Беларуская Біблія

1-Ы ЛІСТ ДА КАРЫНЦЯНАЎ

Раздзел 1

1 Паўла, з волі Божай пакліканы апостал Ісуса Хрыста, ды брат Састэн,

2 Божай царкве, што ў Карынце, асвечаным у Ісусе Хрысце ды пакліканым святым разам з усімі, што прызываюць імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў кожным месцы, сваім і нашым:

3 ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

4 Дзякую заўсёды за вас Богу майму за ласку Божую, дадзенаю вам у Хрысце Ісусе,

5 бо ў Ім вы ва ўсім сталіся багатымі, усякім словам і ўсякім веданнем,

6 бо сведчанне Хрыстова ўмацавалася ў вас,

7 так што не маеце ніякай нястачы ласкі ў чаканні аб’яўлення Госпада нашага Ісуса Хрыста,

8 Які і ўмацуе вас да канца, [каб былі] без заганы ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.

9 Верны Бог, Якім вы пакліканы да супольнасці з Сынам Яго Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.

10 Браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста малю вас, каб усе вы гаварылі адно і каб не было сярод вас падзелаў, каб вы былі дасканалымі, аднаго духа і аднае думкі.

11 Бо тыя, што ў Хлоі, паведамілі мне пра вас, браты мае, што здараюцца між вамі спрэчкі.

12 Я кажу тое, што кожны ў вас кажа: «Я Паўлавы», «Я Апалосавы», Я Цэфаў», «А я Хрыстовы».

13 Ці ж Хрыстос падзяліўся? Ці ж Паўла быў за вас укрыжаваны? Ці ў імя Паўлы вы ахрышчаны?

14 Дзякую Богу, што, апрача Крыспа і Гая, я нікога з вас не ахрысціў,

15 каб ніхто не казаў, што ў імя маё быў ён ахрышчаны.

16 Праўда, ахрысціў я таксама дом Сцяпана. А больш не ведаю, ці ахрысціў яшчэ каго.

17 Бо не паслаў мяне Хрыстос хрысціць, але несці добрую вестку; не ў мудрасці слова, каб не аслабіць важнасці крыжа Хрыстовага.

18 Бо слова крыжа для тых, што ідуць у пагібель, ёсць вар’яцтва, а тым, што ідуць у збаўленне, – сіла Божая.

19 Бо напісана: «Загублю мудрасць мудрых, і кемлівасць разумных знішчу».

20 Дзе мудрэц? Дзе вучоны? Дзе даследчык гэтага веку? Ці не зрабіў Бог мудрасць гэтага свету неразумнай?

21 Калі ж свет мудрасцю не пазнаў Бога ў мудрасці Божай, дык спадабалася Богу праз вар’яцтва прапаведніцтва збавіць веручых.

22 Бо Юдэі дамагаюцца знакаў, і Грэкі шукаюць мудрасці;

23 а мы прапаведуем Хрыста ўкрыжаванага, які для Юдэяў – згаршэнне, а для паганаў – вар’яцтва,

24 для тых жа, што пакліканы, ці з Юдэяў, ці з Грэкаў, Хрыстос – магутнасць Божая ды мудрасць Божая.

25 Бо тое, што неразумнае ў Бога, мудрэйшае за людзей, а што кволае ў Бога – мацнейшае за людзей.

26 Дык вы, браты, паглядзіце на ваша пакліканне, што няшмат з вас мудрых паводле цела, нямнога магутных, няшмат высакародных;

27 але Бог выбраў неразумнае свету, каб пасароміць мудрых, і кволае, каб пасароміць магутных,

28 і невысакароднае свету, і пагарджанае выбраў Бог – тое, чаго няма, каб знішчыць тое, што ёсць,

29 каб ніводнае цела не выхвалялася перад Богам.

30 Дзякуючы Яму і вы ёсць у Хрысце Ісусе, Які ад Бога стаўся для нас мудрасцю, справядлівасцю, пасвячэннем і адкупленнем,

31 каб было, як напісана: «Хто хваліцца, хай Госпадам хваліцца».

 

Раздзел 2

1 І я, калі прыбыў да вас, браты, прыйшоў, не каб захапляць вас словам ці мудрасцю, але абвяшчаючы вам таямніцы Божыя.

2 Бо я разважыў, што не ведаю сярод вас нічога, акрамя Ісуса Хрыста, і Таго ўкрыжаванага.

3 І быў сярод вас у немачы, са страхам і з трымценнем вялікім,

4 і слова маё, і навучанне маё не ў пераканаўчасці і мудрасці слоў, але ў выяўленні Духа і моцы,

5 каб вера ваша была не ў мудрасці чалавечай, але ў магутнасці Божай.

6 Мы ж гаворым мудрасць сярод дасканалых, але мудрасць не гэтага веку, не валадароў гэтага веку, якія праходзяць,

7 але гаворым мудрасць Божую ў таямніцы, што прыхавана, якую Бог прызначыў перад вякамі на славу нашую,

8 якой ніводзін з валадароў гэтага веку не пазнаў, бо, калі б пазналі, ніколі не ўкрыжавалі б Госпада хвалы.

9 Дык, як напісана: «Чаго вока не аглядала, ані вуха не чула, ані ўваходзіла ў сэрца чалавечае, тое Бог прыгатаваў тым, што любяць Яго».

10 Нам жа аб’явіў Бог праз Духа; Дух бо ўсё пранікае, нават глыбіні Божыя.

11 Хто ж з людзей ведае, што чалавечае, калі не дух, які ў ім? Таксама і таго, што Божае, ніхто не ведае, апрача Духа Божага.

12 А мы атрымалі не духа свету, але Духа, Які ад Бога для ведання таго, што нам Богам даравана.

13 Таму і гаворым гэта не павучаннямі чалавечай мудрасці, але словамі, якім навучыў Дух, тлумачачы духоўным духоўныя [справы].

14 Душэўны ж чалавек не прымае таго, што ёсць ад Духа Божага, бо вар’яцтвам яму здаецца гэта, і не можа ўцяміць, бо [гэта] толькі духоўна праследжваецца.

15 Духоўны ж судзіць усё, а яго ніхто не судзіць.

16 Хто ж можа пазнаць намер Госпадаў, ды хто Яго будзе павучаць? Мы ж маем розум Хрыстовы.

 

Раздзел 3

1 І я не мог да вас, браты, прамаўляць як да духоўных, але як да цялесных, як да немаўлят у Хрысце.

2 Насычаў я вас малаком, а не ежай, бо былі вы яшчэ кволыя. Ды і цяпер вы яшчэ кволыя,

3 дасюль вы яшчэ цялесныя. Бо калі ў вас зайздрасць і нязгода, ці ж вы не цялесныя і ці не робіце па-чалавечаму?

4 Калі адзін кажа: «Я – Паўлаў», а другі: «Я – Апалосаў», – дык ці ж вы не цялесныя?

5 Хто Апалос? Або хто Паўла? Слугі, праз якіх вы ўверылі, ды кожны такі, як яму Госпад даў.

6 Я пасадзіў, Апалос паліў, але Бог даў расці.

7 Не важны той, хто садзіць і хто палівае, але Той важны, Хто дае расці, – Бог!

8 Хто садзіць ды хто палівае – адно і тое ж. Кожны атрымае сваю плату паводле працы сваёй.

9 Мы бо – супрацоўнікі Божыя, а вы – Божая ніва, будоўля Божая.

10 Дадзенай мне Богам ласкай я, як мудры будаўнік, заклаў падмурак, а хто іншы закончыць пабудову. Хай кожны глядзіць, як будуе.

11 Бо ніхто не можа пакласці іншага падмурка апрача таго, які пакладзены, які ёсць Ісус Хрыстос.

12 А ці хто на гэтым падмурку будуе з золата, ці з срэбра, ці з дарагіх камянёў, ці з дрэва, ці з сена, ці з саломы, –

13 праца кожнага выявіцца; дзень бо Госпадаў пакажа, бо ў агні выявіцца, і справа кожнага, якая ёсць, будзе выпрабавана агнём.

14 Той, чыя праца выстаіць, атрымае ўзнагароду,

15 а калі чыя праца згарыць, будзе мець шкоду; сам, аднак, будзе збаўлены, але так, як быццам праз агонь.

16 Ці ж вы не ведаеце, што вы – святыня Божая, ды што Дух Божы жыве ў вас?

17 Калі хто знішчыць святыню Бога, таго знішчыць Бог, бо святыня Божая – святая, і гэта ёсць вы.

18 Няхай ніхто сябе не падманвае; калі хто з вас думае, што ён мудры ў гэтым веку, дык хай станецца неразумным, каб быць мудрым.

19 Бо мудрасць гэтага свету ёсць глупства перад Богам, бо напісана: «Ён зловіць мудрых у іхняй хітрасці»,

20 або ізноў: «Госпад ведае думкі мудрых, што яны пустыя».

21 Дык хай ніхто не хваліцца сярод людзей! Бо ўсё вашае, –

22 ці гэта Паўла, ці Апалос, ці Цэфа, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае, – усё вашае,

23 а вы – Хрыстовыя, а Хрыстос – Божы.

 

Раздзел 4

1 Хай уважае нас чалавек за слугаў Хрыстовых і за аканомаў тайнаў Божых.

2 Ад аканомаў жа патрабуецца, каб кожны аказаўся верным.

3 Мяне мала турбуе, як вы пра мяне судзіце або людзі. Я і сам сябе не суджу.

4 Бо хоць я не пачуваюся ні ў чым вінаватым, гэтым яшчэ не апраўданы. Госпад – Той, Хто судзіць мяне.

5 Дык ніяк не судзіце заўчасна, пакуль не прыйдзе Госпад, Які асвеціць тое, што ў цемры скрыта, ды выявіць намеры сэрцаў. Тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.

6 Гэта вось, браты, перанёс я на сябе і на Апалоса дзеля вас, каб вы засвоілі вось што: «Няма нічога вышэй за напісанае»; ды каб ніхто ў сваёй пыхлівасці не падымаўся адзін над другім.

7 Хто бо цябе адзначае? Ды што ты маеш, чаго б не атрымаў? Калі ж ты атрымаў, дык нашто хвалішся, як быццам не атрымаў?

8 Вы ўжо насыціліся і сталіся ўжо багатымі, без нас ужо царуеце. О, каб вы сапраўды царавалі, ды каб і мы з вамі разам маглі цараваць!

9 Бо вось я думаю, што Бог нас, апосталаў, паставіў як апошніх, быццам на смерць асуджаных, бо сталіся мы відовішчам для свету, для анёлаў і для людзей.

10 Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы разумныя ў Хрысце; мы кволыя, а вы дужыя; вас шануюць, а намі грэбуюць.

11 Аж да гэтай пары мы галадаем, смягнем і голыя ходзім, і б’юць нас, і мы выгнаннікі,

12 і працуем, робячы рукамі нашымі; выклятыя, мы бласлаўляем; пераследаваныя, церпім;

13 зневажаныя, мы молімся; мы сталіся, быццам смецце гэтага свету, агідай для ўсіх аж дасюль.

14 Не пішу гэтага, каб вас засароміць, але каб вам, як найдаражэйшым маім дзецям, даць напамін.

15 Бо хоць бы вы мелі ў Хрысце тысячу выхавацеляў, але не шмат бацькоў, бо я ў Хрысце Ісусе праз Евангелле нарадзіў вас.

16 Дык прашу вас, будзьце маімі пераймальнікамі.

17 Дзеля гэтага пасылаю да вас Цімафея, які ёсць сын мой найдаражэйшы і верны ў Госпадзе, ён вам прыгадае шляхі мае, якія ў Хрысце, ды як я навучаю ўсюды ў кожнай царкве.

18 Некаторыя заганарыліся, быццам я не маю намеру наведаць вас.

19 Але я прыйду неўзабаве да вас, калі Госпад дазволіць, і спазнаю не словы тых, што заганарыліся, а моц,

20 бо Валадарства Божае не ў словах, але ў моцы.

21 Што хочаце? Ці каб з дубцом да вас я прыйшоў, ці з любоўю і духам лагоднасці?

 

Раздзел 5

1 Ходзяць чуткі аб распуснасці ў вас, ды аб такой распуснасці, якой няма і ў паганаў, а менавіта, каб хто жыў з жонкай свайго бацькі.

2 А вы заганарыліся, і не дамагаліся больш,  каб гнаны быў з вашага асяроддзя той, хто чыніць такую справу.

3 Я, хоць не прысутны целам, але прысутны духам, ужо вынес прысуд, як прысутны, на таго, хто гэтак робіць,

4 сабраўшыся разам з вамі ў імя Госпада нашага Ісуса і з духам маім, магутнасцю Госпада нашага Ісуса

5 аддаць такога шатану на загубу цела, каб дух быў збаўлены ў дзень Госпада.

6 Дык не добрая пахвальба ваша. Ці не ведаеце, што крошка кіслі ўсё цеста квасіць?

7 Дык ачысціце старую кіслю, каб сталіся новай рошчынай, бо вы прэсныя. Бо вось Пасха наша, Хрыстос, ахвяраваны за нас!

8 Дык будзем святкаваць святы не са старой кісляй і не з кісляй благасці і нягоднасці, але з праснакамі чыстасці і праўды.

9 У лісце пісаў я вам: «Не майце зносін з распуснікамі».

10 Зразумела, не з усімі распуснікамі гэтага свету, або хціўцамі, або рабаўнікамі, або балванапаклоннікамі, бо давялося б хіба вам сысці з гэтага свету.

11 Але я пісаў вам, каб вы не мелі лучнасці з тым, хто называецца братам, а ў сапраўднасці ёсць распуснікам, або хціўцам, або балванапаклоннікам, або зламоўным, або п’яніцам, або рабаўніком; з такімі нават не есці разам.

12 Бо што ж мне судзіць тых, што навонкі? Ці ж не тых, што пасярод вас, судзіце вы?

13 Тых жа, што навонкі, судзіць Бог. Дык выкіньце ліха спаміж сябе!

 

Раздзел 6

1 Як адважваецца хтосьці з вас, маючы непаразуменне з другім, судзіцца з ім перад нявернымі, а не перад святымі?

2 Няўжо вы не ведаеце, што святыя будуць судзіць свет? І калі вамі будзе суджаны свет, дык няўжо вы не вартыя судзіць меншае?

3 Ці не ведаеце, што мы будзем судзіць таксама анёлаў? Дык тым болей справы жыццёвыя.

4 А вы, калі маеце судзіцца ў жыццёвых, ці не ставіце сваімі суддзямі тых, што не маюць пашаны ў царкве.

5 На сорам вам кажу гэта. Няўжо няма ў вас ніводнага разумнага, які мог бы вынесці прысуд сярод братоў сваіх?

6 А то брат з братам судзіцца, ды яшчэ перад бязвернымі?

7 Ужо і тое для вас прыніжэнне, што судзіцеся паміж сабой. Чаму вам не лепш прыняць крыўду? Чаму не лепш пацярпець шкоду?

8 Але вы самі чыніце несправядлівасць і адбіраеце, ды нават у братоў!

9 Ці не ведаеце, што несправядлівыя не атрымаюць Валадарства Божага ў спадчыну? Не падманвайце сябе: ані распуснікі, ані балванапаклоннікі, ані чужаложнікі, ані разбэшчаныя, ані садомцы,

10 ані злодзеі, ані хціўцы, ані п’яніцы, ані зламоўныя, ані рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага.

11 І такімі былі некаторыя з вас. Але вы абмыліся, але вы асвяціліся, але вы апраўдаліся ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і праз Духа Бога нашага.

12 «Усё мне можна!» Але не ўсё карысна. «Усё мне можна!» Але я нічому не дазволю мець уладу нада мною.

13 «Ежа – для жывата, і жывот – для ежы». Але Бог знішчыць адно і другое. Дык цела не для распусты, але для Госпада, і Госпад – для цела.

14 Бог жа і Госпада ўваскрасіў, і нас таксама Сваёю магутнасцю ўваскрасіць.

15 Ці ж не ведаеце, што целы вашыя ёсць члены Хрыста? Ці ж, узяўшы члены Хрыста, буду рабіць іх членамі распусніцы? Ніколі!

16 Або ці не ведаеце, што той, хто злучаецца з распусніцай, творыць [з ёй] адно цела? «Будуць вось яны, як сказана, двое адным целам».

17 Той жа, хто злучаецца з Госпадам, ёсць адным Духам [з Ім].

18 Уцякайце ад распусты! Любы грэх, які б ні чыніў чалавек, ёсць па-за целам; хто ж распуснічае, супраць свайго цела грашыць.

19 Ці ж не ведаеце, што цела вашае ёсць святыня Духа Святога, Які ў вас і Якога маеце ад Бога, ды што вы ўжо не свае?

20 Вы ж здабытыя за вялікую цану. Дык хваліце Бога ў целе вашым!

 

Раздзел 7

1 Адносна таго, што вы пісалі, дык добра чалавеку не дакранацца жанчыны.

2 Але з увагі на распусту кожны хай мае сваю жонку, і жонка кожная хай мае свайго мужа.

3 Хай муж аддае належнае жонцы, падобна і жонка мужу.

4 Жонка не мае ўлады над сваім целам, але муж. Але падобна і муж не мае ўлады над сваім целам, але жонка.

5 Не ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба толькі з узаемнай згоды, да часу, каб прысвяціць сябе малітве, і потым зноў будзьце разам, каб шатан не спакушаў вас праз неўстрыманасць вашую.

6 Кажу гэта як параду, а не як загад.

7 Хацеў бы, каб усе людзі былі, як я, але кожны мае свой уласны дар ад Бога: адзін так, другі інакш.

8 Нежанатым жа і ўдовам кажу: добра ім заставацца так, як я.

9 Калі ж не змогуць устрымлівацца, хай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым распаляцца [жарсцямі].

10 Тым жа, што жывуць у шлюбе, загадваю не я, але Госпад, каб жонка не разлучалася з мужам.

11 Калі ж, аднак, разлучыцца, хай застаецца незамужняй, або хай пагодзіцца з мужам. Таксама і муж хай не пакідае жонкі.

12 Іншым жа кажу я, а не Госпад: калі хто з братоў мае жонку бязверную і яна згаджаецца жыць з ім, дык хай не пакідае яе.

13 Таксама і жонка, калі мае бязвернага мужа і калі ён згаджаецца жыць з ёю, хай не пакідае мужа.

14 Бо бязверны муж асвячаецца ў жонцы, а бязверная жонка асвячаецца ў мужу. Інакш вашыя дзеці былі б нячыстымі, а цяпер – святыя.

15 А калі бязверны хоча адысці, хай адыходзіць. Брат або сястра ў гэткіх выпадках не прынявольваюцца. Да згоды паклікаў нас Госпад.

16 Адкуль, дарэчы, можаш ведаць, жонка, ці не збавіш свайго мужа? Або адкуль ведаеш, муж, ці не збавіш сваю жонку?

17 Няхай бы кожны жыў так, як Госпад яму прызначыў ды да чаго паклікаў; і гэтак я вучу ва ўсіх цэрквах.

18 Пакліканы хтосьці як абрэзаны? Хай не хавае абразання! Пакліканы хтосьці як неабрэзаны? Хай не абразаецца.

19 Абразанне ёсць нішто, і неабразанне ёсць нішто, але важна выкананне прыказанняў Божых.

20 Дык хай кожны, у якім пакліканні быў закліканы, у такім і застаецца.

21 Быў ты пакліканы як нявольнік? Не турбуйся! Але калі можаш стацца вольным, лепш скарыстайся!

22 Бо, хто пакліканы ў Госпадзе як нявольнік, ёсць вызваленцам Госпадавым. Падобна і той, хто пакліканы як вольны, той нявольнік Хрыстовы!

23 Вялікаю цаною вы здабытыя! Дык не будзьце нявольнікамі людзей.

24 Браты, хай кожны трывае перад Богам у тым, у чым быў пакліканы.

25 Што да дзявоцтва, загаду Госпада не маю, але даю параду як той, хто атрымаў ласку ад Бога быць дастойным веры.

26 Дзеля надыходзячых патрэб за лепшае лічу, што добра так застацца жыць чалавеку.

27 Ты жанаты? Не шукай разводу! Ты без жонкі? Не шукай жонкі.

28 Калі ж ажэнішся, не саграшыш. Падобна і дзяўчына, калі ідзе замуж, не грашыць. Такія, аднак, будуць мець клопаты паводле цела, а я вас шкадую.

29 Кажу, браты, што час кароткі! Дык трэба, каб тыя, што маюць жонак, жылі, як быццам не маюць;

30 і тыя, што плачуць, як быццам не плачуць, і тыя, што цешацца, як бы не цешацца, і тыя, што набываюць, быццам не набываюць,

31 і тыя, што карыстаюцца гэтым светам, як бы не карыстаюцца. Бо праходзіць вобраз гэтага свету.

32 Хачу, каб вы былі без клопату. Чалавек нежанаты рупіцца пра Госпада, як падабацца Госпаду.

33 А хто жанаты, рупіцца пра [справы] свету, як падабацца жонцы,

34 і таму разгублены. І жанчына незамужняя і дзяўчына рупіцца пра Госпада, каб быць святой і целам, і духам; а якая замужам, рупіцца пра свецкія [справы], як падабацца мужу.

35 Кажу гэта на вашу карысць, не каб паставіць вам пастку, але каб вы дастойна і бесперапынна былі пры Госпадзе.

36 Калі хто, аднак, лічыць ганебным адносна дзяўчыны сваёй, што яна перацвіла, ды ён перакананы, што павінен так зрабіць, хай робіць, як хоча; гэтым не грашыць, хай выходзяць замуж.

37 А калі хто-небудзь, цвёрды ў сэрцы сваім, не маючы неабходнасці, мае, тым не менш, уладу над воляй сваёй, так пастановіць і вырашыць у сэрцы сваім захаваць дзяўчыну сваю, – добра робіць.

38 Дык хто аддае замуж сваю дзяўчыну, добра робіць; а хто не аддае замуж, яшчэ лепш робіць.

39 Жонка звязана, пакуль яе муж жыве, а як муж памрэ, можа выйсці за каго захоча, толькі ў Госпадзе.

40 Шчаснейшая, аднак, будзе, калі застанецца так, паводле маёй парады. А думаю, што я таксама маю Духа Божага.

 

Раздзел 8

1 Што да ідалам складаных ахвяр, мы ведаем, бо маем усякае веданне. Але веданне надзімае, а любоў будуе.

2 Калі каму здаецца, што ён нешта ведае, дык ён не спазнаў яшчэ, як трэба яму ведаць.

3 А калі хто любіць Бога, той ведамы Яму.

4 Адносна спажывання ідалам ахвяраванага мы ведаем, што няма на свеце ніякіх ідалаў і ніводнага бога, апрача Адзінага.

5 А хоць і ёсць у небе ці на зямлі тыя, што называюцца багамі (бо шмат такіх багоў і гаспадароў),

6 але для нас існуе толькі адзін Бог Айцец, ад Якога ўсё, і мы для Яго, і адзін Госпад, Ісус Хрыстос, праз Якога ўсё і мы праз Яго.

7 Але не ва ўсіх ёсць веданне: некаторыя дасюль, прызвычаіўшыся да ідалаў, ядуць ахвяраванае ідалам, і свядомасць іх спаганьваецца, бо кволая.

8 А ежа не набліжае нас да Бога, бо не бяднеем, калі не ядзім, і таксама, ядучы, нічога не набываем.

9 Усё ж такі глядзіце, каб ваша свабода не сталася часам спакусай для слабых.

10 Бо, калі б хто ўбачыў таго, што мае веданне і ўзлягае пры ідальскім стале, няўжо яго свядомасць, паколькі яна слабая, не заахвоціцца есці ідалам ахвяраванага?

11 І слабы загіне з-за твайго ведання; брат, за якога памёр Хрыстос!

12 А так робячы грэх супраць братоў і б’ючы па свядомасці іх нядужай, грашыце супраць Хрыста.

13 Дык, калі ежа горшыць брата майго, давеку не буду есці мяса, каб не горшыць брата майго.

 

Раздзел 9

1 Ці я не свабодны? Ці я не апостал? Ці ж я не бачыў Ісуса, Госпада нашага? Ці ж не вы – справа мая ў Госпадзе?

2 Калі іншым я не апостал, вам я апостал; бо вы – пячатка майго апасталавання ў Госпадзе.

3 Вось жа мая абарона перад тымі, што мяне асуджаюць.

4 Ці ж мы не маем улады есці і піць?

5 Або не маем улады браць з сабою жонку, сястру, падобна як гэта робяць іншыя апосталы, і браты Госпадавы, і Цэфа?

6 Ці толькі я адзін і Барнаба не маем улады не працаваць?

7 Хто ж служыць у войску за свае ўласныя грошы? Або хто садзіць вінаграднік і не есць яго пладоў? Або хто пасе статак ды не есць малака статка?

8 Ці толькі па-чалавечаму кажу я гэта? Ці ж не гаворыць пра гэта і закон?

9 Вось жа ў законе Майсея напісана: «Не завязвай пыску валу, што малоціць». Ці пра валоў толькі рупіцца Бог?

10 Ці гэта не сказаў адносна нас? Так, дзеля нас напісана, што араты павінен з надзеяй араць, і малацьбіт [малаціць] з надзеяй атрымаць плод.

11 Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, ці вялікая рэч, калі мы пажнём ваша цялеснае?

12 Калі ж іншыя маюць удзел ва ўладзе над вамі, дык чаму тым больш не мы? Аднак мы не карыстаемся гэтай уладай, але зносім усё, каб не прычыніць шкоды Евангеллю Хрыстоваму.

13 Ці ж не ведаеце, што тыя, што працуюць пры святыні, ядуць тое, што са святыні, а тыя, што паслугуюць пры алтары, бяруць долю з алтара?

14 Так і Госпад загадаў, каб тыя, што вясцяць Евангелле, з Евангелля жылі.

15 Але я не карыстаўся анічым з гэтага. А напісаў я гэта, не каб гэтак сталася для мяне; добра было б мне лепш памерці, чым дазволіць, каб хто пазбавіў мяне гэтай славы.

16 І, калі я нясу добрую вестку, няма мне славы; бо гэты абавязак ляжыць на мне. Бо гора мне, калі я не нясу добрую вестку.

17 Калі я гэта раблю са сваёй волі, маю ўзнагароду; а калі я гэта раблю не па сваёй волі, дык выконваю толькі даручанае мне служэнне.

18 Дык якая мне ўзнагарода? Вось, прапаведуючы, нясу добрую вестку без платы, не карыстаюся ўладаю, якую дае мне Евангелле.

19 Бо, будучы вольным ад усіх, стаўся я нявольнікам усіх, каб тым больш іх здабыць.

20 Для Юдэяў быў я як Юдэй, каб прыцягнуць Юдэяў; для тых, што трымаюцца закону, стаўся слугою закону, хоць сам не ёсць пад законам, каб прыцягнуць тых, што пад законам;

21 для тых, што без закону, быў як без закону, хоць сам не без Божага закону, але пад законам Хрыста, каб здабыць тых, што без закону.

22 Для кволых стаўся я кволым, каб пацягнуць кволых; стаўся ўсім для ўсіх, каб хоць некаторых збавіць.

23 Усё гэта раблю я дзеля Евангелля, каб быць удзельнікам яго.

24 Няўжо вы не ведаеце, што бягучыя на стадыёне ўсе бягуць, аднак адзін атрымлівае ўзнагароду? Дык бяжыце так, каб атрымаць.

25 Кожны, хто ідзе ў спаборніцтва, ва ўсім сабе адмаўляе; яны – каб атрымаць вянец знішчальны, а мы – незнішчальны.

26 Дык я бягу не як да няпэўнага, б’юся не так, як бы паветра б’ючы,

27 але ўтаймоўваю ды няволю сваё цела, каб часам, навучаючы другіх, сам не стаўся нявартым.

 

Раздзел 10

1 Не хачу, браты, каб вы не ведалі, што нашыя бацькі ўсе былі пад хмараю, і ўсе перайшлі праз мора,

2 ды ўсе былі ахрышчаны ў Майсея ў хмары і ў моры,

3 і ўсе спажывалі тую самую духоўную страву

4 і пілі тое самае духоўнае пітво. Пілі вось з духоўнай скалы, што ішла за імі, а тая скала – Хрыстос.

5 Але большасць з іх не ўпадабаў Сабе Бог, таму палеглі яны ў пустыні.

6 А гэтыя падзеі сталі прыкладам нам, каб не былі мы ахвотныя да зла, як яны ахвотныя былі.

7 Не будзьце таксама балванапаклоннікамі, як некаторыя з іх, як напісана: «Сеў народ есці, і піць, і весяліцца, і ўзняліся, каб гуляць».

8 І не будзем рабіць распусты, як распуснічалі некаторыя з іх, і ў адзін дзень загінула іх дваццаць тры тысячы.

9 І не будзем выпрабоўваць Хрыста, як некаторыя з іх выпрабоўвалі ды пагінулі ад змеяў.

10 І не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і пагінулі ад нішчыцеля.

11 Ды ўсё гэта адбылося з імі для прыкладу і запісана на павучэнне для  нас, да якіх наблізілася сканчэнне вякоў.

12 Значыць, хай той, каму здаецца, што стаіць, глядзіць, каб не ўпаў.

13 Вас наведала спакуса, ніякая іншая, як людская. Верны ж Бог, Які не дапусціць для вас спакушэння большага, чым можаце вытрымаць, але са спакусай стварае магчымасць яе пераадолець, каб маглі выстаяць.

14 Дзеля гэтага, мае найдаражэйшыя, сцеражыцеся ад пакланення ідалам.

15 Кажу гэта як разумным. Вы рассудзіце самі тое, што гавару:

16 Келіх блаславенства, які бласлаўляем, ці не ёсць удзелам у Крыві Хрыстовай? А хлеб, які ламаем, ці не ёсць удзелам у Целе Хрыстовым?

17 Адзін хлеб, таму мы, многія, творым адно цела, бо ўсе мы прычашчаемся ад аднаго хлеба.

18 Прыгледзьцеся да Ізраэля паводле цела: ці тыя, што ядуць ахвяры [з алтара], не ёсць удзельнікамі алтара?

19 Што ж я кажу? Ці ахвяра, складзеная ідалам, ёсць чымсьці? Або сам ідал ёсць чымсьці?

20 Не! Аднак тое, што яны ахвяруюць, дэманам ахвяруюць, а не Богу. А я не хацеў бы, каб вы мелі нешта супольнае з дэманамі.

21 Не можаце піць з келіха Госпада ды з келіха дэманаў; не можаце быць удзельнікамі Госпадавага стала і стала дэманаў.

22 Ці ж нам гнявіць Госпада? Ці ж мы дужэйшыя за Яго?

23 «Усё можна!» Але не ўсё карысна. «Усё можна!» Але не ўсё будуе.

24 Хай ніхто не шукае таго, што сваё, але што бліжняга.

25 Дык усё, што на рынку прадаюць, ешце, не сумняваючыся, дзеля супакою сумлення,

26 бо Госпадава зямля і што яе напаўняе.

27 Калі вас запросіць хтосьці з бязверных, і захочаце пайсці, дык ешце ўсё, што вам пададуць, не сумняваючыся, адносна сумлення.

28 Але калі б хто сказаў: «Гэта было ахвяравана ідалам», – не ешце з увагі на таго, хто перасцярог, ды з увагі на сумленне.

29 Маю на ўвазе не тваё ўласнае сумленне, але бліжняга. Чаму ж чужое сумленне мела б судзіць маю свабоду?

30 Калі я прымаю што з падзякаю, то чаму мяне ліхасловяць за тое, за што я дзякую?

31 Дзеля таго ці вы ясце, ці вы п’яце, ці што іншае робіце, усё на хвалу Божую рабіце!

32 Не будзьце прычынай згаршэння ані для Юдэяў, ані для Грэкаў, ані для Царквы Божай.

33 Гэтак і я ўсім ва ўсім дагаджаю, не шукаючы сваёй карысці, але карыснага многім, каб яны былі збаўлены.

 

Раздзел 11

1 Будзьце пераймальнікамі маімі, як я – Хрыста.

2 Хвалю вас, што ва ўсім памятаеце пра мяне, ды трымаецеся маіх наказаў.

3 Хачу, каб вы ведалі, што галава кожнага мужчыны – Хрыстос, а кожнае жонкі галава – муж, а галава Хрыста – Бог.

4 Кожны мужчына, калі моліцца або праракуе з накрытай галавой, ганьбіць сваю галаву.

5 Кожная ж жанчына, калі моліцца або праракуе з ненакрытай галавой, ганьбіць сваю галаву, бо гэта тое самае, быццам яна паголена.

6 Дык калі якая жанчына не накрывае галавы, хай абстрыжэ свае валасы. А калі ганебна для жанчыны быць пастрыжанай або паголенай, дык хай накрывае галаву.

7 Мужчыне не належыцца накрываць галавы, бо ён – вобраз і слава Бога, а жанчына – слава мужчыны.

8 Бо не мужчына ад жанчыны, але жанчына ад мужчыны;

9 і не мужчына створаны для жанчыны, але жанчына для мужчыны.

10 Таму жанчына мусіць мець на галаве знак падданасці дзеля анёлаў.

11 Зрэшты, ані жанчына без мужчыны, ані мужчына без жанчыны ў Госпада.

12 Бо як жанчына з мужчыны, так і мужчына праз жанчыну, а ўсе – ад Бога!

13 Рассудзіце самі з сабой: ці належыцца жанчыне маліцца да Бога з ненакрытай галавой?

14 Ці не сама прырода вучыць нас, што ганьба для мужчыны, калі ён гадуе валасы,

15 а калі жанчына гадуе валасы, то ёй слава. Бо валасы дадзены ёй на пакрыццё.

16 А калі хто аб гэтым хоча спрачацца, дык ані мы не маем такога звычаю, ані цэрквы Божыя.

17 Робячы вам гэтыя заўвагі, не хвалю за тое, што збіраецеся не на лепшае, але на горшае.

18 Перад усім чую, што, калі сходзіцеся разам у царкве, бываюць у вас спрэчкі, і я крыху веру.

19 Бо мусяць быць сярод вас і герэзіі, каб выявіліся сярод вас тыя, што выпрабаваны.

20 Ды калі вы збіраецеся разам, няма ў вас спажывання Вячэры Госпадавай.

21 Кожны бо з вас спяшаецца першым з’есці сваю вячэру, і таму адзін галодны, а ў той час другі ўпіваецца.

22 Ці не маеце дамоў, каб там есці і піць? Ці мо ганьбіце Царкву Божую, ды сароміце тых, што нічога не маюць? Што ж вам скажу? Можа, буду вас хваліць? За гэта не пахвалю!

23 Бо я гэта атрымаў ад Госпада і перадаў гэта вам, што Госпад Ісус у тую ноч, калі меў быць выдадзены, узяў хлеб,

24 і, склаўшы падзяку, паламаў, і сказаў: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас [даецца]. Рабіце гэта ў Маю памяць!»

25 Падобным спосабам па вячэры Ён узяў келіх і сказаў: «Гэты келіх ёсць Новы Запавет у Крыві Маёй. Рабіце гэта, калі толькі будзеце піць, у Маю памяць».

26 Бо колькі разоў будзеце есці гэты хлеб і піць гэты келіх, будзеце абвяшчаць смерць Госпада, пакуль не прыйдзе.

27 Значыць, той, хто нягодна будзе есці хлеб ды піць келіх Божы, той будзе вінаваты супраць Цела і Крыві Госпадавай.

28 Дык хай выпрабуе чалавек сябе самога, і тады хай есць ад таго хлеба ды п’е з келіха таго.

29 Бо хто есць і п’е, той есць і п’е прысуд сабе, не асуджаючы цела.

30 Таму шмат у вас кволых і хворых, ды многа памірае.

31 А калі мы самі сябе асудзім, дык не будзем суджаны.

32 А так нас Бог асуджае і карае, каб не былі мы асуджаны разам з усім светам.

33 Таму, браты мае, калі збіраецеся есці [Вячэру], пачакайце адзін аднаго.

34 Калі хто галодны, хай есць дома, каб вам не збірацца на асуджэнне. Іншыя справы наладжу, як прыйду.

 

Раздзел 12

1 Хачу вас, браты, навучыць пра духоўныя дары.

2 Бо вы ведаеце, калі вы былі яшчэ паганамі, дык хадзілі да нямых ідалаў, быццам вялі вас.

3 Дзеля таго даводжу вам, што ніхто, хто гаворыць у Духу Божым, не кажа: «Анатэма Ісусу!» Ды ніхто не можа сказаць: «Госпад Ісус», як толькі ў Духу Святым.

4 Розныя дары ласкі, але адзін і той самы Дух.

5 І ёсць адрозненні ў служэнні, але той самы Госпад.

6 І адрозненні ў дзейнасці, але той самы Бог, Які ўсё ва ўсіх робіць.

7 Кожнаму даецца аб’яўленне Духа для карысці.

8 Аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому даецца тым самым Духам слова ведання,

9 яшчэ іншаму даецца вера тым жа Духам, іншаму – дар аздараўлення тым самым Духам,

10 іншаму чыніць цуды, іншаму – праракавання, іншаму – распазнаванне духаў, іншаму – розныя мовы, іншаму – тлумачэнне моў.

11 Усё гэта робіць адзін і той самы Дух, даючы кожнаму, як Ён хоча.

12 Як адно цела мае многа членаў, а ўсе члены цела, хоць іх многа, твораць адно цела, так і Хрыстос.

13 Мы бо ўсе адным Духам ахрышчаны ў адно цела, ці то Юдэі, ці то Грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоены адным Духам.

14 А цела складаецца не з аднаго члена, але з многіх.

15 Калі б нага сказала: «Я не ад цела, бо я не рука», дык няўжо яна таму і не ад цела?

16 Або калі вуха скажа: «Я не ад цела, бо я не вока», дык няўжо яно і не ад цела?

17 Калі б усё цела было вокам, дзе ж слых? А калі б усё цела было б слых, дык дзе нюх?

18 Але цяпер Бог размясціў члены так, што кожны з іх у целе, як Ён захацеў.

19 А калі б усе былі адным членам, дык дзе ж цела?

20 Вось цяпер членаў многа, а цела – адно.

21 Не можа вока сказаць руцэ: «Ты мне непатрэбная!» або галава нагам: «Вы мне не патрэбныя!»

22 Наадварот, члены цела, якія падаюцца слабейшымі, больш патрэбныя,

23 ды тыя, якія мы лічым менш пачэснымі ў целе, мы акружаем асаблівай пашанай, а тыя, што лічацца непрыстойнымі, маюць асаблівае ўшанаванне,

24 а нашыя прыстойныя не патрабуюць нічога. Так Бог уфармаваў цела, даўшы большую пашану таму, якому не хапае,

25 каб не было ў целе раздзялення, але каб паасобныя члены рупіліся адзін аб адным.

26 Такім чынам, калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены. Падобна, калі славіцца адзін член, радуюцца з ім усе члены.

27 Вы – Цела Хрыстовае, а паасобна – члены.

28 І адных Бог пастанавіў у Царкве па-першае – апосталамі, па-другое –  прарокамі, па-трэцяе – настаўнікамі, нарэшце тых, што маюць моц чынення цудаў, потым дар лячэння, дар успамогі, дар гаспадаравання, дар усялякіх моў.

29 А ці ўсе апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе сілы?

30 Ці ўсе маюць дар аздараўлення? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць?

31 Дабівайцеся дароў большых, а я вам пакажу шлях яшчэ дасканалейшы.

 

Раздзел 13

1 Калі б я гаварыў мовамі людзей і анёлаў, а любові не меў бы, я быў бы як медзь, што звініць, або цымбалы, што гудзяць.

2 І калі б я меў дар праракавання ды зведаў усе таямніцы і ўсякія веды, і меў усю веру, што і горы пераносіць, але любові не меў бы, я быў бы нічым.

3 І калі б раздаў на бедных усю сваю маёмасць і цела сваё аддаў на спаленне, але любові не меў бы, ніякай мне з гэтага карысці.

4 Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, не бывае ганарыстай, не надзімаецца,

5 не амбітная, не шукае таго, што сваё, не злуецца, не думае благога,

6 не цешыцца з несправядлівасці, але радуецца праўдзе,

7 усё пераносіць, ва ўсё верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць.

8 Любоў ніколі не знікае. А вось прароцтвы знікнуць, і мовы змоўкнуць, і веды занепадуць.

9 Бо мы часткова пазнаём і часткова праракуем.

10 Калі ж надыдзе дасканалае, знікне тое, што частковае.

11 Калі я быў дзіцем, гаварыў па-дзіцячаму, разумеў па-дзіцячаму, думаў па-дзіцячаму, а як стаў мужам, пазбыўся таго, што дзіцячае.

12 Цяпер мы бачым быццам праз люстра, невыразна, а тады тварам у твар. Цяпер пазнаю часткова, а тады пазнаю так, як я сам пазнаны.

13 Дык цяпер трываюць гэтыя тры: вера, надзея і любоў; але большая з іх – любоў.

 

Раздзел 14

1 Спасцігайце любоў, рупцеся пра духоўнае, асабліва пра тое, што вы праракуеце.

2 Бо хто гаворыць моваю, не людзям гаворыць, але Богу. Бо ніхто не чуе, а ён Духам гаворыць тайны.

3 Той жа, хто праракуе, гаворыць людзям на настаўленне, і для заахвоты, і для суцяшэння.

4 Хто гаворыць моваю, самога сябе настаўляе, а хто праракуе, царкву будуе.

5 Хачу, каб вы ўсе гаварылі мовамі, але лепш, каб праракавалі. Бо большы той, хто праракуе, чым той, што гаворыць мовамі, хіба што тлумачылі б, каб царква атрымала збудаванне.

6 Што вам, браты, з таго, каб я прыйшоў да вас і гаварыў мовамі, якую прынясу вам карысць, хіба што буду гаварыць да вас абвяшчэннем, або ведамі, або прароцтвам, або навукай.

7 Бо і тыя, што без душы, голас падаюць: ці то жалейка, ці то гуслі; калі б яны не падавалі выразных гукаў, як можна было б тады адрозніць, ці гэта гук жалейкі, ці гусляў?

8 Калі гэтак сурма [баявая] падасць невыразны гук, дык хто будзе рыхтавацца да бою?

9 Так і з вамі, калі языком невыразна будзеце вымаўляць словы, дык хто можа зразумець, што вы гаворыце? Вы будзеце гаварыць на вецер!

10 Падумай, як многа розных моў на свеце? Але кожная не без голасу.

11 Калі я, аднак, не буду разумець значэння голасу, дык буду для прамоўцы чужынцам, і прамоўца для мяне будзе чужынцам.

12 Таксама і вы, калі рупіцеся пра духоўнае, дык імкніцеся ўзбагачацца імі для пабудовы царквы.

13 І таму, хто гаворыць моваю, хай моліцца, каб патлумачыць.

14 Калі я малюся моваю, дух мой моліцца, але розум не мае карысці.

15 Дык што рабіць? Буду маліцца духам, але таксама буду маліцца розумам; буду спяваць духам, буду спяваць і розумам.

16 Дарэчы, калі ты будзеш бласлаўляць у духу, як жа на тваё блаславенне скажа: «Амін!» хтосьці просты, бо ён не разумее, што ты гаворыш?

17 Ты, праўда, прыгожа падзяку складаеш, але іншы не збудоўваецца.

18 Дзякую Богу, што я больш за вас усіх гавару мовамі.

19 Усё ж такі ў царкве хачу сказаць лепш пяць слоў сваім розумам, каб навучыць іншых, чым дзесяць тысяч слоў мовамі.

20 Браты! Не будзьце дзецьмі розумам, але будзьце немаўлятамі адносна зла, а розумам будзьце дарослымі.

21 У законе напісана: «Буду прамаўляць да гэтага народа іншымі мовамі і  вуснамі іншых, але яны і тады не паслухаюць Мяне», кажа Госпад.

22 Дык вось мовы ёсць знак не для вернікаў, але для бязверных; прароцтва ж не для бязверных, але для вернікаў.

23 Дык калі збярэцца ўся царква ды ўсе пачнуць гаварыць мовамі, а ў той час увойдуць неадукаваныя або бязверныя, ці ж не скажуць, што вы звар’яцелі?

24 А калі ўсе праракуюць, і ў той час прыйдзе якісьці бязверны або неадукаваны, дык будзе ён усімі дакараны, усімі суджаны,

25 тайны яго сэрца адкрыюцца, і ён, упаўшы на твар, паклоніцца Богу, прызнаючы: «Сапраўды, Бог з вамі!»

26 Дык што ж, браты? Калі збіраецеся разам, кожны з вас мае псалм, мае навуку, мае адкрыццё, мае мову, мае тлумачэнне: усё гэта хай будзе на пабудову царквы.

27 Калі хто гаворыць мовай, дык хай па чарзе двое, найбольш трое, а адзін хай тлумачыць.

28 А калі б не было тлумачальніка, дык хай маўчыць у царкве, але сам сабе гаворыць і Богу.

29 Прарокі хай прамаўляюць па двое або па трое, іншыя ж хай разважаюць.

30 Калі ж каму іншаму з седзячых будзе дадзена аб’яўленне, дык хай першы замоўкне.

31 Такім спосабам можаце праракаваць усе, адзін за адным, каб усе вучыліся і ўсе былі ўсцешаны.

32 І духі прарочыя паслухмяныя прарокам,

33 бо Бог не ёсць Бог бязладдзя, але супакою. Як гэта адбываецца ва ўсіх цэрквах у святых,

34 жанчыны ў цэрквах павінны маўчаць, бо не дазваляецца ім гаварыць, але няхай будуць пакорлівыя, як і закон кажа.

35 Калі яны хочуць чамусьці навучыцца, хай пытаюцца ў мужоў сваіх дома, бо сорамна жанчыне прамаўляць у царкве.

36 Ці ж ад вас выйшла слова Божае? Або ці да вас толькі прыйшло?

37 Калі каму здаецца, што ён прарок або духоўны, дык хай ведае, што тое, што вам пішу, ёсць загад Госпадаў.

38 А калі хто гэтага не прызнае, ён сам не будзе прызнаны.

39 Так вось, браты мае, рупцеся пра дар праракавання ды не забараняйце прамаўляць на мовах.

40 Ды хай усё адбываецца прыстойна і парадкам.

 

Раздзел 15

1 Прыгадваю вам, браты, Евангелле, якое я вам раней вясціў і якое вы прынялі ды ў якім трываеце,

2 і праз якое здабудзеце збаўленне, калі яго захаваеце такім, якім я вясціў вам, інакш уверылі вы надарма.

3 Бо я перш перадаў вам тое, што і я прыняў, што Хрыстос памёр за нашыя грахі паводле Пісання,

4 і што быў пахаваны, і што ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання,

5 і што з’явіўся Цэфу, і затым дванаццаці,

6 што пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасна; большасць з іх жыве дасюль, некаторыя паўміралі;

7 пасля паказаўся Якубу, пазней усім апосталам,

пры канцы, ужо па ўсіх, як неданоску, паказаўся таксама мне.

9 Бо я найменшы з апосталаў і няварты называцца апосталам, бо я пераследаваў Царкву Божую.

10 Але з ласкі Бога ёсць тым, кім ёсць, ды дадзеная мне ласка Яго не была дарэмнай. Наадварот, працаваў я больш ад іх усіх, ды й не я, аднак, але ласка Божая са мною.

11 Дык ці я, ці яны, мы так навучаем, каб вы так паверылі.

12 Калі аб Хрысце прапаведуецца, што Ён уваскрос з мёртвых, дык чаму некаторыя паміж вас кажуць, што няма ўваскрэсення мёртвых?

13 Калі няма ўваскрэсення мёртвых, дык і Хрыстос не ўваскрос.

14 А калі Хрыстос не ўваскрос, дык дарэмнае навучанне нашае, ды дарэмная таксама вера вашая.

15 А мы аказаліся б фальшывымі сведкамі Бога, бо мы сведчым пра Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, Якога не ўваскрашаў, калі мёртвыя не ўваскрасаюць.

16 Калі памёршыя не ўваскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрос.

17 А калі Хрыстос не ўваскрос, неразумная вера вашая, і вы дасюль застаецеся ў грахах сваіх.

18 Дык тады і тыя, што памерлі ў Хрысце, загінулі.

19 Калі ў гэтым жыцці толькі мы спадзяёмся на Хрыста, дык мы найнешчаслівейшыя з усіх людзей.

20 Але цяпер Хрыстос уваскрос з мёртвых, першынец пасярод памёршых.

21 Бо як праз чалавека смерць, так праз чалавека і ўваскрэсенне з мёртвых;

22 бо як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць.

23 Але кожны па сваёй чарзе: першы Хрыстос, затым тыя, што Хрыстовы, у час прыйсця Яго;

24 потым канец, калі перадасць Ён валадарства Богу і Айцу ды калі знішчыць усякае начальства, усякую ўладу ды моц.

25 Бо Яму належыцца валадарыць, аж пакуль не пакладзе пад ногі Свае ўсіх ворагаў.

26 Апошні вораг будзе знішчаны – смерць.

27 Бо ўсё Ён кінуў пад ногі Свае. Калі сказана: «Усё падначалена Яму», то, канешне, акрамя Таго, Хто Яму ўсё падначаліў.

28 А калі ўжо ўсё будзе Яму падначалена, тады і Сам Сын падначаліцца Таму, Хто Яму падначаліў усё, каб Бог быў усім ва ўсіх.

29 Бо што робяць тыя, што прымаюць хрост дзеля памёршых? Калі памёршыя наогул не ўваскрасаюць, дык нашто прымаюць хрост дзеля іх?

30 Дык нашто і мы ставім сябе штохвіліну пад небяспеку?

31 Я штодня паміраю, і гэта праз вашае ўхваленне, браты, якое маю ў Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым.

32 Калі я толькі як чалавек у Эфесе змагаўся з дзікімі звярамі, што мне з таго? Калі памёршыя не ўваскрасаюць, дык будзем есці і піць, бо заўтра памром.

33 Не падманвайце сябе: «Ліхія сходы псуюць добрыя звычаі».

34 Ацверазіцеся як след і перастаньце грашыць! Бо ёсць сярод вас такія, што не прызнаюць Бога. На сорам вам кажу.

35 Але скажа нехта: «А як памёршыя ўваскрасаюць? У якім целе прыходзяць яны?»

36 О неразумны! Дык жа тое, што ты сееш, не ажыве, калі перш не памрэ.

37 І тое, што сееш, ты сееш не як цела, якім яно стане потым, але як звычайнае зерне, скажам, пшанічнае або якое другое.

38 Але Бог дае яму такое цела, якое захацеў; і кожнаму насенню сваё ўласнае цела.

39 Не кожнае цела тое самае, але адно ў людзей, іншае ў быдла, а яшчэ іншае ў птушак, ды іншае ў рыб.

40 Ёсць целы нябесныя і целы зямныя, але адна слава нябесных, іншая зямных.

41 І адна светласць сонца, а іншая светласць месяца, ды іншая светласць зорак; і зорка ад зоркі розніцца светласцю.

42 Падобна і з уваскрэсеннем мёртвых: сеецца на знішчэнне, а ўваскрасае ў незнішчальнасці;

43 сеецца ў паніжэнні, а ўваскрасае ў славе; сеецца ў кволасці, а ўваскрасае ў моцы;

44 сеецца цела душэўнае, а паўстае цела духоўнае. Калі ёсць цела душэўнае, дык ёсць і духоўнае.

45 Так вось і напісана: «Стаўся першы чалавек, Адам, жывою душою», а апошні Адам – Духам жыватворчым.

46 Аднак перш не тое, што духоўнае, але тое, што душэўнае; духоўнае ж потым.

47 Першы чалавек з зямлі, зямны, другі чалавек – з неба.

48 Які зямны, такія і зямныя; які нябесны, такія і нябесныя,

49 і як насілі мы вобраз зямнога, так будзем насіць вобраз нябеснага.

50 Кажу вам, браты, што цела і кроў не могуць успадкаеміць Валадарства Божага, ды тое, што знішчальнае, не можа мець спадчыны ў незнішчальным.

51 Вось кажу вам тайну: не ўсе мы памром, але ўсе будзем пераменены,

52 адразу, імгненна, на гук апошняй трубы; бо затрубіць, і паўстануць памёршыя незнішчальнымі, і мы будзем пераменены.

53 Бо трэба, каб тое, што знішчальнае, прыадзелася ў незнішчальнасць, і смяротнае прыадзелася ў несмяротнасць.

54 А калі ўжо гэтае знішчальнае прыадзенецца ў незнішчальнасць, і смяротнае гэтае прыадзенецца ў несмяротнасць, тады збудуцца напісаныя словы: «Паглынулася смерць перамогаю.

55 Смерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?»

56 Джала смерці – грэх, а сіла граху – закон.

57 Богу ж падзяка, Які даў нам перамогу праз Госпада нашага Ісуса Хрыста.

58 Дзеля таго, браты мае ўлюбёныя, будзьце стойкімі, непахіснымі, заўсёды рупліва занятыя справай Госпада, ведаючы, што праца ваша не будзе дарэмнай перад Госпадам.

 

Раздзел 16

1 Адносна складак, што збіраюцца на святых, дык і вы рабіце, як я загадаў цэрквам у Галатыі.

2 Хай у першы дзень тыдня кожны з вас адкладзе ў сябе, зберагаючы, тое, што яму даспадобы, каб не рабіліся зборы тады, як я прыбуду.

3 Калі ж я з’яўлюся, дык тых, якіх прызнаеце вы за дастойных, пашлю з лістамі перадаць дар ваш у Ерузалім,

4 а калі б аказалася патрэбным і мне пайсці, дык яны пойдуць разам са мною.

5 Я прыйду да вас, калі буду ісці праз Мацэдонію, бо праз Мацэдонію буду ісці.

6 У вас, магчыма, застануся або нават перазімую, каб вы мяне правялі, куды я пайду.

7 Не хачу вас толькі мімаходам пабачыць. Маю надзею, што нейкі час пабуду ў вас, калі Госпад дазволіць.

8 А ў Эфесе прабуду да Пяцідзесятніцы,

9 бо там адкрылася мне вялікая і надзейная брама, але многа супраціўнікаў.

10 Калі ж прыйдзе Цімафей, дык глядзіце, каб быў без страху ў вас, бо ён робіць справу Госпада, як і я.

11 Дык хай ніхто не пагарджае ім. Прывядзіце яго ў супакоі, каб прыйшоў да мяне, бо чакаю яго разам з братамі.

12 Што да брата Апалоса, дужа прасіў я яго, каб прыбыў да вас з братамі, ды ён не меў цяпер ахвоты прыйсці, але прыйдзе, калі будзе мець магчымасць.

13 Чувайце, будзьце стойкімі ў веры, трымайцеся мужна, будзьце дужымі.

14 Хай усё ў вас дзеецца ў любові.

15 Прашу вас, браты, – вы ведаеце сям’ю Сцяпанаву, што яны ёсць першакамі ў Ахаі і пасвяціліся на паслугу святым, –

16 каб вы былі паслухмяныя такім і кожнаму, хто дапамагае нам і працуе.

17 Цешуся ж прысутнасцю Сцяпана, Фартуната і Ахаіка, бо замянілі мне яны вашу адсутнасць,

18 бо падбадзёрылі яны мой і ваш дух. Дык шануйце такіх.

19 Вітаюць вас цэрквы Азіі. Шчыра вітаюць вас у Госпадзе Аквіла і Прыска разам з царквою, што ў іх доме.

20 Вітаюць вас усе браты. Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам.

21 Прывітанне маёю рукою, Паўлавай.

22 Калі хто не любіць Госпада, анатэма! Марана та!

23 Ласка Госпада Ісуса з вамі.

24 Любоў мая з усімі вамі ў Хрысце Ісусе.