ЛІСТ ЛА ГАЛАТАЎ
Раздзел 1
1 Паўла, апостал не ад людзей і не праз чалавека, але праз Ісуса Хрыста і Бога Айца, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,
2 і ўсе браты, што са мною, цэрквам Галатыі:
3 ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і ад Госпада Ісуса Хрыста,
4 Які аддаў Самога Сябе за грахі нашыя, каб вырваць нас з нягод цяперашняга свету па волі Бога і Айца нашага,
5 Якому слава на векі вечныя. Амін.
6 Дзіўлюся я, што гэтак хутка перакінуліся вы ад таго, які паклікаў вас да ласкі Хрыстовай, да іншага евангелля,
7 якое і не ёсць іншае, але, напэўна, знайшліся нейкія, што баламуцяць вас ды хочуць перавярнуць Евангелле Хрыстова.
8 Але калі б нават мы або анёл з неба дабравесціў вам нешта іншае, чым тое, што мы дабравесцілі вам, хай будзе анатэма!
9 Як мы вам казалі раней, і цяпер зноў вам кажу: калі б хто дабравесціў вам звыш таго, што атрымалі вы, хай будзе анатэма!
10 Людзям я цяпер дагаджаю ці Богу? Ці я імкнуся людзям падабацца? Калі б я людзям падабаўся, не быў бы слугою Хрыстовым!
11 Паведамляю вам, браты, што Евангелле, якое абвяшчаў я, не ёсць з волі чалавека,
12 бо я яго не ад чалавека атрымаў або навучыўся яму, але праз аб’яўленне Ісуса Хрыста.
13 Чулі вы, пэўна, аб паводзінах маіх калісьці ў Юдэйстве, як звыш меры пераследаваў я Царкву Божую і ваяваў з ёю,
14 і вылучаўся ў Юдэйстве між многімі аднагодкамі ў родзе сваім, з’яўляючыся найбольш руплівым аб бацькоўскіх традыцыях сваіх.
15 Калі ж спадабалася Таму, Які выбраў мяне яшчэ ва ўлонні маці маёй і паклікаў ласкай Сваёй,
16 каб аб’явіць мне Сына Свайго і каб я дабравесціў пра Яго сярод паганскіх народаў, не даў я супачынку целу і крыві
17 і не пайшоў у Ерузалім да сваіх папярэднікаў апосталаў, але выправіўся ў Арабію і адтуль зноў вярнуўся ў Дамасак.
18 Толькі пасля трох гадоў прыйшоў я ў Ерузалім убачыць Цэфу і прабыў у яго пятнаццаць дзён.
19 З іншых апосталаў не бачыў ніводнага, апрача Якуба, брата Госпадавага.
20 А ў тым, што пішу вам, вось перад Богам, што не хлушу.
21 Потым пайшоў я ў ваколіцы Сірыі і Цыліцыі.
22 З твару быў я невядомы цэрквам Юдэі, якія былі ў Хрысце,
23 а толькі чулі пра мяне, што той, які калісьці пераследаваў іх, цяпер дабравесціць веру, якую раней нішчыў,
24 і праз мяне славілі Бога.
Раздзел 2
1 Потым, праз чатырнаццаць гадоў, я зноў пайшоў з Барнабам у Ерузалім, забраўшы з сабою і Ціта.
2 Накіраваўся ж я згодна з аб’яўленнем; і прадставіў ім, асабліва найвыдатнейшым, Евангелле, якое абвяшчаў паганам, каб часам не надарма бег, або бягу.
3 Але і Ціт, што быў са мной, хоць быў Грэк, не быў змушаны да абразання.
4 А адносна фальшывых братоў, якія падступіліся, каб выпрабаваць свабоду нашую, якую маем у Ісусе Хрысце, каб адправіць нас зноў у няволю,
5 ім мы не саступілі і не паддаліся ні на хвіліну, каб праўда Евангелля захавалася ў вас.
6 З тымі ж, што выдаюць сябе за некага, якімі былі калісьці, мяне нішто не вяжа: Бог не ўзіраецца на важнасць асобы. А тыя, што лічацца [за кагосьці], мне не пярэчылі.
7 Нават наадварот, калі ўбачылі, што мне даручана абвяшчаць Евангелле неабрэзаным, як Пётры абрэзаным, –
8 бо Той, што дзейнічаў праз Пётру ў апостальстве між абрэзанымі, дзейнічаў і праз мяне між паганамі, –
9 і калі пазналі, што і мне дадзена гэтая ласка, дык Якуб, Цэфа і Ян, якіх лічылі калонамі, падалі мне і Барнабе руку лучнасці, каб мы [ішлі] да паганаў, а яны да абрэзаных,
10 каб толькі помнілі мы пра бедных, аб чым я і сам рупіўся раней, каб рабіць гэта.
11 Калі ж пасля таго Цэфа прыбыў у Антыёхію, я выступіў супраць яго, бо ён гэта заслужыў.
12 Перш чым прыбылі некаторыя ад Якуба, ён еў разам з паганамі, калі ж тыя надышлі, стаў пазбягаць і аддзяляцца, баючыся тых, што былі абрэзанымі.
13 За гэтай яго крывадушнасцю пайшлі і другія Юдэі, так што і Барнаба быў уцягнуты імі ў гэту няшчырасць.
14 Калі ж я ўбачыў, што яны не ходзяць проста, не паводле праўды Евангелля, сказаў аб гэтым Цэфу ў прысутнасці ўсіх: «Калі ты, будучы Юдэем, жывеш па-паганску, а не па-юдэйску, чаму змушаеш паганаў жыць па-юдэйску?«
15 Мы па прыродзе Юдэі, а не з паганаў грэшнікі,
16 ведаючы ж, што чалавек апраўдваецца не праз выкананне закону, а праз веру ў Ісуса Хрыста, і мы паверылі ў Ісуса Хрыста, каб апраўдацца верай Хрыста, а не выкананнем закону, бо выкананнем закону не апраўдаецца ніводнае цела.
17 Калі ж мы, шукаючы апраўдання ў Хрысце, аказаліся самі грэшнымі, ці ж Хрыстос – слуга граху? Аніколі.
18 Бо калі я адбудоўваю зноў тое, што раней зруйнаваў, то сябе раблю злачынцам.
19 Я вось праз закон памёр для закону, каб жыць для Бога. Я ўкрыжаваны з Хрыстом:
20 дык жыву ўжо не я, але жыве ўва мне Хрыстос. Хоць цяпер жыву ў целе, жыву ў веры ў Сына Божага, Які ўзлюбіў мяне і аддаў на смерць Самога Сябе за мяне.
21 Не адкідаю ласкі Божай. Калі б праз закон справядлівасць, дык Хрыстос памёр бы дарма.
Раздзел 3
1 О неразумныя Галаты! Хто зачараваў вас, перад вачамі якіх апісаны быў Ісус Хрыстос укрыжаваны?
2 Гэта адно хачу ад вас даведацца: ці праз учынкі закону атрымалі вы Духа, ці праз слуханне веры?
3 Няўжо вы такія неразумныя, што Духам пачалі, а цяпер целам завяршаеце?
4 Столькі вы нацярпеліся, і безвынікова? Дый калі б безвынікова!
5 Той, хто вам дае Духа і робіць цуды ў вас, праз учынкі закону [творыць гэта] ці ад слухання веры?
6 Як Абрагам паверыў Богу, і гэта залічана яму за справядлівасць.
7 Дык ведайце, што толькі тыя, хто з веры, ёсць сыны Абрагама.
8 Таму прадбачыла Пісанне, што будзе Бог апраўдваць народы з веры, і прадвесціла Абрагаму: «У табе будуць бласлаўлёны ўсе народы».
9 Дык бласлаўлёны будуць з верным Абрагамам усе, хто з веры.
10 Бо тыя, што абапіраюцца на ўчынкі закону, знаходзяцца пад праклёнам. Бо напісана: «Пракляты ўсякі, хто не трывае ў тым, што напісана ў кнізе закона, каб рабіць гэта».
11 А калі ж законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, ясна, што справядлівы з веры жыць будзе.
12 Закон жа не з веры, але хто будзе спаўняць яго, той жыць будзе ім.
13 Хрыстос адкупіў нас ад праклёну закону, стаўшыся за нас праклятым, як напісана: «Пракляты кожны, хто вісіць на дрэве»,
14 каб блаславенства Абрагама праз Хрыста Ісуса перайшло і на паганаў, каб абяцанне Духа атрымалі мы праз веру.
15 Браты, як чалавек кажу, што нават чалавекам зацверджанага запавету ніхто не адкідае або не дадае.
16 Вось жа Абрагаму выказаны былі абяцанні і семю яго. Не сказана: «I семям», быццам многім, але як аднаму: «I семю твайму», якім ёсць Хрыстос.
17 Гэта вось кажу: запавету, Богам зацверджанага, закон, які з’явіўся праз чатырыста трыццаць гадоў, не адкідае, каб знішчыць абяцанне.
18 Бо калі спадчына з закону, то ўжо не з абяцання. Абрагама ж надарыў Бог праз абяцанне.
19 Нашто тады закон? Ён дзеля праступкаў устаноўлены да часу, пакуль не прыйдзе семя, якому дадзена абяцанне; перададзены праз анёлаў рукою пасярэдніка.
20 Пасярэднік пры адным не бывае, а Бог адзін.
21 Ці ж закон працівіцца абяцанням Божым? Ніякім чынам. Калі б дадзены быў закон, які мог бы ажыўляць, то, сапраўды, з закону вынікала б справядлівасць.
22 Але Пісанне замкнула ўсё пад грахом, каб абяцанне з веры ў Ісуса Хрыста было дадзена веруючым.
23 Перш чым прыйшла вера, былі мы замкнутымі пад аховай закону, [чакаючы] веры, якая павінна была быць нам аб’яўлена.
24 Дык закон быў нашым настаўнікам у Хрысце, каб з веры былі мы апраўданы.
25 Дык калі прыйшла да нас вера, мы ўжо не пад настаўнікам.
26 Бо ўсе вы сталіся дзецьмі Божымі праз веру ў Хрыста Ісуса.
27 Бо вы, тыя, што ў Хрыста ахрысціліся, у Хрыста апрануліся.
28 Няма ўжо Юдэя або Грэка, няма ўжо нявольніка або вольнага, няма ўжо мужчыны або жанчыны: бо ўсе вы сталіся адно ў Хрысце Ісусе.
29 Калі ж вы Хрыстовыя, дык вы – семя Абрагама, спадкаемцы паводле абяцання.
Раздзел 4
1 Кажу вам: пакуль спадкаемца дзіця, ён нічым не розніцца ад нявольніка, хоць ён і гаспадар над усім,
2 але знаходзіцца да вызначанага часу пад апекунамі і аканомамі.
3 Так і мы, пакуль мы былі дзецьмі, служылі стыхіям свету.
4 А калі прыйшла поўня часу, паслаў Бог Свайго Сына, народжанага жанчынай, народжанага пад законам,
5 каб адкупіў тых, якія былі пад законам, каб і мы атрымалі ўсынаўленне.
6 А дзеля таго, што вы – сыны, паслаў Бог Духа Сына Свайго ў сэрцы нашыя, Які кліча: «Абба, Ойча!»
7 Так што ты ўжо не нявольнік, але сын; а калі сын, дык і спадкаемца праз Бога.
8 Але тады, калі не ведалі вы Бога, служылі тым, якія па сутнасці не ёсць багамі.
9 Цяпер жа, калі вы ўжо пазналі Бога і самі пазнаныя Богам, чаго вяртаецеся да бяссільных і бязродных стыхій, якім зноў хочаце служыць?
10 Вы глядзіце на дні, месяцы, часы і гады!
11 Баюся за вас, што, можа, надарма працаваў у вас.
12 Браты, прашу вас, будзьце такімі, як і я; бо і я стаўся такім, як вы. Нічым вы мяне не скрыўдзілі.
13 Вы ж ведаеце, як праз слабасць цела першы раз я дабравесціў вам,
14 і вы не адрынулі спакусу для вас у целе маім, не адпіхнулі, але прынялі мяне як анёла Божага, як Хрыста Ісуса.
15 Дзе ж тады тое шчасце вашае? Сведчу вам, што калі б гэта было магчыма, дык, вочы сабе вырваўшы, аддалі б іх мне.
16 Дык ці ворагам стаўся я вам за тое, што казаў вам праўду?
17 Рупяцца яны пра вас не з дабра, але хочуць адарваць вас, каб аб іх вы рупіліся.
18 Добра рупіцца аб добрым заўсёды, а не тады толькі, калі я знаходжуся паміж вас;
19 дзеткі мае, зноў вас нараджаю ў муках, пакуль уфармуецца ў вас Хрыстос.
20 Хацеў бы я быць у вас цяпер ды змяніць голас мой, бо сам я не ўпэўнены ў вас.
21 Скажыце мне тыя, што хочаце жыць пад законам: ці закону вы не чулі?
22 Напісана, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго з нявольніцы, другога з вольнай.
23 Але той, што з нявольніцы, паводле цела нарадзіўся, а той, што з вольнай, – праз абяцанне.
24 Гэта як алегорыя сказана, абазначае гэта два запаветы: адзін – на гары Сінай, што на няволю родзіць, гэта Агар.
25 Бо гэта Агар – гара Сінай у Арабіі, адпавядае цяперашняму Ерузаліму і зняволена з сынамі сваімі.
26 Той жа Ерузалім, што ўгары, вольны, і ёсць маці нашай.
27 Напісана бо: «Узвесяліся, няплодная, якая не раджаеш, усклікай і крычы, якая не пакутуеш родамі, бо ў кінутай больш дзяцей, чым у той, якая мае мужа».
28 Вы ж, браты, паводле Iзаака дзеці абяцання.
29 Але як і тады той, што паводле цела нарадзіўся, пераследаваў таго, які паводле духа, так і цяпер.
30 А што кажа Пісанне? «Выгані нявольніцу і яе сына, бо не будзе спадкаемцам сын нявольніцы разам з сынам вольнай».
31 Дык вось, браты, мы дзеці не нявольніцы, але вольнай.
Раздзел 5
1 Гэтай свабодай вызваліў нас Хрыстос; дык стойце і не жадайце зноў трапіць пад ярмо няволі.
2 Вось я, Паўла, кажу вам, што, калі вы дасцеся абрэзацца, нічым вам Хрыстос не дапаможа.
3 Яшчэ сведчу, што кожны чалавек абрэзаны павінен выконваць увесь закон.
4 Вы, што шукаеце ў законе апраўдання, ад Хрыста аддаляецеся і ад ласкі адпадаеце.
5 Мы ж духам ад веры маем надзею апраўдання.
6 Бо ў Хрысце Ісусе ані абразанне, ані неабразанне не маюць значэння, а толькі вера, што дзейнічае праз любоў.
7 Вы беглі добра, і хто ж перашкодзіў вам быць паслухмянымі праўдзе?
8 Перакананне гэта не ад Таго, Які вас кліча.
9 Трохі кіслі ўсё цеста квасіць.
10 Я ўпэўнены ў вас у Госпадзе, што інакш гэтага не разумееце; а хто бунтуе вас, той панясе асуджэнне, хто б ён ні быў.
11 Калі ж я, браты, і далей прапаведую абразанне, дык чаму я цярплю пераслед? Тады знікла б згаршэнне крыжа.
12 О каб былі адсечаны тыя, якія вас бунтуюць!
13 Бо вы, браты, пакліканы да свабоды; толькі каб свабоду вы не давалі як падставу [для пажадлівасці] цела, але любоўю духа служыце адзін аднаму.
14 Бо ўвесь закон адным выразам спаўняецца, вось гэтым: «Любі бліжняга свайго, як самога сябе».
15 Калі ж адзін аднаго будзеце кусаць і губіць, глядзіце, каб вы адзін аднаго не загубілі.
16 Кажу вам: кіруйцеся духам, ды не падпадайце пад пажадлівасць цела.
17 Цела бо цягне супраць духа, а дух – супраць цела; яны супрацівяцца адно аднаму, каб не тое, што хочаце, вы рабілі.
18 Калі будзеце кіравацца духам, вы не пад законам.
19 Ведамыя ж учынкі цела, вось яны: распуста, нячыстасць, разбэшчанасць,
20 балванапаклонства, чараванне, варожасць, сварлівасць, зайздрасць, гнеў, звадкі, нязгода, герэзіі,
21 забойствы, п’янства, гулянкі і ім падобнае. Аб гэтым я і папярэджваў вас, і папярэджваю, што тыя, якія такое чыняць, Валадарства Божага не атрымаюць.
22 Плод жа духа – любоў, радасць, супакой, доўгацярплівасць, ласкавасць, добрасць, вера,
23 сціпласць, стрыманасць. Супраць такіх няма закону.
24 Тыя ж, што належаць Хрысту Ісусу, укрыжавалі цела з заганамі і пажадлівасцямі.
25 Калі жывём духам, дык духам і ходзім.
26 Давайце не імкнуцца да пустой славы, дразнячы адзін аднаго, зайздросцячы адзін аднаму.
Раздзел 6
1 Браты, калі б і правініўся чалавек якім праступкам, вы, духоўныя, навучайце такога ў духу ласкавасці, зважаючы на саміх сябе, каб і самім не ўпасці.
2 Насіце цяжары адзін аднаго і гэтым выконвайце закон Хрыстовы.
3 Бо калі хто думае, што ён штосьці, хоць ён нішто, той самога сябе ашуквае.
4 Хай кожны праверыць сваю дзейнасць, і так толькі ў самім сабе будзе мець славу, а не ў другім.
5 Кожны бо панясе свой ўласны цяжар.
6 Хай той, хто навучаецца словам, дзеліцца ўсякім дабром з тым, які яго навучае.
7 Не памыляйцеся: з Бога не пасмяешся. Што чалавек пасее, тое і пажне;
8 бо хто сее ў цела сваё, з цела і пажне знішчэнне; а хто сее ў дух, з духа пажне жыццё вечнае.
9 Не спыняймася рабіць дабро, бо у свой час і жаць будзем, не слабеючы.
10 Дык вось, пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш блізкім па веры.
11 Гляньце, якімі літарамі напісаў я вам сваёй рукою.
12 Якія хочуць падабацца вам целам, тыя змушаюць вас абразацца, каб толькі не цярпець пераследу за крыж Хрыстовы.
13 А тыя, што абразаюцца, самі не пільнуюць закон, а хочуць вас абрэзаць, каб толькі пахваліцца целам вашым.
14 А мне не трэба хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз які для мяне свет укрыжаваны і я для свету.
15 Для Ісуса Хрыста не мае значэння ані абразанне, ані неабразанне, а новае стварэнне.
16 I хто будзе трымацца гэтага правіла, таму супакой і міласэрнасць, і Iзраэлю Божаму.
17 Урэшце, няхай ніхто мне не робіць цяжару, бо я нашу на сваім целе раны Ісуса.
18 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін.