэмна для вас рана ўставаць, позна сядзець і есьці хлеб у смутку, бо Свайму ўлюбёнаму Ён дае ў сьне.

3 Вось, спадчына ад ГОСПАДА — дзеці, узнагарода Ягоная — плод чэрава.

4 Быццам стрэлы ў руцэ магутнай, гэтак сыны маладыя.

5 Шчасьлівы той чалавек, які напоўніў імі сагайдак свой. Ня будуць яны асаромленыя, калі з ворагамі ў браме будуць гаварыць.

 

Псальм 128(127)

1 Сьпеў узыходжаньня. Шчасьлівы кожны, хто баіцца ГОСПАДА, хто ходзіць шляхамі Ягонымі.

2 Ты будзеш працу рук тваіх есьці, ты шчасьлівы, і добра табе!

3 Жонка твая ў доме тваім будзе плодная, быццам лаза вінаградная; сыны твае — як галіны аліўкавыя, наўкола стала твайго.

4 Вось, гэтак будзе дабраслаўлёны чалавек, які баіцца ГОСПАДА.

5 І дабраславіць цябе ГОСПАД з Сыёну, і ты будзеш бачыць дабрабыт Ерусаліму ў-ва ўсе дні жыцьця твайго,

6 і будзеш бачыць сыноў ад сыноў тваіх. Супакой над Ізраілем!

 

Псальм 129(128)

1 Сьпеў узыходжаньня. Шмат уціскалі мяне з маладосьці маёй, — няхай скажа Ізраіль, —

2 шмат уціскалі мяне з маладосьці маёй, але мяне не перамаглі.

3 На хрыбце маім аралі аратыя, праганяючы доўгія барозны свае.

4 ГОСПАД праведны, Ён расьсек вяроўкі бязбожнікаў.

5 Няхай будуць асаромленыя і адступяцца назад усе, што ненавідзяць Сыён!

6 Няхай будуць яны, як трава на даху, якая раней, чым вырвуць яе, засыхае,

7 і жнец не напоўніць ёю рукі сваёй, і вязальнік снапоў — жменяў сваіх.

8 I ня скажа той, што міма праходзіць: «Дабраслаўленьне ГОСПАДА няхай будзе над вамі! Дабраслаўляем вас імем ГОСПАДА!»

 

Псальм 130(129)

1 Сьпеў узыходжаньня. З глыбіні я клічу Цябе, ГОСПАДЗЕ!

2 Госпадзе, пачуй голас мой! Няхай вушы Твае зважаюць на голас маленьня майго!

3 Калі Ты будзеш памятаць пра беззаконьні, ГОСПАДЗЕ, Госпадзе мой, хто ўстаіць?

4 Бо ў Цябе прабачэньне, каб мелі страх [перад Табою].

5 Спадзяюся на ГОСПАДА, спадзяецца душа мая, і ў слове Ягоным маю спадзяваньне.

6 Душа мая [чакае на] Госпада больш, чым стораж раніцы, чым стораж раніцы.

7 Спадзявайся, Ізраілю, на ГОСПАДА, бо ў ГОСПАДА міласэрнасьць і шчодрасьць збаўленьня,

8 і Ён выбавіць Ізраіль ад усіх беззаконьняў ягоных.

 

Псальм 131(130)

1 Сьпеў узыходжаньня. Давіда. ГОСПАДЗЕ, не вывышалася сэрца маё, і ня ўзносіліся вочы мае, і не хадзіў я за рэчамі занадта вялікімі і занадта для мяне недасяжнымі,

2 але я ўсьцішаў і супакойваў душу маю, як дзіця, што аднятае ад маці сваёй. Як дзіця, аднятае [ад маці], душа мая ў-ва мне.

3 Спадзявайся, Ізраіль, на ГОСПАДА, ад цяпер і на вякі!

 

Псальм 132(131)

1 Сьпеў узыходжаньня. Узгадай, ГОСПАДЗЕ, пра Давіда і ўсе беды ягоныя,

2 як ён прысягаў ГОСПАДУ, даваў абяцаньне Моцнаму Якуба:

3 «Не ўвайду ў намёт дому майго, не ўзыйду на пасьцель ложка майго,

4 ня дам вачам маім сну і павекам маім дрымоты,

5 пакуль не знайду месца для ГОСПАДА, сялібы для Моцнага Якуба!»

6 Вось, мы чулі пра яго ў Эфраце, знайшлі яго на палях Яару.

7 Хадзем у сялібу Ягоную, паклонімся перад падножжам стопаў Ягоных.

8 Паўстань, ГОСПАДЗЕ, у месца супачынку Твайго, Ты і каўчэг моцы Тваёй!

9 Сьвятары Твае няхай апрануцца ў праведнасьць, і багабойныя Твае няхай радуюцца!

10 Дзеля Давіда, слугі Твайго, не адварочвай аблічча ад памазанца Твайго!

11 Прысягаў ГОСПАД Давіду праўду і не адступіцца ад яе: «Таго, [хто ёсьць] плод улоньня твайго, Я пасаджу на пасадзе тваім.

12 І калі сыны твае будуць захоўваць запавет Мой і сьведчаньні Мае, якім Я буду навучаць іх, таксама сыны іхнія будуць вечна сядзець на пасадзе тваім».

13 Бо ГОСПАД выбраў Сыён, пажадаў, [каб быў] сялібай для Яго, [кажучы]:

14 «Вось месца супачынку Майго вечна. Тут буду жыць, бо яго ўпадабаў.

15 Дабраслаўляючы, дабраслаўлю здабытак ягоны, убогіх ягоных насычу хлебам.

16 І сьвятароў ягоных апрану ў збаўленьне, і багабойныя ягоныя, радуючыся, радавацца будуць.

17 Там Я ўзрашчу рог Давіду, там пастаўлю сьветач памазанцу Майму.

18 Ворагаў ягоных апрану ў ганьбу, а над ім расквітнее дыядэма».

 

Псальм 133(132)

1 Сьпеў узыходжаньня. Давіда. О, як гэта добра і цудоўна, калі браты ў згодзе жывуць!

2 Гэта быццам найлепшы алей на галаве, які сьцякае на бараду, на бараду Аарона, які сьцякае на край шаты ягонай,

3 нібы раса Гермону, якая зыходзіць на горы Сыёнскія, бо там ГОСПАД зьяўляе дабраслаўленьне і жыцьцё на вякі.

 

Псальм 134(133)

1 Сьпеў узыходжаньня. О, дабраслаўляйце ГОСПАДА, усе слугі ГОСПАДА, якія начамі стаіцё ў Доме ГОСПАДА!

2 Узьнімеце рукі вашыя да сьвятыні і дабраслаўляйце ГОСПАДА!

3 З Сыёну няхай дабраславіць цябе ГОСПАД, Які стварыў неба і зямлю!

 

Псальм 135(134)

1 Альлелюя! Хвалеце імя ГОСПАДА, хвалеце, слугі ГОСПАДА,

2 якія стаіцё ў Доме ГОСПАДА, у панадворках Дому Бога нашага!

3 Хвалеце ГОСПАДА, бо добры ГОСПАД; выслаўляйце імя Ягонае, бо яно цудоўнае.

4 Бо Якуба выбраў для Сябе ГОСПАД, Ізраіля — на ўласнасьць Сабе.

5 Бо ведаю я, што ГОСПАД вялікі, і Госпад наш — па-над усімі багамі.

6 Усё, што даспадобы ГОСПАДУ, робіць Ён у небе і на зямлі, у моры і ў-ва ўсіх бяздоньнях.

7 Ён уздымае хмары ад краю зямлі, робіць маланкі і дождж, выводзіць вецер са скарбніцы Сваёй.

8 Ён пабіў першародных у Эгіпце, ад чалавека і да скаціны.

9 Ён паслаў знакі і цуды пасярод цябе, Эгіпце, над фараонам і ўсімі слугамі ягонымі.

10 Ён пабіў шматлікія народы і забіў валадароў магутных:

11 Сыгона, валадара Амарэйскага, і Ога, валадара Башану, і ўсе валадарствы Ханаану.

12 І аддаў зямлю іхнюю ў спадчыну, у спадчыну Ізраілю, народу Свайму.

13 ГОСПАДЗЕ, імя Тваё на вякі! ГОСПАДЗЕ, памяць Твая з пакаленьня ў пакаленьне!

14 Бо ГОСПАД будзе судзіць народ Свой і пашкадуе слугаў Сваіх.

15 Ідалы народаў — срэбра і золата, творы рук чалавечых.

16 Маюць вусны, і не гавораць, маюць вочы, і ня бачаць;

17 маюць вушы, і ня чуюць, і духу няма ў вуснах іхніх.

18 Падобныя да іх будуць тыя, што робяць іх, усе, хто на іх спадзяецца.

19 Доме Ізраіля, дабраслаўляйце ГОСПАДА! Доме Аарона, дабраслаўляйце ГОСПАДА!

20 Доме Левія, дабраслаўляйце ГОСПАДА! Вы, што баіцёся ГОСПАДА, дабраслаўляйце ГОСПАДА!

21 Дабраслаўлёны ГОСПАД з Сыёну, Які жыве ў Ерусаліме! Альлелюя!

 

Псальм 136(135)

1 Слаўце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Яго!

2 Слаўце Бога багоў, бо на вякі міласэрнасьць Яго!

3 Слаўце Пана паноў, бо на вякі міласэрнасьць Яго!

4 Таго, Які Сам робіць цуды вялікія, бо на вякі міласэрнасьць Яго:

5 Таго, Які неба ўчыніў з разуменьнем, бо на вякі міласэрнасьць Яго;

6 Таго, Які зямлю расьцягнуў па-над водамі, бо на вякі міласэрнасьць Яго;

7 Таго, Які ўчыніў сьвяцілы вялікія, бо на вякі міласэрнасьць Яго;

8 сонца, каб кіравала днём, бо на вякі міласэрнасьць Яго;

9 месяц і зоркі, каб кіравалі ноччу, бо на вякі міласэрнасьць Яго;

10 Таго, Які пабіў Эгіпет у першародных ягоных, бо на вякі міласэрнасьць Яго;

11 і вывеў Ізраіля спасярод яго, бо на вякі міласэрнасьць Яго;

12 рукою дужаю і рамяном узьнятым, бо на вякі міласэрнасьць Яго;

13 Таго, Які Мора Чырвонае расьсек, бо на вякі міласэрнасьць Яго;

14 і правёў Ізраіля пасярод яго, бо на вякі міласэрнасьць Яго;

15 і кінуў фараона і войска ягонае ў Мора Чырвонае, бо на вякі міласэрнасьць Яго;

16 Таго, Які вёў народ Свой праз пустыню, бо на вякі міласэрнасьць Яго;

17 Таго, Які пабіў валадароў вялікіх, бо на вякі міласэрнасьць Яго;

18 і забіў валадароў слаўных, бо на вякі міласэрнасьць Яго;

19 Сыгона, валадара Амарэйскага, бо на вякі міласэрнасьць Яго;

20 і Ога, валадара Башану, бо на вякі міласэрнасьць Яго;

21 і аддаў зямлю іхнюю ў спадчыну, бо на вякі міласэрнасьць Яго;

22 у спадчыну Ізраілю, слузе Свайму, бо на вякі міласэрнасьць Яго;

23 Таго, Які ў паніжэньні нашым успомніў пра нас, бо на вякі міласэрнасьць Яго;

24 і выратаваў нас ад прыгнятальнікаў нашых, бо на вякі міласэрнасьць Яго;

25 Таго, Які дае хлеб усякаму целу, бо на вякі міласэрнасьць Яго.

26 Слаўце Бога нябёсаў, бо на вякі міласэрнасьць Яго!

 

Псальм 137(136)

1 Каля рэк Бабілонскіх сядзелі мы там і плакалі, Сыён успамінаючы.

2 На вербах сярод яго мы павесілі гусьлі нашыя.

3 Бо там тыя, што нас паланілі, жадалі ад нас словаў песьні, і нішчыцелі нашыя — радасьці: «Засьпявайце нам нешта з песьняў Сыёнскіх!»

4 Як жа сьпяваць нам сьпеў ГОСПАДА ў зямлі чужой?

5 Калі я забудуся пра цябе, Ерусаліме, няхай забудзецца пра мяне правіца мая!

6 Няхай язык мой прыліпне да паднябеньня майго, калі я ня буду памятаць пра цябе, калі не ўзьніму Ерусалім па-над найвышэйшую радасьць маю!

7 Прыгадай, ГОСПАДЗЕ, сынам Эдому дзень Ерусаліму, калі яны казалі: «Руйнуйце яго, руйнуйце аж да падвалінаў!»

8 Дачка Бабілону, ты будзеш зруйнаваная! Шчасьлівы той, хто адплаціць табе за тое, што ты нам зрабіла!

9 Шчасьлівы той, хто немаўлятаў тваіх схопіць і паб’е аб скалу.

 

Псальм 138(137)

1 Давіда. Я буду славіць Цябе ўсім сэрцам; перад абліччам багоў буду выслаўляць Цябе.

2 Пакланюся ў сьвятыні сьвятасьці Тваёй і буду славіць імя Тваё за міласэрнасьць Тваю і праўду Тваю, бо Ты ўзьвялічыў па-над усякае імя Тваё слова Тваё.

3 У дзень, калі я клікаў, Ты адказаў мне, і ўзмоцніў сілаю душу маю.

4 Будуць славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, усе валадары зямлі, бо пачуюць словы вуснаў Тваіх.

5 І будуць сьпяваць пра шляхі ГОСПАДА, бо вялікая слава ГОСПАДА.

6 Бо ўзвышаны ГОСПАД, але бачыць пакорнага і ганарлівага пазнае здалёк.

7 Калі буду хадзіць сярод турботаў, Ты ажывіш мяне, супраць гневу ворагаў маіх Ты выцягнеш руку Тваю, і мяне вызваліць правіца Твая.

8 ГОСПАД выканае [справу маю] для мяне. ГОСПАДЗЕ, міласэрнасьць Твая на вякі! Не пакінь твораў рук Тваіх! Альлелюя!

 

Псальм 139(138)

1 Кіраўніку хору. Давіда. Псальм. ГОСПАДЗЕ, Ты дасьледаваў мяне і ведаеш [мяне].

2 Ты ведаеш, калі я сядаю і калі я ўстаю; разумееш думку маю здалёк.

3 Сьцежку маю і ляжаньне маё Ты спазнаў, і ўсе шляхі мае Табе вядомыя.

4 Бо няма яшчэ словаў на языку маім, а Ты, ГОСПАДЗЕ, ведаеш усё.

5 Ззаду і сьпераду Ты абняў мяне і паклаў на мяне руку Тваю.

6 Надзвычай дзівоснае веданьне, перавышае мяне, не магу яго сьцяміць!

7 Куды мне ісьці ад Духа Твайго і ад аблічча Твайго куды ўцячы?

8 Калі б я ўзыйшоў на неба, Ты там; калі б паслаў сабе [ложак] у пекле, — вось, [і там] Ты!

9 Калі б я ўзяў крылы сьвітаньня, калі б пасяліўся на канцы мора,

10 там таксама рука Твая вадзіла б мяне, і трымала б мяне правіца Твая.

11 Калі б я сказаў: «Няхай цемра пакрые мяне, і ноччу няхай станецца сьвятло вакол мяне»,

12 дык і цемра ня будзе цёмнай для Цябе, і ноч заясьнее, як дзень; цемра, як сьвятло.

13 Бо Ты стварыў ныркі мае, выткаў мяне ва ўлоньні маці маёй.

14 Слаўлю Цябе, бо я захапляльна і дзівосна збудаваны; цудоўныя справы Твае, і душа мая ведае [гэта] добра.

15 Не былі схаваныя косткі мае перад Табою, калі я кшталтаваўся пад заслонай, быў вытканы ў глыбінях зямлі.

16 Зародак мой бачылі вочы Твае; і ў кнізе Тваёй запісаны ўсе дні, што былі вызначаны, калі яшчэ ніводнага з іх не было.

17 Якія каштоўныя для мяне думкі Твае, Божа, якая вялікая безьліч іх!

18 Лічу іх, але іх больш, чым пяску. Я буджуся, і я ўсьцяж з Табою.

19 Калі б Ты, Божа, забіў бязбожніка, тады людзі крывавыя адыйдуць ад мяне.

20 Яны гавораць супраць Цябе зламыснае; дарэмна робяць сябе ворагамі Тваімі.

21 Ці ж ня мушу я ненавідзець тых, што ненавідзяць Цябе, ГОСПАДЗЕ, і брыдзіцца тымі, што супраць Цябе паўстаюць?

22 Нянавісьцю поўнай я іх ненавіджу, яны сталіся ворагамі для мяне.

23 Дасьледуй мяне, Божа, і спазнай сэрца маё, выспрабуй мяне і спазнай думкі мае!

24 І паглядзі, ці не на гаротным я шляху, і шляхам вечнасьці вядзі мяне.

 

Псальм 140(139)

1 Кіраўніку хору. Псальм Давіда.

2 Ратуй мяне, ГОСПАДЗЕ, ад чалавека ліхога, ад чалавека злачыннага захоўвай мяне!

3 Яны задумляюць ліхое ў сэрцы сваім, кожны дзень узьнімаюць вайну,

4 навастрылі язык свой, як зьмеі, атрута зьмяіная ў вуснах іхніх. (Сэлях)

5 Захавай мяне, ГОСПАДЗЕ, ад рук бязбожніка! Захоўвай мяне ад чалавека злачыннага, ад тых, што мяркуюць пахіснуць стопы мае.

6 Пыхліўцы таемна [наставілі] пастку для мяне і петлі, расьцягнулі сеці пры сьцежцы, паставілі сіло для мяне. (Сэлях)

7 Сказаў я да ГОСПАДА: «Ты — мой Бог!» Прыхілі вуха, ГОС­ПАДЗЕ, на голас маленьня майго!

8 ГОСПАДЗЕ, Госпадзе, моц збаўленьня майго, Ты засланяеш галаву маю ў дзень бітвы.

9 Ня дай таго, ГОСПАДЗЕ, што жадае бязбожнік, намерам ягоным ня дай споўніцца, каб не ўзьнімаліся яны! (Сэлях)

10 Няхай галовы тых, што мяне абступілі, пакрыюцца ліхоцьцем вуснаў іхніх!

11 Няхай пасыплецца на іх вугольле! У агонь няхай кіне Ён іх, у дол глыбокі, каб ім не паўстаць!

12 Чалавек з языком [ліхім] на зямлі ня ўстоіць; на чалавека злачыннага ліхоцьце цікаваць будзе, каб загубіць яго.

13 Ведаю я, што ГОСПАД выступіць у справе прыгнечанага, [дасьць] суд убогаму.

14 І будуць праведнікі славіць імя Тваё, правыя будуць жыць перад абліччам Тваім!

 

Псальм 141(140)

1 Псальм Давіда. ГОСПАДЗЕ, клічу Цябе! Пасьпяшайся да мяне! Прыхілі вуха на голас мой, калі клічу да Цябе!

2 Няхай будзе малітва мая як кадзіла перад абліччам Тваім, а ўзьніманьне рук маіх — як дар вечаровы!

3 Пастаў, ГОСПАДЗЕ, варту вуснам маім, захоўвай дзьверы губаў маіх!

4 Ня дай прыхіліцца сэрцу майму да словаў ліхіх, да чыненьня справаў бязбожных з людзьмі злачыннымі, і няхай ня буду я есьці ласункі іхнія.

5 Няхай б’е мяне праведнік, [бо гэта] міласэрнасьць; няхай карае мяне, [бо гэта] алей для галавы, які не пашкодзіць галаве маёй; бо малітва мая — супраць ліхоты іхняй.

6 Няхай будуць скінутыя ў рукі Скалы судзьдзі іхнія, і пачуюць яны словы мае, бо яны прыемныя.

7 Быццам нехта трушчыць і сячэ [дровы] на зямлі, так сыплюцца косткі нашыя ў пашчу пекла.

8 Але да Цябе, ГОСПАДЗЕ, Госпадзе мой, вочы мае; у Табе я маю надзею, не зруйнуй Ты душы маёй.

9 Захавай Ты мяне ад пасткі, што яны наставілі на мяне, ад сіла, [што наставілі] злачынцы.

10 Няхай патрапяць усе разам бязбожнікі ў сеці свае, а я абміну іх.

 

Псальм 142(141)

1 Навучаньне Давіда, калі ён быў у пячоры. Малітва.

2 Голасам маім я крычу да ГОСПАДА, голасам маім прашу ГОСПАДА пра літасьць.

3 Перад абліччам Ягоным я выліваю смутак мой, пра трывогу маю перад абліччам Ягоным апавядаю.

4 Калі зьнемагае ў-ва мне дух мой, Ты ведаеш сьцежку маю. На дарозе, якой я хаджу, яны таемна [наставілі] сіло на мяне.

5 Гляджу я ўправа, і бачу, што няма нікога, хто б ведаў мяне; загінуў прытулак мой, ніхто не шукае душы маёй.

6 Я крычу да Цябе, ГОСПАДЗЕ, кажучы: «Ты — прыстанішча маё, Ты — частка мая ў зямлі жывых!»

7 Зваж на галашэньне маё, бо вельмі я зьнямогся; ратуй Ты мяне ад тых, што перасьледуюць мяне, бо яны дужэйшыя за мяне.

8 Вызваль з вязьніцы душу маю, каб я славіў імя Тваё. Праведнікі абступаюць мяне навакол, бо Ты робіш дабро для мяне.

 

Псальм 143(142)

1 Псальм Давіда. ГОСПАДЗЕ, пачуй малітву маю, прыхілі вуха на маленьне маё, паводле праўды Тваёй адкажы мне, паводле праведнасьці Тваёй.

2 І не ўваходзь у суд са слугою Тваім, бо ня будзе праведны перад абліччам Тваім ніхто з жывых.

3 Бо перасьледуе вораг душу маю, скрышыў да зямлі жыцьцё маё, змусіў жыць мяне ў месцы цёмным, быццам тых, што памерлі даўно.

4 І зьнямогся ў-ва мне дух мой, замерла ў нутры маім сэрца маё.

5 Я ўзгадваю дні старадаўнія, разважаю пра ўсе дзеяньні Твае, пра ўчынкі рук Тваіх думаю.

6 Выцягваю рукі мае да Цябе; душа мая [прагне] Цябе, як зямля бязводная. (Сэлях)

7 Пасьпяшайся, адкажы мне, ГОСПАДЗЕ! Чэзьне дух мой! Не хавай жа аблічча Твайго ад мяне, каб ня стаўся я падобным да таго, хто зыходзіць у магілу.

8 Дай мне раніцаю чуць пра міласэрнасьць Тваю, бо я на Цябе спадзяюся. Дай мне ведаць шлях, якім мне ісьці, бо да Цябе я ўзьнімаю душу маю.

9 Ратуй мяне ад ворагаў маіх, ГОСПАДЗЕ, у Цябе я хаваюся.

10 Навучы мяне рабіць тое, што даспадобы Табе, бо Ты — Бог мой. Няхай добры Твой дух вядзе мяне да зямлі роўнай.

11 ГОСПАДЗЕ, дзеля імя Твайго ажыві мяне! У праведнасьці Тваёй вывядзі з уціску душу маю!

12 І ў міласэрнасьці Тваёй вынішчы ворагаў маіх, і зьнішчы ўсіх, што ўціскаюць душу маю, бо я — слуга Твой!

 

Псальм 144(143)

1 Давіда. Дабраслаўлёны ГОСПАД, скала мая, Які навучае рукі мае барацьбе, і пальцы мае — змаганьню.

2 Міласэрнасьць для мяне і замчышча маё, умацаваны замак мой і Збаўца для мяне, шчыт мой, Той, у Якім маю надзею, Ён народ мой падпарадкоўвае мне!

3 ГОСПАДЗЕ, што ёсьць чалавек, што Ты ведаеш яго, і сын чалавечы, што Ты думаеш пра яго?

4 Чалавек падобны да марнасьці; дні ягоныя — быццам цень, што мінае.

5 ГОСПАДЗЕ, нахілі неба Тваё і зыйдзі, дакраніся да гор, і яны запалаюць!

6 Блісьні маланкай і расьцяруш іх, пусьці стрэлы Твае і прагані іх!

7 Выцягні з вышыні руку Тваю, вызвалі мяне і выратуй мяне з водаў вялікіх, з рукі сыноў чужынскіх,

8 вусны якіх гавораць марнае, а правіца іхняя — правіца хлусьні.

9 Божа, я новы сьпеў буду сьпяваць для Цябе, на псалтыры дзесяціструнным буду граць Табе,

10 бо Ты даеш выратаваньне валадару, і выбаўляеш Давіда, слугу Твайго, ад мяча злыдня!

11 Выбаў мяне і выратуй мяне ад рукі сыноў чужынскіх, вусны якіх гавораць марнае, а правіца іхняя — правіца хлусьні.

12 Няхай будуць сыны нашыя, быццам саджанцы, якія разрастаюцца ў маладосьці сваёй; дочкі нашыя — быццам слупы вуглавыя, якія высечаны паводле ўзору сьвятыні.

13 Сьпіжарні нашыя няхай будуць поўныя, каб задаволіць любыя патрэбы, усялякія патрэбы; няхай у тысячу разоў памножацца авечкі нашыя на вуліцах нашых.

14 Валы нашыя няхай будуць тлустыя, няхай ня будзе ані вылому, ані страты, ані ляманту на плошчах нашых!

15 Шчасьлівы той народ, у якога гэтак дзеецца! Шчасьлівы той народ, у якога ГОСПАД ёсьць Бог ягоны!

 

Псальм 145(144)

1 Хвала Давіда. Буду вывышаць Цябе, Божа мой і Валадару, і дабраслаўляць імя Тваё на вякі і вечна!

2 Штодня буду дабраслаўляць Цябе і буду хваліць імя Тваё на вякі і вечна.

3 Вялікі ГОСПАД і годны хвалы, і веліч Ягоная недасьледная.

4 Пакаленьне пакаленьню будзе хваліць творы Твае і пра магутнасьць Тваю будзе апавядаць.

5 Пра слаўную годнасьць велічнасьці Тваёй і пра цудоўныя дзеі Твае буду разважаць.

6 Пра магутнасьць [дзеяньняў] страшных Тваіх няхай гавораць яны; а я пра веліч Тваю буду абвяшчаць.

7 Успаміны пра вялікую добрасьць Тваю яны будуць пераказваць і весяліцца дзеля праведнасьці Тваёй.

8 Літасьцівы і спагадлівы ГОСПАД, павольны да гневу і вельмі міласэрны.

9 Добры ГОСПАД да ўсіх, і літасьць Ягоная — па-над усе справы Ягоныя.

10 Няхай славяць Цябе, ГОСПАДЗЕ, усе творы Твае, і багабойныя Твае няхай дабраслаўляюць Цябе!

11 Пра славу Валадарства Твайго няхай гавораць яны і пра магутнасьць Тваю расказваюць,

12 каб даведаліся сыны чалавечыя пра магутнасьць Ягоную і пра славу велічнасьці Валадарства Ягонага.

13 Валадарства Тваё — валадарства на ўсе вякі, і панаваньне Тваё — у-ва ўсіх пакаленьнях.

14 Падтрымлівае ГОСПАД усіх, хто падае, і падымае ўсіх прыгнечаных.

15 Вочы ўсіх на Цябе ўзіраюцца, і Ты ім спажыву даеш у свой час.

16 Ты расчыняеш руку Тваю і насычаеш усё, што жыве, паводле ўпадабаньня.

17 Праведны ГОСПАД на ўсіх шляхах Сваіх і сьвяты ў-ва ўсіх справах Сваіх.

18 ГОСПАД блізкі да ўсіх, што клічуць Яго, да ўсіх, што клічуць Яго ў праўдзе.

19 Ён робіць паводле жаданьня тых, што баяцца Яго, і чуе лямант іхні і выбаўляе іх.

20 ГОСПАД захоўвае ўсіх, што любяць Яго, але ўсіх бязбожных Ён зьнішчыць.

21 Хвалу ГОСПАДУ будуць казаць вусны мае, і ўсякае цела няхай дабраслаўляе сьвятое імя Ягонае на вякі і вечна.

 

Псальм 146(145)

1 Альлелюя! Хвалі, душа мая, ГОСПАДА!

2 Хваліць буду ГОСПАДА, пакуль жыву; выслаўляць буду Бога майго, пакуль існую.

3 Не спадзявайцеся на магнатаў, на сына чалавечага, у якім няма выратаваньня!

4 Выйдзе дух з яго, і ён вернецца ў зямлю; у той самы дзень зьнікнуць і задумы ягоныя.

5 Шчасьлівы той, у каго Бог Якуба — дапамога, у каго надзея на ГОСПАДА, Бога ягонага,

6 Які стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў ім, Які захоўвае праўду на вякі,

7 Які ўчыняе суд для пакрыўджаных, дае хлеба галодным. ГОСПАД разьвязвае зьвязаных,

8 ГОСПАД расплюшчвае [вочы] сьляпых, ГОСПАД падымае прыгнечаных, ГОСПАД любіць праведных.

9 ГОСПАД захоўвае прыхадняў, дапамагае сіротам і ўдовам, але шлях бязбожнікаў блытае.

10 Валадарыць ГОСПАД на вякі; Бог твой, Сыёне, — з пакаленьня ў пакаленьне! Альлелюя!

 

Псальм 147(146,147)

1 Хвалеце ГОСПАДА, бо Ён добры; выслаўляйце Бога нашага, бо прыемна гэта. Хвала належыць Яму!

2 ГОСПАД будуе Ерусалім, зьбірае выгнанцаў Ізраіля.

3 Ён лечыць скрышаных сэрцам і перавязвае раны іхнія.

4 Ён вызначае лік зоркам, кожную імем яе называе.

5 Вялікі Госпад наш і багаты сілай, розум Ягоны меры ня мае.

6 ГОСПАД дапамагае ўцісканым, бязбожнікаў да зямлі паніжае.

7 Адкажыце ГОСПАДУ падзякай, выслаўляйце Бога нашага на гусьлях.

8 Ён закрывае неба хмарамі, рыхтуе для зямлі дождж, узрошчвае траву на гарах,

9 дае скаціне спажыву яе, і груганятам, што крычаць да Яго.

10 Ня ў сіле каня Ён мае ўпадабаньне і ня ногі мужа даспадобы Яму,

11 але даспадобы ГОСПАДУ тыя, што баяцца Яго, што спадзяюцца на міласэрнасьць Ягоную.

12 Слаў ГОСПАДА, Ерусалім, хвалі Бога твайго, Сыёне!

13 Бо Ён умацаваў завалы брамаў тваіх, дабраславіў сыноў тваіх пасярод цябе.

14 Ён дае супакой у межах тваіх, тлустасьцю пшаніцы насычае цябе.

15 Ён спасылае слова Сваё на зямлю, вельмі хутка бяжыць пастанова Ягоная!

16 Ён дае сьнег, быццам воўну, сыпле шэрань, як попел.

17 Ён кідае лёд Свой кавалкамі; перад марозам Ягоным хто можа ўстаяць?

18 Ён пасылае слова Сваё, і растапляецца [ўсё]; Ён павее ветрам Сваім, і воды цякуць.

19 Ён паведаміў слова, слова Сваё Якубу, пастановы Свае і суды Свае — для Ізраіля.

20 Не зрабіў такога ніводнаму народу, і судоў Ягоных не пазналі яны. Альлелюя!

 

Псальм 148

1 Альлелюя! Хвалеце ГОСПАДА з неба, хвалеце Яго на вышынях!

2 Хвалеце Яго, усе анёлы Ягоныя! Хвалеце Яго, усе войскі Ягоныя!

3 Хвалеце Яго, сонца і месяц, хвалеце Яго, усе зоркі ясныя!

4 Хвалеце Яго, нябёсы нябёсаў, і вы, воды, што па-над нябёсамі!

5 Няхай яны хваляць імя ГОСПАДА, бо Ён загадаў, і былі створаныя,

6 і паставіў іх на вякі вечныя; даў ім пастанову, і не пераступяць яе.

7 Хвалеце ГОСПАДА з зямлі, цмокі і ўсе бяздоньні,

8 агонь і град, сьнег і туман, вецер бурны, які дзее паводле слова Ягонага,

9 горы і ўзгоркі ўсе, дрэвы пладовыя і кедры ўсе,

10 зьвяры і ўся скаціна, паўзуны і птаства крылатае,

11 валадары зямныя і ўсе народы, князі і ўсе судзьдзі зямлі,

12 юнакі разам з дзяўчатамі, старыя і маладыя.

13 Няхай яны хваляць імя ГОСПАДА, бо толькі Ягонае імя ўзьвялічанае, слава Ягоная над зямлёю і небам!

14 Ён узьняў рог народу Свайго. Хвала Яму ад усіх багабойных Ягоных, ад сыноў Ізраіля, ад народу, блізкага Яму! Альлелюя!

 

Псальм 149

1 Альлелюя! Сьпявайце ГОС­ПАДУ новы сьпеў; хвала Яму ў царкве багабойных!

2 Весяліся, Ізраілю, у Творцы тваім; радуйцеся, сыны Сыёну, у Валадару вашым!

3 Хвалеце імя Ягонае карагодамі, на бубнах і на гусьлях выслаўляйце Яго!

4 Бо даспадобы ГОСПАДУ народ Ягоны; уцісканым Ён зьявіць збаўленьне.

5 Будуць цешыцца багабойныя ў славе [Ягонай], будуць весяліцца на ложках сваіх.

6 Праслаўленьне Богу няхай будзе ў вуснах іхніх, а меч двусечны — у руцэ іхняй,

7 каб зьдзейсьніць помсту над паганамі, кару над народамі,

8 каб вязаць валадароў іхніх ланцугамі, і шляхту іхнюю — кайданамі жалезнымі,

9 каб учыніць для іх суд, як напісана. Гэткая велічнасьць для ўсіх багабойных Ягоных! Альлелюя!

 

Псальм 150

1 Альлелюя! Хвалеце Бога ў сьвятыні Ягонай, хвалеце Яго ў прасьцягу моцы Ягонай!

2 Хвалеце Яго за магутнасьць Ягоную; хвалеце Яго дзеля мноства велічы Ягонай!

3 Хвалеце Яго гукам трубаў, хвалеце Яго на псалтыры і гусьлях!

4 Хвалеце Яго з бубнамі і карагодамі; хвалеце Яго на струнах і жалейках!

5 Хвалеце Яго на цымбалах гучных; хвалеце Яго на цымбалах галосных!

6 Усякае дыханьне няхай хваліць ГОСПАДА! Альлелюя!