Беларуская Біблія

ЛІСТ ДА КАЛОСЦАЎ

Раздзел 1

1 Паўла, з волі Божай апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат,

2 тым святым і веруючым братам у Хрысце, што ў Калосах: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага.

3 Дзякуем Богу Айцу Госпада нашага Ісуса Хрыста, заўсёды молячыся за вас

4 і чуючы пра веру вашу ў Хрыста Ісуса і пра любоў, якую маеце да ўсіх святых,

5 дзеля надзеі, якая прыгатавана для вас на небе, аб якой чулі вы раней у слове праўды Евангелля,

6 якая дайшла да вас, як і па ўсім свеце разышлася, і дае плады, і расце, як і ў вас ад таго дня, у якім вы пачулі ды пазналі ласку Божую ў праўдзе,

7 як вы навучыліся ад Эпафраса, супрацоўніка нашага найдаражэйшага, вернага для вас слугі Ісуса Хрыста,

8 які таксама паведаміў нам пра вашую любоў у Духу.

9 Таму і мы ад таго дня, у якім гэта пачулі, не перастаём за вас маліцца і прасіць Бога, каб вы напоўніліся пазнаннем волі Яго ва ўсякай мудрасці і духоўным разуменні,

10 і каб жылі дастойна Бога, ва ўсім падабаючыся [Яму], прыносячы плод у кожным добрым дзеянні і ўзрастаючы ў пазнанні Бога,

11 дужэючы ўсякай сілаю паводле магутнасці славы Яго ва ўсякай цярплівасці і велікадушнасці, з радасцю

12 дзякуючы Айцу, Які ўчыніў вас дастойнымі ўдзельнічаць у лёсе святых у свеце,

13 Які вырваў нас з улады цемры і перанёс у Валадарства Сына ўлюбёнага Свайго,

14 у Якім атрымалі мы адкупленне, адпушчэнне грахоў.

15 Які ёсць вобраз нябачнага Бога, Першынец усяго стварэння,

16 бо ў Ім заснавана ўсё, што ёсць у небе і на зямлі, бачнае і нябачнае, ці то троны, ці то валадаранні, ці начальствы, ці ўлады. Усё праз Яго і для Яго створана,

17 і Ён ёсць перад усім, і ўсё ў Ім заключаецца.

18 І Ён – Галава цела Царквы; Ён – Пачатак, Першынец з мёртвых, каб ва ўсім Ён трымаў першынства,

19 бо спадабалася [Богу], каб у Ім прабывала ўсякая поўня,

20 каб праз Яго ўсё пагадзіць з Сабою, ці што на зямлі, ці што ў небе ёсць, робячы супакой крывёю крыжа Яго.

21 І вас, што былі калісьці чужымі і ворагамі праз схільнасць да ліхіх учынкаў,

22 цяпер пагадзіў у целе смерцю цела Свайго, каб паставіць вас перад Сабою святымі, беззаганнымі і бездакорнымі,

23 калі толькі застанецеся моцнымі верай, стойкімі і непарушнымі ў надзеі Евангелля, якое вы чулі, якое абвяшчаецца ўсяму стварэнню, якое пад небам, якога я, Паўла, стаўся слугою.

24 Цяпер радуюся я з цярпенняў за вас і дапаўняю тое, чаго нестае з пакут Хрыстовых, у сваім целе за Цела Яго, якім ёсць Царква,

25 якой я стаўся слугою за пастановай Божай, дадзенай мне адносна вас, каб я споўніў слова Божае,

26 тайну, схаваную ад вякоў і пакаленняў, а цяпер выяўленую Яго святым,

27 якім захацеў Бог выявіць багацці хвалы гэтае тайны сярод паганаў. Гэта ёсць Хрыстос між вамі, надзея хвалы.

28 Яго абвяшчаем мы, навучаючы кожнага чалавека ва ўсякай мудрасці, каб прадставіць кожнага чалавека дасканалым у Хрысце.

29 Дзеля гэтага я і працую, ваюючы пры Яго садзеянні, якім Ён ува мне дзейнічае магутна.

Раздзел 2

1 Хачу вось, каб вы ведалі, якую руплівасць я маю дзеля вас і адносна тых, што ў Лаадыцэі, і што не бачылі мяне асабіста ў целе,

2 каб парадаваліся сэрцы іх, навучаныя ў любові і для поўнага ўзбагачэння розуму, дзеля пазнання тайны Бога – Хрыста,

3 у Якім усе скарбы мудрасці і ведання схаваны.

4 Гэта вам кажу, каб ніхто вас не падмануў падступствам слоў.

5 Бо хаця я адсутны целам, але духам я з вамі, радуючыся і бачачы парадак ваш і цвёрдасць веры вашай у Хрыста.

6 Дык як вы прынялі Хрыста Ісуса, Госпада, у Ім і жывіце,

7 укарэненыя і ўбудаваныя ў Ім, і ўзмоцненыя ў веры, як і былі навучаны, несупынна дзякуючы Яму.

8 Глядзіце, каб не збаламуціў вас хто філасофіяй і пустым ашуканствам паводле звычаю людзей, паводле стыхій свету, а не паводле Хрыста.

9 Бо ў Ім прабывае ўся паўната Боства цялесна,

10 і вы напоўнены ў Ім, Які ёсць галава ўсякага начальства і ўлады.

11 У Ім вы абрэзаны абразаннем, не рукой зробленым удасканаленнем цела цялеснага, але абразаннем Хрыстовым,

12 пахаваныя з Ім у хросце, вы з Ім і ўваскрэслі праз веру ў магутнасць Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых.

13 І вас, мёртвых у злачынствах і неабрэзанасці цела вашага, ажывіў з Ім, дараваўшы нам усе грахі,

14 скасаваўшы напісаную рукою пастанову, што асуджала нас, што была супраць нас, і ўзяў Яго з асяроддзя нашага і прыбіў Яго да крыжа,

15 раззброіўшы начальствы і ўлады, выставіў адважна [на відовішча], трыумфуючы над імі ў Ім.

16 Дык хай ніхто вас не асуджае за яду або пітво, або з прычыны дня святочнага, ці маладзіка, ці суботы,

17 якія з‘яўляюцца ценем будучага, цела ж – Хрыстова.

18 Ніхто няхай не пазбавіць вас узнагароды, маючы ўпадабанне ў прыніжэнні сябе і кульце анёлаў, звяртаючы ўвагу на тое, што не бачыў, марна пышачыся розумам цела свайго

19 і не трымаючыся Галавы, ад Якой усё цела, суставамі і вязямі злучанае і змацаванае, расце ўзрастаннем Божым.

20 Дык калі вы памёрлі з Хрыстом для стыхій свету, чаму ж, быццам жывучы яшчэ ў свеце, падпарадкоўваецеся вы пастановам:

21 «Не чапай, не каштуй, не дакранайся»?

22 Гэта ўсё праз само карыстанне вынішчаецца, згодна з пастановамі і навукамі чалавечымі.

23 Гэта мае толькі выгляд мудрасці ў самавольным служэнні, у пакорлівасці, у нядбанні пра цела, у поўнай непашане да насычанасці цела.

 

Раздзел 3

1 Дык калі вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ўгары ёсць, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога,

2 пра ўзгорнае думайце, а не пра зямное.

3 Бо вы – памёршыя, і жыццё ваша пахавана з Хрыстом у Богу!

4 Калі аб’явіцца Хрыстос, жыццё вашае, тады і вы аб’явіцеся з Ім у хвале.

5 Дык мярцвіце члены вашыя, што на зямлі: распусту, нячыстасць, чужаложства, ліхія пажаданні і сквапнасць, якая ёсць балванапаклонства,

6 праз якія надыходзіць гнеў Божы на дзяцей недаверства,

7 сярод якіх і вы калісьці жылі, калі былі між імі.

8 Але цяпер адкіньце і вы ўсё: гнеў, мсцівасць, злосць, блюзнерствы і брыдкія словы з вуснаў вашых.

9 Не хлусіце адзін аднаму вы, што скінулі з сябе старога чалавека з яго ўчынкамі

10 і прыадзеліся ў новага, які несупынна аднаўляецца ў пазнанні па ўзору Таго, Які яго стварыў,

11 дзе ўжо няма Грэка і Юдэя, абрэзанага ці неабрэзанага, іншаземца, Скіта, нявольніка і вольнага, але ўсё і ва ўсім Хрыстос.

12 Дык адзеньцеся як выбраннікі Божыя, святыя і ўлюбёныя, у сэрца спагаднае, ласкавасць, пакорлівасць, сціпласць, цярплівасць,

13 церпячы адны адных і прабачаючы самім сабе, калі хто да каго мае спачуванне; як Госпад дараваў вам, так і вы.

14 А над усім адзеньцеся ў тую любоў, якая ёсць вузел дасканаласці.

15 А супакой Хрыстовы, да якога вы і пакліканыя ў адным целе, хай пануе ў сэрцах вашых. І будзьце ўдзячныя.

16 Хай шчодра прабывае ў вас слова Хрыста, каб з усёю мудрасцю адны адных навучалі і настаўлялі ды каб з удзячнасцю Богу ў сэрцах вашых спявалі вы псалмы, гімны і песні духоўныя.

17 І ўсё, што робіце словам ці дзеяннем, усё ў імя Госпада Ісуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу.

18 Жонкі, будзьце паслухмянымі мужам, як належыцца ў Госпадзе.

19 Мужы, любіце жонак і не будзьце для іх прыкрымі.

20 Дзеці, слухайце бацькоў ва ўсім, бо гэта падабаецца Госпаду.

21 Бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, каб яны не слабелі духам.

22 Нявольнікі, слухайцеся ва ўсім гаспадароў цялесных, не на вачах служачы, каб людзям падабацца, але ў прастаце сэрца, баючыся Бога.

23 Усё, што ні робіце, ад душы рабіце, як Богу, а не людзям,

24 ведаючы, што ў Госпада атрымаеце ва ўзнагароду спадчыну, бо вы служыце Госпаду Хрысту.

25 Хто чыніць несправядлівасць, атрымае тое, што зрабіў нягодна, бо ў Бога няма зважання на асобы.

 

Раздзел 4

1 Гаспадары, аддавайце нявольнікам тое, што [ім належыць] справядліва і па праву, ведаючы, што і вы маеце Госпада ў небе.

2 Трывайце ў малітве, чувайце ў ёй з падзякаю,

3 молячыся поруч і за нас, каб Бог адчыніў нам дзверы слова, каб выказаць таямніцу Хрыстову, дзеля якой я стаўся вязнем,

4 каб выявіць яе, як мне належыць, моваю.

5 Адносна тых, што звонку, паступайце мудра, здабываючы час.

6 Слова вашае хай будзе заўсёды ласкавае, прыпраўленае соллю, каб вы ведалі, як што каму належыць адказаць.

7 Пра мяне ўсё вам раскажа Тыхік, найдаражэйшы брат, і верны слуга, і супрацоўнік у Госпадзе,

8 якога я паслаў да вас для таго, каб вы даведаліся, як нашыя справы, і ўсцешыліся сэрцамі вашымі,

9 разам з Анісімам, улюбёным і верным братам, які з вашых; усё, што тут робіцца, яны раскажуць вам.

10 Вітае вас Арыстарх, вязень разам са мной, і Марк, сваяк Барнабы, – адносна якога вы ўжо атрымалі даручэнні: калі прыбудзе да вас, прыміце яго, –

11 і Ісус, называны Юстам, які з абрэзаных; толькі яны адны – памагатары для Валадарства Божага; яны былі мне ўцехаю.

12 Вітае вас Эпафрас, што з вас, слуга Хрыста Ісуса, заўсёды руплівы ў малітвах за вас, каб сталіся вы дасканалымі і напоўніліся ўсякай воляй Божай.

13 Сведчу вам адносна яго, што шмат ён папрацаваў для вас і для тых, якія ў Лаадыцэі і Герапалісе.

14 Вітае вас Лука, лекар найдаражэйшы, і Дэмас.

15 Прывітайце братоў, якія ёсць у Лаадыцэі, і Німфана, і царкву ў яго доме.

16 І калі гэта пісьмо будзе прачытана ў вас, зрабіце, каб і ў царкве Лаадыцэйскай было яно прачытана, а тое, што з Лаадыцэі, прачытайце і вы.

17 І скажыце Архіпу: «Глядзі, каб выканаў паслугу, якую атрымаў ад Госпада».

18 Прывітанне маёю рукой, Паўлавай. Памятайце пра кайданы мае. Ласка з вамі.