ПАСЛАНЬНЕ ДА ЦІТА АПОСТАЛА ПАЎЛА
Разьдзел 1
1 Павал, слуга Божы, апостал жа Ісуса Хрыста, паводле веры выбраных Божых і пазнаньня праўды паводле пабожнасьці,
2 у надзеі жыцьця вечнага, якое абяцаў Бог, Які не падманвае, перад адвечнымі часамі,
3 а ў свой час зьявіў слова Сваё ў пропаведзі, якое было даверана мне паводле загаду Збаўцы нашага, Бога, —
4 Ціту, шчыраму дзіцяці ў супольнай веры: ласка, літасьць, супакой ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага.
5 Я пакінуў цябе ў Крыце дзеля таго, каб ты ўпарадкаваў, дзе чаго не хапае, і паставіў у гарадах старостаў, як я табе загадаў:
6 калі хто бездакорны, муж аднае жонкі, дзяцей мае верных, якіх не абвінавачваюць за распусту або непакорлівасьць.
7 Бо епіскап мусіць быць бездакорны, як Божы аканом, не самалюбны, не гняўлівы, ня п’яніца, не задзірлівы, ня сквапны,
8 але гасьцінны, дабралюбны, цьвярозы, праведны, багабойны, паўстрымлівы,
9 які трымаецца вернага слова згодна з вучэньнем, каб мог і настаўляць у здаровым вучэньні, і дакараць тых, якія працівяцца.
10 Бо ёсьць шмат і непакорлівых, і пустаслоўных, і ашуканцаў, асабліва з абрэзаных,
11 якім трэба закрываць вусны; яны цэлыя дамы руйнуюць, навучаючы, чаго ня сьлед, дзеля агіднага набытку.
12 Сказаў нехта з іх, уласны іхні прарок: «Крыцяне заўсёды хлусяць, зьвяры ліхія, жываты гультайскія».
13 Сьведчаньне гэтае праўдзівае. Дзеля гэтае прычыны дакарай іх сувора, каб былі здаровыя ў веры,
14 не зважаючы на юдэйскія байкі і прыказаньні людзей, якія адварочваюцца ад праўды.
15 Для чыстых усё чыста, а для апаганеных і бязьверных няма нічога чыстага, але апаганены і розум іхні, і сумленьне.
16 Яны кажуць, што ведаюць Бога, а ўчынкамі адракаюцца, [яны —] брыдотныя і непакорныя, і на ўсякую добрую справу няздольныя.
Разьдзел 2
1 А ты гавары, як належыць здароваму вучэньню:
2 каб старыя былі пільныя, сумленныя, цьвярозыя, здаровыя ў веры, любові, цярплівасьці;
3 каб старыя жанчыны паводзілі сябе, як належыцца сьвятым, не паклёпнічалі, не пілі шмат віна, вучылі добраму,
4 каб вучылі мудрасьці маладых, каб тыя любілі мужоў, любілі дзяцей,
5 былі цьвярозыя, чыстыя, гаспадарлівыя, добрыя, падпарадкаваныя сваім мужам, каб не было блюзьненьня на слова Божае.
6 Маладых людзей таксама ўпрошвай думаць цьвяроза,
7 у-ва ўсім даючы сябе за прыклад добрых учынкаў, у навучаньні — чысьціню, сумленнасьць, непахібнасьць,
8 слова здаровае, ненаганнае, каб той, хто супрацівіцца, быў асаромлены, ня маючы нічога благога сказаць пра нас.
9 Слугаў [навучай] падпарадкоўвацца сваім уладарам, у-ва ўсім падабацца ім, не пярэчачы,
10 не прыхоўваючы сабе, але зьяўляючы ўсю добрую вернасьць, каб у-ва ўсім аздаблялі вучэньне Збаўцы нашага Бога.
11 Бо зьявілася ласка Божая, што дае збаўленьне для ўсіх людзей,
12 якая навучае нас, каб, адрокшыся ад бязбожнасьці і пажадлівасьцяў сьвету, цьвяроза, праведна і пабожна жылі мы ў цяперашнім веку,
13 чакаючы шчасьлівае надзеі і зьяўленьня славы вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста,
14 Які даў Сябе за нас, каб выбавіць нас ад усякага беззаконьня і ачысьціць Сабе народ асаблівы, які рупіцца пра добрыя справы.
15 Гэтае кажы, упрошвай і дакарай з усякім загадам; няхай ніхто табою не пагарджае.
Разьдзел 3
1 Нагадвай ім, каб падпарадкоўваліся і слухаліся начальнікаў і ўлады, былі падрыхтаваныя на ўсякую добрую справу,
2 на нікога ня блюзьнілі, не былі ваяўнічымі, былі спагаднымі і зьяўлялі ўсякую ціхасьць адносна ўсіх людзей.
3 Бо і мы былі некалі бяздумнымі, непакорнымі, падманутымі, служачы пажаданьням і розным асалодам, жывучы ў ліхоце і зайздрасьці, былі паскуднымі, ненавідзячы адзін аднаго.
4 А калі зьявілася ласкавасьць і любоў да людзей Збаўцы нашага, Бога,
5 Ён збавіў нас ня дзеля ўчынкаў праведнасьці, якія мы ўчынілі, але паводле літасьці Сваёй, праз лазьню адраджэньня і абнаўленьня Духам Сьвятым,
6 Якога Ён выліў на нас шчодра праз Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага,
7 каб, апраўдаўшыся ласкай Ягонай, мы сталіся праз надзею спадкаемцамі жыцьця вечнага.
8 Вернае слова; і я хачу, каб ты сьцьвярджаў гэта, каб тыя, што вераць Богу, былі старанныя ў выкананьні добрых справаў: гэта добра і людзям карысна.
9 А дурных спрэчак, і радаводаў, і сварак, і звадак адносна Закону пазьбягай, бо яны некарысныя і марныя.
10 Чалавека герэтыка пасьля першага і другога напамінаньня пакінь,
11 ведаючы, што гэтакі разбэсьціўся і грашыць, асудзіўшы самога сябе.
12 Калі пашлю да цябе Арцёма або Тыхіка, намагайся прыйсьці да мяне ў Нікапаль, бо я пастанавіў перазімаваць там.
13 Зэна законьніка і Апалёса старанна правядзі, каб у іх не было ні ў чым недахопу.
14 Няхай і нашыя вучацца выконваць добрыя справы ў пільных патрэбах, каб не былі бясплодныя.
15 Вітаюць цябе ўсе, што са мною. Прывітай тых, што сябруюць з намі ў веры. Ласка з усімі вамі. Амэн.