Беларуская Біблія

ЛІСТ ДА РЫМЛЯНАЎ

Раздзел 1

1 Паўла, слуга Ісуса Хрыста, пакліканы апостал, прызначаны на добрую вестку  Божую,

2 якую ўжо раней абяцаў Бог праз Сваіх прарокаў у святых Пісаннях,

3 пра Сына Свайго, Які целам стаўся з семя Давіда

4 і ўстаноўлены Сынам Божым у магутнасці згодна Духу святасці праз уваскрэсенне мёртвых, Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.

5 Праз Яго атрымалі мы ласку і апостальства дзеля паслухмянасці ў веры ўсіх народаў у імя Яго,

6 да якіх належыце і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом,

7 усім, што ў Рыме, улюбёным Богам, пакліканым святым: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста!

8 Найперш дзякую Богу майму праз Ісуса Хрыста за ўсіх вас, бо пра веру вашу гавораць ва ўсім свеце;

9 сведка мне Бог, Якому служу духам маім, прапаведуючы Евангелле Сына Яго, як я несупынна ўспамінаю вас,

10 у малітвах маіх заўсёды просячы, каб з волі Божай урэшце меў шчасце аднойчы выбрацца ў дарогу адведаць вас.

11 Я прагну бачыць вас, каб надаць вам штосьці ад ласкі духоўнай і падмацаваць вас,

12 гэта значыць суцешыцца супольна з вамі гэтай верай, вашаю і маёю.

13 Хачу, браты, каб вы ведалі, што я часта збіраўся наведаць вас, каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народаў, але меў перашкоды аж дасюль.

14 Я даўжнік Грэкаў і барбараў, як мудрых, так і неразумных.

15 Дык, наколькі ад мяне залежыць, я гатовы несці добрую вестку і вам, тым, што ў Рыме.

16 Бо я не саромеюся добрай весткі: яна ёсць магутнасць Божая на збаўленне кожнаму верніку, перш Юдэю, і Грэку.

17 Бо ў ім аб’яўляецца справядлівасць Божая, з веры да веры, як напісана: «Справядлівы з веры жыць будзе».

18 Гнеў Божы аб’яўляецца з неба на ўсякую бязбожнасць і несправядлівасць людзей, што несправядлівасцю праўду заціскаюць,

19 бо, што магчыма ведаць пра Бога, ім яўна, бо Бог ім гэта аб’явіў.

20 Ды ад стварэння свету нябачнае [Божае], і спрадвечная Яго магутнасць, і Боскасць выяўляюцца розуму праз тое, што створана, так што яны не могуць апраўдацца [ад віны].

21 Бо калі Бога пазналі, не ўславілі Яго як Бога і не дзякавалі, але марнаваліся ў думках сваіх, і прыцемрылася неразумнае сэрца іх.

22 Кажучы аб сабе, што яны мудрыя, сталіся дурнымі,

23 нават славу незнішчальнага Бога замянілі на падобнасць вобразу знішчальнага чалавека, і птушак, і чатырохногіх, і гадаў.

24 Дзеля таго аддаў іх Бог у пажадлівасці сэрцаў іхніх нячыстасці, каб між сабою паганілі целы свае.

25 Бо праўду Божую замянілі на зман і пакланяліся і служылі стварэнню замест Творцы, Які бласлаўлёны навечна. Амін.

26 Таму аддаў іх Бог ганебным жарсцям. Жанчыны іхнія замянілі натуральныя зносіны на праціўныя прыродзе.

27 Падобна і мужчыны, кінуўшы натуральныя зносіны з жанчынай, загарэліся пажадлівасцю адзін да аднаго, мужчыны з мужчынамі сорам робячы і атрымоўваючы для саміх сябе належную адплату за сваю распусту.

28 А таму, што не імкнуліся пазнаць Бога, аддаў іх Бог бязглуздаму розуму, каб рабілі тое, што не належыцца,

29 і напоўненыя яны ўсякаю нягоднасцю, ліхасцю, хцівасцю, непрыстойнасцю, поўныя зайздрасці, забойства, звадкі, ашуканства, злосці, пляткары,

30 паклёпнікі, ненавіснікі Бога, крыўдзіцелі, самахвалы, пыхліўцы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам,

31 неразумныя, падступныя, бязлітасныя і неміласэрныя.

32 Яны, хоць ведаюць суд Божы, што тыя, якія такое робяць, вартыя смерці, ды не толькі самі так робяць, але і спрыяюць тым, што так робяць.

 

Раздзел 2

1 Таму няма выбачэння табе, кожны чалавеча, калі асуджаеш. Ды ў чым асуджаеш іншага, асуджаеш сябе, бо робіш тое самае ты, які асуджаеш.

2 Ведаем бо, што Божы суд справядлівы супраць тых, якія дапускаюцца такога.

3 Ці думаеш, чалавеча, які асуджаеш тых, якія такое робяць, і сам робіш тое ж, што ты ўцячэш ад суда Божага?

4 Ці пагарджаеш багаццем дабраты, цярплівасці і вялікадушнасці Яго, не разумеючы, што дабрата Божая прыводзіць цябе да навяртання?

5 Дзеля закамянеласці тваёй і ненавернутага сэрца рыхтуеш сабе гнеў на дзень гневу і аб’явы справядлівага суда Божага,

6 Які аддасць кожнаму паводле яго ўчынкаў:

7 тым, што праз стойкасць у добрых учынках шукаюць славы, пашаны і несмяротнасці – жыццё вечнае;

8 а тым, што ўпорыстыя і за праўдай ісці не хочуць, але падпарадкоўваюцца нягоднасці – гнеў і лютасць.

9 Пакуты і прыгнёт на кожную душу для людзей, што чыняць ліха, перш на Юдэя, і на Грэка.

10 Хвала, і пашана, і супакой усякаму, хто чыніць дабро, найперш Юдэю, і Грэку.

11 Бо ў Бога няма зважання на асобу.

12 Тыя, што без закону саграшылі, без закону і загінуць, а тыя, што пры законе саграшылі, законам будуць асуджаны.

13 Бо не тыя, што слухаюць закон, справядлівыя ў Бога, але тыя, што выконваюць закон, будуць апраўданы.

14 Бо калі пагане, не маючы ніякага закону, па прыродзе робяць тое, што па закону, дык, не маючы закону, яны самі сабе закон.

15 Паказваюць яны, што змест закону напісаны ў іх сэрцах, пра гэта сведчыць іх сумленне і думкі, якія то абвінавачваюць, то апраўдваюць адна адну,

16 у той дзень, калі Бог будзе судзіць праз Ісуса Хрыста таемныя [справы] людзей паводле майго дабравесця.

17 Калі ты завешся Юдэем, і ўпэўнены ў законе, і выхваляеш Бога,

18 ды, навучаны законам, ведаеш волю [Яго], і разумееш, што лепшае,

19 і перакананы, што ты – павадыр сляпых, святло для тых, што ў цемры,

20 выхавацель неразумных, настаўнік маладых, і маеш у законе прыклад  ведаў і праўды, –

21 дык як жа ты вучыш другога, а сябе самога не вучыш? Ты, які прапаведуеш, што нельга красці, крадзеш?

22 Кажучы, што нельга чужаложыць, чужаложыш? Брыдзішся ідаламі, і абкрадаеш святыню?

23 Выхваляеш закон, а, парушаючы закон, Бога зневажаеш?

24 Як напісана: «З-за вас між паганаў блюзнераць на імя Божае».

25 Абразанне тады карыснае, калі падпарадкоўваешся закону. Калі ж ты парушальнік закону, то абразанне тваё сталася неабразаннем.

26 А калі неабрэзаны падпарадкоўваецца пастановам закону, дык ці ж яго неабразанне не палічыцца яму за абразанне?

27 Дык вось той, хто па прыродзе неабрэзаны, але выконвае закон, будзе судзіць цябе, парушальніка закону, які ведае літару закону і абрэзаны.

28 Бо не той Юдэй, хто такі з выгляду, ды не тое абразанне, якое відаць на целе,

29 але той, хто ўнутры Юдэй, і абразанне якога ў сэрцы па духу, а не паводле літары; такому і пахвала не ад людзей, а ад Бога.

 

Раздзел 3

1 У чым жа перавага Юдэяў? Або якая карысць з абразання?

2 Вялікая ва ўсіх адносінах. Перш таму, што ім даверана cлова Божае.

3 Што з таго, што некаторыя не паверылі? Ці ж іх недаверства спустошыць веру Божую?

4 Ніякім чынам! Бо Бог верны, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: «Хоць бы ты апраўдаўся ў словах сваіх і перамог, калі будзеш суджаны».

5 Калі ж нашая несправядлівасць падкрэслівае Божую справядлівасць, дык што мы скажам? Ці Бог несправядлівы, калі выяўляе гнеў? – Кажу па-чалавечаму.

6 Ніякім чынам! Бо як жа тады Бог будзе судзіць свет?

7 Бо калі праз маю хлусню праўда Божая тым больш выяўляецца на славу Яго, дык якім чынам я маю быць суджаны як грэшнік?

8 І ці не так нас ачарняюць, ці не так гавораць, што мы кажам: «Будзем чыніць зло, каб выйшла дабро». Справядлівая кара такіх чакае.

9 Дык што? Ці мы маем перавагу? Аніякай! Ужо раней мы даказалі, што і Юдэі, і Грэкі – усе пад грахом,

10 як напісана: «Нікога няма справядлівага,

11 ніхто не разумее, ніхто не шукае Бога.

12 Усе збочылі, усе разам сталіся нягоднымі. Няма, хто б чыніў дабро, няма аніводнага.

13 Горла іх – магіла адкрытая, языкамі сваімі падманваюць, у вуснах іх – яд змяіны,

14 вусны іх поўныя праклёнаў і горычы;

15 ногі іх скорыя да праліцця крыві,

16 знішчэнне ды няшчасце на іх шляхах,

17 яны не спазналі шляху супакою.

18 Няма страху Божага перад вачыма іх».

19 А мы ведаем, што ўсё, што гаворыць закон, гаворыць да тых, што пры законе, каб замкнуць любыя вусны ды каб увесь свет прызнаў сябе вінаватым перад Богам;

20 бо ўчынкамі закону не апраўдаецца аніякае цела перад Ім; бо праз закон пазнаецца грэх.

21 Але цяпер выявілася справядлівасць Божая незалежна ад закону, аб якой сведчаць закон і прарокі,

22 справядлівасць Божая праз веру ў Ісуса Хрыста для ўсіх, што вераць. Бо няма розніцы,

23 таму што ўсе саграшылі і пазбаўлены славы Божай,

24 апраўданы ж дарма праз ласку Яго, праз адкупленне, якое ў Ісусе Хрысце;

25 Яго прапанаваў Бог перамольнай ахвярай праз веру ў кроў Яго для выяўлення справядлівасці Сваёй, бо не стаў зважаць на папярэднія злачынствы,

26 у [час] цярплівасці Божай, для выяўлення справядлівасці Яго ў гэты час, каб Ён Сам стаўся справядлівым і апраўдваючым таго, хто з вераю ў Ісуса.

27 Дзе ж тады падстава для хвальбы? Адкідаецца! Якім законам? Ці [законам] учынкаў? Не, але законам веры.

28 Бо мы мяркуем, што чалавек атрымоўвае апраўданне праз веру, незалежна ад учынкаў закону.

29 Ці ж Бог толькі Юдэяў? Ці не паганаў таксама? Ведама, і паганаў,

30 адзін бо ёсць Бог, Які апраўдвае і  абрэзанага з веры, і неабрэзанага – праз веру.

31 Дык ці праз веру касуем закон? Ніякім чынам! Але закон пацвярджаем.

 

Раздзел 4

1 Дык што, скажам, здабыў наш прабацька Абрагам паводле цела?

2 Бо калі Абрагам апраўданы з учынкаў, – мае славу, але не перад Богам.

3 Бо што кажа Пісанне? «Паверыў Абрагам Богу, і залічана Абрагаму вера за справядлівасць».

4 Вось жа таму, хто працаваў, плата налічаецца не з ласкі, але з доўгу або павіннасці.

5 Таму, аднак, хто не працаваў, але верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожніка, яго вера залічаецца за справядлівасць.

6 Так і Давід называе шчасным чалавека, якога Бог без заслугі залічае справядлівым:

7 «Шчасныя тыя, якім адпушчаны беззаконні ды якіх грахі закрытыя.

8 Шчасны чалавек, якому Госпад не палічыць граху».

9 Дык ці гэта шчаснасць датычыцца абрэзаных, ці таксама і неабрэзаных? Мы кажам: «Залічана Абрагаму вера за справядлівасць».

10 Калі была залічана: ці калі быў абрэзаны, ці ў неабрэзанасці? Не пасля абразання, але ў неабрэзанасці;

11 і ён атрымаў знак абразання, як пячатку справядлівасці праз веру, якую меў яшчэ ў неабрэзанасці, каб стаўся ён бацькам усіх тых, хто верыць у неабрэзанасці, каб і ім была залічана справядлівасць,

12 і бацькам не толькі тых абрэзаных, што прынялі абразанне, але і тых, якія ідуць слядамі той веры бацькі нашага Абрагама, якая была ў ім у неабрэзанасці.

13 Бо не законам было дадзена Абрагаму і нашчадкам яго абяцанне, што ён стане спадкаемцам свету, але справядлівасцю веры.

14 Бо калі спадкаемцы тыя, што з закону, дык вера пустая, і абяцанне без вартасці.

15 Бо закон выклікае гнеў, а дзе няма закону, там няма і злачынства.

16 Таму [спадкаемцы] – па веры, каб з ласкі, каб абяцанне было надзейным для кожнага нашчадка, не толькі для таго аднаго, хто з закону, але і для таго, хто з веры Абрагама, – ён жа бацька ўсіх нас, –

17 як напісана: «Устанавіў Я цябе бацькам многіх народаў», – перад Богам, Якому ён паверыў, як Таму, Які ажыўляе мёртвых і называе няіснае існым.

18 Ён насуперак надзеі паверыў надзеі стацца бацькам многіх народаў, як было сказана: «Такім будзе патомства тваё».

19 І, непахісны ў веры, ён не звярнуў увагі, што цела яго ўжо амярцвела, бо было яму каля ста гадоў, і нутро Сары таксама амярцвела.

20 І ў абяцанні Божым не засумняваўся ў бязвер’і, але ўмацаваўся вераю, аддаўшы славу Богу,

21 і быў упэўнены, што Бог мае магутнасць і здзейсніць абяцанае.

22 Таму гэта залічана было яму за справядлівасць.

23 А гэта напісана не толькі дзеля яго аднаго, што залічана яму,

24 але і дзеля нас, бо будзе залічана і нам, веруючым у Таго, Хто ўваскрасіў Ісуса, Госпада нашага, з мёртвых,

25 Які быў выданы за грахі нашыя і ўваскрос дзеля апраўдання нашага.

 

Раздзел 5

1 Дык, апраўданыя вераю, мы жывём у міры з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,

2 праз Якога вераю маем доступ да той ласкі, у якой трываем, ды пахваляемся надзеяй славы Божай.

3 Ды не толькі гэтым, але пахваляемся таксама прыгнётам, ведаючы, што прыгнёт спараджае цярплівасць,

4 а цярплівасць – досвед, а досвед – надзею.

5 А надзея не ганьбіць, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, Які нам дадзены.

6 Бо і Хрыстос памёр за бязбожнікаў у вызначаны час, калі мы былі яшчэ нямоглымі.

7 Бо і за справядлівага наўрад ці хто памрэ; хіба за дабрадзея можа быць хто і памірае.

8 Бог жа паказвае Сваю любоў да нас тым, што, калі мы былі яшчэ грэшнікамі, Хрыстос памёр за нас.

9 Дык тым больш цяпер, апраўданыя крывёй Яго, будзем збаўлены праз Яго ад гневу.

10 Бо калі мы, будучы ворагамі, пагадзіліся з Богам праз смерць Сына Яго, дык тым больш, ужо пагадзіўшыся, атрымаем збаўленне ў жыцці Яго.

11 І не толькі гэта, але пахваляемся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз Якога мы атрымалі цяпер прымірэнне.

12 З гэтай прычыны, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у свет, і праз грэх – смерць, гэтак і смерць перайшла на ўсіх людзей, бо ўсе людзі саграшылі.

13 Бо і да закону быў грэх на свеце, але грэх не залічаецца, калі закон адсутнічае.

14 Аднак ад Адама да Майсея смерць панавала нават над тымі, што не саграшылі на падабенства граху Адама, які ёсць узор будучыні.

15 Але не так з дарам ласкі, як са злачынствам. Бо калі злачынства аднаго выклікала смерць многіх, то намнога большая ласка Божая і дар ласкі ад аднаго чалавека, Ісуса Хрыста, на многіх распаўсюдзіўся.

16 І дар не такі, як [праз] аднаго, што саграшыў, бо прысуд за аднаго – на пакаранне, а ласка – на апраўданне за многія злачынствы.

17 І калі за злачынства аднаго смерць запанавала праз аднаго, то непараўнальна больш тыя, што атрымоўваюць шчодрасць ласкі і дару справядлівасці, панаваць будуць у жыцці праз аднаго, Ісуса Хрыста.

18 Дык як праз злачынства аднаго пакаранне на ўсіх людзей, так праз справядлівасць аднаго – апраўданне жыцця на ўсіх людзей.

19 І як праз непаслухмянасць аднаго чалавека сталіся грэшнікамі многія, так праз паслухмянасць аднаго многія стануцца справядлівымі.

20 Закон жа прыйшоў пасля, каб злачынствы памнажаліся; а дзе памножыўся грэх, там празмерна памножылася ласка,

21 каб як грэх запанаваў на смерць, так і ласка праз справядлівасць запанавала на жыццё вечнае праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага.

 

Раздзел 6

1 Дык што скажам? Ці будзем трываць у граху, каб памнажалася ласка? Ніякім чынам!

2 Бо калі мы памерлі для граху, дык як жа можам жыць у ім далей?

3 Ці ж вы не ведаеце, што мы ўсе, ахрышчаныя ў Ісуса Хрыста, ахрышчаныя ў смерць Яго?

4 Таму праз хрост мы разам з Ім пахаваныя ў смерць, каб як Хрыстос быў уваскрашоны з мёртвых славаю Айца, так і мы пачалі жыць абноўленым жыццём.

5 Бо калі мы аб’яднаны з Ім падобнасцю Яго смерці, дык [будзем аб’яднаны падобнасцю] і ўваскрэсення.

6 Ведаем гэта, што для знішчэння грэшнага цела даўнейшы наш чалавек быў разам з Ім укрыжаваны на тое, каб мы больш не служылі граху.

7 Хто бо памёр, апраўдаўся ад граху.

8 Калі ж мы памерлі разам з Хрыстом, дык верым, што разам з Ім і жыць будзем,

9 ведаючы, што Хрыстос, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае, смерць над Ім не мае ўлады.

10 Калі Ён памёр, дык памёр толькі раз для граху, а што жыве, то жыве для Бога.

11 Так і вы лічыце сябе памёршымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Ісусе.

12 Дык хай жа грэх не валадарыць у вашым смяротным целе, каб вам слухацца пажадлівасцей яго.

13 Не аддавайце граху члены вашыя як зброю несправядлівасці, але аддавайце сябе Богу як тыя, што пасля смерці ажылі, ды члены вашыя аддавайце Богу як зброю справядлівасці.

14 Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад законам, але пад ласкаю.

15 Дык што ж? Будзем грашыць, бо мы не пад законам, але пад ласкай? Аніяк!

16 Ці ж не ведаеце, што каму аддаяце сябе слугой на паслухмянасць, становіцеся таго слугамі, каму паслухмяныя: ці граху на смерць, ці паслухмянасці на справядлівасць.

17 Дзякуй Богу, што вы, якія былі нявольнікамі граху, ад шчырага сэрца паслухаліся таго ладу навукі, у якую вы аддалі сябе.

18 Вызваленыя ж ад граху, вы сталіся слугамі справядлівасці.

19 Гавару, як прынята ў людзей, дзеля кволасці цела вашага. Як аддавалі вы члены вашыя на службу нячыстасці і нягоднасці на беззаконне, так аддавайце цяпер члены вашыя на службу справядлівасці на асвячэнне.

20 Калі вы былі нявольнікамі граху, тады былі вы свабоднымі ад справядлівасці.

21 Які ж вы мелі плод тады з таго, чаго цяпер саромеецеся? Бо канец  іх – смерць!

22 Цяпер жа, вызваленыя ад граху ды ўчыненыя слугамі Бога, маеце плод ваш на асвячэнне, а на канец – жыццё вечнае!

23 Бо плата за грэх – смерць, а дар Божы – жыццё вечнае ў Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым.

 

Раздзел 7

1 Ці ж вы не ведаеце, браты, – бо гавару тым, хто ведае закон, – што, дакуль жыве чалавек, закон пануе над чалавекам.

2 Падобна і замужняя жанчына звязана законам з жывым мужам; а калі муж памрэ, яна вызвалена ад мужа па закону.

3 Таму яна будзе называцца чужаложніцай, калі пры жывым мужу выйдзе замуж за другога; калі ж памрэ муж, яна вольная ад закону і не будзе чужаложніцай, калі выйдзе замуж за другога.

4 Так і вы, браты мае, памерлі для закону праз Цела Хрыстова, каб належаць другому, Таму, Які ўваскрос з мёртвых, каб прыносіць плод Богу.

5 Пакуль мы жылі ў целе, у членах нашых праз закон дзейнічалі грахоўныя жарсці, каб мы прыносілі плод смерці.

6 Цяпер жа мы вызвалены ад закону, у якім утрымліваліся, памерлі для яго, каб служыць Богу ў абнаўленні Духа, а не па старой літары.

7 Дык што скажам? Няўжо ад закону грэх? Ніякім чынам! Але я спазнаў грэх не інакш, як праз закон, бо я не разумеў бы пажадлівасці, калі б закон не казаў: «Не пажадай».

8 Але грэх, які ўзяўся з нагоды прыказання, выклікаў у мяне ўсякія пажаданні, бо каб не было закону, – грэх быў бы мёртвы.

9 Калісьці я жыў без закону, але, калі прыйшло прыказанне, ажыў і грэх,

10 а я памёр; і я знайшоў, што прыказанне, якое было на жыццё, прывяло мяне на смерць.

11 Бо грэх, што ўзяўся з нагоды прыказання, звёў мяне і праз яго забіў.

12 Вось жа закон сам па сабе святы, і прыказанне святое, і справядлівае, і добрае.

13 Дык што, добрае сталася для мяне смерцю? Ніякім чынам! Але грэх праз добрае спарадзіў мне смерць, і, такім чынам, грэх выявіўся; каб стаўся грэх празмерна грэшным праз прыказанне.

14 Ведаем бо, што закон духоўны, а я – цялесны, падлеглы граху.

15 Я нават не разумею, што раблю, бо не раблю таго, чаго хачу, але тое, што ненавіджу, раблю.

16 А калі раблю тое, чаго не хачу, тады прызнаю, што закон – добры.

17 Тады ўжо не я раблю гэта, але грэх, што жыве ўва мне.

18 Я бо ведаю, што ўва мне, значыць у целе маім, не жыве добрае: бо жаданне дабра ёсць ува мне, але каб зрабіць дабро, – не.

19 Бо не раблю дабра, якога хачу, але раблю тое зло, якога не хачу.

20 А калі раблю тое, чаго не хачу, значыць, не я ўжо гэта раблю, але грэх, што ўва мне жыве.

21 Дык вось знаходжу ў сабе закон, што, калі хачу рабіць дабро, то побач са мною зло.

22 Бо паводле ўнутранага чалавека захапляюся законам Божым,

23 але ў членах маіх бачу іншы закон, які працівіцца закону майго розуму ды няволіць мяне законам граху, які ёсць у членах маіх.

24 Нешчаслівы я чалавек! Хто вызваліць мяне ад гэтага смяротнага цела?

25 Дзякуй Богу праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага! Вось я розумам служу закону Божаму, хоць целам – закону граху.

 

Раздзел 8

1 Значыць, цяпер тым, што ў Хрысце Ісусе, няма ніякага асуджэння;

2 бо закон Духа жыцця ў Хрысце Ісусе вызваліў цябе ад закону граху і смерці.

3 Бо што было немагчымым для закону, у якім была нядужасць праз цела, Бог, пасылаючы Сына Свайго ў падобнасці грэшнага цела ды дзеля граху, асудзіў грэх у целе,

4 каб апраўданне закону споўнілася ў нас, што жывём не паводле цела, але паводле Духа.

5 Бо тыя, што жывуць паводле цела, думаюць пра цялеснае, а тыя, што жывуць паводле Духа, – пра духоўнае.

6 Бо задумы цела ёсць смерць, а задумы Духа – жыццё ды супакой;

7 бо задумы цела варожыя Богу, таму што не скараюцца закону Божаму, ды й не могуць.

8 І тыя, што жывуць паводле цела, не могуць падабацца Богу.

9 Вы, аднак, не жывяце паводле цела, але паводле Духа, калі толькі Божы Дух жыве ў вас. А калі хто не мае Духа Хрыстовага, той не Яго.

10 А калі Хрыстос ёсць у вас, то хоць цела смяротнае з-за граху, але дух жывы з-за справядлівасці.

11 А калі ў вас жыве Дух Таго, Хто ўваскрасіў Ісуса з мёртвых, дык Той, Хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і смяротныя целы вашыя праз Духа Свайго, Які знаходзіцца ў вас.

12 Дык вось, браты, мы не даўжнікі цела, каб жыць паводле цела.

13 Бо калі будзеце жыць паводле цела, памраце, а калі духам памярцвіце ўчынкі цела, будзеце жыць.

14 Бо ўсе тыя, якіх вядзе Дух Божы, ёсць сыны Божыя.

15 Вы ж не атрымалі духа няволі, ізноў на страх, але атрымалі вы Духа ўсынаўлення, у Якім клічам: «Абба, Ойча!»

16 Той Самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы – сыны Божыя.

17 А калі сыны, дык і спадкаемцы: спадкаемцы Бога, суспадчыннікі Хрыста; калі толькі з Ім разам церпім, каб разам з Ім і ўславіцца.

18 Бо мяркую, што цяперашніх цярпенняў нельга параўнаць з будучай славай, якая мае аб’явіцца ў нас.

19 Стварэнне бо прагна чакае аб’яўлення сыноў Божых.

20 Бо стварэнне паддалося марнасці не самахоць, але па волі Таго, Хто паддаў, з надзеяй,

21 што і стварэнне таксама будзе вызвалена з няволі сапсутасці на волю славы дзяцей Божых.

22 Бо ведаем, што ўсё стварэнне дагэтуль стогне і пакутуе супольна.

23 Ды не толькі, але і мы самі, маючы пачатак Духа, і мы ўнутры сябе ўздыхаем, чакаючы ўсынаўлення, адкуплення цела нашага.

24 Бо мы ўжо збаўленыя надзеяй, аднак надзея бачная – гэта не надзея; бо калі хто бачыць, дык хіба спадзяецца хтосьці на тое, што бачыць?

25 Калі, аднак, мы спадзяёмся на тое, чаго не бачым, то з цярплівасцю чакаем.

26 Падобна і Дух успамагае нашай кволасці; бо мы не ведаем, пра што маліцца, як трэба, але Сам Дух заступаецца за нас у невымоўных уздыханнях.

27 Той жа, Хто пранікае сэрцы, ведае, чаго прагне Дух, бо Ён заступаецца за святых па [волі] Божай.

28 Ведаем таксама, што ўсё садзейнічае на дабро тым, што любяць Бога ды якія пакліканыя па [Яго] пастанове.

29 Бо тых, якіх Ён спрадвеку пазнаў, тых Ён прызначыў стацца падобнымі да вобразу Сына Свайго, каб Ён быў першародным між многімі братамі.

30 Тых жа, якіх прызначыў, тых і паклікаў, а якіх паклікаў, тых і апраўдаў, а якіх апраўдаў, тых і ўславіў.

31 Дык што на гэта скажам? Калі Бог за нас, дык хто супраць нас?

32 Той, Хто не пашкадаваў Сына Свайго, але выдаў Яго за ўсіх нас, як жа Ён не даруе і нам разам з Ім усяго?

33 Хто будзе вінаваціць выбраннікаў Божых? Бог, Які апраўдвае?

34 Хто Той, які іх асудзіць? Хрыстос Ісус, Які памёр, але Які  і ўваскрос, і Які сядзіць праваруч  Бога ды Які заступаецца за нас?

35 Дык хто ж можа адлучыць нас ад любові Хрыстовай? Прыгнёт, ці ўціск, ці пераследаванне, ці голад, ці нястача, ці небяспека, ці меч?

36 Як напісана: «Дзеля Цябе нас забіваюць увесь дзень, лічаць нас авечкамі на зарэз».

37 Але ва ўсім гэтым атрымліваем перамогу праз Таго, Хто палюбіў нас.

38 Бо я ўпэўнены, што ані смерць, ані жыццё, ані анёлы, ані першынствы, ані сённяшні дзень, ані будучыня, ані магутнасці,

39 ані вышыня, ані глыбіня, ані якое-колечы стварэнне не зможа нас адлучыць ад любові Бога, якая ў Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым.

 

Раздзел 9

1 Праўду кажу ў Хрысце, не маню, сведчыць аб гэтым маё сумленне ў Духу Святым,

2 што вялікі смутак у мяне і няспынны боль у сэрцы маім.

3 Я  хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных мне паводле цела,

4 якія ёсць Ізраэльцы, маючыя ўсынаўленне, і славу, і запавет, і ўклад законаў, і служэнне Богу, і абяцанні,

5 з іх і бацькі, з іх і Хрыстос паводле цела: Ён – Бог па-над усім, бласлаўлёны навечна. Амін.

6 Гэта не значыць, што слова Божае не здзейснілася. Бо не ўсе, што з Ізраэля, – Ізраэльцы.

7 Ды не ўсе нашчадкі Абрагама яго сыны, але: «Ад Ізаака будуць называцца твае нашчадкі».

8 Гэта значыць, што не сыны паводле цела ёсць сынамі Божымі, але сыны абяцання лічацца нашчадкамі;

9 слова ж абяцання такое: «Прыйду ў той самы час, і ў Сары будзе сын».

10 Ды не толькі, але і Рэбэка пачала за адзін раз ад бацькі нашага Ізаака.

11 Калі яны былі яшчэ не народжаны ды нічога не ўчынілі: ані дабра, ані зла, – каб заставаўся Божы намер адносна выбрання, –

12 сказана было ёй не дзеля ўчынкаў іх, але дзеля Таго, Хто заклікае: «Старэйшы будзе служыць малодшаму»,

13 як напісана: «Якуба Я палюбіў, а Эзава ўзненавідзеў».

14 Што скажам на гэта? Няўжо Бог несправядлівы? Ніякім чынам!

15 Бо Ён кажа Майсею: «Я пашкадую таго, каго шкадую, ды буду літасцівы да таго, да каго літасцівы».

16 Гэта залежыць ані ад таго, хто хоча, ані ад таго, хто намагаецца, але ад Бога міласэрнага.

17 Бо ў Пісанні кажа фараону: «Дзеля таго Я паставіў цябе, каб паказаць на табе магутнасць Сваю, ды каб абвяшчалася імя Маё па ўсёй зямлі».

18 Дык, каго хоча, літуе і, каго хоча, закамяняе.

19 А ты скажаш мне: «Чаму тады дакарае? Хто бо зможа супрацівіцца волі Яго?»

20 Чалавеча! Хто ты такі, каб мог адказваць Богу? Няўжо посуд гліняны будзе казаць таму, хто яго зляпіў: «Чаму ты мяне такім зляпіў?»

21 Ці ж ганчар над глінай не мае ўлады, каб з таго самага месіва зрабіць адну пасудзіну для пачэснага [ужытку], а другую – для простага?

22 Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў Свой або выявіць магутнасць Сваю, з вялікім цярпеннем ашчаджаў пасудзіны гневу, прызначаныя на загубу,

23 ды, каб выявіць багацце славы Сваёй над пасудзінамі міласэрнасці, якія наперад прыгатаваў на славу,

24 паклікаў нас не толькі з Юдэяў, але таксама з паганаў?

25 Як кажа таксама праз Озію: «Не Мой народ назаву Маім народам, а Нялюбую – Любай».

26 І будзе: на месцы, дзе ім было сказана: «Вы – не Мой народ», там назавуцца сынамі Бога жывога.

27 А Ісая ўсклікае пра Ізраэля: «Хоць бы колькасць сыноў Ізраэля была як пясок марскі, толькі рэштка будзе збаўлена.

28 Бо Госпад здзейсніць на зямлі Сваё слова рашуча ды без адкладу».

29 І як таксама прадказаў Ісая: «Калі б Госпад Сабаот не пакінуў нам нашчадкаў, сталі б мы як Садом ды былі б падобнымі да Гаморы».

30 Дык што можам сказаць? Што пагане, якія не імкнуліся да справядлівасці, атрымалі справядлівасць, але справядлівасць, якая ёсць з веры.

31 А Ізраэль, імкнучыся да закону справядлівасці, да закону не дайшоў.

32 Чаму? Бо [імкнуўся] не з веры, але з учынкаў. Яны спатыкнуліся аб камень спатыкнення,

33 як напісана: «Вось жа кладу на Сіёне камень спатыкнення і камень згаршэння. Хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».

 

Раздзел 10

1 Браты! Жаданне сэрца майго ды гарачае маленне да Бога за іх дзеля  збаўлення.

2 Сведчу я ім, што рупяцца яны пра Бога, але не па розуму.

3 Бо, не разумеючы справядлівасць Божую і спрабуючы ўстанавіць сваю справядлівасць, яны не пакарыліся справядлівасці Божай.

4 Бо завяршэнне закону – Хрыстос, для апраўдання кожнага, хто верыць.

5 Майсей вось піша аб справядлівасці, якая з закону: «Чалавек, які выканае, будзе  жыць ім».

6 А справядлівасць з веры так кажа: «Не кажы ў сэрцы тваім: хто ўзыдзе ў неба?, – гэта значыць Хрыста звесці,

7 або: хто спусціцца ў бездань?, – гэта значыць Хрыста вывесці з мёртвых».

8 Але што яна кажа:  «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх ды ў сэрцы тваім», гэта значыць слова веры, якое абвяшчаем.

9 Бо калі вуснамі тваімі вызнаеш: «Ісус – Госпад», і ў сэрцы тваім уверыш, што Бог Яго ўваскрасіў з мёртвых, будзеш збаўлены.

10 Бо сэрцам верыцца дзеля справядлівасці, а вызнанне вуснамі – дзеля збаўлення.

11 Пісанне ж кажа: «Усякі, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».

12 Няма таму розніцы між Юдэем і Грэкам, адзін бо Госпад усіх, багаты для ўсіх, хто Яго прызывае.

13 Бо кожны, хто прызывае імя Госпада, будзе збаўлены.

14 Як жа могуць прызываць Таго, у Каго не паверылі? Або як павераць у Таго, пра Якога не чулі? Але як жа пачуць без прапаведніка?

15 І як жа прапаведаваць, калі не пасылаюць? Як напісана: «Як прыгожыя ногі тых, якія нясуць добрую вестку!»

16 Але не ўсе паслухаліся Евангелля. Ісая вось кажа: «Госпадзе! Хто паверыў пачутаму ад нас?»

17 Таму вера – ад слухання, а слуханне – праз слова Хрыстовае.

18 Дык кажу: ці яны не пачулі? Але ж наадварот: «Па ўсёй зямлі загучаў голас іх, і словы іх аж на краі свету».

19 Зноў пытаю: ці ж Ізраэль не зразумеў? Першы Майсей кажа: «Я прывяду вас да руплівасці праз ненарод; праз народ неразумны вас паклічу да гневу».

20 А Ісая адважыўся сказаць: «Мяне знайшлі тыя, што не шукалі Мяне; яўна аб’явіўся Я тым, якія пра Мяне не пыталіся».

21 Да Ізраэля ж так кажа: «Увесь дзень працягваў Я рукі Мае да народа бязвернага і ўпорыстага».

 

Раздзел 11

1 Дык пытаюся: няўжо адкінуў Бог народ Свой? Ніякім чынам! Бо і я Ізраэлец з нашчадкаў Абрагама, з пакалення Беньяміна.

2 Не адкінуў Бог народа Свайго, які ведаў загадзя. Ці не ведаеце, што Пісанне кажа аб Іллі? Як ён скардзіцца Богу на Ізраэля:

3 «Госпадзе! Прарокаў Тваіх пазабівалі, алтары Твае паразвальвалі, застаўся я толькі адзін, і на маю душу цікуюць».

4 А што ж кажа яму адказ Божы? «Пакінуў Я Сабе сем тысяч мужоў, якія не ўкленчылі перад Баалам».

5 Так вось і ў наш час захавалася рэштка, выбраная ласкай.

6 А калі з ласкі, дык не за ўчынкі, інакш ласка не была б ужо ласкай.

7 Дык што ж? Чаго шукаў Ізраэль, таго не дасягнуў, дасягнулі толькі выбраныя; іншыя ж аслеплі,

8 як напісана: «Даў ім Бог духа атупення, вочы, каб не бачылі, і вушы, каб не чулі, аж па сённяшні дзень».

9 І Давід кажа: «Хай стол іх станецца ім сілом, і пасткаю, і згаршэннем, і адплатаю ім.

10 Хай вочы іх зацемрацца, каб не бачылі, а хрыбет іх хай згорбіцца назаўсёды».

11 Дык я кажу: няўжо яны спатыкнуліся каб упасці? Ніякім чынам! Але іх упадак стаўся для паганаў збаўленнем, каб прынукаць іх да руплівасці.

12 Калі іх упадак стаўся багаццем для свету, і паніжэнне іх – багацце для паганаў, дык тым больш іх поўня.

13 Вам жа, паганам, кажу: пакуль застаюся апосталам паганаў, ганаруся сваёй паслугай,

14 бо, можа, як-небудзь паклічу да руплівасці кроўных маіх і хоць некаторых прывяду да збаўлення.

15 Бо калі іх адрынутасць ёсць прымірэнне свету, то чым жа будзе далучэнне, калі не жыццём з мёртвых?

16 Бо калі рошчына святая, дык і цеста, і калі корань святы, то і галіны.

17 Калі ж некаторыя галіны былі адламаныя, а на іх месца ты быў прышчэплены, што быў аліўнай дзічкай, ты стаўся супольнікам тлустасці кораня алівы,

18 дык не ганарыся адносна галін, бо калі будзеш ганарыцца, [то ведай,] што не ты трымаеш корань, але ён цябе.

19 Можа скажаш: «Адламаны галіны, каб я быў прышчэплены».

20 Слушна; адламаны яны дзеля недаверства, а ты трымаешся верай. Таму не мудруй, але сцеражыся.

21 Бо калі Бог не пашкадаваў галін прыродных, можа таксама не пашкадаваць і цябе.

22 Дык уважай на дабрату ды суровасць Божую: на суровасць адносна тых, што ўпалі, і дабрату Божую да цябе, калі толькі вытрываеш у дабраце, бо інакш і ты будзеш адкінуты.

23 Але і яны, калі не будуць трываць у недаверстве, будуць прышчэплены, бо Бог мае магутнасць ізноў іх прышчапіць.

24 Бо калі быў ты адсечаны ад прыроднай табе аліўнай дзічкі і насупраць прыроды прышчэплены да добрай алівы, дык тым лягчэй могуць быць прышчэплены да сваёй алівы тыя, што прыродныя.

25 Не хачу, браты, каб вы не ведалі гэтай таямніцы, каб вы не мудравалі  залішне, бо слепата закранула Ізраэля толькі часткова, пакуль увойдзе паўната паганаў.

26 І тады ўвесь Ізраэль будзе збаўлены, як напісана: «Прыйдзе з Сіёна Збаўца, Ён адверне бязбожнасць ад Якуба.

27 І гэта ім ад Мяне запавет, калі здыму з іх грахі іх».

28 Паводле Евангелля яны – ворагі для вас, а паводле абрання – умілаваныя дзеля бацькоў.

29 Бо дары і пакліканне Божае нязменныя.

30 Як і вы калісьці не верылі Богу, а цяпер даступіліся міласэрнасці дзеля іх няверства,

31 так і яны цяпер не ўверылі дзеля міласэрнасці для вас, каб і самі цяпер даступіліся міласэрнасці.

32 Бо замкнуў Бог ўсіх у няверства, каб усім аказаць Сваю літасць.

33 О глыбіня багацця, і мудрасці, і ведання Божага! Як недаследныя суды Яго і непрасачальныя шляхі Яго!

34 Бо хто калі пазнаў думку Госпада? Або хто быў дарадчыкам Яго?

35 Або хто даў Яму наперад, каб Ён аддаў таму назад?

36 Бо ўсё ад Яго, праз Яго і для Яго. Яму хвала навечна! Амін.

 

Раздзел 12

1 Дык прашу вас, браты, праз міласэрнасць Божую, аддавайце целы вашыя ў ахвяру жывую, святую, мілую Богу на разумнае служэнне вашае.

2 І не ўпадабняйцеся гэтаму веку, але перамяняйцеся праз аднаўленне розуму, каб пазналі, якая ёсць воля Божая, што добрае і прыемнае ды дасканалае.

3 Дадзенаю мне ласкаю кажу кожнаму з вас, каб не думалі аб сабе вышэй, чым належыцца, але каб думалі цвяроза, паводле той меры веры, якую вызначыў Бог.

4 Бо як у адным целе маем многа членаў, а ўсе члены не тую самую работу маюць,

5 так і мы многія ёсць адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго – члены.

6 А паводле дадзенай нам ласкі маем розныя дары: калі дар прароцтва – то згодна з верай,

7 калі служэнне – то для служэння, калі хто навучае – для навучання,

8 калі хто заахвочвае – для заахвочвання; калі хто раздае – у прастаце сэрца, калі хто старшынствуе – дык рупліва, калі хто мілуе – дык з ахвотаю.

9 Любоў [хай будзе] без крывадушнасці. Адварочвайцеся ад ліха, прыгартайцеся да дабра;

10 шчыра любіце адзін аднаго братняю любоўю, у пашане адзін аднаго апераджаючы;

11 у рупнасці не слабейце,  духам палаючы, Госпаду служачы,

12 у надзеі будзьце радасныя, у горы цярплівыя, у малітве сталыя,

13 бярыце ўдзел у патрэбах святых, не забывайцеся пра гасціннасць.

14 Бласлаўляйце пераследавальнікаў сваіх; бласлаўляйце, а не кляніце!

15 Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача.

16 Будзьце між сабой аднадумцамі, не сягайце думкамі высока, але ідзіце ўслед за пакорлівымі. Не будзьце мудрымі самі з сабой.

17 Не аддавайце злом за зло. Дбайце пра добрае перад усімі людзьмі.

18 Наколькі магчыма ды наколькі ад вас залежыць, жывіце з усімі людзьмі ў згодзе.

19 Не помсціце, умілаваныя, самі за сябе, але дайце месца гневу, як напісана: «Мне помста, Я аддам», – кажа Госпад.

20 Але калі будзе галодны вораг твой, накармі яго; калі будзе засмяглы, дай яму піць. Так вось робячы, вуголле гарачае насыпаеш яму на галаву.

21 Не дайся, каб цябе перамагло зло, але перамагай зло дабром.

 

Раздзел 13

1 Хай кожны чалавек будзе пакорны вышэйшым уладам. Бо няма ўлады, як толькі ад Бога. Якія ж ёсць, Богам устаноўлены.

2 Дык хто супрацівіцца ўладзе, прыказанню Бога супрацівіцца. А якія супрацівяцца Яму, нажываюць сабе асуджэнне.

3 Бо начальнікі страшныя не дабрадзеям, але ліхадзеям. Хочаш не баяцца ўлады? Дык рабі дабро, і будзеш мець пахвалу ад яе.

4 Бо гэта слуга Божы для твайго дабра. Калі ж ліха робіш, бойся, бо не надарма меч носіць, бо гэта слуга Божы, мсціўца на гнеў таму, хто чыніць ліха.

5 Дзеля таго трэба быць пакорнымі не толькі з-за гневу, але і з-за сумлення.

6 Дзеля таго і падаткі плаціце, бо тыя, хто на гэта пастаўлены, – слугі Божыя.

7 Аддавайце ўсім належнае: каму падатак – падатак, каму мыта – мыта, каму страх – страх, каму пашану – пашану.

8 Нікому не будзьце нічога вінаватыя, толькі ўзаемную любоў, бо хто любіць бліжняга, выконвае закон.

9 Бо прыказанні: «Не чужалож, не забівай, не крадзі, не пажадай», – ды калі ёсць якая іншая пастанова, – змяшчаюцца ў гэтым вось слове: любі бліжняга свайго як сябе самога.

10 Любоў не робіць ліха бліжняму, таму любоў ёсць спаўненне закону.

11 І ведайце гэты час, што ўжо пара ад сну паўстаць, бо цяпер збаўленне бліжэй да нас, чым калі мы ўверылі.

12 Ноч мінула, а дзень наблізіўся. Дык адкінем учынкі цемры і адзенемся ў зброю святла.

13 Будзем жыць прыстойна, як удзень: не ў абжорстве і п’янствах, не ў распусце і нячыстасці, не ў звадцы ды зайздрасці,

14 але адзеньцеся ў Госпада Ісуса Хрыста ды не апякуйцеся над целам дзеля пажадлівасці.

 

Раздзел 14

1 Слабога ў веры прымайце без спрэчак пра погляды.

2 Бо адзін верыць, што [можна] есці ўсё, а слабы есць гародніну.

3 Той, хто есць, хай не грэбуе тым, які не есць; і той, хто не есць, хай не асуджае таго, хто есць, бо Бог яго прыняў.

4 Хто ты такі, што судзіш чужога слугу? Перад Сваім Валадаром ён стаіць ці падае; і будзе стаяць, бо яго Госпад мае магутнасць паставіць яго.

5 Адзін адрознівае дзень ад дня, для іншага кожны дзень аднолькавы; хай кожны застаецца пры сваёй думцы.

6 Хто адрознівае дні, адрознівае іх дзеля Госпада, і хто есць, есць дзеля Госпада, бо Богу дзякуе; і хто не есць, не есць дзеля Госпада і дзякуе Богу.

7 Ніхто з нас не жыве для сябе і ніхто не памірае для сябе.

8 Дык калі жывём, жывём для Госпада; калі ж паміраем, паміраем для Госпада. Таму вось, ці жывём, ці паміраем, належым Госпаду.

9 На тое бо Хрыстос памёр і ажыў, каб валадарыць і над жывымі, і над памёршымі.

10 Дык чаму ты судзіш брата твайго? Або чаму пагарджаеш братам тваім? Бо ўсе мы станем перад судом Божым.

11 Напісана ж: «На Маё жыццё, кажа Госпад, перада Мною сагнецца кожнае калена, ды кожны язык будзе вызнаваць Бога».

12 Так вось кожны з нас за сябе здасць справаздачу Богу.

13 Дык не будзем болей судзіць адзін аднаго, а лепш падумаем, каб не прыносіць брату ўпадку або згаршэння.

14 Я ведаю і перакананы ў Госпадзе Ісусе, што няма нічога, што само ў сабе нячыстае, а толькі для таго нячыстае, хто лічыць гэта нячыстым.

15 Калі ж дзеля стравы засмучаеш брата свайго, то ты не кіруешся любоўю. Таму не губі страваю сваёй таго, за каго памёр Хрыстос!

16 Дык хай не будзе зняважана дабро вашае!

17 Бо Валадарства Божае – гэта не ежа або пітво, але справядлівасць і супакой ды радасць у Духу Святым.

18 Бо хто ў гэтым служыць Хрысту, той падабаецца Богу і даспадобы людзям.

19 Дык будзем дбаць пра тое, што вядзе да супакою ды ўзаемнага збудавання.

20 Таму не руйнуй справы Божай дзеля ежы! Па праўдзе ўсё чыстае, але гора чалавеку, які есць на перашкоду.

21 Добра не есці мяса, не піць віна ды [не рабіць] таго, што шкодзіць брату твайму.

22 Сваю веру захавай у сабе і май перад Богам. Шчасны той, хто не асуджае сябе ў тым, што прызнае.

23 А хто сумняваецца, той, калі есць, сябе асуджае, бо [робіць] не па веры. А ўсё, што не па веры, ёсць грэх.

 

Раздзел 15

1 Мы, дужэйшыя, павінны цярпліва зносіць недахопы слабых, а не сабе дагаджаць.

2 Хай кожны з нас дагаджае бліжняму на дабро дзеля збудавання.

3 Так і Хрыстос не дагаджаў Сабе, але як напісана: «Знявагі Цябе зневажаючых зваліліся на Мяне».

4 Бо ўсё, што было калісьці напісана, у павучэнне нам напісана, каб мы праз цярплівасць і пацяшэнне з Пісання мелі надзею.

5 А Бог, Які дае цярплівасць і пацеху, хай дасць вам быць між сабой адной думкі на ўзор Ісуса Хрыста,

6 каб вы аднадушна ў адзін голас славілі Бога і Айца Госпада нашага Ісуса Хрыста.

7 Дзеля таго прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас у славу Божую.

8 Кажу бо, што Хрыстос стаўся слугою абрэзаным з-за праўды Божай дзеля таго, каб выканаць абяцанае бацькам,

9 ды каб пагане славілі Бога за міласэрнасць, як напісана: «Дзеля таго будуць славіць Цябе між паганамі і спяваць імені Твайму».

10 І далей сказана: «Весяліцеся, пагане, з народам Яго!»

11 І зноў: «Хваліце Госпада, усе пагане, і слаўце Яго, усе народы».

12 А Ісая таксама гаворыць: «Будзе корань Есэя і Той, Хто паўстане валадарыць над паганамі: у Ім пагане будуць мець надзею».

13 А Бог надзеі хай напоўніць вас усякаю радасцю і супакоем у веры, каб праз магутнасць Духа Святога вы ўзбагаціліся надзеяй.

14 Браты мае, што да вас, я перакананы, што вы поўныя дабраты, напоўнены ўсякім веданнем, так што можаце адзін аднаго ўшчуваць.

15 Я, можа, вам засмела пісаў у лісце, як бы вам прыводзячы на памяць ласку, якая мне дадзена Богам,

16 каб быў я слугой Хрыста Ісуса для паганаў, асвячаючы добрую вестку Божую, каб ахвяра паганаў, асвечаная Духам Святым, была прынята.

17 Я маю чым пахваліцца перад Хрыстом Ісусам адносна Бога;

18 Не адважуся, аднак, гаварыць пра штосьці такое, чаго не ўчыніў Хрыстос праз мяне дзеля падпарадкавання паганаў, словам і справамі,

19 магутнасцю знакаў і цудаў, магутнасцю Духа Святога, так што ад Ерузаліма і ваколіц аж да Ілірыка пашыраў я добрую вестку Хрыстову.

20 Прытым я стараўся прапаведаваць добрую вестку там, дзе не ўспаміналася імя Хрыста, каб не будаваць на чужым падмурку,

21 але як напісана: «Тыя, якім аб Ім не было абвешчана, убачаць, і тыя, што не чулі, даведаюцца».

22 З-за гэтага многае перашкаджала мне прыйсці да вас.

23 Цяпер, не маючы больш месца ў гэтых краінах і многа ўжо гадоў жадаючы прыбыць да вас,

24 як толькі выпраўлюся ў Гішпанію, спадзяюся, што, праходзячы міма, пабачу вас, і вы праведзяце мяне туды, калі перш крыху пацешуся вамі.

25 Цяпер жа я збіраюся ў Ерузалім паслужыць святым.

26 Бо Мацэдонія і Ахая вырашылі зрабіць нейкую перадачу для бедных з ліку святых, што ў Ерузаліме.

27 Спадабалася бо ім, і яны – даўжнікі іх. Бо калі пагане прынялі ўдзел у іх даброццях духоўных, дык і яны павінны паслужыць ім у цялесных.

28 Калі гэтую справу выканаю і перадам ім плод гэты, праз вас рушу ў Гішпанію.

29 А ведаю я, што, прыходзячы да вас, прыйду ў багацці блаславення Хрыстовага.

30 Дык прашу вас, браты, праз Госпада нашага Ісуса Хрыста і праз любоў Духа, каб са мною разам памаліліся да Бога за мяне,

31 каб вызваліцца мне ад няверных, што ёсць у Юдэі, ды каб мая паслуга для Ерузаліма была прыемнай святым,

32 каб з волі Божай у радасці прыбыўшы да вас, супачыў з вамі.

33 Хай Бог супакою будзе з усімі вамі. Амін.

 

Раздзел 16

1 Даручаю вам Фебу, сястру нашую, якая ёсць служкаю царквы, што ў Цэнхрах, дзе яна на паслузе,

2 каб прынялі яе ў Госпадзе, як належыць святым, і дапамаглі ёй ва ўсім, у чым яна будзе мець ад вас патрэбу, бо яна дапамагала многім і мне самому.

3 Прывітайце Прыску і Аквілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысце Ісусе,

4 якія за маю душу падставілі свае галовы, якім не толькі я ўдзячны, але ўсе цэрквы паганаў,

5 а таксама і хатнюю іх царкву. Прывітайце мне мілага Эпенета, першынца ў Хрысце з Азіі.

6 Прывітайце Марыю, якая многа папрацавала для вас.

7 Прывітайце Андраніка і Юнію, сваякоў маіх, увязненых разам са мною, праслаўленых сярод апосталаў, якія перш за мяне былі ў Хрысце.

8 Прывітайце любага мне ў Госпадзе Ампліята.

9 Прывітайце нашага супрацоўніка ў Хрысце Урбана ды мілага мне Стахія.

10 Прывітайце выпрабаванага ў Хрысце Апэлеса. Прывітайце тых, што з [дома] Арыстабула.

11 Прывітайце Герадыёна, сваяка майго. Прывітайце тых, што з [дома] Нарцыза, якія ў Госпадзе.

12 Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, што працуюць для Госпада. Прывітайце мілую Пэрсыду, якая многа папрацавала для Госпада.

13 Прывітайце выбранніка ў Госпадзе Руфа і маці яго і маю.

14 Прывітайце Асынкрыта, Флегонта, Гэрма, Патроба, Гэрму ды братоў, што разам з імі.

15 Прывітайце Філалога і Юлію, Нэрэя і яго сястру, Алімпу ды ўсіх святых, што разам з імі.

16 Прывітайце ўзаемна адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усіх цэрквы Хрыстовыя.

17 Прашу вас яшчэ, браты, каб асцерагаліся тых, што чыняць нязгоду і перашкоды супраць навукі, якой вы навучыліся. Ухіляйцеся ад іх!

18 Такія людзі не служаць Госпаду нашаму Хрысту, але жывату свайму, і салодкімі словамі і красамоўствам зводзяць сэрцы нявінных.

19 Бо ваша паслухмянасць вядома ўсім. Дык радуюся за вас, але прагну, каб вы былі мудрымі на дабро і простымі на ліхое.

20 Бог жа супакою хутка скрышыць шатана пад нагамі вашымі. Ласка Госпада нашага Ісуса з вамі!

21 Вітаюць вас Цімафей, супрацоўнік мой, і Луцый, і Язон і Сасіпатар, сваякі мае.

22 Вітаю вас у Госпадзе і я, Тэрцый, які напісаў ліст дзеля Госпада.

23 Вітае вас Гай, гасцінны для мяне і для ўсёй царквы.

24 Вітае вас Эраст, скарбнік горада, і брат Кварт.

25 Таму ж, Які мае магутнасць умацаваць вас паводле добрай весткі ды майго абвяшчэння Ісуса Хрыста, паводле адкрыцця таямніцы, даўнейшымі вякамі схаванай,

26 а цяпер аб’яўленай, і прароцкімі лістамі па загаду спрадвечнага Бога абвешчанай усім народам для паслухмянасці іх у веры,

27 Адзінаму мудраму Богу праз Ісуса Хрыста, Якому слава навечна. Амін.