Беларуская Біблія

ЛІСТ ДА ЯКУБА

Раздзел 1

1 Якуб, слуга Бога і Госпада Ісуса Хрыста, вітае дванаццаць пакаленняў, што ў расцярушанні.

2 Браты мае! Уважайце сабе за вялікую радасць, калі вас трывожаць розныя спакусы.

3 Ведайце, што выпрабаванне веры вашай выклікае цярплівасць.

4 Цярплівасць жа будзе мець дасканалую справу, каб вы былі дасканалымі ды беззаганнымі, без ніякіх недахопаў.

5 Калі ж каму з вас не хапае мудрасці, хай просіць яе ў Бога, Які дае ўсім шчодра і без дакораў, і будзе дадзена яму.

6 Хай жа ён просіць з вераю, ані крыху не сумняваючыся, бо хто сумняваецца, той падобны да марской хвалі, якую вецер падымае і ганяе.

7 Хай гэткі чалавек не спадзяецца атрымаць што-колечы ад Госпада,

8 чалавек дваісты ў душы, нетрывалы на ўсіх сваіх шляхах.

9 Хай пакорны брат ганарыцца сваім узвышэннем,

10 а багаты – сваім прыніжэннем, бо праміне ён, як краска палявая.

11 Бо ўзышло ўпальнае сонца і высушыла траву, ды апала краска яе, і знік прыгожы выгляд яе. Так і багаты змарнее на шляхах сваіх.

12 Шчасны чалавек, які выстаіць у спакусе, бо па выпрабаванні атрымае вянок жыцця, які абяцае Бог тым, што любяць Яго.

13 Хай ніхто спакушаны не кажа: «Бог мяне спакушае», бо Бог не спакушаецца ліхам, ды Сам нікога не спакушае.

14 Спакушаецца кожны сваёй пажадлівасцю, захоплены яе прывабнасцю.

15 А пажадлівасць, пачаўшы, спараджае грэх, а грэх, калі бывае ўчынены, спараджае смерць.

16 Не дапускайце аблудаў, браты мае найдаражэйшыя!

17 Усякае дабро, што нам даецца, ды ўсякі дар дасканалы з вышыні ад Айца святла сыходзіць, у Якога няма перамены, ані ценю зменнасці.

18 Нарадзіў Ён нас словам праўды з уласнай волі, каб былі мы першакамі Яго стварэнняў.

19 Ведайце, браты мае дарагія: хай кожны чалавек будзе хуткі да слухання, павольны да гутаркі ды няскоры да злосці.

20 Бо злосць чалавека не спрычыняецца да справядлівасці Божай.

21 Таму адкіньце ўсякі бруд і лішнюю злосць і з пакораю прымайце засеянае слова, каторае можа збавіць душы вашыя.

22 Будзьце выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія саміх сябе ашукваюць.

23 Бо калі хто толькі слухае слова, а не выконвае яго, ён падобны будзе да чалавека, які аглядае прыроджанае аблічча сваё ў люстэрку;

24 бо ён паглядзеў на сябе, і адышоўся, і зараз забыўся, якім ён быў.

25 Хто ж пранікне ў дасканалы закон свабоды і вытрывае ў ім, той станецца не слухачом, які забываецца, але выканаўцам справы, і шчасны будзе ў сваёй дзейнасці.

26 Калі хто думае, што ён пабожны, а не трымае языка свайго, ашукваючы сэрца сваё, таго пабожнасць пустая.

27 Пабожнасць праўдзівая і беззаганная перад Богам і Айцом вось якая: апекавацца над сіротамі і ўдовамі, памагаючы ў іх бедах, ды ўсцерагчыся беззаганным ад гэтага свету.

 

Раздзел 2

1 Браты мае! Майце веру ў славу Госпада нашага Ісуса Хрыста, без аглядкі на асобы.

2 Бо калі б у вашую сінагогу прыйшоў чалавек з залатым пярсцёнкам, багата апрануты, ды прыйшоў таксама і бедны ў мізэрным адзенні,

3 дык ці вы не звярнулі б увагі на таго, пышна апранутага, і ці не сказалі б: «Сядзь тут на выгодным месцы», а беднаму, пэўна, сказалі б: «Ты пастой там або сядзь каля маіх ног».

4 Дык ці вы не судзіце ў сабе і ці не робіцеся суддзямі з нягоднымі думкамі?

5 Паслухайце, браты мае найдаражэйшыя! Ці не выбраў Бог бедных гэтага свету як багатых вераю і як спадкаемцаў Валадарства, якое абяцаў тым, што любяць Яго?

6 Вы ж зняважылі беднага. Ці не багатыя прыгнятаюць вас, і ці не яны цягаюць вас па судах?

7 Ці ж не яны блюзняць на добрае імя, якое прызвана над вамі?

8 Дык калі выконваеце царскі закон паводле Пісання: «Любі бліжняга свайго як самога сябе», – добра робіце.

9 Калі ж аглядаецеся на асобы, то ўчыняеце грэх і будзеце асуджаныя законам як злачынцы.

10 Хоць бы хто выканаў увесь закон, а правініўся толькі ў адным, становіцца ва ўсім вінаватым.

11 Бо Той, Хто сказаў: «Не чужалож», сказаў таксама: «Не забівай». Дык калі не чужаложыш, але забіваеш, становішся парушальнікам закону.

12 Гаварыце і рабіце так, як тыя, якія павінны быць асуджаны па закону свабоды.

13 Таму, хто не аказаў міласэрнасці, будзе суд без міласэрнасці, бо міласэрнасць вышэй за суд.

14 Што за карысць, браты мае, каб хто казаў, што мае веру, але ўчынкаў не меў бы? Ці ж здолее вера збавіць яго?

15 Калі брат або сястра не маюць у што апрануцца ды не маюць на штодзень ежы,

16 а нехта з вас скажа ім: «Ідзіце ў супакоі, грэйцеся і ешце», ды не дасць ім таго, што неабходнае целу, што за карысць?

17 Так і вера, калі не мае ўчынкаў, сама па сабе мёртвая.

18 Можа скажа хто: «Ты маеш веру, а я маю ўчынкі. Пакажы ты мне веру тваю без учынкаў, а я пакажу табе веру са сваіх учынкаў».

19 Ты верыш, што Бог адзін? Добра робіш, але і дэманы вераць і дрыжаць!

20 Хочаш ведаць, нікчэмны чалавеча, што вера без учынкаў пустая?

21 Ці ж не ўчынкамі апраўдаўся бацька наш Абрагам, калі прыносіў у ахвяру на алтары сына свайго Ізаака?

22 Бачыш, што вера садзейнічала яго ўчынкам, ды вера праз учынкі сфармавалася.

23 І споўнілася Пісанне, дзе сказана: «Паверыў Абрагам Богу, і залічана гэта яму за заслугу», і названы ён сябрам Божым.

24 Бачыце, што ўчынкі апраўдваюць чалавека, а не толькі вера?

25 Падобна і распусніца Рагаб ці не ўчынкамі была апраўдана, прымаючы пасланцаў ды іншай дарогай іх адпраўляючы?

26 Бо як цела без духа памёршае, так і вера без учынкаў мёртвая.

 

Раздзел 3

1 Хай з вас многія не квапяцца быць настаўнікамі, браты мае, ведаючы, што тым цяжэйшы атрымаем прысуд.

2 Бо ўсе мы шмат у чым грашым. Калі хто словам не грашыць, той дасканалы чалавек, які можа таксама ўтаймаваць усё цела сваё.

3 Калі акілзваем коней, каб слухаліся нас, то падпарадкоўваем усё іх цела.

4 Вось і караблі, хоць такія вялікія, і магутныя вятры іх носяць, а кіруюцца маленькім стырном туды, куды стырнавы захоча.

5 Так і язык, хоць малая частка цела, а шмат гарэзуе. Вось такі малы агеньчык і вялікі лес падпальвае.

6 І язык – гэта агонь, асяродак усякай злачыннасці. Язык так змешчаны паміж нашых членаў, што апаганьвае ўсё цела, ды, сам запалены пякельным агнём, запальвае кола жыцця.

7 Бо ўсякая натура звяроў і птушак, гадаў ды марскіх жывёлін утаймоўваецца і ўтаймавана натурай чалавечай.

8 Языка ж ніводзін чалавек не можа ўтаймаваць; і гэта – несупыннае ліха, поўнае смертаноснай атруты.

9 Ім бласлаўляем Госпада і Айца ды ім жа праклінаем людзей, якія створаны на падабенства Божае.

10 З тых самых вуснаў выходзіць блаславенства і праклён. Не павінна так быць, браты мае!

11 Ці ж з таго самага жарала можа выцякаць вада салодкая і горкая?

12 Ці ж можа, браты мае, дрэва фігавае нараджаць аліўкі, або вінаградны куст – фігі? Не можа салёная крыніца даваць салодкую ваду.

13 Хто паміж вас мудры і разважлівы? Хай пакажа на справе добрымі паводзінамі і мудрай лагоднасцю.

14 Калі ж у сэрцах вашых маеце горкую зайздрасць і сварлівасць, дык не хваліцеся і не хлусіце супраць праўды.

15 Гэта не тая мудрасць, што з вышынь сыходзіць, але зямная, жывёльная, шатанская.

16 Бо дзе зайздрасць і сваркі, там бязладдзе ды ўсякая злачыннасць.

17 А мудрасць, што з вышынь, перш за ўсё чыстая, пасля мірная, пакорлівая, падатлівая, поўная міласэрнасці і добрых пладоў, бесстаронная ды некрывадушная.

18 Плод жа праўды засяваецца ў свеце тымі, што паводзяць сябе мірна.

 

Раздзел 4

1 Адкуль узнікаюць войны ды адкуль сваркі паміж вамі? Не адкуль інакш, як з пажадлівасці вашай, што бунтуецца ў членах вашых.

2 Жадаеце і не маеце; забіваеце і зайздросціце, і не можаце здабыць; сварыцеся ды ваюеце. Не маеце, бо не ўпрошваеце,

3 просіце і не атрымоўваеце, бо блага просіце, каб толькі задаволіць сваю пажадлівасць.

4 Чужаложнікі, ці вы не ведаеце, што сяброўства з гэтым светам ёсць варожасць Богу? Дык хто хацеў бы стацца прыяцелем гэтага веку, той робіцца ворагам Бога.

5 Можа ўважаеце, што дарма Пісанне кажа: «Зайздросна любіць Дух, Які пражывае ў нас»?

6 Дык большую дае ласку паводле таго, як кажа: «Бог супрацівіцца пыхлівым, а пакорлівым ласку дае».

7 Дык пакарыцеся Богу; а супраціўцеся д’яблу, і ён уцячэ ад вас.

8 Туліцеся да Бога, і Ён прытуліць вас. Абмыйце рукі, грэшнікі, ачысціце сэрцы, двудушнікі.

9 Смуткуйце, жальцеся і плачце: хай смех ваш абернецца ў жалобу, а радасць – у тугу.

10 Спакарыцеся перад абліччам Госпада, і Ён падыме вас.

11 Браты, не ачарняйце адзін аднаго. Хто ачарняе брата свайго або асуджае брата свайго, той ачарняе закон ды асуджае закон. А калі ты асуджаеш закон, дык ты не выканаўца закону, але суддзя.

12 Адзін жа Заканадавец і Суддзя, Які можа збавіць і загубіць. А ты хто такі, што судзіш бліжняга?

13 А ну цяпер вы, што кажаце: «Сёння або заўтра пойдзем у той ці іншы горад, і пражывём там год, і зоймемся гандлем, і атрымаем прыбытак»;

14 вы не ведаеце, якім будзе заўтра жыццё ваша. Бо вы пара, што на хвіліну з’яўляецца, а потым прападае.

15 Замест таго казаць бы вам: «Калі Госпад захоча, будзем жыць і рабіць тое ці іншае».

16 Вы цяпер пахваляецеся ў сваёй пыхлівасці. Кожнае такое пустахвальства ліхое.

17 Таму той, хто ўмее рабіць дабро і не робіць, грэх таму!

 

Раздзел 5

1 Дык жа цяпер, багацеі, плачце і галасіце ў горы, якое надыходзіць на вас.

2 Багацці вашы збуцвелі, адзенні вашы моль стачыла,

3 золата вашае і срэбра паржавела, ды іржа іхняя будзе сведчаннем супраць вас і, як агонь, будзе нішчыць целы вашыя: назбіралі вы на апошнія дні.

4 Вось жа, галосіць заробак работнікаў, што жалі на палях вашых, каторы вы затрымалі, і лямант жняцоў дайшоў да вушэй Госпада Сабаота.

5 Балявалі вы на зямлі ды жылі ў раскошы, напасвілі сэрцы вашыя на дзень забойства.

6 Засудзілі вы, забілі вы Справядлівага: Ён не супрацівіўся вам.

7 Дык будзьце цярплівымі, браты, аж да прыйсця Госпада. Вось, земляроб спадзяецца на каштоўны плод зямлі, цярпліва чакаючы, пакуль не атрымае ранні і позні дождж,

8 гэтак і вы будзьце цярплівымі, умацоўвайце сэрцы вашыя, бо набліжаецца прыйсце Госпадава.

9 Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб не былі асуджаны, вось, ужо ля дзвярэй стаіць Суддзя.

10 Прыклад пакут і цярплівасці, браты, бярыце ў прарокаў, каторыя прамаўлялі ў імя Госпада.

11 Вось жа называем шчаснымі тых, што вытрывалі. Вы чулі пра трываласць Гіоба ды бачылі канцавую [узнагароду] яго ад Госпада, бо Госпад вельмі міласэрны і літасцівы.

12 Перад усім, браты мае, не прысягайце ані небам, ані зямлёю, ані якой іншай прысягай, але няхай будзе ў вас: «так» – «так» і «не» – «не», каб не трапіць пад суд.

13 Смуткуе хто з вас? Хай моліцца. Усцешна на душы? Хай псалмы спявае.

14 Хварэе хто з вас? Хай пакліча старэйшых царквы, ды хай яны моляцца за яго, намашчаючы яго алеем у імя Госпада.

15 І малітва з верай збавіць хворага, і Госпад падыме яго; і, калі ён учыняў грахі, будуць яму адпушчаны.

16 Дык прызнавайцеся адны другім у грахах ды маліцеся адны за другіх, каб атрымалі здароўе. Бо вялікую сілу мае настойлівая малітва справядлівага.

17 Ілля быў чалавекам, падобным да нас, але малітваю маліўся, каб не было дажджу, і не ішоў дождж на зямлю тры гады і шэсць месяцаў.

18 Затым зноў маліўся, і неба дало дождж, і зямля спарадзіла свой плод.

19 Браты мае! Калі б хто з вас адышоў ад праўды, а хто другі яго навярнуў,

20 ведаць павінен, што той, хто навярнуў грэшніка з блуднай дарогі яго, збавіць душу сваю ад смерці ды закрые многа грахоў.