Беларуская Біблія

ПЕРШАЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ЦІМАФЕЯ АПОСТАЛА ПАЎЛА

 

Разьдзел 1

1 Павал, апостал Ісуса Хрыста паводле загаду Бога, Збаўцы нашага, і Госпада Ісуса Хрыста, надзеі нашае, —

2 Цімафею, шчыраму дзіцяці ў веры: ласка, літасьць, супакой ад Бога, Айца нашага, і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.

3 Ідучы ў Македонію, я прасіў цябе быць у Эфэсе і загадаць некаторым, каб яны не навучалі іншага

4 і не зважалі на байкі і радаводы бясконцыя, якія выклікаюць больш спрэчак, чым Божага збудаваньня ў веры.

5 Канец жа загаду ёсьць любоў з чыстага сэрца, і добрага сумленьня, і веры некрывадушнай,

6 ад чаго адхіліўшыся, некаторыя збочылі да пустаслоўя,

7 хочучы быць законавучыцялямі, не разумеючы ані таго, што кажуць, ані таго, пра што сьцьвярджаюць.

8 А мы ведаем, што Закон добры, калі хто законна карыстаецца ім,

9 ведаючы тое, што Закон не пастаўлены для праведніка, але для беззаконьнікаў і непакорлівых, бязбожных і грэшнікаў, нячыстых і паганых, бацьказабойцаў і мацізабойцаў, чалавеказабойцаў,

10 распусьнікаў, мужаложнікаў, людакрадаў, хлусьлівых, крывапрысяжнікаў і для іншых, што супрацівяцца здароваму вучэньню,

11 паводле Эвангельля славы шчаснага Бога, якое мне даверана.

12 І я дзякую Хрысту Ісусу, Госпаду нашаму, Які ўмацаваў мяне, што Ён палічыў мяне верным, паставіўшы на служэньне,

13 [мяне], які раней блюзьніў, і перасьледаваў, і крыўдзіў, але памілаваны, бо рабіў гэта, ня ведаючы, у недаверстве.

14 І ласка Госпада нашага памножылася разам з вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе.

15 Вернае слова і ўсякага прыняцьця вартае, што Хрыстос Ісус прыйшоў у сьвет збавіць грэшнікаў, з якіх я — першы.

16 Але дзеля таго я памілаваны, каб Ісус Хрыстос у-ва мне першым зьявіў усю доўгацярплівасьць на прыклад тым, якія маюць верыць у Яго дзеля жыцьця вечнага.

17 Валадару ж вякоў, незьнішчальнаму, нябачнаму, адзінаму мудраму Богу пашана і слава на вякі вякоў. Амэн.

18 Гэткі загад даю табе, дзіця [маё] Цімафей, паводле ранейшых адносна цябе прароцтваў, каб ты змагаўся згодна з імі добрым змаганьнем,

19 маючы веру і добрае сумленьне, адкінуўшы якое, некаторыя разьбіліся ў веры;

20 з якіх Гімэнэй і Аляксандар, якіх я аддаў шатану, каб яны навучыліся ня блюзьніць.

 

Разьдзел 2

1 Дык перш за ўсё прашу ўзносіць просьбы, малітвы, умольваньні і падзякі за ўсіх людзей,

2 за валадароў і за ўсіх, хто пры ўладзе, каб весьці нам жыцьцё ціхае і спакойнае ў-ва ўсякай пабожнасьці і сумленнасьці,

3 бо гэта добра і прыемна перад Збаўцам нашым Богам,

4 Які хоча, каб усе людзі былі збаўленыя і прыйшлі да пазнаньня праўды.

5 Бо адзін Бог і адзін Пасярэднік паміж Богам і людзьмі — Чалавек Хрыстос Ісус,

6 Які аддаў Сябе на адкупленьне за ўсіх, як сьведчаньне ў свой час,

7 дзеля Якога я пастаўлены весьнікам і апосталам, праўду кажу ў Хрысьце, не хлушу, настаўнікам паганаў у веры і праўдзе.

8 Дык хачу, каб на ўсякім месцы маліліся мужы, узьнімаючы сьвятыя рукі бяз гневу і хістаньняў;

9 каб таксама і жанчыны, у сьціплай вопратцы, з сарамлівасьцю і здаровым розумам аздаблялі сябе не пляценьнем валасоў, ані золатам, ані пэрламі, ані шатамі дарагімі,

10 але добрымі ўчынкамі, як належыць жанчынам, якія абяцалі багабойнасьць.

11 Жанчына ў маўчаньні няхай вучыцца з усякай паслухмянасьцю.

12 А жанчыне, каб навучала, не дазваляю, ані каб мужам кіравала, але каб у маўчаньні была.

13 Бо першым быў зьлеплены Адам, а пасьля — Ева;

14 і не Адам быў падмануты, а жанчына, падманутая, учыніла парушэньне,

15 але будзе збаўленая праз нараджэньне дзяцей, калі застанецца ў веры, і любові, і сьвятасьці са здаровым розумам.

 

Разьдзел 3

1 Вернае слова: «Калі хто епіскапства жадае, добрай справы жадае».

2 Дык епіскап мусіць быць бездакорны, аднае жонкі муж, пільны, цьвярозы, сьціплы, гасьцінны, здольны навучаць,

3 ня п’яніца, не задзірлівы, ня сквапны, але спагадны, не ваяўнічы, не срэбралюбец,

4 каб добра сваім домам кіраваў, дзяцей меў у паслухмянасьці з усякай сумленнасьцю.

5 А калі хто ня ведае, як кіраваць уласным домам, як будзе клапаціцца пра Царкву Божую?

6 [Мусіць быць] не з нованаверненых, каб, узьбіўшыся ў пыху, ня трапіў пад прысуд з д’яблам.

7 Мусіць ён мець добрае сьведчаньне ад тых, што вонкі, каб ня трапіў у зьнявагу і пастку д’яблаву.

8 Дыяканы таксама [мусяць быць] сумленныя, не двудушныя, не прагавітыя на віно, ня сквапныя,

9 якія маюць таямніцу веры ў чыстым сумленьні.

10 І гэтакіх трэба перш выпрабоўваць, а пасьля, калі бездакорныя, няхай служаць.

11 Таксама жанчыны [мусяць быць] сумленныя, не паклёпніцы, пільныя, верныя ў-ва ўсім.

12 Дыяканы няхай будуць мужамі аднае жонкі, якія добра кіруюць дзецьмі і домам сваім,

13 бо хто добра паслужыў, здабывае сабе добрую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса.

14 Гэтае табе пішу, спадзеючыся неўзабаве прыйсьці да цябе,

15 каб ты, калі замаруджу, ведаў, як трэба жыць у доме Божым, які ёсьць Царква Бога Жывога, слуп і апірышча праўды.

16 І, бясспрэчна, вялікая ёсьць таямніца пабожнасьці: Бог зьявіўся ў целе, апраўдаў Сябе ў Духу, зьявіў Сябе анёлам, абвешчаны ў народах, прыняты вераю ў сьвеце, узьнесены ў славе.

 

Разьдзел 4

1 А Дух выразна кажа, што ў апошнія часы некаторыя адыйдуць ад веры, зважаючы на духаў падманлівых і вучэньні дэманавы,

2 праз крывадушнасьць тых, якія кажуць фальшыва і выпалілі сумленьне сваё,

3 якія забараняюць жаніцца, [кажуць] высьцерагацца ежы, якую Бог стварыў дзеля спажываньня з падзякай вернымі і тымі, што пазналі праўду.

4 Бо ўсякае стварэньне Божае добрае, і нішто ня мае быць адкінутым, што прыймаецца з падзякаю,

5 бо асьвячаецца праз слова Божае і малітву.

6 Прадстаўляючы гэта братам, будзеш добрым служыцелем Ісуса Хрыста, спасіленым словамі веры і добрым навучаньнем, за якімі ты пайшоў сьледам.

7 А паганых і бабскіх баек цурайся, але практыкуйся ў пабожнасьці.

8 Бо цялеснае практыкаваньне мала карыснае, а пабож­насьць на ўсё карысная, маючы абяцаньне жыцьця цяперашняга і будучага.

9 Вернае [гэта] слова і ўсякага прыняцьця вартае.

10 Бо мы дзеля гэтага і працуем, і зьнявагі церпім, што спадзяемся на Бога Жывога, Які ёсьць Збаўца ўсіх людзей, а найбольш — верных.

11 Загадвай гэта і навучай.

12 Няхай ніхто не пагарджае маладосьцю тваёй, але будзь прыкладам для верных у слове, у ладзе жыцьця, у любові, у духу, у веры, у чысьціні.

13 Пакуль прыйду, займайся чытаньнем, пацяшаньнем, навучаньнем.

14 Не занядбоўвай дару [ласкі], што ў табе, які дадзены табе праз прароцтва, з ускладаньнем рук старостаў.

15 Гэта абдумвай, у гэтым будзь, каб посьпех твой быў яўны для ўсіх.

16 Захоўвай сябе і вучэньне, трывай у гэтым, бо, гэтак робячы, і сябе збавіш, і тых, якія слухаюць цябе.

 

Разьдзел 5

1 Старога не дакарай, але прасі, як бацьку, маладых — як братоў,

2 старых жанчынаў — як матак, маладых — як сёстраў, з усякай чысьцінёю.

3 Удоваў шануй, тых, якія праўдзіва ўдовы.

4 А калі якая ўдава мае дзяцей ці ўнукаў, яны перш няхай вучацца шанаваць свой дом і аддаваць належнае бацькам, бо гэта добра і прыемна перад Богам.

5 Праўдзівая ўдава і адзінокая спадзяецца на Бога і трывае ў малітвах і просьбах уночы і ўдзень,

6 а тая, што жыве ў распусьце, жывучы, мёртвая.

7 І гэтак загадвай, каб былі бездакорнымі.

8 А калі хто пра сваіх, і асабліва, пра хатніх ня дбае, той адрокся ад веры і горшы за бязьвернага.

9 Удава мае быць унесеная ў сьпіс, якой ня менш як шэсьцьдзясят гадоў, якая была жонкаю аднаго мужа,

10 засьведчаная ў добрых учынках, калі дзяцей выгадавала, калі прыймала падарожных, калі абмывала ногі сьвятым, калі падтрымлівала прыгнечаных, калі ішла сьледам за ўсякай добрай справай.

11 А маладым удовам адмаўляй, бо калі яны, разласаваўшыся насуперак Хрысту, захочуць замуж,

12 атрымаюць асуджэньне, бо адкінулі ранейшую веру.

13 Да таго ж яны прывучаюцца не працаваць, цягаючыся па дамах; і ня толькі не працаваць, але і балбатаць, і рабіць непатрэбныя рэчы, гаворачы, чаго ня сьлед.

14 Дык хачу, каб маладыя [ўдовы] ішлі замуж, нараджалі дзяцей, кіравалі домам і не давалі супраціўніку аніякае нагоды дзеля абмаўляньня,

15 бо некаторыя ўжо збочылі ўсьлед за шатанам.

16 Калі які верны ці верная мае ўдовы, няхай падтрымлівае іх і не абцяжарвае царквы, каб яна падтрымлівала праўдзівых удоваў.

17 Старосты, якія кіруюць добра, дастойныя падвойнае пашаны, асабліва тыя, якія працуюць у слове і навучаньні.

18 Бо Пісаньне кажа: «Не закелзай вала, які малоціць», і: «Работнік варты нагароды сваёй».

19 Абвінавачваньне на старосту не прыймай, хіба што пры двух ці трох сьведках.

20 Тых, якія грашаць, дакарай перад усімі, каб і іншыя страх мелі.

21 Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі анёламі сьведчу [табе], каб ты захаваў гэтае без перадузятасьці, нічога ня робячы паводле прыхільнасьці.

22 Рукі хутка ні на каго не ўскладай і ня будзь супольнікам у чужых грахах; захоўвай сябе чыстым.

23 Больш ня пі ваду, але ўжывай крыху віна дзеля страўніка твайго і частых тваіх немачаў.

24 Грахі некаторых людзей відочныя і вядуць на асуджэньне, а за некаторымі ідуць сьледам.

25 Гэтаксама і добрыя ўчынкі відочныя; і калі іначай, схавацца ня могуць.

 

Разьдзел 6

1 Усе слугі, якія пад ярмом, няхай лічаць уладароў сваіх вартымі ўсякае пашаны, каб не было блюзьнерства на імя Божае і вучэньне.

2 Тыя ж, якія верных маюць за ўладароў, няхай не пагарджаюць імі, што яны браты, але больш няхай служаць ім, таму што яны верныя і ўлюбёныя, удзельнікі дабрадзействаў [Божых]. Гэтага навучай і ўпрошвай.

3 Калі хто навучае іначай і не ідзе за здаровымі словамі Госпада нашага Ісуса Хрыста і за вучэньнем пра пабожнасьць,

4 той узьбіўся ў пыху, нічога не разумеючы, але хварэючы на спрэчкі і кіданьне словамі, ад якіх стаецца зайздрасьць, сварка, блюзьнерствы, зласьлівыя падазрэньні,

5 пустыя гутаркі між людзьмі зьнішчанага розуму і пазбаўленымі праўды, якія думаюць, што пабожнасьць — [сродак] дзеля прыбытку. Аддаляйся ад гэтакіх.

6 Але вялікі прыбытак — пабожнасьць разам з зада­воленасьцю.

7 Бо мы нічога не прынесьлі ў сьвет; зразумела, што і нічога вынесьці ня можам.

8 А маючы што есьці і што апрануць, будзем гэтым задаволеныя.

9 Тыя ж, якія хочуць багацець, трапляюць у спакусу, і ў пастку, і ў многія бяздумныя і шкадлівыя пажаданьні, якія топяць людзей у зьнішчэньні і загубе.

10 Бо корань усякага зла ёсьць срэбралюбства, жадаючы якога, некаторыя адступіліся ад веры і самі сябе аддалі на многія мукі.

11 А ты, чалавек Божы, уцякай ад гэтага, але імкніся да праведнасьці, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, пакоры,

12 змагайся добрым змаганьнем веры, трымайся за жыцьцё вечнае, да якога ты і пакліканы, і вызнаў добрае вызнаньне перад многімі сьведкамі.

13 Перад Богам, Які ўсё ажыўляе, і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понтыем Пілатам добрае вызнаньне, загадваю табе

14 захаваць гэтае прыказаньне неапаганеным, бездакорным аж да зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста,

15 якое ў свой час адкрые шчасьлівы і адзіны магутны Валадар тых, хто валадарыць, і Госпад тых, якія пануюць,

16 Адзіны, Які мае несьмяротнасьць, жыве ў сьвятле недаступным, Якога ніхто з людзей ня бачыў і бачыць ня можа. Яму пашана і ўлада вечная. Амэн.

17 Багатым у цяперашнім веку загадвай, каб яны ня думалі шмат пра сябе і спадзяваліся не на багацьце няпэўнае, але на Бога Жывога, Які дае нам багата ўсё дзеля прыемнасьці;

18 каб рабілі дабро, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрыя, дзяліліся,

19 зьбіраючы сабе скарб, добры падмурак дзеля будучыні, каб трымацца ім за жыцьцё вечнае.

20 О, Цімафею! Захоўвай тое, што перададзена табе, ухіляючыся ад паганага марнаслоўя і перакорлівасьці фальшывага веданьня,

21 пахваляючыся якім, некаторыя адхіліліся ад веры. Ласка з табою. Амэн.