Беларуская Біблія

ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ

 

Разьдзел 1

1 Першую аповесьць учыніў я,  Тэафіле, пра ўсё, што пачаў Ісус рабіць і навучаць

2 да таго дня, у які быў узьнесены, даўшы праз Духа Сьвятога загады апосталам, якіх выбраў,

3 і перад якімі зьявіў Сябе жывым пасьля цярпеньняў Сваіх са шматлікімі доказамі, на працягу сарака дзён паказываючыся ім і кажучы пра Валадарства Божае.

4 І, сабраўшы іх, загадаў ім: «Не адыходзьце з Ерусаліму, але чакайце на абяцаньне Айца, пра якое вы чулі ад Мяне,

5 што Ян хрысьціў вадою, а вы праз некалькі дзён будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым».

6 А яны, зыйшоўшыся, пыталіся ў Яго, кажучы: «Госпадзе, ці ня ў гэты час Ты адновіш валадарства Ізраіля?»

7 Ён жа сказаў ім: «Ня вам ведаць час ці пару, якія Айцец паклаў ва ўладзе Сваёй,

8 але вы возьмеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне сьведкамі ў Ерусаліме, і ў-ва ўсёй Юдэі і Самарыі, і нават да краю зямлі».

9 І, сказаўшы гэтае, Ён быў падняты, калі яны глядзелі [на Яго], і воблака ўзяло Яго ад вачэй іхніх.

10 І калі яны ўглядаліся ў неба, як Ён адыходзіў, вось, два мужы сталі перад імі ў белым адзеньні

11 і сказалі: «Мужы Галілейскія! Чаго вы стаіцё, гледзячы ў неба? Гэты Ісус, узяты ад вас у неба, прыйдзе гэтак сама, як вы бачылі Яго, што ідзе ў неба».

12 Тады яны вярнуліся ў Ерусалім з гары, называнай Аліўнай, што блізка ад Ерусаліму, за дзень суботні ходу.

13 І, калі прыйшлі, узыйшлі ў залю, дзе былі Пётар, і Якуб, і Ян, і Андрэй, Філіп і Тамаш, Барталамей і Мацьвей, Якуб Алфеяў і Сымон Зілот, і Юда Якубаў.

14 Усе яны трывалі аднадушна ў малітвах і просьбах разам з жанчынамі, і Марыяй, маці Ісуса, і братамі Ягонымі.

15 І ў тыя дні Пётар, устаўшы сярод вучняў, сказаў, — а была грамада імёнаў разам каля ста дваццаці:

16 «Мужы браты! Мусіла споўніцца тое Пісаньне, якое казаў раней Дух Сьвяты праз вусны Давіда пра Юду, што стаўся павадыром тых, якія схапілі Ісуса,

17 што быў ён палічаны з намі, і выпала яму жэрабя служэньня гэтага.

18 Ён, што праўда, прыдбаў поле за нагароду няправеднасьці і, рынуўшыся, разьдзёрся папалове, і вываліліся ўсе ўнутранасьці ягоныя,

19 і сталася гэта вядома ўсім, хто жыве ў Ерусаліме, так што поле тое названае на іхняй мове Акельдама, гэта ёсьць Поле крыві.

20 Бо напісана ў кнізе Псальмаў: “Няхай станецца двор ягоны пустым, і няхай ніхто не жыве ў ім”, і: “Урад ягоны няхай возьме іншы”.

21 Дык з тых мужоў, якія зыходзіліся з намі праз увесь час, калі прыходзіў і выходзіў да нас Госпад Ісус,

22 пачынаючы ад хрышчэньня Янавага ажно да дня, калі Ён быў узяты ад нас, адзін з іх мусіць стацца разам з намі сьведкам уваскрасеньня Яго».

23 І паставілі двух: Язэпа, называнага Барсабам, якога звалі Юстам, і Мацея,

24 і, молячыся, сказалі: «Ты, Госпадзе, Які ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў

25 узяць жэрабя служэньня гэтага і апостальства, ад якога адступіўся Юда, каб ісьці на месца сваё».

26 І кінулі жэрабя пра іх, і ўпала жэрабя на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці апосталаў.

 

Разьдзел 2

1 І калі надыйшоў дзень Пяцідзясятніцы, былі ўсе аднадушна разам.

2 І стаўся раптам шум з неба, быццам ад наляцеўшага гвалтоўнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.

3 І паказаліся ім падзеленыя языкі, быццам агнявыя, і паселі на кожным з іх.

4 І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым, і пачалі гаварыць іншымі мовамі, як Дух даваў ім прамаўляць.

5 Былі ж у Ерусаліме спыніўшыся Юдэі, мужы пабожныя, з усякага народу пад небам.

6 А як стаўся голас гэты, зыйшлося мноства і ўстрывожылася, бо кожны чуў, што яны гавораць ягонай мовай.

7 Усе ж дзівіліся і зьдзіўляліся, кажучы адзін аднаму: «Вось, усе гэтыя, што гавораць, ці ж не Галілейцы?

8 І як мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся?

9 Парты, і Мідзяне, і Эляміты, і жыхары Мэсапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понту і Азіі,

10 Фрыгіі і Памфіліі, Эгіпту і межаў Лібіі каля Кірэнэі, і прыйшоўшыя рымскія Юдэі, і празэліты,

11 Крыцяне і Арабы, — чуем іх, што гавораць нашымі мовамі пра веліч Божую?»

12 Дзівіліся ж усе і бянтэжыліся, кажучы адзін аднаму: «Што гэта можа быць?»

13 А іншыя, насьміхаючыся, казалі, што яны напіліся маладога віна.

14 Пётар жа з Адзінаццацьцю, устаўшы, узьняў голас свой і прамовіў да іх: «Мужы Юдэйскія і ўсе жыхары Ерусаліму! Няхай будзе вам гэта вядома, і выслухайце словы мае,

15 бо яны ня п’яныя, як вы думаеце, бо яшчэ трэцяя гадзіна дня.

16 Але гэта ёсьць тое, што сказана праз прарока Ёэля:

17 “І будзе ў апошнія дні, — кажа Бог, — выльлю Духа Майго на ўсякае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і юнакі вашыя будуць бачыць відзежы, і старыя вашыя будуць сьніць сны.

18 І на слугаў Маіх і на служак Маіх выльлю ў тыя дні Духа Майго, і будуць прарочыць.

19 І дам цуды ў небе ўгары і знакі на зямлі ўнізе: кроў, і агонь, і куродым.

20 Сонца пераменіцца ў цемру, і месяц — у кроў перш, чым прыйдзе дзень Госпада, вялікі і слаўны.

21 І будзе: кожны, хто будзе клікаць імя Госпада, будзе збаўлены”.

22 Мужы Ізраільцяне, выслухайце гэтыя словы: Ісуса з Назарэту, Мужа, зьяўленага між вамі Богам моцамі, і цудамі, і знакамі, якія рабіў праз Яго Бог сярод вас, як і самі вы ведаеце,

23 Яго, паводле вызначанай рады і прадбачаньня Божага выдадзенага, вы, узяўшы і рукамі беззаконьнікаў прыбіўшы цьвікамі, забілі.

24 Яго Бог уваскрасіў, вызваліўшы з мукаў сьмерці, таму што немагчыма было, каб Ён быў стрыманы ёю.

25 Бо Давід кажа пра Яго: “Бачыў я Госпада перад сабою заўсёды, бо Ён праваруч мяне, каб я не захістаўся.

26 Дзеля гэтага ўзьвесялілася сэрца маё, і ўзрадаваўся язык мой, нават і цела маё супачыне ў надзеі,

27 бо Ты не пакінеш душу маю ў пекле і не дасі сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне.

28 Ты даў мне ведаць шлях жыцьця; Ты напоўніш мяне радасьцю перад абліччам Тваім”.

29 Мужы браты! Належыцца мне сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, і магіла ягоная ў нас да гэтага дня.

30 А як быў ён прарок і ведаў, што прысягай прысягнуў яму Бог з плоду паясьніцы ягонай паводле цела паставіць Хрыста і пасадзіць на пасадзе ягоным,

31 прадбачачы, ён гаварыў пра ўваскрасеньне Хрыста, што не пакінутая душа Ягоная ў пекле, і цела Ягонае ня бачыла парахненьне.

32 Гэтага Ісуса ўваскрасіў Бог, і ўсе мы — сьведкі гэтага.

33 Дык узьнесены правіцаю Бога і ўзяўшы ад Айца абяцаньне Сьвятога Духа, Ён выліў тое, што вы цяпер бачыце і чуеце.

34 Бо Давід не ўзыйшоў у неба, а ён кажа: “Сказаў Гос­пад Госпаду майму: «Сядзь праваруч Мяне,

35 пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх»”.

36 Дык няхай упэўнена ведае ўвесь дом Ізраіля, што Бог зрабіў і Госпадам, і Хрыстом Яго, Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі».

37 Пачуўшы гэта, яны былі ўражаныя ў сэрцы і сказалі да Пятра і рэшты апосталаў: «Што нам рабіць, мужы браты?»

38 Пётар жа прамовіў да іх: «Навярніцеся, і няхай кожны з вас будзе ахрышчаны ў імя Ісуса Хрыста дзеля адпушчэньня грахоў, і возьмеце дар Сьвятога Духа.

39 Бо абяцаньне для вас, і для дзяцей вашых, і для ўсіх, якія далёка, каго пакліча Госпад, Бог наш».

40 І іншымі шматлікімі словамі сьведчыў і ўпрошваў, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага пакаленьня скрыўленага».

41 Дык тыя, што прыхільна прынялі словы ягоныя, былі ахрышчаныя, і ў той дзень дадалося каля трох тысячаў душ.

42 І трывалі яны ў вучэньні апосталаў, і ў супольнасьці, і ў ламаньні хлеба, і ў малітвах.

43 Быў жа страх на кожнай душы, і шмат цудаў і знакаў дзеялася праз апосталаў.

44 А ўсе, якія мелі веру, былі разам, і мелі ўсё супольнае.

45 І прадавалі маёмасьць і ўласнасьць, і дзялілі паміж усімі, хто якую меў патрэбу.

46 І кожны дзень аднадушна трываючы ў сьвятыні і ламаючы хлеб у дамах, прыймалі ежу ў весялосьці і лагоднасьці сэрца,

47 хвалячы Бога і маючы ласку ва ўсяго народу. А Госпад штодня дадаваў да царквы тых, што былі збаўленыя.

 

Разьдзел 3

1 Пётар жа і Ян ішлі разам у сьвятыню а дзявятай гадзіне малітвы.

2 І нейкі чалавек, кульгавы ад чэрава маці сваёй, якога насілі і кожны дзень лажылі ля дзьвярэй сьвятыні, называных Прыгожымі, прасіць міласьціну ў тых, якія ўваходзяць у сьвятыню,

3 убачыўшы Пятра і Яна, што меліся ўвайсьці ў сьвятыню, прасіў у іх міласьціны.

4 А Пётар, які з Янам углядаўся на яго, сказаў: «Паглядзі на нас».

5 Ён жа ўзіраўся на іх, чакаючы нешта ад іх узяць.

6 А Пётар сказаў: «Срэбра і золата няма ў мяне. А што маю, тое даю табе: у імя Ісуса Хрыста з Назарэту ўстань і хадзі!»

7 І, узяўшы яго за правую руку, падняў. І адразу ўмацаваліся ногі і косткі ягоныя,

8 і ён, падскочыўшы, стаў, і хадзіў, і ўвайшоў з імі ў сьвятыню, ходзячы, і скачучы, і хвалячы Бога.

9 І ўвесь народ бачыў яго, як хадзіў і хваліў Бога.

10 І пазналі яго, што ён быў той, які дзеля міласьціны сядзеў ля Прыгожых дзьвярэй сьвятыні; і напоўніліся страхам і зьдзіўленьнем ад таго, што здарылася з ім.

11 А як аздароўлены кульгавы трымаўся Пятра і Яна, увесь народ у здуменьні прыбег да іх у прысенак, называны Салямонавым.

12 Бачачы гэта, Пётар адказаў народу: «Мужы Ізраільцяне! Што зьдзіўляецеся гэтаму, ці што так углядаецеся на нас, нібыта мы сваёю сілай або пабожнасьцю зрабілі, каб ён хадзіў?

13 Бог Абрагама, і Ісаака, і Якуба, Бог бацькоў нашых уславіў Сына Свайго Ісуса, Якога вы выдалі і ад Якога адракліся перад абліччам Пілата, калі той судзіў вызваліць Яго.

14 Вы ж ад Сьвятога і Праведнага адракліся і прасілі дараваць вам чалавека забойцу,

15 а Самаго Начальніка жыцьця забілі. Яго Бог падняў з мёртвых, і мы — сьведкі гэтага.

16 І дзеля веры ў імя Ягонае ўмацавала імя Ягонае таго, каго вы бачыце і ведаеце; і вера, якая ад Яго, дала яму ацаленьне гэтае перад усімі вамі.

17 І цяпер, браты, я ведаю, што праз няведаньне ўчынілі вы гэта, як і начальнікі вашыя,

18 а Сам Бог, Які прадвесьціў праз вусны ўсіх Сваіх прарокаў, каб цярпець [пакуты] Хрысту, тое і споўніў.

19 Дык навярніцеся і вярніцеся, каб сьцерліся грахі вашыя,

20 каб прыйшлі часы асьвяжэньня ад аблічча Госпада, і каб Ён паслаў Ісуса Хрыста, Якога вам наперад абвясьціў,

21 і Якога мусіла неба прыняць да часу напраўленьня ўсяго, пра што гаварыў Бог праз вусны ўсіх Сваіх сьвятых прарокаў ад вякоў.

22 Бо Майсей сказаў бацькам: “Прарока паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых, як мяне. Яго слухайце ў-ва ўсім, што будзе казаць вам.

23 І будзе: кожная душа, якая не паслухае Прарока гэтага, будзе вынішчана з народу”.

24 І ўсе прарокі ад Самуэля і па чарзе, якія толькі гаварылі, прапаведвалі гэтыя дні.

25 Вы — сыны прарокаў і запавету, які заключыў Бог з бацькамі нашымі, кажучы да Абрагама: “І ў насеньні тваім дабраслаўлёныя будуць усе народы зямлі”.

26 Вам першым Бог, уваскрасіўшы Сына Свайго Ісуса, паслаў Яго, дабраслаўляючы вас, каб адвярнуўся кожны ад зласьлівасьці сваёй».

 

Разьдзел 4

1 Калі яны гаварылі да народу, сталі перад імі сьвятары, і начальнікі варты сьвятыні, і садукеі,

2 узлаваныя, што яны навучаюць народ і прапаведуюць у Ісусе ўваскрасеньне з мёртвых.

3 І ўсклалі на іх рукі, і аддалі іх у вастрог да заўтра, бо быў ужо вечар.

4 А многія з тых, якія чулі слова, паверылі; і быў лік такіх мужоў каля пяці тысячаў.

5 А назаўтра сталася, што сабраліся ў Ерусаліме начальнікі іхнія, і старшыні, і кніжнікі,

6 і Анна першасьвятар, і Каяфа, і Ян, і Аляксандар, і ўсе, хто быў з роду першасьвятарскага,

7 і, паставіўшы іх пасярод, пыталіся: «Якою моцаю ці якім імем вы ўчынілі гэта?»

8 Тады Пётар, напоўніўшыся Духам Сьвятым, сказаў да іх: «Начальнікі народу і старшыні Ізраілю!

9 Калі нас сёньня дапытваюць за дабрадзейства нядужаму чалавеку, кім ён аздароўлены,

10 няхай будзе вядома ўсім вам і ўсяму народу Ізраіля, што ў імя Ісуса Хрыста з Назарэту, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрасіў з мёртвых, праз Яго ён стаіць перад вамі здаровы.

11 Ён — Камень, пагарджаны вамі, будаўнічымі, Які стаўся галавою вугла,

12 і ні ў кім іншым няма збаўленьня, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім мусілі мы быць збаўленыя».

13 А ўбачыўшы адвагу Пятра і Яна і спасьцярогшы, што яны людзі някніжныя і простыя, зьдзіўляліся; пазналі ж іх, што яны былі з Ісусам.

14 Бачачы ж аздароўленага чалавека, які стаяў з імі, не маглі нічога запярэчыць.

15 Загадаўшы ж ім выйсьці з сынэдрыёну, радзіліся між сабою,

16 кажучы: «Што мы зробім з гэтымі людзьмі? Бо, праўда, вялікі знак, які стаўся праз іх, яўны для ўсіх, хто жыве ў Ерусаліме, і мы ня можам адмовіць гэта.

17 Але, каб больш не разыходзілася гэта ў народзе, пагрозамі забаронім ім, каб ужо не гаварылі ў імя гэтае нікому з людзей».

18 І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не гаварыць і не навучаць у імя Ісуса.

19 А Пётар і Ян, адказваючы ім, сказалі: «Судзіце, ці справядліва перад Богам слухаць вас больш, чым Бога?

20 Бо мы ня можам не гаварыць пра тое, што бачылі і чулі».

21 Яны ж, пагражаючы, вызвалілі іх, не знаходзячы, як пакараць іх, дзеля народу, бо ўсе славілі Бога за тое, што сталася.

22 Бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, з якім стаўся знак аздараўленьня.

23 Калі ж іх вызвалілі, яны прыйшлі да сваіх і паведамілі ўсё, што ім сказалі першасьвятары і старшыні.

24 А яны, пачуўшы, аднадушна паднялі голас да Бога і сказалі: «Уладару! Ты — Бог, Які ўчыніў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх.

25 Праз вусны Давіда, слугі Твайго, Ты сказаў: “Чаму бунтуюцца пагане і народы задумваюць марнае?

26 Паўсталі валадары зямлі, і князі сабраліся разам супраць Госпада і супраць Хрыста Ягонага”.

27 Бо праўдзіва сабраліся супраць Сьвятога Сына Твайго Ісуса, Якога Ты памазаў, Ірад і Понтый Пілат з паганамі і народам Ізраіля,

28 каб учыніць усё, што рука Твая і рада Твая прадвызначылі, каб сталася.

29 І цяпер, Госпадзе, зірні на пагрозы іхнія, і дай слугам Тваім з усёю адвагаю гаварыць слова Тваё,

30 а Ты працягні руку Тваю на аздараўленьне, і каб рабіліся знакі і цуды праз імя Сьвятога Сына Твайго Ісуса».

31 І, як памаліліся, захісталася месца, дзе яны былі сабраўшыся, і ўсе былі напоўненыя Духам Сьвятым, і гаварылі слова Божае з адвагаю.

32 А ў мноства тых, якія паверылі, было адно сэрца і адна душа, і ніхто нічога з маёмасьці сваёй не называў сваім, але ўсё ў іх было супольнае.

33 І з вялікай сілай апосталы давалі сьведчаньне ўваскрасеньня Госпада Ісуса, і ласка вялікая была на ўсіх іх.

34 Бо не было сярод іх нікога, хто меў нястачу, бо ўсе, хто меў палі ці дамы, продаючы іх, прыносілі цану праданага

35 і клалі ля ног апосталаў; а кожнаму давалася тое, якую хто меў патрэбу.

36 А Ёсія, названы апосталамі Барнабам, што значыць Сын пацяшэньня, лявіт, родам з Кіпру,

37 які меў сваё поле, прадаўшы яго, прынёс грошы і паклаў ля ног апосталаў.

 

Разьдзел 5

1 А нейкі муж, на імя Ананія, з Сапфіраю, жонкаю сваёю, прадаў маёмасьць сваю,

2 і прыхаваў з цаны з ведама жонкі сваёй, і, прынёсшы нейкую частку, палажыў ля ног апосталаў.

3 А Пётар сказаў: «Чаму напоўніў шатан сэрца тваё, каб схлусіць Духу Сьвятому ды прыхаваць з цаны за поле?

4 Ці ж не тваё было, што ты меў, і праданае ці ж не ў тваёй уладзе было? Навошта ты палажыў рэч гэтую ў сэрца сваё? Ты схлусіў ня людзям, але Богу».

5 Пачуўшы словы гэтыя, Ананія ўпаў нежывы. І вялікі страх стаўся на ўсіх, якія чулі гэта.

6 А юнакі, устаўшы, узялі яго і, вынесшы, пахавалі.

7 Сталася ж гадзіны праз тры, прыйшла і жонка ягоная, ня ведаючы, што сталася.

8 А Пётар спытаўся ў яе: «Скажы мне, ці за гэтулькі аддалі вы поле?» Яна ж сказала: “Так, за гэтулькі”.

9 А Пётар сказаў да яе: «Навошта змовіліся вы спакусіць Духа Госпадавага? Вось, пры дзьвярах ногі тых, якія пахавалі мужа твайго, і яны вынясуць цябе».

10 Яна ж адразу ўпала ля ног ягоных нежывая. А юнакі, увайшоўшы, знайшлі яе мёртвую і, вынесшы, пахавалі каля мужа яе.

11 І стаўся вялікі страх на ўсёй царкве і на ўсіх, якія чулі гэта.

12 А праз рукі апосталаў рабілася шмат знакаў і цудаў у народзе, і былі ўсе аднадушна ў прысенку Салямонавым.

13 А з іншых ніхто не адважваўся прыстаць да іх, але ўзьвялічваў іх народ.

14 А тых, што вераць у Госпада, дадавалася яшчэ больш, мноства мужчынаў і жанчынаў,

15 так што выносілі хворых на вуліцы і лажылі на ложках і насілках, каб хоць цень Пятра, які ішоў, ацяніў каго з іх.

16 Зыйшлося таксама ў Ерусалім мноства з навакольных гарадоў, несучы хворых і апанаваных нячыстымі духамі, якія ўсе былі аздароўленыя.

17 А першасьвятар і ўсе, што з ім, якія былі з герэзіі садукейскай, паўстаўшы, напоўніліся зайздрасьцю,

18 і ўсклалі рукі свае на апосталаў, і зьмясьцілі іх у вастрог грамадзкі.

19 А анёл Госпада ўначы адчыніў дзьверы вязьніцы і, вывеўшы іх, сказаў:

20 «Ідзіце і, стаўшы, гаварыце ў сьвятыні да народу ўсе словы жыцьця гэтага».

21 Пачуўшы гэта, яны ўвайшлі раніцаю ў сьвятыню і навучалі. А першасьвятар і тыя, што з ім, прыйшоўшы, склікалі сынэдрыён і ўсю старшызну сыноў Ізраіля і паслалі ў вязьніцу прывесьці іх.

22 Паслугачы ж, прыйшоўшы, не знайшлі іх у вязьніцы і, вярнуўшыся, паведамілі,

23 кажучы: «Вязьніцу знайшлі мы замкнёную надзейна і вартаўнікоў, якія звонку стаялі перад дзьвярыма; але, адчыніўшы, усярэдзіне нікога не знайшлі».

24 Калі ж пачулі словы гэтыя сьвятар, і начальнік варты сьвятыні, і першасьвятары, зьбянтэжыліся, што б гэта сталася?

25 А нехта, прыйшоўшы, паведаміў ім, кажучы, што вось мужы, якіх вы зьмясьцілі ў вязьніцу, стаяць у сьвятыні і навучаюць народ.

26 Тады начальнік варты, пайшоўшы з паслугачамі, прывёў іх бяз гвалту, бо баяліся народу, каб не ўкаменаваў іх.

27 А прывёўшы, паставілі іх у сынэдрыёне; і спытаўся ў іх першасьвятар,

28 кажучы: «Ці не пагрозамі забаранілі мы вам навучаць пра імя гэтае? І вось, вы напоўнілі Ерусалім вучэньнем вашым і хочаце сьцягнуць на нас кроў Чалавека Гэтага».

29 І, адказваючы, Пётар і апосталы сказалі: «Больш трэба слухацца Бога, чым людзей.

30 Бог бацькоў нашых уваскрасіў Ісуса, Якога вы забілі, павесіўшы на дрэве.

31 Яго, Начальніка і Збаўцу, Бог правіцай Сваёй узвысіў, каб даць Ізраілю навяртаньне і адпушчэньне грахоў.

32 І сьведкі Ягоныя на словы гэтыя — мы і Дух Сьвяты, Якога Бог даў тым, што слухаюцца Яго».

33 Тыя ж, пачуўшы, раз’юшыліся і пастанавілі пазабіваць іх.

34 А адзін фарысэй у сынэдрыёне, на імя Гамаліэль, законавучыцель, знаны ўсяму народу, устаўшы, загадаў на трохі [часу] вывесьці апосталаў,

35 і сказаў ім: «Мужы Ізраільцяне, сьцеражыцеся адносна людзей гэтых, што маеце ўчыніць.

36 Бо перад гэтымі днямі паўстаў Тэўда, кажучы пра сябе як пра некага, і да яго прыстаў лік мужоў каля чатырохсот; ён быў забіты, і ўсе, што слухаліся яго, расьцярушыліся і сталіся нічым.

37 Пасьля гэтага ў дні перапісу паўстаў Юда Галілеец і пацягнуў за сабою даволі народу; і ён загінуў, і ўсе, што слухаліся яго, рассыпаліся.

38 І цяпер кажу вам: адыйдзіцеся ад гэтых людзей і пакіньце іх; бо калі ад людзей рада гэтая ці справа гэтая, будзе зьнішчаная,

39 а калі ад Бога, вы ня здолееце зьнішчыць яе, і каб не апынулася, што вы ваюеце з Богам».

40 Яны ж паслухаліся яго і, паклікаўшы апосталаў, зьбіўшы, загадалі ім не гаварыць пра імя Ісуса, і вызвалілі іх.

41 Тыя ж пайшлі ад аблічча сынэдрыёна, радуючыся, што сталіся вартымі зьняважаньня за імя Ягонае.

42 І кожны дзень у сьвятыні і дома не пераставалі навучаць і дабравесьціць пра Ісуса Хрыста.

 

Разьдзел 6

1 А ў гэтыя дні, калі памножылася вучняў, сталася нараканьне Эліністаў на Гебраяў, што ў штодзённым служэньні занядбоўваюцца ўдовы іхнія.

2 Дванаццаць жа, паклікаўшы мноства вучняў, сказалі: «Ня гожа нам, пакінуўшы слова Божае, служыць пры сталах.

3 Дык нагледзьце спасярод вас, браты, сем засьведчаных мужоў, поўных Духа Сьвятога і мудрасьці, якіх мы паставім на гэтую патрэбу,

4 а мы будзем трываць у малітве і служэньні слова».

5 І спадабалася слова гэтае перад абліччам усяго мноства, і выбралі Стэфана, мужа, поўнага веры і Духа Сьвятога, і Філіпа, і Прохара, і Ніканора, і Тымона, і Пармэна, і Мікалая Антыяхійца, празэліта.

6 Іх паставілі перад апосталамі; і яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі.

7 І слова Божае расло, і вучні ў Ерусаліме вельмі множыліся лікам, і вялікая колькасьць сьвятароў паслухаліся веры.

8 А Стэфан, поўны веры і сілы, чыніў цуды і знакі вялікія ў народзе.

9 Паўсталі ж некаторыя з сынагогі, называнай Лібэртынскай, і Кірэнэйскай, і Александрыйскай, і тых, што з Кілікіі і Азіі, спрачаючыся са Стэфанам,

10 і ня здолелі супрацьстаць мудрасьці і Духу, Якім ён гаварыў.

11 Тады падбілі мужоў сказаць: «Мы чулі яго, як гаварыў словы блюзьнерскія на Майсея і Бога».

12 І падбухторылі народ, і старшыняў, і кніжнікаў, і, стаўшы, схапілі яго, і прывялі ў сынэдрыён.

13 І паставілі яны хлусьлівых сьведкаў, якія казалі: «Гэты чалавек не перастае гаварыць словы блюзьнерскія супраць гэтага сьвятога месца і супраць Закону,

14 бо мы чулі, як ён казаў, што Ісус з Назарэту зруйнуе месца гэтае і зьменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей».

15 І ўсе тыя, што сядзелі ў сынэдрыёне, углядаючыся на яго, бачылі аблічча ягонае, нібыта аблічча анёла.

 

Разьдзел 7

1 А першасьвятар сказаў: «Ці ж гэта так?»

2 Той жа мовіў: «Мужы браты і бацькі, паслухайце! Бог славы зьявіўся бацьку нашаму Абрагаму, калі той быў у Мэсапатаміі, перш, чым пасяліўся ў Харане,

3 і сказаў да яго: “Выйдзі з зямлі тваёй і ад родзічаў тваіх і ідзі ў зямлю, якую Я табе пакажу”.

4 Тады, выйшаўшы з зямлі Халдэйскае, ён пасяліўся ў Харане; адтуль пасьля сьмерці бацькі ягонага [Бог] перасяліў яго ў гэтую зямлю, у якой вы цяпер жывяцё.

5 І ня даў яму ў ёй спадчыны ані на стапу нагі; і абяцаў яму даць яе ў валоданьне яму і насеньню ягонаму пасьля яго, а ня меў ён дзіцяці.

6 Сказаў жа яму Бог, што насеньне ягонае будзе прыхаднем у зямлі чужой, і зьняволяць іх, і будуць рабіць ім зло чатырыста гадоў.

7 “І народ, які зняволіць іх, Я буду судзіць, — сказаў Бог, — і пасьля гэтага яны выйдуць і будуць служыць Мне ў гэтым месцы”.

8 І даў яму запавет абразаньня. І гэтак ён нарадзіў Ісаака, і абрэзаў яго на восьмы дзень; і Ісаак — Якуба, і Якуб — дванаццаць патрыярхаў.

9 І патрыярхі, зайздросьцячы Язэпу, прадалі яго ў Эгіпет; і Бог быў з ім,

10 і выбавіў яго з усіх прыгнётаў ягоных, і даў яму ласку і мудрасьць перад фараонам, валадаром Эгіпту; і той паставіў яго за кіраўніка над Эгіптам і над усім домам сваім.

11 Прыйшоў жа голад на ўсю зямлю Эгіпту і Ханаану, і гора вялікае, і бацькі нашыя не знаходзілі жыўнасьці.

12 А Якуб, пачуўшы, што ёсьць збожжа ў Эгіпце, паслаў спачатку бацькоў нашых,

13 і за другім разам Язэп быў пазнаны братамі ягонымі, і фараону выявіўся род Язэпавы.

14 А Язэп, паслаўшы, паклікаў бацьку свайго Якуба і ўсіх родзічаў сваіх, душаў семдзесят пяць.

15 Якуб жа зыйшоў у Эгіпет, і памёр сам і бацькі нашыя,

16 і перанесьлі іх у Сыхем, і паклалі ў магілу, якую набыў Абрагам за цану срэбра ў сыноў Гемора Сыхемава.

17 А як набліжаўся час абяцаньня, наконт якога прысягаў Бог Абрагаму, народ рос і памнажаўся ў Эгіпце

18 да часу, калі паўстаў іншы валадар, які ня ведаў Язэпа.

19 Той, хітруючы супраць роду нашага, рабіў зло бацькам нашым, каб яны выкідалі немаўлят, каб тыя не жылі.

20 У той час нарадзіўся Майсей, і быў мілы Богу; яго гадавалі тры месяцы ў доме бацькі ягонага.

21 Калі ж выкінулі яго, узяла яго дачка фараона і гадавала яго за сына сабе.

22 І быў настаўлены Майсей у-ва ўсёй мудрасьці Эгіпцянаў, і быў ён магутны ў словах і ўчынках.

23 Калі ж споўнілася яму сорак гадоў веку, прыйшло яму на сэрца даведацца братоў сваіх, сыноў Ізраіля.

24 І, убачыўшы, як некага крыўдзілі, заступіўся за яго і адпомсьціў за пакрыўджанага, ударыўшы Эгіпцяніна.

25 Ён жа думаў, што браты ягоныя зразумеюць, што Бог рукой ягонай дае ім выбаўленьне, а яны не зразумелі.

26 І на наступны дзень ён зьявіўся ім, як яны біліся, і вёў іх да згоды, кажучы: “Мужы, вы — браты! Чаму вы крыўдзіце адзін аднаго?”

27 А той, што быў крыўдзіў бліжняга, адапхнуў яго, кажучы: “Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю над намі?

28 Ці ты хочаш забіць мяне, як забіў учора Эгіпцяніна?”

29 Праз гэтае слова ўцёк Майсей і стаўся прыхаднем у зямлі Мадыям, дзе нарадзіў двух сыноў.

30 А калі споўнілася сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні пад гарою Сынай анёл Госпада ў полымі агню ў кусьце.

31 Майсей жа, убачыўшы, зьдзівіўся відзежу, і калі ён набліжаўся, каб прыгледзецца, быў да яго голас Госпада:

32 “Я — Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба”. Трасучыся, Майсей не адважыўся ўглядацца.

33 А Госпад сказаў яму: “Здымі сандалы з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, — зямля сьвятая.

34 Гледзячы, Я ўбачыў гора народу Майго ў Эгіпце, і пачуў стагнаньне іхнае, і зыйшоў выбавіць іх. І цяпер ідзі, Я пашлю цябе ў Эгіпет”.

35 Таго Майсея, якога яны адракліся, кажучы: “Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю?” — яго Бог за начальніка і выбавіцеля паслаў рукой анёла, які зьявіўся яму ў кусьце.

36 Ён вывеў іх, учыніўшы цуды і знакі ў зямлі Эгіпецкай, і ў Чырвоным моры, і ў пустыні сорак гадоў.

37 Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраіля: “Прарока паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых, як мяне; Яго слухайце”.

38 Гэта той, які быў у пустыні ў зборы з анёлам, што гаварыў на гары Сынай з ім і з бацькамі нашымі, які прыняў словы жывыя, каб даць нам,

39 якому не хацелі быць паслухмяныя бацькі нашыя, але адапхнулі яго і павярнулі сэрцы свае да Эгіпту,

40 кажучы Аарону: “Зрабі нам багоў, якія будуць ісьці наперадзе нас, бо ня ведаем, што сталася з Майсеем гэтым, які вывеў нас з зямлі Эгіпецкай”.

41 І зрабілі ў тыя дні цяля, і прынесьлі ахвяру ідалу, і весяліліся ў справах рук сваіх.

42 А Бог адвярнуўся і аддаў іх служыць войску нябеснаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: “Дом Ізраіля, ці прыносілі вы Мне бітае і ахвяры сорак гадоў у пустыні?

43 І паднялі вы намёт Малоха і зорку бога вашага Рэмфана, абразы, якія вы зрабілі, каб ім пакланяцца. І Я перасялю вас ажно за Бабілон”.

44 Намёт сьведчаньня быў у бацькоў нашых у пустыні, як загадаў Той, Які гаварыў Майсею зрабіць яго паводле ўзору, які ён бачыў.

45 Яго, узяўшы, занесьлі бацькі нашыя з Егошуам у валоданьні паганаў, якіх Бог выгнаў ад аблічча бацькоў нашых, ажно да дзён Давіда,

46 які знайшоў ласку перад Богам і прасіў, каб знайсьці будыніну Богу Якуба.

47 Салямон жа пабудаваў Яму дом.

48 Але Найвышэйшы не жыве ў бажніцах, зробленых рукамі, як кажа прарок:

49 “Неба — пасад Мой, а зямля — падножжа ног Маіх. Які ж дом вы пабудуеце Мне, — кажа Госпад, — або якое месца супачынку Майго?

50 Ці ж не Мая рука ўчыніла ўсё гэтае?”

51 [Людзі] з цьвёрдым каркам і з неабрэзаным сэрцам і вушамі! Вы заўсёды супрацівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы.

52 Каго з прарокаў не перасьледавалі бацькі вашыя, і пазабівалі прадвесьнікаў прыходу Праведніка, здраднікамі і забойцамі Якога вы цяпер сталіся,

53 вы, якія ўзялі Закон паводле пастановы анёлаў і не захавалі яго».

54 А слухаючы гэта, яны раз’юшваліся ў сэрцах сваіх і скрыгаталі зубамі на яго.

55 Ён жа, напоўнены Духам Сьвятым, углядаючыся ў неба, убачыў славу Божую і Ісуса, Які стаіць праваруч Бога,

56 і сказаў: «Вось, бачу неба адчыненае і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога».

57 Яны ж, закрычаўшы моцным голасам, пазатыкалі вушы свае, і аднадушна рынуліся на яго,

58 і, выгнаўшы за горад, каменавалі яго. І сьведкі кінулі адзеньні свае ля ног дзяцюка, называнага Саўл,

59 і каменавалі Стэфана, які клікаў [Бога] і казаў: «Госпадзе Ісусе, прыймі дух мой!»

60 І, укленчыўшы, закрычаў моцным голасам: «Госпадзе, не палічы ім грэху гэтага!» І, сказаўшы гэта, памёр.

 

Разьдзел 8

1 А Саўл згаджаўся на забойства яго. Сталася ж у той дзень вялікае перасьледваньне царквы ў Ерусаліме. І ўсе, акрамя апосталаў, былі расьцярушаныя па ваколіцах Юдэі і Самарыі.

2 А Стэфана пахавалі мужы пабожныя і ўчынілі па ім галашэньне вялікае.

3 Саўл жа нішчыў царкву, уваходзячы ў дамы, і, цягнучы мужчынаў і жанчынаў, аддаваў [іх] у вязьніцу.

4 А тыя, што расьцярушыліся, хадзілі, дабравесьцячы слова.

5 Філіп жа, зыйшоўшы ў горад Самаранскі, абвяшчаў ім Хрыста.

6 І натоўпы прыслухоўваліся да ўсяго, што казаў Філіп, аднадушна слухаючы і бачачы знакі, якія ён чыніў.

7 Бо з многіх, якія мелі духаў нячыстых, яны выходзілі, крычучы моцным голасам, а шмат спараліжаваных і кульгавых былі аздароўленыя.

8 І сталася радасьць вялікая ў горадзе тым.

9 А быў раней у гэтым горадзе нейкі муж на імя Сымон, які чараваў і зьдзіўляў народ Самарыі, называючы сябе некім вялікім.

10 І прыслухоўваліся да яго ўсе ад малога да вялікага, кажучы: «Ён ёсьць вялікая моц Божая».

11 Прыслухоўваліся ж да яго дзеля таго, што ён даволі часу чараваньнем зьдзіўляў іх.

12 А калі паверылі Філіпу, які дабравесьціў пра Валадарства Божае і імя Ісуса Хрыста, былі ахрышчаны як мужчыны, так і жанчыны.

13 Дый Сымон і той паверыў, і, ахрысьціўшыся, трываў пры Філіпе. А бачачы знакі і цуды вялікія, што рабіліся, дзівіўся.

14 Апосталы ж, што былі ў Ерусаліме, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна,

15 якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб атрымалі Духа Сьвятога,

16 бо Ён ня быў на нікога з іх зыйшоўшы, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса.

17 Тады яны ўсклалі на іх рукі, і яны атрымалі Духа Сьвятога.

18 Сымон жа, пабачыўшы, што праз ускладаньне рук апосталаў даецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы,

19 кажучы: «Дайце і мне гэткую ўладу, каб той, на каго ўскладу рукі, атрымаў Духа Сьвятога».

20 Пётар жа сказаў яму: «Няхай срэбра тваё будзе з табой на загубу, бо дар Божы ты думаў за грошы здабыць.

21 Няма табе часткі і жэрабя ў слове гэтым, бо сэрца тваё ня шчырае перад Богам.

22 Дык навярніся ад гэтай ліхоты тваёй і прасі Бога, можа, будзе адпушчана табе задума сэрца твайго.

23 Бо бачу цябе ў гарчыні жоўці і ў  вузьле няправеднасьці».

24 А Сымон, адказваючы, сказаў: «Маліцеся вы за мяне да Госпада, каб не прыйшло на мяне тое, што вы сказалі».

25 Яны ж, засьведчыўшы і расказаўшы слова Госпада, вярнуліся ў Ерусалім, дабравесьцячы ў многіх мястэчках Самаранскіх.

26 А анёл Госпада прамовіў да Філіпа, кажучы: «Устань і ідзі на поўдзень, на шлях, які зыходзіць з Ерусаліму ў Газу, той, які пусты».

27 І, устаўшы, ён пайшоў. І вось, муж Этыёпскі, эўнух, можны Кандакіі, валадаркі Этыёпаў, які быў над усімі скарбамі ейнымі і прыйшоў у Ерусалім пакланіцца,

28 вяртаўся назад, і сядзеў у калясьніцы сваёй, і чытаў прарока Ісаю.

29 А Дух сказаў Філіпу: «Падыйдзі і прыстань да калясьніцы гэтай».

30 Прыбегшы, Філіп пачуў, што той чытае прарока Ісаю, і сказаў: «Ці разумееш тое, што чытаеш?»

31 Той жа сказаў: «Як жа я магу, калі нехта не растлумачыць мне?» І папрасіў Філіпа, узыйшоўшы, сесьці з ім.

32 А ўрывак Пісаньня, які ён чытаў, быў гэткі: «Як авечку на зарэз, вялі Яго; і як ягня безгалосае перад тым, хто стрыжэ, гэтак Ён не адчыняе вуснаў Сваіх.

33 У паніжэньні Ягоным суд Ягоны ўзяты. А паходжаньне Ягонае хто распавядзе? Бо жыцьцё Ягонае будзе ўзята ад зямлі».

34 Адказваючы, эўнух сказаў Філіпу: «Прашу цябе, пра каго прарок гаворыць гэтае? Пра самога сябе ці пра каго іншага?»

35 А Філіп, адчыніўшы вусны свае і пачаўшы ад Пісаньня гэтага, дабравесьціў яму Ісуса.

36 А як ехалі па дарозе, прыйшлі да вады; і кажа эўнух: «Вось вада. Што перашкаджае мне быць ахрышчаным?»

37 А Філіп сказаў: «Калі верыш з усяго сэрца, можна». Ён жа, адказваючы, сказаў: «Веру, што Ісус Хрыстос ёсьць Сын Божы».

38 І загадаў спыніць калясьніцу. І зыйшлі абодва ў ваду, як Філіп, так і эўнух, і ахрысьціў яго.

39 Калі ж выйшлі яны з вады, Дух Госпада падхапіў Філіпа, і эўнух больш ня бачыў яго, бо паехаў у сваю дарогу, радуючыся.

40 А Філіп апынуўся ў Азоце; і, праходзячы, дабравесьціў па ўсіх гарадах, пакуль прыйшоў у Цэзарэю.

 

Разьдзел 9

1 Саўл жа, яшчэ дыхаючы пагрозай і забойствам на вучняў Госпадавых, падыйшоў да першасьвятара

2 і прасіў у яго лісты ў Дамаск да сынагогаў, каб, калі знойдзе некага, хто ёсьць на гэтым шляху, як мужчынаў, так і жанчынаў, зьвязаўшы, весьці ў Ерусалім.

3 А калі ён ішоў, сталася, як ён наблізіўся да Дамаску, што неспадзявана агарнула яго сьвятло з неба.

4 І, упаўшы на зямлю, ён пачуў голас, які гаварыў яму: «Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне?»

5 Ён жа сказаў: «Хто Ты, Госпадзе?» А Госпад сказаў: «Я — Ісус, Якога ты перасьледуеш. Цяжка табе супраць ражна ўпірацца».

6 І ён, дрыжучы і жахаючыся, сказаў: «Госпадзе, што хочаш, каб я рабіў?» І Госпад [кажа] да яго: «Устань і ідзі ў горад, і будзе табе сказана, што ты мусіш рабіць».

7 А мужы, якія спадарожнічалі яму, стаялі аслупянеўшы, чуючы голас, а нікога ня бачачы.

8 Саўл жа ўстаў з зямлі, і, адчыніўшы вочы свае, нікога ня бачыў; і ўзяўшы за руку, увялі яго ў Дамаск.

9 І тры дні ён ня бачыў, і ня еў, і ня піў.

10 Быў жа ў Дамаску адзін вучань на імя Ананія. І сказаў да яго Госпад у відзежы: «Ананія!» Ён жа сказаў: «Вось я, Госпадзе!»

11 А Госпад да яго: «Устаўшы, ідзі на вуліцу, называную Простай, і ў доме Юды пашукай Тарсяніна на імя Саўл, бо вось, ён моліцца

12 і бачыў у відзежы мужа на імя Ананія, які ўвайшоў і ўсклаў на яго руку, каб ён зноў бачыў».

13 Ананія ж адказаў: «Госпадзе, я чуў ад многіх пра мужа гэтага, колькі ліха ўчыніў ён сьвятым Тваім у Ерусаліме;

14 і тут ён мае ўладу ад першасьвятароў зьвязваць усіх, хто прызывае імя Тваё».

15 А Госпад сказаў да яго: «Ідзі, бо ён — Мая выбраная пасудзіна, каб несьці імя Маё перад паганамі, і валадарамі, і сынамі Ізраіля,

16 бо Я пакажу яму, колькі ён мусіць перацярпець за імя Маё».

17 Ананія пайшоў, і ўвайшоў у той дом, і, усклаўшы на яго рукі, сказаў: «Саўле, браце, Госпад паслаў мяне, Ісус, Які зьявіўся табе на дарозе, па якой ты ішоў, каб ты зноў бачыў і напоўніўся Духам Сьвятым».

18 І адразу нібы луска апала з вачэй ягоных, і стаў бачыць у той жа момант, і, устаўшы, быў ахрышчаны,

19 і, прыняўшы ежу, умацаваўся. І быў Саўл колькі дзён з вучнямі, што ў Дамаску,

20 і адразу абвяшчаў у сынагогах Хрыста, што Ён ёсьць Сын Божы.

21 А ўсе, хто чуў, дзівіліся і казалі: «Ці ня гэта той самы, які нішчыў у Ерусаліме тых, хто прызывае імя гэтае, і сюды прыйшоў дзеля таго, каб іх, зьвязаўшы, весьці да першасьвятароў?»

22 А Саўл больш умацоўваўся і трывожыў Юдэяў, якія жылі ў Дамаску, даводзячы, што Гэты [Ісус] ёсьць Хрыстос.

23 Калі ж споўнілася даволі дзён, Юдэі зрабілі нараду, каб забіць яго.

24 А Саўл даведаўся пра змову іхнюю. І яны сачылі ля брамаў дзень і ноч, каб яго забіць.

25 А вучні, узяўшы яго, уначы спусьцілі праз мур у кашы.

26 Прыйшоўшы ж у Ерусалім, Саўл спрабаваў прыстаць да вучняў, і ўсе баяліся яго, ня верачы, што ён — вучань.

27 А Барнаба, узяўшы яго, прывёў да апосталаў і распавёў ім, як у дарозе той бачыў Госпада, і што Ён гаварыў яму, і як ён у Дамаску адважна гаварыў у імя Ісуса.

28 І быў ён разам з імі, уваходзячы і выходзячы ў Ерусалім, і адважна гаворачы ў імя Госпада Ісуса.

29 Гаварыў таксама і спрачаўся з эліністамі, а тыя намагаліся яго забіць.

30 Браты ж, даведаўшыся, вывелі яго ў Цэзарэю і выправілі яго ў Тарс.

31 А цэрквы па ўсёй Юдэі, і Галілеі, і Самарыі мелі супакой, будуючыся і ходзячы ў страху Госпадавым, і праз пацяшэньне Духа Сьвятога памнажаліся.

32 Сталася ж, што Пётар, абыходзячы ўсіх, прыйшоў і да сьвятых, што жылі ў Лідзьдзе.

33 Знайшоў жа ён там аднаго чалавека, на імя Энэй, які восем гадоў ляжаў у ложку, бо быў спараліжаваны.

34 І сказаў яму Пётар: «Энэй, цябе аздараўляе Ісус Хрыстос; устань і пасьцялі сабе». І ён адразу ўстаў.

35 І бачылі яго ўсе, што жылі ў Лідзьдзе і Сароне, якія зьвярнуліся да Госпада.

36 А ў Ёппе была адна вучаніца, на імя Табіта, што ў перакладзе азначае Сарна. Яна была поўная добрых учынкаў і міласьцінаў, якія рабіла.

37 Сталася ж у тыя дні, што, занядужаўшы, яна памерла. Яе памылі і палажылі ў залі.

38 А як Лідда была блізка ад Ёппы, дык вучні, пачуўшы, што там Пётар, паслалі двух мужоў да яго, просячы прыйсьці да іх не марудзячы.

39 Устаўшы, Пётар прыйшоў да іх, і, як прыйшоў, завялі яго ў залю; і сталі перад ім усе ўдовы, галосячы і паказваючы вопраткі і адзеньне, якія паспраўляла Сарна, як была з імі.

40 А Пётар, выслаўшы ўсіх вонкі, укленчыўшы, маліўся і, зьвярнуўшыся да цела, сказаў: «Табіта, устань!» Яна ж адчыніла вочы свае і, убачыўшы Пятра, села.

41 А ён, даўшы ёй руку, падняў яе і, клікнуўшы сьвятых і ўдоваў, паставіў яе перад імі жывую.

42 І сталася ведама па ўсёй Ёппе, і многія паверылі ў Госпада.

43 Сталася ж, што ён даволі дзён заставаўся ў нейкага Сымона гарбара.

 

Разьдзел 10

1 А ў Цэзарэі быў адзін муж, на імя Карнэль, сотнік кагорты, называнай Італійскай,

2 пабожны і багабойны з усім домам сваім. Ён чыніў шмат міласьцінаў народу і ўсьцяж маліўся Богу.

3 Ён бачыў яўна ў відзежы каля дзявятае гадзіны дня анёла Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: «Карнэль!»

4 Ён жа, углядаючыся на яго і будучы ў страху, сказаў: «Што, Госпадзе?» А той сказаў яму: «Малітвы твае і міласьціны твае ўзыйшлі на памяць перад Богам.

5 І цяпер пашлі ў Ёппу мужоў, і пакліч Сымона, які называецца Пятром;

6 ён гасьцюе ў нейкага Сымона гарбара, дом якога ля мора. Ён скажа табе, што ты мусіш рабіць».

7 Калі ж анёл, які гаварыў з Карнэлем, адыйшоў, ён, паклікаўшы двух слугаў сваіх і пабожнага жаўнера з тых, што былі пры ім,

8 і ўсё ім распавёўшы, паслаў іх у Ёппу.

9 А на наступны дзень, як яны былі ў дарозе і набліжаліся да гораду, Пётар узыйшоў на дах памаліцца каля шостае гадзіны.

10 Адчуў жа голад і захацеў есьці; а калі гатавалі, ахапіла яго захапленьне,

11 і бачыць ён неба расчыненае і начыньне нейкае, якое зыходзіла да яго, быццам вялікі абрус, зьвязаны за чатыры канцы і апусканы на зямлю.

12 У ім былі ўсе чатырохногія зямныя, і зьвяры, і паўзуны, і птушкі нябесныя.

13 І стаўся голас да яго: «Устаўшы, Пётар, заколвай і еш».

14 А Пётар сказаў: «Ніякім чынам, Госпадзе, бо ніколі ня еў я паганага ці нячыстага».

15 І голас ізноў другі раз да яго: «Што Бог ачысьціў, ты не пагань».

16 Сталася ж гэта тройчы, і начыньне ізноў узьнялося ў неба.

17 Калі ж Пётар бянтэжыўся ў сабе, што б значыў відзеж, які бачыў, вось, мужы, пасланыя ад Карнэля, распытаўшы пра дом Сымона, спыніліся ля брамы

18 і, крыкнуўшы, спыталіся, ці тут гасьцюе Сымон, называны Пятром.

19 А як Пётар думаў пра гэты відзеж, сказаў яму Дух: «Вось, тры мужы шукаюць цябе.

20 Дык, устаўшы, зыйдзі і ідзі з імі, нічога не сумняваючыся, бо Я паслаў іх».

21 Зыйшоўшы ж да тых мужоў, пасланых да яго ад Карнэля, Пётар сказаў: «Вось, я той, каго вы шукаеце. Што за прычына, дзеля якой вы прыйшлі?»

22 Яны ж сказалі: «Карнэль, сотнік, муж праведны і багабойны, пра якога сьведчыць увесь народ Юдэйскі, атрымаў загад ад сьвятога анёла паклікаць цябе ў дом свой і паслухаць словы ад цябе».

23 Тады Пётар, запрасіўшы, гасьцяваў іх, а на заўтра пайшоў з імі, і некаторыя з братоў, якія з Ёппы, пайшлі з ім.

24 І на наступны дзень прыйшлі яны ў Цэзарэю, а Карнэль чакаў на іх, склікаўшы сваякоў сваіх і блізкіх сяброў.

25 Калі ж сталася, што Пётар увайшоў, Карнэль, сустрэўшы яго, упаў да ног ягоных і пакланіўся.

26 А Пётар падняў яго, кажучы: «Устань, і я таксама чалавек».

27 І, размаўляючы з ім, увайшоў, і знаходзіць шмат сабраных.

28 І прамовіў да іх: «Вы ведаеце, што не належыцца мужу Юдэйскаму злучацца ці зыходзіцца з чужынцамі, але Бог паказаў мне не называць ніякага чалавека паганым ці нячыстым.

29 Дзеля гэтага я і прыйшоў, як быў пакліканы, без пярэчаньняў. Дык пытаюся: дзеля якой прычыны вы паклікалі мяне?»

30 І прамовіў Карнэль: «Ад чацьвёртага дня аж да гэтае гадзіны я посьціў і а дзявятай гадзіне маліўся ў доме маім; і вось, стаў перада мною муж у сьветлым адзеньні

31 і мовіць: “Карнэль, пачутая малітва твая, і міласьціны твае ўзгаданыя перад Богам.

32 Дык пашлі ў Ёппу і пакліч Сымона, які называецца Пятром; ён гасьцюе ў доме Сымона гарбара, ля мора; ён, прыйшоўшы, скажа табе”.

33 Дык я неадкладна паслаў да цябе, і ты добра зрабіў, прыйшоўшы. А цяпер мы ўсе прыйшлі перад [аблічча] Бога, каб слухаць усё, што загадана табе ад Бога».

34 А Пётар, расчыніўшы вусны, сказаў: «Праўдзіва спасьцерагаю, што не на аблічча зважае Бог,

35 але ў кожным народзе прыемны Яму той, хто баіцца Яго і чыніць праведнасьць.

36 Слова паслаў Ён сынам Ізраіля, дабравесьцячы супакой праз Ісуса Хрыста, Які ёсьць Госпад усяго.

37 Вы ведаеце слова, што сталася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасьля хрышчэньня, якое абвясьціў Ян,

38 як Бог памазаў Духам Сьвятым і моцай Ісуса з Назарэту, Які хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх, прыгнятаных д’яблам, бо Бог быў з Ім.

39 І мы — сьведкі ўсяго, што Ён учыніў у краіне Юдэйскай і ў Ерусаліме. І забілі Яго, павесіўшы на дрэве.

40 Яго Бог уваскрасіў на трэці дзень, і даў Яму аб’яўляцца

41 не ўсяму народу, але сьведкам, наперад прызначаным ад Бога, нам, якія елі і пілі з Ім пасьля ўваскрасеньня Яго з мёртвых.

42 І Ён загадаў нам абвяшчаць народу і сьведчыць, што Ён ёсьць вызначаны ад Бога Судзьдзя жывых і мёртвых.

43 Пра Яго ўсе прарокі сьведчаць, што ўсякі, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэньне грахоў праз імя Ягонае».

44 Калі Пётар яшчэ гаварыў словы гэтыя, зыйшоў Дух Сьвяты на ўсіх, якія слухалі слова.

45 І дзівіліся верныя з абрэзаных, якія прыйшлі з Пятром, што і на паганаў выліты дар Сьвятога Духа,

46 бо чулі іх, як гаварылі мовамі і ўзьвялічвалі Бога. Тады адказаў Пётар:

47 «Няўжо нехта можа забараніць [узяць] вады дзеля хрышчэньня тых, якія атрымалі Духа Сьвятога, як і мы?»

48 І загадаў ім ахрысьціцца ў імя Госпада. Тады прасілі яго застацца на некалькі дзён.

 

Разьдзел 11

1 А апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, пачулі, што і пагане прынялі слова Божае.

2 І калі Пётар узыйшоў у Ерусалім, тыя, што з абрэзаных, сумняваліся ў ім,

3 кажучы: «Да мужоў неабрэзаных ты хадзіў і еў з імі!»

4 А Пётар, пачаўшы, выклаў па парадку, кажучы:

5 «Я быў у горадзе Ёппе, молячыся, і ў захапленьні ўбачыў відзеж: нейкае начыньне, якое зыходзіла, быццам вялікі абрус, за чатыры канцы апусканы з неба, і прыйшло да мяне.

6 Углядаючыся ў яго, я разгледзеў і ўбачыў чатырохногіх зямных, і зьвяроў, і паўзуноў, і птушах нябесных.

7 Пачуў жа я голас, які гаварыў мне: “Устаўшы, Пётар, заколвай і еш”.

8 А я сказаў: “Ніякім чынам, Госпадзе, бо нічога паганага ці нячыстага ніколі ня браў я ў вусны мае”.

9 А голас адказаў мне другі раз з неба: “Што Бог ачысьціў, ты не пагань”.

10 Сталася ж гэта тройчы, і ізноў усё ўзьнялося ў неба.

11 І вось, у гэты момант спыніліся перад домам, у якім я быў, тры мужы, пасланыя да мяне з Цэзарэі.

12 А Дух сказаў мне ісьці з імі, нічога не сумняваючыся. Пайшлі ж са мною і гэтыя шэсьць братоў, і мы прыйшлі ў дом таго мужа.

13 І абвясьціў ён нам, як бачыў у доме сваім анёла, які стаў і сказаў яму: “Пашлі ў Ёппу мужоў і пакліч Сымона, называнага Пятром,

14 які скажа табе словы, праз якія будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой”.

15 Калі ж я пачаў гаварыць, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, як і на нас на пачатку.

16 І ўзгадаў я слова Госпада, як Ён сказаў: “Ян хрысьціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым”.

17 Дык калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, што паверылі ў Госпада Ісуса Хрыста, хто ж я такі, каб мог забара­няць Богу?»

18 Пачуўшы ж гэтае, яны супакоіліся і славілі Бога, кажучы: «Можа, і паганам даў Бог навяртаньне дзеля жыцьця».

19 А тыя, што расьцярушыліся пасьля ўціску, які стаўся з прычыны Стэфана, пайшлі аж да Фінікіі, і Кіпру, і Антыёхіі, нікому не гаворачы слова, адно толькі Юдэям.

20 Былі ж некаторыя з іх мужы Кіпрыйскія і Кірэнэйскія, якія, прыйшоўшы ў Антыёхію, гаварылі да эліністаў, дабравесьцячы Госпада Ісуса.

21 І была рука Госпада з імі, і вялікая лічба, паверыўшы, зьвярнулася да Госпада.

22 А слова пра іх дайшло да вушэй царквы, што ў Ерусаліме, і яны паслалі Барнабу пайсьці аж у Антыёхію.

23 Ён, прыйшоўшы і ўбачыўшы ласку Божую, узрадаваўся і маліў усіх, каб пры пастанове сэрца трывалі ў Госпадзе,

24 бо ён быў муж добры і поўны Духа Сьвятога і веры. І значная грамада дадалася да Госпада.

25 А Барнаба выйшаў у Тарс шукаць Саўла і, знайшоўшы яго, прывёў у Антыёхію.

26 Сталася ж, што яны цэлы год зьбіраліся ў гэтай царкве і навучалі значную грамаду; у Антыёхіі найперш вучняў сталі называць Хрысьціянамі.

27 У тыя ж дні прыйшлі з Ерусаліму ў Антыёхію прарокі.

28 А адзін з іх, на імя Агаў, устаўшы, праз Духа даў знак, што на ўсім сьвеце мае быць вялікі голад, які і стаўся за цэзара Кляўдыя.

29 А вучні, кожны паводле магчымасьці сваёй, вызначылі паслаць [дапамогу] братам, што жылі ў Юдэі.

30 І ўчынілі гэта, паслаўшы да старостаў праз рукі Барнабы і Саўла.

 

Разьдзел 12

1 А ў той час валадар Ірад падняў руку, каб рабіць зло некаторым з царквы,

2 а Якуба, брата Яна, забіў мячом.

3 І, бачачы, што гэта падабаецца Юдэям, дадаў, што схапіў і Пятра, а былі дні праснакоў,

4 і, схапіўшы, пасадзіў у вязьніцу, загадаўшы чатыром чацьвёркам жаўнераў сьцерагчы яго, хочучы пасьля Пасхі вывесьці яго народу.

5 Дык Пятра пільнавалі ў вязьніцы, а шчырая малітва за яго ўзносілася ад царквы да Бога.

6 Калі ж Ірад меўся вывесьці яго, у тую ноч Пётар спаў між двух жаўнераў, зьвязаны двума ланцугамі, і перад дзьвярыма вартаўнікі пільнавалі вязьніцу.

7 І вось, анёл Госпада стаў, і сьвятло засьвяціла ў цэлі, і, ударыўшы Пятра ў бок, падняў яго, кажучы: «Устань хутчэй!» І ўпалі з рук ягоных ланцугі.

8 Анёл жа сказаў да яго: «Падперажыся і азуй сандалы твае». Ён зрабіў гэта, і той кажа яму: «Апрані адзеньне тваё і ідзі за мною».

9 І, выйшаўшы, пайшоў за ім, і ня ведаў, ці праўда тое, што сталася праз анёла, а думаў, што бачыць відзеж.

10 Абмінуўшы ж першую варту і другую, яны падыйшлі да жалезных брамаў, што вялі ў горад, якія самі расчыніліся ім, і, выйшаўшы, прайшлі адну вуліцу, і анёл адразу адыйшоў ад яго.

11 І Пётар, прыйшоўшы ў сябе, сказаў: «Цяпер праўдзіва ведаю, што Госпад паслаў анёла Свайго і вырваў мяне з рукі Ірада і з усяго, чаго чакаў народ Юдэйскі».

12 І, агледзеўшыся, прыйшоў у дом Марыі, маці Яна, называнага Маркам, дзе многія сабраліся і маліліся.

13 А калі Пётар грукаўся ў дзьверы брамаў, падыйшла паслухаць служка, на імя Рода,

14 і, пазнаўшы голас Пятра, ад радасьці не адчыніла брамаў, а, убегшы, абвясьціла, што Пётар стаіць перад брамамі.

15 Яны ж сказалі да яе: «Ты звар’яцела». А яна настойвала, што гэта ён. Яны ж казалі: «Гэта анёл ягоны».

16 А Пётар працягваў грукацца. Адчыніўшы, яны ўбачылі яго і зьдзівіліся.

17 Ён жа, даўшы знак рукою, каб маўчалі, распавёў ім, як Госпад вывеў яго з вязьніцы. І сказаў: «Абвясьціце пра гэта Якубу і братам». І, выйшаўшы, пайшоў у іншае месца.

18 А як настаў дзень, было хваляваньне немалое ў жаўнераў адносна таго, што магло стацца з Пятром.

19 Ірад жа, шукаючы яго і не знайшоўшы яго, дапытаўшы вартаўнікоў, загадаў вывесьці іх [на сьмерць]. І, зыйшоўшы з Юдэі ў Цэзарэю, быў [там].

20 А быў Ірад дужа зазлаваны на Тырыянаў і Сідонцаў. Яны ж аднадушна прыйшлі да яго і, пераканаўшы Бласта, падкаморага валадарскага, прасілі міру, бо іхняя краіна жывілася ад валадарскае.

21 У вызначаны ж дзень Ірад, апрануўшы валадарскае адзеньне і сеўшы на судовым пасадзе, прамаўляў да іх,

22 а народ крычаў: «Голас бога, а не чалавека!»

23 А анёл Госпада адразу ўдарыў яго за тое, што ён не аддаў славу Богу, і, заедзены чэрвямі, ён памёр.

24 А слова Божае расло і памнажалася.

25 А Барнаба і Саўл, споўніўшы служэньне, вярнуліся з Ерусаліму, узяўшы з сабою Яна, якога звалі Маркам.

 

Разьдзел 13

1 Былі ж у Антыёхіі, у тамтэйшай царкве, некаторыя прарокі і настаўнікі: і Барнаба, і Сымон, называны Нігер, і Луцый Кірэнэец, і Манаэн, што гадаваўся разам з Ірадам тэтрархам, і Саўл.

2 А калі яны спраўлялі служэньне Госпаду і посьцілі, сказаў Дух Сьвяты: «Аддзяліце Мне Барнабу і Саўла на справу, на якую Я паклікаў іх».

3 Тады яны, посьцячы і молячыся, і ўскладаючы на іх рукі, адпусьцілі іх.

4 Тыя ж, выпраўленыя Духам Сьвятым, прыйшлі ў Сэлеўкію, і адтуль паплылі на Кіпр.

5 І, апынуўшыся ў Саляміне, прапаведвалі слова Божае ў сынагогах Юдэйскіх; а мелі яны Яна за паслугача.

6 Прайшоўшы ж востраў да Пафа, знайшлі нейкага чараўніка, фальшывага прарока, Юдэя, на імя Бар-Ісус,

7 які быў у праконсула Сяргея Паўла, мужа разумнага. Той, паклікаўшы Барнабу і Саўла, шукаў слухаць слова Божае.

8 а чараўнік Эліма, бо так перакладаецца імя ягонае, супрацьстаяў ім, шукаючы адвярнуць праконсула ад веры.

9 А Саўл, ён жа Павал, напоўніўшыся Духам Сьвятым і ўглядаючыся на яго,

10 сказаў: «О, сыне д’ябла, поўны ўсякае падступнасьці і ўсякай ліхоты, вораг усякае праведнасьці! Ці не перастанеш ты крывіць простыя шляхі Госпада?

11 І вось цяпер рука Госпада над табою, і будзеш ты сьляпы, ня бачачы сонца да часу». І адразу зыйшлі на яго змрок і цемра, і ён, блукаючыся, шукаў, хто б яго вёў за руку.

12 Тады праконсул, убачыўшы, што сталася, паверыў, дзівячыся вучэньню Госпада.

13 А тыя, што з Паўлам, выйшаўшы з Пафу, прыйшлі ў Пэргію ў Памфіліі. Ян жа, адыйшоўшы ад іх, вярнуўся ў Ерусалім.

14 А яны, прайшоўшы Пэргію, прыйшлі ў Антыёхію Пісідзкую і, увайшоўшы ў сынагогу ў дзень суботы, паселі.

15 А пасьля чытаньня Закону і Прарокаў начальнікі сынагогі паслалі да іх, кажучы: «Мужы браты! Калі ёсьць у вас слова пацяшэньня для народу, кажыце».

16 Павал жа, устаўшы і даўшы знак рукою, сказаў: «Мужы Ізраільцяне і тыя, хто баіцца Бога, паслухайце!

17 Бог народу гэтага, Ізраіля, выбраў бацькоў нашых, і ўзьвялічыў народ, калі яны былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай, і ўзьнятым рамяном вывеў іх з яе,

18 і на працягу сарака гадоў зносіў іх у пустыні,

19 і, зьнішчыўшы сем народаў у зямлі Ханаан, даў ім на ўласнасьць зямлю іхнюю.

20 І пасьля гэтага каля чатырохсот і пяцідзесяці гадоў даваў судзьдзяў да Самуэля прарока.

21 У той час прасілі яны валадара; і даў ім Бог Саўла, сына Кісавага, мужа з калена Бэн’яміна, гадоў на сорак.

22 І, адставіўшы яго, паставіў ім за валадара Давіда, пра якога і сказаў, сьведчачы: “Знайшоў Я Давіда, сына Есэя, мужа паводле сэрца Майго, які выканае ўсю волю Маю”.

23 З ягонага насеньня Бог паводле абяцаньня падняў Ізраілю Збаўцу Ісуса.

24 Перад абліччам прыйсьця Ягонага абвяшчаў Ян хрышчэньне навяртаньня ўсяму народу Ізраіля.

25 А калі Ян споўніў бег свой, ён сказаў: “За каго лічыце мяне? Ня я гэта, але, вось, ідзе за мною Той, Якому я ня варты разьвязаць сандалы на нагах”.

26 Мужы браты, сыны роду Абрагамавага і тыя сярод вас, якія Бога баяцца! Вам пасланае слова збаўленьня гэтага.

27 Бо жыхары Ерусаліму і начальнікі іхнія, не пазнаўшы Яго і асудзіўшы, споўнілі словы прарокаў, чытаныя кожную суботу,

28 і, не знайшоўшы ніякае сьмяротнае віны, прасілі Пілата, каб Ён быў забіты.

29 Калі ж зьдзейсьнілі ўсё, напісанае пра Яго, зьняўшы з дрэва, палажылі ў магілу.

30 Але Бог уваскрасіў Яго з мёртвых.

31 Ён шмат дзён зьяўляўся тым, якія прыйшлі з Ім з Галілеі ў Ерусалім і якія ёсьць сьведкамі Яго перад народам.

32 І мы вам дабравесьцім, што абяцаньне, дадзенае бацькам, Бог споўніў нам, іхнім дзецям, уваскрасіўшы Ісуса,

33 як і ў другім псальме напісана: “Ты — Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе”.

34 А што Ён уваскрасіў Яго з мёртвых, каб Той больш не вярнуўся ў парахненьне, Ён сказаў гэтак: “Дам вам сьвятасьці Давідавыя верныя”.

35 Дзеля гэтага і ў іншым [псальме] кажа: “Не дасі Сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне”.

36 Бо Давід, паслужыўшы ў сваім пакаленьні намеру Божаму, памёр і далучыўся да бацькоў сваіх, і ўбачыў парахненьне,

37 а Той, Каго Бог уваскрасіў, ня ўбачыў парахненьня.

38 Дык няхай будзе вядома вам, мужы браты, што праз Яго прапаведуецца вам адпушчэньне грахоў,

39 і ў-ва ўсім, у чым вы не маглі апраўдацца ў законе Майсеевым, у Ім апраўдваецца кожны, хто верыць.

40 Дык глядзіце, каб не прыйшло на вас сказанае ў прарокаў:

41 “Пабачце, вы, якія пагарджаеце, і зьдзівіцеся, і шчэзьніце, бо Я раблю справу ў дні вашыя, справу, якой вы не паверыце, калі хто распавядзе вам”».

42 Калі ж яны выходзілі з сынагогі Юдэйскае, прасілі іх пагане, каб і ў наступную суботу гаварылі словы гэтыя.

43 А як разыйшлася сынагога, шмат Юдэяў і пабожных празэлітаў пайшлі за Паўлам і Барнабам, якія, размаўляючы з імі, пераконвалі іх заставацца ў ласцы Божай.

44 А ў наступную суботу амаль увесь горад сабраўся слухаць слова Божае.

45 А Юдэі, убачыўшы натоўп, напоўніліся зайздрасьцю і працівіліся таму, што гаварыў Павал, пярэчачы і блюзьнячы.

46 А Павал і Барнаба, адважыўшыся, сказалі: «Да вас належала спачатку гаварыць слова Божае. А як вы адкідаеце яго і ня лічыце сябе вартымі жыцьця вечнага, вось, мы паварочваемся да паганаў.

47 Бо так загадаў нам Госпад: “Я паставіў цябе як сьвятло для паганаў, каб быў ты на збаўленьне да краю зямлі”».

48 А пагане, чуючы гэта, радаваліся і славілі слова Госпада, і паверылі ўсе, якія былі прызначаныя да жыцьця вечнага.

49 І разносілася слова Госпада праз усю краіну.

50 А Юдэі падбухторылі пабожных і паважаных жанчынаў, і першых [людзей] у горадзе, і паднялі перасьлед на Паўла і Барнабу, і выгналі іх з межаў сваіх.

51 Яны ж, абтросшы пыл з ног сваіх на іх, прыйшлі ў Іконію.

52 А вучні былі напоўненыя радасьцю і Духам Сьвятым.

 

Разьдзел 14

1 Сталася ж у Іконіі, што ўвайшлі яны разам у сынагогу Юдэйскую і гаварылі гэтак, што паверыла вялікае мноства Юдэяў і Грэкаў.

2 А Юдэі, якія ня верылі, паднялі і раз’юшылі супраць братоў душы паганаў.

3 Аднак яны былі там даволі часу, адважна гаворачы пра Госпада, Які сьведчыў пра слова ласкі Сваёй і чыніў знакі і цуды праз рукі іхнія.

4 І падзялілася мноства ў горадзе, і адны былі з Юдэямі, а другія — з апосталамі.

5 А калі пагане і Юдэі з начальнікамі сваімі намерваліся зьняважыць і ўкаменаваць іх,

6 яны, даведаўшыся, уцяклі ў гарады Лікаонскія Лістру і Дэрбу, і ў ваколіцу,

7 і былі там, дабравесьцячы.

8 І нейкі чалавек у Лістры, немачны на ногі, сядзеў, бо ад чэрава маці сваёй быў кульгавы і ніколі не хадзіў.

9 Ён слухаў Паўла, які гаварыў, і той, глянуўшы на яго і бачачы, што ён мае веру дзеля збаўленьня,

10 сказаў моцным голасам: «Стань на ногі твае проста!» І ён падскочыў, і хадзіў.

11 А натоўп, бачачы, што зрабіў Павал, падняў голас свой, кажучы па-лікаонску: «Богі, падобныя да людзей, зыйшлі да нас!»

12 І называлі Барнабу Зэўсам, а Паўла — Гермэсам, бо ён быў правадыром у слове.

13 А сьвятар Зэўса, што стаяў перад горадам іхнім, прывёўшы валоў з вянкамі да брамаў, хацеў разам з натоўпам закалоць іх [у ахвяру].

14 Апосталы ж Барнаба і Павал, пачуўшы [пра гэта], разьдзёршы адзеньне сваё, кінуліся ў натоўп, крычучы і кажучы:

15 «Мужы! Што вы гэта робіце? І мы падобныя да вас людзі, якія дабравесьцім вам, каб адвярнуліся ад гэтых марнасьцяў да Бога Жывога, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх,

16 Які ў мінулых пакаленьнях пакінуў усе народы хадзіць сваімі шляхамі,

17 ды не пакінуў сьведчыць пра Сябе, робячы дабро, даючы нам з неба дажджы і поры ўраджайныя, напаўняючы ежай і радасьцю сэрцы нашыя!»

18 І, гаворачы гэтае, ледзь супакоілі натоўп, каб не заколвалі [ахвяры] для іх.

19 А з Антыёхіі і Іконіі прыйшлі Юдэі і, намовіўшы натоўп і ўкаменаваўшы Паўла, вывалаклі яго за горад, думаючы, што ён памёр.

20 Калі ж акружылі яго вучні, ён, устаўшы, увайшоў у горад і на заўтра выйшаў з Барнабам у Дэрбу.

21 І дабравесьціўшы гэтаму гораду, і навучыўшы многіх, яны вярнуліся ў Лістру і Іконію, і Антыёхію,

22 умацоўваючы душы вучняў, просячы трываць у веры і што праз шмат мукаў мусім мы ўвайсьці ў Валадарства Божае.

23 І, ускладаючы рукі, яны [паставілі] ім старостаў у кожнай царкве, і, памаліўшыся з постам, даручылі іх Госпаду, у Якога яны паверылі.

24 І, прайшоўшы праз Пісыдыю, прыйшлі ў Памфілію.

25 І, прамовіўшы слова ў Пэргіі, зыйшлі ў Аталію.

26 Адтуль паплылі ў Антыёхію, адкуль былі аддадзеныя ласцы Божай на справу, якую выканалі.

27 Прыйшоўшы і сабраўшы царкву, яны расказалі, што ўчыніў з імі Бог і як расчыніў дзьверы веры паганам.

28 І былі яны там немалы час з вучнямі.

 

Разьдзел 15

1 І некаторыя, што прыйшлі з Юдэі, навучалі братоў: «Калі ня будзеце абрэзаны паводле звычаю Майсея, ня можаце быць збаўленыя».

2 Тады сталася немалое змаганьне і спрэчка з імі ў Паўла і Барнабы, і вызначылі, каб Павал, і Барнаба, і некаторыя іншыя з іх узыйшлі наконт гэтай спрэчкі да апосталаў і старостаў у Ерусалім.

3 Яны ж, праведзеныя царквою, праходзілі праз Фінікію і Самарыю, распавядаючы пра навяртаньне паганаў; і зрабілі радасьць вялікую ўсім братам.

4 А прыйшоўшы ў Ерусалім, яны былі прынятыя царквою, і апосталамі, і старостамі, і расказалі ўсё, што Бог учыніў з імі.

5 Падняліся ж некаторыя з герэзіі фарысэйскае, якія былі паверыўшыя, кажучы, што трэба іх абрэзаць і загадаць захоўваць закон Майсея.

6 І сабраліся апосталы і старосты разгледзець наконт слова гэтага.

7 А як сталася вялікая спрэчка, Пётар, устаўшы, сказаў ім: «Мужы браты! Вы ведаеце, што ад дзён старадаўных Бог выбраў сярод нас, каб праз мае вусны пачулі пагане слова Эвангельля і паверылі.

8 І Знаўца сэрцаў, Бог, засьведчыў ім, даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам,

9 і ніяк не адрозьніў між намі і імі, вераю ачысьціўшы сэрцы іхнія.

10 Дык цяпер навошта вы спакушаеце Бога, каб ускласьці на шыі вучняў ярмо, насіць якое ня здолелі ані бацькі нашыя, ані мы?

11 Але мы верым, што збаўленыя праз ласку Госпада Ісуса Хрыста, гэтаксама, як і яны».

12 І замаўчала ўсё мноства, і слухалі Барнабу і Паўла, якія распавядалі, якія знакі і цуды ўчыніў праз іх Бог сярод паганаў.

13 Калі ж яны замаўчалі, адказаў Якуб, кажучы: «Мужы браты! Паслухайце мяне!

14 Сымон распавёў, як спачатку Бог нагледзеў узяць з паганаў народ дзеля імя Свайго,

15 і з гэтым згаджаюцца словы Прарокаў, як напісана:

16 “Пасьля гэтага вярнуся, і адбудую намёт Давіда, які заваліўся, і зруйнаванае ў ім адбудую, і выпрастую яго,

17 каб шукалі Госпада пазасталыя людзі і ўсе народы, над якімі будуць клікаць імя Маё, — кажа Госпад, Які робіць усё гэта”.

18 Ад вякоў вядомыя Богу ўсе справы Ягоныя.

19 Дзеля гэтага я суджу ня мучыць тых з паганаў, якія зьвярнуліся да Бога,

20 але напісаць ім, каб высьцерагаліся гідотаў ідальскіх, і распусты, і душанага, і крыві;

21 бо [закон] Майсея ад старадаўніх пакаленьняў мае ў гарадах тых, хто абвяшчае яго, чытаны ў сынагогах кожную суботу».

22 Тады надумалі апосталы і старосты разам з усёй царквою, выбраўшы спасярод сябе мужоў, паслаць у Антыёхію з Паўлам і Барнабам Юду, называнага Барсабам, і Сілу, мужоў кіраўнікоў сярод братоў,

23 напісаўшы рукамі сваімі гэтак: «Апосталы, і старосты, і браты — братам з паганаў у Антыёхіі і Сірыі, і Кілікіі: радавацца!

24 Пачуўшы, што некаторыя, што прыйшлі ад нас, устрывожылі вас словамі, захістаўшы душы вашыя, кажучы абрэзывацца і захоўваць Закон, чаго мы не загадвалі,

25 надумалі мы, сабраўшыся аднадушна, паслаць да вас выбраных мужоў разам з улюбёнымі нашымі Барнабам і Паўлам,

26 людзьмі, якія аддалі душы свае за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста.

27 Дык паслалі мы Юду і Сілу, і яны словамі паведамяць тое самае.

28 Бо надумалася Духу Сьвятому і нам ніякага больш цяжару на вас не ўскладаць, акрамя гэтага неабходнага:

29 сьцерагчыся ахвяраў ідалам, і крыві, і душанага, і распусты. Захоўваючы сябе ад гэтага, зробіце добра. Бывайце здаровыя».

30 Тады тыя, што былі пасланыя, прыйшлі ў Антыёхію і, сабраўшы мноства, аддалі пасланьне.

31 А тыя, прачытаўшы, узрадаваліся ад гэтага пацяшэньня.

32 Юда і Сіла, якія былі і прарокамі, многімі словамі пацяшалі братоў і ўмацоўвалі.

33 Прабыўшы ж там [нейкі] час, яны былі ў супакоі пасланыя братамі да апосталаў.

34 А Сіле надумалася застацца там.

35 А Павал і Барнаба былі ў Антыёхіі, навучаючы і дабравесьцячы разам з многімі другімі слова Госпадава.

36 І праз колькі дзён сказаў Павал да Барнабы: «Вярнуўшыся, адведаем братоў нашых у-ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведвалі слова Госпада, як яны маюцца».

37 Барнаба ж пастанавіў узяць з сабою Яна, называнага Маркам.

38 А Павал лічыў, што няварта браць яго з сабою, бо ён адыйшоў ад іх у Памфіліі і не пайшоў з імі на гэтую справу.

39 Тады сталася спрэчка, так што яны разлучыліся адзін з адным, і Барнаба, узяўшы Марка, паплыў на Кіпр.

40 А Павал, паклікаўшы Сілу, пайшоў, аддадзены братамі ласцы Божай,

41 і праходзіў праз Сірыю і Кілікію, умацоўваючы цэрквы.

 

Разьдзел 16

1 І прыйшоў ён у Дэрбу і Лістру. І вось, быў там адзін вучань, на імя Цімафей, сын аднае жанчыны Юдэйскае вернае і бацькі Грэка.

2 Пра яго сьведчылі браты ў Лістры і Іконіі.

3 Павал захацеў, каб ён пайшоў з ім, і, узяўшы яго, абрэзаў дзеля Юдэяў, якія былі ў тых месцах, бо ўсе ведалі бацьку ягонага, што быў Грэк.

4 Калі ж яны праходзілі праз гарады, перадавалі [цэрквам] захоўваць пастановы, вызначаныя апосталамі і старостамі ў Ерусаліме.

5 А цэрквы ўмацоўваліся ў веры і ўзрасталі штодня лікам.

6 Прайшоўшы ж праз Фрыгію і Галятыйскую краіну, забараніў ім Сьвяты Дух гаварыць слова ў Азіі.

7 Прыйшоўшы ў Мізію, спрабавалі ісьці ў Бітынію; і не дазволіў ім Дух.

8 І, абмінуўшы Мізію, яны зыйшлі ў Трааду.

9 І ўгледзеў Павал уначы відзеж: нейкі муж, Македонец, стаяў, просячы яго і кажучы: «Перайшоўшы ў Македонію, дапамажы нам».

10 Калі ж убачыў ён відзеж, мы адразу шукалі, каб ісьці ў Македонію, разумеючы, што Госпад паклікаў нас дабравесьціць ім.

11 І, паплыўшы з Траады, мы наўпрост прыйшлі ў Саматракію, а на заўтра — у Нэапаль,

12 і адтуль — у Філіпы, што ёсьць першы горад тае часткі Македоніі, калёнія. І былі мы ў гэтым горадзе некалькі дзён.

13 І ў дзень суботы выйшлі мы за горад да рэчкі, дзе звычайна адбывалася малітва, і, пасеўшы, гаварылі да сабраных жанчынаў.

14 І слухала адна жанчына, на імя Лідзія, гандлярка пурпурам, з гораду Тыятыра, якая пакланялася Богу, і Госпад адчыніў сэрца ейнае, каб зважала на прамову Паўла.

15 А калі ахрысьцілася яна і дом ейны, яна прасіла, кажучы: «Калі вы лічыце мяне вернай Госпаду, увайшоўшы ў дом мой, жывіце». І затрымала нас.

16 Сталася ж, як ішлі мы на малітву, сустрэла нас нейкая служка, якая мела духа вешчага і, варожачы, вялікі заробак давала гаспадарам сваім.

17 Яна, ідучы за Паўлам і намі, крычала, кажучы: «Людзі гэтыя — слугі Бога Найвышэйшага, якія прапаведуюць нам шлях збаўленьня!»

18 А рабіла яна гэта шмат дзён. Павал жа, узлаваўшыся, павярнуўся і сказаў духу: «Загадваю табе ў імя Ісуса Хрыста выйсьці з яе!» І ён выйшаў у той жа час.

19 А гаспадары ейныя, бачачы, што прапала надзея заробку іхняга, схапіўшы Паўла і Сілу, пацягнулі на рынак да начальнікаў.

20 І прывёўшы іх да войтаў, сказалі: «Гэтыя людзі трывожаць наш горад, а яны — Юдэі,

21 і прапаведуюць звычаі, якіх нам, Рымлянам, ня сьлед ані прыймаць, ані рабіць».

22 І паўстаў натоўп супраць іх, і войты, сарваўшы з іх адзеньне, загадалі біць іх кіямі.

23 І зрабіўшы ім шмат ранаў, кінулі іх у вязьніцу, загадаўшы ахоўніку старанна пільнаваць іх.

24 Ён, атрымаўшы гэткі загад, кінуў іх ва ўнутраную вязьніцу і ногі іхнія паўшчамляў у калоду.

25 Каля паўночы Павал і Сіла, молячыся, сьпявалі Богу, а вязьні чулі іх.

26 Раптам стаўся вялікі землятрус, так што захісталіся падмуркі вязьніцы; і адразу адчыніліся ўсе дзьверы, і ў-ва ўсіх паслаблі путы.

27 Ахоўнік жа, прачнуўшыся і бачачы адчыненыя дзьверы вязьніцы, дастаўшы меч, меўся забіць сябе, думаючы, што вязьні паўцякалі.

28 А Павал закрычаў моцным голасам, кажучы: «Не рабі сабе ніякага ліха, бо ўсе мы тут!»

29 Ён жа, папрасіўшы сьвятла, убег і, трасучыся, упаў перад Паўлам і Сілаю,

30 і, выводзячы іх вонкі, сказаў: «Панове, што я мушу рабіць, каб быць збаўленым?»

31 А яны сказалі: «Вер у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і дом твой».

32 І гаварылі слова Госпадава яму і ўсім, хто ў доме ягоным.

33 І ў тую ж гадзіну ўначы ён, узяўшы іх, памыў ім раны, і адразу быў ахрышчаны сам і ўсе ягоныя.

34 І, завёўшы іх у дом свой, паставіў стол і радаваўся з усім домам, што паверыў у Бога.

35 А як настаў дзень, паслалі войты жандараў, кажучы: «Вызваль людзей гэтых».

36 Ахоўнік жа паведаміў словы гэтыя Паўлу: «Войты паслалі, каб цяпер вызваліць вас. Дык, выйшаўшы, ідзіце ў супакоі».

37 А Павал прамовіў да іх: «Нас, людзей Рымскіх, без суду зьбіўшы прынародна, кінулі ў вязьніцу, і цяпер цішком выганяюць нас? О, не! Але няхай самі, прыйшоўшы, вывядуць нас».

38 Жандары абвясьцілі словы гэтыя войтам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што яны — Рымляне.

39 І, прыйшоўшы, перапрашалі іх, і, вывеўшы, прасілі пайсьці з гораду.

40 Выйшаўшы ж з вязьніцы, яны прыйшлі да Лідзіі, і, убачыўшы братоў, суцяшалі іх, і пайшлі.

 

Разьдзел 17

1 А прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалёнію, прыйшлі ў Тэсалоніку, дзе была сынагога Юдэйская.

2 І Павал, паводле звычаю, прыйшоў да іх і тры суботы вёў гутаркі з імі з Пісаньня,

3 паказваючы і адкрываючы, што Хрыстос мусіў цярпець і ўваскрэснуць з мёртвых і што: «Гэты Ісус, пра Якога я абвяшчаю вам, ёсьць Хрыстос».

4 І некаторыя з іх былі перакананыя і далучыліся да Паўла і Сілы, і вялікае мноства Грэкаў, якія пакланяліся [Богу], і жанчынаў першых нямала.

5 А Юдэі, якія не паверылі, зайздросьцячы і паклікаўшы нейкіх нягодных мужоў з плошчы, учынілі натоўп і ўзрушылі горад. І, стаўшы каля дому Язона, шукалі іх, каб прывесьці да народу.

6 Не знайшоўшы ж іх, пацягнулі Язона і некаторых братоў да бурмістраў, крычучы, што гэтыя сусьветныя бунтаўнікі прыйшлі і сюды,

7 а Язон іх прыняў, і што яны ўсё чыняць супраць пастановаў цэзара, называючы іншага валадаром, Ісуса.

8 І, чуючы гэта, устрывожыўся натоўп і бурмістры,

9 але, узяўшы заклад ад Язона і рэшты, вызвалілі іх.

10 Браты ж адразу ўначы выправілі Паўла і Сілу ў Бэрэю, і тыя, прыйшоўшы, пайшлі ў сынагогу Юдэйскую.

11 А гэтыя былі высакароднейшыя, чым у Тэсалоніцы; яны прынялі слова з усёй ахвотаю, штодня дасьледуючы Пісаньне, ці гэтак яно ёсьць.

12 Тады шмат з іх паверыла, і жанчынаў Грэцкіх паважаных, і мужчынаў нямала.

13 Калі ж Юдэі з Тэсалонікі даведаліся, што і ў Бэрэі абвяшчаецца праз Паўла слова Божае, прыйшлі і сюды, падбухторваючы натоўп.

14 Тады браты адразу паслалі Паўла, каб ішоў быццам да мора, а Сіла і Цімафей засталіся там.

15 Тыя ж, што праводзілі Паўла, прывялі яго ў Атэны і, атрымаўшы прыказаньне для Сілы і Цімафея, каб чым хутчэй ішлі да яго, пайшлі.

16 А калі Павал чакаў на іх у Атэнах, узрушыўся ў ім дух ягоны, бачачы горад, апанаваны ідаламі.

17 Дык ён вёў гутаркі ў сынагозе з Юдэямі і пабожнымі, і на рынку кожны дзень з тымі, з кім надарыцца.

18 Некаторыя ж з філосафаў эпікурэйцаў і стоікаў спрачаліся з ім, і адны казалі: «Што хоча сказаць гэты баўбатун?», а другія: «Здаецца, ён прапаведуе чужыя боствы», — бо ён дабравесьціў ім пра Ісуса і ўваскрасеньне Ягонае.

19 І, узяўшы яго, прывялі ў арэапаг, кажучы: «Ці можам мы ведаць, што гэта за новае вучэньне ты распавядаеш?

20 Бо нешта незвычайнае ты ўкладаеш у вушы нашыя, дык хочам ведаць, што гэта мае быць?»

21 Усе ж Атэнцы і прыйшоўшыя [туды] чужынцы ні чым іншым ня бавіліся, як гаварыць і слухаць нешта новае.

22 А Павал, стаўшы пасярод арэапагу, прамовіў: «Мужы Атэнскія! З усяго я бачу, што вы быццам асабліва пабожныя.

23 Бо, праходзячы і аглядаючы месцы пакланеньня вашыя, знайшоў я і ахвярнік, на якім напісана: “Невядомаму Богу”. Дык Таго, Каго вы, ня ведаючы, ушаноўваеце, я вам абвяшчаю.

24 Бог, Які стварыў сьвет і ўсё, што ў ім, Які ёсьць Госпад неба і зямлі, не жыве ў бажніцах, зробленых рукамі,

25 і не ўтрымліваецца ад рук чалавечых, быццам нечага патрабуючы, Сам даючы ўсім жыцьцё, і дыханьне, і ўсё.

26 Ён учыніў з аднае крыві кожны народ чалавечы, каб жылі на ўсім абліччы зямлі, вызначыўшы акрэсьленыя часы і межы пражываньня іхняга,

27 каб шукалі Госпада, можа, дакрануцца Яго і знойдуць, хоць Ён і недалёка ад кожнага з нас,

28 бо ў Ім мы жывем, і рухаемся, і існуем, як і некаторыя з вашых паэтаў гавораць: “Бо мы і род Ягоны”.

29 Дык мы, як род Божы, не павінны думаць, быццам Боства падобнае да золата, ці срэбра, ці камяня, назначанага майстэрствам і думкаю чалавечай.

30 Дык Бог, зважаючы на часы няведаньня, загадвае цяпер усім людзям паўсюль навярнуцца,

31 бо прызначыў дзень, у які мае судзіць сусьвет паводле справядлівасьці праз Мужа, Якога вызначыў, даўшы ўсім пэўнасьць, уваскрасіўшы Яго з мёртвых».

32 Пачуўшы ж пра ўваскрасеньне мёртвых, адны кпілі, а другія казалі: «Паслухаем цябе пра гэта другім разам!»

33 І гэтак Павал выйшаў спасярод іх.

34 А некаторыя мужчыны, якія прысталі да яго, паверылі; між імі і Дыяніс Арэапагіт, і жанчына на імя Дамар, і іншыя з імі.

 

Разьдзел 18

1 Пасьля ж гэтага Павал, зыйшоўшы з Атэнаў, прыйшоў у Карынт.

2 І, знайшоўшы нейкага Юдэя, на імя Акіла, родам з Понту, і жонку ягоную Прыскілу, якія толькі што прыйшлі з Італіі дзеля загаду Кляўдыя ўсім Юдэям пакінуць Рым, прыстаў да іх.

3 І як быў аднаго рамяства [з імі], заставаўся ў іх і працаваў, бо рамяство [іхняе] было майстраваньне намётаў.

4 А кожную суботу ён вёў гутаркі ў сынагозе і пераконваў Юдэяў і Грэкаў.

5 Калі ж прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, Павал быў пануканы Духам сьведчыць Юдэям пра Ісуса Хрыста.

6 А як яны працівіліся і блюзьнілі, абтросшы адзеньне, ён сказаў да іх: «Кроў вашая на галаве вашай! Я чысты. Ад цяпер іду да паганаў».

7 І, перайшоўшы адтуль, прыйшоў у дом нейкага [чалавека], на імя Юст, які пакланяўся Богу, дом якога быў пры самай сынагозе.

8 А Крысп, начальнік сынагогі, паверыў у Госпада разам з усім домам сваім, і шмат Карыньцянаў, слухаючы, паверылі і былі ахрышчаныя.

9 Госпад жа сказаў Паўлу ў відзежы ўначы: «Ня бойся, але гавары і не маўчы,

10 бо Я з табою, і ніхто ня ўчыніць табе зло, бо шмат Майго народу ў горадзе гэтым».

11 І жыў год і шэсьць месяцаў, навучаючы ў іх слова Божага.

12 А калі Галіён стаў праконсулам Ахаі, Юдэі аднадушна накінуліся на Паўла і павялі яго да судовага пасаду,

13 кажучы, што ён намаўляе людзей пакланяцца Богу насуперак Закону.

14 Калі ж Павал меўся расчыніць вусны, сказаў Галіён да Юдэяў: «Калі б сапраўды была нейкая крыўда ці злачынства, о Юдэі, я б меў прычыну цярпець вас.

15 Калі ж спрэчка ідзе пра слова, і імёны, і Закон ваш, разглядайце самі, бо я судзьдзём у гэтым быць не хачу».

16 І пагнаў іх ад судовага пасаду.

17 А ўсе Грэкі, схапіўшы Састэна, начальніка сынагогі, білі яго перад судовым пасадам, Галіёна ж гэта ніколькі не клапаціла.

18 А Павал, прабыўшы яшчэ даволі дзён, разьвітаўшыся з братамі, паплыў у Сірыю, і з ім Прыскіла і Акіла. У Кенхрэях ён абстрыг галаву, бо зрабіў шлюбаваньне.

19 І прыйшоў у Эфэс, і пакінуў іх, а сам, увайшоўшы ў сынагогу, вёў гутаркі з Юдэямі.

20 Калі ж прасілі яго застацца ў іх на шмат часу, ён не згадзіўся,

21 але разьвітаўся з імі, сказаўшы: «Я мушу абавязкова справіць надыходзячае сьвята ў Ерусаліме. А зноў вярнуся да вас, калі Бог захоча». І вырушыў з Эфэсу.

22 І, зыйшоўшы ў Цэзарэі, узыйшоўшы і прывітаўшы царкву, пайшоў у Антыёхію.

23 І пабавіўшы [там] нейкі час, выйшаў, праходзячы па чарзе Галятыйскую краіну і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў.

24 А нейкі Юдэй, на імя Апалёс, родам Александрыец, муж красамоўны, прыйшоў у Эфэс, а быў ён моцны ў Пісаньнях.

25 Ён быў навучаны шляху Госпада і, палаючы духам, гаварыў і навучаў пра Госпада дакладна, ведаючы толькі хрышчэньне Янавае.

26 І ён пачаў адважна гаварыць у сынагозе. Пачуўшы ж яго, Акіла і Прыскіла адклікалі яго і выклалі яму дакладней шлях Божы.

27 А як ён хацеў пайсьці ў Ахаю, браты напісалі вучням, заклікаючы прыняць яго. Ён, прыйшоўшы, шмат дапамог тым, што былі паверыўшы праз ласку,

28 бо заўзята абвяргаў Юдэяў перад грамадою, паказваючы з Пісаньняў, што Ісус ёсьць Хрыстос.

 

Разьдзел 19

1 Сталася ж, калі Апалёс быў у Карыньце, што Павал, прайшоўшы вышэйшыя краіны, прыйшоў у Эфэс і, знайшоўшы некаторых вучняў,

2 сказаў да іх: «Ці прынялі вы Духа Сьвятога, паверыўшы?» Яны ж сказалі яму: «Але ж мы ня чулі, ці ёсьць Сьвяты Дух».

3 І ён сказаў да іх: «Дык у што вы хрысьціліся?» Яны ж сказалі: «У хрышчэньне Янавае».

4 А Павал сказаў: «Ян хрысьціў хрышчэньнем навяртаньня, кажучы народу, каб верылі ў Таго, Які ідзе за ім, значыць у Хрыста Ісуса».

5 Пачуўшы ж, яны былі ахрышчаныя ў імя Госпада Ісуса.

6 І, як усклаў Павал рукі на іх, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, і гаварылі мовамі, і прарочылі.

7 А было іх усіх каля дванаццаці мужоў.

8 Увайшоўшы ж у сынагогу, ён адважна гаварыў тры месяцы, ведучы гутаркі і пераконваючы пра Валадарства Божае.

9 А як некаторыя закамянелі і ня верылі, праклінаючы гэты шлях перад мноствам, [Павал], адыйшоўшы ад іх, аддзяліў вучняў, штодня ведучы гутаркі ў школе нейкага Тырана.

10 Дзеялася ж гэта два гады, так што чулі слова Госпада Ісуса ўсе жыхары Азіі, Юдэі і Грэкі.

11 І Бог чыніў незвычайныя цуды праз рукі Паўла,

12 так што хусткі ці паясы ад цела ягонага ўскладалі на нядужых, і пакідалі іх хваробы, і духі злыя выходзілі з іх.

13 А некаторыя з вандроўных экзарцыстаў Юдэйскіх намагаліся над апанаванымі злымі духамі называць імя Госпада Ісуса, кажучы: «Заклінаем вас Ісусам, Якога абвяшчае Павал».

14 Былі ж нейкія сямёра сыноў Скевы, першасьвятара Юдэйскага, якія рабілі гэта.

15 А злы дух, адказваючы, сказаў: «Ісуса ведаю, і Павал мне вядомы. А вы хто будзеце?»

16 І чалавек, у якім быў злы дух, кінуўшыся на іх і апанаваўшы іх, адолеў іх, так што яны голыя і параненыя ўцяклі з таго дому.

17 Гэта сталася вядомым Юдэям і Грэкам, што жылі ў Эфэсе, і ахапіў страх іх усіх, і ўзьвялічвалася імя Госпада Ісуса.

18 І многія з тых, што паверылі, прыходзілі, вызнаючы і апавядаючы ўчынкі свае,

19 і даволі з тых, што займаліся непатрэбнымі вучэньнямі, папрыносіўшы кнігі, спалілі перад усімі, і палічылі кошт іхні, і знайшлі пяцьдзясят тысячаў срэбнікаў.

20 З гэткай моцай расло і крапчэла слова Госпада.

21 А калі гэта споўнілася, Павал палажыў у духу ісьці ў Ерусалім, прайшоўшы Македонію і Ахаю, кажучы: «Пабыўшы там, мушу я і Рым убачыць».

22 Паслаўшы ж у Македонію двух служыцеляў сваіх, Цімафея і Эраста, сам застаўся часова ў Азіі.

23 У гэты ж час сталася хваляваньне немалое з прычыны шляху [Госпада],

24 бо нейкі залатар, на імя Дэмэтры, што рабіў срэбныя бажніцы Артэміды і даваў майстрам немалы заробак,

25 сабраўшы іх ды іншых працаўнікоў такога самага [рамяства], сказаў: «Мужы, вы ведаеце, што з гэтае работы — наш дабрабыт.

26 І вы бачыце і чуеце, што ня толькі ў Эфэсе, але амаль у-ва ўсёй Азіі гэты Павал, пераканаўшы, даволі народу адвярнуў, кажучы, што гэта ня богі, якія рукамі зробленыя.

27 А гэта ня толькі пагражае, што нашае рамяство прыйдзе ў заняпад, але і што сьвятыня вялікае багіні Артэміды за нішто лічыцца будзе, і зьнішчыцца веліч тае, якой пакланяецца ўся Азія і ўвесь сусьвет».

28 Пачуўшы ж [гэта] і напоўніўшыся ярасьцю, яны закрычалі, кажучы: «Вялікая Артэміда Эфэская!»

29 І ўвесь горад напоўніўся ўзрушэньнем, і, падхапіўшы Гая і Арыстарха, Македонцаў, спадарожнікаў Паўла, рынуліся аднадушна ў тэатар.

30 А калі Павал хацеў выйсьці да народу, вучні не дазволілі яму.

31 І некаторыя з начальнікаў Азійскіх, якія былі сябрамі ягонымі, паслаўшы да яго, прасілі не ісьці ў тэатар.

32 Дык кожны крычаў нешта сваё, бо збор быў узрушаны, і большасьць ня ведала, дзеля чаго сабраліся.

33 А з натоўпу паклікалі Аляксандра, якога выпхнулі Юдэі. Аляксандар жа, зрабіўшы знак рукою, хацеў адказваць перад народам.

34 Калі ж даведаліся, што ён Юдэй, узьняўся крык у адзін голас, і крычалі каля дзьвюх гадзінаў: «Вялікая Артэміда Эфэская!»

35 Пісар жа, суцішыўшы натоўп, кажа: «Мужы Эфэсцы! Які ж чалавек ня ведае, што горад Эфэс ёсьць служыцелем вялікае багіні Артэміды і Дыяпэта?

36 А як гэта бясспрэчна, вы мусіце суцішыцца і нічога неразважна не рабіць.

37 Бо вы прывялі гэтых мужоў, якія ані сьвятыні не абакралі, і ня блюзьнілі супраць багіні вашае.

38 Дык калі Дэмэтры і майстры, што з ім, маюць супраць некага слова, ёсьць суды і ёсьць праконсулы, няхай адны адных абвінавачваюць.

39 А калі шукаеце нечага іншага, [няхай] будзе вырашана на законным зборы.

40 Бо мы ў небясьпецы быць абвінавачанымі ў паўстаньні дзеля сёньняшніх [падзеяў], ня маючы ніякай прычыны, каб магчы даць справаздачу пра гэты сход».

41 І, сказаўшы гэта, распусьціў збор.

 

Разьдзел 20

1 А калі сьціхла замяшаньне, Павал, паклікаўшы вучняў і разьвітаўшыся, пайшоў, каб ісьці ў Македонію.

2 Прайшоўшы ж тыя краіны і многімі словамі падбадзёрыўшы іх, прыйшоў у Грэцыю.

3 І прабыўшы тры месяцы, калі сталася змова супраць яго ў Юдэяў, вырушыў у Сірыю, і прыйшла яму думка вярнуцца праз Македонію.

4 А праводзілі яго да Азіі Сапатэр з Бэрэі, а з Тэсалонцаў — Арыстарх, і Сэкунд, і Гай з Дэрбы, і Цімафей, а з Азійцаў — Тыхік і Трафім.

5 Яны, апярэдзіўшы, чакалі на нас у Траадзе.

6 А мы паплылі былі пасьля дзён праснакоў з Філіпаў і праз пяць дзён прыйшлі да іх у Трааду, дзе былі сем дзён.

7 А ў першы дзень пасьля суботы, калі вучні сабраліся пераламіць хлеб, Павал вёў гутарку з імі, маючы на заўтра выйсьці, і зацягнуў слова да паўночы.

8 Было ж даволі лямпаў у залі, дзе яны сабраліся.

9 А нейкі юнак, на імя Эўтых, які сядзеў на вакне і глыбока заснуў, як Павал доўга вёў гутарку, змораны ў сьне, упаў з трэцяга паверху ўніз і быў падняты мёртвы.

10 Павал жа, зыйшоўшы, упаў да яго і, абняўшы, сказаў: «Не хвалюйцеся, бо душа ягоная ў ім».

11 І, узыйшоўшы і пераламіўшы хлеб, і пакаштаваўшы, гутарыў даволі аж да сьвітаньня, і гэтак пайшоў.

12 А хлопца таго прывялі жывога і ўсьцешыліся нямала.

13 А мы, пайшоўшы наперад да карабля, вырушылі ў Ас, маючы забраць адтуль Паўла, бо гэтак ён загадаў, маючы сам ісьці пехатою.

14 Калі ж ён зыйшоўся з намі ў Асе, узяўшы яго, мы прыйшлі ў Мітылену.

15 Паплыўшы адтуль, мы назаўтра былі насупраць Хіёса, а на наступны дзень прысталі да Самосу і, пабыўшы ў Трагільлі, наступнага дня прыйшлі ў Мілет,

16 бо Павал судзіў абмінуць Эфэс, каб не губляць часу ў Азіі, бо ён сьпяшаўся быць, калі магчыма, у дзень Пяцідзясятніцы ў  Ерусаліме.

17 А з Мілету, паслаўшы ў Эфэс, ён паклікаў старостаў царквы.

18 Калі ж яны прыйшлі да яго, ён сказаў ім: «Вы ведаеце, як я ад першага дня, у які прыйшоў у Азію, увесь час быў з вамі,

19 служачы Госпаду з усёй пакораю і з многімі сьлязьмі і спакусамі, якія здараліся са мною ад змоваў Юдэйскіх,

20 як не абмінуў я нічога карыснага, каб не абвясьціць вам і не навучаць вас перад грамадою і па дамах,

21 сьведчачы і Юдэям, і Грэкам пра навяртаньне да Бога і пра веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста.

22 І вось цяпер, зьвязаны Духам, іду я ў Ерусалім, ня ведаючы, што там сустрэне мяне,

23 адно Дух Сьвяты сьведчыць па гарадах, кажучы, што чакаюць мяне путы і прыгнёт.

24 Але я аніяк не зважаю на гэта і ня дбаю пра сваё жыцьцё, абы толькі ў радасьці скончыць бег мой і служэньне, якое атрымаў ад Госпада Ісуса — сьведчыць пра Эвангельле ласкі Божае.

25 І цяпер вось ведаю, што больш ня ўгледзіце аблічча майго вы ўсе, сярод якіх я хадзіў, абвяшчаючы Валадарства Божае.

26 Дзеля гэтага сьведчу вам у сёньняшні дзень, што я чысты ад крыві ўсіх,

27 бо не ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую.

28 Дык сьцеражыце самі сябе і ўвесь статак, у якім Дух Сьвяты паставіў вас за епіскапаў пасьвіць царкву Божую, якую Ён здабыў уласнай крывёю.

29 Бо я ведаю, што пасьля адыходу майго прыйдуць да вас ваўкі лютыя, якія ня будуць шкадаваць статак,

30 і спасярод вас саміх паўстануць людзі, якія будуць гаварыць сапсавана, каб пацягнуць вучняў за сабою.

31 Дзеля гэтага чувайце, памятаючы, што я тры гады ўдзень і ўначы не пераставаў са сьлязьмі настаўляць кожнага з вас.

32 І цяпер я аддаю вас, браты, Богу і слову ласкі Ягонае, што можа збудаваць і даць вам спадчыну з усімі, хто асьвечаны.

33 Ані срэбра, ані золата, ані адзеньня я ні ад каго не жадаў.

34 Вы ж самі ведаеце, што ў патрэбах маіх і тых, што былі са мною, паслугавалі рукі гэтыя.

35 У-ва ўсім перасьцерагаў я вас, што, гэтак працуючы, мусім падтрымліваць нядужых і памятаць словы Госпада Ісуса, як Ён сказаў: “Шчасьлівей даваць, чым браць”».

36 І, сказаўшы гэтае і ўкленчыўшы, ён маліўся з імі ўсімі.

37 Стаўся ж вялікі плач ва ўсіх, і, кідаючыся на шыю яму, цалавалі яго,

38 сумуючы найбольш дзеля слова, якое ён сказаў, што ўжо больш ня будуць бачыць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.

 

Разьдзел 21

1 Калі ж мы, пакінуўшы іх, паплылі, ідучы наўпрост, мы прыйшлі ў Кос, а на наступны дзень — у Радос, а адтуль — у Патару,

2 і, знайшоўшы карабель, які меў плыць у Фінікію, узыйшлі [на яго], і паплылі.

3 А ўбачыўшы Кіпр і пакінуўшы яго зьлева, мы плылі ў Сірыю і зыйшлі ў Тыры, бо там карабель меў разладаваць тавар.

4 І, знайшоўшы вучняў, мы былі там сем дзён, а тыя праз Духа казалі Паўлу, каб ён не ўзыходзіў у Ерусалім.

5 А калі мы пражылі тыя дні, выйшаўшы, мы пайшлі, і ўсе праводзілі нас з жонкамі і дзецьмі ажно за горад, і на беразе, укленчыўшы, маліліся.

6 І, разьвітаўшыся адны з аднымі, мы ўзыйшлі на карабель, а яны вярнуліся дадому.

7 А мы, скончыўшы плаваньне ад Тыру, прыйшлі ў Пталемаіду, і, прывітаўшы братоў, засталіся ў іх на адзін дзень.

8 А на заўтра тыя, што былі з Паўлам, пайшоўшы, прыйшлі ў Цэзарэю, і, увайшоўшы ў дом Філіпа дабравесьніка, аднаго з сямі, засталіся ў яго.

9 У яго ж былі чатыры дачкі дзяўчыны, якія прарочылі.

10 А як мы заставаліся шмат дзён, прыйшоў з Юдэі адзін прарок, на імя Агаў,

11 і, увайшоўшы да нас і ўзяўшы пояс Паўла, і зьвязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: «Гэтак кажа Дух Сьвяты: “Мужа, чый гэты пояс, так зьвяжуць Юдэі ў Ерусаліме і аддадуць у рукі паганаў”».

12 Калі ж мы пачулі гэта, і мы, і тамтэйшыя прасілі, каб ён не ўзыходзіў у Ерусалім.

13 А Павал адказаў: «Што вы робіце, плачучы і разрываючы маё сэрца? Бо я ня толькі гатовы быць зьвязаным, але і памерці ў Ерусаліме дзеля імя Госпада Ісуса».

14 І не пераканаўшы яго, мы супакоіліся, кажучы: «Няхай станецца воля Госпада!»

15 А пасьля гэтых дзён, узяўшы рэчы, мы ўзыходзілі ў Ерусалім.

16 Ішлі ж з намі і вучні з Цэзарэі, ведучы да нейкага Мназона, Кіпрыйца, старадаўняга вучня, у якога мы мелі гасьцяваць.

17 А як мы апынуліся ў Ерусаліме, браты прыхільна прынялі нас.

18 І на другі дзень увайшоў Павал разам з намі да Якуба; і прыйшлі ўсе старосты.

19 І, прывітаўшы іх, ён распавядаў падрабязна, што ўчыніў Бог сярод паганаў праз служэньне ягонае.

20 Яны ж, пачуўшы, праславілі Госпада і сказалі яму: «Бачыш, браце, колькі дзясяткаў тысячаў Юдэяў, якія паверылі, і ўсе яны рупліўцы Закону.

21 А яны начутыя адносна цябе, што ты вучыш адступніцтву ад Майсея ўсіх Юдэяў, што [жывуць] сярод паганаў, кажучы, каб не абрэзвалі сваіх дзяцей і не хадзілі паводле звычаяў.

22 Дык што гэта? Абавязкова мусіць сабрацца мноства, бо пачуюць, што ты прыйшоў.

23 Дык зрабі, што табе скажам. Ёсьць у нас чатыры мужы, якія маюць на сабе шлюбаваньне.

24 Узяўшы іх, ачысьціся разам з імі і выдаткуй за іх, каб яны абстрыглі галаву, і ўсе даведаюцца, што тое, што яны дачуліся адносна цябе, ёсьць пустое, але ты ходзіш адпаведна і захоўваеш Закон.

25 А адносна паганаў, якія паверылі, мы пісалі, пастанавіўшы, каб нічога гэткага не захоўвалі, а толькі высьцерагаліся ахвяраў ідалам, і крыві, і душанага, і распусты».

26 Тады Павал, узяўшы мужоў гэтых, на наступны дзень ачысьціўшыся з імі, увайшоў у сьвятыню, абвяшчаючы заканчэньне дзён ачышчэньня, калі за кожнага з іх прынесены будзе дар [Богу].

27 А калі меліся скончыцца сем дзён, Юдэі з Азіі, убачыўшы яго ў сьвятыні, узрушылі ўвесь натоўп і ўсклалі на яго рукі,

28 крычучы: «Мужы Ізраільцяне, дапамажыце! Гэта чалавек, які ўсіх паўсюль навучае супраць народу і супраць Закону, і супраць месца гэтага. Ды яшчэ Грэкаў увёў у сьвятыню і апаганіў гэтае месца сьвятое».

29 Бо яны раней бачылі з ім у горадзе Трафіма Эфэсца і думалі, што Павал увёў яго ў сьвятыню.

30 І ўвесь горад узварушыўся, і пазьбягаўся народ. І, узяўшы Паўла, пацягнулі яго вонкі са сьвятыні, і адразу дзьверы былі зачынены.

31 А калі шукалі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерусалім узрушаны.

32 Ён, неадкладна ўзяўшы жаўнераў і сотнікаў, пабег на іх, а яны, убачыўшы тысячніка і жаўнераў, перасталі біць Паўла.

33 Тады, наблізіўшыся, тысячнік узяў яго і загадаў зьвязаць двума ланцугамі і пытаўся, хто ён і што зрабіў.

34 А ў натоўпе кожны крычаў нешта сваё. І ня могучы праз замяшаньне нешта пэўнае даведацца, загадаў весьці яго ў табар.

35 А калі [Павал] апынуўся ля сходаў, жаўнерам прыйшлося несьці яго на руках дзеля гвалту натоўпу,

36 бо мноства народу ішло за імі, крычучы: «Забі яго!»

37 І як меліся ўвайсьці ў табар, Павал кажа тысячніку: «Ці магу нешта сказаць табе?» Той жа сказаў: «Ты ведаеш грэцкую?

38 Дык ці ня ты той Эгіпцянін, які перад гэтымі днямі збунтаваў і вывеў у пустыню чатыры тысячы чалавек сікарыяў?»

39 А Павал сказаў: «Я — Юдэй з Тарсу, грамадзянін знакамітага гораду ў Кілікіі. Прашу ж цябе, дазволь мне гаварыць да народу».

40 Калі ж той дазволіў, Павал, стаўшы на сходах, даў знак народу рукою, і як сталася вялікая ціша, прамовіў на гебрайскай мове, кажучы:

 

Разьдзел 22

1 «Мужы браты і бацькі! Паслухайце цяпер маю перад вамі абарону».

2 Пачуўшы, што ён прамовіў да іх на гебрайскай мове, яны больш замаўчалі і ён сказаў:

3 «Я сам Юдэй, народжаны ў Тарсе Кілікійскім, а ўзгадаваны ў горадзе гэтым ля ног Гамаліэля, старанна дысцыплінаваны ў Законе бацькоў, руплівец дзеля Бога, як і вы ўсе сёньня.

4 Я перасьледаваў шлях гэты ажно да сьмерці, зьвязваючы і аддаючы ў вязьніцу мужчынаў і жанчынаў,

5 як засьведчыць пра мяне і першасьвятар, і ўсе старшыні, ад якіх я, узяўшы пасланьні да братоў, пайшоў у Дамаск, каб і тых, якія там былі, прывесьці зьвязаных у Ерусалім дзеля пакараньня.

6 Сталася ж, калі я ішоў і набліжаўся да Дамаску, каля паўдня неспадзявана агарнула мяне вялікае сьвятло з неба.

7 І я ўпаў на зямлю, і пачуў голас, які гаварыў да мяне: “Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне?”

8 А я адказаў: “Хто Ты, Госпадзе?” І Ён сказаў да мяне: “Я — Ісус з Назарэту, Якога ты перасьледуеш”.

9 Тыя ж, што былі са мною, бачылі сьвятло і перапалохаліся, а голасу Таго, Які гаварыў да мяне, ня чулі.

10 А я сказаў: “Што мне рабіць, Госпадзе?” Госпад жа сказаў да мяне: “Устаўшы, ідзі ў Дамаск, і там будзе табе сказана ўсё, што вызначана табе рабіць”.

11 А як ад славы сьвятла гэтага я ня бачыў, дык прыйшоў у Дамаск, ведзены за руку тымі, што былі са мною.

12 А нейкі Ананія, муж пабожны паводле Закону, засьведчаны ўсімі тамтэйшымі Юдэямі,

13 прыйшоўшы да мяне і стаўшы, сказаў мне: “Саўле, браце! Глядзі!” І я ў тую ж гадзіну ўгледзеў яго.

14 А ён сказаў: “Бог бацькоў нашых выбраў цябе, каб ты пазнаў волю Ягоную, і ўбачыў Праведнага, і пачуў голас з вуснаў Ягоных,

15 бо ты будзеш сьведкам Яму перад усімі людзьмі пра тое, што ты бачыў і чуў.

16 І цяпер што ты марудзіш? Устаўшы, ахрысьціся і змый грахі твае, прызваўшы імя Госпада”.

17 Сталася ж, як я вярнуўся ў Ерусалім і маліўся ў сьвятыні, ахапіла мяне захапленьне

18 і я ўбачыў Яго, Які казаў да мяне: “Сьпяшайся і ідзі хутчэй з Ерусаліму, бо ня прымуць сьведчаньня твайго пра Мяне”.

19 А я сказаў: “Госпадзе, яны ведаюць, што гэта я арыштоўваў і біў у сынагогах тых, якія вераць у Цябе.

20 І калі пралівана была кроў Стэфана, сьведкі Твайго, і я быў [там], стоячы і згаджаючыся на забойства яго, і пільнуючы адзеньне тых, што забівалі яго”.

21 І Ён сказаў да мяне: “Ідзі, бо Я да паганаў далёка пашлю цябе”».

22 А яны слухалі яго да гэтага слова, і ўзьнялі голас свой, кажучы: «Забяры з зямлі такога! Бо не належыцца жыць яму!»

23 А як яны крычалі, і кідалі адзеньне, і пыл падкідалі ў паветра,

24 тысячнік загадаў весьці яго ў табар, сказаўшы тартураваць яго, каб даведацца, дзеля якое віны гэтак крычалі на яго.

25 А калі расьцягнулі яго рамянямі, сказаў Павал да сотніка, які стаяў: «Ці ж можна вам тартураваць Рымскага чалавека, і без суду?»

26 Пачуўшы ж гэта, сотнік, пайшоўшы, паведаміў тысячніку, кажучы: «Глядзі, што ты маеш рабіць. Бо гэты чалавек — Рымлянін».

27 Падыйшоўшы, тысячнік сказаў яму: «Скажы мне, ці ты Рымлянін?» А ён прамовіў: «Так».

28 І адказаў тысячнік: «Я здабыў гэтае грамадзянства за вялікія грошы». А Павал прамовіў: «А я нарадзіўся [ў ім]».

29 Дык адразу адступіліся ад яго тыя, што меліся тартураваць яго. І тысячнік спалохаўся, даведаўшыся, што ён Рымлянін і што яны былі зьвязаўшы яго.

30 А назаўтра, хочучы даведацца напэўна, у чым абвінавачваюць яго Юдэі, зьняў з яго путы і загадаў прыйсьці першасьвятарам і ўсяму сынэдрыёну іхняму, і, вывеўшы Паўла, паставіў перад імі.

 

Разьдзел 23

1 Павал, паўзіраўшыся на сынэдрыён, сказаў: «Мужы браты! Усім добрым сумленьнем я жыў перад Богам да гэтага дня».

2 А першасьвятар Ананія загадаў тым, што стаялі пры ім, каб білі яго ў вусны.

3 Тады Павал сказаў яму: «Бог будзе біць цябе, сьцяна пабеленая! І ты сядзіш, судзячы мяне паводле Закону, і насуперак Закону загадваеш мяне біць».

4 А тыя, што стаялі, сказалі: «Першасьвятара Божага зьневажаеш?»

5 І прамовіў Павал: «Ня ведаў я, браты, што ён першасьвятар. Бо напісана: “На начальніка народу твайго не кажы блага”».

6 А, разумеючы, што адна частка — садукеі, а другая — фарысэі, закрычаў Павал у сынэдрыёне: «Мужы браты! Я — фарысэй, сын фарысэя. За надзею і ўваскрасеньне мёртвых судзяць мяне!»

7 Калі ж ён гэтае сказаў, сталася спрэчка паміж фарысэямі і садукеямі, і разьдзялілася грамада,

8 бо садукеі кажуць, што няма ані ўваскрасеньня, ані анёла, ані духа; а фарысэі прызнаюць адно і другое.

9 Узьняўся ж вялікі крык, і, устаўшы, кніжнікі фарысэй­скае часткі спрачаліся, кажучы: «Нічога благога мы не знаходзім у чалавеку гэтым. Ці дух гаварыў яму, ці анёл, не змагаймася з Богам».

10 А калі спрэчка павялічылася, тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўла, загадаў жаўнерам, зыйшоўшы, узяць яго спасярод іх і весьці ў табар.

11 А ў наступную ноч Госпад, стаўшы перад ім, сказаў: «Будзь пэўны, Паўле! Бо як ты сьведчыў пра Мяне ў Ерусаліме, гэтак мусіш сьведчыць і ў Рыме».

12 А як настаў дзень, некаторыя Юдэі, зрабіўшы сход, далі сабе клятву, кажучы, што ня будуць ані есьці, ані піць, пакуль не заб’юць Паўла.

13 Было ж больш за сорак тых, што далі гэткі зарок.

14 Яны, прыйшоўшы да першасьвятароў і старшыняў, сказалі: «З праклёнам мы пакляліся нічога ня есьці, пакуль не заб’ем Паўла.

15 Вы ж цяпер разам з сынэдрыёнам паведаміце тысячніку, каб заўтра ён вывеў яго да вас, быццам маеце дакладней разгледзець адносна яго, а мы, перш, чым ён наблізіцца, гатовыя забіць яго».

16 Пачуўшы ж пра гэтую змову, сын сястры Паўлавае, прыйшоўшы і ўвайшоўшы ў табар, паведаміў Паўлу.

17 А Павал, паклікаўшы аднаго з сотнікаў, сказаў: «Завя­дзі гэтага дзецюка да тысячніка, бо ён мае нешта паведаміць яму».

18 Дык той, узяўшы яго, прывёў да тысячніка і кажа: «Вязень Павал, паклікаўшы мяне, прасіў прывесьці да цябе гэтага дзецюка, які мае нешта сказаць табе».

19 Тысячнік, узяўшы яго за руку і адыйшоўшыся на бок, спытаў: «Што такое маеш паведаміць мне?»

20 А той сказаў: «Юдэі дамовіліся прасіць цябе, каб заўтра ты вывеў Паўла да сынэдрыёну, быццам маючы нешта дакладней запытацца адносна яго.

21 Дык ты ня дай пераканаць цябе ім, бо на яго цікуюць больш за сорак мужоў з іх, якія далі клятву ня есьці і ня піць, пакуль не заб’юць яго, і цяпер яны гатовыя, чакаючы абяцаньня ад цябе».

22 Дык тысячнік адпусьціў дзецюка, загадаўшы: «Нікому не кажы, што мне пра гэтае паведаміў».

23 І, паклікаўшы нейкіх двух сотнікаў, сказаў: «Падрыхтуйце дзьвесьце жаўнераў, і семдзясят коньнікаў, і дзьвесьце драбаў, каб ісьці ў Цэзарэю а трэцяй гадзіне ночы.

24 І пастаўце жывёлу, каб, пасадзіўшы Паўла, завесьці здаровага да ваяводы Фэлікса».

25 І напісаў пасланьне гэткага зьместу:

26 «Кляўдый Лізій — вяльможнаму ваяводзе Фэліксу: радавацца!

27 Мужа гэтага, якога Юдэі схапілі і меліся забіць, я, стаўшы з войскам, вырваў, даведаўшыся, што ён — Рымлянін.

28 А хочучы даведацца віну, дзеля чаго вінавацяць яго, я прывёў яго ў сынэдрыён іхні

29 і знайшоў, што яго вінавацяць дзеля спрэчак у Законе іхнім, а няма ніякага абвінавачваньня, вартага сьмерці ці путаў.

30 А калі паведамілі мяне пра змову супраць мужа гэтага, што мелася ў Юдэяў, я неадкладна паслаў [яго] да цябе, загадаўшы, каб тыя, што абвінавачваюць яго, гаварылі супраць яго перад табою. Бывай здаровы».

31 Дык жаўнеры паводле загаданага ім, узяўшы Паўла, павялі ўначы ў Антыпатрыду,

32 а назаўтра, пакінуўшы коньнікаў ісьці з ім, вярнуліся ў табар.

33 Тыя, прыйшоўшы ў Цэзарэю і аддаўшы пасланьне ваяводзе, паставілі перад ім і Паўла.

34 А ваявода, прачытаўшы, спытаўся, з якое ён правінцыі, і, зразумеўшы, што з Кілікіі,

35 сказаў: «Я выслухаю цябе, калі зьявяцца і твае абвінавальнікі». І загадаў вартаваць яго ў прэторыі Ірадавай.

 

Разьдзел 24

1 А праз пяць дзён прыйшоў першасьвятар Ананія са старшынямі і нейкім рытарам Тэртулам, якія выступілі перад ваяводам супраць Паўла.

2 А калі таго паклікалі, пачаў абвінавачваць яго Тэртул, гаворачы:

3 «Дазнаючы праз цябе вялікага супакою і дабрабыту, якія сталіся ў народзе гэтым праз тваю апеку, заўсёды і паўсюль прыймаем мы гэта, вяльможны Фэліксе, з усёю ўдзячнасьцю.

4 А каб табе шмат не дакучаць, прашу цябе каротка выслухаць нас паводле спагаднасьці тваёй.

5 Бо, знайшоўшы, што муж гэты — пошасьць, будзіцель бунту сярод Юдэяў па ўсім сусьвеце і правадыр герэзіі Назарэйскае,

6 які сьвятыню спакусіўся зьняважыць, мы затрымалі яго і хацелі судзіць паводле нашага закону.

7 А тысячнік Лізій, прыйшоўшы, з вялікім гвалтам забраў яго з нашых рук,

8 загадаўшы абвінавальнікам ягоным ісьці да цябе. Ад яго ты сам можаш, дасьледаваўшы ўсё гэта, даведацца, у чым мы вінавацім яго».

9 Пацьвердзілі і Юдэі, кажучы, што гэта так.

10 А Павал адказаў, калі ваявода даў яму знак гаварыць: «Ведаючы, што ты шмат год судзьдзя гэтага народу, я ахвотней буду адказваць адносна [справы] маёй.

11 Ты можаш даведацца, што ня больш, як дванаццаць дзён прайшло, як узыйшоў я пакланіцца ў Ерусалім.

12 І ані ў сьвятыні не знайшлі мяне, што я з некім вяду гутарку ці бунтую натоўп, ані ў сынагогах, ані ў горадзе,

13 і яны ня могуць давесьці таго, у чым цяпер вінавацяць мяне.

14 Але прызнаюся табе, што паводле шляху, які яны герэзіяй называюць, я гэтак служу Богу бацькоў, верачы ўсяму, што напісана ў Законе і ў Прарокаў,

15 маючы надзею на Бога, што мае быць уваскрасеньне мёртвых, праведных і няправедных, чаго яны і самі чакаюць.

16 Дзеля гэтага я сам намагаюся мець заўсёды чыстае сумленьне перад Богам і перад людзьмі.

17 Праз шмат год я прыйшоў чыніць міласьціны для народу майго і дары.

18 Пры гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў сьвятыні некаторыя Юдэі з Азіі, а не з натоўпам і не з замяшаньнем.

19 Яны мусяць прыйсьці да цябе і абвінавачваць, калі нешта маюць супраць мяне.

20 Або самі гэтыя няхай скажуць, ці знайшлі ў-ва мне якую крыўду, калі я стаяў перад сынэдрыёнам.

21 Ці адно тое слова, якое я крыкнуў, як стаяў сярод іх, што сёньня вы судзіце мяне за ўваскрасеньне мёртвых».

22 Пачуўшы гэтае, Фэлікс адклаў [справу] іхнюю, сказаўшы: «Дакладней даведаўшыся пра шлях гэты, як прыйдзе тысячнік Лізій, разгледжу [справу] вашую».

23 І загадаў сотніку пільнаваць Паўла, але даваць палёгку і не забараняць нікому з ягоных служыць яму і прыходзіць да яго.

24 А праз некалькі дзён Фэлікс, прыйшоўшы з Друзілаю, жонкаю сваёй, якая была Юдэйкай, паклікаў Паўла і слухаў яго пра веру ў Хрыста.

25 А як той вёў гутарку пра праведнасьць, і стрыманасьць, і пра будучы суд, Фэлікс, спалохаўшыся, адказаў: «Цяпер годзе, ідзі, а як знайду час, паклічу цябе».

26 Пры гэтым ён, спадзеючыся, што атрымае грошы ад Паўла, каб звольніў яго, часта клічучы яго, гутарыў з ім.

27 А як споўніліся два гады, Фэлікс атрымаў наступніка Порцыя Фэста, і, хочучы зрабіць ласку Юдэям, Фэлікс пакінуў Паўла ўвязьненым.

 

Разьдзел 25

1 Фэст, прыйшоўшы ў сваю правінцыю, праз тры дні ўзыйшоў з Цэзарэі ў Ерусалім.

2 А першасьвятары і першыя з Юдэяў выступілі перад ім супраць Паўла і малілі яго,

3 просячы ў яго ласкі, каб ён выклікаў [Паўла] ў Ерусалім, учыніўшы змову, каб забіць яго ў дарозе.

4 Тады Фэст адказаў, што Паўла пільнуюць у Цэзарэі, а сам ён мае неўзабаве выйсьці [туды].

5 «Дык хто з вас можа, — кажа ён, — няхай ідуць [са мною], і, калі ёсьць нешта на чалавеку гэтым, няхай яго вінавацяць».

6 А прабыўшы ў іх больш за дзесяць дзён, зыйшоў у Цэзарэю і на заўтра, сеўшы на судовым пасадзе, загадаў прывесьці Паўла.

7 Калі ж той прыйшоў, абступілі яго Юдэі, якія прыйшлі з Ерусаліму, прыносячы супраць Паўла шмат цяжкіх абвінавачваньняў, якіх не маглі давесьці.

8 Ён жа адказваў, што ні ў чым не саграшыў ані супраць Закону Юдэйскага, ані супраць сьвятыні, ані супраць цэзара.

9 А Фэст, хочучы зрабіць ласку Юдэям, адказваючы Паўлу, сказаў: «Ці хочаш, узыйшоўшы ў Ерусалім, там быць суджаны мною за гэта?»

10 А Павал сказаў: «Я стаю перад судовым пасадам цэзара, дзе я мушу быць суджаным. Юдэяў нічым я ня скрыўдзіў, як і ты добра ведаеш.

11 Бо калі я зрабіў нейкую крыўду і нешта, вартае сьмерці, не адмаўляюся памерці; а калі няма нічога, у чым яны мяне вінавацяць, ніхто ня можа выдаць ім мяне. Прызываю [суд] цэзара!»

12 Тады Фэст, пагутарыўшы з радаю, адказаў: «Прызываеш цэзара? Да цэзара пойдзеш».

13 А калі мінула некалькі дзён, валадар Агрыпа і Бэрніка прыйшлі ў Цэзарэю прывітаць Фэста.

14 Калі ж былі яны там шмат дзён, Фэст прадставіў валадару справу Паўла, кажучы: «Ёсьць нейкі чалавек, пакінуты Фэліксам як вязень,

15 супраць якога, калі я быў у Ерусаліме, выступалі першасьвятары і старшыні юдэйскія, просячы прысуду на яго.

16 Я адказаў ім, што ў Рымлянаў няма звычаю выда­ваць нейкага чалавека на сьмерць перш, чым вінавачаны бу­дзе мець перад абліччам [сваім] абвінавальнікаў і атрымае месца дзеля абароны ад абвінавачваньня.

17 Дык калі яны зыйшліся, я, ня робячы аніякай затрымкі, на другі дзень, сеўшы на судовы пасад, загадаў прывесьці гэтага чалавека.

18 Абвінавальнікі, абступіўшы яго, не прынесьлі супраць яго аніякае віны, якой я спадзяваўся,

19 а мелі яны з ім нейкія спрэчкі пра іхнюю рэлігію і пра нейкага памёршага Ісуса, пра Якога Павал цьвердзіў, што Ён жывы.

20 Зьбянтэжаны гэтай спрэчкаю, я сказаў, ці хоча ён ісьці ў Ерусалім і там быць суджаным за гэта.

21 А як Павал запатрабаваў, каб яго пільнавалі дзеля разгляду Аўгуста, я загадаў пільнаваць яго, пакуль не пашлю яго да цэзара».

22 Агрыпа ж мовіў да Фэста: «Хацеў бы і я сам пачуць гэтага чалавека». А той кажа: «Заўтра пачуеш яго».

23 Дык на заўтра, калі Агрыпа і Бэрніка прыйшлі з вялікай пышнасьцю і ўвайшлі ў судовую залю разам з тысячнікамі і найпаважнейшымі мужамі гораду, на загад Фэста быў прыведзены Павал.

24 І прамовіў Фэст: «Валадару Агрыпа і ўсе прысутныя з намі мужы! Вы бачыце таго, адносна якога ўсё мноства Юдэйскае прасіла мяне і ў Ерусаліме, і тут, крычучы, што не належыцца яму больш жыць.

25 Але я не спасьцярог, каб ён зрабіў нешта вартае сьмерці, і як ён сам прызваў Аўгуста, я судзіў паслаць яго.

26 Ды ня маю нічога пэўнага напісаць гаспадару. Дзеля гэтага прывёў яго да вас, і асабліва да цябе, валадару Агрыпа, каб, учыніўшы допыт, я меў, што напісаць.

27 Бо неразумным здаецца мне, пасылаючы вязьня, нават не пазначыць абвінавачваньня супраць яго».

 

Разьдзел 26

1 Агрыпа ж прамовіў да Паўла: «Дазваляецца табе гаварыць за сябе». Тады Павал, выцягнуўшы руку, адказаў:

2 «Валадару Агрыпа, я ўважаю сябе шчасьлівым, маючы сёньня адказваць перад табою адносна ўсяго, што закідаюць мне Юдэі,

3 тым больш, што ты знаўца ўсіх звычаяў Юдэйскіх і спрэчак. Дзеля гэтага прашу цябе выслухаць мяне доўгацярпліва.

4 Дык вось, усё жыцьцё маё ад юнацтва, якое ад пачатку праходзіла сярод народу майго ў Ерусаліме, ведаюць усе Юдэі.

5 Ведаючы мяне раней, калі захочуць, засьведчаць, што я жыў як фарысэй паводле найдасканалейшага накірунку набажэнства нашага.

6 І цяпер я стаю, як падсудны, за надзею на абяцаньне, дадзенае бацькам нашым ад Бога,

7 асягнуць якое спадзяюцца дванаццаць каленаў нашых, служачы ўночы і ўдзень безупынна. За гэтую надзею і абвінавачваюць мяне Юдэі, валадару Агрыпа!

8 Што? Вы судзіце, што неверагодна, каб Бог уваскрашаў мёртвых?

9 Дык і я думаў у сабе, што я мушу шмат зрабіць супраць імя Ісуса з Назарэту,

10 што і рабіў у Ерусаліме, і, узяўшы ўладу ад першасьвятароў, я шмат сьвятых замыкаў у вязьніцу, і як іх забівалі, я даваў голас.

11 І па ўсіх сынагогах, шмат караючы іх, я прымушаў іх блюзьніць, і, яшчэ больш разьярыўшыся супраць іх, перасьледаваў нават і ў чужых гарадах.

12 І з гэтым ідучы ў Дамаск, з уладаю і дазволам ад першасьвятароў,

13 пасярод дня, валадару, убачыў я на шляху сьвятло з неба, ярчэйшае за зьзяньне сонца, якое асьвяціла мяне і тых, што ішлі са мной.

14 А калі ўсе мы ўпалі на зямлю, я пачуў голас, які гаварыў да мяне і казаў на гебрайскай мове: “Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне? Цяжка табе супраць ражна ўпірацца”.

15 А я сказаў: “Хто Ты, Госпадзе?” Ён жа сказаў: “Я — Ісус, Якога ты перасьледуеш;

16 але паўстань і стань на ногі твае, бо Я дзеля таго зьявіўся табе, каб выбраць цябе паслугачом і сьведкам таго, што ты бачыў і што Я зьяўлю табе,

17 вырываючы цябе з народу гэтага і паганаў, да якіх цяпер пасылаю цябе,

18 каб адчыніць вочы іхнія, зьвярнуць ад цемры да сьвятла і ад улады шатана да Бога, каб праз веру ў Мяне атрымалі адпушчэньне грахоў і жэрабя сярод асьвечаных”.

19 Адгэтуль, валадару Агрыпа, я ня быў непаслухмяным відзежу нябеснаму,

20 але абвяшчаў спачатку жыхарам Дамаску і Ерусаліму, а пасьля ўсёй краіны Юдэйскай і паганам, каб навярнуліся і зьвярнуліся да Бога, робячы ўчынкі, вартыя навяртаньня.

21 За гэта Юдэі спрабавалі забіць мяне, схапіўшы ў сьвятыні.

22 Але я, атрымаўшы дапамогу ад Бога, да гэтага дня стаю, сьведчачы малому і вялікаму, нічога звыш ня кажучы, як што гаварылі Прарокі і Майсей, што мае стацца:

23 што Хрыстос мае пакутаваць і, як Першы з уваскрасеньня мёртвых, мае прапаведаваць сьвятло народу [гэтаму] і паганам».

24 А калі ён гэтак адказваў, прамовіў Фэст моцным голасам: «Ты вар’яцееш, Павал! Вялікая вучонасьць даводзіць цябе да шаленства».

25 А той кажа: «Не вар’яцею, вяльможны Фэсьце, але прамаўляю словы праўды і здаровага розуму,

26 бо разумее гэта валадар, перад якім я гавару адважна, бо перакананы, што нішто з гэтага перад ім ня ўтоілася, бо нічога з гэтага ў закуцьці ня дзеялася.

27 Ці верыш ты Прарокам, валадару Агрыпа? Ведаю, што верыш».

28 Агрыпа ж прамовіў да Паўла: «Ты мала не пераканаў мяне стацца Хрысьціянінам!»

29 А Павал сказаў: «Маліў бы я Бога, каб памалу ці памногу, ня толькі ты, але і ўсе, што слухаюць мяне сёньня, сталіся такімі, як і я, акрамя гэтых путаў».

30 І калі сказаў ён гэтае, устаў валадар, і ваявода, і Бэрніка, і тыя, што з імі сядзелі,

31 і, адыйшоўшыся ў бок, гаварылі паміж сабою, кажучы, што нічога, вартага сьмерці або путаў ня робіць чалавек гэты.

32 А Агрыпа сказаў Фэсту: «Можна было вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не прызваў цэзара».

 

Разьдзел 27

1 А калі прысудзілі нам плыць у Італію, Паўла і некаторых іншых вязьняў аддалі сотніку з кагорты Аўгуста, на імя Юлій.

2 Узыйшоўшы ж на Адраміцкі карабель, які меў плысьці ўздоўж месцаў Азійскіх, мы вырушылі, маючы з сабой Арыстарха, Македонца з Тэсалонік,

3 і на другі дзень прысталі да Сідону. І Юлій, які абыходзіўся з Паўлам па-людзку, дазволіў яму пайсьці да сяброў і атрымаць адпачынак.

4 Вырушыўшы адтуль, мы прыплылі да Кіпру, бо вятры былі супраціўныя.

5 І пераплыўшы мора насупраць Кілікіі і Памфіліі, мы зыйшлі ў Мірах Лікійскіх.

6 Там сотнік, знайшоўшы Александрыйскі карабель, які плыў у Італію, пасадзіў нас на яго.

7 Плывучы ж памалу даволі дзён і ледзь апынуўшыся насупраць Кніду, бо вецер не дазваляў нам, прыплылі мы да Крыту насупраць Сальмону.

8 І, ледзьве праплыўшы паўз яго, мы прыйшлі да нейкага месца, называнага Добрыя Затокі, ад якога блізка горад Лясэя.

9 А калі мінула даволі часу, і плаваньне было ўжо небясьпечнае, бо ўжо і пост прамінуў, радзіў Павал,

10 кажучы ім: «Мужы! Я бачу, што плаваньне мае быць са шкодаю і многімі стратамі ня толькі для ладунку і карабля, але і для душаў нашых».

11 А сотнік больш даверыўся корніку і гаспадару карабля, чым таму, што казаў Павал.

12 А як затока не была прыстасаваная для зімаваньня, большасьць давала параду плысьці адтуль, каб можна было перазімаваць, дабраўшыся да Фініку, Крыцкае затокі, што ляжыць насупраць паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга ветру.

13 Калі ж павеяў паўднёвы вецер, яны, думаючы, што атрымалі жаданае, выправіўшыся, паплылі паўз Крыт.

14 Неўзабаве наляцеў бурны вецер, называны Эўраклідон.

15 А калі карабель падхапіла і ён ня мог працівіцца ветру, мы здаліся, і нас панесла.

16 Наляцеўшы ж на нейкую выспачку, называную Кляўда, мы ледзь здолелі ўтрымаць човен.

17 Падняўшы яго, узяліся за помачы, абвязваючы карабель, і, баючыся, каб ня быць выкінутымі на мялізну, спусьцілі ветразь і гэтак насіліся.

18 А як бура крэпка кідала нас, на другі дзень выкінулі тавары,

19 а на трэці дзень мы сваімі рукамі павыкідалі карабельны рыштунак.

20 А калі шмат дзён не сьвяціла ані сонца, ані зоркі, і немалая бура налягала, нарэшце прапала ўсякая надзея, каб нам выратавацца.

21 А як мы доўга былі няеўшы, Павал, стаўшы пасярод, сказаў: «Мужы, трэба было, паслухаўшыся мяне, ня плысьці ад Крыту і пазьбегнуць гэтае шкоды і страты.

22 І цяпер раджу вам, падбадзёрцеся, бо ня будзе згубленая ніводная душа сярод вас, акрамя карабля.

23 Бо стаў перада мною ў гэтую ноч анёл Бога, Якому я прыналежу і Якому служу,

24 і сказаў: “Ня бойся, Паўле! Ты мусіш стаць перад цэзарам, і вось, Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою”.

25 Дзеля гэтага падбадзёрцеся, мужы, бо я веру Богу, што будзе паводле таго, як мне было сказана,

26 і мы мусім быць выкінутыя на нейкі востраў».

27 А як настала чатырнаццатая ноч, што нас насіла па Адрыятыцы, каля сярэдзіны ночы маракі сталі спадзявацца, што падыходзім да нейкае зямлі.

28 І, памераўшы, знайшлі дваццаць сажняў. А крыху адплыўшы і зноў памераўшы, знайшлі пятнаццаць сажняў.

29 І, баючыся, каб ня быць выкінутымі на скалістыя месцы, скінуўшы з карна чатыры якары, чакалі дня.

30 А калі маракі шукалі, каб уцячы з карабля, і спускалі ў мора човен, паказваючы, быццам маюць скінуць якары з носу,

31 Павал сказаў сотніку і жаўнерам: «Калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце збавіцца».

32 Тады жаўнеры паабсякалі вяроўкі ад чаўна і далі яму ўпасьці.

33 А перад настаньнем дня Павал прасіў усіх прыняць ежу, кажучы: «Сёньня чатырнаццаты дзень, як вы, чакаючы, застаяцёся ня еўшы і нічога не прыймаючы.

34 Дзеля гэтага прашу вас прыняць ежу, бо гэта будзе дзеля вашага выратаваньня, бо нікому з вас волас з галавы не ўпадзе».

35 А сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён падзякаваў Богу перад усімі і, пераламіўшы, пачаў есьці.

36 І ўсе, падбадзёрыўшыся, прынялі ежу.

37 Было ж усіх на караблі дзьвесьце семдзясят шэсьць душ.

38 Насыціўшыся ежай, мы палегчылі карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора.

39 А як настаў дзень, не пазналі зямлі, але ўгледзелі нейкую затоку, якая мела бераг, да якога пастанавілі, калі магчыма, прыстаць з караблём.

40 І, адкінуўшы якары, пайшлі па моры, і, адвязаўшы стырно і наставіўшы жагель па ветры, кіраваліся да берагу.

41 А натрапіўшы на касу, карабель сеў на мялізну, і нос, завязшы, заставаўся нерухомы, а карно разьбівалася сілаю хваляў.

42 Жаўнеры зрабілі пастанову, каб вязьняў пазабіваць, каб хто, выплыўшы, ня ўцёк.

43 Сотнік жа, хочучы ўратаваць Паўла, забараніў іхнюю пастанову і загадаў тым, якія могуць плаваць, скочыўшы першымі, выйсьці на зямлю,

44 а рэшце [плысьці] каму на дошках, каму на чым іншым з карабля. І гэтак сталася, што ўсе ўратаваліся на зямлю.

 

Разьдзел 28

1 Тады, уратаваўшыся, мы даведаліся, што востраў называецца Мэліта.

2 Барбары ж зьявілі нам незвычайную людзкасьць, бо, распаліўшы агонь, прынялі нас усіх, бо быў дождж і сьцюжа.

3 А калі Павал набраў мноства ламачча і клаў на агонь, яхідна, выйшаўшы ад жару, прычапілася да рукі ягонай.

4 Калі ж барбары ўбачылі зьвера, які вісеў на руцэ ягонай, гаварылі між сабою: «Напэўна, чалавек гэты забойца, якому, уратаванаму ад мора, прысуд жыць не дазваляе».

5 А ён, абтросшы зьвера ў агонь, не дазнаў аніякага ліха.

6 Яны ж чакалі, што ён стане пухнуць ці раптам упадзе мёртвы. А доўга чакаючы і бачачы, што нічога благога з ім ня сталася, зьмянілі думку і казалі, што ён — бог.

7 А ў тым месцы былі палі першага [чалавека] вострава, на імя Публій, які, прыняўшы нас, тры дні прыязна гасьцяваў.

8 Сталася ж, што бацька Публія ляжаў, хворы на гарачку і крываўку. Павал, увайшоўшы да яго і памаліўшыся, усклаў на яго рукі і аздаравіў яго.

9 Калі ж гэта сталася, і іншыя хворыя на востраве прыходзілі, і былі аздароўленыя.

10 І яны ўшанавалі нас шанаваньнем вялікім, і, як мы адплывалі, далі, што было патрэбна.

11 А праз тры месяцы паплылі мы на Александрыйскім караблі са знакам Дыяскуры, які зімаваў на востраве,

12 і, прыстаўшы ў Сіракузах, заставаліся [там] тры дні.

13 Адтуль, плывучы ўздоўж [берагу], прыйшлі мы ў Рэгію; і, як праз адзін дзень узьняўся паўднёвы вецер, на другі дзень прыйшлі ў Путэолі,

14 дзе, знайшоўшы братоў, былі запрошаныя імі застацца на сем дзён; і гэтак прыйшлі ў Рым.

15 Тамтэйшыя браты, пачуўшы пра нас, павыходзілі нам насустрач аж да Апіявае плошчы і Трох Корчмаў. Убачыўшы іх, Павал падзякаваў Богу і набраўся адвагі.

16 Калі ж мы прыйшлі ў Рым, сотнік перадаў вязьняў гетману, а Паўлу было дазволена жыць асобна з жаўнерам, які яго вартаваў.

17 Сталася ж, што праз тры дні Павал склікаў першых з Юдэяў, і калі яны зыйшліся, сказаў да іх: «Мужы браты! Нічога не зрабіўшы супраць народу ці звычаяў бацькоўскіх, я выдадзены як вязень з Ерусаліму ў рукі Рымлянаў.

18 Яны, дапытаўшы мяне, хацелі вызваліць, бо ніякае сьмяротнай віны на мне не было.

19 А як Юдэі працівіліся, я быў змушаны прызваць [суд] цэзара, але не таму, што меўся ў чым вінаваціць народ мой.

20 Дзеля гэтае прычыны я запрасіў вас, каб пабачыць і паразмаўляць. Бо за надзею Ізраіля я закаваны ў ланцугі гэтыя».

21 Яны ж сказалі да яго: «Мы ані лістоў адносна цябе не атрымалі з Юдэі, ані ніхто з братоў, што прыходзілі, не абвяшчаў і не гаварыў пра цябе нічога злога.

22 Лічым жа вартым пачуць ад цябе, як ты думаеш, бо пра герэзію гэтую вядома нам, што ўсюды ёй працівяцца».

23 Вызначыўшы ж яму дзень, большасьць прыйшла да яго ў гасподу. І ён з ранку да вечара выкладаў ім, сьведчачы пра Валадарства Божае і пераконваючы іх пра Ісуса з Закону Майсея і Прарокаў.

24 І адны былі перакананыя сказаным, а другія ня верылі.

25 І, не згаджаючыся між сабою, яны пайшлі, калі Павал сказаў адно слова: «Добра сказаў да бацькоў нашых Дух Сьвяты праз прарока Ісаю, кажучы:

26 “Ідзі да народу гэтага і скажы: ‘Слыхам пачуеце, і не зразумееце; і, гледзячы, глядзець будзеце, і ня ўбачыце,

27 бо атлусьцела сэрца народу гэтага, і вушамі з цяжкасьцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўбачылі вачыма і не пачулі вушамі, і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх’.”

28 Дык няхай будзе вам вядома, што паганам паслана збаўленьне Божае, яны і пачуюць».

29 І, як ён гэта сказаў, Юдэі выйшлі, маючы між сабою шмат спрэчак.

30 А Павал цэлыя два гады заставаўся ў сваёй нанятай кватэры і прыймаў усіх, якія прыходзілі да яго,

31 абвяшчаючы Валадарства Божае і навучаючы пра Госпада Ісуса Хрыста з усёй адвагаю без перашкоды.