Беларуская Біблія

1-Ы ЛІСТ ДА ТЭСАЛОНЦАЎ

Раздзел 1

1 Паўла, і Сіліван, і Цімафей Тэсалонскай царкве ў Богу Айцу і Госпадзе Ісусе Хрысце: ласка вам і супакой.

2 Дзякуем Богу заўсёды за вас усіх, памятаючы пра вас безупынна ў малітвах нашых,

3 памятаючы дзейнасць веры вашай, працу любові і трываласць надзеі ў Госпадзе нашым Ісусе Хрысце перад Богам і Айцом нашым,

4 ведаючы, улюбёныя Богам браты, выбранне вашае,

5 бо дабравешчанне нашае не было да вас толькі ў словах, але ў сіле і ў Духу Святым ды ў шматлікай паўнаце, бо ж самі ведаеце, якімі мы былі ў вас для вас.

6 І вы сталіся паслядоўнікамі нашымі і Госпада, прыняўшы слова ў горы вялікім з радасцю Духа Святога,

7 і так вы сталіся ўзорам усім верным у Мацэдоніі і Ахаі.

8 Бо ад вас разышлося слова Божае не толькі ў Мацэдоніі і Ахаі, але ва ўсякае месца дайшла вера вашая ў Бога, так што нам няма патрэбы гаварыць пра гэта.

9 Бо самі людзі абвяшчаюць пра нас, якое прыняцце мелі мы ў вас, ды як вы навярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служыць Богу жывому і праўдзіваму

10 і чакаць Сына Яго з неба, Якога Ён уваскрасіў з мёртвых, Ісуса, Які ратуе нас ад будучага гневу.

 

Раздзел 2

1 Самі ж ведаеце, браты, прыбыццё нашае да вас, што не бясплодным было,

2 але раней нацярпеўшыся гора, як ведаеце, і зняваг у Піліпах, надзею сваю мелі мы ў Богу нашым, прапаведуючы вам Евангелле Божае ў многіх турботах.

3 Бо навучанне наша не з памылкі, ані з нячыстасці, ані з якога подступу,

4 але як выпрабаваны былі мы Богам, каб даверыць нам Евангелле, так і гаворым, не каб людзям падабацца, але Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашыя.

5 Бо ніколі, як ведаеце, не былі мы ў слове ліслівымі, ані пры ніякай нагодзе хцівымі, Бог сведка,

6 не шукалі таксама ў людзей славы, ані ў вас, ані ў другіх.

7 Хоць маглі быць у паважанні як апосталы Хрыстовыя, але сталіся мы малымі між вас і, як карміцелька песціць дзяцей сваіх,

8 так і мы, спагадныя да вас, хацелі шчыра перадаць вам не толькі Евангелле Божае, але і душы нашыя, бо сталіся вы нам вельмі дарагімі.

9 Вы памятаеце, браты, працу нашую і стому; ноччу і днём робячы, каб каго з вас не абцяжарыць, абвяшчалі мы вам Евангелле Божае.

10 Сведкі вы і Бог, як свята, справядліва і без наракання абыходзіліся мы з вамі, якія ўверылі.

11 Самі ведаеце, як кожнага з вас, як бацька дзяцей сваіх,

12 просячы і пацяшаючы, пераконвалі жыць дастойна Бога, Які паклікаў вас да Валадарства Свайго і славы.

13 Таму і мы бесперапынна дзякуем Богу, бо, калі вы прынялі слова Божае, пачутае ад нас, успрынялі яго не як слова чалавечае, але як сапраўды яно ёсць, як слова Божае, якое і дзейнічае ў вас, веруючых.

14 Бо сталіся вы, браты, пераймальнікамі цэркваў Божых, што ў Юдэі ў Хрысце Ісусе, бо і вы нацярпеліся гэтак сама ад землякоў вашых, як і яны ад Юдэяў,

15 якія забілі і Госпада Ісуса, і прарокаў, і нас пераследавалі, і Богу не падабаюцца, бо ўсім людзям супрацівяцца,

16 забараняюць нам гаварыць да паганаў, каб тыя былі збаўлены; і гэтак увесь час дапаўняюць мерку грахоў сваіх. Але прыйшоў нарэшце гнеў Божы на іх.

17 Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час абліччам, а не сэрцам, тым мацней спяшаемся пабачыць вас з аблічча ў вялікім прагненні.

18 Вось жа хацелі мы пайсці да вас, асабліва я, Паўла, і раз, і другі, але перашкодзіў нам шатан.

19 Што ж можа быць нашаю надзеяй, або радасцю, або вянком славы – ці ж не вы – перад Госпадам нашым Ісусам у прыход Яго?

20 Бо вы – наша слава і радасць.

 

Раздзел 3

1 Дзеля таго, што не маглі мы далей вытрымаць, дык захацелася нам адным застацца ў Атэнах

2 і паслалі мы да вас Цімафея, брата нашага і супрацоўніка Божага ў Евангеллі Хрыстовым, для падмацавання вашага і падбадзёрвання ў веры вашай,

3 каб ніхто не хістаўся ў гэтых прыгнётах; бо самі ж ведаеце, што мы на гэта пастаўлены.

4 Бо і ў вас будучы, мы прадказвалі вам, што будзем цярпець прыгнёт, як і сталася, і вы ведаеце.

5 Таму вось і я, не могучы далей стрымацца, паслаў даведацца пра веру вашую, ці не зводзіць вас часам той, хто спакушае, і ці не дарэмнай была праца нашая.

6 Цяпер жа, пасля прыбыцця да нас ад вас Цімафея і весткі пра веру і любоў вашую, і што маеце заўсёды пра нас добрую памяць, жадаючы нас пабачыць, як і мы вас,

7 суцешыліся мы тым, браты, што да вас, ва ўсякім горы і прыгнёце нашым дзеля веры вашай,

8 бо мы цяпер жывём, калі вы стаіце ў Госпадзе.

9 Якую ж вялікую падзяку можам даць Богу за вас, поўныя радасці, якою радуемся дзеля вас перад Богам нашым,

10 ноччу і днём горача молімся, каб паглядзець на вас з аблічча і дапоўніць тое, чаго не хапае веры вашай?

11 Хай жа Сам Бог і Айцец наш і Госпад наш Ісус выпрастае дарогу нашую да вас.

12 А вас няхай Госпад напоўніць і перапоўніць узаемнай любоўю і да ўсіх, як і мы да вас,

13 дзеля ўзмацнення сэрцаў вашых без заганы ў святасці перад Богам і Айцом нашым у прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі Яго святымі. Амін.

 

Раздзел 4

1 Нарэшце, браты, просім вас і молім у Госпадзе Ісусе, каб як вы атрымалі ад нас, як вам належыць жыць і падабацца Богу, так і жылі, і больш багацелі.

2 Бо ведаеце, пэўна, якія я вам даў пастановы ад Госпада Ісуса.

3 Бо воляй Божай ёсць святасць вашая,

4 каб высцерагаліся распусты, каб кожны з вас умеў захоўваць сваё начынне ў святасці і ў пашане,

5 а не ў пажадлівасці юрлівай, як пагане, якія не ведаюць Бога;

6 каб ніхто не узвышаўся і не крыўдзіў у справах брата свайго, бо Госпад ёсць мсціўца за ўсё гэта, як мы вам ўжо казалі і сведчылі.

7 Бо паклікаў нас Бог не да нячыстасці, але да святасці.

8 Дык хто гэта адкідае, той не чалавекам пагарджае, але Богам, Які даў вам Духа Свайго Святога.

9 Адносна любові братняй не маем патрэбы вам пісаць; бо самі вы навучаныя Богам адзін аднаго любіць.

10 Так вы і чыніце адносна ўсіх братоў ва ўсёй Мацэдоніі. Просім жа вас, браты, каб з яшчэ большай сілай

11 прыкладалі намаганні, каб жыць у супакоі, і рабіць сваю справу, і зарабляць на пражыццё ўласнымі рукамі, як загадалі мы вам,

12 ды каб дастойна адносіліся вы да тых, якія жывуць звонку, і каб не квапіліся ні на што чужое.

13 Не хочам, браты, каб вы не ведалі наконт памёршых, каб вы не сумавалі, як іншыя, якія не маюць надзеі.

14 Бо калі верым, што Хрыстос памёр і ўваскрос, дык Бог і тых, якія паўміралі ў Ісусе, прывядзе з Ім.

15 Гэта вось кажам вам словам Госпадавым, што мы, якія жывём і пакінутыя да прыходу Госпада, не папярэдзім тых, што паўміралі.

16 Бо Сам Госпад на загад і на голас Арханёла ды на гук трубы Божай сыдзе з неба, і мёртвыя, якія ў Хрысце, ўваскрэснуць першыя.

17 Потым мы, жывыя і пакінутыя, разам з імі будзем паднятыя ў паветра на аблоках насустрач Госпаду, ды так заўсёды будзем з Госпадам.

18 Вось так адны адных суцяшайце гэтымі словамі.

 

Раздзел 5

1 Пра час і пару, браты, няма патрэбы вам пісаць,

2 бо самі добра ведаеце, што дзень Госпадаў прыйдзе, як злодзей уначы, так ён прыйдзе.

3 Бо калі скажуць: «Супакой і бяспека», тады раптам прыйдзе на іх загуба, як боль на цяжарную, і не ўцякуць.

4 Вы ж, браты, не ў цемры, каб дзень той захапіў вас, як злодзей,

5 бо ўсе вы – сыны святла і сыны дня. Мы не належым ані ночы, ані цемры.

6 Дык не будзем спаць, як іншыя, але будзем чуваць і будзем цвярозымі.

7 Бо тыя, што спяць, ноччу спяць, і тыя, што п’юць, ноччу п’яныя.

8 Мы ж, якія належым дню, будзем цвярозымі, адзетымі ў панцыр веры і любові і ў шалом надзеі збаўлення.

9 Бо не прызначыў нас Бог на гнеў, але на атрыманне збаўлення праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,

10 Які памёр за нас, каб мы, ці чуваем, ці спім, жылі з Ім заўсёды.

11 Таму пацяшайце адзін аднаго і падтрымоўвайце ўзаемна, як вы і робіце.

12 Просім вас, браты, каб паважалі тых, якія працуюць у вас і кіруюць вамі ў Госпадзе ды навучаюць вас,

13 каб больш любілі іх дзеля працы іхняй. Жывіце ў згодзе між сабою.

14 Просім вас, браты: спыняйце свавольных, пацяшайце маладушных, апякуйцеся над хворымі, будзьце цярплівымі да ўсіх.

15 Глядзіце, каб нікому ліхам за ліха не адгаджаць, але імкніцеся заўсёды да дабра, як адзін для аднаго, так і для ўсіх.

16 Заўжды радуйцеся,

17 несупынна маліцеся,

18 за ўсё дзякуйце; бо такая ёсць воля Божая ў Ісусе Хрысце для вас.

19 Духа не гасіце,

20 прароцтвамі не пагарджайце,

21 усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся.

22 Высцерагайцеся усякага роду зла.

23 Хай жа Сам Бог супакою ўсвячае вас ва ўсім, каб дух ваш, і душа, і цела захаваліся беззаганнымі на прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста.

24 Верны Той, Які паклікаў вас, Які зробіць [гэта].

25 Браты, маліцеся за нас.

26 Прывітайце ўсіх братоў пацалункам святым.

27 Запрысягаю вас Госпадам, каб гэты ліст быў прачытаны ўсім братам.

28 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін.