Беларуская Біблія

ТРЭЦЯЕ ПАЎСЮДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ АПОСТАЛА ЯНА

 

Разьдзел 1

1 Староста — улюбёнаму Гаю, якога я люблю ў праўдзе.

2 Улюбёны! Малюся, каб ты быў здаровы і пасьпяховы ў-ва ўсім, як пасьпяховая душа твая.

3 Бо я вельмі ўзрадаваўся, калі прыйшлі браты і засьведчылі пра тваю праўду, як ты ходзіш у праўдзе.

4 Для мяне няма большай радасьці, як чуць, што дзеці мае ходзяць у праўдзе.

5 Улюбёны! Ты робіш вернае ў тым, што робіш для братоў і для чужынцаў,

6 якія засьведчылі перад царквою пра тваю любоў. Ты добра зробіш, правёўшы іх, як належыцца перад Богам,

7 бо яны дзеля імя Ягонага пайшлі, нічога ня ўзяўшы ад паганаў.

8 А мы павінны прыймаць гэтакіх, каб стацца супрацоўнікамі праўдзе.

9 Я пісаў царкве, але Дыятрэф, які любіць у іх быць першым, не прызнае нас.

10 Дзеля гэтага, калі я прыйду, нагадаю пра ўчынкі ягоныя, якія ён робіць, абмаўляючы нас злымі словамі; і не задавольваючыся гэтым, і сам не прызнае братоў, і тым, якія хочуць, забараняе, і выганяе з царквы.

11 Улюбёны! Не пераймай ліхое, але добрае. Хто робіць дабро, той ад Бога; а хто робіць ліхое, ня бачыў Бога.

12 Пра Дэмэтрыя засьведчана ўсімі і самой праўдаю, і мы сьведчым, і вы ведаеце, што сьведчаньне нашае праўдзівае.

13 Шмат меў я пісаць, але не хачу пісаць табе атрамантам і трысьцінай,

14 а спадзяюся неўзабаве пабачыць цябе і гаварыць вуснамі ў вусны.

15 Супакой табе! Вітаюць цябе сябры; прывітай сяброў паіменна.