Беларуская Біблія

2-І ЛІСТ ДА КАРЫНЦЯНАЎ

Раздзел 1

1 Паўла, з волі Божай апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат, Царкве Божай, што ў Карынце, з усімі святымі, што ва ўсёй Ахаі:

2 ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.

3 Бласлаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог усякага суцяшэння,

4 Які суцяшае нас у кожным нашым горы, каб мы самі маглі суцяшаць тых, што ў якой-колечы бядзе, суцяшэннем, якім самі суцяшаемся ад Бога.

5 Бо як у нас памнажаюцца цярпенні Хрыстовы, так і праз Хрыста павялічваецца суцяшэнне нашае.

6 І, калі мы смуткуем, дык для суцяшэння вашага і для збаўлення; а калі мы суцяшаемся, дык для вашага суцяшэння, каб вы цярпліва пераносілі гэтыя самыя пакуты, якія і мы церпім.

7 І надзея наша на вас цвёрдая, бо ведаем, што вы ёсць супольнікі як пакут, так і суцяшэння.

8 Не хочам, браты, каб вы не ведалі пра наша гора, якое сталася ў Азіі, бо нас страшна прыціснула звыш сілы, так што не спадзяваліся жыць.

9 Але мы самі ў сабе мелі прысуд смерці, каб не пакладаліся на саміх сябе, але на Бога, Які ўваскрашае мёртвых.

10 Ён і выбавіў нас ад такой смерці, і выбаўляе, і мы маем у Ім надзею, што і далей будзе выбаўляць,

11 за дапамогай вашых малітваў за нас, каб за той дар, што мы маем ад многіх людзей, многія падзяку складалі за нас.

12 Бо пахвала наша – гэта сведчанне сумлення нашага, што ў прастаце ды ў шчырасці перад Богам, і не ў цялеснай мудрасці, але ў ласцы Божай жылі мы на свеце, асабліва ў вас.

13 Не пішам вам нічога, як толькі тое, што вы чытаеце і што разумееце. Спадзяюся, што і да канца будзеце разумець.

14 Вы ўжо часткова зразумелі нас, што мы ёсць пахвала ваша, а вы – наша ў дзень Госпада нашага Ісуса.

15 І з такім даверам я ўжо раней хацеў прыбыць да вас, каб атрымалі вы паўторную ласку,

16 і ад вас прайсці ў Мацэдонію, а з Мацэдоніі зноў прыйсці да вас, каб вы правялі мяне ў Юдэю.

17 Калі я меў гэткі намер, ці рабіў гэта легкадумна? Ці тое, што я задумваю, паводле цела задумваю, каб было ў мяне: «так, так» і «не, не»?

18 Верны Бог, што слова нашае, якое было ў вас, – не было «так» і «не»!

19 Бо Сын Божы Ісус Хрыстос, Якога мы вам прапаведавалі, – я, і Сіліван, і Цімафей, – не быў: «так» і «не», але ў Ім было «так».

20 Бо колькі абяцанняў Божых, у Ім – «так». Таму таксама праз Яго «Амін» Богу на хвалу праз нас.

21 А Той, Хто нас умацоўвае разам з вамі ў Хрысце, ды Хто нас намасціў, ёсць Бог,

22 Які палажыў на нас пячатку Сваю ды пакінуў заруку Духа ў сэрцах нашых.

23 Дык прызываю ў сведку Бога й душу маю, што, шкадуючы вас, я дасюль не прыходзіў у Карынт,

24 не з-за таго, што мы валадарым над верай вашай, але мы памочнікі вашае радасці, бо ў веры вы трывалыя.

 

Раздзел 2

1 Я пастанавіў сам у сабе, каб не ісці да вас зноў у смутку,

2 бо, калі я вас засмучаю, хто мяне парадуе, калі не той, хто быў мною засмучаны?

3 І пісаў я вам пра гэта, каб, прыбыўшы, не мець смутку ад тых, ад якіх належала радавацца, бо я перакананы адносна ўсіх вас, што мая радасць таксама вашая.

4 Бо з вялікім жалем і тугою сэрца ды са слязамі пісаў я вам не дзеля таго, каб засмуціць вас, але каб вы адчулі, якую вялікую любоў маю я, асабліва ж да вас.

5 Калі хто засмуціў, то не мяне засмуціў, але, каб лішне не сказаць, часткова і ўсіх вас.

6 Такому хопіць кары, вызначанай большасцю,

7 але лепш, каб вы такому даравалі ды суцешылі, каб празмерная згрызота яго не ахапіла.

8 Таму прашу вас, каб выказалі такому любоў.

9 З гэтаю мэтаю я пісаў, каб спазнаць вашу выпрабаванасць, ці ва ўсім вы паслухмяныя.

10 Каму вы даруеце, таму і я; бо і я, калі каму дараваў, дык дараваў дзеля вас перад абліччам Хрыста,

11 каб не звёў нас шатан, бо думкі яго добра нам вядомыя.

12 Калі я прыбыў у Трааду дзеля дабравесця Хрыстовага і брама была мне адкрыта ў Госпадзе,

13 я не меў супакою духу майму, бо не спаткаў Ціта, брата майго. Таму я развітаўся з імі і падаўся ў Мацэдонію.

14 Хай будзе Богу падзяка за тое, што дае нам перамагаць у Хрысце заўсёды, ды праз нас ва ўсякім месцы выяўляе водар пазнання Свайго.

15 Мы вось мілы Богу водар Хрыстовы сярод тых, што дасягаюць збаўлення, і сярод тых, што гінуць:

16 для адных – водар ад смерці на смерць, а для другіх – водар ад жыцця на жыццё. І хто здатны на гэта?

17 Бо мы не фальшуем Слова Божага, як многія, але прамаўляем шчыра, як ад Бога на віду Бога ў Хрысце.

 

Раздзел 3

1 Ці пачнём зноў знаёміцца? Або ці будзем патрабаваць, як некаторыя, прадстаўнічых лістоў да вас або ад вас?

2 Вы ёсць наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых, які ведаюць і чытаюць усе людзі.

3 Вы паказваеце праз паслугу нашу, што вы – ліст Хрыстовы, напісаны не атрамантам, але Духам Бога жывога, не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрца.

4 Такую пэўнасць маем у Богу праз Хрыста.

5 Не ўважаем, што мы аб сабе нешта здольныя прыдумаць, як ад сябе, але гэта наша здольнасць ад Бога,

6 Які і ўчыніў нас здатнымі быць слугамі Новага Запавету, не літары, але Духа, бо літара забівае, а Дух ажыўляе.

7 Калі служэнне смерці, высечанае літарамі на каменні, было такім слаўным, што сыны Ізраэля не маглі глядзець на твар Майсея дзеля славы аблічча яго, якая прамінае,

8 дык ці не многа больш будзе слаўным служэнне Духа?

9 Бо калі служэнне асуджэння ёсць слава, дык тым болей багатым славаю будзе служэнне справядлівасці.

10 Гэтак тое, што набыло вядомасць  часткова, не мае больш славы па прычыне перавышаючай яе славы.

11 Бо калі тое, што прамінае, мае славу, то тым больш слаўнае тое, што трывае.

12 Дык вось, маючы такую надзею, мы дзейнічаем з вялікім даверам,

13 а не як Майсей, што ўздзеў заслону на твар свой, каб сыны Ізраэля не глядзелі на заканчэнне таго, што прамінае.

14 Але атупелі іх розумы, бо аж да цяперашняга дня, калі чытаюць Стары Запавет, гэтая заслона застаецца нязнятай, бо толькі ў Хрысце яна адсланяецца.

15 Дык па сённяшні дзень, калі чытаюць Майсея, заслона ляжыць на іх сэрцах.

16 А калі хто навяртаецца да Госпада, заслона ападае.

17 Госпад ёсць Дух, а дзе Дух Госпадаў, там свабода.

18 Мы ж усе з адкрытым тварам аглядаем славу Госпадаву, быццам у люстры, і перамяняемся ў Яго вобраз з яснасці ў яснасць, так, як ад Госпадава Духа.

Раздзел 4

1 Дзеля таго, маючы гэтае паслугаванне, толькі з міласэрнасці Божай мы не падаем духам,

2 але мы стрымліваемся ад скрытых [учынкаў] сораму, не кідаемся ў хітрыкі, ды не фальшуем слова Божага, але адкрытым вяшчэннем праўды прадстаўляем сябе перад Богам сумленню кожнага чалавека.

3 Калі нашае Евангелле засланёнае, дык засланёнае для тых, што гінуць,

4 для няверуючых, якім бог гэтага свету засляпіў розум, каб не заззяла святло дабравесця славы Хрыста, Які ёсць вобраз Бога.

5 Бо мы не саміх сябе прапаведуем, але Хрыста Ісуса, Госпада; а мы – вашыя слугі праз Ісуса.

6 Бо Сам Бог, Які загадаў: «Хай з цемры засвеціць святло», асвяціў нашыя сэрцы, каб асвяціць нас пазнаннем хвалы Божай у вобліку Ісуса Хрыста.

7 Ды мы гэты скарб захоўваем у гліняных пасудзінах, каб была велічнасць магутнасці Божай, ды не ад нас.

8 Мы ва ўсім церпім прыцясненне, але не прыдушаны; жывём у нястачах, але не ў роспачы;

9 церпім пераследаванні, але не пакінутыя; мы паваленыя, але не гінем;

10 заўсёды носім у целе нашым смерць Ісуса, каб і жыццё Ісуса выявілася ў целе нашым.

11 Бо мы, якія жывём, заўсёды аддаёмся на смерць дзеля Ісуса, каб і жыццё Ісуса выявілася ў нашым смяротным целе.

12 Так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё – у вас.

13 А маючы такі самы дух веры, аб якім напісана: «Я ўверыў, і таму прамовіў», і мы верым, і таму гаворым,

14 ведаючы, што Той, Хто ўваскрасіў Госпада Ісуса, таксама і нас уваскрасіць з Ісусам ды паставіць разам з вамі.

15 Бо ўсё гэта дзеля вас, каб шчодрасць ласкі тым большую выклікала ў многіх удзячнасць на славу Бога.

16 Таму мы і не падаем духам, бо хоць наш чалавек, той, што звонку, знішчаецца, аднак той, што ўнутры, з дня на дзень аднаўляецца.

17 Бо тое лёгкае наша гора творыць нам важкую славу ў празмерным вечным узвышэнні.

18 Бо мы не глядзім на тое, што бачнае, але на тое, што нябачнае, бо бачныя рэчы – часовыя, а нябачныя – вечныя.

 

Раздзел 5

1 Бо мы ведаем, што калі зямны наш дом, гэта хаціна, разваліцца, то маем ад Бога дом нерукатворны, але вечны ў небе.

2 Таму мы цяпер уздыхаем, прагнучы апрануцца ў нашае прыстанішча, якое ёсць на небе,

3 каб толькі, і адзетыя, мы не апынуліся голымі.

4 Вось мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, згараваныя, уздыхаем, хочучы не пазбыцца яе, але прыадзецца, каб тое, што смяротнае, ахоплена было жыццём.

5 На гэта і стварыў нас Бог, і даў нам заруку Духа.

6 Дзеля таго мы заўсёды радуемся, хоць ведаем, што, пакуль жывём у целе, мы далёкія ад Госпада,

7 бо жывём вераю, а не бачаннем.

8 Мы, аднак, радуемся ды маем добрую волю лепш быць далёкімі ад цела і апынуцца перад Госпадам.

9 І таму імкнёмся падабацца Яму, ці мы з Ім, ці далёка ад Яго.

10 Бо ўсе мы мусім з’явіцца перад судом Хрыста, каб кожны атрымаў належную яму плату за тое, што зрабіў ён у целе, – ці добрае, ці ліхое.

11 Дык, ведаючы страх Госпадаў, мы пераконваем людзей, а перад Богам мы адкрытыя. Спадзяюся, што і для сумленняў вашых мы адкрытыя.

12 Кажам вам гэта не каб зноў сябе прадставіць вам, але каб даць вам магчымасць пахваліцца намі, каб мелі вы [што сказаць] перад тымі, што хваляцца абліччам, а не дабратой сэрца.

13 Бо калі мы не вылучаемся розумам, дык для Бога; а калі цвярозыя, дык дзеля вас.

14 Бо любоў Хрыста прынукае нас, якія разумеюць, што калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.

15 І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, што жывуць, ужо не для сябе жылі, але для Таго, Хто за іх памёр і ўваскрос.

16 Таму і мы ад гэтага часу не ведаем нікога паводле цела; і калі мы Хрыста спазналі паводле цела , дык ужо адцяпер не ведаем.

17 Бо хто ў Хрысце, той новае стварэнне; старадаўняе мінула, вось, сталася новае.

18 Усё ж ад Бога, Які пагадзіў нас з Сабою праз Хрыста, і даў нам служэнне прымірэння,

19 бо вось Бог у Хрысце пагадзіў свет з Сабою, не ўлічваючы ім злачынстваў іх, ды ўсклаў на нас слова прымірэння.

20 Дык мы замест Хрыста пасланыя, як бы Сам Бог просіць праз нас: за Хрыста просім, пагадзіцеся з Богам!

21 Бо Ён Таго, Хто не ведаў граху, учыніў грахом за нас, каб мы ў Ім сталіся справядлівасцю Божай.

 

Раздзел 6

1 Мы, як супрацоўнікі, заклікаем вас, каб вы не надарма прынялі ласку Божую,

2 бо Ён кажа: «У час прыдатны выслухаў Я цябе ды ў дзень збаўлення ўспамог табе». Вось цяпер час прыдатны, вось цяпер дзень збаўлення!

3 Не даючы нікому магчымасці спатыкнення, каб не глуміліся са служэння,

4 ва ўсім мы яўляем сябе слугамі Бога: у вялікай цярплівасці, у горы, у нястачы, ва ўцісках,

5 пад ударамі, у вязніцах, у бунтах, у спрацаванасці, у недаспаннях, у пастах,

6 у чыстасці, у мудрасці, у вялікадушнасці, у дабраце, у Духу Святым, у непадробнай любові,

7 у слове праўды, у магутнасці Божай, са зброяй справядлівасці ў правай і левай руцэ,

8 у пашане і ў ганьбе, у знеслаўленні і ў добрай славе; нібы ашуканцы, ды праўдамоўныя,

9 быццам няведамыя, ды вядомыя,быццам паміраючыя, а вось жывём, быццам караныя, але не забітыя насмерць,

10 як бы сумныя, але заўжды вясёлыя, быццам убогія, а ўсё ж узбагачаючыя многіх, як тыя, што нічога не маюць, а ўсім валодаюць.

11 Вусны нашыя адкрыліся да вас, Карынцяне, нашае сэрца пашырылася.

12 Вам не цесна ў нас, але цесна ў вашых сэрцах.

13 Адгадзіце нам тым самым спосабам, як да сваіх дзяцей кажу: адкрыйцеся і вы.

14 Не запрагайцеся з няверуючымі ў адно ярмо. Бо што мае агульнага справядлівасць з несправядлівасцю? Або якая супольнасць святла з цемраю?

15 Альбо якая згода Хрыста з Бэліярам, або якая частка веруючага з няверуючым?

16 Або якое суладдзе святыні Божай з ідаламі? Бо вы ёсць святыня Бога жывога, як кажа Бог: «Пасялюся ў іх і буду хадзіць, і буду іх Богам, а яны будуць Маім народам.

17 Таму выйдзіце ад іх і адлучыцеся з іх асяроддзя, кажа Госпад, і не дакранайцеся да нячыстага, і Я вас прыму,

18 і буду вам Айцом, а вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі, кажа Госпад Усемагутны».

 

Раздзел 7

1 Дык маючы такія абяцанні, умілаваныя, ачысцім сябе ад усякага бруду цела і духа, у страху Божым дасягаючы святасці.

2 Прыміце нас! Мы нікога не скрыўдзілі, нікога не падманулі, нікога не звялі.

3 Кажу гэта не каб вас асудзіць; бо казаў ужо, што вы ў нашых сэрцах, каб разам памерці і разам жыць.

4 Вялікае спадзяванне ў мяне на вас, вялікая пахвала мне за вас. Я напоўнены суцяшэннем і перапоўнены радасцю ў кожным нашым горы.

5 Бо калі мы прыбылі ў Мацэдонію, наша цела не мела супакою, але мы цярпелі ўсялякае гора: звонку – напасці, унутры – страхі.

6 Але Бог, Суцяшыцель пакорлівых, суцешыў нас прыбыццём Ціта.

7 І суцешыў не толькі прыбыццём яго, але і суцяшэннем, якім суцешыўся ў вас, калі распавядаў ён пра вашую руплівасць, пра вашыя слёзы, пра вашую тугу па мне, з чаго радаваўся я тым болей.

8 Хоць, можа, я вас і засмуціў лістом, але не шкадую гэтага. Калі б і шкадаваў, бачачы, што гэты ліст на нейкі час засмуціў вас,

9 аднак цяпер цешуся не таму, што вы засмуціліся, але што засмуціліся на навяртанне. Засмуціліся бо дзеля Бога, каб не цярпелі ад нас ніякай шкоды.

10 Бо гэты смутак дзеля Бога ўчыняе навяртанне на збаўленне, аб чым не трэба шкадаваць, а смутак гэтага свету ўчыняе смерць.

11 Гэта вось, што вы засмуткавалі дзеля Бога, выклікала ў вас гэткую руплівасць, а якую абарону, а якое абурэнне, а якую боязь, а якую тугу, а які клопат ды гатоўнасць прыняць адплату. Таму ва ўсім паказаліся вы беззаганнымі ў [гэтай] справе.

12 Затым, калі я вам напісаў, дык не дзеля таго, хто спрычыніў крыўду, і не дзеля таго, хто пацярпеў, але каб паказаць  руплівасць вашую, якую вы маеце дзеля нас у вас перад Богам.

13 Дзеля гэтага мы суцешыліся. А ў нашым суцяшэнні мы яшчэ больш узрадаваліся радасцю Ціта, што падтрыманы быў дух яго.

14 І я не пасаромеўся ў тым, што пахваліўся вамі перад ім. Падобна як усё гаварылі мы вам праўдзіва, так і сталася праўдай наша пахвала перад Цітам.

15 І сэрца яго яшчэ мацней [туліцца] да вас, калі прыпамінае вашу агульную паслухмянасць ды тое, як вы прынялі яго са страхам і трымценнем.

16 Дык я цешуся, што ва ўсім магу спадзявацца на вас.

 

Раздзел 8

1 Паведамляем вам, браты, пра тую ласку Божую, што была дадзена цэрквам Мацэдонскім,

2 як у цяжкім выпрабаванні прыгнётам вялікая радасць іх і надзвычайная беднасць іх выявілася багаццем прастаты.

3 Яны, сведчу, па магчымасці, ды нават звыш магчамасці, былі добраахвотнымі,

4 вельмі прасілі нас пра дар і супольнасць служэння для святых.

5 І яны звыш нашага спадзявання ахвяравалі сябе саміх найперш Госпаду, а затым нам па волі Божай.

6 Дзеля таго мы прасілі Ціта, каб як ён гэта ўжо пачаў, так і завяршыў гэтую ласку і ў вас.

7 І як вы ва ўсім былі багатымі, у веры, у слове, у ведах, ва ўсякай руплівасці, у любові сваёй да нас, каб і ў гэтай ласцы былі багатымі.

8 Кажу гэта не як загад, але выпрабоўваючы руплівасцю іншых прыроджаную дабрачыннасць і вашай любові.

9 Бо вы ведаеце ласку Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які, будучы багатым, дзеля вас стаўся бедным, каб Сваёю беднасцю вас узбагаціць.

10 І я даю параду ў гэтым. Гэта карысна для вас, бо вы ў мінулым годзе пачалі не толькі рабіць, але і хацець.

11 Давядзіце цяпер гэтую справу да канца, каб, чаго ахвотна жадалі, выканалі паводле таго, што маеце.

12 Бо калі ёсць ахвота, яна выяўляецца па тым, хто што мае, а не па тым, чаго хто не мае.

13 Бо не на тое, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб была роўнасць.

14 Хай цяпер вашае багацце пакрые іх нястачу, каб таксама іх багацце ў свой час дапоўніла вашу нястачу, каб так была роўнасць,

15 як напісана: «Хто [сабраў] многа, не меў лішняга, а хто мала – не меў нястачы».

16 Дзякуй Богу, які ў сэрцы Ціта абудзіў такую руплівасць пра вас,

17 бо не толькі прыняў маю просьбу, але, будучы вельмі дбалым, дабравольна выбраўся да вас.

18 Разам з ім паслалі мы брата, што славіцца за абвяшчэнне Евангелля па ўсіх цэрквах,

19 і не толькі гэта, але ён цэрквамі прызначаны быць таварышам нашага падарожжа з гэтай ласкай, якою мы служым на славу Госпада адпаведна нашым намаганням,

20 высцерагаючыся, каб нас хто не дакараў дзеля такога мноства [даручанага] нашаму служэнню.

21 Бо мы дбаем аб добрым не толькі перад Богам, але і перад людзьмі.

22 І паслалі мы з імі брата нашага, дбайнасць якога шмат у чым выпрабавалі і які цяпер яшчэ больш дбайны дзеля вялікага спадзявання на вас.

23 Што да Ціта, дык ён – мой таварыш і для вас памочнік; а браты нашыя – пасланцы цэркваў, слава Хрыста.

24 Дык пакажыце ім доказ вашай любові і нашай пахвальбы вамі перад абліччам цэркваў.

 

Раздзел 9

1 Аб паслузе, якая робіцца для святых, лішне мне пісаць вам,

2 бо ведаю пра вашу ахвоту, дзеля якой хвалюся вамі сярод Мацэдонцаў, што Ахая прыгатавана ад мінулага года, і так ваша руплівасць заахвоціла многіх.

3 Паслаў жа я братоў, каб у гэтым выпадку мая пахвальба вамі не была пустой, але, як ужо казаў, былі вы прыгатаванымі.

4 Бо, калі прыйдуць са мною Мацэдонцы і застануць вас непрыгатаванымі, каб мы не асароміліся, – не буду казаць «вы», – з гэтае прычыны.

5 Дык вось палічыў я патрэбным прасіць братоў, каб яны выйшлі да вас перад намі ды загадзя паклапаціліся пра абяцанае вам блаславенства, каб было яно прыгатавана так, як блаславенства, а не як прымус.

6 Бо так ёсць: хто скупа сее, той скупа і сажне, а хто ў блаславенствах сее, той у блаславенствах і жаць будзе.

7 Таму хай кожны мяркуе па свайму сэрцу, не шкадуючы і не змушаючы сябе, бо таго, хто з радасцю дае, любіць Бог.

8 Магутны Бог можа шчодра ўзбагаціць вас усякімі ласкамі, каб усюды і ва ўсім мелі вы дастатак, ды каб вы былі багатыя на ўсякую добрую справу,

9 як напісана: «Раздаў, даў убогім, справядлівасць яго будзе трываць вечна».

10 А Той, Хто дае насенне сейбіту, дасць і хлеб для яды, ды зерне ваша размножыць, і павялічыць ураджай справядлівасці вашай,

11 каб вы былі багатыя ўсім, поўныя прастаты, якая праз нас учыняе падзяку Богу, –

12 бо выкананне гэтага служэння не толькі папаўняе тое, чаго не хапае святым, але і багатае многімі падзякамі Богу.

13 Дык, дасведчыўшы такое служэнне, яны хваляць Бога за тое, што вы паслухмяныя ў вашым вызнанні Евангелля Хрыста, ды за шчырую лучнасць з імі і з усімі,

14 і ў сваіх маленнях за вас выяўляюць прыхільнасць да вас з-за шчодрай у вас ласкі Бога.

15 Хай будзе падзяка Богу за невымоўны дар Яго!

 

Раздзел 10

1 Дарэчы, я сам, Паўла, перасцерагаю вас праз пакорлівасць і ласкавасць Хрыстову, што я асабіста між вас пакорлівы, аднак у аддаленні патрабавальны да вас;

2 дык вось малю, каб, як прыбуду, не адважыўся б на тую суровасць, на якую думаю адважыцца адносна некаторых, якія лічаць, што мы жывём паводле цела.

3 Бо хоць мы жывём у целе, не ваюем паводле цела, –

4 бо зброя ваяўнічасці нашай не цялесная, але магутнасць Божая на зруйнаванне цвярдынь; мы руйнуем намеры

5 і ўсякую пыху, якая выступае супраць пазнання Бога, ды ўсякі розум аддаём на паслухмянасць Хрысту,

6 і пры тым гатовыя пакараць непаслухмянасць кожнага, калі паслухмянасць вашая стане поўнай.

7 Гляньце праўдзе ў вочы! Калі хто ўважае, што ён Хрыстовы, дык хай разважыць у сабе, што і мы, таксама як ён, Хрыстовыя.

8 Бо не было б мне сорамна, калі б я яшчэ больш стаў хваліцца тою ўладаю, якую нам даў Госпад на збудаванне вас, а не на знішчэнне,

9 каб не падалося, што я вас палохаю лістамі;

10 некаторыя кажуць: «Лісты моцныя і грозныя, выгляд жа цела нядужы, і слова марнае».

11 Хто такі, хай ведае, што, якія мы непрысутныя, здалёк і ў слове лістоў, такія і прысутныя, ва ўчынках.

12 Бо мы не маем адвагі ані раўняцца, ані супастаўляцца з тымі, што самі сябе выстаўляюць. Бо яны мераюць сябе самімі сабой, раўняючы сябе з сабой, і неразумныя.

13 Не будзем мы хваліцца праз меру, але будзем ацэньваць сябе ў межах, вызначаных нам Богам, каб маглі дасягнуць і вас.

14 Бо мы перасягнулі самі сябе, быццам, не дасягнуўшыя вас, бо мы дайшлі да вас у дабравесці Хрыста.

15 Не хвалімся без меры чужой працай. Спадзяёмся, аднак, што з узрастаннем вашай веры мы таксама ўзрастаць будзем у вас па нашай мерцы,

16 каб і далей сярод тых, што па-за вамі, евангелізаваць, не выхваляючыся тым, што зроблена іншымі,

17 бо хто хваліцца, хай Госпадам хваліцца.

18 Бо не той выпрабаваны, хто сам сябе хваліць, але той, каго Госпад хваліць.

 

Раздзел 11

1 О, каб вы маглі сцярпець крыху маю неразумнасць! Але ж вы і падтрымайце мяне!

2 Бо руплюся я дзеля вас Божаю руплівасцю, бо заручыў я вас з адным мужам, каб завесці да Хрыста, як чыстую дзявіцу.

3 Але баюся, каб, як змей звёў Еву сваёю хітрасцю, гэтак і вашыя думкі не адвярнуліся ад прастаты і чыстасці, якая ў Хрысце.

4 Бо калі б хто прыйшоў і стаў прапаведаваць другога Ісуса, Якога мы не прапаведавалі, або калі б вы прынялі іншага Духа, Якога вы не прынялі, або іншае Евангелле, якое не атрымалі, – вы б гэта цярпліва зносілі.

5 Але я думаю, што і я зрабіў не менш за вялікіх апосталаў,

6 бо хоць я не вопытны ў красамоўстве, але не ў ведах, і мы ў кожным і ва ўсім адкрыліся вам.

7 Ці ж я саграшыў, паніжаючы сябе, каб павысіць вас, бо прынёс вам дарма дабравесце Божае?

8 Абіраў я іншыя цэрквы, беручы на пражытак дзеля служэння вам.

9 І, калі быў у вас і апынуўся ў нястачы, нікому не быў я цяжарам, бо калі мне чаго не хапала, дык дапаўнялі браты, што прыйшлі з Мацэдоніі; і нічым не абцяжарваў вас і не буду абцяжарваць.

10 Як Хрыстовая праўда ўва мне, так гэтае пахвалы ніхто ад мяне не адыме ў землях Ахаі.

11 Чаму? Ці можа таму, што вас не люблю? Бог ведае!

12 Што я раблю, тое і буду рабіць, каб адсячы повад у тых, хто шукае поваду; каб аказаліся і мы такімі, з чаго яны выхваляюцца.

13 Бо тыя фальшывыя апосталы – гэта крывадушныя працаўнікі, якія прыкідваюцца Хрыстовымі апосталамі.

14 Ды не дзіва, бо нават сам шатан прыкідваецца анёлам святла.

15 Таму нічога незвычайнага, што і яго слугі прыкідваюцца слугамі справядлівасці, але канец іх будзе паводле іх учынкаў.

16 І зноў кажу: хай ніхто не лічыць мяне за неразумнага! У адваротным выпадку прыміце мяне, хоць як неразумнага, каб мог і я хоць крыху пахваліцца.

17 Што гавару, тое гавару не па волі Госпада, але як бы ў неразумнасці ў гэтай форме пахвалы.

18 Калі вось многія хваляцца паводле цела, дык і я буду хваліцца.

19 Бо ахвотна вы церпіце неразумных, хаця самі разумныя.

20 Церпіце, калі хто бярэ вас у няволю, калі хто вас аб’ядае, калі хто абірае, калі хто над вамі выносіцца, калі хто б’е вас па твары.

21 Кажу гэта на сорам, як быццам мы нядужыя былі; нехта мае ў гэтым адвагу, кажу ў неразумнасці, дык і я адважуся.

22 Яны Гебраі? Дык і я! Яны Ізраэльцы? Дык і я! Яны семя Абрагама? Дык і я!

23 Слугі Хрыста? Здурэўшы кажу, дык і я куды больш: у большай спрацаванасці, у шматлікіх вязніцах, звыш меры ў плягах, часта ў небяспецы смерці;

24 ад Юдэяў пяць разоў атрымаў па сорак удараў без аднаго,

25 тры разы быў біты палкамі, раз каменаваны, тройчы пацярпеў караблекрушэнне, ноч і дзень быў у глыбінях мора.

26 Часта ў падарожжах, у небяспеках на рэках, у небяспеках ад разбойнікаў, у небяспеках ад народу, у небяспеках ад паганаў, у небяспеках у горадзе, у небяспеках у пустыні, у небяспеках на моры, у небяспеках ад фальшывых братоў,

27 у працы і знямозе, у частым чуванні, у голадзе і смазе, у многіх пастах, у холадзе і галізне,

28 і, апрача ўсяго іншага, мая штодзённая турбота, клопат пра ўсе цэрквы.

29 Хто знемагаецца, а я не знемагаюся? Хто горшыцца, а мяне не ўзрушае?

30 Калі належыцца хваліцца, буду і я хваліцца са сваіх немачаў.

31 Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які бласлаўлёны навекі, ведае, што я не хлушу.

32 У Дамаску намеснік цара Арэты пільнаваў горад дамасцаў, каб мяне схапіць,

33 і ў кашы спусцілі мяне цераз мур, і так я ўцёк з рук яго.

Раздзел 12

1 Калі выпадае хваліцца, хоць не варта, перайду да з’яў і аб’яў Госпадавых.

2 Ведаю чалавека ў Хрысце, які чатырнаццаць гадоў таму – ці ў целе – не ведаю, ці па-за целам – не ведаю, Бог ведае – падхоплены быў у трэцяе неба.

3 І ведаю, што той чалавек – ці ў целе, ці па-за целам, не ведаю, Бог ведае –

4 быў узяты ў рай і пачуў таемныя словы, якіх нельга чалавеку сказаць.

5 Гэтым магу хваліцца, але сабой зусім не буду хваліцца, хіба сваімі немачамі.

6 Калі і захачу хваліцца, не буду неразумным, бо скажу толькі праўду. Але стрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне больш, чым ува мне бачыць або ад мяне чуе.

7 І каб я не выносіўся з-за велічы аб’яў, дадзены мне бадыль для цела, анёл шатанскі, каб мучыў мяне, каб я не выносіўся.

8 З-за таго тройчы маліў я Госпада, каб адышоў ад мяне,

9 але Ён сказаў мне: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц праз слабасць удасканальваецца». Таму найбольш ахвотна буду хваліцца сваімі немачамі, каб абжылася ўва мне магутнасць Хрыстова.

10 З-за таго падабаюцца мне і мае немачы, знявагі, нястачы, пераследаванні і прыгнёты дзеля Хрыста: бо калі я слабы, тады я дужы.

11 Я стаўся неразумным, а вы мяне да гэтага давялі! Гэта вам бы належала мяне хваліць, бо нічым я не меншы за вялікіх апосталаў, хоць я нічога не варты.

12 Знакі майго апостальства сталіся ў вас ва ўсякай цярплівасці, а таксама ў знаках, і цудах, і моцах.

13 Ці ж вы меней атрымалі, чым іншыя цэрквы? Хіба адно толькі, што не быў вам цяжарам. Даруйце мне гэтую крыўду!

14 Ужо трэці раз збіраюся да вас прыбыць і не буду вас абцяжарваць, бо жадаю не вашага, але вас. Бо не дзеці бацькам павінны збіраць скарб, але бацькі дзецям.

15 Я вельмі ахвотна панясу выдаткі і нават самога сябе аддам за душы вашы. Дык ці чым больш вас люблю, тым  менш любові атрымаю?

16 Хай будзе і так, я не абцяжарыў вас, але, можа, калі б быў хітрым, подступам вас здабыў.

17 Дык ці праз кагосьці з тых, каго пасылаў да вас, падмануў я вас?

18 Папрасіў Ціта і паслаў з ім брата. Ці Ціт вас падмануў? Ці мы не хадзілі ў тым самым духу? Ці не па тых самых слядах?

19 Вы ўжо даўно думаеце, што мы перад вамі апраўдваемся? На віду Бога ў Хрысце гаворым; а ўсё, найдаражэйшыя, на збудаванне вашае.

20 Бо баюся, каб часам, прыйшоўшы да вас, знайсці вас не такімі, якімі хачу вас знайсці, ды ці і вы не знойдзеце мяне такім, якога вы не хочаце, каб часам не было ў вас спрэчак, зайздрасці, гневу, сварак, ачарненняў, абмовы, пыхлівасці, звадкі,

21 каб, калі прыйду да вас зноў, не ўпакорыў мяне Бог мой перад вамі і каб мне не прыйшлося аплакваць многіх сярод вас, якія раней саграшылі і не ўчынілі навяртання з нячыстасці, распусты ды разбэшчанасці, якую зрабілі.

 

Раздзел 13

1 Вось я ўжо трэці раз выбіраюся да вас: На вуснах двух або трох сведкаў угрунтуецца ўсякая справа.

2 Сказаў я ўжо і паўтараю, як быўшы ў вас за другім разам і непрысутны цяпер, тым, што ўжо раней саграшылі, ды ўсім іншым, што, калі зноў прыбуду, не пашкадую анікога,

3 бо вы шукаеце доказаў на тое, ці гаворыць ува мне Хрыстос, Які не слабы адносна вас, але моцны ў вас.

4 Хоць Ён быў укрыжаваны з кволасці, аднак жыве з магутнасці Божай. І мы таксама бяссільныя ў Ім, але жыць будзем з Ім праз магутнасць Божую ў вас.

5 Самі сябе даследуйце, ці трымаецеся веры; самі сябе выпрабуйце, ці не зведаеце аб саміх сабе, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба толькі вы адкінутыя?

6 Спадзяюся, што пазнаеце, што мы не адкінутыя.

7 Таму просім Бога, каб вы нічога благога не рабілі, не дзеля таго, каб мы паказаліся годнымі, але дзеля таго, каб вы рабілі дабро, а мы былі быццам бы адкінутыя.

8 Бо не можам нічога рабіць супраць праўды, але для праўды.

9 Бо мы цешымся, калі мы слабыя, а вы дужыя; пры тым і молімся аб вашай дасканаласці.

10 Таму вось адсутны я пішу, каб прысутны ў вас не мусіў паступаць больш сурова, па ўладзе, якую даў мне Госпад на збудаванне, а не на руйнаванне.

11 Урэшце, браты, радуйцеся, будзьце дасканалымі, суцяшайце адзін аднаго, [будзьце] адной думкі, майце супакой, і Бог любові і супакою хай будзе з вамі.

12 Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе святыя.

13 Ласка Госпада Ісуса Хрыста, і любоў Бога, і лучнасць Духа Святога з усімі вамі.