Беларуская Біблія

ЕВАНГЕЛЛЕ ПАВОДЛЕ ЯНА

Раздзел 1

1 На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.

2 Яно было на пачатку ў Бога.

3 Усё праз Яго сталася, і без Яго не сталася нічога з таго, што сталася;

4 у Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей,

5 і святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго.

6 Быў чалавек, пасланы Богам, якому імя было Ян;

7 ён прыйшоў на сведчанне, каб прадставіць сведчанне аб Святле, каб усе паверылі праз яго.

8 Не быў ён святлом, але [прыйшоў], каб прадставіць сведчанне аб Святле.

9 Было праўдзівае Святло, Якое асвятляе кожнага чалавека, прыходзячы ў гэты свет.

10 Яно было ў свеце, і свет праз Яго стаўся, і свет Яго не пазнаў.

11 Прыйшло Яно да сваіх, і свае Яго не прынялі.

12 А тым, якія Яго прынялі, дало магутнасць стацца сынамі Божымі, тым, што вераць у імя Яго,

13 якія не з крыві, ані з жадання цела, ані з жадання мужа, але з Бога нарадзіліся.

14 І Слова сталася целам і пасялілася паміж намі, – і мы бачылі славу Яго, славу як Адзінароднага ад Айца, – поўнае ласкі і праўды.

15 Ян дае сведчанне аб Ім і паклікае, кажучы: «Гэта быў Той, пра Якога я сказаў: Які па мне мае прыйсці, перада мною стаўся, бо перш за мяне быў».

16 І з паўнаты Яго ўсе мы ўзялі, і ласку за ласку;

17 бо закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.

18 Бога ніхто ніколі не бачыў; адзінародны Бог, Які ва ўлонні Айца, Ён Сам растлумачыў.

19 І вось сведчанне Яна, калі Юдэі з Ерузаліма паслалі да яго святароў і левітаў, каб у яго спыталіся: «Хто ты?»

20 І прызнаўся, і не запярэчыў; і прызнаўся: «Я не Хрыстос».

21 Дык пыталіся ў яго: «Дык што? Ты мо Ілля?» І кажа: «Не». «Дык ты прарок?» І адказвае: «Не».

22 Дык сказалі яны яму: «Хто ж ты, каб мы маглі даць адказ тым, што нас паслалі. Што ты кажаш сам пра сябе?»

23 Ён гаворыць: «Я – голас лямантуючага ў пустыні: «Рыхтуйце дарогу Госпаду», як сказаў прарок Ісая».

24 А пасланцы былі з фарызеяў,

25 і спыталіся ў яго: «Чаму тады хрысціш, калі ты не Хрыстос, не Ілля, ані прарок?»

26 Адказаў ім Ян, кажучы: «Я хрышчу вадою; але пасярод вас паўстаў Той, Каго вы не ведаеце,

27 Які па мне прыйдзе, Якому я не варты развязаць рамень сандаляў Яго».

28 Гэта адбылося ў Бэтаніі за Ярданам, дзе Ян хрысціў.

29 Назаўтра ўбачыў Ян Ісуса, што ішоў да яго, і гаворыць: «Вось Ягня Божае, Той, Хто бярэ на Сябе грахі свету.

30 Гэта Той, пра Якога я сказаў: пасля мяне прыходзіць Чалавек, Які стаўся перада мной, бо быў раней за мяне.

31 І я не ведаў Яго, але дзеля таго прыйшоў я, хрысцячы вадой, каб мог Ён аб’явіцца Ізраэлю».

32 І прадставіў Ян сведчанне, кажучы: «Бачыў я Духа, што сыходзіў з неба, як галуб, і застаўся на Ім;

33 і я Яго не ведаў, але Той, Хто мяне паслаў хрысціць вадою, сказаў мне: «На Каго ўбачыш, што Дух сыходзіць і застаецца на Ім, гэта Той, Хто хрысціць Духам Святым».

34 І гэта я сам бачыў і сведчу, што Ён – Сын Божы».

35 На другі дзень зноў стаяў Ян і два вучні яго,

36 і, зірнуўшы на Ісуса, Які праходзіў міма, Ян кажа: «Вось Ягня Божае».

37 Дык пачулі два вучні, як ён гэта казаў, і пайшлі за Ісусам.

38 Ісус, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа ім: «Што шукаеце?» Яны сказалі Яму: «Раббі, – што ў перакладзе значыць Настаўнік, – дзе жывеш?»

39 Кажа ім: «Ідзіце і ўбачыце». Дык пайшлі і ўбачылі, дзе жыў, і засталіся той дзень з Ім, а было блізу гадзіны дзесятай.

40 А адным з двух, што пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сімона Пётры.

41 Ён знаходзіць перш брата свайго Сімона і кажа яму: «Знайшлі мы Месію», што значыць – Хрыста,

42 і прывёў яго да Ісуса. А Ісус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты Сімон, сын Ёны; будзеш называцца Цэфа, што значыць Пётра».

43 Назаўтра Ісус маніўся ісці ў Галілею ды напаткаў Піліпа. І кажа яму Ісус: «Ідзі за Мною».

44 А Піліп быў з Бэтсайды, горада Андрэя і Пётры.

45 Піліп жа напаткаў Натанаэля і кажа яму: «Мы знайшлі Таго, аб Кім пісаў Майсей у законе і прарокі: Ісуса, Сына Язэпа з Назарэта».

46 І сказаў яму Натанаэль: «Ці можа быць што добрага з Назарэта?» Кажа яму Піліп: «Ідзі і паглядзі».

47 Убачыў Ісус, што Натанаэль ідзе да Яго, і кажа пра яго: «Вось праўдзівы Ізраэлец, у якім няма хітрасці».

48 Натанаэль спытаўся ў Ісуса: «А скуль жа мяне ведаеш?» Адказваючы, сказаў яму Ісус: «Я бачыў цябе перш, чым пазваў цябе Піліп, калі ты быў пад фігавым дрэвам».

49 Адказаў яму Натанаэль: «Раббі, Ты – Сын Божы, Ты – Цар Ізраэля!»

50 Адказаў яму Ісус і сказаў: «Таму, што Я табе сказаў: «Я цябе бачыў пад фігавым дрэвам», паверыў ты? Болей за гэта ўбачыш».

51 І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба адкрытае і анёлаў Божых, што ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага».

 

Раздзел 2

1 І на трэці дзень спраўлялася вяселле ў Кане Галілейскай, і была там Маці Ісуса.

2 Таксама Ісус разам з вучнямі Яго быў пакліканы на вяселле.

3 А калі не хапіла віна, Маці Ісуса кажа Яму: «Віна не маюць».

4 І кажа Ёй Ісус: «Што Мне і Табе, жанчына? Яшчэ не прыйшла Мая гадзіна».

5 Кажа тады Маці Яго слугам: «Зрабіце ўсё, што вам загадае».

6 А было там шэсць каменных глякоў, што стаялі дзеля абмывання Юдэяў, і кожны з іх змяшчаў па два або па тры вядры.

7 Кажа ім Ісус: «Напоўніце глякі вадой». І напоўнілі іх аж да краёў.

8 І кажа ім: «Чэрпайце цяпер і занясіце маршалку». І занеслі.

9 А калі маршалак пакаштаваў ваду, якая замянілася ў віно, – а не ведаў, адкуль узялося віно, слугі ж, што чэрпалі ваду, ведалі, – пазваў маршалак маладога

10 і кажа яму: «Кожны чалавек дае найперш добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае: ты ж захаваў добрае віно аж дасюль».

11 Такі вось пачатак знакаў учыніў Ісус у Кане Галілейскай і аб’явіў славу Сваю, і паверылі ў Яго вучні Яго.

12 Пасля таго пайшоў Сам, і Маці, і браты, і вучні Яго ў Кафарнаўм, і там заставаліся некалькі дзён.

13 І блізка была Пасха Юдэйская, дык Ісус увайшоў у Ерузалім.

14 І знайшоў у святыні тых, што  прадавалі валоў, авец і галубоў, і  мянялаў грошай, што сядзелі.

15 І, зрабіўшы з вяровак біч, павыганяў усіх са святыні, таксама авечак і валоў, і грошы мянялаў рассыпаў і сталы перакуліў;

16 і тым, што прадавалі галубоў, сказаў: «Выносьце гэта адсюль! Не рабіце дома Айца Майго домам гандлю».

17 І прыпомнілі вучні Яго, што напісана: «Руплівасць пра дом Твой з’ядае Мяне».

18 Тады Юдэі, адказваючы, сказалі Яму: «Які знак пакажаш нам, што ты гэта робіш?»

19 Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Зруйнуйце гэтую святыню, і Я ў тры дні адбудую яе».

20 Дык сказалі тады Юдэі: «Сорак шэсць гадоў будавалі гэтую святыню, а Ты ў тры дні адбудуеш яе?»

21 Але Ён гаварыў пра святыню цела Свайго.

22 Дык калі ўваскрос з мёртвых, вучні Яго прыпомнілі, што пра гэта казаў, і ўверылі Пісанню і словам, якія сказаў Ісус.

23 А калі быў Ён у Ерузаліме ў дзень святочны на Пасху, многія паверылі ў імя Яго, бачачы знакі, якія чыніў.

24 Але Сам Ісус не верыў ім, таму што ведаў усіх,

25 і не меў патрэбы, каб хто сведчыў аб чалавеку: бо Сам ведаў, што ёсць у чалавеку.

 

Раздзел 3

1 Між фарызеяў быў чалавек імем Нікадэм, начальнік Юдэйскі;

2 уночы прыйшоў ён і сказаў Яму: «Раббі, мы ведаем, што Ты ад Бога прыйшоў як Настаўнік; бо ніхто не можа чыніць такіх знакаў, як Ты чыніш, калі б Бог не быў з ім».

3 Ісус, адказваючы, сказаў яму: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца нанова, не можа бачыць Валадарства Божага».

4 Кажа Яму Нікадэм: «Як жа можа нарадзіцца чалавек, калі ён ужо стары? Ці ж можа паўторна ўвайсці ва ўлонне сваёй маці ды зноў нарадзіцца?»

5 Адказаў Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца з вады і з Духа, не можа ўвайсці ў Валадарства Божае.

6 Тое, што нарадзілася з цела, ёсць цела, а што нарадзілася з Духа, ёсць дух.

7 Не дзівіся, што Я табе гэта сказаў: трэба вам нарадзіцца нанова.

8 Дух дзьме, куды хоча, і шум яго чуеш, але не ведаеш, скуль прыходзіць і куды адыходзіць; таксама адбываецца з кожным, хто з Духа нарадзіўся».

9 Адказаў Мікадэм і сказаў Яму: «Як можа гэта стацца?»

10 Сказаў яму Ісус, адказваючы: «Ты – настаўнік Ізраэля і не ведаеш гэтага?

11 Сапраўды, сапраўды кажу табе: мы гаворым тое, што ведаем, і сведчым пра тое, што мы бачылі, але сведчання нашага не прымаеце.

12 Калі Я казаў вам пра зямное, і вы не верыце, дык як паверыце, калі вам буду гаварыць пра нябеснае?

13 І ніхто не ўзышоў на неба, толькі Той, Хто сышоў з неба, Сын Чалавечы.

14 І як Майсей падняў змяю ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы,

15 каб кожны, хто верыць, меў у Ім жыццё вечнае.

16 Бо так палюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто верыць у Яго, не памёр, але меў жыццё вечнае.

17 Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго.

18 Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны; а хто не верыць, ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.

19 А вось што такое суд: Святло прыйшло ў свет, але людзі ўзлюбілі цемру болей за святло, бо ліхімі былі іх учынкі.

20 Бо кожны, хто блага робіць, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не асудзілі яго ўчынкаў;

21 а кожны, хто чыніць праўду, ідзе да святла, каб выявіліся ўчынкі яго, бо яны ў Богу былі ўчынены».

22 Пасля таго прыйшоў Ісус і вучні Яго ў зямлю Юдэйскую і там затрымаўся  з імі і хрысціў.

23 І Ян таксама хрысціў у Эноне блізка Саліма, бо там было шмат вады, і [людзі] прыходзілі і прымалі хрост;

24 бо Ян не быў яшчэ кінуты ў вязніцу.

25 І сталася: узнікла спрэчка між вучнямі Яна і Юдэямі наконт ачышчэння.

26 Дык прыйшлі да Яна і сказалі яму: «Раббі, Той, што з табой быў за Ярданам і пра Якога ты сведчыў, вось, Ён хрысціць, ды ўсе ідуць да Яго».

27 Адказаў Ян і сказаў ім: «Нічога не можа атрымаць чалавек, калі яму не будзе дадзена з неба.

28 Вы самі можаце засведчыць пра мяне, што я вам сказаў: Я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім.

29 Хто мае абранніцу, той жаніх, а сябра жаніха, які побач стаіць і слухае яго, радуецца ўсцешна з голасу жаніха. І гэтая радасць мая споўнілася.

30 Ён мае расці, а я – змяншацца.

31 Хто прыходзіць звысока, Той вышэй за ўсіх; а хто з зямлі, той з зямлі і пра зямное гаворыць. Хто прыходзіць з неба, Той па-над усімі;

32 і Ён сведчыць аб тым, што ўбачыў і пачуў, і сведчання Яго ніхто не прымае.

33 А хто прыняў Яго сведчанне, той адзначыў, што Бог праўдамоўны.

34 І Той, Каго Бог паслаў, прамаўляе словы Божыя, бо не мераючы дае Ён Духа.

35 Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у рукі Яго.

36 Хто верыць у Сына, мае жыццё вечнае; а хто бязверны ў Сына, той не ўбачыць жыцця, але гнеў Божы застаецца на ім».

 

Раздзел 4

1 Калі затым Ісус даведаўся, што фарызеі чулі, што Ісус здабывае больш вучняў і больш хрысціць, чым Ян, –

2 хоць Сам Ісус не хрысціў, але вучні Яго, –

3 дык пакінуў Юдэю і вярнуўся ізноў у Галілею.

4 А выпала Яму ісці праз Самарыю.

5 Прыйшоў тады ў самарытанскі горад Сіхар, непадалёк ад паселішча, якое даў Якуб Язэпу, свайму сыну;

6 і была там крыніца Якуба. І Ісус, змучаны дарогай, сядзеў пры крыніцы; было каля шостай гадзіны.

7 У той час прыйшла жанчына з Самарыі браць ваду. Кажа ёй Ісус: «Дай мне напіцца»;

8 бо вучні Яго пайшлі ў горад, каб купіць ежы.

9 Кажа тады Яму жанчына Самарытанка: «Як жа Ты, Юдэй,  просіш вады ў мяне, Самарытанкі?» Бо Юдэі цураюцца Самарытанаў.

10 Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Калі б ты ведала дар Божы ды хто ёсць Той, Хто цябе просіць: «Дай мне піць», напэўна, прасіла б Яго, і Ён даў бы табе жывой вады».

11 Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, не маеш нават чым зачэрпаць, а студня глыбокая; адкуль тады возьмеш жывой вады?

12 Ці ж ты большы за бацьку нашага Якуба, які нам даў гэтую студню,  з якой сам піў і сыны яго, і скаціна яго?»

13 Адказаў ёй Ісус і сказаў: «Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў смягнуць будзе;

14 а хто нап’ецца вады, якую Я яму дам, вечна не будзе смягнуць, але вада, якую Я яму дам, станецца ў ім крыніцай вады, што бруіцца ў жыццё вечнае».

15 Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, дай мне гэтае вады, каб я не адчувала смагі, ды не прыходзіла сюды за вадой».

16 Кажа ёй Ісус: «Ідзі, пакліч мужа свайго і прывядзі сюды».

17 Адказала жанчына і сказала Яму: «Я не маю мужа». Кажа ёй Ісус: «Добра ты сказала: «Я не маю мужа»,

18 бо мела ты пяць мужоў, а гэты, якога цяпер маеш, не ёсць твой муж. Гэта ты праўду сказала».

19 Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, бачу, што Ты – прарок.

20 Бацькі нашы на гэтай гары пакланяліся, а вы кажаце, што ў Ерузаліме месца, дзе належыць пакланяцца».

21 Кажа ёй Ісус: «Павер Мне, жанчына, што надыходзіць час, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерузаліме не будзеце пакланяцца Айцу.

22 Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце; а мы пакланяемся таму, што ведаем, бо ад Юдэяў збаўленне.

23 Але надыходзіць час, ды ўжо надышоў, што праўдзівыя паклоннікі будуць пакланяцца Айцу ў Духу і ў праўдзе, бо і Айцец шукае такіх, што паклоняцца Яму.

24 Бог ёсць Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і ў праўдзе».

25 Кажа Яму жанчына: «Ведаю, што прыйдзе Месія, значыць Хрыстос; калі Ён прыйдзе, усё нам аб’явіць».

26 Кажа ёй Ісус: «Гэта Я, Той, Які з табою размаўляе».

27 Неўзабаве прыйшлі вучні Яго і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынаю; але ніхто не сказаў: «Пра што пытаеш?» або «Пра што з ёй гаворыш?».

28 Жанчына ж пакінула збанок свой і паспяшыла ў горад, і кажа тым людзям:

29 «Ідзіце і пабачце чалавека, які мне сказаў усё, што я толькі зрабіла; ці гэта не Сам Хрыстос?»

30 Дык выйшлі з горада і пайшлі да Яго.

31 Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: «Раббі, еш».

32 Але Ён сказаў ім: «Я маю ежу, пра якую вы не ведаеце».

33 Казалі тады вучні між сабой: «Няўжо нехта прынёс Яму есці?»

34 Кажа ім Ісус: «Мая ежа – каб выконваць волю Таго, Хто паслаў Мяне, і каб скончыць справу Яго.

35 Ці ж вы не кажаце: «Яшчэ чатыры месяцы, і пачнецца жніво»? Вось, кажу вам: падыміце вочы вашыя і паглядзіце на прасторы, якія яны ўжо белыя да жніва. Ужо

36 жнец атрымоўвае плату і збірае плод на жыццё вечнае, каб і сейбіт, і жнец разам радаваліся.

37 І гэтым спраўджваецца слова: адзін сее, а іншы збірае.

38 Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы карыстаецеся працай іх».

39 І многа Самарытанаў з горада таго паверыла ў Яго дзеля слоў жанчыны, якая сведчыла: «Ён мне сказаў усё, што я толькі зрабіла».

40 І, калі да Яго прыйшлі Самарытаны, прасілі Яго, каб у іх пабыў; дык прабыў там два дні.

41 Ды многа болей уверыла дзеля слоў Яго.

42 Жанчыне ж казалі: «Ужо не дзеля твайго аповяду верым; але дзеля таго, што пачулі і ведаем, што Ён – сапраўды Збаўца свету».

43 А па двух днях пайшоў адтуль у Галілею;

44 хоць Сам Ісус сведчыў, што прарок не мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.

45 Калі затым прыйшоў у Галілею, Галілейцы прынялі Яго, бо бачылі ўсё, што ўчыніў у Ерузаліме ў дзень свята; бо і яны прыходзілі на свята.

46 Ісус ізноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе зрабіў ваду віном. І быў там нейкі ўрадовец, якога сын хварэў у Кафарнаўме;

47 ён, калі пачуў, што Ісус з Юдэі прыйшоў у Галілею, пайшоў да Яго і прасіў, каб прыйшоў і аздаравіў сына яго; а ён ужо канаў.

48 Сказаў яму Ісус: «Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце».

49 Кажа Яму прыдворны: «Госпадзе, прыйдзі перш, чым сын мой памрэ».

50 Кажа яму Ісус: «Ідзі. Сын твой жыве». Паверыў той чалавек слову, якое яму сказаў Ісус, і пайшоў.

51 А калі быў яшчэ ў дарозе, слугі яго выйшлі насустрач яму, каб сказаць, што сын яго жыве.

52 Спытаўся іх тады пра пару, у якую яму палягчэла. Дык сказалі яму: «Учора а сёмай гадзіне спынілася ў яго гарачка».

53 Дык даведаўся бацька, што гэта быў той час, у які сказаў яму Ісус: «Сын твой жыве», і паверыў ён ды ўвесь дом яго.

54 І гэты другі знак ўчыніў Ісус, калі прыйшоў з Юдэі ў Галілею.

 

Раздзел 5

1 Пасля гэтага быў дзень святочны ў Юдэяў, і Ісус прыйшоў у Ерузалім.

2 А ў Ерузаліме ёсць ля Авечай брамы купальня, якая па-гебрайску завецца Бэтсата, якая мае пяць прысенкаў.

3 У іх ляжала шмат хворых, сляпых, кульгавых, ссохлых. (4)

5 І быў там адзін чалавек, што хварэў трыццаць восем гадоў.

6 Калі Ісус убачыў, што той ляжаў, ды даведаўся, што ён ужо доўгі час хварэе, спытаўся ў яго: «Ці хочаш быць здаровы?»

7 Хворы адказаў Яму: «Госпадзе, не маю чалавека, каб мяне ўкінуў у купальню, калі ўзварухнецца вада; бо калі я сам прыходжу, хто іншы перада мной уваходзіць».

8 Кажа яму Ісус: «Падыміся, вазьмі ляжак свой і хадзі».

9 І адразу стаў здаровым чалавек, і ўзяў ляжак свой, і хадзіў. А была субота ў гэты дзень.

10 Дык казалі Юдэі таму, хто аздаравіўся: «Сёння субота, нельга табе насіць ляжак твой».

11 А ён адказаў ім: «Той, Хто аздаравіў мяне, сказаў мне: «Вазьмі ляжак свой ды хадзі».

12 Дык пыталі ў яго: «Што гэта за чалавек, які табе сказаў: «Вазьмі і хадзі»?

13 А той, хто быў аздароўлены, не ведаў, хто гэта быў; бо Ісус адышоўся ад людзей, што сабраліся ў тым месцы.

14 Потым напаткаў яго Ісус у святыні і сказаў яму: «Вось, ты паздаравеў; ужо болей не грашы, каб не здарылася табе што горшае».

15 Пайшоў той чалавек і паведаміў Юдэям, што Ісус – Той, Хто зрабіў яго здаровым.

16 Таму пераследавалі Юдэі Ісуса, што Ён рабіў такое ў суботу.

17 Але Ісус адказаў ім: «Айцец Мой дагэтуль робіць так, і Я раблю».

18 Дзеля таго тым больш шукалі Юдэі, як забіць Яго, бо не толькі парушаў суботу, але і Бога называў Айцом Сваім, раўняючы сябе да Бога.

19 І вось, адказаў ім Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Сын не можа нічога зрабіць Сам ад Сябе, але толькі тое, што бачыць, як Айцец робіць; бо што Ён робіць, тое таксама Сын робіць.

20 Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, і яшчэ большыя за гэтыя пакажа Яму справы, каб вы дзівіліся.

21 Бо як Айцец уваскрашае памёршых і ажыўляе, так і Сын, каго хоча, ажыўляе.

22 Бо Айцец нікога не судзіць, але ўвесь суд перадаў Сыну,

23 каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, не шануе таксама Айца, Які паслаў Яго.

24 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто слухае Маё слова ды верыць Таму, Хто Мяне паслаў, мае жыццё вечнае, ды не ідзе на суд, але ад смерці пераходзіць да жыцця.

25 Сапраўды, сапраўды кажу вам: надыходзіць час, ды нават ужо надышоў, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага, і тыя, што пачуюць, жыць будуць.

26 Бо як Айцец мае жыццё Сам у Сабе, так і Сыну даў мець жыццё ў Сабе Самім;

27 ды даў Яму ўладу судзіць, бо Ён – Сын Чалавечы.

28 Не дзівіцеся таму, бо надыходзіць гадзіна, у якую ўсе, што ў магілах, пачуюць голас Яго,

29 і тыя, што добра рабілі, пойдуць да ўваскрашэння жыцця, а тыя, што блага рабілі, – да ўваскрашэння суда.

30 Сам ад Сябе Я нічога не магу рабіць; суджу так, як чую, ды суд Мой справядлівы, бо не шукаю Маёй волі, але волі Таго, Хто Мяне паслаў.

31 Калі Я Сам сведчу аб Сабе, сведчанне Маё праўдзівае;

32 бо ёсць іншы, Хто сведчыць пра Мяне, і ведаю, што сведчанне пра Мяне, якое Ён прадстаўляе, праўдзівае.

33 Вы пасылалі да Яна, і ён сведчыў праўдзіва;

34 але Я не ад чалавека прымаю сведчанне, а кажу гэта, каб вы былі збаўлены.

35 Ён быў свяцільняй, якая гарыць і свеціць, але вы толькі хвілінку захацелі пацешыцца святлом яго.

36 Але Я маю сведчанне большае за Яна; вось справы, якія Мне Айцец даручыў, каб Я  выканаў іх, і самі справы, якія Я раблю, сведчаць пра Мяне, што Айцец Мяне паслаў.

37 Ды і Айцец, Які Мяне паслаў, засведчыў пра Мяне. Але вы голасу Яго ніколі не чулі і аблічча Яго не бачылі,

38 і слова Яго не маеце ў сабе трывала, бо вы не верыце Таму, Каго Ён паслаў.

39 Разгледзьце Пісанні, бо вы думаеце, што маеце ў іх жыццё вечнае; а яны – гэта тое, што сведчыць пра Мяне.

40 Але да Мяне не хочаце ісці, каб мець жыццё.

41 Славы ад людзей не прымаю,

42 але вас я спазнаў, што любові да Бога ў сабе не маеце.

43 Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прымаеце Мяне; а, калі б хто іншы прыйшоў у сваё імя, таго прымеце.

44 Як жа можаце верыць вы, што хвалу прымаеце адзін ад другога, а хвалы, што ад адзінага Бога, не шукаеце?

45 Не думайце, што Я вас буду вінаваціць перад Айцом; ёсць той, хто будзе вінаваціць вас: Майсей, на якога вы спадзеяцеся.

46 Бо каб вы верылі Майсею, дык уверылі б вы і Мне; бо ён пра Мяне пісаў.

47 Але калі вы пісанням яго не верыце, дык як жа ўверыце словам Маім?»

 

Раздзел 6

1 Пасля таго Ісус пайшоў праз мора Галілейскае, або Тыберыядскае.

2 І ішоў за Ім вялікі натоўп людзей, бо бачылі знакі, якія ўчыніў Ён над тымі, што былі немачныя.

3 Затым Ісус узышоў на гару і сядзеў там са Сваімі вучнямі.

4 І была блізка Пасха, святочны дзень Юдэйскі.

5 Калі Ісус падняў вочы і ўбачыў, што вялікае мноства [людзей] прыйшло да Яго, кажа Піліпу: «Дзе купім хлеба, каб маглі яны пад’есці?»

6 А казаў Ён гэта, каб выпрабаваць іх, бо Сам ведаў, што меў зрабіць.

7 Адказаў Яму Піліп: «Дзвесце дынараў не хопіць на хлеб для іх, каб кожны з іх атрымаў хоць крыху».

8 Кажа Яму адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сімона Пётры:

9 «Ёсць тут адзін юнак, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы, але што гэта на такое мноства?»

10 Сказаў Ісус: «Загадайце людзям узлегчы». А было на тым месцы многа травы. І вось узлегла мужчын каля пяці тысяч.

11 Тады Ісус узяў хлябы і, калі склаў падзяку, раздаў узлягаючым; падобна і рыбы, колькі хто хацеў.

12 А калі наеліся, кажа вучням Сваім: «Збярыце кавалкі, што засталіся, каб не змарнаваліся».

13 Дык сабралі кавалкі з пяці хлябоў ячменных і напоўнілі дванаццаць кашоў таго, што засталося па тых, што елі.

14 Людзі ж тыя, калі ўбачылі, што ўчыніў Ён знак, казалі: «Сапраўды гэта прарок, які прыйшоў у свет».

15 А Ісус, калі даведаўся, што меліся прыйсці, каб узяць Яго і ўчыніць Яго царом, адышоў Сам адзін на гару.

16 А калі звечарэла, вучні Яго спусціліся да мора

17 і, увайшоўшы ў лодку, паплылі праз мора ў Кафарнаўм. І ўжо сцямнела, а Ісус не прыходзіў да іх.

18 А мора пачало бурліць, бо дзьмуў моцны вецер.

19 Калі адплылі за дваццаць пяць або і трыццаць стадый, убачылі Ісуса, Які ішоў па моры і падыходзіў да лодкі, і спалохаліся.

20 Але Ісус кажа ім: «Гэта Я, не бойцеся».

21 І хацелі ўзяць Яго ў лодку, а  лодка зараз жа прыстала да берага, да якога яны плылі.

22 Назаўтра народ, які застаўся за морам, заўважыў, што не было там другой лодкі, толькі адна, ды што Ісус не ўвайшоў у лодку са Сваімі вучнямі, але вучні Яго адплылі самі;

23 іншыя ж лодкі прыплылі з Тыберыяды да месца, дзе елі хлеб, над якім Госпад складаў падзяку.

24 Калі затым народ убачыў, што там няма Ісуса, ані вучняў Яго, дык селі ў лодкі і прыплылі ў Кафарнаўм, шукаючы Ісуса.

25 І, калі знайшлі Яго за морам, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты сюды прыйшоў?»

26 Адказаў ім Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што вы бачылі знакі, але таму, што вы елі хлеб і наеліся.

27 Рупцеся не пра ежу, якая прападае, але пра ежу, якая прычыняецца да жыцця вечнага, якое дасць вам Сын Чалавечы; бо на Ім пакінуў знак Айцец Бог».

28 Сказалі тады Яму: «Што маем рабіць, каб выконваць справы Божыя?»

29 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Гэта справа Божая, каб верылі ў Таго, Каго Ён паслаў».

30 Тады сказалі Яму: «Дык што за знак учыніш, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што зробіш?

31 Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: «Хлеб нябесны даў ім».

32 Сказаў тады ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба.

33 Бо хлеб Божы ёсць Той, Які з неба сышоў і дае жыццё свету».

34 Затым сказалі Яму: «Госпадзе, давай нам заўсёды гэтага хлеба».

35 Сказаў ім Ісус: «Я – хлеб жыцця. Хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не засмагне.

36 Але Я сказаў вам, што і ўбачылі Мяне, і не верыце.

37 Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, і таго, хто да Мяне прыходзіць, не праганю прэч.

38 Бо Я сышоў з неба, не каб Сваю волю чыніць, але волю Таго, Хто Мяне паслаў.

39 А воля Таго, Які Мяне паслаў, у тым, каб Я нічога не страціў з таго, што Ён Мне даў, але ўваскрасіў гэта ў апошні дзень.

40 Гэта воля Айца Майго, каб кожны, хто глядзіць на Сына і верыць у Яго, меў жыццё вечнае; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень».

41 Дык наракалі Юдэі на Яго, што Ён сказаў: «Я – хлеб, які сышоў з неба»,

42 ды казалі: «Ці ж гэта не Ісус, Сын Язэпа, Якога бацьку і Маці ведаем? Як жа Ён кажа цяпер: «Сышоў з неба»?

43 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Не наракайце адзін на аднаго.

44 Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі яго не пацягне Айцец, Які Мяне паслаў; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень.

45 Напісана ў прарокаў: «Будуць усе вучнямі Госпада». Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне.

46 І не таму, што нехта ўбачыў Айца, акрамя Таго, Хто ад Бога, Ён убачыў Айца.

47 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.

48 Я – хлеб жыцця.

49 Бацькі вашыя елі манну ў пустыні і паўміралі.

50 А гэта хлеб, які з неба сыходзіць, каб калі хто з вас есці будзе, не памёр.

51 Я – хлеб жывы, які з неба сышоў. Калі хто будзе есці гэты хлеб, жыць будзе вечна; а хлеб, які Я дам, ёсць цела Маё [якое Я аддам] за жыццё свету».

52 Дык спрачаліся Юдэі між сабою, кажучы: «Як жа Ён можа нам даць цела Сваё на з’ядзенне?»

53 Сказаў затым ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі вы не будзеце есці цела Сына Чалавечага ды не будзеце піць крыві Яго, не будзеце мець жыцця ў сабе саміх.

54 Хто есць цела Маё і п’е кроў Маю, мае жыццё вечнае; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень.

55 Бо цела Маё ёсць сапраўдная ежа, а кроў Мая ёсць сапраўднае пітво.

56 Хто есць цела Маё ды п’е кроў Маю, ува Мне застаецца, а Я ў ім.

57 Як Мяне паслаў жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, той будзе жыць Мною.

58 Гэты хлеб, які з неба сышоў, не такі; бацькі вашыя елі [манну] і паўміралі. Хто есць гэты хлеб, будзе жыць вечна».

59 Гэта сказаў, навучаючы ў сінагозе ў Кафарнаўме.

60 Дык многія з вучняў Яго, чуючы гэта, сказалі: «Жорсткае гэта слова! Хто яго слухаць можа?»

61 А Ісус, ведаючы Сам у Сабе, што наракалі на гэта вучні Яго, сказаў ім: «Гэта вас горшыць?

62 А што ж будзе, калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе перш быў?

63 Дух ёсць той, Хто ажыўляе, цела ж нічым не дапаможа; словы, якія Я вам сказаў, ёсць Дух і жыццё.

64 Аднак ёсць між вамі такія, што не вераць». Бо ведаў Ісус ад пачатку, хто тыя, што не вераць, і хто той, што Яго выдасць.

65 І казаў: «Дзеля таго і сказаў вам: ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі яму не дадзена будзе Айцом Маім».

66 Адгэтуль многія вучні Яго вярнуліся назад ды ўжо з Ім не хадзілі.

67 І сказаў Ісус дванаццаці: «Ці і вы маніцеся пакінуць Мяне?»

68 Адказаў Яму Сімон Пётра: «Госпадзе, да каго ж мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага;

69 мы ж уверылі і спазналі, што Ты – Святы Божы».

70 Адказаў ім Ісус: «Ці не дванаццаць вас Я выбраў? А адзін з вас д’ябал».

71 А гаварыў пра Юду Сімонавага Іскарыёта: бо ён меўся Яго выдаць, хоць быў адным з дванаццаці.

 

Раздзел 7

1 І пасля таго Ісус хадзіў па Галілеі, бо Ён не хацеў хадзіць па Юдэі, бо Юдэі імкнуліся забіць Яго.

2 І быў паблізу Юдэйскі святочны  дзень палатак.

3 Сказалі затым Яму браты Яго: «Адыдзіся адгэтуль і ідзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі справы Твае, якія робіш.

4 Бо ніхто не робіць чаго-колечы тайна, а і сам хоча паказацца на людзях. Калі такія рэчы чыніш, пакажы Сябе свету».

5 Бо і браты Яго не верылі ў Яго.

6 Кажа ім тады Ісус: «Яшчэ не надышоў Мой час, а ваш час заўсёды.

7 Вас свет не можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сведчу аб ім, што яго ўчынкі ліхія.

8 Вы ідзіце на свята, а Я не пайду на гэтае свята, бо час Мой яшчэ не споўніўся».

9 І, калі сказаў гэта, Сам застаўся ў Галілеі.

10 Але калі браты Яго адправіліся на свята, то і Ён пайшоў, не яўна, але быццам употай.

11 А ў час свята шукалі Яго Юдэі і казалі: «Дзе Ён?»

12 І шмат гамонкі пра Яго было ў натоўпе. Адны казалі: «Ён добры!»; а другія казалі: «Не, Ён зводзіць людзей».

13 Але ніхто не гаварыў пра Яго яўна  з-за боязі перад Юдэямі.

14 І ўжо а палове святочнага дня Ісус увайшоў у святыню і стаў навучаць.

15 А Юдэі дзівіліся, кажучы: «Адкуль Ён ведае Пісанне, хаця не вучыўся?»

16 Дык адказаў ім Ісус і казаў: «Мая навука не Мая, але Таго, Хто Мяне паслаў.

17 Калі хто хоча выконваць волю Яго, той з навукі пазнае, ці яна ад Бога, ці Я Сам ад Сябе гавару.

18 Хто з сябе самога гаворыць, той сваёй хвалы шукае, але Хто шукае хвалы Таго, Хто Яго паслаў, Той праўдамоўны ды няма ў ім беззаконня.

19 Ці не Майсей даў вам закон? Але ніхто з вас не робіць па закону. Чаму імкнецеся Мяне забіць?»

20 Адказалі людзі, кажучы: «Дэмана маеш! Хто імкнецца Цябе забіць?»

21 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Я зрабіў адну справу, а ўсе дзівіцеся.

22 Вось, Майсей перадаў вам абразанне, хоць яно не ад Майсея, але ад вашых продкаў, і вы абразаеце ў суботу чалавека.

23 Калі чалавек прымае абразанне ў суботу і не парушаецца закон Майсея, дык чаму злуецеся на Мяне, калі Я ўсяго чалавека аздаравіў у суботу?

24 Дык не судзіце па знешнасці, але судзіце справядлівым судом».

25 Дык некаторыя з ерузалімцаў казалі: «Ці гэта Той, Якога імкнуцца забіць?

26 Бо вось яўна прамаўляе, і нічога Яму не кажуць. Ці сапраўды пераканаліся кіраўнікі, што Ён – Хрыстос?

27 Але мы ведаем Яго, адкуль Ён родам, а калі прыйдзе Хрыстос, ніхто не ведае, адкуль Ён прыйдзе».

28 А Ісус, навучаючы ў святыні, усклікнуў, кажучы: «І Мяне ведаеце, і ведаеце, адкуль Я. І Я Сам ад Сябе не прыйшоў, але праўдзівы Той, Хто Мяне паслаў, а Якога вы не ведаеце.

29 Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён Мяне паслаў».

30 Дык імкнуліся Яго ўзяць, але ніхто не падняў на Яго рукі, бо яшчэ не прыйшла Яго гадзіна.

31 І многія з людзей паверылі ў Яго, і яны казалі: «Ці ж, калі Хрыстос прыйдзе, болей знакаў учыніць, чым Ён учыніў?»

32 А калі фарызеі пачулі, што людзі так пра Яго гавораць, дык паслалі фарызеі і першасвятары слуг, каб Яго ўзяць.

33 Сказаў тады Ісус: «Кароткі толькі час буду з вамі, і пайду да Таго, Хто Мяне паслаў.

34 Будзеце Мяне шукаць і не знойдзеце, і дзе Я буду, вы туды не можаце прыйсці».

35 Дык сказалі Юдэі адзін аднаму: «Куды ж Ён пойдзе, што мы Яго не знойдзем? Няўжо Ён пойдзе ў расцярушанне да Грэкаў ды будзе Грэкаў навучаць?

36 Што ж гэта за слова, якое сказаў: «Шукаць Мяне будзеце і не знойдзеце», ды: «Туды, дзе Я, вы не можаце прыйсці»?

37 А ў апошні вялікі дзень свята стаў Ісус і ўсклікнуў, кажучы: «Калі хто смагне, хай прыходзіць да Мяне і п’е;

38 хто верыць у Мяне. Як кажа Пісанне, рэкі жывой вады пацякуць з нутра яго».

39 А так казаў аб Духу, Якога мелі атрымаць тыя, што вераць у Яго. І не было яшчэ [на іх] Духа, бо Ісус не быў яшчэ ўслаўлены.

40 І многія з тых людзей, калі пачулі гэтыя словы, казалі: «Гэта сапраўды прарок»;

41 іншыя ж казалі: «Гэта Хрыстос»; а яшчэ іншыя гаварылі: «Ці ж Хрыстос прыходзіць з Галілеі?

42 Ці ж Пісанне не сказала: «З роду Давіда, з селішча Бэтлегэм, адкуль быў Давід, прыходзіць Хрыстос»?

43 І ўзнікла спрэчка наконт Яго ў натоўпе.

44 Дык некаторыя з іх хацелі Яго ўзяць, але ніхто не падняў на Яго рукі.

45 Прыйшлі затым слугі да першасвятароў і фарызеяў, і тыя сказалі ім: «Чаму вы Яго не прывялі?»

46 Слугі адказалі: «Ніводзін чалавек так не гаварыў, як Ён».

47 Дык адказалі ім фарызеі: «Ці і вы Ім зведзены?

48 Ці ўверыў у Яго хоць хто з начальнікаў або фарызеяў?

49 А гэты натоўп, які не ведае закону, пракляты».

50 Кажа ім Нікадэм, той, што прыйшоў да Яго раней і што быў адным з іх:

51 «Ці ж закон наш асуджае чалавека, перш чым яго не паслухае і не спазнае, што ён робіць?»

52 Адказалі яму і сказалі: «Ці і ты не з Галілеі? Даследуй і пабач, што прарок не паўстае з Галілеі».

53 Ды вярнуліся кожны ў свой дом.

 

Раздзел 8

1 Затым Ісус пайшоў на Аліўную гару.

2 А на світанні вярнуўся зноў у святыню, і ўвесь народ падышоў да Яго, і, сеўшы, Ён навучаў іх.

3 Тут прывялі кніжнікі і фарызеі жанчыну, схопленую на чужаложстве, і паставілі яе на сярэдзіне

4 ды кажуць Яму: «Настаўнік, гэтую жанчыну схапілі толькі што на чужаложстве.

5 Майсей у законе загадаў нам такіх каменаваць. Дык Ты што скажаш?»

6 Казалі ж гэта, выпрабоўваючы Яго, каб мець магчымасць абвінаваціць яго. А Ісус, нахіліўшыся, нешта пісаў пальцам на зямлі.

7 Калі, аднак, не пераставалі пытацца ў Яго, падняўся і сказаў ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень».

8 І зноў, нахіліўшыся, пісаў на зямлі.

9 Пачуўшы гэта, адзін за другім выходзілі, пачынаючы ад старэйшых, ды застаўся толькі Ён адзін і жанчына, стоячы на сярэдзіне.

10 Падняўшыся, Ісус сказаў ёй: «Жанчына, дзе ж яны? Ніхто цябе не асудзіў?»

11 Адказала яна: «Ніхто, Госпадзе». Дык Ісус сказаў: «І Я цябе не асуджаю. Ідзі і болей не грашы».

12 Затым зноў пачаў прамаўляць ім Ісус, кажучы: «Я святло свету, хто ідзе за Мной, не ходзіць у поцемках, але будзе мець святло жыцця».

13 Дык сказалі Яму фарызеі: «Ты Сам аб Сабе сведчыш; сведчанне Тваё непраўдзівае».

14 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Калі нават  Я сведчу пра Сябе, праўдзівае ёсць сведчанне Маё, бо ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы не ведаеце, адкуль прыходжу або куды іду.

15 Вы судзіце паводле цела, а Я не суджу нікога.

16 А калі суджу, суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Айцец, Які Мяне паслаў.

17 Дый у законе вашым напісана, што сведчанне двух людзей ёсць праўдзівае.

18 Я Той, Хто Сам аб Сабе сведчыць, і сведчыць пра Мяне Айцец, Які Мяне паслаў».

19 Дык сказалі Яму: «А дзе ж Твой Айцец?» Адказаў Ісус: «Вы ані Мяне не ведаеце, ані Айца Майго; бо калі б вы Мяне ведалі, ведалі б і Айца Майго».

20 Гэтыя словы выказаў Ён, навучаючы ў святыні пры скарбоне; і ніхто не ўзяў Яго, бо яшчэ не надышла гадзіна Яго.

21 І зноў сказаў Ён ім: «Я адыходжу, вы ж шукаць Мяне будзеце і памрэце ў граху вашым. Куды Я іду, вы пайсці не можаце».

22 Дык казалі Юдэі: «Няўжо Ён заб’е Сам Сябе, што кажа: Куды Я іду, вы не можаце пайсці?»

23 І Ён адказаў ім: «Вы – ад нізу, а Я – з вышыні; вы – з гэтага свету, а Я – не з гэтага свету.

24 Вось чаму Я вам сказаў, што памрэце ў вашых грахах; бо, калі не паверыце, што Я ёсць, – памрэце ў грахах вашых».

25 Дык казалі Яму: «Хто Ты?» Сказаў ім Ісус: «Адпачатны, менавіта так вам і гавару.

26 Маю пра вас шмат гаварыць і судзіць; але Той, Хто Мяне паслаў, праўдзівы, і Я тое, што ад Яго чуў, абвяшчаю свету».

27 Аднак не зразумелі, што гаварыў Ён ім пра Айца.

28 Сказаў ім тады Ісус: «Калі падымеце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што Я ёсць, ды што Сам ад Сябе нічога не раблю, але тое абвяшчаю, чаму Мяне навучыў Айцец.

29 Той, Хто Мяне паслаў, ёсць са Мной; не пакінуў Мяне аднаго, бо Я раблю заўсёды тое, што Яму падабаецца».

30 Калі Ён гэта казаў, многія паверылі ў Яго.

31 Казаў затым Ісус да тых Юдэяў, якія ў Яго паверылі: «Калі вы вытрываеце ў слове Маім, станецеся сапраўды Маімі вучнямі

32 і пазнаеце праўду, а праўда вас вызваліць».

33 Адказалі Яму: «Мы – патомства Абрагама, і мы ніколі нікому не служылі. Як жа Ты кажаш: «Будзеце свабодныя?»

34 Адказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, ёсць нявольнік.

35 Але нявольнік не жыве ў доме вечна; Сын жа жыве вечна.

36 Таму, калі Сын вас вызваліць, сапраўды свабоднымі будзеце.

37 Ведаю, што вы – патомства Абрагама; але імкнецеся Мяне забіць, таму што словы Мае не дасягаюць вас.

38 Я абвяшчаю тое, што Я бачыў у Айца Майго; а вы робіце тое, што вы чулі ад бацькі вашага».

39 Адказалі яны і сказалі Яму: «Бацька наш ёсць Абрагам». Кажа ім Ісус: «Калі б вы былі сыны Абрагама, рабілі б справы Абрагама.

40 А вы імкняцеся цяпер Мяне забіць, Чалавека, Які вам абвяшчаў праўду, якую пачуў ад Бога; гэтага Абрагам не рабіў!

41 Але вы робіце справы бацькі вашага». Сказалі тады Яму: «Мы – не народжаныя ў чужаложстве: аднаго маем Айца – Бога».

42 Сказаў ім Ісус: «Калі б Бог быў вашым Айцом, любілі б вы Мяне; бо Я ад Бога выйшаў і іду, і не Сам ад Сябе прыходжу, але Ён Мяне паслаў.

43 Чаму вы гэта мовы Маёй не разумееце? Бо вы не здольны слухаць словы Мае.

44 Вы – ад бацькі д’ябла і жаданні бацькі вашага выконваць хочаце. Ён быў забойцам ад пачатку і ў праўдзе не вытрываў, бо няма ў ім праўды. Калі гаворыць хлусню, гаворыць ад сябе, бо ён – хлус і бацька хлусні.

45 А як Я праўду кажу, не верыце Мне.

46 Хто з вас абвінаваціць Мяне ў граху? Калі Я вам праўду кажу, чаму Мне не верыце?

47 Хто з Бога, той словы Божыя слухае; а вы таму не слухаеце, што вы не з Бога».

48 Адказалі Юдэі і сказалі Яму: «Ці ж не добра мы кажам, што Ты – Самарытанін і дэмана маеш?»

49 Адказаў Ісус: «Я дэмана не маю, але слаўлю Айца Майго, а вы Мяне зневажаеце.

50 Я не шукаю Сваёй славы; але ёсць Той, Хто шукае і судзіць.

51 Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі хто зберажэ словы Мае, не ўбачыць смерці вечна».

52 Дык Юдэі сказалі Яму: «Цяпер мы пераканаліся, што дэмана маеш. Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: «Калі хто зберажэ словы Мае, не пакаштуе смерці вечна».

53 Няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр? Нават прарокі паўміралі. Кім Ты Сам Сябе робіш?»

54 Адказаў Ісус: «Калі Я Сам Сябе слаўлю, слава Мая – нішто; ёсць Айцец Мой, Які Мяне славіць, і аб Якім вы кажаце: «Ён – Бог наш!»,

55 але вы не зразумелі Яго. Ды Я Яго ведаю. І, калі б Я сказаў: «Не ведаю Яго», быў бы падобным вам хлусам; але ведаю Я Яго і словы Яго берагу.

56 Абрагам, бацька ваш, шукаў, каб убачыць дзень Мой, і ўбачыў, і ўсцешыўся».

57 Сказалі Яму Юдэі: «Пяцьдзесят гадоў яшчэ не маеш і бачыў Абрагама?»

58 Сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: перш чым Абрагам быў, Я ёсць».

59 Дык Юдэі схапілі камяні, каб кідаць у Яго, але Ісус скрыўся і выйшаў са святыні.

 

Раздзел 9

1 І, праходзячы, убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння.

2 Дык спыталіся ў Яго вучні Яго, кажучы: «Раббі, хто саграшыў: ён ці бацькі яго, што ён сляпым нарадзіўся?»

3 Адказаў Ісус: «Ані ён не саграшыў, ані бацькі яго, але каб справы Божыя выявіліся на ім.

4 Мне належыць выконваць справы Таго, Хто Мяне паслаў, дакуль дзень; надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць.

5 Пакуль Я на свеце, Я – святло свету».

6 Як сказаў гэта, плюнуў на зямлю і зрабіў бруд са сліны і намазаў бруд на вочы яго,

7 і сказаў яму: «Ідзі, абмый у купальні Сілоі», што значыць «Пасланы». Дык ён пайшоў, і абмыўся, і вярнуўся відушчы.

8 Суседзі ж і тыя, што яго раней бачылі, як быў жабраком, казалі: «Ці ж гэта не той, што сядзеў і жабраваў?»;

9 адны казалі: «Гэта ён!»; другія казалі: «Ніякім чынам, але падобны на яго». А ён казаў: «Гэта я».

10 Дык казалі тады яму: «Як вочы адкрыліся ў цябе?»

11 І ён адказаў: «Чалавек, якога завуць Ісус, зрабіў бруд, памазаў вочы мае ды сказаў мне: «Ідзі да Сілоі і абмыйся». Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць».

12 І сказалі  яму: «А дзе Ён?» Ён гаворыць: «Не ведаю».

13 Дык завялі таго, што быў сляпым, да фарызеяў.

14 А была субота ў той дзень, калі Ісус зрабіў бруд і адкрыў вочы яго.

15 Дык ізноў пыталіся ў яго фарызеі, якім чынам ён стаў бачыць. А ён сказаў ім: «Бруд паклаў Ён на вочы мае, я абмыўся і бачу».

16 Дык казалі некаторыя з фарызеяў: «Чалавек той, што не пільнуе суботы, не ёсць ад Бога»; другія ж казалі: «Як жа чалавек грэшнік можа чыніць такія знакі?» Гэтак дайшло да нязгоды між імі.

17 Дык кажуць ізноў сляпому: «Што ты скажаш пра Таго, што адкрыў вочы твае?» Ён жа сказаў: «Гэта прарок!»

18 Юдэі аднак не паверылі ў тое, што ён быў сляпы і стаў бачыць, пакуль не пазвалі бацькоў таго, хто стаў бачыць.

19 Дык пыталіся іх, кажучы: «Ці сапраўды ён – ваш сын, аб якім кажаце, што нарадзіўся сляпым? Дык як жа ён цяпер бачыць?»

20 Дык адказалі бацькі яго і сказалі: «Ведаем, што ён – наш сын ды што сляпым нарадзіўся,

21 але якім чынам цяпер бачыць – не ведаем, не ведаем таксама, хто яму адкрыў вочы; у яго самога пытайцеся. Ён мае гады, хай сам аб сабе расказвае».

22 Гэтак сказалі бацькі яго, бо баяліся Юдэяў, бо Юдэі ўжо змовіліся, што, калі хто прызнае Яго за Хрыста, вылучаць таго з сінагогі.

23 Дзеля таго бацькі яго сказалі: «Мае гады, яго самога пытайцеся».

24 Затым паўторна пазвалі чалавека, што быў сляпы, і сказалі яму: «Услаў Бога! Мы ведаем, што той чалавек – грэшнік».

25 Але ён адказаў: «Ці Ён грэшнік, не ведаю, але толькі ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу».

26 Зноў сказалі яму: «Што Ён зрабіў табе? Якім спосабам адкрыў твае вочы?»

27 Ён адказаў ім: «Я ўжо сказаў вам, і вы не чулі; што яшчэ вы хочаце пачуць? Ці і вы хочаце быць Яго вучнямі?»

28 Яны дакаралі яго і сказалі: «Гэта ты – Яго вучань, а мы – вучні Майсея.

29 Мы ведаем, што да Майсея прамаўляў Бог, але скуль Гэты – не ведаем».

30 Чалавек адказаў і сказаў ім: «Гэта вось і дзіўна, што вы не ведаеце, скуль Ён, а Ён адкрыў мае вочы.

31 Ведаем жа, што грэшнікаў Бог не слухае, а калі хто спахвальнік Бога і волю Яго выконвае, таго слухае.

32 Ад веку не чута, каб хто народжанаму сляпым вочы адкрыў;

33 каб Ён не быў ад Бога, не мог бы нічога зрабіць».

34 Адказваючы, сказалі яны яму: «У грахах увесь ты нарадзіўся і ты павучаеш нас?» І прагналі яго прэч.

35 Пачуў Ісус, што яго прагналі, і, калі спаткаў яго, сказаў яму: «Ці верыш ты ў Сына Чалавечага?»

36 Ён, адказваючы, спытаўся: «А хто Ён, Госпадзе, каб я паверыў у Яго?»

37 Сказаў яму Ісус: «І ты ўжо бачыў Яго, і Той, Хто з табою гаворыць, гэта Ён».

38 Дык ён гаворыць: «Веру, Госпадзе!»; і пакланіўся Яму.

39 І сказаў Ісус: «На суд прыйшоў Я на гэты свет, каб тыя, што не бачаць, бачылі, а тыя, што бачаць, сталіся сляпымі».

40 Пачулі гэта некаторыя з фарызеяў, што пры Ім былі, і сказалі Яму: «Няўжо і мы сляпыя?»

41 Сказаў ім Ісус: «Калі б вы былі сляпыя, не мелі б віны. Вы, аднак, кажаце: «Мы бачым!»; і грэх ваш застаецца.

 

Раздзел 10

1 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не ўваходзіць у аўчарню праз дзверы, але пранікае інакш, той злодзей і разбойнік;

2 а хто ўваходзіць праз дзверы, той пастыр над авечкамі.

3 Яму прыдзвернік адчыняе, і авечкі слухаюцца Яго голасу, і сваіх авечак кліча ён па імю ды выпускае  іх.

4 А калі выпусціць усіх сваіх, ідзе перад імі наперадзе, а авечкі ідуць за ім, бо ведаюць яго голас;

5 а за чужым яны не пойдуць, але ўцякаюць ад яго, бо голасу чужых не ведаюць».

6 Такую прыпавесць сказаў ім Ісус; але яны не зразумелі, што значыць тое, што ім гаварыў.

7 Дык сказаў ім Ісус ізноў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я – дзверы для авец.

8 Усе, колькі іх не прыйшло перада Мною, – злодзеі яны і разбойнікі, але авечкі не паслухалі іх.

9 Я – дзверы: калі хто праз Мяне ўвойдзе, будзе збаўлены; і ўвойдзе, і выйдзе, ды знойдзе пашу.

10 Злодзей не прыходзіць інакш, каб толькі красці, забіваць і губіць; Я ж прыйшоў, каб мелі жыццё і мелі ўдосталь.

11 Я – Пастыр добры. Добры Пастыр аддае за авечак жыццё сваё.

12 Але найміт ды той, хто не пастыр, у каго авечкі не свае, бачыць, што набягае воўк, кідае авечак ды ўцякае, – а воўк хапае іх і разганяе, –

13 бо ён – найміт і не рупіцца пра авечак.

14 Я – добры Пастыр і ведаю Сваіх, і яны Мяне ведаюць,

15 як ведае Мяне Айцец, а Я ведаю Айца; і жыццё Маё аддаю за авечак.

16 Ды і іншых авечак маю, якія не з гэтай аўчарні, і тых належыць мне прывесці, і будуць яны слухаць голасу Майго, і станецца адзін статак і адзін Пастыр.

17 Таму любіць Мяне Айцец, што Я жыццё Маё аддаю, каб зноў яго атрымаць.

18 Ніхто ў Мяне яго не адбірае, але Я па Сваёй волі аддаю яго. Маю ўладу аддаваць яго і маю ўладу яго атрымаць. Такі загад атрымаў Я ад Айца Майго».

19 Дзеля таго ўзнікла зноў спрэчка між Юдэямі з-за гэтых слоў.

20 Затым многія з іх гаварылі: «Дэмана мае і шалее! Нашто Яго слухаць?»

21 Іншыя ж казалі: «Гэта не словы апанаванага дэманам. Ці ж дэман можа сляпым вяртаць зрок?»

22 Сталася тады ў Ерузаліме ўрачыстасць пасвячэння святыні; была зіма;

23 і хадзіў Ісус па святыні ў прысенках Саламона.

24 Тады абступілі Яго Юдэі і казалі Яму: «Дакуль будзеш бянтэжыць душу нашу? Калі Ты – Хрыстос, скажы нам яўна».

25 Адказаў ім Ісус: «Сказаў Я вам, а вы не верыце; справы, якія Я выконваю ў імя Айца Майго, яны сведчаць пра Мяне.

26 Але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак.

27 Авечкі Мае слухаюцца голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мной,

28 і Я даю ім жыццё вечнае, і не прападуць вечна, і ніхто не вырве іх з Маёй рукі.

29 Айцец Мой, Які даў Мне іх, большы за ўсё, і ніхто не можа вырваць з рукі  Айца.

30 Я і Айцец – адно».

31 Дык Юдэі схапілі камяні, каб Яго ўкаменаваць.

32 Адказаў ім Ісус: «Многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца; дык за які з гэтых учынкаў кідаеце ў Мяне камяні?»

33 Адказалі Яму Юдэі: «Не камянуем Цябе за добрую справу, але за блюзнерства, за тое, што Ты, хоць Ты  чалавек, робіш Сябе Богам».

34 Адказаў ім Ісус: «Ці ж у законе вашым не напісана: «Я сказаў: вы ўсе – багі»?

35 Калі назваў багамі тых, для якіх было прызначана слова Божае, – а Пісанне памыліцца не можа, –

36 аб Тым, Каго Айцец усвяціў і паслаў у свет, вы кажаце: «Ты блюзніш!», бо Я сказаў: «Я – Сын Божы»?

37 Калі Я не раблю спраў Айца Майго, не верце Мне.

38 Але калі раблю, дык, калі вы Мне верыць не хочаце, верце справам, каб спазналі і ведалі, што Айцец – ува Мне, а Я – у Айцу».

39 Імкнуліся затым Яго ўзяць; але Ён ухіліўся ад іх рук.

40 І пайшоў зноў за Ярдан, у месца, дзе раней хрысціў Ян, ды там застаўся.

41 І многія прыходзілі да Яго і казалі: «Ян, што праўда, ніводнага знаку не ўчыніў; але ўсё, што Ян аб Ім сказаў, было праўдай».

42 І многія там паверылі ў Яго.

Раздзел 11

1 Быў жа захварэў нейкі Лазар з  Бэтаніі, з селішча Марыі і Марты, сясцёр яго.

2 Марыя ж была тая, што намасціла Госпада пахкім алейкам ды абцёрла ногі Яго сваімі валасамі, яе брат Лазар захварэў.

3 Сёстры паслалі да Яго, кажучы: «Госпадзе, вось той, каго любіш, хворы».

4 Пачуўшы гэта, Ісус сказаў: «Хвароба гэта не на смерць, але на хвалу Божую, каб праз яе быў праслаўлены Сын Божы».

5 А Ісус любіў Марту, і сястру яе, і Лазара.

6 Калі пачуў, што той хворы, застаўся тады яшчэ два дні ў тым месцы, у якім быў.

7 І пасля таго кажа вучням: «Пойдземце зноў у Юдэю».

8 Кажуць Яму вучні: «Раббі, толькі што імкнуліся Цябе ўкаменаваць Юдэі, а Ты зноў туды ідзеш?»

9 Адказаў Ісус: «Ці не дванаццаць гадзін у дні? Калі хто ходзіць днём, не спатыкаецца, бо бачыць святло гэтага свету;

10 але калі хто ходзіць уночы, спатыкаецца, бо няма ў ім святла».

11 Так гаворыць, а пасля таго кажа ім: «Лазар, наш сябра, спіць, але Я іду, каб  яго абудзіць».

12 Дык сказалі Яму вучні: «Госпадзе, калі заснуў, будзе здаровы»,

13 Ісус жа сказаў аб смерці яго, а яны думалі, што казаў аб засынанні сном.

14 Тады сказаў ім Ісус адкрыта: «Лазар памёр,

15 і радуюся за вас, што вы паверыце, бо Мяне там не было; але пойдзем да яго».

16 А Тамаш, званы Дыдымас, сказаў таварышам: «Пойдзем і мы, каб з Ім памерці».

17 Затым прыйшоў Ісус і ўбачыў, што ён ужо чатыры дні ляжыць у магіле.

18 А Бэтанія знаходзілася бліз Ерузаліма, каля пятнаццаці стадый.

19 Да Марыі ж і Марты прыйшло многа Юдэяў, каб суцешыць іх па браце.

20 Як толькі пачула Марта, што Ісус ідзе, пабегла да Яго, а Марыя засталася дома.

21 Сказала тады Марта Ісусу: «Госпадзе, каб Ты быў тут, не памёр бы брат мой.

22 Але і цяпер ведаю, калі пра што папросіш Бога, дасць Табе Бог».

23 Кажа ёй Ісус: «Уваскрэсне брат твой».

24 Кажа Яму Марта: «Ведаю, што ўваскрэсне пры ўваскрэсенні ў апошні дзень».

25 Сказаў ёй Ісус: «Я ёсць уваскрэсенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, хоць бы ён і памёр, жыць будзе;

26 і кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ вечна. Верыш у гэта?»

27 Гаворыць Яму: «Так, Госпадзе; я веру, што Ты – Хрыстос, Сын Божы, Які прыйшоў у свет».

28 І калі яна сказала гэта, то пайшла і паклікала сястру сваю, Марыю, ціха кажучы: «Настаўнік прыйшоў і кліча цябе».

29 Яна ж, як пачула, хутка ўзнялася і пайшла да Яго,

30 бо Ісус яшчэ не ўвайшоў у селішча, але быў дагэтуль на тым месцы, дзе Яго сустрэла Марта.

31 А Юдэі, што былі з ёй у доме і суцяшалі яе, калі ўбачылі, што Марыя хутка ўстала і выбегла, пайшлі за ёй, мяркуючы: «Ідзе да магілы, каб там плакаць».

32 Марыя ж, калі прыйшла туды, дзе быў Ісус, убачыўшы Яго, упала да ног Яго, кажучы Яму: «Госпадзе, каб Ты быў тут, не дапусціў бы, каб памёр брат мой».

33 І вось, Ісус, як убачыў, што яна плача і што плачуць Юдэі, якія з ёй прыйшлі, усхваляваўся ў Духу і быў узрушаны ў Сабе,

34 і сказаў: «Дзе паклалі яго?» Кажуць Яму: «Госпадзе, пайдзі і паглядзі».

35 І Ісус заплакаў.

36 Дык казалі Юдэі: «Вось як яго Ён любіў».

37 А некаторыя з іх сказалі: «Ці не мог Ён, што адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»

38 А Ісус, ізноў хвалюючыся ў Самім Сабе, прыйшоў да магілы; а была гэта пячора, і камень быў на ёй пакладзены.

39 Гаворыць Ісус: «Падыміце камень!» Дык кажа Марта, сястра таго, які быў памёршы: «Госпадзе, ужо смярдзіць, бо ўжо мінула чатыры дні».

40 Кажа ёй Ісус: «Ці ж Я табе не казаў, што, калі ўверыш, убачыш славу Божую?»

41 Дык паднялі камень. Ісус жа, узвёўшы вочы ўгору, сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты Мяне выслухаў.

42 Я ведаў, што Ты Мяне заўсёды выслухоўваеш, але дзеля народу , які стаіць навокал, Я сказаў, каб уверылі, што Ты Мяне паслаў».

43 І, калі Ён гэта сказаў, усклікнуў моцным голасам: «Лазар, выйдзі вон!»

44 І адразу выйшаў той, што быў памёршы, абвязаны па руках і нагах павязкамі, а твар яго быў абвязаны хусткай. Кажа ім Ісус: «Развяжыце яго і пусціце яго хадзіць».

45 Дык многія з Юдэяў, што прыйшлі да  Марыі і бачылі, што Ён учыніў, паверылі ў Яго;

46 некаторыя ж з іх пайшлі да фарызеяў і расказалі ім, што зрабіў Ісус.

47 Дык сабралі першасвятары і фарызеі раду і казалі: «Што нам рабіць? Бо чалавек гэты робіць многа знакаў.

48 Калі так Яго адпусцім, дык усе павераць у Яго, і прыйдуць Рымляне, і захопяць нас, і краіну, і народ».

49 Дык адзін з іх, Кайфа, які быў у тым годзе першасвятаром, сказаў ім: «Вы нічога не ведаеце,

50 і не думаеце, што лепш для вас, каб адзін чалавек памёр за народ, а не ўвесь народ загінуў».

51 А не гаварыў гэтага ад сябе, але як першасвятар у гэтым годзе праракаваў, што Ісус павінен быў памерці за народ,

52 і не толькі за народ, але каб сабраць у адно сыноў Божых, што былі раскіданыя.

53 Ад таго дня думалі толькі, як Яго забіць.

54 Таму Ісус не хадзіў ужо яўна сярод Юдэяў, але адышоў адтуль у мясцовасць паблізу пустыні, у горад, які называецца Эфрэм, і там заставаўся з вучнямі.

55 І была блізка Пасха Юдэйская, і многа людзей з краю выбралася ў Ерузалім перад Пасхаю, каб ачысціцца.

56 Дык шукалі Ісуса і казалі адзін аднаму, стоячы ў святыні: «Як вам  здаецца? Ці не прыйдзе Ён на свята?»

57 А першасвятары і фарызеі далі загад, каб, калі хто даведаецца, дзе Ён, паведаміў, каб Яго ўзяць.

 

Раздзел 12

1 А за шэсць дзён перад Пасхай прыйшоў Ісус у Бэтанію, дзе быў Лазар, якога Ісус падняў з мёртвых.

2 Дык прыгатавалі Яму там вячэру, і Марта паслугавала, а Лазар быў адным з тых, якія ўзлягалі з Ім пры стале.

3 Марыя ж узяла фунт каштоўнага алейку нардавага і намасціла ногі Ісусу, і абцёрла сваімі валасамі Яго ногі, а пах алейку напоўніў увесь дом.

4 Кажа тады адзін з вучняў Яго, Юда Іскарыёт, які меўся Яго выдаць:

5 «Чаму не прадалі гэтага алейку за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?»

6 А сказаў гэта не таму, што дзеля ўбогіх цікавіўся ім, але таму, што быў злодзей ды, маючы [грашовы] капшук, насіў тое, што туды кідалі.

7 Сказаў тады Ісус: «Не дакучайце ёй, бо яна ўчыняе гэта на дзень Майго пахавання.

8 Убогіх пры сабе заўсёды маеце, а Мяне – не заўсёды».

9 І шмат хто з Юдэяў даведаўся, што Ён там, і прыйшлі не толькі дзеля Ісуса, але і каб убачыць Лазара, якога Ён падняў з мёртвых.

10 Дык першасвятары пастанавілі забіць таксама Лазара,

11 бо многа Юдэяў адыходзіла ад іх дзеля яго і ўверыла ў Ісуса.

12 А назаўтра многія людзі, што прыйшлі на свята, калі пачулі, што Ісус ідзе ў Ерузалім,

13 назбіралі пальмавых галінак і выйшлі Яму насустрач, усклікаючы: «Гасана! Блаславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада, Цар Юдэйскі».

14 Ісус жа знайшоў асляня і сеў на яго, як напісана:

15 «Цешся радасна, дачка Сіёна! Вось жа, Валадар твой прыходзіць, седзячы на асляняці».

16 Спачатку вучні Яго не зразумелі гэтага, але, калі Ісус ўжо быў праслаўлены, тады яны прыпомнілі, што так было пра Яго напісана і так і здзейснілася з Ім.

17 Таксама сведчылі і людзі, што былі з Ім, калі выклікаў з магілы Лазара і падняў яго з мёртвых.

18 З гэтай прычыны выйшаў натоўп людзей Яму на спатканне, бо чулі, што Ён гэткі знак учыніў.

19 Фарызеі ж казалі паміж сабою: «Бачыце, што ад вас нічога не залежыць? Вось, увесь свет пайшоў за Ім».

20 Між тымі, што прыбылі на дзень святочны, каб пакланіцца Богу, было таксама некалькі грэкаў;

21 яны вось звярнуліся да Піліпа, што быў з Бэтсайды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: «Гаспадару, хочам пабачыць Ісуса».

22 Дык Піліп ідзе і кажа Андрэю, а Андрэй і Піліп ідуць і кажуць Ісусу.

23 А Ісус адказвае ім, кажучы: «Прыйшла гадзіна, каб праслаўлены быў Сын Чалавечы.

24 Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, укінутае ў зямлю, не памрэ, дык застаецца адно; а калі памрэ, то прыносіць шмат пладоў.

25 Хто любіць сваю душу, загубіць яе, а хто мае ў нянавісці сваю душу на гэтым свеце, зберажэ яе на жыццё вечнае.

26 Хто б хацеў Мне паслугаваць, хай ідзе за Мною, і дзе Я, там будзе і слуга Мой; калі хто Мне паслугуе, шануе яго Айцец.

27 Цяпер стрывожылася душа Мая. Можа, Мне сказаць: Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны? Але ж Я прыйшоў дзеля гэтай гадзіны.

28 Ойча, праслаў імя Тваё!» І азваўся голас з неба: «І праславіў, і яшчэ праслаўлю!»

29 А людзі, што стаялі і чулі, казалі, што загрымела; а іншыя казалі: «Анёл прамовіў да Яго».

30 Адказаў Ісус і сказаў: «Не дзеля Мяне азваўся голас гэты, але дзеля вас.

31 Цяпер суд гэтаму свету, цяпер князя гэтага свету выганяць вон;

32 а Я, калі буду падняты над зямлёй, усіх пацягну да Сябе».

33 А казаў гэта, вызначаючы, якою смерцю мае памерці.

34 Адказаў Яму натоўп: «Мы чулі з закону, што Хрыстос застаецца вечна; а як жа Ты кажаш: «Трэба, каб быў падняты Сын Чалавечы»? Хто гэты Сын Чалавечы?»

35 Сказаў ім тады Ісус: «Яшчэ толькі кароткі час будзе святло сярод вас; ідзіце, пакуль маеце святло, каб вас цемра не агарнула; бо хто ў цемры ходзіць, не ведае, куды ідзе.

36 Пакуль маеце святло, верце ў святло, каб былі вы сынамі святла». Гэта сказаў Ісус і адышоў, ды схаваўся ад іх.

37 Ды хоць так многа знакаў учыніў перад імі, не верылі ў Яго,

38 каб споўніліся словы Ісаі прарока, які сказаў: «Госпадзе, хто ўверыў пачутаму ад нас, ды рука Госпада каму была аб’яўлена?»

39 Дзеля таго не змаглі ўверыць, бо як далей сказаў Ісая:

40 «Засляпіў вочы іх і закамяніў сэрца іх, каб часам вачамі не ўбачылі ды сэрцам не зразумелі, і не навярнуліся, і Я не аздаравіў іх».

41 Гэта сказаў Ісая, калі ўбачыў хвалу Яго і гаварыў пра Яго.

42 Усё ж такі многа з кіраўнікоў уверыла ў Яго, але са страху перад фарызеямі не прызнаваліся, каб іх не вылучылі з сінагогі;

43 бо славу людзей больш узлюбілі, чым славу Божую.

44 А Ісус усклікнуў і сказаў: «Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, але ў Таго, Хто паслаў Мяне;

45  і хто Мяне бачыць, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.

46 Я святлом прыйшоў у свет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры.

47 І хто б слухаў словы Мае, а не збярог, Я яго не суджу, бо Я не прыйшоў, каб судзіць свет, але каб збавіць свет.

48 Хто грэбуе Мною і не прымае слоў Маіх, той ўжо мае таго, хто будзе судзіць яго: слова, што Я сказаў, яно асудзіць яго ў апошні дзень;

49 бо Я не ад Самога Сябе гаварыў, але Айцец, Які Мяне паслаў, Ён Мне даў загад, што маю гаварыць і вясціць.

50 І Я ведаю, што загад Яго ёсць жыццё вечнае. І тое, што Я гавару, Я гавару так, як Мне сказаў Айцец».

 

Раздзел 13

1 А перад днём свята Пасхі Ісус, ведаючы, што надышла гадзіна Яго, каб адысці з гэтага свету да Айца, бо, узлюбіўшы Сваіх, што былі ў свеце, да канца іх узлюбіў.

2 І ў час вячэры, калі д’ябал ужо падступіўся да сэрца Юды Сімонавага Іскарыёта, каб выдаў Яго,

3 Ён, ведаючы, што Айцец аддаў усё ў рукі Яго, што Ён ад Бога выйшаў і да Бога ідзе,

4 падняўся ад вячэры, і скінуў Сваё адзенне, і, узяўшы ручнік, падперазаўся.

5 Затым наліў вады ў таз і пачаў абмываць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падпаясаны.

6 Гэтак падыходзіць да Сімона Пётры. Той кажа Яму: «Госпадзе, Ты мне будзеш мыць ногі?»

7 І адказаў Ісус і сказаў яму: «Што Я раблю, ты яшчэ не разумееш, а потым зразумееш».

8 Кажа Яму Пётра: «Вечна не будзеш мне мыць ног». Адказаў яму Ісус: «Калі Я цябе не абмыю, не будзеш мець удзелу са Мной».

9 Кажа Яму Сімон Пётра: «Госпадзе, не толькі ногі мае, але і рукі, і галаву».

10 Кажа яму Ісус: «Хто памыты, не патрабуе нічога, як толькі ногі памыць, бо ўвесь чысты; вы таксама чыстыя, але не ўсе».

11 Бо ведаў, кім быў той, хто выдасць Яго; таму сказаў: «Не ўсе вы чыстыя».

12 Пасля таго, як памыў ногі іх і апрануў адзенне Сваё, ізноў, узлёгшы пры стале, сказаў ім: «Ці разумееце, што Я вам зрабіў?

13 Вы клічаце Мяне: «Настаўнік» і «Госпад», і добра кажаце, бо Я ім ёсць.

14 Дык калі Я, Госпад і Настаўнік, памыў вашыя ногі, дык і вы павінны адзін аднаму мыць ногі.

15 Вось жа, даў вам прыклад, каб, як Я вам зрабіў, так і вы рабілі.

16 Сапраўды, сапраўды кажу вам: слуга не большы за гаспадара свайго, і апостал не большы за таго, хто яго паслаў.

17 Калі пра гэта ведаеце, шчасныя будзеце, калі гэтак будзеце рабіць.

18 Не аб усіх вас гавару; Я ведаю, каго выбраў, але каб споўнілася Пісанне: «Нават чалавек,з якім я жыў у супакоі, якому я давяраў, які есць хлеб мой, пяту падняў супраць Мяне».

19 Наперад кажу вам, перш, чым станецца, каб вы, калі станецца, уверылі, што гэта Я ёсць.

20 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто прымае таго, каго Я калі пашлю, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне».

21 Калі сказаў гэта Ісус, стурбаваўся Ён Духам, і ўрачыста прамовіў, і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне».

22 Дык вучні глядзелі адзін на аднаго, няпэўныя, аб кім казаў.

23 А адзін з вучняў, той, якога Ісус любіў, узлягаў праваруч Ісуса.

24 Дык кіўнуў яму Сімон Пётра, каб спытаўся: «Хто гэта, аб кім Ён кажа».

25 І ён, прыпаўшы да грудзей Ісуса, кажа Яму: «Госпадзе, а хто гэта?»

26 Адказвае Ісус: «Гэта той, каму Я падам умочаны хлеб». І, памачыўшы хлеб, падаў Юдзе Сімонаваму Іскарыёту.

27 І па кавалку хлеба ўвайшоў у яго шатан. Дык кажа яму Ісус: «Што маеш рабіць, рабі хутчэй».

28 І з узлягаючых  ніхто не зразумеў, да чаго Ён гэта яму сказаў.

29 Некаторыя думалі, што як Юда мае [грашовы] капшук, то Ісус кажа яму: «Купі, чаго нам трэба на свята», або каб што раздаў убогім.

30 Юда, узяўшы кавалак хлеба, адразу выйшаў; а была ноч.

31 І, калі выйшаў, Ісус сказаў: «Цяпер праслаўлены Сын Чалавечы, і Бог праслаўлены ў Ім;

32 калі Бог праслаўлены ў Ім, дык Бог праславіць Яго ў Сабе ды ўславіць Яго неўзабаве.

33 Сыночкі, нядоўга ўжо буду з вамі; будзеце Мяне шукаць, але, як сказаў Юдэям: куды Я іду, вы прыйсці не можаце, так і вам цяпер кажу.

34 Прыказанне новае даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я узлюбіў вас, каб і вы адзін аднаго любілі.

35 Па тым пазнаюць усе, што вы – Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да другога».

36 Кажа Яму Сімон Пётра: «Госпадзе, куды ідзеш?» Адказаў Ісус: «Куды Я іду, ты цяпер не можаш прыйсці, але потым прыйдзеш за Мною».

37 Кажа Яму Пётра: «Госпадзе, чаму я цяпер не магу пайсці за Табой? Жыццё сваё аддам за Цябе».

38 Адказвае Ісус: «Жыццё тваё за Мяне аддасі? Сапраўды, сапраўды кажу табе: перш чым певень запяе, тры разы зрачэшся Мяне.

 

Раздзел 14

1 Хай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і ў Мяне верце.

2 У доме Айца Майго жытла многа; калі б было менш, сказаў бы Я вам, бо іду прыгатаваць вам месца.

3 І калі адыду ды прыгатую вам месца, зноў прыйду і прыму вас да Сябе, каб і вы былі там, дзе Я буду.

4 І куды Я іду, вы дарогу ведаеце».

5 Сказаў Яму Тамаш: «Госпадзе, не ведаем, куды ідзеш; а як жа можам ведаць дарогу?»

6 Кажа яму Ісус: «Я – дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца, як толькі праз Мяне.

7 Калі вы Мяне пазналі, то і Айца Майго таксама ведаеце; і адгэтуль вы ведаеце Яго і бачыце Яго».

8 Кажа Яму Піліп: «Госпадзе, пакажы нам Айца, і хопіць нам».

9 Кажа яму Ісус: «Ужо так доўга Я з вамі, і вы не пазналі Мяне, Піліп? Хто бачыць Мяне, бачыць і Айца. Як жа ты кажаш: «Пакажы нам Айца»?

10 Не верыце, што Я – у Айцу, а Айцец – ува Мне? Словы, якія Я вам кажу, не ад Сябе Самога кажу; Айцец, Які заўсёды ўва Мне, робіць справы Свае.

11 Верце Мне, што Я – у Айцу, а Айцец – ува Мне, а як не, дык дзеля саміх учынкаў верце.

12 Сапраўды, сапраўды, кажу вам: хто верыць у Мяне, той будзе рабіць справы, якія Я раблю, а нават большыя за тыя ўчыніць, бо Я іду да Айца.

13 І пра што толькі прасіць будзеце Айца ў імя Маё, зраблю гэта, каб Айцец быў праслаўлены ў Сыне;

14 калі Мяне аб чым прасіць будзеце ў імя Маё, Я зраблю.

15 Калі Мяне любіце, захоўвайце пыказанні Мае;

16 і Я буду прасіць Айца, і іншага Суцяшальніка дасць вам, каб заставаўся з вамі навек,

17 Духа праўды, Якога свет не можа прыняць, бо Яго не бачыць і не ведае. Вы Яго ведаеце, бо сярод вас Ён застаецца ды ў вас будзе.

18 Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас.

19 Яшчэ трохі, і свет Мяне ўжо не ўбачыць; але вы Мяне ўбачыце, бо Я жыву, і вы жыць будзеце.

20 Вось у той дзень пазнаеце, што Я – у Айцу Маім, і вы – ува Мне, і Я – у вас.

21 Хто мае прыказанні Мае і беражэ іх,– гэта той, хто Мяне любіць; а хто Мяне любіць, таго любіць будзе Айцец Мой, і Я яго любіць буду, і аб’яўлю яму Сябе Самога».

22 Кажа Яму Юда, не той Іскарыёт: «Госпадзе, што гэта сталася, што Ты  маеш аб’явіцца нам, а не свету?»

23 Адказаў Ісус і сказаў яму: «Калі хто Мяне любіць, будзе берагчы слова Маё, і Айцец Мой палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго і зробім жытло ў яго;

24 хто Мяне не любіць, не беражэ слова Майго. А слова, якое чуеце, не Маё, але Таго, Хто паслаў Мяне, Айца.

25 Гэта вам сказаў, між вас знаходзячыся.

26 А Суцяшальнік, Дух Святы, Якога Айцец пашле ў імя Маё, Ён вас усяму навучыць ды прыпомніць вам усё, што Я вам казаў.

27 Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам; не як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае, і няхай не ведае страху.

28 Чулі, што Я сказаў вам: адыходжу і прыходжу да вас. Калі б вы Мяне любілі, сапраўды цешыліся б, што Я іду да Айца, бо Айцец большы за Мяне.

29 І цяпер сказаў Я вам, перш чым станецца тое, каб, калі станецца, паверылі.

30 Шмат ужо не буду вам гаварыць, надыходзіць ужо князь [гэтага] свету, але ён не мае нічога ўва Мне,

31 але, каб свет пазнаў, што Я люблю Айца ды, як Айцец Мне даў загад, так раблю. Падыміцеся, пойдземце адсюль.

 

Раздзел 15

1 Я ёсць праўдзівы вінаградны куст, а Айцец Мой – вінаградар.

2 Кожную галінку, якая ўва Мне не прыносіць плода, Ён адсякае, а кожную, што прыносіць плод, тую ачышчае, каб болей прыносіла плода.

3 Вы ўжо ачышчаны праз слова, якое Я гаварыў вам.

4 Заставайцеся ўва Мне, і Я – у вас. Як галінка не можа прыносіць плод сама з сябе, калі не застанецца на вінаградным кусце, так і вы, калі не застанецеся ўва Мне.

5 Я – вінаградны куст, а вы – галіны. Хто застаецца ўва Мне, і Я – у ім, той прыносіць многа пладоў, бо без Мяне вы не можаце нічога зрабіць.

6 Калі хто не застанецца ўва Мне, будзе адкінуты прэч, як галінка, і ссохне, і збяруць гэтыя [галінкі], і кінуць у агонь, і там згараць.

7 Калі застанецеся ўва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, пра што захочаце, прасіце, і станецца вам.

8 У гэтым уславіцца Айцец Мой, калі многа плода прынесяце ды станецеся Маімі вучнямі.

9 Як Мяне ўзлюбіў Айцец, так і Я ўзлюбіў вас; заставайцеся ў Маёй любові.

10 Калі зберажаце Мае прыказанні, застанецеся ў Маёй любові, як і Я збярог прыказанні Айца Майго і застаюся ў Яго любові.

11 Гэта Я вам сказаў, каб радасць Мая была ў вас, ды каб радасць ваша была поўнай.

12 Гэта вось Мае прыказанні, каб вы любілі адзін аднаго, як і Я ўзлюбіў вас;

13 ніхто не мае большай любові за тую, калі хто аддае жыццё сваё за сваіх сяброў.

14 Вы –  сябры Мае, калі рабіць будзеце тое, што Я загадваю вам.

15 Ужо Я вас не называю слугамі, бо слуга не ведае, што робіць гаспадар яго; а Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што ад Айца Майго пачуў, зрабіў вядомым вам.

16 Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод, ды каб ваш плод застаўся, і каб Айцец даў вам, пра што толькі будзеце прасіць Яго ў імя Маё.

17 Гэта загадваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.

18 Калі вас свет ненавідзіць, ведайце, што і Мяне зненавідзеў раней за вас.

19 Каб вы былі са свету, свет любіў бы тое, што яго; але вы не са свету, бо Я вас выбраў са свету, таму вас свет ненавідзіць.

20 Памятайце Мае словы, якія Я вам сказаў: слуга не большы за гаспадара свайго. Калі Мяне пераследавалі, дык і вас пераследаваць будуць; а калі вы Маё слова збераглі, дык і вашае берагчы будуць.

21 А гэта ўсё зробяць вам дзеля імя Майго, бо не ведаюць Таго, Хто Мяне паслаў.

22 Калі б Я не прыйшоў і не гаварыў ім, не мелі б граху, але цяпер не маюць апраўдання за свой грэх.

23 Хто Мяне ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго.

24 Калі б не рабіў спраў сярод іх, якіх не рабіў ніхто іншы, не мелі б граху; але ж цяпер і бачылі, і зненавідзелі Мяне і Айца Майго.

25 Але, каб споўнілася слова, якое запісана ў іх законе: «Зненавідзелі Мяне без прычыны».

26 А калі прыйдзе Суцяшальнік, Якога Я вам пашлю ад Айца, Дух праўды, Які ад Айца паходзіць, Ён пра Мяне сведчыць будзе;

27 але і вы сведчыць будзеце, бо вы ад пачатку са Мною.

 

Раздзел 16

1 Гэта Я сказаў вам, каб вы не горшыліся.

2 Выключаць вас з сінагогаў; нават надыходзіць гадзіна, што кожны, хто забівае вас, будзе думаць, што паслугу Богу робіць.

3 А ўчыняць гэта, бо не пазналі ані Айца, ані Мяне.

4 Але гэта сказаў Я вам, каб, калі надыдзе іх гадзіна, успомнілі пра тое, што Я вам сказаў. Не сказаў Я вам гэтага спачатку, бо Я быў з вамі.

5 А цяпер іду да Таго, Хто Мяне паслаў, і ніхто з вас не пытаецца ў  Мяне: «Куды ідзеш?»

6 Але, калі б Я вам сказаў гэта, смутак напоўніў бы вашае сэрца.

7 Але Я вам кажу праўду: лепей для вас, каб Я пайшоў, бо, калі не адыду, Суцяшальнік не прыйдзе да вас; а калі адыду, пашлю Яго да вас.

8 І, калі Ён прыйдзе, дакажа свету пра грэх, пра справядлівасць і пра суд:

9 пра грэх, што не вераць у Мяне,

10 пра справядлівасць, што іду да Айца, ды ўжо Мяне не ўбачыце,

11 а пра суд, што князь гэтага свету ўжо асуджаны.

12 Многа яшчэ маю вам сказаць, але цяпер не можаце несці.

13 Але калі прыйдзе Ён, Дух праўды, то навучыць вас усякай праўдзе; бо не ад Сябе гаварыць будзе, але што толькі пачуе, тое скажа, ды, што мае быць, вам аб’явіць.

14 Ён праславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам абвесціць.

15 Усё, што мае Айцец, ёсць Маё. Таму сказаў вам, што з Майго возьме і вам абвесціць.

16 Яшчэ крыху, і ўжо не ўбачыце Мяне, і потым яшчэ крыху, і ўбачыце Мяне.

17 Дык некаторыя з вучняў гаварылі між сабой: «Што гэта значыць, што Ён нам кажа: «Яшчэ крыху, і ўжо не ўбачыце Мяне, і потым яшчэ крыху, і ўбачыце Мяне», і «Іду да Айца»?

18 Дык казалі: «Што значыць, што кажа: «Яшчэ крыху»? Не ведаем, што гаворыць».

19 Зразумеў Ісус, што хочуць пытацца Яго, дык сказаў ім: «Пытаецеся адзін аднаго пра тое, што Я сказаў: «Яшчэ крыху, і ўжо не ўбачыце Мяне, і потым яшчэ крыху, і ўбачыце Мяне»?

20 Сапраўды, сапраўды кажу вам, што вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе весяліцца; вы сумаваць будзеце, але смутак ваш заменіцца ў радасць.

21 Жанчына, калі нараджае, замірае, бо надыходзіць яе гадзіна, а калі дзіця народзіць, ужо не памятае сваіх пакут з радасці, што чалавек на свет нарадзіўся.

22 Так і вы, цяпер заміраеце; але Я вас зноў убачу, і будзе радавацца сэрца вашае, і радасці вашай ніхто ўжо не адбярэ ад вас.

23 І ў той дзень ні пра што не будзеце ў Мяне пытацца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пра што будзеце прасіць Айца ў імя Маё, дасць вам.

24 Дасюль нічога не прасілі ў імя Маё. Прасіце і атрымаеце, каб радасць ваша была поўнай.

25 Гэта ўсё расказваў вам у прыпавесцях; прыходзіць гадзіна, што ўжо не ў прыпавесцях расказваць буду вам, але яўна абвяшчу вам пра Айца.

26 У той дзень у імя Маё прасіць будзеце, і не кажу Я вам, што Я буду прасіць Айца за вас;

27 бо Сам Айцец любіць вас, бо вы Мяне палюбілі ды ўверылі, што Я ад Бога выйшаў.

28 Я выйшаў ад Айца і прыйшоў у свет, і зноў пакідаю свет і іду да Айца».

29 Кажуць Яму вучні Яго: «Вось цяпер адкрыта гаворыш ды ніякай прыпавесці не расказваеш.

30 Цяпер мы ведаем, што ўсё ведаеш і не трэба Табе, каб хто ў Цябе пытаўся; дзеля таго верым, што Ты ад Бога выйшаў».

31 Адказаў ім Ісус: «Цяпер верыце?

32 Вось жа надыходзіць гадзіна, і ўжо надышла, калі расцярушыцеся кожны ў свой бок, а Мяне аднаго пакінеце; але Я не адзін, бо Айцец са Мной.

33 Гэта Я вам сказаў, каб вы мелі супакой ува Мне; на свеце будзеце мець пакуты, але будзьце пэўныя: Я перамог свет».

 

Раздзел 17

1 Так прамаўляў Ісус; і, падняўшы вочы Свае да неба, сказаў: «Ойча, прыйшла гадзіна: праслаў Сына Твайго, каб і Сын праславіў Цябе,

2 як Ты даў Яму ўладу над кожным целам, каб для ўсіх, каго Ты даў Яму, Ён даў жыццё вечнае.

3 А гэта жыццё вечнае ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Таго, Каго Ты паслаў, Ісуса Хрыста.

4 Я праславіў Цябе на зямлі, завяршыў справу, якую Ты  Мне даў, каб зрабіў;

5 а цяпер праслаў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Самога хвалою, якую Я меў ў Цябе перш, чым паўстаў свет.

6 Я аб’явіў імя Тваё людзям, якіх Ты мне даў са свету. Яны былі Твае, і Ты іх Мне даў, і яны збераглі слова Тваё.

7 Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты Мне даў, гэта ад Цябе ёсць.

8 Бо словы, якія Ты Мне даў, Я перадаў ім, і яны іх прынялі, ды пазналі, што Я ад Цябе выйшаў, і яны ўверылі, што Ты Мяне паслаў.

9 Я не за ўсіх прашу, не прашу за свет, але за тых, якіх Ты Мне даў, бо яны – Твае,

10 і ўсё Маё – Тваё, і Тваё – Маё; і Я ў іх праслаўлены.

11 Я ўжо не на свеце, але яны на свеце, Я ж іду да Цябе. Ойча Святы, у імя Тваё захавай тых, якіх Мне даў, каб былі яны адно, як і Мы.

12 Калі Я быў з імі, Я захоўваў іх у імя Тваё, тых, якіх Ты Мне даў, і ўсцярог, і ніхто з іх не загінуў, толькі сын загубы, каб споўнілася Пісанне.

13 А цяпер іду да Цябе і гавару гэта на свеце, каб яны радасць Маю поўную мелі ў сабе.

14 Я перадаў ім слова Тваё, і свет іх зненавідзеў, бо яны не са свету, як і Я не са свету.

15 Не прашу, каб іх узяў са свету, але каб іх захаваў ад ліха.

16 Яны не са свету, як і Я не са свету.

17 Асвяці іх у праўдзе; Слова Тваё ёсць праўда.

18 Як Ты Мяне паслаў у свет, і Я іх паслаў у свет,

19 і за іх Я прысвячаю Сябе Самога, каб і яны былі асвечаны ў праўдзе.

20 Я не толькі за іх прашу, але і за тых, што праз словы іх павераць у Мяне,

21 каб усе былі адно; як Ты, Ойча, ува Мне, а Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб свет уверыў, што Ты Мяне паслаў.

22 І хвалу, якую Ты Мне даў, Я перадаў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно,

23 Я ў іх, і Ты ўва Мне так, каб былі ў адзінстве дасканалымі, і каб свет пазнаў, што Ты Мяне паслаў ды палюбіў іх, як і Мяне палюбіў.

24 Ойча, хачу, каб тыя, якіх Ты Мне  даў, былі са Мной там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты Мне даў, бо Ты Мяне палюбіў перад стварэннем свету.

25 Ойча справядлівы, нават свет Цябе не пазнаў, але Я Цябе пазнаў, і яны пазналі, што Ты Мяне паслаў,

26 і Я з’явіў ім імя Тваё і з’яўляю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, ды Я ў іх».

 

Раздзел 18

1 Калі Ісус сказаў гэта, з вучнямі Сваімі пайшоў за ручай Цэдрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Яго.

2 Але і Юда, які Яго выдаў, ведаў гэтае месца, бо Ісус часта там збіраўся са Сваімі вучнямі.

3 Затым Юда, узяўшы кагорту і слуг ад першасвятароў і фарызеяў, прыйшоў туды з ліхтарамі, светачамі і зброяй.

4 А Ісус, ведаючы ўсё, што Яго чакае, выйшаў наперад і кажа ім: «Каго шукаеце?»

5 Адказалі Яму: «Ісуса з Назарэта». Кажа ім Ісус: «Гэта Я». А з імі стаяў і Юда, які Яго выдаў.

6 Калі сказаў ім: «Гэта Я», яны адступіліся назад ды палі на зямлю.

7 Спытаўся іх тады зноў: «Каго шукаеце?» А яны сказалі: «Ісуса з Назарэта».

8 Адказаў Ісус: «Дык жа сказаў Я вам: «Гэта Я!» Калі Мяне шукаеце, дазвольце ім пайсці»,

9 каб споўнілася слова, якое Ён сказаў: «Не загубіў ніводнага з тых, якіх Ты Мне даў».

10 Сімон жа Пётра, які меў меч, дастаў яго і ўдарыў слугу першасвятара, і адсёк яму правае вуха. Імя таму слузе было Малх.

11 Сказаў тады Ісус Пётры: «Схавай меч свой у похвы; келіх, які даў Мне Айцец, ці ж не Мне яго піць?»

12 Тады кагорта, і трыбун, ды слугі Юдэйскія ўзялі Ісуса і звязалі Яго,

13 і прывялі Яго перш да Анны: бо быў ён цесцем Кайфы, які быў у той год першасвятаром.

14 Гэта быў Кайфа, які даў параду Юдэям: «Лепш, каб адзін чалавек памёр за народ».

15 А за Ісусам ішоў Сімон Пётра і другі вучань. А вучань той знаёмы быў з першасвятаром і ўвайшоў з Ісусам да палаца першасвятара.

16 Пётра ж застаўся вонкі пры дзвярах. Выйшаў тады другі вучань, які быў знаёмы з першасвятаром, пагаварыў з прыдзверніцай, ды ўвёў Пётру.

17 Кажа тады Пётры служка прыдзверніца: «Ці і ты не з вучняў Таго Чалавека?» А ён кажа: «Не».

18 Там стаялі нявольнікі і слугі  пры гарачым вуголлі, бо было зімна, і грэліся; а разам з імі быў і Пётра, стоячы і грэючыся.

19 Першасвятар жа пытаўся ў Ісуса пра вучняў Яго і навуку Яго.

20 Адказаў яму Ісус: «Я адкрыта гаварыў свету: Я вучыў заўсёды ў сінагозе і ў святыні, дзе збіраюцца ўсе Юдэі, і нічога не гаварыў употай.

21 Чаму Мяне пытаеш? Спытай тых, якія чулі, што Я ім гаварыў; вось, яны ведаюць, што Я ім сказаў».

22 Калі гэта сказаў, дык адзін са слуг, што блізка стаяў, даў Ісусу поўху, кажучы: «Так адказваеш першасвятару?»

23 Адказаў яму Ісус: «Калі блага сказаў, дакажы, што блага, а калі добра, дык чаму Мяне б’еш?»

24 Затым адаслаў Яго Анна звязанага да першасвятара Кайфы.

25 А Сімон Пётра стаяў і грэўся. Дык сказалі яму: «Ці і ты не з вучняў Яго?» А ён запярэчыў і сказаў: «Не!»

26 Дык адзін са слуг першасвятара, сваяк таго, якому Пётра адсёк вуха, кажа яму: «Ці ж я цябе не бачыў з Ім у садзе?»

27 Ды Пётра зноў запярэчыў; і зараз запяяў певень.

28 Затым павялі Ісуса ад Кайфы ў прэторыю. А было гэта нараніцы. І самі не ўвайшлі ў прэторыю, каб не спаганіцца, але каб маглі есці Пасху.

29 Выйшаў да іх Пілат і кажа: «Якую віну ўскладаеце на гэтага Чалавека?»

30 Адказалі і сказалі яму: «Калі б Ён не быў злачынцам, не выдалі б Яго табе».

31 Дык сказаў ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і асудзіце Яго па вашаму закону». Сказалі яму Юдэі: «Нам нельга нікога забіваць»,

32 каб споўнілася слова Ісуса, што сказаў Ён, вызначаючы, якою смерцю меў памерці.

33 Дык увайшоў зноў у прэторыю Пілат, і, пазваўшы Ісуса, сказаў Яму: «Ты – Цар Юдэйскі?»

34 Адказаў Ісус: «Ці гэта сам ад сябе кажаш, ці табе іншыя сказалі пра Мяне?»

35 Адказаў Пілат: «Ці ж я Юдэй? Народ Твой і першасвятары выдалі мне Цябе; што Ты зрабіў?»

36 Адказаў Ісус: «Маё Валадарства не з гэтага свету; каб Маё Валадарства было з гэтага свету, слугі Мае ваявалі б, каб не быў Я выдадзены Юдэям; але Валадарства Маё цяпер не адгэтуль».

37 Сказаў Яму тады Пілат: «Дык Ты – Цар?» Адказаў Ісус: «Ты кажаш, што Я – Цар. Я на тое нарадзіўся ды на тое прыйшоў на свет, каб сведчыць аб праўдзе; кожны, хто з праўды, слухае голас Мой».

38 Кажа Яму Пілат: «Што ёсць праўда?» І, калі ён гэта сказаў, зноў выйшаў да Юдэяў і кажа: «Я не знаходжу ў Ім ніякай віны.

39 У вас жа ёсць традыцыя, каб на Пасху выпусціць вам аднаго вязня; дык хочаце, пушчу вам Цара Юдэйскага?»

40 Але яны ўсе закрычалі, кажучы: «Не Яго, але Барабу!» А Бараба быў разбойнікам.

 

Раздзел 19

1 Тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў [Яго].

2 І жаўнеры, сплёўшы вянец з церняў, усклалі на галаву Яму, і пурпуровае  адзенне апранулі на Яго,

3 і падыходзілі да Яго, і казалі: «Прывітаны будзь, Цар Юдэйскі!», і білі Яго па твары.

4 Тым часам Пілат выйшаў зноў вонкі і кажа ім: «Вось жа, выводжу Яго да вас, каб вы самі пераканаліся, што я ў Ім не знаходжу ніякай віны».

5 Выйшаў затым Ісус у церневым вянцы і пурпуровым адзенні. І кажа ім Пілат: «Вось, чалавек!»

6 Дык калі Яго ўбачылі першасвятары і іх слугі, закрычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй!» Кажа ім Пілат: «Вазьміце вы Яго ды ўкрыжуйце; бо я ў Ім не знаходжу віны».

7 Адказалі яму Юдэі: «Мы маем закон, а па закону павінен Ён памерці, бо Ён зрабіў Сябе Сынам Божым».

8 Калі Пілат пачуў гэтыя словы, тым болей спалохаўся,

9 і зноў увёў у прэторыю, і кажа Ісусу: «Адкуль Ты?» Але Ісус яму не адказаў.

10 Кажа Яму тады Пілат: «Не гаворыш мне? Ці не ведаеш, што я маю ўладу адпусціць Цябе ды маю ўладу ўкрыжаваць Цябе?»

11 Адказаў Ісус: «Не меў бы ты ніякай улады нада Мной, калі б табе не было дадзена зверху; таму той, хто Мяне выдаў, мае большы грэх».

12 Адгэтуль Пілат намагаўся пусціць Яго; але Юдэі крычалі, кажучы: «Калі ты Яго выпусціш, дык ты – не сябра цэзара! Кожны, хто робіць сябе царом, супрацівіцца цэзару».

13 Пачуўшы гэтыя словы, Пілат вывеў Ісуса вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месцы, што завецца Літастратас, а па-гебрайску Габбата.

14 А быў гэта дзень прыгатавання Пасхі, бліз гадзіны шостай. І кажа Юдэям: «Вось, Цар ваш».

15 А яны закрычалі: «Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!» Кажа ім Пілат: «Цара вашага ўкрыжаваць?» Першасвятары адказалі: «Не маем цара, толькі цэзара».

16 Дык тады Пілат выдаў ім Яго на ўкрыжаванне. І забралі яны Ісуса.

17 І, несучы крыж Свой, прыйшоў на тое месца, што завецца Чараповае, а па-гебрайску – Гальгота,

18 дзе і ўкрыжавалі Яго, і з Ім двух іншых з аднаго боку і з другога, а пасярэдзіне Ісуса.

19 Пілат напісаў таксама надпіс і змясціў над крыжам. А было напісана: «Ісус з Назарэта, Цар Юдэйскі».

20 Многа Юдэяў чытала гэты надпіс, бо месца ўкрыжавання было бліз горада; і было напісана па-гебрайску, па-лацінску і па-грэцку.

21 Дык казалі першасвятары Юдэйскія Пілату: «Не пішы: Цар Юдэйскі, але: Ён Сам сказаў: «Я – Цар Юдэйскі».

22 Пілат адказаў: «Што напісаў, тое напісаў».

23 Калі жаўнеры ўкрыжавалі Ісуса,  узялі адзенне Яго і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па адной, і туніку. А туніка была не шытая, але ўся тканая зверху ўніз.

24 Дык сказалі яны адзін другому: «Не будзем раздзіраць яе, але кінем жэрабя, чыёй мае быць», каб споўнілася Пісанне, якое кажа: « Адзенне Маё падзялілі між сабою, а на вопратку Маю кінулі жэрабя». Так і зрабілі жаўнеры.

25 А пад крыжам Ісуса стаяла Маці Яго і сястра Маці Яго, Марыя Кляопава, і Марыя Магдалена.

26 Калі Ісус убачыў Маці і вучня, якога любіў, побач стаяўшага, сказаў Маці Сваёй: «Жанчына, вось, сын Твой!»

27 Затым кажа вучню: «Вось, Маці твая!» Ад гэтай пары ўзяў Яе вучань у сваю [апеку].

28 Пасля таго Ісус, ведаючы, што ўсё зрабілася, каб збылося Пісанне, кажа: «Смагну».

29 А была там пастаўлена пасудзіна, напоўненая воцатам, дык жаўнеры,  насадзіўшы на трысціну губку, якую напоўнілі воцатам, паднялі яе да вуснаў Яго.

30 Калі Ісус дакрануўся да воцату, сказаў: «Споўнілася!»; і, схіліўшы галаву, аддаў Духа.

31 Дык Юдэі, бо быў дзень прыгатавання, каб у суботу целы не заставаліся на крыжы, бо быў вялікі той дзень суботы, прасілі Пілата, каб ім перабіць ногі і зняць іх.

32 Дзеля таго прыйшлі жаўнеры і перабілі ногі першаму і другому, якія былі абапал Ісуса ўкрыжаваныя.

33 А калі падышлі да Ісуса, як убачылі, што Ён памёр, не ламалі Яму ног,

34 але адзін з жаўнераў дзідай прабіў бок Яго, і зараз выцякла кроў і вада.

35 І той, хто бачыў, сведчыць, ды праўдзівае яго сведчанне, і ведае ён, што праўду кажа, каб і вы ўверылі.

36 Гэта сталася, каб споўнілася Пісанне: «Косць Яго не пераломіцца».

37 А ў іншым месцы кажа Пісанне: «Убачаць, каго прабілі».

38 Пасля таго Язэп з Арыматэі, які быў вучнем Ісуса, але скрытым дзеля страху перад Юдэямі, прасіў Пілата, каб узяць цела Ісуса; і Пілат дазволіў. Дык прыйшоў ён і ўзяў цела Яго.

39 Прыйшоў таксама і Нікадэм, які раней прыходзіў уночы да Ісуса, несучы каля ста фунтаў мешанкі міры і алоэ.

40 Яны ўзялі цела Ісуса і абгарнулі яго плашчаніцай з духмянасцямі па традыцыі хаваць ў Юдэяў.

41 А на месцы, дзе быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе была магіла, у якой ніхто яшчэ не быў пакладзены;

42 там дзеля дня прыгатавання Юдэйскага паклалі цела Ісуса, бо магіла была блізка.

 

Раздзел 20

1 А ў першы дзень тыдня на досвітку, калі было яшчэ цёмна, прыйшла да магілы Марыя Магдалена і ўбачыла, што камень адвалены ад магілы.

2 Дык пабегла і прыйшла да Сімона Пётры і другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: «Узялі Госпада з магілы, і не ведаем, дзе Яго паклалі!»

3 Дык выйшлі тады Пётра і той другі вучань ды прайшлі да магілы.

4 І беглі яны абодва разам, але той першы вучань апярэдзіў Пётру і першы дабег да магілы,

5 і, нахіліўшыся, убачыў пакладзеную плашчаніцу, аднак не ўвайшоў.

6 Прыйшоў затым следам і Сімон Пётра, і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў пакладзеную плашчаніцу

7 і хусту, якая была на Яго галаве, і ляжала не разам з плашчаніцай, але асобна скручаная на адным месцы.

8 Тады ўвайшоў туды і той вучань, які першы прыйшоў да магілы, і ўбачыў, і паверыў.

9 Бо яны яшчэ не разумелі Пісання, што трэба было, каб Ён уваскрос з мёртвых.

10 Затым вучні зноў вярнуліся да сябе.

11 А Марыя стаяла звонку ад магілы, плачучы. Калі ж яна галасіла, то нахілілася да магілы

12 і ўбачыла двух анёлаў у белым, што сядзелі, аднаго ля галавы, а другога ля ног, дзе было пакладзена цела Ісуса.

13 І кажуць яны ёй: «Жанчына, чаго плачаш?» Кажа ім: «Узялі Госпада майго, і не ведаю, дзе паклалі»

14 Як сказала гэта, аглянулася назад і ўбачыла, што стаіць Ісус, а не ведала, што гэта Ісус.

15 Кажа ёй Ісус: «Жанчына, чаму плачаш? Каго шукаеш?» А яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: «Гаспадару, калі ты Яго ўзяў, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я вазьму Яго».

16 Кажа ёй Ісус: «Марыя!» А яна, павярнуўшыся, кажа Яму па-гебрайску: «Раббоні!», што значыць «Настаўнік».

17 Кажа ёй Ісус: «Не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца, але ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага і Бога Майго і Бога вашага».

18 Дык пайшла Марыя Магдалена, каб абвясціць вучням: «Я бачыла Госпада!» і што Ён ёй гэта сказаў.

19 Калі ж настаў вечар таго першага дня тыдня, і там, дзе былі вучні, дзверы былі замкнёныя дзеля страху перад Юдэямі, прыйшоў Ісус, і стаў пасярэдзіне, і кажа ім: «Супакой вам!»

20 І, калі гэта сказаў, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся тады вучні, убачыўшы Госпада.

21 Сказаў ім зноў: «Супакой вам! Як Мяне паслаў Айцец, так і Я пасылаю вас».

22 І, калі гэта сказаў, дыхнуў на іх і кажа ім: «Вазьміце Духа Святога.

23 Каму б ні адпусцілі вы грахі, тым яны адпушчаны; каму б ні затрымалі, [на тым] яны затрымаліся».

24 А Тамаш, адзін з дванаццаці, званы Дыдымас, не быў разам з імі, калі прыйшоў Ісус.

25 Казалі яму іншыя вучні: «Мы бачылі Госпада». А ён сказаў ім: «Калі не ўбачу ран ад цвікоў на руках Яго, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цвікоў і не ўкладу сваёй рукі ў бок Яго, не ўверу».

26 І па васьмі днях зноў сабраліся вучні ў доме, і Тамаш з імі. Прыйшоў Ісус, калі дзверы былі замкнёныя, і стаў пасярод іх, і сказаў: «Супакой вам».

27 Потым сказаў Тамашу: «Укладзі палец твой сюды і паглядзі на рукі Мае, выцягні руку сваю і ўкладзі ў бок Мой, ды не будзь бязверным, але верным».

28 Адказаў Тамаш і сказаў Яму: «Госпад мой і Бог мой!»

29 Кажа яму Ісус: «Ты паверыў, бо Мяне ўбачыў. Шчасныя тыя, што не бачылі Мяне, а ўверылі».

30 Многа яшчэ іншых знакаў учыніў Ісус у прысутнасці вучняў Сваіх, якія не запісаны ў гэтай кнізе;

31 гэтыя ж запісаны, каб вы верылі, што Ісус ёсць Хрыстос, Сын Божы, ды каб, верачы, мелі жыццё ў імя Яго.

 

Раздзел 21

1 Далей аб’явіўся зноў Ісус вучням каля мора Тыберыядскага, а аб’явіўся ім так:

2 Былі разам Сімон Пётра і Тамаш, званы Дыдымас, Натанаэль, які быў з Каны Галілейскай, і сыны Зебядзея, і два іншых з вучняў Яго.

3 Кажа ім Сімон Пётра: «Іду лавіць рыбу». Кажуць яму: «І мы пойдзем з табой». Дык пайшлі, і селі ў лодку; і ў тую ноч нічога не злавілі.

4 А калі настала раніца, стаў Ісус на беразе, але вучні не пазналі, што гэта Ісус.

5 Кажа ім затым Ісус: «Дзеці, ці маеце што есці?» Адказалі яму : «Не».

6 Дык сказаў ім: «Закіньце сетку па правы бок лодкі і зловіце». Закінулі тады, і з-за мноства рыбы не маглі выцягнуць сетку.

7 Тады той вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётры: «Гэта ж Госпад!» Дык Сімон Пётра, пачуўшы, што гэта Госпад, апрануў туніку, бо быў голы, і кінуўся ў мора;

8 іншыя ж вучні прыплылі ў лодцы, бо былі недалёка ад берага, каля двухсот стадый, цягнучы сетку з рыбаю.

9 А калі выйшлі на бераг, убачылі раскладзеныя вуглі, і рыбу, пакладзеную зверху, і хлеб.

10 Кажа ім Ісус: «Прынясіце тую рыбу, што цяпер налавілі».

11 Дык пайшоў Сімон Пётра і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, [якіх было] сто пяцьдзесят тры; і хоць было так шмат, сетка не падралася.

12 Кажа ім Ісус: «Ідзіце, ешце». Але ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Госпад.

13 Ісус падышоў, узяў хлеб і даў ім, падобна і рыбу.

14 Гэта ўжо трэці раз аб’явіўся Ісус вучням пасля ўваскрэсення з мёртвых.

15 Дык калі яны наеліся, кажа Ісус Сімону Пётры: «Сімоне Ёнаў, ці любіш Мяне больш за гэтых?» Кажа Яму: «Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Кажа яму Ісус: «Пасі ягнятак Маіх».

16 Кажа яму ў другі раз: «Сімон Ёнаў, ці любіш ты Мяне?» Гаворыць Яму: «Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Кажа яму: «Пасі авечак Маіх».

17 І кажа яму ў трэці раз: «Сімон Ёнаў, ці любіш ты Мяне?» Засмуціўся Пётра, што ўжо ў трэці раз сказаў яму: «Ці любіш ты Мяне?», дык кажа Яму: «Госпадзе, Ты ўсё ведаеш. Ты разумееш, што я люблю Цябе». Кажа яму: «Пасі авечак Маіх.

18 Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў малады, падпярэзваўся сам і хадзіў, куды сам хацеў, а як састарэеш, выцягнеш рукі твае, ды хто іншы цябе падпярэжа, і павядзе туды, куды ты не хочаш».

19 А гэта сказаў, паказваючы, якою ён смерцю праславіць Бога. Ды, гэта сказаўшы, кажа яму: «Ідзі за Мной!»

20 Пётра, азірнуўшыся, убачыў таго вучня, якога Ісус любіў, ідучага за ім, які на вячэры прытуляўся да грудзей Яго і сказаў: «Госпадзе, хто гэта, што Цябе выдае?»

21 І, калі ўбачыў яго Пётра, то кажа Ісусу: «Госпадзе, а з гэтым што будзе?»

22 Кажа яму Ісус: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мной».

23 Разышлася тады вестка між братамі, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў: «Не памрэ», а толькі: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?»

24 Дык вось той вучань, які сведчыць пра гэта, і напісаў гэта, і мы ведаем, што сведчанне яго праўдзівае.

25 Ёсць яшчэ шмат іншага, што ўчыніў Ісус, але каб усё запісаць падрабязна, дык, думаю, не змясціў бы ўвесь свет кніг, якія меліся б быць напісаны.