Беларуская Біблія

ДРУГОЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ЦІМАФЕЯ АПОСТАЛА ПАЎЛА

 

Разьдзел 1

1 Павал, апостал Ісуса Хрыста воляй Божай, паводле абяцаньня жыцьця, што ў Хрысьце Ісусе, —

2 Цімафею, улюбёнаму дзіцяці: ласка, літасьць, супакой ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.

3 Дзякую Богу, Якому служу ад бацькоў з чыстым сумленьнем, што няспынна ўзгадваю пра цябе ў просьбах маіх уночы і ўдзень,

4 жадаючы бачыць цябе, памятаючы пра сьлёзы твае, каб мне напоўніцца радасьцю,

5 прыводзячы на памяць некрывадушную веру тваю, якая раней жыла ў бабулі тваёй Ляідзе і ў маці тваёй Эўніцы, і я перакананы, што і ў табе.

6 Дзеля гэтае прычыны нагадваю табе, каб ты распальваў дар Божы, які ёсьць у табе праз ускладаньне рук маіх,

7 бо даў нам Бог ня духа палахлівасьці, але сілы, і любові, і цьвярозага мысьленьня.

8 Дык не саромся сьведчаньня Госпада нашага, ані мяне, вязьня Ягонага, але перанось цяжкасьці разам з Эвангельлем паводле сілы Бога,

9 Які збавіў нас і паклікаў пакліканьнем сьвятым, не паводле ўчынкаў нашых, але паводле вызначэньня Свайго і ласкі, дадзенае нам у Хрысьце Ісусе перад вечнымі часамі,

10 а цяпер выяўленае праз зьяўленьне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які зьнішчыў сьмерць і зьявіў жыцьцё і незьнішчальнасьць праз Эвангельле,

11 для якога я пастаўлены весьнікам, і апосталам, і настаўнікам паганаў.

12 Дзеля гэтае прычыны я і цярплю гэтак, але не саромлюся, бо ведаю, у Каго я паверыў, і перакананы, што Ён моцны, каб захаваць перададзенае праз мяне на той дзень.

13 Мей за прыклад здаровыя словы, якія ты чуў ад мяне, у веры і любові, што ў Хрысьце Ісусе.

14 Захоўвай тое добрае, што перададзена [табе], праз Духа Сьвятога, Які жыве ў нас.

15 Ты ведаеш, што адвярнуліся ад мяне ўсе, якія ў Азіі, між імі Фігел і Гермаген.

16 Няхай дасьць Госпад літасьць дому Анісіфора, бо ён часта падмацоўваў мяне і не саромеўся ланцугоў маіх,

17 але, калі быў у Рыме, дужа шукаў мяне і знайшоў.

18 Няхай дасьць яму Госпад знайсьці літасьць у Госпада ў той дзень; і колькі ён служыў у Эфэсе, ты лепей ведаеш.

 

Разьдзел 2

1 Дык ты, дзіця маё, умацоўвайся ў ласцы, што ў Хрысьце Ісусе,

2 і, што чуў ад мяне праз многіх сьведкаў, тое перадай верным людзям, якія будуць здольнымі і іншых навучыць.

3 Дык перанось злыбеды, як добры жаўнер Ісуса Хрыста.

4 Ніхто з тых, хто змагаецца, ня зьвязвае сябе справамі жыцьцёвымі, каб падабацца таму, хто яго ўзяў у войска.

5 І калі хто спаборнічае, не атрымае вянка, калі будзе спаборнічаць незаконна.

6 Земляроб, які працуе, мусіць першы спажываць плады.

7 Разумей, што кажу. Няхай жа дасьць табе Госпад разуменьне ў-ва ўсім.

8 Памятай пра Ісуса Хрыста, з насеньня Давіда, Які ўваскрос з мёртвых паводле Эвангельля майго,

9 у якім пераношу злыбеды аж да путаў, як злачынца, але слова Божага нельга зьвязаць.

10 Дзеля гэтага я ўсё трываю дзеля выбраных, каб і яны дасягнулі збаўленьня, што ў Хрысьце Ісусе, з вечнаю славаю.

11 Вернае слова, што калі мы памерлі з Ім, і жыць будзем з Ім;

12 калі трываем [з Ім], і валадарыць будзем з Ім; калі адрачэмся [ад Яго], і Ён адрачэцца ад нас;

13 калі мы ня верым, Ён застаецца верным, бо ад Сябе адрачыся ня можа.

14 Гэта нагадвай, сьведчачы перад Госпадам, каб не спрачаліся дзеля словаў, што нічога не дае, а руйнуе тых, якія слухаюць.

15 Намагайся паставіць сябе перад Богам вартым, работнікам, які ня будзе асаромлены, які слушна пераказвае слова праўды.

16 А паганага марнаслоўя пазьбягай, бо яны яшчэ больш будуць узрастаць у бязбожнасьці,

17 і слова іхняе, як гангрэна, будзе мець пажыву. Гэтакія Гімэнэй і Філет,

18 якія адхіліліся ад праўды, кажучы, што ўваскрасеньне ўжо было, і руйнуюць у некаторых веру.

19 Але цьвёрды падмурак Божы стаіць, маючы гэтакую пячатку: «Ведае Госпад тых, якія Яго», і: «Няхай адыйдзецца ад няправеднасьці кожны, хто называе імя Хрыста».

20 А ў вялікім доме ёсьць посуд ня толькі залаты і срэбны, але і драўляны, і гліняны; і адзін — у пашане, а другі — у ганьбе.

21 Дык калі хто ачысьціць сябе ад гэтага, той будзе пасудзінаю ў пашане, асьвячонаю і патрэбнаю Уладару, падрыхтаванаю на ўсякую добрую справу.

22 Ад юнацкіх пажаданьняў уцякай, а імкніся да праведнасьці, веры, любові, супакою з тымі, хто прызывае Госпада ад чыстага сэрца.

23 Ад дурных і бязглуздых спрэчак адмаўляйся, ведаючы, што яны нараджаюць звадкі;

24 а слуга Госпада ня мусіць вадзіцца, але быць ветлівым да ўсіх, здольным навучаць, цярплівым,

25 у ціхасьці настаўляць тых, якія працівяцца, ці ня дасьць ім Бог навяртаньня дзеля пазнаньня праўды,

26 каб яны вызваліліся з пасткі д’яблавай, які злавіў іх пад сваю волю.

 

Разьдзел 3

1 Ведай жа тое, што ў апошнія дні надыйдуць злыя часы.

2 Бо людзі будуць самалюбныя, срэбралюбцы, пыхліўцы, ганарыстыя, блюзьнеры, непаслухмяныя бацькам, няўдзячныя, нячыстыя, бязьлітасныя,

3 няўмольныя, паклёпнікі, неапанаваныя, жорсткія, ненавісьнікі таго, што добрае,

4 здраднікі, неразважныя, фанабэрыстыя, якія больш любяць асалоду, чым Бога,

5 якія маюць выгляд пабожнасьці, а сілы яе адракліся. Ад гэтакіх адварочвайся.

6 Бо з гэтакіх тыя, што закрадаюцца ў дамы і палоняць жанчынак, абцяжараных грахамі, якіх водзяць розныя пажадлівасьці,

7 якія заўсёды вучацца і ніколі ня могуць дайсьці да пазнаньня праўды.

8 Як Яннэс і Ямбрэс супрацьстаялі Майсею, гэтак і яны супрацьстаяць праўдзе, людзі з папсаваным розумам, няздатныя ў веры.

9 Але яны ня шмат будуць узрастаць, бо шаленства іхняе выкрыецца перад усімі, як гэта і сталася з тымі.

10 А ты пайшоў сьледам за мною ў навучаньні, ладзе жыцьця, намерах, веры, доўгацярплівасьці, любові, непахіснасьці,

11 перасьледваньнях, пакутах, якія здарыліся са мною ў Антыёхіі, Іконіі, Лістрах; гэтыя перасьледваньні я перанёс, і з усіх выбавіў мяне Госпад.

12 Дый усе, якія хочуць жыць пабожна ў Хрысьце Ісусе, перасьледаваны будуць.

13 А злыя людзі і ашуканцы будуць узрастаць у зьле, падманваючы [іншых] і падманваючы сябе.

14 А ты заставайся ў тым, чаго навучыўся і што табе даверана, ведаючы, праз каго ты навучаны;

15 і што ты з дзяцінства ведаеш Сьвятое Пісаньне, якое можа зрабіць цябе мудрым на збаўленьне праз веру, што ў Хрысьце Ісусе.

16 Усё Пісаньне натхнёнае Богам і карыснае дзеля навучаньня, дзеля дакараньня, дзеля выпраўленьня, дзеля дысцыплінаваньня ў праведнасьці,

17 каб дасканалым быў чалавек Божы, да ўсякае добрае справы гатовым.

 

Разьдзел 4

1 Дык я сьведчу перад Богам і Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, Які мае судзіць жывых і мёртвых у зьяўленьні Сваім і Валадарства Свайго:

2 абвяшчай слова, настойвай у час і ня ў час, дакарай, забараняй, упрошвай з усякай доўгацярплівасьцю і вучэньнем.

3 Бо будзе час, калі здаровага навучаньня цярпець ня будуць, але паводле сваіх пажаданьняў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, якія лашчаць слых,

4 і ад праўды слых адвернуць, а збочаць да баек.

5 А ты будзь пільны ў-ва ўсім, перанось злыбеды, рабі справу дабравесьніка, служэньне тваё выконвай.

6 Бо я ўжо стаўся ахвяраю, і час майго адыходу прыйшоў.

7 Змагаўся я добрым змаганьнем, бег зьдзейсьніў, веру захаваў.

8 Нарэшце, вызначаны мне вянок праведнасьці, які дасьць мне Госпад, праведны Судзьдзя, у той дзень; і ня толькі мне, але і ўсім, якія зьяўленьне Яго палюбілі.

9 Намагайся, каб хутка прыйсьці да мяне.

10 Бо Дэмас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашні век, і пайшоў у Тэсалоніку; Крэскенс — у Галятыю; Ціт — у Дальматыю; адзін Лука са мною.

11 Марка, узяўшы, прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбны для служэньня,

12 А Тыхіка я паслаў у Эфэс.

13 Плашч, які я кінуў у Траадзе ў Карпа, ідучы, прынясі, і кнігі, асабліва пэргаміны.

14 Аляксандар, меднік, шмат учыніў мне ліха. Няхай дасьць яму Госпад паводле ўчынкаў ягоных.

15 І ты захоўвай сябе ад яго, бо ён вельмі супрацьстаіць нашым словам.

16 У першай маёй абароне ніхто не прыйшоў да мяне, але ўсе мяне пакінулі. Няхай ня будзе ім палічана!

17 Госпад жа стаў перада мною і ўмацаваў мяне, каб пропаведзь праз мяне была выкананая і каб пачулі [яе] ўсе пагане; і я быў выбаўлены з ільвінае пашчы.

18 І выбавіць мяне Госпад ад усякага злога дзеяньня, і збавіць для Свайго Нябеснага Валадарства. Яму слава на вякі вякоў. Амэн.

19 Прывітай Прыскілу, і Акілу, і дом Анісіфора.

20 Эраст застаўся ў Карыньце; а Трафіма я пакінуў хворага ў Мілеце.

21 Намагайся, каб прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе Эўбул, і Пуд, і Лін, і Кляўдыя, і ўсе браты.

22  Госпад Ісус Хрыстос з духам тваім. Ласка з вамі. Амэн.