Беларуская Біблія

ЛІСТ ДА ПІЛІПЦАЎ

Раздзел 1

1 Паўла і Цімафей, слугі Хрыста Ісуса, усім святым у Хрысце Ісусе, якія ёсць у Піліпах разам з епіскапамі і дыяканамі:

2 ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.

3 Дзякую Богу майму, усякі раз успамінаючы вас,

4 заўсёды ва ўсіх малітвах маіх за ўсіх вас з радасцю молячыся,

5 дзеля вашага ўдзелу ў Евангеллі ад першага дня аж да цяпер,

6 маючы давер, што Той, Які пачаў у вас добрую справу, давядзе аж да дня Хрыста Ісуса;

7 як справядліва мне думаць пра вас усіх, бо маю вас у сэрцы, і ў путах маіх, і ў абароне, і ва ўмацаванні Евангелля, бо ўсе вы супольнікі радасці маёй.

8 Сведка мне Бог, як сумую па вас усіх сэрцам Ісуса Хрыста.

9 І аб тым малюся, каб любоў вашая ўсё больш і больш паглыблялася ў веданні і ўсякім адчуванні,

10 каб пазнаваць вам лепшае, каб вы былі чыстымі і без заганы ў дзень Хрыстовы,

11 поўныя пладоў справядлівасці, што праз Ісуса Хрыста на ўшанаванне і славу Бога.

12 Хачу, браты, каб вы ведалі: тое, што вакол мяне, спрычынілася больш да поспеху дабравесця,

13 бо путы мае праславіліся ў Хрысце ва ўсёй прэторыі і ва ўсіх іншых,

14 і многія з братоў у Госпадзе, асмеленыя маімі кайданамі, яшчэ больш адважыліся без страху абвяшчаць слова.

15 Адны, праўда, з зайздрасці і пярэчлівасці вясцяць Хрыста, іншыя ж – з добрай волі.

16 Тыя, што з любові, – ведаючы, што я дзеля абароны Евангелля пастаўлены,

17 тыя ж, што з зайздрасці, прапаведуюць Хрыста няшчыра, з намерам зрабіць мае путы яшчэ цяжэйшымі.

18 Дык што? Такім спосабам, ці дзеля віду, ці праўдзіва, Хрыстос абвяшчаецца; і я гэтаму рады, і буду радавацца,

19 ведаючы, што гэта ўсё выйдзе мне на збаўленне праз вашыя малітвы і з дапамогай Духа Ісуса Хрыста,

20 паводле чакання і спадзявання майго, што я ні ў чым не пралічуся, але з усёй упэўненасцю, як заўсёды, гэтак і цяпер хай уславіцца Хрыстос у целе маім ці праз жыццё, ці праз смерць.

21 Бо для мяне жыццё – гэта Хрыстос, і смерць – набытак.

22 Але калі жыццё ў целе прыносіць плод у маёй дзейнасці, дык што выбраць, не ведаю.

23 Цягне мяне адно і другое: жадаю адысці і быць з Хрыстом, бо гэта шмат лепшае,

24 але заставацца ў целе больш патрэбна для вас.

25 І гэта напэўна ведаю, што застануся дзеля ўсіх вас на карысць вашую і на радасць веры,

26 каб радасць вашая расла ў Ісусе Хрысце праз мяне, праз маё вяртанне да вас.

27 Толькі жывіце дастойна Евангелля Хрыстовага, каб, ці калі прыбуду і ўбачу вас, ці адсутнаму, пачуць пра вас, што вы стаіце ў адным Духу, аднадумна змагаючыся за веру Евангелля

28 і ні ў чым не палохаецеся супраціўнікаў, што ім стане прычынай загубы, вам жа – збаўлення, і гэта ад Бога.

29 Вам бо дадзена дзеля Хрыста не толькі верыць у Яго, але і цярпець за Яго,

30 такое самае змаганне маючы, якое бачылі ўва мне і як чуеце цяпер пра мяне.

Раздзел 2

1 І калі ёсць якое пацяшэнне ў Хрысце, калі ёсць якая патоля любові, калі ёсць якая супольнасць духа, калі ёсць спачуванне і міласэрнасць,

2 напоўніце мяне радасцю, тое самае разумеючы, тую самую маючы любоў, аднадушныя і аднадумныя,

3 нічога не робячы праз перакорлівасць ці праз пустую славу, але ў пакоры адны другіх за вышэйшых прымаючы,

4 не аб сваім толькі клапоцячыся, але і аб тым, што належыць іншым.

5 Тыя ж адчувайце ў сабе думкі, што і  Хрыстос Ісус,

6 Які, маючы постаць Божую, не лічыў Сваім здабыткам роўнасць з Богам,

7 але прынізіў Самога Сябе, прымаючы постаць слугі і стаўшыся на падобнасць людзей; і па знешнасці прызнаваны за чалавека,

8 упакорыў Самога Сябе, стаўшыся паслухмяным ажно да смерці, і нават смерці крыжовай.

9 Дзеля таго і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя, якое вышэй за ўсякае імя,

10 каб прад імем Ісуса схілілася кожнае калена на небе, на зямлі і пад зямлёй,

11 і каб кожны язык вызнаваў: «Ісус Хрыстос ёсць Госпад!», на славу Бога Айца.

12 Дык вось, дарагія мае, як заўжды былі вы паслухмянымі, не толькі ў маёй прысутнасці, але тым больш цяпер, калі я адсутнічаю, са страхам і трымценнем клапаціцеся пра сваё збаўленне.

13 Бо з ласкавасці Сваёй Бог з’яўляецца ў вас прычынай і хацець, і дзейнічаць.

14 Усё рабіце без наракання і хістання,

15 каб вы былі без заганы і простымі, дзяцьмі Божымі без віны між народа сапсаванага і крывадушнага, пасярод якога свеціце, як светачы ў свеце,

16 трымаючыся слова жыцця на славу маю ў дзень Хрыстовы, што я не дарма бег і не дарма працаваў.

17 Але калі я і ахвяруюся на ахвяру і паслугу вашай веры, цешуся і дзялюся радасцю з вамі ўсімі.

18 З гэтага і вы цешцеся і дзяліцеся радасцю са мною.

19 Маю надзею ў Госпадзе Ісусе, што ў хуткім часе прышлю да вас Цімафея, каб мог быць спакойны, даведаўшыся, што ў вас.

20 Бо нікога не маю такога аднадумнага, хто б так шчыра рупіўся пра вас.

21 Бо ўсе аб сваім клапоцяцца, а не аб тым, што Ісуса Хрыста.

22 Спрактыкаванасць яго ведаеце, бо, як сын бацьку, так ён мне служыў у дабравешчанні.

23 Такога вось спадзяюся паслаць, як толькі даведаюся, што ў мяне.

24 Упэўнены я таксама ў Госпадзе, што і сам неўзабаве прыбуду да вас.

25 Палічыў я неабходным паслаць да вас Эпафрадыта, брата, і супрацоўніка, і супольніка змагання майго, вашага ж пасланца і дапаможцу ў маёй патрэбе,

26 бо ён тужыў па вас усіх і быў засмучаны, што вы чулі пра яго хваробу.

27 Бо расхварэўся ён тут аж да смерці, але Бог пашкадаваў яго, і не толькі яго, але, па праўдзе, і мяне, каб я не меў суму на суме.

28 Дык я паслаў яго хутчэй, каб, убачыўшы яго, ізноў вы цешыліся і каб я не сумаваў.

29 Прыміце ж яго з усёй радасцю ў Госпадзе і майце яго ў пашане,

30 бо ён для справы Хрыстовай блізкі быў смерці, не дбаючы пра жыццё сваё, каб выканаць тое, чаго вам не хапала ў служэнні мне.

 

Раздзел 3

1 Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам тое самае мне не цяжка, вам жа яно патрэбнае.

2 Зважайце на сабак, зважайце на ліхіх работнікаў, зважайце на абразанне!

3 Бо мы ёсць абрэзаныя, якія духам служым Богу і хвалімся Ісусам Хрыстом, і не ў целе маем надзею,

4 хоць я мог бы спадзявацца і на цела. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык тым больш я:

5 абрэзаны ў восьмы дзень, родам Ізраэлец з пакалення Беньяміна, Гебрай з Гебраяў, фарызей паводле закону,

6 праз руплівасць пераследаваў Царкву, адносна справядлівасці, што паводле закону, – беззаганны.

7 Але ўсё, што лічыў я здабыткам, тое дзеля Хрыста прызнаў я за марнасць.

8 Ды ўсё лічу за марнасць дзеля вышэйшага пазнання Ісуса Хрыста, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё страціў і лічу за смецце, каб Хрыста здабыць

9 і апынуцца ў Ім, маючы не маю справядлівасць, якая з закону, але тую, якая з веры ў Хрыста, якая ад Бога справядлівасць у веры,

10 каб пазнаць Яго і магутнасць уваскрэсення Яго, і супольнасць пакут Яго, каб упадобніцца смерці Яго,

11 каб такім чынам дасягнуць уваскрэсення з мёртвых.

12 Не кажу так, што я ўжо дасягнуў або ўжо стаўся дасканалым; але імкнуся, каб  здабыць, як здабыў мяне Хрыстос Ісус.

13 Браты, я не лічу сябе дасягнуўшым; толькі вось, забываючыся пра тое, што ёсць за мною, парываючыся да таго, што перада мною,

14 імкнуся да мэты, да ўзнагароды вышэйшага паклікання Божага ў Хрысце Ісусе.

15 Дык, калі хто з нас дасканалы, мы думаем так; а калі што адчуваеце інакш, і гэта Бог вам выявіць;

16 аднак чаго мы дасягнулі, так і будзем жыць.

17 Браты, будзьце паслядоўнікамі маімі і ўзірайцеся на тых, якія так жывуць, як вы маеце прыклад у нас.

18 Многія ж, аб якіх я вам часта казаў, а цяпер вось і, плачучы, кажу, жывуць, як ворагі крыжа Хрыстова,

19 лёсам іх будзе загуба, бо бог іх  – жывот, слава іх – у ганьбе іх, яны думаюць аб зямным.

20 Нашае ж бытаванне – у небе, адкуль таксама чакаем Збаўцу, Госпада Ісуса Хрыста,

21 Які пераменіць цела прыніжэння нашага на падабенства цела славы Сваёй магутнасцю, якою ўсё нават падпарадкаваць Сабе можа.

 

Раздзел 4

1 Гэтак, браты мае найдаражэйшыя і вельмі пажаданыя, радасць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, улюбёныя.

2 Эводыю прашу і Сынтыхею ўмольваю гэтаксама думаць у Госпадзе.

3 Таксама і цябе прашу, сапраўдны супрацоўніку, дапамагай ім, бо яны са мною працавалі для Евангелля разам з Клеменсам і іншымі памочнікамі маімі, імёны якіх упісаны ў кнігу жыцця.

4 Радуйцеся ў Госпадзе заўсёды. Яшчэ раз кажу: радуйцеся!

5 Ціхасць ваша хай будзе вядомай усім людзям. Госпад блізка.

6 Не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і просьбе з падзякаю няхай адкрываюцца жаданні вашыя перад Богам.

7 І супакой Божы, які вышэй за ўсякае разуменне, хай сцеражэ сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Ісусе.

8 Урэшце, браты, што толькі ёсць праўдзівае, што толькі чэснае, што толькі справядлівае, што толькі чыстае, што толькі вартае любові, што толькі добрай славы, ці якая цнота, ці што пахвальнае, – тое майце на думцы.

9 І тое рабіце, чаму вы ад мяне навучыліся, што атрымалі, што пачулі і што ўбачылі; і Бог супакою будзе з вамі.

10 Дужа ўзрадаваўся я ў Госпадзе, што вы ўжо калісьці ізноў пачалі думаць пра мяне, як раней думалі, але былі ў клопатах.

11 Не кажу я гэтага з прычыны недахопу, бо я навучыўся задавольвацца тым, што ёсць.

12 Умею прынізіцца, умею і ўзняцца; усяму і ва ўсім навучыўся: і наесціся, і галадаць; і мець дастатак, і нястачу.

13 Усё магу ў Тым, Які ўзмацняе мяне.

14 Аднак жа добра вы зрабілі, успамагаючы бядзе маёй.

15 Вы ж, Піліпцы, ведаеце, што на пачатку Евангелля, калі я пакінуў Мацэдонію, ні адна з цэркваў, апрача вас, не ўзяла ўдзелу ў даванні і прыманні;

16 вы і ў Тэсалоніку раз ці два прысылалі на мой ужытак.

17 Не шукаю я дарункаў, але шукаю плода, які памнажаецца на вашу карысць.

18 Я ўсё атрымаў і хапае мне ўсяго; я напоўніўся, атрымаўшы ад Эпафрадыта салодкі водар, ахвяру прыемную, мілую Богу.

19 Хай жа Бог мой споўніць усякае вашае жаданне паводле багацця Свайго ў славе, у Хрысце Ісусе.

20 Богу ж і Айцу нашаму слава на векі вечныя. Амін.

21 Прывітайце кожнага святога ў Хрысце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною.

22 Вітаюць вас усе святыя, а найбольш тыя, якія з дому цэзара.

23 Ласка Госпада Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.