Беларуская Біблія

ЕВАНГЕЛЛЕ ПАВОДЛЕ МАРКА

Раздзел 1

1 Пачатак Евангелля Ісуса Хрыста, Сына Божага.

2 Як напісана ў Ісаі прарока: «Вось, Я пасылаю Анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Табе.

3 Голас таго, хто кліча ў пустыні: прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму».

4 З’явіўся Ян у пустыні, хрысцячы і вешчучы хрост навяртання дзеля адпушчэння грахоў.

5 І прыходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерузалімцы, і, вызнаючы грахі свае, былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан.

6 Ян жа быў апрануты ў вярблюджы волас ды падперазаны скураной дзяжкай па сваіх сцёгнах, і еў саранчу і дзікі мёд.

7 І навучаў ён, кажучы: «Ідзе за мной дужэйшы за мяне, Якому я не варты, схіліўшы галаву, развязаць рамень пасталоў Яго.

8 Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».

9 І сталася: у тыя дні прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане.

10 І, як толькі выходзіў з вады, убачыў адкрытыя нябёсы, ды Духа, як галуба, што сыходзіў на Яго.

11 І азваўся голас з неба: «Ты – Сын Мой улюбёны, упадабаў Я Цябе».

12 І зараз вядзе Яго Дух у пустыню.

13 І Ён прабыў у пустыні сорак дзён, і выпрабоўваўся шатанам; і жыў побач са звярамі, і анёлы паслугавалі Яму.

14 А пасля таго, як Ян быў узяты, прыбыў Ісус у Галілею, прапаведуючы добрую вестку Божую

15 і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае. Навярніцеся і верце Евангеллю!»

16 І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сімона і брата яго Андрэя, што закідалі сеткі ў мора; бо былі яны рыбаловамі.

17 І сказаў ім Ісус: «Хадзіце за Мной, і Я зраблю вас лаўцамі людзей».

18 І адразу, пакінуўшы сеці, яны пайшлі за Ім следам.

19 І, адышоўшыся адтуль недалёка, убачыў Якуба Зебядзеевага і Яна, брата яго, калі яны парадкавалі сеткі свае ў лодцы.

20 І зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Зебядзея з нанятымі работнікамі, пайшлі за Ім.

21 І ўваходзяць у Кафарнаўм. І адразу ў суботу, увайшоўшы ў сінагогу, стаў навучаць.

22 І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх, як Той, Хто мае ўладу, а не як кніжнікі.

23 І акурат у сінагозе быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і крычаў,

24 кажучы: «Што Табе да нас, Ісус з Назарэта? Прыйшоў загубіць нас? Ведаю, Хто Ты: Святы Божы».

25 Але прыгразіў яму Ісус, кажучы: «Замаўчы і выйдзі з чалавека!»

26 І нячысты дух, раздзіраючы яго і крычучы моцным голасам, выйшаў з яго.

27 І задзівіліся ўсе ды пыталіся адзін аднаго, кажучы: «Хто гэта такі? Ды што за навука гэта новая з уладаю, што загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?»

28 І хутка разышлася чутка пра Яго па ўсёй Галілейскай краіне.

29 І, выйшаўшы з сінагогі, прыбылі адразу ў дом Сімона і Андрэя разам з Якубам і Янам.

30 Цешча ж Сімона ляжала ў гарачцы; і адразу кажуць Яму пра яе.

31 І, падышоўшы, Ісус падняў яе, узяўшы за руку, і пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім.

32 А калі сонца ўжо зайшло і настаў вечар, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных дэманамі;

33 і так увесь горад сабраўся перад дзвярамі.

34 І аздаравіў многіх, якіх розныя хваробы мучылі, і многіх дэманаў выгнаў, ды не дазваляў дэманам гаварыць, што яны ведалі Яго.

35 І досвіткам, вельмі рана ўстаўшы, выйшаў і падаўся ў пустыннае месца і там маліўся.

36 Сімон жа ды тыя, што з Ім былі, пайшлі за Ім.

37 І, калі знайшлі Яго, кажуць Яму: «Усе Цябе шукаюць».

38 А Ён кажа ім: «Пойдзем у бліжэйшыя вёскі, каб і там вясціць; бо Я дзеля таго прыйшоў».

39 Ды навучаў у сінагогах па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.

40 І прыступіўся да Яго пракажоны і маліў Яго, упаўшы на калені, кажучы Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць».

41 І Ісус пашкадаваў яго, і, працягнуўшы руку Сваю, дакрануўся да яго, і гаворыць яму: «Хачу, будзь ачышчаны».

42 І адразу сышла з яго праказа, і ён ачысціўся.

43 І, пагразіўшы яму, адправіў яго адразу,

44 кажучы: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару і за ачышчэнне сваё складзі ахвяру, як загадаў Майсей на сведчанне ім».

45 Але ён, адышоўшы, пачаў шмат  распавядаць ды шырыць слаўную чутку так, што ўжо Ён не мог адкрыта пайсці ў горад, але быў звонку ў бязлюдных мясцінах. І адусюль сыходзіліся да Яго.

Раздзел2

1 І па некалькіх днях зноў Ісус наведаў Кафарнаўм,  і людзі пачулі, што Ён у доме,

2 і  сышлося такое мноства, што нават пры дзвярах не маглі памясціцца, і гаварыў ім слова.

3 І прыйшлі да Яго насільшчыкі са спаралізаваным, якога неслі ўчатырох.

4 І калі з-за натоўпу не маглі яго паднесці да Ісуса, дык раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусцілі насілкі з пасцеллю, на якіх ляжаў спаралізаваны.

5 А калі Ісус убачыў іх веру, кажа спаралізаванаму: «Сыне, адпускаюцца  грахі твае».

6 Былі ж там некаторыя кніжнікі, што сядзелі і думалі ў сэрцы сваім:

7 «Што Ён кажа? Блюзніць! Хто можа адпускаць грахі, калі не Сам Бог?»

8 А Ісус, адразу пазнаўшы Сваім Духам, што яны так думалі ў сабе, кажа ім: «Што думаеце ў сэрцах вашых?

9 Што лягчэй сказаць спаралізаванаму: «Адпускаюцца твае грахі», ці сказаць: «Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі».

10 Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі, – гаворыць спаралізаванаму:

11 «Табе кажу: устань, вазьмі насілкі твае і вяртайся ў дом твой».

12 Дык ён адразу ўстаў і, узяўшы насілкі, пайшоў перад усімі, якія дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Мы такога ніколі не бачылі».

13 І Ісус зноў адышоў да мора, а ўвесь натоўп людзей ішоў да Яго, і Ён навучаў іх.

14 І, калі праходзіў міма, убачыў Левія Алфеевага, што сядзеў на мытні, і гаворыць яму: «Ідзі за Мной!» І ён, падняўшыся, пайшоў за Ім.

15 І здарылася, калі ўзлягаў пры стале ў доме яго, узлягала разам з Ісусам і Яго вучнямі шмат мытнікаў і грэшнікаў. Было бо многа іх, і яны хадзілі за Ім.

16 І кніжнікі фарызейскія, бачачы, што Ісус есць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: «Чаму Ён есць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?»

17 Пачуўшы гэта, Ісус кажа ім: «Не здаровым патрэбен лекар, але тым, што хварэюць. Я прыйшоў клікаць не справядлівых, але грэшнікаў».

18 Вучні Янавы і фарызеі посцілі. Дык прыходзяць да Яго ды кажуць: «Чаму вось вучні Янавы і фарызейскія посцяць, а Твае вучні не посцяць?»

19 Адказаў ім Ісус: «Ці ж могуць посціць вясельнікі, пакуль малады з імі? Дакуль маюць жаніха ў сябе, не могуць посціць.

20 А надыдуць дні, калі жаніха забяруць ад іх, і тады будуць посціць у тыя дні.

21 Ніхто не прышывае латы з новага сукна да старога адзення, бо новая лата раздзярэ старое адзенне, і дзіра зробіцца большая.

22 Ніхто таксама не ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо віно разарве мяхі – і віно выцячэ, і мяхі прападуць; таму маладое віно ўліваць трэба ў мяхі новыя».

23 Прыйшлося аднойчы Ісусу ў суботу праходзіць праз палеткі, засеяныя збожжам. Вучні ж Яго, ідучы наперадзе, пачалі зрываць каласы.

24 Дык фарызеі казалі Яму: «Вось, што робяць у суботу, гэта ж не след рабіць!»

25 Ісус жа кажа ім: «Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і галодны, ды тыя, што з ім былі?

26 Як увайшоў у дом Божы да Абіятара першасвятара ды еў хлябы пакладныя, якіх нельга яму было есці, а толькі святарам, і поруч даў тым, што з ім разам былі?»

27 Ды казаў ім: «Субота ўстаноўлена для чалавека, а не чалавек для суботы.

28 Значыць, Сын Чалавечы ёсць Гаспадар суботы».

 

Раздзел 3

1 І Ён зноў увайшоў у сінагогу. І быў там сухарукі чалавек.

2 І сачылі за Ім, ці будзе аздараўляць у суботу, каб Яго абвінаваціць.

3 І кажа сухарукаму чалавеку: «Стань пасярэдзіне!»

4 Да іх жа кажа: «Ці ў суботу трэба добра рабіць, ці мо блага? Жыццё выратаваць ці загубіць?» Але яны маўчалі.

5 Дык азіраючы  іх з гневам, засмучаны асляпеннем іх сэрцаў, кажа чалавеку: «Выцягні руку!» І выцягнуў руку, і рука яго ажыла.

6 Фарызеі ж, выйшаўшы, зрабілі адразу нараду з ірадыянамі супраць Яго, як бы Яго загубіць.

7 Затым Ісус разам з вучнямі Сваімі адышоў да мора. І вялікі натоўп  з Галілеі ішоў за Ім, і з Юдэі,

8 і з Ерузаліма, з Ідумеі; і тыя, што з-за Ярдана, ды з ваколіцаў Тыра і Сідона велізарны натоўп, пачуўшы, што Ісус чыніў, сабраўся да Яго.

9 Дык сказаў Ён вучням Сваім, каб парупіліся пра лодку, каб вялікае мноства людзей не заціснула Яго.

10 Бо многіх аздараўляў, таму піхаліся да Яго ўсе, што хварэлі, каб дакрануцца да Яго.

11 І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім, крычучы: «Ты – Сын Божы!»

12 Ён жа строга забараняў ім выяўляць Яго.

13 І ўзыходзіць на гару, і кліча да Сябе тых, каго Сам хацеў, і прыйшлі да Яго.

14 І вызначыў дванаццаць, каб яны былі пры Ім; і каб пасылаць іх прапаведаваць,

15 і каб яны мелі ўладу аздараўляць хваробы і выганяць дэманаў;

16 Пётру, як перамяніў Ён імя Сімону,

17 і Якуба Зебядзеевага, і Яна, брата Якуба,  і надаў ім імя Боанэргес, што значыць Сыны Громавы,

18 і Андрэя, і Піліпа, і Баўтрамея, і Мацвея, і Тамаша, і Якуба Алфеева, і Тадэя ды Сімона Кананіта,

19 і Юду Іскарыёта, які Яго выдаў.

20 І ўваходзяць у дом; і сышлося зноў мноства народу, так што не маглі нават хлеба з’есці.

21 І калі пачулі гэта сваякі, выйшлі, каб узяць Яго, бо казалі яны: «Ашалеў».

22 І кніжнікі, што прыбылі з Ерузаліма, казалі: «Мае Бэльзебула», і: «Моцай князя дэманскага выганяе дэманаў».

23 І Ісус, пазваўшы іх, гаварыў да іх у прыпавесцях: «Як шатан можа выганяць шатана?

24 Калі царства раздзеліцца ў сабе, не можа ўтрымацца такое царства.

25 І калі і дом у нязгодзе, не можа ўтрымацца дом такі.

26 І калі шатан паўстаў супраць сябе самога і раздзяліўся, не можа ўтрымацца, але прыйшоў яму канец.

27 Ніхто, увайшоўшы ў дом асілка, не можа абрабаваць яго маёмасці, калі перш не звяжа асілка, і тады абрабуе дом яго.

28 Сапраўды кажу вам: усе грахі будуць адпушчаны сынам чалавечым, нават блюзнерствы, якіх бы ні дапусціліся.

29 Калі б аднак хто блюзніў супраць Духа Святога, той не атрымае адпушчэння навек, але будзе вінаваты ў граху вечна».

30 Бо казалі яны, што Ён мае духа нячыстага.

31 І прыйшла Маці Яго і браты Яго, і, чакаючы перад домам, паслалі да Яго клікаць Яго.

32 Кругом Яго сядзеў народ, і казалі Яму: «Вось, Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае перад домам, шукаюць Цябе».

33 А Ён у адказ кажа ім: «Хто Маці Мая і браты Мае?»

34 І, паглядзеўшы на тых, што вакол Яго сядзелі, кажа: «Вось Маці Мая і браты Мае!

35 Хто спаўняе волю Бога, той – брат Мой, і сястра Мая, і Маці».

 

Раздзел 4

1 І зноў пачаў навучаць каля мора. І вось, сабраўся вакол Яго велізарны натоўп, так што Ён, увайшоўшы ў лодку, сядзеў на моры, а ўвесь натоўп стаяў на беразе кругом мора.

2 І навучаў іх многаму ў прыпавесцях, і казаў ім у Сваёй навуцы:

3 «Слухайце. Вось, выйшаў сейбіт на сяўбу.

4 І сталася, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі яго.

5 Другое ўпала на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі, і хутка ўзышло, бо глеба была неглыбокая;

6 і, калі паднялося сонца, звяла, бо не мела карэнняў, і высахла.

7 А іншае ўпала ў церні, і выраслі церні ды заглушылі яго, і не дало яно плода.

8 Яшчэ іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод: узышло, і вырасла, і ўрадзіла: адно трыццаць, другое шэсцьдзесят, трэцяе сто».

9 І казаў: «Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае».

10 І, калі Ён застаўся адзін, тыя, што  разам з дванаццаццю з Ім былі, пыталіся ў Яго адносна прыпавесцяў.

11 І казаў Ён ім: «Вам дадзена таямніца Валадарства Божага; а тым, якія звонку, усё стаецца ў прыпавесцях,

12 хаця тыя, што глядзяць, глядзяць і не бачаць, і тыя, што слухаюць, слухаюць і не разумеюць, і не навяртаюцца, і не атрымліваюць адпушчэння грахоў».

13 І гаворыць ім: «Не разумееце гэтай прыпавесці? А як жа ўсе прыпавесці зразумееце?

14 Сейбіт  – хто слова сее.

15 А тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова, калі пачуюць, зараз прыходзіць шатан і вырывае пасеянае ў іх слова.

16 А тыя, што на камяністым месцы пасеяны, калі пачуюць слова, прымаюць яго адразу з радасцю,

17 але не маюць у сабе кораня, таму нетрывалыя; калі надыдзе прыгнёт і пераслед дзеля слова, зараз жа горшацца.

18 А тыя, што ў цернях пасеяныя, тыя слухаюць слова,

19 але клопаты веку і чары багацця ды прагавітасць да ўсяго іншага навокал, пранікаючы ў іх, заглушаюць слова, і яно не прыносіць плода.

20 А што на добрай зямлі пасеяныя, гэта тыя, што слухаюць слова і прымаюць ды прыносяць плод: адзін – трыццаць, другі – шэсцьдзесят, а трэці – сто».

21 І казаў ім: «Ці на тое прыносіцца свечка, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Няўжо не на тое, каб была пастаўлена на падсвечніку?

22 Бо няма нічога таемнага, каб не было аб’яўлена, ды нічога таемнага, каб не стала вядомым.

23 Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае».

24 Далей казаў ім: «Зважайце на тое, што слухаеце! Якою меркай вы будзеце мераць, такою вам адмераюць ды дададуць вам.

25 Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто не мае, дык і тое, што мае, адымуць у яго».

26 І казаў: «Божае Валадарства такое, як быццам чалавек пасеяў насенне ў зямлю.

27 І ці ён спіць, ці ўстае ўночы і днём, а насенне ўзыходзіць і расце, і ён не ведае, калі.

28 Бо зямля сама з сябе родзіць, перш ладыгу, пасля колас, нарэшце поўнае зерне ў коласе.

29 І, калі ўжо паспее плод, зараз гаспадар запускае серп, бо надышло жніво».

30 І казаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае? Або якою прыпавесцю выявім гэта?

31 Як гарчычнае зерне, калі пасеяна ў зямлю, ёсць найменшым з усіх зерняў на зямлі;

32 а калі пасеянае ўзыходзіць, становіцца большым ад усіх гароднін і выпускае галіны вялікія, так што нябесныя птушкі могуць хавацца ў яго засені».

33 І ў многіх падобных прыпавесцях Ён прамаўляў ім слова, на колькі маглі яны зразумець,

34 ды без прыпавесцяў не прамаўляў ім. А вучням асобна выясняў усё.

35 Таго ж дня, калі настаў вечар, гаворыць ім Ісус: «Пераплывём на другі бераг».

36 Адправіўшы людзей, як Ён быў у лодцы, так і ўзялі Яго; і іншыя лодкі былі з Ім.

37 І ўзняўся вялікі вятруга, ды хвалі пачалі біць у лодку, так што лодку залівала.

38 А Ён спаў на карме на падушцы. І будзяць тады Яго, і кажуць Яму: «Настаўнік! Ці ж Цябе не рупіць, што мы гінем?»

39 І, падняўшыся, прыгразіў ветру ды сказаў мору: «Замоўкні, суцішся!» Дык спыніўся віхор, і стала вялікая ціша.

40 Адазваўся да іх: «Чаму вы такія палахлівыя, не маеце яшчэ веры?»

41 А яны састрашыліся вялікім страхам ды казалі адзін аднаму: «Хто ж гэта такі, што вецер і мора Яго слухаюць?»

 

Раздзел 5

1 І пераплылі праз марскія хвалі ў краіну Геразэнскую.

2 І калі выходзіў Ісус з лодкі, адразу ж з магіл да Яго выбег чалавек, апанаваны нячыстым духам,

3 які меў жыллё ў магілах, і ніхто не мог яго звязаць ланцугамі.

4 Бо звязаны і кайданамі, і ланцугамі, рваў часта ланцугі і разбіваў кайданы, ды ніхто не мог яго ўтаймаваць.

5 І ён заўсёды ўночы і днём у магілах і гарах крычаў ды біў сябе камянямі.

6 І, здалёк бачачы Ісуса, прыбег і пакланіўся Яму,

7 і, крычучы моцным голасам, кажа: «Што Табе да мяне, Ісус, Сын Бога узвышняга? Запрысягаю Богам, каб мяне не мучыў».

8 Бо Ён казаў яму: «Выйдзі, дух нячысты, з чалавека».

9 І пытаўся ў яго: «Якое тваё імя?» І кажа Яму: «Маё імя – легіён, бо нас многа».

10 Ды прасіў Яго вельмі, каб не выганяў яго прэч з краіны.

11 А там на гарах пасвіўся вельмі вялікі статак свінняў.

12 І яны прасілі Яго, кажучы: «Пусці нас у свінняў, каб маглі мы ў іх увайсці».

13 І дазволіў ім. І, выйшаўшы, духі нячыстыя ўвайшлі ў свінняў. І амаль двухтысячны статак з вялікім імпэтам з касагора кінуўся ў мора і патануў.

14 Тыя ж, што пасвілі яго, паўцякалі і абвясцілі гэта па горадзе і вёсках. Дык прыйшлі паглядзець, што здарылася.

15 І прыйшлі да Ісуса, і бачаць таго, што быў апанаваны дэманам, як ён сядзеў адзеты, пры здаровым розуме; таго, у якім быў легіён, – і спалохаліся.

16 І тыя, што бачылі, расказалі ім, што сталася з тым, які меў дэмана, і пра свінняў.

17 І пачалі яны прасіць Ісуса, каб адышоўся ад іх межаў.

18 І, калі Ісус уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны ліхім, каб яму застацца пры Ім.

19 Але Ісус не прыняў яго і гаворыць яму: «Ідзі да твайго дома і да тваіх, і раскажы ім, што ўчыніў Госпад з табою і як злітаваўся над табой».

20 І ён пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкапалю, што ўчыніў яму Ісус, і ўсе дзівіліся.

21 І, калі пераправіўся Ісус у лодцы праз мора, сышоўся да Яго вялікі натоўп, і Ён быў каля мора.

22 І прыйшоў адзін з начальнікаў сінагогі імем Яір, і, убачыўшы Ісуса, паў да ног Яго,

23 і вельмі прасіў Яго, шмат кажучы: «Дачка мая канае, прыйдзі, ускладзі на яе руку, каб паздаравела і жыла».

24 І Ісус пайшоў за ім, і велізарны натоўп ішоў за Ім, і націскаў на Яго.

25 І адна жанчына, якая была хворая на крывацечу аж дванаццаць гадоў,

26 якая шмат нацярпелася ад усякіх лекараў і ўсю сваю маёмасць патраціла, ды нічога не дабілася, але яшчэ горш чулася,

27 калі пачула пра Ісуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Яго адзення,

28 бо яна казала: «Калі толькі дакрануся да Яго адзення, паздаравею».

29 І зараз жа перасох струмень крыві яе і адчула на целе, што паздаравела ад хворасці.

30 І Ісус, адразу адчуўшы, што магутнасць, якая ў Ім была, выйшла з Яго, звярнуўшыся да натоўпу, гаварыў: «Хто дакрануўся да адзення Майго?»

31 Вучні Яго казалі Яму: «Бачыш, як натоўп ціснецца, і кажаш: Хто дакрануўся да Мяне?»

32 Але Ён азіраўся вакол, каб пабачыць тую, якая дакранулася да Яго.

33 Жанчына ж, баючыся і дрыжучы, ведаючы, што з ёю сталася, падышла, і пала перад Ім, і сказала ўсю праўду.

34 І Ісус сказаў ёй: «Дачка! Вера твая выратавала цябе. Ідзі ў супакоі і будзь аздароўлена ад хваробы тваёй».

35 Калі яшчэ Ісус гаварыў, прыходзяць ад начальніка сінагогі, кажучы: «Дачка твая памёрла, нашто яшчэ турбуеш Настаўніка?»

36 Ісус жа, пачуўшы сказанае слова, гаворыць начальніку сінагогі: «Не бойся, толькі май веру».

37 І не дазволіў нікому ісці за Ім, адно Пётры, Якубу і Яну, брату Якуба.

38 І прыходзяць у дом начальніка сінагогі, і бачаць роспач, і плач, і галашэнне вялікае.

39 І, увайшоўшы, гаворыць ім: «Чаму сумуеце і плачаце? Дзяўчынка не памёрла, але спіць».

40 І смяяліся з Яго. Ісус жа, адправіўшы ўсіх, бярэ з Сабой бацьку і маці дзяўчынкі і тых, што з Ім былі, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчынка.

41 І, узяўшы за руку дзяўчынку, гаворыць ёй: «Таліта кум», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!»

42 І зараз жа ўстала дзяўчынка, і хадзіла, а было ёй дванаццаць гадоў. І ўсе дзівіліся з дзіва вялікага.

43 І наказаў ім сурова, каб ніхто аб гэтым не ведаў, ды сказаў, каб далі ёй есці.

 

Раздзел 6

1 І, выйшаўшы адтуль, Ісус у таварыстве Сваіх вучняў направіўся ў Сваю бацькаўшчыну.

2 І, калі прыйшла субота, пачаў вучыць у сінагозе. І многія, слухаючы, здзіўляліся, кажучы: «Скуль жа гэта ўсё ў Яго? І што гэта за мудрасць, дадзеная Яму, ды цуды такія, што дзейнічаюць праз Яго рукі?

3 Ці ж гэта не рамеснік, сын Марыі, ці не брат Якуба і Язэта , Юды і Сімона? Ці ж і Яго сёстры не тут з намі?» І горшыліся з Яго.

4 І гаварыў Ісус: «Няма прарока без пашаны, акрамя як у сваёй бацькаўшчыне, ды ў сваіх родных, ды ў доме сваім».

5 І не мог там учыніць ніводнага цуду, толькі некалькі хворых аздаравіў, усклаўшы рукі на іх.

6 І дзівіўся з іх недаверства. І хадзіў па ваколічных вёсках, навучаючы.

7 І паклікаў дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па двое, і даваў ім уладу над нячыстымі духамі,

8 і загадаў ім, каб не бралі нічога ў дарогу, апрача толькі кія: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у капшуку,

9 каб толькі ў пасталы абуваліся і не апраналі дзвюх вопратак.

10 Ды казаў ім: «Дзе зойдзеце ў дом, там заставайцеся, пакуль не сыдзеце адтуль.

11 А калі ў якім месцы вас не прымуць і не будуць слухаць, выходзячы, абтрасіце пыл з вашых ног на сведчанне ім».

12 І яны, выйшаўшы, прапаведавалі і заклікалі да навяртання,

13 ды многа дэманаў выганялі, і многіх намашчалі алеем і аздараўлялі.

14 І дачуўся цар Ірад, бо імя Яго сталася вядомым. І сказаў: «Ян Хрысціцель уваскрос, і таму многа цудаў ён творыць».

15 Другія ж казалі: «Гэта Ілля». Яшчэ іншыя казалі: «Гэта прарок, або адзін з прарокаў».

16 Пачуўшы гэта, Ірад гаварыў: «Гэта Ян, якому я адсёк галаву, ён уваскрос».

17 Бо сам Ірад паслаў і схапіў Яна, і звязаў яго ў вязніцы дзеля Ірадыяды, жонкі Піліпа, брата свайго, бо ўзяў яе за жонку.

18 Ян казаў Іраду: «Нельга табе мець жонку брата твайго».

19 А Ірадыяда злавалася на яго і хацела яго забіць, але не магла,

20 бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы, і вартаваў яго ды шмат дзівіўся, слухаючы яго, і ахвотна яго слухаў.

21 І калі надышоў зручны дзень, і калі з нагоды сваіх нарадзін Ірад справіў баль для князёў сваіх, трыбунаў і старшынь галілейскіх,

22 і калі дачка самой Ірадыяды з’явілася і скакала, то спадабалася Іраду і тым, што разам узлягалі. І гаворыць цар дзяўчыне: «Прасі мяне, што хочаш, і я дам табе».

23 І прысягнуў ёй моцна: «Пра што будзеш прасіць, дам табе, хоць бы да паловы царства майго».

24 Яна ж, як выйшла, сказала маці сваёй: «Чаго мне прасіць?» Тая ж сказала: «Галаву Яна Хрысціцеля».

25 І калі яна адразу таропка ўвайшла да цара, то папрасіла, кажучы: «Хачу, каб зараз даў ты мне на блюдзе галаву Яна Хрысціцеля».

26 І засмуткаваў цар, але дзеля прысягі ды дзеля ўзлягаўшых з ім не захацеў ёй адмаўляць,

27 і, адразу паслаўшы ката, цар загадаў прынесці галаву яго. І кат пайшоў, і адсёк галаву яму ў вязніцы,

28 і прынёс галаву яго на блюдзе, і даў дзяўчыне, а дзяўчына дала яе сваёй маці.

29 Пачуўшы пра гэта, вучні яго прыйшлі, і забралі цела яго, і паклалі яго ў магіле.

30 І, сышоўшыся да Ісуса, апосталы паведамілі Яму пра ўсё, што рабілі і чаму вучылі.

31 І Ён гаворыць ім: «Ідзіце вы адны ў пустыннае месца, ды адпачніце крыху». Бо многа было тых, што прыходзілі і адыходзілі, і нават паесці не мелі часу.

32 І яны ў лодцы адплылі на бязлюднае месца адны.

33 Але многія бачылі іх, як адплывалі, і, дадумаліся куды, і збегліся туды пешшу з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх.

34 І, выйшаўшы на бераг, Ён убачыў вялікі натоўп людзей, і пашкадаваў іх, бо былі, як авечкі, што не маюць пастыра, і пачаў іх вучыць многа.

35 І, калі мінула шмат часу, прыйшлі да Яго вучні Яго, кажучы: «Тут пустыннае месца, а час ужо позні,

36 адпусці іх, каб пайшлі да бліжэйшых сёлаў і вёсак, ды купілі сабе паесці».

37 Адказваючы, гаворыць ім Ісус: «Вы дайце ім есці». Яны кажуць: «Няўжо маем ісці, і купіць за дзвесце дынараў хлеба, і даць ім есці?»

38 І кажа Ён ім: «Колькі маеце хлябоў? Ідзіце, паглядзіце!» І, калі праверылі, кажуць: «Пяць і дзве рыбы».

39 Дык загадаў ім, каб пасадзілі ўсіх на зялёнай траве гуртамі.

40 І паселіся, гурт за гуртам, па сто і па пяцьдзесят.

41 І Ісус, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы, глянуў у неба, блаславіў, і паламаў хлябы, і даў вучням Сваім, каб падавалі людзям. І дзве рыбы раздзяліў на ўсіх.

42 І ўсе елі, і насыціліся,

43 і з астаткаў сабралі дванаццаць кашоў і рэшткі рыбы.

44 А тых, што елі, было пяць тысяч мужчын.

45 І зараз змусіў Ён вучняў Сваіх сесці ў лодку, каб яны выправіліся наперад праз мора ў Бэтсайду, пакуль Ён адпусціць людзей.

46 І, адпусціўшы іх, Сам пайшоў на гару маліцца.

47 І, калі звечарэла, лодка была на сярэдзіне мора, Ён жа адзін на зямлі.

48 І, бачачы іх, як намагаліся пры вёслах, бо дзьмуў супраціўны ім вецер, каля чацвёртай начной варты прыйшоў да іх, ідучы па моры, ды зрабіў выгляд, што хоча мінуць іх.

49 Але яны, убачыўшы, што Ён ідзе па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі.

50 Бо ўсе бачылі Яго і стрывожыліся. Ён зараз жа загаварыў з імі, ды кажа ім: «Супакойцеся, гэта Я, не бойцеся!»

51 І ўвайшоў у лодку да іх, і вецер сціх. Ды тым болей яны дзівіліся ў сабе,

52 бо нічога не зразумелі з хлябамі, бо сэрца іх было заслеплена.

53 І, калі даплылі да зямлі, дасягнулі Генезарэта, і прысталі да берага.

54 І, ледзь выйшлі яны з лодкі, адразу пазналі Яго людзі,

55 і, разбегшыся па ўсёй той ваколіцы, пачалі на лежаках зносіць хворых туды, дзе, як чулі, быў Ісус.

56 І, калі ўваходзіў у селішча, або горад, або вёску, клалі перад Ім хворых на вуліцах і прасілі Яго, каб хоць да краю Яго адзення дакрануцца, і, колькі з іх дакраналіся да Яго, аздараўляліся.

Раздзел 7

1 І сышліся да Ісуса фарызеі ды некаторыя кніжнікі, што прыбылі з Ерузаліма.

2 І, калі заўважылі, што некаторыя з вучняў Яго елі хлеб нячыстымі, гэта значыць нямытымі, рукамі –

3 бо фарызеі і ўсе Юдэі не ядуць, калі не памыюць старанна рук, захоўваючы традыцыю дзядоў.

4 Таксама не ядуць, прыйшоўшы з рынку, пакуль не абмыюцца. Па-за гэтым традыцыя іхняя загадвае трымацца многіх іншых рэчаў: мыць чары і збаны, і посуд медны, і лавы, –

5 то пыталіся Яго фарызеі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцый продкаў, але ядуць хлеб нямытымі рукамі?»

6 А Ён сказаў ім: «Добра пра вас, крывадушнікаў, праракаваў Ісая, як напісана: «Народ гэты славіць Мяне вуснамі, але сэрца іх далёка ад Мяне.

7 Дарэмна, аднак, славяць Мяне, выкладаючы пастановы людскія».

8 І,не дбаючы пра прыказанні Божыя, захоўваеце традыцыі чалавечыя».

9 І гаварыў ім: «Ці добра, што вы касуеце прыказанне Божае, і захоўваеце вашую традыцыю?

10 Майсей сказаў: «Шануй бацьку свайго і маці сваю», ды: «Хто зняважыць бацьку або маці – хай будзе смерцю пакараны».

11 А вы кажаце: «Калі б чалавек сказаў бацьку або маці: корбан, значыць дар [Богу], тое, у чым табе ад мяне была б карысць»,

12 і ўжо дазваляеце нічога яму больш не рабіць для бацькі або маці,

13 перакручваючы Слова Божае праз традыцыю вашую, якую перадаеце далей, ды многа падобнага робіце».

14 І, паклікаўшы зноў людзей, казаў ім: «Слухайце Мяне ўсе, і разумейце.

15 Па-за чалавекам няма нічога, што, у яго ўваходзячы, магло б яго апаганіць, але ад чалавека выходзіць тое, што яго апаганьвае. (16)

17 І, калі Ісус увайшоў у дом ад народа, пыталіся вучні Яго пра сэнс гэтай прыпавесці.

18 І гаворыць ім: «Няўжо і вы такія няцямкія? Не разумееце, што ўсё, што звонку ўваходзіць у чалавека, не можа яго апаганіць,

19 бо тое ўваходзіць не ў сэрца, але ў жывот і выкідаецца вон, ачышчаючы ўсякую ежу».

20 І казаў далей: «А што з чалавека выходзіць, тое апаганьвае чалавека.

21 Бо з нутра, з сэрца чалавека выходзяць благія думкі, распуснасць, зладзействы, забойствы,

22 чужаложства, хцівасць, нягоднасць, зайздрасць, бессаромнасць, ліхое вока, блюзнерствы, пыха, глупства.

23 Усё гэта ліха з нутра выходзіць ды паганіць чалавека».

24 І, устаўшы, выйшаў Ён у межы Тыра і Сідона. І, увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто аб гэтым не ведаў, і схавацца не змог.

25 Бо адна жанчына, у якой дачка мела нячыстага духа, як толькі пачула аб Ім, увайшла ў дом і пала Яму да ног.

26 А жанчына гэта была з паганаў, родам з Сірафэніцыі. Яна прасіла Яго, каб выгнаў дэмана з дачкі яе.

27 А Ён гаварыў ёй: «Дазволь перш насыціцца сынам, бо нельга забіраць хлеб ад сыноў і кідаць яго шчанюкам».

28 А яна адказвае Яму і кажа: «Так, Госпадзе, але ж і шчанюкі ядуць пад сталом крошкі ад дзяцей».

29 І сказаў ёй: «Дзеля такога адказу ідзі: дэман выйшаў з дачкі тваёй».

30 І, калі яна прыйшла дамоў, знайшла, што дачка ляжыць на ложку, і дэман выйшаў.

31 І, зноў пакінуўшы межы Тыра, пайшоў Ён праз Сідон да мора Галілейскага пасярод межаў Дэкапаля.

32 І прыводзяць да Яго глухога і нямога, каб Ён усклаў на яго руку.

33 І, адвёўшы яго з сабою ўбок, далей ад народа, уклаў Ісус пальцы Свае ў яго вушы, ды Сваёй сліной дакрануўся да языка яго.

34 І, глянуўшы ў неба, уздыхнуў і гаворыць: «Эфэта», што значыць: «Адчыніся».

35 І зараз жа адчыніліся вушы яго ды развязаліся путы языка яго, і пачаў добра гаварыць.

36 І загадаў ім, каб нікому не казалі, але чым болей забараняў, тым больш яны абвяшчалі.

37 І тым больш яны дзівіліся, кажучы: «Усё добра робіць, і каб глухія чулі, робіць, і каб нямыя гаварылі».

 

Раздзел 8

1 У тыя дні, калі зноў сабраўся вялікі натоўп і не меў чаго есці, Ісус, паклікаўшы вучняў, гаворыць ім:

2 «Шкада мне гэтых людзей, бо ўжо тры дні тоўпяцца пры Мне, ды не маюць чаго есці.

3 Калі іх галодных адпраўлю дамоў, аслабеюць у дарозе, а некаторыя з іх прыйшлі здалёк».

4 І адказалі Яму вучні Яго: «Скуль зможа хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні?»

5 І пытаўся Ён у іх: «Колькі маеце хлябоў?» Яны адказалі: «Сем».

6 І загадаў людзям сесці на зямлі і, узяўшы сем хлябоў і падзяку складаючы, паламаў і даў вучням Сваім, каб раздалі людзям.

7 Мелі крыху рыб. І іх блаславіў, і загадаў, каб таксама дадалі людзям.

8 І елі, і насыціліся, і сабралі таго, што засталося, сем корабаў кавалкаў.

9 Было ж тых, што елі, каля чатырох тысяч. І адпусціў іх.

10 І, адразу сеўшы са Сваімі вучнямі ў лодку, прыйшоў у межы Дальмануты.

11 І фарызеі выйшлі і пачалі з Ім спрачацца, і, выпрабоўваючы Яго, дамагаліся ў Яго знаку з неба.

12 І Ісус, уздыхнуўшы ў Духу Сваім, гаворыць: «Чаму гэтае пакаленне патрабуе знаку? Сапраўды кажу вам: знак не будзе дадзены пакаленню гэтаму».

13 Ды, пакінуўшы іх і зноў увайшоўшы ў лодку, пераправіўся праз мора.

14 І забыліся ўзяць хлеб, і мелі з сабою ў лодцы толькі адзін бохан.

15 І Ён перасцерагаў іх, кажучы: «Глядзіце, сцеражыцеся кіслі фарызейскай ды кіслі Ірадавай».

16 І яны разважалі між сабой, што не маюць хлябоў.

17 Ён, разумеючы гэта, гаворыць ім: «Чаму бядуеце, што не маеце хлеба? Дасюль не ўцяміце і не зразумееце? Яшчэ заслеплена сэрца вашае?

18 Няўжо, маючы вочы, не бачыце ды, маючы вушы, не чуеце? Не памятаеце,

19 як Я пяць хлябоў разламаў на пяць тысяч, колькі вы сабралі поўных кашоў кавалкаў?» Кажуць Яму: «Дванаццаць».

20 «А калі тыя сем на чатыры тысячы, дык колькі тады сабралі корабаў кавалкаў?» Кажуць Яму: «Сем».

21 І казаў ім: «Дык яшчэ не разумееце?»

22 І прыходзяць у Бэтсайду. І прыводзяць да Яго сляпога, ды просяць, каб дакрануўся да яго.

23 Дык, узяўшы сляпога за руку, завёў яго за вёску і, плюнуўшы на вочы яму і ўсклаўшы Свае рукі на яго, спытаўся ў яго: «Бачыш што-небудзь?»

24 А той, гледзячы, казаў: «Бачу людзей, што як дрэвы, бачу, ходзяць».

25 І затым зноў усклаў рукі на вочы яго, і той пачаў бачыць, і аздаравіўся, і ясна ўсё бачыў.

26 І адправіў яго ў дом яго, кажучы: «Вярніся ў дом свой і не заходзь у вёску, не расказвай нікому».

27 І направіўся Ісус з вучнямі Сваімі ў межы Цэзарэі Піліпавай. І ў дарозе пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «Што кажуць людзі: Хто Я ёсць?»

28 Яны адказалі Яму, кажучы: «Адны – што Ян Хрысціцель, другія – што Ілля, а яшчэ іншыя – што адзін з прарокаў».

29 Тады пытаўся Ён у іх: «А вы за каго Мяне лічыце?» Адказваючы, гаворыць Яму Пётра: «Ты – Хрыстос!»

30 І забараніў ім, каб нікому аб Ім не гаварылі.

31 І пачаў іх вучыць: «Сыну Чалавечаму трэба многа цярпець, і быць адкінутым старшынямі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым ды па трох днях уваскрэснуць».

32 І прамаўляў пра гэта адкрыта. І Пётра, адвёўшы Яго ўбок, пачаў папракаць Яго.

33 Ісус жа, азірнуўшыся і глянуўшы на Сваіх вучняў, забараніў Пётры і кажа: «Адыдзі ад Мяне, шатан, бо не разумееш, што Божае, але што чалавечае».

34 І, склікаўшы людзей разам з вучнямі Сваімі, сказаў ім: «Калі хто хоча ісці за Мною, хай зрачэцца самога сябе і возьме крыж свой ды ідзе за Мною.

35 Бо хто хацеў бы ўратаваць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне і дзеля Евангелля, той уратуе яе.

36 Бо што за карысць чалавеку, калі ўвесь свет здабудзе, а душы сваёй пашкодзіць?

37 І што дасць чалавек у выкуп за душу сваю?

38 Бо хто пасароміцца Мяне і слоў Маіх перад гэтым распусным і грэшным пакаленнем, таго і Сын Чалавечы пасароміцца, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з анёламі святымі».

 

Раздзел 9

1 І казаў: «Сапраўды кажу вам: некаторыя, што стаяць тут, не пакаштуюць смерці, перш чым не ўбачаць, як Валадарства Божае прыйшло ў магутнасці».

2 І праз шэсць дзён Ісус бярэ Пётру, і Якуба, і Яна і вядзе іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі.

3 Адзенне Яго заззяла і стала белым, як снег, як на зямлі бялільшчык выбеліць не зможа.

4 І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і гаварылі з Ісусам.

5 І, адказваючы, гаворыць Пётра Ісусу: «Раббі, добра нам тут быць, зробім тры палаткі: Табе адну, і Майсею адну, і Іллі адну».

6 Бо сам не ведаў, што гаворыць, бо надта быў спалоханы.

7 І з’явілася воблака, засланяючае іх, ды голас выйшаў з воблака: «Гэта Сын Мой улюбёны; Яго слухайце!»

8 І яны, зараз жа паглядзеўшы навокал, апрача Ісуса, нікога больш не бачылі каля сябе.

9 І, калі сыходзілі з гары, загадаў ім Ён, каб нікому не расказвалі, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне.

10 І яны стрымалі слова, толькі між сабой разважалі, што гэта значыць: «уваскрэснуць».

11 Дык пыталі Ісуса: «Чаму гэта фарызеі і кніжнікі кажуць, што трэба, каб перш прыйшоў Ілля?»

12 А Ён гаворыць ім: «Ілля, калі прыйдзе перш, направіць усё; і, як напісана аб Сыне Чалавечым, будзе шмат цярпець і будзе пагарджаны.

13 Але Я вам кажу: і Ілля прыйшоў, і з ім зрабілі, як хацелі, як аб ім напісана».

14 І, вяртаючыся да вучняў, убачылі вакол іх вялікі натоўп кніжнікаў, што спрачаліся з імі.

15 І адразу, бачачы Ісуса, увесь народ здзівіўся, і, падбягаючы, вітаў Яго.

16 І спытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся між сабой?»

17 І нехта з натоўпу адказаў: «Настаўнік, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога.

18 І ён, дзе толькі наваліцца на яго, кідае яго, так што пеніцца ён і скрыгоча зубамі ды пруцянее. Дык прасіў я вучняў Тваіх, каб яго выгналі, але яны не змаглі».

19 Ён жа, адказваючы ім, кажа: «О род няверны, як доўга буду Я між вас? Як доўга буду вас цярпець? Прынясіце яго да Мяне».

20 І прынеслі яго да Яго. І калі ўбачыў Яго, зараз жа дух пачаў ім тузаць ды, кінуўшы на зямлю, качаў яго, выціскаючы пену.

21 І запытаўся ў бацькі: «Як даўно яму гэта прычынілася?» А ён сказаў: «Ад дзяцінства;

22 і часта кідаў яго нават у агонь і ў ваду, каб яго загубіць, але, калі можаш, ратуй нас, злітуйся над намі».

23 А Ісус гаворыць яму: «Калі можаш! Усё магчыма таму, хто верыць».

24 Тады бацька хлопчыка, плачучы, гаварыў уголас: «Веру, дапамажы майму недаверству».

25 І, калі Ісус убачыў, што збягаецца натоўп людзей, забараніў нячыстаму духу, кажучы яму: «Дух глухі і нямы! Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго».

26 І той, крычучы і моцна тузаючы ім, выйшаў з яго; і ён зрабіўся як мёртвы, так што многія гаварылі: «Ён памёр».

27 Ісус жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.

28 І, калі Ісус вярнуўся дамоў, вучні Яго ўжо адзін на адзін пыталіся ў Яго: «Чаму мы не змаглі яго выгнаць?»

29 І Ён сказаў ім: «Гэты род ніяк не можа выйсці, акрамя як праз малітву».

30 І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею; і Ён не хацеў, каб хто пра гэта ведаў.

31 Бо навучаў вучняў Сваіх і казаў ім: «Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей, і яны заб’юць Яго, але, забіты, Ён праз тры дні ўваскрэсне».

32 Ды яны слоў гэтых не разумелі і баяліся Яго пытацца.

33 І прыбылі ў Кафарнаўм. І, калі былі ў доме, спытаў Ён іх: «Аб чым вы ў дарозе разважалі?»

34 Але яны маўчалі, бо ў дарозе спрачаліся паміж сабой, хто з іх большы.

35 І Ісус, сеўшы, паклікаў дванаццаць, і гаворыць ім: «Калі хто хоча быць першым, будзь з усіх апошнім ды ўсіх слугою».

36 І, узяўшы дзіця, паставіў яго паміж імі, і прытуліў яго, і сказаў ім:

37 «Калі хто ў імя Маё прыме адно з такіх дзяцей, Мяне прымае, а хто Мяне прыме, той не Мяне прыме, але Таго, Хто Мяне паслаў».

38 Сказаў Яму Ян: «Настаўнік, мы бачылі некага, які ў імя Тваё выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць з намі».

39 Ісус жа гаворыць: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто чыніць цуды ў імя Маё, не можа зараз жа блага гаварыць пра Мяне.

40 Бо хто не супраць нас, той за нас.

41 Бо хто падасць вам кубак вады ў імя Маё, таму што вы – Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй.

42 А хто згоршыць аднаго з гэтых малых, што вераць у Мяне, такому лепш было б, каб прычапілі жарон млынавы на шыю яго і кінулі ў мора.

43 І, калі рука твая горшыць цябе, адсячы яе. Бо лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым, маючы абедзве рукі, пайсці ў пекла, у агонь нязгасны. (44)

45 І калі нага твая згаршае цябе, адсячы яе. Лепш табе кульгаваму ўвайсці ў жыццё, чым, маючы абедзве нагі, быць укінутым у пекла. (46)

47 І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго, бо лепш табе ўвайсці ў Валадарства Божае аднавокім, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у пекла,

48 дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае.

49 Бо кожны будзе агнём пасолены.

50 Соль добрая, а калі соль звятрэе, дык чым яе прысаліць? Майце ў сабе соль і спакой майце між сабою».

 

Раздзел 10

1 І, выходзячы адтуль, Ісус прыходзіць у межы Юдэі за Ярданам, ізноў сабралася да Яго многа людзей, і Ён, як звычайна, навучаў іх ізноў.

2 І, падышоўшы, фарызеі пыталіся ў Яго, выпрабоўваючы: «Ці належыцца  мужу пакідаць жонку?»

3 Ісус, адказваючы, сказаў ім: «А што вам загадаў Майсей?»

4 Яны сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць яе».

5 Ісус жа гаворыць ім: «Дзеля закамянеласці сэрца вашага даў ён вам такі загад.

6 Але на пачатку стварэння мужчынай і жанчынай стварыў іх Ён.

7 Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці, ды злучыцца з жонкаю сваёю,

8 ды будуць двое адным целам; значыць іх ужо не двое, але адно цела.

9 Што вось Бог злучыў, хай чалавек не разлучае».

10 І дома зноў пра тое самае пыталіся ў Яго вучні.

11 І кажа ім: «Хто пакіне жонку сваю і возьме іншую, той чужаложыць.

12 І, калі жонка пакіне мужа свайго ды пойдзе за іншага, – чужаложыць».

13 І прыносілі дзяцей да Яго, каб да іх дакрануўся. А вучні забаранялі ім.

14 Бачачы гэта, Ісус абурыўся на іх і кажа ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне ды не забараняйце ім, бо такіх ёсць Валадарства Божае.

15 Сапраўды кажу вам: калі хто не прыме Валадарства Божага як дзіця, не ўвойдзе ў яго».

16 І туліў іх да Сябе, і ўскладаў на іх рукі, і блаславіў іх.

17 Калі Ісус выходзіў у дарогу, прыбегшы, нехта ўпаў перад Ім на калені і пытаўся ў Яго: «Настаўнік добры, што маю рабіць, каб здабыць жыццё вечнае?»

18 Ісус жа сказаў яму: «Чаму Мяне называеш добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог.

19 Прыказанні ведаеш: не забівай, не чужалож, не крадзі, не гавары фальшывага сведчання, не рабі крыўды, паважай бацьку свайго і маці».

20 А ён сказаў Яму: «Настаўнік, я гэта ўсё выконваў ад маленства свайго».

21 Ісус жа, глянуўшы на яго, узлюбіў яго ды сказаў яму: «Аднаго табе не хапае: ідзі, прадай, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб на небе, а тады прыходзь і ідзі за Мною».

22 Той, засмучаны гэтым словам, адышоўся сумны, бо меў вялікую маёмасць.

23 І Ісус, паглядзеўшы вакол, гаворыць Сваім вучням: «Як цяжка тым, што маюць багацце, увайсці ў Валадарства Божае».

24 Вучні ж дзівіліся са слоў Яго. Але Ісус зноў, адказваючы, гаворыць ім: «Сынове, як цяжка ўвайсці ў Валадарства Божае.

25 Лягчэй вярблюду праціснуцца праз вушка іголкі, чым багацею ўвайсці ў Валадарства Божае».

26 А яны тым болей дзівіліся, гаворачы між сабою: «Дык хто можа быць збаўлены?»

27 Ісус, паглядзеўшы на іх, гаворыць: «У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога: у Бога ўсё магчыма».

28 Дык Пётра пачаў казаць Яму: «Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой».

29 Гаворыць Ісус: «Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто б пакінуў дом, або братоў, або сясцёр, або маці, або бацьку, або сыноў, або поле дзеля Мяне і дзеля Евангелля,

30 каб ён не атрымаў у сто разоў больш цяпер, у гэты час, дамоў, і братоў, і сясцёр, і матак, і сыноў, і палёў сярод пераследаванняў, ды жыццё вечнае ў будучым веку.

31 І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія – першымі».

32 І былі ў дарозе, уваходзячы ў Ерузалім, і Ісус ішоў перад імі, а яны, за Ім ідучы, дзівіліся і баяліся. І паклікаў зноў дванаццаць ды пачаў казаць, што адбудзецца:

33 «Вось жа ўваходзім у Ерузалім; і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на смерць, і выдадуць паганам,

34 і будуць з Яго здзекавацца і пляваць на Яго, будуць бічаваць Яго ды заб’юць Яго, але праз тры дні Ён уваскрэсне».

35 І падышлі да Ісуса Якуб і Ян, сыны Зебядзеевы, кажучы: «Настаўнік, хочам, каб зрабіў нам, пра што будзем прасіць Цябе».

36 Спытаўся ў іх: «Што хочаце, каб Я вам зрабіў?»

37 Яны ж сказалі: «Дай нам, каб сядзець ад Цябе аднаму праваруч, а другому – леваруч у славе Тваёй».

38 Ісус жа гаворыць ім: «Не ведаеце, пра што просіце. Ці ж можаце піць келіх, які Я п’ю, або хрысціцца хростам, якім Я хрышчуся?»

39 Яны сказалі Яму: «Можам». Ісус гаворыць ім: «З келіха, з якога Я п’ю, будзеце піць, ды хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны.

40 Але сядзець праваруч Мяне або леваруч не Мне даваць вам, але якім прыгатавана».

41 Чуючы ж гэта, дзесяць пачалі абурацца на Якуба і Яна.

42 І, паклікаўшы іх, Ісус кажа: «Ведаеце, што тыя, якія ўважаюцца за валадароў народаў, пануюць над імі, ды князі іхнія маюць уладу над імі.

43 Не так будзе паміж вамі, але хто хацеў бы быць сярод вас большым, хай будзе вашым слугою.

44 І хто хацеў бы ў вас быць першым, хай будзе слугою ўсіх.

45 Бо і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і даць душу Сваю на адкупленне многіх».

46 І прыходзяць у Ерыхон. І калі Ён выходзіў з Ерыхона разам з вучнямі Сваімі і вялікім натоўпам, сляпы Бартымей, сын Тымея, сядзеў пры дарозе і жабраваў.

47 Пачуўшы, што гэта Ісус з Назарэта, пачаў крычаць і прасіць: «Ісус, Сын Давіда, злітуйся нада мной!»

48 І сварыліся многія на яго, каб маўчаў. Але ён тым мацней крычаў: «Сын Давіда, злітуйся нада мной!»

49 І Ісус, спыніўшыся, сказаў яго паклікаць. Дык паклікалі сляпога і сказалі яму: «Будзь добрай надзеі, устань, кліча цябе».

50 Ён, скінуўшы плашч свой, падняўся і прыйшоў да Ісуса.

51 І, звяртаючыся да яго, Ісус сказаў: «Што хочаш, каб Я табе ўчыніў?» Сляпы адказаў Яму: «Раббоні, каб мне бачыць».

52 І Ісус гаворыць яму: «Ідзі, вера твая ўратавала цябе». І зараз жа стаў бачыць і пайшоў за Ім па дарозе.

Раздзел 11

1 І калі наблізіліся яны да Ерузаліма, да Бэтфагэ і Бэтаніі на гары Аліўнай, Ісус пасылае двух з вучняў Сваіх

2 і гаворыць ім: «Ідзіце ў вёску, што перад вамі, і пры ўваходзе ў яе зараз знойдзеце асляня прывязанае, на якім яшчэ ніхто з людзей не ездзіў. Адвяжыце яго і прывядзіце.

3 І калі б вас хто спытаўся: «Што вы робіце?», скажыце: «Госпад яго патрабуе», і адразу ж адашле яго сюды».

4 Пайшлі тады і знайшлі асляня пры варотах звонку, на скрыжаванні, і адвязалі яго.

5 Некаторыя з там стаяўшых казалі ім: «Чаму адвязваеце асляня?»

6 А яны адказалі ім, як сказаў Ісус; і адпусцілі іх.

7 І прывялі асляня да Ісуса, і ўсклалі на яго адзенне сваё; і Ён сеў на яго.

8 І многія клалі на дарозе сваё адзенне, а іншыя зелле, якое сціналі на палях, кідалі на дарогу.

9 І тыя, што ішлі наперадзе, і што ішлі за Ім, крычалі: «Гасана! Блаславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада!

10 Блаславёна Валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць! Гасана на вышынях!»

11 І ўвайшоў у Ерузалім, у святыню; і, агледзеўшы ўсё, бо ўжо была вячэрняя пара, з дванаццаццю выйшаў у Бэтанію.

12 І назаўтра, калі выходзіў з Бэтаніі, адчуў голад.

13 І, калі здалёк убачыў дрэва фігавае, пакрытае лістотаю, падышоў, ці не знойдзе што на ім. І, калі падышоў да дрэва, нічога, акрамя лістоты, не знайшоў, бо не была пара на фігі.

14 І, звяртаючыся да дрэва, сказаў: «Няхай ужо ніколі не есць з цябе ніхто пладоў». І чулі гэта вучні Яго.

15 І прыходзіць у Ерузалім. І, калі ўвайшоў у святыню, пачаў выганяць прадаючых і купляючых у святыні, і сталы мянялаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перакуліў.

16 Ды не дазволіў, каб якую рэч пераносілі праз святыню.

17 І навучаў іх, кажучы: «Няўжо не напісана: «Дом Мой домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў»? А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».

18 Пачуўшы гэта, першасвятары і кніжнікі шукалі, як Яго загубіць, бо баяліся Яго, паколькі ўсе людзі захапляліся Яго навукаю.

19 А калі звечарэла, выйшлі з горада.

20 І, калі праходзілі раніцай, убачылі дрэва фігавае ссохшым ад карэнняў.

21 Ды, прыпомніўшы, Пётра кажа Яму: «Раббі, вось, фігавае дрэва, што Ты пракляў, ссохла».

22 І, адказваючы, Ісус гаворыць ім: «Майце веру Божую!

23 Сапраўды кажу вам: каб хто сказаў гэтай гары: «Падыміся і кінься ў мора», і не сумняваўся ў сэрцы сваім, але верыў, што станецца, як скажа, станецца яму.

24 Таму кажу вам: усё, пра што ў малітве просіце, верце, што атрымаеце, і будзе вам.

25 І калі становіцеся маліцца, адпусціце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш, Які ў небе, адпусціў вам грахі вашыя». (26)

27 І зноў прыходзяць у Ерузалім. І калі Ісус хадзіў па святыні, падышлі да Яго першасвятары, кніжнікі і старшыні

28 і казалі Яму: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? Ды хто Табе даў такую ўладу, каб Ты гэта рабіў?»

29 А Ісус гаворыць ім: «І Я ў вас запытаюся адно слова, адкажыце Мне, тады і Я вам скажу, якою ўладай Я гэта раблю.

30 Хрост Яна з неба быў ці ад людзей? Адкажыце Мне».

31 Яны разважалі між сабой, кажучы: калі скажам: з неба, Ён скажа нам: «Дык чаму тады не паверылі яму?»

32 А калі сказаць: ад людзей, яны баяліся народа, бо ўсе лічылі Яна за праўдзівага прарока».

33 І, адказваючы, сказалі Ісусу: «Не ведаем». А Ісус гаворыць ім: «І Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю».

 

Раздзел 12

1 І пачаў Ісус прамаўляць да іх у прыпавесцях: «Чалавек заснаваў вінаграднік, і загарадзіў яго плотам, і выкапаў выціскальню, і пабудаваў вежу, і наняў вінаградараў, і аддаліўся.

2 У свой час паслаў ён слугу да вінаградараў, каб атрымаць частку сваіх пладоў з вінаградніку.

3 Яны ж, схапіўшы яго, збілі ды адправілі з пустым.

4 І зноў выправіў да іх іншага слугу, а яны і таму разбілі галаву і зняважылі.

5 І паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, і многіх іншых: адных пакалечылі, другіх пазабівалі.

6 Дык, маючы яшчэ адзінага, улюбёнага сына, паслаў яго ўрэшце, думаючы: «Ушануюць сына майго».

7 Але тыя вінаградары гаварылі між сабой: «Ён – спадкаемца! Пойдзем, заб’ём яго – і нашаю будзе спадчына».

8 Ды, схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку.

9 Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і заб’е вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым.

10 Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісанні: «Камень, які адкінулі будаўнікі, ён стаўся галавою  вугла.

11 Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых»?

12 І намагаліся Яго ўзяць, але баяліся людзей. Бо ведалі, што супраць іх  гаварыў гэту прыпавесць. Дык, пакінуўшы Яго, адышлі.

13 І паслалі да Яго фарызеяў і ірадыянаў, каб падлавіць Яго ў словах.

14 Вось, яны, падышоўшы, спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты справядлівы і нікому не патураеш, і не глядзіш на аблічча людзей, але дарозе Божай па праўдзе навучаеш. Ці належыцца плаціць падатак цэзару, ці не? Даваць ці не даваць?»

15 А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, гаворыць ім: «Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб яго пабачыць».

16 Дык прынеслі Яму дынар. І кажа ім: «Чый гэта адмалюнак і надпіс?» Кажуць Яму: «Цэзара».

17 Дык сказаў ім Ісус: «Што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае – Богу». І дзівіліся з Яго.

18 І прыходзяць да Ісуса садуцэі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пытаюцца ў Яго, кажучы:

19 «Настаўнік, Майсей напісаў нам: калі памрэ чыйсьці брат і пакіне жонку, не маючы сына, дык хай яго брат возьме яе за жонку і створыць нашчадка брату свайму.

20 Было сем братоў, з іх першы ажаніўся і памёр, не пакінуўшы нашчадка.

21 І другі ўзяў яе за жонку, і таксама памёр, не пакінуўшы нашчадка. Падобна і трэці.

22 Так з ёю ажаніліся сем братоў і не пакінулі нашчадка. Пасля ўсіх памёрла і жанчына.

23 Дык пры ўваскрэсенні, калі ўваскрэснуць, чыёй з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку».

24 Гаворыць ім Ісус: «Ці ж не таму вы памыляецеся, што не разумееце ні Пісання, ані магутнасці Божай?

25 Бо калі ўстануць з мёртвых, дык не будуць жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць, як анёлы ў небе.

26 Пра мёртвых, што ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог сказаў яму пры кусце, гаворачы: «Я – Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба»?

27 Не ёсць Бог мёртвых, але жывых! Вы моцна памыляецеся».

28 І адзін кніжнік, які чуў іх, як спрачаліся, ды бачыў, што добра ім Ісус адказаў, падышоў да Ісуса і спытаўся ў Яго: «Каторае прыказанне з усіх першае?»

29 Ісус адказаў: «Першае такое: «Слухай, Ізраэль! Госпад, Бог наш, – Бог адзіны.

30 Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёю душой тваёй, усім розумам тваім ды ўсімі сіламі тваімі».

31 Другое такое: «Любі бліжняга свайго як самога сябе». Большага за гэтыя прыказанні няма».

32 І гаворыць Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік! Праўду Ты сказаў, што Ён адзіны, ды няма іншага, апрача Яго,

33 і любіць Яго ўсім сэрцам і ўсім розумам, ды ўсімі сіламі ды любіць бліжняга, як самога сябе, – гэта больш, чым усе цэласпаленні і ахвяры».

34 Ісус жа, бачачы, што разумна ён адказаў, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо болей не адважыўся Яго пытацца.

35 І, навучаючы ў святыні, Ісус, адказваючы, казаў: «Як жа кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсць Сын Давіда?

36 Сам жа Давід сказаў праз Духа Святога: «Сказаў Госпад Госпаду майму: сядзь праваруч Мяне, аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае».

37 Сам жа Давід называе Яго Госпадам, дык як жа Ён – Сын яго?» І велізарны натоўп людзей ахвотна слухаў Яго.

38 І ў Сваёй навуцы казаў Ісус: «Сцеражыцеся кніжнікаў, якія ахвотна ходзяць у доўгіх шатах і любяць прывітанні на рынку,

39 і першыя лаўкі ў сінагогах ды першыя месцы на банкетах,

40 якія аб’ядаюць дамы ўдоў і напаказ доўга моляцца. Чакае іх строгі прысуд».

41 І, сеўшы насупраць скарбоны, глядзеў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. І многія багатыя кідалі шчодра.

42 І калі прыйшла адна ўбогая ўдава, то кінула дзве лепты, значыць квадрант.

43 І, паклікаўшы Сваіх вучняў, гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам: гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш, чым усе, хто кідаў у скарбонку.

44 Бо ўсе кідалі з таго, што было ў іх у дастатку, а гэтая ў сваім недастатку ўсё, што мела, укінула, усё сваё ўтрыманне».

Раздзел 13

1 І, калі Ён выходзіў са святыні, гаворыць Яму адзін з вучняў Яго: «Настаўнік, глянь, што за камяні ды якія пабудовы!»

2 А Ісус гаворыць яму: «Бачыш усе гэтыя велізарныя будоўлі? Не застанецца з іх каменя на камені, які б не быў развалены».

3 І, калі Ісус сядзеў на гары Аліўнай насупраць святыні, пыталіся Яго асобна Пётра, і Якуб, і Ян, і Андрэй:

4 «Скажы нам, калі гэта станецца, і што за знак будзе, калі ўсё гэта пачне збывацца?»

5 І Ісус пачаў ім казаць: «Глядзіце, каб вас хто не звёў.

6 Бо многія прыйдуць у імя Маё, кажучы: «Гэта я», і яны многіх звядуць.

7 А калі пачуеце вы пра войны і чуткі пра войны, не трывожцеся, бо так павінна быць, але гэта яшчэ не канец.

8 Бо падымецца народ на народ ды царства на царства, ды будуць месцамі землятрусы і голад. Гэта пачатак пакут.

9 Глядзіце самі сябе. Будуць вас аддаваць у суды і біць у сінагогах, і будзеце стаяць перад намеснікамі і царамі на сведчанне ім дзеля Мяне.

10 І трэба, каб перш было абвешчана Евангелле ўсім народам.

11 І, калі павядуць вас выдаваць, не думайце, што вам гаварыць, але што дадзена вам будзе ў гэты час, тое скажаце, бо не вы будзеце гаварыць, але Дух Святы.

12 І будзе выдаваць на смерць брат брата і бацька сына; і паўстануць сыны супраць бацькоў ды будуць забіваць іх.

13 І будзеце вы ў нянавісці ад усіх за імя Маё; але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.

14 Дык калі ўбачыце, што настала агіда спусташэння там, дзе не мела быць, – хто чытае, хай разумее, – тады тыя, якія ў Юдэі, хай уцякаюць у горы,

15 а хто на даху, хай не сыходзіць у дом, ды хай не ідзе, каб што ўзяць з дому свайго,

16 і хто на полі, хай не вяртаецца, каб узяць вопратку сваю.

17 Гора будзе цяжарным ды карміцелькам у тыя дні.

18 Дзеля таго маліцеся, каб не сталася гэта зімою.

19 Бо ў тыя дні будзе такі прыгнёт, якога не было ад заснавання свету, які Бог стварыў, аж дасюль, і не будзе.

20 І, калі б Госпад не скараціў тых дзён, не ўратавалася б аніякае цела; але скараціў дні дзеля выбраных, якіх Ён выбраў.

21 І, калі б хто вам тады сказаў: «Вось тут Хрыстос, або там», – не верце.

22 Бо з”явяцца фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі, і будуць даваць знакі ды цуды, каб звесці, калі гэта магчыма, нават выбраных.

23 Дык сцеражыцеся: на тое Я вам усё прадказаў.

24 А ў тыя дні, па тузе той зацемрыцца сонца, ды месяц не дасць святла свайго,

25 і зоркі нябесныя падаць будуць, ды  сілы, што на небе, пахіснуцца.

26 І тады ўбачаць Сына Чалавечага, што прыходзіць на аблоках з вялікай магутнасцю і славаю.

27 І тады пашле анёлаў Сваіх і збярэ з чатырох бакоў ад краю да краю света выбраных Сваіх.

28 З фігавага дрэва бярыце прыклад. Калі яго галінка лагаднее і пускае лісты, вы ведаеце, што ўжо блізка лета.

29 Так і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што і гэта блізка, пры дзвярах.

30 Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленне гэта, аж гэта ўсё станецца.

31 Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.

32 А дня таго і хвіліны ніхто не ведае; ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец.

33 Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі гэты час надыдзе.

34 Будзе, як з чалавекам, які выехаў у дарогу і пакінуў свой дом, і даў уладу сваім слугам, кожнаму свой абавязак, а прыдзвернаму, каб той чуваў.

35 Дык чувайце, бо не ведаеце, калі гаспадар дома вернецца: вечарам, ці апоўначы, ці калі певень запяе, ці раніцай,

36 каб, калі вернецца неспадзявана, не застаў вас спаўшымі.

37 А што вам кажу, усім кажу: чувайце!»

 

Раздзел 14

1 А да Пасхі і свята праснакоў заставалася два дні. Дык першасвятары і кніжнікі шукалі, як Ісуса схапіць хітрасцю і забіць.

2 Казалі аднак: «Толькі не ў святочны дзень, каб не дайшло да замяшання ў народзе».

3 І, калі Ісус быў у Бэтаніі, у доме Сімона пракажонага, і ўзлягаў за сталом, прыйшла жанчына, трымаючы алябастравую пасудзіну каштоўнага алейку нардавага, і, разбіўшы алябастр, выліла Ісусу на галаву.

4 А некаторыя з прысутных абураліся ў сабе і казалі: «Нашто было марнаваць гэты алеек?

5 Можна было гэты алеек прадаць даражэй, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім». І наракалі на яе.

6 А Ісус бараніў: «Пакіньце яе! Чаму робіце ёй прыкрасць? Яна добры ўчынак зрабіла для Мяне.

7 Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе і, калі захочаце, зможаце ім добра рабіць, а Мяне не заўсёды мець будзеце.

8 Яна, што мела, зрабіла: алейкам цела Маё прыгатавала на пахаванне.

9 Сапраўды кажу вам: ва ўсім свеце, дзе толькі будзе прапаведана Евангелле, будзе гаварыцца і пра тое, што яна зрабіла, на памяць пра яе».

10 А Юда Іскарыёт, адзін з дванаццаці, пайшоў да першасвятароў, каб выдаць Яго ім.

11 Яны, пачуўшы, вельмі ўзрадаваліся і абяцалі яму, што дадуць яму грошы. Ён жа шукаў, як Яго ў прыдатны час выдаць.

12 У першы дзень праснакоў, калі  прыносіцца ў ахвяру Пасха, кажуць Яму вучні Яго: «Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есці Пасху?»

13 І пасылае двух вучняў Сваіх і кажа ім: «Ідзіце ў горад, і спаткае вас чалавек, які будзе несці збан вады; ідзіце за ім.

14 І, куды ўвойдзе, скажыце гаспадару дома: «Настаўнік кажа: дзе месца супакою, дзе б разам з Маімі вучнямі мог бы з’есці Пасху?»

15 Ён вам пакажа вялікую святліцу прыбраную; вось там прыгатуйце месца нам».

16 Дык адправіліся вучні Яго ў горад ды знайшлі, як ім сказаў, і прыгатавалі Пасху.

17 І, калі настаў вечар, прыходзіць туды з дванаццаццю.

18 І, калі ўзлеглі і елі, гаворыць Ісус: «Сапраўды кажу вам: адзін з вас, які есць са Мною, выдасць Мяне».

19 Яны пачалі засмучацца і адзін за адным сталі гаварыць Яму: «Ці гэта не я?»

20 Ён гаворыць ім: «Адзін з дванаццаці, які мачае са Мною руку ў місе.

21 Што праўда, Сын Чалавечы ідзе, як аб Ім напісана. Аднак гора чалавеку, праз якога Сын Чалавечы будзе выдадзены! Лепш было б, каб той чалавек не быў народжаны».

22 І, калі яны елі, Ісус узяў хлеб, і, блаславіўшы, паламаў, і даў ім, і гаворыць: «Бярыце, гэта ёсць Цела Маё».

23 І, узяўшы келіх, падзяку складаючы, даў ім; і пілі з яго ўсе.

24 І гаворыць ім: «Гэта ёсць Кроў Мая Новага Запавету, якая за многіх праліваецца».

25 Сапраўды кажу вам: «Не буду піць ужо з гэтага плода вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць новае ў Валадарстве Божым».

26 І, адгаварыўшы гімн, узняліся на гару Аліўную.

27 І гаворыць ім Ісус: «Вы ўсе згоршыцеся, як напісана: «Удару пастыра, і разбягуцца авечкі»,

28 але калі ўваскрэсну, раней за вас прыйду ў Галілею».

29 А Пётра кажа Яму: «Хоць бы ўсе згоршыліся з Цябе, але я не».

30 І гаворыць яму Ісус: «Сапраўды кажу табе: ты сёння, у гэтую ноч, перш чым двойчы певень прапяе, тройчы зрачэшся Мяне».

31 Але ён тым мацней сцвярджаў: «Хоць бы мне трэба было памерці з Табою, не зракуся». Падобна і ўсе яны казалі.

32 І прыходзяць у сяло, якое завецца Гетсэмань, і гаворыць Ён вучням Сваім: «Пабудзеце тут, пакуль Я памалюся».

33 І бярэ з сабою Пётру, і Якуба, і Яна, і пачаў тужыць і сумаваць.

34 І кажа ім: «Сумная душа Мая аж да смерці, пабудзьце тут і чувайце».

35 І, крыху адышоўшыся, Ён упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая часіна.

36 І казаў: «Абба, Ойча! Табе ўсё магчыма, пранясі міма Мяне гэты келіх; але не як Я хачу, але як Ты!»

37 І прыходзіць да іх, і знаходзіць іх сплючых. Дык гаворыць Пётры: «Сімоне, ты спіш? Не змог бы ты хоць гадзіну патрываць?

38 Чувайце і маліцеся, каб не трапіць ў згаршэнне: бо дух руплівы, а цела хворае».

39 І, адышоўшы, зноў маліўся тымі самымі словамі.

40 І вярнуўся зноў, і ўбачыў, што яны спяць, бо вочы іх былі ацяжэлыя, і не ведалі, што Яму адказаць.

41 Ды трэці раз прыходзіць і гаворыць ім: «Спіце ўжо і адпачываеце? Даволі! Надышла гадзіна: вось жа Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў.

42 Падыміцеся, пойдзем, вось ужо блізка той, хто Мяне выдае».

43 І, калі Ісус яшчэ гаварыў, хутка падышоў Юда Іскарыёт, адзін з дванаццаці, а з ім вялікі натоўп з мячамі і палкамі ад першасвятароў і кніжнікаў ды старшыняў.

44 Здраднік жа Яго даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён, хапайце Яго і вядзіце асцярожна».

45 І, калі падышоў, зараз жа прыступіўся да Ісуса і гаворыць: «Раббі!», і пацалаваў Яго.

46 Яны ж наваліліся на Яго і схапілі Яго.

47 А адзін з тых, што былі з Ісусам, выцягнуўшы меч, ударыў слугу першасвятара і адсёк яму вуха.

48 І, адказваючы, Ісус гаворыць ім: «Як на разбойніка выйшлі з мечамі і палкамі, каб схапіць Мяне.

49 Штодзень быў Я з вамі ў святыні, навучаючы, і вы не ўзялі Мяне, але няхай здзейсніцца Пісанне».

50 І, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.

51 І адзін юнак, адзеты толькі посцілкай па клубах, ішоў за Ім, і яго схапілі,

52 але ён выкруціўся з посцілкі і голы ўцёк ад іх.

53 І прывялі Ісуса да першасвятара, і сабраліся ўсе першасвятары, старшыні і кніжнікі.

54 Пётра ж здалёку ішоў за Ім, аж увайшлі яны ў панадворак першасвятара, і потым сядзеў са слугамі, і грэўся пры агні.

55 А першасвятары ды ўся рада шукалі сведчання супраць Ісуса, каб выдаць Яго на смерць, але не знаходзілі.

56 Бо многія фальшыва сведчылі супраць Яго, але іх сведчанні не сыходзіліся.

57 І некаторыя, падняўшыся, фальшыва сведчылі супраць Яго, кажучы:

58 «Мы чулі, як Ён казаў: «Я развалю гэтую святыню, пабудаваную рукамі, а праз тры дні збудую іншую, якая будзе нерукатворнай».

59 Але і іх сведчанні не сыходзіліся.

60 І першасвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся ў Ісуса: «Чаму нічога не адказваеш на тое, у чым яны Цябе абвінавачваюць?»

61 Ісус жа маўчаў і нічога не адказваў. Тады першасвятар спытаўся Яго, кажучы: «Ці Ты Хрыстос, Сын Бога Бласлаўлёнага?»

62 Ісус сказаў яму: «Я ёсць, і вы ўбачыце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч Магутнасці ды прыходзіць на аблоках нябесных».

63 І першасвятар, раздзіраючы шаты свае, гаворыць: «Нашто патрэбны нам яшчэ сведкі?

64 Вы чулі блюзнерства; што вы думаеце?» І яны ўсе прысудзілі, што Ён варты смерці.

65 І некаторыя пачалі на Яго пляваць і, засланіўшы твар Яго, біць Яго кулакамі, крычучы на Яго: «Праракуй!» І слугі давалі Яму поўхі.

66 І калі Пётра быў на панадворку, на нізе, прыходзіць адна са служак першасвятара

67 і, убачыўшы Пётру, які грэўся, і прыгледзеўшыся да яго, кажа: «І ты быў з Ісусам з Назарэта»

68 Але ён запярэчыў, кажучы: «Ані я не ведаю, ані разумею, пра што ты гаворыш». І выйшаў вонкі ў прысенак, і запяяў певень.

69 І служка, калі ўбачыла яго, пачала  зноў казаць тым, што навокал: «Гэта адзін з іх».

70 А ён ізноў адрокся. І неўзабаве тыя, што там стаялі, кажуць Пётры: «Ты сапраўды з іх, бо ты – з Галілеі».

71 А ён пачаў клясціся і прысягаць: «Не ведаю гэтага чалавека, аб якім кажаце».

72 І адразу зноў запяяў певень. Тады Пётра ўспомніў словы, якія яму казаў Ісус: «Раней, чым двойчы запяе певень, ты тройчы зрачэшся Мяне», і пачаў плакаць.

 

Раздзел 15

1 І зараз раніцай, па нарадзе першасвятароў са старшынямі і кніжнікамі, значыць усяго сангедрыну, Ісуса, звязаўшы, павялі і перадалі Пілату.

2 І спытаўся ў Яго Пілат: «Ці Ты – Цар Юдэйскі?» А Ён, адказваючы, гаворыць яму: «Ты кажаш».

3 І вінавацілі Яго першасвятары ў многіх рэчах.

4 Дык Пілат зноў спытаўся ў Яго, кажучы: «Чаму не адказваеш? Глядзі, як многа супраць Цябе абвінавачанняў».

5 Але Ісус больш нічога не адказваў, так што Пілат дзівіўся.

6 На свята ён меў звычай вызваляць ім аднаго з вязняў, каго б захацелі.

7 Быў жа нейкі адзін, на імя Бараба, увязнены разам з бунтаўнікамі, які ў час бунту ўчыніў забойства.

8 І калі сабраўся натоўп людзей, пачаў дамагацца таго, што ім звычайна рабілі.

9 Пілат жа звярнуўся да іх і сказаў: «Хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага?»

10 Бо ведаў, што Яго выдалі першасвятары праз зайздрасць.

11 Але першасвятары падбухторылі людзей, каб ім лепш адпусціў Барабу.

12 І Пілат, адказваючы, гаварыў ім паўторна: «Дык што хочаце, каб я зрабіў з Царом Юдэйскім?»

13 Але яны зноў закрычалі: «Укрыжуй Яго!»

14 Дык Пілат сказаў ім: «Што вам благога зрабіў Ён?» Але яны тым болей крычалі: «Укрыжуй Яго!»

15 І Пілат, жадаючы дагадзіць народу, выпусціў ім Барабу, а ўбічаванага Ісуса выдаў на ўкрыжаванне.

16 А жаўнеры ўвялі Яго ў панадворак, што завецца прэторыя, і склікалі ўсю кагорту.

17 І апранулі Яго ў пурпур, і, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву,

18 і пачалі Яго вітаць: «Прывітаны будзь, Цар Юдэйскі!»

19 І трысцінай білі Яго па галаве, і плявалі на Яго, і, кленчучы, кланяліся Яму.

20 І, калі ўжо наздзекаваліся з Яго, знялі з Яго пурпур, ды зноў апранулі Яго ў адзенне Яго, ды павялі Яго на ўкрыжаванне.

21 І прымусілі нейкага Сімона Цырэнейца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля і праходзіў міма, каб нёс крыж Яго.

22 І прывялі Яго на Гальготу, што значыць месца Кальварыі.

23 І давалі Яму выпіць віно, змяшанае з сокам міры, але не прыняў.

24 І крыжуюць Яго, і дзеляць адзенне Яго, кідаючы жэрабя паміж сабою, каму што ўзяць.

25 А была гадзіна трэцяя, і ўкрыжавалі Яго.

26 І быў надпіс віны Яго: «Цар Юдэйскі».

27 І ўкрыжавалі разам з Ім двух  лотраў, аднаго праваруч, а другога леваруч  Яго. (28)

29 І тыя, што міма праходзілі, плявузгалі на Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Эй Ты, што руйнуеш святыню ды зноў узнаўляеш у тры дні,

30 уратуй Сябе Самога, сышоўшы з крыжа».

31 Таксама і першасвятары з кніжнікамі, смеючыся з Яго, казалі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а Сам Сябе ўратаваць не можа.

32 Няхай жа Хрыстос, Цар Ізраэля, сыдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». Таксама і тыя, што былі з Ім укрыжаваныя, зневажалі Яго.

33 А калі настала гадзіна шостая, усю зямлю ахутала цемра аж да гадзіны дзевятай.

34 І а дзевятай гадзіне Ісус закрычаў моцным голасам: «Гэлёі, Гэлёі, лэма сабахтані», што значыць: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»

35 І некаторыя з тых, што бліжэй стаялі, чуючы гэта, казалі: «Вось, Ён Іллю кліча».

36 А адзін, падбегшы, напоўніўшы губку воцатам і ўсклаўшы яе на трысціну, даваў Яму піць, кажучы: «Пачакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ілля зняць Яго».

37 Ісус жа, закрычаўшы моцным голасам, сканаў.

38 І заслона ў святыні разадралася надвое з верху аж да нізу.

39 Сотнік жа, што стаяў насупраць, бачачы, што Ісус, так закрычаўшы, сканаў, гаворыць: «Сапраўды, гэты чалавек быў Сын Божы».

40 А былі там і жанчыны, здалёк паглядаючыя, між імі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба меншага і Язэта, і Саламея,

41 якія, калі Ісус быў у Галілеі, хадзілі з Ім і паслугавалі Яму, ды многа іншых, што разам з Ім прыйшлі ў Ерузалім.

42 І, калі звечарэла, а быў гэта дзень прыгатавання, які бывае перад суботаю,

43 прыйшоў Язэп з Арыматэі, знатны сябра рады, які сам чакаў прыхода Валадарства Божага, і адважна ўвайшоў да Пілата, і прасіў цела Ісуса.

44 Але Пілат сумняваўся, ці ўжо памёр, і, паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці ўжо памёр,

45 і, даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу.

46 Язэп жа купіў плашчаніцу і, зняўшы Яго, абгарнуў Яго плашчаніцай ды паклаў у магіле, што была высечана ў скале, і падкаціў камень да ўваходу ў магілу.

47 Марыя ж Магдалена і Марыя, маці Язэпа, глядзелі, дзе пахавалі Яго.

 

Раздзел 16

1 І, калі мінула субота, Марыя Магдалена, і Марыя Якубава, і Саламея накуплялі духмянасцяў, каб пайсці і намасціць Ісуса.

2 І вельмі рана, у першы дзень тыдня, прыйшлі яны да магілы, калі ўжо ўзышло сонца.

3 І гаварылі яны між сабою: «Хто нам адкоціць камень ад уваходу ў магілу?»

4 І, глянуўшы, бачаць яны адвалены камень. А ён быў велізарны.

5 І, увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака, што сядзеў з правага боку і быў адзеты ў белае адзенне, і аслупянелі.

6 А ён кажа ім: «Не палохайцеся! Вы шукаеце Ісуса з Назарэта, укрыжаванага. Ён уваскрос, няма Яго тут; вось месца, дзе Яго паклалі.

7 Але ідзіце і паведаміце вучням Яго і Пётры: «Ён ідзе перад вамі ў Галілею. Там Яго ўбачыце, як вам сказаў».

8 І яны, выйшаўшы, пабеглі ад магілы, бо ахапіў іх страх ды трывога; і нікому нічога не казалі, бо баяліся.

9 Уваскросшы на світанні ў першы дзень тыдня, Ісус найперш паказаўся Марыі Магдалене, з якой выгнаў сем дэманаў.

10 А яна пайшла і паведаміла тым, што з Ім былі, якія сумавалі і плакалі.

11 Але яны, пачуўшы, што Ён жывы і што яна Яго бачыла, не паверылі.

12 Пасля таго Ён паказаўся двум з іх у іншым выглядзе на дарозе ў вёску.

13 І яны пайшлі і расказалі іншым, але і ім не паверылі.

14 Нарэшце паказаўся Ён адзінаццаці, калі яны ўзлягалі пры стале, і дакараў іх за недаверства і закамянеласць сэрца, што не паверылі тым, што бачылі Яго ўваскросшага.

15 І сказаў ім: «Ідзіце на ўвесь свет і нясіце добрую вестку ўсяму стварэнню.

16 Хто паверыць і прыме хрост, будзе збаўлены. Хто ж не паверыць, будзе асуджаны.

17 А тых, што павераць, будуць суправаджаць такія знакі: у імя Маё будуць яны выганяць дэманаў, на новых мовах гаварыць будуць,

18  змеяў будуць падымаць, ды хоць бы што атрутнае выпілі, не пашкодзіць ім, на хворых рукі ўскладаць будуць, і яны аздараўляцца будуць».

19 І пасля размовы з імі Госпад Ісус узнёсся ў неба, і сядзіць праваруч  Бога.

20 А яны, пайшоўшы, вясцілі ўсюды, а Госпад дапамагаў ім і падмацоўваў словы іхнія знакамі, што іх суправаджалі.