Беларуская Біблія

ЕВАНГЕЛЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦВЕЯ

Раздзел 1

1 Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давіда, Сына Абрагама.

2 Абрагам быў бацькам Ізаака, а Ізаак быў бацькам Якуба, а Якуб быў бацькам Юды і братоў яго.

3 А Юда быў бацькам Фарэса і Зары з Тамар, а Фарэс быў бацькам Эсрома, а Эсром быў бацькам Арама.

4 А Арам быў бацькам Амінадаба, а Амінадаб быў бацькам Наасона, а Наасон быў бацькам Салмона.

5 А Салмон быў бацькам Боаза з Рагабы, а Боаз быў бацькам Абэда з Руты, а Абэд быў бацькам Ясэя,

6 а Ясэй быў бацькам Давіда цара, а Давід цар быў бацькам Саламона з тае, што была Урыявай.

7 А Саламон быў бацькам Рабаама, а Рабаам быў бацькам Абіі, а Абія быў бацькам Асы.

8 А Аса быў бацькам Язафата, а Язафат быў бацькам Ярама, а Ярам быў бацькам Озіі.

9 А Озія быў бацькам Ёатама, а Ёатам быў бацькам Ахаза, а Ахаз быў бацькам Эзэхіі.

10 А Эзэхія быў бацькам Манаса, а Манас быў бацькам Амона, а Амон быў бацькам Ёзіі.

11 А Ёзія быў бацькам Ехоніі і братоў яго ў час перасялення ў Бабілон.

12 А па перасяленні ў Бабілон Ехонія быў бацькам Салатыэля, а Салатыэль быў бацькам Зарабабэля.

13 А Зарабабэль быў бацькам Абіюда, а Абіюд быў бацькам Эліяхіма, а Эліяхім быў бацькам Азора.

14 А Азор быў бацькам Садока, а Садок быў бацькам Ахіма, а Ахім быў бацькам Эліюда.

15 А Эліюд быў бацькам Элеязара, а Элеязар быў бацькам Матана, а Матан быў бацькам Якуба.

16 А Якуб быў бацькам Язэпа, мужа Марыі, з Якой нарадзіўся Ісус, што завецца Хрыстос.

17 Такім чынам, ад Абрагама да Давіда ўсіх пакаленняў было чатырнаццаць; і ад Давіда да перасялення ў Бабілон – чатырнаццаць пакаленняў; і ад перасялення ў Бабілон да Хрыста – чатырнаццаць пакаленняў.

18 Нараджэнне ж Ісуса Хрыста было такім: калі Маці Яго Марыя была заручана з Язэпам, перш чым яны злучыліся, выявілася, што Яна мае ва ўлонні ад Духа Святога.

19 Язэп жа, Яе муж, паколькі быў справядлівы і не хацеў Яе зняславіць, надумаўся тайком Яе адпусціць.

20 А калі ён пра гэта думаў, вось, Анёл Госпадаў паказаўся яму ўва сне, кажучы: «Язэп, сын Давідаў, не бойся прыняць Марыю, сужонку тваю. Бо што ў Ёй пачалося, пачалося з Духа Святога.

21 Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён збавіць народ Свой ад грахоў яго».

22 А ўсё гэта сталася, каб збылося тое, што сказана было Госпадам праз прарока, які казаў:

23 «Вось жа Дзева панясе ва ўлонні і народзіць Сына, і назавуць імя Яго Эмануэль», што значыць Бог з намі.

24 Затым Язэп, узняўшыся ад сну, зрабіў так, як яму загадаў Анёл Госпадаў, і прыняў сваю сужонку.

25 І не спазнаваў Яе, аж пакуль Яна нарадзіла Сына, і назваў імя Яго Ісус.

 

Раздзел 2

1 Калі ж нарадзіўся Ісус у Бэтлегэме Юдэйскім, у дні цара Ірада, вось прыбылі магі з усходу ў Ерузалім,

2 кажучы: «Дзе той цар Юдэйскі, што нарадзіўся? Бо мы бачылі зорку Яго на Усходзе ды прыбылі пакланіцца Яму».

3 І, пачуўшы гэта, цар Ірад устрывожыўся, і ўвесь Ерузалім з ім.

4 Ды, сабраўшы ўсіх першасвятароў і кніжнікаў народных, выпытваў ад іх, дзе меў Хрыстос нарадзіцца.

5 А яны яму сказалі: «У Бэтлегэме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:

6 «І ты, Бэтлегэм, зямля Юдзіна, ніякім чынам не меншая між княстваў Юдзіных, бо з цябе для Мяне выйдзе Правадыр, Які будзе валадарыць Маім народам Ізраэлем».

7 Тады Ірад таемна паклікаў магаў і дакладна выведаў час зоркі, якая ім паказалася.

8 Ды, адпраўляючы іх у Бэтлегэм, сказаў: «Ідзіце і даведайцеся дакладна пра Дзіцятка; і, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я, пайшоўшы, пакланіўся Яму».

9 Тыя, як  выслухалі цара, пайшлі ў дарогу. І вось, зорка, якую яны бачылі на Усходзе, рухалася наперадзе, аж пакуль, ідучы, не спынілася ўверсе [над месцам], дзе было Дзіця.

10 Убачыўшы зорку, яны вельмі ўсцешыліся.

11 І, увайшоўшы ў дом, знайшлі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму. Затым, адкрыўшы скарбы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, ладан і міра.

12 І, атрымаўшы ўва сне наказ, каб не вяртацца да Ірада, іншай дарогай вярнуліся ў свой край.

13 Калі яны адышлі, вось, Анёл Госпадаў з’явіўся Язэпу ўва сне, мовячы: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ўцякай да Егіпта, і будзь там, пакуль не скажу табе. Бо Ірад будзе шукаць Дзіця, каб забіць Яго».

14 Той, абудзіўшыся, узяў уночы Дзіця і Маці Яго і ўцёк у Егіпет.

15 І заставаўся там да смерці Ірада, каб збылося тое, што сказана Госпадам праз прарока, які гаворыць: «З Егіпта пазваў Я Сына Майго».

16 Тады Ірад, бачачы, што ён ашуканы магамі, раззлаваўся моцна і паслаў пазабіваць усіх дзяцей, што былі ў Бэтлегэме і ў яго ваколіцах ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, пра які выпытаў у магаў.

17 Тады збылося, што было прадказана прарокам Ярэміем, які казаў:

18 «Чуецца голас у Раме, і плач і стогн вялікі: Рахель плача па сынах сваіх і не можа суцешыцца, бо іх няма».

19 Калі Ірад памёр, вось, з’явіўся Анёл Госпадаў Язэпу ўва сне ў Егіпце,

20 мовячы: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго ды варочайся ў зямлю Ізраэля, бо памерлі тыя, што шукалі душу Дзіцяці».

21 Дык ён, абудзіўшыся, узяў Дзіця і Маці Яго і пайшоў у зямлю Ізраэля.

22 Пачуўшы, што ў Юдэі царуе Архелай па Ірадзе, бацьку сваім, збаяўся туды ісці і, папярэджаны ўва сне, пайшоў у ваколіцы Галілеі.

23 А, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які завецца Назарэт, каб збылося, што сказана прарокам: «Назарэем будзе звацца».

 

Раздзел 3

1 У тыя дні прыйшоў Ян Хрысціцель, прапаведуючы ў пустыні Юдэйскай

2 і кажучы: «Навяртайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».

3 А ён быў той, што быў названы Ісаем прарокам, які казаў: «Голас лямантуючага ў пустыні: «Рыхтуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму!»

4 Сам жа Ян насіў адзенне з вярблюджага воласа і дзяжку скураную на паясніцы сваёй, а ежай яму была саранча і лясны мёд.

5 Тады да яго выходзілі Ерузалім і ўся Юдэя, ды ўсе ваколіцы каля Ярдана,

6 і яны былі ім хрышчаны ў Ярдане, вызнаючы свае грахі.

7 А калі ўгледзеў многіх фарызеяў і садуцэяў, што прыходзілі да хросту яго, сказаў ім: «Род змяіны, хто засведчыў вам, што пазбегнеце будучага гневу?

8 Стварыце належны плод навяртання,

9 і не жадайце сказаць у сабе: «Маем айца Абрагама». Бо кажу вам, што  можа Бог з гэтых камянёў падняць сыноў Абрагаму.

10 Бо ўжо сякера прыстаўлена да кораня дрэў; а кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, высякаецца і кідаецца ў агонь.

11 Я вас хрышчу вадою дзеля навяртання, але Той, Хто прыйдзе па мне, дужэйшы за мяне. Яму я не варты насіць пасталоў. Ён будзе хрысціць вас у Духу Святым і агні.

12 Веялка Яго ў руцэ Яго, і Ён ачысціць ток Свой і збярэ пшаніцу Сваю ў свіран, а салому спаліць агнём незгасальным».

13 Тады прыйшоў Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна, каб прыняць хрост ад яго.

14 Але Ян утрымліваў Яго, кажучы: «Я з Твайго дазволу павінен быць ахрышчаны, а Ты ідзеш да мяне?»

15 Адказваючы ж, Ісус сказаў яму: «Дазволь цяпер, бо гэтак нам належыць выканаць усякую справядлівасць». Тады Ян адпусціў Яго.

16 А калі Ісус быў ахрышчаны, зараз выйшаў з вады; і вось, адкрыліся яму [Яну] нябёсы, і ўбачыў, што Дух Божы сыходзіць, як голуб, і ідзе да Яго.

17 І вось, голас з неба, які кажа: «Гэта Сын Мой улюбёны, Якога Я ўпадабаў Сабе».

 

Раздзел 4

1 Пасля Ісус быў заведзены ў пустыню Духам для спакушэння д’яблам.

2 І, пасля таго, як посціў сорак дзён і сорак начэй, пачуўся галодным.

3 І, прыступіўшы да Яго, спакуснік  сказаў: «Калі Ты – Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні зрабіліся хлебам».

4 Той, адказваючы, прамовіў: «Напісана: «Не адзіным толькі хлебам будзе жыць чалавек, але і кожным словам, якое паходзіць з вуснаў Божых».

5 Потым пераносіць Яго д’ябал у святы горад і ставіць Яго на вышыні святыні,

6 і кажа Яму: «Калі Ты – Сын Божы, дык кінься ўніз; бо напісана: «загадаў Ён анёлам Сваім наконт Цябе, на руках будуць насіць Цябе, каб часам не скалечыў аб камень нагі Сваёй».

7 Гаворыць яму Ісус: «Ізноў жа напісана: «Ты не будзеш выпрабоўваць Госпада, Бога твайго».

8 Ізноў пераносіць Яго д’ябал на вельмі высокую гару ды паказвае Яму ўсе валадарствы свету і іх славу,

9 і кажа Яму: «Усё гэта аддам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне».

10 Тады кажа яму Ісус: «Ідзі прэч, шатан! Бо напісана: «Госпаду, Богу твайму, кланяцца будзеш і аднаму Яму служыць будзеш».

11 Тады пакінуў Яго д’ябал, і вось, анёлы прыступіліся і служылі Яму.

12 Калі ж Ісус пачуў, што Ян стаў ахвярай здрадніцтва, то адышоў у Галілею.

13 І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і абжыўся ў Кафарнаўме прыморскім,

14 у межах Забулона і Нэфталі, каб збылося, што прадказана прарокам Ісаем, які кажа:

15 «Зямля Забулона і зямля Нэфталі, на шляху прыморскім за Ярданам, Галілея паганская;

16 народ, які сядзеў у цемры, святло ўбачыў вялікае, і для тых, што сядзяць  у краіне засені смерці, святло ўзышло».

17 Адсюль пачаў Ісус прапаведаваць і казаць: «Навяртайцеся, бо прыблізілася Валадарства Нябеснае».

18 А калі ішоў каля мора Галілейскага, убачыў двух братоў – Сімона, які завецца Пётрам, і Андрэя, брата яго, як запускалі сеткі ў мора, бо былі рыбаловамі.

19 І гаворыць ім: «Ідзіце за Мной! Зраблю вас лаўцамі людзей».

20 Яны, адразу кінуўшы сеткі, пайшлі следам за Ім.

21 І, ідучы далей адтуль, Ён убачыў двух іншых братоў, Якуба Зебядзеевага і Яна, брата яго, якія  ў лодцы з бацькам сваім, Зебядзеем, правілі сеткі, і паклікаў іх.

22 І яны адразу, пакінуўшы сеткі і бацьку, пайшлі следам за Ім.

23 І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі наўкола, навучаючы ў сінагогах іх і прапаведуючы добрую вестку Валадарства, ды аздараўляў людзей ад усякай хваробы і ўсякай немачы.

24 І разышлася слава  Яго па ўсёй Сірыі. Дык прыводзілі да Яго ўсіх немачных, рознымі хваробамі і пакутамі апанаваных, і апанаваных дэманамі, і лунатыкаў, і паралітыкаў, і Ён аздараўляў іх.

25 І хадзілі за Ім вялікія натоўпы з Галілеі, і з Дэкапаля, і з Ерузаліма, і з Юдэі, ды з-за Ярдана.

 

Раздзел 5

1 І, бачачы натоўпы, Ён узышоў на гару; і, калі сеў, падышлі да Яго вучні Яго;

2 і, адкрыўшы вусны Свае, стаў іх навучаць, кажучы:

3 «Шчасныя ўбогія духам, бо іх Валадарства Нябеснае.

4 Шчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.

5 Шчасныя пакорлівыя, бо яны завалодаюць зямлёю.

6 Шчасныя тыя, што прагнуць і смагнуць справядлівасці, бо яны  насыцяцца.

7 Шчасныя міласэрныя, бо яны атрымаюць міласэрнасць.

8 Шчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.

9 Шчасныя міратворцы, бо іх назавуць сынамі Божымі.

10 Шчасныя, што пераслед церпяць дзеля справядлівасці, бо іх Валадарства Нябеснае.

11 Шчасныя вы, калі з-за Мяне вас будуць зневажаць, і пераследаваць, і ўсякае ліха гаварыць будуць супраць вас, узводзячы паклёп.

12 Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша шчодрая ў небе; так вось пераследавалі прарокаў, якія да вас жылі.

13 Вы – соль зямлі. А калі соль страціць сілу, то чым пасоліцца? Яна ўжо ні на што больш не прыдатная, як толькі быць выкінутай на двор, каб яе людзі патапталі.

14 Вы – святло свету. Не можа схавацца горад, што размешчаны на гары.

15 Таксама не запальваюць свечкі і не ставяць яе пад пасудзіну, але ставяць на падсвечніку, каб свяціла ўсім, хто ёсць у доме.

16 Так хай свеціць святло вашае на віду ў людзей, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі ды хвалілі Айца вашага, Які ў небе.

17 Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон і прарокаў. Я прыйшоў не парушыць, але выканаць.

18 Бо сапраўды кажу вам: пакуль неба і зямля не прамінуць, ані адна ёта, ані адна рыска не зменіцца ў законе, аж пакуль ўсё не збудзецца.

19 Таго, хто парушыць адно з гэтых прыказанняў найменшых і навучыць так людзей, таго назавуць найменшым у Валадарстве Нябесным. А хто выканае і навучыць, таго назавуць вялікім у Валадарстве Нябесным.

20 Бо кажу вам: калі ваша справядлівасць не будзе большай, чым у кніжнікаў і ў фарызеяў, не ўвойдзеце вы ў Валадарства Нябеснае.

21 Чулі, што сказана было продкам: «Не забівай», а хто заб’е, будзе асуджаны.

22 А Я вам кажу, што той, хто дарэмна гневаецца на брата свайго, будзе асуджаны; а хто скажа брату свайму: «рака», – будзе асуджаны радай, а хто скажа: «дурны», – будзе асуджаны агнём пякельным.

23 І таму, калі панясеш ахвяру сваю на алтар, а там прыпомніш, што брат твой мае нешта супраць цябе,

24 дык пакінь ахвяру тваю каля алтара, і ідзі перш пагадзіся з братам тваім, і тады, прыйшоўшы, прынясеш ахвяру тваю.

25 Пагадзіся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты з ім у дарозе, каб выпадкам не аддаў цябе супраціўнік суддзі, а суддзя не аддаў цябе слузе, і каб не быў ты кінуты ў вязніцу.

26 Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга квадранта.

27 Чулі, што сказана: «Не чужалож!»

28 А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну, прагнучы яе, ужо яе зчужаложыў у сэрцы сваім.

29 Бо калі тваё правае вока горшыць цябе, вырві яго ды адкінь ад сябе; бо лепш табе, каб згінуў адзін з членаў тваіх, чымся ўсё цела тваё сышло б у пекла.

30 І калі правая твая рука горшыць цябе, адрэж яе ды адкінь ад сябе; бо лепш табе, каб згінуў адзін з членаў тваіх, чымся ўсё цела тваё сышло б у пекла.

31 Сказана таксама: «Хто пакіне жонку сваю, хай дасць ёй разводны ліст».

32 А Я кажу вам: кожны, хто пакідае жонку сваю, акрамя як з прычыны яе распусты, выстаўляе яе на чужаложства. І той, хто жэніцца з ёю, чужаложыць.

33 Чулі яшчэ аб тым, што было сказана продкам: «Не парушай прысягі, але выконвай сваю прысягу перад Госпадам».

34 А Я кажу вам, каб вы зусім не прысягалі, ані небам, бо яно ёсць пасад Божы,

35 ані  зямлёю, бо яна – падножжа ног Яго; ані Ерузалімам, бо ён – горад вялікага Валадара.

36 Ані таксама сваёй галавой не прысягай, бо ты не можаш аніводнага воласа зрабіць белым або чорным.

37 Хай жа тады слова вашае будзе: «так–так», «не–не». А што звыш таго, гэта ад злога.

38 Чулі вы, што сказана было: «Вока за вока, зуб за зуб»?

39 А Я кажу вам: не праціўцеся злому; а калі б хто ўдарыў цябе ў правую шчаку тваю, настаў яму і другую.

40 І таму, хто хоча з табой судзіцца і кашулю тваю ўзяць, аддай яму і плашч.

41 І калі б хто цябе змушаў ісці з ім мілю, ідзі з ім дзве.

42 Дай таму, хто просіць у цябе; і не ўхіляйся ад таго, хто жадае ў цябе пазычыць.

43 Чулі вы, што сказана было: «Любі бліжняга свайго і нянавісць адчувай да ворага твайго».

44 А Я кажу вам: любіце ворагаў сваіх і маліцеся за тых, што прыгнятаюць вас,

45 каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсць на небе, бо Ён чыніць, каб сонца Яго ўзыходзіла над добрымі і ліхімі, і дождж пралівае над справядлівымі і несправядлівымі.

46 Калі ж вы любіце тых, што вас любяць, дык што за ўзнагароду будзеце мець? Ці ж і мытнікі не робяць таго?

47 Або калі вітаеце толькі братоў вашых, дык што асаблівага робіце? Ці ж гэтак і пагане не робяць?

48 Дык будзьце ж вы  дасканалыя, як і Айцец ваш нябесны дасканалы.

 

Раздзел 6

1 Зважайце, каб вы вашай добрай справы не ўчынялі перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш узнагароды не будзеце мець у Айца вашага, Які ёсць на  небе.

2 І, калі ты ўчыняеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб іх людзі ўслаўлялі. Сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю ўзнагароду.

3 Але, калі даеш міласціну, хай твая левая рука не ведае, што робіць твая правая рука,

4 каб міласціна твая была ў скрытасці, і Айцец твой, Які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе.

5 І, калі вы моліцеся, не будзьце, як крывадушнікі, якія любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на скрыжаваннях вуліц, каб іх людзі бачылі. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду.

6 А ты, калі будзеш маліцца, увайдзі ў свой пакой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца свайго ў скрытасці. А Айцец твой, Які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе.

7 А молячыся, не гавары многа, як пагане, бо яны лічаць, што ў шматслоўі сваім будуць пачуты.

8 Дык не будзьце падобнымі да іх; бо Айцец ваш ведае, у чым ваша патрэба, раней, чым вы Яго папросіце.

9 А вось так вы маліцеся: Ойча наш, Які ёсць на небе, свяціся імя Тваё,

10 прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая, як на небе, так і на зямлі.

11 Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння;

12 і адпусці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым;

13 і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

14 Бо калі вы адпусціце людзям грахі іх, дык і ваш Айцец нябесны адпусціць вам.

15 Але калі вы не адпусціце людзям, то і Айцец ваш не адпусціць грахоў вашых.

16 Калі посціце, не будзьце сумныя, быццам крывадушнікі; бо яны твары свае выкрыўляюць, каб паказацца людзям, што посцяць. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду.

17 А ты, калі посціш, намасці галаву сваю ды абмый твар свой,

18 каб паказацца поснікам не людзям, а Айцу твайму, Які ў скрытасці; і Айцец твой, Які бачыць у скрытасці, аддасць табе.

19 Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе ржа ды моль нішчаць і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць.

20 Але збірайце сабе скарбы на небе, дзе ані ржа, ані моль не нішчаць і дзе злодзеі не падкопваюць і не крадуць.

21 Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё.

22 Свяцільня цела твайго – вока тваё. Калі вока тваё будзе чыстым, дык і ўсё цела тваё будзе светлым.

23 А калі ж вока тваё нягодным будзе, усё цела тваё цёмным будзе. Калі ж святло, што ў табе, – цемра, дык наколькі  ж вялікай сама цемра будзе?

24 Ніхто не можа двум гаспадарам служыць, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаму будзе адданы, а другім пагарджаць. Не можаце Богу служыць і мамоне.

25 Вось чаму кажу вам: не турбуйцеся пра жыццё вашае, што будзеце есці, ані пра цела вашае, у што апранацца будзеце. Ці ж жыццё не важнейшае за ежу, а цела – за адзенне?

26 Паглядзіце на птушак нябесных, якія ані сеюць, ані жнуць, ані збіраюць у свірны, а Айцец ваш нябесны корміць іх. Ці ж вы не шмат важнейшыя за іх?

27 Ды хто ж з вас, клапоцячыся, можа дабавіць да росту свайго адзін локаць?

28 А пра адзенне нашто турбуецеся? Прыгледзьцеся да палявых лілеяў, як яны растуць: ані працуюць, ані прадуць.

29 А Я кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не быў так прыбраны, як адна з іх.

30 Калі ж гэтую палявую траву, што сёння ёсць, а заўтра будзе ў печ укінута, Бог так апранае, дык непараўнальна вас, малаверы.

31 І не турбуйцеся таму, кажучы: «Што будзем есці?», або «Што будзем піць?», або «У што будзем апранацца?»

32 Бо гэтага ўсяго пагане шукаюць, але Айцец ваш нябесны ведае, што вы ва ўсім гэтым маеце патрэбу.

33 Дык шукайце ж перш Валадарства Божага і Яго справядлівасці, а ўсё іншае дадасца вам.

34 І не турбуйцеся пра заўтрашні дзень, бо дзень заўтрашні сам пра сябе патурбуецца. Дастаткова дню свайго ліха.

 

Раздзел 7

1 Не судзіце, каб вас не судзілі.

2 Бо якім судом вы будзеце судзіць, такім і вас асудзяць, і якою меркай вы будзеце мерыць, такою вам будуць мерыць.

3 Чаму ж ты ў воку брата твайго сцяблінку бачыш, а бервяна ў сваім воку не бачыш?

4 Або як жа скажаш брату твайму: «Дазволь, я выцягну сцяблінку з вока твайго», – а вось бервяно ў воку тваім?

5 Крывадушнік, выкінь перш бервяно з свайго вока і тады ўгледзіш, як выняць сцяблінку з вока брата твайго.

6 Не давайце сабакам святога, ды не кідайце перлаў вашых перад свіннямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі ды, павярнуўшыся, не разарвалі вас.

7 Прасіце – і будзе вам дадзена. Шукайце – і знойдзеце. Стукайце – і адчыняць вам.

8 Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукаецца, таму адчыняюць.

9 Ці ёсць між вамі чалавек, які дасць сыну свайму камень, калі ён просіць хлеба?

10 Або, калі папросіць рыбу, дасць яму змяю?

11 Дык калі вы, ліхія, навучыліся даваць сынам сваім добрыя дарункі, дык куды больш Айцец ваш, Які ёсць на небе, дасць добрае тым, што просяць у Яго.

12 І ўсё, што толькі хочаце, каб вам рабілі людзі, вы і самі ім рабіце. Гэта ёсць  закон і прарокі.

13 Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторная дарога вядзе на згубу, ды многа такіх, што праз іх ідуць.

14 А якая ж цесная брама і вузкая дарога, што вядзе да жыцця, і нямнога такіх, што знаходзяць яе.

15 Сцеражыцеся фальшывых прарокаў, што прыходзяць да вас у авечым адзенні, а ў сярэдзіне яны ваўкі драпежныя.

16 Па пладах іх пазнаеце іх. Няўжо збіраюць з церня вінаград або з чыліму фігі?

17 Так кожнае дрэва добрае родзіць добрыя плады, а благое – благія.

18 Не можа дрэва добрае радзіць плады благія, а дрэва благое плады добрыя радзіць.

19 Кожнае дрэва, якое не родзіць добрага плода, будзе ссечана і кінута ў агонь.

20 Такім чынам, па пладах іх пазнаеце іх.

21 Не кожны, хто кажа Мне: «Госпадзе, Госпадзе», увойдзе ў Валадарства Нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсць на небе.

22 Многія скажуць Мне ў той дзень: «Госпадзе, Госпадзе! Няўжо мы не праракавалі ў імя Тваё? Ды ці не ў імя Тваё выганялі дэманаў? Ды ці не ў імя Тваё ўчынялі цуды?»

23 А Я тады абвяшчу ім: «Ніколі Я вас не ведаў. Ідзіце прэч ад Мяне, вы, што творыце беззаконне».

24 Такім чынам, кожны, хто слухае гэтыя словы Мае ды выконвае іх, прыпадобніцца да чалавека разумнага, які збудаваў свой дом на камені.

25 І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падулі вятры, і абрынуліся на той дом, і ён не ўпаў, бо быў пабудаваны на камені.

26 А кожны, хто слухае Мае словы і не выконвае іх, прыпадобніцца да чалавека неразумнага, які збудаваў свой дом на пяску.

27 І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падулі вятры, і абрынуліся на той дом, і ён упаў, і вялікім было яго падзенне».

28 І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя словы, дзівіліся многія людзі з вучэння Яго.

29 Бо вучыў Ён іх як Той, Хто мае ўладу, а не як іх кніжнікі.

 

Раздзел 8

1 Калі Ісус сышоў з гары, вялікае мноства людзей ішло за Ім следам.

2 І вось пракажоны, падышоўшы, пакланіўся Яму, кажучы: «Госпадзе, калі хочаш, можаш мяне ачысціць».

3 І, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго Ісус, кажучы: «Хачу, будзь ачышчаны». І зараз быў ачышчаны ад праказы яго.

4 І гаворыць яму Ісус: «Глядзі, нікому не расказвай, але ідзі, пакажыся святару ды прынясі дар, які загадаў Майсей на сведчанне ім».

5 А калі Ісус увайшоў у Кафарнаўм, падышоў да Яго сотнік, просячы Яго

6 і кажучы: «Госпадзе, мой слуга ляжыць дома спаралізаваны і моцна пакутуе».

7 І гаворыць яму Ісус: «Прыйду і аздараўлю яго».

8 І, адказваючы, сотнік гаворыць: «Госпадзе, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і паздаравее слуга мой.

9 Бо і я – чалавек пры ўладзе, маю пад сабой жаўнераў: кажу аднаму: «Ідзі», і ён ідзе, і другому: «Прыйдзі», і ён прыходзіць; і свайму слузе: «Рабі гэта», і ён робіць».

10 Пачуўшы гэта, Ісус здзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: «Сапраўды кажу вам: ні ў кога не знайшоў Я такой веры ў Ізраэлі.

11 Але кажу вам, што многія прыйдуць з усходу і з захаду, і ўзлягуць з Абрагамам, Ізаакам і Якубам у Валадарстве Нябесным.

12 А сыны Валадарства выкінуты будуць у цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгатанне зубоў».

13 І сказаў Ісус сотніку: «Ідзі, і, як уверыў, хай так станецца табе». І быў аздароўлены слуга ў тую ж гадзіну.

14 А калі Ісус зайшоў у дом Пятра, убачыў цешчу яго, што ляжала ў гарачцы.

15 І дакрануўся да яе рукі, і гарачка пакінула яе, і яна паднялася і паслугавала ім.

16 Калі ж надышоў вечар, прывялі да Яго многіх апанаваных дэманамі, і Ён выганяў духаў словам ды аздараўляў усіх немачных,

17 каб збылося тое, што сказана было прарокам Ісаем, які казаў: «Ён Сам узяў немачы нашыя і панёс хваробы».

18 Ісус, бачачы навокал Сябе вялікае мноства людзей, загадаў плыць праз мора.

19 І адзін кніжнік, падышоўшы, гаворыць Яму: «Настаўнік, і я пайду за Табой следам, куды б ты ні пайшоў».

20 І кажа яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя – гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе галаву прытуліць».

21 Тады іншы, з вучняў Яго, гаворыць Яму: «Госпадзе, адпусці перш мяне пайсці і пахаваць бацьку майго».

22 Але Ісус гаворыць яму: «Ідзі за Мной і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых».

23 І, калі ўвайшоў Ён у лодку, за Ім следам увайшлі вучні Яго,

24 і вось узнялася вялікая бура на моры, так што лодка захліствалася хвалямі, а Ён спаў.

25 І падышлі яны,  і абудзілі Яго, кажучы: «Госпадзе, ратуй нас, мы  гінем!»

26 І Ён сказаў ім: «Чаму вы так палахлівыя, малаверныя?» Затым, падняўшыся, загадаў вятрам і мору, і наступіла вялікая ціша.

27 А людзі дзівіліся, кажучы: «Хто ж Ён, што і вятры, і мора Яго слухаюць?»

28 А калі Ён пераплыў праз мора ў краіну Гадарэнскую, выйшлі насустрач Яму двое апанаваных дэманамі, якія выходзілі з магіл, і такія страшныя, што ніхто не мог праходзіць гэтаю дарогай.

29 І вось, яны закрычалі, кажучы: «Што Табе да нас, Ісус, Сын Божы? Ці Ты прыйшоў сюды дачасна мучыць нас?»

30 Пасвіўся ж недалёка ад іх вялікі статак свінняў.

31 Тады дэманы прасілі Яго, кажучы: «Калі выганіш нас, пашлі нас у гэты статак свінняў».

32 І Ён гаворыць ім: «Ідзіце!» І тыя, выйшаўшы, перайшлі ў свінняў; і вось, увесь статак з імпэтам кінуўся ў мора са стромы і патануў у вадзе.

33 Пастухі ж уцяклі і, прыйшоўшы ў горад, паведамілі пра ўсё і пра тых, што былі апанаваныя дэманамі.

34 І вось, увесь горад выйшаў насустрач Ісусу і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў.

 

Раздзел 9

1 І, увайшоўшы ў лодку, Ён пераплыў мора і прыбыў у Свой горад.

2 І вось, прынеслі да Яго спаралізаванага, што ляжаў на ложку. І Ісус, бачачы іх веру, сказаў спаралізаванаму: «Вер, сыне, адпускаюцца твае грахі».

3 І вось, некаторыя з кніжнікаў сказалі самі сабе: «Ён блюзніць».

4 І, калі зразумеў Ісус іх думкі, сказаў: «Нашто вы надумляеце ліхое ў вашых сэрцах?

5 А што лягчэй сказаць: «Адпускаюцца грахі твае», ці сказаць: «Устань і хадзі»?

6 А каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу адпушчэння грахоў, – гаворыць тады спаралізаванаму: – «Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой».

7 І той падняўся і пайшоў у дом свой.

8 І, бачачы гэта, натоўпы праняліся страхам і славілі Бога, што даў гэткую ўладу людзям.

9 І, калі адыходзіў адтуль Ісус, убачыў Ён чалавека, на імя Мацвей, які сядзеў пры мыце, і гаворыць яму: «Ідзі за Мной!» І той, падняўшыся, пайшоў за Ім.

10 І сталася, калі Ён узлягаў за сталом у доме, вось, прыйшлі многія мытнікі і грэшнікі і ўзляглі разам з Ісусам і Яго вучнямі.

11 І, бачачы гэта, фарызеі казалі вучням Яго: «Чаму з мытнікамі і грэшнікамі есць ваш Настаўнік?»

12 А Ён, пачуўшы гэта, гаворыць: «Не здаровым трэба лекара, але немачным.

13 Дык ідзіце і навучыцеся, што значыць: «Міласэрнасці хачу, а не ахвяры». Бо Я прыйшоў заклікаць не  справядлівых, але грэшнікаў».

14 Тады падыходзяць да Яго вучні Яна, кажучы: «Чаму гэта мы і фарызеі часта посцім, а вучні Твае не посцяць?»

15 І гаворыць ім Ісус: «Ці ж могуць вясельнікі сумаваць, пакуль жаніх  з імі? Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх жаніха, і тады яны будуць посціць.

16 Бо ніхто не прышывае латы новага сукна да старога адзення, бо яна раздзірае яго і дзіра робіцца большай.

17 Таксама не ўліваюць новае віно ў старыя мяхі, бо тады разрываюцца мяхі, і віно выліваецца, і мяхі прападаюць; але новае віно ўліваюць у новыя мяхі, тады зберагаецца адно і другое».

18 Калі Ён ім гэта гаварыў, вось, адзін начальнік падышоў  і пакланіўся Яму,  кажучы: «Госпадзе, дачка мая толькі што сканала, але прыйдзі, ускладзі на яе Сваю руку, і яна жыць будзе».

19 І, падняўшыся, Ісус пайшоў за ім, і вучні Яго.

20 І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў пакутавала на крывацечу, падышла ззаду і дакранулася да краю вопраткі Яго.

21 Бо яна казала сама ў сабе: «Калі толькі дакрануся да вопраткі Яго, збаўлена буду».

22 Ісус, павярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: «Вер, дачка, вера твая дала збавенне табе». І аздароўлена была жанчына ў тую самую гадзіну.

23 А калі прыйшоў Ісус у дом начальніка, убачыў жалейнікаў і натоўп усхваляваны,

24 казаў: «Разыдзіцеся, не памёрла дзяўчынка, але спіць». І смяяліся з Яго.

25 А калі людзей вывелі, увайшоў і ўзяў яе за руку, і дзяўчынка паднялася.

26 І разышлася вестка пра гэта па ўсёй той зямлі.

27 І, калі Ісус адыходзіў адтуль, ішлі за Ім два сляпыя, якія крычалі і казалі: «Сыне Давідаў, злітуйся над намі!»

28 А калі Ён увайшоў у дом, падышлі да Яго сляпыя, і кажа ім Ісус: «Ці верыце, што Я магу вам гэта зрабіць?» Сказалі Яму: «Несумненна, Госпадзе».

29 Тады Ён дакрануўся да іх вачэй, кажучы: «Хай вам станецца, як вы верыце».

30 І адкрыліся вочы іх. І строга папярэдзіў іх Ісус, кажучы: «Глядзіце, каб ніхто пра гэта не даведаўся».

31 Але яны, адышоўшыся, расславілі аб Ім па ўсёй той зямлі.

32 Па іх адыходзе прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага нячыстым.

33 Калі ж выгнаў нячыстага духа, нямы той загаварыў. Дык дзівіліся людзі і казалі: «Ніколі гэтага не здаралася ў Ізраэлі».

34 Фарызеі ж казалі: «Моцай князя дэманскага выганяе ліхіх духаў».

35 І хадзіў Ісус па ўсіх гарадах і вёсках, навучаючы ў сінагогах, і прапаведуючы добрую вестку Валадарства Божага, і аздараўляючы ўсякую хваробу ды ўсякую немач.

36 І, бачачы мноства людзей, Ісус пашкадаваў іх, бо былі зняможаныя і кінутыя, быццам авечкі, якія не маюць пастыра.

37 Тады кажа Ён вучням Сваім: «Жніва многа, але працаўнікоў мала.

38 Дык прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў працаўнікоў на жніво Сваё».

 

Раздзел 10

1 І, склікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, даў ім уладу над духамі нячыстымі, каб выганяць іх і аздараўляць усякую хваробу ды ўсякую немач.

2 А імёны дванаццаці апосталаў такія: першы Сімон, якога завуць Пётрам, і Андрэй, брат яго, і Якуб, сын Зебядзееў, ды Ян, брат яго;

3 Піліп і Баўтрамей, Тамаш і Мацвей мытнік, Якуб, сын Алфееў, і Тадэй,

4 Сімон Кананіт і Юда Іскарыёт, які Яго выдаў.

5 Гэтых дванаццаць паслаў Ісус, загадваючы ім ды кажучы: «На шлях паганаў не ўступайце і ў гарады Самаранаў не ўваходзьце.

6 Але перш ідзіце да авечак, якія прапалі з дому Ізраэля.

7 А ідучы, прапаведуйце, кажучы: «Прыблізілася Валадарства Нябеснае».

8 Хворых аздараўляйце, памёршых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце,  дэманаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма давайце.

9 Не майце ў капшуках вашых ані золата, ані срэбра, ані грошай,

10 ані торбы ў дарогу, ані дзвюх тунік, ані пасталоў, ані кія. Бо працаўнік варты пракорму свайго.

11 А ў які горад або вёску зойдзеце, спытайцеся, хто ў ім прыстойны, ды там заставайцеся аж да свайго адыходу.

12 Уваходзячы ў дом, вітайце яго.

13 І, калі дом той будзе варты, сыйдзе супакой ваш на яго. А калі не будзе варты, супакой ваш да вас вернецца.

14 А калі б хто вас не прыняў ды не слухаў слоў вашых, выйшаўшы вон з дома або з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых.

15 Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень суда, чым таму гораду».

16 Вось жа пасылаю Я вас, нібы авечак сярод ваўкоў; дык будзьце разважлівымі, як змеі, і чыстымі, як галубы.

17 Сцеражыцеся людзей; бо павядуць вас на суды і ў сінагогах лупцаваць вас будуць.

18 І за Мяне павядуць вас да намеснікаў і да ўладароў на сведчанне ім і паганам.

19 А калі вас выдаваць будуць, не думайце, як і што гаварыць, бо ў той час будзе дадзена вам, што сказаць.

20 Бо не вы будзеце тымі, што гавораць, але Дух Айца вашага, Які гаворыць праз вас.

21 І выдасць на смерць брат брата, а бацька – сына; і паўстануць сыны на бацькоў, і да смерці іх спрычыняцца.

22 І будзеце вы ў нянавісці ад усіх за імя Маё; але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.

23 Калі вас пераследаваць будуць у гэтым горадзе, пераходзьце ў другі. Бо сапраўды кажу вам: не пройдзеце да канца гарадоў Ізраэля, аж прыйдзе Сын Чалавечы.

24 Вучань не вышэй за настаўніка, ані слуга не вышэй за гаспадара свайго.

25 Хопіць для вучня, каб быў як настаўнік яго, а для слугі – як яго гаспадар. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзебулам, тым больш хатніх яго.

26 Дык не бойцеся іх. Бо няма нічога скрытага, што не было б выяўлена, і нічога таемнага, што не стала б вядомым.

27 Тое, што кажу вам у цемры, кажыце пры святле; і што чуеце на вуха, прапаведуйце на дахах.

28 І не бойцеся тых, якія забіваюць цела,  а душы забіць не могуць. Але бойцеся больш Таго, Хто можа і душу і цела загубіць у пекле.

29 Ці ж не за ас прадаюць двух вераб’ёў? А ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без Айца вашага.

30 Нават і валасы вашыя на галаве ўсе палічаны.

31 Дык не бойцеся, вы намнога важнейшыя за вераб’ёў.

32 Дык вось, кожнага, хто Мяне прызнае перад людзьмі, таго прызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсць на небе.

33 А хто Мяне зрачэцца перад людзьмі, зракуся таго і Я перад Айцом Маім, Які ёсць на небе.

34 Не думайце, што Я прыйшоў прынесці спакой на зямлю. Не прыйшоў Я прынесці спакой, але меч.

35 Бо прыйшоў Я аддзяліць чалавека ад бацькі яго, дачку ад маці яе, сынавую ад свекрыві яе.

36 І ворагі чалавеку хатнія яго.

37 Хто любіць больш за Мяне бацьку ці маці, той не варты Мяне. І хто больш  за Мяне любіць сына ці дачку, той не годзен Мне.

38 І хто не прымае крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне.

39 І хто знойдзе душу сваю, той згубіць, а хто аддасць душу сваю за Мяне – знойдзе яе.

40 Хто прымае вас – Мяне прымае, а хто Мяне прымае – прымае Таго, Хто Мяне паслаў.

41 Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока. Хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, узнагароду справядлівага атрымае.

42 І хто хаця б напіцца дасць  кубак халоднай вады аднаму з гэтых найменшых толькі за імя вучня, сапраўды кажу вам: не страціць ён  узнагароды сваёй».

 

Раздзел 11

1 І сталася, калі скончыў Ісус навучаць дванаццаць вучняў Сваіх, Ён пайшоў адтуль далей, каб вучыць і прапаведаваць у гарадах іх.

2 Ян жа, калі пачуў у вязніцы аб дзеях Хрыста, паслаў вучняў сваіх

3 запытацца ў Ісуса: «Ты Той, Хто павінен прыйсці, ці другога чакаць?»

4 Адказваючы, сказаў ім Ісус: «Ідзіце і паведаміце Яну, што вы чулі і бачылі:

5 сляпыя бачаць, і кульгавыя ходзяць, і пракажоныя ачышчаюцца, і глухія чуюць, і мёртвыя ўваскрасаюць, і ўбогім абвяшчаецца добрая вестка,

6 і бласлаўлёны, хто не згоршыцца з Мяне».

7 А калі тыя адышліся, пачаў Ісус гаварыць да людзей пра Яна: «Што вы выйшлі пабачыць у пустыню? Трысцё, што хістаецца ад ветру?

8 Дык што вы выйшлі пабачыць? Можа, чалавека, у мяккія шаты апранутага? Вось, тыя, што ў мяккія шаты апранаюцца, жывуць у дамах царскіх.

9 Дык каго вы выйшлі пабачыць? Прарока? Нават, кажу вам, і больш за прарока.

10 Бо ён ёсць той, пра каго было напісана: «Вось жа, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Тваю перад Табою».

11 Сапраўды кажу вам: не паўстаў сярод народжаных жанчынамі большы за Яна Хрысціцеля; але той, хто меншы ў Валадарстве Нябесным, большы за яго.

12 Ад дзён Яна Хрысціцеля аж да сёння Валадарства Нябеснае церпіць гвалт, і гвалтаўнікі захопліваюць яго.

13 Бо ўсе прарокі і закон аж да Яна прадказалі;

14 і, калі хочаце прыняць, ён ёсць Ілля, які павінен прыйсці.

15 Хто мае вушы слухаць, хай слухае.

16 Да каго прыпадобню род гэты? Ён падобны да хлапчанят, што сядзяць на рынку і, гукаючы аднагодкаў, кажуць:

17 «Мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі, мы галасілі, а вы не плакалі».

18 Бо прыйшоў Ян, які не еў і не піў, і кажуць: «Ён дэманам апанаваны».

19 Прыйшоў Сын Чалавечы, Які есць і п’е, і кажуць: «Вось чалавек, абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў». І апраўдана мудрасць справамі сваімі».

20 Потым пачаў Ён дакараць гарады, у якіх адбылося найбольш цудаў Яго, што яны не ўзяліся за пакуту.

21 «Гора табе, Каразін! Гора табе, Бэтсайда! Бо каб у Тыры і Сідоне адбыліся такія цуды, якія адбыліся ў вас, даўно б яны ў зрэбніцы і попеле пакутавалі.

22 Дык вось кажу вам: лягчэй будзе Тыру і Сідону ў дзень суда, чым вам.

23 А ты, Кафарнаўм, што аж да неба ўзнёсся? Аж у пекла зрынешся! Бо каб такія цуды адбыліся ў Садоме, якія адбыліся ў табе, можа, застаўся б па сённяшні дзень.

24 Дык вось кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай у дзень суда, чым табе».

25 У той самы час, адказваючы, Ісус сказаў: «Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты прыхаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта малым дзецям.

26 Так, Ойча, бо такое было Тваё ўпадабанне.

27 Усё Мне дадзена Айцом Маім. Ды ніхто не ведае Сына, акрамя Айца, і ніхто не ведае Айца, акрамя Сына і каму Сын захоча адкрыць.

28 Ідзіце да Мяне ўсе, што працуеце і стаміліся пад цяжарам, і Я дадам вам сілы.

29 Вазьміце ярмо Маё на сябе ды вучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі ды пакорлівы сэрцам, і знойдзеце спачынак душам вашым.

30 Бо ярмо Маё салодкае, і цяжар Мой лёгкі».

Раздзел 12

1 Тым часам праходзіў Ісус у суботу праз ніву; вучні ж Яго згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці.

2 Убачыўшы гэта, фарызеі сказалі Яму: «Вось жа вучні Твае робяць, чаго не належыць рабіць у дні суботнія».

3 Тады Ён сказаў ім: «Ці не чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся, ды тыя, што з ім былі?

4 Як увайшоў у дом Божы і еў хлябы пакладныя, якіх есці не належала ані яму, ані тым, што з ім былі, але толькі святарам?

5 Ці хіба не чыталі ў законе, што ў суботу святары ў святыні парушаюць шабат і застаюцца без віны?

6 Але кажу вам, што тут ёсць большы за святыню.

7 Калі б вы ведалі, што значыць: «Міласэрнасці хачу, а не ахвяры», дык ніколі не асуджалі б бязвінных.

8 Бо Гаспадаром суботы ёсць Сын Чалавечы».

9 І, калі адышоў адтуль, прыйшоў Ён у іх сінагогу.

10 І вось, чалавек сухарукі. І спыталі ў Яго, кажучы: «Ці выпадае аздараўляць у суботу?», каб абвінаваціць Яго.

11 Ён жа сказаў ім: «Ці будзе сярод вас чалавек, які мае адну авечку, і, калі яна ўваліцца ў роў у суботу, ці ж не возьме ён  яе і не выцягне?

12 У колькі ж разоў даражэйшы чалавек за авечку? Таму можна дабро рабіць і па суботах».

13 Потым гаворыць чалавеку: «Выцягні тваю руку». І ён выцягнуў, і сталася яна здаровай, як другая.

14 А фарызеі, выйшаўшы, учынілі раду супраць Яго, якім чынам пагубіць Яго.

15 А Ён, адчуваючы гэта, пайшоў адтуль. І следам за Ім ішлі многія, і Ён аздараўляў іх усіх

16 і загадваў ім, каб Яго не выяўлялі,

17 каб споўнілася тое, што было сказана Ісаем прарокам, які казаў:

18 «Вось жа, Слуга Мой, якога Я выбраў, Улюбёнец Мой, у Якім мае ўпадабанне душа Мая. Ускладу Дух Мой на Яго, і Ён абвесціць народам суд.

19 Не будзе спрачацца і не будзе крычаць, ніхто не пачуе голасу Яго на вуліцах.

20 Трасціны надламанай не зломіць і льну тлеючага не патушыць, аж пакуль давядзе суд да перамогі,

21 ды ў Яго імені народы надзею мець будуць».

22 Затым прывялі да Яго апанаванага дэманамі, сляпога і нямога, і Ён  аздаравіў яго, так што нямы стаў гаварыць і бачыць.

23 І ўсе натоўпы дзівіліся і казалі: «Ці ж гэта не Сын Давіда?»

24 А фарызеі, чуючы гэта, казалі: «Ён ніяк іначай не выганяе дэманаў, як толькі з дапамогай Бэльзебула, князя д’ябальскага».

25 Ён жа, ведаючы іх думкі, сказаў ім: «Любое валадарства, падзеленае само ў сабе, апусцее, і любы горад ці дом, раздзелены сам у сабе, не выстаіць.

26 А калі шатан шатана выганяе, то і яго раздзірае нязгода. Як жа ўтрымаецца царства яго?

27 І калі Я з дапамогай Бэльзебула выганяю дэманаў, дык з дапамогай каго выганяюць сыны вашыя? Вось чаму яны будуць вашымі суддзямі.

28 Але калі Я Духам Божым выганяю дэманаў, значыць, прыйшло да вас Валадарства Божае.

29 Або як можа хто-небудзь увайсці ў дом асілка і пакрасці рэчы яго, калі спачатку не звяжа асілка? І толькі тады дом яго абрабуе.

30 Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто са Мною не збірае, той раскідае.

31 Таму кажу вам: кожны грэх і блюзнерства будуць людзям адпушчаны, але блюзнерства на Духа не будзе адпушчана.

32 І, калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, будзе яму адпушчана, а хто скажа супраць Духа Святога, не будзе яму адпушчана ані ў гэтым, ані ў будучым веку.

33 Альбо прызнайце дрэва добрым і плод яго добрым, альбо прызнайце дрэва ліхім і плод яго ліхім, бо паводле плода пазнаецца дрэва.

34 Род змяіны! Як жа вы можаце  добрае гаварыць, калі самі вы благія. Бо ад паўнаты сэрца і вусны гавораць.

35 Добры чалавек з добрага скарбу  выносіць добрае, а благі чалавек з благога скарбу выносіць благое.

36 Але кажу вам: за любое пустое слова, якое прамовяць людзі, здадуць яны справаздачу пра тое ў судны дзень.

37 Бо па словах сваіх будзеш ты апраўданы, і па словах сваіх будзеш асуджаны».

38 Тады адказалі Яму некаторыя кніжнікі і фарызеі, кажучы: «Настаўнік, хацелі б мы бачыць ад Цябе знак».

39 А Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Род ліхі і чужаложны знака патрабуе, але не будзе яму дадзены знак, адно знак Ёны прарока.

40 Бо як Ёна быў у чэраве вялікай рыбы тры дні і тры ночы, так Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.

41 Мужы з Нінівы паўстануць перад судом разам з родам гэтым ды асудзяць яго; бо яны навярнуліся згодна пропаведзі Ёны; а вось, тут большы за Ёну!

42 Царыца з поўдня паўстане перад судом з родам гэтым ды асудзіць яго; бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламона; а вось, тут большы за Саламона!

43 Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, ён блукае па бязводных месцах, шукаючы адпачынку, ды не знаходзіць.

44 Тады кажа: «Вярнуся ў дом свой, адкуль выйшаў». Ды, прыйшоўшы, знаходзіць яго пустым, падмеценым і прыбраным.

45 Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, горшых за сябе, ды, увайшоўшы, жывуць там. І будзе пазнейшае чалавеку таму горшае за першае. Так будзе і  гэтаму роду крывадушнаму».

46 Калі Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось Маці і браты Яго сталі звонку, хочучы з Ім пагаварыць.

47 І сказаў Яму хтосьці: «Вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць, хочучы пагаварыць з Табой».

48 А Ён, адказваючы таму,  хто звяртаўся да Яго, гаворыць: «Хто Маці Мая і хто браты Мае?»

49 І, паказваючы рукой на вучняў Сваіх, сказаў: «Вось Маці Мая і браты Мае.

50 Бо калі хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсць на небе, той Мой брат, і сястра, і маці».

 

Раздзел 13

1 Таго ж дня Ісус, выйшаўшы з дому, сядзеў ля мора.

2 І сабралася пры Ім мноства людзей, так што, у лодку  ўвайшоўшы, сеў Ён, а ўвесь натоўп стаяў на беразе.

3 І прамаўляў Ён да іх шмат у  прыпавесцях, кажучы: «Вось выйшаў сейбіт сеяць.

4 І, калі сеяў, адно зерне ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі тое.

5 Другое ж упала на камяністую зямлю, дзе не мела шмат зямлі, і ўзышло зараз жа, бо глеба была неглыбокая.

6 Калі ж паднялося сонца, павяла, бо не мела карэння, і засохла.

7 Трэцяе ўпала між церняў, і церні выраслі і заглушылі яго.

8 Чацвёртае ж упала на добрую зямлю і дало плод: адно – сто, другое –  шэсцьдзесят, а трэцяе – трыццаць.

9 Хто мае вушы, хай слухае».

10 І, падышоўшы, вучні сказалі Яму: «Чаму прамаўляеш да іх у прыпавесцях?»

11 Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Вам дадзена пазнаць тайны Валадарства Нябеснага, а ім гэта не дадзена.

12 Бо таму, хто мае, таму дададзена будзе і памножыцца, каб меў шчодра; а ў таго, хто не мае, і тое, што мае, будзе аднята.

13 Таму гавару ім у прыпавесцях, бо яны, гледзячы, не бачаць, і, слухаючы, не чуюць ды не разумеюць.

14 Так спаўняецца над імі прароцтва Ісаі, які кажа: «Слыхам пачуеце – і не зразумееце. Гледзячы, будзеце глядзець – і не ўбачыце.

15 Бо сэрца гэтага народа атлусцела, і вушамі з цяжкасцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб часам вачамі не ўбачыць і вушамі не пачуць, каб сэрцам не зразумець ды не навярнуцца, каб Я аздаравіў іх».

16 Бласлаўлёныя ж вочы вашыя, бо бачаць, і вушы вашыя, бо чуюць.

17 Сапраўды кажу вам: многія прарокі і справядлівыя прагнулі бачыць, што вы бачыце, і не бачылі, ды чуць, што вы чуеце, і не чулі.

18 Вы ж слухайце наконт прыпавесці пра сейбіта.

19 Да кожнага, хто слухае слова пра Валадарства і не разумее, прыходзіць ліхі і выкрадае тое, што пасеяна ў сэрцы яго. Гэта той, у якога пры дарозе пасеяна.

20 А ў каго пасеяна на камяністай зямлі, гэта той, хто слухае слова і адразу з радасцю прымае яго,

21 але не мае кораня, таму зменны. І, калі настане ўціск і пераследы за слова, адразу ж спакушаецца.

22 А ў каго пасеяна між церняў, гэта той, хто слова слухае, але клопаты жыцця і панада багацця заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным.

23 У каго ж на добрай зямлі пасеяна, гэта той, хто слова слухае, і разумее, і прыносіць плод: адзін – у сто разоў, другі – у шэсцьдзесят, а іншы – у трыццаць».

24 Іншую прыпавесць прапанаваў Ён ім, кажучы: «Падобнае Валадарства Нябеснае чалавеку, які пасеяў добрае насенне на сваёй раллі.

25 Але калі людзі спалі, прыйшоў вораг яго, і насеяў кукалю пасярод пшаніцы, і пайшоў.

26 І калі вырасла збожжа і дало плод, тады паказаўся і кукаль.

27 А слугі, прыйшоўшы да гаспадара дома, сказалі яму: «Гаспадару, ці ж ты не добрае пасеяў насенне на сваёй раллі? Адкуль жа ўзяўся кукаль?»

28 А ён ім гаворыць: «Вораг чалавек гэта зрабіў». Слугі ж кажуць яму: «Хочаш, мы пойдзем і збярэм яго?»

29 Але ён сказаў: «Не, каб часам, збіраючы кукаль, не выкаранілі з ім і пшаніцу.

30 Дазвольце і аднаму і другому расці да жніва. А ў час жніва скажу жняцам: «Збярыце раней кукаль і звяжыце ў пучкі, каб спаліць яго, а пшаніцу збярыце ў маё гумно».

31 Іншую прыпавесць прапанаваў Ён ім, кажучы: «Падобнае Валадарства Нябеснае да гарчычнага зярняці, якое, узяўшы, чалавек пасеяў на сваёй раллі.

32 Яно з усіх зярнят найменшае, але, калі вырасце, то большае за любую зеляніну і становіцца дрэвам, так што прылятаюць нябесныя птушкі і гняздуюцца на яго галінах».

33 Іншую прыпавесць расказаў ім: «Падобнае Валадарства Нябеснае да рошчыны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меркі мукі, пакуль усё не закісла».

34 Гэта ўсё расказваў Ісус многім людзям у прыпавесцях і без прыпавесцяў не гаварыў да іх,

35 каб споўнілася тое, што было сказана прарокам, які казаў: «Адкрыю вусны Мае ў прыпавесцях, выказваць буду тое, што было скрыта ад  стварэння свету».

36 Потым, адпусціўшы людзей, Ісус увайшоў у дом, і прыйшлі да Яго вучні Яго, кажучы: «Растлумач нам  прыпавесць пра кукаль на раллі».

37 Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Той, хто рассявае добрае насенне, ёсць Сын Чалавечы.

38 Ралля – гэта свет; добрае насенне – гэта сыны Валадарства, а кукаль – сыны ліхога;

39 а вораг, які пасеяў яго, – гэта д’ябал; жніво – канец свету, а жняцы – анёлы.

40 І падобна таму, як збіраюць кукаль і паляць агнём, так будзе пры канцы свету.

41 Пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і яны збяруць з Валадарства Яго ўсе згаршэнні і тых, што чыняць беззаконне,

42 і ўкінуць іх у печ вогненную. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.

43 Тады справядлівыя будуць яснець, як сонца, у Валадарстве Айца свайго. Хто мае вушы, хай слухае.

44 Падобнае Валадарства Нябеснае да скарба, схаванага ў зямлі, які ўтойвае чалавек, што знайшоў яго, і ў радасці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе тую зямлю.

45 Таксама падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека купца, які шукае прыгожыя перлы.

46 Ён, знайшоўшы адзін каштоўны перл, пайшоў, прадаў усё, што меў, і купіў яго.

47 Падобнае таксама Валадарства Нябеснае да нерату, што быў закінуты ў мора ды сабраў рыбу ўсялякага роду.

48 Калі ён поўны, дык, выцягнуўшы яго на бераг ды сеўшы, добрае адбіраюць у посуд, а благое прэч адкідаюць.

49 Так будзе пры канцы свету. Выйдуць анёлы і вылучаць благіх пасярод справядлівых,

50 ды ўкінуць іх у вогненную печ. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.

51 Ці зразумелі вы ўсё гэта?» Яны кажуць Яму: «Так».

52 А Ён ім гаворыць: «Таму кожны кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да чалавека гаспадара дома, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое».

53 І сталася, калі скончыў Ісус гэтыя прыпавесці, пайшоў адтуль.

54 І, прыйшоўшы ў бацькаўшчыну Сваю, навучаў у сінагозе іх, а яны дзівіліся і казалі: «Адкуль жа ў Яго гэтая мудрасць і магутнасць?

55 Ці ж гэта не Сын цесляра? Ці ж Маці Яго не завуць Марыяй, а братоў Яго – Якубам і Язэтам, Сімонам і Юдай?

56 А сёстры Яго ці ж не ўсе знаходзяцца сярод нас? Скуль жа Яму гэта ўсё?»

57 Ды блюзнілі супраць Яго. А Ісус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне і ў доме сваім».

58 І не ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іх.

Раздзел 14

1 У той час пачуў тэтрарх Ірад погалас пра Ісуса.

2 Дык гаварыў ён слугам сваім: «Гэта Ян Хрысціцель. Ён уваскрос з мёртвых, і таму праз яго творацца цуды».

3 Бо Ірад узяў Яна, і звязаў яго, і пасадзіў у вязніцу дзеля Ірадыяды, жонкі Піліпа, брата свайго.

4 Бо Ян казаў яму: «Нельга табе мець яе».

5 І ён хацеў забіць яго, але баяўся народа, бо лічылі яго прарокам.

6 Але ў дзень нараджэння Ірада дачка Ірадыяды скакала ў прысутнасці ўсіх і спадабалася Іраду.

7 Дык пад прысягай ён абяцаў ёй даць, што толькі ад яго запатрабуе.

8 Яна, падвучаная маці сваёй, сказала яму: «Дай мне на блюдзе галаву Яна Хрысціцеля».

9 Цар засмуткаваў, але дзеля прысягі ды дзеля тых, што разам узлягалі, загадаў, каб далі.

10 І паслаў адсячы Яну галаву ў вязніцы.

11 Потым прынеслі яго галаву на блюдзе і далі дзяўчыне, а яна занесла яе маці сваёй.

12 А вучні яго, падступіўшы, узялі цела і пахавалі яго і, прыйшоўшы, расказалі пра гэта Ісусу.

13 Калі Ісус пачуў пра гэта, Ён адплыў адтуль на лодцы ў пустыннае месца адзін. І, калі пачулі, многія людзі пайшлі за Ім следам пехатою з гарадоў.

14 І,  выйшаўшы, убачыў вялікі натоўп, і пашкадаваў іх, і аздаравіў хворых іх.

15 Калі настаў вечар, падышлі да Яго вучні Яго, кажучы: «Месца тут пустыннае, і час ужо позні; адпусці людзей, каб, пайшоўшы ў селішчы, купілі сабе харчоў».

16 Ісус жа сказаў ім: «Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці».

17 Яны ж кажуць Яму: «Не маем мы тут нічога, толькі пяць хлябоў і дзве рыбы».

18 Ён гаворыць: «Прынясіце Мне іх сюды».

19 І пасля таго, як загадаў людзям узлегчы на траву, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, зірнуў на неба, блаславіў, і паламаў, і раздаў вучням хлябы, а вучні – людзям.

20 І елі ўсе і наеліся, а з астаткаў сабралі дванаццаць поўных кашоў.

21 Людзей жа, што елі, было каля пяці тысяч, апрача жанчын і дзяцей.

22 І адразу ж загадаў вучням сесці ў лодку і выправіцца раней за Яго праз мора, пакуль Ён адпусціць людзей.

23 І, адпусціўшы людзей, адзін узышоў на гару маліцца. А калі звечарэла,  адзін там заставаўся.

24 А лодка ўжо адплыла на многа стадый ад зямлі, і кідалі яе хвалі, бо вецер быў супраціўны.

25 А чацвёртай начной варце прыйшоў Ён да іх, ідучы па моры.

26 А вучні, бачачы, што Ён ідзе па моры, напалохаліся, кажучы: «Гэта здань!» Ды ад страху закрычалі.

27 Дык адразу звярнуўся да іх Ісус, кажучы: «Будзьце ўпэўныя, гэта Я; не палохайцеся».

28 Пётра ж сказаў Яму: «Госпадзе, калі гэта Ты, загадай мне прыйсці да Цябе па вадзе».

29 А Ён сказаў: «Ідзі!» Дык Пётра, выйшаўшы з лодкі, пайшоў па вадзе, і прыйшоў да Ісуса.

30 Але, адчуваючы раптоўны вецер, спалохаўся і, калі пачаў тануць,  закрычаў, кажучы: «Госпадзе, ратуй мяне!»

31 А Ісус, працягнуўшы руку, зараз схапіў яго і гаворыць яму: «Малаверны, чаму зняверыўся?»

32 І, калі ўвайшлі ў лодку, сціх вецер.

33 А тыя, што былі ў лодцы,  пакланіліся Яму, кажучы: «Сапраўды, Ты – Сын Божы».

34 І, калі пераправіліся, прыйшлі ў зямлю Генезарэцкую.

35 І, калі даведаліся пра Яго людзі з таго месца, абвясцілі па ўсім тым наваколлі, і ўсе прынеслі да Яго немачных,

36 і прасілі Яго дакрануцца хоць да краю шаты Яго; і тыя, хто толькі дакранаўся, рабіліся здаровымі.

Раздзел 15

1 Потым падышлі да Яго кніжнікі і фарызеі з Ерузаліма, кажучы:

2 «Чаму вучні Твае пераступаюць звычаі старэйшых? Бо яны не мыюць рук сваіх, калі ядуць хлеб».

3 А Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Чаму і вы пераступаеце прыказанні Божыя дзеля вашай традыцыі? Бо Бог сказаў:

4 «Шануй бацьку свайго і маці сваю», і таксама: «Хто зняважыць бацьку або маці – хай будзе смерцю пакараны».

5 Вы ж кажаце: «Той, хто скажа бацьку або маці: дар [Богу] ёсць тое, у чым табе ад мяне была б карысць,

6 той можа не шанаваць бацькі свайго». Так скасавалі вы слова Божае дзеля вашай традыцыі.

7 Крывадушнікі! Добра пра вас праракаваў Ісая, кажучы:

8 «Гэты народ шануе Мяне вуснамі, але сэрца іх далёка ад Мяне;

9 Ды дарэмна ўшаноўваюць Мяне,  выкладаючы вучэнні і прыказанні людскія».

10 І, склікаўшы людзей да Сябе, казаў ім: «Слухайце і разумейце:

11 не тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека, але тое, што з вуснаў выходзіць, тое апаганьвае чалавека».

12 Тады падышлі вучні Яго і кажуць Яму: «Ці ведаеш, што фарызеі, пачуўшы гэтае слова, пачалі блюзніць?»

13 А Ён, адказаваючы, гаворыць ім: «Усякая расліна, якой не пасадзіў Айцец Мой нябесны, выкарчавана будзе.

14 Пакіньце іх: яны сляпыя правадыры сляпых; а калі сляпы сляпога наперадзе вядзе, дык абодва ўваляцца ў яму».

15 А Пётра, адказваючы, сказаў Яму: «Растлумач нам гэтую прыпавесць».

16 А Ён сказаў: «І вы таксама яшчэ без розуму?

17 Не разумееце, што ўсё, што ў вусны ўваходзіць, ідзе ў чэрава і выкідваецца вонкі?

18 А што з вуснаў выходзіць, паходзіць ад сэрца, і гэта апаганьвае чалавека.

19 Бо з сэрца паходзяць благія думкі, забойства, чужаложства, распуста, рабункі, фальшывыя сведчанні, блюзнерствы.

20 Гэта тое, што апаганьвае чалавека. А есці нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека».

21 І, выйшаўшы адтуль, Ісус накіраваўся ў межы Тыра і Сідона.

22 І вось, жанчына Хананейка, выйшаўшы з тых мясцін, крычала Ісусу, кажучы: «Злітуйся нада мной, Госпадзе, Сыне Давіда! Дачка мая моцна ад  дэмана пакутуе».

23 А Ён не адказаў ёй ані слова. А вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго, кажучы:  «Адпусці яе, бо яна крычыць нам услед».

24 Але Ён, адказваючы, гаворыць: «Пасланы Я толькі да авец, якія пакінулі  дом Ізраэля».

25 А яна падышла і пакланілася Яму, кажучы: «Госпадзе, дапамажы мне!»

26 Ён, адказваючы, гаворыць: «Не добра забіраць хлеб ад дзяцей і кідаць шчанюкам».

27 А яна сказала: «Так, Госпадзе, але і шчанюкі ядуць ад крошак, якія падаюць са стала гаспадароў іх».

28 Тады, адказваючы, Ісус гаворыць ёй: «О жанчына! Вялікая вера твая, няхай станецца табе, як ты хочаш». І ў тую ж гадзіну дачка яе была аздароўлена.

29 І, калі выйшаў адтуль Ісус, прыйшоў Ён на бераг мора Галілейскага, і, узышоўшы на гару, сядзеў там.

30 І падышлі да Яго шматлікія натоўпы, маючы з сабой кульгавых, сляпых, нямоглых, нямых ды многа іншых, і клалі іх да ног Яго, і Ён аздаравіў іх,

31 так што людзі дзівіліся, бачачы, што нямыя гавораць, нямоглыя ацаляюцца, і кульгавыя ходзяць, і сляпыя бачаць. І ўслаўлялі Бога Ізраэля.

32 Ісус жа, паклікаўшы вучняў Сваіх, казаў: «Шкада мне людзей, бо ўжо тры дні знаходзяцца пры Мне і не маюць чаго есці. А Я не хачу адправіць іх галодных, каб не аслабелі ў дарозе».

33 І кажуць Яму вучні: «Адкуль у нас у пустыні столькі хлеба, каб накарміць гэткі натоўп?»

34 І гаворыць ім Ісус: «Колькі маеце хлябоў?» Яны ж сказалі: «Сем, і крыху рыбы».

35 І загадаў Ісус людзям узлегчы на зямлі.

36 І, узяўшы сем хлябоў і рыбы і падзяку складаючы, разламаў і даў вучням Сваім, а вучні людзям.

37 І елі ўсе, і наеліся. А таго, што засталося з кавалкаў,  назбіралі сем поўных кашоў.

38 А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, апрача дзяцей і жанчын.

39 І, адпусціўшы людзей, Ён увайшоў у лодку і прыплыў у край Магаданскі.

 

Раздзел 16

1 І падышлі да Яго фарызеі і садуцэі і, выпрабоўваючы, прасілі Яго, каб паказаў ім знак з неба.

2 І Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Калі вечарэе, кажаце: «Будзе пагода, бо неба чырвонае».

3 А раніцай: «Сёння навальніца, бо неба заірдзелася». Дык выгляд неба вытлумачыць вы ўмееце, а знакаў часу не можаце.

4 Племя ліхое і чужаложнае знака шукае, ды іншы знак не будзе дадзены, толькі знак Ёны прарока». І, пакінуўшы іх, адышоўся.

5 А калі паплылі вучні Яго праз мора, забыліся ўзяць хлябоў.

6 І сказаў ім Ісус: «Чувайце, асцерагайцеся кіслі фарызеяў і садуцэяў».

7 А яны разважалі між сабой, кажучы: «Хлябоў мы не ўзялі».

8 Ісус, ведаючы гэта, сказаў: «Што вы, малаверы, разважаеце між сабой, што хлябоў не маеце?

9 Ці ж яшчэ не разумееце і не помніце пра пяць хлябоў на пяць тысяч чалавек? І колькі кашоў назбіралі?

10 Ані таксама пра сем хлябоў на чатыры тысячы чалавек? І колькі корабаў набралі?

11 Няўжо вы не разумееце, што Я не пра хлябы вам гаварыў: «Сцеражыцеся кіслі фарызеяў і садуцэяў»?

12 Тады яны зразумелі, што Ён гаварыў ім, каб не кіслі хлебнай асцерагаліся, але навукі фарызеяў і садуцэяў.

13 І прыйшоў Ісус у межы Цэзарэі Піліпавай і спытаўся вучняў Сваіх, кажучы: «За каго лічаць людзі Сына Чалавечага?»

14 А яны сказалі: «Адны за Яна Хрысціцеля, другія за Іллю, а іншыя за Ярэмію або за аднаго з прарокаў».

15 Кажа Ён ім: «А вы як кажаце, Хто Я ёсць?»

16 Адказваючы, Сімон Пётра сказаў: «Ты – Хрыстос, Сын Бога жывога».

17 А Ісус, адказваючы, сказаў: «Блаславёны ты, Сімон Бар Ёна, бо не цела і кроў аб’явілі табе, але Айцец Мой, Які ў небе.

18 І Я табе кажу: Ты – камень (Пётра), і на гэтым камені пабудую царкву Маю, і брамы пякельныя не перамогуць яе.

19 Ды дам табе ключы Валадарства Нябеснага; і што звяжаш на зямлі, будзе звязана і ў небе; і што развяжаш на зямлі, будзе развязана і ў небе».

20 Потым загадаў вучням, каб нікому не казалі, што Ён Хрыстос.

21 Ад гэтага часу пачаў Ісус адкрываць вучням Сваім, што трэба Яму ісці ў Ерузалім і многа цярпець ад старшыняў і ад першасвятароў і кніжнікаў ды быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.

22 І, адвёўшы Яго, Пётра пачаў Яго папракаць, кажучы: «Хай Бог ухавае Цябе, Госпадзе, і гэта не прыйдзе на Цябе».

23 А Ісус, павярнуўшыся, сказаў Пётры: «Ідзі ад Мяне, шатан, бо ты для Мяне згаршэнне. Бо не разумееш тое, што Божае, але што чалавечае».

24 Тады сказаў Ісус вучням Сваім: «Калі хто хоча ісці за Мной, хай зрачэцца самога сябе і возьме крыж свой і ідзе следам за Мной.

25 Бо хто б хацеў уратаваць душу сваю, загубіць яе. А хто загубіць душу сваю за Мяне, знойдзе яе.

26 Бо што за карысць чалавеку, калі ўвесь свет здабудзе, а душы сваёй шкоду ўчыніць? Або што чалавек дасць наўзамен за душу сваю?

27 Бо Сын Чалавечы прыйдзе ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле спраў яго.

28 Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, што стаяць тут, не пакаштуюць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, Які прыходзіць у Валадарстве Сваім».

 

Раздзел 17

1 І па шасці днях узяў Ісус Пётру, Якуба і Яна, брата яго, і завёў іх асобна на высокую гару.

2 І перамяніўся перад імі; і аблічча Яго заззяла як сонца, а адзенне Яго сталася белым як святло.

3 І вось, паказаліся перад імі Майсей і Ілля, што размаўлялі з Ім.

4 А Пётра, звяртаючыся да Ісуса, сказаў: «Госпадзе, добра нам тут быць. Калі хочаш, зробім тут тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Іллі адну».

5 Калі ён яшчэ гэта гаварыў, вось, светлае воблака закрыла іх. І вось, голас  з воблака, які казаў: «Гэта Сын Мой улюбёны, у Якім Я маю ўпадабанне; Яго слухайце».

6 І, чуючы гэта, вучні ўпалі на твар свой і надта спалохаліся.

7 І падышоў да іх Ісус, і дакрануўся да іх, кажучы: «Устаньце і не бойцеся».

8 І, падняўшы вочы свае, яны нікога болей не бачылі, адно Самога Ісуса.

9 І, калі сыходзілі з гары, загадаў ім Ісус: «Нікому не кажыце пра ўбачанае, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне».

10 І пыталіся ў Яго вучні, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля мае прыбыць раней?»

11 А Ён, адказваючы, гаворыць: «Ілля сапраўды прыйдзе і направіць усё.

12 Але кажу вам, што Ілля ўжо прыйшоў, і яго не пазналі, але абышліся з ім, як хацелі; і Сын Чалавечы будзе ад іх цярпець».

13 Тады зразумелі вучні, што Ён гаварыў ім пра Яна Хрысціцеля.

14 Калі яны прыйшлі да народа, падышоў да Яго чалавек, упаўшы перад Ім на калені

15 і кажучы: «Госпадзе, памілуй сына майго, бо ён – лунатык і шмат пакутуе, часта падае ў агонь або ў ваду.

16 Я прывёў яго да Тваіх вучняў, але яны не маглі яго аздаравіць».

17 Ісус жа, адказваючы, гаворыць: «О род няверны і пераваротны, як доўга буду з вамі? Ды як доўга буду вас цярпець? Прынясіце яго сюды да Мяне».

18 І насварыўся на яго Ісус, і дэман выйшаў з яго, і ў тую гадзіну хлопец паздаравеў.

19 Тады патаемна падышлі да Ісуса вучні і кажуць: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?»

20 А Ён кажа ім: «З прычыны вашай няверы. Бо сапраўды кажу вам: калі б вы мелі веру як зярнятка гарчычнае, сказалі б вы гэтай гары: «Перайдзі адсюль туды», і пярэйдзе; нічога для вас не будзе немагчымага. (21)

22 Калі яны знаходзіліся ў Галілеі, сказаў ім Ісус: «Сын Чалавечы мае быць выдадзены ў рукі людзей,

23 і яны заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсне». І засмуціліся яны моцна.

24 І калі яны прыйшлі ў Кафарнаўм, падышлі да Пётры тыя, што збіралі дыдрахмы, і сказалі: «Настаўнік ваш ці заплаціць дыдрахму?»

25 Ён сказаў: «Пэўна». І калі ён увайшоў у дом, папярэдзіў яго Ісус, кажучы: «Як табе здаецца, Сімоне? Валадары зямныя з каго бяруць чынш або падатак: са сваіх сыноў ці з чужых?»

26 Калі ж той адказаў: «З чужых», – сказаў яму Ісус: «Значыць, сыны вольныя.    27 Але, каб мы іх не згоршылі, ідзі да мора і закінь вуду, і тую рыбу, якая першая трапіцца, вазьмі і, адкрыўшы ёй рот, знойдзеш статыр. Узяўшы яго, дай ім за Мяне і за сябе».

 

Раздзел 18

1 У той час падышлі вучні да Ісуса, кажучы: «Каго Ты лічыш большым у Валадарстве Нябесным?»

2 І, паклікаўшы дзіця, Ён паставіў яго пасярод іх

3 і сказаў: «Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і не станецеся як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.

4 Дык вось, хто ўпакорыцца, як гэта дзіця, той большы ў Валадарстве Нябесным.

5 І хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прыме.

6 А хто згоршыць аднаго з малых гэтых, што ў Мяне вераць, лепш было б яму, каб павесілі жоран млынавы на шыю яго і ўтапілі ў глыбіні марской.

7 Гора свету ад згаршэнняў. Бо мусяць прыйсці згаршэнні, аднак гора чалавеку, праз якога згаршэнне прыходзіць.

8 Дык калі рука твая або нага твая горшыць цябе, адрэж яе ды кінь ад сябе. Лепш табе калекаю ці кульгавым увайсці ў жыццё, чым, маючы дзве рукі або дзве нагі, быць укінутым у агонь вечны.

9 І, калі вока тваё горшыць цябе, вырві яго ды кінь ад сябе. Лепей табе аднавокім увайсці ў жыццё, чым, маючы два вокі, быць укінутым у агонь пякельны.

10 Глядзіце, не пагарджайце ні адным з малых гэтых. Бо кажу вам, што анёлы іх у небе бачаць заўсёды аблічча Айца Майго, Які ёсць на небе. (11)

12 Як вам здаецца? Калі хто мае сто авечак, і адна з іх згубіцца, ці ж не пакідае ён у гарах дзевяноста дзевяць і ці не ідзе шукаць тую, што заблукала?

13 І, калі ўдаецца яму яе адшукаць, сапраўды кажу вам, што з яе будзе мець больш радасці, чым з дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі.

14 Так няма волі Айца вашага, Які ёсць на небе, каб загінуў адзін з малых гэтых.

15 І, калі саграшыць супраць цябе брат твой, ідзі і пасварыся на яго ў чатыры вокі. І, калі ён паслухае цябе, здабудзеш брата твайго.

16 А калі не паслухае, вазьмі з сабой яшчэ аднаго або двух, каб на доказе двух або трох сведкаў стаяла кожнае слова.

17 А калі б і іх не паслухаў, скажы царкве. А калі б і царквы не паслухаў, хай будзе табе як паганін і мытнік.

18 Сапраўды кажу вам: што звяжаце на зямлі, будзе звязана і на небе, і што развяжаце на зямлі, будзе развязана і на небе.

19 Таксама кажу вам: калі двое з вас пагодзяцца на зямлі аб якой-колечы рэчы, чаго б яны ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго, Які ёсць на небе.

20 Бо дзе ў імя Маё збяруцца двое або трое, там і Я пасярод іх».

21 Тады Пётра, падышоўшы, сказаў Яму: «Госпадзе, колькі разоў маю дараваць брату майму, калі будзе грашыць супраць мяне? Ці да сямі разоў?»

22 Кажа яму Ісус: «Не кажу табе да сямі разоў, але да сямідзесяці сямі разоў.

23 Дзеля таго падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека-валадара, які хацеў разрахавацца са слугамі сваімі.

24 І, калі стаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, што быў яму вінаваты дзесяць тысяч талентаў.

25 Паколькі не меў ён з чаго аддаць, загадаў гаспадар яго прадаць яго, жонку яго, дзяцей і ўсё, што меў, ды заплаціць.

26 Але слуга той, упаўшы, прасіў яго, кажучы: «Май цярплівасць да мяне, і я аддам табе ўсё».

27 І гаспадар слугі таго, пашкадаваўшы, адпусціў яго і доўг яму дараваў.

28 Але слуга той, выйшаўшы, напаткаў аднаго з таварышаў сваіх, што быў яму вінаваты сто дынараў. І, схапіўшы яго, душыў, кажучы: «Аддай, што мне вінаваты».

29 І, упаўшы, таварыш той прасіў яго, кажучы: «Май цярплівасць да мяне, і аддам табе».

30 Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць яму доўгу.

31 Бачачы, што робіцца, таварышы яго засмуціліся вельмі ды пайшлі і расказалі гаспадару свайму ўсё, што сталася.

32 Тады пазваў яго гаспадар яго і гаворыць яму: «Слуга нягодны, я ўвесь твой доўг дараваў табе, бо ты мяне прасіў.

33 Ці ж не належала, каб і ты злітаваўся над таварышам сваім, як я злітаваўся над табой?»

34 І, угнеўлены, гаспадар яго выдаў яго катам, пакуль яму не аддасць усяго доўгу.

35 Так і Айцец Мой нябесны зробіць вам, калі вы не даруеце кожны брату свайму ў сэрцах вашых».

 

Раздзел 19

1 І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя словы, Ён выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэі за Ярдан.

2 І за Ім следам ішлі вялікія натоўпы, і там аздаравіў іх.

3 Потым падышлі да Яго фарызеі, выпрабоўваючы Яго і кажучы: «Ці дазволена чалавеку з якой-колечы прычыны пакінуць жонку сваю?»

4 А Ён, адказваючы, гаворыць: «Ці не чыталі вы, што Той, Хто стварыў чалавека напачатку, мужчынай і жанчынай стварыў іх», –

5 і сказаў: «Таму пакіне чалавек бацьку і маці і злучыцца з жонкаю сваёй, і будуць двое адзіным целам».

6 Значыць іх  ужо не двое, але адно цела. Дык што Бог злучыў, чалавек хай не разлучае».

7 Яны кажуць Яму: «Дык чаму Майсей пастанавіў, каб давалі ліст разводны і выпраўлялі

8 Ён гаворыць: «Дзеля закамянеласці сэрца вашага дазволіў вам Майсей пакідаць жонку вашую; напачатку ж не было так.

9 Але кажу вам, што, хто выпраўляе жонку сваю, акрамя як з прычыны распусты, і жэніцца з іншаю, – чужаложыць. І хто з разведзенай ажаніўся – чужаложыць».

10 Кажуць Яму вучні Яго: «Калі такі абавязак чалавека перад жонкай, то лепш не жаніцца».

11 Ён сказаў ім: «Не ўсе разумеюць гэтую навуку, а толькі тыя, каму дадзена.

12 Бо ёсць еўнухі, што такімі з улоння маці нарадзіліся, і ёсць еўнухі, якіх такімі людзі зрабілі, ды ёсць еўнухі, што самі сябе спаклалі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа зразумець, няхай разумее».

13 Аднойчы прывялі да Яго дзяцей, каб усклаў на іх рукі і памаліўся. Але вучні сварыліся на іх.

14 Тады Ісус гаворыць: «Пусціце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Валадарства Нябеснае».

15 І пасля таго, як усклаў на іх рукі, адышоў.

16 І вось, нехта, падышоўшы, гаворыць Яму: «Настаўнік, што мне добрага зрабіць, каб здабыць жыццё вечнае?»

17 Ісус сказаў яму: «Што Мяне завеш добрым? Адзін толькі  добры. А калі хочаш увайсці ў жыццё, спаўняй прыказанні».

18 Той кажа: «Якія?» А Ісус сказаў: «Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва,

19 шануй бацьку і маці і любі бліжняга свайго, як сябе самога».

20 Кажа Яму юнак: «Усё гэта выконваў я ад маленства свайго. Чаго ж мне яшчэ не хапае?»

21 Гаворыць яму Ісус: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай тое, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, ідзі за Мной».

22 Калі юнак пачуў гэта слова, адышоў сумны, бо меў вялікую маёмасць.

23 А Ісус сказаў Сваім вучням: «Сапраўды кажу вам: багацею цяжка ўвайсці ў Валадарства Нябеснае.

24 Ізноў кажу вам: лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багацею ўвайсці ў Валадарства Божае».

25 І, пачуўшы гэта, вучні вельмі дзівіліся і казалі: «Хто тады можа збавіцца?»

26 А Ісус, зірнуўшы, сказаў ім: «У людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма».

27 Тады, адказваючы, Пётра сказаў Яму: «Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі следам за Табой. Дык што ж будзе нам?»

28 А Ісус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што вы, хто пайшлі за Мною, у новым жыцці, калі засядзе Сын Чалавечы на пасадзе велічы Сваёй, засядзеце на дванаццаці пасадах і будзеце судзіць дванаццаць пакаленняў Ізраэля.

29 І кожны, хто пакінуў дом, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або маці, або сыноў, або зямлю дзеля імя Майго, у сто разоў болей атрымае і ўспадкаеміць жыццё вечнае.

30 І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія – першымі.

 

Раздзел 20

1 Затым падобнае Валадарства Нябеснае чалавеку гаспадару дома, які выйшаў на досвітку наймаць работнікаў у вінаграднік свой.

2 Учыніўшы з работнікамі пагаджэнне па дынару за дзень, ён паслаў іх у свой вінаграднік.

3 І, выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў іншых, што стаялі на рынку без работы,

4 і сказаў ім: «Ідзіце і вы ў вінаграднік, і, што будзе справядліва, дам вам».

5 І яны пайшлі. Ды зноў выйшаў каля  шостай і каля дзевятай гадзіны і зрабіў падобнае.

6 Дый яшчэ каля гадзіны адзінаццатай выйшаў і знайшоў іншых, што стаялі, ды кажа ім: «Што вы тут стаіце цэлы дзень бяздзейныя?»

7 Кажуць яму: «Бо ніхто нас не наняў». Ён кажа ім: «Ідзіце і вы ў вінаграднік».

8 А калі настаў вечар, сказаў гаспадар вінаградніка загадчыку свайму: «Скліч работнікаў і дай ім плату, пачынаючы ад апошніх, а канчаючы першымі».

9 І, калі прыйшлі тыя, што каля адзінаццатай гадзіны наняліся на работу, атрымалі па дынару.

10 Калі ж прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць, але і яны атрымалі па дынару.

11 Дык, узяўшы, наракалі на гаспадара,

12 кажучы: «Гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, а ты прыраўняў іх да нас, а мы ж пераносілі цяжар дня і спякоту».

13 А ён, адказваючы аднаму з іх, сказаў: «Дружа, не зрабіў я табе крыўды. Ці ж ты не ўмовіўся са мной за дынар?

14 Дык вазьмі, што тваё, і ідзі, бо хачу і гэтаму апошняму даць, як і табе.

15 Ці ж не можна мне рабіць з маім, што хачу? І ці ж вока тваё зайздроснае ад таго, што я добры?»

16 Так будуць апошнімі першыя, а першымі – апошнія».

17 І, уваходзячы ў Ерузалім, Ісус адвёў асобна дванаццаць вучняў і сказаў ім па дарозе:

18 «Вось, мы ўваходзім у Ерузалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на смерць,

19 і выдадуць Яго на ганьбаванне паганам, на бічаванне і ўкрыжаванне, і трэцяга дня ўваскрэсне».

20 Тады падышла да Яго маці сыноў Зебядзеевых з сынамі сваімі, кланяючыся і просячы нечага.

21 Ён сказаў ёй: «Чаго ты хочаш?» Яна гаворыць Яму: «Скажы, каб гэтыя два сыны мае ў Валадарстве Тваім сядзелі адзін праваруч Цябе, а другі – леваруч».

22 Але Ісус, адказваючы, сказаў ёй: «Не ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць келіх, які Я піць буду?» Яны кажуць Яму: «Можам».

23 Ён гаворыць ім: «Так, келіх Мой піць будзеце, але дазволіць сядзець ад Мяне праваруч ці леваруч – гэта не Маё, але каму прыгатавана Айцом Маім».

24 І, пачуўшы гэта, дзесяцера разгневаліся на двух братоў.

25 Але Ісус паклікаў іх да Сябе і гаворыць: «Вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і магнаты трымаюць уладу над імі.

26 Не так будзе паміж вамі, але хто хацеў бы сярод вас быць большым,  будзе вашым слугою.

27 І хто сярод вас хацеў бы быць першым, будзе вашым слугою.

28 Падобным чынам і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб Ён служыў ды аддаў душу Сваю як адкупленне за многіх».

29 І, калі яны выходзілі з Ерыхона, ішлі ўслед за імі вялікія натоўпы.

30 І вось, двое сляпых, што сядзелі пры дарозе, пачулі, што праходзіць Ісус, і закрычалі, кажучы: «Госпадзе, злітуйся над намі, Сыне Давіда!»

31 А людзі сварыліся на іх, каб маўчалі, але яны яшчэ гучней крычалі: «Госпадзе, злітуйся над намі, Сыне Давіда!»

32 І спыніўся Ісус, і паклікаў іх, і гаворыць: «Што вы хочаце, каб Я вам зрабіў?»

33 Яны кажуць Яму: «Госпадзе, каб адкрыліся нам вочы».

34 І, пашкадаваўшы, Ісус дакрануўся да вачэй іх; і яны адразу сталі бачыць і пайшлі за Ім.

 

Раздзел 21

1 І, калі набліжаліся да Ерузаліма і падышлі да Бэтфагэ на Аліўнай гары, тады Ісус паслаў двух вучняў,

2 кажучы ім: «Ідзіце ў сяло, якое перад вамі, і адразу знойдзеце асліцу прывязаную і асляня з ёю. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне.

3 І, калі вам хтосьці нешта скажа, скажыце: «Госпад мае ў іх патрэбу», і адразу ж той адпусціць іх».

4 Усё гэта сталася, каб збылося тое, што было сказана прарокам, які казаў:

5 «Скажыце дачцы Сіёна: Вось ідзе да цябе Валадар твой, ціхмяны, седзячы на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай».

6 Пайшоўшы, вучні зрабілі, як загадаў ім Ісус.

7 І прывялі асліцу з аслянём, і ўсклалі на іх адзенне сваё, і Ён сеў на іх.

8 А многія людзі пасцілалі сваю вопратку на дарозе; а іншыя сціналі галінкі з дрэў і пасцілалі на дарозе.

9 І натоўпы, што наперадзе і за Ім ішлі, усклікалі, кажучы: «Гасана Сыну Давіда! Блаславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада. Гасана на вышынях!»

10 І, калі ўвайшоў у Ерузалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: «Хто гэта?»

11 А народ казаў: «Гэта Ісус, прарок з Назарэта Галілейскага».

12 І ўвайшоў Ісус у святыню, і павыганяў усіх, што прадавалі і куплялі  ў святыні, а сталы мянялаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перакуліў.

13 І кажа: «Напісана: «Дом Мой домам малітвы будзе названы», а вы робіце яго пячорай разбойнікаў».

14 І падышлі да Яго ў святыні сляпыя і кульгавыя, і Ён аздаравіў іх.

15 А першасвятары і кніжнікі, бачачы цуды, якія Ён учыніў, ды дзяцей, што ўсклікалі ў святыні, кажучы: «Гасана Сыну Давідаваму!», злаваліся

16 і сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны кажуць?» А Ісус кажа ім: «Так; хіба вы не чыталі: «З вуснаў дзяцей і немаўлят учыніў Ты хвалу»?

17 І, пакінуўшы іх, выйшаў за горад у Бэтанію, і там застаўся.

18 А раніцай, вяртаючыся ў горад, адчуў голад.

19 І, убачыўшы пры дарозе адно дрэва фігавае, падышоў да яго, але не знайшоў на ім нічога, апрача лісця, і сказаў яму: «Няхай не родзіцца з цябе плод навекі». І адразу дрэва фігавае ссохла.

20 І, бачачы гэта, вучні дзівіліся, кажучы: «Якім чынам адразу ссохла дрэва фігавае?»

21 А Ісус, адказваючы, гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру і не будзеце сумнявацца, вы зробіце не толькі тое, што з дрэвам фігавым, але, нават калі гэтай гары скажаце: «Падыміся і кінься ў мора», –  станецца.

22 І ўсё, пра што будзеце прасіць у малітве з вераю, атрымаеце».

23 І, калі Ісус увайшоў у святыню, падышлі да Яго, калі Ён вучыў, першасвятары і старшыні народа і казалі: «Якою ўладаю Ты гэта робіш, і хто Табе даў такую ўладу?»

24 І Ісус, адказваючы, сказаў ім: «І Я задам вам адно пытанне, і, калі вы адкажаце Мне, то і Я адкажу вам, якою ўладаю Я гэта раблю:

25 хрост Янаў адкуль быў? З неба ці ад людзей?» А яны разважалі паміж сабой, кажучы: «Калі мы скажам: «З неба», Ён скажа: «Дык чаму вы не паверылі яму?»

26 А калі мы скажам: «Ад людзей», баімся натоўпа, бо ўсе Яна лічаць прарокам».

27 І, адказваючы, яны сказалі Ісусу: «Не ведаем», а Ён сказаў: «Дык і Я вам не скажу, якою ўладаю Я гэта раблю.

28 А як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў. І, прыходзячы да першага, сказаў: «Сыне, ідзі папрацуй сёння ў маім вінаградніку».

29 А ён, адказваючы, гаворыць: «Не хачу». А потым, узрушаны навяртаннем, выйшаў і пайшоў.

30 Звяртаючыся да другога, сказаў яму падобна. А той, адказваючы, гаворыць: «Іду, гаспадару», – але не пайшоў.

31 Хто з дваіх выканаў волю бацькі?» Яны кажуць: «Першы». Кажа ім Ісус: «Сапраўды кажу вам: наперадзе вас мытнікі і распусніцы пойдуць у Валадарства Божае.

32 Бо прыйшоў да вас Ян дарогай справядлівасці, і вы не паверылі яму; мытнікі ж і распусніцы паверылі яму. Вы, аднак, бачачы гэта, нават потым не навярнуліся, каб яму паверыць.

33 Паслухайце іншую прыпавесць. Быў чалавек гаспадар дому, які насадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў у ім выціскальню, і пабудаваў вежу, і наняў у яго вінаградараў, і аддаліўся.

34 А калі надышоў час пладоў, паслаў ён слуг сваіх да вінаградараў, каб яны забралі яго плады.

35 А вінаградары, схапіўшы слуг яго, аднаго пабілі, другога забілі, а трэцяга ўкаменавалі.

36 Ізноў паслаў Ён іншых слуг, больш, чым раней, але і ім зрабілі падобна.

37 Нарэшце паслаў да іх сына свайго, кажучы: «Ушанаваны будзе сын мой».

38 Але вінаградары, бачачы сына, гаварылі адзін аднаму: «Гэта спадкаемец. Хадземце, заб’ём яго і завалодаем яго спадчынаю».

39 І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніка і забілі.

40 Дык калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што ён зробіць тым вінаградарам?»

41 Яны гавораць Яму: «Ліхіх ён сурова заб’е, а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць плод у вызначаны час».

42 Кажа ім Ісус: «Ці ж ніколі не чыталі вы ў Пісанні: «Камень, які адкінулі будаўнікі, ён стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых»?

43 Дзеля таго кажу вам, што будзе аднята ад вас Валадарства Божае, а дадзена народу, які творыць плады яго.

44 І хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго сатрэ».

45 І, калі пачулі першасвятары і фарызеі Яго прыпавесць, зразумелі, што пра іх Ён гаварыў.

46 І намагаліся Яго ўзяць, але баяліся людзей, бо яны лічылі Яго прарокам.

 

Раздзел 22

1 І, адказваючы, Ісус стаў гаварыць ім далей у прыпавесцях:

2 «Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека валадара, які справіў вяселле для свайго сына.

3 І паслаў ён слуг сваіх паклікаць запрошаных на вяселле, але тыя не хацелі прыйсці.

4 Ізноў паслаў іншых слуг, кажучы: «Скажыце запрошаным: вось, я прыгатаваў свой абед, валы мае і што кормнае пабіта, ды ўсё прыгатавана; прыходзьце на вяселле!»

5 Але яны не дбалі і пайшлі: хто ў поле сваё, хто да гандлю свайго;

6 астатнія ж схапілі слуг яго і, наздзекаваўшыся, забілі.

7 І ўгнявіўся валадар і, паслаўшы сваё войска, знішчыў тых забойцаў і горад іх спаліў.

8 Потым гаворыць ён слугам сваім: «Вяселле прыгатавана, але тыя, што запрошаны, не былі вартыя.

9 Дык ідзіце на скрыжаванні дарог і, каго толькі знойдзеце, клічце на вяселле».

10 І слугі яго, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго напаткалі, ліхіх і добрых; і напоўнілася вяселле гасцямі.

11 І ўвайшоў валадар, каб паглядзець на гасцей, ды ўбачыў ён там чалавека, які быў апрануты не ў вясельныя шаты.

12 І гаворыць яму: «Дружа, як жа ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельных шатаў?» Але той маўчаў.

13 Тады сказаў валадар слугам сваім: «Звяжыце яму рукі і ногі, кіньце яго ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгатанне зубоў».

14 Бо многія пакліканы, але нямногія выбраны».

15 Тады фарызеі, адышоўшы, пачалі радзіцца, як бы падлавіць Яго ў словах.

16 І паслалі да Яго двух вучняў сваіх з ірадыянамі, якія казалі: «Настаўнік, ведаем, што Ты справядлівы і шляху Божаму праўдзіва навучаеш, ды не аглядаешся на асобы людзей.

17 Скажы нам тады, як Табе здаецца, ці належыць плаціць падатак цэзару, ці, можа, не?»

18 Ісус жа, пранікаючы іх подступ, сказаў: «Чаму Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі?

19 Пакажыце мне манету на падатак». І яны падалі Яму дынар.

20 І Ён гаворыць ім: «Чые гэта выява і надпіс?»

21 Кажуць Яму: «Цэзара». Тады сказаў ім: «Тое, што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае – Богу».

22 І, пачуўшы гэта, яны здзівіліся ды, пакінуўшы Яго, адышліся.

23 У той дзень падышлі да Яго садуцэі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пыталіся Яго,

24 кажучы: «Настаўнік, Майсей загадаў: калі хто памрэ, не маючы сына, дык хай брат яго возьме жонку яго і хай створыць нашчадка брату свайму.

25 А было ў нас сем братоў; і першы, як ажаніўся, памёр і, не маючы нашчадка, пакінуў жонку брату свайму.

26 Падобна другі і трэці аж да сёмага.

27 Нарэшце па ўсіх памёрла і жанчына.

28 Дык у час уваскрэсення чыёй з сямі будзе яна жонкаю? Бо ўсе яны мелі яе за жонку».

29 А Ісус, адказваючы, гаворыць ім: «Памыляецеся, не ведаючы ні Пісання, ані магутнасці Божай.

30 Пры ўваскрэсенні не будуць ні жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць, як анёлы на небе.

31 Ці не чыталі пра ўваскрэсенне мёртвых, што сказана вам Богам, Які казаў:

32 «Я – Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба». Бог не мёртвых, але тых, што жывуць».

33 І, чуючы гэта, людзі дзівіліся з вучэння Яго.

34 Тады фарызеі, чуючы, што Ён змусіў садуцэяў замаўчаць, сышліся разам.

35 І адзін з іх, законазнаўца, выпрабоўваючы Яго, спытаў:

36 «Настаўнік, якое найважнейшае прыказанне ў законе?»

37 Той жа гаворыць яму: «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй, усім розумам тваім;

38 гэта найважнейшае ды першае прыказанне.

39 Другое падобнае гэтаму: любі бліжняга свайго, як сябе самога.

40 На гэтых двух прыказаннях грунтуецца ўвесь закон і прарокі».

41 Калі сабраліся фарызеі, спытаўся ў іх Ісус,

42 кажучы: «Што думаеце пра Хрыста? Чый Ён Сын?» Кажуць яму: «Давіда».

43 Сказаў ім: «Як жа тады Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы:

44 «Сказаў Госпад Госпаду майму: сядзь раваруч Мяне, аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае»?

45 Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён ёсць Сынам яго?»

46 І ніхто не мог Яму адказаць слова, ніхто таксама не адважыўся ад таго дня болей пытацца ў Яго.

Раздзел 23

1 Тады звярнуўся Ісус да людзей і да вучняў Сваіх,

2 кажучы: «На пасадзе Майсеевым заселі кніжнікі і фарызеі.

3 Дык усё, што яны вам скажуць, рабіце і захоўвайце, але паводле ўчынкаў іх не рабіце; бо яны вучаць, а не робяць.

4 Бо яны вяжуць цяжкія і непасільныя бярэмі ды ўскладаюць на плечы людзей, а самі і пальцам сваім не хочуць іх зрушыць.

5 Яны робяць усе свае справы, каб людзі іх бачылі: пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры адзення свайго,

6 яны любяць першыя месцы за абедам і першыя лаўкі ў сінагогах,

7 і прывітанні на рынку, ды каб іх людзі называлі: «Раббі».

8 Вы ж не называйце сябе раббі, бо Настаўнік ваш адзін, а вы ўсе – браты.

9 Ані айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін Айцец ваш, нябесны.

10 Ані настаўнікамі не называйце сябе, бо адзін ваш Настаўнік – Хрыстос.

11 Хто большы з вас, будзе вашым слугой.

12 Бо хто сябе ўзвышае, той будзе прыніжаны, а хто сябе прыніжае, будзе ўзвышаны.

13 Гора вам, кніжнікі і фарызеі, крывадушнікі, што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі. Вы і самі не ўваходзіце, і тым, што ўваходзяць, не дазваляеце ўвайсці. (14)

15 Гора вам, кніжнікі і фарызеі, крывадушнікі, што аб’язджаеце мора і сушу, каб зрабіць хоць аднаго празелітам. А калі ім станецца, вы робіце яго сынам пекла, удвая горшым за сябе.

16 Гора вам, сляпыя правадыры, што кажаце: «Хто прысягае святыняй, гэта нічога, а калі хто прысягае золатам святыні, той вінаваты».

17 Неразумныя і сляпыя! Што ж большае: золата ці святыня, якая ўсвячае золата?

18 І: «Хто прысягае алтаром, гэта нічога, а хто прысягае ахвярай, што на ім, той вінаваты».

19 Сляпыя! Што ж большае: ахвяра ці алтар, які асвячае ахвяру?

20 Дык вось, хто прысягае алтаром, прысягае ім ды ўсім, што на ім.

21 І хто прысягае святыняй, той прысягае ёй ды Тым, Хто ў ёй самой жыве.

22 А хто прысягае небам, прысягае пасадам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.

23 Гора вам, кніжнікі і фарызеі, крывадушнікі, што бераце дзесяціну з мяты, кропу і кмену, а не звярнулі ўвагі на тое, што важнейшае ў законе: суд, міласэрнасць і веру. Гэта належала зрабіць, і таго не пакідаць.

24 Сляпыя правадыры, што працэджваеце камара, а праглынаеце вярблюда!

25 Гора вам, кніжнікі і фарызеі, крывадушнікі, бо абмываеце тое, што   звонку чары і місы, а ўнутры поўныя здзерства ды нячыстасці.

26 Фарызей сляпы! Ачысці перш знутры чару і місу, каб і тое, што звонку, стала чыстым.

27 Гора вам, кніжнікі і фарызеі, крывадушнікі, бо вы падобныя да магіл пабеленых, што звонку выглядаюць прыгожымі, а ўнутры поўныя касцей мёртвых і ўсякай брыдоты.

28 Так і вы звонку здаецеся людзям справядлівымі, а ўнутры поўныя крывадушнасці і беззаконня.

29 Гора вам, кніжнікі і фарызеі, крывадушнікі, што будуеце магілы прарокам і аздабляеце помнікі справядлівым,

30 і кажаце: «Каб мы жылі ў дні бацькоў нашых, не былі б саўдзельнікамі іх [у праліванні] крыві прарокаў».

31 І так вы самі сведчыце, што вы – сыны тых, што забілі прарокаў.

32 І вы дапаўняеце мерку бацькоў вашых.

33 Змеі, гадзючыя вырадкі! Як жа вы пазбегнеце пякельнага прысуда?

34 Таму вось Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў, і адных з іх вы заб’еце, і ўкрыжуеце, а іншых будзеце бічаваць у сінагогах вашых, ды будзеце гнаць іх з горада ў горад,

35 аж спадзе на вас уся кроў справядлівых, што разлітая па зямлі, ад крыві справядлівага Абэля аж да крыві Захарыі, сына Барахіі, якога вы забілі між святыняй і алтаром.

36 Сапраўды кажу вам: спадзе гэта ўсё на пакаленне гэтае.

37 Ерузалім, Ерузалім, што забіваеш прарокаў ды камянуеш тых, якія да цябе пасланы. Колькі разоў хацеў Я сабраць сыноў тваіх, як кураводка збірае пісклянят сваіх пад крылы, а ты не захацеў.

38 Вось, застаецца вам дом ваш пусты.

39 Бо кажу вам: Не ўбачыце Мяне датуль, пакуль не скажаце: «Блаславёны,  Хто прыходзіць у імя Госпада».

 

Раздзел 24

1 І, выйшаўшы, Ісус пакрочыў ад святыні, і падышлі вучні Яго, каб паказаць Яму пабудовы святыні.

2 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Хіба не бачыце вы гэта ўсё? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны».

3 А калі Ён сядзеў на Аліўнай гары, прыйшлі вучні да Яго патаемна і пыталіся: «Скажы, калі гэта будзе, і які  знак  Твайго прышэсця і сканчэння веку?»

4 І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Глядзіце, каб хто вас не звёў.

5 Бо многія прыйдуць у імя Маё, кажучы: «Я – Хрыстос», і многіх звядуць.

6 Пачуеце вы пра войны і чуткі пра войны; глядзіце, каб не напалохаліся, бо так павінна быць, але гэта яшчэ не канец.

7 Падымецца народ на народ і царства на царства, і будуць голад і месцамі землятрусы.

8 Гэта ўсё – пачатак пакут.

9 Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас будуць, ды будзеце вы зненавіджаны ўсімі народамі за імя Маё.

10 І тады многія згоршацца, і будуць выдаваць адзін аднаго, і будуць ненавідзець адзін аднаго,

11 і паўстануць многія фальшывыя прарокі і будуць зводзіць многіх.

12 І ад таго, што памножыцца несправядлівасць, астыне любоў у многіх.

13 Але хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены.

14 І будзе прапаведавацца гэтае Евангелле Валадарства па ўсім свеце на сведчанне ўсім народам; і тады прыйдзе канец.

15 І, калі ўбачыце нарэшце агіду спусташэння, якая паўстане на святым месцы, як сказана Даніэлем-прарокам, – хто чытае, хай разумее, –

16 тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы,

17 і хто на даху, хай не сыходзіць, каб узяць што-небудзь з дому свайго;

18 і хто на полі, хай не вяртаецца забраць свой плашч.

19 Гора цяжарным і карміцелькам у тыя дні.

20 Дык прасіце, каб вашыя ўцёкі не былі зімою, ці ў суботу.

21 Бо тады будзе вялікая пакута, якой не было ад пачатку свету аж дасюль, дый не будзе.

22 І, калі б не былі скарочаны тыя дні, аніякае цела не ўратавалася б, але дзеля выбраных будуць скарочаны тыя дні.

23 Тады, калі б хто вам казаў: «Вось тут Хрыстос», або: «Там», – не верце.

24 Паўстануць бо фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і прадставяць вялікія знакі і цуды, – так,  каб у зман увесці, калі гэта магчыма, нават выбраных.

25 Вось, Я наперад вам гэта сказаў.

26 Дык калі б вам потым сказалі: «Вось Ён у пустыні», – не выходзьце; «Вось Ён у пакоях», – не верце.

27 Бо, як маланка з’яўляецца на ўсходзе і віднеецца аж да захаду, такім будзе і прышэсце Сына Чалавечага.

28 Дзе будзе цела, там збяруцца і арлы.

29 А зараз па тузе тых дзён сонца зацемрыцца, і месяц не дасць святла свайго, і нябесныя зоркі падаць будуць, і сілы, што на небе, пахіснуцца.

30 І тады з’явіцца знак Сына Чалавечага на небе, і тады заплачуць усе плямёны зямныя, і ўбачаць Сына Чалавечага, Які прыходзіць на аблоках нябесных з магутнасцю і славаю вялікай.

31 І пашле Ён анёлаў Сваіх з трубою гучнай, і збяруць яны выбраных Яго з чатырох вятроў, ад краю неба аж да канца яго.

32 І навучыцеся прыкладам фігавага дрэва: калі ўжо галінка яго лагаднее і пускае лісты, вы ведаеце, што  блізка лета.

33 Так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.

34 Сапраўды кажу вам: не праміне гэтае пакаленне, аж усё гэта станецца.

35 Неба і зямля сыдуць, але слова Маё не праміне.

36 Што да дня таго і хвіліны, ніхто не ведае, – ані анёлы нябесныя, ані Сын, – толькі Айцец адзін.

37 І як у дні Ноя, так будзе і прышэсце Сына Чалавечага.

38 Бо як у той час перад патопам елі і пілі, жаніліся і замуж аддавалі, аж да таго дня, калі Ной увайшоў у арку,

39 і не зразумелі, аж пакуль не прыйшоў патоп і не знішчыў усіх, так будзе і ў прышэсце Сына Чалавечага.

40 Тады двое будуць на полі: аднаго возьмуць, а другога пакінуць.

41 Дзве будуць малоць у жорнах: адну возьмуць, другую пакінуць.

42 Дык чувайце, бо не ведаеце, у які тэрмін прыйдзе Госпад ваш.

43 А гэта ведайце, што, каб гаспадар дому ведаў, а якой гадзіне злодзей мае прыйсці, пільнаваў бы і не дазволіў  уламіцца ў дом свой.

44 Таму і вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, якой вы не ведаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.

45 Хто, думаеш, з’яўляецца верным і разумным слугою, якога паставіў гаспадар над падданымі сваімі, каб ён у вызначаны час даваў ім меру пшаніцы?

46 Бласлаўлёны той слуга, якога, калі прыйдзе, гаспадар знойдзе за такім заняткам.

47 Сапраўды кажу вам, што паставіць яго над усёй сваёй маёмасцю.

48 А калі скажа ліхі слуга ў сэрцы сваім: «Марудзіць гаспадар мой з прышэсцем»,

49 і пачне біць таварышаў сваіх, і будзе есці і піць з п’яніцамі,

50 то прыйдзе гаспадар яго ў дзень неспадзяваны, у гадзіну невядомую

51 і аддзеліць яго, ды прызначыць яго долю разам з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгатанне зубоў.

 

Раздзел 25

1 Тады падобнае будзе Валадарства Нябеснае да дзесяці дзяўчын, якія, узяўшы лампады свае, выйшлі насустрач жаніху.

2 Пяць з іх было неразумных, а пяць – разумных.

3 Але неразумныя, узяўшы лампады свае, не ўзялі з сабою алею.

4 Разумныя ж узялі алею ў посуд разам з лампадамі сваімі.

5 А паколькі жаніх замарудзіў, задрамалі ўсе і паснулі.

6 А апоўначы ўзняўся крык: «Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач».

7 Тады падняліся ўсе тыя дзяўчаты і падрыхтавалі свае лампады.

8 Неразумныя ж сказалі разумным: «Дайце нам вашага алею, бо нашыя лампады гаснуць».

9 Адказалі разумныя, кажучы: «Каб раптам не было недахопу і нам і вам, лепш ідзіце да прадаўцоў ды купіце сабе».

10 Калі яны пайшлі купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былі прыгатаваны, увайшлі з ім на вяселле. І дзверы зачыніліся.

11 Нарэшце прыйшлі і астатнія дзяўчаты, кажучы: «Госпадзе, Госпадзе, адчыні нам!»

12 А Ён, адказваючы, гаворыць: «Сапраўды кажу вам: Я не ведаю вас».

13 Дык чувайце, бо не ведаеце ані дня, ані гадзіны.

14 Падобным чынам чалавек, адыходзячы ў далёкі край, склікаў сваіх слуг і даручыў ім сваю маёмасць.

15 І аднаму даў пяць талентаў, а другому два, а іншаму адзін – кожнаму паводле яго здольнасці, і выправіўся.

16 Той, які атрымаў пяць талентаў, пайшоў і, скарыстаўшыся з іх, зарабіў яшчэ пяць.

17 Падобна і той, хто атрымаў два, зарабіў яшчэ два.

18 А той, хто атрымаў адзін, пайшоў і закапаў яго ў зямлю ды схаваў грошы гаспадара свайго.

19 Потым па доўгім часе прыходзіць гаспадар слуг тых і выстаўляе рахунак  ім.

20 І, прыйшоўшы, той, які атрымаў пяць талентаў, прынёс яшчэ пяць талентаў, кажучы: «Гаспадару, ты даў мне пяць талентаў; вось я зарабіў дадаткова яшчэ пяць талентаў».

21 Гаворыць яму гаспадар яго: «Добра, слуга добры і верны; у малым быў ты верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасць гаспадара твайго».

22 Прыйшоў таксама і той, які атрымаў два таленты, і гаворыць: «Гаспадару, ты даручыў мне два таленты, вось я зарабіў яшчэ два».

23 Гаворыць яму гаспадар яго: «Добра, слуга добры і верны; ты быў у малым верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасць гаспадара твайго».

24 А той, што атрымаў адзін талент, прыходзячы, гаворыць: «Гаспадару, я ведаю цябе як чалавека жорсткага: ты жнеш, дзе не пасеяў, і збіраеш, дзе не рассыпаў.

25 Дык, баючыся, пайшоў я і закапаў твой талент у зямлю. Вось, бяры, што тваё».

26 У адказ гаспадар яго сказаў: «Слуга благі і неруплівы! Ты ведаў, што я жну, дзе не пасеяў, і збіраю, дзе не рассыпаў.

27 Дык належала б табе мае грошы даць мяняльшчыкам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы, што маё, з прыбыткам.

28 Таму вазьміце ад яго талент і дайце таму, хто мае дзесяць талентаў.

29 Бо кожнаму, хто мае, будзе дададзена, і ён будзе багаты; а ў таго, хто не мае, адбяруць і тое, што ён мае.

30 А слугу нягоднага кіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгатанне зубоў».

31 А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй, і ўсе анёлы разам з Ім, тады Ён сядзе на пасадзе славы Сваёй.

32 І збяруцца перад Ім усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў.

33 І Ён паставіць авечак праваруч Сябе, а казлоў – леваруч.

34 Тады скажа Валадар тым, што будуць праваруч Яго: «Прыходзьце, бласлаўлёныя Айца Майго; атрымайце Валадарства, прыгатаванае для вас ад заснавання свету.

35 Бо быў Я галодны, і вы накармілі Мяне; быў сасмяглы, і вы далі Мне піць; быў госцем, і вы прынялі Мяне;

36 быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне».

37 Тады адкажуць Яму справядлівыя, кажучы: «Госпадзе, калі ж мы Цябе бачылі галодным і накармілі Цябе, або сасмяглым і далі Табе піць?

38 Калі ж мы бачылі госцем Цябе і прынялі, або голым і апранулі?

39 Калі ж мы бачылі хворым Цябе або ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?»

40 І, адказваючы, Валадар скажа ім: «Сапраўды кажу вам: Што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, тое Мне зрабілі».

41 Тады скажа Ён і тым, хто леваруч Яго будуць: «Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, які прыгатаваны для д’ябла і анёлаў яго.

42 Бо быў Я галодны, і вы не далі Мне есці, быў Я сасмяглы, і вы не далі Мне піць;

43 быў Я госцем, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворым і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне».

44 Тады адкажуць яны Яму, кажучы: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, або сасмяглым, або госцем, або голым, або хворым, або ў вязніцы і не паслужылі Табе?»

45 Тады Ён адкажа ім, кажучы: «Сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з тых найменшых, таго і Мне не зрабілі».

46 І пойдуць яны на вечную муку, а справядлівыя – у жыццё вечнае».

 

Раздзел 26

1 І сталася, калі скончыў Ісус усе гэтыя словы, сказаў Ён вучням Сваім:

2 «Вы ведаеце, што праз два дні Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаванне».

3 Тады сабраліся першасвятары і старшыні народа ў палац першасвятара, званага Кайфам,

4 і радзіліся, як бы Ісуса ўзяць подступам і забіць.

5 Казалі аднак: «Не ў дзень святочны, каб не выклікаць абурэння ў народзе».

6 А калі Ісус быў у Бэтаніі, у доме Сімона пракажонага,

7 падышла да Яго жанчына, трымаючы алябастравую пасудзіну каштоўнага алейку, і пачала ліць Яму на галаву, калі Ён узлягаў за сталом.

8 Бачачы гэта, вучні разгневаліся і казалі: «Нашто гэта марнатраўства?

9 Бо можна было дорага прадаць яго і раздаць убогім».

10 А Ісус, ведаючы пра гэта, гаворыць ім: «Што вы надакучаеце гэтай жанчыне? Яна зрабіла добры ўчынак для Мяне.

11 Убогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды будзеце мець.

12 Яна, выліваючы гэты алеек на Маё цела, учыніла гэта для пахавання Майго.

13 Сапраўды кажу вам, дзе па ўсім свеце будзе прапаведана гэтае Евангелле, будзе гаварыцца і пра тое, што яна зрабіла, на памяць пра яе».

14 Тады адышоў адзін з дванаццаці, якога звалі Юда Іскарыёт, да першасвятароў

15 і гаворыць ім: «Што дасце мне, і я вам выдам Яго?» А яны дамовіліся з ім на трыццаць срэбранцаў.

16 І ад гэтай  гадзіны ён шукаў нагоды, каб выдаць Ісуса.

17 У першы дзень праснакоў прыйшлі да Ісуса вучні Яго, кажучы: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есці Пасху?»

18 І Ён сказаў ім: «Ідзіце ў горад да аднаго чалавека і скажыце яму: Настаўнік кажа: час Мой блізкі, у цябе ўчыню Я Пасху з вучнямі Маімі».

19 І вучні зрабілі, як ім загадаў Ісус, і прыгатавалі Пасху.

20 А калі звечарэла, Ісус разам з дванаццаццю ўзлёг пры стале.

21 І, калі яны вячэралі, сказаў: «Сапраўды кажу вам: адзін з вас выдасць Мяне».

22 Яны, дужа засмучаныя, пачалі пытацца кожны асобна: «Ці не я гэта, Госпадзе?»

23 А Ён, адказваючы, гаворыць: «Хто апускае са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне.

24 Сапраўды, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы будзе выдадзены. Лепш было б, каб той чалавек не нарадзіўся».

25 І, адказваючы, Юда, які Яго выдаў, сказаў: «Ці не я гэта, Раббі?» Ён гаворыць яму: «Ты сказаў».

26 І, калі яны елі, узяў Ісус хлеб, і блаславіў, і паламаў, і раздаў вучням, і гаворыць: «Бярыце, ешце, гэта ёсць Цела Маё».

27 І, узяўшы келіх, склаў падзяку і даў ім, кажучы: «Піце з гэтага ўсе.

28 Бо гэта ёсць Кроў Мая Новага Запавету, якая праліваецца за многіх на адпушчэнне грахоў.

29 Кажу вам: ад гэтай гадзіны не буду піць з гэтага вінаграднага плода аж да таго дня, калі з вамі буду піць новае ў Валадарстве Айца Майго».

30 І, адгаварыўшы гімн, пайшлі на Аліўную гару.

31 Тады гаворыць ім Ісус: «У гэтую ноч усе вы згоршыцеся з Мяне. Бо напісана: «Удару пастыра, і разбягуцца авечкі статка».

32 Але калі ўваскрэсну, раней за вас прыйду ў Галілею».

33 І, адказваючы, Пётра гаворыць Яму: «Хоць бы ўсе згоршыліся з Цябе, я не згоршуся».

34 Гаворыць яму Ісус: «Сапраўды кажу табе: у гэтую ноч, перш чым певень запяе, ты тры разы зрачэшся Мяне».

35 Гаворыць Яму Пётра: «Калі б мне і памерці прыйшлося з Табой, не зракуся Цябе». Падобна казалі і ўсе вучні.

36 Потым прыйшоў Ісус з імі ў сяленне, якое завуць Гетсэмань. І кажа Ён вучням: «Пасядзіце тут, пакуль Я пайду туды і памалюся».

37 І, узяўшы Пётру і двух сыноў Зебядзеевых, пачаў сумаваць і журыцца.

38 Тады гаворыць Ён ім: «Журботная душа Мая аж да смерці, пабудзьце тут і чувайце разам са Мной».

39 І, адышоўшы крыху, упаў на твар Свой, молячыся і кажучы: «Ойча Мой, калі гэта магчыма, хай абміне Мяне гэты келіх, але не як Я хачу, а як Ты».

40 І прыйшоў Ён да вучняў, і ўбачыў, што яны спяць, і кажа Пётры: «Ці так не змаглі вы адну гадзіну не спаць разам са Мной?

41 Чувайце і маліцеся, каб не ўвайшлі вы ў спакусу: бо дух руплівы, а цела кволае».

42 І адышоўся другі раз, і маліўся, кажучы: «Ойча Мой, калі не можа гэта абмінуць, каб Я не піў таго, хай будзе воля Твая».

43 І вярнуўся ізноў, і ўбачыў, што яны спяць, бо вочы іх былі ацяжэлыя.

44 І, пакінуўшы іх і адышоўшы, маліўся трэці раз, тыя самыя словы кажучы ізноў.

45 Потым прыйшоў да вучняў Сваіх і кажа ім: «Вы яшчэ спіце і адпачываеце; вось надышла гадзіна, і Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў.

46 Падыміцеся, пойдзем: вось наблізіўся той, хто Мяне выдае».

47 А калі Ён яшчэ гаварыў, вось Юда, адзін з дванаццаці, падышоў, а з ім вялікі натоўп з мячамі і палкамі, накіраваны першасвятарамі і старшынямі народа.

48 Той жа, хто выдаў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён; хапайце Яго».

49 І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: «Прывітаны будзь, Раббі!» і пацалаваў Яго.

50 А Ісус сказаў яму: «Дружа, пашто прыйшоў?» Тады кінуліся яны, і ўсклалі рукі на Ісуса, і схапілі Яго.

51 І вось адзін з тых, што былі з Ісусам, выцягнуўшы руку, выняў меч свой і, ударыўшы слугу першасвятара, адсёк яму вуха.

52 Тады гаворыць яму Ісус: «Схавай меч твой на сваё месца. Бо ўсе, што возьмуць меч, пагінуць ад мяча.

53 Ці не разумееш, што Я мог бы прасіць Айца Майго, і Ён выставіў бы Мне зараз больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?

54 Але як жа тады збудуцца Пісанні, што так мусіць стацца?»

55 У той час сказаў Ісус народу: «Ці не так, як на разбойніка, выйшлі вы з мячамі і палкамі, каб Мяне ўзяць? Штодня сядзеў Я, навучаючы ў святыні, і вы не схапілі Мяне».

56 Усё гэта сталася, каб споўніліся пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.

57 Узяўшы Ісуса, павялі Яго да Кайфы, першасвятара, дзе сабраліся кніжнікі і старшыні.

58 Пётра ішоў за Ім здалёку аж да палаца першасвятара. І, увайшоўшы ў сярэдзіну, ён сядзеў са слугамі, каб убачыць канец.

59 А першасвятары і ўся рада шукалі фальшывага сведчання супраць Ісуса, каб выдаць Яго на смерць,

60 і не знаходзілі, хоць прыходзіла многа фальшывых сведкаў. Нарэшце двое, прыйшоўшы,

61 сказалі: «Ён сказаў: «Я магу разбурыць святыню Божую і ў тры дні адбудаваць яе».

62 І, падняўшыся, першасвятар гаворыць Яму: «Ты нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сведчаць?»

63 Але Ісус маўчаў. І першасвятар гаворыць Яму: «Запрысягаю Цябе Богам жывым, каб Ты нам сказаў, ці Ты  Хрыстос, Сын Божы?»

64 Кажа яму Ісус: «Ты сказаў. Аднак кажу вам: ад гэтага часу ўбачыце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Магутнасці і прыходзіць у аблоках нябесных».

65 Тады першасвятар, разадраўшы шаты свае, сказаў: «Ён зблюзніў! Нашто яшчэ нам патрэбны сведкі? Цяпер вы чулі блюзнерства.

66 Што вы думаеце?» Яны ж, адказваючы, сказалі: «Ён варты смерці!»

67 Тады пачалі пляваць у твар Яму і біць Яго кулакамі, а іншыя далонямі па твары Яго білі,

68 кажучы: «Праракуй нам, Хрысце, хто Цябе ўдарыў?»

69 А Пётра сядзеў звонку на падворку. Адна ж служка падышла да яго, кажучы: «І ты быў з Ісусам Галілейскім».

70 А ён зрокся перад усімі, кажучы: «Я не ведаю, што ты кажаш».

71 А калі ён выходзіў з дзвярэй, другая ўбачыла яго і гаворыць тым, хто былі там: «І ён быў з Ісусам з Назарэта».

72 Ён ізноў зрокся з прысягай: «Я не ведаю [гэтага] чалавека».

73 Крыху пазней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пётры: «Сапраўды, ты з іх, бо і гаворка твая выдае цябе».

74 Тады пачаў ён клясціся і прысягаць: «Я не ведаю [гэтага] чалавека». І зараз запяяў певень.

75 І прыгадаў Пётра слова Ісуса, якое Ён сказаў: «Перш, чым певень запяе, ты тройчы зрачэшся Мяне». І, выйшаўшы вонкі, ён горка заплакаў.

 

Раздзел 27

1 А калі настала раніца, сышліся ўсе першасвятары і старшыні народа на раду супраць Ісуса, каб адаць Яго на смерць.

2 І, звязаўшы, завялі і перадалі Яго намесніку Пілату.

3 Тады Юда, які Яго выдаў, бачачы, што Ён асуджаны, праняты жалем, аддаў трыццаць срэбранцаў першасвятарам і старшыням,

4 кажучы: «Саграшыў я, выдаючы кроў бязвінную». А яны сказалі: «Дык што ты хочаш ад нас? Ты сам глядзі!»

5 І, кінуўшы срэбранцы ў святыні, ён выйшаў і, адышоўшы, павесіўся.

6 А першасвятары, узяўшы срэбранцы, сказалі: «Нельга перадаць іх у скарбону, бо гэта плата крыві».

7 І, учыніўшы раду, купілі за іх поле ганчара для пахавання вандроўнікаў.

8 З-за гэтага тое поле аж да сённяшняга дня завецца Гакельдама.

9 Тады збылося тое, што было сказана прарокам Ярэміем, які казаў: «І ўзялі трыццаць срэбранцаў, плату за ацэненага, якога ацанілі сыны Ізраэля,

10 ды далі іх за поле ганчара, як мне сказаў Госпад».

11 А Ісус стаў перад намеснікам; і спытаўся ў Яго намеснік, кажучы: «Дык Ты – Цар Юдэйскі?» Сказаў яму Ісус: «Ты кажаш».

12 І калі Яго вінавацілі першасвятары і старшыні, Ён нічога не адказваў.

13 Тады кажа Яму Пілат: «Ці ты не чуеш, колькі сведчанняў даюць супраць Цябе?»

14 А Ён не адказаў яму на ніводнае слова, так што намеснік вельмі дзівіўся.

15 На дзень святочны намеснік меў звычай адпускаць народу аднаго вязня, якога хацелі б.

16 А меў ён тады вядомага вязня, які зваўся Барабам.

17 І, калі ўсе сабраліся, сказаў Пілат: «Каго вы хочаце, каб я вам адпусціў? Барабу ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?»

18 Бо ён ведаў, што Яго выдалі з-за зайздрасці.

19 Калі ён сядзеў на судзішчы, жонка яго паслала да яго, кажучы: «Не рабі нічога гэтаму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат папакутавала з-за Яго».

20 А першасвятары  і старшыні падбухторылі народ, каб прасілі Барабу, а Ісуса загубілі.

21 І, звяртаючыся, намеснік гаворыць ім: «Каго з двух хочаце, каб я вам адпусціў?» І яны сказалі: «Барабу».

22 Кажа ім Пілат: «А што ж мне зрабіць з Ісусам, Якога завуць Хрыстом?» Кажуць ўсе: «Хай будзе ўкрыжаваны!»

23 Гаворыць ён: «А што Ён благога зрабіў?» А яны яшчэ мацней крычалі, кажучы: «Хай будзе ўкрыжаваны!»

24 І Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а ўзрушэнне робіцца большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад народам, кажучы: «Я не вінаваты ў крыві гэтай. Гэта ваша справа».

25 І, адказваючы, увесь народ сказаў: «Кроў Яго на нас і на нашых сынах».

26 Тады ён адпусціў ім Барабу, а Ісуса ўбічаванага аддаў на ўкрыжаванне.

27 Тады жаўнеры намесніка, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі да Яго цэлую кагорту.

28 І, зняўшы з Яго хламіду, усклалі на Яго пурпуровы плашч;

29 і, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву; і далі Яму трысціну ў правую руку; і, укленчыўшы перад Ім, здзекаваліся з Яго, кажучы: «Будзь прывітаны, Цар Юдэйскі!»

30 І, плюючы на Яго, узялі трысціну і білі Яго па галаве.

31 А калі ўжо наздзекаваліся, знялі з Яго пурпуровы плашч, адзелі Яго ў Яго хламіду і павялі на ўкрыжаванне.

32 Выходзячы, напаткалі яны чалавека з Цырэны на імя Сімон; яго прымусілі несці крыж Яго.

33 І прыйшлі на месца, якое называецца Гальгота, што значыць Месца Кальварыі,

34 і далі Яму піць віно, змяшанае з жоўцю. І, калі яго пакаштаваў, не захацеў піць.

35 Потым, укрыжаваўшы Яго, падзялілі адзенне Яго, кідаючы жэрабя.

36 І, седзячы, сцераглі Яго там.

37 І над галавой Яго змясцілі надпіс віны Яго: «Гэта Ісус, Цар Юдэйскі».

38 Тады ўкрыжавалі абапал Яго двух лотраў, аднаго праваруч, а другога леваруч.

39 І тыя, што міма ішлі, блюзнілі на Яго, ківаючы галавой сваёй

40 і кажучы: «Ты, што руйнуеш святыню і ў тры дні адбудоўваеш, уратуй Сябе Самога; калі Ты – Сын Божы, сыдзі з крыжа!»

41 Падобным чынам і першасвятары, учыняючы здзек разам з кніжнікамі і старшынямі народа, казалі:

42 «Ён другіх ратаваў, а Сам Сябе ўратаваць не можа. Ён – Валадар Ізраэля; дык няхай цяпер сыдзе з крыжа, і мы паверым у Яго.

43 Спадзяваўся Ён на Бога, хай жа вызваліць Яго цяпер, калі Ён спагадны да  Яго. Бо Ён казаў: «Я – Сын Божы».

44 Таксама і лотры, з ім укрыжаваныя, зневажалі Яго.

45 А ад гадзіны шостай цемра настала на ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай.

46 І каля дзевятай гадзіны закрычаў Ісус моцным голасам: «Элі, Элі, лэма сабактані?», што значыць: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»

47 І некаторыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: «Іллю кліча Ён».

48 І тут адзін з іх, адразу пабегшы і  ўзяўшы губку, напоўніў яе воцатам, і насадзіў на трысціну і даваў Яму піць.

49 Іншыя ж казалі: «Кінь, паглядзім, ці прыйдзе Ілля вызваліць Яго».

50 А Ісус, ізноў закрычаўшы моцным голасам, сканаў.

51 І вось заслона ў святыні разарвалася на дзве часткі зверху ўніз, і зямля здрыганулася, і каменне раскалолася,

52 і адкрыліся магілы, і многія целы святых, што паснулі, паўсталі,

53 і, выйшаўшы з магіл, па ўваскрэсенні Яго, прыйшлі ў святы горад і паказаліся многім.

54 Сотнік жа і тыя, што з ім былі, вартуючы Ісуса, убачыўшы  землятрус ды ўсё, што адбывалася, спалохаліся вельмі, кажучы: «Сапраўды, Ён быў Сын Божы».

55 Было там шмат жанчын, што назіралі здалёк, якія хадзілі следам за Ісусам ад Галілеі, паслугоўваючы Яму.

56 Сярод іх была Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Язэпа, ды маці сыноў Зебядзеевых.

57 А калі настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, які і сам быў вучнем Ісуса.

58 Ён прыйшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса. Тады Пілат загадаў, каб аддалі.

59 І Язэп, узяўшы цела, абгарнуў яго чыстай плашчаніцай,

60 і палажыў Яго ў сваім новым склепе, што быў высечаны ў скале, і вялікі камень падкаціў да ўвахода ў склеп, і адышоў.

61 І была там Марыя Магдалена і другая Марыя, што сядзелі насупраць магілы.

62 А на другі дзень, які ёсць пасля дня прыгатавання, сабраліся першасвятары і фарызеі ў Пілата,

63 кажучы: «Гаспадару, прыпомнілі мы, што ашуканец гэты яшчэ жывы сказаў: «Праз тры дні Я ўваскрэсну».

64 Дык загадай вартаваць магілу аж да трэцяга дня, каб часам не прыйшлі вучні Яго, і не выкралі Яго, і не сказалі людзям: «Ён паўстаў з мёртвых», бо тады апошні падман будзе горшы за першы».

65 Пілат гаворыць ім: «Вы маеце варту, ідзіце, сцеражыце, як умееце».

66 Яны, пайшоўшы, умацавалі магілу вартай, прыклаўшы пячатку да каменя.

 

Раздзел 28

1 А позна па субоце, на досвітку першага дня ад суботы прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу.

2 І вось страшна затрэслася зямля; бо Анёл Гасподні сышоў з неба, і, падышоўшы, адваліў камень, і сядзеў на ім.

3 А выгляд яго быў як маланка, і адзенне яго – як снег белае.

4 Ад страху перад ім затрымцелі вартаўнікі і сталі як мёртвыя.

5 А Анёл, адказваючы, сказаў жанчынам: «Не бойцеся; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса, Які быў укрыжаваны.

6 Няма Яго тут, бо Ён уваскрос, як  сказаў. Ідзіце і паглядзіце на месца, дзе Ён быў пакладзены.

7 Ды хутчэй ідзіце, скажыце вучням Яго: Ён уваскрос з мёртвых і вось раней вас ідзе ў Галілею; там Яго ўбачыце. Вось я сказаў вам».

8 І, выйшаўшы хутка з магілы, са страхам і вялікаю радасцю пабеглі яны, каб паведаміць вучням Яго.

9 І вось Ісус сустрэў іх, кажучы: «Прывітаныя будзьце!» Яны ж падышлі і ўпалі да ног Яго і пакланіліся Яму.

10 Тады гаворыць ім Ісус: «Не бойцеся. Ідзіце, абвясціце братам Маім, каб пайшлі ў Галілею, і там Мяне ўбачаць».

11 А калі яны адышлі, вось, некаторыя з вартаўнікоў прыйшлі ў горад і паведамілі першасвятарам пра ўсё, што здарылася.

12 Тыя ж сабраліся са старшынямі і, учыніўшы раду, далі жаўнерам многа грошай,

13 кажучы: «Паведамляйце: вучні Яго прыйшлі ноччу і выкралі Яго, пакуль мы спалі.

14 А калі пра гэта дачуецца намеснік, мы яго пераканаем і пазбавім вас пакарання».

15 Яны тады, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. І пашырылася слова гэтае сярод Юдэяў аж да сённяшняга дня.

16 А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды ім загадаў Ісус.

17 І, убачыўшы Яго, пакланіліся; а некаторыя сумняваліся.

18 Ісус жа, падышоўшы да іх, загаварыў, кажучы: «Дадзена Мне ўся ўлада на небе і на зямлі.

19 Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца, і Сына, і Святога Духа,

20 навучаючы іх выконваць усё, што Я вам перадаў. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння века».